— А якога хрэна туды цягаўся? — раззлавана спытаў я.

— Праверыць.

4.

Дарагая Алёнка!

Дзякуй, што ты не забываеш салдата і пішаш яму рэгулярна і шчыра. Увогуле не чакаў ад цябе такога эпісталярнага спрыту. Прабач, калі я не пасьпяваю за табой. Усё ж я моцна заняты — на баявым пасту ахоўваю твае мірныя, дзявочы сны.

Зацягнулі мяне ў гэтую сяржанцкую вучэбку падманам. Спыталі, ці хачу я быць камандзірам. Ну а хто ня хоча быць камандзірам? Як Чапаеў. На баявым кані. Але ніхто не патлумачыў, што гэта будзе надта вясёлая вучоба. Карацей, цяжка ў вучобе — лёгка ў баі. А баі ў нас кожны дзень. Праўда, вучэбныя. Добра, што яшчэ прызвалі ўвесну. Ня ведаю, як тут пакутвае асабовы склад восеньскага прызыву. Цяжка поўзаць па сьнезе.

Мяне насьцярожваюць навіны пра тваю вучобу. Падобна, ты зусім адбілася ад маміных рук. Але адукацыю ўсё адно трэба мець, бо ў нашым ваўчыным сьвеце не пражывеш без дыплёмнай кніжачкі. Так што, ты пераглядзі сваё стаўленьне да вучобы. Мусіш, празь не хачу, грызьці нікому непатрэбную навуку. Бо тая навука, папраўдзе, патрэбная толькі навукоўцам. Нешта не заўважаў, каб мой бацька, просты інжынэр, скарыстоўваў у сваёй працы тэарэтычную мэханіку, гідраўліку ці які супрамат. Але не нам усталёўваць жыцьцёвыя правілы. Трымайся. Я ў цябе веру.

У мяне ніякіх асаблівых навінаў. Як аматара-палеантоляга мяне тут зацікавіў адзін аб'ект. Буду вывучаць. Пра вынікі досьледаў па магчымасьці паведамлю.

Часта сьніцца цывільнае жыцьцё. Бывае прачынаесься і ня можаш зразумець, дзе ты.

Гэты ліст дашлю табе празь цётку. Павінна ў нядзелю да мяне прыехаць. Я адмыслова купіў пачак канвэртаў з маркамі. Не люблю, калі мае лісты чытае нехта чужы.

Пакуль.

P.S. Ледзь не трапіў на гаўптвахту. Але пра гэта дакладна пісаць нельга. Калі-небудзь распавяду пры сустрэчы.

Руды цішком узяў бацькоўскі "жыгулёнак". Вырашыў пакатаць сябрукоў, зьезьдзіць да дзяўчат. Асабіста я не пад'юджваў яго на такі подзьвіг. І сам ніколі не паддаваўся на падобныя прапановы. Ня столькі баяўся рэакцыі бацькоў, колькі магчымых трагічных здарэньняў. Бо, ясная справа, у такіх прыгодах абавязкова прысутнічае алкаголь і юначая бравада. Маўляў, паглядзіце, які я круты, — пакрасавацца перад дзяўчатамі. Руды любіў пускаць пыл у вочы.

Была позьняя восень, зьмяркалася рана. Таму ўся апэрацыя па ўгону аўто прайшла ціха і непрыкметна. Было нас трое — яшчэ Толік Субач.

Ганяць па цэнтральных вуліцах нашага горада мы ўсё ж не насьмеліліся. Толік прапанаваў паехаць на танцы ў суседні гарадзкі пасёлак Пліса. Я ведаў, што самая вялікая рызыка ў гэтым жыцьці — гэта трапіць не на свае танцы. Але Толік сказаў, што мае там процьму сяброў і таму бясьпеку нам гарантуе. Толік быў пацаном адказным.

Люблю ўвечары ехаць на машыне. Калі на вуліцы ўжо золка, калі сьвятло імкліва зьнікае і цемра сьціскае сьвет у сваім кулаку. А ты ў салёне аўто зусім недаступны гэтай бязьмежнай, касьмічнай цемры. Тут утульна і цёпла. А сьвятло фараў надае твайму шляху акрэсьленую ўпэўненасьць.

Як файна ехаць уначы! І яшчэ ўключыць якуюнебудзь прыемную музыку — Fleetwood Mac ці Electric Light Orchestra. Ды яшчэ ў кампаніі найлепшых сяброў.

За рулём сядзеў Руды, праваруч, за штурмана і правадніка да Плісы, — Толік. Ён нешта ўвесь час балаболіў — нешта апавядаў, жартаваў, так бы мовіць, быў на разагрэве. Я яго абсалютна ня слухаў; усе ягоныя гісторыі добра ведаў на памяць. Палове зь іх не даваў веры. Але тое, што Толік быў самым дасьведчаным з нас, — гэта была праўда.

У мяне нарадзілася ідэя пісаць вершы за рулём уначы. А чаму і не? У гэты час абстрагуесься ад усяго дзённага, мітусьлівага. Твае пачуцьцёвыя рэфлексіі, слых, зрок разьнявольваюцца, а думкі губляюць прыземленасьць. Да таго ж хуткасьць надае вершаваным радкам адмысловую рытміку.

Цісьнеш на аксэлератар і ловіш творчыя імгненьні.

Я заплюшчыў вочы і ўявіў сябе за рулём шыкоўнай машыны з прымацаваным ля вуснаў мікрафонам, як у якога-небудзь касманаўта, які махае рукой у аб'ектыў камэры і перадае вітаньне ўсяму сьвету. Бо паэтычныя знаходкі за рулём лепш запісваць на дыктафон.

— На, глыні, — гэта Толік павярнуўся да мяне і працягнуў адкаркаваную пляшку партвэйна. — Ве-даеш, някепскі партвэйн.

— А ты добра пакаштаваў? — спытаў я сябрука.

— Ну ты зноў пачынаеш перабіраць. Я ж не гарэлку табе прапаноўваю. Ведаю тваю пераборлівасьць.

Я ўзяў ёмістую пляшку 0,7 і глынуў зьмесьціва. Віно было цёплае, таму пілося кепска.

— Толькі Рудому не давай. Нам яшчэ вяртацца назад. Ці вы думаеце, заначуем у Плісе?

— Усякае можа быць, — таемна прамовіў Толік. — Усё будзе залежаць ад мэтэаралягічнай абстаноўкі.

— Мы ж не самалёт, каб нам не далі дазвол на ўзьлёт з-за навальніцы, — пажартаваў я.

— Ага, самалёт угнаць складаней, — пагадзіўся са мной Руды.

І мы разам бесклапотна, задаволеныя сабой, зарагаталі.

— Тут павярні з шашы і неўзабаве будзем на месцы, — Толік згадаў пра свае штурманскія абавязкі.

Руды, амаль ня скідваючы хуткасьці, зьмяніў курс так, што нас усіх моцна хітнула ў левы бок.

— Гэй, Руды, мы ж не на трасе Дакар-Парыж! Культурней! — зрабіў я заўвагу кіроўцу. — Няма куды сьпяшацца. Ня думаю, што нам ня хопіць квіткоў на танцы.

Мы незаўважна заехалі ў гарадзкі пасёлак, абапал дарогі пайшлі прыватныя дамкі з прысядзібнымі дзялянкамі.

— Вунь там, за гэтымі дрэвамі яшчэ раз павярні, і будзем на месцы, — Толіку не цярпелася кагосьці пабачыць.

— Слухайце, давайце наш "жыгуль" паставім на больш надзейным аэрадроме, а не перад самім Домам культуры. Так бы мовіць, з тактычных меркаваньняў.

Гэтая мая прапанова нарадзілася неяк спантанна, я нават ня мог патлумачыць дакладна, чаму ня трэба было сьвяціць наш "жыгуль" на публіцы.

— А Джагер па справе гаворыць, усялякай п'яні там назьбіраецца, а пасьля як я буду бацьку тлумачыць, адкуль у "жыгулёнка" прабоіны на борце.

Руды падтрымаў маю прапанову. Толіку нічога не заставалася, як з намі пагадзіцца.

Машыну мы пакінулі мэтраў за трыста ад тутэйшага Дома культуры. Дапіўшы пляшку партвэйна,

— дасталося крыху і Рудому, — мы пашыбавалі на сьвятло ДК.

Як звычайна для такіх устаноў такой пары, ля ўваходу боўталася некалькі асобаў у нетанцавальнай форме. Двое зь іх палілі, а трэці ім нешта няўцямна даводзіў. Ці пра тое, што ведае, дзе можна дабавіць, ці штосьці апавядаў са свайго цяжкага жыцьця.

Мы ўзьняліся на ганак ДК. Толік павітаўся з тройкай абарыгенаў як са старымі знаёмымі. Тыя яму нешта вяла адказалі.

У фае было накурана і шумна. Гамана людзей як бы ўзмацняла дымавую шчыльнасьць. Ня верылася, што ў гэтым г.п. магло жыць столькі моладзі. "А што там робіцца тады ў сярэдзіне?" — падумаў я.

Толік пашыбаваў адразу да касы і вельмі хутка вярнуўся з трыма квіткамі.

— У гэты вечар танцуем за мой кошт, — шчодра прамовіў ён. — І яшчэ адна прыемная навіна: сёньня грае Золатаў са сваёй бандай.

Золатава я добра ведаў, бо жыў ён са мной у адным раёне, і я даўно чуў пра яго выбітныя музычныя дасягненьні. Але штосьці ня вельмі верылася, што яны на столькі выбітныя. Сёньня была магчымасьць пачуць ягоны бэнд на свае вушы.

— Ну што, рушым у сярэдзіну, — сказаў Толік гасьцінна і, як гарсон, з паклонам паказаў рукой шлях да ўваходных дзьвярэй.

Першым пайшоў Руды. Мы з Толікам утваралі ягоны тыл.

У сярэдзіне і праўда было шмат людзей. І як толькі мы ўвашлі, загучала музыка. Гэта была пераробленая энімалсаўская песьня Hause of The Rising Sun. Толькі Animals граў яе трохі хутчэй. Золатаўскі бэнд зрабіў з яе сьлязьлівы "мядляк" зь нейкім банальным расейскім тэкстам. У цэнтры "танцпола" пачалі зьяўляцца першыя пары. Толік імкліва зьнік, і неўзабаве мы ўбачылі яго сярод віхляючых целамі, пад гітарныя рыфы і галасок вакаліста, танцавальных параў. Цяжка было добра разгледзець, каго ён запрасіў. Гэта была дзяўчына досыць высокага росту, амаль роўная з Анатолем, з даўгімі, распушчанымі на плечы, русымі валасамі.

— А вам, чувакі, лепш адсюль хіляць. Ваш кораш ужо ня першы раз заляцаецца да Ксюхі, а за гэта могуць быць праблемы зь Селяй.

Я павярнуўся. За сьпінай стаяў абарыген у добра зацяганым — чырвоным у чорную клетку — швэдры. Белыя рэдкія валасы былі залізаны на непаслухмяны прабор.

— І наколькі гэта праўдзівая інфармацыя, сэээр, — расьцягваючы слова "сэр" як мага даўжэй, спытаў я яго.

— Праўдзівей не бывае. Я проста Толіка ведаю, таму лічыце гэта сяброўскай парадай.

Чырвоны ў чорную клетку швэдар гэтак жа незаўважна, як і зьявіўся, зьнік.

— І што будзем рабіць? — спытаў я Рудога.

— Ліняць! Што рабіць? Ня думаю, што тут ёсьць нейкая апазыцыя каралю гарадзкога пасёлка. Будзем бітыя!

Мы прыхінуліся сьпінамі да сьцяны, каб хаця б тыл у нас быў надзейны, і пачалі чакаць Толіка.

Ужо праз колькі хвілінаў міма нас, няпэўнай хадою, прасунуліся нейкія два мудзілы, як бы знарок чапляліся за нашыя ногі. Па іх тварах было бачна, што яны прагнуць з намі пазнаёміцца бліжэй. Гэта быў кепскі знак.

— Слухай, ідзі рыхтуй тэхніку да адступленьня, а я забяру гэтага танцора, — сказаў я Рудому. — Я сьвісну, калі падаць карэту.

Сытуацыя, відавочна, накалялася.

Руды, як можна асьцярожней, пачаў рэціравацца і зьнік за дзьвярыма.

Я стаў прасоўвацца ў цэнтар зала, дзе танцаваў Анатоль. Калі да яго заставалася мэтраў пяць, хтосьці з танцуючых моцна штурхнуў нашага штурмана. О-о-о, гэта быў забаронены прыём! На вачах у дзяўчыны абразіць! Анатоль кінуў танчыць. Далей ўсё вырашалі сэкунды. Я падскочыў да Толіка і выгукнуў яму на вуха:

— З Рудым праблемы!

— Дзе?

— На вуліцы.

Мы, расьпіхваючы ўсіх на сваім шляху, пачалі прабірацца да выхаду. Бакавым зрокам я заўважыў, што сьледам за намі выбіраліся чалавек шесьць-сем тутэйшых.

Выскачыўшы на ганак ДК, Толік спытаў:

— Дзе ён?

— Ля машыны.

Мы што моцы пабеглі ў бок пакінутага "жыгулёнка". Я моцна сьвіснуў. У гэты ж час пачуў, як завёўся рухавік і наш "жыгулёнак" задняю хадою пачаў набліжацца нам насустрач. Ззаду чуўся моцны голас, нехта крычаў, затым заракаталі дзьвіжкі матацыклаў. Мы ўскочылі ў машыну і з гучным віскатам шынаў рушылі наперад.

— І што было з Рудым? — задыханым голасам спытаў Толік.

— Засумаваў без цябе, — паспрабаваў пажартаваць я.

Але гэта было яшчэ ня ўсё. Рокат матацыклаў пачуўся недзе зьлева. Відавочна, абарыгены паехалі нейкай іншай дарогай напрасткі, каб пераняць нас на выезьдзе на шашу.

— У лепшым выпадку закідаюць камянямі, — паспрабаваў я спрагназаваць далейшыя падзеі.

— О, бляха, мяне бацька заб'е. — Руды ўжо праклінаў той час, калі сеў за абаранак аўтамабіля.

— Паварачвай направа! — скамандваў Анатоль. — І выключы фары.

Мы завярнулі на нейкую прасёлачную дарогу і панесьліся між хмызоў. Дарогу асьвятляў толькі месяц. Нас трэсла і падкідвала як на каўбойскім каніатракцыёне. Затым мы павярнулі яшчэ раз. Затым яшчэ.

Праз хвілін дзесяць, на поўнай хуткасьці, мы ўляцелі ў нейкую гразюку і "жыгуль" трывала сеў на бруха. Нашы з Анатолем спробы выштурхнуць машыну нічога не далі. "Жыгулёнак" толькі шалёна круціў заднімі коламі і раскідваў па ўсёй ваколіцы ліпучае месіва. Перапэцкаўшыся па вушы, мы зноў залезлі ў салён.

— Прыехалі, — пракамэнтаваў я падзеі.

— Ну, што рабіць? Спадзяюся, у гэтым балоце нас ніхто ня знойдзе. Давядзецца заначаваць, а раніцай адшукаем які трактар, — цьвяроза разважыў Анатоль.

— Ну усё, мне канцы, — жаласьліва выдыхнуў Руды.

Старонкі дзёньніка

* * *

Каб лепш разумець, на якім ты сьвеце, трэба час ад часу ўступаць у канфлікт з асобнымі важнымі прадстаўнікамі грамадзтва, і табе ўсё дакладна патлумачаць.

Нашаму грамадзтву не хапае звычайнай чалавечай спагады. Пра гэта шмат дзе чытаў, але толькі зараз зразумеў.

* * *

Прачытаў "Стэпавага ваўка" Германа Гесэ. Сапраўды, можна зачыніцца ад звычайнага жыцьця, а затым будзеш адкрываць яго наноў, як новасьвет на Марсе. Толькі ўжо ў тым узросьце, калі гэтыя адкрыцьці ня будуць мець аніякага значэньня.

* * *

Неяк, калі вучыўся ў сёмай клясе, разам з хлопцамі са свайго двара знайшлі падпрацоўку — езьдзілі да меліяратараў дзерці мох у лесе для нейкіх там іхніх міліярацыйных патрэбаў. Нас зьбіралася цэлая ватага, залазіла ў кодаб якога-небудзь газончыка, які ехаў у стары бор, дзе было шмат імху. Там яго дзерлі і грузілі ў той самы газончык. Затым прыяжджала яшчэ адна машына, затым яшчэ. Той лес пасьля нас выглядаў, як пасьля якога пабоішча паміж войскамі дзікоў і мядзьведзяў. Але не пра гэта... Езьдзіў з намі адзін хлопец. Быў менчуком, прыяжджаў да бабулі на лета. Такі ахайненькі, з моднай прычоскай, як у раньніх ролінгаў. Бачыў яго колькі дзён таму. Сьпіты, зь нейкім шэрым, азызлым тварам. Жахліва!

Насамрэч наша жыцьцё пераважна дзеецца ў нашым уяўленьні, нашых марах, нашых снах. Калі думка чалавека, як сьцьвярджаюць навукоўцы, рэч матэрыяльная, дык чым тады розьніцца рэальнасьць ад выдумленага?

* * *

Зорка, якая зіхаціць у дзённым небе, ляціць табе насустрач.

* * *

Сябры ордэна "Зялёнага Зьмія" любяць крамы, якія адчыняцца першымі і зачыняюцца апошнімі.

* * *

Пераможцам робіцца ня той, хто першым прыбег да фініша, або выйграў бой, а той, хто перамог дзеля нейкай агульнай справы і хто здолеў узяць адказнасьць за сваю перамогу.

* * *

Хадзіў з хлопцамі са двара на пікнік у лес. Па дарозе зайшлі на аэрадром мясцовага саўгаса. Паглядзець на АН-2, які часта бачым над сваімі галовамі, — гэтая сталёвая птушка лётае праз наш гарадзкі раён у бок возера Судабаль, дзе апрацоўвае палеткі. Самалёты ўсё ж цудоўныя машыны. Нават такі дзядок, як АН-2, глядзіцца файна! Нездарма амаль усе хлопцы ў дзяцінстве мараць быць лётчыкамі. Пакуль жыцьцё не пачынае ім падразаць крылы.

У адной кнізе прачытаў, што набліжэньне дажджу можна пазнаць па паводзінах аблокаў: тады аблокі валакністыя, заходзяць адно за другое; кучаравыя, з расплывістымі краямі, зь цёмна-сіняй афарбоўкай іх ніжняй часткі, разарваныя, параскіданыя дробнымі шматкамі; перыста-слаістыя, плывуць нізка, павольна, цемнаватыя, чырвоныя і чорныя пры ўзыходзе сонца.

Колькі разоў такія аблокі засьпявалі нас недзе сярод возера Судабаль, дзе з лодкі лавілі карасікаў. Тады хутчэй веславалі да берагу. На ровары — і ў дарогу да хаты. І тут абрыньваўся дождж. Сярод поля. Схавацца няма дзе. І вецер абавязкова ў твар. І дождж такі, што не дае дыхаць, як быццам бы ты пад вадой і на хвіліну толькі вытыркаесься на паверхню, каб схапіць ротам паветра. І такое паўстае пачуцьцё — што ты натуральная частка стыхіі. Як алешына пры меліяратыўнай канаве, як набрынялыя чорнай тушшу аблокі, як бусьляняты ў гнязьдзе, якое птушкі збудавалі на бэтонным слупе. Дарэчы, у дождж ці прыкрываюць малых бусьлянятаў сваімі вялікімі крыламі бацькі?

* * *

ведаю, толькі сьнег


здольны захаваць мае пісьмёны


да кожнай кропкі ў шматкроп’і


да кожнай галоснай у тваім імені


да кожнага чыстага аркуша


на якім напішу


што сны мае


гэта адваротны бок


месяца


траўня


у якім нарадзіўся

* * *

Ёсьць рэчы, якімі нельга валодаць. Гэта я зразумеў у дзяцінстве. А здарылася вось такая гісторыя. Была зіма. Праз вакно я заўважыў, як сініца пнулася залезьці ў мэталёвую трубу-перакладзіну, да якой прывараныя кручкі, каб вешаць бялізну. Я выйшаў на вуліцу, дачакаўся, пакуль сініца зноў залезе ў трубу, хтосьці з мальцаў у двары заклаў адзін бок трубы дашчэчкай, а на іншы я надзеў поліэтыленавы пакет. Вядома, птушка паляцела на святло і трапіла ў пакет. Вырашыў трымаць сініцу ў хаце. Прынёс дадому і зачыніў палонніцу ў скрыні з-пад абутку, зрабіўшы ў накрыўцы дзіркі. А сам задумаўся, як зрабіць клетку. Клетка аднак не спатрэбілася — да вечара сініца памерла. Жоўтабокая прыгажуня няволі не перанесла. Валодаць птушкай не атрымалася. Для мяне гэта была трагедыя. Усьведамленьне таго, што я забіў птушку, мучыла мяне не адзін год. Але ня менш мяне хвалявала пытаньне: чаму яна памерла? Бо ў хаце цёпла, у скрыню я накрышыў хлеба. Чаго ёй яшчэ не хапала? Больш я ніколі не спрабаваў лавіць птушак.

* * *

Зайшлі з Рудым у цір пастраляць на піва. Ясная справа, я яго "перастраляў". "Ты, Джагер, відаць, у гурток юнага варашылаўскага стралка хадзіў? — пачаў пацьвельваць Руды. Нікуды не хадзіў. Можа, проста ў мінулым жыцьці быў паляўнічым.

* * *

Кожны думае так, як яму выгадна.

* * *

Некалькі разоў задаваў сабе пытаньне: ці змог бы ўзьлесьці на комін нашай цеплавой электрастанцыі? На коміне з вонкавага боку ёсьць прымітыўная лесьвіца — з мэталічных скобаў. Во, напэўна, дзе далягляд адкрыецца. Бо комін той відаць ажно з Судабальскага возера.

Два разы задаваў сабе такое пытаньне і два разы адказваў: не, на такі сьмелы ўчынак наўрад ці хапіла б духу.

* * *

што можа быць складаней


за зьбіраньне пазла


зь лістоў вярбы


што расце ў парку


над таемнай лавачкай


якую ведаеш


толькі ты


і яшчэ адзін чалавек


імя якога


ня можаш назваць


як не ўкладай


вузкія зялёныя


лісточкі


не атрымліваецца


патрэбны малюнак


нібыта паміж


реальнасьцю


і тваімі мроямі


няма аніякай


сувязі

* * *

Некалькі дзён не магу чытаць кнігі. Усё напісанае ў іх здаецца мне штучным, прыдумкай аўтара, за якой нічога не стаіць. Навошта мне іхнія гісторыі, якія падобныя на кветкі з паперы і плястмасы, калі жыцьцё штодзень задае процьму пытаньняў, на якія няма адказу ў кнігах. Няхай сабе ў алегарычнай форме, няхай у мастацкіх вобразах. А прыгоды і здарэньні герояў лепш паглядзець у кіно. Я нават у нейкай разгубленасьці. Якой павінна быць кніга? Ну, ясна, — не банальным даведнікам і не прымітыўным апісаньнем нават самага крутога сюжэта. Яна павінна чараваць мастацкасьцю, але пры гэтым не павінна ўзьнікаць пачуцьця, што гэта выключна прыдумка аўтара. Пісьменьніку трэба ісьці па горных вяршынях, імкнучыся не завальвацца ані ўправа, ані ўлева.

s.

"Замок" Косьця Бараноўскі сапраўды быў маім земляком. Мы вучыліся зь ім у адным тэхнікуме, толькі ён на курс раней, і, адпаведна, на год раней Косьця быў прызваны ў войска. Скончыў тую саму вучэбку, пасьля якой яго пакінулі ў роце за сяржанта-настаўніка — навучаць салаг. Ніякай асаблівай палёгкі ў службе ад гэтага я ня меў, але, трэба прызнаць, сяржанцкі склад нашай роты мяне маральна не даставаў. Нейкая адмысловая дыстанцыя трымалася. Усе ведалі, што я зямляк Косьці Бараноўскага, разам зь ім вучыўся, і гэтага было дастакова, каб кавалачак ад той павагі, якую за год службы зарабіў Косьця, дастаўся й мне.

Косьця быў вялікага росту, моцнага складу, і ад гэтага нават крыху мядзьведжаваты. Твар яго быў густа засыпаны ластаўчыньнем. Па-мойму, ён крыху гэтага саромеўся. Таму на людзях трымаўся заўжды тэатральна сур'ёзна, без усьмешкі на твары. Хаця на самой справе быў рахманым, вясёлым дзецюком. Над маладымі байцамі свайго ўзвода ня зьдзекваўся, але і не даваў спуску парушальнікам дысцыпліны. Быў справядлівым камандзірам. І ўзвод яго любіў і імкнуўся не падстаўляць свайго "замка".

Спачатку цяжка было паверыць, што ён, як і мы, такі ж самы салдат тэрміновай службы, што чакае дзембеля, што некаму піша лісты, што, магчыма, яго чакае на "гражданцы" дзяўчына, і ён сьніць яе ў салдацкіх снах.

Я нават не спрабаваў з Косьцем па-сяброўску зблізіцца, бо былі мы абсалютна рознымі. У тэхнікуме нашы кампаніі не перакрыжоўваліся: ну, бачыліся на перапынках паміж заняткамі, на нейкіх агульнатэхнікумаўскіх мерапрыемствах ды на дыскатэках. Ведалі адзін аднаго ў твар і па імені. Вось, бадай, і ўсё. Цяперашняе маё набліжэньне да яго выглядала б як "падмазваньне" да камандзіра. Ніколі такім не займаўся. Ды і не хацеў у вачах калектыву выглядаць нейкім ад'ютантам пры "замку". Усю агульную службу трымаліся мы зь ім на дыстанцыі, і нават калі па заканчэньні вучэбкі я зьехаў у іншую вайсковую частку — лістоў адно другому не пісалі, і пасля, на "гражданцы", таксама не сустракаліся.

Вось такія ў мяне былі адносіны з "замком-земляком". Хаця, канешне, дзякуй, што ён быў. І калі б мне надарылася чымсьці яму дапамагчы па жыцьці, дык не вагаўся б ні хвіліны. Зямляк заўжды дапаможа земляку.

Рота паходным маршам цялёпаецца з палігона. Горача, хаця ўжо сонца ня так паліць. Да таго ж, дарога ідзе па лесе, а тут прыемная засень і прахалода. Пагрукваюць кацялкі, прымацаваныя да салдацкай папругі. Чамусьці яны самыя зьвяглівыя. Вось сапёрскія рыдлёўкі, тыя маўчаць. Толькі паляпваюць па сьцёгнах, нібы падганяючы гаспадароў, маўляў, давай-давай, шырэй крок, пара ўжо ў роце быць і да вячэры рыхтавацца. Аўтаматы за плячыма, тыя ўвогуле толькі ў неба ўзіраюцца. Носяць іх на руках. А ўвечары перад адбоем будуць старанна чысьціць кожную дэтальку, кожную спружынку — лашчыць мягкай анучкай, змазваць алівай. А затым — у збройны пакой, на сваё месца, адпачыць, пабачыць сны, астыць ад страляніны.

— Ро-о-о-т-а, бягом марш! — дае каманду Косьця.

Рота марудна пачынае набіраць хуткасьць. Вось тут на нас забразгала ўсё, што толькі можа бразгаць. Як я ненавіджу гэтую каманду. Божухна! Калона хутка распадаецца і неўзабаве самыя моцныя і трывалыя саслужыўцы аказваюцца сьпераду, а слабыя і інтэлігенты — ззаду. Мы з Красьнічам недзе ў хвасьце. Побач бяжыць "замок" і як можа нам спагадае:

— Ну, ну, давайце, давайце, трымайцеся.

Якое тут трымайцеся, калі ногі падкашваюцца і не хапае паветра для дыханьня.

— Дай твой аўтамат, — зьвяртаецца да мяне Косьця.

Пашкадаваў. Хоча паказаць, што ён і з двума аўтаматамі абгоніць усю роту.

— Ня трэба! — нейкая злосьць закіпае ўсярэдзіне.

Прысьпешваю крок. Адчуваю: адкрылася другое дыханьне. Як быццам бы арганізм сам вынайшаў і прымяніў у жыцьцё рацпрапанову, і цяпер усмоктвае кісларод з паветра кожнай клетачкай скуры. Боты самі ўздымаюцца ўгору і ляцяць-ляцяць. Абыходжу саслужыўцаў аднаго за другім. Вунь і Гусак маячыць наперадзе. Даганяю яго. Засталося якіх крокаў дзесяць.

— Рота сто-о-о-ой! — ляціць над лесам каманда Косьці.

Усе спыняюцца. Заднія падцягваюцца да пярэдніх.

— Адпачыць дзесяць хвілінаў!

Частка Трэцяя

1.

У адпачынак зь Берасьця да Менску я ляцеў самалётам. Ня памятаю ўжо, адкуль узялася такая ідэя. Відаць, хацелася хутчэй дахаты. Папрасіў дзяжурнага па частцы выклікаць таксоўку і як сапраўдны намесьнік камандзіра ўзвода, рэальны ўжо старэйшы сяржант, паважаны падначаленымі (і за гэта ня вельмі шануемы камандаваньнем), сеў у пацёхканую "Волгу" з шашачкамі па бакох і годна прамовіў таксысту: — Аэрапорт.

На ўзьлётным полі чакаў маленькі "Як", у салёне якога панаваў поўны розрух. Нібыта гэты "Як" на штодзень займаўся нейкімі гаспадарчымі перавозкамі, але нечакана пілётаў папрасілі падкінуць некалі чалавек да Менску. У палёце трэсла, гуло і калаціла. Добра, што мой арганізм не паддаецца на такія рэчы. Пасля выпрабаваньня ўнутранымі авіялініямі, можна прымаць у касманаўты, — падумалася прыканцы палёту.

Аэрапорта "Менск-2" тады яшчэ не было, таму прыляцеў адразу ў Менск. Каб дабрацца да чыгуначнага вакзалу хапіла якіх 15 хвілін. Там сеў на электрычку і праз паўтары гадзіны ўжо пагрукаў у знаёмыя да сьлёз дзьверы.

Было неяк нязручна ісьці па родных вуліцах у вайсковай форме. Ведаю, некаторыя хлопцы падчас адпачынкаў нават фарсілі сваім убраньнем колеру хакі. Балазе, у нашым кутку горада ніякіх вайсковых патрулёў не бывае. Маўляў, вось які я герой, шануйце і частуйце, бо я сьцерагу чыстае неба над вашымі галовамі. Будзеце кепска мяне шанаваць, то і я буду выконваць свае абавязкі без энтузыязму. Каму ад гэтага будзе лепш? Прыкладна вось так выглядае іхняе бадзяньне па родных палестынах у вайсковым фрэнчы.

У бацькоўскай кватэры я перш-наперш скінуў хакі і апрануў цывільную вопратку.

Вось і дома. Пра гэта сьніў. Пра гэта ў кожным лісьце пісаў Дзімыч. А ўсё аказалася будзённа і проста. Жыцьцё бяз нас не спынілася. Новыя дзеці пайшлі ў нашую школу. Новыя "каралі" апанавалі танцы ў Доме культуры. Новыя дзяўчаты падрасьлі й кружаць галовы хлопцам на Брызгалаўцы.

І толькі кружэлкі ў маёй шафе засталіся тыя самыя. Яны ўпарта чакалі мяне. Яны ведалі, што яшчэ мне спатрэбяцца.

2.

Быў надзвычай пагодны дзень. Сонца сьвяціла мяккім і лагодным сьвятлом. Я ішоў невядомым шляхам — дарога кружляла паміж высокіх пагоркаў і, здавалася, адмыслова рабіла лішнія петлі, каб падарожнік мог як найдаўжэй палюбавацца цудоўным краявідам. Ісьці было прыемна. Сьпявалі птушкі. Найбольш стараўся жаўрук. Ягоны голас увесь час гучаў над пекным ляндшафтам.

Дарога нарэшце ўзьнялася на ўзгорак і зьнікла. Далей шляху не было, бо ўнізе шырокай паласою ляжаў вадаём. Шырыня яго была недзе мэтраў дзьвесьце. Я пазнаў у ім Брызгалаўку, але ніяк ня мог зразумець — зь якога боку я да яе выйшаў. Горш за ўсё я ведаў тэрыторыю з боку Судабоўкі, але наўрад ці я знаходзіўся ў тых мясцінах, бо, папершае, там няма ніякіх узгоркаў, па-другое, там вадаём больш вузкі і зарослы чаратамі ды аерам. Тут жа быў чысты водны прасьцяг, прычым з надзвычай празрыстай вадой, якая бывае ў Брызгалаўцы толькі ранняй вясною. На мелізьне былі бачныя чорныя сьпіны вялікіх рыбаў, якія ляніва кружлялі амаль на адным месцы, як у стаўку японскага імпэратара.

Я спусьціўся з пагорку на бераг вадаёма і зайшоў у ваду. Вада была цёплая і прыемна лашчыла ногі. Спрацаваў інстынкт рыбака і я паспрабаваў злавіць адну з рыбін. Удалося гэта вельмі проста, бо яны абсалютна мяне не палохаліся. Я выхапіў з вады першую, што трапіла мне пад руку. Гэта быў ці то карп, ці то лешч, але выгляд меў настолькі жалюгодны, што яго адразу адпусціў. Рыбіна была зусім худая, таму і падалося, што больш падобная да ляшча, да таго ж, у яе па бакох месцамі бракавала лускі, а плаўнікі падзертыя, нібыта яна пераадолела сур'ёзныя парогі, каб сюды даплысьці.

Мой родны горад быў ужо зусім іншы. За час маёй адсутнасьці ён выкрасьліў мяне са спісу тых, хто значыўся ў яго на забесьпячэньні. Практычна ўсе мае аднагодкі апранулі гімнасьцёркі. Не было нават з кім выпіць "Такайскага". Ясная справа, я наведаў усе знакавыя мясьціны майго былога жыцьця — танцы ў ДК, кінатэатр "Юнацтва" і рэстарацыю "Вясна". Паўсюль я сустрэў сум і запусьценьне. Мяне як быццам выдзерлі з каранямі са свайго куточка ў родным лесе і перасадзілі ў нейкі іншы. Здаецца, усё тое самае — верас, хвоі, бярозы, сыраежкі, мурашнік, мухаморы, лежні зайцоў і сьцежкі дзікоў — але ўсё іншае, чужое. І самае істотнае — Яна ўжо не працавала ў краме "Культтавары" ў аддзеле грампласьцінак. Магчыма, яна перайшла працаваць у нейкую іншую краму, магчыма, увогуле зьехала з гэтага Богам забытага горада.

На трэці дзень адпачынку я амаль не выходзіў з кватэры — слухаў кружэлкі, круціў VEF, гутарыў з бацькамі. Упершыню я сур'ёзна захваляваўся за сваю будучыню.

Зь цяжкімі думамі я сеў пісаць ліст Дзімычу.

Салам алейкум, Дзімыч!

Не паверыш, але я пішу табе ліст з родных пэнатаў. Так сьпяшаўся дахаты, што вырашыў ляцець самалётам. Дзімыч, калі ўжо ў нас будзе ўласны самалёт, які не раскоша, а сродак пераадольваньня вялікіх адлегласьцяў?

Хачу табе давесьці, што жыцьцё тут бяз нас спынілася. У "Вясьне" сядзяць нейкія барыгі, якім абы напіцца. Танцы апанавалі гопнікі, якія ходзяць выключна сваімі бандамі. Сам па сабе індывідуум зьнік як нетутэйшая форма жыцьця. І гэта ўсё за нейкі год. Дэградацыя чалавецтва паскорылася на вачах!

На танцах ужо ня грае гурт у жывую, а дыджэй круціць з магнітафонаў нейкую тупую музыку. Ты не паверыш! Але гэта так. Дзімыч, я ня ведаю, як вярнуць тутэйшае жыцьцё ў нармальную каляіну.

Мая гітара разладзілася і не паддаецца настройцы. Яна слухаецца толькі тваіх рук.

Вось такі атрымаўся жаласьлівы ліст. Нават зь Печаў нічога падобнага табе не пісаў. Прабач.

Але ня думаю, што ўсё так пэсымістычна. Ёсьць яшчэ жанчыны. Заўтра павінна прыехаць Ленка. З тэхнікуму яна сышла не давучыўшыся. Вярнулася да бацькоў. Зараз недзе працуе ў сваім родным пасёлку. Ня ведаю, ці памятаеш ты яе. Нічога сур'ёзнага ў мяне зь ёй не было. Але гэта, бадай, адзіны блізкі чалавек, які ў мяне застаўся на грамадзянцы. Баюся гэтай сустрэчы. Баюся расчаравацца і ў ёй.

Вось такія мае навіны з волі. Воля, брат, яна павінна быць у нас унутры.

Нічога, мы яшчэ здабудзем уласны самалёт і паляцім на Багамы. Так што качай, Дзімыч, торс. Бо сваімі хударлявымі грудзямі перапудзіш на Багамах прыстойную публіку.

Трымайся. Твой Санча з сяржанцкім салютам. Будзь здароў!

3.

Найбольш часта прыходзілі да мяне ў войска люты ад Ленкі. Яна пісала, праўда, з істотнымі праваламі. Часам зьнікала з далягляду на некалькі месяцаў. Але зноў вярталася і сваімі лістамі ўсё больш выклікала трывогу за яе лёс. Калі я зь ёй пазнаёміўся, то ніяк не ўяўляў, што ў гэтай дзяўчыне сядзіць усярэдзіне нейкі ўпарты чалавечак. Што яна здольная на асабісты бунт і прыняцьце рызыкоўных рашэньняў, якім ёсьць, напрыклад, сыход з тэхнікума. Наўрад ці насьмеліўся б я пакінуць тэхнікум, бо гэта выклікала б шмат праблемаў. Найперш трэба было вяртацца ў школу, каб атрымаць сярэднюю адукацыю. Бо мы паступалі ў тэхнікум пасьля восьмай клясы. Без сярэдняй адукацыі ўжо немагчыма было падавацца ў ВНУ. Усё гэта ў сваіх лістах я тлумачыў Лене, але яна ўпарта не хацела мяне слухаць. Пісала ў адказ, што прыняла рашэньне і ўжо ня будзе яго пераглядаць. Гэтай сваёй упартасьцю яна ўсё больш мне падабалася. Хаця і ўзьнікалі пэўныя насьцярожлівыя думкі, маўляў, дзяўчына пайшла ў гулі і якая там вучоба. Але думкі гэтыя я гнаў прэч.

Лена была ці не адзіным чалавекам у сьвеце, які ведаў шмат маіх таямніц і сакрэтаў. Яна ведала, што я пішу вершы. Ведала, чым люблю займацца, якія маю пляны на жыцьцё і многа чаго іншага. Я ёй давяраў. Хаця, магчыма, мне быў патрэбны чалавек для спавядальнасьці. На гэтую ролю лёс абраў гэтую няўрымсьлівую і няпростую дзяўчыну. Дзяўчыну, якая даўно магла адчаліць ад майго берага, але ўпарта яго трымалася.

Лісты Лены

Вітаю, мой дарагі салдацік!

Пішу на супрамаце. Бондараў нейкую фігню тлумачыць. 31 сакавіка здаем іспыт.

Я трохі "прыхварэла", сяджу мучаюся. Учора было весела, сёньня ня вельмі. Ня ведаю, што табе яшчэ напісаць. Усё па-старому. У нашым сіці нічога новага.

Пішы, калі ласка, часьцей.

Хацела яшчэ ў цябе спытаць. Калі, напрыклад, я кіну тэхнікум пасьля двух курсаў, ці буду мець сярэднюю адукацыю?

Да пабачэньня. Не забывай мяне.

Салют, мой дарагі салдацік!

Ты ўсім так рэдка пішаш? Але сёньня сьвята, дачакалася твайго ліста.

У мяне справы абы што, дакладней, жахлівыя. Матэматыка мяне даканае. Дакладней, матэматык.

Ды чорт зь імі, няхай адлічаюць. Хоць зьеду куды-небудзь з гэтай глухмені. Так што неўзабаве будзеш мне пісаць на новы адрас.

Уладзя (памятаеш, з твайго раёну), сволач такая, ажаніўся колькі месяцаў таму, а да мяне цягаецца. Я б на месцы яго жонкі даўно такога паўзуна адмяцеліла. Ня думай, у мяне зь ім нічога не было і ня будзе. Чыста сяброўскія адносіны.

Учора з-за яго не пайшла на заняткі. Прыйшоў а дзявятай раніцы (мне на другую пару трэба было) і не пусьціў у тэхнікум, і сам не пайшоў на працу. Напісаў мне тлумачальную, што я нібыта была хворая. А сёньня загадчык аддзяленьня сказаў, што трэба мэдычная даведка. Але я не хвалююся, усё адно мне тут не вучыцца.

Слухай, якія ва Ўладзі запісы!!! Перапісала сабе на маг два альбомы Pink Floyd — Animals i The Wall. Гэта проста цуд! The Wall дык зусім яшчэ сьвежы альбом.

Ведаеш, неяк самой ня верыцца, што неўзабаве ня буду хадзіць у тэхнікум на заняткі. Але я не шкадую. І ўсё ж ніякавата. Столькі ў мяне тут сяброў, шкада зь імі разьвітвацца. Раней я ўжо ведала, што тут ня буду вучыцца, але не было рашучасьці сысці. А зараз ужо і бацькі ведаюць, дык адступаць ад надуманага будзе несур'ёзна.

Жыцьцё нейкае заблытанае. Сама ня ведаю, чаго хачу. Было б лягчэй, каб ты быў побач.

Пішы. Не лянуйся. Да сустрэчы. Лена.

Алеська, добры дзень!

Толькі сёньня атрымала твой ліст. Дакладей, ён прыйшоў у нядзелю. Паштарка паклала яго ў сярэдзіну газэты "Советская торговля", а яе ў нас ніхто не чытае, акрамя сястры. А ўчора яна ўзяла газэту на працу, разгарнула, а там — твой ліст. Потым пакінула ліст на рабоце, так што ён да мяне трапіў толькі сёньня.

Алеська, дзякуй за парады і ўстаўленьне мазгоў. Але ты не разумееш, як усё надакучыла. Заўтра ўсё вырашыцца. Павінны прыехаць бацькі. Але што яны зробяць? Не хачу — і ўсё. Я сама пакуль нічога ня ведаю. Заўтра я табе абавязкова напішу. Ой, не ўяўляю, што заўтра будзе.

Я, напэўна, табе надакучыла сваімі недарэчнымі лістамі. Да пабачэньня. Пішы. Лена.

Вітаю, Алесь!

Сёньня даслала табе адзін ліст. Пішу другі. Ёсьць на тое прычыны — прыйшла з пэдагагічнай нарады.

У мяне некалі быў канфлікт з матэматыкам. Пасьля чаго мы ўзьненавідзелі адзін аднаго. Ён мне пачаў ставіць адны двойкі, што і працягвае рабіць да сёньня. Уяўляеш? За ўвесь сэмэстар стаялі роўным шэрагам толькі дваякі, нават пашкадаваў хаця б аднаго кволага траяка. Ну вось, а прыканцы сэмэстру па матэматыцы не было ні заліку, ні экзамэну. Таму ён і паставіў мне пару за сэмэстар. Пераздаваць я да яго не хадзіла. Ён мне так і сказаў: можаш зараз і не хадзіць, а ў траўні будзе апошні экзамэн, вось тады за ўсё і спытаю! Ну, думаю, сволач якая. Але вырашыла: пайшоў ён на... Ну а затым усё пачалося. І вось запрасілі мяне на пэдагагічную нараду. Нічога страшнага там не было, хоць маглі адразу й адлічыць. Клясуха была за мяне, дырэктар і загадчык аддзяленьнем увогуле маўчалі. Карацей, загадалі да першага сакавіка здаць матэматыку. Ня ведаю, што будзе!

Уяўляеш, заходжу ў кабінет і пасьміхаюся. А чаго сумаваць? Фізык, мэханік сядзяць і пасьміхаюцца ў адказ — файныя мужыкі. А матэматык: "Чаго пасьміхаесься?" А мая клясуха кажа: "Яна не пасьміхаецца, проста нэрвуецца". Матэматык і змоўк. Ня ведаю, што будзе далей.

Бачыш, твая сяброўка да чаго дакацілася — на пэднараду выклікаюць. Але нічога! Паспрабую выправіцца. Магчыма, не адлічаць. А ўвогуле, хачу сама забраць дакумэнты. Аднак пакуль не набралася сьмеласьці.

Але хопіць пра мяне. Як ты? Ты нічога аб сабе ня пішаш. І яшчэ: ты ўвесь час спрабуеш замяць пытанне: чаму не высылаеш фотаздымак? Сам абяцаў схадзіць сфатаграфавацца і даслаць. А на самай справе?

Усё забываю спытацца, ці пішуцца ў войску вершы? Дашлі, калі што напісалася.

Усё, пакуль. Пішы хутчэй. Лена.

Салдацік, добры дзень!

Ну ты даеш! Раз я перастала пісаць (бо маю праблем вышэй галавы), дык і ты змоўк.

Я ўвесь гэты час не магла табе пісаць. Ты ўжо прабач. Але чаму ты ня пішаш?

У мяне ўсё па-ранейшаму. У аўторак думала здаць матэматыку. Я яе ў труне бачыла, але гоніць клясуха. Усё роўна нічога ня ведаю.

Пішу са свайго пасёлка. Прыехала да бацькоў.

Нядаўна пазнаёмілася зь нейкім мудаком з вашага раёна. Кажа, што жыве насупраць цябе, завуць Андрэй. Казаў, што вы зь ім увесь час сварыліся. Ён сапраўды мудак і алкаголік!

Больш пісаць няма пра што. Да пабачэньня. Лена.

Мой дарагі салдацік!

Нарэшце атрымала ад цябе ліст.

У мяне нічога новага. Практыка. Потым сэсія. Пра новыя пласьцінкі нічога не магу табе напісаць, бо ня бачыла патрэбных людзей, у каго магла б спытаць.

Хачу папрасіць цябе адну рэч. Не нарабі нічога такога да канца чэрвеня, каб твой адпачынак абавязкова адбыўся. Калі ласачка! Я так хачу цябе ўбачыць!

Шукшын мне ня вельмі спадабаўся. Увогуле, чытаць можна, але каб вельмі захапіла, то не скажу. Мне падабаецца Гэмінгуэй. Трэці раз чытаю "Бывай, зброя". Вось каго чытаць трэба. Праўда, у кожнага свой густ.

Ты па-ранейшаму збіраесься пасьля войска паступаць у наргас?

Усё, пакуль. Пішы. Лена.

Вітаю, Алесь!

Прабач, што доўга не пісала. Неяк напісала, але згубіла недзе ліст.

На вуліцы сьпёка. Я ўжо загарэла. Кожны дзень ходзім на Брызгалаўку. Зараз пайду на практыку ў другую зьмену.

У панядзелак здавала экзамэн па матэматыцы. Зноў праваліла. Ня ведаю, што буду рабіць. Матэматык ужо не жартуе. Карацей, залёт мне. Крыўдна, канешне.

Пра пласьцінкі так нічога і не разьведала. Сяструха забараніла мне езьдзіць у твой раён. Мне асабліва пляваць на яе забароны. Але сама зараз не магу.

Што ты, дарагі, пачаў цікавіцца маімі сяброўкамі? Пішаш, каб я табе напісала падрабязьней пра іх. Ну-ну! Адчувае маё сэрца, што ня ўсё так проста. Што ёсьць у цябе нейкая таямніца, але ты ўпарта пра яе маўчыш.

Напішы, калі прыедзеш у адпачынак. Фотаздымак свой я табе не дашлю, бо ўжо пісала, што гэта кепская прыкмета.

Ты так нічога і не адказаў пра вершы. Чакаю.

Пакуль. Пішы хутчэй. Лена.

Добры дзень, Алесь!

Сёньня прыехала да сястры і атрымала ад яе твой ліст. На гэты адрас больш не пішы. Карацей, я сама яшчэ ня ведаю, дзе буду заўтра. Учора езьдзіла ў Менск да старэйшай сястры. Яна кажа, каб я скончыла адзінаццатую клясу вечаровай школы і паступала ў наргас. Я ў разгубленасьці.

Рудога я ня бачыла, чула толькі, што ён зноў прыйшоў у адпачынак.

Не паверыш, але я працую. І ведаеш дзе? У сваім пасёлку на чыгуначным вакзале — мыю падлогу, прыбіраю перон, даглядаю кветнікі... Працую, карацей, галоўнай прыбіральшчыцай! А мне ўсё адно дзе, галоўнае — 75 рублёў заробку.

Пакуль. Цалую. Лена.

Добры дзень, дарагі салдацік!

Ты пішаш, што даўно ўжо сяржант, але для мяне ты ўсё адно салдацік. Пішу табе з дома. Не дачакалася твайго ліста. Справы ў мяне так сабе. Сумна. Сёньня пайду ў кіно "О, шчасліўчык" (ЗША), іду ўжо другі раз. Маці кажа, што здурнела.

У асноўным вольны час праводжу з кнігай. Маці недзе раздабыла Бакачыа "Дэкамэрон". Калі яе няма дома, я чытаю. Калі б яна даведалася, яна б мне пачытала! Бо кніга распусная. Насьмяесься, але многаму можна і навучыцца, хоць і адбываюцца падзеі ў 16 стагодзьдзі. Чалавек за гэты час практычна не зьмяніўся. У Шукшына таксама сьмешна, але тут зусім інакш. Маці кажа, што рана мне яшчэ такія кнігі чытаць.

Увогуле, маці ў мяне клясная. Вось толькі я яе зусім ня слухаюся. Увесь час агрызаюся. Сама разумею, што гэта жахліва, але нічога з сабой не магу зрабіць.

Як там у цябе справы? Пішы хутчэй, бо я памру ад суму. На танцы амаль не хаджу. Няма там чаго рабіць.

Пакуль. Пішы. Лена.

4.

З вакна быў бачны ленінградзкі цырк. Сьветлавая афіша паведамляла, што на арэне цырку штодня легендарны клоўн Карандаш. Для мяне Карандаш быў перадусім героем часопіса "Весёлые картинки". Я ўявіў, як гэты Карандаш, з алоўкам замест носа, выходзіць на арэну ленінградзкага цырку. На маім твары расплылася шырокая, дзіцячая ўсьмешка.

— Чаго лыбісься? — спытаў Руды, ложак якога стаяў побач.

Наша тэхнікумаўская група прыехала ў Ленінград на пару дзён экскурсійным аўтобусам. Пасялілі нас ў самым танным гатэлі. Хаця гэтая начлежка хутчэй нагадвала вайсковую казарму — вялікія пакоі былі шчыльна застаўленыя мэталічнымі ложкамі. Я заняў ложак ля вакна. Праз шыбу да нас у пакой зазіраў сапраўдны Ленінград — сьветлавая рэкляма вялікага горада, мітусьлівы натоўп людзей, бясконцая плынь аўтамабіляў, гукі матораў і кляксонаў і нават зоркі нейкія іншыя ў чыстым небе. Гэта зачароўвала.

— Ды так, згадалася адна гісторыя, — адказаў я Рудому.

— А ведаеш, я хацеў бы жыць у Ленінградзе, — сябрука таксама ўразіла ленінградзкая рэчаіснасьць.

— І што тут добрага? — мне закарцела пачуць разважаньні Рудога.

— А ўсё добра! Прыгожы горад, шмат магчымасьцяў, не забывай, што тут ёсьць порт, а гэта значыць, марыманы з таварам — джынсы, жуйкі, пласьцінкі. Гэта праз такія вароты ў іншасьвет твае пласьцінкі трапляюць да нас у Саюз, а затым перакупшчыкі іх скупаюць і заганяюць такім, як ты. З добрым наварам. Але асноўныя грошы асядаюць тут.

— А як жа любімая сядзіба дзеда на беразе Бярэзіны? Грыбы ўвосень...

Завершыць сваю думку я не пасьпеў, бо ў пакой заляцеў Толік. Правае вока яго істотна адрозьнівалася ад левага. Яно пачынала паціху заплываць.

— Хлопцы, мяне абрабавалі на вуліцы, — гучна выгукнуў аматар прыгод.

— Хто абрабаваў? — ускочыўшы з ложку, спытаў Руды.

— Ды нейкія ханыгі падышлі, папрасілі закурыць, зацягнулі ў падваротню і абрабавалі.

Чалавек дзесяць паўскоквалі з ложкаў і пачалі апранацца.

— Хутчэй, хлопцы, — прысьпешваў іх Толік.

Гэта было ў стылі Толіка. Як і калі ён пакінуў пакой і пайшоў швэндацца па вечаровым Ленінградзе, я не заўважыў. Але абсалютна гэтаму не здзівіўся. Дзеля падобных прыгодаў ён выкарыстоўваў любыя магчымасьці, ніколі не стамляўся, мог ахвяраваць сном і нават не адной ноччу.

Пачаў апранацца і я, бо пакінуць сябра ў бядзе — апошняя справа.

Наш мабільны атрад "Помста" апэратыўна скаціўся па прыступках на вуліцу.

— Шмат было грошай? — спытаў Руды.

— Дваццаць пяць рублёў — усё што меў, — адказаў пацярпелы.

— Колькі іх было?

— Былі ўтрох, прынамсі, трох я бачыў.

Мы ўсе пабеглі ў той бок, дзе адбылося здарэньне. Мінуўшы пару кварталаў, Толік паказаў на нейкую падваротню — тут. Мяне і Чука пакінулі на вуліцы на выпадак, калі злачынцы выскачаць з падваротні, а астатнія рынуліся прачэсваць тэрыторыю. З Чукам я адчуваў сябе больш-менш упэўнена. Гэты аматар штангі і вольнай барацьбы мог, калі што, даць ворагу дзейснага высьпятку. Ужо было праверана.

— Гэты Толік увесь час некуды ўліпне, трэба было яго прывязаць да ложка, — ці то жартуючы, ці то на поўным сур'ёзе сказаў Чук.

— Гвалт — гэта не гуманна, — я пачаў абараняць пацярпелага. — Затое ён мае вясёлае жыцьцё.

— Вясёлае, канешне: застаўся бяз грошай і зараз будзе нас даіць, — Чук пачынаў дундзець у сваім стылі.

З боку падваротні пачуліся нейкія крокі. Маё сэрца забілася з падвоенай амплітудай.

Зь цемры выйшла дзяўчына. Яна была адна. Восеньская слота толькі ўпрыгожвала яе. Надавала незнаёмцы нейкай кіношнай рамантычнасьці. Дзяўчына была апранута ў стыльнае паліто. Шыю какетліва ахопліваў стракаты шалік. Калі сказаць, што яна была прыгожай — значыць, нічога не сказаць.

Дзяўчына падышла да мяне і такім незямным голасам німфы прамовіла:

— Малады чалавек, а вы не маглі б мне дапамагчы?

Прамовіла, нібыта на вакзале папрасіла паднесьці ёмкую валізу.

Я разгубіўся. А ў Чука акругліліся вочы.

— За вамі, лэдзі, гоніцца банда рабаўнікоў? — я паспрабаваў узяць сябе ў рукі.

— Ды не, — яна гучна засьмяялася, як жанчына з "Брыльянтавай рукі", якая паабяцала Нікуліну паказаць халат з патрэбнымі гузікамі.

— А вы ўжо напужаліся! — яна перастала сьмяяцца.

— Нічога я не напужаўся. Ведаеце, я жыву ў такім раёне, што нічога не баюся. — я спрабаваў неяк выйсьці сухім з гэтай сытуацыі.

— На "Электрасіле".

— Не, яшчэ горш. Але вам, лэдзі, лепш пра гэта ня ведаць.

— Бачу, што вы сьмелы і годны рыцар. Дык дапаможаце мне? — дзяўчына зрабіла крок мне насустрач і стаяла ўжо на адлегласьці выцягнутай рукі.

— А што трэба зрабіць?

— О, зусім дробязь. Перадаць майму прыяцелю вось гэты пакуначак. — Яна дастала з кішэні невялічкую скрыначку, перавязаную шнурком, скрыначка была падобная да футарала ад ручнога гадзіньніка. — Ведаеце, сама зрабіць гэта я не магу. Ёсьць на тое прычыны. Зразумейце мяне.

Наступіла хвіліна маўчаньня. Мой мозг, з хуткасьцю ЭВМ, пачаў пралічваць магчымыя варыянты наступстваў гэтай перадачы.

— Добра. Няма праблем. Такой дзяўчыне нельга адмовіць, — сказаў я нейкім не сваім голасам.

— Вы не хвалюйцеся, тут няма ніякага падвоху, — дзяўчына пачала супакойваць, адчуўшы мае ваганьні. — Трэба проста знаёмаму вярнуць адну рэч.

Увесь гэты час Чук не прамовіў ані слова. Вочы яго па-ранейшаму не гублялі набытай акругленасьці. Зразумеўшы, што я зараз сыду з гэтай таямнічай незнаёмкай, ён усхліпнуў:

— Джагер, нам сказалі тут быць.

— Удзевецярох, я думаю, вы дадзіце рады. А адмаўляць дзяўчыне ў такой простай справе — гэта нізка.

Я тэатральна нахіліў галаву перад дзяўчынай і прамовіў:

— Я да вашых паслугаў, лэдзі.

— О, сэр, вы ня ведаеце, як я вам удзячна! — яна па-каралеўску пасьміхнулася і дадала: — Тут недалёка.

Я зрабіў салют рукой Чуку і пайшоў усьлед за дзяўчынай. Сэрца маё па-здрадніцку калацілася. Але я супакойваў яго як мог: нічога ня можа здарыцца, нічога ня можа здарыцца...

— А ты забаўны, — сказала незнаёмка. — Ніколі раней у гэтым раёне цябе ня бачыла.

Дзяўчына лёгка перайшла на ты.

Я ніяк ня мог успрыняць яе рэальным аб'ектам. Яна мне здавалася калі не прывідам, дык, прынамсі, галяграмным малюнкам.

— Першыя ўражаньні бываюць падманлівымі, — я вырашыў больш не фантазіраваць пра сваё месца жыхарства, бо абавязкова пракалоўся б.

Мы кудысьці ішлі й ішлі. Я спрабаваў, як следапыт, запамінаць шлях. Вяртацца, як я разумеў, трэба будзе аднаму.

— А што вы там рабілі, на Фантанцы? — спытала дзяўчына.

Відавочна, яе зацікавіла, што маглі рабіць дзесяць хлопцаў позна ўвечары ў нейкай падваротні.

— У майго прыяцеля котка зьбегла, такая прыгожая, пярэстая, мы яе й шукалі зь сябрамі.

Дзяўчына зноў залілася гучным сьмехам.

Яна ўсё больш мне падабалася.

Скончыўшы сьмяяцца, яна гарэзьліва паглядзела на мяне і сказала:

— У цябе нейкі дзіўны акцэнт.

Гэтага пытаньня я чакаў.

— Мы зь сям'ёй прыехалі ў Піцер тры гады таму, сам я зь Беларусі, — не міргнуўшы вокам, схлусіў я.

— Вось мы і прыйшлі. Зараз пяройдзем вуліцу і там наш дом, — яна паказала рукой на вялізны шэры гмах.

"Звычайны ленінградзкі жылы дом", — сказаў я ў думках, супакойваючы сваё сэрца.

Мы перайшлі на другі бок вуліцы і зайшлі ў двор гмаху. Крокаў за пятнаццаць да дзьвярэй дзяўчына нечакана спынілася, так што я наляцеў на яе. Мой нос крануўся яе валасоў і пачуў іх прыемны пах.

— Прабач, — прамовіў я.

— Рыцар, да таго ж галянтны, — досыць дзёрзка адказала яна на маё прабачэньне. Адчувалася, што яна таксама пачала хвалявацца.

Гэтыя словы выклікалі ў мяне ўспышку гневу. Захацелася разьвярнуцца і сысьці. Але я здолеў апанаваць свае нэрвы.

Дзяўчына дастала з кішэні паліто свой пакуначак і працягнула яго мне.

— Узьнімесься на другі паверх. Кватэра нумар сем. Спытай Ігара і перадай яму гэта. Калі Ігара ня будзе, спытай Веру Васілеўну. І папрасі яе перадаць гэта Ігару асабіста ў рукі. Зразумеў?

— Зразумеў.

Я падышоў да дзьвярэй і азіруўся. Яна засталася стаяць на ранейшым месцы.

Адчыніў дзверы і зайшоў у пад'езд. Пахла вільгацьцю і нечым яшчэ, нейкай камуналкай. Лесьвічная клетка была шырокай і досыць стромкай. Я пачаў уздымацца на другі паверх. Кватэру нумар сем знайшоў без асаблівых праблем. Націснуў на званок. Гук быў хрыплы: ад вільгаці нават электрычныя званкі маюць праблему з голасам. Больш чым хвіліну ніхто не адгукаўся. Затым нешта бразнула і ў пройме дзьвярэй я убачыў мужыка гадоў трыццаці. Ён быў у старым трыко і майцы. Доўгія валасы ўпарадкаваныя ў касічку. На біцэпсах левай рукі заўважыў наколку — быка, паміж рагамі якога прабіваў электрычны разрад.

"Вось яно і пачалося", — сказаў я сабе ў думках. А ўголас, стараўся прамовіць упэўнена і выразна, прывітаўся: — Добры вечар! Мне патрэбны Ігар!

— Яго няма і сёньня ня будзе, — сказаў гэты бык з электрычнымі рагамі.

— А можа ёсьць Вера Васілеўна? — гэтыя мае словы падаліся поўнай лухтой. — Якая Вера Васілеўна, у гэты позьні час, для нейкага пацана!

Бык разьвярнуўся і рыкнуў у кватэру:

— Васілеўна, да вас малады чалавек.

Недзе з хвіліну я стаяў на лесьвічнай пляцоўцы адзін.

Затым выйшла клясычнага выгляду інтэлігентная бабулька. Уся сівая, у акулярах, у самаробнай вязанцы.

— Добры вечар!

— Добры вечар!

Я дастаў футурал з кішэні курткі і працягнуў яго бабульцы.

— Калі ласка, гэта перадайце Ігару. Толькі папрашу асабіста яму ў рукі. Ён ведае.

— Добра, перадам асабіста ў рукі, — сказала ба-булька, як быццам такія перадачы для Ігара насілі ёй ці не штодня.

— Дзякуй! Усяго добрага!

— Усяго добрага!

Дзьверы зачыніліся. Я зноў застаўся на лесьвічнай пляцоўцы адзін.

"І што гэта было?" — сказаў я сам сабе ў думках.

Разьвярнуўся і пачаў спускацца да выхаду. Я быў упэўнены, што дзяўчыну ў двары не засьпею. Але яна, на маё зьдзіўленне, стаяла на ранейшым месцы.

— Ну што, перадаў?

— Ігара не было, аддаў Веры Васільеўне.

— Дзякуй. Ты мяне выручыў.

— Няма за што. Пусьцяковая справа. А што было ў той скрынцы? — мая цікаўнасьць толькі зараз, калі псыхалягічная напруга спала, праявіла сябе.

— Сакрэт.

Дзяўчына неяк вінавата паглядзела на мяне, маўляў, прабач, сказаць не магу.

Мы пайшлі ў бок вуліцы. Пару хвілін маўчалі. Разьвітваючыся, таямнічая незнаёмка, вочы ў вочы, ужо зусім іншым голасам, прамовіла:

— А ты сьмелы хлопец! Патэлефануй мне, калі будзе вольны час.

Яна працягнула мне кавалачак аркуша ў клетачку, на якім роўным каліграфічным почыркам былі напісаныя лічбы.

— Ты зараз куды?

— Да сяброў, шукаць котку.

Дзяўчына зноў залілася сьмехам. На гэты раз нейкім шчырым і па-дзіцячы задзірыстым.

— Ну, тады посьпехаў.

І працягнула мне руку. Я паціснуў дзявочую далоньку.

— Да сустрэчы! Мне на мэтро.

— Да сустрэчы!

Дзяўчына разьвярнулася і пашыбавала ў супрацьлеглы бок. Крокаў празь дзесяць спынілася, павярнулая і выгукнула:

— Абавязкова патэлефануй!

— А як цябе завуць?

— Патэлефануеш і даведаесься.

Я пайшоў у бок Фантанкі. Супярэчлівыя пачуцьці апанавалі мяне. Я ведаў, што ніколі ёй не патэлефаную. І гэта мяне ўганяла ў нейкі ступарны сум. Нібыта я губляў шанец, які выпадае толькі раз у жыцьці.

У гатэлі я засьпеў наш мабільны атрад "Помста" ў поўным зборы. Нікога яны ў той падваротні не знайшлі. Усе сядзелі і чакалі мяне.

— О, наш Рамэа нарэшце зьявіўся, — сустрэў мяне вокліч Толіка.

Чук, канешне, усё ўсім жывапісаў.

— І як там было? — Толіку было крыўдна, што гэтая гісторыя яго абмінула.

— Была невялікая перастрэлка, але я выйшаў пераможцам. Піцерцы слабакі.

Я плюхнуўся ў адзеньні на ложак і ўтаропіўся ў столь.

Хлопцы пачалі распранацца. Усім нясьцерпна хацелася спаць.

— Ты чаго, Джагер? Праблемы нейкія? — зашаптаў пад вухам Руды.

— Адчапіся. Усё нармальна. Сьпі.

Старонкі дзёньніка

Сёньня падумалася, што ў мае сны могуць прыходзіць і мае далёкія продкі. Але як я іх пазнаю, калі ніколі ня бачыў?

* * *

Мне падабаюцца амаль усе формы майго імя, якім завуць мяне людзі пры розных абставінах і рознай блізкасьці. Аляксандар — урачыста і афіцыйна. Саша — па-дзіцячы настальгічна і па-хатняму цёпла. Санча — з падкрэсьліваньнем адмысловага сяброўства. Алесь — з далучанасьцю да тваіх таямніцаў. Алеська — давяральна і інтымна.

У нашым горадзе жыве знакаміты бомж, якога ведаюць усе ў горадзе і завуць Іванам Заруцкім. Выглядае ён калярытна. Высокі, ці не два мэтры ростам. З ілбом, які грозна навісае над вачыма. І вялізнай барадою, як у Льва Талстога. Нават летам ён ходзіць у доўгім сьмярдзючым шынялі. А на плячах трымае два чамаданы, якія зьвязаны паміж сабой вяроўчынай — адзін чамадан вісіць на грудзях, другі ззаду на плячах. У чамаданах ён носіць рознае рызьзё і бутэлькі, якія зьбірае па ўсім горадзе. Неяк узімку ён аблюбаваў цеплапункт у маім пад'езьдзе, нарабіўшы страшнага смуроду на ўсе два паверхі. Жыхары пад'езда трывалі нядоўга — на дзьвярах цеплапункта зьявіўся замок. Іван Заруцкі ніяк ня мог даўмецца: чаму яго пазбавілі начлежкі? Не скандаліў, але некалькі разоў прыходзіў да замкнёных дзьвярэй і кранаў сваімі ручышчамі замок — раптам яго ўжо адамкнулі. Выдраць дохлую клямку з дзьвярнога вушаку было для яго плёвай справай. Але гэты беспрытульны бамбіза ведаў, чым магло для яго тое абярнуцца. Ён нешта мыкаў, кляцаў замком, цмокаў, уздыхаў і сыходзіў. Недзе быў адамкнуты іншы цеплапункт, або можна было пераначаваць у іншым доме на гарышчы.

Яго некалькі разоў забіралі ў вар'ятню. Але ён адтуль уцякаў. Вар'ятам сябе ён, відавочна, не лічыў і трываць несвабоду ня мог. Бацькі кажуць, што Іван стаў сьведкам нечага жахлівага падчас вайны, таму й мае гэтыя праблемы. Зласьлівыя языкі мянцілі, што ўжо ні адна адзінокая кабета спрабавала прыгрэць яго. Адмывала, пастрыгала, даводзіла да людзкага выгляду. Але Іван доўга не трываў нават

такой цёплай і сытнай несвабоды. Зноў узвальваў на плечы два свае вялізныя чамаданы і выпраўляўся ў свой, толькі яму знаёмы, шлях па вуліцах горада.

* * *

Усё радзей пішу тут у дзёньніку. Зьявіліся розныя рэчы, якія ўвогуле не хачу давяраць паперы.

* * *

Ці павінны заставацца дзеці ў бацькоўскім доме? Так было прынята ў сялянскіх сем'ях, калі спадчына, перадусім надзел зямлі, пераходзіла да спадкаемцы або дзялілася паміж сынамі. Але якая спадчына сёньня. Кватэра й дача?

Зь іншага боку, пакідаючы родны дом, дзеці як бы парушаюць традыцыю пераемнасьці пакаленьняў сям'і. Бо дом (лепш, канешне, уласны дом, а не кватэра) ад пакаленьня да пакаленьня назапашвае фонд гісторыі роду. Тут захоўваецца архіў сям'і, карціны, кнігі, нейкія рэліквіі. Уся гэтая культурная спадчына, збольшага, патрэбная толькі прадстаўнікам гэтага роду. Бо калі дом, які застаўся без гаспадароў, засяляюць новыя, чужыя людзі, то гісторыя сям'і апынаецца на сьметніку — фотаздымкі, лісты, дзёньнікі.

Апошнім часам мяне гэта вельмі хвалюе. Думаю пра гэта.

* * *

Ідэал — гэта ўмоўная велічыня. Але ён павінен існаваць. Як арыентыр. Як каардынаты быцьця.

5.

Сюзі Кватра была ў сваім традыцыйным скураным касьцюме, які шчыльна аблягаў зграбнае цела. Вялікая бас-гітара ў яе руках падкрэсьлівала невялікія дзявочыя габарыты. Гэтае дзяўчо калі сьпявала, была падобная да нейкай маладой шаманкі авангарднай плыні. Уся яе досыць прымітыўная музыка была пабудаваная на шалёным рытме і экспрэсіі вакалу. Сюзі ўмела заводзіць публіку з паўабароту. Гэтым разам яна стаяла ў атачэньні нейкіх геамэтрычных дэкарацыяў. Яе валасы разьвіваў штучны вецер, які дзьмуў ёй у твар і шпурляў сухім лісьцём. Складалася ўражаньне, што менавіта ейная гарэзьлівая музыка ўзьняла гэты шалёны вецер.

Па польскім тэлебачаньні ўночы, пасьля дванаццаці, часта паказвалі музычныя кліпы. Гэтым разам мне пашанцавала ўбачыць Сюзі. Перад сном мэлёдыя да болю знаёмай песьні Rock Hard да самай адключкі круцілася ў маёй галаве.

She never takes a chance


She doesn’t need romance


She never takes a chance


She never dates or dance


Her love is


Rock hard


Rock hard


She’s rock hard 1

З ложку я ўзьняўся са спазненьнем. Быў дзяжурным па сталоўцы. Пабачыўшы на гадзіньніку, што засталося паўгадзіны да пад'ёму роты, я падскокам пабег у сталоўку. Байцы майго ўзводу, якія былі ў нарадзе, сядзелі роўненька за сталом і пілі гарбату. На сталах не быў растаўлены нават посуд. Зьняўшы сваю папругу і раскруціўшы яе над сваёй галавой, я зароў як сапраўдны намесьнік камандзіра ўзвода, які ў нарадзе па сталоўцы:

— За работу. Вы што, бараны, гадзіньнікаў ня маеце. Неўзабаве тут будзе батальён.

Затым пайшоў неперакладны набор словаў, якім звычайна ў савецкай арміі заахвочвалі да працы.

— Вас чакалі, — адказаў млявым, сонным голас узьбек Абдурахім.

Байцы пачалі неахвотна ўздымацца з лаваў. "Яшчэ паўгадзінкі сну і была б мне як мінімум гаўптвахта", — бліскавіцай праляцела ў галаве думка.

Сталоўка напоўнілася гулам, звонам мэталічнага посуду, гукамі таропкіх крокаў у кірзавых ботах. Пакрыквала на байцоў і цывільная кухарка ў пяць абхватаў. Работа закіпела. Украінца Міколу я паслаў у казарму за падмогай. Было адчуваньне, што можам не пасьпець накрыць сталы.

Зайшоўшы ў мыйню, я пабачыў двух самых борзых з майго ўзводу азербайджанцаў, якія сядзелі на зэдліках і нешта паглыналі ў сваё чэрава. Я ўдарыў бліжэйшага да мяне ў плячо нагой. Той з грукатам паваліўся на падлогу. Ударыць другога сымулянта не атрымалася, бо ён перахапіў маю нагу. Я некалькі сэкундаў, як бусел сярод поля, стаяў на адной.

— Нэ нужна, таварыш камандзір, біцца. Мы зараз ідэм працаваць.

Той, хто трымаў маю нагу, мякка яе адпусціў і ўстаў, каб ісьці ў агульную залю сталоўкі. Другі падняўся з падлогі і падаўся за ім сьледам. Мінаючы мяне, ён на хвіліну прыпыніўся і са шчырасьцю непаслухмянага дзіцяці ў садочку, які не зьбіраецца завязваць са сваім шкодніцтвам, прамовіў:

— А вас, таварыш сяржант, ніхто не баіцца. Про-ста вы не стукач, таму людзі вас паважаюць.

Сказаўшы гэта, ён няўклюдна салютнуў мне рукой і блазнавата засьмяяўся.

У маёй галаве нехта крутнуў ручку гуку і Сюзі Кватра загучала на поўную моц:

She never takes a chance


She doesn’t need romance


She never takes a chance


She never dates or dance


Her love is


Rock hard


Rock hard


She’s rock hard

6.

Пра месца сустрэчы Лена напісала мне ў паштоўцы. Карэспандэнцыя прыйшла зь ейнага мястэчка, дзе дзяўчына працавала прыбіральшчыцай на вакзале. Мне прапаноўвалася ўвечары прыйсьці на апошні сэанс у наш кінатэатр "Юнацтва". Я схадзіў да тумбы з аб'явамі, якая была ля аўтобуснага прыпынку, і пацікавіўся, што за фільм. Сёньня ў нашым гарадку трэці дзень запар круцілі хіт сезону "О, шчасьліўчык". Я шалёна зарагатаў. Ленка не губляла пачуцьця гумару.

Квіткі былі ўжо ў маіх руках. Я хвілін пятнаццаць чакаў яе ля касы. Сэанс ужо пачынаўся, бо прагучаў званок. Яна ўляцела ў фае кінатэатра як мэтэор. Схапіла за руку і пацягнула ў кіназалу. Тут ужо круцілі традыцыйны кіначасопіс "Фитиль". Было цёмна, зала актыўна рэагавала сьмехам і воклічамі на нейкіх апівудаў на экране. Мы пастаялі пару хвілінаў ля сьцяны, каб вочы прызвычаіліся да цемры і пачалі шукаць свае месцы. У зале было не так шмат людзей, яны займалі пяць апошніх шэрагаў крэслаў. Мы без праблем знайшлі свае месцы. Лена працягвала трымаць мяне за руку. Мне было прыемна, і я не імкнуўся вызваліць сваю далонь.

Фільм я глядзеў няўважліва. Я адчуваў побач Лену. Нахінуўся і прашаптаў ёй на вуха:

— У такі спосаб хочаш здабыць шчасьце?

— У сэньсе? — яна не зразумела майго жарту.

— Штодня ходзячы на "О, шчасьліўчык".

Яна пырснула сьмехам. З усіх бакоў зашыкалі.

Фільм мы не даглядзелі й да паловы. Я прапанаваў пакінуць залу й Лена пагадзілася. Два аўтобусныя прыпынкі прайшлі пешкі.

— А ты зьмяніўся, пасталеў, набраў вагу, — акінуўшы мяне вокам, сказала Лена.

— Армія не праходзіць бясьсьледна, — я не любіў гэтую постармейскую браваду, але мяне панесла.

— Табе пайшло на карысьць.

— Магчыма. Але лепш бы я скончыў два курсы інстытута.

— Яшчэ пасьпееш. Не сьпяшайся.

Я адчуваў, што Лена таксама за гэты час зьмянілася. Яна стала больш разважлівай, дзяўчынка ператваралася ў жанчыну, якая цьвяроза і дасьведчана глядзіць на навакольны белы сьвет. Я расказаў ёй пару гісторый з армейскага жыцьця. Такім знаёмым і блізкім мне здаваўся яе сьмех! Мы селі ў аўтобус і паехалі знаёмым маршрутам у кірунку мікрараёна, у якім жыла сястра Лены. У тым, даармейскім жыцьці, некалькі разоў пасьля такіх праводзінаў, я спазьняўся на апошні аўтобус і амаль дзьве гадзіны дабіраўся ў свой раён пешадралам. Аднойчы гэта было пад халодным восеньскім дажджом. Успамінаць пра гэта не хацелася.

Увогуле, было прыемна проста ехаць у паўпустым аўтобусе з прыгожай дзяўчынай, аб нечым бестурботна гаманіць і ведаць, што ў цябе ёсьць у запасе некалькі дзён адпачынку.

І добра, што ў цябе ёсьць яшчэ й Лена. Апошні блізкі чалавек у гэтым суворым дарослым сьвеце. Як масток у новае жыцьцё. Як праваднік. Я згадаў пра Гары Галера са "Стэпавага ваўка". Унутры ў мяне ўсё засьвяцілася і зазьзяла. Адбылася сапраўдная ілюмінацыя. Ажно мурашы пабеглі па сьпіне.

Я нахіліўся і пацалаваў Лену ў шчаку. Яна нібыта гэтага чакала. Павярнулася да мяне тварам і, пасьміхаючыся, проста зірнула мне ў вочы. Я пасьміхаўся ёй у адказ. Збоку гэта выглядала на ідылію двух закаханых.

Аўтобус вельмі хутка прывёз нас да патрэбнага прыпынку. Мы выйшлі і пашыбавалі ўглыб новага, забудаванага дзевяціпавярховымі панэлькамі, мікрараёна.

Ужо пачало зьмяркацца. Людзей на вуліцы практычна не было. Ля уваходу ў пад'езд мы спыніліся. Лена прыхінулася сьпінай да сьцяны. Адчувалася, што яна не сьпяшаецца дахаты.

— І як ты тут жыла? — недарэчы спытаў я, бо трэба было пра нешта спытаць.

— Я табе пра ўсё пісала ў лістах. Маеш поўную справаздачу, — яна неяк сумна пасьміхнулася, толькі куточкамі вуснаў.

Гэтыя вусны прыцягвалі як магніт. Мой пацалунак ня даў ёй дагаварыць. Мяне пачало неяк шалёна калаціць і трэсьці, як пасьля дозы моцнага наркотыку. Я імкліва ператвараўся ў нейкага пярэваратня, у якім абуджаліся таемныя дэманічныя сілы. Я мацней упіўся вуснамі ў яе вусны, адчуўшы цяпло і прыязнасьць дзяўчыны. Яна таксама наструнілася — было чуваць, як у яе ўсярэдзіне ўсё звінела і гучала, нібыта высокавольтныя правады пад моцным ветрам. Неяк інстынктыўна мае рукі пачалі расшпільваць гузікі яе кашулі. Затым я расшпіліў станік. Яна не супраціўлялася. Вуснамі я дакрануўся да прыгожых дзявочых грудзей. Лена ў адказ пачала лашчыць маю галаву. Я зусім перастаў сябе кантраляваць — вызваліў гузік яе джынсаў і пачаў, нейкімі ліхаманкавымі рухамі, сьцягваць яе нагавіцы долу разам з майткамі. І ў мяне атрымалася гэта зрабіць — джынсы ссунуліся да самых каленяў, агаліўшы запаветны жаночы трохкутнік.

— Ня трэба тут, — голасам дарослай жанчыны сказала Лена, — пайшлі да мяне. У кватэры нікога няма — усе на дачы.

Яна хуценька прывяла сябе ў парадак і пацягнула мяне за сабой у пад'езд. Я паслухмяна падаўся сьледам за ёю.

7.

— Трымаю яго на мушцы. Чакаю каманды.

Снайпэр сядзеў на даху высотнага будынку ў

нейкім вялікім горадзе. Унізе як мурашы сноўдалі людзі. У гэтую пару дня іх было шмат. Усе ходнікі зьверху выглядалі як жывыя рэкі, якія няспынна цяклі ў двух супрацьлеглых кірунках. Яшчэ больш шырокімі рэкамі былі дарогі, па якіх бясконцым патокам рухаліся аўтамабілі. Снайпэр трымаў на мушцы нейкага мужчыну, які нёс валізу. Гэта было штосьці сярэдняе паміж дыпляматам і невялікім чамаданам. Мужчына ішоў нясьпешным, упэўненым крокам і, відаць, не падазраваў, што яго трымаюць на мушцы.

— Чакаю каманды, — другі раз паўтарыў снайпэр у мікрафон, прымацаваны да левага вуха.

— Страляй, — пачуў снайпэр і ў той самы момант згубіў у аптычным прыцэле сваю жывую мішэнь.

— Я згубіў яго, ён прапаў...

Снайпэр пасьпешліва вадзіў аптычным прыцэлам у патрэбным кірунку, але мужчына з чамаданчыкам бясьсьледна зьнік.

Мажная жанчына, гадоў пяцідзесяці, сядзела за вакенцам рэгістрацыі гатэля і глядзела па тэлевізары мастацкі фільм.

— Я ёй пазваніла, яна зараз падыдзе да вас.

Гэта кабета сказала мне, крыху павярнуўшы галаву ў мой бок. Але сваім правым вокам працягвала сачыць за падзеямі ў тэлевізары.

— Дзякуй, я пачакаю.

Сьпяшацца не было куды. Дзень толькі пачынаўся. А я прыехаў у гэты незнаёмы горад на тыдзень.

Ліфт расчыніўся і выйшла яна. Тая самая дзяўчына, якая некалі прасіла мяне перадаць свайму знаёмаму нейкі пакуначак. Гэтым разам на ёй была шыкоўная сукенка. Але зноў-такі шыю дзяўчыны ахоплівала хустачка.

— Гэта столькі гадоў у цябе не было вольнага часу, каб мне патэлефанаваць. Увесь гэты час ты шукаў котку зь сябрамі?

— Дык страляй жа, разява! — пачуўся гучны вокліч з закутка, дзе стаяў тэлевізар.

Дзяўчына ўздрыгнула. І замерла на месцы.

— Былі розныя справы. Часта стралялі. Бегалі марш-кідкі. Хадзілі ў нарады. А котку тады мы так і не знайшлі.

— І ты толькі гэта мне хочаш паведаміць? — дзяўчына са зьдзіўленьнем ўзьняла бровы.

— Я хачу табе расказаць пра сваю Каралеву. Некалі ты мне даверылася. Цяпер я хачу даверыцца табе. І мы будзем квіты.

8.

Красьніч пасьля сяржанскай вучэбкі ў Пячах таксама, як і я, атрымаў накіраваньне ў Берасьце. Ён служыў у суседняй роце аховы. Я часта бачыў, як ён разводзіў каравулы, калі быў у нарадзе. У іхняй роце была строгая дысцыпліна, бо штодня іх жаўнеры мелі справу з наладаванай баявымі набоямі зброяй. Таму я за Красьніча больш не хваляваўся. Час ад часу мы зь ім сустракаліся ў салдацкай чайной. Ніякіх агульных тэмаў для гутарак зь ім я ня меў. Гэта былі хутчэй размовы дзеля ветлівасьці.

Руды напрыканцы службы зусім зьнік з далягляду, але да мяне пэрыядычна даходзілі пра яго навіны ад іншых людзей. Ужо амаль пад самы канец службы ён трапіў у шпіталь, дзе яму зрабілі сур'ёзную апэрацыю — выразалі частку страўніка. Мяне гэтая навіна надзвычай усхвалявала й я закідаў Рудага лістамі. Нарэшце, ён адказаў. Пісаў, што цяпер усё нармальна, няма чаго хвалявацца. Ніякіх наступстваў няма, хіба толькі цяпер трэба быць асьцярожным з алкаголем ды трымацца дыеты.

Толік пасьля вучэбкі ў Туле апынуўся ажно ў Ка-захстане, у Сяміпалацінску. Пісаў, што служыць у сакрэтнай вайсковай частцы, але добра ўладкаваўся, бо спачатку вазіў на УАЗ-469 камбата, а затым перасеў на ГАЗ-24 і стаў асабістым кіроўцам генэрала. Генэрал ставіцца да яго як да сына, таму зь ім усё акей. Прачытаўшы пра гэта, мне згадалася, як мы езьдзілі на танцы ў Плісу. Выцягнуць машыну з балота атрымалася толькі двума трактарамі. Рудаму потым добра ўляцела ад бацькі, які ўвогуле быў суворым чалавекам. Ніякіх жартаў не разумеў і падобнага свавольства дараваць ня мог. Сытуацыя ўскладнілася тым, што падчас усіх гэтых прыгодаў у "жыгулёнка" аказаліся пашкоджанымі адны дзьверцы — засталася на іх добрая ўмяціна. Руды паабяцаў бацьку, што сам гэтую праблему вырашыць. І сапраўды, неўзабаве знайшоў нейкіх майстроў, якія выратавалі Рудаму жыцьцё.

Чука ўзялі ў войска на два гады пазьней за нас усіх. У сваім першым армейскім лісьце ён прасіў мяне знайсьці ў газэтах фотаздымкі футбольнага клюба "Дынама" (Менск) і публікацыі пра тое, як клюб стаў чэмпіёнам Савецкага Саюза. "Мяне забралі ў войска 17 чысла і я так толкам ня ведаю, як "Дынама" (Менск) стала чэмпіёнам", — пісаў ён у сваім лісьце з поўначы Расеі, з Выбаргскага раёну. Затым у некалькіх лістах ён дапытваўся, дык што ўрэшце здарылася са мной у Ленінградзе. Маўляў, ён, пасьля таго, як я сышоў з падазронай дзяўчынай невядома куды і навошта, моцна хваляваўся. Аднак ня мог пакінуць баявога пасту і пайсьці ўслед за намі, каб у выпадку чаго падстрахаваць мяне. Мне захацелася спачатку насачыняць яму з тры вазы. Але затым вырашыў адказаць ляканічна, што нічога асаблівага там не адбылося — перадаў каму трэба перадачку і ўсё. Астатняе — гэта мае асабістыя пачуцьці і перажываньні. Яны застануцца са мной.

9.

Мы зайшлі ў ліфт. Лена націснула кнопку пятага паверху. Ліфт неяк рыўкамі пайшоў уверх. На пятым паверсе мы выйшлі. Лена адчыніла ключом дзьверы. У кватэры сапраўды было ціха. Падумалася: вось жа хітруля, адмыслова не прыехала адразу ў першы дзень майго адпачынку. Чакала, калі вызваліцца кватэра сястры.

— Праходзь на кухню, зараз зраблю табе гарбаты. А я пакуль пераапрануся.

Лена зьнікла ў адным з пакояў.

Я прысеў на кухонны зэдлік. Узяў некую газэту, што ляжала на стале, пачаў гартаць.

— Бачу, час не марнуеш. І што пішуць газэты? — спытала Лена, уваходзячы ў кухню празь якіх пяць хвілін.

— Пра тое, што ты вельмі хітрая дзяўчына. Усё разлічыла.

— У сэньсе.

— Чакала, калі вызваліцца кватэра сястры, каб прыехаць да мяне і запрасіць у госьці.

— І што ў гэтым кепскага?

— Магла б і ў першы дзень прыехаць. Пісала ў лістах, што страшна сумуеш безь мяне. А сама тры дні не аб'яўлялася.

— О, сэр! Мы з табой яшчэ не заручоныя, каб я рабіла табе такія справаздачы.

На Ленцы быў лёгкі сіні халацік, які шчыльна аблягаў яе прывабную дзявочую постаць.

— Лепш мой новы халацік зацані. І не бурчы. Усё рабіла дзеля цябе. Вось і пляшачку "Такайскага" здабыла. Думаеш, лёгка яе было знайсьці ў нашым грамадзтве роўнасьці і братэрства?

Яна ўзьнялася на дыбкі і дастала пляшку "Такайскага" з самага верхняга аддзелу кухоннай секцыі.

— Спадзяюся, не развучыўся адкаркоўваць, — яна працягнула мне пляшку.

Я ўзяў у руку такую знаёмую для сьлёз, пузаценькую бутэльку, адкаркаваў і наліў у вялікія высокія шклянкі. Зусім крыху. Як любіў заўсёды.

— Ленка, ты проста залатая дзяўчына. Прабач за маё бурчэньне. За цябе!

Я пацалаваў Ленку ў шчаку і нясьпешна выпіў свае кроплі "Такайскага". Лена пасьледавала майму прыкладу.

Мы сядзелі насупраць адзін аднаго, пілі "Такайскае", пра штосьці гаманілі і гаманілі. Згадвалі акалічнасьці сваёй першай сустрэчы. Абменьваліся навінамі пра агульных знаёмых. Ленка расказвала падрабязнасьці свайго сыходу з тэхнікума. Было так цёпла і ўтульна. Ленка ўсё ж залатая дзяўчына.

Затым мы перайшлі ў пакой, дзе яна жыла, калі вучылася ў тэхнікуме. На пісьмовым стале стаяў просьценькі прайгравальнік "Сірыюс".

— Выберы там што-небудзь і ўключы прайгравальнік. Нічога там цікавага няма, але нешта можна і паслухаць, — сказала Ленка. — А я пакуль пасьцялю канапу. Бо на апошні аўтобус ты ўжо даўно спазьніўся, то застанесься ў мяне.

Я пачаў перабіраць пласьцінкі. Яны стаялі на паліцы побач з кнігамі. Там былі пераважна савецкія, але знайшоў балгарскія, балкантонаўскія і гэдээраўскія. Я выбраў балкантонаўскую кружэлку Кліфа Рычарда. Паставіў на прайгравальнік. Павярнуўся. Ленка ўжо распранулася і ляжала пад коўдрай.

— Ну што, салдацік, адбой.

Я падышоў да ложка. Сеў на край.

— Ты што, Алесь? — Ленка прыўзьнялася на локці.

Я пагладзіў яе па галаве. Як маленькую прыгожую котачку.

— Навошта гэта? Ты залатая дзяўчына, але навошта гэта? Ведаю, робіш гэта дзеля мяне. Але я не магу гэтым скарыстацца. Разумееш? Не магу.

Яна маўчала. Некалькі хвілін мы маўчалі.

— Я лепш пайду.

— Алесь, куды ты пойдзеш? Там ноч. Я магу табе пасьцяліць у іншым пакоі.

Ленка адчувала сябе вінаватай. Уся яе няшчырая ўпэўненасьць зьнікла ў адначасьсе. Яна ўзьнялася з ложку, накінула на плечы халат. Я заставаўся сядзець. Яна абняла маю галаву.

— Алесь, не хачу думаць, што будзе заўтра. Не хачу. Ёсьць сёньня. Ёсьць ты. Ня ведаю, ці кахаю цябе, але ты мне дарагі. І таму хачу быць побач з табой.

— Затое я ведаю, што я не кахаю цябе. Прабач.

Нейкі даўкі камяк падкаціўся да майго горла.

Што яшчэ сказаць ёй, я ня ведаў.

— Маё сэрца адчувала, што ты ў некага закаханы. Даўно. І я так разумею, без узаемнасьці. Але гэта твае прыдумкі. Ня можа быць каханьня без узаемнасьці, бяз блізкасьці. Інакш гэта ўсё толькі трызьненьні і фантазіі. Проста міраж! Павер мне.

— Але ты разумееш: гэта, што можа быць паміж намі, усё будзе толькі падман. Які народзіць непраўдзівыя трызьненьні і фантазіі. Навошта нам хлусіць адзін аднаму.

Ленка нейкі час асэнсоўвала мае словы.

— Так, сапраўды, ты маеш рацыю, — неяк нэрвова сказала яна. — Тут, у гэтым ложку, пакуль не было цябе, былі іншыя хлопцы. І гэта сапраўды атрымліваецца вялікая хлусьня. Ідзі... Лепш ідзі.

Я зьняў яе рукі са сваёй галавы і ўстаў.

— Калі ты хацела мяне гэтымі словамі пакрыўдзіць, то я не пакрыўдзіўся. Ніякіх абавязкаў ты мне не давала. Спадзяюся, што мы застанемся сябрамі. Сапраўды, мне лепш сысьці. Дзякуй за "Такайскае".

Я пацалаваў яе ў прыгожы дзявочы лоб. З воч Ленкі пакаціліся сьлёзы. Вось-вось яна магла разрыдацца. Ніяк не хацелася быць гэтаму сьведкам. Я ўскочыў у свае красоўкі і праз імгненьне быў на лесьвічнай пляцоўцы.

Амаль дзьве гадзіны я дабіраўся пешкі ў свой раён. Увесь час у галаве на поўнай гучнасьці круцілася песьня Кліфа Рычарда Devil Woman. Яна глушыла ўсе мае думкі і пачуцьці.

I’ve had nothing but bad luck


Since the day I saw the cat at my door


So I came into you sweet lady


Answering your mystical call


Crystal ball on the table


Showing the future,the past


Same cat with them evil eyes


And I knew it was a spell she cast 2

10.

Дзімыч сядзеў з гітарай на верхняй пляцоўцы за-пруды і штосьці сьпяваў. Шум вады не даваў магчымасьці пачуць словы яго песьні. Было вельмі рана — толькі-толькі пачало ўзыходзіць сонца. Але на Брызгалаўцы ўжо зьявіўся першы рыбак, які лавіў рыбу з лодкі непадалёк ад фантанаў. Сваю снасьць ён закідваў пад самыя пырскі, дзе пенілася вада. Тут мог дапамагчы толькі патанок гусінае пяро з чырвоным навершам. Калі чырвоны слупок патанка зьнікаў пад вадой — значыць, гэта паклёўка, і трэба падсякаць.

Дзімыч глядзеў на ўзыходзячае сонца і сьпяваў. Я ня ведаў гэтай песьні. Прынамсі, ад яго раней ня чуў. І наш гурт яе не выконваў.

Я сеў побач. Ён не перарваў сьпеву, толькі павярнуў да мяне галаву і падміргнуў. Гітара гучала ва ўнісон з шумам спадаючай вады.

Ва ўсім гэтым фантастычным краявідзе была нейкая загадка. Я адчуваў гэта. Мне чамусьці здавалася, што Дзімыч ведае адгадку. Прынамсі, ён прыйшоў сюды дзеля гэтага.

Дзімыч закончыў сьпяваць і сядзеў моўчкі.

— Што гэта за песьня? — спытаў я Дзімыча.

— Гэта нетутэйшая песьня. Ты яе ня мог чуць.

Дзімыч глядзеў у бок сонца, і промні залацілі ягоны твар дзіўным водценем.

— А ты мяне навучыш яе сьпяваць? — зноў спытаў я Дзімыча.

— Гэтая песьня сама знойдзе цябе. Не сьпяшайся.

Дзімыч мне нагадаў якогасьць чараўніка-ведуна з кнігі Карласа Кастанеды.

— У чым загадка? — я вырашыў спытаць сябра напрамую.

Дзімыч не зьдзівіўся такому пытаньню.

— Загадка вось у гэтым водным люстры Брызгалаўкі. — Што ты ў ім бачыш?

— Адбітак неба і сонечныя бліскі, — паглядзеўшы ў бок вадасховішча, адказаў я.

— А што яшчэ?

— Цень ад рыбака і яго вуды, — мне хацелася ўбачыць нешта небанальнае, каб дагадзіць сябру.

— А ты бачыш, як усё мяняецца? Як зьнікаюць трубы, па якіх цячэ вада ў вадасховішча? Як зьнікае драўляны басэйн? Як зьнікае рыбак, і на вачах ператвараецца ў парахню лодка? Усё гэта бачна ў люстры валы.

Я пачаў прыглядацца і сапраўды заўважыў тое, пра што мне гаварыў сябар.

— Так. Я гэта бачу, — сказаў я ўпэўнена.

— Гэта і ёсьць загадка.

— А ў чым адгадка?

Дзімыч узяў акорд на гітары і правёў пальцамі па струнах.

— Помніш нашую песьню? Давай прасьпяваем.

Мы засьпявалі. Нашы галасы глушыў шум спадаемай вады. Але я выразна чуў голас Дзімыча.

Калі ўзыдзеш на гару і пабачыш,


Як сонца хаваецца за даляглядам.


Гэта будзе толькі канец дня, няйначай.


Пасьміхніся й разьвітайся паглядам.

Кожны канец ёсьць новы пачатак.


Помні пра гэта, не сумуй дарэмна.


Ў гнёздах ужо падраслі галчаняты.


Хутка ў дарогу зьбірацца патрэбна.

Што мы з сабою возьмем ў дарогу?


Памяць хіба што, як скарб неацэнны.


Што мы пакінем за родным парогам?


Нашыя сэрцы і нашы здзяйсьненьні.

Мы скончылі сьпяваць. Некалькі хвілін сядзелі моўчкі.

— Дык у чым адгадка? — спытаў я ў сябра.

— Ты сам толькі што яе прасьпяваў, — адказаў ён з усьмешкай на вуснах.

Затым аднекуль ззаду дастаў пласьцінку. Гэта быў "Белы альбом" Beatles.

— Вось табе мой падарунак, — ён працягнуў мне пласьцінку.

Затым Дзімыч устаў.

— А цяпер паглядзі на ваду. На маё адлюстраваньне.

Ягоны адбітак у вадзе пачаў хістацца, цьмянець і неўзабаве зусім зьнік. Я павярнуў галаву ў бок сябра. Дзімыча на ранейшым месцы не было.

11.

Іх галасы пачуліся не з таго боку, адкуль я чакаў. Яны не пайшлі напрасткі ад ДК да майго дому, а пашпацыравалі па цэнтральнай вуліцы, выйшлі на плошчу і адтуль ужо павярнулі да мяне. Галасоў было шмат, але я лёгка пазнаў бесклапотны, балагурны барытон Тумілы. Такой кампаніі я не чакаў, таму занэрваваўся. У маіх плянах не было наладжваньня гучнай, шматлюднай пагулянкі.

Калі вясёлая купка маладых людзей падышла да майго пад'езду, Туміла, як галянтны кавалер, прадставіў мне дзяўчат. З Тумілам быў яго неразлучны сябрук Арол, якога я добра ведаў па мэляманскіх справах. Мы зь ім нават час ад часу абменьваліся кружэлкамі. Я нават падумаў, ці не яго гэта ідэя — наладзіць сёньняшні вечар адпачынку. Дзьве першыя дзяўчыны былі мне малазнаёмыя, ня з нашага раёну, але хіба я іх час ад часу бачыў на танцах. А вось трэцяя дзяўчына... Гэта быў для мяне шок. Проста высокавольтны ўдар! Перада мной стаяла мая Каралева з аддзелу грампласьцінак у "Культтаварах". Так... так... памылкі ніякай не магло быць.

— Наташа, — прадставіў мне трэцюю госьцю Туміла.

Дзяўчына сьціпла хітнула галавой.

— Вельмі прыемна, — тупа сказаў я і дадаў, звяртаючыся да ўсіх: — Шаноўных гасьцей запрашаю ў мае мэбляваныя пакоі.

Маё гасьціннае слова было ўспрынятае на ўра, быццам бы я ўжо прамовіў першы тост. Госьці засьмяяліся і нават нехта запляскаў у далоні.

Але маё хваляваньне толькі нарастала. Ля дзьвярэй кватэры я неяк доўга шукаў ключы, а затым ніяк ня мог трапіць ключом у замок. Хацеў гэта зрабіць як мага хутчэй, каб мае госьці не нарабілі непатрэбнага галасу ў пад'езьдзе. Але ўсё выйшла наадварот. Госьці не зьбіраліся моўчкі стаяць і чакаць. Яны гарлапанілі і рагаталі, як быццам бы хацелі ўзьняць на ногі ўсіх маіх суседзяў.

Нарэшце мы зайшлі ў кватэру, зьнялі абутак, усе пачалі ўладкоўвацца ў вялікім пакоі. Я пасунуў часопісны столік бліжэй да канапы, на якой усеўся Туміла ў атачэньні дзьвюх дзяўчын. Наташа села асобна ў фатэлі. Мяне гэта неяк супакола, бо жахлівая думка, што Наташа для кагосьці зь іх — Арла ці Тумілы — проста сьвідрам з алмазнай каронкай сьвідравала мае мазгі.

— Чаму ты, Туміла, не сказаў, што будзеш з такой паважнай кампаніяй, я б нейкі шляхетны напой падрыхтаваў, — трэба было пачынаць вечарынку, і я ня ведаў, як.

Туміла выцягнуў з унутранай кішэні джынсоўкі пляшку гарэлкі.

— Прабач, шампану не прынесьлі, гастраном зачынілі, не пасьпелі! Ведаю, што ты не аматар гарэлкі. Ну а мы людзі непераборлівыя.

Госьці дружна заліліся сьмехам з геніяльнага жарту. Дзяўчаты таксама. Іх задавальняла гарэлка.

Ясна. Не засьмяялася толькі Яна. Маўчала.

Я пайшоў на кухню за кілішкамі. Уся гэтая сытуацыя была для мяне неверагодным сюрпрызам. Я не ўяўляў, чым усё гэта магло скончыцца. Вярнуўшыся ў пакой, я ўключыў прайгравальнік і паставіў адну з улюбёных сваіх кружэлак — альбом Rumours гурта Fleetwood Mac.

Туміла спрытна адкаркаваў пляшку і разьліў алкаголь.

— За сяброў! І за нас!

Піць гарэлку не хацелася, але й адмаўляцца не выпадала. Алкаголь уліўся ў мой арганізм як дыстыляваная вада. Мая ўнутраная напруга крыху спала, але канчаткова разьняволіцца ў мяне не атрымалася.

Туміла зноў пацягнуўся за пляшкай.

— Гаспадара больш прымушаць ня будзем.

І ён перавярнуў донцам уверх мой кілішак.

— А мы паўторым.

Сабе і Арлу ён наліў поўныя, а дзяўчатам па палавінцы. Пляшка ў іх была адна, трэба было эканоміць.

Тое, што адбылося далей, відаць, не здараецца і ў індыйскім кіно. Наташа, аказваецца, была прызначана для мяне. Бо мае госьці хутка вызвалілі пляшку ад гарэлкі і скіравалі сваю ўвагу на дзьвюх іншых дзяўчат. Заставацца ў вялікім пакоі было ўжо няёмка. Наташа сама ўзьнялася з фатэлю і пайшла ў спальню. Мне нічога не заставалася, як скіравацца сьледам за ёю. Мы зачынілі дзьверы пакою.

Магчыма, Наташа пайшла на гэтую вечарынку проста за кампанію зь сяброўкамі. Але наўрад ці яна ня ведала, чым заканчваюцца такія вячоркі.

Яна падышла да ложка і асьцярожна села на самы край. І так дзіўна склала рукі. Мне адразу падумалася: так робяць гейшы. У кіно.

Я сеў побач.

Дзяўчына хвалявалася. Я гэта адчуваў. Адчуваў парывістае дыханьне, бег крыві па яе капілярах, бег нейтронаў, нейронаў, пратонаў і ўсяго, што можа бегчы.

Я абняў яе. Нелькі хвілінаў мы сядзелі абняўшыся. Затым яна мягка, асьцярожна лягла на ложак. Неякі час я сядзеў побач. Пацалаваць яе ў вусны я не асьмельваўся. Мне здавалася гэта нейкім блюзьнерствам — пацалаваць Каралеву ў вусны. А можа папросту не было на тое сьмеласьці.

Калі яна лягла, ейны швэдрык вызваліўся з-пад джынсаў і агаліў каралеўскі пупок. Я нахіліўся і пацалаваў яго. Хутчэй гэта выглядала на нейкі рытуал, чым на мілосны пацалунак.

— Ня трэба, — сказала яна шэптам. — Можа, гэта гучыць і сьмешна, але мне сорамна. Давай проста паляжым.

Я лёг побач зь ёй. Мы ляжалі, узяўшыся за рукі. У вакно сьвяціў месяц. Праз адчыненую фортку даносіўся шоргат таполевай лістоты.

— Пацалуй мяне, — выдыхнуў я, набраўшыся сьмеласьці.

Яна прыўзьнялася і нахілілася нада мной. Яе чорныя валасы накрылі мяне хваляй цунамі. Наташа мякка, пяшчотна пацалавала мяне ў вусны.

Ложак нібыта адарваўся ад падлогі і паплыў у паветры. Зоркі за вакном замільгацелі ў карагодзе. Недзе ў Афрыцы сьвяточна загучалі тамтамы і людзі ў набедраных павязках заскакалі ў дзікім танцы.

У адказ ім забілі ў бубны эскімосы ў Грэнляндыі. Затым ужо было не разьлічыць, хто і дзе зайграў і як затанчыў. Усё зьлілося ў нейкім шалёным тарнада. Какафонія гукаў аглушыла сваім галяктычным напорам. Здавалася, мяне зацягвала ў нейкі касьмічны прасьцяг. І я ледзь вытрымліваў гэты шал, каб не згубіць прытомнасьць.

— Ведаеш, так больш ніколі не паўторыцца, — сказаў я Ёй, калі нарэшце ачуняў. — Ніколі ў жыцьці.

— Што не паўторыцца, — наўрад ці яна магла мяне зразумець.

— Палёт у космас, — прашаптаў я ледзь чутна.

— Станеш касманаўтам і паляціш, — яна ці то пажартавала, ці то пасьмяялася зь мяне.

— Дарэчы, ці будзеш на танцах у нядзелю. Прыходзь. — Мне будзе прыемна цябе сустрэць, — Наташа яўна думала пра нешта іншае.

Некалі я меў дзяўчыну, якая ў ложку праз кожныя пяць хвілін пыталася: пра што ты думаеш? Мяне гэта моцна раздражняла. Бо нельга так нахабна лезьці ў чужыя думкі. Але гэтым разам я хацеў бы ведаць, пра што думае Наташа. Спытаць я не наважваўся.

Нехта пагрукаў у дзьверы і дзявочы голас паклікаў:

— Нам трэба ісьці.

Туміла выходзіў з кватэры апошні.

— Ну як было?

— Клясна!

— Ну вось бачыш, я абяцаў і слова стрымаў! Кожнай жанчыне хочацца каханьня і пяшчоты. Ха

ця б на некалькі хвілін. І мы гэта шчодра раздаём жадаючым.

Ён аксамітна засьмяяўся. Няўрымсьлівая грыўка валос упарта лезла яму ў вочы. Аднакашнік пляснуў рукой па майму плечуку і разьвітаўся:

— Ну, бывай... Дабранач!

— Дабранач!

У нядзелю на танцы я не пайшоў. А праз два тыдні назаўсёды пакінуў родны горад.

Загрузка...