— Калі і назаўсёды застанешся, — казаў, паказваючы яму рабочае месца, — не пашкадуеш. Тут цікавыя людзі, якія многа перажылі, пабачылі. А дзяўчаты якія! Пабудзеш калі на танцах-шманцах, убачыш сам, колькі прыгажунь. Ды яны і самі цябе падчэпяць.

Перш-наперш Вадзім пачаў знаёміцца з падшыўкай «Бальшавіка». Узяў з першага студзеня і па сённяшні дзень. Матэрыялы былі галоўным чынам прысвечаны сельскім будням. Зараз распачалося жніво і карэспандэнцыі з месцаў з бляклымі фотаздымкамі расказвалі пра камбайнераў, якія сёлета збяруць ураджай не менш як па дваццаць цэнтнераў з гектара, пра даярак і свінарак, якія пад муд­рым кіраўніцтвам роднай партыі, выконваючы яе запаветы, абавязваюцца даць дзяржаве шмат мяса і малака. Поспехам іхнім былі прысвечаны тры паласы. І толькі на чацвёртую старонку траплялі якія-небудзь допісы селькораў таксама з услаўленнем свайго жыцця-быцця. І рэдка калі мільгала штось крытычнае, галоўным чынам пра нядбайнага калгаснага брыгадзіра, які не паклапаціўся пра належны рамонт тэхнікі і тым самым байкатуе выкананне дзяржаўнага плана. Трохі чыхвосцілі п’яніц, тых, хто без дайпрычыны не выйшаў калі ў поле, на луг і тым самым нанёс гаспадарцы значную шкоду. Культурнае жыццё асвятлялася як бы мімаходзь, быццам галоўным было — напоўніць страўнік, амбар, бітон малака. Літаратурныя матэрыялы — вершы, апавяданні — страчаліся рэдка.

Чым больш Вадзім гартаў газету, тым больш расчароўваўся. Не, не сваім становішчам, у якое трапіў па добрай волі, а ўзроўнем журналістыкі. Можна ж і пра станоўчае пісаць больш жыва, укладваць у матэрыял душу, асабліва, калі размова ішла пра сапраўдных працаўнікоў, якія за мізэрныя заробкі (а што яны былі мізэрныя, ён ужо чуў ад многіх) не шкадавалі ні сіл, ні здароўя, робячы сваю справу. А як цікава можна было б паказаць чалавечыя лёсы! Людзі ж прайшлі праз пекла вайны. Многія вярнуліся ці то з арміі, ці то з партызан знявечаныя. Прыйшлі часта на папялішчы. І, знемагаючы ад ран, часта без усякай дапамогі дзяржавы, будаваліся, вылазілі з зямлянак, заводзілі сем’і. Вось пра ўсё гэта можна пісаць досыць цікавыя і змястоўныя нарысы. А прырода тут якая! Пра яе можна складаць цэлыя оды.

Пра ўсё гэта Вадзіму думалася са шкадаваннем, што, можа, давядзецца з тым-сім уступіць у спрэчку, адстойваючы свае пазіцыі. Ён ужо здагадаўся, што загадчык сельскагаспадарчага аддзела Замоцін тут задае тон усяму, бо яго сухія, расцягнутыя матэрыялы займалі дзве трэція плошчы газеты. Зараз і ён сам, і ягоны супрацоўнік Лявон Галкін былі на раёне і, пакуль Максім Пятровіч паказваў Вадзіму яго рабочае месца, яны на рэдакцыйным матацыкле памчаліся ў адзін з дальніх калгасаў. Так што ручкацца і знаёміцца з імі давядзецца толькі к вечару.

Асвойтваўся Вадзім на новым месцы цяжэй, чым думаў. На грошы, якія ён павінен быў атрымліваць, цяжка было плаціць за гасцініцу, і ён ужо прыкідваў, дзе знайсці прыстойны пакойчык у прыватным доме, у якім было б ціха, цёпла і ўтульна. Максім Пятровіч паабяцаў пагаварыць з адной жанчынай, у якой няма малых дзяцей, а тыя, што былі, з’ехалі хто ў Мінск, хто ў Полацк, і яна (муж у мінулым годзе памёр) зараз кукуе адна. То, можа, жанчына згодзіцца ўзяць яго і са сталаваннем. У іхняй сталоўцы і дорага, і нясмачна.

Такая перспектыва Вадзіму прыйшлася па душы. Неяк пасля работы яны пайшлі па ціхім зялёным завулку ажно ў самы канец яго, дзе злева бачны быў яшчэ здалёку ярка размаляваны, унушальнага памеру дом з зялёнымі аканіцамі. Гаспадыня — назвалася Варварай Вікенцьеўнай — чакала іх. Яна ласкава глядзела на Вадзіма, прапанавала абодвум сесці.

— Я не супраць кватаранта, — сказала, калі Максім Пятровіч, пазнаёміўшы са сваім саслужыўцам, дадаў, што хлопец не п’е, не курыць і дзяўчат не збіраецца сюды вадзіць.

— Ну, дай бог. А то быў у мяне адзін з леспрамгаса, то такі выпівоха і неахайны, ледзьве пасля яго хату прывяла ў парадак. Ну, а наконт сталавання... Нават і не ведаю. Што я сама ем, вам жа, відаць, не падыдзе, вы, напэўна, харчаваліся ў кафэ ці рэстаранах. А так гатаваць, як там умеюць, я не змагу. Так што глядзіце.

— Ну, што вы, Варвара Вікенцьеўна, — горача ўсклікнуў Вадзім, — якія кафэ, якія рэстараны. Мы са сваёй стыпендыі не ведалі, як канцы з канцамі звесці. А ўсё хатняе я люблю. Там боршч, бульба, агурок ці памідор, а зімою селядзец які.

— Ну, пры такой умове можна згадзіцца. Толькі плата каб была рэгулярная. Той леспрамгасавец па тры месяцы, бывала, не плаціў, усё жлукціў.

— Я пастараюся даваць вам наперад, — запэўніў Вадзім. — Цану толькі скажыце. І за пакой, і за сталаванне.

Жанчына, падумаўшы, назвала суму.

— Не вельмі цяжка для вас? — папытала спагадліва.

Вадзім з радасцю згадзіўся. У той жа вечар ён разлічыўся за гасцініцу і перанёс свае рэчы на новае месца жыхарства. Вырашыў, што з першай палучкі, акрамя як аддасць абяцанае гаспадыні, купіць сабе дзве прасціны, коўдру, ну, калі хопіць, то і падушку. Вечарам сеў пісаць пісьмо Люсі. Падрабязна расказваў, як ехаў, якія магутныя карабельныя сосны цягнулі ўгору, да сонца, свае верхавіны. І так на працягу ўсяго шляху. Пра рэдактара, пра тое, што з ім здарылася, вырашыў прамаўчаць — ці мала хто можа ўспароць канверт і прачытаць, што піша малады супрацоўнік. Спяцоў на такое хапае. Паведаміў, дзе і як пасяліўся. Пра ўражанне ад газеты таксама змоўчаў. Напісаў пісьмо на ўніверсітэцкі адрас і Рыгору, бо не быў упэўнены, ці дойдзе яно на хутар. У гэты ж вечар, прагульваючыся перад сном, занёс і кінуў лісты ў паштовую скрынку, бо канверты з маркамі ў яго былі куплены загадзя.


3


Замоцін аказаўся чалавекам злым і нядобразычлівым. Прачытаўшы першы Вадзімаў нарыс пра партызана, які прыйшоў з лесу пасля вайны абмарожаны, з ампутаванай левай нагой, ён, чалавек жалезнага характару, волі, здолеў узначаліць сельсавет, не пабаяўся ўступіць у канфлікт са старшынёй калгаса, адстойваючы інтарэсы сяльчан, Замоцін кісла скрывіўся, сказаў, што ўлада, фактычная ўлада, уся ў старшыні калгаса, а сельсаветчыкі былі і будуць у яго на пабягушках.

— Дык гэта хіба справядліва?! — загарачыўся Вадзім. — Вы не чулі, што пра вашага любімца калгаснага важака людзі кажуць. Як ён за некалькі каласкоў дзвюх жанчын аддаў пад суд, як абразаў пад саменькія хаты соткі, калі хто па хваробе нават не змог даць мінімуму працадзён. Гэта хіба чалавек?

— Але ж, — не здаваўся Замоцін, — ён добры гаспадарнік, яго паважаюць у раёне, ставяць у прыклад. Як-ніяк і на Дошцы гонару вісіць.

— Гэта не козыр, — Вадзім стаяў на сваім. — Знайшоўся б смелы журналіст з Мінска, то ён такога гаспадарніка хутка вывеў бы на чыстую ваду. Людзі мне расказвалі, як ён утойвае засеяныя плошчы, таму і ўраджай нібыта большы.

— Вось ты, калі такі разумнік, напішы сам пра гэта. Думаеш, нехта надрукуе?

— То лепш і хваліць такога не варта.

Яны б яшчэ спрачаліся, але да Замоціна прыйшоў знаёмы аўтар, і яны выйшлі разам падыміць.

— Здорава ты з яго пыху збіў, — сцішана і з захапленнем сказаў Максім Пятровіч, які спачатку і да канца спрэчкі слухаў абодвух. — Ён лічыць сябе пупам зямлі, бегае часта да першага сакратара райкама, паказвае свае матэры­ялы, выхваляецца. Неаднойчы бачыў яго ў кампаніі з тым, з органаў. Можа, ён і накапаў на нашага рэдактара. Зараз я чамусьці не сумняваюся ў гэтым. Меціць, пэўна, на яго месца. Лепш ты яго сцеражыся. Наступіш на гаўно, доўга смярдзець будзе. А што ён гаўно, ведае кожны. Галкіна, а гэта зусім нядрэнны хлопец, заганяў. Што б той ні напісаў, па два-тры разы прымушае перарабляць. Падмяў пад сябе адзіны ў рэдакцыі матацыкл і нікога і блізка не падпускае да яго. А нарыс твой гучыць свежа, напісаны добрай мовай і з веданнем псіхалогіі чалавека. Быў у райвыканкаме, то многія пыталіся пра аўтара. Хвалілі матэрыял. Так што і далей так трымай лейцы.

Пахвала загадчыка аддзела акрыліла Вадзіма, дала новы імпэт працаваць так, каб пасля не было брыдка. Цяпер вечарамі ён абдумваў новыя тэмы, у дасланых пісьмах шукаў герояў, ну, і абдумваў канву чарговага вялікага апавядання, звязанага таксама з партызанскімі буднямі. А матэрыялу такога хапала. Людзі пасля вайны яшчэ загойвалі раны, успамінамі вярталіся да тых невыносна цяжкіх дзён. Помніў Вадзім і пра дыпломную і ўжо рабіў такія-сякія накіды, вызначыўся і з тэмай: «Чалавек і яго доля», паводле паэмы Якуба Коласа «Новая зямля». Назва пакуль умоўная. Але што па гэтай паэме, якую ён вывучыў амаль што на памяць, ён зробіць дыпломную, ужо не сумняваўся.

Першай адгукнулася Люся. У канверт, акрамя спісаных некалькіх старонак, яна паклала тры высушаныя пялёсткі ружы. Чытаў Вадзім, і душа напаўнялася незвычайнай любасцю, жаданнем хоць на дзень-два вырвацца са звычнага кола сваіх абавязкаў і як на крылах ляцець да яе, каб прытуліць, пацалаваць і супакоіць. Але, ведаў, сарвацца ніяк не атрымаецца, бо чакалі прызначэння новага рэдактара, ды праз паўмесяца ён падрадзіўся падрыхтаваць літаратурную старонку. Зараз знаёміўся з вершамі, замалёўкамі, байкамі. Было тры апавяданні, адно з іх, трохі паправіўшы, можна было б друкаваць, астатнія — выключная слабізна: ні мовы, ні сюжэта, ні характараў, ні дзеянняў, якія рухалі б гэты сюжэт. Карацей кажучы, абы-што. З вершаў таксама можна было выбраць тое-сёе, але, як разумеў Вадзім, на паўнавартасную старонку, якая запоўнілася б, гэтага малавата. Вадзім ужо ведаў ад загадчыка, што ў адным з сельсаветаў жыве цікавы хлопец, інвалід дзяцінства, і яго вершы з задавальненнем друкавала абласная газета. Нават аднойчы трапіў на старонкі маладзёжнага часопіса. Прозвішча яго ці Васілёнак, ці то Васільчык, добра не памятае, але жыве ён у такой глушэчы, куды не ходзіць ні аўтобус, ні які іншы транспарт, апроч выпадковай калгаснай машыны. Калі ўжо ехаць туды, то хіба на рэдакцыйным матацыкле. Але ж паспрабуй выклянчы яго ў Замоціна. Ён тысячу прычын выдумае, каб не даць. І ўсё ж трэба нешта прыдумаць. Ён рашыў перагаварыць з Лявонам Галкіным, які таксама за рулём, але перагаварыць тады, калі ў іхнім пакоі не будзе Замоціна. Падпільнаваўшы момант, калі той пайшоў на абед (а абедаў Замоцін заўсёды дома), Вадзім падсеў да Галкіна, умольна паглядзеў на яго.

— Што трэба? — не адрываючы ручку ад паперы, спытаў той.

— Ды падымі ты галаву, — Вадзім уляпіў яму па лбе пстрычкай, — а то сядзіш, як гною кучка. Вакол жыццё кіпіць, а ты ўнурыўся і свету божага не бачыш. Вунь, дзяўчат колькі па вуліцы шпацыруе, на акно тваё паглядваюць. Свісні — і кожная твая.

— Нешта ты на лірычны лад настроіўся, — усё ж адарваўся ад паперы Лявон. — Што трэба? У сваты звадзіць?

— Во-во, — падхапіў Вадзім, — толькі не звадзіць, а звазіць. Дзеўку адну стрэў тут нядаўна, то, кажа, прыязджай, гарбуз не выстаўлю, прывечу як мае быць, накармлю ад пуза і напаю.

— Го, дзеля баршчу і катлеты гатоў ехаць на край свету, — зрыфмаваў Лявон.

— Ну, на край свету не трэба, а вось у Церахаўку добра было б, каб заўтра-паслязаўтра падкінуў. Яй-бо, дружа, выручы, свечку ў царкве за цябе пастаўлю.

— Ты гэта сур’ёзна? — вырачыў вочы Галкін. — Туды ж толькі на верталёце можна. Дарога скрозь па лясным пнёўі. Адзін толькі раз былі з Замоціным, але праклялі ўсё на свеце. Так што твая суджаная знарок паслала цябе к чорту на кулічкі.

— І ўсё ж, — даводзіў Вадзім, — трэба мне ў Церахаўку. Рыхтую літаратурную старонку, то трэба там да аднаго самародка наведацца, інваліда.

— Ды ведаю я яго, ведаю, — палагоднеў Лявон. — Алесь Васільчык. Цікавы хлопец, з вялікімі паэтычнымі задаткамі. Эх, яму б вучыцца, ды хто ў інваліднай калясцы прыме яго куды. Скончыў дзесяцігодку на выдатна, атрымаў залаты медаль. У яго толькі маці, а бацька ў партызанах загінуў. Так што ў гэтай глушэчы яны гібеюць удваіх.

Сваім аповедам Лявон падагрэў яшчэ большую цікавасць да хлопца. Вадзім усё ж вырашыў пагутарыць з Замоціным і пад выглядам напісання матэрыялу для сельгасаддзела наведаецца разам з Лявонам куды трэба. Замоцін, памятаючы нядаўнюю не вельмі прыемную яго спрэчку з Гурко, трохі паморшчыўся, але даў згоду на паездку абодвух на матацыкле.

Яны выехалі рана, яшчэ і васьмі не было. Падруліўшы да бензакалонкі, залілі поўны бак бензіну і рушылі спачатку па брукаванцы, пасля па пыльнай пясчанай дарозе ў бок возера Ляснога, што ў дваццаці кіламетрах ад райцэнтра.

Вадзім упершыню сядзеў на матацыкле і пакуль што адчуваў сябе няблага. Было, праўда, трохі халаднавата, бо на роўнай дарозе Лявон выціскаў з машыны максімальную хуткасць. Вецер, хоць Вадзім і сядзеў ззаду, ажно ірваў на ім адзенне. Дых займала на паваротах, а таксама калі траплялі на якую ямку. На адной з такіх калдобін ён ледзьве ўтрымаўся на сядзенні.

За нейкай шыльдачкай, збавіўшы рух, Лявон завярнуў улева. Пайшла лясная дарога, густа пераплеценая каранямі магутных дрэў. Было ўжо не да хуткасці. Тут толькі сачы, каб на паваротцы не наляцець на елку ці сасну, не ўдарыцца аб пень. Хоць даўно стаяла суша, у нізкіх мясцінах былі яшчэ глыбокія лужыны, пакрытыя масляністай плёнкай.

Вадзім, калі зусім сцішылі рух, ехалі на першай скорасці, убачыў пры дарозе два чарнагаловікі.

— Давай спынімся, — прапанаваў Лявону. — Ды і мяккае месца ўжо адбіў. Ты звыклы, а я ўпершыню на такім кані.

Паставіўшы матацыкл на падножку, патэпалі туд-сюд і набралі разам штук пяцьдзясят баравікоў. Лявон дастаў з кішэні плеценую сетку, склаў туды дабро, сказаў:

— Алесю Васільчыку і ягонай маці будзе невялікі падарунак. Хоць, пэўна ж, з грыбамі ў іх праблем няма.

Ехалі яшчэ з гадзіну.

— А як мясцовы калгас тут называецца? — гукнуў Вадзім. Лявон не адазваўся, бо ўскочылі ў вялікую лужыну, і матацыкл, чыхнуўшы раз-другі, чамусьці заглух.

— Вада, ліха на яе, трапіла ў карбюратар. Цяпер нам труба, — зняўшы туфлі і закасаўшы штаны, сказаў, ступаючы ў жыжу, Лявон.

Тое ж самае зрабіў і Вадзім. Удвух яны выцягнулі цяжкую машыну на сухое месца. Лявон пачаў думаць, што рабіць-чыніць. Трэба было разбіраць як не ўвесь матор, а гэта, ведаў, задача з нялёгкіх. Ды і вопыт патрэбен.

— Пакукуем мы тут, — пачухаў патыліцу. — Хоць бы яшчэ ключы адпаведныя былі.

Ён адамкнуў скрыначку, з замасленай анучы выняў і расклаў на траве ўвесь інструмент. Вадзім пачуваўся як бы вінаватым, што схіліў хлопца на такую рызыкоўную паездку. Ён таптаўся вакол матацыкла, не ведаючы, як і чым памагчы. Перш чым разбіраць сэрца машыны, Лявон зрабіў яшчэ адну спробу ажывіць яго. Зноў жа чых-пых, і ніякага выніку.

— Заб’е мяне Замоцін, — сказаў азадачана. — Заўтра ён сам збіраўся некуды ехаць.

Хлопец, сцякаючы потам (сонца ўжо падбіралася к поўдню), пачаў раз­борку карбюратара, іншага нічога не заставалася. Гадзіны паўтары корпаўся, насосам нешта прадзімаў і сушыў на сонцы. Калі ўсё зноў паставіў на месца, перахрысціўся.

— Ну, пан ці прапаў. Калі і на гэты раз нічога не атрымаецца, трэба хаваць машыну і тэпаць за пяць кіламетраў, не менш, у тую Церахаўку, шукаць якога механіка, які ведае тэхніку. А мо якая машына будзе ісці насустрач?

Гэты раз з цяжкасцю, пускаючы клубы чорнага дыму, матацыкл завёўся.

— Ура! — усклікнуў Вадзім. — Справа майстра баіцца.

Яны зноў паехалі, цяпер ужо як мага асцерагаючыся. Лужы, выбоіны Лявон аб’язджаў проста па лесе, лоўка лавіруючы між ствалоў. Калі дарога стала зусім сухой, яны наддалі хуткасці і неўзабаве былі ў Церахаўцы, невялікім, акружаным барамі сяле з нешматлікімі жыхарамі. Вадзім не здзіўляўся, што ў такой пракаветнай цішыні і на такой прыродзе могуць нараджацца паэтычныя радкі. Хату Васільчыкавых паказала старэнькая бабуля, якая сядзела на лаўцы, чакаючы, відаць, на абедзенную дойку карову.

— Вунека яна, пад саламянай страхой, — маршчыністай спрацаванай рукой яна паказала на прыземістую, амаль што без фундамента хатку, ля якой пышнай кронай узнімалася ўгору магутная бяроза.

Яны, заглушыўшы матор, прыхінуўшы матацыкл да камля дрэва, зайшлі на ўтравянелы двор, ступілі на ганак. Дзверы ў сенцы, змеціўшы праз акенца чужых, адчыніла ім загарэлая жанчына, папытала, каго шукаюць.

— Мы да Алеся, — сказаў Лявон. — Ён жа, пэўна, дома.

Жанчына неяк падазрона глянула на чужых.

— Што, зноў з райбеса? — папытала, не даючы хлопцам апамятацца. — Ужо ж вазілі на камісію, прызналі, што інвалід першай групы. Хіба пенсія хлопцава некаму муляе.

— Ды не, мы з рэдакцыі «Бальшавіка». Хочам з сынам вашым пагутарыць, папрасіць яго вершы, — апраўдваўся ні ў чым не вінаваты Вадзім.

— Хіба што так, — палагоднела кабета. — А то ўжо другая ў гэтым годзе праверка. Думаюць, што хлопец хітрыць, паправіўся даўно, бегае-скача, а пенсію, хоць яна як кот наплакаў, патрабуе.

— Мама, што ты людзей на кухні марынуеш? — пад’ехаўшы на старэнькай самаробнай калясцы да парога і расчыніўшы дзверы ў святліцу, папытаў малады ўсмешлівы хлапчына.

— Алеська, да цябе госці. Кажуць, з газеты. Прывець іх, а я пайду ў агарод.

Вадзіма ўразіла ўбоства іх жылля і мэблі. «І ў такіх умовах ён вучыўся на пяцёркі, пісаў сачыненні, вершы», — падумаў з горыччу.

Алесь аказаўся гасцінным. Пераканаўшыся, што абодва супрацоўнікі газе­ты, што рыхтуецца літаратурная старонка, ён выняў з шуфлядкі падрапанага, без абруса стала тоўсты сшытак, увесь спісаны дробным почыркам. Але перш чым пачаць чытаць, Алесь папярэдзіў, што з сабой не дасць усяго напісанага.

— Калі што спадабаецца, то можна перапісаць, — сказаў, перадаючы ў рукі Вадзіма сшытак.

Ніколі не думаў Вадзім, што ў гэтага хлопца такая тонкая і чуйная душа. У кожным радку, кожным вершы ён знаходзіў нешта такое, што цалкам адпавядала яго настрою, яго светаўспрыманню. Шмат вершаў прысвяціў паэт няўдаламу свайму каханню. Вершаў балючых, шчымліва-тонкіх, якія кроілі жыўцом сэрца. «Божа, ды гэта ж тое, што нам трэба, — падумаў Вадзім. — І чаму ён трымае іх у стале, не пасылае куды?»

Алесь прапанаваў хлопцам чай, які ён рыхтуе па сваім рэцэпце. Яны не адмовіліся, хоць час падпіраў. Лявону трэба было яшчэ сустрэцца з кімнебудзь з механізатараў, брыгадзіраў, пабыць на малочнатаварнай ферме. Вадзім таксама паабяцаў што-небудзь напісаць з калгаснага жыцця, таму, падмацаваўшыся чаем (а ён сапраўды аказаўся самы смачны з усіх, якія яму даводзілася піць дагэтуль), перапісаўшы з дзясятак вершаў (гэта зрабіў сам Алесь Васільчык), хлопцы цёпла развіталіся з паэтам і рушылі шукаць патрэбны для газеты матэрыял.


4


Уся восень і пачатак зімы пайшлі на напісанне дыпломнай. Дзеля дадатковага збору матэрыялу Вадзіму давялося адпрасіцца на колькі дзён і з’ездзіць у Мінск, пабываць у бібліятэцы, у музеі Якуба Коласа, нават завітаць на радзіму песняра, пахадзіць па тых сцежках, па якіх хадзілі героі «Новай зямлі». Многія мясцовыя жыхары шмат расказвалі пра нявыдуманых народным паэтам перасанажаў паэмы — дзядзьку Антося, Міхала, іншых яго родзічаў. Жывыя сведкі тых дзён і падзей, пра якія расказвае паэма, папоўнілі Вадзімавы запісы такімі падрабязнасцямі, пра якія ён не меў і ўяўлення, хоць, здаецца, ведаў ужо амаль усё. Дыпломная атрымалася змястоўнай, насычанай цікавымі думкамі, развагамі, асабістымі назіраннямі.

З Рыгорам сустрэцца не давялося, бо той, пасля смерці бабулі, сядзеў на хутары і таксама, відаць, уперамешку з вершамі пісаў дыпломную. Затое Люся адразу прымчалася ў Мінск, калі атрымала ад яго тэлеграму, бо самому ў Радава і Жорнаўку не ставала часу ехаць. Дзяўчына вельмі ссумавалася і ўсё дапытвалася, ці хоць маладая гаспадыня, як і чым яго корміць, ці спіць у асобным пакоі. Вадзім, тулячы яе да сябе, смяяўся, жартаваў, што ложак у хаце толькі адзін, і яны па чарзе спяць на ім.

— Ды ну цябе, — Люся гняўліва бліснула вачыма. — То і жаніся на ёй. Будзе табе і жыллё бясплатнае, і харч. А мне не дуры галавы.

— Дурненькая ты мая журавіначка. Не ведаў, што ты такая раўнівая. Вось хутка паклічу да сябе, паглядзіш, як я там кукую. Прыедзеш?

— А дзе ж я спаць буду? Хіба на падлозе, глядзець, як вы мілуецеся. — Дзяўчына трохі адышла, зразумела, што ляпнула глупства.

— Чаму ж на падлозе? — Вадзім зноў прытуліў яе і пацалаваў. — Ложак у нас з табой будзе адзіны. Прыедзеш, распішамся і ўжо не пушчу нікуды.

Цяпер, згадваючы тую размову, Вадзім усё часцей і часцей задумваўся, што трэба мяняць свой статус-кво, трэба ачалавечвацца. Годзе і сапраўды дурыць галаву дзяўчыне. Пагаварыўшы з гаспадыняй і заручыўшыся яе падтрымкай, паслаў Люсі тэлеграму, каб тэрмінова прыязджала. Дні пацягнуліся ў хвалюючым чаканні. На рабоце яшчэ нікому не казаў, што ўдумаў расстацца са сваім халасцяцкім жыццём і чакае прыезду каханай дзяўчыны. А раптам што сарвецца, раптам маці ўзбурыцца, каб аддаваць непаўналетнюю ў чужыя рукі? Ды ці мала яшчэ якія прычыны могуць перашкодзіць іх шчасцю быць разам? І вось раніцай сёмага сакавіка, яшчэ не выбраўся на працу, — тэлеграма: «Буду абед восьмага». Вадзім як не заскакаў ад радасці. Нарэшце-ткі! Памчаўся на работу, каб падцягнуць хвасты, зрабіць нават на пару нумароў які задзел, бо быў упэўнены, што дзень-два яму будзе не да газеты. У прызначаны час, калі павінен быў прыйсці аўтобус з Мінска, стаяў на канцавым прыпынку, чакаў. Надвор’е ў гэты дзень выдалася кепскае не прыдумаеш: вецер і мокры снег прымушалі людзей хутчэй бегчы ў памяшканне, настаўляць каўняры паліто, глыбей нацягваць шапкі. Вадзім, які не разлічваў на такі сюрпрыз пагоды і не захапіў з дому нават шапкі і шаліка, акалеў, бы цюцька, але ў будынак вакзальчыка не ішоў. Мінуў прызначаны час, прайшло яшчэ паўгадзіны, а аўтобуса ўсё не было і не было. Хлопец пачаў хвалявацца, хаця б што не надарылася ў дарозе. Ён ведаў, якую старызну адпраўляюць у маленькія гарадкі і як часта такія аўтобусы ламаюцца па шляху. Дык жа добра, калі вопытны шафёр і нешта можа ў дарожных умовах зрабіць. І яшчэ калі ёсць тая ці іншая патрэбная запчастка.

Калі ўжо хацеў пайсці ў вакзал і ў каго папытацца, мо што там скажуць пра затрымку рэйса, удалечыні, валюхаючыся на няроўнасцях, усё ж паказаўся жаданы транспарт. Увесь аблеплены снегам, аўтобус спыніўся ў некалькіх кроках ад Вадзіма. Сярод зусім нямногіх пасажыраў была і любімая. Яна, таксама прамерзлая да касцей, уся дрыжала, нават і гаварыць добра не магла. Вадзім, пацалаваўшы ў халодную шчаку, падхапіў яе сумачку, і яны пайшлі адразу ў рэстаран, які месціўся на другім паверсе невялікага прадуктовага магазіна. Люся, трохі сагрэтая хадой, з цікавасцю разглядала адна-двухпавярховыя будыніны і свяцілася непадробнай радасцю. У рэстаране ўжо было цёпла, і яны, усеўшыся за столік пры батарэях, спачатку адагравалі рукі, а Люся, неўпрыкмет зняўшы пад сталом туфлі, прыхінула і ногі да цёплага жалеза.

— Дык, кажаш, не разлічвала, што будзе такая доўгая і марудная язда, — хлопец глядзеў Люсі ў вочы і ўсё яшчэ ніяк не мог паверыць, што сённяшні яе прыезд у корані мяняе яго жыццё, што ён цяпер ці не самы шчаслівы чалавек у свеце.

Падышла афіцыянтка, змерала Люсю ўважлівым і цікаўным позіркам і папытала, што будуць заказваць.

— Бутэльку шампанскага і ўсё самае-самае смачнае. І першае абавязкова. Мы вельмі галодныя.

— Можа няёмка днём шампанскае, — прашаптала дзяўчына. — Цябе ж тут, пэўна, ведаюць і даложаць начальству, што п’янствуеш у рабочы час. Каб не было непрыемнасцей.

— Па-першае, ніхто мяне не збіраецца кантраляваць, па-другое, сёння Жаночы дзень, а ў мяне яшчэ другі шчаслівы дзень — твой прыезд. То і грэх не выпіць па келіху.

Вадзім ніколі не быў у сваім рэстаране і не ведаў, што тут гатуюць не горш, чым у сталіцы ці нават у Доме творчасці. Праўда, самае смачнае — адбіўную са смажанай бульбай і гарошкам давялося чакаць досыць доўга. Але яны і не падганялі ні повара, ні афіцыянтку. Ім было цёпла і добра ўдваіх. У рэстаране, апроч трох афіцэраў і яшчэ адной пажылой пары ў другім канцы залы, нікога не было, таму не было ні тлуму, ні гучнага смеху, ні п’яных воклікаў. Люся, разрумяненая, павесялелая ад віна, расказвала, як выпрошвала ў маці дазволу на такую паездку.

— Бедная мая матулечка, — дзяўчына нават выняла з рукава гожай шарсцяной сукенкі хусцінку, выцерла слёзы. — Яна хоць і ведае цябе, а ўсё роўна баіцца, каб не ашукаў, бо тады, казала, не будзе ёй жыцця на свеце. Як магла супакоіла яе, сказала, што ты не такі пустадомак, як многія, і на гадасці няздольны. Яна, перасцерагаючы мяне і перахрысціўшы, усё ж адпусціла. Праўда, сыну, ну, брату майму, вырашыла не казаць пакуль што ўсёй праўды.

— Усё ў нас будзе выдатна, любая. К вечару пойдзем у ЗАГС, папросім, каб распісалі. А калі заўпарцяцца, пойдзем разам да старшыні райвыканкама. Ён мужык памяркоўны, ужо неаднойчы, казалі, хваліў мае матэрыялы, асабліва дзве апошнія літаратурныя старонкі. Так што мо ён пойдзе насустрач, і нас распішуць.

— Добра было б, — заірдзелася Люся. — І мама супакоілася б.

З рэстарана яны пайшлі да Вадзіма на кватэру. Гаспадыня акурат была дома, і хлопец, купіўшы загадзя карабок цукерак, павіншаваў яе з жаночым святам, заадно пазнаёміў са сваёй нявестай.

— То, можа, паабедаеце разам, — прапанавала Варвара Вікенцьеўна. — У мяне сёння галубцы і боршч.

Вадзім, задаволены, што гаспадыня, калі Люся адвярнулася на секунду, падняла палец уверх, адабраючы выбар кватаранта, усклікнуў:

— Вечарам з’ямо за мілую душу. І вып’ем за ўсё. А зараз мы пойдзем.

Ён узяў пашпарт, і яны накіраваліся да ЗАГСа. Люсін дакумент быў пры ёй і зараз ад адной жанчыны залежала, паедзе заўтра дзяўчына ні з чым, ці застанецца з ім начаваць як жонка. У будні дзень у ЗАГСе нікога не было, і яны, узяўшыся за рукі, ступілі да стала загадчыцы гэтай установы, падалі пашпарты. Маладжавая жанчына, з густам апранутая, з пышнай прычоскай, добразычліва глянула на абаіх, папытала:

— Рашыліся злучыць свае лёсы? То вельмі добра, што ў такі дзень, Міжнародны жаночы дзень. Калі-небудзь і ў нас яго будуць святкаваць як нерабочы.

Яна ўзяла абодва пашпарты, пагартала Вадзімаў, пасля расхінула дзявочы і... спахмурнела.

— Любачка, то вам жа няма поўных васямнаццаці, — мякка папікнула яна. — Я парушу закон, калі зарэгіструю ваш шлюб. Вы падумалі пра гэта?

Вадзім узяў ініцыятыву на сябе.

— То як жа нам быць? — сказаў заклапочана. — Яна, — кіўнуў на апанураную дзяўчыну, — прыехала здалёку. Ды мы і жывём ужо разам, і яна чакае дзіця.

«Во манюка, — здзівілася Люся. — Калі і мне будзе так маніць, то...»

— Не ведаю, што з вамі рабіць. Схадзіце да Юркевіча, калі ён выслухае вашы довады і дасць згоду, то і я буду не супраць.

Яны, не развітваючыся, пайшлі да будынка райвыканкама, падняліся на другі паверх. У прыёмнай знаёмая сакратарка папрасіла Вадзіма трохі пачакаць, бо Леў Барысавіч размаўляе з Мінскам па тэлефоне. Сакратарка раўніва агледзела Люсю з ног да галавы, прыкідвала, па якой справе абое просяцца на прыём. Нічога не дадумаўшыся, адчыніла дзверы да старшыні і, пераканаўшыся, што ён ужо скончыў размову, далажыла аб двух наведвальніках.

— Хто там першы, няхай заходзіць, — Юркевіч пачаў чытаць чарговую дэпешу з аблвыканкама.

— Дык яны разам хочуць, — не пакідала кабінет сакратарка. — Што ім сказаць?

— Толькі каб ненадоўга. Клічце.

Вадзім спачатку прапусціў дзяўчыну, пасля зайшоў сам, зачыніў за сабой дзверы. Леў Барысавіч, які ўжо добра ведаў новага супрацоўніка рэдакцыі, падняўся з крэсла, выйшаў на сярэдзіну кабінета, падаў спачатку руку Вадзіму, пасля незнаёмай дзяўчыне, заадно павіншаваўшы яе са святам. Запрасіўшы абаіх сесці, папытаў у Вадзіма:

— Што, дзяўчына шукае работу ці так што здарылася?

— Здарылася, Леў Барысавіч. Здарылася мне некалі закахацца ў гэтую маладую асобу, і рашыў я ўзаконіць нашы блізкія адносіны.

Ён коратка расказаў пра размову ў ЗАГСе, пра становішча дзяўчыны, паабяцаў быць добрым мужам і сем’янінам.

— Ну вы і задачку мне задалі! — Леў Барысавіч не хаваў свайго клопату. — Ці мая гэта функцыя вас, маладых, зводзіць і разводзіць? Што ж, калі абое абяцаеце папоўніць парадзелае за гады вайны насельніцтва раёна, то ідзіце, рэгіструйце свае адносіны. А я Валянціне Мікалаеўне пазваню.

Акрыленыя, яны ізноў пайшлі ў ЗАГС.

— Ну ты і прабіўны! — у захапленні ўсклікнула Люся. — Але ж і манюка. Як можна, не пачырванеўшы, брахаць бы той цюцька?

— Цюцька не цюцька, але ж дзеля кахання, шчасця нашага на што ні пойдзеш. «Ложь во спасение», — сказаў нехта з мудрых.

Валянціна Мікалаеўна сустрэла іх з усмешкай, зноў папрасіла пашпарты і, прарабіўшы ўсе належныя працэдуры з афармленнем, урачыста абвясціла Вадзіма і Люсю мужам і жонкай, пажадала шчаслівага сумеснага жыцця.

— Шкада, што кольцаў у вас няма. Але пасля, як пабагацееце, набудзеце.

Шчаслівыя, яны выйшлі на вуліцу. Усё яшчэ не верачы, Люся, калі трохі

адышлі ад ЗАГСа, выняла з сумачкі пашпарт, паглядзела на штамп.

— Божа, я замужняя жанчына. Усё чын-чынам прастаўлена. Дата. Штамп.

І што ж цяпер будзе? — хіхікнула яна. — Сяброўкі па рабоце не павераць. Ды і мама. Каб толькі лупцоўкі не было.

— Якая работа? — усклікнуў Вадзім. — Не пушчу больш ад сябе.

— Дурненькі, мне ж трэба звольніцца, з мамай падумаць, як і што купіць, каб не голай сюды з’явіцца. Ты ж папросіш пасаг, ды і сама я не дапушчу, каб на ўсім тваім у рай ехаць. Мама таксама не пакіне мяне ў крыўдзе.

— Мне толькі ты патрэбна, больш нічога. Усё набудзем самі. Вось трошкі пабудзеш з гаспадыняй, адпачнеш, а тады і табе будзем шукаць працу, — развіваў думкі наконт іх сумеснага будучага Вадзім. Ідучы каля прадуктовага, ён пацягнуў дзяўчыну за сабой. — Сёння ўвечары зноў вып’ем шампанскага, толькі б было ў продажы.

— А я паехала б хоць зараз дадому, каб быў аўтобус, — ашаламіла дзяўчына. — Мне чамусьці і няёмка перад тваёй гаспадыняй, і страшна. Паабяцай, што ты гэты раз не будзеш мяне чапаць. Хачу з’явіцца перад мамай, як і была. Добра, любы мой? Абяцаеш?

— Ну, як тут не паабяцаеш? Яшчэ, чаго добрага, ноччу збяжыш. Тады шукай ветру ў полі.

— Ну, то і добра, — Люся была задаволена.

Шампанскае ім давялося ўсё ж купляць у рэстаране, а гэта, без дазволу дырэктрысы, ніхто не меў права зрабіць. Яе з паўгадзіны не было, і маладыя зноў спусціліся на першы паверх у магазін, каб купіць што-кольвечы з закусі. Вадзім у думках падлічваў, што засталося ў кішэні. Прыйшоў да высновы, што шыкаваць не давядзецца, трэба ж заўтра купіць любімай білет да Мінска, даць якую капейку і на дарогу да Радава. Што яна паедзе ранічкай, з гэтым ён ужо змірыўся. Узяў з Люсі толькі абяцанне не пазней як праз тыдзень вярнуцца.

Яны купілі два селядцы, бохан хлеба, кулёк цукерак. Калі падняліся ў рэстаран, дырэктарка была ўжо на месцы. Вадзім расказаў, якая ў яго сёння радасная падзея, і тая злітасцівілася, адпусціла бутэльку пеністага напою. Па дарозе зайшлі і ў рэдакцыю. Люся саромелася, але Вадзім угаварыў яе, што тут людзі добрыя і вестку аб жаніцьбе свайго супрацоўніка прымуць з радасцю. У кабінетах, апроч Максіма Пятровіча, нікога ўжо не было, разбегліся да сваіх жонак, і Вадзім, пазнаёміўшы Адашэвіча з дзяўчынай, сказаў не без гонару:

— Мая жонка. Нас распісалі. Так што прашу вас, Максім Пятровіч, на вячэру. Была б мая хата, то запрасіў бы ўсіх супрацоўнікаў. А так хай ужо выбачаюць. Мы яшчэ гэту падзею неяк адзначым.

У гаспадыні, калі яны прыйшлі, стол быў ужо накрыты. Вадзім яшчэ з парога гукнуў:

— Віншуйце нас, Варвара Вікенцьеўна. Нас распісалі. Эх, і вып’ем жа сёння за такую падзею. Дзе наша не прападала, — ён выставіў на стол шам­панскае, паклаў селядцы, цукеркі. Варвара Вікенцьеўна была радая за свайго пастаяльца. Яна пайшла на кухню чысціць селядцы, а Вадзім, ашчаперыўшы Люсю, моцна прыпаў да яе вуснаў.

— Ажно не верыцца, што ты мая жоначка, — цалуючы яе, мілую, ласкавую і трапяткую, гаварыў ён.

Люся спахапілася:

— Дык, можа, гаспадыні трэба што дапамагчы? Ідзі папытай.

Хлопец адвінуўся і вярнуўся ўжо з Максімам Пятровічам. Той таксама прыйшоў не з пустымі рукамі: выставіў на стол пляшку гарэлкі, колца каўбасы, а жанчынам, віншуючы са святам, а Люсю яшчэ і з замужжам, галантна паднёс па каробцы дарагіх цукерак.

— Балуеце вы нас, мужчынкі, — гаспадыня запрасіла ўсіх за стол.

Калі налілі ўсім шампанскага, Вадзім падняўся з месца, сказаў:

— Сённяшні дзень будзе самы векапомны ў маім жыцці. Са мной мая каханая, і я вельмі ўдзячны ёй, што прыехала, што мы паядналі нашы лёсы. Дык вып’ем жа за ўсіх жанчын, мілых нашых сябровак, якія і ў дні ваеннага ліхалецця, і зараз побач з намі, якія на сваіх плячах нясуць нялёгкую жыццёвую ношу, дораць нам цяпло, радасць, каханне.

Калі выпілі, Люся пад сталом моцна паціснула Вадзіму руку — відаць, дзяўчыне спадабаўся ягоны тост. Шчасця і дабра пажадалі ім гаспадыня і Максім Пятровіч. Адашэвіч, адразу пасля тосту, зазбіраўся дамоў.

— Пасядзелі б яшчэ трохі, — упрошвала Варвара Вікенцьеўна. — Вы ж і гарэлкі не паспыталі.

— Мая палавіна таксама чакае на вячэру. Так што дзякую гэтаму дому і пайду к другому.

Вадзім падрадзіўся праводзіць госця да брамкі. Ужо на ганку Максім Пятровіч, яшчэ раз павіншаваўшы свайго супрацоўніка з уступленнем у шлюб, сказаў, што няхай рыхтуецца заняць пасаду загадчыка аддзела.

— А вы куды? — занепакоіўся Вадзім.

Максім Пятровіч ляпнуў даланёй яго па плячы, сказаў, што таксама ідзе на павышэнне, што нібыта хочуць яго зацвердзіць рэдактарам газеты.

— Гэта было б здорава, — усклікнуў Вадзім. — А як перанясе гэту вестку Замоцін? Ён жа меціў на гэта месца.

— Як хоча, — Максім Пятровіч падаў руку. — Нядобры ён тып, душой адчуваю, што з яго «ласкі» з’елі Мальцава. Але паспрабуй дакажы. У райкаме таксама недалюбліваюць гэтага скрытнага чалавека, ад якога можна чакаць любой подласці. Так што яго шанцы на рэдактарства пакуль што церпяць крах. Бліжэйшыя дні пакажуць, як там будзе.

Адашэвіч пайшоў, і Вадзім вярнуўся ў хату, сеў за стол.

— Нешта ж вы доўга сакрэтнічалі, — калі гаспадыня адышлася на кухню, папытала Люся. — Костачкі мае перамывалі?

— Ну, што ты, любая. Твае костачкі чыстыя. Проста Максім Пятровіч сказаў, што ў рэдакцыі чакаюцца змены. Можа, нават і мяне павысяць. Гэта ж не жартачкі стаць на цэлую прыступку вышэй. Тады і зарплата вырасце. Толькі б пацягнуць.

— А на чыё месца ты меціш? — пацікавілася яна. — У вас жа, казаў, усё занята.

— А рэдактарскае крэсла пустуе.

Люся з недаверам паглядзела на яго.

— Жартуеш, ці што? Тут жа патрэбен чалавек партыйны. А ты не скончыў яшчэ ўніверсітэта.

— Ты не так зразумела. На рэдактара мецяць нібыта Максіма Пятровіча, а я займу яго трон. Фарштэйн?

— Ну, там вам відней, — Люся паднялася з-за стала. Прыйшла гаспадыня. Сказала:

— Мы яшчэ пасядзім. Гэта ж і шампанскае не ўсё дапілі. А яшчэ ж гарэлка.

— Гарэлку пакіньце сабе, — Вадзім пасунуў да яе неадкаркаваную бутэльку. — А вось шампанскае закончым.

Ён разліў рэшткі яго Люсі, гаспадыні, трохі засталося і сабе. Калі выпілі, Вадзім спытаў у Варвары Вікенцьеўны, у колькі на Мінск адпраўляецца аўтобус.

— Было ў сем раніцы. А што? Едзеце куды?

Вадзім кіўнуў на госцю і дурасліва, як не з плачам:

— Люся разводу патрабуе. Кажа, не так сустрэў, не тое гаварыў. Таму і ўцякае да сваёй мамкі. Можа вы, Варвара Вікенцьеўна, утрымаеце яе?

Люся ўшчыпнула яго за бок, сур’ёзна сказала:

— Мне ж яшчэ разлічыцца з работай трэба, ды і маме абяцала калі не ў гэты, то на наступны дзень быць дома.

Варвара Вікенцьеўна з паўслова зразумела дзяўчыну і жартам параіла свайму пастаяльцу не хныкаць. А Люсю запэўніла:

— Я вечарам яго ні на крок з хаты. Так што будзь пэўная, ля маёй брамкі і нагі нічыёй дзявочай не будзе.

Гэтая ноч для Вадзіма была пакутнай. Яны, па просьбе дзяўчыны, ляглі валетам. Праўда, звечара, распрануўшыся і прыціснуўшыся адно да аднаго пад коўдрай, яны абое, асабліва Вадзім, ледзьве вытрывалі, каб не парушыць абяцанне — не чапаць дзяўчыну да яе канчатковага прыезду. Калі ўжо зусім стала няўцерп, яна першая адпіхнула яго ад сябе, шапнула, што і сама зараз не вытрывае. Так яны і прамучыліся да раніцы, ні на хвіліну не змружыўшы вочы. А палове сёмай, яшчэ гаспадыня соладка спала, падаліся на станцыю.


5


Вясна ўсё ж брала сваё. Яшчэ для канца сакавіка было досыць зімна, ляжалі гурбы снегу, а з пачатку новага месяца, калі падзьмуў паўднёвы вецер і сонца, якога не бачылі амаль усю зіму, раскашавала ў бясхмарным, без адна­го воблачка небе, пацяклі дружныя раўчукі па ўзбочынах вуліц. Вераб’і шумнымі чародкамі, невядома скуль пырхнуўшы, садзіліся ля лужыны, пілі ваду, голасна гаманілі аб чымсьці сваім, пырскаліся не горш за дзяцей.

Вадзім, ідучы з абеду ў рэдакцыю, з цікавасцю і нейкім трапяткім хваляваннем сачыў за ўсімі праявамі прыроды, якая ажывала. Чамусьці ў такія хвіліны ўзгадвалася і сваё маленства, калі яшчэ жылі бацькі, і жыццё, нягледзячы на нястачу, здавалася такім цікавым і змястоўным. Вуліца ў Жорнаўцы за многія гады была выбіта коламі падвод, нярэдка і машын, і вада ад талага снегу з-пад платоў уся збягала на самую сярэдзіну, утвараючы досыць глыбокія пеністыя раўчукі. З паперы, а то і з фанеры яны рабілі лодкі, караблікі, пускалі іх у плаванне. Самі ішлі ўзбоч, распіхвалі палкамі заторы, бясконца радаваліся, калі чый караблік вырвецца ўперад.

Мілае і далёкае ўжо дзяцінства! Усё, здэцца, аддаў бы, каб яно вярнулася хоць на імгненне, скінула з плячэй друз клопатаў, трывог, вечнага змагання за кавалак хлеба. Але нішто не вяртаецца з небыцця.

З задумліва лірычнага стану яго вывеў знаёмы голас:

— Ты як небажыхар, вітаеш дзесь у аблоках. Спусціся на грэшную зямлю.

Вадзім пазнаў голас Лявона Галкіна, які ішоў паралельна па другім баку вуліцы.

Вадзім таксама перасек падсушаную ўжо дарогу, пакрочылі разам.

— Чуў навіну? — спытаў Лявон.

— Якую?

— Майму шэфу райкам уляпіў вымову за ілжывы матэрыял пра «Прагрэс». Помніш, тыдні тры на ўсю паласу ён накатаў, як у гэтым калгасе механізатары рыхтуюцца да веснавых работ. Маўляў, уся тэхніка стопрацэнтна адрамантавана, схавана пад навесы, насенны фонд у ажуры, каровы і цяляты ў цяпле і ў сытасці. Карацей, сапраўдная ідылія. Я казаў яму, што нешта тут не тое, што хтось збрахаў, бо ніколі гэта гаспадарка не славілася парадкамі. Прапаноўваў сам з’ездзіць і пераправерыць. Дык дзе там! Паслаў мяне на тры літары. А нехта капнуў адтуль у камітэт партыйнага кантролю. Прыслалі камісію, а тая за галаву хапілася. Тэхніка ржавее дзе папала, ніхто да яе і не дакрануўся, каровы топяцца ў гразі і галадаюць, а зерне... зерня таго на гекта­ры тры-чатыры. Астатняе ўсё расцягнута і прапіта. Старшыню калгаса адразу знялі і рыхтуюць суд, а райкаму ўказалі на дрэнную дасведчанасць аб стане спраў у раёне. Вось такія, браце, дзялы.

Дайшоўшы да рэдакцыі, яны яшчэ трохі пастаялі, Лявон дакурыў цыгарэту і падаўся ў свой пакой — дапісваць чарговы матэрыял. Вадзім у душы парадаваўся таму, што трохі збілі пыху з Замоціна, бо, апроч сваіх матэрыялаў, ён нічые не прызнаваў. Толькі Вадзіма браў одум, як Замоцін мог гэтак накалоцца. Хто яго падставіў? Ці даверыўся якому пісьму, знарок арганізаванаму, каб дыскрэдытаваць газету, новага рэдактара? Цяпер, апёкшыся, Замоцін будзе дзьмуць і на халодную ваду.

Вадзім падумаў і пра свой аддзел. Пісьмаў прыходзіць нямала, сярод іх шмат і крытычных. Праверыць усе — яму аднаму не пад сілу, тым больш што новага ў аддзел супрацоўніка пакуль што няма. А даверыцца кожнаму крытычнаму факту без праверкі рызыкоўна. Зусім жа не пісаць пра адмоўнае таксама не справа. Газета хутка згубіць сваю вастрыню, ператворыцца ў хва­лебны прапагандысцкі лісток. Як жа быць? А тут яшчэ Люся затрымліваецца. З яго, Вадзіма, ужо той-сёй пачынае кпіць, што маладая жонка пасля першай ночы адразу збегла і не хоча вяртацца. Хлопец жартам адбрэхваўся, а пасля, калі надакучыла, пайшоў на пошту і паслаў тэлеграму: «Прыязджай неадкладна. Ляжу з тэмпературай сорак два. Не сёння, то заўтра ўпаду ў кому». Такая тэлеграма падзейнічала. Ужо на другі дзень, калі Вадзім быў у рэдакцыі, Люся пастукалася ў дзверы Варвары Вікенцьеўны, але яны былі замкнёныя. З чамаданам і двума клункамі дзяўчына не хацела нікуды ісці, села на ганку і, стомленая ад бяссоннай ночы і доўгай язды, задрамала. Гападыня і заспела яе, сонную, замаркочаную, на ганку, калі вярнулася дадому.

— Мая ж ты любачка, а Божа мой, — бедавала яна, адмыкаючы дзве­ры. — Чаму ж не папярэдзіла, што едзеш. Вадзім бы сустрэў. А так — як снег на галаву. Ён жа так згараваўся без цябе. Ну, пайшлі, пайшлі ўсярэдзіну. Рэчы занесці я памагу. О, цяжкі які чамадан. І гэта ты адна ўсё несла ад аўтобуса? Біць цябе мала. Папрасіла б каго, памог бы. А Вадзіму таксама дам наганяй, што не ўпільнаваў. Хаця ж ён не ведаў.

— А як ён? — занепакоена папытала Люся. — Прайшла тэмпература.

— Якая такая тэмпература? — усклікнула гаспадыня. — Здаровы, як бык, а ты пра тэмпературу. Хутка прымчыцца ўжо з работы, есці трэба што рыхтаваць.

— Дык ён жа. як яе? пра кому нейкую пісаў у тэлеграме. Наце, во, гляньце.

Варвара Вікенцьеўна прачытала тэлеграму і ажно зайшлася ад смеху.

— Ну і лоўка ён цябе выманіў. Але ты і яго зразумей. Кажа, з мяне ўжо смяюцца, што жонка, не пажыўшы і дня, збегла невядома куды.

Вадзім, убачыўшы Люсю ў кампаніі з гаспадыняй, кінуўся да дзяўчыны, згроб яе і, саромеючыся пры сведцы цалаваць у вусны, плюснуў у шчаку.

— Нарэшце-ткі. А то мы ўжо думалі, цябе мама не пускае, заперла на ключ у цёмнай кладоўцы, — ён радаваўся, бы дзіця, пахапаў яе рэчы і панёс у свой пакой. Люся, падзякаваўшы гаспадыні, падалася за ім. Цяпер ён ужо цалаваў яе не саромеючыся, кружыў па пакоі, нават ледзьве не звярнуў кадуш­ку з фікусам.

— А я думала, ты ўжо канаеш, — смяялася яна, трохі адышоўшы ад шоку пасля расказанага Варварай Вікенцьеўнай. — Мама, калі прыйшла твая тэлеграма, таксама была сама не свая, усё перажывала, хаця б не памёр. Хуценька пачала пакаваць рэчы, збіраць мяне ў дарогу. І наказала адразу ж даць тэлеграму. Так што, прытвора, збірайся, пойдзем на пошту. Як хочаш цяпер апраўдвайся.

— Твая мама — цуд. Але хутка яна зноў убачыць нас абаіх у сябе дома.

— Праўда? — Люся не верыла сваім вушам. — А цябе адпусцяць?

— Па законе — павінны. У мяне ж апошняя сесія, здача экзаменаў, абарона дыпломнай. Сёння раніцай Рыгор званіў на работу, цікавіўся, як справы, ці гатова дыпломная.

— А ты скончыў пісаць? — занепакоена глянула на яго дзяўчына.

— Ты думаеш, я бегаў у тваю адсутнасць на танцулькі? — зноў, збіраючыся на пошту, ён прытуліў яе да сябе. — Кожны вечар да глыбокай ночы сядзеў, крэмзаў, перапісваў начыста. Спадзяюся, атрымалася што трэба.

На пошту завіталі перад самым яе закрыццём. Вадзім ледзьве ўгаварыў дзяўчыну прыняць тэлеграму. З-за недахопу часу напісаў кароткае: «Усё ў парадку. Заехала добра. Муж жывы і здаровы». Паказаў Люсі. Яна, ужо на вуліцы, шчасліва засмяялася:

— Муж, які аб’еўся груш. Божа, як расказала сяброўкам, што выскачыла замуж, яны нізавошта не хацелі верыць, пакуль не паказала пашпарт. Усё дапытваліся, хто ты і што ты. Як сказала, што канчаеш універсітэт, а цяпер у газеце працуеш, то оханням ды аханням не было канца. Усё прасілі, каб мага­рыч выстаўляла.

— Ну і што? Замачыла мяне? — усё, што тычылася любімай, Вадзіму было цікава ведаць.

— А паспрабуй выкруціся. Па-першае, разлічвалася назаўсёды з гэтай работай, па-другое, шлюб — не жартачкі табе, каб не замачыць. У апошні, развітальны дзень так наклюкалася, што ледзьве дадому прывалаклася. Мама, калі ўбачыла мяне такую, хацела нават з хаты вытурыць. Во бачыш, якая я нядобрая. Усё табе расказваю.

— Ну, а мужыкі з вамі былі? — не без падтэксту папытаў Вадзім.

Люся не хітрыла:

— А як жа без іх абыдзешся? Іх нос усюды чуе, дзе пахне. Усе пілі гарэлку, толькі я адна віно. І думаеш, многа выпіла? Як бы не так. Проста не пайшло віно. Відаць, няякаснае было. З тога часу ў рот больш ні-ні.

Калі перад тым, як паслаць пасцель і легчы спаць, Вадзім запытаў, што з ёй, чаму так зажурылася, дзяўчына адказала адным словам: «Баюся».

— Дурненькая, каго баішся? — Вадзім прытуліў яе да сябе, пачаў горача цалаваць.

— Першай ночы баюся. Ты ж, думаю, не накінешся адразу, як галодны звер. Мне трэба хоць трошкі асвойтацца, прывыкнуць да цябе.

— Усё, мілая, зраблю, як ты хочаш, — шаптаў ён самыя цёплыя і ласкавыя словы, якія толькі ведаў.

Ён, распрануўшыся, першы юркнуў пад коўдру, а яна ўсё сядзела ля люстра, расчэсвала валасы, відаць, нялёгка рашалася на адчайны крок. Ён змушаны быў падняцца ў адных трусах і майцы, прыціснуў яе да свайго гарачага цела, асыпаў пацалункамі. Пасля, патушыўшы святло (так запатрабавала дзяўчына), памог ёй распрануцца і панёс у ложак. Абняўшы яго за шыю, яна не супраціўлялася, ласкава тулілася да яго ўсім целам.

— Любая мая, адзіная. Ты не ведаеш, як я чакаў гэтага імгнення, як марыў вось гэтак абняць цябе і задыхнуцца ад тваёй пяшчоты.

У гэту ноч каб гром, навальніца паласавалі чорнае, бы смоль, неба, яны нічога б не чулі і не бачылі ў шале неспатольнага кахання. І толькі пад раніцу, моцна абняўшыся, абое заснулі глыбокім сном. Вадзім, калі скрыпнулі дзверы ў сенцах, першы падхапіўся, глянуў на гадзіннік. Трэба было апранацца, трывожыць любую, а яна ж гэтак смачна спіць. Ён як мага асцярожна адхінуў коўдру, пацалаваў яе тугія і такія вабныя грудзі, што, каб не на работу, нізавошта не ўстаў бы, зноў прыпаў бы да цела любімай.

Люся ад яго шабуршэння прахапілася, нацягнула коўдру, пасля спалохана сказала:

— Вой, я праспала. Гэта ж табе ў рэдакцыю, а я сплю, бы той сурок. Адвярніся, зараз я апрануся, пастаўлю табе чай, яшчэ што зраблю.

Ён супакоіў яе:

— Паспі яшчэ, любая мая. Я сам усё зраблю. Ды і гаспадыня не пусціць мяне галодным.

Аднак яна не паслухалася, хуценька накінула халат, прыпала да яго.

— Вось я і жанчына. А я так баялася. Думала, што памру. А тут можна было ад другога памерці, — яна шчасліва засмяялася.


6


Вольга Іванаўна, калі яны ступілі на яе парог, ад нечаканасці ажно ўпусціла долу нож, якім, рыхтуючыся абедаць, кроіла хлеб.

— А мае вы дзеткі, як я радая бачыць вас і чуць. Думала, што не дачакаюся такога шчаслівага дня. Распранайцеся, зяцёк, і ты, дачушка.

— Мамулька, родненькая, — цалуючы маці, гаварыла Люся, — мы так засумавалі без цябе.

Вадзім выняў з сакваяжа падарунак, перадаў у рукі цешчы прыгожую шарсцяную кофту.

— Гэта мне? — Вольга Іванаўна разгарнула пакунак, накінула абнову на сябе.

— Вой, якая гожая! Гэта ж, пэўна, надта дарагая. Можа, табе, дачушка, больш спатрэбіцца. Прымерай.

— Ёй другое будзе, — цвёрда сказаў Вадзім. — Вам, што аддалі за мяне, такога баламута, сваю крывінку, паўцарства аддаў бы і быў бы вінен.

— Ну, то й цешцеся, дзеткі. Можа, як і вяселле к Першамаю агораем. А ты, зяцёк, надоўга адпрасіўся?

— Мама, ён зараз паесць і паедзе ў Мінск, а я з табою нейкі час пабуду. У яго ж экзамены і абарона дыплома. Здасць, закончыць усё, разам і паедзем. Там буду таксама працу шукаць.

— Ну, то й добра.

Вадзім развітаўся, горача пацалаваў жонку, цмокнуў у шчаку цешчу і падаўся на вакзал. У яго заставалася гадзіна да адыходу цягніка, таму рашыў не бегчы, як бегаў заўсёды, а ісці паважна, ведаючы, што за ім сочаць цікаўныя жанкі. І толькі ўжо па вуліцы Радава пайшоў шпарчэй, каб паспець купіць білет і яшчэ ў прыстанцыйным кіёску выпіць куфель піва. Праз гадзіны паўтары ён падыходзіў ужо да свайго інтэрната. Хвалявала, ці захавалі хлопцы за ім месца, ці не падсялілі каго чужога. Ведама, гэтулькі часу не было чалавека ва ўніверсітэце, хоць пяцікурснікі многія раз’ехаліся і разбрыліся хто куды.

Не стукаючы, зайшоў у пакой і абрадаваўся: Рыгор быў на месцы і не чуў, што хтось увайшоў. Калі Вадзім ляпнуў яго па плячы, уздрыгнуў ад нечаканасці. Абярнуўся і заззяў белазубай усмешкай.

— З’явіўся не запыліўся. А я тут мэнчуся адзін, рыхтую, бач, полудзень.

Яны паручкаліся, па-сяброўску абняліся.

— А дзе ж твая суджаная? — папытаў Рыгор, запрашаючы сябра паесці разам яго смажаніну.

— Не, браце, мяне дзве гадзіны таму цешча накарміла, во, — Вадзім ткнуў пальцам у гарляк. — Вечарам вяду цябе ў кафэ, адзначым і сустрэчу, і мой новы сямейны статус.

— Хацеў бы ў рай, ды грахі не пускаюць. Вечарам у мяне стрэча. Пойдзем у кіно ці таксама ў кафэ.

— І з кім жа ты? — Вадзіма разабрала цікавасць. — Мо твая чарняўка змякчылася, не дачакаўшыся свайго марачка?

— Пра марака яна больш не ўспамінае. А нашы адносіны зайшлі далей няма куды — на днях падаём заяву ў ЗАГС.

— Дык гэта ж здорава, — Вадзім паціснуў руку сябру, — нарэшце ты дамогся свайго. А як з кніжкай вершаў? Выйшла?

— Ну, вядома, ужо былі і рэцэнзіі. Зараз падаў у выдавецтва новы рукапіс.

— Ай ды Рыгорка, ай ды сукін сын! А як званіў, ні слова не сказаў ні пра чарняўку, ні пра зборнік. То яшчэ раз віншую. Відаць, дабрэнны і ганарар адхапіў.

— Не магу скардзіцца. Так што калі не сёння, то заўтра кніжку падпішу, і сходзім куды пабаляваць. А сёння, выбачай, не магу.

Калі Рыгор, гладка пагаліўшыся і апрануўшы ўсё лепшае са свайго гардэроба, пайшоў, Вадзім рашыў заглянуць ва ўніверсітэт, каб пацікавіцца аб’явамі, якімі яшчэ афішамі. У вестыбюлі снавалі зусім незнаёмыя яму хлопцы і дзяўчаты, відаць, першакурснікі ці другакурснікі. Пасноўдаўшыся без справы па ацямнелых ужо дарожках скверыка, падаўся да сябе ў пакой. Ад Рыгора ён ужо ведаў, што ні Кастуся, ні Карпіка ў бліжэйшыя дні не будзе і ніхто не перашкодзіць яму сесці і скончыць новае апавяданне. Дзве гумарэскі ён падрыхтаваў для сатырычнага часопіса і заўтра ж занясе ў рэдакцыю. Аповесць з калгаснага жыцця, якую пачаў пісаць тры месяцы таму і нямала ўжо скрэмзаў старонак, будзе канчаць, як вернуцца з Люсяй у свой ціхі гарадок.

Рыгор прыйшоў позна, і не адзін, а з той самай аднакурсніцай Палінай з другой групы, на якую кідалі вока не толькі студэнты, але і маладыя выкладчыкі. Вадзім ведаў дзяўчыну слаба, бо толькі зрэдзь сустракаліся на агульных лекцыях, ды і то яна заўсёды садзілася спераду, а Вадзім з Рыгорам шыліся на заднія парты. Цяпер ён бачыў яе зблізку, і Паліна сапраўды глядзелася як галівудская зорка. Рыгор паставіў на стол бутэльку шампанскага, падрыхтаваў шклянкі і адкупорыў пеністы напой.

— Вот і мая суджаная, — сказаў не без гонару, падымаючы шклянку. — Вып’ем за яе, што асмелілася прыйсці сюды, не адхіліла маёй рукі і сэрца.

Дружна выпілі, закусілі шакаладам, якога некалькі плітак прынёс з сабой Рыгор. Вадзім памкнуўся яшчэ што паставіць на стол, але сябрук сказаў, што яны толькі што з рэстарана і наеліся ўдосталь. Паліна распытала Вадзіма пра яго маладую жонку, папрасіла паказаць фотку. Хлопец сумеўся і сказаў, што ўсе картачкі з ёю ў Жорнаўцы, ну, там, дзе зараз яна засталася з маці.

— Любімую трэба насіць пры сабе, — усміхнулася дзяўчына. — А ты не баішся, што хто-небудзь пачне заляцацца да яе? Рыгор казаў, што яна і яму дужа спадабалася, — Паліна гарэзліва бліснула вачыма на хлопца.

— Кепска ж, мусіць, — засмяяўся Вадзім, — калі на жанчыну, жонка яна табе ці не, ніхто, апроч цябе, не гляне. Рэўнасць жа нейкая павінна быць. Без яе было б таксама нецікава.

— Ну, гледзячы якая рэўнасць. Іншыя з-за рэўнасці робяць вялікія глупствы. Рыгор во зусім не раўнівы. Праўда? — Паліна зноў гарэзна павяла вачыма і засмяялася.

Рыгор, быццам гэтая гаворка яго ані не тычылася, выпіў рэшткі шампан­скага і, устаўшы, гулліва абвясціў тост:

— За саюз чатырох сэрцаў. Хай ён не старэе, не ржавее, доўжыцца да скону дзён.

Яшчэ трохі пагаманілі, пасмяяліся, і Паліна зазбіралася дамоў. Рыгор, апрануўшы яе, выклікаўся праводзіць да самага дома, дзе дзяўчына жыла з бацькамі ў трохпакаёвай кватэры амаль што ў цэнтры горада. Вадзім не клаўся спаць, пакуль не вернецца сябра. Ён, хоць сон хіліў галаву, вырашыў яшчэ раз паглядзець дыпломную, апасаючыся, каб часам не закраліся якія памылкі, бо раніцай намеціў аддаць яе ў дэканат. Там жа дазнаецца, калі намечана абарона. Два экзамены, якія яшчэ трэба здаць, яго мала хвалявалі. Па мове ў яго заўжды была цвёрдая пяцёрка, а гісторыю КПСС, хоць і ставіўся да многіх яе момантаў досыць крытычна, не выказваючы гэтага на лекцыях, бо, ведаў, не абярэцца бяды, ведаў таксама калі не выдатна, то, ва ўсякім разе, досыць грунтоўна. Чытаць дыпломную не скончыў — канчаткова змарыў сон. Ён лёг і імгненна заснуў, нават не чуў, калі вярнуўся Рыгор.

Раніцай, калі сябра яшчэ спаў як пшаніцу прадаўшы (будзіць яго было шкада), на хуткую руку перакусіў і пайшоў у дэканат, здаў сваю работу. Рабіць у інтэрнаце не было што, і ён вырашыў пешшу прайсціся да Дома друку, паказаць «Вожыку» дзве свае гумарэскі, напісаныя за апошнія тры месяцы. Ён ведаў, што ў часопісе рабочы дзень пачынаецца пазней, недзе пасля адзінаццаці, а то і дванаццаці, але разлічыў, што пакуль не спяшаючыся дабрыдзе, то будзе і поўдзень.

Яго сустрэлі ветліва, як старога знаёмага, распытвалі пра жыццё-быццё, упікалі, што доўга не з’яўляўся на парозе рэдакцыі. Калі Вадзім расказаў, у якую глушэчу закінуў яго лёс, што працуе ў рэдакцыі райгазеты, рэдактар, які зайшоў акурат у аддзел, ні з таго ні з сяго прапанаваў:

— А давай да нас пераходзь. Праўда, у нас пакуль што ёсць паўстаўкі карэктара, але ты ганарарам навярстаеш. Пэўна ж, прынёс нешта.

Вадзім, збянтэжаны такой нечаканасцю, не пачуў пра гэтае «нешта», сказаў, што для яго быў бы гонар вялікі працаваць у такім часопісе. Але ж яму дзеля гэтага трэба звольніцца з папярэдняга месца працы, пераехаць у Мінск і пашукаць жыллё.

— Ну, ты чалавек малады і ўвішны, табе гэткая задачка як раз плюнуць.

Вадзім толькі цяпер успомніў пра гумарэскі і, выняўшы з кішэні рукапіс, перадаў у рукі рэдактару.

— Во, к пераезду і ганарар будзе.

Вадзім папрасіў, калі гэта можна, пачакаць з афармленнем тыдні тры, покуль ён не здасць апошнія два экзамены і не абароніць дыплом.

На гэтым гаворка была скончана. Рэдактар пайшоў у свой кабінет, а Вадзім, акрылены і ўзбуджаны да крайнасці, як на крылах вылецеў на вуліцу. Няўжо, няўжо ён будзе жыць і працаваць у сталіцы?! Сам горад яго не так вабіў, ён, вясковы хлопец, любіў ціхія ўтульныя мястэчкі і гарадкі, але ж наконт літаратурнага росту, перспектыў нешта надрукаваць магчымасцей тут было значна больш. Цікава, як Люся ўспрыме гэту вестку? Вядома ж, яна будзе на сёмым небе ад шчасця, калі даведаецца пра гэткае запрашэнне. Трэба, пакуль яшчэ не вельмі заняты, сёння ж з’ездзіць у Жорнаўку, пабачыць і парадаваць любую. Ёй бліжэй з Мінска будзе да маці, і з работай лягчэй можна ўладкавацца.

Рыгор, калі запыханы Вадзім прыскочыў у свой пакой, усё яшчэ дрыхнуў, і хлопец бесцырымонна перавярнуў яго на спіну, ушчыкнуў за бок.

— Уставай, лайдак несусветны, музу сваю праспіш. Паліну тваю бачыў ужо ля ўніверсітэта.

— Га? Што? — заспаны Рыгор не цяміў, што ад яго хочуць.

— Уставай, кажу, хутка абедаць пара. А я памчуся на цягнік, заўтра к абеду буду тут як штык.

— Нешта ты сёння надта гаманкі і задзірысты, — соладка пазяхнуў Рыгор і пачаў апранацца. — Рана пташачка запела.

— Хто рана ўстае, таму Бог дае. Я ўжо аддаў у дэканат дыпломную, завітаў і ў «Вожык».

— Бачу, што ён цябе шпільнуў іголкамі ў адно далікатнае месца, — буркатаў сябра, — што табе не сядзіцца і не стаіцца. Ведаю цябе як аблупленага. Выкладвай, што дазнаўся. Гумарэскі прынялі?

— Не толькі гумарэскі, але і самога прынялі.

— Не разумею.

— Ну, што тут разумець? Прынялі на работу ў «Вожык». Фарштэйн?

— А што, рэдактара там знялі і цябе замест яго? — Рыгор усё яшчэ думаў, што яго дурачаць. — То, можа, у намеснікі возьмеш? Бажуся і клянуся, што верай і праўдай буду служыць вашай светласці.

— Годзе пацвельвацца, — глянуўшы на гадзіннік, Вадзім сабраўся ісці на вакзал. — Кажу, што прынялі на карэктарскую пасаду, значыць, прынялі. Ладна, заўтра паталкуем. Паеду, парадую жоначку. А ты ідзі шукай Паліну. Заўтра мо ўчатырох, калі ўгавару Люсю прыехаць у Мінск, сходзім куды адзначыць добрую падзею.

Люся не чакала яго. З маці яны корпаліся ў шафе, перабіралі старыя і новыя рэчы. Дзяўчына нават не заўважыла, што нехта зайшоў у кухню. Вадзім кашлянуў, і яна апантана кінулася яму на шыю.

— Які ж ты маладзец, зяцёк, што прыехаў, — выйшла на кухню і Вольга Іванаўна. — Хутка будзем вячэраць. А мы тут з дачушкай прымяркоўваем, што лепшае ёй узяць з сабой, калі паедзеце, што яшчэ дакупіць трэба. Прыедзе ж без пасагу, то смяяцца будуць. Удваіх больш нешта возьмеце, чым калі ехала адна. Во, ватовая коўдра ёсць новенькая, дзве падушкі з наўлечкамі, тры прасціны. Па першым часе хопіць.

Вадзім, абдымаючы жонку, шчыра падзякаваў за пасаг, але сказаў, што яны самі не зломкі, усё купяць, дабудуць сваім стараннем.

— Але, — ён прыняў урачыстую позу, — змушаны вам сказаць, што мы хутка перабяромся ў Мінск і рэчы вашы хай пакуль паляжаць у шафе.

Пад бурнае лікаванне Люсі і матчыну шчаслівую ўсмешку Вадзім расказаў аб прапанове працаваць у сатырычным часопісе.

— Вось толькі пакой які зняць, — падзяліўся клопатам Вадзім. — Казалі, што вельмі нялёгкая гэта справа знайсці такое жыллё, каб не вельмі і дорага, і грубка якая была, і каб не за трыдзевяць зямель.

— Я цяпер ужо буду напытваць у знаёмых, хто ў Мінску працуе, — сказа­ла Вольга Іванаўна, завіхаючыся з вячэрай.

— А дзе ж ваш Толік? — папытаў Вадзім. — Колькі ні прыязджаю, ніяк не магу з ім стрэцца.

— А Божа, хіба ж я не казала, што яго змабілізавалі ў армію? — пляснула рукамі Вольга Іванаўна. — Зусім дурная галава стала. Піша, што служыць бліз Арэнбурга, што там стэпы, лютуюць маразы. Абяцаў, калі вышлем грошы, купіць і прыслаць пуховую хустку.

— Мамачка, табе вельмі патрэбна такая хустка. Уся вёска зайздросціла б табе. Мы з Вадзімам, як толькі збяром што, пашлём яму патрэбную суму. Праўда, мілы?

— Я і зараз магу тое-сёе знайсці, — сказаў Вадзім. — А ў «Вожыку» надрукуюся, то і астатняе дадам.

— Не, дзеткі, не, — рашуча запярэчыла Вольга Іванаўна. — Вам сама абжывацца, і кожная капейка самім спатрэбіцца. Ды вяселле ж трэба справіць. Што, мы горшыя за іншых? Не справім, то людзі пальцам будуць тыцкаць.

— І праўда, мы ж пра вяселле неяк не падумалі, — спахапілася Люся. — А я хачу, каб у нас было самае лепшае вяселле. Праўда, мілы?

— Праўда, праўда, — Вадзім зноў прытуліў жонку да сябе. — У нас усё будзе самае лепшае. Мы так пастараемся.

Павячэраўшы, Люся прапанавала прайсціся. Ужо досыць падсохла, і можна было не баяцца, што поцемку ўваляцца ў якую гразь.

— А ты не хочаш завітаць да Колі, з ім падзяліцца навіной? Ты ж, свінтус, як прыехалі разам, так і носу не паказваў ні перад ім, ні перад братавай. А ў іх, мама казала, вось-вось мае дзіцятка быць.

— Я і сапраўды свінтус-грандыёзус. Ад свайго шчасця ашалеў, што нічога і нікога вокал не бачу. Ведама ж, трэба наведацца. Вось толькі ў мяне гасцінца ніякага няма, хаця б для Лількі.

— У мяне шакаладныя цукеркі ёсць. Хавала на ўсякі выпадак, — Люся выняла з шафы прыгожую, у ружах, каробку, паклала перад Вадзімам.

Апрануўшыся, яны пайшлі, наказаўшы маці не зашчэпліваць дзверы. Коля, Лілька і іхняя дачушка Аня сядзелі каля прыёмніка, слухалі якуюсь радыёпастаноўку. На стук з сенцаў першая зрэагавала малая, пачуўся яе радасны вокліч:

— Дзядзя Лёдзік плыехаў, дзядзя Лёдзік, — яна пабегла на кухню, адчыніла дзверы. Убачыўшы Вадзіма і чужую цёцю, засаромелася, задам падалася назад. Выключыўшы перадачу, выйшлі Коля з Лількай, і Вадзім перадаў малой цукеркі.

— Гэта ж мы пра Заслонава заслухаліся. Надта ж цікавая перадача, — як бы апраўдвалася Лілька, гатовая, нават пры цьмянай лямпачцы бачна, у любы дзень нарадзіць.

— То праходзьце, праходзьце ў хату, — Коля расчыніў перад імі дзверы ў пярэдні пакой. — Я ўжо ведаў, што вы тут, і з дня на дзень чакаў. То віншую з законным шлюбам, — Коля абняў і пацалаваў спачатку Люсю, пасля брата. — Трэба ж гэтую падзею і замачыць. Лілька? Ты дзе дзелася?

Ён, не дачакаўшыся адказу, сам пайшоў на кухню, прынёс бутэльку гарэлкі. — Зараз жонка што-небудзь зварганіць. Відаць, у кубелец палезла.

— Не трэба ніякага пачастунку, — запратэставаў Вадзім. — Мы толькі што ад стала. Вольга Іванаўна накарміла нас ад пуза.

Лілька прыйшла са сваёй бакоўкі прычапураная, у новай квяцістай сукенцы, таксама павіншавала маладых.

— Калі ж вяселле? — папытала ў Люсі. — Ці не будзеце спраўляць?

Коля напусціўся на жонку:

— Табе сама пра вяселле дбаць. Хутка будзе ў хаце вясела, аж занадта. Вот лепш запрашай, каб паклалі чаго на талеркі, а я тым часам налью.

Ён адкаркаваў «Маскоўскую», напоўніў чаркі. Мужчыны выпілі па поўнай, Люся адно прыгубіла, а Лілька толькі падняла чарку і чокнулася з усімі.

Ведаючы яе становішча, ніхто не стаў прымушаць. Вадзім расказаў, што хутка пераедзе ў Мінск на новае месца працы, а зараз рыхтуецца да абароны дыпломнай. Коля прапанаваў яшчэ выпіць, але і Люся, і Вадзім наадрэз адмовіліся. Люся, развітваючыся, сказала, што к Першамаю плануюць справіць вяселле і каб яны мелі гэта на ўвазе.

Вярнуліся дадому, калі Вольга Іванаўна ўжо спала. Ціха распрануліся і юркнулі ў пасцель. Раніцаю, правёўшы шчаслівую ноч з любімай, Вадзім паехаў у Мінск.


Частка трэцяя


1


Была тая пара бабінага лета, калі як магнітам цягнула на прыроду, каб перад зацяжнымі дажджамі і першымі замаразкамі атрымаць поўную асалоду ад зямлі, нацешыцца сонцам, удыхнуць на поўныя грудзі гаючага паветра. Тут, на Балотнай станцыі, дзе яны з Люсяй знялі невялікі пакойчык, таксама хапала прастору, варта было толькі мінуць невялікі завулак — і перад табою поле, а там, трошкі далей, — гаёк, у якім, казалі, яшчэ і цяпер сустракаюцца крамяныя баравікі. Вядома, гэта не тое, што пад Бягомлем. Там, ведаў Вадзім, вазамі вазілі белыя, падасінавікі, рыжыкі. На сыраежкі ці там бабкі ніхто глядзець не хацеў. Цяпер, прагульваючыся з Люсяй па наваколлі Балотнай, Вадзім з пачуццём нейкай віны прыгадваў, як развітваўся з супрацоўнікамі газеты, з гаспадыняй, у хаце якой спазнаў асалоду першай шлюбнай ночы. Ён тады, ужо вольны ад рэдакцыйных абавязкаў, падбухторыў Лявона Галкіна яшчэ раз з’ездзіць у самы гушчар Бярэзінскага заказніка, дзе жыў яго актыўны аўтар Васіль Махавец. Замалёўкі аб прыродзе, звярах і птушках Махаўца друкавалі амаль што ўсе рэспубліканскія выданні, а ўжо ў Вадзіма ён быў найпершы аўтар, матэрыялы якога выклікалі самы шчыры водгук чытачоў.

Хату Махаўца ў лесе Лявон ведаў добра, але, калі прыехалі, гаспадара не было дома. На дзвярах вісеў замок. Чакаць яго не мела сэнсу, бо гэты чалавек не стыкаўся дома, мог гадзінамі сядзець дзе на дрэве ці пад кустом і назіраць за дзікай прыродай. Вось бы яму фотакамеру ці добры апарат, колькі здымкаў, якія б упрыгожылі лепшыя фотавыстаўкі краіны, ён мог бы зрабіць дзеля радасці людской!

Яны з Лявонам вярнуліся назад. Зайшлі разам у рэдакцыю, і Вадзім яшчэ раз з сумам, як быццам губляе штось самае дарагое і незваротнае, развітаўся з усімі.

У Мінск вярнуўся нейкі апустошаны, безуважны да ўсяго. Здаўшы рэчы, якія заставаліся яшчэ ў гаспадыні, у багажнае аддзяленне, паехаў у рэдакцыю часопіса. Яшчэ раз пераканаўшыся, што залічаны ў штат, зноў падаўся на вакзал, каб завезці ў Жорнаўку досыць такі ёмкі груз. Адной Люсі ён быў бы не па сілах.

I вось яны, пасля двух тыдняў пошуку кутка, нарэшце-такі знайшлі гэты пакойчык, якому бязмежна рады. У гэтую нядзелю яны вырашылі не ехаць да маці, адаспацца ўволю, а пасля пахадзіць па ваколіцах Балотнай станцыі. Ніякага балота пры станцыі тут і заваду няму, але вось назва сведчыла, што тут, відаць, здабывалі некалі торф, а побач шумелі вялікія бары. Сонца ўжо добра прыпякала, і яны, адышоўшыся далекавата ад ускрайку горада, вырашылі разаслаць коўдры і трохі пазагараць. Распрануліся да трусоў, а Люся нават і ліфчык зняла, каб загар быў роўны па ўсім целе. Вадзім, шчаслівы такой блізкасцю, прытуліў любую да сябе, горача пачаў цалаваць.

— Хоць бы каго побач не было, — засаромелася дзяўчына. — Убачаць, тады...

Ён не даў ёй дагаварыць. Неадольнае жаданне мець яе, цалаваць яе тугія грудзі, ногі, губы зацьміла ўсё на свеце. Люся таксама задыхнулася ў такім жа жаданні. Астыўшы ад шалу кахання, яны, абняўшыся, моцна заснулі. Вадзім прачнуўся першы, калі сонца схавалася за хмарку і адразу стала прахалодна. Ён акрыў любімую сваім пінжаком і, пакуль яна спала, думаў пра новую сваю работу. Вядома, гэта было нашмат лягчэй, чым у райгазеце, але і больш адказна. Тыраж раёнкі і рэспубліканскага часопіса непараўнальны. Калі прапусціць якую памылку пры вычытцы карэктуры, і яна пройдзе, чакай непрыемнасцей. Ды ёсць такія ўедлівыя чытачы, што любую блыху заўважаць і паскардзяцца. Асабліва актыўнічаюць настаўнікі-пенсіянеры. Але, дзякаваць богу, пакуль што ў яго ўсё ідзе гладка. Вось толькі зарплата мізэрная — усяго трыццаць сем рублёў. Паспрабуй на такія грошы пражыць. За пакойчык падрадзіліся плаціць пятнаццаць рублёў. I што застаецца? Мізэр. Каб не такія-сякія ганарары, ногі працягнулі б. А гэтага дапусціць ён не можа. Каму, як не яму, гаспадару сям’і, паклапаціцца аб яе дабрабыце. Тым больш Люся прызналася, што зацяжарыла, што праз якога паўгода ў іх будзе папаўненне. Божа, якая гэта радасць і разам з тым адказнасць! Няўжо ў яго будзе дачушка альбо сын? Але ж аб іх трэба паклапаціцца, аб жонцы і дзіцяці. Толькі што дзеля гэтага зрабіць? Пытанні, на якія трэба шукаць адказу.

Люся, нешта прамармытаўшы ў сне, прачнулася, абвіла мужаву шыю, сказала:

— Як соладка спіцца на свежам паветры. Ды яшчэ пасля такога... — яна шчасліва засмяялася.

Апрануўшыся, яны пайшлі да нешырокай палоскі лесу.

— А раптам знойдзем які грыб, — сказала яна. — Я б тады зрабіла таўканіцу з грыбной подліўкай.

— Гэта ідэя, — падхапіў Вадзім. — Даўно не еў таўканіцу з грыбамі. Зробім сёння такую вячэру. А бульбы яшчэ засталося трохі? А не, дык пазычым у гаспадыні, пакуль ад маці прывязём.

— Хутка паедзем капаць. Мама казала, што ўрадзіла неблагая бульба. Так што другім хлебам мы будзем забяспечаны.

У лесе, колькі ні хадзілі, апроч мухамораў і некалькіх сыраежак, нічога не знаходзілі.

— Давай па ўскрайку паходзім, — прапанаваў Вадзім. — Усе бягуць чым глыбей, а мы пры полі пашукаем у траве.

I праўда, праз хвіліну Люся радасна ўсклікнула:

— Во, во! Хадзі глянь.

Вадзім, падышоўшы, не паверыў сваім вачам: у разоры, якой апаясваюць лес ад пажараў, сядзелі ў пяску рыжыкі, такія агністыя, вабныя, якія і зрываць было нават шкада. Пахадзіўшы з паўгадзіны, яны разам набралі цэлую, як завязаць, Люсіну хустку найсмачнейшых лясных ласункаў.

— Іх засаліць добра было б, — сказала яна. — Мама неяк зрабіла са смятанай, то пасля нельга было ад місы адцягнуць.

— Дык і мы зробім так, але не ўсе. З таўканіцай, калі адварыць і прыгатаваць падліву, пойдуць за мілую душу.

Вярнуліся ў свой пакойчык задаволеныя, як ніколі. Бульбы, аказалася, яшчэ трохі было, і яны размеркавалі абавязкі: Вадзім падрадзіўся абіраць бульбу, а яна, Люся, ачышчаць ад пяску і адварваць грыбы. Знайшоўся посуд і для салення.

Вячэралі гэты раз па-царску. На часопісным століку, які вызваліла ад вазонаў гаспадыня, стаяла бутэлька піва, а ў талерках дымілася таўканіца, шчодра палітая грыбамі. На асобным сподачку былі нарэзаныя памідоры і салёныя агуркі.

— Ну, любая, каб гэтыя вуглы абмінала ўсялякае ліха, — Вадзім падняў шклянку і чокнуўся з Люсінай.

Яда аказалася найсмачнейшай.

— Будзем час ад часу наведвацца туды, — сказаў Вадзім, як не вылізваючы талерку. — Можам, акрамя рыжыкаў, і на апяты натрапіць. Тады і на зіму трохі насалілі б.

Гэты раз Вадзім рашыў усё-такі пагаварыць з рэдактарам. Пастукаўшыся, зайшоў у кабінет, пачакаў, пакуль ён скончыў гаварыць па тэлефоне.

— Ну, што, Гурко? — рэдактар быў у добрым настроі, і гэта Вадзіма ўзбадзёрыла. — Як асвойтваешся на новым месцы? Кватэру знайшоў?

Адказаўшы на ўсе пытанні, Вадзім папрасіў:

— Памажыце мне стаць на чаргу на жыллё. У мяне ж пакуль што няма прапіскі, а без яе ніхто і слухаць не хоча. Непаўнацэнны жыхар горада.

— Ну, ты гэта дарэмна — непаўнацэнны. Паўнацэнны, ды яшчэ які. Не кожны гэтак пісаць умее, як ты. Так што не прыбядняйся. А наконт прапіскі будзем нешта думаць. Г аспадары твае не могуць прапісаць? У прыватным жа доме лягчэй.

— Яно, можа, і лягчэй, але ж у іх метраў не хапае. Так кажа гаспадыня.

— Ладна, — сказаў рэдактар. — Запішы свой адрас, а мы пахадайнічаем перад гарсаветам, каб зрабілі якое выключэнне.

Рэдактару зноў пазванілі, і Вадзім, задаволены размовай, пайшоў да сябе і, сеўшы за стол, пачаў вычытваць гранкі наступнага нумара.

— З цябе бутэлька, — азваўся ад свайго стала Генадзь Каўко, супрацоўнік літаратурнага аддзела. — У гэты нумар думаем ставіць тваю гумарэску «Дыспрапорцыя». Рэч вартая ўвагі, але не шкодзіла б пару абзацаў скараціць, бо не ўмесціцца на старонку.

— Трэба дык трэба, — Вадзіма гэтая вестка парадавала, — бо канчаліся грошы, а ў перспектыве, апроч гэтай рэчы і яшчэ апавядання, якое заляжалася ў маладзёжным часопісе, нічога новага не было напісана. — Можам з’ездзіць да мяне, дзе я асталяваўся. Заадно з жонкай пазнаёмлю і салёных рыжыкаў пад чарку паспрабуем.

— Гэта ідэя! — усклікнуў Генадзь. — Даўно рыжыкаў не каштаваў.

Пасля работы яны пайшлі разам. Каўко аказаўся кампанейскім чалавекам, які, праўда, у адрозненне ад Вадзіма, любіў выпіць, нават і на рабоце тадысяды прыкладаўся да бутэлькі. Сам неблагі паэт, да яго пастаянна ішлі маладыя, якія спрабавалі сілы ў гэтым жанры, неслі сатырычныя вершы, заадно і выпіўку. Але Генадзь ні на якую халтуру не ішоў, выпіваў толькі з тымі, каго прымаў да друку.

— Дык, можа, таксі возьмем, — Генадзь пачаў галасаваць, але ніводная машына з шашачкамі не спынялася.

— Тут і паўгадзіны не будзе хады, — Вадзім прыкідваў, колькі ў яго грошай і ці хапіла б і на бутэльку, і на таксі, каб яно і падхапіла іх. Люсі, вядома, гэта будзе нечаканасцю і лішнімі клопатамі. Хоць бы дома быў хлеб. Па шляху, папрасіўшы Каўко пачакаць на вуліцы, ён усё ж заскочыў у гастраном, купіў бохан, ну і заадно бутэльку. На каўбасу не разлічваў, а прыхапіў дзве бляшанкі рыбных кансерваў.

— Проша пана ў мае апартаменты, — галантна раскланяўся, прапускаючы Генадзя перад сабой у расчыненыя сенечкі. Яшчэ адтуль пачуў пах смажанай цыбулі і сала, а ў пакойчыку галасы жонкі і яшчэ кагосьці. Не адчыняючы дзверы, пазнаў, што гэта цешча. Жанчыны абрадаваліся, убачыўшы Вадзіма з госцем.

— А я, зяцёк, чакала вас, чакала, ды сама кінулася ў росшук, — сказала Вольга Іванаўна, спадцішка разглядаючы незнаёмага чалавека. Вадзім прадставіў яго:

— Паэт, супрацоўнік часопіса Генадзь Каўко. Прашу любіць і жалаваць.

Выкладаючы на столік свае пакупкі, прадставіў Генадзю сваю жонку і цешчу.

— Як бачыш, — паказваючы пакойчык, казаў знарочыста бадзёра. — Жывём і хлеб жуём. А да хлеба смажаніны і рыжыкаў знойдзем.

Люся ахвотна выняла з-пад ложка трохлітровы слоік, шчыльна напоўнены рыжыкамі.

— Дзе ж гэта такое багацце ўзялі? — пацікавіўся Каўко. — Нябось, далёка куды ездзілі?

Калі яму сказалі, што ў ляску за паўкіламетра адсюль, ажно не паверыў.

— Дык і мяне іншым разам вазьміце, — папрасіў ён. — Усё аддам за рыжыкі.

Люся, калі хлопец адыходзіў, наклала яму невялікі слоічак гэтага смакоцця. Цешча, трошкі яшчэ пабыўшы і расказаўшы такія-сякія навіны, таксама засабіралася дамоў.

— Вы, мама, можа пераначавалі б. У гаспадыні я папрашу раскладушку. Яшчэ пасядзім, пап’ём чаю. А заўтра я вас правяду.

— Не, дачушка, не. Там падсвінак будзе енчыць ад голаду. На вечар я яму замяшала цэлае карытца, але ж ён ужо, мусіць, усё злопаў. Так што паспею на апошні поезд.

Яны правялі яе на трамвай, які ішоў да вакзала, і вярнуліся назад.

— Мама свежаніны нам прывезла, — пахвалілася Люся, дастаючы з плеценай карзіны ладнаваты пакунак. Трэба толькі пасаліць. А солі як на тое можа лыжкі дзве засталося. Няёмка ж прасіць у гаспадыні. Як думаеш?

— Я думаю, што трэба яе пачаставаць, адрэзаць які кавалак, а солі яна дасць колькі хочаш.

— Ты ў мяне самы разумны і самы шчодры, — яна пацалавала яго і пайшла ў сенечкі. Але вярнулася ні з чым.

— Гаспадыні няма дома, — сказала засмучана. — А можа, яшчэ не позна схадзіць у магазін.

— Толькі калі разам. Згода?

Яны хуценька апрануліся і найкарацейшым шляхам выйшлі на праспект.


2


Дачушка з’явілася на свет акурат на Ражство Хрыстова. Даведаўся Вадзім пра гэта днём пазней, калі прыйшоў у рэдакцыю. Яшчэ ў калідоры яго стрэў Генадзь Каўко, які выйшаў з пакоя падыміць. Сказаў:

— Табе званілі з Радава. Толькі ты збег учора, а тут — званок. Я на лесвіцу, але цябе і след прастыў. Карацей, цешча твая прасіла прыехаць.

«Можа з Люсяй што, — устрывожыўся Вадзім. — Інакш сама пазваніла б». Адпрасіўшыся ў рэдактара на суткі (акурат не было тэрміновай рабо­ты), памчаўся на вакзал. Поезда, на шчасце, доўга не давялося чакаць, і ўжо к абеду ён, хвалюючыся, пераступіў парог цешчынай хаты. Вольга Іванаўна была дома, кешкалася на кухні. Убачыла зяця і вельмі абрадавалася.

— Якое шчасце, — сказала хвілінай пазней, калі Вадзім распрануўся і сеў пры печы, прысланіўшыся спінай да гарачых цаглін, — што мы не спазніліся, датупалі да бальніцы. Ты ж бачыў, якія кругом гурбы снегу, якія гурбы панамятала. Дачушка мая такая малайчына. I толькі прыйшлі, толькі паклалі ў радзільнае аддзяленне, як пачаліся роды. Так што з дачушкай цябе, зяцёк. Няня мне сказала, што больш за тры кіло важыць. Вечарам сходзім, можа ж, даведаемся, як яны там.

Вадзім як не скакаў ад радасці. Дачушка, у яго ёсць дачушка! Божа, гэта ж здурнець можна ад такой навіны. Яшчэ заўчора яны з Люсяй гулялі па праспекце, хацелі нават схадзіць у кіно. Аднак жонка ў апошні момант адмовілася ад шпацыравання, сказала, што не лепшым чынам сябе адчувае і што яна паедзе да маці. Ён, свінтус, тады не прыдаў значэння яе словам і працягваў настойваць на сваім.

— Ты разумееш, — ужо злавалася Люся, — што я магу тут жа, на вуліцы, нарадзіць.

Яна пайшла на вакзал, а ён стаяў ля кінатэатра «Цэнтральны», спадзеючыся, што жонка капрызнічае без дайпрычыны і хутка вернецца. I во на табе, маеш. Як цяпер загладзіць віну перад ёю? Прыйшлі ў бальніцу ўжо ў вечаровым сутонні. Мяцеліца, яшчэ з сухім, калючым ветрам, перашкаджала бачыць перад сабой ужо за дзесяць крокаў. «А як жа ёй, беднай, было поцемку ісці адной, ды яшчэ ў такім становішчы?» — мучыла яго сумленне. Ён сцішыў трохі крок, пачакаў Вольгу Іванаўну. Калі яна, цяжка дыхаючы, параўнялася, сказаў:

— Я не ведаю, што купіць для парадзіхі на першым часе. А для дачушкі таксама трэба паўзункі, пялёнкі, распашонкі. Тут жа, відаць, не купіш усяго гэтага?

— Купіш, чаму ж, абы былі грошы. Ведаючы, што ў вас іх кот наплакаў, я трохі пазычыла. Пабагацееце, аддамо. Абы яны здаровенькія былі.

Словы цешчы падбадзёрылі Вадзіма. Вядома ж, не вечна яны будуць пабірацца, лічыць кожную капейчыну. Будзе ж і на іхняй вуліцы свята. Абавязкова будзе. Касцьмі ляжа, а пра сям’ю сваю паклапоціцца як мае быць. Пра ўсё гэта, падыходзячы да бальніцы, ён і расказваў цешчы.

— То дай божа, дзіцятка, каб у вас быў некалі куток свой і ў ім хапала ўсяго самага неабходнага. Што змагу, то і я падсоблю. У мяне ёсць на цяжкі выпадак тое-сёе ў запасе. Яшчэ з мужам нажылі, царства яму нябеснае. Тры царскія залатоўкі зашыла ў сяннік. Прыспічыць, то пойдуць на вас.

Вадзім рашуча запярэчыў:

— Не, хай золата будзе недатыкальнае. Я буду нешта сам думаць.

У бальніцы малую яшчэ не паказалі, а вось Люся, бледная і пахудзелая, у пярэстым халаце выйшла на колькі хвілін у хол. Убачыўшы мужа, абрадавалася і пры маці стрымана пацалавала. «Божа, як жа я вінаваты перад ёю, — зноў упікаў сябе Вадзім. — Любая, харошая мая. Усё зраблю, магчымае і немагчымае, каб ты была шчаслівая».

Доўга ім пасядзець не далі: сястра прыйшла клікаць карміць маленькую.

— Ну, як яна? Як ты? — Вадзім спяшаўся як мага болей даведацца пра самых дарагіх яму людзей.

— У нас усё нармальна, — Люся, пацалаваўшы маці і мужа, пабегла ў палату. Наўздагон Вадзім сказаў, што сёння ж паедзе апошнім поездам у Мінск, бо заўтра з самага ранку прыйдзе карэктура часопіса.

Пакінуўшы цешчы трохі грошай, ён развітаўся і пайшоў на станцыю. Мяцеліца крыху сунялася, аднак злы і калючы вецер не даваў магчымасці дыхнуць на поўныя грудзі.

«Хоць бы грубку гаспадыня яшчэ раз прапаліла, — думаў пра свой катух на Балотнай. — Прыеду, а там халадрыга, да касцей пройме».

Усю дарогу да Мінска абдумваў, з чаго пачаць, да каго кінуцца, каб выклянчыць які цёплы пакой, дзе будуць цёплыя, як у рэдакцыі, батарэі, будзе свая вада, мо нават і гарачая, свая ванная. Згадалася кватэра, у якой, пажаніўшыся, жывуць Рыгор і Паліна. Тады, паўгода назад, на іхнім вяселлі яны з Люсяй падаравалі маладажонам чайны сервіз, які вельмі прыйшоўся Паліне даспадобы. Як госці разышліся, яны ўчатырох пілі з гэтага сервіза чай, Рыгор чытаў вершы з новага свайго зборніка, прысвечанага каханай. Шматлюднага вяселля яны не рабілі, Паліна не захацела, хоць маці яе, салідная жанчына сярэдніх гадоў, нязменны галоўны бухгалтар на гадзіннікавым заводзе, на гэтым настойвала. Яе падтрымліваў і муж, работнік міністэрства прамысловасці. Да зяця яны ставіліся стрымана, але паважна і хацелі на вяселле запрасіць з аднаго і другога боку саслужыўцаў. Аднак дзяўчына заўпарцілася: не і яшчэ раз не. Я іх нікога не ведаю, а ў мяне сваіх сяброў і сябровак хапае. Карацей кажучы, ледзьве не сапсавалі ёй урачыстасць. Дык вось кватэра, у якую адразу прапісалі Рыгора, была на ўзроўні міністэрскай. Тры шыкоўныя пакоі, вялікі, на веласіпедзе можна катацца, калідор, прасторная кухня, ванная, асобны туалет.

— Ты, браце Рыгорка, каб табе не было горка, як буржуй зараз, — сказаў Вадзім сябру, калі яны, пакінуўшы жанчын мыць посуд, выйшлі на балкон праветрыцца. — Раскулачваць пара.

— Дай такім волю, то яны і цябе запяклі б куды трэба. Два патэфоны купіў? Купіў. Касцюм хвацкі справіў? Справіў. За якія шышы? Вось усё галажопікам пакажы і распішы.

Пасмяяліся. «Як ён зараз, Рыгорка? Нешта даўно не наведваўся ў рэдакцыю. Вядома, і ў яго работа не цукар у літаратурнай газеце. Супрацоўнікаў мала, а матэрыялы кожны тыдзень давай і давай. Але ж і зарплата яго не параўнаць з ягонай. Ды і Паліна працуе ў школе настаўніцай. Таксама няблага мае».

Аналізуючы сваё становішча, Вадзім прыйшоў да высновы, што трэба больш настойліва стукацца ў гарсаветаўскія дзверы. Зараз, калі яго нарэшце-такі прапісалі, дзякуючы намаганню рэдактара, ён мае поўнае права станавіцца ў чаргу на жыллё. Але ж гэта чарга расцягнецца на многія гады. А яму трэба сёння, заўтра, трэба мець хоць які цёплы пакойчык. Бываюць жа нейкія і выключэнні. Ён круглы сірата, Люсін бацька, афіцэр, таксама загінуў на вайне. То чаму ім не даць якую паслабку? Пакуль жонка ў бальніцы, ён, заручыўшыся пісьмом з «Вожыка», пойдзе на прыём да галавы горада. Наіўны чалавек! Думаў, яго там чакаюць не дачакаюцца. Такіх гарапашнікаў, як Вадзім Гурко, хоць адбаўляй. Яны гатовы звечара займаць чаргу, каб трапіць на прыём да вялікага начальніка.

Пайшоў да старшыні гарсавета і Вадзім. Выстаяў, грэючыся ў пад’ездзе цэлую ноч, прамёрз, бы цюцік, але ўсё ж трапіў на прыём. Малады, але саліднай камплекцыі мужчына, які сядзеў за масіўным сталом, заваленым паперамі, выслухаў яго, паківаў галавой, але ўсё ж заяву і пісьмо з рэдакцыі ўзяў.

— Абяцаць нічога не абяцаю, але ўсё ж просьбу такога саліднага часопіса не маем права сходу адхіліць. Будзем думаць.

З тым Вадзім і пайшоў. Страшэнна хацелася спаць, кружылася галава. Ды і голад даваў аб сабе знаць. Здэцца, заваліцца б да сябе, перахапіць што ў рот і, накрыўшыся з галавой ватняй коўдрай, легчы ў пасцель. Аднак справа ёсць справа. Па шляху ў рэдакцыю заскочыў у булачную, заказаў і выпіў кубак гарачай моцнай кавы. Трохі пасвятлела ў галаве. На рабоце яшчэ нікога не было, і ён, замкнуўшы дзверы, у крэсле за сталом вырашыў трохі падрамаць. Колькі часу доўжыўся яго сон, не ведае, але абудзіў тэлефонны званок. Пыталіся Генадзя Каўко. Вадзім, адказаўшы на жаночы голас, выйшаў у калідор. Генадзя стрэў каля лесвіцы.

— Нейкі ты сёння змэнчаны? Што з табой? — вітаючыся, папытаў Каўко. — Дзіця не дало спаць?

— Жонка з дзіцем у цешчы. Куды яе забярэш зімою? Тут і сам ледзь трымаешся ад холаду.

— А што, у гаспадыні няма паліва?

— Для сябе, можа, і ёсць, а вось на грубку, якая адным бокам выходзіць да мяне, не хапае. Таму і мерзну.

— Н-да, браце, нічога не параю і нічым не магу падсобіць. Трэба рэдактару расказаць.

Вадзім адмахнуўся:

— У яго і сваіх клопатаў хапае. Я ўжо як-небудзь сам буду рашаць, што рабіць-чыніць.

— Ну, чыні, чыні, — Генадзь пайшоў да сябе, пакінуўшы Вадзіма самнасам з цяжкімі думкамі. Вядома, шкада часопіса, але трэба, мусібыць, з ім развітацца, пашукаць сабе што іншае. Успомніўшы, што ў сельгасгазеце было вакантнае месца стыльрэдактара, вырашыў сёння ж зайсці да адказнага сакратара рэдакцыі і папытаць свайго шчасця. Усё ж сельгасгазета — адзін з органаў друку партыі, і там, напэўна ж, зарплата была б у два, а то і тры разы вышэйшая, і з жыллём якім, можа, лягчэй вырашылі б пытанне.

Хацеў, вярнуўшыся ў пакой, сваімі меркаваннямі падзяліцца з Каўко, але перадумаў: яшчэ ж зусім няпэўна, ці свеціць яму што на новым месцы. А загадзя разбалабоніць аб сваім рашэнні — нашкодзіць сабе.

Прынеслі акурат карэктуру, і Вадзім унурыўся ў вычытку. Да абеду звяраў тэксты з арыгіналам, правіў памылкі (на гэты раз набор быў вельмі кепскі), ставіў пытальнікі, каб пасля з тымі супрацоўнікамі, якія рыхтавалі матэрыял, іх зняць. Звычайная карэктарская праца, якую ён ужо і палюбіў і не змяніў бы ні на якую іншую, каб не абставіны.

Абедаць вырашыў тым, што ўзяў з сабою: парэзанае скрылікамі сала, хлеб і салёны са слоіка агурок. Кіпетню, каб заварыць чай, ён возьме ў сакратаркі Людмілы Іванаўны, якая таксама любіць сталавацца на рабоце.

Падсілкаваўшыся і яшчэ раз праверыўшы праўкі, зняўшы пытанні, здаў карэктуру для далейшай работы. Цяпер ён некалькі дзён вольны, і трэба скарыстацца гэтым момантам, каб падумаць пра сваё. Калі ўсе пайшлі з працы дадому, ён замкнуў свой пакой і спусціўся на першы паверх, дзе месцілася рэдакцыя сельгасгазеты. У твар адказнага сакратара Вадзім ведаў, толькі не меў блізкіх кантактаў, таму, не баючыся памыліцца, смела пастукаўся ў дзверы. Яму адказалі, і Вадзім зайшоў усярэдзіну пакоя не без хвалявання.

— Вы да мяне? — яму насустрач падняўся з крэсла стомлены і нейкі хваравіты мужчына гадоў пяцідзесяці ў строгім касцюме пры гальштуку, з разбэрсанымі валасамі.

— Да вас, Віктар Максімавіч. Я не перашкодзіў? Па асабістым пытанні, — Вадзім відавочна хваляваўся. — Мне патрэбна работа. Цяпер я ў сатырычным часопісе на паўстаўцы карэктара. Але ж, не маючы свайго жылля і калі ў цябе на ўтрыманні жонка і нованароджанае дзіця, з такімі грашыма пражыць немагчыма. Таму і прашуся да вас. Чуў, што ў вас было месца. У стыльрэдактуры.

— Яно і зараз ёсць. Але пакуль што падчытчыка, — Віктар Максімавіч прыязна паглядзеў на Вадзіма. — Вядома, не тое, што вы хацелі б, але не ўсё адразу. Зарплата нашмат большая, чым вашы паўстаўкі. Але ж вы, відаць, пішаце, можаце кампенсаваць недахоп грошай ганарарам. Калі вы згодзіцеся, то возьмем. Сходзім разам да рэдактара. То як?

Трэба было даць станоўчы адказ, але Вадзім, памеркаваўшы, папрасіў дзень-два на роздум. Ён ведаў, што гэта яшчэ больш дадасць яму вагі. На тым і пагадзіліся.

Выйшаўшы на вуліцу, Вадзім надумаў пад’ехаць у Жорнаўку, пабачыць жонку і сваю дарагую малюпаську. Там хоць можна ў цяпле пераначаваць. Пашкадаваў, што грошай у яго мала, а так не шкодзіла б іхняй Ірынцы (так назвалі дачушку) купіць якую бразготку ці хоць маленькую ляльку. З пустымі ж рукамі няёмка ехаць. А тут яшчэ на білет туды-сюды. Вырашыў, што хоць зайцам паедзе, а цацку купіць. Можа ж, кантралёра не будзе і як-небудзь праскочыць. Не заўсёды ж правяраюць.

Каля вакзала як не на апошнія грошы купіў маленькага пушыстага мядзведзіка, які, калі трошкі націснуць на яго пальцамі, выдаваў працяжлівы грозны гук. Задаволены пакупкай, зайшоў у будынак вакзала, пацікавіўся раскладам. Аказваецца, трэба яшчэ больш за гадзіну чакаць. Але ж нічога не зробіш. Ён пашукаў вольнае месца на лаўцы, прымасціўся і прыкархнуў. Напружанне апошніх дзён усё ж дало аб сабе знаць. Прачнуўся, адчуўшы, што нехта лезе да яго ў кішэню паліто. Схапіў за руку і сціснуў, бы абцугамі, запясце. Павярнуў галаву і пазнаў аднаго з тых двух, што абчысцілі некалі няшчасную кабету ў вагоне, калі тая ехала на вяселле дачкі.

— Што, гаўнюк, так і не кінуў свой паганы занятак? — не выпускаючы рукі злодзея са сваёй, ціха, каб не прыцягваць увагі збоку, шапнуў Вадзім. — А дзе ж твой хаўруснік? Ну, той, з кім па вагонах шастаеце, няшчасных кабет абчышчаеце?

— З некім вы мяне блытаеце. Адпусціце руку, я выпадкова дакрануўся да вашага паліто. А вы...

— Замаўчы, брыдота. Доўга цацкацца з табой не буду. Зараз жа здам у міліцыю. Хай высветляць, дзе жывеш і чаго шастаеш па цягніках і вакзалах.

— Клічце, клічце, нічога вы не дакажаце. Я што-небудзь украў у вас? Хай абшукаюць усяго, нічога вашага не знойдуць. А тое, што сядзеў побачкі і дакрануўся выпадкова да вашага паліто, ні пра што не кажа. «Вопытны зладзюга, — падумаў Вадзім. — І праўда, што я дакажу». Абвясцілі пасадку на цягнік, і Вадзіму нічога не заставалася, як адпусціць кішэнніка.

— Убачу яшчэ раз на вакзале, галаву скручу. І зараз шчасце тваё, што спяшаюся на поезд. А так бы.

Ён плюнуў і падаўся да выхада на перон. Уяўляў, з якім смяшком глянуў яму ў спіну гэты вырадак. У вагон усярэдзіну не пайшоў, стаў у тамбуры. На выпадак праверкі скажа, што ўскочыў у апошнюю хвіліну, не паспеўшы купіць білет да Радава. Вядома ж, кантралёры не павераць, будуць патрабаваць аплаціць штраф, а дзе ён возьме тыя грошы. А мо ім паказаць пасведчанне работніка сатырычнага часопіса? А чаго? Гэта ідэя. Не могуць жа не паверыць саліднаму чалавеку, супрацоўніку такога аўтарытэтнага выдання. Вунь, кожны чацвёрты пасажыр у вагоне гартае і чытае гэты часопіс, ад душы абураецца альбо смяецца. Можа, там у каго і ягоная гумарэска. Баяўся ён дарэмна. Да Радава ніякай праверкі не было, і ён з лёгкім сэрцам саскочыў з прыступак і пайшоў у бок Жорнаўкі. Ад хуткай хады разагрэўся, што давялося нават расшпіліць паліто. У цешчынай хаце ярка свяцілася ў зале акно, нават праз фіранку бачна было, як мітусяцца чыесь цені. Ён з’явіўся на парозе, пусціўшы ў кухню клубок халоднай пары. Жонка і Вольга Іванаўна былі, відаць, у зале, бо стуль чуліся галасы, прыглушаныя шчыльна зачыненымі дзвярыма. Вадзім распрануўся, у парозе зняў зімнія туфлі і ў адных шкарпэтках падаўся да ўсіх. Яго не чакалі, таму Люся і абрадавалася, і адначасна ўстрывожылася. Пацалаваўшы мужа, папытала:

— Што-небудзь здарылася? Гэта ж у будні дзень і на ноч гледзячы.

— Усё нармальна, — сказаў ён. — Проста замаркоціўся без вас. І вось я тут. Кінуў-рынуў усё на свеце і бягом у Жорнаўку. Хіба не чакалі?

— Ну што ты, зяцёк. Кожную хвіліну мы думаем пра цябе, ці не галодны часам, ці цёпла ў гаспадыні. Пра каго ж нам яшчэ думаць? Хіба што пра сына ў арміі. Але ён там таксама ў шапку не спіць. Знайшоў там сабе нейкую і хоча жаніцца. Во, сёння атрымала пісьмо, толькі што з дачкой прачыталі.

— А дзе ж Ірынка, крывінка наша? — Вадзіму не цярпелася хутчэй убачыць дачушку.

— Спіць у бакоўцы, — жонка, узяўшы яго за руку, павяла за перагародку, куды праз шчыліны ў дошках трапляла трохі святла. — Нядаўна яе пакупалі, захуталі і паклалі на спінку. Ціхенька падыдзі, паглядзі, якая харошанькая.

Вадзім асцярожна цмокнуў яе ў цёпленькі носік, адчуўшы ні з чым не параўнальную радасць. Павярнуўшыся да жонкі, прытуліўшы да сябе, прашаптаў:

— І праўда засумаваў без вас, мае вы любыя. Ноччу чаго толькі не сніцца...

— У нас усё добра, любы. Ты, відаць, галодны. Мы з мамай перакусілі ўжо. Зараз табе што-небудзь зробім. А калі назад?

— Ну, вядома, заўтра. Хачу з табой параіцца. Удумаў памяняць працу, то як ты на гэта глядзіш. Тут жа зарплата ведаеш якая. А куды хачу — у два з нечым разы большая. Ну, і ганарар там таксама можна такі-сякі мець. Карацей кажучы, тваё апошняе слова.

— Я што, — трохі ўстрывожылася Люся, — куды іголка, туды і нітка. Хіба я разумею што ў гэтым? Але глядзі, не памыліся, каб пасля не кусаць сабе локці.

Вольга Іванаўна паклікала вячэраць, і Вадзім, яшчэ раз плюснуўшы дачушку ў носік, пайшоў на кухню, дзе на патэльні, толькі што знятай з керагаза, дымілася смажаная бульба, а ў талерцы асобна ляжалі скваркі. Люся есці больш не стала, сядзела пры печы, націскала на мядзведзіка і, калі ён выдаваў гукі, цешылася, бы дзіця.

— А што табе заварыць, зяцёк: чай ці каву? — папытала Вольга Іванаўна. — У нас ёсць адно і другое.

— Лепш нанач чаю, бо ад кавы спацца будзе дрэнна. Вы пасядзіце, я сам згатую. Толькі б кіпетню мне. — Вадзім падняўся, пашукаў вачыма заварны чайнік.

Раніцай, прыехаўшы ў Мінск, зайшоў на работу, распрануўся і спусціўся на першы паверх. Віктара Максімавіча на месцы не было, але кабінет ягоны быў расчынены насцеж. Нарэшце ён з’явіўся і запрасіў да сябе. Папытаў:

— То якое будзе рашэнне? Пойдзеце ў нашу газету? Толькі ведайце, што давядзецца пазменна працаваць. Бывае, што і да поўначы.

— Мяне гэта не палохае, — адказаў Вадзім. — Карацей кажучы, я згодзен. Толькі мне трэба дні два, каб на ранейшым месцы падцягнуць усе хвасты.


3


Зіма канчалася, а з жыллём усё было няпэўна. Яшчэ тры разы Вадзім начаваў на вуліцы, пільнаваў чаргу на прыём да старшыні гарвыканкама. Гэтым разам ён вырашыў узяць і жонку з дачкой. У пэўны час яна пад’едзе з маленькай да адкрыцця прыёмнай, зойдуць разам у кабінет і пакажуць чыноўніку сваю крывінку. Няўжо ж яго сэрца не змякчыцца, няўжо ў вялізным горадзе не знойдзецца які вольны пакойчык і для іхняй сям’і? З такой думкай звярнуўся і да жонкі. Яна падтрымала гэту ідэю. Прыехалі разам у Мінск, пераначавалі ў досыць халодным пакойчыку на Балотнай. Звечара Вадзім пайшоў станавіцца ў чаргу, а Люся з дачушкай павінны былі прыехаць к дзевяці гадзінам. Падышла пара заходзіць у кабінет, а жонкі ўсё не было і не было. Ён выбягаў на вуліцу, прапусціў нават наперад адну жанчыну, але больш марудзіць не выпадала. Зайшоў адзін. Старшыня яго ўжо ведаў. Сустрэў пытаннем:

— Пойдзеце на вуліцу Зялёную? Там вызваліўся пакойчык. Гаспадыня пераязджае, то, можа, паспееце яшчэ ўзяць ключ.

Ён назваў нумар дома і кватэры. Як на крылах, Вадзім памчаўся шукаць тую вуліцу. Аднак у каго ні пытаўся, ніхто нічога пэўнага не мог сказаць. Выручыў таксіст. Той без ваганняў сказаў садзіцца і праз дваццаць хвілін прывёз да месца. Вадзім расплаціўся і зайшоў у двор двухпавярховай будыніны з аблезлай атынкоўкай, паламанымі знадворку дзвярыма. Зайшоў у патрэбны пад’езд і ледзьве не задыхнуўся ад смуроду. Каля лесвіцы валяліся горы акуркаў, нейкія недаедкі, парваныя чаравікі, брудныя анучы. Ён выпадкова крануў адну з куч і. адхіснуўся ад жаху. На яго глядзелі вочы велізарнага, з добрага ката, пацука, да якога далучылася яшчэ некалькі мярзотных стварэнняў. Вадзім убачыў на дзвярах таблічку і, упэўнены, што яны не зачынены, таўхануў іх наперад. Ён не памыліўся: усярэдзіне ўжо было пуста. Маленькі, не большы за дамавіну, калідорчык, які вёў на кухню з пядзю велічынёй, збоку — праём у пакойчык, сцены якога былі пакрыты цвіллю, а між вокан зіхцелі дзіркі про­ста на вуліцу. Сцены былі мокрыя, у вялікіх разводах. Гэткая ж і столь. Печка, якая стаяла пры сцяне ў куханьку, таксама была напаўразваленая. «Божа, і гэткае жыллё прапаноўваюць новым гаротнікам. Ды тут жа і сабака не схоча зрабіць сваю патрэбу». Ён плюнуў і, затыкаючы нос, як ашалелы выскачыў на вуліцу. Было крыўдна за згубленую ноч. А яшчэ брала трывога: чаму жонка з дачушкай не прыехалі? Хоць бы што з імі не здарылася.

Хоць трэба было на працу, ён памчаўся на кватэру да гаспадыні. Прыбег задыханы і ўстрывожаны. Люся сустрэла яго з заплаканымі вачыма.

— Дачушка наша захварэла, тэмпература трыццаць дзевяць і тры. Уся ажно гарыць. Што ж гэта рабіць?

Вадзім дакрануўся губамі да яе ручкі і адчуў, як ад яе патыхае жарам.

— Тэрмінова трэба ўрача выклікаць. Пабягу з аўтамата званіць. Заадно і на рабоце скажу, што затрымаюся. Можа ж абыдуцца паўдня?

Хуткая дапамога прыехала праз дзесяць хвілін. Пажылая жанчына ў белым халаце паслухала малую і безапеляцыйна заявіла: запаленне лёгкіх. Збірайцеся і паедзеце разам у дзіцячае аддзяленне.

За ўсё, што здарылася, Вадзім вініў найперш сябе. Навошта было зманьваць жонку з дзіцем з цёплай хаты, ісці пехатой да станцыі, трэсціся ў вагоне, пасля ў трамваі? А прыйшлі на Балотную — там таксама холадна, хоць ваўкоў ганяй. Пакуль трохі прапалілі, збольшага сагрэлі пакой, прайшло нямала часу. А малую ж трэба карміць, мяняць пялёнкі, паўзункі. Вось і падхапіла дзесь прастуду ці вірус. Калі яны паехалі, у яго абарвалася ўсё ўсярэдзіне. У той дзень у яго ўсё валілася з рук. Ледзьве даседзеў да канца рабочага дня. Вечарам зноў надумаў пайсці да гарсавета і стаць у чаргу на прыём. Гэты раз ён выкажа старшыні ўвесь свой гнеў, сваё абурэнне. Як можна гэтак здзекавацца з чалавека, прапаноўваць яму тое, ад чаго любы бадзяга адмовіцца. Раніцай, патуляўшыся цэлую ноч з пад’езда ў пад’езд, грэючыся ля батарэй і час ад часу звяраючы сваю чаргу, ён ужо сядзеў бліз кабінета старшыні і абдумваў, як павесці сябе. Трэба каб і не нагрубіць, але і быць хлопчыкам для біцця так­сама не варта. Трэба выбраць нешта сярэдняе.

Па яго змардаваным выглядзе і калючых вачах старшыня зразумеў, што будзе выбух. Таму, не даючы хлопцу апамятацца, спрактыкаваны чыноўнік адразу агламошыў:

— Дык вам жа выдзелілі двухпакаёвую кватэру ў новым доме. І цяпер што не так?

— Якая двухпакаёўка, які новы дом? Тое, што вы мне прапанавалі паглядзець учора, вартае курам на смех. У мяне бацькі ў магіле перавярнуліся б, каб убачылі гэтае жыллё. А яны ж паклалі галовы ў вайну і за будучыню сваіх дзяцей. Жончын бацька, афіцэр, таксама загінуў на фронце.

— Я ж вам кажу, што вашаму часопісу выдзелена двухпакаёўка. Месца — у цэнтры горада. Недзе праз месяц-паўтара будзе засяленне. Так што з вамі пытанне вырашана.

Вадзім не верыў сваім вушам. Яму — двухпакаёвая раскоша ў цэнтры горада?! Памчаўся на работу, а адтуль падняўся на чацвёрты паверх, дзе месцілася рэдакцыя часопіса. Вядома ж, перш-наперш пастукаўся ў кабінет галоўнага рэдактара.

Той, павітаўшыся, спытаў, як працуецца на новым месцы, ці не ўздумаў вярнуцца назад.

— Пакуль не позна, — сказаў галоўны, — можам узяць. Бо прэтэндэнты ўжо ёсць, і не адзін. Месца не такое ўжо і благое для таго, хто піша. І перспектыва ёсць. «Зубы загаворвае, — падумаў Вадзім. — Ведае ж, відаць, чаго прыйшоў».

— Я толькі што з гарвыканкама, — сказаў Вадзім. — Там сказалі, што мне выдзелена жыллё. Я хачу засведчыць, што я яго дамогся, і яно маё.

Рэдактар адкінуўся на спінку крэсла і гучна засмяяўся.

— Наіўны ты чалавек, Гурко, — сказаў пасля кароткай паўзы. — Во, пакажу табе паперку, што двухпакаёвая кватэра па нашай просьбе выдзяляецца рэдакцыі часопіса. І там ні слова не сказана, што гэта табе. Гэта, па-першае. Па-другое, ты ўжо не наш супрацоўнік, а чужому я аніяк не маю права аддаць. Па-трэцяе, і самае галоўнае, мы выдзелілі гэтую кватэру нашаму загадчыку рэдакцыі, які мае патрэбу ў паляпшэнні жылля. Вось, браток, аргументы, супраць якіх не пойдзеш.

Пракаўтнуўшы горкі камяк, Вадзім пакінуў кабінет. Слёзы засцілі яму вочы, было цяжка дыхаць. Каб ніхто са знаёмых не бачыў яго ў такім стане, выйшаў на вуліцу і падаўся ў бок парку. Тугі перадвясенні вецер забіраўся пад крыссе палітона, студзіў спіну, але ён нічога не чуў і не бачыў перад сабой.

У адным месцы, калі пераходзіў праспект, яго ледзьве не збіла машына. Збялелы, бы палатно, шафёр выскачыў з кабіны, вызверыўся не па-людску:

— Т-т-ты, гаўнюк, куды прэш? Бельмы засляпіла, ці што? Жыць надаела? А мне з-за цябе ў турму? «Якая турма? Што ён пляце?» — падумаў ён, ступіўшы на тратуар. Звярнуў направа, у вароты велізарнейшых памераў, за якімі раскінуўся парк. Вецер гудзеў у вершалінах дрэў, абрываў і ламаў сухія галіны, якія з трэскам падалі долу. У парку, дзякаваць богу, нікога не было, і гэта яго задавальняла. На чыстай ад снегу лаўцы прысеў, абдумваючы сваё становішча. Пошум дрэў і гаючае паветра прывялі яго ў нейкую раўнавагу. Прыйшоў да высновы, што трэба зноў стукацца ў старшынёвы дзверы. Атрымалася ж вельмі пагана. Каб ён яшчэ месяцы тры затрымаўся ў часопісе, то напэўна ж кватэра, калі не гэта, новая, то вызваленая іхнім загадчыкам рэдакцыі дасталася б яму. А цяпер — шышы. Трэба ўсё пачынаць нанава. А ці хопіць у яго сіл? Не, дзеля жонкі, дзеля дачушкі ён пойдзе на ўсё, але даможацца свайго. Жыццё вучыла яго пераадольваць тое, што многім было не па сіле.

Ён хацеў ужо ісці, ды як не пад ногі скокнула аднекуль вавёрачка, за ёй другая. Вадзім працягнуў руку, але, убачыўшы, што яна пустая і пажывіцца тут не выпадзе, абодва звяркі скокнулі на сасну і закружыліся па кроне ў нейкай сваёй гульні. «Во каму жывецца бесклапотна, — падумаў пра рыжых шэльмаў. — Ні пра жыллё, ні пра адзенне не трэба дбаць. Дупляністых дрэў хапае. Звіў сабе гняздзечка і радуйся, гадуй дзетак. А корм — корм заўсёды знойдзецца».

Да пачатку другой змены было яшчэ чатыры гадзіны, і Вадзім вырашыў схадзіць да сябе, зрабіць што папалуднаваць і хоць трохі перакархнуць. Інакш ён не зможа працаваць. А пасля — зноў пойдзе займаць чаргу на прыём да старшыні.


4


Наваселле, як ні цяжка было, рашыў усё ж справіць па-людску. Акрамя супрацоўнікаў газеты, Вадзім рашыў запрасіць і Рыгора з Палінай. Сваіх — Верку і Юзіка, Колю з Лількай, цешчу — ён лічыў само сабой зразумелым іх прысутнасць за стал ом. За тыдні два да наваселля ён з’ездзіў у Галаброды, падзяліўся навіной са сваімі роднымі. Расказаў, колькі поту і слёз каштаваў яму гэты пакой, дзе ёсць усе выгоды, халодная, а калі пагрэць дрывамі, то і гарачая вада. Плюхайся ў ванне колькі душы заўгодна. Ну, само сабой зразумела, туалет, кухня з плітой, хай сабе і на цвёрдым паліве, але ж можна што хочаш прыгатаваць. А самае галоўнае — цёпла, праўда, мо трохі цемнаваты пакой, бо на першым паверсе. Другі, меншы пакойчык выдзелілі жонцы рэабілітаванага пасмяротна пісьменніка Міхася Зарэцкага, творы якога доўгі час былі пад забаронай. Зараз, калі іх выдалі ці дазволілі карыстацца тымі, што выходзілі яшчэ да вайны, многія зачытваліся і здзіўляліся, за што такі магутны талент растапталі нелюдзі з усемагутнага ведамства. Ды каб жа адзін пісьменнік атрымаў пакаранне. Саслалі на катаргу з сям’ёй, маленькімі дачкой і сынам. Як Марыя Іванаўна выжыла з дзецьмі, яна доўгі час не магла нават гаварыць.

У Юзіка з Веркай Вадзім не мог доўга гасцяваць, бо і з работы не адпрасіўся, і трэба было рыхтавацца да ўрачыстасці. Папрасіў адно швагра, каб выгнаў сваёй славутай самагонкі са збожжа. Спіртное было найпершым клопатам. Цешча абяцала што-колечы са свініны падкінуць. Астатняе — вары, смаж. Умовы цяпер дазваляюць. Юзік абяцаў прывезці літраў дзесяць свайго, як ён казаў, «чэмергесу». Палічылі, што гэтага хопіць.

— Толькі, — пачухаў патыліцу швагер, — як давезці? У бутэльках, то ў мяне няма гэтулькі посуду. Дый праверыць могуць. Цяпер жа вельмі строга.

Падказала выйсце Верка:

— А мы нальём у грэлкі. У мяне дзве ё. Яшчэ тры пазычу. Абвяжашся кругом цела. Во будуць грэць.

Усе засмяяліся, але ідэя гэта прыйшлася даспадобы.

Яшчэ за суткі да прызначанага дня Люся не выходзіла з кухні. Пакарміўшы дачку і паклаўшы яе спаць, абдумвала, як размясціць гасцей, падлічвала відэльцы, нажы, посуд. Усяго гэтага вельмі не хапала, яна ламала галаву, дзе ўсё дастаць. Купіць — дорага, пазычыць, то яна нікога тут не ведае. Добра ж, калі Марыя Іванаўна пад’едзе з вёскі пад Мінскам, дзе прыдбала невялічкую хатку, і выручыць. На ўсякі выпадак папрасіла мужа даць тэлеграму маці, а тая ўжо ў дошку разаб’ецца, а знойдзе патрэбнае.

У прызначаны дзень Люся на керагазе пякла, смажыла, а Вадзім майстраваў доўгі стол, пры ім — лаўкі. Дошак ноччу нацягаў з недалёкай адсюль будоўлі. Першай прыехала цешча, прывезла цэлую карзіну правіянту: падсолены і падсушаны свіны кумпяк, ужо звараных буракоў, з якіх зробяць вінегрэт, у місах — квашаная капуста і салёныя гуркі, у слоічку — цёрты на тарцы хрэн. У дадатак да ўсяго вылажыла на стол цэлы стосік відэльцаў і некалькі самаробных нажоў. Перш-наперш кінулася да ўнучачкі, але, паколькі тая яшчэ соладка спала, пачала памагаць дачцэ. Усё не магла нарадавацца пакоем, на чым свет хваліла зяця, што той дамогся такой раскошы.

Хваляваліся за Юзіка (Верка адразу сказала, што прыехаць не можа з-за малой). Час падпіраў, а яго ўсё не было і не было. Вадзім тады, як быў у Галабродах, падрабязна расказаў, якім транспартам да яго ехаць. Назваў прыпынак, нумар дома і кватэры. Цяпер браў одум: хаця б не заблудзіўся. Не будучы ў Мінску, у гэтым людскім мурашніку не цяжка разгубіцца, паехаць не ў той бок. Ён ужо дакараў сябе, што не сустрэў швагра на вакзале.

Вадзім выйшаў на прыпынак аўтобуса, які быў акурат насупраць іхняга дома. Чакаў, хвалюючыся, доўга, пакуль не паклікала яго Люся.

— Ідзі дамоў. Юзік ужо тут. Як гэта вы размінуліся?

Ужо ў кватэры высветлілася, што швагер не дачуў назвы прыпынку і праехаў далей цэлы квартал. Давялося, прыглядваючыся да нумарацыі дамоў, ісці назад, шукаць патрэбны. Спіртное Юзік прывёз, як і дамаўляліся, у грэлках. Зараз трэба знайсці чыстыя бутэлькі і хоць з адной грэлкі разліць у іх, паставіць на стол.

Рыгор з Палінай, якія з’явіліся неўзабаве, прынеслі з сабой каньяк, шампанскае, тры кольцы кракаўскай каўбасы. А Люсі і яе маці — па каробцы цукерак. А яшчэ яны купілі ў якасці падарунка набор пасцельнай бялізны. Паліна, як змеціў Вадзім, пакруглела ў таліі — відаць, да родаў таксама засталося нядоўга.

— Віншую, — шапнуў сябру Вадзім, калі яны засталіся на хвіліну ўдвух.

— З чым? — той выказаў непадробнае здзіўленне. — Гэта ж цябе мы віншуем.

— Не прытварайся. Думаеш, я сляпы, не бачу. Хутка і ў цябе будзе папаўненне ў сям’і.

Падышла Паліна, пацікавілася, як працуецца, як гадуецца дачушка.

— А во, пайдзі паглядзі. Там, пры акне, яе калыска. Нешта дужа моцна спіць у новай хаце.

Паліна, а за ёю Рыгор на дыбачках падышлі да калыскі, залюбаваліся малой, якая пачала ўжо цмокаць роцікам, відаць, абуджаючыся і чакаючы яды. Вадзім паклікаў жонку, а яны ўтраіх выйшлі на пляцоўку, каб не церціся пад нагамі, заадно падзяліцца навінамі. Але ім не далі пагаварыць. Пад’ехаў да саменькага пад’езда аўтобусік, і з яго пачалі вывальвацца, як змеціў праз шкляныя дзверы Вадзім, яго саслужыўцы. Ажно дзевяць чалавек. З аўтобусіка яны цягнулі штось цяжкае, здэцца, канапу. Вадзім, не марудзячы, падбег, паздароўкаўся і памкнуўся памагчы. Але яго адхілілі, смеючыся, сказалі, што ён яшчэ слабак для такога цяжару. Абнову ўносілі чатыры чалавекі. Вадзім адно расчыняў і трымаў дзверы. Канапу паставілі ў прыхожай — акурат пры сценцы ёй было добрае месца. Пагаманіўшы, а хто і пакурыўшы на лесвічнай пляцоўцы, селі за доўгі стол, якога акурат хапіла для ўсіх.

Першы з тостам падняўся намеснік галоўнага рэдактара Сыркоў Валерый Мікалаевіч.

— Сябры, — сказаў ён, звяртаючыся да ўсіх прысутных. — Сёння ў нашага супрацоўніка і яго найчароўнай палавіны надзвычай радасны дзень — яны святкуюць наваселле. Кожны з нас перажыў гэтую падзею і ведае, што гэта такое — займець свой куток, дзе ёсць месца прыхіліць галаву, пазбыцца жыццёвых нягод, зведаць асалоду сямейнага ачага. Мы добра ведаем, якой цаной далося Вадзіму Гурко гэтае жыллё. Колькі начэй ён не спаў, стаяў у чэргах да чынавенства, адваёўваючы сваё права на шчасце. І ён дамогся свайго. Нягоды не зламалі гэтага здольнага чалавека. Ад імя ўсяго калектыву рэдакцыі, у тым ліку і галоўнага рэдактара, віншуем сям’ю Гурко з наваселлем і зычым ім дабра і яшчэ папаўнення. Са свайго боку наш падарунак вы бачылі, а ў дадатак рэдактар прасіў перадаць вось гэты канверт, змесціва якога хоць трохі кампенсуе выдаткі сям’і на такі багаты стол. «Ну і гаварун, — аж няёмка стала Вадзіму. — Можна падумаць, што я там шышка важная. А што перажыў, то чыстая праўда». Выпілі, закусілі. Да гарэлкі самаробнай спачатку паставіліся з недаверам, а як паспрабавалі, то не схацелі нават каньяку. Спыталі, чыя гарэлка, і тут ужо настала чарга Юзіку пахваліцца сваім умельствам. Яму нават пасыпаліся заказы, а швагер сказаў, што зараз няма ні жыта, ні мукі. А як будзе, то абавязкова зробіць, за ім справа не стане.

Гарэлка так прыйшлася даспадобы, што Вадзім пачаў перажываць, хаця б хапіла. Праўда, у выніку няхваткі блізка магазін і яму нядоўга падскочыць і купіць яшчэ колькі бутэлек. Пра закусь ні ён, ні Люся не турбаваліся — у талеркі было яшчэ што пакласці.

Калі зрабілі перапынак на перакур і ўсе выйшлі на пляцоўку, Люся шапнула Вадзіму:

— Ну і выпівохі там у вас. Добра, што Юзік яшчэ адну грэлку прывёз, але пакуль што не паказваў. Трэба ў пустыя бутэлькі разліць. Хай п’юць, думаю, усе будуць давольныя.

Гулі да позняга вечара. Юзік, праўда, паехаў рана. Вадзім праводзіў яго да аўтобуса, падзякаваў за ўсё. Яшчэ да гэтага пайшлі Рыгор з Палінай, бо Паліне штось не здаровілася. Вольга Іванаўна таксама была засабіралася ехаць дадому, але Люся напрамілы бог угаварыла яе застацца нанач.

— Во, новую канапу асвоіце, — казала яна маці. Рэдакцыйныя ўсё яшчэ пілі, спявалі песні, расказвалі анекдоты. Вадзім, акрамя як праводзіць Юзіка, не адлучаўся ад іх ні на хвіліну. Трэба ж было падтрымліваць кампанію, сачыць, каму чаго не стае. Маленькая Ірынка нікому не перашкаджала. Надвячоркам Люся як пакарміла яе, то і спала на кухні, не прачынаючыся.

Нарэшце, добра пабаляваўшы, усталі з-за стала і астатнія, пачалі збірацца дадому. Калі кватэра апусцела, Люся села на канапу, не ў сілах больш пашавяліцца.

— Пасядзі, дачушка, а то і падрамі, — паспачувала ёй цешча. — А мы з Вадзімам прымем посуд, памыем. Не, я адна памыю, а ён хай разбірае сталы, выносіць на сметнік дошкі.

Кешкаліся яшчэ гадзіны дзве, покуль прывялі ўсё ў парадак. Гэту ноч спалі як забітыя.


5


Хоць жыццё ўвайшло ў нейкую норму, аднак яно ані не задавальняла Вадзіма. Трэба было пісаць, а часу на творчасць не хапала. Пасля другой змены, якая часам зацягвалася да раніцы, было ўжо не да свайго. Прымасціўшыся на ложку побач з жонкай, ён адразу засынаў, не чуў нават, як плакала дзіця, калі Люся ўставала да малой, калі рыхтавала для абаіх сняданак і абед. Толькі пасля дванаццаці ўставаў вялы і разбіты, акурат цягаў мяшкі з пяском. Еў таксама з неахвотай. Усё больш шкадаваў, што пакінуў часопіс, дзе часу вольнага было хоць адбаўляй. Каб жа ведаў ён тады, як будзе з кватэрай, то нізавошта не звольніўся б. Яно можна і тут, у газеце, працаваць, але рэдактар, горкі п’яніца і бабнік, якіх свет не бачыў, трымаў увесь сакратарыят без спра­вы, пакуль сам не паедзе. Да яго позна ўвечары заходзілі нейкія людзі, замыкаўся ў кабінеце, і што яны там рабілі, аднаму чорту вядома. Не саромеўся ён і сваіх машыністак выклікаць да сябе. Гэта было ненармальна, выклікала ціхае абурэнне. Паспрабаваў быў пагаварыць з шэфам Віктар Максімавіч. Усё ж адказны сакратар, і настрой сваіх падначаленых быў для яго не абыякавы. Аднак праз тыдзень загадам галоўнага ён быў пераведзены ў радавыя літсупрацоўнікі. Вось тады і надумаў Вадзім шукаць іншую працу.

Акурат падвярнуўся выпадак. Аднойчы яму сказалі, што па радыё чыталі гумарэску як дзве кропелькі вады падобную на тую, што летась ён друкаваў у сатырычным часопісе. Вадзім, выбраўшы вольную хвіліну, паехаў у радыёкамітэт на Рэвалюцыйную. Узяў свой экзэмпляр часопіса і зайшоў у літрэдакцыю. Сустрэў там свайго аднакашніка па ўніверсітэце Вацлава Занько. Той пагартаў матэрыялы «сатырычнага акна» (так называлася рубрыка сатыры і гумару) і сапраўды знайшоў Вадзімаву гумарэску пад чужым прозвішчам.

— Н-да, дзялы, — пачухаў патыліцу Вацлаў. — Выходзіць, і ў нас завяліся плагіятары. Ну, і што зараз будзем рабіць? А ты, аднак, папулярны. Цябе чытаюць і перапісваюць. Не кожны гэтым можа пахваліцца. Так што віншую. Карацей, я схаджу, а то, можа, і разам да старшыні камітэта. Хай парадзіць, як у такім выпадку быць. У суд жа не падасі, а вось прапясочыць нягодніка нейкім чынам варта. Прамаўчы, то ён яшчэ куды пашле не сваё, падставіць рэдакцыю.

Ісці да начальства Вадзім адмовіўся, і хлопец сам узяўся разблытаць гэты вузел. Праз колькі хвілін вярнуўся і сказаў, што да старшыні пакуль не прабіцца, зойдзе пасля.

— Добра, я патэлефаную, — Вадзім запісаў нумар Занько. Той раптам ні з таго ні з сяго прапанаваў:

— У нас тут у рэдакцыі пісьмаў ёсць вакантнае месца. Работа адказная, але вартая таго. Будуць камандзіроўкі па рэспубліцы, сустрэчы з цікавымі людзьмі. Так што падумай, але нядоўга. Такія вакансіі доўга не пустуюць.

Вадзім сказаў, што прыйдзе заўтра, а ён, Вацлаў, няхай, калі зможа, закіне перад начальствам патрэбнае слова. Гэты раз матэрыялаў у газету было мала, і яны ўжо з дзевяці білі лынды, не ведаючы, куды сябе дзець. Вадзім дык перачытаў, узяўшы з сакратарыята, усе свежыя газеты і цяпер, бліжэй к дзесяці, чакаў каманды разысціся па дамах. Але такой каманды не было і не было. Яшчэ не з’явіўся шэф, а без яго ніхто не асмеліўся б адпусціць дадому патрэбных людзей. У «Правде» Вадзім вычытаў, што рыхтуецца пленум ЦК КПСС па ўздыме сельскай гаспадаркі, і на ім з дакладам выступіць першы сакратар Мікіта Сяргеевіч Хрушчоў. «Во тады ўжо будуць начныя «бдения», — падумаў з жахам. — Добра было б да гэтага часу перайсці на новае месца».

Галоўны рэдактар з’явіўся толькі пад поўнач і запатрабаваў да сябе машыністку Бэлу. «Ну, цяпер да раніцы не бачыць нам падушкі». Брала злосць на такія парадкі і хацелася — ат, што будзе, тое будзе — кінуць-рынуць усё і бразнуць дзвярыма. Але ўзяў одум: калі пераходзіць на іншую працу, то з падачы галоўнага могуць напісаць такую характарыстыку, што пасля нікуды не ткнеш носа. Таму, змірыўшыся, ён зайшоў у пусты кабінет і пачаў абдумваць новае апавяданне, звязанае з яго начнымі паходамі ў гарсавет. І толькі ў тры ночы іх нарэшце адпусцілі дадому. Гэты раз не было машыны развезці людзей, і давялося доўга галасаваць на праспекце, каб злавіць таксі. Нарэшце пашанцавала, і ўжо праз дваццаць хвілін Вадзім быў у сваёй кватэры. Жонка і дзіця спалі, і ён на дыбачках пацёгся ў кухню, каб чаго перахапіць. Люся, аднак, прачнулася, глянула на гадзіннік і жахнулася: было каля чатырох раніцы.

— Бедненькі мой, харошы, — яна прыціснулася да яго і пацалавала. — Няўжо ж гэтулькі работы ў вас, каб усю ноч трымаць?

— Дурнота, а не праца, — Вадзім, жуючы кавалак каўбасы, расказаў, як хадзіў у радыёкамітэт і што там яму прапанавалі.

— Дык гэта ж было б здорава! — няголасна ўсклікнула, каб не разбудзіць малую, жонка. — Хоць бы, як усе добрыя людзі, своечасова прыходзіў дадому.

Загрузка...