7

Дзень пачаўся, як звычайна. Прачнуліся ў ранішнім сутоньні густога лесу пад яловым шатром-балдахінам. Па адзін бок таўшчэзнай яліны з падцёкамі смалы ляжала Паліна, акрыўшыся старэнькай з праплешынамі плюшавай жакеткай, па другі, нацягнуўшы да падбародзьдзя вясковую ваўняную сьвітку, — Франц. Змрочнае дрэва паміж імі, як строгі вартаўнік. Парушальнікаў не было: паспрабаваў бы гэты немец яшчэ раз, як тады! Дасюль на шчоках, на лбе ў яго меткі ад кіпцюроў Паліны. Весела скардзіцца, што кляшчы на яго дажджом сыплюцца. Во, і на шыі, і за вухам. Паліна йаглядзела (пакорліва схіліў каротка голеную галаву), нераканалася: чарнеюць адарваныя галоўкі, скура запалілася. Ня хлопец, а трыццаць тры няшчасьці, гэты Франц. Беды на яго сыплюцца, як гэтыя кляшчы.

У двары спаленага Падабеда, ён жыў ля самай рэчкі, знайшлі лазовую вяршу-таптуху — Паліна навучыла, як лавіць уюноў, Франц натупаў зь дзясятак зьмеепадобных вёрткіх рыбак. А скулаў займеў яшчэ болын — усяго абсыпала. А можа, таму што на зямлі даводзіцца спаць, ночы халодныя? Бялізна з шорсткага вясковага палатна нацерла мяккія месцы, цяпер ён ногі ставіць уроскід, як цыркуль, — здохнуць можна, як ён ходзіць. Сябры Паўла, партызаны, называюць гэта: здагнаў воўка! Добра яшчэ, што ня ные, сам над сваімі бедамі паджартоўвае. Запэўнівае, што абавязкова сваёй мутэр завязе і пакажа: якую бялізну сын яе насіў. «Калі быў у партызанах», — ад сябе дадала Паліна. Франц змоўчаў: мулкае для яго слова, накшталт гэтай бялізны. I насіць немагчыма, і іншага няма, сваю, нямецкую, затаптаў у балоце.

I вось надышоў дзень, якога Паліна і чакала як ратунку, і адчайна баялася. Зь лесу ўбачыла ля свайго двара верхавых на конях, адразу ж пазнала Паўліка, стаіць побач з маці. Зь ім, мабыць, яго разьведчыкі, наяжджалі вось так неаднойчы.

— Сядзь і сядзі тут, — загадала Францу, паказваючы на нагрэтае сонцам падгнілае бервяно, — пакуль я не вярнуся. Або паклічу. Толькі не ўцячы! Ня пойдзеш?

— Не пайду. Ну зусім як разумнага сабаку яна яго ўгаворвае. Але ім не да сьмеху. Франц нейк панік, твар сшарэў.

I Лазарчука пазнала здалёк, ён з Зарэчча, вёска гэтая некалі супернічала зь Петухамі: у каго болын зычныя і шматлюдныя вечарынкі. I трэці нехта зь імі, сядзіць на кані, трымаючы на каленях вінтоўку. Што, што ім расказала мама? Пра Франца. Яна ўгледзела ўжо на агародах Паліну, што бяжыць да іх, паказвае ў яе бок. Што ім сказаць? Павязуць у атрад, а там што? Ці зь ім гэтак жа будзе, як з трыма нямецкімі афіцэрамі. Самі перайшлі да партызанаў, уцёкшы з Бабруйскага аэрадрому, а датуль працяглы час пастаўлялі атраду розныя зьвесткі, мэдыкамэнты. На машыне прыкацілі, усяго навезьлі. Іх спачатку прынялі з пашанай, нават пісталеты не адабралі. А потым — арыштавалі. Быццам атруту знайшлі. Паліна бацьку давярае, яго спакойнай разважлівасьці, вопыту, ну ня Паўлу ж верыць — такому ж, як сама, школьніку? Для школьнікаў усё адразу ясна. А бацька ўсумніўся:

— Які там мыш’як? Для сябе ампулу зашылі ў каўнер. Не да цешчы на бліны ехалі. А ў нас рады прыдумаць: хацелі атруціць некага, камандаваньне! Адзначыцца трэба было асобаму аддзелу — вось і ўвесь мыш’як. Жывога немца ідзі, злаві, а тут самі ў рукі прыйшлі.

Кінулася брату на шыю.

— Вось што з намі, Паўлік, зрабілі, пабілі, папалілі!

— Бачу! — які ж ён стаў худы, вочы ўваліліся, рука падвязаная. Зморшчыўся: Паліна неасьцярожна кранула яе.

— Паранілі цябе?

— Ды ерунда!

У яго ўсё глупства, драбяза. Раптам прыкінула: а яны, бадай, аднагодкі з Францам, васямнаццаці няма.

— Донька, дзе вы там ходзіце? А ён дзе? — спытала Кучарыха. Сказала, расказала пра Франца, пра немца!

— Ну дзе твой фрыц? — пацікавіўся Павал.

Лазарчук, што стаяў ля каня, глядзіць дапытліва. Вочы незнаёма жорсткія. Аброс так, што і хвацкія бакенбарды яго зьніклі. Як часнык у лебядзе ў дрэннай гаспадыні.

— Ой, мама! — Паліне чамусьці лягчэй сваю нечаканую выдумку-хлусьню паведамляць усім праз маці. — Забралі Франца! Нейкія зь ня ведаю яккога атраду. Забралі гадзіньнік, боты, як я пабачылі шкарпэткі з блакітным паяском: «А, немец!» I павялі. Я ўжо ім і пра тое, як ён нас выратаваў, што ён не забіваў, не паліў, — не паверылі, забралі. Ня ведаю, што зь ім зробяць.

— А што зь ім рабіць? — глуха вымавіў Лазарчук. — Ясна што.

— Ён жа нас ад лютай сьмерці… — узмалілася Кучарыха.

— Дайце, маці, за зло расквітацца. А ўжо затым астатняе, — абарваў яе Лазарчук. Умяшаўся Павал:

— Мы вас, мама, з Палінай забяром у атрад, калі назад паедзем. Што вам тут цяпер заставацца? Праз пару дзён. А то яшчэ карнікі вернуцца. У нас тут у яме бялізна ёсьць, хлопцам, ды і мне — пераапрануцца. Завашывелі.

— А як жа! I сала, і сухары. Вось Паліна, злазь, дачушка.

А празь нейкі час брат непрыкметна адвёў Паліну ўбок.

— Дык, кажаш, павялі?

— А вы б што зь ім? А, Паўлік?

— Ня ведаю, як у атрадзе. Вунь у Лазарчука ўсю сям’ю выбілі, нікога не пакінулі. Ох, і палітыкі вы з мамай! Калі недалёка павялі яго, няхай ён ідзе. Раз вы кажаце, што ён такі.

— Дык ён забіў немца, яму нельга вяртацца!

— Ну ня ведаю.

Загрузка...