Я дачытала фанфік Grjaznogo ubludka і, не адрываючы вачэй ад манітора, паспрабавала адпіць з пустога кубка каву. Прычым не адразу зразумела, што ён пусты. Вось жа, супакоіла сябе пасля сузірання на станцыі метро ўваскрэслага мужа.
Тое, што чарговы дасланы мне як адміну тэкст апавядаў пра нейкага Корвуса, падавалася дурной містыкай. Нашэсце крумкачоў…
Я неслухмянай рукой паставіла на стол кубак з лагатыпам метрапалітэна, падобным да чырвонага нязграбнага птаха з квадратнымі крыламі. Шкада, што, выходзячы з сеціва, нельга ляснуць дзвярыма.
З чаго б гэты Ублюдак даслаў раптам не фанфік пра якогась Тора альбо джэдая Люка Скайуокера, а арыджынал, гэта значыць, цалкам самастойны твор? Чаму на гэты задрыпаны сайт, запаведнік няпужаных графаманаў, а не на якую Прозу. Ру? І што мне з тым аповедам рабіць, выстаўляць ці не на агульнае прачытанне? Я, вядома, не літаратурны крытык, але магу адрозніць опус пра палкае каханне Мэры Сью і Арагорна, усе гэтыя «Трепеща, как птичка на проводах высокого напряжения, я приблизилась к предмету своего вожделения», ад сапраўднага мастацкага твора, а «Ордэн захавальнікаў» ім быў. А можа, Ублюдак сплагіяціў?
Вы спытаеце – чаму гэта я такая спакойная пасля з’яўлення нябожчыка і рэфлексую пра фанфікі…
Напэўна, мне належала загарлаць, тыцкаючы пальцам у манітор, кінуцца даганяць… Каго? Чалавек, якога я бачыла, мог быць Корвусам. А мог быць страшэнна да яго падобным. Кажуць жа, што ў кожнага з нас ёсць двайнік. Допельгангер. Гі дэ Мапасан аднойчы бачыў яго – вярнуўся дадому, а двайнік у фатэлі ля каміна сядзіць. Гётэ таксама допеля сустрэў, калі ехаў у карэце на Страсбург. Той стаяў на ўзбочыне, апрануты ў шэры сурдут з залатой вышыўкай, які ў стваральніка Фаўста з’явіцца праз восем гадоў. Імануіл Кант, Персі Бішы Шэлі, лорд Кавендзіш, Сяргей Ясенін… Ведаюць пасланцы Аіда, каму з’яўляцца. Часам мы бачым двайніка як цёмны сілуэт альбо празрыстую смугу…
Але ніякай містыкі я не адчула. Віталь быў цалкам рэальны. Нават куточак вуснаў прыўзняў, як заўсёды рабіў, калі ў галаву прыходзілі невясёлыя думкі – гэткая саркастычная паўусмешка…
Лагічнае апраўданне майго бяздзеяння – пабаялася, каб у дурку не забралі. Але нічога такога я не думала. Мазгі завіслі, як кампутар на пірацкім сайце. У мяне ў стрэсавых сітуацыях такая вось рэакцыя: замерці, і няхай усё само рассмокчацца, развеецца, выпарыцца.
Перажываць пачынаю пасля. Як боль вяртаецца ў сцерхлую руку, калі пачынаеш ёю варушыць.
Галоўная прычына маёй стрыманасці: раптам Віталь хаваецца? Выглядаў ён цалкам здаровым. Знешнасць змяніў да непазнавальнага: заміж доўгіх валасоў – пад нуль, бараду адгадаваў, дый рудым раней не быў. Каб не характэрны жэст – паціраць пальцам лоб, не пазнала б. Калі раптам я папрашу сваіх мянтоў знайсці патрэбны кадр, прасачыць, дзе пасажыр сеў… Ці не падстаўлю Корвуса? Што б ні сачыніла тыпу «падобны да аднаго чувака, які мне пазыку не вярнуў», прагоняць жа па базе дадзеных, запомняць, зацікавяцца… Гэта ж сістэма, Вялікі Брат, які глядзіць на ўсіх нас!
Мент Паша зноў уключыў «Любэ», і я сыходзіла пад «Не валяй дурака, Америка».
Ехаць давялося ў вагоне, абклееным шпалерамі з кніжнымі паліцамі – рэклама электроннай бібліятэкі. Якраз патрапіла ў «аддзел класікі». Тамы на фоташпалерах здаваліся сапраўднымі, хацелася правесці пальцамі па карэньчыках з залатымі паскамі і адчуць іх выпукласць… Вось толькі ні на водным карэньчыку не было назвы. Кніжкі без імёнаў, са сцёртым мінулым. Быццам Корвус. Як можа апынуцца жывым чалавек, які сем год таму загінуў у аўтакатастрофе? Як мае аўтары гэта б вырашылі?
Галоўныя спецыялісты – тыя, што ажыўляюць прафесара Снэйпа з фандома паводле «Гары Потэра». Іх галоўны аргумент – цела не знайшлі. Вісклівы Дамок, дзе супершпіён прыняў смерць ад жудаснай змяюкі Цёмнага Лорда, згарэў. Зусім як «Жыгуль» майго Віталя. Таму верагодна, што прафесар споўз. Інсцэнаваў сваю смерць, сціскаючы ў кішэні супрацьяддзе і кроваспыняльнае зелле, і падпаліў дэкарацыі. Альбо яго непрытомнае цела забралі змоўшчыкі. Ён ачуняў, змяніў імя і знешнасць… Жыве як іншы чалавек, бо не хоча ў турму за старыя грахі. Альбо не памятае, хто ён, страціў магію. Альбо хаваецца ад няшчаснага кахання (да Гары Потэра, вядома).
Але каб хацеў Корвус проста знікнуць – ён і так за мяжой быў… Навошта вярнуўся на Беларусь і якім чынам?
Тут хутчэй падыходзіць аналогія з фандомам Шэрлака Холмса. Геніяльны слядак зваліўся ў Рэйхенбахскі вадаспад разам з прафесарам Марыярці. А насамрэч таксама інсцэнаваў сваю смерць і вярнуўся праз нейкі час у Лондан, каб давершыць справу выкрыцця злачыннай арганізацыі. Статус нябожчыка дазволіў лягчэй праводзіць расследаванні.
Якая ж важная недавершаная справа ў Корвуса?
Я ледзь успомніла, што зараз трэба выходзіць, давялося людзей расштурхоўваць. Нават значок з заплечніка, самы прыкольны, з няшнай постаццю прафесара Снэйпа ў стылі анімэ, з надпісам «Не хвалюйся, я бессмяротны» адчапіўся і застаўся дзесьці за жалезнымі дзвярыма цягніка.
Я завярнула за шэра-мармуровую калону станцыі і сутыкнулася з маладой чарнявай кабетай у паношанай балонневай куртцы колеру капуснага ліста. Кабета, сагнуўшыся, старанна лічыла грошы. Ад майго штуршка адна паперка паляцела на падлогу. Маё «прабачце» непрыкметна растала ад палючай нянавісці чорных вачэй. А гэтую спадарыню я ж нядаўна бачыла ў вагоне – яна гнюсавым плачучым голасам старанна выгаворвала: «Выбачайце, што я адцягваю вашу ўвагу. Я не падманваю вас, дарагія людзі. Збіраю грошы на аперацыю дачцэ. Дапамажыце, хто чым можа, блаславі вас Гасподзь». Плач у голасе гучаў занадта прафесійна. Акцэнт сведчыў, што спадарыня не мясцовая. І я, гэтак жа, як многія пасажыры, утаропілася ў шпалеры з кнігамі і праігнаравала пацёрты поліэтыленавы пакет з міласцінавымі купюрамі, які на пару імгненняў затрымаўся перада мной.
Кабета не дала сіняй паперцы ўпасці на бетонную падлогу, спрытна падхапіла, быццам птушка матыля.
– Што лупішся? – цяпер яе голас зусім не плакаў і не маліў. – Будзеш, красунька, з нябожчыкам цалавацца!
Мой погляд зачапіўся за танныя завушніцы ў выглядзе птушыных пёркаў з белага металу, што пагойдваліся ў вушах чарнявай жабрачкі. Я яшчэ раз мармытнула абсалютова непатрэбнае «Прабачце» і бегма пакінула станцыю. «Цалавацца з нябожчыкам»… Гэта праклён, прадказанне ці прапанова?
Я нацягнула на галаву капюшон талстоўкі – красавіцкі вецер насвістваў у вушы штось сімфанічнае. Мокры асфальт, белыя захляпаныя красоўкі з калісь жоўтымі шнуркамі… З чаго ж пачаць росшукі свайго нябожчыка?
Ясная справа, з мінулага. Раптам мар’інагорская цётачка штосьці ведае? Месяц таму сама мне патэлефанавала, прычым двойчы. Пыталася, чаму не прыязджаю. Маўляў, у рэчах пляменніка, пакінутых у яе доме, маецца адрасаваная мне рэч. Пакет, канверт… Не памятаю. Але я па-ранейшаму хацела пазбавіцца ўсялякіх успамінаў і нават не падумала ехаць забіраць у той час як сама ўсё Віталева аддала. А цяпер з’езджу. Таму што калі не ўпэўнюся, жывы Корвус ці не… Самае страшнае – няпэўнасць.
Першы пацалунак пасля сустрэчы з чарнявай жабрачкай, аднак, дастаўся не ад нябожчыка. Мацейка ў вітальні маёй кватэры крануў цёплымі вуснамі шчаку… Хоць я адразу раздражнёна адхілілася. Не да сантыментаў. З варыўні пахла тушанай рыбай. Бэ-э… Зноў рыба… Успомніўся хек у белай пенапластавай скрыначцы, з’едзены на абед. Ну, але сам факт – хлопец гатуе мне вячэру, вунь пантофлі падае…
– Дзякуй… – мармытнула я, усунуўшы ногі ў вязаныя сіне-белыя пантофлі са скандынаўскім арнаментам.
– Ірынка, што здарылася?
Ён заўсёды адчувае мой настрой. Мацей глядзеў уважліва-трывожна, гэтак жа, як Кафка з ягонай майкі, якая абцягвала даволі шырокія плечы. Вы, напэўна, сказалі б – прывабны хлопец, спартыўны, стылёвы. Прычоска з доўгім русявым чубам і каротка стрыжанымі скронямі, на абедзвюх руках – скураныя фенечкі, іх уладальнік не здымаў нават дома, плюс «татушка» на загрыўку ў выглядзе лацінскага выслоўя A probis probari, ab improbis improbari aequa laus est. «Аднолькава вартыя ўхвала ад годных і ганьба ад нягодных». Што значыць, фіялетава мне на вашую крытыку.
Мне зразумела, адкуль гэтая дэманстрацыя незалежнасці ад чужога меркавання. Нацярпеўся Мацей… Я дасюль, як на яго гляджу, бачу не шыракаплечага падцягнутага мужчыну, а поўненькага хлопчыка з наіўным ружовашчокім тварам, аж хочацца ўшчыкнуць за пухлую шчаку. Ці штурхануць у спіну, каб не глядзеў так, быццам увесь свет з цукерак і сонечных зайчыкаў. Што ж, з ім, нізенькім пухлявым навічком, усё гэта ў нашым чацвёртым «Б» і рабілі. І не толькі гэта. Штурхалі, шчыкалі, лупілі, падкладалі кнопкі на крэсла… Клас наш быў паскудны. А што вы хочаце, рабочы раён. Побач – зона строгага рэжыму, чыгунка, ля якой мы бавілі вольны час, скачучы па застылых грудах шлаку. А хлапцы бегалі да зоны, хваліліся, што вось учора ледзь вартавыя з вышак не падстрэлілі. Кідалі праз калючы дрот пачкі з чаем, цыгарэты. Атрымлівалі ўзамен нажы з наборнымі ручкамі, адмысловыя бранзалеты з жалезных ланцужкоў… І ў класе парадкі былі, як на зоне. Нават спіс іерархіі па партах хадзіў. На чале – Атаманша, самая высокая і мажная дзяўчынка, дзве яе шасцёркі, і ўжо не памятаю, як там ролі размяркоўваліся. Я з дзвюма сяброўкамі апынулася ў асобнай партыі, анархістаў. У мяне спісвалі ўрокі, мы разам з усімі ўцякалі з заняткаў і пляваліся гарохам з трубачак. Але ўдзельнічаць у «цёмных», кагось няўгоднага лупіць, падтрымліваць байкоты я наадрэз адмаўлялася. Атаманша паблажліва дазволіла мне быць трохі паасобку – і за тое, што рабіла хатнія заданні за ўвесь клас, і за тое, што маніць не ўмела. Прынамсі, такое меркаванне пра мяне склалася.
Галоўнае было – не патрапіць да ізгояў, якім згаданыя «цёмныя» і ўчынялі. А вось Мацей якраз – у тых ізгоях… Мілы такі хлопчык, разумненькі, настаўнікі не нахваляцца. З добрай сям’і – тата і мама медыкі. Акуратненькая вопратка, акуратненькая стрыжачка, у музычную школу ходзіць, грае на флейце…
Не, вы падумайце, у класе, дзе палова бацькоў пабывала ў калоніі, вучыцца флейтыст! Не хачу ўспамінаць, як яго абзывалі. А ён яшчэ да ўсяго і заікаўся. «Ад-д-д-чап-п-піцеся…»
Вядома, ніякіх рамантычных пачуццяў Мацейка ні ў каго з дзяўчатаў не выклікаў. Наадварот – нават побач з ім затрымацца грэбавалі. Сесці за адну парту з Саломай – мянушка ад ягонага прозвішча Саламярэцкі… Нізавошта! Задражняць. Таму нясмелыя спробы Саломы заляцацца да мяне («Хочаш ц-цукерку? П-пайшлі ў к-кіно?») былі сустрэтыя, як заляцелыя ў хату мухі: хуценька прыбіць, каб не дзумкалі.
Але флейтыст не здаўся. Замест таго, каб да канца вучобы шыцца па кутах і пазбягаць увагі якога-небудзь Валодзькі з паламаным носам і пудовымі кулакамі, пазапісваўся ў спартовыя секцыі. І ўжо ў восьмым класе канчаткова развітаўся з пухлявасцю, флейтай і кончыкам мезенца на левай руцэ. Мезенец яму падкараціла ў бойцы заточаная жалезная палоска, здабытая нейкім Вовам ці Мішам у добрых зэкаў. Заіканне засталося толькі калі моцна хваляваўся. Але нават калі я нечакана сустрэла Мацея ў Акадэміі мастацтваў – ён паступіў на кампутарны дызайн, я вучылася на камунікатыўным, усё роўна бачыла ў ім таго ж поўненькага хлопчыка з наіўнымі вачыма, з якім няёмка падтрымліваць знаёмства, бо засмяюць.
Былы флейтыст доўга ў акадэміі не пратрымаўся. Мусіць, курса з другога перайшоў на айцішныя тэхналогіі ў другі інстытут. Хаця маляваў цікава. Графічка такая сюрэалістычная чорнай тушшу, цмокі, эльфы – хоць зараз у раздзел арту на маім сайце.
Некалькі год я анічога пра заікастага Саламярэцкага не чула. Ажно да абароны дыплома – яна ў нас была ў музеі сучаснага мастацтва. І калі я ціха ікала ад хвалявання – дыплом мой быў на тэму «Промапрадукцыя Мінскага трактарнага завода», я абыграла вобраз трактара-супермена і баялася, што выкладчыкі не ацэняць сцёбу… Адгадайце, хто падаў мне каву-латэ, прынесеную з суседняй кавярні?
У адрозненне ад мяне, Мацей хутка зрабіўся знакамітасцю ў сваіх прафесійных колах. Далучыўся да стварэння папулярнай кампутарнай гульні са смешнымі круглымі монстрыкамі, павыйграваў нейкія прэстыжныя конкурсы… Урэшце, і мяне дабіўся. Ну, дазволіла ж я яму ўвайсці ў маё жыццё, выцягнуць з дэпрэсіі… Праўда, ягонае мармытанне пра замежныя перспектывы толькі раздражняла: ён там будзе геніяльнічаць пры якім Білу Гейцу, а мне што рабіць? Посуд мыць у Макдональдсе? А на ролю хатняй гаспадыні я не падпішуся нават пры наяўнасці роты прыслугі. Маім мужам Салому не быць, я сказала.
Мой расповед пра сённяшнія падзеі развесяліў Мацея прыкладна як Гамлета – з’яўленне прывіду ягонага бацькі.
– Д-дык т-ты збіраешся яго шукаць? Т-таго каламутнага Корвуса?
Ажно сківіцы сціскае і заікаецца… І не падумаў запэўніваць – «Падалося табе, Ірынка, папі валяр’янкі». Адчуў, што Адысей падплывае да Ітакі і трэба вызваляць нагрэтае месца на ложку Пенелопы дзеля законнага сужэнца.
– Паслухай, Салома, я табе нічога не абяцала, – я адсунула талерку з недаедзенай рыбай. – Мы ж дамаўляліся… Не будзем ускладняць.
Мацей глыбока ўздыхнуў, бы апошнім паветрам, і з сілай правёў абедзвюма далонямі па твары, нібыта спадзяваўся сцерці рысы, якія не выклікалі ў мяне палкага пачуцця, і набыць іншае, больш прывабнае ў маіх вачах аблічча.
– П-прабач, забыўся пра нашу… канвенцыю. Мір, дружба, сэкс. І ўсё ч-часова, як нумар у гатэлі.
На імгненне зрабілася сорамна ад горычы, што гучала ў ягоным голасе. Але ў наступнае імгненне я раззлавалася. Дакараць, што цябе не кахаюць, – усё роўна што сцябаць вецер. Хопіць, што мне маці мазгі вынесла, калі ж мілы Мацейка са мной ажэніцца, нібыта ўсё залежала ад яго жадання. Але Салома, відаць, і сам зразумеў недарэчнасць прэтэнзій і іранічна ўсміхнуўся – найлепшы сродак хаваць крыўду.
– Ну што, Холмс, паехалі лавіць сабаку Баскервіляў ля Грымпенскай… пардон, Мар’інагорскай дрыгвы? Цябе пакінь – зноў наламаеш трыснягу.
Гэта ён намякаў на маю першую спробу забыцца на Корвуса – раман з адным байкерам. Раман скончыўся тым, што я ўцякла ад з выгляду брутальнага (гара цягліцаў, татухі, касухі), а на справе страшэнна зануднага меланхалічнага каханка на ягоным жа байку. Які праз дзесяць хвіль уцёкаў па няўменні загнала ў балота, зарослае сухім трыснягом. Патлумачыць тое, што байкер мяне не прыбіў, калі дабег да таго балота, магу толькі ягоным захапленнем будызмам і філасофскім раманам Роберта Пірсінга «Дзэн і мастацтва догляду за матацыклам».
– Мушу канстатаваць, Ірына Максімаўна, што ў нашых адносінах прасочваецца глабальная дысгармонія, – толькі і змог прасіпець небарака, шалёнымі вачыма ўтаропіўшыся на жалезнага дрыкганта, які адчайна задзіраў руль угару з твані.
Байкер нават моўчкі давёз мяне, зарумзаную, у панцыры з падсохлай гразі, да горада на выратаваным з дрыгвы байку.
Харошы быў чалавек у прынцыпе. Толькі надта павучаць любіў ды аналізаваць чужую карму.
Тады я змагла сабе прызнацца. Мне патрэбны толькі Корвус. Крумкач, чорны птах смерці.
Добра, што заўтра субота і можна не адкладаць росшукі. Тут жа патэлефанавала цётачцы Віталя – шчасце, што стары нататнік з нумарамі не згубіўся, дамовілася на візіт. Цётачка гаварыла праз зубы, але прыехаць заахвоціла. Маўляў, даўно трэба было спраўдзіць волю зніклага. Салома ўгаворваў пачакаць, пакуль машыну з рамонту забярэ, але я толькі паціснула плячыма: не хочаш – не едзь, мне і грамадскі транспарт падыдзе. І ўвогуле, гэтай ноччу хачу адна пабыць.
Калі Мацей пасунуўся дахаты, я залезла на свой сайт. Ага, падазроны аўтар у сеціве. Я папрасіла Ублюдка ўдакладніць біяграфічныя звесткі. Запоўніць урэшце анкету, а то не выстаўлю ягоны тэкст.
Вядома, нараніцу менавіта Салома пабудзіў мяне, каб выправіцца, як запланавалі. З’явіўся хвіля ў хвілечку, бы піянер на ранішнюю лінейку. Праўда, не ў чырвоным гальштуку і шортах, а ў байцы з чорным капюшонам, падобным да манаскага клабука. Змрочны, нявыспаны, нібыта схуднелы за адну ноч. Ледзь плячом усе малюнкі ў вітальні са сцяны не змахнуў, хоць раней такой няўклюднасці за ім не заўважалася. У мяне ж усе сцены завешаныя акварэлькамі, керамічнымі пано, батыкамі, фотаздымкамі – іншага багацця ў хрушчоўцы няма. Затое атмасферненька. А што? Кажуць, Ігар Севяранін завешваў сцены сваёй жабрацкай кватэры букецікамі і паштоўкамі, атрыманымі калісь ад прыхільніц. Уявіце сабе… Рэвалюцыя. Усім начхаць на ягоныя «ананасы ў шампанскім» і славу выкшталцонага дэндзі. І сам ён – пастарэлы, у пацёртым аксамітным пінжаку і ні разу не арыстакрат. Букецікі пажоўклі, асыпаюцца, але дапамагаюць захаваць Пачуццё Уласнай Значнасці. Вось і я – гляджу на псіхадэлічныя малюначкі, што натхнёна малявала па начах у студэнцкім юнацтве, і забываюся на кабінет над станцыяй метро і транспартную газетку з чыноўніцкімі пысамі. І здаецца, усё яшчэ будзе. Персанальныя выставы, вялікія карціны, гучныя перформансы. Белы Трактарыст прыедзе і забярэ мяне з саркафагу…
А ў галаве круцілася пытанне, якое Мацей умудрыўся задаць, як нож загнаць: «А ты ўпэўнена, што Віталь хоча, каб ты яго знайшла?»
Сюжэтаў, як закаханая дзяўчына ідзе па слядах свайго зніклага прынца, хапае. Старажытныя немцы верылі, што віхура – няшчасная жонка, якая шукае мужа, нават і цяпер называюць тую з’яву Windsbraut, «нявеста ветру». Пяшчотная прыгажуня Псіхея, каб вярнуць свайго Амура, аж у царства мёртвых датупала па ваду са Стыкса. Наша Вужыная Каралева, дарэчы, таксама мужа страціла і жаласна клікала яго з дрыгвы. О, а вось згадаўся эксклюзіў! Сука Фініст Ясны Сокал з расейскай казкі. Калі ад жонкі сыходзіў, заявіў: бывай, маўляў, красунька, калі надумаеш шукаць мяне за трыдзевяць земляў, стопчаш тры пары жалезных чаравікаў, тры жалезныя кавенькі зломіш, тры прасвіры каменныя згрызеш, тады і знойдзеш мяне, добрага малойца. Красунька, вядома, стоптвае, згрызае і знаходзіць… Потым, у палацы сукі Фініста, лечыць раматус і харчуецца кашкамі. Суставы застуджаныя, зубоў няма…
Каму сокал, каму крумкач.
Кажуць, каб даведацца, па якім сцэнарыі жывеш, трэба ўспомніць улюбёную казку з дзяцінства. Але ж у мяне гэта дакладна не той навалачны Фініст. А – не можа быць! – «Снежная каралева». Герда ў пошуках Кая. Збяры слова «вечнасць» з падручных матэрыялаў і прамяняй палову свету на канькі.
У электрычцы на Асіповічы я купіла ў дзядзечкі-карабейніка сінюю накідку ад дажджу. І каб Салому пазлаваць, які прыхапіў для мяне, бездапаможнай, парасон з чорнымі катамі на гарчычным фоне. І шкада зрабілася дзядзечку, які відавочна зусім нядаўна, мусіць, пасля вылету на пенсію, паспрабаваў гандлярскай долі. Рэкламаваць тавар свой толкам не навучыўся, ажно голас зрываўся і ад сораму, і ад страху, што ні капейкі не заробіць.
І як адчувала… Толькі выйшлі ў той Мар’інай Горцы, дождж абрынуўся, нібы спазняўся на спатканне з зямнымі нетрамі. Так што мне ў сінім шаргатлівым «доміку» было куды выгодней, чым Мацею хай бы і з двума парасонамі. Корвусава цётка-пашпартыстка, сур’ёзная кабета з па-мужчынску буйнымі рысамі твару ў карэ фарбаваных пад каштан валасоў, злосна зыркнула на наш мокры абутак, які пакінуў абуральныя сляды на ламінаце пад мораны дуб у вітальні ейнай кватэры, хоць мы адразу разуліся да шкарпэтак (пантофляў нам не прапанавалі). Алена Рыгораўна – ёй бы іграць улюбёную дачку злой мачыхі беднай сіроткі, тую, дзеля якой у сіроткі адбіраюць усё, ад напрадзеных нітак да багатага жаніха, буркатнула: «Праходзьце». Тоўсты кацяра на канапе скрывіў пляскатую пысу і адвярнуўся. У серванце бялеў падораны нам з Корвусам на вяселле сервіз, з кучаравымі пастушкамі і кветкавымі гірляндамі. Пахла таннай пудрай і карвалолам. Фотаздымка зніклага пляменніка не відаць нідзе.
Алена Рыгораўна так і не спытала, што за фацэт прыйшоў з жонкай пляменніка, нават не кінула на Мацея ніводнага цікаўнага позірку. Раздражнёна дастала з шуфляды пакет, загорнуты ў цэлафан:
– Зрабіла ласку завітаць, дык бяры. Віталь перад ад’ездам свае рэчы спакаваў, каб у Мінск перавезці, так і стаялі валізы ў кладоўцы. Перад новым годам вырашыла перабраць, падалося, што моль там развялася. А ў валізе зверху вось гэта… Табе адрасавана. Вырашыла, варта перадаць, хоць табе, даражэнькая, відаць, усё роўна.
Пляскатвары кацяра лена саскочыў з канапы і ці сослепу, ці ад шкоднасці зрабіў спробу патачыць кіпці аб Мацееву лытку. Камуфляжная тканіна нагавіцаў разышлася з агідным трэскам.
– Б-брысь, жыв-вёла!
Алена Рыгораўна падхапіла на рукі раскормленага хатняга бажка:
– Не бойся, Магнацік!
Баяцца відавочна належала непачцівым гасцям, пра што сведчыў раз’ятраны выраз твару гаспадыні. Мы паспешліва развіталіся, нават шнуркі не сталі завязваць на красоўках. На развітанне Магнат падарыў нам здзеклівае «Мрмяў».
Пакет я разадрала проста на ганку, пад стрэшкай перад непрыветным пад’ездам (я так і не змагла ўявіць, што Корвус сюды заходзіў, падымаўся па вышчарбленых прыступках, вячэраў на цётчынай кухні).
Канверт… Почырк Віталя… Там перадсмяротная цыдулка?
Мацей рашуча забраў спадчыну з маіх рук, што трэсліся, як у алкаголіка са стажам. У канверце аказаўся ключ – пляскаты, з дзіркай, падобнай да выскаленай усмешкі, з бліскучымі зубчыкамі. І папера. Якая ва ўсёй юрыдычнай красе сведчыла, што ласкай Корвуса мне ўжо сем год як належыць дом у маленькім гарадку Старавежск. Вуліца Энгельса, 24.
Каб жа я хоць раз чула ад зніклага мужа пра той Старавежск! І пра тое, што ў яго ёсць там маёмасць!
Паштоўка, якую аздабляла гравюра пачатку дзевятнаццатага стагоддзя з краявідамі нейкага павятовага мястэчка, мусіць, таго Старавежска, трохі з’ясавала сітуацыю.
«Дарагая Вірынейка, прабач, што з’ехаў адразу пасля вяселля. Але хачу ўсё кампенсаваць. Мядовы месяц у нас будзе самым рамантычным. У мяне ёсць для цябе сюрпрыз. Нядаўна я атрымаў спадчыну ад далёкага сваяка – сапраўдны старасвецкі дом, такі, ведаеш, з кафлянай печчу, рыпучымі драўлянымі сходамі, пазелянелым чарапічным дахам і, магчыма, з прывідамі. Я хачу, каб ты прыняла яго ў падарунак. Няхай гэта будзе маім пасагам і месцам, дзе мы пражывём самыя цудоўныя дні!
Твой Крумкач».
Значыць, Корвус перад апошняй вандроўкай заязджаў на сваіх «Жыгулях» да цёткі. Канверт пакінуў тут, каб я не знайшла ды не папсавала сюрпрыз – усё роўна збіраўся па вяртанні перавезці свае рэчы да мяне. А вось ці быў ён у Старавежску? Можа, паспеў і там штось пакінуць, нейкі знак? А можа… А можа, ён у доме з прывідам і хаваецца? Можа, там пад чужым імем сем год і жыве?
Чакаць і даганяць – самыя паскудныя справы, казала мая бабуля. З Мар’інай Горкі да Старавежска, як сведчыў тысячавокі Гугл, можна было дабрацца за якія паўтары гадзіны на рэйсавым аўтобусе.
Дождж паныла малаціў па бляшаным навесе, як быццам адпрацоўваў належны тэрмін на нелюбімай працы.
– Паслухай, Вірка… – Мацей стамлёна пацёр двума пальцамі пераноссе, быццам там намулялі нябачныя акуляры. – Давай не ламаць… трыснёг. У мяне ўвечары важнае паседжанне. Я абяцаў вярнуцца…
– Вяртайся, не пытанне! – я выцягвала з заплечніка шаргатлівую сінюю накідку, быццам пакамечанае неба з водгуллем навальніцы.
Я зусім не хацела да чагось змушаць Саламярэцкага. Праўда.
Праўда і тое, што ў глыбіні душы ведала, што ён усё роўна пацягнецца за мною.
Так і здарылася. Мы трэсліся ў маленькім аўтобусіку, мусіць, яшчэ савецкага часу, і нашы выпадковыя спадарожнікі амаль усе везлі з сабой саджанцы. Здавалася, гэта транспарт для дрэваў-перасяленцаў, яны тут паўнавартасныя пасажыры, а мы так, аўтаспыншчыкі. Кволыя шэрыя пруты, як сапраўдныя мігранты, не ведалі свайго лёсу. Хтось з іх прыжывецца, закрасуе, а хтось і не знойдзе сіл зрадніцца з чужой непрыветнай глебай.
А ўсцяж вузкай, не магістральнай дарогі мільгалі на шыльдах рознай ступені іржавасці незнаёмыя, але такія старасвецкія, з водарам стагоддзяў назвы. Людвісарава… Падняводдзе… Жухавічы… Наўе… Волатава Пушча… Мне падалося, што дарога з Мар’інай Горкі да Старавежска – шлях з рэалу ў фэнтэзі, дзе іншыя законы быцця і іншая гісторыя, дзе жывуць ваўкалакі і прывіды і адкуль ніхто не вяртаецца ранейшым.
Вось каб быў са мной Корвус – колькі б ён распавёў цікавага! Пра тое ж Людвісарава, уладальнік якога быў сынам магната, але пайшоў у інсургенты… Пра Наўе, сама назва якога адсылала да Краіны Мёртвых. Наўе і Праўе, між якімі жылі продкі…
Мацей у прывіды не верыў. Ён гаварыў па смартфоне. Нудна і стамлёна.
– Так, я памятаю, што абяцаў вярнуцца. Так, мы адна каманда. Не, я не Ланцэлот. Я айцішнік з асабістым жыццём. Паслухай, Марго, усё роўна эплаўцы будуць размаўляць па скайпе. У мяне з сабой планшэт, падключуся – і айс.
Марго – ягоная калега. Ні разу яе не бачыла. Увогуле, ніколі не хацела ведаць падрабязнасці працы майго бойфрэнда. Але гэтая дамачка мяне ненавідзіць, факт. Не здзіўлюся, калі закаханая ў Мацея. Не тое, каб мне было ўсё роўна, нат калі тваю котку хтось звядзе, прыкра. Але Салома і праўда заслугоўвае большага, чым я магу яму вылучыць. Таму трымаць не буду.
Між тым на экране Мацеева планшэта заміргалі фізіяноміі суразмоўцаў у асобных квадраціках, зусім як на маніторы відэаназірання ў метро. Саламярэцкі надзеў навушнікі і залапатаў па-ангельску. Здольнасць да моў у мяне прыблізна як у індыка да балета. Ды каб і разумела – што мне да іхніх тэхналогій, дый усім астатнім пасажырам таксама. Вось дзядзечка наперадзе абдымае худы саджанец з двума кволымі лісцікамі на макаўцы і распавядае спадарожніцы ў вязаным берэцэ бурачнага колеру страшную гісторыю. Ляжаў у бальніцы, у артапедыі. Прывозяць ноччу ў палату мужыка са зламанай нагой. Той наадрэз адмаўляецца расказваць пра свой няшчасны выпадак. Разгаварыць удалося пасля кантрабандай прынесенай у палату бутэлькі піва «Аліварыя прэміум»… А было так. Аднойчы сніць той мужык, што жонка мые падлогу, поўзае ракача… І так зрученька павярнулася да яго задам, што ён проста не мог не даць дарагой сужонцы выспятка. Прачнуўся ад болю, бо з усяе соннай моцы ўдарыў нагой у сцяну.
Кабета ў берэце павучальна гаварыла пра неадкладнае пакаранне за злыя намеры… А я трэслася ад істэрычнага смеху. У апошнім сваім сне я даганяла Корвуса, які ў чорным манаскім балахоне слізгаў між соснаў – іх ствалы былі шэрымі, як стары асфальт, а іголкі фіялетавымі. А я такая бягу, на сосны натыкаюся… А потым Корвус паварочваецца, а ў яго пад чорным капюшонам замест твару – страшная белая маска, як у Паядальнікаў Смерці з сагі пра Гары Потэра. І дае мне ў рукі жалезную бразготку на доўгай ручцы… Я тую жалязяку хапаю… І цікава, за што б гэта я ўхапілася, каб рухалася ў сне, як той мужык? Можа, прачнулася б з адарваным ад сцяны свяцільнікам?
А паводле Фрэйда свой сон трактаваць не хачу, не спадзявайцеся.
Мацей скончыў перамовы, якраз калі аўтобус затросся на брукаванцы, як ад ведзьмінай корчы альбо скокаў святога Гі.
Можа, калісь Старавежск і быў горадам слаўным ды квітнеючым. Засядала ў ратушы важная гарадская рада, учыняліся рыцарскія турніры, урачыстыя каптуровыя суды крычалі «Ганьба!» Дзеля прыезду вялікага князя вось на гэтым пляцы, дзе слепавокі гіпсавы Ленін пагражае небу заціснутай у кулак кепкай, ладзіўся карнавал альбо містэрыя на духоўныя сюжэты…
Але сёння гэта было звычайнае мястэчка, якое за апошні век зведала дзясятак розных улад, кожная з якіх апантана падчышчала ўсе сляды папярэдняй, а гэта значыць людзей, будынкі і ідэі. Пра што сведчыла хаця б вось гэтая мураўёўка, царква, што сустрэлася нам па дарозе да вуліцы Энгельса. Такія ўзводзілі ў краі пасля ўціхаміранага паўстання, пры Мураўёву-вешальніку, каб распаўсюдзіць правільную веру. Непарушным застаўся толькі выкладзены з мясцовых каменняў падмурак. А верхні ярус разам з купаламі зрэзалі, як крэм з торта, і замянілі на пляскаты бляшаны дах. Вокны напалову заклалі цэглай, каб пазбавіць аркавай формы, збілі карніз над дзвярыма… Цяпер, відаць, архітэктурнага калеку зноў перадалі вернікам: сцены свяціліся свежай пабелкай, на бляшаным даху ўзвышалася недарэчна маленькая новенькая вежачка з ярка-сінім купалам-цыбулінай, падобным да чупа-чупса.
З-пад асфальту паказвалася брукаванка – быццам праз прарэхі лахманоў шляхецкая вопратка. Вясна, усюдыісная, як пошасць, вытыркалася з кожнай шчыліны зялёнымі дзюбкамі травы, прабівалася з галінак падманліва-кволымі лісцікамі. На баку іржавай пажарнай машыны ў нечым двары красаваўся надпіс «Старовежск». Дзесьці паблізу загарлаў самотны певень. Няшмат субраццяў-сонцапаклоннікаў падхапіла ягоны адчайны крык. Месцічы відавочна аддавалі перавагу перад жывымі квактухамі спачылым бройлерным курыцам, што свяціліся ружова-сінімі голымі бакамі ў цэлафанавых упакоўках і лагодна маўчалі.
Вуліца Энгельса заканчвалася жывапісным тупіком. Якраз тут і распраўляў цагляныя плечы дом Корвуса. Праўда, пастава была не надта ўражлівая, старэчая, прыгорбленая. Да цаглянай паловы дома прыбудаваная драўляная частка, пафарбаваная аблезлай зялёнай фарбай. Мансарда нядобра лупілася падслепаватым чорным вакном з брудна-белай рамай. Самотны вазон, як каламутная зрэнка. Высокі плот з шэрых дошак рознай вышыні, быццам наторкалі на хуткую руку, у чаканні нападнікаў. За плотам шчыміліся бэзавыя кусты, якія яшчэ і не думалі зелянець, толькі тапырыліся шэрым голлем. Паштовая скрынка на слупе весніцаў падмазаная сіняй фарбай, на ёй нехта зусім нядаўна вывеў белым няроўныя лічбы «24», на кволай веснавой траве яшчэ бялелі кроплі фарбы. Са шчыліны скрынкі тырчэў стракаты край рэкламнага буклета. Замест замка ці клямкі слуп агароджы і штыкеціну весніцаў з’ядноўвала пятля з дроту.
Я нерашуча азірнулася на Мацея. Той змрочна паціснуў плячыма і за няйменнем лепшага пастукаў па паштовай скрынцы.
– Ёсць хто ў хаце?
Дом нібыта стаіўся, прысеў на заднія лапы, як звер, загнаны лоўчымі ў самы гушчар. Салома сцягнуў пятлю са штыкеціны і штурхнуў весніцы. Тыя адчыніліся самі, ажно грукнулі ды загайдаліся. Уніз, на забрукаваны двор, вялі дзве няроўныя прыступкі. Цяпер, з двара, можна было палюбавацца і на белыя фіранкі на вокнах, падвязаныя ружовымі стужачкамі, і на высокі ганак з дзвюма драўлянымі калонамі – аб іх, падобна, ранейшыя ўладальнікі вастрылі сякеры ці шаблі, шэрыя слупы спрэс у шнарах. Шыба ў левым вакне трэснула. Расколіна, заклееная знутры белым медыцынскім пластырам, нагадвала па форме руну наўціз (сімвалізуе энергетыку Сатурна, цёмны час і ўвогуле тармазнутасць).
На стук у дзверы зноў ніхто не азваўся. Хаця нібыта пачулася асцярожнае пагрукванне… Ці не Корвус там трывожна прыслухоўваецца да нашых рухаў?
Ключ паварочвацца ў замку не захацеў. Таму што дзверы не былі замкнутыя. Варта павярнуць металёвую ручку, падобную да наверша састарэлай у бойках булавы…
Так магло пахнуць у старой аптэцы і адначасова бібліятэцы. Калі вочы прывыклі да цемры, высветлілася, што пад драўлянай столлю доўгай вітальні прымацаваны шост, на якім павіслі кветкамі ўніз букеты зёлак, ссохлыя, сівыя, брунатныя… Быццам назапасілі іх яшчэ ў тыя часы, калі ў кожнай аптэцы мусіла вісець чучала кракадзіла. Уздоўж сцен – старасвецкія этажэркі, заваленыя стосамі пажаўцелых часопісаў і кніг… І адчуваецца выразна, як поўха на шчацэ, нечая прысутнасць…
На наша галёканне штось зноў грукнула ў глыбіні дома… Рыпнулі дзверы, у прастакутніку святла нясмела вымалявалася незразумелая, застрашлівая постаць. Цяжкія крокі, як людзі не ходзяць…
Не, гэта быў не Корвус. Нават пасля зомбі-апакаліпсісу ён не змог бы так выглядаць.
Як я не закрычала, не плітанула прэч – не ведаю. Істота, што выходзіла да нас з прыцемку старасвецкага дома, пагрукваючы мыліцамі, абрыньвала ў сярэднявечныя жахі.
У ашалелых мазгах круціўся вершык-«парашок», дасланы адным з маіх аўтараў, які парадзіраваў вядомы фільм пра мушкецёраў. Памятаеце, герой таго мюзікла ўвесь час бадзёра пытаўся таварышаў: «А колькі ў нас шпаг? – Чатыры! – А колькі ў нас мушкетаў? – Чатыры! – А колькі ў нас бутэлек бургундскага? – Чатыры!» «Парашок», напісаны, як належыць, без знакаў прыпынку, выглядаў так:
а колькі шпаг у нас чатыры
а сцёгнаў сем а пальцаў сто
давайце з самага пачатку
мы хто
У свой час я здорава рагатала. Вось толькі цяпер мне ні разу не было весела. Дзве галавы, прыціснутыя адна да адной, чатыры, здаецца, рукі, тры нагі, адна сукенка…
Істота, цяжка абапіраючыся на мыліцы, наблізілася. З-пад прыполу сукенкі ў дробны гарошак паказваліся сапраўды тры нагі ў бясформных пантофлях. Яны перасоўваліся з цяжкасцю, нібыта блыталіся, якой чарга хадзіць. Сівыя валасы, укладзеныя акуратнымі косамі, маршчыністыя бледныя твары, трохі прыплюснутыя з бакоў, вялікія пукатыя светлыя вочы… А ў вачах – спалох. Што надало мне моцы папытацца… Дакладней, прапішчэць апошні радок вершыка-парашка:
– Вы… хто?!
– А вы? – прамовіла… скажам так, левая галава.
Звычайны насцярожаны голас немаладой жанчыны.
Што змусіла мяне ўсё-ткі ачомацца… Я ж дзіця інтэрнэту, саламяная ўдава, нават дзесьці феміністка і спецыялістка па віртуальных монстрах. А перада мной проста чалавек… Дакладней, два чалавекі. Сіямскія блізнюкі. З’ява прыроды. Вунь расказвалі мне пра аднаго паэта… Калі ён нарадзіўся, у яго ў грудзіне апынуўся яго брат-блізнюк, які не развіўся з зародка… І паэт так і жыў доўгія гады, ніхто не ведаў пра ягоны «бонус»… І ён доўга не ведаў. Я сама бачыла: мужык як мужык, лысаваты, сціплы…
Мацей ачомаўся хутчэй за мяне. Пасля ягоных тлумачэнняў кабеты, што дзялілі тры нагі на дзвюх, як антычныя багіні паркі на траіх – адно вока, цяжка ўздыхнулі і паспрабавалі перазірнуцца адна з адной, для чаго ім давялося скасавурыць пукатыя вочы, якія ў адной былі зусім ужо на розных узроўнях, як на малюнку сюррэаліста.
– Што ж, Люба, перабярэмся назад, да сястры… – мармытнула левая блізнючка, нервова шкрабануўшы мыліцай па падлозе.
– Яна тут, за сценкай жыве, сястра наша Маруся, у драўлянай прыбудове, – патлумачыла правая блізнючка, з перасунутымі вачыма. – Мы ў яе і прапісаныя. Проста доктар Люцыян Корвус, упакой Гасподзь яго светлую душаньку, перад смерцю казаў, каб мы карысталіся ягонай паловай дома. За камунальныя паслугі плацім…
– Мы ўсяго адзін пакой займаем, у кабінеце толькі пыл выціраем. Як доктар пакінуў, так усё і стаіць, – запэўніла левая, падобна, з больш мяккім характарам, яе голас жаласна задрыжэў. У мяне ажно шчокі запалалі: выглядала, нібыта я збіраюся выганяць няшчасных пажылых калек з дому, на які мае правы па-чалавечы вельмі няпэўныя. А тут яшчэ з боку дзвярэй пачуўся ўладны жаночы голас:
– Як не сорамна толькі! Хто дазволіў турбаваць інвалідаў? Чаго ўваліліся? Не людзі пайшлі – звяры! Адны вокны б’юць, другія падаткі вымагаюць…
Ваяўнічая старая ў блакітнай балонневай куртцы, напэўна, тая самая сястра Маруся, настаўляла на нас складзены мокры парасон з вострай металёвай «дзюбай».
– Крыжа на вас няма!
Дарчая Віталя Корвуса ўражання на кабету, падобную да зрослых сёстраў хіба светлымі пукатымі вачыма, не зрабіла.
– Круцялі вы ўсе! Не было ў Люцыяна Станіслававіча ніякіх пляменнікаў, ні родных, ні ўнучатых. Як жонка памерла, адзін дажываў. Толькі круціліся ўсялякія… пройды. Ён іх на ганак не пускаў.
Мацей ад націску кабеты ледзь не паваліўся на этажэрку з падшыўкамі старых газет.
– Даша і Люба нікому не замінаюць! І сябе могуць пракарміць. Яны швачкі, працуюць на камбінат… Вышываюць для царквы… А ў краму і я для іх магу схадзіць! Не аддам у інтэрнат! Досыць, што яны там усё дзяцінства правялі, а я і не ведала! – кабета паставіла на падлогу накрыты кавалкам цыраты кошык, адкуль чуўся вохкі пах свежага хлеба, які пякуць толькі на раёне. – Бог ведае што робіцца… То нікому не трэба былі, задушыцеся на свае капейкі інвалідскія, а з пачатку гэтага года Любку з Дашкай ажно тры разы ў шпіталь клалі на абследаванне. Якое абследаванне? Што, іх раздзяліць хтось возьмецца? Каб мяне з імі там не было, ні памыцца бедным, ні апрануцца… Хамуйлы лупяцца, пальцамі паказваюць, каб ім пальцы тыя павыкручвала…
Я старалася не глядзець на Дашку з Любкай.
– Чакайце… Хіба спадчыннік, Віталь Корвус, тут ні разу не з’яўляўся? Ён мой муж… Знік сем год таму… Мацей, пакажы!
Айцішнік паслухмяна ўключыў планшэт і адкрыў на экране выяву Корвуса. Пакуль цёткі вывучалі аблічча доўгавалосага маладога чалавека з фанабэрыстым ротам і вясёлымі зялёнымі вачыма, я працягвала ліхаманкавую прамову.
– Калі ласка… Мне не дом трэба, мне хоць што пачуць пра Віталя трэба! Бачылі вы яго? Высокі такі… Калісь насіў доўгія чорныя валасы… А можа, нядаўна хтось заходзіў? Падобны да яго, толькі з паголенай галавой і рудой барадой?
Мусіць, у маім голасе дастаткова адчувалася хвалявання, таму што сястра Маруся адказала больш лагодна:
– Пасля смерці Люцыяна Станіслававіча хто тут не швэндаў… Можа, і твой доўгавалосы быў. Хату апячатвалі… Потым пячаткі зрывалі… Перавярнулі ўсё. Доктар жа вучоны быў. Кніжкі пісаў.
Твар старой прасвятлеў ад успамінаў пра Корвусава сваяка.
– Мог вар’ята нармальным зрабіць – размовамі ды зёлкамі. Такіх вылечваў, ад якіх усе дактары іншыя адмаўляліся… Нават з-за мяжы да яго прыязджалі. А ён грошай не браў. Усё жыццё ў тубдыспансеры… Намеснікам дырэктара… У цэнтр колькі разоў звалі – не паехаў. Любу і Дашу выратаваў.
Сіямскія блізнючкі, каб маглі, заківалі б галовамі. Левая, больш рашучая Даша, пацвердзіла:
– Каб не доктар, мы б у бальніцы памерлі. Як два качаны капусты, згнілі б. Ён нас і гаварыць навучыў, і свет бачыць.
Правая сястра, Люба, нясмела працягнула мне назад планшэт, з якога ўсміхаўся Віталь. «Сярэднія» рукі сясцёр былі кароткія, недаразвітыя, бо плечы ж зрасліся, мне ледзь удалося здушыць дрыготку агіды пры поглядзе на бледныя пальчыкі без пазногцяў, што трымалі Корвусаў гаджат.
– Мы табе, Маруся, не казалі, але тут хтось бываў, дакладна. Калі пасля бальніцы вярталіся, рэчы паперасунуты, пыл павыціраны.
Сястра Маруся захвалявалася.
– Знікла што?
Люба вінавата скасавурылася на сваю палову.
– Наадварот… Гэта Дашка заўважыла. Кніг прыбавілася, сшыткаў у кабінеце.
У шыбы між тым зноў лупянуў дождж, як у шаманскі бубен. Апошні аўтобус на Мінск сышоў… І гэта была выдатная падстава застацца нанач. Вядома, я збіралася адшукаць хоць штось пра Корвуса… Майго, вядома. Ну і пра старога даведацца. Мацею было ўжо ўсё адно, што воля, што няволя.
Сёстры павесялелі, калі я запэўніла: выганяць іх ніхто не стане, жыць збіраюся ў сваёй кватэры ў Мінску. Сіямскія блізняты паведамілі, што на гэтую ноч пяройдуць назад да сястры, каб гаспадарам не замінаць. Цётка Маруся нават дэкляравала пакарміць вячэрай… А, яшчэ мне падалося, што ўсе трое неяк дзіўна ў мяне ўглядаліся. Вышуквалі ў спадчынніцы падабенства з гаспадаром дома, ці што?
А для начлегу цалкам падыдзе кабінет таямнічага доктара: там і зручная канапа, абцягнутая чорнай патрэсканай скурай, і раскладное крэсла.
У прапахлай зёлкамі і старымі газетамі хаце, куды мяне занесла, як пацерку з разарваных караляў у выёміну падлогі, я прытулілася плячом да чалавека побач і адчайна захацела, каб гэта быў хтось іншы. І каб ён меў прозвішча Корвус.