Калі вучыўся ў Менскім унівэрсытэце, у нашым пакоі на вуліцы Няміга былі адны толькі франтавікі і нядаўнія партызаны. Як і ў многіх іншых пакоях. Наш асабліва знакаміты быў баяністам — Іван Іванавіч зь фізмату. Усе танцы на калідоры мяцелілі пад яго музыку. На вясельлях рэпэртуар Іван Іванавіч вытрымліваў строга клясычны. Па адным зводзілі нявесты-жонкі нашых франтавікоў-партызан, і праводзіў іх у мірнае жыцьцё Іван Іванавіч маршамі: з «Аіды», з «Фаўста». Толькі потым, пазьней, мы гэта пачулі ў выкананьні сымфанічных аркестраў.
А вось на яго вясельлі нашых было мала. Па-мойму, не захацеў нас бачыць у сябе. А дакладней, каб мы бачылі.
Толькі ў дзень яго пахаваньня, Івана Іванавіча — праз доўгія гады, — я пабачыў яго жонку, пабываў у кватэры. Ляжаў ён у труне ў такім нязвыклым на ім касьцюме (заўсёды ж у чорнай, усё адной і той жа, гімнасьцёрцы), а на крэсьле каля яго сядзела жанчына, увесь час адвярнуўшыся. Я ведаў, мы ведалі, а тут я ўпершыню разгледзеў: шчака чорная, як застаецца ад блізкага выбуху, вока адно жудасна нерухомае, устаўное. Ёй самой, магчыма, было ўсё роўна, як яна выглядае, адварочвалася ж (раптам падумалася) дзе ля нябожчыка. Раз ён ня клікаў нас да сябе, значыць, не хацеў, каб бачылі.
А ведалі ж яго гісторыю, на рэдкасьць рамантычную ў наш ня дужа рамантычны час. Помню, я перажываў яе амаль са сьлязой, калі неяк пачуў. Сам ён і расказаў. У групе яго падрыўнікоў, якую Ваня вадзіў на «жалезку», той раз апынулася ў ёй, магчыма, сама напрасілася, гэта здаралася, маладзенькая дзяўчына. Калі адыходзілі пасьля ўзрыву эшалёну, уцякалі, яна напаролася на міну. Некалькі вёрст ён нёс яе на руках. Успамінаючы, сказаў: «Прыціснулася, худзенькая, дрыжыць, як дзіця…». Вось гэтая памяць іх і пажаніла. Мабыць, ён ганарыўся сваім учынкам: ня тым, ля чыгункі, а пасьляваенным. А былі ці не шчасьлівымі — хто ведае? Было гора на твары ўдавы, але дабраты, здаецца, няшмат. А Ваня і запіваў моцна і ўвесь час на сухоты хварэў. Сын іх трапіў у турму, на пахаваньні бацькі яго не было.
Каб за ўсё добрае ўздавалася поўнаю меркаю — было б проста жыць. А жыцьцё ня простае.