ІІ


НАШ ЛЁС

Ткала нядоля чароўную світку

Хлопцу на шлях,

не на знос — навырост.

Белая нітка, чырвоная нітка —

Вось і дарожка лягла на пагост.

Шчасце — не птушка,

яно — папялушка,

Там, дзе агонь, і мільгае яно.

Хлопец за шчасцем спакуслівым

рушыў.

Многа штандараў, а шчасце — адно.

Кружыць і кружыць па свеце дарожка,

Бойка за бойкаю—шнарам на шнар.

Вось і яліну пілуюць на дошкі,

Вось і зваліўся чарговы штандар.

Вось і канчаецца шлях шматпакутны,

Наканаваны нядоляю шлях.

З дошак яловых —

твой дом цемнакутны.

Хопіць па свеце бадзяцца ў гасцях.

Ткала нядоля чароўную світку

Хлопцу-малойцу на лёс, навырост...

Саванам бела-чырвоным спавіты,

Лёг беларус на забыты пагост.


СПАДЧЫНА ІВАНА ФЁДАРАВА

Ад крыку аж лісцё ляціць з двара.

Здаецца, нават камень лямантуе —

То ліхвяры Івана-друкара

Зляцеліся на спадчыну худую.

Здавалася, няма чаго й дзяліць —

А лаюцца з-за кожнае анучы.

Ахвярна са сцяны Хрыстос глядзіць —

Хто да сваёй яго пацягне кучы.

Ледзь-ледзь спакой захоўваюць жанкі,

Пільнуючы, што мужыкі адхопяць.

Друкарню разабралі на шматкі,

Як разбіраюць вепрукоў увосень.

Панове, ну нашто друкарня вам?

Вы ж і чытаць не ўмееце, напэўна!

Ды кожны нешта цягне: «Не аддам!»

I літары ссыпае па кішэнях.

Пасля дзялілі Бібліі...

Бог мой!

Чырвоныя радкі ажно чарнелі...

Дзесяткі кніжак кожны пёр дамоў,

Каб доўга ў скрынях кніжкі парахнелі

Забралі ўсё.

I дом, пусты, як стэп,

Другой зрабіўся друкару магілай...

I герб «Шрэнява»,

беларускі герб,

Нашчадкам пагражаў

стралой бяссілай...


ГАСПОДА

Няўжо майстэрства —

гэта старасць?

Няўжо нам старасці жадаць?

То шкалярам адзіна радасць —

У вузкіх вулках горла драць.

А мы — чаляднікі.

Падмайстры.

Прад кожным з нас —

галодны шлях.

Зрабіцца ж майстрам кожны марыць,

Хто мае талент у руках.

Цалуе майстар куфлі піва,

А мы пакуль —

сваіх дзяўчат.

Гаспадара несправядлівасць

Сцярпі,

змаўчы,

стрымайся, брат.

Пакуль з сябрамі — ты не трэска.

За крыўды б'е гаспадароў

У Полацку, Гародні, Менску

Гаспода — брацтва падмайстроў.

Гаспода — гэта, браце, сіла!

Калі табе ўсміхнецца час,

Не забывай: яна вучыла

Быць вернымі мастацтву нас.


БАЛАДА ПРА МІХАЛА ПАДАБЕДАВА

Струны весела спявалі:

«Воля, шчасце, доўгі век!»

Волю выкупіць за талент

Спадзяваўся чалавек.

«Маладосць! — спявалі струны.—

Час, калі мы — каралі!»

Ды музыку ў горад тлумны

Разам з песняй прадалі.

Ці ў нявольнікі, ці ў госці —

Ды чужая старана!

I натхнёнай маладосці

Звонка лопнула струна.

Што ж далей? Няўжо за славу

Волі вольнай не здабыць?

Сёння пан гарлае «Брава!»,

Заўтра — пра цябе забыў...

У тэатры добра плацяць,

I музыка там — прывык.

А струна былога шчасця

Абарвалася, бы крык.

Немату душы агучыць

Толькі часу вольны рух:

Дзве прыгожанькія ўнучкі

Скораць модны Пецярбург,

Сын калісь разбагацее.

Ты ж — нажыў грахі свае.

І струна жывой надзеі,

Як праменьчык, растае.

Што далей? Хвароба,

шаты

Шклоўскіх ліп, гады журбы.

Сын — і вольны, і багаты.

Ты — прыгонны і сляпы.

Праляцела ўсё, як вецер,

Слава высахла слязой.

I струну жыцця нарэшце

Смерць абрэзала касой...


* * *

У 1812 годзе Бабруйскую крэпасць на працягу чатырох месяцаў асаджвалі войскі генерала Дамброўскага...

Першы снег быў чысцюткі па-боску

На зямлі, зганьбаванай крывёй.

Генерал іншаземнага войска

Павітаўся з Радзімай сваёй.

Ён тлумачыў:

не ворагу служыць,

А сваёй незабыўнай зямлі.

«Мы свабоды французскую ружу

На крывавых штыках узнялі,

Мы жаданую волю прынеслі,

Дык выходзь, сустракай, землякі!..»

За мурамі суровела песня,

Падаў снег на чужыя штыкі...

«Я да вас з паратункам вярнуўся!»

Ды маўчанне

астуджвала пал...

Перад гордай душой Беларусі

Што ты мог,

прыгажун-генерал?

Белым сумам заносіла вочы.

Шлях зваротны

занесла ганьбой...

Прачынаўся Дамброўскі уночы:

«Ці свабоду я вёў за сабой?»


ЗАСНАВАЛЬНІКАМ БЕЛАРУСКАГА ТЭАТРА

Няўжо ён плакаць толькі ўмеў

Над лёсам вёскі беларускай?

Чаму баяцца ўкласці смех

У

зараз бронзавыя

вусны?

Няўжо ён словы — вымаўляў,

А не казаў і супіў бровы?

Вучыць —

пачэсней, чым іграць.

Але ігра —

на роднай мове.

Што зробіць плакальшчык?

Капеж.

Вясну стварае той, хто свеціць.

Камедыянту плацяць менш,

Чым вою.

Толькі грошы — вецер.

Тых, што ўсміхаюцца на боль,

Найболей цемрашал баіцца.

Адна шкадоба —

не любоў.

Радзімай трэба ганарыцца!

I нельга не любіць жыцця!

Калі ж паперы стануць дымам,

Ад бронзы,

як ад забыцця,

Ратуй сваіх сыноў,

Радзіма!


ШЛЯХЦІЦ ЗАВАЛЬНЯ

Як лёс, шалее завіруха —

Аж рабацінне у вачах.

Вандроўнік, бачыш?

Да прытулку

Табе агеньчык меціць шлях.

Не, нездарма міргала свечка!

Дабро у хату —

добры госць!

Заходзь, вандроўны чалавеча,

I ў бессмяротнасць уваходзь!

На Белай Русі —

век завеі.

Зацішку нам не прычакаць.

Галота казкай сэрца грэе.

Дазвольце казку распачаць.

Эх, браце!

Часу снег няўмольны

Засыпле ўсё —

і тут, і там.

На Белай Русі белым полем

Застацца вам,

застацца нам.

І тое, што цяпер гаворыш,

Чужою мовай замяце...

А ты запісвай —

пра паморак,

Пра лесуна і пра чарцей...

Нас тут сагнала завіруха,

I ў нас ёсць келіх —

і агонь,

І свечка на акне варушыць

Сваю маленькую далонь,

I новы госць ужо ля брамы,

Прыйшоў па паску і цяпло...

...I Беларусь плыве над намі —

Завеі

белае

крыло.


БАЛАДА ПРА ФРАНЦА САВІЧА

Птушкі белыя паселі

На зжаўцелую траву.

Як жывеце, доктар Гельгег?

Дзякуй богу, шчэ жыву...

Снежань зноў шатры раскінуў

Каля кожнага двара...

Як вам, доктар, у Расіі,

Без Палесся, без Дняпра?

Без імя, без родных песень,

Без курганістай зямлі?

Можа, вы ў мясцовым лесе

Кветку-папараць знайшлі?

Да зямлі святочна белай

Сонца хіліць галаву.

Як жывеце, доктар Гельгег?

Дзякуй богу, шчэ жыву.

Ці радзіма там жывая?

Бо яе баяцца — цэлай,

Разам з мовай разрываюць

Свае дурні і паны.

Бо яе баяцца—цэлай

I сярод Еўропы ўсёй

Белае чвартуюць цела,

Каб змяшаць з чужой зямлёй.

Ці ўратуецца на свеце

Той куток святой душы,

Дзе удасца мне нарэшце

Францам Савічам пажыць?

...А зіма сувоі сцеле,

Сыпле бель на галаву.

Як жывеце, доктар Гельгег?

А хіба я тут жыву?


КАХАННЕ АДАМА МІЦКЕВІЧА

Жыццё не б'е — падножкі ставіць,

Але бязлітасна і злосна.

Зялёнай птушкай сядзе травень

На след, што выбілі калёсы.

Жыццё.

Марыля.

Караліна.

Жанчыны — вусцішная радасць...

Расстанне доўжыць каляіны,

Сустрэча марна сэрца паліць.

Схавала мокрая залева

Чарговы і варожы горад.

У шлях, Адаме!

Ваша Ева

Збаялася, што яблык — горкі.

Грукочуць колы. Душаць травы.

Жаданы ліст дашлюць запозна.

Жыццё не б'е — падножкі ставіць,

Але бязлітасна і злосна.


ВЕРШЫ I ЖЫЦЦЁ

Ёй вершы складае Максім,

Ды вершаў Яна не чытае.

Над садам спускаецца дым

І сонца чырвоны акраец.

З ім птушкі дадому ляцяць

З чужога, часовага раю...

— Няма ў тваіх вершах жыцця

Гаворыць Яна —

і знікае.

Як птушка.

Малінавы цень.

На поўдзень — дзе ясна і цёпла.

І ліўнем паўторыцца дзень

Над садам, навечна прамоклым.

Паэт на цяпло не ляціць.

З Радзімы — на поўдзень —

да смерці.

Ад вершаў — захочацца жыць,

Ад лёсу — захоча памерці.

І вернецца птушка.

Званы

Сустрэнуць яе на світанні.

— Максім! —

Толькі вершы адны.

I ў вершах — жыццё.

I каханне.


ПАЭТ I ЎЛАДА

Хлопчыку дазволілі загінуць.

Хлопчыку са скарбам у душы...

...Помніш, быў садоўнікам Скарына,

Ну а Колас мытарам служыў,

Багдановіч вывучаў законы...

А закон пляваў на божы дар —

Быццам дыяментавай каронай

Забіваць цвікі прыдумаў цар.

Бо для ўлады чалавек — што куля,

Хоць са срэбра — абы ў ствол загнаць.

...Ці ж вясковай зразумець матулі,

Кім сынок забіты мог бы стаць?

За абраз яго схавае вершы —

Для яе ён — сын, а не паэт,

I таму — адзіны і найлепшы.

І таму— яго не ўспомніць свет.

Разбірацца ўладары не любяць,

Дзе з каго найбольшая карысць.

і жыццё ляціць на вецер трубны —

Павуцінкі срэбраная ніць.

...I Багрым з ружжом па пляцы крочыць,

I нацдэмаў сцеражэ Гулаг.

...І ў зямлі чужой зарыты хлопчык

З лірай залатою на грудзях...


ГІСТОРЫК

А вочы глядзяць стамлёна.

Да прагнага іх святла

З паперы зжаўцелай, з тла

Ляцяць матьілі імёнаў.

А колькі зляціць у тло —

Не вечна ж вачэй святло...

Лістоў уздыхаюць крылы.

Яшчэ ўратаваны хтось —

Набудзе імя магіла.

Але на зыходзе сіла,

I поўня,

і маладосць...

I зноў шамацяць паперы

I цягнуць святло з вачэй...

Было нам каму паверыць.

Ці будзе каму яшчэ?

Загрузка...