Раздзел чацвёрты Пушчанскі прытулак

Сайт: «Пад знакам Урабораса».

Назва фанфіка: Ордэн захавальнікаў.

Фандом: арыджынал.

Жанр: агнст.

Памер: максі.

Статус: у працэсе.

Рэйтынг: NC-17.

Катэгорыя: гет.

Аўтар: Grjaznyj ubljudok.

Бета: шукаю.

Папярэджанні: асабліва жорсткія сцэны.

Анатацыя: Ты думаў, што ты на дне, але нехта пастукаўся знізу.

КАМЕНТАРЫ

Racional. Аўтар занадта заглыбляецца ў нацыяналізм.

Тор Магутны. Згодны, на лекцыях па сучбелліце надакучыла гэтая байда пра замкі, крывічоў ды рыцарскія іржавыя мячы. Аўтар, пішы лепш пра «Вайну тронаў».

Fljor Delakur. Ubljudok, калі пазначаеш у шапцы гет, у тэксце павінна быць каханне. Пакуль ніводнага вартага героя для рамантычнай лініі не бачу, нейкія ўсе пакоцаныя. Хіба што гэтага пабітага біёлага зробіш падобным да прафесара Снэйпа. Тады я ўсё дарую:)

Грае лера…

Тужлівы пранізлівы голас, нібы трохі надтрэснуты ад старасці.

Павольна, быццам наматваючы нітку твайго лёсу, круціцца ручка, нацёртая да бляску далонямі лірнікаў…

У каралеўскім войску тры палкі стаяць,

У першым палку ды конікі іржуць,

У другім палку ды малайцы пяюць,

У трэцім палку ды шабелькі звіняць.

Гэта ж яшчэ да вайны… У дзяцінстве… Менская Сляпянка. Бацька павёў слухаць апошняга лірніка, забытага богам і ўладамі сляпога старэчу. У хаце з зялёнымі разьблёнымі аканіцамі пахне сушанымі яблыкамі, сонца прасяваецца скрозь выцінанкі на шыбах, рассцілаецца па нефарбаванай драўлянай падлозе сляпучымі вітражамі… Ля абвіслых сівых вусоў музыкі шыецца надакучлівая муха, быццам хоча першай перахапіць словы песні.

…Ой вазьміце ж Байду да й звяжыце,

На гак рэбрам перачапіце.

Вісіць Байда ні дзень, ні дзень, ні два,

Ні адну ночку, ні гадзіначку.

Гук ліры, ці, як называлі яе даўней, леры ўсё гучней. Сонечныя вітражы гаснуць, згушчаецца цемра, так, што здаецца, яе можна пакратаць, зачэрпнуць даланёй. Лера ў тае цемры гудзе сурмамі нябёснага суда… Але не заглушае разважліва-сумных слоў:

– Слухай, сынку, голас народа свайго. Запамінай. Не засталося больш на Беларусі лернікаў, Люцыянка. І батлейшчыкаў няма. І пры цары забаранялі, і пры новай уладзе. Усё, што змушае народ асэнсоўваць сваё права на ўласнае імя, гісторыю і асабістую прастору, у імперыях лічыцца шкодным.

У памяці ўсплывае працяг размовы, які адбыўся праз колькі гадоў…

– Памятаеш, як мы хадзілі да лірніка, як ты быў малы? Вось і да ўкраінскіх бандурыстаў дабраліся, сыне. У Харкаве склікалі іх на з’езд. Самых лепшых, галасістых, памятлівых… Ну, паспявалі тыя хорам Шаўчэнку… Паабмяркоўвалі асаблівасці старажытных балад… А потым з’явіліся ў зале тэатра, дзе адбываўся з’езд, людзі ў форме, загналі бандурыстаў у вагоны, адвезлі трохі ад горада дый пастралялі. Граюць цяпер разам з нашымі лірнікамі ў нябёсным аркестры.

І батлейку бацька вадзіў яго глядзець, крадма ад мачыхі, якая аніяк, вядома, не ўхваляла «нацдэмаўскія перажыткі» бацькі. Не для таго яна, пралетарка, супрацоўніца камісарыята, уратавала яго калісь ад расстрэлу, прыняла разам з сынам, каб цяпер зноў за буржуазнымі нацыяналістамі і польскімі шпіёнамі крочыў.

Батлейку ўдалося паглядзець ажно ў Прылуках. Сам батлеечнік памёр, і ў запыленым, аблупленым вертэпе, знятым з гарышча, вадзіла лялькі і гаварыла на розныя галасы ягоная дачка, звычайная вясковая кабета ў паркалёвай хустачцы. Згадзілася за два рублі і абяцанне таямніцы пацешыць таварыша доктара з сынам «цемрашальскай забавай».

«…О Ірадзе, цару, магутны гасудару, пашкадуй мяне ды маіх дзетачак малых…»

Калі ў батлейцы памірае вялікі грэшнік, да яго прыходзіць Смерць з чорным кошыкам за спінай. Касою ш-шах – і галава грэшніка злятае з плеч… Але не зусім, павісае на нітачцы. Для таго, каб да наступнага спектакля лялька была зноў гатовая грашыць і памерці. Бедная лялечная Смерць – яе кошык мусіць заўсёды заставацца пустым…

А вось і наяве халоднае лязо дакранаецца да горла… Смерць, мусіць, падставіла пад тваю патыліцу чорны кошык. Вядома, марна ўцякаць ад яе касы, але столькі ўжо разоў яна чыркала побач, а ты ўхіляўся… Дык чаму б і цяпер не паспрабаваць патузацца яшчэ на мізэрнай сцэне сваёй батлейкі? Па вачах рэзанула святло, боль апёк падбароддзе…

Загрузка...