Эпілог

На сцэне ва ўсім белым Еўфрасіння Полацкая і Кірыла Тураўскі. Усяслаў назірае за імі.


Еўфрасіння. Да труны Гасподняй пайду, брат мой Кірыла. Развітацца з табой завітала…

Кірыла (пасля доўгай паўзы). Блаславі Гасподзь… але ці не паспяшалася, матухна Еўфрасіння?

Еўфрасіння. Туды ніколі не рана, а наперадзе ў нас вечнасць… Калі жывою вярнуся, перакажу табе, што ў свеце чула, што ў далёкіх краях бачыла, з якімі плямёнамі-народамі пазнаёмілася, што ад іх даведалася, што ім пра нас распавяла. Многія пра край наш блаславенны, відаць, і не чулі… Кніг іхніх прывязу і сваімі пахвалюся. Спадзяюся, што пісьменным з пісьменнымі не цяжка будзе паразумецца. Ну, а калі не вярнуся, памаліся, святы ойча, за Еўфрасінню Полацкую… Ты праведнік. Твая малітва да Бога дойдзе.

Кірыла. Памалюся, матухна, памалюся! Толькі як жа Полацк і дзяржава Рагвалодавічаў без Еўфрасінні?!

Еўфрасіння. Пакідаю іх у працы спорнай і славе ратнай. А найперш у справе кніжнай, светлай, цемрапераможнай. Я ўсё больш пераконваюся, мо толькі яна і здольная вывесці народ наш упоравень з тымі, што воляю боскай далёка наперадзе нас…

Кірыла. I кніг, і нас яшчэ так мала, а цемры і дурноты так многа… I нават сярод тых, хто іншымі правіць!

Еўфрасіння. Тады парадуемся хоць таму, што няма ў свеце сілы, мацнейшай за слова праўдзівае. А што да цемнаты і дурноты ўладу маючых, то не на іх свет трымаецца. Гасподзь Бог пасылаў і, будзем спадзявацца, пашле яшчэ народу нашаму столькі разумнікаў, колькі ён будзе заслугоўваць. (Узнёсла.) Ці ж не мелі мы хрысціянку-кніжніцу полацкую Рагнеду Рагвалодаўну, якая, і гвалтоўна паланёная, здолела паўплываць на князя-паганца прыняць веру Хрыстову і Русь хрысціць. А сын Рагнеды кніжнік Ізяслаў! А ўнук яе князь Брачыслаў! А дзед мой, знакаміты князь полацкі, празваны ў народзе Усяславам Чарадзеем за розум светлы і подзвігі неўміручыя ва ўмацаванні дзяржавы Полацкай. Дзяржавы, незалежнай ні ад Кіева, ні ад Ноўгарада, ні ад каго іншага! Ці ж не ён засланіў дарогу на Нямізе суседнім князям-рабаўнікам? Ці ж не ён збудаваў трэцюю Сафію, чым і падкрэсліў роўнасць дзяржавы Полацкай з дзяржавамі Кіеўскай і Наўгародскай.

Кірыла. Я б хацеў, каб асветніца Еўфрасіння Полацкая побач з імёнамі Усяслава Чарадзея і іншых годных паставіла б і божай міласцю майстра Лазара Богшу, што стварыў боскі цуд — Святы Крыж — і пісьмёны на яго паклаў запаветныя.

Еўфрасіння. Так! Так, брат мой! I пакуль гэты цуд Гасподні люд наш будзе берагчы, як сваю ўласную душу, яму будуць спадарожнічаць святло, розум, воля і шчасце. Ён устаіць ад хцівых находнікаў і набежнікаў з усіх чатырох бакоў свету.

Кірыла (пасля паўзы). Непакояць мяне сёння крывавая калатнеча паміж народамі, смута і разбой у памежных княствах. Роздум не дае спакою ні ўдзень, ні ўночы. Цемра правіць светам… Будучыню бачу жахлівую.

Еўфрасіння. Прарокамі не нараджаюцца. Дай табе Божа ім стаць, каб перасцерагчы людзей, калі не ў вялікім, то хоць бы ў тым, што па сілах тваіх… (Нечакана.) Вось ты, ойча, аб народах-братах… А браты гэтыя ой якія не адзінакія!..

Кірыла. А я хацеў бы пабачыць іх падобна рамонку ў пагожы дзень. Вакол сярэдзінкі-сонейка ў суладдзі белыя пялёсткі. Усе роўныя, усе бялюткія і чысцюткія, як у марах, так і ў справах-паводзінах…

Еўфрасіння. Прыгожа… У марах, у мроях… А ў сапраўднасці ёсць сярод іх і такія, што спяць і бачаць, каб узвысіцца над іншымі, каб усіх не столькі аб’яднаць, колькі прыдушыць-падначаліць і на свой капыл усё ў іх жыцці перавярнуць-перайначыць: і мову, і песні, і звычаі, і ўцехі. Толькі на нашай памяці колькі чырванеў ад крыві пялёстак наш белы?!

Кірыла. Бел-чырвоны колер — колер Хрыста. Відаць, ім Усявышні нас і выпрабоўвае?

Еўфрасіння. Яго тут воля. А наш абавязак сціплы, чалавечы і святы: найлепшым чынам пакарыстацца Божымі запаветамі і несці свой крыж святла, пісьменства, кніжнасці, мудрасці і ўсяго добрага, чаго дасягнулі людзі ў бліжніх і дальніх землях. Гэта мо адзіны паратунак ад памкненняў да ўціску слабых — моцнымі, бедных — багатымі, памяркоўных — жорсткімі. Будзем жа прасіць Госпада на ўсе часы абараніць зямельку нашу і ад суседняй хітрасці-хцівасці і ад сваёй празмернай прастаты-даверлівасці, а галоўнае — ад уладарцаў, схільных да здрады па недасведчанасці ці наўмысна, бо хіба вінаваты ў слепаце плямёны і народы, калі сляпыя павадыры вядуць іх па ўскрайку прорвы…

Кірыла. Князя Усяслава ворагі яго ў поруб кінулі, каб згнаіць жывым. Я ж сам сябе пасадзіў у стоўп. У адзіноце і пакутах шукаў выйсця з зачараванага кола міжусобіц, у якія загналі сябе ўладарцы багаццяў і чужых жыццяў. Там і скончыў працу сваю шматгадовую. Уславіў подзвіг, асудзіў самалюбства, карыслівасць і здраду, паспрабаваў хоць у думках вярнуць суайчыннікаў нашых да эпохі мудрага Усяслава. Можа, тое, што было на яго і нашым вяку, хоць неяк папярэдзіць тое, што мусіць быць. (Урывак са «Слова аб палку Ігаравым» чытае ўрачыста, узнёсла.)

Журба па Рускай зямлі разлілася разводдзем,

Ды пацякла ненасытная жальба ў народзе.

А на сябе самі князі загубства кавалі,

А тут паганыя самі адны не чакалі,

Панаваліўшысь на Рускую землю з пабедай,

Дань вымагалі па [дзеўчыне] з двара даўным следам…

«Яраславе і ўнукі вы ўсе Усяслава!

Апусціце ўжо сцягі свае,

Пахавайце мячы пашчарбаны, бо слава

Ужо дзедава вас не спаўе!

Вы бо сваркай сваёй напусцілі

Скрозь паганых па Рускай зямлі,

Па надзеле Ўсяслава, з чаго і насіллі

Ад зямлі Палавецкай пайшлі».

У сёмы Траянавы век

Уздумаў Усяслаў варажыць

Аб мілай дзяўчыне сабе,

Што з славай яго заручыць.

Пусціўшыся ў хітрыкі, ён

На борздага ўсеўся каня

I скочыў, памчаўся чым свет

Да Кіева-грода, да дня.

I кіеўскі дзідаю там

Пасад дакрануў залаты;

Ад іх скочыў зверам лютым

З Белгорада ў поўнач; тады

Ахутаўся сіняю мглой,

А раннем, узняўшысь да зор,

Навограду браму лязом

Сякераю насцеж адпёр.

Разбіў Яраслававу там

Прыдбаную славу мячом

I скочыў праз поле і лог

К Нямізе з Дудутак ваўком.

На Нямізе снапы сцелюць

Галавамі,

А малоцяць жа стальнымі

Іх цапамі.

На таку жыццё кладзецца

Неспадзейна,

I душу ад цела веюць

Безнадзейна.

Берагі ў крыві Нямігі

Па калені;

Не дабро на іх пасеяў

Сейбіт жменяй.

А былі яны гусценька

Ў процьмах вузкіх

Там засеяны касцямі

Сыноў рускіх.

Усяслаў-князь людзям суд судзіў,

Гарадамі князёў надзяляў,

А сам поначы, свету на здзіў,

Ваўкалакам ці воўкам гуляў,

Ён бо з Кіева да петухоў

Горад Тмутаракань дасцігаў

I вялікаму Хорсу без слоў

Воўкам шлях борзда перабягаў.

Таму ў Полацку рана званы

Пазванілі ў Сафеі святой

Да завутрані, — ён жа праз сны

Ужо ў Кіеве звон чуе той.

Хоць і вешчая, кажуць, душа

У дзёрзкім целе ягоным была,

Але часта бяды без нажа

Нацярпеўся, што доля дала.

Сцэна паволі зацямняецца. Адзін за адным знікаюць прашчуры і нашчадкі Усяслава. У поўнай цемры асвятляецца Летапісец.

Летапісец. «В лето 6609 (1101). Преставися Всеслав, полоцкий князь, месяца априля в 14 день, в 9 час дне, в среду. В то же лето заратися Ярослав Ярополчичь Берестьи и иде на нь Святополк и заста и в граде, и ем и, и окова, и приведе и Кыеву… И прислаша половци [по]слы от всех князий ко всей братьи, просяще мира. И реша им русскыи князи: «Да аще хощете мира, да совокупимся у Сакова». И послаша по половце, и сняшася у Сакова, и створиша мир с половци, и пояша тали межи собою, месяца семтября в 15 день, и разидошася разно».

Паволі гасне святло.

Гучыць голас:

З прадоння

Мінулых гадоў

Узнікаюць падзеі,

З падзеяў — людзі.

I, думкай адлушчаныя,

Знікаюць.


1996

Загрузка...