Пасля дэмабілізацыі М. Гарулёў працаваў у рэдакцыі Магілёўскай абласной газеты «За Радзіму». 3 1949 года жыве ў Мінску. Працаваў у Дзяржаўным выдавецтве БССР. Цяпер — адказны сакратар часопіса «Советская Отчизна».

Друкавацца М. Гарулёў пачаў у 1939 годзе. Аднак сістэматычнай творчай працай ён заняўся толькі пасля вайны. У 1950 годзе выдаў першы зборнік вершаў «Сверстники». У 1954 годзе з друку выйшла яго аповесць «Друзья-товарищи», прысвечаная гераічным подзвігам савецкіх людзей у гады Вялікай Айчыннай вайны. У літаратурным запісу М. Гарулёва выдадзена кніга Героя Савецкага Саюза М. Ф. Каралёва «Сыновья народа» (1955). У 1956 годзе выйшаў другі зборнік вершаў і паэм М. Гарулёва «В пути».

У 1957 годзе ў сааўтарстве з М. Алтуховым ён напісаў п’есу «Выбух», а ў 1958 годзе — п’есу «Другое знаёмства», якія паставіў на сваей сцэне Магілёўскі абласны тэатр.

М. Гарулёў вядомы і як перакладчык паэтычных і празаічных твораў беларускай літаратуры на рускую мову.

За поспехі ў развіцці літаратуры М. Гарулёў узнагароджаны медалем «За працоўную доблесць».


МАКСІМ ГАРЭЦКІ

Максім Іванавіч Гарэцкі нарадзіўся 19 лютага 1893 года ў вёсцы Малая Багацькаўка, Мсціслаўскага раёна, Магілёўскай вобласці, у сялянскай сям’і. Скончыўшы ў 1913 годзе Горацкае каморніцка-агранамічнае вучылішча, ён служыў у Віленскай землеўпарадкоўчай камісіі. У час першай сусветнай вайны быў прызваны ў царскую армію. Але пасля таго, як быў двойчы паранены (у Прусіі і пад Пінскам), яго дэмабілізавалі.

3 1917 да 1923 года М. Гарэцкі выкладаў літаратуру ў Віленскай беларускай гімназіі. У 1923 годзе ён вярнуўся ў Савецкую Беларусь і з таго часу займаўся навуковай працай у Інстытуце беларускай культуры і ў Акадэміі навук БССР.

Літаратурную дзейнасць М. Гарэцкі пачаў яшчэ да рэвалюцыі. Першае яго апавяданне «У лазні» было змешчана ў газеце «Наша ніва» ў 1912 годзе. Творы пісьменніка выдаваліся асобнымі кніжкамі: «Рунь» (Вільня, 1914), «Дзве душы» (аповесць, Вільня, 1919), «Досвіткі», «У чым яго крыўда» і «На імперыялістычнай вайне» (нататкі, 1926), «Ціхая плынь» (аповесць, 1930) і іншыя.

Пісаў М. Гарэцкі і драматургічныя творы. Яму належаць п’есы, драматычныя абразкі і сцэнкі: «Атрута», «Антон», «Салдат і яго жонка», «Не адной веры», «Мутэрка», «Гапон і Любачка», «Чырвоныя ружы», «Жартаўлівы пісарэвіч» і г. д. У свой час некаторыя з іх ставіліся гурткамі мастацкай самадзейнасці. У 1928 годзе выйшаў зборнік драматычных твораў пісьменніка «Жартаўлівы пісарэвіч».

Выступаў пісьменнік таксама з літаратурна-крытычнымі артыкуламі і даследаваннямі. У паасобных яго творах і літаратуразнаўчых працах мелі месца ідэалагічныя памылкі.

Памёр М. Гарэцкі ў 1939 годзе.


ЮРКА ГАЎРУК

Паэт-перакладчык Юры Паўлавіч Гаўрук нарадзіўся 23 красавка (ст. ст.) 1905 года ў горадзе Слуцку, Мінскай вобласці, у сям’і рабочага. Скончыў у Слуцку сярэднюю школу і Вышэйшы літаратурна-мастацкі інстытут імя В. Брусава ў Маскве. 3 1925 па 1931 год Ю. Гаўрук быў дацэнтам кафедры беларускай мовы і літаратуры ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, з 1931 па 1935 год чытаў курс зарубежная літаратуры ў Магілёўскім педагагічным інстытуце. Цяпер ён працуе загадчыкам літаратурнай часткі тэатра імя Я. Купалы.

Творчую дзейнасць Ю. Гаўрук пачаў у 1925 годзе. Ён пераклаў на беларускую мову для тэатра імя Я. Коласа камедыю «Сон у летнюю ноч» і трагедыю «Гамлет» В. Шэкспіра. Пераклаў таксама трагедыі «Атэла» (уключана ў аднатомнік В. Шэкспіра, выданы ў 1954 годзе) і «Кароль Лip».

У 1928 годзе «Маладняк» выпусціў зборнік яго перакладаў «Кветкі з чужых палёў», куды ўвайшлі творы англійскай, нямецкай, французскай, італьянскай і польскай паэзіі. Некалькі санетаў і рамансаў А. Міцкевіча ў перакладзе Ю. Гаўрука змешчана ў аднатомніку вялікага польскага паэта «Выбраныя творы» (1955). Нядаўна ён завяршыў працу над перакладам паэмы Г. Гейнэ «Германія» («Зімняя казка»).

Ю. Гаўрук шмат увагі аддае збіранню і вывучэнню беларускага фальклору. У 1924 годзе ён запісаў на Случчыне звыш 1000 народных песень. У 1926 годзе выдавецтва «Маладняка» выпусціла ў свет кніжку яго краязнаўчых нарысаў «Вясковыя рыскі».


СЦЯПАН ГАЎРУСЁЎ

Паэт Сцяпан Захаравіч Гаўрусёў нарадзіўся 10 мая 1931 года ў вёсцы Нова-Аляксандраўка, Дрыбінскага раёна, Магілёўскай вобласці, у сялянскай сям’і. У 1951 годзе скончыў Магілёўскае педагагічнае вучылішча, пасля чаго служыў у Савецкай Арміі. Дамабілізаваўшыся, працаваў у рэдакцыі газеты «Звязда».

Першыя вершы С. Гаўрусёва былі надрукаваны ў 1948 годзе ў газеце «Літаратура і мастацтва». У 1955 годзе Дзяржаўнае выдавецтва БССР выпусціла яго зборнік «Паходныя кастры».

У 1957 годзе С. Гаўрусёў напісаў паэму «Іней».

Паэт часта выступав ў перыядычным друку з нарысамі і артыкуламі.


ЯКАЎ ГЕРЦОВІЧ

Крыіык Якаў Бенцыянавіч Герцовіч нарадзіўся 1 студзеня 1910 года ў песцы Сяліба, Бярэзінскага раёна, Мінскай вобласці, у сям’і рабочага. Рана пачалося яго працоўнае жыццё ў рабочым калектыве лесапільнага завода «Кастрычнік» (Асіповіцкі раён). У 1936 годзе Я. Герцовіч скончыў Мінскі камуністычны інстытут журналістыкі. 3 таго часу ён працаваў у перыядычным друку рэслублікі.

У гады Вялікай Айчыннай вайны Я. Герцовіч супрацоўнічаў у газеце Заходняга фронта «Красноармейская правда». Цяпер ён загадчык аддзела рэдакцыі часопіса «Вожык».

Літаратурную дзейнасць Я. Герцовіч пачаў у 1939 годзе, выступіўшы з рэцэнзіямі і крытычнымі артыкуламі ў часопісе «Полымя рэвалюцыі», у газетах «Звязда» і «Літаратура і мастацтва». Пасля вайны крытык апублікаваў значную колькасць артыкулаў і рэцэнзій аб творах беларускіх пісьменнікаў. Сярод іх вылучаюцца артыкулы аб вершах А. Астрэйкі, А. Бялевіча, аб раманах «Глыбокая плынь» I. Шамякіна, «Сустрэнемся на барыкадах» П. Пестрака, «Векапомныя дні» М. Лынькова, аб мове і стылі К. Чорнага, аб творчасці X. Шынклера, І. Гурскага.

У 1957 юдзе Дзяржаўнае выдавецтва БССР выпусціла зборнік артыкулаў крытыка «На перадавых пазіцыях».

Я. Герцовіч — член КПСС. Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, Чырвонай Звязды і медалямі.


НІЛ ГІЛЕВІЧ

Паэт Ніл Сямёнавіч Гілевіч нарадзіўся 30 верасня 1931 года ў вёсцы Слабада, Лагойскага раёна, Мінскай вобласці, у сялянскай сям’і. У 1956 годзе скончыў філалагічны факультет Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. I. Леніна. Цяпер займаецца ў аспірантуры пры ўніверсітэце.

Першыя вершы Н. Гілевіча былі апублікаваны ў 1946 годэе ў дзіцячым часопісе «Бярозка». У 1957 годзе ў Дзяржаўным выдавецтве БССР выйшаў зборнік паэта «Песня ў дарогу».

Н. Гілевіч выступае ў перыядычным друку з артыкуламі аб беларускай савецкай паэзіі.


ПЯТРО ГЛЕБКА

Вядомы паэт і драматург Пятро Фёдаравіч Глебка нарадзіўся 6 ліпеня 1905 года ў вёсцы Вялікая Уса, Уздзенскага раёна, Мінскай вобласці, у сялянскай сям’і. Скончыўшы сямігодку (1923), П. Глебка працаваў сакратаром сельсавета, а ў 1924 годзе паступіў у Мінскі белпедтэхнікум. 3 трэцяга курса тэхнікума ён перайшоў на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, якое скончыў у 1930 годзе. Пасля гэтага паэт працаваў у рэдакцыі газеты «Калгаснік Беларусі», у рэдакцыі часопіса «Полымя рэвалюцыі», а затым быў літаратурным кансультантам у кабінеце маладога аўтара пры Саюзе пісьменнікаў БССР.

У гады Вялікай Айчыннай вайны П. Глебка супрацоўнічаў у франтавым друку на Заходнім, Цэнтральным і Калінінскім франтах. У арміі ўступіў у рады КПСС. 3 1943 па 1945 год займаў пасаду старшага, а затым галоўнага рэдактара Дзяржаўнага выдавецтва БССР. Пасля вайны П. Глебка працуе ў Акадэміі навук БССР. Некалькі год ён вёў навуковую працу ў Інстытуце мовазнаўства імя Я. Коласа. Цяпер узначальвае Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору.

Літаратурную дзейнасць П. Глебка пачаў у 1925 годзе, выступіўшы ў перыядычным друку з вершамі. У 1927 годзе выйшаў у свет першы зборнік яго вершаў «Шыпшына». Наступныя творы, больш актуальныя па тэматыцы і дасканалыя па форме, склалі змест такіх кніг паэта, як «Хада падзей» (1932), «Чатыры вятры» (1935), «Мужнасць» (1934).

П. Глебка напісаў паэму «У тыя дні» (1937) аб падзеях Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі і паэму «Мужнасць» (1934), прысвечаную вялікаму правадыру працоўных У. I. Леніну. Тэматычна да іх далучаюцца і драматычныя паэмы «Над Бярозай-ракой» (1939) і «Святло з Усходу» (напісана ў 1946-1947 гадах, затым карэнным чынам перапрацавана і апублікавана ў часопісе «Полымя» ў 1957 годзе).

У гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны час П. Глебка стварае вершы аб партызанах, аб воінах Савецкай Арміі, аб людзях, якія аднаўлялі жыццё на вызваленай зямлі, аб рабочых, якія ўзводзяць карпусы новых заводаў і фабрык, аб дзеячах навукі і культуры, якія сваёй працай дапамагаюць ідэйнаму і культурнаму росту савецкага народа.

У 1947 і 1952 гадах выйшлі ў свет кнігі выбраных твораў П. Глебкі, дзе найбольш поўна прадстаўлена яго творчасць. Зборнікі выбраных твораў паэта ў перакладзе на рускую мову выдаваліся ў 1950, 1952 1 1957 гадах. Лепшыя яго вершы і паэмы ўключаліся ў анталогіі беларускай паэзіі, якія выходзілі на розных мовах народаў СССР. У 1957 годзе ў новай аўтарскай рэдакцыі ў Дзяржаўным выдавецтве БССР выйшла яго паэма «У тыя дні», а ў 1958 годзе — збор твораў паэта ў двух тамах.

П. Глебка — правадзейны член Акадэміі навук БССР, член прэзідыума Саюза пісьменнікаў БССР, дэпутат Вярхоунага Савета БССР. Паэт узнагароджаны двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнамі Чырвонай Звязды, «Знак Пашаны» і медалямі.


ІВАН ГРАМ0ВІЧ

Празаік Іван Іванавіч Грамовіч нарадзіўся 26 ліпеня 1918 года ў вёсцы Закружка, Мінскага раёна, у сялянскай сям’і. Скончыў сярэднюю школу, а ў 1939 годзе — літаратурны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута імя М. Горкага.

У 1939 годзе I. Грамовіч быў прызваны ў Савецкую Армію. Служыў у артылерыйскіх часцях радавым, затым — афіцэрам. У арміі ўступіў у рады Камуністычнай партыі. Пасля вайны ён некалькі год працаваў адказным сакратаром часопіса «Беларусь», пасля — намеснікам рэдактара часопіса «Маладосць».

Першае апавяданне I. Грамовіча «Ружавеў усход» змешчана У 1935 годзе ў альманаху «Аднагодкі». Да Вялікай Айчыннай вайны ў часопісе «Полымя рэвалюцыі» з’явілася яшчэ некалькі апавяданняў празаіка і аповесць «Чужы грунт» (у пасляваенных зборніках аўтара яна друкуецца пад назвай «Адпачынак у Навасёлках»).

У 1947 годзе Дзяржаўнае выдавецтва БССР выпусціла кнігу «Апавяданні», куды ўвайшлі творы пісьменніка на ваенныя тэмы. У наступныя гады з друку выйшла яшчэ некалькі кніг І. Грамовіча: зборнікі апавяданняў для дзяцей «Першае верасня» (1949), «Запаветны камень» (1953), кніга нарысаў «Агні пяцігодкі» (1949) зборнікі апавяданняў «Шырокія азёры» (1951), «Да ясных вышыняў» (1952), «У лесе, на палянцы» (1957) і «Рына-Марына» (1958).

У сваіх апавяданнях пісьменнік адлюстроўвае працэс фарміравання характару маладога савецкага чалавека, паказвае працу і быт рабочых і савецкай інтэлігенцыі. Лепшыя яго апавяданні — «Незмірымасць», «Вяселле ў Загор’і», «Багатая восень», «Запаветны камень» і іншыя.

Паасобныя творы пісьменніка друкаваліся ў часопісах «Огонёк», «Смена», а таксама змешчаны ў анталагічных зборніках беларускіх апавяданняў, выдадзеных на рускай і ўкраінскай мовах. У 1956 годзе выдавецтва «Советский писатель» выпусціла ў перакладзе на рускую мову яго кнігу «Апавяданні».

Працуе І. Грамовіч і над творамі буйной формы. У 1953 годзе ў часопісе «Полымя» апублікавана першая частка яго рамана «Іду з табой, Масква!» — з жыцця рабочага калектыву аднаго з мінскіх заводаў.

I. Грамовіч — дэпутат Ленінскага раённага Савета горада Мінска. Ён узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны» і медалямі.


СЯРГЕЙ ГРАХОЎСКІ

Паэт Сяргей Іванавіч Грахоўскі нарадзіўся 25 верасня 1913 года ў мястэчку Нобель, былога Пінскага павета, Мінскай губерні (цяпер Зарэчнянскі раён, Ровенскай вобласці, УССР), у беднай сялянскай сям’і. У 1914 годзе яго бацькі пераехалі ў мястэчка Глуск. У 1930 годзе С. Грахоўскі скончыў Глускую сямігодку і пайшоў працаваць на Бабруйскі дрэваапрацоўчы камбінат. Адначасова вучыўся на вячэрнім рабфаку. У той час і з’явіліся першыя вершы паэта ў бабруйскай газеце «Камуніст» і літаратурным дадатку да яе — «Вясна». У 1935 годзе паэт скончыў літаратурны факультэт Мінскага педінстытута імя М. Горкага, пасля чаго працаваў у Беларускім радыёкамітэце.

Пасля Вялікай Айчыннай вайны С. Грахоўскі выкладаў мову і літаратуру ва Урэцкай сярэдняй школе на Случчыне. Цяпер працуе ў рэдакцыі часопіса «Бярозка».

У 1958 годзе выйшаў у свет зборнік вершаў С. Грахоўскага «Дзень нараджэння».


КАСТУСЬ ГУБАРЭВІЧ

Драматург Канстанцін Лявонцьевіч Губарэвіч нарадзіўся 23 снежня 1906 года ў вёсцы Радучы, Чавускага раёна, Магілёўскай вобласці, у сялянскай сям’і. Скончыўшы Магілёўскі педтэхнікум (1927), настаўнічаў у вясковай школе. Потым займаўся на сцэнарным аддзяленні Маскоўскага дзяржаўнага інстытута кінематаграфіі, а з 1931 года працаваў рэдактарам на кінастудыі «Беларусьфільм». Цяпер — загадчык аддзела рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва».

Пісаць К. Губарэвіч пачаў у 1926 годзе. На старонках часопіса «Малады араты» і ў магілёўскім альманаху «Дняпроўскія ўсплёскі» друкаваў свае вершы і апавяданні. У 1930 годзе выдаў зборнік вершаў «Гайда туды» і зборнік апавяданняў «Жывыя шрубы». У 30-х гадах часта выступаў у друку з рэцэнзіямі і артыкуламі па пытаннях кінамастацтва.

Перад вайной кінастудыя «Беларусьфільм» паставіла па сцэнарыях К. Губарэвіча дакументальны фільм «Фарпост вялікай Радзімы» і дзіцячы мастацкі фільм «Баям насустрач».

У 1947 годзе К. Губарэвіч у сааўтарстве з I. Дорскім напісаў п’есу «Центральны ход», прысвечаную Герою Савецкага Саюза Канстанціну Заслонаву. У 1948 годзе таксама разам з I. Дорскім ён стварыў лірычную камедыю «Алазанская даліна». Абедзве п’есы пастаўлены тэатрам імя Я. Коласа.

У п’есе «Брэсцкая крэпасць», напісанай у 1950 годзе, драматург паказвае гераізм савецкіх людзей у першыя дні Вялікай Айчыннай вайны. Пасляваеннаму жыццю беларускага народа прысвечана яго лірычная камедыя «Простая дзяўчына» (1953) і п’еса «На крутым павароце» (1955). Гістарычная драма «Галоўная стаўка» (1957) апавядае аб падзеях 1917 года на Беларусі. Драма адзначана прэміяй на Усесаюзным конкурсе да 40-годдзя Кастрычніка, а спектакль Дзяржаўнага рускага драматычнага театра БССР імя М. Горкага, пастаўлены па гэтай п’есе, на фестывалі драматычных театраў узнагароджаны дыпломам другой ступені.

П’есы К. Губаревіча ідуць на беларускай сцене і ў радзе театраў саюзных республік, перакладзены на рускую, украінскую і іншыя мовы. Па яго сценарыю пастаўлены каляровы фільм «Савецкая Беларусь».

К. Губаревіч узнагароджаны орденамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, «Знак Пашаны» і медалямі.


АЛЕСЬ ГУРЛО

Паэт Аляксандр Кандратавіч Гурло нарадзіўся 19 студзеня (ст. ст.) 1892 года ў мястэчку Капыль, Miнскай вобласці, у беднай сялянскай сям’і. У 1908 годзе скончыў Капыльскае чатырохкласнае вучылішча. Не маючы магчымасці вучыцца далей, батрачыў у кулакоў, быў пастухом, а потым паехаў на заробкі ў Пецярбург, паступіў працаваць на завод «Вулкан». У 1913 годзе быў прызваны на вайсковую службу і накіраваны ў Балтыйскі флот. Служыў матросам на крэйсеры «Богатырь», а ў час першай сусветнай вайны — на мінаносцы «Забияка». А. Гурло прымаў актыўны ўдзел у Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі. Яшчэ на радзіме, у Капылі, ён юнаком уступіў у Расійскую сацыял-дэмакратычную партыю, вёў падпольную прапагандысцкую работу сярод мясцовага насельніцтва. У рэвалюцыйным Пецярбургу ён цесна звязаўся з бальшавіцкімі арганізацыямі, працаваў у ваенным камітэце, а ў дні Кастрычніка з атрадам рэвалюцыйных маракоў удзельнічаў у штурме Зімняга палаца.

Першы верш А. Гурло быў надрукаваны 17 снежня 1909 года ў газеце «Наша ніва». Большасць вершаў паэта дарэвалюцыйнага часу прысвечана паказу жыцця беднага сялянства. У ix гучаў заклік да барацьбы за свабоду, за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне (вершы «Паднявольная вясна», «Нядоля», «Беззямельнік», «У турме», «Не гасіце агнёў»).

Паслякастрычніцкі перыяд творчасці А. Гурло быў найбольш плённым. У 1924 годзе выйшаў з друку першы яго зборнік «Барвёнак». Паэт піша аб станаўленні новага жыцця, аб пераможным руху савецкага народа наперад. Лепшыя творы паэта сабраны ў зборніках: «Спатканні» (1925), «Сузор’і» (1926), «Зорнасць» (1927), «Межы» (1929), «Выбраныя творы» (1950) і «Вершы» (1953).

Памёр паэт 4 лютага 1938 года ў Мінску.


ІЛЬЯ ГУРСКІ

Празаік і драматург Ілья Данілавіч Гурскі нарадзіўся 14 красавца (ст. ст.) 1899 года ў вёсцы Замосце, Уздзенскага раёна, Мінскай вобласці, у беднай сялянскай сям’і. У чатырнаццацігадовым узросце ён пачаў самастойнае працоўнае жыццё: працаваў батраком у маёнтку памешчыка, а ў 1916 годзе паступіў рабочым на Абухоўскі завод у Петраградзе. I. Гурскі ўдзельнічаў у Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі. У 1919 годзе ён уступіў у рады Камуністычнай партыі.

3 1919 па 1924 год І. Гурскі служыў у Чырвонай Арміі, прымаў удзел у баях на Паўднёвым і Заходнім франтах, пад Растовам-на-Доне быў паранены. Пасля дэмабілізацыі працаваў у Мінску ў Галоўрэперткоме і Галоўмастацтве Наркамасветы БССР. Скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педфака Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і аспірантуру пры Акадэміі навук БССР. 3 1935 па 1941 год быў рэдактарам газеты «Літаратура і мастацтва».

У гады Вялікай Айчыннай вайны I. Гурскі працаваў у франтавым друку: рэдагаваў газету «За Свабодную Беларусь» і сатырычны часопіс «Партызанская дубінка». Цяпер пісьменнік з’яўляецца галоўным рэдактарам часопіса «Беларусь».

Літаратурную дзейнасць I. Гурскі пачаў у 1928 годзе. Да вайны напісаў п’есы: «Новым шляхам» і «Дрыгва» (1928), «Качагары» (1929), «Новы горад» (1932), «На крэсах усходніх» (1933), «Патрыёты» (1939), «Валодзя Вярбіцкі» (1941), якія ішлі на сцэне беларускіх тэатраў і ставіліся гурткамі мастацкай самадзейнасці.

П’еса «Качагары» была пастаўлена тэатрам імя Я. Коласа, а «Новы горад» — Мінскім тэатрам рабочай моладзі.

Пасля вайны I. Гурскі напісаў п’есы «Свае людзі» (1945) і «Хлеб» (1948), а таксама некалькі кніг апавяданняў: «Над Нёманам» (1945), «На родных гонях» (1948), «Зары насустрач» (1949), «Неспакойныя характары» (1953), «У вялікай дарозе» (1958). У іх адлюстраваны падзеі Вялікай Айчыннай вайны і пасляваеннае жыццё беларускага народа.

Партызанскай тэме прысвечаны яго аповесць «Лясныя салдаты» (1945) і раман «У агні» (1952). Раман выдадзены і ў перакладзе на рускую мову.

I. Гурскі — дэпутат Мінскага гарадскога Савета, член прэзідыума Саюза пісьменнікаў БССР. Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Чырвонай Звязды, «Знак Пашаны» і медалямі.


ІВАН ГУТАРАЎ

Іван Васільевіч Гутараў нарадзіўся 2 красавіка 1906 года ў вёсцы Воўкаўцы, Мсціслаўскага раёна, Магілёўскай вобласці, у сялянскай сям’і. Рана страціўшы бацькоў, ён выхоўваўся ў дзіцячых дамах на Магілёўшчыне і ў Мінску. Сярэднюю адукацыю атрымаў у Леменскай вопытна-паказальнай школе-камуне імя У. I. Леніна.

У 1928 годзе I. Гутараў скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педфака Беларускага дзяржаўнага універсітэта, пасля чаго выкладаў беларускую і рускую літаратуру ў педагагічным і палітыкаасветным інстытутах у Магілёве. У 1939 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю.

У час Вялікай Айчыннай вайны I. Гутараў служыў у Савецкай Арміі, прымаў удзел у партызанскім руху.

3 1943 да 1947 года ён займаўся ў дактарантуры Інстытута сусветнай літаратуры імя М. Горкага Акадэміі навук СССР. Затым працаваў у ЦК КПБ, а з восені 1951 года займаецца навукова-педагагічнай работай у Беларускім дзяржаўным універсітэце імя У. I. Леніна.

Творчую дзейнасць у галіне літаратуразнаўства I. Гутараў распачаў у 1932 годзе. Даследчык выдаў некалькі кніг, прысвечаных праблемам эстэтыкі і паэтычнага майстэрства: «Барацьба і творчасць народных мсціўцаў» (1949), «Паэтычнае майстэрства Ул. Ул. Маякоўскага» і «Эстэтычныя асновы савецкай літаратуры» (1950), «Філасофска-эстэтычныя погляды А. С. Пушкіна» (1957).

I. Гутараў — член КПСС, доктар філалагічных навук, прафесар, член-карэспандэнт Акадэміі навук БССР. Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Чырвонага Сцяга, Працоўнага Чырвонага Сцяга і медалямі.


УЛАД3ІМІР ДАД3ІЁМАЎ

Празаік Уладзімір Ільіч Дадзіёмаў нарадзіўся 8 студзеня 1924 года ў горадзе Нова-Беліцы, Гомельскай вобласці, у сям’і рабочага-гарбара. Скончыўшы сярэднюю школу ў Гомелі, Ул. Дадзіёмаў паступіў у Мінскі камуністычны інстытут журналістыкі. Да вайны паспеў эакончыць толькі першы курс.

У час Вялікай Айчыннай вайны Ул. Дадзіёмаў служыў у радах Савецкай Арміі радавым байцом-пехацінцам, карэкціроўшчыкам мінамётнай батарэі, а з 1943 года — карэспандэнтам газеты «Гвардейский натиск».

Пасля заканчэння вайны ён працаваў у рэдакцыях абласных і рэспубліканскіх газет.

Першыя нарысы і апавяданні празаіка надрукаваны ў 1943 годзе ў франтавых газетах. У 1948 годзе асобным выданнем выйшла яго дакументальная аповесць «Жлобінскія маладагвардзейцы» (перавыдадзена ў 1950 годзе на беларускай і рускай мовах).

У 1955 годзе часопіс «Полымя» змясціў аповесць Ул. Дадзіёмава «Над Нёманам», прысвечаную жыццю беларускіх рабочых-тэкстыльшчыкаў. Улічыўшы заўвагі чытачоў і крытыкі, празаік амаль два гады працаваў над гэтым творам, значна пашырыў і паглыбіў яго змест. У 1957 годзе раман «Над Нёманам» выйшаў асобнай кнігай у Дзяржаўным выдавецтве БССР.

У 1958 годзе пісьменнік скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве.

Ул. Дадзіёмаў — член КПСС. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Звязды і медалямі.


МІХАСЬ ДАНІЛЕНКА

Празаік Міхась Пятровіч Даніленка нарадзіўся 28 кастрычніка 1922 года ў вёсцы Ястрабка, Лоеўскага раёна, Гомельскай вобласці, у сялянскай сям’і. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны М. Даніленка вучыўся ў сямігодцы і ў Рэчыцкім педвучылішчы. У 1941 годзе быў прызваны ў Савецкую Армію. Удзельнічаў у баях на Паўднёва-Заходнім фронце, а таксама ў вызваленні Польшчы.

Пасля дэмабілізацыі М. Даніленка настаўнічаў у Казярожскай сямігодцы, Лоеўскага раёна, і вучыўся завочна ў Гомельскім педінстытуце. Цяпер ён працуе ў рэдакцыі «Гомельскай праўды».

Літаратурную дзейнасць М. Даніленка пачаў у 1940 годзе, змясціўшы на старонках абласной газеты «Бальшавік Палесся» апавяданне «Баравым шляхам». У 1946 годзе ў перыядычным друку э’явілася некалькі вершаў пісьменніка. У 1947 годзе часопіс «Беларусь» апублікаваў яго апавяданне «Пачастунак». У 1952 годзе з друку выйшаў зборнік маладога празаіка — «Мая песня».

М. Даніленка піша і для дзяцей. Яго апавяданні аб школе, аб высакароднай працы настаўнікаў друкуюцца ў піянерскіх выданнях і ў часопісе «Маладосць». У 1956 годзе Дзяржаўнае выдавецтва БССР выпусціла ў свет кніжку дзіцячых апавяданняў М. Даніленкі «Вернасць слову».


СЯРГЕЙ ДАРОЖНЫ

Паэт Сяргей Дарожны (Сяргей Міхайлавіч Серада) нарадзіўся 25 лютага 1909 года ў горадзе Слоніме ў сям’і служачага. Вучыўся на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні педфака Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. 3 1930 года працаваў у рэдакцыях рэспубліканскіх газет і часопісаў. Памёр паэт у 1938 годзе,

Першыя вершы С. Дарожнага былі надрукаваны ў 1925 годзе. У 1926 годзе ён у сааўтарстве з I. Плаўнікам выдаў зборнік вершаў «Звон вясны». У 1932 годзе выйшла ў свет новая кніжка яго паэзіі «Пракосы напамяць». Многія вершы паэта друкаваліся на старонках перыядычных выданняў.


ЦОДЗІК ДАЎГАПОЛЬСКІ

Цодзік Львовіч Даўгапольскі нарадзіўся 30 ліпеня (ст. ст.) 1879 года ў горадзе Гарадку, Віцебскай вобласці, у беднай яўрэйскай сям’і. У чатырнаццацігадовым узросце ён пачаў самастойны працоўны шлях, паступіўшы вучнем у майстэрню па перапрацоўцы шчаціны. Каля дзесяці год працаваў на шчацінных фабрыках у Невелі, Віцебску і Оршы. У 1909 годзе экстэрнам здаў экзамен на званне хатняга настаўніка, пасля чаго настаўнічаў у Гарадку і ў мястэчку Захарына (на Магілёўшчыме).

Пасля Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі Ц. Даўгапольскі быў загадчыкам дзіцячага дома ў Віцебску, пазней працаваў літаратурным работнікам у рэдакцыях рэспубліканскіх газет. У час Вялікай Айчыннай вайны пісьменнік жыў у Тамбоўскай вобласці, у Казахстане і ў Молатаўскай вобласці, працаваў там культработнікам і выхавацелем у дзіцячым доме.

Літаратурную дзейнасць Ц. Даўгапольскі пачаў у 1914 годзе з апавяданняў і фельетонаў. У даваенны час на яўрэйскай мове і ў перакладах на беларускую мову было выдадзена некалькі кніг Ц. Даўгапольскага: раман «Каля адчыненай брамы» (1931), зборнікі апавяданняў «На савецкай зямлі» (1928) і «Навыварат» (1929), аповесць «Агітцягнік» (1933), зборнік фельетонаў «Маім пяром» (1932), раман «Шоўк» (1933), «Навелы» (1937) і іншыя.

Пасля Вялікай Айчыннай вайны Ц. Даўгапольскі працягвае працу ў жанры нарыса і апавядання. У 1950 годзе ў Выдавецтве працоўных рэзерваў (Масква) выйшла яго аповесць «Гэта было даўно». Дзяржаўнае выдавецтва БССР у 1955 годзе выпусціла ў свет яго аповесць на рускай мове «На берагах Сілвы», а ў 1957 годзе — зборнік апавяданняў «На світанні».


СЯРГЕЙ ДЗЯРГАЙ

Сяргей Сцяпанавіч Дзяргай нарадзіўся 17 верасня (ст. ст.) 1907 года ў горадзе Мінску ў сям’і рабочага-чыгуначніка. У 1924 годзе скончыў Мінскую чыгуначную сямігадовую школу, а ў 1927 годзе — агульнаадукацыйныя курсы. Хвароба перапыніла вучобу. Але ён настойліва займаўся самаадукацыяй. У сярэдзіне трыццатых гадоў С. Дзяргай працаваў карэктарам у рэдакцыі газеты «Звязда». Вялікая Айчынная вайна застала яго ў Гомелі. Будучы прыкаваным да ложка, С. Дзяргай не змог эвакуіравацца ў савецкі тыл. У час акупацыі жыў выпадковымі заробкамі, прымаў удзел у падпольным і партызанскім руху. Цяпер ён працуе ў рэдакцыі часопіса «Вожык».

Піша і друкуецца С. Дзяргай з 1938 года. Але плённа працаваць у галіне паэзіі ён пачаў толькі пасля вайны.

У 1953 годзе Дзяржаўнае выдавецтва БССР выпусціла кнігу вершаў С. Дзяргая «Вачыма будучыні», а ў 1958 годзе — кнігу «Крэмень аб крэмень».

С. Дзяргай вядомы чытачу і як перакладчык паэтычных твораў з моваў народаў СССР і краін народнай дэмакратыі.


АНАТОЛЬ ДЗЯРКАЧ

Анатоль Дзяркач (Анатоль Рыгоравіч Зіміёнка) нарадзіўся 6 красавіка (ст. ст.) 1887 года ў мястэчку Турэц, на Навагрудчыне, у сям’і фельчара. Вучыўся ў Навагрудскім гарадскім вучылішчы. Потым служыў пісарам у гарадской і земскай управах.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі А. Дзяркач працаваў у рэдакцыях газет «Беларуская вёска» і «Піянер Беларусі», некаторы час рэдагаваў сатырычна-гумарыстычны часопіс «Дубінка» (дадатак да газеты «Звязда»). Памёр пісьменнік у 1937 годзе.

Першыя яго вершы, напісаныя на рускай мове, з’явіліся ў перыядычным друку яшчэ ў 1904 годзе.

У савецкі час выдадзены зборнікі гумарыстычных і сатырычных вершаў А. Дзеркача: «Пра папоў, пра дзякоў, пра сялян-мужыкоў» (1925), «Міколава гаспадарка» (1927), «Усім па-троху», «Качаргой па абразах» і «Бог удвох» (1930) і зборнікі для дзяцей (выходзілі пад сапраўдным прозвішчам пісьменніка) — «Нашы прыяцелі», «Першы дзень у дзіцячым садзе» і «Працавітая дзяўчынка» (1928), «Звяры нашых лясоў» (1929).


ІОСІФ ДОРСКІ

Драматург Іосіф Львовіч Дорскі нарадзіўся 17 снежня 1911 года ў Мінску ў сям’і служачага. Пасля заканчэння сярэдняй школы працаваў у шматтыражцы Мінскага дрэваапрацоўчага завода (1929-1930). Працяглы час (1935-1944) І. Дорскі з’яўляўся загадчыкам літаратурнай часткі тэатра імя Я. Коласа, а з 1944 года ён — дырэктар гэтага тэатра.

Першыя нарысы і рэцэнзіі I. Дорскага з’явіліся ў рэспубліканскіх газетах у 1930 годзе.

Працу ў галіне драматургіі ён пачаў пасля вайны. У сааўтарстве з К. Губарэвічам напісаў п’есу «Центральны ход» (1947) і камедыю «Алазанская даліна» (1948). П’есы гэтыя пастаўлены тэатрам імя Я. Коласа. На матэрыяле жыцця калгаснай вёскі драматург стварыў п’есу «Права на шчасце» (1956), якую паставіў на сваёй сцэне Рускі дзяржаўны драматычны тэатр БССР імя М. Горкага.

I. Дорскі узнагароджаны двума ордэнамі «Знак Пашаны» і медалямі.


УЛАДЗІМІР ДУБОЎКА

Паэт Уладзімір Мікалаевіч Дубоўка нарадэіўся 2 ліпеня 1900 года ў вёсцы Агароднікі, Пастаўскага раёна, Маладзечанскай вобласці, у сям’і рабочага. У 1918 годзе скончыў Нова-Вілейскую настаўніцкую семінарыю. Некаторы час настаўнічаў у вясковай школе, а потым быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі. Пасля грамадзянскай вайны працаваў у Наркамасветы РСФСР, адначасова вучыўся ў Літаратурна-мастацкім інстытуце імя В. Брусава. Потым быў выкладчыкам у Камуністычным універсітэце народаў Захада, працаваў у пастпрэдстве БССР пры Савеце Народных Камісараў СССР.

Друкуецца Ул. Дубоўка з 1922 года. Першы зборнік яго вершаў «Строма» быў выдадзены ў 1923 годзе ў горадзе Вільні. Пазней адна за адной выходзяць у Miнску кніжкі паэта: «Там, дзе кіпарысы» і «Трысцё» (1925) «Крэда» (1926), «Кругі» і «Браніслава» (1928) і іншыя. У 1927 годзе ў Маскве выйшаў яго зборнік «Наля». У некаторых творах паэта мелі месца ідэйныя хібы.

Паспяхова выступаў Ул. Дубоўка і як перакладчык твораў А. Пушкіна, Дж. Байрана і іншых паэтаў.

У 1958 годзе Ул. Дубоўка апублікаваў у газеце «Літаратура і мастацтва» падборку новых вершаў, а ў часопісе «Полымя» — новыя паэмы «Чакае ля берага човен мяне» і «Перад іменем Любові».


ІГНАТ ДУБРОЎСКІ

Празаік Ігнат Цімафеевіч Дуброўскі (Чарняўскі) нарадзіўся 22 жніўня (ст. ст.) 1906 года ў вёсцы Дуброва, Смалявіцкага раёна, Мінскай вобласці, у сялянскай сям’і. У 1927 годзе ён скончыў сярэднюю школу, пасля чаго працаваў на камсамольскай рабоце, служыў у радах Савецкай Арміі. Потым вучыўся ў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках, якую скончыў у 1932 годзе. У 1937 годзе абараніў дысертацыю і атрымаў вучоную ступень кандыдата сельскагаспадарчых навук.

У пачатку Вялікай Айчыннай вайны I. Дуброўскі пайшоў на фронт. Камандаваў батарэяй. Цяпер працуе загадчыкам аддзела эканомікі Інстытута земляробства Акадэміі сельскагаспадарчых навук БССР.

Імя I. Дуброўскага сустракалася ў перыядычных беларускіх выданнях яшчэ ў 1927-1928 гадах. Тады ён пісаў вершы. Пасля надоўга адышоў ад пісьменніцкай дзейнасці, працаваў у галіне грамадска-эканамічных навук.

У 1949 годзе I. Дуброўскі апублікаваў у часопісе «Беларусь» апавяданне «Шчасце», станоўча ацэненае крытыкай і чытачамі. Услед за ім з’явіліся новыя апавяданні: «Трактарысты», «Тодар Хвошч», «Узор», «Чорныя шпакі» і іншыя. У 1952 годзе ў Дзяржаўным выдавецтве БССР выйшла яго аповесць «Зямля маладзее» — аб савецкіх студентах і вучоных. У 1954 годзе быў выдадзены зборнік апавяданняў празаіка «Радня». У 1958 годзе ў часопісе «Полымя» быў апублікаваны яго нарыс «Светлы шлях» аб барацьбе калгаснікаў за круты ўздым сельскай гаспадаркі.

Пісьменнік-камуніст часта выступае ў перыядычным друку з нарысамі і публіцыстычнымі артыкуламі, у якіх закранае істотныя праблемы грамадскага жыцця.


АЛЕСЬ ДУДАР

Паэт Алесь Дудар (Аляксандр Аляксандравіч Дайлідовіч) нарадзіўся 24 снежня 1904 года ў вёсцы Навасёлкі, Капаткевіцкага раёна, Гомельскай вобласці, у беднай сялянскай сям’і. Неўзабаве Дайлідовічы пераехалі ў Пухавічы, дзе бацька працаваў на чыгунцы. У 1916 годзе ў час наступлення нямецкіх войск яны эвакуіраваліся ў горад Казлоў (цяпер Мічурынск).

Сярэднюю адукацыю А. Дудар атрымаў у Мінску (1921).

Потым ён вучыўся на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні педфака Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

У 1921 годзе ў газеце «Савецкая Беларусь» з’явіліся першыя вершы А. Дудара, а ў 1925 годзе выйшлі дзве яго кніжкі: «Беларусь бунтарская» і «Сонечнымі сцежкамі». У 1926 годзе была выдадзена яго паэма пра жыццё працоўных у каланіяльным Кітаі — «Шанхайскі шоўк». Тады ж выйшла кніга вершаў «I залацісцей, і сталёвей», а ў 1927 годзе — кніга апавяданняў «Марсельеза», у 1928 годзе — вершаваны зборнік «Вежа».

Гераічным подзвігам савецкіх людзей у гады грамадзянскай вайны прысвечаны паэмы А. Дудара «Слуцак» (1933) і «Вайна за мір» (1934), а таксама аповесць «Ваўчаняты» (1925), напісаная разам з А. Александровічам і А. Вольным. Пісаў ён і артыкулы па пытаннях літаратуры.

У радзе твораў А. Дудара мелі месца памылкі ідэалагічнага характару.

А. Дудару належаць пераклады на беларускую мову некаторых твораў А. Пушкіна, «Дванаццаці» А. Блока, вершаў А. Безыменскага, М. Ціханава, а таксама «Фауста» І.-В. Гётэ і «Вільгельма Тэля» Ф. Шылера.

Памёр А. Дудар 25 лютага 1946 года.


ПЯТРО ДУДО

Празаік Пятро Дзмітравіч Дудо нарадзіўся 22 жніўня (ст. ст.) 1911 года на Лепельшчыне ў сялянскай сям’і. 3 1935 года ён служыў у радах Савецкай Арміі. Прайшоў шлях ад радавога салдата да падпалкоўніка. Скончыў Мінскі камуністычны інстытут журналістыкі. У 1939 годзе ўступіў у члены КПСС.

У час Вялікай Айчыннай вайны П. Дудо быў палітработнікам, працаваў у армейскім друку. Ён узнагароджаны двума ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, двума ордэнамі Чырвонай Звязды і медалямі.

Першыя нарысы і апавяданні П. Дудо з’явіліся ў перыядычным друку рэспублікі яшчэ да вайны. У 1953 годзе ў часопісе «Полымя» была апублікавана яго аповесць «Першы салют», у 1958 годзе гэта аповесць выйшла асобным выданнем.

Памёр П. Дудо 23 лютага 1958 года.


АЛЕСЬ ЕСАКОЎ

Тэатральны і літаратурны крытык Аляксандр Аляксандравіч Есакоў нарадзіўся 18 снежня 1911 года ў вёсцы Новікава, былой Кастрамской губерні, у сям’і рабочага. У 1921 годзе сям’я Есаковых пераехала ў Мінск. А. Есакоў рана страціў бацьку і выхоўваўся ў дзіцячым доме. Пасля заканчэння сямігодкі (1928) працаваў рабочым на шчотачнай фабрыцы, потым артыстам у Тэатры рабочай моладзі. У 1935 годзе скончыў Інстытут тэатральнага мастацтва імя А. Луначарскага. 3 1935 па 1936 год служыў у Савецкай Арміі, пасля чаго працаваў у рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва». Удзельнічаў у вызваленчым паходзе Савецкай Арміі ў Заходнюю Беларусь і ў вайне з белафінамі.

У час Вялікай Айчыннай вайны А. Есакоў знаходзіўся ў дзеючай арміі, а потым у партызанскім атрадзе на Міншчыне. Пасля вайны працаваў у рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва». Цяпер — літкансультант Саюза пісьменнікаў БССР.

А. Есакоў выступіў з артыкуламі і рэцэнзіямі аб беларускай драматургіі і тэатры яшчэ да вайны. У 1956 годзе Дзяржаўнае выдавецтва БССР выпусціла яго манаграфію пра заслужанага артыста БССР Ул. Крыловіча. Асобнымі брашурамі выдадзены яго нарысы пра самадзейны народны хор вёскі Азершчына і аршанскі драмгурток чыгуначнікаў.

А. Есакоў — член КПСС. Узнагароджаны медалямі.


АЛЕСЬ ЖАЎРУК

Паэт Алесь Жаўрук (Аляксандр Дзмітравіч Сінічкін) нарадзіўся 19 жніўня 1910 года ў горадзе Рослаўлі ў сям’і служачага. У 1912 годзе бацькі пераехалі на Беларусь, у горад Рагачоў. Там А. Жаўрук вучыўся ў школе і скончыў педагагічны тэхнікум. У 1934 годзе паступіў у Маскоўскі Інстытут гісторыі, філасофіі і літаратуры, пасля заканчэння якога (1939) займаўся ў аспірантуры Акадэміі навук БССР. У хуткім часе быў мабілізаваны ў Савецкую Армію. 3 першых дзён Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся на фронце, часта выступаў у франтавым друку з вершамі і нарысамі. У 1942 годзе А. Жаўрук супрацоўнічаў у газеце палітаддзела 62-й арміі і загінуў смерцю героя, абараняючы Сталінград.

Першыя вершы А. Жаўрука з’явіліся ў бабруйскай акруговай газеце «Камуніст» і літаратурным дадатку да яе — «Вясна» ў 1926 годзе. У 1936 годзе ў Дзяржаўным выдавецтве БССР выйшла з друку кніга вершаў паэта «Ручаіны», а ў 1938 годзе — кніга «Дняпро выходзіць з берагоў».

А. Жаўрук вядомы таксама як перакладчык і аўтар вершаў для дзяцей. Сумесна з паэтам Андрэем Ушаковым ён выдаў у 1939 годзе паэмы для дзяцей «Мой таварыш», «Пра майго таварыша» і «Пра слаўных папанінцаў з нашага дзетсада». У сааўтарстве з А. Ушаковым напісаў лібрэта аперэты «Зарэчны бор», якая ставілася Беларускім тэатрам аперэты і гурткамі мастацкай самадзейнасці.


ЯНКА ЖУРБА

Янка Журба (Іван Якаўлевіч Івашын) нарадзіўся 18 красавіка (ст. ст.) 1881 года ў вёсцы Купніна, Чашніцкага раёна, Віцебскай вобласці, у сялянскай сям’і. Скончыўшы Полацкую настаўніцкую семінарыю, працаваў у вясковых школах на Віцебшчыне. У 1906 годзе паступіў у Глухаўскі настаўніцкі інстытут (Украіна), які скончыў у 1909 годзе. 3 таго часу працаваў выкладчыкам у гарадскіх вучылішчах на Украіне і Беларусі. У час імперыялістычнай вайны ў 1915 годзе эвакуіраваўся ў Сімбірскую губерню, дзе таксама настаўнічаў. На радзіму вярнуўся ў 1921 годзе. Працаваў у навукова-педагагічнай камісіі Наркамасветы БССР (1921-1923), а потым інспектарам народнай асветы ў Бабруйску і Клімавічах (1923-1927). У 1934 годзе Я. Журба па стану здароўя перайшоў на пенсію.

Творчая біяграфія Я. Журбы пачынаецца з 1909 года, калі ў газеце «Наша ніва» быў упершыню надрукаваны яго верш «На беразе Дзвіны». У дарэвалюцыйны час паэт пісаў аб цяжкім жыцці беларускага сялянства, заклікаў яго да барацьбы за сваё вызваленне з-пад уціску паноў і царызма.

У 1924 годзе выйшаў першы зборнік вершаў паэта «Заранкі». У 1941 годзе ён здаў выдавецтву новы зборнік «Раніца», у які ўключыў паэму «На палярнай станцыі», аднак у час акупацыі Мінска рукапіс загінуў. Пасля вайны Дзяржаўнае выдавецтва БССР выпусціла кнігу Я. Журбы «Выбраныя творы» (1950) і зборнікі вершаў для дзяцей «Ластаўкі» (1950) і «Сонечная раніца» (1955).


АЛЯКСЕЙ ЗАРЫЦКІ

Паэт Аляксей Аляксандравіч Зарыцкі нарадзіўся 9 сакавіка (ст. ст.) 1911 года ў гарадскім пасёлку Хоцімск, Магілёўскай вобласці, у сям’і служачага. У 1916 годзе бацькі пераехалі ў горад Рагачоў. У 1928 годзе А. Зарыцкі скончыў сярэднюю школу і пайшоў працаваць электраманцёрам на Бабруйскі дрэваапрацоўчы камбінат. У 1932 годзе ён паступіў у Маскоўскі інстытут замежных моваў, пасля заканчэння якога (1936) жыў у Маскве і займаўся літаратурнай працай. 3 1938 па 1946 гады знаходзіўся ў радах Савецкай Арміі. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны служыў у паветрана-дэсантных войсках, а пасля быў інструктарам армейскага палітаддзела.

Першыя вершы паэта былі надрукаваны ў 1927 годзе ў бабруйскай газеце «Камуніст» і літаратурным дадатку да яе — «Вясна». У 1932 годзе выйшаў у свет яго зборнік «Эпічныя фрагменты».

Але найбольш плённа творчая дзейнасць А. Зарыцкага разгарнулася пасля Вялікай Айчыннай вайны. Ён піша аб гераізме воінаў Савецкай Арміі, аб стваральнай працы савецкіх людзей па аднаўленню народнай гаспадаркі. Пасляваенныя творы паэта ўвайшлі ў зборнікі: «Дняпроўскае рэха» (1946), «Арліная крыніца» (1947), «Світанскія сады» і «Наш сын» (1950), «Вершы і паэмы» (1952), «Залатое дно» (1955), «Праз бурныя парогі» (1957).

У 1951 годзе выдавецтва «Советский писатель» выпусціла ў перакладзе на рускую мову кнігу вершаў і паэм А. Зарыцкага «Сады над Бярозай-ракой», у 1955 годзе выйшла на рускай мове паэма «Аповесць пра залатое дно», а ў 1957 годзе — кніга «Паэмы».

Паэт паспяхова займаецца перакладамі з рускай, украінскай, польскай і нямецкай моваў.

А. Зарыцкі — член КПСС. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені і медалямі.


МІХАСЬ ЗАРЭЦКІ

Міхась Зарэцкі (Міхаіл Яфімавіч Касянкоў) нарадэіўся 30 снежня (ст. ст.) 1901 года ў вёсцы Высокі Гарадзец, Талачынскага раёна, Віцебскай вобласці, у сям’і дзяка. Бацькі жадалі, каб іх сын атрымаў «духоўнае званне», і аддалі яго спачатку ў духоўнае вучылішча, а пазней — у духоўную семінарыю. Але жыццё перайначыла лёс будучага пісьменніка. У 1920 годзе ён быў прызваны ў Чырвоную Армію і праслужыў там некалькі год.

Пасля дэмабілізацыі (1927) М. Зарэцкі некаторы час вучыўся на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1930-1931 гадах ён быў намеснікам рэдактара газеты «Савецкая Беларусь», а з 1931 года працаваў у Акадэміі навук БССР.

Літаратурную дзейнасць М. Зарэцкі пачаў у 1921 годзе, выступіўшы з апавяданнямі на старонках газеты «Савецкая Беларусь». Пісьменнік уваходзіў спачатку ў літаратурнае аб’яднанне «Маладняк», пазней — у аб’яднанне «Полымя». У 1925 годзе выйшаў з друку першы зборнік яго апавяданняў «У віры жыцця». Услед за гэтым з’явіліся новыя кніжкі апавяданняў празаіка; «Пела вясна» (1925), «Пад сонцам» (1920), «На чыгунцы» (1928) і іншыя. У 1928 годзе М. Зарэцкі выдаў раман «Сцежкі-дарожкі», а ў 1932 годзе — раман «Вязьмо». Працуючы над буйнымі творамі, празаік не закідаў і апавяданняў: у 1930 годзе выйшла ў свет яго кніга «Ракавыя жаронцы» (у яе былі ўключаны i паасобныя драматычныя творы пісьменніка), у 1932 годзе — кніга апавяданняў «Бацькаў сын».

У некаторых творах М. Зарэцкі дапусціў ідэйныя памылкі, за што ў свой час яго крытыкавала савецкая грамадскасць.

Памёр пісьменнік 13 чэрвеня 1941 года.


MІКОЛА ЗАСІМ

Паэт Мікалай Арцёмавіч Засім нарадзіўся 6 лістапада (ст. ст.) 1908 года ў вёсцы Шэні, Пружанскага раёна, Брэсцкай вобласці, у сялянскай сям’і. У час імперыялістычнай вайны разам з бацькамі эвакуіраваўся на Саратаўшчыну. Пасля грамадзянскай вайны сям’я Засімаў вярнулася ў родную вёску. Шмат гадоў паэт батрачыў у паноў і кулакоў, працаваў на лесапільным заводзе, дзе ўступіў у падпольную камсамольскую арганізацыю, а потым у Камуністычную партыю Заходняй Беларусі. Ён прымаў удзел у рэвалюцыйным руху, за што неаднаразова арыштоўваўся дэфензівай і сядзеў у турмах.

Вершы пачаў пісаць у 1925 годзе. Яго самабытная, багатая жыццёвым матэрыялам і рэвалюцыйная па духу паэзія карысталася значнай папулярнасцю сярод чытачоў.

Пасля вызвалення Заходняй Беларусі М. Засім працаваў старшынёй сельсавета, намеснікам старшыні райвыканкома ў Пружанах. У гады Вялікай Айчыннай вайны ён удзельнічаў у партызанскім руху.

У 1948 годзе паэт скончыў Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КПБ, пасля чаго працаваў у рэдакцыі брэсцкай абласной газеты «Зара». Памёр М. Засім 19 ліпеня 1957 года.

Першая кніга яго вершаў «Ад шчырага сэрца» была выдадзена ў 1947 годзе. У 1954 годзе выйшла другая кніга паэта «Вершы».

Асобныя вершы М. Засіма перакладзены на рускую мову. Паэт узнагароджаны ордэнам Чырвонай Звязды і медалямі.


АЛЕСЬ ЗВОНАК

Паэт Алесь Звонак (Пятро Барысавіч Звонак) нарадзіўся 14 лютага 1907 года ў горадзе Мінску ў сям’і рабочага-муляра. Рана страціўшы бацькоў, ён выхоўваўся ў дзіцячым доме. У 1925 годзе скончыў сярэднюю школу і быў накіраваны ЦК ЛКСМБ на газетную работу. Працаваў адказным сакратаром газеты «Чырвоная Полаччына» і кіраваў мясцовай філіяй «Маладняка». У 1927 годзе паступіў на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педфака Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Адначасова супрацоўнічаў у рэдакцыі часопіса «Маладняк». У 1934 годзе скончыў аспірантуру Акадэміі мастацтвазнаўства ў Ленінградзе. Пасля гэтага працаваў у Акадэміі навук БССР і ў рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва».

Першыя вершы А. Звонака надрукаваны ў 1925 годзе, а ў 1926 годзе ён змясціў нізку сваіх твораў у калектыўным зборніку «Пунсовае ранне». У наступныя гады ў Дзяржаўным выдавецтве БССР выйшлі кнігі паэта: «Буры ў граніце» (вершы, 1929), «Загай» (паэма, 1930), «Каршун» (паэма, 1931), «На лінію агню» (вершы, 1932), «Мая радзіма» (вершы, 1935). У 1957 годзе Дзяржаўнае выдавецтва БССР выпусціла ў свет кнігу выбраных твораў паэта «Табе адной».

А. Звонак часта выступае з новымі вершамі на старонках перыядычных выданняў. Ён — аўтар раду артыкулаў па пытаннях тэатральнага мастацтва, плённа займаецца перакладчыцкай дзейнасцю.


ВАЛЯНЦІН ЗУБ

Валянцін Андрэевіч Зуб нарадзіўся 27 снежня (ст. ст.) 1914 года ў горадзе Мінску ў сям’і рабочага. У 1935 годзе скончыў Мінскі хіміка-тэхналагічны тэхнікум харчовай прамысловасці, пасля чаго працаваў спачатку на хлебазаводзе ў горадзе Вялікі Усцюг, Архангельскай вобласці, потым у Мінску ў трэсце «Галоўхлеб».

У 1939 годзе В. Зуб паступіў на сцэнарны факультэт Усесаюзнага дзяржаўнага інстытута кінематаграфіі. У час Вялікай Айчыннай вайны ён некаторы час служыў у Савецкай Арміі. 3 1943 года працаваў на сцэнарнай студыі ў Маскве. У 1944-1946 гадах быў рэдактарам сцэнарнага аддзела студыі «Беларусьфільм». Цяпер ён — супрацоўнік рэдакцыі часопіса сатыры і гумару «Вожык».

Першыя апавяданні В. Зуба з’явіліся ў друку ў 1938 годзе, аднак сталай літаратурнай працай ён заняўся толькі пасля вайны. У 1953 годзе ў Дзяржаўным выдавецтве БССР выйшла яго аповесць для дзяцей «Таямнічы надпіс».

В. Зуб працуе і ў жанры драматургіі. Яго аднаактовыя п’есы («Дзеці розных народаў», «Не на тым коніку», «Паядынак» і іншыя) прысвечаны жыццю савецкіх школьнікаў, барацьбе зарубежных дзяцей за мір. У 1955 годзе яны былі выдадзены асобным зборнікам. Некаторыя яго п’есы і апавяданні перакладаліся на рускую, латышскую, украінскую мовы.

У сааўтарстве з Ю. Багушэвічам В. Зуб напісаў п’есу «Сябры», якая пастаўлена Рэспубліканскім тэатрам юнага гледача.


АНАТОЛЬ ІВАНОЎ

Рускі празаік Анатоль Васільевіч Іваноў нарадзіўся 15 лістапада 1914 года ў сяле Зямлянск, Зямлянскага раёна, Варонежскай вобласці, у сялянскай сям’і. У 1937 годзе скончыў Варонежскі медінстытут. 3 таго часу ён служыць у Савецкай Арміі ў якасці ваеннага ўрача. Шмат год пісьменнік правёў на Далёкім Усходзе. Прымаў удзел у разгроме японскіх захопнікаў ля возера Хасан у 1938 годзе і ў разгроме Квантунскай японскай арміі ў 1945 годзе.

У 1954 годзе ў Дзяржаўным выдавецтве БССР выйшаў яго раман «На Дальнем Востоке», напісаны паводле асабістых уражанняў аўтара. У раманё адлюстравана барацьба савецкіх воінаў супроць японскіх захопнікаў. Першы буйны твор празаіка быў прыхільна сустрэт чытачамі і літаратурнай грамадскасцю.

У 1957 годзе ў магілёўскім літаратурным зборніку «Дняпро» пісьменнік апублікаваў аповесць «В Змеином ущелье».

А. Іваноў узнагароджаны двума ордэнамі Чырвонай Звязды і медалямі.


ВАСІЛЬ ІВАШЫН

Крытык і літаратуразнаўца Васіль Уладзіміравіч Івашын нарадзіўся 26 красавіка 1913 года ў вёсцы Ляхавічы, Дзяржынскага раёна, Мінскай вобласці, у сялянскай сям’і. Няпоўную сярэднюю адукацыю атрымаў у Станькаўскай сямігадовай школе, пасля паступіў у Мінскі транспартна-эканамічны тэхнікум, які скончыў у 1933 годзе. Затым вучыўся на літаратурным факультэце Мінскага педінстытута імя М. Горкага, працаваў выкладчыкам мовы і літаратуры ў Віцебскім педвучылішчы.

У гады Вялікай Айчыннай вайны В. Івашын служыў у радах Савецкай Арміі.

3 1946 па 1949 год ён займаўся ў аспірантуры Акадэміі навук БССР. У 1951 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю. У сучасны момант працуе загадчыкам сектара ў Інстытуце літаратуры імя Я. Купалы АН БССР.

Крытычную працу В. Івашын пачаў у 1949 годзе, выступіўшы ў перыядычным друку з артыкуламі на літаратурныя тэмы. Значная частка яго прац прысвечана творчасці Я. Купалы. Сярод іх — манаграфія «Янка Купала. Творчасць перыяду рэвалюцыі 1905-1907 гг.», выдадзеная ў 1953 годзе.

У 1955 годзе ў выдавецтве АН БССР выйшла брашура В. Івашына «Рэвалюцыя 1905-1907 гг. і развіццё беларускай літаратуры», у 1956 годзе — кніга «М. Горкі і беларуская літаратура пачатку XX стагоддзя». В. Івашыну належаць таксама артыкулы аб творчасці Я. Коласа, Цёткі, М. Багдановіча, К. Крапівы, паасобныя раздзелы падручнікаў па гісторыі беларускай літаратуры для сярэдніх і вышэйшых навучальных устаноў, працы аб руска-беларускіх і ўкраінска-беларускіх літаратурных сувязях.


ВАСІЛЬ КАВАЛЬ

Празаік Васіль Пятровіч Каваль (Кавалёў) нарадзіўся 4 жніўня (ст. ст.) 1907 года ў вёсцы Сава, Горацкага раёна, Магілёўскай вобласці, у беднай сялянскай сям’і. У 1925-1926 гадах вучыўся на агульнаадукацыйных курсах у Горках. У той час і зблізіўся ён з маладнякоўскім літаратурным гуртком, які працаваў у Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. 3 1927 года В. Каваль вучыўся на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні педфака Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Літаратурную дзейнасць В. Каваль пачынаў з вершаў. Першыя яго апавяданні з’явіліся ў друку ў 1926 годзе. 3 таго часу творы пісьменніка сістэматычна змяшчаліся на старонках «Маладняка», «Полымя» і іншых перыядычных выданняў. У 1927 годзе В. Каваль выдаў першы зборнік апавяданняў — «Як вясну гукалі», у 1928 годзе — зборнік «На загонах», у 1929 годзе — зборнік «Крыніца». Змест апавяданняў, уключаных у гэтыя кнігі, складалі разнастайныя з’явы вясковага жыцця ў дакастрычніцкі час, у гады грамадзянскай вайны і аднаўленчага перыяду.

У пачатку 30-х гадоў В. Каваль напісаў шэраг апавяданняў, прысвечаных калгаснаму жыццю. Некаторыя з іх увайшлі ў кнігу «Выбраныя творы», выдадзеную ў 1932 годзе. Пяру В. Каваля належыць таксама аповесць «Дзень палымнее», у якой паказаны баявыя будні воінаў Савецкай Арміі.

В. Каваль вядомы і як дзіцячы пісьменнік. У 1936 годзе выйшла ў свет яго аповесць «Санька-сігналіст» — аб лёсе хлопчыка-сіраты, выхаванага ў дружным калектыве чырвонаармейцаў.

Памёр В. Каваль у 1937 годзе.


ПАВЕЛ КАВАЛЁЎ

Празаік Павел Нічыпаравіч Кавалёў нарадзіўся 5 лістапада (ст. ст.) 1912 года ў вёсцы Склімін, Клімавіцкага раёна, Магілёўскай вобласці, у сялянскай сям’і. Скончыўшы сямігодку і педагагічныя курсы, настаўнічаў у пачатковай школе. У 1936 годзе скончыў Мінскі камуністычны інстытут журналістыкі, пасля чаго шэсць год працаваў у рэдакцыі газеты «Звязда». У 1940 годзе ўступіў у рады Камуністычнай партыі.

У час Вялікай Айчыннай вайны П. Кавалёў працаваў у Центральным штабе партызанскага руху, а пасля вызвалення Беларусі ад нямецкіх акупантаў — у Центральным Камітэце КПБ. 3 1940 па 1954 год ён — адказны сакратлр праўлення СП БССР. Цяпер рэдагуе часопіс «Вожык».

Як пісьменнік П. Кавалёў фарміраваўся ў газеце. У 1943 годзе асобнай брашурай быў выдадзены яго нарыс «Аляксей Антоненка». У 1945 годзе выйшаў другі нарыс — пра Героя Санецкага Саюза Уладзіміра Лабанка. Тады ж Дэяржаўнае выдавецтва БССР выпусціла зборнік ваенных апавяданняў і нарысаў П. Кавалёва «Прага бою».

У наступныя гады выходзяць кнігі апавяданняў празаіка: «У новы дзень» (1952), «Згублены дзённік» (1954) і нарыс «Калгас імя Янкі Купалы» (1948).

У 1948 годзе П. Кавалёў апублікаваў аповесць для дзяцей «Андрэйка», якая затым выйшла ў перакладах на рускай, таджыкскай, азербайджанской, кітайскай і польскай мовах. У 1950 годзе выдадзена яго «Аповесць пра добрае сэрца», у 1953 годзе — кніга «Каб шчасліва жыць», а ў I960 годзе — зборнік «Апавяданні».

П. Кавалёў напісаў таксама некалькі аднаактовых п’ес: «Родная кроў», «Подзвіг», «Не пераскочыўшы, не кажы гоп», «Суседзі».

Пісьменнік з’яўляецца членам праўлення СП БССР, дэпутатам Варашылаўскага райсавета горада Мінска.

Узнагароджаны двума ордэнамі «Знак Пашаны» і медалямі.


ДЗМІТРЫ КАВАЛЁЎ

Рускі паэт Дзмітры Міхайлавіч Кавалёў нарадзіўся 17 чэрвеня 1915 года ў горадзе Ветка, на Гомельшчыне, у сям’і каваля. У 1939 годзе скончыў вячэрні рабфак, пасля чаго працаваў выкладчыкам мовы і літаратуры ў вёсцы Раманавічы, Гомельскага раёна. У 1940 годзе быў прызваны ў Савецкую Армію. У час Вялікай Айчыннай вайны служыў стралком у марской пяхоце, працаваў адказным сакратаром рэдакцыі ваеннай газеты падводнікаў. Пасля вайны супрацоўнічаў у рэспубліканскім друку. У 1957 годзе скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве.

Пісаць вершы Д. Кавалёў пачаў яшчэ да вайны. Першая кніга паэта «Далекие берега» выйшла ў Дзяржаўным выдавецтве БССР у 1948 годзе. У 1951 годзе выходзіць з друку яго кніга «Стихи». У 1953 годзе паэт выдае трэцюю кнігу вершаў «Мы не расстаемся». У 1955 годзе выйшла паэма Д. Кавалёва для дзяцей «О мальчике Женьке из села Нижние Деревеньки», а ў 1958 годзе — зборнік вершаў «Рябиновые ночи».

Выдавецтва «Советский писатель» у 1958 годзе выпусціла кнігу выбраных твораў паэта.

Д. Кавалёў плённа працуе ў галіне неракладаў. У 1950 годзе ён пераклаў на рускую мову і выдаў у горадзе Ташкенце кнігу вершаў узбекскага паэта Султана Джуры, які загінуў у баях за вызваленне Беларусь

Д. Кавалёў — член КПСС. Узнагароджаны медалямі і ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.


ЭЛЯ КАГАН

Яўрэйскі празаік Эля Шоламавіч Каган нарадзіўся 10 лютага 1909 года ў горадзе Мінску ў сям’і настаўніка. Вучыўся ў прафтэхшколе абутнікоў. Некаторы час працаваў у рэдакцыі часопіса «Штэрн» («Звязда»).

Першае апавяданне Э. Kaгана «Сэрца на вёслах» было надрукавана ў 1926 годзе. Сутыкненне старога з новым, барацьба за здаровы савецкі побыт — вось тэмы, якім была прысвечана большасць яго твораў.

У 1928 годзе ў Дзяржаўным выдавецтве БССР выйшла кніга яго апавяданняў на яўрэйскай мове.

Э. Каган пісаў і для дзяцей, працаваў у галіне перакладаў.

У час Вялікай Айчыннай вайны ён супрацоўнічаў у франтавым друку. У армейскіх газетах змяшчаліся яго нарысы і апавяданні аб буднях і подзвігах савецкіх воінаў.

Э. Каган загінуў 22 чэрвеня 1944 года пры выкананні баявога задання.


ЯНКА КАЗЕКА

Крытык Янка Казека (Іван Дарафеевіч Казека) нарадзіўся 18 жніўня (ст. ст.) 1915 года ў вёсцы Кострычы, Кіраўскага раёна, Магілёўскай вобласці, у сялянскай сям’і. 3 1931 года ён працаваў на Бабруйскім дрэваапрацоўчым камбінаце ў рэдакцыі шматтыражкі «За ўдарныя тэмпы» і адначасова вучыўся на вячэрнім аддзяленні лесатэхнікума. У 1934 годзе паступіў на літаратурны факультэт Мінскага педінстытута імя М. Горкага. Пасля заканчэння інстытута (1938) выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Дукорскай сярэдняй школе.

3 1939 года Я. Казека служыў у Савецкай Арміі. У час Вялікай Айчыннай вайны быў армейскім палітработнікам, удзельнічаў у баях. У арміі ўступіў у рады Камуністычнай партыі.

Пасля вайны некалькі год працаваў у рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва». Цяпер ён — галоўны рэдактар Дзяржаўнага выдавецтва БССР.

Літаратурную працу Я. Казека пачаў у 1936 годзе, выступіўшы ў перыядычным друку з рэцэнзіямі і артыкуламі аб беларускай прозе. Сістэматычнай творчай працай заняўся пасля вайны. За гэты час апублікаваў шэраг артыкулаў, прысвечаных творчасці Я. Купалы, Я. Коласа, К. Крапівы, К. Чорнага, 3. Бядулі, Я. Брыля, I. Шамякіна, А. Кулакоўскага і іншых беларускіх пісьменнікаў. Некаторыя яго артыкулы друкаваліся ў часопісах: «Жовтень» (Львоў), «Карогс» (Рыга), «На рубеже» (Петразаводск). Частка прац крытыка ўвайшла ў зборнік «3 невычэрпных крыніц», выдадзены ў 1958 годзе.


МІХАСЬ КАЛАЧЫНСКІ

Паэт Міхась Калачынскі (Міхаіл Іванавіч Калачынскі) нарадзіўся 12 студзеня 1917 года ў гарадскім пасёлку Крупкі, Мінскай вобласці, у сялянскай сям’і. Пасля заканчэння сярэдняй школы (1934) працаваў піянерважатым, літработнікам у раённай газеце. У 1936 годзе скончыў курсы пры Мінскім камуністычным інстытуце журналістыкі і паступіў на працу ў рэдакцыю газеты «Літаратура і мастацтва».

У 1938 годзе М. Калачынскі быў прызваны ў рады Савецкая Арміі, удзельнічаў у баях з белафінамі ў 1939-1940 гадах. У час Вялікай Айчыннай вайны працаваў літаратурным работнікам армейскай газеты. На 3-м рэспубліканскім з’ездзе пісьменнікаў быў абраны адказным сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў БССР.

Першыя вершы М. Калачынскага былі надрукаваны ў часопісе «Іскры Ільіча» і газеце «Піянер Беларусі» ў 1932 годзе. Да вайны Дзяржаўнае выдавецтва БССР выпусціла асобнымі кніжкамі яго паэмы для дзяцей «Косця-чэкіст» (1939) і «Пакет» (1940).]

У пасляваенныя гады ў Дзяржаўным выдавецтве БССР выйшлі кнігі М. Калачынскага: «Сонца ў блакіце» (1949), «Насустрач жыццю» (1951), «У вялікім паходзе» (1952), «На лясным паўстанку» (1955), «Прыпар» (1956) і «Прыгоды Патапкі» (паэма для дзяцей, 1958).

Паасобныя творы М. Калачынскага перакладзены на рускую і іншыя мовы народаў СССР. У 1955 годзе ў выдавецтве «Советский писатель» выйшаў зборнік яго вершаў у перакладзе на рускую мову «3 чыстых крыніц», а ў 1958 годзе — паэма для дзяцей «На лясным паўстанку» (на ўкраінскай мове).

Шмат працуе паэт і ў галіне перакладаў. Ён перакладае на беларускую мову вершы рускіх і ўкраінскіх паэтаў. У 1958 годзе ў сааўтарстве з А. Вялюгіным ён пераклаў «Паэму братэрства» Э. Межалайціса, якая была выдадзена да тыдня літоўскай літаратуры ў Беларусі.

М. Калачынскі — член КПСС. Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, Чырвонай Звязды, «Знак Пашаны» і медалямі.


ГІРШ КАМЯНЕЦКІ

Яўрэйскі паэт Гірш Мордухавіч Камянецкі нарадзіўся 25 снежня 1895 года ў мястэчку Чарняўка, Бярэзінскага раёна, Мінскай вобласці, у сям’і рабочага. Вучыўся ў хедэры і ешыбоце (яўрэйскае рэлігійнае вучылішча). 3 1916 года працаваў цырульнікам у Барысаве. У 1919 годзе быў прызваны ў Чырвоную Армію, удзельнічаў у баях з белапалякамі. Потым займаўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце.

У час Вялікай Айчыннай вайны Г. Камянецкі жыў у горадзе Бугуруслане. Пасля вайны ён працаваў некаторы час рэдактарам мастацкай літаратуры ў Дзяржаўным выдавецтве БССР. Памёр паэт у 1957 годзе.

Друкавацца Г. Камянецкі пачаў у 1924 годзе. Першы зборнік яго вершаў «Простай дарогай» выйшаў у Дзяржаўным выдавецтве БССР на яўрэйскай мове ў 1934 годзе. Пазней былі выдадзены яшчэ тры зборнікі паэта: «Заказ на маладосць» (1940), «Мацней за жалеза» і «Вершы» (1948).


УЛАДЗІМІР КАРАТКЕВІЧ

Паэт Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч нарадэіўся 26 лістапада 1930 года ў горадзе Оршы, Віцебскай вобласці, у сям’і служачага. Вучыўся ў сярэдняй школе, а ў 1949 годзе паступіў на філалагічны факультэт Кіеўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля заканчэння ўніверсітэта (1954) два гады выкладаў рускую мову і літаратуру ў Лесавіцкай сярэдняй школе, Тарашчанскага раёна, Кіеўскай вобласці. Пэўны час працаваў выкладчыкам мовы і літаратуры ў сярэдняй школе ў Оршы. Цяпер займаецца на Вышэйшых літаратурных курсах у Маскве.

Першыя вершы Ул. Караткевіча былі надрукаваны ў часопice «Полымя» ў 1955 годзе. У 1958 годзе Дзяржаўнае выдавецтва БССР выпусціла яго зборнік «Матчына душа».

Малады пісьменнік спрабуе свае сілы і ў жанры драматургіі. На рэспубліканскім конкурсе на лепшы драматычны твор у 1957 годзе п’еса Ул. Караткевіча «Млын на сініх вірах» атрымала заахвочвальную прэмію.


УЛАДЗІМІР КАРПАЎ

Празаік і крытык Уладзімір Барысавіч Карпаў нарадзіўся 26 лютага 1912 года ў горадзе Хвалынску, Саратаўскай вобласці, у сям’і служачага. У 1921 годзе, у час голаду на Паволжжы, сям’я Карпавых пераехала на Беларусь.

Пасля заканчэння сярэдняй школы Ул. Карпаў працаваў спачатку на лесапільным заводзе ў горадзе Рэчыцы, пасля — настаўнікам у Віцебскай і Гомельскай абласцях. Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны экстэрнам закончыў Мінскі педагагічны інстытут імя М. Горкага.

У час Вялікай Айчыннай вайны Ул. Карпаў удзельнічаў у партызанскім руху.

Пасля вайны працаваў у рэдакцыях газет «Советская Белоруссия» і «Літаратура і мастацтва». Цяпер ён — загадчык аддзела прозы і драматургіі часопіса «Полымя».

Першыя артыкулы і рэцэнзіі Ул. Карпава з’явіліся на старонках рэспубліканскага друку ў 1944 годзе. У наступныя гады крытык апублікаваў шэраг артыкулаў аб беларускай прозе і драматургіі. Перапрацаваныя і дапоўненыя новымі матэрыяламі, яны склалі зборнік «Па шляху сталасці», выдадзены ў 1952 годзе.

3 1949 года Ул. Карпаў працуе пераважна ў галіне прозы. Ён напісаў аповесць «Без нейтральнай паласы» (асобным выданнем выйшла ў 1950 годзе). Гэта твор аб гераічнай барацьбе беларускага народа супроць нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

У 1955 і 1956 гадах пісьменнік апублікаваў у часопісе «Полымя» раман «За годам год», прысвечаны людзям, якія ў цяжкіх і складаных умовах пасляваеннага часу аднаўлялі і будавалі беларускую сталіцу. Асобным выданнем раман выйшаў у свет у Дзяржаўным выдавецтве БССР у 1957 годзе, а ў 1958 годзе выпушчаны выдавецтвам «Советский писатель» у перакладзе на рускую мову.

У 1958 годзе пісьменнік закончыў працу над новым раманам «Вясеннія ліўні», прысвечаным жыццю рабочай і студэнцкай моладзі.

Ул. Карпаў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Звязды і медалями


АЛЯКСЕЙ КАРПЮК

Малады беларускі празаік Аляксей Нічыпаравіч Карпюк нарадзіўся 14 красавіка 1920 года ў вёсцы Страшава, Свіслацкага раёна, Гродзенскай вобласці, у сялянскай сям’і. У 1934 годзе А. Карпюк скончыў сямігадовую польскую школу, затым два класы польскай гімназіі ў Вільнюсе. Польскія ўлады двойчы судзілі яго: у 1934 годзе — за спробу ўцячы ў Савецкі Саюз і ў 1936 годзе — за прыналежнасць да камсамола.

У гады Вялікай Айчыннай вайны А. Карпюк актыўна ўдзельнічаў у партызанскім руху.

У 1949 годзе ён скончыў Гродзенскі педагагічны інстытут. Два гады працаваў загадчыкам Сапоцкінскага раённага аддзела народнай асветы, а з 1951 года — дырэктарам сямігадовай школы ў вёсцы Біскупцы, Ваўкавыскага раёна. У сучасны момант ён — карэспандэнт газеты «Літаратура і мастацтва».

Творчую дзейнасць А. Карпюк пачаў у 1953 годзе, змясціўшы ў часопісе «Полымя» аповесць «У адным інстытуце». У 1956 годзе ў зборніку «Нёман» (Гродна) была надрукавана яго аповесць «Раманюкі», а праз год у часопісе «Полымя» — аповесць «Дзяўчына з Ваўкавыска». У 1958 годзе ў Дзяржаўным выдавецтве БССР выйшаў зборнік апавяданняў і аповесцей А. Карпюка «Дзве сасны». У гэтым жа годзе ў зборніку «Нёман» была змешчана яго новая аповесць «Стрэлы ў юнацтве».

А. Карпюк — член КПСС. Узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны II ступені і медалямі.


ЛАЗАР КАЦОВІЧ

Празаік і драматург Лазар Абрамавіч Кацовіч нарадзіўся 5 кастрычніка 1903 года ў горадзе Мінску ў сям’і служачага. Рана пачаў ён самастойны жыццёвы шлях: працаваў у магазіне «хлопчыкам на пасылках», а пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі — кур’ерам у банку, канторшчыкам у Народным камісарыяце аховы здароўя БССР і ў Мінскім гарвыканкоме, артыстам і, нарэшце, памочнікам рэжысёра гарадскога тэатра і вандроўных тэатральных калектываў.

У 1926 годзе Л. Кацовіч скончыў прафтэхшколу друкароў і да 1931 года працаваў гравёрам-літографам у друкарні імя I. В. Сталіна. Скончыўшы ў 1939 годзе Маскоўскі дзяржаўны інстытут кінематаграфіі, ён працаваў на кінастудыях. У час Вялікай Айчыннай вайны быў рэдактарам ва Усесаюзным радыёкамітэце.

Літаратурную працу Л. Кацовіч пачаў у 1920 годзе з вершаў. У 1926 годзе выйшла на яўрэйскай мове першая кніжка яго апавяданняў для дзяцей «Кіфка-ілгунішка». У 1927 годзе была выдадзена яго п’еса «У тыя дні». Пазней пісьменнік выдаў зборнікі апавяданняў: «Гумарэскі» (1934), «Коратка і ясна» (1936). Пасля вайны выйшлі на рускай мове аповесці Л. Кацовіча «Сям’я» (1946), «Вяртанне да жыцця» (1954) і «Чырвоны факел» (1957).

Памёр Л. Кацовіч 13 жніўня 1953 года.


КАСТУСЬ КІРЭЕНКА

Паэт Кастусь Кірэенка (Канстанцін Ціханавіч Кірэенка) нарадзіўся 18 снежня (ст. ст.) 1919 года ў вёсцы Гайшын, Слаўгарадскага раёна, Магілёўскай вобласці, у сялянскай сям’і. У 1934 годзе скончыў няпоўную сярэднюю школу. Вучыўся ў Гомельскім аўтатэхнікуме, а потым паступіў на літфак Гомельскага педінстытута, які і скончыў у 1940 годзе. Некаторы час працаваў выкладчыкам у сярэдняй школе, а з 1940 года служыў у Савецкай Арміі. Удзельнічаў у абароне Масквы, у вызвален Беларусі і Польшчы. Працаваў ваенным карэспандэнтам армейскай газеты. У 1943 годзе ўступіў у рады Камуністычнай партыі. Цяпер ён — загадчык аддзела літаратуры і мастацтва рэдакцыі часопіса «Беларусь».

Пісаць і друкавацца К. Кірэенка пачаў у 1939 годзе. У час вайны ён апублікаваў шэраг патрыятычных вершаў аб мужнасці савецкіх людзей.

У 1945 годзе Дзяржаўнае выдавецтва БССР выпусціла першы зборнік паэта «Ранак ідзе». У наступныя гады выйшлі кнігі яго паэзіі: «Пасля навальніцы» (1947), «Мая рэспубліка» (1949), «Маякі» і «Родны свет» (1952), «Любоў і дружба» (1955).

К. Кірэенка піша і для дзяцей. Юнаму чытачу вядомы яго паэма «Алёнчына школа» (1951), зборнікі вершаў «Зялёнае рэха» (1953) і «Вясна-красна» (1956).

Многія творы К. Кірэенкі перакладзены на рускую, украінскую і іншыя мовы народаў СССР і краін народнай дэмакратыі. У перакладах рускіх паэтаў выйшлі ў свет яго паэма «Алёнчына школа» (1953), зборнікі вершаў «Мая рэспубліка» (1952), «Роднае слова» (1956) і «Караблі» (1958).

К. Кірэенка узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Звязды, «Знак Пашаны» і медалямі.


НАВУМ КІСЛІК

Рускі паэт Навум Зіноўевіч Кіслік нарадзіўся 26 верасня 1925 года ў горадзе Маскве ў сям’і рабочага. Да Вялікай Айчыннай вайны жыў і вучыўся ў Віцебску. У 1943 годзе быў прызваны ў Савецкую Армію. Удзельнічаў у баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У 1950 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт імя У. I. Леніна. Некаторы час працаваў настаўнікам, літработнікам у рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва».

Першыя вершы паэта з’явіліся ў ваенным друку ў 1943 годзе.

У 1956 годзе Дзяржаўнае выдавецтва БССР выпусціла зборнік яго вершаў «Разговор с друзьями».

Н. Кіслік шмат працуе як перакладчык твораў беларускай паэзіі на рускую мову, ён часта выступае ў перыядычным друку з крытычнымі артыкуламі.


ІЛЬЯ КЛАЗ

Рускі празаік Ілья Сямёнавіч Клаз нарадзіўся 17 сакавіка 1922 года ў горадзе Магілёве ў сям’і рабочага. Да Вялікай Айчыннай вайны жыў і вучыўся ў Мінску. У 1941 годзе скончыў літаратурны факультэт Мінскага педінстытута імя М. Горкага. У час Вялікай Айчыннай вайны служыў у Савецкай Арміі, удзельнічаў у баях на Паўночна-Заходнім, 2-м Прыбалтыйскім, 1-м Беларускім франтах.

Пасля вайны I. Клаз працаваў журналістам у ваенным друку. Цяпер — загадчык аддзела інфармацыі рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва».

Пісаць пачаў яшчэ перад вайной, але сталай творчай працай займаецца з 1945 года. У рэспубліканскіх газетах і часопісах друкаваў спачатку вершы і нарысы. У 1955 годзе ў Дзяржаўным выдавецтве БССР выйшла яго аповесць «Жарцы», прысвечаная партызанскай барацьбе на Беларусі ў перыяд Айчыннай вайны 1812 года. У 1958 годзе выдадзена другая аповесць празаіка — «Подснежники» — аб сялянскім паўстанні 1863 года на Беларусі і ў Літве, якім кіраваў Кастусь Каліноўскі.


МІХАСЬ КЛІМКОВІЧ

Паэт, драматург і крытык Міхаіл Мікалаевіч Клімковіч нарадзіўся 8 лістапада (ст. ст.) 1899 года ў вёсцы Сілітрынікі, Барысаўскага раёна, Мінскай вобласці, у беднай сялянскай сям’і. Скончыў вышэйшае чатырохкласнае гарадское вучылішча ў Барысаве і ў 1917 годзе экстэрнам здаў экзамен на званне народнага настаўніка, пасля чаго працаваў у вясковых школах на Барысаўшчыне. У 1920 годзе ўступіў у рады Камуністычнай партыі.

У 1921-1922 гадах М. Клімковіч служыў у радах Чырвонай Арміі. Пасля дэмабілізацыі некаторы час настаўнічаў, затым працаваў у партыйных органах і ў Саюзе пісьменнікаў БССР.

Пісаць і друкавацца М. Клімковіч пачаў у 1926 годзе. Ён стварыў драматычныя паэмы «Кацярына Жарнасек» (пастаўлена ў 1938 годзе тэатрам імя Я. Купалы), «Адплата», трылогію «Георгі Скарына» і драматычныя сцэны з жыцця Т. Шаўчэнкі «На віленскім шляху». Напісаў гісторыка-рэвалюцыйную драму «Уся ўлада Саветам!» (выйшла ў Дзяржаўным выдавецтве БССР у 1957 годзе). Пяру М. Клімковіча належаць лібрэта оперы «Кастусь Каліноўскі» і балета «Князь-возера», пастаўленых Беларускім дзяржаўным тэатрам оперы і балету.

М. Клімковіч выдаў зборнік апавяданняў «Лясное возера» (1946), напісаў шэраг баек і вершаў, а таксама літаратурна-крытычных артыкулаў. У 1955 годзе выйшла ў свет яго праца «Аб жыватворчым уплыве рускай літаратуры на беларускую літаратуру».

М. Клімковіч — аўтар Дзяржаўнага гімна Беларускай ССР.

Памёр пісьменнік 5 лістапада 1954 года.


ТОДАР КЛЯШТОРНЫ

Тодар Тодаравіч Кляшторны нарадзіўся ў 1903 годзе ў весцы Парэчча, Лепельскага раёна, Віцебскай вобласці, у сялянскай сям’і. Вучыўся ён на рабфаку ў Оршы і на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні педфака Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працяглы час паэт працаваў на радыё і ў рэдакцыях рэспубліканскіх газет і часопісаў.

Першыя вершы Т. Кляшторнага былі надрукаваны ў 1924 годзе ў «Аршанскім маладняку». Пазней ён выступаў на старонках часопісаў «Маладняк», «Полымя», «Узвышша», «Беларускі піянер» і рэспубліканскіх газет. Паэт выдаў некалькі зборнікаў сваіх твораў: «Кляновыя завеі» (1927), «Светацені» (1928), «Ветразі» (1929), «Палі загаманілі» (1930), «Праз шторм — на штурм», «Май над сусветам» (1934), «Красуй, ордэнаносная», «Мы дружнай сям’ёй працуем», «Маладой вясны расцвет» і кнігу для дзяцей — «Казка пра зайца, ваўка і мядзведзя» (1935). Многія яго вершы прысвечаны жыццю вёскі, савецкай моладзі. Паэт услаўляў гераізм воінаў Чырвонай Арміі і подзвігі беларускіх партызан.

Памёр Т. Кляшторны ў 1938 родзе.


УЛАДЗІМІР КОРБАН

Байкапісец Уладзімір Іванавіч Корбан нарадзіўся 25 жніўня 1910 года ў рабочым пасёлку Барань, Аршанскага раёна, Віцебскай вобласці, у сям’і рабочага. Пасля заканчэння сямігодкі (1926) ён працаваў токарам на аршанскім заводзе «Чырвоны Кастрычнік» і адначасова вучыўся ў вячэрняй школе рабочай моладзі. У 1930 годзе пераехаў у Ленінград і паступіў токарам на Балтыйскі суднабудаўнічы завод. 3 1932 да 1934 года служыў у Чырвонай Арміі, затым працаваў старшынёй заўкома аршанскага завода «Чырвоны Кастрычнік», старшынёй будкома ільнакамбіната.

У час Вялікай Айчыннай вайны Ул. Корбан служыў у Савецкай Арміі, камандаваў стралковай ротай, працаваў у аператыўным аддзеле штаба вайсковага злучэння. Удзельнічаў у баях пад Бранскам, Арлом, Оршай, Барысавам і ва Усходняй Прусіі.

Пасля вайны Ул. Корбан працаваў механікам і начальнікам цэха на заводзе «Чырвоны Кастрычнік» у Оршы, дырэктарам цвікавага завода ў горадзе Лідзе. Цяпер ён — намеснік рэдактара часопіса сатыры і гумару «Вожык».

Першыя сатырычныя вершы і байкі Ул. Корбана з’явіліся ў рэспубліканскім друку ў 1945 годзе.

У 1950 годзе Дзяржаўнае выдавецтва БССР выпусціла зборнік яго вершаў і баек «Мы іх ведаем». У наступныя гады выходзяць яшчэ тры зборнікі: «Байкі» (1953), «3 вецярком» (1957), «Дакладныя прыкметы» (1958).

Паасобныя творы Ул. Корбана перакладаліся на рускую, украінскую і іншыя мовы народаў СССР. У 1957 годзе ў выдавецтве «Советский писатель» выйшаў у перакладзе на рускую мову зборнік яго выбраных вершаў і баек.

Ул. Корбан — член КПСС. Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, Чырвонай Звязды, «Знак Пашаны» і медалямі.


УСЕВАЛАД КРАЎЧАНКА

Пісьменнік Усевалад Ігнатавіч Краўчанка нарадзіўся 14 кастрычніка 1915 года ў вёсцы Каплічы, Азарыцкага раёна, на Палессі, у сям’і настаўніка. Скончыўшы Нараўлянскую сямігодку (1930) і рабфак (1933), працаваў у рэдакцыі раённай газеты «Калгаснік Мазыршчыны». Адначасова завочна вучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. 3 1935 года і да пачатку Вялікай Айчыннай вайны працаваў у абласной газеце «Бальшавік Палесся».

У гады Вялікай Айчыннай вайны Ус. Краўчанка супрацоўнічаў у газеце «Савецкая Беларусь». Пасля вайны некалькі год працаваў у рэдакцыях літаратурных часопісаў. Цяпер рэдагуе дзіцячы часопіс «Бярозка».

Першае апавяданне Ус. Краўчанкі «Панас Карасік» было надрукавана ў 1933 годзе ў часопісе «Чырвоная Беларусь». Больш буйным творам пісьменніка з’явілася прыгодніцкая аповесць «Таямніца аднае вышкі», выдадзеная ў 1935 годзе. Да вайны выйшлі з друку яшчэ дзве яго кнігі — зборнік апавяданняў «На крутым павароце» (1937) і «Калгасныя навелы» (1940). Творы ваенных год сабраны ў кнізе «Зямля гудзе» (1945).

У 1946 годзе выходзіць з друку аповесць Ус. Краўчанкі «Станаўленне», прысвечаная аднаўленню калгаснай гаспадаркі, а ў 1947 годзе — аповесць «Рыгор Шыбай» аб гераічных справах беларускіх партызан у гады Айчыннай вайны.

У пасляваенныя гады выйшла ў свет некалькі зборнікаў апавяданняў і навел Ус. Краўчанкі: «Дзве сяброўкі» і «У імя Радзімы» (1948), «Падарунак» (1950), «Жыта красуе» (1951), «Вясна на Палессі» (аповесці, апавяданні, аднаактовыя п’есы, 1952), «Крыгаход» (1957). Архангельскае абласное выдавецтва выпусціла ў перакладзе на рускую мову яго аповесць «Рыгор Такуеў». Некаторыя апавяданні пісьменніка апублікаваны на рускай і ўкраінскай мовах.

Ус. Краўчанка — член КПСС, член праўлення СП БССР. Пісьменнік узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны» і медалямі.


ІВАН КУДРАЎЦАЎ

Крытык Іван Фёдаравіч Кудраўцаў нарадзіўся 28 чэрненя 1922 года ў вёсцы Сіцянец, Старобінскага раёна, Мінскай вобласці, у сялянскай сям’і. Пасля заканчэння сярэдняй школы паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1942 годзе быў мабілізаваны ў Савецкую Армію, удзельнічаў у баях на Заходнім, Варонежскім, 1-м і 2-м Прыбалтыйскіх і Ленінградскім франтах. У арміі ўступіў у рады КПСС.

Пасля вайны I. Кудраўцаў працягваў вучобу ва ўніверсітэце, займаўся ў аспірантуры. Некалькі год працаваў ён у рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва». Цяпер — адказны сакратар часопіса «Беларусь».

Першыя крытычныя артыкулы I. Кудраўцава з’явіліся ў друку ў 1947 годзе. 3 таго часу ён часта выступае з артыкуламі і рэцэнзіямі аб новых творах беларускай літаратуры, напісаў прадмовы да кнігі выбраных твораў П. Глебкі і да збору твораў К. Чорнага.

У сааўтарстве з Ул. Агіевічам I. Кудраўцаў склаў два падручнікі для школ рабочай моладзі. У 1954 годзе крытык абараніў кандыдацкую дысертацыю. Праца даследчыка «Кузьма Чорны» ў 1956 годзе выйшла асобнай кніжкай у Дзяржаўным выдавецтве БССР.


АЛЯКСЕЙ КУЛАКОЎСКІ

Празаік Аляксей Мікалаевіч Кулакоўскі нарадзіўся 24 снежня 1913 года ў вёсцы Кулакі, Старобінскага раёна, Мінскай вобласці, у сялянскай сям’і. У 1929 годзе скончыў Рагачоўскую прафтэхшколу, а ў 1939 годзе — літаратурны факультэт Мінскага настаўніцкага інстытута. Тады ж быў прызваны ў рады Савецкай Арміі.

У час Вялікай Айчыннай вайны А. Кулакоўскі знаходзіўся на фронце, камандаваў спачатку ўзводам, пасля — ротай. У баях быў тройчы паранены.

Першыя апавяданні А. Кулакоўскага з’явіліся ў рэспубліканскіх часопісах у 1945 годзе, а ў 1947 годзе Дзяржаўнае выдавецтва БССР выпусціла кнігу яго апавяданняў «Сад».

Ад невялікіх апавяданняў і лірычных эцюдаў А. Кулакоўскі неўзабаве перайшоў да больш буйных твораў. У аповесці «Гартаванне», якая выйшла асобным выданнем у 1949 годзе, пісьменнік расказаў аб маладых будаўніках Мінскага трактарнага завода. Неўзабаве былі выдадзены кніга яго апавяданняў «Новыя сустрэчы» і зборнік апавяданняў для дзяцей «На возеры» (1950).

У літаратурным запісу А. Кулакоўскага выйшла кніга Героя Савецкага Саюза В. І. Казлова «Людзі асобага складу» (1952 і 1958).

У 1952 годзе Дзяржаўнае выдавецтва БССР выпусціла ў свет зборнік выбраных твораў пісьменніка — «Хораша ўзыходзіць сонца». Тры гады працаваў аўтар над раманам «Расстаемся ненадоўга», прысвечаным жыццю і змаганню савецкіх людзей у час Вялікай Айчыннай вайны. Раман выйшаў у свет у 1955 годзе і станоўча ацэнены крытыкай. Прыхільна сустрэта чытачом кніга празаіка «Незабыўнае рэха» (1956), куды былі ўключаны новыя яго апавяданні і аповесць «Нявестка». Па матывах гэтай аповесці драматург А. Макаёнак напісаў сцэнарый фільма «Шчасце трэба берагчы» (кінакарціна выпушчана на экран студыяй «Беларусьфільм» у 1958 годзе). У 1957 годзе выйшла ў свет аповесць А. Кулакоўскага «Да ўсходу сонца».

На рускай мове выдадзены аповесць празаіка «Гартаванне» (выдавецтва «Советский писатель», 1950) і зборнік «Апавяданні» (выдавецтва «Молодая гвардия», 1951). У Дзяржаўным выдавецтве БССР у 1958 годзе выйшаў у перакладзе на рускую мову аднатомнік яго выбраных твораў «Аповесці і апавяданні».

А. Кулакоўскі — член КПСС, член праўлення СП БССР. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Звязды, двума ордэнамі «Знак Пашаны» і медалямі.


АРКАДЗЬ КУЛЯШОЎ

Вядомы беларускі паэт Аркадзь Аляксандравіч Куляшоў нарадзіўся 6 лютага 1914 года ў мястэчку Самацеевічы, Касцюковіцкага раёна, Магілёўскай вобласці, у сям’і настаўніка.

У 1928 годзе А. Куляшоў скончыў сямігодку і паступіў у Мсціслаўскі педагагічны тэхнікум. 3 1931 да 1933 года ён вучыўся на літаратурным факультэце Мінскага педінстытута імя М. Горкага. Пасля працаваў у рэдакцыях рэспубліканскіх газет і часопісаў, у радыёкамітэце і літаратурным кансультантам у кабінеце маладога аўтара пры Саюзе пісьменнікаў БССР. 3 першых дзён Вялікай Айчыннай вайны А. Куляшоў знаходзіўся ў радах Савецкай Арміі, супрацоўнічаў у франтавым друку. Пасля вайны ён некаторы час рэдагаваў газету «Літаратура і мастацтва». Цяпер працуе загадчыкам сцэнарнага аддзела кінастудыі «Беларусьфільм».

Пісаць А. Куляшоў пачаў вельмі рана. Першыя яго вершы з’явіліся ў друку ў 1926 годзе. У 1930 годзе Дзяржаўнае выдавецтва БССР выпусціла першы зборнік паэта «Росквіт зямлі». У 1932 годзе выходзяць з друку яшчэ два зборнікі яго вершаў: «Па песню, па сонца» і «Медзі дождж». У гэты ж час ён працуе над паэмамі «Аманал» і «Гарбун», якія выйшлі асобнымі кнігамі ў 1933 і 1935 гадах. Таленавіты паэт шукае новых тэм і вобразаў. Услаўляючы мірнае жыццё савецкіх людзей, ён звяртаецца да гераічнай тэмы воіна-абаронцы сацыялістычнай бацькаўшчыны. У друку з’яўляюцца паэмы «Баранаў Васіль» (1937), «У зялёнай дубраве» (1939) і кніга вершаў «Мы жывём на граніцы» (1938), якія прынеслі аўтару вялікую папулярнасць, паставілі яго ў рады вядучых паэтаў Савецкай Беларусі.

У час Вялікай Айчыннай вайны А. Куляшоў аддае свой талент служэнню Радзіме. У франтавых умовах восенню 1942 года ён стварае сваю вядомую паэму «Сцяг брыгады», адзначаную Сталінскай прэміяй першай ступені. Паэма належыць да ліку лепшых твораў савецкай літаратуры аб Айчыннай вайне. У ваенны час паэт піша шэраг другіх таленавітых твораў аб гераізме, бессмяротным подзвігу савецкага народа. Гэта — яго вядомыя балады: «Над брацкай магілай», «Маці», «Ліст з палону», «Камсамольскі білет», «Балада аб чатырох заложніках» і іншыя.

У пасля ваенны час выходзяць у свет кнігі паэта: «На сотай вярсце» (1945), «Вершы» (1946), паэма «Прыгоды цымбал» (1944), зборнік «Камуністы» (1949), «Выбраныя творы» (1947 і 1951).

Паэт піша буйныя творы, прысвечаныя стваральнай працы і гераічнаму мінуламу нашага народа — паэмы «Новае рэчышча» (1948), «Простыя людзі» (1949), «Толькі ўперад» (1950). У 1956 годзе ён выдае вершаваную хроніку «Грозная путча».

За паэму «Новае рэчышча» А. Куляшову была прысуджана Сталінская прэмія другой ступені.

У 1957 годзе ў Дзяржаўным выдавецтве БССР выйшаў збор твораў паэта ў двух тамах.

Партыйная па духу і народная па форме паэзія А. Куляшова вызначаецца вялікімі ідэйна-мастацкімі абагульненнямі, адлюстроўвае найбольш значныя з’явы нашага часу. Маральны і псіхалагічны вобраз нашага сучасніка паўстае ў яго вершах і паэмах ва ўсёй складанасці і велічы.

Творчасць паэта фармавалася пад уздзеяннем лепшых здабыткаў беларускай паэзіі і фальклору, класічнай рускай і сучаснай паэзіі. Ён успрыняў лепшыя якасці «партыйных кніжак» Ул. Маякоўскага, сучасных паэтаў М. Ісакоўскага і А. Твардоўскага.

Творы А. Куляшова шырока вядомы за межамі рэспублікі. Лепшыя з іх перакладзены на рускую, украінскую, армянскую і іншыя мовы народаў СССР і краін народнай дэмакратыі. У 1940 годзе ў Маскве была выдадзена першая кніга яго вершаў на рускай мове «Дубрава». Пазней у розных выдавецтвах краіны на рускай мове выходзілі: «Сцяг брыгады» (1943), «Камсамольскі білет» (1945), «Цымбалы» і «Тры паэмы» (1946), «Камуністы» і «Выбранае» (1948), паэмы «Толькі ўперад» (1952), «Грозная пушча» (1956) і іншыя. Дзяржлітвыдавецтва УССР выдала ў 1952 годзе ў перакладзе на ўкраінскую мову выбраныя творы А. Куляшова, а выдавецтва «Моладзь» — паэму «Сцяг брыгады» (1947).

Кнігі А. Куляшова выдадзены таксама на румынскай, кітайскай і венгерскай мовах.

Шмат увагі аддае паэт мастацкім перакладам. Ён пераклаў на беларускую мову «Яўгенія Анегіна» А. Пушкіна, паасобныя творы М. Лермантава, Ул. Маякоўскага, творы многіх украінскіх паэтаў.

А. Куляшоў — член КПСС, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР, старшыня Беларускага рэспубліканскага камітэта абароны міру, член праўлення СП БССР і СССР. Паэт узнагароджаны ордэнамі Леніна, Чырвонага Сцяга, Працоўнага Чырвонага Сцяга і медалямі.


ФЁДАР КУЛЯШОЎ

Крытык і літаратуразнаўца Фёдар Іванавіч Куляшоў нарадзіўся 18 чэрвеня 1913 года ў вёсцы Стралкі, Рагачоўскага раёна, Гомельскай вобласці, у беднай сялянскай сям’і. Рана застаўшыся без бацькоў, ён працаваў пастухом і парабкам (1921-1925). Выхоўваўся ў Бабруйскім дзіцячым доме (1925-1930).

Ф. Куляшоў скончыў камвуз і Ленінградскі педінстытут імя А. I. Герцэна. Працаваў ён выкдадчыкам рускай мовы і літаратуры ў сярэдняй і вышэйшай школах Запаляр’я, Урала, Казахстана, Беларусі. У 1949 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю.

Творчай працай Ф. Куляшоў займаецца з 1932 года. Яго рэцэнзіі і крытычныя артыкулы аб кнігах рускіх і беларускіх аўтараў часта з’яўляюцца ў перыядычным друку. Гісторыка-біяграфічныя нарысы Ф. Куляшова аб А. Чэхаве, Л. Талстым, М, Някрасаве былі выдадзены асобнымі брашурамі. У выдавецтве Акадэміі навук БССР выйшаў зборнік «А. П. Чэхаў аб мастацтве і літаратуры», складзены Ф. Куляшовым.


МАЙСЕЙ КУЛЬБАК

Яўрэйскі пісьменнік Майсей Саламонавіч Кульбак нарадзіўся 20 сакавіка 1896 года ў горадзе Смаргоні ў сям’і служачага. Здаўшы экстэрнам экзамен на званне настаўніка, працаваў у школах і гімназіях Смаргоні, Мінска і Вільні.

3 1920 да 1928 года М. Кульбак жыў у Вільні. У 1928 годзе ён пераехаў у Мінск. Працаваў у рэдакцыях рэспубліканскіх газет і ў Акадэміі навук БССР.

Першыя вершы і апавяданні М. Кульбака напісаны былі яшчэ да рэвалюцыі і прысвячаліся жыццю працоўнай яўрэйскай беднаты. У паэме «Горад» ён паказаў падзеі Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі. У Дзяржаўным выдавецтве БССР выйшла на яўрэйскай мове некалькі яго кніг: зборнік «Вершы і пазмы» (1929), раман «Зелменянцы» (1930), паэма «Дзісненскі Чайльд Гарольд» (1933). У 1935 годзе быў выдадзены зборнік выбраных твораў пісьменніка.

М. Кульбак напісаў драматычную паэму «Бойтрэ» (1936), п’есу «Бініамен Магіда» (1937). Ён пераклаў на яўрэйскую мову паасобныя вершы Я. Купалы і Я. Коласа, раман М. Астроўскага «Як гартавалася сталь», камедыю «Рэвізор» М. Гогаля.

Памёр М. Кульбак у 1940 годзе.


СЫМОН КУНІЦКІ

Крытык і літаратуразнаўца Сымон Фаміч Куніцкі нарадзіўся ў 1902 годзе ў вёсцы Гарані, Заслаўскага раёна, Мінскай вобласці, у сялянскай сям’і. Вучыўся ён спачатку ў вясковай школе, потым — на рабфаку. У 1931 годзе скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педфака Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля працаваў у Інстытуце мовы, літаратуры і мастацтва Акадэміі навук БССР.

Літаратурна-крытычная дзейнасць С. Куніцкага прыпадае на 30-я гады. У перыядычных выданнях таго часу друкаваліся яго рэцэнзіі, нарысы і артыкулы пра творчасць Я. Купалы, Я. Коласа, А. Александровіча, С. Баранавых, Б. Мікуліча, Хв. Шынклера і іншых беларускіх пісьменнікаў.

Памёр С. Куніцкі 14 кастрычніка 1940 года.


АЛЕСЬ КУЧАР

Драматург і крытык Алесь Кучар (Айзік Евелевіч Кучар) нарадзіўся 24 ліленя (ст. ст.) 1910 года ў вёсцы Прудзішчы, Смалявіцкага раёна, Мінскай вобласці, у сям’і служачага. Пасля заканчэння сямігодкі А. Кучар некаторы час працаваў у смалявіцкім райвыканкоме. У 1928 годзе паступіў у Мінскі белпедтэхнікум. Пазней вучыўся на літфаку Мінскага педінстытута імя М. Горкага і ў Маскоўскім інстытуце гісторыі, філасофіі і літаратуры.

3 1932 года А. Кучар працаваў у рэдакцыях рэспубліканскіх газет. Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ён быў выкладчыкам у Мінскім педінстытуце імя М. Горкага.

У час вайны А. Кучар супрацоўнічаў у франтавых і армейскіх газетах «За Савецкую Беларусь», «За свабодную Беларусь», «Мужество». Напісаў кнігу нарысаў аб народных мсціўцах — «На партызанскай зямлі» (выдадзена ў 1943 годзе).

Пасля вайны А. Кучар працаваў намеснікам рэдактара газеты «Літаратура і мастацтва», загадчыкам аддзела «Настаўніцкай газеты». Цяпер ён — рэдактар мастацкай літаратуры Дзяржаўнага выдавецтва БССР.

Творчую працу А. Кучар пачаў у 1928 годзе з рэцэнзій і артыкулаў аб беларускай літаратуры.

У 1953 годзе выйшла ў свет кніга А. Кучара «Літаратурна-крытычныя артыкулы», у якой змешчаны найбольш каштоўныя працы крытыка, прысвечаныя разгляду творчасці Я. Купалы, Я. Коласа, К. Крапівы, П. Броўкі, П. Глебкі, А. Куляшова, М. Танка і Э. Самуйлёнка.

У апошнія гады А. Кучар працуе пераважна ў галіне драматургіі. Слаўным подзвігам савецкіх патрыётаў у тыле ворага прысвечана яго п’еса «Гэта было ў Мінску» (1950), пастаўленая Беларускім драматычным тэатрам імя Я. Купалы і Гродзенскім абласным тэатрам. У 1953 годзе ён напісаў п’есу «Неспакойныя сэрцы» аб моладзі Мінскага трактарнага завода. П’еса ішла у тэатры імя Я. Коласа.

Па сцэнарыю А. Кучара і А. Куляшова студыя «Беларусьфільм» у 1958 годзе стварыла каляровую кінакарціну «Чырвонае лісце» аб рэвалюцыйнай барацьбе ў былой Заходняй Беларусі. У сааўтарстве з Н. Фігуроўскім драматург напісаў сцэнарый «Гадзіннік спыніўся апаўночы», прысвечаны партызанскай барацьбе на Беларусі.

А. Кучар — член КПСС. Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны» і медалямі.


АЛЯКСАНДР ЛАЗНЯВОЙ

Рускі паэт і празаік Аляксандр Мікітавіч Лазнявой нарадзіўся 17 сакавіка 1911 года ў сяле Вялікае Троіцкае, Белгарадскай вобласці, у беднай сялянскай сям’і. Скончыўшы пачатковую школу (1924), ён працаваў у саўгасе, на будаўніцтве Харкаўскага трактарнага завода. Вучыўся на рабфаку. У 1934 годзе пераехаў у Магнітагорск, супрацоўнічаў у рэдакцыі газеты «Магнитогорский рабочий». Адначасова завочна вучыўся ў Літаратурным інстытуце імя М. Горкага.

У час Вялікай Айчыннай вайны А. Лазнявой камандаваў узводам, быў ваенным журналістам. На фронце ўступіў у рады КПСС.

Пасля вайны ён працаваў у рэдакцыі газеты Беларускай ваеннай акругі «Во славу Родины».

Пісаць А. Лазнявой пачаў у 1939 годзе. У 1948 годзе ў Чалябінску выйшаў калектыўны зборнік вершаў уральскіх паэтаў «Утро в горах», у якім прыняў удзел і А. Лазнявой. У 1952 годзе Дзяржаўнае выдавецтва БССР выдала яго кніжку «Края мои широкие», а ў 1956 годзе — «Чукотские сказки» (у літаратурнай апрацоўцы А. Лазнявога). Уладзівастоцкае краявое выдавецтва выпусціла ў свет яго паэму «Мальчик на льдине» (1955).

А. Лазнявой — аўтар тэкстаў песень «Брэсцкая крэпасць», «Песня аб Даватары» і іншых.

Паэт узнагароджаны двума ордэнам Чырвонай Звязды і медалямі.


МІХАСЬ ЛАРЧАНКА

Міхась Рыгоравіч Ларчанка нарадзіўся 1 лістапада (сі. ст.) 1907 года ў вёсцы Хварасцяны, Слаўгарадскага раёна, Магілёўскай вобласці, у сялянскай сям’і. Вучыўся ў школе сялянскай моладзі, пасля ў Мінскім белпедтэхнікуме і Мінскім педінстытуце імя М. Горкага. У 1932 годзе быў залічаны ў аспірангуру пры Акадэміі навук БССР. У 1936 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю і да вайны працаваў у інстытуце мовы, літаратуры і мастацтва АН БССР.

У час Вялікай Айчыннай вайны М. Ларчанка служыў у Савецкай Арміі, удзельнічаў у баях на Бранскім фронце, быў цяжка паранены. У арміі ўступіў у рады КПСС. 3 1942 года працуе ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Цяпер ён загадчык кафедры беларускай літаратуры і дэкан філалагічнага факульгэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. I. Леніна.

Літаратурна-крытычную дзейнасць М. Ларчанка пачаў у 1932 годзе. Напісаў шэраг артыкулаў па пытаннях развіцця беларускай паэзіі: «Паэтычныя асаблівасці лірыкі Я. Коласа», «Патрыятычная тэма ў творчасці Я. Купалы», «Паэтычная творчасць П. Панчанкі», артыкулы аб паэзіі М. Багдановіча, Ф. Багушэвіча, Цёткі, В. Дуніна-Марцінкевіча, П. Глебкі. Ён апублікаваў некалькі прац аб сувязях беларускай літаратуры з рускай і ўкраінскай лІтаратурамі: «А. М. Горкі і беларуская літаратура», «Гогалеўскія традыцыі ў беларускай літаратуры», «Слова аб палку Ігаравым і беларуская літаратура», «Крылоў і беларуская літаратура» і іншыя. Удзельнічаў у напісанні падручнікаў па гісторыі беларускай літаратуры для сярэдняй і вышэйшай школ.

У 1955 годзе М. Ларчанка абараніў доктарскую дысертацыю, прысвечаную праблемам развіцця рэалізма ў беларускай літаратуры XIX стагоддзя. Першая частка гэтай працы — «На шляхах да рэалізма» — выйшла ў 1958 годзе ў выдавецтве БДУ.


МІКОЛА ЛОБАН

Празаік Мікалай Паўлавіч Лобан нарадзіўся 27 кастрычніка 1911 года ў вёсцы Чаплічы, Чырвонаслабодскага раёна, Мінскай вобласці, у беднай сялянскай сям’і. Скончыўшы ў 1926 годзе сямігодку, працаваў у роднай вёсцы бібліятэкарам. Пасля вучыўся на двухгадовых педагагічных курсах у Слуцку, настаўнічаў у пачатковых школах.

У час Вялікай Айчыннай вайны М. Лобан удзельнічаў у баях пад Ленінградам, быў двойчы паранены. У 1942 годзе дэмабілізаваўся і выкладаў рускую мову і літаратуру ў адной са школ Казахстана. У 1945 годзе закончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт і з таго часу працуе ў Інстытуце мовазнаўства імя Я. Коласа Акадэміі навук БССР.

Першае апавяданне М. Лобана «Веснавая радасць» было змешчана ў 1930 годзе ў літаратурным дадатку «Вясна» да бабруйскай акруговай газеты «Камуніст». Але сталай творчай працай ён заняўся толькі пасля вайны. У перыядычным друку змясціў шэpaг апавяданняў і нарысаў.

У 1953 годзе выйшла з друку аповесць М. Лобана «Іркуцянка», прысвечаная тэме дружбы савецкіх народаў.

М. Лобан вядомы і як літаратуразнаўца. Яго змястоўныя артыкулы: «Галоўнае ў мове», «Пісьменнік і мова», «Аб мастацкім перакладзе», артыкул аб жыцці і творчасці X. Шынклера і іншых прысвечаны пытанням літаратурнага майстэрства.


ЕЎДАКІЯ ЛОСЬ

Беларуская паэтэса Еўдакія Якаўлеўна Лось нарадзілася 1 сакавіка 1929 года ў вёсцы Старына, Ушацкага раёна, Віцебскай вобласці, у сялянскай сям’і. Скончыла Глыбоцкае педвучылішча і літаратурны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута імя М. Горкага. 3 1952 года яна працавала рэдактарам Вучэбна-педагагічнага выдавецтва БССР. Цяпер паэтэса вучыцца на Вышэйшых літаратурных курсах у Маскве.

Першыя вершы Е. Лось з’явіліся ў друку ў 1948 годзе. 3 таго часу паэтэса часта выступае на старонках беларускіх перыядычных выданняў. У 1958 годзе Дзяржаўнае выдавецтва БССР выпусціла першы зборнік яе вершаў «Сакавік».


МAKCІM ЛУЖАНІН

Паэт Максім Лужанін (Аляксандр Амвросьевіч Каратай) нарадзіўся 2 лістапада 1909 года ў вёсцы Прусы, Старобінскага раёна, Мінскай вобласці, у сялянскай сям’і.

У 1928 годзе скончыў Мінскі белпедтэхнікум, пасля чаго вучыўся на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні педфака Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. 3 1934 да 1941 года працаваў У Маскве ў галоўнай рэдакцыі літаратуры па машынабудаванню. У дні Вялікай Айчыннай вайны служыў у Савецкай Арміі, удзельнічаў у баях пад Масквой і Сталінградам. Пасля дэмабілізацы) (1944) займаецца выключна літаратурнай працай.

Першыя вершы М. Лужаніна былі надрукаваны ў 1925 годзе. У 1928 годзе Дзяржаўнае выдавецтва БССР выпусціла зборнік вершаў паэта «Крокі». Потым выйшлі з друку новыя яго кнігі: «Неаплачаны рахунак» і «Новая ростань» (1930), «Аднагалосна», «Галасуе вясна за вясну» і «Кастрычнікам, ліпенем, маем» (1931), паэма «Галасы гарадоў» і зборнік «Першамайская вуліца» (1932). У паасобных яго вершах 20-х гадоў мелі месца ідэйныя хібы.

У час Вялікай Айчыннай вайны ў перыядычным друку змяшчаліся вершы, публіцыстычныя артыкулы і сатырычныя творы паэта. Вершы гэтага часу сабраны ў кнізе «Шырокае поле вайны» (1945).

За пасляваенныя гады паэт напісаў шмат твораў аб працы савецкіх людзей, аб барацьбе за мір. Яны сабраны ў кнігах «Поступ» (1950), «Святло Радзімы» (1952), «Моваю сэрца» (1955), «Прасторы» (1958).

Паспяхова працуе М. Лужанін і ў галіне сатыры і гумару (зборнік «Сілівон на дачы», 1958), а таксама ў галіне перакладаў. Ім перакладзены на беларускую мову вершы А. Пушкіна, камедыя А. Грыбаедава «Гора ад розуму», «Вечары на хутары ля Дзіканькі» М. Гогаля, «Падарожжа з Пецярбурга ў Маскву» А. Радзішчава, «Маладая гвардыя» А. Фадзеева, «Пераяслаўская рада» Н. Рыбака і другія творы.

Выступае М. Лужанін і ў галіне драматургіі. Па яго сцэнарыю створаны дакументальны фільм пра Я. Коласа «Народны паэт».

Юным чытачам вядома кніга пісьменніка «Вершы для дзяцей» (1948).

Многія творы М. Лужаніна перакладзены на рускую і іншыя мовы народаў СССР. У 1952 годзе выдавецтва «Советский писатель» выпусціла на рускай мове яго кнігу «Вершы», а ў 1956 годзе — зборнік «Запрашэнне на возера Нарач».


МІКОЛА ЛУПСЯКОЎ

Празаік Мікола Радзівовавіч Лупсякоў нарадзіўся 4 сакавіка 1919 года ў горадзе Маскве. У 1921 годзе яго бацькі вярнуліся на Беларусь. У 1941 годзе М. Лупсякоў скончыў літаратурны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута імя М. Горкага. Пасля некаторы час працаваў у рэдакцыі газеты «Піянер Беларусі».

Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, М. Лупсякоў быў прызваны ў Савецкую Армію. Удзельнічаў у баях супроць фашысцкіх захопнікаў. У 1943 годзе быў цяжка паранены і дэмабілізаваны. Працаваў у рэдакцыі газеты «Казахстанская правда».

Літаратурную дзейнаснь М. Лупсякоў пачаў яшчэ да вайны. У 1936 годзе ў альманаху «Аднагодкі» было змешчана першае яго апавяданне «Нечаканае». Але сістэматычнай творчай працай М, Лупсякоў заняўся пасля вайны. 3 друку выйшла некалькі зборнікаў яго апавяданняў: «Першая атака» (1946), «Мост» і «Апавяданні» (1947), «Разведчыкі» (1949), «Дружба» (1952), «Чырвоны бераг» (1954), «Паядынак» і «Дняпроўская чайка» (1957), «У вераб’іную ноч» (1958).

Паасобныя апавяданні М, Лупсякова выдаваліся ў перакладзе на рускую і ўкраінскую мовы. У 1956 годзе Выдавецтва дзіцячай літаратуры (Масква) выпусціла ў перакладзе на рускую мову яго зборнік «Зялёная чарніліца», а ў 1957 годзе ў выдавецтве «Советский писатель» выйшаў зборнік М. Лупсякова «Домік на колах».


MIXACЬ ЛЫНЬКОЎ

Вядомы беларускі празаік Міхаіл Ціханавіч Лынькоў нарадзіўся 30 лістапада (18 лістапада, ст. ст.) 1899 года ў вёсцы Зазыбы, Лёзненскага раёна, Віцебскай вобласці, дзе бацька яго працаваў рамонтным рабочым на чыгунцы.

Скончыўшы Старасельскае народнае вучылішча, М. Лынькоў паступіў у Рагачоўскую настаўніцкую семінарыю. 3 1917 да 1919 года настаўнічаў у Ліпініцкай пачатковай школе, Буда-Кашалёўскага раёна. Па прафсаюзнай мабілізацыі ўлетку 1919 года пайшоў у Чырвоную Армію. Удзельнічаў у паходзе на Варшаву і ў разгроме банд Булак-Булаховіча.

Пасля заканчэння грамадзянскай вайны М. Лынькоў настаўнічаў у Свержаньскай сямігадовай школе, Рагачоўскага раёна. Актыўны селькор, ён у 1925 годзе быў прызначаны сакратаром рэдакцыі, а неўзабаве — адказным рэдактарам бабруйскай акруговай газеты «Камуніст». На яе старонках і друкаваліся яго першыя вершы, фельетоны, нарысы і апавяданні.

У 1926 годзе М. Лынькоў уступіў у рады Камуністычнай партыі. У сярэдзіне двадцатых гадоў у рэспубліканскіх часопісах з’явіліся яго апавяданні «Чыгунныя песні», «Гой», «Над Бугам», «Крот», «Гома», з якіх і склаўся першы зборнік празаіка — «Апавяданні» (1927). У 1929 годзе выйшаў у свет зборнік М. Лынькова «Гой», а ў 1930 годзе — зборнік «Андрэй Лятун». Большасць апавяданняў тых год напісана на матэрыяле падзей грамадзянскай вайны і сацыялістычнага будаўніцува. У 1930 годзе пісьменнік выдаў аповесць — «Апошні зверыядавец».

3 1930 да 1932 года М. Лынькоў працаваў у Дзяржаўным выдавецтве БССР. Побач з літаратурнай дзейнасцю ён вёў значную грамадскую і навуковую работу. У 1932 годзе ён быў прызначаны сакратаром аргкамітэта, а пасля першага з’езду пісьменнікаў Беларусі — сакратаром праўлення СП БССР і рэдактарам часопіса «Полымя рэвалюцыі». У 1936 годзе яго абралі членам-карэспандэнтам Акадэміі навук БССР.

У тыя гады ён выдаў некалькі новых кніг: раман «На чырвоных лядах» (1934), зборнікі апавяданняў «Саўка-агіцірнік» (1933), «На вялікай хвалі» (1934), «Баян» (1935) і іншыя. Грамадзянская вайна, станаўленне новага жыцця, калектывізацыя, перавыхаванне людзей у працэсе сацыялістычнага будаўніцтва — вось асноўныя тэмы гэтых кніг.

Плённа працаваў пісьменнік і ў галіне дзіцячай літаратуры, стварыўшы аповесці для дзяцей «Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў», «Янка-парашутыст» і «Міколка-паравоз» (1937), якія сталі любімымі кнігамі юнага чытача.

У 1939 годзе М. Лынькоў удзельнічаў у вызваленчым паходзе Савецкай Арміі ў Заходнюю Беларусь, рэдагаваў газету «Беларуская звязда» — орган Палітупраўлення Беларускага фронта. У кнізе яго апавяданняў «Сустрэчы» (1940) занатаваны эпізоды гэтага слаўнага паходу.

У гады Вялікай Айчыннай вайны М. Лынькоў — рэдактар франтавой газеты «За Савецкую Беларусь». У гэты час ён стварыў шмат апавяданняў аб гераічных подзвігах партызан і падпольшчыкаў у тыле ворага. Сярод іх асабліва вылучаюцца апавяданні «Васількі», «Астап», «Дзіцячы башмачок», «Насустрач жыццю» і іншыя. Апавяданні, напісаныя празаікам у час вайны, склалі кнігу «Астап» (1944).

3 1943 года М. Лынькоў працуе ў Інстытуце літаратуры імя Я. Купалы Акадэміі навук БССР; з 1953 года ён правадзейны член АН БССР.

У пасляваенныя гады пісьменнік працаваў над раманам-эпапеяй «Векапомныя дні», першая кніга якога выйшла ў свет у 1951 годзе. У 1957 годзе на старонках часопіса «Полымя» была надрукавана другая кніга гэтага твора. У рамане намалявана шырокая карціна жыцця і барацьбы беларускага народа ва ўмовах нямецка-фашысцкай акупацыі, карціна зараджэння і развіцця партызанскага руху на Беларусі. У 1958 годзе раман выйшаў у Дзяржаўным выдавецтве БССР чатырохтомным выданнем.

Многія творы М. Лынькова перакладзены на рускую, украінскую, польскую і іншыя мовы.

М. Лынькоў — актыўны грамадскі дзеяч, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР, член праўлення СП СССР і БССР. У складзе ўрадавай дэлегацыі БССР ён неаднаразова ўдзельнічаў у рабоце асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

За заслугі ў развіцці савецкай літаратуры М. Лынькоў узнагароджаны двума ордэнамі Леніна, ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Чырвонай Звязды і медалямі.


ВЕРА ЛЮТАВА

Руская паэтэса і празаік Вера Сяргееўна Лютава нарадзілася 10 жніўня 1910 года ў вёсцы Каськова, Смаленскай вобласці, у сям’і рабочага. Скончыўшы сярэднюю школу ў Дарагабужы (1927), яна працавала ў Смаленску бібліятэкарам, статыстыкам. У 1940 годзе скончыла Смаленскі педагагічны Інстытут.

У гады Вялікай Айчыннай вайны В. Лютава настаўнічала ў Тамбоўскай вобласці, працавала ў Яраслаўлі бібліятэкарам, пазней супрацоўнічала ў рэдакцыі акруговай ваеннай газеты.

Друкавацца пачала ў 1930 годзе. 3 таго часу яе вершы часта змяшчаліся на старонках смаленскіх абласных газет, у «Комсомольской правде», у часопісах «Смена» і «Огонёк». У 1943 годзе ў Яраслаўлі выйшаў зборнік вершаў В. Лютавай «Воля к жизни».

У 1944 годзе разам з рэдакцыяй акруговай ваеннай газеты В. Лютава пераехала ў Miнск. У 1951 годзе ў Дзяржаўным выдавецтве БССР выйшла яе аповесць «Зарево над лесом» — аб жыцці маладых рабочых Мінскага трактарнага завода (перавыдадзена ў 1957 годзе). Аповесць была цёпла сустрэта чытачамі і атрымала станоўчую ацэнку ў друку.

В. Лютава ўзначальвала секцыю рускай літаратуры ў Саюзе пісьменнікаў БССР, уваходзіла ў склад рэдкалегіі альманаха «Советская Отчизна».

Памерла яна 24 мая 1954 года.


ЮРКА ЛЯВОННЫ

Паэт Юрка Лявонны (Леанід Мікалаевіч Юркевіч) нарадзіўся ў 1907 годзе ў гарадскім пасёлку Чавусы, Магілёўскай вобласці, у сям’і служачага. Скончыў Магілёўскі педтэхнікум, а ў 1934 годзе — літаратурны факультэт Мінскага педінстытута імя М. Горкага. Працаваў спачатку ў рэдакцыі газеты «Магілёўскі селянін», потым у рэдакцыях газеты «Звязда» і часопіса «Работніца і сялянка».

Літаратурную дзейнасць Ю. Лявонны пачаў у 1924 годзе. Яго вершы друкаваліся ў альманахах «Дняпроўскія ўсплёскі» і «Ранне». У наступныя гады былі выдадзены зборнікі «Камсамольскія вершы» і «Штурм» (1930), «Жалезныя віхуры» і «Разбег» (1931), «Угрунь» і «Стала і мужна» (1932), «Смелым крокам» (1935). Пісаў Ю. Лявонны і празаічныя творы. У 1931 годзе ён выдаў зборнік нарысаў «Крокі пяцігодкі».

Памёр паэт у 1944 годзе.


АНДРЭЙ МАКАЁНАК

Андрэй Ягоравіч Макаёнак нарадзіўся 12 лістапада 1920 года ў весцы Борхаў, Рагачоўскага раёна, Гомельскай вобласці, у сялянскай сям’і. Скончыўшы сярэднюю школу, працаваў масавіком раённага Дома культуры.

У час Вялікай Айчыннай вайны А. Макаёнак удзельнічаў у баях супроць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Крыму. Пад Феадосіяй быў цяжка паранены. Пасля дэмабілізацыі настаўнічаў у Акаурцкай сярэдняй школе ў Грузіі. Вярнуўшыся на Беларусь, працаваў сакратаром Гродзенскага гаркома ЛКСМБ, загадчыкам парткабінета і памочнікам сакратара райкома партыі. У 1949 годзе скончыў Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КПБ. Некаторы час супрацоўнічаў у часопісе «Вожык».

А. Макаёнак выступав ў галіне драматургіі. У 1951 годзе Дзяржаўнае выдавецтва БССР выпусціла зборнік яго аднаактовых п’ес. Тады ж драматург напісаў п’есу «На досвітку», прысвечаную барацьбе патрыётаў Францыі за мір і нацыянальную незалежнасць краіны. Яго сатырычную камедыю «Выбачайце, калі ласка» (1953) паставілі тэатр імя Я. Купалы і іншыя тэатры краіны.

Па матывах аповесці А. Кулакоўскага «Нявестка» А. Макаёнак напісаў сцэнарый, паводле якога студыя «Беларусьфільм» у 1958 годзе выпусціла кінакарціну «Шчасце трэба берагчы».

А. Макаёнак — член праўлення СП БССР. Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны» і медалямі.


ПЯТРУСЬ МАКАЛЬ

Паэт Пятрусь Міхайлавіч Макаль нарадзіўся ў 1932 годзе на Беласточчыне ў сялянскай сям’і. У 1947 годзе ён скончыў сямігодку і паступіў у Гродзенскі будаўнічы тэхнікум, дзе правучыўся два гады. Потым здаў экзамены на атэстат сталасці і паступіў у Гродзенскі педагагічны інстытут, які закончыў у 1953 годзе. Пасля П. Макаль служыў у Савецкай Арміі. Цяпер жыве ў Мінску і працуе ў рэдакцыі часопіса «Маладосць».

Першыя вершы паэта былі надрукаваны ў 1949 годзе. Дзяржаўнае выдавецтва БССР у 1955 годзе выдала кнігу вершаў П. Макаля «Першы след», у 1958 годзе — другі зборнік вершаў «Вятрам насустрач».

У сааўтарстве з А. Вольскім П. Макаль напісаў драматычную паэму «За лясамі дрымучымі», пастаўленую Рэспубліканскім театрам юнага гледача.


ВАЛЕРЫ МАРАКОЎ

Паэт Валеры Дзмітравіч Маракоў нарадзіўся 14 сакавіка 1909 года ў вёсцы Акалонія, Мінскай вобласці, у сям’і рабочага. Скончыўшы сямігодку, працаваў мулярам. Пасля вучыўся ў Мінскім белпедтэхнікуме. У 1934 годзе скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педінстытута імя М. Горкага. Некалькі год настаўнічаў у горадзе Бабруйску.

Пачатак літаратурнай дзейнасці В. Маракова адносіцца да 1925 года, калі ў часопісах «Чырвоны Сцяг», «Малады араты» з’явіліся першыя яго вершы. У 1926 годзе паэт выдаў зборнік «Пялёсткі». У наступныя гады выйшлі з друку кніжкі яго вершаў: «На залатым пакосе» (1927), «Вяршыні жаданняў» (1930), «Права на зброю» (1933). Пяру В. Маракова належаць паэмы: «Муляр», «Мая паэма», «Таварыш Нюрын» і іншыя.

Памёр В. Маракоў 7 мая 1940 года.


ВАСІЛЬ МАТЭВУШАЎ

Паэт Васіль Іванавіч Матэвушаў нарадзіўся 6 сакавіка 1915 года ў мястэчку Княжыцы, Магілёўскай вобласці, у сялянскай сям’і. У 1937 годзе скончыў літаратурны факультэт Магілёўскага педінстытута. Выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Обальскай сярэдняй школе, Віцебскай вобласці. У 1939 годзе быў прызваны ў Савецкую Армію. У час Вялікай Айчыннай вайны служыў у чыгуначным палку. У арміі ўступіў у рады Камуністычнай партыі. Пасля дэмабілізацыі некаторы час быў выкладчыкам Омскага фінансавага тэхнікума. Цяпер — супрацоўнік рэдакцыі абласной газеты «Магілёўская праўда».

Першыя вершы паэта былі надрукаваны ў пачатку трыдцатых гадоў пад псеўданімам Васіль Нёман. Сталай літаратурнай працай ён займаецца з 1936 года. У 1957 годзе Дзяржаўнае выдавецтва БССР выдала зборнік паэта «Магілёўскі шоўк».


АЛЕСЬ МАХНАЧ

Драматург Алесь Махнач (Аляксандр іванавіч Махнач) нарадзіўся 27 чэрвеня 1922 года ў вёсцы Забалоцце, Уздзенскага раёна, Мінскай вобласці, у беднай сялянскай сям’і. Пасля заканчэння пачатковай школы працаваў пастухом у калгасе, потым вучыўся ў сярэдняй школе. У 1941 годзе скончыў ваеннае вучылішча і служыў у Савецкай Арміі, камандаваў узводам.

У час Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у абароне Брэсцкай крэпасці. Быў цяжка паранены і захоплены фашыстамі ў палон. Да 1945 года знаходзіўся ў канцэнтрацыйных лагерах для ваеннапалонных на тэрыторыі Польшчы і Германіі. Пасля вызвалення з палону да 1947 года лячыўся ў ваенных шпіталях. 3 1947 года працаваў загадчыкам Прысынкаўскай сельскай бібліятэкі (Уздзенскі раён), завочна скончыў Мінскі бібліятэчны тэхнікум. Цяпер працуе літработнікам рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва» і вучыцца завочна ў Літаратурным інстытуце імя М. Горкага.

Творчую дзейнасць А. Махнач пачаў у 1950 годзе з вершаў. Напісаў шэраг аднаактовых п’ес. У 1956 годзе Дзяржаўнае выдавецтва БССР выпусціла іх зборнікам «Драматычныя мініятуры». У 1958 годзе выйшла яго п’еса «Перад бурай». Некаторыя п’есы драматурга перакладаліся на рускую мову і выдаваліся ў Мінску і Маскве.

А. Махнач узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені і медалямі.


МІХАСЬ МАШАРА

Паэт Міхась Антонавіч Машара нарадзіўся 5 снежня (ст. ст.) 1902 года ў вёсцы Таболы, Шаркаўшчынскага раёна, Маладзечанскай вобласці, у беднай сялянскай сям’і. Скончыў вышэйшае пачатковае гарадское вучылішча. У 1920 годзе добраахвотна ўступіў у рады Чырвонай Арміі. У перыяд акупацыі Заходняй Беларусі панскай Польшчай жыў у роднай вёсцы, працаваў на гаспадарцы. У 1927 годзе за ўдзел у рэвалюцыйным руху быў арыштаваны польскімі ўладамі і чатыры гады прасядзеў у віленскай турме Лукішкі.

Літаратурную дзейнасць М. Машара пачаў у 1927 годзе. Першы яго зборнік «Малюнкі» выйшаў з друку ў 1928 годзе, калі паэт быў у турме. Пасля гэтага прагрэсіўнымі заходнебеларускімі выдавецтвамі былі выпушчаны кніжкі М. Машары: «На сонечны бераг» (1934), «На прадвесні» (1935), «3-пад стрэх саламяных» (1937), паэмы «Вяселле» (1933), «Смерць Кастуся Каліноўскага» (1934), «Мамчына горка» (1936), а таксама драматычныя творы «Вось тут зразумеў» (1935), «Лёгкі хлеб» (1936) і «Чорт з падпечча» (1938).

3 радасцю сустрэў паэт дзень уз’яднання беларускага народа ў адзінай савецкай дзяржаве. Яго абралі дэпутатам Народнага сходу, які адбываўся ў верасні 1939 года ў Беластоку і абвясціў Савецкую ўладу ў Заходняй Беларусі.

Ва ўмовах белапольскай акупацыі паэт пісаў аб паднявольным жыцці сялянства, заклікаў да ўз’яднання з савецкім народам. У савецкі перыяд асноўныя тэмы яго творчасці — услаўленне вольнага жыцця народа, гераізму Савецкай Арміі-вызваліцельніцы. У час Вялікай Айчыннай вайны паэт пісаў вершы аб баявых справах партызан і гераічных подзвігах савецкага народа.

Творы гэтыя ўвайшлі ў зборнікі: «Беларусь» (1944), «Выбраная лірыка» (1945), «Праз навальніцы» (1948), «Урачыстасць» і «Выбраныя творы» (1953 і 1958). У 1947 годзе ў выдавецтве «Советский писатель» выйшла кніга лірычных вершаў паэта ў перакладзе на рускую мову.

М. Машара вядомы і як перакладчык твораў братніх літаратур народаў СССР на беларускую мову. Ён — член КПСС. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Звязды і медалямі.


СЦЯПАН МАЙХРОВІЧ

Крытык і літаратуразнаўца Сцяпан Казіміравіч Майхровіч нарадзіўся 8 чэрвеня (ст. ст.) 1908 года ў рабочым пасёлку Старава, Мінскай вобласці, у сям’і рабочага. 3 дзіцячых год працаваў на гуце. У 1928 годзе яго вылучылі на камсамольскую работу — інструктарам Бабруйскага акружкома ЛКСМБ. Пасля С. Майхровіч вучыўся на рабфаку і ў Маскоўскім інстытуце журналістыкі. 3 1935 года і да пачатку Вялікай Айчыннай вайны працаваў у рэспубліканскім перыядычным друку.

3 першых дзен вайны С. Майхровіч знаходзіўся ў радах Савецкай Арміі ў якасці палітработніка. Працаваў старшым інструктарам палітаддзела арміі, а потым галоўным рэдактарам беларускага радыёвяшчання. ЦК КПБ накіраваў яго ў варожы тыл, дзе ён загадваў аддзелам прапаганды Беластоцкага падпольнага абкома партыі і да вызвалення заходніх абласцей рэспублікі ад гітлераўскіх акупантаў рэдагаваў падпольную газету «Беластоцкая праўда».

Пасля вайны С. Майхровіч працаваў у Дзяржаўным і ў Вучэбна-педагагічным выдавецтвах БССР. Апошнія гады займаецца выключна літаратурнай працай.

С. Майхровіч выдаў некалькі манаграфічных прац па гісторыі беларускай літаратуры: «Янка Лучына. Жыццё і творчасць» (1952), «В. I. Дунін-Марцінкевіч» (1955), «Нарысы беларускай літаратуры XIX стагоддзя», (1957) «Максім Багдановіч» (1958).

Крытык напісаў таксама шэраг прадмоў да зборнікаў сучасных беларускіх пісьменнікаў.

С. Майхровіч — член КПСС з 1928 года. Узнагароджаны двумя ордэнамі Чырвонай Звязды і медалямі.


ЯНКА МАЎР

Старэйшы баларускі дзіцячы пісьменнік Янка Маўр (Іван Міхайлавіч Фёдараў) нарадзіўся 11 мая 1883 года ў горадзе Лібаве ў сям’і рабочага. У пяцігадовым узросце пераехаў разам з маці на яе радзіму — у вёску Лебянішкі, Ковенскай губерні. У 1899 годзе паступіў у Панявежскую настаўніцкую семінарыю. За паўгода да заканчэння семінарыі быў выключаны з яе за ўдзел у гуртку рэвалюцыйнай моладзі.

Здаўшы экстэрнам экзамен на званне настаўніка пачатковай школы (1903), Я. Маўр працаваў памочнікам настаўніка ў Новым Месцы (Літва) і ў вёсцы Бытча, каля Барысава.

У 1906 годзе за ўдзел у нелегальным з’ездзе настаўнікаў быў зволены з насады і прыцягнуты да следства (разам з Я. Коласам). Следства па яго справе цягнулася два гады і закончылася тым, што Я. Маўр быў узяты пад нагляд паліцыі і пазбаўлены права паступіць на настаўніцкую працу. Толькі ў 1911 годзе з вялікімі цяжкасцямі яму ўдалося атрымаць пасаду настаўніка гісторыі і геаграфіі ў Мінскай прыватнай гандлёвай школе.

Пасля Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі Я. Маўр працаваў у школах Мінска. Прымаў актыўны ўдзел у арганізацыі настаўніцкіх прафсаюзаў, неаднаразова абіраўся дэлегатам настаўніцкіх канферэнцый і з’ездаў.

У друку Я. Маўр упершыню выступіў у 1923 годзе, змясціўшы ў газеце «Савецкая Беларусь» і ў ленінградскім часопісе сатыры і гумару «Бегемот» свае фельетоны. Да таго часу ў яго была ўжо напісана аповесць «Чалавек ідзе», надрукаваная некалькі пазней (у 1925 годзе) у дзіцячым часопісе «Беларускі піянер».

За час сваей літаратурнай дзейнасці Я. Маўр напісаў шмат твораў для юных чытачоў: аповесці «У краіне райскай птушкі» (1926), «Сын вады» (1928), раман «Амок» (1929), «Палескія рабінзоны», «Аповесць будучых дзён» (1932), «ТВТ» («Таварыства ваяўнічых тэхнікаў», 1934), «Шлях з цемры» (1948). Многія з іх неаднаразова перавыдаваліся і заваявалі шырокую папулярнасць сярод юных чытачоў.

Паасобныя аповесці і апавяданні пісьменніка перакладзены на рускую, украінскую, польскую і чешскую мовы.

Я. Маўр паклаў пачатак навукова-прыгодніцкаму жанру ў беларускай савецкай літаратуры. Шэраг сваіх твораў ён прысвяціў краінам, якія знаходзіліся пад прыгнётам англа-амерыканскіх каланізатараў. Пісьменнік намаляваў карціны жорсткай эксплуатацыі працоўных, паказаў іх рэвалюцыйную барацьбу супроць імперыялістычных драпежнікаў. У рамане «Амок» адлюстраваны падзеі вызваленчай барацьбы народаў Інданезіі супроць каланізатараў, звязаныя з паўстаннем 1926 года на востраве Яве. Аповесці Я. Маўра даюць вучням вялікі пазнавальны матэрыял.

У апошнія гады пісьменнік выступаў з фельетонамі і памфлетамі, у якіх выкрывае падпальшчыкаў вайны. У 1954 годзе ён апублікаваў у часопісе «Маладосць» новую навукова-фантастычную аповесць «Фантамабіль прафесара Цылякоўскага».

Я. Маўр — член КПСС. Яго шматгадовая літаратурная, педагагічная і грамадская дзейнасць адзначана высокімі ўрадавымі ўзнагародамі — двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга і медалямі.


АРКАДЗЬ МАЎЗОН

Драматург Аркадзь Маўзон (Арон Іосіфавіч Маўшэнзон) нарадзіўся 23 верасня 1918 года ў горадзе Віцебску ў сям’і рабочага. Скончыўшы сямігодку і фабрычна-завадское вучылішча металістаў, працаваў токарам на заводзе імя Кірава ў Мінску. 3 1936 года А. Маўзон працаваў у драматычным тэатры імя Я. Коласа спачатку акцёрам, пасля — асістэнтам рэжысёра.

У 1946 годзе ён напісаў п’есу «Канстанцін Заслонаў». Спектакль па п’есе, пастаўлены тэатрам імя Я. Купалы, атрымаў Сталінскую прэмію. П’еса была пастаўлена таксама у Маскве, Ленінградзе, Тбілісі, Ашхабадзе і іншых гарадах.

Загрузка...