Відаць, адной са складанасцей стварэння купалаўскага мемарыяльнага комплексу можа быць тое, што Акопы — цяпер бязлюдная паляна, закінутая сярод лясоў і ўзгоркаў. Але ж такая акалічнасць адначасова можа і аблегчыць справу: як-ніяк, у гэтым цудоўным, зацішным куточку Лагойшчыны з яе маляўнічымі лясамі і пералескамі, далінамі і ўзгоркамі (дарэчы, побач з Акопамі — адна з дзвюх самых высокіх кропак Беларусі Лысая Гара) можна б пабудаваць, напрыклад, які-небудзь дом адпачынку ці піянерскі лагер. Словам, захацеўшы, нейкае рашэнне праблемы можна знайсці абавязкова.

Паколькі помнікі, якія б маглі ўвайсці ў мемарыяльны комплекс «Акопы», не захоўваюцца, разбураюцца і далей, трэба ўжо цяпер, відаць, прыступіць да першапачатковай работы над арганізацыяй гэтага комплексу. Ініцыятарам тут мог бы стаць Літаратурны музей Янкі Купалы. Думаецца, ужо сёння, не чакаючы якой-небудзь арганізацыйнай пастановы, музею варта б было выявіць і апісаць купалаўскія помнікі родных мясцін паэта, зрабіць як мага падрабязнейшае апісанне дома Бянігны Іванаўны ў Акопах, гаспадарчых будынкаў — дзеля гэтага трэба паспяшацца распытаць усіх тых, хто добра ведаў сядзібу.

У сваёй кнізе нарысаў «Время собирать камни» вядомы рускі пісьменнік Уладзімір Салаухін, горача выступаючы за аднаўленне на беразе Волхава «безнадзейна знішчанай, сцёртай з твару зямлі» сядзібы Г. Р. Дзяржавіна Званкі, ад якой не засталося нават планіроўкі, пераканаўча паказаў, што ўсё ж затраты на яе адбудову не толькі хутка акупяцца матэрыяльна (калі там будзе адкрыты турысцкі маршрут), але — што яшчэ больш важна — акупяцца таксама «ў іншых, нематэрыяльных адносінах», намнога ўзбагаціўшы ўсіх нас духоўна; прычым затраты ў такім сэнсе «будуць акупляцца на працягу стагоддзяў». Усё гэта можна сказаць і ў дачыненні да Акопаў. Аднаўленне гэтай купалаўскай святыні дапаможа ўсім нам ва ўсёй яснасці ўбачыць глыбінныя карані вызваленчай барацьбы нашага народа, сапраўдным голасам якога, магутным і непадкупным, быў Янка Купала, дапаможа зразумець вытокі неўміручай паэзіі вялікага песняра Беларусі.

Ужо недзе пасля паездак у купалаўскія мясціны я даведаўся, што на камені Янкі Купалы ў Акопах Міністэрствам культуры БССР устаноўлены мемарыяльны знак. На вялікай мармуровай пліце золатам ззяюць вельмі характэрныя словы з верша Янкі Купалы:

Песню стварыці лену, як неба,

У кожнай з ёй хаце быць мілым гасцём...

Гэтакіх толькі скарбаў мне трэба,

Гэткім я толькі жыву пачуццём.

Хай жа будзе гэты знак першым каменем у падмурак вялікага мемарыяльнага комплексу на радзіме Янкі Купалы.



РАДЗЬКАУШЧЫНА

У сваім падарожжы па купалаўскіх мясцінах я выпадкова натрапіў на зусім новую, невядомую дасюль назву, звязаную з юнацтвам песняра. Гэта — Ра дзькаўшчына.

У лісце да Л. М. Клейнбарта ад 23 лістапада 1927 года Янка Купала, расказваючы пра сваё жыццё, не мінае, вядома, і гадоў юнацтва, вучобы. На жаль, звесткі пра гэты надзвычай важны перыяд яго біяграфіі вельмі скупыя, тут ёсць шмат няяснага, так і не высветленага да сённяшняга дня. Ёсць у лісце такія радкі: «...З таго ж Прудзішча бацька аддаў мяне да яго сваякоў на хут. Мачаны, які межаваў з фальв. Казімірава Самойлы (дырэктара Мінск, рэальн. вучылішча). Сын Самойлы Уладзімір Іванавіч рыхтаваў мяне ў рэальнае вучылішча...»

Што ж гэта быў за хутар? Да якіх канкрэтна сваякоў аддалі тады бацькі маладога Купалу?

Нідзе ў друку я пра гэта не чытаў. Нават у кнізе Янкі Шарахоўскага «Пясняр народных дум» (1970) — самай поўнай пакуль што і, як гаворыцца ў анатацыі да яе, «першай навуковай» біяграфіі паэта.

Я вырашыў наведацца ў тыя мясціны.

Памянёныя паэтам Мачаны аказаліся не хутарам, а даволі ладнай вёскай Бяларуцкага сельсавета Лагойскага раёна. Вёскай яны былі і ў часы юнацтва Купалы. Хутар жа, дзе жылі яго сваякі, быў за кіламетр адсюль і называўся Радзькаўшчына.

Чаму ж Купала пісаў «хутар Мачаны»? Хутчэй за ўсё таму, што ён адміністрацыйна адносіўся да гэтай вёскі.

Хутар Радзькаўшчына быў у маляўнічым куточку Міншчыны. Каля самых пабудоў пятляла крынічная Вяча, зелянелі травяністыя лугавіны рачной поймы.

З другога боку да сядзібы падступаў хвойнік. Сёння ад хутара нічога не засталося. Цяпер гэта бераг вадасховішча Вяча — улюбёнае месца адпачынку мінчан.

Гаспадаром хутара быў Януары Дамашэвіч, які ажаніўся з Садаліяй — роднай сястрой Дамініка Луцэвіча, бацькі паэта. Якраз у яе, цёткі, і жыў нейкі час малады Купала, цярэбячы нялёгкі шлях у навуку.

Мне хацелася больш падрабязна даведацца пра маладосць паэта, пра сям'ю Дамашэвічаў, пра ўсё, што яго звязвала з ёю.

У Мачанах я сустрэў 82-гадовага Кастуся Дзядзюлю, які жыў некалі на суседнім з Дамашэвічамі хутары. Ён добра ведаў іх, бываў у іхняй хаце. Помніць самога Януарыя Дамашэвіча, які «памёр з нагі — калена распухла», памятае ягоных дзяцей. Ведаў Дзядзюля і самых блізкіх суседзяў Дамашэвіча — Самойлаў і іх дзяцей таксама: Уладзіміра Іванавіча, якога ён называе Валодзькам, а таксама Шурку і Маню.

Я ўжо і не спадзяваўся знайсці сведкаў Купалавай маладосці — як-ніяк, з таго часу, калі тут бываў Янка, мінула восем дзесяткаў гадоў. Шукаць гэтых людзей трэба было хаця б на паўвека раней. Але, аказваецца, цуды ёсць на свеце! Зусім выпадкова я даведаўся, што ў Мінску жывуць аж тры стрыечныя сястры Купалы — дочкі тых самых Садаліі і Януарыя Дамашэвічаў, у якіх знайшоў сабе прытулак малады Янка.

І вось разам з супрацоўнікамі Літаратурнага музея Янкі Купалы я сярод сясцёр паэта — на кватэры адной з іх. (Як гэта ні дзіўна, але да сённяшняга дня ніхто нават не пацікавіўся імі, не распытаў іх пра сустрэчы з Купалам). Хоць усе яны даволі сталага веку (Леанідзе Януараўне — 73, Сцепанідзе — 86, а Соф'і — 90 гадоў), аднак выглядаюць яшчэ няблага — бадзёрыя, гаваркія. У Дамашэвічаў былі яшчэ тры сыны — Казя, Юзя і Анцік, а таксама дачка Маня. З іх жывы толькі Анцік, але пабачыцца з ім не давялося: яшчэ да вайны ён пасяліўся ў Польшчы.

Дзве малодшыя сястры — Леаніда і Сцепаніда (ці Лёня і Стэфа, як іх звалі ў маладосці) — сустракаліся з Купалам больш тады, калі ён жыў у Мінску. Але помніцца ім (хоць, праўда, цьмянавата) і малады Купала. Магчыма, з успамінамі тут перапляліся і расказы старэйшых з сям'і: у сясцёр склалася пра яго ўражанне, як пра «смешнага», «жартаўлівага». Паводле іх успамінаў, любіў ён пажартаваць, пасваволіць. «Набярэ вады ў збан і давай аблівацца...» Або пра адносіны Купалы з іх бацькам, Януарыем Дамашэвічам, які чамусьці баяўся ракаў: «Улезе Янка ў рэчку, вышчупае рака і бяжыць: «Я пакажу дзядзьку, дзе ракі зімуюць!..»

Згадкі гэтых дзвюх сясцёр з даволі цікавымі дэталямі — і пра маладыя, і пра сталыя гады паэта — я запісаў на магнітафоне, які прыхапіў з сабой.

Але асабліва цікавыя ўспаміны старэйшай з сясцёр — Соф'і Януараўны, якую некалі звалі Зося, Зоська. Ёй добра запомніўся малады Купала, якога ў сям'і Дамашэвічаў вельмі любілі: «Харошы быў, мілы, няхітры...» Жыў ён у іх, аказваецца, не толькі тады, калі Уладзімір Самойла рыхтаваў яго да паступлення ў Мінскае рэальнае вучылішча, але і ў час вучобы ў Бяларуцкім народным вучылішчы зімой 1897-1898 гадоў. Разам са старэйшым сынам Казем, з якім сябраваў Янка, адвозіла яго туды Садалія на фурманцы. Добра запомнілася Соф'і Януараўне, як Янка пасвіў коней, як хадзіў разам з ёй у грыбы, больш у рыжыкі, што раслі ў недалёкім хвойніку, як забаўляўся ён з дзецьмі на Вячы. Засталося ў памяці, як Янка прасіў яе, Зоську, паклікаць малых дзяўчатак з суседняга хутара — дачок урача Каборды. Хлопец штосьці пісаў на паперках, скручваў іх і, пускаючы на рэчку, казаў дзяўчаткам, каб яны пераймалі іх і дазнаваліся пра сваё шчасце.

Ніколі не забудзе Соф'я Януараўна, як — пазней ужо — падтрымліваў яе Купала, калі муж, Іван Белановіч, пайшоў на вайну — на першую імперыялістычную. Жанчына засталася з двума дзяцьмі на руках, а трэцім хадзіла. Купала наведваў яе ў Сілінцы — вёсцы паблізу Лагойска, куды яна выйшла замуж, дапамагаў, чым толькі мог. Калі аднойчы ў роспачы яна хацела атруціцца, Янка Купала адабраў у яе бутэльку з воцатам і аднёс схаваць суседзям Драздовічам. Нездарма ж у яго гонар Соф'я Януараўна і сына свайго назвала Янкам.

Прыгадала Соф'я Януараўна і бацькоў Купалы. Пра бацьку яго, якога яна называе Дбмінік, гаворыць: быў ён з «бакамі, нябрыты», «сярэдне высокі», «хазяйскі быў». Маці паэта была «нізкаватая», «вясёлая», «харошая», «спакойная». Вучыла Зосю вязаць карункі — добра валодала гэтым рамяством.

Але асабліва ўрэзаўся ў яе памяць адзін эпізод, надзвычай важны, на мой погляд, для разумення маладога Купалы — калі Янка адыходзіў «у людзі». У памянёным вышэй лісце да Л. М. Клейнбарта паэт гаворыць пра гэта вельмі скупа: «Пасля смерці бацькі давялося мне самому заняцца гаспадаркай, але яна хутка пачала мне надакучваць, бо трэба было працаваць на памешчыка, уладальніка той зямлі, якую я павінен быў араць і засяваць. І вось у 1903 г., здаецца, я пайшоў на службу...» Пакінуць зямлю Купалу падштурхнулі сямейныя няшчасці, прычынай якіх ён лічыў «беспрытульнае, поўнае розных нягод, бадзяжнае жыццё» па чужых арэндах — яму «страшна было думаць пра будучыню» (ліст да Л. М. Клейнбарта ад 1910 г.).

Купала стаяў тады перад выбарам: або аддаць усяго сябе бясконцай паднявольнай працы на чужым полі дзеля кавалка хлеба, або, вырваўшыся з кабалы, пракладваць сваю ўласную дарогу ў жыцці, змагацца за разняволенне ўсяго народа.

Выбраў ён, як вядома, апошняе.

Але, аказваецца, парваць з усталяваным жыццёвым укладам сям'і было далёка няпроста. Мацеры, якая заставалася на гаспадарцы з дочкамі, цяжка было зразумець сына — адзінага на той час мужчыну ў сям'і.

Увесь драматызм адыходу Купалы ў свет і перадае расказ Соф'і Януараўны. Янкаў адыход тады настолькі ўразіў дзяўчынку, што і цяпер, на старасці, яна не можа расказаць пра гэта без слёз. (Ці не таму і захоўвала ў памяці амаль 80 гадоў усе звязаныя з ім дэталі?)

Соф'я Януараўна прыгадвае, як хтосьці з сям'і Луцэвічаў (спачатку яна гаворыць «дзядзька», г. зн. Купалаў бацька, але потым прыпамінае, што яго ўжо тады не было жывога) прыехаў да яе бацькоў у Радзькаўшчыну з просьбай дапамагчы ўгаварыць Янку не пакідаць дома. Луцэвічы прасілі дапамогі ў Дамашэвічаў недарэмна: Янка вельмі шанаваў іх. «Ён болей бываў у нашых, як дома... Мая матка была больш аддана яму, чым сыну... Вельмі любілі яны адзін аднаго...»

І вось бацька і маці Соф'і Януараўны, узяўшы з сабой і яе, тады дзяўчынку Зоську, выправіліся на падводзе да Луцэвічаў — відавочна, у Селішча (сама расказчыца не магла ўжо гэта прыпомніць).

З яе памяці не сцерліся нават дробныя дэталі, звязаныя з той паездкай. Добра запомнілася зусім немалаважнае для ўражлівай дзяўчынкі адно здарэнне ў дарозе. За Бяларучамі, у вялікім лесе раптам «захрапла кабыліца». Бацька сказаў ім, каб моцна трымаліся за калёсы. Тут выскачыў на дарогу воўк і — «прама за пыскі кабыліцу... Сяк-так абараніліся. Як пусціў бацька гэту кабыліцу, дык ледзь мы выдзержалі».

Калі прыехалі да Луцэвічаў, «кабыліца была ўся ў пене». Выйшлі гаспадары з хаты і «ўсе проста ўтаропіліся: што такое, што вы пабялеўшы нешта?..». Спачатку аж не маглі слова сказаць, так былі напужаны і задыханы.

Супакоіўшыся, селі за стол. І пачалі ўгаворваць Янку не кідаць гаспадарку. «А ён адно: дарэмна вы мяне мучыце і самі мучыцеся».

Назаўтра, пераначаваўшы, ізноў узяліся за ўгаворы, але хлопец паўтараў: «Не мучце сябе і не мучце мяне». «Мы яго вельмі жалелі, што ён адходзіў... Сядзелі, заплакалі. Добра паплакалі». Так і паехалі назад, не ўгаварыўшы Янку.

— Назаўтра, — працягвае расказ Соф'я Януараўна (перадаю яго даслоўна), — ён прыйшоў з дому, на наш хутар (ён і казаў: я заўтра буду ісці). Ну, мы глядзелі... Ад нас з вакна было відаць, як ён з дарогі паверне на мост... Так помніцца мне ўсё гэта!.. «Каб ён, не дай бог, у рэчку не ўсунуўся...»— так гавораць мае бацькі. І пайшоў бацька з маткай на сустрэчу... Стаялі, глядзелі, пакуль ён мост пройдзе. Прайшоў! Ідзе! Прыйшоў у хату... «Што ж ты надумаўся-такі?..» — «Я вам і гаварыў, што не буду думаць другога, а буду думаць пайсці. Я вам, — кажа, — і гаварыў, як вы выязджалі, што я прыйду да вас. Але ў вас не буду і да бацькоў не буду нейкі час варочацца. Нейкі час. — Ён так і сказаў: — Нейкі час варочацца...»

Соф'я Януараўна прыгадвае, як яе бацькі, убачыўшы, што адгаварыць Янку немагчыма, збіралі яго ў дарогу (хоць Луцэвічы і прасілі іх нічога не даваць хлопцу з сабой: думалі, так ён хутчэй адумаецца): — Мама папытала, нябожчыца: «А што ты ўзяў з сабой?» — «Нічога я не браў і ў вас браць не буду». Паглядзеў бацька мой у яго кішэнях, прагледзеў усе яго рубчыкі — можа, яму далі грошы... Мама кажа: «Ты ж памрэш у дарозе, ты ж нічога не ўзяў, грошай пры табе няма...» Пераначаваў. Плачам мы ўсе па ім. Ён такі харошы быў, мілы. Ну што ж рабіць, што рабіць? Падышоў тата да маткі: «Як ты яго будзеш адпраўляць, галоднага? Трэба даць з сабой хоць трохі». Мама ўзяла торбачку палатняную — беленькая, чысценькая была... Вяндліны, сухой кілбасы палажыла! І палажыла во такія — як цяпер магу адмераць — кускі сала... Паглядзеў ён, узяў гэту торбачку — і да маткі: «Цётачка, забяры гэтае сальца, аднясі назад: торбачка мокрая зробіцца ад сала, пацячэ яшчэ, як цёпла стане... Лепш мне сушэйшай вяндлінкі падлажы... на месца гэтага...» Так і зрабілі. Тады бацька падазваў матку: «А ты грошай яму не дала?» — «У цябе ж грошы, я ж табе гаварыла: дай трохі на дарогу». Пайшоў бацька... дастаў грошы, даў яму некалькі: «Глядзі ж толькі, каб не загінуў дзе... Старайся вярнуцца чым скарэй — каб мы на цябе паглядзелі...» З гэтым ён і пайшоў ад нас.

Праз нейкі час, расказвае далей Соф'я Януараўна, Янка прыслаў ім пісьмо. Пра што ён пісаў, яна, вядома, не помніць. Але ў памяці назаўсёды засталася адна страфа верша, які быў у гэтым пісьме:

Бацька на калодцы

Смолку рассякае,

Матка на камінку

Агонь раскладае.

Не можа не зацікавіць нас і расказ сясцёр пра сваіх бацькоў, якіх гэтак любіў Янка Купала. Маці іх, Садалія, жыла ў беднасці, асабліва да замужжа. Калі была дзяўчынай, не мела нават «людскага плац ця»: было толькі адно — і на будзень, і на свята. Пражыла яна каля трыццаці трох гадоў. Памерла з няшчаснага выпадку: ехала на падводзе, конь спу дзіўся, яна вывалілася з калёс, моцна пабілася — а была ж цяжарная. Сканала ў бальніцы ў Мінску. Пасля яе асталося сямёра дзяцей. Бацька, Яну ары Дамашэвіч, хадзіў удаўцом чатыры гады, потым ажаніўся. Калі пачалася калектывізацыя, уступіў у калгас «Чырвоны сцяг» у вёсцы Дафарэнцыя. Памёр у 1930 годзе. Ён вельмі любіў дзяцей. У двары зрабіў для іх арэлі. Пагушкацца на іх часта прыбягалі з недалёкіх Бараўцоў, куды пераехалі Луцэвічы, родныя сёстры Янкі Купалы Марыя і Анця...

Жывуць яшчэ сярод нас сучаснікі Янкі Купалы, блізкія яму людзі, якія ведалі яго, сустракаліся з ім. Чаму б нам не распытаць іх усіх, не запісаць падра бязныя ўспаміны? Кожная іх згадка дапамагла б нам намаляваць жывы вобраз вялікага паэта, адчуць ат масферу яго памкненняў і пошукаў, лепш зразумець неўміручую купалаўскую паэзію.

1980-1983

Загрузка...