Элегiя

На цiхiм правiнцыйным касмадроме

Расьце трава, i хлопчык пасьвiць коз.

Ў маленькiм прахалодным белым доме

Ляжаць аскепкi шыб i ржавы трос.

Ўсё прыладзьдзе стартавае ў коме

I пахне так, што адвяртаеш нос.

Ня верыцца, што з гэтага во месца

Калiсьцi людзi лёталi на Месяц.

Вось ён, во-во, во тут, рукой падаць —

I падавалi ж некалi рукою.

Пяцьсот пятнаццаць трэ было аддаць

За месца самае недарагое.

Пасьпеў яшчэ i я папалятаць

На гэтым во, аблупленым iржою,

Разукамплектаваным караблi

I да маладзiка, i да Зямлi.

Палезу на яго на самы нос

Ды з тэлескопам дзедавым ў кiшэнi.

На кропку-хлопчыка i кропкi коз

Я кiну погляд, поўны вывучэньня.

Скажу сабе: «Глядзi: караблiк ёсьць.

Знайдзi крыху рублёў на аднаўленьне —

На тое табе дадзены твой лоб!»

I прыкладу да вока тэлескоп.

Загрузка...