"Почему именно я?” – спрашивает себя каждый в толпе. “ –Я один ничего не сделаю”. И все они пропали. “Если не я, то кто?” – спрашивает себя человек прижатый к стенке. И спасает всех..
Па адукацыі я фізік-тэарэтык. Абараніў кандыдацкую дысертацыю ў галіне вельмі цікавай, фундаментальнай навукі – фізікі элементарных часцінак. Цяпер выкладаю інфарматыку. Вядома, чытач будзе здзіўлены – якая ж тут сувязь паміж праблемамі нацыяналізму, беларускага нацыянальнага адраджэння і дэмакратыі, якой прысвечана гэтая кніга.
А вельмі простая сувязь. Навука патрабуе сумленных адносін. У прасторы навуковай культуры нельга купіць ісціну за грошы, атрымаць прызнанне вучоных па блату. У часы Савецкага Саюза наша навука, у тым ліку і фундаментальная, была вернай дачкой усеабдымнай камуністычнай сістэмы і камуністычнай ідэялогіі. Колькі таленавітых людзей паглынула гэтая пачварная сістэма. Колькі іх было зломлена, як духоўна, так і фізічна, колькі апынулася за мяжой....? Тыя гады, якія цяпер завуцца эпохай стагнацыі, для мяне, як і для многіх іншых былі існаваннем у нейкім ірэальным свеце, у свеце кэрролаўскіх крывых люстэрак.
Канец 80-х галоў прынёс нам пачатак збаўлення ад гэтага грамадства ілжы. Я кажу пачатак, бо шлях да нацыянальнага, дэмакратычнага і сумленнага грамадства толькі пачынаецца. Умовы для заняткаў навукамі ў цяперашні постсавецкі час, канешне, не сталі лепшымі. Але гэта зразумела – спачатку трэба пабудаваць вольную незалежную Беларусь, стварыць усе ўмовы, як у матэрыяльным, так і ў маральным планах, – толькі тады можна гаварыць аб эфектыўнай навуковай творчасці.
Ня дзіва, што разам з ветрам перамен акцэнты ў сферы палітыкі пачалі мяняцца. Камуністычная наменклатура, як выявілася, аказалася не такой ужо і страшнай, хаця і не слабай. У палітыку прыйшлі новыя людзі і сярод іх нямала вучоных. Узнік Беларускі народны фронт. З самага пачатку я быў у яго шэрагах. Удзельнічаў у знакамітым мітынгу на Дзяды 30-га кастрычніка 1988 года. Да БНФ мяне прывёў нацыянальны дух, які ўсталявалі яго лідэры начале з апантаным Зянонам Пазьняком. Гэта атрымалася не выпадкова. Яшчэ з пачатку 70-х гадоў я захварэў адмысловай хваробай – беларускасцю. Вельмі балюча было глядзець на паўсюдны нацыянальны нігілізм і дэградацыю беларускай нацыі. І толькі беларускія кнігі, ды магчымасць бавіць нямногія гадзіны з аднадумцамі – свядомымі беларусамі, сярод якіх былі галоўным чынам паэты, пісьменнікі ды вучоныя-гуманітарыі былі той крыніцай, якую бальшавікі ў мяне ўжо адабраць не маглі.
Развал былога СССР і крах камуністычнай сістэмы даў надзею на выратаванне беларусаў ад асіміляцыі з рускімі. І з самага пачатку я зразумеў, што каб стварыць незалежную нацыянальную дзяржаву Беларусь трэба прынімаць больш актыўны ўдзел у палітычных працэсах. Гісторыя дала нам такі, магчыма апошні, шанц.
25 чэрвеня 1989 г. па дарозе дадому з устаноўчага з’езду БНФ, што адбываўся ў Вільні, у салоне нашага “Жыгулёнка” ўзнікла нязвыклая для тых часоў гаворка аб стварэнні не такога шырокога руху як БНФ, а партыі – арганізацыі, дзе б аб’ядноўваліся людзі па агульных інтарэсах і больш канкрэтна – па адданасці беларускай нацыянальнай ідэі.
На з’ездзе ў Вільні і яшчэ раней на розных сходах у Мінску добра было бачна, што Фронт аб’ядноўвае людзей самых розных поглядаў, часам процілеглых. Найбольш буйнымі былі дзве групоўкі. Адна аб’ядноўвала тых, хто ставіў на першы план нацыянальнае адраджэнне, другія ж ставіліся да нацыянальных праблем абыякава, а высоўвалі на першы план дэмакратычныя пераўтварэнні. У будучым так і атрымалася – кожная з плыняў утварыла сваю арганізаваную структуру. Былі створаны партыі “па інтарэсах”, і іх цяпер нават больш, чым уяўлялася нам тады.
Праз пэўны час пасля першага з’езду БНФ мы стварылі аргкамітэт новай партыі – калі так можна сказаць , бо ў гэтым аргкамітэце было ўсяго тры чалавекі. Мы напісалі “Дэклярацыю” новай партыі з рабочай назвай – “Нацыянальна-дэмакратычная партыя Беларусі”. Як не дзіўна, гэтая назва і засталася потым. І вось з гэтай “Дэклярацыяй” я паехаў на канферэнцыю МАДА (Міжнародная асацыяцыя дэмакратычных арганізацый), што праходзіла ў той жа Вільні 2-4 лютага 1990 года. Гэтая асацыяцыя ўяўляла сабой стракаты букет, які складаўся як з сур’ёзных, так і даволі экзатычных арганізацый: ад Народнага франту г. Варонежа – да асацыяцыі горскіх народаў Каўказа. Па ўмовах МАДА нашай “Дэклярацыі” хапіла для ўступлення і будучая партыя была зафіксавана ў выніковых дакументах канферэнцыі. Праўда, потым большасць з арганізацый, удзельнікаў МАДА, знікла, як сама МАДА. Але з НДПБ атрымалася інакш. У весну таго ж 1990 года аргкамітэт быў пашыраны, пайшла сур’ёзная праца над статутам і праграмай – і ў рэшце рэшт 24 – 25 чэрвеня 1990 г. у Мінску адбылася ўстаноўчая канферэнцыя НДПБ – першай партыі на Беларусі (калі не лічыць наддзяржаўнай стуктуры КПСС), пасля ўсталявання таталітарнага рэжыму ў СССР у 30-я гады ХХ стагоддзя.
Потым мне прышлося працаваць на пасадзе старшыні партыі, удзельнічаць у розных палітычных канферэнцыях і, у сувязі з адсутнасцю адпаведнай ідэалагічнай платформы, распрацоўваць галоўныя прынцыпы нацыянальнай дэмакратыі, высвят-ляць сутнасць такіх паняццяў, як нацыяналізм, дэмакратыя, і іншых паліталагічных катэгорый. Уся гэтая дзейнасць адлюстроўвалася ў шэрагу артыкулаў, інтэрв’ю, розных дакументах, змешчаных у перыядычным друку і выступленнях па радыё, на тэлебачанні. Аднак, з-за дзяржаўнай манаполіі на інфармацыю, большасці жыхароў Беларусі мала што вядома аб цяперашнім стане нацыянальна-дэмакратычнага руху на Беларусі.
З цягам часу асэнсаванне сутнасці нацыяналнай дэмакратыі рабілася для мяне ўсё больш поўным. Асабліва істотным было пераадоленне псіхалагічнага бар’еру страху перад словам нацыяналізм, што застаўся ў кожнага з нас ад бальшавіцкай прапаганды. Паступова фармаваўся пэўны падыход да нацыянальнай праблемы, сутнасць якога ў нацыяналізме. Шлях да рэабілітацыі і далейшай крышталізацыі нацыяналізму для самога мяне не быў такім і простым. Прышлося адкінуць шэраг стэрэатыпаў мыслення, уласцівых нашаму посткамуністычнаму чалавеку, у тым ліку і мне, пакуль не стала ясна, што нацыяналізм – гэта самая гуманная і самая неабходная рыса чалавека як грамадзяніна сваёй краіны і грамадзяніна сусвету.
Усе гэтыя акалічнасці і прывялі мяне да думкі стварэння кнігі, у якой была б паказана гісторыя ўзнікнення і развіцця нацыянальнага і дэмакратычнага руху на Беларусі, дадзена філасофска-рэлігійнае асэнсаванне нацыяналізму, адлюстраваны погляды праціўнікаў беларускага адраджэння. Таксама ў кнігу уключаны раздзел прысвечаны мала вядомай нашаму чытачу тэме – Суду над злачынствамі камунізма “Нюрнберг-2”. У падрыхтоўцы гэтай будучай акцыі я непасрэдна ўдзельнічаў у якасці дэлегата ад Беларусі на міжнародных з’ездах МАК (Міжнароднага арганізацыйнага камітэту) “Нюрнберг-2” ва Уладзіміры (Расія) і ў Варшаве (Польша).
Такім быў першапачатковы план кнігі. І к 1994 году матэрыялы і артыкулы, прысвечаныя гісторыі станаўлення нацыянальнай дэмакратыі 90-х гадоў, былі сабраныя. Але за час працы над кнігай палітычная сітуацыя істотна змянялася. Адбылася эвалюцыя і ў маіх поглядах на сутнасць нацыянальнай дэмакратыі, як парадыгмы ідэалагічнага кшталту.
У 1991 – 1992-х гадах я шмат думаў аб гэтым, напісаў шэраг артыкулаў аб сутнасці нацыянальнай дэмакратыі (“Дзве тэзы аб нацыянальнай дэмакратыі”, газета”Выбар” ад 18.02.1992, “Беларуская крыніца”, сакавік 1992 г. і іншыя).
І чым больш я засяроджваўся на асэнсаванні філасофіі нацыянальнай дэмакратыі, тым менш разумеў гэтае спалучэнне не зусім стасуемых паміж сабой катэгорый. Адна справа гаварыць аб нацыянальна-дэмакратычным руху ў Беларусі 20-х гадоў, а другая справа – філасофскае абгрунтаванне гэтай ідэі.
Паступова я прыйшоў да высновы, што лібералізм вядзе да дэвальвацыі нацыянальнага. Я пачаў разумець, што нацыянальная ідэя і дэмакратыя – паняцці рознапланавыя, і іх нельга разглядваць адначасна. І спалучэнне “нацыянальная-дэмакратыя”, па-сутнасці, супярэчлівае [1]. Вось гэтыя абставіны і прывялі да стварэння ў 1994-м годзе новай партыі – Беларускай нацыянальнай партыі (БНП). Тэарэтычнай платформай БНП стала тэорыя нацыяналізму. Я прыйшоў да аргументаванага разумення нацыяналізму, як станоўчай, прагрэсіўнай з’явы. Паралельна з працай па практычнаму стварэнню БНП, я напісаў некалькі артыкулаў пра нацыяналізм наогул, а таксама пра яго сувязь з хрысціянствам. Менавіта гэтыя пошукі склалі другую, філасофскую частку кнігі і вымусілі адсунуць на задні план папярэднія мае задумы.
Папярэдняя назва кнігі – "Паслухайце нацыяналіста" была навеяна дыскусіяй, што адбылася на старонках “Советской Белоруссии” ў 1992 г. У той час амаль уся прэса, радыё і тэлебачанне імкнуліся прадаставіць месца і час для асвятлення новых плыняў у палітыцы, азнаямлення з мэтамі і задачамі палітычных партыяў і рухаў. Мне пашчасціла даць інтэрв’ю ў некаторых рэспубліканскіх выданнях, у тым ліку і “Советской Белоруссии”. Пасля ўзнікла дыскусія, і ў рэшце рэшт у "СБ" з'явіўся мой артыкул пад назвай "Паслухайце "нацыяналіста". Гэта і паслужыла штуршком для напісання кнігі з такой назвай. Аднак з цягам часу мае пошукі далі значны плён у плане тэарэтычных распрацовак агульнай праблемы існавання беларускай нацыі і гэтая назва захавалася толькі за раздзелам кнігі.
Другі раздзел прысвечаны міжнародным нарадам, маючым выдатную назву: “Нарады заняволеных (па-руску яшчэ лепей – “порабощённых”) народаў Савецкай імперыі”. Гэтыя сустрэчы адбываліся ў 1990 – 1992 гадах. Яны зніклі, як і знік сам Савецкі Саюз, але ў нашай гісторыі яны займаюць належнае месца, адлюстроўваючы непаўторную атмасферу, уласцівую толькі тым гадам, толькі таму кароценькаму перыяду пераўтварэння таталітарнай дзяржавы СССР у шэраг незалежных постсавецкіх краін. Кожная з гэтых краін потым пайшла сваім шляхам, у сваёй большасці пазбавіўшыся апекі “великой и неделимой” Расіі.
Трэці раздзел прысвечаны праблеме магчымага ў будучыні Суду над камунізмам “Нюрнберг-2”.
Другая частка кнігі носіць філасофска-публіцыстычны характар. Следам за Міколам Ермаловічам, які развеяў міф аб заваёве беларускіх земляў літоўцамі, я спрабую даць крытыку яшчэ двум міфам: міфу аб уніі, як нацыянальнай рэлігіі беларусаў і міфу аб талерантнасці беларусаў, якая была ўзведзена некаторымі аўтарытэтамі ў ранг амаль галоўнай нацыянальнай рысы беларусаў.
Апошні раздзел нарадзіўся ў выніку пастаяннага роздуму над сутнасцю нацыяналізму, асэнсавання яго сутнасці і знітаванасці з гістарычным шляхам чалавецтва. А разуменне вытокаў і абгрунтавання нацыяналізму ў хрысціянстве, на мой погляд, уносіць новую старонку ў навуку аб эвалюцыі чалавецтва,
Матэрыялы, напісаныя на рускай мове, падаюцца ў арыгінале, польскамоўныя матэрыялы – ў перакладзе.