Лёс крытыка складаецда, як і ўсіх людзей, па-рознаму. Адны шырока вядомыя пры жыцці, другіх ацэньваюць і любяць пасля іх смерці. Максіма Багдановіча можна аднесці да апошніх. Толькі патомкі тых людзей, з якімі жыў і пражываў ён па заслугах ацанілі яго крытычную творчасць. Толькі нашчадкі па-сапраўднаму звярнулі ўвагу на аналітычныя здольнасці крытыка-Багдановіча. Гэта, аднак не азначае, што ў цэлым яго крытычная дзейнасць прайшла зусім не заўважанай сучаснікамі. Успомнім, у артыкуле “Белаская нацыянальнае адраджэнне” М. Рубакін называў М. Багдановіча паэтам і літаратурным крытыкам. Але па-сапраўднаму зорка Максіма-крытыка заззяла толькі ў апошні час, калі была сабрана і выдадзена яго літаратурна-крытычная спадчына. I нашчадкі, якія адкрывалі для сябе Багдановіча-паэта, адкрывалі і шматгранны талент Багдановіча-крытыка.
“Няўжо ў вас быў такі дасканалы крытык?” — са здзіўленнем і захапленнем запытаўся вядомы рускі літаратар Карней Чукоўскі, звяртаючыся да Якуба Коласа на шаўчэнкаўскім юбілеі ў Кіеве ў 1939 годзе. Якуб Колас выступаў тады з дакладам аб славутым украінскім паэце і яго ўплыве на беларускіх паэтаў і ў сваім выступленні прывёў вялікую цытату з артыкула Максіма Багдановіча, дзе той дае глыбокі аналіз паэзіі Тараса Шаўчэнкі. Якуб Колас гаварыў і аб самім Багдановічы-крытыку, сцвярджаючы, што, на яго думку, “мала хто з украінскіх і рускіх крытыкаў даў такі тонкі, усебаковы аналіз і ацэнку паэтычнага дару вялікага ўкраінскага кабзара, як Максім Багдановіч”[56]. Гэта была вельмі высокая ацэнка.
Колас прывёў некалькі агульных палажэнняў з артыкулаў Багдановіча і яго вывады з назіранняў над рытмікай паэзіі Шаўчэнкі і яе спецыфічнай паэтычнасці.
І тое і другое відавочна паказвае шырыню, сталасць поглядаў крытыка на мастацтва ў цэлым і паэзію ў прыватнасці, прафесійны ўзровень, які на той час мела, напрыклад, такая высока-развітая літаратурная крытыка, як руская.
Адкуль такі ўзровень стаў магчымым для крытыка маладой беларускай дарэвалюцыйнай літаратуры? Гэта перш за ўсё і здзівіла К. Чукоўскага. І не толькі яго.
“Дзіву даешся наколькі пранікнёна зразумеў гэта геніяльны юнак душу ўкраінската народа, як дасканала вывучаў гісторыю і фальклор”, — пісаў у артыкуле “Зорка паэта” Раман Лубкіўскі.
Але акрамя здзіўлення пасля знаёмства з крытычнай спадчынай Багдановіча застаецца і радасць. За тое, з якой дакладнасцю, шчырасцю даследаваў М. Багдановіч літаратуру, як блізка да сэрца браў ён усе праблемы маладой беларускай літаратуры, як хацеў ён, каб з найбольшай карысцю для нацыі, для “ўсясветнай” культуры ішла яна сваім паскораным, бяспрыкладным крокам. У гэтым, відаць, і ёсць сакрэт узроўню яго літаратурна-крытычнай спадчыны.
“Багдановіч пастаянна вучыцца сам і вучыць іншых, — пісаў у кнізе “Загадка Багдановіча” М. Стральцоў. — Творыць і аналізуе. Аналізуе і творыць. I пастаянна трымае руку на пульсе літаратурнага працэсу”. І ў гэтым таксама сакрэт Багдановіча-крытыка.
“Нават просты пералік асноўных твораў М. Багдановіча-крытыка адзначыў Максім Танк на ўрачыстым вечары, прысвечаным 90-годдзю з дня нараджэння песняра, пераконвае, наколькі яркім, глыбокім самабыным быў яго талент, і як хутка, паступальна развіваўся ён, якія на дзіва высокія вяршыні мог бы пакарыць яшчэ, калі б не няўмольная смерць у дваццаціпяцігадовым узросце. Але разглядаць здзейсненае М. Багдановічам толькі ў кантэксце беларускай літаратуры, значыць у многім прыменшыць значэнне яго і як творца, і як грамадзяніна ў вызначальныя гістарычныя моманты”.
У доказ таго, што Багдановіч беў шматгранны, цікавы крытык можна прывесці і іншыя пацвярджэнні. Усе яны дапамогуць нам лепей зразумець Максіма Адамавіча. І адчуць, што “без уліку і асэнсавання таго, што зрабіў ён, агульная карціна пошукаў і станаўлення беларускай літаратуры пачатку стагоддзя, яе рэальных багаццяў і магчымасцей, яе заўтрашняга развіцця мела б выгляд не толькі няпоўны, але і непапраўна збеднены”.
Рыгор Бярозкін сказаў гэтыя словы аб Максіму-кніжніку. Аб грамадзяніну і крытыку Багдановічу. І я таксама магу падпісацца пад гэтай думкай.