Каменні ляцяць на дарогу.
Аднойчы якісь не міне.
Каму я паплачуся? Богу?
Дык ён... ці пачуе мяне?
Паклёпы з начынкаю яду
Кладуць і кладуць на чало.
Каму я паскарджуся? Д'яблу?
Яшчэ не хапала чаго!
Ёсць добрыя людзі — я ім бы
Паплакаўся трохі, але ж —
У іх над галовамі німбы
Уласных пакут. Ім не лепш!
Не волен я горкай гадзінай
Цяжар свой на іх ускладаць.
Дык што ж застаецца, Радзіма?
Ты можаш параду мне даць?
I чую я голас, падобны
На голас матулі маёй:
«Будзь дужы, будзь мужны і добры.
Не бойся натхнёных хлуснёй.
Адрынь іх суды-перасуды.
I чорнай не вер варажбе.
Хай свеціць заўсёды і ўсюды
Маё блаславенне табе!»
1985
Над бяздоннем іду —
Па вузенечкай кромцы ля стромы...
Што, прайшоўшы, знайду?
Чым пакліканы ў шлях незнаёмы?
Над бяздоннем іду...
Там, унізе, раскацісты рогат —
Д'яблы мелюць ваду
На страшэнных каменных парогах.
Над бяздоннем іду.
Там патокі. Там пара клубіцца.
Хоць гукні грамаду —
Галава пачынае кружыцца.
Над бяздоннем іду.
Здрадны страх зацінае дыханне.
Крок яшчэ — і ўпаду...
Іншы хтосьці уславіць каханне.
1990
Не падбівай. Не падбухторвай.
Дарма шчыруеш. Я не з тых,
Што краю роднаму над прорвай
Самазабойча б'юць пад дых.
Табе — павек не будзе веры.
Не спадзявайся. Не чакай.
Ты ўпотай молішся хімеры,
А мне мой Бог — бацькоўскі край.
Я не забыў: калі ад болю
За лёс ягоны я крычаў —
Ты шанаваў чужую волю
I, падуладны ёй, маўчаў.
Калі дыханне мне і мову
Перацінаў дзікун-сатрап —
Ты не ішоў мне на падмогу,
Ты на душу не браў затрат.
Таму — не снуй перад вачыма.
Не корчы міну. Не прасі.
Прадаўшы ўсё, што ёсць Айчына,
Мяне сто раз ты прадасі.
1990
Вы зведалі гэта —
У розгары лета
Пабыць неспадзеўна
На краі дажджу?
Вы скажаце, пэўна,
Што вам давялося
Не раз і не двойчы
На краі бываць —
На краі бяздоння,
Над чортавай прорвай,
На краі знявер'я
I роспачы чорнай,
На краі няшчасця
I нават на краі
Уласнай магілы
Стаялі...
Ну, што ж!
Ну, добра, ну, значыць,
Ваш лёс літасцівы,
Але — ці былі вы
На краі дажджу?
Як не — то паверце,
Не можаце знаць вы,
Што робіцца з сэрцам
На краі дажджу.
I я вам жадаю
Не вечнага раю —
Жадаю імгнення
На краі дажджу!..
1991
На світанні, ледзь заднела,
Нібы пабудка,
Загугукала на дрэве
Дзікая галубка.
Ды чамусьці так трывожна,
Так журботна-скрушна —
Што было ніяк няможна
Слухаць раўнадушна.
Хоць спытай у шызакрылай:
Дзе ўзялося зрання
Столькі жалю, столькі крыўды,
Столькі наракання?
Хто пачуць яе павінен
I чаму не чуе?
I чаму ён галубіне
Песень не буркуе?
Можа, ён душой бяздольнай
З іншым краем зросся?..
Не, ён роднага гняздоўя
Не забыў, не зрокся.
На драпежнай дзюбе ў полі
Кроў яго скіпела.
Бо ён надта верыў волі,
Надта лётаў смела.
1991
Жаўраначка!
Жаўраначка!
Людзі, гляньце: жаўраначка!
Першая-найпершая
Вястуння весніх дзён.
Як яна трапечацца!
Не бачыце?!
Не бачыце!..
I гледзіцё паблажліва:
«Ці не спрасонку ён?
Адкуль ёй быць, калі яшчэ
Мароз сярдуе і пячэ,
I сівер дзьме, што не спярпець,—
Зарана жаўранцы ляцець!»
Жаўраначка!
Жаўраначка!
Людзі, чуйце: жаўраначка!
Ой, як захліпаецца
Званочак залаты!
Як яна заходзіцца!
Не чуеце?!
Не чуеце!..
I гледзіцё насмешліва:
«Ну і дзівак жа ты!
Адкуль ёй быць, калі наўкол
Яшчэ засланы снегам дол
I сосны ў шэрані стаяць,—
Зарана жаўранцы спяваць!»
Жаўраначка!
Жаўраначка!
Людзі, верце: жаўраначка!
Хай сабе — не бачыце,
Не чуеце,— ну, што ж!
Так бывае, мілыя.
I я на вас не крьгўджуся.
Бо Жаўраначка,
Жаўраначка
Прыляцела ўсё ж!
1991
Мо даняла паняверка,
Можа, хто крылы падсек?
Пільна глядзіцца ў люстэрка
Немалады чалавек.
Тонуць набеглыя цені,
Нікнуць у сховах чуцця.
«Божа, які летуценнік!
Божа, якое дзіця!..»
Сутарга раптам на твары —
Болю пакутнага след.
«Божа, якая пачвара!
Божа, які прайдзісвет!»
Лепш бы зусім не глядзеўся!
Лепш бы не бачыў сябе!
Дзе ж той акрылены дзеўся —
Вымыты ў сонца сяйве?
Мо даняла паняверка?
Можа, хто крылы падсек?..
Сумна глядзіцца ў люстэрка
Немалады чалавек.
1991
На ўзгорку, на сіверным ветры,
Стаіць ён, ад шляху наўзбоч,
I ўдалеч, дзе лес пракаветны,
Глядзіць, не адводзячы воч.
Стамлёны душэўным разладам,
З надзеяй глядзіць і з тугой.
А што там, за тым даляглядам?
За тою сівою смугой?
Там вёсачка недзе ў бярозах,
I хата на ўскраіне там...
Ах, колькі разоў ён у крозах
Заходзіў туды, як у храм!..
Што ж сёння душа яго ў траўме?
Што мроіцца зараз яму?
Ці, можа, вяртаецца ў травень —
На споведзь юнацтву свайму?
Ці чуе, як сіверам клятым
Да сэрца крадзецца зіма?..
А што там, за тым даляглядам,—
Адказу няма і няма.
1992
Як доўга ў сэрцы горкі боль
Ператвараецца ў атруту?
За дзень? За месяц? Ці за болып?
А можа — толькі за мінуту?
Залежыць — як усчаўся ён:
З якой бяды, з якіх страхоццяў...
Мой боль-пратэст, мой боль-праклён
Атрутай стаў за пяць стагоддзяў.
1992
Апошні, так... Вышэй — карніз,
Паддашша, дах і — неба ў зорах.
Спяшайся! Ліфт чакае — ўніз,
Туды, дзе выйсце ў вечны горад.
Ашляхне, сыдзе крыўдаў шквал.
Аціхне думак тлумны вэрхал...
Адно б не з'ехаць у падвал —
З-пад зор, з апошняга паверха.
1992
Віхура!.. Віхура!..
Няўрымсная бура!..
Адкуль узялася?
З чаго пачалася?
Схапіла, сарвала
I цягне, і ўзносіць
Угору і ўгору,
Увысь, у прастору,
У чорныя хмары,
За хмары, да сонца,
Да сонца! А сонца
Так зырка там свеціць —
I паліць, і смаліць,
I вочы мне слепіць!..
Віхура, віхура!
Шпурляе, шматае,
I круціць. і гоніць,
I рве-разрывае,
I дух забівае,
Займае, сцінае...
Куды яна кіне?
I дзе апыпуся?
Чаму не баюся,
Што гэта стыхія
Душу мне скамечыць
I збэрсае-склыча?
За тое, што кліча
Заглянуць у вечнасць?
А можа — што возьме
З разгону, з размаху
Шпурне мяне вобзем —
I ціша наступіць?
I ціша наступіць!..
I ціша наступіць...
Навек!.. I нікому
Нідэе не зарупіць,
Што ў буры-віхуры
Звіхурыўся хтосьці...
Не! Грьшнуцца вобзем,
Рассыпяцца косці
Ды вочы паб'юцца
На пырскі-асколю —
Расою пральюцца
На травы і зёлкі...
А дух безаглядны,
Душа-непакора
Ачахне, ашляхне,
Знямогне няскора!
А будзе насіцца,
Між хмарамі віцца
I весела жыхаць
Агнём-бліскавіцай.
Хто прагне віхуры,
Як прагнуць збавення,—
Агонь-бліскавіца
Таму блаславенне!
1992
Утопія — хай і не казка,
Ды ўсё-такі з гэтага роду.
А казка — не болей чым казка,
Як кветка без завязі плоду.
Ёй вераць маленькія дзеці,
Не менш і дарослыя, праўда,—
I казцы пра рай на тым свеце,
I казцы пра светлае заўтра...
Уцешная байка-прыдумка —
Ад болю душэўнага лек...
Ніколі ў нялёгкіх варунках
Без казкі не жыў чалавек.
1992
Страх, ды не найстрашны, пакарыцца
Пераможцу-гвалту,
Бо нашмат страшней ператварыцца
У старую малпу,
Што з няўцямнай злосцю
На людзей глядзіць
I трасе рашотку,
За якой сядзіць.
Ганьба, ды не з самых большых,— здацца
На спагаду моцным,
Бо нашмат страшней, ганебней стацца
Ішаком бязмозглым,
Што над пысай бачыць
Харчу жмут свайго
I бяжыць наперад,
Каб дастаць яго.
1992
І.
Я — не Хрыстос, о не! Але й на Юду
Я не гаджуся — не з яго радні.
Чаму ж, за што ж усё жыццё паўсюду
Я мушу чуць: «Распні яго! Распні!»
Ды мне не страшна, людзі! Распінайце!
Гваздайце ў цела тленнае гвазды!..
О Беларусь, мая Радзіма-Маці,
Чаму й за што — найлепей знаеш ты.
II.
Не прадаваў цябе я, Брат-Пакутнік,
І ў той гурме, што ўсё крычыць яшчэ,
Не йшоў караць цябе, і твой заступнік
Мне вуха правага не адсячэ.
У іншым краі ў іншую эпоху —
За і ншую «віну» — а ўсё ж і я,
Замест Варавы, на гару Галгофу
Іду!.. О Брат! О Беларусь мая!..
1992
Хоць лёс неспагадны бязлітасна крыўдзіў,
I скрушна бывала, і горка,—
Я верыў: прагляне, паўстане, узыдзе
Мая запаветная зорка!
I вось яна ўспыхнула сымбалем краю —
Найяркая ў гронцы суквецця!..
Чаго ж я ад страху цяпер паміраю?
А што — калі знічкай сарвецца?!.
1992
Вечар. I дом у экранах акон.
Хто там — не знаю — жыве.
Міма праходжу. А мне наўздагон:
«Ніл! Цябе маці заве!..»
Мама? I кліча мяне ў гэты дом?
Як гэта мама... калі
Мамы няма? Ужо колькі гадоў
Спіць вечным сном у зямлі...
Я павярнуўся: высока акно —
Насцеж, а ў ім — сілуэт.
Божа! Таксама нябожчык даўно —
Мамін вясковы сусед.
Ён гэта крыкнуў... О голас бяды!
Толькі не веру я, не:
Мама, хоць дрэнны я сын быў, туды
Клікаць не можа мяне.
Ведае родная, ведае: тут,
Тут я патрэбен яшчэ!..
Ну, а туды я паспею на суд.
Хто ж бо ад Бога ўцячэ?..
1992
Нашто ты, цёзка мой*, па ім хадзіў —
Па гэтым месяцы, такім блішчастым?
Свет закаханых стаўся больш няшчасным
Пасля таго, як ты там наслядзіў.
Хай велічаюць, славяць подзвіг твой —
Тут не набытак для цябе, а страта,
Бо гэта горш за славу Герастрата —
Недасягальнае піхнуць нагой.
Ён вечна быў патрэбен для дваіх —
Як поўная спрыяння таямніца,
Як знак таго, што Божая дзясніца
Багаслаўляе на шчаслівы міг.
А што ж цяпер?
Ты сплюндрыў вешчы знак.
I ўжо яму чагосьці не хапае —
Таго, што дзве душы ў адну злучае...
Куды ж далей вядзе пазнання смак?
1992
* Ніл Армстронг
Калі пералескам, між сосен,
Блукаў на змярканні паэт
I слухаў вясны сугалоссе,
I слухаў бясконцы сусвет,—
Знянацку, гняўліва, сурова,
Наўперак суладдзю ўсяму,
З нябёсаў данеслася слова
I ўдарыла ў сэрца яму.
Кальнула, як вострая стрэмка.
Каб хто тады глянуў у твар —
Напэўна, пазнаў бы па зрэнках,
Балючы які быў удар!..
Дадому ён сунуўся ценем,
А ноччу — не сплюшчыў павек.
Страшное было прасвятленне.
Бязлітасны лёсу быў здзек.
З той даты, каб справіцца з болем,
Ён варыць штовечар шалфей.
А горычы — болей і болей.
А стрэмка — глыбей і глыбей.
Час вылечыць быў бы павінен.
А вось жа бяссільны і ён.
Не выме той стрзмкі, не выме.
Не здыме той Божы праклён.
1992
А вершы свае спалі...
З прыватнай размовы
Так, так, шаноўны, вершы — гэта дробязь,
I хоць для іх патрэбен Божы дар —
Сярод тавараў гэта не тавар,
Багатыром цябе яны не зробяць.
Таму — за непатрэбай — ты іх знішчы:
Збяры ўсе разам і спалі ў агні...»
Ды я ўжо так рабіў, але ж яны
Яшчэ мацней растуць на папялішчы!..
1992
Каму вас, песні?..
Скора, скора я, выкляўшы касту,
Што загнала народ у бяду,
Набяру сваіх песень у кайстру
I з кавенькай па краі пайду.
Я іх пеў і бадзёра і сумна,
На людзях і ў самотнай глушы.
Можа, часам не вельмі і ўдумна,
Ды заўсёды — ад шчырай душы.
Дзесь на плошчы, наўпроць рэстарана,
Выму з торбы іх, раб хараства,
Дый звярнуся да тлустага пана.
«Можа, купіце — з ласкі Хрыста?»
I пазнаю яго, і з агіды
Скалануся і сплюну да ног:
Гэта ж той графаман прагавіты,
Што нядаўна ад зайздрасці дох...
Пераксціўшыся, сцісну кавеньку
Дый падамся паціху далей.
I ні стогну, ні плачу, ні енку
Крыўда-роспач не вырве з грудзей.
Пра адно буду думаць са страхам,
Каб не ўбачыла тая, крый Бог,
Што сказала мне колісь: «Ты графам
Будзеш жыць без бяды і турбот».
1992
Варят ідзе праз людны пляц.
Спадобіў Бог вар'ята.
Глыбока ў сэрцы — скарга-плач,
А на абліччы — свята.
Глыбока ў сэрцы — золь імжы,
Гнятліва, непагодна.
А выгляд — быццам на душы
I лёгка, і свабодна.
У зрэнках многіх — злосць і страх,
Зайздрослівае штосьці,
Ну, а ў ягоных у вачах —
Ні зайздрасці, ні злосці.
Знаёмца-злыдня напаткаў
На ўскрайку тратуара —
Як дружбаку, руку надаў,
Сказаў: «Здароў, пачвара!»
I — на чырвоны светлафор,
Праз гулкую палосу,
Праз сто гудкоў — наперакор
Усім прысудам лёсу.
Яшчэ й смяецца, херувім!..
Гэй, фурманы ў калясках!
Прытармазіце перад ім,
Не збіце, калі ласка!
Не дайце здарыцца бядзе!..
Бо як яго не стане —
Хто ж тую песню вам складзе,
Што дна душы дастане?
1992
Над формай трэба мець уладу.
Таму й гляджу, каб быў мой верш,
Як хата, зрубленая «ў лапу»,
Дзе — ні вянца не разарвеш!
1992
З бубкі-бубачкі не вырастае песня,
Што ўздымае дух да паднябесся,
Вырастае — толькі і няйначай —
З кроплі-кропелькі крыві гарачай.
1992
Цяжка, ды мушу: падамся ў дарогу!
Збітыя рыфмы паклічу ў падмогу.
Збітыя рыфмы? Ну гэтак жа: «Збітыя!» —
Моршчацца крытыкі, людзі сярдзітыя.
Збітыя — нібы набойкі жалезныя
Ці ў пілігрыма кавенька з алешыны.
Збітыя рыфмы? I хто гэта выдумаў?
Пэўна, хто слову не рад самавітаму.
Рыфмы збываюцца ці не збываюцца,
Ззяюць ці гаснуць, але — не збіваюцца.
Так, як і «рыфма» зязюлі адвечная,
Так, як і сэрца ў грудзях чалавечае:
Б'ецца і б'ецца, але не збіваецца,
А — ці спыняецца, ці — разрываецца.
1992
Паэт — крыху вар'ят. Абавязкова!
Без гэтага паэзіі няма.
I не бярыся за пяро дарма,
Калі не здольны ашалець ад слова —
Ад раптам знойдзенага ў нетрах-сховах
Або ад вызваленага з ярма
Руцінных штампаў, без таўра-кляйма,—
Бы толькі што радзілася нанова.
Калі не чуеш ты яго такім —
Як полымя на ветры — трапяткім,
Бунтоўным, як віно, што дно ўзрывае,
Або гаючым, як вада жывая,—
Тады пакінь паэзію, пакінь.
Бог ад цябе твой дар яшчэ хавае.
1992
Вястун неспадзеўны — кляновы лісток
Ляжыць на далоні:
Ці позва на суд ці на шчасце квіток,
Мне Богам дароны?
Пра шчасце, як грэшніку ў пекле пра цуд,
Мне марыць запозна.
Напэўна, на страшны і праведны суд
Ад Бога мне позва.
Чаму ж бо, паведай, лісток-варажбіт,
Мне сэрца так цісне?
Чаму мае думы на ўвесь краявід,
Як хмары, навіслі?
Што тонкія жылкі-пражылкі твае
Вяшчаюць-варожаць?
Ці ласку, якая душу мне спаўе,
Ці стынь і варожасць?
Скажы ж, не таіся, калі сапраўды
Ты Божы пасланнік.
Чыесьці дарогі... Чыесьці сляды...
Чыесьці расстанні...
Гляджу-углядаюся ў рыскі-штрыхі,
Бы ў лёсу пісьмёны:
Чыесьці надзеі... Чыесьці грахі...
Чыесьці імёны...
Чыесьці тут лёсы, чыесьці... А дзе ж
Майго накановы?
Ці мне, на астатку, не ведаць іх лепш,
Лісточак кляновы?
1992
Уражанне: бытта ў глыбокай пячоры мы ўсе,
Ступаем і мацаем сцежку нагой з непрывычкі,
А хтосьці наперадзе полымца свечкі нясе,
Рукой затуліўшы яго язычок невялічкі;
Мы ўсе за ім сочым, і кожны кішэні трасе —
I жах абымае: ні ў кога ніводнай сярнічкі!..
1993
Добрыя людзі,
Ну будзьце ж вы добрымі!
Хіба не бачыце:
Я — па-за вамі.
Марна вы, марна.
Турботамі дробнымі
Сцежкі да сэрца майго
Пазаймалі.
Я — па-за вамі.
Не злуйцеся, любыя.
Гэта мінецца.
Я дзесьці — часова.
Потым вярнуся.
Жывы. Незагублены.
Потым... Як вернецца
Роднае слова.
1993
Першага студзеня.
Сэрца натруджана
Так, што здаецца:
Сціхла, не б'ецца.
Трэцяга лютага.
Некалі любага,
Мілага ў Бога —
Гоняць з парога.
Пятага траўня.
Значыць — бяспраўна?
Значыць — бяздомна?
Значыць — бяздольна?
Шостага чэрвеня.
Боскае счэрнена.
Хіба што ў песні
Светла ўваскрэсне?
Сёмага ліпеня.
Слёзнымі ўсхліпамі
Памяць скуголіць,
Просіць і моліць.
Восьмага жніўня.
Больш, чым наіўна...
Горш, чым бяздумна...
Горка і сумна!
Восьмага верасня.
Той, хто зняверыўся —
Іншым не прыклад...
Горка і прыкра!
Першага снежня.
Горка і смешна —
Марыць аб нечым
Светлым і вечным.
1993
Чэсны рыцар, не збэшчаны вольніцай,
Пакахаў — і паверыў у лёс.
I на Панну Прыгожую моліцца,
I на дол не спускае з нябёс.
Ён не знае, што Панна Прыгожая
Любіць балі адно баляваць,
Бестурботна, як птушачка Божая,
Пырхаць, пець ды зярняткі кляваць.
Ён не знае, што ў хвілю нязвыклую,
Як пасыпаць не будзе чаго,
Гэта Божая птушачка выклюе
Закаханыя вочы яго.
1993
Мае грахі, усе да аднаго,
Па вышняму прысуду —
Мае навек. Я іх ні на каго
Перакладаць не буду.
Вось ля варот
Багі ляжаць наўзбоч,
Нізрынутыя з высяў.
Ці я свядома
Шанаваў іх моц —
Ці проста з імі звыкся?
Не ведаю...
Гляджу на іх, аднак,
Як на пакут астачу...
Мне кажуць:
«Плюнь і разатры, дзівак!..»
Я ж адыдуся й плачу.
Не, не шкада мне
Зрынутых у пыл.
Шкада сябе самога.
Сябе. Каго, хоць і не быў сляпы,
Тут мелі за сляпога.
А больш —
Па дзетках плачу я ў журбе,
Што, сапраўды аслепшы,
За Бога д'ябла выбралі сабе,
Як быццам д'ябал — лепшы.
1993
Кажаш: годзе, годзе ў вершах публіцьістыкі.
Годзе кіпнем палемічным поўніць словы.
Хай там ладзяць баль газетныя нячысцікі,
А ў паэтаў — час адхлання вечаровы.
Час памарыць, адпачыць, пільней прыгледзецца
Да зіхоткіх, вечных зор над галавою.
Мо з каўша свайго Вялікая Мядзведзіца
На душу ліне касмічнага спакою,—
I адыдуць, адпадуць усе надзённыя
I трывогі, і турботы, і згрызоты...
Ах, мой братка! Хоць паэты — людзі цёмныя
I далёка не глядзяць за гарызонты,—
А не могуць во сядзець маўкліва-стоена,
Так, як мыш пад памялом, што і не шасне...
Ты даруй ім: гэта ў іх ад продкаў-воінаў
Кроў такая — не мышыная, на шчасце.
1991
І тады, калі яна кульгала
I ўздымалася на паўкрыла,—
Песня мне не жыць дапамагала,
А самім маім жыццём была.
З ёй не кідаўся я на спакусу
I ў заклад яе не аддаваў.
Сам сабой, без гвалту і прымусу,
Выбіраў матыў і ноту браў.
Не з дыктоўкі нечай, выбачайце.
Толькі сам! Як знаў і як умеў.
А таму — судзіце і карайце
Не за спеў: ён шчыры быў, мой спеў.
А за што?.. Калі беспакарана,
Без суда не можа жыць паэт —
Дык, відаць, за тое, што зарана
Я прыйшоў на гэты белы свет.
Затрымаўся б так гадкоў на сорак —
Быў бы сёння мудры, як і ўсе,
I як той бязгрэшны пракурорык,
Што мяне за лацканы трасе.
1993
Нішто вас ужо не стрымае.
Вы зробіце гібельны крок.
Гісторыі мудрай урок
Улады над вамі не мае.
Нішто вас ужо не ўратуе.
Не будзе спагады нябёс
Таму, хто адрынуў свой лёс
I сам сваё шчасце руйнуе...»
Так Ён нам прамовіў, ды ў гуле,
Як рэха, пустых галасоў,
Заложнікі іншых часоў,
Мы слова Яго не пачулі.
I рушылі ўдаль па абшары.
А ўперадзе ў клешчах ярма —
О, так, наша доля сама! —
З усмешкай дурнічкі на твары.
1993
«З Богам!» —
Крыкнуў я ў роспачы мары сваёй.
«З Богам!
Больш у цябе я не веру!»
I пачуў: «Не спяшайся!
I дух супакой.
Гарачыцца не трэба праз меру.
Пацярпі!
Сёння Пятніца.
Сёння якраз
Божы Сын быў распяты балесна.
А Вялікдзень святы —
Ён наперадзе ў нас...
I распяты наш лёс — уваскрэсне!»
«Уваскрэсне!» —
Шаптаў мне ціхусенька хтось:
Можа, лес?
Можа, луг?
Можа, поле?
«Уваскрэсне
I ўзыдзе на ўзвыш, як Хрыстос —
У такім жа, як ён, арэоле!..»
1993
Вы, сябры, што, дасць Бог, не спазнаеце
Тых пакутаў, якія нам выпалі,
Вы памінкі па нас спраўляеце —
Па жывых... I многа ўжо выпілі.
Нашы косці цягаеце рэзгінамі —
З трагічнымі ў кожнай памылкамі...
Сябры! Пачынайце хрэсьбінамі!
Не пачынайце паміпкамі!..
1993
А памяць бунтуе.
Напэўна, нішто мне
Яе не ўлагодзіць:
Як мора — бушуе,
I дыбіцца ў шторме,
I ходырам ходзіць.
Бясконцыя хвалі
Нястрымана гоніць
У накіпах белых.
I ў тым парыванні
Са дна і з прадонніц
Выносіць на бераг
Не скарб для скарбонкі —
Бурштыны ці перлы —
У знак суцяшэння,
А толькі абломкі
Калісь пацярпелых
Караблекрушэнняў.
1993
О тая ўночы бліскавіца
Над жоўтым зарывам святла!..
Чаму, чаму яна спавіта
Істужкай чорнаю была?..
1993
Імгненне...
Аднак жа — якое імгненне!
Як вогненны выбух
У розгар пажару,
Калі ўжо ахоплена
Полымем хата,
I кроквы, і латы,
I бэлькі са столлю —
Бяссільна і ярасна
Рухнулі долу,—
Ажно завіхурылі
Іскры да неба!
Шукаю ратунку —
I чую: «Не трэба
Жахацца, не трэба
I плачу-ныцця.
Не кідайся ў роспач.
Хіба дагарае
Табе дарагая
Калыска жыцця?
Тушыць? А навошта
Тушыць галавешкі?
Не варта — ні працы,
Ні горкай усмешкі...»
Імгненне...
Імгненне ўсяго —
I не болей.
А як жа яно
Азарыла наўколле!
У бляску ягоным
Так сталі відны
Усе мае годы.
Усе мае дні.
Уся мая —
Аж да маленства —
Дарога.
Да гэнай хаціны
Вясковай, убогай,
Дзе я нарадзіўся
(Для шчасця, вядома!
Бо хто ж для пакутаў
Прыходзіць на свет?).
I сталі відны
Мне астатнія дні —
Чарнейшыя
За чарнату галавешак.
Прагорклыя гарам —
Такім ужо едкім,
Як быццам згарэла
I тая хаціна,
Дзе я нарадзіўся,
I шчасце само...
Сучаснік мой юны!
Пабачыўшы тло,
Не думай,
Што гэта імгненне
Было
Не нашым з табою,
А толькі маім,
Што я — пагарэлец,
А ты — херувім.
Не думай!
Не думай!..
Таму што аднойчы —
У будзень ці ў свята,
Апоўдні ці ўночы —
Ты ўспомніш пажар
На сядзібе дзядоў
I за даляглядам
Пражытых гадоў
Ягонае зарыва ўбачыш,
Якое
Табе гэтаксама
Азорыць наўколле,
I ў бляску тым яркім
Сацьмее і зблякне...
А што ў ім сацьмее
I што ў ім пагасне —
Я гэтага ведаць
Не буду, на шчасце.
1993
Не рві сабе сэрца, паэце!..
Пачуў я — ці гэта быў сон?..
Як многа змянілася ў свеце
З тых бурна ўзвіхураных дзён.
Якія грамы адгрымелі!
Якія дажджы адгулі!..
А зоры зіхцяць, як зіхцелі.
А хмары нлывуць, як плылі.
Не рві сабе сэрца, паэце!
Зноў голас трывожны, як звон.
Нішто не змяшлася ў свеце
З тых горка аплаканых дзён.
1993
Пара веснавая,
I дождж веснавы —
Спакойны,
Высокі,
Святлісты.
Як багаславенне
На ўсходы травы,
На рунь
I на лес першалісты.
Як быццам
Не з хмаркі праліўся на дол,
А з самага сёмага неба...
Ах, выклік гарэзны
Вясны маладой!
Даўно так душа не п'янела!
Пасвенчаны водар
Я п'ю на глыткі —
I сам маладзею, здаецца.
I хочацца верыць,
Што з Божай рукі
Мне гэтая радасць даецца.
1993