Дарэчы, Марыля Верашчака ў той час не была адзінокая сярод беларускіх шляхцянак у сваёй зацікаўленасці вуснай паэзіяй простага люду. Варта ўспомніць тут Марыю Чарноўскую, што ўжо ў 1817 годзе выступіла ў віленскім друку з артыкулам «Рэшткі славянскай міфалогіі ў звычаях вясковага люду на Белай Русі», у якім яна вельмі хораша апісала важнейшыя абрады і святы сялян з Чэрыкаўшчыны, падаўшы адначасова і некалькі беларускіх песень у арыгінале. Прыкладна ў гэты ж час зацікавілася беларускім фальклорам, рабіла яго запісы Эмілія Плятэр, тая Плятэр, якая праславілася ў польскім паўстанні 1830-1831 гадоў супраць царызму і пра подзвіг якой вельмі паэтычна расказаў Адам Міцкевіч у вершы «Смерць палкоўніка». Важна прыгадаць і яшчэ адну фалькларыстыку таго часу — Канстанцыю Флемінг, жонку Зарыяна Даленгі Хадакоўскага...
Думаецца, такі «прыліў» у фалькларыстыку ў першай палове XIX стагоддзя жанчын не быў выпадковы. Тут зноў жа, відаць, «папрацаваў» перакананы нарадалюбец Жан-Жак Русо, якім з самых юных гадоў зачытваліся ў нас ці не ўсе адукаваныя засцянковыя шляхцянкі.
Каб давяршыць партрэт Марылі Верашчакі, скажам яшчэ, што яна да канца жыцця засталася верная дэмакратычным ідэалам і не была ў баку ад палітычных навальніц свайго часу. Яна даволі актыўна памагала паўстанцам 1830-1831 гадоў, а пасля разгрому паўстання прычынілася да наладжвання сувязі падпольшчыкаў з паўстанцкім эміграцыйным цэнтрам, які рыхтаваўся падняць народ на новую, рашучую бітву з царызмам. Антыўрадавая дзейнасць Марылі Верашчакі была выкрыта царскімі ўладамі, і ў 1833 годзе яна разам са сваім мужам Ваўжынцам Путкамерам, які таксама быў звязаны са змоўшчыкамі, трапіла ў турму, дарэчы, у той жа самы кляштар базыльянцаў у Вільні, у якім дзесяць гадоў назад адбывалі пакаранне філаматы і філарэты і куды яна разам з іншымі «літвінкамі» прыносіла перадачы зняволеным сябрам. Марылі і яе мужу, што сядзелі ў розных камерах, адарваныя ад дзяцей, ад свету, толькі праз паўгода ўдалося тады адкупіцца і выбавіцца з няволі.
Не абышло сям'ю Марылі і паўстанне 1863 года. У чэрвені арыштавалі ў Вільні замешаных у паўстанні пасынкаў старэйшай дачкі Зосі, што была замужам за школьным інспектарам Андрэем Каліноўскім. У доме жандары ўчынілі вобыск. Марыля не магла не прыехаць у Вільню. Здарылася так, што яна трапіла на Лукішскую плошчу ў час, калі адбываўся страшны абрад пакарання смерцю Зыгмунта Серакоўскага. Гэта зрабіла на Марылю жахлівае ўражанне. За ўдзел у паўстанні быў. схоплены царскай жандармерыяй у Туганавічах зяць Марылінага брата Юзафа Канстанцін Туганоўскі, нашчадак князёў Туганаў. Не вытрымаўшы жорсткіх пакаранняў, ён памёр у віленскай турме. Летам гэтага ж года арыштавалі ў маёнтку Руткевічы на Палессі і Марылінага зяця Яна Рыхлевіча, які ўваходзіў у Лідскі паўстанцкі камітэт. Толькі цяжарнасць уратавала ад арышту і яго жонку — малодшую Марыліну дачку Караліну, якая таксама мела сувязь з паўстанцамі. Пэўне ж, тыя вялікія перажыванні і прычыніліся да смерці Марылі ў 1864 годзе. Вось як піша пра гэта ў 1885 годзе яе сын Станіслаў Путкамер да Уладзіслава Бэлзы, біёграфа Адама Міцкевіча: «Матка мая нарадзілася 24 снежня 1799 года ў Туганавічах, памерла 27 снежня 1864 г. у Бражэльцах, другой нашай вёсцы побач з Балценікамі. Не перажыла выпадкаў таго часу. Пахавалі яе ў парафіяльным касцёле ў Беняконях. Вельмі пакутуючы перад смерцю, у канцы вымавіла словы, якія былі апошнія: «За край, за пакутнікаў...»
Аб часе знаходжання Яна Чачота ў Туганавічах прамых звестак я не знайшоў. Але ж многія факты гавораць аб тым, што ён, гэтак жа як і яго неразлучныя сябры Адам Міцкевіч і Тамаш Зан, быў тут даволі частым госцем. Гэта відаць хаця б з балады «Калдычэўскі шчупак», якую Ян Чачот прысвяціў аднаму з гаспадароў Туганавіч Міхалу Верашчаку. Уступ балады пачынаецца з такіх сяброўскіх «прызнанняў»: «Першага ў свеце люблю гультая, першага цябе, Міхале...» З гэтага ўступу можна ўбачыць, наколькі блізкія яны былі сябры — Міхал Верашчака і Ян Чачот. Дык ці ж мог ён не наведаць свайго сябра ў яго такім гасцінным доме? Тым больш што і Чачотавы бацькі жылі непадалёку — у Лоўчыцах. Зрэшты, у баладзе ёсць і прамы расказ пра бачанае ім у Туганавічах. Кажучы пра Яна Верашчаку з Пясчанкі, Ян Чачот піша, што ён «найдзіўна піў, найдзіўна еў, як вы сёння ў Туганавічах, ніколі за стол адзін не садзіўся, купаўся з сябрамі ў прысмаках...» І далей, зноў вяртаючыся да Міхала Верашчакі, малюючы яго «спосаб жыцця»: «Відаць кроў яго ў табе, Міхале: гатоў ты скінуць кашулю і лезці па шыю ў багністыя хвалі, і тут жа моцна ціскаеш Крысю. Віном не пагарджаеш, прагнеш бойкі, але яе табе не дае доля, і цяпер мірную люльку курыш і рыбу ловіш у Сарваны. Прабач, што з табою ісці не згадзіўся я, бо былі важныя прычыны: чым лавіць рыбу, хацеў ісці я побач з гожай Марцэлінай...»
Гэта Марцэліна, пра якую піша Ян Чачот, была зусім рэальная асоба. Тамаш Зан у пісьме да Адама Міцкевіча ад ІІ студзеня 1823 года, расказваючы, што ў Туганавічах ён весела правёў час у кампаніі харошых дзяўчат, упамінае сярод іх і «гэту мілую Марцэліну», якая была, як мяркуе ў кнізе «Міцкевічаўскія рэаліі» Леанард Падгорскі-Аколаў, таварышкай дачок генерала Ксаверыя Несялоўскага з недалёкай Сэрвачы — Ванды і Ідаліі. Яна Чачота, значыцца, цягнула ў Туганавічы не толькі сяброўства з Міхалам Верашчакам, але яшчэ і тая прывабная шляхцянка Марцэліна.
Ад даўняй сядзібы Верашчакаў у Туганавічах цяпер застаўся толькі во гэты стары апусцелы парк. Леў Паўлавіч, які некалі, будучы супрацоўнікам музея Адама Міцкевіча ў Наваградку, клапаціўся аб захаванні парку, адразу ж падвёў мяне да той зялёнай палянкі, дзе стаяў некалі памешчыцкі дом. Ад яго засталіся толькі рэшткі зарослага травой падмурка: дом згарэў яшчэ ў першую сусветную вайну. Недалёка адсюль мы ўбачылі дзве невялікія затравелыя ўпадзіны. Гэта ўсё, што засталося ад тых дагледжаных некалі прыгожых ставоў, якія так хораша апісаў Адам Міцкевіч у «Пане Тадэвушы»:
А від сапраўды быў прыгожы, маляўнічы!
Ставы два пахілілі да сябе абліччы,
Як пара закаханых: правы быў глыбокі,
Без траваў, чысты, гладкі, як дзяўчыны шчокі,
А левы чуць цямнейшы, як твар маладога,
З загарам і пушком абсыпаны нямнога.
Пяском залачоным свяціўся злёгку правы,
Як ясным воласам, а левы кучаравы,
Лазой наежаны і вербамі чубаты,
Абодва зелені вянком былі абняты...
(Пераклад П. Бітэля)
— А цяпер паглядзім альтанку Марылі, — сказаў Леў Паўлавіч, кіруючыся да высозных ліп, што выглядалі з-за маладога пад леска.
Альтанка ў Туганавіцкім парку мне вядома была з кніг Міцкевіча і пра Міцкевіча. Гэта ж у ёй, у той альтанцы, і сустракаўся малады, тады яшчэ нікому не вядомы Адам Міцкевіч з Марыляй Верашчакай, тут, у схове густой лістоты, пад неўтаймаванае цёхканне салаўя, вялі яны свае размовы, праседжваючы да позняй ночы...
Што значыла для Адама Міцкевіча гэта альтанка, відаць з маналога Густава, героя «Дзядоў», вуснамі якога выказаў паэт сваё перажыванне ад запозненай сустрэчы з Туганавічамі:
...Быў я і ў садзе, асеннім, бязлістым,
Такім жа, як колісь, вечарам, светлым і чыстым.
Гэтак жа сама хмары цямнілі нябёсы,
Той жа месяц асвечваў на купінах росы,
Тым жа снежным сяйвом поўніў туман прасторы,
Тыя ж у небе танулі халодныя зоры,
Убачыў тады я і ззянне зорачкі ўсходняй —
Яна, тая зорачка, свеціць мне й сёння.
Зноў пёк мае грудзі той жа агонь гарачы.
Усё тут было, як даўней — толькі яе я не ўбачыў!
Іду да альтанкі... Чую пошум якісьці.
Мо яна? Не! То вецер прабег жаўталісцем.
І зноў цішыня. Дрэвы стаяць паныла.
Альтанка! Майго шчасця калыска й магіла...*
Можна зразумець таму, з якім душэўшым хваляваннем падыходзілі мы да гэтай альтанкі. Яе ўтварылі пасаджаныя роўным кружком ліпы, якія спляліся ўверсе ў суцэльную жывую страху. Толькі што гэта? Адна з шасці ліп альтанкі Марылі, гэтай «калыскі і магілы» Міцкевічавага шчасця, ляжала распасцёртая на зямлі, падмяўшы пад сябе кусты і дрэўцы маладога падлеска. Толькі высокі пашчапаны пень бялеў на яе месцы. Так, аджыла свой век, не ўстаяла перад магутнымі хвалямі буры, якая, відаць, нядаўна пранеслася тут. Другія ліпы альтанкі таксама ўжо былі блізкія да гэтага ж.
Мы моўчкі глядзелі на такі бязлітасны разбой прыроды. Цяжка было звыкнуцца з думкай, што на зямлі ўжо не будзе гэтага жывога сведкі натхнення вялікага паэта, гэтага непаўторнага помніка генію сусветнай літаратуры.
Успамінаючы ў эміграцыі пра гэтыя ліпы альтанкі, Адам Міцкевіч, звяртаючыся да іх, пісаў:
Родныя дрэвы! Калі неба дазволіць,
Каб да вас я вярнуўся, сяброў маіх верных,
Ці знайду яшчэ вас! Яшчэ вы жывыя?
Упершыню — праз сто пяцьдзесят гадоў пасля таго, як пісаліся гэтыя радкі, — можна з жалем адказаць паэту, што яго «родныя дрэвы» ўжо не ўсе жывыя, што яны пачынаюць падаць ад старасці.
Калі мы вось так, прыгорбіўшыся, стаялі перад зялёным яшчэ, але ўжо мёртвым дрэвам, да нас незаўважна падышоў малады хлопец і таксама стаў побач.
— Бачыце, што робіцца, — паказаў ён вачыма на зламанае дрэва. — Гіне альтанка Марылі...
Хлопец — гэта быў Мікола Бобрык, з суседняй Паланечкі, дзе ён робіць тэхнікам-механікам, здаецца, у бальніцы — прыехаў сюды спецыяльна паглядзець міцкевічаўскія мясціны. Ён быў тут яшчэ малым: яго прывозіў сюды бацька, просты калгаснік, каб паказаць свайму сыну Туганавіцкі парк і камень філарэтаў, пра якія ведаў з твораў Адама Міцкевіча.
Паглядзець міцкевічаўскія і філаматаўскія славутасці прывёз сюды Мікола і сваіх таварышаў — мы ўбачылі іх каля машыны з чырвоным крыжам, што стаяла за дрэвамі, на дарозе.
Мікола шчыра трывожыўся за долю альтанкі і пытаўся ў нас, што можна зрабіць, каб захаваць яе.
І праўда, што можна тут зрабіць? Як перахітрыць прыроду? Мо падсаджваць на месцы палеглых дрэў новыя? Нешта трэба б прыдумаць абавязкова, каб і новыя пакаленні людзей маглі сваімі вачыма ўбачыць жывыя памяткі творчай біяграфіі геніяльнага паэта, прычасціцца да тайны вялікай паэзіі. Думаецца, альтанку, як і ўвесь Туганавіцкі парк, ды і ўсё, што звязана тут з Імем Адама Міцкевіча і іншых філаматаў, маглі б узяць пад сваю апеку вучні Цырынскай сярэдняй школы, якая зусім побач, — каб па-сапраўднаму ўшанаваць і зберагчы гэтыя «міцкеві чаўскія рэаліі».
За Туганавіцкім паркам амаль адразу пачыналася вёска Карчова. Мы пад'ехалі сюды, каб распытаць дарогу ва ўрочышча Кут, да камення філарэтаў.
Сухаватая жанчына з поўным капуснага лісця драцяным кашом на сагнутым локці рукі закінула другую, незанятую руку паўзверх дашчаных варотцаў, мерачыся адкінуць на тым баку зашчапку.
— Цётка, пачакайце трошкі... — паспяшаўся я да жанчыны.
Яна адняла назад руку, з цікавасцю паглядзела на мяне і Льва Паўлавіча, які таксама ішоў за мной раз'езджанай машынамі вуліцай вёскі.
Калі я папрасіў яе паказаць дарогу ў Кут, яна перапытала:
— Туды, дзе камень філярэтаў?
— Ага, туды, — здзівіўся я гэтакай яе здагадлівасці. — Але чаму вы думаеце, што нам трэба якраз гэты камень?
— Ды многія ж туды едуць... Да каменя...
Мы папыталіся ў жанчыны, чаму ён так называецца, той камень.
— Ды колісь нейкія філярэты збіраліся там на маёўкі... А што гэта былі за яны, дык я і не ведаю...
Ну што ж, нам было даволі і гэтага: мы даведаліся, што памяць пра «філярэтаў», як вымаўляла жанчына, і сёння — праз столькі часу — жыве, аказваецца, сярод людзей.
Толькі чаму назвалі камень якраз імем філарэтаў, а не філаматаў?
Як вядома, спачатку ў Віленскім універсітэце ўзнікла Таварыства філаматаў — сяброў навук. Яго ўтварылі ў 1817 годзе Тамаш Зан, Адам Міцкевіч і Юзаф Яжоўскі, якія ўвялі ў яго яшчэ трох студэнтаў. Паколькі розныя згуртаванні, тым больш тайныя, строга забараняліся царскімі ўладамі, філаматы былі вельмі асцярожныя ў падборы новых членаў. Выбіраліся толькі надзейныя і здатныя да навук, да літаратурнай творчасці студэнты. Таму Таварыства філаматаў было нешматлікай арганізацыяй. За ўвесь час свайго існавання ў яго ўваходзіла толькі дзевятнаццаць чалавек. Найбольш вядомымі з іх, апроч названых вышэй, былі Ян Чачот, Ануфры Петраш кевіч, Францішак Малеўскі, Дзіянісій Хлявінскі, Дамінік Ходзька, Казімір Пясецкі, Ян Сабалеўскі, Ігнат Дамейка, Міхал Рукевіч. У 1818 годзе Таварыства было падзелена на два аддзелы: І — літаратуры і маральных навук, ІІ — фізічных, матэматычных і медыцынскіх навук. Першапачатковай мэтай Таварыства было, як пісалася ў статуце, маральнае ўдасканаленне і ўзаемадапамога ў набыцці адукацыі. Але ўжо ў новым, прынятым у 1818 годзе, статуце мэта Таварыства пашыралася. Апрача «ўласнага самаўдасканалення», філаматы павінны былі садзейнічаць «па меры мажлівасці ўсеагульнай асвеце», рыхтуючы гэтым самым грамадства да змагання з царызмам. Дзеля пашырэння сваіх ідэй філаматы стварылі больш прадстаўнічую арганізацыю — напаўлегальнае Таварыства «прамяністых», якое хутка было рэарганізавана ў тайнае Таварыства філарэтаў — сяброў дабрачыннасці. Таварыства філарэтаў складалася з чатырох аддзелаў — фізіка-матэматычнага, юрыдычнага, літаратурнага і медыцынскага. Два першыя, акрамя таго, падзяляліся яшчэ на асобныя саюзы. Кіраўнікамі ўсіх гэтых падраздзяленняў філарэтаў былі ў асноўным члены Таварыства філаматаў, якое стаяла на чале арганізацыі, з'яўлялася яе ядром. Напрыклад, літаратурным аддзелам, у які ўваходзіў толькі адзін саюз пад назвай «Блакітны», кіраваў Ян Чачот. Сярод 26 членаў гэтага аддзела мы бачым імёны вядомых у свой час літаратараў, грамадскіх дзеячаў — Аляксандра Ходзькі, Дамініка Ходзькі, Ежы Ягелы, Руфіна Юндзіла, Юзафа Кавалеўскага, Фелікса Кулакоўскага, Мікалая Казлоўскага, Міхала Кулешы, Антонія Эдуарда Адынца, Людвіка Папроцкага, Яна Вернікоўскага, Тамаша Зана, Міхала Данейкі, Тамаша Красоўскага, Францішка Левандоўскага, Тамаша Масальскага, Тэадора Мілакоўскага, Ігната Станкевіча, Тадэвуша Зялінскага. Агульнае кіраўніцтва Таварыствам філарэтаў было даручана Тамашу Зану, які лічыўся яго прэзідэнтам.
На пасяджэннях філарэты, як і філаматы, чыталі свае навуковыя працы, рабілі агляды айчыннай і замежнай прэсы, вялі дыскусіі па розных пытаннях навукі і грамадскага жыцця. Адной з форм работы Таварыства было правядзенне маёвак, на якія філарэты стараліся прывабіць паболей моладзі, дзеля чаго рабілі ўсё, каб гэтыя маёўкі праходзілі як мага весела і прыгожа. Да іх старанна рыхтаваліся, складалі цэлыя сцэнарыі іх правядзення, пісаліся і развучваліся спецыяльна напісаныя да іх вершы і песні, драматычныя сцэнкі. Часта маёўкі прымяркоўвалі да імянін каго-небудзь са сваіх таварышаў.
Філаматы многа рабілі, каб ствараць філарэцкія філіі і ў правінцыях. Кожны з філаматаў абавязаны быў, выехаўшы на канікулы ў родныя мясціны, весці работу сярод насельніцтва, арганізоўваць тайныя згуртаванні. Тут асабліва праявіў свой арганізатарскі талент філамат Міхал Рукевіч, які стварыў у Беластоку Таварыства згодных сяброў, а ў Свіслачы таварыства «Заране». Міхал Рукевіч знайшоў нават шлях да афіцэраў Літоўскага асобнага корпуса, што быў раскватараваны ў Гродзенскай губерні, і арганізаваў сярод іх таварыства «Ваенныя сябры», якое хутка было выкрыта і разгромлена царскімі ўладамі за спробу ў 1825 годзе, праз дзесяць дзён пасля паўстання дзекабрыстаў у Пецярбургу, сарваць прысягу Мікалаю І.
Да нас няшмат дайшло звестак пра арганізаваныя філаматамі згуртаванні моладзі ў правінцыі, так званыя філіі Таварыства філарэтаў. Тлумачыцца гэта перш за ўсё тым, што ўсе дакументы, звязаныя з імі, філарэты пасля выкрыцця царскімі ўладамі тайных саюзаў моладзі аддалі агню.
Філія Таварыства філарэтаў, відаць па ўсім, была створана і дзесьці паблізу Туганавіч, хутчэй за ўсё ў мястэчку Цырын. Пра гэта ж тут, як-ніяк, было каму паклапаціцца: у Туганавічах падоўгу гасцявалі, прынамсі, чатыры філаматы, ды не простыя філаматы, а самыя завадатары згуртавання — Тамаш Зан, Адам Міцкевіч, Ян Чачот і Ігнат Дамейка, блізкі сваяк Верашчакаў. Калі б уявіць, што каля каменя ў Куце збіраліся на свае сходкі адны толькі яны (што пры іх актыўнасці было зусім немагчыма), то яго, гэты камень, назвалі б няйначай як каменем філаматаў, бо ў першую чаргу Зан, Міцкевіч, Чачот, Дамейка былі філаматамі, а потым ужо філарэтамі...
Вузенькай травяной вулачкай мы выехалі за вёску. Дарога павяла ў нестары беразнячок, з якога ў левым баку прасвечвала свежаўзаранае поле. Далей у лесе засвяцілі чырвонымі камлямі хвоі.
Камень быў з аднаго боку як бы ўсечаны і нагадваў сабою невялікую скалу. Ляжаў ён каля самай дарогі, у падножжы ляснога ўзгорка, што даволі крута ішоў уверх. Так, на гэтым узгорку было вельмі добра наладжваць філарэтам свае сходкі. Тым больш і мясцінка ж зацішная, у баку ад вялікіх дарог, наводшыбе ад вёскі. Прастор і воля!
Праз шмат гадоў пасля гэтых сходак філарэтаў прыехаў да іх каменя з далёкай Украіны выдатны савецкі паэт і акадэмік Максім Рыльскі. Стоячы ў гэтым зацішным яры, слухаючы несціханы пошум старых хвой, ён жыва ўявіў тых высокаадукаваных і эрудзіраваных маладых людзей, якія шчыра і горача кляліся змагацца за свой край, за родны народ, што праз вякі валачыў тут ярмо прыгонніцтва, за волю і роўнасць паміж усімі людзьмі. А ўявіўшы, Максім Рыльскі радкамі свайго санета вярнуў нам той далёкі і смутны час, вярнуў тыя гарачыя сходкі юнакоў-патрыётаў, светлыя воблікі першых нашых вестуноў ачышчальных рэвалюцыйных бур, што пранесліся потым па краі:
Бярозы, сосны, і пясок, і яр,
Птушыны свіст, і вецер, і яліны.
Зацішна тут. Не дойдзе гук адзіны
Да тых шпікоў, што рассылае цар.
Віюцца ў высі перламуты хмар,
Якіх няма над землямі чужыны...
Тут крылле ўзнёс у свой палёт арліны
Міцкевічаў палымянёвы дар.
Нібы з насення добрага пшаніца,
Тут веліч думкі з крозы каласіцца,
Тут слова воля гарт дае людзям.
Тут, горды верш замысліўшы употай,
З прарочым зрокам слухае Адам
Прамоўцаў палкіх — Зана і Чачота.
(Пераклад У. Дубоўкі)
Мы прайшлі толькі некаторымі сцяжынамі Яна Чачота, тымі, на якіх пазнаваў ён жыццё, якія навучылі яго любіць і ненавідзець, якія выводзілі яго ў людзі, у свет, на дарогу змагання за праўду, за народную долю. Амаль усе гэтыя сцяжыны цесна перапляталіся са сцяжынамі вялікага Адама Міцкевіча, з якім так хораша ступалася па зямлі, так светла і шырока думалася. Сцяжыны роднай Наваградчыны...
Але былі ў Яна Чачота яшчэ іншыя сцяжыны, іншыя дарогі.
Была ў яго біяграфіі Вільня, дзе зноў-такі яму пашчаслівіла ісці поруч з Адамам Міцкевічам, дзяліць з ім усе радасці і нягоды студэнцкага і службовага быцця, сумеснай дзейнасці для дабра радзімы.
Помняць Яна Чачота гулкія калідоры і аўдыторыі Віленскага універсітэта, дзе ён вучыўся і з захапленнем слухаў лекцыі выдатнага польскага гісторыка і грамадскага дзеяча Іаахіма Лялевеля, які пазней разам з Карлам Марксам і Фрыдрыхам Энгельсам актыўна ўдзельнічаў у інтэрнацыянальнай Дэмакратычнай асацыяцыі ў Бруселі. Ян Чачот разам з Адамам Міцкевічам былі вельмі блізка знаёмыя з Лялевелем, нават сябравалі з ім.
Недзе ў Вільні (цяперашнім Вільнюсе) па сённяшні дзень хаваюцца тыя будынкі, дзе кватараваў колісь Ян Чачот, часам удвух з Адамам Міцкевічам, і дзе застыла ў сценах рэха галасоў маладых патрыётаў, іх гарачых спрэчак.
Пашукаўшы, можна знайсці тут і дом Шымана Малеўскага, рэктара універсітэта, дом, дзе былі шырока адкрыты дзверы для філаматаў, у дружную сям'ю якіх уваходзіў і сын гаспадара — Францішак. Гэты дом быў асабліва дарагі для Яна Чачота, бо жыло ў ім яго самае светлае і чыстае каханне — маладая, гожая, вельмі грацыёзная Зося Малеўская, адна з дзвюх Францішкавых сясцёр, якая так хораша і міла іграла на фартэпіяна, зачароўваючы — і ігрой, і сабою — усіх сяброў-філаматаў. Ян Чачот напісаў Зосі Малеўскай — ні многа ні мала — сто песень, многія з якіх яна выконвала, як падказваў аўтар, на матывы народных, часцей за ўсё беларускіх, песень...
А ў ваколіцах Вільні, магчыма, і цяпер раскашуе той зацішны бярозава-ясеневы гай, дзе любілі збірацца на свае вясёлыя сходкі філаматы і філарэты, уся віленская моладзь і дзе Ян Чачот выступаў са сваімі дзёрзкімі антыўрадавымі вершамі, якія знаходзілі ў маладых сэрцах самы гарачы водгук. Гэты гай віленская моладзь празвала Янавым, або Чачотавым. Цікава, ці захавалася гэта назва сёння?
Тут, у Вільні, сярод іншых даўнейшых камяніц высіцца базыльянскі кляштар, той самы кляштар, які ў 1823 годзе царскі паслугач Навасільцаў ператварыў у турму, куды былі кінуты члены выкрытых ім тайных згуртаванняў моладзі — Тамаш Зан, Ян Чачот, Адам Міцкевіч, Ігнат Дамейка, Антон Слізень, Адам Сузін, Юзаф Яжоўскі, Юзаф Кавалеўскі, Фелікс Кулакоўскі, Ян Сабалеўскі, Тэадор Лазінскі, Ануфры Петрашкевіч, Мікалай Казлоўскі і іншыя. Ідэйнаму кіраўніку філаматаў прафесару універсітэта Іаахіму Лялевелю ўдалося вырваць з турмы толькі Адама Міцкевіча, якога ён узяў на парукі і які тым не менш наведваў там сваіх сяброў. Але і Адам Міцкевіч не пазбегнуў высылкі з «заходняга краю» ў Расію. Яго разам з Янам Сабалеўскім, Юзафам Яжоўскім, Францішкам Малеўскім адправілі на першым часе ў Пецярбург. Самы суровы прысуд быў вынесены сенатарам Навасільцавым Тамашу Зану, Яну Чачоту і Адаму Сузіну — турма і ссылка. Адам Міцкевіч, як расказваюць, доўга плакаў, даведаўшыся аб гэтым жорсткім прысудзе тром яго сябрам. Галоўнае, у чым абвінавачвалі Яна Чачота, было тое, што ён «у вершах і прамовах выказваў шкодныя намеры».
Такім чынам, была ў біяграфіі Яна Чачота і ссылка. Многа доўгіх гадоў пакут і выпрабаванняў. Спачатку яго завезлі на Урал, у гарадок Кізіл, дзе, згодна з прысудам, пратрымалі шэсць месяцаў у «крэпасці». Пра тое, колькі яму давялося там перажыць, відаць з яго пісем. Вось як пісаў ён з Кізіла ў кастрычніку 1825 года Ануфрыю Петрашкевічу і Юзафу Завадскаму: «Усю зіму аж да 15 мая я пражыў у халаднейшай за Сібір абвахце, заўсёды з салдатамі перад вачамі і з рознымі каравульнымі, якія забруджвалі мой пакой сваім тытунём і размовамі. У гэтай дзіравай і недагледжанай хованцы часам быў такі жахлівы холад, што я змушаны быў сядзець тут адзеты, як у павозцы — у кажуху, паліце, цёплых ботах, рукавіцах і шапцы. Я так замярзаў колькі разоў, што не ведаю, як яшчэ не захварэў — калі б не ўнутранае цяпло, можна б было ператварыцца ў лёд. Схаваныя рукі былі ўсё роўна застылыя, гэтак жа сама і душа. Так што, мой пане Завадскі, пра тое, каб пісаць, і ў галаве не было. А да ўсяго гэтага не па-людску да мяне тут аднесліся... Губернатар, кузіна якога тут замужам за камендантам, на пытанне, ці можна мне пісаць да бацькоў, загадаў — ці не з любові да сваіх? — каб у мяне ні пяра, ні чарніла, ні паперы не было. Тут жа загад быў даведзены да дзяжурных. Мне і раней перашкаджалі пісаць дадому розныя фармальнасці, а цяпер я зусім пазбавіўся гэтай адзінай прыемнасці — пісаць, што мроіцца. Зрэшты, на такім халодным гарызонце і сярод усялякіх прыкрасцяў ні пра што асаблівае не мроілася — такое прыніжэнне было вельмі прыкрае і ўсякую ахвоту што-небудзь грымзоліць адбіла...» З Кізіла Яна Чарота выслалі ва Уфу. Беларускі гісторык Валянцін Грыцкевіч знайшоў у Цэнтральным дзяржаўным архіве Башкірскай АССР, у фондзе Арэнбургскага грамадзянскага губернатара за 1824-1830 гады, цікавыя звесткі аб знаходжанні Яна Чачота ва Уфе. Ёсць там, напрыклад, такі запіс: «Студэнт Іван Фадзееў сын Чачот — перайменаваны ў канцылярыста ў мінулым 1828 годзе ліпеня з 14 дня, знаходзіцца на кватэры і працягвае служэнне ў канцылярыі пана Арэнбургскага губернатара, займаецца пісьмаводствам і ад казны ўжо ніякага жалавання не мае, а атрымлівае адпаведна працы грошы».
З Уфы Яна Чачота ў 1831 годзе перавялі ў Цвер, дзе ён прабыў два гады і дзе ў час эпідэміі халеры ледзь не загінуў ад раз'юшанага натоўпу гараджан, якія паверылі пушчанай некім плётцы, быццам бы ён разам з іншымі ссыльнымі вінаваты ў эпідэміі...
Там, у далёкай ссылцы, Ян Чачот не ўпаў духам, не апусціў рук. Ён і ў тых суровых умовах застаўся верны сваім народазнаўчым інтарэсам, захапіўшыся збіраннем мясцовых этнаграфічных і фальклорных матэрыялаў, якія пасылаў свайму сябру-філамату манголазнаўцу Юзафу Кавалеўскаму ў Казань, куды той быў высланы. Матэрыялы гэтыя, на жаль, загінулі ў час паўстання 1863 года ў варшаўскай кватэры Юзафа Кавалеўская, які к гэтаму часу вярнуўся ў Польшчу. Валянцін Грыцкевіч у Рукапісным аддзеле Дзяржаўнай бібліятэкі імя М. Я. Салтыкова-Шчадрына ў Ленінградзе знайшоў пісьмо Кавалеўскага вучонаму-ўсходазнаўцу У. У. Грыгор'еву, дзе ён піша: «...І гэты стос пісьмаў (Чачота), каля 200 аркушаў, у час разгрому маёй маёмасці ў Варшаве прапаў без вестак. Цяжка, цяжка аб гэтым пісаць».
І ўсё ж гэта толькі маленькія, як кажуць, «разрозненыя» звесткі аб тых дзесяці гадах сібірскай ссылкі Яна Чачота, толькі іх прыглушаныя адгалоскі. Той, хто захацеў бы адхіліць заслону часу і паказаць ад пачатку да канца жыццё паэта ў ссылцы, павінен быў бы падняць усе тыя матэрыялы — яго і пра яго, якіх нямала, пэўна ж, захоўваецца недзе ў архівах. На некаторыя з гэтых матэрыялаў ужо натрапілі рускія даследчыкі.
Быў яшчэ ў біяграфіі Яна Чачота і Лепель, куды яго ў 1833 годзе перавёў цвярскі губернатар, ратуючы ад несправядлівага абвінавачвання, звязанага з памянёнай вышэй эпідэміяй халеры. У Лепелі нешчаслівага выгнанніка ўладкавалі ў кіраўніцтве сістэмы Бярэзінскага канала, дзе дырэктарам быў сын цвярскога губернатара. Апынуўшыся на Беларусі, Ян Чачот разгарнуў шырокую дзейнасць па збіранні песенных скарбаў беларускага народа, пра што марыў яшчэ ў Вільні.
Нарэшце ў 1839 годзе яму, як пішацца ў цыркуляры міністэрства ўнутраных спраў, «государь император высочайше повелеть соизволил: дозволить высланному за прикосновенность к обществу филоматов в Оренбургскую губернию, а потом поступившему на службу по ведомству путей сообщения бывшему студенту Виленского университета, а ныне губернскому секретарю Чечоту возвратиться на родину Гродненской губернии в Новогрудский уезд без учреждения за ним полицейского надзора».
Нават без паліцэйскага нагляду! Воля! Пасля шаснаццаці адабраных гадоў жыцця!
Куды ж было кінуцца цяпер былому арыштанту? Вядома ж, дадому, на родную Наваградчыну!
Першага, каго ўспомніў там Ян Чачот, быў апякун філаматаў ліберальны граф Храптовіч з яго надзвычай багатай бібліятэкай у Шчорсах, дзе асабліва любілі працаваць Адам Міцкевіч і Францішак Малеўскі. Граф Храптовіч, ведаючы схільнасць Яна Чачота, адразу ж даў яму там пасаду бібліятэкара — пасаду, пра якую можна было толькі марыць. У Шчорсах Ян Чачот мог цалкам аддацца свайму любімаму занятку — збіранню і публікацыі асобнымі зборнікамі беларускага фальклору.
У 1844 годзе Ян Чачот вымушаны быў пакінуць працу ў бібліятэцы. Апошнія тры гады жыў ён у сваіх сяброў — спачатку ў Вяржбоўскіх у Далматаўшчыне, потым у Рафала Слізеня ў Вольнай і Бортніках.
Пасля цяжкая хвароба прывяла яго ў Друскенікі, «на воды». Але лячэнне не дало ніякага выніку, і 23 жніўня 1847 года Ян Чачот, не дасягнуўшы нават свайго 50-годдзя, памірае ў ваколіцах Друскенікаў — вёсцы Ротніца. Адам Міцкевіч, са спазненнем даведаўшыся аб смерці свайго сябра, з болем у сэрцы пісаў 26 чэрвеня 1853 года Ігнату Дамейку з Парыжа ў Чылі: «Дарагі Ігнат, вось што-кольвек пра нашых былых сяброў і мінулыя часы. З двух канцоў зямлі, якія аддзялілі нас адзін ад аднаго, мы бачым па-рознаму цяперашнія часы, у мінулым жа мы сустракаемся па-ранейшаму. Не ведаю, ці вядома табе, што ад нас пайшоў твой ранейшы знаёмы, а мой стары друг (з першага класа) Ян Чачот. Дзень яго смерці нам невядомы. Мы даведаліся толькі, што ён памёр. Прыблізна ў той час, калі ён памёр, мне ўсё снілася пра яго адно і тое ж: што ён прыехаў у Парыж, а я з-за нейкіх перашкод не магу з ім пабачыцца. Гэта мучыла мяне ў сне, і я прачынаўся сумны. Мне доўга не хацелася верыць звесткам пра яго смерць, якія ў нас так цяжка праверыць. Цяпер я ведаю пэўна, што ён памёр. Доўгія гады і многа ўспамінаў звязвалі мяне з ім. Перад смерцю ён выдаў беларускія песні, і яны там у нас выклікалі многа спачуванняў...»
Друскенікі. Сюды я прыехаў з сынам — на адпачынак. Ціхі, увесь у зеляніне цяністых ясеняў і ліп гарадок, падпяразаны шырокім пасам блакітнага Нёмана. Курорт усесаюзнага значэння.
Дабірацца да Ротніцы было вельмі проста: мы селі на гарадскі аўтобус — «тройку» і праз хвілін пятнаццаць сышлі ў зялёным, вельмі акуратным пасёлку, з даволі шыкоўнымі, часта мураванымі дамамі.
Тут жа, каля самага аўтобуснага прыпынку, адразу за плотам і пачыналіся ротніцкія могілкі, што падыходзілі адным бокам да ўтравелага касцельнага двара.
Магілу Яна Чачота знайсці было зусім няцяжка. Прайшлі туды, дзе былі старыя могілкі, і праз колькі часу блукання на іх убачылі акуратна агароджаны з усіх бакоў сціплы, але даволі прыстойны чатырохвугольны помнік, на якім здалёку кінулася ў вочы выбітае залатымі літарамі прозвішча Яна Чачота. І — як тут было не здзівіцца, не ўзрадавацца? — на магіле паэта я ўбачыў слоік са свежымі гваздзікамі! Ды ўжо дзеля аднаго гэтага можна было сюды ехаць!
На фасадным баку помніка зусім добра яшчэ чыталіся выбітыя 136 гадоў назад вельмі прачулыя і вельмі дакладныя радкі верша на польскай мове Антонія Эдуарда Адынца, філарэта, малодшага сябра Яна Чачота і Адама Міцкевіча:
Сваю маладосць прысвяціў ён навукам і цноце,
Век сталы ён мужна пражыў у няспынных цярпеннях.
Любоў да сяброў і да Бога — істоты яго была зместам.
Цяжкое жыццё яго ўсё — да збавення дарогай.
Імя яго злучана будзе навекі ў айчыне
З Адамам Міцкевічам і Томашам Занам.
Хто ведае іх, перад каменем гэтым схіліся,
Падумай, ўздыхні і за ўсіх іх траіх памаліся.
(Пераклад М. Танка)
Сцяжыны Яна Чачота... Многа яшчэ на іх нязведанага, схаванага ад нас заслонай часу. У сваіх, можа быць, трохі раскіданых нататках я, вядома ж, не мог раскрыць ва ўсёй паўнаце гэту вельмі прывабную постаць у гісторыі нашай літаратуры і культуры ў цэлым. Шматбаковая дзейнасць Яна Чачота, паэта, фалькларыста, этнографа, мовазнаўцы, грамадскага дзеяча, яшчэ чакае свайго ўдумлівага, сур'ёзнага даследчыка, таго, кажучы купалаўскімі словамі, «новага., а мудрага гісторыка», які, зняўшы густыя напластаванні часу, ва ўсёй велічы высвеціць перад намі гэты яркі вобраз аднаго са слаўнай кагорты сейбітаў разумнага, добрага, вечнага.
1983—1991
У Мясату я падбухторыў з'ездзіць са мною Генадзя Каханоўскага. А ехаць туды, як выявілася, вельмі проста — і мне, мінчуку, і яму, маладзечанцу: Мясата ж — адзін з прыпынкаў электрычкі «Мінск — Маладзечна». Значыць, мы з двух канцоў дарогі — я з Мінска, Генадзь з Маладзечна — можам там і з'ехацца. Нам трэба было толькі выбраць час «сустрэчы на Эльбе».
Час гэты падабраў Генадзь, а калі казаць дакладней, дык яго знаёмая настаўніца беларускай мовы і літаратуры Мясацкай дзевяцігодкі, актывістка краязнаўства Яўгенія Васільеўна Костачка, якой ён — відаць, па тэлефоне — расказаў пра нашу задуму. Яўгенія Васільеўна, адразу ж ухапіўшыся за намер двух літаратараў наведаць Мясату, папрасіла зрабіць гэта першага верасня: яна хацела, каб мы выступілі ў школе на ўрачыстым адкрыцці новага навучальнага года і правялі першы ўрок, прысвечаны 500-годдзю Францішка Скарыны. Калі Генадзь сказаў мне па тэлефоне пра такую просьбу, я, не вагаючыся, адразу даў згоду: што ж, урок той — а намячаўся ён роўна на дзевяць гадзін раніцы — пэўне ж, зойме не шмат часу, пасля яго застанецца яшчэ ўвесь белы дзень, і мы паспеем як след пазнаёміцца з Мясатой і яе ваколіцамі.
Раніца першага верасня была светлая, з халадком. Я сеў у электрычку недзе каля сямі гадзін — у самую бадзёрую пару. І вось за акном — узгорыстая Маладзечаншчына. Любуючыся свежымі жаўтавымі ржэўнікамі з параскіданымі каткамі саломы, сіратлівымі, у быльнягу прысадамі пакінутых хутарскіх астраўкоў, каляіністымі пясчанымі дарогамі, што губляліся ў падступных лясах-пералесках, я перад кожным прыпынкам «вастрыў» вуха, каб разабраць прыглушаны дынамікам голас машыніста з яго аб'яўкамі: хаця б не прапусціць «маёй» Мясаты.
Мясата... Для большасці пасажыраў, што едуць у Маладзечна, гэтая назва, пэўне ж, нічога не кажа: ці мала якія ёсць у нас вёскі! Для мяне ж яна — не са звычайных. Яна выклікае ў мяне цэлы рой добрых думак, адразу пераносячы ў адшумелае XIX стагоддзе. Мясата ж — радзіма Тамаша Зана.
Імя Тамаша Зана стала шырока вядомым пасля гучнага працэсу над філаматамі і філарэтамі ў 1823-1824 гадах у Вільні, з якога людзі даведаліся аб выдатна арганізаваных і даволі прадстаўнічых тайных згуртаваннях беларускай моладзі, накіраваных супраць царызму. Па сутнасці яны былі блізкія сваімі задачамі і ідэямі дзекабрысцкім арганізацыям, якія ўзніклі якраз у гэты час у Расіі і на Украіне. Філаматы ўжо наладжвалі з імі кантакты. Выкрыццё віленскіх згуртаванняў моладзі перашкодзіла больш цесным іхнім сувязям. Можна смела сказаць: калі б Таварыства філаматаў не было ліквідавана царскімі ўладамі, яно знайшло б спосаб падтрымаць паўстанне на Сенацкай плошчы Пецярбурга ў снежні 1825 года. Зрэшты, тыя з філаматаў, якім удалося выбавіцца з кіпцюроў царскіх паслугачоў і пазбегнуць турмы і высылкі «ў аддаленыя губерні Расіі», і праўда падтрымалі выступленне дзекабрыстаў. Адзін з іх, блізкі сябар Тамаша Зана, Яна Чачота і Адама Міцкевіча філамат Міхал Рукевіч прычыніўся да выступлення раскватараванага на Беласточчыне Літоўскага асобнага корпуса царскіх войск супроць самога Мікалая ў тым жа снежні 1825 года, яскрава выказаўшы гэтым самым сваю салідарнасць з рускімі рэвалюцыянерамі. І, відаць жа, нездарма адбываў філамат-дзекабрыст Міхал Рукевіч ссылку ў Сібіры разам са сваімі рускімі сябрамі па няволі Мікітам Мураўёвым, Сяргеем Валконскім, Сяргеем Трубяцкім, братамі Бястужавымі. Дарэчы, дзякуючы М. А. Бястужаву захаваўся зроблены ім у ссылцы партрэт нашага славутага земляка.
Тамаш Зан быў галоўным арганізатарам радыкальных згуртаванняў моладзі ў Вільні. Якраз ён разам з Адамам Міцкевічам і Юзафам Яжоўскім быў ініцыятарам стварэння Таварыства філаматаў, якое стала ядром усіх іншых прагрэсіўных арганізацый на Беларусі. Ён жа арганізаваў і больш шырокае, разгалінаванае згуртаванне — Таварыства прамяністых (тых, хто быццам бы выпраменьвае высокую духоўнасць), легальную арганізацыю, якую неўзабаве ён змушаны быў пераўтварыць у тайную пад назвай Таварыства філарэтаў (сяброў дабрачыннасці), стаўшы яго кіраўніком (прэзідэнтам). Ад першапачатковай назвы гэтага таварыства, якую Тамаш таксама прыдумаў сам, яго празвалі «архіпрамяністым» (самым прамяністым). Тамаш Зан быў сапраўдным кумірам моладзі, якая заўсёды хінулася да яго, брала з яго прыклад мужнасці, арганізаванасці. Ён мэтанакіравана рыхтаваў моладзь да будучай бітвы з царскім самаўладдзем, за вызваленне роднай яму Беларусі ў рамках былой Рэчы Паспалітай ад дэспатызму.
Пра ролю Тамаша Зана ў згуртаванні прагрэсіўных сілаў грамадства Беларусі і Літвы, пра тое, якую вялікую надзею ўскладвала на яго як свайго прызнанага лідэра перадавая моладзь краю, выразна кажа Ян Чачот у вершы «У дзень урачыстасці ў гонар Тамаша Зана 29 мая 1821 года»:
Не трэба тужыць... Новай славы праменне
Азорыць яшчэ нашых прадзедаў цені —
Хай знаюць, што й сёння іх родныя нівы,
Дзе колісь паказвалі мужнасці дзівы,
Усё ж нараджаюць сыноў яшчэ годных...
Да дзеяў рыхтуемся высакародных
Мы сёння, дух будзячы ўсюды ў краіне —
Хоць цемра навокал, усё ж ён не згіне...
О брацці! Нам Заўтра шчаслівае ззяе!
Яго перад намі Тамаш расчыняе.
Ён першы, яго паказаўшы ясноты,
Павёў нас да славы дарогаю цноты —
Мы з ім палюбілі свой гурт і ў забавах
Задумалі разам вялікую справу...*
Сенатар Мікалай Навасільцаў, якога царскія ўлады прыслалі ў Вільню для расследавання дзейнасці тайных арганізацый, адразу ўбачыў у асобе Тамаша Зана самага актыўнага завадатара моладзі, надзвычай небяспечнага для рэжыму рэвалюцыянера. У рапарце ў Варшаву царскаму намесніку вялікаму князю Канстанціну ён даносіў, што якраз Тамаш Зан быў заснавальнікам прадстаўнічага Таварыства філарэтаў, «тайнай мэтай» якога мелася быць «рэвалюцыя ў думках». І нездарма ж складзеная самім царом Аляксандрам І камісія, у якую ўвайшлі сенатар Навасільцаў, міністр асветы Шышкоў і генерал Аракчэеў, самы суровы прысуд з усіх двухсот пакараных філарэтаў вынесла якраз яму, Тамашу Зану, «як стваральніку і кіраўніку ўсяго таварыства»: цэлы год крэпасці ў Арэнбургу і пасяленне там без права вяртання на радзіму. Цар Аляксандр І зацвердзіў гэты прысуд.
На працэсе над філаматамі і філарэтамі Тамаш Зан паказаў сапраўдную мужнасць і высакароднасць. Каб выгарадзіць сваіх сяброў па арганізацыі, ён усю віну за яе дзейнасць узяў на сябе. Вельмі добра расказаў пра гэта Адам Міцкевіч у сваіх славутых «Дзядах», дзе побач з іншымі філаматамі намаляваў прывабны вобраз Тамаша Зана пад яго ж імем. Вось якія словы ўкладае вялікі паэт у вусны Тамаша (падаю іх у перакладзе на рускую мову В. Левіка):
Один лишь путь у нас к спасенью остается:
Кому-то на себя принять вину придется
И, выручая всех, погибнуть одному.
Я в нашем обществе главою был, а значит,
Я должен пострадать за вас, мои друзья...
І ён свядома, без нараканняў пайшоў на гэтыя пакуты. Уяўленне пра роспачны, змрочны настрой зняволенага і выгнанніка, адарванага ад радзімы, ад родных і блізкіх, пра безвыходнасць яго становішча можа даць напісаны Занам у 1825 годзе ў крэпасці верш «Выгнаннік»:
Каму тут свой выказаць смутак?
Хто згаслую верне надзею?
Трывожна і цяжка чаму так
На сэрцы? Хто хмары развее?
Няма ні сястры тут, ні брата.
Мая ты найлюбая, дзе ты?
Ад вас, родных ніў, перакатаў
Мяне аддзяляе паўсвету...
Бязмоўе. Для вока, для вуха
Усё тут няміла, ў чужыне.
З кім словам абмовіцца? Глуха.
Адзін між чужых — бы ў пустыні.
Ды не без сваіх і край свету:
Тут друга, здараецца, бачу.
Ён гэткі ж выгнаннік, ён гэту ж
Тут кару нясе, так жа плача.
Сляза тут у хвалі Урала
Спадзе, і яны будуць несці
Яе не да родных прычалаў,
А ў мора Хвалынскае дзесьці.
Хто ўздых тут мой цяжкі пачуе?
Ледзь вырвецца ён, як завея
Падхопіць яго, завіруе,
Па стэпе татарскім развее.
Я тут падуладны буранам.
Навее ўспаміны мне хмара.
Былое маё — за туманам.
Жыццё — як далёкая мара*.
Але турма і ссылка не зламалі «найпрамяністага». Ён і там, на далёкім Урале, адседзеўшы прызначаны тэрмін у глухіх і халодных турэмных сценах, застаўся верны ідэалам маладосці. Імя Тамаша Зана я нечакана сустрэў на старонках рамана вядомага рускага пісьменніка Эрнста Сафонава «Казенные люди». На аснове знойдзеных на Урале дакументаў Э. Сафонаў расказаў пра ўдзел славутага філамата ў тайнай арганізацыі рускіх рэвалюцыянераў у Арэнбургу, пра шчырую дружбу з яе кіраўніком Пятром Кудрашовым, рускім паэтам, творы якога друкаваліся побач з творамі Аляксандра Пушкіна ў такіх выданнях, як «Вестник Европы», «Календарь муз», «Весенние цветы», «Полярная звезда», «Отечественные записки»...
Пра няскоранасць духу, пра актыўную палітычную дзейнасць у ссылцы Тамаша Зана шмат новых і цікавых фактаў падаў гісторык Валянцін Грыцкевіч у сваёй кнізе «Ад Нёмана да берагоў Ціхага акіяна». З яе мы даведваемся, напрыклад, што Зан у 1833 годзе прымаў удзел у змове ссыльных, якія рыхтавалі ўзброенае паўстанне супроць мясцовых улад з тым, каб уцячы потым за мяжу.
Але Тамаш Зан заслужыў нашу пашану не толькі як змагар супроць царскай тыраніі, як будзіцель грамадскага руху за разняволенне. Вельмі вялікая яго роля і ў культуры, перш за ўсё ў нараджэнні на Беларусі новага, прагрэсіўнага літаратурнага напрамку — рэвалюцыйнага рамантызму. Якраз ён, Тамаш Зан, адным з першых звярнуў увагу на народную паэзію, вуснапаэтычную творчасць беларускага народа як на новую, прынцыпова важную крыніцу абнаўлення літаратуры. А зварот да фальклору, як вядома, быў характэрны якраз для паэтаў-рамантыкаў.
Ужо ў студэнцкай камедыі «Грэцкія піражкі», напісанай у 1817 годзе, Тамаш Зан падаў добры прыклад выкарыстання беларускага фальклору, перш за ўсё прыказак і прымавак, характэрных для нашай мовы выслоўяў. Вось некаторыя з іх: «На злодзею і шапка гарыць», «Не адзін Гаўрыла ў Полацку», «Баба з калёс — калёсам лягчэй», «Хто ўкраў парасё, у таго ў вушах пішчыць». Матывы і вобразы народнай творчасці беларусаў бачым мы і ў яго аб'ёмістай паэме «Табакерка» (1818), дзе даволі цікава апісваецца беларускае вяселле, язычніцкае свята Купалле, расказваецца пра русалак, пра розныя звычаі і абрады беларусаў. У тканіну твора аўтар арганічна ўплятае ў сваёй апрацоўцы беларускія народныя паданні. Паводле паданняў нашага народа былі напісаны і найбольш цікавыя Занавы балады — «Цыганка», «Свіцязь-возера» і іншыя.
Гэтыя творы Тамаша Зана разам з баладамі і беларускімі песнямі Яна Чачота сваім уплывам сталі вызначальнымі ў літаратурнай долі іх агульнага сябра Адама Міцкевіча, пра што ўжо не раз адзначалася ў літаратуразнаўстве.
Тамаш Зан, як і ўсе пісьменнікі Беларусі першай паловы XIX стагоддзя, пісаў на польскай мове, якая была мовай тагачаснай літаратуры, усяго нашага справаводства. І ўсё ж такіх польскамоўных пісьменнікаў, прадстаўнікоў беларускай спольшчанай шляхты, як Тамаш Зан, Адам Міцкевіч і часткова польскамоўны Ян Чачот, трэба з поўным правам аднесці да пачынальнікаў беларускага нацыянальнага адраджэння. Перш за ўсё таму, што яны ўпершыню асновай сваіх твораў рабілі вуснапаэтычную творчасць роднага ім беларускага народа, паказалі яе глыбіню, высокую эстэтычную вартасць. Яны скіроўвалі ўвагу грамадскасці на самабытнасць традыцыйнай культуры беларусаў, на адметнасць іх як асобнай нацыі, адным словам, адкрывалі перад шырокім светам цэлы народ, які дагэтуль вельмі ж спрытна «прысвойвалі» больш моцныя суседзі, імкнучыся раздзіраць яго на часткі. Акрамя таго, усе тры названыя паэты выразна праявілі ў шматлікіх творах свой «краёвы» патрыятызм, апяваючы родную «Літву», сілай мастацкага слова ўваскрашаючы яе шматвекавую гісторыю. Яны, можна сказаць, ушчыльную падышлі ўжо і да стварэння ўласна беларускай літаратуры. Першым крокам да гэтага былі іх выказванні аб самабытнасці, аб мілагучнасці і прыгажосці беларускай мовы, да якой усе яны ставіліся з глыбокай павагай і прыхільнасцю. Другі крок — спробы асобных з іх пісаць на гэтай мове, а таксама ўводзіць яе ў канву сваіх польскамоўных твораў.
Інакш кажучы, якраз з польскамоўнымі пісьменнікамі Беларусі першай паловы XIX стагоддзя трэба звязваць нараджэнне новай беларускай літаратуры. Асноўная іх заслуга ў тым, што яны падрыхтавалі для яе глебу, пасеялі першае зерне нашага нацыянальнага адраджэння. Іх творчасць — гэта першапачатковы этап у гісторыі новай беларускай літаратуры, этап, без якога зусім немагчыма растлумачыць увесь працэс яе развіцця. Лічу вялікай недарэчнасцю, што творчасць паэтаў-рамантыкаў, як, дарэчы, і іншых польскамоўных, а таксама лацінскамоўных беларускіх пісьменнікаў мы выключылі з поля свайго зроку, гэтак нядбайна ігнаруем. Яна ж, апрача ўсяго, — наша жывая гісторыя.
Варта сказаць і пра адносіны канкрэтна Тамаша Зана да беларускай мовы. Як і ўсе філаматы, ён добра яе ведаў і шанаваў. Ён сам падкрэсліваў у сваіх успамінах, што яшчэ ў час вучобы ў Мінскай гімназіі «мужыцкай мовай Міншчыны ахвотна карысталіся студэнты», што яна не чужая была і студэнтам Віленскага універсітэта, дзе вучылася пераважна моладзь з беларускіх губерняў. Тамаш Зан свядома браў для сваіх вершаў, балад і іншых твораў беларускія словы і выразы. На гэта неаднаразова звярталі ўвагу польскія і беларускія літаратуразнаўцы. Напрыклад, Станіслаў Станкевіч у сваёй кнізе «Беларускі пачатак у польскай паэзіі першай паловы XIX стагоддзя», якая выйшла ў трыццатых гадах на польскай мове ў Вільні, прыводзіць цэлы спіс «беларускіх правінцыялізмаў», якія ён знайшоў у творах Зана. Сярод іх ён называе такія, як «Чым хата багата, тым ці будзень рада», «ні тое ні сее», «кішэня», «бусі» (пацалунак), «харошы», «хвост», «галубчык», «глячык», «кажан», «кужэльны», «краска», «наўда», «неахайны», «акрайчык хлеба», «аруд», «паспець», «рана», «русы», «што», «заклікаць» і іншыя. На аснове сваіх назіранняў С. Станкевіч робіць вывад, што Тамаш Зан быў адным з самых першых і самых гарачых прыхільнікаў «культывавання краёвай літаратуры». Якраз таму, трэба думаць, вельмі горача вітаў Тамаш Зан беларускамоўную творчасць свайго сябра Яна Чачота. Каб даць шырэйшы ход Чачотавым беларускім творам, ён сам складаў на іх музыку, з ахвотай спяваў іх разам з сябрамі. Ёсць усе падставы меркаваць, што Тамаш Зан таксама пісаў на беларускай мове. Але паколькі беларускія творы не было дзе друкаваць, яны маглі б толькі цудам захавацца, дайсці да нас. Мне думаецца, што і пра большасць беларускіх вершаў Яна Чачота наўрад ці сёння б мы ведалі, калі б ён не здагадаўся апублікаваць іх у сваіх фальклорных зборніках пад выглядам народных песень...
Тамаш Зан паходзіў з тыповай беларускай шляхты. Сапраўднае прозвішча яго продкаў — Зань. Так гучала прозвішча і Тамаша, але ў час вучобы ва універсітэце яно чамусьці «пацвярдзела». Дзед Тамаша Зана — таксама Тамаш — быў бурмістрам у Радашковічах, дзе меў нейкія зямельныя надзелы. Адначасова ён арандаваў недалёкі адсюль маёнтак Селішча. Продкі Тамаша Зана па мацерынай лініі жылі ва Уздзе. Былі яны уніятамі. Відаць, уніятамі былі і Зані. А гэта азначае, што ўсе яны ў мінулым — праваслаўныя. Тыповыя метамарфозы беларускай шляхты.
Бацька Тамаша — Кароль Зань — атрымаў у спадчыну ўладанні ў Радашковічах. У яго былі ўсе ўмовы для спакойнага сямейнага жыцця. Але сядзець у зацішку ў той бурлівы час — а гэта была мяжа XVIII-XIX стагоддзяў — ён не мог. Калі ў краі выбухнула паўстанне супраць царызму, Кароль Зань ідзе ў шэрагі барацьбітоў за волю на чале з Тадэвушам Касцюшкам. Пасля разрому паўстання ён вяртаецца дамоў. Але, пачуўшы пра рэпрэсіі ў адносінах да паўстанцаў, Кароль Зань на нейкі час сыходзіць з дому, уцякае кудысьці аж пад Крулявец. Цяжарную ж жонку Кацярыну з першым сынам Вінцэнтам адвозіць у маёнтак Селішча да брата, дзе яна павінна была пачакаць, пакуль вызваліцца куплены Занам перад ад'ездам невялікі маёнтачак Халецкоўшчына ў гэтым жа Вілейскім павеце. Ды вось бяда: нейкім чынам згубіліся дакументы на яго куплю, і Кацярына нечакана засталася і без грошай, і без дома. Даведалася яна пра гэта якраз тады, калі выехала ўжо ў Халецкоўшчыну. Затрымалася яна ў Мясаце, дзе і нарадзіла Тамаша. Трэба думаць, адбылося гэта ў панскім доме, у Тышынскіх.
Як мяркуюць біёграфы паэта-філамата, жонцы паўстанца небяспечна было заставацца ў Мясаце, бо праз вёску якраз праходзілі казацкія войскі. Яна вымушана была ўцячы ў лес. Памагла ёй перабыць ліхі час тутэйшая сялянка, якая напаткалася ў лесе: яна хадзіла сюды да свайго мужа, што хаваўся ад рэкрутчыны. Гэтая сялянка нават стала для Тамаша «мамкай»: карміла яго сваімі грудзьмі.
Але ёсць і другая версія пра месца нараджэння Тамаша Зана: нібы гэта было ў мясцовай, мясацкай карчме. Як бы там ні было, але Мясата — месца яго прыходу ў свет.
Ад станцыі Мясата да самой вёскі — ісці кіламетры два праз поле. Усё ж я, здаецца, не спазніўся: калі прыйшоў, якраз выстройвалі дзяцей у вестыбюлі школы на ўрачыстую лінейку. Генадзь Каханоўскі мяне ўжо чакаў. Нам далі слова, і мы павіншавалі дзяцей з пачаткам новага навучальнага года, ну, а потым «правялі» першы «ўрок» у старэйшых класах — расказалі пра нашага славутага асветніка і першадрукара, пра пакручастыя шляхі нашай гісторыі, пра ўздзеянне беларускай культуры ў сярэднявеччы на ўсё ўсходняе славянства, у першую чаргу на «Масковію».
Пасля «ўрока» Яўгенія Васільеўна Костачка паказала нам школьны музей, які яна «курыруе». Для яго адвялі звычайны класны пакой. Вядома, больш за ўсё тут фотаздымкаў. Ну, і кнігі, і рукапісныя альбомы, дзе паказваецца гісторыя вёскі, школы. Тут жа і стэнд, прысвечаны Тамашу Зану. І этнаграфічныя рэчы. Музей пакуль што сціплы, аматарскі. Але галоўнае — ён ёсць, і — таксама галоўнае — што дзеці самі збіраюць для яго матэрыялы. Вядома, пад кіраўніцтвам Яўгеніі Васільеўны. Думаю, такія краязнаўчыя музеі павінны быць у кожнай школе. Яны ж, як нішто лепей, абуджаюць у дзяцей цікавасць да свайго краю, даюць ім першыя навыкі і смак даследчыцкай працы і, напэўна ж, павінны падказаць каму-небудзь з іх магістральную дарогу ў жыцці. Акрамя таго, гэтакія музеі могуць стаць своеасаблівымі цэнтрамі вывучэння кожнай мясцовасці. Сабраныя дзецьмі прадметы сялянскага побыту, запісаныя на магнітафонную стужку расказы старых людзей пра іх жыццё, пра мінулае вёскі, а таксама захаваныя ў іх памяці мясцовыя песні, казкі, паданні', прыказкі, прымаўкі, выслоўі, загадкі — гэта ж каштоўнейшы наш скарб, матэрыял для вывучэння нашага краю. Калі б такое зрабіць у кожнай школе, мы мелі б жывую, з цікавейшымі мясцовымі фактамі карціну даўно мінулага і сённяшняга дня Беларусі.
Уражанне ад сустрэч у школе было ў нас абодвух самае прыемнае. Вядома, не таму, што нас добра прынялі. А таму, што мы пабывалі ў сапраўды беларускай школе, дзе шануецца родная мова, дзе выхоўваюцца сапраўдныя грамадзяне Беларусі, патрыёты бацькоўскай зямлі, а не Іваны, якія не помняць, хто яны і адкуль. Як часта даводзілася бываць мне ў школах, дзе нават слова беларускага не пачуеш і не ўбачыш на надпісах — усюды руская мова. Як быццам ты трапіў у Расію: Звычайна дырэктарамі такіх школ падбіраліся зверху ідэйна падкаваныя, адданыя партыі, а не народу камуністы, гэтакія фанабэрыстыя «ўсёзнаўцы», што намёртва ўбілі сабе ў мазгі жалезныя каноны іх тэорыі аб будучым зліцці ўсіх нацый, пад якім (зліццём) разумелася чамусьці толькі звычайная іх русіфікацыя і якое — таксама чамусьці — праводзілася пад лозунгам інтэрнацыяналізму. У такіх школах я бачыў знешне спагадлівыя, ілжыва ветлівыя адносіны да мовы нашага народа, у сапраўднасці ж адназначна асуджанай такімі «моцна падкаванымі» дырэктарамі ды і асобнымі звышстараннымі настаўнікамі на выміранне. Сваю інтэрнацыянальную задачу яны бачылі ў тым, каб паскорыць гэты «аб'ектыўны» працэс, каб унесці «пасільны ўклад» у знішчэнне культуры, мовы народа, а значыць, і самога народа, ператварыўшы яго ў безаблічнае насельніцтва, якое можна лёгка тады далучаць да любой іншай дзяржавы. Сумна, што ў гэтым вялікім злачынстве перад нашым народам часта ўдзельнічалі і там-сям удзельнічаюць і сёння самі ж дзеці гэтага народа, якіх у шырокім свеце называюць калабарацыяністамі, а ў народзе — проста здраднікамі. Сумна, што такіх здраднікаў свайго народа нямала можна сустрэць сярод педагогаў. Ім жа так лёгка пасеяць у юных душах чорнае семя нацыянальнага нігілізму. У Мясацкай школе мы ўбачылі сапраўдных педагогаў, далёкіх ад такой фанабэрыі, шчыра зацікаўленых у патрыятычным выхаванні сваіх вучняў, у іх духоўным здароўі. Як прыемна было чуць на «лінейцы» і пасля яе з вуснаў і настаўнікаў, і вучняў, і самога дырэктара нашу чыстую беларускую мову! І з розных плакатаў, насценных надпісаў не зганялі яе тут, як у іншых школах.
Тон у гэтым, як мы зразумелі, задае сам дырэктар Алег Анатольевіч Радзюкевіч, ветлівы, немітуслівы, па-сапраўднаму інтэлігентны малады чалавек, з якім мы разгаварыліся ў яго кабінеце. Як выявілася, Алег Анатольевіч — сын настаўніка, які яшчэ ў пачатковай школе вучыў некалі майго хаўрусніка Генадзя Каханоўскага. Генадзь расказаў мне, што гэта быў сапраўдны беларускі інтэлігент, чалавек высокай культуры. Нават тады, у першыя пасляваенныя гады, ён вучыў дзяцей шанаваць свой народ, яго мову, фальклор.
Асабліва запала Генадзю ў памяць, як настаўнік спяваў разам з дзецьмі беларускія народныя песні. Якраз Анатоль Сцяпанавіч Радзюкевіч адзін з першых абудзіў у ім любоў да роднай зямлі, зацікавіў краязнаўствам. Але за такое, як вядома, не гладзілі ў той час па галоўцы. Аднаго разу вучні, прыйшоўшы раніцай у школу, не дачакаліся свайго настаўніка. Яны доўга не маглі зразумець, чаму позніцца Анатоль Сцяпанавіч — раней жа такога ніколі не здара лася. Усё растлумачылі вучні з Баяраў, адкуль яны хадзілі сюды, у Насілкаўскую школу пад Маладзечнам, і дзе жыў таксама Анатоль Сцяпанавіч. Яны расказалі шэптам, што сярод ночы настаўніка «схапіў хапун». Як жа, было за што: «нацдэм», гаварыў па-беларуску. А яшчэ сеяў «крамолу»: вучыў дзяцей любіць родны край.
Гэта было ў 1947 годзе. Адбываў пакаранне Анатоль Сцяпанавіч у лагеры ў Карагандзе, дарэчы, разам з беларускімі пісьменнікамі Сымонам Хурсікам, Пятром Бітэлем і Юльянам Сергіевічам, гэтакімі ж самымі «нацдэмамі». Нягледзячы на ўсё, сын, як бачым, пайшоў па бацькавай дарозе — стаў настаўнікам, пераняўшы ад бацькі любоў і пашану да свайго краю, роднага народа.
Аддаўшы «доўг» школе, мы маглі цяпер спакойна пачынаць сваю вандроўку. Але калі развіталіся з настаўнікамі і сышлі са школьнага ганка, Генадзь надта ж «узрадаваў» мяне тым, што «ў нашым распараджэнні» ёсць машына. Гэта яго сябар маладзечанскі мастак Кастусь Харашэвіч папрасіў, каб мы з Генадзем сёння ж выступілі яшчэ ў Маладзечне, у школе, дзе робіць яго жонка. Ён лса ў сваю чаргу падручаўся павазіць нас да выступлення па намечаным маршруце. Калі мы стаялі ўтрох каля машыны і меркавалі, як усюды паспець, я зразумеў, што трапіў у нейкае сіло, што наша вандроўка зрываецца.
— Не трэба нам, Генадзь, гэтая машына, — сказаў я прама, спрабуючы змяніць сітуацыю. — Яна ж толькі пашкодзіць нам, а не паможа! Ці ж мы прыехалі на гастролі?
Але Генадзь з Кастусём пачалі мне даводзіць, што «ўсё ўжо дамоўлена», што нас чакаюць у школе, што мы ўсё ж паспеем пабыць там, дзе хацелі. Толькі трэба хутчэй садзіцца і ехаць! Вось так — хутчэй ехаць! Знаёміцца з цікавымі мясцінамі з акна аўтамабіля!
Мне ўспомнілася тут адна размова. Калі я апублікаваў у часопісе «Полымя» дарожны нарыс пра Яна Чачота, мне пазваніў Уладзімір Караткевіч. Хоць мы былі знаёмыя даўно, мне ніколі не даводзілася з ім перазвоньвацца. Тым не менш голас яго я пазнаў адразу.
— О, Валодзя! Вельмі рад чуць твой голас у маёй хаце!
Я шчыра ўзрадаваўся яго званку. Адно — што мне звоніць Уладзімір Караткевіч, паважаны ўсімі і мой любімы пісьменнік. Другое — што ён, значыцца, ужо выйшаў з бальніцы: перад гэтым я нямала чуў трывожнага пра яго хваробу.
— Як жа ў цябе са здароўем?— неяк само сабой вырвалася ў мяне.
— А! — адказаў ён, нібы адмахваючыся ад нечага надакучлівага, і адразу перайшоў на тое, дзеля чаго пазваніў.
Ён прачытаў мой нарыс. Прачытаў з цікавасцю. У ім жа — пра трагічную долю аднаго з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры Яна Чачота. Валодзя расказаў мне, як сам шукаў у Друскеніках яго магілу. Тут жа, як між іншым, успомніў ён і пра Мірачыцкага, з якім я разам падарожнічаў па мясцінах Яна Чачота, нават прадэкламаваў пра яго нейчую даволі дасціпную, але зусім не злую чатырохрадковую эпіграму (на жаль, я яе не запомніў). Яшчэ паабяцаў пашукаць для мяне «фоткі» — Яна Чачота ці яго мясцін. Потым выказаў адно істотнае пажаданне: калі будзе рыхтавацца гэты нарыс для кнігі, каб я дапоўніў яго нейкімі цікавымі дарожнымі прыгодамі, нечаканымі сустрэчамі з людзьмі — каб ён лепей чытаўся.
— Правільна, Валодзя, я сам адчуваю, што ў ім гэтага не хапае. Але бяда ў тым, што мы былі ў падарожжы ўсяго тры дні, прытым на машыне, і ў нас проста не шмат было нейкіх цікавых сустрэч, — апраўдваўся я. — Да таго ж я ўжо здаў кнігу з гэтым нарысам у выдавецтва.
— Шляпа!..
Размова гэтая была недзе ў маі ці чэрвені 1984 года. А ў ліпені мяне ашаламіла вестка: памёр Уладзімір Караткевіч!..
Я расказаў Генадзю пра тую размову з Уладзімірам Караткевічам. Ён, вядома ж, згадзіўся, што паспешлівасць, верхаглядства тут не будзе ні мне, ні яму на карысць, таму паабяцаў сёння ж вярнуцца яшчэ сюды разам са мною без машыны.
Так што мы змаглі ўсё ж, хоць і не шмат, а пахадзіць тут «сваімі нагамі».
Калі мы ішлі з электрычкі ў Мясату, Генадзь падвёў мяне да вялікага прыдарожнага каменя-помніка з выбітымі імёнамі тых славутых людзей, што розным часам праязджалі тут з Вільні ў Мінск і далей — М. Агінскага, М. Багдановіча, Ф. Багушэвіча, І. Буйніцкае, С. Буднага, Ц. Гартнага, М. Гарэцкага, М. Гогаля, Дз. Давыдава, В. Дуніна-Марцінкевіча, Я. Купалы, Я. Коласа, Ул. Лугаўскога, К. Паўстаўскага, Я. Судрабкална, Ул. Сыракомля Б. Тарашке віча, В. Таўлая, П. Цвіркі, М. Чарота, Т. Шаўчэнкі, Ядвігіна Ш.
Задума гэтага незвычайнага помніка належыць якраз яму, Генадзю Каханоўскаму. Узнікла яна ў час, калі ён працаваў у краязнаўчым музеі ў Маладзечне. Са сваёй ідэяй ён пайшоў у Маладзечанскі райком партыі. Усе мы добра ведаем, як «рашаліся» такія «пытанні» ў падобных кіраўнічых установах. Усё, што не ўкладвалася ў даўно заезджаныя схемы, што не працавала на марксісцка-ленінскую догму, сустракалася тут з насцярогай. Выкладзеная на паперы ідэя ўзгаднялася, абмяркоўвалася, высвятлялася, абкатвалася і ўрэшце... клалася пад сукно, дзе беззваротна і гінула: хаця б чаго не выйшла! Вырашаць станоўча — азначала браць кіраўніку адказнасць на сябе. А што, калі больш высокі чын «узрит» тут што-небудзь «не тое», не «наши идеи»?
Але ўсё ж і ў гэтых амярцвелых кабінетах сустракаліся людзі, якія і ў жалезных рамках Сістэмы імкнуліся рабіць нешта для свайго народа. Такім чалавекам быў сакратар Маладзечанскага райкома партыі (па ідэалогіі) Вячаслаў Антонавіч Ляшковіч, які клапаціўся пра беларускую культуру. Да яго якраз і падышоў Генадзь са сваёй прапановай.
Спачатку Вячаслаў Антонавіч засумняваўся, ці варта рабіць такі памятны знак: дагэтуль жа ён не чуў, каб былі дзе-небудзь помнікі дарогам.
— А мы зробім, дык ужо й будзе, — пераконваў Генадзь сакратара.
Але другое сумненне ў Ляшковіча было больш сур'ёзнае:
— А ці не абвінавацяць нас у якім нацыяналізме?
Тут Генадзь заспакоіў Вячаслава Антонавіча тым, што на камені ж будуць выбіты імёны не толькі беларускіх славутасцяў, але і рускіх, украінскіх, літоўскіх... Так што наадварот: помнік будзе «выхоўваць інтэрнацыяналізм».
Застрахаваўшыся такімі довадамі, ідэалагічны сакратар даў «дабро».
Камень для помніка Генадзь знайшоў сам. Яшчэ перад гаворкай з Ляшковічам. Калі вандраваў з сынам Алесем па роднай Маладзечаншчыне. Тры дні ішлі яны ад вёскі да вёскі берагам пакручастай Ушы — ад самых яе вытокаў да вусця. Генадзь расказаў мне, якія багатыя былі ў яго і ў школьніка-сына ўражанні ад сустрэч з прыродай, з людзьмі, ад начлегаў — ці то ў стозе сена, ці ў сялянскай хаце. Генадзь са сваім Алесем адшуквалі па дарозе гістарычныя памяткі, знаёміліся з цікавымі мясцінамі, звязанымі з нейкімі падзеямі мінуўшчыны і славутымі людзьмі. Дарэчы, адной з мэтаў падарожжа было для Генадзя — зацікавіць сына краязнаўствам, нязмушана скіраваць яго на тую ж дарогу, якой ішоў і сам. Такія вось тонкія «педагагічныя прыёмы» далі свой вынік: Генадзеў сын па-сапраўднаму зацікавіўся гісторыяй роднага краю, пайшоў вучыцца на гістарычны факультэт універсітэта, стаў, як і бацька, кандыдатам гістарычных навук. Выдатны прыклад разумнага ненавязлівага выхавання!
Але вернемся да тэмы нашай гаворкі. Камень, пра які мова, Генадзь з сынам знайшлі якраз у ваколіцы Мясаты, недалёка ад Ушы-ракі. Асабліва прывабіў ён Генадзя тым, што сваім пярэднім бокам нагадваў у контуры карту Беларусі.
Калі помнік быў устаноўлены, пра яго загаварыла прэса. Нават «Правда» і «Известия» яго заўважылі. І недарэмна: сэнс каменя-знака, думаю, не толькі ў тым, каб увекавечыць памяць пра выдатных людзей, якія сюдой праязджалі. Гэта ж у першую чаргу — помнік Дарозе, па якой з Еўропы на Беларусь, а з Беларусі далей — у Масковію — ішла культура. Ну, а ўсё лепшае, мусіць, і ў адваротным кірунку.
Месца нараджэння Тамаша Зана шукаць нам доўга не трэба было. У цэнтры Мясаты кожнаму кідаецца ў вочы стары, абшарпаны, з аблезлай атынкоўкай даволі вялікі будынак. Гэта — дом паноў Тышынскіх, якія жылі тут аж да 1939 года. Яшчэ нядаўна тут была школа, пакуль пабудавалі новую, амаль побач. Дом, як піша ў «Зборы помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» Анатоль Кулагін, пабудаваны ў пачатку нашага стагоддзя. Пабудаваны, вядома ж, на месцы, дзе некалі, яшчэ ў канцы XVIII стагоддзя, стаяў іншы дом, у якім і прыйшоў у свет Тамаш Зан і ад якога цяпер не засталося і следу.
Зрэшты, «след» ёсць — гэта сама сядзіба, «двор», як і цяпер яе называюць. Ад вуліцы і з бакоў сядзіба абсаджана раўнюткімі шэрагамі таполяў, ліп, клёнаў, ясеняў, бяроз. Адразу ж за сядзібай між аеру ды асакі шыецца ўнізе рачулка Пісараўка (некалі яна называлася Мясата), тут жа, каля вёскі, яна зліваецца з Ушой. Як расказаў нам васьмідзесяцітрохгадовы Аляксей Васільевіч Бурак, да якога мы завіталі, раней тут было чысцюткае возера, што аж кішэла рыбай. Сам Аляксей Васільевіч быў млынаром. Млын таксама стаяў тут недалёка. Добра помніць ён і пана Казіміра Тышынскага, які быццам быў міністрам шляхоў зносін Польшчы. Яго пад старасць «вазіў халуй на калясцы». Бываў Аляксей Васільевіч і ў панскіх пакоях. Усё там выглядала прыгожа, чыста, светла. Люстры, карціны, кнігі. Калі ў 1939 годзе «прыйшлі сюды бальшавікі», паны паўцякалі. Дом быў разрабаваны, кнігі парасцягвалі. У доме цяпер — нейкі склад. Зарасло, засыпалася зямлёй і тое чароўнае возера.
На гэтай сядзібе, дарэчы, нарадзіўся і жыў вядомы ў Польшчы літаратурны крытык XIX стагоддзя Аляксандр Тышынскі, які тут і памёр.
Мясата — даволі вялікая вёска: яе адзіная вуліца цягнецца, мусіць, кіламетры два. Але мы захацелі прайсці яе з канца ў канец. Кожная ж вёска нечым цікавая. Во старая, традыцыйнай пабудовы хата з патрэсканымі бярвёнамі сценаў, з маленькімі вокнамі. А як не спыніцца перад гэтымі разьбянымі ліштвамі, не паразгадваць, што ўкладваў гаспадар-разьбяр у свае малюнкі-сімвалы. Там бачым цікавы двор, зарослы зялёнай муравой, з роўненька вытаптанай, нібы ток, белаватай дарожкай паўз вокны хаты. Там нашы вочы запыняюць па-мастацку аздобленыя вароты, акуратны гожы плот, за якім раскашуе белаватае суквецце памятнай з дзяцінства шышкастай гашты...
Людзей на вуліцы сустракаем не шмат — усе ў агародах ды на сотках за хатамі: цяпер жа самая пара парадкаваць гародніну, капаць бульбу.
Зайшлі ў сельскую бібліятэку: якраз была адчынена. Стэлажы застаўлены кнігамі. Газеты, часопісы. Толькі «самаадукоўвайся»!
Маладая дзяўчына, бібліятэкарка, расказала, што чытачоў у бібліятэцы нямала. Простыя вяскоўцы.
Сама дзяўчына жыве ў Маладзечне, ездзіць сюды на работу электрычкай. Работа ёй вельмі падабаецца. І сама вёска. Тым больш што і яе бацькі родам адсюль, з Мясаты. Прозвішча іх — Сушко. Пачуўшы гэтае прозвішча, я адразу ўспомніў нататку пра Мясату ў «Геаграфічным слоўніку каралеўства Польскага і іншых краёў славянскіх» (што выдадзены ў Польшчы ў XIX стагоддзі), у якой расказваецца, што ў XVIII стагоддзі ўся вёска разам з людзьмі была спалена шведамі (гітлераўцы, значыцца, былі не першыя, хто такім жахлівым спосабам вынішчаў беларусаў). З усёй Мясаты тады выратаваўся адзін чалавек — Сушка. «Цяпер там, —пісалася ў слоўніку, адпаведны том якога выйшаў у 1885 годзе, — многа Сушкаў». Вось гэтак, усё нейкім цудам, і выжывалі мы, беларусы, у гісторыі.
Пасля Мясаты жонка паўстанца з малымі дзецьмі на руках ізноў апынулася ў Селішчы, куды неўзабаве, пачуўшы пра амністыю, вярнуўся і сам Кароль Зань. Застаўшыся цяпер без сваіх уладанняў (да яго страт, вядома ж, прычыніўся ягоны актыўны ўдзел у «касцюшкаўскай інсурганцыі»), ён мусіў шукаць работу ў заможных гаспадароў. Былы паўстанец уладкоўваецца аканомам у адстаўнога палкоўніка польскіх войск Трэмбіцкага ў недалёкім маёнтку Вязынь.
Тут, у Вязыні, і прайшло маленства Тамаша, тут браў ён «навуку жыцця», тут у дзяка Аляшкевіча пачаў вучыцца грамаце. Адсюль маці адвозіць потым малога да сваіх бацькоў у мястэчка Узду, дзе ўладкоўвае яго ў парафіяльную школу. Пасля смерці дзеда Тамаш разам з бабуляй ізноў вярнуўся да сваіх бацькоў у Вязынь. Цяпер хлапчук працягвае вучобу ў гувернёра Калантая ў суседняй Слабадзе (вучыцца разам з дзецьмі нейкіх Мікуцкіх). Праз некалькі месяцаў, у 1807 годзе, яго разам з малодшым братам Ігнасем пасылаюць у Мінск, у гімназію.
З усіх названых Занавых мясцін мне, на жаль, не ўдалося пабываць у Селішчы, Вязыні і Слабадзе — вёсках былога Вілейскага павета. Узду ж хоць і даводзілася наведваць, але яшчэ да таго, як я зацікавіўся філаматамі і канкрэтна Тамашам Занам. Ці засталіся там якія сляды, якія памяткі ад «архіпрамяністага»? Ці ведаюць там мінулае сваёй мясцовасці?
Зрэшты, а як мы, мінчане, ведаем сваю сталіцу? Дзе, напрыклад, была тая Мінская гімназія, у якой вучыўся Тамаш Зан? Ды і ці толькі Зан?
Мне захацелася хоць што-небудзь даведацца пра яе. Зацікавіўшыся гэтай даўняй навучальнай установай Мінска, я спачатку кінуўся да энцыклапедычнага даведніка «Мінск — горад-герой», выдадзенага ў 1976 годзе: дзе ж, калі не тут, шукаць звесткі пра Мінскую гімназію? Але дарэмна: толькі згадка, што яна была — і не болей. Не знайшоў я асобнага артыкула пра яе і ў «Беларускай савецкай энцыклапедыі», і ў «Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі». Толькі мільганулася назва Мінскай гімназіі і ў таўшчэзнай «Гісторыі Мінска» 1967 года, дзе багацейшая шматвяковая гісторыя старажытнага горада згубілася ў безлічы пустазвонных рэляцыі! пра «трыумфальнае шэсце Вялікага Кастрычніка па беларускай зямлі» і ператварэнне Мінска ў «квітнеючы індустрыяльны цэнтр рэспублікі». Нават у «фундаментальных працах» навукова-даследчага Інстытута педагогікі БССР «Нарысы гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі» (1968) і «Асвета і педагагічная думка ў Беларусі са старажытных часоў да 1917 года» (1985) пра Мінскую гімназію сказана толькі мімаходзь. З гэтай «багатай» літаратуры я нават не змог зразумець, дзе ж знаходзілася Мінская гімназія. Я ўжо быў упэўнены, што ад яе і следу даўно не засталося, раз пра гэта маўчаць такія паважаныя выданні. Але мне хацелася знайсці хоць прыблізнае яе месца. Я распытваў пра яе гісторыкаў, краязнаўцаў. Яны толькі паціскалі плячыма. Памаглі мне дзве кнігі — «Рэха даўняга часу» Зянона Пазняка і «Площадь Свободы» Уладзіміра Дзянісава. З іх я даведаўся, што Мінская гімназія месцілася ў будынку былога базыльянскага кляштара, які, хай і ў змененым выглядзе, захаваўся да нашага часу. А будынак той не што іншае, як стары Дом прафсаюзаў на плошчы Свабоды, у якім я бываў многа разоў! Як той казаў — знайшоў сякеру пад лаўкай! Што ж, гэта яшчэ раз гаворыць, як ведаем мы свой горад.
І вось я сабраўся на экскурсію да плошчы Свабоды, дзе хадзіў дагэтуль тысячы разоў. Але цяпер ішоў сюды спецыяльна, каб ужо другімі вачамі агледзець гістарычнае месца Мінска, якое некалі мела назву Верхні (або Высокі) рынак, а пазней — Саборная плошча і толькі ў савецкі час — плошча Свабоды (хоць свабодай тут, здаецца, ніколі і не пахла).
Пачынаю сваю экскурсію ад ГУМа. На плошчы прыпыняюся каля аднаго са старых будынкаў — вельмі пагляднага шматпавярховага дома з мемарыяльнай дошкай у гонар кіраўніка дзекабрысцкіх арганізацый Мікіты Мураўёва, які бываў тут у 1821-1822 гадах. Бываў у мінскага губернатара, чыё ведамства тут месцілася, і ў губернскай бібліятэцы, дзе ён працаваў над першым, мінскім варыянтам вядомай канстытуцыі дзекабрыстаў. А яшчэ раней гэта быў будынак езуіцкай школы, якая ўваходзіла ў комплекс кляштара езуітаў. Асобныя пабудовы комплексу, хоць і ў змененым выглядзе, захаваліся да сённяшняга дня. Але пра іх — хоць бы які надпіс! І мы, мінчане, нават не здагадваемся, якія помнікі мінуўшчыны вакол нас. Я прайшоў — туды і назад — па вуліцы Рэвалюцыйнай (былой Койданаўскай), якая падыходзіць да плошчы. Вузенькая, уся са старых, своеасаблівай архітэктуры дамоў, з якіх ні адзін не падобны на іншы, з арачнымі ўездамі ў зацішныя дворыкі, з фігурнымі вокнамі — сапраўдны прытулак вякоў. На вуглу Рэвалюцыйнай і плошчы Свабоды можна ўбачыць і дом, у якім месціўся вядомы Інбелкульт — Інстытут беларускай культуры, на базе якога ўзнікла ў 1928 годзе Акадэмія навук БССР. Тут жа, пры Інбелкульце, працавала і Цэнтральнае бюро краязнаўства, выходзіў часопіс «Наш край». Але зноў вы дарэмна будзеце шукаць пра гэта хоць якога-небудзь напамінку. Хаця што тут здзяўляцца: гэта ж было «гняздо нацдэмаў», якімі шчодра запаўняліся раскіданыя па неабдымных прасторах «Союза свободных советских республик» незлічоныя астравы Архіпелага Гулага і ямы шматлікіх Курапатаў.
На другім баку вуліцы кожнаму кідаецца ў вочы шматаконны дом з мемарыяльнай дошкай нямецкаму антыфашысту Фрыцу Шменкелю. Гэта — адзін з будынкаў былога гасціннага двара, колішні купецкі клуб. За пабудовамі гасціннага двара мяне сустракае велічны гмах кафедральнага сабора, даўняга кляштара бернардзінак. Гэта сюды ў бурлівыя 1863-1864 гады кідалі зняволеных паўстанцаў, сярод якіх была і дачка Вікенція Дуніна-Марцінкевіча — Каміла; Агінаю магутныя векавыя сцены сабора і пераходжу на другі бок вузенькай вуліцы імя Кірыла і Мяфодзія (нядаўняй вуліцы імя Бакуніна), дзе перада мною ўстае не менш велічны храм — былы кляштар бернардзінцаў. Добра ўсё ж пахадзіць вось так, без спешкі паміж гэтых старых муроў, што шчасліва выстаялі ў спусташальных віхурах найкрывавых часоў. Тут жа нібы сама вечнасць размаўляе з табой.
Каб не прапусціць якіх памятак Саборнай плошчы (якраз так хочацца яе называць сёння), я абыходжу ўвесь тыльны бок яе ўсходняй часткі. Але паколькі там вядзецца нейкае будаўніцтва (спадзяюся, яно звязана з рэстаўрацыяй старога цэнтра горада), я спускаюся да ўзбярэжжа Свіслачы і, мінаючы «Журавінку», ступаю на вуліцу Інтэрнацыянальную, падымаюся па ёй уверх, ізноў на Саборную плошчу, толькі ўжо з другога боку. Злева, на Цэнтральнай плошчы, дзе яшчэ за маёй памяццю маячыла гіганцкая постаць «бацькі ўсіх народаў», будуецца ізноў нешта агромністае, нешта архісучаснае, што адсюль засланяе ўсю плошчу, а адтуль, з боку Ленінскага праспекта, вядома ж, гэтую ціхую, забытую мінчанамі старую вулачку, з цэлым шэрагам даўніх, не нашага стагоддзя, дамоў. Тут, на гэтым адрэзку Інтэрнацыянальнай вуліцы, таксама нямала цікавых помнікаў, звязаных з гісторыяй нашай культуры. Напрыклад, будынак першай публічнай гарадской бібліятэкі, якая была названа імем А. С. Пушкіна. А ў глыбіні двароў я пазнаю не раз бачаны на фотаздымках у друку даўгі аднапавярховы дом выдатнага беларускага мастака XIX стагоддзя Валенцін Ваньковіча, які быў знаёмы з Аляксандрам Пушкіным, Адамам Міцкевічам, Францішкам Малеўскім, маляваў іх партрэты. Можна толькі падзівіцца, што мы дасюль яшчэ не зрабілі тут музей, дзе кожны з нас мог бы палюбавацца выдатнымі палотнамі славутага мінчаніна, даведацца пра долю мастака. Тое ж самае трэба сказаць і адносна выдатнага кампазітара Беларусі XIX стагоддзя Станіслава Манюшкі, які ў 30-х гадах жыў вунь у тым трохпавярховым доме — вугал Інтэрнацыянальнай і Энгельса. І для яго таксама даўно просіцца тут музей. Але мы не толькі музеі не стварылі гэтым слаўным сынам Беларусі, а нават не дадумаліся прымацаваць на сценах іх дамоў хоць мемарыяльныя табліцы ці якія памятныя знакі.
Апошні перад плошчай будынак на вуліцы Інтэрнацыянальнай — і ёсць Дом прафсаюзаў, адзін з карпусоў колішняга кляштара базыльянаў, дзе і месцілася Мінская гімназія. Вось і фасадны бок будынка, простага, строгага — як і належыць сапраўднаму кляштару.
Непадалёк ад дзвярэй бачу на сцяне аж дзве мема рыяльныя табліцы, якіх раней не заўважаў. Адна з іх урачыста абвяшчае пра «архіважную падзею» ў гісторыі Мінска — чарговае выступленне «усесаюзнага старасты». Каля яе я ўбачыў шчуплага, сярэдніх гадоў чалавека ў паношанай куртцы — ён чытаў надпіс на той табліцы. Калі я таксама супыніўся тут, ён павярнуўся да мяне:
— Я ўжо, мусіць, дзесяць такіх во пліт бачыў. Ну й што з таго, што ён некалі выступаў тут? Нашто нам ведаць пра кожны іхні чых?
Гэта быў шафёр нейкага прыгараднага саўгаса. Яго грузавая машына стаяла тут на пляцоўцы: чалавек чакаў дырэктара саўгаса, які недзе забавіўся ў горадзе.
Я цалкам згадзіўся з шафёрам: гэтакімі плітамі, шматлікімі бронзавымі ці гранітнымі ідаламі сваіх правадыроў, іх «вялікімі» імёнамі, якімі па сёння засмечаны назвы вуліц усіх гарадоў і пасёлкаў, назвы саміх гэтых гарадоў і пасёлкаў, усякіх устаноў і прадпрыемстваў, «самая перадавая ў свеце» партыя, узурпіраваўшы ўладу, засланяла ад народа ўсю яго многавекавую гісторыю, хавала Праўду.
Другая табліца, здаецца, навейшая, прымацаваная трохі далей ад дзвярэй, была для мяне проста добрым сюрпрызам: яна ж ушаноўвала якраз тую самую Мінскую гімназію, якую я спярша збіраўся шукаць немаведама дзе!
Выбітыя на табліцы словы паведамлялі пра тое, што ў гэтым будынку ў 1803 годзе была адкрыта Мінская гімназія. Потым ішоў пералік тых славутых людзей, якія ў ёй вучыліся. Пачынаўся пералік якраз з Тамаша Зана. За ім значыліся такія знакамітыя імёны, як Яўстах Тышкевіч (беларускі вучоны-краязнавец, адзін з заснавальнікаў беларускай археалогіі; быў ганаровым членам Пецярбургскай і Стакгольмскай акадэмій навук, Лонданскага археалагічнага інстытута), Станіслаў Манюшка (беларуска-польскі кампазітар, дырыжор і педагог), Уладзімір Спасовіч (публіцыст, літаратуразнавец і грамадскі дзеяч; быў прафесарам крымінальнага права Пецярбургскага універсітэта; прататып адваката Фецюковіча ў рамане Ф. Дастаеўскага «Браты Карамазавы), Бенядзікт Дыбоўскі (заолаг, прыродазнавец, публіцыст; быў прафесарам Варшаўскага універсітэта; удзельнік паўстання 1863-1864 гадоў; вывучаў гісторыю і этнаграфію Беларусі), Аляксандр Ельскі (беларускі пісьменнік і краязнавец; быў членам Акадэміі ведаў у Кракаве, аўтар каля Ю тысяч артыкулаў пра гарады і вёскі Беларусі ў «Геаграфічным слоўніку каралеўства Польскага і іншых краёў славянскіх»), Антон Трусаў (беларускі рэвалюцыянер-дэмакрат, адзін з кіраўнікоў паўстання 1863-1864 гадоў на Беларусі; быў адным з арганізатараў Рускай секцыі 1-га Інтэрнацыянала, перапісваўся з К. Марксам), Іван Гольц-Мілер (рускі паэт-рэвалюцыянер, аўтар папулярнай рэвалюцыйнай песні «Слухай»), Янка Лучына (беларускі паэт-дэмакрат), Мікалай Мінскі (рускі паэт), Эдуард Пякарскі (вучоны і рэвалюцыянер, аўтар «Слоўніка якуцкай мовы»; быў ганаровым акадэмікам АН СССР), Ядвігін Ш. (беларускі пісьменнік) і, як адзначалася на табліцы, «іншыя вядомыя дзеячы літаратуры, мастацтва, навукі, вызваленчага руху супроць царызму».
Прыемна было ўсведамляць, што нехта ж паклапаціўся пра такое вельмі разумнае ўшанаванне Мінскай гімназіі, адзначыўшы сапраўды выдатных людзей, якія тут вучыліся.
Мне цяжка было ўстрымацца, каб не зайсці ўсярэдзіну будынка. Сапраўды, духам даўніны павеяла ад старых сцен, ад даўнейшай, багата аздобленай трывалай лесвіцы, ад скляпеністай столі, таямнічых нішаў, даўгіх калідораў з усялякімі пераходамі, ад унутранага дворыка, што добра праглядваецца з калідорных вокан. Тут, па гэтых во калідорах, і бегалі калісьці гімназісты, поўнячы дом гоманам і шумам.
Мінская гімназія ўтварылася не на пустым месцы — на базе Мінскай губернскай школы, першапачатковая гісторыя якой сягае аж у XVII стагоддзе, калі тут актывізаваліся езуіты.
У часы Тамаша Зана Мінская гімназія налічвала дзвесце з лішнім навучэнцаў. Гэта была сямікласная навучальная ўстанова. У першых двух класах студэнты (так называлі гімназістаў) вывучалі польскую і лацінскую граматыкі, арыфметыку, «пачаткі» геаграфіі, вучыліся таксама каліграфіі, атрымлівалі ўрокі маральнасці. У кожным з двух класаў быў свой настаўнік. З трэцяга класа кожны прадмет выкладаўся асобным настаўнікам. У старэйшых пяці класах праходзілі польскую літаратуру, рымскую літаратуру, гісторыю, геаграфію, лацінскую і грэчаскую мовы,, гісторыю права, фізіку, матэматыку, хімію, заалогію, батаніку, аграномію, маляванне. Замежныя мовы — нямецкая і французская — былі не абавязковыя, вывучаліся па жаданні студэнтаў. Да замежных адносілі і рускую мову.
Настаўнікам першага класа быў Міхал Галаўня, які вучыў дзяцей у мінскіх школах з 1788 года. У сваіх «Мемуарных нататках», напісаных у 1850 годзе па просьбе вядомага беларускага вучонага-краязнаўца Канстанціна Тышкевіча, Тамаш Зан казаў пра свайго настаўніка як пра «нешта пачцівае, набожнае і гарбатае» і адзначаў, што ён быццам бы набыў свае веды, плаваючы па Нёмане, Дзвіне і Прыляці на віцінах ды стругах. У другім класе Тамаша вучыў Ян Пілецкі — «даўганосая скамянеласць», якая ажыўлялася толькі пры чытанні «Граматыкі» Катынскага. Пра гэтую «Граматыку польскай мовы» варта сказаць колькі слоў асобна. Яна вучыла не толькі грамаце, але і выхоўвала дзяцей у польскім патрыятычным духу, для чаго там былі падабраны найбольш яркія ў гэтым плане ўрыўкі з твораў польскіх пісьменнікаў. Аб сіле ўздзеяння «Граматыкі» Катынскага на моладзь сведчыць той факт, што на працэсе над філаматамі і філарэтамі ўлады разам з прафесарамі і студэнтамі Віленскага універсітэта абвінавачвалі ў пашырэнні польскага патрыятызму і яе, граматыку, якая падлягала цяпер забароне.
Тамашу Зану запомніліся таксама многія настаўнікі-прадметнікі. Польскую літаратуру, напрыклад, вёў экс-езуіт Феліцыян Міхалоўскі, які сам любіў свой прадмет і перадаваў гэтую любоў вучням. Гісторыю права выкладаў памочнік дырэктара гімназіі Ян Лапінкевіч, фізіку — Ігнат Абламовіч, латынь і грэчаскую мову — Кароль Тгыль, матэматыку — Ян Сухецкі, маляванне — Ігнат Брушкевіч. Гімназійным капелянам быў Ян Жылінскі, які імкнуўся абуджаць у дзяцей польскі патрыятызм. Нямецкую мову і літаратуру выкладаў вельмі дасведчаны і паважаны ўсімі настаўнік Готліб Стэнзлер, але нават яго лекцыі з усёй гімназіі наведвала, напрыклад, у 1808 годзе ўсяго 13 чалавек. Французскай мове ў гімназіі не пашанцавала, бо яе выкладаў зусім не падрыхтаваны стары француз Джон Підо. Што ж да рускай мовы, то яе вёў да 1809 года былы вайсковец Андрэй Захарэўскі з Магілёўшчыны, на лекцыі якога збіраліся хіба што пасваволіць ды пасмяяцца. Як згадвае Тамаш Зан, ён уночы весяліўся «пры пуншы і гуслях», а ўдзень спаў «у мундзіры і ў хустцы, каб заўсёды быць гатовым да лекцыі». Ён нібы знарок вучыў дзяцей непрыязнасці да рускай мовы, выкладаў яе абы-як, больш рабіў выгляд, што выкладае. Дзецям ён казаў так: «Дело не делать, от дела не бегать». Запомніўся Зану і такі «дыялог» у класе: «Господин учитель, голова болит». — «Ну, так иди домой: префект не придет — твое счастье, придет — скажу: бежал». Вядома, за такую прамату, за вясёласць, і бесшабашнасць дзеці не маглі не любіць Захарэўскага. Студэнты нешта карыснае і ўзялі ад яго. Цікава, што Зан праз сорак з лішнім гадоў успомніў, як ён, Андрэй Захарэўскі, расказваў студэнтам пра Баву-каралевіча, пра жар-птушку і іншыя рускія народныя казкі. У 1809 годзе гэты настаўнік усё ж быў звольнены, а яго месца заняў Ян Астраумаў, чалавек бязвольны, няздатны да выкладчыцкай працы. Былі выпадкі, што студэнты нават білі яго.
Важным момантам навучання ў Мінскай гімназіі было тое, што яна імкнулася даць выхаванцам як мага болей практычных ведаў, асабліва звязаных з гаспадараннем на зямлі.
Тамаш Зан вучыўся добра, ён належаў да найбольш здатных вучняў. Вось яго адзнакі, пастаўленыя, відавочна, настаўнікам аднаго з першых класаў: «Тамаш, сын Кароля, Зань з Вілейскага павета, католік, гадоў Ю. Здароўе — добра, уважлівасць — добра, латынь — добра, маральнасць — добра, геаграфія — добра, арыфметыка — добра, фармаванне характару — добра». У старэйшых класах Тамаша Зана асабліва адзначалі за добрае веданне матэматыкі, фізікі, за поспехі ў маляванні.
Актыўны ўдзел браў Тамаш Зан і ва ўсіх студэнцкіх зборах і забавах. З трэцяга класа навучэнцы ўтваралі сваё вучнёўскае кіраўніцтва, свае суды. Як відаць, у Мінскай гімназіі і набыў Тамаш Зан першы вопыт самастойных студэнцкіх згуртаванняў.
Вядома ж, шмат дало Тамашу Зану для агульнага развіцця і тагачаснае грамадскае жыццё Мінска. Перш за ўсё студэнты не маглі не наведваць прадстаўленні Мінскага тэатра, які месціўся ў тым жа будынку, што і гімназія. А па-за сценамі гімназіі, тут жа, на Высокім рынку, які з XVII стагоддзя зрабіўся адміністрацыйным, гандлёвым і культурным цэнтрам Мінска, можна было ўбачыць прадстаўленні батлейкі, вандроўных скамарохаў, дрэсіраваных смаргонскіх мядзведзяў, розныя шэсці, абходзіны рэлігійных свят. Асобныя вобразы з тагачаснага побыту мінчан запомніліся Зану назаўсёды: «Яўрэйка з абаранкамі, немец з грэцкімі піражкамі, званар-езуіт, вар'ят Янка, смаргонскія мядзведзі, гукі царкоўнага звона, сад Карнеева, Залатая Горка і Кальварыя, архірэй Пацёмкін — вакол усяго гэтага і круціліся думкі мінскіх дзяцей да 1812 года».
Як бачым, тут згадваецца і немец з грэцкімі піражкамі, вобраз якога вывеў потым Тамаш Зан у сваёй камедыі «Грэцкія піражкі».
Тут, у Мінскай гімназіі, робіць Тамаш Зан і свае першыя спробы ў паэзіі. Як прыгадвае ён сам, настаўнік Брадоўскі, навучаючы дзяцей правільна выкладаць свае думкі, загадваў ім перарабляць вершы Нарушэвіча і Красіцкага на прозу, а прозу, казкі — на вершы. Тамаш Зан на аснове пачутай ад бабкі Далеўскай беларускай народнай казкі пра курку і знесенае ёю залатое яйка напісаў даволі вялікі верш, здзівіўшы ім і вучняў, і настаўнікаў.
Самымі блізкімі сябрамі Тамаша Зана ў Мінскай гімназіі былі браты Верашчакі з Наваградчыны — Міхал і Юзаф. Асабліва моцна падружыўся ён з дабрадушным і таварыскім Міхалам. Іхняя дружба цягнулася ўсё жыццё. Дзякуючы ёй Тамаш Зан пазнаёміўся і пасябраваў потым з сястрой Верашчакаў Марыляй: у час навучання ў Віленскім універсітэце ён быў частым госцем у іх маёнтках — у Туганавічах і Плужынах. Якраз праз Тамаша Зана ўведаў Марылю і Адам Міцкевіч. Цікавая ўзнікае тут думка: гэта ж калі б не было Мінскай гімназіі, якая звяла Верашчакаў і Зана, Адам Міцкевіч, пэўне ж, ніколі не ведаў бы нават пра існаванне Марылі, а значыць, не было б якраз гэтага яго вялікага кахання да яе, а тады, у сваю чаргу, не было б ні «Дзядоў», ні «Пана Тадэвуша», ні мноства выдатных міцкевічаўскіх балад, санетаў, вершаў, на якія натхніла паэта яго каханая, інакш кажучы, не было б вялікага паэта сусветнага значэння, не было б Адама Міцкевіча! Вось што такое яго вялікасць Выпадак! Ці, можа, — Збег Акалічнасцей? А мо ўсё гэта называецца проста — Наканаванне?
І на завяршэнне — думкі, на якія наводзіць знаёмства з навучаннем у Мінскай гімназіі. Гэта была тыповая на Беларусі навучальная ўстанова. На яе прыкладзе можна бачыць наогул характар асветы на беларускіх землях у пачатку XIX стагоддзя. Як Мінская гімназія, так гімназіі і іншыя навучальныя ўстановы ў беларускіх гарадах, мястэчках, сёлах былі польскія. Выкладанне ўсіх прадметаў вялося на польскай мове, усе настаўнікі павінны былі выхоўваць у дзяцей польскі патрыятызм, даводзіць, што яны — палякі, а ўсе беларускія правінцыі — неад'емная частка Польшчы.
Гэта была сапраўдная польская экспансія на Беларусі, яе «ціхая» заваёва, пра якую нашы гісторыкі гавораць чамусьці — мо з нашай традыцыйнай беларускай далікатнасці? — напаўголасу. Пачалася яна, зрэшты, многа стагоддзяў назад, з аб'яднання Вялікага княства Літоўскага і Польшчы ў 1385 годзе, калі палякі ў выніку Крэўскай уніі пасадзілі на свой трон вялікага князя літоўскага Ягайлу. З гэтага часу пры дапамозе каталіцызму польскія феадалы павялі паступовую, але няўхільную паланізацыю Беларусі, вынікам якой стала амаль поўнае апалячванне к XIX стагоддзю верхніх, найбольш адукаваных слаёў беларускага грамадства. Гэтая вялікая нацыяналь ная трагедыя павяла за сабой такія страты ў культуры, якія нам ніколі не ўдасца нават падлічыць.
Здавалася б, з канца XVIII стагоддзя, калі Беларусь была адарвана ад Польшчы і далучана да Расіі, працэс паланізацыі будзе спынены. Але атрымалася якраз наадварот. Цар Аляксандр І, імкнучыся задобрыць польскую грамадскасць, даў палякам самыя шырокія правы ў Беларусі, на якую ў Расіі глядзелі як на частку Польшчы. Палякі ж са стратай сваёй дзяржаўнасці прыкладалі ў гэты час усе намаганні для згуртавання гвалтоўна падзеленай на часткі нацыі. Важнейшым сродкам такога згуртавання была асвета. У Беларусі кіраваць ёю цар даручыў свайму прыбліжанаму, польскаму магнату Адаму Чартарыйскаму. «Няма чаго казаць, — успамінаў потым А. Чартарыйскі, — што я выкарыстаў добрыя да мяне адносіны цара і скіраваў галоўную ўвагу на грамадскую адукацыю, якой з гэтага часу надаў нацыянальны характар... Віленскі універсітэт цалкам зрабіўся польскім; я запрасіў туды лепшых вучоных з маіх суайчыннікаў і некаторых вядомых вучоных з іншаземцаў... На працягу далейшых гадоў уся паверхня Польшчы (тут перш за ўсё маецца на ўвазе Беларусь, Літва, частка Украіны, дзе распаўсюджвалася яго «папячыцельства») пакрылася школамі, у якіх дадзена была поўная свабода развівацца польскасці». Ян Снядэцкі, рэктар Віленскага універсітэта ў 1807-1815 гадах, навучальнай установы, на якую была ўскладзена арганізацыя асветы на Беларусі, загадваючы інспектарам школ звяртаць галоўную ўвагу на вывучэнне там польскай мовы, даводзіў ім, што «гэта неабходна для таго, каб вучні перасталі быць чужаземцамі на сваёй зямлі і каб пры дапамозе вывучэння польскай мовы станавіліся сапраўднымі сынамі айчыны». Інакш кажучы, каб беларусы на сваёй, беларускай зямлі станавіліся палякамі — усё шыварат-навыварат! Трэба з сумам канстатаваць, што паланізатарам Беларусі ўдалося зрабіць тут шмат.
Вучыцца далей у Мінскай гімназіі перашкодзіла Тамашу Зану хвароба. Таму бацькі вырашылі забраць яго разам з братам Ігнасем дамоў. А «домам» іхнім стаў цяпер фальварак Выверы, які бацькі ўзялі ў арэнду.
Выверы былі селішчам Заняў аж да 1819 года, пакуль уладальнікі фальварка Юшынскія не прадалі' яго Міхалу Агінскаму. Тут прайшлі самыя яркія дзіцячыя і юнацкія гады Тамаша Зана. У зборніку «Перапіска філаматаў» у пяці тамах вельмі часта мільгае гэтая назва, праўда, трохі перайначаная — Іверы: сюды, да бацькоў, ляцелі з Вільні многія лісты Тамаша Зана, сюды прыяздлсаў ён сам на канікулы, тут любіў блукаць па ваколіцах.
І вось мы ідзём з Генадзем Каханоўскім у Выверы. Чорнае, нядаўна ўзаранае поле непадалёк ад дарогі, вясёлы гурт маладых фарсух-бярозак у вабнай зялёнай даліне, сіняя палоска лесу каля небакраю. Занавы ваколіцы.
Спачатку мы завіталі ў школу. Там даведаліся, што на месцы былога фальварка жыве цяпер сама завуч школы Соф'я Васільеўна Галюк з сям'ёй. Доўга не думаючы, пайшлі шукаць яе двор.
У агародзе перад домам адразу ўбачылі пажылую жанчыну. Гэта была маці Соф'і Васільеўны Марыя Іванаўна Акуліцкая. Сустрэла яна нас з насцярожанасцю. Але калі расказалі ёй, хто мы і чаго завіталі, яна з ахвотай пачала ўспамінаць пра былую панскую сядзібу. Убачыўшы нас, падышоў к плоту з суседняга двара немалады, са здаровым сялянскім загарам чалавек, які назваўся Уладзімірам Захаравічам Акуліцкім.
Ад іх мы даведаліся, што якраз абодва іхнія двары і займаюць былую панскую сядзібу. Больш таго, Уладзімір Захаравіч нават жыве ў доме тых паноў. Дом драўляны, з трох бакоў ашаляваны. Толькі адна сцяна, якая падыходзіць амаль да плота, што падзяляе абодва двары, не ашалявана, з пачарнелага ўжо ад вятроў і часу і патрэсканага бярвення. Толькі дом здаўся мне нейкім залішне кароткім. Я папытаўся ў гаспадара, чаму ён такі.
— Правільна, ён быў даўжэйшы.
І гаспадар расказаў нам незвычайную гісторыю дома. Некалі панскую сядзібу з домам купіў яго дзед Паўлюк. Для гэтага трэба было залазіць у пазыку. Каб выплаціць яе, мусіў працаваць да сёмага поту. Душыліся нішчымніцай, хадзілі босыя — усё ішло на выплату. З горам папалам пазыку адолелі. А пасля смерці дзеда сядзіба была падзелена паміж яго сынамі. Але выявілася, што частка панскага дома, які дастаўся бацьку Уладзіміра Захарэвіча, заходзіла на зямлю брата. Невялікі лапік, але ж — зямля! Яна была даражэй за ўсё. Ніхто не ведае, якія там былі спрэчкі, але бацьку Уладзіміра Захаравіча давялося... адразаць ці не палову дома, каб вызваліць зямлю брата: у другім месцы ён чамусьці браць зямлю не захацеў. Да адрэзанага дома прыладзілі новую сцяну: яе, мабыць, таму і не шалявалі, што была ўсё ж навейшая, больш наглядная.
Не менш драматычная метамарфоза адбылася і з панскім склепам — «дворнай лядоўняй», якая дасталася другому брату, мужу Марыі Іванаўны. Склеп быў вялікі, ладны, над ім высілася шыкоўная драўляная надбудова, з нямецкім вуглом. Пэўна, стаяла б яна і сёння, калі б не калектывізацыя. Гаспадар Марыі Іванаўны ў калгас ісці не захацеў, намерыўся трымацца да апошняга. Але Саветы ўжо мелі вялікі вопыт «заахвочвання» сялян уступаць у калгасы. Гэты вопыт яны з поспехам скарыстоўвалі і тут, у Заходняй Беларусі. Адзін з выпрабаваных спосабаў такога «заахвочвання» — душыць непакорлівых драконаўскімі падаткамі. Гаспадар Марыі Іванаўны павінен быў выплаціць дзяржаве — ні многа ні мала — шэсць тысяч рублёў! Гэты падатак называлі чамусьці «кульзборам». Выплачваючы той «кульзбор», Акуліцкія прадавалі ўсё, што толькі маглі. Сала, дамашнія рэчы — усё ішло ў падатак. Якраз тады давялося ім прадаць і тую драўляную надбудову над склепам. Аголены склеп гаспадар вымушаны быў проста абляпіць зверху глінай.
Гэты «кульзбор», дарэчы, Акуліцкім удалося такім чынам выплаціць. Але рабілі гэта дарэмна: улады тут жа абклалі іх гаспадарку новым «кульзборам», ізноў трэба было плаціць такія ж самыя шэсць тысяч рублёў! Але другую шкуру здзіраць ужо не было з чаго, і Марыя Іванаўна мусіла ісці на паклон Кісялю («Такі быў маленькі чалавечак») — прасіцца ў калгас, які ён узначальваў.
— Ці не яго прозвішча значыцца на помніку насупраць школы? — папытаўся я.
— Яго, чыё ж яшчэ.
На гэтым помніку мы адразу запынілі свае вочы, калі заходзілі ў школу. Стаіць ён на самым відным, ганаровым месцы. Такі пампезны, з граніту. На ім выбіты імёны камунараў 1918 года. Яны, як пішацца ў «Зборы помнікаў гісторыі і культуры Беларусі», «збіралі ўраджай у нацыяналізаваных маёнтках Тучына, Ізабеліна, Лешна, здавалі яго Чырвонай Арміі». Калі пасля вайны сагналі тут людзей у калгас, стар шынёй яго прызначылі, вядома ж, аднаго з тых «камунараў» — Паўла Кісяля.
Але хоць імя старшыні і ўвекавечана на граніце, мы ніводнага добрага слова ў Выверах пра яго не пачулі. Надта ж шчыраваў у тых нацыяналізацыях-калектывізацыях. Да таго ж быў ён малаадукаваны, амаль непісьменны. Калі трэба было нешта напісаць, ён рабіў безліч памылак. З яго смяяліся, што замест таго каб напісаць «насыпаў» (напрыклад, скрыню бульбы), ён пісаў — «насікаў». Дапрасіцца ў яго чаго-небудзь, хаця б якога каня, каб што прывезці, таксама было не проста. Але, як нам расказвалі, «калі паўлітра паставіш, то дасць, што просіш».
І вось пад «мудрае кіраўніцтва» гэтага «чалавечка» і давялося ісці Марыі Іванаўне са сваім гаспадаром і дзецьмі.
Дворная лядоўня і дасюль стаіць аблепленая глінай. Затое амаль нічога не змянілася ўсярэдзіне склепа, куды завяла нас гаспадыня, каб паказаць. Склеп вялікі, прасторны, з тоўстымі мураванымі сценамі і столлю — рабіўся на вякі.
Ад панскай сядзібы засталася яшчэ закінутая, забруджаная, нікому цяпер непатрэбная сажалка за дарогай. Ну, і роўны шнур старых, пазгінаных у тры пагібелі карабатых вербаў паўз дарогу, што, як расказала Марыя Іванаўна, «вядзе праз пуць на гасцінец». Той гасцінец, якім некалі прыязджаў сюды з Вільні Тамаш Зан і якому пастаўлены ў Мясаце помнік.
Пазнаёміліся мы збольшага і з самой вёскай Выверы. Вёска даволі вялікая, у ёй многа новых, цагляных дамоў. А ў час, калі тут распрадавалі зямлю, як расказаў нам былы калгасны брыгадзір Аляксей Мікалаевіч Раманоўскі, было ўсяго адзінац цаць хат. Цікава, што гэтую ж лічбу падае і згаданы «Геаграфічны слоўнік...», адпаведны том якога выйшаў у 1893 годзе. Выходзіць, якраз недзе перад гэтым годам і распрадавалася тут зямля, на якой і ўзнікла тады вёска. Значыць, у першай палове XIX стагоддзя тут быў толькі фальварак. Сяляне ж жылі тады ў Раеўшчыне, якая амаль прымыкае да Вывераў.
У Раеўшчыну мы заязджалі на «Масквічы» Кастуся Харашэвіча. Кастусь суняў тады машыну каля чародкі цяністых таполяў ды вербаў, за мастком праз нейкую рачулку, здаецца, Крыніцу.
— Паглядзіце, якія тут магутныя дрэвы! — паказаў ён па ходу той рачулкі, што гублялася ў кустоўі. — Гэта ўсё, што засталося ад даўнейшага вялікага парку.
Кастусь расказаў, што яшчэ нядаўна хадзіў ён зарослымі дарожкамі гэтага парку, любуючыся велічнымі клёнамі ды ліпамі, а таксама піхтамі і шмат якімі яшчэ рэдкімі дрэвамі ды кустамі. На добры лад парк можна было б паднавіць, дагледзець. Сюды ж бегалі гуляць дзеці, хадзілі з кніжкамі школьнікі. Ды і даросламу чалавеку хіба ж пашкодзіла б краса? Але старшыня мясцовага калгаса «Усход» загадаў знесці, раскарчаваць парк. Гэта было якіх тры ці чатыры гады назад. Калі Кастусь падышоў тады да старшыні з пратэстамі, той толькі адмахнуўся ад яго, як ад назойлівай мухі:
— А, идите вы... Мне надо хлеб растить...
Цяпер усе мы ведаем, як ён і яму падобныя «растили» гэты хлеб. Ні хлеба, ні красы не маем мы сёння пасля іх гаспадарання на нашай зямлі.
Выверы былі зусім недалёка ад Маладзечна. Таму пасля выздараўлення Тамаша Зана бацькі паслалі яго разам з малодшымі Ігнасем і Сцяпанам давучвацца якраз сюды, у Маладзечна, у павятовую школу, якую толькі што перавялі з Бабруйска.
Знайшлі ў горадзе прыстойную кватэру, дзе разам з імі пасялілася і бабка Далеўская, каб глядзець хлопцаў. Кожную нядзелю яны спяшаліся да бацькоў у Выверы, куды часцей за ўсё ішлі пеша.
Павятовае вучылішча ў Маладзечне было чатырохкласнае, з двухгадовым курсам навучання ў двух старэйшых класах. Хаця тут выкладалася менш прадметаў, чым у Мінскай гімназіі (не было, напрыклад, логікі і будаўніцтва — прадметаў, якія ўваходзілі ў курс лекцый па матэматыцы, а таксама батанікі, грэчаскай і нямецкай моваў), але настаўнікі былі даволі падрыхтаваныя. Матэматыку і фізіку вёў магістр філасофіі Адам Юркоўскі, літаратуру і права — магістр філасофіі Ігнат Довят, граматыку — Мацей Нарушэвіч, гісторыю і святое пісьмо — Вінцэнт Шумскі, рускую мову і маляванне — Аляксей Зорка, французскую— Фердынанд Мілер... Адзін з настаўнікаў — Галаўня — перавёўся сюды з Мінскай гімназіі. Усіх іх Тамаш Зан успамінаў потым з удзячнасцю. Асобным настаўнікам ён не забываўся перадаваць у пісьмах з Віленскага універсітэта паклон.
Вялікі след у душы Тамаша Зана пакінула вайна 1812 года.
З паходам Напалеона на Расію беларуская шляхта звязвала вялікія надзеі на адраджэнне былой Рэчы Паспалітай, адной з састаўных частак якой было Вялікае княства Літоўскае. «Нягледзячы на нястомную дзейнасць Міхала Агінскага, — піша пра настроі спольшчанай беларускай шляхты Я. Івашкевіч у кнізе «Літва ў 1812 годзе» (1912), — нягледзячы на шырокую агітацыю за польска-расійскую садружнасць, немагчыма было схіліць польскую грамадскасць да ідэі аб еднасці з Расіяй. Вочы ўсіх былі скіраваны на Захад, на Напалеона, які быў для гэтых людзей паўбогам, ідэалам зямной сілы, прысланай з неба для адбудавання Польшчы, з'яднанай з Літвой». Энтузіязм, які ахапіў «літоўскую» шляхту з уступленнем французаў на беларускія землі, добра выказала «Газэта тымчасова міньска» ад 8 ліпеня 1812 года: «Непераможныя атрады вялікага Напалеона, цара французаў і італьянскага караля, сёння ўвайшлі ў наш Мінск. Гэты гістарычны дзень вызваліў нашу правінцыю з ярма няволі і вярнуў нас Айчыне». Па ўсёй Беларусі шляхта арганізоўвае свае ўзброеныя атрады, якія ўліваюцца ў «вялікую» армію Напалеона. На вайну супроць «маскаля» пад напалеонаўскія сцягі рвецца і чатырнаццацігадовы Тамаш Зан. Толькі бацька не дае яму здзейсніць гэты юначы парыў.
Але не прайшло і паўгода, як вялікі энтузіязм шляхты змяніўся не меншым расчараваннем: вялікая армія Напалеона бясслаўна кацілася назад, пакідаючы на сваім шляху безліч замёрзлых трупаў. Гэтую страшную карціну на свае вочы бачыў у Маладзечне і Выверах і Тамаш Зан, які надзвычай цяжка перанёс крах сваіх ілюзій. Тым не менш Напалеон застаўся для яго, як і для большасці шляхецкай моладзі, героем, сімвалам барацьбы з царскім абсалютызмам. І нездарма ж яго равеснікі і сябры Адам Міцкевіч і Ян Чачот, якія таксама з энтузіязмам сустракалі ў Наваградку армію французскага імператара, яшчэ ў 1819 годзе ў пісьмах адзін да аднаго дадавалі да сваіх імён і імя свайго куміра — Адам Напалеон, Ян Напалеон.
Пасля разгрому напалеонаўскай арміі ідэя вызвалення з-пад «маскоўскага ярма» не толькі не аслабела, але яшчэ больш узмацнілася ў асяроддзі вучняў Маладзечанскага павятовага вучылішча. Гэта добра праявілася, напрыклад, у вайсковых гульнях. Школьнікі падзяляліся на дзве «арміі»: рус кую—армію Марса, які ўвасабляў грубую сілу, і польскую — армію Апалона, бога любві. На чале арміі Марса быў Юзаф Сухоцкі, а арміі Апалона — Тамаш Зан, якога высока ставілі вучні за «мінскую вучонасць». Памочнікам Зана стаў яго сябар Леанард Ходзька, будучы сакратар кампазітара Міхала Агінскага.
Пра баявы настрой Тамаша Зана сведчаць і яго вучнёўскія творы, якія потым выкарыстала ў працэсе над філаматамі следчая камісія як доказ «непажаданага накірунку думак» і з якіх зрабіла вывад, што ён «яшчэ з дзяцінства, з павятовай маладзечанскай школы зневажаў урад і пісаў нядобранадзейныя вершы, а таксама стварыў там нейкае таварыства». Асабліва ўхапілася следчая камісія за напісаны ў 1815 годзе Занам «Марш для студэнтаў апалонаўскага войска», у якім быў прамы заклік рыхтавацца да вайны за вызваленне айчыны з-пад улады царскай Расіі, і яго невялічкую незакончаную камедыю «Сталасць у сяброўстве», якая таксама была напісана ў маладзечанскім вучылішчы ў 1813-1814 гадах і якая зноў жа была накіравана супроць царскага самадзяржаўя. Твор «Сталасць у сяброўстве», ад якога захаваліся толькі ўрыўкі, — выразна аўтабіяграфічны: у ім якраз апавядаецца пра моцнае сяброўства двух школьніках, адзін з якіх Слаўзан (тут адразу ўгадваецца Тамаш Зан) стварае вучнёўскі полк пад назвай Апалона, а другі — Ходзьслаў (Леанард Ходзька) становіцца яго баявым памочнікам. Цікавы ў творы маналог Свенталюба — яшчэ аднаго сябра Слаўзана. З маналога мы даведваемся, што Слаўзан любіць літаратуру, яго пакой запоўнены кнігамі, што ён ніколі не бывае хмуры, заўсёды вясёлы, з майстэрствам іграе на скрыпцы. У процілегласць яму Свенталюб ходзіць смутны, яго гняце жаль з прычыны заняпаду Польшчы, ён зайздросціць тым, хто лёг за яе ў бітвах, і вельмі шкадуе, Што цяпер нічым не можа ёй дапамагчы.
З характару школьных гульняў, з вучнёўскіх твораў можна ўявіць, які дух, які юначы запал нёс у 1815 годзе з Маладзечна ў Віленскі універсітэт семнаццацігадовы Тамаш Зан.
Будынак Маладзечанскага павятовага вучылішча, у якім у 1811-1815 гадах вучыўся кіраўнік віленскіх згуртаванняў моладзі, захаваўся па сённяшні дзень.
Сюды мяне прывёў у першы ж дзень нашай вандроўкі Генадзь Каханоўскі.
Толькі паглядзець даўнюю школу аказалася не проста: яна цяпер апынулася ў двары станкабудаўнічага завода. Быў якраз выхадны дзень, субота, і вахцёрка ў прахадной прапусціць нас туды адмовілася. Генадзь назваў сябе і мяне, папулярна расказаў, чаго нам трэба было прайсці ў заводскі двор, паказаў свой дакумент, але Жэня, як назвалася жанчына, і глянуць на той дакумент не захацела.
— Тады дайце нам тэлефон якога начальства, — папрасіў Генадзь.
— Можаце пазваніць дзяжурнаму па заводзе, — і Жэня прадыктавала нам яго тэлефон.
Але калі Генадзь, дазваніўшыся да дзяжурнага, перадаў Жэні трубку, жанчына пачала даводзіць яму, што па вуснаму дазволу яна прапусціць на завод чужых людзей не можа. Дамовіліся, што дзяжурны сам падыдзе да прахадной.
Хоць мы і спяшаліся на электрычку, давялося чакаць яго. Мы даволі доўга тапталіся ў прахадной, пакуль, нарэшце, не ўбачылі пажылога чалавека, які, накульгваючы на адну нагу, паволі, з прыпынкамі ішоў у наш бок.
Дзяжурнага па заводзе — галоўнае тут начальства ў выхадны дзень — звалі Міхаіл Антонавіч Шэжык. Стрымана паздароўкаўшыся з намі, ён, не спяшаючыся, зайшоў у будку вахцёра і строгім начальніцкім голасам папытаўся ў нас, хто мы і што нам трэба.
Генадзь падрабязна расказаў пра ўсё. Выявілася, што Міхаіл Антонавіч ведае яго, чытаў нават яго кніжку пра Маладзечна, тым не меней папрасіў дакумент. Калі Генадзь падаў яму той дакумент, Міхаіл Антонавіч пачаў паволі яго разглядваць, удакладняць нейкія там моманты. Толькі калі мы не вытрымалі і пачалі трохі жартам, трохі ўсур'ёз ушчуваць яго за такую цяганіну, Міхаіл Антонавіч, які рабіў гэта не з нейкай падазронасці, а з простай чалавечай цікаўнасці, прапусціў нас на завод і сам падахвоціўся паказаць будынак былой школы.
У поўным выглядзе даўнюю маладзечанскую навучальную ўстанову мы, на жаль, не змаглі ўбачыць. Яна была аблеплена з бакоў нейкімі прыбудовамі, заціснута паміж вытворчымі будынкамі. Да таго ж толькі работнікі завода маглі бачыць гэты помнік гісторыі і архітэктуры, пабудаваны ў 1762 годзе як кляштар антытрынітарыяў. Пра тое, што гэта не абы-які будынак, сведчыла мемарыяльная табліца, якая расказвала пра тое, што пазней тут была настаўніцкая семінарыя і што ў ёй вучыліся такія славутыя людзі; як беларускі паэт Міхась Чарот, удзельнік трох рэвалюцый генерал-маёр Л. А. Калядка, героі грамадзянскай вайны І. А. Біч, камбрыг П. М. Шаранговіч, вядомыя дзеячы рэвалюцыйнага і нацыянальнага руху Заходняй Беларусі Ф. І. Валынец, А. Р. Капуцкі, П. В. Мятла, С. А. Рак Міхайлоўскі, герой руска-турэцкай вайны (1877-1878) К. В. Хруцкі.
На жаль, у спісе не знайшлося месца іншым выдатным людзям, якія тут вучыліся, — беларускаму драматургу Касьяну Вясёламу (В. І. Аўдзею), шырока вядомаму ў свеце беларускаму спеваку Міхалу Забэйду-Суміцкаму, усходнязнаўцу, даследчыку духоўнай культуры беларускіх татараў, прафесару Пецярбургскага універсітэта Антону Мухлінскаму, літаратурнаму крытыку, прафесару Варшаўскага універсітэта Аляксандру Тышынскаму (чыю сядзібу мы аглядалі ў Мясаце) ... А яшчэ ж выкладчыкамі тут былі мяркуемы аўтар «Тараса на Парнасе» Канстанцін Вераніцын, вядомыя фалькларысты і этнографы М. Я. Нікіфароўскі, Ю. Ф. Крачкоўскі...
Але што тут здзіўляцца: мемарыяльная табліца на былой навучальнай установе Маладзечна — яшчэ адзін прыклад скажэння, наўмыснай кастрацыі нашай гісторыі, вылучэння адных асоб і замоўчвання іншых, тых, хто не ўкладваўся ў жорсткія рамкі камуністычнай «прапаганьбы».
На добры толк хіба ж наогул трэба было адгароджваць ад людзей гэты помнік нашай гісторыі, культуры? Адсюль жа ішло святло асветы яшчэ ў часы ўсеагульнай цямноты, тут жа былі сабраны ўсе інтэлектуальныя сілы старога Маладзечна і не толькі Маладзечна. Таму ці не разумней было б будынак былога павятовага шляхецкага вучылішча і пазнейшай настаўніцкай семінарыі і адначасова архітэктурны помнік XVIII стагоддзя нейкім чынам рэстаўраваць і ператварыць у музей асветы і культуры Маладзечаншчыны? Тым больш што ў 1910 г. тут ужо быў адкрыты музей. А яшчэ ж тут была вялікая семінарская бібліятэка, існаваў у 1905-1911 гадах тэатр, дзе ставіліся творы М. Гогаля, А. Чэхава, А. Астроўскага.
Як расказаў мне аднаго разу Адам Мальдзіс, у нейкай замежнай кнізе ён вычытаў такую фразу: «Вільнюс — самы дзіўны горад у свеце: ён стаіць на беларускай зямлі, населены палякамі, а лічыцца сталіцай літоўскай дзяржавы». У гэтых словах, мусіць, адбілася, як у кроплі вады, уся складанасць нашай гісторыі, яе хітраспляценні, доля старажытнай Вільні.
Вільня, у ваколіцы якой і сёння пачуеш чысцюткую беларускую гаворку, з часоў сярэднявечча была грамадска-культурным цэнтрам Беларусі, усяго Вялікага княства Літоўскага, гэтай магутнай і сапраўды вялікай дзяржавы, афіцыйнай мовай якой на працягу вякоў з'яўлялася мова беларусаў — асноўнага яе насельніцтва. Тут, у Вільні, працавалі выдатныя беларускія асветнікі старажытнасці Францішак Скарына, Пётр Мсціславец, браты Мамонічы, Лаўрэнцій Зізаній... Тут у 1578 годзе была заснавана езуітамі вышэйшая навучальная ўстанова краю — акадэмія, якая ператварылася потым у вядомы ў шырокім свеце Віленскі універсітэт.
У Вільню, сталіцу свайго краю, па святло ведаў здаўна цягнулася беларуская моладзь.
Нямала маладых людзей з беларускіх губерняў паклікаў Віленскі універсітэт і ў пачатку мінулага стагоддзя.
Асабліва прыкметны след у гісторыі Вільні і Віленскага універсітэта пакінулі студэнты гэтай наву чальнай установы, якія ў 1817 годзе арганізаваліся ў славутае Таварыства філаматаў і іншыя згуртаванні моладзі галоўным чынам з беларускіх земляў.
Тут, у Вільні, разгортвалася ўся дзейнасць філаматаў. Тут іх помняць векавыя сцены універсітэта, многія старадаўнія муры, вуліцы і завулкі, помняць віленскія ваколіцы з выразна беларускімі назвамі Пагулянка, Паплавы, Закрэт, Антокаль, Папоўшчына, дзе яны наладжвалі маёўкі, сяброўскія ўгодкі, філамацкія сходы, на якіх гучалі палкія прамовы, вершы, спяваліся песні. Тут на галовы маладых хлопцаў, змагароў за волю зусім неспадзявана абрынуўся жорсткі град рэпрэсій, вельмі хутка параскідаўшы ўсіх членаў дружнай філамацкай сям'і па самых розных кутках свету.
Амаль усім ім ужо не суджана было ў жыцці хоць адным'вокам глянуць на свой, дарагі сэрцу горад, які з усіх зямных шырот свяціў ім зыркай і такой недасягальнай зоркай: там жа навекі засталіся іх маладосць, каханне, іх нязбытныя мары, высокія юнацкія парывы. Толькі двум ці тром сябрам з усёй філамацкай сям'і выпала вялікае шчасце праз многія і многія гады, ужо ў сталым узросце адчуць пад нагамі такі знаёмы і родны брук віленскіх вуліц.
Такім шчасліўцам быў самы «прамяністы з прамяністых» Тамаш Зан.
З уральскай ссылкі Тамаша Зана, гэтага «небяспечнага палітычнага злачынца», бунтаўшчыка спакою ў паўночна-заходняй частцы Расійскай імперыі, адпусцілі толькі праз трынаццаць гадоў. А дамоў, на радзіму — яшчэ пазней.
Адпускалі яго недарэмна. Сваю ролю адыграла тут захапленне Тамаша Зана прыродай Урала і прылеглых да яго земляў. Гэтае захапленне зблізіла яго там з многімі выдатнымі людзьмі. Вялікі ўплыў на «архіпрамяністага» зрабіла сустрэча і знаёмства з сусветна вядомым вучоным-натуралістам з Германіі Аляксандрам Гумбальтам, які прыязджаў на Урал у вучоную экспедыцыю. Пад яго ўздзеяннем Тамаш Зан з уласцівай яму апантанасцю заняўся вывучэннем геалогіі і батанікі. Праз колькі часу яму даручаюць геалагічную разведку на шырокіх прасторах Прыуралля. У пошуках карысных выкапняў і мінералаў, а таксама з мэтай больш шырокага вывучэння краю Тамаш Зан аб'ездзіў многія мясціны Урала, Прыуралля, Тургайскага стэпу. На Волзе пад Самарай ён адшукаў нафту, у Зауральскім стэпе — багатыя паклады золата, каля Троіц кай крэпасці — медную руду. Тамаш Зан стварыў мінералагічны музей у Арэнбургу. Першымі экспанатамі былі там рэчы, сабраныя ім у шматлікіх навуковых экспедыцыях.
Улічваючы немалыя заслугі Тамаша Зана ў вывучэнні уральскай прыроды і асабліва знаходку пакладаў золата, З мая 1837 года «государь император всемилостивейше соизволил разрешить Заиу оставить, буде пожелает, службу в Оренбургском крае, с правом продолжить оную в других губерниях или возвратиться на родину». Але са зваротам Тамаша Зана на радзіму ўлады ўсё ж не спяшаліся. Спачатку яму дазволілі прыехаць у Пецярбург, дзе ён, уладкаваўшыся бібліятэкарам у Горным інстытуце, заняўся выданнем сваіх прац пра прыродныя багацці Урала агульным аб'ёмам сто друкаваных аркушаў. Аднак надрукаваць такую аб'ёмную кнігу Тамашу Зану не ўдалося. Па сённяшні дзень мы не ведаем, дзе дзеўся яе рукапіс.
А зварот на Беларусь, нягледзячы на царскае «всемилостивейшее соизволение», усё адцягваўся. Больш таго, Тамаша Зана неўзабаве пасля прыезду ў Пецярбург нечакана выклікалі ў канцылярыю вядомага III аддзялення імператарскага ведамства і паведамілі там, што яго вырашылі вярнуць назад у Арэнбург у суправаджэнні жандара: паліцыя даведалася пра новыя факты ўдзелу беларускага выгнанніка ў арэнбургскай змове 1833 года. Ратаваць «архіпрамяністага» кінуліся яго віленскія сябры, якія аселі ў Пецярбургу, і ў першую чаргу Францішак Малеўскі, у сям'і якога ён знайшоў цеплыню і спагаду. Наўрад ці дапамаглі б тут захады сяброў, бо справа непакорлівага бунтара дайшла да самога шэфа жандараў, галоўнага начальніка III аддзялення графа А. Х. Бенкендорфа.
Але, на шчасце, за Тамаша Зана заступіўся арэнбургскі генерал-губернатар граф Васілій Аляксеевіч Пяроўскі, які высока цаніў ссыльнага філамата за яго геалагічныя адкрыцці, за шырыню ведаў. Гэта выратавала «архіпрамяністага» ад новага вітка «блуканняў па пакутах».
Улады затрымлівалі Тамаша Зана ў Пецярбургу яшчэ таму, што ў Вільні ў гэты час было не зусім спакойна. Там, у былым Віленскім універсітэце, цяпер Медыка-хірургічнай акадэміі, пад кіраўніцтвам беларускага паэта Францішка Савіча ўтварылася новае тайнае згуртаванне студэнтаў, да якіх далучыліся некалькі прафесараў і віленскіх рамеснікаў і з якімі наладзіў кантакт вядомы рэвалюцыянер Сымон Канарскі. Новую змову супраць царызму выкрылі акурат у час знаходжання Тамаша Зана ў Пецярбургу. Атмасфера ў Вільні была напружаная. Пускаць туды легендарнага кіраўніка філарэтаў было тое самае, што кідаць іскру ў бочку з порахам. Затрымка са зваротам на радзіму, якая была цяпер так блізка, вельмі прыгнятала Тамаша Зана. «Відаць, не раней як праз два ці тры гады змагу я вярнуцца дадому, што мяне вельмі засмучае, — пісаў ён сваёй нязменнай сяброўцы Марылі Верашчака (цяпер Путкамер) у 1838 годзе. — Ніколі да гэтага не адчуваў я так цяжка сваё выгнанне, як цяпер — у бляску славутай сталіцы Расіі».
Так і атрымалася, як прадугадваў выгнаннік: толькі ў 1841 годзе яму дазволілі вярнуцца на радзіму, ды і то як супрацоўніку Горнага інстытута. Наколькі пакутлівае было чаканне звароту, гаворыць псіхічны надлом Тамаша Зана, пра што з вялікай роспаччу паведамляе Марылі Путкамер Францішак Малеўскі ў самым пачатку 1840 года. Ён ужо быў упэўнены, што назаўсёды «страціў свайго даўняга друга, добрага Тамаша». Але, на шчасце, прыступы вар'яцтва паўтараліся ўсё радзей і, нарэшце, зусім прайшлі.
Няма чаго казаць, якая хвалюючая была сустрэча Тамаша Зана з роднай зямлёй пасля семнаццаці гадоў разлукі. Не менш хвалюючай была яна і для яго сяброў, блізкіх, знаёмых і нават для тых, хто нарадзіўся тут пасля яго выгнання і ведаў пра «архіпрамяністага» толькі з расказаў ды з твораў Адама Міцкевіча. Адразу па прыездзе ў Вільню Тамаша Зана акружылі яго сябры. У той жа дзень прыехала з Балценік Марыля Путкамер і забрала яго да сябе ў маёнтак, дзе яго вельмі кранула Марыліна дачка Зося, якая спявала яму, іграючы на фартэпіяна, Чачотавы песні. Разам з Марыляй і сваім братам Ігнасем наведаў ён сям'ю Балінскіх у Яшунах, Марыліных братоў, а сваіх даўніх сяброў Верашчакаў — Юзафа ў Смольчыцах і Міхала ў Дварцы. Ва ўсіх шляхецкіх сядзібах Тамаша Зана прымалі з вялікай радасцю і цеплынёй, прымалі як героя, як вяртанца з іншага свету.