О вы, што будзеце ісці з дзяўчынай

Пад тымі ж клёнамі праз сотню год,

Ці зразумееце, што мы кахалі,

Што зніклі так, як знікнеце і вы,

Што векавечны толькі край, і далеч,

І жоўты ліст на зелені травы...

Уладзімір Караткевіч



Там возера Свіцязь як шыбіна лёду.

МАЛЮШЫЧЫ

Паўз дарогу — перакапаныя, у грудах палі-бульбянішчы з пабэрсаным-параскіданым цяўнікам, усё яшчэ жоўтыя, хоць і добра парадзелыя бярозавыя пералескі пад цёплаю ватаю аблачын, пасівелыя лапіны ўшчэнт скапычаных каровамі паплавоў, на якіх часам выхапіць вока бруднавата-рыжага, з ваўчкамі ў грыве, каня, выпушчанага некім на волю.

У гэту дарогу мы збіраліся яшчэ з вясны.

Сама ж задума падарожжа ўзнікла ў мяне значна раней. Тады, калі мяне захапіла, пацягнула ў кнігасховішчы і архівы гэта, шмат у чым загадкавае імя ў нашай літаратуры — Ян Чачот.

У 1855 годзе Уладзіслаў Сыракомля казаў, што яму вядомы толькі два пісьменнікі, якія пісалі па-беларуску: «...адным з іх быў незабыўнай памяці Ян Чачот, другі — В. Дунін-Марцінкевіч». Першыя беларускія вершы Я. Чачот напісаў недзе каля 1818 года. Дунін-Марцінкевіч жа пачаў літаратурную дзейнасць значна пазней, у саракавых гадах, калі Ян Чачот яе ўжо заканчваў. Ян Чачот быў для Дуніна-Марцінкевіча пуцяводнай зоркай, першапраходцам у раскарчоўцы ўдзірванелай беларускай нівы. І, вядома ж, не толькі для Дуніна-Марцінкевіча. Цяжка наогул пераацаніць значэнне гэтага прыкладу для развіцця беларускай літаратуры. Гэта быў сапраўдны подзвіг: на мове цёмнага і зацюканага беларускага мужьіка, якога і за чалавека не лічыла ганарлівае панства, не пасаромеўся пісаць радавіты шляхціц! Ды і не абы-які шляхціц, а сам Ян Чачот, адзін з кіраўнікоў шырокавядомага таварыства філаматаў, першы сябра вялікага Адама Міцкевіча!..

Узяўшыся хоць як-небудзь асвятліць вельмі ж ужо затуманеную постаць Яна Чачота, я не мог не пабываць у мясцінах, звязаных з яго імем.

У падарожжа па сцяжынах Яна Чачота я знайшоў вельмі добрага напарніка. Можна сказаць, тут мне просва пашанцавала. Бо ім, гэтым напарнікам, быў не хто іншы, як мой даўні прыяцель Леў Паўлавіч Мірачыцкі — кандыдат гістарычных навук, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Акадэміі навук БССР. «Добрым» ён быў для мяне з усіх бакоў: першае — таму, што Леў Паўлавіч аказаўся земляком Яна Чачота, другое — ён якраз рыхтаваў да друку нарыс пра родныя мясціны Адама Міцкевіча — пашьіраны варыянт выдадзенай ім раней сціплай кніжачкі «Сцежкамі вялікага паэта». А, як вядома, Міцкевічавы сцежкі вельмі часта перапляталіся з Ча чота^ьімі. І многія з іх Леў Паўлавіч ужо абхадзіў, калі працаваў у музеі Адама Міцкевіча ў Наваградку. Цяпер ён хацеў узнавіць свае ранейшыя ўражанні. Так што нашы інтарэсы шчасліва супадалі. Апрача таго, Леў Паўлавіч і праўда добры па натуры чалавек: памяркоўны, сціплы, захоплены гісторыяй... Словам, лепшага спадарожніка мне нават цяжка б было і прыдумаць.

І вось пад колы машыны імкліва сцелецца шараватая, са сталёвым водбліскам роўнядзь «алімпійскай» магістралі. «Жыгуль» ідзе лёгка, паслухмяна падначальваючыся кожнаму, нават самаму малому руху маіх рук, якія моцна — хаця б усё было добра — трымаюць гладкае, але не слізкае, бо з «зазубрынамі», кола руля.

З Брэсцкай шашы мы паварочваем на Мір — недзе за ім, у Карэліцкім раёне, у вёсцы Малюшычы, і нарадзіўся ў 1796 годзе Ян Чачот. Доўгі час гісторыкі літаратуры — і польскія, і беларускія — называлі месцам нараджэння паэта вёску Рэпіхава, куды пераехалі яго бацькі пазней. Гэту памылку — як ні дзіўна — паўтарыў нават літаратуразнавец Навум Перкін, які спецыяльна вывучаў жыццё і творчасць Яна Чачота. І дарэмна усё-такі яна была «гіратыражавана» ў 1980 годзе выдавецтвам «Мастацкая літаратура», што пасмяротна выпусціла кнігу артыкулаў Перкіна «Абсягі думкі», сярод якіх аказаўся і артыкул пра Яна Баршчэўскага і Яна Чачота, — трэба ж было, мусіць, хоць у зносцы напісаць правільна. Дарэчы, пра сапраўднае месца нараджэння паэта было вядома ўжо ў 1937 годзе з артыкула Леанарда Падгорскага-Аколава «Чачот нязнаны», апублікаванага ў польскім часопісе «Лех» (у нумарах 3-4). Аўтар змясціў там выпісы з «Метрыкі хрышчэння» за 1781-1827 гады, якая вялася парафіяльным касцёлам у Варончы. У «Метрыках», было ясна напісана, што Яна Чачота, «сына радавітай шляхецкай сям'і Чачотаў — Тадэвуша і Клавы з дому Гаціскіх», прывезлі сюды хрысціць «з двара Малюшыца» і што абрад хрышчэння адбыўся б ліпеня 1796 года. Пра сапраўднае месца нараджэння Яна Чачота расказаў у 1958 годзе на старонках часопіса «Маладосць» (№ б) і мой цяперашні спадарожнік. Але і гэта публікацыя засталася незаўважанай нашымі літаратуразнаўцамі. Папраўку ў біяграфіі паэта яны зрабілі толькі тады, калі ў 1966 годзе газета «Літаратура і мастацтва» змясціла нататку Я. Бравера «Звесткі з біяграфіі Яна Чачота», у якой даваліся выпіскі са знойдзенай у Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве Беларусі справы аб дваранскім паходжанні роду Чачотаў. Якраз на публікацыю Я. Бравера і спасылаецца выдадзеная ў 1969 годзе двухтомная «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. ІІ). Трэба сказаць, што ў «Гісторыі», там, дзе ідзе гаворка пра нараджэнне Яна Чачота, усё-такі дзве недакладнасці яшчэ засталіся. Першая недакладнасць звязана з назвай вёскі: трэба пісаць не Малюшыцкі, як значыцца ў польскіх выданнях, а Малюшычы, як ёсць у сапраўднасці. Другая недакладнасць датычыць даты нараджэння паэта. Ян Чачот нарадзіўся не 17 ліпеня, як піша ўслед за «Гісторыяй беларускай дакастрычніцкай літаратуры» таксама БелСЭ і маскоўская «Литературная энциклопедия», а трошкі раней. Бо, як відаць з памянёных «Метрык», яго хрысцілі ўжо б ліпеня. Леанард Падгорскі-Аколаў выказваў меркаванне, што Ян Чачот нарадзіўся 24 ці 26 чэрвеня, на святога Яна — таму і імя атрымаў Ян. Даследчыка прывяла да гэтага вываду — і прывяла правільна — сама логіка фактаў.

Але і яму — у сваю чаргу — не трэба б было ламаць галавы, калі б ён разгарнуў другі том «Паэзіі філаматаў», які падрыхтаваў і выдаў у 1922 годзе ў Кракаве Ян Чубэк: там на некалькіх старонках даецца апісанне імянін Яна Чачота, якія спраўляліся 24 чэрвеня 1819 года і дзе Адам Міцкевіч прачытаў у яго гонар свае «Ямбы». 24 чэрвеня, або па новым стылі 7 ліпеня, відаць, і трэба лічыць днём нараджэння паэта.

Усё гэта, між іншым, лішні раз гаворыць аб тым, што Ян Чачот яшчэ па-сур'ёзнаму ў нас не вывучаўся. Па сутнасці, мы не толькі не паднялі архіўныя матэрыялы, якія расказваюць пра аднаго з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, але не прачыталі нават таго, што аб ім напісана ў літаратурных крыніцах...

Першы наш супынак быў у Баярах — роднай вёсцы Мірачыцкага, якая якраз ляжала па дарозе ў . Малюшычы. Загналі машыну ў двор, патупалі да бацькоўскай хаты Льва Паўлавіча. Папраўдзе, гэта была не хата, а добры дамок, мураваны, вельмі акуратны. Пабудаваны ён быў, як расказаў мне Леў Паўлавіч, яшчэ «за польскім часам», недзе ў дваццатых гадах. Наогул жа ў Баярах Мірачыцкія пасяліліся даўно — недзе ў шаснаццатым ці семнаццатым стагоддзі, пакінуўшы сваё «родавае» сяло Міратычы, што каля Свіцязі. Ад назвы гэтага сяла, між іншым, і прозвішча Льва Паўлавіча. Яго далёкі продак славіўся як майстар на ўсе рукі, вялікі выдумчык, вынаходнік. Расказвалі, быццам ён змайстраваў нават драўляны веласіпед — гэта тады, калі веласіпедаў яшчэ і ў паміне не было. Даведаўся пра таленавітага майстра-самародка пан з Асташына (вёска непадалёк ад Баяр) і — невядома ўжо якім чынам — дамогся, каб пан з Чамброва, што валодаў Міратычамі, перадаў гэтага майстра яму. Асташынскі пан пасяліў яго ў Баярах. Пра выдатныя здольнасці новага пасяленца адразу ж даведаліся баярцы. Ды і не толькі баярцы — людзі з усяго наваколля. Быў ён чалавек добры, бескарыслівы. Калі каму-небудзь трэба было змайстраваць ці паправіць нейкую рэч у гаспадарцы, казалі: «Ідзі да міратыцкага чалавека — ён табе ўсё зробіць». Мірачыцкі — гэта і ёсць перайначанае ад міратыцкі, чалавек з Міратыч. Цікава, што ўмельства, дапытлівасць, працавітасць сталі родавай традыцыяй Мірачыцкіх. І сёння жыве ў Баярах дзядзька Льва Паўлавіча — Уладзімір Якаўлевіч Мірачыцкі, выдатны майстар кавальства. Знаным кавалём быў і бацька, удзельнік рэвалюцыйных падзей 1917 года (ён служыў пад Масквой памочнікам машыніста на паравозе). Майстрамі на ўсе рукі, вельмі паважанымі людзьмі сярод вяскоўцаў былі таксама і яго сыны — браты Льва Паўлавіча — Міхась і Кастусь. Кастусь, які закончыў аж два тэхнікумы і выбіраўся старшынёй калгаса, трагічна загінуў колькі гадоў назад: капаў калодзеж, аб'ехала зямля — ёю і заваліла чалавека. Кастусь якраз і быў — пасля смерці бацькі — гаспадаром дамка, да якога мы цяпер пад'ехалі.

У доме Мірачыцкіх сустрэлі нас вельмі ветліва, запрасілі ў пакоі. Дома была сама гаспадыня — братавая Льва Паўлавіча — і яе дачка Таня, студэнтка універсітэта ў Мінску, са сваімі сябрамі. Леў Паўлавіч паказаў мне сямейныя рэліквіі, падахво ціў злазіць на гарышча — там ён захоўваў свае кнігі, якія збіраў яшчэ са школьных гадоў і якія не змяшчаліся ў яго сціплай мінскай кватэры. Знаёмыя назвы кніг, знаёмыя прозвішчы пісьменнікаў, сярод якіх шмат беларускіх. Адразу відаць чалавека, які любіць родную літаратуру, нашу гісторыю.

Потым нас пасадзілі за стол — перакусіць з дарогі. І тут, за сямейным сталом, зусім нечакана я разгаварыўся з чалавекам, які быў з роду... Чачотаў! Ім, гэтым чалавекам, аказаўся не хто іншы, як сама гаспадыня хаты, братавая Льва Паўлавіча — выкладчыца роднай мовы і літаратуры Цырынскай сярэдняй школы Марыя Мікалаеўна Мірачыцкая, да замуства — Чачот. Родам яна з суседняй вёскі Аканавічы. Там, як яна мне расказала, палавіна вёскі носіць гэта прозвішча. Праўда, толькі з націскам на першы склад — Чэчат. Дарэчы, Леў Паўлавіч лічыць, што і Яна Чачота правільней было б так называць. Але наўрад ці можна з гэтым пагадзіцца: Чэчат усё ж, мусіць, паланізаванае слова. Чэчатаў шмат і ў Цырыне. Ёсць яны і ў іншых тутэйшых вёсках.

Ці не ўсё гэта сведчанне таго, што якраз тут — самыя глыбінныя карані Яна Чачота, зямля яго дзядоў і прадзедаў?

Цікавая дэталь: Чэчаты з Цырына былі вядомыя тым, што захапляліся мастацтвам, літаратурай. Яны заўсёды славіліся як завадатары мастацкай самадзейнасці. Добра помняць цырынцы, напрыклад, Тоню Чэчат, якая ў 30-х гадах ставіла спектаклі па п'есе «Збянтэжаны Саўка» і іншых творах, а таксама Алесю Чэчат, якая зноў жа ўдзельнічала ў мастацкай самадзейнасці, а ў час Вялікай Айчыннай вайны стала партызанкай...

Мы доўга не затрымаліся ў доме Мірачыцкіх. Падзякаваўшы гаспадыні за гасціннасць, рушылі далей па сваім маршруце.

Ехаць давялося не доўга. Мінавалі толькі прыгра війкавыя вёскі Асташын, Любанічы, Сэрвач, якія відаць былі адна ад адной, і калі наблізіліся будынкі наступнай вёскі, Леў Паўлавіч даў знак спыніцца.

Паставілі машыну на пляцоўцы каля прыдарожнага магазіна і пакіравалі да бліжэйшай хаты. У парозе ўбачылі дзвюх жанчын, падышлі да іх. Жанчыны спляталі ў вянкі цыбулю, што ляжала згруджаная каля іх ног, на падлозе сенечак.

— Дык гэта ж не Малюшычы, — сказалі яны, калі мы пачалі распытваць пра вёску. — Гэта Даўгінава. А Малюшычы — далей, — яны паказалі на хаты другой вуліцы, што ішла ад гравійкі ўбок.

— А не адна гэта вёска? — папытаўся я.

— Цяпер-то яны зліліся. Але ўсё роўна тут — Даўгінава, а там — Малюшычы.

Жанчыны расказалі нам, што Даўгінава — навейшая вёска. Яе склалі перасяленцы з наднёманскага Даўгінава. Перасяліліся людзі і назву роднай вёскі ўзялі з сабой. Цяпер і Даўгінава, і Малюшычы ўваходзяць у адзін калгас — імя Калініна.

Мы вярнуліся да машыны і скіравалі ў сапраўдныя Малюшычы. Прыпыніліся ў пачатку вёскі і, пакінуўшы машыну пры плоце, пайшлі па вуліцы пеша.

Малюшычы аказаліся даволі вялікай вёскай. Светлыя і прасторныя дамы, сярод якіх нямала цагляных, зробленых па-сучаснаму. Вуліца чыстая, асфальтаваная. На адным з будынкаў убачылі шыльду: «Малюшыцкая сярэдняя школа». Памкнуліся туды — усё ж цікава было б пагутарыць з настаўнікамі, але якраз быў выхадны, і на дзвярах школы вісеў замок.

Параўняліся са светлым акуратным дамком канторы калгаса. Каля дамка стаяла пры плоце белая «Ніва». Пэўна ж, гэта машына старшыні, і мы застанем яго на месцы.

Але ў канторы ўбачылі толькі маладзенькую чарнявую дзяўчыну за вылічальнай машынкай і пажылую жанчыну, якая выйшла да нас з суседніх дзвярэй.

— Старшыня ездзіць па калгасе. З прадстаўніком вобласці, — сказала нам жанчына. — Але пачакайце, я па радыё скажу, што яго чакаюць...

І жанчына знікла за дзвярыма.

— Я аб'явіла, пасядзіце трохі, — сказала яна, вярнуўшыся.

Мы прыселі каля стала, разгаварыліся.

Старшынёй калгаса тут Аляксандр Аляксандравіч Зантовіч. Працуе ў калгасе даўно. Вельмі дзелавы чалавек. Шмат будуе і гаспадарчых будынкаў, і жылля. Дабіўся добрых паказчыкаў па многіх галінах гаспадаркі. Тут жанчына пачала называць лічбы, якія сапраўды гаварылі аб выдатных дасягненнях калгаса.

— Але паглядзіце лепей во гэта, — і жанчына не без гонару падала нам чырвоную папку. — Сёння ўручылі. Якраз перад вашым прыездам быў сход усяго калгаснага актыву...

Я разгарнуў папку.

Перада мной ляжала Ганаровая грамата Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай партыі Беларусі, Савета Міністраў БССР, Белсаўпрофа і ЦК ЛКСМБ. У ёй гаварылася, што гэтай Ганаровай граматай узнагароджваецца калгас імя Калініна Карэліцкага раёна — пераможца ў рэспубліканскім сацыялістычным спаборніцтве за паспяховае правядзенне зімоўкі жывёлы, павелічэнне вытворчасці і продажу прадуктаў жывёлагадоўлі ў зімовы перыяд 1982/83 г. І яшчэ жанчына паказала нам Ганаровую грамату Міністэрства сельскай гаспадаркі і Беларускага рэспубліканскага савета прафсаюзаў работнікаў сельскай гаспадаркі, якой узнагароджваўся за тыя ж поспехі калектыў малочна таварнай фермы Малюшычы калгаса імя Калініна.

— Ферма адсюль блізка. Калі хочаце — можна падысці, — сказала нам жанчына.

Мы з ахвотай згадзіліся — балазе так і не дачакаліся старшыні калгаса.

Ферма была даволі вялікая. Старыя і новыя пабудовы. Сярод іх вылучаўся доўгі цагляны кароўнік, відаць былі збудаванні для сіласу.

Да нас надышоў загадчык фермы Сымон Сымонавіч Шайбак, невысокі, сярэдняга веку чалавек. Ён ахвотна пачаў расказваць пра работу, пра шчырых і руплівых працаўніц фермы.

Вядома, усё гэта было цікава. Добра б было бліжэй пазнаёміцца з гэтымі людзьмі, напісаць пра іх.

Дарэчы, у мяне раней была мара: як можна глыбей вывучыць сучасную калгасную вёску, паказваць у нарысах самыя важныя праблемы сельскай гаспадаркі. Але розныя акалічнасці перашкодзілі мне заняцца гэтым. І галоўная «акалічнасць» (толькі цяпер, у пачатку 90-х гадоў, калі я дапаўняю свае нататкі, можна казаць пра яе) — гэта нядрэмная наша цэнзура, што доўгія гады маналітам стаяла на варце ўсіх «заваёў» і «ўстояў», і блізка не прапускаючы ў друк думкі і меркаванні, якія б адрозніваліся ад даўно ўстаялых, «агульнапрынятых». Даходзіла нават да таго, што па-за крытыкай станавіліся нават ніжэйшыя чыны партапарату. Пісаць пра сельскую гаспадарку дазвалялася толькі ў плане ўдасканалення калгасна-саўгаснай сістэмы. Пра тое, каб мяняць яе — не магло быць і гаворкі. Якраз таму і «ўцёк» я ў гісторыю. А што значыць гісторыя для грамадства — тлумачыць, мусіць, няма патрэбы. Добра сказаў, напрыклад, пра важнасць вывучэння гісторыі вядомы рускі пісьменнік Васіль Пяскоў: «Радзіму можна параўнаць з агромністым дрэвам, на якім не злічыць лістоты. І ўсё, што мы робім добрага, дадае яму сілы. Але ўсякае дрэва мае карані. Без каранёў яго паваліў бы нават слабы вецер. Карані жывяць дрэва, звязваюць яго з зямлёй. Карані — гэта тое, чым мы жылі ўчора, год назад, сто, тысячу гадоў назад. Гэта наша гісторыя. Гэта нашы дзяды і прадзеды. Гэта іх справы, якія маўкліва жывуць побач з намі, у стэпавых каменных бабах, разьбяных ліштвах, у драўляных цацках і дзівосных храмах, у цудоўных песнях і казках. Гэта слаўныя імёны палкаводцаў, паэтаў і змагароў за народную справу... Без мінулага немагчыма ні добра зразумець, ні ацаніць па-сапраўд наму сённяшняе...» Залатыя словы!..

На малюшыцкую ферму я зайшоў нездарма. На гэтым жа самым месцы, дзе размясціліся яе пабудовы, і быў некалі той фальварак, які арандаваў яшчэ ў васемнаццатым стагоддзі бацька Яна Чачота і дзе нарадзіўся будучы паэт і фалькларыст.

Сымон Сымонавіч расказаў, што перад вайной можна было ўбачыць тут рэшткі фальварка. Сёння ж ад яго не засталося і знаку. Затое навокал ляжалі тыя ж узгоркавыя палеткі, якія бачыў некалі малы Ян Чачот. За фермай, у лагчыне, відаць быў пасак маленькай рачулкі Малюшыца, якая і сёння, пэўна, вабіць да сябе вясковую дзятву... Тое, што тут нарадзіўся адзін з пачынальнікаў нашай літаратуры, — нікому ўжо і не ў галаве. На месцы фальварка — бруд, смурод. Вось так шануем мы святыя месцы! Хто ж паважаць будзе нас, калі мы самі сябе не паважаем?

Ходзячы па Малюшычах, мы напаткалі на вуліцы паважанага веку бабулю. Загаварылі да яе: яна-то павінна шмат чаго расказаць пра вёску. Але бабуля адправіла нас у сваю хату:

— Мой чалавек усё вам раскажа — ён старэйшы за мяне і больш ведае. Толькі моцна кажыце, бо ён недачувае.

Дзядуля — гэта быў 90-гадовы Бурдо Іван Фёдаравіч — і праўда аказаўся вельмі гаваркі, з добрай памяццю. Вось толькі мы ніяк не маглі падступіцца да яго, каб што-небудзь дапытацца: як ні крычалі яму на вуха, ён адказваў нам зусім не тое, пра што мы пыталіся. Але тут нам на падмогу прыйшоў яго сын — калгасны механік Мікалай Іванавіч, што якраз быў дома. Калі ён даведаўся, хто мы такія і чаго прыехалі, ён адразу зразумеў, што нам трэба. Пытанні, якія нас цікавілі, ён дакладна, хоць і на свой лад, перадаваў старому, нахіляючыся да самага яго вуха.

Як мы і чакалі, аб знаходжанні тут Чачотаў дзядуля нічога нам не мог сказаць. Затое ён успомніў, што за пяць кіламетраў ад Малюшыч, у вёсцы Сёгда некалі і праўда быў памешчык з такім прозвішчам — Чэчаг. Ён меў там свой маёнтак. Івану Фёдаравічу было гадоў шаснаццаць, калі ён пазнаўся з тым панам. Гаспадар маёнтка ў Сёгдзе запомніўся яму як вельмі добры чалавек: гаваркі, «прастак», нават «сам садзіў бульбу...».

Мне прыгадалася, што і Ян Чачот, паводле сведчанняў яго сучаснікаў, быў вясёлы і гаваркі. Што ж да яго дэмакратычнасці, то пра гэта і казаць не трэба. Ці не ёсць тут якая-небудзь сувязь, можа, родавая традыцыя?

Нямала цікавага паведаў нам Іван Фёдаравіч пра вёску Малюшычы, пра яе мінулае. Як расказваў яму яшчэ бацька, тут некалі жыў памешчык Дубічынскі, «паляк». Калі ў 1860 годзе (чамусьці якраз гэты год запомніўся Івану Фёдаравічу) «узбунтавалася Польшча, каб аддзяліцца», то Дубічынскі «сабраў сваю чэлядзь» і далучыўся да «мяцежнікаў». Расказваючы пра «мяцеж», Іван Фёдаравіч звязаў з ім і імя легендарнага Тадэвуша Касцюшкі, якога назваў так — «кароль Касцюшка». За ўдзел у тым паўстанні Дубічынскага арыштавалі, а яго маёнтак быў канфіскаваны царскімі ўладамі. Купіў яго свяшчэннік з-пад Баранавіч — Савіч...

Але самым цікавым было для нас мясцовае паданне, якое расказаў Іван Фёдаравіч.

Паданне пра апетае Адамам Міцкевічам возера Свіцязь, да якога ад Малюшыч дванаццаць кіламетраў.

Калі Іван Фёдаравіч пачаў расказваць, мы слухалі, баючыся прапусціць хоць слова. Бо адразу адчулі, што гэта было не простае паданне...

Але спачатку — само паданне.

Калісьці на тым месцы, дзе цяпер плешчацца Свіцязь, былі два хутары. У гаспадара аднаго хутара свяціла голымі латамі бядняцкая хаціна, у другога ж — красаваўся раскошны прыгожы палац. Бедны хутаранін меў сына, багаты — дачку. Хлопец і дзяўчына моцна пакахалі адно аднаго, хацелі пажаніцца. Але багацей і думаць не хацеў аддаваць дачку за сына бедняка. Тады хлопец наважыў любой цаной разбагацець — толькі б заваяваць каханую дзяўчыну. Выйшаў ён сярод ночы на вялікую дарогу. Калі праязджалі па ёй купцы-гандляры, перастрэў іх, перабіў, а грошы забраў сабе. За тыя грошы пабудаваў ён багаты дом-палац, можа, нават прыгажэйшы, чым у суседа-багацея. Цяпер багаты хутаранін не супярэчыў дачцэ выходзіць за каханага хлопца. Згулялі вяселле. Маладыя муж і жонка сталі жыць у яго доме. Праз нейкі час муж прызнаўся жонцы, якім чынам дасталося яму багацце. Паслухаўшы яго расказ, жонка сказала яму схадзіць на магілу забітых ім купцоў і паслухаць, што яны будуць там казаць. Пайшоў туды яе чалавек і праўда пачуў з-пад зямлі голас купцоў. Купцы гаварылі пра тое, што іх забойца ўсё роўна, рана ці позна, а будзе пакараны. Вярнуўшыся з могілак, гаспадар расказаў пра пачутае жонцы. Каб адхіліць бяду, надумалі асвяціць дом. Паклікалі свяшчэнніка. Асвяціў дом свяшчэннік і паехаў. Але па дарозе ўспомніў, што забыўся малітоўнік. Вярнуўся назад, а на месцы тых хутароў — пляскалася ўжо возера. Па вадзе плаваў толькі столік з малітоўнікам. Калі свяшчэннік дастаў свой малітоўнік, столік адразу ж пайшоў на дно.

Даслухаўшы дзядулю, мы пераглянуліся са Львом Паўлавічам: ці не тое гэта паданне, што легла ў аснову Чачотавай балады «Свіцязь»? Вельмі важнай балады. Адной з тых, якія мелі самае непасрэднае дачыненне да нараджэння на беларускай зямлі цэлага напрамку, а лепш сказаць, эпохі ў гісторыі літаратуры — рамантызму, пра што больш падрабязна скажацца пазней...

Балада Яна Чачота «Свіцязь» да апошняга часу была не вядома шырокаму чытачу, і ў першую чаргу беларускаму. Між тым яна вельмі шмат можа сказаць нам аб характары літаратурнай творчасці аднаго з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, аб прынцыпах выкарыстання ім фальклору ў сваіх творах, наогул аб светапоглядзе паэта.

Сюжэт Чачотавай балады — для параўнання — такі. На месцы Свіцязі некалі стаяў горад з той жа назвай. У аднаго багатага чалавека была вельмі прыгожая («цуда з цудаў») дачка. Дзяўчыну пакахаў хлопец-бядняк, хацеў ажаніцца з ёй, але бацька не дазволіў дачцэ выходзіць замуж за такога жаніха. Хлопец намерыўся прасіць дапамогі ў д'ябла. Выйшаў на «расстайныя дарогі», свістам паклікаў «нячысціка». Той не прымусіў сябе доўга чакаць: тут жа выскачыў на дарогу — «такі страшны, такі брыдкі... пазногці — як крукі, лапы — курыныя, нос — як дзюба, казліны хвост, у куцым фраку, у губе — агонь, валасы — са змеяў». Убачыўшы чорта, хлопец хацеў пусціцца наўцёкі. Але д'ябал пачаў яго сарамаціць: «Калі ўжо надумаўся ісці — ці ў пекла, ці да неба, — то не трэба баяцца». Жаданне стаць багатым, каб заваяваць любую дзяўчыну, перамагло, і хлопец, слухаючыся д'ябла, на валовай скуры «накрымзоліў» уласнай крывёй «абавязацельства». За гэта, сказаў яму чорт, «паможам табе забіць купца... І ўсе забярэш грошы... І будзеш жыць ціха, добра і спакойна, з жонкай і дзецьмі купацца у раскошы і шчодрым багацці... А як міне сорак гадоў, даб'ешся гонару быць у пекле...» Сказана — зроблена. Хлопец выходзіць на дарогу. Па ёй вяртаецца з Зэльвы, з кірмашу, купец, які прадаў там свае тавары — «вязе дукаты, талеры... вязе поўныя рукі падарункаў, якіх чакаюць дзеці і жонка». Раптам у возе купца — так падстроілі д'яблы — ломіцца кола. Пакуль ён папраўляў тое кола, настае ноч. Чэрці пускаюць купецкі караван па бездарожжы, падымаюць яшчэ на яго буру. Калі караван пад'язджае да слупа на расстайных дарогах, хлопец-бядняк нападае на купца і, не зважаючы на яго просьбы, забівае разам з прыслугай. Перад смерцю купец праклінае забойцу, папярэджваючы, што за гэта яго чакае страшная помста. Праклён і прадказанне кары чуе хлопец і тады, калі ідзе да ручая змыць з рук кроў.

Назаўтра хлопец выпраўляецца з вялікімі грашыма ў руках да бацькоў дзяўчыны. Убачыўшы ў яго такое багацце, яны адразу ж згаджаюцца выдаць за хлопца дачку. Ажаніўшыся, малады гаспадар выкупляе ў караля цэлы горад Свіцязь. Цяпер усе працуюць на яго, нясуць яму даніну. Тыя ж, хто не захацеў цярпець крыўды новага гаспадара, уцякаюць са Свіцязі, кідаючы гэта нядобрае месца.

У поўным дастатку і раскошы жыве забойца, згодна з д'яблавай умовай, усе сорак гадоў. У тую ж ноч, калі мінуў вызначаны тэрмін, яму паказваецца ў сне галава забітага купца. Назаўтра, каб неяк забыцца, супакоіцца, забойца запрашае да сябе ў палац як можна болей гасцей на банкет. У самы разгар застольнай гамонкі сярод шматлікіх страў — на вялікі жах усіх гасцей — ізноў, ужо не ў сне, а наяве — паказваецца на стале галава забітага купца, якая паўтарае свой даўні праклён. І ў той жа момант усчынаецца страшэнная бура, б'юць перуны. Расчыняецца насцеж акно, і праз яго ў дом урываецца «д'ябальская зграя», якая хапае забойцу. Але не толькі ён адзін гіне; Увесь горад Свіцязь правальваецца скрозь зямлю. На яго месцы ўтвараецца возера — сённяшняя Свіцязь.

Завяршаў баладу Ян Чачот такімі паэтычнымі радкамі:

І сёння, калі у Наваградак едзеш

Цяністай дарогаю з Мышы,

Вады там люстэрка чысцюткае ўгледзіш

Ты ў мройнай лясістае цішы.

Тут, людзі расказваюць, чутна бывае,

Як звоняць званы пад вадою,

І хваля часамі брусы вымывае

З смалою — застылай слязою...1

Як мы ўбачылі, і ў пачутым ад дзядулі паданні, і ў баладзе Чачота — адзін і той жа сюжэт. Няма ніякіх сумненняў, што якраз гэта народнае паданне і ўзяў паэт за аснову сваёй балады. Вядома, Ян Чачот творча перапрацаваў яго, увёўшы ў канву свайго твора яшчэ адно, вельмі распаўсюджанае ў той час — і ў Польшчы, і ў Беларусі, асабліва сярод шляхты, — паданне пра пана Твардоўскага, што прадаў душу чорту. Але ж сюжэтны стрыжань для сваёй балады паэт узяў, паўтараю, з народнага падання пра возе ра Свіцязь, таго, што пачулі мы цяпер у Малюшычах. Мы, такім чынам, натрапілі на самую крыніцу Чачотавай паэзіі, крыніцу, якая, аказваецца, не перасохла і праз дзвесце без малога гадоў! Хіба ж гэта не адкрыццё?



РЭПІХАВА

З Малюшыч нам трэба было па логіцы ехаць у Рэпіхава, услед за сям'ёй Тадэвуша Чачота, які атрымаў там пасаду аканома ў маёнтку Тызенгаўза.

Але ў нас было малавата часу на такую, зусім не блізкую, дарогу, якую да таго ж трэба было яшчэ шукаць. Таму мы вырашылі адкласці гэту паездку на потым.

Забягаючы наперад, скажу, што, пакуль я чакаў тое «потым», маю задачу, хоць і часткова, выканаў настаўнік з Баранавіч краязнавец Аляксандр Пятровіч Шоцкі, мой даўні знаёмы (праўда, завочна, па перапісцы).

Зацікавіўшыся мясцовай тапанімікай, ён наважыў адшукаць тое Рэпіхава, дзе жыла сям'я Чачотаў. Але сярод скрупулёзна сабраных ім геаграфічных назваў Баранавіцкага раёна Рэпіхава, на яго здзіўленне, чамусьці не аказалася, хаця ва ўсіх даведніках пісалася, што яно — «пад Баранавічамі», «каля Новай Мышы».

Зазірнуўшы ў «Геаграфічны слоўнік польскіх і іншых славянскіх земляў», Аляксандр Шоцкі прачытаў там, што Чачотава Рэпіхава трэба шукаць каля рэчкі Ліпніца — правага прытоку Шчары.

І вось краязнавец у час школьных канікул выпраўляецца ў падарожжа. Па шляху з Крывошына ў Нетчын, у межах Ляхавіцкага раёна, ён і знаходзіць даўно апусцелае ўжо ўрочышча Рэпіхава. Калі паглядзець на карту, то гэта месца здасца ўсё ж не надта і далёка ад Баранавіч, ну і ад Новай Мышы — так што даведнікі не вельмі і памыляліся.

На месцы маёнтка Рэпіхава, які належаў магнатам Патоцкім, А. Шоцкі сустрэў цяпер толькі «здзічэлы і напалову знішчаны парк». У парку ўсё ж засталася яшчэ прыгожая ліпавая алея, некалькі старых таўшчэзных дубоў ды гэтакіх жа кедраў, лістоўніц, явараў, бяроз.

Пра сваю паездку А. Шоцкі расказаў на старонках газеты «Літаратура і мастацтва». Пры гэтым ён выказаў шкадаванне, што «гэты куточак прадаўжае гібець» і «што адзін толькі дзяцел барабаніць тут дзюбай па дрэвах, лечыць іх і ратуе парк ад вымі рання». Заканчваў краязнавец свой ліст у рэдакцыю такімі словамі: «Хочацца верыць, што ў хуткім часе прыйдзе сюды дбайны гаспадар. Памаладзее стары парк і стане служыць людзям. Дзесьці на відным месцы з'явіцца мемарыяльная дошка, якая паведаміць, што тут жыў Ян Чачот — адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, сябра вялікага польскага паэта Адама Міцкевіча».

Праз колькі часу ў той жа «Літаратуры і мастацтве» было змешчана паведамленне, у якім гаварылася, што ліст А. Шоцкага быў разгледжаны ва ўпраўленні культуры Брэсцкага аблвыканкома, а таксама ў Ляхавіцкім райвыканкоме Саветаў народных дэпутатаў, які прыняў рашэнне аб добраўпарадкаванні парку ў Рэпіхаве, прычым аддзелу культуры райвыканкома і раённаму таварыству аховы помнікаў гісторыі і культуры даручана ўстанавіць там мемарыяльную дошку ў гонар Яна Чачота. Хвала краязнаўцам! Хвала тым уладам, якія гэтак хутка, без аніякай цяганіны прымаюць такія мудрыя пастановы!

У Рэпіхаве, куды пераехала сям'я Чачотаў недзе на сумежжы двух стагоддзяў — XVIII і XIX, і праходзілі дзіцячыя гады паэта. Але, мусіць, не толькі ў самім Рэпіхаве, а яшчэ недзе паблізу — на рацэ Мышанка, як відаць з твораў Яна Чачота: што ж, беззямельнаму Тадэвушу Чачогу, бацьку паэта, даводзілася не раз мяняць месца службы. Як бы там ні было, да ад'езду на вучобу ў Наваградак Ян Чачот быў з бацькамі ў Навамышанскай каталіцкай парафіі, у якую ўваходзіла і Рэпіхава. Усё ж нездарма Адам Міцкевіч называў Чачота — «Ян з Мышы».

Тут, у ваколіцах Новай Мышы, Ян Чачот і пазнаў жыццё беларускага селяніна, яго мову, назаўсёды палюбіў і запомніў яго песні, казкі, паданні. Пра зацікаўленасць Яна Чачота, яшчэ ў дзіцячыя гады беларускім фальклорам сведчаць яго балады «Калдычэўскі шчупак», «Мышанка», «Узногі», напісаныя паводле мясцовых паданняў і пачутых ад людзей быляў.

У баладзе «Калдычэўскі шчупак» Ян Чачот скарыстаў паданне пра шчупака, які пераплыў нейкай падземнай ракой з Калдычэўскае возера (яно было непадалёк ад селішча Чачотаў, у цяперашнім Баранавіцкім раёне) у возера Свіцязь. У аснову балады «Мышанка» леглі аж два пачутыя ў маленстве паданні. Першае — пра дачку нейкага Мышкі, вельмі гожую дзяўчыну, якая, уцякаючы ад рыцара з княжацкага замка, кінулася ў раку — толькі б не трапіць у рукі гвалтаўніка; ён жа, гэты рыцар, на месцы гібелі дзяўчыны загадаў закласці горад, даўшы яму назву Мыш. Другое паданне, якое скарыстаў у сваёй баладзе Ян Чачот, таксама было пра паходжанне назвы гэтага мястэчка: чалавек, які яго залажыў, быццам бы сказаў, што назаве яго той істотай, якую першай убачыць, устаўшы раніцай; першай жа ўбачыў ён мыш...

У баладзе «Мышанка» Ян Чачот прапеў сапраўдную песню замілаванасці рацэ свайго маленства:

О, мілы ўспамінак! Рачулка Мышанка!

Ізноў цябе бачу я ў бляску заранак.

Ты першая ў свеце мая каханка,

Праплыў тут жыцця майго ранак*.

Недзе тут, у сваёй Навамышанскай парафіі, пачуў Ян Чачот і праўдзівае, вельмі жудаснае паданне (што ўзнікла з сапраўднага факта) пра ліхога пана-прыгонніка з маёнтка Узногі, паданне, якое вылілася потым у адну з найцікавейшых балад паэта. Паколькі балада вельмі многа дае нам для разумення Яна Чачота, паколькі яна зусім недвухсэнсоўна паказвае яго ярка выражаны дэмакратызм, яго адносіны да прыгнечанага беларускага люду і стаўленне да жорсткіх і хцівых прыгоннікаў, урэшце, да самога прыгону, трэба спыніцца на гэтым даволі вялікім і важным у многіх адносінах творы больш падрабязна.

Пачынаецца балада Яна Чачота грозным папярэджваннем пана, уладальніка маёнтка Узногі сваім падданым:

Гэй, хамы нягодныя! Я вам дазволіў

У лесе маім браць — і то па білету —

Падгнілую леж усяго, і каб болей

Не ссеклі і розгі — запомніце гэта!

Гэй, хамкі нікчэмныя! Красці — даволі!

Каб болей ні ягадкі з лесу, ні грыба!

Ну, хіба ж вы сеялі іх тут, палолі?

Маё усё гэта, мая тут сядзіба!

І вашыя душы, як гэтыя дрэвы,

Належаць мне толькі па праву.

Каб зналі: не будзеце слухаць мяне вы,

Знайду на вас хутка я ўправу!

І ты будзь жа пільны заўсёды, ляснічы,

Ды пушчу вартуй адмыслова.

У тых, хто залезе сюды па здабычу,

Здзірай кажухі з плеч без слова!

Ніводны звярок і ніводны арэшак

Прапасці ў мяне не павінен!

Запомняць хай добра: не любіць пан смешак.

Усіх пакарае, хто вінен!..*

Раскрыўшы перад чытачом хцівае, нікчэмнае нутро самазадаволенага прыгонніка, Ян Чачот са спагадай паказвае бязвыхаднае становішча бяспраўнага беларускага мужыка, які не можа выконваць поўныя самых страшных пагроз загады свайго пана:

Ды хто ж гэта жыць мужыку забароніць!

Ці ж можна уседзець у цёмнай хаціне,

Дзе ў місе крупіна крупы не дагоніць,

А скваркі, малой хоць, няма і ў паміне?

А прыйдзе вясна — скрозь падчысціць падполлі,

Не знойдзеш нідзе і з мякінаю хлеба.

Адна крапіва. Ды і тая без солі.

За нешта ж купіць яшчэ соль гэту трэба.

Таму вось мужык красці дрэва і лезе,

На рынак вязе — хоць на грошык разжыцца.

Дармо, што бізун панскі бачыцца ў лесе —

Ну, хіба ж жывому ў магілу лажыцца?*

Растлумачыўшы такім вось чынам, што да чаго, Ян Чачот прыступае да канкрэтнага апавядання пра беднага селяніна, які, запрогшы схудалыя валы і заткнуўшы за пояс сякеру, глухім часам выпраўляецца ў панскі лес у дровы. Але толькі пачаў ён класці тыя дровы на воз, як падскочыў ляснічы. Назаўтра па загаду жорсткага пана слугі хапаюць селяніна, прывязваюць да азярода і б'юць розгамі і вяроўкай. Скатаваны селянін ледзь даходзіць да сваёй хаты, дзе і памірае. Разам з ім памірае ад голаду і знясілення і яго хворая жонка. У хаце засталіся толькі малыя дзеці і стары дзядок. Старшая дачка памерлых, каб неяк накарміць сваіх меншых брацікаў і сястрычак, крадком ідзе ў лес —сабраць ягад. Але і яе заспяе там ляснічы, які цягне дзяўчыну ў двор да пана. Пан загадвае прынесці розгаў, агаліць бедную дзяўчыну і, не зважаючы на просьбы дамашніх, лупцаваць тымі розгамі.

Расказваючы пра гэтыя дзікія катаванні, Ян Чачот бескампрамісна становіцца тут на бок пакрыўджаных, на бок запрыгоненага селяніна, якога хоча абараніць ад разбэшчаных «уладароў падданых душ», ад прыгону наогул:

Дачка дарагая! Унучка мая ты!

Каб быў там я ў гэту часіну,

Я ганьбіць цябе не дазволіў бы катам,

Лепш сам пры табе я загінуў!..*

Дзяўчына, расказвае далей Ян Чачот, не вытрымала катаванняў:

Памерла ад голаду, болю і сораму,

Адпомсціць за ўсё даручаючы Богу*.

З дарослых у сям'і застаўся цяпер стары дзядуля. Каб пакарміць унукаў, дзядок падаўся ў бліжэйшае мястэчка — выжабраваць хлеба. Па дарозе ён зайшоў у лес і пачаў выламваць сабе падарожны кій. Гэта ўбачыў той жа ляснічы, які і прывёў старога да панскага палаца. Пан размахваецца і б'е дзядка, які падае долу і тут жа памірае, «за ўсё сваё загубленае племя помсту даручаючы Богу».

Пасля гэтага малыя дзеці пайшлі самі жабраваць, а гаспадарку пан перадаў другому селяніну. Так жорстка была загублена панам сялянская сям'я.

Але на гэтым балада не заканчваецца.

Калі надышоў час збору арэхаў, апавядае далей Ян Чачот, гаспадар Узногаў едзе з сям'ёй і слугамі ў лес. Тут усім гуртам збіраюць арэхі, якіх багата ўрадзіла ў той год. Але нечакана грыміць сярод яснага неба гром, што запальвае лес. Аўтар падрабязна апісвае лясны пажар, у якім гіне панскае дабро.

Каб узмацніць эфект кары пану за ўсе яго злачынствы, паэт уводзіць у канву апавядання казачныя матывы. Лясныя птушкі, замест таго каб уцякаць ад пажару, ператвараюцца раптам у прывіды закатаваных панам мужыкоў, кідаюцца на свайго прыгнятальніка і яго сям'ю і раздзіраюць усіх на кавалкі...

Сваю баладу Ян Чачот заканчвае разважаннем пра сялянскую нядолю, заклікае да вызвалення селяніна ад прыгону — так, як гэта зроблена за мяжой, у «чужых краінах», дзе сяляне цяпер быццам бы сталі самі «як паны».

Пра тое, як дапамагалі Яну Чачоту ў яго паэтычнай практыцы пачутыя ў маленстве беларускія народныя казкі, паданні, песні, прыказкі і прымаўкі, а таксама захаваныя ў памяці звычаі, павер'і селяніна, можна б было гаварыць яшчэ вельмі многа.

Прывабліваюць балады Яна Чачота і тым, што ў іх даюцца апісанні рэальных, а не выдуманых мясцін, паказваюцца часта рэальныя людзі, якіх аўтар ведаў сам, сапраўдныя жыццёвыя факты. Адзін толькі цікавы момант. У баладзе «Звон на горцы ў Пазяневічах» сустракаецца імя нейкага Антосіка, якому прысвячаецца цэлая страфа:

Тут быў і Антоська, пра «цуды» якога

Пагудкі хадзілі усюды,

І людзі, дурныя, няслі, як да Бога,

У Дарава золата груды*.

Аўтар нідзе не дае тлумачэння, што ж гэта быў за Антосік. Як паказваюць польскія даследчыкі, Ян Чачот упамінае тут рэальную асобу — непісьменнага пастуха з вёскі Дарава пад Баранавічамі Антося Голеца, які з пятнаццаці гадоў стаў вядомы як знахар, што лячыў у 1814-1816 гадах самыя розныя хваробы. Цікава, што да яго трапіла была і маці Адама Міцкевіча са старэйшым сынам Аляксандрам, пра што ён успамінае сам у адным з пісем.

Многа пісалася тады пра цудадзействы Антосіка ў віленскім друку. Наслухаўшыся пра незвычайныя здольнасці Антосіка, гродзенскі губернатар у 1816 годзе накіраваў у Дарава спецыяльную камісію. Камісія паведамляла, што Антосік лечыць сваіх пацыентаў «углядваннем у вочы і твар, а потым інстынктам вызначае, якое трэба даць лякарства». Лякарствы тыя камісія прызнала няшкоднымі, а іх незвычайную «эфектыўнасць» тлумачыла «сляпой верай у іх». І ўсё ж распараджэннем губернатара Антосіку была забаронена «лячэбная практыка». У абарону незвычайнага лекара выступіў на старонках перыядычнага выдання «Паментнік магнетычны Віленьскі» палкоўнік польскага войска Міхал Пашкоўскі. Ён расказаў, што Антосік у 1816 годзе вылечыў яго падданага ў Налібаках Кароля Шэмета, якога ніяк не маглі вылечыць дактары. Але і абарона палкоўніка не памагла ўжо Антосіку. Як хутка стала вядома з віленскіх газет, ён быў аддадзены памешчыкам Чаркоўскім у рэкруты.

Пра Антосіка Ян Чачот, вядома ж, чытаў у газетах. Але ведаў ён пра незвычайнага лекара яшчэ, як зноў сцвярджаюць польскія даследчыкі, да шуміхі вакол яго імя ў друку: Антосік жа быў з родных мясцін паэта...

І такіх прыкладаў «жыццёвасці» балад Яна Чачота можна б было даць тут нямала.

Інакш кажучы, калі добра прыгледзецца да творчасці Яна Чачота, то няцяжка ўбачыць, што якраз тут, у Рэпіхаве, у ваколіцах Новай Мышы і Баранавіч, яе самыя глыбінныя карані.



НАВАГРАДАК

Чыстая і звонкая раніца, ужо добра выстуджаная здаровым перадзімнім холадам. Барвовае, зусім няцёплае сонца, якое колькі хвілін назад неяк незаўважна ўсплыло над узгорыстым полем, толькі там-сям прабіваецца на цемнаваты асфальт скрозь даволі густую яшчэ тут лістоту пасвятлелых ясеняў і заўсёды зялёных таполяў, што дзвюма роўнымі сценкамі выструніліся ўздоўж дарогі. Кроны іх так перапляліся ўверсе, што здаецца, быццам мы едзем доўгім зялёна-залатым тунелем.

Ён, гэты тунель, толькі зрэдку перарываецца невялікімі прагаламі, поўнымі такога вабнага ўвосень сонца.

Пераначаваўшы ў Валеўцы, у гасціннага гаспадара добра дагледжанага вясковага дома, вядомага краязнаўца, аўтара даволі змястоўных кніг пра паходы школьнікаў па шляхах паэтаў і герояў роднага краю настаўніка Уладзіміра Аляксандравіча Урбановіча, мы прастуем у старажытны, слаўны многімі падзеямі свайго вельмі цікавага гістарычнага мінулага горад Наваградак.

І вось яны — дзе брукаваныя каменем, дзе заасфальтаваныя, а дзе і проста «без пакрыцця» — вулачкі і вуліцы вечна новага, хоць і старога горада.

Спачатку мы спрабуем коламі машыны брукаванкі садовай ускраіны. Тут можна пачуць яшчэ голас пеўня, убачыць у глыбіні цеснага ад розных прыбудовак і дрэў двара, як жанчына, закасаўшы па локаць рукавы кофты, мые ў цынкавых ночвах, пастаўленых на старым услоне, бялізну, улавіць вухам глухі шоргат рыдлёўкі, якой перакопваюць — відаць, ужо на зіму — агарод...

Тут гэтак жа, як і было

у Ягоную пору:

таксама пахне мятай,

той самы вецер ад бору...

Тут тая ж мова і песні,

тыя ў садку незабудкі,

толькі болей галасу

ў сённяшнім Навагрудку.

Гэта ўсплылі ў памяці перакладзеныя мною раней радкі верша польскага паэта Станіслава Рышарда Дабравольнага, які хацеў у ім выказваць сваё ўражанне ад наведання радзімы Адама Міцкевіча.

Брукаванка прывяла нас на цэнтральную плошчу горада, дарожны знак падказаў месца аўтастаянкі, куды мы і павярнулі. Стаянка была ў двары напалову разбуранага, з грудамі бітай цэглы і друзу ўсярэдзіне даўняга дамініканскага касцёла Святога Міхала, да якога, як сказаў мне Леў Паўлавіч, і прымыкала тая школа, дзе вучыліся ў пачатку XIX стагоддзя Адам Міцкевіч з Янам Чачотам. Гэта тут пачыналася дружба вялікага польскага паэта з пачынальнікам новай беларускай літаратуры, дружба, якую абодва яны пранеслі праз усё жыццё.

І Чачот, і Міцкевіч пра сваё сяброўства ў Наваградскай школе заўсёды ўспаміналі з цеплынёй, даражылі і ганарыліся гэтым сяброўствам. Калі ў 1818 годзе філаматы святкавалі дзень нараджэння Адама Міцкевіча, Ян Чачот, як бы парушаючы загадзя падрыхтаваны сцэнарый урачыстасці, весела, па-сяброўску перапыніў Тамаша Зана, які першы выйшаў вітаць імянінніка, і сам узяўся «зачынаць» гэту ўрачыстасць, кажучы вершам так: «Мы склалі з Занам сцэнарый: ён павінен быў пачынаць свята, а я меўся заканчваць яго і прынесці вершы «на дэсерт». Але даруй мне, Тамаш, што... мушу разбурыць наша тварэнне. Бо якім вокам глянуў бы на мяне Адамэк, калі б ты пачаў весці рэй, а я сядзеў у кутку, як дурачына (я, нашай супольнасці частачка!), нічога не кажучы, хоць мне столькі можна расказаць пра нашу дружбу. Ён сказаў бы тады: «А дзе ж мой сябрук, з якім у адной школе лёталі па калідорах, лазілі па брамках і брамах, ловячы аднаго з папоўскіх прыслужнікаў і даючы яму добрага чосу, а калі той усчынаў дзікі піск, мы, брыдзячыся, са смехам адпускалі яго і на голас званка хутчэй беглі ў клас... А хто лепей, чым я з Янам, карыстаючыся шыфраванай мовай, абдурваў прафесараў?..» Думаў бы яшчэ Адам, што я забыўся пра нашы клятвы на Псей-горцы памагаць адзін аднаму, стаяць гарой адзін за аднаго... Хоць мы ў сваволі трацілі маладыя гады, заўсёды на чале класа стоячы ў мілай згодзе, перамагаючы ўсіх адвагай, часцей балбатнёй, былі мы першыя ў нікчэмным вучэнні... Хаця нас пераўзыходзілі іншыя сваім выглядам: былі высокія, як чаплі, а мы, як сарокі, малыя, усё ж святыя дамініканцы, якім мы смела і горда, са з'едлівай насмешкай выказвалі сваю агіду, міжволі адводзілі ад нас узброеную бізуном руку...»

У сваю чаргу Адам Міцкевіч склаў да дня нараджэння Яна Чачота 24 чэрвеня 1819 года свае прывітальныя «ямбы», у якіх таксама ўспомніў школьныя часы ў Наваградку:

Яне! Музы наперабой бляск твайго верша ўслаўляюць,

Мне ж памагчы не хочуць — я сам заспяваю.

Са мной ты заўсёды — дома я ці ў прыволлі:

Каго ж больш люблю я, хто ж мілейшы мне болей?

Яшчэ на парозе жыццёвым, у галасе вуліц,

Адны ў нас навукі былі, перапалкі і гулі.

Хто ж, апроч нас з табой, Яне, гэтак сваволіў,

Што аж трэсліся сцены, бывала, у школе?

Хто ж да нас белакаптурным так смела пярэчыў,

Пад палкі іх горда падстаўляючы плечы?..

Хаця гіра чарцей мы спрачаліся да пасінення,

Хаця, пра душу маю дбаючы, на богамаленні

Мяне ты з аблок, куды я ўсё лётаў у марах,

Зноў да Бога вяртаў, таўхануўшы мне ў карак,

Думка адна ўсё ж была ў нас, адна да навукі рахуба,

Пакуль не ўзяў цябе ў лапы свае Людвік Дзюба2.

Пачаў ты тады ад стоіцкіх цнот ухіляцца

І жыць не так набожна, жыццём захапляцца.

Тады, сіл паднабраўшы, нібы з крыніцы чароўнай,

Ты перамог Адама фізічна й духоўна...*

Як відаць з гэтых сяброўскіх прызнанняў, ні Адама Міцкевіча, ні Яна Чачота ўжо не задавальнялі казённыя, часта схаластычныя «навукі», якія ім убівалі ў галовы з дапамогаю бізуноў «белакаптурныя» (ад адзення — белы каптур) — святыя ксяндзы-дамініканцы, каго яны не раз «абдурвалі» сваёй «шыфраванай мовай». З затхлых цемнаватых калідораў дамініканскай школы іх неадольна цягнула на волю, на прастор, дзе віравала сапраўднае жыццё, з усімі яго бедамі і радасцямі, з яго здзіўляючымі кантрастамі і супярэчнасцямі, і дзе людзі рупіліся зусім іншымі, чым у школе, вельмі далёкімі ад кніжных, турботамі. Неадрыўныя ад жыцця, ад свайго мінулага і сучаснасці, гэтыя людзі часта ў саміх сабе неслі гісторыю: напрыклад, бацька Адама Мікалай Міцкевіч быў удзельнікам паўстання пад кіраўніцтвам славутага, ужо авеянага легендамі мяцежнага генерала Тадэвуша Касцюшкі і мог нямала цікавага расказаць сыну, як і яго сябру, Яну Чачоту.

Расказы бывалых людзей, асабліва такіх во абпаленых у бойках, як Мікалай Міцкевіч, паўстанцаў, мэты якіх так і засталіся няспраўджанымі, бударажылі розумы і сэрцы дапытлівых юнакоў, гэтакіх непадобных да іншых, часта старэйшых па ўзросце («даўгіх, як чаплі») і тупаватых, няздатных да навукі, але паслухмяных «шкаляроў». Ды і самі сябры добра ўжо бачылі праявы ганебнага нацыянальнага і сацыяльнага ўціску, парадаксальнай няроўнасці паміж людзьмі, бачылі, як пад нядрэмным цівунскім вокам дзень пры дні, з веку ў век лье крывавы пот, у тры пагібелі згінаецца на полі растлусцелага і тупога ад самазадаволенасці пана-самадура зусім бяспраўны перад законам, аддадзены ў поўную ўладу прыгонніка мужык-хлебароб, які корміць свет, а сам ужо недзе пасля каляд часта толькі ў сне бачыць скарынку чорнага хлеба.

Пра гэта ўжо тады, у школьныя часы, пачыналі задумвацца абодва юнакі, надзеленыя ад прыроды чулай душой і добрымі сэрцамі. Ужо тады са спагадай, з павагаю глядзелі яны на просты люд, з якім сустракаліся на колсным кроку — і ў самім Наваградку, і ў яго ваколіцах. Ці не гэта спагада, гэта павага і цягнула іх больш уважліва прыгледзецца да народнага жыцця, вывучыць вусную паэзію беларуса-селяніна, яго звычаі, абрады, вераванні? Пра зацікаўленасць Яна Чачота і Адама Міцкевіча народнай творчасцю ўжо ў часы навучання ў Наваградку сведчыць іх блізкі сябар і зямляк, таварыш па Віленскім універсітэце і Таварыстве філаматаў Ігнат Дамейка, які піша ў сваіх успамінах: «Два нашы студэнты Наваградскай школы з гадоў маленства добра ведалі наш літоўскі (г. зн. беларускі. — К. Ц.) люд, палюбілі яго песні, прасякнуліся яго духам і паэзіяй, да чаго вядома ж, прычынілася і тое, што малое мястэчка Наваградак не шмат чым адрознівалася ад нашых вёсак і засценкаў. Школьнае жыццё было хутчэй сельскае. Сябры хадзілі на кірмашы, на царкоўныя ўрачыстасці, бывалі на сялянскіх вяселлях, дажынках і хаўтурах. У тыя школьныя часы ўбогая страха і народная песня распалілі ў абодвух першы паэтычны агонь. Адам хутка ўзнёсся да высокай сферы сваіх цудоўных твораў, Ян жа да смерці застаўся верны народнай паэзіі...»

Ад дамініканскага касцёла мы скіравалі перш на высокі, яшчэ здалёку бачны зялёны курган, можна сказаць, у самым цэнтры Наваградка — Курган бяссмерця. Курган гэты быў насыпаны ў 1924—1931 гадах у гонар вялікага наваградчаніна Адама Міцкевіча, генія польскай літаратуры. Насыпаны не толькі беларусамі і палякамі, закаханымі ў яго паэзію, але і прыхільнікамі таленту вялікага паэта з самых розных канцоў свету, што прыязджалі сюды, каб пакланіцца яго «краю гадоў дзяціных».

Па вільготных ад расы сходах узняліся на вяршыню кургана. Адсюль у жаўталісці садоў і прысадаў добра відаць быў ці не ўвесь Наваградак — з высокімі, шматпавярховымі сучаснымі дамамі ў цэнтры і драўлянымі, па-гарадскому дагледжанымі — па ўскраінах.

І сярод вялікага збежышча дамоў і дамкоў хаваліся ў золаце дрэў нешматлікія, праўда, але ж вельмі яркія памяткі далёкага мінулага, якія пакінула нам гісторыя гэтай зямлі і якія так ці інакш звязаны з імем Адама Міцкевіча. Зусім блізка адсюль чырва неў чарапічным дахам заснаваны яшчэ ў XIV стагоддзі вялікім князем літоўскім Вітаўтам фарны касцёл, дзе 22 лютага 1799 года быў ахрышчаны будучы вялікі паэт. У другім месцы, заслонены прысадамі, бялеў Дом-музей Адама Міцкевіча, адбудаваны на тым жа самым месцы, дзе стаяў некалі пад вартай раўнюткіх таполяў бацькоўскі дом паэта і дзе праляцела яго дзяцінства. Унізе гойдаўся вершалінамі дрэў пасаджаны ў гонар Адама Міцкевіча гай — «Гай Міцкевіча». Недалёка адсюль была і гара Міндоўг, пра якую пісаў у сваіх творах паэт...

Кожнаму, хто прыязджае ў Наваградак, адразу кідаюцца ў вочы высачэзныя сцены разбуранага старажытнага замка, якія ўзвышаюцца над горадам. Пабудаваны замак быў, здаецца, яшчэ недзе ў XII стагоддзі, калі Наваградак з'яўляўся сталіцай Вялікага княства Літоўскага. З гэтым замкам звязана нямала бурных гістарычных падзей, яркіх старонак гераічнага змагання наваградчан з іншаземнымі прышэльцамі і ў першую чаргу з крыжакамі.

Падняўшыся па крутым схіле на Замкавую гару, мы не без душэўнага ўзрушэння падышлі да магутных сцен велічнага замка, кожны камень якога быў яскравым сведкам неспакойнага мінулага краю. Здаецца, прыкладзі вуха да гэтых абпаленых і пашчэрбленых старажытных камянёў і адразу пачуеш бразгат зброі, шматгалоснае ржанне коней, баявыя воклічы і перадсмяротныя крыкі воінаў. Добра пачуў галасы сівой мінуўшчыны малады Адам Міцкевіч, фантазію якога не магла не абудзіць маўклівая веліч замка:

Замак заснуў — ні агню і ні дыху,

Толькі на вежах бяссонная варта

Воклічам цішу палохае ўпарта...

Раптам дайшло вартавому да слыху:

Постаці нейкія нібы на гонях...

Чорныя цені за імі гурбою...

Блізка ўжо... скачуць у чвалам на конях...

Панцыры ззяюць, і бразгае зброя...

(Пераклад. С. Дзяргая)

Гэта — з паэмы «Гражына», якая стала сапраўдным помнікам Наваградку.

Але ёсць яшчэ адзін, хаця магчыма і сціплейшы, паэтычны помнік гэтаму старажытнаму гораду — балада Яна Чачота «Наваградскі замак», на пісаная на некалькі гадоў раней за паэму Адама Міцкевіча. Балада Яна Чачота каштоўная тым, што захавала народнае паданне пра зруйнаванне замка шведамі. У паданні і ў баладзе расказваецца пра тое, як наваградскі князь здаў ворагу замак. А было гэта так. Князь закахаўся ў шведку, якую падаслалі яму ворагі. Дзяўчына, як яе навучылі шведскія военачальнікі, паабяцала князю выйсці за яго замуж, калі ён здасць замак. Пры гэтым запэўніла, што Наваградак застанецца цэлы, «не дазнаецца згубы». Але аказалася зусім інакш: шведы зруйнавалі замак і з жорсткасцю расправіліся з наваградчанамі. Ян Чачот падае ў баладзе захаваныя ў народнай памяці страшныя карціны гэтых распраў. Як людзей «клалі на воз і ўціскалі жэрдкаю, бы сена», а малых дзяцей ставілі за лаву і прыціскалі гэтай лавай да сцяны: такая «жорсткая забава, кажа, Ян Чачот, была ў гэтых дзікіх тыранаў...».

Пасля Замкавай гары мы зайшлі ў Дом-музей Адама Міцкевіча, у якім, дарэчы, некалі працаваў і мой спадарожнік.

Цяперашні дырэктар музея Лілія Уладзіміраўна Усэнка правяла нас па музейных залах, расказала пра найбольш цікавыя экспанаты, пахвалілася навейшымі набыткамі. Так, у музеі ўсё робіцца, каб найлепш расказаць наведнікам пра вялікага Адама Міцкевіча, пра яго сувязь з роднай Наваградчынай, раскрыць вытокі чароўнай міцкевічаўскай паэзіі.

Ну, а як жа паказваецца ў музеі першы сябар Адама Міцкевіча, беларускі паэт і фалькларыст Ян Чачот, з імем якога столькі было звязана ў генія польскай літаратуры?

Як гэта ні дзіўна, Лілія Уладзіміраўна паказала мне ў экспазіцыі толькі невялікі партрэт Яна Чачота сярод такіх жа партрэтаў іншых сяброў-філаматаў — Юзафа Яжоўскага, Францішка Малеўскага, Ігната Дамейкі і Юзафа Кавалеўскага. І ўсё!

І наогул — ходзячы па Наваградку, я, акрамя гэтага партрэціка ў музеі, нідзе не знайшоў ніводнай, нават самай маленькай, памяткі пра пачынальніка нашай літаратуры і першага беларускага фалькларыста Яна Чачота, хоць яго жыццё таксама было вельмі цесна звязана з Наваградкам і Наваградчынай. У Наваградскім жа павеце нарадзіўся і правёў ён свае дзіцячыя гады: і Малюшычы, і Рэпіхава якраз адносіліся тады да гэтага павета. У Наваградку разам з Адамам Міцкевічам вучыўся паэт, сюды прыязджаў ён і пазней з Вільні — і ў сям'ю сябра, і да сваіх бацькоў у вёску Лоўчыцы, недалёка ад горада (у цяперашнім Мітрапольскім сельсавеце), куды яны пераехалі з-пад Новай Мышы, узяўшы ў арэнду панскі фальварак. На Наваградчыну вярнуўся паэт і пасля ссылкі. Карацей кажучы, Наваградчына — радзіма і Адама Міцкевіча, і Яна Чачота. Дык ці ж справядліва, што наваградчане, аддаўшы ўсю, якую было можна, даніну пашаны Адаму Міцкевічу, амаль зусім забылі Яна Чачота?

Так, вельмі непараўнальныя гэтыя дзве постаці: Адам Міцкевіч і Ян Чачот. Але ж гэта толькі ў дачыненні польскай літаратуры, для якой Чачот сапраўды зрабіў як паэт не вельмі многа. Што ж да нашай, беларускай літаратуры і культуры ў цэлым, то тут значэнне Яна Чачота непамерна ўзрастае. Як-ніяк, ён першы значны беларускі паэт, першапраходзец у новай беларускай літаратуры і адначасова першы наш фалькларыст і, я сказаў бы, першы мовазнавец. Ды і наогул — ці не занадта была заніжана ў нашым літаратуразнаўстве ацэнка дзейнасці Яна Чачота, які аказаўся ў вялікім цяні Адама Міцкевіча, ці не пара нам больш уважліва прыгледзецца да Чачотавай спадчыны?

У асяроддзі філаматаў, ды і ўсёй віленскай моладзі, Ян Чачот быў прызнаным «дударом» — аўтарам шматлікіх песень, вершаў, розных зарыфмаваных прывітанняў, сцэнак. Большасць з гэтых твораў нідзе не публікавалася. Ды Ян Чачот і не ставіў перад сабой такой мэты. Яны былі прызначаны для непасрэднага выканання на сходках моладзі, на сяброўскіх імянінах філаматаў, да якіх усе яны вельмі старанна рыхтаваліся. Пасля разгрому віленскіх згуртаванняў моладзі царскімі ўладамі і закрыцця ў 1832 годзе Віленскага універсітэта песні Чачота, як і іншых філаматаў, паступова забыліся. Але частка іх захавалася ў розных паперах, якія трапілі ў віленскія архівы. Упершыню большасць з філамацкіх твораў Яна Чачота пабачылі свет толькі ў наш час, праз сто гадоў пасля іх напісання, а канкрэтней, у 1922 годзе, калі польскі літаратуразнавец Ян Чубэк сабраў і выдаў у Кракаве двухтомную «Паэзію філаматаў».

Песні і вершы да студэнцкіх урачыстасцей пісалі (а часта і проста імправізавалі) разам з Янам Чачотам яшчэ Адам Міцкевіч, Тамаш Зан, Ануфры Петрашкевіч і іншыя філаматы. «Аднак, заўважае вядомы польскі фалькларыст Станіслаў Свірка ў сваёй кнізе «З кола філамацкага перадраматызму», выдадзенай у 1972 годзе ў Варшаве, наймацней адбілася ў жыцці філаматаў песенная творчасць якраз Чачота. Не было імянін, маёўкі ці сяброўскага сходу, якога б Янак (альбо Ян з Мышы — як яго таксама звалі) не аздобіў сваімі сардэчнымі «песенькамі», як заўсёды, патрыятычнымі, народнымі па сваім духу, нярэдка напісанымі на матыў песні беларускага люду...»

Тыя песні Яна Чачота, і польскія, і беларускія, якія дайшлі да нас дзякуючы публікацыі Яна Чубэка і іншых польскіх даследчыкаў, паказваюць нам не абы-які песенны талент паэта. Напеўнасць, «крылатасць», непасрэднасць і празрыстасць верша — гэтыя якасці дазвалялі Чачотавым песням вельмі лёгка класціся на музыку.

Зрэшты, Ян Чачот звычайна пісаў іх на гатовы ўжо матыў добра вядомых яму беларускіх народных песень. Пры гэтым ён не забываўся зазначыць на матыў якой канкрэтна народнай песні трэба было спя ваць напісаны ім верш.

Вельмі любілі філаматы, ды і наогул віленская моладзь, напрыклад, вясёлую, жыццярадасную песню Яна Чачота «Што старыя за вар'яты», напісаную дзесьці ў 1818 ці 1819 годзе на матыў беларускай народнай песні «Чаму дзеўку не любіць, калі дзеўка ладна», што адзначыў сам аўтар. Вось гэта песня ў маім перакладзе:

Што старыя за вар'яты:

Мелюць без прычыны,

Быццам час. свой марна трацім

Мы каля дзяўчыны.

І ўсё пхнуць нас да работы,

Хоць таго не знаюць,

Што да працы я ахвоты

Без дзяўчат не маю!

З любай стрэнуся, бывае,

Прыгарну к сабе я,

Сэрца радасцю палае,

Галава яснее.

Жыць тады, сябры, ахвота,

Хораша наўкола.

Мігам робіцца работа

З песняю вясёлай!

Дык мяліце ж без прычыны

Вы, старыя людзі, —

Вас паслухаем тады мы,

Як дзядамі будзем!

Такой жа бадзёрай, аптымістычнай была вельмі папулярная таксама сярод моладзі песня Яна Чачота «Прэч, прэч, сум, нудоты...». У прыпісцы да яе аўтар адзначыў, што напісана яна на матыў песні «крывічан», як зваў ён беларусаў, песні, якая пачыналася словамі: «Сем дзён малаціла, чах, чах — зарабіла...» Ахвотна спявала моладзь і песні Яна Чачота, якія былі ім створаны на матывы беларускіх народных песень, што пачыналіся такімі словамі (іх зноў-такі аўтар прыводзіць — каб ведалі, як іх спяваюць): «Ой валы ж мае да палавыя», «Бяду сабе купіла да за свае грошы», «Як не бачу Петруся, то я з ветру валюся» і інш.

У многіх песнях Яна Чачота адбіліся антыўрадавыя настроі моладзі, вольналюбівыя ідэі аўтара. Гэтыя творы, якія выконваліся на розных студэнцкіх сходках і ўрачыстасцях, віленская моладзь заўсёды сустракала бурнымі воплескамі, а самога аўтара часам падымала «на ўра».

Але самы вялікі поспех у студэнцкай моладзі, большая частка якой паходзіла з апалячанай беларускай шляхты, мелі тыя філамацкія творы Яна Чачота, што былі напісаны па-беларуску. Сам факт звароту да мовы запрыгоненага, бяспраўнага мужыка-беларуса гаварыў аб многім, і перш за ўсё аб адкрытым дэмакратызме паэта, аб адмаўленні ім бесчалавечнага прыгонніцкага ладу. Гэты дэмакратызм, як бачым, імпанаваў і перадавой віленскай моладзі.

Першымі з беларускіх твораў Яна Чачота, якія дайшлі да нас, былі тыя, што напісаў паэт да імянін старшыні Таварыства філаматаў Юзафа Яжоўскага, які быў родам з Украіны.

Спраўляліся гэтыя імяніны 7 сакавіка 1819 года і называліся «Яжовыя» — па прозвішчу віноўніка ўрачыстасці.

Сам Ян Чачот, які заўсёды выступаў са сваімі вершамі на. падобных урачыстасцях, гэты раз прыехаць на свята не здолеў. Як службовец «Масы радзівілаўскай» — спецыяльнага бюро па ўпарадкаванні архіваў князёў Радзівілаў, ён у гэты час быў камандзіраваны ў Мінск. Адтуль паэт і прыслаў свае вершы сябрам у Вільню, выказаўшы пры гэтым — зноў-такі ў вершаванай форме — шкадаванне, што ў той час, як яго прыяцелі «апаражняюць бутэлькі» ў вясёлым застоллі, ён «посціць, як святы», у Мінску, дзе яго прымушае «маршчыніць чало мазольная пасада пісара». Прысланыя вершы Яна Чачота зачыталі на ўрачыстасці Адам Міцкевіч, Тамаш Зан, а тыя, што былі прызначаны для спеву, выконваліся жаночым і мужчынскім хорамі. Беларускія вершы і песні Яна Чачота склалі сабой цэласную драматычную сцэнку, прызначаную для выканання на ўрачыстасці ў гонар Юзафа Яжоўскага. Дзейнымі асобамі былі тут вясковыя людзі, якія быццам бы прыйшлі павіншаваць імянінніка.

Першы выйшаў з віншаваннем цівун, беларуская мова якога была перасыпана польскімі словамі і выразамі — характэрная для такіх «падпанкаў» гаворка. Цівун (здаецца, гэту ролю выконваў Тамаш Зан) пачаў так:

Чулі мы гэта, што есць вашэць украінец

І контэнт3, што ўрадзіўся ў жызнай краіне,

Як абачыў, што ў нас нявелькі дзядзінец,

Сказаў: «Як брыдко мешкаюць4 ліцвіне5...»

Далей цівун жартам аспрэчвае імянінніка, кажучы не без іроніі, што там, на Украіне, вельмі добра: «Хаты злепкі з гною, бо вы лесу не маеце...» І хоць там вельмі родзіць жыта і пшаніца («бо ў вас грунт харошы, чарназёмны, тлусты»), але ж усё роўна ўкраінскія чумакі едуць па прыбытак у Беларусь — любяць валацужнічаць.

Аднак мы ім назоліць6 не хочам ніколі,

І ты, мілы панічу, не смейся з нас, просім.

Усё гэта дзеецца па нябескай волі.

Гультай часты, дзе добра.

Мы больш працы зносім.

Пагадземся. Мы людзі добрае есць душы.

Не будзь і ты ніколі ліхім, панічэньку.

Не трэба ламаць тае, скуль груш дастаў, грушы,

Помні, што ты вучышся ў нашым Вілейку7.

Згода. Але сягоння мы ся даведалі,

Што Вашы імяніны, святога Язэпа,

А каб Вы к сабе нашу прыхільнасць пазналі,

Ідзем гэта, не сядзім у хаце, як Мазепа.

Будзем цябе віншаваць. Я есць цівун з двара.

Гэта — сельскі дзесятнік, ён лысіну гладзіць,

Ён знаець іспраўніка, знаець асэсара,

Маскалёў8 на кватэру, як чартоў, нам садзіць.

Там войт, што уса круціць, чалавек бывалы,

Быў у Гданьску, у Кралеўцу плаваў на віціне,

Ось там стаіць маладзец, жаўнер дасканалы,

Ён, бядак, кабылінку з'ядаў у Мадліне.

Там у куце музыка: як ён добра граець!

«Свінні ў рэпе», і «Дзюбу», і польскія танцы.

А гэта ёсць Алёнка, очы ў дол спушчаець,

А там бачу: Альжбетка ў сіняй катанцы.

Но, зачніце, дзявочкі, пану заспявайце,

Ён вам дасць па ўстужачцы, борзда зачынайце.

Тут перад Юзафам Яжоўскім і ўсімі ўдзельнікамі свята ўзнікае цэлая група па-святочнаму апранутых дзяўчат, якія хорам спяваюць Чачотаву песню:

Што ж мы Вашэці скажам,

Простыя з сяла дзяўчата?

Якія ж песні звяжам?

У нас мысль не багата!

Але як мыслім, чуем,

Так табе заспяваем,

Так цябе павіншуем —

Няшчырасці не знаем.

Лісічка, жоўты грыбок,

Слімакоў не баіцца;

Не точыць яго чарвячок,

Ён у лесе здароў блішчыцца.

Конік па полю дурэе,

Хоць копы вазіць не дбае,

Салавей хораша пее,

Самічку к сабе склікае.

Будзь, як лісічка, здаровы,

Як конік, вясёл пры трудзе.

Няхай тваё пісьмо, размовы,

Як салаўя голас будзе.

Пасля дзяўчат выходзяць наперад хлопцы, якія спяваюць:

Мы ад сахі, ад бараны,

Мала вам спяваці будзем!

Чытаць, пісаць не учаны,

Ат сабе трохі загудзем.

Колька ў снопе есць зернетак,

Толька жый шчаслівых лётак;

А калі замнога гэта,

Аглядай сотнае лета.

Колька за адным пакосам

Касец добры траў схэндожыць9,

Толька табе перад носам

Бог няхай чырвонцаў зложыць.

А як мы заўшэ10 да леса

Ад некрутаў уцякаем,

Так няхай бяда да беса

Уцячэ, пех ей не знаем.

Няхай цябе панны любяць

І часта просяць зазулькі, —

Калі з табой ся зашлюбяць

І ад'едуць ад матулькі.

Тут ізноў дзяўчаты змяняюць хлопцаў. Яны расказваюць у песні, што сярод іх ёсць прыгожая паненка, якая яснейшая і бялейшая за малако, «што блішчыцца ў даёнцы», «цнатлівая і разумная», і раяць імянінніку «свацею жычліву», якая паможа яму здружыцца з той паненкай: «Будзеш мець краску жонэнку».

Вось асобныя радкі гэтай песні:

Ужо даўно шчабятала

Сарока нам на паркане,

Яна міламу казала:

Да едзь жа ж ты да нас, пане.

Прымуць там з хлебам, соллю,

Там пачцівых людзей любяць...

Дзяўчат перабівае зноў хлапечы хор. Хлопцы расказваюць у песні, што яны пачулі, быццам бы людзі «вельмі брыдка» казалі аб імянінніку. Нібы ён усё «заслепен» у кніжках, а на паненак і не глядзіць! Далей згадваецца нейкая Гертруда, якая жыве за сцяною ў Яжоўскага, але ён не карыстаецца гэтым. Хор раіць яму жартам:

Папраўся, мілы паночку,

Любі ладныя дзяўчата...

Бо, спявалася далей у песні, калі завітае старасць, ужо нельга будзе зведаць шчасце кахання.

Калі хлопцы закончылі песню, выходзіць войт, які кажа да іх:

Што ж маўчыце? Ці вам ся ўжо песні урвала?

Чы вы іх так складаці ўмееце мала?

На гэта адзін са спевакоў адказвае — зноў жа вершам:

Не, бацька, у нас песні, колька рыб у Нёмні,

Але на тое, мілы галубчыку, помні,

Што мы па-руску леем, а нашы панове

Па-польску ўсё гавораць; кепска нашай мове!..

У вершаванае перамаўленне ўключаецца другі са спевакоў, які прапануе сябру Мікіту праспяваць «тую песню, што для сваёй Алёнкі спяваў напрадвесню...». Мікіта адразу згаджаецца. Песню Мікіты варта прывесці цалкам:

О, мая ты зорка ясна,

Доўга ж цябе любіць буду?

Уздыхаць яшчэ напрасна

І цярпець на сэрцы нуду?

Не будзеш ты літавацца

Над няшчасным Мікітою?

Час табе, міла, пазнацца,

Што ты для мяне мукою.

Цярплю доўга, выглядаю

Пацехі ад цябе, люба;

Няхай жа ўжо яе маю,

Не будзь ты для мяне згуба.

Ці ж дагэтуль не пазнала,

Што я за табою гіну?

Хочаш жа, каб аглядала

Маея смерці гадзіну?

Пазнай, любая Алёнка,

Тваё шчасце, тваю долю;

Будзеш меці усютэнька,

Панюю дам табе волю.

У мяне сотня авечак

Па зялёнай ходзіць пашы;

Кароў, бычкоў, цялушэчак

Поўны есць аборы нашы.

Чарназёмны мае нівы,

Пшаніцу родзяць буйную;

Садок есць, у нём грушы, слівы,

Хату маю некурную.

Не будзеш меці швагеркі

Ані з дзевера назолы;

Я не прывык да кватэркі,

Будзеш жыці, як анёлы.

Не вельмі ж я то і брыдкі,

Глядзеўся у чыстым ручаю;

Гэта ужэ былі б збыткі

Назваць мяне негадзяю.

Эй, любі мяне, Алёнка,

Застань маёю жаною;

Узойдзе для нас шчасця слонка,

Добра будзець з Мікітою.

На заканчэнне ўсёй гэтай невялічкай пастаноўкі бярэ слова дзесятнік, які, звяртаючыся да імянінніка Юзафа Яжоўскага, просіць у яго прыняць усе гэтыя шчырыя зычэнні ад сялян.

Беларускія вершы Яна Чачота ўдзельнікі свята сустрэлі з вялікай прыхільнасцю. Гэта была падзея: публічна, перад цветам віленскай моладзі і студэнтамі, якіх сабралася нямала (да імянін жа кіраўніка філаматаў былі прымеркаваны яшчэ і імяніны другога Юзафа — Кавалеўскага), на ўвесь голас гучала адлітая ў паэтычныя строфы беларуская мова — мова лапцюжнага непісьменнага мужыка! Аб тым уражанні, якое зрабілі тады на слухачоў беларускія вершы і песні Яна Чачота, сведчыць хаця б той факт, што адзін з гэтых слухачоў Ігнат Дамейка, які, апынуўшыся ў эміграцыі ў далёкай Чылі, стаў славутым вучоным-геолагам (яго імя і цяпер носяць, напрыклад, горны хрыбет у Андах і знойдзены ім мінерал дамейкіт), нават праз 50 гадоў прыгадаў строфы з песні «Што ж мы вашэці скажам», прывёўшы іх у сваіх успамінах.

Песні з Чачотавай драматычнай сцэнкі ў гонар Юзафа Яжоўскага былі адразу ж падхоплены моладдзю, якая вельмі ахвотна іх спявала.

Папулярнай сярод моладзі была і яшчэ адна беларуская песня Яна Чачота «Да пакіньце горла драць». Напісаў яе паэт да імянін сябра-філамата Дзіянісія Хлявінскага. Выконвалася гэта песня — з адпаведнымі папраўкамі — і на імянінах іншых філаматаў.

Да нас песня дайшла (праўда, не цалкам) у варыянце, які спяваўся на імянінах Францішка Малеўскага (Яроша) — сына рэктара Віленскага універсітэта. Пачыналася гэта жартоўная песня так:

Да пакіньце горла драць,

Да пакіньце, братцы, спяваць!

Да клікнейма адно раз:

Будзь здароў, наш Ярош!

Благаславі яго Спас!..

Тут у рукапісе, які данёс да нас гэту песню, аказаўся пропуск. Пасля пропуску ішлі такія радкі:

Да дай красну дзевачку,

Каб ён з сэрца пакахаў,

Да з гарэлкай пляшачку —

Сват ад яго к ней ехаў.

Гайда, гайда, гайда, гайда!..

У канцы абыгрывалася беларуская народная іншасказальная формула, якую звычайна казалі сваты ў час сватання.

Пра той вялікі поспех, які выпаў на долю гэтай вясёлай песні, расказвае ў пісьме да Адама Міцкевіча 16 лістапада 1819 года сам аўтар: «На імяніны Дзіянісія я напісаў некалькі мужыцкіх песень (заўважце, некалькі. — К. Ц.), сярод якіх апошняя «Да пакіньце горла драць» найбольш прыйшлася даспадобы Тамашу (Зану. — К. Ц.), ён прыдумаў да яе, як ты ведаеш, матыў і лез з ёй да ўсіх, як цыган на кірмашы. А раз спадабалася песня, я мусіў напісаць вершы і для Яроша і той самы верш «Да пакіньце горла драць» перарабіць для яго. І не толькі гэта, але і «Што ж мы вашэці скажам», разахвочаныя, спявалі. Словам, на імянінах і чыталі, і спявалі...»

Адаму Міцкевічу не проста спадабаліся беларускія песні Яна Чачота — і тыя, што ён сам чуў на імянінах Юзафа Яжоўскага, і гэта, апошняя, «Да пакіньце горла драць», пра якую ён ведаў з пісем сяброў-філаматаў. У гэтых песнях ён убачыў нешта больш значнае, больш важнае, чым звычайныя творы. Сваё захапленне песнямі Яна Чачота ён выказаў у пісьме да яго ад 27 лістапада таго ж года: «Што мяне... узрадавала — прызнаюся табе па-філамацку — гэта твая песня, правільней, твае песні, я бачу ў іх агромністы і хуткі прагрэс з часу твайго ўступлення на пісьменніцкую дарогу. Лёгкасць, ды прытым агонь, сапраўды піндараўскі11, пераўзышлі нават тыя надзеі, якія я ўскладаў на цябе. Прэч з дарогі, Заны, прэч, Адамы! Не лянуйся, калі ласка! Ты пішаш усё лепш...»

Беларускія песні Яна Чачота ведалі і спявалі ўсе філаматы. Ведаў і спяваў іх з сябрамі і Адам Міцкевіч. Адзін маленькі факт, пададзены ў пісьме Тамаша Зана да Верашчакаў ад 31 кастрычніка 1820 года. Едучы неяк у Вільню, Тамаш Зан заначаваў у заезным доме ў Канвалішках. Раптам сярод ночы яго будзіць гучны і вясёлы спеў:

Да пакіньце горла драць!..

Калі ён прахапіўся, то ўбачыў перад сабой двух сваіх сяброў Адама Міцкевіча і Яна Чачота. Яны ехалі з Вільні ў Наваградак і таксама спыніліся на гэтай станцыі. Даведаўшыся, што тут начуе іх сябар Тамаш Зан, яны такім во чынам і выказалі сваю радасць ад сустрэчы.

Бачачы такую прыхільнасць Адама Міцкевіча да твораў на беларускай мове, Ян Чачот і ў гонар ягонага вельмі чаканага ўсімі філаматамі прыезду з Коўна піша прывітальны верш зноў-такі на беларускай мове. У час хвалюючай сустрэчы ён пад бурныя воплескі сяброў і прачытаў Адаму Міцкевічу гэты верш, у якім выказаў радасць іх усіх:

Едзе міленькі Адам,

Глядзіце, а онь, а онь,

Ды ён харашэнькі сам,

Пад ім — вараненькі конь.

Золатам пояс ззяе,

Аж ад бляску снег тае,

На шапцы сіні баран,

Хто бы думаў, што ён пан!

Так а дзет харашэнька,

Едзе, едзе барздзенька.

Гайда...

Заканчваўся верш такімі шчырымі сяброўскімі прызнаннямі:

Без цябе ўсё тут смутна,

Па табе плача гай,

І рэчкі плывуць мутна,

У жалобе ўвесь край.

Наш ты міленькі Адам,

Насмуціў жа ты нас досць.

Наградзі смутак нам

І будзь у нас доўга госць.

Калі разам з іншымі філаматамі і філарэтамі Ян Чачот быў кінуты ў турму ў Вільні, ён свае самыя гарачыя пачуцці выказвае якраз у беларускіх песнях, на мове свайго народа. Пра тое, як узрушыла сяброў па няволі адна з такіх песень Яна Чачота, расказваюць у сваіх мемуарах філарэты Оттан Слізень і Антоні Эдуард Адынец, прыгадваючы адзін і той жа выпадак — развітанне з Янам Чачотам, Тамашом Занам і Адамам Сузінам перад самай адпраўкай іх у далёкі і цяжкі нявольніцкі шлях, ва ўральскую ссылку. Вось згадкі студэнта Віленскага універсітэта Отана Слізеня: «Колькі дзён перад адпраўкай трох асуджаных да пакарання (Зана, Чачота і Сузіна) усім дазвалялася іх наведаць. Дзверы ў камеры Зана ў кляштары ўсе гэтыя дні амаль не зачыняліся...» Калі Слізень таксама прыйшоў развітацца з дарагімі сябрамі, «у камеры было ўжо некалькі філарэтаў, сярод іх — Міцкевіч, Адынец, Пясецкі, Фрэйенд, два Таматавы браты, Чачот, Сузін і хтосьці яшчэ... Усіх я знайшоў моцна расчуленымі, бо якраз у гэтую хвіліну Чачот пад акампанемент гітары Тамаша спяваў толькі што складзеную ім песню на народнай гаворцы, песню жаласную, развітальную, што сваей мелодыяй і зместам выклікала ўсеагульны плач...» Калі Чачот скончыў свой спеў, успамінаў Оттан Слізень, усе ў вялікім расчуленні пачалі абдымаць Тамаша, Сузіна і Чачота, а Міцкевіч, стаўшы ў цэнтры, «бледны і ўзрушаны», пачаў сваю імправізацыю... З іншымі дэталямі расказвае пра гэтае ж развітанне Антоні Адынец: «Было нас некалькі дзесяткаў вечарам у камеры Тамаша Зана, куды неўзабаве зайшлі Сузін і Чачот. Апошні заспяваў пад гітару толькі што складзеную ім песню на народнай гаворцы:

Да лятуць, лятуць да дзікія гусі,

Да нас павязуць да далёкай Русі...

Далей у песні расказвалася пра гусей, якія адлятаюць на поўдзень, у той час як асуджаных павязуць на поўнач, і хто ведае, ці вернуцца яны калі-йебудзь назад. І так глыбока ўзрушыла ўсіх гэтая песня, што яна выклікала агульны плач, а спявак стаў аб'ектам абдымкаў». Тут Адынец таксама згадвае імправізацыю Адама Міцкевіча, што пачыналася такой страфой:

О любыя сёстры! І што ж гэта стала?

Я бачу: вязуць на вазах праз туманы

Па гразкіх дарогах, палях-перавалах

Зусім маладзенькіх хлапцоў у кайданах...*

Зварот да «сясцёр» наводзіць на думку, што песню Чачота і імправізацыю Міцкевіча слухалі і дзяўчаты — ім таксама было дазволена развітацца са зняволенымі перад дарогай на Урал.

Як паказвае Адам Мальдзіс у кнізе «Падарожжа ў XIX стагоддзе» (Мінск, 1969), у Яна Чачота былі ў той час і іншыя беларускія творы, і сярод іх п'еса ў гонар Адама Міцкевіча, напісаная для тэатра: аб ёй упамінае ў адным з пісем Рамуальд Зямкевіч. На жаль, гэта п'еса, як і шмат іншых твораў паэта, да нас не дайшла.

На маю думку, беларускія песні і вершы Яна Чачота філамацкага перыяду, якія тут упершыню, здаецца, паказваю я нашаму чытачу ў такім вось найбольш поўным, не раскіданым выглядзе, па сённяшні дзень не ацэнены як трэба ў літаратуразнаўстве. Вядома, калі мераць іх сённяшнімі меркамі, у іх шмат можна знайсці недахопаў, асабліва моўных. Але ж не трэба забываць, што Ян Чачот быў, як ужо гаварылася, першапраходцам у беларускай паэзіі, ён ішоў па цаліне, яму трэба было яшчэ ўздымаць гэту, кажучы словамі Янкі Купалы, «скібіну слова».

Тым не менш у беларускіх творах Яна Чачота сапраўды ёсць тая «лёгкасць», той паэтычны «агонь», пра што казаў Адам Міцкевіч. Мова твораў Чачота, калі апусціць не такія ўжо і шматлікія паланізмы, мала чым адрозніваецца ад сённяшняй беларускай літаратурнай мовы. Яна ў яго даволі багатая, гнуткая, з многімі адценнямі. Узорам для Яна Чачога служыла мова беларускіх народных песень, матывы якіх ён шырока выкарыстоўваў у сваёй творчасці.

У філамацкіх беларускіх вершах Яна Чачота, і перш за ўсё ў драматычнай сцэнцы, можна ўбачыць выразныя адзнакі часу, некаторыя асаблівасці побыту беларускай дарэформеннай вёскі, яе сацыяльную структуру. Даволі жывым, «бачным» паўстае перад намі вобраз цівуна, які выступае тут ад імя сялян, не адрываючы і сябе ад іх, і які выяўляе немалую дасведчанасць у многіх рэчах, нават у гісторыі. Хай, можа, ён тут трохі і ідэалізаваны, але ўсё ж няма ў ім той аднабаковасці, якую мы прывыклі бачыць у гэтым сацыяльным тыпе, што стаў сімвалам прыгонніцтва. Вельмі прываблівае ў сцэнцы вобраз вясковых дзяўчат-сялянак. Хоць дзяўчаты спачатку — такі ўжо ў беларусаў характар! — і «прыбядняюцца» (быццам не могуць «звязаць» песні, бо іх, бачыце, «мысль не багата»), але ж папраўдзе ўмеюць яны і «звязаць» словы, і скласці цудоўныя песні. Ды і пачуццё ўласнай годнасці ў іх ёсць: яны прама кажуць панічу, што сярод іх знойдуцца і такія, якія будуць годныя і яму ў жонкі, трэба толькі ўмець пасватацца. Праўдзівая ў Чачота і характарыстыка вясковых хлопцаў. Хоць яны «ад сахі, ад бараны... пісаць, чытаць не ўчаны», але ж таксама ўмеюць і песню спець, і выказацца як трэба. З твора відаць і іх адносіны да рэкруцтва, ад якога яны звычайна ўцякаюць у лес. Надзвычай цікава тое, што сялянскія хлопцы выказваюць трывогу за лёс сваёй мовы, называючы яе «рускай», мовы, якой цураюцца паны, што «па-польску ўсё гавораць». Вядома ж, Ян Чачот у вусны сваіх герояў уклаў сваю ўласную заклапочанасць аб мове народа.

Ян Чачот і потым пісаў вершы і песні на беларускай мове, якія ён змясціў у сабраных ім фальклорных зборніках у 1844 і ў 1846 гадах. Гэта былі ўжо больш дасканалыя ў мастацкіх адносінах творы, палепшылася і іх мова, пашырылася тэматыка. У іх таксама паэт праявіў сваю павагу да роднага народа, выказаў сваё спачуванне да яго незайздроснай долі. Так, у вершы «Да мілых мужычкоў» паэт пісаў:

Да і я ж вам памагу

Песенькі спяваці,

Ды і я ж міжы вамі ўзрос

Пры бацьку і маці.

І мне Бог на свеце даў

Гора гараваць

Штобы лепш я вас любіў

І ўмеў спагадаць

Ой, што ж вы напелі тут,

Да якога дзіва!

Шкода, што на голас ваш

Старонка драмліва.

А як прачнецца з сна

Гэта Дабрадзейка,

Пэўна, будзе слухаць вас

Лепш, як салавейка.

Але гэтым пазнейшым вершам Яна Чачота больш пашанцавала. Апублікаваныя яшчэ гіры жыцці аўтара, яны адразу трапілі ў поле зроку даследчыкаў і гісторыкаў літаратуры і былі дэталёва разгледжаны — як з мастацкага, так і з ідэйнага боку. Таму паўтарацца тут няма патрэбы.

Значэнне беларускіх твораў Яна Чачота, як кажуць, цяжка пераацаніць. Пачаўшы расцярэбліваць дарогу для новай беларускай літаратуры, ён стаў выдатным прыкладам для наступных пакаленняў творчай інтэлігенцыі «паўночна-заходняга краю» ў стаўленні да народа, яго культуры і мовы. Якраз у гэтым — важнейшая заслуга Яна Чачота перад нашай літаратурай.

З літаратурнай спадчыны Яна Чачота вялікую цікавасць маюць таксама напісаныя ім у 1818-1819 гадах на польскай мове балады, якія адыгралі надзвычай важную ролю ў творчай біяграфіі яго славутага сябра — Адама Міцкевіча.

Да нас дайшло восем балад Яна Чачота, якія ён заснаваў на вуснай паэзіі народа.

Вышэй былі разгледжаны некаторыя з іх — «Свіцязь», «Калдычэўскі шчупак», «Узногі», «Мышанка», «Наваградскі замак», у якіх паэт выкарыстаў пачутыя ім у народзе паданні роднага краю. Народныя паданні сталі сюжэтамі і такіх яго балад, як «Бекеш», «Звон на горцы ў Пазяневічах», «Радзівіл, ці заснаванне Вільні».

Польскія даследчыкі як след не ацанілі яшчэ мастацкія вартасці балад Яна Чачота. Галоўныя іх недахопы яны бачаць у рыхласці кампазіцыі, зацягнутасці апавядання, а таксама ў тым, што аўтар слепа трымаўся фальклорнай асновы ў кожнай з балад, а галоўнае — карыстаўся гутарковай мовай, «засмечанай» шматлікімі «правінцыялізмамі», «дыялектызмамі», інакш кажучы, беларускімі словамі і выразамі.

Затое з боку фалькларыстыкі польскія вучоныя надаюць баладам Яна Чачота надзвычай важнае значэнне, бо яны данеслі да нас з самага пачатку XIX стагоддзя вельмі многа каштоўнейшых звестак з галіны фальклору, амаль цалкам беларускага. Ва ўсіх васьмі баладах Янам Чачотам было «зафікса вана», як падлічыў Станіслаў Свірка, дванаццаць паданняў і народных казак, якія леглі ў аснову балад, а таксама дзесяць матываў з галіны народных вераванняў і звычаяў. Прычым як народныя паданні і казкі, так і гэтыя матывы пададзены аўтарам з вялікай дакладнасцю, што было дрэнна для гэтых балад як для мастацкіх твораў і вельмі добра як для фальклорнай крыніцы.

Доўгі час у літаратуразнаўстве нічога не было вядома нават пра існаванне большасці з гэтых балад Яна Чачота.

Упершыню пра іх расказаў у польскім друку ў 1886-1889 гадах, г. зн. праз шэсцьдзесят гадоў пасля напісання, Ян Рыхтэр, які натрапіў у паперах аднаго з сяброў паэта — гаспадара маёнтка Цешаўля Наваградскага павета Адольфа Кабылінскага — на рукапісны сшытак з Чачотавымі баладамі. Але хутка гэты сшытак ізноў на доўгі час выпаў з поля зроку даследчыкаў. Яго лічылі беззваротна згубленым. Другі раз яго знайшоў у 1953 годзе — зноў праз шэсцьдзесят з лішнім гадоў! — другі польскі даследчык Чэслаў Згажэльскі: як выявілася, перададзены ў бібліятэку Асалінскіх у Львове, сшытак быў няправільна зарэгістраваны і патануў у папяровым моры, адкуль ён і быў выпадкова выцягнуты на святло. І толькі нядаўна — яшчэ амаль праз дваццаць гадоў, а канкрэтней, у 1972 годзе, — усе восем знойдзеных балад Яна Чачота былі апублікаваны — упершыню! — Станіславам Свіркам у памянёнай кнізе «З кола філамацкага перадрамантызму». Інакш кажучы, больш чым сто пяцьдзесят гадоў яны былі схаваны ад воч чытачоў.

І хоць балады Яна Чачота нідзе не публікаваліся, яны былі вядомы сябрам-філаматам, у тым ліку і Адаму Міцкевічу.

Балады Яна Чачота надзвычай зацікавілі генія польскай літаратуры, у якой ён тады толькі шукаў сваю дарогу.

Як вядома, у першых сваіх творах Адам Міцкевіч прытрымліваўся прынцыпаў класіцызму. Творы «Мешка, князь Наваградка», «Пані Анэля», у якіх малады паэт ішоў ад Вальтэра, верш «Гарадская зіма», дзе відаць творчае перайманне ў польскага класіцыста Трамбецкага, «Ода да Бруна», «Ода да Пыры», санеты «Прыпамінаю», «Ужо з пагодных нябёс...», узорам для якіх паслужылі творы Гарацыя і Петраркі, паэмы «Бульба», «Жывіля» і іншыя творы, напісаныя з 1817 па сярэдзіну 1819 года, былі цалкам вытрыманы ў стылі класіцызму.

Тады, калі Адам Міцкевіч і ў сваёй паэтычнай практыцы, і нават у публіцыстычных выступленнях адстойваў прынцыпы гэтага літаратурнага напрамку, яго сябры-філаматы Ян Чачот і Тамаш Зан настроілі ўжо свой паэтычны слых на новыя павевы часу. А гэта быў час, калі ў выніку нарастання ўсееўрапейскага руху за разняволенне народаў устарэлыя каноны класіцызму станавіліся ўсё больш цеснымі для літаратуры, якая імкнулася адлюстраваць новыя, больш радыкальныя настроі ў перадавых колах грамадства. Адзін з галоўных шляхоў абнаўлення літаратуры перадавыя яе прадстаўнікі бачылі ў звароце да народнага жыцця, да фальклору. Гэты шлях адным з першых сярод філаматаў якраз і выбраў шчыры народалюбец Ян Чачот, які з поўным усведамленнем важнасці сваёй справы ўзяўся за мастацкае асваенне фальклорнай спадчыны свайго беларускага народа, што і адлюстравалася ў яго песнях і баладах ужо ў 1818-1819 гадах.

Адама Міцкевіча з самага пачатку прывабіла гэта тэндэнцыя ў творчасці сябра, прымусіла яго самога задумацца над сваімі творчымі прынцыпамі. Вядома, такі вялікі пералом у творчасці Адама Міцкевіча, як пераход яго да рамантызму, не быў просты і не мог быць абумоўлены якой-небудзь адной толькі прычынай. Перш за ўсё гэты пералом трэба, мусіць, растлумачыць унутранай неабходнасцю паэта ярчэй выка заць сябе і свой час, знайсці найбольш эфектыўныя, калі можна так сказаць, сродкі ўздзеяння на чытача. Да гэтага ж, вядома, прычынілася і знаёмства з рамантычнымі плынямі ў заходнееўрапейскай літаратуры і перш за ўсё захапленне творчасцю вялікага нямецкага паэта Фрыдрыха Шылера, які ў яго чытацкіх інтарэсах заняў месца Вальтэра.

І ўсё ж у пераходзе Адама Міцкевіча на пазіцыі рамантызму прыклад Яна Чачота быў ці не самым вырашальным.

Больш за ўсё цікавілі Адама Міцкевіча балады сябра. Дагэтуль ён ведаў англійскія балады, захапляўся баладамі Шылера, заснаванымі галоўным чынам на матэрыяле антычнай міфалогіі, з цікавасцю чытаў шырока вядомую баладу аўтара «Дзівосных прыгод барона Мюнхаўзена» Готфрыда Аўгуста Бюргера «Ленору» і яе шматлікія пераробкі. Вядома ж, знаёмыя былі яму і польскія балады, якія засноўваліся галоўным чынам на класічных сюжэтах і на ўзорах заходнееўрапейскай літаратуры. І вось тут ён даведваецца, што балады — гэты галоўны жанр рамантычнай літаратуры — піша яго самы блізкі сябар Ян з Мышы! І галоўнае — сюжэты для сваіх балад ён бярэ не з антычнай міфалогіі, не з заходнееўрапейскай літаратуры, а з паданняў і казак таго самага простага люду, сярод якога жыў і сам.

«Прышлі мне «Свіцязь» і іншыя твае новыя творы «Бекеша» і г. д., зробіш мне найвялікшую ласку», — піша Яну Чачоту 22 верасня 1819 года Адам Міцкевіч з Коўна, куды ён тэрмінова выехаў на пасаду настаўніка.

Просьбу Адама Міцкевіча Ян Чачот не адразу задаволіў. У пісьме да свайго сябра 30 верасня ён тлумачыў гэта перш за ўсё тым, што хацеў яшчэ перапісаць, дапрацаваць свае балады, а зрабіць гэта «не было калі». Тое ж самае кажа ён і ў другім пісьме — ад б кастрычніка: «Вершаў сваіх не пасылаю, бо поўнасцю яшчэ і не паправіў і не маю часу — то праз тое, то праз другое — паправіць. Абяцаю, аднак, зрабіць гэта адразу ж, як толькі змагу». Але Ян Чачот усё не знаходзіў магчымасці дапрацаваць і перапісаць свае творы. Міцкевічу ж не цярпелася іх прачытаць, і ён ізноў, ужо 27 лістапада, піша сябру: «Дарэмна, і не магу даўмецца, чаму дарэмна, так доўга вымольваю твае «Бекешы», «Свіцязі» і г. д., і г. д. Неабавязкова перапісваць, можна хаця б і так прыслаць, за што абдыму цябе на каляды». Баладу «Свіцязь», прычым неперапісаную, непапраўленую, Ян Чачот усё ж, як гэта можна бачыць з далейшай перапіскі, паслаў свайму сябру. Астатнія ж наважыў патрымаць у сябе. «Бекеша» і «Арыёна» (балада, якая да нас не дайшла. — К. Ц.) таму не пасылаю табе, — апраўдваўся Ян Чачот у пісьме да Адама Міцкевіча 7 снежня, — што яны ў мяне ў адным экземпляры, што « Арыён» яшчэ in crudo12 патрабуе, каб я яго хоць збольшага падчасаў; што абедзве тыя балады мне нават самому не вельмі падабаюцца, а «Бекеш», выстаўлены пад удар крытыкі маладога Юзафа (так у адрозненне ад Юзафа Яжоўскага называлі сябры філамата Кава леўскага, які на адным з пасяджэнняў таварыства выступіў з разглядам Чачотавай балады, прачытанай там аўтарам. — К. Ц.), нямала атрымаў сінякоў, і я хачу цяпер сядзець, пакуль калі-небудзь не папраўлю, ціха. Хацеў бы паслаць табе найсмачнейшыя ласункі; што ж пасылаць яшчэ не апрацаваныя чарнавікі! Так што выбачай, можа, прышлю, можа, не; але калі будзеш у нас, то прачытаю табе з ахвотай».

Ян Чачот, вядома ж, выканаў урэшце сваё абяцанне, і Адам Міцкевіч меў магчымасць пазнаёміцца з усімі яго баладамі.

Першыя свае балады Адам Міцкевіч напісаў 20 снежня 1819 года (ці З студзеня 1820 года па новым стылі). Цікава, што з'яўленне іх зноў-такі звязана, ужо непасрэдна, з імем Яна Чачота, які ў той час якраз цяжка хварэў. Вось як піша пра гэта сам Міцкевіч у пісьме да свайго сябра: «Яне! Атрымаў твой ліст, поўны і сяброўскіх выразаў, і гарачай фантазіі. Чытаў яго, як і ўсе вашы пісьмы і як часта твае, з расчуленасцю. Вельмі ўсцешыўся, што ты зусім ужо здаровы; беражы сябе і не выходзь з дому. Хвароба твая страшна мяне напужала. Ярош напісаў мне пра яе; але ці яго паведамленне здалося мне занадта кароткім, ці проста я ўбіў сабе ў галаву, што ад мяне нешта тояць, што ты ў небяспецы. Якраз перад гэтым памёр тут адзін з гэтай хваробы, а некалькі чалавек цяжка захварэлі ёю. Усе гэтыя акалічнасці так мяне ўзбаламуцілі, што ўночы я не мог спаць, а калі, урэшце, заснуў, то мне прыснілася, нібы ты памёр; я ўскочыў, сказаў запаліць свечку і пачаў чытаць псалмы (як трывога, дык да Бога). Выбіваў з галавы соннае глупства і ў гэтым адурэнні напісаў дзве кароценькія балады, вельмі мізэрныя баладкі; адну толькі я сам зразумею, другую папраўлю, змяню і прачытаю вам на Занавым свяце...»

Адна з гэтых балад называлася «Люблю я...».

Гэта балада, як сцвярджаюць польскія літаратуразнаўцы, стала пераломным пунктам у творчасці Адама Міцкевіча, а разам з тым і ва ўсёй польскай літаратуры, паклаўшы ў ёй пачатак новаму напрамку — рамантызму.

Услед за баладай «Люблю я...», якую аўтар прачытаў у Вільні сябрам і якую яны ўсе вельмі ўпадабалі, ён па звароце ў Коўна ўзяўся пісаць новыя творы ў гэтым жанры. На працягу 1820-1821 гадоў Адам Міцкевіч стварыў цэлае «трона» цудоўных балад, якія ў 1822 годзе выйшлі асобным выданнем пад назвай «Балады і рамансы» — кніга, што распачынала сабой новую эпоху ў гісторыі польскай літаратуры.

Пра ролю Яна Чачота ў нараджэнні рамантызму ў польскай літаратуры добра расказаў Станіслаў Свірка ў напісаных ім раздзелах кніг «Народнасць у Міцкевіча», якая выйшла ў Варшаве ў 1958 годзе, «Гісторыя польскай фалькларыстыкі: 1800-1863» (Варшава, 1970) і ў памянёнай яго кнізе «З кола філамацкага перадрамантызму». Вядомы польскі фалькларыст прыйшоў да вываду, што «... тыя «песенькі» і «балады» Чачота былі галоўным імпульсам, які падштурхнуў Міцкевіча ў кірунку народнасці, а калі казаць больш канкрэтна, у кірунку баладнасці...». Вядома, даводзіць даследчык, на Адама Міцкевіча ўплывалі і іншыя філаматы, асабліва Тамаш Зан і Ану фры Петрашкевіч, якія таксама выкарыстоўвалі беларускі фальклор у сваёй паэтычнай творчасці, але ўсё роўна «найвыдатнейшым піянерам народнасці сярод філаматаў быў Чачот, якраз яго ўплыў на Міцкевіча аказаўся ў гэтым плане наймацнейшым...». Так, разважае далей польскі вучоны, Ян Чачот «не навучыў... Міцкевіча пісаць рамантычную паэзію, таму што сам гэтага не ўмеў, аднак паказаў яму новую крыніцу творчасці і новую дарогу. Таму што быў Чачот філамацкім маяком, які стаяў на віленскіх ростанях класіцызму і рамантызму і які нязменна паказваў на народнасць. Міцкевіч пайшоў у тым кірунку, і дарога тая прывяла яго да вялікай рамантычнай і народнай паэзіі».

Вось так — ні больш ні менш.

Ды за адно ўжо гэта трэба б было побач з Курганом бяссмерця ў гонар Адама Міцкевіча ставіць у Наваградку вялікі помнік і Яну Чачоту!

Адам Міцкевіч быў, вядома ж, вельмі ўдзячны за ўсё свайму сябру. Недарэмна, прысвячаючы сваю першую, сапраўды праграмную кнігу «Балады і рамансы» сябрам-філаматам, першым сярод іх ён назваў імя Яна Чачота.

Трэба яшчэ дадаць, што Ян Чачот не толькі паказаў сапраўдную дарогу ў літаратуру Адаму Міцкевічу, але і не скупячыся даў яму з сабой у гэту дарогу добрую кайстру сюжэтаў і вобразаў для яго паэзіі.

Станіслаў Свірка, супаставіўшы балады Яна Чачота з пазнейшымі «Баладамі і рамансамі» Адама Міцкевіча, знайшоў вельмі многа прыкладаў творчага выкарыстання таго багатага фальклорнага і жыццёвага матэрыялу, які ўтрымліваўся ў творах яго сябра.

Так, балада Яна Чачота «Свіцязь» памагла Адаму Міцкевічу напісаць аж дзве балады — «Вяртанне таты» і «Свіцязь». У баладзе «Вяртанне таты» быў выкарыстаны з Чачотавага твора момант вяртання дадому купца і напад на яго на расстайных дарогах рабаўніка, а ў «Свіцязі» — паданне пра затапленне горада. Свірка прыводзіць прыклады і тэкставых запазычанняў Адама Міцкевіча з балады Яна Чачота — такое дапускалася ў філамацкай сям'і.

У баладзе «Свіцязь» Адам Міцкевіч выкарыстаў асобныя моманты і з іншых балад Яна Чачота. Напрыклад, з «Мышанкі» ён узяў, як заўважае польскі даследчык, «матыў воднай русалкі» (дарэчы, гэты матыў добра прыдаўся Міцкевічу і для яго «Свіцязянкі») і матыў чароўнага зелля — толькі ў Чачота гэта зелле канкрэтнае і называецца, як у народзе, мінутка (ён нават прыводзіць у прыпісцы яго лацінскую назву), а Міцкевіч прыдаў той расліне новыя ўласцівасці і назваў яе кветкамі «царамі». Свірка знаходзіць у міцкевічаўскай «Свіцязі» таксама асобныя даволі выразныя запазычанні з балады Яна Чачота «Калдычэўскі шчупак».

Вельмі цікавыя сляды творчага пераасэнсавання фальклорнага матэрыялу Чачотавых балад бачыць даследчык і ў іншых баладах Адама Міцкевіча.

Акрамя таго, многія вобразы і матывы балад Яна Чачота (ды і не толькі балад) выкарыстаў Адам Міцкевіч і ў іншых сваіх творах, у тым ліку ў такіх найбольш значных, як «Дзяды» і «Пан Тадэвуш». Так, жорсткі пан-самадур, гэтак ярка намаляваны Янам Чачотам у баладзе «Узногі», з'явіўся ў другой частцы міцкевічаўскіх «Дзядоў» як прывід, які нідзе не знаходзіць сабе месца: за здзекі з прыгонных сялян гэты ліхі пан прысуджаны цярпець на тым свеце страшэнныя пакуты голаду і смагі. У Адама Міцкевіча, як і ў Яна Чачота, сяляне, якіх закатаваў і замучыў голадам іх пан, ператвараюцца ў птушак, што цяпер нападаюць на яго...

Разам з тым трэба тут сказаць, што Ян Чачот не лічыў літаратуру галоўнай справай свайго жыцця. Ён быў надзіва самакрытычны і ведаў цану свайму таленту. Хоць Адам Міцкевіч вельмі шчыра захапляўся яго творамі, пісаў яму, што не бачыць у сябе вышэйшых талентаў, чым у яго, усё ж Ян Чачот не прыняў такой завышанай ацэнкі сваёй творчасці. У 1820 годзе ў пісьме да Адама Міцкевіча ён, віншуючы сябра з поспехамі ў паэзіі, выказвае разам з тым шкадаванне, што сам ён «улез» у паэзію і трапіў у «лік вершапісцаў»: «Вялікая розніца — пісаць вершы і пісаць вершы сапраўдныя! Як неба ад зямлі!»

Сваё прызванне бачыў Ян Чачот у іншым — у збіранні і вывучэнні беларускага фальклору, якому ён прыдаваў вялікае значэнне ў змаганні за народнасць літаратуры, за яе дэмакратызацыю.

Пра фалькларыстычную дзейнасць Яна Чачота зноў-такі напісана даволі многа. Ёй аддадзена належнае і ў беларускай, і ў польскай фалькларыстыцы. Роля гэтай дзейнасці ў развіцці нашай культуры, нашай літаратуры агромністая. Упершыню — так, ізноў упершыню! — Ян Чачот сваімі зборнікамі беларускіх народных песень, якіх ён выпусціў на працягу 1837-1846 гадоў цэлых шэсць, паказаў, што за неацэнныя багацці хаваюцца ў народзе. Сабраныя Чачотам беларускія народныя песні, а таксама прыказкі і прымаўкі і сёння не ўстарэлі, і сёння без іх не абыходзяцца ні хрэстаматыі беларускага фальклору, ні анталогіі і зборнікі, у тым ліку і цяперашняе шматтомнае выданне вуснапаэтычнай творчасці беларускага народа, якое выходзіць у Акадэміі навук БССР. Яны і сёння застаюцца выдатнай крыніцай для літаратурнай творчасці, крыніцай, якая ніколі не перасохне.



СВІЦЯЗЬ

Калі навагрудскія ўбачыш прасторы, Ракітнік разгалісты, нізкі, Каня супыні ля Плужынскага бору, Каб глянуць на возера зблізку...

І мы, паслухаўшы добрай парады Адама Міцкевіча, і праўда сунялі свайго «каня» на асфальтаванай аўтастаянцы ў глыбіні светлай паляны сярод таго самага бору, таго лесу, што ідзе сюды ад колішніх уладанняў памешчыкаў Верашчакаў — недалёкай вёскі Плужыны, якая і дала яму назву.

Была раніца, і выгоністыя спакойныя хвоі з грабняком ды арэшнікам уперамешку, што шчыльнай сцяной падступалі з аднаго боку да стаянкі, і раскідзістыя харашуны-дубы, якія, невядома адкуль прыблытаўшыся сюды, на святло, разышліся хто куды па паляне, ужо скінулі з сябе цёмную посцілку ночы і нерухома, нібыта яшчэ ў сне, стаялі, адкрытыя воку, у рэдзенькім сяйве туману, нікуды не спяшаючыся, нікуды, апрача неба, не імкнучыся: тут жа даўно і назаўсёды знайшлі яны сабе на зямлі месца, даўно абжылі гэты куток.

З-за шырокіх камлёў застылых у сваёй нерухомасці дубоў, з-за іх навіслага над зямлёй вецця адразу ж заяснела перад намі шырокая, як акінуць вокам, пространь святла, што зусім невядома дзе злівалася з небам. Свіцязь!

Зялёным грудом, густа ўсыпаным яшчэ не пабурэлымі жалудамі, прайшлі пад шатамі дубоў да берага. Туман ужо развеяўся, і возера ляжала перад намі ва ўсёй сваёй красе. Чыстае, празрыстае. Што шкло. Аж відаць быў на дне — і далёка ўперад — надзіва белы пясок. Усё — і цемнаватая паласа лесу на тым беразе, і лёгкія белыя аблачынкі над ёю, і бледная зорачка каля іх, што чамусьці яшчэ не згасла ў святле раніцы, — выразна і хораша адбівалася ў гэтай дзівоснай люстранай чысціні. Здавалася, само неба апусцілася тут, сярод векавечных лясоў. Але хіба лепей скажаш за Міцкевіча:

Гушчар лесу пахне чаборам і мёдам,

Жывіцы настоем смалістым.

Там возера Свіцязь, як шыбіна лёду,

Ляжыць паміж дрэваў цяністых.

Калі пад'язджаеш начною парою

І станеш да возера тварам, —

Мігцяць зоркі ў небе, мігцяць пад табою,

Мігціць там і месяцаў пара.

Не знаеш, — з-пад ног, можа, гэта шкляная

Ідзе аж да неба дарога

Ці неба шкляное скляпенне схіляе

Табе аж пад самыя ногі!

І той, другі, бераг убачыць не ў сілах —

З вышынямі возера зліта.

Нібыта вісіш ты на птахавых крылах

У нейкім бяздонні блакіту!..

(Пераклад А. Бялевіча)

Ля возера не было ні душы. Цішыня. Толькі далятаў аднекуль з лесу роўны — з невялікімі перапынкамі — стук дзятла.

Ідучы берагам Свіцязі, слухаючы яе дрэвы, яе неба, мы маглі толькі парадавацца, што жалезная рука цывілізацыі амаль не кранулася гэтага цудоўнага кутка Беларусі. Згодна з пастановай нашага ўрада ў 1970 годзе тут створаны Свіцязянскі ландшафтны заказнік плошчай 1034 гектары. Пад абарону дзяржавы ўзяты звонкія чырванастволыя хвайнякі, цяністыя дубровы, светлыя вясёлыя беразнякі, непаўторныя ясеневыя ды кляновыя закуткі з усім багаццем падлеску і такой разнастайнай тут фаўнай. Вучоныя знайшлі тут нямала рэліктавых раслін, сярод якіх, напрыклад, такая ніжэйшая раслінная форма, як тэтрадыніум яванікум, што сустракаецца толькі на далёкім востраве Ява. У самім возеры былі адшуканы таксама вельмі рэдкія віды падводнага царства.

Пакручастыя сцежкі, што віліся берагам Свіцязі, паўз камлі дрэў і вываратні, прывялі нас да белага шматваконнага дома, які стаяў проста ў лесе, на невялічкай палянцы. Гэта быў славуты пансіянат «Свіцязь».

Ад пансіяната ішла к возеру асфальтаваная дарожка. Напаткаўшы яе, мы спачатку звярнулі па ёй уніз, пад бераг, адкуль вёў на самае возера нешырокі дашчаны памост на палях. Мы падышлі па ім да пансіянацкіх рыбакоў — паўнаватага чырванашчокага мужчыны і немаладой жанчыны, што стаялі побач, у канцы памоста. Жанчына неяк няўмела выцягнула з вады сваю вуду, нервова зняла з кручка адвіслы чарвяк і, насадзіўшы новы, ізноў закінула вуду назад, у возера, нецярпліва торгаючы раз-пораз вудзільнам. Мужчына ж, прыкленчыўшы, спакойна выцягваў з вады сваю даўгую многапаплаўковую леску, на якой заманліва бліснула спачатку адна, а потым і другая рыбіна. Не спяшаючыся, як бывалы рыбак, ён зняў з кручкоў рыбу — двух даволі ладных акунёў і, бултыхнуўшы іх у бляшанае вядро, дзе капашыліся яшчэ такія ж пузачы, павярнуўся ізноў да сваёй вуды-лескі. Жанчына, у пластмасавым вядзерцы якой не відаць было ні рыбінкі, толькі нядобра зіркнула на ўлоў суседа і яшчэ больш замітусілася каля сваёй дапатомнай вуды.

— Што, абмінае вас рыба? — паспачуваў жанчыне мой спадарожнік. — А вы ціхенька во з гэтай, бляшанай, пасудзіны ды ў гэту, пластмасавую...

Але жанчына не прыняла жарту: дэманстратыўна адвярнулася ад нас, не прамовіўшы ні слова. Каб не напрасіцца на непажаданыя кампліменты, мы хутчэй пакінулі рыбакоў, як кажуць, пры сваіх інтарэсах: што ж, кожны адпачывае па-свойму...

Каля пансіяната мы разгаварыліся з трыма жанчынамі, што праходжваліся па дарожцы.

— Усё тут добра, але толькі сумна, — у адзін голас сказалі яны нам. — Надта ж глуха...

Вось табе і маеш! У такім чароўным лясным куточку, сярод такой непаўторнай прыроды, каля такога дзівоснага возера — і сумна? Але ж, мусіць, у кожнага свае прычыны суму, не кожнага, відаць, можа задаволіць адна прыгажосць прыроды, цішыня. Чалавеку, які прыехаў сюды проста адпачыць, нічога не рабіць, нічым не займацца, вядома ж, будзе тут сумна. Як, зрэшты, і ўсюды. Відаць, сум — гэта не што іншае, як бяздзейнасць, бязмэтнае правядзенне часу, той душэўны стан, калі чалавек не ведае, дзе прыкласці рукі, дзе сябе дзець. Творчаму чалавеку гэта не пагражае. Такая заціш для яго — ідэальнае месца працы. І недарэмна, як расказаў нам дырэктар пансіяната «Свіцязь», мой знаёмы і фамільят Мікалай Аляксандравіч Цвірка, частыя госці гэтага вабнага дома адпачынку якраз літаратары. І не толькі беларускія. Не адзін раз «адпачываў» тут, напрыклад, вядомы рускі паэт Андрэй Вазнясенскі, якому нямала нашапталі паэтычных радкоў нетаропкія свіцязянскія хвалі...

Але Свіцязь для нас не толькі цудоўны куток прыроды. Свіцязь — гэта сімвал паэзіі вялікага Адама Міцкевіча, які быў непарыўна звязаны з роднай зямлёй. Свіцязь — калыска яго натхнення, адна з яго муз. І гэта вельмі добра падкрэслівае высокая мармуровая стэла з барэльефам паэта, устаноўленая на беразе возера насупраць пансіяната. На стэле золатам выбіта шчырая мара Адама Міцкевіча, выказаная ім у паэтычных строфах з эпілога «Пана Тадэвуша»:

О, мне дажыць бы да гэткай уцехі,

Каб мае трапілі кнігі пад стрэхі,

Каб за кудзеляй сялянкі, прысеўшы,

Песні любімыя даўнія спеўшы

Пра сірацінку-красуню, якая

Вечарам гнала птушыную стаю,

І пра дзяўчыну, што скрыпку любіла,

Ды за ігрою свой статак згубіла, —

Каб і мае ўзялі кнігі сялянкі,

Простыя кнігі, як іх калыханкі.

(Пераклад М. Танка)

Сёння мара паэта, можна сказаць без перабольшання, збылася. Яго кнігі знойдзеш у любым кутку Беларусі, ну і, вядома ж, пад сялянскімі «стрэхамі». Чытаюцца яны па-польску, па-руску і ў перакладзе на беларускую мову, мову, якую добра ведаў з дзяцінства і вельмі высока ставіў Адам Міцкевіч, называючы яе «самай гарманічнай і з усіх сялянскіх моў найменш змененай...»

На возеры Свіцязь разам з Адамам Міцкевічам не раз бывалі, прыязджаючы да Верашчакаў у Плужыны, і яго сябры Ян Чачот і Тамаш Зан, якія таксама, у меру сваіх талентаў, выказалі — зноў жа ў форме балад — шчырае захапленне чароўнай красой гэтай жамчужыны беларускай прыроды...

К полудню наляцеў аднекуль вецер, і па возеры пабеглі частыя невысокія хвалі, глуха б'ючыся аб бераг, рассыпаючыся на мноства срэбных пырскаў. Ідучы назад пад гэты спакойны і роўны плёскат хваляў, пад лёгкі пошум узбярэжных хвой, мы думалі аб адным: аб красе жыцця на зямлі, аб вечнасці, аб невыказных чарах паэзіі, якая непадуладная смерці, паэзіі, якая так хораша і проста яднае сваім высокім агнём людскія сэрцы.



ТУГАНАВІЧЫ

Нешта невыказна тужлівае і разам з тым светлае чуецца ў гэтай назве.

Туганавічы...

Яна, гэта назва, навечна асвечана зыркім полымем першага юнацкага кахання Адама Міцкевіча, з ёй, з гэтай назвай, звязаны самыя шчаслівыя і, мусіць, самыя горкія хвіліны жыцця песняра тых вунь пакатых пагоркаў, пабурэлых іржэўнікавых лагчын, таго ўнуранага ў сябе пацямнелага лесу, што цягнецца роўным пасам за такім прасторным, спярэшчаным восенню полем.

Мы прыехалі ў Туганавічы пад вечар. Сонца, пачырванелае, круглае, ужо вісела над гарызонтам, выразна і неяк надзіва ясна акрэсліваючы кожную купіну на абыдзеным плугамі паплоўчыку, кожную грудку на ўзараным палетку, кожны кусцік ці цудам уцалелае дрэўца на ўзмежку.

У гэтай празрыстасці асенняга надвячорка адразу ж па выездзе з даўгога, у арабінах ды вербах, сяла, а раней мястэчка Цырын мы за невялікай лагчынай, якую пераразае напал зусім нешырокая стужка Сэрвачы, убачылі дружную грамаду высозных старых ліп ды таполяў Туганавіцкага парку. Дык, значыць, Туганавічы — зусім недалёкая ваколіца Цырына! Таго самага, які ўспамінае Адам Міцкевіч у «Пане Та дзеўшы» і пра які піша ў «Калдычэўскім шчупаку» Ян Чачот.

Спынілі машыну каля былых варот панскай сядзібы і зашамацелі чаравікамі па апалым лісці тапалінай алеі ў глыбіню парку.

Гэта ж вунь там, за старымі дуплістымі ліпамі, каля затравелай сажалкі, стаяў некалі раскошны белы дом з калонамі, увесь у кветках, у кустах бэзу, язміну, акацый... З зеляніны дрэў выглядвала зграбная каплічка, відаць былі розныя прыбудоўкі і гаспадарчыя будынкі. Усё было тут дагледжана і прыбрана, на ўсім бачылася клапатлівае вока гаспадара.

Сонечным летнім днём 1818 года перад прысадамі дома сунялася параконная брычка, і з яе саскочылі двое маладых, акуратна апранутых людзей, якія, паціху перамаўляючыся, скіравалі па цяністай тапалінай алеі да памешчыцкага дома. Гэта былі студэнты Віленскага універсітэта Тамаш Зан і Адам Міцкевіч. Тамаш ішоў упэўнена, ён чуў сябе тут як свой, бо ўжо не раз бываў у гэтай гасціннай гасподзе: запрашалі яго сюды браты Верашчакі — Міхаіл і Юзаф, з якімі ён шчыра пасябраваў, калі яшчэ вучыўся ў Мінскай гімназіі. Пасля смерці бацькі браты разам з маткай сталі гаспадарамі маёнтка. Ведаючы гасціннасць Верашчакаў, Тамаш Зан падгаварыў прыехаць сюды на адпачынак і Адама Міцкевіча, запэўніўшы яго, што яму тут таксама спадабаецца.

Не думаў, не гадаў тады дзевятнаццацігадовы юнак, чым стане для яго гэта закінутая сярод беларускіх палёў сядзіба, якую буру пачуццяў будзе выклікаць у яго праз усё жыццё адна толькі яе назва — Туганавічы. І ўсё праз яе, Марылю, сястру Міхала і Юзафа...

Калі падыходзілі ўжо да шырокага ганка Тугана віцкага дома, Адам Міцкевіч і ўбачыў яе ўпершыню: яна, як расказваюць, толькі на адзін момант, нібы спуджаная птушка, мільганулася перад ім у сваім белым убранні, але гэты момант, гэта белае ўбранне запомніліся яму назаўсёды.

Спачатку Марыля не зрабіла асаблівага ўражання на Адама Міцкевіча. Але паступова, сустракаючыся з ёй пад раскідзістым голлем туганавіцкіх ліп, чытаючы разам раманы Жан-Жака Русо і Гётэ, разважаючы з ёй пра літаратуру, пра жыццё, слухаючы яе ігру на фартэпіяна, ён адчуў, як цягне яго да гэтай мілай і непасрэднай дзяўчыны, як хочацца яму слухаць яе голас, яе смех... І ўсё ж невядома да чаго іх прывяло б сяброўства, калі б не замужжа Марылі. Вестка пра тое, што Марыля, так лёгка забыўшыся на патаемныя вячэрнія сустрэчы ў ліпавай альтанцы і на дарожках парку, на пацалункі і маладыя клятвы, гэтак раптоўна выйшла замуж за графа Путкамера, проста ашаламіла хлопца. Толькі цяпер усвядоміў ён, што страціў, толькі цяпер зразумеў, як яе кахае. «...Любая мая Марыля, — пісаў ён да яе пазней, — я цябе шаную і кахаю, як багіню. Каханне маё такое ж бязвіннае і нябеснае, як і сам яго прадмет». І далей: «Але я не магу ўтрымацца ад страшэннага хвалявання, калі ўспамінаю, што я страціў цябе назаўсёды, што я буду толькі сведкам чужога шчасця, што ты забудзеш мяне; часта ў адну і тую ж хвіліну я малю Бога, каб ты была шчаслівая, хаця б і забылася пра мяне, і адначасна гатоў закрычаць, каб ты памерла... разам са мной!..» І яшчэ: «Дарагая, адзіная мая! Ты не бачыш прорвы, над якой мы стаім!..»

У адным з вершаў, прысвечаных свайму каханню, Адам Міцкевіч пісаў у 1823 годзе:

«Прэч з маіх воч!..» І я знікну без следу,

«Прэч з майго сэрца!» І сэрца скарыцца.

«Прэч з маёй памяці!» З гэтым, ты ведай,

Век наша памяць не можа згадзіцца.

Быццам той цень, чым далейшы, тым большы,

Кіне на шлях свой цямнейшыя крылы,

Так мая постаць, далей адышоўшы,

Памяць маю большым крэпам акрые.

Там, дзе страчаліся шчаснай парою,

Дзе расставаліся сумнай хвілінай,

Буду заўжды неразлучны з табою,

Бо ўсюды частку душы я пакіну...

(Пераклад М. Танка)

Апынуўшыся ў далёкай эміграцыі, адкуль ужо не было дарогі назад, на радзіму, Адам Міцкевіч не пераставаў тужыць па сваёй каханай:

Ніколі, нідзе не магу я расстацца з табою!

Ідзеш ты па моры, па сушы ў дарогу са мною,

Сляды твае бачу на схілах, высокіх і слізкіх,

І чую твой голас у шуме каскадаў альпійскіх;

Наўкол азірнуся, і страх валасы падымае:

Баюся сустрэцца з табой, але прагна жадаю...

Скажы мне, была б ты шчаслівай і вернай каханню,

Калі б падзяліла са мною прыгоды выгнання?

Ах! Я за руку цябе ўзяў бы і горнай цяснінай

Павёў бы за песняю следам як друг твой адзіны.

Кідаўся б я першым у кіпень імклівых струменяў,

Пад ногі табе намасціў бы ў рэчцы каменняў,

Прайшла б ты па іх, забываючы стому і мукі,

А я саграваў бы твае пацалункамі рукі.

Зайшлі б на начлег мы ў хату альпійца старога,

Цябе я плашчом ахінуў бы ад холаду злога,

Каб ты ля агню на плячы маім ціха заснула

І ўстала шчаслівай, як ноч праляцела, не чула...

(Пераклад М. Калачынскага)

Ці не яно, гэта светлае, поўнае высокіх узлётаў і няспраўджаных надзей каханне, і распаліла ў сэрцы Адама Міцкевіча той вялікі паэтычны агонь, які даў свету магутныя тварэнні чалавечага духу, што навечна застануцца для людзей нязгасным светачам у іх дарозе да вяршынь дасканаласці?

Вобраз Марылі Верашчакі можна ўбачыць не толькі ў творах, непасрэдна ёй прысвечаных ці з ёй звязаных, такіх, напрыклад, як «Да М...» («Прэч з воч маіх...»), «Да*** (Марылі)», «Няўпэўненасць», «Сон», «Курганок Марылі», «Сябрам», «Люблю я...», але і ў многіх іншых творах, у тым ліку у «Дзядах» і «Пане Тадэвушы». У паэме «Пан Тадэвуш» вельмі ж нагадвае Марылю адзін з асноўных вобразаў твора — паненка Зося, у якую закахаўся малады пан Тадэвуш. І паэтычнае апісанне іх спатканняў у Сапліцове — не што іншае, як прымружаныя туманам часу ўспаміны пра хвалюючыя спатканні самога Адама Міцкевіча з Марыляй у Туганавічах. Ды і ўся паэма «Пан Тадэвуш», напісаная ў эміграцыі, у далёкім Парыжы, — узнёслая песня першаму каханню, роднай зямлі. Як піша ў сваёй кнізе «Край гадоў дзяціных», выдадзенай у 1970 годзе ў Любліне, польская пісьменніца Моніка Варненская, «з сэрца паэта вялікі боль кахання, перажыты ў Туганавічах, вычараваў строфы несмяротнай прыгажосці. А калі пасля многіх гадоў прытупіліся пакуты і сцішылася вострая горыч успамінаў, тады «час адступіўся і вярнуў твары...». Ізноў, як наяве, вярнуўся «край гадоў дзяціных», падхарошаны смуткам. Вярнуліся вобразы наднёманскіх ваколіц і роднай Літвы, якая «ёсць як здароўе». Вярнуліся Туганавічы, каб стаць фонам аднаго з найцудоўнейшых твораў, якія ведае сусветная ііаэзія».

Марыля Верашчака была, можна сказаць, музай і натхненнем Адама Міцкевіча. Той вялікі агонь кахання, што запаліла яна ў сэрцы маладога паэта, быў пераліты ім у чароўныя строфы яго бессмяротных вершаў, паэм, санетаў, якія і праз стагоддзі будуць саграваць людскія душы, радаваць чытача чысцінёй і прыгажосцю пачуццяў.

І яшчэ адну немалаважную ролю адыграла Марыля Верашчака ў паэтычнай біяграфіі Адама Міцкевіча. Яна, як і Ян Чачот, памагала схіліць яго да крыніц народнай паэзіі беларусаў, а тым самым — выйсці на дарогу рамантызму. Аб гэтым прызнаваўся сам паэт: «Паслухаўшы аднаго разу вельмі цікавую легенду, якую расказаў рыбак, Марыля, павярнуўшыся да мяне, усклікнула: «Вось паэзія! Напішы што-небудзь такое». Гэтыя словы глыбока запалі мне ў душу, і адсюль пачаўся мой паэтычны шлях».

Марыля была адукаваным па сваім часе чалавекам, цікавілася мастацтвам, някепска ведала літаратуру, асабліва французскую, якую чытала ў арыгінале. І ці не галоўным кумірам быў для яе Жан-Жак Русо, які, відаць, і навучыў яе з павагай ставіцца да простага народа, да яго культуры. Марыля, якая з дзяцінства ведала вуснапаэтычную творчасць беларускага люду, пачала пасля гэтага свядома цікавіцца ёю, магчыма, нават запісваць народныя песні.

Ва ўсякім разе, добра вядома, што яна любіла выконваць на фартэпіяна беларускія народныя песні. З асаблівым пачуццём спявала Марыля Адаму Міцкевічу простую песню беларускага мужыка «Да цераз мой двор», якая быццам бы спецыяльна была складзена пра іх абаіх, пра іх такое нешчаслівае каханне:

Да цераз мой двор,

Да цераз мой двор

Цяцера ляцела,

Да не даў мне Бог,

Не судзіў мне Бог,

За каго я хацела:

З кім стаяла,

Размаўляла

Да падарачкі брала;

З каго кпіла,

Смяялася,

Сама таму дасталася...

Ці не гэта цікавасць Марылі Верашчакі да фальклору і стала прычынай таго, што з ёй амаль да канца жыцця падтрымліваў сяброўскія адносіны Ян Чачот? Аб гэтым сведчыць іх перапіска, якая пачалася з 1823 года. У Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве Літоўскай ССР, у фондзе Тамаша Зана, захоўваецца многа пісем Яна Чачота да Марылі, якія пісаліся пасля яго ссылкі.

Загрузка...