— Ну, пры нашай прафесіі могуць быць любыя затрымкі, — запярэчыў ён. — Гэта на заводзе скончылася змена, і ўсе валам хлынулі на прахадную, а там, куды надумаў, могуць быць камандзіроўкі, розныя іншыя мерапрыемствы.
— І ўсё ж гэта лепей, чым сённяшняе тваё становішча.
— Я вельмі рады, што ты адабраеш мой выбар. Ты ў мяне разумніца. Заўтра ж пайду, паспрабую свайго шчасця.
Начных змен не было, і Вадзім, аналізуючы пісьмы (а іх прыходзіла вельмі шмат, асабліва заявак на тую ці іншую песню альбо на радыёпастаноўку), ужо на першым часе зрабіў некалькі абагульняючых аглядаў, якія выклікалі добры водгук з боку начальства. Работа яму падабалася, і ён з галавою акунуўся ў яе. Многае з недаробленага браў дадому і вечарам, калі родныя яму людзі спалі, на кухні пісаў, крэсліў, шукаў розныя варыянты падачы матэрыялу.
Неяк яго зацікавіла адно пісьмо, у якім жанчына апісвала сваё жыццё без усялякіх упрыгожанняў, жыццё суровае і праўдзівае. У ім, тым пісьме, расказвала пра калектывізацыю, пра раскулачванне, як вясковая галота захапіла ўладу і зжывала са свету самых лепшых і працавітых. Пад гэты прэс трапіла і аўтарка пісьма. Яна прасіла карэспандэнта радыё прыехаць у іхнюю вёску, яна раскажа такія жахлівыя гісторыі са свайго нядаўняга мінулага, якія і ў страшным сне не сасніш. А яшчэ раскажа, чым абярнулася для сялян тая гвалтоўная калектывізацыя, якая і сёння бокам выходзіць.
Пісьмо Вадзім, папрасіўшыся на прыём, рашыў паказаць старшыні радыёкамітэта, параіцца, як быць, ці можна з яго зрабіць якую перадачу.
Пісьмо начальства таксама зацікавіла, старшыня без ваганняў сказаў:
— Выпісвай камандзіроўку, бяры магнітафон і запішы на плёнку ўсё, пра што раскажа жанчына. Асабліва ўедліва распытай пра сённяшнія парадкі ў іхнім калгасе. Цяпер, напярэдадні пленума партыі, якая заклікае да выяўлення і бічавання адмоўных момантаў у жыцці грамадства, такія матэрыялы будуць вельмі дарэчы. Толькі не забывай праверыць кожны адмоўны факт. Інакш лыжка дзёгцю можа сапсаваць бочку мёду. Дзейнічай.
Старшыня падняўся з-за стала і падаў руку.
Акрылены, Вадзім памчаўся ў прыёмную выпісваць камандзіроўку, а пасля ў бухгалтэрыю атрымаць аванс. Паездка, ведаў Вадзім, будзе з нялёгкіх. Па-першае, далёка, у адзін з куткоў Палесся, па-другое, там яшчэ не сышла вада пасля дружнага снегатаяння, і дарогі, пэўна ж, раскіслыя, па якіх не прайсці, не праехаць. Як апрануцца ў такім выпадку, што абуць на ногі, дзе знайсці начлег? Калі ў той жанчыны, аўтаркі пісьма, то калгаснае начальства зжыве яе пасля са свету. Прасіцца ж да каго чужога ці выпадзе, бо людзі вельмі насцярожана ставяцца да прыезджых. Давядзецца ісці да старшыні сельсавета і прасіць прытулку.
За камандзіровачныя Вадзім набыў заплечнік, на складзе ў камітэце пад распіску атрымаў апаратуру для запісу, якая важыла мо кіло з дзесяць, купіў на ўсякі выпадак гумовікі, такога-сякога правіянту, бо, ведаў ад бывалых людзей, у дарозе, ды ў такой глушэчы, можна і скарынкі хлеба не знайсці. Заставалася толькі набыць білет. Вырашыў, што паедзе начным поездам да Пінска, а там, ужо раніцай, аўтобусам ці спадарожнай машынай будзе дабірацца ў гэты балотны край.
Ведаў бы ён, чым абернецца для яго тая паездка, нізавошта не паехаў бы. Да Пінска цягніком усё было нармальна. Прыехаў, у вакзале ў буфеце выпіў кавы з бутэрбродам і пайшоў шукаць аўтобусную станцыю. Глянуў на расклад руху аўтобусаў у напрамку да патрэбнай вёскі і засмуціўся: транспарт у тым накірунку меўся быць толькі пасля абеду. А куды дзецца цяпер, як змарнаваць вольны час? Пацёршыся між людзей, дазнаўся, што на малаказавод зранку прывозяць поўныя бідоны малака. Можа, і з гэтага калгаса хто будзе. Трэба толькі папытацца.
На малаказавод сапраўды пад’язджала нямала машын, да кабінкі запырсканых гразюкаю. Шафёры ў чарзе да сепаратараў стаялі групкамі, на чым свет клялі дарогу, курылі і брыдка мацюгаліся. Вадзім падышоў да адной з такіх групак і папытаўся, як даехаць да Ракаўшчыны.
— А ты хто такі будзеш? — змераў яго з ног да галавы блатнога выгляду дзяцюк у залатаных керзавых ботах, з адвіслай губой, на якой, як прыклееная, тырчала самакрутка.
Вадзім сказаў, што едзе па справе, што сам з Мінска і яму да абеду абавязкова трэба быць у Ракаўшчыне.
— З самой Ракаўшчыны машыны сёння не будзе, а вось блізка, за кіламетры тры ад яе, магу падкінуць. Толькі трэба пачакаць, — дзяцюк сплюнуў самакрутку і паклікаў паказаць сваю машыну.
Нейкая інтуіцыя падказвала Вадзіму не садзіцца да гэтага чалавека, ад якога да таго ж патыхала самагонным перагарам. Аднак не паслухаўся голасу свайго сэрца, аб чым пасля вельмі шкадаваў. Спачатку ехалі неблагой пясчанай дарогай, праўда, у частых выбоінах, пасля з гравійкі звярнулі яшчэ на адну, вузейшую, якая неўзабаве перайшла ў лясную. Шафёр, клюючы носам, не зважаў, куды і як едзе, трапляў у велізарнейшыя лужыны па самае днішча машыны. Яна натужна раўла, але ўсё ж неяк выцягвала на сушэйшае. Нарэшце лес скончыўся, пайшоў маладняк — бярозы, асіны, ядлоўцавыя кусты. Стала больш святла і прастору. Паказаліся першыя хаты якойсьці вёскі пад саламянымі стрэхамі. Вадзім глянуў на ўсё яшчэ асалавелага вадзілу, папытаўся, як называецца гэта селішча. Той штось буркнуў і працягваў руліць далей. Праехалі з кіламетр, а п’яны шафёр зацята маўчаў.
— Нарэшце ты скажаш, дзе мы і калі спынімся? — у Вадзіма ўжо лопнула цярпенне гуляць у гэтую маўчанку.
— Дазнаешся, пачакай, — нешта злавеснае прагучала ў голасе дзецюка.
Праз некалькі хат спыніліся. Вадзім памкнуўся ступіць на зямлю, размяць ногі, але дзяцюк, ухмыляючыся, загадаў пасядзець, бо зараз паедуць далей. Ён шуснуў у двор прыземістай, урослай у зямлю хаціны, пастукаў у шыбку маленькага акенца. На ганак, як згледзеў Вадзім, ледзьве не на карачках вылез лахматы мужык магутнага росту і целаскладу. Абодва, пашаптаўшыся, падышлі да кабіны і, нічога не кажучы, груба вывалаклі Вадзіма з машыны. Адабралі заплечнік і, піхаючы ў спіну, павялі ў двор.
— Вы што сабе дазваляеце?! — уз’юшыўся Вадзім. — Я буду скардзіцца. Вось дабяруся да Ракаўшчыны, адтуль пазваню ў міліцыю. Вы хоць ведаеце, хто я?
— Ведаем, ведаем, — ухмыльнуўся вадзіла. — На рыле ўсё напісана. За цябе, гад, шпік амерыканскі, будзь здароў якую прэмію адбахаюць. Зараз праверым, што ты там за плячыма носіш. Ага, вось яна, апаратура нейкая. Панятненька. Прохар, давай яго ў склеп. І на замок, каб сядзеў як мыш пад венікам.
Звязаўшы Вадзіму рукі моцнай вяроўкай, піхнулі яго ў халоднае і сырое скляпенне, скрозь прапахлае гніллю, мышыным памётам, дзесьці разлітым дзёгцем. Знадворку, чутно было, замкнулі. Седзячы ў смуродзе, у поўным змроку, Вадзім усё яшчэ ніяк не верыў таму, што адбылося. Думалася, што гэта жарты, зараз выпусцяць, пасмяюцца разам і паедуць далей. Аднак час ішоў, а руху знадворку ні было ніякага. Яго пачалі прабіраць дрыжыкі, а звязаныя ззаду рукі аддавалі ныючым болем. Злаўчыўшыся, на ледзяных цэментных прыступках і павярнуўшыся задам, ён спрабаваў нагой выбіць дзверы, але, колькі ні грукаў, яны ані не паддаваліся. Тады ён пачаў крычаць, каб кінулі гэтую гульню ў шпіёнаманію і хутчэй клікалі каго з начальства.
Яго пачулі з вуліцы, і хутка ля склепа стоўпіліся цікаўныя. Хлапечы голас казаў некаму:
— Гля, Барыс наш хоць і п’янчужка, а шпіёна сцапаў голымі рукамі. Ну, цяперака пра яго напішуць. Можа, нават і грошай адваляць нямала. Гэта ж трэба. А дзе ён сам? Машына стаіць з расчыненымі насцеж дзвярыма. І ключы тырчаць.
— Дзе, дзе, — гэта ўжо другі голас, падобны на дзявочы, — жлукцяць у хаце. Абое рабое.
Вадзім, чуючы гэта, хацеў папрасіць каго з дзяцей збегаць, паклікаць дарослых, каб тыя ўмяшаліся і спынілі гвалт над чужым чалавекам. Аднак на ганак выйшаў, відаць, гаспадар хаты, накрычаў на малых, і тыя пырснулі хто куды.
— Адчыніце, чуеце, — карыстаючыся момантам, штомоцы закрычаў Вадзім. — Я карэспандэнт, прыехаў пісаць пра калгас, а вы мяне за некага прынялі.
Аднак адчайны яго голас разбіўся аб сцяну глухога маўчання. Цягнуліся доўгія гадзіны, а ніхто ў двары не з’яўляўся. Вадзім зноў пачаў грукаць нагамі ў дзверы, ды так, што знекуль зверху пасыпалася за каршэнь атынкоўка.
Нарэшце заскрыпеў у замку ключ, і той лахматы вадзіла стаў перад Вадзімам ва ўвесь рост. Ад яго, як з віннай бочкі, несла перагарам.
— Ты, падла, чо? Хочаш, каб па кумпале вось гэтым прэнтам заехаў? Сядзі да раніцы і не вякай. Яшчэ пагрукай мне, то ногі звяжу, а ў рот кляп засуну. Будзеш ведаць, варожына, як гадзіць савецкай уласці. — Ён зноў пайшоў, відаць, квасіць, а ў Вадзіма ўжо абарвалася сэрца. Як выйсці з гэтай тупіковай сітуацыі, ён не ведаў. Вядома ж, каб прыехалі хто з міліцыі ці сельсавета, то разабраліся б. Ён паказаў бы сваё пасведчанне карэспандэнта радыё, камандзіровачны бланк з пячаткай, і яго неадкладна выпусцілі б на волю. Але ж ніхто не едзе. Можа, тыя два п’янчугі заснулі ці захлынуліся ў віне? Што тады? Ён жа ноч тут не працягне. Хацелася піць, есці, ды і ад холаду здранцвела ўсё цела. Божа, якое ж беспрасвецце, якая дзікая глухамань! А вінаваты хто? Тая ж улада. Дзесяцігоддзі ўбівалі людзям у голаў, што кругом нас ворагі, шкоднікі, а з пачаткам халоднай вайны — і шпіёны, якіх плоймамі засылаюць на нашу тэрыторыю, каб выведваць сакрэты, ганьбіць наш лад. А цёмны люд лёгка паддаецца прапагандзе. Дзе ж шукаць выйсце? Трэба, відаць, зноў крычаць, зноў грукаць. Добра ж, калі тыя, што ў хаце, паснулі. А то раптам гэты бамбіза здзейсніць сваю пагрозу. Разаб’е галаву. І так па-дурному разаб’ецца яго жытка. Ну, ваяваў бы, пагнаўся б за якімі бандытамі і загінуў ад варожай кулі, то, можа, была б якая і павага. А гэта ж нейкая дурнота, пра якую нікому і не раскажаш. Двое з адпітымі мазгамі п’яніц затрымліваюць карэспандэнта і кідаюць яго ў халоднае цёмнае сутарэнне. А Люся ж заўтра к вечару будзе чакаць яго дома. А тут прапаў чалавек, як і не было яго. Калі пачуў на вуліцы рып калёс, не выцерпеў, на ўсе лёгкія закрычаў:
— Па-а-а-мажыце!
Нехта тпрыкнуў каню, прыслухаўся. Вадзім паўтарыў свой крык. Чалавечыя крокі наблізіліся да склепа, сцішыліся.
— Хто там? — пачуўся мужчынскі голас.
Вадзім, прыльнуўшы тварам да дзвярэй, расказаў, што ён работнік беларускага радыё, прыехаў на малакавозе ў мясцовы калгас, а яго шафёр з дружком, гаспадаром гэтага дома, упіхнуў сюды нібыта як злоўленага імі шпіёна.
— Пачакайце, — азваўся голас. — Мне акурат трэба ў кантору калгаса, то там скажу каму. А з гэтымі ваяваць дарэмная справа. Яны апошнія п’янтосы і бандзюкі.
Чалавек, чуваць было, паехаў. «Хоць бы тыя не пачулі? — палохаўся Вадзім. — А то перахаваюць да каго іншага, тады справы будуць зусім дрэнь. Ад гэткіх паганцаў чаго заўгодна можна чакаць». Вадзім, сціснуўшы нервы ў кулак, чакаў якое развязкі. Мінула яшчэ, пэўна, з гадзіну, а руху ні ў двары, ні на вуліцы не было. «Няўжо той дзядзька з іх кагорты? — трывожыла думка. Але ж, бач, спыніўся быў, падышоў». Нарэшце каля хаты рэзка затармазіла якаясь машына, па гуле матора чуваць было, што не грузавая.
— Ну, пакажы, дзе палонны? У склепе? — голас, яўна начальніцкі, абнадзеіў Вадзіма.
— Тут я, тут, таварыш. Не ведаю, хто вы па пасадзе, але выручайце. Хутка ў гэтым смуродзе задыхнуся. А яшчэ рукі звязаныя.
Пачалася валтузня з замком, які, аказваецца, быў толькі для відавоку накінуты на прабой. Дзверы расчыніліся, але ў поцемках Вадзім не адразу згледзеў сваіх збавіцеляў. Нарэшце ўшчыльную да яго падышоў рослы мужчына, прадставіўся:
— Старшыня сельсавета Сазонаў. А вы хто? Якая нячыстая заперла вас сюды?
Вадзім расказаў, як сеў у машыну малакавоза, як п’яны вадзіцель прыняў яго за шпіёна і разам з гаспадаром вось гэтага дома, — кіўнуў на самотную хацінку, — гвалтам завалаклі яго сюды, увапхнулі ў скляпенне.
— Ай дык боўдзілы! Зараз жа я іх пастаўлю на ногі, калі дрыхнуць, — абурыўся сельсаветчык. — Зрэшты, а дакументы ў вас маюцца? Пакажыце.
З ніжняй кішэнькі пінжака Вадзім выцяг пашпарт, камандзіровачнае пасведчанне.
— Пойдзем да машыны, — сказаў старшыня. — Там у мяне ліхтарык.
Пасвяціўшы, прачытаў і за галаву схапіўся:
— Цяпер жа нас на ўвесь свет абняславіце.
Вадзім супакоіў:
— Завязіце мяне куды трэба, а з гэтымі гаўрыкамі пасля разберацеся. А я са свайго боку нікому нічога не скажу, бо і з мяне пасмяюцца, хоць тут не да смеху было.
Ужо праз паўгадзіны яго даставілі ў сельсавет.
— Дзе ж вам пераначаваць? — азадачыўся Сазонаў. — Гасцініцы, як вы ведаеце, у нас няма. А трапіць абы да каго. Вось што — я паспрабую дамовіцца з адным настаўнікам, ён тут праз дзве хаты жыве. Чалавек прыстойны, гасцінны. У восьмых класах у Ракаўшчыне вядзе літаратуру, беларускую і рускую. Вам будзе з ім пра што пагаварыць. Пра аўтарку пісьма Вадзім пакуль што не заікнуўся.
6
Паездка, хоць і з прыгодамі, дала яму шмат. Вярнуўся дадому стомлены, разбіты, але поўны ўражанняў. Свет, які акаляў яго, быў недастатковы для пазнання многіх праяў жыцця, пра якія Вадзім не мог нават і падумаць. Аўтарка пісьма, жанчына немаладога веку, з якой ён сустрэўся на другі дзень у Ракаўшчыне, расказала гэтулькі, што матэрыялу хапіла б на добры раман. Вадзім ужо нямала чытаў, асабліва ў рускіх часопісах, успамінаў былых вязняў канцлагераў. На касцях лепшых людзей узводзіліся паселішчы, будаваліся водаканалы, заводы, гідраэлектрастанцыі. Рыгор расказваў пра сваіх бацькоў, але тады не так успрымалася трагедыя людзей, якія трапілі ў лапы нкусаўцаў. А тут жанчына без адзінай слязінкі (слёзы, відаць, даўно ўсе выплакала) размотвала нітку свайго жыцця, ад чаго, слухаючы, міжволі сціскаліся кулакі.
Яе аповед Вадзім старанна запісваў на магнітную стужку. Ужо ў сябе дома, калі паклалі малую спаць і самі павячэралі, ён уключыў магнітафон, каб паслухаць, што ў яго атрымалася. Люся ажно охала ды ахала, чуючы чужую споведзь. Запіс быў някепскі, але, ён добра ведаў, ніякая цэнзура не прапусціць у эфір гэтую суровую праўду. Вось пра здзекі фашыстаў — калі ласка, з дарагой душой, а пра зверствы энкавэдэшнікаў — ні-ні. Табу.
Вадзім вырашыў нейкім чынам перапісаць плёнку і для сябе, а гэту даць паслухаць старшыні радыёкамітэта. Хай вырашае, што можна з яе скарыстаць. Вядома, там ёсць разважанні старой жанчыны, як наладзіць справы ў калгасе, падняць надоі малака, як наогул палепшыць жыццё простых людзей. Гэтыя кавалкі, бясспрэчна, не выражуць, прымусяць усю перадачу весці ў гэтым ракурсе. Толькі яна будзе бяззубая, як і многія іншыя перадачы. Аднак сваіх парадкаў тут ніхто не навядзе.
Перш чым ісці да начальства, Вадзім стрэўся з Вацлавам Занько, расказаў пра паездку на Палессе, ні словам не абмовіўшыся аб сваіх дурных прыгодах.
Уключыў магнітафон і даў паслухаць чужую споведзь. Той таксама быў ашаломлены, але параіў, акрамя хіба старшыні, нікому пра плёнку не казаць і не даваць слухаць.
— Не паспееш і аглянуцца, як стане вядома тым, хто зацікаўлены, каб ты маўчаў, бы ў рот вады набраўшы. Канфіскуюць усе твае запісы, яшчэ і самога могуць куды ўпякчы, дзе і Макар цялят не пасвіў. Лепш паберажыся. І перапісваць з плёнкі на плёнку не раю. Пастарайся трымаць усё ў памяці.
З гэтымі довадамі Вадзім пагадзіўся. Плёнку не чапаў, даў начальству. Перапісаў да сябе ў блакнот толькі тыя мясціны, якія падыдуць для перадачы. Аднак і гэтай перадачы не далі ў эфір, хоць, здаецца, нічога крамольнага Вадзім там не пакінуў. Камандзіровачныя яму аплацілі, але не яны былі яго галоўным клопатам. Баяўся, што па сур’ёзнай справе яго нікуды больш не пашлюць. А тым часам і цешча падкінула яму клопату. Працуючы ў садова-агароднай брыгадзе, прадаючы час ад часу ў наймаемым у Радаве ларку памідоры, агуркі, пасля моркву, бульбу, яна шмат кантачыла з людзьмі, ведала ўсе парадкі ў калгасе, ці, лепш сказаць, беспарадкі. Асабліва абуралі паводзіны яго старшыні Петракова. Жывучы ў Мінску, маючы там шыкоўную трохпакаёвую кватэру, у вёску ён наязджаў як гастралёр і стала асталёўвацца тут не думаў. Праўда, дом з часанага дрэва, пад жалезным дахам выбудаваў чужымі і бясплатнымі рукамі як ляльку. Там жыла ягоная палюбоўніца і там часта ён наладжваў п’яныя оргіі, да якіх мелі дачыненне і князькі з раённага начальства. Да дома, размешчанага наводшыбе, на краі вялізнага саду, часта падкатвалі на машынах вясёлыя кампаніі. Усё было б цярпіма, каб рабілася нешта добрае для людзей. А то ж — поўны завал па ўсіх паказчыках як у раслінаводстве, так і на фермах. На працадзень атрымлівалі мізэр, таму і шчыраваць, ірваць жылы ніхто надта не хацеў. Брыгадзіры падбіраліся па прынцыпе адданасці кіраўніку гаспадаркі, і тыя таксама не прачыхаліся ад гарэлкі. Коля неаднойчы таксама прасіў Вадзіма вывесці на чыстую ваду п’янтосаў і зладзеяў, для якіх сорам і сумленне — пусты гук. І пачынаць трэба з галавы. Вадзім слухаў, спачуваў, аднак, заняты сваімі праблемамі, найперш з жыллём, усё адкладваў напісанне такога крытычнага матэрыялу. Цяпер жа, калі жыццё больш-менш усталявалася, а парадкі ў калгасе яшчэ больш пагоршыліся, ён вырашыў: годзе! Які з яго журналіст, калі не можа ўмяшацца і праз друк даць дыхту зладзеям і п’яніцам на чале з Петраковым. Толькі ж куды лепш такі матэрыял даць? Напісаць, ды каб востра, у форме фельетона, каб з нягоднікаў нават пух пасыпаўся. Такі матэрыял сама лепш падышоў бы для сатырычнага часопіса.
Вадзім яшчэ раз з’ездзіў у Жорнаўку (акурат быў выхадны дзень), у Колі і Лількі ўдакладніў некаторыя прозвішчы, тады яшчэ пагутарыў з цешчай і, вярнуўшыся ў Мінск, сеў за стол. Фельетонная манера пісьма яго захапляла. І калі матэрыял ажно на пяць машынапісных старонак быў гатовы, панёс яго да Генадзя Каўко, папрасіў адразу, у яго прысутнасці, пачытаць. Каўко не стаў марудзіць. Ён штось алоўкам падкрэсліваў, цмокаў губамі, ківаў галавой. Калі скончыў, сказаў безапеляцыйна:
— Фельетон добры, напісаны на ўзроўні, але ж. Баюся, што галоўны яго не прапусціць. Надта ж глыбока ты арэш, робіш шматзначныя высновы. Пасля такіх публікацый сама сабой напрошваецца думка распусціць к чорту ўсе калгасы, а зямлю падзяліць, аддаць сялянам. Хай поркаюцца на ёй самі, наводзяць свае парадкі. О, па галоўцы нас не пагладзяць за такія настроі. Карацей, пакінь фельетон, а другі экзэмпляр, а можа, наадварот, пакінь нам другі, а першы аддай у прыёмную ЦК. Там жа з сельскай газеты былы адказны сакратар, як яго?.. Віктар Максімавіч у першага сакратара за памочніка.
— Во як!? — давольны за гэтага чалавека, радасна ўсклікнуў Вадзім. — Высока ўзляцеў. Але ён заслугоўвае таго.
— Дык вось, — гнуў сваё Генадзь, — рыхтуецца пленум па рабоце з кадрамі, то Віктар Максімавіч збірае і аналізуе факты разгільдзяйства з боку кіраўнічых органаў на месцах. Яму і адрасуй гэты матэрыял. Думаю, што ён скарыстае.
Акрамя сваёй новай гумарэскі, Вадзім не стаў рызыкаваць і фельетона не пакінуў. А на другі дзень поштай выслаў першы экзэмпляр на імя Віктара Максімавіча, не ведаючы, якая праз два тыдні заварыцца каша.
А заварыцца яна крута. Аднойчы, зайшоўшы ў абед у рэдакцыю, ён уключыў радыё і пачаў слухаць выступленне першага сакратара ЦК, якое трансліравалі ў прамым эфіры. Сярод фактаў заганнай работы з кадрамі ўзгадваўся Радаўскі райкам КПБ. Больш таго, першы працытаваў амаль дзве старонкі з фельетона Вадзіма Гурко, назваўшы і ягонае прозвішча. Слухаў Вадзім стаіўшы дыханне. Ён уяўляў, якая заварушка пачнецца ў Радаве, як стануць абельваць сябе тыя, каго тычылася гэтая крытыка, і, наадварот, чарніць «пісаку», які вынес смецце з іхняе хаты. Падумаў пра Колю і цешчу. Хаця б на іх не адыграліся, не зрабілі якую подласць. Коля, праўда, працуючы на льнозаводзе, пляваць хацеў на Петракова і яго хеўру, а вось у цешчы, калі дазнаюцца, чыя яна цешча, могуць быць непрыемнасці. Зграя, абараняючыся, можа пайсці на любую подласць. Трэба, відаць, папярэдзіць Вольгу Іванаўну, каб асцерагалася, была акуратная з выручкай за садавіну і агародніну, каб позна нікуды не выходзіла з хаты. Люся таксама непакоілася за маці. Вадзім зноў з’ездзіў да яе, пацікавіўся навінамі і перадаў свой і даччын неспакой. Аднак цешча трымалася малайцом. Наадварот, яна ўсім хвалілася, які ў яе разумны зяць, што нават самы вялікі ў Мінску начальнік паслухаў яго, даў дыхту Петракову і яшчэ розным там гарлахватам, якія толькі і ведаюць, што піць, разбазарваць не сваё дабро ды гуляць. Нават калі, прыдраўшыся да нейкай дробязі, яе пазбавілі ларка, цешча не засмуцілася, трымалася ваяўніча.
— Знойдзецца ўправа і на меншых служак хеўры, — казала яна кожнаму, хто выказваў ёй захапленне прамовай, якая была надрукавана ва ўсіх газетах, нават і тутэйшай, і адначасова абуралася несправядлівасцю ў адносінах да яе самой.
— Падумаеш, ларок. Як быццам я нешта мела з яго, акрамя галаўнога болю, — казала яна тым, хто прыходзіў да яе дадому, каб падзяліцца навінамі, так памянціць языкамі. — У калгас усё роўна не пайду, хай не думаюць. Я і ў магазіне за прылаўкам магу быць, і яшчэ дзе. Работа знойдзецца.
У Вадзіма было горай. Яго выклікаў старшыня радыёкамітэта і паўшчуваў, чаму, перш чым даваць нейкі матэрыял наверх, не параіўся з ім, не даў пазнаёміцца. Можа, і перадачу якую зрабілі б, а так — з плеч ды ў печ. А печ гарачая, — ён пакорпаўся сярод сваіх папер і даў пачытаць аддрукаваную на машынцы, на бланку райкама партыі скаргу на Вадзіма Гурко за прадузятае стаўленне да фактаў, выкладзеных у запісцы ў Цэнтральны Камітэт, за тое, што не ўзгадніў гэтыя факты з раённымі ўладамі. У той скарзе гаварылася пра этыку журналіста, партыйны падыход да асэнсавання разрозненых фактаў, якія зусім не адлюстроўваюць сапраўдную сутнасць з’явы. Прасілі старшыню радыёкамітэта паўздзейнічаць на журналіста і камандзіраваць яго ў Радава на партыйную канферэнцыю, дзе будзе гаварыцца і пра крытыку стылю работы раённых кіраўнікоў.
— Трэба ехаць, — сказаў старшыня, называючы дату і час правядзення канферэнцыі. — Можна нават уключыць і магнітафон, запісаць таго-сяго з выступоўцаў. А раптам спатрэбіцца?
— Карайце мяне як хочаце, — заўпарціўся Вадзім, — але на з’ядзенне ваўкам я не паеду. Вы ж добра ўяўляеце, як мне будзе сярод іх. Яны з костачкамі праглынуць. Там жа рука руку мые. Хай ужо капаюць на мяне ў Цэнтральны Камітэт. Але, думаю, што пабаяцца. Супраць таго, пра што я пісаў, яны не знойдуць аргументаў. Там усё выверана.
— Ну-ну, глядзі, — сказаў старшыня, — каб пасля не было праблем. Лепш на тыя дні падскоч куды ў камандзіроўку і затрымайся, а мы ў сваю чаргу апраўдаемся, што ў паездцы захварэў і не змог своечасова вярнуцца.
Ён устаў, працягнуў руку, і Вадзім, развітаўшыся, пайшоў да сябе.
Вечарам з Люсяй абмяркоўвалі сітуацыю.
— Шкода мамы, — сказала жонка. — Усё ж неблагая ў яе была работа. Пакуль знойдзеш новую. А можа, усюды будуць чыніць перашкоды. Пэўна ж, усё Радава ўжо ведае, чый зяцёк заварыў гэту кашу. А чыноўнікі салідарныя, не дапусцяць, каб у іх кола пралез нехта ненадзейны, які будзе пастаўляць факцікі для крытыкі.
— Тады мы возьмем яе да нас. Жыць ёсць дзе. Во, канапа пустуе. І дачушка наша будзе скакаць ад радасці.
— Рана маме яшчэ сядзець на нейчай шыі. Яна гэтага сабе не дазволіць.
— Але ж, — даводзіў сваё Вадзім, — і пра пенсію некалі трэба падумаць. У калгасе яна заробіць шышы. А пойдзе тут дзе на працу, то пасля старасць будзе забяспечана. Толькі спачатку прапісаць трэба.
— У нас жа метраў не хопіць, — выказала сумненне Люся. — А так добра было б.
Цешча прыехала да іх праз дзень, давольная, вясёлая. Сказала, што цяпер яе ўсё Радава ведае, а не толькі ў сваёй вёсцы. Пайшла была ў краму, то без чаргі адпусцілі селядцоў, а на вуліцы дык і зусім незнаёмыя пачалі здароўкацца. А Петракову ўжо вынеслі вымову і, казалі, будуць рыхтаваць сход, каб скінуць з пасады. З’ехала з хароміны і палюбоўніца.
— Табе, зяцёк, — заключыла цешча, — пакуль што ў нас не варта паяўляцца. Усякія правакацыі могуць быць. Кажуць, Петракоў ужо і міліцыю падвучыў, што, калі ты з’явішся на радзіме, схапіць цябе нібы ўдрызг п’янага і кінуць у выцвярэзнік. А яшчэ там і косці паламаць могуць нібы за супраціўленне ахоўнікам парадку. Так што сядзіце тут і нікуды не рыпайцеся.
На прапанову застацца ў іх назусім Вольга Іванаўна адказала катэгарычным «не».
— Як жа я хату кіну, агарод? Тамака ж усё маё жыццё. А вам у вёску хіба не захочацца прыехаць? А ўнучачка, як падрасце, можа ў мяне цэлае лета бавіцца. Мне добра, і вам будуць рукі развязаны. А тут жа і сын неўзабаве мабілізуецца. А ўжо калі прыедзе з жонкай, ды яшчэ з дзіцяткам, тады можна будзе падумаць.
7
І ўсё ж у гэтай кватэры яны не затрымаліся. Надта ж была цёмная. З другога боку вузкай вуліцы ўзвышаліся дамы навейшай пабудовы, таму сонца амаль што не пранікала ў іхні пакой. Ім жа, а Ірынцы тым болей, патрэбна было дзённае святло, і Вадзім усё часцей і часцей пачаў падумваць пра абмен.
Толькі ці згодзіцца хто з добрага раёна перабрацца сюды, дзе і транспарт не вельмі рэгулярна ходзіць, пры тым заўсёды бітком набіты, і чыгуначны пераезд ад’еў усе пячонкі. Бывае, спазняешся на працу, і толькі аўтобус дапаўзе да пераезда, а тут перад саменькім носам чырвоны святлафор. Недзе манеўруе паравоз, пасвіствае, а ў цябе нервы згараюць ад нецярпення: калі ж ён адпыхкае парай і сыдзе куды?
Аб’яву ён знайшоў на слупе бліз свайго прыпынку. Адзінокая жанчына шукала пакой бліжэй да дзяцей. Вадзім адразу ж з аўтамата патэлефанаваў ёй па названым тэлефоне, але адтуль — ні гуку. Пахадзіўшы хвілін пятнаццаць, ён зноў набраў патрэбны нумар. Гэты раз хрыплы жаночы голас сказаў, што яна перадасць гаспадыні пакоя, толькі каб пакінулі свой адрас і калі, у які час можна паглядзець абменьваемае жыллё. Вадзім пачакаў, пакуль запішуць, і вярнуўся дадому, папрасіў жонку да яго прыходу з працы нікуды не адлучацца. Маўляў, прыйдуць на агледзіны, таму трэба абавязкова быць дома. Тую вуліцу бліз парку Чалюскінцаў Вадзім добра ведаў. Каб там удалося пасяліцца, ды яшчэ на трэцім паверсе, лепшага варыянта ён і жадаць сабе не мог. А калі жанчына запатрабуе даплату? Што тады? Дзе ўзяць грошы? Нейкую суму яны знайшлі б, а астатняе, калі жанчына згодзіцца пад распіску пачакаць, яны аддадуць цягам некалькіх месяцаў.
На рабоце не сядзелася, і Вадзім падумваў, як бы гэта ўвільнуць перад абедам і ўжо сёння не паказваць у радыёкамітэце носа. Сказаўшы, што пойдзе лячыць зубы, ён стрымгалоў памчаўся дадому. Жанчына акурат была ў іх, аглядвала пакой, калідор, кухню, ванную. Нават папрасіла запалак і ўключыла тытан. Калі пайшла цёплая вада, супакоілася.
— Добра, я згодная, толькі мне трэба памагчы перавезці рэчы. Дзе б наняць машыну?
— Але ж спачатку давайце афіцыйна перааформім абмен, атрымаем ордэры. Тады ўжо.
На тым і пагадзіліся. Працэдура абмену аказалася не такой ужо і складанай. Недзе менш чым праз месяц яны былі ўжо на новай кватэры. Абое не маглі нарадавацца, што ім так пашанцавала. Пакой быў на трэцім паверсе, з яго выходзіў балкон, звонку абабіты фанерай.
— Ой, дык жа і на балконе можна многа чаго схаваць, скажам, санкі, лыжы. Яшчэ што, — Люся ажно свяцілася шчасцем.
Вадзіму яна нядаўна шапнула, што зноў зацяжарыла, і прасіла парады, як быць.
— То гэта ж выдатна! — усклікнуў Вадзім. — Тады ў нас будзе ўжо паўнацэнная сям’я. Добра было б яшчэ сынка прыдбаць, — ён, расчулены, туліў яе да сябе, горача цалаваў, мацаў жывот.
— Дурненькі, — шчасліва адказала яна. — Дык яшчэ ж вельмі рана. Грубай я стану к восені, калі ўсё будзе добра.
Другі пакойчык займала выхавацельніца дзіцячага дома Іда Адольфаўна, памяркоўная старая жанчына і, дзякаваць богу, здаецца, не канфліктная. Ужо наша малая чаго не вытварала ў калідорчыку проста пад яе дзвярыма, як ні шумела, а Іда Адольфаўна, наадварот, выходзіла да малой з якім-небудзь ласункам — цукеркай ці пернікам, частавала і брала да сябе на рукі. І каб слоўка калі нараканняў з яе боку. Ні Люся, ні Вадзім ніколі не лезлі ў душу гэтай старой жанчыны, хоць і хацелі больш ведаць пра яе. Яны здагадваліся, што Іда Адольфаўна перажыла ці перажывае якуюсь драму, бо часта чулі з-за дзвярэй яе прыглушаныя даўкія ўсхліпы. Ішла на працу яна вельмі рана, а вярталася позна ўвечары. Чым яна жыла, што мучыла, які камень ляжаў у яе на душы, заставалася загадкай. У сябе на апошняй рабоце, у аддзеле пісьмаў Вадзім ужо сутыкнуўся з жанчынай досыць сталага веку, якая ў адзін дзень хавала абодвух дарослых сыноў. Яшчэ не жанатыя, яны вечарам пайшлі прагуляцца па праспекце, не ведаючы, што той шпацыр будзе каштаваць ім жыццяў. Каля кінатэатра «Цэнтральны» яны пачулі крык жанчыны, якая клікала на дапамогу. Падбеглі, а ў маладой дзяўчыны кроў з вушэй льецца. Аказваецца, двое рабаўнікоў сарвалі ў яе з шыі залаты ланцужок з крыжыкам, а ў дадатак яшчэ з усяе сілы сашмаргнулі з вушэй такія ж залатыя ўпрыгожанні.
— Вунь, вунь яны, пабеглі ў бок вакзала.
Хлопцы, не думаючы пра сябе (а былі яны спартсмены), наўздагон нагналі аднаго з бандзюкоў, павалілі на зямлю, а другі з іх, не доўга марудзячы, з усяго маху садануў фінкай між рабрын аднаго з братоў, трапіў акурат у сэрца. Цяпер ужо і другі, таксама з фінкай, кінуўся на безабароннага хлопца. Абодва павалілі яго, мянташылі нагамі па галаве, а пасля фінкай таксама дарэзалі.
Як хавалі, маці іх зусім страціла розум, за адну ноч, што правяла з сынамі, ссівела да непазнавальнасці. У апошні момант, калі развітваліся, яна кінулася ў яму да меншага, прасіла закапаць разам з ім. Ледзьве вывалаклі яе адтуль.
Трагедый на сваім не такім ужо вялікім адрэзку жыцця Вадзім пабачыў нямала. Кожная з іх пакідала на яго сэрцы шрам. Помніцца, як прывалаклі з загумення застрэленага фашысцкімі карнікамі бацьку, а заадно і суседа праз вуліцу. Мужчыны вярталіся з лесу, дзе нарыхтоўвалі дровы, заадно перадалі партызанам весткі пра гарнізон у Радаве. Выканаўшы адно і другое заданні, яны падыходзілі ўжо да вёскі, як іх перастрэлі эсэсаўцы і, спытаўшы праз перакладчыка прозвішчы, ад’ехаліся на загуменне і расстралялі. Бацька, казалі, станавіўся на дыбачкі, каб убачыць сваю новую хату, якую пасля ўсеагульнага пажару ў вёсцы будаваў уласнымі рукамі. Яго прынеслі на посцілцы з дзіркай у чэрапе, на якім запяклася кроў. Маці тады рвала на сабе валасы, апантана прыціскала да сябе пяцярых аціхлых дзяцей, не ведаючы, што і яе праз два гады напаткае трагічны лёс. Калі фрыцы адступалі, жанчыны, у тым ліку і маці, кінуліся ў мястэчка на склад, дзе захоўваліся горы солі. Людзі, за гады вайны зведаўшы голад на соль, як апантаныя пачалі грэбці, дзяўбці закамянелую гару. У адну з нораў сунулася па пояс і маці. А з верху ашалела білі малаткамі, тапарамі, нават хтосьці прыцёг і лом. І гара не вытрымала, лопнула зляжалым пластом уніз, раструшчыўшы многія галовы, тулавы. Сярод іх была і маці.
Успамінаючы ўсё гэта, Вадзім зараз жахаўся, як перажылі яны, сіроты, адну і другую трагедыі, праўда, адзін з меншых братоў, Лёва, пасля сутыкнення з немцамі, якія, уцякаючы, рамантавалі насупраць іхняга дома машыну і, не далічыўшыся адной з вельмі патрэбных запчастак, абвінавацілі браціка ў крадзяжы і пасля стралялі ля ягоных ног, дык вось ён, Лёва, цяжка пасля гэтага захварэў і неўзабаве памёр. Памёр на іхніх вачах у страшных канвульсіях.
Вадзім мо як ніхто разумеў чалавечае гора і, пасяліўшыся пад адным дахам з суседкай, хацеў дакапацца да прычыны яе плачу. Але, ведаў, трэба на ўсё час, цярпенне.
З пачаткам цяпла Люся паехала з малой да бабулі, каб застацца там да халадоў. Вольнага часу ў Вадзіма стала болей, і ён засеў за аповесць, у аснове якой меў на ўвазе жыццё той палескай жанчыны. Ён ведаў, што калі і напіша, то надрукаваць яе, якую б мастацкую вартасць яна не ўяўляла, будзе праблематычна. У гэтыя гады крытыкі, бы галодныя сабакі, нацкаваныя ўмелай рукой, грызлі славутага ўжо на гэты час празаіка Васіля Быкава, з якім яму і Рыгору пашчасціла разам быць у Доме творчасці, сядзець за адным сталом. А гэты ж чалавек, надзелены магутным талентам, піша самую суровую праўду пра вайну, якую ён прайшоў ад пачатку да канца, быў паранены і нават памылкова лічыўся ў спісе загінуўшых. Дык каму ж, як не яму, расказаць новаму пакаленню пра жахі гэтай бойні, пра няўмелых, а часам і баязлівых камандзіраў ніжэйшага і вышэйшага звяна, якім лёс салдата — гэта нішто, звычайнае гарматнае мяса.
Вадзім, ды і Рыгор, калі сустракаліся разам, абураліся такой аглабельнай крытыкай, нават напісалі ў падтрымку сабрату па пяры і паслалі ў Гродна сумеснае пісьмо.
Вось чаму Вадзім і баяўся брацца за вострую тэму. Хай там не вайна, але ж калектывізацыя, руйнаванне цэркваў, раскулачванне, іншыя праявы таго жыцця давалі пажытак для роздуму, для абагульненняў. Калі яму ўдасца напісаць такі аб’ёмны твор, ён будзе лічыць сваё творчае жыццё не марным. Раней ці пазней і надрукуе яго. Вось жа Быкава, як ні чыхвосцяць, а ўсё ж друкуюць, калі не тут, то ў Маскве ў перакладзе на рускую мову. Крытыканам нічога не заставалася, як ляскаць у бяссіллі зубамі.
Цяпер Вадзім, зарабіўшы трохі грошай, падумваў пра тое, як купіць сабе машынку для друкавання. Увесь час некага прасіць не выпадала. А тыя старонкі новага твора, які пісаўся пакуль што няблага, ён не хацеў даваць у чужыя рукі. Усялякія машыністкі бываюць. Ён ведаў, што многія з іх з’яўляюцца сакрэтнымі супрацоўніцамі пэўных службаў, і ў іхнія абавязкі ўваходзіць сачыць і запамінаць, хто і што ім дае для перадрукоўкі. Машынкі, аднак, колькі ні шукаў, не знайшоў. А яму ж трэба яшчэ з беларускім шрыфтам, а такіх і наогул не выпускаюць. Калі дастане, то ўсё роўна давядзецца шукаць майстра, які б перапаяў літары.
Служба на радыё, між тым, пачала ўжо надакучаць, і Вадзім усё больш і больш задумваўся, каб зноў памяняць работу. Добра было б трапіць у які тоўсты літаратурны часопіс, дзе працоўны дзень пачынаецца пасля абеду і заканчваецца вельмі рана. Во тады можна тварыць. А тут — сотні пісем у дзень. І на кожнае трэба даць адказ ці згадаць аўтара ў якой-небудзь перадачы.
Аднойчы, калі быў усесаюзны Дзень рэспублікі і па маскоўскім радыё гучалі беларускія песні, выступалі лепшыя харавыя калектывы, а ў эфіры не-не дый гучала беларуская мова, водгукаў з усіх куткоў вялізнай краіны прыйшло безліч. Беларусы, раскіданыя па ўсім свеце і ссумаваўшыся па радзіме, ахвотна раскрывалі свае сэрцы, прасілі паболей такіх перадач, дзе гучалі б песні на роднай мове, такія шчымліва-сумныя, як і само жыццё. І поўныя любові і пяшчоты да сваёй зямлі, Бацькаўшчыны, да магіл продкаў. Здзіўляла, а то і абурала тое, што са сваёй рэспублікі такіх водгукаў былі адзінкі. Якім жа трэба быць зашораным і затурканым, каб не шанаваць свайго роднага-кроўнага, здымаць шапку перад чужым, хоць сваё не горшае, а ў некаторых выпадках і шмат лепшае. Давялося ўсёй рэдакцыі пісьмаў папацець, каб даць аўтарам іх годныя адказы. А па некаторых зрабіць абагульняючыя перадачы. Гэта стаміла Вадзіма, тым больш што ад начальства ніякай падзякі, быццам і не было такой падзеі. Вось чаму ён і падумваў перайсці калі ўжо не ў часопіс, то наогул на вольны хлеб, пакуль будзе працаваць над вялікім творам. Яно, вядома, рэзка абмяжуе яго ў сродках, але ж нечым ахвяраваць трэба.
Вырашыў у выхадны дзень з’ездзіць у Жорнаўку, пагаварыць з жонкай. На папярэджанне цешчы, каб на радзіне нейкі час не з’яўляўся, ён махнуў рукой: ат, хай не палохаюць. Калі ўсяго будзеш баяцца, то і жыць на свеце не варта. Трэба было яшчэ пабачыць Колю. Той даўно намякаў, што трэба паправіць горбікі на магілах бацькоў, мо нават, купіўшы цэменту, выліць карытцы, зрабіць агародку. Вадзім ушчуваў сябе, што так рэдка наведваўся на могілкі, першы не выказаўся, каб што там памяняць.
Першая сустрэла яго Ірынка ў кароценькай сукеначцы ў зялёны гарошак, загарэлая, яна кешкалася ў пяску ля лаўкі, пякла з яго аладкі. Яшчэ здаля пазнала бацьку і, падхапіўшыся, раскінуўшы шырока рукі, памчалася насустрач.
— Татка, татка пліехаў! — радасна крычала яна як не на ўсю вуліцу. Ён нагнуўся, і дачушка моцна ашчаперыла яго шыю, прытулілася шчакой да яго шчакі. Люся і цешча былі ў спальні і, занятыя сваім, не заўважылі, як яны зайшлі.
— Татка пліехаў! — першая кінулася ў спальню малая, але, зачапіўшыся за парожак, упала, выцялася галоўкай.
Вадзім падхапіў дачушку, пацалаваў, пахукаў і выняў з партфеля вялікую ляльку, а заадно і шакаладку «Алёнка». Малая адразу ж забылася на боль, заскакала па ўсёй хаце.
Люся, калі Вольга Іванаўна выйшла на кухню, прыгарнулася да мужа.
— Як жа добра, што ты прыехаў! А мы тут ссумаваліся. Коля таксама ўжо пытаўся пра цябе.
Вадзіму карцела сказаць пра сваю задуму аб вольным хлебе, але вырашыў пакуль што ўстрымацца. Вядома, жонка была б радая кожную хвіліну бачыць яго побач, але ж скуль браць грошы на такую вольніцу. Спадзявацца на выпадковыя заробкі? За іх не пражывеш. Халасцяку яшчэ куды не ішло, можна было б выкручвацца. А калі ў цябе сям’я, ды яшчэ чакаецца папаўненне ў ёй, гэта зусім іншы каленкор. Не, трэба ўсё ж цярпець, а калі няўцерп, то шукаць іншае месца.
— Як там наша суседка? — папытала жонка. — Бачыла яе ў сне, быццам яна сварылася з табой, а пасля, зачыніўшыся на кухні, доўга плакала.
— Мала бачу яе, — сказаў Вадзім. — Нейкая яна вельмі скрытная.
Вольга Іванаўна паклікала абедаць.
— Ты, відаць, і не снедаў сёння. Як харчуешся без мяне? — турбавалася жонка. — Нейкі ты зблажэлы і пахудзеў.
— Былі б скура ды косці, а мяса нарасце, — засмяяўся Вадзім. — Зблажэлы, кажаш? Ведаеш, калі прабудзеш у памяшканні дванаццаць гадзін, ды без паветра, то не толькі зблажэеш, але і прытомнасць страціш. Асабліва гэтыя апошнія паўмесяца. Вядома, столькі пісьмаў. Завалілі з ног да галавы.
Ён і сапраўды прагаладаўся як воўк. Боршч з маладых бурачкоў са сваёй грады, запраўлены смажаным салам, высербаў да донца, нават аблізаў лыжку. На другое была таўканіца з салёным агурком. Цешча пакуль што не хацела абедаць, пайшла ў агарод. А Люся, салідарная з ёй, падпёршы шчаку рукой, глядзела на мужа і, здэцца, ажно свяцілася ад шчасця.
— Нам без цябе сумна. Асабліва ноччу. Лэпаю па пасцелі, шукаючы тваю руку. Не ведаю, ці доўга я так вытрываю, не бачачы цябе кожны дзень. Бедная мая мамачка! Здзіўляюся, як яна, застаўшыся такой маладой і прыгожай, жыла і жыве адна. І ўсё дзеля нас, дзяцей. Ці магла б я так?
Прыбегла з вуліцы Ірынка, палезла на калені да бацькі.
— Крывіначка мая харошая, — прыціснуў ён да сябе дачушку. — Радасць наша з мамай. А ты хацела б мець браціка? Ну, які б цябе заўсёды абараняў ад сабак, ад тых, хто мог бы цябе пакрыўдзіць.
— Хацю, — радасна ўсклікнула Ірынка. — Хацю баціка.
— Ну, навошта ж ты ёй загадзя ў вушы ўводзіш? — упікнула Люся. — А раптам будзе сястрычка?
Вадзім абняў жонку.
— Скажы, Ірышка, што і сястрычка будзе не горш.
Малая зноў выбегла на вуліцу, а Вадзім, глянуўшы на гадзіннік, пачаў збірацца да Колі.
— Ты ж, можа, не забавішся?
— Не ведаю, як атрымаецца. Сходзім на могілкі, паглядзім, што там.
— Можа, і нам з дачушкай падысці? — папытала Люся. — Хай ведае, дзе яе бабуля і дзядуля пахаваны, а таксама дзядзька.
Вадзім, аднак, адгаварыў іх.
— Іншым разам, калі прывядзём усё ў парадак. Там жа, можа, і зеллем усё пазарастала.
— Зелле я парву, — прапанавала жонка. — Мне гэта не цяжка. А вось з агароджай падумайце. Тут у мамы за хлеўчыкам ёсць трубы. То каб хто вымераў і зварыў, было б добра.
— А чаго? Гэта ідэя, — усклікнуў Вадзім. — Зараз схаджу і прыкіну.
Яны выйшлі разам. Трубы сапраўды аказаліся самы раз для агародкі. І Вадзім паспяшаўся да Колі, каб дамовіцца, як іх забраць і каго папрасіць, каб зварыў па размеры. Аднак ні брата, ні Лількі дома не аказалася. Трохі пасядзеўшы на вулічнай лаўцы бліз ліпы, ён хацеў пайсці, аднак нейкая неадольная сіла змусіла затрымацца. Чамусьці ні з таго ні з сяго прыгадалася дзяцінства, гэтая хата, недалёкі адсюль лог, дзе пасвілі коней, свіней і авечак, а ў маленькім раўчуку відэльцам, прывязаным да палкі, падпільноўвалі і наколвалі на яго сліжоў. Усе дзіцячыя забавы праходзілі ў логу. Тут у вайну і пасля яе сядзелі на кучах мін, нешта вывінчвалі, ніколькі не думаючы аб небяспецы. Некаторыя з цяжкіх снарадаў цягнулі да ўскрайку лесу і, расклаўшы вогнішча, кідалі ў жар, а самі адбягаліся як мага далей, каб, калі ўзарвецца, не дастала асколкам. Гэтыя выбухі чулі дарослыя. Але ніякія вокрыкі, ніякія папярэджанні не маглі спыніць небяспечных забаў. Божа, як яны выжылі і засталіся цэлыя! Сёння пра такое падумаць і то дрыжыкі працінаюць усё цела. А гульня на вуліцы ў пікара ці свінку, альбо ў хованкі, — усё гэта ўспамінаецца з ціхім смуткам, як даўно адышоўшае і незваротнае.
Вадзіму чамусьці захацелася зноў праз недалёкую адсюль вулку схадзіць на лог, ужо быў падняўся, але здаля ўбачыў Колю, пачаў чакаць, пагладзіў рукой шурпатую кару ліпы, дзе дружна шчыравалі пчолы, і адчуў такую палёгку, якой даўно не ведаў. Коля абрадаваўся, убачыўшы брата.
— Даўно чакаеш? — папытаў, паціскаючы Вадзіму руку. — А я з могілак. Аглядалі магілы бацькоў і брата. Лілька яшчэ там засталася. Вырвала ўсю траву, а я вярнуўся, каб узяць сякеру. Гэта ж нарасло хмызу, і без сякеры з ім не справіцца.
— Во, і мы сёння з Люсяй гаварылі пра гэта. Я і прыехаў, каб нешта зрабіць.
— Агароджу трэба, — пачухаў патыліцу Коля. — А то стопчуць, зруйнуюць, што будзе не пазнаць, дзе хто пахаваны. Туды ж і жывёла заходзіць. Ведама, плоту няма. І што сельсавет сабе думае?
— Там такія ж нядбайныя, як і мы з табой. Да гэтага часу не ўпарадкавалі магілы родных. Няма нам апраўдання. А з агародкай можам вырашыць. Знайсці б толькі зваршчыка. Трубы ў цешчы ёсць. Па шляху назад можна забегчы, Люся пакажа.
На могілках корпаліся як не да вечара. Коля з Лількай, калі скончылі на сёння работу, клікалі да сябе, каб павячэраць і з нагоды сустрэчы ўзяць па чарцы. Аднак Вадзім, спаслаўшыся, што яму вечарам трэба ехаць, бо тое-сёе дапісаць патрэбнае для работы, рашуча адмовіўся.
— Іншым разам, — сказаў, развітваючыся. — У наступны выхадны прыеду.
Яму і праўда трэба было зрабіць адну перадачу. Але не сёння. Гэты вечар і ноч ён, ні аб чым не дбаючы, правядзе з сям’ёй.
8
У дзіцячым часопісе, куды яму дапамог уладкавацца Рыгор, які добра сябраваў з рэдактарам, Вадзіму падабалася найперш тое, што не трэба было прыходзіць з саменькага ранку. Вядома, у тоўстым літаратурным часопісе яшчэ вальготней жылося яго работнікам, але ж у параўнанні з радыёкамітэтам — і гэтая вольніца была б марай кожнага журналіста. Літаратурны аддзел узначальваў стары дзіцячы пісьменнік Васіль Шукевіч, які нядаўна папрасіўся на пенсію, бо ўжо адмаўлялі пакалечаныя ў вайну ногі. Больш за тры месяцы галоўны трымаў месца для блізкіх яму людзей. Але ніхто пакуль не адгукнуўся на яго прапанову. Рыгор дазнаўся пра вакансію і настаяў узяць Гурко. Сказаў, што той піша прозу і ў паэзіі разбіраецца, бо і сам яшчэ нядаўна друкаваў вершы. Галоўны чуў прозвішча Гурко, але асабіста не быў знаёмы. Яны сустрэліся ў рэдакцыі, абмеркавалі ўмовы, і Вадзім, адпрацаваўшы належныя дні на радыё, прыйшоў на новую працу.
Дзіцячая творчасць яго захапіла, і ён з галавой акунуўся ў новую для сябе справу. Вершаў і апавяданняў прыходзіла шмат. Вядома, пераважная большасць з іх была слабізна, і ніякая праўка, шліфоўка іх не выручыла б. Напісаць жа самому за аўтара і змясціць на старонках пад яго прозвішчам было б недаравальнай памылкай. Пакуль што абыходзіўся тымі творамі, якія па мастацкіх якасцях здавальнялі ўзровень часопіса. Былі сярод аўтараў і масцітыя пісьменнікі. З тымі праблем не было, аднак галоўны не вельмі гэта вітаў, прымушаў даваць ход пачынаючым. Яно, вядома, было б правільна, каб гэтых здольных пачынаючых хапала на кожны нумар. З паэзіяй было яшчэ туды-сюды, можна, крыху паправіўшы, наскрэбці пяць-шэсць вершаў, а вось над прозай даводзілася папацець. Апавяданні былі наіўныя, на ўзроўні школьных сачыненняў, і Вадзім здзіўляўся, як Васіль Шукевіч рабіў з іх досыць прыстойныя творы. Вядома ж, перапісваў, робячы дрэнную паслугу аўтару. У адным з апошніх нумароў Гурко прачытаў такое апавяданне і, пакорпаўшыся ў шуфлядцы пісьмовага стала, знайшоў арыгінал. Параўнаў два тэксты і за галаву хапіўся: ніводнага сказа ад аўтара не засталося. Дык навошта ж пладзіць графаманаў, якія, уявіўшы сябе пісьменнікамі, пасля калечаць сваё жыццё і атручваюць жыццё яго блізкіх. Цікава, ці ведае пра такія праўкі галоўны? Калі гэта ўзаконеная практыка, то ўсё, ты, Вадзім Гурко, уліп і з гэтай работай. Так перапісваць на свой капыл прозу ў яго няма ніякага жадання.
Рыхтуючы чарговы нумар, ён рашыў схадзіць да Сініцы, параіцца з ім. Рыгор, выслухаўшы сябра, шчыра паспачуваў яму, але сказаў, што трэба цярпець і, закасаўшы рукавы, рабіць так, як рабіў яго папярэднік.
— Зразумей, — казаў Рыгор, калі яны засталіся ў ягоным кабінеце адны. — Твой галоўны — чалавек успыльчывы, ледзь што не так, то і мацюкнуцца можа, і паслаць цябе к чортавай мацеры. У яго рабоў знойдзецца колькі заўгодна. А табе ж трэба карміць сям’ю, тым больш, як сам казаў, чакаеш папаўнення.
Вадзім паслухаўся добрай парады, засеў за праўку з усёй сур’ёзнасцю. Свае творчыя планы пакуль што закінуў да лепшага часу.
І ўсё ж канфлікт выспяваў. Аднойчы, калі галоўны гнеўна вярнуў назад адзін верш і два апавяданні, а замяніць больш не было чым, Вадзім адважыўся на сур’ёзную размову. Ён паказаў адно з апавяданняў, пакрэмзаных яго рукой, і сказаў, што лепшых у яго няма.
— Тады што, — узвіўся галоўны, — закрываць часопіс?! Не ўмееш весці справу, то такія работнікі нам не патрэбныя. Можаш хоць сёння падаваць заяву.
Вадзім не стаў спрачацца, забраў рукапісы назад і цэлую ноч карпеў над імі, усё перапісваючы нанава. Раніцой, перадрукаваўшы, зноў паклаў на стол галоўнаму. Той, бы нічога і не было, не чытаючы, падпісаў у друк. Вадзім з палёгкай уздыхнуў, але крыўда на самадура засталася. Не жадаючы ўскладняць з ім адносіны і ведаючы, што прыдзіркам не будзе канца, Вадзім сам напісаў заяву і паклаў на стол галоўнаму. Той быццам і чакаў гэтага кроку і, не гледзячы ў вочы, штось буркнуў і падпісаў паперу. Цяпер, атрымаўшы канчатковы разлік, трэба было думаць, як жыць далей. Была спакуса пайсці ў таварыства «Веды», падрыхтаваць якую тэму і паездзіць па рэспубліцы з выступленнямі. Ён ведаў, што некаторыя з універсітэцкіх аднакашнікаў, не схацеўшы ісці ў школу і каб не ехаць на сяло, здымалі жыллё ў сталіцы і зараблялі на лекцыях нядрэнныя грошы. Напісаць дзве-тры тэмы, добра вывучыць, каб не бэкаць па паперцы, і ты можаш у любым калектыве адчуваць сябе як рыба ў вадзе.
Таварыствы былі рэспубліканскае і абласное. Вадзім пайшоў у апошняе. Сустрэўся са старшынёй, які паказаў спіс тэм найбольш, на яго думку, цікавых слухачам. Гурко выбраў пакуль што дзве тэмы, абгаварыў тэрмін, калі распрацуе. Прынясе на разгляд. Вырашыў, што не паедзе ні ў Жорнаўку, ні ў Галаброды, пакуль не зробіць работы і не зацвердзяць у таварыстве.
Праца ішла марудна. Днямі седзячы ў бібліятэцы, ён перагортваў горы кніг, брашур, вышукваў цытаты з класікаў літаратуры, як айчыннай, так і зарубежнай, сістэматызаваў. Чытаючы на адзіноце ўслых ужо напісанае, ён засякаў час, бо ведаў, што кожная лекцыя не павінна перавышаць адной гадзіны, бо інакш, стаміўшыся, людзі не стануць слухаць. Каб сканцэнтраваць іх увагу, у тэкст устаўляў які-небудзь жарт з народнага гумару, каб можна было і пасмяяцца, што збліжала б яго з аўдыторыяй. О, падбор гумару, ды не абы-якога, а таго, які быў прывязаны да тэксту, забраў у яго львіную долю высілкаў. Нарэшце, калі абодва тэксты былі гатовы, ён занёс іх машыністцы, папрасіўшы перадрукаваць у трох экзэмплярах у найхутчэйшы тэрмін. Для заахвочвання, акрамя добрай аплаты, купіў дзяўчыне вялікую шакаладку. Перадрукаванае занёс у таварыства, дзе паабяцалі разгледзець цягам дзесяці дзён. Гэта Вадзіма не засмуціла. Бо трэба ж было назубок вывучыць сваю пісаніну, ды так, каб нават ноччу, прачнуўшыся, мог з любога месца працягваць весці гаворку. Зубрыць тэкст вырашыў паехаўшы да сям’і. Яны будуць спакойныя, і яму не трэба думаць пра харч.
Вестку пра канфлікт з рэдактарам часопіса Люся ўспрыняла хваравіта, нават пачала ўпікаць, што ён, мусіць, пагарачыўся, што дзеля сям’і можна было б і цярпець. А гэтая работа — выступленне з лекцыямі — нейкая няпэўная. Сёння яна ёсць, а заўтра — няма. Частыя адлучкі з дому яе таксама не здавальнялі.
— Не ў радасць будуць тыя грошы, якія заробіш, — казала яна. — Мне трэба, каб ты кожны вечар быў побачкі, каб маглі разам схадзіць у магазін, а выпадзе з кім пакінуць дзіця, то і ў кіно. Хутка ж я саўсім нікуды не змагу адлучыцца, як народзіцца маленькі.
— А ты ўпэўнена, што маленькі, а не маленькая? — Вадзім пачуваў сябе як бы трохі вінаватым, туліў жонку да сябе, угаворваў, што лекцыі — гэта часова, што як падвернецца добрая праца, ён, не задумваючыся, пойдзе, толькі б яна не хвалявалася.
Люся трохі адтаяла. А калі ён пачытаў на памяць абедзве лекцыі, усклікнула:
— Дык ты ж у мяне прафесар! Дарэмна я цябе ўшчувала. Слухаць будуць, раты разявіўшы.
За дзесяць дзён бесклапотнага жыцця ды яшчэ на свежым паветры ён пакруглеў і пасвяжэў. Праўда, два з іх, у суботу і нядзелю, Вадзім працаваў з Колем на могілках. Агародку брат у некага зварыў, на калясцы прывезлі да горбікаў з драўлянымі крыжамі ў галовах, пачалі закопваць у зямлю, а краі абмотваць дротам. Атрымалася зусім нядрэнна. Заставалася толькі пафарбаваць. А яшчэ большую работу — выліць з цэменту тры карытцы, мо нават абкласці іх пліткай, а пасля замест крыжоў паставіць помнікі, — гэты клопат вырашылі адкласці да восені, а то і да наступнага года. На гэта патрэбны немалыя грошы, а зрабіць самім — не хапала ўмельства.
У таварыстве ведаў сустрэлі яго прыхільна і далі зялёнае святло выступленням перад любой аўдыторыяй. Рэцэнзент, нейкі прафесар, які зубы з’еў на лекцыях, адзначыў у Гурко тыя новыя станоўчыя моманты, якія адсутнічаюць у іншых лектараў — уменне весці гаворку, абапіраючыся на народныя выслоўі, выкарыстоўваючы гумар як разрадку пры напружанні. Гурко далі магчымасць выбраць раён у межах вобласці, куды мог бы ўзяць камандзіроўку хоць заўтра. Вадзім не стаў марудзіць, бо яго фінансы спявалі ўжо рамансы. Ён назваў гарадок, у якім пачынаў сваю працоўную біяграфію, дзе з Люсяй уступілі ў шлюб, яна зрабіла яго шчаслівейшым чалавекам на свеце.
— Там жа амаль што няма прадпрыемстваў, а калгасы самі ледзьве выжываюць, ім пакуль што не да лектараў. Так што падумайце.
— Я падумаў ужо, — рашуча сказаў Вадзім. — Трэба ж бываць і ў мядзведжых кутках. Я не ганюся за колькасцю выступленняў, а камандзіроўку ў любым выпадку апраўдаю.
— Ну, што ж, пахвальна, — сказаў старшыня. — Вы першы, хто выклікаўся паехаць туды.
Вадзіма вабіла гэта глушэча. Хацелася зайсці ў рэдакцыю, пагутарыць з супрацоўнікамі, нават даць ім якую гумарэску ці кароткае апавяданне. Цікава, ці выпускаецца яшчэ літаратурная старонка, якой ён аддаў шмат сіл і часу. Да гаспадыні, у якой яны з Люсяй правялі першую ноч, таксама загляне. Трэба толькі купіць ёй які памятны сувенір і, вядома, гасцінец.
І вось зноў знаёмая дарога ў гэты лясісты патрызанскі край, які паспеў палюбіць усім сэрцам. Калі абапал шашы, направа і налева, пацягнуліся ўгору гонкія меднастволыя сосны, адчуў, як радасна адгукнулася і запела на ўсё гэтае хараство душа. У гасцініцы яго пазналі, далі адзін з лепшых пакояў, у якіх, праўда, не было гарачай вады. Памыўшыся і трохі адпачыўшы з дарогі, пайшоў найперш у райвыканкам, да старшыні. У прыёмнай сядзела ўжо другая сакратарка, а на дзвярах у старшыні — шыльдачка з іншым прозвішчам.
— А дзе ж Леў Барысавіч, куды яго перамясцілі? — папытаў Вадзім.
— А вы хто будзеце? — у сваю чаргу пацікавілася дзяўчына.
— Я — былы супрацоўнік вашай райгазеты, а зараз лектар таварыства «Веды». Маё прозвішча Гурко. Прыехаў вось у камандзіроўку. Мне б пагаварыць са старшынёй наконт выступленняў.
— Таварыш Пракопчык у Мінску, будзе позна ўвечары. А намеснік яго на рабоце. Прыходзьце заўтра.
Вадзім, не вельмі засмучаны, падаўся ў рэдакцыю. Насустрач яму ішоў, пазнаў яшчэ здаля, Лявон Галкін.
— Го, якім ветрам занесла сталічную птушку ў нашу цьмутаракань? — першы, падаючы руку, усклікнуў Лявон. — Можа, зноў да нас? Тады міласці просім.
— Як бачыш, Лявоне, які моцна сядзіць на сваім троне, да вас. Толькі ў камандзіроўку. Што ў вас новенькага? Можа, вярнуўся на сваё ранейшае месца Павел Іванавіч Г алаўко? Гэта ж сцапалі чалавека і пасля як у ваду кануў.
— Выплыў, выплыў быў, а пасля зноў запраторылі немаведама куды. Адтуль, браце, не вельмі лёгка выкарабкацца, — Галкін сцішыўся да шэпту і аглянуўся па баках. — У гаўно як макнуць з галавой, то ўсё жыццё смярдзець будзе. Ну, а ты як?
Вадзім расказаў пра сябе, дачушку, пра тое, што мае ўжо ў Мінску неблагое жыллё.
— Бачу, браце, што ты раздабрэў, папаўнеў, сталічны лоск навёў. А мы тут па-ранейшаму мэнчымся, лодку нашу невядома куды нясе. Матэрыялу не хапае, мой загадчык ганяе мяне як Марка па пекле. Ды яшчэ і матацыкл зламаўся і не паддаецца рамонту.
— То, можа, прыходзь у гасцініцу, а вечарам сходзім куды разам павячэраем, — прапанаваў Вадзім. — Мне ж усё цікава пра вас ведаць. Зрэшты, дам у літстаронку новую гумарэску. Яна нідзе яшчэ не друкавалася.
— У гасцініцу зайду, а каб павячэраць, то выбач, да жонкі з Барысава прыехалі родзічы, давядзецца іх прывячаць. Іншым разам як-небудзь.
Ад няма чаго рабіць Вадзім, зайшоўшы ў гасцініцу, узяў каробку цукерак і прыгожую квяцістую хустку і падаўся да Варвары Вікенцьеўны. Карцела пабачыць гэтую цудоўную жанчыну, у якой спачатку ён адзін, а пасля і з Люсяй знайшлі надзейны прытулак. Варвара Вікенцьеўна была акурат дома, сядзела на ганку і нешта цыравала.
— А божачка, якая радасць! — усклікнула яна, усхапіўшыся і абдымаючы Вадзіма як роднага сына. — Хацела вам напісаць, ды не ведала адраса, думала, што ўжо не пабачу. А жонка ж дзе? Чаму не ўдваіх?
Яна сыпала адно пытанне за другім, пасля, расчыніўшы дзверы, запрасіла ў хату. Яна ўся свяцілася дабрынёй, зычлівасцю.
— Праходзьце, праходзьце. Я зараз згатую чаго. Вы ж, пэўна ж, галодны? То я хуценька чаго пастаўлю, бутэрброды зраблю.
— Не хвалюйцеся, Варвара Вікенцьеўна, — Вадзім не ведаў, як дзякаваць гэтай жанчыне. — Мне ж трэба хутка сустрэцца з патрэбнымі людзьмі. Яны прыйдуць у гасцініцу, а заўтра ў мяне будуць лекцыі, — ён ужо расказаў, дзеля чаго прыехаў сюды з Мінска. — Тады я ўсё-ўсё раскажу, што вас цікавіць. А вы мне пра сваё. Мо ў вас новыя кватаранты?
— Нікога няма, хата пустуе, — з непадробным сумам сказала Варвара Вікенцьеўна. — Каб добры чалавек трапіўся, як вы, то чаго ж. А то, бывае, словам няма з кім перакінуцца.
Аддаўшы падарункі, Вадзім сабраўся ісці, але Варвара Вікенцьеўна, успляснуўшы рукамі, спыніла яго як не на парозе.
— А божухны, я ж забылася сказаць, што знайшла канверт з вашымі фоткамі, ну, калі вы адразу пасля ЗАГСа сфатаграфаваліся на памяць. Пачакайце, я зараз прынясу.
— Вот дзякую, што захавалі. А мы з Люсяй ператрэслі ўсё на свеце, не ведаючы, дзе падзелі. Гэта ж і праўда памяць, ды яшчэ якая.
Ён выняў з канверта тры картачкі, палюбаваўся жонкай, такой юнай, шчаслівай, усмешлівай.
— То я адну вам падпішу, Варвара Вікенцьеўна, калі вы не супраць.
— Божа, ды я і не асмелілася прасіць, — усклікнула жанчына. — Я яе пад шкло пакладу, буду ўспамінаць.
— Ну, то яшчэ раз дзякую за ўсё, — Вадзім падняўся з-за стала, дзе падпісваў фотку, выйшаў на ганак.
Пачынала ўжо цямнець, і яму хацелася перад сном яшчэ раз прайсціся па ваколіцах гарадка, які стаў для яго чамусьці вельмі дарагім.
9
Зімой, неўзабаве пасля Новага года, нарадзіўся і сынок. Нарадзіўся дома, чаго яны ніяк не чакалі. Люся адчувала сябе няблага і не спяшалася ісці ў бальніцу ці выклікаць хуткую дапамогу. Вадзім таксама быў дома — апошнія два тыдні, ведаючы жончын стан, ён нікуды не адлучаўся. Люся папрасіла яго схадзіць у аптэку, купіць ваты. З ватай было тугавата, і ён абабег ажно чатыры аптэкі, пакуль у адной, не вельмі блізкай ад дома, знайшоў патрэбны тавар. Вярнуўся, а Іда Адольфаўна, бледная, спалоханая, папрасіла яго хутчэй бегчы да аўтамата, званіць у хуткую дапамогу. Не распранаючыся, ведаючы, у чым справа, ён, пераскокваючы праз прыступку, памчаўся на вуліцу. На хаду абмацаў кішэні, шукаючы дробязь. Пасля, успомніўшы, што дапамогу можна выклікаць бясплатна, трохі супакоіўся. Першы стрэчны аўтамат быў сапсаваны, у другім наогул жыўцом адарвана трубка. З усіх ног пусціўся шукаць трэцюю будку, але там стаяла жанчына і доўга з некім сварылася па тэлефоне. Вадзім нецярпліва тупаў вакол, паказваў жанчыне на гадзіннік, але тая і вухам не павяла. Тады ён не выцерпеў, рвануў дзверкі на сябе, голасна крыкнуў:
— Мне хуткую дапамогу. Жонка раджае.
Гэта падзейнічала, і жанчына вызваліла месца ў аўтамаце. Вадзім, набраўшы патрэбны нумар, сказаў, па якой прычыне выклік, назваў свой адрас і прозвішча. Калі прымчаўся дадому, ля пад’езда ўбачыў карэту хуткай дапамогі. У яе на насілках некага заносілі два санітары.
— Люся! — роспачна крыкнуў Вадзім.
На двор выйшла апранутая ў паліто наапашкі Іда Адольфаўна і, пачуўшы голас Вадзіма, супакоіла:
— З сынком вас. Усё добра. Не трэба хвалявацца. Хлопчык ужо ў кабіне.
Перахваляваўшыся, Вадзім нават не падзякаваў гэтай жанчыне, якая на
той час аказалася дома і зрабіла ўсё, што патрабуецца для парадзіхі. Вадзім хацеў зайсці ў салон, сказаць колькі ласкавых слоў жонцы, але яму забаранілі, баючыся якой інфекцыі (акурат у гэты час лютаваў грып). Машына паехала, і
Вадзім папікнуў сябе, што нават не спытаў, у якую бальніцу яе павезлі. Зноў жа выручыла Іда Адольфаўна:
— Там я запісала, — быццам адгадваючы яго думкі, сказала яна, — нумар раддома і тэлефон для даведак.
— Божа, а я ж так доўга бавіўся, — павініўся ён. — Каб не вы, то не ведаю, што і было б.
— Ваша жонка малайчына. Цярплівая, як ні адна, мусіць, жанчына. Вы яе беражыце.
Ужо на наступны дзень Вадзім памчаўся ў раддом, спадзеючыся, што яго пусцяць хаця б у калідор і пакажуць хлопчыка.
Аднак у прыёмным аддзяленні пасмяяліся з яго нецярплівасці.
— Яшчэ пабачыцеся і налюбуецеся. А зараз у нас каранцін. Так што ідзіце дадому, рыхтуйце пялёнкі, распашонкі. А з сынулем і мамай усё будзе добра, — сказала яму ў акенцы пажылая жанчына з павязкай на твары.
— А запіску можна перадаць? — папытаў ён.
— Гэта — з дарагой душой.
Вадзім сеў у крэсла, вырваў з блакнота чысты лісток, размашыста напісаў: «Люблю, сумую, цалую цябе і ў носік нашу крывінку. Трымайся. Ты — малайчына. Вадзім».
Выпісвалася яна праз паўмесяца. Дзеля такой нагоды Вадзім рашыў узяць таксі. Перад гэтым у пакоі, на кухні, у калідоры і ў ваннай усё старанна вымыў, выцер, каб нідзе не было ні пылінкі. Таксі рашыў злавіць бліз раддома, каб не плаціць лішнія рублі. Цяпер, пакуль паедзе ў камандзіроўку і заробіць, пройдзе нямала часу, не меней як месяц. Дзіця, захутанае ў ватнюю коўдрачку, ён нёс да машыны як самы дарагі скарб. Асцярожна намацаў нагамі сходцы, а ўжо на вуліцы, паколькі было слізка, ішоў як спутаны. У таксі было цёпла, і ён, трымаючы канверт на каленях, асцярожна адгарнуў коўдрачку і ўпершыню ўбачыў сынульку. Хацелася пацалаваць у носік, аднак Люся забараніла, каб не пабудзіў дзіцятка.
— Дома ўжо, дома нацешышся, — хілячыся да мужа, казала яна. — Плакса такі, што не ведаю, у каго ўдаўся.
— Не ў мяне ж, пэўна, — засмяяўся Вадзім.
У хаце было цёпла, і яны, распрануўшыся самі, расхінулі, каб часам не запарыўся, і малога. Той усё яшчэ соладка спаў, у сне цмокаў роцікам — відаць, прыспічыла ўжо есці, і Люся пачала рыхтавацца карміць дзіця грудзямі.
— У нас жа хлеба няма, — сказала, схадзіўшы на кухню. — Як ты толькі харчаваўся, бедненькі мой.
— Цяпер я ўжо багаты, — сказаў ён. — Трэба з’ездзіць па Ірынку, прывезці іх з бабуляй сюды. Яны ж яшчэ нічога не ведаюць. Во будуць радыя.
— А як мы размесцімся? — занепакоена агледзела куткі Люся. — Маме ж трэба асобная пасцель. А Ірынку куды пакласці? З калыскі яна ўжо хутка вырасце, і так ногі ў білкі ўпіраюцца. Але яна будзе для нашага сыночка.
— Мама ляжа на канапе, а для Ірынкі трэба нешта купляць новае, — сказаў Вадзім. — У мяне яшчэ трохі грошай ёсць. А заўтра ці паслязаўтра дадуць заробленае за снежань. Так што выкруцімся.
— Хіба што так, — павесялела жонка. — А маме цяпер было б добра ў цяпле пабыць. Там жа ў яе дроў, мусіць, некалькі бярэмаў засталося.
— Тым больш трэба хутчэй забіраць. Марозы ж, перадавалі па радыё, яшчэ больш узмацняцца.
Грошай гэты раз ён атрымаў менш, чым чакаў, відаць, за некаторыя лекцыі яшчэ не прыйшлі разлікі. Аднак, пералічыўшы ўсю суму, супакоіўся. На месяц жыць хопіць, яшчэ набяжыць і на падлеткавы ложак, які можна паставіць у нагах да іхняга.
Наладзіць такі-сякі быт — справа не з лёгкіх. Вадзіму гэта ўдалося ў той меры, якую дазвалялі фінансы. Ён ужо аб’ездзіў амаль што ўсе раёны вобласці і ўдумаў вясной, як стане суха, падацца ў больш глыбінныя раёны рэспублікі. Зноў цягнула на Палессе, але пакуль не сыдзе вада, патыкацца туды няварта. Меў ужо горкі вопыт паездкі ад радыёкамітэта. Зараз ніхто яго ў карак не папіхае. Можа выбіраць любое месца і любы дзень паездкі.
Дзеці тым часам раслі, і з цяплом цешча ўсё часцей і часцей пачала гаварыць пра закінутую хату, падгаворвала і дачку разам з малымі паехаць у вёску. Вадзіму, калі праўду сказаць, хацелася ўжо цішыні, тым больш да цяпла меркаваў закончыць даўно пачатую аповесць. Гэта калі б удалося напісаць такі вялікі твор, надрукаваць яго ў часопісе, пасля выдаць асобнай кніжкай, быў бы стымул кінуць усялякія лекцыі, цалкам аддацца літаратурнай працы. А цяпер ён быў не супраць, каб дарагія яму людзі пабылі на свежым паветры, пад крыльцам маці і бабулі. Заадно падумваў, куды б гэта паехаць летам разам з дзецьмі, каб там былі рэчка ці возера, дзе маглі б загараць, плюхацца ў вадзе, лавіць рыбу. Самым прыдатным месцам лічыў, пакуль дзеці яшчэ зусім малыя, ваколіцы Мікуціч, дзе шырокай стужкай плыве Нёман, а вакол без канца і краю лясы, дзе шмат грыбоў і ягад. Яшчэ калі вучыўся ў школе, такое месца за тры кіламетры ад мястэчка яму паказалі хлопцы. Называлася яно Лядзіны. Там было некалькі хутароў, на якіх жылі старыя людзі, бо дзеці іх параз’язджаліся хто куды ў пошуках працы і лепшай долі. У ваколіцах Лядзін, на саменькім беразе Нёмана, расказвалі старыя людзі, праходзіў Першы ўсебеларускі з’езд настаўнікаў, на якім прысутнічаў і Якуб Колас. Пасля гэтага з’езда вядомага ўжо на той час паэта царскія ўлады на тры гады кінулі ў астрог. Там Колас не марнаваў дарэмна час. Сум па малой радзіме, па лясах, барах, неаглядных наднёманскіх далях даў яму імпэт і натхненне для напісання паэмы «Новая зямля».
У гэты благаславёны Богам кут яны і выедуць з дзецьмі, каб перад зімой зусім аздаравіцца. Што зніме які пакой, а то і два, ён ані не сумняваўся. Толькі трэба з’ездзіць загадзя, усё абгаварыць з гаспадарамі, папытацца, ці можна браць малако.
Люся з захапленнем прыняла гэтую прапанову, толькі папрасіла, каб хата стаяла трохі воддаль ад вады, бо ледзь не дагледзіш — і можа здарыцца непапраўнае. Довады гэтыя былі слушныя.
Сям’я паехала ў Жорнаўку ў другой палове красавіка, які ў гэтым годзе выдаўся надзвычай цёплым, нават спякотным. Маленькі Сяргейка — так назвалі сына па ўзаемнай згодзе — добра поўзаў, быў шустрык, якіх пашукаць трэба. Ужо некалькі разоў вылузваўся з калыскі і падаў долу. За такім трэба было глядзець, не спускаючы вачэй. У Жорнаўку паехалі ўсе разам, нагрузіўшыся як валы. Г алоўны груз — разабраную калыску з матрасікам, а таксама гаспадарчую сумку з адзеннем, ядой, узяў у свае рукі Вадзім. Цешча і Люся таксама цягнулі ўсяго нямала. Дзіця па чарзе бралі на рукі то адна, то другая, гэта калі Сяргейка не хацеў сядзець у калясцы. Тады яе, ужо пустую, піхала перад сабой Ірынка. Так-сяк даехалі да вакзала, селі ў цягнік. Цяпер пачалі думаць, як дабрацца да Жорнаўкі. Спадзявацца на якую легкавую машыну не даводзілася. Вырашылі, што частку цяжкіх рэчаў здадуць у багажнае аддзяленне, а самі з дзецьмі паціху пойдуць пешкі. Пасля Вадзім збегае на станцыю і забярэ астатняе.
К абеду былі ўжо на месцы. Цешча хадзіла па нагрэтай ад сонца хаце і не магла нарадавацца. Нават не звяртала ўвагі на пыл, якога за паўзімы і вясну сабралася нямала. Вадзім схадзіў да студні, выцягнуў драўляную ражку чысцюткай, бы сляза, і халоднай вады, пераліў у свае два вядры. Не змог стрымацца, каб там жа, ля студні, не напіцца. Адчуў, як гаючая вадкасць прыемна студзіць разгарачанае цела. Дома, пакарміўшы і паклаўшы Сяргейку спаць, жанчыны пачалі выціраць пыл, драіць падлогу, выграбаць попел з печы і прыпечка. Пра абед і забыліся. Ірынка, якую былі адправілі на вуліцу, першая прыбегла і нагадала:
— Есці хачу, бабуля.
— Во, на свежым паветры і апетыт нагуляла, — парадавалася маці. — А так гэтага не буду, таго не хачу.
— Зараз, унучачка, зараз я што-небудзь згатую. Вось толькі кончым прыбірацца.
Вадзім думаў, як быць яму. Зараз, калі сям’я ў парадку, самы раз з’ездзіць некалькі разоў запар у камандзіроўку. Грошай заставалася мала, а трэба ж яшчэ пакінуць жонцы з дзецьмі, цешчы, бо сваіх запасаў, апроч бульбы ў склепе, буракоў ды салёных агуркоў, ніякіх няма. А трэба ж хлеб, алей, цукар, тлушчы якія, чаго без грошай нідзе не возьмеш. А дзецям яшчэ і малако вельмі патрэбна. Карацей, круціся, браце як уюн на патэльні, але раздабудзь самае патрэбнае для сям’і. Ён вырашыў, паабедаўшы, ехаць у Мінск, вечарам пасядзець над аповесцю, а ранкам, як толькі адкрыецца таварыства, папрасіць камандзіроўку. Гэты раз у раён з багатай прамысловасцю, дзе ахвотней прымаюць лектараў і ніколі не затрымліваюцца з пералічэннем грошай.
Пакарміўшы Ірынку, бо тая таксама захацела спаць, пачалі на керагазе варыць бульбу. Бульба за зіму захавалася нядрэнна, была сопкая і буйная, і цешча планавала частку ад той, якую трэба пасадзіць і пакінуць да новай, прадаць, каб мець у запасе лішні рубель. Паелі з агурком і салёнай кількай, якую ў слоіку прывезлі з Мінска. Вадзім падняўся з-за стала, падзякаваў і выняў з кішэні грошы, пакінуўшы сабе толькі на праезд.
— А за якія шышы ты паедзеш? — папытала Люся. — Табе ж і харчавацца трэба.
— Я заўтра камандзіровачныя атрымаю, вазьму аванс паболей, каб, вярнуўшыся, нешта яшчэ вам падкінуць.
— Хіба што так. Вой, як добра разам. Так бы хацела, каб ты нікуды не адлучаўся.
Люся выклікалася, пакуль дзеці спалі, трохі яго правесці. У бакоўцы Вадзім, зайшоўшы туды на дыбачках, яшчэ раз паглядзеў на сонных дзяцей, пацалаваў жонку, і яны разам выйшлі на вуліцу. Сонца па-ранейшаму пякло неміласэрна, што для гэтага месяца было нейкай анамаліяй. Пінжак ёй не стаў апранаць, надумаў несці ў руках. Вольга Іванаўна, усё ніяк не нарадаваўшыся, што вярнулася дадому, сядзела на лаўцы пры плоце, лушчыла гарбузовыя семачкі. Вадзім, падышоўшы, пацалаваў ёй руку, падзякаваў за ўсё, і яны з Люсяй падаліся ў завулак, які выводзіў на загуменне. Далёка ісці ён не дазволіў. Аглянуўшыся, ці няма каго паблізу, прыгарнуў яе да сябе, моцна пацалаваў. Люся нават гэты раз пусціла слязу.
— Не плач, мая харошая. Месяцы праз два-тры будзем доўга разам. Мне таксама без вас будзе вельмі маркотна. Ну, а табе яшчэ і цяжка. А бульбу калі саджаць, то як-небудзь накажыце. Рыгору скажы, у яго ж і дома ёсць тэлефон, а той з-пад зямлі мяне выкалупае. Трэба ж будзе і каня прыстарацца. А пасадзіць нам Коля паможа. Так што і маме скажы, каб не перажывала.
— Я за цябе перажываю, — Люся ўсё тулілася да яго, ніяк не адпускала ісці.
— Дурненькая, чаго? Ведаеш радкі ў Сіманава? «Жди меня, и я вернусь, только очень жди».
— Буду, буду чакаць, — жонка ціхенька падпіхнула яго ўперад і, не аглядваючыся, пабегла ў завулак.
Дома ў паштовай скрынцы яго чакаў прыемны сюрпрыз — ганарар на прыстойную суму з сатырычнага часопіса. «Вось бы гэтыя грошы зараз жонцы. Хоць ты заўтра не едзь нікуды, а купляй прадукты і вязі сям’і». Але, разважыўшы, вырашыў, што на тыдзень яды ім хопіць. Іды Адольфаўны паранейшаму не было дома, бо з яе пакойчыка не было чутно ні гуку.
— Іда Адольфаўна! — на ўсякі выпадак гукнуў Вадзім, але адказу не пачуў.
Вадзім вырашыў з гэтага ганарару купіць ёй які падарунак, бо дасюль ніяк
не выпадала належным чынам аддзячыць гэтай цудоўнай жанчыне. Вырашыў, што купіць ёй найноўшы прыёмнік, таму што радыё іхняе то працуе, то маўчыць. А па прыёмніку можна знайсці любую музыку, паслухаць радыёпастаноўку, усялякія навіны. Пісаліся апошнія старонкі аповесці з цяжкасцю. Да дзвюх ночы сядзеў на кухні не разгінаючыся, хіба што папіць гарбаты, і, адчуўшы, што і гэты раз не скончыць, згарнуў паперы і пайшоў спаць. Без жонкі і дзяцей было вольна, але тужліва.
Раніцай, аформіўшы камандзіроўку, ён ужо ехаў маскоўскім поездам да Гродна.
10
У сярэдзіне ліпеня яны ўсе ўчатырох былі ўжо ў Лядзінах. Ад поезда дабраліся аўтобусам да Мікуціч, а адтуль дзе лясной дарогай, дзе ўзбоч Нёмана ішлі да Лядзін. Люся не пераставала вохкаць ды ахаць, любуючыся такой прыгажосцю. Сяргейку везлі ў калясцы. Ён не спаў, імкнуўся вылузацца з яе, але ж ісці ён не змог бы, а несці аніяк не выпадала. Абедзве рукі Вадзіма былі занятыя вялізнымі сумкамі. Люся таксама несла гаспадарчую сумку, у якой была на першы час яда. Яны не спяшаліся, бо да вечара яшчэ было вельмі далёка. На беразе рэчкі паслалі посцілку, пасядзелі. Выпусцілі і малога жэўжыка, які, ледзьве апынуўшыся на волі, адразу папоўз да вады.
— Во шустрык, — Люся кінулася да яго і вярнула на месца. — За ім трэба вока ды вока.
Ірынка забаўлялася з вудачкай, якую ёй даручылі несці. Пасля, разуўшыся, пачала бегаць за рознакаляровымі матылькамі, спрабуючы хоць аднаго злавіць голымі ручкамі.
— Глядзі, на пчалу дзе не наступі, — Вадзім падышоў да дачкі, памог абуць сандалікі. — А то як дасць джала, то не так заскачаш. Бачыш, колькі іх тут на кветачках, як яны збіраюць мёдзік.
— А я люблю мёдзік, — Ірынка, ужо абутая, зноў занялася вудачкай. — Татачка, а ты лыбку зловіш? Вялікую, вялікую, — яна раскінула ручкі і паказала якую.
Яны з Люсяй рассмяяліся, давольныя і гэтым пагодным днём, і тым, што доўга будуць разам на такім прыволлі.
Гаспадыня, якая даўно пахавала мужа і жыла адзінока (родны сын працаваў у Мінску на станкабудаўнічым заводзе і паказваўся дома рэдка), стрэла іх з вялікай радасцю.
— Божа, — войкала яна, — як жа вы дабраліся з такім маленькім? Гэта ж зусім няблізка ад Мікуціч. А яшчэ з Мінска ехалі.
Яна выдзеліла ім вялікі пакой, у якім было тры акны, і ўсе глядзелі ў бок бярозавага гайка, атуленага з усіх бакоў плеценым з лазы парканам. Калі трохі разгрузіліся, Сяргейку паклалі спаць у калясцы на вуліцы, пайшлі аглядаць бярозкі і наогул увесь участак пры хаце пад гонтавым дахам. З боку лесу бліз склепа стаялі тры вуллі, дзе, чуваць было нават здаля, гулі пчолы, бліжэй да хаты месціліся грады, а на другім баку хаты, ад калодзежа і далей да плоту — бярозавы гаёк. Люся, нібыта тое дзяўчо, бегала і лічыла дрэўцы. Налічыла ажно сто тры прыгажуні. Нёмана адсюль не было бачна, хоць лёгкі вецярок прыносіў з тога боку пах аеру, надрэчнай мяты.
— Божа, ды тут жа лепш, чым у тым раі. — Яна абняла аберуч бярозку, прытулілася да яе. Век бы жыла тут.
Ірынка, у лёгкай сукеначцы ў зялёны гарошак, таксама лічыла дрэўцы, бегала, хавалася ад бацькоў, гукала, каб яе шукалі.
Гаспадыня сядзела на ганку, любавалася кватарантамі, зычліва ўсміхалася.
— Таццяна Пятроўна, — крыкнуў Вадзім, — чарвякоў тут я знайду дзе? Хачу схадзіць на рэчку, мо што злаўлю. Сто гадоў не рыбачыў. Тут жа, відаць, мала хто ходзіць з вудачкамі.
— Чаму, у выхадныя дні наязджае нямала, нават з Мінска. Адзін палкоўнік у адстаўцы з самой Масквы прыехаў. Другі месяц жыве па-суседску. Ён нямала цягае шчупакоў, язёў, акунёў, а малечы дык не злічыць. Усё сушыць, адсылае пасылкамі дадому. Вы пыталіся, як з чарвякамі? А во, зараз дам рыдлёўку, каля хлява, дзе быў гной, трэба ўкапаць, там і сын неяк корпаўся, набраў цэлую бляшанку.
Пакуль Люся з дачкой бегалі між бярозак, Вадзім і сапраўды набраў нямала тлустых чарвякоў. Цяпер трэба было падрыхтаваць вудачку, праверыць лёску, начапіць кручок.
Дачка, дазнаўшыся, што ён ідзе на рэчку, напрасілася ўзяць яе з сабой. Вадзім паглядзеў на жонку.
— Пытайся ў мамы, — сказаў не вельмі ахвотна. — Баюся, будзеш шумець, распудзіш мне ўсю рыбку. Ды і камары ля вады могуць пакусаць, у нас жа нічога няма ад гэтай поскудзі.
— Хачу лібкі, — заенчыла малая, і Люся не вытрывала, прынесла з хаты шапачку і плашчык.
— Гэта, — сказала, — калі будзе заедзь і стане халадаць. Ахінешся, шапачку на галаву і сядзі ціхенька.
Яны пайшлі нацянькі, праз поплаў, які кішэў пчоламі, матылькамі, стракозамі, конікамі. Высокая трава даставала Ірынцы да падбародка, але дачушка, якая сама напрасілася на рыбалку, мужна прадзіралася скрозь гэта густое разнатраўе, пакуль не выйшлі на калёсную дарогу і дыхнулі вальней.
— Больш сюдою не пойдзем, — ён агледзеў яе тварык, ногі, баючыся, каб дзе не трапілася была крапіва і не пасекла пісягамі скуру. Але ўсё абышлося, і яны пакрочылі далей. Да рэчкі выйшлі неспадзеўкі. Трохі завярнулі ўправа, зялёнай куп’істай прагалінай прайшлі да лазовых кустоў і ўбачылі стужку Нёмана. Ды ён быў вузкаваты, чысты, не запаскуджаны каравяком, і яны, прысеўшы на траву, пачалі рыхтаваць снасці. Ірынка трымала лёску, а ён прыладжваў паплавок, грузік і кручок. Нарэшце выбралі з бляшанкі самага тлустага чарвяка і надзелі на кручок. Вадзім, загадаўшы дачцэ моцна не тэпаць па беразе, кінуў вуду на глыбокае, пачаў чакаць. Тут, у заяміне, вада стаяла ціхая і цёмная. Відаць, глыбіня была метр-два, калі не болей. Паплавок выплыў на паверхню, пачаў рабіць невялікія кругі. Раптам яго кудысь павяло, ды так імкліва, што ледзьве вудачку не пацягнула ў ваду. Ухапіўшыся за канец, ён падсек, пацягнуў на сябе, але ў глыбіні нехта аказваў шалёнае супраціўленне.
— Тата, лібка, мусіць, — запляскала ў ладкі Ірынка, не зводзячы вачэй з паплаўка.
Нарэшце, падцягнуўшы вуду вышэй, Вадзім згледзеў вялікага, можа, на грамаў трыста, акуня, прыгожага, пярэстага, трапяткога. Каб не сарваўся з кручка, Вадзім цягнуў рыбу паволі, баючыся зачапіцца за траву ці які корч. Але ўсюды было чыста, і хутка акунь аказаўся на беразе. Ірынка яшчэ гучней запляскала ў ладкі.
— Бач, ужо ёсць і здабыча, — парадаваўся і ён. — Мама таксама будзе рада.
Ірынка баялася чапаць рыбіну, бо яна і на траве яшчэ біла хвастом, вужакай выкручвалася, шырока разяўляла, хапаючы паветра, зубасты рот.
— Баюся лібкі, — адбеглася як мага далей малая. — Татка, а яна не памлэ?
— Мама вечарам яе падсмажыць. Будзем разам есці. Ведаеш, якая смачная.
— Ну якая?
— А вось пабачыш. Зараз яшчэ кінем вудачку ў ваду.
У той вечар яны вярнуліся не вельмі позна і шчаслівыя. Ірынка хвалілася, што ўжо не баіцца рыбкі, гатова ўзяць яе голымі рукамі. Калі гаспадыні ўзялі бязмен і зважылі, то атрымалася больш чым два кілаграмы. Далі тры акуні і Таццяне Пятроўне, якая, хоць і аднеквалася, узяла пачастунак з удзячнасцю.
— А я вам свежанькага малака зараз прынясу, — сказала яна. — Карова дае столькі, што і няма дзе дзяваць. Бярыце колькі хочаце, рабіце сыры, біце масла. Калгас часам забірае ў нас малако, але то машыны няма, то бензіну, то яшчэ нейкай трасцы. Ведама, няблізка ехаць, ды яшчэ лесам. Думала ўжо здаваць нашу Лыску. Ды тут вы аказаліся. То, мяркую, хай яшчэ з годзік пабудзе. Пашы ж хапае. А сена неяк і за плотам накашу і высушу.
— Мы вам паможам, — сказаў Вадзім. — Праўда, касец з мяне не вельмі, але касу трымаць у руках магу.
— Дармо ўжо, — падзякавала гаспадыня, — але ж неяк да гэтага часу ўпраўлялася, то і зараз не застануся без корму. Вам адпачываць трэба, дзетак глядзець.
І ўсё ж сумленне не дазволіла Вадзіму застацца ў баку ад сенакоснай справы. На другі ж дзень, раніцай, пачуўшы шоргат мянташкі аб лязо касы, ён падхапіўся з пасцелі, працёр вочы і, папіўшы вады, выйшаў на ганак. На свежым паветры пацягнуўся, дыхнуў на поўныя грудзі і аглянуўся, шукаючы вачыма, скуль ішоў гэты звон. Гаспадыні блізка нідзе не было, і ён, вярнуўшыся ў залу, дзе жонка з дзецьмі яшчэ соладка спалі, надзеў кашулю, знайшоў гумавыя боты і падаўся за хлеў. Было росна, з вечара прайшоў добры грыбны дожджык, і паветра, насычанае пахамі зямлі, блізкага лугу, ранішняй волкасцю, незвычайна бадзёрыла, надавала пругкасць рукам і нагам.
За хлявом, прывязаная доўгай вяроўкай да сасны, пасвілася Лыска, а трошкі далей, кінуўшы на траву кофту, прымервалася стаць у новы пракос Таццяна Пятроўна. Вадзім падышоў, павітаўся, як бы вінавата сказаў:
— Добрыя людзі працуюць, а мы, лайдакі, спім у шапку, акурат пшаніцу прадаўшы.
Яна, усміхаючыся, дала касу, Вадзім папрасіў мянташку, падвастрыў і, стаўшы на пачаты пракос, узяў касу ў рукі. Калі трава лягла роўным шнурам, спазнаў такую асалоду, якую даўно не адчуваў ад фізічнай працы.
— О, дык жа ў вас добра атрымліваецца, — пахваліла гаспадыня. — А прытварыліся, што не ўмееце.
— Я ж сялянскі сын. У вайну, як не стала бацькоў, усё даводзілася рабіць — баранаваць, часам касіць, накладваць вазы. Жыццё ўсяму вучыла.
— І жонка ваша, адчуваецца, працавітая жанчына.
— А то як жа! Інакш бы развод, — засмяяўся Вадзім. — Яна таксама спазнала ліха. Гадавалася без бацькі, рана пайшла на цяжкую працу. Так што мы аднаго поля ягадкі.
— То шчасця вам. Хоць цяпер пацешцеся адно адным. І дзеткі вашы будуць харошыя. А ў майго няма дзіцяці. Жыў з адной, пасля з другой звязаўся, а яна, зязюля, якіх свет не бачыў. Толькі і ведае, што строі, губная памада, смачна паесці і доўга паспаць. Дачка нейкага маёра. Прыехала неяк да нас з сынам і ўсё носам чмыхала: музыкі няма, якую б хацела, яда вясковая, не па ёй, то пчолы раздражняюць. І хоць бы які грыб падняла. А іх было процьма — падасінавікаў, баравікоў, сыраежак. Дык жа не, нагінацца трэба, а пасля чысціць, мыць. Усё сын рабіў. Упікала яго, што не паехалі ў Крым, а завёз яе на час адпачынку ў глушэчу несусветную. Таццяне Пятроўне даўно, відаць, карцела выказацца пра тое, што муляла, цяжкім каменем ляжала на душы. Пакуль ён вёў пракос, яна ішла побач, любавалася яго хваткай і спавядалася:
— Пра дзіцянё, калі мой Віця заікнуўся, то і слухаць не схацела. Кажа, буду маладосць сваю губіць, пэцкацца з пялёнкамі, ночы не дасыпаць. Тады яна бразнула дзвярыма і праз лес пачасала ў Мікуцічы на аўтобус. Уцякла ў Мінск. Ён, пахапаўшы такія-сякія рэчы, — услед. Кажу, пабудзь, сынок, дзе дзенецца, як міленькая прыбяжыць назад. Ды дзе там? Кажа, не магу, мама, без яе, люблю. Хай яна спрахне, з такой любоўю. Некалі мой, царства яму нябеснае, на руках мяне насіў, але ж я і гадзіла яму, выконвала любое жаданне. На край свету магла б пайсці за ім, не тое, што гэтая шалахвостка. Божа міласэрны, уродзяцца ж такія.
Пакуль яна расказвала, Вадзім скасіў немалы ўчастак і ўжо трохі змакрэў. Таццяна Пятроўна спахапілася, забрала касу.
— Я зубы загаворваю, а вы работу робіце. Ідзіце, паглядзіце, як там вашы. Прачнуцца, спахопяцца, а вас нямашака. І вуды на месцы. Не будуць ведаць, дзе і што.
Покуль сняданак, ён рашыў схадзіць на раку. Чарвякі яшчэ засталіся з учарашняга дня, так што капаць не давядзецца. Вечарам яны зноў схадзілі з дачкой разам, зноў прынеслі нямала рыбы. Гэты раз, калі зловіць, аддасць частку гаспадыні, астатняе пачне саліць і сушыць. У яго ўжо добрая торбачка сабралася такой рыбы. А пасля абеду сходзіць у Мікуцічы, мо ўдасца купіць там піва. Зноў жа карцела даведацца пра лёс дырэктара школы і яго сям’і, а таксама сяброў сваіх, аднакашнікаў і іншых, якіх ноччу схапілі невядома за што і звезлі, пэўна, чорт ведама куды. Бо ў Мінску нікога з іх не знайшоў, колькі ні рабіў спробаў адшукаць хоць якія сляды нявольнікаў. Ужо ж была амністыя, дык няўжо яна не тычылася палітычных, бо што ўсім ім шылі палітыку, гэта бясспрэчна, як двойчы два. Дзе цяпер Тамара Пятроўна? Куды лёс закінуў яе? Як ні добра было Вадзіму, але напамінак пра гэтых людзей не-не дый адгукаўся ў ім пякучым болем. А Аляксею Мітрафанавічу ён так і не паспеў вярнуць пазычаныя грошы. Хто ж тады ведаў, што іх наступная стрэча расцягнецца на гады?
У Мікуцічы ішоў лясной дарогай, не ведаючы, што праз тры дні ён подбегам будзе шыбаваць па ёй зноў жа ў мястэчка, пытаючыся, дзе які медпункт ці амбулаторыя. На руках будзе несці свайго сыночка. А зараз у Мікуцічах, куды ён выйшаў ля цагельні, было пустынна і глуха. Быў той пасляабедзенны час, калі цягнула на дрымоту, а хто і не спаў, хаваўся ў хаце ці на вуліцы ў ценю дрэў, каб перажыць лютую спякоту недзе за трыццаць, якая валіла з ног і сабак, і людзей. «І чаго ў такую задуху мяне паперла сюды? — думаў Вадзім. — Там пры лузе, сярод бярозак, гарачыня так не даймае». Выпусціўшы тэніску паверх штаноў, каб разгарачаную спіну хоць трохі кранаў ветрык, ён дайшоў да школы, пры якой у часе летніх канікул было пуста, заглянуў у двор, дзе яны некалі маршыравалі на ваеннай падрыхтоўцы, і дзе зачынаў песню «В далекий край товарищ уезжает.» нязменны запявала Янка Шакурны, а яму пасаблялі Коля Горчак і Валодзя Родзік. «Дарагія і мілыя сябры! Дзе вы? Якімі ходзіце зараз сцяжынамі, як складваецца ваша жытка?» Не думаў Вадзім, што гэтак балесна нахлынуць на яго ўспаміны, гэтак растрывожыць сэрца. Ён зайшоў у туалет, дзе некалі быў намаляваны вершнік з высока ўзнятай шабляй, быццам ён адну за адной касіў долу галовы ворагаў Бацькаўшчыны. Вядома, ад тых малюнкаў і надпісаў зараз не засталося і следу. Вабіў да сябе мост, на якім увечары яны збіраліся разам, зноў жа спявалі песні, глядзелі, як унізе чарнее і пеніцца нёманская плынь, разбіваючыся аб палі. Мілыя сэрцу краявіды і незабыўныя ўспаміны! Ён не ведае, колькі так стаяў, абапёршыся аб парэнчы, пасля, яшчэ раз акінуўшы поглядам наваколле, паціху пайшоў назад. У краме яму пашанцавала. Купіў учора завезенае піва, ажно пяць бутэлек, малым цукерак, тры селядцы, два боханы досыць ужо нясвежага хлеба, і пайшоў, нікога не стрэўшы са знаёмых, назад, у свае Лядзіны. Спёкі ўжо амаль не адчувалася, таму ішлося лёгка. Ён зноў падаўся лесам — хацеў па шляху знайсці колькі грыбоў, каб вечарам адварыць і падсмажыць. Люся ўжо чакала яго, баязліва паглядаючы на яблыню бліз іхняга акна, на якім нешта клубком чарнелася. Гаспадыні не было, пайшла ў лес, і жонка не ведала, што рабіць з тым клубком.
Вадзім адразу ацаніў абстаноўку.
— То ж рой вылецеў. Трэба хуценька браць рэшата, сетку на галаву і які ручнік. Зараз будзем зграбаць, каб рой не паляцеў куды далей. Доўга ён тут не затрымаецца. У швагра бачыў, як той аднойчы ўпраўляўся з роем, які заляцеў да іх, таму пачаў рабіць усё так, як бачыў у Юзіка. Спачатку накінуў на галаву драцяную сетку, апырскаў венікам, памачыўшы яго ў вядры з вадою, затым адзеў рукавіцы (дзякаваць богу, што ўсё патрэбнае гаспадыня не хавала далёка) і пачаў нахіляць галінкі і страсаць у падстаўленае рэшата. З вялікім клубком, туды, відаць, трапіла матка, бо пчолы пасля гэтага самі пачалі падаць да астатніх. Вадзім акуратна акрыў рэшата ручніком, завязаў па баках і занёс у цёмную кладоўку. Люся з Ірынкай наглядалі за яго работай здаля, баючыся ўкусу выпадковай пчалы.
Гаспадыня, калі дазналася пра рой і што яго злавілі, вушам сваім не паверыла. А калі схадзіла ў кладоўку і глянула, вочы яе засвяціліся ад радасці.
— Вы мне цэлы вулей уратавалі. Ну, з мяне магарыч, але, паколькі вы не п’яце, то трохлітровы слоік мёду, лічыце, ужо зарабілі. Хутка буду вымаць рамкі і качаць. У мяне ж медагонка ёсцека.
У той вечар усе былі шчаслівыя.
А праз два дні Сяргейка моцна параніў правую руку. Поўзаючы каля адной з бярозак, ён натрапіў на пабітую бутэльку і калі ўдумаў стаць на ножкі, вострае шкло зрэзала яму на далоні, бліжэй да кісці, ладнаваты кавалак жывога мяса, якое завісла на адной шкурцы. На сынаў крык і енк прыбегла мама і, глянуўшы на руку, ледзь не страціла прытомнасць. Вадзім гэты раз не рыбачыў, быў акурат дома і таксама падбег да Сяргейкі.
— Божа, што ж рабіць? — роспачна ламала пальцы Люся. — У нас жа ні ёду, ды і бінт ці ёсць. Трэба хуценька ў бальніцу. А хто адвязе?
Рану прамылі кіпячонай вадой, завязалі чыстай анучкай.
— Я хутка дамчу яго ў Мікуцічы. Там ёсць фельчарскі пункт, — супакоіў Вадзім жонку. — Усякае бывае.
Аднак Люся не знаходзіла сабе месца:
— А як заражэнне крыві? Я тады таксама памру.
Вадзім не стаў марудзіць і з сынам на руках пусціўся праз лес да мястэчка. Баяўся, хаця б медпункт не быў зачынены, хаця б там хто быў. Прыбег запыханы і абрадаваўся: народу нікога не было, і стары, у акулярах фельчар, паглядзеўшы рану, супакоіў:
— Вы, малады чалавек, прыбеглі ў свой час і ў патрэбнае месца. Ёсць яшчэ магчымасць, пакуль не засохла, прышыць шкурку, што мы зараз і зробім, толькі спачатку дэзінфіцыруем.
Сын, на шчасце, не вельмі крычаў, бо таксама быў напалоханы і не ведаў, што дзядзя робіць з яго ручкай. Калі ўсё было зроблена і забінтавана, фельчар раптам ні з таго ні з сяго папытаў:
— Вы часам не той Гурко, які вучыўся ў нас, а зараз піша гумарэскі і апавяданні?
Вадзім здзівіўся, што і дасюль даходзяць яго творы і нехта іх чытае. Сціпла адказаў:
— Так, гэта я. Але ж я так мала напісаў.
— Мала, ды ўдала, — адказаў фельчар. — Рады быў пазнаёміцца.
Вадзім хацеў спытаць у яго пра Аляксея Мітрафанавіча, але зайшла акурат пажылая жанчына з дзяўчынкай, ды і сын моцна захныкаў, і ён, падзякаваўшы і цёпла развітаўшыся, пайшоў у Лядзіны тым жа самым шляхам. Люся з Ірынкай сустрэлі іх на паўдарозе. Убачыўшы сынка жывым і здаровым, яна зацалавала яго, узяла на рукі, прытуліла да грудзей.
— Я месца сабе не знаходзіла, сыночак мой родненькі. — І ўжо да мужа: — А добра ачысцілі рану? І што з той шкуркай?
Вадзім супакоіў:
— Вопытны фельчар трапіў. Ён прамыў ранку, адарванае прыклаў на месца і зашыў, сказаў, каб праз тыдзень паказалі. А зараз нельга трывожыць, каб нічога не парушыць. І мачыць не трэба.
— Я буду берагчы цябе, сынулька мой любы. І ты, дочачка, прыглядвай за ім, калі я куды адхінуся. Ён жа такі яшчэ маленькі.
— А я ўжо вялікая, — пахвалілася Ірынка. — І ваўкоў не баюся.
— Іх тут няма, — сказаў тата. — Яны жывуць далёка, у цёмным лесе.
Гаспадыня, сустрэўшы іх, павінілася:
— Гэта ж я вінаватая, што не ўбачыла тога бітага шкла. Нейкі п’яніца, відаць, шпурнуў бутэльку, якая і разбілася аб ствол. Я ўжо ўсё абшнарыла, каб болей не было асколкаў.
У той вечар, як ні хацелася, на рыбалку ён не пайшоў, быў з сынам.
11
Два месяцы праляцелі бы адзін дзень. Люся з дзецьмі вярнулася да маці, а Вадзім пачаў шукаць сталую працу. Дні стаялі гожыя, без дажджу і ветру, але ўжо адчувалася недалёкая восень. Лістота ўвачавідкі жаўцела, падала долу, а ў небе не-не дый з’яўляліся кліны журавоў, якія, тужліва курлыкаючы, клінам адплывалі кудысь у райскія краіны. Была тая пара, калі дзеці рыхтаваліся да школы, бацькі куплялі ім сшыткі, пеналы, новую форму, бо са старой яны ўжо вылузаліся.
Пасля Лядзін у горадзе дыхалася цяжка, неставала паветра, і Вадзім, не вытрымаўшы адзіноты, не знайшоўшы пакуль што нічога абнадзейваючага, паехаў у Жорнаўку. Хацелася яшчэ хоць пару дзён пацешыцца воляй, да якой прывык у Лядзінах, бо, ведаў, пасля як упражэцца, то ўсё летняе будзе здавацца яму казачным сном, нерэальнасцю. Рупіла папоўніць кашалёк, бо з прыездам сюды выдаткі на ўсё патроіліся. Гэта там было ўдосталь бясплатнай рыбы, малака, а тут толькі і паспявай бегаць у магазін. Ехаць жа ў камандзіроўкі ад таварыства «Веды» чамусьці не хацелася, тым больш напярэдадні дажджлівай восені, затым зімы. Але ж нястача грошай вымушала не лічыцца з сабой. Пабыўшы два дні з жонкай і дзецьмі, ён зноў апанурана падаўся ў Мінск. Перш чым зайсці ў таварыства, рашыў наведаць Рыгора. У таго ўжо быў свой кабінет, абстаўлены неблагой мэбляй: паўкруглы стол
з бліскучай паверхняй, пры ім — тумбачка, ля сцяны — прасторная шафа, з другога боку — скураная канапа, на якой можна было, зачыніўшыся, нават і ўздрамнуць.
— Го, цябе, браце, ужо і раскулачваць пара, — вітаючыся і разглядаючы абстаноўку, сказаў Вадзім. — Відаць, павысілі, пакуль я на хутары лынды біў.
— Толькі што біў, ну і многа набіў?
— Чаго?
— Лындаў сваіх, чаго ж. А ты тут быў патрэбен. Свінчук, не падаў і гуку за ўсё лета. Не ведаў, дзе цябе шукаць. Фартовая прапанова была.
— Гэта ж хто ўспомніў пра маю грэшную душу? — здзівіўся Вадзім. — Жыву мірна, сяджу як мыш пад венікам, а тут, бач, некаму спатрэбіўся. Ай, Рыгорка, каб табе было не горка.
— Вось што, годзе лясы тачыць. Вось табе тэлефон, ідзі на пошту і звані. Можа, яшчэ не позна, — Рыгор пакорпаўся ў шуфлядцы стала, выняў паперку і аддаў сябру.
— А ад цябе што, нельга? І хто мне там, па гэтым надта ж доўгім нумары, адкажа? Нейкія загадкі.
— Ад мяне нельга, па міжгорадзе нас не звязваюць, а з пошты — калі ласка.
— Нават так. Міжгорад? Ці не Нью-Ёрк? — Вадзім усё яшчэ не верыў у рэальнасць слоў Рыгора.
— Бяжы, бяжы. Папрасі Салаўёва Пятра Якаўлевіча і скажы, хто ты і што, хто паслаў. Пасля зойдзеш.
— Дзялы, — пачухаў патыліцу Вадзім і пайшоў на праспект, да бліжэйшага аддзялення сувязі. Ён ніяк не мог даўмецца, каму ён спатрэбіўся. Што за сюрпрыз? Каб не памыліцца ў наборы, ён заказаў размову на пяць хвілін праз тэлефаністку і пачаў чакаць. Калі па гучнай сувязі абвясцілі Маскву і нумар кабінкі, ён і не крануўся з месца. Тады паўтарылі нумар маскоўскага тэлефона, і ён зразумеў, што гэта выклікаюць яго. У сёмай кабіне, запаліўшы святло, ён зняў з рычага трубку і алёкнуў. На другім канцы провада азваўся хрыплаваты мужчынскі голас, папытаў, хто звоніць. Вадзім, як падказваў сябра, назваў сябе і па чыёй рэкамендацыі ён гэта робіць.
— А-а, хорошо, что мы вас разыскали. Короче говоря, мы вас рекомендуем на должность в Москву. Есть такое издательство «Советский писатель». Нам позарез нужен человек из Беларуси.
Вадзім слухаў, затаіў дыханне. Такога павароту ў сваім лёсе ён аніяк не чакаў. Набраўся рашучасці і папытаў:
— А з сям’ёй як? Я ж не адзін. У мяне з жонкай дачушка і сын.
Голас на тым канцы провада супакоіў:
— Несколько месяцев поживете в общежитии литинститута. Слышали о таком? Если согласны, то скажу адрес, куда через полмесяца нужно будет приехать.
— Я згодзен, толькі з умовай, што калі-небудзь будзе асобная кватэра.
— Я уже сказал, что будет. Издательство наше — не шарашкина контора, чтобы обманывать.
— Усё зразумела. Дыктуйце адрас і дакладную дату, калі ў вас быць.
Яны цёпла развіталіся, і Вадзім адчуў, якая вялікая гара звалілася з ягоных
плеч. Няўжо, няўжо і ён выб’ецца ў людзі, пааціраецца сярод цікавых асоб, забяспечыць неабходным сям’ю? Ён тут жа пайшоў да Рыгора, пачакаў, пакуль той вернецца ад галоўнага рэдактара.
— Ну што, што з Масквой? — папытаў Рыгор, сядаючы ў сваё крэсла. — Як я цябе сасватаў, га? З цябе, браце, каньяк. Дык пра ўсё дамовіўся?
Вадзім, не хаваючы шчасця, кіўнуў галавой.
— Сказалі нават, што і кватэру дадуць. Во дзялы! А каньяк. Пайшлі хоць зараз куды-небудзь, возьмем па чарцы.
— Не магу, дружа, я за рулём.
— Ты што, машыну ўжо маеш? — усклікнуў Вадзім. — Ну, недарэмна я казаў, што раскулачваць цябе пара. То і машыну замачыць трэба.
— Прыходзь вечарам да мяне дадому, замочым. Паліна даўно пыталася, дзе ты прапаў.
Падумаўшы, Вадзім сказаў:
— Сёння вечарам — не. Памчуся на ўсіх крылах у Жорнаўку, падзялюся навіной з жонкай і цешчай. Яны ачумеюць ад такой неспадзеўкі.
Яны ўжо спалі, калі Вадзім пастукаў у акно. Першая падбегла, паўзіраўшыся ў шыбку, Вольга Іванаўна.
— Хто там? — няголасна, каб не абудзіць малых, спытала ўстрывожана.
Пазнаўшы голас зяця, пашлэпала ў сенцы, адкінула завалу. На кухні ўклю-
чыла зыркае святло.
— Нешта, відаць, адбылося, што раніцай паехаў, а цяпер так позна назад.
— Пачакайце, — распранаючыся, сказаў Вадзім. — Адбылося. І нешта вельмі важнае адбылося.
Прыйшла Люся, якую позні прыезд мужа таксама нямала напалохаў.
— Пакарміце, тады буду спавядацца. На галодны страўнік і язык не павернецца ў горле.
— Мой ты зяцёк, не цягні жылы. А пакарміць я нешта знайду. Тут, во, бульба вараная ёсцека, дык я на патэльні са скваркай падсмажу, яйка ўзаб’ю, чаю пастаўлю.
Люся пайшла ў спальню накінуць на сябе цёплую кофту. Дачакаўшыся яе, Вадзім як не агламошыў іх:
— Хутка ўсе паедзем у Маскву. Запрашаюць на працу. Спачатку адзін падамся, а як дадуць асобную кватэру, прымчуся па вас. Так што рыхтуйцеся.
— І што гэта за кантора такая, каб адразу і працу, і кватэру? Ты, відно, зяцёк, жартуеш, на ноч гледзячы.
Люся таксама пакуль што не верыла, што казаў муж. Аднак калі ён удакладніў, што гэтая кантора — выдавецтва «Советский писатель», яны абедзве ажно за галовы схапіліся.
Цешча не магла стрымаць сваіх эмоцый.
— Во пазайздросцяць у вёсцы, калі дазнаюцца. Гэта ж не жартачкі, — яна ўвіхалася з ядой, каб дагадзіць зяцю.
— А як ты думаеш, якую кватэру нам могуць даць? — гэта ўжо Люся прыкідвала, як яны ўчатырох размесцяцца ў новых сценах.
— Пэўна ж, не пакой і не аднапакаёўку. На чатырох ужо мае быць як мінімум двухпакаёвая.
— Божа, няўжо гэта будзе? У мяне сэрца выскоквае ад радасці.
Паеўшы, Вадзім прапанаваў, нягледзячы на позні час, прагуляцца. Угаворваць жонку не трэба было. Яна хуценька апранулася як мага цяплей (ноччу абяцалі замаразкі), адпаведным чынам абулася, і абое выйшлі ў двор, пад зоркавае неба. Адразу за парогам Люся прытулілася да мужа, пацалавала ў вусны.
— Ты паглядзі, паглядзі, — яна паказала на знічку, якая, зрабіўшы ў небе вогненны след, знікла за гарызонтам.
— Няўжо і мы такія знічкі? — пыталася на вуліцы, не зводзячы вачэй з неба, усеянага мірыядамі большых і меншых зорак. — Гэта ж ходзіш па зямлі, хвалюешся, гадуеш дзетак, а прыйдзе час — і ў адзін міг ты, як тая зорачка, мільганеш апошні раз і недзе згарыш. Крыўдна. А ведаеш, сэрца мне падказвала, што ты прыедзеш сёння. Вось жа ёсць нейкая інтуіцыя. Хто б разгадаў гэту таямніцу.
— Я думаў пра цябе і вельмі расхваляваўся, дазнаўшыся пра такую навіну. Вось ты кажаш — інтуіцыя. Яна мяне сёння і давяла да Рыгора. Аказваецца, ён шукаў нас, а мы сядзелі на хутары і ў вус не дзьмулі.
Выйшлі на сценку, як удзень асветленую поўняй. Вёска спала, толькі бліжэй да рову перабрэхваліся сабакі.
— Трэба ўжо бульбу капаць, — сказала яна. — Мама начамі не спіць, усё думае, як быць з канём, хто разгоніць.
— Я заўтра да Колі схаджу, мо ён што прыдумае. Сабе ж таксама будзе разганяць. То ўжо заадно, — супакоіў жонку Вадзім. — А ўбіраць і насіць у склеп буду таксама. Некалькі дзён пабуду з вамі.
— Добра было б, — Люся мацней прыціснулася да яго.
Далей рову не пайшлі, вярнуліся ў хату. Цешча яшчэ і не думала класціся.
— Вы што, мама, — занепакоілася дачка. — Мы адно, а вам спаць даўно пара. Усё ж добра.
— Не магу ўявіць, як буду жыць без вас, дзеткі, без унукаў сваіх. Яно і радасна за вас, але ж у мяне ўсярэдзіне як абарвалася што. Месца сабе не знаходжу.
— Мы вас, мама, возьмем да сябе. Хай толькі кватэру дадуць.
— Ой, дзеткі, што я буду рабіць у тых чатырох сценах? Гэта ж хутка вынесуць мяне ўперад нагамі. Не, лепш ужо тут застануся. Маё месца — у вёсцы.
Раніцай Вадзім пайшоў да брата. Трэба было расказаць пра свой хуткі ад’езд, а заадно папрасіць і каня. Яму пашанцавала — Коля якраз уводзіў у двор буланага, а Лілька ля склепа вытрасала мяшкі.
— Во, паспеў ухапіць. Добра, што рана пайшоў. З зубамі давялося вырываць.
Брат схадзіў у сенцы, прынёс у вядры абіркі ад бульбы, даў каню.
— Даўно цябе не бачыў, — сказаў Вадзіму. — Відаць, усё па камандзіроўках ездзіш?
Яны прыселі на ганак.
— Больш не паеду, — сказаў Вадзім. — Хутка ў Маскву падамся. Бяруць туды на працу. Так што прыйшоў і развітацца, і папрасіць, каб заадно разагнаў
і цешчы.
Навіна Колю таксама ўразіла. А калі Вадзім расказаў, што дадуць і кватэру, і дзе будзе працаваць, той ажно языком зацмокаў:
— Хто б мог падумаць, што сама сталіца запросіць?
Гаварыць доўга не выпадала. Адразу ж пасля сябе Коля абяцаў пад’ехаць да Вольгі Іванаўны, разагнаць праз градку ўвесь участак.
— Толькі каб картапляніку не было, — ён падаўся да каня.
У прызначаны дзень ад’езду ў Маскву яго праводзілі Люся і Рыгор з Палінай. Рыгор прыйшоў з бутэлькай шампанскага, са сваімі шклянкамі. Пеністы напой разлілі ў посуд проста на пероне. Чокнуўшыся з усімі і абдымаючы жонку, Вадзім сказаў:
— Дарагія мае! Вы не ўяўляеце, як мне цяжка пакідаць вас. Што чакае наперадзе, не ведаю. Але добра ведаю тое, што буду сумаваць па родных, блізкіх, па мясцінах, дзе хадзілі мае ногі і якія будуць сніцца па начах. Бацькаўшчына заўсёды была ў мяне асновай усяго, і я як мог дбаў пра яе. Думаю, што і там, у другой сталіцы, я чым магу паслужу ёй. Беларус заўсёды застанецца беларусам, і родную мову з мяне ніхто і ні чым не вытравіць. Ведаю, што гавару пафасна, але ж зразумейце стан маёй душы. Я доўгія гады біўся як рыба аб лёд, пераходзіў хісткія кладкі і ўсё ж, думаю, выкараскаўся на сухі бераг. Раздарожжа, на якім я стаяў і не ведаў, у які бок пайсці, думаю, засталося ззаду.
2009 г.