— Слухай. Помніш, ты казала, даўно, што мяне мой бацька любіць.
— Казала і паўтару! Тое на тваёй руцэ. Што, бацька твой недзе знік? Ты прабач, а калі ён, той, што знік, не твой бацька? А калі той мужчына, які вось стане мужам тваёй маці і, значыць, тваім бацькам, будзе цябе любіць?
Ядвіся літаральна адправіла мяне ў накаўт. І я пераключыўся на іншае, бо ў галаве аж гудзела ад неспадзяваных думак. Потым, пасля.
— Слухай, а вось наш гісторык на цябе зуб не вострыць, не разумею. Іншых бы ён з'еў ужо, а ў цябе — няблага. Нашаптала на яго? — пераскочыў я на іншую тэму.
— Не магу я шаптаць, калі мне тое трэба, а толькі калі іншым, ды пільна, ды неадкладна, — з уздыхам адказала Ядвіся. — А да Швондзера я назаўтра падышла і павінілася.
— Ты павінілася? Прасіла прабачэння? — не паверыў я.
— Прасіла. Бо вінаватая. Сарвалася. Нельга дзецьмі папікаць бацькоў. Ці дзяцей бацькамі. Ведаеш. А ён дзядзька разумны і. верыць ён у тое, што кажа. Вось заўважыла: дарослыя жадаюць аднаго, апавядаюць пра другое, а робяць трэцяе. Ты паназірай — сам пабачыш. Мне мама даўно пра тое казала. Але ж хоць і ведаеш, сарвешся. жыццё такое, Кір.
Прысады былі доўгія, мы апынуліся якраз пасярэдзіне. Лісце з дрэў ужо амаль усё абляцела, але ўсё адно выдавала на тое, як быццам мы стаім усярэдзіне тунэля: голыя галіны бяроз і клёнаў спляталіся над намі ў небе, было бязлюдна і ціха, адно зрэдку па шашы, адгароджанай ад нас слупамі клёнаў, праносіліся машыны. Мы ішлі, зноў, як некалі, ўзяўшыся за рукі, Ядвіся пацепвала плячыма — ёй было няўтульна, але яна трывала, не прыспешвала, я разумеў — дзеля мяне, і перахопліваў пальцы яе рукі, каб уся яе далонька была ў маёй, каб было цёпла яе руцэ.
— А наконт Уладзі, ведаеш, вось як скажу: вы, хлопцы, бездапаможныя слепакі, — казала мне з асуджэннем Ядвіся. — Уладзя, Уладзя. Знайшоў сабе быў аб'ект для кахання, закахаўся, і ўсё — я такі, шкадуйце мяне, я бедны закаханы! Ага! Не закаханы, а самазакаханы. У яго Настачка Базан з першага класа закаханая — ён і не бачыць! Яна яму штогод на дзень народзінаў — паштоўку, на дзень закаханых — паштоўку, пры любой нагодзе, калі можна, — паштоўку, а ён іх проста выкідваў! Хоць бы раз задумаўся, зацікавіўся: хто ж гэтулькі гадоў піша такія цёплыя пажаданні, зычыць шчасця табе, табе, які безнадзейна закаханы ў іншую і свету праз яе не бачыць? Так, я ведаю, мне расказала Настачка. І як пад бальніцай, тады здарылася бяда з Уладзем, прастойвала, як перадавала яму цукеркі. Дык я ёй не проста параіла, а літаральна вымусіла: досыць саромецца! Вазьмі і пакажы яму, што ён табе неабыякавы! І не ў «Кантакціку» напішы, а справай! Проста пабудзь побач! Не дурань жа ён зусім, вочы ж у яго расплюшчыліся, павінен пабачыць. Пабачыў. Дык то Уладзя, ён — разумнічак, ён усё заўважае. А іншыя.
— І я — сляпы? — невядома чаго расхваляваўся я.
— І ты. — сумна кіўнула Ядвіся. — Прабач. Мне вельмі няўтульна. Дом мой вунь. Не праводзь далей, бяжы, табе так бліжэй. Даруй за сёння.
Яна вызваліла сваю далонь і нечакана кранулася пальцамі маёй шчакі.
— Вочы ва ўсіх расплюшчваюцца, не перажывай.
Маці не было дома, яна пакінула цыдулку на лядоўні — затрымаецца. І гэта было добра. А то б мы пасварыліся, ці я б нахаміў без дай прычыны. Унутры мяне віравала незразумелая злосць, мяне раздражняла ўсё вакол сябе і я сам. Упершыню глядзеў свой серыял і раптам як ніколі востра адчуў: на экране не сапраўдныя людзі, то — артысты! Нічога сапраўднага там няма! Нідзе нічога сапраўднага! Жадаем — адно, кажам — другое, робім — трэцяе!
.Праз тыдзень мы зразумелі, чаму Віялета так дэманстрацыйна аплаціла Ромку Макару зробленую на яе замову работу. На вялікім перапынку мы хутка справіліся ў сталоўцы (есці прасяную кашу з рыбнымі катлетамі ні ў каго жадання не ўзнікла, таму абышліся кампотам з булачкай) і стаялі ля акна: Ядвіся, я, Юрась і Ромка. Уладзя падляцеў з такім тварам, ажно Ядвіся спалохалася.
— Тая сцерва хоча скрасці! — усяго і змог выгукнуць ён.
— Уладзя, як на цябе непадобна! — упікнула яго Ядвіся. — Ты самы выхаваны хлопчык з гэтага асяродка аболтусаў! Як можна?
— Якая сцерва? Што скрасці? — перапытаў я хутка, устрывожаны, бо ніяк з галавы не ішлі словы Віялеты пра абавязковы разлік з усімі.
І Уладзя стаў расказваць тое, пра што яму апавяла колькі хвілін таму Настачка. Так супала, яе маці сябруе з жанчынай, а тая працуе прыбіральшчыцай у доме культуры, дзе зараз праводзяць рэпетыцыі будучыя канкурсанткі «Міс Восень». Дык вось, зазірнула яна пазаўчора ўвечары да суседкі і пачала расказваць: а ў доме культуры будуць ставіць тое кіно, якое мы з табой глядзелі, дзе твая дачка гэтак бессаромна абдымаецца з другой дзяўчынай (Ромка даў нам скапіраваць фільм пад самае чэснае слова не выкладаць яго ў сацсеткі). Гамонку пачула Настачка і стала выпытваць падрабязнасці. А цётка як цётка, хіба яна можа толкам патлумачыць? Тады назаўтра Настачка пайшла дапамагаць цётцы прыбірацца ў доме культуры, хадзіла там з анучай і насамрэч пабачыла: там сапраўды ставяць наш фільм! Ну, хай сабе трохі па-іншаму, але ідэя — наша! У галоўнай ролі — Віялета, як жа іначай! Яна сустракае хлопца (Віктара Марыноўскага!), далей — расстанне, усё, як у нас: пошукі, субкультуры, вуліцы. І галоўнае, галоўнае: гучыць рэп Стася! У іх ёсць арыгінальны запіс, яны пракручвалі яго некалькі разоў. Зараз яны падганяюць сцэнкі пад словы песні, а далей запланавана, як зразумела Наста, палову слоў будзе спяваць Віялета, палову — Віктар.
Мы маўчалі, збянтэжаныя пачутым. І тады я сказаў:
— А ўсе бачылі, як Ромка прадаў нешта Віялеце.
На мяне паглядзелі, як на чалавека, ад якога раптоўна засмуродзіла.
— Спакойна, я проста патлумачыў сам сабе тую дэманстрацыйную аплату Віялеты табе, Ромка, за нейкую зробленую работу. Давайце без наездаў, але падумайце самі: так усё выглядала збоку. Ніхто не зазіраў у файл, скінуты Ромкам Віялеце.
— Ты паўдурак! — псіхануў Ромка. — Кожны мог запісаць гук фільма падчас першага прагляду!
— Не псіхуй, Рома, — заўважыў памяркоўна Юрась. — Цябе ніхто не вінаваціць у нейкім. злачынстве. Той рэдкі выпадак, калі Кір кажа слушна: абстаўлена было прыгожа. Віялета зараз закоціць вочкі, як ад яе нешта патрабаваць. І я так разумею, за ідэю нашага фільма там схапіліся вельмі ўчэпіста, бач, аддалі нашай красуне гэтулькі часу.
— Дык што рабіць? — адчайна амаль закрычаў Ромка. — Прыём фільмаў з пачатку снежня! У камісіі будзе палова з тых, хто судзіць конкурс прыгажосці, і сам старшыня. Нас абвінавацяць у плагіяце, на горшы выпадак, а самы лёгкі варыянт — не заўважаць, бо будзе паўтор, не будзе навізны!
— І куды мы гналі?
— Мы проста працавалі! Я сам не чакаў таго азарту, задзёру, з якім мы здымалі фільм. Думаў, расцягнецца на месяцы два, найменш.
— Ісці да арганізатараў гэтых і патрабаваць адмены нумара Віялеты, — рашуча выказаўся Уладзя, нават акуляры зняў.
Мы маўчалі ў адказ, бо разумелі — не выйсце. Канечне, схадзіць можна, мо і трэба. для падтрымання свайго сумлення ў стане чысціні новай бялізны, але ж сэнсу? Бо нас могуць проста паслаць, хай сабе Ромка і дастане апошні козыр з рукава — пакажа гатовы фільм. Чаго прыперліся, скажуць там. Мы ставім сваё.
— Не ўздымайце кіпеш, — гледзячы некуды ў тунэль калідора, па якім лёталі першакласнікі, загадкава прамовіла Ядвіся. — Кажу на поўным сур'ёзе: не рабіце нічога. І мы нічога не чулі. Уладзя, супакой Настачку, скажы, хай не пераймаецца. Забыліся. Усё зробіцца так, як патрэбна.
— Як зробіцца, Ядзя!? — усклікнуў Ромка, а тая ў адказ узяла яго руку, павярнула ўгару далоняй, правяла па ёй сваімі пальцамі, мякка націскаючы, быццам хацела зацерці нешта нябачнае:
— Усё будзе добра. Павер мне, — і зірнула ў вочы, а пасля звярнулася да нас: — Паўтару: ніякіх разборак, ніякага кіпешу цяпер. Хай рыхтуецца наша прыгажуня. Я вам абяцаю — усё будзе добра. Ну?
Мы маўчалі. Хацелася запярэчыць: што зробіш ты, адна, дзяўчына, тут нас — чацвёра, і мы пакуль разгубленыя? А ты прыдумала? Я паўтарыў пытанне ўголас.
— Кір, не буду казаць. Прыйдзе час — і ты, і ўсе будзеце мець магчымасць упэўніцца. Паверце мне, калі ласка. Ну?
— Веру, Ядзя, — першым ажыў Ромка, стаяў, цёр сваю далонь, якую хвіліну таму пагладжвала Ядвіся, нібы там свярбела ці пякло. — Зрэшты, як ужо будзе. Прынамсі, важна рабіць сваё, рабіць сумленна. А час.
— Час не судзіць, Ромка, судзяць людзі, — перапыніў яго Юрась, усё роўна як ведаў: вось зараз Ромка абавязкова павінен сказаць: «Час пакажа, хто чаго варты». — Час усяго іншы раз паказвае, як людзі памыляюцца.
— Не спрачайцеся, хлопчыкі, — паспрабавала суцішыць іх Ядвіся. — Зірніце, вунь першы снег.
З нашага акна быў відаць наш невялікі школьны сад у два дзясяткі крываватых старых яблынь. Іх ужо які год намерваліся зрэзаць ды пасадзіць новыя, але ці то шкада было (яны квітнелі штогод, увесну велічныя копы белай квецені вабілі позіркі і надавалі святочнасці школе, давалі шмат яблыкаў, кампот з іх мы пілі ўвесь год, і ён быў, бадай, найсмачнейшым з усяго, што мы атрымлівалі ў сталоўцы), ці то грошай не было ў дырэктаркі, каб купіць новыя саджанцы. Ды якіх яшчэ купіць? Здаецца, гады тры ці болей таму нешта садзілі, зараз яны вунь, стаяць асобным шэрагам — рахітычныя недарэкі, і не цвітуць толкам, і яблыкаў з іх — першакласнікам не паласавацца...
Сад стаяў цяпер голы, і было нешта жудаснае ў малюнку зверху: на тле рудой травы купы чорнага павуціння сукоў і галін. І вось на гэту абстракцыю падаў нечакана густы снег — хмара прыпынілася над школай, з яе сыпаліся і ляцелі долу мільярды сняжынак. Ужо дзе-нідзе забялелі выспачкі на рудой паверхні, і сад спакваля святлеў, весялеў.
— Ты ж лелька, хіба табе падабаецца снег і маразы? — з лёгкім здзіўленнем спытаўся я.
— Сняжынкі, як і матылі, жывуць у палёце, у рукі схопіш — гінуць, — не адрываючы позірк ад падаючага снегу, адказала Ядвіся.
У класе пасля здымак фільма было сумна, кожны быў заняты сваімі прусакамі. Мінула два тыдні, набліжаўся той восеньскі баль, Віялета прапускала шмат урокаў — у яе былі рэпетыцыі, яе адпускалі без пытанняў. Мы не загаворвалі болей на тэму скрадзенай ідэі і песні, Ядвіся была заўсёднай, не было відаць, каб яна перажывала за нешта. Гэта пачало раздражняць. Кралі ж не проста нашу ідэю — кралі нашу працу. Мы з Ядвісяй былі першыя, то для мяне пісаў Стась свой верш, то я першым блукаў па горадзе і шукаў яе, Ядвісіны, вочы. І вось зараз Віктар будзе не ў фільме, а на вялікай сцэне хадзіць і спяваць, яму будуць пляскаць у ладкі сотні гледачоў...
Была серада, на пятніцу, мы ўжо ведалі, Віялета і Віктар адпрасіліся з заняткаў — у іх генеральная рэпетыцыя, бо ў суботу — восеньскі баль. І я не стрываў:
— Ядвіся. калі ў цябе нічога не прыдумваецца, дык кажы зараз. Бо будзе позна!
Яна зірнула здзіўлена, уздыхнула:
— Кір. Я ніколі не забываю сваіх абяцанняў. Я думала, ты мне верыш...
— Ды веру я табе! Проста ты маўчыш, маўчыш, нічога не робіш. А праз два дні — фініта ля камедыя! Я шукаў цябе, ты шукала мяне, для нас пісаў Стась! Як падумаю: Віялета будзе там. А Віктар будзе прамаўляць тыя словы, дык.
— Супакойся, халерык! Вось жа не думала, што ты такі гарачы, — Ядвіся са шчырым здзіўленнем узняла бровы. — Мяне таксама сітуацыя ў шал уводзіць. А каб ты не шалеў, ведай: усё ўжо прадумана, заўтра будзь разумнічкам, ты мне спатрэбішся.
— Раскажы!
— Маўчы і будзь хітрым, — спыніла мяне Ядвіся. — Усё будзе добра.
Другім урокам у чацвер была фізкультура. Фізрук (мужчына гадоў за сорак, некалі вядомы ў горадзе валейбаліст) у нас да нельга прынцыповы. Нават ёсць у цябе вызваленне ад заняткаў — прыйдзі ў форме і сядзі сабе на лаўцы. Не прыйшоў — пропуск, а ў канцы чвэрці паспрабуй, атрымай тады адзнаку. Ваяваць з ім было дарэмна, спрабавалі дзяўчаты. «Ваша даведка дае вам вызваленне ад фізічных заняткаў, але не ад урокаў», — катэгарычна абвясціў ён, і дырэктарка, да якой хадзілі дзяўчаты, толькі рукамі развяла: «Анатоль Паўлавіч мае рацыю».
Урок пачаўся, як звычайна: размінка, за ёй — здача нарматыву, скачок праз каня. Хлопцы — асобна, дзяўчаты — асобна. Скокнула Ядвіся. Здаецца, фізрук яе ідэальна падстрахаваў, прытрымаў, але тым не меней яна раптам асунулася на маты, завойкала, схапілася за ступню.
Той перапалохаўся, стаў пытацца: дзе баліць? Мы сабраліся вакол.
— Усё нармальна, нармальна, Анатоль Паўлавіч, — супакойвала Ядвіся фізрука, пагойдваючыся, абхапіўшы левую ступню рукамі. — Часам бывае так, ледзь нязручна станеш — як стрэліць. Каб перабінтаваць туга на які час, неўзабаве пройдзе...
— У медпункт! Зможаш сама ступаць?
— Змагу, зараз. трошкі суцішыцца.
А ў мяне ўнутры ўсё абарвалася. Я адчуў пустэчу паразы — нічога не атрымаецца. Мы прайгралі. І мала таго — на конкурсе прыгажосці будзе група падтрымкі нашага класа, значыць, яны пабачаць нумар Віялеты, яны здагадаюцца, ці сама Віялета падкажа: Ромка Макар прадаў ёй наш фільм, прадаў ідэю, прадаў песню Стася. І Стась прыйдзе ў панядзелак і найперш плюне ці дасць у пысу Ромку.
— Ну, паспрабуйма, — Анатоль Паўлавіч нахіліўся да Ядвісі, каб дапамагчы ёй устаць, а яна раптам спалохана замахала рукамі:
— Не-не, не трэба вам! Я паклічу. Кір!
На нейкі момант я разгубіўся, мне здалося, іншага гукае Ядвіся, а яна ўжо знайшла мяне вачыма, працягнула ў мой бок руку.
Яна ўстала самастойна, абапіраючыся на адну нагу, я падставіў сваё плячо, яна абхапіла мяне рукой, і мы паклыпалі — я ад неспадзявання ледзь перастаўляючы ногі, Ядвіся — скачучы на адной назе. Выйшлі са спартыўнай залы, за намі зачыніліся дзверы, і нечакана я адчуў, як ціск на мяне Ядвісінага цела рэзка зменшыўся. Я няўцямна зірнуў на яе і пабачыў хітрую ўсмешку:
— Ідзі-ідзі, не збочвай нікуды.
Ля жаночай распранальні яна спынілася, азірнулася, зняла руку з майго пляча. Адчыніла дзверы і скамандавала мне: «Цікуй!».
Я стаў у дзвярах, каб бачыць адначасова і Ядвісю, і калідорчык.
Яна хутка выцягнула са свайго заплечніка невялічкі пакецік, здаецца, там і не было нічога, потым упэўнена падышла і зняла з вешалкі сумачку Віялеты, зняла яе, адкрыла і дастала касметычку. Потым з яе — пудраніцу. Адкінула вечка, патрэсла над пудраніцай са свайго пакеціка і хутка ўсё ўладкавала на месца. Мы зноў пайшлі калідорам да медпункта. Там я пачакаў хвілін дзесяць, Ядвіся выйшла з перабінтаванай ступнёй, і мы вярнуліся ў спартыўную залу. Ні пра што не размаўлялі. Фізрук сустрэў нас з заклапочаным тварам, мабыць, ён трохі спалохаўся, траўма на ўроку — рэч не жартоўная.
— Усё добра, усё проста выдатна, Анатоль Паўлавіч, — заспакоіла яго Ядвіся. — Мне ўжо амаль не баліць, ступаць магу, хаджу самастойна. Выбачайце, напужала я вас.
Апошнім урокам была матэматыка. Напачатку мяне выклікала да дошкі Ганна Тодараўна — мусіў рашаць задачу. Пакутаваў доўга, не атрымлівалася, сталі разбіраць рашэнне ўсім класам. Адчуваў, мне свяціцца ля дошкі да сярэдзіны ўрока, засумаваў.
— Вяргейчык, нейкі ты сёння затарможаны, — не ўхваліла маё стаянне ля дошкі матэматычка.
— На яго плячо лягла рука каралевы, — пачуўся з'едлівы голас Віялеты.
Я кінуў на яе позірк і здрыгануўся. Яна з Віктарам сядзела за першым сталом, ля акна, і твар яе быў зараз добра асветлены — вызірнула нязыркае сонца. І гэты твар, які заўсёды быў падпраўлены рознымі там дзявочымі штучкамі да роўнага бледна-ружовага колеру ад высока адкрытага лба да падбародка, быў цяпер пакрыты вялікімі і маленькімі ярка-чырвонымі няроўнымі плямамі. Мабыць, на маім твары адбіўся малюнак пабачанага, бо на Віялету, зняўшы акуляры, паглядзела і Ганна Тодараўна.
— Пятроўская, ты добра сябе адчуваеш? — заклапочана спыталася яна.
— Лепш за ўсіх, — бліснула ўсмешкай Віялета. — Нешта не так? — устрывожылася яна, калі на яе пільна паглядзеў і Віктар Марыноўскі.
— Твой твар. У цябе няма тэмпературы? — працягвала сваю ролю клапатлівай маці Ганна Тодараўна.
Віялета выхапіла з сумкі сваю пудраніцу, тую самую, адкрыла, зірнула ў люстэрка і завішчала. Роспач-
на, тонка, ажно вушы заклала.
— Ідзі ў медпункт, хутчэй! Марыноўскі, правядзі Віялету, калі ласка! — заспяшалася матэматычка, зірнула на мяне, на імгненне здзівілася — скуль я ля дошкі намаляваўся, кінула разгублена-адчайна: — Сядай на месца, Вяргейчык, сядай.
Прайшло хвілін дзесяць, вярнуўся ў клас Віктар, суха паведаміў:
— Тэмпература ўзнялася.
— А яшчэ праз гадзіну твар апухне, вочы заплывуць, пачнецца сверб. — нахіліўшыся блізкаблізка, ажно кранулася валасамі маёй галавы, ціха пракаментавала гэтую навіну Ядвіся. — Звычайная алергічная рэакцыя на пылок адной кветкі. Нічога страшнага, за дні тры-чатыры пройдзе, слядоў не будзе.
Я ашалела маўчаў. Мне раптоўна стала шкада Віялету. Памятаю, два гады таму ў яе на падбародку з'явіўся быў прышчык, невялічкі, з раніцы. Да апошняга ўрока ён павялічыўся, стаў пунсавець. Не дзіва, у каго іх не было? Але для Віялеты тады была сапраўдная драма. Яе твар быў для яе, мабыць, найдаражэйшы з усяго, што яна мела, бо літаральна здарылася істэрыка: яна плакала, псіхавала, раскідвала са стала падручнікі. І вось цяпер яе твар стаў увогуле выродлівы: распухлы, у чырвоных плямах, ды яшчэ пачне свярбець. Як яна вытрымае? І галоўнае: конкурс прыгажосці! Яна ж толькі цяпер можа ўдзельнічаць, бо летась нельга было — не было шаснаццаці гадоў, наступны — выпускны. Ды як ёй чакаць год? Яна ж, па ёй было відаць, трызніла гэтым конкурсам, яна ўжо бачыла сябе галоўнай Міс Восень, бачыла сябе на сцэне, асляпляльнай і прывабнай! А тыдні падрыхтоўкі, а бальная сукенка, якая, яна хвалілася, каштавала бацькам сотню баксаў? І ўсё раптоўна — кату пад хвост? Як такое перажыць?
— Чаго ты маўчыш? — заўважыла маю разгубленасць Ядвіся.
— Мне. мне шкада Віялету, — прызнаўся я.
Ядвіся доўга глядзела мне ў вочы — я не адводзіў позірк.
— Ты мяне асуджаеш? — спытала яна.
— Не. Але Віялету шкада.
— І мне шкада, Кір. Але кожны павінен плаціць за зробленае — яе словы. Як было спыніць яе іначай? Такія людзі не разумеюць слоў.
І ўсё адно мне было шкада Віялету. Я не зазнаваў сам ніколі вось такіх праколаў, каб раптоўна абрынулася ўсё, чым ты жыў апошнія месяцы, на што спадзяваўся. Вядома, Віялета — тая яшчэ цаца. А можа, дарэмна мы так з ёй? Можа, каб падышлі да яе па-чалавечы, як нармальныя хлопцы, паразмаўлялі, яшчэ колькі сцэнак накрыятывілі, ну хіба яна б працягвала ўпарціцца, не сцерва ж яна дарэшты, хіба ёй нармальныя адносіны лішнія?..
Ядвіся не чапала мяне, а да панядзелка мне было ніякавата. Хочаш не хочаш, але ж я быў супольнікам. І было крыўдна. было яшчэ крыўдна, бо Ядвіся нічога не сказала пра сваю задуму! Яна проста. проста скарыстала мяне! Хіба так можна? Я б згадзіўся тады, не ведаючы яшчэ, як будзе выглядаць насамрэч твар Віялеты пасля таго пылку, — згадзіўся б! Але ж можна было сказаць.
Карацей, субота і нядзеля прайшлі адзіным рытмам — ляжаннем на канапе і чытаннем. Добра, што Кінг напісаў такі вялікі раман... Маці ажно затурбавалася, ці не захварэў. Цеплілася спадзяванне: Ядвіся патэлефануе, нешта патлумачыць. Дарэмна.
Перажываў: ці прыйдзе ў школу Віялета?
Так, мы ведалі — яна не ўдзельнічала ў конкурсе, усё адбылося без яе. Яна прыйшла. І была такой, што я збянтэжана застыў на нейкі час ля стала. Віялета была ранейшай. Не, нават не так. Твар быў настолькі пагардлівы, што ўдаваў з сябе застылую антычную маску. Яна сустрэла мяне, як сустракала літаральна кожнага, хто заходзіў у клас, халодным ненавісным позіркам.
Я сеў на месца, збіты з панталыку.
— А ты збіраўся выціраць ёй слёзкі? — сказала з'едліва Ядвіся і, мабыць, зразумеўшы, які я разгублены і як прыкра мне робіцца, мякка дадала: — Мы глядзім на людзей і міжволі раўняем іх учынкі, іх сумленне са сваім. Табе здаецца, як ты здольны перажываць за чалавека, як табе за нешта баліць, дык і іншы будзе за тое ж перажываць, і яму будзе за тое ж балець. А ў рэале зусім не так.
Яна пяшчотна кранулася маёй рукі, супакойваючы і нібыта просячы прабачэння, — за тое, што не патлумачыла ўсё адразу.
Словы Ядвісі зайгралі ўсімі колерамі, зрабіліся выпуклымі, і не дайшлі, а выцялі па мазгах, бы абухам, адразу пасля заняткаў. Мы апрануліся ў гардэробе, як звычайна, выйшлі, і тут Уладзя захліпнуўся ад непрыемнага здзіўлення. Я бачыў, куды скіраваны ягоны позірк, паглядзеў і застыў. Шэрая куртка Ядвісі на спіне была тонка парэзаная на вузкія паскі, бы пад лінейку. Мы моўчкі назіралі, як яна зняла апранаху, зірнула на яе і крыва ўсміхнулася. А вочы. вочы сталі вільготнымі.
— Сучка. Маўчыце. Не сатрасайце дарэмна паветра.
Яна прыйшла назаўтра ў такой самай куртцы, новай.
— Маці дамовілася з гандляркай, у якой першы раз бралі. Аддамо грошы праз месяц, у нас туга цяпер.
Я чакаў суботу. Маці папярэдзіла: на выхадныя яе не будзе дома. Нічога не тлумачыла, але ж навошта мне былі тыя тлумачэнні? Немаленькі, разумею. Яна ўсё адно дадала, што едуць некуды за горад, там будуць шашлыкі. таму мне нагатуе таксама смачнага. І пакіне грошай. Дзіўная. Мне хацелася ёй прызнацца ў сваім намеры запрасіць Ядвісю ў госці. Але я яшчэ не ведаў, якую прыдумаць нагоду, пра што такое важнае спытаць, каб яна прыйшла, каб не адмовіла. І нічога не знаходзіў. Сам вінаваты: як нешта стрэліць ў галаву, дык адразу і пытаюся, і мы на занятках паспяваем перамовіцца: чаму дзяўчаты разумнейшыя за хлопцаў у класе, чаму шаптух не прызнаюць за лекараў афіцыйна, чаму б Зіначцы не аддаць маці насамрэч у лякарню, і чым заняцца пасля школы, куды пайсці, каб скончыць вучобу і не душыла цябе вечная нястача грошай, якая зараз душыць нашых мацярок.
Юрась прытрымаў мяне за локаць, калі скончыўся апошні ўрок:
— Кір, трэба перацерці адну тэму. Пасядзім на нашым месцы?
Наша месца — маленькая лаўка на дзіцячай пляцоўцы. Колькі гадоў мы збіраліся там утрох, марыліпрыдумлялі! Як субота ды нядзеля — мы заўсёды былі там, чакалі адзін аднаго, каб знайсці цікавы занятак, і дзень свой заканчвалі на той лаўцы, разыходзячыся па сваіх кватэрах, калі пачыналі запальвацца жоўтым святлом вокны шматпавярховікаў. Даўно мы там не сядзелі, і трохі здзівіла прапанова Юрася, але я пагадзіўся без пытанняў. Трэба дык трэба.
Мы правялі да дому Ядвісю, паклыпаў да свайго пад'езда Уладзя, а мы з Юрасём скіравалі ў бок дзіцячай пляцоўкі. Юрась не стаў круціць, сказаў, ледзь мы прыселі:
— Мне падабаецца Ядвіся. Разумееш, падабаецца, як дзяўчына.
— Мне гэтаксама падабаецца, — хрыпата прашамкаў я ў адказ, імгненна ўсхваляваны, адчуўшы невядомую небяспеку ў размове.
— Слухай, мы з ёй двойчы на тыдзень ходзім у кавярню. А ты з ёй сядзіш.
— У кавярню і я яе магу запрасіць.
— Можаш. І вось што ёй тады рабіць, га? Не, ты адзін запросіш — адна справа, а як мы абодва запросім? Нейкая гульня дзіцячая атрымліваецца. Давай вырашаць па-нармальнаму.
— Чаму раптам вырашаць? — разгубіўся я.
— Таму! Ёй мы аднолькава падабаемся. Мне яна сама казала, што не бачыць між намі розніцы, мы для яе — абодва сябры. І так будзе, пакуль мы ля яе двое будзем. Пакуль адзін не сыдзе.
— Ну, і хто той лішні? Ты ўжо вырашыў?
Не зразумеў напачатку, чаму пачала разбіраць злосць. Што я такое пачуў? А словы, важныя, самыя важкія, самі пачалі набрыньваць у памяці тлустымі агіднымі пухірамі: «Не бачыць між намі розніцы». Вось як?
— Я не вырашыў, — без эмоцый адказаў Юрась. — Не ўмею, як ты, імгненна пракручваць сітуацыю.
— Чаму ты рашыў, што я ўмею?
— Ну, як чаму? Ты ў нас — зорка цяпер, самы крэатыўны хлопец, дык вось: думай. Я ж думаць не ўмею, я — матэматык, у мяне не мазгі, а лічыльная машына, так?
Юрась пад'юджваў, я адчуваў. Чаму ён нагаворвае? Хіба я насамрэч лічу сябе зоркай? Хіба я калі пасмяяўся з яго?
— У мяне хапае крэатыву хіба на жэрабя.
— Жэрабя дык жэрабя, — адразу спакойна і нават з нейкай прыхаванай радасцю, быццам чакаў менавіта такіх слоў (зараз усё вырашыцца, знікне нявызначанасць), сказаў Юрась, паляпаў па кішэнях, залез у заплечнік, пашамацеў там і дастаў запалкавы карабок. Вось жа, ніколі не думаў, што ён у яго ёсць. На халеру? А Юрась дастаў дзве запалкі, адламаў у адной галоўку:
— Той выпадак, калі я згаджаюся з тваёй прапановай адразу. Бо іншага нічога сам не прыдумаю.
Ён трымаў запалкі трыма пальцамі правай рукі, левай падпраўляў іх, каб вызіралі роўна, каб былі на адлегласці адна ад адной.
— Цяпер адвярніся, я памяняю запалкі месцамі.
Я адвярнуўся. Было холадна, туга запаўняла знутры, засмоктвала звонку. Раптам падумалася, як ўсё мінаецца: не будзе больш нашага шчырага сяброўства, разваліцца наша кола — трое хлопцаў-сяброў і Ядвіся. Што ж, як яна не бачыць розніцы.
— Ды паварочвайся ўжо і цягні запалку.
— Сам цягні!
— Не, дружа, твая прапанова — ты і цягні!
Са злосцю хапнуў адну з запалак, пабачыў яе абламаны канец, устаў і хутка пайшоў.
— Каб без крыўд і наездаў, — закрычаў у спіну Юрась. — І будзь пацаном: заўтра перасядзь да Уладзі...
Я не адказаў.
Ядвіся патэлефанавала каля дзесятай гадзіны вечара. Я алёкнуў і пачуў яе голас:
— Дык я для цябе — рэч, Кір? Ты мяне прапанаваў па жэрабю разыграць? Ты... ты... Ты не толькі сляпы, аказваецца, ты яшчэ і здраднік! Не дарую!
Цяпер я дакладна зразумеў, што адчувала Віялета, калі пабачыла свой скажоны чырвонымі плямамі твар у маленькім люстэрку.
Усё раптоўна абрынулася. І я ведаў — назад не складзецца.
9
У клас я заходзіў перад самым настаўнікам. А куды спяшацца? Мне не трэба было некуды перасаджвацца — на месцы Ядвісі сядзеў і сустракаў мяне вінаватымі сабачымі вачыма Уладзя. Чаго я ніяк не чакаў, дык тых позіркаў усіх астатніх. Усё адно, як я захварэў на галаву і прыйшоў у клас у адной бялізне: гэткія спачувальныя, маўляў, мы тут усе ўсё разумеем. І цішыня. Як цяжка ў такой цішыні ісці на сваё месца! Я кінуў, як заўжды, ад парога: «Усім прывітанне», прайшоў на сваё месца і сеў. Юрась і Ядвіся ззаду пра нешта размаўлялі, я гэтага не мог не пабачыць, блізка, галава да галавы, нахіліўшыся.
Усё лухта.
Уладзя ні пра што не пытаўся. У сталоўку я не пайшоў. Ён прынёс мне катлету і булку, дзівак, хоць яго не прасілі. Я падзякаваў і з'еў, бо прывыкаеш жа есці ў пэўны час, дык ужо смокча ў жываце.
Час цягнуўся смаўжом па шапцы грыба, пакідаючы за сабой белую баразну новай рэальнасці. Усё цяпер будзе па-новаму.
Апошняй была класная гадзіна, як звычайна, разам з інфармацыйнай. У той момант, калі ў клас зайшла Зінаіда Мартынаўна, я ўспомніў: мне патрэбна было падрыхтаваць якое-небудзь важнае паведамленне з міжнароднага жыцця, бо мая чарга. Гугліць было позна. Ат, скажу як ёсць: забыўся. Не паставіць жа «пару». Ды ўсё адно было няёмка — падвёў класную. І вось жа заходзіла яна пасля першага ўрока, віталася з усімі, пыталася, як прамінулі выхадныя, размаўляла пра нешта з Ромкам і старастай класа Светай Шурко. Дык жа ні халеры не варухнулася ў галаве пра навіны. Зусім дэбіл.
Але класная, падалося, забылася на свой абавязак палітычна нас падкоўваць. Яна сёння была трошкі дзіўнаватая: сумнавата-задуменная, паклала асцярожна, бы шкляны, класны журнал на стол, павольным позіркам абвяла ўсіх нас. Усе сядзелі ціха. А яна пачала:
— Маім самым улюбёным мультфільмам у дзяцінстве быў «Маўглі». О, там шмат серый, як мы чакалі новую! Вы ж ведаеце гісторыю Маўглі? У вашым дзяцінстве былі ў модзе іншыя мультфільмы... А Маўглі — гісторыя пра чалавечае дзіця, хлопчыка, які трапіў у логава ваўкоў. Яны выгадавалі яго. там было шмат прыгод, ды аднойчы ён вярнуўся да людзей. Дарослым і мужным юнаком. А яшчэ ў мой час была неверагодна папулярнай кніга Эдгара Берроуза пра Тарзана. Ведаеце такога? Не-не, не сённяшняя медыйная персона, муж другой медыйнай персоны. Наколькі я ведаю, было напісана мноства кніг пра прыгоды Тарзана, а фільмаў знята каля сотні. Бо надта ж быў папулярны герой.
— Дык мульцік ёсць дыснееўскі, з тым Тарзанам, — удакладніў нехта.
— Не бачыла, шчыра кажу, — працягнула Зінаіда Мартынаўна. — Ды сутнасць не ў гэтым. Дзея адбываецца у Афрыцы. Тарзан, паводле версіі пісьменніка, — маленькі хлопчык, маці якога памерла, а бацька быў забіты малпамі. Адна з малп, у якой якраз сканала дзіця, забірае хлопчыка і даглядае яго, выхоўвае. Хлопчык расце, але аднойчы вяртаецца ў сваё колішняе жытло, дзе знаходзіць мноства рэчаў, у тым ліку кніжкі. Яго дапытлівы розум дазваляе яму даўмець: ён — іншы, не малпа, ён — чалавек. Тарзан нават навучыўся самастойна чытаць, там, здаецца, была такая кніжка, кшталту нашага буквара. Быў намаляваны рот чалавека пры вымаўленні кожнага гука. Вось ён імітаваннем і навучыўся нават размаўляць на чалавечай мове. І стаў чалавекам — там было многа розных кніг, з якіх ён даведаўся пра свет. А потым ў джунглях з'яўляецца экспедыцыя навукоўцаў, там ёсць адна дзяўчына, якая трапляе ў небяспечнае становішча, ён яе ратуе. Да ўсяго, выяўляецца, што ён сын лорда, а ў роднай Англіі яго чакае багацце. Такі хэпі-энд, такая казка. Што агульнага ў Тарзана і Маўглі? Тое, што яны былі выхаваныя звярамі. Ведаеце, навукоўцам вядома колькі сапраўдных фактаў, калі дзеці жылі сярод ваўкоў, гадаваліся малпамі. Але. яны не станавіліся людзьмі, хоць і былі знойдзены і вернуты ў чалавечы асяродак. Вы ж ведаеце, вам ужо казалі пра гэта: чалавек — сацыяльная жывёла. Яго розум, яго асоба можа развіцца толькі ў соцыуме. Розум развіваецца адно сярод падобнага. Калі ў пэўны перыяд гэтага развіцця не адбываецца, надыходзіць крытычны момант, ірвуцца ў мазгу незапатрабаваныя сувязі, і. чалавек ужо ніколі не стане чалавекам.
— І гэта даведзена? — спытаўся нехта з месца.
— Так, давялі. Як каму цікава — пагугліце, пачытайце пра выпадкі, пра якія я казала. Дык вось. мы — сацыяльныя, нас людзьмі робіць соцыум. І значыць, наш характар, нас, як асобу, робяць абставіны. О, так-так, я ведаю пра гены, імі я сама вам галаву затлуміла на сваіх уроках. Безумоўна, спадчыннасць грае велізарную ролю, але менавіта для яе поўнага раскрыцця патрабуюцца пэўныя абставіны. Чалавек можа мець усе неабходныя задаткі музыкі ці спартсмена, ды так і не выявіць іх. Абставіны. Умоўна кажучы, і наша выхаванне ў сям'і, нашу вучобу ў школах і ўніверсітэтах гэтаксама можна назваць абставінамі. Чаму ўсё ж у аднолькавых абставінах, ці амаль аднолькавых, вырастаюць розныя людзі, фарміруюцца розныя характары, выспяваюць пачаткі розных лёсаў? Цяжка сказаць. Мяркую, ёсць нешта яшчэ. Гены адказваюць за нашы фізічныя даныя, за той самы тэмперамент, за пэўныя ўменні. А што адказвае за такія рэчы, як здольнасць бачыць? «Бачыць» у дадзеным выпадку — разумець. Пад «бачыць» будзем мець на ўвазе ўсю сукупнасць магчымасцей атрымання інфармацыі: праз слых, зрок, тактыльнасць. Вось я думаю, менавіта здольнасць бачыць і тлумачыць тое, чаму людзі розныя. Што бачыць? Ды тыя самыя абставіны. Па сутнасці, абставіны ёсць ні што іншае, як інфармацыя.
Класная на хвілінку прыпынілася, і Віктар Марыноўскі падняў руку. Зінаіда Мартынаўна кіўнула яму, дазваляючы, і ён спытаў з месца:
— Прабачце, а вам не здаецца, што чалавек фарміруецца менавіта ў сям'і? Чым мацней уздзеянне сям'і, тым слабей іншыя ўздзеянні. Нас фарміруе прыклад, найбольш блізкі і зразумелы.
— Безумоўна, Віктар, дзякуй, — згадзілася класная. — На жаль, практыка дае вялікую колькасць выпадкаў, калі ў адной і той самай сям'і вырасталі самыя розныя не толькі ў сваіх здольнасцях, але і ў маральным плане людзі. Так што нешта ўсё ж ёсць яшчэ, пакуль невядомае нам. Нехта называе гэта душой. Але пра інфармацыю далей. Мы сёння, кожны з нас, атрымлівае столькі інфармацыі за дзень, колькі чалавек XVIII стагоддзя і за ўсё жыццё б не атрымаў. Вось уявіце: недзе малады граф у сваім фальварку піша ліст да дзяўчыны, апавядае, як яму і тлумна, і сумна, як хоча яе пабачыць і гэтак далей. Аддаў свой ліст. І паехала пошта конікам ад адной паштовай станцыі да другой. Дзённы пераход — ноч паспаць, наступны дзённы, там коней змяніць. Два тыдні мінае — атрымала дзяўчына ліст ад графа. Сядзела цэлых пяць вечароў у сваім пакоі перад адчыненым у цёплую летнюю ноч акном, пісала ліст, змочвала яго сваімі слёзкамі, цалавала, пакідаючы на паперы пах сваёй парфумы. І вось зноў конная пошта — ад станцыі да станцыі. Добра, як жылі нашы героі блізка ля цэнтральных дарог, а як ў глыбінцы хто? Пакуль перададуць. Вось і месяц праходзіць, атрымлівае малады граф той ліст са слядамі дзявочых слёз і пахам парфумы... І ўявіце: тэлефонаў не ведалі. Так ішло атрыманне інфармацыі, з такой хуткасцю.
— Як яны вытрымлівалі? — не стрымаў свайго ўражання нехта з дзяўчат.
— Ды таму вытрымлівалі, што не ведалі іншага, хуткага спосабу, — патлумачыла з усмешкай класная, працягнула: — А сёння — самі ведаеце, як сёння. Цяперашні інфармацыйны шквал мае свае наступствы — мы, я кажу не пра вас адных, пра чалавека ўвогуле, не паспяваем яе аналізаваць. Мы часам робім недаравальнае, тое, што рабіць нельга: мы прымаем інфармацыю адзін раз з адной крыніцы — і кіруемся менавіта ёй далей у сваіх учынках. Як бы суддзя адно заслухаў пакрыўджанага — і судзіў абвінавачанага. Прыняць інфармацыю з адной крыніцы за праўду — значыць, прыняць нейкія пакуль неіснуючыя акалічнасці за сапраўдны факт. Мы не ведаем, як насамрэч нешта было, і прымаем рашэнне, зыходзячы з аднаго інфармацыйнага патоку. Пра тое, як важна атрымліваць інфармацыю з усіх магчымых крыніц, ёсць вельмі даўняя прыпавесць. Знойдзеце яе ў сеціве, мажліва, і «баян», як вы кажаце, ды раскажу. Чацвёра мудрацоў з завязанымі вачыма падвялі да слана, якога яны раней ніколі не бачылі, і папрасілі сказаць: да чаго падобны слон? Адзін крануўся слановага жывата, другі памацаў яго нагу, трэцяму дастаўся ў рукі хобат, а чацвёрты злавіў хвост. Уяўляеце, што намалявала ўяўленне кожнага з мудрацоў? У прыпавесці мог бы быць працяг: мудрацам можна было б з'яднацца, і тады б інфармацыя была куды дакладней, тады слон ні ў якім разе не стаў бы змяёй, якім яго пабачыў, да прыкладу, адзін з іх. Але мы не паспяваем сёння шукаць крыніцы, бо паток — магутны. Не паспелі хоць крышачку прааналізаваць адно, а ўжо прыляцела нешта, здаецца, важнейшае за папярэдняе, і нам некалі, мы спяшаемся. А куды спяшаемся?
Як ніколі ў класе было ціха. Зінаіду Мартынаўну слухалі, ловячы кожнае яе слова, бо гэтым разам яна нас не вучыла, не дыктавала ўмовы паводзін, яна нават не столькі пра нас і нам казала, колькі, падобна да таго, і пра сябе, і для сябе. Мне было няўтульна. Здавалася, класная зусім нездарма вырашыла сёння гутарыць з намі на такую тэму. Яна казала ўсім — і казала кожнаму з нас паасобку. Мне казала. Каб я праверыў? Што мне правяраць? Ядвісі казала? Каб яна запытала? У каго? І пра што запытала? Тым часам Зінаіда Мартынаўна яшчэ больш сцішана распавядала далей:
— Мы забываемся на сваё ўменне бачыць. Нам бракуе часу, нам няма ахвоты думаць і разважаць, аналізаваць. Ды і цяжка шукаць самому. Таму ўсё часцей у нас не думкі, а ўзятыя з сацыяльных сетак статусы і выразы, замест свайго стаўлення да жыцця — меркаванне нейкай папулярнай персоны, замест сумлення — гатовыя штампы паводзін. Час ідзе, мы пачынаем разумець: такое жыццё — паход у тупік, бо наперадзе — расчараванне. Расчараванне ад няўмення думаць самастойна, ад няўмення зразумець іншага чалавека, ад няўмення жыць сярод людзей і самому не спатыкацца аб іх, і каб аб цябе не спатыкаліся людзі. — яна замаўчала, нейкі час аглядала нас, быццам бачыла ўпершыню, ці. (вось жа недарэчная думка!) у апошні раз, нібы заўтра нам развітвацца. — Вось такіх сёння страхаў я вам нагаварыла, — нечакана заўсміхалася яна трошкі сарамліва. — Мяркую, вы зразумелі. Усе разам і кожны паасобку. А цяпер хачу расказаць вам яшчэ адну прыпавесць. Вось такую. Былі ў аднаго гаспадара дзве бяды: стары, лядашчы асёл і стары калодзеж, у якім не было вады. Гаспадар выкапаў новы калодзеж, а вось як пазбавіцца старога асла? Забіць — дык крыху шкада, нямала ж папрацавала жывёлінка. Аднойчы асёл бадзяўся па двары і зваліўся ў стары калодзеж. Пабачыў гаспадар — зарадаваўся: цяпер можна і стары калодзеж закідаць, і старога асла ў ім пахаваць. Хапіўся за рыдлёўку ды зашчыраваў! Стаіць асёл на дне старога калодзежа, калоціцца ад страху — вось, смерць блізка. Сыплецца на яго пясок ды смецце, дрыжыць асёл... а тое смецце яму пад ногі. Сыпне зверху гаспадар, задрыжыць асёл, пераступіць нагамі. Шчыраваў-шчыраваў гаспадар, вось, мяркуе, і справа завершаная. Ажно глядзіць — вытыркаюцца з амаль засыпанага калодзежа асліныя вушы! Тут скокнуў радасны асёл, страсянуўся ды пабег з двара. Вось так. Калі на вас сыплюць бруд і смецце — не дазваляйце яму затрымлівацца на сабе. І не забывайце пра ногі — пераступайце, ідзіце сваёй дарогай. Калі пройдзеце яе — тады будзеце ведаць сабе цану. Прагучыць некалькі пафасна і непераканаўча такі выраз: «Няма дарогі да шчасця, бо шчасце і ёсць дарога». Гэта і хацела я вам сёння сказаць. А зараз паглядзім, традыцыйна, хто ў нас паспеў напрапускаць заняткаў і з якой нагоды ладзіў сабе дадатковыя выхадныя, — і класная стала той самай Зіначкай, якую мы прызвычаіліся бачыць раней. Яна разгарнула журнал, дастала загадзя падрыхтаваны лісток з выпісанымі пропускамі.
Не пакідала адчуванне невядомага канца невядома чаго. Я не слухаў разборкі класнай з прагульшчыкамі і тымі, хто паспеў адхапіць «пары». Словы яе выклікалі нядобры адгалосак. Хацелася, каб хутчэй празвінеў званок, бо за ім, мне падавалася, павінна была надысці пэўнасць. Ён і празвінеў, класная развіталася, як заўсёды, адно засталася стаяць ля стала, праводзячы позіркамі ўсіх, хто ішоў да дзвярэй. Калі я ўзняўся, дачакаўшыся выхаду з класа Ядвісі і Юрася, нечакана пачуў:
— Вяргейчык, падыдзі, калі ласка.
Я падышоў, Зінаіда Мартынаўна трошкі вінавата ўсміхнулася і папрасіла:
— У мяне дзве цяжкія торбы. Ці можна патурбаваць цябе — паднесці іх да прыпынку аўтобуса?
— Ды вядома ж, якія праблемы! — ад нечаканасці я застыў на месцы, чакаў, усё адно як тыя торбы мне ўручаць тут і цяпер.
— Тады апранайся і падыдзі да настаўніцкага пакоя.
У гардэробе чакаў Уладзя.
— Улад, ідзі сам. Зіначка папрасіла ёй паднесці там нешта.
— Дык мо ўдвух? Я таксама магу!
На хвіліну я задумаўся і адмоўна пакруціў галавой.
— То яна б і спытала нас двух, шарыш?
— Ага, мабыць, нешта табе сказаць хоча, — схапіўся Уладзя, і ў яго голасе я адчуў ноткі радасці — нібыта мне ўручаць зараз якую грамату.
Ды ўручыла мне класная, як і казала, дзве торбы — з папкамі, паперамі, брашурамі. Важкія. Мы выйшлі са школы, а мяне, пагатоў пасля слоў Уладзі, пачало разбіраць: чаму я? Хіба мала хто з нашых змог бы дапамагчы? І чаму адзін насамрэч? Ісці з дзвюма занятымі рукамі і заплечнікам неяк і не вельмі звыкла.
— Няцяжка? — турботліва пацікавілася Зінаіда Мартынаўна.
— Ды не, — супакоіў я яе. — Дужкі поліэтыленавыя трымаюць, то хіба ж тут цяжар?
Мы ішлі ад школы да прыпынку аўтобуса. Дрэвы стаялі цалкам голыя, тратуар быў чысцютка падмецены. І ад таго падаваўся нейкім пустым і бясконцым. І яшчэ — халодным. Хоць на самай справе холадна не было — бязветрана, і сонца свяціла, ды, пэўна, не лета.
— Мы некалі ў юнацтве, студэнтамі, любілі такую гульню ці не гульню: пыталіся іншы раз у якой сваёй сяброўкі: «Я цябе папрашу, абяцай, што зробіш», — пачала апавядаць класная, пабачыла маё маўклівае здзіўленне ў позірку, патлумачыла: — Ага, рызыкоўна, затое той, хто абяцаў і рабіў, меў права на такое самае штукарства. Зазвычай прасілі дробязі: збегаць у краму па хлеб, памыць падлогу, заварыць гарбату, прыбраць на стале. Дык вось, пагуляйма з табой у такую гульню, га? Ты мне паабяцаеш зрабіць тое, пра што я цябе папрашу?
— Я? — ажно прыпыніўся я ад неспадзеўкі. — Не разумею.
— А ты паабяцай, — усміхнулася класная. — Праўда, нічога страшнага...
— Ну. Добра, абяцаю зрабіць, — хмыкнуў я, трохі заінтрыгаваны.
— Выдатна. Ведаеш, Кір. Ага, буду зваць цябе так, як сябры, дык вось. Я цябе папрашу, каб ты больш ніколі ў школу не апранаў саколку ці балахон з выявай знака «Анархія».
— Ды, Зінаіда Мартынаўна, колькі можна! Каму так мазоліць вока тая літара А? — раззлаваўся я, бо столькі ўжо наслухаўся гэтых вымоў з-за сваіх цішотак! Здаецца ж, скончыліся нармальна ўсе размовы, — я не прапагандую непаслухмянства, я спакойна адгукаюся на нейкія патрэбныя школе ці класу даручэнні ад яе ж, класнай. Дык чаго яшчэ?
— Не злуйся, Кір, паслухай. То ўчора і сёння цябе не чапалі. А заўтра могуць зачапіць. Ці пазней. А я ведаю твой характар, ты ўмееш закусіць цуглі. І тады закончыцца непрыемнасцю. А я не хачу, каб такі, як ты, меў непрыемнасці, ды яшчэ праз нейкую выяву на саколцы, — памяркоўна даводзіла мне Зінаіда Мартынаўна.
— Я не разумею! Я не разумею, чаму ўчора і сёння — можна, а заўтра раптам будзе нельга! Заўтра прымаецца дзяржаўны закон аб забароне літары А? — распсіхаваўся я.
Класная нейкі час маўчала. Мы падышлі да прыпынку, я хацеў паставіць пакеты на лаўку, але яна папрасіла адысці далей, мабыць, хацела яшчэ нешта давесці. Мы адышліся, я паставіў ношку ў сівую траву ля тратуара.
— Ты і сапраўды такі гарачы, — ласкава ўсміхнулася Зінаіда Мартынаўна.
— Хай так, — насупіўся я. — Дрэнна?
— Так, дрэнна, — пасур'ёзнела яна. — І таму дрэнна, бо той, хто ведае, які ты, лёгка можа табой маніпуляваць. Ты і не здагадаешся, як будзеш рабіць патрэбнае яму. Ці ўжо зрабіў, — скончыла яна нечакана, і я ўздрыгнуў — пра што яна ведае? Адкуль? Было прыкра асэнсоўваць, ды я цяпер не мог прагнаць ад сябе адчуванне, што апошняя наша размова з Юрасём была сапраўды штучнай, загадзя запланаванай, бы Юрась дакладна ведаў, што я скажу, зраблю, як адрэагую. І вось цяпер пачуццё, што я павёўся, як лох, узмацнілася.
— Нармальна. Які ёсць, — буркнуў я.
— А чаму заўтра нельга? — класная вярнулася да тэмы саколак з анархіяй. — Ды таму, дарагі Кір, з заўтрашняга дня цябе некаму будзе бараніць перад дырэктарам. З заўтрашняга дня я не буду ў школе.
Я маўчаў. Значыць, не падалося. Значыць, апошняя незвычайная класная гадзіна з прыпавесцямі — зусім не выпадковасць. Яна насамрэч глядзела на кожнага з нас, развітваючыся.
— З-за вашай маці? — нарэшце ціха спытаўся я.
— Так. Ёй горш, наняць некага нельга — яна застаецца ў адносным спакоі, калі з ёй толькі я. Пакідаць яе адну на цэлы дзень небяспечна. Хоць і газ, і вада даўно перакрываюцца ў адмысловых месцах, пра якія яна не ведае. Ды ад усяго не ўберажэшся. Так, Кір. Больш я не настаўніца, я — даглядаю маці.
— Прабачце, Зінаіда Мартынаўна. Маці ваша такая хворая, дык чаму.
— Чаму яна дома, а не ў лякарні? — сама скончыла маё непрыемнае пытанне класная. — Бо маці. У яе бываюць і гадзіны, і нават дні прасвятленняў, няхай сабе ўсё радзей і радзей. І тады яна цешыцца жыццю, сонцу, мне, як дачцэ. І плача. І просіць, каб я здала яе ў вар'ятню, каб наладжвала сваё асабістае жыццё. Прабач, што расказваю табе гэта, але ж ты так шмат даведаўся. неспадзявана. Не, мама будзе са мной. Пакуль я ёй патрэбная.
— А каго нам прызначаць на ваша месца?
— Як нічога не зменіцца, дык Антося Сямёнавіча.
— Тады нармальна, — кіўнуў я. — Яго ўвесь клас запаважаў.
— Вось і добра. Неўзабаве мой аўтобус. Дык ты абяцаеш?
— Не змагу, Зінаіда Мартынаўна, — насамрэч з сумам уздыхнуў я. Кашулі насіць ніяк не прывыкну, адно саколкі. А на ўсіх саколках выява «А». Набіў праз трафарэт. Вось.
— А я ведала, — раптам усміхнулася пераможна класная. — І таму.
Яна пакапалася ў адной з торбаў і выцягнула пакунак.
— Вазьмі, калі ласка. Твой колер і твой памер. Вазьмі. як падзяку і на памяць.
Я аслупянеў, узнікла адно жаданне — бегчы адсюль.
— Ды я. Я не вазьму! Навошта? Якая падзяка?
— За той вечар.
— А я прычым? То Ядвіся!
— Яна сказала, што без цябе нічога ў яе не атрымалася б. Ты — яе каталізатар.
— Які яшчэ каталізатар? Вы выдумляеце рознае! — разгубіўся я, наважваючыся вось зараз жа пайсці.
— Чакай, Кір. — класная кранулася маёй рукі. — Калі ласка. Не крыўдзі мяне. Гэта толькі наша з табой справа. А я. я буду ведаць, што і аддзячыла табе, дарэчы, і за тваю ролю ў фільме, за твае прыдумкі. Так, мне ўсё апавялі, як было. Вы зрабілі не проста фільм, вы з'ядналі клас. Вазьмі, Кір, я буду упэўнена, што я зрабіла ўсё, каб ты быў у бяспецы. хоць некалькі першых дзён без мяне.
І я ўзяў пакунак з нечым шэрым. Саколка.
— Вось. Дзякуй табе за ўсё яшчэ раз. І скажу на развітанне, ты ўжо выбачай: за сваё трэба змагацца. За ўсё сваё — за цацкі, за рэчы, і пагатоў — за пачуцці. Маўчы, маўчы. я ўсё, ці амаль усё, ведаю, бо бачу і чую. Гарачым быць не так і страшна, ды варта памятаць, Кір: хлеб нельга рэзаць гарачым нажом. Аб адным хачу перасцерагчы: каханню не патрабуюцца тлумачэнні, каханне патрабуе ўчынкаў і спраў. Усё, не крыўдуй, калі ласка. Вунь аўтобус. Хай будзе ў цябе ўсё добра.
Ніколі яшчэ горад не падаваўся мне такім варожым. такой пачварай, якой напляваць на людзей, на іх лёсы! Яна, гэтая пачвара, хапае жыхароў сотнямі сваімі пашчамі-вуліцамі, яна малоціць іх ва ўстановах, у школах, на прадпрыемствах, а далей яны, сжаваныя і пацёртыя, брыдуць у свае норы, несучы на сабе адчай і прыкрасць дня, лезуць пад душ, думаюць, спадзяюцца, гарачая вада змые іх, і лічаць, так адбываецца, гатуюць есці, садзяцца перад тэлевізарам, а адтуль тая ж пачвара пачынае нагружаць іх мазгі лёгкім наркотыкам уласнай бяспекі, паказваючы жахі ды злыбеды ў іншых краінах, у іншых гарадах, у іншых, далёкіх людзей, закалыхваючы свядомасць і выключаючы цалкам жаданне бачыць — бачыць так, як казала Зінаіда Мартынаўна: аналізаваць, параўноўваць, шукаць. Абы яны, людзі, не западозрылі ў ім, горадзе, той пачвары.
Вечарам пачаліся тэлефанаванні. Спачатку Ромка — пачаў так бадзёра, маўляў, я — крэатыўна мыслю, а ў яго ёсць яшчэ адна задумка — алея выпускнікоў ля школы! Акурат ёсць пустое месца, дык от няблага было б прыдумаць які сцэнар, рытуал. Я мякка запярэчыў: ёсць ідэя алеі — навошта сцэнар? Дырэктарка ўсё патлумачыць і інструктаж па тэхніцы бяспецы прачытае перад тым, як выдасць па рыдлёўцы. Ромка не адставаў, я спыніў яго і сказаў, што мне лянота. І адключыўся. Потым патэлефанаваў Ігнат. Сказаў, што яны знайшлі цудоўную пляцоўку для паркура — зачынілі нейкі завод невялікі, яны з сябрамі адшукалі ход. Там неверагодна цікава! Калі я згодзен — то можна заўтра паспрабаваць. Падзякаваў Ігнату, але паркур — не маё. Так, і цікава, і захапляльна, калі хлопцы паказвалі відэазапісы, ды ахвоты самому вось так паскакаць па лесвіцах і пераходах ніколі не ўзнікала. Яшчэ — Міхал Вакульчык. Я ўжо не здзівіўся і адразу спытаў: якія ў яго прапановы? Міхал стаў распавядаць, як захапіўся відэа падчас працы над фільмам, загарэўся яшчэ нешта стварыць, мо ёсць ідэя якога фільма? Стась гатовы напісаць тэкст, але ж каб тэму... І Міхал паабяцаў паказаць, як крута працаваць у відэарэдактары, якія клёвыя сцэны можна рабіць, і калі я згодны — ён можа навучыць. Не было ніякай ідэі. Я быў не згодны.
Ядвіся не патэлефанавала.
На першы ўрок разам з матэматычкай Ганнай Тодараўнай зайшла завуч Наталля Іванаўна. Па ўсім, не ў гуморы. Бо прывіталася суха і адразу ж пачала казаць па справе:
— Ваш былы класны кіраўнік Зінаіда Мартынаўна па сямейных абставінах нейкі час не можа працаваць у школе, і, зразумела, выконваць абавязкі класнага кіраўніка. Пакуль будзе прынята канчатковае рашэнне аб прызначэнні новага класнага кіраўніка, гэтыя абавязкі буду выконваць я.
— А як жа Антось Сямёнавіч? — неспадзявана спытаў я.
— Вяргейчык, пакуль дэмакратыя ў школе не дайшла да таго ўзроўню, каб вучні самі абіралі класных кіраўнікоў, гэта застаецца прэрагатывай дырэкцыі. Ты маеш жаданне аспрэчыць нормы?
— Ды мне амаль пофіг, — ціха агрызнуўся я і выправіўся, разумеючы, што завуч не даруе такіх слоў. — Прабачце, мне ўсё адно, ахвоты спрачацца з дырэкцыяй я не маю.
— Дзякуй, — холадна адказала завуч, пільна зірнула мне на грудзі.
Было зразумела: цікуе за «Анархіяй». Не старайся. няма. Я сёння ў саколцы Зіначкі.
На перапынку падышоў Ромка, адвёў убок:
— Ты ведаў?
— Учора Зіначка казала. Я праводзіў яе да прыпынку.
— І мне казала.
— І каб ты мне тэлефанаваў, казала?
— А я сам не магу? На цябе ж глядзець. ажно сумна робіцца. Ды казала, калі табе так важна. Усё будзе добра! Твае ж словы.
— Ромка. — з незадавальненнем перасцярог я.
— Усё, маўчу. Слухай, і ты павінен ведаць. Мне тут пад сакрэтам сказалі. На нашага фізіка быў данос у міністэрства. Што ён арганізоўвае п'янкі для вучняў на сваёй кватэры. П'юць там піва. І здымаюць нават на відэа. А доказ — наш фільм.
Дзіўна, зусім не ўразіла гэтая навіна. Я глядзеў у сумныя Ромкавы вочы і разумеў: так мусіла быць, усё павінна быць зруйнавана, бо я выцягнуў тую запалку, шмаргануў, як чаку баявой гранаты, — і мой сусвет не захістаўся — выбухнуў, абрынуўся, а ў маім сусвеце не адна Ядвіся, у ім — Зінаіда Мартынаўна, фізік, Ромка і наш фільм.
— Трэба нешта рабіць, — нясмела азваўся Ромка, нагадваючы пра сябе.
— Трэба? Ты ўпэўнены? — абыякава спытаў я. — Сэнс? Ці ты лічыш, твае словы нешта значаць у школе?
Ромка пакрыўджана засоп.
— Я разлічваў на цябе.
— У сэнсе?
— Ты нешта прыдумаеш.
— Ды ідзіце вы ўсе, знайшлі крэатыўнага прыдумшчыка! Адчапіцеся! — крутнуўся я і пайшоў прэч.
Да канца тыдня мяне ніхто не чапаў. Зрэшты, ніхто нікога не чапаў — у класе было не тое што сумна, а як пасля хаўтур: голасна не размаўлялі, смех сцішваўся, абрываўся, не паспеўшы выбухнуць. На ўроках не шумелі, з настаўнікамі не спрачаліся. І нават Віялета са сваімі сяброўкамі паводзіліся стрымана, для нейкіх сваіх размоў яны купкай выходзілі з класа, але вярталіся не як раней, з застылым хіхіканнем на тварах, а нечым нават засяроджаныя. На вуліцы холадна — ужо добра падмарожвала, малыя раніцай дарогаю ў школу шукалі зацягнутыя белым льдом лужыны, тупацелі, слізгалі. А снегу не было, наўкола панавалі шэрыя і чорныя колеры. Неяк ішоў і нечакана стаў лічыць (магчыма, згадалася, як Юрась штораніцы нешта падлічваў) колькасць людзей у чорнай і шэрай вопратцы і іншай, чырвонай там, сіняй. Налічыў шэсцьдзясят сем чорна-шэрага колеру і восем блакітнага, зялёнага, чырвонага. У школу і са школы я хадзіў адзін, нікога не чакаў, хутка апранаўся і ішоў па вялікім коле — праз старыя прысады, якія цяпер выглядалі нават трошачкі жудасна, — шэрая стужка тратуара ў атачэнні чорных ствалоў клёнаў з аднаго боку і квола-нясмелых белых бяроз з другой. Падобна, табе прапаноўваецца выбар: станавіся па любы бок. Ідзі, разважай, а напрыканцы збочвай ці да чорных клёнаў, ці да светлых бяроз. Я не згадваў у гэтых прысадах Ядвісю. Згадваць жа можна тады, калі забываеш, так? Я ішоў штораз з ёй тут і адчуваў цяпло яе пальцаў у сваёй руцэ.
Выйшаў са школы, хутка дайшоў да плота і ля веснічак пабачыў цётку Жэню — маці Уладзі. Прайсці паўз яе не атрымлівалася: яна пазнала, заўсміхалася насустрач. Я павітаўся.
— Дзень добры табе, Кірыла! А дзе ж мой Уладзя?
— Ды зараз хутка ідзе...
Было памкненне выбачыцца, сказаць, маўляў, тэрміновыя справы, таму я так спяшаюся, ды згадалася некалі абяцанае цётцы: ніколі не кідаць Уладзю. І я прыпыніўся ля веснічак, бы мы з Уладзем дамаўляліся тут сустрэцца, каб не таўчыся ў тлумным школьным фае.
Уладзя выйшаў гэтаксама адзін, спусціўся з прыступак, і потым з дзвярэй паказаліся Ядвіся і Юрась. Ядвіся зірнула наперад — і прыпынілася, тарганула за рукаў Юрася. Яны спыніліся, адышлі ўбок і засталіся стаяць на пляцоўцы ля дзвярэй пад бетонным паддашкам.
— А што здарылася? — сустрэў Уладзя маці пытаннем.
— Сынок, бабуля Таццяна захварэла, едзем во зараз з бацькам, — пачала тлумачыць цётка Жэня. — Вернемся ў нядзелю, як усё будзе добра, бо шлях няблізкі — трыста кіламетраў у адзін бок. А збіраліся назаўтра перавезці з лецішча бульбу ды ўсё іншае са склепа, бо маразы ж пачаліся. І на выхадныя абяцаюць моцнае пахаладанне. Дык мы цябе просім, сынок: мо б вы разам з Кірылам з'ездзілі на лецішча, напалілі там печку добра, каб жа не памерзла, шкада ж будзе вельмі. Мы і грошай табе пакінулі дома, на тваім стале, купіце чаго смачнага, там жа нядоўга...
— Ну, вы задаяце мне работу, — незадаволена буркнуў Уладзя. — У мяне і свае планы на суботу былі.
— Дык жа памерзне ўсё...
— Ды з'ездзім, цёць Жэнь, — нечакана вырвалася ў мяне. — Напалім, чаго там.
— Дроў там зусім мала засталося. — з асцярожнай скрухай, за якой ўгадвалася палёгка і радасць, уздыхнуў Уладзя.
— То ўжо, сынок, назбіраеце сучча хваёвага ў ляску, там жа яго хапае, недалёка, дажджоў не было моцных апошнія дні, яно сухое. сякеры там дзве ёсць. Бацька выбачаецца вельмі.
— Ды добра, назбіраем.
— Тады мы паедзем, бацька ледзь прыпаркаваўся на колькі хвілін. Усё, глядзіце там, хлопчыкі, асцярожна каб. Будзьце там гаспадарамі, вы разумныя і дарослыя ўжо.
— Ды паглядзім, паглядзім. Добрай дарогі. Бабулі прывітанне, — развітаўся Уладзя з маці, яна подбегам падалася ў бок прыпынку, дзе, мабыць, чакаў у аўто бацька. Баба Таццяна, я ведаў, жыла насамрэч вельмі далёка адсюль, Уладзя апавядаў раней.
Дарогаю коратка дамовіліся з Уладзем пра час выезду. Ён ажывіўся, прапанаваў застацца нанач і захапіць падручнікі, каб там і дамашку зрабіць. Я адмовіўся, бо марыў усю нядзелю праваляцца на канапе, — спампаваў сабе новыя сезоны «Падмані мяне» і «Менталіста». І Кінг не дачытаны. Ды і што рабіць у такое надвор'е на лецішчы, у дамку, які стаіць ля невялікага ўзлеска, у бязлюддзі? Адно ў печцы паліць?
Мы прыехалі на лецішча назаўтра каля адзінаццатай гадзіны. Уладзя цягнуў напакаваны заплечнік, мне яшчэ ў рукі даў торбу, з якой вытыркаўся доўгі батон. Пакуль дайшлі ад прыпынку аўтобуса да лецішча, нас наскрозь прадзьмуў жорсткі марозны вецер. Было вельмі холадна, па чорнай раллі агародаў перацякалі языкі белага пылу — уначы, здаецца, ішоў невялікі снег. Дайшлі да лецішча, Уладзя дастаў ключы, каб адамкнуць веранду, і тут мы разам пабачылі ў куце вялікай цяпліцы нешта невыразнае, купу старога рыззя.
— Што за дрэнь? — здзівіўся і крыху спалохаўся Уладзя, мы разам падышлі да цяпліцы. Яе дзверцы нечакана былі прыхопленыя на вяроўчыну знутры. Уладзя шмаргануў раз, і другі, вяроўчына аслабла, спала, і тут купа зашавялілася, і мы ўбачылі твар бамжа, які зацкавана зіркаў на нас. Дзіўна, на ягоным твары, парэзаным глыбокімі зморшчынамі, акрамя невялікай барады і вусоў, сівых, але акуратна падрэзаных, не было расліннасці. Ён быў паголены, бы ўчора. На галаве — вязаная шапка, брудных валасоў з-пад яе не было відаць. Ён падхапіўся, скінуў з сябе шматкі поліэтыленавай плёнкі, якія зацягнуў сюды, паказваючы сваё лежбішча, — вялікія палосы кардону. Стаяў, невялікага росту, перапалоханы. Ён выглядаў гадоў на шэсцьдзясят. Лёгкая куртка-вятроўка і кашуля, вялікія, не па росце, шэрыя джынсы, стаптаныя, і відавочна з чужой нагі, некалі чырвоныя красоўкі. Ля ног ляжаў стары заплечнік, амаль пусты.
— Давай вымятайся, знайшоў прытулак, — без злосці загадаў Уладзя. — І каб болей тут не швэндаўся, а то міліцыю выклічу.
— Даруйце, даруйце, шаноўныя, я імгненна, і ўсё прыбяру, прыбяру, — азваўся бомж, і голас яго, прасякнуты вінаватасцю, прагучаў неяк незвычайна інтэлігентна. Ён нахіліўся, стаў мітусліва збіраць кардон, шматкі плёнкі, згортваць усё ў адзін камок, каб можна было абхапіць рукой. Сабраў, стаяў і чакаў — калі мы дамо яму магчымасць выйсці. Мы адступіліся, ён прайшоў паўз нас, яшчэ раз выбачыўся: — Вельмі перапрашаю, вельмі перапрашаю. Не-не, я болей ніколі. Холадна надта, а тут зацішна, прабачце, прабачце...
А сам глядзеў у зямлю. Не, трошкі вышэй. на маю торбу. Мабыць, ён адчуў мой позірк, бо ўзняў вочы, — і я пабачыў там голад, невыноснае жаданне нешта з'есці. Аж скаланула, бо я ўпершыню сустракаў такі позірк, але нельга было яго не зразумець. Бомж глядзеў не на маю торбу — на той доўгі батон, які вытыркаўся з яе.
— Пачакай. пачакайце, — неспадзявана для сябе выправіўся я, выцягнуў батон, стаў ламаць яго, а ён быў у поліэтыленавай плёнцы, і ніяк нельга было аддзяліць кавалак без нажа ці чаго вострага.
— Зараз адамкну дзверы, там нож ёсць, адрэжам, — спыніў мяне Уладзя, зразумеўшы маё жаданне.
Наляцеў моцны парыў ветру са снежна-пясчаным пылам, секануў калючымі крупамі па нагах, нават дастаў твары. Бомж затросся — вятроўка, безумоўна, не грэла яго ніяк. Уладзя адчыніў дзверы, павярнуўся да бамжа і запрасіў-загадаў, звярнуўшыся да яго, як і я, пачціва на вы:
— Зайдзіце, пачакайце. тут недзе швэдры старыя былі, яшчэ цэлыя, і куртка бацькава зімовая заставалася. Яно нам без патрэбы, будзеце насіць.
Невялікі дамок настыў, хоць тут было зацішна, ды выдавала яшчэ халадней праз няўтульнасць, якая стваралася несуадноснасцю жывога жытла і холаду ў ім. Я пашукаў у стальніцы нож, Уладзя тым часам адчыніў адну, другую шафку, выцягнуў вялікую зімовую куртку з балонні, таўсматы швэдар, яшчэ нешта шукаў.
— Дзякуй, дзякуй вам, хлопчыкі, — зачасціў бомж, схіляючы нізка-нізка галаву. Ён узяў працягнуты мной кавалак батона і не проста панюхаў, а удыхнуў пах белага хлеба, глыбока-глыбока, гучна. Засаромеўся, зіркнуў на нас з-пад ілба вінавата, не стрымаўся, адламаў невялікі кавалачак і пачаў жаваць павольна, ды каўтнуў вельмі хутка.
— Чакайце, зараз у печцы распалім, дамо паесці па-людску.
Я выйшаў на веранду (бомж пры гэтым прыціснуўся да вушака, быццам хацеў стаць зусім плоскім), прынёс дровы, якія заставаліся, — чатыры вялікія палены, то бацька Уладзі быў прывёз два бярэмі. Каб іх распальваць, мы, калі адзначалі тут заканчэнне здымак фільма, бегалі ў пералесак за тонкім сушняком. Я ўголас агучыў сваю праблему распалу.
Бомж нечакана кашлянуў, заспяшаўся:
— Дазвольце мне дапамагчы, маладыя людзі, я маю вопыт, маю вопыт.
Я прамарудзіў трохі, потым працягнуў яму моўчкі нож, сам пайшоў адчыняць юшку. Ён апусціўся на калені перад печкай, спрактыкаванымі упэўненымі рухамі стаў шчапаць адно палена. Пакуль я схадзіў па ваду да студні, якая была на ўчастку, бомж ужо распальваў трэскі. Акуратна паклаў усе чатыры палены, прычыніў дзверцы, і полымя загуло.
— Па дровы ісці. — нагадаў Уладзя, і бомж як чакаў гэтага — падхапіўся на ногі.
— Зараз, зараз я прынясу, хуценька ўпраўлюся.
— А шукаць мы не будзем вас з сякерай? — хмыкнуў Уладзя.
— Я без сякеры, навошта? Лёгка наламаць, а таўсцейшыя я прыцягну, тут пасяку. Я ўмею, усё ўмею, маладыя людзі.
— Апраніцеся цяплей, — заўважыў я.
Бомж паслухаўся, скінуў вятроўку, нацягнуў на сябе швэдар. На хаду апранаючы куртку, знік за дзвярыма.
— Вось такое жыццё яшчэ бывае, — задумліва прамовіў Уладзя, раскладаючы на стале хлеб, халодныя катлеты, палову смажанай курыцы.
— Пайду і я па дровы, — вырашыў я, калі пачуў, як бомж вярнуўся і на верандзе пачуўся нягучны стук—ён вывальваў назбіранае. — Не, ты будзь тут. на ўсякі выпадак, — запярэчыў я, бачачы, як Уладзя памкнуўся быў ад стала. — Стаўляй чайнік на пліту.
Вялікая чыгунная пліта ўжо нагрэлася.
Пакуль закіпела вада, мы з бамжом зрабілі яшчэ чатыры ходкі — цяпер на верандзе хапіла б дроў, каб паліць у печцы разы тры ці больш. У дамку стала ўтульней — ад чыгуннай пліты, якая месцамі была ўжо крышачку барвовай, ішло цяпло. Уладзя падкінуў дроў, расчыніў дзверцы. Паставіў перад імі табурэткі, на адну згрувасціў ежу, яшчэ тры — нам сядзець.
— Давайце паямо крыху. гарбата заварваецца.
Бомж таптаўся ля парога, не асмельваючыся зрабіць крок.
— Сядайце, не пагонім ужо. У цяпле паешце.
— Ды. каб рукі памыць.
— Зараз усе памыем, — Уладзя зачарпнуў у вялікую конаўку вады, прыхапіў ручнік: — Хадзем.
Памылі рукі, вярнуліся — і нас так прыемна абдало цяплом, на падлозе танчылі чырвоныя водбліскі
полымя з грубкі.
— І як вы тут апынуліся? — пасля некалькіх хвілін маўклівага жавання спытаў я бамжа. — Як вас зваць, дарэчы?
— Сяргей Міхайлавіч. Прабачце, як вам будзе зручна. Сяргей. дзядзька Сяргей. дзед. А апынуўся. У кожнага бамжа свая гісторыя, нічога цікавага, — адказаў ён, беручы кубак з гарбатай дзвюма рукамі. Ён з самага пачатку крыху пасунуўся са сваёй табурэткай далей ад нас і бліжэй да печкі, а еў вельмі ахайна, не спяшаючыся, з закрытым ротам. Я на гэта звярнуў увагу, бо раздражняе, калі нехта чмякае і цмокае. А ён маленькімі кавалкамі адломваў хлеб, курынае мяса і катлеты парэзаў на такія самыя кавалачкі, браў двума пальцамі (елі мы без відэльцаў, канечне). Інтэлігентны бомж, што ні кажы.
— Ні фіга сабе, нічога цікавага, — хмыкнуў Уладзя. — Як людзі са звычайнага жыцця раптам застаюцца без нічога і нідзе? Праз гарэлку?
— Нехта і праз гарэлку, — смялей пачаў бомж. — І часцяком яна — спадарожнік такіх прыгод.
— А вы?
— А я. Вам, маладыя людзі, праўда, цікава?
Ён угрэўся, перастаў горбіцца, сядзеў амаль нязмушана, і ў яго паставе праявілася ужо не хвілінная, на патрэбу, а сапраўдная сціпласць.
— Мне дык вельмі, — упэўніў яго я. — Пагатоў, відаць жа, вы — не просты рабочы ў мінулым, так?
Ён ледзь усміхнуўся ў адказ.
— Гэта хутка праміне. такі лад жыцця адвучвае ад звычайных чалавечых звычак, бо на іх бракуе сродкаў і часу. Галюся, бо знайшоў нечае лязо, а як не стане, дык. і іншае.
— Кім вы працавалі? Дзе?
— Працаваў. А можна, маладыя людзі, я пачну здалёк?
— Можна, — кіўнуў згодліва Уладзя. — Нам тут сядзець доўга, неабходна печку напаліць як след, сагрэць дамок.
— Так, добра. Тады слухайце. — бомж сербануў гарбаты, многа адразу, зрабіў яшчэ колькі глыткоў. — Самая згубная звычка для бамжа — курыць. Бо між цыгарэтамі і ежай за грошы, якія выручыў за здадзеную паперу ці шкло, абярэш, канечне, ежу. А курыць хочаш — збірай недапалкі. Вельмі брыдка выглядае збоку. Натуральна, не нясеш той знойдзены недапалак прама ў рот, збіраеш, падсушваеш, вытрусваеш тытунь, круціш цыгарку. Але — агідна на прыпынках, ля ўстаноў збіраць тыя «бычкі». І я кінуў курыць. Колькі разоў у тым жыцці збіраўся, не змог. А тут кінуў за месяц. От кажуць, каб ва ўсім шукалі добрае, ёсць яно і ў мяне, — са скрухай усміхнуўся ён, дапіў гарбату, пацягнуўся і падкінуў колькі паламанага сучча ў печку. — У юнацтве я разрываўся між двума заняткамі: любіў маляваць, ажно мне смылела, усе вокладкі кніжак змалёўваў на ўроках, у кожным сшытку апошнія старонкі, хоць і пападала вельмі. І хімія! Так, як пачалася хімія, я чакаў урокаў, як свята. Хадзіў у хімічны гурток, у Дом піянераў — у гурток выяўленчага мастацтва. І нічога больш не цікавіла. Людзей зазвычай не маляваў, так, краявіды незвычайныя, мора, горы. Па тым, што бачыў у кіно, сам прыдумляў. А тут неяк быў на возеры з бацькамі, пабачыў сваю аднакласніцу. Яна. трошкі незвычайная была, ад усіх адрозная. Летуценная крышку і адначасова нібы сталей за ўсіх нас, разважлівая такая. І дзікаватая, трымалася звычайна ў баку ад агульнай класнай мітусні. Але ўмела быць і вясёлай, непасрэднай. Ёй нехта дастаў белы гарлачык, яна яго ўваткнула ў валасы — яны ў яе былі доўгія, густыя — і так сядзела ля берага задуменная. А над галавой — вярба свае косы зялёныя апускае. І вада ў возеры — з белымі аблокамі. І ўва мне нешта такое варухнулася. Перадужаў сваю сарамлівасць, папрасіў: каб яна дазволіла мне яе намаляваць, ну, і пасядзела крыху нерухома. Яна ўсміхнулася згодліва, цёпла, доўга сядзела, пазіравала старанна, яе бацькі колькі разоў клікалі паесці — адмахвалася. А я рабіў эскізы. Зазвычай я маляваў адно алоўкамі ды ручкай, гуашшу плакатнае нешта, акварэллю. А тут — алеем рашыў напісаць. Мучыўся доўга, ды так атрымалася — і сам здзівіўся. Тая карціна фурору нарабіла ў Доме мастацтваў. Яна, Юлечка, пабачыла, гэтак расхвалявалася. Лета сваё апошняе школьнае мы з ёй разам былі: хадзілі па ўзлесках, па берагах возера і нашай плыткай рачулкі, шукалі цікавыя мясціны. І я маляваў яе, маляваў. Толькі маляваў, і больш нічога. Аднойчы. мы далёка ад людзей адышліся. Яна ў купальніку была, сядзела на пяску, ногі ў вадзе, задуменная ўся, і такое было ў яе позірку, столькі ў ім было пачуццяў! І хутка я пачаў рабіць эскізы: твару, вуснаў, вачэй, рук і ног, хваль. А яна ўстала і зняла з сябе. усё зняла. І папрасіла так намаляваць. У горле ўсё захрасла, але я маляваў. Потым падышла, пацалавала ў вусны, апранулася і пайшла. Назаўсёды пайшла — бацька яе быў вайсковец, яго пераводзілі ў іншы горад. Той малюнак застаўся ў эскізах.
Ён маўчаў, пакусваў вусны, я не ўцярпеў, спытаў:
— І што, не спрабавалі шукаць, пісаць?
— Дык як шукаць, малады чалавек? То вам зараз праз сеціва можна, а тады. Куды пісаць, на які адрас? Чакаў ад яе ліста. Не напісала. ды я вінаваты — у апошні вечар не да яе дома пайшоў, а чытаў «Займальную хімію».
— А чаму не намалявалі партрэт? — нагадаў пра яго аповед Уладзя.
— Не ведаю нават. Пазней мая жонка тыя эскізы спаліла разам з усімі іншымі. Ды я памятаў той момант да кожнай хвалькі на паверхні вады, да кожнай жылачкі на яе тонкіх руках. І ўсё чакаў, чакаў — прыйдзе той час, я змагу намаляваць вялікае і шчырае палатно. Вось дзе бяда: толькі праз шмат гадоў я зразумеў, што час не можа прыйсці, час ніколі не прыходзіць. Час можа толькі прайсці і адысці назаўсёды. Дык вось. Яна паехала, а я больш не змог нічога маляваць. Праз год паступіў на хімічны факультэт, скончыў з чырвоным дыпломам, запрасілі ў інстытуце застацца. Стаў аспірантам. Дзяўчына адна сустрэлася. У кіно разам хадзілі, абдымаліся, цалаваліся, здалося — каханне. Ажаніўся. Жылі ў інтэрнаце. Працаваў. Наша група распрацоўвала новыя пластыкі, цікава было вельмі, часта заседжваліся дапазна. Якія там заробкі ў аспіранта? Пілавала жонка штодзень, перавёўся на завод, на вытворчасць, хоць вельмі прасіў кіраўнік не кідаць навуковую працу. Ды на заводзе удвая болей заробак. Будавалі кватэру, гадавалі дачку. А ўсё марыў пра той час, калі намалюю тую сваю дзяўчыну з юнацтва. Лецішча ў нас з'явілася, во такі дамок я там пабудаваў, як вясна, то марыў: ужо гэтым летам намалюю. Не атрымалася. Усё грады, гной, капай, палі, апырсквай. І грошы, грошы, грошы. Перавёўся ў простыя рабочыя, яны ж больш атрымлівалі тады, чым нейкі там тэхнолаг. Чытаў начамі навуковыя часопісы, шукаў, дзе якую рацпрапанову зрабіць, — за такое капейчыну атрымаць можна было добрую. І не заўважыў, як адзіная дачка вырасла, як стаў я ў сям'і і кватэры чужы. Адно і згадвала дачка, адзінае, што пытала — грошы. Умела выпрошваць. Даваў, думаў: вось, будзе паважаць, цаніць. Тут крызіс за крызісам, усё абрынулася, грошай — вобмаль. Вытурыла мяне жонка ў Маскву ялавічныя ногі з капытамі прадаваць. І няблага прадаў, ды ў цягніку скралі кашалёк. сыпанулі нечага ў гарбату, пасля зразумеў. Падказалі потым: грошы трэба на адмысловым поясе насіць, а той пояс на сябе чапляць і хаваць пад адзенне. Наступным разам паехаў, жонка праз некага тварагу набрала. Дык у Маскве міліцыя затрымала, бо ж нельга гандляваць на вуліцах. Іншыя тым міліцыянтам па дзясятцы-дзве сунулі — дый вольныя, а я не змог даць, не ўмеў — усё канфіскавалі, аштрафавалі. От такі няздара. То сталі на мяне дома глядзець, як на дармаеда, кавалкам хлеба патыкалі. Бацькі мае памерлі, родных не было — ні ад каго дапамогі чакаць не даводзілася. На заводзе скарачэнні, зарплату затрымліваюць. А жонка, наадварот, дужа здатнай да гандлярскай справы выявілася. Двойчы некуды ажно пад кітайскую мяжу з'ездзіла гэтак удала. Дачка ўжо замужам была, з'ехала за мяжу, муж паляк. І тады задумаўся я: які сэнс далей жыць разам, бо мы ж — чужыя людзі. Хоць з той кватэры мне і няма куды ісці: бацькоўскі дом даўно прададзены — на пасаг грошы дачцэ збіралі, лецішча гэтаксама прадалі — хто там тыя грады палоць будзе, як жонка два шапікі гандлёвыя трымае? Напачатку ля сябе трымала, ды з мяне ніякі гандляр. Аўтамабіль набылі, і вадзіцель я ніякі атрымаўся. Пачаў я па заробках ездзіць. Аднойчы з сябрамі вось тут недалёка працавалі — лецішча рамантавалі. І пабачыў я на суседнім участку жанчыну. Як перуном ударыла — то ж Юлечка мая з юнацтва. Сустрэліся мы з ёй, паразмаўлялі. І тады зразумеў я, якім дурным быў, якім баязліўцам, якім слепаком! Яна мяне ці не ад садка кахала, чакала і чакала, а я. І цяпер яна кахала. Замужам пабыла, развялася, двое дзяцей сама ўзгадавала. Цяпер у яе ўсё ёсць: кватэра, дзеці вывучыліся, лецішча, аўтамабіль. Але ж. «Я так стамілася быць адна. Так стамілася быць моцнай. Чакала цябе.». І здарылася ў нас, маладыя людзі, каханне. Ці вы думаеце, толькі ў вашым узросце такія пачуцці могуць успыхваць з магутнасцю выбуху?
Ён прыпыніўся і насамрэч глядзеў на нас з жаданнем пачуць адказ на сваё пытанне. Азваўся я:
— Як хто, а я дакладна ведаю, што бывае.
— Дзякуй, дзякуй вам. Дык вось. Я паабяцаў Юлечцы: прыеду да яе. Хутка прыеду. Вярнуўся дадому з цвёрдым намерам развесціся. А тут навіна: у дачкі сынок нарадзіўся. І непрыемнасць разам: муж дачкі ў аферу трапіў, арыштаваны, то пакуль прыедзе дачка да нас. І неяк на другі план адышла мая Юлечка і маё каханне. І вінаватым сябе адчуў: пра якое каханне мне думаць, калі ў сям'і праблемы? Дачка прыехала, паўгода пражыла, і пачалі яны з маці меркаваць: як нашу кватэру трохпакаёвую прадаць, а купіць дзве — каб асобна дачушцы жыць, ёй жа і асабістае жыццё наладжваць, наперад глядзець — з тым палякам, мабыць, талковага жыцця не атрымаецца. Пачалі жонка з дачкой шукаць варыянты, мне даводзілі: як купляць, дык хай дачка абедзве кватэры, бо жонка — прадпрымальнік, нейкія дадатковыя праблемы могуць быць з падатковай. Мне ўсё адно было. На цэлы месяц паехаў у заробкі, вярнуўся ўжо ў аднапакаёўку — усё паспелі зрабіць мае жанчыны. Закруцілася: рамонт у кватэры дачкі зрабіць, мэблю ёй новую, у сваёй рамонт, мэблю. Працую і адчуваю сябе простым наймітам. Нават унука ад дзеда далей трымаюць. І усё болей выспявае маё рашэнне развесціся ды паехаць да Юлечкі. Год цэлы мінуў. Ды падумаў: прыеду з пустымі рукамі? Каб неяк крадком назбіраць грошай. Жонка ўладкавала на працу да свайго знаёмага прадпрымальніка — у таго вялікая крама, грузчыкам. А які з мяне грузчык? Я ж падсобным рабочым увесь час быў: прынесці, падаць, патрымаць, абеды-вячэры гатаваць. То і надарваў спіну. У бальніцы ляжаў, дома, хадзіў, нагу цягаў. Наслухаўся тады ўсяго: і які я нягеглы, і які бездапаможны, і жыццё маё нікчэмнае, і ні муж я, ні гаспадар, ні работнік. Заікнуўся я тады пра развод. А жонка ажно ўзрадавалася. І сама заяву падала. Праз тры месяцы нас развялі. Жонка рэчы мае спакавала і паставіла ля парога: кватэра, як выявілася, не наша, а падораная дачушкай ёй, маці. То няма тут і аднаго майго метра квадратнага. Пацягнуўся з двума пакункамі на вакзал, грошай трохі было. І першы раз напіўся ў кафэ, заснуў без памяці на вакзальнай лаўцы. Міліцыянер растаўхаў, зірнуў я — няма маіх пакункаў. Добра хоць, дакументы і грошы, прыхаваныя на сабе, засталіся. Паехаў я да Юлечкі. Вясна была. летась. На лецішча яе прыйшоў, стаю, назіраю незаўважна. А яна на градах корпаецца. І побач з ёй мужчына, мажны такі, вясёлы. І яна вясёлая. Усміхаецца яму, капаюць зямлю рыдлёўкамі разам. Пабег я адтуль, бы злодзей, якога ледзь не схапілі за каўнер. Вось так. Надта позна я прыехаў. Абяцаў хутка, а прайшло тры гады. І жыццё прамінула. Усё і цалкам. Прабачце, маладыя людзі, за такі доўгі аповед. Першы раз сам шчыра і без прыхарошванняў і апраўданняў зірнуў на сябе. Тое дрэнна, што напрыканцы жыцця разумееш нарэшце галоўную ісціну: казаць і рабіць трэба тады, калі ты хочаш тое казаць і тое рабіць, а не тады, калі з'явіцца магчымасць. А іначай — усё пад адхон.
Мы маўчалі. Я глядзеў на бамжа і з цяжкасцю, але змог уявіць, якім ён можа быць, каханы і побач з каханай: у чысцюткім адзенні, з кветкамі. У яго ж добрыя вочы, без злосці на донцы. Бы дзіцячыя. Такі не пакрыўдзіць.
— І як вы зараз? — запытаўся Уладзя.
— Ат, пра тое навошта, маладыя людзі, — ухіліўся ад адказу бомж. — Страшна, і сорамна, і холадна, і пакутліва. ды з цягам часу прызвычайваешся. Чалавек — страшная жывёліна. Вельмі хутка апускаецца, забываецца на цэлы шэраг абавязковых раней традыцый і звычак, маральныя нормы, калі яны незапатрабаваныя ці становяцца перашкодай для здабывання ежы. Ранкам чысціць зубы? Навошта? Сярод такіх самых, як я, многія перастаюць мыцца, асабліва ўзімку, і потым ўсё далей і ніжэй. Голад — страшнае пачуццё. Вясну, лета і пачатак восені я на лецішчах — дапамагаю гаспадыням, кормяць, з сабой даюць. У падлеску буданчык свой быў. Мінулай зімой у закінутым дамку жыў, змог дзверы адчыніць, паліў печку ўначы, каб не заўважыў ніхто, харчаваўся бульбай, буракамі, морквай, якую раней давалі людзі, а больш, прызнаюся, крадком навыкопваў. Ды я не адзін тут такі ўлетку, канкурэнцыя нават. Бойкі бываюць, і мяне былі збілі, бо я ж адзін, не кампанейскі. Пашпарт адабралі...
— Вам бы ў вёску ехаць якую, — упэўнена загаварыў Уладзя. — Там гэтулькі адзінокіх жанчын, ім без дапамогі цяжка...
— Канечне, канечне. — заківаў, пагаджаючыся, бомж. — Але ж які я работнік? Спіна хворая, зямлю капаць — самая цяжкая работа, якую магу зрабіць.
Я зазірнуў у печку, вырашыў падкінуць колькі дроў. У рукі трапіўся сукаваты кавалак, хвіліну я няўцямна глядзеў на яго, у галаве круціўся нейкі вобраз. І згадаліся прысады, Ядвіся, яе прыклад з адным камлём і мноствам галін.
— Слухайце, дзядзька, — пачаў я ўпэўнена, — мне адзін разумны чалавек нядаўна давёў простую рэч. Ва ўсім можа быць мноства прычын, пра якія мы не ведаем. А нядаўна класная нам казала, што нельга прымаць інфармацыю з адной крыніцы як адзіна беспамылковую. Так?
— Так, дужа цікава, малады чалавек, — пагадзіўся бомж, вочы яго ажывіліся.
— Цікавага тут якраз няшмат, — паблажліва ўсміхнуўся я, ужо верачы, ды што верачы — я быў перакананы ў сваёй слушнасці! — Дык вось. Вы збеглі ад сваёй жанчыны. Збеглі, адно паспелі пабачыць на яе лецішчы мужчыну, які ёй дапамагаў. А як то быў яе родны брат? Ці стрыечны? Ці муж сястры? Ці сусед, якога яна запрасіла дапамагчы? Ці калега з працы, муж сяброўкі, а сяброўка недзе там ежу гатавала на ўсіх? Глядзіце, колькі варыянтаў: пяць! А вы вырашылі, што ён — яе мужчына, і збеглі. Вы пабаяліся.
Ён з хвіліну сядзеў, апусціўшы галаву, пасля падняўся.
— Бязмерна ўдзячны вам за такі прыём, мне час.
— І куды? — здзівіўся Уладзя. — Хоць ваша справа. Забірайце вунь: там яшчэ швэдар, кашуля мультановая, шкарпэтак пара чыстых. Зараз мы паесці яшчэ збяром.
Мы чакалі, пакуль бомж пакаваў свой заплечнік, акуратна складваючы рэчы і ежу. Цяпер было асабліва шкада яго: куды ён пойдзе? Тут — цёплы дамок, на вуліцы — марозны вецер, а неўзабаве вечар і ноч. Дзе ён будзе начаваць? Але ўголас пытанняў не задавалі.
Ён прыпыніўся ля дзвярэй, сцягнуў з галавы (першы раз) сваю вязаную шапачку, скамячыў яе ў руцэ. У яго былі сіваватыя, неахайна коратка падстрыжаныя валасы.
— Пайду. Так, малады чалавек, я — збег. Я заўсёды збягаў: у дзяцінстве і юнацтве ад боек, унікаў канфліктных сітуацый, збягаў ад няпростых пытанняў, меркаваў — само неяк вырашыцца. Я баязлівец. Усё жыццё я баяўся зрабіць нешта не так, пайсці не туды, некага пакрыўдзіць, некаму не дагадзіць. Баяўся самога сябе, баяўся прымаць рашэнні. І от такі вынік. То. паглядзіце на мяне і згадвайце, як раптам будзе страшна. У баязліўца адзін шлях — на ўзбочыну.
Ён так і выйшаў, з заплечнікам за спінай і скамечанай шапачкай у руцэ. Праз акно мы бачылі, як на вуліцы ён насунуў шапачку і пайшоў, крыху згорбіўшыся, уцягнуўшы галаву ў плечы, супраць ветру.
— Думаеш, накіруецца да той жанчыны? — ціха спытаў Уладзя.
— Хто ведае. Яго жыццё. У нас свае траблы. Слухай. тая сцэнка з гопнікамі, дзе яны сядзяць з півам. Бутэлек было дзве, у руках трымалі хлопцы. І пілі з бутэлек. Там жа не відаць, што менавіта піва?
Уладзя прыплюснуў вочы — згадваў кадры, упэўнена матлянуў галавой:
— Нельга адназначна сцвярджаць пра піва. А навошта?
— Заўтра паклічам Ромку, складзём ліст. Да дырэкцыі школы, у аддзел адукацыі, міністру, д'яблу, Богу і ўсім святым разам: мы не распівалі піва ў кватэры фізіка, падпішуцца ўсе.
Уладзя глядзеў уважліва колькі секунд і ўпэўнена кіўнуў галавой:
— Згода. Я ўвечары знайду ўсе патрэбныя адрасы. Але для пачатку. Ромка пагодзіцца са мной, трэба дырэктарцы напісаць. А ўжо пасля — далей, ну, калі нас пашлюць у школе.
— Цяпер не пашлюць! Пайшлі яшчэ па дровы. Хай будуць.
Мы схадзілі двойчы, нанеслі добрую купу, крыху папрацавалі сякерамі — атрымаўся хай каргівы, ды ёмкі штабель уздоўж усёй сцяны веранды. Потым зноў гатавалі гарбату.
— Ты не раскажаш. пра Ядвісю? — без папярэджання раптам спытаў Уладзя.
Я маўчаў. Думаў: апавесці ці не. З іншага боку, Уладзя ж ніколі не хаваў ад мяне нічога. Шчыра ўсім дзяліўся. І вось як з Настачкай ён. І чаго мне хаваць тое, што адбылося? Юрась, як бачна, не стаў таіць ад Ядвісі. І я расказаў. Усё, ад пачатку і дарэшты. Як паклікаў Юрась на размову, як атрымалася, што я прапанаваў тое жэрабя, як цягнуў запалку. І нечакана адчуў палёгку. Бы нейкі цяжар спаў, захацелася выпрастаць плечы. Нават устаў і прайшоўся па пакоі. Уладзя нервова цёр насовачкаю, якую заўсёды носіць з сабой, шкельцы акуляраў, доўга маўчаў.
— Мы мяняемся. Ці нас закаханасць мяняе. От на сабе паспытаў, як можна аслепнуць і аглухнуць. Але тут. Кір, я чуў, як Ядвіся казала, што ты і Юрась ёй аднолькавыя. Ды яна казала іначай: вы абое — яе сябры, а з сяброў яна не выбірае горшых і лепшых. Дык тут. перакручванне. Рэальная падстава. Калі падумаць, ты насамрэч нічога не прапаноўваў, адбылася маніпуляцыя, прыём тролінгу. Ты павёўся, факт. І слухай, мы столькі сябравалі, непрыемна казаць. Платон мне сябар, а ісціна даражэй. Чаму раптам у Юрася запалкі ў заплечніку? Каб разабрацца. Нешта ў галаве круціцца з запалкамі гэтымі. І яшчэ той момант, самы непрыемны. ты ж адвярнуўся. А навошта? І так можна было запалкі ператасаваць. І вось цяпер ты ўпэўнены, што абедзве запалкі не былі зламаныя?
— Хіба цяпер гэта мае значэнне? Жэрабя было. Я згадзіўся. Ядвіся не даруе. І праўда на яе баку.
— Пабачым, — устаў і Уладзя, падышоў да акна. — Гэты бомж сказаў добрыя словы, варта запомніць.
— Ты пра якія?
— Пра тыя, дзе баяцца нельга. Што трэба рабіць тады, калі хочаш, а не чакаць магчымасць. Брыдка: ён цябе накруціў да жэрабя і пасля даклаў Ядвісі!
— Калі ты мне сябар сапраўдны, дык ты да Ядвісі не падыдзеш наконт нас, — цвёрда папярэдзіў я Уладзю. — Ніякіх разборак.
10
У нядзелю Ромка і Уладзя прыйшлі да мяне, і мы разам гадзіны тры складалі ліст. Спрачаліся: ці варта пісаць, што піва было сапраўднае, бо ж хіба гэта крамола: мы здымалі фільм, зараз праглядалі — там адно Сяржук Мігно падносіць рыльца да рота, і то не відаць, што каўтае, а так хлопцы адно размахваюць бутэлькамі. Уладзя даводзіў: пісаць рэальна, каб не блытацца, як прыціснуць пытаннямі: дзе бралі пустыя бутэлькі? Што налівалі? Ды і добрая справа не будуецца на хлусні. Пагадзіліся. Дапісалі, што піва цалкам пакінулі ў кватэры фізіка, і тое было праўдай — ніхто на яго не паквапіўся. Далей я прапанаваў уставіць інфармацыю пра пэўную колькасць незадаволеных асоб, якія пакрыўдзіліся на прапанову ім другасных, а не галоўных роляў. І верагодна (мы не сцвярджаем, а ўсяго падазраём), што ліст напісаны дзеля таго, каб нам дапячы, каб мы адчулі сябе вінаватымі перад настаўнікам. Ромка з Уладзем падумалі і падтрымалі.
Маці гатавала нам гарбату, папыталася, што за справа такая важная, бо надта ж мы сур'ёзныя. Ромка вырашыў ёй коратка апісаць сітуацыю. Маці слухала ўважліва, потым сказала тое, пра што раней даводзіў Уладзя: няварта скакаць праз галовы дырэктара і аддзела адукацыі. Мае сэнс пачынаць знізу. І запэўніла нас, што людзі разумныя ёсць паўсюдна, разбяруцца.
Мы падрыхтавалі адразу тры лісты, каб лішні раз не збіраць подпісы. Да дырэктаркі рушылі ўтрох.
Рэгіна Казіміраўна сустрэла нас без здзіўлення, мабыць, здагадвалася, з чым мы ідзём. Прапанаваўшы сесці на крэслы ля сцяны, сама не села, чытала, засяродзіўшыся, пададзены ёй ліст.З дырэктаркаю мы сутыкаліся, прынамсі, я, толькі праз пытанні па школьнай форме, ніякіх прадметаў яна ў нас не вяла. Ромку яна ведала болей, як ніяк ён у школьным актыве, Уладзя таксама ёй быў вядомы — адзін з галоўных гульцоў каманды «Што? Дзе? Калі?» — як такога не ведаць? І таму я здзівіўся, калі дырэктарка, усё яшчэ трымаючы ў руках аркуш, найперш звярнулася да мяне:
— Вяргейчык, мне тут апавядалі, што ты вельмі артыстычны, і фільм такім цікавым атрымаўся дзякуючы найперш тваёй фантазіі. Што ж ты гэтулькі гадоў хаваў свой талент?
— Ды. Неяк нагоды добрай не было, Рэгіна Казіміраўна, — знайшоўся я. — А пра мае здольнасці перабольшваюць.
— Бач, ты яшчэ і сціплы, добра.Макар, у цябе, я так разумею, яшчэ такія ж лісты?
Ромка замяўся на хвіліну, падхапіўся з крэсла (дырэктарка працягвала стаяць), адказаў са шкадобай у голасе:
— Так, Рэгіна Казіміраўна, не будзем маніць. Мы падрыхтавалі лісты да вас, у аддзел адукацыі, у міністэрства. Але адпраўляць пакуль нікуды не збіраемся, спадзяёмся.
— Спадзеяцеся, але ж не давяраеце, так?
Я сцяўся. Мы чакалі такога пытання, прадумвалі на яго адказы, да пэўнасці цалкам не дайшлі. Ромку выкручвацца.
— Не ў даверы справа, Рэгіна Алегаўна, — пачаў Ромка нечакана ўпэўнена. — Мы, збіраючыся да вас, падумалі: а раптам вы нам падкажаце менавіта самім звярнуцца вышэй? Мы ж не ведаем, як вырашаюцца такія справы.
— Дыпламат. сядай, не стой.
Дырэктарка сама села за стол, нейкі час маўчала, потым роўным голасам сказала:
— Не трэба больш ніякіх папер. Вы зрабілі дастаткова. Не будзем цяпер браць тлумачальную ад кожнага, хто там быў, на здымках. Пытанне фактычна вырашана на нашым, мясцовым узроўні. Канечне, факт таго звароту ў міністэрства дужа непрыемны для нас, не буду хаваць. Надалей, калі ласка, улічвайце такія моманты з напоямі. Вы задаволеныя адказам?
— Дык... Антося Сямёнавіча не паставяць нашым класным кіраўніком? — задаў пытанне Ромка.
— Можаце мне паверыць, класнае кіраўніцтва вашым класам не звязана з тым пасквілем. У Антося Сямёнавіча з'явіліся пэўныя сямейныя праблемы. Паўгода пабудзеце з Наталляй Іванаўнай. Яшчэ ёсць пытанні?
Мы выйшлі з кабінета з няўцямнымі пачуццямі. З аднаго боку, здаецца, дасягнулі свайго, з іншага — а што змянілася? Але хай будзе, як ёсць, абы горш не было.
Мы стаялі каля «свайго» акна, калі да нас падышоў Юрась. Ці мне падалося, ці насамрэч у яго быў трохі зацкаваны выгляд. І нешта яшчэ непрыемнае ў позірку. Магчыма, і крыўда — вось, не ўзялі з сабой, а мог бы дапамагчы, і адначасова — палёгка, маўляў, добра, што без мяне абышлося, увязвацца ў вашы разборкі — яшчэ дадуцца ў знакі.
— Што выхадзілі, хадакі? — спытаў ён у Ромкі бадзёрым такім голасам.
— Усё норм, — няпэўна адказаў Ромка і дадаў: — Усё будзе добра.
— Як яны вырашаць, так і будзе, — хмыкнуў Юрась і звярнуўся да Уладзі: — Слухай, юны Васерман, скажы мне па-сяброўску: колькі ў нашым горадзе народу і колькі было ў пачатку гэтага стагоддзя?
Уладзя раптам гучна і цяжка задыхаў. Ён зняў акуляры, зноў надзеў і нечакана выдаў:
— Я табе больш не сябра!
На твары Юрася застыла ўсмешка, ён з вышыні свайго росту глядзеў на маленькага Уладзю, а ўсмешка расцягвалася ў грэблівую грымасу.
— Ты што, з'еў дрэнь нейкую? Ці ад чытання энцыклапедый дах паехаў? Не ведаеш, так і скажы, вікіпедык.
Паважаныя чытачы!
З-за прыкрай недарэчнасці, выкліканай тэхнічным збоем, у папярэднім нумары «Маладосці» ў рамане была прапушчана частка тэксту. Яе кароткі змест такі: пасля таго, як Кір пабачыў на плячы Ядвісі радзімку ў выглядзе матылька, ён вырашыў запрасіць яе дадому. Адбываецца сустрэча, падчас якой Кір расказвае, што ў дзяцінстве ён, Уладзя і Юрась штогод адпачывалі ў адным летніку, а ў адзін год ля ручая, дзе бавілі час, вельмі моцна напалохалі дзяўчынку, кінуліся яе праганяць. Яна ўцякала ад іх, тады Кір і пабачыў на яе плячы ружовага матылька. Дзяўчынка звалілася з абрыву, моцна пабілася. Хлопчыкі спужаліся яе маці, якая ішла да капальні, і збеглі. Маці прынесла дзяўчынку ў летнік, адкуль яе забрала «хуткая». Хлопчыкі чакалі, што іх пазнае маці дзяўчынкі, хаваліся, але ўсё прайшло быццам бясследна для іх. Толькі Кіру пачаў сніцца матылёк. Ядвіся прызналася, што тады маці даведалася іх імёны і адкуль яны – важатыя расказалі, дзе бавіць час тройка сяброў. Ядвіся вельмі захварэла, не магла спаць, усё падала ў прорву, і яе бабульцы трэба было ведаць імёны віноўнікаў, каб адшаптаць унучку ад перапалоху. Цяпер Ядвіся сама выбрала школу, каб сустрэцца з імі і зразумець: чаму так жорстка абышліся з ёй тады невядомыя хлопчыкі, а галоўнае, якімі яны сталі? Але помсціць яна не будзе.
Ядвіся расказала Кіру гісторыю кахання сваёй маці да журналіста раённай газеты, пра апошнюю іх сустрэчу, якую мужчына не змог запомніць, бо быў напоены зеллем, якое прыгатавала бабуля. Ядвіся нарадзілася з вялікай радзімай плямкай як аплатай за вядзьмарства. Кір быў вельмі ўзрушаны пачутым: як жа так, мужчына недзе жыве і нават не ведае, што ў яго ёсць дачка. Ядвіся ж адказала, што яна не вінаваціць бацьку, не асуджае маці – такі лёс…
Кір не расказвае ні Юрасю, ні Уладзю пра тое, што тая маленькая дзяўчынка, якая па іх віне звалілася з абрыву і пабілася, – Ядвіся.
Юрась збіраўся павярнуцца, каб ісці, але голас Уладзі, настоены на адчаі і злосці, прымусіў яго (ды і нас з Ромкам) застыць на месцы:
— Я ведаю! Як ведаю і тое, што ты заходзіў на кухню ў кватэры Антося Сямёнавіча, там ты трымаў у руках запалкі, а пасля яны зніклі! Ведаю, сто разоў паказвалі ў фільмах пра жэрабя-фокус з дзвюма абламанымі запалкамі! Ведаю, што ты даўно вылічыў з матэматычнай дакладнасцю, як завесці Кіра, каб ён не кантраляваў сябе. Ты заўсёды падстаўляў яго! З таго самага разу, там, у летніку. Ты, а не Кір, закрычаў «Лаві яе!», ты першы пабег за дзяўчынкай! Ты затросся ад страху, ты гукнуў нам «Уцякайма!» і першым кінуўся бегчы прэч. А мы маглі б... мы павінны былі скочыць і дапамагчы той жанчыне, паднесці дзяўчынку. А мы ўцяклі! І ты тады абвінаваціў Кіра, што ён арганізаваў пагоню, што ён таўхануў дзяўчынку з кручы! І цяпер ты зноў падставіў Кіра. Ты данёс на яго Ядвісі! Ты мне больш не сябра! Не сябра, чуеш!
Юрась прымружыў вочы, твар яго згубіў чырвань. Ён не ўсміхаўся, разгубленасць у вачах спакваля знікла, там запалала хцівасць і пагарда. Ён хмыкнуў і кінуў грэбліва:
— Дзіцячы сад, малодшая група. Ідзіце на. — і пакрочыў па калідоры.
Зазвінеў званок. Мы скіравалі ў клас, не прамовіўшы ні слова. Сядзелі на ўроках, я кідаў іншы раз крадком позірк на Уладзю. Так, уразіла яго «прызнанне ў любові» да Юрася. Але я быў літаральна шакіраваны іншым: ён да гэтага часу памятае, перажывае і не можа дараваць сабе тую пагоню за аголенай дзяўчынкай. Мы хавалі адзін ад аднаго сваю віну. Што сніцца яму? Як яна бясконца падае з пясчанай кручы? Ці сам ён падае і яго нясе на тыя камяні?
Калі б я прамаўчаў, хіба б я мог цяпер уважацца ягоным сябрам? Таму і запытаўся, як выйшлі са школы: што яму снілася?
— Мне нічога не снілася... — выдыхнуў Уладзя, але я адчуў, што ён зараз падзеліцца са мной самым патаемным, самым балючым. І не памыліўся, ён працягнуў напаўголаса: — Мяне грызла.
А праз год, помніш, упаў на лецішчы. І калі ачуняў у бальніцы, калі пра зрок даведаўся — згадалася нечакана ўсё да драбніц, усплыло, як тая дзяўчынка падала, як стукнулася аб каменне. А тут маці сядзіць, трымае за руку, усхліпвае і прыгаворвае: «А за што ж гэта, за якія грахі бяда такая?» Я плакаў тады сам — так сорам пёк, так балюча было, што маці лье слёзы, ды не ведае прычыны, а то ж мне адплата была! І далей вось цягнецца, вось жа жыву недарэкам, пасмешышчам, энцыклапедыяй хадзячай... Кір! Давай знойдзем яе, папросім прабачэння! — адчайна выгукнуў ён, зазірнуў мне просьбітна ў вочы.
Цяпер я упэўніўся, што зрабіў слушна, пачаўшы размову.
— Ніякі ты не недарэка, — з ушчуваннем заўважыў я. — І нічога не цягнецца — нармальна ж у цябе ўсё цяпер, вунь з Настачкай пасябраваў, ажыў сам, зусім іншы стаў. Ты ведаеш, яна ў цябе ад садка закаханая?
— Прызналася, — ад непрамінулай горычы Уладзева ўсмешка была больш грымасаю болю. — А я вось дурань. Кір, знойдзем?! З'ездзім у вёску.
— Не трэба нікуды ехаць. Не трэба яе шукаць, Уладзя. І не трэба прасіць прабачэння, — адказаў я на яго вокліч ціха, але цвёрда.
— Чаму? — ён, збянтэжаны, спыніўся.
Я таксама стаў насупраць і ,гледзячы проста ў яго зрэнкі за тоўстымі шкельцамі акуляраў, выдыхнуў:
— Таму. Яна нам прабачыла. Гэта Ядвіся.
Уладзя не міргаючы глядзеў на мяне. Потым скінуў заплечнік, кінуў яго на бардзюрыну і сеў зверху. Я зрабіў тое самае. Было напляваць, як мы выглядалі збоку: два дурні сядзяць, выцягнуўшы ногі ў сівую ад маразоў траву за тратуарам. Тут тратуар быў высокі, лужок ад яго збягаў долу, мы нібыта сядзелі на беразе ракі, што схавала свае воды ў густой някошанай траве, паніклай і звялай. Уладзя маўчаў. Я напаўголаса стаў казаць:
— Я запомніў, у той дзяўчынкі... такая радзімка была, мне падалося — мятлік на плячы сядзіць. І бег, не мог спыніцца, за тым мятлікам... Помніш, я пытаўся пра сон? Мне снілася... А калі Ядвіся з Віялетай стрыптыз паказвалі, то пабачыў таго мятліка. У Ядзі на спіне, ну, на лапатцы. Прызнаўся ёй. Мы пра ўсё паразмаўлялі. У мяне цэлы вечар сядзелі, я ўсё згадаў. І яна таксама. Нас тады важатыя здалі Ядвісінай маці, імёны, з якога горада, якая школа. Але нас не чапалі, нам прабачылі, дзеці ж, ды і назад нічога не вернеш, хоць нас саміх кінь з таго абрыву. Імёны патрэбныя былі бабульцы-шаптусе, каб пераляк з Ядвісі зняць... Вось так. Мне больш не сніцца, як я ганюся за мятлікам, а далей падаю ў бездань. І ў цябе ўсё добра, сам прыкінь. Яна сапраўды нас прабачыла.
Паўз нас за нашымі спінамі праходзілі людзі, нехта нават буркнуў кшталту таго, што зусім моладзь разбэсцілася. Вось жа, хіба мы некаму замінаем?..
— Яна адмыслова ў нашу школу прыйшла?
— Ага.
Мы зноў маўчалі.
— Кір. табе варта падысці да Ядвісі і расказаць, як усё было. З Юрасём.
— Не, Уладзя. Яна сказала — ненавідзіць. І не прабачыць.
— Можна патлумачыць, яна ж — разумніца, мусіць зразумець.
— Ты дапяць не можаш пакуль, а да мяне дайшло. Мне Зіначка на развітанне ведаеш, што сказала? Пачуццям патрэбныя справы і ўчынкі, а не тлумачэнні. Здавалася, банальшчына, па вушах праехалася. А потым уявіў. Вось ты стаіш перад ёй, кажаш ёй разумныя, лагічныя, поўныя праўды словы, кажаш пераканаўча, горача. Але што толку з іх, калі яна цябе ненавідзіць? Калі ты ёй агідны? Яна ж проста не чуе, разумееш? Бо цяпер я нават не ў фрэндзоне, як ты!
— Здаецца, даходзіць... Тады я сам падыду.
Уладзя ўзняўся, падхапіў заплечнік.
— Ты гэтага не зробіш, — усміхнуўся я яму знізу, устаў.
— Чаму? — з выклікам спытаў Уладзя, быццам я засумняваўся ў яго смеласці.
— Бо я табе кажу не хадзіць. Я табе расказаў пра Ядвісю? Я даверыўся табе. Дык зрабі, як прашу.
— Ты псіх!
— Ідзі да д'ябла, — усміхнуўся я. — У тваёй Настачкі праз тыдзень дзень народзінаў. Падарунак выбраў?
— Не. — Уладзя скрывіўся ад сваёй разгубленасці ў гэтым, пэўна ж, важным для яго пытанні.
— Не прыдумаю.
— Яна ж гатаваць любіць, паедзем посуд зірнём ці што яшчэ гаспадыні шукаюць, распытаем жанчын там.
— Такі падарунак? Я думаў нешта з сувенірчыкаў.
— Ты лох! — пакпіў я без злосці. — Уяві: яна гатуе пірог і ведае, што патэльню ёй падараваў ты! Там жа не пірог — такое смакоцце само атрымаецца!
— А ты шарыш, — здзіўлена працягнуў Уладзя, радасна гукнуў: — Паехалі зараз!
І мы павярнулі не дамоў, а да прыпынку аўтобуса, каб ехаць у цэнтр.
Дамоў вярталіся ў прыцемках. Раптам пасыпаў з чорнага неба дробны, але спорны дождж, вуліца — тратуар, дарога, самі людзі ў куртках і паліто — заблішчэла ў жоўтым святле аднавокіх ліхтароў, якое раптам ажыло, напоўнілася мільёнамі зіхоткіх кропелек. Ісці заставалася нядоўга, мы не пабеглі, пагатоў што пад нагамі зрабілася адразу коўзка — было трохі ніжэй за нуль, адчувалася. Людзей на тратуары раптоўна паменшала, іх як растварыў гэты нечаканы халодны дождж. І вуліца стала больш нашай.
Мы нічога не купілі, прыцэньваліся, разглядалі, нават папыталіся ў прадавачкі: што лепей. І тая катэгарычна нам параіла: спытаць у гаспадыні, бо, па-першае, у яе такое можа быць, а па-другое, яна можа хацець нешта канкрэтнае.
— Як баішся, дык я спытаю, — прапанаваў я Уладзю.
— Ды я не баюся пытацца. Баюся, што адмахвацца пачне, яшчэ пакрыўдзіцца. От, скажа, патэльню мне захацеў купіць! — засумняваўся раптам Уладзя ў мэтазгоднасці такога падарунка.
— Слухай. А ты пачні шчыра: учора базарыў з Кірам, ён спытаў, ці выбраў я табе падарунак, і прапанаваў купіць табе нешта на кухню, бо ты ж любіш гатаваць, дык каб была і памяць, і карыснае, — без крыўды, але жорстка закрыў я тэму. — Усё, разыходзімся! Так і пытай.
Маці сустрэла ў вітальні, трошкі ўсхваляваная.
— Вой, галава мокрая! Зараз рушнік дам, выцірайся хутчэй. Не змёрз? Мо пад душ гарачы?
— Ды не, усё добра.
— А ў нас госці — дзве мае аднакласніцы, уяўляеш, — усміхалася вінавата маці. — Мы там заселі на кухні, ты ўжо выбачай — ідзе перадача «Чакай мяне!», а там, уяві, наш аднакласнік знайшоў сястру! Так цікава. — маці прынесла ручнік, чакала, пакуль я вытру галаву. — Пайшлі, сынок, на хвілінку, я цябе пакажу сяброўкам.
Я уздыхнуў, але што зробіш? Зайшоў на кухню, павітаўся. Дзве цёткі сядзелі на канапцы за накрытым сталом, на выгляд — старэйшыя за маю маці. Адна — гэткая тоўстая, у джынсах, кофце ў абліпку, якую яна хіба знарок апранула, каб вось так, седзячы, дэманстраваць пяць таўсценных складак тлушчу і яшчэ там чаго ад шыі і да ног. Падстрыжаная зусім коратка, валасы выбеленыя, тонкія, бы поўсць нейкая. Але вось што незвычайна — твар яе быў прыемны: вочы вялікія, светлыя, глядзяць з жывой цікавасцю і зычліва, нос акуратны і вусны нятлустыя, прыгожыя. Яна ўсміхалася мне гэтак шчыра і радасна, рыхтык нязнама колькі гадоў чакала тут майго з'яўлення:
— А-ёй, Волечка, ды твой сын — вылітая ты! Ай, які прыгажун! Ну, сапраўдны мужчына!
Другая жанчына была станам падобная да маці: невысокая, не худая, але нейкая ўся вуглаватая:
плечы вострыя. Чорныя, відавочна ж, пафарбаваныя валасы да плячэй падстрыжаныя гэтаксама
— рэзкімі лініямі, і на лоб стрэшка падае строга наўскос, валасок да валаска. І твар. твар быў стары. Я нават падумаў, што маці нешта пераблытала: гэтая цётка, можа, іх настаўніца? Бо ж вакол вачэй — зморшчыны, зморшчыны па ўсім твары, з двух бакоў ад носа — тонкія складкі скуры, скулы рэзка акрэсленыя, мабыць, яна аднекуль з Усходу. татарка хіба.
— А вось вусны — бацькавы! — сказала яна, а голас быў нечакана тонкі і дзіцячы.
Не сказаць, каб мне было ўтульна стаяць перад двума парамі жаночых вачэй, ды яшчэ маці абдымала. Але трываў, адчуваў па лёгкім, ледзь улоўным трымценні далоняў маці на плячах, што ёй прыемна і хвалююча. І яшчэ мне было радасна ад думкі, што мая маці — такая прыгожая сярод сваіх аднакласніц!
— Смачна вам есці! — пажадаў я.
Мне хорам усе трое падзякавалі, маці замітусілася — пачала збіраць мне вячэраць:
— Сынок, я табе ў пакой прынясу, добра? Мы ўжо тут даглядзім, так цікава.
— Няма праблем, якія пытанні!
Жанчыны гучна гаманілі на кухні, і хоць маці прычыніла дзверы, я чуў і іх гамонку, і галасы, і музыку з тэлевізара. Бач, іх аднакласнік дзякуючы шоу адшукаў сястру. І радасць у людзей, цэлае шчасце. Для некага так важна знайсці сваіх. Калі б знайшоўся мой бацька, што б я адчуў? Хочацца, каб ён быў. чалавекам. Каб павініўся за ўсё — за тое, што кінуў нас з маці, за тое, што не з'яўляўся гэтулькі гадоў. Каб быў. ну, хай не заможны надта, але каб у яго было ўсё: кватэра, аўтамабіль. Маці ці б даравала яму? Мабыць, так. Хоць у яе зараз ёсць мужчына, але б у мяне з'явіўся бацька. І я з'ездзіў бы да яго ў госці, ці ён прыехаў на сваім аўто. Мы б размаўлялі з ім шчыра. Хіба я не зразумеў бы яго? Гэтулькі давялося ўсяго перацерці ў мазгах за гэты час, зразумеў бы.
А Ядвіся? Хіба ж яна не будзе шчаслівая, калі даведаецца, што яе бацька, да прыкладу, — вядомы паэт?
Я знайду Ядвісінага бацьку!
Ажно падскочыў з канапы і плюхнуўся ў крэсла ля компа.
«Пачуццям не патрэбныя тлумачэнні, адно учынкі і справы».
Я знайду бацьку Ядвісі.
Не праз гэты тэлевізар. Іншым шляхам. І тады. тады я змагу падысці да Ядвісі. Хіба ёй не будзе цікава: хто яе бацька, дзе жыве, кім стаўся? Тым больш яна ж кажа, што нарадзілася ад кахання, ні ў чым бацьку не вінаваціць, неяк па-асабліваму аберагае.
Я згадваў гісторыю Ядвісі, якую яна апавяла мне вось тут, седзячы на канапе. Яна казала, маці працавала ў школе, а жыла ў бабулі. І пазней Ядвіся была з бабуляй. Значыць, гэта тая вёска, якая стаяла блізу летніка. А ў якім раёне быў летнік? Што было яшчэ побач? Вось жа, не цікавіліся ніколі. Я пайшоў на кухню, пачакаў пад дзвярыма адноснай паўзы ў гутарцы, зайшоў, запытаўся ў маці. Яна здзіўлена заміргала, але я адно усміхнуўся: «Трэба». Маці назвала раён і найбліжэйшую вялікую вёску.
На мапах Гугла была і тая вялікая вёска, і летнік быў. І быў нават наш ручай! Але не было той вёсачкі. Угадаў месца колішняй капальні — лысы ўзгорак, бегла з яго нітка дарогі. да вёскі мусіла бегчы, але на мапе вёскі не было, і на спадарожнікавых здымках адно два шэрагі дрэў угадваліся. Ніводнай хаты. Трохі наўзбоч — роўны чатырохкутнік, засаджаны дрэвамі. Здагадаўся: тыя самыя могілкі, дзе ляжыць Ядвісіна бабуля.
Нічога, у нас ёсць райцэнтр. Сямнаццаць гадоў таму там працаваў па размеркаванні малады спецыяліст з Мінска. Якія праблемы? Вось табе і сайт раённай газеты. Вось тэлефоны. Ледзь утрымаў сябе, каб не набраць нумар, сам з сябе пасмяяўся — то ж рабочыя, зараз вечар.
Маці правяла сябровак, зайшла спытаць, як мае справы.
— Норм, мам! А як ты?
— Ды таксама ўсё добра. Пасядзелі вось, паўспаміналі. Нат не верыцца, што час так праляцеў. Некалі былі дзяўчынкамі.
— Мам, слухай, ты ў параўнанні з імі маладзейшая на дзесяць гадоў!
Маці ўсміхнулася неяк сумнавата, уздыхнула.
— Жанчыну не гады робяць старой. Таццяна, якая поўная. У яе дыябет, жыве на ўколах. Пасля родаў другога дзіцяці хварэла. Лячылі гарманальнымі пігулкамі, яе і разнесла страшэнна. І скінуць вагу не змагла потым, нешта там парушылася. Яна зычлівая, вясёлая і добрая. А Хрысціна. Двойчы была замужам, не магла зацяжарыць. Па дактарах ездзіла. Па манастырах і цэрквах, у паломніцтве была. Кажуць, усё добра, а дзіця займець не можа. Гэта яе і забівала. Зараз адна. Вось так.
Укладваўся спаць і думаў: колькі яшчэ разоў, колькі будзе выпадкаў наперадзе, калі я зноў лахануся так, што будзе пячы сорам за дурныя думкі?
Назаўтра заняткі цягнуліся як ніколі марудна. Я ёрзаў за сталом, нават Уладзя пацікавіўся: чаго мяне сёння носіць? Сам ён быў задаволены, нібы ўзяў незвычайна цяжкае і вырашальнае пытанне ў сваёй гульні — набраўся рашучасці, спытаў у Настачкі пра падарунак. Дарэчы, прызнаўся: пытаўся так, як я яго вучыў. Настачка, казаў, засаромелася напачатку, але папрасіла форму для выпечкі кексаў, нейкую адмысловую, мяккую, але тэмпературу трымае...
У сталоўку я зноў не пайшоў, падняўся на трэці паверх — ён самы пусты падчас вялікага перапынку, знайшоў зацішак, зрабіў выклік на нумар, які ўчора забіў у тэлефон.
— Слухаем вас! — адказаў прыемны жаночы голас.
— Раённая газета «Новы шлях»?
— Так.
— Выбачайце, калі ласка. Ці магу я даведацца пра імя аднаго былога вашага работніка?
— Работніка былога? Выбачайце, але хто вы? — насцярожыўся голас.
— Мой бацька. моцна захварэў. Ён меў сябра, журналіста. Яны разам вучыліся, потым іх шляхі разышліся. Яго сябра па размеркаванні з Мінску працаваў у вашай газеце. Бацька хоча яго знайсці, але цяпер. ён не памятае шмат, забыўся і імя свайго сябра.
Я фантазіраваў на хаду і сам дзівіўся той лёгкасці, з якой стваралася мая «легенда», бо ўчора нават не задумляўся над тым, што мяне могуць адразу, як на той мяжы, спыніць пытаннем: «А ты хто такі?» Мабыць, прыдумаў я добра, казаў пераканаўча, бо на тым канцы пацяплела:
— Разумею, разумею. Але ж выбачайце, калі ваш бацька. То колькі гадоў таму было?
— Шаснаццаць-сямнаццаць.
— О, на жаль, наўрад ці мы вам дапаможам. Сёння ў нас няма ніводнага чалавека ў рэдакцыі, хто б працаваў гэтулькі, тут вялікая цякучка, людзі мяняюцца. І штогод у нас бываюць адзін ці два выпускнікі ўніверсітэтаў, якія адпрацоўваюць сваё размеркаванне і знікаюць. Бухгалтэрыя таксама не дапаможа, бо дакументы здадзеныя ў архіў, мяркую. Месяц таму звольніўся наш найстарэйшы карэспандэнт. Я магу даць вам яго тэлефон, ён, можа, успомніць тыя гады. Аднак тэлефануйце яму зранку, бо да вечара ён. можа быць на падпітку, — шчыра прызналася жанчына.
— Дайце, калі ласка, тэлефон.
Я запісаў нумар і нейкі час разгублена глядзеў у акно. Вось жа насамрэч, калі там тыя выпускнікі мяняюцца як пальчаткі, хто будзе памятаць некага асабліва? Але вырашыў патэлефанаваць адразу ж на дадзены мне нумар.
— Віктар Леанідавіч? Дзень добры!
— Ну, хай будзе добры твой дзень, дружа, — амаль што праспяваў мне ў адказ мужчынскі голас. «П'яны», — варухнулася думка, але я вырашыў пытацца цяпер. Якая розніца? — Даруйце за пературбацыю, Віктар Леанідавіч. Шаснаццаць ці сямнаццаць гадоў таму ў вашай рэдакцыі працаваў пасля ўніверсітэта журналіст. Ён з Мінска быў. Такі малады. Ён сябра майго бацькі, я яго шукаю.
— Дык зразумелая справа, што той журналіст быў малады! А як яго клікалі?
— Не ведаю імя.
— О, дружа, дык ты ведаеш, колькіх маладых я пабачыў на сваім вяку? Сто! Вось, дакладна, калі палічыць — сто! Яны прыходзілі і сыходзілі, як першы снег увосень — рабілі с..., а ты потым прыбірай.
— Тады даруйце, — вырашыў я завяршаць размову, бо добрага фіналу тут не прадбачылася. Потым вырашу, што рабіць далей. Яшчэ ж універсітэт ёсць. Там павінны недзе захоўвацца даныя.
— Не, хлопча, куды ж ты бяжыш, калі я табе яшчэ ніяк не дапамог? Ты не спяшайся, тут каб падумаць. Ведаеш, з гадамі. з гадамі ўсе мінулыя гады робяцца падобнымі адзін на другі. От спытай, што я рабіў пяць гадоў таму, — не адкажу! Бо рабіў адно і тое: рэпартаж, артыкул, нататка. І на тыя ж тэмы! Тут пасеялі, тут узаралі, а там ужо жнуць. Так, дружа. От я ўспамінаю, што хлопцаў да нас прыходзіла і няшмат, нешта дзеўкі паперліся ў журналістыку, але, я табе скажу, некаторыя пішуць. пішуць зубаста! Канечне, няма грунтоўнага мужчынскага падыходу, бо жанчына будзе жанчынай. Ага, значыць, хлопцаў у нас было небагата, але якраз дзесяць-пятнаццаць гадоў таму яны і прыходзілі. От каб твой сябра быў нечым адметны. Мо ён руды? Ці кучаравы? Мо ростам у два метры? Такі адзін быў — аловак у руцэ хаваўся. Але не ўмеў пісаць. дык твой знаёмы які?
Я выдыхнуў з палёгкай — урэшце скончыўся гэты маналог-разважанне, можна задаць пытанне ды выбачацца і адключацца — зараз грошай на рахунку не застанецца.
— Ён. ён пісаў вершы! — згадаў я дэталь з аповеду Ядвісі.
— О, дык гэта важкая дэталь! Важкая! І я ўспомніў! Быў такі! І ён гады тры таму прыязджаў у наш раён, завітаў да нас, сапраўдны паэт! Падараваў мне кнігу вершаў.
— А як яго імя?
— Не трэба перапыняць старэйшых, дружа, ты збіваеш мяне з думкі. Ён падараваў мне кнігу сваіх вершаў, казаў, кніга ў яго ці не трэцяя, вось як. Сам ездзіў у нейкую вёску. яе зараз ужо і няма, у нас многа вёсак знікла, што ж, невялічкія, не перспектыўныя. Людзі хочуць жыць з выгодамі, от ты б хацеў жыць у вёсцы, дзе ні газу, ні крамы, ні школы? От. А кніжку я згубіў. Вяртаўся з працы, сустрэў сябра, пасядзелі ў парку, у нас стары, прыгажэнны парк. Дамоў прыйшоў — кніжкі няма. А то б я табе сказаў імя, абавязкова сказаў. А так — не памятаю, ніякая памяць, ніякая. І назвы кніжкі не помню. Ніякая памяць.
— Дзякуй вам! Усяго найлепшага! — і я адключыўся.
Ледзь дачакаўся канца заняткаў, падганяў Уладзю, як ішлі дахаты. Муляла папытацца ў яго: як лепш шукаць, але раптам перадумаў: потым падключу сябра, пакуль сам. Пашукаю ў сеціве, павінны ж быць нейкія Вікіпедыі, усіх паэтаў, якія падыходзяць па ўзросце. Пачытаю біяграфіі. Не можа быць, каб не было напісана, дзе які распачынаў сваю працоўную дзейнасць!
Крадком спадзяваўся на халяву: раптам па запыце «пачынаў сваю працоўную дзейнасць у раённай газеце «Новы шлях» выскачыць нейкае імя. Не праскочыла халява. Мяняў словы ў запыце — нічога не дапамагло. Што ж, пачаў складаць спіс.
За два дні я назбіраў каля трох дзясяткаў паэтаў патрэбнага мне года нараджэння. Яшчэ дзень вышукваў біяграфіі тых, у каго заставаліся цьмяныя плямы ў пачатку працоўнай дзейнасці. Ні адзін не падышоў. Але ж заставаўся яшчэ ўніверсітэт, хоць цяпер, пасля званка ў рэдакцыю раёнкі, аптымізм мой зменшыўся : прыеду, што і дзе мне пытаць? І на якой падставе нехта пачне клапаціцца? Лягчэй жа проста сказаць: «Не можам» і паказаць на дзверы, хто будзе марнаваць свой час на патрэбу вучню?
Кволая надзея неспадзявана варухнулася падчас урока літаратуры. Наша Яўгенія Львоўна прыйшла з навіной: з Новага года пачнецца конкурс «Спроба пяра», дык каб усе ахвотныя пісалі вершы і апавяданні. І надта ж прасіла не падвесці яе. Наколькі я ведаў, літаратурным талентам у нашым класе ніхто пахваліцца не мог. Настаўніца заахвочвала нас магчымасцю раскрыцца і творча расці — як, да прыкладу, Алеся Трында з паралельнага класа. Яна ўдзельнічае ўжо колькі гадоў, яе вершы нават друкаваў рэспубліканскі часопіс і маладзёжная газета.
І я падумаў, што яна можа некага ведаць.
Алеся меней за ўсё ўдавала на паэтку. Ростам вышэйшая за мяне і ў два разы таўсцейшая. Павольная такая. Ну, проста кабеціна, а не дзесяцікласніца. Пастаў спінамі яе і завуча, дык яшчэ ўгадай, хто з іх — вучаніца, хто — настаўніца. Але вось твар у яе зусім дзіцячы. Алеся з такой цікавасцю выслухвала маю праблему, бы я ёй вершы чытаў, далібог. І вось разумніца, адразу ж выдала:
— Я магу папытацца ў аддзеле паэзіі часопіса, каго яны ведаюць такога ўзросту. Але, скажу табе, сёння многія выдаюць свае кніжкі за свае грошы, паэтаў шмат, а чытачоў практычна няма. То і не ведаюць нават адзін пра аднаго. Ведаеш, варта табе лепш звярнуцца да старшыняў абласных аддзяленняў. і абодвух Саюзаў пісьменнікаў.
— Абодвух?
— Ну так, у нас два Саюзы пісьменнікаў.
— А што, у адным усім месца не хапіла?
Алеся паціснула плячыма.
— Я не ведаю, але два. Я маю іх тэлефонныя даведнікі, там усе-усе занатаваныя. Лепш старшыняў пытацца, яны ведаюць сваіх. Праўда, калі мінскія, гарадское ці абласное, дык яны надта вялікія, тут цяжэй.
— Нясі даведнікі, а я табе — шакаладку!
Алеся ўсміхнулася крыху сарамліва і нечакана выдала:
— Не хачу шакаладку. Тут уся школа кажа, што ты — вялікі прыдумшчык, цэлы сцэнар напісаў. Можна, я дам табе пачытаць сваё апавяданне? Я вырашыла пісаць прозу, бо вершы нікому не патрэбныя. І саромеюся дасылаць у рэдакцыю, раптам зусім нягегла.
— Мне? Пачытаць? — я ажно адступіў на крок. — Вось я выславіўся. ужо, як яго, крытыкам зрабіўся?
— Ну. мне здаецца, ты зразумееш. Дзе што не так. Дык я прынясу?
— Слухай, а калі мне не спадабаецца? Так і казаць?
— Кажы. Толькі патлумачыш, чаму. Каб я змагла выправіць. Калі можна будзе нешта выправіць.
— Ну, нясі. На паперы, не люблю на экране, добра?
Назаўтра Алеся прынесла мне невялічкія кніжачкі — тэлефонныя даведнікі і старонак дваццаць тэксту. Я цішком пацешыўся — не так і шмат. Тым вечарам не пачаў адразу пошукі — лёг чытаць раздрукаваны тэкст. Пачытаў. Здзівіўся. А класна ж! Думаў, будзе яна баяць пра нешчаслівае каханне, а яна пра тое, як качак у гарадской сажалцы карміла. Як зіма была, качкі па лёдзе хадзілі, а людзі кідалі ім ежу. Неяк усё і проста, ды ўзнікала думка пра пэўную нелагічнасць такой карцінкі, і Алеся задумвалася над тым, чаму няправільна карміць качак узімку. Так, варта шкадаваць, але ж мы сваім шкадаваннем адвучылі птушак ад выраю, ад палёту. Сталі качкі утрыманцамі. І далей зусім такі нечаканы крок — да людзей. Людзі цяпер нават не імкнуцца ў неба — як мы качак гэтых лянотных, так і нас корміць нехта нябачны.
Нічога сабе ў яе думкі! Красава наўпрост, хіба што задоўгія сказы, на цэлы абзац, пакуль прадзярэшся да канца, дык забудзеш, з чаго пачынаў. Не стаў чакаць заўтра, патэлефанаваў Алесі. І сказаў, што думаў.
— Дзякуй, дарагі Кір! Дзякуй-дзякуй! — так узрадавана закрычала ў адказ яна, усё адно як я паведаміў пра публікацыю яе апавядання ў мажным часопісе. Ды яшчэ «дарагім» дражніцца.
— Ты там не ашалела? З чаго я табе дарагі? — засмяяўся я.
— Бо шчыра ўсё сказаў! Я так баялася, што мае думкі будуць недарэчныя.
— Нармалёвыя думкі і цікавыя. Пра сказы доўгія я табе сказаў. А, яшчэ ты напрыканцы наўпрост заклікаеш не спадабляцца гарадскім качкам. Мне не пакаціла. Навошта ў лоб вучыць іншых, як наш Швондзер? Хай самі думаюць, ты ж падказала. Ну, я так мяркую.
— Вой, Кір, які ты разумны! І праўда, навошта дыдактыка, ды яшчэ ад вучаніцы. Прыбяру, і сказы паразбіваю! Слухай, ты бяры сабе Саюз пісьменнікаў, каторы. ну, афіцыйны, а я — другі. Пачнём разам. давай з Берасцейшчыны, па алфавіце. Добра?
Ніяк не чакаў яе шчырай падмогі. Вось жа, падумаў бы раней на гэтую тоўстую няўклюду, што яна — такі добры чалавек? Усяго пачытаў ды выказаў свае думкі.
І яна, Алеся, знайшла. Праз дзень.
— Кір! Кір, ёсць! Адшукаўся твой паэт! Ён сапраўды пачынаў у газеце «Новы шлях», мае на сёння ўжо чатыры кніжкі. Праўда, імя зусім не гучнае, узровень абласнога. Запісвай: абласная газета. Тэлефоны. Я цябе віншую! І дзякуй табе яшчэ раз. Я ўсё выправіла!
— Табе дзякуй, дзіўная ты! — на пэўны час разгубіўся я — не верылася, што сапраўды пошукі скончыліся і скончыліся ўдала. Нават асаблівай радасці не было, не ведаю і чаму. Раптоўна захваляваўся. Ляжыць перада мной аркушык: Васіль Матыль, загадчык аддзела сацыяльных праблем абласной газеты. А што далей? Паехаць да яго ды ў лоб з парога: «Дзядзька, у цябе ёсць дачка»?
Карацей, я завіс.
Пачаўся снежань — сцюдзёнымі вятрамі, макрэддзю і поўнай адсутнасцю снегу. Маразоў не было, малыя на школьным двары гулялі ў хакей на асфальце. Сонца, здавалася, знікла назаўсёды за тоўстай шэранню нябёсаў. Няўтульна, холадна.
Але ж — у хуткім часе Новы год! Трэба ўсім ладзіць свята. Вось і загад дырэктара падаспеў: да 15 снежня каб кожны клас стварыў святочны настрой у сваім кабінеце і падзяліўся гэтым настроем з вуліцамі! Конкурс будзе, спецыяльнае журы ацэньвае. Нам шанцуе, як беднаму жаніцца: класны пакой на вуліцу і ажно на тры акны. Зноў пачнецца: выразанне сняжынак, маляванне дзеда Мароза і Снягуркі, развешванне гірляндаў. Ну, падумаць, дык з вуліцы ўвечары школа выглядае насамрэч трохі святочна. Але сэнс? У каго ў такі час уздымецца настрой ад гэтай вясёлкавай ілюмінацыі і вялізных папяровых сняжынак? Няма снегу. Маці абмовілася — выраслі цэны, бутэлька шампанскага за год падаражэла ўдвая, як і цукеркі, як мяса. Я раней і не задумваўся над коштамі, а тут атрымліваецца, яны ўплываюць на настрой людзей куды больш, чым размаляваны школьныя вокны.
Наталля Іванаўна, завуч, якая цяпер у нас за класную, зайшла на перапынку, павіталася.