II.

Яны пазнаёміліся пятнаццаць гадоў назад. Аляксей якраз вярнуўся з арміі, а перад гэтым была вучоба ў палітэхнікуме, і так атрымалася, што ён гадоў сем, не лічачы кароткіх, на выхадныя, наездаў, практычна быў ізаляваны ад роднай вёскі. За гэты час аднакласніцы павыходзілі замуж, сябры — хто служыў, хто, вярнуўшыся з войска, адразу ж з’язджаў у горад, балазе, той быў блізка, а там — гіганцкі, на ўсю Еўропу вядомы металургічны завод.

Аляксей прайшоў з канца ў канец па вуліцы, дзівячыся зменам. Многа новых хат, і ў старых хатах — таксама нейкія новыя, чужыя людзі.

— Я амаль нічога тут не пазнаю, — сказаў ён дома маці.

— Што ты! Усё памянялася. Старыя паўміралі, маладыя паз’язджалі на металургічны… І ў лес не хадзі, бо заблудзішся.

Загаўкаў сабака, маці выглянула ў акно.

— Жэня сунецца…

Аляксей таксама паглядзеў. Ад веснічак праз двор ішоў незнаёмы мужчына, высокі, дужы, гадоў пад сорак, у клетчатых штанах, з сумкаю ў руцэ, — ішоў дзіўна, віхляючы задам, як жанчына. Зверху да каленяў ногі ў яго былі шчыльна сціснуты, а ад каленяў ішлі ўраскід, нібы ён не меў над імі ўлады, хоць ён стараўся рабіць маленькія крокі. Пастукаў у дзверы, узнік на парозе.

— Ну, з вяртаннем! — Рука ў яго была моцная, мазолістая. — Жэня Бракарэнка.

Аляксей наморшчыў лоб, а Жэня сказаў:

— Не старайся — не ўспомніш. Мяне твая маці толькі памятае, і то ледзь-ледзь. Я не з пустымі рукамі. Вось вам, — пачаў выкладваць з сумкі на стол, — каб не падумалі, што проста выпіць прыйшоў… Вось бутэлька, сала, мяса, яйкі свежыя…

— Не трэба! — для парадку, па вясковай звычцы завялася маці. — У нас усё ёсць.

— Такога няма. У мяне замежнае, — Жэня падміргнуў Аляксею. — Сыр, каўбаска, вінаград… А гэта, — працягнуў маці некалькі купюраў, — за клопат. Бяры, бяры, ты не адна цяпер.

Маці ўзяла грошы, узяла выпіўку, закуску. Аляксей, якому не давала спакою знаёмае прозвішча, раптам прыгадаў:

— У ваенкамаце быў хірург… Бракарэнка, здаецца?

— Гэта мой родны брат, — коратка адказаў Жэня. — Ужо ён не ў ваенкамаце, а на тым свеце.

Памаўчалі. Жэня прысеў за стол.

— Ну, расказвай. Якія планы? У горад на металургічны?

— Не, не! — Аляксей аж замахаў рукамі. — Толькі не туды!

Ён разлюбіў свой горад адразу, як там з’явіўся славуты металургічны завод — задымлены, зачумлены, з цэхамі і трубамі. Будавалі яго ад пачатку да канца аўстрыйцы і італьянцы; пабудавалі — ды так і засталіся, працавалі тут. Вось гэтыя чароўныя словы — «замежнікі, еўрапейцы» — як магнітам прыцягвалі сюды, у нікому раней невядомы, правінцыйны беларускі гарадок, а цяпер — Кландайк, Эльдарада шукальнікаў шчасця з усіх куткоў Саюза. Сюды, на гэтую выспачку буржуазнай свабоды, злятаўся, сцякаўся, спаўзаўся самы розны непатрэбны люд. Тут можна было лёгка набыць жуйкі, джынсы, цэлафанавыя пакеты з малюнкамі каўбояў, замежныя цыгарэты з тытунём і з анашой, псіхатропныя таблеткі і транквілізатары, заморскае спіртное і наркотыкі, а таксама, калі пашэнціць — венерычнае захворванне.

— Не, не ў наш горад, — паўтарыў Дарафей. — Там без мяне хапае. Я вучыцца думаю. У Мінск паступаць.

— Па якой спецыяльнасці? — пацікавіўся Жэня.

— Па сваёй, тэхнікумаўскай. Прамысловае і грамадскае будаўніцтва. Дыплом маю, характарыстыкі добрыя з арміі.

— Паступіш! Усё ў цябе атрымаецца, інжынерам станеш!

— Ды не — я думаю застацца ў аспірантуры.

— Таксама правільна. Вось за гэта хвалю, — для Жэні толькі выказаны намер быў ужо здзейсненым фактам. — Аспірантура, потым кафедра, ды па камсамольскай лініі пакруцішся, а там глядзіш — да міністэрства недалёка…

— Не суроч, сплюнь, — умяшалася маці.

— А што, міністраў з неба спускаюць? Яны з такіх, як мы, людзей бяруцца. Галава ў яго светлая, характар добры, кампанейскі… Толькі на гэта і глядзяць.

— У мяне яшчэ законныя тры месяцы ў запасе. Нешта прыдумаецца.

Жэня чамусьці азірнуўся і перайшоў на шэпт:

— А ты не хочаш папрацаваць? Са мной? На чыгунцы? Сезонным транспартным рабочым?

— А можна?

— З рукамі адарвуць. Людзей не хапае. Праца лёгкая, у ахвоту, чыстае паветра… Грошы неблагія.

Жэня зноў азірнуўся, нібы іх маглі падслухаць, зашаптаў:

— А то прынесці таго-сяго… Таварнякі багатыя бываюць. У Крывой спыняюцца на перагоне. Ёсць такая паваротка — Крывая. Прабяжышся каля вагонаў, глядзіш — пломба сарваная, нехта ўжо трыбушыў. І экспедытара няма… ну, таго, хто суправаджае груз. У вагоне — скрынкі… Памідоры, вінаград… Віно.

Маці, якая ўжо, відаць, бачыла сына міністрам, загарачылася:

— Ты яго гэтаму не вучы! У яго будучыня!

Жэня прыкрыў далоняю рот:

— Не, я ж так, да слова…

— А машыніст? — спытаў Аляксей.

— Машыніст нічога не бачыць. Цягнік заварочваецца, як змяя, з першага вагона хвост не відаць. Дык як, падумаеш?

— Падумаю…

Калі госць пайшоў, ад выпітага яшчэ больш віхляючы задам, маці пачала расквазаць. Сапраўды, Жэня гэты родам з іхняй вёскі, жыў тут, калі Аляксея яшчэ не было на свеце. Потым пасадзілі яго за нешта — «яны ж не кажуць, за што», не паспеў выйсці — зноў сеў.

— Таму вы і не бачыліся: пакуль ты ў школе, у тэхнікуме, у арміі, ён — па турмах…

Нарэшце Жэня нібыта ўзяўся за розум, ажаніўся, купілі з жонкаю хату, бо ягоная развалілася, ды жывуць памалу. Дзве дзяўчынкі ў іх. А ходзіць так дзіўна, бо на лесапавале дрэвам пераламала абедзве нагі, балты ў косці ўкручаныя, ён нават на працу да блізкай — паўтара кіламетры — станцыі ездзіць на мапедзе.

— А ў таго яго брата, хірурга Бракарэнкі, які цябе на камісіі глядзеў, жонка памерла ад рака, — манатонна, як казку дзецям на сон, расказвала маці, — дык ён з гора павесіўся, дзвюх дачок сіротамі пакінуў, адна вялікая, Света, у яе ўжо ў самой невядома ад каго маленькая Наста, другая — школьніца, Аксана; абедзве гулёны, п’юць, мо нават і кураць, я, праўда, не бачыла, але хіба той завод, той горад добраму навучаць…

Аляксей амаль не слухаў гэтую сагу. Ён абдумваў Жэневу прапанову. Першы экзамен толькі ў жніўні. І праўда, засохнеш тут ад нуды. А так — удзень працаваў бы, вечарамі рыхтаваўся да паступлення… Мо паспрабаваць?

Загрузка...