Цвяроза-заклапочаны нават тут, Ямніцкі спрабаваў перавесці застолле ў дыскутыйнае рэчышча: „А майму падсуднаму варта было пару год скасціць. Гэта не злачынства, гэта махлярства”. — „Падайце апеляцыю”. — „Ужо напісаў. Паеду ў Вярхоўны”. — „Ваша воля”, — Краявец карцінна схіляў галаву: „Трэба ж i гаспадыні явіць свае непрацэсуальныя таленты”. Кулдыркаеў — Дана не ведала, хто ён, заўсёды сядзеў моўчкі i толькі граў на акардэоне — Данчыным.

Нязбытную „Цыганачку” Вольга Станіславаўна не саступала нікому. У чорнай шаўковай сукенцы, у аксамітавай камізэльцы з блыскаткамі, з амерыканскіх дарункаў — яна доўга шла павольна, толькі паводзячы плячыма, потым пачынала адбіваць рытм абцасамі, i ўрэшце толькі віхурна мільгацела спадніца, i здавалася, танчылі нават каралі на камізэлі. I толькі матчын твар быў нерухомы, засяроджаны, як таго вымагала класічная традыцыя цыганоў.

Калі пачыналася „мастацкая частка”, клікалі i Дану. Яна павінна была граць на акардэоне i спяваць ці танчыць.

Праўда, чытаць вершы, i такія, якіх яна не ведала, аматараў была процьма. Чыталі Блока, Міцкевіча, Тувіма, Ясеніна, Надсана... А на акардэоне граў толькі Кулдыркаеў — але ён быў госць рэдкі. Данчына ж умельства граць на акардэоне было вельмі адносным. Маці наняла музыкантшу — тая, пабачыўшы, што ў дзяўчынкі ёсць слых i неблагая зрокавая памяць, хуценька навучыла яе вальсам, танга, a дзеля атракцыі яны засвоілі яшчэ i „Гумарэску” Дворжака. Там былі патрэбныя жвавыя пальцы, i неспрацавапыя рукі Даны скакалі па клавіятуры, беручы неймаверныя акорды — да вялікага захаплення гасцей. Дана ж даўно адчувала ва ўсім гэтым нейкі падман, але з чаго ж i як вучаць музыцы — не ведала. Маці неяк сама высветліла, што Дана не мае ўяўлення пра ноты, спытала пра „методу” — i абурылася страшна. Аднак Лідзія Сямёнаўна, пабраўшы «колейны шлюб”, з'ехала тым часам у невядомым напрамку. Выходзіць замуж — было яе галоўным заняткам, сэнсам жыцця, хобі, a між іншым, дзеля рызыкі i грошай, яна давала ўрокі музыкi: на фартэпіана i акардэоне.

„Навука” тая адбылася недзе ў трэцім-чацвёртым класе, але ж прывідны плён музіцыравання доўга цешыў наведвальнікаў хаты Азарэвічаў. Каронпым нумарам Данчыных спеваў была песенька ці не з гарадскога фальклору, што сталася ў 50-я гады ў выкапанні Розы Багланавай шлягерам — „Самара-гарадок”. Дана сумленна падраблялася над спявачку, пасмейвалася над гераіняй песенькі i ўключыла, так бы мовіць, у рэпертуар яшчэ гарэзліва-іранічны раманс „Душачка”. Сам-пасам Дана захлыналася i арыяй Разіны, i душазначнымі рамансамі „Цёмна-вішнёвы шаль” i „Веснічкі”. І збірала патроху па для „Болеро” Равэля”: з кіно, з малюнкаў у кніжках, дзе ў прыгожых позах застылі тарэра i пікадоры, гранды i пеоны, ідальга i вакерас. Яна заліхвацкі блытала на караколес, сапатэо, оле, усе танцы Іспаніі i розных куткоў амерыканскай Лаціны, дадаючы туды i нешта ад маўрытанскай самбры i нават італьянскай карманьолы. Тады яна гэтага не ведала. Але Іспанія таямніча высверквала з ілюстрацый да Сервантэса, са старонак Мерымэ, ледзь не кожны дзень нагадвала пра сябе знакамітай сегідыльяй Бізэ. Пазней Іспанія казытала ўяўленне рэпрадукцыямі i альбомамі Гоі i Сальвадора Далі, фіестамі i карыдамі на старонках Хемінгуэя. А потым магутна плынула кніжнай лавінай: Гарсіа Лорка, Рафаэль Альберці, Мігель дэ Унамуна, Рамон дэль Валье-Інклан, Піа Бароха... I ix моўнымі калегамі з-за акіяна: Алеха Карпенцьер, Гарсія Маркес...

А свае інтуітыўныя харэаграфічныя практыкаванні ўжо ў сталым узросце Дана згадвала, калі глядзела Антоніа Гадэса i Крысціну Оес — ix танец пераўзышоў усе самыя вялікія яе ўяўленні. А тады... на яе незабыўнае ўражанне зрабіла крэолка з фантастычным найменнем — Ісідара Каварубіа дэ Лос-Ланос. Сюжэт Майн-Рыда не вымагаў да крэолкі асаблівых сімпатый, павінны былі падабацца Морыс Джэральд i Луіза Пойндэкстэр, але на памяць запала гэтая красуня. I вярэдзілі ўяўленне таямнічыя, ваблівыя назвы: савана, серапэ, гасіенда, прэрыя, пампасы... Іспанізіравана-энглізаваная, з індзейскім каларытам гэтая мясцовасць — Тэхас — ва ўяўленні Даны чамусьці супадала з настойлівым наступам гукаў Равэля.

„Балеро” Дана танчыла з задавальненнем. Публіка не шкадавала апладысментаў. Дана — нават тады — разумела ім цану. Ну, хіба можна не захапляцца талентамі гаспадарскай дачкі? Тым больш што добраму настрою спрыялі смажаныя качкі i пульхныя пірагі, i мноства розных прысмакаў, i іскрыстыя хатнія наліўкі. Крамы ў гарадах не ламіліся ад харчу. I гэты кірмашова-хатні пяропых, выключна раённага, местачковага кшталту, пасля пасяджэнняў па дванаццаць гадзін запар — хіба ж ён не схіляў да авацый. Да таго ж Дане пасавалі вузкія, упрыцён, чорныя нагавіцы з высокім пасам, са старых дзедавых, белая матчына блуза i тая ж самая аксамітавая камізэля з блыскаткамі. Гэта было падобна на гульню — нават на тэатр.

Тут, у пакоі, маці таксама была вясёлая, бадзёрая, ззяла ўсмешкай, гасціннасцю, любасцю. Ажно Дана ведала i той бок гасціннасці, па-за заслонай. Ніна касавурылася i кволілася, як толькі падаваўся знак пра гасцей, i маці смажыла, мясіла, выпякала, упрыгожвала, раскладвала — тут Ніна i сапраўды не мела ад матухны-прыроды i намёку на густ. A маці стамлялася, злавалася, шыкала на ўсіх — i Дана ненавідзела тых качак i тыя пірагі.

Святы — зусім іншае. Усё рабілася загадзя, спакойна, спакваля, спраўна, не за адну ноч. Аднак маці, мабыць, усё ж любіла быць гасціннай. Любіла гэтыя нячастыя сходкі, зборні, гаворкі. Проста хацела зрабіць добрае людзям. I калі частавала іx, i калі запрашала, каб жонка нейкага адваката, быўшы бухгалтарам-рэвізорам, пад час сваіх камандзіровак жыла ў ix. Шаблінская, як i Кацявец, вучылася колісь у гімназіі, латынь i французскую яна, праўда, не ўжывала, але прывозіла здымкі, дзе яна была зусім не падобная на сённяшнюю паважную кабету. У гімназічнай форме, у прыгожым капелюшы, у старадаўнім жакеце i з муфтай.

Адноечы да ix прыязджала i матчына сяброўка, пагроза вобласці, палкоўнік юстыцыі, пракурор Антаніна Фёдараўна Сталыпіна.

Выпадак быў не з пракурорскай кампетэнцыі i не з яе, так бы мовіць, практыкі. Антаніна Фёдараўна прыехала прыватным парадкам. Данчынай маці зрабілі прапанову ўзяць шлюб. Ці не з лёгкай рукі некага з яе калег, здаецца. Прэтэндэнтам на шлюб быў не хто-небудзь, a оперны спявак з Вільні. Бачыў i чуў яе пад час працэсаў у Гародні: можа, тэатр быў там на гастролях, можа, акцёр трапіў па нейкай іншай нагодзе. Але так ці інакш — чуў, бачыў, шукаў. Знайшоў. Маці была настроена рашуча: „Мысліцца, яму патрэбна ахмістрыня i кухарка”. Антаніна Фёдараўна — з высока плоенымі валасамі, з паставай патомнай уладарыні, высокая, паважная, у доўгім блішчастым крэпсацінавым капоце — сядзела за сталом, як на троне, кубак кавы трымала ў руках, што сасуд капланкі. Словы нібыта падалі ў той кубачак i раствараліся там — не, звякалі i асядалі на донцы. „Зра-зумей, мая ка-ха-ная, ка-лі на а-кен-цы ня-ма фі-ран-кі, дык лепш га-зет-кай пры-крыць. А тут са-а-лідны чала-век. Ну, нават калі аманткі там, кветкі, што табе? Ты ж не паміраеш ад вялікай любві. Кватэра ў цэнтры Вільні, дача (па тых часах немаведама якая раскоша). Будзеш жонкай не нейкага клерка ці настаўніка, a саліста тэатра. Такі шлюб, нават скасаваны, надае вагі жанчыне. А тым больш адвакатэсе. Уяўляеш, як кліенты будуць ляцець?”

Але маці газеткі, нават сталічнай, на вокны не хацела. Яна любіла шторы з добрай тканіны. I яшчэ занавесы з цюлю. Кастэля дык кастэля. А не — дык лепш акенцы зачыніць i нікога не пушчаць.

Дана тым часам нічога не мела супраць таго, каб маці, як меліся гаварыць дарослыя, „уладкавала жыццё”. У Даны парады не пыталіся, i яна ўшчымілася ca сваім маналогам-дазволам сама. Яна — не супраць, будзе трымаць нейтралітэт. Бацькам нікога называць не збіраецца, але ж чыніць перашкод не стане.

Пазалетась у маці быў яшчэ адзін сур'ёзны прэтэндэнт. Матчыны калегі ведалі пра „зайздросную партыю” i тым часам папікалі Вольгу Станіславаўну: „Ну, чаго ж...” Маці рабілася яшчэ больш сур'ёзнай, як звычайна, падымала правае брыво i з выглядам пакрыўджанай дабрачыннасці адпрэчвала: „У мянс ёсць дачка. Я жыву дзеля яе”. Часам тое гаварылася i ў прысутнасці Даны, i ёй было няёмка. Чулася нешта тэатральнае, астэтанцыйнае ў словах маці. Як i ў тым, што Вольга Станіславаўна любіла летам пад час адпачынку ці проста выхадным днём, апрануўшы Дану ў блакітную матроску i капялюш з блакітнай стужкай — выкапаная класічная дзяўчына з „добрай сям'і”, — выпраўляцца ў парк на шпацыр.

Дана любіла маці, але не любіла гэтую абавязковую, падкрэслена перыядычную акцыю. Горад меў тры месцы, дзе збіраліся ўсе: круглым годам — кірмаш, зімою i вяснова-восеньскай слотам — кіно ў РДК, а пазней у кінатэатры, летам — замак i парк. Гулялі, дарэчы, не па замчышчы, a ішлі ў парк той гарою, дзе быў пагорак Паэта, танцпляцоўка i пахілы доўгі спуск у парк. Нехта ішоў у парк каля школы, нехта кіраваўся паўз касцёл, як яны.

Пазней Дана зразумела маці. Так, Вольга Станіславаўна дэманстравала сваю сямейнасць, сваю незалежнасць, сваю абароненасць, сваю жаночую строгасць. Так, яна адна. Але ў яе ёсць праца, любімая, ёсць дачка, любімая, яны маюць што апрануць, ім не грэх выйсці на людзі. Пасля працы, пасля сумленных турбот. І гэта Дана была яе заслонай, яе фіранкай. Не, жалезнай занавесай кастэлі: накшталт тых, што апускаліся i падымаліся ў замках перад мастом цераз роў. Да таго ж пакрыёма гэтыя шпацыры аднаўлялі нешта з мінулага Азарэвічаў. І, дарэчы, калі быў дзед, праменады мелі нейкі іншы сэнс. Дзед не падкрэсліваў нічога. Апранаўся ён проста, але не падобна да іншых: грубай вязкі камізэля з пасам i кішэнямі або шарачковая куртка i выцвілая шапка з доўгім казырком — канфедэратка, як тлумачыў Дане дзед. Маці нешта цёмна паглядала на тую шапку i купляла дзеду капелюшы — велюравыя, саламяныя, i розныя фуражкі-кепачкі. Дзед дзякаваў i складваў усе тыя ўборы ў шафу. I насоўваў на лоб выцвілую канфедэратку. Сустракаючыся са знаёмымі, ён цырымонна здалёк падымаў шапку. Урэшце мясцовы майстар-кравец Бузук аднавіў дзедавы гардэроб — аднак выключна ў тым жа выглядзе, як таго схацеў дзед.


Справядлівасць мараў i несправядлівасць рэчаіснасці

Здаецца, неўразуменні паміж дзедам i маці адбываліся не толькі з-за канфедэраткі. „Я не хачу нічога хаваць, — даводзіў дзед. — Я не злодзей. Я вярнуўся да сябе на радзіму”. Маці садзілася на канапу, запальвала папяросу „Казбек” — іншых не ўжывала, — i выгляд у яе рабіўся такі, нібыта ўсе бядоты свету абрынуліся на яе. „Зразумей, тата, пачнуць высвятляць, што, калі, як. Мне абавязкова з гэтай нагоды нагадаюць не толькі пра мужа, які згінуў пад час вайны немаведама дзе. Але i паходжанне. I сасланага бацьку. I... А ў Даны наперадзе жыццё”. Аргумент быў неабвержны. Дзед схадзіў з хаты — гуляць у шахматы. Калі Дана перайшла ў трэці клас, ён з'ехаў да стрыечнага брата. Той жыў адзін i быў ужо зусім нямоглы: паміраў ад раку. Пахаваўшы брата, дзед прыехаў, але праз год выправіўся да малодшага сына. Да магілы жонкі. У Сібір...

Перад тым ён павёз Дану ў Вільню. Гара Гедэміна, Вострая Брама, касцёл Святой Анны, сабор Пятра i Паўла на Антокалі... Касцёл, у якім ён браў шлюб са сваёй Марыяй. Не расказваў, больш хадзіў моўчкі, згадваючы нешта сваё. Толькі часам пpaмаўляў слова: „Што б табе ні згадвалі, ведай: самая мудрая кніга — Біблія. Чытай яе...” Дзед скрушна ўздыхаў — у тым страчаным у Гомелі куфры была i Біблія, i яшчэ патрэбныя кнігі, якіх сёння не знойдзеш. „Зараз табе б самы час пачынаць чытаць. Сёння ты, можа, i не зразумееш мяне. Прыйдзе час — зразумееш. Хачу верыць, зразумееш. Вось вы ў школе вучыце Багдановіча. А ты запомні такі ягоны верш: „Пагоня”.

Усё лятуць i лятуць тыя коні,


Срэбнай збруяй далёка грымяць...


Старадаўняй Літоўскай Пагоні


Не разбіць, не спыніць, не стрымаць.

А яшчэ памятай — калі Міцкевіч піша: „Litwo! Ojczyzno moja”, — ён гаворыць пра наш край, пра Беларусь. Мы — ліцвіны. Ты не забывайся пра гэта, што б там ні прапісалі ў пашпарце.

Чар Вільні застаўся на ўсё жыццё, хаця больш ніколі не давялося пабыць там хаця б некалькі дзён. Была ў Таліне, гадоў з дзесяць кожнага года ездзіла ў Юрмалу i адтуль наладжвала доўгія шпацыры на самоце ў Рыгу, a ў Вільні была заўсёды ад цягніка да цягніка. Дзень. Не было дзе прыпыніцца, не было да каго звярнуцца, а потым Вільня i ўвогуле сталася замежжам, ці то блізкім, ці то далёкім, але недасяжным. I заўсёды — з адзнакай таго даўняга ўражання, пад якое падпадаеш толькі ў маленстве.

А перад тым, як з'ехаць з ix горада, дзед пайшоў з Данай на замак, раскапаў ямінку, узяў у капшучок жменю зямлі i доўга стаяў каля бакавой вежы. Ціха i нібыта паміж іншым кінуў Дане: „Ніколі не з'язджай адсюль”. Потым Дана раздумвала, што меў на ўвазе дзед — з ix горада ці з Беларусі? I што было ў яго на душы... Кім ён быў, яе дзед? Няўдаліцай? Чалавекам, у якога ўсё субліміравалася ў сумленне? Ахвярай рэфлексій? Энтузіястам? Героем? I ў якіх стасунках ён быў з гісторыяй? Дане хацелася неяк абмінуць гэтую жорсткую i несправядлівую пані. Яна заўсёды пазбягала так званых грамадскіх подмасцяў, крыху выйшаўшы з піянерскага ўзросту. Партыі — доўга была адна, як адзінае апірышча, увасабленне адной ідэі, i партый — калі ix раптам стала такое мноства, што нава і запомніць ix было немагчыма. Пазбягала з'ездаў, сімпозіумаў, канферэнцый, нарад. I гэтаксама не любіла прыватнае, непрыбранае жыццё гарадскіх мікрараёнаў, гэтых сімбіёзаў вёскі, лагера i інтэрната. Некалі з жахам глядзела на расхрыстанае жыццё італьянскага поўдня ў неарэалістаў: гвалт, бялізна вісіць паміж дамамі, нейкае жыццё — нібыта ў шкляным посудзе. A потым гэты вар'яцкі modus vivendi вісеў у яе над галавой, лез у вочы, раздзіраў немым галасам магнітафонаў вушы, запаўзаў ва ўсе куткі свядомасці, церушыў смеццем галёкання розум, парушаў дысцыпліну адчуванняў.

Дане падабалася адстароненая халаднаватасць i знешняя ўпарадкаванасць Балтыі, магчымасць быць незалежнай i ад мітусні перанаселеных, як вуллі, дамоў-карабкоў, i ад гісторыі з яе салодкімі клішэ афіцыйных уяўленняў, забаронамі-вердыктамі i крывавымі разорамі. I Дане заўсёды хацелася ўцячы ў тое імгненне, паводле Андрэя Балконскага пад Аўстэрліцам, адчуць сваю повязь з небам i аблокамі i лічыць, што гісторыя — грымзлівая настаўніца, святло ісціны, жывая памяць — i што там яшчэ пра яе гаварыў вялікі прамоўца? Дык што вось гэтая шматаблічная i старая-старая пані ціхамірна спачывае пад кустом бэзу ці пад якой немудрагелістай стакроткай. Нават пад той момант, калі можна было, утульна ўладкаваўшыся ў крэсле, глядзець, як гісторыя проста шыбуе да цябе: праз экран тэлебачання відаць, як падпісваюцца пагадненні, ратыфікуюцца дамовы, узнікаюць i знікаюць дзяржавы, як недзе адбываецца землятрус, усё заліла паводка, як забіваюць людзей i нішчаць будаванае чалавекам, яна не адчула гарманічнай сувязі з дзействамі той няўтомнай ткаллі Кліо. Плыня часу віравала сама па сабе, яна ішла сваімі сцежкамі, старымі i непрыкметнымі, дзе часам з'яўляюцца здані выйшаўшага з моды рамантызму, А рэальнасць выдае сваю прывіднасць i мройлівасць.

У дзеда, мабыць, адносіны з гэтымі пані былі яшчэ больш складанымі. Ён усё спрабаваў у тую вузельню ca стагоддзяў i тысячагоддзяў уплесці i нейкую сваю нітачку ці пакінуць літару (ці кропачку?) у вавілоне тамоў. Аднак аналы тыя былі раўнадушныя да статыстаў. Што для гісторыі чалавечая адзінка? Яна пераходзіць у індывідуум толькі на ўзроўні „вяршыцеляў лёсу”.

А як паглядаў на статыста Анёл у ценю сваіх крылаў? Падобна, яму не вельмі падабалася, што дзед ад'язджае з радзімы. У кожным выпадку быць пахаваным побач са сваёй Марыяй дзеду не выпала...

Тады Дана яшчэ не ведала безвыходнага значэння слова „назаўсёды”. Ды i слова тое не вымаўлялася. „Да сустрэчы”, — пагладзіў па галаве Дану дзед. Мелася на ўвазе, што яны з маці будуць прыязджаць да яго.

Усё ж — чаму з'ехаў дзед? Не пабачыў той зямлі, да якой імкнуў? Не знайшоў на ix котлішчы нават цагліны? Ад фальварка не засталося i знаку. Не хацеў хаваць свайго мінулага? Не паразумеўся з дачкой? Маці ўгаворвала яго. „Дана расце. Бацькі няма. Ёй сама вучыцца. Вучыць мовы. Ды i мяне амаль што не бывае”. Дзед, нават не пацвельваючыся, сцішана даводзіў: „A ці на карысць будуць тыя веды? Ды калі захоча — „для разумнага веды лёгкія”. А так спытаюць — адкуль? Навошта? Супакойся, дачка. „Валадар неба i зямлі дасць табе радасць замест смутку твайго. Супакойся...”

Дзед, верагодна, мудра здагадваўся, што яны могуць i не пабачыцца больш. Маці пачала хварэць. Дзед набіраў гады. Паміж імі было дзесяць тысяч кіламетраў.

Паехала Вольга Станіславаўна ўжо толькі пакласці кветкі каля крыжа...

Адышоў дзед у восемдзесят шэсць гадоў, пахаваўшы сваю Марыю ў сорак i так i векаваўшы адзін увесь век.

Тады, у ix горадзе, дзед — у сваёй неадменнай канфедэратцы — памахаў Дане з „кукушкі”, так зваўся цягнічок на ix вузкакалейцы. Маці праводзіла яго да Баранавічаў...

Мабыць, ад дзеда — Дане лёгка даваліся мовы. Але веды старога Азарэвіча адышліся разам з ім — ніхто з нашчадкаў не пераняў ix: іронія лесу, іронія часу. Калі Дана пачула неяк, што вядомы акцёр у дзяцінстве страшэнна злаваўся на бабку, як тая клікала яго па-французску, яна згадала свайго дзеда, i маці, i сябе.

На тую пару ўжо i маці знайшла апошні прытулак на сталічных могілках.

I праводзілі яе землякі i суседзі. I калегі. Прыехаў суддзя Жыткевіч, з Гародні, праз дваццаць год пасля сумеснай працы ў ix горадзе. На тую пару ён займаў колішнюю Кацяўцову пасаду — быў старшынёй абласнога суда. Прыехалі суддзі, натарыус, справаводы, сакратаркі... Суседзі... Была нейкая нітка ў хаосе жыцця, што не давала гэтым людзям забыць адзін аднаго. Гульні i трагічныя каверзы часу ўспрымаліся імі як нешта абавязковае, жудасна лагічнае, тое, чаго нельга пазбегнуць, i трэба падпарадкоўвацца нейкім вызначаным законам. Сацыяльным? Усясветным? Лакальна вызначаным? Пражытае i непражытае для ix яшчэ мае сваю сувязь, якую нельга парушыць. I ўмоўнасці побыту i звычаяў падпарадкоўваюць ix сабе. Яны не рушылі той „свет насілля”, яны жылі за ладам, што праіснаваў 74 гады, прымалі гістарычныя i сацыяльныя рэаліі як устойліва існуючыя, дзяржаву як уладаванне, у якім трэба весці сваю лінію жыцця, адпаведна з прынятымі законамі: юстыцыі, этыкі, маралі.

У якіх адносінах яны былі з тымі старонкамі гісторыі, калі людзі ix прафесіі наўрад ці маглі быць убаку — гэтага Дана не ведала i не даведаецца ніколі. Адно было пэўна зазначана ў біяграфіі маці. Пад час вайны яе выклікалі ў НКУС: людзей не хапала. I яна згадзілася ісці ў ваенізаваную пажарную ахову — відаць, гульні з агнём былі самымі бяскрыўднымі. Потым яна наказвала Дане абавязкова ў біяграфіі пазначаць гэтую яе службу, хаця жарты з агнём працягваліся нядоўга: Вольгу Станіславаўну выправілі ў дзіцячы дом, дзе былі „цяжкія” падлеткі пасля ўцёкаў на фронт. Маці мела, акрамя юрыдычнага факультэта, яшчэ i педтэхнікум. Дана памятала з тых часоў пасёлак з пазабіванымі вокнамі — замарожаны аб'ект. Ночы на адзіноце, з сабакам, i маці ў галіфэ i фрэнчы. А з дзіцячага дома помніліся — пад'ём a шостай гадзіне, ссунутыя сталы, на якія маці клала яе дасыпаць. I яшчэ — перавернутую мэблю дзіцячага дома i маці ў нейкім кажуху: гулялі ў вайну. Пасля НКУСа Вольга Станіславаўна гатовая была хутчэй за ўсё i на месячык на возе ехаць.


Постскрыптум дабрачыннасцяў

„Усё для фронту, усё для перамогі”, — гэты лозунг маці ўспрымала літаральна. Яна здала ўсе клейноты у „фонд абароны”. I здавала кроў. Група крыві ў яе была першая — вельмі зручная для прамога пералівання. I тры разы з маці выкачвалі столькі, колькі было трэба. Донар-патрыёт — пісалі ў мясцовых газетах. Газеты „з'ехалі” ў тым жа знакамітым куфры.

Як высветлілася, дзейнасць донара-патрыёта мела досьщь сумныя вынікі. Дванаццацігадзінны працоўны дзень таксама зусім не спрыяў здароўю, a камандзіроўкі — тым больш. Адноечы раніцай Вольга Станіславаўна не ўстала. I гэта была не якая-небудзь ангіна — Дана з ix не „вылазіла”, як відавочна грэбліва пазначала Ніна. У маці накрыж адняліся рука i нага. Доктар Гордзін дыягназ паставіў адразу — гіпертанічны крыз. I дамовіўся з нейкім сваім знаёмым у Менску пра кансультацыю. А мясцовая ўлада нават адшкадавала стары, зацёўханы „опель” з шафёрам на падарожжа.

„Опель” глохнуў на самых рызыкоўных скрыжаваннях, шафёр злаваўся, маці нервавалася, медсястра, што суправаджала ix, захоўвала выгляд індыйскага Буды, а Дана нават не глядзела па баках, хаця ў Менску была ўпершыню. Запомніла з таго разу больш назвы: Другая клініка, неўралагічнае аддзяленне, Ніжні базар — незразумела чаму, бо ніякага базару не было. Лысаватыя горкі з нейкімі кволымі дрэўцамі каля Опернага тэатра i каля Свіслачы — яны выраслі разам з ёю i сталі пазней, калі Дана атабарылася ў сталіцы, яе любімымі паркамі.

Маці хварэла ўвесь красавік, травень, чэрвень — i толькі недзе ў ліпені стала, пакульгваючы, збірацца на працу. А тут Анёл у ценю сваіх крылаў згадаў пра ix i, мабыць, з ласкі сваёй міласць сваю аказаў. Маці выйграла грошы па аблігацыі. Hi тады, ні пазней Дана не ведала колькі. Яна ўвогуле неяк адстаронена ставілася да грашовых зпакаў. Але вандроўку ў Менск, вось гэтую, мела ў памяці доўга.

Маці вырашыла павезці яе i Ніну ў Менск. I зняла там апартаменты — інакш i не скажаш — нумар-люкс у атэлі „Беларусь”. Тры пакоі i дзве спальні-нішы. Сіні аксаміт мэблі i штораў. А на вокнах яшчэ крэмавыя шаўковыя са зборамі фіранкі. Калі Дана чатала Булгакава, дык згадвала вось такія крэмавыя шторы. У зале быў нават раяль.

Маці набыла білеты ў оперны. I яны глядзелі балет. Музыка Залатарова — ішоў ягоны балет „Князь-возера” — уражання не зрабіла, але сам спектакль, танец, атмасфера тэатра, нейкая ўрачыстасць, храмавая узвышанасць надоўга былі з ёю. І як Вільня згадвалася саборамі, нейкім архітэктурна-ландшафтавым дзівам, так Менск меў свае асацыяцыі — з оперным тэатрам, люксам з сінім аксамітам i Другой клінікай. Пакуль не прыйшоў універсітэт...

Анёл у ценю сваіх крылаў, безумоўна, вырашыў узнагародзіць Дану тым летам. На дзень нараджэння маці прэзэнтавала цэлую гару кніг: чатырохтомнік Лермантава ў блакітнай вокладцы, „Новую зямлю” з прыгожымі малюнкамі, маленечкія кніжачкі Багдановіча i Купалы. I „Дыпламат” Джэймса Олдрыджа. I яшчэ — „Віцязь у тыгровай шкуры”. Напачатку Дана захапілася „Віцязем...” Потым, высвятляючы, чаму кніга зрабіла такое ўражанне, шукала перакладчыка: ён не быў пазначаны. I толькі праз доўгі час, ужо ў іншым, дарослым жыцці, даведалася, што гэта быў класічны пераклад Забалоцкага, забароненага на тую пару.

Чытала Дана ўзахліп Лермантава — яго постаць уяўлялася трагічна-таямнічай, прывабнай. Сваіх, беларусаў, яна адкрыла для себя значна пазней — не было дзеда? Не дарасла? Занадта яшчэ ліхаманілі яе ў дванаццаць год іншыя аповеды.

У тое ж лета Дана адкрыла для сябе, на яе погляд, цэлы скарб — праз некалькі дамоў ад ix зняла жытло жанчына, што рабіла ў гарадской бібліятэцы. Дана, як усе „запойшчыкі” — з ix i суседняй школы, брала кнігі ў школьнай, раённай i гарадской бібліятэках.

A ў бібліятэкаркі былі зборы твораў Стывенсана, Вальтэра Скота, Жуль Верна, Майн Рыда, Фенімора Купера, Дзюма-бацькі — спакуса падлеткаў. Але з парады той жа бібліяфілкі Дана ўпершыню прачытала Шэкспіра i Ралана, Стэндаля i Філдзінга, Голсуорсі i Растана, Шоў i Уайльда.

Гэты свет, размаіты i яркі, быў куды як больш цікавы, чымся ў тых кніжках, што стосам ляжалі на століках у бібліятэках i пра якія зазначалася: рэкамендаваныя. „Кавалер залатой зоркі”, „За цябе, Масква”, „Жніво”... Гэтыя кніжкі не мелі ні пераваг фантазіі, ні судачынення з рэальнасцю. У ix былі нейкія сувязі з рэчаіснасцю, якіх не магла ўспрыняць Дана, i яна падзяліла: прыцягальны свет яе кніг i неаспрэчная рэальнасць, якая выдавала таксама вельмі цікавымі сустрэчамі, кантактамі, сувязямі. Стварала атмасферу, у якой кожны пэўна адчуваў факт свайго існавання.


Факты існавання i субстанцыі быцця

Факт свайго існавання гэтая кабета з вёскі Нягневічы выдавала заўсёды грымотнымі гукамі голасу, мажной постаццю, нязбытна мажорным, нягледзячы на ўсе згрызоты лёсу, настроем. Быўшы кірмашовым днём у горадзе, яна абавязкова заходзіла да Азарэвічаў. Кандратчыха — інакш удаву Кандратчыка ніхто не зваў, — трапіўшы ў кватэру да Вольгі Станіславаўны, адразу ішла ў „залю” — толькі так уяўляўся ёй вялікі пакой кватэры. Скідала хустку з галавы, ставіла стул чамусьці пасярод хаты i вымала з торбы слоікі. „Во! Малачко i смятанка”. Малачком зваліся густыя вяршкі, а смятану можна было нажом рэзаць. З маці Кандратчыха была на „ты” — на знак незвычайнай павагі, прыязнасці i таварыскасці. „Ты ж мне самы найблізкі чалавек. У царкву i да цябе”.

Дана ведала, што ў Кандратчыхі сваякі забілі мужа — сякерай. Ці больш дакладна — пасеклі. Колькі было ранаў — нават экспертыза баялася памыліцца ў падліку. A зямля, з-за якой так крывава біліся, неўзабаве адышла ў калгас... Маці на судзе бараніла інтарэс Кандратчыхі. I даўно тое было, але Кандратчыха нечым так упадабала абаронцу, што ледзь не кожнага месяца прыязджала з дабрадзейнай данінай. I — барані Божа — каб узяла грошы. Ці села за стол. Пачостка ў доме Азарэвічаў была рытуалам абавязковым, але ў цёткі з Нягневіч былі свае завядзёнкі. Затое ад варэння ці ад печыва не адмаўлялася. „Я так не ўмею”, — тлумачыла Кандратчыха.

А на сваёй сядзібе яна ўмела ўсё: за жанчыну i за мужыка. Рабіла ў калгасе, на сваім дворышчы i ў хаце. Жыццё яе было падначалена адвечным законам, паводле якіх жылі яе аднавяскоўцы, яе маці, бацька, дзед, бабка i гэтак ледзь не да Адама i Евы. Райскіх садоў яна не прагла, Кандратчысе выдаваў зусім прыстойным яе ўласны надзел з ігрушамі i яблынямі. Вымогі цывілізацыі засталіся для яе на нейкім даўнім этапе, функцыянальна пазначаным гадавым гаспадарчым цыклам i асноўнымі кадяндарнымі святамі, што вагаліся недзе паміж паганствам, хрысціянскімі канонамі i сённяшнім атэістычным ладам. Кандратчыха давярала больш каню, як трактару, лічыла надзейнымі не грошы, a рэальны прадукт: сала, мяса, масла. Колькі ix ужо змянілася на яе вяку, тых грошай. A ўвогуле была стыхійнай экзістэнцыялісткай i факт існавання лічыла вышэйшым за субстанцыю быцця. Не раздумвала над сэнсам цуда жыцця, не тлуміла сабе галаву марнасцю хуткаплыннага часу. Яна — існавала. I кожным сваім пражытым днём тое пацвярджала, i адчувала сябе вельмі надзейна на зямлі. На гэтай, сваёй, нягневіцкай. I іншай не ведала. I не мела вялікай ахвоты зазнаць. Яна разумела, што недзе, па яе меркаваннях, не так скора, надыдзе немінучы момант расстання з гэтым светам. Але ў яе была i пэўнасць — усё будзе, як у людзей. Нават свайго забітага мужа яна выправіла па той бок дабра i зла як належыць. Ну, дык будзе каму тое справіць i з ёю. Грунтоўна, сур'ёзна. I, пакуль яна жыве, яна падпарадкоўваецца сваім уяўленням пра дабро, удзячнасць i справядлівасць.

За што была ўдзячная пані Тэрэза, адкуль было знаёмства, Дана не ведала. Падобна — фальваркі Азарэвічаў i бацькоў панi Тэрэзы былі некалі побач. Хаця пра тое ніколі не гаварылі. З'яўлялася пані Тэрэза раз ці два на год, улетку, з кошыкам малінаўкі, з аграмадным букетам гольчастых астраў. У шаўковай сіняй сукні з белым каўняром, урачыстая, старанна ўчасаная — тугія косы ляжалі цяжкім вузлом на патыліцы. Яна ніколі не адмаўлялася, у адрозненне ад Кандратчыхі, ад пачосткі: піла гарбату, каву, відавочна атрымліваючы ад таго рытуалу i ад гасцявання ў ix хаце задавальненне. Назад вярталася з кніжкай, скрыначкай духоў, крэмам ці вазелінай.

Некалі пані Тэрэза пабрала шлюб з мужыком, мела з таго вялікую знявагу сваякоў. Муж загінуў у трыццаць дзевятым годзе, на пачатку другой сусветнай, яна засталася адна з двумя дзецьмі. Цяпер мезальянс абярнуўся да ласкі лёсу, яна засталася ўдавой хаця i жаўнера польскай арміі, што не вельмі каб віталі сённяшнія ўлады, але затое — бедняка. Рабіла пані Тэрэза ў школьнай бібліятэцы i за адным — тэхнічкай, прыбіральшчыцай. Пані Тэрэза была прыгожая, ветлівая, негаваркая. I, падобна, той суцэльнай гарантыі ўпарадкаванасці лёсу, як Кандратчыха, не адчувала. Як i не адчувала суцэльнай мэтазгоднасці свайго існавання, сваёй працы, ладу свайго жыцця. I, мабыць, апошняе сваё імгненне не прадчувала завершаным акордам, заканамерным канцом шляху. Ёй відавочна яшчэ хацелася прайграць нейкі акт жыцця, хаця было зразумела, што ўсе варыяцыі сюжэта ўжо вычарпаныя. Пані Тэрэза ніколі не гаварыла пра сябе, не распытвала пра жыццё Вольгу Станіславаўну, ажно не прамінала выпадку пазначыць агульнае паміж імі — удовы. I жанчыны, на якіх трымаецца дом. Можа, гэта вабіла i Кандратчыху? Але, падобна, тая не адчувала, што ў ланцужку яе існавання не стае нейкага звёнца.

Жанчына, что насіла малако з Градзілоўкі, прыходзіла праз дзень, i гэта былі, так бы мовіць, рабочыя візіты. Кабета вылівала малако са збанка ў збанок, брала грошы i ішла дамоў. Тым больш што Вольга Станіславаўна была на працы, a ў Ніны гэтая наведвальніца цікавасці не выклікала. Ужо ў Менску Азарэвічы i сям'я гэтай жанчыны апынуліся ў суседстве. I Данчына маці мела з таго незвычайную асалоду: акраечак былога, тамтэйшага жыцця. У сваім горадзе. Данчына маці змушаная была прыехаць у Менск да дачкі з-за хваробы. Нё любіла ні гэтага горада, ні мікрараённага атачэння. Разумела неаспрэчнасць ходу жыцця, не пакутавала ад адзіноты — ды яе i не было, — але часам прамаўляла нібы сама сабе: „Там людзі гаварылі мне: „Пані адвакат, маю да вас інтэрас”. А тут я толькі твая мама. Ну a паколькі Дана не была ні знакамітым чалавекам, ні санавітым, дык той статус быў ані зайздросным, ані грунтоўным. А субстанцыяльныя, быційныя стрыжні былі для Вольгі Станіславаўны неад'емна злучаныя з фактам існавання, са статусам сацыяльнага існення. Немаштабнасць, расплывістасць становішча, што так упадабала для сябе яе дачка, відавочна, было не „пад мыслі” Вольгі Станіславаўны. Сядзіць у сваім музеі, піша артыкульчыкі пра мастакоў. Хто ix чытае? Хто ix цэніць? Хіба што героі допісаў...

Дана лічыла спраўджанасць па іншых мерках. Гаварыць пра тое ніколі не было заводу, аднак Дана адчувала маўклівую незадаволенасць маці.

Цікава, яе Хрысціна таксама была б расчараваная? Яна любіла пазначыць Дане лёс з пячаткай выбранніцтва...

Хрысціна... Hi з кім не было так добра, легка, нікога Дана не любіла так, як Хрысціну. Ix часам былі вакацыі. Пра тое не дамаўлялася, не вызначалася. Так — было. Хрысціна — на год i на клас старэйшая за Дану, i пад час шкалення сустракацца ім не выпадала. Затое як толькі надыходзіў ix час, яны ледзь не штодня хадзілі адна да адной. Каб не размінуцца, рушылі па вуліцы Савецкай, паўз сабор дамініканаў, не заўважаючы, між іншым, парадаксальнасці гэтых злучэнняў. Потым дзяўчаты ішлі ў бібліятэку, выпраўляліся пасля яе да Даны, садзіліся на канапу, у розныя куткі, i чыталі. Часам — сабраўшыся, наладжвалі гульні: паводле чытанага, гледжанага ў кіно i прыдуманага. Хадзілі па парку. Навыперадкі імчалі на замак. Лезлі на цэнтральную вежу — на апошнюю, самую верхнюю, прыступку, дзе была невялікая пляцоўка. Сядзелі моўчкі. З дзяўчат ix горада толькі яны з Хрысцінай „бралі гэтую вышыню”. Але не лічылі тое ані гонарам, ані надзвычайнай рызыкай, проста адтуль быў асабліва прыгожы краявід. Ну i, безумоўна, падабалася лезці на вежу, намацваючы нагой трывалы камень, адчуваючы паслухмянасць i спрыт цела.

Да касцёла Хрысціна хадзіла з маці, адкрыта. Дана — заўсёды адна. Але пані Магда чамусьці не вельмі любіла маці Хрысціны. Аднак гэтую звестку Дана пакідала ў нейкім далёкім закутку памяці. Без пані Магды яна не ўяўляла свайго жыцця. Ажно Хрысціна i яе маці, ix дом каля раённай бібліятэкі i могілак — былі неад'емным, натуральным, абавязкова існуючым.

Хата Хрысціны былі непадалёк ад могілак, i дзяўчаты лічылі натуральным хадзіць туды. Могілкі былі старыя, мармуровыя мадонны i анёлы выйгравалі ў параўнанні з цяжкімі стандартнымі помнікамі аднаму i таму ж чалавеку. Ix горад чамусьці аддаваў перавагу правадыру ў цывільным.

Мармуровыя мадонны сведчылі пра сувязь з найвышэйшым. Відавочна нагадвалі тыя часы, калі стандарт не гнаў ні дамоў, ні помнікаў. A самі эпітафіі i ix змест мелі на ўвазе ахоўную ўрачыстасць спрадвечнай латыні i высокую ісціну, што небыццё — гэта толькі іншабыццё.

„Прымі, Дух Святы...”

Благачыннасць Даны i Хрысціны выдавала відавочныя хібы. Яны неяк не задумваліся пра тое, што тут месца апошняга супакою, часцінка вечнага... Успрымалі гэтую супольнасць дрэў, статуй, агароджаў, камяніц як прыгожае месца. I проста хадзілі па ім, часам нават сядзелі на лаўках. I не адчувалі ні ўлады Вялікай Здані, ні свайго знаходжання на самым краі Леты. Не было страху, не было разумення, што гэта побач — зусім іншы пласт Быцця. Яны існавалі — i не задумваліся над гэтым фактам.

I Анёл у ценю сваіх крылаў, мабыць, паглядаў на ix не злосна, але з відавочнай прыкрасцю. А мо i злаваў? Ажно гневу свайго не аказваў. На Хрысціну ўвогуле, здаецца, не злаваў ніхто. Яна заўсёды была ў гуморы, мілая, сімпатычная. З худзенькай, што драцінка, дзяўчынкі ператварылася ў крамяную, ладную, спрытную дзяўчыну. Калі ім надышла пара хадзіць на танцы, Хрысціна ніколі не падпірала сцяну ці печку-кафлянку плячыма, робячы выгляд, што астылая печка казыча цяплом. Хрысціна, як кажуць, мела поспех. Яна ведала — стыхійна — нейкія таямніцы спакойнага, ураўнаважанага стаўлення да ўсіх, мела немітуслівую ўпэўненасць у сабе. Рабіла толькі патрэбныя справы. I прафесію выбрала неабходную, вартую i спакойную — фармацэўт.

Нa вакацыі Хрысціна любіла доўга i соладка спаць, потым, лежачы ў ложку, чытаць да полудня — да вялікага дзіва сяброўкі. Дана ўзбівалася з ложка яшчэ да сонца, займалася рознымі справамі, не займалася нічым — але прачыналася абавязкова рана, прачнуўшыся, павінна была ўскочыць з ложка, прыбраць яго, пераплесці косы, вымыцца сцюдзёнай вадой. A ўвогуле — пачаць дзень з ранку. І з дзеяння. Тым не менш Хрысціна настойвала на нейкіх малапрыдатных амплуа для Даны. Дана аддавала належнае шчодрасці сяброўкі i скептычна глядзела на свой адбітак у люстры. Не, „у тваім гербе — цнота лілей” — не пра яе. Да таго ж рэчаіснасць сведчыць пра тое, што ў ix горадзе звяліся i рыцары, i героі. I ўсё ж — ёй падабалася пайсці да Хрысціны надвячоркам. На плошчы, на „пятачку”, як на плошчах усіх невялікіх гарадкоў свету, збіраліся мясцовыя маладзёны. Нормы этыкету патрабавалі, каб праскочыць, не пазнаючы i не вітаючыся. I сама праходка, немаведама чаму, выдавала рызыкоўнай. Не тое каб там атабарылася плойма мушкецёраў, але ж чуўся запал гульні, не абвешчанай, аднак пакрыёма прызнанай.

Анёл у ценю сваіх крылаў, мабыць, сцішана пасміхаўся над ёю. A пані Магда з вышыні — ці далечыні? — свайго паўвеку канстатавала: „Які ў цябе прыгожы ўзрост”. Дана не разумела — узрост як узрост. Не разумела i сваю гаспадыню, у якой кватаравала ва універсітэцкія гады: „Ну, што ты ўсё з кніжкай сядзіш? Такія гады...”

Пазней, калі Дана дасягла пары, якую гжэчныя поляцы падаюць як узрост элегантнасці, часам, зірнуўшы ў люстра, яна згадвала i пані Магду, i сваю гаспадыню. Сапраўды, у тых год была безліч пераваг, таму ўзросту належала калі не логіка разваг, не неаспрэчнасць ісціны, дык, безумоўна, перавага беспрычыннай радасці, напрыклад. Калі сам факт існавання — святочны выпадак. Усё выдае ўдачай — нечаканыя сустрэчы, неспадзяваныя візіты, планавыя, так бы мовіць, загадзя падрыхтаваныя дзействы. Потым надыходзіць час, калі кожная неспадзяванка раздражняе, што парушае пазначаны ход падзей, неабходнасць некуды ісці выдае толькі абавязкам i патрабуе „пратакольнай” адпаведнасці выпадку. А яе, той адпаведнасці, няма. I твар, які глядзіць з люстра, мае адбітак усіх нудот i згрызот жыцця. Стомленыя вочы, змардаваныя „ланіты”, непатрэбныя, абмяклыя мышцы i непатрэбиыя лініі твару. „Сотри случайные черты...”

Дана не пакутавала ад тых метамарфоз, але ёй здавалася алагічным, што на той момант, калі ёй трэба, яна не можа накінуць, прыстачыць, як урачыстае ўбранне, нейкі больш-менш прыстойны, адпаведны выгляд. Яна заўсёды рабіла, заўсёды да стомы, натура помсціла за гэта. A мастацтвазнаўца ў Дане аспрэчвала гэты вердыкт натуры. Дана прытрымлівалася традыцыйна класічных поглядаў i мела за асноўнае крэда мастацтва хараство. A ў жыцці хацела ўпарадкаванасці — унутранай i знешняй. I для сябе хацела не красы, а дабрачыннага яе эрзацу: пэўнага стылю, дагледжанасці, прыстойнай касметычнай маскіроўкі. Праўда, калі мець давер да анатамаў, дык ёй усё ж пашанцавала — яны сцвярджаюць, што з цягам часу ў людзей большае нос i вытыркаюцца вушы. Падобна, гэтае пакаранне яе абышло, дык i трэба дзякаваць лесу.

A ў тым, ix з Хрысцінай агульным існаванні, часам погляды сустрэчных гаварылі больш за люстэрка. Вочы людзей выдавалі нават больш лагоднымі i добразычлівымі, як тая халодная гладкасць шкла. Вочы Хрысціны таксама былі добразычлівыя. Як яна сама.

I тым не менш — ці то з бясспрэчнай логікі жыцця, ці то з-за легкадумнасці маладосці — яны згубілі адна адну. Ніколі не перапісваліся. Было зразумела — прыедзем дамоў, пабачымся. Ажно з'ехала ў Гародню маці Хрысціны. Жыла апошнія гады з Данай яе маці. Сувязь часоў знікла ў стракатай мешаніне геаграфічных кропак i значных i нязначных падзей. Дзе i як вядзе свой рахунак з жыццём Хрысціна? Ці яшчэ вядзе?

А можа, ёсць сэнс у тым, што яны засталіся адна для адной маладымі? I Хрысціна недзе далёка глядзіцца ў люстэрка. Ці паклала так званая мудрая сталасць адбітак на яе „лице”?

Тады — Хрысціна прынесла зачытаную польскую кніжачку. I Дана пазнала адзіную мелодыю, лейтматыў жыцця душы. Вобраз, ідэю ўвасаблення жаноцкасці i дзейснага існавання. Гражына! Нават этымалогія гэтага слова высвятляла яго сутнасць. Прыгожая... Красуня...

I не дзе-небудзь, у чужых краёх, а тут, у ix, на замку, куды Дана лётае кожнага дня, адбыліся гераічныя падзеі. I выратавала ўсіх жанчына. Гэта не ціхамірная дыкенсаўская Аінэса ці яшчэ якая „кроткая”, пяшчотная, квелая дабрачыннасць, што ўзнагароджвалася чамусьці хэпі-эндам. Не, прыгожая, смелая, высакародная...

Бясспрэчна, гэта яе ідэал. З Хрысцінай яны не гулялі ў Гражыну, яны, так бы мовіць, загартоўвалі сябе. На выпадак. А раптам — ix горад зноў стане горадам рыцараў i герояў?

З Бэцяй такога быць не магло. Там заўсёды заставалася нейкая паласа адчужэння i існавалі паразуменні i непаразуменні нечага.

Жыла Бэця ў тым месцы ix горада, якое звалася Псігуркамі — Сабачымі Горкамі. Там i сапраўды адзін пагорак каціўся ў яміну, а яму насустрач бег друті, гэткая сабачая гарэзія. A мо — гэта здавалася Дане, i на самай справе нейкія іншыя прычыны паспрыялі назве. Але так ці інакш, месца было такое — пагорак, лагчына, зноў пагорак. Жыла Бэця ў цемнаватым паўпадвале. Страшэнна худы i вясёлы яе бацька даводзіў ім: „Уяўляеце, колькі прэмій атрымаў бы Пушкін? За „Каўказскага палонніка”, за „Цыганоў”, за „Палтаву”... Ну, а за „Яўгена Анегіна” — хоць адразу ўсе прэміі яму аддавай”.

Чытанне было яго любімым заняткам, яго салодкай пакутай, яго сапраўдным жыццём. Усё астатняе — толькі малацікавы абавязак. Бэціна маці, чалавек практычны, прымала рэчаіснасць, не наракаючы ні на што, заўсёды нешта гатавала, цыравала, мыла. I, да вялікага здзіўлення Даны, падавала на стол спачатку тушаную бульбу з вынятай з супу курыцай, a толькі потым суп. Курыца была рытуальнай. У доме Азарэвічаў аддавалі перавагу ялавічыне, свініне, бараніне, i толькі летам, разам з грыбамі i маладой бульбай, з'яўляліся кураняты. На пост назапашвалі алею i селядцоў, калі ўдавалася натрапіць на тую рыбку. Апошні тыдзень перад Вялікаднем звычайна елі сухары i пілі гарбату з варэннем. A ў Бэці на Пасху рабілі мацу. Як на погляд Даны, прыдатны на самы шчыры пост наедак: тоненечкія сухія пласціны. Пра зыход, пра пустыню Дана даведалася пазней. А мацу Бэця прыносіла ў школу — Катляры на свята не запрашалі. Быў такі негалосны закон канфесійнага суіснавання. Пазней, у кніжцы, выдадзенай Ватыканам, Дана прачытала пра ix горад:

„Трапілі ўрэшце ў той горад, дзе палякі жылі побач з беларусамі, габрэі з татарамі, a ўсе разам выяўлялі ўласныя звычаі, уласную культуру, уласную ментальнасць, уласную веру, уласныя звычкі, схільнасці i непрыманні”. Непрыманні? Анёл у ценю сваіх крылаў, мабыць, пільна сачыў за злагадай канфесійнай i нацыянальнай. Ну, a класічныя Liberte, Fraternite, Egalite11 былі ўзведзеныя, здаецца, да рангу абсалюту. Недасягальнага, але абвешчанага. Які нельга аспрэчваць, ажно i прытрымлівацца можна больш у тэорыі, што, як абвяшчалася, без практыкі безнадзейна мёртвая. I ўвогуле — гэта толькі настаўленне да дзеяння. Таму кожны інструктар самай галоўнай установы ў кожным горадзе меркаваў па-свойму i прымерваў сяк-так пачутую i прачытаную тэорыю да ўласнага інтэлекту i інтарэсу. Паколькі большасць інтэлектаў мела грунтам біялагічным не вельмі складаны генетычны код i досыць стабільна стандартызаваныя паўшар'і мозгу, дык кожны інструктар быў роўны свайму начальніку, a кожны ўпаўнаважаны быў роўны інструктару. I ўраўнаважваць біялагічныя імпульсы i гістарычна спазнаны ход думак i дагматы (не, настаўленне да дзеяння) адзінай самай справядлівай тэорыі імкнуліся на ўзроўні класічна-схаластычным i адначасова ваенізаваным i канцылярскім. „Даеш!” Сяўбу, жніво, выбары, вытворчыя паказчыкі. Штурм, аўрал — як норма жыцця. Натура Данчыных землякоў не прымала гэткага рытму, i жылі яны ледзь не да сярэдзіны пяцідзесятых на хутарах, адасоблена, адштурхоўваючыся падаткамі ад назалялага націску. Але паважаючы свабоду i роўнасць, з недаверам ставіліся да брацтва. Яно i ў сваяцтве не ўсё бывае добра, а чужыя — браты? Не, тут нешта не тое. Наконт светлых далячыняў недалёкай i далёкай будучыні не пярэчылі, больш трымаліся сённяшняга дня i вякамі зазначаных пастулатаў.

Бацька Бэці, падобна, падзяляў гэтыя настроі, аднак гаварыў зазвычай з дзяўчатамі выключна на тэмы літаратурныя. I аддаваў перавагу класіцы. Бэціну маці i сацыяльныя, i эзатэрычна-літаратурныя акалічнасці мала цікавілі, усё, што адыходзіла ад канкрэтнага, уласнага, сямейнага клопату, не мела для яе сэнсу. Жыву тут, у гэтым падполе, што мыш. Затое калі сям'я Катляроў перасялілася ў вялізны светлы пакой — ці не перад самым ад'ездам — яна акрыяла, часам нешта спявала сабе пад нос. I нават перамаўлялася з Данай якім слоўцам — чаго раней ў думках, здаецца, не мела. „Мой бацька быў нэпманам. Такі, як гэты, у мяне быў асабісты пакой”. І Дана ўяўляла сабе Бэціну маму ў футры, з клейнотамі i чамусьці ў вазку рамізніка. І з вялікім рыдыкюлем.

A ўвогуле гэта не мела для Даны значэння — якая была маці ў яе сяброўкі, тым больш у мінулым. Усё гэта існавала недзе на ўскрайку свядомасці i ўражанняў. А Бэця была выдатнай кампаньёнкай па чытаных кнігах i разумела самыя рызыкоўныя рамантычныя залёты Даны. Дана — падзяляла Бэціны мроі. Абедзве мелі адна да адной тую ступень разумення i ipoніі, як то трэба было для падтрымання сяброўскіх адносін. Калі пачыталі таго самага знакамітага „Авадня”, таксама ў ix гульнях не было ніякага сумніву — Бэця — Джэма, Дана — Артур.

Калі Бэця з'ехала з горада, Дана засталася ў салодкім, мройлівым свеце кніг, i толькі кніг. Хрысціна з'явілася пазней, a Іра з Менска была толькі госцяй, якую трэба было займаць, памятаючы святыя законы гасціннасці.

Дана ці не трыдзесятым разам перачытвала „Авадня” i не магла пазначыць, што больш вабіла яе — ці лёс Артура, ці рамантычнае каханне, ці водар таго спосабу жыцця, што на первых старонках кнігі: бібліятэка, расчыненыя вокны з узорчастым чыгунным ліццём, сад старажытнага кляштора дамініканаў, ружы... „Так, на пачатку дзён была бібліятэка, пыл, вавілон тамоў, пергамент, цішыня...” Потым, у Менску, пабраўшы ледзь не за сталае жытло галоўную бібліятэку рэспублікі, яна прачытала гэтыя вершы вялікага француза i падсвядома, не згадваючы канкрэтна, заўсёды памятала лаўку пад магноліяй, дзе вялі гаворку Мантанэлі i Артур, зал бібліятэкі кляштора... Наконт „Трох мушкецёраў” — Дана магла пэўна зазначыць, што гісторыя з клейнотамі каралевы не цікавіла яе, але стыль паводзін шэвалье, дуэлянтаў i малайцоў, Парыж часоў кардынала Рышэлье, водар эпохі — гэта яна ледзь не глытала. Як пазней старонкі Хемінгуэя i Эрэнбурга — з тым жа неверагодным горадам, куды ёй пашчасціла трапіць, на жаль, ва ўзросце, далёкім ад таго, у якім быў харобры гасконец, калі ягоны конь, невядомай свету масці, трапіў на брукаванку горада бясконцых Людовікаў.

Дана ўвогуле была апантаным, але недысцыплінаваным чытачом — чытачкай. Асвойваючы „Як гартавалася сталь”, яна вельмі палюбіла першыя старонкі кнігі, дзе баявіты хлопец-зух Паўка бярэ знаёмства з дзяўчынай „з добрай сям'і” Тоняй Туманавай. Дана проста на свае вочы бачыла гэтую сажалку, мабыць, такую, як у ix, вуду Паўкі, капялюш Тоні... Як пазней спазнавала на слых, пах, на кожны гук маёнткі Сенкевіча, горад Пруса, сядзібы Тургенева i Буніна...

Дана умела неяк абмінаць увагай выпадак „з махрой” у Паўкі Карчагіна i ніякавага сябе адчувала, калі Артур сек малатком крыж. I была амаль упэўненая — таямніцы споведзі маглі здрадзіць толькі недзе там, далёка, у Італіі. Хіба пані Магда ці сястра Малгажата маглі б каму здрадзіць? Выдаць? Назарэтанкі прынеслі ахвяру... Тут, праўда, чым далей, тым болей, Дану казытала пытанне — а як сябе адчуваў ксёндз, якога шукалі немцы i з-за якога па сутнасці арыштавалі законніц? Нават калі ix ахвяра была ахвярай за ўсіх мешканцаў горада, што адчуваў гэты святар? Якія словы мовіў на споведзі? Як жыў пасля гэтага сваё жыццё? Зямное жыццё? Ён, святар?

Яшчэ вельмі непакоіла Дану, за што не толькі людзі, але i Вышэйшая Воля пакаралі вязня з Аляксееўскага равеліна? „Адзетыя ў каменне” адымалі спакой, ціснулі на ўяўленне — усё жыццё ў каменнай пастцы. Горш за смерць. I калі смерць прыняць за іншабыццё — дык што ёсць гэтае дваццацігадовае паміранне? Ці варты быў замах на цара, нават толькі задума замаху, гэткага катавання быццём? Ці варта? І ці вартая была самаахвярная аскеза i вымогі разумовыя i фізічныя Паўкі Карчагіна таго, што займелі яго нашчадкі? Ці трэба дзеля шчасця іншых абавязкова прыносіць ахвяры? Хаця — i дагматы найвышэйшыя таксама сцвярджаюць, што пакуты жывяць душу, пераўтвараюць яе. Але які быў сэнс у тым абвяшчэнні Liberte, Fraternitc, Hgalite, а потым у моры крыві ў Францыі i ўсёй Еўропе? Ды i егіпецкі паход — не прывід у пустыні. Inferno12 ў Афрыцы. I дзе ж тыя свабода, роўнасць? Дзе логіка гісторыі?

Калі ў жыцці ўсё стала мяняцца месцамі, Дана ніяк не магла зразумець, чаму жанчына, што абараняла дысертацыю пра дзекабрыстаў і, безумоўна ж, пісала яе паводле ўсіх канонаў савецкага часу, інакш не абаранілася б, раптам, быўшы жонкай чалавека, якога людзі на Няве абралі мэрам горада, начала весці гаворку пра піэтэт перад домам Раманавых. Які піэтэт? Чаму? Навошта? Дана любіла таямніцу старажытных партрэтаў i складана-заблытаныя, што лабірынты, адгалінаванні генеалагічных дрэў, але дваццатае стагоддзе мае свае правы i свае законы. I сваіх тытулаваных асоб. I тытулы тыя маюць мала дачыненняў да карон.

Логіка гісторыі... Пасля войнаў Напалеона французы сталі на шаснаццаць сантыметраў ніжэйшымі. Другая сусветная забрала кожнага чацвёртага беларуса. Рэпрэсіі ў Саюзе звялі самых разумных i незалежных. „Задумваюць рэвалюцыі філосафы, здзяйсняюць фанатыкі, карыстаюць плён прайдзісветы”. Афарызм Бісмарка час ад часу рабіўся модным. Прыходзіў лейтэнант артылерыі ці камунальнага маштабу Шарыкаў...

I ўсё ж тады — i пазней — з мройлівага вэлюму часу выступалі постаці... I прага рамантыкі ставіла ў адзін шэраг Касцюшку i Артура — Рыварэса, дАртаньяна i Кастуся Каліноўскага, філаматаў, філарэтаў i чараду іншых, рэальных i кніжных герояў.

Pochlebstwu, chytrość i zbytek


Niеch każdy przed progiem miota,


Вo tu wieczny ma przybytek


Ojczyzna, nauka, cnota13.

Уяўленне дражнілі i вабілі гэтыя радкі i тое, што жывыя, рэальныя філарэты i філаматы жылі тут, на гэтых вуліцах, дыхалі гэтым паветрам... Раней то быў горад рыцараў i герояў...

Дом Паэта аднавілі пазней. Тым часам, на пару ix юнацтва, наўскасяк ад плошчы былі толькі рэшты таго будынка, толькі фундамент. Пазней тут стаўся музей. Пазней былі розныя імпрэзы, святы, угодкі. Да ix ні Хрысціна, ні Дана дачынення не мелі. Прыязджала тады ў горад мноства людзей, вучоных i менш вучоных, стаяў пафасны галас, i на гэтыя літаратурныя фэсты ix, вядома, не запрашалі. I, мабыць, добра. Спакладаны архівамі i няўтомнымі росшукамі фактаў дух галоўных персанажаў гэтых дзействаў наўрад ці меў уяўленне пра шматгалоссе вякоў, пра яго невымоўны чар. Удзельнікам імпрэз так падабаліся каментары i лагічная расшыфроўка фактаў, што рэальнасць губляла свой першаіснасны водар. I шмаглікія „я” ў гэтай духоўнай прасторы пераўтвараліся на тых дзействах у зацяганы, зарытуалізаваны ў часе стандарт — аднолькавы ад Ромула да нашых дзён. Усё прывідна, падманліва, фальшыва. Ёсць рэальныя лозунгі, шэрагі маршыруючых, плоймы спевакоў... I — прамоўцы, прамоўцы, прамоўцы. Але няма той духоўнай прасторы, што давала строй думкі Паэтам.

У вершах, што чытаюць тут, на вялікіх дзействах, адчуваецца гвалт нагоды — i няма руху жыцця. Ёсць толькі жалезнае ляскатанне слоў. I імкненне ўпіхнуцца ў плынь часу. Тыя, філаматы i філарэты, таксама былі дзецьмі свайго часу, ажно жылі свежымі ўяўленнямі, любоўю i болем. I не стрыглі купонаў ад любові да Айчыны. I не былі залежныя ад афіцыёзу, што мяняе назвы i формы, але захоўвае status quo ў існасці сваёй. І характарыстыкі існавання сладаюцца ў гэтых выпадках са спарахнелых матрыц i клішэ. Але публіка — тая, што дзейнічае, i тая, што сочыць за дзеяннем, ці то сапраўды не разумее, ці то робіць выгляд, што адбываецца толькі відачынства, „лицедейство”, i новыя дзейныя асобы нічога не дадаюць да гэтага адвечнага спектакля. Хіба што з'явіцца ладзіць відовішча той, каму цесна ў вузкім рацыянальна-пафасным прагматызме. Але такія на відовішчы не трапляюць. Інакш яны абавязкова ператварылі б ix у нешта іншае. I там не было б нудотных прамоў, запраграмаваных мізансцэн з дзеячамі раённага i сталічнага маштабаў, не было б безаблічных постацей сацыяльнага мімансу на амплуа сацыяльных герояў, не было б справакаванага традыцыяй энтузіязму эталонных людзей натоўпу, a паміж імі існуе нейкая неўклюдна абавязковая сувязь, якую наўрад ці мае чалавек, блізкі да Натуры, чалавек, што адчувае сапраўдную каштоўнасць існуючага i разумее прыроду рэчаў.

Гэта раней ix горад быў горадам паэтаў i герояў. А пазней выцвілыя ілюзіі абвяшчалі вяснова свежымі ідэямі, свет вечных каштоўнасцяў замянялі на актуаліі хвіліны, a хцівых бадзяг абвяшчалі пілігрымамі.

Але ў пару жыццёвай раніцы Хрысціна i Дана мелі сваю радасную веру ў шчаслівую рэальнасць. I Анёл у ценю сваіх крылаў хітравата паглядаў на ix: маўляў, яшчэ ўсяго хопіць на вашым вяку.

A пакуль яны хадзілі ў бібліятэкі, аднаўлялі кожнага года звычай „узяцця вяршыні” на замку, абмяркоўвалі чытанае, знаходзілі новыя крыніцы здабывання кніг.

I тут была яшчэ адна асоба, што магла даць фору ім абедзвюм. Дэвік Гальдштэйн, той самы сын цырульніка, выдатнік i жыццярадасна-іранічная асоба.

I да сябе, i да сваіх сяброў Дэвік заўсёды ставіўся з добрай доляй гумару. Недзе ў душы яму, заўсёднаму пяцёрачніку, хацелася мець іншыя заслугі. I ён ахвотна, ледзь не ўзахліп прамаўляў: „Ну, мы з Мусяй ім далі!” Муся быў сынам вайскоўца ў немалым чыне; высачэзны хлопец, з нейкай сваёй тугой думай. Асабліва цяжка i маўкліва ён задумваўся каля дошкі — застываў, нібыта егіпецкі сфінкс. I ніякія высілкі Дэвіка, што ахвяраваў сваім „выдатна” на паводзінах, шыпеў, тэатральным шэптам вымаўляў ледзь не па складах — нішто не магло зрушыць глыбіню самасузірання Myci. Хіба што любімая гульня — Муся мог у самым натуральным сэнсе пераплюнуць усіх у класе. Або „цюшка” — тут таксама Мусіенка выходзіў ca сваёй „нірваны”, вочы яго гарэлі, i тут ён таксама не меў сабе роўных. Падкідаць нагой гэты кавалачак свінцу з аўчынным верхам ён мог хоць цэлы дзень. Не меў ён сабе роўных i пад час боек „мясцовага значэння”. Вышэйшы за ўсіх у класе, куды мацнейшы за адналеткаў, ён усур'ёз не прымаў нікога. I тут ужо Дэвік быў „пры Myci”. Але ўспрымаў подзвігі сябра блізка да сэрца i імкнуўся дачыніцца да ix. Асабліва пад час аповедаў пра чарговы турнір. Ну, што там былі ўсе пяцёркі Дэвіка побач з такімі непараўнанымі вартасцямі...

У Myci, як i ў Даны, збіраліся па святах: да таго схілялі памеры ix кватэр. Да Дэвіка шасталі кожным днём, хаця ў Гальдштэйнаў быў толькі адзін пакой, у якім месцілася пяць чалавек: Дэвік, дзве яго сястрычкі i маці з бацькам. Хата ў ix не зачынялася, але не было выпадку, каб Дэвікава маці каму-небудзь паказала на дзверы. У ix хаце быў заўсёды добры настрой, было тлумна i весела. Як Дэвік рыхтаваў урокі ў гэтым гармідары — невядома, але пяцёрка была яго звычайнай адзнакай. Дэвік i Дана былі заклятыя выдатнікі i пазней — залатыя медалісты. Аднак Дане грэх было б вучыцца абы-як: два пакоі, дзе заўжды была кляшторная цішыня, ніякага хатняга клопату. A Дэвік жыў, што на вакзале.

Ён быў адзін з тых, хто вярнуўся пасля інстытута ў ix горад. Маючы паважаную ва ўсе часы прафесію ўрача.

Дана ж атаясамлівала гэту прафесію найперш з адной асобай.

Доктар Гордзін — яго ведалі ўсе. Ён меў загартоўку старога, „за польскім часам” эскулапа. Загартоўку, што мелі некалі „уездные” ўрачы. Прымаў у лякарні, удома, хадзіў на візіты. Доктар Гордзін не быў участковы ўрач, за візіты браў грошы, але бег на просьбу, што на пажар. Адноечы, калі Дана атруцілася, ён ляцеў а трэцяй гадзіне ночы да Азарэвічаў, накінуўшы паліто на бялізну. У дзяўчынкі тэмпература сорак!

Доктар Гордзін быў сямейны ўрач, i не ў ix адных. Пазней Дана аніяк не магла прызвычаіцца да іншых дактароў i дакторак. Урач — гэта доктар Гордзін.

Калі Дане давялося запрашаць да маці ці вадзіць яе па дактарах i лякарнях, прыгадваўся доктар Гордзін — з яго пэўнай таксай, пэўнымі стасункамі паміж пацыентам i ім. Не трэба было квахтаць: „Ах, доктар, я вам так абавязана”, — i пакугліва прыкідваць — ну, як жа матэрыялізавана ўвасобіць тое абавязацельства! Каб аддзячыць i не пакрыўдзіць. Праўда, калі Вольгі Станіславаўны ўжо не было на гэтым свеце i грымнула крутая „дэмакратыя” i карабок духоў стаў каштаваць ці не двухгадовага заробку Даны, а банбаньерка цукерак — месяцовага, гэтае пытанне сышло з парадку дня.

Як маці суадносіла сваё, выключна „сацыялістычнае” стаўленне да парад (Вольга Станіславаўна брала грошы адпаведна таксе толькі на працы, усіх, хто прыходзіў дадому, так ці інакш, нейкай парадай ды цешыла, але грошы не брала ніколі), дык якія былі суадносіны з „хатняй” таксай доктара, Дана не ведала. Здаецца, маці гэта лічыла зусім заканамерным: кожны мае свой стыль працы.

Між іншым, Дана не магла згадаць, каб нехта абразіў Бэцю або Дэвіка, a ўжо тым больш Гордзіна з-за ix нацыянальнасці. Была памоўка: „Тваё „зараз”, як жыдоўскае „пачакай”. Або: „Дружым, як браце, лічым, як жыдзе”. Але то была беларуска-польская традыцыя назвы — i не больш. Куды горш гучала, калі некаму даводзілі: „Ну, ты, як Антэк варшаўскі”. Хто быў таямнічы Антэк, Дана не ведала, пэўна, i да Варшавы ён меў дачынне вельмі ж апасродкаванае, але чамусьці так казалі, калі некаму хацелі давесці, што ён клёку ў галаве не мае.

На Фулімэну гэтага не гаварылі. Яе шкадавалі. A эмтээсаўскія дзецюкі, канечне ж, паскудна смяяліся. Імя тое бясспрэчна было знявечанае імя Філумены. I сама Фулімена была непрапраўна знявечаная. Высокая, мажная, чарнявая жанчына — час ад часу яна аднекуль з'яўлялася i імчалася па горадзе. Каля фарнага касцёла распраналася ўшчэнт i летала вакол яго пад угагаканне эмтээсаўскіх бэйбусаў.

Гаротніца недзе знікла. Мабыць, у шпіталі... Дана доўга памятала гарачы бляск яе агромністых цёмных вачэй, i калі чытала „Джэн Эйр”, дык жонку Рочэстэра ўяўляла як ix Фулімэну.

„Не дай мне Бог сойти с ума, уж лучше посох и сума”. Вялікі паэт — ён ведаў кошт i цану фактам існавання...

Дана пра гэта не задумвалася. Яна жыла. I не ведала, дзе яна, „страніца лепшая ў штодзённіку жыцця...”


Верасень

У кожным выпадку ёй аднолькава падабаліся i вакацыі, i шкаленне. Асабліва першыя, вераснёўскія дні.

Напрыканцы лета ў гародчыках расцвіталі настуркі i мальвы, цягнуліся з-за плотаў вяргіні. Падалі на зямлю пераспелыя яблыкі. У паветры з'яўляўся той непаўторны водар, што бывае толькі напрыканцы лета. Гэта той самы водар, у якім ёсць наіўнасць чакання i трывога пераходу з аднаго стану ў другі. Суцэльна вольная істота засталася за парогам першага верасня. Але i ўнармаваны, цалкам падпарадкаваны звычнаму цыклу дзень — яшчэ наперадзе. А пакуль што — некалькі ні на што не падобных тыдняў. Ужо заняткі — але няма нудотнага атожылка „маці вучэння”: няма чаго паўтараць. Няма кантрольных, i хатнія заданні нагадваюць хутчэй гульню — розныя ўводзіны, перадумовы, уступы. А затое — сустрэчы: за лета ўсе змяняліся больш, як пазней за гады. А затое — новенькія: цікава. Затое — новыя настаўнікі — адкрыццё.

Увосень i ўвесну Дана выпраўлялася ў школу паўз замак, вузенечкай сцежкай каля Буячыхінай хаты — потым ад той сцежкі не засталося ані знаку: адзін хмызняк. А тады можна было хуценька прабегчы тут, падняцца на горачку, прайсці па валейбольнай пляцоўцы, дзе пазней паставілі помнік Паэту, i з задавальненнем адштурхоўвацца ад гравейкі па шырачэзнай строме — да школы. Шлях гэты быў карацейшы, але не тое мела асобы смак. Ісці кругаля вуліцай было нецікава, тут ішлі ўсе, тут ты нібыта ўступаў у шэрагі i павінны быў крочыць крок за крокам у агульным рытме, агульным выяўленні, агульным... А ёй хацелася ісці сваім шляхам.

...Вокны ix класа глядзелі на гapy, i пад час урокаў беларускай мовы i літаратуры па гэтай горцы гойсалі дзеці вайскоўцаў, вызваленыя ад заняткаў i гэтай мовай, i гэтай літаратурай, а яны ўсе — амаральна i непатрыятычна — зайздросцілі ім. Што гэта амаральна — Дана разумела i тады. Што непатрыятычна — даўмелася нашмат пазней. Што яны, бэйбусы на горцы, згубілі непапраўна многае — уявіла сабе таксама не ў тыя вераснёўскія дні. Ажно — яны так i не даведаліся аб прыгодах дзядзькі ў Вільні i пра тое, што было раніцай у нядзельку ў лесніка Miхала, не ведалі нічога пра адвечную песню, спраўджаную „ўсясільнай рукою тварэння”... Не адчулі горкай асалоды слоў:

Калісь глядзеў на сонца я,


Мне сонца асляпіла вочы,


Ды што мне цемень нечнай ночы,


Калісь глядзеў на сонца я.

I пазней — яны не ўведалі ні пра ўцеху думкі — выспу Патмас, на якую трэба ехаць у залатым чаўне ўспамінаў, бо „ўспаміны маюць вялікую моц”. Hi пра ладдзю Роспачы i Хрыстоса, што меўся прызямліцца ў Гародні. Hi пра Алеся Руневіча, які хадзіў тымі ж сцежкамі, што i яны. Hi пра „смаленне вепрука”. Hi пра краіну Ідылію.

Тады Дана не магла ўсвядоміць гэтага i не брала да галавы тых думак. Але ж у ласкавы вераснёвы дзень, калі самая пара ўсё кінуць i гойсаць па парку, яны, пакутнікі, павінны сядзець на ўроку суседкі Даны, Надзеі Адамаўны. Праз нейкі час пра „шчасліўцаў” на горцы забываліся i слухалі — пра Нясвіжскую семінарыю, пра Горы-Горацкую акадэмію... Голас Надзеі Адамаўны ўтульна парыпваў, як пёра на паперы, а рука секла паветра, нібыта падкрэслівала яе ўлюбёнае: „Мысліце пра будучае”.

Тады Дана не думала ні пра будучае, нi пра мінулае. Яна нібыта плыла на чоўне нейкага вераснёвага дабраўладдзя. Да дошкі яшчэ не выклікалі, не трэба было нервавацца. Дана амаль заўсёды ведала ўрок i амаль заўсёды хвалявалася. Сутнасць была нават не ў тым, што Дана павінна была атрымаць сваё абавязковае „выдатна”, a інакш — страта „рэнамэ”, рэзpyx ладу, завядзёнкі i няспраўджаныя надзеі настаўніка. Было нешта невытлумачальнае, падсвядомае ў гэтым рытуале ісці да дошкі, як да месца — ці то пакарання, ці то допыту, ці то прымусовага акту споведзі. Хочаш — не хочаш, расказвай. Да таго ж — ніхто не дасць пераскашавацца тым, чаго не ведаюць яе аднакласнікі. Абавязкова прыпыняць: хопіць. I заставайся сам-насам з усімі Рычардамі, Генрыхамі, Сапегамі, Карыбутамі, з радкамі вершаў — ганяй ix сабе з паўшар'я ў паўшар'е. Ці яны маюць там пэўнае месцейка? Пэўную клетачку? Нейкія скрыначкі, дзе размешчаны яе, Данчыны, набыткі?

...Дана любіла ўрокі Ганны Севасцьянаўны. Тая тлумачыла ўрок, нібыта прыпячатваючы ўказкай да карты Пунічныя войны, войны Пунсовай i Белай ружаў, усіх Плантагенетаў i Капецінгаў, Макіявелі i Саванаролаў... A патлумачыўшы, Ганна Севасцьянаўна давала хвілін дзесяць-пятнаццаць на чытанне i пыталася: „Хто будзе адказваць?” Гэта былі зорныя хвіліны Абумава i яе, Даны. Падабаўся момант не спаборніцтва нават, a гульні — нібыта ляціш да фінішнай стужкі. Адчуваючы імклівасць думкі. Бачачы антычныя каланады, брамы гарадоў, вузенечкія вулачкі, застыглыя муры замкаў, пепласы грачанак i верцюгарды часоў Людовікаў. Разгортваючы стужку падзей. Тады не мыслілася, што крывавых. На старонках падручнікаў i кніжак усё выглядала так прывабна... I недзе там заўсёды блукала пазагістарычная постаць гасконца ў гістарычным антуражы. Тым часам яны паглядзелі фільм пра славутага героя i маглі хоць сярод ночы праспяваць:

В Гаскони я родился,


В Гаскони я и жил


И двадцать лет


Об этом нисколько не тужил.


Но — вот мне дали шпагу,


Отцовский пистолет,


И я решил изведать,


И я решил изведать,


I я решил изведать


Шумный свет.

I так нечувана вабліва гучала: „Поэтами воспетый от погребов до крыш!” I здавалася — чуеш нават цокат капытоў коней, калі згадваліся радкі прыпеву: „Туда, где день яснее, вино всех вин краснее, красотки всех милей, туда, в Париж!”

Адкуль узяліся словы песні, ніхто не ведаў, ці дакладны пераклад — тым больш, але песеньку спявалі, a Парыж, які яны ўбачылі ў гэтым фільме, застаўся сярод шматлікіх мрояў-вобразаў Парыжа, адным з самых прыцягалыіых. Праз шмат год Дана даведалася, што музыку гэту напісаў брат таго Пакраса, што меўся складаць безліч зухаватых, баявітьгх песняў у Саюзе. Брат тым часам жыў у Парыжы. У горадзе д'Артаньяна. Дзе ёсць вуліца Фэру, Сент-Анарэ, ёсць — была? — вуліца Старой Галубятні. Вуліцы авантур i прыгод. У Гюго тапаграфія горада неяк азмрочвалася трагедыйнымі перыпетыямі сюжэтаў. А равеснікі Даны, як усе падлеткі, праглі хэпі-энду...

Гісторыя на хэпі-энды была не вельмі багатая. Але затое там быў калейдаскоп надзей, якіх не магло быць i ў раманах. I можна было адчуць сябе ў плыні часоў на чоўне, які кіруе ca старадаўняга ў зусім старажытнае i наадварот. Менавіта чоўне — машына часу, гэта знаходка змардаванага тэхнічным прагрэсам інтэлекту — не мела для Даны прыцягальнасці. Нi тады, у ix горадзе, у гады яе наіву i веры, нi пазней, калі ўжо засталіся толькі ясвіны таго, даўняга святла, толькі аддюстраванне, адбітак светлага, але прымроеная фантастамі машына часу нават i ў прысмерках уяўленняў не займела ніякай, нават фантасмагарычнай вабнасці.

На ўроках гісторыі Дана нават пераставала хвалявацца, але сакральнае „хопіць” Ганны Севасцьянаўны перапыняла Дану. Ганна Севасцьянаўна паважала рэгламент праграмы.

A ў клас пасля перапынку ўваходзіў Іван Данілавіч. „Какурат”, — пачынаў ён, падцягваючы рэмень на бездакорнай гімнасцёрцы.

Дана сумленна вучыла батаніку i заалогію i не мела аніякай цікавасці да ўсіх гэтых тычынак, песцікаў, кровазваротаў. Тут цараваў Драбышэўскі, Дана нават прозвішча яго вымаўляла гідліва — нібы датыкалася да слізняка. Драбышэўскі асалодна-юрліва тыцкаў показкай па развешаных схемах, пераможна лапатаў i чамусьці гыгыкаў.

Дзіўная завядзёнка тых год — ці ўвогуле школыхай навукі? — батаніку трэба было вывучаць каля дошкі. Хаця побач быў жывы свет кветак, дрэў, птушак. Дана не ставіла таго дакорам Івану Данілавічу. Ён не парушаў афіцыйных высноў. Не парушаў ён ix — i высока ставячы павуку Лысенкі — Мічурына i абвяргаючы ўсіх вейсманістаў-марганістаў. А хто ж парушаў тыя ўстанаўленні — ды яшчэ ў школе? A Іван Данілавіч горача абараняў інтарэсы праграмы i граміў вейсманістаў-марганістаў так, нiбыта яны былі яго асабістымі крыўдзіцелямі i маглі нанесці шкоду не толькі ўсяму чалавсцтву, але i непасрэдна школе № 2.

Спакойна Дана ставілася i да алгебры з геаметрыяй, хаця на усё жыццё засвоіла, што (a-b)2=a2-2ab+b2. Ці спрыяла гэта яе лагічнаму мысленню i крутагляду, яна не ведала, але была пэўная, задачкі трэба рашыць, тэарэму засвоіць, аксіёму запомніць. Разам з алгебрай i геаметрыяй з'явіўся яшчэ адзін прадмет — чарчэнне. I калі магла быць поўная неадпаведнасць схільнасцяў — дык гэта былі суадносіны Даны i чарчэння. Выгляд злева, выгляд справа. Паралельныя прамыя... Гэтыя мыя ў Даны існавалі відавочна паводле Лабачэўскага i не мелі адносін да Еўкліда. Гэтыя нязломныя, някельныя паралельныя абавязкова імкнуліся да перасячэння. Праўда, тут усё вырашалася, як пазначылі б у пару ўсеагульнага гандлю i абмену, спосабам бартэру. Дана рабіла задачкі, перакладала з ангельскай, а ёй рабілі, хай ён гарыць гарам, чарцёж.

Затое — ангельская мова... Тут было прыцягненне — што там Ньютан... Дана лавіла ў трафейных, недубліраваных фільмах — яны ішлі з субцітрамі — вымаўленне Робін Гуда i лэдзі Гамільтон, шыкоўна даводзіла пагрозлівае „th”, ставячы язык роўненька паміж зубамі, не саслізваючы на прымітыўныя „фазэр”, „мазэр”, дыфтонг „ing” цягнула доўгім насавым «іŋ», а не шкалярскім „інг”. Праўда, i тут у Даны была свая засцярога. Англічанін падазрона хваліў Дану: „Яна на дзве галавы вышэй за вас усіх”. Клас слухаў насцярожана. I зразумела — каму магло падабацца быць ліліпутам?

Потым, пры розных студыях i штудыях Дана наслухалася досыць кампліментаў наконт сваей схільнасці да моў, але ўсё скончылася тым, што ў яе доўга пыліліся на паліцах Марк Твэн, Голсуорсі, Айрыс Мэрдак... The Sandcastle — замак на пяску. У жыцці ёй толькі пару разоў давялося зграмаздаць некалькі фраз, не даючы сабе асаблівага клопату нi пра вышукі лексікі, ні пра вымаўленне — тым больш. Тады яна спакойна магла сабе ўяўляць шлях ад гэтых: „Who is on duty today?” 14 i „This is a pencil” 15 да дыпламатычных гасцёўняў ці стасункаў на якіх далёкіх экзатычных астравах — Барнэа, Галапагосы, Туамоту...

Асабліва на той час, як у Даны быў перыяд вострага марынізму. Мела гэтае захапленне выток непасрэдна ў яе нараджэнні. Нарадзіцца ж ёй пашчасціла на далёкім-далёкім паўвостраве. Бацьку перадалі: „З'явілася на свет капітан з парахода „Чавыча”. На караблі была ці не адзіная на тую пару ў свеце жанчына — капітан далёкага плавання. I Дана лічыла фразу наканаваннем Вышэйшым i, як умела, рыхтавала сябе да акіянскіх выпрабаванняў. Былі „засвоеныя” ўсе маладаступныя дрэвы ў ваколіцах i тыя самыя вежы на замку. Вядома, досыць прымітыўна, Дана гэта разумела, але па каментарах да Станюковіча, Стывенсана, Жуль Верна i іншых кніжак так-сяк вызначыла для сябе прызначэнні бом-брам-рэяў, бізань-мачтаў, гітаў, каб, не дай Божа, не выправілі па ваду на клоцік. Падкінуў ёй неяк неацэнную кніжачку сын аднаго з матчыных калег — таксама збіраўся падацца ў маракі. Там ix было трох сыноў — тры Будрысы, смяяўся бацька. I пасміхаўся — кавалеры для Даны. Бацька быў чалавек натуры шырокай i будучай „нявестцы” даслаў на дзень нараджэння паўдывана, шыкоўнага, падобна, з нямецкіх „трафеяў”. Царскі падарунак. Але падарунак, мабыць, шчыры, ён праз усё жыццё спадарожнічаў з Данай: аскепак германскай утульнасці.

А сярэдняга сына задражнілі: абышла, маўляў, Дана яго — вучыцца ў вучылішчы, вось, калі ласка, у форме. Здымак Даны ў марынарцы i сапраўднай бесказырцы быў не толькі падараваны будучым „прэтэндэнтам”, але i прышчаміўся на самым бачным месцы на вітрыне фотамайстэрні. Спачатку — як знешне спраўджаная мара, потым — як відавочна страчаная. Але заўсёды — як нешта недарэчнае. Дана ніколі не мела пашаноты да рэкламы.

А мару раструшчыла кантрольная па фізіцы. Дана не мела звычкі вытыркацца на першыя парты i займала сабе спакойнае месца на перадапошняй лаўцы. Так бы мовіць, ледзь не ложу абаніравала. Тут можна было пры выпадку нешта пачытаць на ўроку. I адстароніцца, глядзеўшы ў акно. Тым драматычпым ранкам, пад час кантрольнай па фізіцы, „варыянт” Даны, ціхамірна i не даючы сабе клопату нешта абвяргаць, спісаў у яе рашэнне. А праз два дні фізік раздаў кантрольныя. I трымаў, паводле ўсіх законаў драмы, маналог. З якога выявілася — зразумела, хто спісаў. Зразумела, у каго. Усім — двоечкі. А вам, шаноўная Азарэвіч, перасесці на першую парту i сказаць маці, каб завяла да акуліста.

Што там драма... Трагедыя. Шэкспір... Палавіна класа з-за яе маюць двойкі. Павінна сядзець, як апошняя двоечніца — менавіта ix садзілі за першую парту — перад вачмі настаўніка. Ганьба — ёй патрэбны акуляры. Ну, хто ж у ix школе насіў акуляры? Акуляры — гэта яшчэ горай, як без косаў. Стрыжаныя хадзілі толькі інтэрнатаўскія. A ў акулярах не было нікога.

Але самае галоўнае — бывай, мараходка! Які ўжо марак, калі яна пераблытала 3 з 9.

Ну, але на сушы таксама безліч цікавых заняткаў, акуляры можна не насіць, a толькі раз-пораз карыстацца імі. Да таго ж на пачатку i напрыканцы года заўсёды, акрамя кантрольных, была падзея, якая казытала ўяўленне. Збор дружыны.

Вогнішча на замку. З ранку світальна пелі горны. Вербел бубнаў нагадваў пра мушкецёраў, італьянскіх берсальераў, касінераў Каліноўскага, пра рыцараў тых часоў, калі ў ix горадзе адбываліся гераічныя падзеі.

Дане падабаўся цвёрды, рублены крок, урачыстая радасць, полымя кастра: „Рапарт здадзены!” — „Рапарт прыняты!”

Ці надавалі яны веры, калі адказвалі на заклік: „За справу Леніна-Сталіна будзьце гатовы!” — „Заўсёды гатовы!”? Яны мелі на ўвазе — гатовыя да барацьбы да справядлівасць. Ці былі кумірамі тыя правадыры? Безумоўна, не. Былі сімваламі нечага — так. Дыскутаваць ніхто не збіраўся. I задаваць пытанні — таксама. Таму лічылася, што ў каралеўстве, гэта значыць, у Саюзе, усё цудоўна. Дзед сваіх таямніц не раскрываў. Маці — таксама.

A ў касцёле ні сястра Малгажата, ні пані Магда не задавалі ніякіх пытанняў. Ці то загадзя выдаючы ёй індульгенцыю. Ці то лічачы, што ўсё прыйдзе сваім парадкам.

Што гэта было ў Даны? Своеасаблівы дуалізм? Легкадумнасць? Саўязычніцтва з хрысціянска-каталіцкай акрасай? Сумесь сацыяльнага верніцтва i нармальнай веры? Тады яна не задумвалася, а пазней адкінула адно i пакінула другое. Нe адкінуўшы i не адрынуўшы мінулае. Яно — было.

На думку Даны, усе ці амаль усе часы, хіба што за выняткам часоў вайны i помарачы, мелі нейкія знакі адметнасці i сваю акрасу. Сістэма... Дана мелася абыходзіць яе ўладныя высновы. Заўважаць i не заўважаць. Не лезці ёй на вочы, але i не прыстасоўвацца. Не ісці ў авангардах, не плішчыцца ў „маякі”, захоўваць свой унутраны суверэнітэт. Як i пазней, калі на нейкай адзнаке яе жыцця людзі сталі спачатку роіцца ў натоўпы мітынгуючых, потым наспела пара — пачалі хапаць маёмасць, ваяўніча настойваць на суцэльнай уладзе грошай, а нехта i на ўладзе зброі, не забываючыся галёкаць пра высокія ідэалы.

Ці бывяюць увогуле добрыя часы i добрыя ўлады? А змест быцця — не ў палітычных плынях. У рытуале прыроды, у паху зямлі, ва ўтульнай завесі туманоў. У слоіку з малаком. У бохане хлеба.

Хаця... ёсць моманты, калі здаецца, што кожная брама ўдзельнічае ў жыцці дзяржавы. І кожная шыльда, кожны плакат сведчаць пра статус палітычны, эканамічны, сацыяльны. Гаркам партыі. Выканкам. „Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!” „Прыорбанк”. „Філіпс”.

Чамусьці абавязкова ў самым прыгожым, самым прывабным месцы — нахабна, буйнамаштабна: „Павялічым надоі малака!” — на лінялай чырвані. А пры іншым рэжыме на тых жа прыгожых узгорках — як наўскапыта ўзняліся: „Мальбара”, „Кэмэл”, „Кока-кола”.

Былі лагеры, потым — нібыта ўтварылася суцэльная зона, дзе гаспадары жыцця ганддяры i крымінальнікі. Як на гэта глядзіць Анёл у ценю сваіх крылаў?

Сістэма... Дана часам адчувала ўсё ж яе ланцуговы хапок. У сёмым класе ўсе гуртам падалі заявы ў камсамол. I вось тут ачмурэлы троечнік Філіпенка, што заўсёды бессаромна спісваў у яе, абвясціў, што, па-першае, бацька Даны Азарэвіч немаведама дзе, прапаў без вестак — але ж адкуль ён, паскуднік, гэтую звестку вышкрабаў? Дана сном-духам не ведала, дзе ягоны, Філіпенкавы, бацька, хто ён, ёй гэта было нецікава. Па-другое — адкуль у гэтага слімака з'явіўся пафас? — дык вось, па-друтое, адзначыў Філіпенка, прымаюць толькі тых, хто нарадзіўся ў першай палове года, а Дана Азарэвіч з'явілася на свет толькі ў жніўні. Зноў — адкуль ведае? Яна яго ніколі на дзень нараджэння не запрашала. Дырэктар школы абурыўся, выдаў гнеўную філіпіку таму Філіпенку. Ажно „праўдашукальнік” давёў свае важныя „агентурныя звесткі” ў райкам камсамола. Прынятыя важна пачапілі адзнакі УЛКСМ. Дана сціпла адышла ўбок.

Пасля сёмага класа Філіпенка знік — упёкся, падобна, недзе ў тэхнікум. А Дану прынялі ў камсамол у ліпені. Усе былі на вакацыях, Дана зайшла ў райкам адна, атрымала білет, як звычайную паперчыну ў вокладцы, i спакойна рушыла дадому. Крыўды не было, не было i свята. З урачыстасцямі запраграмаванымі Дане не вельмі шанцавала. Не супадалі яны з нейкім рытмам светапарадку.

А што да Філіпенкавага выпаду i ўвогуле подласці, дык тут Дана так ніколі i не навучылася вялікаму мастацтву папярэджваць удар. Не навучылася недаверу i асцярожлівасці. У яе заставалася не толькі ахілесава пята. Гэтых пят было больш, як павінна быць паводле натуры. I ix можна было ўжыгнуць, параніць, падпаліць. I тады, мабыць, Анёл у ценю сваіх крылаў паглядаў на яе спагадліва. Ажно i з іроніяй. Ну, што? I калі ты навучышся разумець жыццё? Легкаверная. Легкадумная. Ідэалістка?


Вясна

Але ж затое якім хвілінам відавочна спрыяў Анёл! Зімой. Летам. Вясною.

Вясна звінела i ззяла ручаінамі, што дзелавіта i весела спяшаліся па Менскай, Гародзенскай, Слонімскай, Першамайскай. Сонца нібыта разляцелася на мноства аскепак-бліскавак i вырашыла кватараваць на зямлі.

Плылі званы Барысаглебскай i Мікалаеўскай цэркваў, нястомна прастуджанымі галасамі вялі гамонку вароны. Заканчвалася чвэрць, надыходзіў канікулярны тыдзень. Надыходзіў Вялікдзень. З урачыстымі тварамі людзей у касцёле.

З кнігай, якую дала чытаць пані Магда. „Аповесць пра адну душу”. Аповесць Святой Тэрэзы з Лізьё. I „здагадалася, даведалася, што кожны чалавек мае сваё прызванне i свой крыж... А святыя адным фактам свайго існавання ператвараюць зямлю граху, нянавісці i пакут у прыстанак праведнасці, любові i дабрачыннасці...”

Праз гады былі прылічаны да ліку святых назарэтанкі, пахаваныя каля касцёла, a сястра Малгажата, яе знаёмая сястра Малгажата была абвешчаная пакуль што блаславёнай. Можа, таму ля касцёла так любіла быць Дана? І адчувала — тут запаветны прыстанак душы, адчувала ўлонне вялікага жыцця Боскага i Натуры, у ix спалучэнні, i спрычынялася сваім абмежаваным чалавечым „я” да агромністай сакральнай Існасці, да субстанцыі Спрадвечнага. Дана не знаходзіла для гэтага слоў, яна адчувала толькі незвычайнасць i самадастаткавасць быцця. Боскае Хараство ў яго прастаце i адзінстве.

І нейкім чынам у гэтае адзінства ўваходзіў i гоман Першамая. І радасць вясны. Калі можна было скінуць паліто i лёгка рушыць у школу, адтуль на плошчу. А там рубілі рытмы аркестры, нешта крычалі з трыбуны, i яны, школьнікі, голасна вялі сваё „ўра”.

Ці меліся яны задумвацца над семантыкай фразы „свята працоўных”? Над значэннем лозунгаў i колерам штандараў? Не. Штандараў было мала, неслі больш кветкі, жывыя i папяровыя, нейкія стужкі, папяровыя ўпрыгожванні. I галоўнае — была вясна, было свежа-блакітнае неба, выпырсквала першае зяленіва, звінела сваімі песнямі птаства, гукала вясну.

Хараство правіла сваё свята. Прымавэра... Прымавэра... Вяртанне вясны. Пасля дэманстрацыі яны звычайна ішлі на замак, у парк. Спявалі. Гаманілі. Што спявалі? Пра што вялі размовы? Гэта не мела значэння. Істотным было тое, што прыйшла вясна. Яна была сугучная з ix гадамі. З ix светаадчуваннем. Яшчэ кожны дзень пачынаецца ўваходам у цудоўнае, існуючае Існае — рэча-існасць.

А экзамены, што былі наперадзе, — яны ix здавалі, пачынаючы з чацвёртага класа кожны год, — толькі нагадвалі пра іншыя бакі заведзенага парадку, надавалі раўнавагі. Не дазвалялі істоце падпарадкавацца выключна буйной весялосці ўваскросшай Натуры.


Хлеб цвярозых ісцін i водар шыпшыны

Экзамены давалі магчымасць падбіць рахункі. Пытанні — адказы. Урачыстая строгасць настаўнікаў.

Дана не задумвалася пра сістэму навучання, патрэбнасць ці непатрэбнасць нейкіх ведаў. Ёй падабалася размяркоўваць час так, каб, устаўшы на золаку, пасядзець ca сшыткам пытанняў на лаўцы каля касцёла, хуценька прагнаць у галаве адказы, a потым цэлы дзень быць вольнай. Рэпетыцыя канікул.

А потым пайсці на экзамен — сабранай, падцягнутай, „у поўным узбраенні”. Ёй гэта выдавала рэпетыцыяй галоўнага ў жыцці. I здавалася, як на экзаменах у школе, усё будзе справядліва i паводле правілаў. Пазней высветлілася, што школа — i універсітэт — ці не самыя справядлівыя ўстановы на свеце. Усе маюць аднолькавыя шанцы. У жыцці ўсё было інакш. Адным давалі аблегчаную праграму, другім — найскладанейшую. A выстаўлялі ацэнкі па адваротным прынцыпе або цягнулі „экзамен”, што бойку баксёраў-прафесіяналаў: да поўнай крывавай перамогі ці паражэння. Або — расцягвалі экзамен даўжынёю ледзь не ў жыццё. Здавай — не здавай, усё застаецца на месцы. I табе задаюць бясконцыя пытанні, a адказаў тваіх не чуюць, ды i нікому не патрэбныя тыя адказы. I падазроная алгебра часу вымалёўвае формулы, якія не пацвярджаюць аніякіх заканамернасцяў. I ты аказваешся ў магічным полі будзёншчыны, дзе пануюць постаці адміністрацыйнага абсурду i хімеры канцылярскай руціны.

Там — пад аховай Анёла ў ценю сваіх крылаў — усё ішло сваім парадкам. Экзамены праходзілі, як добра падрыхтаваны парад. Наступная пахвальная грамата займала сваё месца недзе ў матчыных сямейных аналах. А наперадзе былі канікулы.

...Тым летам пры школе быў так званы летні лагер. У піянерскія лецішчы атрымлівалі пуцёўкі тыя, хто быў, так бы мовіць, за пэўнай рысай матэрыяльнай неўладкаванасці. Для „заможных” зрабілі такія сходкі.

Яны прыходзілі ў „піянерскі пакой”, дзе быў сцяг дружыны, бубны, горны, шахматы, шашкі. 6-ты, 7-мы, 8-мы класы. І — хто гуляў партыю ў шахматы ці шашкі, хто ішоў у бібліятэку, хто проста перакідваўся словамі. Ніякага мячыка, ані валейбольнага, ані баскетбольнага, ані фугбольнага. Пару гадзін яны тут бавілі час i выпраўляліся дамоў, калі не хадзілі ў Літоўку палоць лён.

Галоўнае ж было ў перспектыве: паходы на шклозавод „Нёман” у Бярозаўку i — у Гародню i Слонім. Былі то, безумоўна, экскурсіі. Але ж яны адвольна выкарыстоўвалі значэнні слоў. Да таго ж паход — гэта гучала рамантычна, ад слова нiбыта патыхала дымам вогнішчаў, пылам шляхоў прыгод, водарам невядомага. Экскурсія — тут было нешта нудотна-школьнае i нецікавае. I хаця ўсе яны зроду не былі ні на адной экскурсіі, ажно a priori адмяталі тое слова. Паход. Толькі паход.

I вось золкім ранкам, а шостай гадзіне, выправіліся ў Бярозаўку. Машыну далі мясцовыя вайскоўцы: трохтонку, мабыць, добра пабітую яшчэ на шляхах вайны, з высокімі бортамі i без аніякага брызенту. Toe, што трэба. Дана апынулася каля самай кабіны — i гэта быў край асалоды: ухапіцца аберуч за борт i адчуваць на твары вецер, а часам i „прывітанне” бяроз. „А нука, песню нам спявай, вясёлы вецер...” Вецер быў вясёлы, меў вандроўніцкі, свавольны характар i відавочна сведчыў пpa пачатак незвычайнай прыгоды. Вецер вандраванняў. Машына ix ляціць недзе ў плыні часу, i гэтая плынь — у водары шчаслівых выпадкаў, у яркіх фарбах быцця, у мройлівай завесі загадак.

Вытрусіўшы ўсіх ix за борт, пералічыўшы, Ніна Мікалаеўна выправілася з імі на гуту. I яны глядзелі на агонь, на плаўленае, цягучае, яшчэ не зацвярдзелае шкло, і, здаецца, мала хто ўяўляў тую прыгажосць, што атрымліваецца ўрэшце. У цэх гатовага шкла ix не вадзілі — Ніна Мікалаеўна баялася — не дай Божа, скінуць пейкі келіх. Ці ёй увогуле хацелася хутчэй паставіць чаканы „крыжык” i звесці „мерапрыемства” да той жаданай рысы, дзе яе прысутнасць будзе ўжо чыста сімвалічнай?

Увогуле чалавека, менш прыставанага па складу натуры да працы, якой Ніна Мікалаеўна займалася, было цяжка знайсці. Старэйшая піянерважатая... Хваравітая жанчына, яна баялася скразнякоў, не любіла тлуму, не ведала, што рабіць з гэтымі башавэлкамі, якія, не паспеўшы выйсці за браму гуты, паляцелі да Немана. Ніна Мікалаеўна відавочна пакутавала, седзячы на беразе. На яе твары было выпісана: вада халодная, віры, плаваць як след ніхто не ўмее — дзе ж у ix сухапутным горадзе навучыцца? Толькі ручаіна — ногі памачыць, i то курыцы. Ды дзве сажалкі, ацягнутыя шламам; ніхто i пад прымусам туды не ўлезе.

Выручылі яе дзяўчаты, што назбіралі недзе на лутавіне шчаўя. Гатаваць абед — той кон выцягнула, безумоўна, Дана. Яна мужна ўзялася мыць шчаўе i абіраць бульбу. Хіба можна каму прызнацца, што яе да пліты Ніна i зблізу не падпускала? Усё з тым жа знішчальным прысудам: „Рукі як граблі”. Але парадак працэдуры Дана назірала, асабліва як каля пліты завіхаліся маці або Луіза Генрыхаўна. Бабухнула ў вар тушонку, бульбу, цыбулю, урэшце — шчаўе.

Затое вогнішча было пад неба — кастравымі былі Толя Буланаў i Лёня Латун. Нацягалі хворасту, хмызу — хоць барана засмажвай. І Дана рабіла выгляд, што ёй весела глядзець на гэтае вогнішча i ўвогуле, што яна кожным днём гатуе абед: пра што гаворка. Самой працэдуры ўжывання гатаванага Дана чакала, як прысуду. Божухна мой, якая будзе ганьба! Матчына пястунка — не ўмее поліўку зрабіць! Але, падобна, ніхто не быў асабліва патрабавальным гурманам. Усё з'елі, ніхто ў Нёман не выліў. Памілавана! Мабыць, Анёл у ценю сваіх крылаў паспрыяў тут, i не на жарт! У жыцці Дана навучылася пазней гатаваць неяк неўпрыкмет, сама. Набыла спрыту нават на выштукоўванні французскай кухні, але любові да гэтага занятку не займела. Хіба што на святы — але не кожным днём! I чамусьці засталося ўяўленне, што яна некага ашуквае сваім кухарствам.

Тады на Нёмане яна, адбыўшы сваю радоўку, уздыхнула з палёгкай. Зноў ладзілі вогнішча, але Лёня Лагун умеў падпаліць яго так, нібыта ўсё жыццё ў лесе пражыў. Ён усё ўмеў, гэты Лёня, начальнік паходу. Быў ён на год старэйшы за Дану, але пачуваў сябе чалавекам сталым. Разоў з дваццаць падцягваўся на турніку, па бервяне спартыўным хадзіў, што на асфальце. Да таго ж насіў непадробна выцвілую бацькаву пілотку. I меў яркія блакітныя вочы. Чаму ён быў начальнік паходу, дзе i хто знайшоў такі „чын”, ніхто не ведаў. Можа, быў такі рэскрыпт у Ніны Мікалаеўны? Лёню ніхто не выбіраў, але нікому i ў голаў не стрэліла б пярэчыць: ён адпавядаў сваёй „пасадзе”.

I, безумоўна, яму i Дане (актывістка, выдатніца, член савета дружыны) Ніна Мікалаеўна даручыла несці нейкія пакеты на шклозавод. Яны адчувалі сябе так, нібыта ішлі немаведама з якім важным даручэннем. Нават гаварылі спачатку шэптам. Але занёсшы тыя пакеты, адчулі сябе людзьмі вольнымі. I пайшлі ўжо зусім паволі i паважна між соснамі пасёлка. Тым часам стала добра прыпякаць. А Лёня, каб напіцца, купіў збан малака. Навошта? Так прызвычаіўся? Ці хацеў выглядаць у вачах сваёй спадарожніцы самастойным чалавекам? Дана ад малака адмовілася, i Лёня стаў качаць ваду з калонкі, заліўшы з галавы да пятаў i Дану, i сябе. I потым яны, мокрыя i вясёлыя, ішлі вуліцай i ніяк не маглі спыніць свой дурны i неадольны смех. Такі смех амаль з нічога бывае толькі ў юнацтве i маладосці, потым гэтая здольнасць знікае, i ўжо назаўсёды. Ці не ва ўсіх?

I адбылося — свята? Дзіва? Будзённым днём. На звычайнай вуліцы пасёлка Бярозаўка. Крыху адстаўшы ад Даны, Лёня недзе сарваў ружу-шыпшыну i паднёс ёй. Ад нечаканасці i радасці, яшчэ немаведама ад чаго Дана залілася чырванню, мабыць, да пят. Гэта быў не букет, не кветкі з нагоды... Была адна пунсовая ружа. Як знак. Як сімвал. Першая кветка, паднесеная... рыцарам? кавалерам? Знак чаго? Будучага? Знак прадчування?

„Кругом шиповник алый цвел, стояли темных лип аллеи...” Калі пазней Дана прачытала гэтыя радкі, яна згадала той гарачы ліпеньскі дзень, ружу i ix — пасярод шэраговага рабочага пасёлка. Не было ліпавых прысад. Не было нейкага знаку з нябёс — мабыць, Анёл у ценю сваіх крылаў палічыў непатрэбным сваё ўмяшанне. Але цвіла шыпшына, i густа пахла хваіной...

A ўвечары дзяўчаты, што перайшлі ў дзевяты клас (Дана была за ix на клас маладзейшая), спявалі нейкую трывожна незнаёмую песню: „Гвоздики алые, багряно-пряные, вчера их вечером дала мне ты, а ночью снились мне сны небывалые, мне снились алые цветы любви...” А далей было нешта зусім таемнае i недазволенае(?). Дана ўжо прачытала „Рамэа i Джульету”, але ix чатырнаццаць гадоў не суадносіла ca сваімі чатырнаццаццю. I ёй выдавала нечым надзвычай далёкім, i таямнічым, i прыцягальным гэтае: „Мне снилось, будто бы она, усталая, склонила голову на грудь мою. И эту девушку с глазами синими, с глазами нежными с тех пор люблю”. Гэта было яшчэ недзе далёка наперадзе i дражніла будучай трывогай i нечым недасягальна таямнічым.

Пакуль жа яны, падзяліўшы клас, дзе спалі, партамі, перакідаліся з той палавінай, на якой былі хлопцы, падушкамі i „незабыўнымі” тапкамі-гумоўкамі, смяяліся да хрыпаты, а потым паснулі на гімнастычных матах. I Дане трызпіліся ў сне нейкія дзіўныя кветкі. Гваздзікоў яна яшчэ ніколі не бачыла нават на малюнку, не, бачыла ў фільме „Петэр” белыя гваздзікі ў пятлічцы, але тыя, з песні, „багряно-пряные”, то было нешта зусім іншае, i Дана бачыла ў сне нейкі гібрыд шыпшыны, ружы i півоніі. Такога відавочнага крыміналу, як „склонила голову на грудь мою”, Дана не ўяўляла сабе ні наяве, ні нават у сне — яна ж не Бекі Тэчар, што цалавалася ў дванаццаць(?) год. Аднак у яе сне, акрамя дзівосных кветак, яна бачыла Лёню Латуна... Ён быў дарослы, у нейкім прыгожым адзетку, i качаў ёй ваду з калонкі. I лілася вада — блакітная, празрыстая, чыстая-чыстая... I Дана ўсё хацела ўхапіць ваду ў прыгаршчы i напіцца, а вада лілася з рук...

Колькі вады той пралілося міма рук Даны...

Ну, a ў тым далёкім часе ў Бярозаўцы раніцой Ніна Мікалаеўна пайшла па машыну. Ці то тэлефанаваць, ці то дамаўляцца. А яны спявалі, што душы заўгодна: „Па вуліцах кіруе вясёлае звяно...”, „Ой, цвіце каліна”, „У краіне далёкай Поўдня...”

Песенькі мелі поспех, але публіка стала, нервавацца. У Лёні, у адзінага, быў наручны гадзіннік. I гадзіннік ягоны сведчыў, што сышла Ніна Мікалаеўна a дзевятай гадзіне, а зараз ужо тры гадзіны аполудні. Ніну Мікалаеўну не тое каб не любілі, аднак любові да яе не адчувалі. Вечныя недазволы, кволасць, панурасць, вечнае бурчэнне — цэлыя два дні. А тут на табе — сышла, i духу не чуваць. Дэмакратычна — не аднагалосна, але большасцю галасоў вырашылі ісці з Бярозаўкі пешшу. Нейкія дваццаць кіламетраў. Засталося некалькі чалавек. Астатнія — вырушылі. На чале з Лёнем. Безумоўна, у праходку кінулася i Дана.

Кіламетраў праз дзесяць ix дагнала машына. Можна сабе ўявіць, як нервавалася з-за ix, урвісаў, Ніна Мікалаеўна. Калі б што здарылася! У летні лагер і, зразумела, у паход выпраўляліся „дзеткi”. Бацькі ix не парушалі незанатаваных нідзе законаў. Пуцёўкі маламаёмасным, дзецям загінуўшых, дзецям інвалідаў. Свае дзеці — абыдуцца. Ці былі бацькі ва ўсім такія справядлівыя, хто ix ведае, ажно тут ніхто ім пальцам не змог бы тыцнуць. То з Бярозаўкі вырушылі „дзеткі” партсакратароў, старшыні райвыканкама, кампалка, ваенкама, нейкіх дырэктараў, нейкіх начальнікаў...

Ніна Мікалаеўна была абураная. Паводзінамі Лёні Латуна i Даны асабліва. I мела рацыю. Яна ім давярала. Даверыла...

Дана i адчувала за сабой правіну i не. Занадта ж быў казытліва прывабны водар прыгоды, сапраўднай прыгоды, каб пазбыцца яе. Ну, якое ж вандраванне без неспадзеўкі! Да таго ж пасля паходу Дане сталі званіць. Увогуле ўдзельнікі паходу далі працы мясцовай тэлефоннай станцыі. Тэлефон на кватэрах у горадзе быў мала ў каго, але ва ўдзельнікаў паходу быў ва ўсіх. I акрамя ўражанняў ад першага паходу дадаўся клопат пра падарожжа будучае.

A людзі, што прыходзілі на замак, бачылі там хлопца з артылерыйскім біноклем. Гэта быў Лёня. Ён глядзеў на ваколіцы. I на дом Азарэвічаў. На Данчын балкон. Амаль як у п'есах „плашча i шпагі”.

У Слонім i Гародню з імі паехала дзяўчына з райкама. Маладая, здаровая, вясёлая. „Дзеці”, — гаварыла яна. I яны не крыўдавалі. Iм падабалася бадзёрасць Кацярыны Васілеўны, яе чорны бант на тоўстай касе, яе нястомленасць жыццём. Усе яны былі па-юначы жорсткія i па-юначы наіўныя. Дзеці...

У Слоніме хадзілі на фабрыку кардону „Альберцін”, дзіваваліся на вербы над Шчарай, у цягніку „шпацыравалі” па паліцах вагона, не спускаючыся на падлогу — у трэцім ярусе гэта было вельмі зручна рабіць. А ix, старэйшых i вышэйшых ростам, запхнулі на трэцюю паліцу: білеты былі купленыя дзіцячыя.

У Гародні, ашалеўшы ад грому на тонкасуконнай фабрыцы i смуроду на тытунёвай, Дана зразумела — не, яна ні ў якую індустрыю не пойдзе. Ніколі. Затое з'явілася яшчэ адна спакуса. Не тое каб мара ці там больш пэўны намер. Але — гульня ў гульню.


Шпага Сірано

Пачалося гэта ў горадзе Гародні. Ці, мабыць, у гульнях — раней. Але тады, у паходзе, яны пабачылі горад над стромай гарой. Віраваў пад гарой Неман, a ў горадзе былі каналы, масткі над імі, паркі i дамы, усе апавітыя хмелем i дзікім вінаградам. На ўсё жыццё ён застаўся адным з самых любімых гарадоў Даны. Не малы i не вялікі, утульны i зялёны, чысцюткі i дагледжаны. Прыгожы.

За адным з каналаў ці то прытокам Нёмана месціўся старасвецкі белы дом. У ім было мноства драўляных крэслаў i — таямнічае збудаванне: сцэна. З сапраўднай заслонай. I сапраўднымі акцёрамі.

Тэатр...

Прынамсі, тутэйшая трупа недзе давала спектаклі, была на гастролях. Слова якое! А тут — зноў жа — гастралявалі Алісава i Марцінсон. Зімою Дана бачыла ix у „Беспасажніцы”. У кіно. Безумоўна, Дана лепш зірнула б на Кторава — Паратава. Злодзей, але... Ну, аднак, Бог з ім, з Кторавым. Ад саміх гэтых словаў — спектакль, гастролі, заслона — патыхала нечым незвычайным. Нібыта яна, Дана, наблізілася ну, скажам, да цудадзейнай чары... Граля? Не, мабыць, чары, у якую ўлілі напой, дзе размяшалі дзіўную рэальнасць, падобную i не падобную да той, дзе існавала Дана.

I вось адтуль, з той рэальнасці, выходзіла актрыса Алісава і вяла рэчытатывам: „Мне говорил он...”, „Но... не любил он...” Фільм „Беспасажніца” не так каб вельмі спадабаўся Дане, яна не разумела, чаго было паміраць па Паратаве. Як не разумела на тую пару безвыходнай самоты чэхаўскіх сясцёр: „У Маскву! У Маскву!” А чаго ж не паехаць? Вось д'Артаньян, тут усё зразумела, схацеў у Парыж, сеў на каня ды i рушыў! Хаця i канёк быў нягеглы, i экіпіроўка тандэтная, i грошай — з антонаву слязу. А тут ужо i цягнікі хадзілі, у часы Чэхава. I былі сёстры Прозаравы не бяднейшыя за знакамітага гасконца.

I Гражына — тут таксама ўсё было зразумела. Крыху пазней Дана далучыла да яе яшчэ Ларысу Рэйснер. Паэтка, камісар волжскай флатыліі, журналіст, жанчына-легенда...

Пазней Дана i зразумела, i спазнала i драму Прозаравых, i кола дзён i рэзрух душы Ларысы Агудалавай, але недзе ў душы засталіся старыя сімпатыі да Гражыны, Ларысы Рэйснер, несмяротнага гасконца.

Тады, у Гародні, яе пачало цікавіць дзейства само па сабе. Гульня, відачынства, „лицедейство”. Як падзеі, што нібыта ёсць адбітак жыцця, але i нешта, што вышэй за нормы звычайнага, упарадкаванага i падпарадкаванага жыцця.

Выходзіла акцёрка. Жывая. Не на экране. Жанчына з нейкім сваім жыццём, але i адстароненая ад яго. Маючы повязь з прысутнымі — гледачамі — i адстароненая ад ix. Відовішчам, дзействам, пачуццямі, яе, неад'емным, i чужым. Вось з'яўляецца прыгожая жанчына, у прыгожым адзенні, бярэ ў рукі гітару. Дана ведае, што будзе за гэтым. Але тое не мае значэння. Яна ловіць гукі голасу акцёркі, ёй падабаецца менавіта яе „ігра”. Дана адчувае, што яна нават не суперажывае, як то бывае, калі яна чытае. Ёй падабаецца сам працэс гульні. Дана не губляе свайго „я” i адчувае тыя „я”, што прапануе акцёрка ў сваёй канцэртнай праграме. A Марцінсон яшчэ больш пацвярджае гэту норму выключна сцэнічных паводзін. Ён відавочна пасмейваецца над сваімі героямі. А яго шматлікія прыпадабненні толькі падкрэсліваюць гэта.

I вось яны выходзяць на паклоны. Алісава прымае кветкі. Жанчына. У вэлюме ўсмешак. І ўсё ж не проста жанчына. Яна можа Мяняць сваё аблічча. Свой жыццёвы статус. Перажываць чужое жыццё. I жыць чужым жыццём наноў. Яна можа нават паміраць. I жыць зноў. Актрыса!

У ix горадзе было толькі кіно. Жывых артыстаў ніхто не бачыў. Прынамсі, тыя, хто вырас там, як яны. I пад уражаннем відовішча назаўтра яны з Нэляй Рабаненка пайшлі гуляць, адмовіўшыся ад экскурсіі ў заапарк. Дана не хацела бачыць жывёл за кратамі, а Нэля прыехала з Масквы і, фыркнуўшы, запярэчыла, што яе ў заапарк вадзілі ледзь не штодня.

Нэля ўвогуле была чалавекам, на якім ляжаў адбітак адметнасці, прыналежнасці да таго, чароўнага свету. Яна прыехала з Масквы i хадзіла там не толькі ў заапарк, a i ў тэатр. Адзіны Данчын „выезд” у менскі оперны ў разлік, безумоўна, не браўся. А самае галоўнае, Нэля была знаная школьная прымадонна. Яна ў сапраўдных пуантах рабіла сапраўдныя фуэгэ i іншыя балетныя па. Здараліся i збоі, але на тое ніхто не зважаў: ці то баяніст не трапляў пад рытм сваімі годнымі яе сталічнай пагарды местачковымі вальсамі (во каб Чайкоўскі! — даводзіла свою правату Нэля), ці то ўсё ж Нэля не ўмела падкіравацца пад пэўныя такты. Аднак так ці інакш Нэля мела не абы-які поспех на школьнай сцэне. Ну, а Дана, не прэтэндуючы на суперніцтва, брала сваё лезгінкай i „Балеро”. Чэшскую полечку — „Цыганачка смуглая, смуглая...” — яны танчылі разам i таксама „зрывалі апладысменты”.

I, безумоўна, сталічная „штучка” Нэля надала смеласці i Дане. Калі яны падышлі да будынка тэатра, яна, Нэля, кранула ручку — адчынена. Увайшла. I правінцыялка Дана — за ёю. Нэля — святакрадства! — узлезла на сцэну. Потым села на стул — мабыць, не прыбралі з вечара — i пачала спяваць: „Мне говорил он...” Тут Дана ўжо не магла стрываць. Закінуўшы за печку сваю правінцыйную сціпласць, яна ўзбілася на сцэну i выдала ледзь не ўвесь свой наяўны „рэпертуар”. Стрымана стагнала раманс Ларысы, выструньвалася пад уласны голас ў „Балеро” i нават пачала было арыю Разіны... Але тут, мабыць, цярпенне ў тых, хто слухаў i назіраў, скончылася, i яны пачалі бурна апладзіраваць. Гэта былі Алісава i Марцінсон. Што рабіў тым часам Анёл у ценю сваіх крылаў? Мабыць, ён застаўся апекавацца родным горадам i з далечыні i вышыні сваёй паціху пазіраў, як акцёры выконвалі ролю добразычліўцаў i прыхільнікаў маладога пакалення. У кожным выпадку — яны далі дзяўчатам свае адрасы. I нават узялі ў дзяўчат ix каардынаты.

Дана не чакала лістоў. Хіба жыхары Парнаса — ці якой гэта ў дадзеным выпадку гары? — пішуць лісты смяротным? Сама яна таксама не пісала. Таму што ніколі нікому не навязвала сваю прыязнасць i прыхільнасць. Да таго ж Марцінсон не выдаваў на амплуа ні сацыяльнага героя, ні героя-аманта. Хіба ён мог быць Гамлетам, Карлам Маорам ці Рамэа? Дана тым часам „глытала” Шэкспіра i Шылера — i даравала прынцу дацкаму ягонае „быць альбо не быць”. Усё ж урэшце выявілася — быць, быць, быць.

Роля Пячорына таксама не ўваходзіла відавочна ў рэпертуар Марцінсона. Так што можна было спакойна вучыць урокі i думаць пра ўласнае жыццё. Тым больш што жыццё давала такую магчымасць.

У ix з'явіўся новы класны. Матэматык. Падобны да Дружнікава. На першым жа школьным вечары высветлілася, што ў яго выдатны барытон. А на першым жа класным сходзе ён прапанваў паставіць п'есу. „Белы анёл”. Паводде Кальма. На ролю хлопчыка-негра ўсе аднагалосна прапанавалі Дэвіка — парык не патрэбны, у яго кучаравыя валасы. Роля Анжэлы — „белага анёла” — дасталася Дане.

Ідэя п'ескі Кальма была вельмі модная. Тады „па тэатры” праблема расавай сегрэгацыі была ў пашане, як i „расейскае пытанне” — там дзейнічалі добрыя негры i злосныя белыя, былі агенты ФБР, прагрэсіўныя журналісты i двуаблічныя i прыгожыя „міс”.

Неграў шэраговыя грамадзяне тады бачылі хіба што ў фільме „Цырк”, наконт дзейнасці замежных журналістаў ведалі мала, але казытала ўяўленне сама выява „амерыканскага” жыцця, існаванне нейкага іншага свету. Тым больш што паводле п'есы Дане наплойвалі ў локаны валасы, па тым часе — неверагодная вольнасць на фоне прабораў i гладка ўчасаных косаў. Да таго ж Дана — Анжэла апранала матчыну белую блузку са складкамі i сваю ружовую маскарадную спадніцу. I — як Дане здавалася — ператваралася ў капрызлівую, ганарлівую, далёкую дзяўчыну з Амерыкі. I, як умела, „выкрывала” сапраўдную сутнасць „белага анёла”.

На рэпетыцыях сам класны паказваў Дэвіку — што, як, да чаго. I гэта было вельмі цікава — калі строгі i, здавалася, скрозь у аксіёмах i тэарэмах, Аляксандр Якаўлевіч бегаў, скакаў, крычаў. I нават прасіў — яе, вучаніцу. Белага анёла з Далёкай Амерыкі. Усё ж калі Аляксандр Якаўлевіч спяваў, ён быў далека, на сцэне, ва ўладзе тых гукаў, што звычайна чуліся толькі па радыё, а тут ён нібыта сыходзіў з настаўніцкага п'едэстала. Які ўсё ж для Даны быў непарушны. Ці то выхаванне, ці то самі настаўнікі, ix стыль паводзін, ix уменне трымаць дыстанцыю — але для Даны яны заўсёды былі тым, кім былі па сваёй службе. Ix можна было любіць ці не любіць, паважаць ці не паважаць, але ў межах вызначаных канкрэтнымі рэаліямі каардынат. У тым арэале, які быў любімы, неад'емны, абавязковы — школа. Ix школа. Сярэдняя № 2.

Настаўнікі былі цікавыя i менш цікавыя. Адны заставаліся надоўга ў памяці, іншыя знікалі хутка. Характарыстыку, якую напісала ў чацвёртым класе Дане ix Ганна Цярэньеўна, яе вучаніца памятала ўсё жыццё: „Характар прамы, настойлівы, але вельмі крыўдлівы”.

I ўсё жыццё помнілася строгая пастава Раісы Навумаўны, яе прыгожы сіні гарнітур. I мяккая ветлівасць Зінаіды Захараўны. I прыкметная постаць Марыі Васілеўны. І ўрокі фізікі Kiрыла Міхайлавіча Карчэўскага, дырэктара i яе заступніка перад Філіпенкам.

І — было ўзрушэнне. Яна, не падобная ні на каго.


Маланка індывідуальнасці, або імператыў Цэзара

„Прыйшоў, пабачыў, перамог”. Гэты імператыў Цэзара, як i Гегелева „маланка індывідуальнасці”, — стасаваўся да яе — Ніны Рыгораўны.

Яна прыйшла да ix у сёмым класе, разбурыўшы ўсе стэрэатыпы ўяўленняў пра настаўніцу. Стандартызаваны выгляд выкладчыцы быў патрактаваны ў адным са шлягераў тых год: „с седыми прядками, над школьными тетрадками...” Ну, a калі яшчэ не было сівых косаў, дык цёмны гарнітур ці сукенка — гэта ўжо было нормай, эталонам, адзіна прынятым стылем, добрым тонам.

Ніна Рыгораўна з'явілася ў белай блузе — гэта не пярэчыла завядзёнцы. Але — гвалт над школьна-грамадскім густам! — у ярка-пунсовай спадніцы, шыкоўнай, шырачэзнай, такую спадніцу магла б насіць Кармэн. Як i тыя квяцістыя, стракатыя строі, што пазней апранала выкладчыца рускай мовы i літаратуры. Здаецца, настаўніц рускай літаратуры „за вочы” прыязна клікалі „русалачкамі”. Ніна Рыгораўна „русалачкай” не была. Валасы — што смоль, тонкія, нават вытанчаныя рысы твару. Вострыя, жывыя, пранізлівыя вочы. Рухі — рэзкія, нечаканыя. Уся яна — прыгожая. Падкрэслена яркая. Пераможная. Ззяючая.

A ідучы ca школы, яны бачылі Ніну Рыгораўну — што сышоўшую з партрэта красуню мінулага стагоддзя. Дане яна здавалася падобнай на партрэт Варанцовай-Дашкавай — быў у першым томе блакітнага чатырохтомнічка Лермантава. Паліто ў талію. Чорны велюравы капялюш-цыліндр. Тая ж непадробна арыстакратычная пастава, што ў гераіні лермантаўскіх часоў, такая ж — даланямі ахапіць — талія. Тая ж недасяжная яркая краса.

Гэта на фоне настаўніцкіх малавыразных адзеткаў, на фоне ix, вучнёўскіх, шараварчыкаў i пераніцаваных, перашытых, падлатаных сукенак. На гэтым сірочым, шэра-сінім фоне з'явілася Ніна Рыгораўна.

Ці было гэта педагагічна? Ці не было тое выклікам? Адно было пэўна — яна стварыла ў школе атмасферу свята, незвычайнасці, рамантычнай узнёсласці. Артыстызму.

Таму што ўрокі яе былі такімі ж яркімі, святочнымі, як яна сама. Урокі Ніны Рыгораўны былі лекцыямі, канцэртамі. Як пазначылі б напрыканцы стагоддзя — ток-шоў.

Ніна Рыгораўна вяла восьмыя-дзесятыя класы. Ix сёмы, як пэўніла Нэля Рабаненка, Ніна Рыгораўна ўзяла, таму што тут мела гонар вучыцца яна, Нэля, дачка кампалка. Муж Ніны Рыгораўны быў ці то ягоным намеснікам, ці то проста падначаленым. Так ці інакш — Нэля з'ехала з горада напрыканцы другой чвэрці, a Ніна Рыгораўна засталася. У сёмым класе, у восьмым, у дзевятым, у апошнім — дзесятым... Засталася на ўсе школьныя гады. На ўсё жыццё...

А тады ў школе пачалася эпідэмія. Пандэмія нават. Усе дзяўчаты хацелі быць настаўніцамі. Усе рушылі на філфак. Не абышло гэта i Дану. Але пазней яна здрадзіла, скончыўшы яшчэ i факулыэт мастацтвазнаўства. I пакінуўшы літаратурныя сцежкі.

Тады, упершыню ўвайшоўшы ў ix клас, першага верасня пяцьдзесят другога года, Ніна Рыгораўна прамовіла, нібыта адчыніла заслону: „Тэма сённяшняга ўрока — біяграфія Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна”. Дана пра сябе пазяхнула: „Ну, гэта мы ўжо даўно ведаем”. Іранічнае стаўленне Даны мела пад сабой дзве падставы. Першае — ваяўнічае ігнараванне, невуцтва яе трынаццаці гадоў, калі біяграфія ўяўлялася, паводле высноў ix былых настаўнікаў, як некалькі дат, некалькі фактаў з падручніка i некалькі партрэтаў з падручніка i хрэстаматыі. Другое — Дана бачыла новую настаўніцу летам. У абставінах зусім не акадэмічных. Яны з маці зайшлі ў мясную лаўку да Палонскага. Нейкая жанчына прыдзірліва пераварочвала кавалкі мяса. Палонскі цярпліва чакаў — новая кліентка. Потым вельмі лоўка зманіпуліраваў тымі акарачкамі, нешта закінуў пад прылавак, нешта вывалак з-пад яго. „Во, гэта зусім іншае”, — узрадавалася пакупніца. A Палонскі, здаволены, потым пасмейваўся: „Я ж перавярнуў той самы кавалак, які яна дзесяць разоў глядзела”. Маці тактоўна змоўчала. Дана ж пра сябе адзначыла — не ўсім даецца навука Луізы Генрыхаўны i Ніны. Хаця сама Дана доўга яшчэ не ўмела адрозніць свініну ад ялавічыны, а кумпячок ад паляндвіцы. На яе скепсіс тое, аднак, не паўплывала. I, пабачыўшы, да каго на вуліцы выкіравалася жанчына, адзначыла: „Адразу відаць, што жонка вайскоўца”.

Жонак вайскоўцаў, акрамя Кацярыны Пятроўны, вельмі нетыповай жонкі, Дана не ведала. Хіба што бачыла здалёк на кірмашы. Ці заходзячы да сябровак у ваенны гарадок. Там яна чула нязвычныя для вуха, бясконцыя: „Тань, а Тань”, „Мань, а Мань”. I аповеды дзяўчат: „Пошла я к тёть Даше”, „Мы с дядь Колей”.

Там былі ў пашане падрабязныя гаворкі пра вышыўку гладдзю, пра тое, якія сарафаны шые маці Толіка Савелава, яшчэ пра нешта, натуральнае, будзённае. Аднак было ў гэтым нешта няўлоўнае, што не падабалася Дане. Адчуванне нечага накшталт каставай адасобленасці. Каставай вызначанасці? Toe, што выяўлялася ў адной, звысака прамоўленай фразе: „Вы, местные...” Галоўнае тут было ў гучанні, інтанацыі — з адценнем пагарды i ўласнай перавагі. Маўляў, мы іншапланетныя i сапраўдныя, а вы: „Местные...” I тут Дана заўсёды адчувала — не мае значэння, што яна нарадзілася на далёкім паўвостраве. Гэта выпадак. Яна — мясцовая, тутэйшая. Гэта рэальнасць. Паводле дзедавых высноў — шчаслівая рэальнасць.

Так што ў Дане сядзела ўжо, так бы мовіць, саркастычна-іранічная вакцына. Ці, хутчэй, месціўся дзейсны, жывы, атрутны мікроб недаверу. Але ўрок пачаўся — i голас настаўніцы не даваў магчымасці запаўзці глыбока ў сваю шчарупку i думаць зноў жа пра нешта сваё. Асабліва седзячы на першай парце.

Голас чапляўся, знаходзіў Дану, прымушаў слухаць. I Дана не заўважыла, калі i куды падзеўся той мікроб. Яна слухала — пра ліцэй, пра Кюхлю, пра сям'ю Раеўскіх, пра дачу ў Гурзуфе, пра Адэсу, пра губернатара Варанцова, пра сустрэчу з Міцкевічам, пра...

Я жил тогда в Одессе пыльной...


Там долго ясны небеса.


Там хлопотливо торг обильный


Свои подъемлет паруса;


Там все Европой дышит, веет.


Все блещет югом и пестреет


Разнообразностью живой.

Ніна Рыгораўна цытавала i цытавала. Па памяці. Пазней Дана зразумела — настаўніцы, мабыць, быў асабліва блізкі позні Пушкін. Увогуле — больш эпічна-іранічны бок яго таленту, яго натуры. Калі яны „праходзілі” „Яўгена Анегіна”, Ніна Рыгораўна ледзь не ўвесь раман у вершах цытавала па памяці. Прымушала вучыць ix. Усе, нават тыя, хто далей траяка па літаратуры не сунуўся, маглі „шыкануць” строфамі ca знакамітага твора. I прачытаць па памяці не толькі:

Мой дядя самых честных правил,


Когда не в шутку занемог,


Он уважать себя заставил


И лучше выдумать не мог...

Але i тое, што запомнілася тады, а зразумелася пазней:

Но я плоды своих мечтаний


И гармонических затей


Читаю только старой няне...

У школе з'явіўся драматычны гурток. Першыя займелі поспех i ўлаўраваліся мясцовым прызнаннем дзесяцікласнікі. Яны ставілі „Юбілей” i „Мядзведзя” Чэхава. I шалёныя апладысменты здабылі Мая Гадзіён i Рая Кашэльнікава. Яны, з сёмага „Б”, глядзелі. Смяяліся. Пляскалі ў далані да болю.

Потым нейкі час увагу забраў струнны аркестр, спевы Воўкі Сяліцкага з дзевятага i чачотка Толіка Сафіенкі. Струнны граў усё — ад „Касіў Ясь канюшыну” да папуры з балетаў Чайкоўскага. Сяліцкі, праігнараваўшы рэпертуар усіх модных айчынных спевакоў, ад Уцёсава да Бунчыкава, прасвяціў публіку амерыканскім кантры i песенькамі Джо Хіла: „Однажды забастовку объявили мы опять, лишь Кейзи-машинист один решил не бастовать...” Асабліва падабаўся ўсім прыпеў: „Кейзи Джон — отправился на небо, Кейзи Джон — работает в аду, Кейзи Джон — как будто здесь и не был. Вот и просит всех штрейкбрейхеров иметь в виду”. Публіка не зауважала відавочнай неадпаведнасці знаходжання Кейзі Джона i месцазнаходжання ада: ну, якія ж нябёсы? Падабаўся лёгкі рытм музыкi, тое, што штрэйкбрэхер, значыцца, адступнік, паклёпнік, справядліва пакараны. Нечаканы быў i сам герой, зусім нетутэйшы, i такія дзействы, як забастоўка, слухачы тут жа высветлілі, што па-ангельску гэта — страйк.

Лаўры Сяліцкага ніхто не аспрэчваў. Ягоны „барматок” набываў ледзь не класічную важкасць. У Аляксандра Якаўлевіча быў зусім іншы, сур'ёзны, класічны рэпертуар, голас, якога ніколі i блізка не меў Воўка. Але — ён быў настаўнік. Яму было наканавана весці рэй. I тое, што спяваў матэматык, можна было пачуць па радыё, Воўкавы песні па радыё тады не спявалі. Прынамсі, па тым, што трансліравалі на адной шостай зямной кулі.

Забранзавець шансанье СШ № 2 не паспеў. На першамайскае свята ён з хлопцамі, праходзячы ў калоне дэманстрантаў, каля самай трыбуны, дзе стаяў, падобна, i яго родны бацька, вылузнуўся з „адзінага парыву”, у якім належала пафасна знаходзіцца савецкім школьнікам, разам з астатнімі грамадзянамі, i грымнуў: „Шла корова на свиданье ночью, чтобы милого узреть воочью, от любви сердечко часто билось и немного голова кружилась...” Хлопцаў хуценька заглушылі ваенным аркестрам i грамавым „ура”.

Ca школы Воўку не выключылі. I білет камсамальскі застаўся пры ім. Аднак — ці то з гэтай прычыны, ці з іншай — бацьку перакінулі ў другі раён. I які працяг мела кар'ера славутага спевака СШ № 2, ніхто не ведаў.

Сафіенка па-ранейшаму адбіваў чачотку, якую пачаў раптам называць прыгожа-незнаёмым словам „стэп”. Па-ранейшаму граў струнны. Часам спяваў Аляксандр Якаўлевіч. „Прымадонны” ж „драматычнай сцэны” з'ехалі ў інстытугы, i нейкі час драмгурток апынуўся ў ценю. Аднак узнікла ідэя. Ставіць „Зацюканага апостала” Андрэя Макаёнка. A пакуль — дзеля „размінкі”: сцэну з няней — ліст Таццяны i сцэну сустрэчы свецкай Таццяны з Анегіным з „Яўгена Анегіна”. На ролю Таццяны было ажно тры прэтэндэнткі. Аля Вахрамава, Роза Елькановіч i Дана. У Даны было мала надзеі. Аля i Роза — такая фактура! Аля — колер твару: што табе пялёсткі ружы, нясцерпны блакіт вачэй з павалокай, косы — нібыта з любчанскага льну. Роза — гэта як быццам з яе маляваў паручнік Лермантаў свае абрысы да „Габрэйскіх мелодый”. Затое ў Даны былі, так бы мовіць, ідэнтыфікацыі з вобразам: „Тиха, печальна, молчалива,..”, „Ей рано нравились романы и Ричардсона, и Руссо”. Русо i Рычардсона ў ix бібліятэках, праўда, не было, затое Дана толькі што „праглынула” трынаццаць тамоў Бальзака i раманы Драйзера, можа, яны, а магчыма, чытаныя раней Талстой i Тургенеў неяк паспрыялі: Дана прайшла на ролю Таццяны. Да і, мусіць, Анёл у ценю сваіх крылаў быў не супраць.

Таццяна Дане падабалася. Не тое што Наташа Растова — то памірала ад кахання да князя Андрэя (гэта Дана разумела), то была гатовая бегчы з урвісам Курагіным, урэшце пайшла замуж за мядзведзяватага Пера i лётала цэлы дзень ў халаце. А Таццяна свайго гонару дабрала. „Кто там в малиновом берете с послом испанским говорит?”, „Вы должны, я Вас прошу меня оставить...”, „Как с Вашим сердцем и умом быть чувства мелкого рабом?”, „Онегин, помните ль тот час, когда а саду, в аллее нас судьба свела и так смиренно урок Ваш выслушала я? Сегодня очередь моя”.

Дарослай Дана займела сімпатыі да Джуліі Ламберт, з яе, „пад заслону”, трыумфам i фатальна пераможным: „Што такое каханне ў параўнанні з біфштэксам?” Нават перапакутаваўшы, абавязкова трэба атрымаць перамогу над сабой. Перамагчы сябе. Дана не любіла i не разумела пажыццёвых пакутніц цвейгаўскага кшталту. А Моэм — тут ён Дане падабаўся. Займець моц паўстаць з попелу. Птушка Фенікс... Найвышэйшая мудрасць.

А яшчэ Дане былі вельмі блізкія Таццяніны высновы: „...отдать я рада всю эту ветошь маскарада, весь этот блеск, и шум, и чад за полку книг, за дикий сад, за наше бедное жилище...” Дана таксама, насуперак вызначэнням Хрысціны, аддавала перавагу — паліцы кніг, ціхаму саду i самоце. Не тое каб былі нечуваныя магчымасці „свецкага” жыцця, але Дана не імкнулася i да падробак пад той „маскарад”. Марнасць марнасцяў.

На тую ж пару „маскарад” яшчэ не страціў для Даны i яе сяброў сваёй вабнасці ні ў прамым, ні ў пераносным сэнсе. Выяву балю вырашылі, аднак, адпрэчыць. Сцэна малая, а да таго ж усе дзяўчаты кінуліся было майстраваць строі — i фіранкам у хатах удзельніц дзейства пагражала метамарфоза, хуткая i непапраўная, пра што з лямантам паведамілі занепакоеныя маці. Пакуль, „для разгону”, прыпыніліся па сцэнах з няней i Анегіным. Дана была засмучаная — не ўдасца дзедавы „практыкумы” здзейсніць: „бялы мазур”...

Дану „экіпіравала” Ніна Рыгораўна, адшкадаваўшы на спектакль свой адзетак з нябачанага тады трыкатажу — черная вузкая доўгая сукенка з паласой з белых ромбаў наперадзе, а тыя сакральныя словы: „Сегодня очередь моя” — Дана прамаўляла ў нейкіх ружовых з белым строях i ў карункавай шалі, якую недзе пазычыла для яе пані Магда.

Калі дома, перад генеральнай рэпетыцыяй, Дана прыкінула перад люстрам строі Ніны Рыгораўны, яна пашкадавала, што Лёня Латун з'ехаў з ix горада, i не будзе на прадстаўленні.

Ці магла б яна, Дана, напісаць такі ліст? Напісаць — мабыць. Перадаць адрасату? Наўрад. Тут ёй хутчэй была блізкай, так бы мовіць, лінія паводзін Сірано... Хаця пятнаццаць год — бясконцасць з пункту погляду яе чатырнаццаці — ці не занадта доўгі тэрмін для гэтай гульні пачуццяў i высакародства? Ну, але пытанне можна было пакідаць рытарычным, адрасата ў блізкай прасторы не было, i Дана магла вольна інтэрпрэтаваць толькі i выключна сцэнічны вобраз. Не абапіраючыся на ўласны вопыт. Выдатны момант. Але гэта Дана зразумела пазней.

На спектакль сабраліся ўсе класы, прыйшлі бацькі, суседзі.

Загрузка...