Міхась Стральцоў стаў вядомым як пісьменнік у пачатку 60-х гадоў, у час, калі многа гаварылі пра лірычны стылёвы напрамак як самастойны і адзін з найбольш цікавых у сучаснай савецкай прозе. Рост лірычнай прозы ў гэтыя гады можна тлумачыць рознымі прычынамі: і пошукам новых прыёмаў тыпізацыі, і павышанай цікавасцю да ўнутранага свету чалавека, і значнасцю маральна-этычных праблем у сучасным грамадстве, і імкненнем пісьменнікаў да філасофскага асэнсавання рэчаіснасці. Зразумела, лірычная проза існавала і раней. Але менавіта ў гэты час адбывалася размежаванне розных стылёвых плыняў. Лірычнасць савецкай прозы ўзнікла на аснове адзінства ідэалаў асобы і грамадства. Пісьменнікі-лірыкі паэтызуюць свет чалавечых пачуццяў і думак, эмацыянальна-ўсхваляваная споведдзю выяўляюць свае адносіны да свету. Творы В. Бергольц, Ул. Салаухіна, А. Ганчара, Я. Брыля, Ч. Айтматава, Ю. Смуула і многіх іншых расказваюць пра пачуцці, народжаныя адзінствам чалавека і грамадства, пісьменніка і народа.
Генезіс лірычнасці звязваецца з рамантычнай і эпічнай асновамі. Рамантыка — родавы выток лірызму. У тую ці іншую эпоху лірызм набываў рамантычную танальнасць, перадаваў ідэал пісьменніка. Вобраз у рамантычных творах уяўляе сабой непарыўнае адзінства аўтарскага ідэалу і лірычных форм яго выяўлення.
Але ўсё ж развіццё рускай і многіх нацыянальных літаратур, пачынаючы ад XIX стагоддзя, праходзіла на перакрыжаванні і ўзаемапранікненні эпічнасці і лірызму.
Перавага эпічнасці ў творы — гэта значыць шырокае, у шматлікіх сувязях, адлюстраванне жыцця, перавага лірыкі — у шырыні суб'ектыўных адносін аўтара да жыцця. Лірычнасць твора асабліва праяўляецца ў непасрэднай прысутнасці аўтарскага «я» ў апавяданні, але можа быць і ў агульнай атмасферы твора, у своеасаблівых дэталях, рытме, што і стварае адпаведны настрой.
Перавагу эпічнасці ці лірызму трэба шукаць у гісторыі, нацыянальных культурных традыцыях, псіхічным складзе таго ці іншага народа, асаблівасцях яго мовы. У беларускую літаратуру лірызм уваходзіў то з большай, то з меншай важкасцю на розных гістарычных этапах, пачынаючы ад М. Багдановіча і Я. Коласа. Лірызм, знітаваны з паглыбленым псіхалагізмам, быў Жыццёва неабходны беларускай прозе, дапамог ёй пераадолець натуралістычнасць, бытавізм, этнаграфізм, а таксама рамантычна-ўзнёслую аднабаковасць маладнякоўскай прозы 20-х гадоў. Сучасныя беларускія пісьменнікі, лірыкі па складу свайго таленту — Я. Брыль, ранні І. Навуменка, М. Стральцоў, Ул. Караткевіч,— успрынялі лепшыя традыцыі як аналітыка-эпічнай, сінтэтычна-драматызаванай, так і лірычнай прозы М. Багдановіча, З. Бядулі, Я. Коласа, М. Зарэцкага, М. Лынькова, хоць пісьменнікі гэтыя ўсе вельмі розныя, ды і лірызм іх значна адрозніваецца ад сучасных яго выяўленняў.
У кожным мастацкім творы лірычныя прыёмы і формы тыпізацыі праяўляюцца заўсёды вельмі своеасабліва, у залежнасці ад таленту пісьменніка, яго светаадчування, мэты, тэмы яго твораў. У беларускай літаратуры лірызм мае эпічную аснову. Як пішуць аўтары акадэмічнага выдання «Беларуская савецкая проза. Раман і аповесць»: «У творах з моцным лірычным пачаткам мы назіраем своеасаблівае выкарыстанне апавядальных сродкаў. У звычайным эпічным творы апавяданне з'яўляецца адным з галоўных кампанентаў, пры дапамозе якога разгортваецца падзейнасць, раскрываюцца характары, наогул ідэйна-мастацкі сэнс твора, а лірычныя і драматычныя элементы толькі дапамагаюць апавяданню і непасрэднаму паказу, яны ўводзяцца час ад часу ў апавяданне, надаючы яму тую або іншую танальнасць, але не парушаючы яго эпічнай сутнасці. У лірызаваных жа творах (напрыклад, «Чазенія» Ул. Караткевіча, «Адзін лапаць, адзін чунь» М. Стральцова, у некаторай ступені раман «Птушкі і гнёзды» Я. Брыля) галоўнае месца адводзіцца суб'ектыўнаму ўспрыманню «я» героя, лірычным унутраным маналогам, «споведзям», і ўжо эпічнае апавяданне калі-нікалі ўводзіцца ў гэту лірычную плынь».
У апошні час у беларускай літаратуры, як і наогул у сусветнай, назіраецца тэндэнцыя да павышэння ролі інтэлектуальнага пачатку ў параўнанні з эмацыянальным. Такія імкненні ў В. Быкава, А. Адамовіча, А. Макаенка, В. Казько даволі настойлівыя, філасафічнасць закранула ўжо не толькі змест, але і форму мастацкіх твораў, што асабліва неабходна адзначыць, улічваючы нераспрацаванасць у беларускай нацыянальнай традыцыі ўмоўных форм, прытчы, парабалы і г. д. Праўда, у беларускай літаратуры інтэнсіўнасць інтэлектуальнага пачатку, як правіла, не перакрывае эмацыянальную плынь.
Лірычныя формы прыцягваюць маладых пісьменнікаў, І ёсць свая заканамернасць і мэтазгоднасць у тым, што малады аўтар не спяшаецца за падзеямі, а спыняецца на кожнай асобе, нібы прыслухоўваецца, прыглядаецца да яе, разважае, перадае свае адносіны да факту рэчаіснасці. Сапраўдная лірычная проза, як піша даследчык С. А. Ліпін, гэта «непасрэднае выяўленне адносін пісьменніка да рэчаіснасці, яго самавыяўленне». Лірычная проза 60-70-х гадоў высвятляе адносіны да жыцця асобы, «якая ўвабрала ў сябе ідэалы сацыялістычнага ладу, яго маральныя крытэрыі, патрабаванні і магчымасці...».
У сучасным беларускім літаратуразнаўстве творы лірычнай прозы вылучаны ў асобную плынь, якая працягвае традыцыі лірызму ў беларускай літаратуры. Лірызм коласаўскага светаўспрыняцця з'явіўся жыватворнай крыніцай для такога складанага ў сваім жыццёвым светаадчуванні пісьменніка, як І. Пташнікаў, пра што будзе ісці гаворка ў адпаведным месцы. Лірычнасць у творах І. Навуменкі — таксама вытокамі сваімі блізкая Я. Коласу. Я. Брыль, які лічыцца галоўным прадстаўніком лірычнай плыні ў беларускай сучаснай прозе, выхаваны хутчэй на лепшых традыцыях класічнай рускай і сусветнай літаратур. У сваіх творах Я. Брыль імкнецца як мага паўней выявіць сваё ўласнае светаадчуванне, сваё ўспрыняцце жыцця. Вядомы беларускі пісьменнік і крытык А. Адамовіч піша пра яго: «...Талент Я. Брыля па-сапраўднаму жыццялюбівы. Вельмі радасна, шырока адкрытымі, быццам у дзяцінстве, вачыма ўмее ён бачыць жыццё». Адсюль — непаслядоўнасць падзей у творы, размытасць дзеяння ў часе і прасторы, нечаканая змена настрояў, шматпланавасць, асацыятыўны ход думкі — усе сродкі, характэрныя для лірычнай прозы. Шчырае выяўленне сваіх пачуццяў, сваёй асобы — найбольш яркі паказчык творчай індывідуальнасці Я. Брыля. Аднак не толькі гэта прыцягвае чытача да творчасці аднаго з буйнейшых прадстаўнікоў беларускай прозы. Вызначальнымі якасцямі яго твораў з'яўляюцца гумар, іранічнасць, мудры, з усмешкай, характэрны для беларускага народа, і, дарэчы, таксама для Я. Коласа, падыход да многіх з'яў і падзей, і ў той жа час адкрытая публіцыстычнасць, моцны грамадзянскі пафас. В. Шчарбіна піша: «...Узмацненне публіцыстычнага і лірычнага пачаткаў у прозе толькі адно з праяўленняў больш агульнай тэндэнцыі, характэрнай для літаратуры апошніх гадоў,— узмацненне ў ёй роздуму пісьменніка аб рэчаіснасці, рост праблемнасці мастацтва...»
Беларускія пісьменнікі не стаяць у баку ад агульных заканамернасцей развіцця культуры. У эпоху будаўніцтва камунізма грамадству патрабуецца гарманічная асоба, ды і сам чалавек адчувае патрэбу ў паэтызацыі рэчаіснасці, шукае ў прыродзе гармонію, дыялектычную цэласнасць.
Беларускія мастакі слова тонка адчуваюць атмасферу эпохі і патрабаванні сучаснага чалавека, але аснову псіхічнага складу кожнага мастака складаюць і нацыянальныя рысы, нацыянальныя традыцыі, якія знаходзяцца ў своеасаблівых узаемаадносінах з сацыяльным, класавым у чалавеку. Нацыянальнае, акрамя таго, што праяўляецца ў мове, знаходзіць сваё ўвасабленне і ў агульным светаадчуванні пісьменніка, а праз яго, хоць і апасродкавана, праяўляецца ў стылі.
Для беларускіх пісьменнікаў-лірыкаў па складу іх таленту і светаўспрыняцця характэрна не так мысленне філасофскімі катэгорыямі, як выяўленне пачуццяў, іх нюансаў, асацыятыўнасць успрымання, уменне бачыць адценні рэчаў і з'яў, і праз іх перадаваць свае адносіны да жыцця.
Сярод сучасных беларускіх пісьменнікаў сярэдняга пакалення М. Стральцоў, на наш погляд, найбольш лірычны. Вытокі яго лірызму— У характары таленту, своеасаблівасці творчай індывідуальнасці, тэмпераменце. Натура ўражлівая, ён не толькі празаік, але і паэт (у 70-я гады выйшлі зборнікі яго вершаў «Ядлоўцавы куст» і «Цень ад вясла»), і крытык — адукаваны, эрудыраваны, з выдатнымі здольнасцямі даследчыка мастацтва. Урэшце, сапраўдныя пісьменнікі заўсёды імкнуліся выказаць свае думкі пра мастацтва, літаратуру, законы творчасці. Але ў наш час такія выказванні прымаюць своеасаблівую форму — лірычных мініяцюр, свабоднага даследавання-эсэ ці лірыка-нарысавай аповесці. Цяжка вызначыць жанр такіх твораў, як «Залатая ружа» К. Паустоўска га, «Мой Дагестан» Р. Гамзатава, «Пісьмы з Рускага музея», «Чорныя дошкі» Ул. Салаухіна, «Кантрапункт» Э. Межэлайціса, мініяцюры Я. Брыля, «Загадка Багдановіча» і «Дзень у пяцьдзесят сутак» М. Стральцова. Відаць, гэтыя творы выкліканы да жыцця імкненнем пісьменнікаў праз культуру, мастацтва глыбей зразумець гісторыю народа, яго душу. Акрамя таго, шукаючы ў навакольным свеце прыгажосць, прагнучы яе, пісьменнік-лірык не можа заставацца абыякавым да прыгажосці мастацтва. З пачуццём шчырай павагі, любві пішуць пісьменнікі-лірыкі і пра тых сваіх папярэднікаў, хто дапамагаў ім адкрываць прыгажосць, паэзію і ў жыцці, і ў мастацтве.
«Загадка Багдановіча» — важны для разумення эстэтычнага ідэалу М. Стральцова твор. Нам здаецца, што наогул некаторымі эстэтычнымі і этычнымі поглядамі, характарам таленту, асаблівасцямі светаўспрыняцця М. Стральцоў блізкі да М. Багдановіча. Відаць, таму кніга М. Стральцова разам з многімі літаратуразнаўчымі якасцямі адначасова ўяўляе сабой пранікнёнае, тонкае, хвалюючае слова аднаго паэта пра другога. Безумоўна, многае, што хвалявала М. Багдановіча, знята часам, новымі гістарычнымі ўмовамі, але галоўныя, карэнныя палажэнні яго эстэтычнай тэорыі, эстэтычнай праграмы — фундамент вялікага будынка беларускай літаратуры.
М. Стральцоў разглядае творчасць М. Багдановіча ў ракурсе гістарычнага і эстэтычнага вопыту беларускага народа. Ён піша: «У асобе, у адзінкавым лёсе — загадка. У жыцці народа і літаратуры — вырашэнне яе». Апавяданне пра трагічны, але высокі лёс паэта становіцца ў М. Стральцова роздумам аб служэнні мастака пароду, аб прызначэнні літаратуры ў грамадстве.
Пра М. Багдановіча М. Стральцоў піша ўсхвалявана, часам аўтарскае апавяданне, асабліва ў пачатку кнігі, пераходзіць ва ўнутраны маналог самога Багдановіча. Ад «еднасці душ» ідзе, відаць, лірычнае хваляванне, эмацыянальная ўзнятасць, жывасць, дынамічнасць стральцоўскага даследавання. І разам з усім гэтым — сапраўды павуковая аргументаванасць, глыбокі літаратуразнаўчы, псіхалагічны і гістарычны аналіз. Што ж прыцягвае ў асобе М. Багдановіча пісьменніка і крытыка М. Стральцова? Мы лічым мэтазгодным высветліць гэта для лепшага разумення самога М. Стральцова.
Ідэалам М. Багдановіча была «гарманічна развітая чалавечая асоба, надзеленая здольнасцю чуйна ўспрымаць прыгожае ў прыродзе і ў свеце». Гэта квінтэсэнцыя эстэтычнай праграмы М. Багдановіча. У асобе Багдановіча-чалавека і Багдановіча-паэта прывабіла М. Стральцова душэўная цэльнасць, багацце ўнутранага свету, гармонія пачуццяў і поглядаў, у аснове якой — глыбокая, усёабдымная, усёперамагаючая ідэя Радзімы, народа. Так М. Стральцоў і раскрывае «загадку» М. Багдановіча — праз гэту ідэю.
Па прынцыпу ўзыходжання ад хаосу да гармоніі будуе М. Багдановіч свой цыкл «У зачарованым царстве» і наогул усе «прыродаапісальныя вершы». Такімі ж пастаяннымі парываннямі «да гармоніі і красы» прасякнуты і яго інтымна-лірычны цыкл «Мадоны», з'явы, як лічыць М. Стральцоў, унікальнай ў беларускай літаратуры. М. Багдановіч шукаў і знаходзіў паэтычнае ў навакольным свеце, у чалавечых адносінах, імкнуўся да цэласнасці, знітаванасці з прыродай, з народам, з Радзімай. «Радзімай васілька,— піша М. Стральцоў,— назаве М. Багдановіч сваю старонку — Беларусь. ён хацеў сказаць, што гэта тая зямля, якая нараджае паэтаў». Паступова, часам з цяжкасцямі, ішоў малады адукаваны чалавек да свайго народа, да роднай мовы. Па сутнасці, як лічыць М. Стральцоў, гэта было прадвызначэннем часу, гістарычнай і мастацкай неабходнасцю для беларускай літаратуры, калі «гісторыя як бы ўзнагароджвае нас за мінулыя страты». Параўноўваючы бацьку і сына Багдановічаў, М. Стральцоў адзначае: «Мусіць, і «кліч продкаў», і талент, і воля маюць значэнне тады, калі іх прыводзіць у рух якая-небудзь вялікая, па-грамадску значная ідэя. Для Багдановіча такой ідэяй была ідэя нацыянальнага і сацыяльнага разняволення роднага народа. А падказаў яе Багдановічу час... Слухайце час! — гаворыць нам сваім прыкладам Багдановіч. Запомнім гэта». Сапраўды, варта запомніць, тым больш што думка гэтая становіцца галоўнай у творчасці М. Стральцова.
М. Стральцоў умее слухаць час, адчувае яго рытм і патрабаванні, добра ўгадвае тэндэнцыі літаратурнага развіцця, ёсць у творчай індывідуальнасці М. Стральцова рысы, якія родняць яго не толькі з Я. Брылём, але і з пісьменнікамі-равеснікамі з іншых нацыянальных літаратур — з В. Ліханосавым, А. Айліслі, М. Чабатару, Г. Матэвасянам. Усіх іх хвалююць праблемы, шмат у чым агульныя. Яны звяртаюцца да ўнутранага свету сучасніка, да яго духоўнага жыцця, да маральных прынцыпаў эпохі, да філасофскага іх асэнсавання. Агульнае ў іх і тое, што яны, можа, больш, чым пісьменнікі іншых стылёвых напрамкаў, заклапочаны парываннем сувязяў чалавека з зямлёй, з прыродай, з народным бытам. Адсюль і лірычнасць, пяшчота да таго, што непазбежна страчваецца ў наш бурны век, імкненне адлюстраваць у сваіх творах паэзію прыроды, паэзію працы на зямлі. Агульныя праблемы хвалююць пісьменнікаў-лірыкаў з розных нацыянальных літаратур, але кожны з іх праблемы гэтыя нібы растварае ў глыбіні свайго пачуцця, надае ім новыя аспекты. «Народнае — гэта аснова,— піша М. Стральцоў у «Загадцы Багдановіча»,— гэта дух і «асаблівы склад». Не паўтараць народ, а ўзяць лепшае ад яго і аздобіць у формы, адпаведныя народнаму духу і складу». А каб перадаць «народны дух і склад», пісьменнікі заканамерна звяртаюцца да нацыянальных традыцый, вытокаў нацыянальнай культуры. Такім чынам, зацікаўленасць творчасцю М. Багдановіча і іншых беларускіх пісьменнікаў, пра якіх піша М. Стральцоў літаратурна-крытычныя артыкулы, эсэ, не выпадковасць у яго творчасці.
М. Стральцоў марыць аб гарманічна развітым чалавеку камуністычнага грамадства, і мара аб гармоніі становіцца асноўным лірычным пафасам творчасці пісьменніка. Аўтар не хавае свайго «я» ў творы, а, наадварот, пераадольваючы аб'ектывізацыю апавядання, імкнецца да споведзі і самавыяўлення, укладвае многа свайго ў душы сваіх герояў.
Рознае бачанне навакольнай рэчаіснасці ў першую чаргу адбіваецца на стылі. З гэтага пункту гледжання цікава параўнаць стылі М. Стральцова і І. Пташнікава. І. Пташнікаў піша «густа» і дакладна — рэчыўнасць свету ўспрымаецца ім усімі органамі пачуццяў, што дае ў агульным плане рэалістычна праўдзівую карціну асяроддзя. Тое ж і ў дачыненні да чалавека: скрупулёзная фіксацыя ўсіх душэўных парываў, адчуванняў і думак у канечным рахунку раскрывае самыя складаныя сферы чалавечых адносін, прыроды чалавека ў яе біялагічна-сацыяльным адзінстве. Ужо самой пабудовай фразы, перанасычанай разнастайнымі эмацыянальна-сэнсавымі і выяўленчымі элементамі, Пташнікаў перадае драматызм адносін чалавека з асяроддзем, змаганне з абставінамі, дыялектычную супярэчлівасць і ў характары чалавека, і ў жыцці. Сімвалічныя вобразы, метафары нібы «абапіраюцца» на «намёкі» прыроды, асяроддзя, пісьменнік пазбягае ў параўнаннях адцягненых паняццяў. У М. Стральцова ў многім наадварот. Вобразы яго нясуць на сабе адбітак суб'ектыўнасці, больш характэрнай для паэта, чым для празаіка. Пісьменнік піша пра тое, што прайшло праз яго пачуццё. Таму ён ідзе не ад з'явы ці прыкметы прадмета, а ад настрою, які выклікае ў яго гэтая з'ява ці прадмет. Асаблівасцю стылю М. Стральцова з'яўляецца тое, што ўнутранае «я» аўтара праяўляецца праз знешнюю канкрэтыку асяроддзя. Але ў рэалій, прадметных вобразаў адзіная задача: перадаць складаную дынаміку пачуццяў аўтара. Лірычны пачатак становіцца асновай і ў адборы матэрыялу, і ў асвятленні яго. У той жа час М. Стральцоў вельмі стрымана ставіцца да сакавітага, яркага слова, да будовы фразы, да тропаў. Яго творчая ўстаноўка — шчырасць і праўдзівасць у выяўленні пачуццяў, а не стыль дзеля стылю.
У стылях І. Пташнікава і М. Стральцова аб'ектыўны і суб'ектыўны пачаткі па-рознаму ўзаемадзейнічаюць, суб'ектыўнае па-рознаму ўваходзіць у аб'ектыўны змест вобраза. Некаторыя даследчыкі — В. Новікаў, С. Пятроў, Я. Эльсберг — разглядаюць лірычную прозу як своеасаблівы тып мастацкага абагульнення, сутнасцю якога з'яўляецца непасрэдная прысутнасць у творы «я» аўтара. Акрамя ранніх твораў, гэтае «я» ў Пташнікава прыхавана, пачуцці праяўляюцца хіба толькі ў рытме, тоне паведамлення. У той жа час Пташнікава і Стральцова яднае цікавасць да маральна-этычных праблем, імкненне сцвердзіць спрадвечныя каштоўнасці і адначасова прасачыць, як сучаснасць у яе няспынным руху праходзіць праз псіхалогію чалавека, не такога ўжо зменлівага па сваёй прыродзе. Пры гэтым успрыняцце жыццёвых супярэчнасцей у Пташнікава даволі драматычнае, што, безумоўна, накладвае адбітак на ўсе элементы яго стылю. Вытокі такой драматычнасці — і ў жыццёвым вопыце, і ў светапоглядзе, і ў асаблівасцях характару пісьменніка. М. Стральцоў марыць пра гармонію, але і ў яго марах ёсць нейкая ўнутраная канфліктнасць, пакутлівы роздум аб шляхах да такой гармоніі.
У пачатку 60-х гадоў, калі прыйшоў у літаратуру М. Стральцоў, творы яго быццам і не выходзілі з агульнага рэчышча апавядальнай творчасці беларускіх пісьменнікаў яго пакалення, схільнага да лірычнага апавядання, і ўсё ж вылучаліся нейкім адметным, своеасаблівым «стральцоўскім» лірызмам, што адразу звярнула на сябе ўвагу чытача ўжо ў першым зборніку «Блакітны вецер».
Пра апавяданне «Блакітны вецер», якое дало назву зборніку, многа ў свой час пісалася, крытыка адзначала няпэўнасць агульнай думкі, неакрэсленасць кампазіцыі, ішлі нават спрэчкі аб правамернасці вобраза «блакітнага ветру». Але ж асацыяцыі, якія выклікае ў пісьменніка тая ці іншая з'ява, вельмі цяжка бывае ўвесці ў выразна акрэсленыя рамкі, рацыяналістычна іх вызначыць. Пісьменнік сам гаворыць, чым быў для яго герой «блакітны вецер»: «У ім было ўсё: трывожная смуга даляглядаў і незабыўнае святло маленства; дажджы, густыя, як вецер, і пах суніц; шчымлівая радасць у сэрцы і непрыкрытае, вясёлае здзіўленне перад светам. Якраз усё тое, чаго не хапала зараз Лагацкаму».
Чалавек жыў, запалонены прозай жыцця, стаміўшыся ад шуму і мітусні, але імкнуўся да хараства, ачышчэння, «калі непатрэбнай рабілася сталасць, усё пражытае і перажытае раней».
Апавяданне «Блакітны вецер» пры ўсіх яго недахопах — важнае для разумення творчасці М. Стральцова, яно дае кірунак далейшым творчым пошукам пісьменніка. Многае, што перажываў яго герой Лагацкі, перажывае амаль кожны чалавек на тым этапе свайго жыцця, калі адчувае, што юнацтва залішне рана развітваецца з ім. Сумленныя, як Лагацкі, вінавацяць тут сябе, і гэта справядліва. Але недзе ў душэўных пакутах героя бачыцца і іншае: непрыкаянасць вясковага чалавека, перанесенага ў гарадское асяроддзе, псіхалагічная непадрыхтаванасць яго да новага стылю жыцця. Праўда, М. Стральцоў ніколі не супрацьпастаўляў, як некаторыя прадстаўнікі «вясковай прозы», законы гарадской і вясковай маралі, іх духоўныя каштоўнасці. Задача яго ў цэлым шэрагу апавяданняў, на першы погляд, сціплая — разгледзець псіхалагічныя моманты паводзін вяскоўцаў і гараджан у іх дачыненні і да вёскі, і да горада.
Апавяданні «Блакітны вецер», «Перад дарогай» вызначылі далейшы пошук пісьменніка, які ішоў у агульным кірунку развіцця так званай «маладой прозы» пачатку 60-х гадоў з яе неспакойнымі, нявопытнымі, няўстойлівымі, часам інфантыльнымі героямі.
У наступным зборніку М. Стральцова з характэрнай назвай «Сена на асфальце» па сутнасці ўпершыню ў беларускай прозе даследуецца цікавы сацыяльны тып, які нібы «сінтэзуе» ў сабе рысы «вясковыя» і «гарадскія». Праўда, у такім сінтэзе пакуль што няма гармоніі, адчуваецца хутчэй хваравітая супярэчлівасць, аўтарская турбота, што, дарэчы, адрознівае М. Стральцова ад іншых прадстаўнікоў «маладой прозы» і набліжае яго пошукі да пошукаў В. Шукшына. Разбіраючы ў № 6 за 1980 год часопіса «Дружбы народов» публіцыстыку В. Шукшына, даследчык В. Пашкін піша: «Ясна ўсведамляючы ўвогуле ўсё значэнне, свой маштаб, выключнасць лёсу і таленту, ён [Шукшын] у той жа час творчасцю сваёй, асобай сваёй, яе драмай як бы імкнецца ўсім землякам дапамагчы ў іх пошуках на шляхах жыцця, паказаць, што месца ў ім — нешта большае, чым геаграфічнае паняцце ці прафесія. Сам прайшоўшы нялёгкі шлях з вёскі ў горад, ён разам са сваімі землякамі і героямі шукае разгадкі: як, пайшоўшы, застацца, застаўшыся, узвысіцца да сапраўдных каштоўнасцей горада». Складанейшая сацыяльная праблема, безумоўна, хвалявала і М. Стральцова: зараз, на адлегласці пэўнага часу, мы ўсведамляем гэта. Многіх герояў М. Стральцова, якія ўжо, здаецца, засвоілі «гарадскую» культуру і гарадскі стыль жыцця, аўтар застае ў моманты раптоўнай тугі па вёсцы, па бацьках, па маленству. Унутраны неспакой, маркота падымае герояў Стральцова сярод ночы, цягне на аўтобус, на поезд, як гэта было яшчэ з Лагацкім.
У цэнтры мастацкага даследавання — складаная грамадская праблема, але яна апасродкавана праз лёс і характары герояў. Стыль у некаторых апавяданнях М. Стральцова становіцца напружаным, нервовым, можа, таму, што героі яго часта самі не разумеюць, што адбываецца з імі, адкуль з'явілася трывога, неспакой, нейкая млявая турбота. Усе яны незадаволены звыклым будзённым жыццём, нязменнасцю штодзённых заняткаў, якія прытупляюць пачуцці і парыванні. Ратунак шукаецца ў чысціні ўласнага маленства, якое было на вёсцы...
Прычыны тугі стральцоўскіх герояў нельга растлумачыць толькі суб'ектыўным фактарам (памятаючы, што гаворка ідзе пра лірычную прозу), тут улоўлены больш шырокія заканамернасці. Стральцоў, незалежна ад таго, усведамляў ён гэта ці не, адлюстраваў супярэчлівасць станаўлення цэлага пакалення...
Па агульных прынцыпах лірычнай прозы будуецца сюжэт і кампазіцыя многіх апавяданняў: сюжэт унутраны, псіхалагічны, развіваецца па законах асацыятыўнага мыслення, нечаканы душэўны парыў папярэднічае роздуму, і сам роздум нібы раствараецца ў адчуваннях, у перажыванні героем свайго душэўнага настрою. Многія героі зборніка «Сена на асфальце» не проста смуткуюць, а едуць-такі ў вёску, але не знаходзяць там чаканага спакою, ідыліі і дапамогі ў душэўным раздарожжы. Разлад у душы аказваецца немагчымым ліквідаваць іншымі абставінамі жыцця, іншай атмасферай. Пра гэта апавяданні «На вакзале чакае аўтобус», «Там, дзе зацішак, спакой», «Што будзе сніцца», «І зноў, зноў горад», дарэчы, і назвы іх, асабліва пастаўленыя побач, сведчаць пра тое ж.
«Усё было, як і ўчора, і ўсё пачыналася спачатку» — гэта фраза-лейтматыў апавядання «На вакзале чакае аўтобус». Герой яго Юновіч незадаволены будзённай руцінай, хоць работа ў яго цікавая: ён журналіст. Можа, у тым і справа, што ён журналіст, што яго цягне да цікавых людзей, а даводзіцца пісаць артыкулы за вельмі занятых дырэктараў заводаў ці збітымі, надакучлівымі штампамі перапісваць ужо даўно вядомае пра цікавых людзей. Для пісьменніка важна паказаць мары і парыванні Юновіча, яго пастаянныя думкі пра адно: «У горадзе ёсць вакзал, і калі пайсці туды, купіць білет і сесці ў аўтобус — спачатку будзе чаканне, ціхія, стрыманыя размовы, потым — штуршок; на момант абарвецца трапяткая нітка часу і — паехалі, паехалі... Будуць прыпынкі на далёкіх кіламетрах, будзе бязладная гамана ў аўтобусе, дым, хоць сякеру вешай, будуць нязлосна лаяцца жанчыны, а дзядзькі ў суконных паддзёўках скаліць зубы і ўсё адно курыць; будзе падсаджвацца да самотнай дзяўчыны салдацік, а глухаваты дзядок з пяньковай бародкай паказваць суседу боты, што вязе ад сына. А потым наперадзе выплывуць маленькія домікі раённага цэнтра — Юновіч выйдзе з аўтобуса і не паспее агледзецца, як на яго насядзе, нібы мядзведзь, высокая, шырокая, такая шаматлівая, аж да звону ў вушах, нязвыклая цішыня...»
Так часта маніў сам сабе Юновіч, і, здавалася, усё ў паездках было сапраўды так, як у марах, а лірычны настрой хутка прападаў.
І Марусаў з апавядання «Там, дзе зацішак, спакой» едзе ў вёску, але знаходзіць там не спакой, а бясконцы дождж, цяжкія размовы з бацькамі і ўспаміны, знаходзіць не ідылію, а жыццё з яго надзённымі клопатамі і трывогамі: «А за акном усё ліў і ліў дождж, шарахцеў па сценах хаты вецер, і Сяргей думаў: «Зацішак, спакой... Які я быў наіўны... Зацішак, спакой!.. У галаву зноў лезлі розныя думкі, ён гнаў іх ад сябе, варочаўся... ліў дождж».
Пятро з апавядання «І зноў, зноў горад» ехаў дадому ў вёску, «ахвотна і лёгка верачы, што ўсё ўладзіцца як найлепш, і многа, многа паўставала ў памяці напаўзабытага, свайго, і ўжо, здаецца, не разумеў, як мог жыць, абыходзіцца без таго роднага, свайго, спазнанага яшчэ з дзіцячых гадоў». Але ў вёсцы яго ўспрынялі толькі як госця, ён і быў госцем, і хутка зразумеў гэта.
І ўсё ж душэўнае ачышчэнне, вынесенае з падарожжа, з вяртання да «карэнняў», адчуванне свайго дачынення да людзей, радасць чалавечых кантактаў, няхай кароткіх, выпадковых, стварае своеасаблівую атмасферу стральцоўскіх апавяданняў. Вёска не ратуе ад душэўнага неспакою, але само перакананне героя ў сваёй наіўнасці прымушае яго задумацца, як жыць далей.
Стральцоў, на нашу думку, прыхільнік суіснавання розных супрацьлеглых прыхільнасцей у душы чалавека. Гэта яднае яго з вядомым рускім пісьменнікам таго ж пакалення — В. Ліханосавым. Абодва яны даследавалі ў той час псіхалогію маладых людзей, якія выйшлі з вёскі і прадаўжаюць цягнуцца да яе душой, а самі ўсё больш урастаюць у гарадское жыццё. Адзін з герояў В. Ліханосава думае: «А ведь уходит целое поколение...,— поколение русских крестьян. А я уже не такой... да, не такой, как они...» Праўда, героі Ліханосава добра аналізуюць уласныя пачуцці, ведаюць, што адбываецца з імі і да чаго яны імкнуцца. Ім таксама не сядзіцца на месцы, але іх гоніць у падарожжа туга па хараству, імкненне зрабіцца мастком паміж гарадской і вясковай культурай. Стральцоў таксама сочыць за нарастаннем у душы свайго героя прагі гарманічнага ўнутранага жыцця.
Пісьменніку вельмі хочацца «прымірыць» у душы чалавека самыя розныя, часам супрацьлеглыя прыхільнасці. Нездарма ж з такога светла-радаснага, прасякнутага адчуваннем гармоніі свету, апавядання «Трыпціх» пачынаецца кніга выбраных твораў М. Стральцова. Такое і апавяданне «Сена на асфальце» і эсэ «Дзень у шэсцьдзесят сутак» з падзагалоўкам «Згадка пра Поўнач».
«Сена на асфальце» — цікавае па сюжэту, кампазіцыі апавяданне ў пісьмах, нібы разведка перад пераходам да больш буйных форм. Апавяданне — мажорнага ладу, у ім пануе атмасфера радасці і паўнаты жыцця, асабліва ў дачыненні да маладых герояў — Лены і Віктара. Звычайна пісьменнік не дазваляў сваім героям выказвацца дэкларацыйна, тут жа наадварот — Віктар неаднаразова гаворыць: «Я ведаю, што без вёскі нельга, але і без горада нельга таксама. Што я думаю, дык гэта — каб тое і другое ў чалавечай душы прымірыць...» Такія ж думкі не пакідаюць лірычнага героя «Трыпціха», ды і самога аўтара ў паўночным дзённіку. І ўсё ж галоўная думка стральцоўскіх апавяданняў у наступных словах Віктара: «Я думаю, што кожны чалавек павінен добра ведаць сваё месца на зямлі, што кожны, урэшце, мае права любіць нешта асабліва моцна,— няхай так: гэта ўсё ж лепш, чым не любіць нічога».
М. Стральцоў піша знешне проста, «традыцыйна», але адчуванне свежасці і навізны пакідалі ўжо самыя першыя яго публікацыі. Некаторыя яго творы, такія, як «Роздум», «Трыпціх», наогул трымаюцца на адзіным настроі, хоць тут пісьменнік не грэбуе, асабліва ў апісаннях прыроды, яркім тропам, каларытным словам. Аднак усё гэта даецца як бы мімаходзь, «ненаўмысна». Пісьменнік умела перамешвае «дзелавыя» апісанні з надзвычайнай эмацыянальнасцю, іронію з наіўнай споведдзю, бытавую складанасць з вытанчанымі нюансамі псіхалагічнага аналізу.
М. Стральцоў прагне натуральнай цэласнасці свету. У ім жыве пошук стыкоўкі ўсіх духоўных праблем нашага стагоддзя. Цікавыя і своеасаблівыя ў гэтым сэнсе яго адносіны з прыродай. Пейзаж нібы паглынаецца лірычна-філасофскім роздумам аб прыродзе. Ад залішне сухога пейзажу зборніка «Блакітны вецер» пісьменнік у далейшым пераходзіць да «настраёвага пейзажу», калі ўсе сродкі падпарадкоўваюцца ўвасабленню няяснага, часам трывожнага і ледзь улоўнага стану душы, якое К. Паўлоўскі называў «адчуваннем прыгажосці і чаканнем сустрэчы з ёй»:
Адчуваннем прыгажосці і нязведанага цуду жыве М. Стральцоў у лірычным дзённіку-падарожжы «Дзень у шэсцьдзесят сутак». Свабодна і шчыра цудоўныя малюнкі суровай Поўначы, абрыс Мурманска, сцэны жыцця на караблі змяняюцца разважаннямі пра мастацтва — тут пераважаюць рамантычныя інтанацыі, але не менш добрага гумару, іроніі (у дачыненні да крытыкаў) і самаіроніі. «Згадка пра Поўнач» нібы падводзіць у пэўным сэнсе вынікі таго цыкла апавяданняў, пра якія ішла гаворка вышэй.
М. Стральцоў — лірык-філосаф, і цікавяць яго праблемы гарманічна развітай, багатай духоўна чалавечай асобы, адносін прыроды і чалавека, мастацтва і народнай творчасці. Ён піша: «Мы па-рознаму разумеем сябе ў прыродзе і ў жыцці: чалавек індывідуальны, прырода безасабовая і да таго ж абыякавая да нас. У жыцці мы перш за ўсё адчуваем сябе як асобу, усё ідзе ад нас, і ўсё вяртаецца да нас, мы як бы пасылаем сігналы і самі прымаем адказы на іх. Калі ж нешта псуецца ў гэтай добра адладжанай сувязі, яна перастае быць зваротнай: мы чуем свае сігналы, але перастаём прымаць, разумець чужыя сігналы на іх. Магчыма, усе чорныя меланхоліі, усе мерліхлюндыі бываюць ад гэтага. Бяжы тады, чалавек, бяжы, хутчэй ідзі да прыроды: яна безупынна шле табе свае сігналы, як сонца праменні, але ёй не трэба твой адказ. Няхай цябе не бянтэжыць гэта. У яе абыякавасці не пагарда да нас — толькі вялікі спакой і паўната жыцця». Погляды М. Стральцова на прыроду далёка адышлі ад таго пантэістычнага, антрапамарфічнага яе ўспрыняцця, якое было характэрна для народнай творчасці і ранняй літаратуры. Чалавек, аддзелены ад прыроды, адчувае яе быццам аб'ектыўна і ў той жа час, узброены найноўшымі навуковымі звесткамі пра заканамернасці многіх прыродных з'яў, ведае пра больш глыбокую, чым проста утылітарная, сувязь з ёй. Адносіны сучаснага чалавека з прыродай яўна ўскладніліся. Ні героі М. Стральцова, ні сам ён не шукае поўнага забыцця ў прыродзе: «...У рэшце рэшт мы разумеем: наш шлях да вялікай еднасці з жыццём, са светам другі, чым у прыроды». Але ўсё ж у душэўным неспакоі, на жыццёвым раздарожжы чалавека цягне да прыроды. Невыпадковае і падарожжа самога пісьменніка на Поўнач.
М. Стральцоў — празаік, не пазбаўлены драматычнасці ўнутранага развіцця. У стылі апавяданняў «Трыпціх», «Сена на асфальце», у паўночным дзённіку адчуваецца эмацыянальная раўнавага. Апавяданне ж «Свет Іванавіч, былы донжуан», думаецца, адлюстроўвае душэўны неспакой самога аўтара. Свет Іванавіч, Жэня — чалавек цікавы, духоўна багаты, шчыры з самім сабой, але адначасова слабы з-за няведання свайго месца ў жыцці. Як піша Д. Бугаёў, «Стральцоў не судзіць і не ўзвышае героя, а даследуе яго складаны характар, паказвае, як чалавек спрабуе пераадолець свой душэўны крызіс, душэўную неўладкаванасць. Разам з тым пісьменнік вызначае акалічнасці, што спрыяюць гэтай хваробе».
Стыль Стральцова таксама сведчыць пра душэўны неспакой. Ён і яго героі часта ў хваляванні, у турбоце, увесь час імкнуцца наперад, і гэта непасрэдна адбіваецца на рытме, мове твораў. Лёгкасць, натуральнасць інтанацый, своеасаблівы, трохі нервовы, рытм, агульная ўсхваляванасць — усё гэта адзнакі лірычнасці стральцоўскай прозы. Яго лірычная інтанацыя грунтуецца на складанай гаме пачуццяў, на агульным жыццялюбным пафасе, на лаканізме і цэласнасці знешняй формы. Для стральцоўскай манеры характэрны простыя па структуры фразы, паўтарэнне асобных слоў, стрыманасць у выкарыстанні лірычных сродкаў. Строй фразы размераны і музыкальны: «А лес, цяперашні лес, быў і знаёмы нейкі, і незнаёмы, ён пачаўся, як толькі прывяла да яго дарога, з невялічкага балотца, а потым ужо быў малады сасоннік, і завіляла, то спадаючы ў хмызовыя нізінкі, то ўзлазячы на верасовыя палянкі, ужо не такая зялёная, як у полі, дарога. І маўчаў лес». Пісьменнік любіць галосныя гукі, часта з іх пачынаецца сказ, і гэтыя галосныя бягуць па радку, ствараючы асаблівы, блізкі да вершаванага, рытм, меладычнасць кожнага асобнага сказа. Пісьменнік падбірае эпітэты і параўнанні, кіруючыся сваімі асацыяцыямі, шукае такога адлюстравання і праламлення паняццяў, якое было б жывым і дзейсным, якое пераадольвала б стэрэатыпнае, стандартнае значэнне слова. Стральцоў шукае не незвычайных слоў, а такога выкарыстання іх, якое прыводзіла б слова да сапраўды дакладнага канкрэтна пачуццёвага вобраза: «Нечакана азвалася сонца», «навіваць думку на папяровыя папільёткі», «яблык, пераспелы і светлы, як даўняя журба», «снягі, ружовыя і чыстыя, як радасць». Гэта характэрна для Стральцова — увасабленні, параўнанні тых ці іншых рэальных з'яў з чалавечымі пачуццямі, напрыклад, пра дзялянку ў лесе: «Быў тут нейкі тужлівы настрой, як на старым, забытым дворышчы, і ўсё тут было, як бывае ў чалавечым жыцці».
У стылі М. Стральцова ў адрозненне, скажам, ад І. Пташнікава мала знешняй маляўнічасці, хоць рытм яго апісанняў і разваг таксама трымаецца на дзеясловах, але яны не нагнятаюцца для характарыстыкі адной з'явы, а імкнуцца да адасаблення, да раз'яднання з'яў: «А ноччу быў дождж. Была навальніца. Я даўно не бачыў такой навальніцы. Раз'ятрана білася ў трубах вада, сінія маланкі паласавалі неба, на вуліцы нешта гуло, сіпела, булькала — водгулле грымотаў кацілася імкліва і бурна, бы гул рэактыўнага самалёта... Потым усё сціхла. Чуваць было, як капала з даху вада. Я лёг спаць. Я засынаў, а мне ўсё мроілася: сінія маланкі, дзядзька Ігнат, заўтрашняя наша касьба...» Часта і адзінкавы эпітэт у агульнай сістэме фразы ўяўляе эпітэт-дзеянне, які сам па сабе, без дадатковага ўдакладнення выяўляе ўнутраны рух: «парная трава», «асмужанае неба», «насцярожліва-чуйная ваколіца», «песня порсткая, як сонечны прамень», «шорсткае сена», «трапяткая нітка часу», «сакавіта-зялёная асака», «спакойна-рашучая краса».
Любімы колер у пісьменніка — сіні і блакітны: «узгорачак чысты, светлы, абсыпаны шыгаллем, праз якое прасвечвала сіняватая зямля»; «на сініх лугах маленства вырастаюць надзеі»; «сіні туман»; «сінія лапікі неба»; «сіняя тамлівая смуга вісіць над вадою»; «о, салодкая, лянотная бяздумнасць, о, жыццё душы, Дрымотнае, як звон вады, тамлівае, як сіняя намітка смугі»; «сонная сінь» і г. д. Тропы — эпітэты, параўнанні, «ніжэйшыя» элементы стылю — заўсёды ў таленавітага пісьменніка падпарадкаваны вышэйшым структурным паказчыкам стылю. Відаць, сіні колер адпавядае таму душэўнаму настрою, у якім часцей за ўсё бываюць героі М. Стральцова: настрою турботы, ціхага суму, чаканню цуду, імкненню да прыгажосці і самаўдасканалення. А прырода нібы дапамагае падтрымліваць у чалавеку надзеі, рамантычныя парывы, прагу гармоніі.
Жывая думка пісьменніка не ведае спакою, ірвецца далей, не толькі ўшырыню, як у эсэ «Дзень у шэсцьдзесят сутак», але і, так сказаць, углыбіню. І раней прарывалася ў аўтара і яго герояў няяснае спачатку пачуццё няспоўненага абавязку, віны і перад вёскай, і перад бацькамі, і перад мінулымі пакаленнямі. М. Стральцоў піша: «І як гэта так здараецца, ...што роднае, сваё мы неяк заўсёды пакідаем на потым, на пасля, саманадзейна ўпэўненыя, што не ўцячэ яно ад пас. І з роднымі мясцінамі так бывае, і з блізкімі людзьмі...»
Калі разглядаць творы М. Стральцова некалькі ў іншым фокусе, можна заўважыць, што праблема гарманічнага героя мае і другі аспект — пераадоленне бездухоўнасці як філасофска-сацыяльнай з'явы, якая ўсё больш пачынае хваляваць сучасных мастакоў. А ў пошуках высокай духоўнасці заканамерна звяртанне пісьменнікаў да ўласных вытокаў, да народа. Нездарма ж пісаў М. Стральцоў, што творы М. Багдановіча «...у ачышчаным скандэнсаваным выглядзе выяўляюць найвялікшую эстэтычную і этычную каштоўнасць народных поглядаў, выпрацаваных на працягу аж цэлых стагоддзяў».
У адным з вершаў са зборніка «Ядлоўцавы куст» М. Стральцоў вядзе «размову з часам»:
Спасцігнуць усё праз цябе я хачу,
Табою маё ўсё няхай апякуецца.
Знай пункты гульні. А паруш — закрычу.
Аж голас у веку наступным пачуецца.
«Спасцігнуць праз час» імкнецца пісьменнік і ўласныя вытокі, і ўласнае дзяцінства, якое прыпала на вайну. Невялікая аповесць яго «Адзін лапаць, адзін чунь» — пранікнёны твор аб чалавечай дабраце, аб духоўных багаццях, закладзеных у народзе, аб цеплыні, шчырасці, якія так неабходны дзіцяці, але і даросламу чалавеку таксама. У аповесці гучыць аўтарскі боль за цяжкасці чалавечага жыцця, за пакуты, выкліканыя вайной, а недзе глыбей жыве імкненне аўтара разабрацца і ў сабе, у сваёй душы. У агульным плане аповесць працягвае важнейшую тэму ўсёй творчасці пісьменніка — тэму гарманічнай, цэльнай асобы. Аповесць будуецца па прынцыпу вымярэння чалавечых эмоцый і якасцей па адной «мерцы» — па дабраце дзеда Міхалкі, а правяраецца на маленькім Іванку — яго ўнуку. Жыццёвы матэрыял, пакладзены ў аснову аповесці, вылучае і іншыя тэмы, галоўная з якіх — цяжкі лёс дзяцей, пазбаўленых дзяцінства з-за вайны. Тым больш важнай становіцца ў такіх умовах чалавечая дабрата, усё тое, што застаецца ў народзе вечным і нязменным, нягледзячы на пакуты і страты.
У аповесці, як піша П. Дзюбайла, «асоба аўтара бліжэй да героя. Тут пануе форма няўласна-простай мовы, у якой арганічна зліваецца голас аўтара і голас героя». Такая форма выконвае некалькі мастацкіх функцый: выяўляе пачуццёва-эмацыянальны стан маленькага Іванкі, дае аб'ектыўную карціну пасляваеннай рэчаіснасці, раскрывае характары іншых дзеючых асоб. Праўда, кампазіцыя аповесці пабудавана такім чынам, што Іванкава ўспрыняцце рэчаіснасці паступова як бы ўплятаецца ва ўспамін дарослага Івана пра тое добрае ў Іванку, што паспеў «укласці» ў яго дзед Міхалка, а ў канцы душэўныя перажыванні Міхалкі ўвогуле выступаюць на першы план. Такім чынам, унутраная структура аповесці вельмі складаная, што абумоўлена неабходнасцю ўвасаблення логікі лірычнага пачуцця, лірычнага пафасу аўтара. Асаблівасцю аповесці з'яўляюцца ўключаныя ў яе вершы, якія ўзмацняюць лірызм, эмацыянальную атмасферу твора. Прастата сюжэту пры складанасці кампазіцыі павялічвае накал аўтарскага пачуцця.
Маленькі Іванка думае пра ежу і пра абутак, без якога не можа выйсці на вуліцу, але думае ён і пра людзей, што акружаюць яго. Прычым нельга не здзіўляцца яго ўменню разбірацца ў душах дарослых людзей. Ён ведаў, што маці «не хацела, каб яго хто шкадаваў», нават родны дзед. Неаднаразова параўноўвае Іванка сваіх дзядоў — Міхалку і Трахіма, і не ў карысць Трахіма. «Багаты гэты дзед... Дзіва што такі чырвоны ды крэпкі,— і шкада яму робіцца дзеда Міхалку». Ацэнкі даюцца і іншым героям аповесці: «Нядобрая гэта бабуля,— падумаў ён.— Спала на печы, спала, нават не чула, як дзед Трахім прыйшоў. А мо і знарок не абазвалася. А цяпер і вячэраць не хоча: упрошвай яе. Не хоча, не хоча, а ноччу ўстане і пачне шукаць сабе чаго паесці. Быццам ёй не даюць. Дзед і той за гэта на яе сварыўся... Нічога не буду ніколі паказваць ёй».
Знешняга сюжэту, сюжэту падзейнага, у аповесці вельмі мала, гэта твор з лірычным сюжэтам. А. Яскевіч піша: «Гэтыя некалькі гадзін маленства, што склалі фабульную канву аповесці, паўстаюць у дзіўнай празрыстасці нейкага мудрага бачання, такога жыццёва натуральнага і гэтак, як у жыцці, натуральна запаволенага». Затоены сэнс, вызначаны вершаванай прадмовай, раскрываецца ў аповесці паступова: праз сон Іванкі, праз разважанні дзеда Міхалкі аб дабраце, праз перадсмяротныя яго клопаты. Галоўную ідэю аповесці раскрываюць словы дарослага Івана з яго ліста да сябра: «Няма інакшай мудрасці для нас, чалавекаў, акрамя той, што трэба быць па-чалавечы добрым і мудрым».
Дарослы Іван — гэта ў многім той жа Лагацкі, і Юневіч, і Марусаў, і Свет Іванавіч. Праўда, яны не здолелі, хоць марылі, так зазірнуць у краіну маленства, як Іван, і так пашкадаваць, як ён, што пагублялі на жыццёвай дарозе дабрату і цэльнасць маленькага Іванкі.
А ён сапраўды чулы, добры, спагадлівы да людзей: «...Жаль працяў Іванкава сэрца, падумаў ён, што нядужы ўжо дзед». З дзедам Міхалкам у малога ўзаемаразуменне і поўны кантакт. Калі Іванку здалося, што пакрыўдзіў ён дзеда, то збянтэжыўся ад дзедавага позірку: «Дзіўна так, здаецца Іванку, зірнуў. Бездапаможна, разгублена, а потым чамусьці вочы заплюшчыў: павекі ў дзеда дрыжалі, як быццам балюча дзеду было, як быццам перасільваў ён, стаіўшы дыханне, гэты боль». І маці Іванку шкада, хоць няма ў іх такой блізкасці, як з дзедам, можа, таму, што яна за вайну шмат перажыла і «стала зласлівым яе сэрца».
Міхалка на працягу ўсёй аповесці пакутліва разважае пра меру дабраты, пра дабрату і розум, пра ўсё тое, што асабліва хвалюе нас сёння. Можа, таму і разлад у душы маладых герояў М. Стральцова, што адчуваюць яны недастатковасць сваёй дабраты, свайго разумення людзей, усяго таго, што было закладзена ў іх такім вось Міхалкам ці падобным на яго, але страцілася ў будзённых дробязях і клопатах?
Стыль аповесці раскрывае своеасаблівасць лірызму М. Стральцова. Рытм у творы складаны, асабліва ў мясцінах, дзе пісьменніку неабходна стварыць адпаведную пачуццёвую атмасферу, напрыклад, у малітве дзеда Міхалкі. Яна будуецца на паўтарэнні асобных элементаў («У мяне падбілася душа. У мяне не стала душы... Скажы мне толькі — я ведаць хачу, я прашу цябе, скажы мне...»), на рытарычных пытаннях, на рытмічным падкрэсліванні («Ці, можа, я нядобра жыў? Ці гэта ты завеш так да сябе і, можа, гэта знак мне твой?»).
Успрыняцце Іванкі канкрэтнае, яно не ўздымаецца ў вышыню, як у Міхалкі, а прыцягнута да зямлі. Дзіцячы розум яшчэ не можа ўяўляць свет у яго цэласнасці і закончанасці. Але назіральнасць і душэўная дабрата Іванкі нібы дапаўняе адцягненасць, тонкасць пачуццяў яго дзеда. Акрамя таго, на Іванкава духоўнае жыццё ў творы нібы накладваецца ўспамін дарослага Івана, ствараючы адметны, часам складаны, часам узнёслы, рытм, надаючы некаторым кампазіцыйным элементам, напрыклад, сну Іванкі, ірацыяналістычнае адценне. У аповесці перакрыжоўваюцца розныя рытмы, розныя галасы з голасам аўтара, які то зліваецца з іншымі, то вылучаецца асабліва пранікнёнымі, раздумлівымі інтанацыямі: «Загаманілі за сталом яшчэ мацней, яшчэ бязладней, і ўсе глядзелі на Іванку, і нехта падштурхоўваў яго ўжо на падлогу,— імгненне, што яшчэ нядаўна адчувалася як бясконцасць, як запаволены рух, распадалася, ірвалася, асыпалася, як пясок, паміж ім, Іванкам, і застоллем уставала пустата, і яму тады неспадзявана радасна прыдалося, што нічога страшнага няма ў гэтай пустаце, бо раптам адчуў праз яе самога сябе, аднаго сябе і застолле, ён як бы зазірнуў у сябе і не спалохаўся, а толькі ўпэўніўся ў сваёй да часу схаванай сіле... Пачуццё, шырокае і вольнае, кружыла і кружыла яго, і ён ужо адчуваў, што яму, гэтаму пачуццю, рабілася цесна ў хаце, і зноў, зноў нейкая невядомасць насоўвалася на Іванку, але не страшная зусім; шырокая і да шчымлівасці звонкая, напятая, як струна, яна клікала, вабіла да сябе, забірала думкі... О, гэтая невядомасць, гэтае пачуццё — непамернасць адчутых на ўсё жыццё наперад і радасцей, і шчасця, і тугі!.. Але што гэта? Чаму стала ціха ў хаце? Чаму маўчыць Гурмак? Чаму плача дзед Трахім?..»
Важнае значэнне ў аповесці маюць пейзажныя малюнкі, якія заўсёды ў М. Стральцова набываюць своеасаблівы сэнс. Ён жа пісаў, што «прырода адкрываецца чалавеку не проста так, а тады, калі ідзе ён да яе са сваёй думкай і сваёй меркай».
Пейзажны пачатак аповесці разам з вершаваным зачынам стварае адпаведную зместу твора эмацыянальную атмасферу: «Над вёскай, у полі была імглістая, зажураная смуга, быў прыхаваны смутак, няўлоўны нейкі і незразумелы, як настрой то сцапанага — і тады светлага, то шумліва-порсткага, роспачна-вясёлага, нават аж зіхоткага ўваччу і ўсё адно цёмнага ветру». І далей зноў паўтараецца той жа матыў: «У полі, то набіраючы моцы, то ападаючы, лапатаў і шастаў вецер, неба было сівое, ні хмар на ім, ні праталін,— ажно суцэльная, скупа прасветленая смуга». Такі пейзаж узмацняе цяжкую карціну жыцця пасляваеннай вёскі, павялічвае аўтарскі смутак па абкрадзеным дзяцінстве, па дзеду Міхалку, жыць якому ў аповесці засталося ўжо нямнога і які адкрыўся даросламу Івану праз дваццаць год пасля сваёй смерці. Пейзаж апошняй ночы Міхалкі адпавядае яго трывожным роздумам пра лёс Іванкі, адначасова ён нібы агорнуты і аўтарскай пяшчотай да дзеда Міхалкі, які прымае смерць мужна і прыгожа: «На сінюю прагаліну ў хмарах выплыў месяц. Роўна і светла ахінала наваколле цішыня. Пад блакітнай смугой тонка празрысцелі гурбы... Страху не было. Ён ведаў — сёння ці заўтра — гэтага не мінеш».
Сярод апошніх па часе напісання твораў М. Стральцова вылучаецца апавяданне «Смаленне вепрука», характэрнае і ў той жа час у чымсьці новае не толькі для М. Стральцова, але і для беларускай прозы наогул. Невялікае па памеру, яно быццам кандэнсуе пачуцці, што прарываліся ў іншых творах пісьменніка. Прыём вылучэння асабістага аўтарскага «я», шчырага і непасрэднага, адначасова з апавяданнем у апавяданні («Мне даўно хацелася напісаць адно апавяданне і назваць яго так: «Смаленне вепрука» — так пачынаецца твор), робіць яго асабліва цікавым. Зноў вёска і горад сустракаюцца тут — на зусім малой плошчы — у «нейкім вельмі значным псіхалагічным адзінстве», тут зноў успамінаецца далёкае маленства і юнацтва — усё гэта праз ледзь улоўныя асацыяцыі, выкліканыя рэаліямі сённяшняга хуткаплыннага быцця, радаснае сцвярджэнне жыцця перакрываецца так характэрнай для Стральцова «смугой», адчуваннем віны перад маці, шкадаваннем «пра марна растрачаную сілу любві, якая, можа, не сагрэла нікога». Магчымае і немагчымае ў жыцці і мастацтве, мара, сон, успамін-трызненне і імклівае сучаснае жыццё — усё тут нанізваецца ў вельмі складанай нават не структуры, а падструктуры апавядання. Агульны пафас яго — прага дабра, але з фармальнага боку гэта — яўны эксперымент, парабала, што сведчыць пра новыя тэндэнцыі ў творчасці М. Стральцова і адначасова ўздымае на новую ступень беларускае апавяданне, далучае яго да лепшых сусветных узораў гэтага жанру.
Часам пошукі М. Стральцова, як ужо адзначалася, нагадваюць пошукі В. Шуканіна, ва ўсякім разе яны ўяўляюцца заканамернымі для пэўнага этапу развіцця грамадства і літаратуры і сведчаць аб праніклівасці, сучаснасці М. Стральцова. Праўда, пакуль што лепшыя вобразы яго твораў — М. Багдановіч, дзед Міхалка, Іванка — людзі мінулага, але яны нібы выпрастаны ў сучаснасць, праз свой век «спасцігае» цэльнасць чалавечай асобы М. Стральцоў. Галоўная якасць, адметнасць яго — у больш уласцівым, чым іншым пісьменнікам яго пакалення, імкненні да гармоніі свету, да гармоніі у чалавечай душы, у развіцці чалавека.
Творчасць М. Стральцова — вельмі важны этап у развіцці беларускай літаратуры, яго стыль належыць да перспектыўнага стылёвага напрамку сучаснай беларускай прозы.