Вырашылі пайсьці зь вёскі — са сьмерцю Кучарыхі, здавалася, яна памерла канчаткова — і пасяліцца ў лесе, куды не дабраліся б ні немцы з паліцаямі, ні партызаны. А як знайсьці такое месцайка? Даганяючы, перасьледуючы, уцякаючы і хаваючыся адно ад аднаго, яны бясьпечных мясьцін на гэтай зямлі не пакідалі.
Але пашанцавала. У густым непраглядным ельніку (праўда, прасека блізка) набрылі на закінутую зямлянку. Мяркуючы па тым, як парасьлі, пакрыліся грыбамі і чагай бярвеньне і жэрдкі, а бляшаная бочка-«буржуйка» афарбавалася ў охру іржы, тут даўно ніхто ня жыў. Магчыма, з восені-зімы 41-га, калі акружэнцы-партызаны таіліся ў лясах, выходзілі адно здабываць харч. Часам абстрэльвалі нямецкія машыны.
Прыбралі з нараў гнілое гальлё, высьцелілі ложа сьвежым ельнікам і бярозай. Франц сякерай, якую з сабой прыхапілі, насёк сухіх дроваў — падрыхтаваліся жыць доўга. Па лесе распоўзься дымок, а зь ім і трывога: каб ня ўнюхаў хто. Пакуль сушыліся іх апраткі, сядзелі пад дрэвамі. Франц сказаў:
— Добрая чалавек твая мутэр. Паказаць маю?
Запусьціў руку пад кашулю, на далоні ў яго зазіхцеў мэдальён. Як гэта ня ўгледзеў той, «трафэйшчык»? Шнурок засмаліўся, брудны, а золата зіхціць, як жывое. Падкалупнуў пазногцем, і паказалася фатаграфія. Паліна наблізіла свой твар, на яе глядзіць строгая чужая жанчына з акуратна ўкладзенай прычоскай. Франц вытрас сабе на далонь фатаграфію, перавярнуў яе.
— Тут напісана: «Ich werde dich Schützen». Я цябе (як гэта? Ага!) абараню. Усім ім так здаецца.
Франц доўга і няскладна тлумачыў, што насіць гэта рызыкоўна, а замазаць нямецкі надпіс будзе нядобра, а таму просіць Паліну забраць і захоўваць, пакуль яму зноў можна будзе…
Паліна ня ведала, як тут ёй быць. Нібыта яна прысвойвае права, не спытаўшы ў той жанчыкы, трымаць на грудзях яе фатаграфію. Нейк няёмка перад ёю, што далёка жыве. Пацерла зіхоткае золата між далоняў, заадно і шнурок, і спусьціла халоднае сардэчка пад кашулю. Памяць яе міжволі сьцялася: чамусьці прыгадаўся Эвірын круглы абразок…
— Аўтаматная чарга! — Франц насьцярожана ўзьняў галаву. Далекавата, але чаму разрыўныя кулі паўтарылі яе зусім побач, у кустах за зямлянкай?
— Гэта ж салавей! — засьмяялася Паліна. — Як будзе па-нямецку?
— Nachtigall. Нікому толькі не расказвай, што Франц ужо… Пакруціў пальцам ля скроні.
— Не, праўда, падобна, — супакоіла Паліна, — во, ну зусім, як кулямёт. А цяпер палошча горла. I да вайны сьпявалі салаўі, але нікому ў галаву не прыходзіла такое.
— Многае не прыходзіла, — згадзіўся Франц. — А ў вашай школе…
I пайшлі разьбіраць сьценку няведаньня адно аднаго — і таго, і другога, і трэцяга няведаньне. Як у вас? А ў вас як? Выявілася, што многае вельмі падобна: дзяўчаты болып разумеюць хлопцаў, чым тыя іх — што ў нямецкім Дрэздэне, што ў беларускіх Петухах. I так жа аднолькава жывуць у вечным супрацьстаяньні жаночай часткі школы і мужчынскай, але здраднікаў свайму племені болын сярод дзяўчат. Вось была ў дзясятай клясе Клаўка, дзеўка ніякая зь сябе, у яе і хлопца свайго не было на выпускным вечары, дык старшаклясьнікі потым расказвалі: яна столькі пар разьбіла, разьвяла за адзін той вечар! Нават у каго справа ішла да вясельля ўжо. I чым узяла, ты падумай! Тыя, нявесты, трымалі сваіх хлопцаў на адлегласьці: пацалунак яшчэ можна, а болын — ні-ні! — гэта каб давесьці іх да вясельля. Вам жа толькі саступі і — адз’ю! Гэтая нахабніца ўсім дала ўрок: танцавала з хлопцамі з усімі запар і ўсе яе наперабой запрашалі — прыціскалася, бессаромная, глядзела так, што кожны паверыў: сёньня ён усё і атрымае, калі зь ёю пойдзе. Ну як апаіла зельлем! I пакінула дурнямі. У нявест пасьля гэтага вечара разлад з жаніхамі, у некаторых назаўсёды — адпомсьціла за ўсе дзесяць гадоў няўвагі.
Паліна задала тон, Франц вось гэтак жа асуджальна загаварыў аб лёгкіх, проста-ткі сьвінскіх норавах сярод хлопцаў, захапіліся, ажно дыханьне стала гарачым і ў яе, і ў яго, здавалася, цяпер у’жо ня змогуць стрымаць сябе, зблізяцца рукі, вусны, але што вы, як цяпер гэта магчыма?! Пра што толькі што гаманілі?.. Як асуджалі! Як абураліся! Зьбянтэжана змоўклі Паліна з Францам, адчуўшы сябе падманутымі кімсьці: назьдзекаваўся і глядзіць на іх збоку, каб гучна зарагатаць пры першым іх дотыку. Расчаравана паляжалі і заснулі кожны на сваім месцы — прыблізна за мэтар адно ад аднаго. Але дзяўчына ўсё-ткі сказала «на расстаньне»:
— На новым месцы прысьніся жаніх нявесьце.
Аднак сказана было гэтак іранічна, што Франц так і не адважыўся працягнуць у яе бок руку. Помніць, бедалага, кіпцюрыкі!
Перш чым заснуць, Паліна шмат наўспамінаць пасьпела. Віру прыгадала. Вось яна б ведала, як распарадзіцца і сабой, і Францам.
Жыла гэтая сям’я, яд уяўлялася петухоўцам, «бы паны». А імя Віры — ад Эвіры, што азначае: Эпоха Войнаў і Рэвалюцыяў. Імя ёй такое дала маці, тая самая дырэктрыса-гістарычка.
Бацька Віры (пакуль і гэтых не перасаджалі) працаваў лясьнічым, гаспадарка яго была ледзь не з паўраёна, дзясяткі лесьнікоў у яго распараджэньні, і лес з грыбамі-ягадамі, і трава на палянах, і дровы. Усё, чым у лясным краі люд жывы. Прасторнае лясьніцтва разьмяшчалася наводшыбе вёскі, за высокай дашчанай агароджай, дзе стаяла вялізная кантора, раздольны дом лясьнічага, высокія, з моцнага дрэва, цёсу, гаспадарчыя збудаваньні. У лясьніцтве было некалькі коней, добры выезд. Усё не як у рваным-гнілым калгасе: што збруя, што вазок — кашоўка, коні — воч не адарваць! Нават свая сажалка была за той высокай агароджай, а зімой — каток для Віры і яе сяброў. Але сяброў у яе было няшмат. Гэта яшчэ трэба было заслужыць. I перш за ўсё — непадобнымі на агульныя паводзінамі, сьмеласьцю ведаць тое, чаго іншыя ведаць баяцца. Сама яна была і разумніца, і красуня. Чытала шмат, але галоўнае — пра ўсё ў яе было сваё меркаваньне. I сапраўды — анічога не баялася. Так здавалася Паліне. Аж галава кругам ішла поруч зь ёю. Я сама сабе кніга, любіла паўтараць. I паведамляла, што падумалася, што адчулася — чаму? як так? — у такіх вось і такіх вось абставінах. Аднойчы бацька — вусаты, чарнагрывы прыгажун — яе проста высек. «Зь цікаўнасьці», як сама казала, падпаліла капу сена проста ў двары. Дык вось: «Ён мяне пугай, пугай, так спужаўся пажару, а я ў гэтыя хвіліны любіла яго болып, чым калі-небудзь. Да сьлёз».
3 Палінай яны, забраўгныся на сенавал, пад ластаўчына цьвірканьне, чыталі, дзяліліся сакрэтамі, спалі, летуцелі, як наладзіцца іх жыцьцё. Аднойчы Паліну папярэдзіла:
— Я паклікала Косьцю і Бубліка. Выбірай, каго хочаш.
— Навошта яны мне?
— ПІто, трусіш? Мы ж дамовіліся.
— Ну гэта мы так.
— Так ці ня так, а я іх запрасіла. Сказала: прыходзьце зь цікавымі кніжкамі.
Яны і прыйшлі з кніжкамі, Бублік, той дурань-дурнем, а школьны прыгажун Косьцік (хутчэй па спалохана-скаваных паводзінах Паліны, чым з выклікам — Віры) зразумеў, што ўсё ня так сабе. Дурыліся, валтузіліся ў сене, усё болып распальваючыся і дазваляючы сабе ўсё болып. Пакуль Паліна не зазлавала і не ўцякла да вакенца, адштурхнуўшы Бубліка. Той вінавата пацягнуўся сьледам. А Віра з Косьцікам нейк незразумела і страшн а аціхлі. Глянула Паліна ў паўзмрок сенавалу і ўбачыла голае, высока ўзьнятае калена Віры і бессэнсоўнае нейкае гойданьне сьпіны ў блакітнай майцы, сьпіна гэта здалася такой мужчын скай, агіднай. Разгублены Бублік паглядзеў на Паліну, яна затрымлівала яго вочы бессэнсоўнай усьмешкай, абы ён не павярнуўся, не паглядзеў т у д ы. (Але абое чуюць: глядзяць адно на аднаго і чуюць.)
З гэтага дня Віра ўзьненавідзела Паліну. А аднойчы на зімовым катку, калі Косьця, які хадзіў цяпер за ёй, як галодны сабака, прывязваў канёк да яе стройнай нагі, Віра з раптам скажоным ад агіды і нянавісьці тварам з усяе сілы ўдарыла яго проста пад бараду, так што ён адваліўся на сьнег.
Калі Вірынага бацьку таксама арыштавалі (пасьля вэтэрынараў узяліся за лесьнікоў), сям’ю выгналі з-за дашчанай агароджы, і яны з маці некуды выехалі, як згінулі.
Раніцой Паліна і Франц прачнуліся чамусьці незадаволеныя сабой і адно адным. Але хутка гэта мінула, ім сапраўды цікава было разам. I вось так — удваіх. Вось, калі ласка, жылі кожны далёка ад другога і зусім нібыта інакш, але столькі агульнага ў іх. Гэтая просьценькая думка чамусьці хвалявала.
— Хутка ў цябе каўтун будзе! — ускалмаціўшы валасы Франца, сказала Паліна. Ён толькі што памыў іх у зарослай альхоўнікам і асакой рэчцы, і яны ляжалі на траве каля разваленага мастка, адпачывалі. Франц у недарэчнай на ім, кароткай яму бялізьне з суворага палатна, што нямала памучыла яго беднае гарадзкое цела, але ўжо разьмякчэла ад носкі і частага акунаньня ў ваду, чамусьці не саромеецца Паліны — як не саромеўся б, мабыць, апранахі клоўна. Ну а Паліне проста весела на яго, такога, глядзець.
— Ты сказала: каўтун? — мабыць, Франц нешта прыпомніць намагаецца.
Поруч на траве зіхцяць зьмейкамі вёрткія ўюны, вылаўленыя ў балотнай затоцы, дзе вада цяплейшая, Паліна зь дзіцячай несьвядомасьцю жорстка пляскае іх далонькай.
— Нашы палешукі некалі наогул ня стрыглі валасоў, — паведамляе Паліна.
— Як сікхі.
— Хто гэта?
— У Індыі каста такая. Па тры мэтры валасы адрошчваюць.
— Ну нашы менш, але таксама. Лічылася: зрэжаш — захварэеш. У каўтуне ўсе хваробы.
— Ой, чакай, успомніў! Багіня Мэб. У яе крылы з камарыных хмараў, зь ледзь прыкметных мошак. Яна хвасты коням заплятае начамі, багіня Мэб. А людзям каўтуны робіць. У Шэксьпіра, ведаеш, «Рамэо і Джульету»?
Джульету на школьнай сцэне Віра іграла, Паліна помніць белы твар, перадсьмяротны грудны голас. Паўтарыла перад Францам:
— Чакай мяне, Рамэо! I я з табой, я іду да цябе! I «закалола» сябе «кінжалам».
— Здаецца, яна п’е атруту? — запярэчыў Франц.
— А ты што, носіш з сабой? — міжволі спытала, прыгадаўшы тых нямецкіх афіцэраў.
— Нядрэнна б. Гранату канфіскавалі.
Калі да зямлянкі ішлі, убачылі на бярозавым кусьце дзіўна завіслую варону. Глядзіць на іх з жахам, паварушылася і засьлізгала па лісьцях, ледзь стрымалася на ніжняй галінцы. Хворая? Ці гэта ўжо так падрасьлі птушаняты, зь неасьцярогі вывалілася каторае з гнязда. Не заўважылі, а ўжо нахапілася лета. Лес пацяжэў ад лістоты, елка выкінула сьвежыя зялёныя (тут жа пачынаюць жаўцець) стрэлкі. А салаўі запускаюць свае трэлі-чэргі і ранкам, і ўвечары. Зьявіўся ў лесе майстар, і ўсе астатнія сьпевакі цягнуцца, падладжваюцца пад яго, стараюцца з усяе сілы, каб і ў іх ня горш атрымлівалася. А тут яшчэ нябачныя жабоцькі на ўсё навакольле паведамляюць:
— Я-ак до-обр-ра-а, соладка!
Калі Паліна міжволі пацягнула руку, каб памагчы вараняці, яно са страху — дзе і сіла, і ўменьне ўзялося — узьляцела і села на ніжні сук сіратліва, у яловай засені выраслай бярозы. Гайданулася, каб ня ўпасьці, умацавацца. I ўхапілася атрасаць вільгаць роднага гнязда, саскрабаць дзіцячую ліпучку зь пер’я, прапускаючы празь дзюбу то адно, то другое крыло. Усім добра. А што людзям дрэнна, дык хто ў гэтым вінаваты, калі не яны самі?
Павячэралі бульбай і падсмажанымі на распаленай блясе ўюнкамі (Франц запэўніваў, што нічога больш смачнага ня еў, будзе мутэр сваёй расказваць).
На гэты раз спаць уладкаваліся моўчкі, як бы баючыся словаў, яны адно перашкаджаюць. Расьсьцялілі Францаву вясковую саматканую сьвітку — гэта пад ніз будзе, акрыцца — плюшаўка Паліны. Усё бяз словаў, і быццам заўсёды так вось спалі і нічога асаблівага няма.
— Холадна табе?
— Крыху. Я бачу, і табе таксама холадна.
— Беднае варанятка. 3 гнязда выпала.
— Цікава, якія цяпер у муці сны? Яна любіць іх пераказваць, і мы абавязаныя слухаць, як урадавую зводку. Крыўдзіцца. Вярнуся калі, яна мне іх абавязкова раскажа.
— Табе ж холадна. Акрыйся добра. Сьпі, сьпі. Нядыхай так! Чуеш, ня дыхай так! Хацела адсунуцца, а ён спалохана і вінавата аціх.
Беднае варанятка! Працягнула сама да яго ў цемры рукі, ён прыціснуўся да іх гарачымі шчокамі, прыціснуўся да яе, як схаваўся. Такі бездапаможны, такі разгублены… Калі боль пранізаў яе і, галоўнае, спалох, што г э т а ўж о адбылося, здарылас я (падкраўся, гад!), яна адштурхнула яго зь сілай, якой сама не чакала!
— Зьвер! Фашыст! Фашыст пракляты!
— Я ж цябе кахаю, Паліна.
— Воўк — кабылу! — і зарыдала.
Печка выгарала, згасла, у зямлянцы няўтульна, сыра, пах закінутасьці і нейкай безвыходнасьці. За дзіравым акенцам насьмешлівы, зьдзеклівы хор жаб. Загарнуўшыся ў свой плюш, ціха ўсхліпвала Паліна. Аціхлы, быццам і няма яго тут, ляжыць Франц. Ён, здаецца, мацней за яе аглушаны тым, што здарылася. Ціхенька ўстаў, разьдзьмуў у печцы агеньчык, падкінуў дроваў. Пад смалістае пастрэльваньне агню заснуў.
Крык уварваўся ў расчыненыя дзьверы:
— А ну выходзь! Фэрфлюхтэр, маць вашу! I проста над галавой — у акенца:
— Кідаю гранату! Язьві вашу душу: выходзь!
Гэта маміна «язьві» падзейнічала асабліва паралізуюча.
— Ой, дзядзечка, ня трэба, мы вясковыя!
Адштурхнуўшы Франца, выйшла, выбегла першаю, папярэджваючы крыкам:
— Там брат, ён нямы, зусім нямы!
Плямісты нейкі чалавек (плашч-накідка і голеная галава — усё ў яго ў плямах) адкінуў Паліну:
— А мы зараз пабачым. I Франца аўтаматам адштурхнуў убок:
— А ну, выпенцюх! Хто яшчэ там?
— Нікога, паночак, толькі мы! — сьпяшае адказаць Паліна.
— Правер, — загадаў плямісты другому ў такім жа плашчы, але ў гэтага на галаве нямецкая каска.
— Бач, бандыцкія морды! — нядобрымі вачыма разглядвае голенагаловы злоўленых. — Хочаце пабачыць беларускую птушку бусла? Пакажам вам, сталінскія бандыты!
I ўжо да сваіх, чалавек шэсьць іх, жалезнагаловых.
— Мала было Сталіна гэтым бульбянікам, не нацешыліся калгасамі. Вы за што гэта ваююце?
— Мы цывільныя, дзядзечка, брат, ён нямоглы зусім, хворы, — галасіла Паліна, а сама думала: ня горш за бабку Адарку, яна кармілася тым, што аплаквала нябожчыкаў. Адно каб Франц ня ўздумаў памагаць.
А плямістагаловы ўсё шукае, да чаго прычапіцца. Вось ужо свой яму не дагадзіў:
— Іваноў, ты куды? У кусты ўсё цягне? Ой, глядзі! Можа, як Валошын рашыў? Бяжыце, бяжыце, вас бандыты прылашчаць!
— Скуль ты ўзяў? — агрызнуўся ўласавец у акулярах (Паліна ўжо разумее, хто гэта). — Чалавеку пасц… нельга?
Франц жа пра сваё ўсё думаў, трывожыўся: на просецы адразу ж убачылі немцаў. Некалькі афіцэраў у такіх жа плашч-накідках, але высокія фуражкі на іх, а ня каскі і не пілёткі. I галоўнае, глядзяць так — яны і астатнія на іх, — што адразу разумееш: самыя вялікія начальнікі — гэтыя.
Франц з усяе сілы стараецца не спужацца, не прыцягнуць іх увагу. Але ўсё-ткі гэта былі першыя немцы пасьля ўсяго, і сам ён ня мог не перажываць наймацнейшых пачуцьцяў, дзе былі ня толькі трывога, страх, але і шчымлівы боль за сябе, за свой вось так пакручаны лёс.
— Warum grinzt er?[9] — спытаў раптам афіцэр. Пра што гэта ён?! Няўжо пра Франца? — глядзіць на яго. Ну вось. Ну вось, зараз усё і адбудзецца, здарыцца! А калі знойдуць мэдальён у Паліны: нямецкі, адкуль?! — а калі яна ня вытрымае? Як умеюць дапрасіць чалавека, каб дазнацца пра ўсё, — для Франца не сакрэт. Тут прыйшоў страх ужо не за сябе — за Паліну. Скеміў, як дарагая яму гэтая наравістая істота!..
Падобна, перакладчык, што стаяў поруч з афіцэрам, спытаў у рускага:
— Хто яны?
— Нямы, — ахвотна растлумачыў той і дзеля пераканаўчасьці пальцам пакруціў каля сваёй скроні, — калгасьнікі. Усе яны тут бандыты.
Раптам занепакоіліся ўсе, па-нямецку, па-руску прагучала папярэджаньне: сысьці з просекі, у лес, наперадзе нейкія людзі! Бяжыць па просецы нехта, апрануты па-вясковаму, але па тым, як ён бяжыць, а ўсе чакаюць яго, зразумела, што ён свой, мабыць, сувязны, разьведчык. Дабег, запыхкаўшыся, прасіпеў:
— Ідуць! Там іх цэлая група.
I тыя, што заставаліся на просецы, усе зрушыліся, паглыбіліся ў гушчар, штурхнуўшы туды і Франца з Палінай. Тут шмат іх, уласаўцаў, і, мабыць, немцаў. Апынуліся побач з тым самым «Івановым», ці ён падсунуўся наўмысна, раптам як бы паказаў сабе за сьпіну: уцякайце, пакуль ня позна! Але, здаецца, позна: тут ужо і голенагаловы.
— Ты і ты, — загадаў двум уласаўцам, адвядзіце іх… Ну хоць бы да мосьціка. Тыя на яго пазіраюць запытальна.
— Што незразумела? Адпусьціц е там. Каб ані гуку. Адна нага тут, другая там. Фарштэйн? Выконвайце!
I ўзьняў вочы да неба, пасьміхаючыся гадка. Паліна зразумела, а Франц, падобна, перажывае палёгку, супакаеньне, што ён ужо ня ў полі зроку нямецкіх афіцэраў.
Францу нават цікава назіраць ягдкаманду ў дзеі, колькі разоў чытаў з захапленьнем пра сьмельчакоў, што, пераймаючы тактыку партызанаў, пранікаюць у самае гняздо іх, а там, затаіўшыся, чакаюць, як паляўнічы зьвера, ворага, які нічога не падазрае. Але пісалі менавіта пра нямецкія «паляўнічыя каманды», гэтая ж — уся амаль з рускіх іншаземцаў.
Паліна разумела, куды іх і навошта вядуць. Той, што зь вінтоўкай, адзеў на ствол штык-кінжал (сталь драпежна клацнула), у аўтаматчыка, рыжабровага пад каскай, кінжа л вісіць н а поясе. Будуц ь рэ заць! — рукі-ногі ў Паліны загулі, як быццам яны пустыя, полыя, прадзьмутыя марозным зімовым сіверкам. Яе на вачах у Франца рэзаць, Франца на вачах у яе. Страх ня толькі болю і ня толькі жах сам па сабе, але і сорам. Яе жывёльны жах будзе бачыць Франц, а яна — ягоны жах. Па гэтай кароткай лясной дарозе ўчора ішлі да рэчкі ўюноў лавіць. Тут, зусім побач, зараз, зараз гэта здарыцца!
— Ну, ідзі, ідзі! — штурхае Паліну штыком пажылы ўласавец, нечым, нейкай унутранай злосьцю ён нагадаў Ота. Франца наперадзе вядзе рыжы аўтаматчык. Як сказаць Францу, што іх вядуць забіваць (калі ён яшчэ не дапетрыў), і, галоўнае, што страляць, шумець, калі партызаны блізка, ім нельга. Калі кінуцца ў лес, ім будзе не да таго, каб лавіць, але трэба абаім разам. «Ота» не дарэмна нэрвуецца, злуе, чуе, што можа так адбыцца. Паліна пабегла б ужо, будзь што будзе, але Франц, Франц…
— Дык, значыць, Пушкіну цар кажа, — раптам паварочваецца рыжабровы аўтаматчык, зьвяртаючыся да «Ота» цераз галаву Паліны, — кажа: «Пушкін, ці ня ты напісаў Луку Мудзішчава?» А Пушкін, язьві яго душу…
— Вы не з Алтая, не алтаец? — перахапіла яго позірк (здалося, дабрадушны, не пагрозьлівы) Паліна.
— Ну алтаец, а што?
— У мяне мама з-пад Ленінагорску.
— Гэ, я таксама з Рыдэра. Гэта па-сталінску: Ленінагорск. А сапраўдная — Рыдэр, англічане руду здабывалі. Дык што ты хацела сказаць?
— Ну што мама мая з Алтая таксама. Яна, як і вы, гаворыць.
— Гэ, чуеш, Муха, — зьвярнуўся да «Ота», — зямлячка мая.
— Ідзі лысага гэтым абрадуй. Вось зараз яны там падыдуць ды ўлепяць табе чаргу ў сьпіну — пабратаецеся. Я б іх усіх! Чаго гэта мы іх так далёка праводзім?
Франц ня дужа перажываў тое, што адбывалася. Яму здалося, што болыпая пагроза мінулася. Той сказаў: «адпусьціце». Афіцэры ж нічога падазронага не заўважылі. А разгадай яны Франца! У 40-м нямецкія маці па радыё і ў газэтах пракліналі сыноў, якіх зьбілі над Англіяй і яны ня так нешта сказалі пра фюрэра. А што зрабілі б зь яго маці, бацькам, што іх змусілі б зрабіць, калі б адкрылася, што яго не схапілі партызаны, забіўшы Ота (хацелася верыць, што менавіта так падумалі), што гэта ён забіў таварыша, немца забіў, здрадзіў самаму сьвятому.
Вось і знаёмая рачулка адкрылася, злавесна тырчаць вывернутыя з жоўтага пяску чорныя бярвеньні, гнілыя жэрдкі, унізе густы алешнік — выйшлі да мастка. Вось і кош валяецца. Францаў кош, якім уюноў лавіў. Схапіць за руку, заплюшчыць вочы, і, пацягнуўшы яго, скочыць проста на кусты. Як будзе, так і будзе. Няхай страляюць, калі адважацца: яны так жудасна спыніліся насупраць, гэтыя двое, самі як бы разгубіліся, ня ведаюць, з чаго пачаць. А Франц зьзяе блакітнымі ўдзячнымі вачыма, лічачы, што яго і Паліну адпусьцяць.
— Дзякуй! — ад паўнаты пачуцьцяў вымавіў нямко.
— Ах ты, сука! — узвыў «Ота» і штыком пырнуў яго збоку. Коратка, але рэзка. Паліна пранізьліва закрычала і паляцела ўніз. Яна ўжо ня бачыла, як «Ота», не вышморгваючы штык, сьпіхнуў усьлед Франца. Тут жа ўсё вакол як выбухнула — ад блізкай страляніны. Ня чула крыку:
— Канчай іх аўтаматам!
Страчыў па ёй, па ім рыжы алтаец ці не, Паліна ня ведае. Аглушаная падзеньнем, уся падрапаная, амаль трацячы прытомнасьць ад болю ў плячы, Паліна расплюшчыла вочы і ўбачыла раптам (ці здалося гэта) над сабой шызую морду сабакі, што пільна глядзеў проста ў вочы ёй. Дзіўныя вушы ў гэтага сабакі: буданом, быццам склееныя, нібыта рог у яго на галаве. Тут жа зьнік, як прывід. Прымусіўшы сябе ўстаць, Паліна гарачліва шукала вачыма Франца: яна ў нейкі міг пасьпела ўбачыць, як раскрэсьліла неба распластанае чалавечае цела. Густы алешнік прымяты, прыціснуты да долу — там! Хапаючыся за кусты нямогла — вялымі рукамі, пагрэблася ў той бок, раптам пабачыла — што гэта?! — чырвонае павуціньне, што апляло галіну альхі. Ліпкія ніткі крыві цягнуліся, ярка палалі ў сонечных прамянях. А на лістах яна дзягцярна-цёмная. (Гэта не была толькі гульня сьвятла: на хінна-гаркавых альховых лістах кроў чамусьці робіцца чорнай — гэта ўжо маё назіраньне з вайны.)
Нарэшце ўбачыла цела Франца — камяком. Ногі, рукі, шыя — як у вузел зьвязаныя. У самой жывот падцягнула да схаладзелых пазванкоў, калі, выхапіўшы з штаноў Франца кашулю, убачыла сінюшную рваную рану і, як ёй здалося, белую палоску рабра. Рукі яе афарбаваліся ў кроў, яна глядзела ў твар, зьбялелы, мёртвы.
— Ды памажыце ж! — крыкнула невядома каму. Рэха бою чулася недзе высока над імі. Вочы расплюшчыліся, блакіт у іх цьмяны, нежывы, чалавек спытаў:
— Wohin soll ich springen? Mama, Wohin?[10] Сюды?..