Іван Шамякін ужо даўно вядомы як пісьменнік сучаснай тэмы. Яго раманы «У добры час», «Крыніцы», «Сэрца на далоні», «Снежныя зімы», «Атланты і карыятыды», «Вазьму твой боль» узнімалі самыя вострыя праблемы дня, уцягвалі чытачоў у спрэчкі, хвалявалі сваёй актуальнасцю, надзённасцю, смеласцю пастаноўкі важных, злабадзённых праблем.
Але нават у творах на сучасную тэму І. Шамякін не раз спрабаваў спалучыць сучаснае і мінулае, будаваў твор на перасячэнні двух часовых пластоў. Адзін з іх — сучаснасць, другі — наша нядаўняя гісторыя, гады Вялікай Айчыннай вайны. Пісьменніку хацелася асэнсаваць перажытае, падзяліцца сваімі ўражаннямі, думкамі пра тое, чаму ён быў сведкам у суровыя гады вайны. Прызваны ў армію ў 1940 годзе, ён ваяваў у зенітных часцях на Поўначы, пазней удзельнічаў у вызваленні Польшчы і ў баях на Одэры.
Першыя яго спробы адлюстраваць убачанае ў мастацкім слове — апавяданні «У дзень перамогі», «Браты», «Бацька», «На знаёмых шляхах», а таксама аповесць «Помста» былі напісаны па свежых слядах падзей, у 1945-1947 гадах.
А потым Івана Шамякіна зацікавіла тэма партызанскай барацьбы ў тыле ворага і ён, не маючы магчымасці абаперціся на ўласныя ўражанні, шукаў сюжэт для новага твора ў архівах, выкарыстоўваў успаміны былых партызан. Першы раман «Глыбокая плынь», адзначаны ў 1951 годзе Дзяржаўнай прэміяй СССР, напісаны на свежым тады, але ўжо гістарычным матэрыяле. У аснову яго пакладзена дзейнасць партызанскай брыгады на тэрыторыі Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці.
І ў далейшай сваёй творчасці Іван Шамякін працягвае распрацоўваць сюжэты з мінулага, грунтуючыся не толькі на ўласных успамінах, але і на дакументальных матэрыялах. Сабраныя ім сведчанні аб падпольнай барацьбе, уражанні ад гутарак з вядомымі арганізатарамі падполля ў Беларусі ляглі ў аснову аповесцей «Шлюбная ноч», «Гандлярка і паэт». У прадмове да гэтых твораў Андрэй Макаёнак надзвычай выразна вызначыў, што значыла для Івана Шамякіна яго вяртанне да тэмы вайны: «Эмацыянальная памяць выхоплівае з мінулага падзеі і факты, якія ў свой час уразілі ўяўленне мастака. І зараз, праз многа год, жывуць у душы трапяткія адносіны да гераічных учынкаў людзей і нязгасная патрэбнасць апавядаць, расказаць з любоўю і горыччу не толькі пра слаўныя падзеі незабыўнага мінулага, але і пра свае шматгадовыя роздумы. І ў гэтым праяўляецца не толькі грамадзянскі абавязак, але і гуманістычная сутнасць савецкага пісьменніка, сведкі і ўдзельніка ўсенароднай вайны супраць фашызму».
Патрэбнасць апавядаць пра мінулае... Яна павяла пісьменніка ад гадоў Вялікай Айчыннай вайны ў больш даўні час, да самага пачатку гісторыі нашай сацыялістычнай дзяржавы. Кастрычніцкая рэвалюцыя, Уладзімір Ільіч Ленін — зварот да гэтых невычэрпных, высокіх тэм для І. Шамякіна быў не толькі далейшым заглыбленнем у даўняе мінулае, але і новай спробай звязаць былое з сучасным, паказаць, з чаго пачыналася Савецкая ўлада, з якімі цяжкасцямі ўдалося яе адстаяць у тыя часы.
У яго аповесцях «Першы генерал», «Эшалон прайшоў», «Браняпоезд "Таварыш Ленін"», у апавяданнях «Матрос з "Алега"», «Хлеб» Ленін часцей за ўсё паказваецца ва ўспрыманні людзей, якім давялося бачыць правадыра, гутарыць з ім, выконваць яго даручэнні. Як сведчыць сам пісьменнік, гэтыя творы аб'яднаны тэмай «Ленін у лёсах людзей».
Гучыцць яна і ў рамане «Петраград — Брэст», прысвечаным цяжкім, трагічным эпізодам з гісторыі заключэння Брэсцкага міру ў першыя месяцы існавання Савецкай улады. Аўтар назваў яго гістарычным раманам. І гэта сапраўды шырокамаштабнае гістарычнае палатно, заснаванае на сапраўдных падзеях, пацверджаных шматлікімі дакументальнымі матэрыяламі. Глыбокая дасведчанасць ва ўсім, што звязана з сюжэтам твора, дазволіла І. Шамякіну выдатна перадаць атмасферу часу, гістарычны фон падзей, якія разгортваюцца ў рамане.
А дзейнічаюць тут як рэальныя гістарычныя асобы — Ленін, Троцкі, Бухарын, Сталін і іншыя, так і літаратурныя персанажы, створаныя ўяўленнем пісьменніка,— Багуновіч, Міра, Рудкоўскі, Пастушэнка... І падзеі разгортваюцца ў двух планах: дакументальна-мастацкі паказ эпізодаў, звязаных з барацьбой У. І. Леніна за падпісанне міру з Германіяй, спалучаецца з сюжэтнай лініяй «выдуманых» герояў — тых, хто супрацьстаіць войскам кайзераўскай Германіі на граніцы, якая праходзіць па шматпакутнай беларускай зямлі. Абедзве лініі перасякаюцца толькі ў фінале. Але колькі ні пераключаецца ўвага чытача ад падзей у Петраградзе да таго, што адбываецца ў акопах, паміж імі не перарываецца шчапленне, увесь час існуе нябачнае сілавое поле. Яно і ў маральным супрацьстаянні Леніна з Троцкім, з «левай апазіцыяй», і ў барацьбе думак, уяўленняў пра рэвалюцыю, пра яе будучае Багушэвіча і Міры, Рудкоўскага, Бульбы-Любецкага. А ў самым высокім сэнсе — у залежнасці ад таго, які паварот прымуць падзеі,— будучае Савецкай рэспублікі, справы рэвалюцыі і лёс дзеючых асоб твора.
Раман напісаны ў канцы 70-х гадоў, часопісная публікацыя яго з'явілася ў 1981 годзе. Тым, хто пазнаёміцца з гэтым творам цяпер, пасля глыбокіх, карэнных змен у жыцці нашага грамадства, нешта ў разгорнутай І. Шамякіным панараме падзей, звязаных з падпісаннем Брэсцкага міру, можа здацца занадта прамалінейным, згладжаным, недагавораным. Не заклікаючы мераць раман меркамі «эпохі застою», нельга не прыгадаць усё ж, што гэты твор быў смелым крокам наперад у адлюстраванні падзей Кастрычніцкай рэвалюцыі, першых месяцаў існавання Савецкай улады. Колькі мы ведаем кінафільмаў, п'ес, аповесцей пра Кастрычнік, у якіх нідзе не называюцца прозвішчы Троцкага, Бухарына, Зіноўева, Каменева і іншых палітычных дзеячаў. У гады «сталіншчыны» і пазней яны былі, можна сказаць, выкраслены з гісторыі.
У рамане «Петраград — Брэст» не толькі гістарычна дакладна, праўдзіва паказана ўся складанасць становішча ў ЦК партыі па пытанню аб вайне і міры ў студзені — лютым 1918 года, але і выведзены ўсе тыя гістарычныя асобы, якія ўдзельнічалі ў падзеях. Драматызм, напружанасць у паказе барацьбы Леніна з Троцкім і яго прыхільнікамі, з «левай апазіцыяй» не згладзіліся, не паслабіліся і ў святле таго новага, што увайшло ў нашу свядомасць пасля публікацыі многіх матэрыялаў, раней невядомых. Можа быць, вобразы Сталіна, Бухарына сёння выглядаюць з мастацкага боку больш бледнымі, псіхалагічна збедненымі, чым гэта бачылася нам раней, але іх удзел у падзеях, звязаных з Брэсцкім мірам, іх учынкі гісторыкамі і сёння ацэньваюцца гэтак жа, як і раней. Раман вытрымлівае выпрабаванне часам. Адным са сведчанняў гэтаму — публікацыя твора без змен, дапаўненняў і пераробак у «Раман-газеце» у 1986 годзе.
У пасляслоўі да гэтага выдання рамана Ул. Сямёнаў так ацаніў уклад Івана Шамякіна ва ўсесаюзную літаратурную Ленініяну: «Упершыню ў нашай мастацкай літаратуры І. Шамякін даў такую пераканаўчую і разгорнутую карціну барацьбы Леніна супраць правакацыйнай лініі Троцкага. Яе выкрыццё было тым больш неабходным, што вопытны інтрыган мог у патрэбны момант адступіць за кулісы, высунуць кідкі лозунг, які нічога не гаварыў, але даваў апазіцыі «платформу» для новага беспрынцыпнага аб'яднання супраць Леніна. Пісьменнік спрабуе пранікнуць у самы ход ленінскай думкі, накіраванай на абарону заваёў народа. Ён паказвае, якая напружаная работа стаіць за кожным радком чарговага артыкула, выступлення правадыра рэвалюцыі».
Вобраз Леніна выпісаны ў рамане з асаблівай глыбінёй. Пісьменнік не абыходзіцца без таго, каб паказаць Леніна-чалавека ў побыце, у размовах з роднымі, у жыццёвых клопатах. Але галоўная ўвага канцэнтруецца на асобе Леніна — кіраўніка, Леніна — правадыра, палітыка, дыпламата. І. Шамякін шырока скарыстоўвае дакументальныя матэрыялы таго часу, вытрымкі з ленінскіх работ, звесткі з біяграфічнай хронікі Леніна, пратаколы пасяджэнняў Саўнаркома, і перад намі разгортваецца драматычная старонка з гісторыі Савецкай дзяржавы. У цэнтры ўвагі аўтара — барацьба Леніна за мірны дагавор з Германіяй, які даў бы час для перадышкі, для ўмацавання заваёў рэвалюцыі. Становішча складвалася напружанае. Далёка не ўсе ў ЦК былі на баку Леніна ў гэтым пытанні, ён нават рызыкаваў аказацца ў меншасці ў барацьбе з «левай апазіцыяй». Не разумеючы складанасці абставін, яна ўскладала надзеі на «сусветную рэвалюцыю», на дапамогу рабочага класа капіталістычных краін Захаду.
Галоўным апанентам Леніна ў пытанні аб міры з Германіяй выступае Троцкі. І. Шамякін звяртаецца да яго біяграфіі, паказвае ў эпізодах на перагаворах з немцамі ў Брэст-Літоўску, на пасяджэннях Саўнаркома. Перад намі паўстае фігура складаная, супярэчлівая. Дзякуючы гэтаму і ўвесь ход падзей, звязаных з барацьбой Леніна з лініяй Троцкага і «левых» на зрыў перагавораў, паказаны ва ўсім драматызме, напружанні. Ленін перамагае спрактыкаванага, вопытнага і ўпартага праціўніка. І гэтая перамога геніяльнага прадбачання, логікі, непахіснай перакананасці і волі пададзена пісьменнікам ва ўсёй паўнаце гістарычнай праўды і мастацкай вобразнасці.
Паралельна з падзеямі, апісваючы якія І. Шамякін грунтаваўся на рэальных фактах з гісторыі, разгортваюцца ў рамане і эпізоды, дзе фантазію мастака не стрымлівала неабходнасць вывяраць факты па дакументах. Але і тут аўтар выдатна стварае гістарычны фон, ды і логіка думак, паводзін «выдуманых» персанажаў псіхалагічна адпавядае таму, што магло б кіраваць імі ў іх учынках. Вось Сяргей Багуновіч, які хаця і не стаў яшчэ бальшавіком, але ў адпаведнасці са сваім жыццёвым вопытам, ведамі свядома стаў прыхільнікам ленінскай лініі ў пытаннях аб стварэнні арміі новага тыпу для абароны Рэспублікі Саветаў, аб неабходнасці дысцыпліны, пільнасці, уліку рэальных абставін.
Вось палымяная агітатарка Міра, якая слепа ўспрыняла ідэі «левых» аб «сусветнай рэвалюцыі» і спадзявалася, што можна спыніць наступленне немцаў, звярнуўшыся да іх свядомасці. Яе перакананняў не пахіснула нават сустрэча з Троцкім, пасля якой яна інстынктыўна адчула нешта фальшывае, няшчырае ў паводзінах і словах таго, каму яна так безаглядна верыла. І яна гіне, спрабуючы спыніць ланцуг нямецкіх войск, сваёй смерцю нібы паказаўшы, да чаго прывяла б вера ў памылковыя, нерэалістычныя ідэі.
Сяргей Багуновіч прайшоў праз усе выпрабаванні лёсу, наканаваныя яму ў гэтыя цяжкія першыя месяцы 1918 года, і ў фінале мы бачым яго на IV Надзвычайным з'ездзе Саветаў, на якім быў ратыфікаваны мірны дагавор.
Напачатку можа здацца толькі сімвалічным тое, што дзеянне многіх эпізодаў рамана разгортваецца на беларускай зямлі. Але ўсё ж сувязь вялікіх гістарычных падзей увесь час адчуваецца. На вобразах кіраўніка камуны Антона Рудкоўскага, Стасі, ды і самога Сяргея Багуновіча аўтар паказвае, што гістарычны лёс беларускага народа вырашаўся ў складаных умовах і што надзеі на лепшае будучае ён звязваў з ідэямі, народжанымі Кастрычнікам.
Раман «Петраград — Брэст», як і папярэднія творы Івана Шамякіна, напісаны займальна, лёгка чытаецца. Дынамічны, насычаны падзеямі сюжэт увесь час трымае чытача ў напружанні. Эпізоды, звязаныя з барацьбой за Брэсцкі мір, чытаюцца не з меншай цікавасцю, чым тыя, што адбываюцца на беларускай зямлі, на адным з участкаў фронту. І. Шамякіну ўдалося арганічна звязаць вымысел і гістарычны факт, натуральна, псіхалагічна пераканаўча паказаць усіх сваіх герояў, ад вядомых дзяржаўных і палітычных дзеячаў да салдат, сялян-камунараў. «Петраград — Брэст» — гэта яшчэ адна, дагэтуль мала асветленая ў мастацкай літаратуры старонка з нашай гісторыі, новае слова ў беларускай Ленініяне.
Міхась Кенька