ВЕРСЭТЫ


Паляванне ў райскай даліне

А потым мы выйшлі ў даліну...

Сінелі ўдалечы горы, урачыста высіліся лясы, і ззяла на небе не сонца, а само неба, нібы блакітная лінза, свяцілася мяккай, лагоднай, прыязнаю светлынёй.

Рупіліся на спелых палетках мірна гожыя дужыя людзі, а на зялёных лугах, у гаях гуляла і жвавілася няпужаная зверына.

Мы доўга моўчкі стаялі, удыхаючы водар шчасна, што напаўняў даліну, ды потым, урэшце, нібы намагаючыся, згадалі, што мы не адгэтуль, што мы не такія, што нам ужо трэба вяртацца, і тады грымнуў стрэл...

Усяго адзін стрэл, але ўся даліна павярнулася тварам, уражаная, да нас.

І вось ля самага небаспаду ўзнікла чырвоная хмарка і шпарка пасунулася-паплыла сюды, за ёю другая і трэцяя, цэлая чарада, і з кожнай гэтай чырвонай хмаркі на спелы ўраджай палеткаў, да ног нашых, сталі падаць і нагрувашчвацца ў кучы целы забітых казуляў, вавёрак, зайцоў...

Не з ношкай здабычы, а з ношкаю цяжкай гнятлівай віны мы адступалі — і ўсё адступаем яшчэ — з той дзівоснай, з той райскай, загубленай намі, даліны, куды нас завёў аднойчы наш паляўнічы лёс.


Спарышы

Бы дрэва, што мае адно карэнне, а дзве паставы, я — спарышы.

Той свет і гэты з'ядноўваюцца ўва мне, знаходзяць смерць і жыццё ўва мне ўвасабленне.

З дня ў дзень, з году ў год, з веку ў век збіраюся з тайнаю моцай, каб калі-небудзь абвергнуць сваё існаванне, адолець дваістасць і стаць насампраўдзе сабой.

На запытанні «Чаму?» і «Навошта?», з якімі скіроўваюся ўвышыню, вяртаецца мой адгалосак рэха і, доўга вандруючы ў пространі між спарышоў, знікае.

Я ведаю: гэтак, як ёсць, не павінна быць.

Але гэтак ёсць.


Заваёўнікі-іі

Бы жменя зярнят, сыпанутых у неабсяжнасць, вы несяце з сабой старажытны — і зноў абуджаны — змест.

І кожны жыхар, кожны дом, кожны камень і дрэва заваяванага краю маюць да вас асабістае дачыненне і мусяць сустрэцца сам- насам з вамі, каб нешта — ужо забытае — зноў убачыць і зноў зразумець.

Законам ахвяры ўраўнаважваецца закон улады.

Агольвае вострыя лёзы лёс.

«Не аддавайце сябе таму, што знаходзіцца па за вамі, і не бярыце, што вам не належыць, — вас папярэджвае нейчы голас, — інакш...»

Але над светам зіхціць маладое сонца.

Але іграе ў грудзях адвага.

Вы — першыя: нібы жанчына, чужына вас вабіць у глыб непазбежнасці — у нябыт.


У каморы

У каморы, на ўслоне, я заўважаю поўныя ночвы фарбы: белай, чырвонай, зялёнай, сіняй...

Яна не змешваецца між сабой, і вабіць мой позірк, і выклікае вялікую прагу — хоць і не ведаю, што — маляваць.

Я адчыняю шуфляды, заваленыя рознаю драбязою, і калі выпадкова знаходжу ў адной з іх стары, але спраўны, яшчэ не ўжываны пэндзаль, радуюся, што ўсё атрымліваецца акурат.

Аднак фарбы — ці яны перастаялі, ці перасохлі — насуперак маім спробам не хочуць брацца да пэндзля і, быццам гумовыя, сцягваюцца назад.

Ну не, я ўсё роўна не адступлюся, ну не, я ўсё роўна зраблю па-свойму, я намалюю ўсё роўна сваю карціну і, запусціўшы пэндзаль на ўсю даўжыню дзяржальна ў глыб фарбаў, пачынаю іх перамешваць-варушыць.

І вось уся маса ў ночвах устрывожылася, заварушылася, захадзіла, і знутры яе пачалі выварочвацца, падымацца наверх, паўзці — быццам жывыя яны!.. — вантробы, з белай, чырвонаю, сіняю афарбоўкай — мне на здзіўленне і мне на жах.

Я адкідаю пэндзаль і, спатыкаючыся аб начынне, зваленае на падлозе, уцякаю з каморы прэч — ад моташных гэтых ночваў і ад карціны, якую намерваўся намаляваць.


Тыгр

На рыжай ссохлай траве спіць тыгр.

Раптам стаў небяспечным час і пагрознай — знаёмая балацінка.

Прывязаныя позіркамі да таго, што бачым, мы паварочваем з Тэкляй назад — да знямелых далёкіх людскіх сяліб, але мляўкія сцежкі расслізгваюцца пад нагамі,

і — абуджаецца тыгр.


Газеты

Учора была сустрэча з пісьменнікамі з Маравіля — суседняй краіны, суседняй літаратуры...

Сёння працяг сустрэчы, і сёння прыйшлі газеты, і ўсе, хто ўчора дзяліўся ўспамінамі, чытаў пераклады ці звязваў у вузлы красамоўства ніткі ўзаемасувязяў, вышукваюць у газетах, што пішацца ў іх пра іх.

Дзіўна: хіба не самі яны казалі ўчора гэтыя словы,

хіба не іхнія твары адлюстраваліся на гэтых здымках,

хіба не іхнія прозвішчы складаюцца з гэтых літар, —

каб зараз вось гэтак заўзята, уважліва, з хваляваннем распазнаваць у газетах адно і тое ж — саміх сябе?!.


*

За даляглядам грымоты.

Дрэвы ўслухоўваюцца ў трывогу.

Неба вялікае і нямое.

Пахне зямлёй.

Ніхто не пэўны ў сваім жыцці, ніхто не ведае, што з кім будзе.

Падзеленая на пляцы і двары, нанова сабралася разам і стала сваёй прастора, дзе людзі, каб захавацца, выкопваюць сховішчы-ямы і дзе між усіх жыве тая, каго, як відушчы сокал, высачыла душа.

Нічога ёй не скажу, і яна мне нічога не скажа, яна ўсміхнецца зямлі, я ўсміхнуся ёй.

Цяпер у свеце вайна, і што было немагчыма ўчора, цяпер магчыма.

І патаемнай свабодай поўніцца свет.


Хмара

Апусцілася над зямлёй і віруе рудая

хмара.

Дзе ў хмары сэрца, дзе розум, дзе вочы?

Пужаючыся яе, бегае па прадмесці запрэжаны ў воз гняды конь, і не вядома, дзе фурман.

Выюць сабакі, і зашываюцца куры якая куды.

Нібы яго падымае і ўтрымлівае паветра, кружляе па-над мястэчкам з грабеньчатай галавою вуж.

Я кладуся на дол: мне заўсёды хацелася быць бліжэй да нябёсаў, цяпер — бліжэй да зямлі.

Разважаючы між сабой, каму я належу, да мяне падыходзяць дзве не знаёмыя мне жанчыны і становяцца ў галавах.

Няма ў хмары сэрца, няма вачэй, але якаясьці сіла змушае яе віраваць, і вісець над зямлёю, і бачыць, што творыцца з маім сэрцам, і перайначваць звычны час.


Тры труны

За доўгія тысячагоддзі ўсё з'ела сырая зямля дарэшты: і косці людзей, і палотны адзення, і труны — з дубу, з грабу, з сасны.

Аднак пасярэдзіне могілак, перакапаных цяпер пад пляцы будоўлі, уцалелі, нічым не кранутыя, тры труны — каменныя чорныя саркафагі.

З вечна сутонлівай і ўжо разбуранай глыбіні іх узнялі, бы дзівосных істот, на паверхню, і першы рабочы, нявечачы камень, ломам, зубілам і малатком ускрывае глухое века першай труны.

Калі яно адымаецца — бачым: у ёй, бы жывая, ляжыць маладая жанчына — у чорным убранні, з кнігаю на грудзях. «Кніга магічнай мудрасці» — няўцямна чытаюць усе, хто тут ёсць, залатыя літары назвы, не разумеючы, што ім рабіць зараз з гэтай адкрытаю таямніцай, з гэтай адкрытай труной.

Але неўзабаве агульная ўвага, быццам знайшоўшы выйсце, сама па сабе перасоўваецца да тых — астатніх, нямых, яшчэ не чапаных — знаходак, і ўжо другі будаўнік, схіліўшыся, пачынае вярэдзіць і длубаць другі таямнічы паралелепіпед.

І зноў усё паўтараецца: як і ў першай, ляжыць у гэтай труне, нібы спіць засяроджаным сном, нетутэйшага хараства жанчына з кнігай магічнай мудрасці на грудзях.

Збітыя з панталыку тым, што адкрылі, бы нешта нас падганяе, з жалеззем сваім пераходзім няроўнаю чарадой да трэцяй — каб зноўку адкрыць тое самае, — да апошняй, замкнёнай, каменнай, чорнай, узнятай з глыбіняў смерці, труны.


Заваёўнікі-ііі

Яны пазіраюць сцярожка перад сабою. Чырванеюць крытыя чарапіцай дахі

дамоў.

Золатам ззяюць крыжы бажніцаў. Блішчыць, абмыты імклівай залеваю,

брук.

Вуліца Дамініканаў, Габрайская вуліца, Ганчарны завулак... Дзе тут затойваецца жыццё? Дзе тут затойваецца смерць?

Нябачная сіла згінае каардынаты прасторы.

На вежы гадзіннік паказвае нераспазнаны час.

Вучацца нанава вымаўляцца словы, лічацца лічбы...

Гуляе жыццё з імі ў смерць, смерць — у жыццё.


Старая хрысціянка

Яна выходзіць следам за мною з дому.

Зжоўк яе твар, валасы ссівелі, і на ўсім свеце не засталося ніводнага чалавека, хто з ёю дзяліў бы яе дні і ночы, апроч нерухомага, мёртвага, распятага на крыжы Ісуса Хрыста.

Яна доўга дзівуецца, дзе я падзеўся, і, бы разважае з сабою ўголас, раз-пораз нягучна кліча мяне, аднак я маўчу, я не хачу ёй трапляцца на вочы, і гаварыць з ёй аб мёртвых рэчах, і прымушаць сябе быць такім, як яна.

Я хаваюся ў жоўтым асеннім празрыстым кустоўі і з ім станаўлюся адзіным суцэльным зрокам, адзінай суцэльнай душой.

Не ведаю, дзеля чаго, але яна мяне любіць, не ведаю, ад чаго, але яна стараецца выратаваць маю душу.

Пазіраючы па баках, праходзіць яна цяпер зусім побач са мною і — дзіўна — не распазнае, што я тут.

Яна паволі вяртаецца ў дом, а я застаюся ў садзе, дзе кожнае дрэва, дзе кожны куст свецяцца, як на свяце, і бачаць, і разумеюць мяне да самых глыбокіх куткоў маёй чалавечай, не ўратаванай — як Бог на крыжы — душы.


Чырвоны змрок

Ля самай зямлі палымнее чырвоная зорка — сонца: было яно срэбраным раніцою, было залатым удзень, а цяпер увабралася ў колер, пасля якога ўсталюецца цемра — у колер крыві.

Сябрына тутэйшых вясёлых хлапцоў, падзеленая надвое, дагульвае гульню ў мяч.

Захоплены разам з усімі гульнёю, я позна ўспомніў, што ўтульныя белыя домікі сцішанага пасёлка мне не свае.

Такі быў прасторлівы дзень, а зараз і тую вузкую сцежку, якою мушу прайсці праз лясныя нетры, забірае, імкліва згусаючы, змрок.

Колькі б ні доўжыўся дзень, гэтулькі доўжылася б гульня, але цяпер усё: больш часу не будзе.

Спяшаюся, але ці паспею, пакуль развітальнае сонца сцякае крывёю, дайсці да сябе — дамоў.

Далёкія пільныя вежы, нібы апошнія вартавыя, праводзяць мяне ў непазбежнае падарожжа — у непазбежную ноч.


Рунь

Ідзе па пляцы сваім і нясе вязанку жоўтай ільсністай саломы сусед і мой школьны таварыш Багданчык Саша.

«Дзе ўзяў ты гэтай саломы?» — пытаюся я ў яго.

«Ты сам усё роўна не знойдзеш. Хочаш — сястра пакажа», — адказвае ён.

З юнай яго сястрою разам ідзём па разоры, разам выходзім за плот.

Ды там, дзе нібыта павінна ляжаць салома, красуе ад краю да краю поля зялёным- зялёная рунь.

Згодна гаворацца нашы словы, тахкаюць згодна сэрцы, дыхае радасцю невыказнаю рунь,

а Саша Багданчык, чамусьці спыніўшыся на дарозе з вязанкай саломы сваёй, пазірае, усё пазірае ў здзіўленні, пакуль яго бачым, на нас.


На Нямецкай дарозе

Там, дзе адна дарога ўпадае ў другую, да мяне падбягае, аднекуль узяўшыся, нізкі, з кутасікамі ў вушах, настойлівы звер.

Ён ненавідзіць мяне і, здаецца, хоча напасці, і я, каб яго задобрыць, развязваю торбу з ядой і кідаю зверу, што маю з сабою, — кавалкі сала, мяса і каўбасы.

Звер глытае мае пачастункі і, калі яны канчаюцца неўзабаве, падступаецца да мяне бліжэй — нібыта я даставаў іх з самога сябе і сам я таксама — сала, мяса і каўбаса.

Злева, удалечыні, віднеецца белы горад. У ім жывуць Немцы — іншыя людзі па мове і разуменні, як трэба жыць.

Але, каб трапіць туды, я мушу паразумецца са зверам, а ён усё болей раз'ятрываецца і выклікае ўва мне ўсё большую боязь, усё большы страх.

З другога канца дарогі чуюцца раптам цвёрдыя нейчыя крокі, іх чуем і я, і звер.

Цяпер і відаць ужо: гэта — Немец, і я, не могучы адгадаць, хто ён мне, сябра ці вораг, нібы збавення, чакаю яго набліжэння, яго прыходу, а звер...

У нерашучасці ён застывае спачатку на месцы, пасля паварочваецца і знікае ў глыбокіх, парослых кустамі, блізкіх равах.


Пасажыры

У пасажыраў сумкі, валізкі, торбы. Калі пасажыры, спяшаючыся, бягуць да свайго вагона, сумкі, валізкі, торбы ўчаперваюцца ім у рукі і ўпарта іх цягнуць назад.

Калі пасажыры ўладкоўваюцца ў вагоне, сумкі, валізкі, торбы займаюць бесцырымонна іхнія месцы і, робячы іх сваімі вартаўнікамі, не адпускаюць іх ад сябе.

Пасажыры турбуюцца, пасажыры хвалююцца, пасажыры шчыруюць, пасажыры слугуюць, нібы яны — сумкі, валізкі, торбы, а сумкі, валізкі, торбы — сапраўдныя пасажыры.


Маму Тхакур дас

Зазванілі званочкі, усплёснуліся кімвалы, узнесліся галасы. «Харэ Крышна, Харэ Крышна, Крышна-Крышна...» — творыцца махамантра.

Маму Тхакур дас у аранжавым аблачэнні сядзіць, скрыжаваўшы ногі, і, пакуль раздаецца з тацы прасад, гаворыць: «Мінуліся тыя часы, калі нас можна было палічыць па пальцах, цяпер нас шмат...»

Прысутныя, што прыйшлі на гадзіну сустрэчы, слухаюць, згодна ківаюць галовамі і задаюць пытанні.

А я згадваю тыя часы, калі Маму Тхакур дас быў проста Міша, калі нікога не трэба было лічыць ні па пальцах, ні як інакш, калі кожны быў значны не тым, што знайшлося, а тым, што шукалася, што спасцігалася і што не мела наймення...

І мне шкада тых магчымасцяў і тых часоў.


Sumus ne simus

Мы не займаем ніякіх пасад і не маем ніякіх званняў, але якраз у гэтым усе, хто ведае нас і не ведае, бачаць нашу пасаду і разумеюць наш чын.

Мы не такія, мы іншыя, але мы апынуліся тут, і тутэйшае наваколле пераконвае нас няспынна, што мы гэтакія, як усе.

Мы робім не тое, што хочам і можам, а тое, што нам прапануюць,

а тое, што хочам і можам, хаваем на потым, на некалі, нібы ў труне, у сабе, і, адмаўляючы рэчаіснасць, што не дае нам адбыцца, згаджаемся гэтак з ёй.

«Я ніколі не каяўся ў тым, чаго не рабіў, але каяўся ў тым, што рабіў», — нам прысвячаюць свае высновы волаты думкі.

Sumus ne simus.

Мы ёсць, каб не быць.


Крыніца, з якой піў святы

Ад царквы да царквы, ад леснічоўкі да леснічоўкі ідзём з Арабейкам Іванам, напытваючы сцяжыну да той крыніцы, з якой піў святы.

Мы знемагліся, нас паліць смага, але мы адмаўляемся ад піцця, і людзі, бачачы нашу адданасць святой ідэі, шчырае наша імкненне, нам кажуць, кудою ісці.

Апоўдні гарачага дня мы прыходзім да мэты. Крыніца ўвабрана ў зруб, і Іван Ара- бейка першы, схіляючыся над зрубам, зачэрпвае ў конаўку, што мы знайшлі тут, вады.

Гэта, аднак, не зусім і вада, а — жоўта-чырвоная вадкасць, бы недзе глыбока, адкуль выцякае крыніца, у падземных нетрах, точыцца бесперапынна нейкая бітва і сплывае гэтакаю крывёй.

Іван Арабейка п'е. І я п'ю, сціскаючы зубы, таксама.

Потым мы будзем хварэць, будзем пакутаваць, але будзем ведаць, што далучыліся да самай сутнасці свету і што пілі з крыніцы, з якой піў святы.


Заваёўнікі-іv

Нібы маладыя багі, вы ўзыходзіце на пракаветных палетках зямлі — і зямля становіцца вашай.

Вам дазваляецца ўсё: вы пераймаеце ў свае рукі ўсялякі суд, і пераходзіць на ваш бок праўда.

«Бог абірае таго, хто сам сябе здольны абраць», — вы пераконваеце з дня ў дзень рэчаіснасць,

а яна гэтаксама, з дня ў дзень, пераконвае вас, што Бог, якога вы маеце, мёртвы, што Бог, якога вы маеце, — смерць.


Мітынг

Па снежнай грувасткай дарозе з малою сваёю дачкою паволі іду ў мястэчка.

Калі падыходжу — бачу: тут адбываецца мітынг — ля самай дарогі, побач, на голым палетку, і чую ўзварушаную гаману.

На ім верхаводзіць ксёндз — колішні мой хаўруснік з часоў вальнадумнасці і маладосці з вострым і ясным абліччам ці ветаха, ці маладзіка.

І словы, што ён цяпер прамаўляе, вострыя, нібы лёзы; крэсляць яны на целе прасторы зацятыя рэзкія рысы і падзяляюць усіх, хто іх слухае, напалам.

У цэнтры мястэчка, ля крамы, таксама сабраліся людзі. «Трэба яго павесіць! Ён — шкоднік», — гучаць адны галасы. Другія пярэчаць: «За што? Не ён вінаваты ва ўсім, што так сталася, а вунь тыя...» — і пальцы паказваюць угару.

Доўга стаім тут, але дарэмна: машыны з хлебам няма і няма. І толькі калі пачынае брацца на вечар і на ліловым небе ўзыходзіць зіхоткі месяц, разыходзімся па дамах.

З малою дачкой і парожняю кайстраю за плячыма падаюся той самай, занесенай снегам, дарогай назад.

Нічога ўжо не чуваць, не відаць, ужо скончыўся мітынг, але там, дзе ён быў, на сялянскім голым палетку, адтала зямля.


Рэчы-іі

У крамных вітрынах павыстаўляны рэчы — мо для сустрэчы, а можа, для развітання.

Нібы ля сваіх дарагіх нябожчыкаў, мы спыняемся каля іх, аглядаем іх, убіраем іх у душу і ў памяць.

І адчуваем, хвалюючыся, што з імі нас звязвае тайнае падабенства, бы некалі, напачатку, калі Бог тварыў свет, мы былі гэтаксама рэчамі і будзем некалі зноў.

Усё, чым багаты мы, — гэта рэчы, і ўсё, перад чым мы аказваемся багамі, — яны.

Мы адыходзім далей.

Але застаюцца ў вітрынах рэчы, а ў рэчах — мы.


Нож з драўлянымі тронкамі

І вось, бутэлькі з віном і гарэлкай, якія я здолеў здабыць на вакзале ў краме, кудысьці зніклі.

Толькі ў самым кутку каморы сярод папяровых падраных абгортак знаходжу адну з вузлаватага белага шкла бутэльку і доўгі, з драўлянымі тронкамі, нож.

Мяне апаноўвае злосць і роспач: «Ну, я ж яму пакажу! Ён і сюды дабраўся, стары мой п'яніца-бацька...» І па гарачых слядах я кідаюся яго шукаць.

Ён ляжыць у пакоі, на сваім ложку, на якім потым памрэ, і калі я замахваюся на яго нажом, заўважаю яго спакойны і ўсмешлівы позірк, у якім тлее нейкі інакшы, чым я разумею, сэнс.

Ён не баіцца нажа, яго нават, здаецца, цешыць, што я спрабую яму перашкодзіць памерці сваёю смерцю і як бы бяру яе на сябе...

Я спахапляюся: Божа, што я раблю, з кім змагаюся, каго караю?!. Мы апаілі жыццё віном і гарэлкай сваіх пачуццяў і самі сп'янелі і, п'яныя, гаспадарым, адстойваем сваю праўду, выносім прысуды...

Я апускаю паволі руку, узнесеную над бацькам, і пакідаю бацьку ўсё, што маю з сабой: з драўлянымі чорнымі тронкамі нож і не ўзятую ім з вузлаватага белага шкла бутэльку,

і пакідаю бацьку ягоную смерць.


Дарожныя знакі

Мы на шляхах: з рэчаіснасці, дзе ўсё змяняецца то паступова, то раптам, у рэчаіснасць, якая прыцягвае нашу бязмоўную і невідушчую ўвагу, нібы магнітную стрэлку полюс, і ў абсязе якой мы робімся тымі, кім ёсць.

Мы паміраем на ноч, але не належым ночы,

уваскрасаем на дзень, але не належым дню.

Нашы малыя жыцці і нашы малым смерці выводзяць нас у наступнасць, дзе мы адчуваем-распазнаёмся, што мы тут ужо былі.

Як рухаецца па складах і па словах увага, каб прачытаць урэшце завершаны сказ, гэтак чытаем бесперастанку мы самі сябе, і як важна пры гэтым не схібіць, не зблытацца, не запнуцца, а ўсё прачытаць па парадку і цалкам засвоіць нам скіраваны змест.

З глыбіняў вякоў узнікаюць і зноўку знікаюць дарожныя знакі — людзі, што сустракаюцца нам на нашых шляхах.


Загрузка...