Рэквіем парэзанаму “Радну”
Хоць не калхідскае руно --
сатканае з суворых нітак --
Ад прадзедаў спакон -- Радно -
наш скарб духоўны і нажытак.
І гэты скарб на гвалт, на зьдзек
пусьцілі кніжныя вандалы.
О як пажадна рэзаў-сек
драпежны нож аб Волі мары...
Не ў кінавары , а ў крыві
лязо сталёвае кіпела...
На часткі -- поўную Любві
душу, што ў вершы заляцела.
На прах паперны ў небыцьцё --
Каханьне, Гонар, дух Максіма...
Дай Бог вам -- доўгае жыцьцё,
сьляпыя служкі Гільяціны!...
Што ёсьць Паэзія?
Што ёсьць Паэзія? -- Жыцьцё,
ці думак прах на тле паперным?
Гасподні Голас, Адкрыцьцё,
ці д’яблаў смутак апраметны?
Што ёсьць паэзія? -- Ныцьцё
душы на паперці жыцьцёвай?
Ці дабіблейскае быцьцё --
перадусімнасьць сутвы Слова?
Што ёсць Паэзія? -- Зьліцьцё
Красы адвечнай і Паэта?
Ці ваўкалацкі лёс -- выцьцё
над перакуленым Сусьветам?
Што ёсьць Паэзія? Што ёсьць?
Аве, Марыя
Памяці маці
Час прыйшоў за грахі вініцца...
Памяць паліць гады на тло.
Ды часьцей стала мама сьніцца --
не сама, а яе Сьвятло.
Мне на гэта Сьвятло маліцца --
покуль будзе мой шлях відзён...
--Мама, імя тваё сьвяціцца --
хай ад сёньня -- да скону дзён.
Гэта ж ты мяне нарадзіла.
Што змагла -- то ў жыцьці дала...
Ты і ёсьць для мяне Радзіма.
Не прывыкну казаць -- была.
Па Нёмане на плыце
Чэрвень. Чэзлае сонца.
Цень ад вясла ў вадзе...
Шлях -- як жыцьцё бясконцы
па Нёмане на плыце.
Ад зьвіслага вуса Усы --
паўз Прыстаньку, дзе калісь
дзядзька Якуб беларусаў
вучыў, як патрэбна жыць...
-- Пад бел-чырван-белым сьцягам
куды плывяце, хлапцы?
-- З грэкаў плывем у варагі...
Напраўду? – Ай, малайцы!
Пасьпець
За справамі, хатнім клопатам
спрабуем схаваць душу
ад неба, і Бог ня ў попыце, --
як летняй парой кажух.
Зьбіраем, будуем, рупімся --
сьпяшаем кудысь пасьпець.
А чым за грахі адкупімся? --
з сабой не захопіш медзь...
Люстэрка па даўнім звычаі
схавае ад воч радня...
А што , як сябе бяскрылаю
убачыць у ім душа?..
Патрэбны
Ты камусьці патрэбны
на бацькоўскай зямлі,
дзе біблейскія вербы
зоры ў кроны ўплялі.
Дзе ў нябёсах высокіх --
жураўлінавы шлях,
дзе начуюць анёлы
на царкоўных крыжах.
Ты камусьці патрэбны.
Ты патрэбны камусь...
Покуль моліцца небу
за цябе Беларусь.
Трыпціх Слова
І
Слова -- мой шлях да Бога.
Слова -- мая дарога.
Слова -- мой крыж жыцьцёвы.
Бог уваскрэс у Слове.
Слова і ёсьць мне Богам --
небам, крыжом, дарогай...
ІІ
Сьлёзы Хрыстовы -- словы.
Словы -- Хрыстова кроў.
Цьвікамі ў далонях словы --
Бог -- гэта Любоў...
ІІІ
Насеньне Слова ў ральлю душы
Бог шчыра сее -- не саграшы...
І ў думным жыце
урэшце рэшт
Бог дасьць - узыдзе
валошка-верш.
Лебедзь
Лебедзь -- у сінім небе.
Гэта прыйшла зіма.
Белай завеяй вецер
пух разадзьмуў з крыла...
І над цнатлівай Пціччу,
як багародны грэх,
лебедзь -- тваім абліччам
кружыць біблейскі сьнег.
Клямка
Клямка на брамцы дзяцінства майго --
так незаўважная плямка.
Як на марозе сарваная ў кроў
скура на вуснах ранка...
Клямка -- язык паказны дзьвярэй.
Клямка -- далонь падворка.
Звычніца клянчыць і чым старэй --
тым адмысловей горка.
Клямцы паклёпнічаць не з рукі.
Клямка сама з паклёпу...
Колькі разоў да яе замкі
слалі сватоў бяз толку.
Клямка у сенцы і пад павець.
Клямка ў чужое шчасьце...
Мара мужчыны -- хутчэй займець
клямку жаночай жарсьці...
Вільчык
Хто з нас скокнуць ня марыў з вільчыка
у дзяцінстве на пару з ветрам?..
Стуль, дзе певень стаяў за пільніка,
дзе хмяліла віном паветра.
Падагнаны скрылём да скрыльчыка,
з клёпак зьлеплены ехаў дах,
як па строме страхі да вільчыка
я ішоў, прыручыўшы страх.
Мудры час ўсьміхаўся ўмілена,
і крыло падстаўляў Анёл.
Мы расьлі і ніжэлі вільчыкі,
і радніўся з блакітам дол.
Хутка сын з вышыні акрыленай
свой зрабіць паспрабуе крок...
Божа літасны, не пакінь яго,
як Ікара, сярод аблок.
Карчма
Як віно бурдзюка мяхі --
разрываюць мяне грахі...
І душа, што была царквой,
мая стала цяпер -- карчмой.
А ў карчме ладзіць чорт імшу,
а ў карчме прадаюць душу.
Хто за срэбра, а хто за кроў,
хто Радзіму, а хто сяброў.
Нехта маці, а хтось жану,
нехта здраду, а хтось віну...
Бо няма у карчме ікон,
бо піўны у карчме амбон...
І сьвятар -- хітры чорт глухі --
адпускае віном грахі.
Позна
Марна анёл-ахоўнік
мне надарваў рукаў --
міма царквы праходжу,
часу няма на Храм.
А у вязьніцы-целе
стала душа старэць.
Б’ецца, як рыба ў пелі,
аб ледзяную цьвердзь.
Ды за бязьвер’я хмарай
сонца ёй не відно.
Позна аб крылах марыць --
цягнуць грахі на дно...
Восень
Восень. Дажджы. Слата.
На скразьняках Сусьвету
выстыў птушыны шлях --
душ пералётнасьветных.
Столькі у іх сьвятла,
столькі тугі крылатай...
Зорыцца Млечны шлях,
нібы царква, на сьвята.
Стрыптыз
У тэатры восеньскага лесу,
дзе няма ні сцэны, ні куліс,
вецер рэпетуе зранку п'есу
з мадэрновай назваю "Стрыптыз".
Аднойчы
Аднойчы мяне ня стане --
як рэха ў сьляпым тумане...
Спачатку забудуць суседзі,
пасьля сябры і калегі
і ў рэшце рэшт -- Каханая..
А дзеці? Няўжо і дзеці,
кім марыў я тут застацца,
таксама мяне забудуць
і не паклічуць з туману.
Ношка
Я нясу на плячах сваіх цемру...
Бацька -- мне, дзед -- яму перадаў.
Гэта цемра -- паўночнае неба,
і знутры -- залатая яна.
У ракуцёўшчыне
У родным краі ёсьць крыніца...
Чыймі сьлязьмі --
нам столькі год не наталіцца? --
скажы, Максім.
Валошкі ў жыце на пагорку
ня тояць страх.
Таму нябёсы -- лёсам горкім, --
хто горды Птах...
Хоць дух Паэтаў з кожным годам --
усё вышэй.
Ды пачуваць сябе Народам --
чамусь цяжэй...
Слова
Даруй мне, Слова,--
я страшны грэшнік,
што ганьбіў мову
бяздарным вершам.
Што сэнс твой боскі
не разгадаў я,
што здрадзіў Лёсу --
Табой ня стаў я.
Каб быць Паэтам --
жыць трэба Словам,
лунаць над сьветам
на крылах мовы.
Я ж не лунаю
у сінім небе,
бо крыл ня маю,
як Страцім-Лебедзь...
Сыс
Забылі Сыса -- як забілі
Паэта у мулкай труне...
Забілі, забілі, забылі --
“І словы - вярыгі мае...”
Забылі Сыса -- як любілі,
як вучні калісьці Хрыста.
Забілі, забілі, забылі --
“І выкрэсьліў Слова я...”
Забылі Сыса -- як малілі:
-- Ня пі болей, Толя, -- памрэш...
Забылі, забылі, забілі --
яго ненапісаны верш.
Забылі Сыса -- як завылі
апоўнач за Гомлем ваўкі.
Забілі, забілі, забылі --
чые між аблок ветракі...
Плашчаніца
Барысу Пятровічу
Мінуў той час, калі
сустрэўшы паміж ночы,
Анёл нам гаварыў:
-- Жывіце -- вочы ў вочы...
Гады, нібы плыты,
да плёса Лёс звалочыў,--
ды памяталі мы --
жыць трэба -- вочы ў вочы.
І ў вечнасьці на дне
праявіцца аднойчы,
як фрэска на радне --
два словы -- вочы ў вочы...
Выбар
Раісе Баравіковай
Такое кароткае лета...
Пасьпець бы прамовіць: -- Кахаю!
А лёс нарадзіцца Паэткай --
Галгофа ў юдавым краі.
І толькі з мінулых вякоў,
якія нам больш не належаць,
параненым крыкам -- дакор:
-- Каханьне альбо Незалежнасьць?
Альбо -- і нічога паміж,
і выбар амаль неадольны...
-- Каханьне... Каханьне -- мой крыж!
Хай іншыя выберуць Волю...
Тут Зніч уваскрос...
Галіне Дзягілевай
У лёхах касьцёла Сымона й Алены,
якім любаваўся калісьці Максім,
Драўляны алтар -- паэтычную сцэну --
ахутаў біблейскага вогнішча дым.
У дыме тым -- яблык надкушаны Евай,
і рэха літаньняў і шоргат крыла...
І песьні, ці лепей сказаць -- песьнясьпевы --
гучаць, як найвышняму Пану хвала.
Тут сьветла ад свечак - ды не з жырандоляў.
Тут сьветла ад сьвечак, што ў душах гараць...
Тут Зьніч уваскрос -- нашай марай аб Волі,
якой ні разьбіць, ні спыніць, ні стрымаць!
Спакон
Спакон у славянскім жыце
валтузіліся між сабой
Расія-імператрыца
і польскі галган-кароль.
Пры іх ад цямна да ранку
са сьвечкай на ўсіх вятрах
Радзіма мая -- сялянкай
стаяла у галавах...
Датуль
Датуль Беларусь ня зьгіне,
ня кане ў нябыце-сьне, --
пакуль у нябеснай сіні
заступніца-Ефрасіньня
моліцца за яе.
Жыве!
На парозе тысячагоддзяў,
не скароная ліхаўне,
у Храме -- сваім Народзе --
як спакон -- Беларусь жыве!