ВІЛЬНЯ


Вільня – сталіца Старога Запавету беларускай гісторыі.

Вільня – сэрца Залатога веку, ансамбаль цудоўных храмаў, палацаў і знакамітага ўнівэрсытэту, горад вялікіх князёў, вялікіх прапаведнікаў і вялікіх адраджэнцаў.

Вільня – грандыёзны скарб, раздадзены бедным.

Вільня была заснаваная Гедзімінам у 1323 годзе – і адразу як сталіца. "Каб табе хадзіць у Вільню горы капаць!" – беларуская прымаўка тае пары. Фарпост славянізацыі сярод балцкіх земляў, Вільня выяўляла стратэгію ВКЛ да поўнага панаваньня ў Міжмор'і. Сталіцу наперад! – моцны ход вялікае дзяржавы, ферзевы гамбіт на ўзор швэдзкага Стакгольму, турэцкае Анкары ці расейскага Піцеру.

Вільня – галоўны горад Альгерда й Вітаўта. Вялікакняскі двор, палацы магнатэрыі, катэдральныя храмы. Цэнтар, дзе прымаюцца рашэньні, абавязковыя для выкананьня ад Балтыкі да Чарнамор'я.

Спадарства! Пра Вільню можна расказваць бясконца – а ў нас з вамі ўсяго некалькі хвілінаў. Вось тут друкаваў Скарына, вось тут Барбара Радзівіл таемна сустракалася з Жыгімонтам Аўгустам, адсюль кіраваў дзяржавай Леў Сапега... Залацісты пылок на віленскіх сьценах і пазалота начной ілюмінацыі сучаснай Вільні яшчэ захоўваюць водсьветы таго вялікага Веку.

Зьвярніце ўвагу, Віленскі ўнівэрсытэт. Аўдыторыі, якім 400 гадоў. Тут вучылася эліта ўсяе Ўсходняе Эўропы. Тут пачыналі Міцкевіч, Дамейка, Гарэцкі. Віленскае барока. Ідэал беларускай прыгажосьці – касьцёлы Пятра й Паўла, Казіміра, Сьвятое Ганны, Траецкая царква...

Калі ласка, не губляйцеся. Па гэтых вузкіх і вабных віленскіх вулічках, дзе сёньня лявіруюць эўрапейскія аўтамабілі, блукаеш, быццам у зьвілінах: так шмат думаецца аб тым, што тут адбывалася!

Вільня – горад, дзе паміраў Каліноўскі й ажываў нацыянальны рух. Вільня выхадзіла Багушэвіча й вынасіла "Нашу Ніву".

Старая Вільня прачытваецца, як Стары Запавет. Боганатхнёны закон, поўны прадбачаньняў і прароцтваў, з глыбокім патасам і суворай мудрасьцю. Збор запаветаў, радаводаў і вобразаў для ўсяе Беларусі.

Вільня – гэта Вострая Брама ў беларускую мінуўшчыну. Эўрапейскі горад-музэй, дзе ўрачыста й цырымонна расстаўлены ўнікальны антыкварыят залатога Сярэднявечча. Назвы вуліцаў з шыльдачкамі антычнага шрыфту. Нават сама Вільня сёньня клясыфікаваная афіцыйнай лацінай як Вільнюс.

Зь Вільні Беларусь чэрпае волю, веру і сілу. Беларускія інтэлектуалы гняздуюць у Вільні – віленская веліч усяму надае асаблівае значнасьці ды вагі.

Вільня – гэта вельмі, вельмі й вельмі.

У кожным доме ёсьць гэткае месца, дзе захоўваецца самае каштоўнае – сэрвізы, дакумэнты, упрыгожваньні, падарункі... У нас гэта Вільня. "Дзядзька ў Вільні" – сёньня гэта значыць зайсьці туды, дзе жыў калісьці доўга ды шчасьліва.

І ўсё-такі Беларусь аддала Вільню. Па-хрысьціянску пакорліва аддала самае дарагое.

Аддала – бо як жа цяжка багатаму ўвайсьці ў Царства Божае!

Аддала – каб захаваць векавыя скарбы сярод войнаў, рэвалюцыяў ды акупацыяў.

Аддала, бо ўтульная ды абцяжараная спадчынай Вільня зацесная для беларускага Новага Запавету. Гэтак юдэйскія гарадкі ўрэшце рэшт аказаліся замалыя для размаху Эвангельля. Тут патрэбная прастора, маштабы, паветра й неба. Тое, што чакае нас сёньня ў велізарным і пустым Менску.

Старую Вільню ўжо далёка абступіла сталіца Летувы. Сэйм, знакамітая тэлевежа, мікрараёны. Але Вільня, выгляд збоку беларусу ўсё роўна трапляе ў самае сэрца.

Загрузка...