Неўзабаве я ўжо добра ведаў, што гэта за кветка. На планеце Маленькага прынца адвеку раслi звычайныя, сцiплыя краскi ў адзiн венчык пялёсткаў, якiя амаль не займалi месца i нiкому не замiналi. Уранку яны ўсходзiлi ў траве, увечары прападалi. Але аднойчы з насенiнкi, занесенай невядома адкуль, паказаўся парастак, зусiм не падобны на iншыя былiнкi. Маленькi прынц вельмi сачыў за iм. А раптам гэта якая-небудзь новая разнавiднасць баабабу?! Але кусцiк хутка перастаў расцi i пачаў рыхтаваць кветку. Маленькi прынц, якi ўбачыў вялiкi бутон, адчуваў, што ў iм нейкi цуд, але кветка ўсё прыхарошвалася i прыхарошвалася ў прытулку сваёй зялёнай святлiцы. Яна няспешна апраналася, адзiн за адным прымервала пялёсткi. Яна нё хацела з'яўляцца на свет ускудлачанай, як нейкi там мак-самасейка. Ёй хацелася паказацца ў поўным бляску свайго хараства. Гэта была страшэнная какетка! Дзень за днём яна рыхтавалася да выхаду ў свет. I вось аднойчы ранiцай, якраз на ўзыходзе сонца, бутон раскрыўся.
I кветка, якая столькi сiлы выклала, рыхтуючыся да гэтай хвiлiны, з позяхам вымавiла:
- Ах! Ледзьве прачнулася... Прашу прабачэння... Я яшчэ такая ўскудлачаная...
Маленькi прынц не змог стрымаць свайго захаплення:
- Якая вы прыгожая!
- А што, праўда? - мякка падхапiла кветка. - Я нарадзiлася разам з сонцам...
Маленькi прынц яшчэ тады падумаў, што кветка не дужа сцiплая, але яна была такая чароўная!
- Калi не памыляюся, якраз час снедаць, - хутка дадала яна. - Будзьце ласкавы, паклапацiцеся пра мяне...
Збянтэжаны Маленькi прынц схапiў лейку з крынiчнай вадой i палiў кветку.
Неўзабаве яна лiтаральна замучыла яго сваёй трошкi крыўдлiвай пыхлiвасцю. Аднойчы, да прыкладу, у размове пра свае чатыры калючкi, яна сказала Маленькаму прынцу:
- Сюды могуць прыйсцi тыгры, i ў iх такiя кiпцюры!
- На маёй планеце няма тыграў, - сказаў Маленькi прынц, - ды тыгры i не ядуць травы.
- Я не трава, - мякка запярэчыла кветка.
- Прашу прабачэння...
- Мяне нiколечкi не палохаюць тыгры, але я страшэнна баюся скразнякоў. У вас часам не знойдзецца парасона?
"Раслiна, а баiцца скразнякоў... Як дзiўна... - падумаў Маленькi прынц. Якi складаны характар у гэтай кветкi..."
- Нанач мяне трэба накрываць шкляным каўпаком. Тут так холадна, няўтульна. Там, адкуль я прыйшла...
Але яна змоўкла. Яна прыйшла насенiнкай i нiчога не магла ведаць пра iншы свет. Прысаромленая, што так вiдавочна хацела зманiць, ды не выйшла, яна разы два-тры кашлянула, каб Маленькi прынц адчуў, як ён вiнаваты перад ёю.
- То як з парасонам?..
- Я хацеў iсцi па яго, але ж вы гаварылi са мной!
Яна зноў знарок закашляла, каб дадаць яму пакуты. I Маленькi прынц, хоць i вельмi палюбiў кветку, хутка перастаў верыць ёй. Ён усур'ёз прымаў яе пустаслоўе i адчуваў сябе вельмi няшчасным...
- Дарэмна я слухаў яе, - неяк прызнаўся ён мне, - нiколi не варта слухаць, што кажуць кветкi. Трэба толькi любавацца iмi ды дыхаць iх водарам. Ад маёй красунi па ўсёй планеце iшоў цудоўны пах, але я не ўмеў яму радавацца. Трэба было замiлавацца гэтай байкай пра калючкi, а яна так засмуцiла мяне...
Маленькi прынц замаўчаў, потым дадаў:
- Нiчога я тады не разумеў! Трэба было судзiць яе па ўчынках, а не па словах. Яна была мне як гаючыя лекi, як святло. Не трэба было мне ўцякаць! Я павiнен быў разгледзець яе пяшчотнае сэрца за гэтымi няўдалымi хiтрыкамi. Кветкi такiя супярэчлiвыя! Але я быў надта юны, каб умець любiць.