...ДУША МАЯ І Ў НЕБЕ БУДЗЕ ТРЫЗНІЦЬ БЕЛАРУССЮ...

Пытанне


Хаджу па чужыне, гляджу на людцоў,

На іхняе з Богам вітанне —

I зноў працінаюся болем, і зноў

Душу мне свідруе пытанне:

Як доўга яшчэ будзе ў нас у вачах

I ў кожным штрыху чалавечым —

Наш, пройдзены намі, пакутлівы шлях,

Наш сум па няспраўджаным нечым?

1990

* * *


Я не знаю, што ў нас будзе

Ні праз месяц, ні праз год.

Абясхрэсціліся людзі.

Абязбожыўся народ.

Распадаецца грамадства.

Скрэпы трэскаюцца скрозь.

Згода-еднасць — толькі маска,

Пад якой — нянавісць-злосць.

Праўда ходзіць белай зданню

Па руінах дзён былых.

Ці падымецца, ці ўстане

Наша доля з грудаў тых?

Ці ў хлусні, зладзействе, блудзе

Будуць весці ўсё на звод —

Абясхрэшчаныя людзі,

Абязбожаны народ?

1990

У родным горадзе


Хаджу па вуліцы Грамілы,

Што цягам доўгіх страшных год

Граміў і плюндрыў, колысі сілы,

Усё, чым славен наш народ.

А ты, мой прашчур, творца мудры,

Чыя магіла дзесьці ў тундры,—

Твайго забытага імя

У родным горадзе няма.

Хаджу па вуліцы Няздары,

Што меў і здольнасці, аднак:

Пакуль народ аб шчасці марыў —

Ён краў з казны і жыў усмак.

А ты, мой продак ясначолы,

Чый дар народу — незлічоны,—

Твайго забытага імя

У родным горадзе няма.

Хаджу па плошчы Баязліўца,

Што меў за Бога вечны страх:

Каб толькі з крэсла не зваліцца

I не разбіць кар'еру ў прах.

А ты, мой продак, вой бясстрашны,

У Курапацкім доле спрахлы,—

Твайго забытага імя

У родным горадзе няма.

1990

Грамадзяне, спяшайцеся!


Грамадзяне, спяшанцеся,—

Найспрыяльныя фактары маюцца,

Каб душу даражэй запрадаць,

Покуль цэны на рынку трымаюцца!

Каб рукі пагрэць залацей

На горы-няшчасці людзей.

Грамадзяне, спяшайцеся,

Не ўпусціце выдатнай магчымасці —

Каб гразёю абхляпаць таго,

Хто жыве па сумленні і шчырасці!

Каб нож садануць у спіну

Найблізкаму сябру свайму.

Грамадзяне, спяшайцеся,—

Шанцу лепшага можа не выпасці,

Каб з уласнае скуры сваёй,

Як лінючая гадзіна, выпаўзці!

Каб Тую, што кляўся любіць,

Ядавітаю слінай забіць.

1990

Апошнія


Яны выходзяць на праспект зялены —

Пры ордэнах і медалях нацёртых...

I кажа мне іх позірк заслязёны:

«Так, мы ідзем да нашых браццяў мёртвых.

Мы — з той вайны. Мы чэсна ваявалі.

Хай не героі, ды спазналі мукі.

За што ж вы нам у душы наплявалі —

Вы, нашы дзеці родныя і ўнукі?..»

1991

* * *


Дык як жа будзем жыць,

Мой мілы пане-браце?

Ці так, як набяжыць,

Ці — снадарамі ў хаце?

На імпартных мазгах

I завазной маралі,

Ці — з верай, што ў вяках

Для нае дзяды стваралі?

1991

Палемічнае


Васпан! Здаецца, вы, хоць і не храбра,

Праўдзе служылі ў былыя гады?

Што ж вы мяняеце Бога на д'ябла,

Не прадчуваючы ўласнай бяды?

Д'ябал на тое і д'ябал, што здольны

Думкі заблытаць і крылы звязаць.

Д'яблу паверыўшы, вернік не вольны

Шчырае слова народу сказаць.

Д'ябал падмовіць і вас адрачыся

Ад векавечных народных святынь,

Як адракліся ўжо тысячы тысяч,

Моўчкі змірыўшыся з лёсам пустым.

Што ж прымушае вас гэтак заядла

I безразважліва кідацца ў бой

Не за гаротніка-брата — за д'ябла

З хітрай ухмылкаю, з сытай губой?

Люду сумленнаму жыць на радзіме

Горай і горай. Народ — у бядзе!

Дзе ж вы шукаеце голас праўдзівы?

Брацкую вернасць шукаеце дзе?

Вы — за свабоду. Чыю і якую?

Тую, што здымуць нам з меркі чужой?

Знайце ж: зарана нячысцік святкуе

Верх-перамогу над нашай душой!

Знайце: жывучы народ наш і з пекла

Выйдзе і ўзвысіць свой полымны дух!

Ну, а паколькі душа ў вас аслепла —

Вашых у гэтым не будзе заслуг.

1991

Крумкач


Ізноў, як калісьці,

Мне каркае чорны крумкач:

Давеку не выйсці

Табе з гістарычных няўдач!

Куды ні паткнуся —

Усюды наб'ю сабе гуз:

Няма Беларусі!

Няма і цябе, беларус!

Куды ты ўсё прэшся?

Свой лёс ты між двух выбірай:

Ці «ўсходнія крэсы»,

Ці «северо-западный край».

Дай дзякуй, сярмяжка,

Што знаеш сяўбу ды жніво.

Калі ж табе цяжка —

Пахліпай сабе ў рукаво!

На гэта ты здатны —

На вечную скаргу і плач...

Замоўкні, бяздарны!

Не будзе па-твойму, крумкач!

Я хліпаць не стану!

Я прагай здзяйснення жыву.

Найперш — у пашану —

Табе я скручу галаву.

Каб гнюсна не каркаў,

Каб тут, дзе Купала хадзіў,

Рабоў-недавяркаў

Агіднай хлуснёй не пладзіў.

Тут праўда і вера

З нябыту ўваскрэснуць навек.

I мэтай і мерай

Тут будзе ва ўсім — Чалавек.

1991

Нехта ў чорным


Нехта ў чорным, дробнай косці,

З Гебельса навелькі,

Поўны шалу, поўны злосці,

Нас трасе за пелькі.

I крычыць на ўсіх, няйначай

Ён тут Бог галоўны.

Калі справіцца з задачай —

Крах наш будзе поўны.

1991

Ці ачнёмся?


Чужое, разбоннае, хамскае

Гвалтуе, дратуе, таўчэ,

А роднае, свойскае, наскае

Бязмоўна ярмо валачэ.

Пачварнае, дзікае, жорсткае

Крычыць, верашчыць і трашчыць,

А добрае, людскае, боскае

Замоўкла і цяжка маўчыць.

Бяздарнае, брыдкае, бруднае

Сквярэцца, дзярэцца, хрыпіць,

А чыстае, светлае, мудрае

Няйначай заснула і спіць.

Дык, можа, ачнёмся, таварышы?

Апомнімся, братцы-сябры?

Ці будзем, аб вольнасці марачы,

Канаць на бацькоўскім двары?

1991

* * *


Які ганебны пераход,

Ад велічы і чыннасні —

Да чорнай роспачы згрызот,

Да нэндзы і нішчымнасці.

Хлусілі з пэўнасцю такой,

Што ў рот глядзелі многія.

Цяпер — з працягнутай рукой

Стаім, як старцы ўбогія.

Жывём-жуём — куды ўжо горш!

Любому рады донару,

Як бы няма ў нас ні на грош

Ні годнасці, ні гонару.

Куды ні глянь — разбой і гвалт,

Разгул драпежнай хцівасці,

Апораў людскасці абвал,

Агонія цярплівасці.

Дык што ж мы, братцы, за народ?

Што з намі ў свеце сталася?

Калі пазбудземся нягод,

Паўстанем з заняпаласці?

1991

Што ж цяпер?


Пра душу успомнілі, панове?

Што вы хочаце з яе спытаць —

Вамі ж, вамі, душ уладарамі,

Безліч раз цынічна згвалтаванай,

Збэшчанай, растурзанай, знявечанай,

Змучанай, прыбітай, здратаванай,

Між хлуснёй і праўдаю раздвоенай,

А нарэшце і расчвартаванай

На крыжы... О, так, на тым жа самым...

Што ж цяпер вам трэба ад яе,

Што нарэшце ўспомнілі,

Панове?

1991

Чаго вы?


Чаго вы, браткі, і куды

З'язджаеце з роднай зямелькі?

Ці гоніць вас прывід бяды?

Ці хлеб зарабляць для сямейкі?

Ці немарач мучае ў снах,

Што прыйдзе дыктатар чарговы?

Не прыйдзе! Дарэмны ваш страх.

Куды ж вы, браткі, і чаго вы?..

1992

Пасланне патулякам


«Назад!» — шалеюць санавітыя.

Назад! У чортаў калаўрот!..

А вы, наскрозь таленавітыя,—

Чаму не чуе вас народ?

Дзе ваша слова палымянае?

Чаму не б'еце вы ў званы?

Мо не для нас ярмо зламанае

Рыхтуюць зноў «апекуны»?

Вы што — не бачыце, як душыцца,

Як гіне мова наша ўсцяж?

Чаму ж не ўспыхне, не ўзварушыцца

Ваш дух, ваш розум, гонар ваш?

Вы што там трэнькаеце ў зацішку?

Якую цягнеце курну?

Вам люба біць паклоны бацюшку,

Што блаславіць нас у труну?

Не, вы — не музаў слугі вольныя,

Чым суцяшаеце сябе,

Вы — патулякі завугольныя.

Вам толькі страх душу скрабе.

Ну, што ж, туляйцеся! Ды ведайце:

Халуйскім зіркам з-за вугла

Пагоні вольнай вы не згледзіце.

За чым? За кіпцямі арла.

1992

Скажыце ім, хлопцы


Ужо і ў апошняй Амерыцы

Прызналі: сцялежыўся воз.

А гэтыя ўсё яшчэ мерацца

Вадзіць нас, як дурняў, за нос.

Чаму так магло скасабочыцца? —

Шукаюць прычыну яны.

Фалыныўцам усё яшчэ хочацца

Вярнуць нас у царства маны.

Не дзіва: так доўга дурманілі,

Усцешна далоні тручы,

I раптам — адстаўка іх маніі!

На сметнік — ад раю ключы!

Скажыце ж ім, хлопцы, дый голасна,

Што дурняў даўно ўжо няма.

Хто волю здабыў сабе годнасна —

Давеку не прыме ярма!

1992

Праклён


Вы — дзеці зямлі беларускай?

Ну што вы! Хто ж веры вам дасць?

У вашай душы заскарузлай

Прыкметаў яе не відаць.

Не варта, панове, не варта

Лічыцца вам дзецьмі яе.

Жабрацкая ваша пагарда

На гэта правоў не дае:

Пагарда да роднага слова,

Да мовы, што з веку вякоў

I верай і праўдай суровай

Жывіла душу прабацькоў;

Пагарда да родных мелодый,

Да песень, што з гэтай зямлі

I гучнасць, і фарбы, і водар

У кожную ноту ўзялі:

Пагарда да памяці продкаў,

Да славы і гонару іх,

Да іхніх мазольных наробкаў,

Да іх курганоў векавых...

Не знаю, як дзе там на свеце,

А ў нас тут праклён быў здаўна:

Калі вы ёй гэткія дзеці —

То хай вас не носіць яна!

1992

На зазімку


І.

Не бушуюць мітынгі.

Не віруе плошча.

Сцягі размаітыя

Вецер не палошча.

Можа, з Божай міласці

Адышла мітрэнга?

Не. Байцы стаміліся.

Перадышка трэба.

Мудрацы ў праплешынах,

Тон узяўшы роўны,

Грунт кладуць палепшаны

Пад Закон Асноўны.

А героі нацыі

У галодных чэргах.

З фразы камбінацыі

Твораць невычэрпна.

«Покуль край не выпетраў

На свабодных дулях —

Трон сюды са скіпетрам!

Заступай, татуля!

Хоць сабе карычневы,

Хоць сабе чырвоны,—

Заганяй апрычнінай

Зноў нас у загоны!..»

II.

Дзень імгліцца снежаньскі.

Без душы мяцежнай

Плошча Незалежнасці

Чуецца залежнай.

Дзень празяб да дрыжыкаў.

Сцюжна. Сівер зімны.

У чаканні «пыжыкаў»

Дрэмлюць лімузіны.

З правымі і з левымі

Не знайшоўшы ладу,

Інвалід разгневаны

Выйшаў з Дома ўраду.

У кішэнях порацца —

Пуста! Ні цыгаркі!

Нават дыму з горычы

Не глыне паўчаркі.

Лоб у шрамах хмурачы,

Сціснуў кій у пальцах:

Можа, дзе акурачак

Знойдзем на асфальце?..

1992

О любыя мае...


О любыя мае

Браты і сёстры!

Часцей глядзіце

З курганоў вячыстых

На край свой родны,

Што, як храм дзівосны,

Ад вас чакае

Споведзяў найчыстых.

Хай дрогне сэрца

I ад шчасця ўмлее —

Так, што ажно сляза

Засцеле вочы...

Тады з вас, пэўна,

Кожны зразумее,

Чаму тут зброд

Быў панаваць ахвочы.

1992

Свята


Сарваня вярыскам

З вечнасці дрэва,

Ляціць

Вераснёвы лісток залаты —

Як нам напамінак,

Што ладзіцца трэба

Да нашага слаўнага свята,

Браты.

Калісьці

Праклятаю Рыжскай умовай —

Не ўмовай, а змовай —

На ўгоду панам,

На гора народу,

Што рваўся з аковаў,

Разрэзалі любы наш край

Напалам.

Разрэзалі сэрца,

Душу разарвалі,

I мову і песню

Забралі ў палон.

I вусны замкнулі нам...

Голас давалі

Адно для зняверцаў —

За рабскі паклон.

Наш дух не змірыўся:

I ў скрусе глыбокай

Мы ў прышласць глядзелі —

Праз далеч гадоў.

А ўжо на падворку —

Трунар з далакопам:

«Труна вам гатова!»

«I дол вам гатоў!»

Так проста — няйначай

Мы лішнія ў свеце

I месца няма нам

На грэшнай зямлі...

О вешчы лісток залашсты!

Ён свеціць

І вечна свяціцьме

З'яднанай сям'і!

Ніякая змова,

Ніякая звяга

Не страшныя ўжо нам,

Хоць лёс і круты.

Святкуй жа, мой краю,

Вялікае свята!

Наш Дзень уз'яднання

Святкуйма, браты!

1992

Беларускія цымбалы

Алесю Лявончыку

Цымбалы,

Цымбалкі,

Цымбалі кі звонкія!

Жывая душа.

Беларускай зямлі!

На нівах і ў пушчах,

На ўзмежках рамонкавых

Вы голас чароўны

Для спеву ўзялі.

Журчанне крынічкі,

I песенька жаўранка,

I гоман калосся,

I пошум трысця,

I шэлест узвышаны

Сцягу дзяржаўнага —

Усё ў вас злілося

У песню жыцця.

Цымбалы,

Цымбалкі,

Цымбалікі родныя!

Пачую — і ўчую:

Радзіма пяе!

Чаго ж вы парою

Такія журботныя?

Чаму весялосці

Вам так не стае?

Напэўна, вы ловіце

Чуйнымі струнамі

I сумныя бомы

Хатынскіх званоў,

I шал чарнавею

Над светлымі рунямі,

I сыканне гадзін,

I крык груганоў.

Няхай сабе грагаюць —

Злосныя, хцівыя.

Любові не ўсмерціць,

Дабра не забіць!

Звініце, цымбалкі,

Гудзіце, гудлівыя,

Каб неба з зямлёю

У душах радніць!

1992

Санет Адаму Міцкевічу


Ты нарадзіўся ў сэрцы Беларусі.

Тваёю першай нянькаю былі

Яе паданні, што наўкол жылі,

Яе напеў, якім звінелі гуслі.

Суровы краю лёс цябе прымусіў

Пець не на мове роднае зямлі,

Бо нашых прадзедаў у зман звялі,

Бо душы іх нячысцік збаламуціў.

I ўсё-ткі лёс аддзячыў нам, няйначай:

Так, волатам ты ўзрос на ніве нашай,

Каб славе Польшчы паслужыць пяром,

Але, вялікі і ў любві і ў скрусе,

Ты стаў і вечнай славай Беларусі —

Яе красы чароўнай песняром.

1992

Нават пекная пані...

Удержи меня,

моё презренье...

С. Ясенін

Скарпіёнскіх кампаній

У разгары пара.

Нават пекная пані

Яд пусціла з пяра.

Пэўна, годная мэта

Акрыліла на «плён»?

Дробязь: злосць на паэта,

Што не вырадак ён.

Прастакам для спажывы,

Слоў атрутных паток

Сёння ж пойдзе ў паршывы

Манархісцкі лісток.

Дзе накутнікаў здані

Па закутках маўчаць —

Пасквіль пекнае пані

Будзе обер чытаць.

Ну, а людзі не клюнуць

На заманлівы «твор».

Не паглянуўшы, плюнуць,

Скажуць: «Ведамы ўзор!»

Скажуць: «Пані ў аблудзе

Шлях абрала крывы...»

Я — не іншы, чым людзі.

Я — такой жа крыві.

I таму, што не іншы

I свой род вызнаю —

Ты даруй, Усявышні,

Мне пагарду маю.

1992

Лозунг


Народ! Калі ты ёсць —

Ты мусіш усвядоміць:

Ты — не чужак, не госць,

Ты — гаспадар у доме.

Пражэрнай саранчы

Не дайся на з'ядзенне:

Змяці яе! Стапчы!

I рэй вядзі — надзейна!

1993

Сцень


На дасветнай вярсце,

У ваколіцы золку,

Дзіўны волатны сцень

Нам адкрыўся на ўзгорку.

Чый ён — нам не відно —

Гэты сцень нерухомы.

Хоць паставай — даўно

I да болю знаёмы.

Мы ідзем і глядзім,

Пілігрымы Айчыны.

Морак нікне, як дым,

I сплывае ў лагчыны.

Шлях не ўходаў круты.

Не адолела стома.

Скора, скора, браты,

Мы пачуемся дома.

Скора, скора ўжо дзень,

Блісне сонечны промнік.

Каліноўскага сцень

Ператворыцца ў помнік.

1993

Замест рэцэнзіі на вершы Людмілы Рублеўскай


Ну, што, «дабрадзеі»? Вам вельмі

Крычыцца пра немач і ўбоства?

А вось вам — і ў вушы, і ў бельмы!

Вось наша і моц і прыгоства?

Вам мала, што некалі жыхаў

Тут Цёткі радок бліскавічны?

Што водарам волі тут дыхаў

Арсенневай голас крынічны?

Што Геніюш тут нас гукае,

Як маці на тле-папялішчы?

Што, кінуўшы сэрца на камень,

Тут к сонцу ўзляцела Янішчыц?..

Дык вось і яшчэ вам! Чытайце!

Лютуйце! Шалейце ад злосці!

А немачы ў нас — не чакайце:

Мы ў самым цвітучым узросце!..

1993

Вы не яе — вы сябе прыніжаеце


Вы, спадары, і паны, і таварышы

(Як вас... дакладна — даруйце, не знаю),

Недзе там вострыя варывы варачы

Не на спажыву бацькоўскаму краю,

Помніце ўсе: калі вы зневажаеце

I абражаеце мову народа,—

Вы не ЯЕ — вы сябе прыніжаеце,

Нізкая ваша з вас лезе парода.

Як немагчыма прынізіць абразаю

Маці-зямелюхну, неба і сонца —

Гэтак і мовы, што служыць украсаю

Роду людскога, не ўнізіць — ні слоўца!

Ну, а калі ад кухоннага посуду

Дух ваш папросіцца ў высь Перунову —

Лепшага век вы не знойдзеце спосабу,

Як акунуць сябе ў родную мову.

1993

Зварот


Таварыш! Рускі і ўкраінец,

Яўрэй, татарын і паляк!

Мы ўсе ў адной жывем краіне,

З нас кожны кожнаму — зямляк.

Я да цябе звяртаю слова:

Ты паглядзі на тых між нас,

Каму дзяржавы нашай мова —

Кусок руды, а не алмаз.

Ты бачыш, як яны злуюцца —

Стратэгі гібельных інтрыг?

I плодзяць стосы рэзалюцый,

I падымаюць лямант-крык.

Але чаго? Каб хто спытаўся!

Не па нутру ім, што народ

З уласнай мовай не расстаўся

I не аддаў яе на звод.

Лічылі ўжо, што задушылі

Яго правы, яго пратэст,

Што ўжо амаль і завяршылі

Абез'язычання працэс.

А мова — вось: жыве, жывая!

I набірае сілу-моц.

I нас — душу з душой — яднае,

Як берагі надзейны мост.

I не пагроза мовам іншым,

Што тут гучаць здавён-даўна...

I ўсё ж мой кліч, на жаль, не лішні,

I шлю яго я нездарма.

Таварыш! Хто б ні быў ты родам,

Якой ні быў бы ты крыві —

Ты лёс звязаў з маім народам,

Таму — як сын яго жыві!

1993

Здарэнне


У надзеі, што дагодзіць Цэнтру

I яго ў Сталіцу забяруць,

Ён рашыў пазбавіцца акцэнту,

Што дала ад роду Беларусь,

Ён стаяў падоўгу перад люстрам

I падкорчваў, падгінаў язык —

Каб ніводным гукам беларускім

Не праскочыў колішні мужык.

I ад злосці стрымліваўся ледзьве:

«Хіба я належу да няўмек?

Так і выпірае, так і лезе

Гэты грубы наскі дыялект!

Проста ганьба! Не магу народу

Даць узор культуры ў гамане!

I чаму, за што па радаводу

Гэткі нізкі род дастаўся мне?

У кагось дык продак — аргенцінец!

Ці ангелец той жа! Ці француз!

А ў мяне — бадай цябе дзяцінец! —

Ахламон тутэйшы, беларус!

Надзяліў гаворкай — злосць і прыкрасць.

Хоць не адкрывай на людзях рот!

Ды такой учэпістай — не выдраць!

Як на полі пырнік ці асот!

Так уелася ў нутро бязбожна,

Так пусціла ў фібры карані,—

Нават кроў змяняй — не дапаможа:

Выдасць — хто ты і з якой радні!..»

Так аднойчы кляў ён лёс няшчасны

I не ўбачыў, як мільгнуўся цень

I ў шыкоўны кабінет блішчасты

Херувім праз фортку заляцеў.

Штосьці мокрае на пераноссе

Плюхнула... Ён выцер даланёй

I не ўцяміў, што яму з нябёсаў

Ад бацькоў «паклон» прынёс анёл.

1993

Не бойся


Перахрысціўшыся ў другую веру,

Усё былое крэсліш ты заўзята.

I нават Перамогу, як хімеру,

Адрынуў і не прызнаеш за свята.

Адно цябе яшчэ крыху бянтэжыць,

Што бацька твой —

Там, у магіле брацкай —

Застаўся верны, як байцу належыць,

Таму, што клятвай змацаваў салдацкай;

I што аднойчы, супачыўшы ў Бозе,

Ты з ім спаткаешся, і ён спытае:

«Няўжо ты здрадзіў нашай Перамозе —

I для цябе яна ўжо не святая?..»

Дык ты не бойся гэтага спаткання.

Яго не будзе.

Бацьку, хоць і грэшны,

У светлы рай пусцілі Пётра з Паўлам,

Тваю ж душу чакае лёс няўцешны.

1993

Як здароўе, панове?


Вы, што так слёзна гаварылі

Пра ўсе няшчасці нашы,

А самі ўпотайкі даілі

Каровак з чыстай пашы,

Каб з малачком не трапіў цэзій

У панскае саслоўе,—

Скажыце старцу на пратэзе:

Як вашае здароўе?

А то трывожыцца ён вельмі:

Хаця ж бы вы, адпаўшы

Ад тога вымя, не самлелі

На ўсенароднай пашы.

А што вас з рогату затрэсла?

Што ён дурны, той старац?

Што ўсіх турбот было вам — крэсла

Пад вымем пераставіць?

О, так! Дурны! Каб быў разумны

Стары салдат бязногі —

Дык не сядзеў бы з шапкай сумны

На плошчы Перамогі.

1993

Мой кароткі адказ


Вы скажаце: я выракся кагосьці?

Каго? Фальшывых ідалаў-святош,

Якім паверыў некалі?.. Ну што ж,

Хай Бог даруе хібы маладосці...

Ад той зямлі, дзе маці нарадзіла,

Ад тых магіл, дзе прашчуры ляжаць,

Ад нівы той, дзе сеяў я, каб жаць,

Ад мовы той, што ў цемры мне свяціла,—

Не адракаўся і не адракуся!

Запомніце: пярэваратнем я

Павек не скінуся. Душа мая

I ў небе будзе трызніць Беларуссю.

1993

Што я думаў...


Што я думаў, стоячы у чарзе,

Пасярод галоўнай самай залы,

Покуль гаварылі тыя ўсе,

Для каго мы — толькі самазвалы?

Для каго дзяржавы Беларусь —

Не было, няма і быць не можа...

Што я думаў? Я згадаў чамусь

Лесвіцу адну, даруй мне Божа.

Лёс наш колісь праз яе пралёг...

I да жудасці мне ясна стала,

Ад чаго ў той лесвічны пралёт

Паляцеў стоць галавой Купала.

1993

Перад картай Радзімы


На абрыс Радзімы глянуў зноў —

I ўцямрэла неба грамавое!

Людзі! Колькі ёсць праклённых слоў

У святой і вечнай нашай мове —

Я прашу вас: па апошні ўздых,

Аж пакуль не прыме дол смяротны —

Праклінайце! Праклінайце тых,

Хто абрэзаў колісь край наш родны!

1993

За драбніцу


Зноў нас хваляць.

I зноў за халуйства.

I мы ўдзячна прымаем хвалу.

Кажуць: «Будзе вам хлебная луста,

Каву будзеце мець і халву.

I для кожнае пані — куніцу,

I для кожнага пана — аўто.

Праўда, возьмем і ў вас мы драбніцу —

Возьмем... мову.

Дык гэта ж — нішто!..»

Брава! Колькі набытку без страты!

Мова нам ні к чаму сапраўды,

Калі рот будзе справай заняты —

Цэлы дзень будзе повен яды.

1993

Дзядам


Дзяды! Ну што ж вы, нашы родныя,

Намер вітаеце злачынны —

Вы, мудрацы сівабародыя,

Айцы Айчыны?

Ці вы, пражыўшы век, не знаеце,

Як душыць душы накіп пошлы,

Як труціць сэрцы яд нянавісці?

Дзяды! Ну што ж вы?!.

Хоць з вас і вытравілі нелюдзі

Чуцця прыроднага нямала —

Вам не да твару біцца ў нераце

Самаабмана.

Вы шлях прайшлі, агнём пазначаны.

У вас на целе — куляў прошвы.

Адкуль жа стынь да мовы матчынай?

Дзяды! Ну што ж вы?!.

Як горка бачыць: адыходзячы

З жыцця навек — нібы з кватэры,

Вы мову гасіце, суродзічы

Дабра і веры!

Як бы святло, што ў час бясхлебіцы

Жывіла дух наш несвятошны,

Унукам заўтра не спатрэбіцца...

Дзяды!.. Ну што ж вы?!.

1993

На Балканах


Які ўжо месяц на Балканах

Шугае полымя вайны.

А хто байцы ў варожых станах?

Адзінай матухны сыны.

Гарыць зямля адвеку крэўных

I верных нам славян-братоў.

I не прыходзіць замірэнне.

I дзень-адодні льецца кроў.

Ужо і рознай масці зграі

Туды спяшаюцца здаля.

Што трэба ім у гордым краі?

Чым вінна гэта ім зямля?

Што трэба хіжым? Неўзабаве

Мы будзем ясны мець адказ:

Усё, што, клацнуўшы зубамі,

Запатрабуюць і ад нас.

А мы... ці нам заклала вушы?

Ці ў нас замазаны раты?

Маўчым, прадаўшы д'яблу душы...

Нікчэмцы мы, а не браты!

Братамі ж мы у сорак трэцім

Былі, калі — і тут, і там —

З нас кожны ведаў: лепш памерці,

Чым не падаць руку братам.

1993

Пакуль...


Пакуль з пагардаю ад нас

Не адвярнуўся дух Купалы —

Пільнуйма зніч, каб не пагас,

Каб быў запас агню трывалы,

Каб, душы вывеўшы з турмы,

Як пад прысягаю, сурова

На свет на ўвесь сказалі мы

Сваё не сказанае слова!

1993

I ўсё-такі дойдзем!..


За векам век плыве-цячэ,

А мы ідзем, ідзем... I што ж?

О, як далёка нам яшчэ

Да Беларусі!

Ужо няўсцерп нам крыж пакут,

I мы крычым, крычым, але —

Не дакрычаліся пакуль

Да Беларусі.

А можа быць, яна — міраж,

I ўсе мы трызпім? Бо чаму ж

Не далятае голас наш

Да Беларусі?

Відаць, пракляцця знак ляжыць

На нас ад роду, і таму

Так цяжка шлях нам церабіць

Да Беларусі.

Равуць вятры, грымяць грамы,

Пыл засціць вочы нам, і ўсё ж,

I ўсё ж мы дойдзем, дойдзем мы

Да Беларусі!..

1992

Загрузка...