Покуль ляцім…


Сьпяшайма жыць!

Міхасю Скоблу

Па дарозе з Гомеля на Менск

у лісьцёвым залатым тунэлі

хуткасьць набывае новы сэнс,

нібы штрых на сьвежай акварэлі.

Восень, што скалела ад вятроў,

восень, што азябла ад туманаў,

просіцца ў нагрэтае аўто,

нібы прыдарожная путанна...

Восень пашкадуем -- так і быць,

бо і самі сёньня -- пілігрымы.

Між аблок стралой анёл ляціць,--

ледзьве пасьпявае за машынай...



Мова

Выплачу вочы ў снах.

Высушу крыўдай сьлёзы.

Мова мая -- сасна

паміж Нямкамі й Гомлем.

Прыйдзе паэт-юнак

і без якой прычыны

з сэрца яе няўзнак

стане шчапаць лучыну.

Потым сівы скрыпач

скрыпку з душы дастане,

ды заіграе так --

вусьцішна ў сьвеце стане.

Ну а сьляпы сьвятар

сьвечку з крыві - жывіцы

ставіцьме на алтар,

каб на сьвятло маліцца.

Як пералётны птах,

шлях на Радзіму помню,--

покуль шуміць сасна

паміж Нямкамі й Гомлем.



Прарок

Ці быў прарок

у тых, каго няма...

Калі і быў--

даўно пасьпеў зьнябыцца.

Бажок тутэйшы

з зорнага сяйва,

нібы з латка,

гандлюе Мілавіцай.

Няма Народа

і мяне няма...

Над пляцам Волі

ў свастыку з сярпа

спрабуе маладзік

перарадзіцца.



Прыцягненьне

Я -- серабро. Ты -- золата. Павек

не паяднаць нам нашыя стыхіі.

Як срэбра Беларусі -- сьлёзы рэк

з крывёй чачэнскай -- золатам Расіі.

Я -- серабро. Ты -- золата. Наноў

не пераплавіць лёсаў нам ніколі.

Мой срэбны боль -- з імперскіх кайданоў,

твой -- залаты, ён выкаваны з Волі.

Я -- серабро. Ты -- золата. Чаму ж

між намі незямное прыцягненьне...

Такое -- як кахае жонку муж,

бы месяц сонца -- да жыцьцязацьменьня.



Азаімія

Прылягуць вятры

між азяблых аблок,

а за імі й я прылягу...

Азаімія --

заінелы радок,

што з завейнага вынік ранку.

Азаімія --

сноў зазіміны.

Азаімія --

сьнегасьпеў.

Азаімія --

даль задымлена

і зазімлена неўспадзеў.

Прачнуцца вятры

і зьдзівяцца,

а за імі й я -- усьлед.

Азаімія --

песьня зімняя,

мной прыдуманы вершасьвет.



Нанач

Прыкшчуся нанач

да шэптам вымаўленага

слова Радзіма,

што ў Бога вымалена...

Што ў злачасіну

было затулена --

крылом Страціма,

душой матулінай.



Жыцьцё і Сьмерць

Сьмерць за Жыцьцём штодзень

блукае неадступна, --

як надакучны цень,

як неадольны смутак.

Жыцьцё на Сьмерць глядзець

стамілася ў маркоце...

Жыцьцё -- мацней за Сьмерць,

І Сьмерць за гэта помсьціць.



Дзьве душы

Мне прысьніліся сягоньня дзьве душы.

Дзьве душы было ў маёй матулі...

Ў тагасьветнай вусьцішнай цішы

дзьве душы перабіралі бульбу.

-- Мама, -- да старэйшай падышоў

і пацалаваў яе у скрусе.

--Як жа позна я цябе знайшоў,

колькі ж цябе плакаць я прымусіў...

-- Мама маладая, не крыўдуй,

што старую маму абдымаю,--

мне так сіратліва аднаму

на самотным беразе адчаю…

Мне прысьніліся сягоньня дзьве душы,

дзьве душы маёй матулі роднай...

Перабранай бульбы -- два кашы,

а на яве мамы -- аніводнай.



Настрой

Колькі велічы ў слове Радзіма!

Колькі гонару ў слове Род!

Як жабрак, што асьлеп вачыма,

прыблукаю у свой народ.

Пілігрымам, прыблудным сынам

узыду на сьвяты парог,

і нарэшце вярыгі ськіну

і з душы, і з бадзяжных ног.



Закахацца

Закахацца, як -- у пятнаццаць,

не зважаючы на узрост!

І да раніцы цалавацца,

з салаўём разьдзяліўшы плёс.

Закахацца, бы ў неба ўзьняцца,

Млечным шляхам блукаць між зор.

І да раніцы абдымацца,

як з натуршчыцай Сальвадор...

Закахацца, як у юнацтве,

я наўрад ці ужо змагу...

Бо каханьне лічу за працу,

а калісьці лічыў за цуд!



Нічога

Паміж намі нічога няма.

Ні каханьня, ні здрады -- нічога.

І завея -- як цень ад крыла

херувіма -- пасланьніка Бога.

Ён у нашыя сны заляцеў

і прымусіў паверыць дазваньня,

што як хваля на ціхай вадзе,

узьнікае з нічога Каханьне.



Здрада

Вясновы настрой --яснасловы.

Знаёмку ў кавярні сустрэў...

І нейкі матыў выпадковы

у сэрца няўзнак заляцеў.

Ліліся, як музыка, словы,

ды вось жа знаёмку сустрэў,

і стала падобным на ловы

жыцьцё з пачуцьцём напавер.

На ноце узьнёсла-фальшывай

загнаная ў пастку душа

спаймала сябе і зламіла

у сэрцы стралу ледзяша...



Жарсьць

Мой грэх сьмяротны -- гэта ты.

Я так кахаў цябе аддана --

да першароднай яснаты

на дне сьвітальнага тумана.

Мой грэх сьмяротны -- гэта ты.

Я так хацеў цябе бязбожна,--

як хоча грэшніцу сьвяты

сьхіліць на праведнае ложа...



Жанчына

Жанчына -- сасуд бяз дна...

Дакладней -- Сусьвет сусьветаў.

Сам Бог у яго віна

наліў, каб натхняць паэтаў.

Заблудзяцца ночы ў днях

у пошуках апахмелкі...

Жанчына -- сасуд бяз дна

для тых , хто душой нямелкі.

Камусьці -- фрагмент рабра,

узноўлены клон Адама...

А мне -- акіян сьвятла --

Каханая, Муза, Мама.



Рай

Райскае дрэва

вецер гайдаў...

Ты -- мая Ева.

Я -- твой Адам.

Хто нас спакусіў --

цяжка сказаць.

Зьмей нам ня схлусіў --

шчасьце кахаць.



Каханьне

Натальлі

Сем тысяч начэй -

я спаў ля тваіх вачэй.

Сем тысяч начэй -

я дыхаў тваім дыханьнем.

Сем тысяч начэй -

нам месяц сьвяціў ярчэй...

Сем тысяч начэй -

Каханьня.



Не аддам…

Чужога шчасьця мне ня трэба.

З мяне хапае і свайго…

Ў тваіх вачах начуе неба,

а ў небе тым гасьцюе Бог.

Каханьня Бог у родным небе,

Ён лучыць нас на зло гадам.

Чужога шчасьця мне ня трэба,

але й свайго я не аддам!..



Матылёк

Твая душа - як матылёк, --

трымціць у сне перадсьвітальным.

Баюся дыхаць - каб пылок

не зьдзьмуць з павекаў -

крыл астральных...



Бессань

Нібы прарвала высі --

ноч барабаніць дождж.

Бессань душу капрызіць.

Гострыць самота нож...

Ды беспрытульны вецер

форткі зьвініць крылом --

згадкаю, што ў Сусьвеце

ёсьць твой сапраўдны дом.



Прадвесьне

Калі адчую, што высьпеў вецер

у весьнім небе для першагрома, --

зноў заначую з Каханай-песьняй

і прытулюся душой да Слова.

І сон з пакоя зьбяжыць упрочкі,

і будуць зябка аб шыбу біцца

радкі-падлёткі насупраць ночы,

каб ранкам вершам у высі ўзьвіцца!



Натхненьне

Як цеціва, страла і лук,

як з ноты вызвалены гук,

як палімпсеста тайнадрук,

як варажба цыганскіх рук,

як аральля і гостры плуг,

як жырандоля і жаўрук --

Натхненьне.



Класіка

-- Мой родны ліфт, як ты мне мілы...--

шапчу, вярнуўшыся з дарог.

Паэтам дадзеныя крылы,

іх выбірае з лепшых Бог.

У неба месячных падстрэшках,

як вераб'і, анёлы сьпяць...

Пакуль паэты пішуць вершы --

паэтам дадзена лятаць!



Сон

Хлопчык, што бяжыць па вадзе,

часта ў снах зьяўляецца мне.

Не ўсьвядомлю ў сьне я ніяк --

як ён гэта робіць, дзівак.

Пырскамі вясёлкавы дым

вырастае сьледам за ім.

І куды ён столькі гадоў

па рацэ бяжыць маіх сноў?..



Покуль ляцім…

І. І. Думанскай

Хтосьці вып 'е з нас келіх поўны,

хтось -- палову, як дасьць Гасподзь...

Пад нябёсаузьнёслым Словам

не жагнаюцца мімаходзь.

Тое Слова было ў Максіма --

як заклён, як сьвяты зарок.

Каб мы ў сэрцах сваіх насілі,

бы ружанец -- яго "Вянок".

Каб забылі пра звадкі-спрэчкі,

а пагляды зьліліся ў сінь,

дзе Страцім вартавацьме вечнасьць,--

покуль мы да яго ляцім...



Непрычалены човен

Ліс, што мкнецца па сьледзе.

Кроў, што б’ецца у скронь.

Непрыручаны вецер.

Нехрышчоны агонь.

Поўні жоўтая сьвечка.

Дух заюшаны ў комін.

Незавершаны вечар.

Непрычалены човен.



Дом

З яснага неба гром –

позьняе адкрыцьцё:

Мама – мой першы дом,

хлеб мой, вада, жыцьцё.

Колькі пасьля было

розных кутоў, хацін, --

толькі – найродны той –

матчын – з усіх адзін.

Сэрца спаліў крыжом,

ды адмаліць ня змог…

Маму – мой першы дом --

сёньня пільнуе Бог.



Турма

А труна -- для душы турма...

А яшчэ ёсьць -- труна-Айчына.

Для народа свайго -- турма,

калектыўная дамавіна.

Пачарнела душа, як ноч,

ёсьць на тое ў душы прычына --

за сьлязамі ня стала воч,

каб глядзець на труну-Айчыну.

А ў турме не жыцьцё -- рэжым.

А ў труне не быцьцё -- гніеньне.

А ў душы -- пачарнелы дым,

а ў народа ў грудзёх -- каменьне...

Не Анёл уструбіў у рог, --

уструбіла у рог Сумненьне:

а ці ёсьць у нябёсах Бог? --

Бог-суддзя -- ад турмы збавеньне...



Асеньняе

У вырай буслы чарадою

па небе адвечным плывуць.

Зноў восень стралой залатою

спрабуе мне сэрца пратнуць...

Паходнямі -- клёны на ўзгорках

губляюць сьвятлынь у траву...

І радасна сэрцу і горка,

і крыху балюча яму.



Пакрыёма

Выхаплю сон з небыцьця

і з асалодай нязнанай

вуду старую жыцьця

стану надточваць падманам...

Каб пакрыёма злавіць

тое, што ў яве ня стрэціў:

сорам -- распусна любіць,

шчасьце -- бяз страху памерці.



Словы

З высокай цалі

мне словы ўпалі:

“Нябёсы -- Радзіма ветру”...

Пакуль нізаў я радка каралі,--

скразьняк зварухнуў паветра...

З сусьветнай далі

мне словы слалі:

“Нябёсы -- Радзіма птушак”...

Пакуль нізаў я радка каралі,--

з’явілася рыфма -- суша.

Пакуль вы спалі, --

мне словы далі:

“Нябёсы -- Радзіма душаў”...



Анёл-Страцім

Мне прысьніўся Максім Багдановіч --

беларускі Анёл-Страцім

у біблейскім вянку цярновым,

у пражылках густых крыві...

Мовіў ён, і паўночны вецер

яго словы між хмар разьнёс:

--Ні на тым , ні на гэтым сьвеце

не лічыце валошак-сьлёз,

не чытайце чужыя пісьмы,

не давайце сьвятыні псам...

І растаў у нябеснай высі,

там, дзе зьніклі сьляды Хрыста.



Як вярнуць?..

Я забыў, як маліцца Слову…

Для паэта ж маўчаньне – грэх.

І Гасподзь над душой ахову

адазваў да нябесных стрэх.

І зрабіўся мне сьвет нямілым,

нібы д’яблу прадаў душу.

Прамяняў на машыну – крылы,

Млечны шлях – на зьмяю-шашу.

Як успомніць з малітвы cловы?

Як набыць адабраны рай?

Як вярнуць над душой ахову,

крылам – згублены небакрай?..



Балада пра Чорнае ляда

На чорнае ляда ня ходзяць касцы,

няма тут птушыных гнёздаў.

Праклятае месца за тры вярсты

дарогі вакол абходзяць...

Балота, як вока, сярод яго

з чорнай, як ноч, вадою.

Калі апусьціць у ваду багор --

багор, як тапор, патоне.

Калісьці, казалі, тут жыў бірук --

вядун, чарнакніжнік Посах.

Глядзеў, бы ў люстэрка, вядун у ваду --

прадказваць умеў лёсы.

Умеў замаўляць і ўмеў намаўляць...

Умеў, як казаў нехта, --

над чорнай дрыгвою пад поўняй блукаць --

хадзіць па вадзе пехам.

Такая за Посахам слава йшла,

а ён не любіў славы.

Ручнога у хаце трымаў вужа,

што ў поўні любіў плаваць...

Аднойчы да Посаха князь малады

прыехаў з сябрынай п’янай.

--Ты, Посах?

--Так.--Уладар вады?

Прайдзі пасярод багны!

--Прайду, калі князь не збаіцца сам

за мною пайсьці сьледам.

І крок зрабіў, і на хвалю стаў --

патух пад нагой ветах...

Ні князя, ні хмельных сяброў яго

з той ночы ніхто ня бачыў,

і Посах зьнік -- як у вір багор, --

стаў Духам вады няйначай.

За часам і хата ў дрыгву ўрасла --

тырчыць з-пад імха комін...

Ды зрэдзь на вадзе залатога вужа

паблытае хтось з поўняй.



Балада сустрэчы з Купалам

А хто там ідзе?

Янка Купала

Па лістоце апалай

дождж сьляпы церусіў.

Я прыйшоў да Купалы --

дараваньня прасіць.

Дараваньня за тое,

што дагэтуль адказ

на пытаньне сьвятое --

рытарычны аванс.

Бо няма Беларусаў --

колькі іх не шукай,

тых, хто пойдзе хаўрусам

бараніць родны Край

ад ганебнага змусу,

ад чужога ярма...

Нас няма, беларусы!

Не было і няма!

У правалінах твару,

там, дзе вочы цьвілі, --

спахмурнелыя хмары

задуменна плылі.

Воч ня стала ў Купалы

ці ня хоча глядзець

на нашчадкаў-вандалаў --

тых, хто сёньня ідзе...

Па лістоце апалай

дождж асьлеплы блукаў...

Я прыйшоў да Купалы --

ён мяне не чакаў.



Балада праклёну

“Каб ты спрах без радзіны!” --

гэткі страшны праклён --

для прадаўцаў Радзімы,

для іуд-халуёў...

Прадаюцца заводы, --

ўсё, што льецца і п’ецца...

Памяць, Воля народа --

не прадаецца.

Трактары, самаходы, --

ўсё, што б’ецца і гнецца.

Песня, Мова народа --

не прадаецца.

Дрэвы рознай пароды, --

ўсё, што косіцца, жнецца.

Гонар, Годнасць народа --

не прадаецца.

Купяць нават Чарнобыль --

знойдуць чым заплаціць...

Сьлёзы, гора народа --

не прадаць, не купіць.

Не спрабуй -- не здалееш,

як мазгі не кукож, --

цэньнік свой не наклееш

на Дняпро і на Сож.

На крыжы нашай веры,

што ў глыбінях нябёс, --

не прычэпіш паперу --

“Прадаецца пад знос...”

Як з Бажніцы -- ікону,

як з магілы -- труну, --

так табе без праклёну --

не прадаць Беларусь...

Сам запомні і сыну, --

каб ня стаў халуём --

“Каб ты спрах без Радзімы!” --

перадай мой праклён.



Балада пра Краіну-мару

Мы, беларусы, -- заўжды гатовы

снапамі класьці свае галовы.

Было спакон так і гэтак будзе --

такі народ мы, такія людзі.

Наш час спыніўся між дзьвюх Нямігаў,

дзе кроў і сёньня стаіць па грудзі...

Мы, беларусы, народ ад ліха,

ад Бога -- толькі сьвятыя людзі.

Яны былі ў нас, былі і будуць --

Рагнеда, Янка, Максім, Ларыса...

Мы, беларусы, -- народ аблудлы --

сваёй радзінай не ганарымся.

У нашых душах гуляе вецер...

Каму мы служым? Чые мы дзеці?

На храмах нашых маўчаць званіцы.

Нямая вера -- як нам маліцца?

Як дараваньня прасіць у Бога,

каб Ён вярнуў нам сябе самога.

Хрыстос калісьці хадзіў між намі...

Мы, беларусы, -- Яго прагналі.

З нас, беларусаў, яшчэ спытаюць --

за лёс Страціма, за сімвал Краю.

Чаму у сэрцы з такім адчаем

нас б'е Пагоня -- сячэ мячамі...



Мо Беларусы, мы -- янычары?

Чацьвёрты кожны з нас стаў зямлёю...

Чарнобыль чыніць над намі кару,

Мы, беларусы, сваёй крывёю

сабе здабудзем Краіну-мару.

Краіну-мару, дзе мы ўваскрэсьнем --

як сонца з хмары, як мова -- з песьні.

Краіну-мару сабе здабудзем

мы, Беларусы. Мы -- ёсьць! Мы -- будзем!



Заміж эпітафіі

Калі памру,

сябры наўсьлед спытаюць:

-- Куды, паэце, крочыцьмеш у скрусе?

-- І рад бы ў рай – анёлы не пускаюць.

Мілей, чым рай – мне пекла Беларусі.

Загрузка...