Русавалосы, з блакітнымі вачыма паэт-юнак, у якога, як пісаў у сваім артыкуле А. Пагодзін[10], “праглядвае пяшчотная, асабліва інтэлігентная душа, і яе філіграннасць можа прадвызначыць развіццё”. М. Багдановіч − адна са звычайных з’яў, − піша далей аўтар, − якія спадарожнічаюць нацыянальнаму абуджэнню народаў: тонкая і чуйная натура, ахопленая імкненнем вярнуцца да прыніжанага і забытага народа”[11].
I гэты юнак з асабліва інтэлігентнай душой, чуйнай натурай ужо ў шаснаццаць гадоў меў цвёрдую праграму, канкрэтныя эстэтычныя прынцыпы, якія ён выказваў не толькі ў крытычных працах, але і ў паэтычных і празаічных творах.
Багдановіч быў за мастацтва, якое “як гром, гудзіць і грозна будзіць ад сну і завець... народ”[12]. Ён ставіў лёс мастацтва ў залежнасці ад таго, з кім яно − з беднымі ці з багатьмі. Калі душа музыкі зведала ўсё тое гора, што бачыў ён па людзях, то гэта гора і грала на срыпцы: “гэта яно вадзіла смыкам па струнах, і ніводзін сыты не мог так граць, як грала народяае гора”[13].
Багдановіч сваім апавяданнем “Музыка” сцвярджаў, што мастацтва толькі тады мае сваю дзейсную, неадольную сілу, калі выражае народныя спадзяванні, думкі, лёс; стан мастацтва залежыць ад стану грамадства; адзін з важнейшх прынцыпаў мастацтва − народнасць. Інакш не заб’ецца моцна сэрца ў грудзях народа, не заблішчаць вялікім гневам яго вочы, не прачнецца ён ад цяжкага сну. І з разважаннямі крытыка нельга не пагадзіцца.
Мастацтва — адно з галоўных і неабходных кампанентаў жыцця чалавека, адна з вышэйшых праяў яго духоўнасці, сцвярджаў Максім Багдановіч у другім сваім, празаічным творы “Апокрыф”. Песня, як і ўсё мастацтва, − гэта спажытак дзеля душы. Як спадарожнік, што чэрпае сілы ў жыватворнай крыніцы, так і беларус у сваіх песнях знаходзіць усё неабходнае для жыцця. Там ёсць песні, створаныя для хрэсьбін, радзін , вяселляў, для пахавання. Там ёсдь каляндарныя і абрадавыя песні. Можна спяваць аб заканчэнні абмалота, зімовым і летнім сонцавароце. Можна спяваць аб нябёсных палётках − калі душа ўлятае ў сусвет, за зоркі. Можна смела сказаць, што народныя песні − збавіцельніцы народа: пераходзячы з пакаленяя у пакаленне, з памяці ў памяць, яны захавалі галоўны прызнак этнаса нацыі − мову. I яшчэ − душу народа. Таму М. Багдановіч вуснамі Хрыстоса звяртаецца да музыкі: “Шануйце ж песні свае!”[14] У песнях беларус знаходзіць адказы на пытанні, што трывожаць душу яго; песня маральна ачышчае нас; калі чалавек спявае, калі ён галодны не асудзіў песню − жыва яшчэ душа ў народзе гэтым. Але ўзвялічваючы песню, Багдановіч не ідэалізіруе яе. Ён не гаворыць: “De la musigue avant toute chose” (Музыка перш за ўсё), а сцвярджае: “Добра быць коласам, але шчасліў той, каму давялося быць васільком. Бо нашто каласы, калі няма васількоў?”[15]
Некаторыя даследчыкі бачылі ў гэтых словах адыход ад пазіцый рэалізму, называлі Багдановіча “дэкадэнтам”, паэтам “чыстай красы”. Яшчэ раз уважліва ўчытаемся ў гэтыя словы. Лічу, што ўсё-такі лагічны націск падае на “Добра быць коласам”. Менавіта за першаснасць жыцця ў адносінах да мастацтва выступае крытык, хаця справядліва лічыць, што няма чалавека, калі не мае ён духоўных патрэб, навошта яму свет, калі няма ў яго мастацтва. Далей у “Апокрыфе” сказана словамі Хрыста: “Няма красы без спажытку, бо сама краса і ёсць той спажытак дзеля душы”[16]. З гэтых слоў бачна, як разумеў Багдановіч прыгожае. Адзінства зместу і формы. І далей развіваецца думка, якая выкрышталізавалася стагоддзямі ў народзе; прыгожае заўсёды добрае. “І сказаў ён у сэрцы сваім: хлеб адбіраюць у мяне гэтыя сінія кветкі... Але яшчэ з маленства краса іх прыйшлася мне да душы. Таму я не вырву з каранём іх, як усякае благое зелле. Няхай растуць і радуюць, як у маленстве, сэрца маё”[17]. А добрае заў-сёды − прыгожае. Аб гэтым спявалі песню жнейкі, якія ведаюдь, чаго варты хлеб. Такім чынам, у невялікім апавяданні, можна сказаць, заяўлены погляды на прыгажосць, сутнасць і ролю мастацтва ў грамадскасці, значэнне яго для чалавека. У другім апавяданні — “Аб іконніку і залатару” ўзнімаюцца іншыя праблемы: традыцыі і наватарства, значэнне формы ў вызначэнні вартасці твора мастацтва. Як і ў “Апокрыфе”, Бягдановіч даказвае, што прыгажосць − гэта адзінства зместу і формы, мастацкай ідэі і “красы формы”… Тут нецяжка заўважыць, што на погляды крытыка ўплывала эстэтыка вялікіх рускіх дэмакратаў. Гэту думку ён праводзіць на двух прыкладах: іконе з Астрабрамскай маткай боскай і двума сярэбранымі ліхтарамі. “Роўную яны (“ліхтарні”) вагу маюць і з таго ж самага срэбра адліты былі, але ўсё ж такі адна з іх у семкроць болей другой каштуе, бо аздоблена з умеласцю надзвычайнай. Водгук жа таго, што ўмеласць і здольнасць тыя толькі ў выглядзе рэчы, або, як іншыя цяпер кажуць, у форме яе з’явіць можна, прызнаць мы мусім, што каштоўнасць вырабаў прыгожых адно толькі праз красу іх форм узрастае і толькі красою форм каштоўнасць тую мераць можна”[18]. Пры аднолькавым матэрыяле, яго важкасці даражэй тое, што мае больш прыгожую форму. Яна надае матэрыялу новы змест і каштоўнасць. Змест і форма ў мастацтве ўзаемазалежныя велічыні. І гэта Багдановіч пераканаўча паказаў у сваім апавяданні. А вось заўсёды важная ў мастацтве праблема − суадносін традыцыі і наватарства. Як ставіўся да яе М. Багдановіч? Ён у сваіх поглядах ваватар і адначасова “традыцыяналіст”.
Адзначу, што аўтар апавядання раздзяляе погляд залатара Антона Каржа, чалавека новых, прагрэсіўных ідэй: “...рэч якую-небудзь толькі таму ганіць, што яна для нас за навіну прызнацца павінна. Бо ўсё тое, што цяпер навіною завецца,праз які час старыною мае быць”. І далей: “Малюнкі тыя, што Сальватор Розе з іконнікамі полацкімі робіць, там (у краінах далёкіх — С. Б.) скрозь звыклы, і нікога ўжо яны не дзівуюць, людзям усім, дзеля красы сваёй, у спадобе стаўшы, а майстрам здольным славы і гонару прыдаючы. Тое ж і ў нас, напэўна, мае стацца, калі навіна старыною зробіцца, так што, мабыць, тады людзі полацкія Сальватора Розу шанаваць будудь”. Корж выступае за тое новае, якое прыносіць карысць, што вядзе да прагрэсу чалавецтва. Разглядаючы наватарства ў гістарычным плане, ён паказвае, што з цягам часу яно губляе пачуццё навізны, робіцца традыцыяй.
Але пакуль гэтае здзейсніцца, шмат вады ўцячэ, не адна бойка са старым, заскарузлым адбудзецца. Заўсёдная праблема барацьбы новага з аджыўшым робіць шмат перашкод на шляху ў наватарства. I толькі калі навізна, вастрата апошняга паменшыцца, спадае і напал барацьбы.
Гэтая думка прасочваецца і ў артыкуле “Аб цікавым поглядзе г. Глебаза: “...наватарства Мусарскага згубіла былую вастрыню, кансерватыўная апазіцыя адпала, імя яго − агульнапрызнана і нават служыць зброяй у барацьбе супраць наватараў нашага часу. Прыпоны, ляжаўшыя на шляху паміж кампазітарам і музычнай публікай, зніклі, ды і публіка гэта аказалася ўжо падрыхтаванай да разумення яго”[19].
Канкрэтна-гістарычна разглядае Багдановіч і паняцце “інтэлігенцыя”. “На наш погляд, − піша крытык, − усякі інтэлігент неабходна павінен здавальняць наступным двум патрабаванням: па-першае, ён павінен мець імкненне да ведаў; па-другое, ён павінен імкнуцца несці свае веды на карысць народу”[20].
Вызначанае Багдановічам паняце ў асноўным адпавядае і сучасным патрабаванням. Але крытык не абмяжоўваецца толькі гэтым. Ён звяртаецца да гістарычнага шляху рускай інтэлігенцыі, паказвае, як сцяг ад інтэлігенцыі з дваранскага асяроддзя пераходзіць да інтэлігенцыі сярэдніх слаёў. Як адбываецца нараджэнне і рост працоўнай інтэлігенцыі, што прыйшла на змену сваім папярэднікам? Новы слой інтэлігенцыі мае сваю афарбоўку: “Ён складаецца з элементаў, праўда, меней складаных і меней культурных, але затое болей дзелавых, болей здаровых і працаздольных. Бо працоўная інтэлігенцыя, што ўзнікла ў нетрах народа, не адрываецца ад яго: гэта той жа народ, толькі болей высокі і разумова, і маральна”[21].
Багдановіч не ўзняўся да марксісцка-ленінскага разумення гістарычнага развіцця грамадства. Але тое, што прырода і грамадства знаходзяцца ў вечным дыялектычным развіцці, ён разумеў. Гэта было асновай яго аптымізму. І хаця ён засяроджваў увагу на горкіх старонках быцця чалавека, жыццё, гэта напаўняла яго творчасць прасветлёнай радасцю.
Багдановіч быў прыцыповым і прадбачлівым. Гэтыя рысы бачны з таго, што ён адчуў і зразумеў свой час так гістарычна-паваротны момант у лёсе роднага краю. Ён змог дастаткова ясна ўбачыць тыя грамадскія сілы, якія ажыццявяць адвечную мару працоўных Беларусі аб сацыяльным і нацыянальнымразняволенні.
“У кожнай задачы, якую ставіў перад сабой Багдановіч, за кожным са стыляў, якія паступова запаўнялі яго паэзію, быў ён − паэт − патрыёт, інтэлектуаліст, эрудыт, нястомны працаўнік, чулы знаўца чалавечага сэрца” − гэтую думку А. Лойка прыводзіць у сваёй кнізе “Максім Багдановіч” (с. 340). Лічу, што гэта ж самае можна сказаць і пра Багдановіча-крытыка.
І будучы крытыкам-патрыётам, інтэлектуалістам, эрудытам, нястомным працоўнікам, чулым знаўцам чалавечага сэрца, ён кожную з’яву ў жыцці, у літаратуры, творчай спадчыны пісьменніка ці паэта разглядаў з пазіцыі праўдзівасці. Гэты прынцып ён вынес і ў аснову свайго жыццёвага крэда. “Ёсць адна толькі мудрасць жыцця і яе я шаную, − вось што кажа яна: калі хочаш праўдзіва ты жыць, дык пей чашу любую. Але толькі да дна”.
“Пісьменніцкая крытыка”... Не была і, мусіць, ніколі не будзе яна аб’ектыўнай, − такую нечаканую думку знайшла ў кнізе Б. Сачанкі “Думкі ў россып"[22]. − Божа, як не ўмеем яшчэ мы радавацца ўдачам таварыша па пяру, цаніць не толькі сваё, тое, што робім самі, але і тое, што робяць іншыя, − пісаў аўтар. На яго думку “блізкія, сяброўскія адносіны бяруць верх над здаровым цвярозым чалавечым розумам, свій пошук, свая дарога выдаюцца за адзіна магчымую і адзіна правільную. І тады... “Са свае званіцы, “свайго пункту гледжання”, як з рога дастатку, сыплецца пахвала не таму, што напоўнена жыццём, страсцю і болем, а нечаму іншаму. І ўсё ж…” − абрывае думку аўтар. І ўсё ж ва ўсе часы ёсць пісьменнікі-крытыкі, у якіх суб’ектыўнае спалучаецца з аб’ектыўным. Максім Багдановіч быў менавіта такім крытыкам.
І як крытык-патрыёт ён разглядаў усе творы з пазіцыі інтэрнацыяналізму. “Максім Багдановіч, − справядліва адзначыў Н. Гілевіч на ўрачыстым вечары, прысвечаным 90-годдзю з дня нараджэння песняра зямлі беларускай, − свабодна і прафесійна аперыраваў фактамі і з’явамі агульнаславянскай і сусветнай літаратуры і ўводзіў іх у кантэкст літаратурнага і ў цэлым духоўнага жыцця − і як літаратурны крытык, і як публіцыст, і як перакладчык. Тое, што зрабіў у гэтым кірунку М. Багдановіч, як ён збліжаў і радніў народы сваёй літаратурнай творчасцю для нас і запавет і прыклад”.
Вось з такіх пазіцый разглядаў Максім Багдановіч творчую спадчыну пісьменнікаў і музыкаў, паэтаў і фалькларыстаў. Назіранні, вывады яго крытычных аглядаў возьме потым у свой арсенал навуковая гісторыя беларускай літаратуры.
Крытычная спадчына Максіма Багдановіча своеасаблівы сусвет, унутрана цэласны і знешне “графічна” аформлены.