Карчма. Злева прылавак, за ім Яцак прыбірае посуд. За адным са столікаў сядзіць, апусціўшы галаву, Кудрачок. Больш нікога няма. Потым уваходзіць Несцерка, перад гэтым чуваць, як ён пяе.
Несцерка. Туды еду — сюды еду, карчмы не мінаю. Які чорт яе прыдумаў — Далібог, не знаю. Эгей, Яцак, здароў! Што гэта ў цябе сёння гэтак ціха? Нясі сюды цэлы кумпяк ды палову вядра заціркі. Даўно табе вінен не быў.
Яцак. У доўг — смалы б табе гарачай у глотку! Думаеш, не памятаю кірмаш? Ты што ж гэта мне прадаў?
Несцерка. А тое і прадаў, што ты купіў — на тое і кірмаш. Ды не сярдуй — грошы тыя я ж зноў да цябе ў карчму прынёс. Вядома — грошы. Сёння ў мяне, назаўтра ізноў у цябе. А багацце тваё — галоўнае, неразменнае — пры табе ж засталося (хлопае Яцака па жываце).
Яцак (б’е Несцерку ручніком). Ах ты, прайдзісвет! Зубаскал галодны! Без грошай не лезь у карчму!
Несцерка. Ды як тут не зойдзеш, калі яна якраз ля дарогі стаіць!
Яцак. Я цябе! (Б’е ручніком.) Сабака, валацуга.
Несцерка. Цішэй, цішэй, а то растрасеш багацце сваё, неразменнае.
Кудрачок звяртае ўвагу на шум і пазнае Несцерку, падбягае.
Кудрачок. Несцерка? Ты? (Адпіхвае Яцака.) Ды супакойся! Вось не чакаў сустрэць — адкуль?
Несцерка. Ды ўсё адтуль — мімаходам. Га — дык гэта ж Кудрачок! I сапраўды, у карчме не прападзеш! Ты ж мяне галодным не пакінеш.
Яны абдымаюцца і ідуць да стала.
Яцак. Каб ты хадзіў мімаходам да самае магілы!
Несцерка (прыпыняецца і звяртаецца да Кудрачка). Ты не ведаеш, Кудрачок, чаго карчмары такія злосныя?
Кудрачок. Не магу ўцяміць.
Несцерка. Бо ім на тым свеце надта дрэнна даводзіцца.
Кудрачок. Чаму ж гэта?
Несцерка. З іх пузам больш як па адным у кацёл не ўлазяць — вось і кіпяць у адзіноце, няма з кім і словам перакінуцца.
Смяюцца і ідуць за стол, садзяцца.
Яцак. У астрог бы ўсіх валацуг, я табе пакажу той свет — сам у пекле будзеш.
Несцерка. Ну, дзякуй, гусінае пяро! Дай табе Бог чарніла і паперы! Расказвай, як жывяце, можаце.
Кудрачок. Ат, што мы… Ты з дарогі — усе навіны пры табе.
Несцерка. Мае дарогі канца не відаць — колькі яе таптаць, адзін Бог ведае. А навіны — куды ні пайдзі — усюды людзі. Адны нараджаюцца, другія ўлюбляюцца, трэція на пагост збіраюцца. Усе пад сонейкам таўкуцца, а яно свеціць усім аднолькава.
Кудрачок. Эх, брат, не аднолькава… А ты, я бачу, не змяніўся, усё весялішся…
Несцерка. А бедаку толькі і застаецца на гэтым свеце, што з гора павесяліцца. А ты што галаву схіліў? Памятаеш, як выхітраліся на кірмашах?
Кудрачок. Эх, браток, мне ўжо пара з кірмашу… Не тыя гады.
Несцерка. Якія гады? Гэта ўсё ад твае граматы. А цяпер чым прасцей, тым і пражыць лягчэй. Вось я — толькі да дзесяці лічыць магу — і то калі грошы. А колькі там мне год — і не цікавіўся.
Кудрачок. Яно і не толькі ў гадах справа…
Несцерка. Кінь!
Кудрачок. Эх, Несцерка. Заблыталі, брат, мяне.
Несцерка. Хто ж цябе заблытаў?
Кудрачок. Ат, не след і расказваць… Так, душу адвесці… Падлавіў мяне Пшэбыеўскі, што таго карасіка.
Несцерка. Стары дурань Пшэбыеўскі — цябе?!
Кудрачок. Стары ўжо паўгода як Богу душу аддаў.
Несцерка. Трэба Богу ягоная душа, як мне баба ў каноплях.
Кудрачок. Ну, значыць, чорт прыбраў.
Несцерка. Іншая справа. Нікому так не добра, як пану ў пекле. Куды ні глянь — усюды свае.
Кудрачок. Цяпер сынок яго з Варшавы прыехаў. А мяне чорт штурхнуў — захацеў пабагацець. Узяў казённыя грошы, звязаўся з гандлярамі — абяцалі барыш, атрымаўся шыш. Ледзь у астрог не трапіў. Вось Пшэбыеўскі і даў — і купіў мяне з вантробамі.
Несцерка. Тае бяды. Доўг — не вяроўка, не парвецца.
Кудрачок. Не вяроўка, а шыя ў пятлі. Не проста ён грошы даў — прыглянулася яму мая дачка — Кацярынка. Патрабуе замуж за сябе.
Несцерка. А яна што ж — не хоча?
Кудрачок. Эх, там таго пана… і нораў што ў казла — ніводну бабу не прапусціць. I вытварае — то коней арабскіх заводзіў, цяпер тэатр нейкі прыдумаў. З такім пажывеш — намучышся. Ды ўсё ж пан. За ім босая хадзіць не будзе. Яно і да лепшага. Але штось грызе мяне, нешта неяк не па сабе.
Несцерка. Э, братка, не звяртай увагі, гэта сумленне. Самая непатрэбная рэч на свеце. Людзі без яго за мілую душу абыходзяцца. I табе, калі ў падпанкі сабраўся, яно таксама не трэба.
Кудрачок. Чаму ты так рашыў?
Несцерка. Таму што бачу — круціш. Каб захацеў — паслалі б мы твайго жаніха да чорта — ці нам упершыню?
Кудрачок. Э, браток, у цябе ні кала, ні двара, па свеце гойсаць лёгка. Але ты не падумай…
Несцерка. А што мне думаць, ад думак галава босай становіцца. У мяне свой клопат. Заўтра кірмаш, а ў мяне ў кішэні толькі вош на прывязі, ды і тая галодная. (Дастае з торбы варону. Яна каркае. Звязвае ёй дзюбу ніткаю.) Вось, галубка, каб не хвалілася, хто ты і адкуль.
Кудрачок. Навошта табе варона?
Несцерка. Не будзь сам варонай, спатрэбіцца і варона. Дзе мае фарбы? (Дастае з торбы фарбы.) Зробім з цябе птушку заморскую, як ні кажы — кірмаш!