– Палітыка не церпіць імпатэнтаў! – засведчыў прэзідэнт ЗША. – Магу выслаць самалёт. Дык нам рыхтавацца?..

Кніга пра подзвігі продкаў чакала на стале. Ціхамірна шаргацелі дровы ў каміне, улюбёным вогнішчы паэтаў і летуценнікаў. Вінныя блікі адбіваліся ў рыцарскіх латах над каміннай паліцай.

– Давай іншым разам, Джэкі…

Глабальныя вядзьмарчыны прадказанні падчас купальскага перформансу і дзіўныя абставіны яе смерці запалілі ў мозгу Станіслава Альбрэхта знічку цікаўнасці да таямнічага народа на літару «б», з якога паходзіў і ягоны род. Стэсі кінуўся на тую знічку, бы альбатрос на рыбку. Ён скупляў усё, што мела хоць нейкае дачыненне да страчанага раю продкаў: габелены, бронзу, зброю, парцаляну і асабліва кнігі. У кнігах пісалася пераважна пра матэрыяльнае і бачнае, але з прачытанага Радзівіл зрабіў нечаканае адкрыццё: усе беларусы – прыхаваныя пярэваратні.

П’янтосы з местачковых корчмаў, якія перад закалотамі абарочваюцца дужымі вершнікамі з анёльскімі крыламі. Савецкія міліцыянты, якія імгненна перакідаюцца ў хаўруснікаў нацыстаў, а потым зацята ваююць і супраць іх. Старэчы ў плюшавых душагрэйках, якія запраста выпіваюць з гіганцкімі крумкачамі – няйнакш як пасланцамі апраметнай…

Заставалася высветліць, у які менавіта спосаб можна атрымаць пярэваратніцкія здольнасці. Даць рады тут мог хіба што асабісты сакратар родам з Нясвіжа, якога Станіслаў Альбрэхт наняў тыдзень таму і якога лічыў сваім найкаштоўнейшым здабыткам.

Стэсі дбайна зачасаў ільсняныя залысіны, прыгладзіў парадзелыя вусы мача-перастарка і пацягнуў шнурок над сталом. Блямкнуў званочак, і ў прыадчыненыя дзверы зазірнуў пякучы неапалітанскі брунет з булькатымі вачыма.

– Містар Шапіра, вы дазналіся пра тое, што я вас прасіў? – падкрэслена роўна пацікавіўся Станіслаў Альбрэхт.

– Не толькі дазнаўся, але ўжо і зрабіў. Эйн момент, містар князь!..

Праз якую хвіліну містар Шапіра ўрачыста паставіў на стол спод старажытнага срэбра. Кашлянуў, падміргнуў і жэстам правінцыйнага фокусніка прыўзняў накрыўку з радзівілаўскім гербам.

У твар Станіслава Альбрэхта шугануў густы сыты водар. Ён прымружыўся, аглядаючы бурштынавыя круглякі, палітыя празрыстым ружовым салам і пасыпаныя габлюшкай залацістай цыбулі. Падчапіў відэльцам адзін кругляк, панюхаў, надкусіў і асцярожна разжаваў…

Містар Шапіра напружана сачыў за кожным рухам радзівілавых сківіц.

– Што скажаце, містар князь?

Станіслаў Альбрэхт дажаваў, праглынуў, прыслухаўся да адчуванняў у страўніку, у грудзіне і ў галаве… І энергічна пацэліў відэльцам у наступны.

– Гэта лепш за «МакДональдс», містар Шапіра, – стрымана ацаніў ён.

– Усяго толькі за «МакДональдс»? – з местачковай непасрэднасцю завібраваў сакратар. – Ды гэта нават круцей за сэкс, наркотыкі і рок-н-рол, разам узятыя!

Стэсі і сам разумеў, што круцей, але не хацеў выдаваць сакратару найгалоўнейшую таямніцу. На манхэтэнскім даху, перад сеансам выклікання дажджу ў далёкім Тэхасе, вядзьмарка акурат і выпякала дранікі – і, відавочна, не столькі з кулінарнымі, колькі з рытуальнымі мэтамі. Магчыма, спажыванне гэтай стравы было адным са шляхоў да чараўніцтва?

– Скажыце, містар Шапіра, а яўрэі з Нясвіжа таксама ядуць дранікі? – Радзівіл не сумняваўся, што й юдэі маюць прыродную схільнасць да змены абліччаў.

– Яшчэ як ядуць! – замасліўся тварам сакратар. – У нас яны называюцца латкес. Сам Прарок Маісей, калі выводзіў яўрэяў з егіпецкага палону, сорак гадоў карміў нас у пустэльні выключна імі!

– А як вы думаеце, містар Шапіра, мае далёкія продкі, якія валодалі Нясвіжам і ваколіцамі, таксама любілі дранікі? – утыркнулася наступнае пытанне.

– Ды я ў гэтым проста ўпэўнены! – горача засведчыў суразмоўца. – А то як бы яны перамаглі столькі ворагаў?

– А вось я не ўпэўнены, – Станіслаў Альбрэхт адклаў відэлец і зафіксаваў уваччу суворасць. – Гэтую страву робяць з дранай бульбы… ці не так? А бульбы тады не было ані ў Егіпце, ані ў Юдэі, ані ў Вялікім Княстве. Яе завезлі туды з Новага Свету, і гэта агульнавядомы гістарычны факт, зафіксаваны навукоўцамі. Што скажаце, містар Шапіра?

– Бульба ў Нясвіжы ў прыватнасці і ў нашых краях агулам была ад таго моманту, як усё гэта стварыў Б-г, – пабожна засведчыў сакратар. – Менавіта з Нясвіжа тую бульбу і завезлі ў Новы Свет, а ўжо потым рээкспартавалі ў Еўропу. Проста тым навукоўцам дабрэнна заплацілі ў «General fruit», каб яны замоўчвалі гэты агульнавядомы гістарычны факт!

Тлумачэнне прагучала забойча. Стэсі расфакусаваў паказальную цвёрдасць твару, з асалодай даеў рытуальную страву продкаў, запаліў цыгару і глянуў на камінную паліцу.

З фатаграфіі белазуба пасміхаўся Джэкі. Унізе звіваўся бісерны аўтограф: «Дзякуючы табе мы перамаглі!». Два гады таму Станіслаў Альбрэхт нечакана для ўсіх узначаліў перадвыбарчы штаб сенатара Кенэдзі і яшчэ больш нечакана выйграў для яго прэзідэнцкія выбары. Стэсі не патрабаваў ніякай узнагароды, хаця сябра сто разоў яму гаварыў: прасі што хочаш!

Радзівіл адчуваў сябра інтуітыўна, на ўзроўні счытвання флюідаў; увесь гэты час Кенэдзі жыў з пачуццём вінаватасці. Аднак і прасіць у наймагутнейшага чалавека Злучаных Штатаў, а значыцца, і ўсяго свету, можна было толькі абсалютна невыканальнага. Станіслаў Альбрэхт быў зарыентаваны да ўлады на генетычным узроўні, але толькі цяпер, падчас дэгустацыі дранікаў, ідэя ўладарства нарэшце канкрэтызавалася – разам са слінавыдзяленнем.

Да размовы з Джэкі трэба было падрыхтавацца…

Прэзідэнт нездарма запытаўся пра галівудскіх акторак – у Стэсі была іх цэлая калекцыя. На адну з іх, шыкоўную бяляўку з цэлулоідным тварам, Джон Фіцджэральд ужо даўно паклаў вока, аднак Радзівіл мякка, але ўпэўнена абвяргаў усе просьбы падарыць красуню. Просьбу Кенэдзі варта было выканаць: у такім разе прэзідэнт мусіў бы свайму сябру двойчы.

У той жа дзень Радзівіл запрасіў акторку павячэраць у рэстарацыі. Ён быў пранікнёны, бы стары бацька перад сконам, і шматзначны, як Нагорная казань. Сказаў пра руціну адносін і састыласць пачуццяў, пра сваю хуткую старасць і жаданне прысвяціць апошнія гады пошукам вечнага. Пасля чаго без хітрыкаў прапанаваў змяніць каханка на маладзейшага, прывабнейшага і ўплывовейшага.

Красуня не надта й здзівілася: яна добра ведала жорсткі свет заможных альфа-самцоў.

– Тады трахні мяне на развітанне і забудзься, – ласкава змахнула яна нафарбаванымі вейкамі. – Калі толькі здолееш.

* * *

– Арончык, можаш плюнуць мне на чаравік, калі я не ведаю, як зарабіць мільён даляраў! – Шлёма Шапіра сек рукою паветра, бы шабельнік Мікалая Радзівіла Рудога – ворагаў.

Арон Шапіра, зверападобны бамбіза ў зашмальцаваным камбінезоне, лыпаў на Шлёму з пашанай. Ва ўяўленні бруклінскага грузчыка яго старэйшы брат быў джэнтльменам, хаця сам Арон наўрад ці мог напісаць гэтае слова без памылак.

Размова адбывалася позна ўвечары, за панурай складской стадолай. Дрыготкае святло ліхтароў крышылася ў каламуці калюжын. Каты вішчэлі і біліся каля смеццевых бакаў. Шлёма разгортваў перад братам бліскучую мільянерскую стратэгію, і вочы яго блішчэлі надзеяй.

– Арончык, ты ведаеш, што такое дранікі?

– Нешта знаёмае…

– І з якім жа шлімазлам я звязаўся!.. Ну а што такое латкес – ведаеш?

– Анягож не!.. – на шырокім бульдожым твары Арона праявіўся сантымент – нібы ён прыгадаў хэдар, Хануку і першы гешэфт у нясвіжскае лаўцы дзядзькі Ёселя.

– Дык гэта амаль адно і тое ж! Дранікі – гэта такія латкес, толькі крышачку няправільныя, бо без перамеленай у муку мацы. Сёння я частаваў дранікамі самога містара князя Радзівіла – найлепшага сябра прэзідэнта Кенэдзі. І ты ведаеш, што ён сказаў? Што гэта значна лепш за «МакДональдс». Хаця ў мяне тут іншая шкала каштоўнасцяў… А цяпер, Арончык, слухай сюды. Гамбургер у братоў МакДональдаў каштуе цэлых пятнаццаць цэнтаў, а мы будзем прадаваць дранікі ўсяго па дзевяць цэнтаў за пару!

– Ты што – хочаш распачаць уласны бізнэс? – нарэшце дайшло да Арона.

– Так! Менавіта ўласны! І нашых нясвіжскіх дранікаў відавочна бракуе Злучаным Штатам! Самае для іх то!

– Але ж трэба гро…

– Пазычу ў свайго сябра і містара князя!..

Сіверны вецер шаргацеў гурбамі смецця. Арон хукаў у змёрзлыя далоні, пакрытыя пралетарскімі цыпкамі. За аўтастаянкай штучным золатам адлівала неонавая «М» – эмблема будучых канкурэнтаў.

– Галоўнае ў бізнэсе – трапная назва, – падсумаваў радзівілаўскі сакратар. – Ведаеш, як мы назавём наш фаст-фуд? «Шапіто». «Шапіра і то». Згодны?..


Глава 8

Халодныя прамяні наскрозь праціналі алейкі старасвецкага парку. Муры былога замка князёў Радзівілаў блякла залаціліся за абляцелымі дрэвамі. Бліскучае павуцінне раскрэслівала жоўта-сінія краявіды. Кастрычнік заканчваўся.

Вікенцій Дамінікавіч нетаропка прайшоўся замкавым мастком пад аблушчаную браму з шыльдай «Санаторый Нясвіж» і апынуўся ў двары. Даміношнікі ў паліто, накінутых паверх казённых піжам, густа абляплялі лаўкі. У альтанцы драмалі пенсіянеры – празрыстыя і нягеглыя, нібы душы з таго свету. Ладныя маладыя медсёстры сарамліва палілі ў закутку.

Камітэтчык паглядаў на санаторную публіку амаль зайздросна. У жыцці тых людзей не было ані бязвесна зніклых амерыканскіх парашутыстаў, ані падступных антысавецкіх вядзьмарак, ані хцівых монстраў-гвалтаўнікоў…

Ані размовы, якая чакала начальніка нясвіжскага райаддзела па хуткім часе.

– Маёр Пяткевіч? – цыбаты дзядзька з невыразным шэрым тварам нібы матэрыялізаваўся ў паветры. – Вашы дакументы.

Вікенцій Дамінікавіч паслухмяна разгарнуў службовае пасведчанне, але ў рукі, як і належыць па інструкцыі, не даў. Цыбаты вывучыў дакумент недаверлівым вокам вахцёра, паказаў кароткім позіркам на непрыкметныя дзверы.

Казённы калідор, пераход, яшчэ адзін калідор, непрыкметны закуток, масіўныя краты з засаўкай, скрыгат ключа – і доўгія цёмныя сходы ўніз, якія ўпіраліся ў чарговыя дзверы, гэтым разам браняваныя, з бліскучым сейфавым штурвалам і кнопкамі кодавага замка, бы ў Дзяржбанку СССР. Цыбаты позіркам зарыентаваў Вікенція Дамінікавіча тварам назад, адшчоўкаў сакрэтнае спалучэнне лічбаў, колькі разоў пракруціў штурвал…

Даўжэзная галерэя была пракладзеная няйнакш як гадоў трыста таму і йшла, пэўна, кудысь пад абарончыя валы. Па цагляных скляпеннях звіваліся чорныя кабелі. Па-над шэрагам турэмнага выгляду дзвярэй блякла свяціліся лямпы ў закратаваных шкляных цыліндрах. Цыбаты прыадчыніў перад Пяткевічам дзверы з шыльдай «Бункер №2».

– Доктар Паўлаў. Маеце пятнаццаць хвілін.

Бункер выглядаў нечым сярэднім паміж кабінетам у ваенкамаце і анатамічнай залай Кунсткамеры: забраныя ў шкло інструкцыі па сценах, колбы з заспіртаванымі чалавечымі эмбрыёнамі ў стэлажах… Хіба што паветра патыхала, рыхтык у заапарку: складанае асарці са смуроду звярыных экскрэментаў, ядучай хлёркі і водару свежага пілавання. Начальнік нясвіжскага райаддзела пашукаў вачыма партрэт Дзяржынскага, каб параіцца з ім у думках, але, на жаль, не знайшоў.

За канцылярскім сталом з друкаркай сядзела сціплая маладзіца з тварам узорнай савецкай студэнткі. На белым халаце крывяніўся камсамольскі значок. Пры з’яўленні госця яна нават не зрушыла голаў.

– Пачакай, маёр, – пачуўся з-за фіранкі інтанаваны рэхам голас, і па гэтаму рэху Пяткевіч зразумеў, што за фіранкамі праходзіць яшчэ адзін калідор. – Пакуль не да цябе, заняты.

Вікенцій Дамінікавіч, непрыемна ўражаны зваротам на «ты», даўно ўжо не прынятым у Камітэце між незнаёмымі, прысеў на медычную кушэтку.

Дзявуля за сталом запаўняла нейкія бланкі і абсалютна не зважала на госця. У гулкай цішыні вібравала напруга – амаль нячутная, бы дзіньканне малярыйнага камара, але такая ж небяспечная.

З-за фіранкі данеслася густое басавітае скавытанне, і нялюдскі голас у пачварна нізкім рэгістры абвесціў:

– У-у-у!.. Чэкісты – узброены атрад партыі!..

Фіранка зварухнулася, бы тэатральная заслона. Доктар Паўлаў – худы і жвавы, як чорт, з жоўтым пажмяканым тварам і шклянымі неўрастэнічнымі вочкамі, – паклаў на стол магнітафонную бабіну.

– Кацюша, тэрмінова расшыфраваць і падрабязна занесці ў журнал назіранняў, у трох асобніках, грыф сакрэтнасці «два нулі», – доктар нервова пачухаў шчаку. – З ідэйна-выхаваўчым узроўнем у нас ужо значна лепш. А вось над інтэлектам яшчэ працаваць і працаваць… Трэба тэрмінова пашыраць слоўнікавы запас і падвышаць градус амаральнасці.

Памочніца моўчкі змахнула бабіну ў шуфляду. Уладар падзямелляў непрыязна глянуў на госця – маўляў, выкладай прэтэнзіі, калі ўжо прыйшоў.

Маналог Пяткевіча быў лаканічным і змястоўным. У ім фігуравалі затэрарызаваныя савецкія грамадзяне і згвалтаваныя калгасныя бугаі, скрадзеныя ў ветэранаў узнагароды і садраныя расцяжкі з савецкімі лозунгамі, а таксама цынічныя надпісы на сценах кароўнікаў, фекаліі на прыступках нясвіжскага КГБ і сённяшняе тэлефанаванне ажно з Лубянкі, згодна з якім начальніку райаддзела і належала прыбыць у санаторый «Нясвіж» для атрымання дадатковай інфармацыі.

– Нешта не разумею, маёр: а прычым тут я? – доктар Паўлаў глянуў на Вікенція Дамінікавіча, бы на чамяру. – У нас рэжымная лабараторыя. Існуе яшчэ з тых часоў, калі тут месціўся санаторый Міністэрства Дзяржаўнай Бяспекі Саюза ССР. Чым мы тут займаемся – не твайго розуму справа, табе пра нас увогуле ведаць не трэба. Можа, ты хочаш сказаць, што гэта я па начах гвалчу вашых калгасных Чапаевых, а Кацюша сера на прыступкі твайго райаддзела?

– Згодна са шматлікімі агентурнымі паведамленнямі, у Нясвіжы вось ужо другі месяц арудуе нявызначаная пачвара, – падкрэслена афіцыйным тонам мовіў Пяткевіч. – У выніку комплексных аператыўна-чэкісцкіх мерапрыемстваў стала вядома, што санаторый «Нясвіж» – найбольш верагодная схованка гэтай небяспечнай для савецкіх грамадзян істоты. Цэнтральнае кіраўніцтва паведаміла, што ўсю дадатковую інфармацыю я атрым…

– Савецкая армія – самая моцная ў свеце!.. – пераможна зараўло з-за фіранкі. – Пілотку хачу!..

Пяткевіч выразна глянуў на суразмоўцу.

– Хіба самі не чулі?..

– Я? – паказальна здзівіўся гаспадар лабараторыі. – Не чуў. Можа ты, Кацюша, нешта чула?

– Нічога не чула, таварыш палкоўнік медычнай службы, – адчужана прамовіла лабарантка, не адрываючы вачэй ад запісаў.

Вікенцій Дамінікавіч адчуў на вуснах раптоўны прысмак лайна, але ж дысцыплінавана прамаўчаў. Гаспадар бункера ўзяў са стала малаточак, якім неўрапатолагі правяраюць рэфлексы, правёў ім у паветры ўправа-ўлева перад тварам Пяткевіча.

– Вочы рэагуюць правільна, – з халодным задавальненнем засведчыў доктар Паўлаў і лоўка стукнуў госця па каленцы. – Ат!.. Ты глядзі – і тут рэфлексы ўсё ў норме… Напэўна, п’еш замнога. Вось і мрояцца розныя чэрці…Запомні раз і назаўсёды: мы вашаму сранаму нясвіжскаму райаддзелу не падпарадкоўваемся. Так што не зарывайся, маёр, не лезь у чужыя справы… Бугая ў калгасе «Чырвона шлях» згвалцілі нацыяналістычныя недабіткі, а на ваш ганак мясцовыя дысідэнты навалялі. Усё ўцяміў?

– Але, таварыш палкоўнік медычнай службы, згодна з зацверджанымі інстру…

– І ўвогуле, нешта дзіўнае ў цябе для чэкіста імя: Вікенцій Дамінікавіч, – перапыніў доктар Паўлаў з ласкавымі інтанацыямі следчага НКВД, – не нашае яно нейкае, не рускае… Белапалякаў сярод сваякоў не было?

– А вось Фелікс Эдмундавіч вашага пытання напэўна не ўхваліў бы! – Пяткевіч скіраваўся да дзверы. – Усяго добрага…

З-за тканіны пачулася рытмічнае гупанне, на якое наклалася жывёльнае:

– Э-э-э… Доктар-шкоднік!.. Бабу падай!...

Палкоўнік медычнай службы шчыльна зачыніў за госцем дзверы, прымружыўся на фіранку і ласкава пасміхнуўся нябачнаму хціўцу.

– Дрочыць і дрочыць, Кацюша, дрочыць і дрочыць. І выпускаць яго ў горад бліжэйшым часам не выпадае, пакуль усё не сцішыцца… Скажы мне шчыра, як камсамолка – камуністу: табе нашага хлопца не шкада?..


Глава 9

– …такім чынам, містар прэзідэнт, першае лістапада 1961 года стане апошнім днём існавання рэжыму Фідэля Кастра, – Ален Далес дзелавіта бліснуў акулярамі. – Праз дванаццаць гадзін наша кубінская агентура распачынае глабальныя дыверсіі на аб’ектах энергетыкі. Базы супрацьпаветранай абароны будуць абясточаныя, і В-52 беспакарана нанясуць масаваныя ўдары па стратэгічных цэлях. Пасля чаго пачнецца маштабная высадка марской пяхоты…

Размова дырэктара ЦРУ з прэзідэнтам ЗША адбывалася ў шпітальнай палаце, куды Кенэдзі даставілі самалётам з вечарынкі ва Флорыдзе. Дыягназу не ведаў нават усёмагутны Ален Далес: інфарматары паведамлялі то пра дэпрэсію, то пра гіпертанічны крыз, то пра незвычайную форму трапічнай ганарэі.

Джон Фіцджэральд Кенэдзі нерухомеў у ложку. Твар яго выглядаў змарнелым і засяроджаным. Прэзідэнт слухаў госця з узважанай павагай, раз-пораз паглядаючы на вялізны зорна-паласаты сцяг на сцяне.

– Як мы растлумачым нашым грамадзянам прычыну вайны? – ціха і роўна ўдакладніў Кенэдзі.

Дырэктар ЦРУ раздражнёна паварушыў пальцамі, нібы адганяў надакучлівую муху.

– Гэта дробная тэхнічная акалічнасць, містар прэзідэнт. Варыянтаў процьма. Забойства агентамі Кастра нашых дыпламатаў. Абстрэл кубінцамі базы ў Гуантанама. Тэрарыстычны акт у Нью-Ёрку, арганізаваны імі ж. Агентура ў нас дасведчаная, у разе патрэбы яна здольная зымітаваць нават замах на вашае жыццё.

– Колькі будзе каштаваць нам гэтае ўварванне?

Далас назваў лічбу ў палову гадавога бюджэту Пентагона.

– Але пры гэтым і мы, і вайскоўцы гарантуем стоадсоткавы вынік, – аптымістычна дадаў ён.

– Меркаваныя ахвяры з нашага боку?

– Ад тысячы да трох тысяч чалавек забітымі. Звязаныя з гэтым вытраты ўжо ўключаныя ў наш каштарыс, – спецслужбоўца працягнуў стос папер. – Містар прэзідэнт, дык вы санкцыянуеце высадку?

Зорна-паласаты сцяг зварухнуўся, ледзь заўважна надзьмуўся з сярэдзіны, што ўскосна засведчыла: за тканінай напэўна нешта хаваецца. Кенэдзі глянуў на дзяржаўны сімвал з нечаканым сантыментам, і гэта было ўспрынятая Далесам, як безумоўны знак згоды.

– Не санкцыяную, – мовіў прэзідэнт спакойна і цвёрда. – У вашым плане, містар Далес, мне не падабаецца абсалютна ўсё. Мне не падабаецца, што на Кубе нам давядзецца пакласці процьму людзей: Амерыка яшчэ не ачомалася ад войнаў у Еўропе і ў Карэі. Мне не падабаецца, як вы збіраецеся тлумачыць амерыканцам прычыну агрэсіі: гэта класічныя метады КГБ. У рэшце рэшт, мне не падабаюцца шалёныя вытраты на гэтую авантуру…

Ален Далес прыклаў далонь да грудзіны, нервова хрубаснуў пальцамі і раптоўна закашляўся – нібы атрымаў удар у сонечнае спляценне.

Цэлых два месяцы нябачная армія агентаў, аналітыкаў, экспертаў, лагістаў і штабістаў наладжвала гіганцкі механізм уварвання, шчодра змазаны хабарамі вайскова-прамысловых карпарацый. Бамбардаванне Кубы і далейшая інтэрвенцыя даўно кругліліся ў мозгу спецслужбоўцы ладным гарматным ядром як справа вырашаная. Ён ні хвіліны не сумняваўся, што згода Кенэдзі – звычайная фармальнасць, а ва ўмовах прэзідэнцкай хваробы і пагатоў. Гарматнае ядро шпокнула і распусцілася ў паветры вясёлкавай бурбалкай, а разам з ім – сотні тысяч даляраў, якія дырэктар ЦРУ ўжо лічыў сваімі.

– Пэўна, у вас ёсць іншае вырашэнне кубінскай праблемы, містар прэзідэнт? – драўляным голасам пацікавіўся Далес.

Зоркі і палосы на сцяне зварухнуліся зноў. З-за сцяга нягучна і выразна шчоўкнуў метал: ці то дзверца бара, ці то пісталетны затвор. Цээрушнік сцяўся. Прэзідэнт пасміхнуўся.

– Стэнаграфіст, – патлумачыў ён. – Канспектуе для гісторыі.

Тлумачэнне прагучала непераканаўча. Ведаючы стыль і характар Кенэдзі, сведкам звышсакрэтных перамоў мог стаць хто заўгодна, ад далай-ламы да Элвіса Прэслі. Кантужаны мозг цээрушніка, аднак, адмаўляўся аналізаваць магчымы сюррэалізм сітуацыі.

– То як мы будзем вырашаць кубінскае пытанне? – паўтарыў Далес з напругай.

– У пытанні ёсць яшчэ адзін складнік, на які вы забыліся: Саветы, – далікатна нагадаў прэзідэнт. – Міжкантынентальныя ракеты, атамныя субмарыны, голас у Радзе Бяспекі ААН. Але ў Крамлі не пралічылі галоўнага. Кубінскія рэвалюцыянеры сапраўды ненавідзяць амерыканскую дэмакратыю. Аднак хто сказаў, што яны так жа сама ненавідзяць і іншыя амерыканскія каштоўнасці?

– Вы хочаце прапанаваць ім… менавіта што? – празектарскія лінзы цээрушніка бліснулі разгублена.

– Тое, ад чаго яны ніколі не змогуць адмовіцца, – свабоду выбару. І гэта толькі першая частка плана. Усе падрабязнасці вы дазнаецеся не пазней за сёмага лістапада. А цяпер, містар Далес, выбачайце, мне трэба працягваць курс інтэнсіўнай тэрапіі!..

Дырэктар ЦРУ, фіксуючы ў галаве поўны хаос, пасунуўся на выхад. Ужо каля дзвярэй ён пачуў:

– Прабачце, містар Далес, зусім забыўся… А што з тым фермерам-фашыстам з Флорыды, маім патэнцыйным забойцам?

– Вы пра Агента Z? Заўчора ён разам з двума такімі ж мярзотнікамі дэсантаваўся на тэрыторыю Савецкай Беларусі, у раёне Нясвіжа. Яго спадарожнікі адразу загінулі ў перастрэлцы з КГБ; мы пісьменна злілі інфармацыю на Лубянку. А вось з Агентам Z мы вырашылі падстрахавацца: ягоны парашут чамусь не раскрыўся. Імаверна, ён патануў у тамтэйшым балоце. Папраўляйцеся, містар прэзідэнт!..

Джэкі праводзіў госця стомленым поглядам, падняўся з ложка, двойчы пракруціў у дзвярах ключ. Пасміхнуўся, выпрастаўся, прыгладзіў фрызуру і пасунуўся да сцяга.

– Коцік, ты ўжо скончыў? – данеслася з-за зорак і палосаў.

Дзяржаўны сімвал маскаваў ладны пакойчык: два фатэлі са столікам, бар і алькоў з ложкам-авіяносцам. На ложку раскашавала бяляўка прэміяльнай мадэлі ў моднай стылістыцы pin-up girl. Паўпразрысты міні-пеньюар падкрэсліваў вабнасць сцёгнаў. У нясціплым дэкальтэ мяцежна ўздымаліся цыцкі. Вочы праменіліся цэлулоіднай пяшчотай.

Мэрылін Манро стала наступным пасля прэзідэнцтва падарункам, які Стэсі Радзівіл зрабіў свайму сябру. Да падарунка дадавалася доўгачаканая просьба. Просьба выглядала абсалютна невыканальнай – але толькі на першы погляд.

Дасведчаны бізнэсоўца пакрокава распісаў, як ператварыць сваю вялікую патаемную мару ў рэальнасць і колькі гэта будзе каштаваць. Канчатковы вынік, пры суадносным мінімуме вытрат, абяцаў безумоўную перамогу ў халоднай вайне, паразку камуністычнай ідэалогіі, а ў перспектыве – і развал СССР.

На тле радзівілаўскай распрацоўкі, бліскучай і крэатыўнай, план Далеса выглядаў цыдулкай двоешніка са школы для дэфектыўных, а сам дырэктар ЦРУ з ягонай маніякальнай любоўю да вайсковых інтэрвенцый – безнадзейным рэтраградам.

Мэрылін Манро прыпаліла цыгарэту ў доўгім цёмным муштуку – у пакойчыку патыхнула характэрным салодкім водарам.

– Коцік, ідэалагічная парадыгма сучаснай амерыканскай геапалітыкі мусіць палягаць не ў мілітарным дыскурсе, а ў прасоўванні сімвалаў вольнага свету: сэксу, наркотыкаў і рок-н-ролу, – бяляўка пасела на ложак і сарамліва рассунула каленкі, нібы малюск – створкі ракаўкі. – А містар Далес – звычайны алдскульны підар, які ўспрымае сваю хваробу за месіянства… Касяк пыхнеш?..


Глава 10

Піянерскі горн прадудзеў кароткі сігнал і зрэзаўся на ўзнёслай высокай ноце. Рассыпістым пошчакам шугануў барабан. Пералівістыя вібрацыі рэзанулі па вушах, пругкім рэхам адбіліся ў вітрынах школьнага Музея баявой славы. Дзеткі ў чырвоных гальштуках на адпрасаванай форме ўскінулі рукі ў прывітальным салюце і застылі ў чаканні.

Чаканне зацягвалася. Піянеры з прыўзнятымі рукамі шклянелі вачыма і камянелі паставамі, бы статуі ў Парку Культуры. Узнікла прыгнечаная напруга, якая звычайна здараецца на афіцыйным пахаванні, калі народ ужо сабраўся, а труну ўсё не выносяць.

Патрыятычную цішу працялі шоргат тканіны, сыры пляскат па голым целе і аргазмічны стогн, на які наклаўся нервовы барытон: «Ад’ябіся, Клава! Да сваіх ананістаў лепш ідзі!..» Інтымныя гукі і нецэнзурныя пажаданні даносіліся з-за вялізнага стэнда з выявай ордэна Вялікай Айчынай вайны.

Старэйшыя піянеры фыркнулі стрыманым смехам. Малодшыя няўцямна закруцілі галовамі.

Спярша з-за стэнда гарматнымі ядрамі выплылі цыцкі, абцягнутыя белай карункавай блузкай з піянерскім гальштукам. Потым – іх уладальніца, пераспелая дзеўка з салодкімі вішнёвымі вачыма. Апошняй з’явілася ёйная дупа, якая аб’ёмам і вагою ўраўнаважвала бюст. Цыцкатая паспешліва абцягнула спадніцу, спахапілася, выцягнула з-за стэнда чырвоны сцяг на аблупленым дрэўцы і ўрачыста прыўзняла яго па-над галавою.

Дзяўчынка з шыкоўнымі белымі бантамі адрапартавала ўзнёсла і звонка:

– Таварыш старшая піянерважатая, зводны піянерскі атрад «Юныя мсціўцы» на сустрэчу з ветэранам пашнураваны!..

– Урачыстую лінейку, прысвечаную подзвігу савецкага народа ў Вялікай Айчынай вайне, аб’яўляю адкрытай! – паінфармаваў інтанаваны сублімацыяй голас. – Піянеры, да барацьбы за справу Камуністычнай партыі будзьце гатовыя!

Малодшыя дзеткі паперадзе механічна загундзелі прывітанне. Старэйшыя хлопцы, якія групаваліся за плакатам з Маці-Радзімай, прапякалі надзьмутую блузку гарманальнымі позіркамі і бессаромным шэптам адпускалі рэплікі наконт гатоўнасці самой піянерважатай.

– А цяпер, дзеці, перад намі выступіць наш улюбёны настаўнік моладзі, стваральнік музея Баявой славы таварыш Мамонька. Ён раскажа пра свае партызанскія подзвігі, пасля чаго мы арганізавана ідзём ускладаць вяночкі да магілы Невядомага салдата, – голасам вучонага шпака абвесціла піянерважатая. – Калі ласка, Іосіф Вацлававіч!..

Мамонька цырыманіяльна выйшаў з-за стэнда, бліснуў медалькай «Партызану Айчынай вайны» на модным пінжаку і пачухаў свежы засос на шыі. Дзяўчынка з бантамі паднесла ветэрану раскошны букет ружаў.

– Маё баявое юнацтва прайшло ў абпаленых вайною партызанскіх лясах, – мовіў Іосіф Вацлававіч з завучана пафаснымі інтанацыямі. – Мы бязлітасна білі гітлераўцаў і іх халуёў-нацыяналістаў за вашую шчаслівую будучыню. Колькі разоў я быў усяго за крок ад смерці! Колькі разоў на мяне палявала гестапа! А ўсё для таго, каб вы маглі стаяць на гэтай піянерскай лінейцы, а лепшыя з вас потым патрапілі ў лагеры… я пра піянерскія лагеры. Памятайце, дзеці, што кожны піянер – будучы салдат. А кожны салдат мусіць быць гатовым пад пошчак барабанаў і покліч трубаў пакласці сваё жыццё за нашу савецкую Радзіму!..

У вачах малодшых дзетак запаліліся ўзнёслыя гвардзейскія агеньчыкі:

– Заўсёды гатовыя!..

На падлогу шротам сыпанулі гузікі – блузка на цыцках піянерважатай разышлася. Ліфчыка пад блузкай не было; малочныя залозы бессаромнымі гарбузамі вываліся вонкі. Дзяўчаткі з’едліва захіхікалі, а хлопцы выказалі цынічнае спадзяванне пабачаць не толькі другасныя палавыя прыкметы піянерважатай, але й першасныя.

Маладзіца прыкрыла цыцкі чырвоным гальштукам і рэзанула па дзетках позіркам Пракурора Саюза ССР – хуліганы ўдавіліся смехам і сцішыліся. Былога партызана з захапленнем слухалі адно ўзнёслыя і лупатыя.

– А цяпер, піянеры, я хачу зрабіць вам падарунак! – пасміхнуўся Іосіф Вацлававіч і выцягнуў з унутранай кішэні пінжака зашмальцаванага плюшавага мядзведіка з адарванай лапай. – Мой лепшы сябра, Марат Казей, які паклаў сваё маладое жыццё за нашу перамогу, падарыў мне яго перад тым, як пайсці на апошняе баявое заданне. Карыстаючыся нагодаю, я перадаю гэтую свяшчэнную рэліквію ў наш Музей баявой славы…

– А чаму ў мішкі лапа адарваная? – спагадліва пацікавілася дзяўчынка са святочнымі бантамі. – Яго, напэўна, фашысты катавалі?

Мамонька няпэўна развёў рукамі.

– А давайце прымем яго ў ганаровыя піянеры! – прапанавала дзяўчынка.

– Марат Казей ужо паклаў маладое жыццё за…

– Я пра мішку!..

Піянерважатая і ветэран перазірнуліся – ініцыятыва не была ўзгодненая папярэдне. Але ўрачыста задудзеў горн, сыпанулі шротам барабаны, і дзяўчынка дрыготкімі рукамі ўзялася навязваць на цацку кумачовы трохкутнік.

У гэты момант Мамонька адчуў на сабе калючы чужынскі позірк. Памуліўся, пакруціў галавою і спыніў вочы на закутку каля вітрыны з праржаўленымі гільзамі і прабітымі каскамі.

У ветэрана адбыўся стоп-кадр. Дыханне, пульс і час імгненна спыніліся. Вочы застылі пластмасавымі гузікамі. У гэтых гузіках дваіста адбіўся вылеплены ценямі твар: высокі пукаты лоб, валявое падбароддзе з гранёнай, бы ад цвіка, ямінкай і хітраватыя сялянскія вочы…

– Як жа я рады цябе бачыць жывым і здаровым! – госць нетаропка выплыў з паўцемры, рыпнуў бліскучымі ботамі і з нечаканай добразычлівасць раскінуў рукі.

Іосіф Вацлававіч адступіў, сцяўся і заазіраўся, каб уцякаць на злом галавы, але, апынуўшыся ў жалезных абдымках і адчуўшы спінай вастрыё фінкі, вырашыў не супраціўляцца.

– Што ж ты, таварыш Мамонька, не вітаеш старога партызанскага сябра? – пацікавіўся мужчына ласкава і небяспечна.

– Значыцца, ты… не загінуў у Рудніцкай пушчы, у студзені сорак пятага? – прапхнуў таварыш Мамонька праз наждачнае горла.

– Гэтая здагадка надае гонару твайму розуму, – канстатаваў мужчына.

З’яўленне дзіўнага госця брутальна ламіла зацверджаны сцэнар. Піянерважатая недаверліва касавурылася хай сабе і на мамонькаўскага знаёмца, але безумоўнага парушальніка пратаколу. Малодшыя дзеткі паглядалі на раптоўнае свята партызанскай сустрэчы з раскрытымі ратамі. Старэйшыя нарэшце адліплі вачыма ад дзівосных буфероў.

Дзяўчынка з бантамі па ўсёй форме адсалютавала незнаёмцу і з падкрэсленай павагай удакладніла:

– А вы таксама ўдзельнік партызанскага руху?

– Самага што ні на ёсць партызанскага!

– А вы з фашысцкімі карнікамі ваявалі?

– Карнікі, з якімі мне давялося ваяваць, былі яшчэ горш за фашыстаў.

– Ад імя нашай піянерскай арганізацыі сардэчна вітаю вас на нашай лінейцы! – дзяўчынка паднесла госцю шыкоўны букет ружаў. – Дазвольце прыняць вас у ганаровыя піянеры!..

Тым часам піянерважатая нарэшце вызначылася з выхаваўчай значнасцю моманту. Яна пасміхнулася незнаёмцу крыху больш прыязна, чым вымагаў афіцыёз і глянула на дзетак добрымі вачыма савецкага педагога.

– Дзеці, а давайце скажам нашым паважаным ветэранам, кім мы хочам стаць, калі вырасцем?!..

– Юрыямі Гагарынамі і Фідэлямі Кастра! – радасна адрапартавалі маленькія беларусы.

– Усё, лінейка скончаная, хуценька ідзем у двор, і – вяночак на магілу ўскладаць, – цыцкатая бесцырымонна скамкала ўрачыстае мерапрыемства. – А таварышы ветэраны хай баявое юнацтва пазгадваюць. Ім напэўна ёсць пра што пагаварыць!..

Дзеткі па-салдацку спрытна пашнураваліся і зацягнулі «Узвейцесь кастрамі!..» Сыходзячы, піянерважатая як бы выпадкова датыкнулася да пляча незнаёмца бюстам і, дэманстратыўна не развітваючыся з Мамонькам, знікла за дзвярыма.

* * *

– …і раскажу, як усё было насамрэч. Толькі не забівай!.. – Мамонька аблізаў засмяглыя вусны і аддана глянуў на госця, дэманструючы гатоўнасць хоць сесці на кол, хоць кінуцца на амбразуру.

У музеі лунаў водар ружаў – цяжкі і задушлівы, бы ў развітальнай залі крэматорыя. Шызы лістападаўскі вечар наплываў праз акно. Язэп Мамонька сядзеў у фатэлі пасярод залы. Ён баяўся нават зварухнуцца, каб незнарок не ўзлаваць страшнага госця. Той, аднак, не выказваў агрэсіі.

– Ніякіх успамінаў, ніякіх мемуараў, – папярэдзіў візіцёр. – Я і так ведаю, што чэкістам нас здаў менавіта ты.

Студзень сорак пятага, Рудніцкая пушча, лютыя маразы, жоўтая поўня над чорнай ракой і ланцуг аўтаматчыкаў… Ты быў нашым сувязным у Воранаве, хаця і лічыўся ўжо заслужаным савецкім партызанам.

За два гады да таго я выцягнуў цябе з СД, і ты пакляўся мне татам, маці і магіламі дзядоў-прадзедаў. І мы паверылі табе… на сваю галаву. Тады, у студзені сорак пятага, ты адзін ведаў, дзе мы хаваліся. Скажы толькі адно: нашто ты стаў стукачом?

Мамонька прыніжана шморгнуў носам. Вочы яго бліснулі і згаслі, нібы сілкаваліся ад разраджанага акумулятара.

– Анкета ў мяне моцна запэцканая, я ж да партызанаў у нацыяналістах хадзіў, – мовіў ён, афармляючы аўтабіяграфію ў трагедыю. – Калі б я не падпісаў «супрацоўніцтва з органамі», то напэўна пайшоў бы ў лагер, – паскардзіўся ён, і ягоныя вочы набрынялі празрыстай слязою ахвяры бальшавізму. – Нам гаварылі, што ты і твае хлопцы здрадзілі Радзіме і папнуліся служыць фашыстам, – дадаў ён у якасці канчатковага апраўдання.

Твар госця выглядаў непранікальным, нібы быў зроблены з супрацьтанкавага надаўбеня. Ён узяў са стала мядзведзіка з навязаным піянерскім гальштукам, павярцеў у руках…

– Ведаеш, Язэпе, як жабракі-круцялі крадуць немаўлятаў проста з калысак? Падмяняюць іх анучнымі лялькамі. А звар’яцелыя бацькі, здараецца, да апошняга не даюць веры, што іх дзіцёнка ўжо няма: лашчаць смярдзючыя згорткі, цалуюць, спяваюць ім калыханкі і называюць сваімі роднымі…

Каламутная шэрань гусцела між музейнымі стэндамі, размывала патрыятычныя дэкарацыі, робячы неадрознымі здымкі герояў і катаў. Мамонька прыдушана сіпеў. Суразмоўца працягваў спакойна і роўна:

– …так і ў нас. Нашу Радзіму скралі прыхадні з Усходу і падмянілі яе сваёй: заснежанай тундрай, расстрэльнымі равамі і штабялямі прамёрзлых трупаў. У кожнага з нашых хлопцаў кагосьці страцілі, закатавалі ці адправілі ў лагер. Мы не хацелі цалаваць чужынскія лахманы і называць іх сваёй Радзімай. Мы хацелі атрымаць зброю і помсціць тым, хто не паспеў у сорак першым уцячы на Усход. Зброю нам паабяцалі прыхадні з Захаду, таму мы і падаліся да іх. Мы не палілі вёскі і не зверствавалі ў канцлагерах. Мы толькі потым зразумелі, што абое рабое: што заходнія прыхадні, што ўсходнія. І засталося нам з хлопцамі адно: выкарыстоўваць першых супраць другіх.

– Твае хлопцы былі фашыстамі, – упарта паўтарыў Мамонька.

– Мае хлопцы былі людзьмі. У якіх былі бацькі, браты з сёстрамі, каханыя і магілы дзядоў-прадзедаў… А яны ўсё гэта кінулі і сышлі ў лес. І ўсе яны дзякуючы твайму даносу загінулі… усе, разумееш?! Нават магілы іх невядомыя. Ды й шукаць тыя магілы няма каму, бо крэўныя тых хлопцаў сканалі ў Казахстане і на Калыме, і магілы іх невядомыя таксама. Так што давядзецца табе за гэта памерці. Тут і цяпер.

Мамонька вырачыў вочы, распяліў рот і цяжка задыхаў. Вусны яго запеніліся слінай. Твар падсохнуў і скурчыўся, бы чэрап старажытнай муміі.

– Як гэта тут і цяпер? – прашаптаў ён недаверліва. – Ты што, хочаш мяне страціць… вось проста так, без следства, суда і адваката?

– Адвакат – гэта такі чалавек, які за грошы стане даводзіць, што ты ні ў чым не вінаваты. А нашто мне гэта трэба, калі я і так ведаю пра тваю віну?

Далонь страшнага госця слізганула ў кішэню, дзе напэўна ляжала зброя. Іосіф Вацлававіч пранізліва ікнуў.

– У Пана Бога вырашыў пагуляць? – заскуголіў ён, прыціскаючы далонькай дрыготкі кадык. – Хто табе даў права мяне забіваць?

– Правы не даюць, – жорстка абсек суразмоўца. – Правы бяруць. Вось ты, Язэпе, узяў сабе права жыць савецкай макрыцай: труціць дзеткам мазгі, удаваць героя і страчыць у КГБ… ты ж і пагэтуль пішаш даносы, праўда? Толькі па начах смокчаш валідол і калоцішся, бо страшна: могуць выкрыцьі люта адпомсціць.

Скончыш ты раптоўным інсультам, засцанай прасцінай і могілкавай пірамідкай з чырвонай зоркай, якая спарахнее гадоў праз дзесяць пасля тваёй смерці.

А я бяру права дапамагчы табе памерці раней, затое па-людску. Пакуль ты сваімі даносамі не знявечыў жыцці яшчэ дзясяткаў людзей. Можаш нават памаліцца перад смерцю… хаця я й не ўпэўнены, што Гасподзь Бог захоча слухаць чалавека з такой біяграфіяй.

Асуджаны да страты бескасцёвай студзяністай масай перацёк з фатэля на падлогу, грукнуўся каленямі і прыціснуў далонь да грудзей:

– Даруй! Я сапраўды нікога не хацеў закладаць!..

– Але ж закладаў.

– Хочаш – пакаюся прылюдна?..

– Не веру я ў шчырасць прылюднага пакаяння.

– Я ж дзеткам не толькі пра Вялікую Айчынную брашу, але і беларускі буржуазны нацыяналізм прапагандую!.. – прабляяў стукач-ветэран з падкрэслена дысідэнцкімі інтанацыямі.

– Адставіць аператыўнае легендаванне! – металёвым голасам загадаў госць. – Імем нашага Краю і яго народа вы, грамадзянін Мамонька Іосіф Вацлававіч, вызнаны вінаватым у супрацы з маскоўскімі акупантамі, даносах у КГБ і ў саўдзеле ў масавых забойствах. За што і асуджаецеся да смяротнага пакарання. Прысуд канчатковы, абскарджванню не падлягае і мусіць быць выкананы неадкладна.

Мамонька пацягнуў носам, зайшоўся ў кашлі і пырскнуў слязою. Заматляў галавой, уціснуў голаў у плечы і ашклянела ўтаропіўся ў люстраныя боты госця на дывановай дарожцы.

Над галавою хіжа шчоўкнуў метал, але на гэты бязлітасны гук знянацку наклалася далёкае цоканне абцасаў на калідоры; пэўна, піянерважатая Клава ўжо ўсклала з дзеткамі вяночкі і цяпер вярталася з могілак у настаўніцкую.

Іосіф Вацлававіч учарэпіўся пальцамі ў дарожку, сціснуў зубы і сутаргава рвануў дыванок на сябе. Госць, аднак, паспеў ухапіцца рукою за край вітрыны і захаваць раўнавагу, але раптоўнага замяшальніцтва было дастаткова, каб Мамонька зацкаваным пацучком кінуўся да дзвярэй і панічна заторгаў клямку замкнёнага замка.

– Дапамажыце!.. – істэрычна залямантаваў ён. – Ворагі народа забіваюць!..

* * *

Сіні кастрычніцкі вечар сплываў паснулымі нясвіжскімі вуліцамі. Стылае паветра патыхала завялымі клумбамі, дымкамі з комінаў і хмельным водарам апалых яблык. За абляцелымі ліпамі блякла блішчэлі бляшаныя дахі. У сціпла асветленых вокнах, размытых фіранкамі, сноўдаліся няпэўныя цені.

Агент Z ішоў бязлюдным, наскрозь прамытым горадам, у якім нарадзіўся і ў якім не быў сямнаццаць гадоў. У гэтым горадзе больш не было кіслароду, здарэнняў і жыхароў – толькі пах змярцвелых кветак, цені і дахі. У гэтым горадзе не засталося сяброў – іх усіх расстралялі. Гэты горад больш не быў яму родным.

Але тут пагэтуль жыла жанчына з маркотнымі, бы ў Божай Маці Вастрабрамскай, вачыма. Калісь, у мінулым жыцці, Агент Z быў гатовы пісаць ёй вершы, паліць дзеля яе гарады, шукаць эліксір маладосці і нават паверыць у Бога. Але пачалася вайна, і трэ’ было выбіраць: каханне да Яе ці любоў да Радзімы, бо каханне і любоў заўсёды неспалучальныя. А потым было змагарства – бясконцае, бессэнсоўнае і зацятае, нягледзячы на супраціў усяго свету: балотныя выспы, перастрэлкі, аблавы, хваробы, здрады, паразка і эміграцыя. Радзіма засталася ў памяці страчаным раем, і ўсё, здаецца, згубіла сэнс…

Прыцемкі вывелі яго на вуліцу Дзяржынскага, былую Альбяньскую. Цагляны аднапавярховік, адначасова падобны да школы і да казармы, быў знаёмы яшчэ з давайны. Ён ведаў кожны каменьчык у двары таго дома і пагэтуль мог сказаць, якім голасам у кожным з пакояў рыпяць-перагукваюцца дзверы. Ён памятаў усе дрэвы ў тым садзе, бо ў садзе тым яны ўпершыню пацалаваліся і сад той стаў іх Эдэмам.

Доўгая бязлюдная вуліца, падфарбаваная электрычнай жоўцю, выглядала панурай, бы начная алея пахавальнага мемарыялу. Агент Z пераскочыў праз штыкетнік і пад шалёны ёкат сэрца зазірнуў у цёмнае вакно бакавога пакойчыка…

Ён нават не здзівіўся, адразу пабачыўшы знаёмы сілуэт. Яна камянела ў фатэлі тварам да вакна і, здавалася, моўчкі ўглядалася ў цемру. Эмалевыя вочы яе блішчэлі нерухома. У кутку над галавой зіхацеў абраз у срэбнай аправе: пакорлівая лёсу Марыя абдымае немаўля.

Мужчына разгублена адступіў… Грукаць у шыбу, ламіцца ў дзверы, прапаноўваць кінуць усё і ўцякаць з нясвіжскай вуліцы Дзяржынскага ў «Новую Зямлю», што ў Флорыдзе? Але ж і для ўсяго гэтага горада, і для яе таксама ён быў даўно мёртвым, бы кветка на здранцвелай клумбе.

А з завулка нетаропка выплываў легкавік. Сляпучыя кропкі фар напухлі конусамі і разгарнуліся ў цемры жоўтымі авальнымі пялёсткамі. Агент Z слізгануў за рог дома, уліпнуў у сцяну і асцярожна глянуў вонкі.

Каля дома шарэла афіцыйнага выгляду «волга» з доўгім прутком антэны спецсувязі. Падцягнуты дзядзька ў някідкім стройчыку прыязна развітваўся з кіроўцам.

– Вікенцій Дамінікававіч, машыну падаваць заўтра на рана? – запытаўся той.

– Не трэба, тут да нашага райаддзела пяць хвілін пешкі, – пасажыр «волгі» падняўся на ганак і пракруціў у замку ключ. – Януся, гэта я!..

* * *

Язэп Мамонька нерухомеў у фатэлі пасярод музейнай залы. Шчарбатая поўня заглядала ў акно, і цені шыбаў клаліся на падлогу касымі могілкавымі крыжамі. Ветэранскі твар прыкрываў букет ружаў колеру вянознай крыві.

З рэпрадуктара за сцяною важка ўдарылі крамлёўскія куранты. Запаволены шкляны звон пракаціўся па пустынных пакоях. З апошнім ударам пялёсткі ружы, бы па камандзе, абпаліся долу, агаляючы хіжыя шыпы.

Мамонькаву шыю бязлітасна сціскала пятля з піянерскага гальштука, і ў прыцемках яна выглядала рванай ранай. На чыгунова-сінюшным твары шклянелі невідушчыя вочы. З рота тырчэлі лапы плюшавага мядзведзіка, якога Іосіф Вацлававіч падабраў на сметніку па дарозе на піянерскую лінейку. А побач з медальчыкам «Ветэрану Айчынай вайны» чарнела драбнюткае крумкачынае пёрка, амаль незаўважнае апоўначы на цёмным пінжаку.


Глава 11

Эрнэста Чэ Гевара трапным аперкотам зваліў пад стол Рауля Кастра, выцягнуў з кабуры пісталет і тройчы стрэліў у столь.

Так пачалося паседжанне Савета міністраў рэвалюцыйнай Кубы.

– Рэвалюцыя працягваецца!.. – на звонкай напятай струне выгукнуў Чэ. – Віва ля рэвалюцыя!..

Гільзы прадзінькалі па падлозе. На гіганцкі стол у цэнтры залы пасыпалася гіпсавая пацяруха. Чэ Гевара схіліўся над абмяклым міністрам узброеных сіл, звязаў яму рукі загадзя падрыхтаванай вяроўкай і пацягнуў цела да вялізнай шафы ў дальнім куце залы.

– У рэвалюцыянераў няма слуг! – патлумачыў ён.

Прысутныя нават не паспелі здзівіцца, як у залу ўвалілася чацвёра барбудас у прапацелай аліўкавай форме, з аўтаматамі напагатоў. Двое адразу занялі пазіцыю праваруч-леваруч парадных дзвярэй, адзін пасунуўся да бліжэйшага вакна, адзін скамянеў ля дзяржаўнага сцяга.

Чэ Гевара адкашляўся, выцер спатнелы твар чорнай берэткай, кінуў яе на стол.

– Кампаньерас! – прамовіў ён мужна і пафасна. – Фідэль Кастра і жменька адшчапенцаў прадалі камуністычныя ідэалы! Мы прагналі Бацісту. Мы разбілі грынга і іх наймітаў у Затоцы Свінняў. Мы спадзяваліся, што полымя нашай рэвалюцыі перакінецца і на Злучаныя Штаты Амерыкі! І што робіць здраднік Кастра ў сама адказны перыяд нашай рэвалюцыі?.. Ён нацыяналізуе ўсю амерыканскую маёмасць. Усю, якая ёсць: банкі, заводы, палацы, казіно, наркапрытоны…

Прамову камандантэ недарэчна прыпыніў барбудас, што стаяў ля дзяржаўнага сцяга:

– За Бацістам было значна лепш. Грынга прывозілі на Кубу шалёныя грошы. У іх гатэльных нумарах ніколі не было сейфаў. Мае хлопцы не ведалі, на што вытрачаць тыя даляры!..

– Да рэвалюцыі я працаваў сутэнёрам і мяняў машыну раз на год!.. – прызнаўся барбудас, што стаяў леваруч дзвярэй. – А цяпер вымушаны працаваць рэвалюцыянерам і не магу нават заліць поўны бак бензіну!.. Хіба за гэта ўздымалі мы мачэтэ над прастралянымі галовамі?.. Хіба за гэта палівалі крывёю пяскі Плая-Хірон?!..

Прамоўца разануў па паплечніках спапяляльным поглядам – тыя дысцыплінавана змоўклі.

– У выніку шараговыя амерыканскія капіталісты перасталі прыязджаць на Выспу Свабоды. Сярод каго нам цяпер праводзіць рэвалюцыйную агітацыю і прапаганду? Адкажыце мне, амігас!.. – Чэ Гевара экспрэсіўна ўзняў рукі і пытальна агледзеў прыціхлых міністраў.

Звон адстрэленых гільзаў усё яшчэ вібраваў у вушах прысутных. З некалі раскошнай бацістаўскай рэстарацыі цягнула падгарэлай сачывічнай пахлёбкай. Словы адважнага камандантэ Чэ спараджалі ў чальцоў урада асцярожную згоду.

Радыкалізм Кастра даўно ўжо палохаў нават яго самых адданых прыхільнікаў. Чатыры месяцы таму Фідэлю неверагодна пашэнціла: самадзейныя дэсантнікі-«гусанас», якія выкінуліся ў Затоцы Свінняў, выявіліся пыхлівымі, п’янымі і баязлівымі няздарамі. Да таго ж, як паведамілі савецкія сябры, большасць грошай, якія Кангрэс ЗША выдаткаваў на аперацыю, бессаромна раскралі ў ЦРУ. У разе высадкі амерыканскіх марпехаў, загартаваных Карэяй і Індакітаем, шанцы ўзброеных сіл Выспы Свабоды раўняліся нулю.

Дый татальны дэфіцыт прадуктаў даводзіў міністраў да роспачы. Адразу пасля захопу Гаваны рэвалюцыянеры павыжыралі харчовыя склады капіталістаў, што тыя трусікі – капусную градку. Хлеб у Гаване даўно знік, не кажучы ўжо пра якіх-небудзь банальных лобстараў. Над выспай у поўны рост паўстаў прывід ваеннага камунізму. А хіба заслужаны змагар за свабоду павінен атрымліваць харчы па картках, бы які-небудзь чысцільшчык ботаў? Ці не лепш на кароткі час замірыцца з амерыканскімі імперыялістамі і агітаваць іх зноў прыязджаць у Гавану, але ўжо не для разбэсты, а для інвеставання ў рэвалюцыю сваіх распрыўкрасных даляраў?.. Дый і на міністраў тых даляраў відавочна бракаваць не будзе!..

– Фідэль утыркнуў сто нажоў у сэрца рэвалюцыі!.. – выгукнуў камандандэ Чэ так пранізліва, што крышталёвая жырандоля пад каланіяльнай ляпнінай злякана цінькнула. – Але ў рэвалюцыі тысячы сэрцаў, і яны калоцяцца ад рамантыкі працы і барацьбы!.. Мы павінны пайсці на тактычнае замірэнне з вашынгтонскімі рэакцыянерамі, каб выйграць час. Наша рэвалюцыя ўзгадуецца тымі варожымі далярамі, бы малады альбатрос, расправіць крылы і паляціць вызваляць усіх прыгнечаных братоў Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі! Неўзабаве сцяг сацыялізму залунае не толькі над Мехіка, Мантэвідэа і Буэнас-Айрасам, але і над Маямі і нават…

За дзвярыма важка рыпнула, і абедзве форткі разляцеліся ад брутальнага ўдару – няйначай як армейскім берцам. Дзвярны праём засланіла мажная постаць камандандэ Фідэля, і ягоны доўгі цень паклаўся на падлогу.

– Што тут адбываецца, таварышы? – шурпатым барытонам пацікавіўся Першы сакратар ЦК кампартыі Кубы.

Таварышы па партыі сарамліва апусцілі вочы ў паперы. Узнікла кароткая прыдушаная мітусня; чальцы ўраду не маглі вызначыцца, што цяпер лепш – заставацца за сталом ці адразу стаць тварамі да сцяны. Фідэль Кастра глянуў у пусты фатэль, дзе звычайна засядаў міністр рэвалюцыйных узброеных сіл Рауль Кастра, прасачыў крывавы пункцір да шафы і сутаргава схапіўся за кабуру.

Чэ Гевара ўскінуў руку – у галаву камандантэ Фідэля сінхронна ўткнуліся аўтаматныя ствалы жаўнераў рэвалюцыі, якія пільнавалі дзверы. Яшчэ двое рэвалюцыянераў на ўсялякі выпадак пацэлілі ў зніякавелых міністраў.

– Ты прайграў, Фідэль, – камандантэ Чэ працягнуў далонь. – Аддай зброю.

Кастра ўмомант наліўся атрутнай крывёй, затупаў і засіпеў, бы раз’юшаны насарог:

– Здраднікі!.. Апартуністы!.. Агенты ЦРУ!.. Я ўсіх вас перастраляю!..

– Ты прайграў, Фідэль, – надзіва спакойна паўтарыў Чэ Гевара, падышоў да бліжэйшага вакна і тэатральным рухам падняў жалюзі.

На плошчы перад палацам віравала стыхійная дэманстрацыя. Мітынгоўцы, пераважна беспрацоўныя, прастытуткі і хатнія гаспадыні з трушчобаў, тэмпераментна скандавалі «Радзіма альбо смерць!», вымахвалі нацыянальнымі сцягамі, лупілі накрыўкамі ў пустыя рондалі, а некаторыя нават натхнёна падтанцоўвалі ў рытме мамбы.

– Народ не з адшчапенцамі!.. – пасміхнуўся Чэ Гевара пераможна і жорстка. – Народ з намі, сапраўднымі рэвалюцыянерамі-марксістамі!.. І перастраляць гэты народ не атрымаецца нават у цябе!..

Першы сакратар ЦК кампартыі Кубы драўлянымі пальцамі расшпіліў кабуру, выцягнуў «сцечкін» і, не гледзячы на суразмоўцу, працягнуў яму пісталет дзяржальняй наперад.

– Фідэль, мы больш не маем права называць цябе нашым таварышам, – знянацку палагаднеў Чэ Гевара, памуліўся, падміргнуў міністрам і перайшоў да кульмінацыйнага моманту. – Але мы цэнім твае былыя заслугі перад рэвалюцыяй, і таму маем зрабіць адну прапанову, якая табе напэўна спадабаецца!.. Папрашу ў пакой адпачынку!..

Кастра асуджана глянуў на міністраў, пачухаў бухматую бараду і выйшаў ў калідор. Чэ Гевара пасунуўся следам.

– Рэвалюцыя працягваецца, кампаньерас!.. – баявым пеўнем выгукнуў ён. – А цяпер – сіеста!..

* * *

Камандантэ Эрнэста Чэ Гевара паклаў перад камандантэ Фідэлем Кастра Рус нядаўна сканфіскаваны «сцечкін».

– У пісталеце я пакінуў толькі адзін набой. Ты маеш час да апоўначы, каб застрэліцца.

Кастра ніякавата мазануў позіркам па зброі і механічна перавёў вочы на гадзіннік у куце. Малая стрэлка амаль упіралася ў чацвёрку, вялікая падпаўзала да лічбы дванаццаць. Залачоны маятнік у выглядзе кубінскага герба гойдаўся рытмічна і пагрозліва, бы катаўнічы рыштунак.

– А гэта – каб табе прыемней стралялася, – Чэ выставіў на столік пляшку цёмнага шкла са стракатай налепкай, па-інквізітарску пасміхнуўся і ўзбагаціў нацюрморт адкрытай скрыначкай чорных цыгар з залатымі абадкамі. – Твае ўлюбёныя, Фідэль. Усю Гавану аб’ездзіў, ледзьве знайшоў.

– Наш народ ніколі не зразумее майго самагубства, – запэўніў Кастра, але без асаблівай ўпэўненасці.

– Нашаму народу мы скажам, што ты стаў ахвярай амерыканскага імперыялізму, – супакоіў Чэ. – Цябе пахаваюць у маўзалеі. Такім жа самым, як у Хасэ Марці, толькі яшчэ больш раскошным. Тваім імем назавуць гатункі тытуню, бардэлі для багатых янкі, нованароджаных у трушчобах і нават нядаўна адкрытыя планеты. Не кажучы ўжо пра вуліцы і сабак. Маладыя кубінскія камуністы будуць прысягаць на тваёй магіле вернасці ідэалам, а госці Выспы Свабоды – ускладаць на яе вяночкі.

– Як адрэагуе Масква – ты падумаў? – выцягнуў Фідэль апошні козыр.

– Масква занадта далёка, – парыраваў Чэ з прагматызмам дасведчанага марксіста. – І нават найлепшая ў свеце савецкая медыцына не зможа цябе ўваскрасіць. Дый Мікіта Хрушчоў – чалавек разумны. І ён напэўна зразумее, што лепш мець справу з жывымі рэвалюцыянерамі, чым з мёртвым героем.

Кастра агрэсіўна варухнуў барадою.

– І хто ж будзе кіраваць нашай рэвалюцыяй пасля маёй смерці? Няўжо ты?

– Давядзецца, – самаахвярна ўздыхнуў Чэ Гевара, зубамі скруціў з пляшкі корак і прыклаўся да рыльца. – А непаганы ром, аднак! Гадоў пяцьдзясят вытрымкі, я так думаю… Давай, за вялікі кубінскі народ!..

– Паслухай, Чэ, – Фідэль зрабіў доўгі глыток, выцер рукавом бараду і пацягнуўся па цыгару. – Няўжо ты сапраўды верыш, што гэты народ можна неяк перавыхаваць? Усё жыццё ў лайне і ў гноі, у гноі і ў лайне!.. А калі таму народу прыносіш на талерачцы вызваленне і паказваеш дарогу да лепшага жыцця, то адразу становішся для яго самым лютым ворагам. Бо ў гноі яму куды больш звыкла, а ў лайне – дык яшчэ і салодка…

– Рэвалюцыя – гэта змена ўлады, а не змена смаку лайна, – бязлітасна нагадаў Чэ. – І сёння ты ў гэтым пераканаўся. Усё, Фідэль, будзь мужчынам, выпівай і страляйся. Так трэба для рэвалюцыі. Я праверу адразу пасля апоўначы.

Наступныя тры гадзіны Фідэль Кастра засяроджана смактаў ром, пускаў у столь сінія тытунёвыя колцы і спрабаваў актывізаваць апарат мыслення. У апараце панавала спусташэнне разгрому – панурае, бы мексіканская пустэльня. Уцячы з палону не выпадала: у пакоі не было вокнаў, а дзверы прабіла б толькі гармата. Пракляты апартуніст Чэ ўсё прадугледзеў!..

Калі ў пляшцы засталося менш за палову, Фідэль згадаў: тэлефон! У далёкім закутку Прэзідэнцкага палаца, між іржавымі бляшанкамі, анучнымі вузламі і зламанымі сталамі для «Блэк Джэка», напэўна стаяў адзін з трох тэлефонаў ВЧ-сувязі, якія па распараджэнні Мікіты Хрушчова правялі ў палац былога дыктатара Бацісты. Наўрад ці Чэ Гевара і яго антынародная хунта былі такімі пільнымі, каб адключыць сувязь.

Кастра накручваў дыск да абсалютнага здранцвення пальца: Масква не адказвала. Ад тэлефона валіў дым, ад Фідэля валіла пара, але апарат здзекліва маўчаў. Нарэшце, калі пляшка была амаль выпітая, а распухлы палец перастаў трапляць у лунку дыска, прыязны жаночы голас у слухаўцы паведаміў, што Мікіта Сяргеевіч спіць.

– Гэта я, камандантэ Фідэль Кастра, правадыр кубінскай рэвалюцыі! – зароў асуджаны да самагубства. – Тэрмінова пабудзіце таварыша Хрушчова і скажыце, што…

Са слухаўкі пачуліся незнаёмыя каманданту Фідэлю словы «чарнажопы» і «ахуеў», але па хуткім часе на іх наклаўся знаёмы брынклівы тэнар:

– Мікіта Сяргеевіч Хрушчоў слухае.

– Мікіта!.. Аміга!!.. Нас прадалі!!!.. Праклятыя янкі перакупілі ўсіх кубінскіх рэвалюцыянераў!.. Усе мае былыя паплечнікі выявіліся апартуністамі, рэнегатамі і рэстаўратарамі капіталізму!..

– Фідэль, у нас в Маскве тры ночы, – раздражнёна пазяхнуў Мікіта Сяргеевіч. – Затэлефануй мне заўтра а дзясятай раніцы. А яшчэ лепш а палове на сёмую вечара. Мы ж, разумееш, да Дваццаць другога з’езду партыі рыхтуемся…

– Мікіта!.. Ратуй!.. У нас тут сапраўдная катастрофа!.. – Кастра выплехнуў у рот усё, што заставалася ў пляшцы і ў роспачы бразнуў ёй аб сцяну. – Усё страчана, усё!.. Я пад хатнім арыштам!.. Вораг народа Эрнэста Чэ Гевара загадаў мне да апоўначы застрэліцца!..

– Камандантэ Чэ? – млява зацікавіўся Хрушчоў. – Які, аднак, жвавы малец. Далёка пойдзе!.. Ну і што мне цяпер загадаеш рабіць?

Перад вачыма Фідэля недарэчна ўзнік хударлявы твар Чэ ў нясвежай берэтцы, з неахайнай падлеткавай бародкай… Ага, будзеш ты, прадажная амерыканская курва, кіраваць маёй Выспай Свабоды.. Я табе зараз пакажу смак лайна!..

– Мікіта, аміга, у імя нашага сяброўства прашу: тэрмінова нанясі ядзерны ўдар па Вашынгтону! Тэр-мі-но-ва!!!.. Можаш адным махам і па Гаване – я ўсё адно ўжо труп, а здраднікаў мне не шкада!!!..

– Слухай, Фідэль, не дуры галавы, ідзі спаць, – выдыхнуў Першы сакратар ЦК КПСС. – Ты што, п’яны там у сваёй Гаване? Ну, тады тым больш. А таварышу Эрнэсту Чэ Гевару перадай, што я асабістым загадам забараніў табе страляцца. З гэтым мудаком я заўтра разбяруся, як вызвалюся. Буэнас ночас, як гаворыцца ў кубінскіх таварышаў!..


Глава 12

Белы мячык узляцеў над зялёным полем і распусціўся ў блакіце нябёсаў. Ален Далес разгублена апусціў клюшку. Стэсі Радзівіл узняў голаў, выглядаючы мажлівую траекторыю.

– Гольф, містар Далес, усяго толькі гульня, а не спецаперацыя, – нагадаў ён. – А мячык – спартовая фішка, а не шпегунскі самалёт U-2, які трэба запусціць як мага далей. Разнявольцеся і атрымлівайце ад жыцця асалоду!

– У гульнях мы ўсе – багі, – пахмурна адпарыраваў дырэктар ЦРУ. – Выйграем партыі, шпурляем людзей, бы тыя фішкі… А калі самі ляцім як мага далей, то толькі здзіўляемся – а куды ж тая асалода падзелася?

– У шмат якіх спецслужбоўцах загінулі сапраўдныя філосафы і інтэлектуалы, – з ледзь заўважнай іроніяй абагульніў Станіслаў Альбрэхт.

Травяная пляцоўка лашчыла вока ўсімі адценнямі смарагду. Па-над травою палала вечаровае сонца, тлустае і вясёлае, бы немаўля. Побач узвышалася вычварная металёвая вежа з гіганцкімі крыжамі антэнаў – камандная рубка авіяносца «Форэстал», на палётнай палубе якога і рассцілаўся штучны газон.

Сам авіяносец у эскорце эсмінцаў і субмарын стаяў у Мексіканскай затоцы, блізка тэрытарыяльных водаў Кубы. Набярэжная Гаваны выдатна праглядалася ў марскую оптыку: бялюткія дамкі ў залацістай смузе. Палубная авіяцыя «Форэстала» магла за якую гадзіну раструшчыць кубінскую сталіцу ўшчэнт – разам з яе бардэлямі, казармамі, трушчобамі і Прэзідэнцкім палацам. Аднак самалёты хаваліся ў падпалубных ангарах, а на палётнай паласе праходзілі паказальныя спаборніцтвы па ўлюбёнай гульні эксплуататараў і джэнтльменаў.

Над палубай флагмана Другога флоту ЗША ужо колькі разоў пралятаў верталёт Мі-4 без апазнавальных знакаў. У якімсьці кабельтовым нерухоміла два вартавых кацеры пад кубінскімі сцягамі, радысты каторых перамаўляліся між сабою выключна расійскімі мацюгамі. Аднак Кенэдзі, які ўвесь час знаходзіўся ў каманднай рубцы, з невядомых прычын распарадзіўся не замінаць варожай выведцы.

Джэкі з’явіўся на полі для гольфа, калі гульня была скончаная. Перамог, як заўсёды, Станіслаў Альбрэхт Радзівіл.

– Я падрыхтаваў прапанову для містара Хрушчова, – паведаміў Кенэдзі. – Яе перададуць апоўначы. Не ўпэўнены, аднак, што расійцы адрэагуюць па хуткім часе. У іх там цяпер нацыянальнае свята, дзень Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Вечар лянотна плёхаўся ў цёплым аквамарыне. Матросы скручвалі ў рулоны штучны газон. З бака пранізліва і апетытна пацягнула смажаным мясам, бы на сямейным барбекю.

Ален Далес разгублена зняў акуляры і пустымі вачыма паглядзеў паверх усяго; ён шчыра не разумеў, што адбываецца. Радзівіла і Кенэдзі звязвалі нейкія сакрэты, у якіх для ўсемагутнага спецслужбоўцы ўжо не было месца.

– Можа, містар прэзідэнт, вы ўсё ж растлумачыце, што азначае гэты пікнік? – пацікавіўся цээрушнік з падкрэслена нейтральнымі інтанацыямі.

– Гэта не пікнік, містар Далес, – абвергнуў Кенэдзі. – Гэта дэманстрацыя нашай салідарнасці з Чэ Геварам – палымяным змагаром за дэмакратычныя ідэалы і вялікім сябрам Злучаных Штатаў.

Дырэктар ЦРУ выслухаў інфармацыю з каменным тварам. Пра дзяржаўны пераварот у Гаване ён ужо ведаў, але ж не пра механізм яго здзяйснення і тым больш не пра далейшую стратэгію ЗША у кубінскім пытанні.

– Кожны міністр рэвалюцыйнай Кубы атрымаў ад нас па чамадане амерыканскіх грошай, такіх жа цяжкіх, як было жыццё кожнага з іх, – часткова прыадкрыў механізм Стэсі. – Самае цяжкое жыццё было ў містара Чэ Гевары, і таму ён атрымаў цэлых тры чамаданы. Наўзамен новы правадыр кубінскай рэвалюцыі паабяцаў лібералізацыю, рынкавыя рэформы і нават павагу да правоў чалавека.

– Найлепшай дэманстрацыяй салідарнасці з новым кубінскім рэжымам стане бамбёжка асяродкаў, дзе яшчэ падтрымліваюць дыктатуру Кастра, – бескампрамісна запярэчыў спецслужбоўца.

– Баявая авіяцыя таксама будзе задзейнічаная, – супакоіў прэзідэнт. – Толькі крыху пазней.

Бронепалуба закалацілася, бы пры ўзлёце цяжкога штурмавіка; гэта на палётнай паласе зароў і зрэзаўся магутны гукаўзмацняльнік. Па баявой рубцы на машту паволі папаўзла тканіна памерам з верталётную пляцоўку. Тканіна расцягнулася, надзьмулася мяцежным ветразем, але хутка знерухомела і жорстка зафіксавалася на тле вечаровага неба.

– Экран кінапраектара, – патлумачыў Джэкі. – Неўзабаве тут будзе занадта тлумна. Можа, працягнем на капітанскім мосціку?..

* * *

Космас над тропікам Рака праколвалі самотныя зорачкі і сузор’і. Поўня адорвала бронзай і маціцом. Спелым золатам сыпаў Млечны Шлях, і лятучыя рыбкі, палюючы на нябесны пылок, бязважка порхалі па-над чорнашклянымі хвалямі. Марыністычны краявід узбагачаў ударны авіяносец «Форэстал», які ў эскорце баявых караблёў нахабна ішоў тэрытарыяльнымі водамі Кубы.

Флагман Другога флоту ЗША выглядаў рыхтык круізны лайнер, арандаваны шчаслівымі выпускнікамі каледжа. Машты, лееры і барты сляпілі гронкамі святочнай ілюмінацыі. Па-над штыравымі антэнамі выбухалі вогненныя ружы салюту. На асветленай пражэктарамі палётнай палубе весялілася каманда.

Густыя вібрацыі, узмоцненыя апаратурай для стадыёнаў, праціналася пачуццёвым кашэчым варкатаннем:

I wanna be loved by you, just you,

And nobody else but you,

I wanna be loved by you, alone!

Boop-boop-be-doop!..

Напаўаголеная Мэрылін Манро спакушала з подыума, збудаванага ў самым канцы палётнай паласы; яе твар, абсыпаны зорнай пацярухай, ва ўсіх падрабязнасцях праектаваўся на гіганцкі экран. Аркестр прыгажунь у паўпразрыстых бікіні граў натхнёна і ўзнёсла. Каманда слухала, прасякалася і сыходзіла слінай.

Кенэдзі, Радзівіл і Далес глядзелі канцэрт з капітанскага мосціка. Джэкі хціва мружыўся на спявачку і нават спрабаваў падпяваць; яго ўвідавоч кружляла карусель сэксуальных фантазій блізкай ночы. Стэсі падкрэслена абыякава цягнуў вечаровы аперытыў. Дырэктар ЦРУ паглядаў на ўвесь гэты Пірл-Харбар з непрыхаванай агідай і нечакана злавіў сябе на думцы: лепш бы «Форэстал» тарпедавала савецкая субмарына, толькі б не быць сведкам далейшай ганьбы.

А ліловую акварэль далягляду ўжо размываў электрычны пажар Гаваны. Ударны авіяносец ішоў проста на агні, ігнаруючы ўсе існыя законы міжнароднага Марскога права і мажлівы ядзерны адказ Крамля. Матросы храбусцелі чыпсамі, запіваючы іх півам. Канцэрт уваходзіў у кульмінацыйную стадыю.

– Boop-boop-be-doop!.. – на аголеным эратычным нерве выдыхнула спявачка.

Аркестр скончыў. Матросы кончылі. Ален Далес нарэшце не вытрымаў:

– Наколькі я разумею, містар прэзідэнт, «Форэстал» цяпер – нешта сярэдняе паміж плавучай канцэртнай залай і філіяй Лас-Вегаса?

– Ані ў якім разе, – абвергнуў Джэкі вясёла і жорстка. – Але кубінцам, замардаваным дыктатурай, няшчымніцай і сакрэтнай паліцыяй, нашы ўзброеныя сілы трэба пазіцыянаваць менавіта ў такой якасці. Другі флот ЗША мусіць асацыявацца ў іх не з агрэсіяй, а з праявамі свабоды: ад буржуазнага гольфа і да здаровай эротыкі. Што да бомбавых удараў, то гадзіну таму на Гавану быў здзейснены масаваны авіяналёт В-52 – як вы, зрэшты, і хацелі. Нашы стратэгічныя бамбавозы скінулі сотні тысяч кантэйнераў з гуманітарнай дапамогай, з разліку па адным кантэйнеры на аднаго дарослага кубінца. Стандартны набор: адзін матрац, адна пляшка рому і адзін маракас…

– …гэта такі кубінскі эквівалент звыклага нам сэксу, наркотыкаў і рок-н-рола, – князь Станіслаў Альбрэхт запіў каментар аператывам. – Аднак галоўнае ў падарункавым наборы – капэрта з афіцыйным зваротам Джона Кенадзі звонку і банкнотай у дзесяць даляраў усярэдзіне. На гэтую суму сярэднестатыстычны кубінскі мужчына можа бязбедна жыць цэлы месяц.

– Але ж неба над Кубай шчыльна кантралюецца савецкай супрацьпаветранай абаронай, – разгублена нагадаў цээрушнік. – Няўжо абышлося без інцыдэнтаў?

– Для расійскіх салдат мы распрацавалі адмысловы тып гуманітарнай дапамогі – з улікам іх нацыянальнага разумення сэксу, наркотыкаў і рок-н-рола. Адзін парнаграфічны часопіс для мастурбацыі, адна пляшка спірту і адна балалайка, – адчаканіў Стэсі. – І ўсё выдатна спрацавала: савецкія радарна-лакацыйныя станцыі і ракетныя пускавыя ўстаноўкі былі спаралізаваныя ўжо праз гадзіну.

Знянацку дырэктар ЦРУ адчуў сябе мячыкам для гольфу, які са свістам і паскарэннем ляціць у бяздонным космасе. Ён выдатна ўсведамляў «як?..», але не цяміў «нашто?..»

– Разумею вашу разгубленасць, містар Далес, – прымірэнча пасміхнуўся Джэкі. – І шчыра перапрашаю за тое, што не паінфармаваў вас пра нашы планы раней. Так, Чэ Гевара – некіруемы псіхапат, і мець з такім справы куды страшней, чым з прамаскоўскім фанатыкам Кастра, пасіянарным і прадказальным. Але кубінская галеча змяніла веру з Фідэля на Чэ… Калі гэтыя абібокі праляжаць матрацы, выжлукцяць ром і раструшчаць маракасы, а гуманітарныя даляры павытрачаюць на прастытутак і баі пеўняў, ім зноў захочацца рэвалюцыі. Пакуль такая рэвалюцыйная сітуацыя не саспела, мы мусім пераканаць Маскву, што шырокія народныя масы на чале з Чэ Геврам нас татальна падтрымліваюць. І зрабіць містару Хрушчову вабную прапанову: мы аднаўляем ва ўладзе звыклага для іх Фідэля, а наўзамен патрабуем стварэння нашай Кубы ў іх сацыялістычным канцлагеры.

– Класічная бартарна-клірынгавая здзелка з высокім прафіцытам, – падсумаваў Станіслаў Альбрэхт.

Гавана ўжо была відна няўзброеным вокам. «Форэстал» стаў на рэйдзе так, каб гіганцкі экран праектара акурат апынуўся на траверзе кубінскай сталіцы. Манро спявала, аркестр граў, каманда шалела. Набярэжная, нягледзячы на позні вечар, набрыняла густым святочным натоўпам.

На палубе ўспыхнуў пошукавы супрацьлодачны пражэктар. Сляпучае сіняе лязо рассекла трапічную цемру, светлавая пляма ўпэўнена паклалася на капітанскі мосцік. Праектар на баявой рубцы імгненна даў буйны план; Джэкі ў паставе Статуі Свабоды. Пастаўлены іміджмейкерамі позірк адлюстроўваў веліч місіі. Набярэжная выбухнула шалёнай авацыяй, і на яе наклаліся ўзнёслыя воклічы «Віва эль грынга!..» і «Віва эль долар!..»

Перамога была хуткай, бліскучай і бяскроўнай; дырэктару ЦРУ заставалася адно вызнаць паразку.

– Ідэя, наколькі разумею, належыць містару Радзівілу? – удакладніў ён.

– Але, каб вам не было крыўдна, давайце назавём усё гэта «планам Далеса», – высакародна прапанаваў нашчадак літвінскіх феадалаў. – Спадзяюся, вы згодны?..


Глава 13

Чырвоная плошча сляпіла кумачамі сцягоў і глушыла меддзю маршаў. Каробкі пяхоты чаканілі рытм. Бясконцыя калоны бранетэхнікі з лязгатам уцягваліся на парадную дыстанцыю перад Маўзалеем. Па-над мешанінай штандараў, плакатаў, балонікаў і чалавечых галоў лунала бадзёрае:

– З сорак чацвёртай гадавінай Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі, дарагія таварышы!.. Ура-а-а-а!..

Таварыш Хрушчоў абапёрся аб граніт трыбуны, у чарговы раз памахаў рукой, глянуў наніз. Па плошчы грукатаў падвоены ланцуг цыклапічных самаходных гаўбіц для стральбы ядзернымі снарадамі. Вочы Першага сакратара ЦК КПСС наліліся празрыстым блакітам.

– Чуеш, Радзівон Якаўлевіч, – Мікіта Сяргеевіч штурхнуў у бок міністра абароны Маліноўскага, няўлоўна падобнага да гутаперчавай шафы, зацягнутай у шэры маршальскі шынель. – Трэба было паставіць такія на Кубе – і па Флорыдзе! А потым імгненны паветраны дэсант на Маямі, Вашынгтон і Нью-Ёрк, га?!.. Хто тыя янкі супраць рускага штыка?.. Ат, шкада, што я тады не Фідэля паслухаўся, а вас з Суславым і Шэлепіным…

– Таварыш Фідэль Кастра пагэтуль знаходзіцца пад хатнім арыштам і сувязі з ім ужо няма, – асцярожна нагадаў Маліноўскі. – Жывы ён тамака ці не – невядома таксама. Гаванскую хунту ўзначаліў аргенцінскі фашыст Чэ Гевара, крывавы кат і стаўленік самых рэакцыйных колаў амерыканскай ваеншчыны. І дамовіцца з гэтым адмарожаным на ўсю галаву даўбаёбам практычна немагчыма.

– Ды ну вас усіх… Такі момант прасралі!.. – раздражнёна адмахнуўся Хрушчоў і скасавурыўся ў бок замежнікаў, якія сачылі за парадам з трыбуны ганаровых гасцей.

Вайсковыя аташэ капіталістычных краін вытрымлівалі на тварах дыпламатычны фасон; дэманстрацыя бязлітасна-пераможнай моцы Савецкага Саюза ўвідавоч пасылала ім сігналы, напоўненыя зашыфраванымі пагрозамі і прыхаванымі сэнсамі. А вось прадажныя заходнія журналісты бессаромна шчоўкалі фотаапаратамі і па-шпіёнску блішчэлі лінзамі.

Паветра загусцела хіжым гулам. На плошчу паклаліся гіганцкія рухомыя цені: над Масквою велічна праплывалі стратэгічныя бамбардзіроўшчыкі Ту-95. Празрыстыя прапелерныя дыскі зіхацелі сонечным пылам. Зоркі ганарліва палымнелі на дзюралевых крылах.

Мікіта Сяргеевіч прывітальна памахаў бамбавозам, прашаптаў засяроджана:

– Не, дарагія члены Палітбюро… Я вам пакажу, што такое дэмакратычны цэнтралізм і кузькіна маць! Калі Першы сакратар вырашыў бамбіць амерыканскіх імперыялістаў, значыцца – бамбіць іх нах!..

Дый апошнюю просьбу таварыша Кастра трэба выканаць, – Хрушчоў штурхнуў локцем старшыню КГБ: – Алё, Шурык, не спі, а то змерзнеш! Дык што нам з братнім кубінскім народам рабіць? Дапаможам?

Шэлепін ледзь заўважна зварухнуў вугалком каменнага рота: маўляў, ды з прыборам я клаў на тых трапічных гамадрылаў з іх рэвалюцыйнымі лозунгамі і валасатымі камандантэ! У сітуацыі вакол Кубы яго цікавілі хіба што шалёныя сумы ў валюце, якія праходзілі праз яго ведамства па графе «дапамога нацыянальна-вызвольным рухам».

– Вы ж, Мікіта Сяргеевіч, самі пагадзіліся, што спярша трэба раскласці амерыканскіх імперыялістаў з сярэдзіны, – далікатна нагадаў галоўны чэкіст вынікі размовы ў Піцундзе. – Наша рэзідэнтура ўжо прафінансавала новыя дозы сэксу, наркотыкаў і рок-н-рола, якія неўзабаве будуць упырснутыя ў згнілае цела Злучаных Штатаў. Што тычыцца супрацьдзеяння гэтай заразе ў СССР, то намі распрацаваны звышсакрэтны гіб...

– Глядзі, глядзі!.. – Першы сакратар азартна прыўзняўся на дыбачкі і выцягнуў шыю.

Перад Маўзалеем у пякельным грукатанні праходзілі цягачы з прычэпленымі балістычнымі ракетамі даўжынёю ў палову Чырвонай плошчы. Брукаванка рыпела і прагіналася. Атрутныя чорныя выхлапы шматкамі ляцелі да ўрадавай трыбуны.

Хрушчоў праводзіў ракеты зачараваным позіркам, і яго вочкі наліліся ганарлівай слязою за дзяржаўную веліч СССР.

– Як прыгожа ідуць, ну проста Вялікі Тэатр і «Лебядзінае возера»!.. Во, Шурык, дзе моц! Адна такая ракета – і паловы Амерыкі як не было! А ты кажаш: рок-н-рол, наркотыкі, махнатка…

Калона цягачоў з балістычнай зброяй уцягвалася ў гарлавіну каля сабора Васіля Блазнаватага, азіяцкія цыбуліны якога прасвечваліся праз шчыльную чырвань сцягоў. Калі апошні цягач наблізіўся да Лобнага месца, Мікіту Сяргеевічу падалося, што шматтонная межкантынентальная ракета падскочыла на бруку пругка і лёгка, бы аэрастат паветранай загароды…

Хрушчоў заплюшчыў вочы, а калі зноў паглядзеў у бок Лобнага месца, цягача ўжо не было.

– Радзівон Якаўлевіч, – напружана прашаптаў ён міністру абароны. – Ты бачыў? Ракета нейкая дзіўная. Кісялём варушыцца!..

– Ракета як ракета, – знізаў плячыма Маліноўскі. – У нас такіх сотні, мы іх, што тыя сасіскі, вырабляем… Стаміліся вы, Мікіта Сяргеевіч!.. Адпачываць трэба часцей.

Куранты ўрачыста прабілі дзяржаўны поўдзень. Вайсковая частка парада заканчвалася. Перад Маўзалеем чаканілі крок апошнія каробкі пяхоты, і падэшвы сінхронна бразгалі падкаваным металам па бруку.

Маршал Маліноўскі замілавана цешыўся адборным страявым матэрыялам. Старшыня КГБ Шэлепін інтымна схіліўся да вуха галоўнага ідэолага Суслава. Хрушчоў нецярпліва паглядаў на гадзіннік: у Крамлі ўжо, напэўна, накрывалі сталы, а перад Маўзалеем яшчэ мелася прайсці пратакольная калона працоўных з транспарантамі, спадарожнікамі і кукурузінамі.

Перспектывы ўрачыстага банкета змусілі Мікіту Сяргеевіча амаль пазабыцца на невытлумачальнае хістанне ракеты, якое сапраўды магло яму прымроіцца. На Чырвонай плошчы з’явіліся фізкультурнікі з піянерамі. Шырокія народныя масы дэманстравалі гарачую падтрымку, вымахвалі кумачамі і са спрытам жывых аўтаматаў групаваліся ў гіганцкія словы «СССР», «КПСС» і нават у цэлыя лозунгі.

А па службовых сходах Маўзалея ўжо падымаўся фельд’егер з пакетам у руках. Ён трэніраваным рухам крануў Хрушчова за плячо, працягнуў пакет і імгненна выпарыўся з трыбуны.

* * *

Святочны банкет у Георгіеўскай залі Крамля адкладаўся на няпэўны час: адразу пасля параду Мікіта Сяргеевіч загадкава знік.

Члены Палітбюро разгублена тапталіся каля сталоў з халоднымі закускамі на гербавых сервізах і напружана пазіралі на гіганцкія залачоныя дзверы. Афіцыянты ў чорных, бы ў заможных трунароў, стройчыках без дай патрэбы праціралі крышталь, далікатна дзінькалі срэбрам прыбораў і папраўлялі карункавыя сурвэткі.

Хвіліны шклянелі і блямкалі. Прысутныя прасякаліся ўсё больш і больш нядобрымі прадчуваннямі за свае лёсы. Маршал Радзівон Маліноўскі, апрануты ў парадны мундзір, нервова бразгаў ордэнамі, бы цыркавы конь наборнай збруяй. Ідэолаг Міхаіл Суслаў учарэпіўся палеартрытнымі кіпцюркамі ў ампірны фатэль. Адказны за абаронную прамысловасць Дзмітрый Усцінаў сутаргава прамакаў лоб пакамечанай насоўкай. І толькі старшыня КГБ Аляксандр Шэлепін выглядаў надзіва спакойным – пра яго напругу сведчылі хіба што хіжыя позіркі, якімі ён абмацваў прысутных.

Дзверы Герогіеўскай залі важка разышліся, нібы створкі шахты балістычнай ракеты. Мікіта Сяргеевіч кантужана прашаркаў па наборным паркеце, плюхнуўся ў фатэль, набулькацеў гарэлкі ў трохсотграмовы фужэр для крушону і выпіў нагбом. Ён нагадваў свінаматку, якая ў нейкі цуд пазбегнула нажа рэзніка, але паабяцала наўзамен аддаць яму найлепшага парсюка з прыплоду.

Хрушчоў адрыгнуў, падчапіў відэльцам грыб, занюхаў і толькі потым закусіў.

– Яны ахуелі... – упала ў касмічнай цішыні залі.

– Хто, Мікіта Сяргеевіч? – спачувальна ўдакладніў Шэлепін.

– Хто, хто… Сэры і херы ў паліто! Амерыканцы, а то хто ж яшчэ?! – Першы сакратар ЦК КПСС быў гатовы вось-вось сарвацца ў істэрыку. – Я толькі што з гэтым выпердышам па тэлефоне гаварыў, з Кенэдзі! Імперыялісты без адзінага стрэлу захапілі Гавану. Яны згодныя аднавіць ва ўладзе Фідэля Кастра і нават дазволіць яму будаваць на Кубе камунізм з усім, што з гэтага вынікае. Але ведаеце, што Кенэдзі запатрабаваў наўзамен?.. Не ведаеце?.. То слухайце…


Глава 14

Дзяржаўныя ўрачыстасці праходзілі ў Нясвіжы прыстойна.

Пасля святочнай дэманстрацыі старэйшыя пацягнуліся па хатах: выпіваць за Кастрычніцкую рэвалюцыю і глядзець па тэлевізары крамлёўскі канцэрт. Маладыя прагнулі весялосці і кахання. Весялосцю адорвалі на Плошчы: народныя гулянні з духавым аркестрам і перасоўным буфетам. А каханне можна было пабачыць у кінатэатры, куды завезлі новы фільм з Мэрылін Манро.

Пунсовыя сцягі матляліся ў бляклым блакіце. Заакіянская бяляўка гарэзліва пасміхалася з афішнае тумбы. Да кіназалы сцякаліся рамантычныя пары. Народ паважна прапусціў санітарны УАЗ, які збочваў праз ходнікі. Фургон абдаў мінакоў ядучым выхлапам і спыніўся ў цёмным закутку.

Неўзабаве з цемры выплыў каларытны дзяцюк, апрануты ў эстэтыцы савецкага мінімалізму: кірзачы, галіфэ, ільсняная армейская ватоўка і салдацкая вушанка з чырвонай зоркай. Постаць агламошвала габарытамі і нерастрачанай моцай – салдат быў крыху меншым за статую правадыра перад Домам піянераў. Твар міжволі наводзіў на думкі пра ратныя подзвігі і ваенна-палявую хірургію: скура колеру гарэлага мяса, нізкі шнараваты лоб і цяжкія надброўныя дугі з глыбока пасаджанымі вачыма.

Звяружны волат падышоў да афішнае тумбы, з нянавісцю глянуў на Мэрылін Манро і агрэсіўна загырчэў. Мінакі шарахнуліся. Школьніца з шыкоўнымі белымі бантамі танютка войкнула. Валацужны сабака злякана падціснуў хвост, віскнуў і ўцёк.

Дужыя валасатыя пальцы расшпілілі ватоўку. З гімнасцёркі бліснуў ордэн Леніна. Пад узнагародай чарнела шырачэзная мясніцкая сякера, заткнутая за салдацкі рэмень. Дзяцюк зухавата выхапіў сякеру і ўсадзіў ў твар красуні па самы абух. Лёгка прыўзняў тумбу на дзяржальні і, бы тым паленам, храбыснуў аб брук. Колькі ўдараў ляза – і ад масіўнага цыліндра засталася піраміда ўломкаў.

Натоўп імгненна здзьмула на дальні бок вуліцы. Твары скрывіліся ў неўратычнай разгубленасці. Узнікла лёгкае адчуванне страты рэальнасці, якое звычайна здараецца падчас цыркавога распілоўвання людзей.

Тым часам салдат сеў на лаўку, адклаў зброю і тужліва схіліў голаў – нібы прыгадаў варожы артабстрэл, смерць баявых сяброў і апошняю гранату ў баі супраць пяці фашысцкіх танкаў. Ён не выдаваў на вар’ята ці падпітага: трымаўся роўна, глядзеў цвёрда, смуткаваў шчыра.

У паветры віяланчэльнай струною пульсавала напруга. Волат нерухоміў бронзавым помнікам. Народ чакальна паглядаў, што будзе далей. Час запаволіўся, загусцеў і ашклянеў, нібы смалісты нацёк на сосне.

Нарэшце, у натоўпе не вытрымалі.

– Дзядзька, ну нашто ты пасек прыгожую бялявую жанчыну? – запытаўся нехта нябачны і палахліва змоўкнуў.

Дзяцюк падняўся, агрэсіўна глянуў паверх галоў і шалёна заварочаў налітымі крывёю вачыма.

– У ябала – хочаш?!.. – зароў ён нялюдска нізкім басам.

– За што?!.. – сумеўся нябачны.

– Ты ж фашыст, блядзь!!!.. – салдат тыцнуў у бліжэйшыя твары фотаздымкам: стацыянарная шыбеніца, савецкія патрыёты з петлямі на шыях і купка шчаслівых эсэсаўцаў, прытым на першым плане свяцілася бялявая арыйка, вельмі падобная да Мэрылін Манро. – Ты за іх, сука?!..

– Ды ў мяне тата загі…

– Дык ты, удрота, на забойцу свайго бацькі прыйшоў любавацца?!.. – раз’юшана выбухнуў волат, цяжка задыхаў і ўтаропіўся ў білетную касу з плакатам амерыканскага фільма. – Хто тут не за фашыстаў – здзірайце на хер карцінкі з нямецкай падсцілкай!..

Натоўп здрыгануўся і сцяўся, рыхтык працяты электратокам малюск: гэта быў ужо заклік да хуліганства, пагрому, а мажліва, нават да бунту.

Вядома ж, салдат быў героем. Магчыма, амерыканская бяляўка з афішы сапраўды вешала патрыётаў. Але падпарадкавацца мяцежным словам не дазвалялі закон, традыцыі і прыродная любоў да парадку.

А да месца здарэння ўжо паспяшаў міліцыянт. Ён няверліва агледзеў уломкі тумбы, ацаніў парушальніка з мясніцкай сякерай і на ўсялякі выпадак спыніўся наводдаль.

– Вашы дакументы, грамадзянін!

– Шо?! – дзяцюк люта бліснуў вачыма, ірвануў на грудзях ватоўку і выставіў напаказ ордэн Леніна. – Вось мой дакумент!..

Праваахоўнік пацягнуўся да кабуры, але, глянуўшы ў дзецюковы грудзі, адразу адсунуў руку. На баку волата былі звяружная моц, акопная праўда і высокая дзяржаўная ўзнагарода. Яго можна было толькі забіць, але забіваць яго было нельга.

Пакуль міліцыянт разважаў, што зрабіць найперш – разганяць народ ці звязацца з начальствам, – ад санітарнага УАЗа аддзялілася цыбатая постаць і кароткай фразай выкінула мянта з краявіду.

Напруга адразу згасла – улада відавочна не збіралася караць ані падбухторшчыка, ані тых, хто выпадкова апынуўся побач. У натоўпе з’явіліся спачувальныя посмешкі: антыфашысцкая прапаганда выклікала спагаду.

Звераваты гігант загырчэў у прыязнейшай інтанацыі:

– Хулі вы як нярускія?.. Здзірайце гэтую гітлераўскую поскудзь, дзе толькі пабачыце!..

Прахалодны ветрык шліфаваў засівераныя твары. На вуліцы запаліліся ліхтары, каламутныя жоўтыя дзьмухаўцы з хісткімі німбамі наўкол. Патаптаўшыся вакол волата, народ моўчкі пасунуўся па хатах; святочным вечарам хацелася хатняе ўтульнасці і сяброўскіх размоў, а не зухаватых і падазроных подзвігаў.

З героем, аднак, засталося з тузін рашучых і прагных: школьнікі, пэтэвэшнікі і маладыя калгаснікі.

Дзяцюк дзелавіта расклаў з уломкаў вогнішча, сеў на кукішкі і з выглядам пераможцы на руінах Рэйхстага запаліў беламорыну. У вагні палалі і курчыліся пашкамутаныя плакаты з Мэрылін Манро, якія маладзёны толькі здолелі знайсці ў Нясвіжы. На юнацкіх тварах палымнелі гераічныя міражы.

Дзяўчынка з шыкоўнымі белымі бантамі запыталася з павагай:

– Таварыш ветэран, а колькі гадоў вы супраць фашыстаў ваявалі?

– Ад званка да званка, – волат цвыркнуў доўгай жоўтай слінаю на барвовыя вуголлі. – Стаялі насмерць. І я вас, підары, навучу светлым ідэалам!..

* * *

– …па дакументах нашай лабараторыі ён праходзіць як «ГіБрыд», ці «ГэБэ», калі скарочана, – доктар Паўлаў засяроджана сачыў за дзецюком праз прыладу начнога бачання. – Але ж выглядае амаль як чалавек. Ды й звяртацца да яго неяк трэба. Вось і прыдумалі яму сугучны аператыўны псеўданім: Гаўрыла Батыеў.

Чэрава санітарнага УАЗа нагадвала мініяцюрны начальніцкі кабінет: дываны на сценах, партрэт правадыра і столік са скуранымі фатэлямі. У стылістыку не ўпісваўся хіба што закратаваны закуток напалову салона, відавочна перанесены з аўтазака.

Загадчык сакрэтнай лабараторыі адклаў прыладу. Нервова пашкрабаў жывот, прасветлена пасміхнуўся лабарантцы Каці, прымружыўся на немаладога цыбатага дзядзьку з посным тварам вахцёра.

– Ну што, дарагія таварышы. Першы выхад у свет нашага гадаванца атрымаўся надзіва ўдалым, – Паўлаў выцягнуў з-пад століка пляшку каньяку з гранчакамі, разліў узважанай рукою хірурга. – Прапаную адзначыць чарговую перамогу савецкай навукі.

– Гэта Ленінская прэмія, таварыш палкоўнік медычнай службы! – мовіла Каця ціха і пранікнёна. – Шкада, як закрытым спісам дадуць. Але, з іншага боку, не друкаваць жа пра стварэнне новага тыпу савецкага чалавека ў газеце «Правда»!

– Чаму «ГэБэ» – зразумела, – цыбаты засяроджана панюхаў каньяк, выдыхнуў і інстынктыўна пашукаў вачыма кіслы гурок. – Сапраўдны, клапом смуродзіць! Але чаму ён…

– …чаму менавіта «гібрыд»? – доктар выпіў нагбом, выцер далонню рот. – Усё проста: маці ў яго гарыла, а тата – рускі. Звычайнае міжвідавае скрыжаванне. Дазаванае апраменьванне пры атамным рэактары з мэтай мутагенезу. Эпіляцыі, імплантацыі, пластычныя аперацыі. Заняткі з дрэсіроўшчыкам, лагапедам і палітруком. Апошняю шліфоўку і першыя выпрабаванні даверылі нашай лабараторыі. І ўсё, як бачыце, атрымалася!

Цыбаты на знакі паказаў, што за гэта варта выпіць зноўкі.

– Але ж занадта пільны маёр з мясцовага райаддзела гэбэ… -– нагадала лабарантка нясмела.

– Пяткевіча яшчэ раз папярэдзілі, каб не лез не ў свае справы, – адмахнулся Паўлаў. – Для яго ўжо падрыхтаванае інфармацыйнае паведамленне, якое ён назаўтра і адправіць кіраўніцтву. Маўляў, у дзень Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі шырокія народныя масы выказалі стыхійнае абурэнне дэманстрацыяй нізкапробнага амерыканскага фільма, які прапагандуе гвалт, сэкс і заняпад нораваў. «Мы не дазволім разбэшчваць нашу моладзь!» – заявіў Гаўрыла Батыеў, удзельнік Вялікай Айчынай і заслужаны ардэнаносец.

– Ордэн ваш жыўчык з ветэраншы садраў, якую ледзьве не згвалціў? – удакладніў цыбаты з крывой посмешкай.

– А нягож не!.. – шкляныя вочкі палкоўніка медычнай службы бліснулі нездароўчым захапленнем. – Узяў трафей – дык і добра; а то што за герой без ордэну? І ўжо заўтра па горадзе пойдуць гуляць байкі пра франтавыя подзвігі нашага гібрыда. Як пад Сталінградам сяржант Батыеў кінуў гранату, якія забіла трыццаць фашыстаў, а потым выбухнула. Як з сякерай на Курскай Дузе ён быў страшнейшым за танк. А без сякеры – і ўвогуле танкам!

Вогнішча перад кінатэатрам палала ўжо з паўгадзіны. Барвовыя водблескі клаліся на сцены і брукаванку ліпучымі камуфляжнымі плямамі. Доктар прыклаў акуляры шпегунскага апарата да вачэй: волат, мяркуючы па звяружных грымасах, даваў юнакам урок мужнасці. Па коле пайшла біклажка спірту пад бляшанку тушонкі.

Карціна схіляла да чуллівага маналога. Паўлаў накаціў, хэкнуў, энергічна пачухаў геніталіі і натхніўся на сола.

– Звычайны дарвінізм, можаце пераканацца самі, – доктар перадаў апарат цыбатаму. – Калі харызматычны альфа-самец прымае у свой статак несвядомых маладзёнаў, у апошніх з’яўляецца адчуванне асэнсаванасці жыцця і падвышаецца самаацэнка. Статак набывае статус, чым і вабіць неафітаў, якія ўсведамляюць сваю непаўнавартаснасць і прагнуць зацвердзіцца ў вачах аднагодкаў праз сяброўства з героем. З цягам часу мы атрымліваем сімпатычную хеўру з выдрэсіраваным дамінантным самцом, жорсткай іерархіяй і жалезнай дысцыплінай. Раскажыце ім каля вогнішча пра фашызм, нагадуйце тушонкай са спіртам і пакажыце на ворага – і хеўра без ваганняў пашматуе яго, бы той плакат. Гэта і ёсць наш адказ амерыканскім імперыялістам з іх хвалёнымі свабодамі: сэксам, нар…

Знянацку ад вогнішча данеслася жывёльнае скавытанне ў пачварна нізкай танальнасці:

– У-у-у!.. У рот, у душу і ў дупу!..

Паўлаў схамянуўся, адставіў шклянку, сувора ўтаропіўся ў Кацю:

– Сюды яго цягні па-хуткаму, а то яшчэ згвалціць каго незнарок! Твая, між іншым, недапрацоўка!..

– Я яму сёння ўжо двойчы драчыла, таварыш палкоўнік, – лабарантка паспешліва адчыніла дзвёрку. – Як вы і загадалі: зраніцы і акурат перад выездам сюды…

– Я сказаў – хутка!..

Дзявуля паслухмяна зацокала абцасамі да вогнішча. Цыбаты коратка і цынічна рагатнуў. Доктар Паўлаў нервова пачухаў шыю, выйшаў з фургона, зашаргацеў цыгарэтным пачкам.

Ад Замкавага возера цягнула пранізлівым халадком. Вуголле інтымна ружавела ў ліловай імгле. Каця кранальна схілілася да вуха Гаўрылы Батыева, але адразу адскочыла – волат з нечаканым для яго камплекцыі спрытам цапнуў дзявулю за азадак.

– Мы ўвесь свет паставім ракам, усіх нярускіх – ломам у сраку!.. – пераможна разнеслася па начным Нясвіжы.

– На жаль, лібіда ў гібрыдаў амаль не кантралюецца, – скрушна засведчыў доктар. – Можна хіба што рэгуляваць.

– Сухадрочка для такога прыгожага палаваспелага самца – гэта неяк ненатуральна! – заспачуваў суразмоўца. – Яму б ладную самачку!

Лабарантка спраўна выканала загад: неўзабаве Гаўрыла Батыеў, пажадліва пускаючы сліну, стаяў ля расчыненых дзвёрак фургона. Вочы зіхцелі бутэлечным шклом, ноздры шалёна раздзьмуваліся, пальцы дрыжэлі – ён відавочна ўзбудзіўся.

– Расцвіталі яблыні і грушы, паплылі туманы над ракой! – шчасліва загарлаў дзяцюк у прадчуванні аргазму. – Выхадзіла на бераг Кацюша…

Доктар па-бацькоўску паклаў лабарантцы руку на плячо.

– У яго, Кацюша, сёння быў вельмі цяжкі дзень. Так што табе трэба пастарацца!

– Зробім, зробім, – лабарантка спрактыкавана нацягнула медычныя гумовыя пальчаткі і адступіла, прапускаючы гібрыда ў салон. – Пайшлі, Гаўрык! Толькі вы, таварыш палкоўнік медычнай службы, не падглядайце!

– Кацюша! – паўтарыў Паўлаў з націскам. – Гэтым разам табе давядзецца задаволіць яго не рукамі, а іншым месцам.

– Я… кім? – сумелася дзеўка.

– Тым самым, якім цябе мамка на свет нарадзіла!

Каця разгублена адступіла. Твар яе пайшоў барвовымі плямамі, вочы набрынялі, нос завастрыўся.

– Як гэта… Я не хачу, нехачу, нехачунехачу!.. – прашаптала яна і зашморгала носам. – У мяне ж хлопец ёсць, з мінскага Упраўлення… Прыгажун, разумнік, герой… уласнаруч прысуды выконвае!

Гібрыд гупаў у салоне рытмічна і нецярпліва. Позірк доктара Паўлава ціснуў з цяжкасцю танка. Лабарантка пашукала раскаардынаванымі вачыма пункт апірышча і спынілася на твары цыбатага.

– Таварыш начальнік рэжыму!.. – залапатала яна ўмольна. – Ну хоць вы растлу…

– Не выканаеш загад кіраўніцтва, таварыш лейтэнант Дзяржаўнай Бяспекі, – твой хлопец выканае цябе, – жорстка адсек той і прыўзняў далонь з сухімі кашчавымі пальцамі. – Ды я ў трыццаць сёмым такіх сабатажнікаў вось гэтай самай рукою…

Доктар абняў дзявулю, прыціснуў, пяшчотна пацалаваў яе ў голаў.

– Кацюшанька, дзяўчыначка ты мая любая, – прамовіў ён ясна і пранікнёна. – Я не магу табе загадваць як начальнік і старэйшы па званні. Я магу толькі папрасіць. Як адзіную дачку… Трэба – разумееш? Не для мяне асабіста, Каця. Для нашай з табою Радзімы. Для абароны роднай дзяржавы ад сусветных імперыялістаў. Для перамогі савецкай навукі, у рэшце рэшт! Згадай бязвусых пацаноў, якія паклалі маладыя жыцці пад Сталінградам! Думаеш, у іх не было каханых? Ці, можа, ім так хацелася паміраць? А цябе нават паміраць ніхто не прымушае… Пакуль што.

Дзявуля пранізліва ўсхліпнула, крыху павагалася, але пайшла ў салон. Доктар запаліў цыгарэту, выцягнуў з кішэні плашча чарговую пляшку, скруціў корак.

– Ну, за баб! – палкоўнік медычнай службы падміргнуў, каўтануў проста з рыльца, працягнуў суразмоўцу.

– Усе савецкія бабы – тупыя блядзі, – адмахнуўся цыбаты, і ягоны вахцёрскі твар заплыў халоднай грэблівасцю. – Самы ненадзейны элемент.

– Затое які прыемны! Не кажучы ўжо пра іх прыродную патрыятычнасць. У цяжкія для Радзімы часы гэта сапраўдны інкубатар народных гераінь!

З фургона данёсся кароткі пранізлівы войк, потым – яшчэ адзін, потым – яшчэ… Праз колькі секунд УАЗ хадзіў рытмічным ходарам, рыхтык нягеглы бліндаж падчас бамбёжкі. Раптам з сярэдзіны шалёна заскавытала, нібы там жыўцом смажылі котку, але скавытанне заглушыў густы жывёльны рык у ненатуральна нізкім рэгістры.

І ўсё сцішылася.

Доктар засяроджана запляваў недапалак, сунуў пляшку ў кішэню, прыадчыніў дзвёрку і асцярожна глянуў усярэдзіну. Каця ляжала на падлозе з задранай спадніцай, у калюжыне цёмнай ліпучай крыві. Вочы яе глядзелі нерухома.

– Зноў лабарантку трэба выпісваць, – стомлена канстатаваў Паўлаў. – Трэцюю за апошнія паўгода.

– Нашто спатрэбілася падкладаць яе пад малпу менавіта цяпер? – цыбаты пасунуўся за стырно.

– Героя трэ было тэрмінова ўлагоджваць. Узбудзіўся занадта. Каб не самаахвяроны подзвіг нашай Каценькі – адымеў бы нас тут абодвух, рыхтык калгаснага бугая Чапаева, – доктар спакойна пераступіў праз труп, пасеў да вакна і па-свойску падміргнуў гібрыду; той сядзеў у закратаваным закутку на кукішках і сытна адрыгваўся. – Ну што, мацёры чалавечышча, задаволены?


Глава 15

Гольчаты прамень працяў ватную хмару. Могілкі на аплылым кургане зацяпліліся вечаровым дымным святлом, і росы на капцах ўспыхнулі прывіднымі лампадкамі.

Дзядзька ў дбайна начышчаных ботах, схіліўшыся над магільным камянём, засяроджана саскрабаў лішайнік і бруд. Пад пальцамі праступалі рыскі, падобныя да расколін, складаліся ў літары, словы і лічбы. Апошняй праявілася дата смерці: «1947».

– Мама… – прашаптаў ён ледзь чутна.

Вяршыні соснаў гойдаліся пад нізкім шурпатым небам, сеялі сухія хваінкі на крыжы, камяні і сцежкі. Дзядзька старана абшкроб надмагілле, падняўся, прымружыўся ў далягляд. Пажухлая паша з плямістым статкам, бурыя скірды, жоўты прасёлак наводдалі... Вочы звыкла шукалі гонтавы дах дзедаўскага хутара праваруч кургана, але цяпер на тым месцы залаціўся малады беразняк.

Ён асцярожна пасунуўся між безыменных капцоў і крыжоў з сатлелымі лахманамі павязаных даўным-даўно рушнікоў.

І спыніўся.

На ўскрайку кладаў, сярод растаптаных гурбаў зямлі і прымятага кустоўя, цямнелі праваленыя прамакутнікі магіл. Блізка курганнага адхону ўзвышаўся акуратны штабель выкарцаваных каменных надгробкаў у свежай глебе. Раскатаны след аўтамабільных пратэктараў цягнуўся да прасёлка.

А ад калгаснага статку ўжо тупала скотніца, старэча ў ільснянай ватоўцы і заношанай хустцы, з сухім прутком у руках. Падышла, агледзела незнаёмца пранізлівым хутарскім вокам, ледзь заўважна здзівіліся яго нетутэйшаму выгляду…

– Пахаваны ў вас тут нехта, ці як? – спыталася недаверліва.

Хустка ў старой была завязаная, як калісьці ў мамы. І пруток яна трымала так жа сама, як маці, калі тая пасвіла кароў – перад сабою.

– Пахаваны… А што за нелюдзь магілы апаскудзіў?

– Ананій Міроныч, старшыня наш, кажа – мерцвякі, маўляў, усю гару захапілі. Кладачкі распахаць хоча, а старыя надмагіллі на шчабёнку пусціць, на галоўнай сядзібе дарогу падсыпаць, – патлумачыла старая будзённа. – А вы, пэўна, з самога Мінска? Ці з праверкай якой, ці проста?

– Проста з праверкай.

Скотніца патапталася вакол мужчыны, трывожна ўгледзелася ў яго вочы і мовіла нібы сама сабе:

– Да Мані Крукоўскай сына падобны. Але ж таго, кажуць, Саветы ў сорак пятым забілі…

Дзядзька скамянеў тварам: наконт маці старая не памылялася. Дый і сам ён, здаецца, пазнаваў скотніцу – цётку Агнэсу, стрыечную маціну сястру…

– Да калгаснай сядзібы далёка?

– То хадзем пакажу. Мне ўжо статак назад гнаць…

Халоднае сонца хавалася за зубчастым лесам. Ад балотаў наплы-ваў зяблівы туман. Цярплівыя, добрыя і стаічныя каровы цягнуліся прасёлкам. Цётка Агнэса, радая нагодзе, распавядала пра жыццё. Маналог яе гучаў экзінтэйцыйна, бы малітва дзіцёнка, і прастадушна, як скарга ў сельсавет: няшчымніца, хваробы, здрабнелая бульба і старшыня калгаса «Чырвоны шлях», капрызлівы і фанабэрысты паночак… і за што на нашыя галовы такое ліха?..

– Вось ваш старшыня магілы дзядоў-прадзедаў нішчыць, а вы нават не абураецеся, – упікнуў спадарожнік. – Значыцца, годнасці ў вас няма, а як няма – то й цярпіце, што маеце. Хіба хлопцаў у вёсцы не засталося, каб таго нелюдзя па-цёмнаму падпільнаваць?

– Вой, што вы такое гаворыце! – скотніца перайшла на прыдушаны шэпт і нават адступіла на які крок, каб дыстанцыявацца ад крамолы. – Тыя, хто ўладай абураўся… то няма іх даўно. Хто ў Сібіры, а хто і ў зямлі. Дый у калгасе цяпер усё адно лепш, чым у вайну! За немцам бульба яшчэ драбнейшай радзіла!..

На калгаснай сядзібе было ціха, цёмна і сумна. Патыхала гноем, сцюдзёным капусным водарам і познімі кветкамі.

Агнэса пільна ўглядалася ў госцеў твар, эстэтычна чужародны калгасу, і ўваччу яе чыталася збянтэжанасць.

– Гавораце па-нашаму, а выглядаеце неяк дзіўнавата, – вынесла яна канчатковы прысуд. – То Маня-нябожчыца вам усё ж кім даводзілася?

– Мне тут усе сваякі, – мужчына агледзеўся. – Чым да Нясвіжа цяпер можна дабрацца?

– Папуткай хіба. Бачыце бляшаны дах? То старшынёва хата. За ёй «Сельпо», а там і дарога на Нясвіж…А як не з’едзеце – у мяне заначуеце, ву-унь тая хата.

* * *

Сінюшнае тэлевізійнае святло разлівалася ў зале, няўлоўна падобнай да падсобкі камісіёнкі: серванты з трафейнымі нямецкімі сервізамі, швейныя машынкі на люстраных шафах і дываны з лебедзямі. У старасвецкім фатэлі раскашаваў мажны свінавокі мужчына – абсмоктваў селядца пад самагон і пяліўся ў тэлеэкран. Тоўстыя пальцы срабрыліся луской, вусны блішчэлі рыбным тлушчам. Блакітныя блікі наліпалі на гаспадарскі твар – гідлівы і сыты, бы ў меланхалійнага вупыра.

Па тэлевізары паказвалі Амерыку: чарнаскурыя дзеткі ў трушчобах, кволыя галадранцы ў чарзе па талерку супу… Сакавіты барытон за кадрам смачна апавядаў пра імперыялізм, каланіялізм, дыскрымінацыю, беспрацоўе і галечу, а таксама пра бездухоўнасць амерыканскага ладу жыцця.

Бездухоўнасць ілюстравалася карцінкай: чорныя лімузіны перад Белым домам, афіцыянты са сподамі і шыкоўныя ўсмешлівыя капіталісты ў шыкоўных смокінгах, якія трымалі пад рукі шыкоўных жанчын у шыкоўных дэкальтаваных сукнях. Барытон патлумачыў, што так эксплуататары марнуюць мільёны, нарабаваныя ў амерыканскага пралетарыяту.

Гаспадар засяроджана дагрыз селядцовую галаву, дапіў, набулькаў і журботна скасавурыўся ў акно. Дашчаная прыбіральня, панурыя шыферныя дахі і лямпа ў бляшаным конусе над ганкам «Сельпо»… Памуліўся, пакрахтаў, ухапіў за хвост чарговага селядца і зноў утаропіўся ў тэлевізійных курваў і джэнтльменаў, гэткіх прывідаў з-за межаў рэальнасці.

– А мы тут, бы тыя пчолкі… – прашаптаў мужчына ці то з агідай, ці то з зайздрасцю.

На падворку бразнуў ланцуг, перарывіста і злосна забрахаў сабака. Гаспадар здрыгануўся, уцягнуў голаў у плечы і баязліва глянуў паверх фіранкі, але адразу ўпікнуў сябе за ўкаранелы рэфлекс: чорныя варанкі па начах ужо восем гадоў як не ездзілі.

Сабака захлынаўся шалёным брэхам, ірваў ланцуг і гырчэў, але знянацку віскнуў і сцішыўся. Мужчына мацюкнуўся, выцер тлустыя рукі газетным камяком і неахвотна пасунуўся ў сенцы. Намацаў у куце сякеру, асцярожна адчыніў дзверы. Пастаяў, паслухаў, высмаркаўся, паслухаў, пашкрабаў ніз жывата, уважлівым позіркам праінспектаваў паўабляцелы сад і сарайчыкі за прысадамі… На падворку панаваў санлівы спакой. Хіба што сабака змоўк падазрона хутка, але ён мог пабрахаць на позняга мінака для блезіру і схавацца ў будцы.

Гаспадар адклаў сякеру, выдыхнуў з палёгкай і пайшоў у залу. Рыпнуў дзвярыма – і сутаргава схапіўся за вушак, каб захаваць цела вертыкальна.

У фатэлі перад тэлевізарам сядзеў зусім незнаёмы дзядзька: каменнае падбароддзе з гранёнай ямінкай, хітраватыя сялянскія вочы пад пукатым лобам… Боты нязванага госця блішчэлі люстэркам. Прыадчыненае вакно тлумачыла спосаб яго пранікнення ў хату, але ж не асобу самога госця, і ўжо тым больш – не мэту яго візіту.

Першай думкай было: зараз незнаёмец зжарэ селядца, выжлукціць самагонку і вынесе тэлевізар, але ж госць відавочна не нагадваў крымінальніка.

– Ты… што тут робіш? – нечаканым фальцэтам прасіпеў гаспадар.

Дзядзька сцішыў у тэлевізары гук, скасавурыўся нядобра.

– Прапануеш адразу на «ты»? Прынята. Ананій Міронавіч Басота – гэта ты?

Пытанне прагучала надзіва спакойна, але ў інтанацыі было нешта ад патрабавання азнаёміцца з ордарам на арышт.

– Ну, я… – на выдыху працягнуў старшыня калгаса «Чырвоны шлях».

– Значыцца, цябе я і чакаю, – госць нетаропка падняўся насустрач.

– А хто ты… хто вы такі? – гаспадар палахліва адступіў.

– Гэта ты загадаў могілкі на кургане распахаць, а надмагіллі на шчабёнку змалаціць? – утыркнулася жорсткае.

Ананій Міронавіч крыху ачомаўся ад першаснага шоку. У галаве ўключыўся працэс мыслення: на адказнага таварыша з райкама госць быў не падобны, а на мянта ці камітэтчыка і пагатоў. Дый не праз акно ж ім трапляць у хату старшыні самага перадавога ў раёне калгаса а дзявятай вечара… ды яшчэ з такім неістотным гаспадарчым пытаннем!

– Пайшоў на хер адсюль! – асмялелы Басота схапіў качаргу, але замахнуцца не паспеў: сталёвай моцы пальцы сціснулі яго запясце, і жалазяка бразнула аб падлогу.

Рука дзядзькі бліснула лязом. У жываце Ананія Міронавіча адразу матэрыялізаваліся шчыльна набіты страўнік, селязёнка, кішэчнік і гладкая пяшчотная пячонка. Воля да супраціву выпарылася імгненна. Дужыя, спрытныя і неласкавыя рукі абшукалі яго кішэні, зарыентавалі да фатэля і ўціснулі ў скураную сідзячку, якая адразу зрабілася цёплай і мокрай.

– Абсікаўся, – амаль спачувальна канстатаваў госць. – Ты што, фінкі ніколі не бачыў? Ці, можа, я такая пачвара?

– Не-не-не, зусім не пачвара! – горача запярэчыў Басота.

– То і не хвалюйся, – абнадзеіў незнаёмец. – Зараз на могілкі паедзем. Тамака «газон» каля канторы – твой?

– Ага… Як гэта на могілкі? – старшыня калгасу зацкавана вырачыў вочы. – А… навошта?

– Не для таго, каб цябе там жыўцом хаваць… Хаця ты таго і варты. То калі я цябе цяпер закапаю, то хто ж твае паскудствы папрыбірае і надмагіллі на месца паставіць?

Ананій Міронавіч закуёўдзіўся на мокрай сідзячцы, заспіеў прыніжана:

– Усё зраблю ў лепшым выглядзе, анягож не… Толькі надмагіллі тыя зацяжкія, каб я адзін іх цягаў, тамака з тузін калгаснікаў трэба. Дый і нашто менавіта ўначы? Заўтра зранку папраўлю, слова гонару!..

– Нашто менавіта ўначы? А таму, што працы ў цябе дні на чатыры сама мала. І працаваць ты будзеш адзін, пакуль усё не зробіш. Раней пачнеш – раней вызвалю. Камяні і саматужкі адужаеш, нават не сумняюся: ты ж у нас Герой Сацыялістычнай працы!.. Усё, збірайся: ломік вазьмі, вяроўкі, сякеру, рыдлёўку і шуфлю. Цяжкая фізічная праца і не такіх перавыхоўвала!..

У словах госця пра перавыхаванне цяжкой фізічнай працай адчуваўся неабвержны практычны досвед, і Басота канчаткова вырашыў рабіць усё, што ад яго запатрабуюць.

– І штаны пераапрані, а то прастынеш і заўчасна памрэш… А мне гэтага пакуль што не трэба!

На тэлеэкране замільгала «Хроніка пяцігодкі»: Хрушчоў з кукурузінамі, Гагарын з піянерамі, фізікі з лірыкамі. Госць выключыў тэлевізар, прыадчыніў дзверы…

…Начныя дрэвы страсалі кроплі ў калюжыны. Ананій Міронавіч, па-зэкаўску склаўшы рукі за спінай, паслухмяна тупаў паперадзе незнаёмца. Старшынёвы «газон» чужынскім браневіком грувасціўся каля канторы.

Мужчына ў начышчаных ботах намацаў у кішэні аўтамабільныя ключы і пасунуўся да дзвёркі кіроўцы…

Трэніраваны зрок знянацку зафіксаваў рэльефны рухомы цень – і нешта доўгае, шэрае і вельмі важкае, што імкліва ляцела проста ў голаў. Ён усё ж паспеў ухіліцца – удар прыйшоўся не ў скронь, а ў патыліцу.

Сусвет закруціўся ў шалёным рытме, задзінкаў і імклівымі жарынкамі разляцеўся ўбакі...

* * *

Галасы гучалі глуха і блякла, бы з-пад пярыны. Першы, жаночы і нібы знаёмы, пераконваў, маўляў, гэты дзядзька адразу падаўся падазроным, вось і вырашыла прасачыць, куды пойдзе. Другі, мужчынскі і таксама знаёмы, абяцаў бандыта прынародна расстраляць, згнаіць на ўранавых рудніках, пасадзіць на кол і спаліць жыў-цом, бо бандыт той зняважыў годнасць паважанага ў раёне калгаснага старшыні.

Паранены ляжаў ніцма на пачарсцвелай зямлі, каля старшынёўскага «газона». Шаргацеў ветрык у кустоўі, ля самага вуха чвякалі падэшвы, і кожны крок аддаваўся хваравітымі ўдарамі ў чэрапе – крохкім, рыхтык яечнае шкарлупінне. Спроба памацаць патыліцу атрымалася няўдалай: рукі былі надзейна звязаныя за спінай.

Удалечыні загойдаліся дзве жоўтыя кропкі, вуліца афарбавалася зменлівай электрычнасцю, гырчэнне аўтамабільнага рухавіка наблізілася і зрэзалася. Мякка чвякнула дзвёрка, і аматар мудрагелістых страт прамовіў з халуйскай інтанацыямі:

– Вось ён, Вікенцій Дамінікавіч, той самы фашыст… Залез да мяне ў хату, агітаваў супраць палітыкі партыі і ўраду ў галіне добраўладкавання савецкай вёскі, а потым захапіў мяне ў палон і паабяцаў на скрадзенай калгаснай машыне адвесці на могілкі, каб жыўцом закапаць!

Голас пасажыра легкавіка таксама падаўся параненаму знаёмым:

– Разбяромся, таварыш Басота… Дарэчы, вы што – выпівалі?

– Факцічаскі не выпіваў. А то як бы я ўзброенага ворага народа абясшкодзіў?

На апошняю фразу наклаўся старэчы ўздых, і жаночы голас дадаў нясмела:

– А яшчэ ён пытаўся – чаму мы, маўляў, жыццём не абураемся. А нашто абурацца – і горшае бачылі!.. Я яму дарогу на Нясвіж паказала, узяла дручок – і следам, бо падазроны занадта. Гляджу – а ён нашага паночка старшыню кудысь вядзе, відаць, на расправу. Што ж, думаю, з намі без калгаса станецца?!..

– Дапамагла мне ворага абясшкодзіць, дапамагла, – высокародна вызнаў Басота. – Вось, глядзіце, якіх узорных калгаснікаў мы выхоўваем: Агнешка Крукоўская, наша скотніца. Культурная жэншчына: дзеці ў яе, карова…

Дужыя рукі прыўзнялі арыштаванага з зямлі, прыгнулі голаў і пацягнулі да шэрай «волгі». Перад тым як машына паехала, Вікенцій Дамінікавіч пільна глянуў у твар пасажыра:

– Доўга ж мы вас, містар амерыканскі дыверсант, шукалі!..


Глава 16

Старамодны чорны «рольс-ройс» глядзеўся у вечаровым трафіку Манхэтэна, нібыта саноўны лорд на рокн-рольнай вечарынцы. Срэбная багіня ганарліва лунала па-над вуглаватым радыятарам. Зашморгнутыя фіранкі сведчылі пра таямнічы статус пасажыраў.

Ліўрэйны кіроўца камянеў за стырном, рыхтык сфінкс. Ён не зважаў ані на даўжэзны зялёны «плімут», які прыклеіўся яшчэ каля Цэнтральнага парка, ані на пранізлівыя аргазмічныя войкі, што даносіліся з-за перагародкі салона; праца ў Станіслава Альбрэхта Радзівіла навучыла не задавацца залішнімі пытаннямі нават у думках.

Лабавое шкло замятала электрычная завея. Юрлівыя стогны праціналі да дрыжыкаў. Зялёны лімузін каціў амаль бампер у бампер. Пераследнікі колькі разоў спрабавалі было праціснуцца наперад, але кіроўца трапным даваротам стырна спыняў падазроны манеўр.

Непадалёк ад Таймс-сквера пажадлівыя гукі ў салоне сцішыліся. «Плімут» крыху паадстаў. Паперадзе расцягнуўся затор мінімум на мілю. З-за перагародкі патыхнула шляхотным дымком кубінскай цыгары, у які ледзь заўважна ўпляталася аскомістая нітка канабісу.

Кіроўца апусціў шкло дзвёркі і механічна адзначыў, што тытунёва-наркатычны букет узбагаціўся нязвыклым жывым водарам, які прымусіў імгненна пазабыцца на ўсе штучныя пахі. Водар відавочна наплываў ад старэнькага дзюралевага трэйлера на ўзбочыне.

І тут на прыборным шчытку замігцеў чырвоны агеньчык. Гэта азначала, што кіроўцу належыць неадкладна спыніцца, выйсці з машыны і суправаджаць пасажыра туды, куды таму трэба.

* * *

Шлёма Шапіра спрытна скінуў з патэльні свежаспечаныя бурштынавыя круглякі, ссыпаў у місу і меланхалічна зазначыў, што ягоны hand made – адзіная натуральная рэч сярод ілюзорнага шыку Таймс-сквера. Арон сунуў пару дранікаў у папяровы пакет, фіксавана пасміхнуўся кліенту і глянуў яму за спіну; чаргі да трэйлера не было...

Фургончык з шыльдай «Шапіто» стаяў у цэнтры Манхэтэна ўжо хвілін сорак. Дранікі раздаваліся проста задарма. Згодна з бізнэсовай стратэгіяй містара Шапіры, публіку трэба было спярша азнаёміць з новым прадуктам, і ўжо калі тая падсядзе на дранікавую голку, перайсці да наступнага этапу.

Рэпрадуктар на дзюралевым даху рэгулярна расстрэльваў Таймс-сквер скарагаворкай: маўляў, карпарацыя братоў Шапіраў мае гонар прапанаваць сакральную страву таямнічага народу пярэваратняў, які жыве за жалезнай заслонай. Асобна падкрэслівалася, што дранікі выпякаюцца па рэцэпце тамтэйшай варажбіткі, падвышаюць імунітэт, нішчаць бацылы, спрыяюць аптымістычнаму погляду на жыццё і за пэўнымі ўмовамі могуць перавярнуць звычайнага нью-ёркера ў дэманічную істоту.

Нягледзячы на крэатыўны паблісіці і процьму патэнцыйна галодных кліентаў, ахвочых пакаштаваць нават задарма выявілася небагата. Прычынай правальнай прамоцыі была шкляная стадола з гіганцкай літарай «М», што свяцілася насупраць. Праз жоўтыя вокны праглядалася бітма набітая зала; публіка пажырала гамбургеры са спрытам землярыйных машын. Клоўн Рональд МакДональд у бязглуздым ружовым парыку вытанцоўваў на паркінгу каля фаст-фуду, спакушаючы галодных і недасведчаных рэкламнымі буклетамі.

Вечаровыя фасады сляпілі штучнымі сузор’ямі. Шкляныя дзверы канкурэнтаў не паспявалі ў руху. Натоўп абыякава абцякаў фургон з экзатычным фаст-фудам. Браты зажурыліся; «Шапіто» ўжо быў у глыбокім мінусе…

Раптам Рональд МакДональд спыніў танцы і здзіўлена ўтаропіўся ў бок трэйлера. Мінакі запаволілі хаду. Шлёма вызірнуў вонкі, ачмурэла хаўкнуў і праліў бульбяное цеста на чаравікі.

Блізка «Шапіто» браненосна прышвартаваўся мільянерскі «рольс-ройс» з зашморгнутымі фіранкамі. Ліўрэйны кіроўца паважна прыадчыніў пасажырскую дзвёрку. У паўцемры салона бліснула шляхотная скура. Зашаргацеў ядваб, цокнулі абцасы, шыкоўная бяляўка схіліла цэлулоідны тварык да акенца трэйлера.

І тут за «рольс-ройсам» пранізліва завішчэў гальмамі зялёны «плімут». З салона высыпала банда рэпарцёраў. Яны імгненна абступілі красуню шчыльным паўколам і ўзвіліся над ёй, нібы вупыры над анёльчыкам. Зашчоўкалі фотаапаратныя затворы, у вусны дзявулі ткнулася колькі мікрафонаў.

– Ці праўда, што Джон Фіцджэральд Кенэдзі стаў вашым чарговым каханкам? – засакатаў першы.

– Для ложка нашага прэзідэнта я яшчэ недастаткова разбэсная! – адпарыравала харашуня ці то з цнотай, ці то са шкадаваннем.

– Значыцца, вы вярнуліся да папярэдняга каханка, містара Радзівіла? – другі рэпарцёр бессаромна зазірнуў дзявулі ў дэкальтэ.

– Для ложка містара Радзівіла я яшчэ недастаткова разумная, – бяляўка гарэзліва пасміхнулася Арону Шапіру. – Ваў, няўжо гэта тыя самыя бульбяныя блінчыкі, дзякуючы якім можна перакінуцца ў пярэваратня? Са смятанай, калі ласка!...

– Але ж вы ўжо тры гадзіны запар катаецеся па Манхэтэне ў лімузіне з зашморгнутымі фіранкамі! І лімузін гэты, як мы дакладна ведаем, належыць менавіта Станіславу Альбрэхту! – нагадаў трэці і выразна скасавурыўся на дзвёрку «рольс-ройса» з радзівілаўскім гербам «Трубы».

– Я ўражаная вашай назіральнасцю. У салоне мяне сапраўды чакае мой стары сябра Стэсі. Але мушу вас расчараваць: час, які містар Радзівіл пагадзіўся прысвяціць мне, мы вытрачаем выключна на этнапалітычны дыспут. Цікава, джэнтльмены, ці згодныя вы з наступнай тэзай князя: платформай для пабудовы ідэалогіі посткаланіяльных дзяржаў могуць стаць нават размытыя нацыянальныя маркеры, гэткія культурніцкія сімулякры, кшталту этнаграфічнага адзення ці традыцыйнай кулінарыі?..

На рэпарцёрскіх тварах з’явіўся выраз, які бывае ў людзей пасля гадзіны безвыніковага сядзення на ўнітазе. Бяляўка з асалодай даела дранікі, эратычна аблізала наманікюраныя пальцы і ўдзячна пасміхнулася ў акенца трэйлера.

– Колькі я вам вінная?

– Ніколькі, – Арон глядзеў на красуню ашклянелымі вачыма; ён відавочна не верыў, што ўсё гэта адбываецца насамрэч.

Шлёма шчодра сыпануў у пакет стос залацістых круглякоў і задыхнуўся ад шчасця.

– Гэта для майго найдаражэйшага сябра, містара князя Радзівіла! Сёння ў нас прамоцыя, і мы частуем усіх задарма!

Бяляўка паклала на прылавак стодаляравую купюру.

– Тады гэта ад мяне на знак падзякі. Нават не сумнявайцеся, джэнтльмэны: вашыя дранікі каштуюць куды большых грошай!..

Прастора вакол трэйлера за якую секунду ўтрамбавалася натоўпам. Мужчыны цягнулі шыі і прыўзнімаліся на дыбачкі, жанчыны фатаграфічнымі позіркамі фіксавалі туфлікі, сукню, радыкюль і фрызуру. Спакусніца азначыла рух да «рольс-ройса». Да ўлюбёнкі публікі пацягнуліся рукі з асадкамі, алоўкамі, нататнікамі і рэкламнымі буклетамі «МакДональдса».

Бяляўка выхапіла з працягнутай рукі фламастар, накрэмзала на плоскасці трэйлера колькі ўзнёслых слоў і знікла ў лімузіне.

Шлёма Шапіра праводзіў «рольс-ройс» поглядам беспрытульніка, які толькі што выйграў у латарэю мільянерскі палац. Да «Шапіто» ўжо змяілася даўжэзная чарга; праз хвіліну яна расцягнулася на два кварталы.

– Арончык, схадзі да гэтага клоўна Рональда, пацікаўся, за колькі яго гаспадары згодныя прадаць свой збанкрутаваны гадзюшнік, – спакойна мовіў ён брату.

* * *

Чорны «рольс-ройс» плыў у шчыльным трафіку Пятай Авеню. Неонавыя д’яблы абсыпалі лімузін каляровым жвірам. Каля гатэля «Плаза» аўтамабіль адслаіўся ад руху, прыгальмаваў. Стэсі Радзівіл сеў у салон, пытальна паглядзеў на Мэрылін Манро і яшчэ больш пытальна – на Джона Кенэдзі.

Прэзідэнт лянотна запаліў цыгару. Акторка пацягнулася было па касяк з канабісам, але перадумала і захрумсцела свежаспечаным дранікам.

– Усе газетчыкі – ідыёты, – канстатавала яна. – Яны вераць толькі ў тыя міфы, якія самі і ствараюць. Маўляў, Кенэдзі – гэткі сучасны кароль Артур, які разам з цнатлівай каралеўнай Жаклін будуе ў Амерыцы чароўны Камелот... ці Новы Іерусалім, ці Вернуты Рай – як каму падабаецца. А каралі не паляць марыхуану, не жлукцяць ром і не спяць з іншымі жанчынамі. Калі б тыя ёлупні напісалі, што прэзідэнт Злучаных Штатаў тры гадзіны запар трахаў мяне ў лімузіне свайго найлепшага сябра проста ў цэнтры Манхэтэна, для нашага агульнага з Джэкі задавальнення – ім бы ніхто не даў веры.

– Але чуткі пра нешта падобнае іншым разам цыркулююць па каралеўстве, – падхапіў прэзідэнт Злучаных Штатаў. – І, здараецца, даходзяць нават да Кангрэсу. Мяркую, заўтрашніх газет будзе дастаткова для іх абвяржэння. Так што дзякуй табе, Стэсі, за кэб!

– І за ідэю! – дадала акторка.

– Але ўвесь гэты час ты быў без аховы, – нагадаў Радзівіл. – А калі б цябе застрэлілі?

– …амерыканцы абралі б новага прэзідэнта, – супакоіў Кенэдзі.

«Рольс-ройс» важка каціў па Бруклінскім мосце. Прэзідэнцкая цыгара дымілася ў крышталёвай попельніцы. Акторка з асалодай хрумсцела дранікамі, і яе гарачы вільготны рот навяваў на фрэйдысцкія алюзіі.

– Між іншым я сёння атрымаў адказ ад містара Хрушчова, – паведаміў Джэкі. – Ён у прынцыпе згодны на нашу прапанову абмяняць Кубу на мару ўсяго твайго жыцця. Але ж, Стэсі, калі па-шчырасці, я ніяк не магу зразумець: нашто табе спатрэбіліся ўсе тыя рыцары, калгасы і іншае сярэднявечча ў нейкай забытай Богам зямлі… Ты заўсёды лічыў сябе польска-амерыканскім касмапалітам!

Стэсі ўзяў у рукі пакет з сакральнай стравай пярэваратняў, панюхаў, прымружыўся.

– Нехта вяртаецца на Радзіму, каб атрымаць спадчыну. Нехта – каб наведаць магілы продкаў. Нехта – каб пабачыць сваякоў. А я хачу проста вярнуцца.


Глава 17

– З вяртаннем на Радзіму, містар амерыканскі дыверсант! – маёр Пяткевіч глянуў на арыштаванага з дазаванай іроніяй, уключыў настольную лямпу і зашаргацеў паперамі. – Радзіма, як бачыце, на вас не забылася…

Агент Z сядзеў насупраць, праз стол, на прышрубаваным да падлогі зэдліку. Левая рука яго была прыкаваная кайданкамі да батарэі, правая звісала долу. Гранітны чэрап цямнеў гематомай.

Загрузка...