Мiнуў тыдзень з таго часу, як я пацярпеў аварыю i, слухаючы пра гандляра пiлюлямi, я дапiў апошнюю кроплю вады.
- Твае ўспамiны - проста цуд, - сказаў я Маленькаму прынцу, - але я яшчэ не адрамантаваў свайго самалёта, а не засталося ўжо нi кроплi вады, i я таксама быў бы шчаслiвы, калi б мог проста пайсцi да крынiцы!
- Мой сябар Лiс... - пачаў ён.
- Дружок мой, мне ўжо цяпер не да Лiса!
- Чаму?
- Ды таму, што давядзецца памiраць ад смагi...
Ён не зразумеў маiх разважанняў i адказаў:
- Добра, калi ёсць хоць адзiн сябар, нават калi памiраеш ад смагi. Асабiста я вельмi рады, што я сябраваў з Лiсам...
"Ён не разумее ўсёй глыбiнi небяспекi, - падумаў я. - Яму нiколi не хочацца нi есцi, нi пiць. Яму хапае промня сонца..."
Але ён нiбыта падслухаў мае думкi, паглядзеў на мяне i сказаў:
- Мне таксама хочацца пiць... Давай пашукаем калодзеж...
Я безнадзейна махнуў рукой: недарэчна наўздагад шукаць калодзеж у бязмежнай пустынi. I ўсё ж мы рушылi ў дарогу.
Мiналi гадзiна за гадзiнай, а мы моўчкi ўсё iшлi ды iшлi па сыпкiм залацiстым пяску. Звечарэла, пачалi загарацца зоркi. Я бачыў iх, як у сне, ад смагi мяне трошкi лiхаманiла. У памяцi ўсплылi словы Маленькага прынца.
- Значыць, ты таксама ведаеш, што такое смага? - спытаў я.
Але Маленькi прынц не адказаў на маё пытанне.
- Вада бывае неабходная i сэрцу... - проста сказаў ён.
Я не зразумеў яго адказу, але прамаўчаў... Я добра ведаў, што не варта яго распытваць.
Ён стамiўся i сеў на пясок. Я прымасцiўся побач. Праз якую хвiлiну маўчання ён вымавiў:
- Зоркi вельмi прыгожыя таму, што недзе там ёсць кветка, хоць яе i не вiдно...
Я згадзiўся з iм i моўчкi глядзеў на залiтыя месячным святлом пясчаныя хвалi.
- Прыгожа ў пустынi, - дадаў ён.
Што праўда, то праўда. Я заўсёды любiў пустыню. Сядзеш на бархан. Нiчога не вiдно. Шчога не чутно. I толькi нешта зiхацiць у цiшы...
- I надае хараство пустынi тое, - сказаў Маленькi прынц, - што дзесьцi ў ёй хаваюцца крынiцы...
I раптам я зразумеў гэтае варожкае ззянне пяску. У маленстве я жыў у вельмi старым доме. Расказвалi, што ў iм быў схаваны нейкi скарб. Вядома, нiхто так i не змог адшукаць таго скарбу, а можа яго нават i не шукалi. Але ён зачароўваў усю сялiбу. Глыбока ў сэрцы хаваў дом неспазнаную таямнiцу...
- Гэта праўда, - згадзiўся я. - Вазьмi ты дом, цi зоркi, цi пустынi, тое, што надае iм сапраўднае хараство, не ўбачыш вокам.
- Я рады, што ты згодзен з маiм Лiсам, - адказаў Маленькi прынц.
Маленькi прынц задрамаў. Я ўзяў яго на рукi i пайшоў далей. Я быў усхваляваны. Мне здавалася, што я нясу далiкатны скарб. Здавалася нават, што на ўсёй Зямлi няма нiчога болей кволага. Нас амывала месячнае святло, i я глядзеў на бледны лоб маленькага прынца, на яго заплюшчаныя вочы, на пасмачкi валасоў, якiя паварушваў лёгкi ветрык, i я думаў: тое, што я зараз бачу, толькi абалонка. Сама галоўнае - тое, чаго не ўбачыш вачыма...
На яго вуснах мiльгнула ледзь прыкметная ўсмешка, i мне зноў падумалася: "Што мацней за ўсё хвалюе мяне ў гэтым сонным прынцы, дык гэта яго вернасць кветцы, гэта вобраз ружы, якi, як агеньчык каганца, свецiцца ў iм, нават калi ён спiць..." I ён здаўся мне яшчэ болей кволым. Трэба вельмi старанна ахоўваць каганцы: дзьмухнi вецер - i яны могуць патухнуць...
Так я iшоў ды iшоў, пакуль на досвiтку не наткнуўся на калодзеж.