— Нецікава, — голасна, з уздыхам працягнуў нехта ззаду.
— Чаму? — засмуцілася класуха. — Гэта ты, Стасік?
— Каб на піва, Зінаіда Мартынаўна, дык я — першы! — у тон ёй адказаў Стась Фядзьковіч.
У салоне рагатнулі. Стась — наш рэпер, патлаты насуперак усялякім модам пацан, неблагія рэчы выдае, выкладае свае запісы на Ютубе. Сам і вершы, і музыку піша. Ну, якія там вершы. Але паслухаць цікава, чытае Стась эмацыйна, голас напружвае неяк да звону. І музыка неблагая, дарэчы, у тэму. Працуе на пару з Рытай Шкуцько. У Рыты — прафесійная фотакамера. Для нас усіх яна — Марго, цыбатая дзяўчына з такім тварам, бы нехта яго проста высек сякерай з вялікай дубовай калоды: раз — лоб плоскі, два — нос прамы і раўнюткі, тры — вусны бы пасмачкі вакол рота, тонкія. Кажу з дубовай, бо скура ў Марго цёмная, яшчэ і таму прыляпілася да яе мянушка на такі ўсходні манер. Грудзей у Марго амаль не відаць, носіць яна нейкі мужчынскі пінжак, але дзяўчына канкрэтная, той яшчэ характар — можа і на тры літары лёгка паслаць, калі яе дастаць. Прынамсі, нешта прывабнае, загадкавае ў Марго ёсць. Бацька яе трымае свой невялікі фотасалон,вось і падсадзіў дачку на фатаграфаванне. Здымае Марго класна — тут брахаць не будзеш. Апошні іх кліп — Стася і Марго — некалькі тысяч праглядаў сабраў, поспех незвычайны, яны самі хваліліся два дні таму.
Класуха ніколькі не разгубілася:
— Стасік, пакуль табе піва ўжываць нельга, ідзі паспрабуй выйграць шакаладку! Тут шмат арэхаў, з'еш — напішаш песню яшчэ круцейшую за «Вечны дождж над маім горадам», і шэрыя твары пачнуць усміхацца!
Вой, гэтым яна купіла Стася і ўсіх нас — аўтобус ажно загуў ад захаплення: бач ты, аказваецца, заходзіла класуха на Стасеў канал на Ютубе, слухала песню і нават памятае, пра што там! Мне таксама адзін радок адтуль запаў: «І толькі ў лужынах нашы твары дробныя хвалі робяць жывымі».
Стась паслухаўся, выйшаў, павярнуўся спінай, пачакаў, пакуль з месца не ўсхапіўся Ромка Макар. Ён — школьны актывіст, бээрэсэмавец, яму «мяркую» паводле статусу трэба падтрымліваць педагогаў. Стась пачаў задаваць пытанні:
— Яна?
— Не! — адказалі яму рознагалоса.
— Ён?
— Ну і следчы. А кім яшчэ можа быць той, хто ўздымаўся, калі не яна?
Гэта ззаду нас хмыкнуў Юрась. Хутчэй за ўсё, ён зараз складаў у галаве алгарытм пошуку. Стоадсоткава, пасля Макара падхопіцца, каб паказаць усім, якія пытанні і ў якой паслядоўнасці задаваць. Так і адбылося. Зіначка запісвала ў свой нататнік, хто за якую колькасць пытанняў вылічыў «шпіёна». Было даволі цікава. Паспрабавалі ўжо быць шпіёнамі-следчымі чалавек сем, Юрась, вядома, быў у іх ліку, але не сказаць, каб бліскуча, — шэсць пытанняў.
Аўтобус мінуў невялікую вёску, калі наш фізік, які сядзеў праз праход з павернутай да нас галавой, але глядзеў некуды скрозь нас, раптам падскочыў з месца і кінуўся да вадзіцеля:
— Стойце! Спыніцеся тут, спыніцеся!
Голас у яго быў такі ўсхваляваны, што не толькі вадзіцель, мы ўсе ажно ўздрыгнулі — што такое здарылася?
Аўтобус рэзка запаволіў хаду, з'ехаў на ўзбочыну.
— Ды што ж яны робяць, што яны робяць такое?! — цяпер ужо амаль роспачна, напаўголаса мармытаў Антось Сямёнавіч, гледзячы ў акно.
— Што здарылася? — спалохана спытала класуха ў фізіка.
— Спыніцеся. я хутка, хутка. Што ж яны нарабілі.
Там былі могілкі. Нейкія голыя. Калі раней мы праязджалі паўз іх, помню, дык і не відаць было, што гэта — могілкі. Недалёка ад вёскі, якую мы нядаўна праехалі, на ўзгорку стаяў невялікі лясок з хвой і бяроз. У мінулым годзе, здаецца, мы праязджалі перад самымі канікуламі, дык гэтая зялёная выспа стаяла сярод жытнёвага поля. Прыгожа было, неяк урачыста нават. А там, аказваецца, мерцвякоў закопвалі.
Цяпер дрэў не было, і ўзгорак, як вычварны вялізны рот фантастычнай пачвары, ашчэрыўся незлічонай колькасцю шэрых помнікаў і самых розных крыжоў, прамых і нягегла нахіленых. Відовішча сапраўды — бы з фільма жахаў, каб яшчэ ноч, святло поўні і туман. Зараз быў дзень, між магіл корпаліся людзі — выцягвалі на ўскрай паваленыя раней і парэзаныя на кавалкі дрэвы. У асноўным гэта былі жанкі.
Дзверы аўтобуса нарэшце мякка паехалі ўбок, адчыніліся, наш фізік, як апантаны, выскачыў і пайшоў хуткай хадою да могілак. Зразумела, мы пайшлі следам, хоць і не ўсе. Цікава ж. Класуха паспрабавала нас запыніць, але слаба, і яе не паслухаліся. Неяк так атрымалася, я нават здзівіўся, што першым за фізікам ішоў Алег. Мяне дагнала і кранулася рукі Ядвіся. Нечакана быццам статычны зарад электрычнасці казытнуў маю далонь, такі самы, як і тады, у кавярні, ды куды мацнейшы. Я крадком зірнуў на Ядвісю — а ну, раптам насамрэч быў удар токам? Але яна маўчала, глядзела наперад, і я міжволі напяўся — яе вусны былі падцятыя, нават прыкусаныя. Чаго яна так занервавалася разам з фізікам?
Да могілак праз лужок было метраў сто. Пакуль мы дайшлі, нас ужо чакалі — пэўна, усім гэтым вяскоўцам было цікава: во, ехаў аўтобус, спыніўся раптам, бягуць з яго людзі. Мо дапамагаць?
Антось Сямёнавіч пазнаў адну з жанчын, што моўчкі сустракалі нас зацікаўленымі позіркамі, звярнуўся да яе:
— Цётка Адар'я, што ж вы робіце?
Столькі болю было ў яго пытанні, што мне падалося: ён грае на сцэне нейкі спектакль.
— Дык жа во... — разгубілася ад пачутага болю жанчына, — дрэвы старыя прыбралі. Во, начальства раённае кажа: упадуць — помнікі паломяць, ато ж грошы цяперака, як парамантаваць? А ты чаго прыехаў, Антосік, мо дапамагчы?
— Якія старыя? Якія старыя? — амаль застагнаў настаўнік. — Бацька памёр, мы з маці бярозку ля яго магілы пасадзілі — так маці папрасіла, каб пад той бярозкай разам ляжаць! Што я маці сваёй скажу? Той бярозцы — пятнаццаць гадоў, якая яна старая? Што ж вы самі сябе нішчыце?
Не ведаю, як хто, а я здрыгануўся — адчай у словах фізіка быў зусім непадроблены. Ён стаяў паперадзе нас, за ім мы: я, Уладзя, Ядвіся, Юрась, нечакана — Алег, Стась, падыходзілі яшчэ. Калі я азірнуўся — спяшалася і Зіначка.
З натоўпу жанчын, які незаўважна сабраўся перад намі, раптам вываліўся, бы той мех, мужчына гадоў пяцідзесяці, з такім вялізным пузам, што я здзівіўся, нечакана падумаўшы пра тое, як ён шкарпэткі нацягвае, хіба такі пагорак не перашкаджае?
— Мужчына, што вы тут дэзарганізуеце наша грамадства? — выдаў гэты таўстун і пасунуўся пузам наперад на настаўніка. Трэба аддаць належнае Антосю Сямёнавічу — ён кроку не ступіў назад.
— Я хачу ведаць, што адбываецца на могілках, дзе пахаваны мой бацька і дзе будзе пахавана мая маці! — нервуючыся, спытаў ён, хацеў нешта яшчэ сказаць, аднак гэты таўстун з узмакрэлым чырвоным тварам перапыніў:
— Хто ты такі, каб мы табе давалі справаздачы? Але, няхай, я скажу: людзі сабралі грошы, нанялі работнікаў, каб яны ліквідавалі на могілках аварыйныя дрэвы. Ёсць пытанні?
— Што? — фізік амаль збялеў, зірнуў за спіну таўстуна на купку жанчын. — Людзі, вы што? Вы самі сабралі грошы, каб цалкам зруйнаваць свае могілкі? Што вы нарабілі? Цётка Адар'я! Вы памраце, вам будзе добра, калі вас пахаваюць на санцапёку?
— Ат, Антосік, якая мне ўжо розніца... — адгукнулася гэтым разам з вінаватасцю ў голасе цётка.
— Дык вам не будзе розніцы, а дзецям? — падхапіў яе словы фізік. — Бацька прасіў перад смерцю: пасадзіце бярозку, вырасце — будзе зацішна вам, цянёчак, больш пасядзіце ля магілкі. Нам што зараз — на пустку прыходзіць?
— Ат, Антосік, мы ж людзі маленькія... От, улада кажа — дрэвы падаюць, помнікі ломяць... лісця ўвосень шмат... — пачала апраўдвацца цётка, і многія з жанок, што стаялі побач, дапытліва нас вывучалі, пачалі ўзірацца сабе ў ногі.
Змену ў настроі жанчын-працаўніц адчуў і пузаты, няйнакш, кіраўнік нейкага мясцовага ўзроўню, бо раз'юшыўся не на жарт, накінуўся на настаўніка:
— Што ты тут дэмагогію разводзіш? Бач, бацька тут пахаваны! Дык прыехаў бы во, дапамог парадак наводзіць! А то, бач, сядзяць сабе ў гарадах, прыязджаюць і давай крытыкаваць мясцовую ўладу: нічога не робіць, гармідар на могілках. Прыбіраем дрэвы, каб людзям меней клопату было, — гэтулькі лісця ляціць! Двойчы на год даводзіцца тут суботнікі арганізоўваць. А на гэты час вас не знайсці! Вось, бач, старыя адно і могуць. Не перашкаджай працаваць, ідзі адгэтуль, разумнік такі. А то міліцыю зараз выклічу, хутка рады дадуць, знайшоўся бэнээфавец!
— Які я вам бэнээфавец? — разгублена прамармытаў Антось Сямёнавіч, збіты з панталыку абсурдным абвінавачваннем. — Вы хоць разумееце насамрэч, што робіце? Вы ж не дрэвы нішчыце, вы падсякаеце пад корань адну з галоўных беларускіх традыцый! — роспачна спрабаваў ён давесці нешта сваё пузатаму.
— А такі, усё ведаю! — пузан хацеў прыўзняць свае грудзі вышэй за жывот, ды ні халеры не атрымалася. — Кірылаўна, хто гэта такі, зараз я патэлефаную, куды варта, — павярнуўся ён да той самай цёткі Адар'і, ігнаруючы Антося Сямёнавіча і нас, што стаялі ў кроку ззаду. Ён дастаў вялікі чорны тэлефон, стаў тыцкаць кароткімі тоўстымі пальцамі ў экран. Відаць, гэты дэвайс яму на днях падагналі ўнукі ці дзеці, бо трымаў ён яго досыць няўпэўнена.
І тут два крокі наперад зрабіў Алег Харужы. І апынуўся далей, чым фізік, амаль перад самым пузам гэтага мясцовага бажка. Той з няўцямнасцю пазіраў на дужага дзецюка перад ім (я ж казаў: Алег — высокі і дужы), тармазнуўся ў сваіх рухах.
Алег цыркнуў слінай між зубоў сабе пад ногі, як умеў рабіць у класе толькі ён, амаль на брудныя туфлі пузана, і спытаў, бы пра нешта нейкае — ну, пра колер аблокаў, напрыклад:
— Ты, хрэн пузаты, за базар адказваеш?
Твар пузана перасмыкнуўся. Было зразумела: ён сцяміў адразу лексіку Алега, у якой хіба дурань не змог бы пачуць крымінальныя ноткі. «За базар адказваеш» — адтуль, з-за крат пайшло, і ў гэтых словах не проста пытанне, а самае жорсткае папярэджанне, якое і цывільным знаёмае, за якім і на смерць пойдуць.
— Ты... ты будзеш палохаць? — паспрабаваў ён сабраць разам рэшткі сваёй смеласці, бо мы ўсе пабачылі — ён затросся. — Ды я цябе зараз...
— Цябе папярэджваюць, а не запалохваюць, чмо! — нечакана ступіў і стаў побач з Алегам Стась, і гэты таўстун знерухомеў. Перад ім, відавочна ж, ніколі раней не паўставалі вось так, наяве, супраць.
— Ды я зараз міліцыю выклічу! — нечакана пісклява крыкнуў ён.
— Ай нашто тая міліцыя Цімафеевіч то ж наш чалавек яго бацька тут пахаваны і маці тут яго жыла і тут яе ён пахавае а сам жа ён настаўнік то ж з вучнямі ён сваімі ўжо даруй ты ім, — раптам адным бясконцым сказам без усялякіх прыпынкаў загаласіла тая самая цётка Адар'я, рыхтык сапраўды хавалі нябожчыка.
Ажно вусцішна стала. Працяла думка, што калі не стану зараз побач з Алегам і Стасем, ніколі сабе не дарую. І я зрабіў два крокі наперад і пабачыў, як гэтыя ж два крокі робіць Юрась, Уладзя і... Ядвіся.
У гэтага таўстуна акругліліся вочы, але... там загарэліся агеньчыкі перамогі — ён пачуў, асэнсаваў нешта значнае для сябе.
— Ага, дык ты настаўнік? От я зараз даведаюся з якой школы, бач, як выхоўвае вучняў сваіх, хай там разбіраюцца, — упэўнена выказаў свае думкі ўголас гэты таўстун, і мы раптам усе — і Алег, які хвіліну таму быў круты і непахісны, і я, упэўнены ў сабе, як Бог у стварэнні сусвету, згубілі галоўнае — перавагу ў сваёй сіле. Гэтая цётка сваім галашэннем зрабіла з нас — смелых і дужых — усяго толькі вучняў. А вучняў ён, пузан, не баяўся. Нам трэба, трэба было нешта яшчэ, апрача нашай рашучасці, але што і адкуль было ўзяць, калі з такім таўстуном, нейкай там мясцовай уладай,— мы сустрэліся ўпершыню. Якія тут словы шукаць? І мы зразумелі ўсе ў тую хвіліну, што калі не выйграем, — наш настаўнік пацерпіць, будзе яму вялікая непрыемнасць. А не выйграць мы не маглі — то быў наш настаўнік, хай мы яго не вельмі любім, але ён нам куды бліжэйшы, чым гэты таўстун і яго каманда бабулек-пенсіянерак. Мы пакуль стаялі — не кідацца ж з кулакамі на яго.
— Ён настаўнік, — раптам загаварыла Ядвіся, якая апынулася крышачку наперадзе ўсіх, незвычайна голасна, урачыста нават.
Пузан зірнуў на Ядвісю напачатку са здзіўленнем, змерыў яе вачыма, бы якое шалудзівае кацяня пад нагамі, але. нешта ў твары дзяўчыны, мабыць, здзівіла яго, бо ён, зіркнуўшы, адвёў было вочы, але зноў паглядзеў на дзяўчыну, цяпер ужо ўтаропіўся, не мог адвесці позірк і нечакана для ўсіх плаксіва амаль залямантаваў, быццам пабачыў перад сабой невытлумачальна страшнае:
— Я зараз пазваню, я пазваню!..
— Нікуды ты не патэлефануеш... — гучна, пераканаўчым голасам пачала казаць Ядвіся, і наступіла поўная цішыня — нават дыханне сваё ўсе вакол утаймавалі. — Перш чым у грамадстве парадак наводзіць, зірні на свой дом і сваю сям'ю: дзе зараз твая жонка... патэлефануй... А потым — правер...
Таўстун пачаў хапаць паветра шырока разяўленым ротам.
— Гэта... не твая. не ваша справа, — віскліва, ажно агідна было пачуць такі віск ад мажнага мужчыны, выціснуў ён з сябе, апусціў руку з тэлефонам долу, заглытнуў адзін і другі раз паветра і закашляўся.
— Хадзем, — Ядвіся павярнулася, мы падпарадкаваліся яе слову, і нават сам настаўнік фізікі паслухмяна пайшоў за намі, угнуўшы галаву. Ля яго прыпынілася расчырванелая Зінаіда Мартынаўна. Мы не хацелі, але пачулі:
— Што там такое, Антосік? Што здарылася?
Усе паскорылі крок, каб не чуць размовы настаўнікаў.
За нашымі спінамі на могілках таўстун усё кашляў, ніяк не мог супыніцца. Стаяла жанчын з дзесяць побач з ім і за ім, але ніхто не кратаўся з месца — яны глядзелі ўслед нам.
Ля аўтобуса мы сталі, чакалі, пакуль яны падыдуць — класуха і фізік. Зінаіда Мартынаўна пайшла ў салон, моўчкі, нібы не яе то была справа — аддаць нам загад заняць свае месцы.
Антось Сямёнавіч без ценю ніякаватасці, але з просьбай у голасе, запытаў:
— Хто курыць?
Алег з падкрэсленай увагай дастаў пачак цыгарэт з унутранай кішэні курткі, падаў фізіку, яшчэ працягнуў запальнічку. Антось Сямёнавіч прыпаліў цыгарэту, вярнуў запальнічку і мякка загадаў нам:
— Сядайце ў аўтобус. я хутка.
Нечакана я пашкадаваў, што не куру.
Да самага Нясвіжа ў аўтобусе было ціха. Трохі развеяліся ў замку — усё ж было цікава. А калі накуплялі рознай колы і булак, настрой палепшыўся ва ўсіх. Хоць ранішняй бестурботнасці не было. І фізіка, і Зіначку як падмянілі — яны не прыкрыквалі на нас, звярталіся калі да каго — па імёнах, з такой. павагай нават ці што. Здавалася, мы ўсе нечакана падраслі гадоў на дзесяць. Ды і мы ўсе, ну, няхай большасць, адчулі нязвыклае для сябе. Я думаў над тым, што фізік з простага настаўніка стаў для нас раптоўна чалавекам, мужчынам. Вось як сусед на пляцоўцы ці нечы бацька.
Я ўсё вышукваў момант, каб сам-насам пабыць з Ядвісяй, мне карцела спытаць, але ж Юрась літаральна прыліп да яе. І тады я бесцырымонна гукнуў Ядвісю. Яна падышла, а Юрась узнагародзіў мяне калючым позіркам.
— Хачу крануцца яшчэ раз тваёй рукі, — патлумачыў я Ядвісі.
— Кранай, — усміхнулася яна і працягнула мне далонь.
— Не ўдарыць токам?
— Цяпер — не, — усміхнулася Ядвіся вуснамі, а яе вочы глядзелі сур'ёзна і з лёгкім здзіўленнем. — Прабач, я не думала, што ты можаш такое адчуць і напужацца.
— Ды я не напужаўся. Тады не напужаўся. Мне за таго пузана страшна стала. А калі ён не адкашляецца?
— Усё з ім будзе нармальна, — па-змоўніцку шапнула Ядвіся і спытала жартам: — Ты хочаш пра гэта паразмаўляць?
— Не, я ўсё пачуў, — не пакрыўдзіўся я.
Фізік выйшаў з аўтобуса, як толькі мы ўехалі ў горад. Нам таксама няблага было б выйсці — так зручней дадому, але ж мы ведаем правілы: Зіначка ў адказе за тое, каб усе разам даехалі да школы. А потым ужо — па хатах, і яна будзе абзвоньваць усіх. Тут яна ці непразмерна адказная, але што ўжо зробіш. Гэтым разам, сёння, калі казаць папраўдзе, па-іншаму ўспрымаўся гэты клопат.
Мы не спяшаліся разыходзіцца ад школы, неяк запаволена выгружаліся, не было звычайнага вэрхалу. Няспешна ішлі дадому, як заўсёды, учацвярых. Маўчалі. Не хацелася гаварыць пра нешта значнае, а базарыць дзеля базару — навошта?
— А я грошы не растраціў, — паведаміў Уладзя, калі мы параўняліся з нашай кавярняй. — Хацеў сувенір адзін набыць, а потым забіў — і так іх няма куды ставіць.
— І сувенір такі быў вялікі, як піца? — падтрымаў я Уладзю і дадаў: — У мяне таксама драбяза засталася.
— Тады палічым усё, што маем, — прапанаваў і Юрась.
Палічылі. На маленькую піцу ставала. Есці нам не хацелася, ніхто галодны не быў, але не было ніякага жадання апынуцца ў кватэрнай самоце. Мне падалося, усе чакалі, калі нехта пачне гаварыць пра фізіка і таго пузана. Але пра могілкі пакуль маўчалі.
У кавярні панаваў звычайны паўзмрок, наведвальнікаў трохі было — нам дастаўся крайні ад увахода столік. Наш улюбёны кут быў заняты. Мы даядалі піцу, так і не распачаўшы гаворкі. Урэшце Уладзя старанна выцер вусны, адпіў соку і ціха прамовіў:
— Я вось разумею, што тыя дрэвы на могілках нечым вельмі значныя для фізіка. Але не разумею — чым? Не разумею, чаму яму так балюча стала.
— Запытайма заўтра? — на поўным сур'ёзе прапанаваў я.
— Я упэўнены, звычайны бзік, пасадзіў дрэва — вось і перажывае, — з асуджэннем выказаўся Юрась. — Якая розніца мёртвым, дзе яны ляжаць? Вунь у Амерыцы, бачылі ў фільмах: раўнюткія рады, аднолькавыя магілкі, невялічкія помнікі. Парадак, сістэма. А ў нас — хто на што здатны. Не памяць пра мёртвых шануюць, а адзін перад адным выхваляюцца: хто круцейшы, даражэйшы помнік паставіць, каб усіх здзівіць.
— Не без гэтага, — згадзілася з ім Ядвіся. — Але фізіку стала балюча не проста так.
Да нашага стала падышла афіцыянтка забраць брудны посуд, ля іншага стала тое самае рабіла яшчэ адна дзяўчына. «Нашая» павярнулася да тае і ўголас сказала:
— Я выклікаю міліцыю, што яшчэ рабіць? Ён п'яны зусім, нічога не цяміць, мычыць нешта. А гаспадар папярэдзіў. Ён заўтра мяне выкіне, калі нехта паскардзіцца.
Мы міжволі крадком агледзелі залу. Спінай да нас у дальнім куце, уткнуўшыся ілбом у складзеныя кулакі, сядзеў мужчына.
— Фізік!
Так, у куце быў наш Антось Сямёнавіч — Ядвіся не памылілася.
— І што рабіць? — спалохана спытаў Уладзя.
— Ну, не кідаць жа яго тут, — з асуджэннем, быццам мы ўжо менавіта так і рашылі — кінуць і пайсці, рэзка прамовіла Ядвіся.
— Як усё дастала, — уздыхнуў Юрась і ўзняўся з-за стала.
Антось Сямёнавіч сапраўды амаль нічога не цяміў. І калі ён так паспеў напіцца? Ён павёў асалавелым позіркам — і пазнаў нас нібыта. Пачаў мармытаць нешта невыразнае, кшталту: вось, мае вучні.
— Выведзем яго пакуль на вуліцу, там лаўка ёсць, можа, на свежым паветры трохі ачомаецца, — распарадзілася Ядвіся.
— Каб яшчэ ногі змог перастаўляць, — выказаў спадзяванне Юрась і загадаў мне: — Бярыся з таго боку, як я!
Што ж, досвед у Юрася быў.
На вуліцы прыкметна пашарэла.
— І што далей рабіць? — нервова спытаў у нас Юрась, калі мы даволі лёгка вывелі фізіка на вуліцу і пасадзілі на лаўку. — Дзе ён жыве? Дый грошай на таксоўку няма. тут кінем — яго аббяруць так, што босы прачнецца.
— Грошы ў яго самога можна паглядзець, — нясмела прапанаваў Уладзя. — І тэлефон зірнуць.
Я зразумеў, што мая чарга нешта рабіць, — і палез па кішэнях фізіка. Дастаў партманет і працягнуў Ядвісі. Тэлефон быў не заблакаваны паролем. — Што глядзець?
— Глядзі апошнія выклікі. Мо там маці ёсць. — падказаў Уладзя.
— Адно раніцай адзін званок быў — «Каханая». Тэліць?
— Тэлефануй!
Яшчэ ішоў выклік, а недзе ў падсвядомасці прагучалі словы, якія я чуў сёння, многія чулі, якія мусілі мне падказаць.
— Алё!
Як жа не пазнаць гэты нервовы, узбуджаны голас! Але ж не адключацца.
— Зінаіда Мартынаўна, выбачайце, калі ласка, гэта Кір. Вяргейчык гэта.
— Што здарылася?
Тут я зразумеў, колькі трывогі і болю можна ўкласці ў адно пытанне з двух слоў.
— Нічога не здарылася, — як мог, хутка адказаў я. — Вы не ведаеце адрас Антося Сямёнавіча? Ён. трошкі перапіў, мы не ведаем, дзе ён жыве, каб адвезці.
— Дзе вы, Кірыла?
Я назваў кавярню.
— Я хутка буду, пачакайце, калі ласка. Не кідайце яго!
Я адключыўся. Уладзя, Юрась, Ядвіся маўчалі і глядзелі так, быццам я толькі што гаварыў з прэзідэнтам ЗША.
— Можна было здагадацца яшчэ там, — пасля маўчання пацепнуў плячыма Юрась.
Мінула хвілін дзесяць у поўным маўчанні. Імкліва пад'ехала таксоўка, мы пабачылі там нашу Зіначку. Мы з Юрасём падхапілі пад рукі фізіка. Ён не ачуняў ніколькі — разабрала яшчэ горш, мы літаральна цягнулі яго да машыны. З Зіначкай намагаліся не сустракацца позіркамі.
— Дзякуй вам, — ціха сказала яна, калі мы пасадзілі фізіка на задняе сядзенне.
— Вам хто дапаможа яго дадому давесці? Там ёсць каму? — дзелавіта пацікавіўся Юрась.
— Не. Не ведаю, — разгубілася Зінаіда Мартынаўна.
— Тады мы праедземся, сядай, Кір, — Юрась плюхнуўся ў таксоўку.
— Вас таксоўка назад прывязе, хлопчыкі, — вінавата заспяшалася Зіначка.
— Тады пачакайце мо нас, — кінуў я Уладзю і Ядвісі.
Мы управіліся хутка, хвілін за дваццаць. Фізік жыў недалёка, на другім паверсе. Як выявілася — адзін. Ключы былі ў кішэні. Паклалі яго на канапу ў вялікім пакоі, амаль пустым, з мэблі адно і было, што гэтая канапа ды часопісны столік з вялікім старым тэлевізарам. Зіначка выйшла з намі, яшчэ раз падзякавала, разлічылася з таксістам.
Уладзя і Ядвіся чакалі нас.
— Усё норм, — даклаў Юрась. — Цела дастаўлена па адрасе і знаходзіцца ў спрыяльным для яго гарызантальным становішчы на мяккай канапе. Зіначка, думаю, паклапоціцца, каб ноч мінула спакойна. Спадзяюся, на гэтым наша місія дакладна завершаная? Калі шчыра, я стаміўся ад сённяшніх. адкрыццяў.
— Усе стаміліся, Юр, — уздыхнула Ядвіся.
Мы пайшлі, і перад тым, як развітацца з Ядвісяй, Уладзя запытаўся больш у яе, вядома, чым у нас усіх:
— Вось не разумею. Ён для яе — Антосік, вырвалася. Ды і бачна ж. Яна для яго — каханая. Па ўзросце падыходзяць. Абое самотныя. Што людзям яшчэ чакаць? Можа, праз гэтыя адносіны наша Зіначка такая?
— Не, не з-за іх, — задумалася Ядвіся. — У нашай Зіначкі нейкі іншы боль, мы пра яго не ведаем. Ды і навошта нам ведаць?
— Ага, менш ведаеш — лепш спіш, — пагадзіўся я.
— «Хто множыць веды, той множыць скруху», — не змог утрымацца Уладзя, каб не сказаць разумнае слоўца.
— Нават вялікія могуць памыляцца, — усміхнулася Ядвіся і нечакана выдала: — Сёння быў цудоўны дзень. Дзякуй вам і да панядзелка!
Заснуць я не мог доўга. Усё круцілася і круцілася ў галаве, думкі скакалі з аднаго эпізоду дня на другі і трэці, а я ўсё перабіраў, перабіраў падзеі, бо нешта выслізгвала са свядомасці, не давала за сябе ўчапіцца. А было яно важным, істотным. Пайшоў на кухню папіць вады. Каб курыў, дык бы сеў ля расчыненага акна. І тут ланцужок, звяно за звяном: фізік закурвае, Алег дастае яму цыгарэты. Алег! Вось яно! Не раздумваючы, схадзіў па тэлефон і набраў Ядвісю. Не стаў выбачацца, што час позні. Мы ж сябры, зразумее.
— Яся, слухай сюды. Вось Алег, якога ніхто ніколі не змог бы западозрыць у сімпатыі да настаўнікаў, раптам першы стаў на абарону фізіка. Хай неяк па-свойму, ён імкнуўся запужаць таго пузана, але ж ён не стаў чакаць падтрымкі, рушыў адзін. Дзіўна. Хто яму фізік? Ды ніхто ж. Настаўнік. Вораг амаль. І двоек Алег нямала адхапіў ад яго. Дык чаму — Алег?
Ядвіся маўчала. Уздыхнула.
— Кір, чаму ты думаеш, што я магу ведаць адказы на твае пытанні?
— А ў каго мне яшчэ спытаць? — сказаў я. — Уладзя не адкажа.
— Чаму ты так думаеш?
— Ну. думаю. Ва Уладзі — гатовыя веды, факты, даты, цытаты. Юрась усё праз сістэмы ды лічбы з мноствамі. А я — проста тупы.
— Ты на камплімент напрошваешся? — пацвеліла Ядвіся. — Не тупы, калі сам сабе такія пытанні задаеш. А я. я ж не ведаю, ці правільна думаю.
— Для мяне ты правільна думаеш, — упэўніў я яе.
— Ну, слухай тады. З іншага боку, Алег зрабіў тое, што і павінен быў зрабіць кожны. каб, да прыкладу, мы былі не вучні, а проста сябры.
— Але мы былі вучні, а Сямёнавіч — настаўнік.
— Тады. Тады я думаю, што бываюць такія моманты, калі не важна хто ёсць хто. І вось быў такі момант. Тут няма розніцы, вучань ты, ці ён настаўнік. Галоўнае — які ты чалавек.
— Крута! — гукнуў я. — Значыць, Алег не такі ўжо і благі.
— А хто яго ў благія запісаў? Ён табе зрабіў нешта дрэннае? — з заўважным асуджэннем запыталася Ядвіся.
— Ды. дзікі, на ўліку ў інспекцыі, яго баяцца.
— Ага, ваўкоў таксама ў лесе баяцца, і ўсе яны ўлічаныя інспекцыяй спецыяльнай, праўда ж?
— Праўда, — прымусова згадзіўся я. — Ты разумная, Яся! Дабранач!
Я ляжаў у ложку і думаў пра тое, што сказала Ядвіся пры развітанні: дзень быў добры. Факт, не самы благі.
6
Мяркую, ніводнага ўрока раней усе ў класе так не чакалі, як фізіку ў аўторак. Ну, наконт усіх я, можа, і загнуў, ды разумелі: фізік павінен нешта патлумачыць, значыць, калі каму і нецікава, можна сачкануць на халяву.
Ён і разумеў наша чаканне, таму не стаў гуляць у строгага настаўніка і тупых вучняў. Паклаў журнал на стол, падышоў да акна. Надвор'е было самае восеньскае — крапаў дробны дождж. Мокрыя шыбы, шэры двор, далей — шэры горад. Павярнуўся да нас, нечакана амаль весела ўсміхнуўся:
— Уяўляеце, некалі людзі і уявіць сабе не маглі існаванне электрычнага поля. Дарэчы, хто яго вынайшаў і калі? — ён хутка разгарнуў журнал, зірнуў у яго. — Не бачу лес рук. Вяргейчык, у цябе нешта слаба зусім, ну?
— Фарадэй, у дзевятнаццатым стагоддзі, — упэўнена паўтарыў я шэпт Уладзі ззаду. — Увёў тэрміны электрычнага і магнітнага палёў.
— Так, выдатна. Залічана. Людзі не здагадваліся пра існаванне гравітацыі. А існаванне гравітацыйных хваляў зусім нядаўна даказалі эксперыментальна. Хто даў свету формулу гравітацыі, і як яна запісваецца?
Вось так і пачаўся ўрок — Антось Сямёнавіч расказваў, задаваў пытанні, адначасова ставячы кропкі супраць прозвішчаў тых, хто даваў слушныя адказы (ну, дзве кропкі напрыканцы ўрока — добрая адзнака), і некуды вёў нас — мы адчувалі. Мы назвалі даты стварэння тэлефона і тэлебачання, успомнілі радыё і рэзананс.
— Значыць, электрамагнітная хваля распаўсюджваецца ў прасторы з хуткасцю святла. паводле якога закона?
— Паводле экспаненты, — прагучаў адказ з месца.
— Выдатна, Вільчакаў, а што тое азначае на простай мове?
— Ну. экспанента імкнецца да нуля, але ніколі яго не кранаецца.
— Вось бачыце. — фізік паставіў кропку супраць прозвішча вучня, працягнуў: — А нашы думкі — электрычныя імпульсы. Яны кволыя, але яны ёсць. Яны знікаюць у прасторы з хуткасцю святла. Але ж не знікаюць урэшце. І вось калі недзе за мільёны светавых гадоў адсюль ёсць такі прыёмнік, які можа прыняць такія імпульсы — усе і адразу, расшыфраваць іх — уяўляеце? Мы навучыліся расшыфроўваць гук і выяву, а іншае? Вось я прамаўляю перад вамі, мае думкі, мае эмоцыі і адчуванні цяпер — таксама імпульсы, вось я крануўся стала — пальцы адчулі дошку — паляцелі імпульсы. Хіба гэта не значыць, што ўся, абсалютна ўся інфармацыя пра кожнага з нас штосекундна разлятаецца ва ўсе бакі сусвету? А імпульсы не знікаюць — закон экспаненты. Дык недзе там, на Таў Кіта ёсць такі прыёмнік, на выхадзе якога хіба не мы ўсе? Цалкам жывыя, але ў іншай форме — хвалявай?
— Фантастыка, — упэўнена выказаўся Юрась.
— Ага, фантастыка, — лёгка пагадзіўся фізік. — Хто ў пятнаццатым стагоддзі паверыў бы ў тэлебачанне? Сённяшні смартфон на пачатку дваццатага стагоддзя быў не меншай фантастыкай, хіба не?
— І што з таго? — не адступаў Юрась.
— З таго? Ды тое, дарагі Юрась. Чалавек не знікае наогул. Сённяшняя, уяві, сённяшняя элементарная фізіка гэта даводзіць. А сённяшняя квантавая фізіка даводзіць тваю тэорыю матэматычнага прадказання будучыні, бо ў свеце элементарных часцінак выяўлены факты, калі будучыня ўплывае на сапраўднасць. Але, сябры мае, я вам не пра пекла хачу давесці, дзе на патэльнях будуць смажыць прагульшчыкаў урокаў фізікі. Я пра тое, што ў сусвеце мінулае звязана з сённяшнім, а сённяшняе — з будучыняй.
Фізік зноў адышоў да акна, памаўчаў, потым павярнуўся да нас — і твар яго быў ужо засяроджаны, сумны нават.
— Што робіць чалавека чалавекам? Чаму ёсць немцы, англічане, французы? Пра немца мы кажам — педант, пра англічаніна — пыхлівы, пра француза — рамантык. Чаму немец — немец, а паляк — паляк? — ён задаваў пытанні больш сам сабе, крышку памаўчаў і адказаў: — Бо існуе культура. Яна робіць з чалавека і немца, і француза, і беларуса. А культура — тыя самыя матэрыяльныя і нематэрыяльныя здабыткі, якія належаць аднаму народу, адной краіне. Мова найперш. Традыцыі. Традыцыі будаўніцтва і гуляння вяселляў. Традыцыя сустрэчы гасцей і заляцанняў да дзяўчат. Традыцыі дзяржаўных свят і пахаванняў. Ведаеце, беларусы — адна з тых нацый, якія з асаблівым трапятаннем ставяцца да сваіх продкаў. У нашым народным календары ажно некалькі дзён ушанавання памерлых. У нас найбольш багатыя звычаі, якія не змаглі вынішчыць і семдзесят гадоў савецкага ўладарання. Дык вось нашы могілкі — бы тыя гаёчкі, зялёныя выспы сярод палёў, зацішныя месцы — яны такімі затуляліся нашымі продкамі. Пытанне да нашага Уладзіслава: дзе знаходзяцца ў Беларусі самыя старыя дрэвы, некаторыя з якіх з'яўляюцца помнікамі прыроды?
— На могілках, зразумела ж, — з месца паціснуў плячыма Уладзя.
— А цяпер уявіце: іх там не будзе. Не, я не супраць парадку, і мне даспадобы амерыканскія могілкі — усё пад лінейку, усё аднолькава. Але ж гэта не проста іншая сістэма — гэта іншая культура. Не варожая нам, але цалкам чужая. Радуніцы ў тых самых амерыканцаў не існуе.
— Але навошта зразаюць усе дрэвы? — прагучала мо першае пытанне па тэме.
— У тым і рэч, — уздыхнуў фізік, каторы раз падышоў да акна, і цяпер ён маўчаў куды даўжэй, мабыць, думаў: казаць нам праўду ці не. — Наколькі мне вядома, па ўсёй краіне такая вось. праца ідзе. Могілкі перадаюць на баланс камунальнікаў. Кажуць, калі будзе адзін гаспадар, тады і будзе парадак. Канечне, чакаецца і плата за пахаванне. У бліжэйшай будучыні. Папаўненне бюджэту. А камунальнікі вырашылі прыбраць усе дрэвы. Ім так сапраўды прасцей, а заадно — дровы будуць, у нас жа, ведаеце, кірунак на выкарыстанне мясцовых відаў паліва, ад газу адмаўляемся, кацельні, як пасля вайны — на дровах...
— Гэта няправільна, — пачуўся голас Ромкі Макара. Фізік зірнуў на яго запытальна, падахвочваючы, і Ромка працягнуў: — Мой дзядзька ў гэтай сістэме працуе. Кажа, адна гігакалорыя цяпла з дроў у паўтара разы даражэй, калі б з газу атрымлівалі. А дроў бракуе, рэжуць, дзе могуць, усцяж дарог усё прыбралі, у гарадах сякуць.
— І то не ўся бяда, — ціха загаварыў фізік. — Кажуць, камунальнікі будуць парадак наводзіць. Значыць, знікне ў чалавека абавязак прыбіраць магілы сваіх родных. Вось у чым галоўная праблема: у чалавека забіраюць яго спрадвечны клопат пра магілы блізкіх. Гэта пачатак разбурэння адной з найгалоўнейшых беларускіх традыцый. А колькі падобных традыцый ужо падсечана пад корань? І кім жа мы станем без нашай культуры? Вось так, сябры. Такая фізіка. Вы не крыўдуйце на мяне, я разумею, што для вас сёння цяжка ўсвядоміць гэтую праблему, гэты боль. так, розумам вы, пэўна ж, усё зразумелі, але тут трошкі іншае патрэбна. Нейкі досвед. душэўны і жыццёвы. Можа, і досвед першай смерці блізкага чалавека, першых важных і балючых для вас хаўтур. А цяпер я шчыра дзякую ўсім вам за той дзень, прыношу вам прабачэнні за сваю нястрыманасць. Некаторым з вас — мая асаблівая ўдзячнасць і мае асаблівыя прабачэнні. Бярэмся за новую тэму!
— А пытанне можна адно?
Гэта Віктар Марыноўскі спытаў. З усмешкай.
— Канечне.
— Дык якая тады сувязь між вашай тэорыяй існавання хвалявага жыцця і косткамі ў глебе? Патлумачце.
Ён усміхаўся паблажліва, зусім не як вучань настаўніку, а як дасведчаны чалавек доўбню. Тое, што Віктар можа быць кампетэнтны ў многіх пытаннях, не навіна. Я ўжо казаў, бацькі яго — чыноўнікі ў выканкаме, то сёе-тое ён ведае добра.
— Не, Віктар, тут нічога звязваць у адзін вузел не буду, — адмовіўся ад тлумачэння фізік. — Ёсць рэчы, над якімі варта падумаць самім.
— Дык я і падумаў, — не збіраўся здавацца Віктар. — Калі існуе жыццё па-за гэтым жыццём, няма ніякага сэнсу ні ў якой культуры, ні, пагатоў, у нейкіх там магілах. Там — усяго толькі косткі. «Хай мерцвякі хаваюць мерцвякоў», — так, здаецца, было сказана?
Віктар адчуваў сябе пераможцам, ён не сумняваўся, што загнаў Антося Сямёнавіча ў лагічны тупік.
— Не, трошкі не так было ў Евангеллі ад Мацвея, — ніколькі не засмуціўся фізік. — Карыстацца Бібліяй варта асцярожна, фразы нельга вырываць з кантэксту, тым больш вольна іх інтэрпрэтаваць. «Ідзі за мной і дай мёртвым хаваць сваіх мерцвякоў.» — так гучыць у Мацвея, а Лука яшчэ дадае: «І прапаведуй Царства Божае». Адно з самых складаных месцаў у Евангеллі. Будзе час — можам паразмаўляць. Пакуль жа скажу, што ў нас, у беларусаў, колькі хрысціянскага, гэтулькі ж і паганскага, свайго, радавога. І што больш робіць нас людзьмі? Па мне — аднолькава абодва фактары. Але — да новай тэмы! Згодны, Віктар?
— Няхай так, — з усмешкай адказаў Віктар, але было бачна, што яго напышлівая перавага знікла, мабыць, ніяк не чакаў, што фізік не менш за яго ведае Біблію.
Мы не каментавалі на перапынку гэты ўрок фізікі, адно ў сталоўцы Юрась, калупнуўшы катлету, пачаў:
— Вось гэтая катлета і макарона — таксама традыцыйныя! Не чакаў.
— Чаго не чакаў? — насцярожыўся я, бо ў голасе Юрася гучаў насмешлівы халадок.
— Ды наш фізік — апазіцыянер.
— І што, не чалавек ужо? — натапырыўся я.
— Не кіпі, нічога я такога не казаў. Ну, насамрэч жа ніяк я асабіста не чакаў, — падаўся назад Юрась.
— Якая розніца, — як малых надакучлівых дзяцей суцішвала, загаварыла Ядвіся. — Не чорт жа лысы, чалавек. І яму баліць!
— А як мне не баліць, дык я не чалавек? — нечакана ціха спытаў Юрась з прыхаваным выклікам у голасе.
— Я такога не гаварыла. Фізік праўду мовіў: для таго, каб усвядоміць, трэба нейкі досвед мець...
— А ў цябе ён ёсць? — уставіў я свае пяць капеек.
— Ёсць, — без ценю крыўды ўздыхнула Ядвіся. — У вёсцы, дзе я нарадзілася, жыла мая бабуля. Я яе вельмі любіла, яна мяне ўзгадавала. Калі яе пахавалі, я колькі дзён з могілак не сыходзіла. Прыйду раніцай — і сяджу да вечара. Там. асаблівае месца. І калі тыя могілкі пачысцяць вось так, усё пад корань, для мяне гэта будзе. будзе балюча.
Памаўчалі. Тут да нас падышоў Ромка Макар.
— Шаноўнае спадарства, бачу, вы ўжо дапіваеце свой кампот, ці магу я выканаць за некага з вас ролю дзяжурнага і аднесці посуд на кухню і чысцютка выцерці ваш стол?
— Мала прагінаешся, ніжэй паспрабуй, ніжэй, — млява заўважыў Юрась і адкінуўся на спінку крэсла. — Прасі!
— Што такое? — Ядвіся запытальна ўзняла вочы.
— Не пужайся. Усё норм, — усміхнуўся я, заспакойваючы яе. — У нашага Ромкі нейкія траблы няпростыя, вось ён і вырашыў памаліцца ля нашага стала.
— Дапамагае? — акідваючы позіркам постаць Ромкі зверху ўніз, папрасіла ўдакладніць Ядвіся.
На Ромку варта паглядзець: чорны гарнітур і чорныя бліскучыя чаравікі, кашуля і гальштук заўжды ў тон. Год таму па яго просьбе, якая пачалася амаль гэтаксама, мы чысцілі двор нейкай бабулькі ад снегу. Ну, быццам БРСМ там праводзіць акцыю: «Ніводнай бабулькі — без чыстага надворку», ці яшчэ як. Дык вось, Ромка нас папрасіў — мы пашыбавалі. Я яго і пытаўся: на халеру табе? Гэты актыў школьны, БРСМ, гэтыя мерапрыемствы ліпавыя (бо ні я, ні Уладзя, які тады кідаў са мной снег, сябрамі БРСМ не былі). Дык вось, Ромка мне тады такое выдаў, што я яго запаважаў. Ён сказаў так:
— Чуеш. Я хачу кіраваць. Вось так. А чаму хачу? Бо хачу нешта змяніць. Мяне так бацька выхаваў: не плач, калі не так робяць, не так кіруюць — бяры і рабі сам, кіруй сам.
— Крута! — без смешачак згадзіўся я. — У прэзідэнты пойдзеш?
— Не гарантую, але буду імкнуцца.
Карацей, нехта мо і пасмяяўся б, а я дык Ромку ўспрыняў сур'ёзна. Мне ён падабаецца — да свайго ідзе настойліва, але ж не па галовах. Вось трэба яму нешта ад нас — ён і посуд гатовы занесці, і стол выцерці, пры гэтым годнасць сваю ніколечкі не губляе. І ведаю: шмат не папросіць. Таму кіўнуў яму ветла:
— Сядай, актывіст. Самі посуд занясём, тут тры кавалеры за адной дамай.
— У любым выпадку, з мяне — пачастунак. — Ромка змяніў тон, прыхапіў вольнае крэсла ад суседняга стала, сеў. — За гэтым сталом — адны з самых разумных галоў класа. То я да вас.
— Можна і да іншых разумных, — буркнуў Юрась, і я падумаў мо ўпершыню, што ён набівае сабе цану.
— А я і не спрачаюся, — лёгка згадзіўся Ромка. — Ды там розум паасобку, а вы — амаль каманда. Вы мне адно можаце дапамагчы.
— А трэба? — спытаў я.
— Трэба, Кір. — нечакана занурыўся Ромка. — Ведаеце, надакучыла даваць нейкія дзяжурныя справаздачы і аднастайныя водпісы. Хачу зрабіць хоць нешта, каб. ну, каб было сапраўднае! А яшчэ, вось прыкінуў, у нас жа столькі талентаў, такое можам замуціць!
— Давай прадметна, — паморшчыўся Юрась. — Званок неўзабаве.
— Прадметна казаць доўга. Застанемся на паўгадзіны пасля заняткаў у класе, а? Я ключы ў Зіначкі вазьму, яна ведае, дазволіць.
Мы пагадзіліся.
Пасля заняткаў у пустым класе Ромка выглядаў куды больш усхваляваным, чым у сталоўцы.
— Вось я калі падышоў да вас, далі вы згоду пагутарыць, і я падумаў: калі гэтулькі нас возьмецца, ну чаму мы будзем абы-што выдаваць, можна ж нешта рэальнае зрабіць, скрэатывіць, каб усім цікава было!
— Блін, ты надакучыў, — не ўтрымаўся Юрась, і я яму падтакнуў:
— Канкрэтызуй, а то пойдзем дахаты!
— Выбірай беларускае! — гаркнуў адчайна Ромка.
Наступіла цішыня, ўрэшце Уладзя, нешта для сябе вылічыўшы, падаў голас:
— Плакат?
— Песня. Ці прыпеўка. Ці відэафільм. Пяць хвілін. Ці дзесяць. Ці тры.
Я ўсё зразумеў і засмяяўся:
— Пайшоў ты, Макар, летась зняў нашу Віялету ў вясёлым строі, як яна так махае рукой — і завод пабудаваўся, яшчэ махае — Лядовы палац. Ну, якога хрэна тут крэатывіць — бяры Віялету і паўтары. Што там у нас пабудавалі? Во, новы гандлёвы комплекс! Дадай поле хлебнае, лінію завадскую...
Не, я ні кропелькі не здзекаваўся, я прапаноўваў выйсце. Чаго дарэмна тлуміць галаву? Напрацаваны сцэнар, кадраў добрых дарабіць — от і маеш відэафільм.
Я заўважыў, што і Юрась, і Уладзя падтрымліваюць мяне: зараз мы ўтрох уперыліся ў Ромку: якога ражна яму яшчэ?
— Ідзіце самі да д'ябла. — стомлена адказаў ён. — Гэта ж апошні год, у наступным — выпускаемся, ніхто грузіць не будзе. Ну. я вас прашу: прыдумаем нешта, а? Вось каб было. ну, не ідэолагам нашым, а ўсім хлопцам і дзяўчатам паглядзець. Хоць нешта сапраўднае пасля сябе і сабе пакінуць. Да Новага года здаць неабходна.
— Тады не пяцёра чалавек трэба задзейнічаць, а ці не ўвесь клас, — увайшоў урэшце ў прапанаваную ролю суаўтара Уладзя. — У кожным разе, чым большая ступень ахопленасці праектам такога кшталту, тым большы поспех.
— Так. — раздумваючы, працягнуў Юрась. — Карацей, зварганіць ролік на пяць хвілін на тэму, як нам добра жывецца?
— Не, не як добра жывецца, — цярпліва выправіў яго Ромка. — Тое ў мінулым годзе было. Цяпер тэма іншая: абіраем беларускае.
— Значыць — абіраем сваё, так? — нечакана гарэзліва, з агеньчыкам у вачах, загаварыла Ядвіся.
— Ну, можна і так сказаць — абіраем сваё, мы ж у сваёй краіне.
— Ну і выдатна! — прыжмурылася Ядвіся і выдала: — Хлопец шукае дзяўчыну і выбірае сваю!
— У вышыванцы! — імгненная думка пранеслася ў маёй галаве, рыхтык Ядвіся перадала яе мне.
— Крута! — падхапіўся з месца Уладзя: — Самая наша тэма!
— Лухта, скажуць, што мы звялі важную ідэалагічную тэму да ўзроўню дзіцячых заляцанняў, — паморшчыўся Юрась.
— Тады — нейкае падарожжа і вяртанне. Адпачынак!
— Відэарад розных пустэльняў і — у процівагу — нашыя лясы.
— Ага, у нас такі сэрвіс — пасмяяцца.
Мы прыдумвалі і абмяркоўвалі ідэю роліка з чвэрць гадзіны. Спрачаліся і крычалі так, што ў клас зазірнула спалоханая прыбіральшчыца, а потым зайшла і завуч Наталля Іванаўна.
— Што тут у вас?
— Ды вось. ідэю фільма абмяркоўваем, Наталля Іванаўна, — патлумачыў без боязі Макар. — На конкурс. Мы спыталі дазволу.
— А ўзровень шуму не абмяркоўвалі пры дамове?
Прыгожая ўсё ж жанчына нашая завуч. Цікава, я неяк раней параўнаў яе і сваю маці. І раптам прыйшла нечаканая думка, што Наталля Іванаўна. ну, яна жыве ў школе. Існуе ў школе. Яна, падалося мне тады, не можа быць маці, гаспадыняй. Хіба можна ўявіць яе, вось усю такую бездакорную знешне, ля пліты? Хіба яна, як мая маці, апранае дома трошкі лінялы халат, павязвае на сябе не самы новы фартух, пераступаючы (бо стамляюцца ногі), абрэзвае бульбу? Варыць суп, смажыць аладкі з яечняй? І вось ужо гады два мінула з таго майго параўнання, здаецца, я паразумнеў, а ўсё адно ніяк не магу уявіць сабе Наталлю Іванаўну ў нейкай іншай ролі, апрача ролі завуча. Дарэчы, класную, Зіначку, гэтаксама ўявіць цяжка, але ж
Наталлю Іванаўну — удвая цяжэй. Мо ў яе нейкі асаблівы дом? Асаблівы муж і асаблівыя дзеці? Дарэчы, мы ведаем, што сын і дачка нашага завуча вучацца ў суседняй школе. Дзіўна трошкі...
— А падкажыце нам, Наталля Іванаўна. — раптам вырвалася ў мяне.
Сам не ведаю, чаму я спытаў. І пра што пытацца? Чаму яна мусіць разумець нашы праблемы? Яна ж — завуч.
— Якую ты дапамогу чакаеш, Кірыла? — Наталля Іванаўна запыталася хутка, але з відавочнай разгубленасцю.
— Вось скажыце. Скажыце, у ваш час. — я ліхаманкава шукаў словы, каб не даць згубіцца той думцы, якая прамільгнула, заіскрылася, пачала знікаць, але, якая радасць! — успыхнула з новай сілай, і я выдыхнуў з палёгкай: цяпер не забуду. — Вось вы — дарослы чалавек, а калі былі такой, як мы, вы ж таксама выбіралі. ну, рознае выбіралі. Дык сёння, з вышыні свайго ўзросту, што б вы параілі самой сябе, той, шаснаццацігадовай: што выбраць? Не, не так трошкі, я блытаюся, выбачайце. абіраць многа даводзіцца. Дык вось. Які выбар самы галоўны? Самы-самы важкі? Які, як памылішся, за ўсё даражэй каштуе?
Чамусьці мне было трошкі няёмка глядзець у вочы сябрам. Я ж не пытаўся ў іх дазволу — мы самі павінны былі прыдумаць, а я тут палез па дапамогу да дарослага чалавека ды яшчэ завуча.
Усе сцішыліся. Наталля Іванаўна выцягнула крэсла ў праход, прысела і неяк стомлена ўздыхнула.
Я ўзняў на яе вочы. Яна па чарзе абводзіла нас позіркам — не сур'ёзным, не, а такім вось. клапатлівым ці што. Сумнаватым. Са светлымі агеньчыкамі, можа, — ад успамінаў?
— Дык вы пра гэта і спрачаецеся? — усміхнулася яна мякка і лагодна.
А ў душы нешта спявала і грала: я адчыніў скарбонку, а там — музыка і святло!
— Пра гэта, — уздыхнуў Ромка.
— Калі пра гэта. і так спрачаецеся, значыць, буду казаць вам праўду, — завяла гутарку з усмешкай у вачах Наталля Іванаўна. — Як педагогу, як завучу школы, мне б лепш было расказаць вам пра значнасць таго, што трэба добра здаць экзамены, пра далейшае абранне шляху, пошукі свайго месца ў жыцці, выбар прафесіі, ўрэшце. Але скажу, раз просіце, як жанчына і маці. Я правільна зразумела?
— Правільна.
— Так.
— Тады вось. Бывае цяжка, калі памылішся з выбарам прафесіі, працоўным месцам. Але гэта можна выправіць, і не бывае надта балюча. І ў кожны час мажліва зрабіць. А вось калі памылішся. калі абярэш не таго, з кім па жыцці ісці, — тады бывае надта балюча і вельмі цяжка. Яшчэ тое важна, што не адно табе баліць, а праз цябе — іншаму чалавеку, ды каб аднаму, бывае, у кругаверць уцягваецца шмат людзей, бывае — пакутуюць і дзеці. Вось так, сябры мае.
— Ага, а я вам казала! — выгукнула Ядвіся і зусім па-дзіцячы паказала нам язык. — Дзякуй вам, Наталля Іванаўна!
— Няма за што, — завуч устала, пайшла да дзвярэй, нямоцна стукаючы абцасамі туфелькаў. Азірнулася: — Калі падказала — буду ўсцешаная і разлічваю на першы прагляд. Дамовіліся, Макар?
— Няма праблем, Наталля Іванаўна! — згадзіўся на ўмову Ромка. — Атрымаецца — запросім на першы сумесны!
Завуч выйшла. Нейкі час мы маўчалі.
— Значыцца, хлопец шукае дзяўчыну і знаходзіць сваю... — пачаў Ромка.
— Беларусачку, — падхапіў я.
— Ён яе сустракае недзе ў натоўпе, выпадкова, запамінае твар. — стаў развіваць думку Уладзя.
— На поле жыта жне?
— Банальна! Хай ужо бялізну мые ля ракі.
— У супермаркеце выбірае каўбасу.
— У бібліятэцы!
— Зноў банальна.
— Чытае ў аўтобусе!!! А што — чытанне кнігі сёння — дзівосы!
— А як зняць?
— Пасля. Прыдумаем, намалюем. Добра, сустракае, губляе. шукае як?
— Ходзіць па горадзе. у твары зазірае.
— Ага, мо лепш па лесе?
— Па горадзе! Вось! Усю субкультуру вываліць! Ну, ідзе — тут скіны, там антыфа, тут гопнікі, там мажоры.
— Тут панкі, там — лесбіянкі.
Мы захапіліся, мы стваралі сваю гісторыю. Не ведаю, як так атрымалася, але напрыканцы, калі цалкам склаўся сюжэт, Ядвіся з захапленнем паглядзела на мяне і сказала:
— Кір! Ды ў цябе фантазія, бы ў пісьменніка! Усё так прыдумаў!
— Ды разам жа мы прыдумалі, — стаў аднеквацца я, але чаго хітрыць перад сабой — мне было прыемна, што Ядвіся заўважыла: вузлавыя моманты сюжэта прапанаваў насамрэч я.
— Эротыкі каб трошкі. — уставіў Уладзя.
Мы ўсе разам пераглянуліся.
— Ну, чаго вы вылупіліся? Ці я першакласнік і не павінен разумець, што пэўная эратычнасць вабіць? Вунь дзяўчынкі ў кароткіх спаднічках на сцэне. ці ў доўгіх, а як крутнецца, — спадніца ўздымаецца, ногі там. Гэта не эратычны момант хіба?
— А справу кажаш, — нечакана падтрымаў Ромка. — Эратычнасць можна ў той момант, дзе ён шукае, уставіць. Скажам, нейкая парачка цалуецца.
— Не, галоўная гераіня будзе мець такую рызіначку. Маленькую, пяшчотную і цнатлівую. Наш герой сустракае групу дзяўчат. на беразе ракі. Яны — у купальніках! — агучыў я сваю ідэю.
— Чакай, мы ж дамовіліся, што сустракаюцца ў аўтобусе, яна кнігу чытае, такі момант знакавы нельга пляжыць! — заўпарціўся Ромка.
— Норм будзе, мы гэты момант — яна чытае кнігу — адносім у канец! Фінал: дзяўчына ў вышыванцы чытае кнігу ў аўтобусе, і яе знаходзіць герой.
— Супер! — выгукнуў Ромка. — Заўтра Марго зробіць фотасесію і скажа, хто падыходзіць на якую ролю, ролю галоўнай гераіні. Але. Ядвіся, будзь ты, га? — нечакана папрасіў ён.
— Ромка, цябе Віялета запіша ў ворагі пад нумарам адзін, — сур'ёзна папярэдзіў я.
— Да д'ябла! — нечакана зазлаваў Ромка. — У яе твар бы ў лялькі, усмешка — штучная, захапленне — напускное, не твар. маска! Мне леташняга роліка да гэтай пары сорамна. Ядвіся!!!
— А Марго мяне забракуе, — усміхнулася дзяўчына.
— Не веру! Ты на відэа яшчэ прыгажэйшая будзеш, упэўнены.
— А каго мне ў героі? Хто мяне шукаць будзе?
Цяпер у словах Ядвісі прабілася дзявочая гуллівасць і сарамлівасць. Мне нават было прыемна заўважыць іх. Што ні кажы, а падабаецца дзяўчатам, калі іх называюць прыгожымі.
Ромка сур'ёзна задумаўся.
— Я хачу, каб то быў чалавек, на якога я магу пакласціся. А пакуль магу толькі вось на трох вас. Яшчэ на Юзіка, але з яго артыст не атрымаецца. Стась? Яму тэкст пісаць. Карацей, Кір! Ты прыдумаў, ты і герой.
— Я згодная, — адразу сказала Ядвіся, не даючы нікому запярэчыць, не чакаючы і маёй згоды. — Кір, хіба адмовішся? — і усміхнулася мне так, як не ўсміхалася ніколі. Самая звычайная ўсмешка, здаецца, а ў вачах. было нешта такое, ад чаго ў мяне раптоўна сціснулася горла, і я ўсяго кіўнуў, а потым па-блазенску пакланіўся.
Позна ўвечары я глядзеў першыя серыі новага сезона «Менталіста», а бачыў на экране толькі ўсмешку Ядвісі. Што яшчэ мне зрабіць такое, каб яна ўсміхнулася гэтак жа яшчэ хоць раз?
Назаўтра на першым жа перапынку Ромка не даў нікому выйсці з класа сваёй гучнай заявай:
— Увага! Будзем здымаць кіно! Запрашаем усіх ахвотных!
Загулі, закідалі пытаннямі.
Ромка счакаў хвіліну, даў хвалі апасці і пачаў дзелавіта і па тэме:
— Гэты відэафільм трэба прадставіць на конкурс. Асноўная і галоўная тэма: «Выбіраем беларускае». Спакойна, не крывіцца, я не скончыў. Сюжэт цалкам прадуманы. Ён такі: наш герой, такі хлопец у кашулівышыванцы, з паяском...
— У лапцях!
— Босы!
— З касой...
Ромка ўсміхнуўся ў адказ гэтым прапановам:
— У чым быць героям — усё прадумана ў сцэнары, хопіць крэатыву. Мне патрэбныя зараз толькі тэатральныя здольнасці. Я расказваю сюжэт, кожны можа абраць сваю ролю. Значыцца, наш герой ідзе берагам ракі ці возера і сустракае групу дзяўчат, у купальніках, зразумела. Такі момант эротыкі. У гэтую групу запрашаю ўсіх дзяўчат. Для сціпласці і ўтрымання ў рамках маралі дзяўчаты будуць паказаныя адно да пояса, далей — кусцікі там, ногі знізу да каленяў. Значыць, наш герой натыкаецца на дзяўчат, яны там вішчаць, кідаюцца ў яго.
— Гранатай!
— Усё, досыць! — строга загадаў Ромка ў адрас дасціпніка. — Кідаюцца ў яго там. розным. Наш герой бачыць усіх, але сустракае вочы адной. Успышка! Далей дзяўчаты разбягаюцца, пачынаюцца пошукі героем той самай дзяўчыны. Ён ходзіць вуліцамі, сустракае самыя розныя групы, тут запрашаю ўсіх паспрабаваць сябе ў розных ролях: хіпі, металісты-анархісты, гопнікі, карацей, уся субкультура, увесь трэш. Дазволена курыць, піць піва..
— Піва сапраўднае? Чыё?
— Сапраўднае, я прастаўляю. Але не больш як на тры дублі. Вельмі пажадана, каб яшчэ хто згадзіўся на ролю. э-э-э. прадстаўнікоў нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыі, але тут разумею, таму як ужо атрымаецца. Значыць, наш герой ходзіць, зазірае ў вочы.
— Атрымлівае ў лыч.
— Так, і атрымлівае. Але недзе яго і запрашаюць, цягнуць да сябе. Урэшце знаходзіць гераіню, тую сваю дзяўчыну — яна ў аўтобусе чытае кнігу. Апранутая ў вышыванку, беларусачка як мае быць. Фініта ля камедыя. Ну?
І ўсталявалася цішыня.
Мабыць, гэтага Ромка не чакаў, таму і сам з хвіліну разгублена маўчаў. Нерашуча працягнуў:
— Здымаць будзе наша Марго. Тэкст піша Стась. Музыка — яго ж. Ну. за ўдзел у фільме ганарар не прадугледжаны, але ж здымачныя вечары нечым буду разнастайваць, фінішная вечарынка за мой лік.
— На маім лецішчы, — дадаў нечакана ўпэўнена Уладзя, хоць мы пра тое не дамаўляліся. — З шашлыкамі!
— Круць! Запішыце нас ў гопнікі! Тры дублі!
— А дзе здымаць?
— Прадумваем.
— І каго на ролю галоўных герояў?
Пытанне было зададзена з насмешлівым тонам, але з прыхаваным глыбокім сэнсам. Пыталася Таіса Гаравая, дзяўчына з атачэння Віялеты.
Ромка чакаў гэтага пытання.
— Сёння Марго зробіць фотасесію, папрацуе ўвечары — што каму пасуе найбольш. Але табе, Віялеце і іншым з вашага кола я хацеў прапанаваць ролю мажораў. Па сюжэце герой на вас натыкаецца, вы яго адганяеце, дэманструючы максімум эмоцый.
— Ромачка, ты мне прапануеш нейкую другарадную ролю? — падкрэслена-плаксіва працягнула Віялета. У класе захіхікалі і заціхлі.
Віялета сапраўды паводзіла сябе ў класе так, быццам у яе галава — ад лялькі-Барбі. Але за апошнія гады мы дакладна даведаліся, што гэта звычайная маска, насамрэч яна была дзяўчынай разумнай і хітрай. І бязлітаснай. Прынамсі, крыўдзіць Віялету ніхто не адважваўся. Міхал Вакульчык летась неяк абазваў яе пустадомкай, то назаўтра прыйшоў з сіняком пад вокам. Казаў, ля пад'езда чакалі трое. А каму і на каго паскардзішся? У Віялеты — грошы. А за грошы можна купіць усё.
Ромка зараз ішоў, бы той Матросаў, на амбразуру дота грудзьмі. Віялета колькі ўжо гадоў — прызнаная прыгажуня школы. Нават здымалася ў нейкім рэкламным роліку, праўда, не ведаем, хто каму плаціў — бацькі Віялеты рэжысёрам, ці ганарар атрымала Віялета. Напрыканцы мінулага года да нас прыязджаў нейкі надта важны чыноўнік, дык яму хлеб-соль на парог школы выносіла Віялета. Тут ніхто і не спрачаўся. Шчыра, дык Віялета тады ў доўгай сукенцы пад народны строй, з саламянай каронай на галаве выглядала вельмі эфектна. Хоць Ромка праўду кажа: усмешка ў Віялеты — бы грымаса, мёртвая, у вачах — стома і абыякавасць, а вусны расцягнутыя, далібог, пластычную аперацыю зрабілі. Усе адзначылі раней: калі Уладзя перасеў ад Віялеты да Юрася і на гэтым скончыў сваю ролю закаханага паўдурка, Віялета атрымала поўху. Хай сабе і не моцную, але ж пры ўсіх. Ды яшчэ тая сутычка яе з Ядвісяй. І вось цяпер.
— Роля галоўнай гераіні прапанаваная папярэдне мне, — нечакана ўзнялася са свайго месца Ядвіся, павяла плячыма, быццам на сцэне паказвалася. — Ты хочаш таксама паспрабаваць? Добра, тут і цяпер!
— Што? — на нейкі момант разгубілася Вілета. — А, разумею, Ромка адчуў зямлю пад нагамі. Глядзі, то ўсяго можа быць зэдлік, а ты сам пакуль з вяроўкай на шыі...
— Ты Ромку не чапай, — настырліва працягнула Ядвіся. — Табе зайшло ў вушы: першая сцэна — дзяўчыны ў купальніках. Памераемся зараз!
— З табой? — насмешліва працягнула Віялета і раптам рассмяялася, хоць і з'едліва, але і шчыра. — Ты сябе збоку бачыла, задрыпанка?
— А-а-а! Даеш стрыптыз! — залямантаваў Міхал Вакульчук, яго падтрымалі агагуканнем, і нават нехта свіснуў. А ён тым часам выцягнуў сваё крэсла, падштурхнуў свайго сябра, з якім разам сядзіць, Сержука Мігно: — Рассеўся! Уставай, дзеўкам п'едэсталы трэба!
Паперлі разам два крэслы да дошкі (ну, каб настаўніцкае не чапаць), паставілі, Міхал паляпаў, нібыта пыл выбіваючы:
— Прашу прыгажунек!
Ядвіся выйшла наперад без хвалявання, усміхнулася і падзякавала Міхалу з Сяргеем:
— Дзякуй, хлопчыкі! Яшчэ б газеціну пад ногі якую, бо падлога не блішчыць, панчошак шкада беленькіх. — Павярнулася да Віялеты, паглядзела амаль што са здекам: — Ну што, прыгажуня запісная, слабо? Чула, першая сцэна — у купальніках, як у трусах і станіках. Паехалі...
І раптам стала зразумела, што гэта — будзе! Будзе нешта надзвычайнае, чаго раней не было, чаго не мог ніхто ўявіць і ў думках. Пасля якога нешта зменіцца. у класе зменіцца, у жыцці некага...
— Гэй, на шухер хто да дзвярэй! У нас яшчэ пяць хвілін ёсць, ну? — дадала Ядвіся, і гэтым не ставіла кропку, а адчыняла шлюз, за якім — магутны напор вады, і тую плыню ўжо нічым нельга было стрымаць.
Да дзвярэй кінуўся Ромка, адчыніў, вызірнуў, прычыніў. Ён быў збялелы. Цалкам згублены кантроль над сітуацыяй яго палохаў. І адначасова вочы яго ззялі ліхаманкавым бляскам: нешта важнае для яго зараз магло вырашыцца.
— Вы звар'яцелі, дзяўчаты, — выдыхнуў ён, але не столькі спыняючы гэтым выдыхам дзею, а больш захоплена яе ўхвальваючы.
Унутры мяне ўсё сціснулася. Віялета была ў заўсёдных светлых джынсах у абцяжку, кофтачка, гэтаксама ў абліпку, падкрэслівала яе акруглыя плечы, акуратныя, для яе росту і камплекцыі, грудзі, адкрывала тонкую шыю. Бялявыя валасы — да плячэй. Міжволі параўноўваў яе з Ядвісяй: чорныя джынсы, шэры балахон, які хаваў пад сабой формы цела. Не, нічога прывабнага ў Ядвісі не бачылася, сваім някідкім тварам у аблямаванні цёмных валасоў яна не вылучалася. Толькі зараз я здзівіўся: навошта яна пагадзілася на ролю галоўнай гераіні, калі. калі такая нязграбная?
Віялета ўспыхнула. Крылы яе тонкага носіка затрымцелі — яна дыхала хутка і часта. Адступіць годна яна зараз не магла — ёй быў кінуты выклік, эшафот падрыхтаваны: два крэслы стаялі побач, Сяржук сцяліў газеты, каб стаць разутым. Амаль два дзясяткі пар вачэй неадрыўна сачылі за кожным яе рухам, за мімікай твару. З другога боку, Віялета нічога не губляла, бо вартасць яе выгляду ніколі нікім не ставілася пад сумнеў. Хіба што. Я ўспомніў ацэнку Юрася: непрапарцыянальныя ногі і трохі пляскаты азадак. Але ж хіба яны распрануцца? З глузду з'ехалі?
— Не баішся сваёй бялізнай спалохаць нашых хлопчыкаў? — са з'едлівым клопатам запыталася Віялета ў Ядвісі, а тая, усміхнуўшыся ў адказ з неменшай ядавітасцю, адпарыравала:
— Ты бойся напужаць іх сваім задам!
І раптоўна сбэрснула красоўкі, хутка расшпіліла і пацягнула долу джынсы.
Цнатлівай беллю засвяціліся ногі Ядвісі. Балахон быў доўгі, Ядвіся была бы ў кароценькай сукеначцы.
Усе стаялі, як паралюшам скутыя, выцягнуўшы галовы. Ні гуку.
Віялета нервова, з застылай усмешкай, што падціснула яе вусны, гэтаксама скінула красоўкі і пачала сцягваць джынсы.
Пачуўся нейкі рух у класе, адразу ж узняўся Алег, зірнуў у тым кірункку і сказаў пагрозліва:
— У каго ў руках тэлефон заўважу, выдзяру з рукамі і выкіну за акно. Без папярэджвання! — і застаўся стаяць тварам да ўсіх астатніх, не зважаючы на дзяўчат, здавалася, яго аднаго ніколечкі не цікавіла тое, што адбывалася за яго спінай — там распраналіся дзве аднакласніцы! У класе распраналіся, да трусоў!
Тым часам Віялета, авалодаўшы сабой, пераможна пазіраючы ў клас, стоячы ў трусах, марудна, па адной, расшпільвала гузікі кофтачкі. Яна зараз, было добра відаць, адчула сваю хвалю: яна была ў звычным для сябе цэнтры ўвагі. А што распрануцца. дык, калі падумаць, яе фоткі ў сеціве ў купальніках яшчэ якія вольныя. Віялета скінула кофтачку адным рухам, бы запраўская стрыптызёрка. Адначасова, чакаючы гэтага моманту, праз галаву скінула балахон разам з саколкай Ядвіся. І яны амаль разам ступілі на крэслы, ну, рыхтык усё рэпетавалі зараней.
— А-а-а-у-у-у! — урэшце прарвала цішыню шматгалосае захапленне.
А Ядвіся і Віялета ўдавана нехаця, з рэўнасцю ў вачах, сузіралі адна адну. Амаль аднолькавыя ростам, Божа, якія яны былі прыгожыя! Ніхто не здзівіўся фігуры Віялеты, бачылі ж фоткі, але ж Ядвіся. Яна выйгравала. Трошачкі даўжэйшыя ногі, трошкі акуратнейшыя сцёгны (у Віялеты яны былі пашыраныя з бакоў, як самі дзяўчаты кажуць, — галіфэ). Балахон адкрыў тое, што раней прыхоўваў: акрэсленую вузкую талію, ружовыя роўныя плечы, нейкую стромкасць усяго стану ўгару. Яна проста стаяла, не цягнулася ўверх, а выдавала на тое, што прыўзнялася і хоча ўзляцець.
Бялізна абедзвюх дзяўчат рэзала неміласэрна вочы беллю і блакітам, сузіранне яе падавалася страшным грахом. Камяк пад горлам стаў цвёрдым і шурпатым, ніяк не каўтаўся. Раптам засвярбелі вочы, я міргаў, цярпеў, мне было сорамна. Так, пякучы сорам заглушыў усё. Хоць што там было такога — стаялі дзве дзяўчыны у трусах і станіках, ну, хіба на пляжы ў купальніках яны б выглядалі іначай? Але ж. то купальнікі, а тут — бялізна, там возера, а тут клас. А бялізна — інтымнае, такое. І хай тая Віялета, але ж Ядвіся. Мне было нечага крыўдна і прыкра, што вось увесь клас бачыць яе. такую.
— Паварот! — раптам ахрыпла гукнуў нехта, і дзяўчаты падпарадкаваліся, павярнуліся.
І ў гэты момант мне ў вочы як пырснуў «зайчык» электразваркі.
У класе адышлі ад першага пераляку, і цяпер сапраўды ацэньвалі станы дзяўчат. Я пачуў, як захоплена загуў клас, як пачуліся прыглушаныя крыкі: «Ядзя форэва!». Недзе ў падсвядомасці яшчэ адзначыў, што нездарма: ззаду Віялета прайграе Ядвісі — Юрась меў рацыю, калі казаў пра азадак і караткаватыя ногі. Постаць Ядвісі выглядала куды больш зграбнейшай. Але ўсё — на заднім плане.
Таму што на першым плане быў матылёк.
Цёмна-ружовы, як намаляваны, на лапатцы Ядвісі, прыціснуты тонкай белай паскай станіка. Такая вялікая радзімка, якую можна было прыняць і за татуху, калі б не відавочная неахайнасць мастака: пара крылцаў была вострай, а другая — закругленай.
Я сеў.
Мяне ўжо не цікавіла, што там адбывалася далей. Вэрхал сціх са званком, Ядвіся села побач, усхваляваная, расчырванелая.
— Я табе не спадабалася? — паспрабавала яна пад'южыць, зірнула какетліва і нешта прачытала на маім твары, бо яе гуллівасць знікла. Запыталася занепакоена:
— Нешта здарылася?
— Матылёк прыляцеў, — ціха адказаў я.
Ядвіся глядзела мне ў вочы, а я не змог разабраць позірку — ці то клопат, ці то радасць, ці то недавер.
— Ты памятаеш?
— Ён сніцца мне ад таго самага дня. Часта. Я даганяю яго, але ён узлятае, і я падаю, падаю, падаю ў бяздонны роў, дзе цячэ неглыбокі ручай, і прачынаюся, калі бачу на дне кожны каменьчык асобна, і тварам кранаюся вады...
— Мы... пагаворым пра яго, добра? — папрасіла-паабяцала Ядвіся.
— Добра.
7
Падавалася, што наша задумка з фільмам разгорнецца, як і ўсе іншыя: напачатку бязладныя сходкізборы са спрэчкамі і крыкам, смешачкі-хіхіканне дзяўчат пад жартачкі хлопцаў на мяжы фолу. Ну, як і ранейшыя нашы прыгатаванні да нейкіх там абавязковых аглядаў ці штосьці падобнае. Ды выйшла ўсё іначай: Ромка Макар разгарнуў сапраўдную дзейнасць, пры гэтым без аніякіх агульных зборышчаў. За тыдзень ён разам з Марго абышлі кожнага, хто пагадзіўся быць акцёрам. Перамовіліся, Ромка уручыў колькі аркушаў з тэкстам. І мне такі дастаўся, ды не адзін — пяць! Ну, я ж галоўны герой. Сцэнар. Першы раз я такі бачыў: тут быў распісаны літаральна кожны мой крок, тое, як я павінен выглядаць у пэўныя моманты: дзе здзіўляцца, дзе абурацца, дзе засмучацца. Вось жа, умее Ромка, што ні кажы. Сапраўдны рэжысёр, вунь як да справы паставіўся. А я так умею? Ды і паводле сцэнару я — нехлямяжы хлопец, трошкі тупаваты, гэткі памяркоўны беларус.
Мне нечага не ставала ў гэтыя дні, я раптам пачаў адчуваць крыўду на самога сябе: што я рабіў дзесяць гадоў у школе? Чаго дасягнуў, чаму навучыўся? І чаму хачу навучыцца? Хай сабе Юрась уголас кажа, што не выбіраў, куды пойдзе і чым будзе займацца, ды яны ж з маці даўно ўсё абмеркавалі, тут і сумнявацца не будзеш. І Уладзя вунь вырашыў удзельнічаць у алімпіядзе па геаграфіі — як хвіліна вольная, ён у тэлефоне, вывучае розныя даведнікі. Нават у танчыкі я гуляць не люблю, а двое з нашых удзельнічалі летась ў гарадскіх спаборніцтвах па контр-страйку. За іх увесь клас перажываў. Не ўмею граць-спяваць-танчыць, не гуляю добра ў футбол-валейбол, не малюю, не пішу рэп, не фатаграфую. Не, не, не. Пра вучобу і казаць няма чаго. Каму я магу быць цікавы — такі вось шэры і ніякі, зусім ніякі?
Ядвіся, верагодна, заўважыла мой настрой, бо выдала проста, у лоб:
— З табой усё добра? Нейкі ты бы мехам прыплюснуты ходзіш. Мо сніцца нешта зноў?
Ранкам, пасля той сустрэчы ў мяне, Ядвіся спытала толькі, ці сніўся матылёк. Мы сядзелі адны за сталом, Юрася і Уладзі не было, і мяне за язык нехта пацягнуў сказаць дурніцу:
— Сніўся! Сказаў, каб я пацалаваў яго па-сапраўднаму.
Ядвіся зірнула так, што я пачырванеў, — насамрэч стала сорамна.
— Даруй.
— Не трэба болей брыду казаць ніколі, бо гэта — не тваё, — прымірэнча паўшчувала Ядвіся. — І цалавацца ты хіба ўмееш? — і ўсміхнулася задзірліва, па-сяброўску.
— Не умею, канечне, — спакойна прызнаўся я. — А ты ўмееш?
— Не ведаю, — нечакана пацепнула плячыма Ядвіся. — Ніхто не паспеў навучыць. І ты вось не ўмееш, а то б папрасіла па-сяброўску дапамагчы. Здолеў бы?
— Вядома, каб жа ўмеў! Мо мне на курсы якія запісацца, не ведаеш, ёсць у нас?
— А ты пагуглі — майстрыху на дом выкліч.
— Ідзі да д'ябла. Сама майстра выклікай.
Так скончылася адзіная размова, у якой мы ўспомнілі нашу гісторыю з той капальняй і матыльком. І больш не краналіся яе, бо яна. магла забрудзіцца ці змяніцца, раструшчыцца ўвогуле, калі яе кранацца лішні раз без дай прычыны.
Адказаць Ядвісі я не паспеў, падляцеў Ромка. Зрэшты, я быў удзячны яму, бо выварочваць сябе перад дзяўчынай у класе, сярод вэрхалу, ніякага жадання не было. Ромка сунуў мне ў рукі чарговы аркуш.
— Дружа, у цябе будзе яшчэ адна сцэна — з зэкам. Ён цябе будзе спакушаць, пакажа, як лёгка жывецца, калі ты па-над законам і людзьмі. Ты нібыта згаджаешся, потым кеміш што да чаго і адмаўляешся. Пры гэтым ён цябе спрабуе выхоўваць, застрашвае, але ты, хоць і пераляканы, вырываешся. Зразумеў?
— Зразумеў. чуеш, Ром, дзе ты навучыўся? Ну, такія вось сцэнары пісаць?
— А-а-а. Сакрэт фірмы! — замяўся крыху Ромка, але мы з Ядвісяй не адпускалі яго патрабавальнымі позіркамі, і ён няёмка прызнаўся: — Маці параіла падысці да аднаго рэжысёра ў ДК чыгуначнікаў. Тры вечары пасядзелі, тры бутэлькі дзядзька выжлукціў. Такі разумны! Думаю, ён бы мог зняць класны фільм! Ну, сапраўдны. Вось дараблю сцэнар дарэшты, панясу яму на канчатковую чытку.
Я мільгам глянуў у аркуш і залыпаў вачыма — ролю зэка выконваў Алег Харужы!
— Ого! — не утрымаў я свайго здзіўлення. — Алег вырашыў стаць артыстам? Як ты яго ўгаварыў?
Ромка маўчаў, пакусваючы вусны, потым ціха прамовіў:
— Я вам скажу, толькі каб ніякіх там далей. І папрашу. ну, каб самі былі адэкватныя з Алегам і іншых там прытрымалі, калі раптам што. Дарэчы, Ядзя, мы сцэнар крышку змянілі, як ты бачыла, калі паспела паглядзець, — табе гэтаксама давядзецца ісці па ўсіх групоўках. Ну, каб не адзін герой праходзіў праз выпрабаванні, але і ты. То і ў цябе ёсць сцэна з зэкам. І там пацалунак нахабны.
— Вытрымаем нахабны пацалунак, — заспакоіла Ромку Ядвіся, а мяне непрыемна кальнула недарэчнае пачуццё крыўды: вось жа, навучышся цалавацца цяпер. з іншым!
— Дык вось. — працягнуў Ромка, — Алег сам папрасіўся ўдзельнічаць, і ролю прапанаваў. І файна. Ён — каларытны, татух на руцэ намалюем. Спытаў невялікі ганарар. Але — ша, вельмі прашу.
Ша дык ша, няцяжка зразумець. Яшчэ адно муляла, і я запытаўся:
— Ромка. Гарэлка рэжысёру, ганарар Алегу. А дэкарацыі ж нейкія яшчэ. Грошы дзе бярэш?
Той зірнуў пільна, сумна ўсміхнуўся:
— Кір, навошта такія пытанні? Мая ідэя — мой клопат. Канечне, без грошай ніяк, але іх адшукаць не так цяжка. Вось з месцам здымак траблы. Пасля заняткаў збярэмся? Я яшчэ колькі чалавек папрашу застацца. Ёсць што абмазгаваць.
— Ідзі, Ромачка, збярэмся, — адпусціла яго Ядвіся, а мне кінула: — Мог бы і не пытацца пра грошы. Ці ты думаеш, яму іх БРСМ выпісвае?
Я прамаўчаў у адказ, каўтаючы пачуццё прыкрасці.
У некага ёсць ідэя. І ён ахвяруе гэтай ідэі свой час, свае нервы, выпрошвае на яе ў бацькоў грошы. Робіць справу. Чаму мяне нічога не цікавіць вось так?
У класе пасля заняткаў засталіся Ромка, Ядвіся, Марго, Стась, Сяржук, Юрась, Уладзя і я. Як і казаў нам Ромка, вялікія траблы былі з памяшканнем для здымак. Папярэдне Марго прапанавала здымацца ў якім-небудзь пакоі, каб адну сцяну цалкам выкарыстоўваць замест дэкарацый: скажам, тут мажоры тусуюцца — хуценька намалявалі (тое павінен Сяржук рабіць) кавярню ці хату, стол, прысмакі.
— У маёй бабулі меліся рабіць рамонт у кватэры. У вялікім пакоі сцяна паклееная шпалерамі, то мы б без праблем малявалі і замалёўвалі ўсё. І мэблі там няшмат, вынесі лішняе — і здымай. Ды бабуля захварэла, маці штовечар там, кропельніцы стаўляе, — са скрухай апавядаў Ромка.
— А чаму б не паспрабаваць зняць іначай? — нечакана важка пачаў Юрась. — Вы бачылі кліп адзін? Там у школе здымкі зробленыя, на падлозе. Выдатна глядзіцца, цікава і арыгінальна.
— Той кліп — процьма работы, — жорстка перапыніла яго Марго. — Там не кіно, а пакадравая здымка, далей ўсе кадры зводзяцца разам. Мы думалі пра такое — занадта доўга і рэквізітаў амаль нуль там, значыць, шмат маляваць у рэдактары. З мяне — невялікі мастак, Стась таксама не любіць корпацца. Мы вырашылі па-іншаму: звычайная здымка, але пры мантажы вырэзваем кадры — атрымаецца нешта ў стылі фільмаў Чапліна. будзе цікава.
— А калі на маім лецішчы? — прапанаваў Уладзя.
— За горадам. Калі б яшчэ аўто было, а так губляем шмат часу, — адмоўна пакруціў галавой Ромка. — Давайце, мазгавы штурм.
Аднак штурму не атрымалася, што мы маглі прапанаваць, кожны паасобку, бо ж бачылі: трэба памяшканне, вольнае па вечарах, наша, каб мы там былі гаспадарамі. У арэнду зняць нейкае? А грошы? Там у еўра за квадрат лічаць, дзе іх наеўрыць?
У клас зайшла Зіначка, спынілася на парозе, агледзела нас па чарзе.
— Я не перашкодзіла?
— Ды не, Зінаіда Мартынаўна, — пачціва адгукнуўся Ромка. — Няма тут чаму перашкаджаць...
— А чаму так сумна, ці можна даведацца?
— Нам бы памяшканне...
— Так. І на колькі?
— Ну. штовечар, тыдні на два.
— Ого. Гэта, я так зразумела, для здымак фільма?
— Правільна зразумелі, Зінаіда Мартынаўна, — уздыхнуў Ромка. — А, можа, мы наш класны пакой скарыстаем? Праўда, нам каб маляваць на сцяне можна было. Ну, і вэрхал жа будзе.
— Наўрад ці дазволяць. Але ж пачакайце, удакладнім, — Зіначка прайшла да стала, села. — Значыць, вам патрэбны адзін пакой, дзе будзе вольная для малюнкаў сцяна. Звычайны пакой у кватэры вас не задаволіць?
— Ды якраз і задаволіць! — горача запярэчыў Ромка, адчуўшы нейкую надзею для сябе і ўсіх нас.
Зіначка пасядзела з хвіліну засяроджаная, думаючы пра нешта, узважваючы — бо пакусвала не-
прыкметна вусны, а мы глядзелі на яе, як на чараўніцу, якая вось зараз можа ўстаць і сказаць: «У вас ёсць памяшканне». Класная не сказала гэтага, хоць узнялася з крэсла, але папрасіла пачакаць хвілінку і выйшла. Мы сядзелі ў поўнай цішыні хвілін дзесяць — пра што было размаўляць? Чакалі. Нарэшце на калідоры пачуліся крокі — ішлі двое. Ля нашых дзвярэй спыніліся. І ў клас першым зайшоў наш фізік, Антось Сямёнавіч.
Мы літаральна елі яго позіркамі, а ён, стрымана ўсміхаючыся, павітаўся з намі, акінуў усіх позіркам.
— Так, сябры мае. Тут Зінаіда Мартынаўна апісала мне вашу праблему. Так атрымалася, я меркаваў праз месяц пачаць рамонт кватэры, вялікі пакой цяпер амаль пусты. Як я разумею, вам патрабуецца час пасля заняткаў. Падыходзіць. Скажам, да шостай гадзіны вечара, ну, можаце і пазней затрымацца, калі мая прысутнасць вам не будзе перашкаджаць.
— Не будзе, не будзе, Антось Сямёнавіч! — радасць выперла ў Ромкі ягоны крык: — Ура! Будзе кіно!
І праз гадзіну мы былі ўжо на кватэры Антося Сямёнавіча. Ён дазволіў нам карыстацца кухняй (кава, гарбата), рыхтаваць вялікі пакой («агледзьцеся там самі»). Мы і агледзеліся — перасунулі часопісны столік да канапы, тэлевізар паставілі на падлогу — і адна вялікая сцяна, паклееная старымі шпалерамі, нявыцвілыя лапікі якіх нагадвалі пра колішнюю тут мэблю-сценку, была перад намі. Потым адны ездзілі з Марго да яе бацькі — бралі асвятляльныя прыборы, іншыя — у крамы — набылі колькі трубак розных шпалер: блакітных найперш, каб з іх зрабіць хвалі возера, у якім будуць купацца дзяўчаты, і зялёных — для кустоў. Сяржук ездзіў па фарбы, а Ядвіся прыбіралася ў пакоі.
Карацей, адбыўся нечаканы зрух: усё закруцілася, пачало нешта адбывацца. Дзіўна было назіраць, як кожны займаўся справай, рабіў сваё, нікому не перашкаджаў, а рухалася цалкам усё. Я зайздросціў Ромку: вось атрымалася ў яго, усё атрымалася, і далей будзе, як задумаў. Адзінае, што выклікала няўцямнасць, — Юрась не быў у ліку артыстаў. Здаецца, Ромка з Марго яму нічога і не прапаноўвалі. І нейкіх даручэнняў асабістых ён не меў, дапамагаў іншым. Але ж быў з намі.
У першы дзень здымак Ромка дазволіў прысутнічаць усім, хоць меліся пачаць адно сцэну купання ў возеры, а далей — паглядзім, атрымаецца — то і я буду задзейнічаны. Ды ж усім цікава было. Ромка адно папярэдзіў-папрасіў: ніякага вэрхалу, смешачак, слухацца яго, як дырэктарку. І каб на дзяўчат у купальніках не вырэчвалі вочы. Ну, і, канечне, ніякіх самастойных здымак тэлефонамі. Хваляваўся ён дарэмна: калі ці не ўвесь наш клас (пятнаццаць чалавек — столькі згадзілася удзельнічаць у фільме або дапамагаць у нейкіх справах) сабраўся ў кватэры, калі мы разам пабачылі падрыхтаваную «сцэну» для здымак, асвятляльныя прыборы, драбінкі з адмысловым сядзеннем для Марго, дык міжволі сцішыліся. А як пачалося. Вось цяпер я мог назіраць ролю Юрася — ён быў памочнікам рэжысёра ці неяк так. Марго здымала, а ён, трымаючы перад сабой поўны сцэнар, камандаваў героямі на сцэне: што каму рабіць, як рабіць.
У кватэры было холадна — ацяпленне яшчэ не ўключылі, а ноччу зубы ляскалі, нават калі пад тоўстую коўдру залезеш. Мы шчыльна (з дазволу Антося Сямёнавіча) занавесілі акно пакоя, каб яшчэ і нікога не пужаць магутнымі лямпамі асвятлення, і ад саміх лямп добра награвалася паветра, то дзяўчаты ў купальніках не павінны былі змерзнуць. Аднак яны, пераапрануўшыся на кухні, выходзілі ў наш здымачны пакой, дрыжачы і абдымаючы сябе за плечы. Гэта было незвычайна хвалюючым для ўсіх хлопцаў, не ведаю, чаму. Дзяўчаты ахвяравалі нечым. дзеля агульнай карысці. І тое адчувалі ўсе.
А потым пачалося! Двое хлопцаў тузалі лёгка палотны шпалераў — хвалі, яшчэ двое трымалі «кусты». Марго мяняла кропкі здымак, ёй дапамагалі пераносіць вялікі і цяжкі штатыў.
— Спалохаліся! Прыселі! — крычаў загадна Юрась — дзяўчаты паслухмяна вылуплівалі вочы, пішчалі і прысядалі. — Кідаем красоўкі! Кастусь! Лаві красоўкі і прынось назад, дзе ты там! Яшчэ кідаем! Па чарзе кожная! Стоп, адпачнём. Другі дубль, другая кропка, цяпер Ганулька і Наста ў цэнтры кадра! Буйны план, максімум шчырасці!
Гэта захапляльна! Нешта чароўнае было ў здымках, мы бачылі на сцэне зусім не тое, што, адчувалася, пазней паглядзім у кадрах. Вось асобна здымаецца, як ляціць красовак, — Кастусь кінуў яго ці не дзесяць разоў, а Марго лавіла палёт аб'ектывам. Вось Марго ляжыць на спіне, усе дзяўчаты над ёй, нахіліліся... па адной знікаюць з кадра, застаецца Ядвіся, якая схіляецца нізка-нізка, валасы кранаюцца аб'ектыва...
— Вочы! Позірк! Мне не падабаецца позірк, — стомлена кажа, лежачы на спіне, Марго. — Ну, Ядзя, ты на чалавека глядзіш, на яго вочы, а потым ён іх расплюшчвае — і ты яму ўсміхаешся. Ну, уяві, калі ласка. Яшчэ дубль!
А потым здымалі першую сцэну са мной. Напачатку хлопцы кідалі ў мяне дзявочыя красоўкі, потым буйным планам — як адзін трапляе ў галаву. Вось я ляжу на спіне, Марго здымае мяне зверху і загадваекрычыць:
— Лыпай вачыма! Ты бачыш пакуль адно неба. Потым — постаці, ты нічога не разумееш. Над табой нешта нахіляецца, такое цёмнае воблачка, ты разглядваеш-разглядваеш — гоп! Твар дзяўчыны, яе вочы! Пачынай! Неба! Дзе неба? Дайце мне неба асобна!
Марго падала на спіну, над ёй соўгалі блакітныя шпалеры з белымі намаляванымі плямамі. Потым — зноў яна ўставала нада мной і патрабавала ўявіць Ядвісін твар і яе вочы. Дзівачка! Мне не трэба было надта напінацца для гэтага. Я глядзеў у вялікі лупаты аб'ектыў і насамрэч бачыў перад сабой вочы Ядвісі, замілавана ўсміхаўся — мне можна было не саромецца нават самога сябе, бо так патрабуе сцэнар.
Мы не заўважалі, як бяжыць час, — усе так захапіліся. Хацелася яшчэ, хацелася больш, ды Ромка катэгарычна расцяў рукой паветра:
— На сёння — усё! Усім — проста вялізарны дзякуй. Крута, малайцы!
— А піва? — здаецца, Кастусь пакрыўджаным голасам прабляяў з кута.
— Зараз фізік прыйдзе. Ды й, выбачайце, як данясе хто. ну, з суседзяў, маўляў, на кватэры настаўніка яго ж вучні распіваюць спіртныя напоі. яно нам трэба? Па сцэнары будзе, тады абяцаю.
— Аднак адзначаць першы дзень здымак мы будзем! — нечакана рашуча, бы гаспадыня кватэры, заявіла Ядвіся. — Хлопчыкі, часопісны столік на сярэдзіну! Так. Ба-бам! Пірог у студыю!
Во ўжо чаго ніхто з нас, хлопцаў, ніяк не чакаў — чацвёра дзяўчат зніклі на кухні, а зараз выходзілі адтуль з падносамі: на адным быў вялізны румяны пірог, на другім і трэцім — пластыкаўкі, цукар, чайнік.
Ромка стаяў сярод пакоя разгублены і расчулены — ён ніяк не чакаў такой неспадзяванкі, і бачылася — яму прыкра: сам вось не даўмеўся да таго, каб купіць які торт. Дык жа хлопец, мы ўсе такія. Ядвіся ўзяла з падноса вялікі нож, пашукала вачыма, паклікала Алега:
— Нож, як і разразанне пірага на роўныя кавалкі, магу даверыць толькі найбольш дасведчанаму і спакойнаму, ураўнаважанаму чалавеку сярод нас!
Алег, беручы нож за тронкі, усміхнуўся.
Ён па-сапраўднаму ўсміхнуўся — і я бачыў яго ўсмешку мо першы раз за апошнія гады. Бо ў любым іншым выпадку ён хіба што шчэрыўся ці паблажліва пасмейваўся.
Калі ўсе з вясёлым узбуджэннем пачалі частавацца, Ядвіся зноў павысіла голас:
— Спадарства, прашу звярнуць увагу: вы зараз жуяце пірог з вішнёвым сочывам, які прыгатавала, яшчэ раз увага, Настачка Базан! Апладысменты!
І праўда ж, шчыра запляскалі ў ладкі. Больш ад здзіўленага захаплення. Бо Наста — наша шэраяшэрая мышка. Самая маленькая ростам з дзяўчат, дробненькая, ніяк не скажаш, што дзесяцікласніца. Хоць постаць ў яе выявілася зграбненькая — я прыкмеціў, яна была сярод дзяўчат у купальніках. Валасы светла-русыя, доўгія і радкавыя, твар дробненькі і нейкі бы птушыны: нос востры, з гарбінкай, вузкі, а крылы яго тонкія, трапяткія. Вочы вялікія і бесперапынна міргаюць. З ёй сустрэнешся позіркам, а яна ўжо сцялася ўся, у вачах — гатоўнасць прыняць невядомую віну і адначасова просьба: не чапайце. То хто яе чапаў? Так і прасядзела пераляканым верабейчыкам усе дзесяць класаў. А тут бач — і ў купальніку не засаромелася пакрасаваць, і на табе — такая гаспадынька, атрымліваецца. Яе гучна пачалі хваліць, прасілі яшчэ пячы, а яна — вось дзе дзіва — запунсавелася, але ж ніяк не хавала свайго позірку і адказвала хай сабе і стрымана, ціха, аднак упэўнена і такім мяккім, прыемным голасам: «Дзякуй. Я яшчэ спяку! Ешце на здароўе!».
Нешта і праўда адбылося з гэтым нашым кіно...
Елі пірог, запівалі гарбатай, нязлосна жартавалі, а калі ў дзвярах у вітальні зашчоўкаў замок, дык застылі с разяўленымі ратамі — зусім забыліся, дзе мы і ў чыёй кватэры. Фізік, Антось Сямёнавіч, павітаўся з намі ад парога, да яго адразу падбегла Ядвіся, пацягнула ў пакой пачаставаць пірагом. Было відаць, як настаўнік уразіўся, мабыць, ніяк не чакаў сустрэць у сваім пакоі пах печыва, а не піва ці цыгарэт.
Добры быў дзень, і ён прайшоў.
Здаецца, у наступных здымках былі задзейнічаны не больш за восем чалавек з улікам «тэхперсаналу», аднак прыходзілі зазвычай амаль усе. Бо ж цікава было, як Кастусь і Ігнат «угаворвалі» мяне на бойку са скінхедамі, як я атрымаў у лыч ад «гопнікаў» Міхала і Сержука. Не ведаю, што там за прыёмы прымяніў Ромка, але ў нас была нават «нетрадыцыйная сексуальная арыентацыя» — ролю лесбіянак згадзіліся выконваць Ганна Ягутка і Наста Базан. Ганна — валейбалістка, ёй Наста — пад паху, але сыгралі яны. Прыгожа сыгралі, кранальна было. Карацей, на два тыдні кватэра Антося Сямёнавіча ператварылася ў месца нашай тусы, тусы ўсяго класа, і гэта было крута!
Як і чакалася, Віялета закусіла вусны, адмовілася ад удзелу, з ёй і Віктар Марыноўскі. Яшчэ дзве сяброў Віялеты пазадзіралі насы. І цяпер чацвёрка апынулася ў глыбокім вакууме: з астатнімі з класа не было ў іх тэм для размоў. Бо мы ўсе літаральна жылі фільмам. Прыдумлялі новыя сцэнкі на перапынках, узгаднялі з Ромкам, пераконвалі, а потым яшчэ і крэатывілі на здымках.
— Людзі! Людзі! — неяк заломваў рукі перад пачаткам чарговага вечара Ромка. — Мы ж не дакументальны фільм здымаем! У нас ролік ад трох хвілін — і да! А мы ўжо наздымалі на тры серыі!
— Затое будзе цікава манціраваць, — супакоіла яго Марго. — Супакойся, клёва будзе — гэтулькі кадраў удалых. Падумаеш, не выйграем, дык кожны сабе захавае, такое праз дзесяць гадоў паглядзець — за шчасце будзе.
Зазвычай мы былі ў кватэры адны, іншы раз Антось Сямёнавіч прыходзіў раней, гадзіне а пятай, мы не пераймаліся праз яго прысутнасць. Ён прыпыняўся на парозе пакоя, з цікавасцю назіраў за справамі на «здымачнай пляцоўцы», але ніколі не рабіў нейкіх заўваг. Пару разоў ён прыносіў нам пачастунак: адзін раз — вялізны кавун, другі — невялікі кошык яблык. А завяршалі мы кожны вечар ужо традыцыйна гарбатай з тортам, пірагом ці печывам — адзін раз і я папрасіў маці, каб што-небудзь спякла. Яна ведала пра маю ролю ў фільме і дужа прасіла паказаць.
У той дзень Антось Сямёнавіч прыйшоў як заўсёды, каля шостай вечара, мы ўжо амаль скончылі, дапівалі гарбату, удакладнялі дэталі на заўтрашні дзень. Нам заставалася не так і шмат. Стась заўтра абяцаў прынесці гатовую песню, тэкст якой папярэдне ўжо зверылі. Напісаў Стась вельмі файна, пахваліўся нам Ромка.
У кватэры заставаўся Ромка, Марго, Ядвіся, Міхал (ён быў добраахвотным «чорнарабочым» пры Марго, да таго ж нядрэнна шарыў у відэарэдактарах, абяцаў дапамагчы ў мантажы) і я. Юрась і Уладзя пабеглі раней — ім рыхтавацца да алімпіяд. Антось Сямёнавіч павітаўся, Ядвіся запрасіла яго пачаставацца з намі, ад чаго ён зазвычай не адмаўляўся. Згадзіўся і цяпер, пацікавіўся, як ідуць справы. Тут ажыў яго тэлефон, ён выбачыўся, выйшаў на кухню. Адтуль усхваляваны Антось Сямёнавіч таропка вярнуўся ў вітальню, абуўся, накінуў куртку. Мы не асмельваліся нічога пытаць. Ён неяк ацэньваючы зірнуў на ўсіх нас, пасля кінуў мне:
— Кір, калі можна. мабыць, спатрэбіцца твая дапамога.
— Без пытанняў.
Я стаў нацягваць красоўкі, у вітальню зайшла Ядвіся.
— Нешта здарылася, Антось Сямёнавіч?
Фізік колькі імгненняў маўчаў, а потым, мабыць, прыкінуўшы, калі я буду ведаць, дык будуць ведаць і мае сябры, ціха апавёў:
— У вашай класнай маці. хворая. Здарыўся чарговы прыступ. Яна зачынілася ў кватэры, нікому не адчыняе. Там першы паверх, ды без дапамогі не залезеш. Неабходна адчыніць дзверы.
— Я з вамі!
Антось Сямёнавіч няўцямна паглядзеў на яе, але не запярэчыў.
— Не чакайце нас! — кінула Ядвіся нашым ад парога.
Мы ішлі пешкі, ледзь паспяваючы за фізікам, — ён вёў нас добра знаёмым яму шляхам, нацянькі. Праз хвілін дзесяць былі на месцы — стары пяціпавярховік, такія будаваліся раней спецыяльна ў пяць паверхаў, каб не рабіць ліфтаў. На лаўцы пад кустамі старога чорнага зараз бэзу сядзела жанчына. Ліхтарны слуп быў далёка, сам пад'езд не асвятляўся, таму мы і не адразу пазналі нашу класную. Антось Сямёнавіч скіраваўся проста да яе, мы — следам.
Зіначка ўзнялася нам насустрач, на яе ўпала нязыркае святло з вокнаў кватэр. Яна зрабіла рух наперад, бы хацела прыпасці тварам да грудзей фізіка, але спыніла сябе, пазнаўшы нас, яе вучняў.
— Божачкі, божачкі, я не ведаю, што рабіць, Антось. Не ведаю, зусім не ведаю. — роспачна прашаптала яна.
— Усё будзе нармальна, вунь Кіра зараз падсажу, ён заскочыць.
— Нельга, не заскочыць. Яна зачыніла дзверы на два замкі, зачыніла ўсе форткі, крычала мне з-за дзвярэй, калі раптам нехта палезе ў акно, — падпаліць сябе. Чакай, не перапыняй. Яна знайшла спірт, ды я ж і не хавала асабліва, уколы ёй рабіць штодня, мне ўчора цэлых трыста грамаў перадалі. Я не ведаю, я не ведаю. Добра, няма суседзяў па пляцоўцы, яны ж пагражалі падаць заяву ў міліцыю, маўляў, жывуць у небяспецы.
— Выклічам эмэнэс, яны прыедуць, узламаюць дзверы.
— Нельга, нельга! — Зінаіда Мартынаўна адхілілася, ступіла крок назад. — Калі будзе хоць невялікі вэрхал, пачнецца валтузня перад дзвярыма, — яна чыркне запалкай. Ты ж ведаеш, хворыя не палохаюць, яны папярэджваюць! І я адчула пах спірту, яна дакладна выліла яго на сябе і разліла па пакоях. Божачкі. І дзверы нельга выбіць адначасна, яны ж адчыняюцца вонкі. — тут яна звярнула ўвагу на нас, усміхнулася крыва, выбачліва і папрасіла: — Ідзіце дадому, дзеці, выбачайце.
Ядвіся ж падышла да Зіначкі, кранула яе за рукаво:
— Прабачце. Зінаіда Мартынаўна, даўно гэта з вашай мамай? Калі ласка, проста адказвайце, я вас вельмі прашу!
У яе голасе была сапраўды і адчайная просьба, і нешта пераканаўчае, дарослае, нібыта не дзяўчына пыталася, а дасведчаная доктарка, і класная падпарадкавалася ёй.
— Даўно, восем гадоў. Навошта табе гэта? Ды хай. Апошнія пяць гадоў стан да агрэсіўнага, трымаемся на ўколах. Іх раблю ў пэўны час, а сёння нечакана мяне позна затрымалі. Дала напачатку пігулку, ды не пракантралявала. Яна выплюнула яе. Я выйшла ў краму, вярнулася. І не змагла зайсці.
— А чаму яна не адчыняе? Чаго баіцца?
— Яна? Чаго баяцца такія хворыя — адпраўкі яе ў вар'ятню. Неяк было. даўно, з ёй быў першы прыступ, я перапалохалася, выклікала «хуткую». Яны прыехалі, дужыя хлопцы, звязалі яе. Яна помніць. Такі гвалт нельга забыць. І вось цяпер баіцца. — Зінаіда Мартынаўна казала, бы адчуўшы прывідную надзею ў дакладных, зададзеных роўным голасам пытаннях Ядвісі, а, мажліва, яе гэта збянтэжыла і тым вымусіла паверыць у раней немагчымае, умяшанне яе ж вучаніцы ў яе дарослае, раней схаванае ад усіх, жыццё.
— Вы можаце размаўляць з ёй праз дзверы, яна добра чуе?
— Так, чуе яна выключна, — горка ўсміхнулася, мабыць, успомніўшы нешта сваё, Зіначка.
— Можа, варта выклікаць урача? У цябе ж ёсць знаёмы псіхіятр? — умяшаўся ў размову фізік.
— Не трэба доктара, — нечакана цвёрда запярэчыла Ядвіся. — Як імя вашай мамы, Зінаіда Мартынаўна?
— Лідзія. Лідзія Ігнатаўна. А навошта?... — разгубілася Зіначка.
— Хадземце. Але, калі ласка, паклічце яе да дзвярэй, ласкава паклічце, спакойна, без запалохвання.
— Што ты надумала, Ядзя?
— Нічога, паверце, усё будзе добра, проста паверце.— настойліва паўтарала Ядвіся.
І Зіначка паслухмяна пайшла, набрала код, адчыніла дзверы. Мы зайшлі за ёй у паўцёмны пад'езд, нас абдало густым каціным смуродам. Тут былі дзве кватэры на пляцоўку, я чамусьці адразу вызначыў для сябе: вось гэтыя, абабітыя некалі даўным-даўно вішнёвым дэрмацінам дзверы з зялёным пластыкавым дыванком каля іх і ёсць патрэбныя нам. Да іх і падышла класная, нахілілася крышку і нягучна паклікала:
— Мама!
Адразу ж адтуль, з кватэры, у адказ загучаў пагрозлівы старэчы крык:
— Я чую! Я ўсё чую! Прывяла! Прывяла ўжо сваіх гіцляў! А! Паспрабуйце толькі! Толькі шкрабаніцеся! Чыркну адразу запалкай!
І тут да дзвярэй мякка, бязгучна, бы тая котка, падышла Ядвіся, прыгнулася-прыхінулася да вушака, наблізіла свой твар амаль да самай замочнай шчыліны, і мы пачулі яе хуткі, досыць гучны — каб пачулі за дзвярыма, шэпт:
— Ішлі тры пятніцы да Госпада Бога, няслі яны тры нажы, тры свячы. Нажамі заразалі, свячамі зажыгалі і запякалі, з рабы божай Лідзіі нервы выганялі: з белых касцей, з усіх масцей, з жыл, пажылак, з рук, з ног, з буйнае галавы, з чырвонай крыві, з румянага ліца, з рацівага сэрца, з усяго стану і полустану. І урочныя, і прыгаворныя, і мужчынскія, і жаночыя. Па гэту пару, па раннюю зару. Як гэтай зарэ патухаць, так у рабы божай Лідзіі нервам не бываць. Ні сходам, ні маладзіком, ніякай парой. Дай Божа час добры. Амінь.
Яна прамовіла ўсё хутка, мне здалося, на адным уздыху, а потым паўтарыла яшчэ двойчы гэту малітву, ці як яе яшчэ назваць, не ведаю. За дзвярыма было ціха. Ядвіся прыпынілася, уздыхнула глыбока некалькі разоў і пачала зноў гаварыць, павольней, крышачку нараспеў, рыхтык расказваючы дзіцяці цікавую казку:
— Новым разам, лепшым часам на чатыры бакі пакланюся, памалюся, да Дрэва вярнуся. (гэтыя словы Ядвіся паўтарыла тройчы). Як ад таго Дрэва ішлі тры сястры: жалезная, мядзяная ды залатая. Ішлі тры сястры, неслі ў руках: жалезная — здароўе, мядзяная — спакой, залатая — розум. Ішлі тры сястры, сустрэлі Іллю-прарока ля сіняга мора. Мы, Ілля-прарок, да сваёй сястры Лідзіі ідзём, ёй нясём: жалезная — здароўе, мядзяная — спакой, залатая — розум. Ты, Ілля-прарок, загадай мору расступіцца, дай нам да сястры Лідзіі дайсці...
«Казка» была доўгай, мо хвіліны на тры, Ядвіся казала і казала, захліпаючыся ўздыхамі. І нарэшце закончыла:
— Ад Дрэва самага ішлі тры сястры, жалезная, мядзяная ды залатая, ля дзвярэй зачыненых сталі. Ты, сястра наша, Лідзія, адчыні дзверы, упусці ў хату. Мы нясём табе ад самага Дрэва: жалезная сястра — здароўе, мядзяная — спакой, залатая — розум. Адчыні дзверы, прымі падарункі...
Нейкае імгненне была поўная цішыня, потым шчоўкнуў адзін замок, у замочнай шчыліне з'явіўся ключ і мякка павярнуўся.
— Вы не ідзіце! — махнула мне і фізіку Ядвіся, а сама зайшла ў кватэру разам з Зіначкай.
Мы з Антосем Сямёнавічам выйшлі на вуліцу. Пачаў накрапваць дробны дождж.
— Вось такая фізіка, браце, — незразумела сказаў мне настаўнік, але я нічога не адказаў. Што было адказваць? Сам бачыў і чуў. усю фізіку.
Хвілін праз дзесяць выйшла Ядвіся.
— Антось Сямёнавіч, зайдзіце, вас Зінаіда Мартынаўна кліча, — і на наша маўклівае пытанне адказала амаль весела: — Ды ўсё нармальна, спіць ужо Лідзія Ігнатаўна і доўга спаць будзе.
Мы вярталіся дадому пехатою, хоць у паветры і вісела макрэдзь, а я помніў: Ядвіся не любіць шпацыру ў такое надвор'е, ды яна сама так схацела — сказала, ёй варта быць зараз на вольным паветры. Мы маўчалі, я трымаў Ядвісіну руку, адчуваў у адказ зваротны мяккі поціск яе пальцаў. Было цёпла і хораша.
Ля яе пад'езда спыніліся, і я прамармытаў тое, пра што думалася нашай дарогай праз мокры восеньскі вечар:
— Глядзіш на дарослых і думаеш: у іх усё чыкі-пукі, усё наладжана, ніякіх праблем, то ў нас вось траблы розныя, часам наогул жэсць, гемар ды кіпеш з разборкамі. А тут сутыкаешся...
— Ага, ты яшчэ скажы, што у дарослых і кахання няма, і драм розных, і пасля трыццаці не цалуюцца.
— А цалуюцца?
— І ў шэсцьдзясят, сама бачыла. Ведаеш, што прыкра?
— Ведаю. ну, здагадваюся. Ты ж нашу Зіначку зусім мала ведаеш, а мы колькі ёй нерваў паспелі патрапаць. Не ўяўлялася, што ў яе ёсць такая хворая маці, і яна. вось такая праз гэта, вымушаная так жыць.
— І ўяві яшчэ, у яе ёсць каханы чалавек, з кім магла б атрымацца сям'я, ды яна выбрала маці. Страшна. Наша Зіначка насамрэч вельмі прыгожая і добрая жанчына. Яна б дзетак магла нарадзіць. А Сямёнавіч мог бы быць добрым бацькам. Дык жа вось.
Ядвіся пацепнула плячыма, у мяне дрыгануліся рукі — прыабняць яе, бо ж холадна, але я прамарудзіў, а цяпер было ўжо позна. Яна зазірнула мне ў вочы, усміхнулася, быццам здагадалася пра маё імгненнае жаданне і спытала:
— А ты пад дзвярыма вочы не вылупіў, калі я пачала замову казаць?
— Тое менш за ўсё здзівіла, праўда, — адказаў я. — Адно баяўся: каб толькі ўсё атрымалася. І яшчэ, падумаў, як шмат ты ведаеш на памяць.
— Дзякуй табе. Я сама баялася, ці змагу, першы раз. А веданне. бабуля вучыла, але не так, як мы вершы на памяць вучым, па-іншаму. Веданне само прыходзіць цяпер, калі запатрабуецца. Пакуль!
Ядвіся ледзь-ледзь паціснула мае пальцы, вызваліла сваю руку і пайшла.
Мы здымалі наш фільм да самых канікул, бо Марго прасіла паўтарыць асобныя ракурсы, кадры, буйны план нейкіх момантаў. Ды ўсё некалі заканчваецца. Мы — закончылі фільм.
Стала нечага шкада. У першы ж вечар, калі не трэба было збірацца на кватэры Антося Сямёнавіча, я не мог знайсці сабе месца ў кватэры. Бадзяўся са свайго пакоя на кухню, зазіраў у лядоўню. Мне было сумна. Сумна без Ядвісі. За гэтыя два тыдні я так прызвычаіўся: яна побач да самага вечара, мы бачымся па-за сценамі школы, размаўляем, смяёмся, сустракаемся позіркамі, і я ведаў — то для мяне ў яе вачах успыхвалі такія мілыя празрыстыя цёплыя агеньчыкі. «Усё будзе добра», — не аднойчы гучалі яе словы пад гэты бляск, і я верыў, што так і будзе. Але — як павінна быць?
Маці штовечар была дома. Пасля той сваёй паездкі ў Палангу яна паводзіла сябе са мной больш паважліва, здаецца. Ці я раптоўна падрос, ці яна скінула колькі гадоў. Прызналася, што на два-тры тыдні яе мужчына паехаў у камандзіроўку, і. папрасіла усталяваць у яе тэлефоне Вайбер, паказаць, як ім карыстацца. Усталяваў, паказаў, тое ж няцяжка. А яшчэ з Палангі яна прывезла мне кнігу. Таўсценную! Больш за тысячу дзвесце старонак. Стывен Кінг, «Яно». І сказала, усміхаючыся ніякавата, што гэта не ад яе падарунак — ад мужчыны. Я падзякаваў і, папраўдзе, быў задаволены — даўно збіраўся пачытаць гэты раман.
Запрасіць дадому Ядвісю я не мог. Не тое, каб саромеўся маці, не. Мне хацелася, каб было, як раней: наша самотнасць у кватэры, цукеркі, гарбата, музыка і размовы. Мне столькі ўсяго карцелася запытацца ў Ядвісі! Яна ж — разумная, куды больш разумнейшая за мяне, яна — ведзьма, а значыць, ведае. Шмат ведае.
Як і планавалі, заканчэнне здымак фільма вырашылі адзначаць на Уладзевым лецішчы. Дазвол атрымалі, бацька Уладзі яшчэ і дроў падвёз, ды і надвор'е нечакана ўсталявалася ўдзень цёплае, без дажджа. Кажуць на такое — «бабіна лета». Хай сабе і так, насамрэч днямі было па-летняму цёпла.
На перапынку падышоў Алег, кіўнуў мне моўчкі і пайшоў з класа. Я пайшоў за ім заінтрыгаваны. З Алегам мы не пасябравалі, хоць эпізод, дзе ён граў зэка, паўтаралі тройчы, і нармальна ўсё было, ды Алег усё адно аддаліўся, а я навязвацца не люблю. Таму, па шчырасці, было трошкі трывожна: Алег з-за дробязей не стане выклікаць з класа. Мы спыніліся далей ад школьнага вэрхалу.
— Віялета ў суботу арганізуе ўпіску, ведай.
— Дык чакай. мы ж на лецішча валім да Уладзі!
— Таму і кажу.
— А ты дзе будзеш?
Алег толькі цяпер зірнуў мне ў вочы і сказаў цвёрда:
— Я буду там, дзе мне заплацяць.
— Табе Віялета за што плаціць?
— Не твая справа.
— О'кей, прабач. Колькі плаціць? Ну, я не дзеля цікавасці: калі ты там за ахоўніка, дык жа і на лецішчы галава цвярозая спатрэбіцца. Мо хто разыдзецца ды на дах палезе, ці ў самога дах пасунецца. А ты. ты справу ведаеш. Дык колькі за вечар, кажы, мы падумаем.
Алег завагаўся — я бачыў гэта па тым, як ён не спяшаўся пайсці, бо не траціў час на пустыя размовы.
— На ўпісцы я атрымліваю пяць баксаў за вечар, — сказаў ён нарэшце і тут жа пайшоў прэч.
Спачатку я знайшоў Ромку. Ён быў заняты з Марго — нешта крэслілі на паперы, седзячы за сталом.
Ну, зразумела — пра фільм спрачаліся. Марго і Міхал паабяцалі зрабіць мантаж за час канікул. Можна б было і хутчэй, аднак Міхал загарэўся, навыдумляў розных фішак, кшталту: ляціць у мяне красовак, трапляе ў галаву — бац — выбух! Ці я дзіўлюся ў вочы Ядвісі — і мае зрэнкі ўспыхваюць сэрцайкамі. І мы ўсе пагадзіліся, навошта гнаць, хай крыятывяць. Я гукнуў Ромку — ён адышоў.
— Віялета арганізуе ўпіску ў суботу.
— Вось жа. Той яшчэ гемар. Што рабіць?
— Нічога, думаю. Не дзеці ж усе. Галоўнае мы зрабілі, а тут ужо. на ўсё воля Божая, як кажа бабуля.
— Здаецца, яна мае рацыю. Галовы ва ўсіх на плячах. Шкада адно, калі мяса прападзе, — мы закупілі на пятнаццаць чалавек.
— Фігня, замарозім, некалі яшчэ з'ямо.
Не ведаю, чаму я не пайшоў да Юрася. Здаецца, мы крышку аддаліліся за гэты час адзін ад аднаго, я пра нас траіх — мяне, Юрася і Уладзю. Хоць не скажаш так, насамрэч у нас, у кожнага паасобку, з'явіліся яшчэ нейкія кантакты. Юрась цесна працаваў з Ромкам і Марго падчас здымак, мне пашчасціла закантачыць з большай часткай класа. Уладзя. Ён іграў ролю, канечне ж, батана, сыгралі з аднаго дубля, без праблем. Пасля быў амаль на ўсіх вечарах, дапамагаў з рэквізітам: цягаў шпалеры, фарбаваў сцяну, вырэзваў, падтрымліваў. А яшчэ яго заўсёды дзяўчаты запрашалі, каб дапамог на кухні, калі яны гатавалі частаванне. Камандавалі ім, як хацелі. Ды тое бясспрэчна Уладзю падабалася, бо твар яго не быў ніколі кіслы, ляцеў стрымгалоў, адно пачуе, што клічуць.
— Хвалюешся? — спытаў я яго, калі выйшлі са школы. Мы ішлі крыху наперадзе, за намі — Юрась і Ядвіся.
— Ты пра суботу? Ага, ёсць трошкі. Ну, хочацца, каб норм было, весела, з такімі прыемнымі сюрпрызамі, як у першы дзень.
— Будзе табе сюрпрыз — Настачка спячэ яшчэ які пірог! І асабіста табе ўручыць!
І тут Уладзя пачырванеў. Мне ажно няёмка зрабілася — няўжо я ўгадаў? Ну, прыкмеціў я пару разоў, як Наста звярталася да Уладзі за дапамогай (а больш ні да каго з хлопцаў), бачыў яго ззяючы твар, як нёсся хутчэй на кухню выконваць яе даручэнне. Стала прыкра з-за сваёй бесцырымоннасці, таму я паспяшаўся закрыць тэму:
— Выбачай, тут справа ёсць. Пяць баксаў шукаю.
Уладзя паправіў акуляры на носе, уздыхнуў:
— Я маці і так раскруціў капітальна. Яна то і яшчэ дасць, рада за мяне, вось, з сябрамі на лецішчы збіраемся. Адно перажывае, каб усё як след было.
— Лічы, што пяць баксаў менавіта на гэтыя мэты. У нас будзе прафесійны ахоўнік парадку. Алег Харужы. Не наймаем яго мы — яго наймае Віялета ў гэты ж дзень. Яна ўпіску арганізоўвае, першую ў годзе. А там не твае шашлыкі, там, сам ведаеш, якія прысмакі. І яшчэ. Я не стаў казаць Ромку пра Алега. Той і так патраціў бабла нямерана на гэты фільм. Я і цябе не стаў бы пытаць — ведаю расходы, ды ў мяне галяк поўны: маці дала на шашлык, а больш — не прасіць. У мяне, калі палічыць. тры баксы кішэнныя.
— Ну, дык на два я спытаю! — бадзёра адказаў Уладзя, азірнуўся, дадаў: — А ім казаць нічога не будзем? — ён меў на ўвазе Юрася і Ядвісю.
— Думаю, няварта. Дамо ж рады?
— А то...
Уладзя назаўтра прынёс грошы, я дастаў з заначкі свае. Адкладваў, хацеў запрасіць Ядвісю на які вечар. Па суботах у новай кавярні сталі праводзіць нядрэнныя дыскатэкі, казалі, прыязджае надта круты дзіджэй, сталічны. Давядзецца пачакаць — у маці хутка аванс, яна абяцала. Грошы аддаў маці і папрасіў, каб купіла пяць долараў. Сказаў — трэба, яна больш не распытвала. У чацвер такім жа кіўком, як мяне раней выклікаў сам Алег, паклікаў яго з класа. Працягнуў яму ў пальцах складзеную у некалькі столак банкноту:
— Пяць баксаў. Ад цябе патрабуецца, як я казаў ужо, прыглядваць за гарачымі галовамі, калі яны з'явяцца. Пачастунак — шашлык, напоі — за наш кошт. Калі пажадаеш піва...
— Я не п'ю алкаголь, — адрэзаў Алег, пасунуў руку, перахапіў пальцамі банкноту. — Калі і дзе?
— Збіраемся ля прыпынку «Славянскі», субота, у дванаццаць гадзін. Там аўтобусам пятнаццаць хвілін. Плануем у сем вечара быць дома, каб бацькоў надта не трывожыць.
— Замётана, буду.
І Алег быў. І былі ўсе пятнаццаць з класа, хто так ці іначай спрычыніўся да фільма. Калі ўсе сабраліся на прыпынку за хвілін дзесяць да назначанага часу, я падышоў да Ромкі, і ён па аднаму руху зразумеў, што я хачу, і мы неўпрыкмет моцна стукнуліся сціснутымі кулакамі, не кажучы больш ні слова.
То быў цудоўны дзень! Першая наша агульная вылазка на прыроду і без адзінага старэйшага! Збіраліся разысціся ў сем, дык ледзьве сабраліся ў дзевяць. Пачыналіся канікулы, воля п'яніла. Мяса з'елі б яшчэ столькі, колькі насмажылі. Смажыць, дарэчы, даручана было мне і Уладзю. Ён умеў, а мне давялося вучыцца. З дзяўчынак дапамагала нам Наста Базан, рабіла ўсё весела і шчыра, і я цішком радаваўся за Уладзю — іх узаемная сімпатыя цяпер была такой відавочнай і адначасова такой кранальна-непасрэднай, што яе не толькі я, а ўсе вакол імкнуліся не заўважаць, каб не напужаць, ці што. І ніхто услых не размаўляў пра іх — Уладзю і Настачку, бы табу наклалі на гэту тэму. Але, бачылася, узніклая сімпатыя неяк асабліва ўспрымалася ўсімі, бы маленькае дзіцятка спала сярод нас, і мы мусілі паводзіць сябе так, каб не абудзіць яго дурным словам ці брыдотным крыкам.
Адно мяне асабіста брала прыкрасць — увесь вечар Юрась не адыходзіў ад Ядвісі, быў з ёй побач.
Мы развітваліся з выдатным настроем, я ішоў дахаты, потым мыўся доўга пад душам (вось жа, пракурадыміўся ўвесь), піў гарбату, глядзеў фільм, чытаў, круціўся. і думаў пра Ядвісю. Не, нічога не фантазіраваў, не прыдумляў, проста думаў пра яе. Думаў — і ўсё. Вось калі галодны, дык увесь час думаеш пра тое, як хочацца есці. І я так думаў пра Ядвісю.
Раніцай мне патэлефанаваў Ромка.
— Ты выбачай. Больш нікому казаць не буду, але ты павінен ведаць, папярэдзь. сам ведаеш каго. Мяне ўчора чакалі каля пад'езда. Твар сіні. Маці хацела міліцыю выклікаць, а толку. Здаецца, нічога не зламана. Крыўдна так, сука! Крыўдна, ажно да слёз, што здачы нельга даць.
Не люблю я сацыяльныя сеткі, не люблю эсэмэскі! Таму патэлефанаваў Ядвісі, сказаў: тэрміновая размова. Яна запрасіла дадому, бо гатавала абед.
Я расказаў усё пачутае ад Ромкі. Ядвіся маўчала, прыкусіўшы вусны, памешвала і памешвала лыжкай сваё варыва. Потым выключыла газ, пабегла ў пакой, пераапранулася, палезла ў глыбіню шафікаў, корпалася, збірала нейкае сушанае зелле.
— Хадзем!
Ромкавы вочы амаль заплылі, ліловая пухліна на шчацэ выродліва скрыўляла твар. Ён хацеў выглядаць бадзёра, але трохі саромеўся Ядвісі. Тая па-гаспадарску прайшла на кухню, нейкі час бавілася там з Ромкавай маці, тады прыйшла да нас са слоікам з вадкасцю светла-рудога колеру.
— Гэта адвар. Зараз маці прынясе ватныя кружэлкі, будзем змочваць і прыкладаць. Як астыне, маці падагрэе. Трымай на твары, пакуль не ахалодае, будзе надта горача напачатку — трывай.
І потым мачыла тыя кружэлкі ў адвары, прыкладвала на Ромкавы вочы, шчаку, нешта ціха нашэптвала пра сябе.
Ромка набраў мяне ўвечары.
— Слухай, цуд нейкі! На твары пухлін няма, адно сінякі трохі свецяць! І боль сышоў. Я Ядвісі тэлю, яна не падымае нешта.
— Дык выдатна, — пастараўся адказаць я весела. — А Ядвісю Юрась запрасіў у кафэшку. там тлумна, яна, мабыць, не чуе. Ці, можа, танчаць.
Я раптам пазайздросціў Ромку — мне хацелася зараз ляжаць збітым невядомымі і адчуваць які сапраўдны фізічны боль, а не трываць унутры скавытанне пачуцця сваёй непатрэбнасці.
8
На вялікім экране пабеглі цітры. Так, Марго з Міхалам і цітры зрабілі — нашы невялікія здымкі падчас фільма і ў звычайным, так мовіць, ракурсе, без грыму і пераапранання, побач — імёны, прозвішчы. Гэтак самавіта глядзелася. Мы сядзелі, працятыя ўсе адным магутным электраполем, — і дыхалі ці не ва ўнісон, і цяпер вось у поўнай наэлектрызаванай цішыні елі вачыма завуча, Наталлю Іванаўну. Ромка стрымаў слова — запрасіў яе і Зінаіду Мартынаўну на першы прагляд. І для ўсіх, акрамя яго самога, Марго і Міхала, гэта быў менавіта першы прагляд — як ні ўгаворвалі мы Ромку паказаць фільм раней, ён не згадзіўся:
— Усё вельмі проста. Альбо ты прызвычайваешся трымаць слова і трымаеш яго заўсёдна, альбо ты трапло і распішыся ў гэтым. Не прасіце...
І трэба было бачыць, як яны, трое, хваляваліся. Ромку дык проста трэсла, рукі дрыжалі, нібы ў алкаголіка, калі схапіў мышку — не мог патрапіць на патрэбны значок.
Мы не бачылі твараў Таццяны Іванаўны і Зінаіды Мартынаўны — яны селі за першым сталом. А па спінах хіба адгадаеш?
.Экран стаў чорным, потым пакрысе скрозь чарнату прабівалася барвовае — узыходзіла сонца, і яно сапраўды з'явілася, праявіўся краявід: рэчка, туман і вялізнае, на палову экрана, зусім нязыркае, сонечнае кола, выява якога падрыгвала ў паветраных струменях. І ў гэты час, заціхаючы, ужо без музыкі, гучаў голас Стася, паўтараліся першыя радкі яго вялікага верша:
— Я шукаў твае вочы сярод тысяч пустых вачэй,
Я ведаў, што знайду, бо толькі яны свецяць праз час і прастору.
Сярод шэрых дзён, сярод гэткіх жа шэрых, без зорак, начэй
Твае вочы свяцілі мне, твае вочы мне замянялі зоры.
Я шукаў твае вочы сярод тысяч пустых.
Я шукаў твае вочы.
Я шукаў.
Фільм скончыўся — аніводнага гуку. І не спяшалася Наталля Іванаўна, і не ўставала з месца Зіначка. І маўчалі мы.
Нарэшце завуч паднялася з крэсла, павярнулася да нас, і нельга было не заўважыць яе вільготныя вочы. Яна ўсміхалася і адначасова стрымлівала ўсмешку, стрымлівала сябе.
— Бачу, маю параду адносна таго, як і што абіраць, вы успрынялі ў найпростым сэнсе. Ваша права. Праца вельмі грунтоўная. Увасабленне выдатнае! Ніякіх пытанняў — фільм прымаецца на конкурс! — І дадала пранікнёна: — Вы малайцы, дзякуй за цудоўнае эстэтычнае задавальненне.
І выбухнула! Наўрад ці яшчэ некалі ў класе мы раўлі з такой сілай, не маючы больш магчымасці стрымаць свае эмоцыі, бо ж самі, самі былі не проста ўражаныя, а ашалелыя ад фільма. Абедзве жанчыны — завуч і класная — затулілі вушы рукамі. Усе кінуліся да Ромкі і Марго з Міхалам, але каго падкідаць угару першым, не паспелі вырашыць, і завуч паспяшалася крышку навесці парадак:
— Не-не, не падкідвайце нікога! Яшчэ забудзеце злавіць. Макар, калі ласка, перадасі фільм старшыні аргкамітэта, прыём работ са снежня, і каб, барані Божа, ніякіх копій у сеціве да афіцыйнага падвядзення вынікаў. Я вам зычу перамогі!
На другі дзень да нас з Ядвісяй падышоў Ромка, нахіліўся над сталом:
— Слухайце. Ядзя, у цябе ніякіх траблаў не здарылася? Ну, у сэнсе, кшталту як са мной пасля лецішча?
— Ды не, усё ціха, — паціснула плячыма Ядвіся. — Сама трошкі дзіўлюся, бо чакала нечага падобнага.
— Мо адумаліся, — задумліва сказаў Ромка і працягнуў: — Учора Віялета напісала мне ў «УКантакце» просьбу аб дапамозе. Напрыканцы месяца — гарадскі восеньскі баль для школьнікаў, ну, штогадовы, конкурс прыгажосці «Міс Восень». Віялета будзе удзельнічаць ад нашай школы. Наколькі я ведаю, яна фаварытка, так усе шэпчуцца, бо галоўны спонсар свята — фірма яе бацькі. Патрабуецца невялікі выступ, каб паказаць там талент, бліснуць і ўразіць. Карацей, скрэатывіць па поўнай. Вось і просіць прыдумаць ёй нумар. Дарэчы, абяцала заплаціць.
—Дык зарабляй грошы,—хмыкнуў я.—Раней нас прасіў нешта прыдумаць, бач, сам напрактыкаваўся.
— Ага, адаб'еш хоць колькі, — падтрымала Ядвіся. — Не трымай зла, пагатоў, дакладна ж невядома, хто тых гопнікаў на цябе нацкаваў.
— Ды я вось таксама схільны да таго, — згадзіўся Ромка. — Прыдумаю нешта. Яно і праўда, гэтулькі ідэй пасля ў галаву прыходзіла, як здымалі, зараз думкі скіраваныя, куды трэба...
Ён і прыдумаў: ажно тры невялікія сцэнкі, сапраўды, крэатыўныя. Мы пачыталі — цікава, галоўнае — не зашоранае і не сцягнутае з Камедзі-клаб.
Незразумелая трывога з'явілася назаўтра. Ромка, як заўсёды, у сваім чорным гарнітуры, светлай кашулі пад гальштукам зайшоў у клас, і яго першай голасна прывітала Віялета:
— Ромачка, дарагі, вітаю! Я так чакаю! Ты прынёс мне, пра што мы дамаўляліся?
— Так, мілэдзі, уключы блютуз, я скіну файл, — Ромка падышоў да яе і пачаў корпацца ў сваім тэлефоне.
— О, які ты прыгажунчык! — здаецца, шчыра зарадавалася Віялета і дастала свой тэлефон. — Трымай, як дамаўляліся, — і яна пасунула па стале канверт.
Ромка пачырванеў.
— Я перадумаў, — буркнуў ён, хацеў адысці ад стала, не кранаючыся канверта, але Віялета настойліва паўтарыла:
— Трымай, а то ты мяне пакрыўдзіш! Я ведаю кошт часу, я прывучаная за ўсё плаціць, тут няма нічога крыўднага, калі ласка, вазьмі! За мяне перажываюць мае бацькі, ты ж ведаеш.
І Ромка ўзяў грошы, а што яшчэ магло быць там?
Навошта Віялета так дэманстратыўна разлічылася з Ромкам за паслугу? Пытанне не давала мне спакою ўвесь дзень. І вось, далібог, злавесна прагучалі яе, здавалася б, зусім бяскрыўдныя словы: «Я прывучаная за ўсё плаціць». Падзяліўся трывожным пачуццём з Ядвісяй. Яна паціснула плячыма: хто ведае, што ў галаве гэтай дзеўкі.
— Яся. Хачу паразмаўляць, — няўклюдна прызнаўся я пра жаданне сустрэцца.
— У чым праблемы? Запрашай на каву з малаком! Можна і без цукерак, — пажартавала яна ў адказ.
— Маці дома.
— Не разумею, ты ж, здаецца, навучыўся сустракаць дзяўчат, вызначыўся з месцам і сервіраваннем, нават як і кухня занятая, — працягвала яна блазнаваць.
— Тут трошкі іншае. Разумееш, пра маці і хачу спытаць. А як буду пра яе пытаць, калі яна — у кватэры. Неяк. непрыгожа, — прызнаўся я.
— У цябе з маці пытанні? — пасур'ёзнела Ядвіся. — Хадзем пасля школы па вялікім крузе, праз старыя прысады. Добра?
— Добра.
Я зманіў. Не так ужо і хвалявала пытанне пра маці, хоць, чаго хаваць, мучыла яно маленькім чарвячком, не адпускала. Ніяк не выходзілі з галавы колішнія словы пра яе адналюбства. А цяпер. Яна штовечар звязвалася са сваім мужчынам у Вайберы — я чуў, як яны размаўлялі па відэа (таксама ёй паказаў, бо па тэлефоне не надта паразмаўляеш — ён, мужчына, быў у Расіі), чуў, як іншым разам на кухонным стале ціха пазвоньвае яе тэлефон, паведамляючы пра новае паведамленне ў Вайберы. І аднойчы маці мне дала зразумець: яна рэальна можа выйсці замуж, калі сказала: у мяне можа з'явіцца магчымасць жыць цалкам самастойным жыццём, а яна пойдзе да свайго мужчыны. Апошняе дык і напалохала. Зрэшты, было б страшней, каб яна папярэдзіла пра магчымы прыход чужога ў нашу кватэру. Хай тры пакоі, і мая асабістая прастора наўрад ці будзе парушана, але ж. Як жыць з чужым чалавекам? Ды яшчэ ведаць, што ён спіць з тваёй маці у суседнім пакоі за тонкай сценкай?
Пра ўсё гэта я і расказваў Ядвісе, калі мы выйшлі са школы, выбачыліся перад Юрасём і Уладзем і скіраваліся ў іншы бок. Уладзя ўсміхнуўся на развітанне, падбадзёрыў, а вось Юрась. Не, мы з ім, папраўдзе, усё больш аддаляліся. Я ўжо не пытаў яго пра розныя траблы ў жыцці — мы з Ядвісяй пра многае паспявалі перамовіцца на ўроках і перапынках. Юрась не дзяліўся з намі сваімі новымі матэматычнымі гіпотэзамі, нібыта страціў цікавасць да сваёй улюбёнай матэматыкі. Ідучы ў школу, мы зазвычай маўчалі ці казалі розную лухту, пакуль не падыходзіла Ядвіся, — мы змянілі маршрут і цяпер штораніцы спачатку ішлі да яе дома, а адтуль ўжо ў школу. Не, Юрась не стаў іншым, хутчэй я перастаў бачыць у ім свайго аўтарытэтнага таварыша, якому раней зазіраў у рот пры кожнай нагодзе. Мне было прыкра. Але я ведаў, як спатрэбіцца, то давяду сваё сяброўства. Мабыць, мы трошкі падраслі, і цяпер нам зусім неабавязкова, як дзяўчынкам, трымацца ўвесь час побач, каб ведаць, што мы — сябры? Вунь жа і Уладзя на перапынках, па вечарах больш тусуецца не з намі, а з Настачкай. Ён такі цікавы цяпер. Бы знайшоў нешта такое ж крохкае і дарагое, як Шліман тую вазу траянскую, трымае яе ў руках, нясе асцярожна-асцярожна, каб не выпусціць з рук, але каб і не сціскаць моцна. Мы не пацвельваем з яго, як раней, калі ён быў закаханы ў Віялету. Юрась неяк сказаў, што Уладзя належыць да таго кшталту людзей, якім так важна быць патрэбным некаму тут і цяпер, мець свой аб'ект абажання і клопату. Не люблю я гэтых розных тлумачэнняў, няўжо нельга прыняць пачуцці чалавека як ёсць, без падзелу іх на складнікі, без выяўлення прычын?
Але спачатку я апавёў пра маці. Ядвіся маўчала колькі крокаў. Мы акурат ішлі старымі прысадамі, ёсць у нас у горадзе адны такія — цудоўна там, асабліва восенню. Ну, мне цудоўна, Ядвісю дык, бачна, прысады не надта ўражвалі. Але ж яна — лелька, матылёк вясновы.Тут бярозы з аднаго боку, клёны — з другога. То лісця гэтак насыпае! Як няма дажджу, яно шоргае пад нагамі, узлятае, вось як цяпер. Тратуар тут нечакана шырокі, увесь жоўта-чырвоны.
— Вы, хлопцы, думаеце. думкі ў вас, бы гэтыя прысады, — прамыя і роўныя. Вам каб усё было проста і па пальчыках пералічыць, — нечакана з засмучэннем сказала Ядвіся.
— А як думаць? — шчыра здзівіўся я.
— Як? — дзяўчына пакруціла галавой па баках, здаецца, нешта знайшла для сябе, бо ўсміхнулася, спынілася ля бярозы. — Бачыш бярозу?
— Ну, не сляпы.
— Дык глядзі, колькі сучча тоўстага, колькі галін — і ўсе з аднаго камля! Разумееш, я да чаго? Ад аднаго камля да любой галінкі патрапіць можна, а з кожнай галінкі — да аднаго камля!
— І што? — не разумеў я.
— А тое! У нечым адным можа быць сотня прычын!
— Я і без цябе ведаю, — захацелася пакрыўдзіцца мне: я не дурань, каб такіх простых рэчаў не ведаць.
— А калі так, то скажы: як твая маці казала, што адналюбка, каго мела на ўвазе?
— Дык жа. замужам яна была.
— А ты не думаў пра тое, што цяперашні яе мужчына і ёсць той, каго твая маці кахала ўсё жыццё? А замуж не пайшла за яго — дык сотні прычын бываюць! Ну? Уключы фантазію!
Я разгубіўся, ашаломлена паглядзеў на Ядвісю. І насамрэч маці ж не казала, што яна адналюбка ў дачыненні да бацькі! А чаму тады раней яна не магла быць з гэтым мужчынам? Вунь жа колькі часу прамінула, як бацька прызнаны невядома дзе адсутным?
— Чаму, чаму. А як у яго — сям'я, тваёй маці лезці ды разбіваць яе?
— А цяпер?
— А цяпер ідзі да д'ябла, Кір. Адкуль я ведаю, як насамрэч? Хочаш, дык пытайся, але — яно табе трэба?
— Мабыць, не, — згадзіўся я ў задуменні. — Вось жа, дарослыя людзі, а не могуць уладкаваць свае справы.
— Ну-ну, уладкавальнік, паглядзім, як ты сваім дасі рады, — нязлосна пакпіла Ядвіся.