Дзея першая

I

Гарачы летні дзень. Усяслаў у белай сарочцы сядзіць каля паходнага шатра. Сыны яго, падлеткі, Рагвалод-Барыс і Глеб б’юцца на мячах. Усяслаў з цікавасцю назірае за будучымі воямі, а потым рашуча ўстае.


Усяслаў. Іду на «вы»! Падрыхтуйцеся са мною біцца!

Княжычы ў захапленні ад прапановы і рашуча займаюць пазіцыі — двое супраць аднаго.

Глеб (з радасцю). Трымайся, няшчасны!

Рагвалод-Барыс (сурова). Перад табою Усяславічы!

Прыгожа, з пераменным поспехам ідзе паядынак, пакуль Усяслаў адначасова і нечакана не выбівае мячы з рук княжычаў і становіцца на іх. Сорам паразы засмучае юнакоў.

Усяслаў. Меч рукою моцны… і, між іншым, галавою таксама. (Павучальна.) Беручыся за меч, варта падумаць, а ці пры боку нож мой востры. А то і галовы згубіць можна, а не толькі мячы. Вас жа двое супраць аднаго. Проста сорам. (Паднімае мячы, кідае сынам. Яны спрытна ловяць іх.)

Нечакана з’яўляецца чалавек у лахманах. Галава яго перавязана, на шчацэ глыбокі шрам. Пры боку меч. Ён крыху кульгае. Княжычы кідаюцца паміж князем і незнаёмым, гатовыя бараніць бацьку.

(І здзіўлена, і радасна.) Даніла?!

Даніла. А хто ж…

Усяслаў. Ну, доўга жыць будзеш, ваявода! Дружына па табе ўжо трызну справіла… (Абдымае Данілу.)

Даніла. Хоць карай, княжа, хоць мілуй — не па сваёй волі я пасля Нямігі ў Яраславічаў гасцяваў. Амаль мёртвым узялі. У шатры самога Ізяслава ачомаўся.

Усяслаў. За што ж такі гонар ваяводзе Усяслава? Маглі б і каля шатра зарэзаць? Не пазнаю Яраславічаў…

Даніла. Я і сам спачатку здзівіўся.

Усяслаў. Мучылі? Здзекаваліся?

Даніла. Зусім наадварот. Кармілі, лячылі, прыручалі і, вядома ж, бераглі, як вока. Толькі перад тым, як да цябе накіраваць, кайданы з рук і ног знялі.

Усяслаў (здзіўлена). Да мяне, кажаш?

Даніла. Ну, а да каго ж яшчэ? Менавіта за паслугу яны мяне і ўлашчвалі.

Усяслаў (строга). Хопіць загадак!..

Даніла. Княжа, размова ў мяне з вока на вока.

Усяслаў глядзіць на сыноў, тыя знікаюць.

У паслы, княжа, рыхтавалі мяне Яраславічы, як на справе сталася. Адпускаючы, сказалі: да князя Усяслава пойдзеш і скажаш, што князь кіеўскі Ізяслаў, князь чарнігаўскі Святаслаў і князь пераяслаўскі Усевалад міру з князем Усяславам хочуць. Няхай, маўляў, з сынамі ў ладдзі пераедзе раку, не зробім яму ліха. Абяцалі крыж чэсны пацалаваць. Ужо і папа з Кіева прывезлі.

Усяслаў. Міру, кажаш, хочуць?! А мо і праўду кажа Рагнеда Рагвалодаўна?! Мо і не пацярпеў паразы князь Усяслаў?! I не Яраславічы, а я застаўся стаяць на касцях Нямігі. Я — і пераможца! I не я іх, а яны мяне клічуць на перамовы! У памяць ім, як зарубку на мячы, пастаўлю новы Менск на крывавай Нямізе і Свіслачы. (Вельмі спакойна.) З дружынамі князі?

Даніла. На Нямізе іх дружыны. А каторыя з вояў ацалелі, раны залізваюць.

Усяслаў. А князі што?

Даніла. П’юць, балююць, палююць, рыбу ловяць.

Усяслаў. Дзе ловяць?!

Даніла. На Ршы і ў Дняпры, вядома.

Усяслаў. Вось гэта ўжо цікава.

Даніла. Я таксама думаю, што маглі б яны і пад Кіевам лавіць.

Усяслаў. Абяцаў рыбаловам вярнуцца, калі я да іх на юшку рашу ехаць?

Даніла. Рашыш ехаць — і я з табою, але глядзі, князь…

Усяслаў (перапыняе). Пагуляй, ваявода. Адзін пабуду.

Даніла (кланяецца, адыходзіць і зноў вяртаецца). Княжа, любы, толькі адно слова: ці жывы мой сын?!

Усяслаў. Жывы, слава Перуну і Хрысту таксама…

Сцэна зацямняецца. Асвятляецца толькі Усяслаў.

Што рабіць? На якіх багоў спадзявацца? У каго парады прасіць?

З’яўляецца прывід Рагвалода.

Рагвалод. Назад азірніся, там адказ на твае пакуты. Мне верыць можна. Я — Рагвалод, прапрадзед твой. А меч мой сёння ў тваіх руках.

З’яўляецца прывід Рагнеды.

Рагнеда. Нельга ўсё жыццё глядзець толькі назад.

Рагвалод. Нічога добрага не бачу наперадзе. Злачынствы паўтараюцца, бо ворагі нашы не становяцца лепшымі. А Рагвалодавічы Рурыкавічам бы костка ў горле — ні праглынуць, ні выплюнуць.

Рагнеда. Усявышні міласэрны — верне ж некалі сумленне і страх грэшным рабам сваім — будзь ён князь, будзь ён смерд.

З’яўляецца прывід Вешчуна.

Вяшчун. Князі-хрысціяне не баяцца свайго Бога. Сябе ўяўляюць багамі на зямлі і смерць табе рыхтуюць лютую.

Усяслаў. Яны мне крыж чэсны пацалуюць…

Вяшчун. Сумленне княскае чорнае, а клятвы лжывыя. Здрада, падступніцтва, аблуднасць і хлусня іх бог. Падумай, ці памілуюць пры сустрэчы. (Пасля паўзы сам сабе.) Крыж пацалуюць… Прыгожа вера хрысціянская, ды лжывы вернікі Хрыстовы.

Рагнеда. Ты, Вяшчун, каб і хацеў, то не скажаш добрага ні пра веру новую, ні пра яе прыхільнікаў. Іншыя ў цябе клопаты…

Вяшчун. Адзін у мяне клопат, — каб ацалеў род Рагвалодаў, каб жыла зямля Крыўская вольнай і непадлеглай дзяржаве Рурыкавічаў.

Рагнеда. Хіба я іншага хацела, калі везла з Кіева ў Полацк малалетняга князя Ізяслава? I хіба не ён быў першым, хто падняў меч Рагвалода супраць забойцы свайго дзеда? Хіба не з ім збудавалі горад Ізяслаў і манастыр у ім?

Вяшчун. Розныя ў нас святыні, прападобная Анастасія. Розныя і парады князю…

Рагнеда. Будзь справядлівым, Вяшчун, — ні князь Ізяслаў, ні я не бурылі вашых святыняў. I я мяркую, што летапісец меў рацыю, калі заносіў у пісьмёны высокія словы пра князя-хрысціяніна: «Бысть же сий князь тих и кроток, и смирен, и милостив, и любя зело и почитая священнический чин иноческий, и прилежаще прочитанию божественных писаний, и отвращаяся от суетных глумлений, и слезен, и умилен, и долготерпелив».

Усяслаў. Даруйце, шаноўныя прашчуры, але я, відаць, не ў дзеда Ізяслава ўдаўся…

З’яўляецца прывід Iзяслава.

Iзяслаў. Няхай цябе, князь Усяслаў, гэта не засмучае. У кожнага свае подзвігі… Так, я быў міласнікам кнігі. Пры мне ўзышло і расквітнела зерне слова пісанага. Але не варта ўяўляць мяне святым, які нібы толькі і рабіў, што ўкленчваў перад абразамі. Я будаваў, яднаў і мацаваў Полаччыну. I паміраў у свае дваццаць шэсць гадоў, шчаслівы тым, што не акрывавіў меч Рагвалода… (Паўза.) А можа, і не паспеў зрабіць гэтага…

З’яўляецца прывід Брачыслава.

Брачыслаў. Не магу гэтым пахваліцца, бо з мячом прадзеда не разлучаўся з маленства да смерці. І заслуга ў тым майго слаўнага ваяводы, які вучыў трымацца ў баявым сядле, валодаць зброяй. Не асядлай я каня ў дзяцінстве, не прывучы рукі да шчыта і мяча ў юнацтве, высек бы Рагвалодавічаў Яраслаў Уладзіміравіч, як гэта некалі зрабіў сам Уладзімір Краснае Сонейка… I я ваяваў Пскоў і Ноўгарад, ірваўся ўверх па Рубону, каб сесці на шляху «з Варагаў у Грэкі»; хадзіў з дружынаю ў зямлю Дрыгавіцкую, дзе пакінуў свае карані брат Рагвалода князь Тур; адваяваў Ршу і Копысь і асядлаў Дняпро. Пакарыстаўся міжусобіцаю Яраслава з братамі, адбіў у яго ахвоту без дай прычыны хадзіць на Крывію. А калі найміт мой, вараг Эймунд, умудрыўся выкрасці любую жонку Яраслава Інгігерд, ён і зусім прысмірэў. Я ж за тую Інгігерд вярнуў свае Віцебск і Усвяты. Моц і росквіт княства Полацкага, хітрасць мая і напорыстасць настолькі ўлагодзілі кіеўскага мудраца, што ён сам папрасіў: «Буди же со мною заедин…»

Усяслаў (з іроніяй). I «воеваша Брячислав заедин с Ярославом все дни живота своего…».

Брачыслаў. Я не толькі «воеваша заедин», я з ім «заедин» тры гады на залатым Кіеўскім пасадзе сядзеў.

Усяслаў. Сядзець на тым пасадзе ды яшчэ ўдвох з Ізяславам я не збіраюся.

Брачыслаў. Не адракайся, сын, красці, бяда давядзе…

Усяслаў. Ты, бацька, самога сябе перахітрыў, за што цябе Яраслаў і турнуў з таго пасада на ганьбу Полацку…

Брачыслаў. На ўсякі выпадак я там добрую хароміну збудаваў. Так і завецца: двор Брачыслава. Калі надарыцца быць у стольным, ёсць дзе пераначаваць…

Усяслаў. Я не іду напрошвацца да Яраславічаў у госці. І ты мяне гэтаму, здаецца, не вучыў… Мір жа ад іх прыму, бо разумны шукае хаўруснікаў, а дурны — ворагаў.

Брачыслаў. Можна век вучыцца і дурнем памерці…

Усяслаў (злуецца). Бацька, ты мне раіш ці не раіш з імі сустракацца?!

Брачыслаў. Думай, сынок, сам. Думай!.. Слава і ганьба, а то і смерць побач ходзяць. Яраславічы на Нямізе бітву прайгралі, ты ж яе не выйграў…

Сцэна зацямняецца і зноў асвятляецца.

II

Усход сонца. Спеў птушак. На беразе Дняпра паходны княскі шацёр. Перад шатром на абрусе княскае снеданне. Амаль каля ўвахода ў шацёр з дарагім збаном у руках застыў у чаканні ігумен Феадосій, падставіўшы твар сонцу. З шатра выходзіць заспаны князь Iзяслаў, за ім Святаслаў і Усевалад. Дзівяцца на Феадосія, які іх не бачыць.


Iзяслаў. Рана ўстаеш, ойча!..

Феадосій (крыху разгублена). Будзь здароў, князь Ізяслаў! Будзь здароў, князь Святаслаў! Будзь здароў, князь Усевалад! (Ставіць збан на зямлю, хрысціць князёў.) У імя Айца і Сына і Святага Духа. Амін. У імя Айца і Сына і Святага Духа. Амін. У імя Айца і Сына і Святага Духа. Амін. (Чытае малітву нараспеў, князі падтрымліваюць ігумена.) «К Тебе, Владыко Человеколюбче, от сна восстав, прибегаю, и на дела Твоя подвизаюся милосердием Твоим, и молюся Тебе: помози ми на всякое время, во всякой вещи, и избави мя от всякия мирския злыя вещи и диавольского поспешения и спаси мя, и введи в Царство Твое вечное. Ты бо еси мой Сотворитель и всякому благу Промысленник и Податель, о Тебе же все упование мое, и Тебе славу возсылаю, ныне и присно и во веки веков. Аминь».

Усе хрысцяцца. Феадосій бярэ збан і па чарзе лье ваду на рукі князям. Яны абмываюць твары, падыходзяць да абруса са снеданнем.

(Чытае малітву.) «Очи всех на Тя, Господи, уповают, и Ты даеши им пищу во благовремении, отверзаеши Ты щедрую руку Твою и исполняеши всякое животное благоволения». (Хрысціць ежу.)

Нечакана з’яўляецца ваявода Даніла.

Iзяслаў (здзіўлена). Ваявода Даніла?!

Даніла. Князь Усяслаў з княжычамі Рагвалодам-Барысам і Глебам з мірам да вас…

Феадосій. Слава табе, Божа! (Хрысціцца.)

Святаслаў (нецярпліва). Дзе ж яны?!

Даніла. У ладдзі на тым беразе.

Iзяслаў. Мы чакаем яго на гэтым беразе. Ідзі і скажы: цалавалі князі крыж чэсны Усяславу.

Святаслаў. Няхай не баіцца, не зробім яму злога.

Даніла. Князь Усяслаў хоча, каб вы пры мне яму крыж пацалавалі…

Усевалад. Ці не занадта патрабавальны твой князь.

Даніла. У меру патрабавальны, бо ў баязлівасці яго не абвінаваціш…

Iзяслаў (пасля доўгай паўзы). Ігумен Феадосій, памолімся на святое крыжацалаванне слаўнаму князю полацкаму Усяславу Брачыславічу!

Феадосій (разам з князямі). «Ангел Божий, хранителю мой святый, на соблюдение души мне от Бога с небеси данный, прилежно молю Тя: Ты мя днесь просвети и от всякого зла сохрани, ко благому деянию настави и на путь спасения направи. Аминь».

Следам за Ізяславам крыж цалуюць Святаслаў і Усевалад. Разам з Феадосіем прамаўляюць словы малітвы-клятвы.

«Кресту Твойму поклоняемся, Владыко, и Святое Воскрешение Твое славим!..»

Усе хрысцяцца.

Даніла. Перад крыжацалаваннем пры князю маім Усяславе памолімся, як перад прычашчэннем…

Святаслаў (з пагрозаю). Ваявода, не губляй меры!

Iзяслаў (спакойна). Памолімся. Усё зробім, як князь Усяслаў жадае. Скажы, што стол святочны ў гонар пляменніка нашага накрыты ўжо.

Даніла. Скажу. (Кланяецца і знікае.)

Iзяслаў. Ойча Феадосій, зробіш усё так, як князь Усяслаў хоча.

Феадосій кланяецца і знікае.

Святаслаў. На Нямізе яго трэба было браць хоць жывым, хоць мёртвым…

Iзяслаў. Змей ён і, відаць, сапраўды бессмяротны.

Святаслаў. Калі здавалася — канец гаду, ён паклаў сямёра маіх лепшых вояў, змеем выкруціўся і ўцёк.

Усевалад. Стрэлы нібы абміналі ваўкалака. На свае вочы бачыў.

Iзяслаў. Змей ён і ёсць змей… Гэты ж Даніла быліну мне неяк расказаў. Палачаны нібыта спяваюць яе і на паганскіх капішчах, і ў цэрквах хрысціянскіх. (Цытуе.)

Па садзе, садзе зялёным,

Хадзіла-гуляла маладая княгіня

Марфа Усяслаўна.

Яна з каменя скочыла на лютага змея;

Абвіваецца люты змей

Вакол чобата з зелен саф’яну,

Вакол панчошкі шаўковай,

Хобатам б’е па белым клубе.

А ў тую пару княгіня понас панесла,

А понас панесла і дзіця нарадзіла.

А і на небе ўзышоў светлы месяц,

А ў [Полацку] нарадзіўся волат магутны,

Як бы малады Волх Усяславіч.

Падрыжала сырая зямля.

Здрыганулася слаўнае царства Індзейскае,

Нават сіняе мора ўскалыхнулася

Дзеля нараджэння волата

Маладога Волха Усяславіча;

Рыбы пайшлі ў марскую глыбіню,

Птушкі паляцелі высока ў нябёсы,

Туры ды алені за горы падаліся,

Зайцы, лісіцы — у гушчары,

А ваўкі, мядзведзі — па ельніках,

Сабалі і куніцы — па астравах.

Святаслаў. Байкі ўсё гэта на запалох баязліўцаў.

Усевалад. Што байкі, а што і не зусім… Кніжнік Антоній мне яшчэ ў Кіеве казаў (цытуе па памяці):

Аддавала яго маці грамаце вучыцца,

А грамата Волху ў навуку пайшла;

Пасадзіла яго ды пяром пісаць,

Пісьмо яму ў навуку пайшло.

А і будзе Волх дзесяці гадоў,

Прывучаўся Волх ды прамудрасцям:

А і першай мудрасці вучыўся —

Абярнуцца ясным сокалам,

Ды другой жа мудрасці вучыўся ён, Волх, —

Абярнуцца шэрым воўкам,

Ды трэцяй жа мудрасці вучыўся Волх —

Абарочвацца гнядым турам — залатыя рогі.

А і будзе Волх у дванаццаць гадоў…

Iзяслаў. Ці, можа, тое няпраўда, што (цытуе):

Стаў сабе Волх ён дружыну прыбіраць:

Дружыну прыбіраў у тры гады;

Ён набраў дружыну сабе сем тысяч;

Сам ён, Волх, у пятнаццаць гадоў,

I ўся дружына яго па пятнаццаць гадоў.

Усевалад. Вось яны і выраслі ў бойках пад Псковам, у Ноўгарадзе ды Навагародку. А на Нямізе паказалі нам, чаго вартыя.

Iзяслаў. Бо з маленства спасціг навуку і валадарскую і дружынную. Ці мо самі не бачылі, як ён з дружынаю паказаў сябе, калі мы на Торкаў хадзілі. Быў ён там і турам, і сокалам, і шэрым воўкам. I майце на ўвазе, што пастку ён чуе за сем вёрст…

Святаслаў (углядаецца ўдалячынь). Бадай што едзе!..

Да Святаслава падыходзяць Ізяслаў і Усевалад.

Усевалад. Трое ў ладдзі…

Iзяслаў (радасна). Далібог, так!.. I цікава мне будзе ведаць, чым палачаны скончаць сваю песню пра князя Усяслава Чарадзея…

Усевалад. Не спяшайся, бо мечаны ён. I крыж яго не возьме. Пад Перуновай знатамкай жыве Волх Усяслававіч. На галаве, кажуць, яна, на самай макушцы. А такіх ніякая трасца не бярэ! I меч, і дзіда адлятаюць, як ад каменнага.

Святаслаў. Без шлема ён перада мной на Нямізе вынырнуў. I ніякай знатамкі я на ім не бачыў. Аднаго кроку не хапіла, а то не абараніла б яго тая знатамка ад майго мяча.

Усевалад. Язвена на ім, таму і не хапіла кроку.

Iзяслаў. Якое яшчэ язвена?

Усевалад. У сарочцы гад нарадзіўся. Вешчуны яе высушылі, стаўклі, абярэг зрабілі і змею на шыю надзелі. Яны першымі і калыску яго люлялі, бо ад іх чарадзейства ваўкалака нарадзіўся. Таму і не літасцівы Чарадзей на кровапраліцце.

Святаслаў (нецярпліва). Едзе, нібы дражніцца…

Iзяслаў. Цяпер ужо даедзе, нідзе не дзенецца. I не язвенам ды знатамкай ён мне страшны, а тым, што народ яго чарадзеем лічыць, быліны складае.

Усевалад. Калі князь пярэварацень — быдла пра яго што хочаш складзе.

Святаслаў. Нам бы такое быдла, якое мае пад сваёй дзясніцаю князь Усяслаў, мо і не дажылі б да такой ганьбы, не стаялі б на беразе Дняпра, баючыся ступіць на зямлю Полацкую. (Здзекліва.) Чарадзей… Ваўкалака… Змей… (Зноў углядаецца ўдалячынь.) Спыніўся!.. Ладдзю па цячэнні пусціў… Нібы на рыбу выехаў!..

З’яўляецца Феадосій, разам з іншымі сочыць за Усяславам.

Усевалад (у працяг гаворкі). А чым не чарадзей? Да шляху «з Варагаў у Грэкі» прабіўся, Пскоў ды Ноўгарад перад ім у страху, Навагародак у Кіева адабраў, на Нямізе нас раскалашмаціў, а над Рубонам-ракою наўпроць тым жа вешчунам святую Сафію зладзіў не горшую за кіеўскую. Як гэта разумець?

Феадосій. Зладзіў, і дзякуй Богу.

Iзяслаў (пераканана). Не спяшайся, ігумен! Паганцы і хрысціяне полацкія супольна і няблага білі нас на Нямізе. I ад мячоў нашых годна паміралі што адны, што другія. З’яднаюцца дваяверцы пад дзясніцаю князя-дваяверца ды злучацца ў хаўрус з Псковам — Ноўгарадам, і канец нам!

Святаслаў. Зноў сюды грабе…

Iзяслаў. Калі грабе, то даграбецца. Ты куды спяшаешся?..

Усевалад. З Брачыслава, гада, усё пачалося. Ён стаў яднаць землі Полацку навакольныя, каб набраць моцы і ад Кіева адасобіцца. I Усяслаў спіць і бачыць Полацкую дзяржаву магутнай і непадлеглай.

Святаслаў. Цяпер ён касцямі ляжа, а ў Літву і да ятвягаў нас не пусціць.

Iзяслаў. Касцямі бадай што ляжа…

Феадосій. Зноў за мячы, з якіх яшчэ кроў не сцякла?! А, між іншым, у бацькі вашага Яраслава Мудрага, князі вы мае светлыя, хапіла ў свой час і розуму і спрыту тры гады запар разам з князем Брачыславам на Кіеўскім стале пасядзець і дружыну полацкую супраць ворагаў сваіх выкарыстаць.

Святаслаў. Ці не раіш ты нам, ойча, узяць сёння Усяслава і пасадзіць побач з Ізяславам?

Iзяслаў. Сапраўды…

Феадосій. Я нічога нікому не раю, а толькі ўспамінаю, як, адваяваўшы ў Брачыслава Ноўгарад і палоны вярнуўшы, князь Яраслаў не пайшоў помсціць палачанам, а сказаў Брачыславу: «Буди же со мною заедин».

Святаслаў. А мы хіба не дзеля міру і дружбы вечнае паклікалі князя Усяслава? (Злавесна рагоча.) Ён, дарэчы, ужо з ладдзі выходзіць. Певень не пракукарэкае, як будзе тут.

Iзяслаў. «Дружба» Яраслава з Рагвалодавічам Брачыславам каштавала Кіеву Усвят і Віцебска, Ршы і Копысі. Можа, нам сёння княства Смаленскае Чарадзею прапанаваць, каб з намі «заедин»?!

Феадосій. Гэта ўжо твая воля, княжа. Толькі думаю я, што зямля Дрыгавіцкая, далучаная да Кіева, вартая разам узятых Усвят, Віцебска, Ршы ды Копысі. А не замірышся з Усяславам, то ён сам некалі далучыць да княства Полацкага і Смаленск, і Ноўгарад з Псковам, ды яшчэ і Тураўскую зямлю як сваю да сябе ж верне.

Святаслаў (і з радасцю, і са страхам, амаль шэптам). Ідзе!..

Iзяслаў (ціха). Падрыхтуйцеся, ойча, да сустрэчы родзіча нашага любага.

Князі становяцца ў шарэнгу, Феадосій крыху воддаль ад іх. З’яўляецца князь Усяслаў з сынамі. Яны падыходзяць і спыняюцца крокі за тры ад князёў Яраславічаў. Ізяслаў і Усяслаў моўчкі глядзяць адзін аднаму ў вочы. Барыс і Глеб стаяць абапал бацькі. Цяжкая паўза зацягваецца.

Феадосій (пачынае малітву нараспеў, усе прысутныя падтрымліваюць яго, але прамаўляюць намнога цішэй). «Верую, Господи, и исповедую яко Ты еси воистину Христос, Сын Бога Живаго, пришедый в мир грешныя спасти, от нихже первый есмь аз. Еще верую, яко сие есть самое пречистое Тело Твое, и сия есть самая честная кровь Твоя. Молюся убо Тебе: помилуй мя и прости ми прегрешения мои, вольная и невольная, яже словом, яже делом, яже ведением и неведением, и сподоби мя неосужденно причаститися пречистых Твоих Таинств, во оставление грехов и в жизнь вечную. Аминь.

Вечери Твоея тайные днесь, Сыне Божий, причастника ми приими: не бо врагом Твоим тайну повем, ни лобзания Ти дам, яко Иуда, но яко разбойник исповедую Тя: помяни мя, Господи, во царствии Твоем.

Да не в суд или во осуждение будет мне причащение святых Твоих таин, Господи, но во исцеление души и тела. Аминь.

Кресту Твоему поклоняемся, Владыко, и Святое Воскрешение Твое славим».

Феадосій па чарзе дае пацалаваць крыж спачатку князям Яраславічам, а потым князю Усяславу і яго сынам.

Падайце ж адзін аднаму рукі. Засведчыце тым самым, што і сэрцы, і помыслы вашы чыстыя перад Богам і людзьмі.

Першымі рукі падаюць Рагвалод-Барыс Святаславу, а Глеб — Усеваладу. Рука Усяслава павісае ў паветры. Ён бачыць, як у адно імгненне Святаслаў і Усевалад заломваюць рукі Рагвалоду-Барысу і Глебу, прыстаўляюць да іх падбародкаў нажы. З’яўляюцца Воі з мячамі напагатове.

Iзяслаў. Адзін лішні рух, князь Усяслаў, і княжычы будуць мёртвыя…

Усяслаў. Сабакі смярдзючыя!..

Воі надзяваюць Усяславу на ногі і рукі калоды. Уражаны вераломствам, Феадосій крыху ачомваецца і паднімае рукі да неба, абяссілена апускаецца на калені.

Феадосій. О, гора табе, зямля Руская! Боже, милостив буди мне, грешному! Помяни мя, Господи, егда приидеши во Царствии Твоем… (Кладзецца ніц на зямлю, раскінуўшы рукі.)

Князі выходзяць, пераступаючы праз Феадосія. Святло паволі згасае.

Летапісец. «…И тако яша Всеслава на Рши у Смолиньска, преступивше крест. Изяслав же привед Всеслава Кыеву, всади и в поруб с двема сынома…»

III

Княская палата. На стале княскія стравы. Тут жа бочачка з медавухай, срэбныя кубкі і драўляная браціна. Уваходзяць Ізяслаў, Святаслаў і Усевалад. Перш чым пачаць трапезу, усе разам прамаўляюць малітву:

«Очи всех на Тя, Господи, уповают,

и Ты даеши им пищу во благовремении,

отверзаеши Ты щедрую руку Твою

и исполнявши всякое животное благоволения».

Садзяцца за стол.

Iзяслаў (налівае або чэрпае віно брацінай; урачыста, але стрымана). Брат Святаслаў! Брат Усевалад! Адап’ём з велікакняскай браціны зелена віна і тым самым паклянёмся быць «заедин» як у думках, так і ва ўчынках сваіх.

Браціна ідзе па кругу.

Не рашыць мне аднаму, што рабіць з Чарадзеем паганым.

Святаслаў. Смерць ваўкалаку і шчанятам яго!.. (Закусвае.)

Паўза зацягваецца.

Iзяслаў. Тваё слова, князь Усевалад…

Усевалад (адпіўшы з кубка). Я не спяшаўся б. (Закусіўшы.) Калі прыкончыць князя з княжычамі, палачаны адпомсцяць, і неадкладна. Полацк можна перамагчы, але нельга заваяваць і падначаліць усю Крывію. Дзед наш Уладзімір Святаслававіч гэта разумеў і менавіта таму падараваў жыццё сыну Ізяславу, хоць той і падняў меч на бацьку.

Iзяслаў. Можа, гэта і была яго асноўная памылка…

Святаслаў. Тым мячом і трэба было знесці галаву не толькі сыну, але і маці яго Рагнедзе. Яе чэрава спарадзіла змея падкалоднага. Яе кроў і ў жылах пярэваратня Усяслава.

Усевалад. Дзед Уладзімір разлічваў мець на Полацкім стале патомнага Рурыкавіча…

Святаслаў. А займеў патомнага Рагвалодавіча. Ён і адрадзіў не толькі полацкую дынастыю, але і Полацкую дзяржаву.

Iзяслаў. Давайце выправім памылку дзеда. З вашай згоды мой меч знясе галовы Рагвалодавічам.

Святаслаў. I чым хутчэй, тым лепш!

Усевалад. Лепш, калі яны бясконца доўга будуць гінуць у порубе. А палачанам тым часам варта было б аб’явіць, калі (да Ізяслава) з твайго сына, а з нашага пляменніка князя полацкага Мечыслава ўпадзе хоць адзін волас, з князя Усяслава і яго сыноў зляцяць галовы.

Iзяслаў. А вось у гэтым ужо нешта ёсць…

Святаслаў. Не бачу нічога асаблівага, бо ў Чарадзея апроч нашых вязняў Рагвалода-Барыса і Глеба на волі засталося яшчэ чацвёра ці пяцёра сыноў.

Iзяслаў (незадаволена). Вы мяне толькі палохаеце замест таго, каб сказаць, што зрабілі б на маім месцы!

Святаслаў. Гэтых парашыў бы тут, а тых, што хаваюцца на Полаччыне, даручыў бы парашыць Мечыславу. Дынастыя Рагвалодавічаў павінна знікнуць з твару зямлі, калі мы не хочам, каб знікла дынастыя Рурыкавічаў.

Iзяслаў. Меч пры табе?

Святаслаў. Я без мяча не хаджу.

Iзяслаў. Тады ідзі і парашы хоць гэтых…

Усевалад. Дык ён жа яшчэ не на тваім месцы. (Рагоча.)

Iзяслаў (адчужана). У тым і справа, што вы больш думаеце аб маім месцы, чым аб маіх ворагах.

Усевалад. Крыўдзіш, брат.

Святаслаў. Абодвух крыўдзіш… і моцна.

Iзяслаў. Вас пакрыўдзіш… Па сабе ведаю, колькі б Яраславічаў ні было, кожны пра залаты Кіеўскі стол марыць. Сёння яваю — мая мара. (Паўза.) З Рагвалодавічамі сам разбяруся, а грэх свой з вамі падзялю. (Зусім іншым тонам, хоць і не без падвоху.) Піце, дарагія браты, закусвайце, чым бог паслаў, пачувайце сябе як дома і не забывайце, што ў гасцях… у вялікага князя кіеўскага.

Усевалад. Не лезе нешта ў глотку ні пітво, ні закусь. I на сэрцы кошкі шкрабуць. I на душы кісла.

Iзяслаў (наліваючы ў браціну віна). Ты вось гэта адзін за наша са Святаславам здароўе выпі — і нам прыемнае зробіш і сам павесялееш, а я яшчэ і музыкаў паклічу. Яны тваю кіслую душу і падсалодзяць.

Усевалад. Хіба што… (Паволі выпівае віно да дна.)

Iзяслаў хлопае ў далоні — з’яўляюцца музыкі. Гучыць вясёлая музыка. Князі п’юць, размаўляюць. З’яўляецца Феадосій і трапляе ў круг танцораў. Ён бянтэжыцца, а яны рагочуць. Ізяслаў спыняе скокі. Музыкі знікаюць.

Феадосій (са смуткам). Ці не так будзе на тым свеце, княжа?.. (З папрокам.) У палатах княскіх і па зямлі Рускай ігрышчы д’ябальскія. Топчуцца і гойсаюць людцы бы з глузду з’ехаўшы. Дудкі і бубны, гуслі і трубы, русаллі паганскія і хары маляваныя заглушаюць слова боскае, — а цэрквы пустыя стаяць. Ці не таму на зямлю грэшную — кары боскія, на дзяржаву няшчасную — набегі варожыя, рабункі дзікія і смерці лютыя…

Iзяслаў. Лепш памаліся, ойча, або памаўчы, а то бяду і накаркаць можна. З чым наведаўся, ойча?

Святаслаў (незадаволена). Бяседу княскую перапыніў…

Усевалад. Тым светам папалохаў…

Феадосій. Прачуў, што вы разам сабраліся. Усіх разам і прасіць наважыўся.

Iзяслаў (нервова). Зноў за сваё?!

Феадосій. За наша, княжа, за наша. Разам на Ршы награшылі, разам і адказ трымаць. А каб Гасподзь злітаваўся над грэшнымі, адпусціце на волю князя Усяслава з отракамі, не бярыце на душу новыя грахі. Не наклікайце на сябе бяду, а на дзяржаву ліха.

Iзяслаў (пагрозліва). Будзеш назаляць з гэтым ваўкалакам, самога некалі…

Феадосій. У поруб?!. Ну і дзякаваць Богу. Нішто мяне ўжо не радуе на гэтым свеце.

Iзяслаў. Ты душапрыказчык мой, ойча, але папрокі твае я не прымаю.

Феадосій. Пагрозы твае, княжа, мяне не палохаюць. Хіба мне баяцца, што пазбаўляюся шчасця ці багацця. У мяне іх ніколі не было. Адзінокімі і голымі нараджаемся ў гэтым свеце і адзінокімі пакідаем яго. Ці ты вялікі князь ці манах. Я гатовы прыняць смерць… Не за сябе страх, за вас, князі слаўныя, за дзяржаву Рускую баюся… Загубіце вы яе ў крэўных звадах. Ці ж не Усяслаў прынёс перамогу Яраславу Мудраму над торкамі і Кіеў уратаваў? I хто сёння сказаць можа, якія басурманы накінуцца на зямлю нашу заўтра? Дзе і ў каго дапамогу знойдзеце, як зямлю Полацкую адрынеце, а князя яе загубіце?

Доўгая паўза. Феадосій узнімае рукі ўгору, апускаецца на калені.

Госпадзі Божа наш праведны і міласэрны, чаму не могуць зразумець вялікія, што мне, смертнаму, зразумела?

Iзяслаў. Не гневайся, ойча.

Феадосій (у роспачы). А што можа гнеў мой супраць тваёй волі і ўлады? Таму і прашу. Таму і пераконваю цябе лагодаю і мілажальнасцю Хрыстовай. Умілажалься ж і ты, княжа!

Iзяслаў. Ведаеш, што люблю і паважаю. I ў палаты мае княскія табе дзверы заўсёды адчынены.

Феадосій (паднімаецца з каленяў). Дзверы адчынены, ды сэрца зачынена. Таму і шкадую, што не ў час пастукаўся…

Iзяслаў. Любы ойча, я праўду табе скажу: калі б паведамілі, што бацька мой уваскрос з памерлых, і то б не так узрадаваўся, як радуюся тваім прыходам. I не так я баяўся бацькі і засмучаўся перад ім, як перад тваёй чыстай душою.

Феадосій (крыху іранічна). Калі ўжо так баішся і засмучаешся перада мною, то…

Святаслаў (вельмі сурова). Мне здаецца, што ігумен занадта настойлівы перад вялікім князем?!

Усевалад. I час выбраў зусім не той…

Феадосій. Даруйце, што не ў час пераступіў парог ваш… як і вы, слаўныя князі, пераступілі чэснае крыжацалаванне.

Iзяслаў (надзіва пакорліва). Што ж цяпер ужо рабіць…

Феадосій. У малітвах патрэбна берагчы сябе ад спакус д’ябла. Абавязак мой — павучаць грэшных аб выратаванні душ сваіх перад судом Божым… Усё вам можна, ды не ўсё на карысць; усё вам можна, але нішто не павінна валодаць вамі.

З’яўляецца ваявода Каснячка.

Каснячка (да Ізяслава, стаўшы на калена і зняўшы шлем). Князь мой любы, ганец з Полацка прывёз горкую вестку…

У прадчуванні страшнай бяды ўстаюць з-за стала Яраславічы.

Палачаны атруцілі князя Мсціслава…

Князі ў здранцвенні.

Феадосій (хрысціцца і прамаўляе). Святы Божа, Святы Крэпкі, Святы Бессмяротны, памілуй нас. (Хрысціцца.)

Сцэна паволі зацямняецца.

Загрузка...