V. БЕЛАРУСКІ СПОРТ


Прывітаньне, шаноўнае спадарства – чытачы, слухачы, гледачы першага нацыянальнага!

Толькі сёньня разам з намі вы маеце магчымасьць назіраць за трансьляцыяй відовішча, якога ўся Беларусь чакала ні больш, ні менш – усю сваю 1000-гадовую гісторыю.

Алімпіяда нацыянальнае ідэі ў спорце.

Такім чынам, увага!

Запрашаем вас у Менск, Беларусь. У самы цэнтар Эўропы, на скрыжаваньне шляхоў, на галоўную арэну кантынэнту. Вы чуеце гэты гул, агромністы гул, з-за якога я сам ледзь чую рэжысэра рэпартажу... Гул 10 мільёнаў заўзятараў! Так, 10 мільёнаў – бо ўсе, ад малых дзяцей да глыбокіх старых, хоць раз у жыцьці хварэлі за нашых. Таму сёньня ўсе яны тут, уся нацыя – у жывым эфіры, на арэне спаборніцтва, у рэжыме рэальнага часу – перад намі.

Гэтая краіна бачыла за свае тысячу гадоў і турніры, і сярэднявечную барацьбу, дужаньне “да крыжу” й “на крыжы”, і дзікае паляваньне, і ловы, увекавечаныя ў “Песьні пра зубра” ды раманах Караткевіча, і рыцарскія двубоі, і страляніну з лукаў ды арбалетаў, і чэмпіянаты Эўропы ды сьвету, і залатыя мэдалі “Дынама-82”, і перамогу футбольнай зборнай Беларусі над Галяндыяй у 95-м, і трыюмф беларускіх тэнісістаў у матчах з Расеяй ды Аргентынай у Кубку Дэвіса ў 2004-м... Але сёньня – асаблівы дзень. Сёньня ўпершыню ў гісторыі ўсе гэтыя спаборніцтвы сыходзяцца ў адной вялікай Алімпіядзе.

Уладкоўвайцеся зручней, бо наперадзе нас з вамі чакае нешта фэерычнае. Грандыёзнае відовішча Адкрыцьця, прадстаўленьне поўнае нацыянальнае dream-team, сотні лепшых спартоўцаў Беларусі, а затым – 14 відаў спорту ў абавязковай праграме. Дзесяткі тысячаў запрошаных, гасьцей і журналістаў. Вы бачыце на свае ўласныя вочы: перад вамі, з вышыні птушынага палёту, стадыён “Дынама”, поўная чаша ў самым цэнтры Менску, лядовыя палацы ў абласных цэнтрах ды сталіцы, вось супэрсучасны футбольны манеж у Вясьнянцы, Менскі Палац Спорту, адна зь лепшых у Эўропе спартовая база “Стайкі”, вось іпадром “Ратамка”; гэта – вы, вядома, пазналі, – комплекс “Раўбічы”, знакамітыя трампліны, побач – гарналыжны курорт пад Лагойскам, беларуская Швайцарыя, і ўсе нашыя 225 стадыёнаў, 222 плавальных басэйны, 5 тысячаў спартовых заляў і 14 тысячаў спартовых пляцовак, адначасова адчыненых сёньня дзеля таго, каб прыняць Алімпіяду Нацыянальнай Ідэі.

Абсалютна дарэчы будзе зараз згадаць адзін гістарычны факт. Мы з вамі можам ганарыцца перад усім сьветам тым, што менавіта беларус стаяў ля вытокаў адраджэньня Алімпійскіх гульняў. У Афінах 1896 г., дзе адбывалася першая сучасная Алімпіяда, гарадзкой гаспадаркай кіраваў наш выбітны зямляк, герой Грэцыі Зыгмут Мінейка. І менавіта ён рыхтаваў тую самую першую Алімпіяду.

Перад абліччам бліскучага беларускага алімпійскага ансамблю, напярэдадні шыкоўнага шоў, што чакае нас у бліжэйшыя гадзіны, варта паўтарыць: такі ажыятаж, такая ўсенародная цікавасьць, такі агульнанацыянальны аншляг тут адзначаецца, безумоўна, упершыню.

Калі раней, на працягу 70 гадоў у сусьветных турнірах беларусы фігуравалі ў складзе “зборнай СССР” і ўсе называлі іх “рускімі” – нам заставалася хіба што ціха хварэць за землякоў. Але ўжо ў 90-х гадох мінулага стагодзьдзя заўзятары з усяе плянэты пачалі сустракаць імя “Belarus” на чэмпіянатах сьвету й алімпійскіх гульнях, у спаборніцтвах па гімнастыцы, барацьбе, гандболе, біятлёне, хакеі, веславаньні, настольным і вялікім тэнісе, фрыстайле, лёгкай атлетыцы... Беларускія трыюмфы пад бел-чырвона-белым сьцягам на Алімпіядзе ў Барсэлёне 1992 г. – 17 залатых мэдалёў! – на лёгкаатлетычных чэмпіянатах сьвету ў Гётэборгу (1995 г. –12 мэдалёў, 2-е агульнакаманднае месца пасьля ЗША) ды Парыжы (2003 г. – 8 мэдалёў, 3-е месца), біятлённыя перамогі ўсяго апошняга дзесяцігодзьдзя – прымусілі гаварыць пра Беларусь ва ўсім сьвеце з захапленьнем. Якраз спорт зрабіў Беларусь і беларусаў вядомымі сярод мільярдаў зямлянаў, і якраз-такі спорт узьняў мільёны нашых суайчыньнікаў да нацыянальнае сьвядомасьці – хай сабе пакуль эмацыйнае, але масавае. “Золата” ў чэмпіянаце сьвету па спартовае гімнастыцы 2002 г., месцы на п’едэстале ў мастацкіх гімнастак, сэнсацыйная перамога ў хакейным чвэрцьфінале зімовай алімпіяды ў Солт-Лэйк-Сіці над фаварытамі – зборнай Швэдзіі 4:3, сусьветнае чэмпіёнства настольнага тэнісіста Уладзімера Самсонава – і вось ужо ў спорце, спадарства, адзначаецца даўно, ня бачаны гісторыяй, палітыкай, эканомікай, культурай эфэкт: зь Беларусьсю пачынаюць лічыцца.

Бо спорт, шаноўныя гледачы, для многіх мільёнаў людзей ёсьць найпрасьцейшае й найясьнейшае выяўленьне гонару за сваю краіну. Спорт дае ўнікальную магчымасьць кожнае нацыі, на вачох усяго чалавецтва давесьці, чым яна ёсьць і чаго вартая. Ды ўрэшце рэшт – скажыце, хіба я ня маю рацыі! – само жыцьцё ёсьць спортам: шматгадовай чарадой трэніровак, адборачных цыкляў, спаборніцтваў, паразаў і трыюмфаў у імкненьні атрымаць узнагароду, і аднойчы, на вяршыні п’едэсталу пад успышкі тэлекамэраў, разам са шматтысячным хорам тарсіды прасьпяваць легендарны хіт усіх часоў і народаў: “We Аre The Champions!..”

Спорт, спаборніцтва, спосаб пераадолець самога сябе – мэханізм, закладзены ў чалавечую натуру Самім Госпадам Богам. Той самы мэханізм, які дазваляе слабому й грэшнаму чалавеку змагацца зь бязьвер’ем, лянотай і страхам, падымацца пасьля падзеньня, высільвацца, выжыльвацца празь “не магу”, спорт – бліскучае сьведчаньне моцы, характару, духу асобы й нацыі. Бо спорт – і я мяркую, вы пагадзіцеся са мною, дарагія заўзятары – гэта ня толькі й ня столькі фізычная культура. Гэта культываваньне волі й веры – якраз таго, што вызначае сілу духу. Так што знакамітыя “маральна-волевыя”, на якія так упіраюць трэнэры, выхоўваючы вялікіх спартоўцаў ды вялікія каманды, і гульцы, выйграючы вялікія матчы, і ёсьць сапраўдным зьместам няхітрых, здавалася б, гульняў у рознакаляровых майках з нумарамі на грудзях, сьвістком судзьдзі й мільёнамі апантаных фанаў.

Спорт, які замяняе народам войны! Спорт, увасобленая сіла! Спорт, імкненьне да дасканаласьці й перамогі, сумленны, шчыры спорт, што вызваляе патэнцыял народу – цэнтральная арэна розыгрышу нацыянальнага гонару й галоўнае відовішча сучаснасьці!

Выдатны трамплін для разгону беларускае сьвядомасьці да стану лунаючае духовасьці.

Бо, як піша апостал Павал у І Пасланьні да Карыньцянаў, “Хіба ня ведаеце вы, што тыя, хто бяжыць на стадыёне, бягуць усе, але толькі адзін здабывае ўзнагароду? Дык бяжэце так, каб здабыць”! (І да Карыньцянаў 9:24).

Спадзяюся, шаноўныя гледачы, вы даруеце мне гэты патас, гэтую апалёгію спорту – даруеце, бо самі разумееце: сёньняшняе відовішча сапраўды вартае самых высокіх словаў.

Такім чынам, дарагія сябры – вашай увазе прапануецца Нацыянальная ідэя ў спорце. Нацыянальная ідэя ўласнай пэрсонай, у фармаце сусьветных правілаў гульні й унівэрсальных стандартаў, у спаборніцтве зь іншымі. У самых эфэктных вобразах, у дасягненьнях, бясспрэчных для любога жыхара плянэты Зямля.

Вы, вядома, памятаеце: нам доўга даводзілі, што няма такой краіны, няма такой дзяржавы, няма такога народу. Але беларускі спорт абвясьціў на весь сьвет – ёсьць!

Нам даводзілі, што мы ўмеем адно падначальвацца, цярпець паразы й выціраць подыюмы для іншых. Але беларускі спорт усіх пераканаў – мы народжаныя ня поўзаць там дзесьці, і не пралятаць над Парыжам, а быць лідэрамі й пераможцамі!

Дайшло да таго, што большасьць беларусаў займелі мускульную атрафію, ёмістае брушка, устойлівае бязьвер’е ды абыякавасьць да ўласнага лёсу. Але беларускі спорт сьцьвердзіў: трэба толькі паверыць, сьціснуць у кулак волю, адважыцца – і ўвесь сьвет убачыць тую Беларусь, якую задумваў Усемагутны Госпад Бог. Арэна кантынэнту – так! Сэрца Эўропы – так! Мышца №1 у грудзях – так! Сардэчная мышца, здольная быць вялікім рухавіком, біцца ў сусьветным напружаньні волі Божай й ставіць абсалютныя рэкорды!

“Бо ня мечам сваім яны зямлю набылі, і ня іхняя мышца іх выратавала, а Твая правіца і мышца Твая і сьвятло аблічча Твайго” – абвяшчае Псальм 43, верш 4 Бібліі.

Для тых, хто жыве й дыхае спортам, хто хоць аднойчы на стадыёне зароў на ўсю глотку, калі нашы забілі гол, зразумеў слодыч здабытае перамогі й адчуў угар заўзятарскага патрыятызму, хто купляе “Прэсбол” замест “Аргумэнтаў і фактаў”, хто тыднямі жыве ў чаканьні сьвята, і нарэшце замірае перад экранам тэлевізіі, дзе трансьліруюць Лігу Чэмпіёнаў, толькі таму, што ў нямецкім “Штутгарце” гуляе беларускі легіянэр Аляксандр Глеб, а лёнданскім “Чэлсі” валодае нашчадак беларускіх магнатаў Абрамовічаў – ня трэба тлумачыць, дзе мы знаходзімся й што чакае нас сёньня. Аматары й фанаты, канечне ж, трымаюць у галаве ўсе імёны, усе ключавыя турнірныя табліцы й паказьнікі беларускага спорту. Але зараз сярод нашае аўдыторыі як ніколі багата тых, каму невядомая балельшчыцкая эўфарыя, хто лічыць захапленьне спортам марнаваньнем часу, для каго Валяньцін Бялькевіч – гэта муж рыжанькай зь “Віагры”, а Нэлі Кім – мадэльер віцебскага трыкатажу, дык вось для іх, наіўных навічкоў, шчасьлівых першаадкрывальнікаў, нэафітаў беларускага спорту, для іх (і для пратаколу, вядома) – склад нашае алімпійскае каманды.

Увага! Зорная беларуская зборная – сто найлепшых спартоўцаў Беларусі за ўсю яе гісторыю! Не пабаюся гэтых словаў, нацыянальныя героі нашага часу, зьяўляюцца на дарожках менскага стадыёна “Дынама”, як на парадзе. Мы выйдзем, як той казаў, шчыльнымі радамі!

Мы бачылі іх паасобку на розных спаборніцтвах, у чырвонай, зялёнай ды немаведама якой яшчэ форме... За подпісам “СССР”, “Белоруссия”, „Weis Russland“ або пад умоўнай маркай “савецкая школа”... Але ж сёньня нашае сьвята. Сёньня мы з вамі, усе 10 мільёнаў беларусаў, з гонарам гаворым усяму сьвету: “Гэта мы – Беларусь!” Нацыянальная зборная Беларусі ўсіх відаў спорту. Найлепшыя. The Best. Каманда-мара! Сёньня мы з вамі можам усё. І таму зараз нашыя – у бел-чырвона-белай форме, пад вялізным нацыянальным сьцягам, з гербам “Пагоня” на грудзях, і таму сёньня на ўрачыстае цырымоніі будзе гучаць наш вялікі гімн – “Магутны Божа”.

Ну вы толькі паглядзіце!

Бел-чырвона-белыя камбінэзоны са срэбрам! Якая прыгажосьць! Як хвалююча, як сьвежа і сьветла! Ці паверыце, шаноўныя чытачы, у нас тут у камэнтатарскай першага нацыянальнага, я так паглядваю на калегаў-асыстэнтаў, проста сьлёзы ўваччу ад радасьці. Проста захлынаецца сэрца... Гэта цуд. Гэта наша Радзіма. Гэта Беларусь.

Вы ведаеце, хай мяне папракнуць, як бы сказалі раней, за палітыку – але не магу не адзначыць: ох, як шмат залежыць ад таго, пад якім сьцягам выступае краіна! Вы памятаеце, наколькі ўбога глядзеўся той чырвона-зялёны савецкі штандар: яго было лёгка пераблытаць з арабскімі, зь нейкімі афрыканскімі, ці, як яго там, з мадагаскарскім... І наколькі адметна й прыгожа зараз, сярод шматколерных сьцягоў сьвету, выглядае наш бел-чырвона-белы! Адзіны й непаўторны. Проста зьзяе. Проста сьвеціцца.

Беларускі бел-чырвона-белы сьцяг Хрыста – сьцяг перамогі!

Той, хто падымае на сьцяг кроў Ісуса Хрыста – той ня можа прайграць. Ня мае такога права. Той абавязаны трываць боль, трымаць удар, верыць – бо ўся ягоная радзіма сканцэнтраваная зараз тут, на невялікай пляцоўцы, у гэтым моманьце часу. Той, хто ідзе пад Боскім сьцягам, урэшце рэшт пераадолее ўсе цяжкасьці дзеля славы пакутнай і вялікай Бе-ла-ру-сі!

Спадзяюся, вы ацэніце гэты высокі лад і даруеце наша трапятаньне ў голасе, бо, упэўнены, падзяляеце пачуцьці, якія ў гэтую хвіліну перапаўняюць любога беларуса. І спадзяюся – дазволіце мне, нарэшце, прадставіць іх, галоўных герояў Алімпіяды Нацыянальнае Ідэі.

Такім чынам, эксклюзіў у нашым эфіры! Сотня лепшых спартоўцаў Беларусі за ўсе часы! 100 асобаў –100 адсоткаў!

Прэм’ера нацыянальнага рэйтынгу топ-сто!

Першымі – з поўным правам – у шэрагах нацыянальнае зборнай і ў пачатку сьпісу ідуць беларускія гімнасты, гонар і слава Беларусі.

Нумар адзін! Безумоўны лідэр беларускае зборнай, найлепшы спартовец плянэты 1993-га, герой Барсэлёнскае алімпіяды, 6-разовы алімпійскі чэмпіён, 13-разовы чэмпіён сьвету й 10-разовы Эўропы, гімнаст-супэрмээ-эн... імёны такіх людзей раскручваюць голасам, перакрываючы роў трыбунаў, цэлай опэрнай арыяй:

— Віітаааль ШЧЭРБАА-А-А!!!

Вы, канечне ж, памятаеце яго, гэткага шыкоўнага беларускага хлопца, бялявага й блакітнавокага, і памятаеце ягоныя фантастычныя выступленьні якраз у пару аднаўленьня нашае незалежнасьці – 92-гі, 93-ці, 94-ты.

Побач зь ім – цудоўная пара, пагадзіцеся! – нумар два, яшчэ адна легендарная беларуская гімнастка, якая заслужыла тытул першай спартоўкі зямнога шару ў далёкім 1972-м, якая ўпакорыла і Эўропу, і Амэрыку беларускай грацыяй, гнуткасьцю й сілай... Трохкратная алімпійская чэмпіёнка Мюнхена-72, алімпійская чэмпіёнка Манрэаля-76, чэмпіёнка сьвету й Эўропы, ды яшчэ ў дадатак жонка саліста “Песьняроў” Лявона Барткевіча – Вольгааа Корбуу-ут!!! Вось, вось яна з ласкавай усьмешкай!

Пад нумарам трэцім у нацыянальнай алімпійскай камандзе – Іван Іванкоў, пераемнік Шчэрбы, двойчы абсалютны чэмпіён сьвету, шматразовы чэмпіён Эўропы, супэрзорка канца 90-х. У пары зь ім – глядзіце, нават за ручку! – гэткая ж бліскучая нашая гімнастка Сьвятлана Багінская: двукратная алімпійская чэмпіёнка Сэула-88, чэмпіёнка Алімпіяды-92 у Барсэлёне, шматкратная чэмпіёнка Эўропы й сьвету...

Нумары 5,6,7,8,9 – яшчэ пяцёрка бліскучых беларускіх спартовых гімнастак: Нэлі Кім, 5-кратная алімпійская чэмпіёнка (Манрэаль’76, Масква’80), абсалютная чэмпіёнка сьвету 1976 г.; Ларыса Петрык, двухразовая алімпійская чэмпіёнка 1968 г.; Алена Ваўчэцкая, пераможца Алімпіяды-64 у Токіё; Алена Піскун, чэмпіёнка сьвету 1995-96 гг., уладальніца Кубку Эўропы’97; Тамара Лазаковіч, пераможца сусьветнага першынства 1971 г. й алімпійская чэмпіёнка 1972 г.

А сьледам за імі – пад нумарамі 10, 11, 12, 13 – зоркі мастацкае гімнастыкі: Марына Лобач, алімпійская чэмпіёнка Сэулу-88, чэмпіёнка сьвету; Марыя Лазук, срэбра Алімпіяды’2000 у Сіднэі; срэбная прызёрка чэмпіянату сьвету-97 у складзе зборнай Беларусі, Яўгенія Паўліна, абсалютная чэмпіёнка Рэспублікі Беларусь, Юля Раскіна, і чэмпіёнка сьвету 1994 г. сярод клюбаў, Вольга Перапяліца.

14-ты, 15-ты й 16-ты нумары ў нацыянальным хіт-парадзе беларускага спорту – тройца асілкаў, наймацнейшыя цяжкаатлеты плянэты. Давід Эхт, што ўстанавіў 19 усесаюзных і 3 сусьветныя рэкорды. Лявон Тараненка, алімпійскі чэмпіён Масквы-80, чэмпіён сьвету 1980 і 1991 гг., чэмпіён Эўропы 1980, 88, 91, 92 гг., уладальнік двух дзесяткаў сусьветных рэкордаў. Аляксандр Курловіч, алімпійскі чэмпіён 1988 й 92 гг., чэмпіён сьвету 1987, 89, 90 гг., чэмпіён Эўропы 1987 й 90 гг.! Быццам калёны, міфічныя атлянты, якія трымаюць на плячох нябёсную сфэру, каржакаватыя, як трактар “Беларус” або “БелАЗ” – эпічныя героі беларускае нацыі!

І, канечне, тут жа, у шыхце сусьветна вядомых беларусаў – тытаны лёгкай атлетыкі, каралі й каралевы спорту! Гвардыя беларускіх штурхальнікаў ядра, шпурляльнікаў дыску й кідальнікаў молату: №17 – легендарны Рамуальд Клім, малатабойца, алімпійскі чэмпіён 1964 г., рэкардсмэн сьвету й Эўропы; №18 – ягоны калега, Міхал Крываносаў, срэбны прызёр Алімпійскіх гульняў 1956 г. у Мэльбурне, 6-разовы рэкардсмэн сьвету й чэмпіён Эўропы; №19 – Іван Ціхан, золата чэмпіянату сьвету 2003 г. у Парыжы, алімпійскае срэбра Афінаў-2004; №20 – Эліна Зьверава, дыск, алімпійская чэмпіёнка 2000 г., чэмпіёнка сьвету, лепшая лёгкаатлетка Рэспублікі Беларусь 1971г; №21 – Ігар Астапковіч, молат, “вечна срэбны”, другі на чэмпіянатах сьвету 1991, 93 й 95 гг., срэбра Алімпіяды ў Барсэлёне 1992 г., срэбра Кубку Эўропы ’95 і чэмпіянату Эўропы 1990 г.; №22 – Уладзімер Дуброўшчык – уладальнік Кубку сьвету, срэбны прызёр Атлянты’96 і чэмпіён сьвету; №23 – Яніна Карольчык, алімпійская чэмпіёнка Сіднэя-2000; №24 – Ірына Ятчанка; №25 – Васіль Капцюх й №26, Андрэй Міхневіч, усе –чэмпіёны сьвету... Якая сіла, якая моц – проста нашчадкі Давіда!..

Маладзейшыя заўзятары, магчыма, не пазнаюць герояў наступнага шэрагу, а вось балельшчыкі старэйшага веку, вядома ж ведаюць вялікую пляяду беларускіх фэхтавальнікаў 60-70 гг. ХХ ст.: тры мушкецёры й дзьве бліскучыя д’артаньянкі!

№27 – Віктар Сідзяк, пераможца Алімпійскіх гульняў 1972 г. у Мюнхене, 1976 г. у Манрэалі й 1980 г. у Маскве, 6-разовы чэмпіён сьвету.

№28 – Аляксандр Раманькоў, 5-кратны чэмпіён сьвету, алімпійскі чэмпіён Сэулу-88, прызёр Манрэальскай і Маскоўскай алімпіядаў.

№29 – Сяргей Прыходзька, чэмпіён сьвету 1970 й 75 гг.!

№30 – Тацьцяна Самусенка, легендарная алімпійская чэмпіёнка 1960 г. (Рым), 1968 г. (Мэхіка), 1972 г. (Мюнхен), срэбная прызёрка Токіё 1964 г.!

№31 – Алена Бялова, двойчы алімпійская чэмпіёнка 1968 г., алімпійская чэмпіёнка 1972 г. у Мюнхене й 1976 г. у Манрэалі, шматразовая пераможца першынстваў сьвету й Эўропы!

За вэтэранамі фэхтаваньня – нашы знакамітыя біятляністы. Лепшыя партызаны на плянэце, што наводзяць жах на немцаў ды рускіх падчас этапаў Кубку сьвету, у эстафэтах і гонках патрулёў на чэмпіянатах сьвету й алімпійскіх гульнях:

№32 – Аляксандр Папоў, чэмпіён сьвету 1989, 96-97 гг., срэбны прызёр Алімпійскіх гульняў 1990 г. у Альбэрвілі.

№33 – Сьвятлана Парамыгіна, пераможца Кубку Сьвету 1994 г., чэмпіёнка сьвету 1990-91 гг. й 1994 г., срэбная прызёрка Алімпійскіх гульняў 1994 г. у Лілехамэры.

№34 – Юрась Кашкароў, чэмпіён Алімпіяды 1984 г. у Сараева.

№35 – Вадзім Сашурын, 3-хразовы чэмпіён сьвету й Эўропы, пераможца многіх этапаў Кубку Сьвету.

№36 – Алег Рыжанкоў, чэмпіён сьвету 1996-97 гг.

№37 – Пятро Івашка, чэмпіён сьвету 1996-97 гг.

Наступная намінацыя – веласпорт!

№ 38, алімпійскі чэмпіён 1976 г. Уладзімер Камінскі.

№39, пяціразовая чэмпіёнка сьвету Натальля Цылінская.

Далей? Далей – чацьвёрка вялікіх беларускіх веславальнікаў (байдаркі ды каноэ):

№40 – трохразовы алімпійскі чэмпіён Масквы-80, Уладзімер Парфяновіч;

Чэмпіёны Алімпійскіх гульняў 1960 г. №41 – Сяргей Макаранка й №42 – Лявон Гейшар.

№43 – алімпійская чэмпіёнка 1996 г. у Атлянце й 2000 г. у Сіднэі, 3-хкратная абсалютная чэмпіёнка этапаў Кубку сьвету 1997 г., Кацярына Хадатовіч.

А вось і магутная кампанія беларускіх барцоў! На чале, пад №44, безумоўна, Аляксандр Мядзьведзь, чэмпіён Алімпійскіх гульняў 1964 г. у Токіё, 1968 г. у Мехіка, 1972 г. у Мюнхене, 7-разовы чэмпіён сьвету й 3-разовы чэмпіён Эўропы ў вольнай барацьбе!

№45 – Натальля Масквіна, чэмпіёнка сьвету 1992 й 97 гг., чэмпіёнка Эўропы’95 па дзюдо.

№46 – Камандар Маджыдаў, чэмпіён Алімпіяды’88 у Сэуле, чэмпіён сьвету 1986-89 гг., Эўропы 1984-85 гг.

№47 – Алег Караваеў, пераможца Алімпіяды 1960 г. у Рыме (клясычная барацьба).

№48 – Сяргей Ліштван, срэбны прызёр Алімпійскіх гульняў 1996 г. і чэмпіён Эўропы 1996 г. у грэка-рымскае барацьбе.

№49 – Уладзімер Япрынцаў, чатырохразовы чэмпіён сьвету, 3-хразовы чэмпіён Эўропы, уладальнік Кубку Сьвету'87 па самба.

№50 – Ігар Макараў, алімпійскі чэмпіён Афінаў-2004 г. па дзюдо.

№51 – Лявон Лібэрман, чэмпіён сьвету 1973 г. і чэмпіён Эўропы'72 у клясычнай барацьбе.

А побач – нашыя фэнамэнальныя зборныя па тайскім боксе й кікбоксінгу, што прымусілі казаць пра Беларусь як другую пасьля Тайлянду радзіму гэтых адзінаборстваў:

№52 – Уладзімер Задзіран, чэмпіён сьвету 1993 г. сярод прафэсіяналаў кікбоксінгу.

№53 – Сяргей Івановіч, чэмпіён сьвету 1994 г., уладальнік Кубку лепшага байца, віцэ-чэмпіён сьвету 1997 г., пераможца Кубку Прынца'95 у Тайляндзе.

№54 – Аляксей Пякарчык, пераможца Кубку Эўропы'96 (2 золата), чэмпіён сьвету 1996 г., чэмпіён Эўразіі 1996 г. (2 золата й срэбра).

№55 – Даша Машара, чэмпіёнка сьвету 1996 г. і Эўропы таго ж году па кікбоксінгу.

№56 – Аляксандр Злыгосьцеў, віцэ-чэмпіён сьвету 1993 г. па кікбоксінгу, бронзавы прызёр чэмпіяната сьвету 1993 г. па тайскім боксе.

А вось і клясычны баксёр, №57 нашага рэйтынгу, Вячаслаў Яноўскі – пераможца Кубка Сьвету й Алімпіяды 1988 г. у Сэуле, пераможца чэмпіянату Германіі сярод прафэсіяналаў, 6-кратны чэмпіён Японіі!

А вось і каратыст, №58, Аляксей Тэн, уладальнік Кубка СНД 1992 г.

Як вам байцы?

Ну, а цяпер капелюшы далоў!

Супэрзорка настольнага тэнісу! Пад 59-м нумарам у зборнай Беларусі – нумар першы ў сьвеце Уладзімер Самсонаў, шматразовы чэмпіён Эўропы й сьвету па пінг-понгу! Побач – 60-ты, Яўген Шчацінін, чэмпіён Эўропы-2003 г.

І – беларускі тэніс робіцца вялікім! Што я маю на ўвазе? Глядзіце: вось яны, нашыя сьвежыя героі, пераможцы зборных Аргентыны (4-я ў сусьветным рэйтынгу) і Расеі (3-я) у розыгрышы Кубка Дэвіса 2004 г. ужо па вялікім тэнісе: Макс Мірны (19 перамогаў у сусьветных турнірах у пары – №61), Уладзімер (Уладзіятар!) Ваўчкоў (№62)!.. А поплеч зь імі – чысты геній жаночага парнага разраду, Натальля Зьверава (№63), шматразовая пераможца Уімблдону, чэмпіянатаў Аўстраліі, Францыі, ЗША, лепшая тэнісістка 1997 г. у пары.

Мы бачым сярод зорак і нашых вялікіх шахматыстаў – Барыса Гельфанда (№64 – у 90-х гг стабільна ўваходзіў у дзесятку наймацнейшых грасмайстраў сьвету, цяпер зборная Ізраіля) і Віктара Купрэйчыка (№65 – дзесяткі ягоных партыяў уваходзяць у залаты фонд сусьветных шахматаў... між іншым, гэта ён, адзіны зь нямногіх не збаяўся выступіць супраць Лукашэнкі на выбарах старшыні Нацыянальнага алімпійскага камітэту). А вось і неаднаразовы чэмпіён сьвету па шашках – Анатоль Гантварг (№66).

Вочы разьбягаюцца – каго ж мы бачым! Якія людзі! Якія ўспаміны! – пад 67-м нумарам наш выбітны канькабежац, шасьціразовы чэмпіён сьвету, прызёр Алімпійскіх гульняў Ігар Жалязоўскі; пад 68-м – берасьцейскі стралок з луку, алімпійскі чэмпіён 1980 г., двухразовы рэкардсмэн сьвету й чэмпіён Эўропы Барыс Ісачэнка; пад 69-м – шасьціразовы пераможца першынства сьвету, шматкратны рэкардсмэн сьвету й Эўропы ў кулявой стральбе Ігар Басінскі; пад 70-м – чэмпіёнка й рэкардсмэнка Сэульскае алімпіяды ў той жа дысцыпліне Ірына Шылава; пад 71-м – уладальніца Кубку Сьвету 2002 г. па фрыстайле Ала Цупэр; пад 72-м – яе калега, чэмпіён сьвету Зьміцер Дашчынскі; пад 73-м – звышзорка гіравога спорту, уладальнік 54 нацыянальных рэкордаў па пад'ёму цяжараў, 10 зь якіх ня маюць аналягаў у сьвеце, Вячаслаў Харанека; пад 74-м – алімпійскае золата’88 у эстафэце 4 х 400 і срэбра таго ж Сэула на дыстанцыі 400 м з бар’ерамі – Тацьцяна Лядоўская; пад 75-м – срэбны прызёр Атлянты-96 і бронзавы – Сіднэя-2000, сяміборка Натальля Сазановіч...

У-ух, сіла!!! Заўважце, гэта ўсё парад індывідуальных відаў спорту! Вось ён, цуд беларускага пэрсаналізму! Вось яны, беларусы, інтравэрты, гатовыя і сьвет перавярнуць адзінаасобна!..

Так, беларусы надзвычай моцныя паасобку, гэта факт. Што ж у нас з каманднымі відамі спорту?

Беларуская каманда – невялікая, але згуртаваная. Такая, як у біятлённай эстафэце, хакейным зьвяне або, максымум, гандбольнай дружыне. 3-4, самабольш 7 чалавек. Беларускі спорт стрыманы, сьцяты ў кулак, на ўзор усёй стоенай нацыянальнай сілы. Беларусы дамаседы – і таму беларусы наймацнейшыя, калі пачуваюцца як дома. На невялікай пляцоўцы. На памосьце. На гімнастычным снарадзе. За сталом пінг-понгу. За шахматнай дошкай.

Але, калі надыходзіць пара, беларус разгортваецца, быццам спружына. Так што з масавым спартовым уздымам, з абуджэньнем усяе нацыі, мы зможам усё. Будуць і футбольныя стадыёны, поўныя, як "Дынама" у 1963-м ці 1982-м. Будзе Ліга Чэмпіёнаў і свой Кубак Незалежнасьці. Будуць грандыёзныя алімпіяды – і летнія, і зімовыя! Паверце – усё гэта ў беларусаў яшчэ наперадзе!..

А пакуль у сотні лепшых – зорныя каманды гандбалістаў, хакеістаў і футбалістаў.

Лепшая гандбольная зборная Беларусі за ўсю яе гісторыю – безумоўна, залаты склад СКА (Менск), супэрчэмпіёна канца 80-х – пачатку 90-х: сямёра беларусаў – лічы, палова зборнай сьвету!

№76 – наш капітан, чэмпіён сьвету, уладальнік Кубку чэмпіёнаў і Кубку Кубкаў, алімпійскі чэмпіён –92‘ з наймагутнейшым кідком – Міхась Якімовіч.

№77 – двухмэтровы асілак таго ж чэмпіёнскага складу: ўбойна шпурляў мяч з апорнага становішча – Алесь Тучкін.

№78 – бліскучы абаронца, пераможца Сэульскае алімпіяды, Рыгор Сьвірыдзенка.

№79 – чэмпіён сьвету Алесь Маліноўскі.

№80 – левы форвард, майстар кручаных мячоў, срэбны прызёр Маскоўскай алімпіяды 1980 г. і чэмпіён Сэулу-88, Алесь Каршакевіч.

№81 – правы нападаючы, Кастусь Шаравараў.

№82 – галкіпэр з фантастычнай рэакцыяй і расьцяжкай, Андрэй Мінеўскі (Кубак чэмпіёнаў 1989 –90 гг., Кубак Кубкаў 1990-91 гг., алімпійскі чэмпіён Алімпіяды 1992 г. у Барсэлёне).

Запытайцеся ў любога гандбольнага адмыслоўца на пяці кантынэнтах: “СКА” (Менск) – адна зь лепшых, калі ня лепшая ўвогуле, каманда за ўсю гісторыю сусьветнага ручнога мяча!

Наступная каманда – пяцёрка беларускіх хакеістаў разам са сваім брамнікам. Аляксандра Лукашэнкі, тут, вядома, няма – затое ёсьць сапраўдныя лядовыя рыцары:

№83 – Сяргей Фёдараў – чэмпіён сьвету 1989-90 гг., у 1994 г. – самы каштоўны гулец НХЛ, уладальнік Кубка Стэнлі й Кубка эўрапейскіх чэмпіёнаў.

№84 – Руслан Салей, НХЛ, "Магутныя Качкі", герой фіналу Кубка Стэнлі 2003 г.

№85 – Андрэй Скабелка.

№86 – Андрэй Кавалёў.

№87 – Аляксандр Цыплакоў.

№88 – натуралёва, Аляксандр Шумідуб.

Нарэшце, найвялікшая дэлегацыя ў складзе сотні нацыянальных герояў беларускага спорту – футбольная каманда. 11 лепшых за ўсю гісторыю – і, зьвярніце ўвагу, адна зь лепшых на кантынэньце паўабаронаў!

№89 – Сяргей Алейнікаў, паўабаронца "Дынама-82", "Ювэнтусу", удзельнік чэмпіянатаў сьвету 1986 й 1990 гг. у складзе зборнай СССР, гулец зборнай сьвету 1990 г.

№90 – Сяргей Гоцманаў, паўабаронца "Дынама-82" й савецкай зборнай.

№91 – Міхал Мустыгін, бронзавы прызёр першынства СССР 1963 г., нападаючы, лідэр знакамітага "Дынама-63".

№92 – Эдуард Малафееў, форвард, напарнік Мустыгіна ў бронзавай камандзе 1963 г.

№93 – Аляксандр Пракапенка, паўабаронца, чэмпіён СССР 1982 г., бронзавы прызёр 1983 г., таксама бронза Алімпіяды 1980 г.

№94 – Андрэй Зыгмантовіч, паўабаронца "Дынама-82" й зборнай СССР.

№95 – Сяргей Герасімец, “Зэніт” (Санкт-Пецярбург), паўабаронца, капітан зборнай Беларусі сярэдзіны 90-х гг. ХХ ст., аўтар адзінага й пераможнага голу ў браму Галяндыі ў 1995 г.

№96 – Аляксандр Глеб ("Штутгарт", Германія), паўабаронца, у 20 гадоў – ужо ў тройцы лепшых футбалістаў Бундэслігі, лідэр зборнай Беларусі пачатку ХХІ ст.

№97 – Валяньцін Бялькевіч ("Дынама", Кіеў), паўабаронца, лепшы футбаліст чэміянату Украіны, унікальны дыспэтчар зборнай Беларусі апошніх гадоў.

№98 – Эрык Яхімовіч, абаронца "Дынама" (Масква).

№99 – Альбэрт Дзенісенка – галкіпэр "Дынама" (Менск) і зборнай Беларусі сярэдзіны ХХ ст.

Нарэшце, 100-е месца – быццам клічнік напрыканцы сказу! – трыюмфальны акорд беларускага спорту: 2004 год, Афіны, мільярды гледачоў, бег на 100 м у жанчын, найпрэстыжнейшая алімпійская дысцыпліна!.. Канешне, гэта яна, беларуская сэнсацыя, залатая Юлія Несьцярэнка! 100%-вы вобраз перамогі Беларусі!

...Яны ідуць, быццам калышацца адзін велізарны бел-чырвона-белы сьцяг. І ў кожным іх руху спрацоўвае зарад стоенай сілы, важкасьці і гармоніі, падуладных беларусам. З кожным іх крокам – ці ня так, шаноўныя чытачы! – гэтая сіла зараджае нас.

Што ж, мы працягваем трансьляцыю Алімпіяды Нацыянальнай Ідэі. Чаканьне, здаецца, зьвініць, напружаньне расьце, гул трыбунаў закладае вушы... Ня ведаю, ці чуеце вы мяне, шаноўныя слухачы, але ж, пэўна, бачыце ўсё, што творыцца тут, на алімпійскае арэне! Мы на першым турніры, які адкрывае праграму гульняў: "Змаганьне са слабасьцю!"

"Беларусь слабенькая" – так кажуць суседзі, супернікі, ды й часта падхопліваюць самі беларусы. Народзец, маўляў, кволы, дохленькі, хліпкі – выцягнуць сябе самога з балота сілёнак няма!..

Але на памост выходзяць Аляксандр Курловіч і Лявон Тараненка. Маўклівыя волаты. Стаўпы! Курловіч падыходзіць да штангі... Узяўся... З крэхтам – у-ух!.. Трымаць! І – ёсьць! Сусьветны рэкорд! Побач – Тараненка. Уявіце сабе, удвая больш уласнае вагі – узьняць і ўтрымаць па-над сабою на выцягнутых руках!

А вось і дыскаболы з малатабойцам ды штурхальнікі ядра: Клім, Міхневіч, Зьверава... Кідок! Штуршок! Шпурляньне!..

Вы бачылі, у чым сіла?! Засяроджаная, стрыманая. Без бравады. Без шумлівае рэклямы. Без пантоў, прабачце ўжо гэтае слова. Беларуская сіла – гэта сіла духу, здольная моўчкі, на жылах, на цярпеньні, на бясконцых трэніроўках, у вырашальнае імгненьне адужаць не абы што – прыцягненьне плянэты Зямля!

Скажаце, хай сабе сіла – чым яна ёсьць бяз волі? Слушна – бо наступнае шоў адкрыцьця Нацыянальнае Алімпіяды – "Адольваньне бязвольнасьці".

Паралюш нацыянальнае волі – гэта сур'ёзна. Гэта праблема нашай роднай бездуховасьці, несвабоды, закамплексаванасьці. Так, апошнім часам у беларусаў часта апускаліся рукі. Агульная млявасьць і абыякавасьць да жыцьця, ці ня так гэта называецца ў нас, шаноўныя гледачы?..

Што ж скажа беларускі спорт?

А вось што! Да снарадаў выходзіць беларуская зборная па спартовай гімнастыцы. Прыгажуны й прыгажуні, га?!. Віталь Шчэрба, Воля Корбут, Сьвета Багінская, Іван Іванкоў... Пачынаюць практыкаваньні адначасова, разам! Вы толькі паглядзіце на гэтыя зараджаныя позіркі, на гэтую фантастычную акрабатыку, на сьцятыя ў кулак чалавечыя целы! Вось яна, Воля Корбут – увасобленая беларуская воля!.. Саскокі, прызямленьні – практычна сынхронна: ай-яй-яй, якія малайцы! Вылітыя – на пастамэнт! Помнікі волевым беларусам... Так, і паказаць: зафіксавалі, раскінуўшы рукі... Супэр! Авацыя! Уся заля ўстае! Будзь тут судзьдзі, усе б далі па 10 балаў!..

Але ж беларусы здольныя і на нешта большае! Нам паказваюць удзельнікаў Паралімпійскіх гульняў. Вы ўсе бачыце самі. Людзі бяз ног, бяз рук, на інвалідных калясках... Зборная Беларусі – сярод лідэраў! У 1996-м на Паралімпійскіх гульнях у Атлянце Беларусь заваявала 17 мэдалёў, а ў 2000-м, у Сіднэі – 23, а ў 2004-м 30 удзельнікаў-інвалідаў здабылі 29 алімпійскіх узнагародаў!

Уладзімер Ваўчкоў, які выходзіць на корт пасьля кастылёў, з жахлівай траўмай – і выйграе ў расейца Міхала Южнага вырашальны матч Кубку Дэвіса! Аляксандр Мядзьведзь, які на вачох у свайго суперніка, на арэне, сам сабе ўпраўляе выбіты палец – і перамагае!

Вось што значыць Народная Воля.

Воля, заснаваная на веры. Воля, якая пераадольвае фізычныя законы, бо ведае закон вышэйшы – закон духу. Воля нацыі, якая адчувае толькі родную зямлю пад нагамі й Госпада Бога па-над сабой!

Што ж дарагія сябры, яшчэ ня сьціхлі пераможныя воклічы й шматтысячнае рэха воплескаў, а мы пераходзім да аднаго з эпіцэнтраў сёньняшняга відовішча – адкрытай арэны адзінаборстваў. “Страх супраць адвагі”. Вы чуеце, трыбуны сьвісьцяць і галёкаюць. Вы бачыце, на чыім баку натоўп. Плякаты: “Хавайся ў бульбу!”, «Белорус – не боец» , «Распни его!», "Трус, трус – белорус!"

Але на рынгу – Вячаслаў Яноўскі. Што гэта, бой зь ценем? Не, гэта бой супраць улюбёнца натоўпу – Страху!

Вячаслаў атакуе сходу. Хук зьлева, апэркот – і найстрашнейшы ўдар правай у лоб! Гатоў! Страх павержаны на першых жа сэкундах. Можна нават не лічыць да дзесяці – ён проста адключыўся. Ну-у, спадарства, беларускае кайло! "Молат на крушэньне камянёў схізмы", здаецца, так казалі ў Сярэднявеччы? Тут бы і звышцяж Жах скапыціўся.

А на азораны вагнямі рынг ужо выходзіць зборная Беларусі па грэка-рымскай барацьбе, дзюдаісты, самбісты... А вось і каманда-ураган, непераможная зборная па кікбоксінгу! І наапошак – сам Аляксандр Мядзьведзь!.. Зьвярніце ўвагу на трыбуны – куды дзеліся ўсе плякацікі?.. Не – замест іх ужо бел-чырвона-белыя сьцяжкі са знакам "віктары"!

Той, хто раз за разам кідае выклік беларусу, не пакідаючы варыянтаў апроч схваткі сам-насам, каму ўдаецца выцягнуць беларуса на арэну – той трапляе адзіны раз у жыцьці, і больш так ня робіць. Што такое двубой зь беларусам – лепш за ўсё ведаюць скалечаныя, зламаныя й зьбітыя на горкі яблык!

Так, страх беларуса глыбокі. Але пад гэтым слоем, яшчэ глыбей, захавалася тое, што даў нам Бог. Найвышэйшая адвага і львінае сэрца. Каму, як ні нам з вамі ведаць, дарагія гледачы, што беларус ніколі не нападае першым. Ніколі! Беларус унікае, дакуль гэта магчыма. Беларус церпіць, стрымліваецца, трывае. Беларус нават ахвотна падстаўляе абедзьве шчакі, калі ўсё абыдзецца поўхамі... Але калі б'юць далей, заганяюць у самы родны кут, а там таўкуць і топчуць нагамі – сьледуе ціхі, ледзь чутны шчаўчок. Беларус пераключаецца ў рэжым "Не разьбіць, не спыніць, не стрымаць!" – і тады агрэсару дазваляецца толькі адно: даць лататы.

...Сьледам за ўявай бліскучых баёў рэжысэры Адкрыцьця прапануюць Беларусь у вобліку маленькага чалавека. Невялікае рэспублікі. Што мы такога, маўляў, можам у нашае беленькае русі, ды хто мы такія супраць моцных сьвету гэтага?

“Маленькія супраць вялікіх.”

І паверце мне, зараз будзе беларускі адказ!

Вось на вашых экранах Вольга Корбут і Віталь Шчэрба – найлепшыя спартоўцы сьвету 1972 г. і 1993 г.!.. Лязэрныя праекцыі на ўвесь стадыён! Што творыцца на трыбунах!..

Паглядзіце, а на агромністым экране ўжо неверагодны гол Герасімца ў браму футбольнага гранда, зборнай Галяндыі на “Дынама” 7 чэрвеня 1995 г. – і перамога 1:0 у Менску!

Вы бачылі – знакаміты кідок Копаця ў хакейным чвэрцьфінале Алімпіяды ў Солт-Лэйк-Сіці 2002 г. Шайба! І выйгрыш 4:3 – павержаныя швэды!

А гэта ўжо біятлённая траса, дзе і Нямеччына, і Францыя, і Італія, і Нарвэгія саступаюць месца на п’едэстале беларускім партызанам – хуткім белым снайпэрам!

Беларусы здольныя біцца на роўных з найвялікшымі дзяржавамі як ня шмат якія з краінаў гэтага сьвету. Такіх супернікаў яшчэ называюць “моцнымі гарэшкамі”. Трэба толькі верыць – і, бачыце, можам, калі захочам!

А цяпер мы з вамі наведаем той цэнтральны алімпійскі подыюм, дзе вырашаецца лёс іміджу беларускай нацыі. Наш супернік – магутны стэрэатып. “Беларусь? – нешта невыразнае”, кажуць нам. Някідкая. Непрыгожая. Ніякая, адным словам. Мы чуем гэта на кожным кроку. Рэжысэры даюць нам карцінку. М-да... Бывае, даем падставы... Але ж у выніку мы нешта бледнае альбо ўсё-такі Беларусь?!

Пачынае гучаць музыка... Пазнаеце – наш вялікі Шастаковіч! І вось на арэне беларускія прыгажуні – квартэт мастацкіх гімнастак, цудоўная “срэбная” зборная Беларусі 2002 года. Маленькія грацыі ў паветраным танцы матылькоў. Лепшы рэклямны кліп, лепшая прэзэнтацыя беларускай прыгажосьці – пагадзіцеся, шаноўныя сябры! Эталён, эфэкт беларускай прыгажосьці – ціхі, бліскучы, мілы. Чароўная ўспышка, ахінутая мяккім, зьзяючым, амаль казачным сьвятлом!..

І вельмі, вельмі дарэчы будзе зараз прамое ўключэньне з Раўбічаў. Шоў фрыстайлу. Ала Цупэр, Аляксей Грышын, Зьміцер Дашчынскі: якія кульбіты ды піруэты! Якая бліскучая сьнежная акрабатыка!..

Беларускія спартоўцы сваім іміджам цягнуць за сабою цэлыя палітычныя й гандлёвыя брэнды. Яніна Карольчык – «Беларусь Сегодня». Жэня Паўліна – АНТ. Максім Мірны – “АнтыСНІД”. Уладзімер Парфяновіч – “Беларускі парлямант”.

Адкрыцьцё нацыянальнай Алімпіяды завяршаецца. Наперадзе вас чакаюць спаборніцтвы ў 14-ці відах праграмы. Жывыя трансьляцыі. Толькі фіналы.

Але напрыканцы, наапошак, хочацца сказаць колькі словаў.

Калі ўзгадваеш гэтыя захапляючыя, фантастычныя беларускія матчы, – спадарства, не пакідае ўражаньне цуду. Скажыце самі – праўда ж, нешта найвышэйшае. Проста містычнае!

Бо перамога – і спартоўцы цудоўна гэта ведаюць – дасягаецца толькі тады, калі воля адольвае стому, высільваецца са слабасьці цела, і выбух духу мабілізуе ўсю істоту, для таго, каб пераадолець мяжу магчымага. Чалавечых сілаў для такога замала. Перамога – гэта сапраўды штосьці звышнатуральнае.

Перамога – ад Бога.

І зараз, спадарства, зараз, тут і цяпер, якраз у Беларусі, у якой жывеце вы, момант такое кульмінацыі. Момант ісьціны. Кожны з нас бачыць нашу нацыянальную слабасьць, нашу немач... Некаманднасьць, неспартовасьць, бязвольнасьць, якія спазмамі й сутаргамі паралізуюць усё цела... Нас цягне да зямлі – толькі б упасьці!..

Але мы адчуваем і яшчэ нешта мацнейшае. Пульс нацыянальнае годнасьці – з самага сэрца Эўропы. Позву духу – звыш. Подых волі Божае, якая можа ўсё.

Вы сёньня самі бачылі на ўласныя вочы: беларусы могуць перамагчы сябе. А значыць – і ўсіх астатніх.

Кульмінацыя Адкрыцьця – у Беларусі запальваецца алімпійскі вагонь.

І вы чуеце, чуеце! – пацьверджаньне маіх словаў! – скандаваньне на трыбунах... Увесь народ, паглядзіце, устае са сваіх месцаў для дружнага:

УСЁ ПАД СІЛУ!

УСЁ ТЫ МОЖАШ!

БЕЛАРУСЬ – ТЫ ПЕРАМОЖАШ!!!

Загрузка...