На твары не чыталася ані ірацыянальнага страху, які спрэс накрывае ў КГБ шараговых савецкіх грамадзян, ані нават хвалявання – толькі роўная і непрыхаваная агіда.

– Давайце па-парадку, – з казённай добразычлівасцю прапанаваў Вікенцій Дамінікавіч. – Па дакументах вашых заакіянскіх гаспадароў вы праходзіце як «Агент Z». Падчас вашай працы ў фашысцка-нацыяналістычным падполлі вас называлі «Місь», «Лось» і «Рысь». А як гучыць вашае сапраўднае прозвішча?

– У мяне было шмат жыццяў, і ўсе іх я пражыў бязлітасна. У кожным з гэтых жыццяў у мяне было сваё імя. І я ўжо сам не ведаю, якое з іх сапраўднае.

– Я б усё ж парэкамендаваў вам супрацоўнічаць са следствам, – спагадліва пасміхнуўся камітэтчык. – Тым больш вашае сапраўднае імя нам і так добра вядомае. Але нам трэба, каб вы назвалі яго самі.

Агент Z дэманстратыўна прамаўчаў. Пяткевіч вытрымаў аптэкарскую паўзу, перайшоў да наступнага пункта:

– Пятнаццаць дзён таму вы разам з двума дыверсантамі, падрыхтаванымі ЦРУ, дэсантаваліся блізка Нясвіжа. Дыверсантаў мы абясшкодзілі на месцы. А вось ваш парашут знойдзены нераскрытым. Як у вас атрымалася ацалець?

– Перакінуўся ў птаха і зляцеў, – растлумачыў Агент Z надзіва будзённа, нібы гаварыў пра праполку бульбы.

– У якога такога птаха? – сумеўся Пяткевіч.

– У звычайнага. З дзюбай і крыламі.

– А чаму не ў свінню? – чэкіст здзекліва падхапіў інтанацыю суразмоўцы. – Быць свіннёй, містар амерыканскі дыверсант, у вас атрымалася б куды больш прыродна.

Арыштаваны глянуў у закратаванае вакно. Графітныя галінкі раскрэслівалі маціцовую шэрань вуліцы. Ватныя дымкі з комінаў уклейваліся ў халодны лакавы заход. Клін журавоў праплываў над панурымі шыфернымі дахамі.

– Можа, я і перакінуўся б у свінню, ды толькі Бог свінням крылаў не даў…

Вікенцій Дамінікавіч выпрастаўся, змерыў падследнага суворым поглядам, даючы зразумець, што жарты скончаныя і што цяпер пачнецца допыт па ўсіх правілах чэкісцкай навукі.

– Але ж выкрутасы, якім вы навучыліся ў заакіянскіх імперыялістаў, вам так і не дапамаглі, – засведчыў ён пераможным голасам радыёрэпрадуктара. – Наш народ рашуча адмятае беларускі нацыяналізм, у чым вы самі і пераканаліся. Першая ж калгасніца вас і затрымала!

– Наш народ – то ўзяты ў палон дзіцёнак. Іншага жыцця, апроч як турэмнага, ён не бачыў, таму і лашчыцца да чужынцаў, якія не даюць яму сканаць з голаду, – цвёрда запярэчыў Агент Z. – І перамагчы ў такіх варунках можа толькі пярэварацень, чалавек з чужым абліччам. Тут усе глабальныя задачы вырашаюцца адно праз падман: калі ўдаеш з сябе каго-небудзь іншага і дбайна маскуеш сапраўдную мэту…

– Ад-ставіць антысавецкую агітацыю! – камітэтчык ляпнуў далонню па стальніцы. – Гэтага вам Радзіма таксама не даруе!..

Агент Z стрэліў у гаспадара кабінета пранізлівым поглядам, маўляў, распінацца ў КГБ пра Радзіму – тое ж самае, як у бардэлі згадваць пра каханне.

Было відавочна: адказваць на пытанні падследны не стане. Вікенцій Дамінікавіч дарэчна прыгадаў пра халодную галаву, гарачае сэрца і чыстыя рукі, упікнуў сябе за выбух эмоцый і змякчыў інтанацыю:

– Хацеў з вамі па-добраму. Але бачу, не атрымаецца. Давядзецца перадаць вас жорсткім і бязлітасным людзям, якія ў нас акурат і спецыялізуюцца на паліцаях, шпегах і антысаветчыках. Распішыцеся нанізе пратакола, што адмаўляецеся ад дачы сведчанняў.

Агент Z узяў асадку, і мозг камітэтчыка прапаліў імгненны электрычны разрад: на безыменным пальцы падследнага цьмяна блішчэў пярсцёнак цяжкага старажытнага срэбра з таямнічымі надпісам. Пяткевіч бразнуў ключамі пад сейфавай дзвёрцай, нецярпліва дастаў папку, дасланую яму яшчэ ў ліпені з самае Лубянкі…

Прагляд фотаздымкаў, зробленых на даху нью-ёркскага хмарачоса, адмёў усе сумневы: безумоўна, гэта быў той жа самы пярсцёнак, які ўпрыгожваў руку вядзьмаркі-антысаветчыцы Ганны Францаўны Рымшы падчас яе размовы з прэзідэнтам Кенэдзі.

– Ледзьве не забыўся: у следчым ізалятары ювелірныя аздобы забароненыя, так што пярсцёнак давядзецца зняць, – як бы між іншым заўважыў чэкіст.

Арыштаваны незалежна таргануў падбароддзем з глыбокай гранёнай ямінкай.

– Толькі з пальцам.

– Можна і з пальцам, – знізаў плячыма Вікенцій Дамінікавіч.

Рука дыверсанта разняволена ляжала на аркушы пратакола, у роўным конусе настольнае лямпы. Бліскучы абадок на сухой фаланзе выглядаў ажурнай цацкай. Срэбныя блікі дрыжэлі на бліжняй сцяне.

Чэкіст звузіў вочы і ледзь заўважна напружыўся, бы драпежнік перад кідком.

– Не раю, – надзіва спакойна папярэдзіў Агент Z, не прыбіраючы руку з пярсцёнкам. – Толькі сабе нашкодзіце…

Таварыш маёр учапіўся ў палец – і войкнуў, нібы крануў аголены высакавольтны дрот. Цела працяла ледзяная голка, па-садысцку пашкрабала рэбры і пазванкі, утыкнулася ў сэрца й трансфармавалася ў пачварных памераў бур. Бліскучы свердзел завішчэў і з бяздушным аўтаматызмам занурыўся ў пяшчотнае нутро, намотваючы на рыфлёную сталь ніцяныя ашмёткі нерваў. Пад чэрапам надзьмулася і адшпокнула бурбалка, крышталёва блямкнуў званочак, і масіўная стальніца імкліва ўрэзалася ў лоб.

Апошняе, што пачуў начальнік нясвіжскага райаддзела КГБ, была засяроджаная скарагаворка:

– Йшла Мамка Прачыстая па полі чыстаму, пад зялёным дубочкам села, перад печкай белай самлела. Як у печы ад агню жарка, каб мне нячыстага не было жалка, па гэты час па гэтую мінуту…

* * *

Вікенцій Дамінікавіч ачуняў ад мярцвянага месяцовага святла, якое праз закратаванае вакно лупіла проста ў твар. Ён ляжаў на падлозе, хаця добра памятаў, што зваліўся лобам у стол. Райаддзел камянеў глыбокай начной цішынёю. Гадзіннік на стале паказваў чвэрць на другую. Арыштаванага ў кабінеце не было; на батарэі здзекліва пагойдваліся расшпіленыя кайданкі.

Пяткевіч ачмурэла глянуў на пусты зэдлік, дзе яшчэ нядаўна сядзеў амерыканскі дыверсант, зазірнуў пад стол, спыніў рух кайданкоў…

– Фашыст, – прашаптаў ён здранцвелым голасам. – Пярэварацень. Вось так і верыць людзям…

У спустошанай галаве танютка высвіствала. Знікненне падследнага супярэчыла законам прыроды, здароваму глузду і асновам марксісцка-ленінскага матэрыялізму. Чэкіст яшчэ раз глянуў на кайданкі, зноў зафіксаваў поглядам пусты зэдлік і паспрабаваў быў сабрацца з думкамі.

На добры розум, навучаны ў ЦРУ шпег мог у нейкі цуд вызваліцца ад кайданкоў і выбегчы на калідор, але там бы яго неадкладна спынілі. Дый нанізе дзяжурыў узброены сурацоўнік… Альтэрнатывай дзвярам і калідору была толькі прыадчыненая фортка. Але выглядала яна занадта малой для дарослага чалавека, не кажучы ўжо пра зусім вузкія краты на шыбах. Праз фортку і краты сапраўды мог праляцець толькі птах.

Таварыш маёр разгублена пашукаў вачыма і спыніў погляд на партрэце над сталом. Фелікс Эдмундавіч грэбліва падціскаў вусны, і вочы яго ззялі халоднай пагардай. Пяткевіч зглынуў і нервова таргануў кадыком – ён выразна адчуваў у роце смак лайна.

Знянацку аднекуль пранізліва засмуродзіла паленым. Чэкіст недаверліва пацягнуў носам, напружыўся і асцярожна прыадчыніў дзверы. У калідоры клубіўся шчыльны шэры дым, які заляпляў гартань і выядаў вочы. З дзяжурнай часткі на першым паверсе пачуўся трывожны лямант, на які наклалася прыдушанае: «Гарым!..» Бразнулі дзверы, ценькнула шкло. У райаддзеле міліцыі, які месціўся ў той жа будыніне за сцяною, азначыўся панічны рух.

Задушлівы шэры шлейф ужо наплываў пад дзверы, рыхтык «Цыклон-В» у нацысцкую газавую камеру. Перад тым як выбегчы, Вікенцій Дамінікавіч агледзеў кабінет. На стале жаўцела тэчка крымінальнай справы Агента Z з каліграфічна выведзеным прозвішчам фігуранта-пярэваратня:

ВІТУШКА МІХАІЛ АПАНАСАВІЧ

Чэкіст зачыніў папку ў сейфе, набраў у лёгкія паветра і кінуўся ў задымлены калідор.

* * *

Пажар у нясвіжскім райаддзеле КГБ згасілі толькі на раніцу. Усю ноч каля двухпавярховіка па Савецкай блішчэлі каскі, грукацелі вадавозкі і ўвіхалася мясцовае начальства, вымахваючы рукамі, нібы звар’яцелыя куры крыламі. З праваленых вокнаў падымаліся тлустыя дымавыя слупы. Вясёлыя блакітныя агеньчыкі змяіліся па стрэхах.

Вікенція Дамінікавіча на пажары не было: седзячы ўдома, ён засяроджана аналізаваў перажытае і прыкідаў перспектывы.

Таямнічыя ўцёкі злачынцы вымагалі неадкладнага рапарта; выпадак для Камітэта быў проста беспрэцэдэнтны. Аднак пажар у райаддзеле Дзяржбяспекі ўвогуле стаў катастрофай касмічных маштабаў, прычыны якой таксама трэ было растлумачыць.

Пісаць у рапарце праўду не выпадала. Калі б Пяткевіч проста намякнуў на магчымую ўзаемасувязь паміж знікненнем амерыканскага шпега і ягонымі словамі пра перакіданне ў птаха, камітэтчыка імгненна выправілі б у вар’ятню. Калі б ён дапусціў, што ўзгаранне магла выклікаць этнаграфічна-вядзьмарская замова, – яго б закалолі ў той вар’ятні псіхатропамі.

У найбліжэйшай перспектыве маёра КГБ адназначна чакалі следства Асобай інспекцыі, трыбунал, суд і далёкі лагер. Пазбегнуць ганьбы можна было класічным спосабам: сунуць у рот табельны «макараў» і націснуць на гачак, папярэдне завесіўшы коўдрай сцяну за патыліцай, каб не заляпаць яе крывёю.

Аднак і страляцца не выпадала таксама: у такім разе ў клініку немінуча выправілі б жанчыну, дзеля якой ён і жыў…

Жанчына гэтая ўжо адзінаццаць гадоў нерухоміла ў інвалідным вазку ў суседнім пакоі. Яна не была жонкай Вікенція Дамінікавіча – яна ўвогуле нікім афіцыйна яму не з’яўлялася.

Напрыканцы сорак чацвёртага малодшаму лейтэнанту НКГБ Пяткевічу вызначылі месцам жыхарства доўгі цагляны аднапавярховік на Альбяньскай, падобны адначасова да школы і да казармы. Дом гэты, як і шмат іншых дамоў у тагачасным Нясвіжы, быў амаль пусты: некага забілі немцы, некага – партызаны, нехта сышоў у лес да антысавецкіх бандытаў, нехта ўцёк на Захад. У бакавым пакойчыку ў нейкі цуд ацалела сціплая мілая дзяўчына з маркотнымі, бы ў Божай Маці Вастрабрамскай, вачыма. Усе спробы загаварыць з ёй былі марнымі: дзяўчына ўпарта маўчала, хаця нямой не была напэўна. Яна бязрадасна прымала апекаванне маладога чэкіста, іншым разам нават вячэрала з ім, але за ўвесь час не прамовіла ані слова. Увечары сядала да вакна і гадзінамі ўглядалася ў ціхі бязлюдны сад: ці то кагось чакала, ці то проста думала.

Чэкіст асцярожна высветліў яе асобу, але тут усё было, як ва ўсіх: Яна Адамаўна Нябога нарадзілася ў Нясвіжы, у гэтым самым доме, гадавалася-вучылася, бацькі загінулі, сваякоў параскідала вайною…

Аднойчы Вікенцій Дамінікавіч злавіў сябе на тым, што па вечарах, вяртаючыся са службы, ён штораз углядаецца ў шыбы бакавога пакойчыка і цешыцца думкай, што Януся, напэўна, яму ўзрадуецца. Раз на тыдзень ён прыносіў гасцінцы з чэкісцкага спецразмеркавальніка. Дзяўчына прымала іх без падзякі, седзячы ля вакна – прыўкрасная, маўклівая і безабаронная. Пяткевіч муліўся, нерваваўся, худнеў, пакуль аднойчы не адчуў, што Яна стала часткай ягонага жыцця. Неяк ён паспрабаваў сказаць ёй пра пачуцці, але ў яго не атрымалася нават банальнага «Я кахаю цябе»: словы засохлі ў горле і выклікала горкі кашаль.

У пяцідзясятым надарылася катастрофа: аднойчы ўвечары дзяўчына села ў фатэль каля вакна, ды так і не паднялася. Януся не рэагавала на гукі, святло, пахі і ўсе штучныя раздражняльнікі дактароў – ад малаточка неўрапатолага да электрычных разрадаў. Але эмалевыя вочы яе заставаліся расплюшчанымі, і вочы гэтыя ўпарта і чакальна глядзелі ў сад. Яна не ела, не піла, не падымалася па натуральных патрэбах, але, здавалася, крыху дыхала і зрэдку нават торгала вейкамі.

Пяткевіч перасадзіў яе ў інвалідны вазок, карміў вітамінамі і добрасумленна вывозіў на шпацыр. За спінай з’едліва шапталіся, але прамовіць нешта ўголас ніхто не наважваўся. Чэкіст вазіў яе ў Мінск і ў Маскву, але найдасведчанейшыя дактары толькі нізалі плячыма: маўляў, незвычайная хвароба, ніколі не сутыкаліся, лепш здайце яе ў спецінтэрнат ад граху падалей…

За адзінаццаць гадоў на твары Янусі не з’явілася аніводнай зморшчыны. Вопратка на ёй чамусьці не пэцкалася і не парахнела, а цела не патыхала нічым: яны проста закрылася пялёсткамі, рыхтык начная кветка. Гадоў дзвесце таму яе, напэўна б, вызналі святой. Але цяпер былі іншыя часы, і суседзі казалі цішком: «Ну, прачнецца яна калі-небудзь, акруціцца са сваім кагэбістам, з’ездзіць з ім у Сочы і пойдзе капаць бульбу, як і ўсе мы тут…»

Два тыдні таму засвяцілася надзея. На апошнім З’ездзе партыі сам таварыш Мікіта Сяргеевіч Хрушчоў урачыста паабяцаў: наступнае пакаленне савецкіх людзей будзе жыць пры камунізме. А пры камунізме, як свята верыў Вікенцій Дамінікавіч, усе праблемы чалавецтва будуць вырашаныя і ўсе хваробы пераможаныя – у тым ліку і самыя незвычайныя. Адно пакаленне вызначалася дваццацігадовым прамежкам; Вікенцій Дамінікавіч меў усе падставы спадзявацца на лепшае.

Але цяпер усім спадзяваннем настаў канец…

…Раніцою начальнік райаддзела КГБ затэлефанаваў у паліклініку і паведаміў, што наглынаўся на пажары атрутнага дыму, але будзе лекавацца саматужкі. Набраў абласное Упраўлення і паведаміў тое ж самае, дадаўшы, што па хуткім часе напіша пра антысавецкую дыверсію падрабязны рапарт. Звязаўся з падначаленымі, адключыў тэлефон, зашморгнуў парцьеры. Спаліў у печцы некаторыя фотаздымкі, напісаў тэстамент, у якім паабяцаў далёкаму сваяку ўсю рухомую і нерухомую маёмасць у тым разе, калі ён возьме на сябе клопат пра інваліда І групы гр. Нябогу Я. А.

Пагаліўся новым лязом, надушыўся адэкалонам «Русский лес», апрануў парадную форму з дзяржаўнымі ўзнагародамі. Пачысціў табельны «макараў», зарадзіў адным набоем і выклаў праваруч.

І, нарэшце, выцягнуў з-пад ложка скрыню каньяку, якую трымаў на святкаванне саракагоддзя, і дзве чаркі: адну сабе, а другую – мармуроваму бюсту на століку.

– Ну што, Фелікс Эдмудавіч, – камітэтчык акуратна адкаркаваў пляшку. – Не спраўдзіў я тваіх спадзяванняў, ты ўжо выбачай. Давай усё ж вып’ем за хуткую перамогу камунізму, якой мне ўжо не пабачыць. Але ж мая Януся абавязкова дажыве да яго – праўда?


Глава 18

– Блядзі вы, дарагія таварышы па партыі, – Мікіта Сяргеевіч Хрушчоў прамакнуў насоўкай лысіну і пранізліва зашморгаў мяккім старэчым носам. – Брудныя прадажныя блядзі, рабалепныя перад Захадам. Учора вы страцілі Кубу. Сёння партбілеты прасерыце. А заўтра што – Савецкі Саюз?

Кабінет савецкай амбасады ў Вашынгтоне нагадваў станцыю маскоўскага метро: мармур, бронза і гіганцкае мазаічнае пано «Увод у эксплуатацыю Брацкай ГЭС». Седзячы за сталом, Хрушчоў гучна сморкаўся ў нясвежую насоўку і трагічна скуголіў, не саромечыся паплечнікаў. Па хуткім часе ён меўся падпісаць з Кенэдзі сакрэтную дамову, паводле якой на Кубе аднаўлялася ўлада Фідэля, а наўзамен у Савецкім Саюзе стваралася аўтаномная Выспа Свабоды. Падпісваць дамову не хацелася, тым больш што вінаватымі ў геапалітычнай катастрофе былі менавіта дарагія таварышы.

Першы сакратар ЦК КПСС рыдаў хвілін пяць. Таварышы паўцягвалі галовы ў плечы: гэта было кепскім знакам. Перад тым як каго-небудзь растаптаць, пашкуматаць і выкінуць на ідэалагічную памыйку, Мікіта Сяргеевіч абавязкова заходзіўся слязьмі, бы згаладалы кракадзіл перад вячэрай.

Нарэшце, Хрушчоў стаміўся енчыць, выцер чырвоныя вочкі і запытаўся з адчужанай журботай:

– Можа, дарагія таварышы, хто-небудзь хоча выказацца ў парадку крытыкі і самакрытыкі?

Твары таварышаў умомант стухлі, рухі запаволіліся. Зрэнкі бліснулі лёдам, і ў гэтых зрэнках чыталася жаданне як мага хутчэй зліцца з інтэр’ерам.

– Можна я? – нечакана для ўсіх падняў руку Шэлепін.

Мікіта Сяргеевіч глянуў крыху здзіўлена.

– Ну давай, Шурык…

Старшыня КГБ раскрыў папку колеру сырога мяса, афіцыйна адкашляўся ў кулак.

– Міхаіл Андрэевіч Суслаў, член Палітбюро ЦК КПСС. Адданы патрыёт Савецкага Саюза. Палымяна прапагандуе тэорыю марксізму-ленінізму, бязлітасна выкараняе ідэалагічныя дыверсіі. Любіць каўбасу «Сервілат крамлёўскі сыравэнджаны». Штодня харкае ў суп асабістаму кухару і прымушае гэты суп есці. Ідэйна перакананы гамасэксуаліст, сістэматычна разбэшчвае піянераў і школьнікаў у дзіцячых дамах…

Галоўны ідэолаг СССР збляднеў, хліпнуў горлам і схапіўся за сэрца, але знайшоў у сабе моц абвергнуць абвінавачванне ідэалагічна роўным тэнарком:

– Контррэвалюцыйны паклёп і варожыя інсінуацыі…

Шэлепін паказальна не адрэагаваў на заўвагу, смачна захрабусцеў наступным аркушам.

– Радзівон Якаўлевіч Маліноўскі. Маршал Савецкага Саюза, член ЦК і міністр абароны…

Маліноўскі абапёрся масіўнымі кулакамі аб палісандравую стальніцу, важка прыўзняўся і наліўся злавесным барвовым ззяннем.

– Ды ты, мудазвон гэбэшны, на сябе лепш паглядзі!.. – зароў ён голасам начальніка гарнізоннай гаўптвахты. – Хто загнаў парадны мундзір таварыша Сталіна чарнажопай скаціне Патрысу Лумумбу? У абмен на чатырнаццаць алмазаў… хіба не ты?

– А ці не падкажаш, таварыш Шэлепін, у каго гэта цэлых тры элітных бардэлі ў прыватнай уласнасці? – у роўнай дыпламатычнай інтанацыі пацікавіўся міністр замежных спраў Андрэй Андрэевіч Грамыка. – У Маскве, у Сочы і ў Нью-Ёрку…

– Па-першае, спецбардэль у Нью-Ёрку мы адмыслова і арганізавалі для Міністэрства замежных спраў, на што ёсць адпаведнае рашэнне ЦК… каб твае дыпламаты па капіталістычных бардэлях не бегалі, – спакойна адпарырваў старшыня Камітэта Дзяржаўнай Бяспекі. – Па-другое, усё адно бегаюць, і гэта ўжо твой недахоп у палітыка-выхаваўчай рабоце. А па-трэцяе, таварыш Грамыка, слабо нам тут расказаць, як ты ў трыццаць першым годзе падмануў Партыю, перапісаўшы ў анкеце нацыянальнасць з «беларуса» на «расійца»? А як у сорак пятым на прыёме ў Чэрчыля спіздзіў срэбную лыжачку?

Мікіта Сяргеевіч назіраў на спрэчкай таварышаў па партыі блакітнымі ад ласкавасці вачыма. На шчырасць яны былі здольныя толькі ў стане апошняй прыніжанасці. Але таварышаў цяпер абліваў памыямі не Першы сакратар ЦК КПСС, і гэта асабліва цешыла ягонае сумленне.

– А ну цыц, ахламоны!.. – гаркнуў Хрушчоў. – Не на таўкучцы! З вамі ўсімі я потым разбяруся. А цяпер – вячэра! І думайце, думайце, як нам з Кенэдзі з-за Кубы таргавацца.

Падавальшчыкі, бязгучна ўціскаючы падэшвы ў кілім, спрытна расставілі прыборы, графіны і талеркі з закускамі. Прысутныя зашкрабалі відэльцамі, зачвякалі. Мікіта Сяргеевіч наліў, узважыў, прымружыўся:

– Ну што, дарагія таварышы… за перамогу камуністычнай ідэалогіі ва ўсім свеце!.. Дык вы прапанову Кенэдзі чыталі?

– Чыталі, раіліся, і мяркуем, што нічога невыгоднага для нас у той прапанове няма, – вальнадумна засведчыў Шэлепін і зухавата накаціў кілішак гарэлкі. – Мы атрымліваем назад Кубу, і гэта галоўнае. Наўзамен аддаём малюпаценькі кавалак тэрыторыі з малюпаценькім працоўным рэсурсам. Дзе амерыканскія імперыялісты паспрабуюць збудаваць малюпаценькую рэакцыйную псеўдадзяржаўку, гэткі прышчык Заходняга Берліна на магутным целе СССР. Але ж там застануцца нашы, савецкія людзі! Па хуткім часе яны, узброеныя ўсёпераможнымі ідэямі марксізму-ленінізму, скінуць жменьку эксплуататараў і адновяць уладу працоўнага класа, калгаснага сялянства і народнай інтэлігенцыі.

Міністр замежных спраў Грамыка пасмакаваў калекцыйны каньяк, зажаваў празрыстай мядовай грушай, пракаментаваў разважліва:

– Аднак пакуль тая марыянеткавая дзяржаўка будзе існаваць, усё прагрэсіўнае чалавецтва ў чарговы раз пераканаецца, што мы здольныя пайсці на самыя беспрэцэдэнтныя крокі ў пытаннях нацыянальнага самавызначэння!

Маршал Маліноўскі плёхнуў у шклянку празрыстай, выпіў нагбом, гучна занюхаў рукавом:

– А калі нам іх нацыянальнае самавызначэнне не спадабаецца, мы тых фашыстаў умомант танкамі адпрасуем!..

– Ды засцуць яны там нейкае нацыянальнае самавызначэнне распачынаць, – супакоіў старшыня КГБ. – Я ж аператыўныя зводкі штотыдзень чытаю. Народ у тых краях суадносна спакойны, збольшага накормлены і вельмі-вельмі запалоханы.

Хрушчоў згодна прымружыўся, наліў па новай. Меркаванні паплечнікаў амаль супадалі з ягонымі ўласнымі. Хаця прапанова амерыканскага прэзідэнта і выглядала падступнай ідэалагічнай дыверсіяй з відавочным рэвізіянісцкім душком, але насамрэч была мёртванароджанай.

– А вось я катэгарычна нязгодны, – нечакана для ўсіх падаў голас ачунялы Міхаіл Андрэевіч Суслаў. – Што, у той марыянеткавай дзяржаве гаркамаў партыі не прадугледжана? Дзе КГБ, дзе парткантроль, дзе цэнзура? Дзе, у рэшце рэшт, лагеры для асобных адшчапенцаў?

Лістападаўскае сонца гарызантальным лязом прасякло шчыліну ў парцьерах, і мазаічныя пралетары на пано запраменіліся аптымізмам. У галаве Першага сакратара ЦК КПСС канчаткова праяснілася, колцы і шасцярэнькі дзяржаўнага механізма затахкалі ў рытме гадзінніка Спаскай вежы.

– Гаркамы, КГБ і ўсё астатняе захаваецца, – супакоіў Хрушчоў. – Толькі пад іншымі назовамі. Ключавыя кадры псеўдадзяржаве прызначаем мы, гэта нават не абмяркоўваецца!..

– І наконт асобных адшчапенцаў, дарагія таварышы, можаце не хвалявацца, – вышчараўся старшыня Камітэта Дзяржаўнай Бяспекі. – У савецкае ўлады на кожную нязгодную патыліцу заўсёды знойдзецца куля, а на кожны жывот – кірзач!

Мікіта Сяргеевіч з сантыментам глянуў на Шэлепіна, пацягнуўся да графіна і наліў усім уласнаруч.

– Ну што, давайце яшчэ па адной – і я да Кенэдзі, дамову падпісваць!..


Глава 19

Вікенцій Дамінікавіч расплюшчыў вочы, хваравіта ікнуў і рэфлекторна нацягнуў падушку на голаў. У галаве панавала арктычная ноч, падфарбаваная атрутным зеленкаватым ззяннем. Нябесны агонь пульсаваў прывідным люмінісцэнтам, выбухаў фантастычнымі пратуберанцамі і, урэшце, трансфармаваўся ў празрысты разак паяльнай лямпы, які бязжальна высмальваў гартань, пячонку і селязёнку.

Кволая далонь пашнарыла пад ложкам слоік вады і не знайшла. Вантробы загальгаталі абураным індыкам. Да горла ўздымаўся кіслотны кактэйль з алкаголю, нікаціну і страўнікавага соку. Пахмелле лупцавала ў шкляны мозг бруднымі кірзачамі, дубасіла кавадлам, рагатала гніласна і цынічна.

І тут, трапляючы ў рэзананс мярзотным вібрацыям пад крохкім чэрапам, нехта энергічна загрукаў у дзверы:

– Таварыш Пяткевіч, вы ўдома?

Камітэтчык імгненна згадаў пра ўцёкі падследнага, пажар у райаддзеле, свой цвёрды намер застрэліцца і скрыню каньяку, якую дапіваў ужо пяты дзень. Са стогнам зафіксаваў цела вертыкальна, намацаў пісталетную дзяржальню, наліў развітальную чарку і асцярожна адсунуў парцьеру… Цікава, хто прыбыў яго арыштоўваць: былыя падначаленыя ці з самога Мінска?

Акурат пад домам блішчэла лакам і хромам ўрадавая «чайка» афіцыйнага чорнага колеру. Двое ахоўнікаў лубянскага экстэр’еру нерухомілі каля дзвёрак. Народу паблізу не назіралася: відавочна, іх папярэдне загналі па хатах.

Чэкіст тупа агледзеў пісталет і сунуў яго ў кішэню; апергрупы на «чайках» не ездзілі. Грукат у дзверы паўтарыўся.

– Таварыш Пяткевіч, неадкладна адчыніце! Органам вядома, што вы тут!

Вікенцій Дамінікавіч глянуў у люстэрка і жахнуўся воўчаму выскалу, крывавым вачам і жывёльнай сваёй няголенасці. Але часу, каб прыводзіць сябе да ладу, не заставалася. Накінуў на столік з недапітымі чаркамі газету, закаціў пустыя пляшкі пад ложак, адчыніў дзверы – і адступіў з распяленым ротам…

– Што ж гэта за гаспадар, які дарагога госця прымушае чакаць? – маладжавы дзядзька з гладкім тварам адстаўнога камсамольскага правадыра крытычна агледзеў пакой, пацягнуў носам і адчыніў фортку.

– Вінаваты, таварыш старшыня Камітэта Дзяржаўнай Бяспекі Саюза ССР! – пранізліва ікнуў Пяткевіч.

Шэлепін прыўзняў са стала газету, з разуменнем ацаніў каньячныя пісягі на паліроўцы, па-прыяцельску падміргнуў бюсту Фелікса Эдмундавіча, перад якім стаяла паўнюткая чарка.

– У таварыстве з трэнерам, таварыш маёр? Малайчына. Дазваляю пахмяліцца, а то адразу не ўрубішся.

Таварыш маёр, ачмурэлы ад пабачанага і агламошаны пачутым, паслухмяна выпіў і ўтаропіўся ў госця крыху паяснелымі вачыма.

– Пра апошняе рашэнне Партыі і ўраду чуў? – госць працягнуў саф’янавую папку.

Пяткевіч зашаргацеў паперай. Пальцы зліпаліся. Літары скокалі блыхамі і шпокалі бурбалкамі.

– «Пастанова Вярхоўнага Савета БССР «Аб выхадзе са складу Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці»… – прачытаў ён наждачным шэптам. – Ідучы насустрач пажаданням працоўных, а таксама з мэтай аднаўлення гістарычнай справядлівасці…»

– Так што па хуткім часе ты ўжо нават і не савецкі грамадзянін, – канстатаваў Шэлепін задуменна. – На тэрыторыі вашага раёна мае быць створаная новая, цалкам самастойная дзяржава.

Вікенцій Дамінікавіч здолеў дачытаў «Пастанову…» да апошняй кропкі, двойчы змаргнуў сухімі чырвонымі вейкамі, ушчыкнуў сябе неўпрыкмет і зноў глянуў у аркуш: тэкст не змяніўся. І толькі назва новай дзяржавы, якае мелася паўстаць на месцы Нясвіжскага раёна, выглядала надта ўжо фантастычна, каб паверыць у напісанае нават з другога разу.

– Хіба так і будзе называцца?.. – шчыра жахнуўся Пяткевіч. – Няўжо ў Савецкай Беларусі адраджаецца рэакцыйны сярэднявечны феадалізм?

– Нармалёвая чалавечаская манархія, – рагатнуў галоўны камітэтчык Савецкага Саюза. – Нацыянальная па форме і сацыялістычная па змесце – прынамсі фармальна. Слухай сюды, маёр. Радзіма аказвае табе высокі давер, пакідае ў Нясвіжы на канспіратыўнай працы. Якой бачыш першачарговую задачу?

– Таварыш старшыня Камітэта Дзяржаўнай Бяспекі, будынак нашага райаддзела ў выніку самазапалення…

– Мудак! – жорстка абсёк Шэлепин.

– Так точна!

– Райаддзел загарэўся не ў выніку самазапалення, – старшыня КГБ змякчыў інтанацыю да памяркоўна-змоўніцкай. – Гэта ты наўмысна яго падпаліў. На тэрыторыі вашага раёна шмат гадоў дзейнічала разгалінаваная нацыяналістычная групоўка, добра ўзброеная і выдатна заканспіраваная. Беларускі рэзыстанс, антысавецкі вызвольны рух, самаахвярныя змагары за нацыянальнае самавызначэнне. Ты і быў адным з ключавых кіраўнікоў тае арганізацыі… Што зыркаеш, маёр? Менавіта так: ажно ў Дзяржбяспеку пралез! Таму нацыяналістычную групоўку так доўга і не маглі выкрыць. Аднак маскоўскія чэкісты, якія праводзілі ў Нясвіжы сакрэтную спецаперацыю, выйшлі на ваш след і схапілі Міхала Апанасавіча Вітушку, лідара беларускага нацыянальнага супраціву. Каб вызваліць паплечніка і да таго ж адпомсціць таталітарнаму рэжыму за ўсе здзекі і рэпрэсіі, ты і падпаліў райаддзел. Але крывавая гэбня закатавала Вітушку раней, чым той паспеў збегчы. Усё ўцяміў?

– Так точна! – схлусіў Вікенцій Дамінікавіч.

– Вось і добра. Гэта, так бы мовіць, знешні контур твайго будучага легендавання. Дэталі дапрацуем, паперы сфальсіфікуем, агентуру праінструктуем – час яшчэ ёсць. Слухай далей…

Словы госця асыпаліся на мозг фантасмагарычнымі сняжынкамі, але Пяткевіч амаль ужо верыў, што ўсё гэта не сон і не белая гарачка. Суразмоўца выкладаў перад ім цалкам лагічныя блокі, арнаментуючы іх тэрміналогіяй з курсу лекцый «Аператыўныя камбінацыі КГБ СССР». У галаве Вікенція Дамінікавіча шкрабалі кельмы і чвякаў раствор; ён спрабаваў збудаваць з тых блокаў цэласную будыніну, але безвынікова.

– Мы дапаможам табе ўкараніцца ў новы ўрад і заваяваць там абсалютны давер, – маляваў маёрскую будучыню Шэлепін. – Гэта трэба для поспеху ўсяе аперацыі. Неўзабаве ты атрымаеш грошы. Да халеры грошай, ты нават і не ўяўляеш, што такія сумы існуюць у прыродзе. Прытым – выключна ў валюце: даляры, фунты, песа, маркі і ліры. А таксама падрабязныя інструкцыі, што з гэтымі грашыма рабіць. Пройдзеш паскораныя курсы: мовы, фінансы, нацыяналістычная фразеалогія і буржуазны этыкет. І будзеш рабіць у новай дзяржаве тое, што табе скажуць. Гэта і ёсць самае важнае заданне ў тваім чэкісцкім жыцці. Выканаеш – пойдзеш на пенсію генералам і нават… нават патрапіш у камунізм.

Вікенцій Дамінікавіч зглынуў, змаргнуў, захаўкаў разгублена.

– Але на Дваццаць другім з’ездзе Партыі таварыш Хрушчоў дэклараваў, што пры камунізме будзе жыць толькі наступнае пакаленне савецкіх людзей…

– Для некаторых савецкіх людзей камунізм даўно ўжо настаў, – паведаміў старшыня КГБ у канфідэнцыйнай танальнасці. – Эксперыментальная версія для самых заслужаных, так бы мовіць. Маеш усе шанцы стаць адным з абраных. І сваю бабу-інваліда таксама зможаш у камуністычны рай забраць. Пытанні ёсць?

– А як з падследным Вітушкам?… – крыху асмялеў Пяткевіч.

– Згарэў пры пажары – а то куды яму з райаддзелу было падзецца? Там пад руінамі трынаццаць абвугленых тушак адкапалі, адна з іх – дакладна фашысцкая, – Шэлепін глянуў на гадзіннік, вызначыў начальніцкі рух да дзвярэй. – Згарэў – то і добра. Але ўшанаваць і гэтага паліцая, і ўсіх іхніх вітаўтаў са скарынамі ўсё ж давядзецца: інакш амерыканскія імперыялісты, якія за ўсім гэтым стаяць, не павераць, што ў новай дзяржаве праходзяць ідэалагічныя змены… Так што вяртайся да жыцця; «падпольны абкам дзейнічае». І не забывайся, якую ўзнагароду маеш атрымаць, калі выканаеш заданне Партыі і ўраду!..

* * *

Вечаровы дождж шчыльна заштрыхоўваў трасу Мінск-Брэст. Каламутная шэрань размывала перспектыву шашы. Вадзяны пыл дыміўся пад коламі калгаснай палутаркі, якая нетаропка каціла ў бок райцэнтра.

Блізка развілкі на Гарадзею грузавік усхліпнуў гальмамі і спыніўся на ўзбочыне. Шафёр здзіўлена аглядаў на масіўную шэра-бетонную стэлу; яшчэ з раніцы тут сінеў аблушчаны дарожны знак з надпісам «Нясвіжскі раён».

– Гля, цётка Агнэса, што дзеецца!.. – кіроўца штурхнуў локцем старэчу ў заношанай хустцы.

Пасажырка прыадчыніла дзверку, напружана прымружылася, спрабуючы прачытаць надпіс на стэле.

– Нешта зусім я саслепла, – уздыхнула яна крыху вінавата. – А ну, сам скажы, што там напісана?

– «Сардэчна запрашаем у ВССКЛ!», – без усялякага выразу прачытаў кіроўца.

– Вой, проста язык можна зламаць… Што гэтае «вээсэскээл» хоць азначае?

Шафёр выкруціў руль налева. Пратэктары зашаргацелі па доўгай калюжыне. Грузавік панура паплыў праз дождж.

– У нас у аўтакалоне з раніцы палітінфармацыю праводзілі, і пра новую назву раёна таксама казалі. Я недзе нават запісаў, каб не забыцца, – кіроўца зашаргацеў паперкамі на прыборным шчытку. – Во! «Вялікае Савецкае Сацыялістычнае Княства Літоўскае». Сталіца ў Нясвіжы застанецца, а вось першым сакратаром нейкага паночка з вашынгтонскага абкаму прышлюць: ці то князя, ці то проста капіталіста. Як думаеш, цётка Агнэса, нешта да лепшага ў нас зменіцца?

– Ды што ў нас тут да лепшага можа змяніцца? Глядзі, каб толькі горш не было…

 


Пакiнь e-mail, каб атрымлiваць навiны часопicа


Аўтары Рэдакцыя

E-mail: mimikriabel@gmail.com

Выкарыстанне матэрыялаў Мiнкульт магчыма толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі.


Актыўная спасылка на старонку Мiнкульт, якая ўтрымлівае арыгінал публікацыі, абавязковая.


Сайт можа ўтрымліваць кантэнт, не прызначаны для прагляду асобаў, малодшых за 27 гадоў.

Андрэй Пакроўскі





Загрузка...