III. БЕЛАРУСКАЯ ГАСПАДАРКА


Нацыянальная ідэя ў гаспадарцы?

Для беларуса?

О, гэта нешта зь нечым!

Найперш, вядома, свая хата. Двухпавярховы дом у прыгарадзе, з садам і гародам вакол. Галоўнае, сядзіба непадалёк ад рэчкі, каб рыба была, і лес побач, каб грыбы-ягады ды гарэхі...

Канечне, з гаражом, дзе стаіць трактар "Беларус", "Форд-эскорт" беларускай зборкі сярэдзіны 90-х, пару ровараў-раскладушак, менскіх ад стырна да падшыпнікаў.

З хлявом, поўным быдла ды сьвіней, з куратнікам і будкай для вартавога сабакі.

Студня. Альтанка. Палісаднік з кветкамі.

Сама хата дыхтоўная й цёплая. Лепш з дрэва – нашага, роднага. З матар’ялаў ААТ “Забудова”. Зь вялікай печчу на першым паверсе й камінамі на другім. Ашаляваная знутры хваёвай дошчачкай "Гомельдрэву". З падлогай, выкладзенай пінскім дубовым паркетам пад лідзкі лак (Гандлёвы дом “Дэкорум”).

Заходзьце, не саромцеся. Усё адно да беларуса ўвесьчас уваходзілі, не пытаючыся – ён ужо звыкся. Цёплы, ёмісты дух беларускага жытла чуваць ужо на парозе. Бачыце, шэраг паліто, куртак і строяў гомельскага "Камінтэрну" й сталічных атэлье. Абутак: колькі параў віцебскіх "Белвесту" ды "Марка". Заўважце, як акуратна. Такія мілыя ўзорыстыя палавічкі (Менскі камбінат народных рамёстваў), падставачкі з абутковым крэмам й лыжачкамі для пантофляў, што здаецца – беларус жыве ў гэтае вітальні. Зрэшты, суседзі з Захаду й Усходу заўжды лічылі Беларусь гэткім калідорам, дзе выціраюць ногі, пераабуваюцца ды, кашлянуўшы, ідуць па сваіх справах.

Здымайце боты – зойдзем у сярэдзіну.

Сьветла. Беларус любіць, каб сьветла. Гасьцінная гасьцёўня. Адразу кідаюцца ў вочы шыкоўныя берасьцейскія дываны (ААТ "Берасьцейскія дываны"). Мэбля – рэчыцкая, мазырская, маладэчанская. Сьценка, стэлажы кніжныя шафы, устаўленыя тамамі менскае паліграфіі (між іншым, на добрушскае паперы са сьветлагорскае цэлюлёзы). Глыбокія бабруйскія фатэлі, канапа "Купава", мяккі куток з набору "Эўропа" зь вялікімі мяккімі цацкамі жлобінскага камбінату футравых вырабаў. Мякка й утульна, як у душы ў беларуса. На покуці – абразок у рушніках зь "Лянка". Тэлевізар – "Гарызонт" апошняе мадэлі (84CTV-698T) з пляскатым экранам. Журнальны столік “Маладэчнамэблі”, абавязкова са сьвежымі нумарамі "Народнае волі" ды "Нашае Нівы".

І ўрачысты акорд – фартэпіяна, зробленае на барысаўскай "Піянінцы".

Цяпер – кабінэт, дзе беларус так любіць працаваць. Рабочы стол баранавіцкай фірмы "Тымбэр" з масыву альхі. Пэрсанальны кампутар зь інтэгралаўскімі мікрасхемамі, куплены ў "Дайнове". Гарадзенскае скураное крэсла-круцёлка (клясычны нацыянальны трэнажэр). Бібліятэка, фанатэка, фільматэка (больш падрабязна гл. далей – разьдзел “Культура”). Што гэта на сьцяне? Карціны? О, не, мапы ВКЛ XV-XVI стагодзьдзяў, надрукаваныя на менскім паліграфічным камбінаце імя Я. Коласа: 1 мільён квадратных кілямэтраў ад мора да мора. І мапа сучаснае Рэспублікі Беларусь – на ўсю сьцяну, дзе пазначана ўсё да апошняй вёсачкі.

Лесьвіца ўгару – на другі паверх. Заля з камінам. Шыкоўны мэблявы гарнітур зь Пінску, плеценыя крэслы-гушкалкі на бальконе, сэрвізы бярозаўскага фаянсу і гарадзенскага хрусталю. Асабістыя пакоі. Каралеўскія ложакі ручное працы ад невялікіх мэблявых фірмаў Менску й Берасьця. Дзіцячая, абабітая віцебскімі дыванамі. Магілёўскія калыскі, менскія каляскі і цэлы цацачны сьвет ад сталічных, жлобінскіх і наваполацкіх вытворцаў...

Вы ўжо прагаладаліся? На кухню!

Да вашых паслугаў пліта берасьцейскага "Газаапарату", кухонны камбайн, мікрахвалеўка, міксэр, сокавыціскалка менскай "Алесі". Сталовая нержавейка Магілёўскага ААТ "Чырвоны мэталіст". Лядоўня, натуралёва, "Атлант". З маразільняй, даверху забітай вясковай сьвежыной, вяндлінай, кумпячком, барысаўскай кілбаскай ды магутным салам з праслоямі мяса (не сумнявайцеся, усё тутэйшае). З батарэяй бутэлек "Лідзкага", "Аліварыі", "Крыніцы", бляшанкаю "Рэчыцкага" ды двухлітровікам "Менскай-4". З упакоўкамі селядцоў ды ікры берасьцейскага "Санта-Брэмар" (50% сусьветнага рынку ікры мойвы), смачнюшчымі ёгуртамі "Савушкіна прадукта", беларускімі чыпсамі, рагачоўскай згушчонкай, бярозаўскай тушанінай, 20%-най сьмятанай менскага гармалзаводу №2, сырам "Белая Русь" (Капыль), маслам ААТ “Беллакт”, маянэзам “Правансаль. Залатая кропля” (ААТ “Менскі маргарынавы завод”) пячоначным паштэтам, замарожанымі клёцкамі й галянікамі са Слуцку, слоічкам собскага хрэну, ды яшчэ нейкае смакаты, аж усяго ня ўгледзіш... Хлеб ад "Нарачанскага" да "Дзьвінскага"... Цукеркі менскае "Камунаркі" й гомельскага "Спартака"... Печыва "Слодыч"... Торт ад "Салодкага фальварку"...

Частуйцеся!

Калі ласка – бо кубачкі з сэрвізу добрушскага парцаляну, адмыслова для наскае лясное гарбаты – сунічнае, малінавае, журавінавае з шыпшынаю. Можна соку – яблычна-бярозавага, вішнёвага ці таматнага (Глыбоцкі кансэрвавы завод) – з плястыкавай конаўкі наваполацкага "Паліміру". Усё свойскае. Усё, як у казачнага добрага гнома, што рупна, з жарсьцю сапраўднага калекцыянера, назапашвае скарбы для сябе й наступных пакаленьняў.

Адмысловы куток – леднік на засаўцы, з бульбай, буракамі ды морквай, цэбрам квашанай капусты, слоікамі закатак – салёных гуркоў, памідораў, кабачкоў, баклажанаў, грыбное салянкі, сочыва... Самыя глыбіні запасьлівае беларускай гаспадаркі!..

Што? Час зазірнуць у прыбіральню? Не турбуйцеся, прыбіральня цалкам айчынная ад чарупіны ўнітазу (ААТ "Керамін") да туалетнае паперы (слонімскі "Альбярцін"). Заходзьце, як той казаў, сядайце.

Цяпер ванная. Бліскуча белая, выкладзеная знакамітай беларускай кафляй з керамінаўскай сантэхнікай, і люстрам бабруйскага "Люстэрка", зубной пастай ЗАТ "Вітэкс", парфумай "Беліты", шампунямі "Белкасмэксу", парашкамі унітарнага прадпрыемства "Бархім", "Віксану", віцебскімі махровымі ручнікамі... Ага, і яшчэ лямпачкамі берасьцейскага электралямпавага заводу. І сьвятлом вытворчасьці Бярозаўскай ДРЭС.

Нарэшце, спальня. Шафа запоўненая вопраткай ААТ "Сьвітанак", КІМаўскім трыкатажам, бялізнаю "Мілавіцы"...

У гэты момант трэба адхінуць сталічнага вырабу шаўковыя фіранкі, кінуць задаволены погляд на ўласную гаспадарку (прычым зрабіць гэта праз шыбы касьцюкоўскае вытворчасьці), і завесьці буднік менскага гадзіньнікавага заводу.

Ну, цяпер можна шчоўкнуць сьвяцільнік "Івіца" менскай "МПВ-ОВТ", расьцягнуцца на барысаўскім ложку зь лёгкім прыемным рыпеньнем, на прахалодных ад сьвежасьці льняных прасьцінах (made in Vorsha) і, соладка млеючы пад гомельскай коўдрай, адчуць эўфарыю поўнага нацыянальнага камфорту: усё навокал на 100% – сваё!

Так, нацыянальная ідэя ў гаспадарцы – нешта важкае й ёмістае. Маеш рэч, што называецца. Раскручаныя фэномэны беларускай гаспадаркі часта даюць вобразы мэнталітэту, моцныя й цэласныя настолькі ж, як і нацыянальныя сымбалі.

Бульба. Просты й шчыры круглявы клубень, зарад чыстае, пажыўнае крухмалістае белі, так падобны да стоенага ў зямлі мужыка-беларуса!

"БелАЗ". Узраве – аглухнеш. Машына магутнае працавітасьці й калясальнае грузападымнасьці, што цягае цяжары па ўсім сьвеце.

Трактар "Беларус". Беларус! – бо шмат дзе беларуса атаясамляюць з тым трактарам.

Калійная соль. Крышталёвая энэргія з глыбіняў Беларусі, што жывіць краіны паловы плянэты.

Лён. Беларуская бель, біблійны сымбаль чысьціні, зь якое робяць нацыянальныя рушнікі, найтанчэйшыя францускія тканіны й нават купюры "эўра".

Бялізна. "Мілавіца", "Сэрж", КіМ. Беларускую бялізну носяць і ў Расеі, і ў Эўропе: гэткая ж пяшчотная, белая, ласкавая й інтымная, як сам беларускі характар. Беларуская бялізна, якой іншыя прыкрываюць уласную галізну, і якой увесь час дастаецца чужы бруд.

Электроніка. Тэлевізары “Гарызонт” і “Віцязь”, мікрасхемы “Інтэгралу” й “Плянару”, гадзіньнікі й вымяральныя прылады, усе гэтыя непамысныя нанатэхналёгіі й супэркампутары, плён беларускай навукаёмістасьці й вынікі кемлівасьці, сумешчанай з руплівасьцю. Будучыня беларускага Сэрца, якое дакладна адлічвае час і стварае іншую рэальнасьць.

Беларуская гаспадарлівасьць яўна роднасная габрэйскай – адасобленай і рупнай да сквапнасьці. Калі такі гаспадарчы рэфлекс шторазу спрацоўвае ў згоршанага, зьняверанага, бесьсьвядомага беларускага народу – дык які ж будзе ў абуджанага! У веруючага! Які ў ідэале!..

Бог даў беларусам у валоданьне поўную чашу – усё сэрца Вялікай Эўропы. І, як аказалася, недарэмна: беларусы сталі цудоўнымі выканаўцамі Божага запавету: “Напаўняйце зямлю і валодайце ёю” (Быцьцё 1:28).

І вы пазнаеце беларуса па градах, дзе перацёрты ў пальцах кожны камячок зямлі – што ў Сібіры, што на скрайняе Поўначы, што ў Аргентыне.

І вы ўзгадаеце, як цёпла, па-сямейнаму прывязаны кожны беларус да кароўкі, авечак, курачак, усяе “худобы” сваёй.

І вы самі адчуеце пранізьлівую настальгію па цудоўным Эдэме – ў хвалюючым паху белае квецені, што ахінае беларускі сад-гарод.

Беларуская гаспадарка – сьведчаньне стоенай сілы, жывучасьці й неверагоднай самадастатковасьці беларуса. Акупанты шторазу выграбалі адсюль усё дабро – млека, яйка, курка, дрэва, музэйныя скарбы й геніяльныя мазгі – а мы нават у СССР здолелі тачыць сала з праслоем мяса ды зьбіраць палову савецкае тэхнікі. Прынамсі, украінскага галадамору ці расейскай чарназёмнай галечы ў нас не было. Беларусы ўсё роўна ўладкоўваліся – на прахадным двары, на міжморскім скрыжаваньні, у сэрцы Эўропы. Утульна й на вякі.

Беларуская гаспадарка найярчэй выяўляе мясцовыя асаблівасьці, мілыя лякальныя колеры, што мазаікай складаюцца ў поўню ўтульнага й сакавітага жыцьця – усё гэтае гарадзенскае шкло, віцебскі абутак і трыкатаж, лідзкае піва, гомельскія цукеркі, старадароскі самагон, кобрыньскія сыры. Гаспадарчая спэцыфіка – сапраўдны скарб беларускай традыцыі й адмысловы шыфр беларускага краязнаўства.

Беларуская гаспадарка – глыбокае люстра гісторыі.

Тысячагодзьдзе таму Беларусь пачынала з гандлю. Полацк, брама з Балтыкі ў далячыні Ўсходу; Смаленск, перавалачная база на валоках з варагаў у грэкі; Менск, што пайшоў ад "мены"… Менавіта ў гэтых імёнах закладалася місія абмену культураў, сынтэзу цывілізацыяў ды міжканфэсійнай талеранцыі. Беларусь Полацкага княства хадзіла ў купецкім строі, дастаўляючы Захаду футра, пеньку, лес, а Ўсходу – тканіны, віны ды селядцы.

Вялікае княства Літоўскае, багацьце й слава беларускай гісторыі, умомант матар’ялізуецца перад намі ў збожжы, якое вывозілася ў Эўропу, кругах царкоўнага воску і бочках мёду, унікальных рамёствах, якімі захаплялася Маскоўшчына, у шляхецкіх кунтушах, магнацкіх пасах – і канвэртуецца ў срэбных талерах... Бліскучая раскоша Старога Запавету!

XVII – XVIII стст., эпоха тленьня Рэчы Паспалітай… Спусташаюцца душы й бяднеюць сядзібы. Вакол сурдуты ваколічнае шляхты, мундзіры паўстанцаў і вясковыя сьвіткі. Гістарычны пераход зь мяса на бульбу, і з хлеба на квас. Але ў гэтай убогасьці нараджаецца простая й шчырая беларускасьць Новага Запавету. Сялянская нацыя XIX – XX стст. з новай сілай прыпадае да гэтае зямлі, каб зрабіць яе, зарослую лесам льняную правінцыю, краінай грандыёзнага зборачнага цэху, буйных птушкафабрыкаў, кісельных берагоў ды малочных рэкаў, што пацякуць у Маскву, Кіеў, Вільню ды Піцер.

І вось цяпер:

— Праект гіганцкага тэхнапарку, які заходнія фірмы плянавалі збудаваць у Менску, заблякаваны расейскімі спэцслужбамі напачатку 90-х і рэанімаваны сёньня;

— Запушчаныя Лукашэнкам заводы;

— Экспартныя прадпрыемствы, на якія разяваюць рот маскоўскія алігархі;

— І – калясальны патэнцыял інтэлекту, працавітасьці й цярплівасьці для сучаснай інавацыйнай эканомікі.

"Новая зямля" беларусаў, новая краіна... Якой сілы й велічы вобразы разгортваюцца ва ўяўленьнях новага пакаленьня! Беларусь – інфармацыйны, тэхналягічны і фінансавы цэнтар сусьветнага ўзроўню – такі, як Бэнілюкс, Ганконг ці штат Каліфорнія.

Новая Беларусь ХХІ ст – гэта пляцдарм высокаякаснай зборкі й сэрвісу, краіна сучаснага інфармацыйнага, навуковага й культуровага прадукту, банкаў і гатэляў, спорту й турызму, файна арганізаванага адпачынку. Станавы хрыбет новае Беларусі – грандыёзны транзытны комплекс: аўтамабільныя й трубаправодныя прадпрыемствы, дарогі й камунікацыі, запраўкі й майстэрні, матэлі й сеткі рэстаранаў хуткага харчаваньня, гіпэрмаркеты й выстаўныя цэнтры, свабодныя эканамічныя зоны, "сіліконавыя даліны" хай-тэк і дэпо абслугоўваньня. Канцэпцыя Беларусі як гіганцкага стратэгічнага, эканамічнага й геапалітычнага мосту паміж Захадам і Расеяй, Эўропай і Азіяй, Балтыкай і Чарнамор'ем дае ўнікальныя магчымасьці для сапраўднай нэўтральнасьці, дружалюбнай адкрытасьці на Захад і Ўсход з фарміраваньнем восі ўласных фінансавых, тэхналягічных і гандлёвых інтарэсаў. Рэалізацыя надзвычай выгоднага эканоміка-геаграфічнага становішча, плюс кампактная канфігурацыя ўжо існуючай інфраструктуры, плюс распрацоўка ледзь кранутых прыродных рэсурсаў, памножаныя на вялізны навукова-тэхнічны досьвед кваліфікаванага насельніцтва, сумешчаныя з адвечнай беларускай працавітасьцю – і ўсё наша стоенае багацьце гатова выбухнуць сапраўдным беларускім эканамічным цудам!

Пачатковы інструмэнтарый такіх рэформаў агульнапрыняты: апэратыўная распрацоўка адпаведнае заканадаўчае базы; зьніжэньне падаткаў і абмежаваньне іх спэктру да ліку самых зьбіральных; перамовы аб прадастаўленьні заходніх інвэстыцыяў і крэдытаў на структурную перабудову прамысловасьці з матар'яла- й энэргаёмістае ў праца- й навукаёмістую; манэтарысцкая барацьба зь інфляцыяй, увядзеньне талеру, прывязка яго да эўра (ці даляру), празрыстая прыватызацыя ад дробнага да буйнога; перавод сельскае гаспадаркі на таварную спэцыялізацыю фэрмэрскага тыпу і, вядома ж, разгортваньне буйных мытных ды экспартных праектаў. Сёньняшняя скандальная вядомасьць Беларусі пры адпаведнай пастаноўцы пытаньня абернецца на карысьць. Інфармацыйная "раскручанасьць" краіны – патэнцыял, які вымяраецца сотнямі мільёнаў і нават мільярдамі даляраў. Дастаткова будзе, умоўна кажучы, памяняць "–" на "+", каб атрымаць найвышэйшыя інвэстыцыйныя стаўкі й трапічны крэдытны клімат для былое "чорнае дзіркі Эўропы".

Ёсьць толькі адно "але". Усе гэтыя цудоўныя панарамы проста нішто, калі ў народа няма сапраўднай прагі аднаўленьня, калі забытыя падставовыя каштоўнасьці, калі людзі апатычныя й разбэшчаныя. Кожны прафэсійны спэц-рэфарматар у курсе, што для грамадзтва як рухавіка палітычных і сацыяльных пераўтварэньняў прыстойнае этычнае выхаваньне нашмат важнейшае за гарвардзкую адукацыю ці тэхналягічную дасканаласьць. Інакш нахабныя ньюмэны раскрадуць і прададуць краіну да апошніх запчастак, як Расею, а потым яшчэ й плюнуць людзям у вочы. Без глябальнага духовага апірышча са страшным трэскам правальваюцца любыя рэфарматарскія сыстэмы, бо унутраныя заганы й схаваныя грахі рана ці позна разьядаюць і завяршаюць крахам самыя зьнешне бліскучыя праекты. Яшчэ раз, гэта вельмі важна: посьпех поўнамаштабных эканамічных рэформаў у Беларусі будзе ў велізарнай ступені залежаць ад таго, наколькі маральныя спэцыялісты возьмуцца за іх правядзеньне, і наколькі падрыхтаванай да сапраўдных глыбінных зьменаў будзе духовая атмасфэра ў самім грамадзтве.

І вось яшчэ што: Новай Беларусі патрэбная новая псыхалёгія. Прыведзеная вышэй мадэль беларускага эканамічнага цуду як гаспадаркі гасьціннага сэрвісу, інавацыйных цэнтраў і інтэнсіўнага транзыту цалкам адпавядае сусьветнаму вобразу сучаснай, перадавой эканомікі – "эканомікі абслугоўваньня". Вельмі важна зразумець, наколькі сур'ёзна залежыць такая будучыня ад стану грамадзкай сьвядомасьці. Гаспадарлівае, усьмешлівае, нават ласкавае эўрапейскае служэньне – паняцьце, супрацьлеглае саўковаму рабству, дзе за пахлёбку даводзіцца ўкалываць то на ВПК, то на фонд Лукашэнкі, то выяжджаць гастарбайтэрамі ў Нямеччыну, то будаваць сьвінакомплексы ды піраміды на патрэбу імпэрыі. Ключавое пытаньне ў справе фармаваньня "сэрвіснай эканомікі" – гэта пастаяннае, паўсюднае, на ўзроўні грамадзтва й кожнага індывіду, адчуваньне Місіі Служэньня. Адчуваньне да такой ступені моцнае, што яно робіцца сэнсам жыцьця.

Ты служыш людзям, краіне, нацыі. А асноватворны матыў мэнталітэту служэньня – ад зычлівае ўсьмешкі да чуйнага папярэджаньня жаданьняў, ад пунктуальнасьці да ўтульнае, амаль сямейнае атмасфэры – і ў Амэрыцы, і ў Эўрапе, і ў заўтрашняй Беларусі элемэнтарна просты, унівэрсальны і культываваны стагодзьдзямі – гэта любоў да бліжняга свайго.

Палюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам, ўсёй душой, усімі сіламі тваімі – і тады любоў да бліжняга стане сутнасьцю твайго існаваньня, кажа Біблія. Таму і стараюцца на Захадзе кожную справу, кожную драбніцу рабіць ідэальна, бо ведаюць: любая рэч і ўсякае імгненьне жыцьця нам Самім Богам дадзена. Ведаюць, што Бог дабраслаўляе стакроць за кожны момант веры й любові – і за школьнай партай, і за кампутарам, і за стойкай супэрмаркета, і ў сям'і. Мы вельмі часта ўпускаем гэтыя фундамэнтальныя прынцыпы, калі спрабуем разабрацца ў сакрэце заходняга ладу жыцьця. Вось у чым сэнс: людзі, якія ўвесь час адчуваюць прысутнасьць Найвышняга, ператвараюцца ў надзіва адказных, працавітых і шчырых.

Такім чынам, разьвітая, якасная, тэхналягічная, эўрапейскага ўзору "эканоміка служэньня" Беларусі, гасьцінная, з глыбокай культураю дачыненьняў, павінна мець масавае апірышча моцнае хрысьціянскае сьвядомасьці. Гэта найважнейшая патрэба для будучага пакаленьня ў справе стварэньня абсалютна новага, сапраўды эўрапейскага ладу. Лічыце гэта прароцтвам – але калі будзем штосьці рэфармаваць бяз Бога ў душы, калі ня прымем Хрыста як Збаўцу, калі асноўным законам жыцьця краіны ня зробім Біблію – усе цудоўныя мроі аб Беларусі пойдуць прахам.

Загрузка...