Валерый ГАПЕЕЎ


МАЯ МІЛАЯ ВЕДЗЬМА


Школьны раман


1


Незвычайны — цёмна-ружовы — матылёк трапечацца між шурпатых рудых ствалоў хвой. Крадуся да яго, ён усё бліжэй і бліжэй, уецца лёгка, але не вельмі зграбна, бачком, быццам у яго адно крылца меншае ці кволейшае за другое. Яшчэ крок, яшчэ паўкроку па мяккай посцілцы з сухіх хваёвых іголак — і матылёк заўважае мяне, імкліва спырхвае ўдалячынь. І тады я бягу адкрыта.

Бягу і разумею: мне нельга лавіць яго, бо хапну рукой — і зломяцца тонкія ружовыя крылцы. І нават калі атрымаецца асцярожна ўзяцца за іх, дык на пальцах застанецца ружовы аксаміт, а крыл­цы незваротна згубяць сваё хараство. Але я бягу, мне трэба злавіць яго, патрымаць у руках, каб давесці самому сабе, што я — спрытны і хуткі!

Матылёк бліжэй і бліжэй, я бачу, што адна пара крылцаў у яго насамрэч круглявай формы, а другая — завостраная на канцы, таму палёт ягоны няроўны, і ён стаміўся, ён адчайна трапеча, я наганяю яго, ужо ўзняў руку, каб у наступнае імгненне схапіць, сціснуць. Мне ўжо няважна, што зломяцца, ператворацца ў шматкі дзівосныя крылцы, што далонь і пальцы прыцярушацца бліскучым ружовым пылам, а сам матылёк, відавочна ж, загіне.

Раптоўна перада мной рассцілаецца вялізная прагаліна, б'е ў вочы зыркае святло, хвоі раздаюцца, а я не магу спыніцца перад жудаснай кручай. Неспадзявана адчуваю дзіўны водар, маты­лёк — перад самым маім тварам. Ён з апошніх сіл успырхвае вышэй за маю галаву. А я — падаю. З вялізнай вышыні на дно кручы, дзе струменіцца ледзь бачны раўчук, на жоўты іскрысты пясок...

І ніколі яшчэ не ўпаў.

Я прачынаюся ў той момант, калі, няўмольна набліжаючыся, невялікія мокрыя камяні на дне раўчука затуляюць сабой увесь свет. Страх раптоўна пакідае мяне, я думаю адно пра тое, што мне вельмі доўга прыйдзецца хадзіць з пабітым тварам і распухлым носам.

Сон сніцца і сніцца. З года ў год, у нейкія месяцы я пачынаю сніць яго колькі начэй запар. Прачынаюся з заўсёднай прыкрай пустэчай унутры. Тады я нечакана востра адчуваю, што ўсё вакол — няправільна, што павінна быць усё інакш, і тое, што я раблю — раблю крыва і коса. Чаму няправільна, як рабіць інакш, — я не ведаю. Каб прагнаць назойлівыя думкі і гэта пачуццё няправільнасці самога сябе, іду на кухню, адкручваю кран і чакаю, пакуль вада сцячэ да вельмі халоднай. Але п'ю толькі хіба глыток.

Маці раней прачыналася, першыя разы заклапочана пыталася, ці ўсё добра, а цяпер, калі прачнецца, дык адно буркне нешта незадаволена. Пра сон я ёй не расказваў.

Баба Марыля на мае начныя жахі знаходзіць простае тлумачэнне:

— То ты расцеш, унучак.

Добра бабе — яна што заўгодна патлумачыць самымі простымі словамі. Сярод гэтых простых ёсць універсальныя: «Усё наладзіцца, усё будзе добра», «Надта не задумляйся, жыві ды і ўсё», «Значыць, лёс такі».

Расту, значыць... Ведала б баба, той матылёк — існуе, і я гнаўся за ім, ды не я, а ён падаў з кручы...

Неяк я спытаўся ў Юрася:

— Слухай... адзін і той самы сон сніцца мне цягам колькіх гадоў. Штомесяц, часцей... Сон страхотны. Там я. падаю з вышыні. Але прачынаюся за імгненне да таго, як прыпячатаю сваім тварам камяні.

Мы вярталіся са школы, была вясна, ужо добра прыпякала.

— А памятаеш дакладна, у якія дні сніцца? Даты ці дні тыдня? — зацікавіўся Юрась.

— Ідзі ты са сваёй матэматыкай сам ведаеш куды, — уздыхаю я і паварочваюся да Уладзі: — Уладзь, ну? Ці можа сніцца адно і тое запар, а калі можа, то што гэта за навала?

Юрась усяго хмыкнуў убок — ведае, што са сваёй матэматыкай уеўся ўсім у пячонкі, але ўпэўнены: то мы не цямім нічога ў вытанчанай сістэме мностваў і формул. Без жартаў кажу — Юрась чыкануўся на лічбах, гэта кожны з класа пацвердзіць. Пакуль ідзём у школу, ён запамінае ўсе нумары на пабачаных аўто, лічыць колькасць сустрэтых жанчын, мужчын, дзяцей. А потым складае прагноз на дзень для сябе, мяне і Уладзі. Кшталту, будзе дзень удалым ці не, каму пашанцуе, каго не міне навальніца. «У лічбах сэнс, будучыня і мінулае!» — так кажа, бы дэпутат з трыбуны. Але смяяцца з Юрася не будзеш, бо наша матэматычка Ганна Тодараўна сцвярджае, што за гісторыю яе настаўніцтва Юрась мае найлепшыя здольнасці да матэматыкі. Хоць на выгляд ён ніяк не геній: даўгалыгі, худы, светлавалосы і гарбаносы, ходзіць, нібыта ў нагах нейкія шарніры. І рукі гэтаксама рухаюцца — як у сталоўцы бярэ шклянку гарбаты, здаецца, тое робіць механічная рука робата. Юрась не зануда, да сваіх поспехаў у матэматыцы ставіцца, як да надвор'я, — ёсць і ёсць. Яму не пофіг, праўда, ён гэта скарыстоўвае: цішотку з «Анархіяй» носіць заўсёды непрыхавана, і наша дырэктарка, цётка прыдзірлівая і злапамятная, да яго не чапляецца. Бо Юрася абавязкова запрагаюць ва ўсе магчымыя алімпіяды па матэматы­цы і фізіцы яшчэ пачынаючы з шостага класа, ён у нас — гонар школы, мае безліч розных дыпломаў. Неяк на яго наехала дырэктарка на пачатку мінулага навучальнага года, дык ён адкрытым тэкстам сказаў, што альбо яго і яго сяброў — мяне і Уладзю — не чапляюць за адзенне, альбо ён пасылае шко­лу з яе алімпіядамі ў прастору Лабачэўскага. То і мне, і Уладзю побач з Юрасём выгода ёсць.

...Уладзя губляецца ад майго пытання. Ён ад любога пытання губляецца. Вось хто ніяк з дзяцінства не вырасце. Тыповы батан: у акулярах, лапавухі, недалужны, невысокі, задуменна-засяроджаны. І летуценнік. Як вольная хвіліна — ён нырцуе ў тэлефон, праз слабы зрок амаль носам кранаецца экрана. Усё чытае: даведнікі, энцыклапедыі... Больш нічога ў яго тэлефоне няма — ні здымкаў, ні музона.

— Уладзя, табе гэта трэба? — колькі разоў пыталіся мы з Юрасём, калі ён з захапленнем апавядаў нам іншы раз, што, да прыкладу, «пакутаваць хернёй» насамрэч — дыягназ, яго выстаўлялі сынкам заможных людзей у царскай Расіі, каб вызваліць іх ад службы ў войску. Звычайная пахавая грыжа так і звалася па-лацінску — херня. — Ну, трэба табе ведаць гэта?

Уладзя вінавата ўсміхаецца. Дзівак ён. Мы ведаем: кумір Уладзі — эрудыт Васерман. Уладзя доб­ра вучыцца, роўны па ўсіх прадметах. А яшчэ ён умее неверагодна падробліваць почырк першага-лепшага чалавека і, канечне, подпісы. Некалі мы адпомсцілі нашаму фізіку Антосю Сямёнавічу (малады, кавалер яшчэ, можа, таму і нервовы). Ён увесь клас прымусіў перапісваць кантрольную пасля заняткаў — перахапіў у няўклюды Юзіка тэлефон, а там мы праз Вайбер скідвалі варыянты, бо пісалі кантрольную пасля «А» класа, ведалі рашэнні. Юрасю тады ніяк нельга было доўга заставацца ў школе, яму тэрмінова трэба было дамоў, ён і прасіўся ў яго. Хто ж падумае, што Юрась фізіку спісвае? Ён тыя задачкі рашае, як чыпсы есць. Юрась зазлаваў, за хвілін пятнаццаць рашыў усё, кінуў сшытак фізіку на стол. Але на фізіка нешта нашло, маўляў, сядзі, як усе, тады Юрась спакойна ўзяў заплечнік і рушыў да дзвярэй. Моўчкі, але з такім тварам, што настаўнік і рота не раскрыў. Нам з Уладзем ён нічога не растлумачыў, потым адно сказаў праз зубы: «Зноў нажраўся ў бары, маці патэліла: не забяром зараз, дык выклічуць нарад міліцыі». Юрась саромеецца свайго бацькі, ягонага п'янства. Цвярозы дзядзька Ігнат — нармалёвы мужык, не будзе прынюхвацца да цябе, нават калі ты толькі што затаптаў недакурак цыгарэты. Дык вось, я надыктаваў Уладзю тэкст пісулькі, нібы ад нашай бібліятэкаркі. Яна спагадлівая і не даставучая, затрымаеш кніжку, але не бегае за табой па школе — эсэмэскі кідае. Але ж страшненькая: твар шырокі, круглы, нос маленькі, рос ды не дарос. А зубы занадта вялікія, шырокія: як усміхнецца — здрыганешся. Казалі, нашага фізіка пару разоў бачылі ў бібліятэцы. А што яму там рабіць? Зразумела ж. У пісульцы Вольга Арцёмаўна, бібліятэкарка, запрашала фізіка на спатканне ў кавярню. Падкінулі ў яго штотыднёвік.

І ён прыйшоў! Тады восень была позняя, холадна, макрэдзь у паветры. Фізік прытопваў пад парасонам, нервова паглядваў на аўтобусны прыпынак. А мы ржалі, назіраючы за ім, зрабілі пару здымкаў — каб пазней ў свой «Кантакцік» класны закінуць. І тут пабачылі бібліятэкарку! Яна ішла паўз кавярню. Фізік так кінуўся ёй насустрач, мы думалі — біць пачне. Вольга Арцёмаўна разгублена лыпала вачыма на яго, той амаль спалохана мямліў... А далей было нешта: фізік прытрымаў бібліятэкарку за локаць, і яны зайшлі ўнутр!

— Падзея называецца фактам супадзення магчымых верагоднасцей, — выдаў са скрухай Юрась, калі мы вярталіся назад.

Праз сваё ўменне падробліваць почыркі Уладзя і пакутуе. Ну, дакладней, не праз гэта, а праз сваю закаханасць у прыгажуню нашага класа (ды і школы, пэўна ж) Віялету. Закахаўся Уладзя яшчэ ў садку. То і не дзіва — Віялету апраналі заўсёды як ляльку, не адзін ён зачараваны быў. Толькі вось у каго мінула тая дзіцячая закаханасць, а Уладзя не змог яе пазбавіцца. Колькі яму ні кажы, што гэта Віялета наколькі вонкава да лялькі Барбі падобная, нагэтулькі ж і ўнутры пустая, Уладзя не слухае. Раней, гады тры таму, крыўдаваў да слёз (насамрэч плакаў), тыднямі з намі не размаўляў, а цяпер адно ўсміхаецца і кажа пераканаўча і пераможна:

— Вы проста не ведаеце. Яна — не такая, як усе. Яна асаблівая!

Чым яму запярэчыш? І вось ужо каторы год ён выконвае за прадмет сваёй закаханасці хатнія пісьмовыя работы. На кантрольных паспявае спачатку рашыць варыянт Віялеты, потым свой. І нават дыктант піша адразу за дваіх, на двух аркушах адразу. За гэта Віялета дазваляе яму сядзець з ёй за адным сталом. А можа, і яшчэ што: за руку патрымаць. Дурань Уладзя. Мы трохі апякуемся ім: глядзім, каб не надта сцяліўся перад гэтай лялькай. Бо Уладзя ж — шчыры хлопец, у яго грошы заўжды водзяцца, ён з намі дзеліцца, яму іх даюць з разліку на траіх, мабыць. Неяк яго маці, цётка Жэня, маленькага росту жанчына, такая ўся кругленькая і лагодная, выйшла з пад'езда і папрасіла, пакуль я чакаў Уладзю:

— Кірыльчык, вы, калі ласка, не кідайце Уладзечку, сябруйце з ім. Ён нейкі такі... няздатны да гэтага жыцця, жыве бы ў мроях. Я за яго так баюся, усё кніжкі і камп'ютар.

Мне ажно няёмка зрабілася, быццам мяне абвінавацілі ў здрадзе.

— Ды чаго мы будзем кідаць яго, цёць Жэнь? Мы ж ад садка разам, нармальны хлопец ваш сын. Вырасце!

Уладзя цяпер маўчыць на маё пытанне пра сон, моршчыць лоб, раздумвае: казаць ці не, бо мы з Юрасём часта кпім з яго жадання на кожную драбязу знайсці нармальны такі адказ, і пытаемся пра ўсялякія глупствы, кшталту: навошта павуку столькі вачэй і чаму ў некаторых іх восем штук, а ў іншых — шэсць (гэта таксама ад Уладзі ведаем), чаму мух аднолькава вабіць пах мёду і дзярма, а пасля гыгычам з Уладзевай патугі ў пошуках адказу. Але цяпер на маім твары ні ўсмешкі, а ў вачах — ні іскрынкі хітрасці. Цікава: што выдасць Уладзя?

— Ну, калі меркаваць з тэорыі Фрэйда.

— Карацей, не будзь занудай.

— Хутчэй, гэта нейкая нявырашаная праблема.

— Ты даў! Мне сон сніцца з маленства, разумееш? І якую там праблему я вырашаю?

— Неабходна разабрацца. Вось Фрэйд казаў, усе праблемы чалавека звязаныя з яго сексуальнасцю.

— Уладзя, ты дурань? — я ажно прыпыніўся. — Я пра секс успомніў, як ты сказаў.

— А гэта наша падсвядомасць працуе, — заўпарціўся Уладзя. — У ёй усё схаванае.

— Ага, цяпер скажы, як пытацца ў падсвядомасці? Эсэсмэску адправіць, а ўначы сон дзівіцца?

— Ну, і так можна, — сур'ёзна адказаў Уладзя.

— Псіх ты закаханы, — я цыркнуў на зямлю слінай. — Табе Віялета голая сніцца?

— Не твая справа! — агрызнуўся нязлосна Уладзя. — Усё, я на трэніроўку! — крутнуўся і пайшоў.

Уладзя — у камандзе раёна «Што? Дзе? Калі?».

— Як яна аголеная яму прысніцца ці ў рэале яе так пабачыць, каханне скончыцца, — хмыкнуў Юрась.

— Ты чаму так думаеш? — здзівіўся я.

— Таму... Фігурка ў Віялеты далёкая ад ідэалу, бачыў некалі яе ў басейне: ногі хударлявыя, азадак пляскаты... Прапорцыі нявытрыманыя. Не мадэлька, хоць твар прыгожанькі.

— Усё табе прапорцыі...

— Не мне, а прыродзе, чукча, — паблажліва патлумачыў Юрась. — Прапорцыя — аснова прыгажосці і трываласці. У крылцах матылька — залатое сячэнне, адна з фундаментальных прапорцый, таму ён для нас і такі прыгожы!

— А бывае матылёк з рознымі крылцамі? Ну, левая пара — вострыя, правая — круглыя?

— Не бывае! Прырода ідэальна сіметрычная...

— Гэта ў цябе вушы сіметрычныя...

Бо я ведаю — бывае! Той матылёк меў менавіта рознавострыя крылы.

...Гэта здарылася 9 верасня.

Як заўсёды, я выйшаў раней за іх, чакаў, пакуль Юрась сваімі хадулямі адмерае ад свайго дома 97 крокаў (ён даўно іх палічыў!), потым мы разам чакалі ля пад'езда Уладзю (ці ён чакаў нас). Нам да школы — 17 хвілін. Пра колькасць крокаў казаць не буду — у Юрася спытайце, вядома, ён іх палічыў не адзін раз:

— Ад першага класа да сённяшняга дня колькасць крокаў скарацілася на дваццаць тры. Разумееце?

— Гоніш, — млява заўпарціўся я тады. — Сусвет пашыраецца, чуў? Не можа адлегласць стаць меншай.

У той ранак Юрась пабачыў першы сустрэчны аўтамабіль і загадаў нам:

— Нумар! Хуценька сказалі мне нумар, — ды так сур'ёзна, быццам ад тых лічбаў залежала жыццё Сусвету вось тут і цяпер.

— Сам зірні, — хацеў паспрачацца я, але падыграў: — 32-13, дзве тройкі на канцах, сярэдзіна дае тройку. Ну што?

— Што і патрабавалася давесці! — з важнасцю выдаў Юрась. — Разам — дзевяць!

— І што?

— Здарыцца. Сёння.

— Здарыцца, ага, — згадзіўся я і кіўнуў на маўклівага Уладзю: — Віялета дазволіць сёння закаханаму пакласці дрыжачую далонь на сваё калена!

— Пайшлі вы! — звыкла агрызнуўся Уладзя.

— Вер Юрасю! — загарэўся я. — Зараз яшчэ адну дзявятку сустрэнем — і твая рука можа патрапіць на яе цыцачку. Але рот не разявай на шчаслівы выпадак, — працягнуў я. — Цыцачка будзе пад станікам і кофтачкай. І адно пакласці дазволіць, а не памацаць!

— Ты — пашляк і не ведаеш нічога пра сапраўднае каханне, — уздыхнуў з жалем Уладзя.

— Я — і не ведаю? Дык ты ж — прыклад! — працягнуў я тэму і зазлаваў: што ён робіць з мяне ідыёта і пашляка? — Каханне — гэта рабіць за яе кантрольныя і пісьмовыя работы, сядзець за адным сталом, але на ўпісках (гэта такія тусоўкі на кватэрах без бацькоў, куды запрашаюць кожнага таемна, па спісу) яна матляе азадкам з іншымі і перад іншымі. Быць у яе хлопчыкам на пасылках, пісаць ёй паштоўкі. Ці ты і вершы пішаш? І ўзамен... Уладзя, прызнайся: ты нешта атрымліваеш узамен? Яе вось Віктар, сам бачыў, на перапынку дык за попу крадком лапае, а табе што дазволена? Цябе яна хоць раз запрашала на ўпіску? Ты ведаеш, што яна там таму ж Віктару дазваляе? Яны тусяць раз на месяц у каго на кватэры, а цябе бяруць?

— А я не хачу, — спыніўся Уладзя, зірнуў мне ў вочы, і я пабачыў там знаёмы з мінулага года ўстойлівы выраз бетоннай асабістай перавагі. — Каханне — калі ты адчуваеш: ты патрэбны і ты шчаслівы ад сваёй патрэбнасці. Ясна, Кір?

Кір — гэта я. Мне зразумела. Мне зразумела, што абодва мае сябры — чыканутыя. Адзін — на лічбах, другі — на закаханасці. Але ж не будзеш мяняць іх... Ды і як? Мы выраслі разам, у адным двары. У апошні год у садку — разам. І з таго часу — разам. Не тое што прызвычаіліся... Неяк я і не ўяўляю сябе без Уладзі і Юрася. Думаю, яны таксама. Мы былі, і вось цяпер ёсць разам. А як далей? Далей — гэта далей. Усё будзе добра, як кажа мая бабуля.

— Дурні вы! — перапыніў нас Юрась. — Дзявятка!

Але мы ўжо зайшлі ў школу, і ён сціх. Я думаў, Юрась ужо забыўся на свае лічбы, але на другім уроку (была, як на тое, матэматыка, а матэматычка, я ж вам казаў, ці не абагаўляе Юрася і на ягоныя выбрыкі глядзіць скрозь пальцы) ён выцягнуў мабільнік, зіркаў-зіркаў на яго, а потым кажа:

— Зараз здарыцца!

— Што?

— Юр! Вяшчуй канец сусвету і трындзец заняткам!

Юрась цярпліва пачакаў, пакуль пад строгім позіркам настаўніцы сціхнуць крыкі, пачаў гаварыць з месца, зірнуўшы на матэматычку і атрымаўшы ў яе лёгкай усмешцы маўклівы дазвол на сваё тлумачэнне:

— У нашым класе васямнаццаць вучняў — у суме — дзевяць. Калі скласці гады нараджэння кож­нага з нас, затым скласці лічбы атрыманага ліку, атрымаем дзевяць. Дзевяць — лічба нашага мноства. Кожнае матэматычнае мноства мае свой індэкс, калі хочаце, множнік, ступень, паказчык. Мы маем дзявятку. Сёння раніцай першы сустрэчны аўтамабіль меў у суме нумар дзевяць. Сёння — дзявяты дзень дзявятага месяца. Больш за тое, сёння дзявяты месяцовы дзень, неверагоднае спалучэнне.

— Але ж гэта проста лічбы, — хоць і паважліва, але з лёгкай паблажлівасцю ўсміхнулася матэ­матычка. — Калі захацець, патрэбную лічбу можна адшукаць у любым месцы.

— Ды не шукаў я лічбы! — падхапіўся Юрась, я ажно пахіснуўся ўбок. — Зараз — дзявятая гадзіна і сёмая хвіліна. Праз дзве хвіліны. Калі максімальная колькасць дзявятак супадзе.

— Мноства нашага класа наляціць на нябесную вось!

Але на гэты рэмікс вядомай цытаты ніхто не адрэагаваў.

Стала ціха. Ці не на ўсіх сталах засвяціліся тэлефоны. Дзве лішнія хвіліны сачкаваць — каму не хочацца? Пагатоў, можна добра гігікаць а 9 гадзіне 10 хвіліне. Я таксама дастаў тэлефон. Мне было не тое каб трывожна, але няўтульна. Я не мог дарэшты паверыць у Юрасёвы лічбы, але ж... Той ма­тылёк сёння зноў сніўся мне. І я вынырнуў са сну, гэтым разам ужо крануўшыся тварам, адчуўшы холад вады ручая. Раней такога не было. І не было, каб так доўга ніяк не адпускала ад сну.

А дзявятай нуль дзевяць нічога не здарылася. Яшчэ хвіліну стаяла цішыня, а потым пачуўся лёгкі ўздых — то Віялета звярнула ўвагу ўсіх на сябе і роблена шкадуючы праспявала-прамовіла:

— Ах, які жаль. Наш матэматычны геній чарговы раз лахануўся.

Юрась — асабісты вораг Віялеты. І не толькі таму, што яго ніколечкі не чапляе яе агульнапрызнаная прыгажосць. Ён — анархіст. І я — анархіст. Але калі для Віялеты я — нешта невыразна сярэдняе, дык Юрась жа — фігура, аўтарытэт.

Наш клас ці не ад самага пачатку падзяліўся на дзве часткі: эліта і плебс. Звычайная справа для школы. На ўроках мы, здаецца, і разам, але толькі на ўроках. Калі дыскач у школе (ну, туды мы валілі разам у 8—9 класах, цяпер дык і не асабліва) — плебс танчыць асобна ад эліты. Хлопец з эліты ніколі не запросіць на танец плебейку і наадварот. І тусавацца пасля ўрокаў можна адно з сябрамі сваёй групоўкі. Канечне, групы незаўсёдныя, некага з эліты выганяюць у плебс, нехта з плебса прабіваецца наверх. У эліты галоўная — Віялета, яе целаахоўнікі — Віктар і Алег. Калі ў Віктара бацькі — не абы-якія чыноўнікі, дык у Алега — кулакі і моц. Яго рэальна пабойваюцца ўсе ў класе, ды і настаўнікі асабліва не чапаюць. Бацька Алега, ведаем, год таму сеў у турму за разбой. І не першы раз. Сам Алег глядзіць на ўсіх нас, аднакласнікаў, згары: ён ведае шмат такога, што нам і не снілася. Як ён апынуўся ў эліце, і што яго самога трымае там?

— Яго трымаюць грошы, якіх хапае ў Віялеты, Віктара і яшчэ многіх. А ён патрэбен ім як ахоўнік... Моц заўжды трэба, — лёгка знаходзіць тлумачэнне Юрась, рыхтык счытвае аднекуль ці паўтарае завучанае.

У плебса цэнтра няма: кожная групка сама па сабе, свае міжсабойчыкі. Ну, а мы з Юрасём — нейтралы. Нам пофіг гэтыя падзелы, гульні ў іерархію нас не цікавяць. Мы папраўдзе трымаемся асобна ад усялякіх тусовак. У Юрася вось ёсць матэматыка, а ў мяне — мае серыялы і кнігі. Мне падабаюцца фільмы пра розныя крымінальныя расследаванні. Самы круты апошні — «Падмані мяне». Там галоўны герой умее так чытаць пачуцці чалавека паводле яго мімікі і рухаў рук, плячэй, што ажно дух займае. З кніг на першым месцы — Кінг. Набываю кнігі (так чытаць больш прыемна, чым з рыдара, які маці купіла). А нядаўна мне ў «УКантакце» падагналі «Дзікае паляванне караля Стаха». Во дзе ўражаны быў: наш беларускі пісьменнік Караткевіч такую рэч напісаў! Чытаў вечар і ноч — зацягнула.

Карацей, мы з Юрасём не ў тусоўках. І Уладзя з намі. Адно крыху цісне: Уладзю Віялета трымае ў школе пры сабе. Вядома, на розныя ўпіскі Уладзя не трапляе. А шкада, я ўжо казаў. Пабачыў бы там хоць раз Віялету... Неяк Віктар прагаварыўся, як Віялета напілася «Марціні» і ванітавала ў ванным пакоі, куды яны з Алегам ледзь паспелі яе завалачы.

Юрась зрабіў самае разумнае, што можна было прыдумаць у адказ на з'едлівасць Віялеты, — ён быццам не пачуў тых слоў. О, такое нашу лялечку злуе больш за ўсё! Глядзі ж — на яе не звярнулі ўвагу! А тут яшчэ Ганна Тодараўна не дала нават дагучаць апошнім словам і тым перапыніла магчымае далейшае пікіраванне:

— Калі б хоць трэць прадказанняў у гісторыі чалавецтва спраўджвалася, само чалавецтва мусіла б ужо загінуць як мінімум тройчы, — важка сказала матэматычка, абвяла позіркам клас, прымушаючы усіх слухаць. — А лічбы вярэдзілі чалавечы розум ва ўсе вякі.

— І калі першы? Ну, калі чалавецтва павінна было загінуць у першы раз? — прагучала пытанне ад некага з дзяўчат.

— Першы? Ды ў 666 годзе, — усміхнулася Ганна Тодараўна. — У Новым Запавеце агучваецца лік д'ябла — 666. Вось і чакалі канца свету ў тым годзе. Потым — у 999, бо палічылі, што прарок пабачыў лічбы дагары, яны ж былі на небе. Пазней у 1666, далей — у 1999, гэта ўжо так дакладна было нібыта...

Настаўніца казала, яе і сапраўды слухалі — цікава ж, ды нехта ўратуецца ад «двойкі», а я трымаў перад сабой тэлефон, дзе высвечвалася ўжо 9.15. Я раптам зразумеў: патрэбная камбінацыя дзявятак з'явіцца на гадзінніку яшчэ не раз: 9.18, 9.27, 9.36, 9.45, 9.54, пасля будзе 18.09, 18.18. Ніколі ра­ней я не ўспрымаў Юрася і яго лічбы ўсур'ёз. Але сёння. ну, шмат, надта ж шмат дзявятак! Юрась не ўспомніў, а я не буду яму зараз нагадваць, што ў тое лета мы жылі ў летніку ў корпусе пад нумарам дзевяць! А яшчэ я бачыў, я запомніў тыя нумары на «хуткай», амаль нябачныя пад слоем пылу. Там таксама былі дзявяткі. І я не змог стрываць, павярнуўся да сябра, разявіў рот, каб сказаць, і спужаўся адчутага ў горле болю — яго раздражняла, пякло свежае паветра. Амаль фізічна я ўявіў, як будуць драпаць горла словы, але пачаў гаварыць, нечакана хрыпата і гучна для сябе і ўсіх:

— Юр. тады была «хуткая». У яе былі нумары.

Боль раптоўна знік, голас стаў звычайны, хваляванне і страх згінулі.

Я паверыў. Я таксама паверыў: нешта павінна здарыцца.

— Якая «хуткая»? Ты пра што? — здзівіўся Юрась.

— Потым. Зараз 9.17. У той «хуткай», якая прыехала, нумар быў 09-18. Таксама дзве дзявяткі. Вось, зараз.

Гэтым разам, здаецца, ніхто не уключаў мабільнік. Але стала так ціха, так невыносна ціха, што крокі ў калідоры, якія мы пачулі, якія набліжаліся, падаліся д'ябальскім барабанным пошчакам. І ён гучнеў, ён плыў да нас, на нас, у сярэдзіну нас. Выразныя, цокаючыя, і побач з імі — глухое рэха іх — лёгкія, ледзь чутныя.

Крокі сціхлі насупраць нашых дзвярэй.

Усе глядзелі на іх, а я паспеў зірнуць на Ганну Тодараўну. Сталая жанчына стаяла, сціскаючы край стала збялелымі пальцамі. Яна таксама глядзела на дзверы.

Калі ў дзверы двойчы хутка, упэўнена і настойліва стукнулі, нехта з дзяўчат віскнуў пасапраўднаму, ад жаху.

Дзверы расчыніліся.

— Дзевятая васямнаццаць!

Увайшла завуч Наталля Іванаўна. Як заўсёды — з фрызурай, рыхтык толькі з цырульні, у адмысловым гарнітуры, бліскучых туфельках на бездакорнай формы нагах (канечне, Юрась матэматычна давёў — на прапорцыях). Прыгожая жанчына. Неяк мы заспрачаліся, ці бачыў яе хто ў штанах ці джынсах. Яна ў спадніцах і сукенках — ці ў школе, ці ў горадзе. Зразумела, навошта хаваць такія прыгожыя ногі?

Мы ўскочылі так, нібы рэпетавалі гэта вітанне ўсе дзевяць дзён заняткаў. Наталля Іванаўна нават здзіўлена прыўзняла бровы.

— Дзень добры, сядайце! Гэткія вы сёння дружныя. Выбачайце, Ганна Тодараўна. Прадстаўляю вам новую вучаніцу вашага класа Ядвігу Лельку. Спадзяюся, вы пасябруеце, і два апошнія гады ў школе будуць узаемна прыемнымі для ўсіх.

У руках — чорны заплечнік. Чорныя штаны, шэры балахон. Цёмныя валасы ніжэй плячэй, густыя, крыху завіваюцца, ад скроняў прыхопленыя заколкамі. Сярэдняга росту. Звычайная, карацей. Драбнявы твар. Лелька — што за прозвішча?

На яе глядзелі ўсе, яе вывучалі, яе ацэньвалі, а яна. Яна без відавочнага страху, бы вітаючыся з кожным, аглядала па чарзе нашы твары. Зірнула на мяне. Цёплы? Ну так, цёплы позірк. Яна не над­та баялася. Вочы вялікія, цёмныя, выразныя бровы. Вусны нефарбаваныя, але добра акрэсленыя. Нос. звычайны нос, акуратны такі, не бульбінай, не дзюбай. У позірку было. запрашэнне сябраваць, так! Ці адзін я пабачыў? Не, Юрась гэтаксама прачытаў.

За намі з Юрасём у гэтым класе заставаўся ўсяго адзін свабодны стол. Зразумела, туды мусіла сесці новенькая, гэта Ядвіга. Вось ужо і завуч прапанавала ёй:

— Сядай на вольнае месца, — і выйшла з класа, прычыніўшы за сабой дзверы.

Юрась схапіў свой заплечнік, падручнік і сшытак і пераскочыў за стол ззаду:

— Даму нельга пакідаць адну — даме неабходна даць магчымасць выбару!

Новенькая ў адказ крыху сарамліва ўсміхнулася, пайшла да нас, прыпынілася ля мяне.

Я сядзеў, сцяты незразумелым хваляваннем. Не, мне сапраўды неістотна было: за які стол зараз сядзе дзяўчына, бо я зразумеў: галоўнае ўжо адбылося — яна з'явілася ў класе. А 9.18 дзявятага чысла дзявятага месяца.

— Але ж варта не забываць, што дама амаль ніколі не спыняе свой выбар на тым, хто прапануе ёй выбіраць! — гарэзліва і адначасова з дарослай, сур'ёзнай ноткай у голасе і напускным жалем прамовіла новенькая і села за стол побач са мной. — Не прагоніш? — спытала паўшэптам.

— Не, — выціснуў я.

— Якая дарослая разумніца з'явілася сярод нас! — праспявала нейкая дзяўчына, безумоўна, з атачэння Віялеты.

Але новенькая ніяк не адрэагавала на гэту шпільку.

— Як звяртацца да дамы? — Юрась ззаду нахіліўся да нас.

— Па імені, — павярнулася яна да яго. — Лепей — Ядвіся. Для сяброў — Ядзя. Для блізкіх сяброў — Яся.

— А я — Юрась, для сяброў Юр, а мой сябра, якога ты выбрала, — Кірыла, для сяброў — Кір. Ён хоць крыху малахольны, затое надзейны і без выбрыкаў. А я — геній матэматыкі і прадказаў тваё з'яўленне ў класе!

Ядвіся прымружыла вочы (як выявілася, шэра-зялёныя, з густымі вейкамі) і загадкава сказала:

— То я абрала менавіта гэты дзень, магла б яшчэ колькі пралайдачыць. І час — 9.18 — таксама мой выбар!

Яна ўсміхнулася.

Юрась разгублена залыпаў вачыма, разявіў рот, каб нешта сказаць, але тут Ганна Тодараўна паляпала далонню па стале:

— Усё, досыць на сёння матэматычнай містыкі, знаёміцца будзеце на перапынку, Юрась, калі ласка, не перашкаджай весці ўрок. Працягнем.

Так мы пазнаёміліся.


2


Мы выйшлі са школы разам — я, Ядвіся, Юрась і Уладзя. Не тое, каб супала, — Юрась прапанаваў паказаць новенькай наш раён. Здаецца, ён запаў на гэту Ядвігу. Мяне казытнула трохі: Ядвіся ж села побач са мной, ці не занадта ён актыўнічае? Але, па шчырасці, я быў і ўдзячны Юрасю. Бо мне хацелася таксама яшчэ пабыць сёння з новенькай. На ўроках не паразмаўляеш, а на перапынках да яе падыходзілі дзяўчаты: адразу Віялета са сваімі «фрэйлінамі» прайшлася міма, яны зморшчылі насы, фыркнулі грэбліва: знешне Ядвіся ніяк да эліты не цягнула: апранутая ў таннае, красоўкі не фірмовыя, золата ў вушах няма, пальцы рук не ў пярсцёнках, пазногці нефарбаваныя, хоць і акуратныя, чыстыя.

— Эліце ты не падышла ніяк, — зрабіў свае першыя высновы Юрась, звяртаючыся да Ядвігі.

— Мне плакаць ад гэтага? — прымружылася яна запытальна.

— Ат, радавацца! — усміхнуўся ў адказ Юрась і стаў тлумачыць: — Эліта наша — сама пабачыла, якая. Астатнія — плебс. Гэта падмноства неарганізаванае, без выразнага цэнтра, разбітае на асобныя групкі, якія флуктуюць адна ў адну, разбіваюцца, знікаюць, варагуюць.

— А вы?

— А мы — нейтралы! Анархісты, — з гонарам паведаміў Юрась. — Мы — па-за ўсімі, мы самі па сабе! Хочаш, будзем разам?

— Вось як? — Ядвіся з цікавасцю зірнула на Юрася, спытала: — А хіба можна быць самім па сабе і адначасова — з некім?

— Можна, — адказаў за Юрася Уладзя. — Калі група падтрымлівае правы кожнага заставацца самім сабой і не навязвае яму свае правілы паводзін.

— Вой, якія ж вы разумныя! — новенькая з захапленнем глядзела на нас, і было незразумела: шчыра яна кажа тое ці не. — І як жа вы мяне возьмеце ў сваю кампанію?

— Калі ты зразумела, што Уладзя і Юрась — разумныя, дык сама, атрымліваецца, ужо не дурніца, — вырашыў і я ўставіць свае словы. Сказаў і спалохаўся: неяк занадта просталінейна атрымалася, груба. Яшчэ пакрыўдзіцца.

— О, куды я патрапіла, — рассмяялася нечакана Ядвіся. — У кампаніі такіх разумнікаў дурніцай быць не выпадае.

— Выдатна, значыць, дамовіліся, — гукнуў Юрась. — Прапаную адзначыць нашу сустрэчу піцай! Спакойна, народ, — Юрась зірнуў на мяне і Уладзю, — я частую, учора матуля падагнала замоўцу — маладая завочніца. Я ёй кантрольныя парашаў, так што на піцу бабосы маем. Прымаецца?

Кавярня была амаль па дарозе, ніхто нікуды не спяшаўся, але Ядвіся нечакана паставіла сваю ўмову:

— Частуй, але пазней, калі мы ўжо ўсе незалежныя і самастойныя, разлічымся з табой.

— У нас іншыя правілы, — патлумачыў я. — У каго ёсць грошы і жаданне — той і частуе.

— А ў мяне не бывае такіх вольных грошай, каб я змагла вас усіх пасля пачаставаць, — заўпарцілася Ядвіся.

— Дык ты ж — паненка! — знайшоўся Юрась.

— Але я не люблю заставацца некаму вінаватай хоць у чым.

Ядвіся сказала гэтыя словы ціха, быццам і згадзілася прыняць нашы правілы, але яны, словы, нечакана драпанулі па маёй свядомасці. Было тут. Не ведаю, што было. З тае хвілі, як яна села за мой стол, пачуццё трывогі і адчуванне нечага значнага, што павінна яшчэ здарыцца, не пакідалі мяне. У галаве з'явіўся нейкі халодны металічны шарык, там усё сканцэнтравалася, шарык асабліва не муляў, не балеў, але ён быў, я адчуваў яго штохвіліны. І вось цяпер Ядвісіны словы прыляпіліся да таго шарыка, ён крышачку пабольшаў.

Тут Уладзя прыпыніўся, зняў акуляры. Мы з Юрасём ведалі: зараз выдасць нешта надта разумнае са сваёй скарбонкі гатовых цытат. Таксама прыпыніліся.

— Я вось думаю. — пачаў Уладзя, круцячы акуляры ў руках, — вось я думаю. Чалавек акурат таму і чалавек разумны, і застаецца такім, бо не заўсёды адказвае адпаведнай рэакцыяй на вонкавы раздражняльнік.

— Вой, ты загнуў, — жартаўліва пакрывілася Ядвіся. — Уладзік, перакладзі!

Уладзя ціскануў плячыма, вінавата ўзяўся тлумачыць:

— Ну. Вось камень стукнуўся аб камень — абодва нагрэліся. Пстрыкні кабылу па носе — яна махне хвастом. А чалавек. Калі яму баліць, ён жа неабавязкова крычыць? Калі радуецца — не шукае магчымасць адразу заплаціць некаму за гэту радасць.

— І калі кахае, зусім не чакае зваротнага пачуцця ад прадмета сваёй закаханасці. — дапоўніў Юрась, тролячы Уладзю.

— І не чакае! — насупіўся той.

— А чаго чакаць ад лялькі хоць нейкай рэакцыі? — уздыхнуў я скрушна. — У лялькі галава парожняя, сам бачыў.

— А пад сукеначкай ёсць трусікі, ды пад трусікамі няма піські, — працягнуў Юрась.

Уладзя адвярнуўся, мы крочылі далей у маўчанні, якое праз хвіліну парушыла Ядвіся:

— А вы злыя. Не, вы — бязлітасныя.

— А ты? — зазлаваў нечакана я. — Нам Уладзю шкада, але ж паспрабуй патлумач яму, што Віялета ніякая не самая асаблівая з усіх асаблівых.

— Вам гэтага не зразумець, — з заўсёдным пачуццём перавагі ганарліва заўважыў Уладзя. — Вось закахаецеся самі, дойдзе...

— О, якія ў вас дарослыя жарсці, — усміхнулася Ядвіся. — Кахай, Уладзіслаў, нікога не слухай. Сам некалі ўсё пабачыш, тады будзеш мець досвед.

— Што пабачу? — насцярожыўся Уладзя.

— Тое, што бачаць, калі расплюшчваюцца вочы, — адказала яна. — Гэта і ёсць тое месца, дзе мы будзем праядаць заробленыя матэматычным геніем грошы?

Мы падышлі да кавярні.

— Тое, — пацвердзіў Юрась.

— Блізка ад мяне.

— Выдатна, будзем прыходзіць вечарамі. Вось яшчэ пару кантрольных зраблю — будзе і на піва.

— Не п'ю піва, — паморшчылася Ядвіся. — І вам не раю. Рэдкая брыдота.

— А шампанскае?

— Хіба сёння Новы год? І яшчэ дзень, далёка да поўначы.

— Затое не будзе тлумна, хадзем.

У кавярні насамрэч амаль нікога не было. Мы селі за стол, Юрась пайшоў замаўляць піцу. Вярнуўся з бутэлькай колы і шклянкамі.

— Мабыць, тут па вечарах бывае ўтульна, — агледзелася вакол Ядвіся.

— Намёк зразумелі, кавалеры?

Юрась быў ва ўдары. Трымаўся нязмушана, жартаваў, расказваў пра настаўнікаў, школу. Я міжволі адчуў зайздрасць. Такога раней не было. Я ўспрымаў раней Юрася як свайго сябра, прымаў яго перавагу над сабой як дадзенасць, не бачыў у гэтым нічога зневажальнага і ганебнага для сябе, ды вось цяпер, пры Ядвісі, я ўпершыню паглядзеў на нас траіх бы збоку. І пабачыў, што я — ніхто і ніякі. Мае сябры... Пра Юрася казаць няварта. Уладзя — вунь які разумнік, на кожнае пытанне ведае адказ. Няхай і зачараваны, як кажуць дзяўчаты. Яны — цікавыя. А я? Існую адно для таго, каб быць фонам, падкрэсліваць адметнасці Юрася і Уладзі?

— А дзе ты раней вучылася? Чаму перайшла да нас? — спытаў я Ядвісю пра самае банальнае, але каб хоць неяк нагадаць пра сябе.

— Ведаеш, Кір, — нечакана сур'ёзна задумалася яна і зірнула мне ў вочы. — Людзі так шмат задаюць пытанняў, адказы на якія нічога не значаць ні для іх, ні для таго, хто адказвае. Пустыя пытанні. Ты выбачай, але нешта можа змяніцца, калі я вам зараз скажу, што вучылася недзе там, а перайшла, бо мы. Бо мы купілі новую кватэру?

Ядвіся глядзела мне ў вочы, а я чытаў там зусім іншае. Яна нешта хавала, безумоўна. Чаму на донцы зрэнак — сумны водсвет?

— Ну, выбачай. Здаецца, так прынята пытацца, вось і я.

— Нічога страшнага, — яна ўсміхнулася.

— А ты хто ўвогуле? — вырвалася ў мяне раптам пытанне, і мне зрабілася лёгка — я, аказваецца, даўно хацеў спытаць вось так, у лоб, што называецца. Чаму? Таму што хацеў.

— Я? — Ядвіся задумалася на імгненне, паглядзела міма нас на вялікі экран, дзе мільгацела расійская папса. — А што ты хочаш пачуць у адказ?

— Ды не ведаю, — пацепнуў я плячыма. — Ну, мы пра сябе табе расказалі. Юрась — сама зра­зумела, хто. Уладзя — эрудыт найлепшы, праўда, безнадзейна закаханы.

— Што не перашкаджае мне жыць, — уставіў Уладзя, а я здзіўлена лыпнуў вачыма:

— Слухай, Ядвіся, ты нешта зрабіла з нашым Уладзем — ён жа зусім страх згубіў, так вольна размаўляе .

— Бо я — ведзьма, — проста адказала Ядвіся.

— Сапраўдная? — невядома чаму ўзрадаваўся Уладзя.

Яна не паспела адказаць — прынеслі піцу.

— Найсапраўднейшая, — пасля нядоўгага маўчання Ядвіся вырашыла працягнуць тэму.

— А што можаш? — заспяшаўся Уладзя.

— Падманваць, — безапеляцыйна абвясціў Юрась.

— Магу і падманваць, — усміхнулася Ядвіся.

— А яшчэ? — не адчапляўся Уладзя.

— А што ты хочаш? — як пра нешта самае звычайнае запыталася Ядвіся, і тут я ёй паверыў. Паверыў, што яна — нешта можа.

— Ну. паваражы! — нечакана замест Уладзі азваўся Юрась, схапіў сурвэтку, выцер рукі і працягнуў абедзве далоні Ядвісі.

— Усё ў цябе будзе добра, — амаль урачыста адказала яна на гэты жэст, нават не крануўшыся Юрасёвых рук.

— Так мая баба Марыля ўмее, — скрывіўся я. — Як што ні здарыцца, дык яна: усё будзе добра.

— Але ў Юрася так і будзе, — заўпарцілася Ядвіся. — І ў сям'і яго ўсё наладзіцца.

— Што — наладзіцца? — Юрась абмяк на табурэтцы, ажно падалося — зменшыўся ростам.

— Бацька кіне піць, — ледзь чутна, гледзячы Юрасю ў вочы, сказала Ядвіся. — Прабач, калі лас­ка.

— Ды не, нічога, — авалодаў сабой Юрась. — Вось ты нашаму Уладзю паваражы! Ці ажэніцца ён з Віялетай? Колькі ў іх будзе дзяцей, дзе яны будуць жыць, і кім Уладзя стане, і як Віялета будзе ім руліць?

— Гэтулькі пытанняў адразу.

— Ты яму скажы, калі ў яго секс з Віялетай будзе, — зменшыў я задачу.

— Не трэба мне варажыць, — заўпарціўся Уладзя і нават схаваў свае рукі пад стол. — У прадказаннях няма сэнсу.

— Чаму? — шчыра здзівілася Ядвіся.

— Таму, — уздыхнуў Уладзя, дастаў свае рукі і паклаў на стол. — Калі чалавека папярэдзіць пра бяду, ён яе абміне, але тады атрымліваецца, што прадказанне не спраўдзілася. А калі не.

— Ты што! — заспрачаўся я. — Як будзеш ведаць, калі секс з Віялетай, дык падрыхтуешся як след!

— Пайшоў ты са сваім сексам.

— Вой, ты скажы яшчэ, не марыш, як голую Віялету будзеш ціскаць?

Мяне панесла, я не разумеў, чаму мне так сёння карціць каго-небудзь прынізіць, так, прынізіць бяскрыўднага Уладзю — гэта было няправільна, несумленна, але спыніцца я не мог.

— І не мару! Не чалавек тады? Вам толькі да траху ўсё звесці — нечакана цвёрда, з крыўдай у голасе адказаў Уладзя.

— Платанічнае каханне! — гукнуў Юрась і разліў колу ў шклянкі. — Вып'ем за чыстыя пачуцці, вольныя ад бруду жывёльнага сексу!

Я заўважыў у гэты момант, як сур'ёзна, вывучаючы твар Уладзі, імкнучыся зазірнуць у ягоны розум, глядзела на яго Ядвіся.

— Ты перакананы, што прадказанні і прароцтвы не маюць сэнсу, так? — перапыняючы наш гвалт, ціха спытала яна Уладзю.

— Дзе сэнс? Ды і лухта ўсё. Ніхто нічога не ведае.

— Лухта? — засмяялася Ядвіся. — А ну, дай сюды руку! — загадала яна, і Уладзя нясмела працягнуў ёй правую, а потым і левую руку. Ядвіся ўзяла абедзве яго далоні ў свае, а мне раптам заманулася, каб яна і мае далоні вось так патрымала.

— Ты не адзіны сын у сям'і, — пачала ўпэўнена казаць Ядвіся, разглядаючы далоні Уладзі. — Але старэйшы. У цябе ёсць. сястра, якая цябе вельмі любіць. І твае бацькі цябе вельмі любяць. Так?

— Так, — вырачыў вочы Уладзя, далоні яго заўважна задрыжалі.

— Даўно. ты зазнаў сур'ёзную траўму, доўга хварэў, — працягвала Ядвіся. — Было?

Мы ўсе ведалі, што было: Уладзя ўпаў з рыштаванняў, калі ягоны бацька будаваў дамок на лецішчы. І ён амаль страціў зрок, рабілі аперацыю. Таму цяпер і носіць акуляры. Дарэчы, калі ляжаў спачатку ў бальніцы, потым дома, падсеў на чытанне розных цікавостак.

— Уга! — выгукнуў Юрась. — А-а-а, Ядвіся, пра секс, пра секс з Віялетай яму скажы!

— Не! — Уладзя выхапіў свае рукі з Ядвісіных, зноў схаваў іх пад стол. — Не хачу ведаць, што будзе.

— А мне скажаш? — я працягнуў да Ядвісі свае рукі. — Мне можаш і пра будучыню казаць, я не баюся!

— А што ты чакаеш ад будучыні? Кім ты сябе бачыш? — Ядвіся ўзяла мае рукі ў свае далоні, і я ледзь не здрыгануўся — падалося, адчуў укол, бы электрычны разрад (мы дурэлі некалі ў летніку, калі даведаліся пра статычную электрычнасць, і церлі рукі аб ваўняныя коўдры, а пасля «віталіся» з тымі, хто заходзіў і не чакаў ніяк сапраўднай іскры пры дакрананні рук).

— Дык, канечне, касманаўтам! Каб помнік у горадзе паставілі! — рагатнуў я. — А куды спяшацца, яшчэ два гады амаль парыцца ў школе. А там — будзе, як ва ўсіх і як раней: паўпіхваемся ва ўніверы, як каму пашанцуе, — заспяшаўся я. — Нічога тут не мяняецца, няма чаго мазгі сушыць. — Я хваляваўся? Ну, так чаго хаваць ад сябе. — А ты хіба задумвалася, якой будзеш? Ці ты, Юрась? Ты, Уладзя?

— Я — не, — усміхнуўся Юрась. — У гэтым катле з дзярмом лепей трымацца бліжэй да сценкі.

— Ты пра які кацёл? — Ядвіся прыўзняла бровы, скрывілася.

— У якім мы ўсе, — трошкі напышліва адказаў Юрась. — Наша жыццё і ёсць такі кацёл.

— А ты, Уладзя? Таксама не думаў? — Ядвіся зірнула на сябра, і той апусціў вочы.

— А што тут думаць? Кір праўду кажа — яшчэ два гады ёсць. А ты хіба думала?

— Пра будучыню? Кім я буду, як жыццё складзецца?

— А навошта ёй думаць? — хмыкнуў я. — Праўда ж, Ядвіся? Ты ж усё ведаеш.

— Пра сябе я нічога ведаць не магу, — сур'ёзна ўздыхнула Ядвіся, але змаўчала далей, разгарнула мае далоні. — А ты адзіны ў сям'і. Вой, цябе так любіць твой бацька!

Я высмыкнуў рукі з яе далоняў — рэзка, нават груба. Яна са спалохам паглядзела на мяне.

— Выбачай, ведзьмы з цябе не атрымаецца, — насмешліва пачаў я. Мне было крыўдна. Так усё было. цікава, загадкава нават, і вось такая нікчэмная развязка. — Нешта ты магла даведацца пра кожнага з нас. Не праблема: аддзел кадраў, завуч, дый невядома, дзе працуюць твая маці ці баць­ка, можа, і настаўнікамі. Дый мы ў «Кантакціку» пра сябе нямала апавядаем, і Уладзя свае здымкі з малодшай сястрой выкладаў. Ён яе і сапраўды любіць.

— Я не падманваю вас, — апраўдальна загаварыла Ядвіся. — І не збіралася. Навошта мне?

— Ну, мо, каб уражанне выклікаць, — хмыкнуў я. — Усё, Юрась, дзякуй за піцу, мне час ісці, справы.

— Кір, што цябе ўкусіла? Супакойся, не псіхуй. Ну, памылілася дзяўчына.

— Я не памылілася! — нечакана ўпарта выгукнула Ядвіся. — І мне да лямпачкі нейкія ўражанні. Якая я ёсць — такая ёсць!

— Усім — пакуль, — я ўзняўся з-за стала.

— Чакай! Я пакрыўдзіла цябе? Выбачай, калі ласка, я не хацела. Я казала тое, што бачыла.

— Слухай. Я нават не помню твару свайго бацькі, — я глядзеў у Ядвісіны вочы і бачыў там сябе маленечкага, і мне было незвычайна і трошачкі жудасна. — Ён аднойчы не вярнуўся з заробкаў у Расіі, калі я пешкі пад стол хадзіў. Такая вось любоў.

І я шпарка выйшаў з кавярні.

Праз сотню метраў я супакоіўся і паспрабаваў зразумець: чаго я насамрэч так запсіхаваў? Ядвіся ўспомніла майго бацьку? Ды не, даўно не пераймаюся праз гэта. А вось што яна сказала няпраўду, і што выкрылася яе бяскрыўдная хлусня, спроба ўдаць з сябе незвычайную дзяўчыну, — тое было крыўдным. А так яна нармальная, няблага ўсё было. Трэба ёй яшчэ гэта вядзьмарства. Хоць я сам урэшце і вінаваты — ніхто ж мяне за язык не цягнуў з гэтым пытаннем: «А ты хто такая?».

Я не помню твару свайго бацькі. Постаць, яго вяртанні памятаю, больш — сярод ночы. Ён стаяў у вітальні, вялікі, ад яго тхнула непрыемнай сумессю пахаў: поту, цыгарэтнага дыму, гарэлкавага перагару. Ён абдымаўся з маці, а я лез у ягоную вялікую сумку, дзе сярод бруднай вопраткі заўсёды быў нейкі пакунак з падарункам і прысмакі.

Мы жылі тады не ў сваёй кватэры — яе яшчэ не пабудавалі, а ў бабулі. У яе ўсяго два пакоі, і калі прыязджаў бацька, я ішоў жыць у бабулін пакой. Праўда, так было нядоўга. Памятаю, як бацька спачатку адлежваўся, адпачываў на канапе дні запар, глядзеў тэлевізар, маці прыносіла яму піва, збірала парожнія бутэлькі з падлогі. Зазвычай тыдзень так і мінаў — у насцярожанай цішыні ква­тэры, у маўклівым жаданні ўсіх нас траіх — маці, мяне і бабулі — дагадзіць бацьку. Бо ён — здабытчык, ён зарабляе грошы, якія так неабходныя, каб дабудаваць сваё жытло. Мяне маці прасіла таксама надта не круціцца каля бацькі: толькі першы-другі дзень ён колькі часу бавіўся са мной, а потым казаў мне суняцца з пытаннямі і просьбамі — хацеў адпачыць.

Пазней маці нясмела пачынала пытацца ў бацькі пра нейкія свае справы, далей — больш настойліва, той пачынаў раздражняцца, а далей і наогул адказваў крыкам. Збіраўся з хаты і ішоў некуды, вяртаўся позна ўвечары, падпіты і нахабны, гучна патрабаваў есці, курыў на кухні, на поўную моц уключаў тэлевізар, рагатаў сам з сабой. Іншы раз знікаў на дні два-тры, маці каза­ла — на рыбалку з сябрамі. Адзін раз ён і сапраўды прывёз многа рыбы — вялікіх карпаў, ад якіх непрыемна тхнула балотам. Маці з бабай увесь вечар скрэблі тую рыбу, смажылі, на кухні стаяў прэсны пах рыбных вантробаў. Бацька ляжаў задаволены ў пакоі на канапе, гэтаксама піў піва і глядзеў тэлевізар, казаў мне: наступным разам абавязкова возьме мяне на рыбалку. А я на падлозе складваў з вялізнага набору «Лега» робата-трансформера і нясмела запытаўся: наступным тыднем паедзем? Бацька амаль весела адказаў, што зараз ён зноў збіраецца ў дарогу, а вось як прыедзе праз два месяцы — абавязкова пойдзем.

Але праз два месяцы ўсё было гэтак жа: ягонае вяртанне сярод ночы, тыдзень на канапе з півам. І наступным тыднем ён пачаў зноў збірацца, хоць маці нясмела ўшчувала: гэтулькі розных спраў у кватэры, усё старое. Бацька тады злосна гыркнуў: я даю табе грошы, наймі людзей, хай паправяць спецыялісты.

Маці расказвала мне, што бацька пачаў ездзіць на заробкі яшчэ да таго, як яны ажаніліся. Было, з'язджаў на паўгода, але грошай вялікіх не прывозіў: заўсёды нешта не атрымлівалася.

Баба намаўляла маці (я чуў не аднойчы), каб яна забараніла бацьку ездзіць на заробкі:

— Дзіця без бацькі расце, лічы. Ездзіць-ездзіць, такія грошы і тут можна зарабіць, а то і больш. Вунь колькі людзей будуецца, паўсюль спецыялісты патрэбныя. Плітку ў ванным пакоі нам пераклалі — за тры дні колькі той спецыяліст зарабіў? Хіба толькі ў Расіі тынкоўшчыкам праца ёсць?..

Маці і згаджалася, у кожным разе я не чуў, каб яна спрачалася з бабай. Мне пасля казала, што не адзін раз упрошвала бацьку кінуць тыя паездкі. Асабліва апошні раз, як прадчувала.

Бацька не вярнуўся ні праз месяц, як абяцаў, ні праз тры. Маці кінулася да яго сяброў, тыя казалі: у бацькі быў «свой аб'ект», дзе ён працаваў — яны дакладна не ведаюць. Тое Падмаскоўе — вялізнае. Праз паўтара гады маці звярнулася ў суд, каб бацьку прызналі невядома адсутным, бо ўзніклі пытанні з кватэрай, якую будавалі: усе паперы былі аформлены на бацьку, а тут трэба не­шта тэрмінова рабіць з дакументамі.

Так я афіцыйна застаўся без бацькі.

Дома захаваліся фотаздымкі. Раней я іх пераглядваў. У бацьку я нічога не бачу свайго, нічога ўва мне не ўздрыгвае. «Ты да маці падобны», — кажа мне баба, і гэта сапраўды так: у нас з маці скуластыя, выцягнутыя твары, выразныя бровы, тонкія вусны. Але маці прыгожая, а я.

Маці сапраўды дужа прыгожая. Тое я цяпер ацаніў. У яе зграбны, акуратны стан, яна не худая і не тоўстая, надзене джынсы, цішотку — бы студэнтка. Валасы злёгку завіваюцца, маці звычайна падстрыгае іх коратка, фарбуе ў прыемны цёмны колер. Вусны напамаджвае ледзь-ледзь, і памада няяркая, а яны ў яе ўсё адно выглядаюць свежымі, прывабнымі. Яна ўмее хутка сабрацца на працу ці на якое мерапрыемства: крышачку падвядзе вейкі і танюткія бровы, два разы махне пэндзлікам з пудраніцы — і вось, усё так выразна, так святочна. Хіба вось зморшчынак ля вачэй у маці шмат — яна мружыцца на зыркае святло, так гэта тлумачыць. Усё лета яна носіць цёмныя акуляры і выглядае ў іх загадкавай і трошкі чужой.

Каб я пайшоў у маці, дык быў хоць бы крышку прыгожы... А так? Недаўгалыгі, як Юрась, немаленькі, як Уладзя, сярэдні між імі. Спорт мяне ніколі не вабіў, то і выгляд такі — ніяк не Рэмба. Але што тыя плечы, калі на твары — новыя прышчыкі і сляды ад старых, увесь лоб імі пакрыты, таму і прычоска ў мяне такая, каб лоб затуляць цёмна-русым чубам. Вушы вытыркаюцца... Нос з невялікай гарбінкай — яе ў маленстве не было, пазней з'явілася. Скулы вострыя, ад носа складкі ідуць уніз да рота, а вусны тонкія, асабліва верхняя. Хоць бровы нармальныя — роўныя і густыя. Іншым вечарам я цісну і праціраю свае прышчыкі рознымі сродкамі, якія купляе маці, цісну з нянавісцю, твар палымнее, а іх не становіцца менш, яны ўкрываюць бараду, шчокі.Маці кажа — узроставае, гармоны. Ага, у іншых хлопцаў даўно прайшло, адно я ды Юзік ходзім прышчавыя...

Маці больш не выйшла замуж. І я ніколі не бачыў яе з іншым мужчынам. Толькі аднойчы, ужо калі мы жылі ў новай кватэры, мне было ніяк не заснуць. Мо праз гадзіну, як я лёг, пачуўся ціхенькі стук у дзверы, крокі маці ў вітальні, асцярожнае шчоўканне замка, шамаценне вопраткі. Гэтак неспадзявана моцна ёкнула ўнутры: «Бацька вярнуўся!», у першы момант я ледзь не падскочыў з ложка і не кінуўся туды, на гукі, але ж раптоўна зразумеў, што гэта не бацька: з вітальні пад дзверы ў мой пакой не прасочвалася паска святла, не было гучнага загаднага, які я памятаў, выгуку: «Ну, сустракайце!». Гэта нешта іншае, не бацькава вяртанне. Я сцяўся ў ложку, накрыўшыся з галавой, і пастараўся хутчэй заснуць, хоць было горача і душна.

Маці раніцай была занадта клапатлівая, ці мне ўсяго падалося, але што рэальна, дык нервавалася, вінавацілася перада мной. Мне было страшэнна няёмка. Але болей падобнага я не чуў ніколі. Калі ладзілі вечарынку разам з бацькамі па заканчэнні дзявятага класа, я запытаўся прамым тэкстам у маці: чаму не выходзіць замуж ці хоць не завядзе сабе мужчыну, яна ж маладая і прыго­жая. Маці засмяялася, ускудлаціла мне валасы на галаве і адказала: «Я адналюбка»...

Я пацёгся ў бок чыгуначнага вакзала. Там ёсць месца... маё месца. Калі ад станцыі ўздоўж рэек прайсці сотні тры метраў вузкай сцяжынкай (мабыць, рабочыя пратапталі), дык узыдзеш на невялікую горку. На ёй расце некалькі бяроз. Можна тут сесці і глядзець долу — на цягнікі.

З малых гадоў, калі я бачыў цягнікі, як хадзіў да бабы (яна жыве ад нас па той бок чыгункі), унутры мяне нешта сціскалася. Падалося так захапляльна: ехаць у вялікім вагоне, сядзець ля акна, піць гарбату ці колу, есці. Я зайздросціў тым людзям, якія праносіліся міма ў цягніках. Іх чакае нешта новае. Вось зараз яны некуды прыедуць, будуць змены, ды яны, па сутнасці, жывуць у тых зменах. Мне гэтаксама карцела сесці аднойчы ў цягнік, ехаць далёка-далёка, туды, дзе будзе ўсё інакш. Ну, няхай будуць і тыя самыя дрэвы і дамы, і людзі, і крамы. Але там будзе ўсё напраўду. Недзе там, далёка, павінна быць усё напраўду. Па-даросламу. Без падману.

Чаго я прыпёрся сёння на гэты ўзгорак?

Праз напамін пра бацьку? З-за Ядвісі?

Надакучыла. Юрась кажа, мы жывём у катле з дзярмом. Ну так, з ім не паспрачаешся, ён ра­зумны. Ды больш агідна тое, што кожны сваё дзярмо выдае за золата. І імкнецца цябе самога яшчэ таўхануць туды, каб нырнуў з галавой. Ненавіджу школу, ненавіджу горад. Усё несапраўднае. Паказуха. Падробка. І Ядвіся вось. Чаму не быць простай і шчырай? Хоць бы адна дзяўчына была без гэтых прыдуркаватых найгрышаў, без жадання звіць вакол сябе таямніцу цікавасці.

З'ехаць бы хутчэй.

Маці дома не было — яна прыходзіць позна, бо падпрацоўвае. На адну зарплату нам цяжка пражыць. Добра, баба дапамагае — яшчэ працуе, хоць які там у яе заробак, у бібліятэцы? Але маці нягледзячы на гэта ніколі не шкадавала грошай на мае патрэбы. І новы комп ёсць, і на сеціва гро­шы дае, і на смартфон добры нядаўна вось перад тым, як у школу ісці, дала. Яна ніколі асабліва не жалілася, што грошай не стае, так, абмовіцца іншы раз, што з тым ці іншым пакуль пачакаем. Аднаго разу пайшлі з ёй на рынак, даўно ўжо, каб купіць мне джынсы. Маці ўздыхала, гледзячы на цэны. А я пабачыў шыльду сэканд-хэнда і пацягнуў маці туды. Там сабе выбраў джынсы, батнік, ба­лахон. Маці не пярэчыла, толькі ніякаватая была, пыталася, ці добра мне ў такім. Вось жа: клёвыя рэчы, тое, што мне акурат і трэба! З таго часу я апранаюся сам: маці дае грошы, я іду і купляю, што мне даспадобы. Адно абутак — красоўкі — купляем добрыя, дарагія, бо танны адстой рвецца праз два месяцы, распаўзаецца, як блін.

Уключыў комп, каб зайсці ў сваю групу «УКантакце» — там мы абмяркоўваем, што ёсць цікавае паглядзець з новых серыялаў. «Гульня тронаў» мне не пайшла, паглядзеў колькі серый з аднаго сезона — не маё. Не люблю я бясконцы працяг. Мне каб адна серыя — адна завершаная гісторыя. Вось як той «Менталіст» ці «Х-файлы».

У групоўку нашага класа амаль ніколі не заходжу: лажаюць адзін аднаго бясконца. У школе дык мала хто з кім паразмаўляе, а тут як пачнуцца гамонкі — адкуль імпэт бярэцца. Вядома ж, пісаць лягчэй, чым казаць у вочы.

Мяне чакала запрашэнне да сяброўства. Ёкнула, калі пабачыў — ад Ядвісі Лелькі. Прыняў. Яна была анлайн, адразу напісала ў прыват: «Выбачай яшчэ раз. Я не хацела нічога дрэннага табе зрабіць». Адказаў: «Фігня, не пераймайся. Усё норм». Яна адказала смайлікам, а пасля дадала: «Мне спадабалася ваша кампанія — ты, Юрась і Уладзя.»

Мне не хацелася працягваць размову, не люблю я такіх вось прызнанняў праз сеціва, але і карцела пабыць на нябачнай сувязі з Ядвісяй.

«Я не аматар балакаць па маніторы. Хочаш, сустрэнемся ў рэале, пабазарым».

Напісаў і замёр у чаканні, назіраў, як доўга піша Ядвіся радкі.

«Выбачай — іншым разам. Адно пераехалі, гармідар поўны, рэчы не разабраныя, мэбля не сабраная. Не ведаю, калі мы рады дамо з мамай. Дарэчы, каб ты ведаў: мы з мамай таксама адны». Апошні сказ быў падобны на яшчэ адно прабачэнне і пасвячэннем у асабістае, ад чаго я сапраўды прабачыў Ядвісю.

Сам не чакаў, што вырвецца гэта прапанова, напісаў хутчэй, чым падумаў:

«Дык, можа, дапамагчы? Ну, мэблю там расставіць, рэчы пацягаць? Давай, кажы — прыйдзем утрох))».

«Праўда? Зараз спытаю маму. Калі можаце — самае неабходнае хоць. Бо мама змагла дамовіцца са зборшчыкам мэблі не раней за паслязаўтра».

«О'кей, кажы адрас!»

«Юрась і Уладзя ведаюць, яны мяне праводзілі дадому».

Я выключыў на пліце боршч, які паспеў закіпець, патэлефанаваў Юрасю.

— Няма праблем! Патэль Уладзю!

Мне падалося, Юрась нават узрадаваўся. Не, дакладна, ён запаў на новенькую.

Яшчэ таму я адчуваю, што Уладзя і Юрась — сапраўдныя, бо не помню выпадку, каб нехта з нас каму адмовіў, калі патрэбна была дапамога.

Маці Ядвісі аказалася надзвычай прыгожай жанчынай. У яе такія вочы — цёмныя, глыбокія, позірк і цёплы, і добразычлівы. Усмешка прыязная, шчырая, кончыкі роўных зубоў вільготна пабліскваюць. Вельмі яны з Ядвісяй падобныя: і ростам не дужа розняцца, і паставай, і нават ва­ласы амаль аднолькава заколваюць ля скроняў. Адно што ў цёткі Ірыны няўлоўная плаўнасць у рухах, яна крочыць — а плечы не варухнуцца.

— Ну, спрабуйце, хлопчыкі, як атрымаецца — тое і добра. Нам бы найперш на кухні большменш прыбрацца.

Разабраная мэбля была паўсюль, грувасціліся скруткі, мяхі, кардонкі, шафкі. На кухні мыйка і газ былі падключаны, у сцяне засталіся крукі, каб навесіць шафкі — падышлі, у нас паўсюль стан­дарты.

На другі дзень мы накіраваліся да Ядвісі адразу са школы — і сабралі вялікую сценку, хоць Уладзя пры гэтым і прышчыкнуў сабе далонь — запяклася кроў пад скурай. Трэцім вечарам мы хутка (вопыт жа набылі!) сабралі другую шафу ў пакоі Ядвісі. Цётка Ірына запрасіла нас на кухню, дзе ўжо была згатавана вячэра.

А напрыканцы — пірог з малінавым сочывам толькі з духоўкі, такі смачны!

Гэта былі тры клёвыя, сапраўдныя дні. Тады мне ўспомніліся словы Уладзі пра тое, як файна адчуваць сябе некаму патрэбным.


3


Тыдзень мінуў — Ядвіся як быццам вучылася разам з намі колькі гадоў, у школе усталяваліся звычайныя сум і нуда. Мая незразумелая ўстрывожанасць пакрысе знікла, хоць раз-пораз, сустракаючы раніцай Ядвісін позірк, на нейкае імгненне мне рабілася вусцішна. На адно кароткае імгненне, а потым усё знікала. Неяк лёгка Ядвіся і мы трое сышліся, пачалі разумець адзін адна­го без ідыёцкіх тлумачэнняў, кшталту «прабач, я хацеў, а ты не зразумела.» ці наадварот. Уладзя рэальна ажывіўся, іншы раз выдаваў слоўцы да месца, не тужачыся, не жарты-самасмейкі, але, відаць, Віялета яго прыструніла — у апошнія дні на перапынках ён амаль не выходзіў з-за стала ці быў поруч са сваёй каралеўнай.

Дзясяты клас — самая вольніца. Ніхто над душой не стаіць, маўляў, апошні год, варта ду­маць пра атэстат, кантрольныя, тэставанні. Шэрая будзённасць. Адзіная прадуха для ўсіх — лёгкі тролінг аднакласнікаў у школе і наезды без тармазоў з прасаваннем у сеціве. Папраўдзе, абмяркоўваць не было чаго: настаўнікі засталіся тыя самыя, нейкія змены ў іх паводзінах, адзенні ды звычках абсмакталі ў групе яшчэ за першы тыдзень, новых фічаў заўважана не было. Уладзя аднойчы сказаў: запісы ў групе пра настаўнікаў можна скарыстоўваць для тых самых настаўнікаў як тэст на вынослівасць — там такі трэш сустракаецца, не кожны вытрымае пра сябе падобнае чытаць.

Пакуль яшчэ цёплымі вечарамі ці не ўсе былі на флэтах. На хатах пакуль не збіраліся, у кожнай тусы сваё месца ў горадзе, зазвычай не перакрыжоўваліся, каму патрэбныя лішнія цёркі? Пару разоў мы ўчатырох — Юрась, Ядвіся, Уладзя і я — хадзілі на маю горку. З грашыма пакуль ва ўсіх назіраліся траблы, таму міналі кавярню, не згадваючы пра абяцанае.

Была нядзеля, першая гадзіна дня. Я яшчэ валяўся ў ложку — завіс на новым серыяле да чатырох раніцы. І яшчэ б паваляўся, але папоўз па падлозе на вібрасігнале тэлефон. Здзівіўся, бо маці, Уладзя і Юрась ведаюць, што ў нядзелю мяне лепей не чапаць да гадзіны трэцяй дня. Але нумар быў незнаёмы, у сэнсе, у адраснай кнізе такога не было, і нібыта знаёмы. Я не адказаў, хацеў забіць, але выклік паўтарыўся.

— Вяргейчык, ты дзе?!

Тут я адразу згадаў нумар. Класуха верашчала. Яна пыталася так, быццам зараз я павінен прысутнічаць на нейкім дзяржаўным экзамене, дзе сядзіць камісія з самім міністрам і ўсе чакаюць мяне аднаго.

— Дзе-дзе? Дома! — амаль схаміў я і яшчэ павітаўся, каб падначыць: — Добры дзень, Зінаіда Мартынаўна!

Не люблю класуху. І такіх, як я — палова ці болей. Вісклівая іншым разам, знерваваная цётка трыццаці гадоў. Юрась, кпліва пасмейваючыся, казаў: у яе сіндром дзеўкі-векавухі. Замуж не выйшла, дзіцяці не нарадзіла, вось і прэ з яе раздражнёнасць на жыццё наўпроставым залпам на нас. Яе нервовасць і выгляд яе псуе, а то была б нічога сабе жанчына: сярэдняга росту, статная, апранаецца стыльна. А пабачыш твар з вечнай насцярогай у вачах, апушчанымі долу куточкамі вуснаў. Такі пакутніцкі выраз з відавочным дакорам — усё адно як ты толькі што зламаў яе жыц­цё і зруйнаваў яе будучыню. Яна ў нас другі год класным кіраўніком. Не шанцуе нам. Год пабудзе нехта — і знікае: то выйшла замуж і пераехала, то зацяжарыла-нарадзіла... Зіначка (так клічам мы класуху за спінай) выкладае біялогію, таму, дзякуй Богу, бачымся мы нячаста. Хоць, шчыра кажучы, настаўніца яна неблагая: на ўроках нясумна, наўмысна нікога не гнобіць адзнакамі, незлапамятлівая, ды і досыць паблажлівая — каму з нас праз два гады неабходна будзе нешта ведаць пра нейкія там гены? То і не пытае надта строга. А вось на класных гадзінах яна так можа мазгі вынесці сваімі пропаведзямі з заломваннем рук — хопіць разу на тыдзень.

— Вяргейчык, кажы: дзе вы ўчора былі?

Вяргейчык — маё прозвішча. Не самае прыгожае, згодзен. Вяргейчык — па маці. Яна, калі баць­ку афіцыйна прызналі невядома дзе адсутным, вярнула сабе назад сваё прозвішча. А калі мне надышоў час атрымліваць пашпарт, сказала — выбірай. У сэнсе, ці заставайся на прозвішчы бацькі (якога няма), ці на маці. Было б з чаго выбіраць! Прозвішча ў бацькі — Калінка. Як для дзяўчыны дык самае тое, а хлопцу? Хоць бы Каліна.

Але крыху зацыкліўся. Ну, здаецца, пытанняў быць не павінна. Я ж — сын бацькі. А чаму маці вярнула сабе дзявочае? І я спытаў пра тое.

Маці прысела ля стала (на кухні былі), чамусьці пацерла рука аб руку і доўга маўчала, паглыбленая ў сябе, ці то ўспамінала, ці то думала: казаць не казаць. Зірнула ў вочы — у яе быў сумны, дужа сумны позірк, я такога і не бачыў раней. Пачала гаварыць...

— Не ведаю, мо і няправільна раблю. Але ж, сказаць мушу, калі пытаешся, а маніць табе ўжо нельга, ты не дзіцятка, не даруеш. Ды і ніколі я цябе не падманвала, хіба не дагаворвала.— маці ўздыхнула, прыгладзіла свае густыя, бліскучыя валасы. — Расія ў многіх жанчын мужыкоў адняла, не ў адной мяне. Так, нехта ад рук бандытаў загінуў, нехта перап'е ды куды ўлезе, з даху зваліцца, між сабой бойкі былі, забіваліся. Я, калі да следчых пайшла, гэтулькі розных гісторый пачула. Каб раней пра тое ведала, дык і не пусціла б больш яго на заробкі. Хіба пераступіў бы ды паехаў. Дык вось, адны гінуць, а іншыя проста не вяртаюцца. Жанчын жа і там стае. Ды яшчэ шмат такіх, хто кар'еру будаваў, пра сям'ю не думаў, а вось з узростам захацелася пазбыцца самоты. І з гэтай прычыны нашы мужчыны не вярталіся. Нехта і па дзве сямі'і вось так заводзіў. Тут жонка і дзеці, і там жанчына і дзеці. Але ж колькі так ні катаешся між дзвюма, а выбіраць некалі мусіш. Калі я мужа свайго шукала, то мне следчыя і параілі распытаць мужчын, якія з ім былі, каб расказалі шчыра. Паўгода мінула, як Аляксей не вярнуўся, мне адзін мужчына і прызнаўся, што была ў яго там жанчына, апошнія гады ў яе ён і жыў увесь час. То я тады і супакоілася — значыць, жывы, не забілі, няма ні на мне, ні на табе ніякай віны. Хоць, я, канечне, вінаватая: не змагла ўтрымаць. Ды як ужо склалася. Хто ведае, можа, сустрэў ён там сваё сапраўднае каханне, там яго лёс. Хай будзе шчаслівы. Ты выбачай, сынок. Агулам цябе Аляксей як сына бачыў гады з два. такі вось бацька. Сам цяпер вырашай.

Вядома, тут не было чаго вырашаць. Значыць, я — Вяргейчык паводле пашпарта. У школе трохі насамі пакруцілі — маўляў, нешта ім там перапісваць прыйдзецца, а мне што? Ваша праца, дык рабіце.

Не люблю, калі на мяне крычаць. Маці ніколі голас не павысіць, з маленства памятаю дакладна. Уладзя вычытаў недзе, што мужчына не ўспрымае крык. Да прыкладу, калі яму сказаць роўным голасам нейкую навіну і калі са злосцю гыркнуць яе ж, дык мужчына ўспрыме інфармацыю роўна процілегла. А ёсць тыя, хто чуе пры гэтым адно рык, а сэнс слоў не разумее. Мабыць, з мяне вырас менавіта такі. Таму я са злосцю агрызнуўся на пытанне класухі:

— А вы чаго крычыце? Я зараз у сваёй кватэры, на мяне тут маці не крычыць, я не ваш сын! Нарадзіце сабе, тады і размаўляйце з ім, як вам уздумаецца!

Класуха асеклася на паўслове. Я пачуў уздых, нейкі занадта хатні, так маці іншы раз уздыхае, калі на нешта неабходнае патрэбныя вялікія грошы. Потым Зіначка ціхім голасам прамовіла:

— Я выбачаюся за сваю нервовасць. Скажы, калі ласка, Вяргейчык: дзе ты быў учора?

Што-што, а выбачацца наша Зіначка ўмее. Тое праўда: калі зразумее, што сарвалася без дай прычыны, дык павініцца сама. Ну, і выбачаем, жывы ж чалавек.

— Дома я быў, Зінаіда Мартынаўна. Дакладна дома, можаце патэліць маці, ды яна недзе ў горадзе. Глядзеў фільмы да ранку. А што здарылася?

— Добра, веру, — уздыхнула яшчэ раз класуха, цяпер з палёгкай. — А Дубоўскі і Мітранка? Не ведаеш, дзе былі?

— Ды не збіраліся мы нікуды, не пастух я ім. Уладзя на лецішча з бацькамі меўся паехаць, у Юрася свае справы.

— Добра, дзякуй.

Нешта нарабілася ўчора. Мабыць, нехта з нашых ўляцеў. А куды і завошта? Бач, ні слова не ска­зала. Юрасю патэлефанаваць?

Не паспеў я падумаць, як тэлефон зноў завібрыраваў, — Юрась быццам пачуў маё жаданне.

— Пабудзіла класуха?

— Пабудзіла. Што за фігня, ведаеш?

— Давай да мяне зараз, я ўжо Уладзю выклікаў, — загадаў Юрась без тлумачэнняў. — Маці кліча.

Юрасёва маці — журналістка, фрылансер, піша для нейкага жаночага часопіса, а раней працавала ў недзяржаўнай газеце. Падстрыжаная пад хлопца, курыць проста ў пакоі за сваім ноўтам, хоць і пры адчыненым акне. Хоць там залева, хоць мароз ці снег — кубак кавы злева ад ноўта, папяльнічка — справа, акно насцеж. Разумная вельмі, спакойная такая, з намі размаўляе заўсёды, бы з роўнымі, ніякіх там «дзетачак» і «сыночкаў». Ніколечкі б не здзівіўся, калі б яна да нас па імені і імені па бацьку звяртацца пачала з выканнем. Пра бацьку Юрася я ўжо казаў трохі. Працуе ў прадпрымальніка, рамантуе камп'ютары. Гэтак разбіраецца ў іх — бы Юрась у матэматыцы. Бяда, меры не ведае, калі выпівае. Але тое не наша справа, разбяруцца. У астатнім нармалёвы мужык, хоць не такі кампанейскі, як ва Уладзі: мы на лецішчы з яго бацькам — лепшыя сябры, ён нам раней рабіў розныя драўляныя штукі: мячы, аўтаматы, рагаткі. Цяпер і мяса насмажыць, і з мячом з намі пабегае, распавядзе, як на спатканні да дзяўчат узімку на лыжах ганяў, як вушы адмарожваў і кухталёў ад мясцовых атрымліваў. Але ні піва, ні гарэлкі не п'е і нам настойліва раіць: «Ты — гэта ты, калі цвярозы. Адна кропля спіртнога робіць з цябе іншага». Шкада, што бацька Уладзі ў камандзіроўках па тыдні-два, па выхадных заняты — ён менеджар у прыватнай фірме, з ім цікава на лецішчы...

— Нашых антыфа ўчора затрымалі. Ноч у мянтоўцы былі! — сустрэў Юрась на парозе навіной.

— Хадзем на кухню, я там буцеры раблю, будзеш?

Уладзя сядзеў у кутку на канапе, бы спайманы на гарачым злодзей.

— Ты чаго калоцішся? — пакпіў я з яго. — Хіба цябе таксама лавілі, а ты ўцёк?

— Непрыемна. Хлопцаў шкада. — апраўдваўся Уладзя.

Нашы антыфа — Кастусь і Ігнат. Яны таксама больш у баку ад усіх іншых тусовак, а таксама ад класных і школьных спраў. Калі дзявяты клас заканчвалі, яны апошні месяц цалкам забілі на дырэктарку і яе загады адносна формы адзення — хадзілі на заняткі ў сваіх прыкідах. Хоць веда­ем, што яны ў нашай школе такія смелыя, а ў іншы раён не сунуцца — перастрэнуць скінхеды, мала не здасца. У нашай школе скінаў няма, мо і ёсць якія, ды адкрыта не паказваюцца, бо антыфа ўсіх у школе чалавек дзесяць, хлопцы канкрэтныя, доўга не размаўляюць. Кастусь з Ігнатам уваходзяць і ў вялікую гарадскую групоўку, ездзяць на футбольныя матчы як балельшчыкі. Ну, а там іншы раз ці ля стадыёна, ці ў электрычках сутычкі здараюцца неслабыя. Нас у актавай зале збіраў неяк міліцэйскі маёр, пужаў адказнасцю ды іншым.

— А мы прычым? — па праўдзе кажучы, здзівіўся я. — Нам жа глыбока пофіг гэты футбол.

— Усе пры тым і ўсё пры справе, калі гаворка ідзе пра нефармальныя моладзевыя аб'яднанні, шаноўныя анархісты.

Гэта маці Юрася зайшла на кухню. У саколцы і шортах, худая, а ногі ў яе доўгія, рукі і шыя тонкія і гэтаксама доўгія. Такая вось. як высахлае дрэва. Відаць адразу, у каго Юрась удаўся. Павіталася, пачала запраўляць кававы аўтамат.

— Хто каву будзе? Ці ўсе гарбату?

— Я кавы хачу, — папрасіў я, хоць і не аматар гэтага напою. Мяне нешта адразу панесла наперарэз. Сабе і ўсяму.

Юрась тым часам нарабіў бутэрбродаў з сырам і каўбасой.

— Дык нашых выпусцілі? — парушыў я маўчанне.

— Выпусцілі пад раніцу. З вашай школы яшчэ траіх затрымалі, не ведаю, з якіх класаў. А з горада недзе пад паўсотню антыфа. Балельшчыкаў. Разборкі са скінамі ў электрычцы, потым выйшлі ўсе на прыпынку перад горадам, але там ужо чакала міліцыя. Здаецца, быў нават спецназ. Зараз усе класныя кіраўнікі старэйшых класаў пішуць справаздачы: дзе хто быў з іх вучняў апоўдні і да раніцы сённяшняга дня, — безэмацыйна расказвала Аліна Генадзьеўна.

— І што будзе? — не адставаў я.

— Тое і будзе. — маці Юрася зрабіла каву мне і сабе, спрактыкаваным вокам агледзела стол, палезла ў шафку і дастала вялікую плітку шакаладу, разгарнула яе і неахайна паламала на розныя кавалкі. — Частуйцеся.

Мы елі бутэрброды. Аліна Генадзьеўна па дробачцы адкусвала ад невялікага кавалка шакаладку.

— Так. Цяпер слухайце, — пачала яна. — З заўтрашняга дня ўсялякія вашы гульні ў анархію заканчваюцца. Ніякай атрыбутыкі звонку, ніякага выяўлення унутраных памкненняў. І тое, падкрэслю, тычыцца не толькі школы. Закідвайце падалей свае транты з анархіямі. Усё сур'ёзна і надоўга.

— Дык мы ж — анархісты, а не антыфа! — раззлаваўся я. Не, то не словы Юрасёвай маці так падзейнічалі. Сам Юрась! Ён ні кропелькі не здзівіўся словам маці, не абурыўся, ён заставаўся такім спакойным, нібыта гаворка ішла пра нейкую дробязь, насамрэч усяго пра нейкія малюнкі на саколках. Ведаю я, што маці для яго — найвышэйшы аўтарытэт, рыхтык — найвышэйшае бажаство. Вось Юрась казаў, пра будучыню сваю не думае. Сапраўды — у маці галава баліць. Яна неяк раней і раздумвала ўголас: куды сёння такую здольнасць да матэматыкі дзець, каб добрая аддача была? Ну, не ісці ж у інстытут, каб пасля навучання працаваць за капейкі! Сказала, найхутчэй Юрась пойдзе на праграміста ці яшчэ на каго, карацей, у IT-сферу. Дык Юрась нават і слова сваё не ўставіў, бы не яго тычылася. Ён не проста падпарадкоўваецца маці, ён слухае яе, як дзіця казку , — рот разявіўшы. Вось і цяпер — ён жа цалкам з усім згадзіўся! Што, яны ўжо ўсё абмеркаваліперацерлі?

Я не ўмею ў вачах хаваць сваіх пачуццяў, ды і не вучыўся. І цяпер Юрась усё дакладна прачытаў.

— Ну, і чаго ты вылупіўся? — цыкнуў ён на мяне, потым перавёў позірк на Уладзю, а той нешта пільна выглядваў на дне свайго кубка, і Юрась загаварыў некуды ўбок: — Пазабаўляліся — досыць.

— Пазабаўляліся? — выгукнуў я і запытаў са злосцю: — Дык для цябе гульня ўсё была? Гульня? І князя Крапоткіна чыталі, і Прудона — тое гульня была: хто больш слоў запомніць?

— Я не пра тое, — паморшчыўся Юрась. — Ты зразумей.

— Што разумець? Уладзя, скажы ты: твае перакананні, што ніякі чалавек не мае права ўмешвацца ў тваё жыццё — такая дзіцячая гульня? Ну?

— Не чапай ты Уладзю! — пачаў крычаць і Юрась. — Нашы перакананні тады добрыя, калі яны для нас. калі яны нам патрэбныя! Дазваляюць неяк вылучыцца з натоўпу, быць у нечым іншымі. Калі нам зручна з імі, тады яны нечага вартыя. А калі вось так — цягаць пачнуць, яно табе трэба? Дзеля прынцыпу будзеш цішотку з анархіяй нацягваць?

— І буду!

Наступіла цішыня. Дзіўна, але Аліна Генадзьеўна за гэты час не прамовіла ні слова, яна нават не глядзела ні на каго з нас, піла сабе каву, як тут і не было ніякага крыку. І толькі цяпер адставіла кубачак і пачала:

— Гульня ці не гульня — гэта справа дзясятая. Каб вам больш не біцца ілбамі, скажу так: мы вырастаем такімі, у якія гульні гуляемся ў дзяцінстве, юнацтве. гульні — найважнейшая рэч у фарміраванні асобы. Вось што, сябры. Я вам не як маці, а як старэйшы таварыш кажу: далёка не ўчора былі складзены спісы ўсіх, хто ўваходзіць у нефармальныя групоўкі. Хай тое не будзе для вас сакрэтам і навіной. Актыўнасць балельшчыкаў і антыфа дасягнула крытычнага ўзроўню, зна­чыць, будуць рэпрэсіі, каб утаймаваць энергію.

— А мы пры чым? — не мог астыць я.

— Кірыла, паўтаруся: любыя нефармальныя аб'яднанні на ўліку, — цярпліва супакойвала мяне Юрасёва маці. — Між анархістамі і антыфа, па сутнасці, ёсць вялікая ідэалагічная розніца? Ну, тэарэтыкі?

— Вялікай няма, — няўпэўнена падаў голас Уладзя, не ўздымаючы галавы. — Мы — супраць любога гвалту і ціску чалавека над чалавекам, антыфа — супраць гвалту і ціску дзяржавы ці чалавека над чалавекам з прычыны, якую ён атрымаў у спадчыну, ці з нараджэннем.

— Вось бачыце. Па вялікім рахунку, вы выступаеце супраць любой дзяржаўнай машыны, ан­тыфа — супраць любой аўтарытарнай, бо ў аўтарытарызме ці, глядзім далей, у таталітарызме, абавязкова будуць ускосныя прыкметы таго, супраць чаго выступае антыфа, — Аліна Генадзьеўна зрабіла красамоўны жэст рукамі, маўляў, што і патрабавалася давесці.

— Але ж, Аліна Генадзьеўна, я вось гэтага не разумею, — ўрэшце адарваў свой позірк ад донца кубка Уладзя, выпрастаўся. — Там жа, на стадыёнах ці ў электронах, бойкі між антыфа і нацыкамі, ну, скінамі. Дык чаго душаць антыфа і анархістаў, а скінхедаў амаль не чапаюць? Як затрымаюць — дык антыфа.

— Во-во, і ў школе колькі пужалі гэтымі антыфа, а пра скінхедаў маўчаць. На сайты іх гляньце — там рэальна ўсё нацызмам тхне! Атрыбутыка, прыкіды, дый не хаваюць яны сваіх поглядаў. «Славяне — вышэй за ўсіх!» — гэта рэальны нацызм, хіба не? А кнігі вы бачылі? «Мы — арыі! Вытокі Русі. Першая энцыклапедыя вышэйшай расы» — не нацызм? — выбухнуў я, успомніўшы сваё балючае пытанне, якое, па шчырасці, ні перад кім і не агучваў.

— Добрае пытанне, — нечакана згадзілася маці Юрася. — Добрае. вы ж хлопцы разумныя, пашукайце самі адказ. У чым прынцыповая розніца між вамі і скінхедамі?

— Ну вы даяце, параўноўваеце нас. — загарачыўся я, усхваляваны яшчэ і тым, што маё пытан­не апынулася раптам значным у вачах разумнай жанчыны.

— Не параўноўваю, а прапаную знайсці прынцыповую розніцу.

— Ідэя, канечне, — адказаў за мяне Уладзя, і я пабачыў, што і яго раней мучыла гэта пытан­не: чаму да скінаў усе паблажлівыя? Не думаць жа пра тое, што ў нас шануюць нацысцкія ідэі і групоўкі!

— Ідэя — зразумела, —згодна кіўнула Аліна Генадзьеўна. — Яшчэ шукайце. Што характарызуе кожнае аб'яднанне? Што павінна быць ва ўсяго жывога для існавання?

— Ідэя і форма?

— Малайчына, Уладзя. Ідэя і форма. Дык вось, пра форму. Розніца між скінамі і антыфа ёсць? Карацей, каб не зацягваць час: анархісты, антыфа не маюць упарадкаванай структуры. Скіны — маюць. Жорсткая цэнтралізацыя, яўны лідар, падпарадкаванне ніжэйшых вышэйшым. Што гэта дае? Кіруемасць. Цяпер зразумела? Такая структура трымаецца ўжо не адно на ідэі, але на дысцыпліне, абавязках. І чым далей, тым больш ідэя як асноўны фактар аб'яднання адыходзіць на задні план. Ідэя можа цяпер эвалюцыяніраваць. І ў сваім развіцці стацца зусім іншай. Зразумела, куды я вяду?

— Хочаце сказаць, скінаў у нас асабліва не чапаюць, бо іх можна падпарадкаваць? — нясмела запытаўся Уладзя.

— Вядома ж, — запэўніла Аліна Генадзьеўна. — Яны найперш падпарадкоўваюцца не ідэі, а свайму кіраўніку. Ён — лідар, бог і герой. Сёння ён сказаў адно, заўтра праз пэўныя абставіны ён будзе казаць іншае, тое, што запатрабуецца. Таму і такое стаўленне. Хай гуляюцца дзецюкі і дзеткі, абы вялікай шкоды не рабілі. Такая структура, зразумела, не выхоўвае вальнадумцаў. Яна выхоўвае падпарадкаванне. А вось вашы — выхоўваюць. Вальнадумства і непадпарадкаванне. Таму. Таму, паважаныя, час ікс надышоў — унікніце непрыемнасцей. Прытрымайце пакуль у сябе свае погляды.

— Пакуль? Мне цікава — дакуль? Да заканчэння школы? Да атрымання дыплома? Вось дакуль? Дакуль я не магу жыць і паводзіць сябе так, як лічу патрэбным і магчымым? — зноў усхадзіўся я. Хоць, зрэшты, я разумеў, чаму псіхую. Было крыўдна. Проста агідна.

— Атрымліваецца. — ціха пачаў Уладзя, зноў утаропіўшы позірк на донца пустога кубка, — атрымліваецца, што мы, вось мы з ідэяй роўнасці усіх людзей, іх правам на свабоды больш чужыя для дзяржавы, чым скінхеды?

— Не чужыя, — уздыхнула жанчына. — Больш небяспечныя. Бо вамі нельга кіраваць. А дакуль? Я не ведаю. Даводзіцца жыць у той рэальнасці, якая дадзена.

— Прыстасоўвацца? — з'едліва спытаўся я.

— А што ты хацеў? — ўзвіўся Юрась, яму не спадабалася, як я спрачаўся з ягонай маці. — Пакуль мы дзеці, дык нам яшчэ сёе-тое дазволена. Захочаш нармалёва жыць — будзеш прыстасоўвацца!

— А калі я не хачу?

— Прымусяць!

— Не сварыцеся, хлопцы, — паспрабавала суцішыць нас Аліна Генадзьеўна. — Гэта насамрэч жыццё. Атрымайце першы ўрок. Дамовіліся: ніякіх выклікаў. Будзьце разумныя.

Я падзякаваў за каву і пачаў збірацца дадому. Уладзя таксама пайшоў са мною. Юрась праводзіў нас да дзвярэй з трошкі вінаватым, але адначасова нейкім пераможным выглядам твару: ён дэманстраваў нам, што разумее нешта больш за нас, і то не яго віна, а наша бяда, што мы такія ўпартыя.

Мы маўчалі, потым Уладзя стаў распавядаць, бы самому сабе:

— Учора на лецішчы былі. Корпаліся на агародзе, потым бацька мяса гатаваў на мангале. Хораша так, ціха. Я спытаўся: ці могуць мне ключы даць, ну. вось у нядзелю наступную паедзем: ты, Юрась, Ядвіся, я. Вогнішча раскладзём, мяса насмажым.

— А што за свята ў нядзелю?

— А што, каб нармалёва пасядзець, нейкую дату пільнаваць? — уздыхнуў Уладзя. — Я вось, ведаеш, пра што там падумаў. ну, калі мы нешта не зрабілі, — дык усё незваротна, разумееш? Канечне, ты скажаш: дык жа час яшчэ будзе! Будзе, але ж будзе ўсё іншае. Карацей, вось.

— Нармальны такі пераход. Ад разгону антыфа да шашлыкоў, —трохі збянтэжыўся я.

— Ведаеш, Кір. Я вось думаю, што ў такіх пасядзелках ля вогнішча больш сэнсу, чым у нашых саколках з анархіямі. Дык згода? Маці дазволіла, бацька нам цалкам давярае, ніякіх пытанняў не будзе, мне і грошай дадуць на мяса.

— Слухай. — я зірнуў пільна на Уладзю. Ён выглядаў не проста задуменным, а вартым жалю, як чалавек, які і насамрэч нешта такое страціў, пра што шкадуй не шкадуй — назад не вернеш. Таму я не стаў пацвельваць: — Уладзя, без крыўды, мне незразумела: чаму ты хочаш на лецішча запрасіць мяне з Юрасём і Ядвісю, а не Віялету?

Ён паціснуў плячыма, зірнуў з кволай усмешкай:

— Вы — сябры, а Віялета — каханая... Ёй не такое трэба.

— А што ёй трэба? — я шчыра вылупіў вочы. — Уладзя, яна ж — жывы чалавек!

— Ты не разумееш, — са шкадаваннем прамовіў ён. — Каханая — гэта каханая.

— Цьфу на цябе, летуценнік, — без злосці вылаяўся я, ляпнуў Уладзю па плячы. — Дурань ты. Яшчэ які яна чалавек.

— Не пачынай, — скрывіўся Уладзя, мабыць, думаючы, што я пачну зноў даказваць, што Віялета

— фанабэрыстая і самазакаханая дурніца.

— Не буду, — усміхнуўся я.

Уздымаўся па лесвіцы ў кватэру і думаў, што вось зараз патэлефаную Ясі. Мне зусім не было страшна, хоць да сустрэчы ў кватэры Юрася я пра такое б і не падумаў. Нават не хваляваўся ніколькі, пачакаў, пакуль скончыцца першая серыя гудкоў (Ядвіся не брала тэлефон, я вырашыў — яна занятая, можа, у яе мокрыя рукі, мые-прыбірае), націснуў выклік яшчэ раз.

— Алё, слухаю!

У яе і сапраўды быў запыханы голас, значыць, не памыліўся.

— Яся, гэта Кір.

— А я пазнала. Нешта здарылася ці проста так?

Я не мог вызначыць па голасе: рада яна майму званку, дый тое не было цяпер важным.

— Яся, слухай. ты — нейкая іншая, я адчуваю.

— Ну, я ж сказала вам, што я — ведзьма.

— Няхай ведзьма, тым лепей. Слухай, ведзьма. Яся, калі пачнецца сапраўднае жыццё? Тое, калі можна будзе жыць, а не граць ролю — вучня, студэнта.

— А далей — ролю дысцыплінаванага работніка, закаханага, вернага мужа, адданага бацькі, — нечакана сур'ёзна, без аніякай падколкі працягнула Ядвіся, пачакала, паслухала маё маўчанне, уздыхнула і дадала: — Усё ўжо даўно пачалося, і ўсё даўно папраўдзе, Кір.

— Калі пачалося? — насамрэч здзівіўся я.

— Тады, калі ты першы раз адчуў сорам за нейкі свой учынак.

Я маўчаў, умомант адкінуты туды, у той дзень, калі дзіўны матылёк трапятаў крылцамі між ру­дых хвой. Ядвіся слухала маё маўчанне, чакала. Я ўздыхнуў, а больш — заглынуў паветра, якога пачало не ставаць.

— Зразумела. Уладзя кажа, што чалавек ад жывёліны адрозніваецца толькі адным: у чалавека ёсць сумленне.

— Я трошкі не пра тое, — ціха прамовіла Ядвіся.

— Ды я не тупы, — хмыкнуў я. — Зразумеў. А хочаш, праўду скажу?

— Якую?

Мне падалося, Ядвіся крышачку спалохалася. І я з палёгкай выдыхнуў, бо калі б яна сказала хоць з лёгкім ценем гуллівасці, далібог жа, ляпнуў бы ў адказ нешта пошлае. А так сказаў, пра што мроілася, пакуль клыпаў па лесвіцы:

— Вось ты сапраўдная. ну, такая, праўда. І калі б мне было зараз больш за васямнаццаць, каб многа гадоў было, і грошай шмат. я запрасіў бы цябе зараз у кавярню. Менавіта зараз. І пачаставаў шампанскім, ці што ты яшчэ любіш.

— Нармальная мара, Кір, — ціха і даверліва адказала Ядвіся. — Яна спраўдзіцца. Абяцаю.

— Тады пачакаем! — з незразумелым узрушэннем выгукнуў я і дадаў: — Дзякуй.

— За што?

— Што не пасмяялася.

— Табе дзякуй таксама.

— За што?

— Што даверыўся, дзівак.

— А-а-а. Бывай.

— Пакуль! Удачы!

Стала лёгка. Не, Ядвіся — сапраўдная. Хай яна і перакананая, што нейкая асаблівая, трошкі ў будучыню зазірнуць можа. Але ж шчыра думае, не прыкідваецца. Мне гэтага так не хапала цяпер. Я заўсёды быў упэўнены ў Юрасю. А сёння. Што ў ім сваё, а што — маці? А заўтра яго пераканаюць у нечым іншым. Крыўдна. Бач, як раптоўна стаў дарослым.

І яшчэ я думаў пра тое, што ў Юрася і Уладзі няма больш сяброў, хіба вось я. Ну, Уладзя яшчэ ля Віялеты трэцца, а вось Юрась жа нікога да сябе не падпускае. Ці ніхто не хоча падыходзіць? Калі падумаць, не сказаў бы, што Юрась некага яшчэ паважае, апрача мяне і Уладзі. Ну, і вось Ядвісі.


4


Не разумею, навошта ў школах трымаюць настаўнікаў-пенсіянераў? Наш гісторык — год як пенсіянер. Ведаем, што ён надта заслужаны, увесь такі ўзнагароджаны. Што праўда, ведаў у яго ага колькі, выкладае гісторыю цікава, запамінаюцца ў яго нават даты. Але ж ён, акрамя гісторыі, лічыць сваім святым абавязкам зрабіць з нас «грамадзян сваёй краіны». «Мой доўг перад сабой і дзяржавай — выхаваць з вас патрыётаў» — на поўным сур'ёзе кажа, кожнае слова падкрэсліць.

Свае рэдкія сівыя валасы ён зачэсвае назад, яны ў яго заўсёды з выгляду мокрыя, рэдкія пасмы зліпаюцца. Твар трохі пакамечаны, як і яго заўсёдны светла-шэры гарнітур. Хіба ён спіць не распранаючыся? Ды яшчэ пасля добрай папойкі — у яго чырвоная скура, на шырокім качыным носе намаляваныя тонкія ніткі ліловых капіляраў. І на запалых шчоках такія ж. Вочы сядзяць глыбока, як у свінні, і вачніцы маленькія, круглыя. Ці не на кожным уроку ўхітраецца крапнуць нам на мазгі: вось у яго маленстве галадалі, камп'ютараў не ведалі, напачатку быў адзін тэлевізар на пад'езд. А такую краіну збудавалі! Так і хочацца спытаць: ну, пакажы той дом, дзе ты цагліны клаў?

Але ніхто супраць не пікне. Іван Мікалаевіч Штонда, так завуць нашага гісторыка, даўным даўно атрымаў сваю мянушку, мы тады ці не ў садку былі. І як выйшаў фільм «Сабачае сэрца», так і стаў Штонда Швондзерам. І мянушка хвастом прырасла. Бо так і ёсць: ён з выгляду бяскрыўдны і ціхі, голас рэдка павышае. А злапамятны які! У восьмым класе, калі ён пачаў у нас выкладаць, Алесь Мазько (цяпер ён з намі не вучыцца, выперлі пасля дзевяці класаў) напісаў на сшытку па гісторыі імя настаўніка: «Іван Мікалаевіч Швондзер». Дык можна паспрачацца, нехта з вучняў так і меркаваў, што Швондзер не мянушка, а менавіта прозвішча! Тым больш Алесь быў хлопец тармазнуты. Ну, і пабачыў Швондзер. І так чырвоны твар літаральна крывёю набрыняў. Сшытак ірваў — рукі трэсліся, сліна на бараду цякла. І сіпеў нешта невыразнае. Мы тады рэальна перапалохаліся

— Швондзера бы трасучка хапіла. З «двоек» Алесь не вылазіў увесь год, выклікаў цераз урок. Хло­пец аднойчы не вытрымаў, пачаў правы качаць: што вы да мяне прычапіліся, як п'яны да плота? А Швондзер дакладную напісаў дырэктару: на ўроку вучань абазваў настаўніка п'яным.

Гісторыя ў панядзелак першым урокам. Нашы героі — антыфа Кастусь і Ігнат — стаялі ў куце класа і адшывалі позіркамі і кароткім цыканнем тых, хто намерваўся падысці. Дзіўна яны выглядалі без сваіх звычных балахонаў — у кашулях, швэдрах і штанах, а не джынсах.

Я не паслухаўся маці Юрася. І сваю таксама — ёй тэлефанавала класуха, яны размаўлялі мо з гадзіну, потым маці прыйшла і папрасіла адно:

— Сынок. будзь разумным.

— А я хачу быць чалавекам! — агрызнуўся я так, каб яна болей мяне не чапала.

І мама выйшла з пакоя. Таму сёння я, як заўсёды: саколка з анархіяй на мне. Мабыць, гэта дадало мне смеласці, і я пайшоў у кут да Ігната і Кастуся. Хлопцы зірнулі і працягнулі рукі. Мы стукнуліся кулакамі.

— Фігова? — спытаўся я.

— Вельмі, — шчыра прызнаўся Кастусь, цыганаваты на выгляд, у яго ўжо і вусы прабіваюцца.

— Лепш не трапляць, — крыва ўсміхнуўся і Ігнат. — Ад гумавай дубінкі боль адчуваецца па нарастальнай, праз гадзіну-дзве. Ты якой трасцы свецішся? Харэ геройстваваць, зараз у кабінеце дырэктарка распране. Як ты праскочыў?

— А яна там з дзяўчатамі разбіралася, — прызнаўся я, бо і насамрэч уваходзіў у школу пад «прыкрыццём» дзяўчынак у кароткіх спадніцах — пачакаў, пакуль некага з іх спыніць дырэктарка, якая пільнавала вучняў на ганку.

— Ага, здымі, — параіў і Кастусь. — Ці балахон зашпілі хоць.

— Замок зламаны.

— Я закалю шпількай, давай!

Ля нас стаяла Ядвіся.

— Прывітанне! — павіталася яна і дадала: — Не жартую, ідзі сядай, прыхаплю. Ты нейкі няўцямны, мабыць. Не разумееш, што не табе аднаму цяпер можа быць несалодка з-за тваёй упёртасці?

— Во, дай яму, Ядвіся, — усміхнуўся Кастусь.

Я падпарадкаваўся, пайшоў на сваё месца. Юрась сустрэў мяне позіркам, у якім адчувалася абвінавачванне:

— Чаго ты псіхуеш?

— Аб'еўся галубцамі, усю ноч панос ганяў, — абыякава кінуў я.

Я разумеў, што ранак пачаў не па правілах. Я не стаў чакаць Юрася, не зайшоў да Уладзі — ці не першы раз за гэтулькі гадоў. Я не ведаў, чаму так раблю, але рабіў, таму што хацеў зрабіць менавіта так. Сеў за стол, Ядвіся ў двух месцах прыхапіла крысы балахона шпількамі — вытрасла са свайго дзявочага рыдыкюльчыка. Якраз паспела да званка. І дзверы адразу ж расчыніліся — Швондзер ніколі не спазняўся на ўрок, ён загадзя выходзіў з настаўніцкай і зазвычай чакаў званок ля дзвярэй класа.

Можна было не сумнявацца, з чаго пачне Швондзер. Ён прывітаўся з намі кароткім «здрасце», паклаў на стол журнал і сваю нязменную за многія гады скураную папку. З хвіліну, у поўнай цішыні, хадзіў ад стала да акна, між радамі сталоў. Спыніўся за спінамі Ігната і Кастуся і свідраваў сваімі свінячымі вочкамі іх патыліцы.

Урэшце ён вярнуўся да свайго стала і сказаў:

— Сёння мы будзем размаўляць пра Радзіму. Бо, як паказалі апошнія падзеі, у вашых галовах праз гэты інтэрнэт назбіралася столькі варожай лухты, што іх тэрмінова, бы Гераклу канюшні, неабходна чысціць.

І ён пачаў. Як мы і чакалі — спачатку пра сваё галоднае дзяцінства, пра бацьку, які вярнуўся інвалідам з вайны, пра тое, як сам Швондзер паехаў паступаць вучыцца, маючы адны нагавіцы, дзве кашулі і пінжак, перашыты з бабулінай кацавейкі. І таму: «Вы павінныя. вам дадзена намі, старэйшым пакаленнем. мы ўсё зрабілі, каб вы жылі.» Ён, сёння незвычайна ўзбуджаны, як ніколі пафасны, нёс і нёс даўно чутае намі ад яго ж самога. Складвалася ўражанне, што ён і сам верыў у тое, пра што нам малоў: пра адважных да самазабыцця камсамольцаў на цаліне, якія хлеб не елі, а Радзіме давалі, пра БАМ і тых самых камсамольцаў з камуністамі, якія на руках пераносілі цяжэнныя рэйкі і дзяўблі кіркамі вечнамёрзлы грунт (быццам трактароў не было і бульдозераў, дурні!), пра асушэнне балот зноў жа аднымі рыдлёўкамі... А экскаватары чаго не выкарыстоўвалі? Ага, бо танкі кляпалі, ведаем. Ён казаў, як чытаў з кніжкі, — роўна, размерана, чаканіў кожнае слова, гучна набіраючы паветра перад новай тырадай. І не спатыкнуўся ж нідзе.

Яго нельга было не слухаць. Мы ведалі, што калі хоць аднаму з нас толькі паспрабаваць апусціць вочы долу ці павесці позіркам за акно, Швондзер імгненна спыніцца, падыдзе да цябе, загадае ўстаць, і ты прастаіш так, пакуль ён не дазволіць сесці, а то і да канца ўрока. Паскардзішся? Табе ж даражэй — загнобіць адзнакамі.

— Патрыятызм — тое пачуццё, якое грамадзяне нашай краіны мусяць усмоктваць з малаком маці, узрошчваць у дзіцячых садках, цэментаваць у школе. — вывальваў на нас сваю тэорыю Швондзер, але раптам спыніўся, палец да ілба прыставіў. Ведалі наперад: ён зараз, як у яго называецца, імправізуе — рыхтуецца задаць некаму з нас нечаканае пытанне. Так мовіць, элемент ажыўлення лекцыі.

— А што мы разумеем пад патрыятызмам? Што ёсць патрыятызм? — Гучна сам у сябе запытаўся Швондзер, ссунуў акуляры на лоб і пайшоў між радоў — выбіраў сабе ахвяру.

Ён спыніўся ля нас.

— На гэта пытанне нам паспрабуе адказаць новая вучаніца вашага класа. Зараз мы і даведаемся, з якім багажом ведаў прыйшла да нас гэта дзяўчына. Калі ласка, адказвай! — і ён настойліва крануўся пляча Ядвісі.

Ядвіся ўставала надта павольна для такога настаўніка, як Швондзер, і яго твар пачаў крывіцца, як ад кіслага. Ён прывык, каб ускоквалі.

— Патрыятызм. Патрыятызм — гэта апошні прытулак для нягоднікаў.

Яся! Што ты ляпнула!

Але я не крыкнуў, у класе ніхто не войкнуў. І так было ціха, а цяпер зрабілася — бы мерцвяка вынеслі.

Швондзер стаяў, быццам раптоўна працяты з патыліцы наскрозь вялізным цвіком: галаву ўскінуў, спіна выпрастаная, ногі разам. Ён застыў. Чырвань сыходзіла з твару не адразу, а кавалкамі. Там пляма белая прабілася, там. Зліваліся, раслі.

Маўчанне было невыносным.

Швондзер, нарэшце, сарваўся са свайго цвіка, ціха пайшоў да стала.

— Так. Ты — Ядвіга ЛялькО? — строга запытаўся ён, разгарнуўшы журнал.

— Не, Іван Мікалаевіч, маё прозвішча правільна гучыць як ЛЕлька, — нязмушана, як нічога і не здарылася, выправіла Ядвіся.

— Дык ты кажаш, што патрыятызм — для нягоднікаў? — гісторык уперыў свае круглыя вочкі ў Ядвісю, позіркам гатовы быў прасвідраваць дзірку ў яе грудзях.

— Не, я так не гаварыла. Я паўтарыла словы Льва Талстога: «Патрыятызм — апошні прытулак для нягоднікаў».

Паўза.

— Я. Не. Чытаў. Такіх. Слоў! — твар Швондзера імгненна зноў афарбаваўся ў чырвона-барвовы колер. — Калі ты мне іх не пакажаш у кніжцы, ты. ты.

Ён пачаў заікацца, але не паспеў прыдумаць патрэбнае катаванне для Ядвісі — з месца нечакана ўсхапіўся Уладзя. Стаў прама, і кожная клетачка яго цела была напятая — да дробнага дрыжання.

— Іван Мікалаевіч, дазвольце патлумачыць! — і, не чакаючы дазволу ад гісторыка, які ў гэта імгненне разгубіўся, хутка прадоўжыў: — Словы пра тое, што патрыятызм ёсць апошні прытулак для нягодніка, упершыню сказаў англійскі літаратурны крытык Самюэль Джонсан. Ён іх казаў у тым сэнсе, што і самы апошні нягоднік можа знайсці сабе апраўданне ў грамадстве, калі зробіцца сапраўдным патрыётам. А ўжо Леў Талстой пераказаў словы Джонсана, але з трошкі іншым сэнсам. Вось.

— Вось! — гісторык авалодаў сабой. — Ты сядзь, у цябе ніхто не прасіў тлумачэнняў. Для нас галоўнае тое, што вось гэта маладая асоба, якой дзяржава дала магчымасць бясплатна атрымаць адукацыю.

— Мая маці працуе і плаціць падаткі! З гэтых падаткаў і складаецца заробак настаўнікаў! — нечакана рэзка выдала Ядвіся.

Я глядзеў на яе. Якая яна была прыгожая! Крылцы носа трапяталі ад кожнага ўздыху, яна глядзела наперад, проста ў вочы Швондзеру. Яна не баялася яго! Ні каліва! Хоць ёй было страшна — пальцы рук пабялелі, вусны напружыліся, і куточкі іх падрыгвалі. Мне нясцерпна хацелася зараз стаць побач з ёй, сказаць нешта разумнае, асадзіць Швондзера, але я не ведаў — што сказаць.

А гісторык зноў пачаў бялець, наблізіўся да Ядвісі.

— Хто дазволіў табе перапыняць старэйшых, настаўнікаў?! — засіпеў ён. — Сядзь і слу­хай! — ужо крыкнуў ён і працягнуў, калі Ядвіся села: — Патрыятызм — тое, што робіць з чалавека грамадзяніна. Тое, на чым трымаецца дзяржава. Патрыятызм — гэта з усяго магчымага абіраць роднае, сваё!

— «Купляйце беларускае», — нечакана гучна вырвалася з мяне хоць нешта. І атрымалася — ляпнуў дрэнь.

— Менавіта так! — аж узрадаваўся Швондзер з маёй падказкі. — Купляйце сваё! Падтрымлівайце сваю эканоміку! Сваю дзяржаву і сваю краіну! Зразумела табе, юная лэдзі? — не­чакана ён схіліўся да Ядвісі, ледзь не пырснуўшы слінай у яе твар.

— Зразумела, Іван Мікалаевіч, — Ядвіся ўзнялася з месца, адказала, як бы і вінавацячыся, але і я, і ўсе навокал адчулі, што зараз яна зноў нешта выдасць. — Я вось адно не разумею, патлумачце, калі ласка. У вас тэлефон ёсць?

— Ёсць, — мармытнуў гісторык, яшчэ не ведаючы, як паставіцца цяпер да гэтай настырлівай вучаніцы.

— А ён у вас чыёй вытворчасці? Беларускай? А тэлевізар дома з вялікім экранам? Беларускі? А камп'ютар?

— Гэта дэмагогія! — заравеў Швондзер. — Мы гэтулькі вытрывалі ў вайну, мы мусілі самі падымацца, адбудоўваць народную гаспадарку, у той час як сусветны імперыялізм даваў грошы ўсялякім Германіям, каб тыя хутчэй аднаўляліся. Мы жылі сярод ворагаў і мусілі бараніцца, нам трэба было выдаткоўваць шмат рэсурсаў на абарону сябе! Мы і сёння мусім трымаць немалень­кую армію.

— А яна ў Еўропу хоча, — кінуў з'едліва Віктар Марыноўскі.

Швондзеру прыйшлася да душы і гэта падказка.

— Уся атрута для моладзі сёння канцэнтруецца ў Еўропе! Геі, лесбіянкі, аднаполыя шлюбы, усёдазволенасць — вось да чаго прыйшлі! Яны жадаюць аднаго — засяліць у нас распусту, каб моладзь згубіла апошнія маральныя арыенціры! Еўропа — рассаднік маральнага раскладу! Для моладзі наша дзяржава стварыла ўсе ўмовы для таго, каб жыць, працаваць і прыносіць карысць сваёй Радзіме тут, нараджаць і гадаваць дзяцей, для чаго будуюцца новыя сучасныя бальніцы, адчыняюцца светлыя дзіцячыя садкі, ёсць мацярынскі капітал.

— І менавіта таму ваш сын вывучыўся і зараз працуе ў Варшаве, а дачка — у Германіі!

Ядвіся выгукнула словы не з абвінавачваннем — з адчаем, у якім адчуваліся блізкія слёзы.

Швондзер спатыкнуўся і замёр.

Гэта не было таямніцай для школы — ён і раней у нас, і сёлета паспеў пахваліцца: ягоныя дзеці такія высокаадукаваныя, так добра ён іх выхаваў, што іх запрасілі працаваць у нямецкую фірму і польскую бальніцу. Ён ніяк не думаў, што яго гонар можа быць скарыстаны супраць яго самога.

Ён хапаў паветра ротам, як рыба ў каламутным магазінным акварыуме, але урэшце авалодаў сабой:

— Ты, кажучы мовай сацыялогіі — недаразвіты кавалачак соцыуму, у тваіх мазгах — адно каша з агітак Захаду! Ты не адчуваеш ні ўдзячнасці, ні павагі да тых, хто працаваў дзеля цябе! Вось дзе корань зла!

...Ядвіся стаяла. Швондзер хадзіў вакол свайго стала і гаварыў, гаварыў, гаварыў. Усім было зразумела, што яму не знайсці ніякіх слоў супраць праўды, якую агучыла Ядвіся, але ён не мог змірыцца з гэтым, і больш для сябе, здаецца, шукаў новыя і новыя довады сваёй нібыта ісціны апошняй інстанцыі, ужо непрыхавана здзекаваўся з Ядвісі.

Потым ён дазволіў ёй сесці, але не спыніўся: у яго другое дыханне адкрылася ці што. Сеў на іншага свайго ўлюбёнага канька — на мараль. І зноў пачаў ад свайго дзяцінства, нейкага ражна распавядаў пра вароты, якія дзёгцем шмаравалі вяскоўцы, калі даведваліся, што ў гэтым двары жыве дзяўчына вольных паводзін. І вось не скажаш, што ён Ядвісю ў нечым такім вінаваціў, а так паралелі праводзіў, такія намёкі рабіў, нібыта яна стала найвядомейшай прастытуткай горада, а ўсё праз тое, што, канечне ж, не любіць сваю Радзіму і не разумее, якой удзячнай яна мусіць быць ветэранам Вялікай Айчыннай.

Ядвіся сядзела чырвоная, як вараны рак. Яна не чакала, што яе пачне гнобіць дарослы чалавек. Ды каб адно гэта — клас ажывіўся, нехта пачаў хіхікаць з асобных «жартачак» Швондзера, а той, падахвочаны такой увагай, — папраўдзе ж пачалі з цікавасцю слухаць (хто нам пра тыя вароты ў дзёгці раней апавядаў?) — вышукваў новыя доказы сваёй праўды: ад Еўропы ўсе беды, распуста і жыццю трындзец!

Усе позіркі, зразумела, былі скіраваны на Ядвісю. Я успомніў, як Уладзя некалі казаў, што для людзей наймацнейшае відовішча — смерць. Як забіваюць. Цягне іх магнітам. А калі маральна забіваюць — якая розніца? Вось і цікуюць, ім цікава, цэлы спектакль, іх фінал вабіць: давядзе Швондзер да слёз Ядвісю, ці яна выскачыць з класа?

Калі ты высунуўся, калі паказаў нешта сваё, адрознае ад іншых, — будзь гатовы да зайздрасці, кпінаў, падножак. Тут кожны хоча стаць хоць некім, шэрая маса, бы тая вадзяністая каша ў каструлі, прыўздымаецца, пыхкае бурбалкамі, ападае, зноў надзімаецца ў іншым месцы — і так, безупынна, пыхкаюць бурбалкі. Бач, Ядвіся надумалася пабыць прынцыповай, смеласці набралася. Ага! Ты адна крывішся ад лухты Швондзера, адна такая разумніца, ведаеш пра тэлефоны і тое, дзе зараз дзеці гісторыка? Усе ведаюць, але ж во церпяць. А калі ты вырашыла пакрасавацца перад усімі сваёй прынцыповасцю — дык і атрымлівай!

Я ведаў, што так думае большасць з нас, і ў самога мільгала думка: чаго ты выстаўляешся, самая разумная? Але ў гэтым цкаванні Ядвісі — яўным з боку настаўніка і ціхім, якое праяўлялася ў задаволеных усмешачках з боку вучняў, — смярдзела ганебным збіццём адной натоўпам. Вось яе прывязалі да слупа, аголеную, на плошчы — і цяпер чытаецца прысуд, і ўсе ажно млеюць ад чакання таго моманту, калі ўрэшце запалае касцёр пад слупком і ахвяра пачне курчыцца і прасіць літасці і даравання, адрачэцца ад сваіх слоў.

Не дачакаліся: Ядвіся трымалася, твар яе застыў, хіба грудзі заўважна ўздымаліся-ападалі ад глыбокага і частага дыхання.

Зазвінеў званок. Швондзер спыніўся на паўслове — ён не дазваляў сабе парушаць парадак, адно дадаў:

— Мы працягнем на наступным уроку!

Ён быў задаволены, адчуваў сябе пераможцам — выходзіў з класа з задранай угару больш чым звычайна барадой, невялікім чэравам наперад.

Ядвіся адразу выскачыла з класа.

Я знайшоў яе ля акна ў канцы калідора. Падышоў, стаў глядзець, як і яна, за шкло.

— Даруй мне, — нарэшце ціха сказаў тое, з чым яе шукаў.

Ядвіся не адказала, нават не паглядзела на мяне, толькі ўздыхнула ледзь заўважна.

Падышоў Юрась, стаў з другога боку ад Ядвісі.

— Швондзер табе не прабачыць.

— А чаму ты думаеш, што я праз тое заганяюся? Мне пляваць! — са злосцю крутанулася да яго Ядвіся.

— Ну. калі не думаць пра атэстат, — прамямліў збянтэжана Юрась.

Мы не думалі, што ў яе можа быць гэтулькі злосці. Сама ж вінаватая.

Падышоў нясмела Уладзя. Ядвіся павярнулася спінай да акна, сустрэла яго насмешліва:

— Давай, выдай і ты што-небудзь разумнае!

Я адчуў крыўду. Мы ў чым перад ёй вінаватыя?

Уладзя разгублена спыніўся перад намі, сказаў, відавочна, даўно падрыхтаваныя словы:

— Рэчаіснасць. праўда. далёка не ўсім даспадобы. І не ўсім. патрэбная.

— А табе — патрэбная?

— Што? — лыпнуў вачыма Уладзя.

— Табе патрэбная праўда? Табе трэба ведаць пра рэчаіснасць? — Ядвіся ажно падалася наперад, і стала трывожна за Уладзю: зараз можа нешта адбыцца.

— Мне — трэба, — ціха, але ўпэўнена адказаў Уладзя.

— Ах, так. Хадзем! — Ядвіся схапіла яго за руку і пацягнула да лесвіцы, каб, напэўна, спусціцца на першы паверх. Азірнулася на нас з Юрасём — мы стаялі ў поўнай прастрацыі — і за­гадала рашуча: — Вы з намі!

Уладзя, бы маленькі хлопчык, спяшаўся за імклівай Ядвісяй, яна не выпускала яго рукі, мы — за імі. Я не адразу скеміў, куды яна цягне сябра і якой трасцы, а калі спынілася, здзіўляцца было позна: мы былі ў кутку паверха, дзе знаходзілася жаночая прыбіральня.

— Чакайце!

Ядвіся пацягнула на сябе дзверы з намаляваным чорным кружком, што абапіраўся на вяршыню такога ж самага чорнага трохкутніка, зазірнула, потым разнасцежыла дзверы, схапіўшы за руку цалкам збянтэжанага Уладзю і крыкнула яму:

— Рэчаіснасць, праўда? Ты сказаў, што не баішся яе. А пра існаванне жаночай прыбіральні ведаў? Вунь там унітаз, і твая Віялета таксама сюды ходзіць, і сікае, і какае! І вунь пракладка ў куце валяецца, глядзі, нехта паспеў ужо збегаць сюды на ўроку, скрываўленая, такая і ў Віялеты бывае, і мо зараз у яе ёсць, і яна выкідае вось сюды такую, бо яна — жывая, у яе таксама месячныя бываюць! Як бясплатны дадатак да тваёй закаханасці — рэчаіснасць, якую ты хочаш ведаць!

Мы з Юрасём аслупянелі.

Уладзя ірвануўся і панёсся некуды па калідоры.

— Ну, ты дала, — выдыхнуў Юрась.

— Ён не дзіця, — нервова адказала Ядвіся. — Я ў сем гадоў зразумела, што балерыны зусім не матылькамі какаюць. Вось так.

— Фізіялогія так фізіялогія, — сказаў, абы нешта сказаць, я.

— Ты пра што? — ускінула вочы Ядвіся.

— Чорт яго ведае. Разбурыла Уладзеву казку.

На наступным уроку Уладзя адсутнічаў. Мае выклікі па тэлефоне ён скінуў двойчы, на Ядвісін таксама не адказаў. Гэта суцяшала: значыць, засільвацца ён не пабег. Я сказаў пра тое Ядвісі.

— Трэба адшукаць, — вырашыла яна і дадала: — Адчуваю сябе такой гадаўкай, папраўдзе. Нельга было так, нельга.

— Хай пабудзе адзін, — запярэчыў я. — Знойдзецца. На вялікім перапынку ў сталоўку, есці захоча...

— Не прыйдзе...

На другім перапынку да нашага з Ядвісяй стала падышла Віялета, грэбліва зірнула на Ядвісю, капрызліва працягнула:

— Кірыла, дзе Уладзечка? У мяне алгебра нязробленая.

— Не ведаю, — нечакана весела, бо зараз мне гэта прыносіла задавальненне, адказаў я і дадаў з яшчэ большай весялосцю: — Будзеш цяпер сама рабіць, рыхтуйся!

— Што? — Віялета насамрэч здзівілася, больш, магчыма, з маёй нахабнасці.

— Штонікі!

Яна грэбліва фыркнула і пайшла да свайго стала.

На вялікім перапынку Уладзя не з'явіўся. Мы — я, Ядвіся і Юрась — пачакалі ля сталовай, по­тым рушылі на апошні паверх. Было ўсяго адно месца, дзе мог бавіць час наш Уладзя, калі ён яшчэ застаўся ў школе. Некалі раней мы часцяком там былі — на даху. То было ў 7-8 класах. Выхад на дах замкнулі, але былі такія дні, калі туды можна было патрапіць: плоскі школьны дах бясконца рамантавалі то ў адным, то ў іншым месцы, увесну дык зазвычай штодзень на даху былі рабочыя.

Навяснога замка на дзвярах, якія вялі туды, не было. Мо пасля лета (зноў жа недзе дзіркі лапілі) забыліся замкнуць, а цяпер не спяшаліся, бо не вясна — той парой, пакінь незамкнёнымі дзверы, школьнікі лезуць на дах катамі, у якіх вяселлі пачаліся.

Уладзя сядзеў там, дзе мы раней упадабалі сабе месца: табе прастора растуляецца, а знізу ніяк не відаць. Ён знайшоў дошку, якую, відаць, пакінулі будаўнікі, некалькі цаглін (то рамантавалі вентыляцыю) і зрабіў лаўку.

Ён азірнуўся на шоргат ног, падскочыў:

— Чаго вы прыйшлі?

У яго адчайным выкрыку гучалі слёзы. Мне раптоўна ўспомнілася наша дзяцінства — так крычаў ён некалі, калі да яго чапляліся старэйшыя хлапчукі. Я адчуў сябе поскуддзю.

— Уладзя, прабач, калі ласка! Я вінаватая! — Ядвіся казала з неўдаваным болем у голасе, потым зрабіла крок наперад.

— Ідзіце адгэтуль! Якая вам справа да мяне? Чаго вы лезеце не ў сваё жыццё?

А голас дрыжэў, дрыжэў на нейкай апошняй нітачцы трывання, і мажліва, скажы Уладзя ці паспрабуй сказаць яшчэ хоць слова, ён бы расплакаўся. Мы ўсе адчувалі гэта, і гэта адчуваў сам Уладзя, і яму, апрача ўсіх іншых пачуццяў, пра якія можна было толькі здагадвацца, было яшчэ вельмі сорамна. Хай сабе мы і сябры, але што можа быць больш зневажальным для цябе за твае ж слёзы?

Уладзя прабег паўз нас. Ніхто не памкнуўся затрымаць яго хоць словам.

— Я сука.

Ядвіся кусала вусны, яны чырванелі і рабіліся большыя.

— Усё будзе добра, — нечакана вырвалася ў мяне, і я паўтарыў, як мантру: — Вось пабачыце, усё будзе добра.

— Хадзем, званок зараз, — незадаволена нагадаў Юрась, быццам мы тут займаліся нейкай дзіцячай гульнёй і маглі прапусціць нешта надта значнае.

Уладзя быў у класе — сядзеў на сваім месцы, таропка, нізка-нізка схіліўшыся над сшыткам, пісаў. Віялета стаяла над ім, заглядвала ў сшытак, нахіліўшыся так, што яе белыя кудзеркі краналіся галавы і шыі хлопца. Яна азірнулася на нас, і ў яе позірку была не перавага, не. Яна глядзела так, як можна было глядзець на якую здохлую мыш пад нагамі, — грэбліва, з гідлівасцю. Я раптам зразумеў, што гэта гідлівасць і грэблівасць імгненна могуць перарасці ў нянавісць. Усё будзе залежаць ад Уладзі...

Ён да канца тыдня хадзіў, бы пад зямлёй. І так не актыўнічаў у класных рухах, а цяпер і не размаўляў ні з кім. І на занятках яго не было чуваць. Хатнія заданні рабіў сяк-так, паспеў адхапіць дзве «пары». Але я бачыў — ён па-ранейшаму рабіў хатнія заданні для Віялеты. Мы з Юрасём хадзілі ў школу без яго — ён не чакаў нас, выходзіў раней, мы бачылі яго за сотню крокаў наперадзе, і самотная постаць у рэдкім ланцужку людзей на тратуары выклікала ў мяне сорам — я ж пом­ню, што абяцаў яго маці: ніколі не кідаць сябра. У суботу ўвечары я не вытрымаў, патэлефанаваў. Ён адказаў на выклік.

— Уладзь, ты як?

— Зараз я на лецішчы. Вось, раней хацеў вас запрасіць. Калі атрымаецца, наступным разам?

— Ну, канечне, ты адно свісні, як бацькі дабро дадуць! — заспяшаўся я. — А ты сам? Усё норм?

— Ды трохі адпусціла. — Уладзя памаўчаў, загаварыў далей: — Цяжка. Цяжка ўбачыць у тым вобразе, у які закахаўся, жывога чалавека.. Ядвіся. я разумею, што павінен быць ёй удзячны, праўда. Тыцнула носам літаральна ва ўнітаз. Віялета — чалавек. З костак і мяса. А калі незваротна пабачыў, што. каханая — найперш чалавек, дык і ўчынкі яе, і словы, і паводзіны пачаў бачыць, як чалавечыя. Крыўдна, што не бачыў раней. Дурань я. Разумееш, яе словы, дзеянні для мяне існавалі асобна ад яе самой, усё адно гэта не яна казала і рабіла, а нехта іншы. ну, яны не мелі ніякага значэння. для мяне. А калі спакваля сталі звязвацца, дык. характар намаляваўся. І чалавек з характарам, жывы такі чалавек. І зусім непрывабны, хітры, хлуслівы, грэблівы і эгаістычны. Я такі дурань.

— Ніякі ты не дурань! — горача запратэставаў я. — Тут я выпадкам падслухаў, як маці з сяброўкай дзялілася сакрэтам. Ну, там у іх на працы нейкі трыкутнік любоўны, такія жарсці! Дык вось, я слухаў і думаў: ну і дурнота! І дарослыя ж людзі, а такія глупствы вырабляюць! Во, значыць, закаханасць — такая хвароба, што першага-лепшага напаткае.

Падслуханую размову я выдумаў — нічога я не чуў. Фільмы ж розныя глядзіш, дык бачыш, на што закаханыя здольныя. Але ж Уладзю пра фільмы казаць не будзеш, жывыя людзі яны і ёсць жывыя, так больш пераканаўча.

— Ага, цяпер разумею, — весялей адказаў Уладзя. — Некалі давялося прачытаць стары «баян»: тым розніцца геаметрычны трыкутнік ад трыкутніка кахання, што ў геаметрычным толькі адзін кут можа быць тупым.

Я засмяяўся, быццам гэтага «баяна» папраўдзе не чуў раней.

— Знаеш, мая бабуля Марыля ведае адну цудоўную формулу. Думаў — проста словы, а вось калі іх не тое што паўтараць, а мець заўсёдна на ўвазе, дык гучаць зусім не бессэнсоўна. Хочаш, скажу?

— Скажы, — зацікавіўся Уладзя.

— Усё будзе добра.

— Так проста?

— Ну. дык і проста. Але — усё будзе добра, скажы?

— Скажу. Усё будзе добра!

У панядзелак Уладзя чакаў нас з Юрасём. Мы зноў ішлі ўтрох. Ядвісю пабачылі на лаўцы ў двары школы, падышлі і селі, выцягнуўшы ногі, бо лаўка была нізкая. Павіталіся. Маўчалі.

Уладзя сеў ля Ядвісі, крануўся пальцамі яе рукі, якую яна паклала на калені.

— Ты не перажывай, — сказаў ён з кволай усмешкай. — Я. Карацей, нешта адбылося, і я. у суботу, на лецішчы, там. там такая вольніца, дык і я адчуў сябе свабодным. Крутое пачуццё — быць свабодным.

— Прайшла любоў, завялі памідоры? — асцярожна пажартаваў я.

— Ілюзіі прайшлі, казкі больш няма, — выправіў Уладзя. — І неяк пофіг, ужо не баліць. Смешна вось з сябе зараз. Трошкі шкада. Трошкі агідна. Наогул — пуста.

— Усё адно даруй, — Ядвіся павярнула далонь, сціснула сваімі пальцамі пальцы Уладзі, якія ён не спяшаўся ўбіраць. — Я ведаю, як можа быць балюча, калі расплюшчваюцца вочы, — і голас яе ўздрыгнуў.

— Норм, кажу, не перажывай, — рагатнуў нязмушана Уладзя. — Воля таго каштуе, каб трошкі пабалела. Юр, я да цябе сяду!

— Давай, — кіўнуў Юрась, і нешта ў яго вачах мне не спадабалася. Ён, падалося, шкадаваў, што вось Уладзя, магчыма, пазбавіўся сваёй летуценнасці, стане звычайным пацаном без закідонаў. Ці Юрасю даспадобы, каб у ягоным атачэнні былі менавіта такія, як мы з Уладзем: адзін невылечны ў сваёй дзіцячай закаханасці і другі — шэры да невыразнасці?

— Уладзечка, што гэта значыць? — Віялета спыталася і гучна, і насмешліва, ступіла крок з-за стала, калі пабачыла, як Уладзя скіраваўся да Юрася і сеў з ім побач. — Я зараз атрымаю па алгеб­ры кол, ты пашкадуеш...

— Не пашкадую. — Уладзя без аніякай сарамлівасці паглядзеў у яе вочы, спакойна і ціха дадаў: — Даруй, але далей спраўляйся без мяне.

Віялета свідравала яго позіркам, вочы яе звузіліся, твар імкліва мяняўся: вось ён быў разгублены, вось ужо грэблівасць, а вось і сапраўдная нянавісць.

— Цябе ж папярэджвалі — некалі усе становяцца відушчымі, — заўважыла Ядвіся са з'едлівай усмешкай.

— А ты, лялька анучная, запомніш!

Усю сваю злосць Віялета ўклала ў гэту пагрозу. Ядвіся зноў усміхнулася, гэтым разам з нечаканым шкадаваннем, бы глядзела на псіхічна хворую, і прамовіла:

— Не лялька, а Лелька. І. ты бойся, каб я нешта запомніла, бо мая памяць часам дорага каш­туе!

Гэта быў не выклік, а хутчэй папярэджанне, сяброўскае такое. І ў класе ўзрушана зашапталіся: здаецца, пачыналася вайна, і было цікава — хай хоць нешта, абы быў нейкі рух у застылым балоце школьнага быцця.


5


Як толькі Зіначку прызначылі нашай класухай, яна ўсё імкнулася арганізоўваць розныя сумесныя выправы-вандроўкі. Спадзявалася зрабіць з нас «дружны клас». Мы бачылі яе намаганні, пасмейваліся сабе, не скажу, што аднекваліся, — нехта ў першы год з імпэтам дапамагаў Зіначцы, збіраў грошы, нават нейкія сцэнары рабіліся, каб весела было. Карацей, спрабавалі гуляць у весялосць і той самы «дружны клас». І да сённяшняга часу ў яе захаваліся добраахвотныя памочнікі, той жа Ромка Макар, дзяўчаты некаторыя. Я дык увогуле не разумеў гэтых высілкаў і неяк запытаўся ў Юрася:

— Вось глядзі. Я, ты, Уладзя — мы разам. А Віялета, Алег, Юзік, іншыя. мы ўсе — розныя. Ця­пер вось змушаныя мець нейкія агульныя рысы, бо школа ж, клас, а мы — вучні. Не разумею.

— Што не разумееш?

— Не разумею, навошта прыкідвацца, гуляць у нейкае сяброўства, «актыўна і весела бавіць вольны час». Навошта? Мы праз два гады —разляцеліся. Ты ж бачыў летась, хто на сустрэчу выпускнікоў прыходзіць? Алкашня адна, каму такая сустрэча — нагода і прычына выпіць, некаму і на халяву. Ну, вучыліся разам, дык што? Ды я з паловай класа развітаюся і не захачу ніколі бачыцца.

— Правілы соцыуму, — Юрась як ведаў, пра што я спытаю, гэтак шматзначна і важна выдаў ад­каз, пабачыў, як я скрывіўся, і нехаця дадаў: — Ну, так мне маці казала. Усё жыццё — гульня, усё жыццё — нейкія правілы.

— З'ехаць бы куды-небудзь. Дзе ніякіх правіл, — шчыра ўздыхнуў я.

— На выспу, аднаму, — упарта заспрачаўся Юрась. — Бо нават калі ты з некім будзеш, усё адно будуць правілы.

— З каханым чалавекам правілы непатрэбныя, — сказаў і я нешта разумнае і дарослае.

— Ты фільмаў нагледзеўся, — рагатнуў паблажліва Юрась. — Яшчэ як патрэбныя. Вунь, нават шлюбныя дамовы складаюць, пратаколы паводзін!

— Да д'ябла такое каханне, — замяўся я: — Хутчэй бы зваліць.

Мінуў месяц заняткаў, і наша класуха, як і чакалася, вырашыла распачаць сваю культурную праграму з закідам на наша будучае адзінства: паездка аднадзённая, экскурсія ў Нясвіжскі замак. Па шчырасці, ніхто асабліва супраць не быў, бо аўтобус — праз нашу вучаніцу Галіну Ягнешык: у яе бацькі фірма турыстычная, ён — у складзе мецэнатаў школы, то нам амаль бясплатная паездка, бензін адно аплачваем. Квіткі ў музей — таксама бясплатна, там акурат у той дзень, які запланавала Зінаіда Мартынаўна, акцыя праходзіць. Ну, і апошняе — гід зноў жа праз знаёмых знаёмых — і задарма. Што ні кажы, умее класуха. У паездку сабраўся амаль увесь клас, адно не было Віялеты і Віктара ды яшчэ пару чалавек з плебса. Ну, Віялета з Віктарам, зразумела, чаму: яны даўно ў гэтых месцах пабывалі, не той кантынгент, якога ўразіш экскурсіямі па Беларусі.

Разам з намі на экскурсію ехаў і фізік Антось Сямёнавіч. Я ўжо казаў пра яго — прынцыповы. Дарэчы, той наш падкол яго з бібліятэкаркай, Вольгай Арцёмаўнай, не атрымаўся наогул. Выявілася, яна — стрыечная сястра фізіка, а не ўпадабаная ім жанчына. Мы ведалі, што на такі вэрхал, як наш клас, патрэбныя мінімум двое дарослых суправаджэння, таму не здзівіліся, хоць і пакрывіліся: з фізікам не пасваволіш ўдосталь.

Выехалі рана, дарога амаль чатыры гадзіны толькі ў адзін бок. Мы з Уладзем сядзелі ў першым радзе — наша месца ў паездках, ніхто не аспрэчвае. Бо Уладзя — Вікіпедыя хадзячая — павінен бачыць дарогу лепш за ўсіх, і што сустрэнецца цікавае — усім апавядаць. Але гэтай дарогаю мы ехалі ўжо двойчы, таму Уладзя маўчаў. Юрась з Ясяй сядзелі за намі. Краем вуха я чуў, як Юрась даводзіць ёй, што будучыня — цалкам спрагназаванае сучаснасцю, і матэматычным метадам мож­на прадказаць значныя падзеі наперадзе. Улюбёная яго тэма. Калі канчаткова ўсе супакоіліся і пачалі сумаваць, класуха ўстала з месца, павярнулася да салона і прапанавала:

— Зараз будзем гуляць у новую гульню! Увага! Хто самы знаходлівы? Правілы вельмі простыя. Вядучы, няхай ён будзе следчы, выходзіць сюды, сядае да мяне, спінай да салона. У гэты час нехта прыўстае, назавём яго шпіёнам, і садзіцца на сваё месца. Вядучы паварочваецца і цяпер — ува­га: ён павінен даведацца, хто ўздымаўся. Для гэтага яму дазваляецца задаваць пытанні, кшталту: сядзіць ля акна, сядзіць у левым або правым радзе, юнак ці дзяўчынка і гэтак далей. Любыя пытанні, але адказ можа быць адзіны — так ці не. Зразумела? Перамагае той, хто вылічыць патрэбнага чалавека за самы мінімум пытанняў. Потым следчым становіцца колішні шпіён. Прыз пераможцы — вось! — і Зінаіда Мартынаўна ўзняла руку з заціснутым вялікім «Снікерсам».

Загрузка...