Сайт: «Пад знакам Урабораса».
Назва фанфіка: Ордэн захавальнікаў.
Фандом: арыджынал.
Жанр: агнст.
Памер: максі.
Статус: у працэсе.
Рэйтынг: NC-17.
Катэгорыя: гет.
Аўтар: Grjaznyj ubljudok.
Бета: шукаю.
Папярэджанні: асабліва жорсткія сцэны.
Анатацыя: Ты думаў, што ты на дне, але нехта пастукаўся знізу.
Альберт Вялікі сцвярджаў у сваім трактаце, што калі хочаш вызваліцца з нейкіх путаў, трэба знайсці гняздо сарокі з птушанятамі. Залезь да таго гнязда і абвяжы яго спрэс вяроўкамі. Сарока прыляціць, пабачыць, што справы дрэнь, і прынясе чароўную траўку, якая разарве ўсе абвязкі. Не забудзься толькі пасцяліць пад дрэвам анучу, на якую павінна ўпасці выкарыстаная чароўная расліна, альбо жабер-трава, і з ёю ты заўжды вольны!
Гэх, не пашкодзіла б цяпер тая траўка – на горшы выпадак. Сарокі вунь скачуць з елкі на елку, стракочуць у прыцемку ды золі, так і чуваць у іхнім пранізлівым голасе лаянку «Каб вам духі выперла, як вы праз наш лес прэце! Каб вас спруткавала, чалавекі, як вы адзін аднаго пруткуеце!»
Рэм падпёр нагой у брудным боце галаву Люцыяна. Непрыемна глядзець, як ківаецца з боку ў бок на дошках кузава, калі грузавік падскоквае на выбоінах і карэннях. Каб была тут Малгося, прысела б з непрытомным чалавекам побач, паклала галаву яго сабе на калені, абцерла запечаную кроў… Але Рэм абедзвюма рукамі ўчапіўся ў борт кузава, каб не вылецець на дарогу – Малгося была ў кабіне і гнала машыну, як авадзень ашалелае жарабя. Нічога, не да сантыментаў. На фронце ды ў партызанцы звыклі да бруду і крыві. Урэшце, усё, што сёння можна было ўтварыць з абліччам спадара Люцыяна Корвуса, зроблена, страшней не стане. Пазнаць іхняга былога настаўніка біялогіі можна цяпер хіба па шнары на шчацэ, які нагадвае абрысам птушку ў палёце. Калісьці яны, дзевяцікласнікі Старавежскай сярэдняй школы, гадалі, адкуль у іх новага выкладчыка, маладога, але з пасівелымі скронямі, загадкава-змрочнага, гэткае ўпрыгожванне, тады яшчэ барвовага колеру. Жэнька Равіновіч, ужо тады закаханая ў старшыню школьнай камсамольскай ячэйкі Рыгора Самуся, высунула зусім дэкадэнцкую версію. Шнар – першая літара імя нешчаслівага кахання таварыша Люцыяна Станіслававіча. Той у адчаі сам выразаў на сабе літару «Л», каб вечна помніць здрадлівую альбо памерлую Лену, Лілю, Лізавету.
Ну яны і пасмяяліся з дурных фантазій дзеўкі. Начыталася буржуазных раманаў! Дзед Жэнькі быў калісьці выкладчыкам настаўніцкай семінарыі, і ад яго ў доме засталася дыхтоўная бібліятэка. Асабліва шмат кніг з серыі для юнацтва. Майн Рыд, Фенімор Купер, Жуль Верн, Вальтэр Скот, Аляксандр Дзюма… Усе з іхняй кампаніі час ад часу выпрошвалі ў аднакласніцы томікі ў скураных пацёртых вокладках, з яцямі і непралетарскай рамантыкай. Ясна, што Жэнька, сінявокая, таненькая, пышнавалосая, была самай начытанай, хаця яе версія пра выразаную на шчацэ літару не прыжылася. Але спытаць пра паходжанне прыкметы ў настаўніка не наважыліся. Так, з Люцыянам Корвусам было цікава. І на ўроках, дзе расказвалася пра незвычайныя эксперыменты з прыроды і чалавека, кшталту як змусіць мозг працаваць на сто адсоткаў з дапамогай электрамагнітных імпульсаў. І па-за ўрокамі. Створаны Корвусам археалагічна-біялагічны гурток – самы яркі ўспамін даваеннага жыцця. Напачатку вывучалі ўсялякіх там скамянелых трылабітаў. Нацягалі ў маленькі кабінет, прапахлы фармалінам, шэрых каменьчыкаў з паверхнямі рабрыстымі, хвалістымі, у маленькіх дзірках, як застылая пена. Потым з’явіліся іржавыя наканечнікі дзідаў, вышчарбленыя медныя манеты, аскепкі старажытнага посуду, знойдзеныя вучнямі на бацькоўскіх гародах. Настаўнік спісаўся са знаёмцам з Акадэміі навук, адтуль прыслалі інструктара, і школьны гурток атрымаў дазвол на раскопкі. Вучыліся размерваць участкі, прасейваць культурны слой, класіфікаваць экспанаты. Мінулае прыадчыняла браму, за якой біліся з панскімі войскамі адчайныя паўстанцы, скрыжоўвалі мячы з тэўтонцамі крывіцкія рыцары, свісталі татарскія стрэлы і грымелі французскія гарматы…
Так, вакол маладога біёлага гуртаваліся, яго слухалі. Але было ў спадары Люцыяне штось адчуджанае. Рэму часам здавалася, што настаўнік увесь час трымае напагатове вострую зброю, кшталту таго кінжала мізэрыкордыя, што яны адкапалі на Татарскім гарадзішчы. Падыдзеш бліжэй – уколешся.
Цяпер Рэму зразумела, адкуль настаўніцкая насцярога і адкуль шнар у форме птушкі. Прыклаўся, відаць, Корвус, трацячы прытомнасць у яшчэ адным кабінеце следчага, аб рог стала. А можа, спецыяльна, трымаючы за валасы, аб той рог прыклалі, каб гонар збіць. Бо цяпер побач, бліжэй да вуха, быў такі самы шнар, толькі свежы.
Яны, дзеці, не задумваліся, чаму сталічны вучоны, супрацоўнік навуковага інстытута, аўтар дзвюх кніг пра нервовую сістэму апынуўся школьным настаўнікам у маленькім гарадку. Чаму трымаецца як дзяк на шабашы, дый іншыя выкладчыкі ад яго наводдаль, бы ад сухотнага, баяцца доўгую размову без сведкаў завесці. Неяк Рэм, калі крадма вярнуўся ў школу па сканфіскаваную рагатку, падслухаў размову Рыгорава бацькі, сакратара Старавежскага гаркама, з дырэктарам школы, адзіным, хто з Корвусам быў у сяброўстве.
«…Асцярожней з кадрамі, вы надта паблажлівы. Начальнік інстытута, дзе працаваў Люцыян Корвус, асуджаны. Уяўляеце, спланаваў батанічны сад у Менску такім чынам, каб дарожкі падказвалі накірунак для варожых самалётаў, гад! У тым змяіным гняздзе шмат шпіёнаў вылавілі. Корвусу пашанцавала, выпусцілі. Але, цалкам магчыма, ненадоўга. Самі ведаеце, якая зараз абстаноўка – польскія шпіёны і нацдэмы распаўзаюцца, у давер уваходзяць. Пільней трэба быць, асабліва да гурткоў усялякіх».
Рэм Цвічок быў заняты вельмі важнымі хлапечымі справамі, дарослая размова праслізнула паўз яго халодным ветрыкам. Можа, і добра. Бо мог прызнаць настаўніка за ворага. І не было б у ягоным жыцці археалагічнага гуртка, кахання да дзёрзкай Малгосі, шчырых размоў з сябрамі каля вогнішча, на ўскрайку лесу, дзе раскопвалі гарадзішча чатырнаццатага стагоддзя. Тады ў іх і ўзнікла гэтая жартоўная ідэя – назвацца Ордэнам рыцараў-захавальнікаў, даследчыкаў слаўнага мінулага народа, якому яшчэ нядаўна адмаўлялі ў праве на існаванне.
А Люцыян Станіслававіч у іх Магістр.
Сказаліся чытанні з Жэньчынай бібліятэкі.
Корвус слухаў пражэкты падлеткаў, утаропіўшыся ў вогнішча, у якім адбывалася свая Грунвальдская бойка паміж святлом і цемрай, і ўсё змрачнеў. Але шчаслівыя рыцары-захавальнікі, якія надоечы адкапаўшы сапраўдны каваны шлем, сталь якога нават за стагоддзі не ўзяла іржа, не звярнулі ўвагі на трывожнае: «Выкіньце з галавы ўсялякія таемныя таварыствы. Не варта нават гаварыць пра такое!»
Колькі чароўнага адкрылася рыцарам наваспечанага ордэна! Іх маленькі Старавежск збудаваны раней за Вільню! Людзі на берагах дробнай рачулкі Наўкі пасяліліся, мусіць, яшчэ калі па тутэйшых узгорках тупалі калматыя маманты. Высіўся на адным з тых узгоркаў сапраўдны замак, камяні з якога гаспадарлівыя старавежцы даўно прыстасавалі ў падмуркі сваіх хат ды адрын. Мелася войска, што сустракала ворагаў дажджом стрэл і лесам дзід. Адбівалі тут нашэсці татараў, шведаў, войскаў маскоўскага цара. Горад спальвалі дашчэнту дзевяць разоў – чорныя праслойкі ў глебе пра гэта сведчылі. Тры разы летапісы занатавалі страшную пошасць. Была ратуша – праўда, каржакаватае зернясховішча, у якое яна ператварылася, мала нагадвала рыцарскія часы. А Рэм і ўявіць тыя часы не ўмеў, у сям’і Цвічкоў спаконвеку размаўлялі адно пра надзённае. Дзе ўзяць грошай на боты Лёньку ці Міцьку ды як расцягнуць тры кілі мукі на месяц. Суседзі жартавалі, што іх прозвішча з’явілася, бо дзяцей у родзе заўсёды было як цвікоў у плоце. Рэм восьмы, малодшы. З гордым імем, якое расшыфроўвалася Рэвалюцыя Міравая – матцы ды бацьку, пралетарыям з цагельні, так падказалі ў ЗАГСе.
У мястэчку вельмі не любілі корпацца ў мінулым. Старавежцы лаяліся на маладзёнаў-гурткоўцаў і на прыхадня-настаўніка, маўляў, няма чаго чапаць старыя косткі, гай з іх не вырасце. Дырэктар школы, па прафесіі гісторык, па паходжанні – сын мясцовага шаўца, аднак, не здаваўся, падазронага біёлага з ягоным гуртком падтрымліваў і сам час ад часу далучаўся да таемных рыцараў у справах раскопных. Ён тлумачыў насцярогу местачкоўцаў водгуллем яшчэ дарэвалюцыйнай гісторыі. Калісь старавежскія падлеткі пасвілі свіней на гарадзішчы дый заўважылі, што дзёдзя дастала лычом срэбную манетку… Ну й пачалі глебу ледзь не зубамі грызці. Уладальнік зямлі, аматар старажытнасцей, даведаўся, што нейкія хамы раскрадаюць гістарычныя каштоўнасці, раз’юшыўся… Жандары тады і малых скарбашукальнікаў адлупцавалі бязлітасна, і бацькам іх дасталося – штрафы, допыты, ці не ўтаілі каштоўныя экспанаты… Карацей, людзі заракліся праклятае месца чапаць.
А Корвус пра кожную адкапаную рэч расказваў цэлую гісторыю… Ягоны твар маладзеў, хударлявая постаць выпроствалася, нібыта з плеч зваліўся жорнаў. Голас гучаў зусім не як у класе ці ў сухіх размовах. Нізкаваты, глыбокі. І вочы светлыя, аж празрыстыя глядзяць проста кудысь у цябе… Рэму заўсёды бабуля казала, што ў чараўнікоў вочы чорныя. Гэта яна вочы Люцыяна Станіслававіча ў пэўныя моманты не бачыла. Вось бярэ ў руку іржавую нейкую жалязяку, што Ромкава бабуля на дошку клала, каб сыр адціснуць, і давай казані казаць. Гэта, маўляў, сякера бронзавага веку, якая называецца кельт. Яе прывязвалі да дзяржальна накрыж раменьчыкам. Валодалі такой толькі князі ды войты ўсялякія… Бо на Беларусі ў той час не ўмелі такой зброі рабіць, гэта ж тысячу гадоў да нашай эры… Таму прывозілі гэткія сякеры здалёк, на лёгкіх стругах, па рэках… Гэтую, мабыць, з Дунаю. І аддаў за яе наш далёкі продак дзесяць сабаліных скурак… І вось аднойчы напалі ворагі на паселішча, і паспеў стары вой адняць некалькі жыццяў чужынцаў – пакуль у сэрца яго не патрапіла страла з бронзавым наканечнікам.
Праўда, рэдка прарывалася ў настаўніка такая ўзрушаная гаворка. Вось распавядае натхнёна пра лёс папа Лявонція Карповіча, як той у Вільні беларускія кнігі друкаваў у пачатку сямнаццатага стагоддзя ды як яго езуіты катавалі, раптам кране рукой шнар на шчацэ і быццам абсячэ штось ягоны голас. Зробіцца гаворка зноў сухаватай, роўнай, як на ўроку.
Дзіва што, з іх чацвярых – Рэм Цвічок, Жэнька Равіновіч, Малгажата Ракуцкая, Рыгор Самусь, рыцараў Ордэна захавальнікаў, – любы мог закласці Магістра. Са шчырай душой праявіць пільнасць, паведаміць хоць каму са школьнага камітэта, што настаўнік вядзе рэлігійную ды нацдэмаўскую прапаганду. Але ж не заклалі. У галаву не прыйшло.
Ды аднойчы раскопкі давялося перапыніць самім… За рачулкай Наўкай, там, дзе раней шумеў пракаветны лес, з якога даўно выстругалі шафы альбо труны, Ордэнцы знайшлі сляды дзіўнага паселішча. Агароджы няма, па ўсім перыметры праз роўныя прамежкі каменныя крыжы. Уласна кажучы, дзякуючы гэтым крыжам, якіх яшчэ не паглынула зямля, і адбылася знаходка. Папрацавалі на пробу рыдлёўкамі, адкапалі некалькі дзіўных званочкаў, незразумелай формы жалязякі… Люцыян Станіслававіч доўга маўчаў, змрочна разглядаў знаходкі.
– Параюся са знаўцамі, але думаецца мне, што мы, таварышы, дарэмна тут капаемся. З такімі бразготкамі і званочкамі перасоўваліся пракажоныя, каб людзі да іх не набліжаліся. Мне паказвалі рыхтык такія ў Менску, у музеі.
Больш яны туды не хадзілі. Рэм нават рыдлёўку, апаганеную заразнай зямлёю, выкінуў.
Корвус пасля распавёў вынікі сваіх роспытаў. Туды, у гіблае месца за рэчкай, сапраўды адсялялі са Старавежска і ваколіц смяротна хворых. І не толькі. Здаралася, падчас чумы захварэлы ацаляўся. Яго маглі палічыць вечным увасабленнем пошасці, і ацалеламу небараку даводзілася сыходзіць да такіх жа ізгояў. Вар’ятаў таксама адпраўлялі ў страшнае паселішча… Таму і агароджы няма: хто ж пойдзе да заразных і шаленцаў? Хіба якісь Францыск Асізскі. Італійскі святы адмыслова жыў у такіх вось суполках, каб сцвердзіць міласэрнасць Божую.
Затое тут усе былі роўныя. І князь, і жабрак. Прыгонны больш не належаў пану. Жонка не належала мужу. Злачынца мог не баяцца пераследу за былыя грахі. Ніхто, акрамя Смерці, не меў улады над жыхарамі праклятага паселішча.
Грузавік тузануўся, кола ледзь не загразла ў глыбокай калюжыне. Матор зарычэў, як звер, што рвецца з пасткі… Дзякуй лёсу, выехалі. Галава Корвуса зноў стукнулася аб дно кузава. Рэм, трымаючыся адной рукой за борт, падсунуў настаўніку пад патыліцу ўласную шапку і пастараўся галаву непрытомнага трохі павярнуць набок, як Малгося вучыла. А то столькі высілкаў, а яшчэ і жывым не давязем. У Люцыяна нос пераламаны, ён можа ў крыві захлынуцца. Н-да… Вочы запухлі. Ілбом як мур таўклі… Вусны разбітыя. Якія там яшчэ пашкоджанні, лепш не гадаць, Люцыян прыкрыты да падбароддзя выпэцканым у крыві шынялём.
А ўсё ж так добра пачыналася… Не трэба было слухацца Малгосю. Трэба было паслаць упартага Корвуса на сухі лес з ягонай навуковай апантанасцю. Але Малгося ўпёрлася: мусім дапамагчы. Урэшце, жыццём Корвусу абавязаныя. А ён за праўду змагаецца, за развіццё савецкай навукі, супраць сабатажнікаў і фальсіфікатараў.
Вось і арганізавалі Магістру сустрэчу з самім начальнікам аддзела па барацьбе з сабатажам, таварышам Рыгорам Піліпавічам Самусем. Былым рыцарам Ордэна захавальнікаў. Які здабыў у сістэме дзяржбяспекі мянушку Касталом і рэпутацыю чалавека непадкупнага, вернага сталінца і непераўзыдзенага дазнавальніка.
Праўда, Малгося, якая працавала ўрачом у вайсковым шпіталі, сцвярджала, што Рыгору ні ў якім разе не варта было займаць пасаду, дзе ёсць нервовая напруга і дзе ён мае ўладу над людзьмі. Яму пралячыцца добра трэба. Атрыманыя на вайне пашкоджанні прагрэсуюць. Рэм і бачыў падчас усё радзейшых сустрэч, што сябрук раптам робіцца сам не свой, вочы пустыя, як гільзы, праз сціснутыя сківіцы толькі адно: «Сволачы. Ворагі. Недабіткі праклятыя». А яшчэ чуў Рэм ад таго-сяго з саслужыўцаў, што гэткі стан – нічога, яшчэ нармальна для Касталома. Вось калі ў яго сапраўды штось перакліньвае ў галаве, асабліва падчас допытаў…
Але Цвічок адмахваўся. У ягонай натуры, на шчасце ці няшчасце, такое было: прапускаць міма вушэй непрыемнае, тое, што разбурае звыклую карціну свету. Ну які Рыгор Касталом? Ён герой, які можа захінуць сабою сябра ад кулі, з адным пісталетам бяжыць на ўзвод фашыстаў… Добры, верны Рыгорка… Як шкадаваў, што ім не васямнаццаць, не бяруць на фронт! Калі сям’ю сакратара гаркама эвакуявалі сярод першых, збег, застаўся са сваім Ордэнам захавальнікаў, каб усім разам далучыцца да чырвонаармейцаў. Хто ж ведаў, што апынуцца ў акупацыі… І Корвуса выратаваў, пасля вайны ўжо, калі таго хацелі арыштаваць як фашыстоўскага паслугача. Усім сумнеўным даў перцу з імберцам, даказваючы, што Люцыян працаваў у немцаў перакладнікам па заданні партызан. Сведкаў прывёў, дабраўся ў маскоўскі шпіталь да камандзіра партызанскай брыгады, які з Магістрам справы вёў. Урэшце Корвуса нават узнагародзілі медалём «За адвагу» – але тут нічога не скажаш, заслужыў. Калі сышоў у атрад, колькі жыццяў выратаваў, як доктар, і колькі адняў, як жаўнер… Рэм таксама мае на сабе дзве латкі Корвуса – той зашываў яму раны на правым баку і на левай лытцы.
Цяпер жыццё лёгка падзяліць на серыі, як кінастужку. Да вайны. Ад пачатку вайны да вызвалення Старавежска. Ад прыходу нашых – да Перамогі.
Старавежск… Дымяцца руіны… Танкі з чырвонымі зоркамі… Корвуса ўзялі на працу ў палявы шпіталь. Малгося і Жэнька запісаліся на курсы санінструктараў. Рэм – на фронт. Рыгор – на камандзірскія курсы. Шляхі рыцараў Ордэна захавальнікаў нібыта разышліся назаўсёды. Але пасля Перамогі Рэма знайшла ў вайсковай частцы паштоўка: Рыгор і Жэнька запрашалі на вяселле ў Менск!
Якой файнай яны былі парай, маладыя героі! Таненькая, яснавокая Жэнька з тоўстай касою, якую яна ўмудрылася захаваць праз усю вайну, прыгожая, як артыстка, і плячысты, упэўнены Рыгор з буйным цёмным чубам, з ордэнамі на афіцэрскім кіцелі… Маладая сям’я атрымала службовую кватэру ў сталіцы, у ацалелым ад бамбёжак доме ў Траецкім прадмесці. Рэм некалькі разоў у іх начаваў – нішто сабе харомы, нават з паркетам і ляпнінай на столі, у лазенцы – цэлы басейн, а не ванна. Праўда, пляткарылі, што недарэмна ў тым доме ўваход у падвал цэглай закладзены. Напачатку вайны тут жылі сем’і камандзіраў. Пачаліся бамбёжкі. Дзеці з маткамі, чалавек паўсотні, мусіць, пахаваліся ў бамбасховішчы ў падвале. Усчаўся пажар, а дзверы заваліла нейкай бэлькай… Так усе там і задыхнуліся, згарэлі і засталіся да канца вайны… А пасля вызвалення вырашана было на страшную гісторыю забыцца… Тым больш, ніхто з бацькоў з фронту не вярнуўся. Усе дзверы ў сутарэнні заварылі, замуравалі… Вядома, забабонныя людцы, асабліва прыслуга, распавядалі пра прывідаў, плач ды крыкі, якія даносяцца часам з падвалаў…
Цвічка ўзялі працаваць на вайсковы склад, не без дапамогі Самуся. Далі месца ў інтэрнаце… Рэм прыкідваў, што калі Малгося нарэшце згодзіцца стаць ягонай жонкай, то вылучаць ім асобны пакой. Але Малгажата аднеквалася: вось закончыць інстытут… Хаця Жэньцы той жа інстытут не перашкодзіў пабрацца з Рыгорам!
Рэм лічыў кавалкі мыла, боты і гімнасцёркі. У Малгосі пачалася доктарская практыка. Раз на месяц хіба ўдавалася ў кіно сяброўку выцягнуць.
А год таму Жэнька знікла. Кінула Рыгора і з’ехала. Самусь сціскаў зубы, сіпеў: «Так трэба». Ці ў Казахстане працуе, ці на Алтаі. Прынамсі, са слоў Малгосі.
Прызнацца, у Рэма мільгала думка, што нястрыманую на язык Жэньку, якая не зносіла найменшай несправядлівасці, маглі – вядома, па памылцы – арыштаваць… Урэшце, зараз столькі ўрачоў-шкоднікаў выкрываюць, атручвальнікаў! Яшчэ з сорак восьмага года пачалі казаць пра страшную змову наймітаў сусветнага сіянізму, якія забілі таварыша Жданава. У Малгосі на працы двух загадчыкаў аддзяленняў забралі. Але Жэнька ну ніяк не магла аказацца ворагам! Яны ж разам былі ў партызанах, яе ж фашысты катавалі… Але нават Жэньчына маці, якая адна засталася з сям’і, сухенькая, рана пасівелая бібліятэкарка, пра лёс дачкі маўчала, як камень, а пры згадцы пра зяця бялела і адварочвалася.
Корвуса Рэм за гэтыя гады хіба пару разоў бачыў. Гэта Малгося з былым настаўнікам па іхніх медыцынскіх справах сутыкалася, хваліла за кансультацыі па складаных выпадках з усялякімі неўротыкамі. А так ён быццам ад іхняй кампаніі хаваўся. Што зразумела. Як кажуць, срэбныя лыжкі знайшліся, а асадачак застаўся.
Абараніўшы сваю доктарскую, Люцыян Станіслававіч узначаліў нейкую сумнеўную лабараторыю… Вось пра яе лёс і прыйшоў гаварыць. У іх там ажно трох шкоднікаў арыштавалі. А Магістр заступацца лезе!
Пачатак размовы паміж Магістрам і маёрам быў цалкам добразычлівы. Паціснулі адзін аднаму рукі. Корвус усеўся, як на імянінах, у крэсла, у якім столькі ворагаў народу пераседзела, ператрэслася. Паперкі расклаў… І давай алей ліць. Пра тое, якімі важнымі справамі ў іхняй лабараторыі займаюцца. Пасля вайны надта шмат людзей з пашкоджанай псіхікай, з нервовымі захворваннямі. Таму даследаванні нервовай сістэмы, эксперыменты з жывёламі і лекавымі раслінамі, аднаўленне старажытных забытых рэцэптаў такія важныя! Толькі невукі могуць назваць гэта шарлатанствам…
Бяда ў мірную лабараторыю, дзе навукоўцы мучылі няшчасных пацукоў, прыйшла нечакана. Корвуса паслалі ў Маскву на якуюсь там канферэнцыю, і ён пазнаёміўся са знакамітай Вольгай Барысаўнай Лепяшынскай, паплечніцай самога Леніна і Крупскай, старой бальшавічкай і выбітной навукоўкай. Лепяшынская абвяргала клетачную тэорыю і лічыла, што жыццё спараджае нейкае «жывое рэчыва». Узнікае яно само па сабе, а з яго ўзнікаюць клеткі.
Што гэта было за рэчыва, удзельніца дзвюх рэвалюцый так і не растлумачыла, але атрымала за свае даследаванні Сталінскую прэмію.
Дэлегацыю навукоўцаў з усіх рэспублік павялі ў лабараторыю васьмідзесяцігадовай рэвалюцыянеркі. Экскурсія нагадвала блёкат. Дзве маладыя лабаранткі таўклі ў парцалянавых ступках насенне буракоў. Для чаго? А каб атрыманы пыл пасеяць. А калі ён узыдзе, гэта будзе доказ, што прарастаць можа і найменшая часцінка семя дзякуючы ўтрыманню «жывога рэчыва». Дачка Лепяшынскай, Вольга Панцеляймонаўна, з захапленнем распавяла гасцям, як яны даследуюць чарназём, узяты з-пад пазногцяў яе маці. Там жа таксама цуд-рэчыва ёсць! А яшчэ яно можа праявіцца, калі расцерці перламутравыя гузікі і ўвесці іх у арганізм жывёл…
Гэта быў нават не дылетантызм, а суворае сярэднявечча, калі трактат Picatrix раіў для выклікання сардэчнай схільнасці ўзяць дзве драхмы крыві белага сабакі і столькі ж яго мозгу, а таксама па чатыры драхмы мозгу аль-газелі і чалавечай крыві, а эпілептыка лячыць парашком з чалавечага чэрапа з сіропам марской цыбулі.
Беларускі дэлегат Люцыян Корвус якраз пра такія асацыяцыі і распавёў. Сівенькая Вольга Барысаўна міла ўсміхнулася, ад чаго астатнія госці збялелі і пачалі азірацца ў пошуку дзвярэй. І запыталася, якой навуковай тэмай і дзе займаецца шаноўны крытык. Ён, дарэчы, упэўнены, што ў ягоных занятках нічога няма ад прафанацыі і сярэднявечча? А як у яго з партыйнай лініяй? Яна асабіста гэта ўдакладніць.
Начальнік дэлегацыі, мажны дзядзька з Міністэрства аховы здароўя, выштурхнуў Корвуса за дзверы, як вадавоза з губернатарскага балю, і ў калідоры параіў шэптам сушыць сухары.
А па вяртанні ў Мінск пачалося. Якія-такія нервы, таварышы? Якія псіхозы? Савецкі чалавек, загартаваны ў пераможных бойках, вам не істэрычная паненка! А ці не прытулак тут шкоднікаў-касмапалітаў? Ды вы дакладна «антыпаўлаўцы»!
У выніку лепшых спецыялістаў арыштавалі ні за што. Лабараторыю расфармоўваюць. Корвуса адпраўляюць на Палессе, таксама ў лабараторыю, але ўжо не навуковую, а тую, куды савецкія грамадзяне па накіраванні ўрача свае «жывыя рэчывы» здаюць у бутэлечках ды карабках ад запалак. Нічога, што ён спецыялізуецца ў іншай галіне. Таварыш кандыдат медыцынскіх навук сам увесь час гаварыў пра сумежжа спецыяльнасцей, шырокі профіль, сінтэз псіхіятрыі і неўралогіі, біялогіі ды медыцыны. Вось хай і папрацуе сярод народа са сваім шырокім профілем.
Бачыць ганарысты нос Корвуса вечна схіленым над чужым г…ном – гэта хтось з выдумкай падышоў да помсты. Рэм не адмовіўся б паназіраць.
Рыгор спачувальна ківаў… Пакуль Корвус, пільна ўгледзеўшыся сваімі светлымі, як лядзяш, вачыма ў ягоныя, пачырванелыя ад стомы, не прамовіў:
– Вам таксама патрэбная дапамога спецыяліста, таварыш Самусь. Я якраз працую над метадам, як купіраваць наступствы кантузіі… Наткнуўся на адзін яшчэ сярэднявечны рэцэпт, удасканаліў. У вас праблемы з памяццю, ці не так? Галава баліць? Нематываваныя прыступы агрэсіі бываюць?
Твар Самуся пачырванеў. Рыгор абедзвюма рукамі ўпёрся ў край стала, набычыўся.
– З памяццю ў мяне ўсё добра. Вось ты стаіш і глядзіш, як мне па галаве далі. Жэньку вывалак на пакуты. Моцна трымаеш. Каб не ўцякла.
Магістр уздрыгнуў і апусціў галаву з рана пасівелымі скронямі, яго плечы вінавата абсунуліся. Самусь перавёў позірк на Рэма:
– Старшына Цвічок, выйсці з кабінета!
Голас глухі, з нейкім змяіным прысвістам… Быццам і не Рыгорка гаворыць.
Рэм паслухмяна ўзяў пад казырок. Камандзір з былога камсорга атрымаўся добры, не аслухаешся.
Цвічок ведаў, што зараз успомнілася Рыгору. Такое не забудзеш.
…Іх трое, маладых падрыўнікоў, з лесу. Стаяць на каленях у снезе, абяззброеныя, са звязанымі рукамі. Нарваліся на засаду ў хаце на ўскрайку Старавежска, дзе мусіў быць надзейны прытулак і чакаў сувязны. Нямецкі афіцэр аддае загад, і здраднік у чорным паліто і фацэтным капелюшы прыводзіць танклявую дзяўчыну ў адной падранай, заляпанай сукенцы, з доўгай рудой касою… І таксама змушае стаць на калені! Проста ў брудны снег! Учэпістыя пальцы нягодніка моцна сціскаюць дзявочы плячук… Нянавісць падымаецца хваляй… А Рыгор побач рвецца, штось крычыць… Яго б’юць па галаве прыкладам вінтоўкі, цячэ кроў, але Самусь працягвае, лежачы, лаяцца… А здраднік, які прывёў дзяўчыну, пра нешта гергеча з афіцэрам і па-ранейшаму не адпускае плячо дзяўчыны – нібыта крумкач ухапіў кволае птушаня… Чамусь менавіта гэта запамінаецца – уладныя пальцы, як кіпцюры крумкача, пад імі змінаецца тканіна такой знаёмай сукенкі ў сінія кветачкі, у якой уладальніца кружылася ў вальсе на школьных танцах…
Потым Жэнька – яна, сувязная, чакала іх у хаце – патлумачыць, афіцэр западозрыў у ёй габрэйку. Як толькі ўгледзеў, нелюдзь? Хадзілі чуткі, што бацька Жэнькі, якога ніхто ў Старавежску не бачыў – яны з Жэньчынай маці нібыта разам вучыліся на педфаку, – і праўда меў габрэйскую кроў. Але дачка ў любым выпадку да яго зусім не падобная, бо ўся ў маці. Таму Корвусу ўдалося пераканаць пачварын, што дзеўка – беларуска, вучыў яе ў школе, можа пацвердзіць.
На месцы палонніцу не прыстрэлілі, але афіцэр прыдумаў выдатны сродак разгаварыць савецкіх фанатычных недарасцей. І Корвус атрымаў загад: распрануць партызанку да сподняга… І пакуль яе змоўшчыкі-партызаны не скажуць, якое мелі заданне, дзе іх атрад – фройлейн давядзецца памерзнуць.
Корвус паспрачаўся, але потым загад выканаў. Абыякава, як аўтамат.
Гэта было невыносна: бачыць, як яна, прыгожая, быццам фея, дрыжыць у адной белай сподняй кашульцы, абдымаючы сябе тонкімі рукамі, як пераступае скалелымі нагамі ў бруднай калатушы… Як ворагі юрліва аглядаюць яе постаць, захоплена прыцмокваюць, груба жартуюць… А Корвус стаіць спакойна і глядзіць. Толькі пра нешта гергеча з фашысцкай навалаччу… Гергеча незадаволена. Неахвотнае «яволь»… А потым ён, Магістр, прывязвае былую вучаніцу да слупа агароджы. Старанна, моцна… У адной кашульцы на марозе. Навалач. А насупраць сядзяць, навязаныя, як шчанюкі да плота, яны…
Тады першы раз Рэм пабачыў, як Рыгор плача. Злымі, адчайнымі слязьмі, што вымывалі няроўныя дарожкі на твары, спрэс залітым крывёй. Не, гэта была не слабасць. Яны ўсе гатовыя былі памерці, але не здрадзіць.
Але памерці ім не далі. Той жа Корвус. Які напляваў на інструкцыі, што мусіць да апошняга, цаной любых ахвяраў падтрымліваць легенду, заставацца перакладнікам пры фашыстоўскім штабе. Прайсці любыя выпрабаванні – кшталту таго, што яму ўчынілі, узяўшы на карную аперацыю.
Ноч… Здрадлівае святло поўні… Мёртвыя ахоўнікі на снезе… Магістр мые, мые, выцірае снегам акрываўленыя рукі, а рукі трасуцца – чыстаплюй… Вяроўкі перарэзаныя, у руках зброя…
Жэньку Корвус амаль усю дарогу да лагера нёс на руках. На хаду расціраў, захутваў, нечым паіў з маленькіх бутэлечак… Цуд, але рукі-ногі не адмарозіла, толькі два пальцы на левай назе давялося потым адняць. Затое пнеўманія надарылася. Люцыян лячыў, стараўся, але поглядам сустракацца з вучаніцай пазбягаў.
Яны ўсе, і Жэнька таксама, разумелі, ён не мог паводзіць сябе іначай. Каб выявіў спачуванне да палонных, не меў бы магчымасці ім пасля дапамагчы. Але зараз Рыгор успамінаў менавіта той момант, які засеў у галаве. Здраднік Корвус ставіць на калені ў снег іх сяброўку…
Рэм дайшоў да канца калідора, калі пачуўся глухі ўскрык і грукат. Ці не ў кабінеце Самуся? Заазіраўся, мо вярнуцца, але службовец, які ішоў следам, строга кінуў:
– Ідзіце, ідзіце, таварыш старшына. Тут нельга затрымлівацца. Чакаць можна толькі ўнізе. Спатрэбіцеся – выклічуць.
І Рэм цярпліва чакаў на першым паверсе, ля бюро прапускоў. Пакуль не прыбегла Малгося. З такім тварам, быццам зноў пачалася вайна.
– Рыгор мне ў шпіталь патэлефанаваў. Здаецца, бяда…
Яны доўга стукаліся, пакуль Самусь не адчыніў дзверы. А Бо-жа… Увесь у крыві, каўнер гімнасцёркі расшпілены… Далоньмі выцірае твар, размазваючы чырвоныя пісягі…
А Малгося кінулася на калені ля стала… Люцыян Станіслававіч Корвус, які гадзіну таму прыйшоў сюды ў дыяганалевым касцюмчыку пры гальштуку, у белай кашулі, з акуратным партфельчыкам, з засяроджана-важнай інтэлігенцкай фізіяноміяй, і чалавек, які ляжаў у лужыне крыві на падлозе кабінета начальніка аддзела барацьбы з сабатажам, былі падобныя, як кошык яблыкаў і звараны з іх кампот.
– Я ж казала… Табе трэба пралячыцца… – у адчаі мармытала Малгося, аглядаючы непрытомнага Магістра, але звяртаючыся да гаспадара кабінета. Ды яшчэ страшней было глядзець на гэтага гаспадара. Той стаяў, шырока расставіўшы ногі, сціснуў кулакі, напружыўся, ажно жылы набухлі на шыі, нібыта ў смяротнай сутычцы з нябачным дужым супернікам. Прасіпеў:
– Неадкладна забірайце Корвуса… А то зноў у мяне пачнецца. Не стрымаюся. Заб’ю… Аформяць арышт заднім чыслом, і ўсё… На яго ж справы заведзеныя – вагон можна паперамі загрузіць.
Матлянуў галавою, зарычэў. Рэму здавалася, ён бачыць, як штосьці цёмнае, бязлітаснае б’ецца знутры ў грудную клетку маёра. Яны дзецьмі назіралі, як з яшчэ жывога вусеня вылупляюцца маленькія лічынкі асы-наезніка, прагрызаюць знутры млявую зялёную плоць… Ненатуральнае, агіднае да ванітаў відовішча – як цяпер…
– Забірайце Магістра! – зноў рыкнуў Рыгор. – Вось прапускі… Паперка з паўнамоцтвамі… Можаце машыну ўзяць… Галоўнае, не гаварыце мне, дзе яго схаваеце! Бо пасля… – голас Самуся знізіўся да шэпту. – Пасля я буду яго шукаць, каб арыштаваць і дабіць. Гада… Падлюку…
Апошнія словы гаварыў ужо не Рыгор, а той звер, які ў ім узгадаваўся. І Рэм, ужо не саромеючыся свайго страху перад найлепшым сябрам, схапіў Магістра пад пахі…
Вось так яны і апынуліся ў гэтым грузавіку. Які відавочна зведаў франтавыя дарогі, вунь на дошках сляды асколкаў. Цямнее. Туман згушчаецца, дробныя кроплі вісяць у паветры, ліпнуць на твар вільготным павуціннем. Сосны змяніліся чорнымі ў прыцемку елкамі. Быццам сцяна крэпасці, з-за якой паказваюцца шаломы, дзіды, мячы абаронцаў.
Куды яны едуць? Малгося не сказала.
Святло фар яшчэ больш насыціла чарнатой цені. Здавалася, дрэвы з абодвух бакоў дарогі прысоўваюцца бліжэй, каб раздушыць іншародную металічную істоту, якая парушае цішу і раніць цемру. Ды лес Рэма даўно не палохаў – некалькі год знаходзілі ў ім ратунак. І нярэдка малілі ўсёй душой, чуючы далёкі брэх сабак, стрэлы, чужыя галасы, каб сталася яшчэ цямней, яшчэ гусцей было кустоўе ды вецце, яшчэ далей апынуцца ў нетрах…
Між тым грузавік збочыў, марудна, перавальваючыся ў калюжынах, на вузкую дарогу. Цяпер голле ледзь не біла па твары, Малгося перастала гнаць машыну. Падалося ці не – наперадзе засвяціўся слабы агеньчык. Цвічок прыўзняўся, угледзеўся: сапраўды, набліжаюцца да нейкага будынка. Дрэвы расступіліся. Забраны ў жалезныя краты ліхтар – паўжывая зняволеная жарынка – паказваў жалезныя вароты, высокі пабелены плот, паўзверх – некалькі радоў калючага дроту.
І шыльда: «Інфекцыйная спецбальніца. Уваход строга забаронены».
Малгося выскачыла з кабіны, загрукала кулаком у жалезныя дзверы… Яе каротка стрыжаныя русявыя валасы зліпліся ў неахайныя пасмы. У жалезным палотнішчы ўтварыўся чорны прагал – з агідным рыпам адчынілася акенца. Малгося ціха перамовілася з нябачным ахоўнікам, падала дакументы…
Вароты раз’ехаліся па сталёвых пазах. Іх ахоўвалі двое ўзброеных салдат, але, што палохала больш за зброю – у белых марлевых павязках на тварах. Што за праклятае месца?
Наколькі можна было разгледзець у святле рэдкіх ліхтароў, за варотамі цэлае паселішча. Аднапавярховыя будынкі. Некаторыя – са светлай сучаснай цэглы, а былі цёмныя, з вялікімі аркамі-ўваходамі, магчыма, былыя панскія стайні. Малгося спыніла машыну перад адзіным двухпавярховым будынкам – нецікавы светлы простакутнік з закратаванымі вокнамі, два вакны на першым паверсе свяціліся мёртвым цьмяным святлом. У тым доме яна прабыла хвілін пяць. Вярнулася не адна. Двое ў белых халатах, з насілкамі, прычым адзін кульгавы, другі гарбаты – як у нейкай прыпеўцы. І жанчына, танклявая, з укладзенай на галаве цяжкой касой, з ганарыстай паставай і ўладнымі рухамі:
– Бярыце хворага і ў аперацыйную.
Рэм саскочыў з грузавіка на вільготную зямлю, якая незадаволена чмякнула пад ягонымі ботамі.
– Жэнька! Ты?
Жанчына ў белым халаце азірнулася, вусны трошкі-трошкі кранула былая шчырая ўсмешка:
– Прывітанне, Рэм! Давай усе пытанні пасля, а?
Калі Корвуса занеслі ў дом, Рэм агледзеўся вакол і, як ні дзіўна, нават памятаючы пра бетонную агароджу і калючы дрот, марлевыя павязкі і невядомыя страшныя хваробы, адчуў сябе незвычайна свабодным.