Пафас жыццесцвярджэння


Гаворачы пра індывідуальны стыль таго ці іншага пісьменніка, неабходна перш за ўсё мець на ўвазе адзінства прынцыпаў падбору, сувязі і ўзаемадзеяння ўсіх дэталяў вобразнай формы твора, уласцівых гэтаму пісьменніку. Фарміраванне стылю пісьменніка — гэта і свядомае, і часам несвядомае складванне сваёй канцэпцыі жыцця, свайго эстэтычнага ідэалу, сваёй сістэмы прынцыпаў мастацкага адлюстравання. Цэльнасць такой сістэмы залежыць і ад таленту мастака, і ад гістарычнай рэчаіснасці, і ад традыцый нацыянальнай культуры, і ад мноства іншых фактараў.

Іван Пташнікаў быў і застаецца пісьменнікам пераважна вясковай тэмы, калі разумець пад тэмай жыццёвы матэрыял, узяты для даследавання мастаком. Пташнікаў піша вёску на розных этапах яе гісторыі, праўда, недалёкай, зафіксаванай у аўтарскай памяці. Прыхільнасць да аднаго жыццёвага матэрыялу ў дадзеным выпадку абумоўлена не толькі дасканалым веданнем яго, але і творчым крэда пісьменніка, яго ідэалам, эстэтычнымі задачамі, якія ён ставіць перад сабой.

Творчасць І. Пташнікава пачалася ў канцы 50-х гадоў, у час вялікіх і складаных пераўтварэнняў, змен ва ўсіх сферах грамадскага жыцця нашай краіны, у час, калі з цяжкасцямі, драматычнымі пошукамі, стратамі і знаходкамі фарміравалася літаратура, якую мы называем зараз сучаснай — літаратура 60-70-х гадоў. Гэта літаратура сталага сацыялістычнага грамадства, і яе шматграннасць, багацце форм — адлюстраванне багацця самой рэчаіснасці.

Калі гаварыць пра вёску, то за імклівымі працэсамі, што адбываліся там, літаратура сачыла дастаткова пільна. Тут можна назваць імёны такіх вядомых пісьменнікаў, як У. Фаменка, Я. Мальцаў, М. Аляксееў, П. Праскурня, С. Круцілін, Я. Дораш, У. Цендракоў, П. Пестрак, А. Кулакоўскі, А. Асіпенка і інш. Гэтыя пісьменнікі ставілі значныя грамадскія пытанні, імкнуліся вырашыць важныя сацыялагічныя, вытворчыя і маральна-этычныя праблемы. Трохі пазней, іменна тады, калі пачынаў І. Пташнікаў, аблічча літаратуры пачала вызначаць так званая «вясковая проза». Відаць, трэба лічыць натуральным, што на пераломе ў жыцці краіны, сяла, як было гэта ужо неаднойчы, мастакі слова звярнуліся да глыбінных вытокаў народнага жыцця. У час, калі асабліва хуткімі тэмпамі адыходзіў у мінулае спрадвечны сялянскі ўклад, адна за адной з'яўляліся кнігі В. Бялова, У. Цендракова, В. Шукшына, Я. Носава, В. Астаф'ева, Ф. Абрамава, В. Распуціна, Й. Друцэ, Г. Матэвасяна і інш. Вакол названых пісьменнікаў кіпелі спрэчкі, ім было кінута нямала папрокаў, не ўсе з якіх сёння можна прызнаць справядлівымі. У прыватнасці, крытыкавалася пэўная ідэалізацыя імі старой патрыярхальнай вёскі, яе жыццёвага і асабліва псіхалагічнага ўкладу. Цяпер ясна, што пік іменна таго напрамку, які даволі ўмоўна назвалі «вясковай прозай», мінуў. Урбанізацыя, імклівы рост гарадоў непазбежна нараджае новае светабачанне, новую псіхалогію. Аднак праблем вёскі, праблем сельскай гаспадаркі не стала менш, хутчэй наадварот.

Беларуская літаратура была заўсёды цесна звязана з вясковым жыццём, можа, менавіта таму пра «вясковую плынь» наша крытыка не гаварыла і не вылучала яе асобна. Яна бачылася заканамерным працягам нашай нацыянальнай эстэтычнай традыцыі. Заўсёды неслі моцны сацыяльны зарад нашы творы на вясковую тэму, строга рэалістычныя, з густой бытавой асновай, з імкненнем да эпічнасці, аднак пры гэтым не пазбаўленыя лірычнага пафасу і драматычнай вастрыні канфліктаў.

У дакладзе на пленуме Саюза пісьменнікаў Беларусі, прысвечаным шляхам развіцця беларускага сучаснага рамана (1979 г.), сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў БССР І. Чыгрынаў гаварыў, што «літаратура пра вёску ўсё больш адчувальна развіваецца ад сацыяльна-эканамічнага аналізу жыцця да спасціжэння сацыяльна-псіхалагічных, духоўна-маральных глыбінь яго». Іменна ў такім напрамку развівалася і творчасць І. Пташнікава, якраз найбольш паслядоўнага прадаўжальніка нацыянальнай празаічнай традыцыі ў сваім пакаленні. Ужо аналізуючы першыя творы зусім маладога пісьменніка — «Іллюк Чачык», «Не па дарозе», «Чакай у далёкіх Грынях»,— крытыка адзначала выдатнае веданне Пташнікавым вёскі, яе побыту, яе штодзённай рэчаіснасці, псіхалогіі селяніна.

Стыль І. Пташнікава цяжкаважны, складаны, але складанасць такога тыпу ідзе, відаць, ад таго, што вёску — галоўны аб'ект мастацкага даследавання,— пісьменнік і ўспрымае складана: любіць і крытыкуе, захапляецца і нешта адмаўляе. Пташнікаў глядзіць на вёску ўжо з пазіцый гарадскога чалавека, які тым не менш адчувае вясковае жыццё як свой корань і свой пачатак, і чым далей, тым больш такое адчуванне абвастраецца ў пісьменніка. Багацце пачуццяў, думак, адносін пісьменніка да вясковай рэчаіснасці, да прыроды, да вясковых Жыхароў і вызначае арыгінальнасць, складанасць, своеасаблівасць яго адметнага ў беларускай сучаснай прозе стылю. Пташнікаў імкнецца паказаць нацыянальны беларускі характар у розных яго праяўленнях, пад уплывам самых разнастайных, часам жорсткіх, абставін. Адсюль пільная ўвага да канфліктных сітуацый, да рэчавай канкрэтнасці асяроддзя, сувязі яго з чалавекам. У прынцыпе тут няма нічога істотна новага: традыцыя асвятлення шматлікіх сувязяў чалавека і асяроддзя ідзе ў рэалістычнай літаратуры яшчэ ад Бальзака і Гогаля. Вядомы даследчык літаратуры М. Б. Храпчанка піша: «Шматграннасць успрыняцця свету ёсць не толькі ўменне пісьменніка бачыць, але і ўменне адчуваць жыццё, яго пералівы і адценні... Ясна, што эмацыянальная культура пісьменніка адбіваецца на ўсім змесце твора, у абмаўлёўцы чалавечых характараў, жыццёвых канфліктаў, а не толькі ў адлюстраванні душэўных перажыванняў герояў». У творах І. Пташнікава пераважае іменна эмацыянальнае адчуванне жыцця, таму, гаворачы пра стыль пісьменніка, неабходна закрануць своеасаблівую, толькі для Пташнікава характэрную, эмацыянальную атмасферу яго твораў.

Творчыя пошукі І. Пташнікава ў цэлым ішлі ў рэчышчы агульных тэндэнцый развіцця сучаснай літаратуры, для якой характэрна ўсё больш пільная ўвага да духоўнага свету канкратнай чалавечай асобы. Абапіраючыся на ўжо дасягнутае, на творчыя здабыткі Я. Коласа, К. Чорнага, М. Гарэцкага, М. Лынькова, беларускія сучасныя пісьменнікі пачалі гаварыць пра маральныя, духоўныя каштоўнасці народа, кожнага асобнага чалавека, праз побыт людзей выяўляючы глыбіню сацыяльных пераўтварэнняў. Так і ў Пташнікава: імкненне да паўнаты выяўлення чалавечай індывідуальнасці ідзе нароўні з шырокім ахопам асяроддзя, у якім жыве герой. Тут жа, дарэчы, ёсць і другая, праўда, таго ж плана заканамернасць: чым багацей духоўны свет асобы, тым мацней і глыбей сувязі яе са светам.

І. Пташнікаў у параўнанні з пісьменнікамі яго пакалення — І. Чыгрынавым, М. Стральцовым, Б. Сачанкам — празаік больш драматычнага складу. У той жа час драматычнасць яго зусім іншая, чым, напрыклад, у В. Быкава, У. Цендракова, Ч. Айтматава, М. Слуцкіса. І тут справа не толькі ў адметнай манеры пісьма, паглыбленай апалітычнасці, а ў агульным светаадчуванні, лірыка-драматычным па сваёй аснове, у своеасаблівасці таленту, тэмпераменце мастака.

У творах І. Пташнікава можна знайсці тое, што ўсё больш страчвае наша тэарэтычнае мысленне,— непасрэднасць, канкрэтнасць, нагляднасць ва ўспрыняцці рэчаіснасці. Гэта не выпадкова ў апошнія гады ўзрасла цікавасць да такіх мастакоў слова, як І. Тургенеў, І. Бунін, М. Прышвін, К. Паўстоўскі. Іх творы дазваляюць сучаснаму чалавеку зноў адчуць сваё спрадвечнае яднанне з прыродай, цэласнасць свайго існавання, паўнату светаўспрыняцця і роздуму.

Не асваенне прыроды, а вучоба ў яе мудрасці і прыгажосці — здаецца, гэта становіцца вызначальным у паэтыцы многіх сучасных пісьменнікаў. Відаць, і Пташнікаў сваім стылем свядома сцвярджае канкрэтнасць, непадзельнасць чалавека і прыроды, гармонію і паўнату быцця. Адметнасць яго стылю заключаецца і ў тым, што аб'ектыўнае адлюстраванне ўстойлівых пачаткаў жыцця, прозы жыцця, некранутай прыроды часта выяўляе глыбіню сацыяльных і маральных адносін. Пташнікаў, разумеючы сучасныя эстэтычныя тэндэнцыі, імкнецца аб'яднаць у многім новае ўспрыняцце свету з традыцыйным яго адлюстраваннем, захоўваючы, аднак, і арыгінальнасць сваёй уласнай манеры.

Як і многія маладыя пісьменнікі, І. Пташнікаў пачынаў з невялікіх апавяданняў. Сабраны яны ў зборніку «Зерне падае не на камень». Першыя творы І. Пташнікава, нягледзячы на ўсе намаганні аўтара надаць ім драматычнасць, яшчэ не нясуць сацыяльна важных ці проста цікавых ідэй, не раскрываюць маральных канфліктаў. Гэта хутчэй эцюды, вельмі настраёвыя, эмацыянальныя, а таму рыхлаватыя па сюжэтнаму руху. Пануючай у іх з'яўляецца паэтыка настрояў, нюансы пачуццяў, усё тое, што потым таксама будзе прысутнічаць у творах пісьменніка, але ўжо як дамінанта асноўнага тону, ноты апавядання.

Уражвае мастацкая памяць пісьменніка. Глянуўшы на ўсю яго творчасць, разумееш, што яго мастацкае мысленне пачынаецца іменна з памяці, з назіральнасці. Пра прыгажосць прыроды, пра зямлю, пра чалавечую працу на гэтай зямлі і вынесеныя ёю пакуты трэба гаварыць неяк адметна, і Пташнікаў зразумеў патрабаванні такога матэрыялу. Праўда, зрэдку ў яго першых апавяданнях пейзажы, абстаноўка дзеяння прымалі самагоднае значэнне. Такое адчуванне, што, эстэтызуючы прыроду, малады аўтар імкнуўся адгарадзіцца ад гарачай плыні жыцця, складаных яго сацыяльных праблем. Аднак і нельга вініць пачынаючага пісьменніка, што ён, валодаючы талентам бачыць і цаніць навакольную прыгажосць, спяшаецца перанесці на паперу жывапісную, каларытную стыхію, што кіпіць вакол яго. Свет раскрываецца зрокавымі, пластычнымі вобразамі, адчуванне прыроды нават больш біялагічнае, але ўжо нават у першых апавяданнях заўважаецца імкненне знайсці асацыятыўную сувязь прыродных з'яў з паэтычнай думкай, з роздумам пра чалавека і яго лёс... Напрыклад, у апавяданні «Бяроза маўчала» — аб прыгажосці кахання, аб чалавечым шчасці — увесь час прысутнічае трывожны, трапяткі пейзаж, які перадае журбу, пакутлівыя перажыванні галоўнага героя, каханая якога трапіла ў аўтамабільную катастрофу. Яму балюча і адзінока, і ўсё навокал ён успрымае адпаведна свайму тужліваму настрою: «Недзе далёка пяюць, і мелодыя да мяне даносіцца, як з-пад зямлі... Песня як бы лье і лье нешта гарачае на душу...

Вада калышацца, як густая мазута. На берагах застылі, здаецца, у адвечным спакоі высокія лазнякі, застылі, як і мае думкі...

Шэрае, маркотнае неба зусім нерухомае... На захадзе яно пабурэла: там закацілася нядаўна сонца... З маіх грудзей вырываецца ўздых, нейкі дрыготкі, зусім не мой. Я адчуваю, што мне не стае любага, майго...» Адпаведнымі эпітэтамі і маляўнічымі параўнаннямі пісьменнік павышае лірычнасць свайго апавядання. Эмацыянальная напружанасць стане прыкметнай асаблівасцю аўтарскага тону ва ўсіх творах пісьменніка.

Ужо ў аповесці «Іллюк Чачык», якая прынесла заслужаную вядомасць І. Пташнікаву, адчуваецца не толькі пільнае вока, тонкая назіральнасць, а і грамадзянская пазіцыя пісьменніка, яго думкі і клопаты пра свой час, пра новага чалавека ў новых абставінах.

У творах, дзе моцны элемент сатыры,— «Чачыку», «Не па дарозе», некаторых апавяданнях, рамане «Чакай у далёкіх Грынях», прысвечаных традыцыйнай у той час у літаратуры тэме ўздыму калгасаў,— ставяцца і больш шырокія пытанні, на якія яшчэ мала звярталі ўвагу мастацтва і крытыка,— аб духоўнай культуры вёскі наогул. Пташнікава хвалюе вёска, ён адчувае наспеласць перамен у яе не толькі матэрыяльным, але і духоўным жыцці, і ў той жа час ён разумее неабходнасць захавання многіх этычных і эстэтычных каштоўнасцей народа. Таму не можа не выклікаць яго абурэння адступленне як ад спрадвечных, так і ад сацыялістычных нормаў маралі. І. Пташнікаў, які шукае вытокі духоўнасці, на працягу ўсёй сваёй творчасці з агідай адкідвае ўсё тое, што не адпавядае яго ідэалам. І сатыра ранняга Пташнікава набывае не камедыйныя, а трагічныя інтанацыі. Сатыры Пташнікава не ўласцівы гумар ці іронія, затое відавочная публіцыстычная страснасць аўтара. Суровая сатыра І. Пташнікава нечым нагадвае некаторыя раннія апавяданні К. Чорнага, але, акрамя гэтай, па сутнасці, не мае іншых паралеляў у беларускай прозе, якая ні на адным з этапаў свайго існавання не абыходзілася безсмешнага, дасціпнага, гумарыстычнага. Пасля рамана «Чакай у далёкіх Грынях», які сустрэў шмат заўваг крытыкаў, творчыя намаганні І. Пташнікава накіроўваюцца ў іншым напрамку.

Не будзе новай думка, што гады дзяцінства не толькі фарміруюць талент і характар асобы, але і вельмі значна ўплываюць на светапогляд, на грамадзянскую пазіцыю чалавека. Творы І. Пташнікава, як і творы яго калег-пісьменнікаў І. Чыгрынава, В. Адамчыка, Б. Сачанкі, М. Стральцова і іншых,— гэта мастацкая гісторыя аднаго пакалення, якраз таго, што перанесла вайну ў дзяцінстве. Праўда, кожны з гэтых пісьменнікаў па-рознаму апавядае пра сваё далёкае маленства: адзін у форме эпічнага рамана, другі — лірычнай аповесці, трэці —драматычнай балады ў прозе. Але для ўсіх гэтых пісьменнікаў становіцца характэрным глыбокае адчуванне сувязі часоў, якое ідзе ад немагчымасці забыць мінулае, тыповым для іх з'яўляецца і імкненне раскрыць асновы духоўнага жыцця свайго народа, глыбінныя вытокі яго перамогі. Адсюль пільная ўвага да маральна-этычных праблем, да такіх якасцей чалавечай натуры, як шчырасць, адкрытасць душы, сардэчнасць, усяго таго, што асабліва востра ў цяжкую гадзіну адчуваецца менавіта дзецьмі.

Іменна ў творах аб ваенным часе ярка праявіліся своеасаблівыя таленты І. Чыгрынава, Б. Сачанкі, І. Пташнікава, М. Стральцова. У іх аповесцях і раманах назіраецца вельмі арганічнае зліццё аб'ектыўнай карціны вайны і напружаных духоўных драм, трагічнасці перажыванняў людзей. Аб'ядноўвае гэтых празаікаў агульны пафас творчасці — імкненне паказаць маральны дух народа ў час гістарычнай драмы, прасачыць, як у барацьбе з жорсткімі абставінамі ідзе выпрабаванне кожнага чалавека паасобку і чалавечых калектываў, ацаніць псіхалогію чалавека з пункту гледжання народнай маралі і прынцыпаў сацыялістычных нормаў жыцця. Увабраўшы вопыт сваіх папярэднікаў і ў беларускай, і ў іншых літаратурах братніх рэспублік, пісьменнікі гэтыя побач з раскрыццём карэнных праблем маралі паказваюць і канкрэтныя гістарычныя рэаліі народнага жыцця, плённа працягваючы такім чынам нацыянальную беларускую стылёвую традыцыю.

Гаворачы пра традыцыі, неабходна адзначыць, што па-новаму было засвоена пісьменнікамі так званага другога пасляваеннага пакалення многае з творчасці К. Чорнага, асабліва ваеннага часу. Цікавасць да Чорнага ў маладых мастакоў была выклікана неабходнасцю ўсвядоміць вайну з этычнага пункту гледжання, пад знакам сучасных канцэпцый маральнага вопыту мінулага. Ваенныя творы К. Чорнага пабудаваны на антытэзе паміж гуманізмам і антыгуманізмам, паміж недаверам да чалавека і верай у яго, паміж дабром і злом. Гэтая іх галоўная ідэйная накіраванасць дапамагла пісьменнікам наступных пакаленняў разабрацца ў пачуццях і адчуваннях свайго ваеннага маленства і юнацтва з пазіцый гуманістычнага разумення вайны і чалавека на вайне, дапамагла зразумець значэнне дабраты, душэўнай цеплыні для выхавання чалавека, пазбаўленага простых чалавечых радасцей.

Дзеці з абкрадзеным дзяцінствам — адна з галоўных тэм творчасці позняга Чорнага. Пісьменнікі другога пасляваеннага прызыву яшчэ больш паглыбілі тэму, якая стала на нейкім этапе і для іх галоўнай, але надалі ёй яшчэ большы драматызм, бо гаварылі пра перажытае асабіста. У ваенных творах К. Чорнага многія сітуацыі драматычныя, але некалькі ўмоўныя, што было выклікана яго не вельмі дасканалым веданнем ваеннай абстаноўкі на Беларусі. Важнейшымі ў Чорнага становяцца канцэпцыя гуманістычная, замілаванне душэўнымі адносінамі сваіх герояў, напрыклад, Волечкі і Кастуся ў «Пошуках будучыні». Чорны пазбягаў апісваць смерць на вайне, але адчуваючы яе бязлітаснасць і непазбежнасць, сцвярджаў жыццё, праслаўляў тое ў адносінах людзей, што не мог парушыць фашызм, што аказалася адзіна сапраўдным. Пад уплывам чорнаўскай паэтыкі ванных часоў фарміраваўся ў нечым і стыль В. Быкава з яго паэтыкай асацыяцый, недагаворанасці, з яго ёмістай псіхалагічнай дэталлю, якая стварае не карціну, а настрой, раскрывае стан чалавечай душы ў той ці іншай, часцей драматычнай сітуацыі. Стыль В. Быкава аказаў уздзеянне на ўсю савецкую ваенную літаратуру.

Сапраўды трагічнае гучанне набываюць творы, напісаныя, як правіла, па ўласных успамінах, напрыклад, «Апошнія і першыя» Б. Сачанкі, «Лонва», «Тартак», «Найдорф» І. Пташнікава, «Салодкія яблыкі» В. Адамчыка, «Бульба» І. Чыгрынава, «Адзін лапаць, адзін чунь» М. Стральцова і некаторыя іншыя. Праўда, Пташнікаў стараецца не падкрэсліваць, што гаворка ідзе пра яго асабістае, перажытае, але ясна, што ўбачанае, адчутае, а потым і асэнсаванае пакінула глыбокі адбітак у душы пісьменніка. Наогул ацаніць сёння зробленае многімі беларускімі пісьменнікамі немагчыма без уліку іх дзіцячага вопыту ваенных гадоў.

Да гадоў ваеннага і пасляваеннага дзяцінства звяртаецца І. Пташнікаў у апавяданнях «Алені», «Алёша», «Бежанка», якія неабходна разглядаць як зыходныя для разумення ідэйных і эстэтычных імкненняў аўтара на другім этапе творчасці. Пачаўся новы адлік па шкале каштоўнасцей. У вобразах Алёшы, Ірынкі чытач раптам убачыў фактычна першыя ў пташнікаўскай творчасці сапраўды запамінальныя станоўчыя характары. Героіка і прыгажосць няхай невялікіх, але подзвігаў раскрываецца на такіх вобразах. Гэта маленькі Алёшка, які ўвесь засяроджаны на думках аб блізкіх, аб галоднай і хворай маці, аб бацьку, якому так хочацца пачытаць на фронце пісьмы з дому. Гэта 12-гадовая Ірынка з апавядання «Алені», якая цягнецца да нечага высокага, светлага, рамантычнага, у ёй жыве прага любві, імкненне да абароны прыгожых і бездапаможных істот. І ў душы героя апавядання «Бежанка» таксама тоіцца першае, яшчэ сарамлівае, пачуццё любві. У гэтых лепшых пташнікаўскіх апавяданнях духоўнасць герояў, чысціня, прыгажосць іх успрыняцця жыцця, нягледзячы на яго цяжкасці, супрацьпастаўлены жорсткасці, цынізму, смерці. І калі ў першым зборніку «Зерне падае не на камень» пераважала эмацыянальная атмасфера паэтычных адносін да жыцця самога аўтара, то ў вышэйназваных творах пісьменніку ўдалося, «хаваючыся» самому, стварыць такую хвалюючую мелодыю, якая найбольш адпавядала іменна дзіцячым рамантычна-ўзнёслым адносінам да свету.

Стыль у многім вызначаецца «вобразам апавядальніка», ці, інакш кажучы, пазіцыяй і характарам асобы, ад імя якой ідзе гаворка. Гэта па сутнасці тое, што многія пісьменнікі і даследчыкі літаратуры называюць асноўным тонам твора. Тон па-мастацку замацоўвае манеру літаратара гаварыць, успрымаць свет, урэшце склад розуму і пачуццяў пісьменніка. Асноўны тон твораў І. Пташнікава ў цэлым аб'ектыўны, а аўтарскае «я» настолькі аб'ёмнае, што ўмяшчае, ў сабе і погляд, «голас народа», які чуцён у мастацкім тэксце.

У апошнія гады ў беларускай прозе намеціўся ў многім новы тып адносін мастацтва да рэчаіснасці: не толькі сацыяльна-псіхалагічны разрэз жыцця, а і філасофска-лірычнае яго асваенне. У поўнай меры гэтая тэндэнцыя прасочваецца ў творчасці І. Пташнікава, І. Чыгрынава, М. Стральцова, але праяўляецца яна ў кожнага з пісьменнікаў у своеасаблівай, спецыфічнай аўтарскай манеры.

Схільнасць да філасафічнасці выявілася ў І. Пташнікава не адразу. Творчае развіццё самога пісьменніка, агульныя тэндэнцыі часу прывялі да неабходнасці ўдакладнення і глыбейшай дыферэнцыяцыі вясковых характараў на розных гістарычных этапах развіцця сацыялістычнага грамадства. Пошук характараў, якія ўвасобілі б этычны ідэал пісьменніка, пошук дабраты, прыгажосці, сумлення, нязломнасці перад выпрабаваннямі, працавітасці, знітаванасці з прыродай і іншых чалавечых, нацыянальных, сацыяльных каштоўнасцей, вынесеных пасля самай жорсткай вайны ў гісторыі, пачаўся ў апавяданнях «Алёша» і «Алені», якія з'явіліся падыходам да аповесці «Лонва» з яе гуманістычнымі, сцвярджальнымі інтанацыямі.

У сапраўднага пісьменніка кожны элемент мастацкай формы нясе адпаведную сэнсавую нагрузку, з'яўляецца нібы «ячэйкай» мастацкай думкі. Не цяжка заўважыць, што амаль усе назвы твораў І. Пташнікава — гэта ўласныя імёны, часцей за ўсё тапанімічныя назвы: «Чакай у далёкіх Грынях», «Лонва», «Тартак», «Мсціжы», «Найдорф». К. Чорны ў ваенных сваіх творах таксама называў многа імёнаў людзей, геаграфічных назваў, сцвярджаючы гэтым любімае, тое, што ганьбілася акупантамі. Прывязанасць І. Пташнікава да сваёй «малой Радзімы» таксама сведчыць пра яго жаданне ўзвысіць свой народ, пра яго грамадзянскую адказнасць перад землякамі. Паказваючы іх і свой куток Беларусі, Пташнікаў у канкрэтным выяўляе агульначалавечае, важнае для ўсіх людзей. У. І. Ленін пісаў: «Багацей за ўсё самае канкрэтнае і самае суб'ектыўнае. Індывідуальнае заключае ў сабе як бы ў зародышы бясконцасць». Вось гэта сваё вельмі канкрэтнае і суб'ектыўнае Пташнікаў паказвае аб'ектыўна, і для чытача геаграфія яго твораў раскрываецца паступова, але вельмі натуральна. Акрамя таго, невядомая чытачу тапаніміка можа нешта сказаць нават сваім фанетычным гучаннем: «Тартак» і «Найдорф» успрымаюцца як выбух, «Мсціжы» — нібы запрашэнне да роздуму, «Лонва» выклікае пачуццё пяшчоты, мяккасці, замілавання.

У аповесці «Лонва» пануе настрой святла, ціхай радасці, якая апанавала і прыроду, і людзей пасля страшных ваенных выпрабаванняў. Усё стамілася ад жорсткасці, ад агню, ад смерці. І ўсё ж нельга забыць мінулае, усё вакол — напамінак пра нядаўнюю вайну, якая трагічным водгуллем увесь час гучыць у аповесці. І асабліва страшная, недарэчная смерць Юркі пасля ўсяго таго хараства, што адкрылася яго душы.

«Лонва» вызначаецца яшчэ сярод іншых твораў І. Пташнікава тым, што тут своеасаблівы сімбіёз традыцый К. Чорнага і Я. Коласа. У паэтычным, лірычным, нават пантэістычным успрыняцці прыроды адчуваюцца коласаўскія прыродаапісальныя інтанацыі. Апалітызм у паказе чалавечых пачуццяў, адчуванняў — у многім ад К. Чорнага. Нельга не заўважаць своеасаблівага, вельмі складанага і часам нават парадаксальнага праламлення традыцый розных літаратур у творчасці пісьменнікаў сярэдняга пакалення. Розныя па стылі, яны праяўляюць цікавасць да розных элементаў, розных асаблівасцей творчасці класікаў сусветнай, рускай, беларускай і іншых нацыянальных літаратур. Але галоўнай з'яўляецца беларуская нацыянальная традыцыя, якая ва ўсёй шматграннасці сваіх аспектаў прайшла складаны шлях развіцця. Прасякнутая моцным сялянскім каларытам, беларуская нацыянальная стылёвая традыцыя вымагала ад пісьменнікаў мастацкага пранікнення ў самыя глыбіні народнага быцця, але ў самім характары такога пранікнення, выбары жыццёвага матэрыялу ў кожнага з мастакоў адчуваецца вельмі індывідуальнае бачанне свету, свой арыгінальны стыль.

У творчасці пісьменнікаў сярэдняга пакалення традыцыі папярэднікаў праяўляюцца не ў паўтарэнні творчых прыёмаў, а ў сваіх, больш-менш сталых адносінах да жыццёвага матэрыялу. Характар гэтых адносін залежыць ад творчай індывідуальнасці, своеасаблівасці таленту пісьменніка, яго жыццёвага вопыту і праяўляецца ў стылі, мове, у выкарыстанні адпаведных мастацкіх сродкаў. Безумоўна, нельга не згадзіцца з агульнапрынятай думкай (і мы адзначалі гэта вышэй), што В. Быкаў, І. Пташнікаў, Б. Сачанка, А. Адамчык і іншыя беларускія пісьменнікі «ўскормлены» лепшымі чорнаўскімі традыцыямі ў іх сучаснай інтэрпрэтацыі. Але той жа Пташнікаў з яго вострым успрыняццем чалавечых недахопаў, з яго раннечорнаўскай цікавасцю да тонкіх душэўных імпульсаў у чалавеку адначасова вельмі паэтычны ў адносінах да роднай прыроды, да зямлі, ён канкрэтны ў лірычным, нават інтымным, і лірычны ў канкрэтным. Гэта якасць аналітыка. А вытокі лірызму, відаць, перш за ўсё — у яго мастацкай памяці, у адчуванні сваёй блізкасці да зямлі, да родных мясцін. Лірызм — вельмі арганічны паказчык таленту, і не будзе памылкай лічыць, што ён нараджаецца тады, калі будучы пісьменнік яшчэ сам не разумее, ад каго і чаму ён вучыцца, што становіцца неад'емнай часткай яго творчай індывідуальнасці.

У І. Пташнікава ёсць агульныя рысы з паэтыкай Я. Коласа. Стыль пісьменніка залежыць як ад яго характару, так і ад асаблівасцей таго, што ён апісвае. Агульнасць паэтыкі Я. Коласа і І. Пташнікава можна вытлумачыць іх адной нацыянальнасцю, адным прыродным, геаграфічным акружэннем. Але неабходна ўлічваць і ўласна літаратурны фактар. Традыцыі Я. Коласа, шырока вядомага і найбольш даступнага з ранняга дзяцінства, убіраюцца таленавітымі натурамі ў адрозненне ад традыцый К. Чорнага хутчэй падсвядома, чым свядома. Такая думка можа выклікаць пярэчанне ў тым сэнсе, што ўвогуле мастацкія традыцыі, якім наследуе той ці іншы пісьменнік, не выбіраюцца, а з'яўляюцца непрыкметным для самога аўтара стылеўтвараючым фактарам. Але гэта не заўсёды так. Як вядома, А. Фадзееў у сваім «Разгроме», «Апошнім з Удэгэ» свядома, з самага пачатку выкарыстоўваў традыцыі Л. Талстога. Відаць, тое ж можна сказаць пра традыцыі К. Чорнага ў пісьменнікаў другога пасляваеннага пакалення. У якасці настаўніка многія з іх свядома выбралі К. Чорнага, таму што яго адносіны да чалавека, яго драматызм, яго вялікая нянавісць да фашызму імпанавалі, адпавядалі таму душэўнаму настрою, з якім пісалі А. Адамовіч, І. Пташнікаў, Б. Сачанка, В. Адамчык і іншыя пра ваенныя выпрабаванні беларускага народа.

Па характару таленту, скажам, І. Чыгрынаў больш падобны на Я. Коласа, І. Пташнікаў — на К. Чорнага. Але ў паэтычным свеце І. Пташнікава, зноў жа падкрэслім, многа агульнага з паэтыкай Я. Коласа. Гэтая агульнасць, відаць, ідзе ад глыбіннага, вельмі арганічнага адчування Я. Коласа як паэтычнай радзімы. Як у многіх пісьменнікаў-эпікаў, лірызм І. Пташнікава праяўляецца як настрой, як пафас, асабліва ў апісаннях прыроды. Слушна заўважыў В. Каваленка: «Адметная асаблівасць пейзажаў І. Пташнікава — моцная эмацыянальная іх афарбоўка».

Стыль — паказчык своеасаблівасці бачання свету, вынік аўтарскага светаадчування, яго адбітак, у якім усе элементы звязаны і залежаць адзін ад аднаго. Як «абагульняючы прынцып формы», стыль выяўляе характар заўсёды цэласна. Таму можна сказаць: «Пакажы, як ты апісваеш прыроду, і я табе скажу, што ты думаеш пра людзей».

Рэалізм І. Пташнікава, як і рэалізм Я. Коласа, пачынаўся нават не з адлюстравання, а яшчэ з успрыняцця свету. Ступень жа актыўнасці такога ўспрыняцця не толькі вызначае меру таленту мастака, але і асаблівасці яго стылю.

Пакуль што недасягальным узорам у беларускай літаратуры з'яўляецца коласаўская чысціня мелодый і яснасць, празрыстасць стылю, у аснове якой — «ідэал гарманічнай чалавечнасці». Так, карыстаючыся словамі даследчыка А. Чычэрына, можна назваць светаўспрыняцце Я. Коласа. «Гарманічная чалавечнасць» у нашым разуменні — гэта прырода, грамадства, чалавек як аб'екты мастацкага даследавання, кожны з якіх выступае раўнапраўным і ў той жа час шматлікімі сувязямі звязаным з другімі: «...ад тысячы ніцей, з якіх аснована і выткана жыццё і злучана быццё і небыццё — збіраўся скарб...» (Я. Колас).

Цэльнасць успрыняцця свету, а гэта значыць, і эстэтычнае яго ўспрыняцце, характэрнае таксама і для народнай паэтыкі, з усіх твораў Я. Коласа найбольш ярка выявілася ў «Новай зямлі». Стварэнне паэмы было выклікана ў Я. Коласа вельмі складанымі сацыяльнымі, ідэалагічнымі і эстэтычнымі матывамі аб'ектыўнага і суб'ектыўнага характару. Таму ў «Новай зямлі» выразна выявіўся стыль Я. Коласа, у паэме знайшлі ўвасабленне самыя адметныя асаблівасці коласаўскай індывідуальнасці. Поліфанізм, гарманічнасць стылю, яснасць і стройнасць рытму робіць «Новую зямлю» адным з лепшых твораў савецкай літаратуры.

Сучасная навука экалогія вывучае сувязі ўсяго жывога ў прыродзе. Гарманічную зладжанасць існавання жывых істот народ усведамляў здаўна. Цэласнасць коласаўска-пташнікаўскага, як і народна-паэтычнага ўспрыняцця свету, тлумачыцца гармоніяй самой рэчаіснасці, і гармонія гэта праяўляецца ва ўсіх сферах народнага жыцця.

Я. Колас здолеў паказаць нацыянальнае ў характарах сваіх герояў у многім дзякуючы таму, што адчуваў іх асяроддзе. Колас умеў бачыць як бы вытокі мастацкай культуры народа ўвогуле, дзе яшчэ спаяна ў адно праца і мастацтва, чалавечае і стыхійна-прыроднае.

Пафасам услаўлення народа прасякнутг паэма «Новая зямля», гэты рэалістычны, канкрэтны па жыццёваму матэрыялу і ў той жа час глыбока філасофскі твор. У аснове філасофіі паэта, у аснове яго рэалізму ляжыць ідэя народнасці, сцвярджэнне народнага пачатку і ў жыцці, і ў мастацтве. Я. Колас паэтызуе народ праз яго быт, праз прыроду, з якой ён зліты ўсім сваім існаваннем і ў якой яго не толькі матэрыяльныя, але і духоўныя вытокі. Цэласнасць адлюстравання чалавека аказваецца ў многім залежнай ад цэласнасці адлюстравання яго асяроддзя.

Мы так многа гаворым пра паэму «Новая зямля», таму што ў ёй — увесь паэтычны свет Коласа, таму што яна, як ніякі іншы твор у беларускай літаратуры, вучыць любіць жыццё, бачыць яго прыгажосць, вучыць любві да Радзімы, да народа. Я. Колас імкнуўся да стварэння гарманічных вобразаў, да найбольшай паўнаты ў адлюстраванні чалавека і ўсяго, з чым звязана яго жыццё.

Многае з коласаўскай паэтыкі ўспрынялі сучасныя пісьменнікі, у прыватнасці І. Пташнікаў. У Пташнікава любоўнае і вельмі канкрэтнае адчуванне прыроды, уменне ўзнавіць яе фарбы, гукі, пахі, якія трымае мастак у падмяці, прывесці ў творы да мастацкага цэлага, захоўваючы адначасова жыццёвую канкрэтнасць, і звязаць з іншымі мастацкімі кампанентамі твора. І. Пташнікаў, як і яго вялікі настаўнік, праз пейзаж выяўляе сваё пачуццё Радзімы, сваю любоў да яе, праз прыроду імкнецца зразумець навакольны свет і людзей. Такім чынам, пейзаж у Пташнікава падпарадкаваны аўтарскай канцэпцыі, ён арганічна суадносіцца з асноўнай стылёвай сістэмай пісьменніка і выконвае складаную функцыю мастацкага стварэння адзінай плыні быцця.

Як і ў Коласа, героі І. Пташнікава не сузіраюць прыроду, а жывуць у прыродзе, яна ўдзельнічае ў фарміраванні духоўнага свету чалавека. Пачынаючы з апавяданняў зборніка «Сцяпан Жыхар са Сцешыц», пейзаж становіцца ў Пташнікава люстрам жаданняў, пачуццяў і думак чалавека, стану яго душы, дадзеных у эмацыянальным адлюстраванні праз карціны прыроды. Тут наогул існуе дыялектычная сувязь. Калі ў першых творах не было ярка акрэсленых характараў, то і пейзаж выглядаў чужародным элементам, існаваў як быццам толькі для таго, каб паказаць майстэрства аўтара яго ствараць. Аднак са з'яўленнем больш-менш закончаных характараў, таго ж Алёшкі ці Ірынкі, вобразы прыроды арганічна дапаўняюць, раскрываюць чалавечыя вобразы. Пейзаж дапамагае праявіцца нейкім асаблівым рысам душэўнага жыцця чалавека. Акрамя таго, насычанасць пейзажнымі малюнкамі твораў І. Пташнікава можна тлумачыць і як жаданне пісьменніка пашырыць межы чалавечага, паказаць паўнату рэчаіснасці, усё тое, што так ці інакш тлумачыць і дапаўняе воблік чалавека.

У эпоху бурнага развіцця навукі і тэхнікі, смелага пранікнення ў таямніцы прыроды, наступлення на прыроду набывае новае гучанне праблема ўзаемаадносін яе з чалавекам. Сёння яна ўспрымаецца асабліва востра. Калі пісаў «Лонву» ды і пазнейшыя творы І. Пташнікаў, праблема ўжо наспела, але яшчэ не выкрышталізавалася. Аднак паказваючы ў лепшых традыцыях рускай і беларускай класічнай літаратуры непераходзячую прыгажосць прыроды, яе арганічную сувязь з чалавекам, Пташнікаў, відаць, ужо тады адчуваў небяспеку, таму палемічна завастраў некаторыя моманты.

Як правіла, і гэта добра відаць у Я. Коласа, паказ адзінства чалавека і прыроды нараджае гуманістычную пранікнёнасць вобразаў таго ці іншага твора. Галоўнае ў стылі Коласа —прастата, чалавечнасць, яснасць. Колас у адрозненне ад К. Чорнага яшчэ не спыняецца на канфлікце паміж унутраным і знешнім, паміж рацыянальным і эмацыянальным.

Уменне бачыць у простым, звычайным сапраўды паэтычныя рысы, здольнасць раскрыць духоўнае багацце простага чалавека, чалавека працы, паказаць яго маральную прыгажосць, а таксама хараство навакольнай прыроды — ва ўсім гэтым і можна бачыць блізкасць І. Пташнікава да Я. Коласа. Зноў жа падкрэслім, што тут падабенства не прыёмаў, не стылю, а агульнага светабачання.

Прыгажосць коласаўскага стылю была навеяна прыгажосцю навакольнай прыроды. Праўда, беларуская прырода ў адрозненне ад прыроды поўдня — не яркая, не дэкаратыўная, але яна нечым прыцягвае да сябе. Беларускі пейзаж схіляе да роздуму, да самапаглыблення, да філасофскага погляду на жыццё. Найбольш тонка гэта асаблівасць беларускай прыроды была ўлоўлена, на нашу думку, іменна І. Пташнікавым. Імкнучыся паслядоўна, падрабязна перадаць адценні, этапы спасціжэння героямі навакольнага свету, пісьменнік выяўляе і схільнасць да сімвалу, да абагульнення.

У розных творах І. Пташнікава сувязі чалавека з прыродай розныя, ды і ўспрыняцце яе самім пісьменнікам неаднолькавае. У апавяданні «Алені» першая сустрэча з хараством для гераіні — гэта першы ўрок дабра і любві. У «Лонве» і «Мсціжах» прырода — і фон, і аб'ект чалавечай працы. Яна ж узбуджае пачуцці людзей, наводзіць іх на роздум. Але калі ў «Лонве» яшчэ пераважае лірычна-ўзнёслае ўспрыняцце асяроддзя, то ў «Мсціжах» выяўляецца, калі можна так сказаць, «аграрна-філасофскі» (А. Чычэрын) погляд на зямлю.

Апалітычнасць пташнікаўскага стылю вымагае паказу адначасовасці — зрокавага, слыхавая, асязальнага і абаняльнага — успрыняцця прыроды героямі. Гэта стварае складаныя канструкцыі і перыяды.

Юрку Даліне з «Лонвы» кожная жыццёвая з'ява напамінае пра ваеннае мінулае і дапамагае зноў і зноў адчуць радасць жыцця, радасць духоўнай блізкасці да Жэнькі, яго першага сарамлівага кахання, да Завішнюка, на якога хочацца быць падобным. Калі ідзе Юрка па лесе ў дзень сваёй смерці, усё, што сустракаецца яму, набывае і для яго, і для чытача нейкае асаблівае значэнне: «Ля імшары халадок, пахне балотам і вадой, але на дарозе суха. Шамчыць пад нагамі сівы мох, і ўцякаюць з вачэй, хватка ўразаючы, рудаватыя яшчаркі. У старых, выбітых калясьмі калдобінах тут растуць грыбы-чашчавікі, на тонкіх і высокіх ножках, і зайцавы баравікі — зялёныя, як альховае лісце». Адкрыццё свету ў зрокавых, пластычных вобразах, перадача рэчавасці асяроддзя — аснова паэтыкі І. Пташнікава. Часам свабода асацыятыўных пераходаў ад аднаго назірання ці роздуму да другога набліжае манеру пісьма да «плыні свядомасці». Напрыклад, грыбы напамінаюць Юрку, што іх топчуць браканьеры, і тут жа ўспамінаецца, як смешна Завішнюк адахвоціў іх ад гэтага месца, напісаўшы на кавалку фанеры: «Заминировано! Проезд в Сырницу закрыт!» Яны тады ўсе смяяліся над палахлівымі браканьерамі, але сама па сабе такая аб'ява — характэрная прыкмета таго часу: менавіта на тым месцы і падрываецца пазней Юрка.

Псіхалагічны аналіз у «Лонве», як і ў пазнейшых творах, ідзе побач з падрабязным выпісваннем канкрэтнай рэчавасці асяроддзя, якая абуджае псіхічны настрой героя. Вось Завішнюку ўспомнілася, як ён упершыню прыйшоў у Мсціжаўскі лес. Гэта было раніцай, вясной: «Лес быў ціхі-ціхі, горды, як на Алтаі, да якога Завішнюк прывык...

Падымалася сонца, зыркае, як нагрэты ў печы камень, якім у кадзе грэюць ваду. Збіралася духата, парыла перад дажджом, падсыхала зямля... І тады Завішнюк убачыў, як па сасновых камлях з зямлі падымаецца пара і паўзе ўгару... Падымаецца, кратаецца, дрыжыць, што дым, ля кожнай сасны...

Зямля тлее, здалося яму тады. Такога ён яшчэ не бачыў...»

Крытыкі неаднаразова папракалі І. Пташнікава, што часам ён неапраўдана падрабязны, залішне расквечвае стыль. Што датычыць першых твораў, то гэта справядліва — рэфлексіі герояў і рэчавая рэальнасць былі адарванымі адна ад адной структурамі, таму многія падрабязнасці здаваліся проста непатрэбнымі. Але ў «Лонве» і пазнейшых творах канкрэтныя рэаліі асяроддзя ўдзельнічаюць у псіхааналізе. Так, Пташнікаў даходзіць да ісціны няхай складаным, але адзіна магчымым шляхам — праз скрупулёзнае даследаванне характараў герояў, праз дакладнасць і канкрэтнасць рэчыўнай фактуры, праз праўду сітуацый і абставін.

Дэталізацыя ў І. Пташнікава — выяўленне яго пісьменніцкага светабачання. Вобраз у яго шматпланавы, у ім адчуваецца завершанасць, ідэйная ёмкасць і адначасова маляўнічасць.

Юрка Даліна, Завішнюк, вёска Лонва і зямля, якая тлее яшчэ ў сумна-радасным 1946 годзе,— галоўныя героі аповесці.

Філасафічнасць твора вымагала сімвалічнасці многіх вобразаў.

У паэтыцы Я. Коласа «прыродныя» вобразы набліжаюцца да вобразаў, так сказаць, «чалавечых» і нават узвышаюцца да алегорыі («Казкі жыцця», алегарычныя ўстаўныя навелы ў паэмах). Пікавую думку наконт гэтага выказаў мастацтвазнаўца В. Альфонсаў: «Прырода яшчэ да чалавека ўжо несла ў сабе чалавека, і ў гэтым сэнсе ён «вечны» ў мінулай сваёй гісторыі». А калі так глядзець на прыроду, любіць і разумець яе — лягчэй будзе і разумець чалавека, быць бліжэй да яго.

У сваіх вобразах-сімвалах Пташнікаў імкнецца дасягнуць коласаўскай алегарычнасці, але ў Коласа сімвал мае большае філасофскае напаўненне. І. Пташнікаў жа паглыбляецца ў асацыятыўнасць адчуванняў. Сэнс кожнага сімвалу глыбокі, шматзначны, але, бывае, нялёгка «выходзіць» за ўласныя межы. Кожны сімвал, выпісаны сам па сабе канкрэтна і дэталёва, выклікае падсвядомае перажыванне, якое разумова асэнсоўваецца не адразу, але ў рэшце рэшт выяўляе часта значна большае, чым здаецца ў пачатку, часам адну з ідэй твора, напрыклад, вобраз сасны ў «Лонве», якая, здавалася, «і расла толькі дзеля таго, каб залечваць усё жыццё раны». Параненая сасна плача жыватворнай жывіцай і — прадаўжае жыць. Таксама, як і народ, што вынес неверагодныя пакуты і выстаяў, таксама, як і старая Грасыльда, якую вайна пазбавіла асабістага шчасця і якая тым не менш з адданасцю дапамагае людзям. Дарэчы, у «Рускім лесе» Л. Ляонава таксама ёсць вобраз сасны, які ўзвышаецца да сімвалу. Са стогнам, на вачах у кампазітара П. І. Чайкоўскага, гіне сасна ў «Аповесці аб лясах» К. Паўстоўскага. Паэтычны вобраз сасны праходзіць і праз раманы І. Навуменкі.

У І. Пташнікава, як ужо адзначалася, сімвалічнымі становяцца і назвы, прычым яны па-рознаму абыгрываюцца ў творах: «Ад лесу відаць была добра ўся Лонва — стаяла на шырокіх і цвёрдых тут грудзях зямлі; здавалася, яе ніхто не можа зрушыць з пагор'я і сапхнуць да ракі, дзе ніжэй, дзе лог і балота; здавалася, яна прырасла тут навек да зямлі, і зямля без яе — не зямля, і лес без яе — не лес...» Адзін з галоўных персанажаў аповесці Завішнюк часта і падоўгу думаў, што значыць Лонва: «Калі ён доўга думаў, яму тады здавалася, што Лонва — гэта ранішняя зара на ўсходзе; што гэта — прастор з яго лясамі і рэкамі, з яго нагор'ямі і балотамі; што гэта — сонца на захадзе, калі барвовае ў вячэрняй летняй і асенняй цішыні ўсё неба, а далёка, як даступна вачам,— сінеча... Густая, што дым...»

Шэраг разлічана расстаўленых вонкавых падрабязнасцей, якія набываюць усё большае сімвалічнае значэнне, набліжаючыся да кульмінацыі аповесці, перадаюць увесь жах, недарэчнасць Юркавай смерці.

Эскіз дзесяты (аповесць падзяляецца не на раздзелы, а на эскізы) поўнасцю прысвечаны Юрку. Пачынаецца ён радасна, лёгка. Юрка ўвесь час думае пра Жэню, пра Завішнюка. Па сутнасці, некалькімі штрыхамі пісьменнік перадае ўсё Юркава жыццё, яго ўнутраны свет, надзеі, імкненні, мары. Пісьменнік прасочвае кожны Юркаў крок па балоце, па імшары і дакладна паказвае, што яму трапляецца па дарозе, што выклікае яго думкі і ўспаміны.

Разважанні Юркі часам па-дзіцячы наіўныя, часам засмучоныя. Бывае, прарываюцца ў яго цяжкія, змрочныя ўспаміны пра вайну, хоць, здавалася б, у дзяцінстве ўсё забываецца лёгка, але толькі не тое, што перажыў Юрка. «На хвіліну якую Юрка ўспомніў, як яго схапілі дрыжыкі, калі ён, едучы з Разіна на Смыку, убачыў дым над сваёй хатай... Тады таксама было цёпла, а яго хапілі дрыжыкі. Ён яшчэ дрыжаў і ў хляве на сене — у тую ноч, як была вечарынка ў Палёхі, калі яму сасніўся паліцай, што страляў яго на загуменні». Пасля змрочных успамінаў Юрку цягне паглядзець на сонца, якое ён вельмі любіў, і яму адразу станавілася хораша: «...Падумаў яшчэ, што яго чамусьці вунь як цягне паглядзець на сонца. Зірнуў на сонца — і цягне цяпер. Сонца такое — да сябе ўсё цягне...»

Юрка робіць разам з Жэняй, таксама памочніцай Завішнюка, сваю работу, а напружаныя думкі, успаміны не пакідаюць яго. Усё добра, пакуль ён не правальваецца ў балота. Гэта — нібы перасцярога... Чытач насцярожваецца. Потым узнікаюць тужлівыя, журботныя ноткі. «У бары гарачая зямля — аж гарыць, здаецца» — з такой шматзначнай фразы пачынае нарастаць трывога. Усё, што акружае Юрку, больш і больш напамінае яму пра вайну. Страшны яго сон-успамін пра блакаду яшчэ больш накаляе атмасферу, як паветра — далёкая навальніца, што ідзе ад Лонвы. «І калі грымела, не сціхаючы, далёка на Мсціжах, ён, Юрка, уздрыгваў і са страху кідаў туды позірк, сам не ведаючы чаму». І далей: «ён не ведаў, чаму цяпер не мог супакоіцца, суцішыцца ні на хвіліну. Здавалася, калі правальваліся ногі, ляціш аж на той свет... ён думаў, што ніколі так не баяўся балота...»

У «Лонве» больш, чым астатніх творах пісьменніка, пейзажныя вобразы ўдзельнічаюць у агульнай стылёвай сістэме твора. Прычым кампазіцыйна стыль "рэгуліруе" кантрастная вобразнасць. Яснасць, празрыстасць чысціня неба, паветра, лесу вызначаюць мелодыю гэтай аповесці. Тыя ж якасці - яснасць чысціню - пісьменнік адкрывае ў людзях, што жывуць у вёсцы Лонва, на ўсёй беларускай зямлі. Але на гэтай зямлі нядаўна былі чужынцы, гарэла яна, пакутавала. Не выпадкова Юрка - трагічны вобраз - больш чым Завішнюк іншыя героі аповесці, раскрываецца у яднанні з прыродай. Кожная рыса пейзажу кожны грыбок, брусніца выклікаюць у яго мноства самых разнастайных думак і перажыванняў. Няўхільны паток думак, якія пераходзяць адна у другую, здаецца, па незразумелых асацыятыўных сувязях, мае сваю логіку, «працуе» на ідэю. Як і К. Чорны, І. Пташнікаў у псіхалагічным аналізе выкарыстоўвае аўтарскую інтраспекцыю паслядоўна назірае за перажываннямі сваіх герояў, захоўваючы аб ектыунасць і знешнюю бясстраснасць. Пранікненне ва узаемаадносіны чалавека і грамадства чалавека і прыроды прыводзіла, як вядома, Чорнага да стварэння адметнага ў беларускай літаратуры філасофска-інтэлектуальнага стылю. І. Пташнікаў таксама аналітычна расчапляе кожную з яву, нібы агаляе яе малекулярную структуру.

Юрка ў многім падобны на герояў-дзяцей у ранейшых апавяданнях І. Пташнікава - на Алешку, Ірынку. Толькі бачыў і перажыў Юрка значна больш, таму пасталеў раней, ён ужо не дзіця, але яшчэ і не дарослы. Перажытае не зрабіла яго жорсткім, як і Грасыльду. Летуценнік Юрка з яго марамі, з яго духоўнай чысцінёй, з яго сарамлівым дзіцячым каханнем да Жэні — адзін з самых абаяльных вобразаў ва ўсёй творчасці І. Пташнікава.

У 60-я гады павысілася цікавасць пісьменнікаў да тэмы «дзяцінства на вайне», прычым тэма гэтая пачала раскрывацца пад знакам агульнай для ўсёй сучаснай літаратуры праблемы даследавання маральных вытокаў нашай перамогі. Вайна вачыма падростка, дзіцяці ўспрымаецца вастрэй і страшней. Многа з'явілася твораў на падобную тэму. І тут не мода, а ўнутраная патрэба выказацца ў пакалення, якое перанесла вайну ў раннім узросце. У беларускай літаратуры можна назваць «Апошнія і першыя» Б. Сачанкі, «Алёшка», «Тартак», «Лонва», «Найдорф» І. Пташнікава, «Салодкія яблыкі» В. Адамчыка, «Суд у Слабадзе» В. Казько і інш. Пісьменнікі, якія ў час вайны былі дзецьмі, у 60-я гады сталі самым актыўным пакаленнем. А дзеці ў іх творах часта не проста ахвяры фашызму, але і змагары супраць яго. Выхаваныя савецкай уладай, яны так жа, а часам нават з большай сілай, чым дарослыя, ненавідзяць ворагаў. Галоўнай тэмай такіх твораў становіцца тэма маральнай непераможнасці савецкага народа.

У творах І. Пташнікава, асабліва у апошніх, знайшлі адлюстраванне этычныя ідэалы пісьменніка, прычым раскрываюцца яны з твора ў твор у нейкім новым ракурсе, па-рознаму псіхалагічна абгрунтоўваюцца. Кожны твор І. Пташнікава — нібы ступенька да наступнага твора, многія ідэі, тэмы, вобразы, атрымаўшы заяўку ў адным творы, знаходзяць сваё далейшае, паўнейшае ўвасабленне ў другім. Пераканаўча прасочвае сувязь «Лонвы» і «Тартака» В. Палтаран у сваім цікавым артыкуле «Чалавек на вятрах часу»: «Выбух снарада, якім забіла Юрку, як бы ўзарваў адначасова— цяпер ужо да самага дна — і той «выбуховы» жыццёвы матэрыял, які захоўваўся ў душы і памяці з вайны, даўшы яму новае, шырокае рэчышча. Да і сама мастацкая мадэль аповесці «Тартак», яе форма... Ці не памроілася яна пісьменніку ў тым эпізодзе «Лонвы», дзе Юрка Даліна, завёзшы нарыхтоўку ў Разіна, вяртаецца на сваім Смыку дадому і бачыць з гары, як расцягнуліся ўперадзе падводы старога Тодарчыка, Сідаркі, Валуйка... Ці не памроілася яна, гэтая форма, калі ўлічыць кінематаграфічнае ў многіх выпадках бачанне Івана Пташнікава, яго добрую эмацыянальную памяць?»

Крышталізацыю пташнікаўскага стылю можна лічыць закончанай у аповесці «Тартак», творы, дзе найбольш поўна раскрылася сутнасць папярэдніх ідэйна-эстэтычных і маральна-этычных пошукаў пісьменніка.

Аповесць «Тартак» — адна з нешматлікіх у беларускай літаратуры, што паказвае вайну як бы знутры, не ў баявых эпізодах, не ў аперацыях партызан, а ў будзённым і ўсё ж вельмі страшным жыцці мірнага насельніцтва ў час акупацыі. Сюжэт «Тартака», на першы погляд лакальны (як заўсёды ў Пташнікава), нясе важную і высокую філасофскую, гуманістычную ідэю. Жыццё і смерць, чалавек на вайне, грамадская каштоўнасць чалавечага жыцця — гэтыя праблемы асабліва моцна цэментуюць змест і форму, ідэі і стыль. У аповесці сцвярджаецца неўміручасць, неадольнасць жыцця, чалавек тут выступае як носьбіт вышэйшай формы гістарычнай актыўнасці. Іменна таму будзённасць, скрупулёзная канкрэтнасць у абмалёўцы рэалій, што акружаюць чалавека, і саміх чалавечых думак і перажыванняў мае прынцыповае значэнне. Дэталізаванае ўвасабленне рэчаіснасці, абумоўленае жыццёвым матэрыялам, праблематыкай твора, мэтазгодна, правамерна і ў поўнай меры перадае страшную, трагічную і гераічную праўду тых дзён. Звычайныя, прывычныя, будзённыя дробязі, аб якіх думаюць, пра якія ўспамінаюць сямёра падводчыкаў з вёскі Дальва, на фоне трагічных абставін набываюць сімвалічна-філасофскае гучанне і разам з перыпетыямі сюжэта, узмацняюць драматызм твора. Суб'ектыўна-канкрэтнае, «прыземленае» ўспрыняцце падзей героямі аповесці тоіць у сабе ідэю агульначалавечага, спрадвечнага ўспрыняцця жыцця наогул.

У «Тартаку» асабліва моцна праявілася ўздзеянне К. Чорнага: такі ж напружаны рытм, такая ж цяжкаважнасць фразы, таксама, як і ў Чорнага, гістарычныя выпрабаванні народа становяцца праверкай кожнага асобнага чалавека на сталасць, на здольнасць узняцца над сваёй уласнай прыродай.

Алесь Кучар адзначаў, што ў аповесці не абышлося і без уплыву У. Фолкнера. Сапраўды, Фолкнер, як і некаторыя іншыя сучасныя пісьменнікі, з ярка выражаным імкненнем да стварэння сучаснай міфалогіі, любіў браць, як ён казаў, «групу людзей» і прымушаў іх перажываць нейкія, часцей, прыродныя, катастрофы. І ён так падбіраў сваіх герояў, што з кожным з іх і за ўсімі разам стаіць нібы гіс торыя чалавецтва наогул, як яе разумеў пісьменнік.

Але ж і К. Чорны, як паказаў А. Адамовіч у кнізе «Маштабнасць прозы», у ваенным няскончаным рамане «Млечны Шлях» па сутнасці робіць тое ж, ствараючы на пачатку рамана «біблейскую», пазачасавую сітуацыю. Аднак пра ўплыў Фолкнера на Чорнага не можа ісці гаворкі.

Відаць, характар таленту, характар светаўспрыняцця ў Фолкнера, К. Чорнага і І. Пташнікава недзе ў нейкіх рысах аказаліся падобнымі. Бытавое ў іх змыкаецца з умоўным, будзённае і адзінкавае набывае характар усеагульны, а ўсё гэта разам надае творам агульнафіласофскі сэнс, агульначалавечае гучанне. З гэтых трох пісьменнікаў Фолкнер найбольш «кніжны», найбольш разумовы. Выхаваны на культурных сусветных традыцыях, ён не саромеўся агаляць іх у сваіх творах. І. Пташнікаў ідзе ад праўды жыцця, ад таго, што сапраўды было ў рэчаіснасці, што ён сам перажываў, бачыў, чуў ад сведкаў і што навек для яго засталося болем сэрца. Не работа мозга, як у Фолкнера, а жывая душа, чулае сэрца сапраўды народнага пісьменніка бачыцца, адчуваецца ў творах І. Пташнікава. Прытым гэта пісьменнік вельмі нацыянальны, выпеставаны беларускай нацыянальнай школай, хоць арыгінальны стыль яго абумоўлены перш за ўсё адметным успрыняццем жыццёвага матэрыялу, а потым ужо літаратурнай традыцыяй.

Героі «Тартака», розныя па характарах, узросту, ставяцца ў аднолькавую сітуацыю, перад імі, усімі разам, стаіць праблема выбару. Можа здацца, што якраз тут пісьменнік выкарыстаў рацыяналістычны, эксперыментальны падыход, падказаны У. Фолкнерам, К. Чорным ці В. Быкавым: як будуць у такой сітуацыі трымаць сябе розныя па характарах і жыццёвых пазіцыях героі. Але ніякага рацыяналізму мы ў аповесці не адчуем. Пташнікаў наогул не любіць шматзначныя эфекты, манернасць, знешні лоск. Ёсць творы, зробленыя надзвычай умела, прафесійна, гладка. Але яны ствараюць уражанне іменна зробленасці, вылічанасці, таму што іх аўтары расказваюць не пра сваё. Ніколі Пташнікаў і не пераймаў нечыя мастацкія знаходкі, нават і вартыя таго. Ён заўсёды гаворыць пра тое, што блізка і дорага, што вынашана ім самім, што з'яўляецца неад'емнай часткай уласнай душы. Цікавы непаўторны стыль І. Пташнікава, яго ўласная творчая канцэпцыя вынікаюць у рэшце рэшт з велізарнай любві да сваёй зямлі, да Радзімы, з пачуцця грамадзяніна. Вось і тут: з малаарыгінальнага на першы погляд сюжэта вынікаюць праблемы глабальнага характару: моц жыцця і недаравальнасць смерці, дабро і зло, неабходнасць барацьбы і адмаўленне эгаізму, здрадніцтва і народная дабрата, сіла чалавечэга яднання. А над усім — глыбока патрыятычнае пачуццё, якое выявілася і ў «Лонве», адухаўляе жыццёвы матэрыял, што ў рэшце рэшт і вылучыла ў свой час «Тартак» сярод іншых твораў беларускай прозы пра Вялікую Айчынную вайну.

Беларуская крытыка многа пісала пра «Тартак», адзначала вялікае майстэрства пісьменніка ў абмалёўцы коланага з герояў аповесці. Неабходна сказаць, што, ствараючы ў «Лонве» ўсёабдымны, эбагульняючы вобраз вёскі, зямлі вакол яе, Пташнікаў не ставіў перад сабой задачу стварыць такія ж абагульняючыя чалавечыя характары — тыпы. Ішло яшчэ авалоданне псіхалагічным аналізам, прыёмамі асацыятыўнага пісьма. Але тое, што было накоплена папярэднімі творамі і ў прыватнасці «Лонвай», дало выдатны плён ужо ў «Тартаку». Атрымаўся твор з надзвычай тонкай і дакладнай суаднесенасцю розных планаў і асобных стылёвых элементаў, якія знаходзяцца паміж сабой у заканамерных спалучэннях, абумоўліваючы высокую трываласць мастацкай тканіны аповесці.

Агульны касцяк арганізацыі твора такі: зрух-завязка — выбух-кульмінацыя. Паміж імі дзеянне часта перарываецца рэтраспектывай. Кожная падзея пакутлівага падарожжа возчыкаў збожжа з асуджанай на знішчэнне вёскі Дальва у камендатуру паказваецца праз успрыняцце ўсіх герояў аповесці, але выпадкі ў дарозе размеркаваны так, што кожны з іх успрымаецца адным з герояў з асаблівай эмацыянальнай аддачай. Гэта ўскладняе структуру аповесці, робячы яе ў той жа час вельмі гнуткай. Кожны раздзел твора прымае па сутнасці выгляд навелы, якая ў сваю чаргу кампазіцыйна складаецца з дзвюх частак: супастаўлення ўспаміну ці сну з рэальнымі падзеямі падарожжа.

Як ужо адзначалася, Пташнікаў вельмі дакладны ў перадачы канкрэтных дэталяў падарожжа, назіранняў, успамінаў, перажыванняў яго герояў. А тыя адчуваюць абсалютна рэальную небяспеку, і кожная хвіліна іх набліжэння да смерці (інакш паездку не ўспрымаюць ні самі героі, ні чытачы) арганічна ўпісваецца ў агульны ідэйны змест твора. Канфлікт «Тартака», аповесці трагічнай,— гэта канфлікт жыцця і смерці. Канкрэтныя ўвасабленні гэтых паняццяў — тое, што сведчыць пра жыццё, і тое, што сведчыць пра смерць, у аповесці не проста яркія і маляўнічыя дэталі, а, як правіла, разгорнутыя вобразы-сімвалы з выразным эмацыянальна-іншасказальным сэнсам. З гэтага пункту гледжання цікава было б параўнаць падобную па тэме да «Тартака» (спаленне вёскі) аповесць Б. Сачанкі «Апошнія і першыя». Стыль Пташнікава ў «Тартаку», пры ўсім напружанні рытму, вытрыманы ў адным ключы, адной праекцыі. Танальнасць «Апошніх і першых» больш складаная, галоўным чынам за кошт сцяжэння ў вобразе канкрэтнага і абстрактнага, будзённа-рэальнага і ўмоўнага, за кошт устаўных легенд, алегорыі, шырокага выкарыстання сімволікі. Але сімволіка тут — звароты да Смерці, Маці, Зямлі, Неба, Ночы — як знешні наплыў на душэўныя перажыванні галоўнага героя Ясіка. Сімволіка Б. Сачанкі знаходзіцца на ўзроўні сюжэтна-кампазіцыйным, павярхоўным, яна служыць рамантызавана-трагічнай узнёсласці апавядання, узмацненню публіцыстычнасці твора як гнеўнага праклёну вайне і ўяўляе сабой цікавы прыклад выкарыстання ў беларускай прозе ўмоўна-алегарычных форм. Стыль Б. Сачанкі вытрыманы ў пафасных інтанацыях, што адпавядае агульнай структуры твора і чаго абсалютна няма ў прыземлена-канкрэтнай манеры І. Пташнікава, сімволіка якой праз дробныя элементы стылю прыводзіць да галоўнага сэнсу. Так, у сімвалічным плане падаецца смерць кожнага з герояў: яна перакрэслівае тое, што было самым дарагім у жыцці, пра што думаецца ў апошнія імгненні. Тым трагічней смерць кожнага з гэтых людзей, што, як паказвае аўтар, жыццё іх было сапраўды прыгожым, ясным, высокім, прайшло ў працы, у служэнні людзям, у яднанні з прыродай.

Вось Махорка. Разам з Настай ён нясе маральную адказнасць за сваіх спадарожнікаў, асабліва за дзяцей. Знешне па-сялянску суровы, нават грубаваты, ён любіць людзей і ў душы — мяккі чалавек. Але яго перапаўняе і нянавісць да ворагаў, жаданне адпомсціць ім. Ён добра разумее сітуацыю, адчувае, што выйсця ў іх няма, выратаванне было б цудам. Але страх не бярэ яго, не прымушае забыць пра абавязак, пра адказнасць за іншых. І ў апошнія свае мінуты ён думае не пра сябе: «Махорка падумаў быў адразу, што трэба было б дапамагчы Насце падапхнуць калёсы, бо Буланчыку цяжка па пяску». Пачуўшы выбухі, Махорка перш за ўсё крычыць: «На зямлю!.. Дзяцей на зямлю!.. Алёшу!.. Алёшу глядзі!..» і смерць Махоркі, сейбіта, чалавека ад зямлі, перадаецца праз галоўнае, што было ў яго жыцці: «З калёс з мяха пасыпалася жыта — яму на рукі... Ён згледзеў яшчэ, што ў галавах у яго расце авёс, насеяўся па дарозе: малады, зялёны, з цёмным доўгім зернем... «А нам, татарам...» — падумаў ён і яшчэ быў падняў руку...»

Панок. Маўклівы, непрыкметны, сціплы чалавек. Ён увесь час думае пра сваіх дзяцей, пра жонку Верку, успамінае, як хаваліся яны ў лесе на балоце, як забіў ён карову — адзіную карміцельку, каб яна не выдала іх мычаннем, як бамбілі іх вёску немцы... І перад самай сваёй смерцю зноў уяўляе дзяцей, жонку, вёску. Усе героі аповесці нават у самыя апошнія свае хвіліны прадаўжаюць адчуваць свет, жыццё ў гуках, фарбах, пахах. «Мільганулася ўваччу Верка з малымі на руках: бегла з хаты, выносячы дзяцей у аселіцу, у альшэўнік да ракі. Над дваром, над самым асверам, махаў крыллем чорны, як збіты з дошак самалёт з жоўтым крыжам на хвасце... Панок быў адчуў яшчэ, што пасля запахла сухім пяском — пылам,— і падумаў, што конь цягне яго дарогай — дамоў, у вёску...»

Вельмі прывабны, нават пяшчотны вобраз: старога глухога Янука. Ён добры, вельмі наіўны і бездапаможны. Ён часцей за іншых герояў з-за сваёй наіўнасці сутыкаецца з немцамі, а незадоўга перад смерцю ўспамінае, як першы раз убачыў іх — тады яшчэ нямецкі афіцэр садраў з галавы яго чырвонаармейскі шлем, прывезены сынам з фінскай вайны. У абозе Янук вельмі клапоціцца пра Алёшу, той напамінае яму ўнука Колечку. Смерць сваю, нягледзячы на глухату, ён пачуў — пачуў у трэску стрэлаў, якімі абменьваліся партызаны і немцы. А яму здавалася, што ён вязе з аднавяскоўцамі сена зімняй дарогай з балота ў Дальву. Траскатня стрэлаў драбніцца для яго на асобныя, звязаныя з прывычнымі рэчамі гукі: «трашчаць кары з казой, трашчаць бабы, трашчаць намаразні, аглоблі, трашчаць вяроўкі пад вазамі, гужы ў хамуце, трашчыць у альшэўніку мароз», «трашчыць, здаецца, уся зямля, намёрзлая аж на тым свеце...». Усё гэта адчувае, чуе Янук у апошнюю сваю хвіліну, калі ўжо халадзее, і ўсё тут надзвычай праўдзіва псіхалагічна: «Скрыпяць сані, аж разлягаюцца... Цямнеецца. Уперадзе за падводамі далёка відаць белая дарога. У небе за Сушкоўскім бокам — над лесам — замітусілася рэдкае Сітца... Нанач ціснуў мароз, браўся на ўсю зіму — на ўвесь век...»

14-гадовая Таня, якую ва ўпор расстраляў немец, перад смерцю ўспамінае маці. Наста, як здаецца Тані — матчынымі рукамі, цягне Таню ад смерці, імкнецца выратаваць, хоць сама ўжо не можа ісці. Наста — увасабленне ў аповесці Жанчыны-Маці, усю дарогу думае, пра дзяцей, пакінутых у вёсцы, у той жа час клапоцячыся пра Алёшу і Таню. Яна памірае апошняя, доўга не паддаецца смерці. Яна нават ідзе назад у вёску, абыходзячы забітых немцаў. Думкі пра дзяцей — апошнія яе думкі.

І. Пташнікаў нездарма вельмі падрабязна, нават жорстка апісвае смерць кожнага з герояў. Асабліва напружаны ў гэтых месцах рытм аповесці, фраза складваецца з разлікам на падтэкст, на ўтоеныя асацыяцыі, часта абрываецца шматкроп'ем. Усе мастацкія сродкі накіраваны на адлюстраванне не толькі трагізму, але і высакародства смерці герояў, якія хоць і не здолелі перамагчы цяжкія абставіны, але змагаліся, не думаючы пра сябе, і засталіся да канца людзьмі. Іх смерці процістаіць смерць Боганчыка, адзінага ў маленькім, але з'яднаным калектыве шкурніка і эгаіста, які ўвесь час думае толькі пра сябе, клапоціцца пра сваё жыццё. Боганчык — у многім працяг ранняга вобраза Чачыка з яго канчатковым падзеннем. Нават і ў гучанні прозвішчаў Чачын — Боганчык чуецца нешта агульнае. Гэта не выпадкова: кожны эпізод, імя, амаль кожная дэталь, слова ў Пташнікава звязваюцца паміж сабой, усе элементы стылю нясуць функцыянальную нагрузку, працуюць на агульную ідэю. Боганчык ненавідзіць сваіх спадарожнікаў, але вымушаны пакарыцца іх волі, разумее, што горшы за іх, але знаходзіць сабе апраўданне. Перад смерцю ён не ўспамінае, не думае ні пра каго, ахоплены звярыным страхам. Доўга бяжыць па лесе ад стрэлаў і памірае каля дота, які раптам напамінае яму той дот, ад якога збег у самым пачатку вайны дадому. Смерць кожнага з герояў аповесці ў сваёй трагічнай вышыні нібы выяўляе яго сутнасць, і кожнаму мроіцца перад смерцю блізкае і дарагое. Боганчык — і тут аўтар не шкадуе натуралістычных падрабязнасцей — бачыць у апошнія хвіліны толькі свае кішкі.

Значнае месца ў аповесці займае вобраз Алёшы, на перажыванні якога нібы напластоўваецца ўспамін дарослага чалавека аб вайне. Алёша, сёмы і самы малодшы возчык у абозе, падобны на свайго папярэдніка — Юрку Даліну з «Лонвы». Але Юрка ўжо перажыў многае, хоць у рэшце рэшт і не пазбегнуў смерці, Алёша толькі павінен перажыць. Яшчэ дзіця, ён незагартаваны, слаба разумее становішча, наіўны, як і Янук. Успаміны, сны-явы яго часта зусім дзіцячыя, хоць і на іх паклала ўжо адбітак страшная рэчаіснасць. Успамінаецца дзяўчынка-бежанка Вандзя, арэлі, зробленыя бацькам, маміны песні над калыскай блізнят. Перажытае Алёшам шмат у чым пераклікаецца з перажытым Юркам Далінай і Ясікам з «Апошніх і першых» Б. Сачанкі. Сюжэтнасць «Апошніх і першых», таксама як і «Тартака»,— унутраная, яна ў перажываннях, псіхалагічных асацыяцыях, зменах у душы герояў. Сны-явы, успаміны Ясіка, што застаецца адзін на папялішчы роднай вёскі, дзе спалена і яго маці, займаюць важнае месца ў агульнай структуры аповесці. Але, як ужо адзначалася, нягледзячы на некаторае падабенства сітуацый, стылі Б. Сачэнні і І. Пташнікава розныя: умоўны, трагічна-рамантызаваны ў аднаго, цяжкаваты, псіхалагічна-напружаны, пры гэтым строга рэалістычны, у другога.

Разуменне рэальнага становішча прыходзіць да Алёшы паступова, і як і Юрка Даліна, што капаў пад дулам аўтамата паліцая сабе магілу, так і Алёша, убачыўшы смерць блізкіх людзей, пасталеў за адзін дзень на некалькі гадоў.

Алёшу, якога, як і Таню, пільнавалі ўсю дарогу, пашэнцавала астацца жывым, вярнуцца ў родную вёску. На гэты раз пісьменнік вельмі стрымана перадае пачуцці Алёшы: «Алёша быў, мусіць, закрычаў, бо пачуў, што папярхнуўся, і яму зноў падвярнула пад грудзі блага». Ён убачыў толькі дым на месцы вёскі. «У яго затрэсліся ногі...» Толькі адна думка — пра брата-партызана — узнікла ў Алёшы: «Ён падумаў, што Юзік недзе на Палку... Юзік астаўся жыць...»

І ўсё ж у канфлікце жыцця і смерці павінна перамагчы жыццё, таму самыя звычайныя, будзённыя яго праявы таксама становяцца сімваламі, якія ў канечным выніку сцвярджаюць неўміручасць існавання народа. Усё жыццё парушана вайной, кожная дэталь нясе дваісты сэнс: нібы крычыць аб зняважаным жыцці і ў той жа час сцвярджае яго. У канцы аповесці гучыць аптымістычны акорд, які падае надзею, напамінае, што жыццё нельга перапыніць: сярод агню і дыму ўбачыў Алёша каля вёскі адзінае, што засталося жыць: старыя сосны, «вялікія, вышэй лесу, тоўстыя, не ашчапіць і ўтраіх рукамі, падсечаныя тапарамі, у ямах і дуплах...». Сасна, як ужо адзначалася,— адзін з любімых вобразаў І. Пташнікава — становіцца сімвалам неўміручасці, зрошчанасці з зямлёй, неадольнага жадання жыць.

Наогул жа прыродныя вобразы, як і заўсёды ў Пташнікава, падпарадкаваны асноўным ідэйна-эстэтычным задачам. Лес, дарога, неба, сонца — увесь фон дзеяння — нібы знаходзяцца, як і людзі, у страшным напружанні, у адчуванні небяспекі, што ўзмацняе агульную трагічную атмасферу твора.

Акрамя таго, прырода тут — і праекцыя чалавечай душы, на ёй адбіваецца складанасць і зменлівасць псіхалагічнага стану кожнага з герояў аповесці. У рэшце рэшт, у прыродзе яны чэрпаюць і сілы для таго, каб змагацца са смерцю да канца. Наогул у Пташнікава прырода, як і народ,— вечная, і, здаецца, нідзе ў беларускай сучаснай прозе гэтыя два паняцці не выступаюць у такім адзінстве.

Загадка эмацыянальнага ўздзеяння твораў І. Пташнікава, яго ўмення выявіць прыроду гераічнага — у самім стылі пісьменніка, у скрупулёзнай фіксацыі і знешніх падзей, і рухаў чалавечай душы, імпульсаў псіхікі чалавека. Не маштабнасць адлюстравання падзей, а аўтарская творчая канцэпцыя, яго эстэтычны ідэал прыводзяць чытача да глыбокага разумення чалавека, а праз яго — і душы народа.

Грамадскае жыццё складаецца, як вядома, з падзей большага і меншага маштабу, і часам нязначныя на першы погляд факты выяўляюць характар важных гістарычных зрухаў. Так і ў аповесці І. Пташнікава «Найдорф» значныя падзеі лета 1944 года — прарыў партызанскай брыгадай блакады вакол возера Палік, вызваленне гэтай мясцовасці рэгулярнымі войскамі Савецкай Арміі — не з'яўляюцца непасрэдным аб'ектам адлюстравання, знаходзяцца быццам «за кадрам», хоць і вызначаюць сюжэт твора.

У дадзеным выпадку справа не ў маштабах, а, зноў паўторым, у аўтарскай канцэпцыі, ва ўменні ўлавіць сацыяльны сэнс факта, паказаць, як у абставінах жорсткай вайны з ворагам выпрацоўваецца кожны чалавек паасобку. Аповесць «Найдорф» выяўляе маральны дух народа ў адзін з паваротных момантаў вялікай гістарычнай драмы. Пафас твора — у даследаванні і сцвярджэнні ідэйных і маральных вытокаў нашай перамогі. Вартасць яго, як і аповесці «Тартак»,— у жыццёвай праўдзе, якая гучыць з кожнага радка і дзякуючы якой «Найдорф», як і «Тартак», з'яўляеццца хвалюючым дакументам незабыўных дзён, вялікім дасягненнем беларускай сучаснай прозы.

Па трагічнаму напаўненню, па стылю «Тартак» — адзін з самых бязлітасна драматычных твораў у беларускай літаратуры. Аповесць «Найдорф» па асноўнаму гуманістычнаму пафасу, шчымліва-трагічнай атмасферы працягвае «Тартак», нават дзеянне адбываецца ў адной і той жа мясцовасці — у раёне возера Палік, вядомай і праслаўленай на Беларусі партызанскай зоне.

Любіць Пташнікаў і перакідваць масткі з аднаго свайго твора да другога, любіць звязваць творы пры дапамозе сімвалічных вобразаў, малюнкаў. Яшчэ больш выразнае, чым у «Лонве», і «Тартаку», «счапленне» паміж «Тартаком» і «Найдорфам». Узятыя разам, яны прымаюць нават форму своеасаблівай дылогіі, звязанай не героямі, а агульнасцю праблематыкі, настроем, стылем.

«Тартак» канчаецца сцэнай вяртання Алёшы ў спаленую немцамі вёску. «А вуліца — белая ад пяску, яна ішла вёскай, як дарога ў полі». Такой жа «пустой і ціхай — што вымерла» здалася родная вёска Венера партызану Жаваранку: «Дарога ад пяску была белая, белы пясок быў відаць і ў вёсцы на вуліцы...» Але гэтая вёска была жывая, засталася жыць, нягледзячы ні на што. А вось тут мы вяртаемся ўжо, «мінуючы «Тартак», да «Лонвы». Зноў вобраз вёскі, вобраз, створаны такім чынам, што ў ім усё гаворыць пра вечнасць, неадольнасць народнага жыцця, народнага характару. Калі. ў «Лонве» хроніка жыцця вёскі Лонвы першага года пасля вайны, то ў «Найдорфе» — хроніка першых пасля вызвалення дзён жыцця вельмі падобнай на Лонву беларускай вёскі Венеры.

Але гэта хроніка не ў прывычным сэнсе слова. Так, кампазіцыя аповесці зусім не традыцыйная, яна яшчэ больш «выбуховая», чым у «Тартаку», і будуецца па прынцыпу: пралог-кульмінацыя (апошні бой партызан, прарыў блакады) — эпілог-кульмінацыя. Вельмі ўмяшчальныя па драматычнаму матэрыялу, сюжэтна-кампазіцыйныя элементы трымаюць паміж сабой хранікальную лінію мірнага жыцця толькі што вызваленай вёскі.

Сюжэт у Пташнікава ні ў адным з твораў не вызначаецца складаным перапляценнем перыпетый, але хранікальнасць падзей заўсёды ўскладняецца рэтраспекцыяй. Па населенасці героямі «Найдорф» бліжэй да «Лонвы», таму што тут неабходна было паказаць жыццё цэлай вёскі, а шырэй — народа, у пэўны гістарычны перыяд. І ўсё ж пры ўсёй насычанасці матэрыялам вузлы сюжэта звязваюць толькі два героі — Яхрэм Жаваранка і падлетак Алёша, чалавек сталы і рамантычны юнак — партызаны, якія выканалі свой абавязак.

Характарыстыка герояў у творах І. Пташнікава заўсёды вычарпальная. Дасягаецца яна падрабязнай фіксацыяй усіх рухаў іх душэўнага жыцця, максімальнай падрабязнасцю ў апісанні паводзін і ўчынкаў. Вось вяртаецца Жаваранка пасля цяжкага бою, калі ад групы партызан, што былі ў заслоне, яго лепшых таварышаў, засталося толькі двое — ён ды Алёша, калі прарвалі блакаду і «ў бок Вілейкі і Маладэчна пайшлі першыя танкі Чарняхоўскага»,— вяртаецца ў родную вёску, яшчэ не назусім — толькі на адпачынак, на пару дзён: «Жаваранка глядзеў на самалёты і думаў, што няма хаты: згарэла... што самалёты на гэтым вячэрнім небе чорныя, як галавешкі... З дзяцінца да фермы ён згледзеў край тофеля, што рос ад вуліцы; тофель быў жоўты, як увосень. З-за хлява, дзе ўсягды была відаць чорная страха ад хаты, зелянеў чысты выганчык за ракой, і над ім віселі самалёты — усё яшчэ ішлі на захад, на Найдорф... З дзяцінца на вуліцу ён пайшоў з падбегам, чуючы, як спаўзае і спаўзае з пляча на руку ад хады аўтамат,— ён папраўляў яго, закідваючы за плечы, і бег... Бег па пяску ля плота; бачыў сляды ад машын пасярод вуліцы — вытаптаны глыбока ў пяску дзве шырокія дарожкі, на два колы, як і да вайны, калі леспрамгасаўскія прычэпы вазілі лес. Падумаў, што праз вёску доўга, відаць, хадзілі машыны...»

Увесь час і ў баі, і на падыходзе да дома Жаваранка хваляваўся за сваю сям'ю. Яго жонка і дзеці засталіся жыць, і гэта было галоўнае, а хату, гаспадарку можна аднавіць. Жаваранка не баіцца работы, для яго і вайна, бой як работа, цяжкая, небяспечная, але зараз неабходная. «Жаваранка прывык да работы, ён і цяпер, здавалася, рабіў работу, як па нараду; ад рання да вечара; аддыхнуў быў, засыпаны ў акопе, падняўся і ўпрогся зноў. Бо пражыў у рабоце ўсё сваё жыццё: іначай, відаць, не мог».

Героі ўсіх твораў Пташнікава — не прафесійныя ваенныя, а мірныя, падкрэслена мірныя людзі, калгаснікі. Вайна абарвала іх прывычнае жыццё, яны пакарыліся суровай неабходнасці, уключыліся ў барацьбу, але нянавісць да ворага так і не прывучыла іх да ратнай справы, душой яны ў мірных буднях.

Матыў барацьбы жыцця і смерці, матыў чалавека-працаўніка на вайне працягваецца і ў «Найдорфе». У самай гарачцы бою, перад тварам смерці Жаваранка ўспамінае мірнае жыццё, мірную працу, сваю Кланю, дзяцей. У апошнім баі, калі ўжо загінуў Алёша, з якім яны вялі шэсць палонных немцаў да нашых, калі сам ён, адзін заступіўшы дарогу цэлай часці немцаў, што рваліся з акружэння, ляжаў ужо цяжка паранены, перад вачыма яго ўвесь час было жыта: «Ляжаў, сцяўшы зубы ад болю, і глядзеў цераз дарогу ў жыта. Здрабежанае нагамі, яно ўставала з зямлі і трашчала спалавелым сцяблом, як у агні, і падымалася — само. З ветрам запахла цёплым, нагрэтым на сонцы, маладым зернем...»

Лінія Алёшы — рамантычная лінія ў творы. Праўда, рамантызм І. Пташнікава вельмі своеасаблівы, драматычны, суровы, а не мяккі, узнёслы. Пасля бою ў заслоне, калі ён пабачыў столькі смерцяў, Алёша, як і Жаваранка, вяртаецца ў родную вёску, да маці. Вобраз каханай увесь час перад ім. Але нішто і ніхто не можа ўтрымаць яго — ён цвёрда вырашыў ісці на фронт, у дзеючую армію, хоць і «шчыміць недзе глыбока ў душы», калі падумае, што хутка яго не будзе ні дома, ні ў атрадзе. Пазбаўлены вайной светлай пары юнацтва, ён не ведаў іншых жаданняў, а «ўсё перажытае клалася ў душы ўжо недзе на дно». Не, ён не агрубеў, не страціў чысціні пачуццяў, яму шкада маці, шкада Юльку, і па сутнасці ён заўсёды «хацеў толькі вучыцца, і ўсё», але вайна не дала яму такой магчымасці.

Крытыка неаднаразова адзначала выдатнае псіхалагічнае майстэрства І. Пташнікава, выключную канкрэтнасць, індывідуальнасць кожнага яго вобраза — і ў «Тартаку», і ў «Мсціжах», і ў «Найдорфе». Неабходна сказаць таксама і пра народнасць яго вобразаў. Пташнікаў, як і яго папярэднікі — Я. Колас, К. Чорны, І. Мележ,— здолеў зазірнуць у душу народа, адчуваючы сябе неад'емнай часткай яго; ён здолеў улавіць, як гаварыў А. Блок, «музыку, якая гучыць у глыбі народнай душы, душы масы», здолеў стварыць сапраўды народныя характары ў кантэксце пэўнага часу, прычым так, што і самі героі па-рознаму, у залежнасці ад эпохі, асяроддзя, успрымаюць саміх сябе ў прасторы і часе.

У Беларусі ў час Вялікай Айчыннай вайны загінуў кожны чацвёрты. Нельга параўнаць ні з чым пакуты нашага народа. У «Тартаку» ўздымаецца тэма народнай трагедыі, трагедыі кожнага асобнага чалавека, свет якога непаўторны і прыгожы, і тым трагічней таму гучыць гібель гэтага свету. В. Астаф'еў піша, што «забіваючы селяніна, зводзячы яго з зямлі, тым самым забіваюць не толькі сэнс і сутнасць жыцця, але і само жыццё». Тэма народнай драмы, народных пакут працягваецца і ў «Найдорфе», але тут яна пашырана, паглыблена аўтарскім даследаваннем прыроды подзвігу. Пры гэтым галоўным застаецца для пісьменніка — паказаць багацце і прыгажосць чалавечай асобы. І калі возчыкі з «Тартака» — перш за ўсё ахвяры фашызму, то Алёша і Жаваранка — актыўныя змагары супраць яго. Сацыяльна-этычныя ўстоі, што вытрымалі праверку часам,— галоўны выток гераізму. Так у саміх сродках стварэння вобразаў вырашаецца галоўная прынцыповая праблема ўсёй творчасці І. Пташнікава. Алёша і Жаваранка выхаваны савецкім ладам жыцця, для іх, дарослага селяніна-працаўніка і хлопца, летуценніка-рамантыка, вайна — страшэнная ненармальнасць, а родная зямля — вышэйшая каштоўнасць, за якую яны ідуць на смерць.

У рамане «Мсціжы», які пісаўся раней за «Найдорф», Пташнікаў працягвае галоўную тэму сваёй творчасці — тэму трываласці народнага жыцця, спрадвечнасці і неабходнасці для будучыні яго карэнных асноў, і недзе глыбей — тэму высокага, свайго слова аб Радзіме, аб земляках. Так на новым матэрыяле, у новых умовах прадаўжае І. Пташнікаў традыцыі Я. Коласа, К. Чорнага, І. Мележа ў беларускай прозе.

Раман «Мсціжы» быў прыняты крытыкай па-рознаму. Большасць даследчыкаў і адразу, і пазней прыхільна аднесліся да твора. П. Дзюбайла, аднак, пісаў у сваёй кнізе «Праблемы стылю ў сучаснай беларускай прозе», што ў «Мсціжах» становіцца вельмі «адчувальнай «замкнутасць» эстэтычнай сферы, недастатковасць яе іменна як раманнага «плацдарма». Становіцца прыкметным нейкае самапаўтарэнне, нежаданне або няўменне пайсці далей, вырвацца з вузкага кола прывычнай маральнай праблематыкі і яе галоўным чынам эмацыянальна-эмпірычнага ўвасаблення».

І. Пташнікаў належыць да тых пісьменнікаў, у якіх бытавыя падрабязнасці, шматлікія дэталі асяроддзя і ў сувязі з імі тонкія псіхалагічныя імпульсы ў чалавечай душы прыводзяць да больш глыбокага раскрыцця чалавека, а праз яго — і душы народа. Пташнікаў нібы імкнецца даказаць, што быт — толькі абалонка, што жыццёвыя драмы, будзённыя калізіі — толькі першы ўзровень быцця, за якім хаваюцца складаныя духоўныя працэсы. Недзе ў нетрах пташнікаўскага стылю адчуваецца «заяўка» на многае, на самыя важныя філасофскія праблемы, пісьменнік шукае трываласці, цвёрдасці існавання і чалавека, і народа, і адначасова імкнецца схапіць усю паўнату, багацце свету. У многім Пташнікава хвалююць тыя ж праблемы, што хвалявалі К. Чорнага: праблемы зямлі, чалавека на зямлі. Але гэтыя спрадвечныя пытанні правяраюцца ўжо праз калізіі іншага часу.

Канфлікт рамана «Мсціжы» — унутры душы аднаго чалавека, галоўнага героя Андрэя Вялічкі, які вагаецца: ці аставацца ў вёсцы, ці шукаць новых шляхоў у жыцці. А справа ў тым, што леспрамгас, дзе працаваў Вялічка і другія дзеючыя асобы рамана, павінен пераязджаць пад Полацк. Праўда, канфлікт ускладняецца тым, што пісьменнік паказвае самую драматычную паласу жыцця героя. Памірае жонка, яго пакалечыў мядзведзь, пасля чаго Вялічка доўга ляжыць у бальніцы, потым непрыемнасці на рабоце... Непрыемнасці адна за адной навальваюцца на чалавека...

Андрэй аднолькава любіць і лес, і вёску. Гэта заканамерна: лес, поле — яны заўсёды былі аднолькава важнымі ў жыцці беларуса. У Вялічкі няма ў адрозненне ад некаторых герояў Я. Коласа, К. Чорнага, І. Мележа неадольнай цягі да ўласнага кавалка зямлі. У яго, калі можна так сказаць, лірычныя адносіны да роднай зямлі ўвогуле. Ды і сам час змяніўся. І ўсё ж стыль жыцця, стыль мыслення вясковага чалавека, чалавека, звязанага з зямлёй, будзе заўсёды адрознівацца ад стылю жыцця рабочага, скажам, рабочага таго ж леспрамгаса. Па раскіданых у тэксце намёках можна зразумець, што вёску Андрэй не пакіне, ён не ўяўляе без яе жыцця. А яго ваганні выкліканы тым, што пасля смерці жонкі Веркі ён застаўся вельмі адзінокім. Асабліва цяжка, адзінока яму ў бальніцы пасля таго, як пакалечыў яго на паляванні мядзведзь. Эпізоды ў бальніцы выдатна перадаюць душэўны стан, перажыванні і адчуванні Андрэя, ён раскрываецца тут як мужны, добры, цярплівы, чулы да другіх чалавек. І тут жа, у бальніцы, калі ён раптам уявіў, што можа памерці, мільгае ў яго думка: «Як гэта — яго няма ў вёсцы? Усе ёсць, а яго няма...» Сапраўды цяжка ўявіць гэтага чалавека без вёскі, а вёску — без яго.

Пасля выхаду з бальніцы і ўзнікае дылема: ці ехаць з леспрамгасам пад Полацк, ці станавіцца егерам. Але тут жа ўзнікае і ўнутранае супраціўленне розным прапановам, нежаданне, каб за яго нешта вырашалі чужыя людзі. Вялічка не прымае знешніх уплываў, імкнецца вырашыць сам свой лёс. Усё гэта зразумела і не выклікае сумненняў у праўдзівасці. Паказальнай з'яўляецца сцэна сходу калгаснікаў, на якім вырашалася, адразаць ці не адразаць гарод у Вялічкі. Пакрыўджаны старшынёй, Вялічка сказаў, што пакідае вёску, таму гарод вырашылі адрэзаць, але паказальныя тут апошнія словы старшыні: «...Нам не прыйдзецца нічога адразаць. Вернецца Вялічка, магу даць галаву на адсячэнне. У нас яму будзе лепш у два разы... Хай падумае...» Ды і ў самога Андрэя душа не ляжыць да ад'езду: «Як пахне сена... і зямля...» — стукнула яму ў галаву, ён успомніў Рамана... Захацелася махнуць рукой на ўчастак, на Унука, на ўсё на свеце, зноў вярнуцца і хадзіць кожны дзень на поле... Па пыле, па прытаптанай на дарозе калясьмі траве, па калючым іржышчы, па чэрствым каменні...»

У іншага пісьменніка Андрэй мог бы стаць фокусам сучасных супярэчнасцей у працэсе збліжэння горада і вёскі, тым больш таму, што раман пісаўся якраз тады, калі асабліва многа гаварылася пра зыход моладзі з вёскі, пра абязлюдзенне вёскі. Але Пташнікаў сам адмаўляе такое прыняцце героя. На першае месца вылучаецца аўтарскае разуменне народнай маралі, якая ўяўляецца яму як згустак спрадвечнай сялянскай стрыманасці ў знешніх выяўленнях пачуццяў і вялікай дабраты, душэўнасці да другіх, сплаў высокага сумлення, уласнай годнасці і сціпласці, прастаты. Па сутнасці, на перасячэннях гэтых якасцей будуюцца лепшыя вобразы пташнікаўскіх твораў. Вялічка вельмі сумленны і неяк па-простаму мужны чалавек, хоць жыццё не песціла яго: толькі ажаніўся — вайна, смерць першай дачкі, калецтва, галодныя пасляваенныя гады, смерць жонкі. Абставіны жыцця героя праўдзівыя, у многім тыповыя, і ў цэлым Пташнікаў імкнецца да стварэння сапраўды народнага характару.

Форма выяўлення канфліктаў у рамане — лірычная: барацьба розных сіл у душы героя. Унутраныя маналогі, тонкая нюансіроўка пачуццяў, бясконцая напружанасць псіхічнага і нават фізіялагічнага стану героя пераважаюць над апісаннем падзей, увогуле дзеяннем. Вось чаму сюжэт, нягледзячы на фабульную прастату, уяўляецца складаным, бо складанае псіхічнае жыццё Вялічкі. Кампазіцыя рамана размытая і неакрэсленая, што абумоўлена недастатковасцю раманнага вопыту пісьменніка. Папярэднія свае творы, у тым ліку раман «Чакай у далёкіх Грынях», ён будаваў па навелістычнаму прынцыпу як паслядоўнасць вельмі моцна звязаных паміж сабой, але ў многім і самастойных псіхалагічных эцюдаў. У «Мсціжах» такая будова не магла быць выкарыстана, бо ў цэнтры рамана — адзін герой, якому аказваецца даволі цяжка рухаць усё раманнае дзеянне. Аднаго псіхалагічнага аналізу тонкага душэўнага жыцця героя ўсё ж недастаткова для вялікага твора — жанр прад'яўляе свае патрабаванні. Праўда, удаліся аўтару і эпізадычныя персанажы: Унук, Падбярэцкі, Вуля. Яны многім нагадваюць папярэднія адмоўныя вобразы Пташнікава, але тут ім кожнаму паасобку не адмовіш у складанасці. Пісьменніка цікавяць і непакояць такія тыпы, таму што яны сведчаць пра нездаровыя тэндэнцыі ў сучасным жыцці вёскі. Агульная рыса гэтых герояў — бездухоўнасць у шырокім, нават філасофскім сэнсе слова. Гэта людзі, маральныя прынцыпы якіх,— грошы, уласная маёмасць, прыстасавальніцтва. Калі чалавек адрываецца ад зямлі, ад родных карэнняў не толькі фізічна, але і духоўна — гэта вельмі трывожны сімптом, і вось гэтая думка рамана ўяўляецца самай важнай. Аднак Вялічка не змагаецца і нават не выступае супраць такіх, супрацьлеглых сваім, маральных прынцыпаў. Зноў жа, як і ў рамане «Чакай у далёкіх Грынях», атрымалася, што дабро і зло суіснуюць хоць і ў часовых сутыкненнях, але побач, нібы самі па сабе. І ў гэтым таксама недахоп агульнай канцэпцыі рамана.

Вельмі псіхалагічна дакладнымі і пераканаўчымі з'яўляюцца ў творы мясціны, звязаныя з інтымным жыццём героя: яго ўспаміны пра Верку, пра сваё партызанскае жыццё, думкі пра Валюту, з якой нечакана зблізіўся. Пташнікаў знаходзіць цікавы псіхалагічны падыход да свайго героя: успаміны пра нябожчыцу астаюцца ўвесь час маркотна-пяшчотнымі, яму не проста забыць жонку, вельмі многае звязвала іх, але жывое цягнецца да жывога, адна прыгожая і адзінокая душа да другой. Адносіны Вялічкі з жанчынамі паказваюцца вельмі тактоўна, нават паэтычна: «Балюта маўчала, і яны доўга сядзелі ціха: абапёршыся адно аб аднаго, ён падумаў пра сябе, што вунь як намарыўся па гэтай гарачыні — ныюць рукі і балючае плячо. Пасля падумаў, што намарыўся, відаць, не сёння — ад самай вясны, калі пахаваў Верку і адляжаў у бальніцы, што зморана абапёрся на чужое плячо, якому самому няма ў жыцці апірышча... Яму закарцела тады адсунуцца на возе ўперад... Зрабілася няёмка, што ён глядзіць на яе шыю і плечы, мокрыя ад поту і зацярушаныя патрухой». Вялічку з Веркай, а потым з Валютай у многім звязвала сумесная праца дома, на полі. Паказваючы любоў героя да сялянскай працы, пісьменнік зноў і зноў падкрэслівае думку — Вялічка ніколі не пакіне родных мясцін. Гэта было б для яго парушэннем усіх жыццёвых сувязяў, якія толькі і маюць для яго сэнс.

Дзеянне рамана ўвесь час перабіваецца ўспамінамі, што стварае карціну інтэнсіўнага духоўнага жыцця героя, але размывае кампазіцыю. Яшчэ раз падкрэслім, што Андрэй Вялічка — не актыўны, а хутчэй сузіральны па тэмпераменту чалавек. Аднак такім яго і імкнуўся зрабіць аўтар. Значыць, аб'ектыўныя недахопы канфлікту тлумачацца не несупадзеннем ідэі з яе мастацкім увасабленнем, а тояцца ў самой аўтарскай задуме, у мэце пісьменніка. Ствараючы вобразы Вялічкі, Валюты, Веркі, пісьменнік задумваецца пра духоўную культуру народа, імкнецца зразумець яго нацыянальныя асаблівасці. У кожнага народа, як і ў кожнага чалавека, ёсць рысы, так сказаць, глыбінныя, а ёсць часовыя, наносныя. Здаецца, пісьменнік разважаў так: праблемы вёскі ўвесь час змяняюцца, адны ў хуткім часе перакрэсліваюцца другімі, але ж нешта застаецца і павінна заставацца нязменным. Таму эканамічны, сацыяльны бок сялянскага жыцця для Пташнікава — як знешняя абалонка, пад якой — глыбіні маральных пошукаў і спрадвечныя перажыванні людзей. Для пісьменніка важней паказаць непераходзячыя каштоўнасці народнага жыцця.

Для І. Пташнікава, як і для пісьменнікаў так званай «вясковай прозы», маральныя каштоўнасці становяцца нібы алгебрай жыцця наогул. З дапамогай яе «формул», па думцы пісьменніка, лягчэй вырашаюцца і задачы, што ставіць сучаснае жыццё. Вось чаму Іван Пташнікаў захоўвае вернасць тэме, свайму эстэтычнаму ідэалу. У стылі яго — жыццёвая ўстаноўка, філасофская канцэпцыя.

Раман «Мсціжы», падкрэслім, каштоўны перш за ўсё філасофскімі, маральна-этычнымі пошукамі аўтара, стварэннем яркага народнага характару, і недахопы сюжэта, кампазіцыі — на наш погляд, вынік свядомай аўтарскай устаноўкі: засяродзіць увагу на адным, самым важным для пісьменніка. Пташнікаў сцвярджае паэзію самага будзённага, звычайнага жыцця нічым не прыкметнага чалавека. На вырашэнні гэтай ідэі — каштоўнасці жыцця ва ўсіх яго праяўленнях — канцэнтруюцца ўсе рэсурсы стылю.

Народны пункт гледжання на жыццё ў Пташнікава з'явіўся асноўным стылеўтваральным пачаткам, які дапамог сінтэзаваць суб'ектыўны аўтарскі падыход да матэрыялу, сюжэтна-кампазіцыйную структуру твораў і моўныя формы выяўлення.

Для Пташнікава характэрны ўвогуле «традыцыйны» раманны стыль са знешняй аб'ектывізацыяй апавядання і адначасовай знітаванасцю са светам герояў, што дапамагае лепш выявіць народныя ўяўленні аб грамадстве, аб прыродзе, аб маралі. Аўтарская мова натуральна ўбірае ў сябе народную мову. В. Бечык адзначае, што «апавядальная мова ў Пташнікава — цягучая, уся «няправільная», непрывычная па стылістыцы і па лексічнай афарбоўцы. Але ўся яе «няправільнасць» — арганічная, апраўданая, яна адпавядае і светаадчуванню герояў і мастацкім задачам, пастаўленым аўтарам. Яна ўся ў штуршках, унутраных загібах, сэнсавых рухах, кожны з якіх мае мастацкую пэўнасць». Іменна на аснове перасячэння розных моўных стыхій — народнай і літаратурнай — узнікае своеасаблівая мастацкая энергія пташнікаўскага стылю.

У мастацкай літаратуры сувязі розных фармальных кампанентаў твора са зместам ідуць праз слова, мову. Кожнае слова выбіраецца і правяраецца творчай задумай пісьменніка, сагрэецца яго думкай і пачуццём, залежыць ад ідэйна-тэматычнага зместу ўсяго твора. Сапраўды таленавіты пісьменнік прымушае чытача адчуць прыгажосць роднай мовы. Гэта вельмі важна, таму што мова ў творы — эстэтычная катэгорыя, на што акцэнтуюць увагу многія пісьменнікі, і ў прыватнасці І. Пташнікаў.

Невычарпальныя багацці роднай мовы — вельмі ўдзячны матэрыял для таленавітага пісьменніка. А. Яскевіч піша: «Талент пісьменніка перш за ўсё і ёсць дзіўны, унікальны слых да слова, уменне паставіць яго ў такое кантэкставае акружэнне, каб сэнс гранічна «наблізіўся» да канкрэтнага, «вось гэтага» прадмета, малюнка ці дзеяння, якія ён хоча паказаць».

Многія даследчыкі лічаць, што мова і ёсць стыль твора. Гэта так, калі не забываць, што за кожным словам тоіцца думка, пачуццё, цэлы мастацкі свет пісьменніка, яго ідэйная пазіцыя, эстэтычны ідэал, што кожнае слова — звяно сюжэта, а часта і «ланцужок», які звязвае якую-небудзь паэтычную фігуру з агульнымі традыцыямі нацыянальнай вобразнасці. У творы кожнае слова, кожная метафара падпарадкаваны агульнаму цэламу, вобразнай сістэме твора і адначасова выяўляюць у нейкай ступені самабытнасць і своеасаблівасць народнага мыслення.

Характэрна, што ў аснове твораў І. Пташнікава — вельмі будзённая лексіка, але кампануецца яна так, што стварае напружанасць і драматызм дзеяння. Асаблівасць такой формы добра раскрываецца даследчыкам стылю А. Чычэрыным: «Аналітычны характар формы, якая разбіваецца прыслоўнымі і дзеепрыслоўнымі злучэннямі, пабочнымі сказамі, у тым, што ў адзіным цэльным пачуцці яна раскрывае рух і супрацьдзеянне састаўных яе частак. Таму і заключаецца ў такой форме выбуховая трагедыйнасць».

Той жа А. Чычэрын адзначае, што «вялікая колькасць складаных сінтаксічных пабудоў абазначае тэндэнцыю да з'яднання і цеснай узаемазалежнасці вобразаў і думак. І наадварот, лаканічны сінтаксіс, лад мае тэндэнцыю адасаблення, выразнага выдзялення кожнай думкі». Але ў мастацкай структуры твораў І. Пташнікава суіснуюць самыя розныя сінтаксічныя пабудовы. Шмат перарывістых, абарваных сказаў, а ёсць і вельмі вялікія перыяды. У «Мсціжах» многа дыялогаў, маналогаў, увогуле мовы герояў. Яны гавораць кароткімі, лаканічнымі фразамі — канкрэтна і дакладна: «Хлябешча на ўвесь лес,— кажа пра трактар Балюта.— За цэлы дзень дак аж чарапы ад яго трашчаць. Не люблю я гэтых трактароў. Злезла б і пайшла. Пагаварыць, во, давялося раз, дык... пагаварыш надта. Другі раз бы і зайшлася калі, дык жа вачэй не падымеш, нібы ў чым я вінавата. Сам жа не прыйдзеш і на вуліцы на лаўцы разам не сядзеш, я то знаю. Па мне рабі што хочаш. Я пра тваю дзяўчыну думаю. І мой жа без бацькі рос, знаю. Вярнуўся б ты назад. Няўжо ўсё-такі паедзеш з участкам пад Полацк? Многія збіраюцца...»

Нават у размове пра звычайнае ў пташнікаўскіх герояў ёсць даволі часта нейкі падтэкст, недагаворанасць. Усё гэта побач з важкімі, маляўнічымі апісаннямі і дэталёвым падкрэсліваннем кожнага чалавечага руху стварае своеасаблівы пташнікаўскі рытм.

Як вядома, рытм арганізуе мову твора. Гэта самы першасны, яшчэ на біялагічнай стадыі ўспрымаемы фармальны элемент твора. Рытм сам па сабе можа выклікаць у душы чалавека нейкі эмацыянальны штуршок, афект. Гэта асабліва моцна адчуваецца ў вершах, але і проза мае рытм, як не абыходзіцца без яго ні адна жывая з'ява ў свеце. Рытм імгненна настройвае чытача на адпаведную хвалю, якая дапамагае ўспрыняццю твора. Рытм ствараецца сувяззю слоў у сказе, характарам сувязі сказаў. Рытм прозы грунтуецца на асаблівасцях чалавечай гаворкі. Але яго «мастацкасць» залежыць ад таленту пісьменніка, ад яго слыху да кожнага слова. У таленавітага пісьменніка сама кампаноўка нават самых звычайных слоў набывае нейкую стройнасць, сіметрычнасць, суразмернасць. З гэтага пункту гледжання творы Пташнікава ўяўляюцца «арытмічнымі». Але гэта не так. Рытм прозы Пташнікава абумоўлены своеасаблівасцю яго светаўспрыняцця, станам душы, эмацыянальным жыццём пісьменніка. Чым больш паглыбляецца ён у псіхалогію сваіх герояў, тым больш марудным робіцца рытм. Напружанасць яго ўзрастае, калі пісьменнік усхваляваны лёсам сваіх герояў, хоць знешне апавяданне яго застаецца аб'ектывізаваным. Драматычнасці аўтар дасягае праз будову кожнай асобнай фразы, напрыклад, у сне-ўспаміне Юркі з «Лонвы»: «Юрка цяпер ужо добра чуе, як грыміць гром, у тым баку, дзе крычаць канюкі, дзе Маяк — на Мсціжах. Яму зноў здаецца, што там бярэ гарнізон «Жалязняк». Тады, калі бралі гарнізон, пачало грымець з самага поўдня; грымела аж да вечара, грымела і ноччу. Ноччу яшчэ відаць было зарава — стаяла над лесам на Жукаўшчыне, вялікае і чырвонае, і дрыжала, жахалася. Тую ноч ніхто ў Лонве не спаў, не спаў ніхто і дома ў Юркі, не распранаўся нават — ні маці, ні бацька. А ў вёсцы многа ў каго былі пазапрагаеш коні...» У прыведзеным урыўку, характэрным для Пташнікава наогул,— своеасаблівая будова фраз, напрыклад, адна з іх на адных адмаўленнях: «Тую ноч ніхто ў Лонве не спаў, не спаў ніхто і дома ў Юркі, не распранаўся нават — ні маці, ні бацька». Трывога нібы перадаецца ад аднаго да другога, а для малога Юркі яна ўвасаблялася перш за ўсё ў непрывычнасці паводзін бацькоў: «Бацька ўсё хадзіў і хадзіў, месца сабе не знаходзіў. Маці сядзела ля акна і плакала».

Такім чынам, зыходныя пазіцыі рытму ў ГІташнікава — сама будова фразы, выбар і кампаноўка слоў у ёй. Агульны ж рытм — рытм сюжэта — у яго цяжкаважны, цягучы. Пісьменніку аказалася складана з яго аб'ёмістым, вельмі канкрэтным матэрыялам зрабіць дынамічным і напружаным сюжэт. Сам ход яго думкі, якая залішне раствараецца ў канкрэтыцы, стварае цяжкасці ва ўспрыняцці яго твораў.

Пташнікаў заявіў аб сабе як майстар тонкага псіхалагічнага аналізу. Сапраўдны псіхалагізм — гэта мастацкае, у мастацкіх вобразах раскрыццё адносін чалавека да свету, да грамадства, да прыроды, да сябе самога. Псіхалагізм можна інакш назваць дыялектыкай мыслення, прычым мыслення ў шырокіх маштабах. Пташнікаў не дробіць сваё пісьмо на «інфармацыю», апісанне і ўласна «плынь свядомасці», а спалучае іх у адзіным патоку, на які наслойвае і адносіны героя да свету, і адносіны аўтара да героя. У выніку кожны, нават самы малы элемент стылю, становіцца часткай агульнай пісьменніцкай мастацкай сістэмы.

Адным з галоўных будаўнічых матэрыялаў у сказе з'яўляецца дзеяслоў. Для Пташнікава характэрна нагнятанне дзеясловаў, і, як правіла, без метафарычнага іх напаўнення, а ў прамым значэнні, прычым дзеясловы разбіваюць сказ не проста на асобныя сінтагмы, а іменна нагнятаюцца, дапаўняючы і ўдакладняючы адзін другога, што і стварае асаблівы пташнікаўскі рытм: «Ён не спаў усю ноч, не заснуў і раніцай. Сонца свяціла ў акно з двара, якраз на сцяну, дзе вісела маленькае старое люстэрка, і яму, Алёшу, калола ў вочы што вострымі шпількамі, дастаючы аж да печы... У галавах на лучыне кратаўся кот, пацягваўся, выставіўшы ўперад лапы, і Алёша падумаў, што кот варожыць на холад». Складаная сінтаксічная фраза ў Пташнікава служыць сродкам з'яднання падзеі і яе ўспрыняцця чалавекам.

У ранніх апавяданнях І. Пташнікава вялікая колькасць вобразных сродкаў часта прыводзіла да страты апорным словам, да якога яны прымыкалі, свайго асноўнага сэнсу. У наступных, значна больш дасканалых і арганізаваных па мове творах, пераважае не шырокае ўжыванне тропаў, а выкарыстанне простых, будзённых слоў, але такая іх кампаноўка, якая не толькі сцвярджае сэнс, а і стварае падтэкст у кожным асобным сказе. Ужывае ён тут часцей за ўсё дзеясловы і розныя эпітэты, якія абазначаюць колеры, гукі, пахі і г. д. У апісаннях прыроды — частае ўжыванне параўнанняў, не кніжных — жывых, рэчыўных, будзённых, але тым не менш маляўнічых, яркіх: «На дварэ ціснуў мароз. Трашчалі ў лазні вуглы, як ад стрэлу: усюды высыпаў іней... Узышла поўня, была відаць з-за лесу. Цьмяная, жоўтая, знаць толькі адзін круг — неба зацягнулі сівыя, як пясок, хмары... Пасыпаўся снег, рэдкі, падаў паволі, як нехаця: сняжынкі доўга кружыліся над зямлёй». Пісьменнік заўсёды цікава размяшчае эпітэты і параўнанні ў сказе: як правіла, за асноўным словам, нібы герой, які ўспрымае тую ці іншую прыродную з'яву, спачатку бачыць яе цалкам (снег), а потым ужо пачынае заўважаць асобныя дэталі («рэдкі, падаў паволі, як нехаця»). Наогул, часта выкарыстоўваюцца стык, інверсія. Пташнікаў не напіша: «Вільготная пасля дажджу зямля пахла хлебам, травой і расой». Герой «Мсціжаў» — Андрэй Вялічка — толькі што вырашыў канчаткова застацца на вёсцы, ён ідзе да яе і ўсё ўспрымае вастрэй, нібы бачыць, чуе і адчувае ўпершыню: «І пахла вільготная пасля дажджу зямля — хлебам, травой і расой. Пахла сырой сцяной, ля якой у хаце спала Верка; пахла натруджанымі Балюцінымі рукамі — лёнам і дурнап'янам». Такая будова фразы — у размоўнай інтанацыі — даволі часта стварае перабівы рытму.

Прыгажосць кожнага канкрэтнага вобраза ў Пташнікава абумоўлена тым, што ён увасабляе думкі і пачуцці адначасова і аўтара, і герояў. Адсюль — далёкая асацыятыўнасць, сімвалічнасць асобных вобразаў.

Іван Пташнікаў — пісьменнік складаны, не пазбаўлены напружанасці творчага развіцця. Сфарміраваўся ён пад прыкметным уздзеяннем чорнаўскага апалітызму з яго канкрэтыкай, тонкім псіхалагізмам і драматызмам. Калі перафразіраваць словы К. Чорнага, то можна сказаць у дачыненні да Пташнікава, што ён добра «адчувае ў вобразах беларускі матэрыял». Нацыянальная насычанасць вобраза ў Пташнікава вельмі высокая. На ёй грунтуецца ўся мастацкая структура яго твораў. Акрамя таго, у Пташнікава вока жывапісца: каб апісаць з'яву, факт, прадмет, ён павінен раз'яднаць іх на асобныя мікраструктуры, кожная з якіх кладзецца асобным штрыхом. Своеасаблівасць пташнікаўскага светабачання, яго ўменне адчуваць і запамінаць свет у зрокавых, слыхавых, абаняльных вобразах і з'яўляецца ўмовай апалітычнасці яго стылю.

Як у пісьменніка-аналітыка ў Пташнікава своеасаблівыя адносіны з часам. Гэта можна заўважыць перш за ўсё па прывязанасці аўтара да «вось гэтага» дадзенага моманту, які ён таксама расчапляе на асобныя перыяды. Мы не бачым у творах Пташнікава развіцця характараў, затое можам паслядоўна прасачыць перажыванне герояў у той ці іншай жыццёвай сітуацыі. І тут важнае месца займае рэтраспекцыя, суаднесенасць цяперашняга перажывання героя з тым, што перажываў ён некалі раней.

Талент І. Пташнікава своеасаблівы. Часам бывае цяжка прасачыць усе згібы, усе рухі яго стылю. Але стыль яго, наследуючы лепшыя якасці беларускага эпічнага, аналітычнага стылёвага напрамку, вельмі цікавая з'ява сучаснай беларускай прозы.

Загрузка...