Іван Чыгрынаў належыць да таго ж пісьменніцкага пакалення, што і Вячаслаў Адамчык, Уладзімір Дамашэвіч, Іван Пташнікаў, Барыс Сачанка, Міхась Стральцоў і інш. Як пісьменнік ён складваецца ў 60-я гады, вельмі цікавы час у развіцці савецкай шматнацыянальнай літаратуры, калі з'явілася многа новых імён, паявіліся новыя напрамкі, надзвычайна пашырыўся стылёвы дыяпазон. Адну з важных роляў у выспяванні першага рамана Івана Чыгрынава «Плач перапёлкі» адыграла сама атмасфера 60-х гадоў. Многія даследчыкі літаратуры і мастацтва, філосафы, сацыёлагі лічаць 60-я гады XX стагоддзя гадамі абагульненняў і роздуму. Ул. Гусеў, напрыклад, піша: «Да сярэдзіны 60-х гадоў выкрышталізаваліся праблемы, характэрныя для грамадства з вялікім гістарычным вопытам».
Час, калі пісаўся другі раман Івана Чыгрынава — «Апраўданне крыві»,— 70-я гады, для літаратуры быў, па-першае, часам паглыблення гістарызму, па-другое, імкненнем да адлюстравання чалавечай асобы, раскрыцця яе складанага сацыяльнага і духоўнага свету. Гэтыя дзве тэндэнцыі, узаемна перакрыжоўваючыся, нараджаюць новыя і новыя формы мастацкай творчасці.
Натуральна, што сацыяльныя катаклізмы, праблемы захавання міру на планеце, навукова-тэхнічная рэвалюцыя, выбух інфармацыі, клопат аб прыродзе і выхаванні гарманічна развітога чалавека — усе гэтыя велічныя праблемы паставілі мастацтва перад неабходнасцю выбару новых прыёмаў і сродкаў адлюстравання. Узрасла тэндэнцыя да сінтэзу, да глыбіні мастацкага бачання, да філасофскіх канцэпцый рэчаіснасці. Літаратура адчувала патрэбу асэнсаваць шлях, пройдзены грамадствам за большую палавіну бурнага XX стагоддзя. Асабліва гэта датычылася нашай краіны, народу якой давялося перажыць значна больш, чым якому іншаму на зямлі. Самай вялікай падзеяй гэтай эпохі побач з Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыяй была і застаецца Вялікая Айчынная вайна.
Кнігі савецкіх пісьменнікаў пра Вялікую Айчынную вайну найбольш поўна і ярка раскрываюць яе сутнасць і гісторыю. Вайна разглядаецца ў лепшых творах савецкай літаратуры ў кантэксце ўсёй гісторыі нашага стагоддзя. Таму прынцып гістарызму становіцца важнейшай катэгорыяй, не толькі метадалагічнай, але і эстэтычнай літаратуры сацыялістычнага рэалізму.
Пісьменнікі, што пішуць пра Вялікую Айчынную вайну, імкнуцца асэнсаваць яе народны, вызваленчы характар, яе маральна-этычныя аспекты з вышыні сённяшняга дня. Безумоўна, любы пісьменнік, пра што б ён ні пісаў, перш за ўсё адлюстроўвае сучаснасць, але для мастака, які распрацоўвае ваенную тэму, надзвычай важна ўлічваць сувязь часоў, вопыт і гісторыі, і сучаснасці, «узаемадзеянне паміж вопытам мінулым і вопытам сённяшнім» (У. І. Ленін).
Прынцып гістарызму патрабуе ад мастака аналізу з'яў рэчаіснасці ў іх развіцці, у дыялектычным даследаванні сацыяльна-гістарычных, псіхалагічных і маральна-этычных праблем. Тып мастацкага мыслення, ідэйна-творчая пазіцыя пісьменніка, яснае ўсведамленне законаў грамадскага развіцця — важнейшыя перадумовы гістарызму творчасці.
Гістарызм у лепшых творах аб Айчыннай вайне праяўляецца ва ўменні пісьменнікаў паставіць праблемы вострасучасныя, глабальныя, агульназначныя: чалавек і вайна, чалавек і час.
Ваенная літаратура, апавядаючы пра падзеі ўжо 35-гадовай даўнасці, даследуе ў многім і заканамернасці развіцця сучаснага грамадства. Вырашаць велізарныя сацыяльна-эканамічныя задачы нашага грамадства павінна ідэалагічна і маральна актыўная асоба, і, такім чынам, праблема «чалавек і вайна» набывае ў найбольш таленавітых творах маштаб: чалавек і грамадства ў перыяд велізарных гістарычных зрухаў.
Калі ў творах буржуазнай літаратуры паказваецца адзіноцтва, адчужэнне чалавека, то ў пісьменнікаў сацыялістычнага рэалізму ўсё большая ўвага надаецца сувязі чалавека і грамадства, чалавека і народа, актыўнасці такой сувязі, у якой вялікую ролю адыгрываюць як аб'ектыўныя, так і суб'ектыўныя фактары.
Усенародны характар Вялікай Айчыннай вайны, складаныя задачы сінтэзу, што стаяць перад пісьменнікамі, вызначылі ўзмацненне эпічнасці як адной з важнейшых асаблівасцей нашай літаратуры. Ствараюцца эпапеі К. Сіманава, А. Чакоўскага, І. Стаднюка, П. Праскурына, кінаэпапеі — «Вызваленне», «Полымя», «Блакада» і інш. Узрастае тэндэнцыя да даследавання тых этапаў вайны, аб якіх да гэтага часу было яшчэ мала напісана. Адчуваецца імкненне пісьменнікаў, і ўдзельнікаў вайны, і прадстаўнікоў малодшага пакалення, да адлюстравання чалавека на вайне ў маладаследаваных ракурсах.
Эпас сацыялістычнага рэалізму зыходзіць з разумення глыбінных, унутраных сувязяў паміж асобай і грамадствам, паміж калектывам і асобным чалавекам. Мастацкае асэнсаванне вялікіх этапаў гісторыі заканамерна прадугледжвае іх эпічнае ўвасабленне, стылёвыя формы талстоўскага тыпу. Шматпланавы раман са складанай кампазіцыйнай структурай, з мноствам дзеючых асоб з'яўляецца дамінуючым у літаратуры 60-70-х гадоў. Проза Івана Чыгрынава арганічна ўвайшла ў рэчышча менавіта такой прозы, што было ў многім абумоўлена і самім характарам таленту пісьменніка.
І. Чыгрынаў — пісьменнік з раманным тыпам мыслення, сёння гэта заўважаеш нават у ранніх апавяданнях пісьменніка, але ён прыступіў да рамана, толькі адчуўшы ў сабе дастаткова вопыту і пісьменніцкага майстэрства.
Першы зборнік апавяданняў І. Чыгрынава «Птушкі ляцяць на волю» выйшаў у 1965 годзе. Крытыка прыхільна сустрэла зборнік, адзначыла псіхалагічнае майстэрства маладога пісьменніка, дакладнасць слова, такт. Зараз, праз пятнаццаць год, мы бачым, што асноўная асаблівасць першага этапа творчасці І. Чыгрынава — гэта яго роўнасць. Аўтарская манера спакойная, рытм павольна цякучы, без перабіваў, кампазіцыйная структура адпавядае логіцы развіцця сюжэта. Магчыма, такія асаблівасці стылю былі абумоўлены тым, што ў адрозненне ад іншых пісьменнікаў свайго пакалення — І. Пташнікава, В. Адамчыка, М. Стральцова — у Чыгрынава больш пераважаў разумовы пачатак, гэта значыць, свядомае, лагічнае і аналітычнае: якраз тыя якасці, якія дапамагаюць сінтэтычна ахопліваць факты жыцця, якасці, характэрныя для пісьменніка буйнага эпічнага жанру. Апавяданні І. Чыгрынава не пісаліся пад уладай пэўнага настрою, эмацыянальнага штуршка, як у ранняга І. Пташнікава, М. Стральцова. На творах І. Чыгрынава ляжыць адбітак глыбокай прадуманасці асноўнага сюжэтнага касцяка твора — ён роўнаўзважаны па аб'ёму, па суаднесенасці розных частак і элементаў.
Прыёмы і спосабы стварэння вобраза ў І. Чыгрынава падкрэслена традыцыйныя, праўда, «падпраўленыя» сучаснай лаканічнасцю. За Чыгрынавым стаіць, безумоўна, эпічная шырыня коласаўскай прозы, ёмістасць «Палескай хронікі» І. Мележа, культура пісьма М. Гарэцкага.
Найбольшае значэнне, на наш погляд, маюць у творчасці І. Чыгрынава традыцыі І. Мележа з яго эфектам даставернасці, з яго філасофскім, сацыялагічным і ў той жа час па-сапраўднаму мастацкім даследаваннем гісторыі, з яго ўвагай да ўнутранага свету простага чалавека, у якім быццам перакрыжаваліся важнейшыя сілы, што дзейнічаюць у грамадстве. Традыцыі Я. Коласа ў дачыненні да І. Чыгрынава больш далёкія, лепш сказаць, што яны больш адносяцца да светабачання пісьменніка, чым уласна да стылю.
Гуманізмам і народнасцю прасякнута ўся коласаўская творчасць, у аснове якой — глыбока зямныя карэнні. Праўда, коласаўскае сінтэтычнае, цэласнае ўспрыняцце свету, відаць, непаўторнае як гістарычны этап. Але іменна ад Коласа ідзе ў беларускай літаратуры традыцыя гарманічных літаратурных форм, набліжаных да форм самога жыцця. Для яго паслядоўнікаў — І. Мележа, М. Лобана, А. Чарнышэвіча, І. Чыгрынава — таксама характэрны ўраўнаважаныя, спакойна-гарманічныя стылі, якія аказаліся здольнымі перадаваць самыя глыбокія, драматычныя канфлікты сацыяльнага і асабістага жыцця людзей. Стылёвы напрамак, які ідзе ад Я. Коласа, развіваецца ў беларускай літаратуры паслядоўна і няўхільна, што абумоўлена цэлым шэрагам прычын сацыяльнага і ўнутрылітаратурнага характару. Гэта — беларускі нацыянальны стыль, вытокі якога —у спакойнай і яснай беларускай прыродзе, у размеранасці сялянскага жыцця, сардэчнасці і адкрытасці беларускага нацыянальнага характару. Беларускі нацыянальны стыль не прыземлены, не этнаграфічны, не бытавы, а паўнавесны, грунтоўны, псіхалагічны. Канкрэтнасць яго тоіцца ў асаблівасцях беларускай мовы, а таксама ў стылі жыцця беларускай вёскі, з якой выйшла абсалютная большасць беларускіх пісьменнікаў.
У сучасных таленавітых пісьменнікаў бывае цяжка прасачыць вучобу ў таго ці іншага папярэдніка. Як правіла, наследаванне ідзе па шматлікіх лініях і «ўбіраецца» ўсё вельмі арганічна. Відаць, менавіта карысная вучоба ў лепшых майстроў беларускай і рускай літаратуры з'явілася ўмовай той важнай акалічнасці, што ў І. Чыгрынава амаль не было стылёвых ваганняў. Тонка і ўмела скандэнсаваў ён у сваіх раманах лепшыя здабыткі беларускай нацыянальнай эпічнай традыцыі, развіваючы яе ў новых умовах і на новым узроўні. Тым і цікавы стыль І. Чыгрынава, што ў ім разам з індывідуальнай творчай манерай адчуваецца і вялікі сацыяльны і культурны вопыт, набыты пісьменнікам.
Для зборнікаў апавяданняў І. Чыгрынава характэрны высокі гуманістычны пафас, праўдзівасць, народнасць. Пісьменнік цікавіцца складанасцю чалавечага лёсу, паказвае людзей простых, але з заблытаным і часта драматычным жыццёвым шляхам. Памылковы, але абумоўлены характарам, свядомасцю іменна дадзенага чалавека, шлях цыгана Міхала з апавядання «Адна ноч». Трагічным аказваецца жыццё Вольгі («Апавяданне без канца»), якая прайшла праз катаванні гітлераўцаў і здрадніцтва мужа. Дваццаць год чакае мужа з вайны жанчына («Жыве ў апошняй хаце ўдава»). Адзіным сэнсам жыцця для старога Дземідзенка пасля страты ўнучкі засталося выпускаць птушак на волю («Птушкі ляцяць на волю»). Трохі падобны на герояў В. Шукшына Аляксей Кузьмянок з апавядання «Ці бываюць у выраі ластаўкі»: і сваім дзівацтвам, і сваім «няўменнем жыць».
Жыццё многіх герояў І. Чыгрынава прайшло праз вайну, і такія людзі найбольш цікавяць аўтара. Сэнсавым подступам да рамана «Плач перапёлкі» можа быць апавяданне «Бульба», пра якое паэт Анатоль Вярцінскі ў артыкуле «Гэта было з пакаленнем...» пісаў, што пісьменнік глянуў на падзею, «той дзень у жыцці свайго героя не толькі ўласнымі вачыма, а і вачыма Мішкі Бачыхіна, Санькі Брылёва, гэта значыць, вачыма свайго пакалення, і вось напісаў праўдзівы твор, дзе асабістае, непаўторна-канкрэтнае стала нашым, агульназначным».
Апавяданне «Бульба» стала часткай малога эпасу аб вайне, створанага І. Пташнікавым, М. Стральцовым, Я. Сіпаковым, Б. Сачанкам, А. Вярцінскім, Р. Барадуліным і іншымі пісьменнікамі і паэтамі гэтага пакалення, якое не ваявала, але для якога вопыт вайны і памяць вайны з'явіліся перадумовай грамадзянскай сталасці.
Апавяданне «Бульба» пачынаецца кароткай, стрымана выпісанай экспазіцыяй, у тым жа тоне, з якога ў далейшым пачнецца і раман «Плач перапёлкі». Час і абстаноўка дзеяння падаюцца праз перамежаванне складаназлучаных і кароткіх, як выбух, сказаў: «Уранні прыйшлі нашы — спачатку на зацішанскім бальшаку прагрукаталі, ляскаючы жалезам, танкі, пасля, можа, праз паўгадзіны, з-за пагорка паказалася пяхота. Калоны пехацінцаў павольна спускаліся ў нізіну, што перад вёскай, і адтуль, расцякаючыся, як ручаіны вясной, па лясных і палявых дарогах накіроўваліся далей, да Бесядзі. У вёсцы тым часам дагаралі хаты... Гулі маторы. І гэты гул іхні то нарастаў, нібы станавіўся сцяной, то заціхаў... Па небе плылі нізкія хмары, але дажджу не было. І ўжо каторы дзень. Відаць, хмары былі бясплодныя... На папялішчы патроху сыходзіліся людзі. Ніхто не плакаў... Не смяяліся і салдаты. Яны ішлі к Бесядзі маўклівыя».
У апавяданні відаць ужо аснова індывідуальнай манеры І. Чыгрынава. Ён канкрэтны і ў той жа час нешматслоўны, умее стварыць карціну, буйны план малымі сродкамі. Тут жа праяўляецца і яшчэ адна, праўда, характэрная не толькі для Чыгрынава, рыса — прывязанасць да родных мясцін, імкненне да максімальнай праўдзівасці, дакументальнасці апавядання. Не выпадкова А. Вярцінскі і Ю. Канэ адзначаюць падабенства апавяданняў І. Чыгрынава да нарысаў.
У зборніку апавяданняў І. Чыгрынава «Самы шчаслівы чалавек» больш пэўна, чым у папярэднім, даследуецца сэнс і паўнацэннасць чалавечага жыцця на зямлі. Характэрная асаблівасць зборніка — узмацненне сацыяльнасці, цікавасць аўтара да актуальных праблем грамадскага жыцця, да духоўнага свету чалавека. Тут выявілася таксама ўменне І. Чыгрынава ў адным творы выкарыстоўваць розныя прыёмы абмалёўкі характараў, ужываць розныя ракурсы для адной з'явы, факту, што характэрна менавіта для раманных форм эпасу.
І. Чыгрынаў не любіць упрыгожанага, расквечанага стылю, эфектных, рэзкіх паваротаў і дэталяў. Аснова яго прозы — дакладная, жыццёва-аб'ектыўная рэчавасць. Пра трагічнае, страшнае ён гаворыць стрымана, прыкрываючы свой боль, не злоўжывае ўмоўнымі формамі, сімволікай. Але ўжо ў апавяданнях адчуваецца настойлівы пошук пісьменнікам аб'ектыўнай, шматзначнай, абагульняючай дэталі.
Адно з лепшых апавяданняў І. Чыгрынава «Ішоў на вайну чалавек» прыцягвае сваёй прастатой, сціпласцю манеры, агульным спакойна-мужным настроем. Ігнат — галоўны герой апавядання — па-сялянску нетаропкі, цвярозы розумам і ў многіх рысах прадвызначае вобраз Зазыбы з дылогіі. Збіраючыся на вайну, Ігнат думае пра справы, якія не паспеў зрабіць, пра жонку, якой цяпер прыйдзецца ўсё ўзяць на сябе, пра калгас. «Пра сябе Ігнат чамусьці не думаў, быццам усё гэта не датычылася яго, быццам не яму заўтра наканавана было пакінуць дом. Больш таго, Ігнат паступова пачаў лавіць сябе на тым, што непрыкметна стаў глядзець ужо на самога сябе неяк збоку, як на чужога». Дакладна, тонка, сапраўды таленавіта здолеў перадаць пісьменнік думкі і адчуванні простага чалавека ў драматычныя хвіліны яго жыцця. Болем за чалавека, чыстым і нейкім прасветленым позіркам пісьменніка на яго перагукнулася з апавяданнем І. Чыгрынава вядомая аповесць Я. Носава «Усвяцкія шлеманосцы», якая з'явілася, дарэчы, значна пазней за апавяданне. Ужо тут у Чыгрынава вызначальнай становіцца ідэя, якая потым стане галоўнай у дылогіі: сувязь лёсу чалавека і лёсу народа, тая сувязь, што і вызначае каштоўнасць і цэльнасць чалавечай асобы, дыктуе пэўны сацыяльна-этычны выбар.
У тым жа плане напісана апавяданне «У баку ад дарогі», якое, як і папярэдняе, можна было б уставіць у раман і ад якога, безумоўна, адштурхоўваўся пісьменнік. Твор праўдзівы і фактычна, і псіхалагічна, напісаны без высокіх слоў, без гучных фраз і пафаснасці. У ім знайшоў адлюстраванне эпізод з абароны нашымі войскамі Магілёўшчыны ў пачатку вайны. Дакладна, як гэта любіць Чыгрынаў, дадзены геаграфічныя назвы і абставіны баёў. Але жыццёвы матэрыял ужо яўна не месціцца ў рамках апавядання. І не толькі ў гэтым, але і ў іншых творах Чыгрынава малога жанру адчуваецца імкненне да разгортвання ў часе і прасторы дзеяння сваіх твораў, да ўпарадкаванага, поўнага ўвасаблення сваіх думак і ідэалаў.
У адрозненне ад І. Пташнікава і М. Стральцова, творы якіх аб'ядноўвае перавага маральна-этычнага зместу характараў, І. Чыгрынаў паказвае больш, так сказаць, сацыяльнага чалавека, у адзінстве яго грамадзянскіх і маральных якасцей, падкрэслівае неаўтаномнасць асабістага, яго залежнасць ад усяго, што адбываецца навокал.
У творах на ваенную тэму важнейшым становіцца ў наш час прычынна-выніковае і этычнае асэнсаванне ваенных падзей. Як правіла, поспеху дасягаюць тыя пісьменнікі, якія псіхалагічную дакладнасць спалучаюць з глыбінёй сацыяльнага даследавання, з агульнай карцінай жыцця народа, магутныя сілы і вялікія патэнцыяльныя магчымасці якога праходзяць выпрабаванне іменна ў час вайны.
Да такога спалучэння імкнецца і І. Чыгрынаў, які ў рамане па-мастацку ўвасобіў пэўную канцэпцыю гістарычнага працэсу, канцэпцыю ў ланцугу «чалавек — абставіны — выбар». Аб гэтай канцэпцыі, ідэі ў дачыненні да многіх твораў сучаснай прозы добра сказаў А. Бачароў у сваім грунтоўным даследаванні «Чалавек і вайна»: «Ідэя трываласці жыцця, народжаная не абмежаванасцю ці адыходам ад складанасці быцця, а пазнаннем яго сацыяльных і гістарычных заканамернасцей, верай у нятленнасць яго карэнных асноў, пранізвае вобразнае бачанне вайны савецкімі пісьменнікамі».
Як вядома, развіццё беларускай літаратуры ў XX стагоддзі ішло хутка, але не без унутранага напружання, таму што складанай была сама гістарычная рэчаіснасць, а асэнсоўваць яе прыходзілася літаратуры яшчэ досыць маладой. Грандыёзнасць сацыяльных пераўтварэнняў, неабходнасць выхавання чалавека сацыялістычнага грамадства прад'яўляюць да беларускай літаратуры і мастацтва надзвычай вялікія патрабаванні, вымагаюць ад пісьменнікаў пошуку новых, усё больш скандэнсаваных форм вобразнасці, новых тыпаў абагульнення. Беларускія пісьменнікі дасягнулі вялікага майстэрства ў псіхалагічным аналізе. Аднак побач з пільнай увагай да духоўнага свету асобнага чалавека, да яго перажыванняў, думак, пачуццяў пашыраецца ў беларускай сучаснай літаратуры тэндэнцыя да гістарызму, да філасофскага асэнсавання падзей. Аналіз унутранага свету герояў у сучасных творах звязвэецца з шырокімі абагульненнямі падзей з жыцця народа. Высокі ўзровень аналітычнага пачатку вымагае і ўзмацнення сінтэзу. Асабліва моцнае імкненне да маштабных тыпаў абагульнення праяўляецца іменна ў творах, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне. Мы разглядаем і дылогію І. Чыгрынава «Плач перапёлкі» і «Апраўданне крыві» як далейшы крок наперад усёй беларускай прозы ў авалоданні сінтэзам.
Сінтэтычны аналіз і грамадскіх з'яў, і ўнутранага свету чалавека ва ўсёй паўнаце іх сувязяў — важнейшая якасць дылогіі І. Чыгрынава. Паспрабуем удакладніць, што неабходна разумець пад сінтэзам прозы.
Як ужо адзначалася ўпачатку, прынцып гістарызму становіцца адным з важнейшых прынцыпаў усёй савецкай літаратуры. У паняцце гістарызму сучасныя даследчыкі ўключаюць канцэпцыю гісторыі, аўтарскую пазіцыю, пэўную сувязь характараў і абставін, гэта значыць, паказ людзей і падзей у суаднесенасці з гістарычнай праўдай, у суаднесенасці з мінулым і будучым народа.
У аснове гістарызму — ідэя пераемнасці, сувязі часоў. Гэта і вызначае цікавасць пісьменнікаў да адлюстравання народнага характару вайны, да шматграннага вырашэння праблемы суаднесенасці чалавека і эпохі, да сцвярджэння і раскрыцця сэцыялістычнай свядомасці асобы, яе камуністычнай марэлі.
І. Чыгрынаў у сваёй дылогіі «Плач перапёлкі» і «Апраўданне крыві» ставіць праблему неўміручасці сацыялістычных заваёў, перадачы эстафеты гуманістычных ідэалаў з мірнага ў ваеннае жыццё. Стыль дылогіі пабудаваны быццам на пераходах, на «паваротах» гэтай эстафеты. Сюжэт цікавы ўжо тым, што апісваецца ў раманах не фронт, не тыл і яшчэ не акупацыя, а нешта пераходнае, хісткае, няўстойлівае. Стылёвая дамінанта твораў трымаецца менавіта на атмасферы пераходнасці і ў абставінах, і ў паводзінах людзей, і ў руху чалавечай свядомасці. Вельмі цяжка людзям, якія яшчэ бачаць перад сабой звыклыя рэчы, робяць прывычныя справы, усведамляць, што недзе побач існуе нешта зусім супрацьлеглае таму, да чаго прывыклі, на што могуць спадзявацца. Цяжка, аказваецца, звязаць розным палюсы і катэгорыі вымярэнняў. Нездарма Зазыбе, які раптам пачуў упершыню за многа гадоў званы ў царкве, здалося, што гэта «адным часам і мінулае, патрывожанае імі, і будучае, пра якое нельга было пакуль даведацца, уставалі і напаміналі аб сабе». Звон, які заўсёды збіраў народ на агульную справу, і званы Хатыні... Маштабы народнага гора спачатку не ў поўнай меры ўсведамляліся нават вопытнымі і дасведчанымі людзьмі. Як піша С. Андраюк: «людзі гадамі, дзень у дзень, былі прызвычаеныя да пэўнага рытму, пэўнай атмасферы. Усё было натуральнае, гарманічнае. І раптам — усё зрушылася, перамянілася нешта вельмі істотнае і значнае».
Парфён Вяршкоў, адзін з самых глыбокіх і абаяльных народных вобразаў дылогіі, перад самай сваёй смерцю ў рамане «Апраўданне крыві» дапытваецца ў Масея, сына Зазыбы, «хто на етай зямлі, дзе мы цяпера, жыў да нас?». Масей падрабязна расказвае Парфёну пра радзімічаў, княствы, паўстанне Вашчылы. Парфён робіць з усяго гэтага свой вьыад: «Значыць, і раней неспакойная наша надбесядская зямля была, Дзянісавіч? Не давалася?» — «Выходзіць, што так, дзядзька Парфён»,— здаволена згадзіўся Масей. З упэўненасцю, што не давалася і ніколі не дасца ворагу родная зямля, памірае Вяршкоў, пакідаючы сваю ўпэўненасць Масею.
Гістарызм дылогіі І. Чыгрынава праяўляецца не толькі ў імкненні звязаць часы, працягнуць лініі ад мінулага да сённяшняга і будучага, а і ў праўдзівым адлюстраванні падзей вайны, у гістарычнасці лёсу і характараў герояў раманаў.
Гістарычная канкрэтнасць, праўдзівасць у абмалёўцы самых першых тыдняў вайны, самой атмасферы тых дзён робіць дылогію І. Чыгрынава каштоўнейшым мастацкім даследаваннем на тэму Вялікай Айчыннай вайны. Прычым іменна выдатнае валоданне гістарычным матэрыялам дазволіла пісьменніку вырашыць і агульназначныя, маральна-этычныя праблемы.
Не карыстаючыся дакументам, які шырока ўвайшоў у сучасную эпічную літаратуру аб вайне, аўтар дасягае гістарычнай канкрэтнасці падзей дакладным указаннем мясцін, дзе адбываецца дзеянне, датамі, а галоўнае, дакументальнай скрупулёзнасцю, з якой апісваюцца першыя ваенныя дні ў вёсцы Верамейкі, у Забесяддзі. У раманах апісваецца зусім рэальная мясцовасць, радзіма самога пісьменніка — куточак на Магілёўшчыне. Час таксама названы канкрэтны — жнівень 1941 года.
Л. В. Іванова ў кнізе «Современная советская проза о Великой Отечественной войне» піша: «Гістарызм кніг пра вайну ў многім абумоўлены дыялектычным адзінствам гістарычнай праўдзівасці ў апісанні падзей і мастацкай канцэптуальнасці твораў. Спалучэнне гэтых якасцей прыводзіць да гістарызму ў раскрыцці чалавечых характараў і лёсаў, суразмерных эпосе, што з'яўляецца адной з важнейшых заваёў сацыялістычнага рэалізму. Уменне перадаць сутнасць з'яў праз прызму духоўнага ўспрыняцця іх асобным чалавекам таксама абумоўлівае ў многім гістарызм лёсаў, характараў, канкрэтных учынкаў герояў».
У дылогіі — складанае перапляценне сацыяльных, філасофскіх, маральных канфліктаў. Сацыяльная і маральна-этычная дыферэнцыяцыя выявіла і жыццёва актыўныя, прагрэсіўныя сілы, і сілы, варожыя ім. Вайна — праверка духоўнай каштоўнасці герояў, іх грамадзянскай сталасці.
Каштоўнасць дылогіі І. Чыгрынава — у гістарызме, імкненні асэнсаваць сувязь часоў, у праўдзівасці, дакументальнасці, аголенасці маральна-этычнай праблематыкі.
Сюжэт у рамане, як пісаў А. Фадзееў, «пабудаваны на грамадскіх падзеях, у вырашэнні якіх закладзена і вырашэнне асабістых лёсаў». Функцыі двух галоўных герояў дылогіі, якія «трымаюць» яе сюжэт,— Зазыбы і Чубара — шырокія і разнастайныя. Калі абстрагавацца ад іх чалавечых індывідуальнасцей, ад псіхічнага складу аднаго і другога, дык галоўная задача Зазыбы — «праз сябе» і свае адносіны з аднавяскоўцамі, а потым і з прадстаўнікамі «новай улады» выявіць глыбінны разрэз жыцця адной вёскі ў пераходнай сітуацыі, у той час, як Чубар развівае гэтую сітуацыю «ўшырыню», для чаго і адпраўляецца аўтарам у падарожжа па Забесяддзі.
Зазыба раскрываецца больш, так сказаць, катэгорыяй часу, для Чубара не менш важнае значэнне мае яго перамяшчэнне ў прасторы. Зазыбе неабходны час, каб выправіцца ад першай разгубленасці і мабілізаваць свае ўнутраныя рэзервы, увасобіць у рэальных учынках свае патэнцыяльныя душэўныя сілы. Пра такіх жа, як Чубар, гавораць, што іх вучыць жыццё. З гэтага пункту гледжання кампазіцыйнае размежаванне лініі Зазыбы і лініі Чубара ўяўляецца мэтазгодным, яно дазваляе павялічыць эпічнасць твора, правесці галоўную яго думку: нішто і ніхто не можа змяніць душу народа, надламіць яго волю, імкненне да свабоды і шчасця. Стыль рамана выяўляе тыя ўнутраныя здабыткі ў чалавеку, якія былі закладзены ў мірны час, за дваццаць год існавання савецкай улады. Але той факт, што Чыгрынаў узяў для мастацкага адлюстравання самы пачатак вайны, ускладніла яго задачу. У беларускай літаратуры шмат выдатных твораў аб вайне, і апісваюцца ў іх змаганні франтоў, жыццё ў акупацыі, партызанская барацьба. І. Чыгрынаў бярэ ўсё гэта нібы ў самай першай пазіцыі. Фронт ёсць, ён перасоўваецца за Сож, аб ім, натуральна, ведаюць верамейкаўцы, таму што ездзілі капаць акопы, ды і чуваць было колькі дзён. Немцы пакуль за 7 кіламетраў — у Бабінавічах, але жыхарам вёскі Верамейкі ўжо прыйшлося сустракацца з імі, ды ёсць ужо і іх стаўленікі — паліцаі-здраднікі. Рашэнне аб неабходнасці партызанскай барацьбы было прынята на апошнім пасяджэнні раённага камітэта партыі, але іменна на гэтым важным пасяджэнні не прысутнічаў старшыня калгаса Чубар, які ўвогуле не прывык жыць без кіруючых указанняў і дырэктыў. Нельга сказаць, што Чубар — чалавек абмежаваны. Як асоба ён у многім супярэчлівы, а абмежаванасць яго — спараджэнне пэўнага часу, пэўных умоў. Ва ўсякім разе, з вобразам Чубара ў дылогіі звязана важная тэма станаўлення партызанскага руху на Беларусі. Аб тым, што такая тэма цікавіла пісьменніка даўно, сведчаць апавяданні яшчэ першага зборніка. У адным з іх («Праз гады») былы партызан Даўгалёў звяртаецца да героя-апавядальніка з пытаннем: «А ты ведаеш, што такое партызан сорак першага года?» — «Я кіўнуў галавой, хоць, па шчырасці, не зразумеў яго пытання. Я ніколі аб гэтым не задумваўся...» А Даўгалёў працягваў: «...Гэта не тое, што партызан сорак трэцяга года. Не, зусім не тое». У дылогіі яшчэ не дзейнічае ні адзін партызан, але праз вобраз Чубара пісьменнік паказвае ўнутраныя, псіхалагічныя ўмовы партызанскай барацьбы.
І. Чыгрынаў любіць пэўнасць, таму ідэйныя пераконанні, жыццёвыя пазіцыі герояў намеціліся на першых старонках. Яшчэ ў пачатку першага рамана ў прынцыповай размове паміж Чубарам, старшынёй калгаса, і Зазыбай, яго намеснікам, праясняюцца характары гэтых людзей. Чубар катэгарычны, просталінейны, узрушаны і грубаваты. Зазыба ўраўнаважаны, спакойны, разважлівы, хоць на душы ў яго цяжка. Ён старэйшы за Чубара, бачыў ужо вайну, лепш ведае і разумее людзей. Чубар упэўнены ў неабходнасці знішчэння калгаснай маёмасці (у канцы другога рамана ён нават сам паліць збожжа). Але яшчэ ўпачатку Зазыба задае яму важкае пытанне: чым будуць карміцца людзі, якія застануцца па гэтай зямлі? У адказ Чубар катэгарычна і легкадумна гаворыць: «А хто іх прымушае заставацца? Той, хто па-сапраўднаму любіў савецкую ўладу, не будзе сядзець. Той даўно ўжо зняўся з месца і паехаў». На што Зазыба адказвае словамі Парфёна Вяршкова, які яшчэ ў «тую германскую» вайну гаварыў: «Хто з роднай зямлі ўцякае, той ворага не перамагае». Але для Чубара паняцці роднай зямлі, савецкай улады існуюць пакуль што ў іх шырокім, узнёслым, але вельмі абстрактным значэнні. Спрэчка гэтая, якая адбылася яшчэ ў першым раздзеле, на працягу рамана рухае ўчынкамі і думкамі герояў, раз'ядноўваючы і адначасова злучаючы іх, хоць сустракаюцца яны адзін раз у пачатку першага рамана і адзін раз у канцы другога, сцягваючы такім чынам вузлы канфлікту, хоць і не адзінага ў рамане, але аднаго з важнейшых.
У аснове канфліктаў многіх твораў сучаснай літаратуры пакладзены аналіз грамадскіх дзеянняў чалавека. Кожны чалавек — непаўторная асоба, якая творыць гісторыю адпаведна свайму светапогляду, у непарыўнай сувязі з галоўным зместам народнага жыцця.
Вера пісьменніка ў творчыя магчымасці чалавека, у неўміручыя народныя, сацыялістычныя каштоўнасці дазволіла праўдзіва і пераканаўча паказаць чалавека, які здольны разабрацца ў складаных праблемах быцця, актыўна ўдзельнічаць у канкрэтных падзеях.
Два дзесяцігоддзі, што стаяць за героямі, вызначаюць агульны дух, атмасферу раманаў Чыгрынава. Спачатку людзі і не асабліва баяцца вайны, яна паступова ўваходзіць у мастацкую тканіну твора. Яшчэ ў экспазіцыі верамейкаўцы не вераць у хуткі прыход немцаў, а сакратар райкома Маштакоў, які ў цэлым разумее сітуацыю, гаворыць пра ворагаў пакуль яшчэ зусім спакойна, як пра нейкую непагоду.
На Зазыбу таксама «вайна спачатку вялікага страху не нагнала». Можа, таму, што пасля арышту ў 1937 годзе яго адзінага сына Масея ён жыў, «як у тлуме». І таму многае з таго, што адбывалася навокал, неяк абходзіла яго. І ўсё ж іменна на Зазыбу, а не на Чубара кладзецца ў гэтых умовах самая вялікая нагрузка — адказнасць за калгасны хлеб. Гэта заканамерна, таму што ў Зазыбы больш унутраных рэсурсаў, глыбокіх ідэйных, маральных пераконанняў. Чубар не здольны пакуль што ўзяць у новых умовах на сябе такую адказнасць, ён не прывык нешта вырашаць сам.
І да Зазыбы мужнасць вяртаецца не адразу. Пасля размовы з Чубарам у душы яго «пасяліўся страх — было такое адчуванне, нібыта па вёсцы хадзіў хто з гарачай галаўнёй». Але гэта страх не за сябе, а за ўсё тое, чым жыў, чаму прысвяціў сябе. Матыў пераадолення праходзіць і праз лінію Зазыбы, і праз лінію Чубара, але па-рознаму, таму што вельмі розныя яны людзі. У першым рамане Зазыба, пераадольваючы прывычную інерцыю сваёй тугі па сыне, уключаецца пакуль што ў лакальную, але вельмі важную барацьбу за хлеб, за душы людзей з групкай здраднікаў, а ў іх асобе — з «новай уладай».
Унутранае жыццё Зазыбы вельмі складанае, пачуцці яго глыбокія і моцныя. Розныя факты, з'явы рэчаіснасці знаходзяць своеасаблівае праламленне ў яго душы, ён суадносіць іх з вайной. Аднойчы ён пачуў плач перапёлкі, і ў галаве ў яго ўзнікла пакутлівая думка: «Калі птушкі так плачуць ад свайго гора, то як жа тады павінны галасіць людзі, у якіх гора наогул бывае незраўнана больш, а цяпер дык і зусім цераз край?» Але людзі не галосяць, не плачуць. Апавяданне ў рамане вядзецца спакойна, стыль быццам знарок па-бытавому прыніжаны. Здаецца, жыццё ідзе, як і раней: засядае праўленне, збіраюцца ўбіраць хлеб, вакол пануе цішыня. Бытавыя клопаты, надзённыя справы ўвесь час процістаяць у свядомасці людзей пакутліваму адчуванню блізкіх страшных падзей.
Вось раніца звычайнага дня, яна апісваецца вельмі спакойна, размераным рытмам, маляўніча: «Вёска паступова абуджалася: узнімалі і апускалі драўляныя вёдры на доўгіх почапах жураўлі — у Верамейках былі тры калодзежы з жураўлямі,— і вясковыя бабы, дзогаючы парэпанымі пяткамі па сцежках, ужо ўгіналіся пад каромысламі, насілі ваду. Валіў дым з комінаў. Лопаючы крыламі на пералазах, спявалі галагуцкія пеўні». На фоне гэтай, амаль ідылічнай абстаноўкі размаўляюць Зазыба і стары селянін Кузьма Прыбыткаў. Прыбыткоў вельмі спакойна пытаецца ў Зазыбы: «Як мяркуеш, германец сянні прыйдзе да нас?» — «Ды ўжо як захоча»,— адказвае ў тым жа тоне Зазыба. Далей Прыбыткоў разважае, чаму наогул Германія пайшла вайной: «Германія, яна не тое што мы — мале-е-ень-кая!.. Ёй з намі, як па-разумнаму, дык і брацца не варта б. Ета дзе той Хабараўск, а і за ім таксама зямля. Я нават дзіўлюся, як ён саўсім асмеліўся напасць. Ета ж калі палічыць, дык іхні адзін на нашых трох ці чатырох». Горыч і любоў чуюцца ў словах Прыбыткова пра Беларусь: «Я от думаю цяпера: дык неяк дзіўна размешчана ета Беларусь наша, бытта гасподзь як знарок паклаў так. Усе праз нас вайной ходзяць, усе праз нас. Здаецца, каб хто перанёс яе ў другое месца, дык і нам бы па-другому жылося. А зямля харошая, можа нават лепшая за рай той. Ета ж падумаць толькі — у другіх голад дак ужо голад, людзі як тыя мухі гінуць, а ў нас адно толькі мужыкі паапухалі — ні кара, дак ягада, ні ягада дак грыб, а тама ўжо бульба пойдзе, жыта, але чалавек неяк выб'ецца з бяды, абы не сядзеў рукі склаўшы. Не, зямля наша папраўдзе райская, а от жа... От і Гітлер таксама... Спярша з дружбай лез, а цяпера і дружбе канец і любошчам».
Словы Прыбыткова пераклікаюцца з размовай Вяршкова і Масея ў другім рамане пра продкаў беларусаў, але ў разважаннях Вяршкова ўжо не толькі замілаванне Радзімай, здзіўленне і боль за пакуты яе, але і гатоўнасць змагацца, вера ў перамогу.
Што ж давалі такія размовы Зазыбе? Відаць, многае, бо, як адзначае аўтар, «Зазыба ажно пашкадаваў, што гэтак адразу пайшоў Прыбыткоў». Відаць, у размовах такіх, у адчуванні блізкасці сваёй да народа чэрпаў Зазыба сілы для таго, каб сумленна рабіць сваю справу, каб рыхтавацца да ўпартай, працяглай барацьбы. Гутаркі Зазыбы з аднавяскоўцамі не перапыняюцца на працягу першага рамана. Лінія Зазыбы перапоўнена дыялогамі. Сам ён гаворыць параўнаўча мала, але прыслухоўваецца да голасу народа, і хоць здраднікам, у прыватнасці Раману Сёмачкіну, «дужа хацелася неяк супроцьпаставіць вясковых мужыкоў былому старшыні калгаса», адчуваецца непарыўная сувязь сялян з Зазыбай, іх унутраная еднасць.
Зазыба адмаўляе дзейнасць па дырэктывах, але і яму вельмі цяжка спачатку на нешта рашыцца. А калгаснікі чакаюць ад яго пэўнасці. Парфён Вяршкоў папракае Зазыбу: «Як зганяў тых кароў, дак не толькі самога на вёсцы не відаць, але нават голасу не чутно. А час не чакае. І немцы, ты сам кажаш, у Бабравінах, да і... жніво пара пачынаць. Другі год дак мы ўжо, лічы, канчалі гэтымі чысламі. А тута, як наўмысля, еты год бытта адно да аднаго».
Пытанне пра жніво, пра жыта, пра размеркаванне яго паміж калгаснікамі з'яўляецца не толькі сюжэтным стрыжнем лініі Зазыбы, але і ўвогуле дылогіі, набываючы пры гэтым філасофска-абагульняючае значэнне. Зазыба змагаецца за хлеб, гэта значыць, за самае святое, спрадвечнае, важнае ў чалавечым жыцці. Клопаты пра хлеб яднаюць людзей, падымаюць іх веру ў будучае, у неабходнасць працягу жыцця, у бессмяротнасць Савецкай улады. Рашэнне Зазыбы аб раздзеле хлеба і аб захаванні яго да прыходу Чырвонай Арміі, запісанае ў пратакол, пагражала яму адказнасцю перад «новай уладай». Вялікая рызыка была і ў яго клопатах пра разведчыцу Марылю, астаўленую для падпольнай работы, ён разумеў, што можа паплаціцца жыццём, але ён разумеў таксама і тое, што «цяпер ад кожнага, хто меў сумленне і ўсведамляў сваю адказнасць перад краінай, патрабавалася не толькі намаганне фізічных і духоўных сіл — бадай, найважнейшым было падрыхтавацца ахвяраваць сабой». Па сутнасці Зазыба на працягу раманаў і знаходзіцца, калі можна так сказаць, у працэсе гэтай падрыхтоўкі. І. Чыгрынава больш за ўсё цікавіць іменна шлях да подзвігу, псіхалагічная яго абгрунтаванасць. Такія, як Зазыба, у небяспечнай абстаноўцы імкнуцца зрабіць усё, на што здатныя, у выключных абставінах яны становяцца героямі.
Іменна дзякуючы аўтарытэту Зазыбы былому махноўцу і дэзерціру Брава-Жыватоўскаму, забойцу Раману Сёмачкіну і вырадку Рахіму пакуль што цяжка праводзіць устанаўленне «новай улады». Але відаць па ўсім: барацьба наперадзе зацятая.
Кульмінацыйным момантам лініі Зазыбы з'яўляецца дзень жніва ў першым рамане. Ззяла ў гэты дзень на небе тры сонцы; і хоць Зазыба не верыў у забабоны, ён падумаў: «...Значыць, нейкая прыкмета, кажуць, здараецца гэтак у часы бедстваў народных... Але якая — добрая ці благая?» Пакутлівым роздумам Зазыбы пра будучае і канчаецца першы раман.
У рамане «Апраўданне крыві» Зазыба больш упэўнены ў сабе, хоць напружанасць яго душэўнага жыцця яшчэ ўзрастае. Спрэчкі Зазыбы — ужо не столькі з Чубарам, колькі з Брава-Жыватоўскім, сынам Масеем і настаўнікам Мурачом,— пераходзяць з плану сацыяльна-эканамічнага ў план ідэалагічны.
Вопытны, разважлівы Зазыба ў канцы дылогіі ўжо добра разумее, што неабходна брацца за зброю. Але ён даводзіць Чубару, як важна, «каб было ўзважана і ўлічана ўсё як мае быць».
Гісторыя Зазыбы — у адступленнях, развагах, супастаўленнях — уводзіцца ў гісторыю часу. У рамане «Апраўданне крыві» часта ўспамінае Зазыба другую вайну — імперыялістычную, а потым грамадзянскую, сваё партызанскае мінулае, Шчорса, у атрадзе якога змагаўся. «Прыходзіла на памяць Зазыбу мінулае таксама цяпер, бадай, лягчэй таму, што і сучаснае, і будучае, як людзі кажуць, пакуль далей носа цяжка было згледзець».
Зазыбу непакоіў псіхалагічны стан яго сына Масея, які вярнуўся ў родную вёску з лагера «не па-чыстаму» і які ў адзін і той жа час імкнуўся перабораць нешта ў сабе і не мог забыць перажытае. Па-народнаму простымі і дакладнымі словамі даводзіў сыну Зазыба сваю веру ў савецкую ўладу, перакананасць у перамозе яе: «Для мяне савецкая ўлада — як для маці тваёй ты!.. Ёй, бачыш, няма ніякай справы да таго, які ты цяпер, і што ты гаворыш, і што збіраешся рабіць!.. Ты для яе па-ранейшаму такі самы, якім яна цябе нарадзіла!.. А ўжо ты павер мне — ні адна маці не хоча, каб дзіця ў яе было кепскае!.. Яна б тады і мучыцца не мучылася праз яго. Нават не раджала б!.. Вось гэтак і для мяне савецкая ўлада! Я яе таксама... ну, калі ты хочаш ведаць, я яе таксама раджаў!.. Я за яе біўся! Я за яе пакутаваў!.. Бо мы ўсе, хто за яе біўся тады, ведалі, якая гэта ўлада і навошта яна людзям патрэбна!..»
Гістарызм характару — у рэвалюцыйным мінулым Зазыбы, бо пісьменнік паказвае ўзаемаабумоўленасць эпохі вялікіх сацыяльных пераўтварэнняў і чалавека, які творыць іх. Савецкая ўлада, да якой Зазыба ставіцца, быццам маці да дзіцяці,— найвялікшая каштоўнасць для яго. Успамін аб гераічным мінулым, які пастаянна ўводзіцца ў пакутлівыя разважанні Зазыбы, абвастрае самасвядомасць героя.
Мы можам гаварыць пра вялікае дасягненне пісьменніка ў стварэнні вобраза Зазыбы — гэта буйным планам намаляваны тып барацьбіта, кіраўніка, некаторыя рысы якога родняць яго з мележаўскім Апейкам.
Чубар чалавек зусім іншага складу, чым Зазыба. Ён жорсткі, прамалінейны, патрабавальны да людзей. Увогуле гэта чалавек складаны, як складаным быў час, які фарміраваў такіх людзей. Вобраз адначасова і вельмі сучасны, у нечым палемічны да розных «людзей з боку».
Рэзкае кампазіцыйнае размежаванне: душэўныя ваганні і пакуты Зазыбы, які адчувае адказнасць за людзей, за хлеб, і бадзянні Чубара па тылах фронту, што толькі што адкаціўся на ўсход, ствараюць паўнакроўную і дакладную карціну першага этапа вайны. Вандраванні Чубара пашыраюць прасторавыя межы рамана, адначасова паглыбляючы яго сацыяльнасць, спрыяюць шырокаму паказу гістарычных абставін, а праз Зазыбу ідзе псіхалагічнае даследаванне народнай масы, якая адчувае ўжо блізкую небяспеку і процістаіць ёй усімі сваімі сіламі.
Рух да сінтэзу можна бачыць у дылогіі і ў аб'яднанасці розных прынцыпаў тыпізацыі — лакальнай і маштабнай.
Своеасаблівасць стылю І. Чыгрынава якраз у тым, што яго раманы знаходзяцца нібы на перакрыжаванні двух галоўных сучасных напрамкаў у распрацоўцы ваеннай тэматыкі: панарамнага рамана і лакальнай аповесці, найбольш ярка прадстаўленай у творчасці В. Быкава, А. Адамовіча, Д. Граніна, Б. Васільева, І. Пташнікава і інш. Але раздзяленне рамана «Плач перапёлкі» на дзве аповесці, пра што гаворыць А. Бачароў, толькі фармальнае. Яно акцэнтуе ўвагу на аўтарскай задуме.
Безумоўна, лінія Чубара ў раманах уяўляецца пэўным чынам самастойнай аповесцю, прычым аповесцю вельмі насычанай і па жыццёваму матэрыялу, і па пісьменніцкаму яго асваенню. І. Чыгрынаў быццам вяртаецца да сваіх апавяданняў-падарожжаў, але на больш высокім узроўні, з новым напаўненнем.
Лінія Чубара — гэта аповесць-падарожжа з мноствам сустрэч і ўражанняў галоўнага героя, што ў цэлым дае праўдзівае і шматграннае адлюстраванне абстаноўкі на Беларусі ў першыя тыдні вайны. Чубар ставіцца ў такія абставіны, якія прымушаюць яго прымаць самастойныя рашэнні, да чаго ён не прывык, а можа, нешта і ламаць у сабе. Аўтар, які не любіць недагаворанасці, проста піша: «...Чубар разумеў, што кожная сустрэча дадавала яму нешта да таго, што ён ужо ведаў. Уласна, толькі сустрэчамі гэтым часам і даводзілася жыць, бо пасля гаворкі нават з самым няшуплівым чалавекам прыходзіла ў галаву новая яснасць. Праўда, на кожную сустрэчу ідзе багата маральных і фізічных сіл — заўсёды неабходна было трымаць сябе як напагатове. Але то былі ўжо, бадай, накладныя выдаткі».
Своеасаблівасць асобы Чубара, яго катэгарычнасць і прамадушша, патрабавальнасць да людзей і разгубленасць у новых абставінах, увесь комплекс тых рысаў характару, якія прымусілі яго пакінуць калгас і рушыць услед за арміяй, дапамагаюць пісьменніку даць не толькі дакладную карціну быту вёскі пачатку акупацыі і нараджэння партызанскага руху, але і перадаць духоўную атмасферу першага, самага цяжкага, перыяду вайны. А перадача атмасферы часу ва ўсёй яе праўдзівасці і канкрэтнасці становіцца адначасова і галоўнай стылёвай дамінантай раманаў.
У дылогіі адбылося ўзбагачэнне і жыццёвая напоўненасць паняцця героікі паўсядзённасці. Тут няма дыстанцыі паміж будзённым жыццём і выключнымі абставінамі, і ўсё ж многае змяняецца ў свядомасці герояў.
Блуканні Чубара, сустрэчы з рознымі людзьмі дапамагаюць яму адчуць важнасць і неабходнасць партызанскай барацьбы. Праўда, ідэя гэтая ўзнікла ў Чубара зноў жа не сама па сабе: яе «ўклаў» яму палкавы камісар, з групай якога сустрэўся Чубар у лесе. У ідэйным плане сустрэча Чубара і камісара такая ж важная для гэтага рамана, як, напрыклад, сустрэча Сінцова і Сярпіліна ў «Жывых і мёртвых» К. Сіманава.
Як ужо адзначалася, Чыгрынава цікавіць ранні этап партызанскага руху на Беларусі, безумоўна, надзвычай складаны этап. Чубар, які вельмі мала ўяўляе сабе, што такое партызанская барацьба, сустракае чалавека, што сам сябе характарызуе як «старога прыхільніка партызанскай тактыкі». Камісар ставіць шырокія сацыяльныя пытанні: «Гэта ж каб па-сапраўднаму падысці да справы, то патрэбна было і цэлую партызанскую навуку распрацоўваць. Але зыходзілі з таго, што ваяваць давядзецца на чужой тэрыторыі. Вайна ж паказала адваротнае — прынамсі, што ў планах неабходна прадугледжваць усе магчымасці. Партызанская вайна адрозніваецца ад ваенных дзеянняў рэгулярных часцей, свае законы мае. Але задача адна — біць ворага. Дарэчы, гэта яшчэ Дзяніс Давыдаў ведаў. І нападаў на ворага паўсюды, дзе толькі можна. А ў нас пакуль выходзіць іначай.
Чубару, які пакуль што не асабліва адчуваў вайну, не вельмі хацелася вяртацца ў Верамейкі. Але прапанова камісара вярнуцца гучала як загад, а Чубар прывык выконваць загады, ды і карта са знаёмымі назвамі (пакуль што карта!) усхвалявала яго, быццам юнака, што марыць пра падарожжы і прыгоды і можа гадзінамі праседжваць над ёю: «Чубар колькі часу сядзеў над картай: спярша проста так, у зацятай, пакрыўджанай маўклівасці. Пасля пачаў знаходзіць на ёй знаёмыя назвы, названыя дробным шрыфтам. І тады адбылося нечаканае — тапаграфічныя абазначэнні раптам нібы ажылі перад вачамі, і ён стаў з цікавасцю адшукваць патрэбныя дарогі, рачулкі, вёсачкі, усё больш захапляючыся гэтым. Карта нібы перанесла яго ў Забесяддзе, і ён амаль нанава пазнаваў там усё».
Сустрэча з камісарам з'явілася кампазіцыйным цэнтрам лініі Чубара ў раманах. Астатнія яго сустрэчы дапамагаюць перадаць быт і духоўную атмасферу той часткі тэрыторыі Беларусі, якая не была яшчэ занята ворагам трывала, хоць з немцамі сустракаліся ўжо амаль усе героі.
Адна з першых сустрэч Чубара — з чырвонаармейцамі, якія засталіся падарваць мост. Індывідуальнасці Шпакевіча і Халадзілава раскрываюцца шырэй, чым асоба палкавога камісара, хоць функцыя таго ў творы значная.
Праўда, калі ў адносінах да Халадзілава і некаторых іншых герояў аўтар толькі дэкларуе змяненне, эвалюцыю свядомасці, поглядаў, то ў адносінах да Чубара яму ўдаецца паказаць развіццё характару, унутраную эвалюцыю героя, змяненне яго псіхалагічнага вобліку. У гэтым — вялікая ўдача раманіста.
Спачатку Чубара цікавіць толькі асабісты лёс, ён мала думае пра іншае. Немцы палохаюць яго: «...выгляд варожых танкаў выклікаў у ім амаль жывёльны страх». Але пасля сустрэчы з мужнымі чырвонаармейцамі і асабліва з раненым камісарам адбываецца пералом у душы Чубара і, як піша аўтар, «у ім зноў жыў неспакой чалавека, якому рупіла немалаважная справа: ён хоць і не прымаў яшчэ тады, што мусіў падавацца ў Забесяддзе, як асэнсаваную і адзіна патрэбную ў ягоным становішчы рэч, але не паслухацца палкавога камісара ўжо не мог... Па-першае, палкавы камісар у дачыненні да яго старэйшы чалавек і па ўзросце, і па партыйным становішчы, а па-другое, у довадах палкавога камісара была абгрунтаваная пераканаўчасць — сапраўды, каму, калі не такім камуністам, як Чубар, найперш трэба было заставацца на месцы, каб наладжваць барацьбу ў тыле варожых войск? Праўда, Чубар не падманьваў сябе: Зазыба меў рацыю, калі дакараў пры апошняй сустрэчы, што за час старшынства ён так і не сышоўся па-належнаму з верамейкаўцамі».
Ужо пры сустрэчы з шыраеўскімі мужыкамі Чубар называе сябе партызанам, і, назваўшыся так, ён адразу спакайнее, «бо ў гэты момант для яго, можа, адбылося самае важнае: ён ужо сам упарта называў сябе ў новай якасці, на якую пакуль не меў, як і яму здавалася, падстаў». Але Чубар такі чалавек, які не можа ўявіць сябе ў няпэўным становішчы, не можа быць «нікім».
Слова «партызан» было для тутэйшых мужыкоў не толькі нязвыклым, але і не вельмі зразумелым. Цікавае сведчанне для сённяшняга чытача, які ведае Беларусь як партызанскую рэспубліку. Але так ужо здарылася іменна ў гэтых мясцінах. Тым цяжэй будзе Чубару арганізоўваць партызанскі атрад, тым больш павінен самавыхоўвацца і ён сам.
Размова Чубара з шыраеўскімі мужыкамі наогул паказальная ў многіх адносінах. Тут і сялянская хітрасць, і разважлівасць, і насцярожанасць, і страх, і ў той жа час павага да савецкай улады. Але галоўнае, кожная фраза «дыхае» вайной, за кожным словам — няўпэўненасць, неспакой, імкненне зазірнуць у будучае, даведацца, што чакае іх. Адзін з калгаснікаў, стары, пытаецца ў Чубара:
«— Нашы яшчэ вярнуцца?
— А ты як думаеш?
Дзядок абвёў позіркам аднавяскоўцаў.
— Забраў жа вонь колькі...
— Што забраў, тое і аддасць,— сказаў важка Чубар і раптам злавіў сябе на думцы, што, гаворачы пра гэта, ён кожны раз нібыта набіраецца аднекуль сам выразнай пэўнасці».
Многа адкрыццяў павінен яшчэ зрабіць Чубар на сваім шляху. Бадзяючыся вось так па Забесяддзю, ён упершыню задумваецца над тым, хто ён і як жыў. Чубар рана застаўся сіратой, быў у дзіцячай працоўнай камуне, потым у наймах, вучыўся ў школе каморнікаў. Выхаваны савецкай уладай, Чубар быў адданы гэтай уладзе. Самую дакладную і вызначальную характарыстыку свайму герою дае сам аўтар (наогул у абмалёўцы Чубара больш прысутнічае аўтарскі голас): «У чалавеку заўсёды жыве ўдзячнасць да тых, хто рабіў калі дабро яму. Ад Чубара таксама людзі мелі падставу чакаць такой удзячнасці. Але ў ягонай душы яна трансфарміравалася з нейкага часу ў адно, і ён жыў з удзячнасцю да той рэвалюцыі, якая не дала яму прапасці ў брудзе лахманоў. Можа, не кожны раз ён добра ўсведамляў сабе тое, што рабіў, затое заўсёды, ці амаль заўсёды, ведаў, дзеля каго і дзеля чаго рабіў».
Пасля заканчэння калектывізацыі, у якой і ён прымаў удзел, Чубар працаваў на розных кіруючых пасадах, збольшага вучыўся. «Займаючыся цяпер супастаўленнем фактаў, дакладней, момантаў свайго жыцця, аналізам вызначальных альбо проста пабочных падзей, якія складалі гэтае жыццё, Чубар найбольшую цяжкасць меў адказаць на першае пытанне: хто ён?» Такое пытанне не магло прыйсці ў галаву Зазыбу нават у самым няпэўным становішчы: той добра ўсведамляў не толькі свой сацыяльны статус і месца ў жыцці, але і непарыўную, кроўную сувязь з народам. Чубар быў выхаваны пэўным часам, і, нягледзячы на многія недахопы характару і, відаць, адукацыі, у ім жыла цвёрдая і непахісная сумленнасць камуніста. Але ён не ведаў і не разумеў людзей. Павага да кожнага асобнага чалавека пачне з'яўляцца ў Чубара пасля сустрэч з людзьмі, з жывымі, і мёртвымі...
Не трацячы сваёй будзённай канкрэтнасці, падарожжа Чубара ўсё больш і больш набывае нейкі вышэйшы сэнс. Чубар спасцігае людзей і Радзіму, ён сустракаецца з прадстаўнікамі самых розных сацыяльных груп: сярод іх некалькі тыпаў сялян, адзін з высокіх камандных чыноў — палкавы камісар, чырвонаармейцы, спустошаны душэўна інтэлігент, жанчыны, кожная з якіх і ўсе разам увасабляюць шчырасць, душэўную высакароднасць, прастату, усе лепшыя якасці славянскай жанчыны, бабінавіцкі яўрэй Хоня Сыркін, што ледзь не кінуўся ў бежанцы; нарэшце, сустракае Чубар магілы, сваіх і чужых. Акрамя таго, бадай што, упершыню за ўсё жыццё, пачаў цікавіцца Чубар жыццём ніжэйшых істот, звяроў і птушак, якія сустракаліся яму па дарозе. Зазыба вельмі арганічна ўспрымаў такія рэчы, а зацікавіўся ў гэты час іншым: народнымі прыкметамі, царквой, іконай богамацеры, ён, «здаецца, першы раз за сталае жыццё свядома і з непадробнай цікавасцю ўзіраўся ў святыя рысы, нібыта хацеў разгадаць тайну тае неадольнае сілы, якая выклікала малітвы людзей».
Праз падрабязнасці вясковага побыту і падарожжа Чубара, праз павольную перадачу будзённага руху часу, праз дакладнае выпісванне розных дэталяў імкнецца аўтар да галоўнай сваёй мэты: паказаць, як, з якімі пакутамі і ваганнямі ў свядомасці, у барацьбе з аб'ектыўнымі цяжкасцямі фарміруюцца сапраўдныя народныя героі, верныя партыі, савецкай уладзе, патрыятычным, сацыялістычным ідэалам. А знешне нетаропкая, грунтоўная чыгрынаўская манера апавядання, як гэта ні парадаксальна, якраз і перадае праўдзіва і пераканаўча вялікае напружанне, што ўзрастае і ў душах людзей, і ў прыродзе навокал, якая таксама, здаецца, не можа прымірыцца з вайной.
І. Чыгрынаў у апавяданнях даволі стрымана апісваў прыроду, без асаблівай зацікаўленасці. Відаць, філасофскае асэнсаванне прыроды, усяго жывога, як і зварот да эпічных форм у творчасці, прыходзіць да чалавека з узростам. У раманах прырода ўжо выступае ў некалькіх функцыях. Па-першае, як неабходнае і характэрнае акружэнне герояў. Падарожжа Чубара гэтак жа цяжка ўявіць без пейзажнага фону, як і без сустрэч з людзьмі. Дакладны і нават скрупулёзны Чыгрынаў ва ўсім: ён падрабязна расказвае гісторыю вёскі Верамейкі, апісвае рэльеф, флору тых мясцін, дзе дзейнічаюць яго героі. Праўда, скрупулёзнасць Чыгрынава зусім іншая, чым у І. Пташнікава: у Чыгрынава менш мікрааналізу, больш унутранага адзінства, мастацкія вобразы мацней цэментуюць агульны малюнак пейзажу, а рытм фразы нясе эпічную, апавядальную інтанацыю.
Усё ў раманах І. Чыгрынава паступова напаўняецца, дыхае вайной, падобна таму, як у «Лонве» І. Пташнікава яшчэ тлее пасля вайны зямля. Але ў Пташнікава сімволіка праходзіць глыбока праз чалавечую душу, у Чыгрынава яна шырокая, больш, калі можна так сказаць, сацыяльная, ідэя лепш прасвечвае скрозь маляўнічую абалонку вобраза. Плач перапёлкі прымушае Зазыбу задумацца аб горы народным, і Чубару раптам становіцца цікава сачыць, як ніжэйшыя істоты — мурашкі — будуць мінаць перашкоду на іх дарозе. Праўда, Чубар — не Зазыба з яго тонкай, нават паэтычнай душой, і таму, як трохі з іроніяй піша аўтар, «ён быў далёкі ад таго, каб рабіць, як здараецца, нейкія аналогіі паміж мурашкамі і людзьмі, для гэтага нават у такі час патрэбна быць сама меней філосафам...». Але нешта зварухнулася ў душы Чубара за час вандравання. І ўжо ў той жа дзень, пасля забойства ваенурача, лежачы ў бярэзніку, Чубар зноў з цікавасцю пачынае назіраць за жывымі істотамі, «жыццё якіх, можа, не менш загадкавае і поўнае нягод ад людскога. Але цяпер гэтае міжвольнае параўнанне ў ягонай галаве набыло амаль закончаную асэнсаванасць, асабліва пасля таго, калі ўбачыў, як па камлі бярозы поўз угару рагаты вусень, які нават не здагадваўся, што з макаўкі за ім сачыў лесавы жаваранак...». І забіты воўк нечым, «можа, сваёй прыгожай сівізной», нагадаў Чубару ваенурача.
Усё гэта не магло не адбіцца на яго настроі, на стане яго душы, не магло не ўскалыхнуць усе яго пачуцці. Ужо ўбачыўшы знаёмы курган перад Верамейкамі, ён адчуў, быццам «вынырнуў на паверхню вады, тоўшчу якой, лічы да самага дна, давялося прабіваць без жывога паветра ў распёртых грудзях». Знаёмыя краявіды, відаць, упершыню па-сапраўднаму ўсхвалявалі яго.
Ў канцы другой кнігі — «Апраўданне крыві» — зноў паўстае вобраз вёскі Верамейкі, ужо не ў канкрэтным, а ў больш абагуленым, філасофскім плане — перад вачыма Масея, сына Зазыбы. «...Увагай цалкам завалодаў выгляд роднай вёскі. Раней яму чамусьці і ў галоў не прыходзіла, што Верамейкі падобны знешне на сагнуты лук, дзе цецівой была сцяна лесу за возерам, стралой — кароткая вуліца, якая завецца Падлюкамі, а пруткай дугой — сама вёска, якая агінала возера. Адкрыўшы для сябе гэта, Масей нават здзівіўся, што нечакана магло прыйсці такое дакладнае параўнанне. Цеціва гэтага своеасаблівага лука даўно была туга напята, адно залішне блізка сціскала ў абодвух канцах дугу, а страла ўсё не вылятала. Не вылятала, можа, таму, што не мела пакуль перад сабой пэўнай мэты. Уражаны сваім адкрыццём, Масей яшчэ нейкі час не думаў, што яна з аднолькавым поспехам здольна працяць і яго...»
Няхай у Чубара не такое глыбокае пачуццё выклікала яго малая Радзіма, як у інтэлігента, паэта Масея, ды і не перажыў усё ж Чубар таго, што перажыў Масей, аднак і ён доўга стаяў перад Верамейкамі, шчаслівы і радасны, што вярнуўся.
Чубар выходзіць да Верамеек разам з лосем і маленькім ласянятам. Лось таксама мае сваю гісторыю, сваю ролю ў рамане. Гэта быў першы лось, што бег ад вайны з Бярэзінскай пушчы. Па дарозе ён сустрэў ласіху з ласянём, якія таксама беглі ад людзей з іх грымотным агнём. І калі ласіху забілі немцы, лось прывёў ласяня на Бесядзь. Некаторыя крытыкі адзначалі, што гісторыя лася — чужародная ў рамане. Але, відаць, лася неабходна разглядаць у агульнай сістэме вобразаў прыроды. Забойства яго татарынам Рахімам было апошняй кропляй для Чубара: так высока падняўся ён духоўна за час свайго падарожжа — ад простай зацікаўленасці жыццём жывых істот да амаль фізічнай болі, калі на яго вачах забівалі прыгожага і магутнага звера. Тут не толькі шкадаванне, а наяўнасць нейкай высокай эстэтычнай якасці, якая была б не да месца ў Чубара на пачатку рамана.
У другім рамане дылогіі «Апраўданне крыві» Чубар яшчэ больш непасрэдна сутыкаецца з жывой істотай — з асірацелым ласянём, што цягнецца да чалавека, шукае ў яго абароны, і гэта кранае сэрца Чубара, напаўняе яго пяшчотай, прымушае інакш, з іншага боку паглядзець на многія рэчы. Безумоўна, гэта яшчэ не перараджэнне чалавека, але набыццё нейкай новай якасці.
У «Апраўданні крыві» прырода наогул становіцца бліжэй да чалавека, як піша Г. Егарэнкава, «сілы прыроды бы выступаюць разам з чалавекам і — за чалавечнасць». Дылогія канчаецца выратаваннем маленькага ласяня Чубарам, а гэта ўжо па сутнасці вялікі акт гуманізму, хоць і не датычыць ён чалавека.
Строгі рэалізм дылогіі ўзбагачаецца шматлікімі вобразамі-сімваламі, узятымі з прыроды. Гэта не толькі лось, ласяня, перапёлка, але і стары воўк, сустрэты Зазыбай па дарозе, і пень, што астаўся ад спіленага дуба і рос з году ў год, выклікаючы велізарную цікавасць у навакольных сялян, і бусліха, што засталася без бусла, але выгадавала птушанят, і многія іншыя вобразы. Чым выкліканы яны — пра гэта ніжэй.
В. Новікаў піша: «Паглыбленне гістарызму, пашырэнне дыяпазону мастацкіх рашэнняў у сучаснай літаратуры змяняе паэтыку рамана, у якім лёс чалавека і лёс народа, эпахальныя падзеі асэнсоўваюцца ў філасофскім плане, пашыраюцца рамкі самога жанру рамана».
Для сучаснай літаратуры характэрна разнастайнасць, перапляценне жанраў рамана, складаныя ўзаемаадносіны ўнутры жанру эпічных, драматычных і лірычных элементаў, адлюстраванне падзей з розных пунктаў гледжання, перасячэнне некалькіх часавых ліній, сцяжэнне часоў, супастаўленне сённяшняга і мінулага, спалучэнне форм умоўных і рэальных і г. д. Прычым і мастацкія сістэмы жыццепадобныя, і мастацкія сістэмы ўмоўныя, метафарычныя аднолькава маюць права на існаванне. Пазнанне ісціны ў рэшце рэшт не залежыць ад выбранай формы — залежыць ад таленту.
У сваім цікавым артыкуле «Шлях да сінтэзу» Галіна Егарэнкава робіць вывад аб сінтэтычнасці ліра-эпічнага жанру раманаў І. Чыгрынава. Яна лічыць, што эпічная тэма ў Чыгрынава вырашаецца ў многім лірычнымі сродкамі, што лірызм пранізвае ўсю вобразную тканіну раманаў. Прычым пісьменнік тут грунтуецца яшчэ на традыцыях літаратуры Кіеўскай Русі. Даследчыца адзначае моцны ўплыў фальклорнай паэтыкі, «Слова аб палку Ігаравым», наогул кніжнай паэтыкі старадаўнасці. «Вядома, для сучаснага пісьменніка,— піша Г. Егарэнкава,— фальклорная міфалогія — не глеба, а толькі арсенал, з якога ён бярэ паэтычныя сродкі, але гэтая вельмі магутная і жыццяздольная крыніца... адухоўлівае, узнімае апавяданне аб страшнай у сваёй будзённай жорсткасці вайне ў сферу ўзвышанага — гаворка ідзе ўжо аб неўміручасці прыроды і народа».
Надзвычай цікавую праблему паставіла ў сваім артыкуле Г. Егарэнкава. Менавіта так — з падключэннем да аналізу таго ці іншага твора, той ці іншай творчай індывідуальнасці ўсёй гісторыі культуры, літаратурных традыцый— неабходна пісаць сёння пра складаныя факты сучаснага літаратурнага жыцця. Сапраўды, своеасаблівасць структуры дылогіі ўзнікае са спосабаў спалучэння і суадносін шматлікіх традыцыйных элементаў. Прычым тут можна ўспомніць і традыцыі больш блізкія — Я. Коласа, для якога таксама, як і для аўтара «Слова аб палку Ігаравым», у многім было характэрна пантэістычнае, амаль сінкрэтычнае ўспрыняцце свету,— пра гэта пісалася вышэй. Можна было б дадаць да сказанага Г. Егарэнкавай: не толькі прыродныя вобразы, але і легенды, расказы аўтара пра старадаўняе, розныя прыкметы, сны (Марфы, Парфёна Вяршкова), вершы, уключаныя ў тэкст, нарэшце, наогул народныя паэзія — прыказкі, прымаўкі, крылатыя слоўцы — павялічваюць агульную лірычную танальнасць твора, аднак адначасова і пашыраюць рамкі эпічнасці. Масавыя сцэны, прырода, патаемнае духоўнае жыццё чалавека, як, бадай, ні ў аднаго з беларускіх празаікаў, насычаны ў Чыгрынава матывамі старадаўняга эпасу, казачнымі, міфалагічнымі вобразамі і паралелямі. Якраз блізкасць народнага і прыроднага пачатку і складае агульны фундамент мастацкага свету пісьменніка. Міфалагічныя элементы ўзмацняюць філасофскі пачатак прозы І. Чыгрынава, адначасова надаючы ёй выразны нацыянальны адбітак. Міфалагізм тут — адзін са шматлікіх сродкаў паказу жыцця ва ўсім багацці яго праяўленняў, у багацці маральна-этычных традыцый народа, яго пачуццяў і настрояў, мар і надзей.
Аўтарскі голас, інтанацыя таксама агорнуты лірызмам. Пры гэтым Чыгрынаў кожны малюнак, кожны эпізод, раздзел пачынае зусім спакойна, стрымана. Яго пачуцці нарастаюць паступова, а іх водгукі быццам накапліваюцца ў навакольным асяроддзі. Знітаванасць са светам прыроды пачынаецца з таго, што героі, ды і сам аўтар, бачаць у яе праяўленнях нешта чалавечае і адгукаюцца на гэтую роднасць пяшчотным пачуццём.
Такім чынам, лірычныя, дакладней сказаць, філасофска-лірычныя адносіны да свету, безумоўна, прысутнічаюць у дылогіі.
Аднак жанр ліра-эпікі і лірызм эпічнага твора — не зусім адно і тое ж. У творах ліра-эпічнага жанру няма той развітасці характарыстык персанажаў, якая ёсць у эпасе і якая, безумоўна, прысутнічае ў дылогіі І. Чыгрынава, што мы і імкнуліся даказаць. А неразвітасць сацыяльнага і псіхалагічнага быцця герояў кампенсуецца ў ліра-эпасе раскрыццём грамадскай свядомасці самога аўтара. Такога ж раскрыцця, што датычыць свядомасці аўтара, у дылогіі няма. Але затое ёсць не толькі знешняя плынь жыцця, але і ўнутраная дыялектыка руху, пераход жыцця ў новую якасць, шматмернасць гэтага пераходу. У дылогіі ўжо ёсць рысы эпапеі, таму што ў фокусе аўтарскай увагі — змены ў народным жыцці, гістарычныя зрухі.
Дылогія І. Чыгрынава мае выгляд хронікі. Аднак было б спрашчэннем вызначаць жанр раманаў толькі як хранікальны. Ён, жанр, тут больш рухомы, больш сінтэтычны.
Дзеянне рамана «Апраўданне крыві» пачынаецца тым момантам, якім канчаецца папярэдні раман «Плач перапёлкі»: Чубар назірае з-за кустоў за верамейкаўцамі, што абступілі забітага лася, а ў гэты час на ўзгорку з'яўляецца перадавы раз'езд нямецкай вайсковай часці, якая ўступала ў Верамейкі. Варожыя сілы станавіліся твар у твар.
Такі даволі рэдкі і арыгінальны кампазіцыйны прыём прызначаны абазначыць хранікальную структуру дылогіі І. Чыгрынава. Праўда, хроніка тут вельмі своеасаблівая. Па-першае, раманны час сцягнуты. У першым рамане дзеянне адбываецца на працягу некалькіх тыдняў, а ў другім ужо сціскаецца да некалькіх дзён, затое пры гэтым узрастае нагрузка іншых структурна-стылёвых элементаў. Па-другое, сутыкненне жыхароў вёскі Верамейкі з немцамі аказваецца кульмінацыяй усёй дылогіі, кульмінацыяй, размешчанай насуперак, здавалася б, усім правілам сюжэтна-кампазіцыйнага будавання, якраз пасярод дзеяння. Уступленне немцаў — самы драматычны, напружаны момант, хоць аўтар быццам назнарок адцягвае трагічныя сутыкненні: немцы не расстрэльваюць Парфёна Вяршкова і Піму. Асноўны кампазіцыйны прыём унутры самой кульмінацыі — адмоўны паралелізм: вяртанне Чубара — уступленне немцаў, жніво — забойства лася Рахімам, весялосць сялян ад таго, што нямецкі афіцэр высцябаў Брава-Жыватоўскага і Драніцу, яго прыхвасценя,— і жах пасля выпадку з Вяршковым і Пімам. «...Пасля, як верамейкаўцы прайшліся пад канвоем у вёску ды пастаялі пад страхам на пляцы, шмат што змянілася ў іх свядомасці, калі зусім не перайначылася».
Такім чынам, сутыкненне сілы фашызму і беларускага народа ў асобе жыхароў вёскі Верамейкі — самы моцны выбух сюжэта, да якога сцягнуты ўсе лініі, усе канфлікты.
Аналіз не існуе без сінтэзу. Паглыбленне гістарызму суправаджаецца ў сучаснай літаратуры пошукам новых форм абагульнення, новых форм мастацкага сінтэзу. Таму што шырыні ахоп падзей, аналіз характараў патрабуе ад аўтара яшчэ большай канцэнтрацыі ўвагі на галоўным, найбольш істотным. І гэта галоўнае яму трэба раскрыць ва ўсёй гістарычнай своеасаблівасці, улічваючы ўзаемасувязь з'яў і агульную перспектыву развіцця. Менавіта таму ў кампазіцыі твораў І. Чыгрынава і ствараюцца кульмінацыйныя пункты, лініі перасячэння розных элементаў.
У дылогіі ёсць і іншыя сюжэтныя вузлы. Дакладна асэнсоўваючы гістарычныя абставіны, аўтар робіць гэта праз свядомасць герояў. Адначасова абставіны асэнсоўваюцца і самім мастаком. Такім чынам яны праецыруюць на сюжэтныя цэнтры, узаемадзейнічаюць з героямі, з іх учынкамі, думкамі, пачуццямі.
Структура чыгрынаўскіх раманаў мае некалькі зрэзаў, падструктур, пластоў. Па-першае, аб'ектыўная стылёвая аснова твораў, тое, што перш за ўсё кідаецца ў вочы пры вызначэнні манеры пісьма: ураўнаважаны тон, спакойная плынь апавядання, дакладная, не перагружаная метафарычнасцю мова. Вышэйшы пласт — індывідуалізацыя чалавечых характараў, якая мае перш за ўсё сацыяльныя карэнні. Тут жа, унутры гэтага пласта,— жыццё прыроды, жывых істот, што набывае раптам для чалавека ў час вайны іншы, вышэйшы сэнс. Філасофская канцэпцыя аўтара, агульная думка, ідэя твораў праяўляюцца і на ўзроўні кампазіцыйным.
У дылогіі І. Чыгрынава форма і змест непадзельныя, пранізваюцца адно другім на ўсіх узроўнях. Дыялектычна-сінтэтычную прыроду мае і кампазіцыя раманаў.
Уменне будаваць кампазіцыю, бадай што, вышэйшая культура ў напісанні твора, тая культура, якой не заўсёды хапала беларускай літаратуры на першых этапах яе развіцця і якая набыта ў творчасці сучасных беларускіх празаікаў. Кампазіцыя — гэта логіка развіцця мастацкай ідэі ўнутры мастацкага твора. Прынцыпы адносін частак у творы непазбежна «электрызуюць» глыбінныя яго пласты.
Фактычным і сэнсавым цэнтрам рамана «Плач перапёлкі» з'яўляюцца два раздзелы: радзіны ў Сахвеі і сустрэча Чубара з палкавым камісарам. Яны ідуць адзін за адным. І гэта не выпадкова. У іх тояцца галоўныя, важнейшыя аўтарскія думкі. Сустрэча з камандзірам прадвызначыла лёс Чубара. У другім рамане такім жа па значнасці момантам з'яўляецца сход у нямецкай камендатуры, дзе Зазыба ўпершыню па-сапраўднаму сутыкнуўся з «новым парадкам». Сцэна радзін у Сахвеі пераклікаецца са сцэнамі паходу жанчын з Верамеек у Яшніцу ў лагер ваеннапалонных. А. Бачароў піша: «Сцэны ў парадзіхі Сахвеі з'яўляюцца нібы квінтэсенцыяй усяго ідэйнага настрою рамана, усяго зместу, выражанага ў лёсе людзей, у дыялогах, дзеяннях: ідзе, не канчаецца жыццё, нараджаюцца дзеці, спрачаюцца, смуткуюць, танцуюць людзі, а над усім гэтым — надрыўны голас салдаткі Дуні, які напамінае аб грознай бядзе».
У сцэне бабін сапраўды будзённыя рэчы, размовы пераважаюць, ды і танцы ёсць, але. ўсё тут трымаецца на тужлівым настроі, прасякнута трывожнай, навальнічнай атмасферай.
Пасля раздзелу пра бабіны дзеянне ў першым рамане ідзе па нарастаючай. Здаецца, героі развіталіся з ілюзіямі, яны становяцца ўсё больш упэўненымі ў сабе. Пераломнымі ў іх псіхічным жыцці момантамі можна лічыць: у Чубара — сустрэчу з шыраеўскімі мужыкамі і жанчынай — старшынёй калгаса, у Зазыбы — размову з краўцом Шарэйкам. У наступных раздзелах, ужо адчуваючы сваю адказнасць за ўсё, што адбываецца навокал, героі прымаюць важныя пытанні: Чубар выносіць прысуд ваенурачу, Зазыба вырашае пытанне аб жніве.
Раздзел аб жніве ў Верамейках пераклікаецца з эпізодам сустрэчы Чубара з жанчынай — старшынёй калгаса. Тут адбываецца цікавая, паказальная для агульнага сэнсу рамана, размова. Старшыні вельмі цяжка весяліць іншых жанчын, калі самой плакаць хочацца, і недзе паміж жартамі яна сур'ёзна прапаноўвае Чубару станавіцца ў іх старшынёй. «Чубар зноў паспрабаваў адбіцца жартам — маўляў, навошта яму другі калгас, калі ён ужо ўцёк ад аднаго? Тады жанчына павяла вачамі вакол, сказала:
— Ужо другі дзень жнём... калгасам...
Чубар спытаў:
— А немцы?
— Яны ў нас яшчэ пакуль праездам усё.
Чубар зноў спытаў:
— А як нажняце, а яны возьмуць ды забяруць зерне ад вас?
— Ім жа не забароніш! Раз прыйшлі, значыць...
— Тады навошта наогул жаць?
Але жанчына на гэта не адказала, ажно з дакорам паглядзела на Чубара...»
У гэтай невялікай сцэне — і ўся атмасфера таго часу, і нібы працяг спрэчкі Зазыбы з Чубарам, і псіхалагічнае тлумачэнне ўчынку Чубара ў другім рамане — знішчэнне жыта. На такіх вось пераклічках, перакрыжаваннях, сэнсавых пераходах трымаецца кампазіцыя абодвух раманаў, што надзвычай узмацняе іх ідэйную ёмістасць.
У другім рамане ўсё як быццам набывае большую пэўнасць, але ў той жа час нібы і вяртаецца «на кругі свая» разам з вяртаннем Чубара ў вёску. З устанаўленнем «новага парадку» не здымаюцца праблемы, што стаялі перад героямі, наадварот, яны набываюць яшчэ большую важкасць і да іх прыбаўляюцца новыя. Цяпер на парадку дня — арганізацыя барацьбы з акупантамі. Героі псіхалагічна падрыхтаваны да барацьбы ўсім ходам папярэдніх падзей, якія вымагалі ломкі многіх паняццяў, уяўленняў, інерцыі прывычнага быцця. З шэрагу псіхалагічных эвалюцый (Зазыбы, Чубара, Масея, жанчын, што адправіліся на пошукі мужоў і нечакана па-страшнаму сутыкнуліся з немцамі, нарэшце, усіх верамейкаўцаў) складваецца вобраз народа, гатовага на барацьбу, і — што асабліва важна — адкрываецца логіка развіцця народнай свядомасці ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Лёс вайны вырашаўся ў душах людзей, перамога стала магчымай дзякуючы духоўнаму багаццю савецкага чалавека, што раскрылася ў ім у час цяжкіх выпрабаванняў, калі кожны ўсвядоміў, адчуў знітаванасць сваю з роднай зямлёй, з жыццём усяго народа, сваю адказнасць за лёс Радзімы.
Ідэя трываласці жыцця, глыбінных, карэнных яго асноў, што правяраюцца вайной, праходзіць праз усе пласты мастацкай структуры твораў — і ў адлюстраванні будзённых, прывычных сітуацый, учынкаў герояў, і ў імкненні людзей да яднання, да ўдзелу ў грамадскай справе, і ў псіхалагічных абрысах персанажаў, у самой іх мове.
Псіхалагізм для І. Чыгрынава — не самамэта, а сродак даследавання псіхічных працэсаў у глыбокай сувязі з тым, што адбываецца вакол чалавека, з той атмасферай, у якой паступова выспяваюць тыя ці іншыя яго ідэі і рашэнні. У «Плачы перапёлкі» і «Апраўданні крыві» героі яшчэ не робяць гераічных учынкаў, але паступова рыхтуюцца да подзвігу, пераадольваючы ў сабе страх, няўпэўненасць, ілюзіі мірнага жыцця, якое тым не менш і выпрацавала тыя якасці, што павінны праявіцца на вайне. У гэтым сэнс эпапеі І. Чыгрынава.
Імкненне пісьменніка да сінтэзу, да паглыблення эпічнасці прыводзіць да павелічэння нагрузкі на такія важныя элементы жанрава-стылёвай структуры, як унутраны маналог, плынь свядомасці, перакрыжаванне розных пластоў.
Маральныя і грамадскія пазіцыі герояў звычайна вызначаюцца ў супастаўленнях. Нават канфлікты паміж героямі часам выяўлены ўнутранымі маналогамі, хоць пераважаюць, праўда, адкрытыя спрэчкі, сутыкненні. Масей напачатку не адчуваў сябе ў роднай вёсцы сваім: «здавалася, над ім раптам спынілася сама вечнасць — у параўнанні з тым, як ён жыў дагэтуль, што ад яго патрабавалася штодня, як ён павінен быў пільнавацца ў кожнай новай сітуацыі, каб іншы раз проста ўцалець, астацца жыць, нарэшце настаў час, калі раптам да яго не стала нікому справы, быццам чалавек атрымаў адусюль бестэрміновае звальненне з-за непатрэбнасці сваёй. Зразумела, што адпаведна становішчу, у якім знаходзіўся, ён і адчуваў і паводзіў сябе. Пакуль адно вяртала яго з гэтага стану — прысутнасць бацькі, адносіны з ім, размовы; тады Масей пачынаў хвалявацца, усё роўна як нанава актыўна перажываў зведайце ў апошнія гады. Але гэта — калі што датычыла мінулага. Сённяшняе, таксама як і будучае, яго не займала, прынамсі, у такой ступені, як вымагалі таго час і падзеі. Разам з тым бацька дарэмна скрозь папракаў яго і непакоіўся, што Масей будзе рабіць і гаварыць усім у вёсцы лішняе. Як папраўдзе, то Масей зусім не адчуваў у гэтым патрэбы. Адна справа працягваць міжвольна жыць нядаўнім мінулым, на тое яно і нядаўняе, асабліва ягонае, жудасна-пачварнае, іначай і не скажаш, другая справа, свядома бунтаваць тое мінулае, распальваючы ў сабе, таксама як і ў тых, з кім размаўляеш, непатрэбныя страсці. І ўжо калі разважаць такім чынам далей, дык Масей недзе мог бы нават растлумачыць сабе, чаму ён наогул усчынаў гаворку, якая абурала бацьку: хутчэй за ўсё вінавата была ў гэтым зацятая бацькава непрымальнасць, ад якой Масею рабілася не толькі крыўдна (выходзіла, нібыта ён знарок плёў абы-што), але якая выклікала ў ім упартае жаданне абавязкова пераканаць у сваім, давесці сваё».
Спосаб мастацкага мадэліравання пісьменнікам — псіхалагічныя характарыстыкі мноства людзей рознага сацыяльнага палажэння, узросту, маральнага вобліку і жыццёвых пераконанняў. Напрыклад, гутарка ў канцы другога рамана Зазыбы з настаўнікам Мурачом пераклікаецца з гутаркай Чубара таксама з былым палонным — ваенурачом. Для Зазыбы надзвычай важна зразумець псіхалагічны стан гэтага чалавека, яго веру або нявер'е ў неабходнасць барацьбы, у канчатковую перамогу. Настаўнік падрабязна расказвае Зазыбу, як трапіў у палон. Пры гэтым Зазыба раптам успомніў, як ён сам трапіў у 1921 годзе ў махноўскі палон. Калі яго везлі ў галоўны мах-
Ноўскі штаб, Зазыба выхапіў у канвойнага з ножнаў шаблю і зарубіў трох канвойных. «Прыгадваючы цяпер, больш як праз дваццаць гадоў, лічы, неразважны ўчынак той, які быў высока адзначаны камандаваннем конарміі і, такім чынам, узведзены ў подзвіг, Зазыба зусім не меў намеру свядома рабіць нейкія аналогіі. Але ж падумаць — што яго чакала тады ў Махно? Адно з двух — смерць альбо здрада! На апошняе, вядома, Зазыба пайсці не мог і не таму, што не даражыў жыццём. Проста так, а не іначай ён разумеў свой абавязак перад рэвалюцыяй...
Размова з настаўнікам працягвалася доўга, прычым Зазыба гаварыў мала, больш распытваў. Потым раптам «спахопліва падумаў, што дарога ў Белую Гліну канчаецца, а яны з Мурачом не паспелі паразумецца. Дасюль размова ўся нагадвала хутчэй падземную раку, якая блукала ўпоцемку, шукаючы выйсця на паверхню. Таму ў ёй шмат было выпадковага, вымушанага, як дзеля праверкі, і не зусім шчырага. Цяпер тое месца, што завецца вытокам, было адшукана, гэта Зазыба адчуў у першую чаргу па сабе, па сваёй унутранай гатоўнасці нарэшце пачаць гамонку з чалавекам калі не пра самае запаветнае, то хоць з большым даверам адзін да аднаго».
І. Чыгрынаў, як да яго І. Мележ, змог пераадолець псіхалагічную апісальнасць, у некаторай ступені ўласцівую беларускаму сацыяльна-псіхалагічнаму раману. Ён імкнецца самыя патаемныя пачуцці людзей як бы «матэрыялізаваць», увасобіць праз вонкавы і рэчавы свет.
Некаторыя асацыяцыі, вобразнасць якіх заўсёды і рэчавая, выкліканы непрыкметнымі рухамі ў падсвядомасці герояў. Чубар у лясной хатцы, сваім часовым прытулку пасля вяртання, патрывожыў соннага вужа, які «абначыўся на парозе». «Чубар з дзяцінства не мог спакойна глядзець на такія стварэнні прыроды, як гэты вуж, яны заўсёды выклікалі ў яго непрыемны халадок, нават страх, аднак цяпер чамусьці адразу перасіліў гідлівае пачуццё і, лішне не стрымліваючы сябе, падаўся ў хатку». Потым, ноччу, зноў згледзеўшы вужа на парозе, Чубар паставіўся да яго з'яўлення зусім спакойна, «без гідлівай утрапёнасці, нават не падумаў, каб нейкім чынам пазбавіцца на ноч непрыемнага суседства». Падсвядома ён помніў «вужаку» — калону немцаў, якую таксама назіраў з пагорка, тая была значна больш небяспечная за гэтую бяскрыўдную істоту.
Часам асацыятыўная сувязь рэчавых вобразаў з псіхалагічным абрысам герояў даволі далёкая, аднак яна дасягае значнай ступені абагульнення. Вакол Верамеек, адзначае аўтар, было многа крыніц. Адну з іх, ля якой якраз адбываецца першая сустрэча верамейкаўцаў з немцамі і гісторыя якой падрабязна апісваецца ў творы, у свой час Чубар, руплівы старшыня калгаса, загадаў раскапаць, таму што яна заплыла пяском. «Пачалі мужыкі раскопваць крыніцу, хоць і добра ведалі, што гэта небяспечна ёй: досыць няўмела патрывожыць верхні пласт намытага знізу пяску, як яна раптам пачынае чэзнуць, бо некуды прападае той пульсуючы ключ, што гоніць з глыбіні сцюдзёны струмень, і тады, колькі ні шукай яго, калупаючы грунт рыдлёўкай, усё дарэмна, аж пакуль сам, праз багата часу, не выб'ецца зноў на паверхню». Ці не гэтак жа адбылося з Чубарам: на нейкі час прапаў пульсуючы ключ у актыўнага, клапатлівага гаспадара і цяпер ён сам не ведаў, хто ён.
Характары ў Чыгрынава заўсёды сацыяльна матываваныя, і наогул сацыяльны фон прэваліруе ў яго творах, у той час як, напрыклад, у І. Пташнікава абсяг дзеянняў герояў параўнаўча невялікі, той ці іншы факт жыцця даследуецца часцей за ўсё не ў сувязі з сацыяльнай альтэрнатывай. У Чыгрынава характары герояў раскрываюцца згодна сваёй унутранай логіцы пад уздзеяннем абставін. Як і ў Пташнікава, у дылогіі Чыгрынава ёсць рэтраспектыўныя ўстаўкі, дзе характар таго ці іншага персанажа пісьменнік імкнецца растлумачыць яго мінулым. Акрамя Чубара, Зазыбы, гэта датычыць Мікіты Драніцы, Рамана Сёмачкіна, Брава-Жыватоўскага. Толькі Рахім — адзіны з шайкі здраднікаў — застаецца нейкай паўміфічнай фігурай, нібы перанесенай з часоў мангола-татарскага нашэсця. Страшны ў сваёй маўклівасці, ён увасабляе для верамейкаўцаў тыя жахі, якія прыносіць вайна.
Рэтраспектыўныя ўстаўкі ў Чыгрынава зноў-такі даюцца не так, як у Пташнікава, а больш у інфармацыйным плане. Праўда, і тут, выкліканыя якой-небудзь з'явай, яны ўзнікаюць праз успамін героя, які нібыта нанава перажывае мінулае. За Чубарам бегла маленькае ласяня. «Гэтая даверлівасць асірацелага звярка ўвесь час неяк ахінала пяшчотай яго і нарэшце павярнула Чубаравы думкі на самога сябе, успомнілася раптам сваё сіроцтва. Чубар нават здзівіўся, што такая акалічнасць можа выклікаць нечаканы ўспамін. Гэта ўсё ад адзіноты, падумалася Чубару, нібыта і папраўдзе трэба было штосьці тлумачыць сабе ў апраўданне...» У другім рамане рэтраспекцый больш, чым у першым, і яны больш падрабязныя, больш дакладныя.
Чыгрынаў звычайна не дае суцэльную «плынь свядомасці», характарыстыкі герояў рознабаковыя: і праз іх учынкі, і праз мову, праз думкі і перажыванні. Кожная з'ява, якую асэнсоўваюць героі, разглядаецца ў сваёй закончанасці.
Важнае месца ў стылёвай сістэме рамана займаюць дыялогі. І гэта не выпадкова, бо пісьменнік імкнуўся паказаць яднанне людзей перад варожай навалай, неабходнасць кожнага ў сувязях з іншымі. Дыялогі, шматгалоссе сялян пададзены вельмі жыва, улічаны асаблівасці гаворкі, і ў той жа час тэкст раманаў не перагружаны дыялектнымі словамі. Чыгрынаў вельмі патрабавальна ставіцца да мовы, і хоць у тэксце раскідана мноства крылатых выразаў, прыказак, афарызмаў, яны не загрувашчваюць твораў. Жывая гутарка сялян вельмі арганічна ўпісваецца ў аб'ектыўную манеру аўтарскага апавядання. Мова герояў надае своеасаблівае, нацыянальнае адценне стылю раманаў і адначасова выяўляе характары людзей, асаблівасці іх мыслення. Вось прыклад: перад жнівом Зазыба склікае агульны сход проста на полі — ставіцца пытанне пра раздзел хлеба.
«Бачачы, як упарта стаяў на сваім Зазыба, мужыкі з сарамлівай вінаватасцю заплюскалі вачамі — маўляў, з гэтым Раманам заўсёды ані прышыць, ані залатаць, ані палец абгарнуць. Мікіта Драніца і той быццам занепакоіўся:
— Дак навошта, Яўменавіч? Раман, як тэй таго...
— Ета ён ляпнуў, бы з пастала,— палічыў патрэбным азвацца Сілка Хрупчык.
Але Зазыба ўсё нібыта не жадаў вырвацца з чортавых зубоў:
— Не, няхай ужо будзе па закону! — не слухаўся ён. Намесніку старшыні калгаса не тое каб вельмі хацелася распачынаць сярод поля сход ды хахлы вязаць у людзей, але матыліцу выгнаць з дапамогай салдатак з такіх вось гарлапанаў, як Раман Семачкін, варта было б».
Безумоўна, не ўсе старонкі рамана так густа перасыпаны сакавітымі слоўцамі, народнымі выслоўямі, але ўвогуле для мовы герояў характэрна іменна такое напаўненне. Агульны ж тон апавядання — спакойны, дыхтоўны, ясны, важкі. Насычанасць метафарамі ў аўтарскім тэксце параўнальна невялікая, але затое калі ўжо сустракаюцца параўнанні, то яны запамінаюцца надоўга. Дэталь у Чыгрынава мае вялікае сэнсавае напаўненне, нібы выпуклая. Як правіла, адна дэталь дае ўяўленне пра агульнае, настройвае чытача на адпаведны лад: «У Верамейкі немцы чамусьці не спяшаліся, і непатрывожаная жнівеньская ноч усё кружыла над саламянымі стрэхамі стоенай вёскі, як зацяты птах»; Зазыба «цяжкімі вачамі» глядзеў у спіну новаўтворанай уладзе — паліцаю Брава-Жыватоўскаму; «У горкім палыне за Зазыбавым дваром даспявала патрывожанае лета»; «Зазыба ехаў амаль безуважны да ўсяго, што абступала дарогу,— думкі варочаліся ў галаве так, як варочаюцца колы, калі патанаюць па калодкі ў пясок».
Увогуле ў стылі твораў пераважае канкрэтная лексіка, словы часцей ужываюцца ў першародным сваім значэнні. І тут Чыгрынаў адрозніваецца ад Пташнікава з яго шырокім ужываннем дыялектызмаў, этнаграфічных дэталяў і ад Стральцова з яго выразнай эмацыянальнай афарбаванасцю вобраза. Чыгрынаў жа вельмі свабодна аперыруе як сакавітымі слоўцамі сялян, так і простай, канкрэтнай лексікай. У яго вельмі развіты менавіта апавядальны стыль, стыль аб'ектыўнага паведамлення, а агульная структура раманаў мае ярка акрэсленую тэндэнцыю да сінтэтычнасці, да маштабнасці, да адлюстравання паўнаты гісторыі сваёй Радзімы.
Сінтэтычны, эпічны характар стылю І. Чыгрынава дае шырокі прастор для выяўлення творчых магчымасцей аўтара. Нідзе ў яго не парушаецца праўдзівасць сітуацый і вобразаў, стыль нібы разгортвае перад чытачом жыццё ў яго паслядоўным працяканні.
Элементы сінтэзу ў дылогіі І. Чыгрынава — перш за ўсё ў паўнаце выяўлення супярэчнасцей жыцця, у натуральнасці паводзін герояў, усебаковым праяўленні іх сутнасці, у сацыяльнай і чалавечай значнасці вобразаў, у мастацкім асэнсаванні гісторыі.
Як пішуць аўтары зборніка «Беларуская савецкая проза. Раман і аповесць», «гістарызм кожнага мастацкага твора выяўляецца ў яскравай і пераканаўчай матывіроўцы канкрэтных сувязяў кожнай з'явы з іншымі з'явамі, характару з абставінамі, ва ўменні пісьменніка будаваць твор галоўным чынам на глыбокіх сацыяльных канфліктах, ад чаго ён атрымлівае значэнне карціны гістарычна праўдзівага жыцця». Гэтыя словы можна поўнасцю аднесці да дылогіі І. Чыгрынава. Важкія па мастацкіх думках, цікавыя і своеасаблівыя па пабудове, па жанравай структуры, адначасова і традыцыйныя, і наватарскія па стылю, раманы І. Чыгрынава з'яўляюцца значным дасягненнем беларускай сучаснай прозы.