Палімпсэст

Раман

Частка першая

1.

Пакой нагадваў рэдакцыйны. Мы, чалавек пяцьшэсьць, сядзелі ў крэслах уздоўж сьцяны. Маладзён, рыхтык камсамольскі актывіст 70-х, трымаў у руках газэту і распавядаў нешта пра зьмест нумару. Усю правую паласу газэты займаў каляровы здымак нейкага юнака. Калі "камсамолец" падыходзіў бліжэй, то рабіўся заўважным тэкст, які зь левай паласы пераходзіў на правую і йшоў падкладам па ўсяму здымку. Гэты тэкст дзіўным чынам зьнікаў, калі выступоўца адыходзіў ад мяне на тры-чатыры крокі: быў бачны толькі здымак. "Камсамолец", гаворачы пра двухпалосны артыкул, увесь час глядзеў мне ў вочы. Было адчуваньне, што ўсё гэта казалася выключна для мяне. І я мусіў неяк рэагаваць.

— Гэта кепскі матэрыял. Калі ў кожным жыцьці ёсьць месца подзьвігу, дык павінна быць месца і для слабасьці. Па адным учынку нельга выносіць прысуд чалавеку, — я вырашыў скарыстаць іхнюю фразэалёгію. Насамрэч, я быў упэўнены, што гэта фальшыўка, напісаная паводле добра знаёмага трафарэту.

"Камсамолец" акругліў вочы, здаецца, яму не было што сказаць мне ў адказ.

Раптам загучаў школьны званок, усе ў пакоі заварушыліся.

— Я зь ім сама пагавару, — сказала жанчына, што сядзела са мной поруч.

З выгляду яна нагадвала клясычную школьную настаўніцу: строгі гарнітур, доўгія валасы ўбраныя ў прычоску а-ля 70-ыя, адно што акуляры сучасныя, модныя сярод аптэкарак, настаўніц і банкаўскіх работніц: акуляры трымаліся на кончыку носа. Жанчына кінула на мяне некалькі паглядаў паверх шкельцаў.

Мы ішлі поруч па нейкіх калідорах. Вакол было шмат падлеткаў, выглядала, што гэта сапраўды была школа. "Настаўніца" казала штосьці банальнае і патаснае. Я амаль яе ня слухаў. Мне было цікава: дзе мы? Я ўглядаўся ў твары падлеткаў і ня мог нічога ўцяміць.

Мы падышлі да выхаду, які зьдзівіў мяне больш, чым уся гэтая незразумелая ўстанова. Выхад быў закратаваны, ён ішоў некуды ўніз. Паміж мэталічнымі прутамі былі шчыліны, і для таго, каб пакінуць памяшканьне, трэба было прашчаміцца празь іх. "Настаўніца" звыклымі рухамі нахілілася і праціснулася праз краты. Я падаўся за ёю сьледам.

* * *

Усьлед за мной у прыбіральню зайшоў Туміла. Тут было моцна напалена і ядзерна сьмярдзела мачой і тытунёвым дымам. З Тумілам я вучыўся ў адной клясе, але ніколі не таварышаваў. Ён рана "сасьпеў", жыў іншымі зацікаўленьнямі і вольны час бавіў з старэйшымі хлопцамі. Пры ўсіх яго хібах, Тумілу я паважаў, бо аднакашнік ня быў падшыванцам: меў прыстойныя манеры, добра апранаўся і ўвогуле адчувалася ў ім нейкая гжэчная спадчынная парода.

Танцы набліжаліся да канца, заставалася якіх паўгадзіны.

Туміла прымасьціўся да суседняга пісуара. Пусьціўшы гарачы пругкі струмень, ён, нават не павярнуўшы ў мой бок галавы, сказаў:

— Ну што, Саня, адпачнём сёньня.

— У якім сэнсе?

Мы мелі розныя кампаніі і па-рознаму адпачывалі, таму гэтая нечаканая прапанова ў мяне выклікала непаразуменьне.

— Тваё — хата і музыка, маё — разагрэў і дзевачкі. Мусім жа мы расслабіцца пасля войска.

Туміла ведаў, што апошнім часам я жыў адзін — бацькі зьехалі за мяжу. Раней я ніколі ня быў зь ім у адной кампаніі. Як там можа ўсё скончыцца? Я вагаўся.

— Згода. Чакаю вас ля свайго пад'езду.

— Не пашкадуеш. Абяцаю.

Я пачуў іх, калі кампанія набліжалася да мяне па супрацьлегламу баку вуліцы. Галасоў, як мне падалося, было задужа. Гэта магла быць чужая кампанія, моладзь якраз вярталася з танцаў, але аксамітны барытон Тумілы я наўрад ці мог зблытаць. Туміла нешта апавядаў, а дзяўчыны задзірыста сьмяяліся ў зорнае ліпеньскае неба. Шматлюдная вечарынка ніяк не трапляла ў фармат дамоўленага мерапрыемства. Я пачаў злавацца на сябе. Нафіг было пагаджацца!

Яшчэ колькі хвілінаў, і ў начной шэрані я сапраўды пабачыў значна больш постацяў, чым разьлічваў сустрэць. Мяне непакоіла толькі адно — Туміла мог прыхапіць з сабой некалькі безгаловых гопнікаў, зь якімі абавязкова былі б праблемы. Не хацелася мець эксцэсаў ані з суседзямі, ані з законам.

Калі кампанія наблізілася на адлегласьць выцягнутай рукі, у мяне адлягло ад сэрца. Іх было пяцёра. Тры дзяўчыны, мне мала знаёмыя, не з нашай школы, і яшчэ адзін хлопец — Арол, неразлучны сябрук Тумілы. Ён быў старэйшы за нас, здаецца, гады на два. Арол ня меў дурной славы, больш таго, я яго ведаў па мэляманскіх справах, мы зь ім час ад часу абменьваліся кружэлкамі.

Калі Туміла прадстаўляў мне сваіх сябровак... удар эмацыйнага шоку ледзь не кульнуў мяне ў куст бэзу. Нейкае цудадзейства! Фантастыка! Поўны Брэдбэры! Сярод маіх гасьцей была Яна... Дзяўчына гэта некалі працавала ў "Культтаварах" у аддзеле грамзапісу. З-за яе я і стаў мэляманам, бо амаль кожны дзень езьдзіў да тае крамы па кружэлкі.

Кружэлкамі была ўслана ўся падлога крамы. Чамусьці адразу ўявілася, што нейкая адмысловая камісія выявіла кантрафактную прадукцыю і вось падрыхтавала яе да зьнішчэньня. Але як пірацкія падробкі маглі трапіць у дзяржаўную краму?

— Што тут у вас адбываецца? — спытаў я ў маладой гандляркі, якая сама са зьдзіўленьнем назірала за нязвыклай дзеяй.

— Ларыса Мондрус зьехала ў Ізраіль, здрадзіла радзіме, сьпісаньне тавару, — гандлярка прамовіла гэта шэптам, амаль не паварушыўшы вуснамі.

І што з гэтага? Зьехала, дык зьехала. Навошта краіне прыносіць матэрыяльныя страты?

Я зусім кепска ўяўляў, хто такая Ларыса Мондрус, яшчэ меншае меў уяўленьне пра яе музычны даробак. Але чамусьці быў упэўнены, што ўсе сьпявачкі прыстойныя, паважаныя творчыя асобы, якіх ня тое што крыўдзіць, нават думаць пра іх нельга дрэннага.

— Свабоду Ларысе Мондрус! — невядома навошта выгукнуў я.

Усе, хто знаходзіўся ў краме, павярнуліся ў мой бок. На іх тварах быў спалох. У кабеты з прычоскай а-ля 70-ыя, што стаяла побач з грудам кружэлак, пасыпаліся з рук нейкія паперкі-дакумэнты. Яна кінулася іх хуценька зьбіраць, аднак задужа рэзка нахілілася, і яе валасы, што былі ўбраныя ў дзіўную канструкцыю, рассыпаліся па плячах і твары. Гэта яшчэ больш напалохала бедную жанчынку. Яна выпрасталася і пабегла ў дальні кут крамы, дзе знаходзіўся пакой адміністрацыі.

Запанавала мёртвая ціша. Чулася, як скразьнячок шамацеў ражком паперкі, прымацаванай на дошкі аб'яваў дзьвюма кнопкамі.

Не чакалі такога павароту падзеяў, падумаў я са зларадствам. Маўклівая сцэна, "Рэвізор", дзея нумар... Ратуй, Божа, ня меў жаданьня паблазнаваць. Усё атрымалася само сабой.

І тут кабета з трайным падбароддзем, што сядзела за касай, скочыла са свайго вальеру і кінулася да груды кружэлак. Надзвычай імкліва, як для сваёй камплекцыі, яна ўзьлезла на верхатуру груда і пачала таптацца па кружэлках, ператвараючы іх у вінілавыя аскепкі. Затым нахілілася, падняла адну цэлую кружэлку, асьцярожна дастала яе з пакетувокладкі, прыклала да твару і празь дзірачку ў кружэлцы паглядзела на мяне. Яе зірк доўжыўся некалькі сэкундаў. Касірка дзіка зарагатала і шпурнула кружэлку ў мой бок. Кружэлка імпэтна праляцела над маей галавой і разьбілася ўшчэнт аб дошку аб'яваў.

Я падняў аскепачак вінілу, паклаў у кішэню джынсоўкі і павярнуўся да ўсіх сьпінай. Калі з пачуцьцём выкананай місіі выходзіў з крамы, спадарожна мяне штурхануў перуновы грохат. Гэта дошка аб'яваў абрынулася долу.

Панурыўшы вочы, я прайшоў усьлед за гасьцямі ў сьвятліцу. Дужа не хацелася, каб Яна мяне пазнала.

Усе пачалі ўладкоўвацца. Дзьве сябровачкі прымасьціліся каля Тумілы, які адразу абраў за месца дыслякацыі канапу. Яна ж апынулася ў фатэлі. Села адна, ні да каго ня ліпнучы.

Туміла выцягнуў з унутранай кішэні джынсоўкі пляшку гарэлкі.

О, бляха, так і думаў, прыцягне гарэлку. З розных кампаніяў мы, дарагі аднакашнік, гэта дакладна.

— Я гарэлку ня п'ю, ты ж ведаеш, Туміла.

Я пачынаў зноў злавацца. Настрой сапсаваўся канчаткова. Я ня бачыў з гэтай сытуацыі шчасьлівай фініта ля камэдыі.

— Прабач, шампану не прынесьлі, гастраном зачынілі, не пасьпелі!

Госьці дружна заліліся сьмехам з геніяльнага жарту. Дзяўчаты таксама. Іх задавальняла гарэлка. Ясна. Не засьмяялася толькі Яна. Маўчала.

У Яе былі дзіўныя вочы: сумныя, вялікія, глыбокія. І боскія, вытачаныя яе вялікасьцю Гармоніяй, рысы твару. Багіня!

У мяне ёсьць для Цябе падарунак. Я пагасіў сьвятло, запаліў таршэр-начнік. І паставіў на прайгравальнік мой любімы альбом Fleetwood Mac. Затым пайшоў у кухню і прынёс кілішкі.

Туміла спрытна адкаркаваў пляшку і разьліў алкаголь.

— За сяброў! І за нас!

Тост таксама быў геніяльны. Раздражненьне пачало мяне разьдзімаць як паветраны балёнік.

Больш за ўсё я баяўся, што Яна была для яго.

Кульнуўшы кілішак, я адчуў, што мой панікёрскі настрой пачаў згасаць. Нічога кепскага пакуль не адбылося. Затое ёсьць Яна. Вось, зусім побач. Сядзіць у тваім фатэлі. І ты можаш за ёй назіраць, не так адкрыта і нахабна, але і гэтага дастаткова. Ты можаш зь ёй нават пагаварыць. Спытаць нешта. Прыдумай пра што.

Туміла зноў пацягнуўся за пляшкай.

— Гаспадара больш прымушаць ня будзем.

І ён перавярнуў донцам уверх мой кілішак.

— А мы паўторым.

Сабе і Арлу ён наліў поўныя, а дзяўчатам па палавінцы. Пляшка ў іх была адна, трэба было эканоміць.

— Эканоміць ня значыць марнаваць рэсурсы.

Старшына-прапаршчык быў не ў гуморы —

знікла чарговая партыя анучаў.

— А марнаваць рэсурсы — падрываць боегатоўнасьць краіны.

Зразумець што-кольвечы з гэтай рэпрызы было немагчыма.

— А што ў вас прапар такі мудзіла? — спытаў я шарагоўца, які стаяў побач са мной у другім шэрагу.

— Культурней, чувак, Максімыч тры фугасы заглыне і нічога, стаіць на нагах, моцны мужык.

Рота даўно ўжо мусіла сьніць эратычныя сны, а гэты анучнік усё дамагаўся свайго майна. Твар старшыны быў зморшчаны і высушаны бязьлітасным беларускім сонцам. Да таго ж ён крыху накульгваў на левую нагу. Усё гэта ўдавала ў ім такога галівудзкага капітана-пірата, які рабіў разнос камандзе за зьніклую бочку рому.

— Я табе колькі даваў анучаў перад тым, як рота накіравалася ў лазьню... а, радавы Ахунен?

— Нікак не, не Ахунен, а Аханэн.

Бледна-празрысты, як крыветка, эстонец быў

упэўнены, што калі прапар нявечыў яго прозвішча, то гэтым самым зьдзекваўся з усіх эстонцаў.

— Якая хер розьніца! Ахунен, Аханэн. Ты рускі язык разумееш: колькі я даваў табе новых анучаў?

— Дваццаць восем, таварыш старшына!

— І дзе яны?

— У піз... — ледзь чутна прашаптаў мой сусед, які толькі што тлумачыў мне моц Максімыча. Ён прыхінуўся да мяне бліжэй і праясьніў сытуацыю:

— Зуб іх сёньня загнаў... вунь сядзіць, каву п'е.

У сваім зацішным кутку стараслужачы Зуб наліваў з тэрмасіка ў шклянку каву. Побач на тумбачцы ляжаў успораты пачак печыва "Шахматнае".

— Правільна, правільна, Максімыч, зусім разбэсьціўся асабісты састаў!

Зуб паднёс да вуснаў шклянку з брунатнай вадкасьцю, сербануў кавы. Ягонае прысёрбваньне даляцела нават да супрацьлеглага запаснага выхаду.

Максімыч дастаў рукі з-за сьпіны і выструніўся. Затым неяк дзіўна таргануў плечуком, як быццам бы на дзьве прапарскія зорачкі ўсеўся пірацкі папугай і парушыў балянс, і раптам захістаўся і грымнуў сярод казармы, як падбіты зь нямецкага шмайсэра.

— О, блін, перабраў сёньня Максімыч. Чатыры фугасы, яўна чатыры, — пракамэнтаваў падзею мой сусед.

Рота з палёгкай уздыхнула і пачала рыхтавацца да адбою.

Скрозь сон я чуў, як хроп на падлозе п'яны старшына. У сьне нават падумалася: варта было б яго ўсё ж усьцягнуць на ложак.

Ложак быў бацькоўскі.

Да сёньня я не магу патлумачыць, як гэта здарылася. Маю дзьве вэрсіі.

Па адной, Туміла з Арлом пайшлі па шляху найменшага супраціву. Гэтыя дзьве расфарбаваныя матрошкі былі максымальна даступныя, весялушкі без прэтэнзіяў, што абяцала задавальненьне без дадатковых энергетычных затратаў. Яна ж сваёй сур'ёзнасьцю як бы патрабавала асаблівага далікатнага абыходжаньня. Гэта і паўплывала на выбар маіх кампаньёнаў.

Па другой вэрсіі, Туміла мог выявіць вялікадушнасьць і, заўважыўшы мае пажадныя позіркі ў Яе бок, падараваў мне дзяўчыну. Што малаверагодна. Але і гэтую вэрсію няварта скідваць з шаляў.

Гарэлка хутка скончылася. Fleetwood Mac адспяваў свой найлепшы альбом Rumours. На прайгравальнік лягла кружэлка Kiss. Наколькі памятаю, гэта быў альбом Dressed to Kill.

Знаходзіцца ўсім у адным пакоі стала нязручна, балазе кватэра была трохпакаёвая.

Пабачыўшы нецнатлівыя заляцаньні Тумілы да адной з сваіх сябровак, Наташа ўстала і падалася ў спальню.

Так, Яе звалі Наташа.

Мне нічога не заставалася, як пайсьці сьледам за ёю.

Дзякуй Богу, Яна мяне не пазнала. З таго часу, калі я школьнікам хадзіў да яе ў гандлёвы аддзел грамзапісу, прайшло некалькі гадоў, сярод іх і армейскіх. Я з падлетка ператварыўся ў дзецюка. Істотна зьмяніўся. Ды і наўрад ці Яна памятала ўсіх кліентаў, што куплялі ў Яе кружэлкі. Якраз у тыя гады быў філяфанічны бум. Чэргі, тавар з-пад крыса. рыкі і поверы і ўсякія там чылентаны.

Яна ж не зьмянілася. Была такая ж чароўная і таямнічая! Колькі разоў Яна мне сьнілася ў эратычных снах! Колькі разоў у думках я бараніў Яе ад мясцовых хуліганаў! Колькі разоў абдымаў, катаў на лодцы, цалаваў пад дажджом...

Гэта ўсё яшчэ не загаілася і так лёгка ўзгарэлася з новай сілай!

Такое клясычнае каханьне маленькага, сьціплага хлопчыка да першай прыгажуні горада.

Божухна, успомні, колькі разоў я ўмольваў цябе, каб выпаў для мяне хаця б адзін шанец! Толькі адзін!

ТЫ ПАЧУЎ МЯНЕ!

Усё гэта пралятала ў маёй галаве ў шалёным тэмпе. Як у сьне, калі маеш вялікую тэмпературу.

Можа і гэта чарговы сон. Толькі сон. Бо такога ў рэальнасьці не бывае. Так ня можа быць.

Наташа падышла да ложка і асьцярожна села на самы край. І так дзіўна склала рукі. Мне адразу падумалася, так робяць гейшы. У кіно.

Я сеў побач.

Дзяўчына хвалявалася. Я гэта адчуваў. Адчуваў парывістае дыханьне, бег крыві па яе капілярах, бег нейтронаў, нейронаў, пратонаў і ўсяго, што можа бегчы.

Яна была цалкам у маёй уладзе. Яна ведала, дзеля чаго прыйшла. Значыць, ёй гэта трэба.

Я пасунуўся бліжэй і абняў яе. Яна сустрэла маю руку як нешта чакаемае.

Скрозь музыку з суседняга пакоя ўжо даносіліся першыя ўсхліпы.

Яна мягка, асьцярожна лягла на ложак. Некалькі сэкундаў, працягваючы сядзець, я глядзеў на яе. Зіпер яе джынсаў быў ля самай маёй рукі.

Туміла выходзіў з кватэры апошні.

— Ну як была?

— Клясна!

— Ну вось бачыш, я абяцаў і слова стрымаў! Кожнай жанчыне хочацца каханьня і пяшчоты. Хаця б на некалькі хвілін. І мы гэта шчодра раздаём жадаючым.

Ён аксамітна засьмяяўся. Няўрымсьлівая грыўка валос упарта лезла яму ў вочы. Аднакашнік пляснуў рукой па майму плечуку і разьвітаўся:

— Ну, бывай... Дабранач!

— Дабранач!

Я прычыніў дзьверы і бразнуў дзьвюма замкамі.

Старонкі дзёньніка

* * *

Мушу зьехаць з роднага горада.

Калі хачу чагосьці істотнага дасягнуць, мушу зьехаць.

Няма шанцаў! НЯМА!

* * *

Павольна сунецца цягнік, —

аднастайна бразгае адчыненымі дзьвярыма.

Пасажыры час ад часу

саскокваюць на зямлю

і йдуць побач са сваімі вагонамі —

разьмінаюць ногі.

Павольна сунецца цягнік — і нікога гэта не зьдзіўляе, не абурае, не бянтэжыць — бо цягнік сунецца па коле.

* * *

Слухаў паўдня Led Zeppelin. Спрабаваў уцяміць, з чаго нараджаецца іх музыка. Не магу ўявіць штосьці падобнае на беларускай глебе. Спачатку падумалася пра другаснасьць нашай музычнай традыцыі. Але якой шкалой можна вызначаць перавагі традыцыяў? Калі пачынаеш сумнявацца ў сваёй — гэта небясьпечны сымптом.

* * *

Ніводзін з маіх сяброў ня ведае, што я пішу вершы. Пішу таемна, нібыта займаюся нечым ня вартым мужчыны. Упэўнены, ніхто з сяброў мяне не зразумее. Хіба Дзімыч. Але і яго разумную галавешку не хачу напружваць нечаканай навіною.

* * *

Ня ведаю нікога, хто б застаўся ў нашым горадзе і неяк сур'ёзна рэалізаваўся. Чаму так адбываецца? Усё проста. Каб Шагал стаў Шагалам, ён мусіў зьехаць у Парыж. Інакш застаўся б нікім, у найлепшым выпадку якімсьці другасным багамазам з глыбінкі. Каб рэалізавацца, трэба адпаведныя ўмовы. Каб стаць касманаўтам, трэба быць там, дзе ёсьць касмадром і запускаюць чалавека ў космас.

Каб стаць опэрным сьпеваком, мала мець голас, трэба яшчэ, каб у тваім горадзе быў опэрны тэатар. У маім горадзе ёсць завод, электрастанцыя і чыгунка. Ды яшчэ гарадзкая газэтка і народны тэатар. У космас не паляціш, гэта дакладна.

* * *

Аднагрупнікі з-за майго захаплення рок-музыкай, пачалі называць мяне Джагерам. Я не пярэчу. Мне нават падабаецца. Хаця сярод маіх бліжэйшых сяброў гэтая мянушка ня вельмі прыжылася. Праўда, апошнім часам і яны пачалі ўсё часьцей ёй карыстацца.

* * *

Усё больш пераконваюся, што навакольны сьвет дзеліцца не на чорны і белы, а на той, які мне цікавы і які не цікавы. У першым выпадку я чытаю, гляджу, слухаю, успрымаю. І гэта існуе для мяне. Калі нецікава, я адкладаю ўбок. І гэтага для мяне не існуе.

* * *

Набраўся сьмеласьці і зьезьдзіў у Менск у рэдакцыю часопіса "Ветразь". Завёз свае вершы.

І адкуль гэтае жаданьне адшукаць адзінадумнікаў?

Урэшце ня ведаю, лічыць візыт пасьпяховым ці правальным. Жанчына, літаратурны сакратар часопіса, тэатральна палячы цыгарэту, уважліва прачытала мае вершы. Дакладней, паліла тэатральнымі

рухамі. Хаця, па-мойму, усе жанчыны паляць тэатральна. Зусім інакш, чымсьці мужчыны.

Дык вось, гэтая кабета з цыгарэтай пахваліла некалькі асобных маіх радкоў і... не адабрала да друку ніводнага вершыка. Ні-вод-на-га! Сказала, што здольнасьці відавочныя, але мушу працаваць. Напісаць новыя вершы і зноў зьявіцца на яе пранікнёныя вочы.

Нават ня ведаю, ці паеду да яе яшчэ раз.

* * *

Нашыя мары дарэшты міталягічныя. Тое, што мы ўяўляем у мройных трызьненьнях, у сапраўднасьці абсалютна не адпавядае рэальнаму ўвасабленьню мары.

* * *

Цэлы дзень адчуваў нейкую шалёную нэрвознасьць. Нават валяр'яны выпіў. Не дапамагло. Паспрабаваў заснуць. Якое там! Прыняў душ. Марна! Сеў на ровар. Кілямэтраў дваццаць накруціў пэдалямі. Прыехаў змучаны, але нэрвознасьці паменела. Сьнілася чорт ведама што. Але ж спаў і прачнуўся жывы.

склаў рэчы ў пляцак самае неабходнае

толькі матчына блаславеньне і бацькоўскі поціск рукі

калі дарога паклікала...

* * *

Думаў над адной філязофскай праблемай: ці людзі ствараюць культурны клімат горада, у сілу свайго ўзроўня і патэнцыялу, ці гэта горад стварае людзей, адпаведна свайму культурнаму полю. Ні да якой высновы не прыйшоў. Калі ў горадзе нікому не патрэбны опэрны тэатар, дык ён ніколі і ня зьявіцца. А калі горад мае опэрны тэатар, які быў закладзены стагодзьдзе таму, дык яго неабходнасьці ніхто ня возьмецца аспрэчваць. Відавочна, калі спазьніўся, дык не нагоніш. На ўсё сур'ёзнае і вартае трэба стагодзьдзі. Трэба не наганяць страчанае, а запачаткоўваць тое, што рэальна запачаткаваць тут і сёньня. Каб праз стагодзьдзе гэтае — дасягнутае, існуючае — ніхто б ня ўзяўся аспрэчваць. Каб не наракаць на страчаныя магчымасьці мінулага стагодзьдзя.

* * *

І што ты можаш пакінуць свайму гораду? Толькі верш. Толькі міт. Але і гэта ўжо нямала.

* * *

Цэлы вечар чытаў слоўнікі.

можна пісаць вершы — як зьбіраць хлуд для вогнішча можна пісаць вершы — як садзіць дрэвы ★ ★★

Цэлы дзень быў сам-насам. Мяне задавальняе такая "кампанія". Слухаў музыку, чытаў Германа Гесэ. Гледзячы на партрэт пісьменьніка, на якім ён у паважным узросьце, падумалася: гэта мой сёньняшні партрэт. Мумія плоці і блізарукія вочы, скіраваныя ўнутр сябе. І я не хачу памяншаць свой узрост.

* * *

Зьезьдзіў у Менск і купіў друкарку. Самую простую — "Масква". Цэлы вечар пляскаў па клявішах і соўгаў карэтку. Сапсаваў вялікую колькасьць паперы. Адчуваю сябе як Францішак Скарына.

* * *

Хадзілі з Рудым на танцы. Вова Гарніцкі пазнаёміў зь дзяўчынай. Выклікала ў мяне цікавасьць. Нават цяжка патлумачыць, чаму. Яна неяк надзвычай важна трымаецца, нібыта баіцца зрабіць нейкі непрыстойны ўчынак ці рух і ўвесь час сябе кантралюе. Такое ўражаньне, што мае вялікае жаданьне да чагосьці забароненага і баіцца выдаць сябе. Пры гэтым не дурніца, складна фармулюе свае думкі, мае ўласныя перакананьні і ўпэўнена іх даводзіць. Пасьля танцаў я правёў яе дадому. Крыху пагутарылі. Пра што? Пра наш горад, пра пэрспэктывы, пра мары. Яна зьбіраецца паступаць на журфак БДУ.

* * *

Слухаў Queen i Nazareth.

* * *

Часам людзі зьдзіўляюць сваёй эрудыцыяй. Сыпляць фактамі, падрабязнасьцямі, лічбамі і высновамі. Але як толькі пачынаеш у іх пытацца пра нейкія іншыя акалічнасьці, іншыя факты і лічбы, дык высьвятляецца, што эрудыт ведае ня так багата, як удае. Ясна, усё ведаць немагчыма. Але калі нехта шмат выдае інфармацыі, можа так здарыцца, што гэта ўсё, што ён ведае.

* * *

Мару напісаць раман, у якім будуць галоўнымі героямі думкі. Толькі думкамі спрачацца, пераконваць, змагацца за месца пад сонцам. Любіць, захапляцца, сягаць у глыбіні таямніцаў і бавіцца плыткасьцю глупотаў.

* * *

З Рудым сядзелі на беразе Брызгалаўкі і назіралі за мясцовай публікай, якая бавілася на пляжы.

Выпілі па пляшцы піва. Скупнуліся. Руды паабяцаў на наступным тыдні прывезьці новых кружэлак: мае нейкага знаёмага, што езьдзіць у Рыгу. Руды мой тэхнікумаўскі прыяцель. Нас няшмат лучыць, акрамя таго, што бавім разам час. Але ён мне ўжо як родны чалавек. Колькі разам мелі прыгодаў! Руды марыць пра шыкоўнае, заможнае жыцьцё! Шампан, мэрсэдэс, катэдж, адпачынак у Ялце. Я не сумняюся, што ў яго ўсё атрымаецца. Ён дысцыплінаваны, упарты і разумны. Ён ужо ўмее зарабляць. Але пры гэтым ня скнара. І за гэта я яго люблю, што ня скнара, і ня ўсё пераводзіць на грошы.

Адчайна спрабую ўцяміць


сэнс слова "назаўжды".


З поўначы сунецца хмара, —


нябесны кравец абмервае


яе палатняным мэтрам.


Дрэвы прыціскаюцца


адно да другога —


загадана вызваліць


месца пад новы цаглянік.


У парку заасфальтавалі сьцяжынкі —


ня трэба хвалявацца за жаночыя абцасікі.


У паляўнічай краме разабралі


качыныя вабікі — сэзон.


Двое мужчын абмяркоўваюць, як


сьпілаваць стогадовую ліпу, каб


наўкола нічога не пашкодзіць.


Увосень зацьвіла яблыня, —


і скончыўся мой адпачынак.

Казаў сабе, што больш не паеду ў "Ветразь", але слова не стрымаў. Літкансультантка зноў, як вялікі знаўца паэзіі, тэатральна чытала мае крывёю напісаныя радочкі. Зноў хваліла нешта, нешта ганіла. Добра хаця б тое, што не адмаўляе нерыфмаваны верш. Кажа, што вэрлібр таксама мае сваю мэлядычнасьць, рытміку і драматургію. Слушна кажа. Акрамя аднаго. Яна хоча бачыць у маіх вершах нешта падобнае на існуючыя ўзоры. І параўноўвае мае вершы з гэтымі ўзорамі. Я ж, наадварот, усімі сіламі імкнуся не патрапіць у трафарэт існуючых практык. У нас так нічога не атрымаецца. Але, прынамсі, было з кім пагутарыць пра вэрлібр!

* * *

Званіў Руды і гадзіну апавядаў пра сваю новую знаёмую. Завуць яе Сьвета. Баюся, што цяпер забудзецца на абяцаныя кружэлкі.

* * *

Трэці месяц жыву адзін без бацькоў, якія зьехалі працаваць па кантракце ў Баўгарыю. Пакінулі, бо ўзяць з сабой паўнагадовага сынка нельга. Да таго ж мушу скончыць свой тэхнікум. А там далей — войска. Такая вось пэрспэктыва на маю найбліжэйшую будучыню. Некалі школьнікам марыў пра такую вольніцу, а зараз ніякай эйфарыі. Чалавек павінен нарадзіцца вольным у вольнай краіне, бо воля — гэта не адзін у кватэры.

Зноў учора хадзіў з Рудым у карчму. Ня ведаю, чаго корэша цягне ў гэтае ўбогае месца. Відавочна, у яго разуменьні хадзіць у карчму, піць там шампан і танчыць з тамтэйшымі дзявулямі пад савецкі музон — гэта вышэйшы пілятаж. І толькі такія крутыя перцы, як мы, могуць сабе такое дазволіць. Поўная херня! Дзявулі там ясна якія. Музон — поўны адстой. Хоць хлопцы граюць жыўцом, але для адпаведнай публікі — адпаведны рэпэртуар. Шампан звычайны — іншага ў нашай краіне для простых грамадзянаў няма. Яго можна выпіць у іншай, больш камфортнай абстаноўцы, з больш прыстойнымі прадстаўнікамі супрацьлеглага полу. Карацей, ня ведаю, чаго я цягаюся за Рудым у гэты адстойнік "крутых перцаў", які называецца "Вясна". А зь іншага боку, больш і няма куды пайсьці. Хіба што на танцы ў ДК. Але і там мы бываем рэгулярна. Трэці тыдзень, кожную суботу, знаёмлюся на танцах з новай дзяўчынай, праводжу яе дадому, і на гэтым усё сканчваецца. Мне хапае адной гадзіны шчырых споведзяў у пад'ездах. Блін! Прыстанак шэрых пігмейчыкаў. Канцавая станцыя. Ультэ матуле.

* * *

Учора бачыў на танцах Яе. Яшчэ школьнікам закахаўся. Яна працавала ў "Культтаварах" у аддзеле грампласьцінак. Нейкі час я ледзь ні штодня езьдзіў да яе па кружэлкі. Па паўгадзіны чытаў невялікія сьпісы таго, што ёсьць у продажы. Самае цікавае выкрэсьлівалася з тых сьпісаў імгненна. Па-мойму, яшчэ да прывоза тавару ў краму. А пасьля перапрадавалася ў некалькі разоў даражэй. Але мяне гэта асабліва не турбавала. Галоўнае было пабачыць яе. Паназіраць, як яна абслугойвае кліентаў, пачуць яе голас. Была ў ёй некая таямніца. Ня ведаю, як гэта і патлумачыць. У зграбных рухах, у магічнай глыбіні яе вачэй, у нейкай прыроднай нетаропкасьці, немітусьлівасьці. У нейкай завершанасьці і неўсьвядомленай, надзеленай ад прыроды, годнасьці. Бо наўрад ці яна ўяўляла сабой нейкую каралеўну прыгажосьці ці зорку Галівуду. Яна папросту такой нарадзілася.

І ўсе гэтыя даўнія пачуцьці ўсплылі як субмарына, што знаходзілася некалькі гадоў у глыбакаводным аўтаномным плаваньні. Дзяўчына, я ведаю, жыве ў іншым, амаль на супрацьлеглым канцы горада, мікрараёне, і раней у нашым раёне, з досыць кепскай рэпутацыяй, я яе ня бачыў.

Я так і не насьмеліўся запрасіць дзяўчыну на танец.

2.

Нас везьлі на вёску ў старым "пазіку". Такім ста-рым, што нават калі ён спыняўся, у ім усё адно працягвала калаціцца кожная жалязяка. Мае асноўныя прыяцелі Руды і Толік неяк адкруціліся ад гэтай сельскагаспадарчай павіннасьці. Я сядзеў побач з Чукам: ён сам падсеў да мяне і пачаў надакучваць рознымі аповедамі і роспытамі. Чук быў не мясцовы, з Баранавічаў, таму імкнуўся як найхутчэй асябрыцца. Мяне ж гэтая праблема абсалютна не цікавіла і я ня сьпяшаўся адкрывацца кожнаму прыліпалу. Варта аднак прызнаць, што Чук быў ці не з найлепшых маіх аднагрупнікаў — займаўся спортам і, у адрозьненьне ад мяне, меў фотагенічны торс. Гэтым яго добрыя якасьці не абмяжоўваліся. Чук, да таго ж, любіў чытаць, быў фанатам фантастыкі. Я часта бачыў у ягоных руках кнігі Стругацкіх і Булычова. Карацей, ён быў някепскім хлопцам. Зь ім можна было пагутарыць і ўвогуле мець нешта агульнае.

Але ў той момант мне не хацелася ніякіх гутарак. Я згадваў учорашнюю выпадковую сустрэчу зь Ёю. Зноў пачалі ажываць відзежы, якія амаль два гады знаходзіліся ў анабіёзе. Такія клясычныя для хлопчыка-аўтсайдэра мроі, у якіх прысутнічаюць цуды і дзіўныя прыгоды. Мяне гэта злавала, бо ніякі я ня хлопчык-аўтсайдэр і сам магу сабе арганізаваць цуды. Аднак відзежы былі такімі ліпучымі, што я не даваў рады выкінуць іх з галавы.

"Так і ня здолеў запрасіць яе на танец! — казаў сам сабе з дакорам. "Не, ну, цікава, і дзеля чаго я мусіў яе запрашаць? Каб апавесьці пра свае дзіцячыя трызьненьні?"

Гарачую дыскусію наўрад ці выпадала абмінуць. Я павінен быў сфармуляваць для сябе нейкія тлумачэньні.

— Усё вельмі проста: калі яна табе падабаецца, дык мусіў запрасіць і пазнаёміцца.

— Слова падабаецца тут наўрад ці падыходзіць. Я пакуль ня ведаю, што гэта такое. Я быў ачараваным ёю школьнікам. Зараз я іншы, я вырас. Яна, відавочна, старэйшая за мяне на некалькі гадоў. І калі ня мае мужа, дык кавалера мае абавязкова. Таму навошта гэтыя заляцаньні?

— Ты шукаеш апраўданьне сваёй слабасьці і нерашучасьці?

— Ты хочаш сказаць: галоўнае — перамога, любымі сродкамі? Нават калі мэта — проста цялесны юр. Так, згодны, была мара, былі дзіцячыя трызьненьні. Але ўсё прамінула. Зараз ёсьць рэальная сытуацыя. Дзяўчына і папраўдзе чароўная, але гэта каралеўна не з маёй казкі.

Пазік так скаланула на выбоіне, што я падскочыў на добрых паўмэтры над сядзеньнем. Гэты палёт вярнуў мяне да рэальнасьці... Маю тэхнікумаўскую групу везьлі ў калгас на бульбу. Такім чынам, я на месяц выбіваўся са сваёй звыклай жыцьцёвай каляіны. У пляцаку ляжаў прыймач ВЭФ, і толькі на яго адзінага было спадзяваньне.

— Ведаеш, Кір ужо на сёньняшні вечар плянуе мерапрыемства, — сказаў мне паўшэптам Чук.

Я павярнуў галаву назад, дзе Кір, аматар чукотак і камчатак, сядзеў на апошнім сядзеньні ў атачэньні сваёй гамарыльлі. Гамарыльля штосьці горача абмяркоўвала. Няцяжка было здагадацца, што абгаворваліся акалічнасьці выпіўкі за прыезд. Удзельнічаць у п'янцы не было ніякага жаданьня. Але й адмовіцца ад калектыўнага мерапрыемства — не дыпляматычна. Трэба было папрысутнічаць хаця б на разагрэве.

Вёска называлася Драчкава.

З намі на бульбу, у якасьці старэйшага, ехаў куратар групы Пятровіч. Такі ціхамірны, невысокага росту дзядзечка. "Ох, будзеш мець з намі вясёлыя дзянёчкі!" — падумаў я яшчэ перад ад'ездам. Пятровіча мая думка абсалютна не ўстрывожыла. Куратара можна было параўнаць з практыкуючым будыстам, які дасканала навучыўся вытрымцы і душэўнаму спакою. Расьсяліўшы нас па хатах, Пятровіч патлумачыў, дзе сабрацца заўтрашнім ранкам і некуды бясьсьледна зьнік.

Мы з Чукам атабарыліся ў адзінокай бабулькі: нас да яе прывёў калгасны брыгадзір. Бабулька паказала выдзелены для студэнцікаў "мэбляваны" пакой, дзе стаялі мэталічныя ложкі, і зноў занялася сваёй гаспадаркай. Праўда, неўзабаве вярнулася да нас са збанам малака. Абсалютна дарэчы, бо дзень па прыезьдзе, як папярэджваў Пятровіч, мы мусілі пратрымацца на прывезеных з сабой харчах. Батон да малака знайшоўся ў маім пляцаку. Бабулька зноў зьнікла, і мы яе потым бачылі досыць рэдка. Яна ўвесь час была занятая сваёй гаспадаркай і вярталася ў хату позьнім вечарам.

Чук дастаў з плецака часопіс "Химия и жизнь", сеў на свой ложак і пачаў чытаць.

— І доўга будзеш цікавіцца хіміяй? — спытаў я яго.

— А што, ёсць нейкія прапановы?

— Ну, давай пройдземся ў разьведку, паглядзім на вёску.

— Давай.

Чук адклаў часопіс і, адсопваючыся, пачаў зашнуроўваць свае вайсковыя чаравікі. Я ведаў, чаго ён так нэрвуецца. Чук таксама не хацеў удзельнічаць у мерапрыемстве Кіра. У адрозьненьне ад мяне, ён увогуле не ўжываў моцных напояў. Тлумачыў сваё абмежаваньне тым, што мае суворага трэнера. Займаўся ён ці то штангай, ці то вольнай барацьбой, ці то адным і другім адначасова. Аднак я падазраваў, што ёсьць нейкая іншая, больш істотная, прычына ягонай абстынэнцыі. Чук, сарамлівым тонам, увесь час апраўдваўся, тлумачыў прычыны сваёй цьвярозасьці заняткамі спорту, але я таму не даваў веры. Бо ведаў: ніхто так сыстэматычна і ёмка ня п'е, як спартоўцы. Цьвярозасьць, увогуле, мае розныя карані. Гэта і сямейная традыцыя, і вера, і ўласныя перакананьні. З Чукам было нешта з гэтага шэрагу. І я за гэта яго паважаў. Заўсёды імкнуўся прыкрыць хлопца, абараніць ад кпінаў, за што Чук быў вельмі ўдзячны.

Вёска складалася як бы з дзьвюх частак, дакладней, з дзьвюх вуліц, якія сустракаліся паміж сабой пад тупым вуглом. У цэнтры знаходзіліся крамка, калгасная канторка і яшчэ штосьці з грамадзкіх будынкаў. Мы расквартыраваліся на самай ускраіне: праз тры хаты пачыналася калгаснае поле. На супрацьлеглым баку Драчкава працякала невялічкая рачулка, берагі якой атачалі хмызьнякі. Абалона рачулкі была, бадай што, адзінай тутэйшай мясьцінай, дзе не вырошчвалі бульбу. Усё навокал было абсаджана караняплодамі, і мы мусілі сабраць іх з гэтых бязьмежных прасьцягаў.

— Бульбляндыя! — сказаў я, агледзеўшы тутэйшы краявід.

— Ага! — пагадзіўся Чук. — Відаць, тут і зазімуем.

— Сплюнь.

Чук паслухмяна сплюнуў. У ягоныя пляны таксама не ўваходзіла затрымлівацца тут надоўга. Чакала трэніровачная заля.

Абмінуўшы крамку і канторку, мы выйшлі на другую вуліцу. Яна асабліва нічым не адрозьнівалася ад нашай, хіба што была даўжэйшай і на ёй раслі некалькі старых ліпаў. Ля адной зь іх сустрэлі аднагрупніка Клёпу. Ад яго пачулі апошнія навіны. Аказваецца, Кір ужо знайшоў зацішны куточак ля ракі, дзе разьвёў вогнішча і пачаў рыхтавацца да імпрэзы. Клёпу Кір паслаў накапаць на калгасных палетках бульбы, каб затым яе запекчы ў прысаку. Ідэя зь печанай бульбай мне спадабалася, зьявілася хоць нейкая матывацыя паўдзельнічаць у мерапрыемстве. Клёпа прыхапіў у хаце, дзе спыніўся, вядро, зь якім бадзёра накіраваўся на бліжэйшы бульбяны палетак.

У нашай групе былі толькі чатыры дзяўчыны, якія трымаліся паасобку. Выглядалі яны шэравата, таму ніхто іхнага спакою не парушаў. Дзяўчат на імпрэзу не запрашалі. Ды яны б і не пайшлі.

Чук, пачуўшы пра апэратыўнасць Кіра, спахмурнеў.

— Не бядуй. Абяцаю, доўга не затрымаемся, — сказаў я сябру. — Але мусім вярнуцца ў наш "гатэль", трэба ўзяць харчы і пляшку.

Я прыхапіў з сабой бутэльку "Такайскага", каб пазбегчы ўжываньня гарэлкі, прынамсі, у дзень прыезду.

Зручнае месца Кіру не давялося доўга шукаць. Яно было знойдзена раней такімі ж аматарамі кульнуць чарку на прыродзе. Тут нават былі прадугледжаны некаторыя цывілізацыйныя зручнасьці — некалькі бярвёнаў прыстасавалі для сядзеньня, а паміж іх, зь нейкіх скрыняў змайстравалі нешта падобнае да стала. Скрыні ўжо былі засланыя газэтамі, на якіх поўным ходам ішоў працэс падрыхтоўкі закусону.

— О, Джагер і Чук прыйшлі, — сустрэў нас воклічам Кір. — Можна пачынаць мерапрыемства.

Публіка з радасьцю зашумела. Тут ужо сабраліся практычна ўсе хлопцы нашай групы. Пачалі гуртавацца ля стала. Сэрвіроўшчыкі актыўней запрацавалі нажамі, наразаючы кілбасы, сыры, агуркі і памідоры. Паляцелі першыя коркі з пляшак. Я дастаў з торбы "Такайскае", адкаркаваў і сам наліў сабе.

— Джагер зноў будзе свой сыроп піць, — ці то абурыўся, ці то пакпіў зь мяне Кір, пабачыўшы пляшку ў маіх руках.

— Тата ад'яжджаў і сказаў: ня пі, сынок, а калі будзеш піць, дык няхай гэта будзе хаця б "Такайскае". А я паслухмяны сын.

Аднагрупнікі дружна зарагаталі.

— Так, і яшчэ адно паведамленьне. Просьба да Чука не чапляцца з алкаголем. У яго спаборніцтвы праз месяц, знойдуць у крыві допінг — забяруць мэдаль.

Здаровы хлапечы рогат яшчэ раз ускалыхнуў навакольле.

— Ну, давайце, хлопцы, за ўраджай! — прамовіў першы тост Кір.

— Ага. І яшчэ за партыю і за Леніна! — хтосьці разьвіў думку першага выступоўцы.

Рогат зноў захістаў прыбярэжныя хмызы.

Хлопцы выпілі, загаманілі, разьбіліся на купкі. Я сеў на бервяно побач з Чукам. Той знайшоў сабе варты занятак — закінуў першую партыю бульбы ў прысак і ўважліва кантраляваў працэс пячэньня.

Хлопцы выпілі яшчэ раз, затым яшчэ раз. Гарэлка хутка ўзяла сваё: галасы рабіліся ўсё больш гучнымі, а зьмест гутарак усё менш сэнсоўным. У такія хвіліны душа прасіла песьні. Першым ня вытрываў Кір, ён засьпавяў бязладным, хрыпатым голасам:

Нічего на свеце лушчэ нету,


Чем бродзіць па белу сьвету,


Цем, хто дружэн, не страшны трывогі,


Нам любые дорагі даро-огі.

І зводны хор п'яных юнакоў групы АЭ-2 надрыўна падхапіў прыпеў:

Наш кавёр — цветочная паляна,


Нашы сьцены — сосны-веліка-аны,


Наша крыша — неба галубое,


Нашэ шчасьце — жыць такой судзьбо-ою.

Пасьля былі песьні з мульціка "Чунга-чанга" і некалькі гітоў з рэпэртуару "Машины времени".

Чарговым разам налілі. Хтосьці прапанаваў надзвычай арыгінальны тост: "За сэкс без каханьня!" Тост быў сустрэты на ўра! Хоць, па-мойму, ніхто толкам не зразумеў, за што будзе піць. Кагосьці натхняла слова "сэкс", кагосьці зачапіла больш знаёмае "каханьне". Усе дружна выпілі. І тут сэрца Кіра ня вытрымала напругі пачуцьцяў. Ён выхапіў з вогнішча таўшчэзны, доўгі кол і, узьняўшы высока ў гору сваю паходню, зароў на ўсё горла, як Уолес перад бойкай з брытамі: — НА ТАН-ЦЫ!

Прыехалі мы ў Драчкава днём у нядзелю, каб з раніцы ў панядзелак пачаць працаваць. Выведка данесла, што ў суботу і нядзелю ў вясковым клюбе, што месціўся ў суседняй вёсцы, ладзяць танцы. Кіра пацягнула на прыгоды. Я нахіліўся да вуха Чыка і сказаў:

— Усё, на гэтую сэрыю камедыйнага трылера ў нас няма квіткоў, вяртаемся дахаты.

Мы выграблі з прысака зь дзясятак печаных бульбін і пашыбавалі ў свой канец вёскі.

Як я і меркаваў, усё скончылася сумна. З Кірам у суседнюю вёску па прыгоды выправіліся толькі тры чалавекі: адныя былі ўжо ня ў стане кудысьці ісьці, іншыя разважліва не паддаліся на правакацыю. Чацьвёрку адважных у суседняй вёсцы тубыльцы пачаставалі штыкецінамі ад плоту. На Кіра потым немагчыма было глядзець бяз рогату: адно вока ў яго цалкам заплыло, а ніжняя губа неяк дзіўна вытыркалася наперад. Але менавіта гэтае няшчасьце ўратавала Кіра і кампанію ад выключэньня з тэхнікуму. У панядзелак на раніцу чацьвёрка адважных ня здолела стаць у бульбяныя разоры: яна была непрацаздольная. Пацярпелых, у поўным складзе, Пятровіч накіраваў назад у тэхнікум у распараджэньне заўгаса Вікеньцевіча — цягаць па паверхах парты і адмываць ад пабелкі падлогу.

І на гэтым нашыя прыгоды ў Драчкаве скончыліся. Днём мы карачкаліся зь вёдрамі па бульбяных разорах, а ўвечары я круціў свой ВЭФ, шукаў заходнія музычныя перадачы, а Чук чытаў савецкую фантастыку.

3.

Гэты стадыён пабудавалі ў маім гарадку першым. Быў ён зусім недалёка ад майго дома — спусьціцца з цэнтральнай плошчы ўніз па Спартовай вуліцы, прайсьці ўздоўж крамы "Кнігі" і лазьні, а там ужо і стадыён.

Акрамя поля з вытаптаным газонам і мэталічных футбольных брамаў, было яшчэ тут крыху драўляных лавак для гледачоў. На гэтых лаўках мясцовыя аматары алкагольнага адпачынку і апаражнялі пляшкі з "чарнілам", балазе крама "Садавіна, гародніна", у якой прадавалі адпаведныя напоі, была адразу ж за стадыённай агароджай. Ясная справа, таго пралёта, які павінен быў разьдзяляць краму і стадыён, не было. Колькі б яго не аднаўлялі, ён зьнікаў даслоўна на другі дзень.

У школьныя гады на гэтым стадыёне мы гулялі ў футбол на занятках фізкультуры. Аднойчы я нават забіў гол, бо аказаўся ў адпаведны час у адпаведным месцы. Гэта вельмі важна — быць у адпаведны час у адпаведным месцы.

Наўрад ці тое было адпаведным часам ў адпаведным месцы. Летнім вечарам я вяртаўся дахаты ад сяброў праз стадыён. Дзень скончыўся. Сьвятло ўжо пакідала зямлю і ледзь падавала знакі жыцьця недзе вышэй кронаў высокіх таполяў, што атачалі стадыён з боку рачулкі. Рачулка тая вялікай вужакаю непадалёк пятляла па маляўнічым краявідзе. Прахалоду і вільгаць ад ракі адчувала ўся ваколіца. Туман накрываў раку белай коўдрай, паўтараючы тыя ж петлі Несьцерава па навакольлі, якое засынала.

Я ўбачыў іх са сьпіны. Яны, абняўшыся, зайшлі ў галоўную браму і накіраваліся да кустоў бэзу, што атачалі стадыённую агароджу з паўночнага боку. Я іх адразу пазнаў. Яна — гэта дзяўчына з паралельнай клясы, якая мне калісьці падабалася. А ён — мой сусед па пад'езьдзе: шалапут і патэнцыйны алканаўт. Гэтае спалучэньне ў адным: яе — майго вобразу чысьціні і недасяжнасьці мар, і яго — яскравы ўзор прымітыву і жыцьцёвага марнатраўства, мяне забіла напавал, як маланка ў чыстым полі.

Ад той хвіліны я зьнелюбіў гэты стадыён і нават ахаладзеў да футбола.

Наступным днём я зьехаў на тыдзень у вёску да бабулі.

Усё навокал мяняецца разам са зьменаю твайго сацыяльнага статуса. Вось ты школьнік — і гарадок твой нібыта школьны; тут ты купляеш пончыкі, а тут новыя стрыжні ў самапіску і сшыткі; тут глядзіш мульцікі і кіно на дзіцячым сэансе, а тут гуляеш у футбол на занятках фізры. Увесь гарадок нібыта прыстасаваны адмыслова для твайго школьнага жыцьця. Але варта толькі скончыць школу, як усё навокал мяняецца. Гарадок імкліва прыстасоўваецца да твайго новага сацыяльнага статусу — навучэнца тэхнікума. На гэтых лавачках зь сябрамі ты слухаеш музычныя радыёперадачы з Захаду, у гэтую сталоўку ты час ад часу ходзіш абедаць, бо жывеш нейкі час без бацькоў і няма каму згатаваць табе харчовы камплект, у гэты ДК ты ходзіш на танцы, а ў гэтай краме твае сябры купляюць таннае віно. Па гэтых прысадах ты прагульваешся вечарамі зь сябрамі, а на гэтым паштовым аддзяленьні атрымліваеш заказныя лісты.

А калі раптам апынаесься паміж сацыяльнымі прыступкамі, як над счэпкаю паміж вагонаў, дык гарадок ад цябе адварочваецца. Не пазнае. Нават не зьвяртае на цябе ўвагі. І ты гэта адчуваеш усімі клетачкамі цела. Ад таго нэрвуесься. Невядомасьць цябе пужае. Ты хочаш найхутчэй набыць новы статус. Няхай сабе і жаўнера, бо служыць усё адно давядзецца: чым раней возьмуць — тым раней адпусьцяць.

Едзеш у электрычцы лысы з плецаком, у якім боўтаецца набор маладога жаўнера. Нібыта вяртаесься з бойкі, што не адбылася. І ня ведаеш: радавацца ці засмучацца. З ваенкамату цябе паслалі дамоў — нібыта не зьявілася твая каманда. Што гэта значыць, ня ведаю да сёньняшняга дня. Хутчэй за ўсё, не прыехаў нейкі прадстаўнік, які мусіў цябе забраць з сабой у вайсковую частку. Калі ён ня здолеў прыехаць, дык гэта напэўна добра. Наўрад ці гэты прадстаўнік быў аднекуль з блізкіх мясьцінаў.

А служыць за палярным колам абсалютна не хацелася.

Дзіўна, але ў галаве на той час пульсавала адзіная думка: што, калі дома нікога ня будзе, тады прыйдзецца сядзець на лаўцы перад пад'ездам і кожнаму знаёмаму мінаку тлумачыць, што са мной здарылася. Ключы ад кватэры, ясная справа, я з сабой у войска ня ўзяў. Згодна інструкцыі, яны не павінны быць у плецаку прызыўніка.

Завіс я над счэпкаю вагонаў. І мой родны горад зусім мне не спачувае. Ён не пазнае мяне. І ты ня ведаеш, што ў ім цяпер рабіць. Не, лепш у войска.

Назаўтра я праляжаў цэлы дзень на канапе, слухаў Pink Floyd. Я быў у прастрацыі. Не было нават з кім пабачыцца — большасьць сяброў ужо забралі ў войска.

Аб ваконную шыбу зумкала муха.

Калі б ня Pink Floyd, можна б было звар'яцець. Рэальна існавалі два жыцьцёвыя варыянты: ісьці на працу або браць курс на вэ-нэ-у. І да першага, і да другога я ня быў маральна падрыхтаваны. Ісьці на завод: штодзень ад гудка да гудка, а па нядзелях — на піва. Не, гэта ня зараз. Ня зараз. Не ў маім узросьце. Тады ВНУ. Але якая, якую выбраць спэцыяльнасьць, чаму прысьвяціць жыцьцё? Гэтыя істотныя пытаньні мной абсалютна не былі яшчэ асэнсаваныя і абмеркаваныя. Я ўжо быў пагадзіўся на два жаўнерскія гады. Гэта як адтэрміноўка ад усяго. А тут сытуацыя зноў вярталася ў зыходную пазыцыю.

Гэтак жа былі разгублены і бацькі, якія прыехалі з замежнай камандзіроўкі адмыслова на мае праводзіны. Маці, праўда, усьцешылася і пачала, як камэртон, настройваць мяне: вну, вну, вну, вну, вну...

Над Брызгалаўкай панаваў звыклы спакой. Цёплая вада зь цеплавой электрастанцыі фантанавала ў вадаём з сотні соплаў, ствараючы поп-артаўскі малюнак-паўтор. Сонца сядала за вершаліны дрэваў, што расьлі на могілках на супрацьлеглым беразе. Вадаём яшчэ не пасьпеў зарасьці лопухамі кубышак. Вясна толькі нядаўна апранула ў зеляніну прыбярэжныя лазьнякі.

Я сядзеў на драўлянай лаўцы на высокім беразе, адразу над адкрытым басэйнам, у якім некалі мяне вучылі плаваць. Нашая кляса прыйшла здаваць плаваньне. Я сказаў фізруку, што плаваю зусім кепска і наўрад ці адолею патрэбныя дваццаць пяць мэтраў. Фізрук, напэўна, палічыў, што я шлянгую, і загадаў праплысьці, колькі здолею. Ясна, што мэтраў празь дзесяць у маіх вачах паплылі кругі, і я з апошніх сілаў ухапіўся за драўляны борцік. Фізрук з недаверам выцягнуў мяне з вады. Ён па-ранейшаму лічыў, што гэта сымуляцыя.

Чаму я, які нарадзіўся і пражыў васямнаццаць гадоў ля вялікага вадаёму, ня ўмею нармальна плаваць, для мяне самога была загадка. Шчыра кажучы, я баяўся вады. Дакладней, глыбокай вады. На глыбіні я пачынаў панікаваць і вельмі хутка стамляўся. Праўда, нясьпешна я праплыў бы тыя дваццаць пяць мэтраў, але не на час, калі над табой стаіць фізрук з сэкундамерам. Не, спартоўцам я ня быў, гэта дакладна.

На Брызгалаўцы было добра думаць. Пошум вады, што бесьперастанна ліецца са шчодрых соплаў, неяк улагоджваў думкі. Да таго ж, гэтае прыемнае адчуваньне цеплыні... Асабліва ў прахалодны, золкі дзень.

У скураной кепцы я быў падобны да... Карацей, быў абсалютна не падобны да сябе. Але лысым мне яшчэ больш не хацелася фляніраваць па родных прасьцягах.

Тут, на Брызгалаўцы, я мусіў сустрэцца зь Ленкай. Нічога сур'ёзнага ў нас зь ёй не было. Вучыліся мы ў адным тэхнікуме, яна на год ніжэй. Дзяўчына жыла ў сястры, бо была нетутэйшай. Пазнаёміўся зь ёй выпадкова і зусім не ў тэхнікуме, а ў нашым ДК на танцах. Дакладней, пасьля танцаў яна вярталася дахаты, стаяла на аўтобусным прыпынку. Я ўбачыў яе, падышоў, каб высьветліць: адкуль такая прыгожая дзяўчына. Аказалася, што з майго тэхнікума. Некалькі разоў мы разам бавілі час. Безь ніякіх перабольшваньняў. Я лічыў яе сваёй добрай знаёмай, зь якой можна схадзіць у кіно або прагуляцца пасьля танцаў. Ленка была вясёлым, бесклапотным дзяўчом, і ейная энэргія мяне сілкавала.

Я ўбачыў яе, калі дзяўчына параўнялася з запрудай. Мэтраў за дзьвесьце. Яна ішла неяк насьцярожана. Ленка, напэўна, таксама не чакала такога майго жыцьцёвага павароту, аднак адмовіць мне ў сустрэчы не магла.

— Ну што, салдацік, прыехаў у адпачынак? — сказала яна замест прывітаньня.

— Ага, тры варожыя танкі падбіў, вось і атрымаў тыдзень адпачынку, — мне такі тон размовы нават падабаўся, бо выключаў розныя сур'ёзнасьці і тлумачэньні.

Ленка села побач і пацалавала мяне ў вусны. Такіх вольнасьцяў яна раней не дапускала.

— І што будзем рабіць? — спытаў я, нібыта нас чакаў вялікі выбар: казыно, рэстарацыя, кегельбан або экскурсія на Эйфелевую вежу.

— Чакаю прапаноў, — Ленка была згодная і на Эйфелевую вежу.

— А ты ведаеш, я ў гэтым басэйне аднойчы ледзь не ўтапіўся.

— Русалкі выратавалі?

— Ды не, фізрук. — Я гучна засьмяяўся. Сьмех мяне разьбіраў усё больш і больш. Здавалася, што ў сярэдзіне зьнікла нейкае напружаньне, і таму эмоцыі шчодра выплеснуліся вонкі.

Я абняў Ленку і пацалаваў. Яна не супраціўлялася.

Прывітаньне, Алесь!

Як табе служыцца? Нядаўна бачыла твайго сябрука Рудага, па горадзе разгульваў, чагосьці прыходзіў у тэхнікум. Відаць, засумаваў, бедачына. Нешта рана ён у адпачынак выбраўся, яшчэ і паўгода не адслужыў.

Не паверыш, але часта згадваю, як ты 5 сакавіка падышоў да мяне на прыпынку і мы пазнаёміліся.

А як мы разам гатавалі суп! Памятаеш? Сьмешна,праўда?

Згадваю ўсё гэта, як кадры зь нейкага прыгожага, мілага кіно.

Адкажы мне абавязкова. Адчуваю, буду мець праблемы. Такое, ведаеш, адчуваньне-прадчуваньне. Не, ня тое, што ты думаеш. Нешта іншае. Гоніць мяне як па загародцы — у бок не зьвярнуць. А салдаты не пакідаюць у бядзе дзяцей і жанчын.

Такія вось справы. Адкажы абавязкова! Лена.

Расплюшчваю вочы. Божухна, я сапраўды ў вайсковай казарме. Гляджу на гадзіннік — да пад'ёму засталося пяць хвілін. Пяць залатых хвілін, калі можаш спакойна ляжаць і марыць. Марыць пра той час, калі гэта ўсё скончыцца. Гэтыя пад'ёмы, гэтыя боты і анучы, гэтая салдацкая каша і тупасьць афіцэраў. Божухна!

Уся гэтая вайсковая падрыхтоўка — поўная імітацыя-прафанацыя. Палову з майго ўзвода не навучыць быць жаўнерам нават і за сто гадоў. Добра, што яны яшчэ не перастралялі адзін другога на палігоне. Бо аўтамат патрабуе адмысловых, надзейных рук. Тады дзеля чаго гэтае марнаваньне грошай, чалавечых сілаў і жыцьцяў?

Стаю ў чарзе па кружэлкі. Бачу, як Яна абслугоўвае кліентаў. Джакондаўская ўсьмешка не сыходзіць зь Яе твару. Стос кружэлак, які ляжыць перад Ёй на прылаўку, заўважна памяншаецца. Я ведаю, што хачу набыць Pink Floyd — альбом The Dark Side of the Moon. Сваю ўлюбёную кружэлку. Але чарга ніяк не набліжаецца да прылаўка. Заўважаю, што стаю на адным месцы. Пачынаю нэрвавацца. Не вытрымліваю і штурхаю ў сьпіну чалавека, што стаіць перада мной у чарзе. Чалавек паварочваецца і я бачу, што гэта наш намкамроты. "Нарад на кухню па за чаргой", — кажа ён мне сталёвым голасам.

4.

Калёна нашай роты, падымаючы воблакі пылу, рухалася па грунтовай дарозе ў бок палігону. За сьпінай у кожнага боўтаўся аўтамат. Зараз я ўжо ня памятаю нумару свайго сталёвага таварыша, але раней ведаў дасканала, як паштовы індэкс роднага горада, як нумар свайго хатняга тэлефона або расклад працы крамы "Культтавары". Аўтамат прыемна абцяжарваў плячо. Валоданьне зброяй заўжды павялічвае ўпэўненасьць у сабе.

Цынкі з набоямі везьлі асобна, на бронетранспарцёры, але, бадай, у кожнага з нас у кішэні было некалькі пра запас — зь мінулых стрэльбаў. Груддзю я адчуваў ва ўнутранай кішэні гімнасьцёркі тры набоі, два трасэры і звыклы баявы, — час ад часу яны дзюбкамі паколвалі скуру. Трасэрамі стралялі ўночы з БТРаў, ніхто не лічыў, колькі ты выліў агню ў зорнае неба. А калі страляў мой узвод з кулямёту, па чарзе з малымі перапынкамі, дык руля зброі распальвалася да зыркай чырвані, як у горне каваля.

Дзіўна страляць, калі вораг ня робіць тое ж самае ў адказ.

Рота спынілася на адпачынак. Наперадзе мы мусілі пераадолець бойкую аўтатрасу. Намкамузвод загадаў мне і яшчэ траім выйсьці наперад са сьцяж

камі і ў патрэбны час перапыніць рух на шашы, каб рота змагла бясьпечна перайсьці на другі бок.

Мы ўчатырох бегам пашыбавалі ў кірунку няспыннага аўтамабільнага гуду. За сьпінамі пагойдваліся аўтаматы.

Шаша мне была знаёмая, я дзясяткі разоў праяжджаў тут з бацькам на нашым легкавіку. Мне нават закарцела, каб нехта пазнаў мяне. Такога дарослага, у вайсковай форме, ботах, пілётцы, з аўтаматам за плячыма. Вунь той, глядзіце, гэта ж Барысаў сын старэйшы. Во як хутка вырас, ужо служыць з аўтаматам, глядзі як ладна на ім сядзіць форма, пакруглеў на дзяржаўнай кашы. І будуць увечары пераказваць гэтую навіну іншым. Усе ў родным горадзе даведаюцца, што сёньня ранкам Барысаў сын з аўтаматам спыняў рух на маскоўскай шашы.

Хоць была раніца, але на дарозе быў актыўны рух. Я з Гусаком, здаровым, высокім менчуком, які на твары меў заўжды пануры выраз і з тае прычыны быў вельмі падобны на клясычнага кіношнага эсэсаўца, перайшоў на другі бок шашы. Там узышлі на невялікі пагорак і паселі на траву, паклаўшы аўтаматы на калені. Прыемна грэла ранішняе сонейка. Цікава было назіраць за цывільнымі аўтамабілямі, за людзьмі, якія сядзелі ў іх. Шаша зьяўлялася ўжо іншай тэрыторыяй, на якой мы былі гасьцямі.

Сонца прыпякала, рабілася ўсё гарачэй. А роты ўсё не было бачна. Гусак закасаў рукавы гімнасьцёркі і павесіў аўтамат на шыю. Ну выліты эсэсавец. Ён дастаў хлебную корку з кішэні і пачаў яе апэтытна смактаць. Яму не хапала толькі губнога гармоніку. Гэты пахмурны менчук мяне заўжды раздражняў. Нейкай сваёй тупасьцю. І голас у яго быў адпаведны, і сьмяяўся ён, здаралася і такое, неяк па-першабытнаму, без удзелу цывілізацыйнай іроніі і самаіроніі.

Гусак устаў і пайшоў бліжэй да дарогі, нібыта ён хацеў нешта разглядзець, да нечага дакрануцца. Выглядаў ён імпазантна. Гімнасьцёрка напалову расшпілена і вонкі вытыркалася "вата" ніжняй бялізны, сьпераду за папругай уторкнута пілётка, з кожнай халявы ботаў тырчэла па чырвоным сьцяжку. І самае галоўнае: на шыі ваяўніча вісеў аўтамат. Гусаку не цярпелася перакрыць шашу.

* * *

Нечакана для мяне на стадыёне сабралася багата людзей. Прынамсі, трыбуна насупраць аркестру, што вышыхтаваўся ў адмысловую калёну на бегавой дарожцы, была паўнюткая. Летняя сьпёка ператварала ўсю дзею ў расплывісты відзеж. Хацелася піць.

Аркестр граў вайсковыя маршы. Нібыта запрашаючы ўсіх прысутных прайсьціся па вуліцах горада святочнай дэманстрацыяй. Але па сцэнару мерапрыемства ніякай дэманстрацыі заплянавана не было. Толькі ўрачыстасьць на стадыёне "Дынама".

Недзе з тыдзень нас муштравалі на маленькім стадыёнчыку правінцыйнага гарадка. Пад музыку мы рабілі фігуры зь вялікімі шастамі. Амаль як на адкрыцьці якой-небудзь летняй Алімпіяды.

Фігура першая, фігура другая, трэцяя, чацьвертая...

Такія калектыўныя паказы найлепш атрымліваюцца, напэўна, у кітайцаў. Бездакорна, як гэта могуць зрабіць хіба што запраграмаваныя робаты. Некаторыя з нас сёння ўпарта блыталіся ў фігурах, нават больш прыкметна, чым на генэральным праглядзе. Напэўна, збоку гэтая неспрактыкаванасьць выглядала камічна. Хаця, магчыма, публіцы ня вельмі тое кідалася ў вочы. Бо блытанік хуценька выпраўляўся, і праз якіх пару сэкундаў агульны малюнак фігуры пазбаўляўся хібаў.

Бесьперапынна граў духавы аркестр. З усёй гурмы музыкаў я абраў сабе для назіраньня дзядзьку зь вялізнай трубой, якая, нібыта гіганцкі пітон, абкручвала яго тулава. Труба рытмічна пагойдвалася ў рытмах музыкі. Мне чамусьці яна больш нагадвала не музычны інструмэнт, а якісь касьмічны скафандар. Падумалася, такая вялікая труба прыдатная хіба толькі для аркестра, для калектыўнага граньня, а нейкая маленькая флейта можа граць сольна.

Трыбуны стракацелі рознакаляровым паркалем і бавоўнай. Летам заўжды больш колераў. І так шмат дзяўчат. Увогуле, для іх сёньня было выключнае відовішча: сотні хлопцаў у спартовых майтках прысядалі і зноў выпростваліся з алюмініевымі шастамі ў руках. Я асабіста такога ніколі ня бачыў, ну хіба ў кінахроніцы 20-30-х гадоў.

Мы скончылі "фэхтаваць" шастамі. Сышлі з газону футбольнага поля. Перастаў граць аркестр. Той дзядзечка зь вялізнай трубой зьняў зь сябе свой інструмэнт-"скафандар" і паклаў перад сабой на траву. Затым зрабіў колькі крокаў у бок трыбуны і моцна выгукнуў:

— Дзе вашыя бела-сінія сьцягі?

Трыбуна ці то абуральна, ці то пахвальна адказала яму моцным гулам.

Пры чым тут бела-сінія сьцягі, падумалася мне. Але згадаў, што мы на стадыёне "Дынама", а ў гэтага спартовага клюба і сапраўды сьцяг бела-сініх барваў.

Кожны, хто сядзеў у кодабу грузавіка, трымаў на каленях картонную скрыначку з сухпайком. Вайсковым ЗІЛам нас развозілі па пастах. Машыну моцна кідала на лясных дарожках-сьцежках у бакі, і мы, маладыя салдацікі, сядзелі па пэрымэтры кодабу, трымаючыся рукамі за борт.

Падчас баявых стрэльбаў перакрываліся ўсе дарогі, што вялі на палігон. Дзеля гэтага нас і развозілі па адмысловых "кропках". Нечакана мне пашанцавала: выдаўся проста цудоўны пост, лепшага цяжка й вымысьліць: лясная дарога вынырвала з хваёвага бору, далей пятляла па хмызняках і выскоквала на палігонны прасьцяг. Якраз на беразе невялікай рачулкі і быў мой пост. Праўда, слова "пост" гучыць задужа сур'ёзна для гэтага аб'екту. Ён уяўляў сабой мэталёвы шлягбаўм, пафарбаваны ў белы колер з чырвонымі палоскамі. Мы павінны былі пільнаваць дарогу і нікога не прапускаць у бок палігону.

Зноў у напарнікі трапіўся Гусак, што было адзінай непрыемнасьцю ў гэты сонечны ліпеньскі дзень.

Дзень у раю. Гучна сьпявалі птушкі. Апантана стракацелі конікі. Над галавой праносіліся матылі і стракозы, ледзь не дакраналіся крылцамі абстрыжанай галавы.

Пару месяцаў таму падобны дзень мала чым адрозьніваўся б ад іншых. Такіх сустрэчаў з прыродай у мяне было сотні. Былі і значна лепшыя: з добрымі кампаніямі, прыемнымі прыгодамі і фантастычнымі краявідамі.

Але ў раю я быў толькі аднойчы. У гэты дзень.

Я ляжаў на траве і глядзеў у неба. Слухаў птушак і бегаў за матылямі. Скупнуўся ў рачулцы і схадзіў у бор пачаставацца чарніцамі, а на ўскрайку леса знайшоў крыху суніц.

Было ўсё так знаёма. Як у родным доме. І яшчаркі, што грэліся на сьцежках, распластаўшыся пад сонцам. І невялічкія рыбкі ў рачулцы. І шчаўе на лузе. І лічылка зязюлі. І промні сонца праз шаты дрэваў.

І добра, што напарнікам аказаўся Гусак. Ён адразу умалоў амаль усю сваю скрынку сухпайка: галеты і дзьве бляшанкі тушонкі, ды заваліўся спаць у цяньку. Ён мне не замінаў.

Нечакана з боку палігона пачулася страляніна. Засакаталі аўтаматы, гучна бухнулі танкі. Гэтыя гукі я ўжо добра адрозьніваў. Але і яны мне не заміналі. Нібыта хтосьці з суседзяў глядзеў кіно па тэлевізары, гук якога пераадольваў сьцены, час і іншасьветы.

Ніхто на нашай дарозе так і не зьявіўся. Адну сваю бляшанку тушонкі я аддаў Гусаку. Ён сьвяціўся ад шчасьця.

У кішэні маёй гімнасьцёркі яшчэ доўга ляжаў прыгожы каменчык, які я знайшоў на беразе рачулкі. У выглядзе сэрцайка.

Зьлева сакатаў кулямёт. Неяк насьцярожана. Кароткімі чэргамі. Нібыта нешта намацваў.

Стралялі з роты выведкі. Гук стрэлаў рабіўся то больш, то менш гучным. Як быццам бы нехта бязладна круціў настройку гуку.

Страляюць з БТРу, здагадаўся я.

Камандзір роты дакрануўся да майго пляча. Я ўскочыў і трушком пабег на баявы рубеж. За сьпінай боўтаецца кайстра з боекамплектам да гранатамёту. Зброю трымаю ў руках перад сабой. На баявым рубяжы кладуся на зямлю перад невялічкім грудком пад вуглом да лініі атакі, як таго патрабуе статут гранатамётчыка, каб не апаліць сабе ногі. Дастаю з кайстры гранату і зараджаю гранатамёт. Цяпер трэба пачакаць, калі ўздымецца фанэрны зялёны танк і пасунецца ў бок узьлеску.

Вось і танк зьявіўся. Здымаю гранатамёт з засьцерагальніка і пачынаю цэліцца. Бачу, як па прыцэльнай плянцы пабег мураш. Танк сунецца нясьпешна, таму яго лёгка злавіць на мушку. Плаўна націскаю спускавы кручок. Гранатамётны выстрал паслухмяна кладзецца на зададзеную траекторыю. Бачу, як мая паветраная тарпеда валіць фанэру. Граната камулятыўная, без выбуховай начынкі, таму яна толькі тараніць мішэнь і не ўзрываецца. Стаўлю сваю "дудку" зноў на засьцерагальнік. З кайстры за плячыма дастаю яшчэ адзін выстрал. Зараджаю гранатамёт. Зноў чакаю "танка". Гэтым разам ён вынырнуў у іншым месцы — бліжэй да хмызьняку. Я не даю яму доўга "дратаваць" родную зямлю і валю сволач новым стрэлам. Граната тараніць танк, чапляючы за бутафорскую вежу, і ляціць далей у хмызы. Падымаюся і сьпехам вяртаюся на зыходную пазыцыю. Камандзір ляпае па плячы і хваліць за трапныя стрэлы. Камроты невялікага, амаль аднаго са мной роста, і гэта нас неяк збліжае. Прынамсі, я адчуваю, што ён мне сымпатызуе.

Гучыць сыгнал адбою стрэльбаў. Камроты ідзе да вышкі назіраньня. Я ляжу сьпінай на траве і гляджу ў неба. Неба чыстае-чыстае, сіняе-сіняе. Недзе высока гучыць жаўрук. Надвор'е гарачае і сухое. Камроты кажа, лепш сьпёка і сухмень, чым дождж і гразюка.

Камандзір вяртаецца і паведамляе, што сёньня стрэльбаў больш ня будзе. Мой другі стрэл падпаліў хмызы. Тушыць агонь не выпадае, бо там могуць быць неразарваныя снарады. Таму трэба пачакаць, пакуль тая невялікая выспачка сухой травы выгарыць дарэшты. З гэтай праблемай павінны разабрацца службы палігона.

І сапраўды з боку хмызоў пачаў падымацца дым.

Таварышы са ўзвода ўдзячна ляпаюць мяне па плячы — сёньня нечакана атрымалі выходны. У частку вяртацца нельга, каб не трапіць пад выпадковую гарачую палкоўніцкую руку. Таму рота адыходзіць да ўзьлеска на адпачынак.

Я дастаю з нагруднай кішэні паперу і пачынаю пісаць лісты. Мушу адказаць на тры, якія атрымаў учора.

Частка другая

1.

Я адразу яго пазнаў — высокі, цыбаты, з даўгімі валасамі. Ён ішоў мне насустрач у атачэньні бацькоў. З аднаго боку крочыў яго бацька, амаль такога ж росту, як і сын. З другога боку маці — маленькая, па пояс сыну. Бацькі быццам бы яго некуды суправаджалі. Нібыта па вельмі-вельмі важнай справе. У Дзімкі быў каменны твар. Застылы, ніводнай іскаркі пачуцьця. Ён нават не зірнуў на мяне. Яны досыць таропка прайшлі побач, я й не пасьпеў адкрыць рота. Я толькі спыніўся і пачаў глядзець усьлед — няўжо ён не павернецца і ня скажа хаця б кароткага слова вітаньня. Хаця б падміргнуў вокам, падаў нейкі знак. Маўляў, усё нармальна, я цябе пазнаў, але во сьпяшаюся, няма ні хвіліначкі вольнага часу.

Раніцай я патэлефанаваў сваім бацькам і спытаў, ці жывыя бацькі Дзімкі. Не, ні бацька, ні маці ўжо не жывуць.

З Дзімычам мы вучыліся ў адной клясе. Недзе ва ўзросце 14 гадоў ён даваў мне ўрокі граньня на гітары. Я да крыві пасьціраў пальцы, вывучыў некалькі акордаў, але так і не асвоіў інструмэнту.

Я быў на провадах Дзімыча ў войска. Зь вялікага пакою кватэры павыносілі ўсю мэблю і расставілі ўздоўж сьцен чатырохкутнікам драўляныя сталы. Для патрэбаў усяго двара яны захоўваліся ў бамбасховішчы. Уваход у тыя падвальныя сутарэньні якраз быў у пад'езьдзе Дзімыча. Адтуль жа папрыносілі драўляныя лаўкі. Людзей было шмат. Як на вясельлі. Дзімыча забіралі зь першым наборам, таму большасьць аднаклясьнікаў былі яшчэ на волі.

Помню толькі, што вельмі хутка ап'янеў. Спрабаваў прапускаць тасты, але ўсё адно, праз якіх пару гадзін застольля галава пайшла кругам. Разумеючы, што справа можа завершыцца адключкай, я незаўважна пакінуў бяседу, якая толькі набірала абароты, бо ў двары зайграў мясцовы ВІА, пачыналіся танцы. Хістаючыся, але яшчэ не на аўтапілёце, пацёгся дахаты. Па дарозе мяне званітавала. Настрой быў паганы. Гэтае пачуцьцё нарастаньня бездапаможнасьці цела і непаслухмянасьці мазгоў я арганічна не пераносіў.

Бацькоў дома не было. З апошніх сілаў я паставіў на прайгравальнік кружэлку "Deep Purple In Rock", нацубіў навушнікі і, не распранаючыся, паваліўся на канапу. Калі паміраць, дык з музыкай!

Дзімыч надзвычай лёгка падбіраў акорды песень. Хоць ніколі не вучыўся ў музычнай школе, якая ў нас месьцілася ў аднапавярховым дамку за плотам тутэйшага стадыёна. Гэты сымбіёз спорту і музыкі выглядаў штучна. Бо хлопцы, што займаліся спортам, у бальшыні сваёй не былі прыхільнікамі ані скрыпкі, ані фартэпіяна, ні, тым больш, клярнэту, таму наведнікам музычнай школы часьцяком ад іх перападала.

Дзімыч быў самавукам, акорды ў сваім песеньніку запісваў ня нотамі, а нейкімі літарамі. У яго не было ніякіх амбіцыяў адносна занятку музыкай. З гітарай ён проста бавіў вольны час. Неяк ён склаў з аднаклясьнікаў уласны band, у якім мяне запрасілі пляскаць па талерках. Час ад часу, калі я заставаўся дома адзін, рэпэтыцыі праходзілі ў маім пакоі. Мы гралі стандартны набор заходніх гітоў зь дзіўнымі прымітыўнымі перакладнымі тэкстамі. Зараз ужо тыя тэксты забыліся, але маю здагадку, што яны не былі перакладамі, а хутчэй народнай творчасьцю — нейкія дамарослыя мэляманы проста панапрыдумвалі ўласных тэкстаў на славутыя мэлёдыі.

Менавіта Дзімыч навучыў нас слухаць "варожыя" галасы. Пасьля рэпэтыцыі ён уключаў свой пашарпаны прыймач VEF, звыклымі рухамі лавіў патрэбную станцыю, і з паўгадзіны або гадзіну мы слухалі, праз трэскі і гул этэру, чарговую порцыю забароненай музыкі.

Неяк ён сам сачыніў мэлёдыю і папрасіў мяне напісаць на яе тэкст. Зь першага разу ў мяне гэта не атрымалася. Тады мы селі зь ім побач, Дзімыч узяў у рукі гітару, і мы пачалі падбіраць словы мэтадам супольнага сачыніцельства. Я нешта прапаноўваў, Дімыч або адразу забракоўваў, або, нешта зьмяніўшы і паправіўшы, прымаў радок. Так за гадзіну мы напісалі першую сваю песьню.

Гэта быў сапраўдны кайф — адчуваць сябе творцамі. Прычым, Дзімыч паведаміў астатнім нашым калегам, што гэта мая песьня. Маўляў, дзякуючы мне нарадзілася. Хаця, па-шчырасьці, майго ў ёй было няшмат. Гэта была песьня Дзімыча. Але ён ня меў ніякіх амбіцыяў. Я ж наадварот — загарэўся і адчуў патрэбу пісаць-ствараць. Адчуў гэтае непаўторнае пачуцьцё творчага парыву, гэты кайф быць богам у сваім прыдуманым сьвеце. Мне гэта падабалася.

Магчыма, некалі я й сказаў Дзімычу, што варта нам выконваць свае ўласныя песьні. Але наўрад ці гэта давала падставы казаць, што першая напісаная намі песьня была мая. Будзем лічыць, што Дзімыч проста мне яе прысьвяціў.

Пра што была песьня? Ужо ня памятаю. Магчыма, пра каханьне, а можа пра сяброўства, а можа пра тое, як добра жыць на белым сьвеце.

Празь нейкі час, пасьля непрацяглых рэпэтыцыяў, мы запісалі сваю першаніцу на звычайны бытавы магнітафон. Гэтая стужка, напэўна, дасёньня недзе ціхамірна дажывае свае дні ў шуфлядзе майго старога пісьмовага стала ў бацькоўскай кватэры.

Іншую ідэю мы так і не рэалізавалі. Гэта ўжо была прапанова Дзімыча. Ці то ён пра гэта пачуў па радыё, ці прачытаў у "Ровеснику" або "Кругозоре", якія выпісвалі яму бацькі. Ідэя была наступная: сыграць як бітлы на даху дома. Праблема палягала толькі ў тым, што ў нашым пасёлку не было дома з пляскатым дахам. Пасёлак быў забудаваны пасьляваеннымі стандартнымі трохі двухпавярховымі дамкамі, якія мелі скатныя дахі, пакрытыя шыфэрам. Дзімыч жыў у трохпавярховым дамку, я ў двух. Але абодва мы жылі на першых паверхах.

Аднойчы мы нават узьлезьлі на паддашша майго дома. Там было брудна і заседжана галубамі. Сьпяваць у такім інтэр'еры абсалютна не хацелася.

* * *

У маёй калекцыі вінілу першай замежнай кружэлкай стаўся румынскі зборнік брытанскага гурта Middle of the Road. Яго мне прынёс Дзімыч, маўляў, ёсьць нагода купіць танна — усяго за 5 рублёў. Вядома, я купіў. На канверце плыты фотка — гурт стаіць каля шыкоўнага аўто, а дзяўчына-вакалістка сядзіць на капоце. Някепскае такое фота. Middle of the Road граў лёгкія, вясёлыя песенькі, чымсьці яны нагадвалі швэдзкі гурт АВВА. Дакладней, АВВА нагадвала Middle of the Road, бо "Сярэдзіна дарогі" зьявілася на сьвет значна раней за швэдзкіх пасьлядоўнікаў.

Мы зь Дзімычам некалькі разоў паслухалі кружэлку ад пачатку да канца. Сыходзячы ад мяне, сябра параіў працерці плыту адэкалёнам, каб было менш трэску. Адэкалён быў для Дзімыча ўнівэрсальнай, незаменнай рэччу. Менавіта адэкалёнам кожны дзень ён чысьціў галоўку свайго магнітафону. У гэты ж вечар я выканаў параду сябра. Пасьля такой гігіенічнай працэдуры кружэлка пры прайграванні пачала ня толькі патрэскваць, але й шыпець. Дзімыч без ваганьняў прызнаў сваю памылку. Кружэлку забраў, а праз нейкі час вярнуў і грошы.

Наш гурт праіснаваў крыху больш за год. Ён так і не атрымаў назвы. Хлопцы ў старэйшых клясах пачалі набываць іншае хобі. Музыка адышла на задні плян.

Да войска я ня памятаю, каб Дзімыч сур'ёзна сустракаўся зь якой-небудзь дзяўчынай. Мы часьцяком разам хадзілі на танцы ў ДК. Нават нейкі час, напачатку майго сталеньня, пераважна толькі зь ім. Не было ў яго дзяўчат. Пасьля войска ён неяк незаўважна вельмі хутка ажаніўся і пераехаў жыць да цешчы ў іншы канец горада. Я паступіў у сталічны інстытут, і сустракаліся мы выпадкова. Нашы жыцьцёвыя шляхі імкліва разышліся.

Яшчэ гадоў праз пятнаццаць у тэлефоннай размове мая маці спытала:

— А ты чуў? Дзіма памёр.

— Як памёр, што здарылася?

— Кажуць, нешта з сэрцам.

Старонкі дзённіка

Сёньня езьдзілі на рыбалку на Судабоўскае возера. Быў цудоўны дзень. Ранкам выехалі на роварах з хлопцамі-суседзямі па пад'езьдзе. Гадзіна кручэньня пэдаляў анітрохі не змарыла, бо ехаць па грунтовай дарозе летнім гожым ранкам — адно задавальненьне. У прыбярэжных хмызах у нас схаваныя дзьве лодкі. Возера топкае, да берага не падысьці, дык мы зрабілі грэблю. Ловяцца тут толькі карасі. Невялікія — з далоньку. За дзень можна натузаць бітончык. На гэтым возеры пачуваесься палескім рабінзонам. А якія тут птушкі! Качкі і кірлі розных відаў, паганкі, лысухі. Проста выдатны адпачынак!

Дзімыч прыносіў свой магнітафон. Перапісаў у яго некалькі альбомаў Slade, T.Rex, Nazareth. Якасьць ня вельмі, бо Дзімыч сам у некага перапісваў з магнітафону. Але так лепш, чымсьці слухаць па радыё.

Дзімыч паабяцаў зрабіць малюнак бітлоў на майку. Нехта яму даў трафарэт, трэба будзе толькі фарбу адпаведную знайсьці.

* * *

Захварэў на ангіну. Ляжу з тэмпературай. Пасьля прыняцьця пігулкі тэмпература зьбіваецца, тады чытаю Джэка Лёндана. Чаму сапраўдныя прыгоды могуць здарацца толькі недзе далёка, у якой-небудзь Алясцы? А зь іншага боку, тубыльцы Аляскі, магчыма, таксама недзе маркоцяцца ад суму. Прыгоды стварае, відаць, нешта іншае, не месцазнаходжаньне, не дзіўныя краіны і не экзатычныя мясціны. А што тады?

* * *

Люблю хадзіць у бібліятэку нашага Дома культуры. Там дазваляюць вольна аглядаць кніжныя паліцы. Якім чынам зьбіраўся гэты кніжны фонд, ня ведаю, але тут ёсьць выданьні яшчэ царскай Расеі, пераважна гэта клясыка—Салтыкоў-Шчадрын, Чэхаў, Гогаль. Значна менш старых беларускіх кніг. Хіба найстарэйшымі зьяўляюцца зборнікі, выдадзеныя ў Маскве падчас вайны, напачатку 40-х. Гэта просьценькія, танна аздобленыя, надрукаваныя на газэтнай паперы кніжачкі. Як яны сюды трапілі — таксама загадка.

* * *

Езьдзілі з бацькамі адпачываць у Крым. На ўласнай машыне. Праехаліся па ўсім узьбярэжжы. Жылі на аўтамабільных кемпінгах у намёце. Мора, канечне, цудоўная рэч. Шкада, што мы, беларусы, ня маем свайго мора. Бо тое ж Заслаўскае вадасховішча гэта проста лужына ў параўнаньні з самым маленькім морам.

Лавіў бычкоў на простую снасьць: на лёску чапляў толькі кручок (можна некалькі) і грузіла, рабіў штосьці на ўзор донкі. Зьбіраў на меліне жывыя ракавіны, сярэдзіну ракавін чапляў на кручок, закідваў снасьць і трымаў нацягнутую лёску ў руцэ, чакаючы паклёўкі. Калі лёску пачынала торгаць — падсякаў і выцягваў здабычу.

Файны занятак яшчэ й такі — плаваць на надзьмутым матрацы і з дапамогай маскі для ныраньня назіраць за жыцьцём марскіх насельнікаў.

Бяз мэты валяцца на гарачым пяску і смажыцца пад сонцам — гэта не для мяне.

У Геленджыку ў стаўках, ваду зь якіх выкарыстоўваюць для паліваньня вінаграднікаў, на сваё вялікае зьдзіўленне, налавіў вядзерца ракаў. Звычайных, якіх выпорваў з-пад карчоў у сваёй роднай рачулцы. Але каб налавіць цэлае вядзерца?! Заўжды думаў, што ракі жывуць пераважна ў праточнай вадзе. Прынамсі, ня могуць жыць у такіх невялічкіх копанках.

Бацькі неяк лёгка пагадзіліся купіць мне гітару. Пошукі інструмэнта не былі задоўгімі. Гітары ў нас прадаюцца ў краме "Прамтавары", якая знаходзіцца побач са стадыёнам. Там можна купіць усё — ад ровараў і матацыклаў да баянаў і гітар. Маці схадзіла са мной і купіла самую танную, сказаўшы, калі навучышся граць, куплю лепшую. Слушная лёгіка.

* * *

Дзімыч прынёс свой песеньнік, і я перапісаў з яго для сябе тое, што мне падабаецца. Шмат там у яго ўсялякай лухты.

Засвойваньне гітары даецца цяжка. Відавочна, ня маю ніякіх музычных здольнасьцяў.

2.

Мы зь Дзімычам сядзелі на даху нашага Дома культуры. Хоць дах быў і стромкі, але мы неяк трымаліся на цёплым, нагрэтым жнівеньскім сонцам бляшаным схіле. На Дзімычы была майка зь відарысам Джона Ленана, з той самай клясычнай выявай, на якой Джон у круглых акулярах. Пад відарысам надпіс "John Lennon is alive". Летні цёплы вецер гульліва шкамутаў вугальна-чорныя даўгія валасы Дзімыча. Мы глядзелі ў бок ракі. Дом культуры стаяў на ўзвышшы над самай рачной абалоньню. І было добра бачна ўсё навакольле.

— А ведаеш, Санча, на гэтым месцы раней было паганскае жэглішча, — сказаў ён неяк нечакана для мяне, не тое што я не чакаў пачуць яго голас, проста сама тэма была нязвыклая, бо раней сябар не выяўляў цікаўнасьці да гісторыі.

— Адкуль ты гэта ведаеш? — запытаў я безэмацыйным голасам — гэтакім голасам выкладчыкі задаюць пытаньні на іспытах.

— Ведаю, — сказаў Дзімыч, нібыта стоадсоткава быў у гэтым упэўнены. — Прыгожа тут. Як мы раней гэтае месца не аблюбавалі.

— А ведаеш што, давай мы засьпяваем нашую песьню. — Дзімыч няўлоўным рухам падхапіў гітару з-за сьпіны. — Памятаеш словы?

І ён пачаў сьпяваць. Такім звыклым, знаёмым голасам. Словы песьні імгненна згадаліся. Я пачаў падпяваць, спачатку няўпэўнена, але з кожным акордам наш дуэт рабіўся ўсё больш суладным і гарманічным.

Калі ўзыдзеш на гару і пабачыш,


Як сонца хаваецца за даляглядам.


Гэта будзе толькі канец дня, няйначай.


Пасьміхніся й развітайся паглядам.

Кожны канец ёсьць новы пачатак.


Помні пра гэта, не сумуй дарэмна.


Ў гнёздах ужо падраслі галчаняты.


Хутка ў дарогу зьбірацца патрэбна.

Што мы з сабою возьмем у дарогу?


Памяць хіба што, як скарб неацэнны.


Што мы пакінем за родным парогам?


Нашыя сэрцы і нашы здзяйсьненьні.

Калі мы скончылі спяваць, чамусьці згадалася, як Дзімыч паправіў радок, які я прапанаваў. Мой варыянт быў такі: кожны канец ёсьць толькі пачатак. Дзімыч зьмяніў адно слова: кожны канец ёсьць новы пачатак.

— Файна атрымалася, — праз хвілінную паўзу пасьля песьні сказаў Дзімыч. — Так ніколі файна не было.

— Дзякуй табе! Бывай! — Дзімыч па-сяброўску пляснуў рукой мне па плечуку, адштурхнуўся і паехаў уніз па схіле.

Лісты Дзімыча з войска

Вітаю, сябра Санча!

З жалем атрымаў вестку, што і ты апрануў гімнасьцёрачку на два гады. Увогуле ты слушна зрабіў, што сам напрасіўся, усё ж такі ўсе разам вернемся дахаты. І як служба? Крыху ганяюць? Скажу табе, што ты трапіў не зусім удала, але гэта фігня, два гады ўсё роўна трэба адбыць. А ў мяне служба пераваліла ўжо за месяц, пайшоў другі. Па-ранейшаму знаходжуся ў Слуцку ў каранціне. Жыцьцё тут нармальнае, ганяюць ня вельмі моцна. Разьбілі нас на ўзводы — кіроўцы і некіроўцы. Я трапіў у чацьверты ўзвод. Нас усяго восем байцоў, сяржантам у нас (гэта значыць намесьнік камандзіра ўзвода), між іншым, таксама пехацінец, як і ты. Таксама быў ва ўчэбцы ў Пячах, але яму засталося служыць паўгода. Спачатку быў клясны чувак, ні да кога не чапляўся, а зараз the bаd. Учора ў нас быў пад'ём-адбой па поўнай форме — 15 разоў, да паловы на першую. А ўвогуле тут нармальна. Горш будзе пасьля каранціну. Нас ужо разьмеркавалі па частках. Я прыпісаны да Ўрэчча, гэта кілямэтраў сорак ад Слуцка. Служыць буду ў ракетным дывізіёне. Таксама, як бачыш, патрапіў няхіла. Я там ужо быў, нас вазілі на два дні на трывогу. Частка стаіць у лесе. Па трывозе паганялі як мае быць. Паднялі а чацьвёртай раніцы, пасадзілі ў машыны і завезьлі на палігон на цэлы дзень. Там мы капалі акопы для ўстановак. Затрахаліся страшэнна. Сьпёка была невыносная, і камароў хоць сракай еш. Карацей, было весела, не сумавалі.

Між іншым, прысягу я прыму толькі 10 чэрвеня, пазьней, чым ты, на цэлы тыдзень. Павінны былі прымаць другога, але перанесьлі. На прысягу нас павязуць у частку, і там пачнецца, што называецца, сапраўдная служба.

А як ты там? Праз паўгода атрымаеш сяржанцкія лычкі. А я застануся шарагоўцам. Ты там паціху ачомваешся? Фігня! Моцна не пераймайся, усё мінае. Твае лісты я атрымліваю, а вось ад Рудога нічога няма, праўда, і я яму не пісаў. Ты мне таксама, відаць, пакуль не пішы, бо ў мяне неўзабаве зьменіцца адрас. Калі траплю ў частку, я табе сам напішу. І яшчэ: са мной ва Ўрэчча трапілі трое нашых — Дзёмін, Лахотка і Германовіч. З Лахоткам мы ў адной батарэі. Вось, бадай, і ўсе навіны. Бывай! Чакаю ліста!

Вітаю, сябра Санча!

Пішу табе другі ліст. Усё ў мяне зьмянілася — я трапіў у шпіталь. У мяне запаленьне лёгкіх. Так што тыдні тры-чатыры праваляюся. Усе нашы дзясятага прымуць прысягу, а я хрэн ведае калі. А зараз у мяне амаль цывільнае жыцьцё — ляжу, балдзею. Толькі кепска, што дафіга робяць уколаў. А так пачуваюся нармальна, тэмпературы няма. Урач кажа, што я перанёс запаленьне на нагах, а зараз толькі рэнтген паказаў, што ў мяне зь лёгкімі ня ўсё ў парадку. Так што ляжу. Распарадак дня тут клясны — еш, сьпіш і нічога ня робіш. Крыху сумна, але я чытаю кнігі ды вось пішу усім лісты, усё час хутчэй ідзе.

Ну а як твае справы? Як служба? Вось як атрымліваецца, ты пайшоў у войска пазьней мяне на месяц, а ўжо прыняў прысягу, служыш, а ў мяне ўсё неяк наперакасяк выходзіць. Але чорт зь ім — тэрмін службы ўсё адно ідзе. Вось, бадай, і ўсе навіны. Пішы пра сябе. Чакаю адказу. Да сустрэчы!

Вітаю, сябра Санча!

Атрымаў твой ліст і пішу адказ. Пішу я табе паранейшаму са шпіталю. Ляжаць тут мне, відаць, яшчэ недзе паўтара тыдні. Здароўе ў мяне нармальнае, кашлю ўжо няма і тэмпературы таксама, але вызначаныя дні трэба адляжаць, а з запаленьнем лёгкіх гэта звычайна дзён дваццаць. Ужо пачалі далучаць да працы — заўтра трэба будзе падлогу скрабсьці шклом. Ты яшчэ не спрабаваў? Надзвычай вясёлы занятак, я табе скажу. У каранціне я ўжо шмат разоў арудаваў шкельцам. Поўзаеш на каленьках і скрабеш, і скрабеш. Усе рукі ў кроў шклом параніш. Так што, як бачыш, у ложку я ўжо не валяюся. Ачомаўся, дык пара за работу, валыніць не дадуць. Але што зробіш — армія ёсьць армія.

А ў цябе, я бачу, служба ўвогуле афігенная. Але нічога, два гады — ня ўсё жыццё. А як там Руды ўладкаваўся? Я яму, гадзяню, два лісты накатаў, а ён маўчыць — ні гу-гу.

А мінулай нядзелі да мяне прыяжджалі бацькі, харчоў навезьлі, грошай крыху, але толькі душу разьвярэдзілі. Увесь час згадваю дом! Во былі часы. Ды ладна, хопіць аб гэтым, а то і ў цябе таксама настрой зьнікне.

Нібыта пра ўсё, што хацеў, напісаў. Пішы пра сябе больш, цікава, як там цябе ганяюць. Пакуль!

Салют, Санча!

Прабач, што так доўга не пісаў. Усё не было магчымасьці. Як атрымаў ад цябе апошні ліст, яшчэ ў шпіталі, то спачатку хацеў адказаць, а потым падумаў, што пісаць зараз ня трэба, бо мяне павінны былі вось-вось выпісаць. Вырашыў, як траплю ў частку, тады напішу. У частку я трапіў напачатку ліпеня, а адтуль адразу паехалі ў летнія лягеры ў Віцебскай вобласьці на месяц. Там жыцьцё было ня з лёгкіх. Сам падумай: цэлы месяц жылі ў намётах. А яшчэ ледзь ні праз дзень вучэньні, таксама нясоладка. Ноччу ня сьпіш, а цэлы дзень завіхаесься па службе. Ды яшчэ былі хімвучэньні, гэта ўвогуле завал. Зараз ў частцы таксама нясоладка — хутка будзе праверка, так што паміраем на спортгарадку. Фізо два разы ў дзень, гэта акрамя ранішняй зарадкі, ды яшчэ практыкаваньні па хіміі, мы усё ж такі ракетныя войскі. Так што жыцьцё зараз ня зь лёгкіх. Але хутка, недзе праз два месяцы, пачнецца працоўны пэрыяд, і жыцьцё стане намнога лягчэйшым. А цяпер я вучуся яшчэ на вылічальніка, ты сам ведаеш, які зь мяне матэматык, а тут трэба варушыць мазгамі, але нічога, паціху ўцягваюся.

Ну а ты там як, пяхота? Відаць, таксама нясоладка, а? Але ў цябе хоць дом побач. Пішы пра сябе падрабязна — як справы, чым займаесься.

Вот, бадай, і ўсе мае навіны. Пішы. Да пабачэньня.

Вітаю, Санча!

Сёньня атрымаў ліст і адразу пішу адказ. Нядзеля, вольны час ёсьць, вось я і пішу ўсім. Справы ў мяне ідуць нармальна. Служба на месцы не стаіць. Цэлымі днямі заняткі. Учора быў у нарадзе на кухні, забіўся як конь. Затое сёньня балдзею. Тут у нас зьявіўся магнітафон "Вясна". Так мы яго пускаем праз прайгравальнік "Акорд". Вось пішу табе, а пад вухам АВВА раве. У нас тут ёсьць і дзьве электрагітары. Дык я брынькаю паціху. Як возьмеш у рукі гітару, дык адразу дом згадваеш. Памятаеш, як мы ў цябе адрываліся. Але нічога, наступіць дзень, і мы нагонім страчанае, а пакуль трэба адбываць вайсковую радоўку. Рудаму, праўда, пашанцавала, ды яшчэ як. Ужо дома пабываў. Праўда, тут у нас Дзёмін ужо тры разы дамоў зьезьдзіў, яму ўвогуле шанцуе. А я, калі вырвуся дахаты, то праз год у адпачынак, а так шыш атрымаецца.

Ну як ты там? Як служба? Ад каго лісты атрымліваеш?

Лады, вось, бадай, і ўсе навіны. Пішы. Чакаю адказу. Да пабачэньня.

Вітаю, Санча!

Атрымаў твой ліст і пішу адказ. Справы ў мяне ідуць нармальна, служба паціху рухаецца наперад. Хутка ўжо чацверты месяц, як я на казённых харчах. Час, праўда, пакуль ляціць хутка. Ну а далей будзе бачна.

Санча, ты пытаесься, дзе я служу, у вучэбцы ці ў лінейцы. Служу я ў лінейцы, у ракетным дывізіёне. Я ўжо табе адразу пісаў, што спачатку трапіў у каранцін, а адтуль у частку. У дывізіёне я буду, відаць, да канца службы. Са мной тут служаць Германовіч, Лахотка і Дзёмін. Так што нам тут учацвярох някепска. Дзёмін зноў дамоў паехаў. Насачыняў камандзіру рознай лухты, яго і адпусцілі. Наконт "старых"... патрапіш у частку, сам даведаесься. "Дзед" ёсьць "дзед", і ў нас "дзед" — гэта кароль. Ну а мы, салагі, пашам як сабакі. У нас тут пакуль год не адслужыш, ганяюць, як хочаць. Затое потым ты ўжо чалавек, ну а пакуль укалваем. У гэтую суботу да мяне прыяжджалі бацькі. Ад'еўся і нагаварыўся ўволю. Далі звальненьне, карацей, я з бацькамі два дні жыў у мясцовым гатэлі. Сфоткаўся, відаць, хутка дашлю фотку. Фотасправай у нас тут займаюцца толькі "дзяды", нам яшчэ ранавата, але нічога, прыйдзе і наш дзень.

Санча! Ты просіш словы і акорды песні "У мора". Акорды: ля мінор, соль мажор, фа мажор, мі мажор. А словы я цалкам ня памятаю, вось усе, што маю ў галаве:

У мора, дзе чайкі кружляюць,


Дзе пляж і паненка лянота,


Засьнята была для кагосьці,


Я ў кнізе знайшоў тваё фота.

Хто ты, хто ты, незнаёмка?


Мілы воблік — сэрцу стрэмка.


(тут я ня памятаю радка)


Замест смутку — пекны твар.

Ты, магчыма, недзе побач,


Я шукаю ўдзень і ўночы,


Каб надзея павітала,


І больш блізкай мара стала.

Калі ты памятаеш мэлёдыю, то разьбярэсься. Ну вось і ўсё. Пішы пра сябе больш. Да пабачэньня.

Салют, Санча!

Атрымаў твой ліст і пішу адказ. Так, хутка і ты трапіш у лінейку. Цікава, куды? У нас адзін кадар ёсьць, так ён як і ты паўгода ў Пячах у пяхоце быў, а цяпер у нас вылічальнікам. Было б някепска, калі б ітабе так,а?

Ну а ў мяне ўсё нармальна. Служба паціху рухаецца. Вось ужо пяты месяц пайшоў, як я з дому. Цяпер у мяне, можна сказаць, адпачынак. Працуем на лазьні, крыем дах. Раблю зь "дзедам" удваіх, нікуды не сьпяшаемся, ніхто цябе не падганяе, і так ужо тыдзень. Ня ведаю, колькі яшчэ так працягнецца. Заўтра, напрыклад, у нас комплексныя заняткі, будзе не да лазьні. Ну а так у частцы жыць можна. Можна хадзіць у кіно ў будні, праўда, за свае грошы. Каляровы тэлік у казарме, "Акорд". Праўда, "Акорд" цяпер не грае, зламілася іголка, а тут нідзе не знайсьці — дэфіцыт. Ну што яшчэ новага? Ты, гляджу, усё ў вайну там гуляеш. Бегаеце, страляеце. А я тут за чатыры месяцы толькі раз з аўтамата і страляў.

Ну, нібыта, усе навіны. Пішы, як ты там? Трымайся. Пакуль. Чакаю адказу.

P.S. Дашлі фотку, калі ёсьць, я табе сваю хутка вышлю.

Вітаю, Санча!

Атрымаў твой чарговы ліст, дзякуй, што не забываеш. Кажаш, можаш застацца пісарам у Пячах.

Вось гэта кляс! Чалавекам будзеш, на службе, можна сказаць, крыж паставіш. Дамой часта наведвацца будзеш. Карацей, пашанцавала. Ну а я буду араць да вясны, як негр; потым, магчыма, будзе лягчэй. А пакуль салага, дык укалваю. А ты, можна сказаць, ужо "дзед". Ды й дамоў я зьежджу толькі вясной, пасьля баявых пускаў. Тады ўсіх адпусьцяць у адпачынак, па-іншаму наўрад ці сарвуся. Але нічога, два гады — гэта лухта. Затое ўяві, Санча, што будзе, калі мы з табой сустрэнемся. Ды і Руды (дарэчы, ён зноў чамусьці замаўчаў), і ўвогуле ўсе наттты... вось будзе сустрэча! Але гэта ўсё ў будучыні, а пакуль служба. У мяне ўсё па-ранейшаму — працую, вучуся, карацей, служу памалу. Нялёгка, канешне, але што зробіш, трэба.

Ну а ты як там? Ваюеш?

У мяне быў тут някепскі дзень. Разгружалі памідоры ў Любані. Разгрузілі шэсць машын утрох за цэлы день. Затое абедалі ў кавярні! Далі нам на трох шэсьць рублёў і накіравалі абедаць у сталоўку. Ну а мы забурыліся ў кавярню. Вось дзе душу адвялі!

Вось, бадай, і ўсе мае навіны. Пішы, як ты там. Перадавай прывітаньне ад мяне ўсім, каму пішаш. Пакуль! Чакаю адказу!

Вітаю, Санча!

Атрымаў твой ліст і вось вырашыў адразу напісаць адказ. Справы ў мяне ідуць па-ранейшаму, то бок нармальна. Служба на месцы не стаіць. Сёньня застаўся адзін дзень да загаду і стану я ўжо "гусем". Яшчэ, праўда, паўгода прыйдзецца цягнуць лямку, але гэта ўжо ня год усё-такі! А пакуль служу паціху. Табе лацьвей, калі можаш штосьці апранаць з цывільнага пад гімнасьцёрку; тут і марыць аб гэтым нельга, пакуль малады. Потым, праўда, усё можна будзе. А пакуль давядзецца мерзнуць. Ну а ты, канешне, мерзнуць ня будзеш. Адным словам, пашанцавала.

Ну якія ў мяне яшчэ навіны? Вучуся, працую, пачалі паціху далучаць да збору ўраджаю, але пакуль нячаста, бо неўзабаве будзе праверка. Ну а як пачнецца працоўны пэрыяд, тады, магчыма, тыдні на два паедзем у калгас. Ну і, відаць, на палігоне давядзецца папрацаваць — валіць лес у балоце, гэта, як ты разумееш, значна горш. Але яшчэ рана казаць, куды пашлюць.

Ну а як ты там? Хутка ўжо, відаць, пачнеш ганяць маладых, бо ўжо які-ніякі, а "дзед", вучэбку сканчваеш. Дамоў яшчэ ня езьдзіў? І ўвогуле, як ты там?

Так, Санча, ты маеш рацыю, харчы ў арміі — гэта адзін з самых галоўных фактараў. Да войска аб гэтым увогуле ня думаў, а тут паесьці — першая справа. Я таксама моцна паправіўся, да канца службы, магчыма, набяру вагу. Рэжым усё ж такі вялікая справа.

Лады, пакуль усё. Трымайся! Пішы! Чакаю адказу!

Салют, Санча!

Атрымаў твой ліст і адразу адказваю. Вось табе я пішу і ведаю, што ты неўзабаве адкажаш, а Руды, зараза, зноў змоўк.

Санча, вось я ўжо і "гусь", яшчэ паўгода і стану чалавекам. Да нас прыканцы гэтага месяца павінны ўжо прыходзіць з вучэбак, а таксама з каранціну. Так, так, хутка паплывуць хлопцы ў войска. А мы ўжо амаль паўгода адбухалі...

Ну якія ў мяне навіны? Укалваю, укалваю, укалваю... І так яшчэ шэсьць месяцаў. Як кажуць, першы год службы — без віны вінаваты, а другі — вясёлыя рабяты. Вось і мы станем некалі вясёлымі рабятамі. А зараз праца і дубар, дубар пякельны, цёплую бялізну яшчэ не выдалі, так што калатнеча знакамітая. А што будзе зімой! Мы яшчэ ў лягер паедзем, там увогуле пісец! Ну ладна, перажывем, наступіць і вясна.

Ну вось, хіба і ўсе мае навіны. Дзякуй за песьню. Высылай часьцей, я табе таксама як-небудзь чыркану, з нашых. Пакуль! Пішы. Дзімыч.

Вітаю, Санча!

Атрымаў твой ліст і, пакуль ёсць вольны час, пішу адказ. Асабістых навінаў практычна няма. У нас тут адбыўся жахлівы выпадак. Адзін баец звар'яцеў. "Дзед", адслужыў паўтара гады, вясной дамоў, і розумам крануўся. Раней за ім нічога такога не назіралі. А тры дні таму ў яго ўзьнялася тэмпература, амаль пад сорак, і ён пачаў несьці такую нісянеціцу, што было страшна слухаць. Кажуць, што гэта ў яго шызафрэнія. Шкада чувака, столькі адбухаў і на табе... Цяпер яго, напэўна, камісуюць.

Ну вось такія ў мяне навіны. Ну а ў астатнім усё па-ранейшаму. Хаця забыў згадаць яшчэ пра адзін жахлівы выпадак. Прыкладна тыдні тры таму ў нас у дывізіёне адбылася аўтамабільная катастрофа (я табе аб гэтым спачатку не хацеў пісаць). У выніку аварыі — дзьве сьмерці: мужчына і жанчына. Сярод нашых байцоў, на шчасьце, ахвяраў няма. Нашаму вадзіле нічога ня будзе, бо цывільны кіроўца быў на паддачы.

Ну а як ты там? Ці застаесься пісарам у Пячах?

Пакуль. Пішы. Дзімыч.

Салют, Санча!

Вырашыў напісаць табе ліст, хоць і ня ведаю — прыехаў ты зь лесу ці не. Наш дывізіён амаль у поўным складзе зьехаў у Дрэтунь. Гэта такі палігон у Віцебскай вобласьці. Дарэчы, я там быў летам у лягерах.

Засталося нас у казарме сямнаццаць чалавек. Праз дзень хаджу ў нарад па батарэі. Цяпер, праўда, стаю ўжо трэція суткі запар. Жыцьцё, карацей кажучы, нармальнае. Людзей мала, рабіць няма чаго. Праўда, неўзабаве да нас павінны прыйсьці маладыя з вучэбак — з дня на дзень чакаем, тады стане лацьвей. А то зараз з маладых толькі тры байцы, дык "дзяды" ганяюць — зрабі тое, зрабі гэта; падай, прынясі. Нічога не паробіш, трэба слухацца, пакуль "гусь", каб не было непрыемнасьцяў. Што яшчэ? Атрымаў ліст ад Рудога.

Чым ты займаесься? Ці застаесься пісарам у штабе? Глядзі, лепш застацца ў Пячах, маю на ўвазе, пісарам.

Здаецца, усё. Пішы. Чакаю адказу. Пакуль!

Вітаю, Санча!

Атрымаў твой ліст — дзякуй. Прабач, што крыху замарудзіў з адказам. Усе ніяк не было часу. У мяне ўсё нармальна, вось ужо хутка будзе восем месяцаў. Служба пакуль нялёгкая, даводзіцца ўкалываць за сябе і таго хлопца. Але нічога, засталося менш чатырох месяцаў такога жыцьця, потым стане лягчэй. Праўда, бываюць і тут някепскія дзянькі. Быў у нас рабочы пэрыяд, і мы езьдзілі ў Любань, адкуль пару разоў я ледзь вяртаўся ў частку — гэтак наглюкаўся. Адзін раз ледзь не замялі, давялося ўцякаць ад патруля, але ўсё абышлося.

Ну а зараз навучальны пэрыяд — вучышся і ўкалваеш. Ды яшчэ надвор'е! Зіму ў войску перажыць, гэта вялікая справа, ня тое, што на грамадзянцы.

Вось такія мае навіны. А як ты там? Як служба, яшчэ не затрахала?

У нас тут на днях чувака застрэлілі. Я жыву на трэцім паверсе казармы, а гэта здарылася на першым. Стаім мы на вечаровай праверцы, а тут — бац — стрэл. Што, дзе? А гэта байца застрэлілі. Лужа крыві да гэтай пары стаіць. Жахліва.

Нядаўна атрымаў ліст ад Рудога. Піша, што ў яго ўсё добра, служба па кайфу. Ён і ў пекле добра ўладкуецца.

Вось, бадай, і ўсё. Пішы, як ты там, як жыцьцё агулам. Чакаю адказу. Дзімыч.

Вітаю, Санча!

Атрымаў твой ліст, дзякуй, вырашыў адразу адказаць.

Санча, што ні кажы, а служба — гэта херовая штука. Новы год!!! Гэтыя словы гавораць самі за сябе — дома, канешне, — а тут... Купілі цукерак, ліманаду, як у дзіцячым садку. Туга сьмяротная, выць хочацца. Я, праўда, засандаліў паўлітра чарніла, але як! У ціхую, каб ні "дзяды", ні ворагі ня бачылі, інакш пісец! Пасядзеў ля тэліка да гадзіны ночы і лёг спаць. Ну яго нахер, такі Новы год. Санча! Ты толькі ўяві, як мы сустрэнем 1982-гі год. Я аб гэтым спакойна думаць не магу. Але нічога, прыйдзе і наш дзень. А зараз — служба. Штодзённае ўкалваньне, яшчэ й прачуханку атрымліваеш немаведама за што. Што зробіш — "гусь".

У нас былі вучэньні дывізіі, чатыры дні жылі ў палявых умовах. Дубар, цэлы дзень ваюеш, а ўначы спаць трэба недзе. У машынах не дазваляюць. Паставілі ў зацішным месцы намёт — і спаць. Пакімарыш паўгадзінкі і прачынаесься ад дубару, потым яшчэ трэба на пост ісьці, а гэта зусім пісец. Вось так усю ноч і адпакутуеш, а на раніцу зноў вайна. І так чатыры дні. Затрахаўся страшэнна. А тут, у гэтым месяцы, яшчэ чакаюць нас зімовыя лягеры. Прыкладна месяц будзем жыць гэтак, як вось гэтыя чатыры дні. А потым, недзе ў сакавіку, баявыя вучэньні ў Казахстане, гэта таксама будзе па-кайфу. Але нічога не паробіш, служба ёсьць служба.

Лістоў ад Рудога і мне даўно не было. Маўчыць, зараза.

Вось, хіба, і ўсё. Пішы. Чакаю адказу. Дзімыч.

Салют, Санча!

Нарэшце ў мяне зьявілася магчымасьць адказаць табе. Твой ліст (які ты напісаў прыканцы студзеня) я атрымаў, але адпісаць на яго ўжо не пасьпеў, бо паехаў у зімовыя лягеры. У лягерах было ня вельмі весела, сам павінен разумець. Амаль цэлы месяц жылі ў лесе, у намётах. Ды й вучэньні былі частымі, затрахаўся страшэнна, але нічога, жывы, усё ўжо ў мінулым. У лягерах першы раз бачыў пуск. Даволі няхіла, калі ракета сыходзіць з напраўляючых. Відовішча ўражвае.

Але лягеры скончыліся, цяпер поўнай хадою ідзе падрыхтоўка да веснавой праверкі. Здаем мы яе недзе прыканцы сакавіка, а там мой жаўнерскі лёс, магчыма, крута зьменіцца. Але аб гэтым рана пакуль пісаць, бо канкрэтна яшчэ нічога невядома, але зьмены будуць дакладна.

А як там тваё жыцьцё? Як служба? Не затрахала яшчэ? Як там Берасьце? Ці ходзіш у звальненьні? Ты ж, як ніяк, сяржант. Трымайся. Да загаду засталося дваццаць дзён. Праўда, гэта будзе ня наш загад, але некалі будзе й наш! Але і гэты някепскі, бо станем "чарпакамі".

Ну вось і ўсё. Трымайся! Пішы. Чакаю. Дзімыч.

Салют, Санча!

Прывітаньне з Урэчча! Прабач, што так доўга маўчаў: сам разумееш, служба ёсьць служба. Рыхтаваліся да праверкі. Вучэньні розныя ды іншая херня. Часу вольнага практычна не было. Ну а зараз здалі праверку і рыхтуемся да выезду на дзяржаўны палігон. Паедзем мы недзе 15-га траўня, а вернемся прыканцы лета. Будзем мы ў Казахстане каля двух з паловай месяцаў. Жыцьцё чакае нас вясёлае. Удзень градусаў сорак у ценю, а ўночы дубар. Але гэта ўсё херня, галоўнае тое, што час будзе ляцець хутка. Ну вось так я і жыву.

Ну а як ты маешся? Як служба? Ужо "чарпак"! Першы год праляцеў незаўважна. Вось і другі б так прайшоў. Ты там у Берасьці, відаць, балдзееш. Ці плянуеш рабіць дзембельскі альбом? Я дык ня ведаю: раней мне хацелася, а зараз нібыта ня вельмі цягне. Але хутчэй за ўсё буду рабіць.

Вось нібыта і ўсё, што я хацеў напісаць. Пішы пра сябе як мага больш, мне цікава. Калі можаш, дашлі мне фота, я табе сваё таксама хутка дашлю.

Пішы. Да пабачэньня. Дзімыч.

Цісну тваю руку, Санча!

Вось вырашыў напісаць табе ліст. А то ні я аб табе нічога даўненька ня чуў, ды і ты пра мяне таксама. Крыху пра сябе. Справы ў мяне ідуць нармальна, служба няўхільна рухаецца да дзембеля. Нядаўна быў недалёка ад цябе. Мы амаль месяц жылі ў лягерах у Берасьцейскай вобласьці. Засвойвалі новую тэхніку. Напрыканцы жніўня паедзем на дзяржаўны палігон, недзе на пару месяцаў. Вось так у мяне служба й ідзе — у асноўным усё ў разьездах — то тут, то там. Гэта з аднаго боку някепска, час хутчэй ляціць. Са службай нармальна, праўда, і залёты ўжо ёсьць, бяз іх зараз цяжка, ужо ня "гусь" — поўная свабода. У нас тут выпадак адбыўся херовы. Адзін мой кораш, я зь ім з самага пачатку разам — у адной батарэі, у адным аддзяленьні. Ён сам таксама зь Беларусі, з-пад Берасьця. Дык зь ім справы кепскія. Трапіў па п'янцы ў аварыю. У выніку — адна сьмерць — чалавека з грамадзянкі, — і сам цяпер калека на ўсё жыцьцё. Зламіў пазваночнік, ужо адняліся ногі. А кіроўцу пасадзілі на тры гады — учора быў паказальны суд. Так я зараз, напэўна, да дзембеля "чарніла" ў рот не вазьму, хочацца нармальна адслужыць і вярнуцца дахаты.

Ну вось такія мае невясёлыя навіны. Як ты? Як настрой? Чым займаесься вольным часам, бо вольнага часу зараз, напэўна, хапае. Альбом, напэўна, ужо робіш?

Ну вось і ўсё. Пішы. Чакаю. Да пабачэньня. Дзімыч.

Вітаю, Санча!

Вось зноў вырашыў напісаць табе ліст. Чаму ты маўчыш? На мой ліст не адказаў. Ты яго не атрымаў? Я сам па сабе ведаю, што на другім годзе пісаць лісты ня вельмі хочацца, але сам падумай: я пра цябе нічога ня ведаю ўжо амаль паўгода. Нядобра атрымліваецца. Сябар усё ж, як ні як, мог бы і напісаць. Ці ты думаеш, што мяне на месцы няма, так я на месцы — там, дзе і служыў, там і буду служыць да самага дзембеля. Праўда, прыканцы верасьня я зьеду на месяц або два, але гэта ў камандзіроўку. Напішы крыху аб сваім жыцьці.

Служба ў мяне ідзе паціху, асаблівых зьменаў няма. Хіба што зьмянілася вайсковая спэцыяльнасьць. Цяпер я стаў тапографам, гэта зьвязана з пераўзбраеньнем. Служыць стала значна лягчэй, але разам з тым зьявіліся і свае складанасьці. Лягчэй таму, што цябе ўжо ніхто не ганяе: сам "чарпак", шмат вольнага часу. А цяжкасьці... па-першае, у нас новы камандзір. Габрэй, а такія людзі надзвычай старанныя і правільныя. Новыя парадкі: жыць, кажа, цяпер будзем толькі па статуту. Сочыць за ўсімі, карацей кажучы, спакойнага жыцьця няма. Па выходных днях бегаем па шэсьць-дзесяць кілямэтраў з поўнай выкладкай. І ўсялякая такая хрэнь. Але нічога, паціху пачынаем і да яго прызвычайвацца.

Санча, я тут аднойчы граў на танцах у афіцэрскім клюбе. Ні я адзін, у нас тут гурт складваецца. Дык вось, аднойчы запрасілі збацаць на танцах. Атрымалася ў нас, канешне, ня вельмі. Сыгранасьці няма, але ў цэлым сашло. Галоўнае, паглядзеў, як цывільныя людзі цяпер адпачываюць. Мутарна ажно стала. Сам павінен зразумець.

Вось так я і жыву. Што ў цябе? Як служба? Як настрой? Дамоў ня цягне? Можа, ты ўжо і ў адпачынку быў, ці збіраесься? У мяне пасля камандзіроўкі толькі бліжэй да Новага году вымалёўваецца адпачынак. Але яшчэ не дакладна.

Пішы пра сябе. Вельмі чакаю. З гэтым лістом дасылаю сваю фотку. Дык і ты сваю дашлі. Да пабачэньня. Пішы. Вельмі чакаю. Дзімыч.

Вітаю, Санча!

Атрымаў твой ліст, дзякуй! Нарэшце ты адказаў. Ты пішаш, што і да гэтага напісаў мне два лісты. Ня ведаю чаму, але я іх не атрымаў. З твайго ліста я даведаўся, як у цябе ідзе служба. Пашанцава табе, канешне, што зьезьдзіў дамоў, адвёў душу! У мяне пакуль з гэтай справай глуха. Можа што і атрымаецца да Новага году, але ня зараз. Ты пішаш аб нейкай Лене, пытаесься, ці памятаю я яе. Нешта не прыгадваю, можа гэта тая дзяўчына, якую я бачыў з табой адзін раз на плошчы. Ты з кіно зь ёю йшоў ці яшчэ аднекуль. А так, я яе не памятаю. Але нічога, яшчэ пазнаёмлюся, калі ў цябе зь ёй сур'ёзна. Глядзі — не жаніся! Не рабі гэтага дурнога кроку. Па-мойму, з гэтай справай ня варта сьпяшацца. Хаця, навошта я табе аб гэтым пішу, можа ў цябе гэта проста сяброўка і ўсё, а я раблю далёкасяжныя высновы. На грамадзянцы многія з нашых ужо абзавяліся сем'ямі. Уяві, прыйдзем з войска, а большасьць нашых жанатыя. Туга сьмяротная! Так што глядзі, і ня думай аб гэтым.

Служба ў мяне стала яшчэ больш разьняволеная. Лафа! Амаль нічога ня робіш, у нарад заступіць — дык гэта за шчасьце. Высьпісься, кніжкі пачытаеш, тэлевізар паглядзіш. "Гусем" аб гэтам марыў, а зараз гэта ўжо рэальнасьць. Праўда, у нас зараз новы камандзір, дык ён паддае пары. Усё крычыць, што мы дармаеды, гэта значыць "дзяды" і "чарпакі", маўляў, адны маладыя ўкалваюць. Карацей кажучы, вясёлага ад яго нам мала. Кажа, што жыць будзем па статуту, а хто супраць — таго пасаджу. Вось такія справы. Дык я на ражон ня лезу, ну яго да д'ябла, хочацца нармальна даслужыць. Няма жаданьня з-за нейкага дурня ў турму трапіць.

Але хопіць аб службе. Яна ў мяне і так у пячонцы сядзіць. Дамоў часам вельмі моцна цягне.

А як ты? Санча, я табе сваю фотку даслаў, а ты чаму мне сваю не дасылаеш. У дзембельскі альбом яна мне будзе патрэбная. Так што глядзі, абавязкова вышлі. Я не паверу, што ты на другім годзе службы ня маеш сваіх фотакартак. Так што давай, не затрымлівай з гэтай справай.

Бадай, усё. Пішы. Чакаю. Да пабачэньня. Дзімыч.

Салют, Санча!

Атрымаў твой ліст. Прабач, што не адразу адказаў. Усё неяк часу не было. Апошнімі днямі здавалі праверку, дык кожны дзень быў заняты. Толькі ўчора здалі, і цяпер пачаўся рабочы перыяд. Праўда, хутка мы зьяжджаем у Казахстан. Новы год я буду сустракаць хутчэй за ўсё там.

Ну вось так я й жыву. Дарэчы, мы з табой ужо "дзяды". Засталася драбяза нейкая — паўгода. У нас дзембеля пачынаюць звальняцца з 20 кастрычніка.

Санча, як ты там? Што новага? Фотку я тваю атрымаў, дзякуй. Ты ведаеш, па-мойму, ты не зьмяніўся. Толькі хіба пасталеў. Але гэта зразумела, бо нам з табой ужо па 20.

21-ю сваю дату ты дзе думаеш адзначаць — дома ці на службе? Я дык ня ведаю. Хутчэй за ўсё, зацугляюць мяне тут на ўвесь травень.

Санча, каб ты ведаў, як я засумаваў па сапраўднай музыцы. Ты хоць там, у Берасьці, пры мяжы, слухаеш нешта новае. А я, як пайшоў у войска, дык нічога новага і ня чуў. Вярнуся дадому, адразу куплю сабе апаратуру. Тады ўсё наганю.

Ну вось і ўсё. Пішы. Да пабачэньня. Вельмі па табе сумую. Твой Дзімыч.

3.

— А мне падабаюцца вашыя вершы. Увогуле, вы вельмі таленавіты!

Жанчына прамовіла гэта па-начальніцку. Або як настаўніца. Такім роўным упэўненым голасам. Так звычайна кажа той, каму ўсё роўна як успрымуць яго словы, бо ведае, што ніякага пярэчаньня ня будзе.

Жанчына была значна старэйшая за мяне. Можа, гадоў на дзесяць, а то і больш. Яна сапраўды была нейкай начальніцай, бо мела шыкоўны кабінэт. У гэтым вялікім пакоі былі кніжныя шафы, масыўны пісьмовы стол, фатэль, некалькі крэслаў і скураная канапа. На сьцяне вісела карціна, ужо не памятаю, што на ёй было намалявана. Але дакладна не партрэт. Пэўна, якісьці хрэстаматыйны пэйзаж — раніца ў лесе або дарога сярод жыта.

Гаспадыня кабінэту мела ідэальную фігуру. Уво-гуле, яна была сымпатычнай. Кароткая мадэльная стрыжка. Вялікія грудзі. Прыгожыя цёмныя вочы. І, відаць, узьдзейнічала на мужчын, як валяр'яна на катоў, — апэратыўна і наркатычна.

Яна прысела на канапу і прапанавала сесьці побач. Я й не заўважыў, як зь яе зьнікла кофтачка, вызваліўшы шыкоўныя цыцкі, я нават падумаў, ці не сылікон гэта. Затым, абняўшы за шыю, яна паваліла мяне на сябе.

Неяк аўтаматычна мае вусны пачалі набліжацца да ейных.

— Ня бойся, нікога ўжо няма. Ніхто нам не перашкодзіць.

І тут я разгледзеў яе вочы зблізу. Яны былі аточаныя густым карункам зморшчынак. Але найбольш мяне ўразіла безгустоўнасьць тлустай фіялетавай абводкі вачэй. Зблізку вочы выглядалі страшнымі — вядзьмарчынымі. У адно імгненьне з мэксыканскага мача я ператварыўся ў героя гогалеўскага аповеду. Мурашы пабеглі па сьпіне.

Раптам адчыніліся дзверы і ў кабінэт увайшоў нейкі мужык. Са стосам папераў у руках (квітанцыяў, ведамасьцяў?) і з заклапочаным выглядам вечна занятага справамі заўгаса. Ён абсалютна не зьвярнуў на нас увагі і пайшоў у іншы бок пакоя, выйшаў на гаўбец, нешта там узяў і зьнік з кабінэту.

...Я ўстаў з канапы. На мне былі толькі вялікія, па калена, жаўнерскія майткі. Гэты "заўгас" зусім мяне заблытаў. І што яму трэба было на гаўбцы? Я адчыніў дзьверы і выйшаў у жнівеньскі вечар. Унізе сноўдалі аўтамабілі, па ходніках целяпаліся месьцічы. Нікому не было да мяне ніякай справы.

На яшчэ блакітным небе зырка сьвяціўся месяц. На ім было шмат кропачак, якія ўтваралі ці то словы, ці то малюнкі. Такія кропачкі застаюцца на дарожным квітку ад кампостара.

Добры дзень, Алеська!

Толькі ўчора табе напісала і зноў пішу. Я табе, напэўна, ужо надакучыла, як горкая рэдзька. Але, ведаеш, мне ад гэтага робіцца неяк лягчэй. Праўдапраўда... Усе свае непрыемнасьці адразу забываю. Каб ты ведаў, як мне зараз цяжка! Я табе ўсё пазьней апавяду, пад настрой, ці наадворот — калі ён зусім апусьціцца ніжэй ватэрлініі. Аднак абяцаю — усё апавяду.

Алеська, калі ласка, пішы часьцей. Ведаю, я табе надакучыла, але пацярпі. Не пакідай мяне ў гэты цяжкі час. Толькі ты не падумай чагосьці кепскага (у тым сэнсе, чаму ў мяне такі паганы зараз настрой). Кожны чалавек калісьці бывае псыхічна прыгнечаны. Вінаватая ў сваіх праблемах толькі я сама.

У апошнім лісьце ты пытаесься пра мае "амурныя справы". Ня буду падманваць, былі "спробы рознага маштабу і зьместу", але нічога сур'ёзнага. Нават з Сіманчыкам сустракалася, але толькі таму, што ён вёў у нас практыку. Потым быў адзін сьмешны (не паверыш) уетнамчык: прыяжджаў на наш завод на практыку, студэнт БПІ. Ён мне ўсе курсавыя па мэханіцы зрабіў, шкада — у жніўні зьяжджае на радзіму. Вось такія былі кавалеры. На лепшае пакуль не шанцуе.

А вось ты, дарагі, падзяліся сваім сакрэтам. Жаночым сэрцам адчуваю, што ёсьць тут нейкая таямніца.

Ды ладна, ня хочаш — не пішы. Цалую, абдымаю. Лена

P.S. Я табе хутка зноў напішу. Прабач.

Учора ледзь ня сеў на гаўптвахту.

Былі ў нас вучэньні на тактычным полі на беразе невялікай рачулкі. Усё як мае быць. З поўным укамплектаваньнем і нават з боезапасам: выбухпакеты, ракетніцы і халастыя набоі да АК. Тры разы адпрацоўвалі захоп варожага пляцдарму. І кожнага разу ўшчэнт разносілі ворага і ўляталі ў яго акопы як лятучыя гусары. Праўда, два разы адкочваліся назад, бо нешта рабілася ня так: ня тыя каманды або недакладная іх пасьлядоўнасьць; ня так беглі, ня так стралялі. У калектыве ўсе павінны прытрымлівацца пэўных агульных правілаў, інакш будуць праблемы ва ўсіх. У нас непаразуменьні ўзьнікалі з-за трох-чатырох "гальмароў", якія маглі пабегчы ня ў той бок або даць чаргу ў сьпіну сваім. Калі мы адкочваліся назад, найбольш нэрвова паводзіў сябе Гусак. Ён высьпяткамі гнаў на зыходную пазыцыю гора-ваякаў. Пры гэтым мацюкаўся так, што ўсё даслоўна можна было пачуць на другой лініі ўмацаваньня ворага.

Стаяў ліпень. Бязьлітасна паліла сонца. Хацелася проста паваліцца на траву і глядзець у неба. Занято праводзіў намкамроты. Ён сачыў за намі з назіральнай вежы.

Нават калі мы канчаткова захапілі варожыя ўмацаваньні, нашыя вучэньні не спыніліся. Амаль адразу, без адпачынку, мы пашыхтаваліся і паўзводна пачалі выконваць нарматывы па адзяваньні супрацьгазу і камплекта хімічнай абароны. Каманда "газы" ў мяне асабіста выклікала нэрвовы цік. У такую сьпёку ды ўлазіць у гэтую сьмярдзючую гуму! Лепшага зьдзеку не прыдумаеш!

Такім мазахісцкім спосабам трэнераваліся, аж пакуль не згубіў прытомнасьць адзін з гора-ваякаў. На гэты раз Гусак выдзьмуў зь сябе радасныя гукі, як дыназаўр, упаляваўшы здабычу: "Ну нарэшце! Зае...ісь!" Цяпер ён ухваляў аднаго з "гальманутых", бо сваім дзеяньнем той прынёс палёгку ўсім. Пакуль адкачвалі Красьніча, а гэта быў зноў ён, усе пападалі на траву. І я таксама. Але намкамроты загадаў не ляжаць на зямлі. І мы пачалі ўставаць як піраты-прывіды Карыбскага мора, якія ніяк не маглі дамагчыся свайго спачыну.

Байцы пацягнуліся да ракі. Хтосьці абмыцца, хтосьці проста пасядзець на беражку. Я прайшоў далей і выйшаў на мост. Мост быў трывалы і шырокі — па ім езьдзілі танкі. Нахінуўся праз парэнчы, пачаў разглядаць плынь. Рачулка была неглыбокай. Вада празрыстай — добра былі бачныя віхлястыя хвасты водарасьцяў і сьпіны галаўнёў. Гэтыя рыбы дзіўным чынам, амаль не варушачы плаўнікамі, стаялі на адным месцы на самай быстрыні. Як тарпэды. Ня ведаю, чаго мне бзікнула, але я дастаў з супрацьгазавай сумкі ракетніцу і пальнуў па рыбах. Выбух атрымаўся такі, нібыта фугас скінуў варожы мэсэршміт. Слуп вады выкінула ўгору. Прычым, вада фантанавала яшчэ некалькі хвілінаў.

— Бля! Хто страляў? Хто страляў? На гаўптвахту засаджу, гада! — пачуў я шалёны голас намкамроты. На мосьце ўжо стаяла чалавек пяць-шэсць. Таму кожны зь іх мог пальнуць па "тарпэдам".

— Я страляў, — сказаў я малодшаму лейтэнанту, які падбег неўзабаве.

— А ты ведаеш, што магло зрыкашэціць ад вады і патрапіць у каго-небудзь з нашых! А магла ракет

ніца і ў лес заляцець, надарыўся б пажар!

Я маўчаў: што мог сказаць у адказ? Ясна, я ня ведаў, што магло зрыкашэціць. Але і апраўдвацца не было ніякага сэнсу. Ды й ніякай лёгікі не было ў гэтым стрэле. Хіба цікаўнасьць.

— За тое, што прызнаўся, дарую. Але памятай: наступны раз пойдзеш на пяць сутак сухарамі дзяліцца з пацукамі. Зразумеў?

— Так точна, таварыш лейтэнант!

— Глядзі мне, бля!

Я паглядзеў уніз з моста на раку. Ну і намуціў. Нічога не відаць. І галаўні, дзякуй Богу, усе жывыя — ня бачна, каб хто ўсплыў дагары чэравам.

Прыйшлі адразу два лісты ад Ленкі. Вось адчуваў, будуць зь ёй праблемы. Гэта як кацяня падабраць на вуліцы. Абагрэць, памыць, накарміць, прылашчыць. Празь нейкі час глядзіш — і кацяня ўпэўнена займае новую жыцьцёвую прастору, і ты прывыкаеш да яго, як да нечага неабходнага і дадзенага звыш.

Нельга больш за тыдзень мець адносіны зь дзяўчынай. Але і не адказваць на яе лісты — не па-джэнтльмэнцку. Ды й шкада губляць такую карэспандэнтку; у войску ліставаньне, бадай, адзіная сувязь з цывільным жыцьцём, адкуль цябе сюды закінула.

— А нафіга ты бабахнуў па рэчцы?

Гусак побач са мной укладаў па ўсіх правілах сваю хэбэшку на ўслоне. Рота рыхтавалася да адбою. Гэтае ўкладаньне — адзін да аднаго, што робяць у якім-небудзь "Big Stary", дзе тавар павінен быць супэрпрэзэнтатыўны.

— А табе якая справа?

— Проста. Мне б і ў галаву такое не прыйшло. Блін, шандарахнуць з ракетніцы ў камандзіра на вачах. Добра яшчэ, што...

— Слухай, не чапай больш Красьніча.

Гусак па-гусачынаму паглядзеў на мяне — выцягнуўшы шыю.

— Красьніч твой зямляк, ты ў яго спытай, можа ў адным мікрараёне ў Менску жывяце, можа ў суседніх школах вучыліся.

— У труне я бачыў такога земляка.

Ясна, гэтаму пітэкантрапу цяжка было што патлумачыць. Такія разумеюць толькі мову вайсковай дыпляматыі.

— Ну тады наступная ракетніца можа трапіць табе ніжэй пояса.

Гусак выпрастаўся — у сто разоў прасаваных жаўнерскіх майцы і майтках ён быў падобны да сапраўднага нэандэртальца: доўгія рукі, нейкі непрапарцыйны чэрап і густое валасяное покрыва па ўсім целе. Карацей, ня з нашага часу.

— Ты такі сьмелы, што маеш землячка "замка".

Гусак, калі б захацеў, проста размазаў бы мяне

па казарме.

— Здагадлівы. Дабранач.

Я павярнуўся да яго сьпінай і пашыбаваў да свайго ложка. Праз некалькі крокаў спыніўся, павярнуўся і дадаў:

— У нашай мясцовасьці зямляк земляку брат. Дабранач!

Красьнічу лепш увогуле было не хадзіць у войска. Габрэйскай нацыянальнасьці. Маленькага росту. Са слабой фізычнай падрыхтоўкай. Зь недваровым выхаваньнем. Грымучая сумесь для маладога салдата. Да таго ж, ён быў падобны да сябрука Нязнайкі — Тарапышкі. Ад таго, што дужа стараўся, усё ў яго атрымлівалася наадварот. Калі ён зьбіраў аўтамат, мне заўжды здавалася, што зараз атрымаецца сенакасілка. Калі ўсе вымалі кляпан у супрацьгазе і вольна дыхалі паветрам, дык гэты старанны хлапец трэніраваўся з кляпанам, пакуль не губляў прытомнасьці. Або так адчайна бег на варожыя акопы, што пры гэтым абавязкова губляў магазін ад аўтамата. І тады ўся рота прачэсвала тактычны палігон, каб той магазін знайсьці.

Больш за ўсіх з Красьніча зьдзекваўся Гусак, але хапала і іншых ахвочых. Падобнае калектыўнае зьдзекваньне ператварала чалавека ў зацкаванага зьвярка, які кіруецца толькі інстынктамі і страхам. Проста жахліва было глядзець, як Красьніч есьць у сталоўцы — пасьпешна, похапкам, зь нейкімі шалёнымі вачыма, нібыта вось-вось нехта, дзеля зьдзеку, адбярэ місу з недаедзенай кашай.

Часам я і сам быў гатовы паставіць Красьніча да сьцяны, кляцнуць затворам і... Гэта была ўжо гу-манитарная катастрофа — трэба было яе разьвязваць.

Пра тое, што яны нас заатакуюць сёньня ўвечары, ведалі ўсе. З нашага боку поўным ходам ішла падрыхтоўка. Старшына на БТРы прывёз штабэль цынкаў з набоямі. Тое, на што не хапіла месца ў ражках, я пазапіхваў у кішэні. Кожным пятым набоем у мае магазіны лёг трасэр, ён дазваляў ня проста паліць у пэўны бок, а прыстрэльвацца, бачыць, куды ляцяць твае кулі. Я б узяў які дзягцяр, але цягаць такую жалязяку было не ў маёй камплекцыі. Аднак усё адно: кулямёты — мая слабасьць.

Раптам з нашых акопаў выскачыў Красьніч і, узьняўшы над галавой нейкую белую анучу, няўпэўненым крокам пашыбаваў у бок непрыяцеля.

— Стой, гандон, ты куды! Застрэлю, суку! — зароў Гусак, ускінуўшы свой "калаш".

Я ўдарыў рукой па рулі зьнізу і аўтаматная чарга прашыла воблака, якое вісела над нашымі пазыцыямі.

— А табе была каманда страляць?! — гэтак жа дзіка зароў я на Гусака. — Можа, так заплянавала камандваньне, каб падмануць ворага!

Гусак сумеўся. Ён апусьціў аўтамат руляю долу і нечакана даў яшчэ адну чаргу, сабе пад ногі. Пасьля чаго ён па-вар'яцку заскакаў нейкі рытуальны індзейскі танец, кінуўшы свой аўтамат на бруствэр акопа.

Пакуль усе ўтаймоўвалі Гусака, Красьніч зьнік з далягляду. Колькі я не ўзіраўся ў варожы бок, там не было відаць ніводнай чалавечай постаці.

— Ну што за дзень сёньня! — з горыччу сказаў Паддубскі, які трымаў Гусака за галаву.

Нэандэрталец ляжаў на траве за акопам, яго трымалі ў незварушным стане чалавек пяць.

— Трымайце, хлопцы, мацней, а то ён нас перастраляе ўсіх, — сказаў я байцам. І зноў пачаў узірацца ў варожы бок. Пачынала зьмяркацца. Задушлівы дзень канаў на вачах і нараджаў расплывістыя відзежы. Было ўсё больш складана што-кольвечы разгледзець.

— Ты глядзі, каб ён язык не прыкусіў, — сказаў я Паддубскаму і кляцнуў затворам.

— Ты што?! — варачыў вочы Паддубскі. — Ён не такі ўжо кепскі чувак! З кім не бывае!

— Пайду пагляджу, што там з Красьнічам. Толькі па мне не пальніце.

Я лёгкім скачком узьняўся на бруствэр і выпрастаўся. І тут я заўважыў Красьніча. Ён, трымаючы аўтамат на плячы, вяртаўся назад.

Стоячы на бруствэры, дачакаўся "парлямэнтэра".

Падышоўшы мэтраў на дзесяць, Красьніч паказаў рукой назад і сказаў:

— Там нікога няма!

Загрузка...