Такое адчуванне, нібы жыць застаецца зусім мала... Аказацца б на бязлюдным востраве, чытаць, думаць і каб не білі па душы. Днём прылегла і ў кароткім сне нечакана давялося скакаць са скалы. Хочацца чагосьці незвычайнага, а можа і звычайнага, чаго мне не хапае?! Завалю залік!

8 лістапада

Другі дзень дома. Заўтра ў Мінск. Сентыментальнай я стала, а папракаюць у “ідэйнасці”. Не пайшла на складчыну. Трэба было б насілу ўсміхацца, засланяючы сваю маркоту. Размовамі пра махеравыя шапачкі і лакавыя боцікі запаўняць пустоты часу. Няўжо і я сыйду на ўзбочыну і буду проста спаглядаць халоднымі патухлымі вачыма, як сапраўднае жыццё імчыць наперад... Стан, у якім ні холадна, ні горача - тленне, жыццё ж даецца толькі аднойчы!

12 лістапада

За вакном ужо колькі гадзін ліе дождж. Крышталёвыя пасмы сцякаюць юрлівым срэбрам па шыбінах, як спяшаюцца некуды, такія дапытлівыя, пяшчотныя. І здаецца, нібы хтосьці лашчыць тваё сэрца. Музыка непагоднага і такога святочнага дня ахоплівае душу. Як жа гэта здорава - жыць! Вось яно, шчасце! Дождж ручаямі сплывае па асфальту. Хочацца кінуць зубрыць і рынуцца на вуліцу. Невядома куды, блукаць, вымакнуць пад гэтым срэбрам, намерзнуцца, а ўсё адно любіць насупленае хмарамі неба над галавой.

14 лістапада

Зноў цягне знутры штосьці горкае, бунтарнае. Хочацца так шмат сказаць, а слоў няма... Адбываецца самае кепскае зараз - не хочацца жыць. Нейкія нядобрыя прадчуванні, што і так душы ўжо нядоўга хвалявацца. Перакананне, што мала засталося жыць і або гэта адбудзецца ў прамым сэнсе, або маё цяперашняе існаванне цалкам зменіцца... У суботу была ў Мастацкім музеі. Не хапае музыкі. Сесію, відавочна, толькі на траякі здам. Сціснуўшы зубы, можна хіба з горам папалам заглушыць, прытаптаць парыванні душы. І адчуваю няпраўду ў такім насіллі над сабой жа. Цалкам зразумела, што дзейнічае разбуральна адсутнасць роднага, свайго. Чалавек павінен кахаць. Ці хоць бы ўявіць сабе, што кахае. Тады лягчэй рабіць належнае.

20 лістапада

Адразу ўлюбілася ў цырк! Учора з Ірай і Васем былі. Сядзелі паблізу ад арэны. Якія на ёй смелыя людзі, валявыя, аддадзеныя справе і гэта захапіла не менш, чым само такое разнастайнае відовішча. Захацелася ўвайсці ў псіхалогію, пабачыць у штодзённым жыцці гэтыя цудоўныя твары. Так што ў цырка з’явіўся яшчэ адзін верны прыхільнік. Увогуле пайсці б папрацаваць у цырк, хоць бы прыбіральшчыцай. Цырк нібы асобная дзяржава. У ёй, відаць, свае законы, свае каштоўнасці.

4 снежня

Ужо пасля дзевятай увечары пехатою прыйшла з Асіповіч. Спазнілася на электрычку, каб паспець на дызель слуцкі, а так хацелася дахаты, да мамы! Дваццаць кіламетраў за чатыры гадзіны. Нацерла страшэнныя мазалі. Не ведаю, як абую заўтра боты. І магу сказаць, што слабачка я. Колькі разоў хацелася сесці, закрычаць невядома на каго і на дробнае каменне, што проста ціснулася ў боты. І толькі імёны Людзей штурхалі мяне наперад. Я хіба не змагла б так, як Зоя Касмадзем’янская, Валерый Банівур, Улляна Громава. Не вытрымала б годна болю. Ведаю, што не выдала б нікога, але крычала б, плакала.

І якая радасць - быць дома! Магу з’яўляцца да бацькоў толькі з добрымі настроем і навінамі. Яны, а дакладней мама, толькі і жывуць тым, што патрэбныя нам з Васілём. Бедная мая мілая мама... Так, прыходзіць час і яна збірае ў сумку круп, мукі, цукру, шые які кабацік, нешта з бялізны, каб праведаць бабку Насту, якая зусім адна засталася па трыццатых гадах і вайне, а раней, як жыла, і да бабкі Нінушкі са Смаленшчыны мама хадзіла... Застаецца чыстай, вернай дабрыні ў сабе насуперак усім бядотам, болю. Мне прыкладам і надзеяй, што і ўва мне перамогуць менавіта яе гены...

6 снежня

Хочацца вялікага, чыстага пачуцця, хочацца ласкі, ды такой, каб адтаяла захаладзелае сэрца. Хочацца кахаць! Якое шчасце - кахаць! А калі кахаюць цябе, а ты не можаш адказаць узаемнасцю, вельмі ж горычна. Так цяжка цяпер з Д. Мушу пры сустрэчы кожную хвіліну стрымлівацца, каб якое маё сяброўскае слова, жэст не былі ўспрыняты неадпаведна іх зместу. Калі на кімсьці даўжэй магу затрымаць пазірк, узяць за руку, то тут зусім іначай, а добры ж, вельмі разумны, здольны ён хлопец і заслугоўвае, каб яго пакахала найлепшая дзяўчына. Будзе так!

12 снежня

Мой час працякае скрозь пальцы. Не паспяваю! Атрымала ліст ад С. Мілыя памылкі, мазня, закрэсленыя словы, якія так хочацца разабраць. І накаціла хваля пяшчоты. Не ведаю, кім ён мне пакуль, але баюся яго страціць. Дзіцё дзіцём я.

15 снежня

Тэлефонная размова. Лепш бы ён хутчэй прыехаў! Навошта гаварыў такія запаветныя словы? Не трэба па тэлефоне, гучна. Стараюся ўбачыць твар і не магу. Мільгануць агульныя абрысы, касцюм, плашч, а твару няма. Дзесьці далей фота. Як я экзамены буду здаваць?! Пытаннейка.

16 снежня

Цяпер бачу твар С. Ледзь не ўпала, калі прынеслі ад яго тэлеграму. І ўсё адно кепска, але не так, каб лезці на сценку...

19 снежня

Аляксандр Грын - адзін з рэдкіх людзей - да глыбіні душы рамантык. Асоль, пунсовыя ветразі. Хочацца верыць у трыумф цудоўнага, сапраўднага. Добра, што С. ёсць, але сёння дзіўны настрой. Быццам бы наступае новая фаза ў адносінах да свету ўвогуле. Трэба крытычней адносіцца да сябе.

20 снежня

Гультайнічаю. Была адна пара з 12 гадзін. Потым заканспектавала артыкул па фальклору. Потым а 16-ай - кансультацыя па зарубежнай літаратуры. Напалохаў нас шаноўны Лапідус. Кіламетр пісьменнікаў - і кожнага гады жыцця трэба ведаць, а імёны багоў і міфы! Зарубежную здаём 30 снежня. Жах! Атрымаеш незалік і ў новы год з ім пойдзеш. Яшчэ і да сесіі не дапусцяць. 29-га ўсе нармальныя людзі заканчваюць заняткі, а мы, чацьвёртая група, перад самым Новым годам, зубры антычную зарубежку. Як хочацца дахаты! Адчуваю, што зноў пехатою дваццаць кіламетраў давядзецца прайсціся. 1973-ці хачу сустрэць толькі дома!

24 снежня

Ці кахаю я С.? Ды і ці здольная я кахаць?! Ува мне нібы жыве каханне і я пераношу яго з аднаго чалавека на другога. Баюся, што калі прыедзе С., ужо (ці раптам) буду іншай... Увогуле як раскідаюся - то бачу сябе за настаўніцкім сталом, то ў рэдакцыі, то яшчэ немаведама дзе. Адно, другое мне патрабуецца, а ў выніку падманваю сабой іншых. Ніякага пастаянства, ніякай сістэмы. Як жа цяжка жыць так. Вечнае імкненне да нечага. Да чаго?! Часам адчуваю сябе дзіцём, а пасля імкліва дараслею. Прага адкрыцця нечага незвычайнага.

25 снежня

Здаецца, што горш ужо быць не можа. Прысутнасць Н. прыгнятае. На ўводзінах у літаратуразнаўства добранька пачырванець давялося. І вечнае маё: штосьці не так сказала, не так паглядзела, кепска падумала ды паказалася, што яшчэ нехта коса паглядзеў... Але што гэта значыць для шчаслівага чалавека! Дробязі. А калі кепска, дык і яны раз’ядаюць. Якая бездапаможнасць, так хочацца схавацца за шырокія плечы, адагрэцца, адплакацца, аджаліцца. Ды такіх плячэй няма. Як добра было марыць аб высокіх матэрыях, быць чыстым чалавекам... Не магу адказваць на дзёрзкасць дзёрзкасцю. Толькі з вялікай напругай. Як кепска! Не хочацца жыць. Толькі мама нібы трымае за руку. Баюся скрыўдзіць яе, і так скрыўджаную ўжо абставінамі. Хіба дадзена шэраму чалавеку, накшталт мяне, штосьці ў руху жыцця выправіць? Навесці парадак хоць бы ў сабе... Не хочацца жыць! Колькі яшчэ можа вынесці мая душа?!

С. мяне не разумее. Хоць нават і зараз ведаю, што наплыве іншы настрой і буду ўсміхацца, радавацца, але ж пасля зноў пакуты...

29 снежня

Заўтра - зарубежка. Прастуда, якой даўно не было. Побач Новы год. Утульнае, мілае свята, але цяпер як бы не ўспрымаю яго. Заледзянелая. Вось ужо год як проста існую. Я не жыву цяпер. Бясконцыя трывогі, гэтае вызначэнне месца, а пасля барацьба за яго - далося мне ў знакі паступленне ва Універсітэт. Новыя людзі, туга па дому, уласная бездапаможнасць азмрочваюць праблемы ў Н.П., Л.У., М., Г. Ці здам залік?!

31 снежня, 22.20

Апошнія гадзіны старога 72-га года. Як бы і не паспела прывыкнуць да яго. І доўгі ж адначасова. Колькі працы, сіл пакінута на яго сцежках! Вось зараз здаецца, што паласа няўдач прамінула, але ж я не ўяўляю сабе, што чакае мяне ў 73-ым. Невыразныя абрысы і толькі. Божа мой, няўжо будзе сустрэча з С.?! І няўжо ўсё будзе добра? Першая сесія. Трэба шмат паспець. Не губляць дарэмна час. Паболей чытаць, думаць. Быць сумленнай. Вынікі 72-га - асноваю 73-га...


1973

1 студзеня

Было пачуццё незвычайнай лёгкасці. Упершыню, здаецца, колькі сябе памятаю, такі настрой на сустрэчу Новага года. Дома. Пахкая зялёная прыгажуня ў гістарычных ужо шарах, ліхтарыках, чайнічках... Зараз жа пачуццё адзіноты, шчыміць у грудзях. Сяджу над канспектам, уводзіны ў літаратуразнаўства. 6-га - першы экзамен. Мы адказныя за тых, каго прыручаем. Цудоўны Экзюперы. Дык навошта прыручаць, калі ведаеш, што кінеш...

6 студзеня

Як ні дзіўна, але ў залікоўцы - “выдатна”. Мовазнаўства хоць бы на “4” здаць, на стыпендыю выцягнуць. І незадаволенасць сабой. Нейкія спажывецкія тэндэнцыі, зашмат чакаю ад людзей і недастаткова патрабую ад сябе. Толькі охаю і ахаю. Супярэчнасці распінаюць. Страшна, што раптам падманваю С.

7 студзеня

Не ведаю, куды сябе падзець. Спустошанасць пасля экзамена. Вылажылася. У бібліятэцы сёння не было месца. Іры і Тані не аказалася дома, а адной у кіно ісці не хацелася. Паездзіла трамваем, а вярнуўшыся, запала ў Ясеніна. Надзя з Ружай паміж сабой размаўляюць. На сцяне - незвычайныя зменлівыя выявы, маляваныя сонцам кароткага зімовага дня. У Васіля сёння дзень нараджэння. Добра мець старэйшага брата!

8 студзеня

Намаганнем волі займаюся. І чаму мне так кепска? Проста мутарна. Чытаю зусім няўважліва. Трачу дарэмна гэтулькі часу. Дурное дзіця! Рака выходзіць з берагоў вясною. Пачакай хоць да салаўёў! Як няўтульна мне зараз на белым свеце...

11 студзеня

Тэлефонная размова з Вольгай, дакладней, яна, студэнтка-першакурсніца фізфаку, карэнная мінчанка, пераважна гаварыла і вельмі разумна, зразумела. А я адчувала сябе дзіцёнкам, бездапаможным і наіўным. Няўжо яна нада мной смяялася? Мая нявызначанасць, стыхійнайсць і гэта амаль у васемнаццаць год! Хоць і здольная ж разважаць, а такая раптам бездапаможнасць.

12 студзеня

“Добра” па мовазнаўству і кепска ў душы. Дома. Раздражняюся па дробязях. І разам з тым не рэагую на добрае. Вярцелася ў новым касцюме перад люстэркам, а потым стала прыкра. Анучніца! Хоць, хіба ў прынцыпе ці кепска, калі чалавек хоча быць элегантным, прыгожа апранутым і г. д.! Але ўсё адно прыкра за сябе. Нібы гэта і не я. Хутчэй бы здаць экзамены, прабегчы канікулы і зажыць па жалезным распарадку, не выхіляючыся ў розныя там унутраныя рэфлексіі. Пісаць і атрымліваць лісты, верыць у каханне. Цяпер жа - чытай канспект па гісторыі!!!

21 студзеня

Так хочацца ўбачыць С.! І што гэта сёння са мной? Вялікая, светлая туга. Палажыць бы галаву на роднае плячо... Страшна страціць яго, не сустрэўшыся ўжо ў гэтым дарослым свеце. І ўсё адно пакідаю сабе масты для адступлення. Хочацца быць прыгожай - для яго, разумнай - для яго. І сорамна, і балюча за сваю тупасць. С., прыязджай хутчэй! Твайму Вугальку цяжка.

26 студзеня

Першы дзень канікул. Вынік сесіі: тры “выдатна” і адно “добра”. Нашмат лепш, чым я чакала. Будзе стыпендыя! Бацькам таксама радасць. Ды туга даймае. Цяпер так трэба было б пабачыць С., паглядзець яму ў вочы. Як холадна, сумна сярод знаёмых. Пакуль што я не ўвайшла ў новы гарадскі свет з яго адкрытасцю ў свет мастацтва, ведаў, але адарвалася ад свайго ранейшага, прыроднага і, здаецца, больш натуральнага. Чужая яшчэ гораду і не свая ўжо тутэйшаму. Целяпаюся як паміж небам і зямлёй. Ці некалі згарманізуюся?!

1 лютага

“Свежей прохладой веет в лицо мне февраль/ Новых желаний не надо, прошлого счастья не жаль” - Валерыем Брусавым распачынаю свой месяц. Сёння хацелася пісаць вершы. Нават паспрабавала. Паплылі вобразы. Сапраўды, чаму сніцца пасярод зімы квітнеючы, духмяны травень? Каб жа мне быў дадзены голас, каб магла спяваць! Фальклорная практыка ўвогуле сябе апраўдвае. Адчула, як шмат значыць для маіх халькоўскіх цётухн песня. Вочы загарэліся, а цёця Маня ледзь не расплакалася. Так, з песняй у іх звязана ўсё жыццё. Такія дарагія яны, спрацаваныя, адны вузлістыя рукі чаго вартыя, а з душой вялікай, святлістай.

На каньках навучылася-такі бегаць! Перамога. Нават здорава бегаю. Толькі вось сіл малавата. Рака заледзянелая. Дзе-нідзе праз празрысты лёд прасвечвае жаўтлявае дно, застылыя цёмныя водараслі. Хочацца з пяшчотай гладзіць замураваную марозам плынь пцічанскую. І кліча ўжо Мінск.. За вучобу. І ў тэатр. Оперны!

4 лютага

На вечары сустрэчы з выпускнікамі ў мяне папыталіся, ці не выпіла я чаго моцнага. Сапраўды, была як навесяле, але ж увогуле ніколі яшчэ не спрабавала нечага градуснага! Не ведала пра сябе, што магу так дурэць. І, мабыць, учора я магла альбо сядзець і плакаць, альбо вось так свавольнічаць. Сноўдаюся без справы. І не знайшла нічога лепшага, як заняцца самааналізам. Такое пачуццё, нібы дзяруся на горную вяршыню. Пакуль ёсць сілы, а магу сарвацца ўніз. Не спіцца начамі. Чаму? Туга па С.? Не ведаю. І хочацца то рагатаць, то румзаць. Так, выплакацца б, а не атрымліваецца. Цяжка...

6 лютага

Быццам бы аціхаю. Ад бурнай узбуджанасці вяртаюся да раўнавагі. Чаму быў такі стан? Але ж не дай бог яму паўтарыцца. Праўда, месяц таму таксама штосьці падобнае дзеялася. Ды цішэй і гадзін восем працягвалася, не болей, а тут трое сутак. Уласна, пакуль яшчэ не зусім цішына і спакой. І калі гэты стан уздумае вярнуцца, магу звар’яцець!

9 лютага

Раптам пацягнула напісаць апавяданне. Не заметку ў газету, а штосьці сапраўднае. Хіба першы за паўгода выразны творчы настрой. Дзесьці ў душы затаілася чаканне свята. Даўно не адчувала такой унутранай чысціні. Шмат трэба паспець за гэты семестр. Зарубежная літаратура, жывапіс, музыка, а культура паводзін! За класікаў вазьмуся, калі пацягне. Стала часцей давяраць унутранаму голасу, а не розуму, галаве. Нібы стыхійнасць, але іншага характару, чым раней, адчуваю пэўную ўпарадкаванасць. У газеты пісаць не хочацца, бо за паверхневым глыбіня губляецца, штампамі абрасла. Хутка, праз восем дзён, васемнаццаць гадоў! Як шмат! Жыву цяпер нібы ў сне. І дзіўна, што за мінскі час дурнот нейкіх не зрабіла, абышлося. Не хапае ведаў! Баюся на ўсё жыццё застацца дылетантам.

16 лютага

Сёння апошні дзень маіх сямнаццаці! І нічога асаблівага не адбываецца, хоць ніколі не паўторыцца ж гэты год. Як можа проста так прабегчы гэты дзень?! Ды сыходзіць. Тужліва-радасны сум. Мае мілыя бядовыя 17... Не, іншы быў настрой перад 17-годдзем. Прыціхла я, ураўнаважваюся.

17 лютага

І вось сталася - з сённяшняга дня я паўналетняя. Значыць, мушу адказваць менавіта сама за ўсё ў сваім жыцці. Радасці ўсепаглынальнай няма. Не хапае С.

18 лютага

Не, духоўна я да васемнаццаці яшчэ не дарасла. Чаму не адзначаюць, як свята, нараджэнне ў чалавеку здольнасці разумець сябе і свет? Гэта ж значна важней, чым знешняе дасягненне паўналецця. Падумаеш, падзея, што я нарадзілася! Про­ста смешна. Можа, нехта іншы на маім месцы жыў бы значна правільней, разумеў патрэбы іншых і быў дзейсным пры тым.

23 лютага

Прачытала “Русский лес” Леаніда Лявонава. Моцнае ўражанне - магутная плынь жыцця.

Ад С. няма лістоў. Раптам хварэе?! Больш нічога не хвалюе. Нават не страшна, калі раптам, ды і не раптам, расчаруецца ўва мне. Галоўнае, што кахаю. Ідэал? Ну і што. Мілы мой хлапчук. Трэба з галавой увайсці ў вучобу, у самаадукацыю. Вучыць deutsch! Праясняецца штосьці вялікае, значнае. І так ёсць, што іншым многае даецца без намаганняў, а мне каштуе нерваў, трывогі і трэба гэта ўлічваць...

У Оперны проста цягне. “Лебядзінае возера” - ад гэтага балета Чайкоўскага не адарвацца і слыхам, і зрокам. Музыка, танец, стаяць перад вачыма цудоўныя лебедзі...

На маральныя тэмы на сходзе лепш не выступаць. Словы здаюцца прыгожасцямі і не больш. Патрэбна штосьці іншае. Што там дома? Усім здаецца, што я вельмі шчаслівая: жыву ў чыстаце і спакоі. Пераконваць у адваротным не мае сэнсу. Нырнуць цалкам у свет невымоўнага - вось маё выратаванне.

26 лютага

Вось так, выскачка. Па-дзіцячы, пэўна ж. І не можа быць так, каб не мелі рацыі ўсе апроч мяне. Ды я хачу як мага болей ведаць. Дзяўчатам жа абы толькі дзень пражыць. Шкада, што не разумеюць. Ну, у гэтым мала іхняй віны. Не кожнаму ж шанцуе быць здзіўленым светам ад нараджэння. “О, я хочу безумно жить! Всё сущее увековечить...” - любімы Блок так хораша перадае і маё высокае імгненне. Увесь свет, здаецца, абняла б!

Адчуванне, нібы хтосьці за мной назірае. Давяраюся пачуццям. Штурханула выйсці з тралейбуса, не даехаўшы да свайго прыпынку, калі ласка. На семінары па рускай мове думалася, што лепш, каб ад С. і не было сёння ліста. Аказваецца, што калі-нікалі і нешчаслівай сябе адчуваць прыемна. Такога яшчэ за сабой не назірала.

3 сакавіка

Вясна, сонца, усё ззяе, а я мучаю свой час. Сорамна. С. не піша, не буду і я. Хвалююся і губляю сілы. Пакірую ў аэрапорт да самалётаў. Калі б грынаўская Асоль жыла не на беразе мора, а ў вялікім горадзе, яна чакала б свайго капітана ў аэрапорце...

12 сакавіка

Выдыхаюся. Разам з С. сыдзе лепшая частка душы. Мы ж яшчэ дзеці, і ён, і я. Боль, туга, нібы ён ужо не са мной. Пісаць яму не магу, пакуль не атрымаю ліста. Можа ён сустрэў сапраўды свайго чалавека. Не хачу замінаць яму. Няўжо праклятая адлегласць валодае такой разбуральнай для пачуццяў сілай? Пуста без яго. Ды буду працаваць над сабой, хоць дзіўна, як удаецца хадзіць з такой ранай. Усміхаюся, бянтэжуся і ненавіджу сябе, залятаю ў нябёсы дзякуючы Баху і Моцарту. Арган - цуд! Набыла абанемент на вечары арганнай музыкі ў Філармоніі.

14 сакавіка

Дзеці - неалагізмы жыцця. Ёсць людзі, якія застаюцца імі на ўсё жыццё. Гэта людзі асаблівыя, геніі - вядомыя і прыхаваныя. З імі лёгка дыхаецца... Жыву як заведзеная, ад раніцы да вечара. Баліць.

15 сакавіка

С. напісаў: “Бывай”. Сустрэў Ірынку. Мне ж раптам палягчэла. Перарвалася пакутлівае чаканне лістоў. Больш за ўсё хачу, каб ён быў шчаслівым. Хоць і дрэнна мне сёння. Найгорш, што не магу плакаць. Але трэба жыць. Прадчувала. Як кепска ўсё ж ён мяне ведае. Маўчаў аб новым пачуцці, спадзеючыся, што я забуду яго. Мілая наіўнасць - за тры тыдні! Чаму адразу не напісаў? І хіба можна ненавідзець тую, з якой ён шчаслівы... Паспяшаўся гаварыць мне ласкавыя словы. Пясчынкай адчуваю сябе зараз. Спачуваю яго няёмкасці перада мной. Сэрца ўсё ж разбалелася. Не, шчасця мне не бачыць. Шчасце, узаемнае каханне не для мяне. Страшна разуверыцца. Людзі самі ствараюць свае замкі, паветраныя або на пяску, іншыя - на ўстойлівым грунце. Я будую на пяску. Жыць далей. Добра было б радаваць людзей, але для гэтага трэба быць асаблівым чалавекам, а я... Хлапчук яшчэ С. Такім чынам, я ля разбітага карыта. Цікава ўсё ж, якая яна, гэтая Ірынка... Навошта ён тады напісаў у снежні, пасля такога перапынку? “Не тяни­тесь к прошлому, не стоит./ Всё иным покажется сейчас/ Пусть навеки самое святое неизменным ос­таётся в нас”, - памятаю заўсёды гэтыя радкі Юліі Друнінай, а цягнуся, перакідаю масты. І што мае развагі, я ж кахаю яго. Ды паштовы раман закончаны.

19 сакавіка

Боль неяк прыгас. Вызваленне, лёгкасць. Чытала пра Кромвеля. Сёння ўзнікла прадчуванне, што абавязкова напішу нешта, быццам ёсць што сказаць. Вісарыён Бялінскі расшыфраваў мае адносіны з дзяўчатамі. Ёсць штосьці ўва мне няўлоўнае, незразумелае для іх, а большасць людзей не церпіць перавагі ў сабе падобных. Чытаю з асалодай, канспектую Бялінскага, хачу па чарзе ўсе яго тамы асвоіць. І вяртаю сябе сабе...

20 сакавіка

Прагуляла дзень. У стаматалагічным кабінеце на крэсле расплакалася. У мяне заўсёды так: моцны боль с усмешкай, а па дробязі... Даўно не плакала і здавалася, што развучылася. Выпадкова сфатаграфавалася. Раптам думка пра тое, што з С. сапраўдныя адносіны могуць адрадзіцца толькі праз працяглы час, што яго будзе абцяжарваць гэтая “чысціня” мая...

22 сакавіка

Вымакнуць да нітачкі пад залевай. Маланкі, грамы. Чыстыя-чыстыя ручаіны. Стаць бы маленькім караблікам...

25 сакавіка

Учора глядзела фільм “Зямля да запатрабавання”. Божа мой, якая мужнасць! Чаго вартыя ўсе мае мітуслівыя хваляванні, трывогі ў параўнанні з такім жыццём.

Хочацца быць адной. Быццам страціла штосьці. Страціла. Ведала, што ўсё закончыцца нулём. Раздзьмухаў вугалькі вецер і паляцеў далей, а касцёр шугае.

29 сакавіка

С. нібы мроя. Воблака на даляглядзе... Гэта цудоўна, калі каханне ўзаемнае, але мой стан таксама мае свае перавагі. Свабода. Калі чалавек шчаслівы, ён не разважае аб незалежнасці. Трэба вучыцца знаходзіць станоўчыя моманты ва ўсім. Каб жыць. Крайнасці патрэбны, як берагі, каб было ад чаго адштурхнуцца на працяг руху.

Дні нацягнуты, што струны. Ледзь адпусціш і зафальшывіць гук...

6 красавіка

Як кепска гэтыя дні! Не хочацца жыць. Нягеглая, слабая. Застой. Дэпрэсія. Няма чалавека, якому сапраўды была б патрэбная. Няма для каго станавіцца лепшай. Як лёгка мяне зараз пакрыўдзіць... Былі групай у Хатыні. Бярозы здаля ў бэзавай аздобе. Хатынь - рэквіем. Хацелася пагладзіць зямлю Кургана Славы. І туга, горш, чым туга. Толькі думка аб тым, што мой сыход успрымецца занадта балюча, ненатуральна, стрымлівае ад непапраўнага кроку.

12 красавіка

Ён сказаў: “Галка, я болей не магу. Чуеш? Цалую...”. Недзе а 12-ай уночы Станіслаў Пятровіч паклікаў мяне да тэлефона. Слёзы. Наіўная, кахаю. Яшчэ думаю, ці не прыснілася мне гэта размова... Уласна нічога ж не змянілася. Проста стала весялей і трывожней. Як добра, што ён пазваніў! Ад адзіноты можна кінуцца ў чужыя грубыя абдымкі, а пасля шкадаваць аб непапраўным.

14 красавіка

Вінаватая. С. дрэнна, а я міжволі не даю яму апраўдацца, пакаяцца... Вольга хоча выходзіць замуж, бо нібы сумна жыць. Вядома, крыху перабольшвае. Ёй так не да твару меланхолія, адмаўленне ад жыцця. Адкуль такая падатлівасць, паслухмянасць імгненнаму настрою? У яе ёсць любімая справа, якой яна можа аддацца ўсёй душой. Яна шмат ведае, умее - чалавек з рукамі і галавой. Колькі карысці можа прынесці. Туга - абавязковы спадарожнік чалавека, які разважае над жыццём. Але ж гэта і пошук, які змушае да адкрыцця, самастварэння...

20 красавіка

Мне гавораць: “Дурное дзіця чалавечае, навошта табе крылы бусліныя. З крыламі цесна на зямлі”. А я крычу: “Не трымайце мяне тут. Не рвіце пёркі-мары. Я хачу лятаць. Каб сонейка лашчыла сэрца разам з каханнем. Каб дождж-пявун граў на гуслях душы. Каб русалачнае дзяцінства з кніжкаю ў руках заўжды вяло наперад”. Кахаю!

23 красавіка

Учора ў Асіповічах перад электрычкай пазнаёмілася з Яўгеніяй Рыгораўнай Данской, журналісткай з “Літаратуры і мастацтва”. Яна вярталася з камандзіроўкі ў Старыя Дарогі. Радасць размовы з цікавым, інтэлігентным чалавекам, а сёння сябе ўжо папракаю, што мусіла быць больш стрыманай, не гаварыць так шмат, а больш слухаць.

Пабачыць бы С.!.. І як зразумелы Фёдар Цютчаў: “Мысль, изреченная, есть ложь”. Не хапае слоў, каб выказаць тое, што ў душы, а за вымаўленае так сорамна бывае!

Чытаю “Дневники современников” (“Молодая гвардия”, № 4) часам з адчуваннем, што гэта пра мяне, маё, як у Святланы Бельчанка: “Почему все говорят, что я ребёнок! Все как сговорились. По­чему? Сегодня сказала это Лида на работе. Я спросила: ”Почему?” - “Потому что ты слишком веришь людям”.

Боже, как страшно! Ну да, верю! Верю! Да как же можно жить на свете, если не верить людям? Что за ерунда! Сейчас буду плакать. До чего же я омерзительная плакса”. Не магу чытаць, нават Шэкспіра. Як шмат агульнага са Святланай. Безумоўна, яна таленавітая. Але якія супадзенні! Значыць, я ўсё ж не адзінокая, не такая ўжо дзівачка. Наіўнасць, цяга да разнастайных ведаў, вера ў людзей. І разам з гэтым - крайнасці. Трэба працаваць над сабой. Смешна. І таксама планы. Ну чаму, чаму яна загінула?!! Так недарэчна. Гэтулькі людзей сагравалася б толькі ад таго, што яна недзе блізка. Ды Света была сапраўднай. А я?!! Уздых шкадавання. Света - талент. А я?!! Смешна - ты шэранькая пташка. Нібы і мяняюся, але якімі чарапашымі крокамі. Сорамна заглядаць у свой дзённік.

24 красавіка

Пачуцці наплываюць хвалямі. Як трэба было б нам сустрэцца! Баюся я сябе, а раптам мімалётнае захапленне? І ваза выслізне з рук, а пырскі-аскепкі зробяць вачам балюча на ўсё жыццё...

Зараз патэлефанавала Яўгенія Рыгораўна. І як жа захацелася пісаць. Проста рукі чэшуцца, а трэба вучыць стараславянскую мову.

26 красавіка

Гаварыла з С. Люблю гэты голас... Гара з плячэй. Кахаю. Родны, мой чалавек. Трэцяга мая яму ў армію. Мотастралковае аддзяленне, пяхота. Папытаўся, ці буду чакаць...

Была ў “Літаратуры і мастацтве”. Прадыктавала з такой цяжкасцю напісаны свой матэрыял “У краіне майго маленства”, хоць першы абзац мяне самую задавальняе, няхай сабе гэта і досыць банальнае прызнанне ў любові малой Радзіме: “Зялёнай птушкай разгарнула крылы карта. А на скрыжаванні лініі чыгункі і шнурочка ракі - вясёлая чародка літар. Чытаеш: “Дараганава”. І ён знайшоў тут сабе месца, твой маленькі пасёлак. Лялечнаму дзяцінству не абысці яго і за дзень. Асабліва, калі вітацца з кожнай знаёмай бярозай. А летуценнае юнацтва тапаліныя прысады, празрыстыя крыніцы і сонечныя пяскі ўмясціла ў адно чалавечае сэрца. Каб несці гэты бясцэнны скарб праз усё жыццё”.

28 красавіка

А гэтыя дні мы маглі б быць разам - да трэцяга мая звар’яцець можна. У Беларусь ён, зразумела, не патрапіць - толькі б у СССР пакінулі, толькі б у еўрапейскай частцы. Ці змагу я два гады чакаць? Мабыць, змагу. Толькі як трэба ўбачыцца! Відаць, гэтыя два гады будуць найдаўжэйшымі ў маім жыцці. Узмоцнена займацца, чытаць. Замест сустрэч - лісты і сны. Калі так саграе голас, дык як жа цёпла павінна быць побач...

“Рамэо і Джульета” - цудоўны Шэкспір. Здаецца, што ўсе людзі, якіх сустракаеш, добрыя, ласкавыя. І ўсім хочацца ўсміхацца. Можа таму апускаеш вочы... Колькі разоў апякалася, але даверлівасць ува мне, як вішняк дараганаўскі, колькі яго ні выкарчоўвай, усё імкне ўгору.

Думаецца пра С. Я люблю выбудоўваць планы. Вось адслужыць ён армію. Паступіць у Літаратурны інстытут. А дзе буду я? Не бачу жыцця побач з ім і без яго таксама. Хіба я і шчасце могуць сумясціцца?!!

7 мая

Хлопцы ідуць у армію. Жоўтаротыя птушаняты з мяккім пушком над губамі, з бліскучымі вачыма, п’яныя і цвярозыя, ацішэлыя і буйныя - такія розныя ў агульны для ўсіх іх момант, але і падобныя. Быццам асабовасць упала на падлогу разам з шорсткімі і мяккімі, прамымі і курчавымі валасамі. Саромеюцца сваіх дагала абстрыжаных галоў, прыкрываюць іх шапкамі. Нейкі спалох у вачах. Толькі пара вясёлых, бесшабашных твараў выгадна выдзяляецца на агульным, увогуле нярадасным і нярвовым фоне. Рушыла валюхастая калона. Быць ім два гады адной сям’ёй. Павінны. Сцяна дысцыпліны адгародзіць ад вольных сонца і неба. Эх, хлопцы, гэта ж і шчасце - няхай гавораць, што высокія матэрыі - Радзіму абараняць, як маці, каханую.

І С. ужо недзе ў такой калоне прайшоў, таму так уважліва і ўглядаюся ў твары стрыжаных хлопцаў. Раптам хтосьці з іх будзе разам з ім дзень за днём!

9 мая

Сёння вялікі дзень. Пунсовыя цюльпаны ля Вечнага Агню. Дваццаць восем гадоў Перамозе ў Вялікай Айчыннай вайне. Душа хвалюецца. Плошча Перамогі ў гаманлівай чалавечай плыні.

Чаму так дзеецца? Я люблю Іру. Яна блізкі мне чалавек, але я люблю і Таню, і Галю, і Мілу... Яны мне ўсе патрэбныя. Ды прыходзіць момант, калі асабліва хочацца бачыць менавіта некага з іх. А ўвогуле - адзінота. Вось мой найвялікшы сябар і вораг. “Одиночество любят от боли, но от радости никогда” - мае рацыю Яўгеній Еўтушэнка. Цалкам, здаецца, шчырая ў размове, а глыбей у душы паралельна ідзе ацэнка. Бывае, што заўважаю ўсе дробязі, а здараецца, што не бачу нічога. Я - вясёлая, гарэзлівая, капрызная, наіўная, разважлівая, ветраная, труслівая, смелая, злая, добрая... Не ведаю сябе! Што ж мне ўласціва найперш? Хо­чацца рабіць добрае, хай сабе нават коштам жыцця. Застацца невядомай, але памерці са свядомасцю, што жыццё пражыта не надарэмна, што хоць некаму памагла. Часам жа цягне на агідныя ўчынкі і як горычна ад ліпкіх думак, і ненавідзіш сябе.

Зноў камянею. Ну і добра, прынамсі, буду зубрыць. Злосная і нешчаслівая, ратуючыся, я з найбольшым азартам накідаюся на кнігі...

10 мая

Здаецца, мы ніколі не сустрэнемся. Жыццё кіруе намі, а не мы ім. Мы слабыя. І я, і С. Няўжо я ніколі ўжо не вазьму ў рукі канверт з дарагімі каракулямі, не заб’ецца трывожна і радасна сэрца... Пачуццё няўпэўненасці, агіда да сябе. Паддаюся часовай слабасці - нельга! Ёсць Грыг, Цютчаў, Блок.

12 мая

Зноў хаджу абыякавай да знешняга выгляду. Перыядычны працэс накаплення ўнутранага. Эвалюцыянірую? Не стараюся зараз разабрацца ў са­бе. Трэба, каб усё само сабой уклалася, знайшло сваё месца ў душы. Няма ліста ад С. Можа, тая ж Ірынка або іншае захапленне. Ён яшчэ хлапчук. Яму зараз кепска. Дысцыпліна не для яго і колькі ж яшчэ ён мяне будзе мучыць...

15 мая

Усё ж я выціскаю з сябе раба. Як стратна і небяспечна для чалавека, калі ён уступае ў жыццё спалоханым, прыгнечаным самымі роднымі людзьмі...

Кахаю і адной амаль невыносна балюча, тужліва, а сярод людзей усміхаюся, жартую, бянтэжуся, чырванею... Сістэматычная ўжо думка аб тым, што павінна пісаць, што маё цяперашняе жыццё - падрыхтоўкаю таму. У сне сёння гучала музыка і вабілі фарбы. Шчасце ў радасці людзей. Зноў адчуванне, што самы вялікі сэнс - жыць у імя людзей. Такое даўняе гэта маё пачуццё і рада, што жыве ўва мне. Бо адна справа, калі ў цішыні нібы бачыш і разумееш увесь свет, і зусім іншае, калі прабіваецца гэта свежае парыванне праз маю цяперашнюю мітуслівасць. Здавалася ўжо, што болей ніколі не адчую ў сабе гэтай жыццядайнасці, што абарваны і растаптаны пунсовыя ветразі, але светлая любоў да чалавека, людзей зноў ахапіла душу...

Раптам дайшло, што пачала баяцца гадоў. Не таго, што змаршчынею, пасівею, аслабну фізічна: страшна, што сталасць можа застаць з пустой ношкай розуму і сэрца...

19 мая

С. у Харкаўскай вобласці. Адлегла ад сэрца. Як добра на вуліцы! Бэз цвіце, пах стаіць над цэлым раёнам. А трэба вучыць, чытаць.

23 мая

Штосьці няпэўнае. Момантамі проста звонкая, шчаслівая, а пасля невыносна кепска. Цягне ўпасці пад калёсы або ластачкай з пятага паверха спланіраваць на зямлю ў нікуды...

Дэбют у “Літаратуры і мастацтве”, на апошняй старонцы ў рубрыцы “З пошты ЛіМа”. Дзякуючы Яўгеніі Рыгораўне. А ці прыйдзе час, калі недзе паперадзе буду друкавацца... І сёння два гады, як мы пазнаёміліся з С. у Магілёве на Злёце пачынаючых паэтаў і празаікаў. Назва, зразумела, навыраст. Ён, гэты цяперашні салдацік, чытаў прыгожыя вершы...

27 мая

У людзях у першую чаргу трэба цаніць душэўную чысціню, дзіцячую даверлівасць, дабрыню (Не будьте умом детьми, но будьте добры как дети, “Житие Бориса и Глеба”). Паэзія, музыка, жывапіс, тэатр - цудоўна. Ды можна быць абсалютным прафанам у мастацтве і мець пяшчотнейшую душу, чуйную і спагадлівую. Зразумела, мастацтва перадае душэўныя станы чалавека, яго ўспрыняцце любых прадмета і з'явы. Той жа, хто ігнаруе мастацтва, сябе збядняе. Божа мой! Думкі ёсць, а не магу запісаць. І вядома, што можна знаць, вычуваць дасканала Вагнера, Рэмбранта і быць садыстам. Веды даюць уладу чалавеку і ўзмацняюць яго, але цяпер я не схіляюся перад эрудыцыяй, дасціпнасцю. Душа. Пяшчота да чалавека. Веды жывяцца душэўнымі магчымасцямі, у чым перакананая даўно, але за час у Мінску як забылася аб гэтым. Нібы гэтыя перакананні засталіся ў вясковым мінулым, але цяпер яны зноў уладна нагадалі пра сябе, умацаваўшыся ў сутыкненні з прозай жыцця. Увогуле ж, здаецца, што ў горадзе чалавек менш думае.

28 мая

Шчаслівая-шчаслівая! Ад С. ліст. Заўтра залік. Не трэба скакаць да нябёсаў, а я лётаю. Так, летам мусім абавязкова ўбачыцца. Здаць сесію на стыпендыю. Напісаў: “Першы ліст у нашай роце“.

1 чэрвеня

Баюся С., што не кахае мяне! Не верыцца, што яго можна ўзяць за руку. Мілы мой хлопчык. Мітусяцца пачуцці адносна нашай сустрэчы. Мушу падмануць маму, нічога ёй не гаварыць пра свой намер выбрацца ў такую дарогу, бо яе не пераканаць, што я за сябе адказваю. Шкада, але ж маё жыццё... Адна праблема - грошы, 30 рублёў неяк знайсці. Білет да Харкава каштуе 7.50 руб. Сесія!

3 чэрвеня

Хоць бы хто адлупіў, ці што! Адзінока, тужліва. Мабыць, маю зашмат вольнага часу. Трэба было б папрацаваць фізічна, каб выбіць гэты дэструктыўны настрой. Нікога не хачу бачыць. Раздражнёнасць несумяшчальная з любоўю. Баюся, што я не люблю нікога. І атрымала ганарар - 15 руб.!

4 чэрвеня

Кахаю С. Жаданне пабачыць яго, але я вырасла з таго часу, калі С. мог замяніць увесь свет. І страшна, калі ён адчувае тое ж самае. Раптам ацаніла каштоўнасць незалежнасці. Жыве ўва мне побач з пяшчотным дзіцёнкам жанчына. Можа я крывадушнічаю, што дасюль хаджу нецалованай. Усё ж у душы мне даўно хочацца, каб хтосьці добры і моцны мілаваў... Часам уздрыгнеш ад выпадковага дотыку чыёйсьці гарачай рукі. Жарснасць у душы, а знешне спакойная дзяўчынка. Дзяўчаты жывуць, як ім хочацца. Хоць, зразумела, ёсць жа элементарная прыстойнасць.

Пчаліныя вуллі - краіны. Матрыярхат. Жыццё і праца для чалавека. Пчала толькі аднойчы ў сваім жыцці можа быць злой і развітацца з сонцам. Высакародна. Вось каб людзі ведалі, чым пагражаюць ім гнеў, злосць.

9 чэрвеня

Наступным летам паеду з будаўнічым атрадам. Абавязкова! Трэба жыццё пазнаваць не з назіранняў, а самой папрацаваць разам сярод людзей.

Уласна я толькі назіраю за жыццём, не болей. Адсутнасць дзеяння, пасіўнасць. Ясна, што раней было найважнейшым чытаць, пакутаваць над лістом паперы. Пошук сябе ў цішыні - вельмі важ­ны этап, але як вынік - імкненне праверыць сябе ў справе. Чатыры гады ў школе я гарэла грамадскай працай, нібы раллю ўрабляла, цалкам аддана і шчыра. Ды зноў прыйшоў час паглыблення ў сябе. Колькі гэта будзе працягвацца? Пакуль знайду сябе! Працягваю выціскаць з сябе раба...

17 чэрвеня

Дзень выбараў. Так будзённа, а гэта ж першыя мае выбары! І знутры хваляванне, як заўсёды, калі нешта адбываецца ў першы раз. Самастойнасць, адказнасць за свае ўчынкі. Добра, калі чырванею, калі балюча, сорамна пакрыўдзіць некага. Значыць, не проста назіральнік. Няхай хваляванне, самапрыніжэнне - толькі не застой, не пустата. Калі думаю аб С., прасвятляецца ў душы. У чым сэнс жыцця? Чалавек датуль чалавек, пакуль ён сярод людзей. Дабрыня. Не ілгаць. Паболей працаваць над сабой. І адна з найбалючых дылем. Мая родная мова: “З калосся цяжкога жытоў і пшаніц,/ З сузор'яў і сонечных цёплых праменняў, / З грымучага ззяння бурлівых крыніц”. Сорамна, нібы здрадаю рускае аддзяленне, але адчуваю, што мусіць быць так, як ёсць...

27 чэрвеня

Лунінец, а перад гэтым амаль цэлую ноч - аўтобусная трасяніна. Жанчыны з пустымі кашамі, а свежым клубнічным пахам - вярталіся з рынкаў мінскіх. Як яно ўсё складзецца? Каб да пятага ліпеня залічыць гэту фальклорную практыку... Цягнік “Брэст - Харкаў” ходзіць па няцотных днях. Прыбывае ў Лунінец а 16.30, стаянка 10 хвілін. Нічога ў мяне не атрымліваецца з пісаннем ды і занятая душа іншым. Хутчэй бы ў Харкаў!

28 чэрвеня

Вось мы і ў Лобчы. Прыгожая вёска. Шаша, чыгунка. Вельмі сардэчныя людзі. Пачуццё гонару за іх, простых працаўнікоў, якія захавалі прыгажосць, моц, што перадаюцца са старадаўніх часоў ад пакалення да пакалення і якія так хораша праяўляюцца ў песні. Быццам гэта яны самі прыйшлі ў палескія балоты і асвоілі іх. З намі ўсе вітаюцца. Вялікая падзея мясцовага маштабу - студэнты з Мінска. І здзіўляюць сіла, несапсаванасць, якія так шмат чаго адкрываюць непасрэднаму чалавеку на ўзроўні інтуіцыі. Не хапае слоў, каб выказаць маё захапленне імі. Дзяўчаты падсмейваюцца, не разумеюць маёй зацікаўленасці, захаплення тутэйшым ладам жыцця. Дзівачка, дурнічка. Ну і няхай!

30 чэрвеня

Навальніца. Залева. І цудоўная ўсхваляванасць. Душа ў чаканні незвычайнага. Мне здаецца, што я памру ў навальніцу. Бо аж празмерна радасна сэрцу. І хочацца ўзляцець...

3 ліпеня

Усё адганяю думкі аб сустрэчы. Дзіўны стан. Я і не чакаю. Не. Проста жыву... Н.Ц., нечаканая сяброўка па кватэры ў бабулі Надзі, гаворыць, што я ўвесь час прыніжаюся. Ну так, я чалавек не з “іхняга” асяроддзя, “ім” мяне не зразумець, хоць вось жа Вольга таксама карэнная мінчанка, а без прэтэнзій. Верую ў вышыню і чысціню чалавечую.

7 ліпеня

Харкаў, Мярэфа, Дзесятка. Дапяла. Кахаю, але, здаецца, ён прымае мяне за некага іншага. Дзіцячасць і даросласць. Мне б сядзець побач - рука ў руку, вочы ў вочы, а ён цалуе мяне разгубленую... Я не халодная, але сапраўды ў нечым дзіцё, якое баіцца, што вось-вось хтосьці з нас скажа, зробіць штосьці непапраўнае. Разгубілася. Наплываюць радкі Цютчава: “О как убийственно мы любим, / как в буйной слепоте страстей/ Мы то всего вернее губим,/ что сердцу нашему милей”. Мусіць прайсці яшчэ нейкі час, каб мы сапраўды зрасліся... Шкада, што трэба з’язджаць...

9 ліпеня

Пазаўчора ў гэты ж час мы блукалі па лесе з С.

І не верыцца, што дома ўжо. Адчуванне, нібы ён побач. Расказвала Галі аб сваім падарожжы, а здавалася, што ён сядзіць побач і з дакорам на мяне паглядае. З ім я іншая. Кахаю.

15 ліпеня

Трэба напісаць аб практыцы, а цяжка. Н.Ц. “атруціла” ўвесь тыдзень у Лобчы. Ах, манеры, манеры. Знешні лоск і ніякай аднак унутранай культуры. “Я ўзяла, вось паглядзі”. Украла, ска­зала б проста.

“Воспитанные люди снисходительны, мягки, уступчивы”. Якая мяккасць?! Тут соль, якая раз’ядае рану. Дзяўчаты смяюцца нада мной: “Якая дурніца прастадушная!” Сапраўды, дурніца, калі дабрыня, пашана да чалавека - прыкметаю глупства. Мушу напрацаваць незалежны выгляд і прыстойныя манеры. Нейкія элементарныя рэчы спасцігаеш паступова, калі не дадзены былі ў дзяцінстве. Ладна, не ўсё адразу, а знешне я сябе вышкалю, каб розныя Н.Ц. і І.Т. не забаўляліся “нікчэмнасцю дурнічак”. А чаго, трэба рытарычна папытацца, вартыя яны самі...

18 ліпеня

Сёння ў сне нагадалася пра што трэба напісаць: вайна, абеліск пры дарозе, васілёк на мармуровай пліце. Ад С. няма ліста. Страшна і за міны, і за лёгкія, і за галаву. Так звар’яцець можна!

20 ліпеня

Атрымала ліст, але нейкі нядобры. Усё так ды вельмі ж прахладна. Як доўга лісты ідуць - чатыры дні, а з часу, як напісаны, тыдзень. Ну, дурнічка, як не разумець, што я не магла іначай. Цяпер за два тыдні і то падарослела. Не змагла б я жыць. Усё яшчэ наперадзе, як ён можа не давяраць мне.

24 ліпеня

Кніга, пакуль не разгорнеш яе, як дзіця. Наіўнае, даверлівае. Прыціскаеш яе да шчакі. Толькі дзеці пахнуць малаком, а кніга нечым зусім сваім, набытым пры нараджэнні ў друкарні, ад паху гэтага замірае сэрца - адкрыецца зараз новы свет. Як жа здорава - дарыць сабе кнігі! Вось бы мне ўсё жыццё дарылі кнігі і кветкі...

26 ліпеня

Хаджу, лодырнічаю. Апошнім часам накаціла дзіўная “страсць”. Амаль манія парадку ў хаце. Усё нагэтулькі на сваім месцы, што самой непрыемна і сумна. Не магла ўявіць сабе, што некалі абудзіцца гэткі імпэт, асабліва на кухні. Жаночае. Сталею. І ўсё адно сплю з Таніным - атрыманым на васемнаццацігоддзе! - Аргусам у абдымках. Гатаваць жа не хочацца!

Пацягнула да Дастаеўскага. Так проста і геніяльна. Сапраўды можна звар’яцець, пабыўшы цэлы дзень сам-насам з яго творам. Добра, што раней сілком не садзілася. Вось і разбярыся, калі трэба сябе змушаць да нечага! Мне шмат чаго не было дадзена ў час. Надрабляць? Ясна, шлях адзін. Толькі страшна глядзець наперад. Даганяць заўсёды цяжка, тым болей цяпер, калі задумваешся над кожным творам. Што чытаць? Ды ўсю класіку.

30 ліпеня

Дастаеўскі. Як сутнасна дакладна. Няхай гэта людзі з хворым уяўленнем, якія будуюць сваё жыццё на пяску. Але ж колькі ў мяне агульнага з Нетачкай Нязванавай! Па-дзіцячы наіўная і так­сама вялікае дзіця. Таксама захапляюся Л. М. В., што ёсць жа пачаткам дружбы. Магчыма, такія парывы ў мінулым, нядаўнім, але ўчарашнім дні. Узбуджанасць, калі ўмомант сыходзіць нібы цалкам усё, а застаюцца згрызоты сумлення, усведамленне сваёй нікчэмнасці. Ну навошта побач з маёй бяздарнасцю гэтае інтуітыўнае вычуванне людзей? Іншым дастаткова штодзённых клопатаў, ажыўленасці свят. Нярвовая ўзбуджанасць не дае паглыбіцца ў кнігу. Усё нечага шукаю, шукаю. Нібы страус, уяўляю сябе птушкай, а ўзляцець не магу.

У Дастаеўскага менавіта свой стыль. Суцэльныя думкі, хваляванне. І вельмі проста піша. Без якіх-небудзь асаблівых параўнанняў, апісанняў прыроды. Прыгожасці сапраўды не да месца. Іх і не заўважыў бы, акунаючыся ў пакуты душы. Быццам я сама Нетачка Незванава... І ўсе падзеі - само жыццё, выяўленае аб’ёмна.

1 жніўня

Евангелле робіць надзвычайнае ўражанне. Прачытала і адчуваю, як ураўнаважваецца душа. Шмат дакладных думак, але ёсць і моцныя супярэчнасці. Кожны чалавек стварае свой свет у самім сабе. Так, у кожнага мусіць быць вера ў штосьці высокае, найперш дзеля таго, што ён чалавек... Як добра, што мама пазычыла ў Святой гэты зачытаны томік, пісаны па-старому яшчэ, так што мне з маёй “чацвёркай” па стараславянскай цяжкавата чыталася. Шкада, што трэба вяртаць яго. Вось ніколі б не падумала, што ў яе апроч коз яшчэ і такая каштоўнасць прыхавана. І, відаць, чытаная. Ну, ніколі я над гэтай беднай старой жанчынай не насміхалася. Яна жыве ў хацінцы з застаўленымі фанерай вокнамі, дзіравым дахам. Амаль гладкі дзіцячы твар, пяшчотная да людзей, уступлівая. Аднак з тым, каб услед за правай падставіць левую шчаку, яна не згодная.

2 жніўня

Харкаў, вакзал, мітусня, заліты сонцам перон, аўтобус... Дзіўна, але ўсё гэта вымалёўваецца зараз у падрабязнасцях. Мабыць, на ўсё жыццё запомню і Селекцыйную, і лясную дарогу, і хвіліну, калі анямела, убачыўшы яго, чужога і роднага. Чужога? Не! Думка: “Няўжо гэта ён?! Не сон!”

Лілія тыдзень жыла ў бочцы з вадой, застаюючыся чыстай і беласнежнай, а потым пачала незваротна чарнець. А людзі? Вырві некага са звыклага месца, чырванеюць, бялеюць, чарнеюць, а пасля прызвычайваюцца. Зноў расцвітаюць. Нехта ўсё ж чахне з першага імгнення, пазбаўлены роднай глебы. Як цяжка прадбачыць лёс чалавека. Лілія ж проста мусіла пачарнець. Проста і ясна.

Ад С. няма ліста! Восем дзён, што там з ім можа здарыцца, а я хвалююся...

Чмель у белых шорціках і кашульцы ў чорна-жоўтую палоску. Такі важны, дзелавы.

Таты-мурашы і мамы-мурашкі. “Любяцца” - шчыкочуць адно другога вусікамі-лакатарамі. І адкуль у іх такая бязлітаснасць? Таму што не думаюць? Цягнуць жывую божую кароўку невядома куды, хаця, відаць, яшчэ як ведаюць, а яна не мае сіл супрацівіцца ім, выратаваць сябе.

7 жніўня

Поўня. Ліхтары. Сціплыя дрэвы. Хочацца спяваць. Вецер лашчыць твар, рукі, ногі. Нібыта сама пяшчота і каханне. Музыка сэрца. Веласіпед кружляе. Поўня ўглядаецца ў твар. “Тару-рам, тра-та-там... ” Добра! А потым яблычнае храбусценне. Цёмна і зрываюцца недаспелыя, зялёныя. Добра. Кепска адно: ад С. няма ліста....

8 жніўня

Відаць, зусім я дзіця, калі пачынаю жыць і паміраю разам з героем рамана. “Чырвонае і чорнае” Стэндаля - да глыбіні душы ўзрушаная. Жульен - правінцыял, я ў Мінску таксама правінцыялка. Яму цяжка з-за таго, што не можа лёгка, проста глядзець на жыццё. Мяне скрозь прыгнятае ўнутраная цяжкаважнасць, нязграбнасць, што і навонкі распаўсюджваецца. Захопленасць і надумлівасць. Урэшце, гэтая наіўнасць, калі прымяраю на сябе і нетачак, і жульенаў. Ці ўдасца вызваліцца з гэтай інфантыльнасці... Уяўленне, якое не паддаецца апісанню, толькі вораг, які замінае жыць, атручвае радасць думкамі аб тым, што ўсё мінаецца. Як кепска адчуваць сябе стомленым чалавекам, калі ты яшчэ не жыў. Ах, Стэндаль зусім мяне вымучыў.

9 жніўня

Чаму С. не піша? Капрызы ці хвароба? Невядомасць страшней за ўсё. І, відаць, нельга чалавеку залішне давяраць або залішне кахаць яго. Глупства! Каханне тым і адрозніваецца ад захаплення і дробных страсцей, што без якіх бы там ні было аглядак і падазрэнняў давяраешся пачуццю і чалавеку. Вось маё сэрца. Бяры яго, рабі з ім, што хочаш. Толькі помні, што яно давярае табе болей, чым сабе. Разлік і каханне. Сонца і снег. Магла б не пісаць С., ёсць дзённік. Ды ад такой думкі яшчэ цяжэй. Каханне сляпое. Уключаны, аднак, і цвярозы розум. Калі ў яго ўсё нармальна, дык непрабачальная жорсткасць нішчыць маўчаннем чалавека, які бясконца верыць табе, кахае. Але ж я веру яму. Ён не можа маўчаць проста так, а ад гэтага яшчэ цяжэй, самыя страшныя думкі ў галаву лезуць. Піратэхнік. Мурашкі па целе. Што ж мне рабіць? Пісаць? Чым я магу яму памагчы? Няўжо ён зноў адыходзіць ад мяне?

10 жніўня

У Старажытнай Грэцыі удзел у вялікіх урачыстасцях, якія суправаджаліся тэатральнымі відовішчамі, спектаклямі, быў грамадзянскім абавязкам. Значыць, у тэатр хадзіў і адначасова быў акторам кожны грамадзянін.

Хочацца заснуць і не прачнуцца. Чаму ён маўчыць? Хандра беспрасветная, на змену якой, ведаю, яшчэ прыйдзе незразумелая радасць

Паважаць сябе сілком не змусіш. Так і нада мной у групе некаторыя будуць далей здзекавацца, проста ў твар гаварыць брыдоты, а я з вінаватай усмешкай буду адводзіць вочы. Што напісана ў крыві, не выкараніш рыдлёўкай. Я не ўмею ілгаць, у мяне няма пачуцця ўласнай годнасці. Першыя дні пасля Харкава было лёгка дыхаць, як на крылах насіла. А цяпер вось няма лістоў і я зусім каша-смятана. У каторы раз пераконваю сябе, што галоўнае самой любіць, кахаць... Так патрэбныя мне цяпер размовы з разумнымі, інтэлігентнымі людзьмі, каб стаць самой сабой. І не пужацца ўласнай неадпаведнасці іншым. Не крывіць душой. Гаварыць, рабіць тое, што сама лічу належным. А на “арыстакратыю” ўвогуле не звяртаць увагі.

14 жніўня

Нават памідоры можна насіць велічна, а як навучыцца проста па-чалавечы хадзіць... У Магі- лёве. Крымпленавы касцюм Ліда пашыла. Залатыя рукі! Праспект Міра, Палац піянераў і школьнікаў. Крыху больш за два гады таму тут стаяў, хадзіў і С. Сентыментальнае дзеўчанё...

17 жніўня

Ліст прыйшоў, кароткі, безасабовы, нават без подпісу. Яму кепска, я разумею. І калі трэба будзе сысці, я гатова. Ён жывы, самае галоўнае. Тры лісты за паўтара месяца. Сумная статыстыка. Любіць “як нявесту і як малодшую сястрычку, якая гадоў на пяць маладзейшая”.

У 20-х гадах IV в. да н. э. вылучыўся Агафокл. Быў ганчаром і паходзіў з небагатай сям’і. Узняўся дзякуючы сваім здольнасцям на вышыню стратэга-аўтакрата.

23 жніўня

Праз тыдзень у Мінск. Так мала паспелася!

Нямецкая мова - зноў на вучэбны год. Здаецца, і займалася б цяпер, але вось Чэхаў, антычнасць. Доўга ж прыводзіла сябе ў парадак. Апошні яблык з белага наліву. Мама падзяліла яго на дзве часткі. Мне і Васілю...

Вельмі псіхалагічныя аповесці ў Васіля Быкава. Захапіў “Сотнікаў”.

30 жніўня

У чарговы раз сцвярджаю, што ўсе геніі, добрыя геніі, у душы дзеці. Першае. Што такое дзяцінства? Перыяд адкрыцця свету, назапашвання інфармацыі, ведаў. Напачатку дзіцё падсвядома запамінае маміны твар, голас. Сама прырода змушае яго да гэтага. Пасля яно вучыцца нечаму свядома, таму што яму гэта цікава, хочацца ведаць, умець.

Другое. Што такое даросласць? Устойлівасць поглядаў, дасягненне ідэалаў. У кожнага чалавека першапачаткова закладзена прага пазнання - крыніца духоўнага росту чалавека. I вось настае момант, калі гэтая крынічка вычэрпваецца, рост запавольваецца і нарэшце застаецца сухі пясок. Усё, далей чалавек не ўзрастае. Свет абмяжоўваецца аднойчы ўсвоеным. Ні кроку ўбок. Ён для сябе бог і геній. Дзяцінства гэтага чалавека ў мінулым. Сустракаюцца аднак людзі, якім на працягу ўсяго жыцця ўласціва дзіцячае імкненне да адкрыцця, спазнання свету. Падмацаванае вопытам гэта памкненне набірае сілу і ўплывае на жыццё тых, хто побач. Добра. Над гэтым трэба яшчэ падумаць.

У Мінску. Студэнтка другога курса.

1 верасня

Толькі з Чырвонаармейскай, любага філфаку.

Шкада, сяброў у мяне там пакуль што няма... Смешна і недарэчна патрабаваць ад людзей, каб яны жылі “па-твойму”. Каб чыталі гісторыю старажытнай Грэцыі і пакутавалі ад усведамлення ўласнай абмежаванасці, з-за немагчымасці асягнуць напрацаваную чалавецтвам культурна-мастацкую бясконцасць... Мяне ж неадступна як нейкі чарвяк точыць - мне страшна, што збягае ў нікуды надарэмна мой час, а дзяўчаты пасміхаюцца над тым, што я, такая звычайная, пасрэдная, імкнуся ў “высокія матэрыі”. Сама вінаватая! Трэба агарадзіць сваю душу і не даймаць іх недарэчнымі шчырасцямі. Так, люблю людзей і хачу, каб любілі і мяне, таму так балюча быць чужой. Ды яны прызнаюць за мной рацыю тады, калі зразумеюць, што чалавек на тое і чалавек, каб пакутаваць, караскацца ўгору, зрывацца, падаць і зноў уздымацца. Мне трэба паслядоўна працягваць ствараць сябе. I як бы ні было цяжка, не крывіць душою. Сумленнасць, чысціня. Я не ведаю яшчэ, кім усё ж такі буду - настаўніцай ці журналісткай, а можа і тым і другім. Недзе ў глыбіні душы варушыцца думка аб пісьменніцтве, хоць я і перад самой сабой не хачу прызнаваць яе, бо, апрача памкнення пісаць і працавітасці, пісьменнік мусіць найперш мець талент... Аднак гэтая думка-жарт (?!) міжволі апраўдвае маю прагу ведаў, зацікаўленасць людзьмі. Што ж, відаць, вызначана мне знутры суцэльнае добраахвотнае насілле над сабой жа, праца і праца.

5 верасня

Трэці дзень наша чацвёртая група на бульбе ў Раванічах Чэрвеньскага раёна. Сяджу над місай са слівамі, перамешваю, пышную пенку здымаю, як дома пры маме сочыва вару. Бабка задаволеная, што вызваліла яе час на гаспадарчыя клопаты. Дзяўчаты пайшлі ў лес адзначаць дзень нараджэння Людмілы. Мне і не хочацца нікуды рушыцца, а ўсё адно нібы і крыўдна. Быццам адну маленькую пакінулі. I як жа кепска, калі адзін чалавек засланяе сабой усіх і ўсё... Тужліва. С. да­лёка. Быць нам некалі побач?..

Толькі два дні працы на полі, у людзях, а страшэнная стомленасць, нібы цэлую вечнасць гнешся над баразной...

9 верасня

Чытаю Дастаеўскага. Захапляе, змушае да нават пакутлівых разваг. Нядобрая думка, ад якой душу халодзіць: інтэлектуальнае жыццё можа апанаваць сабой мяне ўсю, цалкам. І як выратаванне наплывае прыліў пяшчоты да яго, далёкага... Сапраўды, я падобная на “ідыёта”... Вучыцца! Не прабачаць сабе нічога!

Часовае знаходжанне ў нейкім новым месцы відавочна абуджае назіральнасць.

Бабка моцна пасварылася з дзедам. Абодва да нецэнзурных слоў скаціліся. Урэшце як апамяталіся, і яна, выжаліўшыся нам, пачала прапаноўваць малачко, сушкі, сліўкі... Выснова: так пакрыўджаны чалавек стараецца знайсці суцяшэнне ў тым, каб зрабіць штосьці добрае іншым.

Весела выбраліся ў сталовую, а ў хаце амаль насупраць хтосьці галосіць. Наталля насмешліва сказала: “Па парасяці бабуся”. Праз дзень даведаліся, што ў бабусі год таму з невялікім памёр сын, а пасля неўзабаве і дачка ўслед за братам адышла. Маладая, незамужняя. Вось і засталася старая адна ў пустой хаце. Плача і плача, галосіць, твар ужо бурачковага колеру.

Бабка сабрала сабе адзенне на смерць. Паказвае вузел у шафе: “Каб дзеці не грызліся...”

Шасцігадовы Юрык: “А ў нас хутка не будзе маленькага ў садзіку. Я ў школу пайду”.

10 верасня

Адчуванне, што дзесьці глыбока ўва мне расце новая свядомасць, новы чалавек. І ён усё настойлівей звяртаецца да мяне цяперашняй. Спеліцца штосьці як без майго ўдзелу. Спакайней знешне і бязладней знутры, дакладней жа - трывожней.

“Пчолка ў твой вулей уляціць, а мой пусты вулей. Хоць бы адным вокам на ўнукаў глянуць”.

Як навучыцца спалучаць у сабе непазбежны ўдзел у найчасцей грубай рэчаіснасці з вершамі Ахматавай, песняй Сольвейг, ідэямі Дастаеўскага? Не адрывацца ад простых хат і сцежак ды жыць высокім?..

13 верасня

Сёння страшэнна холадна. Ногі ў гуме касцянеюць, вецер працінае наскрозь. Мы ж павінны выбіраць бульбу. Трэба, а хочацца кінуць усё і схавацца ў цяпло. Крыўда на тых, хто нас сюды паслаў. І вось грыміць думка: ”Кожны адзінаццаты на нашай планеце галадае. Мне кепска цяпер, а ён, можа быць, памірае ад таго, што не атрымаў у час кавалачка хлеба. А вядро бульбы выратавала б яго. Няўжо маё кепскае зараз не акупляецца, не суцешваецца выратаваным жыццём?! ”

Быць вышэй штодзёншчыны. Старацца вычуваць найперш не сябе, а - людзей у сабе. Як часта разумееш, што побач дзеецца непатрэбнае, а мірышся з крывадушшам, подласцю ці элементарнай абыякавасцю. Значыць, падтрымліваеш іх. Разумею, што па нядбайнасці прападае не адно вядро бульбы, не адзін пуд зерня. І тваё “я” часта толькі чыстай кропелькай сярод бруду, але ж ратуюць адно надзея, вера ў тое, што дабрыня пераможа, трэба толькі да яе імкнуцца, рабіць усё магчымае дзеля ўсталявання справядлівасці...

Ну вось, запісаліся шчырыя парывы душы, а тут адразу наскокам - агідная здрадлівая думка: “Ах, якая добранькая, якія нараджаеш пачуцці. Не тое, што іншыя... ”

15 верасня

Прачытала “Записки из подполья“ і ніякай абяцанай у прадмове рэакцыйнасці не знайшла! Пазней трэба хіба ўважлівей глянуць яшчэ.

Сёння ледзь не запала ў істэрыку. Бабка любіць, дзед любіць. Абодва плачуць, жаляцца мне адно на другое. Звар’яцець можна паміж імі. Урэшце дзед мяне ў свае боты абуў і павёў гаспадарку паказваць.

“Смутны час”. Уласныя абмежаванасць, будзённасць, сентыментальнасць забіваюць. Зніклі колішнія ілюзіі адносна бліскучай журналісцкай прышласці. Цяпер жа мэтаю тое, каб вымучаная мною цвярозаць не адцяла крылаў у звычайнай чалавечнасці. Не стаць маленькай. Не страціць ве­ры ў прыгажосць, пяшчоту. Не супакойвацца. Жыць, а не назіраць. Не дазваляць душы ленавацца!

18 верасня

Людзі ў вёсцы п’юць самагон, лаюцца, сварацца і ўзрошчаваюць хлеб ды патрэбнае да хлеба. Жывуць, не задумваючыся над жыццём. Не ведаюць, куды сябе ўвапхнуць у доўгія святы, калі ад выпітага алкаголю расколваецца галава. У вялікіх гарадах ва ўніверсітэтах і інстытутах, тэхнікумах і вучылішчах рыхтуюць прафесіяналаў розных узроўняў. Законы Архімеда, Н’ютона - першымі цаглінкамі ў вялікасным палацы навукі. Ён усё болей разбудоўваецца, узнімаецца вышэй і вышэй. Ракеты над Зямлёю, чалавек ступіў на тужлівую таемную Селену. Куды толькі ні зазірнулі вочы чалавечыя! І пад зямлёю не ўбачылі пякельных кругоў Дантэ, затое знайшлі вугаль, медзь, соль... Час - дэфіцытам для жрацоў навукі, мастацтва, наватараў і г. д. У імя чаго бяссонныя ночы, пакуты, ахвяры? Вядома, дзеля шчасця чалавецтва, каб здзейснілася вышэйшая прадвызначанасць чалавечага жыцця. Дык чаму ж над галавой месяц з чалавекам, а на зямлі - няшчасныя людзі, душэўная тупасць, пошласць. Мільёны іх, простых працаўнікоў, праходзяць свой дзень, спаглядаючы на грэшную зямлю праз шэрыя акуляры. Такім чынам, адны ўсё далей, вышэй, а іншыя недзе ззаду ледзь цягнуцца. Разрыў усё павялічваецца. І вось першыя, раптам аглянуўшыся назад, здзіўляюцца гэтай дыстанцыі і грэбліва моршчаць нос. Дык у імя чаго ахвяры, бясконцыя высілкі?!

У вёсцы цяжка псіхічна, але ж нечаканыя знявагі ўспрымаюцца душой як своеасаблівае пакаранне за нешта неадпаведнае мне ўва мне ж, і як расплата прыніжэннем за шчасце быць далучанай да свету паэзіі, мастацтва. Уплывы Дастаеўскага?..

19 верасня

А неба восеньскай парой па чарзе свеціцца і сутоніцца. То бялюткія пухавыя воблакі вандруюць па глыбокім зараз блакіце, то цёмным-цёмныя хмары наплываюць. Каля лесу жалоба - памерлы дуб. Роспач ткне ад раскінутых бездапаможна сухіх галін-рук, узмацняецца жывымі колерамі зялёнага хваёвага лесу, васільковых высяў. Вусцішна. Мёртвае павінна сыходзіць са сцежак жыцця. Так балюча бачыць магутнае і цудоўнае навекі анямелым. О, мае пцічанскія дубы з русалкамі... Хадзіла па лясным ускрайку і прысела на падзіраўлены пянёк. Летам мураўі спакою б не далі, а цяпер дружна схаваліся ў сваё мураўінае царства. Стаяць цютчаўскія дні і вечары. Як у гарачыню калыхаецца паветра, а свежа. Яшчэ зялёная трава прымае апалае аднойчы і назаўсёды лісце. Праз тыдзень закончыцца наша бульба. І я ніколі ўжо ў гэтае месца, на гэты пянёк не патраплю... Назусім размінуся з тутэйшымі вяскоўцамі. Ім да мяне не будзе далей справы і мне да іх - як з гэтым звыкнуцца?.. Пару дзён не чытаецца. Кепска. Суха-суха ў душы.

22 верасня

Мужык п’е - паўдома гарыць, а калі жонка - цэлая хата.

Злодзей пройдзе, шмат чаго аставіць, а агонь усё зліжа.

Угаварылі, асмелілася выступіць з дакладам аб беларускай літаратуры ў мясцовай школе. І якім комам мне гэты першы “блін”! Гублялася. Найпрасцей было адказваць на “аўтабіяграфічныя” пытанні: якую школу закончыла, любімы прадмет або пісьменнікі на філфаку... Вучыцца і вучыцца мне!

24 верасня

Апошняе вядро бульбы. Апошні позірк на поле. Дваццаць дзён жыцця, прашытых адной ніткаю. Сярод сваіх аднагрупніц і сярод незнаёмых людзей. Сярод маіх бяроз - яны заўсёды і паўсюль мае, родныя. Узаранае чорнае поле ўжо зелянее. Колькі энергіі ў травы, пустазелля, каб так хутка выбіцца з зямлі! Сапраўды, у адпаведнасці з лацінскім выслоўем: малая, кепская трава хутка расце. Вось бы людзям мець такую вытрываласць... Чакала, што будзе значна цяжэй. Выснова: магу і павінна працаваць у калектыве. Сёння раніцай зашчымела сэрца. Заўсёды шкада развітвацца з абжытым месцам. Але ж я не прывыкла да Раванічаў! Вось і ў гэтым пачуцці - славутыя ўнутраныя супярэчнасці, якія Дастаеўскі так дакладна перадае... І хопіць з мяне бульбы! Трэба наступным летам у атрад праваднікоў запісацца. Хачу ў матулінай ласцы схавацца!

25 верасня

Нарэшце я ў Дараганаве. Дома! Мой плюшавы Аргус дачакаўся вяртання гаспадыні з падарожжа, хай сабе і не Адысеева, але ж як важнага для мяне... Заўсёды еду дадому з трывогай: як тут бацькі, ці не сталася чаго кепскага. Уражанні, аказваецца, распіраюць! Вось мая бульба. Не паспявае язык за думкамі. Ну і дзіцёнак я яшчэ... Сёння аб’ядалася салодкім: кекс, марожанае, цукеркі і адразу пачала тлусцець! Твар, абветраны за тры тыдні на полі, аж гарыць.

26 верасня

Мілыя мае дзяўчаткі. З імі разумею, як змяняюся. І якое шчасце, што не трэба думаць пра тое, як успрымецца тваё кожнае слова. Над табой не будуць кпіць, даруюць тваю слабасць, бо цябе ведаюць здаўна, імкнуцца зразумець, а найгалоўнае - любяць. Цябе прабачаць і ты прабачыш. Лёгка і гаварыць, і маўчаць. Гэта ў адрозненне ад маёй мінскай сітуацыі. З філалагінямі-аднагруп- ніцамі адчуваю сябе страшэнна непаваротлівай і цяжкаваговай. Нібыта гірамі нейкімі душа абвеш- ваецца. Праўда, зрухі пэўныя ўжо і тут абазна- чыліся. Пайшло на збліжэнне з Марынкай, з Данкай. Каб жа...

Лянуюся і апраўдваю сябе зменай месца. Кепска! Трэба ўмець засяроджвацца ў любых абставінах. Іначай кранты. Гэта калі кожны раз так раскалыхвацца, дык і ўсё жыццё неўпрыкмет праміне.

27 верасня

Праца ўцягвае. І, о богі, мне сёння захацелася ў баразну! Праўда, ахапіла нейкая тупая абыя- кавасць, калі разраўняла апошнюю. Так, праца здольная і ўзвысіць чалавечае ў чалавеку, і прынізіць да жывёльнага стану. Корпалася ў зямлі, а побач па нашай Птушыцкай вуліцы насіліся МАЗы. Падвышаюць вуліцу, асфальт нарэшце пакладуць?!

Усё ж да фізічнай працы змусіць сябе лягчэй, чым да паслядоўнай вучобы... У адзін дзень некалькі чалавек сказалі мне, што змянілася. Усё адно пакуль дзікая... Парасон. Мой парасон. Якая радасць для васемнаццацігадовай дзяўчыны! Пацягнула на вершы. І рукі апускаюцца перад заваламі кніг. Трэба чытаць для сябе, а не для знешняга эфекту, маўляў, і ты тое, што на слыху, асвоіла... Не малпаваць, заставацца самой сабой. Божа мой, як хочацца спяваць! Чаму, чаму не дадзена мне голасу...

28 верасня

Прадчуванне душэўнага перавароту. Нібы збіраецца навальніца. І хочацца збегчы ў хваробу, а хварэць нельга!

Хадзіла па школе, спазіраючы на знаёмыя стэнды, новыя газеты. Дзятва, якой я зусім абыякавая, высыпала на перапынку з класаў. Родная ж школе, калідорам, шырокай драўлянай лесвіцы, якой і мама некалі яшчэ да вайны ўзбягала на другі паверх. Ахопліваюцца ўнутраным поглядам мае школьныя гады. Раней школа была найвялікшым домам, у які ўваходзілася з усімі хваляваннямі, клопатамі. Цяпер жа яны так выраслі, што наўрад ці іх вытрымаюць і грунтоўныя падваконнікі з вечнымі вазонамі герані... Здаецца, зусім побач час, калі ўпэўнена іду па гэтым калідоры. Маё дзяцінства ў чырвоным гальштуку, тры чырвоныя палоскі старшыні савета дружыны на рукаве школьнай формы. Крыху шчыміць у душы. Мне зусім не сорамна вяртацца ў дзяцінства! Добра, што яно было такім.

Пасядзела на ўроку гісторыі ў Мілы - яна на сваім месцы. Мікалай Іванавіч пасівеў і нібы яшчэ паменшаў ростам, бы выгарэў блакіт вачэй. Успомнілася, як у пятым класе міжволі падвяла яго. На адкрытым зборы, у прысутнасці амаль усіх настаўнікаў, на ўдалае завяршэнне, як кропку паставіць, запрасілі старасту, каб выказалася аб недахопах. Ну, стараста і распавяла з запалам аб тым, што хвалявала: аб двойках, кляксах на партах, згубленых гальштуках і прагулах. У выніку Мікалаю Іванавічу добра ўсыпалі на педсавеце за клас, хоць клас жа быў лепшым у школе! І як дакарала мяне, любімую вучаніцу, любімая Зінаіда Майсееўна... Дзіўны ўрок мне быў дадзены. Чаго ад мяне чакалі?! Аказалася без віны вінаватай - па наіўнасці, шчырасці сваёй. Ды насуперак таму і іншым пазнейшым урокам і сёння застаюся на сваім - я за праўду і шчырасць!

29 верасня

Ну, зусім кепская. Капрызнічаю, раздражняюся, крыўджуся колькі разоў на дзень невядома за што. Дурацкая пыхлівасць, калі штосьці атрымліваецца лепш, чым у іншага. Васіль хлопец і ясна, што мне належыць хутчэй за яго бульбу выграбаць, а мне прыемна, што ён адстае! І нібы дабрэйшыя тыя людзі, у якіх лепш штосьці за іншых атрымліваецца. Толькі ж дабрата тая найчасцей трымаецца на валаску вязення. Праз нейкае імгненне гатовая абярнуцца ў непрыхільнасць да таго, каму гэтым разам пашанцавала. Рабскае пачуццё...

Не атрымліваецца ўвайсці ў каляю сваю. Рассыпаюся макам налева і направа. Трэба ў Мінску сур’ёзна ўзяцца за самаадукацыю. Не гнацца за знешнімі эфектамі, а закладаць грунтоўную аснову. Усё ахапіць немагчыма. Таму мушу навучыцца выбіраць толькі тое, што неабходна і карысна менавіта мне. Усур’ёз заняцца deutsch!

30 верасня

Дастаеўскі, Дастаеўскі і яшчэ раз - Дастаеўскі! Было цяжка ўзяцца за “Братьев Карама­зовых” пасля месячнага перапынку, але сёння ўвайшлося ў адпаведны настрой. І зноў апынулася ў свеце нярвовых пачуццяў, трывожных памкненняў.

Калі Васіль даставаў шэрую кашулю з чамадана з-пад ложка, вырваўся навонкі пах нафталіну. І мне адразу ўзгадалася чытальная зала бібліятэкі на Талбухіна. Мужчына гадоў сарака прыносіць з сабой клубы такога паху. Я не вытрымліваю болей за паўгадзіны гэтага суседства і рэціруюся са свайго зручнага месца на другі канец залы або на свежае паветра. Аднойчы ж у тралейбусе ўдарыў у нос знаёмы пах. Міжволі азірнулася. Так, гэта быў мой “вораг” з чытальні. Выцягнуты ўгору, з залысінамі, невыразнымі рысамі твару. Здалося, што ён наскрозь пранафталінены, нібы думкі ягоныя, словы таксама нафталінам працятыя...

Такое “адкрыццё” - праз тры месяцы сесія! Жыць. Жыць. Яшчэ адзін мой верасень з чарговым лісцепадам спадае ў мінулае. І вось жа нядаўна яшчэ была вясна, калі зялёны пругкі свет рваўся ў высі... Увосень лісце, прасякнутае тужліваю пяшчотай, прыпадае да зямлі. І не ведаю, што болей душы маёй адпавядае. Ці то зялёны кіпень, ці гэтая агністая шапаткая стракатасць... Заўважаеш раптам, якое калючае голле ў акацыі і шкадуеш састарэлыя мальвы, што нядаўна яшчэ так радавалі сваімі шматлікімі тварыкамі ў капялюшыках

Хочацца жыць! Любіць, кахаць і трымацца насуперак усім вятрам. Не трэба мне роўнай, ціхай дарогі. Няхай пакутуюць душа, розум, цела. Адпакутаваць, вымучыцца на зямлі і ўсё адно прымаць, любіць яе, гэтую маю адзіную юдоль...

1 кастрычніка

У Мінску. Чамусьці зноў апускаюцца вочы... Мітусня. Раздваенне. Усё тое ж: паміж грубасцю акаляючай і ўласнай, і - пяшчотнай, моцнай паэзіяй, прыгажосцю, любоўю. Крык душы. Да чаго прывядуць гэтыя мае неадступныя самапаглыбленні... Што ж, паназіраем!

Пер Лагерквіст - “В мире гость“. Псіхалагізм Дастаеўскага, рамантызм Грына, чысціня Паўстоўскага.

5 кастрычніка

Якое шчасце, што старажытнарускую літаратуру чытае Ларыса Лявонцьеўна Кароткая! Адразу палюбіла яе і ўжо хочацца быць на яе падобнай. Бачу побач Ларысу Рэйснер. Якая вышыня - гэтыя лекцыі! Іх слухаеш, канспектуеш, на іх задумваешся, ажыццяўляешся...

І яшчэ адна выдатная выкладчыца - Вера Міхайлаўна Лумбіна. Быў выбар паміж чэшскай і сербахарвацкай мовамі. І душа мая прыхілілася адразу не так да мовы, як да В.М. Л.! І пачалося адкрыццё такой аддаленай для мяне Югаславіі.

Зноў пяшчота, вельмі жаночыя пачуцці. Хочацца, каб мой хлопчык, які некалі ж прыйдзе ў свет, быў падобны на С. Не ведаю, слабасць гэта ці яшчэ нешта, але ж, вядома, не сіла. Мабыць, прырода. Як бы ні “асуджала” дзяўчат, а мы ўсе найперш жанчыны. Слабасць жа часам за сілу мацнейшай бывае. Сёння мне не хочацца абдымаць увесь свет, а пакласці б галаву на яго плячо... Мы над сцішанай планетаю. Яна ўсё разумее і прабачае дваім. Хіба не дзеля гэтага імгнення нарадзілася натхненне Шэкспіра і Грыга?! Каб крылацей і чысцей мы былі.

7 кастрычніка

Бетховен: “Няма правіла, якое нельга было б парушыць дзеля schoner (болей цудоўнага)”.

Пяшчотнае святло залівае парк ціхім смарагдава-залацістым ззяннем, абвалаквае невыказнай таемнасцю. Час пульсіруе сярод ліхтароў прамінаннем жоўтага, чырвонага лісця - дзетак-крывінак клёнаў. Лісце памірае, але гэта смерць прыгожая. Першы раз я гавару без страху: смерць. Вечны механізм. Смерць на службе ў яго. Толькі не трэба ёй памагаць. Люблю Мінск. Заўсёды. Толькі днём мы абое нібы саромеемся пяшчоты. А ўвечары Мінск мой...

І як жа мне цяжка самастойна сябе ствараць!

Самім нараджэннем чалавеку вызначаецца яго месца, а я насуперак свайму паходжанню пнуся да таго, што мне не належыць, аб чым між іншым мне нагадвалі не аднойчы... Унутраны голас змушае пакутаваць, напружвацца, часта ісці наперакор вызначанаму. Што атрымаецца з гэтага? Попытка не пытка. Хоць яна для мяне і пакута. Ды ўжо іду здаўна сваёй Уладзімеркай. Дарога нібы вольная. І магу зазначыць, што некалькі іначай, вальней, адчуваю сябе, чым летась у гэты час.

Выстава мексіканскай графікі ў Мастацкім музеі. Творы гучаць пакуль няяснай мне музыкай. Адзінства рытму. Болей давяраю вачам. Радасна, асэнсавана хадзілася па залах Музея. Душа наталялася мастацтвам. Пасля летняга перапынку віталася з карцінамі, нібы з найбліжэйшай раднёю, сябрынаю.

10 кастрычніка

Чалавек прызваны да таго, каб дасканаліць сябе. Прымем, што кожны - на гэтым шляху. З рук у рукі перадаецца выпакутаваны, выпеставаны доўгімі гадамі чалавечы матэрыял. І калі не перашкодзіць вайна, не згасне сонца, зямля не сыйдзе з арбіты, павінен жа ён, чалавек, некалі дайсці да ідэалу. Ці магчымасці тут невычарпальныя? А мудрасць падобная глыбезнай студні, з якой колькі ні чэрпай, а дна не відаць? Прынамсі, заснеш з эйфарычнай думкай аб тым, што дасягнуў вышыняў, а раніца ацвярозіць новай недасяжнасцю. Не даецца зразумець, асэнсаваць, што такое вечнасць...

Накацілі нібы крамольныя думкі. Зараз паўсюль і ўсё - грамадскія арганізацыі. Калі ты ў калектыве, дык, будзь ласкавы, не адрывайся ад яго. Калектыў нясе толькі станоўчае. Значыць апрыёры тое, што аказваецца па-за ім, - адмоўнае, няпоўнавартаснае. Як мала ў нас самастойнасці! Чалавеку, каб зразумець сябе і іншых, трэба ўмець выйсці з гушчы чалавечых памкненняў, застацца сам-насам у цішыні. Жыццё ў калектыве аблягчае, спрашчае адносіны і не пакідае магчымасці выбару. Усе на адной хвалі, у адным дыяпазоне.

Аўдыторыя на чацвёртым паверсе: у адчыненыя вокны разам са свежасцю заплывае пах гарэлага лісця. Восень парадкуе сябе...

13 кастрычніка

Кожную раніцу ўжо тыдзень займаюся deutsch. Адчай, разгубленасць перад неасягальнасцю мовы. Прывабліваюць нямецкія культура, філасофія. Прачытаць бы Гегеля ў арыгінале... Крайнасці? На шчасце, як нейкая ўладная рука трымае за каўнер і не дае забіцца ў кут, закрыць вочы, вушы. Магчыма, імя гэтай рукі - мэтанакіраванасць. Якая ж мэта? Штосьці незразумелае ў душы. Ва ўнісон з Русо напор пачуццяў, у якіх не магу разабрацца.

Надзя Рушава. Сустрэча з няшчасным бацькам у актавай зале галоўнага корпуса БДУ. Сказаў: “На паўгода хопіць яшчэ захаплення Надзяй...” Няпраўда! Яе непаўторным малюнкам жыць і жыць. Яму ж, асірацеламу так нечакана, страціўшаму цудоўную дачку, яшчэ падлетка, як жа невымоўна цяжка Тужлівая, чыстая сустрэча. І яшчэ раз пайшла паглядзець на творы Надзі - выстава ў Мастацкім музеі.

Ад мамы ліст. Мая мілая, светлая, спакутаваная мама...

17 кастрычніка

Запаведзь Андрэ Маруа: “Не папракай, не жалься, не тлумачся”.

Зноў абвострана адчуваю сябе дзіцёнкам. Кідаюся з крайнасці ў крайнасць. Бяздарнасць! Няўмека! Мітусілася пару дзён. І разумею, што сутнасць не ў выніку хуткім, што галоўнае не збочыць, а рухацца ў абраным накірунку, часта насуперак самой сабе. Чалавек жа. Магчыма, жыццё - апраўдальны тэрмін. Што і хто я ў параўнанні з вечнасцю. Яна выкінула мяне на паверхню сваю. Каб убачыла, ацаніла мінулае, пераварыла ў сабе пакуты і шчасце, веліч і нізасць, прыгожае і пачварнае. Сведка руху. Трэба быць у вечнай змене дзён і начэй яго актыўным удзельнікам. Піць з чашы дабра і зла, мучаць сябе, каб стаць вартаю чалавечага звання.

21 кастрычніка

Учора, каб яшчэ крыху эмацыянальнага чытання, трывогі, працы ўяўлення, уражанняў і, думаю, што сёння я вось так не сядзела б у бібліятэцы. Дастаеўскі дзейнічае, што моцны наркотык. Але ж калі хочацца яго чытаць, значыць трэба. І ў стане гэтай узбуджанасці адкрываецца новае ў жывапісу, цягне слухаць 40-ю сімфонію Моцарта, песню Сольвейг. Паўтары гады з Дастаеўскім. Навучанне і вар’яцтва. Мазгі мае, што рыба, выкінутая на бераг.

Георгій Гуліа. “Жизнь и смерть Михаила Лер­монтова”: “Но наше счастье - великое человечес­кое счастье - заключается в том, что бессильные изменить что-либо в уже сыгранной трагедии, мы можем изменить кое-что в своей собственной душе. Изменить к лучшему. И эта возможность - большая награда для нас”.

26 кастрычніка

Не выходзіць з галавы “Подросток” Дастаеўскага. Агульнасць. Я таксама гарачуся ў размове, пачынаю шмат балбатаць, а пасля шкадую. Перажываю і зноў паўтараюся...

Аднесла боты ў майстэрню. Здавала у рамонт падбітыя-перападбітыя туфлі і чаравікі сімпатычная дзяўчына. На твары незалежнасць, а ў вачах сполахі прыніжанасці. Людзі рамантуюць абутак. Беражлівасць? Не толькі. “Хлопчыку няма ў чым хадзіць. Хутчэй, калі ласка, зрабіце”. Дзяўчыну шкада. Гэта між тым і мая заўсёдная сітуацыя. Божа, калі нарэшце кожны зможа абуць тое, што яму хочацца мець на сваіх нагах... Хоць пагоня за рэчамі вяжа чалавека, адымае час, сілы. Непераадольнай сцяной паўстае на шляху да свету гукаў, колераў, слоў.

Пасля Дастаеўскага не магу колькі дзён штосьці чытаць. Хаджу перапоўненая “Подрост­ком”. Вядома, не з лепшых рэчаў Дастаеўскага. Найбліжэй мне хіба “Идиот”. Ды кожны яго твор змушае думаць, непрыкметна авалодвае на пэўны час душой. Узялася за Стэрна, які цяпер здаецца сумным, нецікавым.

28 кастрычніка

Дома. Абняць і цалаваць бярозу, яе яшчэ красавіцкія раны. Дачакалася ў чарговы раз мяне, родная. Помні ж пра мяне заўсёды. Шорсткае це­ла, гнуткія рукі-галіны. Вецер, будзь, калі ласка, асцярожней. Карані працягнуліся да старога плоту, мяккай дарогі. І ў сэрца маё таксама. Упарта імкнуць услед за мной. Баляць адным болем. Вяртаюць дахаты. Чым цяжэй, тым мацней трымаюцца за зямлю. Сасна, дубы. Мая, мае. Матуля. Рукі хачу цалаваць. Родныя. Што я без вас?! Добрая зямля мая.

5 лістапада

Вечнае пытанне, што ёсць жыццё. І побач апошнія тыдні ў свядомасці - жыццё і смерць. Не страшна памерці. Позірк на востры нож і думка аб магчымым канцы. Пераход бялковых цел з аднаго стану ў другі. Спакойна ўяўляю сябе пад калёсамі цягніка, машыны. Шкада толькі блізкіх людзей. У самой жа пачуцці страху, жаху як выключаны. Цяжка сядзець з такімі думкамі над падручнікамі. Разумею, што нездаровыя думкі. І вынікам чаго яны? У такім стане магу чытаць толькі Дастаеўскага. Лячуся ім? Добры Чэхаў, пяшчотны Паўстоўскі, рамантык Грын часова ўбаку аказаліся. А можа гэта ўва мне пераплаўляецца ўсё, што я ад іх змагла ўзяць?! На пэўным этапе, між іншым, быць робатам вельмі карысна. Бо дзеля чаго ўсе гэтыя мае пакуты, калі яны вынікаюць адно з душэўнай блытаніны? Розум пры тым толькі назіральнікам знешнім. Валодай я запасам ведаў, уменняў, каб штосьці карыснае для іншых рабіць, вось тады б гэтыя трывога, туга памагалі б мне далей сябе ўсведамляць. Цяпер жа мне трэба вучыцца, а не пакутаваць немаведама ад чаго!

9 лістапада

І колькі ж у мяне “я”?.. “Толькі не рысуйся, не выстаўляйся...” - дзяўбу ўвесь час сабе. Калі я не падманваю? Найлепш маўчаць паболей. Барацьба з эмацыянальнасцю, якая ў мяне проста неахайнасцю ўнутранай. У стэрыльных умовах, калі вакол добразычлівасць, яна цвіце сабе пунсовай кветачкай. Але ж побач з самаўпэўненасцю, скептыцызмам пераўтварае чалавека ў пужлівае мышаня.

Не атрымліваецца ў мяне працаваць на адным узроўні. За тры дні выдыхаюся. Настрой рэзка скача то ўверх, то ўніз. Абыякавасць і ўсхваляванасць. Бездапаможнасць і сіла. Галоўнае, што я нічога не магу зрабіць з сабой у такія часы. Душа і плоць у адным парыве. Галава губляе працаздольнасць. Быццам шторм усчыняецца і трэба непагоду у як мага найцішэйшым месцы перачакаць.

“Скрывайся, таися и молчи”.

11 лістапада

Безабаронны, кволы парастак просіцца навонкі з душы. Вакол камяні, а ён моліць, каб расступіліся, моліць, а сам упарта імкнецца ўгору. Бездапаможнасць і прага выжыць, прарвацца. І ў ёй - сіла.

Відаць, мой цяперашні стан абумоўлены ў значнай ступені Дастаеўскім. Да яго можна адносіцца альбо зусім абыякава, альбо ўспрымаць кожнай жылкай душы. Зрэдку бывае, калі не магу чытаць Фёдара Міхайлавіча, але ў асноўным пачуцці напружаны, як струны ў толькі што наладжаным інструменце.

“Сердце (сог) представляет сабой полый мы­шечный орган конусообразной формы. Величину сердца сравнивают с размером кулака данного че­ловека, вес его около 300 г.”.

15 лістапада

У Мастацкім музеі - Чурлёніс. Фантастычна-гукавыя палотны. Уражваюць і хвалююць уяўленне. Незвычайная імглістая колеравая прастора. Зачаравала “Казка каралёў”. Заняцца б псіхалогіяй творчасці!

Шчасліваю вярнулася ад Яўгеніі Рыгораўны.

Знаёмства з яе сынам, нявесткай, унучкай Ірынкай. Адпачыла душою. У мяне, у мае магчымасці вераць!

25 лістапада

Над горадам завіслі чорныя хмары. Высокія трубы спалучаюцца з імі сваімі курчавымі хмарамі дыму. Магутныя парывы ветру апантана кідаюцца на аднолькавыя вялізныя прамавугольныя скрынкі з аднастайнымі радамі зашклёных праёмаў. Вецер, пастух грозных хмар, аглушальна рагоча і настрашаныя хмары ляцяць, не ведаючы куды. У адчаі льюць на зямлю халодныя слёзы.

Люблю непагоду. Ды гэта ж якраз пагода - тэмпераментная, рухомая. Падстаўляеш ветру твар, ледзь не падаеш, а дыхаецца вольна-вольна. Люб­лю ачышчальныя вецер і дождж.

У Палацы мастацтваў - чатыры рэчы Барыса Заборава. Уражваюць! Вытрыманыя, эмацыянальныя. Акрамя псіхалагізму Дастаеўскага - нейкі засмучаны рамантызм. Міжволі - Паўстоўскі. Трэба б бліжэй пазнаёміцца з тэхнікай гэтых прац.

28 лістапада

Шмат гавару (балбачу!), але магу лічыць сябе скрытнай. Часта ўсміхаюся, але душу маю пастаянна мучае туга, якая расце разам са мною. Пераходжу ад нейкага нястрымнага вяселля да безвыходнасці. Лічу сябе разумным чалавекам, але амаль кожны дзень паміраю для сябе як чалавек. Мне трэба толькі крыху, каб забурлілі станоўчыя эмоцыі і дастаткова нейкай дробязі, каб зямля паплыла з-пад ног. Магу не любіць чалавека, а адначасова гатовая бараніць яго да апошняга. Здольная вытрымаць любыя боль, нават абразу моўчкі, а заплакаць ад аднаго крыўднага ці ласкавага слова. Я не магу жыць без Галі, Мілы, Іры, Наталлі Пятроўны... і ў той жа час бягу ад усіх. Хаваюся ў сябе. І ўсё гэта блукае ўва мне, распінаюся супярэчнасцямі. Не ведаю, калі стану цэласнай. Вядома, не ў адзіноце. Сярод людзей, але самастойна. Гэтыя мае роздумы - уплыў Русо?! Ці “Споведзь” проста штуршком?..

Колькі часу адымае медыцына! Трэба ж яе нам падкінуць на другім курсе. Я, здаецца, ніколі не здам анатоміі, не запомню, дзе якая мышца і костка размясціліся...

2 снежня

Учора ў Мастацкім музеі не магла адарвацца ад Станіслава Юльянавіча Жукоўскага. Зачараваў блакіт нябёс у шырокай вясновай вадзе. І побач з яркім блакітным - сакавіты бардовы колер. А які цудоўны, святлісты інтэр’ер у Жукоўскага!

5 снежня

Нарэшце дома з мамай. Ёй я найпатрэбней і найдаражэй, чым каму на свеце. Паплакала крыху на плячы ў Галі. І не ўмею я быць вернай запаведзям Андрэ Маруа! Жалюся, наракаю, тлумачуся. Arbeit und einmal Arbeit!

8 снежня

Хочацца як мага болей паспець зрабіць. Ахапіла такая моцная, свежая прага быцця, якой нават міжволі саромеюся перад сабой жа, быццам шчаслівая эгаістычна дзялюся сваёй радасцю з чалавекам, які мае патрэбу ў спачуванні... Нібы крылы выраслі, можа, праўда (уключана-такі іронія!), толькі стрыказіныя... Цэласнасць, чысціня. Далой песімізм! Мне трэба паменей разважаць аб жыцці, якое я так мала яшчэ ведаю, а працаваць над сабой з дня ў дзень, гнуць спіну, вымучваць галаву і сэрца. Не ўмею сябе размяркоўваць, таму мушу быць вернай галоўнаму памкненню - спадзяюся, што настане дзень, калі змагу пісаць. Адсоўваю пачуцці сардэчныя, падпарадкоўваюся галоўнай мэце.

Віктар Шклоўскі: “В искусстве познание при­ходит через раскрытие значения того, что мы считаем простым. (...) Искусство всегда уходит от самого себя, разрушает прошлое для того, чтобы вернуться к нему с новым пониманием. (...) Сюжет - это то построение предметов, при котором они видны, при котором они обновляются, освежаются так, как земля освежается и весной и осенью новым своим цветом - цветом сегодняшнего дня и воспоминания, законченным разнообразием в жиз­ни.

15 снежня

С. такі скупы на лісты. Некалі думалася, што ніколі не буду сварыцца з любым, ніколі не папракну яго, а ён - мяне, што нам не прыйдзецца саступаць адно другому, бо не будзе дзвюх думак, шляхоў. Адчуванне, што пяройдзена нейкая рыса. Хто вінаваты? Абое і ніхто. Само сабой вядзецца. І ўжо я перастаю сумаваць па яго лістах...

“Выдатна” па фармакалоіі - перамога! У паветры цесняцца легкадумныя навагоднія малекулы. Які цяжкі і добры год прамінае... Не магу маўчаць, калі ў мяне радасць, мушу сыпануць жменю яе ў паветра, каб вясёлкаю заззяла над чалавечымі душамі. Я веру, што Дабрыня і Прыгажосць, з’яднаўшыся ў імя святла і любові, паставяць тлусты крыж на крывадушшы, пошласці. Выратуюць свет!

22 снежня

Хтосьці ідзе сваёй жыццёвай дарогай, унурыўшыся сабе пад ногі, не звяртаючы ўвагі нават на сустрэчных. Вецер эпохі праносіцца над яго галавой, не кранаючы акуратненька зачэсаных валасоў. Другі ж кожным нервам успрымае рытм сучаснасці і ўсе часы пульсуюць у ім стваральным зместам. Аркестр з імёнаў, падзей, дат, твораў, адкрыццяў магутнай, глыбокай музыкай напаўняе душу таго, чые вочы сур’ёзна і ўдумліва, з прагай пазнання новага ўглядаюцца ў свет.

27 снежня

Як жа я ўчора шмат гаварыла - быў удзячны слухач. Ганна Давыдаўна Краснапёрка, журналістка з “Піянера Беларусі”. Відаць, найлепшы спосаб разгаварыць іншага, самой быць шчырай... Суправаджала яна былых юнкораў на сустрэчу ў піянерскі лагер “Зубраня”. Коля Мятліцкі - некалі дадасць да свайго імя розныя тытулы. Кацярынка Кункевіч - чыстая, светлая душа, серабрысты голас. Карпусы “Зубраняці” атулены велічэзнымі соснамі. Шкада, што Нарач пад ільдом, у зімовым сне. Як добра было б сюды летам патрапіць... Упершыню ў мяне такое доўгае падарожжа на легкавушцы атрымалася. І як хочацца паболей паездзіць па Беларусі...

Каб меней гаварыць, мне трэба болей пісаць. Раптам усведамляецца, што неўпрыкмет для самой жа сябе шукаю сваю тэму. У вастрыню, займальнасць не мае сэнсу ўваходзіць. Духоўны свет. Аналіз плыні душы. Прырода. Зрэдку зараз мільгане ў дзённіку цікавы запіс, а найбольш усё маё самавыхаванне... У галаве блукаюць нейкія ўрыўкі сказаў, відавочацца твары, характары. Нават пакутліва рвуцца на волю, а дзверы для іх зачынены. Я не магу іх “апрануць” , каб пусціць на свет белы. І яны мучаюць мяне далей, штурхаюць да кніг, да людзей. І я істава прашу: “Памажыце мне, Фёдар Міхайлавіч Дастаеўскі, Канстанцін Георгіевіч Паўстоўскі, Іван Аляксеевіч Бунін. Навучыце пяро маё быць дакладным. І Вы, Ларыса Міхайлаўна Рэйснер, вы грацыёзная і цвёрдая не толькі з ручкаю над белым лістом, але і ў днях сваіх, памажыце мне знайсці сябе. Вы, Антон Паўлавіч Чэхаў, лячылі не толькі ангіну, але і запаленне душ. Я не прашу Вашых рэцэптаў, але, калі ласка, навучыце мяне Вашай справядлівай дабрыні. Эдвард Грыг, сын суровай Нарвегіі, памажыце мне стаць пяшчотнай і моцнай. Навучыце мяне цярпенню, спагадлівасці і патрабавальнасці, дарагія мне людзі. Дай мне сілы, зямля мая, навучы ўпарта ісці наперад і ў спякотны полудзень і ў бялесую завею. Стань мне братам, гром раскацісты, маланка асляпляльная. Вясёлка сяміколерная, жывым шалікам ляж на мае плечы”.

28 снежня

Залік па анатоміі. Узіраюся ў людзей: абыякава праходзяць побач. Кожны нібы намагнічаны асаблівай энергіяй, якая ўцягвае яго толькі ў пэўныя адносіны. Сёння Н. пахваліла мяне. Нату­ральна, я зразумела ў чым справа, але ж словы яе пагладзілі маё самалюбства! Ворага майго. Толькі б не спатыкнуцца, бо хаджу нібы па вастрыі ляза. Не шкадаваць сябе! І як хочацца да мамы...

31 снежня

Зноў апошні дзень года, які падаецца самым кароткім - значыць, самым хуткім?! - у маім жыцці. Галоўнае? а) Шэкспір, Дастаеўскі, Ахматава, Цвятаева; б) сустрэча з С.; в) бульба. Зачытвалася Чэхавым. Жывапіс. Выставы Хамера, Надзі Рушавай. Заглыбленасць. Адначасова мала і шмат.

Я не ўмею сябраваць са святамі. Развітанне і сустрэча - глыбока ў душы.


1974

1 студзеня

Пачатак гэтага новага года пазначаны ўнутранай пэўнасцю. Прачнулася з дакладным усведамленнем таго, што трэба рабіць. Адчулася, што трывалей, надзейней зямля пад нагамі. Старацца пераадолець сваё знешняе дзівацтва. Гэтую сарамлівасць, схаваную пад знешняй бесклапотнасцю. Адразу хочацца засесці за кнігі і да знемажэння чытаць, вучыць, перакладаць. А ўвечары кінуцца на ложак - змучанай, але задаволенай днём. Мае кнігі, мая ручка - сябры мае, мучыцелі мае, натхніцелі мае. Трэба замкнуць свой слых і зрок ад розных спакус, каб пасля не было балюча за расстрачаныя надарэмна хвіліны і гадзіны, з якіх само жыццё складаецца.

2 студзеня

Сказала маме, што хачу гаварыць на чыстай беларускай мове, паўсюль і з усімі. Па-беларуску, па-роднаму шапаціць мая бярозка, гамоняць са мной дубы на беразе Пцічы, шчабеча і спявае птаства. Гэта мая аснова, той свет, які нашу ў сабе. Працярэбліваюцца знутры парасткі, цягнуцца да неба, у вышыні сусветнай гісторыі, высокамастацкай літаратуры. З роднай зямелькі імкнуся я ўгору, калоціцца сэрца - навучы мяне, зямны шарык, як правільна жыць. Дай мне крылы, каб дрыготкія рукі кранулі мяккае і цвёрдае, гарачае і студзёнае. Каб сэрца зайшлося ад шчасця і горычы, каб не прайшла абыякава побач з бусінкай-слязінкай у дзіцячых вачах, побач з нямогласцю старасці. Каб перадала прывітанне вялікаму свету пад Млечным Шляхам ад маіх бярозкі і пцічанскіх дубоў і вярнулася да іх мудрай і моцнай...

3 студзеня

Непрабачальны спакой перад цяжкім экза­менам, а плаваю ж! Хоць што значаць усе гэтыя назоўнікі і дзейнікі ў параўнанні з жыццём!.. Што значу я ў параўнанні з вечнасцю... Мае вартыя жалю памкненні адкалупнуць кавалачак бясконцасці ад вялікаснай неабсяжнасці і ўвапхнуць яго ў сваю душу, проста зняволіць...

Якая блізкая Наталля. Пятроўна! Дарагая настаўніца мая. Пашанцавала нам і асабліва мне, што размеркавалі яе пасля Інстытута ў Дараганава! Так, так: “Шчасце дастаецца таму, хто шмат працуе”. Убіраю ў сябе новыя і новыя твары, падзеі. Сэрца калоціцца. І ад мяне самой усё залежыць. Моцная ж сваёй верай у дабрыню, справядлівасць. Нясу ў сабе каштоўнае зярнятка любові да людзей і як ні патэтычна гэта гучыць - пакуту за збалелае чалавецтва. Няхай часам трушу, выходжу з сябе, патанаю ў няпэўнасці, злуюся, зайздрошчу, але ўва мне ўсё адно ёсць святло. І яно паступова перамагае слабасць. Толькі вельмі-вельмі павольна...

5 студзеня

Захацелася напісаць пра тое, якая цудоўная музыка Грыга, як я люблю Оперны тэатр і Мастацкі музей. Як яны набліжаюць да мяне маю бярозку. Як б’ецца сэрца, калі адкрываю Паўстоўскага, якія сапраўдныя мае дзяўчаткі, мае Галі, які далікатны і моцны чалавек Наталля Пятроўна. Наплываюць урыўкі тэкстаў...

7 студзеня

Пяцёрка па рускай мове. І трэба было так хвалявацца? Значыць, магу вывучыць.

Увесь час сняцца дзівосныя сны. Містыка. Загадкавасць. І вада, вада. Мора, якога я ніколі наяву не бачыла. Рака. Вясенні разліў. Гартаю альбом са сваімі газетнымі выразкамі. Радкі, поўныя шчырасці, чысціні. І хочацца плакаць. Два, тры гады таму я верыла, што перада мною ўвесь свет расчынены, а цяпер ныю і гатовая здрадзіць гэтым сваім наіўным, але прыгожым і адзіна справядлівым (!) перакананням. І тады ж было цяжка... Можа таму і пісалася?.. Каб стварыць свой свет. А цяпер, калі водбліск дзяцінства, юнацтва ляжыць у гэтым альбоме, калі сама адказваю за свае ўдачы і памылкі, сама адказная за свой настрой, раптам строю з сябе вялікамучаніцу. Несправядліва!

17 студзеня

“Выдатна” па гісторыі. Ну і панікёр я - як калацілася. Зарубежка таксама за спіной. Сесія ўдалая. У “пяцёрачніцы” выбіваюся.

Кожны чалавек - кніга... І. Бунін: “Не всё ли равно, про кого говорить? Заслуживает того каж­дый из живших на земле ("Сны Чанга“)”.

Н. гаворыць так гладка, без запіначкі, але словы не кранаюць, слізгаюць па душы. Чаму?

Дзяўчынка паступала ў Тэатральна-мастацкі інстытут, не хапіла паўтары бала, а праз год пайшла ў Наргас...

20 студзеня

Пакутліва, калі хочацца заснуць і не прачынацца доўга-доўга. Блукала ў глыбокім неспакоі, тузе па скаванай рацэ між сваіх вечных дубоў.

Адзінота. Адчуванне, нібы чалавечыя бядота, боль непасільнай ношай леглі на мае плечы. І сорамна, крыўдна, горычна. Слабасць, немагчымасць стаць усім, паспрабаваць усё - адчай перад Вечнасцю, Бясконцасцю. Круглы шарык - Зямля. У шэрагу падобных дзесяці вакол вялізнага пылаючага магніта-шара. Праспекты Сусвету. Што на іх?!! Вабіць прастора. Існуюць жа яшчэ недзе цывілізацыі акрамя нашай планеты. Надыдзе ж дзень, калі велічны зямны карабель вялізнаю птушкаю сядзе на залацісты россып пяску на іншай зямлі... Вось як настрой павярнуўся!

26 студзеня

Нарадзіўся новы “выдатнік”. Мілая Ларыса Лявонцьеўна. Як хочацца прыляпіцца да моцнага, добрага чалавека... Я звычайная дзяўчына. З прагай ведаў, памкненнем да гармоніі, спасціжэння сэнсу ва ўсім. Хачу пець і таньчыць, бегаць на лыжах і каньках, іграць Грыга, фатаграфаваць, маляваць, вадзіць машыну... І гэтыя жаданні сціплыя і апраўданыя. Хачу жыць. Усімі пяццю пачуццямі прасякацца радасцю. А я існую. Я толькі мару аб жыцці. Адно ў сне спяваю любімыя песні. Што ж, буду чытаць Буніна.

5 лютага

Сваю даму сэрца, юную Беатрычэ Пятрарка сустрэў упершыню на ранішняй месе ў царкве св. Клары ў Авіньёне. Было гэта 6 красавіка 1327 года.

Дома. Канікулы. Заняцца б грунтоўна гісторыяй філасофіі...

Адкрыліся далягляды, аж дух займае - уздым пасля заняпаду! Надалей бы затрымацца ў гэтым сваім стане, які, зразумела, непазбежна знясіліцца.

І чым вышэй узыходзіцца, тым ніжэй сыходзіцца.

Эфект арэляў.

12 лютага

Ужо засумавала па філфаку за два тыдні. І рада, што пачаўся новы семестр. На жаль, заняткі з дзвюх гадзін - разбіты дзень. Размова з Данутай - адзіны чалавек у групе, з кім магу быць шчырай. Спадабалася лекцыя па філасофіі. Была ў Мастацкім музеі.

23 лютага

Раптам засумавалася па бабулі Надзі з Лобчы, аж у грудзях шчыміць. Што ў яе там? Мы адказныя за тых, каго прыручаем...

На медыцыне павяла нас Валянціна Мікалаеўна ў радзільнае аддзяленне трэцяй клінікі. Божа мой, у якіх пакутах нараджаецца новае жыццё! В.М. да спакутаванай парадзіхі: “Ну, Танечка, не можам жа цябе так адпусціць. Пастарайся яшчэ крыху...” Пакуты, напружанне. Цяжкая фізічная праца. А ён, дзіцёнак, не хоча выходзіць. Нарэшце выслізгваюць галоўка, плечыка, ручка. І вось само Яно. Дакладней, ён. Галоўка выцягнутым агурочкам і ўвесь дзіцёнак фіялетавы. Нарадзіўся чалавек! Ды якім незадаволеным крыкам лялеч­ка са зморшчаным тварыкам вітае гэты свет, нібы ведаючы, што ніколі і нідзе не будзе ўжо яму так надзейна і ўтульна, як у маме-доміку. Акушэрка робіць нейкія маніпуляцыі над немаўлём, узважвае. Нам жа за храбрую прысутнасці па цукерцы выдадзена!

Прапанавалі стаць ад філфака карэспандэнтам “Беларускага ўніверсітэта” .

5 сакавіка

Велізарны свет шорсткай шчакой трэцца аб яе сэрца. Свет, але не ён. Вечнасць абяцае ёй усё, відаць, забыўшыся, што без яго - усе падарункі стаюцца сабачанём-тугою, якая скуголіць у падваротні. Дзе ты, адзін-адзіны? Адзавіся. Ёй так цяжка ўтрымацца адной. Рукі над светам, нібы голле бярозы ў непагадзь. А на другім канцы зямлі велізарны свет трэцца шорсткай шчакой аб яго сэрца. Хутчэй - ідзіце насустрач адно другому...

11 сакавіка

На адным дыханні прачытала “Один день Ивана Денисовича” Аляксандра Салжаніцына. Вельмі цікавы, праўдзівы твор. Чаму наклалі на яго veta?!! Спыніліся на палове шляху. Недапушчальна падмалёўваць, змешваць колеры ў сферы, дзе вырашаецца чалавечы лёс. Палітыка?!! А што гэта такое? Крыўдна. І як жа балюча пісьменніку! Некаму не падабаецца, што Салжаніцын гаворыць аб пакутах адных і бесчалавечнасці другіх. Хіба ж палон падчас трагічных ваенных падзей можа разглядацца як віна? Мне сорамна. Да чаго ўсё ідзе? Камсамол. Жахліва. Папера ўсё вытрымае. Ды так не павінна быць! Ленін - ці маю права судзіць? Так, маю. Хачу, каб жыццё было справядлівым да ўсіх. І зараз буду ратавацца рамантыкам Вікторам Гюго...

26 сакавіка

З Опернага - “Севільскі цырульнік”. Цудоўна. Імгненні, калі захапленне збіраецца ў грудзях свежым азонавым паветрам, якім не можаш надыхацца.

Н.Ш. - мілая дзяўчынка. Ды бачыць толькі кепскае, жыве з надрывам. У дзевятнаццаць гадоў чалавек, аднак, не мае на гэта права. Зашмат ахвяр перад намі і дзеля нас. Праўда ў працы, паслядоўнасці.

“Калі б газету называлі ручніком, а ручнік газетай,” - шасцігадовая Тацянка.

2 красавіка

Сорамна глядзець людзям у вочы. Працякае скрозь пальцы надарэмна час. Хочацца збегчы ў музыку...

А. гаворыць: “Навошта табе забіваць галаву нямецкай, сербахарвацкай мовамі. Вось філасофія - справа сур’ёзная”. Е.Г., у сваю чаргу: “Ты засушыш сябе філасофіяй. Вучы нямецкую. Мала? Бярыся за французскую. Толькі не забівай сабе галаву Арыстоцелямі і Платонамі...”. Сыходзяцца ў адным: чытаць, чытаць.

10 красавіка

Жорж Санд. Аўрора Дзюдзеван. Запомнілася з нейкіх ранніх гадоў рамантычным раманам “Кансуэла”, а зараз - адкрыццём яе лёс праз Андрэ Маруа ў серыі “Жыццё выдатных людзей”. Кропкі судакранання: распуста і чысціня, праўдзівасць і ілжывасць, дабрыня і гнюснасць. Ці не зашмат для аднаго чалавека?!

“Вайна патрэбная, каб страсянуць чалавека. Колькі героеў адразу з’явілася...” - гавораць дзяўчаты. І далей: “А то сумна...” Жах. Ну вось, гэта вынік таго, што жывуць як набяжыць, не задумваючыся, што ад кожнага чакаецца, каб здзейсніўся найперш у сваім.

12 красавіка

Кепска. Нярвовая ўзбуджанасць знясільвае. Мне снілася Жорж Санд! Праца, праца. І немагчыма увесь час трымацца ў стане пад’ёму... Джардана Бруна. Я ўваходжу ў вялікае, а пасля адхіляюся, блукаю, каб зноў спрагнелай вярнуцца і прыпасці да крыніцы, прасякнуцца зместам яе. І чым далей, тым уладней прыцягвае мяне гэтая пакутна-цудоўная таемная крыніца...

Памёр Мікалай Ціханавіч Александроў. Ал­гебра, геаметрыя на беларускай мове з вуснаў афіцэра-франтавіка, не аднойчы параненага. Высокі, заўсёды падцягнуты. У дзесятым класе я хадзіла ва ўсе школьныя гурткі. У матэматычны таксама. Школа пусцее...

Што ўва мне, з кім я? Жыццё па-за Мінскам падаецца цацачным і выпадковым. Я там, дзе мае кнігі, тэатр.

Андрэ Маруа, “Жорж Санд”: “Вся жизнь на­правляется скрытой метафизикой. Философия Санд была простой. Мир сотворен добрым Гос­подом Богом. Сила любви, живущая в нас, дана нам им. Единственный грех, который не может быть прощен, - это намеренное умолчание и ложь в любви, тогда как любовь должна быть полным единением душ. Я не говорю, что Санд всегда жила по этим принципам, никто из нас не живет всегда по велению своих идей, но нужно судить людей по достигнутым высотам, а не по их падениям”.

15 красавіка

Суботнік у панядзелак. Камуністычны. Сорамна. Згрэбсці лісце, абкапаць пару дрэў. Вось і ўсё.

Можа, мне сапраўды не варта займацца філасофіяй? Але ж мазгі галодныя, патрабуюць харчу. Разумовая дыета, устрыманне невыносныя. І адначасова штосьці ў тых мазгах не спрацоўвае, нейкія вінцікі варочаюцца, што грувасткія мельнічныя жарнавы. Страсць да філасофіі, думкі. Без дэмакрытаў і арыстоцелеў унутраная бура зрывае раўнавагу і як цяжка вяртаць яе...

Люблю людзей. Не задумваючыся, магу кінуць сваё сэрца на ахвярнік, калі гэта зробіць усіх шчаслівымі. І адначасова, калі ў тралейбусе прападаюць перададзеныя талоны, чырванею, нібы ўсе думаюць, што гэта я іх прысвоіла. І нейкае пустазелле ўсё глыбей пускае ўнутр карэнне. Працаваць, каб плённа напружвалася кожная жылачка. Я зашмат энергіі марную на ўціхаміранне сябе ж. Тапчуся на адным месцы пад нізкай столлю. Не хапае паветра. Трэба ж кінуцца ў бурную плынь, каб не было магчымасці аглядацца назад, каб стыхія і супраць маёй волі несла ўперад... І як Зямля, перапоўненая няздзейсненымі чалавечымі лёсамі, не сыйшла яшчэ ад горычы з арбіты...

21 красавіка

У Мастацкім музеі выстава твораў з калекцыі Лежэ. Канаючы раб Мікельанджэла, Венера Мілоская. Такая даўніна, што перахоплівае дыханне - вестуны, сведчанні жыцця, поўнага супярэчнасцей, гарэння. Пакланенне, гонар, захапленне. Дзяцінства і спеласць чалавецтва працягваюць ру­ку ў сённяшні дзень. Хіба славалюбства рухала Праксіцелем, Фідыем? Не!!! Яны ўсведамлялі сябе людзьмі, адказнымі перад Вечнасцю за ўкладзены ў іх талент. І ты, чалавек сённяшні, прасякніся іхняй энергіяй, адчуй агульнасць памкненняў, мэтаў...

І. Бунін, аўтабіяграфічная “Жизнь Арсеньева“ - такі светлы чалавек. І трагедыя: Расія загінула. Незвычайны чалавек, але ці не залішне арыстакрат...

2 мая

Няўжо для таго, каб адчуць гонар за сваё вясковае паходжанне, трэба было пражыць амаль два гады на пятым паверсе?! Няхай вяскоўцы, здараецца, у дробязях бываюць занудлівымі, бурклівымі. Вось, выкарчоўваецца клён, каб вызваліць месца для пасеву. Прыгожы быў? Але месца займаў!.. Ды праз аддадзенасць, вернасць зямлі, выяўляецца галоўная жыццёвая надзейнасць, якой так часта бракуе гараджанам. Нездарма цёця Ніна хоча ў вёску, марыць пра свой домік з зямлёю.

7 мая

Зямля наструнёна чакала вышэйшага распараджэння. І вось яно аддрукавалася на ёй дажджавымі кроплямі - весткай аб чаканай залеве. Нібы па камандзе пырснула зелень, пяшчотным смарагдам заліла ваколіцы. Кожную вясну нехта мудры і бясконца добры творыць новую зямлю. На змену імгненнай вясне прыходзіць спякотнае лета, якое паглынае залаціста-багровая восень...

Зразумела, што веды развіваюць, прачышчаюць мазгі, абвастраюць разумовыя працэсы. Але ж ёсць у кожным чалавеку яшчэ штосьці важнейшае, большае, што якраз і робіць з яго Чалавека. Адчуваю. Думкі ўзнікаюць незалежна ад мяне. І я гэтаму руху, здаецца, часам толькі замінаю... Цяпер жа ад мяне патрабуецца адно: чытаць, вучыць.

10 мая

Такая імгненнямі густая, беспрасветная туга пасярод горычы, расчаравання, што нават крок зрабіць цяжка. Адкуль?!! Я не цынік. Умею радавацца кожнай зялёнай травінцы, жывой кроплі дажджу на шыбіне. Мне часам хапае адной усмешкі чалавечай, каб усё навокал заззяла. І боль, стогн знутры. Дзіця і старэча. Вынікам чаго гэты пакутны стан? Бесперапынны паядынак з сабой, але не з іншымі...

“Госпожа Бовари” Густава Флабэра. Проста і захапляльна - ад пачатку і да канца суперажыванне Эме, яе гору. Пераклад з французскай. А ў арыгінале? Якая магутная літаратура! Вялікая мара: чытаць па-французску і Флабэра, і Бальзака.

“Брацкая ГЭС” Яўгенія Еўтушэнкі - незвычайна адпавядае маім цяперашнім думкам. Банальныя словы, але паэма пульсіруе нашым часам.

Каб жа гэтым летам папрацаваць правадніцай! Даўняя мара аб падарожжах, новых даляглядах, маё дзіцячае захапленне гаспадынямі цягніка “Калуга - Баранавічы”...

19 мая

Вось так: крах маіх планаў! Іншая дзяўчынка будзе раздаваць разам з бялізнаю па рублю сны-казкі, рабіць утульным жыццё пасажыраў пад стук калёс. Штаб, рэзерв, паліклініка. Вакзал... Дні нібы ў тумане. Аднак жа з 15 ліпеня пастараюся ўладкавацца хоць пасудамыйкай у вагон-рэстаран - адзіная магчымасць патрапіць на чыгунку. Упакорваю сваю гардыню...

Цяжка чытаецца Бальзак. Быццам глыбы варочаеш, а не адарвацца ад катаржнай працы. O tempora, o mores! Якая бездань чалавечай слабасці, нізасці...

27 мая

Чакала, калі зацвіце бэз. Разгарнуўся дзівосным сваім фіялетам-водарам, а на душы па-ранейшаму кепска-кепска. “Дзяўчына, вы вельмі прыгожа ўсміхаецеся. Усміхайцеся часцей...”

Вера Міхайлаўна: настаўнік ў школе і ў вышэйшай навучальнай установе не адно і тое ж. Выкладчык павінен вучыць, а не пытацца. Студэнт самастойны. Адказнасць.

Захацелася прачытаць усяго Кузьму Чорнага.

1 чэрвеня

Развіталася з залікамі. У Мастацкім музеі Польская выстава. Сэлінджэр - пазнаю сябе. Свой почырк. Ёсць жа выхад і ў нібы безвыходнасці, пакуль чалавек жыве... Думкі, бы воблакі, якім нібы ўсё адно, дзе выліцца. Засумавала па маме.

Вяршыня душы чакае альпініста, каб пераможанай пераможцай побач па жыцці ісці...

Каб адчуваць сябе сапраўды шчаслівым, трэба быць запатрабаваным людзьмі, але не акцэнтавацца на гэтым свядома. Жыць клопатамі іншага чалавека як сваімі. Мы таму не баімся страты паветра, бо нам не адпускаюць яго порцыямі. Дыхаем, колькі лёгкім трэба, рушымся, усміхаемся і не дзякуем кожную хвілінку, што карыстаем яго. Так і добрыя справы: яны без цябе могуць абысціся, а ты без іх ніяк. Яны - паветра сэрца.

5 чэрвеня

Гатовая цэлымі днямі слухаць музыку. Рахманінаў, Берліоз. Дыханне то паскараецца, то запавольваецца. Музыка ахоплівае ўсю істоту. У незвычайнай цэласнасці ўпакорваюся духоўнай сіле гукаў. Ашаламляе моц у кволасці. Музыка як нейкае прароцтва. Штосьці ўва мне, невядомае ж мне, адзываецца на магутныя хвалі поклічу гукаў... Хачу на мора! Музыка і мора - саланаваты смак гукаў.

12 чэрвеня

Адведалі з Галяй Анну Дзянісаўну. Дарагая наша першая настаўніца, усё тыя ж добрыя вочы, клопат пра дзяцей-вучняў. Ужо ж мы дарослыя! Побач з добрымі людзьмі робішся сам лепшым.

Прагнуць усяго і насіць у сабе абыякавасць. Надыходзіць жа такі момант, калі сыходзяцца паралелі.

16 чэрвеня

Учора ўвечары выбралася ў аэрапорт. Каля Батанічнага саду ў тралейбус зайшоў мужчына. Дакладней, спачатку цудоўныя ружы - алыя, пяшчотныя як ранішняе неба, а пасля ён сам, хударлявы, у цёмных акулярах. Як жа кахаюць, мабыць, тую жанчыну, якой шчасце прыносяць вось так проста цэлаю ахапкаю!.. Ён жа нечакана падзяліўся: “Вось іду і не ведаю, ці прымуць...”

Выпіць малочны кактэйль, з’есці пірожнае ў буфеце аэрапорта, нібы і я перад дарогай. Доўга-доўга сядзець на лаўцы і ўглядацца ў поле аэрадрома. Цёмнае неба. Вялізныя птушкі “Ту” і “Аны”. Ліліпутамі шавеляцца каля іх людзі. Шум, рокат матораў, уздрыгвае зямля. Яшчэ адна сталёвая махіна апускаецца на ўзлётную паласу, падрульвае бліжэй. Выходзяць людзі. Відаць, яш­чэ ў палоне руху, хуткасці, вышыні. Шчаслівыя! Разгар лета, а ночы прахладныя. Захінаюся ў плашч. Паволі падымаюся па ўсходах. Колькі хвілін - і аэрапорт застаецца за спіной. Мінаю прыпынкі, іду па любімым начным горадзе, стамляюся да знемажэння і супакойваюся, каб на наступны дзень зноў распачаць змаганне з сабой. Туга, няпэўнасць. У снах то гавару па-сербахарвацку, узгадваючы натужліва словы, то караскаюся на стромкае дрэва. Ледзь не лячу ўніз, але неяк кошкаю чапляюся за ствол і ўсё пакуль што абыходзіцца...

20 чэрвеня

Амаль студэнтка трэцяга курса, і сесія, як ні дзіўна, на выдатна здадзена. Неспадзяванкаю, што трэба шукаць сабе новае месцажыхарства. Шкада. Не надта падрыхтаваная я да такога павароту. Ды Надзя выходзіць замуж. Удзячная бясконца Станіславу Пятровічу - літаральна, ён мяне выратаваў. Два гады, маё ўрастанне ў гарадскі лад жыцця. Ужо я пасталела, крыху магу за сябе пастаяць, але ж у інтэрнат нават пісаць заяву не буду, бо наўрад ці мне па сілах вытрымаць у адным пакоі з трыма ці пяццю асобамі. Тры месяцы, каб знайсці кватэру. Што ж, на новым месцы жыццё павінна пайсці таксама па-новаму. Мушу стаць самастойней. Тужліва аднак, што побыт у Шушкевічаў заканчваецца...

21 чэрвеня

Памёр маршал Жукаў. У цягніку былы франтавік, некалькі разоў паранены: “Толькі пачуюць, што Жукаў тут, а яго можа і няма, а настрой адразу падымаецца, ідзеш, крычыш...” Што тут яшчэ можна дадаць?..

22 чэрвеня

“Мёртвым не баліць” Васіля Быкава. Кожнай жылкай-нервам перажываеш вайну. Трагедыя, героі і здраднікі, нікчэмнасць, перамога чалавечнасці.

“Из прошлого“ Анастасіі Цвятаевай - у захапленні. І нахлынулі горычныя думкі пра ўласную недастатковасць. Колькі б я ні старалася, а недахоп выхавання ў раннія гады не кампенсаваць, не перакрыць... Гібрыд вёскі і горада.

25 чэрвеня

Клён, дубы, сонца глядзяцца ў жывое люстэрка. Ківаецца вышка, а з ёю і я, адлюстроўваючыся ў павольнай тут пцічанскай плыні. На Хлапчурскім ціха-ціха. Бліжэй да берага малькі б’юцца галоўкамі аб плёнку вадзянога люстра, а яно ўздрыгвае і разбягаецца маленечкімі кругамі. Глыбіня засмоктвае ў сябе. Быццам вялізныя гіпнатычныя вочы неадрыўна сочаць за кожным тваім рухам. І чым далей, тым адчувальней сіла гэтага містычнага позірку. Зрываюся з месца, сунуся ўздоўж берага да мастоў. Іх цяпер два. Латаны-пералатаны стары драўляны, на паламаных парэнчах якога хто толькі ні пакінуў сваіх аўтографаў. І новы - узняўся, выцягнуўся над сваім папярэднікам роўным жалезабятонным целам, якое яшчэ нейкі час мусіць пад сонцам і ветрам умацавацца, каб пераняць ужо тут назусім рух над Пціччу...

Не хачацца на дыялекталагічную практыку, але ж не абысці яе.

30 чэрвеня

Зарэчча Жлобінскага раёна. Нас пасялілі ў школе. Восьмы клас, кабінет біялогіі з чучаламі, муляжамі - такая разнастайнасць, створаная рукамі настаўніка і вучняў. Тут жа і сякера з каменнага веку, розныя неймаверна даўнія каменьчыкі.

4 ліпеня

Бабка Люба. У хаце распяцце, іконы. Проста жыць. Дзяжурства на кухні. Усё часцей заўважаю за сабой пытанне, звернутае да сябе ж: а што сказала б у пэўнай сітуацыі Вера Міхайлаўна? Не хапае культуры. І толькі праца, праца - адзінае выйсце.

9 ліпеня

Быў Жлобін. Цёплая летняя залева. Цягнік “Жыткавічы - Мінск”. Паўзмрок у вагоне. Утульна ехаць у дождж. Быццам нехта разам з табой не спіць, мурлыча калыханку, наклікае добрыя думкі. А сёння - першы працоўны дзень. Стажорскі рэйс. Куды? Нават страшнавата. Апранаюся і лячу. Шкада, што не пабачылася з Верай Міхайлаўнай. Паменш балбатаць, наіўнае дзіця! Чуеш! Глядзець. Глядзець і слухаць. Нібы перад скачком з вышкі на Хлапчурскім.

12 ліпеня

Азоўскае мора. Незразумелая сіла сціснула душу. Ад прыгажосці ў прамым сэнсе галава пайшла кругам. Каўказ, горы. Рэйс “Мінск - Кіславодск”. З якімі цудоўнымі маладымі людзьмі я пазнаёмілася! Студэнты Лейпцыгскага ўніверсітэта. І гаварылі мы ў асноўным па-нямецку! Як здорава: студэнт-філосаф Райнэр любіць Паўстоўскага. Кропкі судакранання. Шкада было развітвацца. Дзякуй мілай Ларысе Іосіфаўне! Дарагі наш дырэктар сама пайшла мыць посуд, а мяне адпусціла пасядзець з такімі ганаровымі гасцямі вагона-рэстарана.

16 ліпеня

Выйшла ў Пяцігорску, каб адведаць месца гібелі Міхаіла Лермантава. Гара Машук. І не магу прабачыць сабе, што не ўзяла з сабой кветак... Тужлівы дэман у парку. Музей Ярашэнкі. Нахадзілася па Кіславодскім парку. Няўжо гэта я, менавіта я, на такое хараство спазіраю, прасякаюся ім?!

21 ліпеня

Сапраўднае навучанне патрабуе зацішша, самоты. Каб запал, гарэнне падтрымліваліся самімі кнігамі, вялікімі думкамі ў іх. І чалавек, вольны ад дробязных клопатаў аб сваім целе, хутчэй імкнецца ўслед за духам. Падпарадкаваць сваё цела стваральнай ідэі, нейтралізаваць у сабе жывёльнае, разгарнуць плечы, адарвацца ад зямлі - гэта імператыў, неабходнасць, каб не згубіцца ў часе і пасля не стагнаць аб страчаных магчымасцях.

Заканчваецца мой дараганаўскі адпачынак паміж рэйсамі. Заўтра вяртаюся ў Мінск. Наперадзе чатыры падарожжы маршрутам “Мінск - Сімферопаль”.

31 ліпеня

Блукала па ціхіх вузкіх вулічках сонечнага Сімферопаля. У Мастацкім музеі. І нарэшце сустрэча з Чорным морам: дзіўнае пачуццё, калі першы раз трапляеш некуды, а быццам вяртаешся ў добра знаёмае месца... З Сімферопаля ў Алушту тралейбус так лёгка, радасна каціўся асфальтам сярод гор, кіпарысаў, цудоўнай крымскай прыроды. Восем гадзін суцэльнага шчасця. Пасля зноў завалы бруднага посуду, прабежка па ва­гонах: “Салодкае любяць добрыя людзі! Купляйце цукеркі!”. Цікавыя выпадковыя сустрэчы і знаёмствы. У адным купэ мілая жанчына чытала “Личность Достоевского“ Б. Бурсава - абавязкова знайсці гэту кнігу! І празмерная стомленасць, нават злосць, калі хочацца накрычацца, але ж вакол крычаць амаль усе, таму лепш усміхнуцца са сваёй слабасці, што суцішвае і некага побач. Вось і ружа Гены-повара, на прымірэнне. Здзіўленне і ўдзячнасць прылюдныя за тое, што змаўчала, калі ён выйшаў з сябе.

12 жніўня

Трэці дзень каля мамы. Адходзяць распухлыя, што сасіскі, пальцы пасудамыйкі, раніцай прачынаюся яшчэ з думкаю пра тое, што трэба ж бегчы ў свой пасудамыечны адсек... Здаецца, гэты месяц працы сярод людзей, у руху варты для сталення душы болей за паўгода ў бібліятэцы. Як новы свет нарадзіўся ўва мне! Крыўдзілася, радавалася, ныла, смяялася. Жыла адным жыццём са сваёй брыгадай. Не пісалася. Прыходзіла да людзей разносчыцай цукерак, кефіру, баршчоў, шашлыкоў. І заставалася сабой, усмешлівай дзяўчынаю, але была пасудамыйкай... Узнагародай - цікавая выпадковая размова або сачысты персік ад такога нібы зацятага нашага вартаўніка. За сумленнасць?.. Цяпер чытаць! І кліча Прыбалтыка. Будзе Рыга?!

Прымаю за аксіёму: важна не месца, намі займаемае, а накірунак, у якім рухаемся.

22 жніўня

Цудоўная Рыга - казка, сон. Ужо дзеля трох гадзін блукання па старадаўніх вулічках варта было сюды імкнуцца. Сярод цесна ссунутых дамоў аж кружыцца галава, замірае дыханне, калі ўглядаешся на смелых пеўнікаў у высокім блакіце... На бруку рыцар у цяжкіх даспехах. Зусім іншая, чым у Мінску, архітэктура. Адно ўзгадваецца Чырвоны касцёл Сымона і Алены пры Доме ўраду... Рыжскі замак, а побач Касцёл тужлівай Божай Маці - на ўваходзе свечкі, шматлюдна, арган, святар са святой вадою. І - музеі, музеі...

24 жніўня

Узмор’е. Рыжскі заліў. Вада выразна дыхае. Ласкавая, настойлівая хваля паліруе пясчаны бераг, які вабіць далей і далей, вядзе ўздоўж выцягнутых у неба сосен, падцягнутых акуратных домікаў...

Учарашні вечар з арганнай месай Баха - трымклівай птушкай у грудзях. У запоўненай густымі гукамі велічнай прасторы Домскага сабора ўздымаешся, падаеш, плывеш. Аказваешся дзесь на мяжы сваіх магчымасцей. Няўжо гэта толькі музыка?!

26 жніўня

Саласпілс. На месцы баракаў цвітуць ружы. Сем тысяч дзяцей адсюль у сваю вечнасць пайшлі. Ім і цяпер прыносяць цукеркі.. У нейкіх дваццаці кіламетрах ад Рыгі - лагер смерці. Колькі тут сярод знішчаных ста тысяч вязняў і беларусаў было... Сюды рвалася, каб пакланіцца болю, пакуце, але ж з пачуццём сваёй віны без віны не мела сіл, каб затрымацца даўжэй...

Хочацца ўжо дахаты і адначасова шкада развітвацца з незвычайнай Рыгай.

Душа перапоўнена летнімі ўражаннямі. Шлях у журналістыку - толькі праз самаўзрошчванне, працу і працу.

3 верасня

На новай кватэры, Магілёўская. У адным пакоі з бабуляй Верай, якая толькі спаць прыходзіць на свой ложак. На стале, на вакне мае кнігі. Да філфака паўгадзіны - праз вакзал, паўз стадыён

Дынама вуліцай Энгельса. Стала выразна болей заўважаць, чым нават месяц таму, як, напрыклад, дробныя ўпрыгожванні на будынках. Час на вучобу. Не хапае ведаў! Хаджу як галодная. Бялінскі, Паўстоўскі, deutsch. Чытаць, чытаць!

5 верасня

Зноў невытлумачальны ўнутраны боль. У нечалавечым напружанні нібы на кавалачкі расцягваюцца, расцінаюцца грудзі. Комплекс непаўнацэннасці ці яшчэ як вызначыць гэтую пакуту... Няёмкасць, разгубленасць. Спадзявалася, што няўпэўненасць прамінула, што разам з новай вопраткай прыйшлі плаўнасць, лёгкасць. Ды не! Зноў падаю, цягне ў нейкую глыбокую яміну. Толькі цяпер яшчэ мацней. Безвыходнасць, пагарда знутры да самой сябе. Цемра засмоктвае. Зрэдку выблісне сонечны прамень, падасца, што выратаваная, ура! Ды падман. Пасля святла яшчэ гусцей цемрадзь. Няўжо гэта на ўсё жыццё - бясконцае змаганне з сабой...

8 верасня

Так, мушу вучыцца, думаць, даводзіць да ладу сістэму пачуццяў і парываў. Ад уласнай бездапаможнасці робіцца страшна. Страх жа ў сваю чаргу паралізуе магчымасці. Болей адчуваю, гавару, чым раблю.

Сніцца начамі Рыга. Дзівосныя мясціны, падараваныя мне летам. Горы Каўказа ў імглістай дымцы. Грывастае мора няўрымслівай пяшчотай лашчыць цела. З залатога сонца - абрыкосы і дух- мяныя персікі...

14 верасня

Аднесла матэрыял у “Знамя юности”. С. Ваганаву спадабаўся!

Якое цудоўнае жыццё! Вера ў самую сапраўдную прышласць. Здорава адчуваць сваю маладосць, сілу. Любіць. Задыхацца ад неабсяжнасці свету. Гарэць прагаю ведаў. Хочацца зацалаваць усю планету па імені Зямля. Вымыць яе. І рвецца з грудзей: Вітаю цябе, Сусвет! У гэты вечар незвычайнае сваяцтва з прамінулым і цяперашнім. Няма маіх болек, тугі. Ёсць глыбокая радасць. Адзінай плынню ўсе ручайкі ў душы. Шчасце? Гэта болей, чым шчасце. Гэтаму няма вызначэння.

15 верасня

У Рускім драматычным тэатры - “Двое на арэлях” Гібсана. У жыцці я перастала плакаць, затое румзаю ў кіно, тэатры...

Трэба, каб жыць азначала - рабіць дабро людзям. Толькі гэтым можа быць апраўдана радасць існавання пад сінім васільковым небам. Калі дорыш, набываеш сам непараўнальна болей, чым атрымлівае другі. Калі б кожнаму хацелася несці паўсюль радасць, якім бы шчаслівым было ўсіхняе жыццё. Людзі, дарагія, будзьце ўзаемна дабрэйшымі...

Прынеслі тэлеграму ад Наталлі Пятроўны - заўтра прыязджае. Ура!

19 верасня

Адчуваю сябе бездапаможнай дзяўчынкай. Хочацца, каб хтосьці добры і моцны ўзяў на рукі, прытуліў да грудзей і адтаяла б мая заледзянелая няўпэўненасць ў сабе, нерашучасць, сарамлівасць, ад якіх няскладнымі робяцца рухі, ненатуральнаю ўсмешка, камянее думка. Ды, на жаль, той добры і моцны збіўся са шляху. Ходзіць дзесьці па крузе і не дайсці яму да мяне, не сагрэць. Спраўляйся сама, дзяўчынка. Нясі ярмо добраахвотнай самоты. Я - чужая людзям, застаюся чужой, так прагнучы дабра ўсім. Пачуццё, быццам ведаю штосьці вельмі важнае для ўсіх і не магу выказаць словамі, наз- ваць... Працаваць. Працягваць вопыты над сабою...


З ЗАПІСАЎ АСПІРАНТКІ


1979

11 мая

Нарэшце выбралася ў Акадэмічную бібліятэку. Пасля двухгадовага перапынку разгубілася, зніякавела перад кніжнымі паліцамі ў філалагічнай зале на пятым паверсе. І дыхнула студэнствам, здалося, што вось-вось увойдзе ажыўленая, прыгожая Данка... Колькі ж мне трэба асвоіць, каб патрапіць у аспірантуру акадэмічнага Інстытута літаратуры! Рука адразу пацягнулася да “Здалёк і зблізку. Беларуская проза на літаратурнай планеце” Алеся Адамовіча. Зачыталася, у захапленні! Вось бы мне каго ў навуковыя кіраўнікі...

Загрузка...