— Так, сябры, засталося чатыры дні. Калі ласка, давайце прыдумляйце, каб наш клас быў не горшы за іншыя. Вы паказалі сваё майстэрства крэатыву, таму я чакаю.

І пайшла. У яе ж не адны мы, уся школа — тут не да агульнай распрацоўкі канцэпцыі, як кажа Ромка. Ён падышоў да мяне:

— А давай здзівім!

— Я заняты, праўда, Ромка. Справа з'явілася.

— Нарадзі ідэю!

— Я табе не жанчына.

— Ну, Кір, будзь чалавекам!

— Слухай, Ромка. Навошта? Які сэнс?

— Не хачу рабіць фігні, ты ж ведаеш! — і раздумліва, сур'ёзна дадаў: — Сапраўднае людзей яднае, а як абы з рук, дык потым разбегчыся хочацца ў розныя бакі і вочы іншых не бачыць. Ты ж сам адчуваеш — у класе зусім не так пасля здымак.

— Дык што ты хочаш?

— Халера ведае. Вось каб сапраўды нешта такое: ішоў чалавек паўз школу, зірнуў на нашы вокны і ўсміхнуўся, хоць крышачку яму пацяплела.

— Пацяплела?

Я знайшоў вачыма Ядвісю. Яна стаяла адна, ля акна, абхапіўшы сябе рукамі. Як жа захацелася падысці да яе, сказаць ціха і ўпэўнена: «Неўзабаве будзе вясна. І лелькі ажывуць.»

— Неўзабаве будзе вясна.

— Што? — Ромка адхіснуўся ў здзіўленні.

— Што чуў. Хутка вясна, патрывайце, людзі! — упэўнена паўтарыў я, і раптоўная карцінка склалася: — На ўсе тры акны робім з каляровай паперы краявід: зялёны луг, сіняя рэчка, блакітнае неба. Дзяўчына ў лёгкай чырвонай сукенцы выпускае з далоняў віхур ружовых і жоўтых матылёў. І словы: «Трывайце, людзі! Вясна хутка!»

Ромка раскрыў рот, заміргаў вачыма.

— Слухай, а гэта ж. гэта ж крута! А! Насамрэч кожны спыніцца! І ўсміхнецца! Пайшоў збіраць банду! Пасля ўрокаў застаемся на паўгадзіны?

— Ідзе... Стой! — імгненная думка пранеслася і прымусіла сэрца забіцца.

— Што? — Ромка нават спалохаўся майго рэзкага воклічу.

— Слухай. Я цябе папрашу: не напружвай Ядвісю. Ну. давай мы без яе.

— Не разумею, — Ромка глядзеў з жалем. — Досыць табе. Калі разам, ты ж ведаеш, дык.

— Ромка. тут іншае. Ты потым сам пабачыш, — і я ўсміхнуўся, не змог утрымаць радасць ад уяўлення таго, як аднойчы Ядвіся пабачыць наш «пейзаж», як знерухомее і будзе дзівіцца на матылькоў. — І галоўнае: не я, а ты прыдумаў. І кропка! Абяцай.

— Ат, добра! — Ромка хай і не зразумеў, але ўсміхнуўся ў адказ. — Я табе веру. Калі гэтак лепей

— гэтак і зробім.

Пасля заняткаў у класе па просьбе Ромкі засталіся васьмёра, калі лічыць са мной. Ромка патлумачыў: вялікі кагал збіраць не варта, мітусня будзе. І выклаў ідэю. На яго спачатку глядзелі, як на ідыёта, і пачалі ржаць. Урэшце, паспрачаліся — а дзе ж тут Новы год, і вырашылі сло­вы напісаць так: «Трывайце, людзі! Вясна (тут лічба наступнага года) хутка!». Саму лічбу робім вялікай — правіла выканана. Я прапанаваў зрабіць наш краявід двухбаковым — каб і з класа можна было бачыць не белую паперу, а таксама колер. Ну, працы шмат, затое ж і нам весялей! Пагадзіліся. А рабіць з простай каляровай паперы, якая сшыткамі прадаецца. Будзем клеіць на шкло чатырохкутнікамі, недзе падрэзаў — і склаўся малюнак. А яшчэ вырашылі зрабіць сапраўдную падсветку — каб у цёмны час быў відаць малюнак. І лямпачкі купіць адмысловыя, на халеру тыя гірлянды. Распачаць вырашылі пазаўтра — дзень на падрыхтоўку, ды і Міхал папрасіў: яму самую складаную карцінку рабіць — дзяўчыну, то трэба ж знайсці выяву, на нечым вялікім намаляваць, трафарэт зрабіць.

...Мы працавалі ў той дзень пасля заняткаў чатыры гадзіны. Ужо добра сцямнела, у класе было холадна — адчынялі вокны, каб замацаваць лямпачкі падсветкі, вывесці правады унутр. Мы не змаўляючыся ўсе адышлі да процілеглай сцяны. Стаялі і моўчкі глядзелі. Атрымалася. Было неяк цёпла ад нашага «трыпціха». Свой «лозунг» мы таксама напісалі двойчы, каб чыталіся словы і з кла­са.

— Файна выйшла — парушыла маўчанне стараста Света Шурко. — Каб толькі не прымусілі заўтра ўсё зняць, — і патлумачыла: — Дзеда Мароза няма, Снягуркі не відаць.

— Затое сёння людзі падзівяцца! — бестурботна гукнуў Ромка. — Захочуць яны — будзе Дзед Мароз, я сам намалюю тады. Вакульчык, урубай падсветку! Гасіце святло!

У класе запанавала цемра. А мы залезлі на сталы і праз вольныя ад нашага «краявіду» месцы ў шыбінах пачалі цікаваць за мінакамі.Спынілася пара — мужчына і жанчына. Мы не бачылі іх твараў, але яны глядзелі на нашы вокны. Яшчэ спыніліся дзве дзяўчыны, і яны павярнулі галовы. І потым — яшчэ. А нам было радасна. Мы зрабілі для гэтых мінакоў нешта незвычайна прыемнае! Пасля і самі, калі выйшлі са шко­лы, стаялі і разглядалі тое, што было колькі гадзін таму звычайнымі каляровымі лісткамі. Здалёк «краявід» наш глядзеўся як адно цэлае, на фоне іншых вокнаў са сняжынкамі, снежнымі бабамі і Дзедамі Марозамі, вокны нашага класа выглядалі сапраўднай карцінай — вясёлай, сонечнай, нечым незвычайна кранальнай: з рук дзяўчыны ўспырхвалі, ляцелі праз усе вокны залатыя, ружовыя матылі. І выява наступнага года чыталася нармалёва. Ну, абазначылі ж мы Новы год?

Назаўтра ў школе і тут, і там было чуваць: «Мацуйся, дружа! Вясна неўзабаве!». Я ішоў у клас разам з Уладзем, а ён не змаўкаў, узбуджана-вясёлы тараторыў:

— Вось дык маеш! Крута мы прыдумалі! Усім так цікава! Хоць нешта незвычайнае. Як ты думаеш, дырэктарка не прымусіць зняць?

— Яна, мабыць, ужо у класе, і Ромка стаіць перад ёй навыцяжку, — усміхнуўся я, а сам адчуваў здранцвенне ўнутры. Ядвіся. Як яна адрэагавала?

Ромка насамрэч стаяў амаль што навыцяжку, але не перад дырэктаркай — перад Ядвісяй. Ён зірнуў на нас, позірк быў жаласлівы і дакорлівы: «І як мне цяпер выкручвацца?» — чыталася ў яго вачах. Ядвіся перахапіла позірк Ромкі, павярнулася.

Я адвёў вочы.

Яна нічога ні ў мяне, ні ва Уладзі не запыталася. І калі села за стол ззаду нас, пачала размаўляць з Юрасём. Дакладней, загаварыў Юрась:

— Дзіцячы сад, далібог, — хмыкнуў ён гучна, канечне ж, у разліку, каб пачулі мы. — Хацелася марнаваць час.

— Табе не спадабалася? — з лёгкім выклікам спытала Ядвіся.

— Ды норм, — замяўся Юрась. — Не разумею сэнсу гэтага дзяцінства. Сказалі зрабіць — рабі, як усе. Абавязкова каб вытыркнуцца, пахваліцца сваёй дасціпнасцю, крэатывам гэтым.

— А можа, проста зрабіць некаму прыемнае, — без пытання адказала Ядвіся, як ставіла кропку ў іх кароткім дыялогу.

І тут у клас зайшла Наталля Іванаўна.

Вось жа твар у яе — ну ніяк не вызначыш, што за настрой. Гэтак умее скласці вусны — ці то сапраўды ўсмешка, ці то насмешка, ці то ўхмылка. Падхапіліся, павіталіся. А яна прыпынілася на парозе, і вось тут не атрымалася ў яе схаваць пачуцці! — уражаная глядзела на «пейзаж». Мабыць, ніяк не чакала, што ён будзе і знутры такі ж, як і звонку. І цяпер ужо усміхнулася сапраўднай светлай усмешкай, падышла да стала.

— Не думаю, што вы зоймеце першае месца, — кіўнула яна на вокны. — Але ў настаўніцкай сёння пануе вясёлы настрой, адно размоў пра вашы вокны. Ніяк не чакала, што вы звернецеся не толькі да тых, хто на вуліцы, але і да тых, хто ў клас будзе заходзіць. Што ж, незвычайна. Трошкі не па тэме, але ж цёпла і радасна. Малайцы, дзякуй! Сёння ўсе тут, Святлана? — запытала яна старасту, пачула станоўчы адказ, пайшла да дзвярэй.

І ўжо ля іх азірнулася, не утрымалася, мабыць, і дадала:

— Мне ўчора ўвечары патэлефанавалі. Кажуць, паўгорада сабралася перад вашай школай — там такое ў акне напісана! Мусіла ехаць. І сапраўды, дзясятка паўтара чалавек сабралася — хто падыходзіў, хто адыходзіў. Глядзелі, чыталі ўголас, усміхаліся і смяяліся. І, вось шчыра прызнаюся, мне было вельмі прыемна стаяць збоку, нікім не угаданай, нібыта выпадковай жанчынай, і ведаць, што я — завуч гэтай школы, што мае вучні штукавалі. Здагадваюся, чыя ідэя.

І Наталля Іванаўна паглядзела на мяне. І за ёй — усе. Я не паспеў запярэчыць — завуч выйшла.

На першым перапынку падышла Алеся, паэтка. Без кроплі сарамлівасці, як яна мне сястра, схапіла за рукаў, пацягнула ўбок.

— Як вы крута прыдумалі! Я пра гэта нататку ў маладзёжку ўжо напісала, ёсць такая газета. І сфоткала. Слухай, ты так усё выдумляць мастак!

— Ат, Алеся, давай па справе, чаго прыйшла?

— А я яшчэ апавяданне напісала. Пачытай?

— Слухай, — пачаў заводзіцца я. — Чаму ты вырашыла, што я — майстар чытання?

— Ну, не злуйся, — адчула мой настрой Алеся. — Не хочаш падказваць — не падказвай. Тады хоць сам напішы!

— Я? — вылупіў я вочы.

— У цябе, я ведаю, атрымаецца!

— Ну, ты даеш... Давай сваё апавяданне, — абы адчапіцца ад паэткі, загадаў я.

— Пасля заняткаў! Дзякуй табе. Ты — цудоўны! — агаламошыла мяне чарговым кампліментам Алеся.

А ў маёй галаве пульсавалі, білі ў скроні яе словы: «У цябе атрымаецца». І я зразумеў, што мне трэба рабіць: напісаць апавяданне, ці як там яно завецца. Карацей, гісторыю. Пра тое, як нарадзілася Ядвіся. І даць пачытаць яе бацьку — нашаму знойдзенаму паэту.


12


Тры дні я пісаў. Ніяк не чакаў, калі ўсаджваўся за комп, што так нечакана лёгка пачнуць складвацца словы ў сказы, тыя — у абзацы, а абзацы — у старонкі. Пісаў, не вяртаючыся, не перачытваючы набранае, бо баяўся спыніцца, згубіць думку, якая з'яўлялася за занатаванай. Я пісаў і міжволі думаў пра тое, што я не пішу — запісваю адно ўзніклае ў галаве раней: калі сядзеў на занятках, ішоў дахаты, еў, пыласосіў дыван і дыванкі ў кватэры, размаўляў з маці, адказваў Ромку і Уладзю па тэлефоне, клаўся спаць.

Што праўда, дык іншы раз так ступарыла, бы ў галаве раптоўна знікалі ўсе словы! Аж страшна рабілася. Сядзеў, тупа вылупіўшы вочы ў манітор. Перачытваў напісанае ад пачатку, яшчэ і яшчэ раз. і нешта зрушвалася з месца.

Скуль мне было ведаць, як пісаць тыя апавяданні? Таму пісаў усё, што змог уявіць з Ядвісінага аповеду і навыдумляць сам. Вёсачку, у якой жыла Ядвісіна маці, мы бачылі адно здалёк, але я прыдумаў-прымроіў яе — з шырокай вуліцай, дзе ад дарогі ўзнімаюцца да хат абкошаныя лужкі, з велічэзнымі разлапістымі ліпамі ля платоў, з беластволымі бярозамі, што нікнуць сваімі доўгімі хвосткімі галінамі долу, з шапоткімі клёнамі, у якіх на пачатку лета зумкаюць хрушчы, а ўвосень лісце чырвона-мядзяным колам укрывае зямлю вакол. Я бачыў у сваім уяўленні невялікую, але ахайную хату, дзе на падлозе — саматканыя выцертыя-вылінялыя ходнікі, у якіх роўныя паскі не дарэшты страцілі свае колеры, вялікую печ пры ўваходзе і абраз у куце, такі стары, што намаляваны твар святога ледзь угадваецца дасведчаным чалавекам. І лёгкія дубальтовыя дзверы ў другі пакой, якія яшчэ занавешаны нечым кшталту сённяшняга цюлю, з простых нітак. І там, на да жоўтага вымытай падлозе такія самыя саматканыя ходнікі, але куды акуратнейшыя, зыркіх колераў, святочна-чысцюткія, нядаўна пакладзеныя, бо чакаюць госцевых ног.

Мне мроіўся восеньскі лес, амаль утравелая дарога, якая пятляла між цёмна-рудых хвой, дзе зямля была ўслана сівой ігліцай між рэдкімі купкамі паніклай жоўтай травы. Гэтай дарогай ішла жанчына, нетаропка, кранаючы рукой некаторыя хвоі, як вітаючыся з імі. Яна была. Яна была невысокая, статная, са спіны — амаль што вучаніца-выпускніца, у чырвоным.... Так, у чырвоным дэмісезонным паліто, чорных боціках... Яе густыя чорныя валасы, што злёгку віліся, падалі ёй на спіну і плечы жывой бліскучай хваляй, якая адгукалася на кожны рух і крок жанчыны. Мужчына ішоў у колькіх кроках ззаду, не зводзячы позірку з гэтай постаці, што жывым трапяткім языком по­лымя асвятляла лес. Замілаванасць на яго твары іншым разам раптоўна змянялася кароткім спалохам адчаю у вачах, пакутлівым роздумам. Але ўсяго на імгненне... Я бачыў і апісваў, як спачатку палохаюцца яны, зразумеўшы, што на чарговым раздарожжы павярнулі не ў той бок і цяпер не паспее мужчына ў час на аўтобус, як абое сцішана, крадком адно ад аднаго, каб не спужаць сваё шчасце, радуюцца гэтай неспадзяванцы: у іх будзе яшчэ такі доўгі вечар у цёплай хаце з жоўтай падлогай, засцеленай святочнымі ходнікамі. Я апісваў іх вячэру, не прамінуў той момант, калі жан­чына клікнула мужчыну, каб дапамог адкрыць слоік, і цішком накропіла яму ў чарку з самаробным, са свайго вінаграду, віном колькі кропелек зялёнага зелля.

Мне бачыўся ранак расстання, як усміхалася і смяялася ўголас жанчына, праводзячы мужчыну са свайго парога, штурхала ласкава ў плечы: «Бяжы! Зноў спознішся!», а з вачэй у яе цяклі і цяклі слёзы, а ён разгублена мармытаў нешта пра свой доўг, абвязак і сумленне...

Адзінае, што не мог я ўявіць, не мог апісаць — сямейнае жыццё мужчыны. Таму пісаў адно пра тое, як стаў ён вядомым паэтам, як пачалі выходзіць яго кніжкі. І як аднойчы ўначы ці то прыснілася яму, ці то згадалася тая жанчына, і з тым першым успамінам прыйшло асцярожнае, кволае разуменне, што нечага ён не памятае, нешта засціла і засціць дагэтуль куточак памяці, дзе схаваны адзін з самых светлых і дарагіх яму момантаў. Год за годам ішоў, і пакрысе слабла заслона бяспамяцтва, і ў нейкі дзень вырашыў мужчына, што ён ці не вар'ят, бо гатовы быў паклясціся сам сабе: не прымроіў, не прысніў; насамрэч было: першая і апошняя іх ноч у цёплай хаце з квяцістымі ходнікамі, дзе маятнік старога гадзінніка лёгка і амаль бязгучна гойдаўся, адлічваючы іх апошнія хвіліны разам, а вочы намаляванага ката згары зіркалі то ў бок ложка іх спатольнага кахання, то ў бок сашчэпленых клямкай палавінак дзвярэй.

Я апісваў яго адчайны крок: ён сарваўся аднойчы з месца, знайшоў добрую падставу — выйшаў чарговы зборнік яго вершаў, і павёз яго туды, на сваё першае месца працы, каб сустрэць сваіх настаўнікаў, аддзячыць ім, а насамрэч толькі на дзесяць хвілін прыпыніўся ў рэдакцыі раёнкі, а пасля паімчаў у тую вёсачку... І сустрэлі яго два маўклівыя рады самотных ліп, бяроз і клёнаў, здзічэлыя яблыні ў садах, густыя зараснікі бэзу і язміну замест платоў. Не было ніводнай хаты.

А ў гэты час у далёкім ад мужчыны горадзе па тратуары, што бялеў ад ранішняй шэрані, хутаючыся ў хустку, ішла ў школу дзяўчына, нечым няўлоўна так падобная да яго. А ў невядомай мужчы­ну кватэры ўвечары жанчына яго веку заварвала сабе гарбату, прысаджвалася з кубкам у вялікім пакоі, уключала тэлевізар. Але не дзівілася на светлавыя пырскі з экрана, прыглушвала да ледзь ціхага гук і успамінала-згадвала маладога журналіста з раённай газеты, які паслухмяна крочыў за ёй следам у тым дзіўным восеньскім лесе, які не змог схаваць радасці ў вачах, калі даведаўся, што спазніўся і наканавана яму начаваць у яе доме. Які быў самы жаданы, блізкі і любы ў той вечар і ўсе гады пазней... Асцярожна прыадчыніць дзверы яе дарослая дачушка-дзесяцікласніца, незласліва папракне матулю: «Зноў гарбата ахалодала... Давай новай запару», а яна ўсміхнецца ласкава ёй, будзе глядзець на родны твар і бачыць у ім рысачкі і рысы свайго адзінага каханага.

Яшчэ два дні я не кранаўся тэксту — думаў, мо каму паказаць? Ну, раптам ад пачатку та­кая дрэнь, што той паэт і чытаць не стане? Я выглядзеў у сеціве, што ён, апрача іншага, рыхтуе літаратурную старонку, значыць, усё мастацкае, вершы там, апавяданні, да яго трапляюць. Але ж мне не дасылаць — мне трэба пабачыць яго. Каб потым апавесці Ядвісі: вось, ён такі, ён — вядомы паэт, яго ведаюць і ім ганарацца. І калі хочаш — я дам табе яго тэлефон, адрас, фота (знайшоў у сеціве, але, на жаль, дзесяцігадовай даўніны).

Так і не прыдумаў, каму даць пачытаць. Так, Уладзю я давяраў, але ж. Ён — кемлівы, ён можа здагадацца. І роўна, акуратна звядзе ўсё ў адну кропку. Хай Алеся пачытае? Не, яна занадта... прастадушная ці што, наіўная нават. Пачытае і яшчэ пахваліцца каму без аніякай ліхой думкі: дзівіцеся, Вяргейчык напісаў хвацкае апавяданне! А настаўніца літаратуры Яўгенія Львоўна ўчэпіцца: дай пачытаць, а раптам вартае на конкурс? Не, тут выключна нікому.

Сядзеў, перачытваў, хацелася ўявіць, што адчуе бацька Ядвісі, калі будзе чытаць гэтыя радкі? А можа, я дурны і нічога не кемлю, можа, ён даўно захрас у сваім сямейным жыцці і побыце і нічога не памятае з таго выпадку, даўно забытая ім лясная дарога.

Зайшла маці, мімаходзь зірнула на манітор, правяла рукой па маёй галаве:

— Думаю, што ў цябе за цішыня, не чуваць звычайных галасоў тваіх герояў... Чытаць зараз задаюць з манітора?

— Ды не. Я сам напісаў, — неспадзявана для сябе прызнаўся я.

— Цікава, і што ты напісаў? — хутчэй больш з ветлівасці, чым цікавасці, запытала маці.

— Апавяданне пра каханне, — не мог утрымацца я ад узніклага жадання падзяліцца.

— Ого! Ты адкрыў у сабе здольнасць пісаць? — гэтым разам шчыра здзівілася маці.

Яна стаяла побач, трымала руку на маім плячы, і хоць галава яе была павернутая да манітора, ведаў: яна ні слоўца не прачытае. Колькі ўжо было раней, падчас майго заседжвання ў сацыяльных сетках, яна падыходзіла, нагадвала пра вячэру ці ўрокі, ці пра смецце, якое трэба вынесці, але ніколі не цікавала за тым, што я пішу ці чытаю. Напачатку я спалохана згортваў браўзер, касавурыўся, але аднойчы маці сказала: «Без твайго дазволу нічога чытаць не буду. Абяцаю раз і назаўсёды». І я паверыў, чаму не паверыць? Ні разочку не западозрыў маці ў яе патаемным жаданні зірнуць хоць адным вокам на ліставанне.

— Мам. — раптоўна вырашыў я. — А пачытай і скажы — ці добра?

— Мне ацаніць тваё апавяданне? — усміхнулася, ускудлаціла валасы. — Які ж з мяне крытык?

— Мне чытач неабходны. Дарослы. Каб сказаў: ці цікава, ці добра, ці можна хоць чытаць.

— Шмат чытаць?

— Ну. пятнаццаць старонак. А я посуд памыю. што яшчэ зрабіць?

— Добра, ідзі мый, хопіць пакуль, — з усмешкай пагадзілася яна.

Не думаў, што мае рукі будуць дрыжэць, калі пайшоў на кухню. І чаго так расхваляваўся?

Маці выйшла не хутка — я ўжо пачаў ёрзаць, фільм ў тэлевізары ніяк не заходзіў. Яна прыадчыніла дзверы і знерухомела, скіраваўшы на мяне позірк, у якім. Там было захапленне, і вочы былі чырвоныя і мокрыя!

— Я не ведаю і пытацца не буду, табе хто расказаў такую гісторыю, ці ты сам яе прыдумаў. Але апавяданне — супер! — урэшце вымавіла маці, а голас яе крышку падрыгваў. — Я чытала і на сярэдзіне забылася, што гэта стварыў мой сын. Прабач, але ніколі б не падумала, што ты можаш так пісаць. Вельмі ўсцешаная. Вельмі.

— Дзякуй, мам.

Я быў шчаслівы.

Засталося пачакаць канікул. Яны хутка. І хутка Новы год, пра які мне думаць не хацелася. Раней мы сустракалі яго заўжды ў мяне, утрох: Уладзя, Юрась і я. Добра наядаліся прысмакамі, якія і хлоп­цы прыносілі, і мама гатавала, пасля ішлі на гарадскую плошчу — там тусілі гадзіны да трэцяй ночы, калі было цікава. А як не, дык разыходзіліся раней. Летась на навагодні баль, як гучна называюць пераднавагоднюю дыскатэку ў школе, не зазіралі — нецікава. І ў гэтым годзе я дакладна не пайду.

Неяк спакваля, незаўважна, Юрась і Ядвіся аддаліліся ад усіх. Я амаль фізічна адчуваў дыстанцыйны халадок, які ўзнік ля Ядвісі. Да яе не спяшаўся, як раней, падыходзіць Ромка. Настачка, якая кожную перамену круцілася ля Ядвісі, цяпер зазвычай была на перапынках разам з намі — з Уладзем, мной і Ромкам. У сталоўцы ніхто з нашых не бег сесці за стол, за які сядалі Ядвіся і Юрась.

Мне было балюча. Ядвіся амаль ніколі не ўсміхалася, яе голасу на перапынках не было чуваць.

Лічыў дні да навагодняга свята, якое сустрэў ва Уладзі, — маці, выбачаючыся і саромеючыся, папрасіла яе адпусціць сустрэць Новы год у Вільні. Ну, не адной, вядома. Я быў рады за яе. Так прыемна было бачыць яе шчаслівай і вясёлай. Да Уладзі назбіралася чалавек дзесяць, хадзілі на плошчу, якая была шэрай і мокрай, — снегу і маразоў мы так і не пабачылі. Пад парывамі ветру ківалася на плошчы аднабокая ёлка, купкамі стаялі людзі. Ні жартаў, ні смеху, нават петард не чу­ваць — міліцыянераў паўсюль, бы «сняжынак» на ранішніку ў дзіцячым садку, плошча агароджана, з нечым такім і не пройдзеш. Сустрэлі сваіх — адну, другую тусу, і да Уладзі вярнуліся ці не ўсім класам. Але ягоная маці нас не пагнала, мы дурэлі разам да раніцы, нават ладзілі неблагія танцы. Я быццам і быў разам з усімі, але кожную хвіліну адчуваў сябе акцёрам у не надта прыемным мне спектаклі.

З кім і дзе сустракала свята Ядвіся, я не ведаў.

Пасля Новага года адзначаў у календары дні, аб'яўленыя непрацоўнымі. Не помню, колькі разоў прачытаны і выпраўлены тэкст майго апавядання ляжаў, запакаваны ў тэчку. Дзень я вызначыў, з маці пра ўсё дамовіўся, грошай яна мне дала. Дзве гадзіны на электрычцы — не такі і доўгі шлях.

Хваляванні зніклі, калі я набыў квіток і сеў у паўпусты, але нечакана цёплы вагон. Ні пра што ў дарозе не думалася — я глядзеў на бясснежныя палі, дзе шэрыя, дзе зялёныя ад руні, на голыя ўзлескі. Электрычка спынялася на безлічы прыпынкаў, не паспеўшы як след набраць хаду, але я настроіў сябе на доўгую нудную дарогу. Уваткнуў навушнікі ў вушы, уключыў музыку — што патрапілася. Ведаў, дзе шукаць рэдакцыю абласной газеты, — палазіў у сеціве, ведаў свой марш­рут ад вакзала. Пайшоў пехатою, хоць па мапе выпадала больш за два кіламетры.

Захваляваўся тады, калі ў доўгім калідоры рэдакцыі маладая жанчына з высокай фрызурай, у дзелавым строі — белая блузка, чорная спаднічка і фрэнчык, пачуўшы пытанне пра Васіля Матыля, зірнула з незразумелай усмешкай і прамовіла:

— Вам вунь у тыя дзверы, перадапошнія па левым баку. Калі ён здольны вас прыняць.

У яе словах была і насмешка — не з мяне, а з паэта, і заўсёднае раздражненне, і жаль да мяне. Я не разумеў гэтага клубка пачуццяў, але раптоўна ўстрывожыўся. Стукнуў двойчы ў дзверы дзеля прыліку, не думаючы, што пачую запрашэнне, адчыніў.

Хоць фортка акна была прыадчыненая, у невялікім кабінеце на два сталы быў густы смуродны пах. Перагар. За адным сталом сядзела дзяўчына гадоў дваццаці, у вялікіх акулярах, дробненькая, амаль уся схавалася за маніторам. Валасы на яе галаве былі незвычайна для такой маладой гладка зачэсаныя назад і звязаныя ў пучок. А вушкі — маленькія і пацешныя, зусім дзіцячыя. За другім сталом сядзеў мужчына, гадоў сарака пяці ці нават больш, але з цалкам пасівелай галавой. Ён быў у гарнітуры, белай сарочцы пад гальштукам, ды ўсё выглядала бы ў нашага Швондзера

— пакамечаным і нясвежым. Ён павярнуў свой твар — чырвоны, з адвіслымі складкамі скуры пад вачыма. Позірк быў цьмяны, абыякавы, хоць вусны і пасунуліся ў спробе ўсміхнуцца.

— Заходзьце, заходзьце, — прамармытаў ён. — Па якой вы справе?

Я павітаўся. І ў той жа момант мне собіла павярнуць назад, але ззаду як што падштурхнула, і я зрабіў два крокі да стала.

— Вы ж Васіль Матыль?

— Ну, пакуль я Матыль, як ніхто яшчэ не перахрысціў, — нязграбна пажартаваў ён.

Яму было вельмі блага, відавочна. Аблізнуў перасмяглыя бясколерныя вусны, якія здаваліся чужымі на чырвоным твары, каўтнуў. Узняўся, зрабіў два крокі да невялічкага століка ў куце

— там стаяў графін каламутнага белага шкла з вадой і дзве шклянкі. Ліў марудна, мабыць, з асцярожнасці, і стаў піць, адвярнуўшыся спінай. Ззаду яго штаны блішчалі. Вярнуўся, сеў, адкінуўшыся на высокую чорную спінку крэсла.

— Калі да мяне, то прашу, слухаю вас!

У голасе гучала штучная напышлівасць і імкненне выглядаць годна, відаць, яму самому было крыху няёмка — не адышоўшаму ад учарашняй п'янкі — перад нечаканым наведвальнікам.

Я мусіў падысці да яго, дастаў з заплечніка тэчку. І хоць збоку бы нехта скуголіў мне: кінь, не давай яму нічога, няўжо ты не бачыш, перад табой п'яніца горкі, зірні на каўнер яго кашулі, ён брудны, амаль шэры, зірні на вузел гальштука, увесь зашмальцаваны, няўжо такі бацька патрэбны Ядвісі — я паклаў паперы на край стала:

— Вось. Апавяданне напісаў.

— О! Проза — добра, вельмі добра. А то ўсе пішуць вершы. Вершы, якія чытаюць адно самі ды вось я, як іхні рэдактар. А хто чытае мае? Правільна, ніхто, — мармытаў ён, паляпваючы пальцамі, але не расшпільваючы пластыкавую тэчку.

І добра, што ён не стаў гэтага рабіць. Добра, што не схапіўся, не стаў чытаць, запрасіўшы прысесці. Бо мне было невыносна знаходзіцца яшчэ хоць колькі побач з ім.

— А вы скуль, малады чалавек? — гэтым разам Матыль узняў бляклы позірк, у якім адбілася крышачку цікавасці.

— Там ёсць нумар майго тэлефона, — унікліва адказаў я. — То я пайду, да пабачэння.

— Ага, добра, — хітнуў ён галавой, зноў апусціўшы вочы ў стол.

Дзяўчына за гэты час не падала і гуку, не адвярнулася ад манітора.

Я выйшаў. У другі раз адчуў невымоўную пустэчу. Так было, калі Ядвіся тэлефанавала і крычала, што ненавідзіць мяне і не даруе. І вось цяпер. Колькі разоў я спрабаваў уявіць сабе гэтага мужчыну, паэта, колішняга маладога журналіста, які ішоў за маладой настаўніцай па зарослай лясной дарозе, але чаму, чаму ніяк не паўставаў ён мне звычайным п'яніцам з азызлым тварам, чалавекам, які скаціўся ў свой асабісты свет нораваў, звычак і вывернутых каштоўнасцяў? Чаму я быў такі ўпэўнены ў гэтым паэце?

Усё зноў абрынулася, і абрынулася дарэшты.

Не заўважаў часу, сядзеў у паўпустой гулкай зале чакання з высачэзнай пукатай столлю, пасля бяздумна вывучаў сценку вагона. Было нават горача — так напалілі ў вагоне, я расшпіліў куртку і балахон.

На адным са шматлікім прыпынкаў у вагон зайшоў хлопец, мне дык падалося ў нейкі момант — Алег. Ды было далекавата, не разгледзеў. Хлопец у «вайсковай» куртцы, нацягнутай на самыя бровы вязанай шапачцы, коратка, зладзеявата нават, агледзеў амаль пусты вагон, каўзануў абыякава сваім позіркам па мне і хутчэй зацягнуў сваю цяжэнную, старую і брудную сумку на вольнае месца ля самых дзвярэй.

.Іх было трое, у чорных кароткіх скуранках, цяжкіх ботах на шнуроўцы — берцах. Не заўважыць маю саколку з «анархіяй» яны не маглі — яна чорная, літара «А» — белая і вялізная. Яны з развароту, з імпэтам селі — адзін ля мяне, двое насупраць. Не глядзелі ў мой бок знарок, як не бачылі. Непрыемна падцягнула жывот.

Усяго адну бойку памятаю — у дзяцінстве. І з таго часу ўнікаў усялякіх сутычак. Не тое, каб я баяўся болю, невыносна перанесці іншае: чужую маральную перавагу над сабой, сваю асабістую нядужасць, непазбежнасць такога фіналу, у якім ты будзеш збіты, абражаны, прыніжаны пры любым раскладзе. Прыблізна я ведаў, што мяне чакае: яны выпхнуць мяне за адзін прыпынак ад вакзалу. І там саб'юць з ног і пакоцяць па пероне. Так ужо было, мы ведалі — на гэтым прыпынку нямала білі і анархістаў, і антыфа, раён станцыі лічыўся цалкам пад кантролем скінхедаў. І не будзе каму заступіцца, бо там мала выходзіць людзей, ды і што нашы людзі? Дзе сёння хто за каго заступаецца.

Адзін са скінаў быў старэйшы за мяне, гадоў васямнаццаці, двое — недзе мае аднагодкі. Яны маўчалі. Той, што сядзеў побач са мной, раптам гучна пацягнуў носам паветра і рыкнуў:

— Чым тут смярдзіць?

Яго голас, пэўна ж, пачула палова паўпустога вагона, дзе на лаўках сядзелі адзін-два чалавекі. Але ніхто ніяк не зрэагаваў на гэты голас. Адно што хаўруснікі гэтага аматара свежага паветра таксама пацягнулі насамі. І потым усе разам скіравалі позіркі на мяне:

— О, дык гэта анархіст вашывы псуе нам паветра!

— Нічога, ён разумны і выхаваны хлопчык і гатовы выцерці наш перон сваёй анучай.

Выйсця не было. Супраць трох я нічога зрабіць не змог бы. Хоць альтэрнатыва была: можна

распачаць бойку самому, тут. Яны раззлуюцца і біць сваімі берцамі будуць не трапна, як на пероне, прагульваючыся, а куды патрапяць. Могуць скалечыць твар — нос набок звернуць ці ску­лу рассякуць падэшвай. Ці дачакацца іх прыпынку — яны за хвілін пяць сілком выцягнуць мяне ў тамбур, выпхнуць на перон — і там іх будзе ўжо не трое, там заўсёды нехта пасвіцца з іх хеўры. Пакоцяць па пероне — там адно хавай галаву і твар рукамі, гаварылі: б'юць не надта моцна. Не было вялікага страху, калі казаць праўду. Адно адчуванне яшчэ больш узрослай, страшэннай безвыходнасці і тупіка ва ўсім. Мабыць, так і трэба, каб пасля ўсіх параз намаляваліся ў фінале маіх бездапаможных высілкаў вярнуць Ядвісю гэтыя скінхеды і будучы фізічны боль. Так і трэба.

Так заканчваюцца мары.

— Што за тэму пераціраем? Дазвольце да чэснай кампаніі далучыцца, а то сум у дарозе апанаваў, — пачуўся гучны і ўпэўнены, трошкі насмешлівы, знаёмы голас.

Ля нашых лавак стаяў Алег. Так, то ён зацягваў цяжэнную сумку ў вагон.

— Ты, чувак, адыдзі, тут у нас свой базар, — адказаў Алегу старэйшы са скінаў, які сядзеў з краю насупраць мяне. Нельга было не пачуць папярэджання ў яго звароце.

— Гэта бабулькі на рынку базараць, а мужыкі, кажуць, гамоняць за жыццё? — скрозь зубы раптоўна жорстка, з упіканнем суразмоўцы ў парушэнні асаблівага збору асаблівых правіл, сказаў Алег і сеў, адначасова бесцырымонна, бы знаёмага сябра, пасунуўшы скіна. Яго рукі былі складзеныя на жываце, правая схавана пад левы локаць. І не паспеў ніхто са скінаў разявіць рот, як зноў скрозь зубы са злоснай, сапраўднай, дарослай пагрозай Алег дадаў: — А ты за чувака адказваеш, пацан учорашні? — нават не зірнуўшы на скіна, але ўсе зразумелі, што пытанне да яго.

Ад упэўненага нахабства Алега троіца на нейкі момант разгубілася. Скіны пераглядваліся між сабой. Старэйшы, якога пасунуў Алег, ледзь павярнуў галаву ў яго бок і прасіпеў, яшчэ разлічваючы на сваю колькасную перавагу:

— Ты што тут забыўся? Ідзі, куды ішоў. Чаго лезеш у чужыя справы? Не клікалі.

— Ты, выпаўзак, сваім сучонкам будзеш загадваць, куды хадзіць і што рабіць, ясна, утырак? Не коўзайся на лаве, а то няўзнак наскочыш.

Пачулася характэрнае кароткае пстрыканне, і з пад левага локця Алега выскачыла дугою шырокае, незвычайна завостранае на канцы лязо нажа.

— Ціха, кажу, шалупень. Ніхто нікуды не ідзе. Усе сядзяць на сваіх месцах. Гуляць пойдзеце, калі я дазволю. Хто рыпнецца — ты сядзеш на нож. — Алег пасунуўся яшчэ бліжэй, той здрыгануўся, мабыць, адчуў вострае лязо. Алег вальней раскінуў рукі, лязо прыхавалася між ім і скінам.

І мы ехалі так яшчэ два прыпынкі. Калі электрычка амаль што спынілася на «іхняй» станцыі, Алег загадаў скінхедам:

— Збеглі хуценька, недапалкі.

Яны падхапіліся без адзінага слова. Алег, агледзеўшыся, распрастаў рукі, спрактыкаваным рухам схаваў лязо ў тронкі, паклаў нож у кішэню джынсаў.

— Вось каб цябе раз пракацілі па асфальце, дык разумнейшы стаў бы, — без злосці, нават са шкадаваннем, сказаў ён.

— Усё жыццё хаваць тое, што табе даспадобы? — слаба запярэчыў я.

— Дурань, — хмыкнуў Алег. — Каб бараніць нешта сваё, трэба мець нешта. А ў вас — соплі.

— Зразумела, — пагадзіўся я, бо зараз дакладна разумеў, пра што кажа Алег. Калі ты без нічога

— без сілы, без грошай, без. без сяброў — ты ніхто, ты нідзе, ты ніякі. — Дапамагчы? — я павёў галавой на лаўку, ля якой стаяла сумка Алега.

Ён моўчкі кіўнуў.

Мы разам дацягнулі сумку да прыпынку аўтобуса.

— Далей? — спытаў я. — Мне спяшацца няма куды...

— Давай, — не адмовіўся ён і патлумачыў згоду: — Ад прыпынку з паўкіламетра перці.

Аўтобус цягнуўся марудна, мы даехалі да самай ўскраіны горада, і Алег памкнуўся да выхаду.

Потым моўчкі неслі сумку да гаражнага масіву, прайшлі праз яго на самы ўскраек — крыху наводдаль ад іншых стаяла купка з пяці гаражоў. Спыніліся нарэшце, Алег дастаў ключ, адамкнуў дзверы, пацягнуў скрыпучыя вароты.

У гаражы было пуста, у кутах грувасціўся ў кучах металалом: асобна, самая вялікая купа— жалеззе, у другім куце — скруткі алюмініевага дроту, яшчэ там рознае. Стаялі ля сцяны старыя акумулятары. Была і невялікая кучка меднага дроту, відавочна, абпаленага.

Алег пстрыкнуў выключальнікам — загарэлася зыркая лямпачка. На невялікім стале стаяў электрычны чайнік, вялікая пластыкавая бутля з вадой.

— Гарбаты пап'ем. Не еў зранку. А ты?

Я згадаў, што і сам не клаў нічога на зуб — трохі казытаў нос на вакзале пах свежых беляшоў, але ж такі настрой быў.

Алег выцягнуў з заплечніка пакет, дастаў хлеб, кавалак сала, гуркі. Хутка парэзаў. Мы елі, пасеўшы на старыя, некім выкінутыя з хаты, драўляныя крэслы. Забулькатаў чайнік, Алег спаласнуў кіпнем два пластыкавыя кубкі, насыпаў заваркі, заліў. Выцягнуў пачак цыгарэт, прыпаліў ад запальнічкі.

— Твая гаспадарка? — парушыў я маўчанне, якое ніколькі не гняло, але ж карцела нечага больш даведацца, бо я быў уражаны ўбачаным.

— Мая, — кіўнуў Алег. — Дзядзькаў гараж, аддаў мне пад метал. Тут выгодна: можна касцёр побач раскласці, медзь ці алюміній абпаліць, калі ў ізаляцыі, бо з тонкім намучышся, як пашанцуе кавалак кабелю падабраць.

— Шанцуе калі?

— Ды вось сёння. Тройчы мінаў адну хату, там дах і столь праваліліся, праводку даўно раней знялі. Сёння завітаў ад безвыходнасці, бо нідзе нічога не знайшоў, хоць і небяспечна — усё вісіць над галавой. Бачу — бы вяроўчынка, ажно — старая праводка, тканая ізаляцыя. І — медная. Як мянялі яе, дык на гарышча закінулі. Стаў цягнуць — а там скруткаў! Мабыць, не з адной хаты сабралі раней. Вось, кіло дваццаць будзе, — Алег кіўнуў у бок сумкі, што мы прыперлі.

— Навошта грошы збіраеш?

Ён зірнуў на мяне з расчараваннем, бы здаровы на хворага:

— Я не збіраю, мы на грошы жывём. Вам маткі і бацькі даюць, а мая маці ў дэкрэце з трэцім, брат у другім класе. Спытай у сваёй, як выжыць адно на дзіцячыя грошы.

— Прабач, — ціха прамовіў я, імгненна ўспомніўшы, як згаджаўся Алег сыграць ролю ў нашым фільме, але за грошы, як мы аплачвалі яго «ахову» на лецішчы...

— Фігня.

— Ты па закінутых хатах ходзіш. А міліцыя не ганяе?

— Не. Я ж не ў жывых людзей краду. Бацька навучыў.

Я запытальна паглядзеў на Алега: як бацька мог навучыць і чаму, калі сам сядзіць у турме? Той хмыкнуў, верагодна, зразумеўшы маю няўцямнасць, патлумачыў:

— Бацька мне заўсёды казаў: глядзі на мяне, я з законам не сябрую — і хто я? Зэк прапашчы. Выйшаў, праз паўгода — новы тэрмін. — І раптам пасур'ёзнеў, дадаў рэзка: — Я на бацю не наракаю, не думай. Пакаціўся раз за краты — не спыніцца, такі закон. Таму ад пачатку трымацца неабходна. Ён і іншаму навучыў, галоўнаму: самому за ўсё адказваць. І за сваё — зубамі. За сваіх — зубамі, калі няма нажа ці хоць нечага пад рукой.

— Дзякуй табе, дарэчы, — урэшце знайшоў я момант падзякаваць за ягонае заступніцтва ў электрычцы.

— Сваіх не кідаю, — нехаця буркнуў Алег, адпіў з кубка і, гледзячы мне ў вочы, працягнуў рап­там амаль з адчаем: — Вось ты ж — пацан нармаль, а дзяўчыну аддаў і каму? Ды каб мне такая, як Ядзя, у сябры запісалася, я б. Начамі па вёсках закінутых гойсаў бы, збіраў бы цвікі ржавыя з гнілых паваленых платоў, а ўсё адно ёй даў бы, што змог бы даць хоць такі, як Віця Марыноўскі. І горла перагрыз бы любому, хто пакрыўдзіць яе.

Я маўчаў. Мне было сорамна і прыкра.

— Дурнем быў.

— Ты фігню гародзіш, Кір, — са шкадаваннем, цвёрда сказаў Алег. — Дурнем быў — гэта калі цяпер паразумнеў і нешта спрабуеш зрабіць. А ты? Ты — абсікаўся і дагэтуль ходзіш у мокрым. Без крыўд толькі. Калі ты пацан — рабі, а не жуй соплі, не чакай і не шукай жалю да сябе. То мне таксама баця сказаў: недалужнасць ніхто не забудзе, ніхто не даруе. Няўдачы забудуць, дурасць, псіхі, дзівацтвы, выбрыкі розныя. але не недалужнасць і не жаль. За сваё біцца трэба. да крыві, калі трэба. Ды калі адважыўся, не думаеш, да першай крыві ці да смерці.

Пасля канікул мы сталі з Алегам рукацца пры сустрэчы. Мажліва, і тое неяк паўплывала, але я заўважыў змену стаўлення да сябе: запаважалі, ці што. Часцей, чым раней, звярталіся ў розных дробязях, уцягвалі ў гутаркі і спрэчкі, пыталіся і прасілі парады. Не адставалі Міхал Вакульчык са Стасем Фядзьковічам: дай ім ідэю на новы кліп, каб быў — красава! Яны літаральна заціснулі мяне ў кут і прыгразілі не выпусціць. У класе стаяў вэрхал, адно Ядвіся і Юрась сядзелі за сталом, і вакол іх нічога не існавала. Не, яны не былі разам, яны не размаўлялі. Юрась нешта пісаў у сшытку, Ядвіся глядзела за акно, цяпер пустое, — з жалем мы знялі свой «пейзаж» з матылькамі і дзяўчынкай у чырвонай сукенцы.

— Добра, наце ідэю! Хлопец бяжыць, імкнецца злавіць матылька. Ловіць. Крылцы камечацца, ломяцца, яскравы пылок з іх застаецца на брудных пальцах, крылцы становяцца амаль празрыстымі, шэрымі, ніякімі.

Стась з Міхалам пераглянуліся.

— Прываблівасць прыгажосці ў яе таемнасці, — задумліва прамовіў Стась. — Мы разбураем чароўнае, калі хочам ім завалодаць.

— Крута! — ляпнуў мяне па плячы Міхал. — Пазычу ў біялагічкі засушанага матылька, улетку злаўлю трох новых. Пальцы з бруднымі пазногцямі хапаюць. крылцы ломяцца. сціраецца пы­лок. Будзе тэкст? — павярнуўся ён да Стася.

— Чакай. чакай. — Стась заплюснуў вочы, зморшчыў лоб: — Ёсць! Робім! Кір, з нас.

— Шакаладка! — закончыў я. — Давайце, удачы.

Напрыканцы наступнага дня падышла Святлана, стараста.

— Кір, у цябе макулатура ёсць?

— Злітуйся, два месяцы таму выцягнуў з дому нават магазінныя чэкі, якія захоўвае маці!

— Не менш за дзесяць кілаграмаў, — без эмоцый выдала Святлана.

— А калі не — што будзе?

— Табе — нічога, — уздыхнула, пачала па-чалавечы казаць стараста. — А мне — вымова напоўніцу ад завуча і дырэкцыі. І я буду бегаць па крамах і прыватных шапіках, спяшацца да сметніц, каб перахапіць якую упакоўку, пакуль яе не пацягнулі бамжы. Усё, як раней.

— Трасца. — вылаяўся я. — Падурэлі яны з гэтай макулатурай.

— Дзяржаўная задача. Усе прадпрыемствы павінны здаваць другасную сыравіну, — Святлана тлумачыла, бы дзіцяці.

— Свет! Хопіць, у вушах захрасла.

— А што мне рабіць?

— А прыдумаем прэмію, хто больш здасць.. Ці хутчэй план выканае?

— Адна прэмія — нецікава, помніш, два гады таму рабілі. І мне свае грошы надакучыла траціць.

— Ну. адгулы даваць, як на працы! Здаў дзесяць кіло — адзін дзень вольны.

— Не дазволіць дырэкцыя.

— Ну, тады. тады — мне хацелася абавязкова прыдумаць цікавую і патрэбную ўзнагароду за прынесеную макулатуру, дапамагчы, бо ж Святлана — нармалёвая дзяўчына. — слухай, а дамовімся з настаўнікамі: не выклікаць таго вучня. адзін урок на выбар, во!

Свеціны вочы ажылі. Яна глядзела на мяне і скрозь мяне, нешта пралічвала.

— Дакладна! За кожны здадзены кілаграм кожны атрымлівае. атрымлівае. во, ялінку. Сама накупляю, бачыла маленечкія, пластыкавыя. Дзесяць ялінак — вольны ад выклікаў на ўвесь дзень.

— А сябру перадаць можна? — усміхнуўся я.

— О, тут варта падумаць і прапісаць сістэму. Пабягу да Наталлі Іванаўны. Як думаеш, дазволяць? Тут жа няма, здаецца, парушэнняў? А нашым было б цікава.

Я не ведаў, што там для дырэкцыі важней: нормы навучання ці планы здачы макулатуры. Свят­лана падскочыла на наступны дзень, на другім перапынку, і загалёкала:

— Дазволілі! Але каб склалі дакладную інструкцыю: як улічваць, хто мае права і на што, і безліч усяго. Сёння пасля заняткаў застаёмся з завучам і Макарам, прадумваем. Але ўжо трэба свае прапановы накідаць.. — І нечакана змяніла тон ажно да плаксівага і працягнула просячы: — Кір, ну, калі ласка, паспрабуем разам, дапамажы.

Я згадзіўся — што яшчэ заставалася? Пагатоў, раптам з'явілася безліч вольнага часу. Мне расхацелася глядзець новыя серыі дэтэктываў, нават Кінг стаміў сваімі жахамі. Без яго несалодка.

Ён патэлефанаваў каля сёмай вечара. Напачатку я не пазнаў голас — дрыготкі, усхваляваны:

— Добры вечар! Прашу прабачэння, Кірыла Вяргейчык? Ці можаце вы зараз размаўляць? Дзякуй. Вас патурбаваў Васіль Матыль.

Голас быў не проста цвярозы — ён звінеў ад напругі, гатовы вось-вось сарвацца на хрып ці крык.

— Кірыла, скажыце, калі ласка. Я вас вельмі прашу, вы не імкніцеся падмануць, вы ж. вы ж дасціпны хлопец, я усё зразумеў, усё, ды аднаго не разумею — навошта вы напісалі? З якой мэтай? Зрэшты, прабачце, не мая справа вам указваць, я іншае хацеў сказаць. Але, чакайце, чакайце, я ж не перапапрасіў прабачэння за мой выгляд у той дзень, прабачце, калі ласка, прабачце, ра­зумею, з майго боку то было сапраўднае свінства. Ат, даруйце, такія справы. Не, я пра іншае, пра іншае. Кірыла, скажыце. вось вы напісалі. і ўсё, Кірыла? Вы мне больш нічога не скажаце?

— Дык я ўсё напісаў. Больш пра што? — збіты з панталыку, абы-што прамямліў я ў адказ.

— Кірыла. паслухайце, Кірыла. Дзе вы жывяце? Гэта не тэлефонная размова, нельга пра такое казаць, калі не бачыш вачэй. Мне абавязкова трэба сустрэцца з вамі, Кірыла. Вы ж маеце што мне сказаць! Я вам прызнаюся: вы ўгадалі, ці вы ведалі мае думкі, я не разумею, як так адбылося, але ж менавіта так і было: я ледзь не звар'яцеў аднойчы, калі зразумеў, што ў маёй галаве нарадзілася новая рэальнасць, якая раней была мрояй, я гатовы быў ісці да дактароў. Кірыла, мы зможам сустрэцца?

Я разгублена маўчаў. Першы раз дарослы чалавек знаходзіўся ў такой велізарнай залежнасці ад мяне. Я адчуваў, як ён чакае свайго прысуду. Мне нічога не будзе, калі зараз скончу размову, а пасля не буду адказваць на выклікі. А ён. ён, пэўна ж, цяпер усё ведае і разумее.

— Кірыла, калі ласка, не маўчыце. Як мне вам патлумачыць, што гэта ўсё значыць. Вось у вас ёсць маці і бацька.

— У мяне няма бацькі. — мой голас прагучаў хрыпата і суха.

— Прабачце, — як спатыкнуўся мужчына, замяўся і выдыхнуў асцярожна: — Але ж. па тэксце я разумею, вы не мой сын?

Я не наўпрост разгубіўся — мне раптоўна стала страшна. Вось у гэты момант я асэнсаваў усю бязглуздасць, няслушнасць свайго ўчынку — я нахабна ўлез у чужое жыццё, стаў на шляху чужога лёсу. І не ведаў, як цяпер выкручвацца. Не адчуванае раней ў такой велічыні пачуццё адказнасці літаральна паралізавала здольнасць думаць. У скронях адно бухала: «Ты папаў! Ты не меў права!»

Што сказаць мужчыне? Як я апавяду Ядвісе пра яе бацьку? Ну, я дураніца.

— Не, вы не мой бацька, — нарэшце адказаў я.

— Дзе мы можам сустрэцца, скажыце? Паверце, я не стану вас дапытваць і мучыць упрошваннем. Я.. Я не змагу сабе дараваць да канца жыцця, якім вы мяне пабачылі. Дазвольце выправіцца.

Я ліхаманкава раздумваў над тым, што рабіць. Няхай прыязджае да нас? Горад вялікі, ён не сустрэне тут ні Ядвісю, ні яе маці, ды і не пазнае, калі сустрэне. Але ж зразумее, што яны — тут, і тады? Пачне блукаць па вуліцах, зазіраць у твары, абыходзіць адну за адной установы, шукаць жанчыну з вядомым яму імем і прозвішчам, месцам нараджэння? Ды ў пашпартным стале. Уладзя распавядаў: сёння элементарна знайсці чалавека паводле месца і года нараджэння! Безумоўна, незаконна, ды папхнецца закон добрым пачастункам ці буйной зялёнай купюрай.

Не, нельга яму ў наш горад. Самому ехаць зноў? Ці лепш за ўсё на нейтральнай тэрыторыі? Ну так, ёсць станцыя вялікая, ад нас — паўгадзіны, там скрыжаванне двух чыгуначных шляхоў, яму не вылічыць, скуль я прыехаў. І я назваў станцыю.

— Сустракаемся ў нядзелю. Давайце. А трынаццатай гадзіне. Вы мяне бачылі, пазнаеце. Я буду ля выхаду на перон.

Я быў адзін. Упершыню за сваё жыццё раптоўна зразумеў: вось, я адзін. Адзін са сваёй таямніцай, якую нельга даверыць нікому. Ні маці, ні Уладзю, ні Ромку, ні Алегу. Нікому. Нібыта ўнутры, у маім жыцці, утварылася, выкрышталізавалася асобная частка, якую трэба не проста берагчы ад чужых вачэй, — ніхто з акаляючых і блізка не павінен ведаць пра яе існаванне, пра яе значнасць у маім (ды каб жа толькі маім!) лёсе...

Паступова шкадаванне пра тое, што распачаў справу, на якую не меў права, прайшло. Зразумеў, чаму адпусціла — то голас мужчыны, Васіля Матыля. Хадзіў па пакоі, стаяў каля акна, глядзеў у цёмны падворак, на суседнія вокны дамоў. Вось жа, у кожным акне — свая гісторыя, ды не адна, дзве ці болей. Свая радасць і свая бяда, сваё шчасце і сваё гора, свая камедыя, драма, трагедыя ці вадэвіль, ці нават баявік сапраўдны. колькі самых розных лёсаў! І вось недзе далёка там — той паэт. Вось жа, я не проста ўгадаў, я амаль што апісаў ягоныя пачуцці і адчуванні ў пэўны адрэзак часу. Ну, там, дзе да яго вярнулася памяць. Мабыць, нічога дзіўнага, бо якім бы ні было зелле забыцця, а самага шчаслівага, як і самага горкага, пазбавіцца з памяці дарэшты хіба магчыма?

...Далібог, я не пазнаў Васіля Матыля. Значна маладзейшы, чысты твар, глыбокі позірк сумных вачэй, у якіх адбіваўся розум і выхаванне. Ён працягнуў руку, як даўняму знаёмаму.

— Я тут, пакуль чакаў, нагледзеў непадалёк кавярню прыстойную, праўда, трошкі прайсці, затое там няма вакзальнай публікі.

Я пагадзіўся. Мы сядзелі ў невялікай кавярні, у падвальным памяшканні дома, якое знутры гаспадары паспрабавалі замаскіраваць пад карабельны кубрык ці палубу невялікага карабля: ванты з вяровак, штурвал на сцяне і сам бармен у цяльняшцы. Замест вокнаў былі намаляваны ілюмінатары з відамі на марскую далеч. Я адмаўляўся, але Матыль угаварыў і замовіў гарачае: мяса і смажаную бульбу. У сваю чаргу я папрасіў, каб ён не выкаў, — мне было няёмка чуць такі зварот дарослага чалавека да сябе.

— Піва не прапаноўваю. І сам не буду, бо завязаў, вось, — ціха апраўдваўся ён. — Квас? Сок? А потым — гарбата ці кава?

— Сок і гарбата.

Мы елі амаль моўчкі, адно Матыль задаваў іншы раз неабавязковыя пытанні: у якім класе вучуся, куды пайду далей, ці даўно пішу.

— Першы раз напісаў, — усміхнуўшыся, прызнаўся я.

— Першы? — ён здзівіўся па-сапраўднаму. — Ну, хлопча, не ведаю: азарэнне на цябе асаблівае найшло. Альбо ў цябе талент. У азарэнне без таленту я не веру. Значыць, табе нельга не пісаць.

— Чаму? — у сваю чаргу здзівіўся я.

— Бо талент даецца не ўсім. І даецца звыш. Даецца з той мэтай, каб ім дзяліліся. Ты проста не маеш права хаваць ад людзей Божы падарунак, — вельмі сур'ёзна зазначыў Матыль. — Таму спрабуй далей. Твой тэкст. Рука не ўздымаецца яго правіць, я мог бы паказаць у любым іншым памылкі ці заганы нейкія. Яны ёсць, у кожнага яны ёсць, з боку заўсёды прасцей пабачыць. Як маці і яе дзіця: толькі чужыя бачаць недасканаласці, а для маці ўсё люба. Пішы, дасылай мне на элект­ронную пошту, дапамагу.

— Пра што пісаць? — паціснуў я плячыма.

— Што на душы.

Прынеслі гарбату і каву. Матыль не кранаўся свайго кубка, разглядаў сурвэтку на стале. Урэшце загаварыў:

— Як бы далей ні было, я знайду іх. Ты не перажывай — ты тут ні пры чым. Ведаю, ты мне не аблегчыш задачу, не паведаміш пра горад. Я і не стану прасіць. Ты мне і так дапамог. Яшчэ тыдзень — я запіў бы да апошняга, больш мяне не сталі б трымаць у газеце. Вылецеў бы. Такім чынам, ты не проста прыйшоў у час — само Неба, мяркую, паслала цябе як майго анёла-ахоўніка, папярэдзіць і спыніць. І я спыніўся.

У кавярню завітала пара — хлопец і дзяўчына, няйнакш студэнты. Прыселі, стрымана пацалаваліся, пачалі вывучаць меню. Матыль павёў вачыма на іх, уздыхнуў.

— Найгоршае, што робіць чалавек, — здраджвае самому сабе. Сваім жаданням, марам. Тады. тады ўсё жыццё ідзе насуперак, — казаў ён без усялякага павучання. — Трэба рабіць адно тое, што табе сапраўды хочацца.

— Ага, мне вось вучыцца не хочацца, — уставіў я.

Ён усміхнуўся.

— Ведаеш, я трошкі пра іншае. Зрэшты, ты ўсё разумееш. Я збаяўся тады. Так, збаяўся. Жан­чына, з якой я сустракаўся апошні год, паведаміла пра сваю цяжарнасць. І я спужаўся адказнасці. Дый, здавалася, адносіны нашы былі блізкія да таго, каб жыць разам, сям'ёй. Балазе, было з чаго пачынаць: у абласным цэнтры бацькі пакінулі мне трохпакаёўку, самі з'ехалі за мяжу. Я быў адзіным сынам, па тых мерках — кавалер на зайздрасць усім. А тут — Ірына. Бы вочы расплюшчыліся, я першы раз адчуў такое пачуццё, калі. калі аніводнай хвіліны не мог без думак пра яе. Чыстых, светлых думак. Мне за шчасце было пабачыцца з ёй. Але. Кажуць жа вось — насланнё находзіць. І мне так падумалася: ат, часовая закаханасць, тут сум, твая нявеста далёка, вось і успыхнула пачуццё да гэтай прыгожай, мілай настаўніцы, бы матылёк позні выпырхнуў перад першымі прымаразкамі. Не паверыў я сам сабе. А больш — збаяўся, так. І паехаў ад Ірыны. Ажаніліся мы, дзіця не нарадзілася. жылі. Пакуль не зразумелі: мы чужыя людзі. Як няма кахання, сапраўднага, якое найперш на сяброўстве настоенае, на еднасці душ, дык нічога не звяжа — ні багацце, ні ўцехі. За дзесяць гадоў чаго я дасягнуў? Стаў паэтам правінцыйнага маштабу. А дома — пустэча. Урэшце зразумелі абое. Падзялілі кватэру, атрымала былая жонка грошы за пакой і з'ехала. І атрымалася яшчэ большая пустэча. А я помніў Ірыну. Усе гады — помніў. І тая замілаванасць, якую я адчуваў пры апошнім развітанні, нікуды не знікала, цеплілася ўсярэдзіне.

Я адчуваў разгубленасць і няёмкасць. Дарослы мужчына расказвае мне пра рэчы, у якіх я нічога не цямлю. Навошта мне падрабязнасці яго жыцця, ды яшчэ такія. інтымныя? Перад ім жа не святар, а ён не спавядаецца.

Матыль, мабыць, адчуў, пра што я думаю, спыніўся:

— Прашу прабачэння за такія падрабязнасці, Кірыла. Я больш сабе апавядаю, бо сесці ды азірнуцца на сваё жыццё ўсё не ставала часу і не было моманту. Разумею, табе гэта малацікава. Ты даслухаеш?

— Ды калі ласка, — кіўнуў я. — Буду слухаць, раз прыехаў.

Ён уздыхнуў, зрабіў глыток з кубка.

— Дык вось, дапяў я з часам: закаханасць не можа гэтулькі жыць. Тут іншае. Тады і пачаліся мроі: было нешта яшчэ ў нас з Ірыначкай. Шукаў яе ў сеціве, цяпер жа жанчыны сядзяць у розных сацыяльных сетках. Ірына Ляўковіч. Шмат такіх імён і прозвішч, ды ўсё не тыя. Паехаў. А вёсачкі няма, зусім. Ніводнай хаты. Іх і тады было мала жывых. У былой яе школе нічога не падказалі. З'ехала, як памерла маці, даўно. Пасля той паездкі і пачаў запіваць. Падумалася: няўжо такая го­жая жанчына, як Ірына, адна да таго часу будзе? Безумоўна, у яе сям'я, дзеці. Ты прабач, калі лас­ка, вешаю на цябе сваю тугу. Не даводзілася раней хоць каму прызнавацца ў сваім «шчасці». Усе думалі — жыву, бы кот на печы, і смятанку гаспадыня туды ж падае. А тут не печ, а стылая груда цаглін. Ты ж сябруеш з маёй дачкой? — закончыў ён нечаканым пытаннем.

Я нічога не адказаў, глядзеў убок.

Ён памаўчаў, дапіў каву і папрасіў:

— Даруй, калі ласка. Я абяцаў не выпытваць. Адно дазволь спытаць. Я зразумеў. я думаю, ты сам вырашыў мяне адшукаць? Яны не ведаюць?

— Хутка мая электрычка, — адказаў я і паглядзеў на Матыля.

Мне было вельмі шкада яго зараз. Не, не таму, што вось так атрымалася. А таму, што ён быў асуджаны на паразу. У той момант, калі ён назваў прозвішча Ядвісінай маці — Ляўковіч — раптоўна склаліся пазлы. Цётка Ірына выйшла замуж за Васіля Матыля. Па-свойму выйшла. І ўзяла яго прозвішча. Ды на асаблівы лад. Яна больш не Ляўковіч, яна — Лелька. А лелька — гэта ма­тыль. Ён, Васіль Матыль, ніколі не знойдзе сваю Ірыну. Хіба выпадак — усмешка багоў, як кажа Уладзя.

— Тады ідзі, я разлічуся сам, дзякуй табе, — ціха сказаў Матыль, адвярнуўшы галаву да сцяны з «ілюмінатарамі». — А я буду шукаць. І я знайду.

Я выйшаў з кавярні, узняўся па прыступках наверх і ад нечаканасці застыў ля дзвярэй: сусвет быў белы. Густа-густа падаў снег. І мне без аніякае як быццам падставы стала незвычайна лёгка і радасна.

Усё будзе добра.

Ён абавязкова іх знойдзе.


13


Ромка заляцеў у клас збялелы і пераляканы. Зачыніў за сабой дзверы. Яму і прасіць пра цішыню не трэба было — усе сціхлі, уражаныя ягоным выглядам. А ён сутаргава пракаўтнуў сліну, уздыхнуў, выдыхнуў, выпрастаўся і дрыжачым голасам абвясціў:

— У пятніцу. Школьны вечар. Напрыканцы — падвядзенне вынікаў конкурсу відэафільмаў на тэму «Выбірай беларускае!». Удзельнічаюць 11 работ восьмых-адзінаццатых класаў. Вынікі падведзеныя. Але ніхто нічога не кажа. Будзе нехта з аддзела адукацыі, ён старшыня. Усё. Усім быць.

— Дзівак ты, Ромка, — падышоў я да яго пасля таго, як суцішыўся вэрхал ад гэтай навіны. — Мы ж ужо выйгралі, ты сам казаў.

— Ды я ведаю, — кісла ўсміхнуўся ён. — Зараз. я не бачыў іншых фільмаў, але ж абяцаюць лепшыя тры паказаць. І паглядзім, якія будуць лепшыя. За іншае дрыжу. Вось. Вось як зойме першае месца фільм, відавочна за наш горшы, — мы ж тое пабачым? Мы ж можам — і ты, і я, і іншыя ацэньваць, мы ж зразумеем, колькі працы ўкладзена, на якой ступені прафесійнасці зроблена. Такія конкурсы, як для мяне, — яшчэ і праверка дарослых на вашывасць. І ведаеш, будзе крыўдна, калі якая шняга, па іх меркаванні, згодна з толькі ім вядомымі крытэрыямі (а нам жа яны не кажуць, што там за яшчэ схаваныя крытэрыі ёсць!) будзе ўважаны за лепшы. За нашых перажываю. Каб зрабілі абы-якое ўтрох за дзень — не было б ніякай крыўды. А так. больш за два тыдні, увесь клас лічы. А завуч не ў журы. І ёй нават не сказалі вынікі. Усё пад сакрэтам.

— Не перажывай. Калі ты разумееш усё, дык жа і іншыя могуць зразумець, як што якое.

Я вяртаўся дадому кругом — хацеў прайсці старымі прысадамі, якія зараз здаваліся незвычайным светлым тунэлем. Затрымаўся яшчэ ў гардэробе, выходзіў, калі ўсе нашы разбегліся. Уладзя цяпер праводзіць Настачку дадому, з ёй і ідзе ў школу. Я не крыўдую — мне і аднаму няблага. Ду­маю пра тое, што сказаць Ядвісі. І ці варта хоць нешта казаць?

Крочыў няспешна, збочыў у прысады і спыніўся.

У дваццаці кроках наперадзе ішлі Юрась і Ядвіся. Паасобку, бо Ядвіся ішла, кранаючы то адну, то другую бярозку рукой у чырвонай рукавічцы.

Яны ішлі, аддаляліся, а я не зводзіў вачэй з Ядвісінай постаці, у маёй галаве мільгацела тая карцінка, якую я сам прыдумаў у сваім «апавяданні»: яе маці, маладая настаўніца Ірына, ідзе лясной дарогай, кранаецца хвой, але на ёй не чырвоныя рукавічкі, а чырвонае паліто.

Я не пайшоў сцежкай між бяроз і клёнаў услед за Юрасём і Ядвісяй, мне не трэба было ця­пер ісці прысадамі, каб адшукаць важную і патрэбную думку. Усё знайшлося. А яшчэ. Я адчуваў сябе абкрадзеным. Хоць сам і разумеў усю надуманасць гэтага адчування, усё адно было прыкра. Завярнуў назад, пайшоў праз двары. Цяпер я цвёрда быў перакананы, што усё апавяду Ядвісі. У пятніцу. Якім бы ні быў прысуд журы. Таму што нічога не бывае выпадковым у жыцці, нічога! Выпадак — усмешка багоў! Калі богі табе ўсміхаюцца, значыцца, ідзі наперад. Калі падказваюць колерамі — рабі задуманае. Рабі тое, што хочаш рабіць, што лічыш патрэбным. І хай не я ішоў з Ядвісяй прысадамі, галоўнае, я бачыў, як краналася яна бяроз, бачыў яе чырвоныя рукавічкі.

...Мы хваляваліся. Усе. Тыя самыя жарты, тыя самыя рэплікі, дзяжурныя падколкі, але ўсё — з напружаннем, з прыхаванай нервовасцю, а недзе і заўважным дрыжаннем голасу. Не згаварваліся міжсобку, але ніхто не сказаў і слова на тэму фільма: якое ён зойме месца, калі ўвогуле зойме.

Актавая зала школы была поўная. На першыя месцы пасела малышня — яны ставілі нейкі там канцэрт, усё на тую ж тэму: «Выбірай беларускае!». Песенькі, завучаныя рухі на сцэне пад музыку, якія называлі танцамі, вершы. Усё, як заўсёды. Урэшце.

Старшыня журы, незнаёмы нам дзядзька з аддзела адукацыі, малады зусім, у шэрым гарнітуры, чорнай сарочцы і бялюткім гальштуку, узняўся і пачаў казаць пра конкурс кліпаў. Тры лепшыя будуць узнагароджаны. Найлепшы пойдзе на агульнагарадскі конкурс, пры гэтым аўтары перадаюць правы на яго, дзеля чаго будзе складзена адмысловая дамова. У выпадку выкарыстання фільма ў камерцыйных мэтах аўтары фільма могуць яшчэ і зарабіць. Крута, што казаць.

Разгарнулі вялізны экран. «Трэцяе месца!». Першы кадр — сполах зыркага святла са словамілозунгам — выклікаў гучныя і радасныя выкрыкі асобнай групы вучняў у зале: пазналі сваё, радаваліся. Шушукаліся, пераглядваліся, ляпалі адзін аднаго па плячах. Што ж, ёсць падстава. Ролік быў кароткі. Пра тое, як важна выбіраць сваю каўбасу. Пару разоў можна было і ўсміхнуцца. Але цалкам праца добрая, у кожным разе не пусцяковіна.

На другім месцы апынуўся фільм нашых суседзяў-ворагаў — дзесятага «А» класа. Яны паўскоквалі са сваіх месцаў, крычалі «ўра», абдымаліся. Кліп быў неблагі, нічога не скажаш — турыстычная тэматыка, здымкі з розных кропак зямнога шара па адной паралелі, якая, зразумела, і праз Беларусь праходзіць. Неблагая задумка.

Чаму я так нерваваўся? Чаму Уладзя незаўважна для сябе так ціснуў маю руку на падлакотніку крэсла, што мне забалела? Падалося, сэрца зрабілася проста вялізным, запоўніла ўсяго — грудзі, жывот, галаву і тахкала няспешна, аддаючы ў скроні ўдарамі, якія, я баяўся, былі чуваць за метры ад мяне.

— І, дарагія сябры, першае месца, — з відавочным хваляваннем стаў казаць старшыня журы. — Хачу заўважыць, спрэчак у нас было шмат. Тым не менш. тым не менш мы аддалі яму вышэйшую ўзнагароду, і журы разлічвае, што вы пасля прагляду фільма зразумееце, і чаму мы спрачаліся, і чаму ўсё ж такі — першае месца.

Экран заставаўся чорным. Проста чорным. І, мабыць, менавіта гэтая чарната прымусіла залу не проста сцішыцца, а замерці. І ў абсалютнай цішыні загучаў прыцішаны хрыпаты голас Стася:

— Я шукаў твае вочы сярод тысяч пустых вачэй.

Мы — не ўскочылі, не закрычалі «ўра». Мы не пераглядваліся. Мы сядзелі ўсе, бы амярцвелыя. Нашы позіркі былі прыкутыя да экрана, вялізнага, на якім мы ўсе былі такія не падобныя да сябе. Мы перажывалі яшчэ раз тое, што рабілі, здаецца, так даўно і адначасова — учора.

Фільм на вялізным экране быў зусім іншы, успрымаўся зусім па-іншаму.

На тле чорнага экрана разгараўся світанак, узыходзіла вялізнае, трапяткое ў паветраным мроіве сонца, і гучалі, сцішваючыся, словы:

— Я шукаў твае вочы сярод тысяч пустых. Я шукаў твае вочы. Я шукаў.

А потым пачуліся воплескі. Гучныя і дружныя. Запалілі святло, а мы сядзелі моўчкі і таксама пляскалі ў ладкі. А навошта скакаць — усе ж бачылі цітры, ведаюць, хто і што.

— Запрашаю на сцэну рэжысёра фільма Рамана Макара! — прагучаў голас.

І вось калі Ромка прабіраўся да праходу, мы ўсе ўсталі. Адны з усёй залы. І стоячы, пляскалі яму.

Ромка атрымаў дыплом. Ён вяртаўся да нас, усміхаўся нам ззяючымі вачыма. Красава!

Здаецца, усё павінна было закончыцца, аднак зноў белагальштукавы дзядзька узяў мікрафон.

— Хвілінку, дарагія сябры! Канечне, і вы самі, і мы, журы, не маглі не заўважыць у гэтым фільме выдатную ігру акцёраў. Проста неверагодна, як амаль прафесійна сыграны сцэны. Так прафесійна, што мы не ўтрымаліся і вырашылі трошкі падправіць палажэнне аб конкурсе: мы ўвялі дзве ўзнагароды — за найлепш сыграныя ролі. Пакажыце мне, што вы згодны і ўхваляеце рашэнне журы! — тут дзядзька зрабіў паўзу, прымусіўшы залу замерці, і сказаў урачыста: — Узнагароджваюцца каштоўнымі падарункамі за лепшыя ролі. Ядзвіга Лелька і Кірыла Вяргейчык!

Зала выбухнула гулам, крыкамі, плясканнем у ладкі. Вось цяпер падскочыў у радасным угары ўвесь наш клас, скакалі, крычалі. Мяне таўхлі з абодвух бакоў — Уладзя і Міхал — а я бы здранцвеў. У галаве гучала і гучала: Ядзвіга і Кірыла. Нашы імёны, разам, побач, на ўсю залу. Пачаў выходзіць. Прыпыніўся, чакаючы Ядвісю і. падаў ёй руку. Яна, пунсовая, не ўзнімаючы вачэй, падала сваю, я абхапіў нечакана прахалодныя пальцы, такія. такія помныя, пяшчотныя, ціхенька сціснуў. Мы пайшлі разам да сцэны, сталі побач.

Ядвісі ўручылі кветкі і вялізнага плюшавага сабаку, і калі ёй паціснулі руку і ішлі па падарунак для мяне, я зрабіў тое, што мне зараз найбольш захацелася, — нахіліўся да яе і пацалаваў у шчаку. Як умеў, як уяўляў сабе пацалунак:

— Віншую, Яся.

Зала зрэагавала на мой пацалунак крыкамі захаплення і двухсэнсоўным жартоўным гулам. Мы ўсміхаліся. Так, я і Ядвіся ўсміхаліся зале. Я нахіліўся яшчэ раз і прамовіў спакойна і цвёрда:

— Яся, нам трэба пагутарыць. Важкая тэма. Для цябе.

Яна толькі цяпер зірнула мне ў вочы.

Як жа даўно я не сустракаў так блізка яе позірку!

І развучыўся яго разумець. Хоць, па шчырасці, ці мог раней?

— Адразу пасля гэтага спектакля Юрась запрасіў мяне у кавярню. Столік замоўлены, — без інтанацыі адказала яна.

— Я патэлефаную заўтра, — настойліва прапанаваў-паведаміў я.

Яна ўсяго павольна прыпусціла і прыўзняла ў адказ вейкі.

Мне далі нататнік, чорны, абцягнуты скурай, цяжкі і самавіты.

Дзевятнаццаць крокаў назад — да месца, і гэтулькі ж было адсюль. Значыць, трыццаць восем крокаў. Трыццаць восем крокаў мы ішлі, трымаючыся, як некалі, за рукі. Сеў, дастаў тэлефон. Яшчэ не разумеў, навошта я гэта раблю. Было 19.38.

У вестыбюлі і каля гардэроба стаяў вэрхал: усе імкнуліся хутчэй апрануцца. Я адышоў трохі ўбок, чакаў. Бачыў, як Юрась выкараскаўся з натоўпу, несучы сваю і Ядвісіну куртку. Дапамог ёй апрануцца. Усё па-джэнтльменску, дзелавіта, без усмешачкі нават. Ядвісін вялікі сабака ляжаў на стале вахцёра.

Адвярнуўся ўбок. Дурэлі малыя: штурхаліся, нехта за некім гнаўся, нехта ўцякаў.

Далей уся карціна прайшла, рыхтык я глядзеў запаволенае кіно. Двое малых размахвалі сваімі заплечнікамі з кнігамі, імкнучыся патрапіць па плячах адзін аднаму. Ля сцяны. На якой была шкляная вітрына з рознымі кубкамі — спартыўнымі дасягненнямі школы. Цяжкі заплечнік пацягнуў малога пры замаху, той ледзь не ўпаў, але не здолеў спыніць заплечнік, які паляцеў у вітрыну. Я зрабіў крок.

Далей гукаў не было. Я бачыў, як выгнулася шкло, пабеглі роўныя лініі расколін, марудліва, нехаця, пачалі сыпацца долу аскепкі — вялікія і малыя, вострыя і зіхоткія. Хлопчык павярнуў галаву, твар яго быў скажоны страхам, ён занёс нагу для скачка, памкнуўся ад вітрыны. А з яе марудна споўз вялізны трыкутны аскепак, паляцеў долу, на выцягнутую другую нагу хлапчука. Краем пракаўзнуў па лытцы, успароўшы тканіну, уткнуўся вастрынёй у зялёную пліткавую падлогу, стаў крышыцца, сыпацца.

І толькі тады я пачуў гук разбітага шкла, нечы перапуджаны крык. Я падскочыў да хлопчыка: ён паўляжаў, паралізаваны страхам і болем, азіраючыся на сваю нагу, выцягнутую назад. Разрэзаная тканіна на вачах імкліва набрыняла, з сіняй робячыся чорнай, з-пад нагі на падлогу выпаўзала крывава-чорная лужынка, расцякалася.

І тады я закрычаў:

— Яся!

Яна не магла выйсці са школы. Не магла.

Вакол ужо стоўпіліся перапалоханыя вучні, падбягалі ўсхваляваныя настаўнікі, разгубленасць і страх надавалі ўсім тварам аднолькавыя маскі бездапаможнасці. Ядвіся растаўкла кола, кінуўшы пад нечыя ногі заплечнік, сашмаргнула з сябе куртку, кінула вобзем.

— Закасвай калашыну!

Я пацягнуў калашыну, разрэзаную не да канца, рвануў далей мокрую склізкую тканіну, вызваліў нагу. Яна ўся была ў крыві. Разрэзу не было відаць, але ён угадваўся па пульсуючым струмені. Ядвіся коратка азірнулася, бы нешта вышукваючы вачыма, не знайшла, прысела, імкліва зняла цераз галаву свой балахон, адкінула ўбок, сцягнула з сябе белую саколку, склала яе ў дзве столкі і накрыла нагу хлапчука.

— Трымай тут! — схапіла маю руку, пасунула пад калена хлопчыка, прыціснула мае пальцы. — Моцна цісні, кулаком упоперак, там вены.

Пачуўся нейкі гул, мабыць, некага збянтэжыла аголеная, у адным станіку спіна Ядвісі.

— Ціха, — гыркнуў я, сам дзівячыся сваёй рашучасці.

Праз замерлае ў жаху кола прабілася завуч, Наталля Іванаўна, з перакошаным — першы раз я бачыў такі — шэрым тварам.

— Што. здарылася?

Ядвіся ўзняла галаву, сустрэлася з ёй вачыма.

— «Хуткую»!

— Трэба нагу ў калені моцна сагнуць і да жывата падцягнуць! — гучна і безапеляцыйна прагучаў голас Юрася.

Ён стаяў наперадзе ўсіх, глядзеў зверху ўніз, як я цісну пад каленам хлопчыка. У яго на твары чытаўся злы папрок: «Зноў ты апынуўся разам з Ядвісяй, а мы ж дамаўляліся!». Я кінуў рэзка і злосна ў адказ:

— Не камандуй!

— Ты яшчэ пашапчы! — з'едліва агрызнуўся Юрась. — Рабі, як кажуць!

Ядвіся здрыганулася, бы яе хто выцяў па плячах, ускінула вочы на Юрася. Я не мог бачыць яе позірку, не ведаю, што ў ім было, але Юрась раптам няўклюдна падаўся назад з перапуджаным тварам.

А Ядвіся нахілілася, амаль прыпала да нагі хлапчука, да сваёй ужо набрынялай кроўю саколкі, і загаварыла напаўголаса, разборліва і хутка, і ад першых яе слоў імгненна сцішыліся ўсе навокал:

— Першым разам, Гасподнім часам. Плылі тры рэчкі: адна вадзяная, другая малочная, а трэцяя крывавая. Вадзяная — працячы! Малочная — працячы! А ты, кроў гаручая, спыніся і запячыся! Другім разам, Гасподнім часам. Плыла рака морам, а ў той рацэ тры жылы: адна вадзяная, дру­гая малочная, а трэцяя крывавая. Вадзяная — працячы! Малочная — працячы! А ты, крывавая, суніміся і запячыся! Трэцім разам, Гасподнім часам. Плылі тры ручаі: адзін вадзяны, другі малочны, а трэці крывавы. Вадзяны — працячы! Малочны — працячы! А ты, кроў гаручая, сунімайся, запякайся!

Да яе ззаду наблізіўся Уладзя, падхапіў з падлогі балахон і прыкрыў аголеныя плечы.

Ядвіся не заўважыла гэтага, паўтарыла яшчэ раз замову, павольней, і яшчэ раз, напрыканцы, дадаўшы:

— А словам маім ключ ды замок. Словам маім ключ ды замок. Словам маім ключ ды за­мок. Адпускай, ператрымаем, — ціха скамандавала мне і дадала хлопчыку: — Ляж, ляж на жывот, нагой не варушы, не глядзі сюды. Усё добра, кроў не цячэ, усё будзе добра.

Адняла скрываўлены скрутак, працерла нагу. Кроў спынілася. Разрэз ішоў праз усю лытку, наўскос, глыбокі і жахлівы. Ніколі такога раней не даводзілася бачыць — разрэзанага так моцна жывога чалавечага цела...

Вакол нас стаялі школьнікі і настаўніцы, але ў такой немаце, як ім пазашывалі раты. Ядвіся павяла вачыма, спытала ціха:

— Мо ў каго якая сурвэтка ёсць. Ці насоўка чыстая?

— Ёсць, ёсць, Божа, што здарылася, Максімка, што здарылася? — маладая настаўніца, перапалоханая, дрыжачымі рукамі працягнула Ядвісі белую насоўку, хацела наблізіцца да хлопчыка, але замёрла, пабачыўшы чорную лужыну пад ім, якая расцяклася мо ў метр. Мабыць, яна была класным кіраўніком гэтага героя.

Ядвіся выцерла рукі, дала насоўку мне, нацягнула на сябе балахон, азірнулася на Уладзю, кіўнула яму ўдзячна.

— Дзе «хуткая»? — спытала.

— Зараз. пад'язджаюць. Яны побач былі на выкліку. — Наталля Іванаўна была не проста перапалоханая — выгляд ляжачага вучня з нагой у лужыне крыві ўводзіў яе ў стан шоку. Я падумаў яшчэ, што яна баіцца самой крыві, якой так многа тут, што адчуваецца яе пах, незвычайны, ні з чым не параўнальны, нейкі цёплы і цягучы, і выглядае кроў так страшна на зялёнай падлозе. Мне са­мому было вусцішна, і каб не Ядвіся... — Дзеці, дзеці! — Наталля Міхайлаўна прымусіла сябе ўвайсці ў свой статус завуча, толькі голас яе яшчэ дрыжаў: — Разыходзьцеся, калі ласка, нічога страшнага няма, кроў не ідзе, трохі парэзаўся шклом, зараз прыедуць урачы, зробяць перавязку.

Шчыльнае кола пачало хутка распадацца. Яшчэ праз колькі хвілін пачуўся шум ля уваходных дзвярэй: прыехала «хуткая». Жанчына ў зялёным касцюме прайшла да хлопчыка, прысела, памацала нагу, з лёгкім здзіўленнем азірнулася на Ядвісю — яна была найбліжэй.

— Як вы спынілі кроў? Зрэшты, неістотна. Насілкі сюды.

Вакол нас стаялі ўжо не вучні — настаўнікі. І дырэктарка, Рэгіна Казіміраўна. Твар яе быў падобны на паверхню каменя — шэры і нежывы. Яна перахапіла мой позірк, кіўнула, я зразумеў і адышоў убок, чакаючы яе.

— Ты ўсё сам бачыў, Вяргейчык?

— Усё. На маіх вачах. Даруйце, не паспеў. Хоць усё было так. так замаруджана.

Хлопчыка на насілках ужо выносілі са школы.

— Прабач, калі ласка. тут зараз прыбяруць. Ты можаш затрымацца на колькі хвілін?

— Калі трэба.

— То памый рукі і ідзі да майго кабінета.

Я кіўнуў.

Ужо тэхнічка прынесла вядро з вадой, ад месца здарэння адышліся, даючы прыбрацца. Дырэктарка размаўляла з Ядвісяй, азіраючыся на мяне. Уладзя падышоў, несучы куртку Ядвісі і яе заплечнік. Мая куртка вісела сіратой у пустым гардэробе. Ядвіся адышлася ад дырэктаркі, падышла. Уладзя паспеў забраць маю куртку і заплечнік і так пайшоў за намі да рукамыйніка — несучы нашы транты. Мы не размаўлялі, вымылі рукі, Ядвіся апранула куртку, пачакала, пакуль апрануся я.

— Хадзем? Дзякуй, Уладзя!

— Хадзем. А Настачка дзе? — спытаў я сябра.

— Стаіць ля выхаду.

— То бяжы, дзякуй. Пачакай хвіліну. Юрася бачыў?

Ядвіся прыпынілася, але не азіралася — яна таксама хацела пачуць адказ.

— Навошта ён табе? — скрывіўся Уладзя.

— Ды. таксама дзякуй сказаць.

— Ён уцёк адразу. Як пачуў, што Ядвіся. шэпча, дык і выскачыў за дзверы. Ён жа рэаліст.

— Я не шаптала, Уладзя, — павярнулася Ядвіся. — Гэта называецца замова на кроў.

Дырэктарка чакала нас.

— Прабачце, калі ласка, але ж заўтра, ды ўжо сёння мне адказваць. Такое здарэнне. я прашу вас расказаць. Каб ведаць з першых вуснаў, як і што было. І прабачце, калі можна. пісьмова.

Мяне перасмыкнула.

Рэгіна Казіміраўна пабачыла, як змяніўся мой твар. Я паглядзеў на яе, у яе вочы. і яна раптам нібы зменшылася ростам, ператварылася з дырэктаркі ў напужаную цётку. нечыю маці. Для якой той вучань — яе родны сын.

— Давайце паперу. А што Ядвісі пісаць, я яе клікнуў, калі шкло было на падлозе.

— Вы аказвалі першую дапамогу. Спынілі кроў. Божа, мне страшна ўявіць, чым усё магло скончыцца, — раптам прыпынілася дырэктарка ад сваёй жа думкі. — Вечар, ніводнага мужчынынастаўніка, медпункт зачынены, жанчыны. разгубіліся, хто б знайшоў, дзе якую вену ціснуць.

Мы прыселі да стала, я напісаў хутка, у некалькі сказаў: хлопчык узмахнуў заплечнікам, не разлічыў размах, заплечнік яго пацягнуў на вітрыну, удар, аскепкі, кроў, клікнуў Ядвісю.

У дзверы пастукалі, яны прыадчыніліся, Рэгіна Казіміраўна запрасіла:

— Заходзьце, Наталля Іванаўна.

Завуч зайшла, прыпынілася ля дырэктаркі, і яны разам глядзелі на нас з Ядвісяй, як мы пішам.

— Ядвіся, ты прадыктуеш тэкст замовы, ці мне проста напісаць: «А мая аднакласніца Ядзвіга Лелька прачытала замову і спыніла кроў.»?

Яна адклала ручку ўбок, зірнула і нечакана ўсміхнулася прыязна і амаль весела.

— А так і напішам, і з тэкстам замовы! А, Рэгіна Казіміраўна? — звярнулася яна да дырэктаркі.

Тая разгубілася. А што ёй было казаць? Што кроў з такога парэзу насамрэч спынілася сама? Ці

Ядвіся нічога не нашэптвала?

— Дзеці. — загаварыла Наталля Іванаўна. — Я ўсё чула, Ядзя. І ўсё бачыла. І яшчэ штосьці ве­даю. Але. вы мусіце разумець. Гэтыя паперы тут не застануцца.

— Тады пішы, — скамандавала мне Ядвіся. — «Удваіх з аднакласніцай мы пераціснулі вены і артэрыі на назе хлопчыка, каб спыніць кроў да прыезду «хуткай дапамогі». Так? — запытальна ўзняла яна вочы на Рэгіну Казіміраўну.

— Так, Ядзечка, так, — з палёгкай заківала тая.

У вестыбюлі вахцёрка, невялікага росту, паўнаватая, круглявая цётка сталага веку схапіла плюшавага сабаку Ядвісі і трымала перад сабой, каб, крый Божа, мы на яго не забыліся, заўсміхалася:

— От, дзевачка мая, бяры свайго падаруначка, бяры.

Сабаку ўзяў я.

Мы ішлі моўчкі. З ніадкуль сыпаўся невялікі снег, тратуар наперадзе быў без адзінага чорнага лапіка следу. Я азірнуўся: за намі ніхто не ішоў, ланцужок нашых слядоў губляўся ўдалечыні.

— Я ведаю, хто твой бацька, Яся, — роўным голасам сказаў я і адчуў, што скочыў у прорву.

Яна рэзка спынілася, як спалохалася нечага наперадзе, павярнулася, зірнула ў твар.

— Што?

— Я знайшоў твайго бацьку, — зрабіў я яшчэ адзін скачок, захлынаючыся жахлівым адчуваннем падзення, ад якога замірала сэрца, але вар'яцкае жаданне падаць было няўмольным, і я дадаў яшчэ: — Я сустракаўся з ім.

— Ты дурань. ты дурань набіты, Кір, — роспачна прастагнала Ядвіся. — Хто цябе прасіў? Што ты нарабіў? Няўжо ты думаеш, што я не ведала пра бацьку? Ён не ведае пра нас, а мы ведаем пра яго ўсё! Я маю ўсе кніжкі яго вершаў, я чытаю яго артыкулы ў газетах, я бачыла яго. няхай здаля, няхай і даўно, але бачыла! У яго — сваё жыццё, свая сям'я! Ні я, ні мама не маем права разбураць яго шчасце, бо мы любім яго! Што ты нарабіў! Ты расказаў яму пра нас? Расказаў пра мяне? Даў адрас? Тэлефон? Кажы!

Яна скончыла роспачным крыкам, а я стаяў, глядзеў на яе твар, і ён ніколі яшчэ не быў такі прыгожы і такі блізкі.

Я маўчаў.

— Кажы!

— Што мне табе казаць, калі ты ўсё ведаеш? — ціха спытаў я. — Казаць, як я першы раз сустрэў у рэдакцыі няшчаснага адзінокага п'яніцу, які заношвае сарочкі да чорных каўнерыкаў, а штаны — да стану бліскучага азадку? Да якога не падысці блізка, бо патыхае перагарам да ванітаў?

— Што? — Ядвіся адступіла крок назад, твар яе скрывіўся. — Гэтага. гэтага не можа быць. Няпраўда! Ты не бацьку майго бачыў!

— Хадзем, Яся, — ціха прапанаваў я. — Праз прысады. Я ўсё апавяду. Прабач, будзе доўга.

І мы пайшлі. Прысады патаналі ў мроіве снегу, які сыпаўся, здавалася, толькі ў асобных месцах — там, дзе ліхтары адрэзвалі ад цемры конусы жоўтага святла, запоўненыя перапляценнем чорных галін і мільгаючых белых камячкоў. Нікога больш не было відаць, мы былі адны тут. Адны ў цэлым сусвеце, бо прысады былі не прысадамі, гэта быў тунэль з іншасвету, тунэль, у які збегла некалькі лёсаў, сплялося, каб разбегчыся з яго на выйсці, і зараз ад мяне залежала, як яны знітуюцца і якімі выбегуць з тунэля, каб трапіць іншымі ў звычайнае жыццё разам з намі, з тымі, хто выйшаў з прысад, і мы таксама мусім стаць іншымі...

Мой аповед быў насамрэч доўгі. Я не хацеў прапусціць ніводнай сваёй думкі, ніводной дзеі: чаму вырашыў, як вырашыў, што меў на мэце. Так, я прызнаўся Ядвісі, чаму насамрэч шукаў яе бацьку: вось, дзеля таго, каб паразмаўляць сам-насам. Каб змяніць яе нянавісць і пагарду хоць на горкую абыякавасць. Апавёў, як шукаў, пра сваю паездку ў рэдакцыю, пра тэлефонны званок, згадваў кожнае слова Матыля. Пераказаў нашу сустрэчу. І пра сваю здагадку успомніў: як маці Ядвісі змяніла сваё прозвішча. Бо лелька — гэта матылёк. А ён — Васіль Матыль.

Ядвіся маўчала. Мы дайшлі да яе дома, яна моўчкі забрала свайго сабаку. Не развіталася. Завярнулася і пайшла. І са спіны яна раптам выглядала цяпер такой маленькай і безабароннай побач з вялізным плюшавым сабакам, які сумнымі зялёнымі вачыма пазіраў на мяне з-за яе пляча.

Калі ўваходзіў у пад'езд, адчуў вібрасігнал тэлефона. Здрыгануўся, але гэта была не Ядвіся. Уладзя.

— Ну, што нарабілася? — спытаў я яго.

— Ды ў нас усё добра. Як там вы? Што дырэктарка хацела?

— Звычайна. Тлумачальныя пісалі: як здарылася. Прыкра, канечне, такое свята было — і тут маеш.

— Ага, прыкра, — згадзіўся Уладзя. — Слухай. Што заўтра робіш?

— Не думаў ні пра заўтра, ні пра паслязаўтра.

— То паехалі на лецішча! Бацька закіне на аўто. Яму самому некалі, заняты, а маладыя яблынькі зайцы пагрызуць: снегу ж нападала. Ядлоўцу ў ляску многа, насячэм галінак, абвяжам. І. я хачу Настачку запрасіць, там прыгатуем паесці, каўбасак мне купілі, пасмажым, цікава ж — снег вакол, не холадна надта. Печку распалім. Маці тут напякла смакаты, гарбаты пап'ём, — спакушаў Уладзя.

Я усміхнуўся міжволі.

— А я трэцім лішнім не буду, Уладзь? Што Настачка падумае?

— Ды разумееш. — уздыхнуў ён. — Папраўдзе, дык я баюся. сам-насам на лецішчы з Настачкай. І сама Настачка. яна ж сарамліўка, а хочацца, каб пачувалася вольна. Як ты будзеш з намі, дык ёй будзе утульна. І мне спакайней. Паехалі?

— Ну. а чаму мяне аднаго? Давай, Ромку затэлефануй. Во, слухай! —раптам трапіла думка:

— Марго запрасі! Сёння такі снег сыпле, уяўляеш, якіх яна кадраў наробіць у ляску? І з намі цэлую фотасесію зладзіць, прынамсі, з тваёй Настачкай!

— Дык у машыну ўсе не ўлезем.

— У Ромкавых бацькоў аўто ёсць, у Марго. Ну?! Тут паўгадзіны туды-сюды, не праблема ж.

— Крута! — прыняў маю версію заўтрашняга дня Уладзя. — Тэлю Ромку, а ты — Марго!

— Не, Уладзя, хай Ромка сам запросіць Марго, — імгненна пракруціўшы сітуацыю, запярэчыў я.

— Ты думаеш? — па-змоўніцку прыцішыў голас Уладзя.

— Мне так падаецца.

— Добра, заўтра недзе каля адзінаццатай, стэлефануемся раней, ага?

— Ага, давай.

Я зайшоў у кватэру, мяне сустрэў пах смажанай курыцы і маці на парозе.

— Я не званіла, перажываю. Ты так доўга.

— Прабач, мам. тут накруцілася рознага. Наш фільм — найлепшы. Мне і Ядвісі за лепшыя ролі падарункі далі.

— Віншую! — маці памкнулася была абняць, але спынілася, пільна ўзіраючыся ў мой твар. —

Але ж ты зусім нярадасны. Што так? Здарылася нешта?

— Ды здарылася. Малы з класа пятага вітрыну шкляную разбіў, шклом нагу парэзала, было жахікаў. Крыві шмат, трасло ўсіх. Справіліся. Усё добра.

— І ты там. ля хлопчыка?

— Ну, я, Ядвіся. Вены пераціскаў, — не стаў я далей казаць, што рабіла Ядвіся, але раптоўна выправіўся — а вось хай ведае, цікава, як зрэагуе: — Ядвіся спыніла кроў. Замовай.

— Замовай?

Я глядзеў на маці, бачыў ніякае не здзіўленне, а больш — захапленне і цікавасць.

— Ну, так. Тройчы чытала нешта пра рэкі, ручаі, жылы крывавыя.

— А адкуль яна ведае замовы? — пацікавілася маці так, як у сяброўкі пыталася, дзе тая набыла новую сумачку.

— Баба родная навучыла, казала.

— Якая яна малайчына! — ухваліла маці. — Не спужалася крыві.

Назаўтра тэлефон запілікаў яшчэ а палове дзясятай. Я зірнуў. Затахкала ў горле. Ядвіся.

— Кір. Прывітанне. Мама. мама просіць цябе завітаць. у любы час, калі зможаш, сёння ці заўтра.

Я праглынуў камяк.

— Магу зараз.

— Тады мы чакаем.

Апрануўся-абуўся, збег па прыступках. Пра тэлефанаванне ад Уладзі не думаў, наша паездка падалася зараз дробязным, нязначным фактам.

Маці Ядвісі, цётка Ірына, была апранута ў сукенку. Чырвоную. Не разбіраюся ў строях жанчын, але ж хіба такія носяць дома без дай прычыны? Яна хвалявалася. Церла адна аб адну рукі з прыгожымі тонкімі пальцамі. Вінавата ўсміхалася, запрашаючы за стол, — там быў парэзаны на кавалкі пірог, толькі прыгатаваны, бо яшчэ стаяў на кухні цёплы пах печыва.

— Кірылка, табе чорную ці зялёную гарбату?

— Абы гарачая і салодкая, — няўклюдна пажартаваў я.

Мы сядзелі за сталом, ніхто не кранаўся ні кубкаў, ні пірага.

— Раскажы маме, — ціха папрасіла Ядвіся, бязгучна боўтаючы лыжачкай у сваім кубку, узняла вочы: — Усё раскажы. Як мне.

Я пачаў свой аповед, прапусціўшы «ўступ», дзеля чаго ўсё рабіў. Сёння мне было лягчэй, чым учора, я не замаўкаў надоўга, вышукваючы словы, згадваючы. Не мог глядзець на цётку Ірыну, а яна не зводзіла сваіх вачэй з майго твару, быццам на ім былі яшчэ нейкія падказкі, нешта яшчэ, чаго я не дагаворваў.

— Пі гарбату, ахалодала, — напаўголаса чамусьці нагадала яна, калі я замаўчаў. — Ён сказаў, што будзе шукаць? — яшчэ раз папрасіла ўдакладніць.

— Не. Ён сказаў, што знойдзе, — выправіў я.

Яна вагалася імгненне, потым гэтаксама ціха спытала:

— Ён табе тэлефанаваў. Значыць, у цябе ёсць нумар яго тэлефона?

Я дастаў тэлефон, пагартаў, адшукаў уваходзячыя, сярод якіх быў і нумар Васіля Матыля.

— Ёсць нумар. — і нечакана сам для сябе раптам выдаў: — Я магу набраць яго зараз.

Яны маўчалі, разгубленыя маёй неспадзяванай прапановай, — Ядвіся і яе маці. І я націснуў выклік. Бо калі хочаш рабіць — рабі...

Матыль адказаў на другім гудку.

— Прывітанне, Кірыла. Ты па справе? Але, чакай, я хачу прызнацца табе. Журналіст павінен умець знайсці, дык прабач, хлопча, я лёгка знайшоў цябе ў сацыяльнай сетцы. І я зараз у тваім горадзе. Мне чамусьці здаецца, што і мая Ірына тут. Вось. Цяпер слухаю цябе.

Перахапіла дыханне. Я кашлянуў і адказаў:

— А я зараз у. вашай Ірыны.

І працягнуў тэлефон Ядвісінай маці.

У яе трэсліся рукі, голас быў ціхі-ціхі, яна ці не прашаптала:

— Алё...

Ядвіся выскачыла з-за стала, схапіла мяне за руку, мы таропка выйшлі з кухні, прычыніўшы дзверы. Селі ў зале на канапе, Ядвіся пстрыкнула пультам, залапатаў тэлевізар, яна дадала гучнасці. Мы маўчалі і імкнуліся не сустракацца позіркамі.

Колькі хвілін прамінула? Пяць ці болей, не ведаю. Маці Ядвісі зайшла да нас, працягнула мне тэлефон.

— Я, мабыць, не выключыла, адно са сваім умею. — памаўчала, пакусваючы вусны, і дадала:

— Дачушка. Васіль сапраўды ў нашым горадзе. І я запрасіла яго. Ён будзе праз хвілін дваццаць.

Ядвіся маўчала. Мне стала вельмі няёмка — гэта былі ўжо тыя сямейныя справы, у якіх я быў лішні. Я падняўся, і нечакана са мной устала Ядвіся.

— Мам, ты пакуль адна. Я пасля, потым. Так жа правільней? Так лепей, праўда ж? — і ўгаворвала, і выбачалася яна.

— Дык. Куды ж ты пойдзеш, не лета ж, — з лёгкай роспаччу, але ўсведамляючы рацыю дачкі і з удзячнасцю прымаючы яе словы, занепакоілася маці.

— А Ядвіся з намі. паедзе, — раптоўна знайшоўся я, зірнуў на Ядвісю, вочы якой акругліліся ад неразумення, заспяшаўся, усё адно як мне было адмерана ўсяго некалькі секунд: — Нас тут невялікая кампанія сабралася, едзем на лецішча да Уладзі. Там яблынькі абвязаць, Марго фотасесію зладзіць па першым снезе, печку распалім, каўбасак насмажым. Едзем, Яся?

— Зараз, я хутка. Чакай у вітальні.

Я выйшаў.

— Пірог, дачушка, пірог забяры, — услед за Ядвісяй таропка выйшла з пакоя і цётка Ірына, заспяшалася на кухню.

Ядвіся была ў чорных джынсах і зыркім памаранчавым швэдры. Накінула куртку, абулася, нацягнула на галаву вязаную шапку, паправіла валасы на плячах, узяла з рук маці пакет з кавалкамі пірага. Нахілілася да яе, цмокнула ў шчаку:

— Усё будзе добра, мама! Тэлефануй!

Снег, бязважкі, лёгкі, сыпаў і сыпаў, павольна апускаючыся на ўжо цалкам укрытую беллю зямлю. Уладзя ішоў першым, пратоптваў сцежку — недзе было і вышэй за калена. Падышлі да яго лецішча, сталі, міжволі залюбаваўшыся хараством: дрэўцы, кусты парэчак, арка з вінаградам былі ўкрыты таўсматымі шапкамі белага снегу. Дарожка, якая вяла ад веснічак да ўваходу, была роўненька прыцярушаная снегам, так роўна, бы яго нехта тут разгладжваў. Уладзя таргануў веснічкі, а Марго ажно ўскрыкнула:

— Не ступай! Не хадзі!

І сама прысела з фотаапаратам, пстрыкала. Потым азірнулася на нас, прыпыніла позірк на Ядвісі: — Ядзечка, пабудзь ахвярай! Ну, калі ласка! У цябе такі швэдар, будзе такая мілата!

І Ядвіся зняла куртку на просьбу Марго, зняла шапку, расчасалася, колькі хвілін стаяла і чакала, пакуль у валасах не забялелі снежныя камячкі.

— А цяпер — ідзі павольна сцяжынкай, вольна, не угінайся, ты ў свой дом ідзеш. Азірнешся, як папрашу.

І пстрыкала, а мы любаваліся сапраўды прыгажэннай карцінай: у белым садзе белай сцяжынкаю, пакідаючы выразныя сляды, ідзе дзяўчына ў зыркім, бы сонца, памаранчавым швэдры.

— Ух ты, вось дык кадры! — не стрымлівала захапленне Марго, азіралася наўкола. — Вой, які там лясочак! Хто мяне туды праводзіць? Вой, хачу-хачу.

Мы пасмейваліся, а мне было цёпла і прыемна.

Падышлі да дзвярэй і зноў, як некалі, Уладзя застыў, пазіраючы ў бок цяпліцы.

— Што, наш сябра-бомж там зноў начуе? — усміхнуўся я і падышоў да цяпліцы. Не, дзверцы былі зашчэпленыя з вуліцы. Але ж у куце за плёнкай нешта грувасцілася.

Падышлі ўсе разам, цікава ж.

Пад кавалкамі старой поліэтыленавай плёнкі былі складзеныя роўным штабелем дровы. Прычым — не ламаныя, а парэзаныя і пасечаныя, хоць, відавочна, збіралі іх тут, на месцы.

— Бач ты. аддзячыў, — цёпла ўсміхнуўся Уладзя.

— Хто аддзячыў? За што?

— Мы вам раскажам! — паабяцаў я, яшчэ далей прыадкрыў дровы і пабачыў наверсе пакет — самы звычайны, як у магазінах даюць на прадукты. — О, дык там і яшчэ нешта!

Зазірнуў і выцягнуў. каробку цукерак. Вялікую і цяжкую.

— Неслабыя тут у вас бамжы трапляюцца, — рассмяяўся Ромка. — Уладзь, адчыняй хутчэй — замерзнем!

У дамку было няцёпла, але неяк трошкі утульней, чым у мінулы раз. Хутка распалілі ў печцы. Марго пацягнула дзяўчат у лясок рабіць здымкі, Ромку прымусіла ісці наперадзе і пракладваць сцежку. Мы з Уладзем даставалі з пакетаў тое, што кожны паспеў прыхапіць з дому, ладзілі на стол, які пасунулі бліжэй да печкі, там змайстравалі лаву — будзе дзяўчатам сядзець лацвей — ад печкі ўжо пайшоў цёплы дух.

Забулькатаў чайнік — я пайшоў гукнуць усіх.

Гудзела, патрэскваючы, полымя ў печцы. Паелі са смакам — згаладаліся, як выявілася. Разлілі гарбату, я пацягнуў да сябе той пакет з цукеркамі.

— Дык будзе гісторыя пра вашага бамжа? — спытала Ядвіся.

— Абавязкова будзе, — паабяцаў я. — От будзем есці цукеркі і слухаць нас.

Плёнка на каробцы была надарваная з аднаго боку — саму каробку выцягвалі і зноў засоўвалі. Непрыемна казытнула. Але сарваў усю абгортку, адкінуў вечка і застыў: на раскладзеных у сваіх асобных пластыкавых гнёздах цукерках у абгортках ляжаў згорнуты аркуш паперы. Я прабег кароткі тэкст вачыма і, не ведаю чаму, устаў, узяўшы яго ў рукі. Мабыць, на маім твары нешта было такое, што ўсе змоўклі, насцярожана сачылі за мной.

— Уладзь. — ціха гукнуў я сябра — ён корпаўся ў шафцы, забыліся дастаць цукар.

— Ну? — замёр ён, пабачыўшы мой твар.

— Ён пакінуў запіску. — нечакана запяршыла ў горле, і я адкашляўся. — Прабачце, чытаю. Дарагія маладыя людзі! Прыміце маю маленькую ўдзячнасць — купку дроў. А гэтыя цукеркі — падзяку вам асабіста ад маёй Юлечкі. Сяргей Міхайлавіч.

— Вось дык маеш, — Уладзя прысеў на зэдлік, вочы яго заблішчалі. — Дык ён — дайшоў?!

— Ну, калі нам перадае цукеркі яго Юлечка, — дайшоў, — радасна усміхнуўся я.

— Так, стоп, тлумачце! — удавана абурылася Ядвіся. — Што гэта такое?

— Гэта. Гэта чалавек паверыў у тое, што хоць кожны асобна са свайго боку бачыць сваю прычыну падзеі, ды сапраўдная бывае толькі адна. І што нельга баяцца.

У пакоі раптам пасвятлела: на падлогу лёг зыркі сонечны простакутнік.

— Кадры! Кадры! — усхапілася з месца Марго. — Кір! Пакуль не распавядай! Бяжым, дзяўчаты!

Мы выйшлі разам усе і зажмурыліся ад яркага сонечнага святла і белага ззяння.

Побач уздыхнуў Уладзя.

— Ты чаго? — ціха спытаў я.

— Так, прыемна. І неяк радасна. Чужы ж нам чалавек, ніхто, а вось.

— Так. Памятаеш, Уладзь, гэты бомж. Я тады падумаў, што ён дойдзе. Бо калі выйшаў ад нас, дык пайшоў супраць ветру.

Пакуль Марго зноў вымушала нас то па чарзе, то ўсіх разам станавіцца ў адным, у іншым месцы,кідацца прыгаршчамі снегу, страсаць яго з кустоў парэчак (а пад тым кустом бедная Настачка.), дамок добра прагрэўся, мы вярнуліся, яшчэ больш узрадаваныя той цеплыні, што нас сустрэла, прыкладвалі свае халодныя чырвоныя рукі да гарачых бакоў печкі. Потым падагравалі астылую гарбату, і мы з Уладзем апавядалі дзіўную гісторыю нашага знаёмага бамжа.

У горад вярталіся з захадам сонца, на аўтобусе.

Мы не змаўляліся з Ядвісяй — збочылі ў бок прысад.

— Мама тэлефанавала. — парушыла маўчанне Ядвіся.

Я не ведаў, што пытаць, і ці маю я права нешта пытаць. Прамаўчаў.

Наперадзе нас, у канцы прысад, заходзіла сонца, заліваючы снег ружовым і чырвоным. Мы не адны любаваліся гэтым хараством: перад намі няспешна у той жа бок — да сонца, ішло колькі пар. Мацнеў мароз.

— Ты, Кір, псіх, і табе будзе цяжка, — уздыхнула Ядвіся. — А ў мяне замерзлі рукі, — спынілася яна.

Я выцягнуў свае рукі з кішэняў курткі — у пальчатках было холадна ісці, сцягнуў пальчаткі, узяў працягнутыя рукі Ядвісі, зняў яе чырвоныя рукавічкі. Рукі і праўда былі халодныя. Уклаў кожную ў сваю руку і засунуў разам з рукавічкамі ў кішэні сваёй курткі. Бо ў мяне вялікія і цёплыя кішэні.

Мы стаялі адзін супраць другога, тварам да твару. Хвіліну, другую.

— Дзівак ты, зараз пачнуць стыць ногі, — усміхнулася Ядвіся. — Хадзем. Угрэліся рукі.

Нават самыя доўгія прысады некалі канчаюцца. І мароз усё мацнеў. І чырвонае сонца скацілася

за дахі дамоў.

— Мама тэлефанавала, — ціха паўтарыла Ядвіся. — Будзе позна. Яны паехалі ў рэстаран вячэраць. Мама ніколі, казала мне, не вячэрала ў рэстаране з мужчынам. Яна апранула сукенку, якую купіла чатыры гады таму, на вяселле да стрыечнай сястры, але я тады моцна захварэла, і на вяселле мама не трапіла. І сукенка вісела ненадзяваная. Прыгожая сукенка. Мама гаварыла, а я слухала і думала, што ніколі не чула такога да дрыжання шчаслівага яе голасу... Кір! Што ты зараз хочаш?

— прыпынілася яна: мы акурат дайшлі да яе дому.

— Не ведаю, — ціха адказаў я. — Хіба ты замерзла да стану залатой рыбкі, каб выконваць жаданні?

— Не, але ж я — ведзьма, ты пераканаўся.

У Ядвісіных вачах скакалі гарэзлівыя агеньчыкі.

— Я скажу. — сур'ёзна пачаў я, гледзячы ў яе зрэнкі, не міргаючы. — Скажу як ёсць, а ты. Зрэшты, можаш крыўдаваць. Я хачу. хачу прасіць даравання ў матылька і дазволу пацалаваць яго.

Гарэзлівыя агеньчыкі запоўнілі цалкам яе вільготныя вочы.

— Толькі ты прачытаеш мне сваю гісторыю майго нараджэння, — прашаптала Ядвіся, узяла мяне за руку, злёгку пацягнула: — Хадзем.


Загрузка...