IV.

Аляксей палюбіў рана ўставаць, умывацца халоднай вадой; яму падабалася дарога праз лес, раса на траве, ранішнія птушкі, неба над галавой, пахі блізкага лета.

Прыемна ішлося, бо наперадзе чакала лёгкая праца, цікавая, з рознымі канцэртамі-разборкамі, якія яго не тычыліся, з якіх можна толькі пасмяяцца.

Ён праходзіў кіламетр. Ззаду чулася тарахценне — Жэня даганяў яго на мапедзе, марудна ехаў збоку, і яны размаўлялі. У іх ужо было сяброўства, якое часта ўзнікае паміж маладым і сталым, калі сталы выступае апекуном, горнецца да маладзейшага, вучыць яго жыць, «перадае вопыт», а маладзейшаму, канечне, прыемна гэта.

Увечары пасля працы Аляксей заходзіў да Жэні ў двор, сядаў на прызбу ці на драўляны, нагрэты за дзень шырокі ганак. У Жэні заўсёды знаходзілася загадзя купленае вінцо, а то калі-небудзь пасля ўдалага набегу на таварняк у Крывой ён выносіў на ганак якоесь асаблівае, нетутэйшае віно, памідоры, вінаград, сыр… Жэня называў гэта — «прысмакі».

— Жонка сварыцца не будзе?

— А не пайшла б яна, — адказваў Жэня, шэптам і азіраючыся.

Жонка яго, рослая, статная, але з нечакана рэзкімі, мужчынскімі рысамі твару — нават здавалася, яна крадком голіцца, як мужчына, — жонка па імені Тацяна працавала прыбіральшчыцай у электрасталеплавільным цэху ўсё таго ж інтэрнацыянальнага металургічнага завода. Прыязджаў на станцыю спецыяльны аўтобусік, забіраў людзей увечары, раніцай прывозіў. Тацяне выпадалі нейкія дзіўныя змены: ці ў дзень, ці ў ноч, але неяк так яны перасякаліся, што яе практычна не было дома. Вечна ў руху, на хаду, на бягу, яна тым не менш усё паспявала: есці наварыць, дзяцей абмыць, сачыла, каб муж не быў галодны, і яшчэ ўмудралася трымаць у парадку агарод. Жэня ў вочы зваў яе: «Гаспадынька мая», «Тацяначка мая», а за вочы казаў адно й тое ж:

— Не пайшла б яна.

Застаючы мужа з Аляксеем на ганку, з вінцом, Тацяна ніколі не сварылася, як і ўсе, яна ніякавела перад маладым, перспектыўным Аляксеем.

— «Зялёны Луг», Танечка! — балбатаў Жэня. — Ён у Мінску ў «Зялёным Лузе» будзе жыць, там, дзе твой брат жыве!

— Вам добра, — уздыхала Тацяна; яна таксама звала Аляксея на «вы». — Пабыў і паехаў. Жыццё пабачыце, людзей… А тут век дрыжы, што прыедуць ды зноў пасадзяць. — Яна падазрона аглядвала закуску і ківала мужу пальцам: — Ты дакрадзешся! Ты калі-небудзь наляціш! Узяў моду трыбушыць вагоны… Колькі вяровачцы ні віцца, а канец будзе.

Жэня прыкладаў руку да сэрца — маўляў, каюся, апошні раз.

Двор іхні пасярэдзіне быў пясчаны, толькі каля веснічак, ды паўз плот, ды дзе-нідзе плямамі вакол гэтага авальнага пясчанага «возерка», нібы пазначаючы берагі яго, рос мурог. Нагрэты за дзень шэры пясочак доўга не астываў, у ім ляжалі стомленыя куры, побач з курамі ў пяску валтузіліся Жэневы дочкі, Анька з Валькай, чатырох і пяці гадоў, ужо загарэлыя, у адных спаднічках без трусікаў, і калі адна ці другая паварочвалася, нагіналася — не-не ды і блісне ярка-ружовая палоска спераду ці ззаду. А то каторая сядала насупраць ганка і бязвінна, бяздумна пазіраючы на бацьку з яго госцем, раскінуўшы ножкі, сыпала цёплы пясок, каб ён сцякаў роўна па ружовай шчылінцы. Аляксей тады адводзіў вочы, чырванеў, а Жэня дабрадушна пасмейваўся.

— Курвачкі растуць…

— І не сорамна табе, — ушчуваў Аляксей. — Ты ж родны бацька!

— Можа, для цябе гадуюцца.

— Мне, чужому, і то сорамна…

— Які ты чужы? Ты мне як малодшы брат! Я цябе адразу палюбіў, прыкіпеў душою… Вось убярэцца лета, пачнуць пляменніцы прыязджаць, я цябе са Светай пазнаёмлю… Дачкой майго брата-хірурга-нябожчыка. Во такая дзеўка! агонь баба! З Тацянай маёй на металургічным працуе. Адна, без мужа. Чарку бярэ, цыгарэту закурыць. Бо табе ж трэба, ты пасля арміі, галодны…

— Кінь, мне непрыемна слухаць. І ніякі не галодны…

— А хочаш, з меншай, Аксанай, пазнаёмлю? Экзамены здае, школу канчае…

Неўзабаве, у чэрвені, і праўда пачалі наведвацца пляменніцы. Першай прыехала падобная на маладзенькую мініяцюрную японачку Аксана, з чорнымі, кароткімі, у карэ, валасамі, з жывымі, вішнёвага колеру вачыма. Сямнаццаць гадоў. Знаёмячыся з Аляксеем, працягнула ручку: «Ксю. Так мяне бацька зваў».

Аляксей у думках паспрабаваў прыкінуць да яе іншыя варыянты імені. Аксана-Оксана — украінска-гогалеўскае, Аксеня, Ксеня — старое, Аксіння — шолахаўскае, Ксюша — расейскае… А кароткае Ксю сапраўды так падыходзіла ёй!

Потым, у выхадныя, пачала прыязджаць Света, высокая, белая, зусім не падобная на сястру-«азіятачку». Прыязджала то адна, то з маленькай, чатыры гады, дачкой Настай, і дзяўчынкі ўжо ўтрох — дзве Жэневы і Наста — калупаліся ў пяску, гулялі ў здаганялкі; самая большая, Анька, закрывала далонькаю вочы і лічыла:

— Раз… два… два-а з палавінаю… два-а з валасінаю… Валасіна абрываецца — тры пачынаецца! — і з піскам дзеці разбягаліся.

— Тры свае, — загінаў пальцы Жэня, — тры пляменніцы, плюс Наста… Аднымі курвачкамі акружаны! Ды яшчэ сам, як цэлка, хаджу, — пасміхаўся ён, маючы на ўвазе свае скалечаныя ногі.

Света сядзела разам з імі на ганку, піла чарка ў чарку, пасміхалася, слухаючы распутнага дзядзьку. А дзядзька, выпіўшы, не сунімаўся:

— Дай ты чалавеку. Свой жа хлопец, не чужы. Пасля арміі…

— Я старая для яго, — адмахвалася Света, трымаючы шклянку з віном у руцэ.

«Старой» было не больш за 25. Аляксей пазіркваў збоку на яе прыгожы твар, прыпухлыя вусны, на грудзі, рукі, плечы, на выцягнутыя, адна на адну пакладзеныя ногі. Ад яе пахла спіртным, і гэта было прыемна; гэты пах ад маладой жанчыны трывожыў, і бударажыў, і радаваў. Яна падабалася Аляксею куды больш за Ксю — найперш уяўнай даступнасцю; ён чамусьці заўсёды лічыў, што белыя дабрэйшыя за чарнявых, меншыя ламакі, з імі лягчэй.

— Трэба ж памагаць людзям! — чапляўся да пляменніцы Жэня, заклікаючы яе да своеасаблівага гуманізму. — І самой карысна… Для здароўя…

— Мне што, на гэтым ганку зараз разлегчыся? Ці на пяску пасярод двара? Хай купляе бутэльку ды прыязджае, — ужо без усмешкі адказвала Света. Вочы ў яе патухалі.

— Чуў? Аляксей! Бачыш, як проста, — шчыра радаваўся Жэня.

Але Аляксей не бачыў тут нічога простага. Гэтае дэманстратыўнае, перабольшанае самапрыніжэнне толькі насцярожвала яго. Хаця… ты іх зразумееш? Калі яны гуляюцца, а калі кажуць праўду?

Загрузка...