Частка другая УРОК ГІСТОРЫІ

Раздзел першы. НЯСПЫННАЯ БІТВА

1


Студзеньскія хваляванні рабочых у Германіі і Аўстра-Венгрыі, бурныя выступленні балгарскага народа за мір з Расіяй вымушалі дэлегацыі Чацвярнога саюза манеўраваць на перагаворах у Брэсце. Кюльману, Чарпіну, Папову і нават Талаат-пашы прыйшлося сказаць нямала, прыгожых прамоў аб імкненні іх урадаў да міру, аб павазе да іншых народаў, асабліва да тых, землі якіх тапталі боты кайзераўскіх салдат,— палякаў, літоўцаў, латышоў, украінцаў (беларусаў, як нацыю, не ўспаміналі), аб праве гэтых народаў на дзяржаўнасць, на самавызначэнне. Словы, словы... Вялікі том таннай дэмагогіі.

Генералы гаварылі больш канкрэтна і рашуча. Прадстаўнік партыі вайны, выхаванец прускай ваеннай школы, у якой здаўна прывівалася нянавісць да славян, самаўпэўнены і ап'янелы ад перамог усходняга фронту, дзе ён быў начальнікам штаба (супраць іх фронту ў рускіх не знайшлося нават другога Брусілава), генерал Гофман на пасяджэнні палітычнай камісіі прад'явіў савецкай дэлегацыі карту, на ёй былі акрэслены землі, якія Германія «вымушана» ўтрымліваць за сабой. Гэта была нахабная анексія ўсяе Польшчы, значнай часткі Літвы, Латвіі, Эстоніі, Беларусі з захаваннем жорсткага акупацыйнага рэжыму над народамі, ушчэнт разоранымі вайной, даведзенымі да галечы. Дыпламатычны туман, што, маўляў, такая лінія дыктуецца «ваеннымі меркаваннямі», нікога не мог увесці ў зман. Тым больш, што тут жа выступіў Кюльман і даў зразумець, што ад таго, як рускія паставяцца да апошніх нямецкіх прапаноў, будзе залежаць, ці ўдасца падпісаць мір.

Па сутнасці, гэта быў ультыматум, хаця і замаскіраваны яшчэ.

Карта абурыла членаў савецкай дэлегацыі. А кіраўнік яе — Леў Троцкі, майстра лагічных камбінацый, адразу сцяміў, што немцы далі яму моцны козыр супраць Леніна, для абароны тэзіса «ні вайны, ні міру».

Ленін змагаўся за мір без анексій і кантрыбуцый. Як прапагандысцкі лозунг, думаў Троцкі, гэта выдатна. Але трэба лічыць наіўнымі імперыялістаў, каб спадзявацца, што яны калі-небудзь згодзяцца на такі мір. Хто ж большы рэаліст у палітыцы — ён, Троцкі, ці Ленін? Якой жа тактыкі вам цяпер трымацца, Уладзімір Ільіч? Прыняць нямецкія ўмовы, анексіянісцкі мір? Вядома, што вы гатовы пайсці і на гэта ў імя сваёй фантастычнай ідэі перамогі і ўмацавання рэвалюцыі ў адной краіне — у адсталай Расіі. Але ідэя гэтая — падпісанне такога міру — не завалодала, як вы вучылі, масамі. Што вам скажа партыя, калі вы прапануеце падпісаць такі рабаўніцкі мір?

Троцкі афіцыйна выказаў абурэнне «картай Гофмана», але ўпотай паціраў рукі ад задавальнення. Лёс народаў, якія застануцца пад кайзераўскай акупацыяй, яго мала турбаваў. Што б ні здарылася ў палітычнай барацьбе, у рэвалюцыі, якімі б ахвярамі і стратамі падзея ні пагражала, але калі яна працавала на яго «тэорыю рэвалюцыі» — ён тут жа падхопліваў любы такі факт і жангліраваў ім з майстэрствам фокусніка, штукара.

Троцкі ведаў гісторыю дыпламатыі і трымаўся правіла: аб усім інфармаваць свой урад. Але ва ўмовах рэвалюцыі ён выкінуў прэч другое правіла дыпламатыі: гэтак жа дакладна выконваць указанні свайго ўрада. Гэтае правіла ён лічыў феадальна-буржуазным. Анархіст па сваёй чалавечай сутнасці, Троцкі прысвоіў сабе права па-свойму вытлумачваць інструкцыі і ўказанні Савецкага Урада, Старшыні Саўнаркома Леніна.

Па заканчэнні пасяджэння Троцкі адразу ж пайшоў да тэлеграфнага апарата. На час перагавораў немцы наладзілі лінію прамой сувязі з Петраградам. Але ў дэлегацыі ўжо ведалі, што для адкрытага тэксту немцы давалі канал неадкладна, шыфроўкі ж трымалі па многа гадзін.

Троцкі паведаміў адкрыта аб нямецкіх патрабаваннях, выказаў сваё абурэнне, але тут жа развіў свой «план», сутнасць якога даўно была вядома: ад падпісання міру адмовіцца, вайну спыніць, армію дэмабілізаваць.

Не, Троцкі зусім не збіраўся пераконваць Леніна і яго аднадумцаў. Ён «іграў» на публіку. На савецкую прэсу — з мэтай падбадзёрыць «левых». І на нямецкую прэсу, а праз яе — на сусветную. Пра яго пазіцыю павінны ведаць французы, амерыканцы... Асабліва амерыканцы.

Ленін, атрымаўшы «асобае пісьмо», нават не абурыўся: даўно пазіцыя кіраўніка дэлегацыі не была тайнай ні для ЦК і Саўнаркома, ні для немцаў. Але Ленін ведаў надзвычайную актыўнасць Троцкага, яго анархічнасць: паведаміў і будзе лічыць пытанне ўзгодненым, каб вырашаць яго па-свойму.

Ленін адказвае шыфроўкай, упэўнены, што тэлеграма будзе прачытана немцамі. Трэба астудзіць Троцкага і збіць з панталыку Кюльмана і Гофмана.

«Ваш план мне ўяўляецца дыскутабельным. Ці нельга толькі адкласці некалькі яго канчатковае правядзенне, прыняўшы апошняе рашэнне пасля спецыяльнага пасяджэння ЦВК тут?»

Ленін дае зразумець: калі вам, Троцкі, мала інструкцый Саўнаркома — пытанне выносіцца ў ЦВК.

«Мне б хацелася параіцца спачатку са Сталіным, перш чым адказаць на Ваша пытанне».

Ленін падкрэслівае, наколькі гэта сур'ёзна — пытанне аб тэрыторыях, аб лёсе народаў, якія жывуць на іх, таму і лічыць неабходным параіцца з наркомам па справах нацыянальнасцей. І тут жа, у гэтай сувязі, пра самае галоўнае, што мае дачыненне да перагавораў,— аб прадстаўніцтве Украіны:

«Сёння выязджае да Вас дэлегацыя харкаўскага ўкраінскага ЦВК, якая запэўніла мяне, што кіеўская Рада дыхае на ладан». Каб Троцкі і немцы ведалі, што дэлегацыя Рады ў Брэсце нікога ўжо не прадстаўляе!

Ленін перадаў гэты тэкст а пятай гадзіне дня. Апоўначы, параіўшыся з іншымі членамі Саўнаркома, Ленін тэлеграфуе:

«Перадайце Троцкаму. Просьба назначыць перапынак і выехаць у Піцер».

Троцкі хмыкнуў на тэлеграму — на подпісы: «Ленін. Сталін». З Леніным ён не мог не лічыцца. Але каб яму, другому чалавеку ва ўрадзе, як ён лічыў сваё месца, загадваў Сталін, калі назначаць перапынак у рабоце дэлегацыі і калі выязджаць у Петраград! Гэта біла па яго самалюбстве. Сталіна Троцкі не прызнаваў за марксіета-тэарэтыка. Практык. І ўвогуле ігнараваў: бурсак, недавучка. Ігнараваў ён не толькі Сталіна, з таго ж лідэра «левых», з якім сябраваў у Нью-Йорку і з якім цяпер уступіў у блок,— з Бухарына здзекаваўся: выскачка. Пасля ён напіша: «Я ніколі не прынімаў Бухарына сур'ёзна». Адукаванымі марксістамі ён лічыў толькі сябе і Зіноўева. Мог бы яшчэ быць Каменеў, ды гэты балбатун і франдзёр моцна падмачыў сябе ў гісторыі з Вікжэлем. Без яго, Троцкага, падказкі нічога разумнага не могуць зрабіць. Сваёй авантурай толькі ўмацавалі пазіцыі Леніна ў ЦК. Ленін любую прамашку праціўнікаў адразу бачыць і выдатна ўмее павярнуць супраць саміх арганізатараў акцыі. У адносінах з Леніным трэба вуха трымаць востра, не аслабляць пільнасці. Ленін далікатны: «Просьба назначыць перапынак».

Пасля хвіліны раздражнёнасці подпісам Сталіна Троцкі задаволена пасміхнуўся.

Зацягванне перагавораў — не на карысць Леніну. Любая адтэрміноўка дае час аб'яднацца прыхільнікам «рэвалюцыйнай вайны», якіх ён, Троцкі, тайна натхняе. З Брэста, дзе немцы перахопліваюць кожную тэлеграму, ды і дыпкур'ерам даверыцца нельга, уплываць на ход барацьбы, згуртоўваць аднадумцаў сваіх цяжка. Некалькі дзён прабывання ў Петраградзе пры яго энергіі, актыўнасці і пры яго памочніках дазволяць яму нямала зрабіць для прапаганды сваёй тэорыі рэвалюцыі і міру. Памочнікаў у розных савецкіх органах у яго нямала. Зноў узлавана падумаў пра Каменева, што той авантурай у Вікжэлі выпусціў са сваіх рук ЦВК. Са Свярдловым кашы не зварыш. Цяпер прыходзіцца Каменева выцягваць — з трудом удалося пераканаць членаў Саўнаркома ўключыць яго ў склад дэлегацыі.

Нягледзячы на позні час, Троцкі даручыў сакратару дэлегацыі Льву Міхайлавічу Карахану неадкладна звязацца з ад'ютантам Гофмана: калі немцы могуць даць паравоз і адкрыць лінію для спецпоезда, у якім кіраўнік дэлегацыі павінен выехаць для кансультацыі са сваім урадам?

Здаралася, што трэба было патраціць нямала часу і энергіі, каб паслаць кур'ера з поштай.

Для Троцкага паравоз далі праз гадзіну-паўтары, не больш, пасярод ночы.

Спецпоезд з двух вагонаў на павышанай хуткасці імчаў на ўсход. Была глухая зімовая ноч. Другая палавіна яе. За акном у заснежанай прасторы мільгалі рэдкія цьмяныя абрысы нейкіх будынкаў, мабыць, вясковых хат, гумнаў. Але ніводнага жывога агеньчыка. Мёртвая зямля. Як пустыня. Можа, праўда яна амярцвела, гэтая зямля, адкуль многія, ратуючыся ад немцаў, падаліся ў бежанцы ў цэнтральныя губерні Расіі?

Думка такая бліснула на міг. Доўга не затрымалася. Троцкі многа гаварыў і пісаў пра народ, але ўвогуле больш аб пралетарыяце, сялянства ж ён лічыў рэакцыйным класам, таму думаць пра нейкіх адсталых беларусаў, палякаў ці літоўцаў — дарэмна траціць разумовую энергію, якая патрэбна для больш важных лагічных пабудоў — на выпрацоўку стратэгіі сусветнай рэвалюцыі.

Так ён паступаў заўсёды. Суадносіў сваю персону толькі з глабальнымі сусветнымі падзеямі. А ў сапраўднасці, як усялякім смяротным, валодалі ім самыя звычайныя чалавечыя пачуцці, і думкі былі пабытовыя, сумбурныя і дробныя.

Салон-вагон на спецыяльных рысорах пагойдвала мякка, прыемна, але хістала з боку ў бок больш, чым у звычайным поездзе.

Троцкі трохі баяўся гэтага гойдання. Дарэчы, баяўся ён і перагона ад Брэста да лініі фронту, да першай сваёй станцыі, дзе падавалі рускі паравоз. У поўнай бяспецы, больш таго — гаспадаром, ён адчуваў сябе толькі ў Расіі, нягледзячы на тое, што там яшчэ бурліла рэвалюцыя і зусім не было такога парадку, як у немцаў. Там кожны салдат, кожны чыгуначнік адчувае сябе гаспадаром. Чаму ж яму, наркому, не адчуваць сябе гаспадаром?

Але ўвогуле, лежачы ў халаце на мяккай міністэрскай канапе, Троцкі адчуваў асалоду ад язды, ад камфорту. Ён любіў камфорт. Што зробіш — прывычка, як кажуць, другая натура. Ён смачна і сытна павячэраў, у Петраградзе так не павячэраеш, нават дома, у сям'і,— не панясеш прадукты з запасаў дэлегацыі; дэлегацыя ўсё ж забяспечана па асобых нормах. Ды і ў Брэсце пры іншых членах дэлегацыі прыходзілася стрымліваць сябе, падаваць прыклад: трэба эканоміць, Расія галадае.

Раздражняў пах стэарыну — непрыемны смурод нямецкай хіміі. Гэта не тое што руская васковая свечка, ад якой пахне мёдам і полем, тым стэпам у Таўрыі, дзе прайшло яго маленства.

Лаяў немцаў: далі паравоз без дынама-машыны. Ці знарок не падключылі? Хацелася пачытаць нямецкія газеты, каб у Петраградзе паказаць сваю дасведчанасць перад Леніным, членамі Саўнаркома.

Прыгадаў Амерыку. Пашкадаваў, што жыць ў Нью-Йорку прыйшлося нядоўга, усяго тры месяцы. А яму падабалася там. Упершыню ён меў на кватэры тэлефон, рэфрыжэратар. Еўропа яшчэ да такога камфорту не дайшла. А Расія і за сто гадоў не дойдзе. Ён, Троцкі, з цікавасцю вывучаў палітыку, эканоміку самай багатай імперыялістычнай дзяржавы.

Амерыканскія сацыялісты яму не спадабаліся. Сустракаўся з імі мала. Большую сувязь меў з газетамі, яны ахвотна друкавалі яго, давалі заробак. Асабліва спадабалася, як прэса пісала пра яго ролю ў рускай рэвалюцыі.

Але, шмат чаго можна пабачыць у той праклятай Амерыцы! Якая тэхніка! Які камфорт! Расіі да такога ўзроўню трэба будзе тупаць дзвесце гадоў. Таму смешнымі здаюцца пераконанні Леніна, што ў Расіі, у адной Расіі, без сусветнай рэвалюцыі, якая дала б магчымасць размеркаваць прадукцыйныя сілы, можна пабудаваць сацыялізм.

З высокай матэрыі думкі спаўзлі да грубага матэрыялізму. Троцкаму было трыццаць восем гадоў — мужчына, поўны моцы. А тут яшчэ добры харч, вячэра з паўпляшкай кахецінскага. І ўжо амаль два тыдні, як ён выехаў з Петраграда, ад сям'і. Смачна пацягнуўшыся, так, што трэснулі суставы, ён падумаў пра сустрэчу з Наталляй, жонкай; ён адбіў яе ў таварыша па эміграцыі, кахаў, быў удзячны, што яна нарадзіла двух сыноў — Лёву і Сярожу, якімі ён ганарыўся: добрыя хлопцы растуць!

Ды тут жа грэшныя думкі папаўзлі ў мінулае. Слабы чалавек, што зробіш! А ўрэшце, нельга ўвесь час жыць у свеце высокіх матэрый: рэвалюцыя, сацыялізм, мір. Чалавек ёсць чалавек. Троцкі ўспомніў сваю першую жонку, Аляксандру Львоўну. Ён ажаніўся з ёй у маскоўскай турме, калі ім было па дваццаць гадоў. Менш як праз два гады ён пакінуў маладую жанчыну з дзвюма дзяўчынкамі-немаўлятамі ў суровай Сібіры, на Лене, а сам уцёк з ссылкі і пасля кароткай супынкі ў Самары, у сям'і Кржыжаноўскага, агента «Іскры», які зрабіў яму замежны пашпарт, лёгка, без прыгод, дабраўся да Вены.

(Пасля ў мемуарах Троцкі абалье Глеба Максімільянавіча і яго жонку брудам.)

Успамінаць Аляксандру Львоўну і дзяўчат ён раней не любіў — лішнія эмоцыі; усю сваю любоў ён аддаў сынам. Але цяпер яны ў Петраградзе, улетку семнаццатага года ён пабачыў дачок, яны захоплена слухалі яго выступленне; добрыя дзяўчаты выраслі, адной семнаццаць год, другой — шаснаццаты.

Цяпер, у вагоне, Троцкі падумаў, што трэба ўзяць іх пад свой уплыў: такім чынам можна выканаць і свой бацькоўскі абавязак, і мець верных памочнікаў.

(Сапраўды, яму ўдалося зрабіць з Ніны і Зіны зацятых трацкістак і гэтым скалечыць ім жыццё.)

Але ў тую ноч і пра дзяцей сваіх ён думаў нядоўга. Больш прыемнымі былі ўспаміны пра далёкае мінулае.

З асаблівай асалодай прыгадаў першае юнацкае каханне — да тамбоўскай дзяўчыны, што батрачыла ў маёнтку бацькі. Ап'янілі мацней за кахецінскае ўспаміны пра спатканні з той дзяўчынай у стэпе. Ляжаў І ўдыхаў пах пшаніцы, спелых кавуноў і яблыкаў, адчуваў смак дзявочых вуснаў, гарачыню яе грудзей. Пасля ён прызнаецца, што «прырода і людзі мала займалі месца ў маім жыцці», аднак юнацтва сваё любіў успамінаць.

Разам з тамбоўкай усплылі з глыбіні гадоў многія іншыя ўспаміны. Даўно ўжо ён з такім замілаваннем не прыгадваў Яноўку — маёнтак пад Херсонам. Райскі куток, дзе сапраўды можна было стаць паэтам. Такі стэп, такі прастор! І такая вольнасць, нягледзячы на бацькаву ашчаднасць: нідзе бацька не выкінуў лішняй капейкі. Але ім, дзецям, не адмаўляў ні ў чым, хоць выхоўваў сурова, у працы.

Маёнтак Бранштэйн купіў у польскага пана, які прайграўся ў карты. Купіў танна — дом стары, сотня дзесяцін запушчанай зямлі. Але Яноўка хутка расквітнела. «Мудры чалавек мой бацька»,— з усмешкай падумаў Троцкі.

Сапраўды мудры. Пачаў са ста дзесяцін, а праз трыццаць гадоў, перад рэвалюцыяй, меў шэсць тысяч. Магнат!

Але Троцкі думаў не пра гэтую мудрасць. Калі ён зрабіў сябе рэвалюцыянерам, то тады, у маладосці, яму часам рабілася сорамна, што бацькавы батракі — беззямельныя з Магілёўшчыны, Арлоўшчыны, Чарнігаўшчыны — улетку, пад гарачым украінскім сонцам, у краі, адкуль вывозіліся тысячы пудоў пшаніцы, кавуны, дыні, яблыкі, хварэлі на цынгу і курыную слепату.

Ды пазней сумленне яго змоўкла. Бацька, безумоўна, быў эксплуататар. Але і заводчык Марозаў быў эксплуататар, а памагаў праз Горкага сацыял-дэмакратам. Бацька памог яму заняць віднае месца сярод галодных эмігрантаў. З бацькавай дапамогай яму ўдалося арганізаваць у Вене сваю газету і праз яе заявіць пра сябе ўсёй Еўропе.

Троцкі пад стук колаў, гойданне вагона ў заснежанай безлюддзі беларускай зямлі думаў пра іншую мудрасць бацькі. Сам ён хадзіў у сінагогу, а дзяцей хрысціў — каб адкрыць ім дарогу ва універсітэт. Аляксандр, Вольга, Лізавета...

А як ён выхоўваў іх, дзяцей! Рабіў сам, загнаў працай у магілу жонку і патрабаваў ад дзяцей: працаваць дык працаваць, вучыцца дык вучыцца! Але, можа, найбольшую ўдзячнасць бацьку ён адчуваў за тое, што стары не адгароджваў іх ад народа, патрабаваў, каб яны гаварылі па-руску, па-ўкраінску.

Многа гадоў Давід Бранштэйн трымаў у маёнтку механіка Івана Васільевіча, але не проста служкай, а як члена сям'і: чалавек гэты заўсёды сядзеў з імі за адным сталом у будні і ў свята. Пазней Троцкі сцяміў, што бацьку трэба быў не толькі танны і добры механік, але і чалавек, які вучыў бы дзяцей рускай мове. Як гэта пасля спатрэбілася! Наколькі вышэй ён адчуваў сябе за шмат якіх сваіх калег і ў вучылішчы (заўсёды па рускай мове меў вышэйшы бал), і пазней, калі браўся за пяро і калі гаварыў з трыбуны.

Ён, юны Лёва, умеў сябраваць і з батракамі.

Іван Васільевіч і «маскалька» тая... «Як жа гэта яе імя? Здаецца, Аня. Недаравальна, брат, забываць тых, хто памагаў табе пазнаваць свет. Старэем»,— пасміхнуўся нарком. Аня тая, бадай, была лепшай настаўніцай рускай мовы, у непісьменнай сялянкі быў надзвычайны лінгвістычны талент, больш тонкі, чым у настаўнікаў рэальнага вучылішча. Здаецца, менавіта яна, тая дзяўчына, дала яму і ўрокі жаночай эмансіпацыі — пра вызваленне жанчын ён нядрэнна пісаў, калі яшчэ вывучаў матэматыку ў Адэскім універсітэце.

Бацька яго сапраўды ў пэўных адносінах быў прагрэсіўны: чытаў Талмуд, але кіраваўся логікай жыцця.

З уласцівым яму гумарам Троцкі падумаў: «Гэта адзінае, што звязвае мяне з капіталізмам — рамантыка маленства і юнацтва. Не баюся прызнацца. Неафіта з мяне нішто не зробіць; я верны адной рэлігіі — сацыялізму».

Троцкі пасміхнуўся са сваіх юнацкіх мар. Кім толькі ён не збіраўся стаць! Спачатку — мастаком. Безумоўна, вялікім. Як Рафаэль. У рэальным вучылішчы ён выявіў, што ніякіх мастацкіх здольнасцей не мае, і ўзненавідзеў урокі рысавання. Але ў гэты час паставіў сабе мэту стаць паэтам. Украінскім. Не меншым, чым Тарас Шаўчэнка. З той хіба розніцай, што яго цягнула да сатырычнага жанру. І ён начамі перакладаў на ўкраінскую мову байкі Крылова.

Пасля Лёва адкрыў у сабе «выдатныя» матэматычныя здольнасці. Паступіў вольным слухачом у Адэскі універсітэт. Здольнасці, здаецца, былі, але матэматыка патрабавала надзвычай цяжкай, цярплівай працы. «Ці стаў бы я вялікім матэматыкам, каб падаўся ў навуку? — зноў-такі не без гумару падумаў узбуджаны прыемнымі ўспамінамі ён і адказаў сам сабе зусім сур'ёзна, без усялякага гумару: — Не, другім Эйнштэйнам я магу стаць толькі ў палітыцы».

Але тут жа пазмрачнеў — успомніў Леніна. Геніяльнасць Леніна як тактыка рэвалюцыі нельга не прызнаць.

Занадта ўжо верыць у пабудову сацыялізму ў Расіі. Крайнасці змыкаюцца: залішне цвярозы рэаліст і ў той жа час рамантык. «Па пытанні міру мы дамо вам, таварыш Ленін, рашучы бой. Калі разумна падтрымаць «левых», няцяжка заваяваць большасць партыі. І вы застаняцеся з меншасцю...»

Ад такой, вельмі прыемнай для яго, перспектывы Троцкі задаволена пацёр ляжкі, жывот, зноў смачна пацягнуўся, як і ад успаміну пра Аню.

Ён распрацоўваў дэталі даўно прыдуманай ім палітычнай камбінацыі, асноўнай мэтай якой было адно: ультрарэвалюцыйным трэскам узняць уласную ролю ў рэвалюцыі, у партыі, прыцягнуць да сваёй асобы ўвагу сусветнай грамадскасці. Чым гэта можа скончыцца для народа, для краіны — пра гэта ён думаў даволі абстрактна, у плане сваёй схемы «перманентнай рэвалюцыі», у якой сялянству адводзілася месца за хлявамі гісторыі. Салдаты — гэта, безумоўна, сіла, якую з рахунку не скінеш. Але сілу гэтую проста нейтралізаваць — дэмабілізаваць армію, раззброіцца. Ленін палохае наступленнем нямецкага імперыялізму. Бухарын, які ў тэорыі нямала наблытаў, нядрэнна гальванізуе і ўздымае тэзіс аб «міжнароднай палявой рэвалюцыі».

«Гэта варта падтрымаць, таварыш Троцкі!»

Троцкі любіў свой псеўданім. Ён нярэдка ўспамінаў старшага наглядчыка адэскай турмы, прозвішча якога запазычыў, калі, уцякаючы з ссылкі, запаўняў чысты, перададзены яму сібірскімі сацыял-дэмакратамі бланк пашпарта. Былі ў яго пасля іншыя псеўданімы і клічкі — Акцыд, Ота, Пяро — але ад прозвішча турэмнага наглядчыка ён так і не адмовіўся.

Троцкі зноў узлаваўся на немцаў. Чортавы скупярдзяі, не маглі падключыць дынама-машыну, каб было святло. Пры гойданні вагона многа не напішаш, але некаторыя думкі варта выстраіць у пэўную сістэму, каб можна было апублікаваць. Праціўнік у яго сур'ёзны і з надзвычайнай працаздольнасцю. Ленін, безумоўна, пачне прапаганду міру ў прэсе. «Левыя» будуць яму адказваць. Але, акрамя хіба Радэка, у іх няма такіх палемістаў, як ён, Троцкі. З парадаксальнай віртуознасцю ён здольны аспрэчваць, што двойчы два — чатыры. Троцкі ганарыўся сваім аратарскім талентам. Але ўсведамляў, што нават пры яго красамоўнасці вуснымі прамовамі вялікай аўдыторыі не заваюеш, ды яшчэ пры такой сітуацыі, калі ён вымушаны знаходзіцца ў Брэсце. Там не выступіш. Патрэбна трыбуна ў партыйнай прэсе.

Работа ў дэлегацыі, пасада наркома па замежных справах абмяжоўваюць яго магчымасці ва ўнутрыпартыйнай барацьбе. Але як кіраўнік дэлегацыі ён можа нямала зрабіць, каб правесці свой план. Да таго ж прабыванне ў Брэсце яму імпанавала ў іншым плане — імя яго не сыходзіла са старонак газет усяго свету, як і імя Леніна. Яму было даспадобы, што імёны іх часта стаяць побач і што яго, як і Леніна, буржуазная прэса, як кажуць па-царкоўнаму, «предает анафеме».

Лаянкі, інсінуацыі, выдумкі буржуазных пісак яго забаўлялі і цешылі, асабліва калі пісалі не пра яго, а пра іншых членаў урада.

Тых, хто паспрабаваў пісаць залішне брудна пра яго, ён трохі астудзіў. Адразу пасля Кастрычніка радыёстанцыя з Эйфелевай вежы пачала перадаваць паклёпы на членаў Савецкага Урада і ў тым ліку распісвалі «парыжскія прыгоды» Троцкага. Французскія журналісты ведалі яго. Але і ён ведаў іх, у тым ліку прэм'ера Клемансо, які таксама быў журналістам, і некаторых яго міністраў. І ён адказаў ім праз Царскасельскую радыёстанцыю памфлетамі з такімі пікантнымі падрабязнасцямі аб жыцці Клемансо, з якіх, перахапіўшы перадачы, уся нямецкая прэса пацяшалася. Французы мусілі адразу ж змяніць тон: інтымных бакоў яго жыцця і жыцця іншых членаў урада больш не чапалі.

Палітычныя выдумкі не хвалявалі. На такія выдумкі ён і сам быў вялікі мастак. Ён вёз з сабой выразкі з газет, нямецкіх, аўстрыйскіх, французскіх, пэўным чынам падабраўшы, каб паказаць жонцы, сыну, сябрам: няхай пабачаць, як многа сусветная прэса аддае ўвагі яму!

Закалыханы сябелюбнымі думкамі і гойданнем вагона, Троцкі заснуў. Пабудзіў яго нямецкі кантроль на лініі перамір'я. Нямецкі маёр, агледзеўшы вагон, папрасіў прабачэння ў пана міністра, пачціва казырнуў.

А праз тры вярсты на сваёй станцыі, акрамя заспанага начальніка станцыі, ніхто з вайскоўцаў яго не сустрэў; такая абыякавасць кранула яго самалюбства, але Троцкі заспакоіў сябе тым, што гэта толькі пацвярджае яго думку: армію такую трэба як Можна хутчэй разагнаць. Няхай урабляюць зямлю і плодзяць дзяцей.

Рабочы дзень у Петраградзе Троцкі пачаў, па сутнасці, з прыёму Раймонда Робінса. Былі, безумоўна, з раніцы іншыя справы, але свае, унутраныя. Была, напрыклад, шырокая інфармацыя Залкінда аб усім тым, што адбылося за час адсутнасці наркома. Троцкі стараўся не выявіць асаблівай цікавасці да прыёму Леніным дыпламатычнага корпуса. Але праніклівы Залкінд зразумеў, што менавіта гэта найбольш цікавіць Троцкага — змест усёй гутаркі, усе яе дэталі. Троцкі нават не стрымаўся — зрабіў папрок: чаму намеснік наркома па замежных справах не прысутнічаў на прыёме?

— Не запрасілі.

— Майце на ўвазе, Залкінд. Залежыць ад нас, каб нас не забывалі, не абыходзілі, калі вырашаюцца справы, якія хоць у якой ступені тычацца Наркамата па замежных справах. Пытанні такія могуць быць у Леніна, у Сталіна, у Крыленкі, у Скварцова-Сцяпанава... Але нішто не павінна вырашацца без нас з вамі.

— Разумею, Леў Давыдавіч,— і пастараўся загладзіць сваю прамашку інфармацыяй, якой не магло быць у газетах, ды і ў афіцыйных, сакрэтных дакументах таксама. Галоўнае ў расказе памочніка — змены «умонастроений» калег, расстаноўка сіл у барацьбе за мір, якая мела адбыцца. Троцкі любіў самыя нечаканыя камбінацыі груповак; увогуле групаўшчына была яго стыхіяй.

Чаго-небудзь новага Залкінд не сказаў: Троцкі парадаваўся, што, знаходзячыся ў Брэсце, ён, бадай, беспамылкова, тэарэтычным шляхам, утварыў усе гэтыя камбінацыі. Ён ведаў людзей і ўмеў прадказаць іх дзеянні.

Тактычныя хады толькі аднаго чалавека яму цяжка было адгадваць — Леніна, хоць стратэгія яго ўсім вядомая, Ленін не робіць тайны са сваёй палітыкі і, можа, як ніхто, давярае таварышам па партыі, калегам.

Званок Робінса з просьбай прыняць яго ўзняў настрой Троцкага. Перш за ўсё пацешыла самалюбства: хутка ж разнеслася вестка аб яго прыездзе! Але яшчэ больш пацешыла, што адным з першых чужаземцаў просіцца не нейкі дробны камерсант Швецыі ці Грэцыі, а прадстаўнік Амерыкі.

Троцкі ўжо неаднойчы сустракаўся з Робінсам да сваёй паездкі ў Брэст. Ведаў, што мільянер Робінс — чалавек шырокіх і незалежных поглядаў, ён не трымае сябе ў дыпламатычных рамках, выказваецца нечакана смела, часам даволі прагрэсіўна ў адносінах рускай рэвалюцыі.

Па шырыні і смеласці, з якой ён, кіраўнік місіі Чырвонага Крыжа, узнімае пытанні амерыкана-рускіх адносін, робіць прапановы, відаць, наколькі значны яго ўплыў, калі не непасрэдна на дзяржаўны дэпартамент, на Вільсана, то на тыя колы Амерыкі, у якіх ёсць сродак скіраваць знешнюю палітыку свайго ўрада ў інтарэсах гэтых колаў, а інтарэсы іх у Расіі даўнія. Адным словам. Робінс дзейнічае, як дзелавы чалавек. Недарэмна ён з бедняка стаў мільянерам.

Робінс падабаўся Троцкаму. Самалюбства падказвала, што Робінс той чалавек, праз якога можна заявіць пра сябе не толькі Амерыцы, але ўсяму свету: няхай ведаюць, хто робіць знешнюю палітыку Савецкай рэспублікі! Была ўпэўненасць, што ў Робінса ёсць каналы сувязі з Амерыкай паміма тых, якімі карыстаецца асцярожны пасол Фрэнсіс. Ва ўсялякім разе, рашучасці і смеласці ў яго больш, чым нават у сацыяліста Садуля.

Робінсу таксама вельмі патрэбны быў Троцкі. Усе даволі энергічныя кантакты палкоўніка з членамі Савецкага Урада дыктаваліся не жаданнем сабраць сенсацыйны матэрыял для мемуараў аб рускай рэвалюцыі, хоць часам ён маскіраваў сваю дзейнасць такой вузкай цікавасцю. Але гэта разлічвалася на наіўных і даверлівых.

Герой Кландайка быў занадта практычным чалавекам, каб траціць столькі энергіі дзеля будучых мемуараў. Кіраўнік місіі Чырвонага Крыжа ўзяўся за больш складаную задачу: любым чынам перашкодзіць Савецкаму Ураду заключыць мір з немцамі. Не, Робінс не быў крыважэрным імперыялістам. Чалавек ён быў гуманны, у Яго балела сэрца, калі ён бачыў галодных дзяцей. Але ён, як, між іншым, і сацыяліст Садуль, лічыў, што ўдзел Расіі ў вайне да поўнай перамогі Антанты наблізіць гэтую перамогу і паможа ўратаваць жыцці тысячам амерыканскіх, французскіх, англійскіх, нямецкіх, аўстрыйскіх, рускіх салдат, а рускі народ уратуе яшчэ і ад голаду, які ўжо хапае кашчавай рукой мільёны людзей.

Сустрэчы з Леніным пераканалі Робінса, што бальшавіцкі прэм'ер непахісна стаіць за мір, толькі ў міры бачыць уратаванне Савецкай рэспублікі. Робінс выказаў захапленне такой пераконанасцю, але для сябе зрабіў вывад, што гэтага чалавека пераканаць немагчыма.

Іншая рэч — Троцкі. Размовы з Троцкім, пры наяўнасці розных думак у бальшавіцкай партыі па пытаннях вайны, міру і сусветнай рэвалюцыі, давалі Робінсу надзею, што яго дыпламатычныя захады не дарэмныя, што ён можа аказаць паслугу прэзідэнту Вільсану большую, чым той думае.

Вось чаму палкоўніка асабліва цікавіла асоба Троцкага і перагаворы, якія ён вёў у Брэсце. Але да Брэста не дабярэшся. Нечаканы прыезд Троцкага ў Петраград — гэта дарунак божы. Прабыванне яго можа быць кароткім. Таму — сустрэцца абавязкова і як можна хутчэй!

Калі Ленін прапанаваў наркаматам перабрацца з надзвычай перапоўненага Смольнага ў будынкі адпаведных былых міністэрстваў, Троцкі на Саўнаркоме выказваў сумненні, разважаў: ці не аддаліць гэта народныя камісарыяты ад народа? Рабочым, салдатам ненавісныя міністэрскія асабнякі. Але была гэта звычайная дэмагогія. У сапраўднасці Леў Давыдавіч радаваўся такому перасяленню. Па-першае, далей ад Леніна, які меў звычай нечакана зайсці да таго ці іншага наркома, унікнуць у яго справы. Троцкі не любіў гэтых наведванняў Старшыні Саўнаркома. Лічыў, што парады, падказкі патрэбны іншым членам урада. Ён жа, Троцкі, здольны ва ўсім разабрацца сам.

Па-другое, Міністэрства замежных спраў — гэта прастор, камфорт. Праўда, пампезную сазонаўскую мэблю нарком загадаў замяніць на простую, дэмакратычную, адаслаў у Эрмітаж усе дарагія габелены. Але вялікі персідскі дыван на падлозе застаўся. Багатыя шторы таксама.

Менш мэблі, меншыя сталы, дываны, крэслы, безумоўна, сапсавалі інтэр'ер, эстэтычнаму густу Троцкага даспадобы было старое, але яго ультрарэвалюцыйныя прынцыпы патрабавалі руйнаваць усё старое. Мадэрнізацыя зрабіла кабінет яшчэ больш прасторным. Стадыён з зялёна-залацістым полем дывана. А вялікі кабінет узвялічвае яго гаспадара. З адчуваннем сваёй велічы Троцкі хадзіў па мяккім дыване, заклаўшы рукі за спіну. Майстра экспромтаў, да размовы з Робінсам ён, аднак, рыхтаваўся. Нават думаць стараўся па-англійску, шліфуючы найбольш значныя фразы, якія належала сказаць. Спыніўся перад кніжнай шафай, узяў руска-англійскі слоўнік, праверыў значэнне некаторых спецыяльных слоў, пагартаў англійскую энцыклапедыю.

Пасля нецярпліва стаяў каля акна, выглядаючы, калі падыдзе знаёмы «форд» са сцяжкамі — Чырвонага Крыжа і амерыканскім, паласатым.

Раймонд Робінс знешне быў павольным чалавекам. Ніякай мітуслівасці. Спакой і разважлівасць. Хоць, напэўна, у маладосці шукальнік золата меў іншы тэмперамент. Гады і становішча наклалі свой адбітак.

Троцкаму такой паважлівасці не хапала, хоць ён стараўся мець яе, залішняя энергія часам рабіла яго мітуслівым, крыклівым.

Але вялікі кабінет, усведамленне значнасці свайго становішча і павага да госця (за павагу ён іранічна ўпікнуў сябе: маўляў, траціш, таварыш, класавую нянавісць!) зрабілі яго на пачатку сустрэчы афіцыйным, дыпламатычна асцярожным.

Павіталіся яны, як старыя знаёмыя. Робінс, які раней наведваў наркома ў Смольным, з цікавасцю агледзеў кабінет, але нічога не сказаў пра новае рабочае месца наркома. Своеасаблівая тактоўнасць? Ці, будучы дзелавым чалавекам, не траціў лішніх слоў на фармальную ветлівасць? Сказаў ён камплімент гаспадару кабінета. Хітры камплімент — адразу падводзіў да сутнасці размовы:

— Пан народны камісар мае бадзёры выгляд. Хоць я адчуваю вашу стомленасць. Нялёгкая справа — падпісаць мір?

— Нялёгкая,— згадзіўся Троцкі.— Пачаць вайну лягчэй.

— Вам здаецца так. Войны таксама пачынаюцца няпроста. Імперыялістычныя, як вы іх называеце. Я ведаю, як нялёгка было майму ўраду ўступіць у вайну. Толькі саюзніцкі абавязак...

Троцкі запрасіў Робінса сядаць на мяккую канапу за круглым столікам. Сам сеў у крэсла насупраць. Ён пісаў у артыкуле, чаму Амерыка ўступіла ў вайну, пісаў з марксісцкіх пазіцый: баялася, што здабычу раздзеляць без яе. Але госцю гэтага не сказаў — не далікатна. Цяпер у яго была іншая задача: заваяваць папулярнасць не ў рускага пралетарыяту, а ў Робінса, а праз яго — у амерыканскай грамадскасці. Аднак рабіць гэта трэба вельмі дыпламатычна. Няхай ведаюць яго рэвалюцыйнасць!

— Нялёгка заключыць мір з імперыялістамі. Але пралетарыят можа скончыць вайну ў любы час.

Робінс не ведаў яшчэ сутнасці тэзіса Троцкага «ні міру, ні вайны», таму на яго пафасныя словы не звярнуў асаблівай увагі, падумаў толькі, што Ленін сказаў бы пра гэта інакш — з нейкім асаблівым, простым і зразумелым тэарэтычным абгрунтаваннем; за ходам ленінскай думкі заўсёды цікава сачыць.

Робінс быў тонкі дыпламат, але паколькі выступаў ён не як прадстаўнік пасольства, то дазваляў сабе ісці да мэты наўпрасцяк, з ваеннай ці камерцыйнай грубаватасцю.

— Мне здавалася, што немцы ў іх становішчы ахвотна падпішуць мір з Расіяй. Не разумею, што хочуць вытаргаваць Гогенцолерны?

Ведаў ён аб нямецкіх прэтэнзіях, бо знаёміўся з сакрэтнай інфармацыяй, якую атрымоўвала пасольства. У Брэсце, у штабе Гофмана, знаходзіўся англійскі агент, але натуральна, што яго інфармацыя даходзіла праз Швецыю з вялікім спазненнем.

Троцкі злавіў сябе за язык — чуць не выдаў сутнасць нямецкага ультыматуму. Безумоўна, Савецкі Урад не робіць тайны з перагавораў, аднак пэўныя дэталі не могуць не быць нейкі час сакрэтам. Выдаць іх раней, чым ён даложыць Саўнаркому, Леніну, было б неасцярожным учынкам. Але разам з тым Робінс павінен ведаць яго адносіны да нямецкіх патрабаванняў, якія раней ці пазней усё адно стануць вядомымі.

Троцкі сказаў катэгарычна, самаўпэўнена:

— Я ніколі не падпішу недэмакратычнага міру!

Робінс трохі не падскочыў на канапе. Пасля ён прызнаваўся, наколькі ўзрадавалі яго такая заява наркома па замежных справах і яго самалюбіва-амбіцыйны тон.

Ніводзін міністр замежных спраў не адважыўся б на падобную заяву без згоды ўрада!

Апраўданы любыя намаганні, каб пачуць такое. Робінс перайшоў у наступленне:

— Пан народны камісар, спадзяюся, што вы знаёмы з прамовай прэзідэнта Вільсана ў кангрэсе. Я перадаў поўны тэкст яе пану Леніну.

— Так, Ленін прыслаў прамову дэлегацыі, і мы азнаёміліся...

— Згадзіцеся, што гэта вельмі сур'ёзны дакумент. Гэта — праграма міру.

— Пан Робінс, не здаецца вам, што вы забываецеся, што я адзін з тых, хто выпрацоўваў нашу, бальшавіцкую, праграму міру,— нагадаў Троцкі пра сваё месца ў Савецкім Урадзе і ў гісторыі.

— Пан Троцкі, я гэтага не забываю. Але я не бачу супярэчнасці паміж праграмай Вільсана і прапановамі Савецкага Урада.

Троцкі ўсё яшчэ паказваў сваю рэвалюцыйнасць:

— Розніца ёсць. Мы за тое, каб справу міру ўзялі ў свае рукі народы...

— Я гатовы згадзіцца, што вайна можа быць імперыялістычнай, як вы сцвярджаеце. Але мір... Мір — дабро ў першую чаргу для тых, хто ў акопах. Для рабочых і сялян. Бачыце, як я засвоіў бальшавіцкую тэрміналогію,— пажартаваў Робінс.— Пан народны камісар, вы, безумоўна, звярнулі ўвагу на пункт шосты праграмы прэзідэнта. Ён прысвечаны Расіі. У ім гарантуецца атрыманне Расіяй «поўнай і бесперашкоднай магчымасці прыняць незалежнае рашэнне адносна яе ўласнага палітычнага развіцця і яе нацыянальнай палітыкі». Гэта сур'ёзная заява.

Калі тыдзень назад Робінс, уручаючы тэкст прамовы Вільсана, звярнуў увагу Леніна на гэтыя словы, Ленін адразу ж парыраваў: «Пан Робінс, рабочым і сялянам Расіі не патрэбны гарантыі для свайго самастойнага палітычнага развіцця ні ад якіх добрых і багатых дзядзькоў. І не ім гарантуе самастойнасць развіцця пан Вільсан. Ён падбадзёрвае, заахвочвае рускую контррэвалюцыю. Так я разумею словы, ад якіх вы прыйшлі ў захапленне».

Робінс ажно разгубіўся тады ад такога «недыпламатычнага адказу». Але Ленін прымусіў яго прачытаць словы Вільсана з іншых пазіцый — з пазіцый людзей, якія ўзялі ў Расіі ўладу.

Троцкі адказаў інакш:

— Я вывучыў гэты пункт прамовы прэзідэнта, як і ўсе іншыя. Тут ёсць аснова для дыялога.

— Робінс задаволена каўзануўся на канапе: о, якая істотная розніца паміж думкамі кіраўніка ўрада і чалавека, якому даручана знешняя палітыка і які вядзе перагаворы з немцамі!

Выкарыстоўваць яго настрой трэба з ходу. Робінс добра ведаў уплывовасць Троцкага, яго лідэрства ў немалой групе членаў ЦК.

— Пан Троцкі, я не дыпламат, як вам вядома. Я — прадстаўнік дзелавых колаў. Пракляты імперыяліст. Я ніколі не любіў дыпламатычных хітрыкаў. Але заўсёды, з-за сваёй «праклятаму» быў чалавекам слова і справы. Магчыма, пры нашых ранейшых сустрэчах я стараўся быць дыпламатам. Сёння ж хачу спытаць у вас, як кажуць, адкрытым тэкстам. Што дасць Расіі мір з Германіяй? Страту значных тэрыторый? — Робінс раскрываў сваю дасведчанасць.— Уплату кантрыбуцыі? А ў выніку яшчэ большы развал, анархію і голад. Голад! Пан нарком, голад — страшнейшы вораг любога ладу... любой манархіі і любой рэвалюцыі. Місія Чырвонага Крыжа склала карту раёнаў Расіі, дзе ўжо галадаюць. Гэта вялікія раёны. Не хапае не толькі хлеба. Няма вугалю. Солі. Запалак. Карасіну. Тканіны. Абутку. Дзе вы можаце ўсё гэта ўзяць, каб накарміць, абагрэць і адзець мільёны людзей? Хто гэта ў сённяшнім свеце мае? Толькі мая краіна. Амерыка патрабуе нямнога — трымаць фронт супраць немцаў, нават без наступальных аперацый. Прыміце нашых ваенных саветнікаў. І нашых спецыялістаў. За два месяцы мы наладзім вам здабычу вугалю ў Данбасе, здабычу нафты ў Баку. Арганізуем работу чыгунак. Дамо пшаніцу. І закідаем вашых мужыкоў дабротнымі таварамі. Дайце нам толькі карты...

Троцкі не спускаў вачэй з Робінса, як бы жадаючы пераканацца, наколькі ўсё гэта шчыра і сур'ёзна.

— Ад імя каго робяцца такія прапановы? Ад Чырвонага Крыжа?

— Пан народны камісар, я мог бы пакрыўдзіцца як кіраўнік місіі за такое стаўленне да самай гуманнай арганізацыі.

— Прабачце.

— Але я не ўніжаюся да пустой амбіцыі. Я не скажу, што раблю такія адказныя прапановы ад імя прэзідэнта. Але магу запэўніць вас, што такі план падтрымаюць вельмі ўплывовыя колы Злучаных Штатаў.

Троцкі зрабіў выгляд, што глыбока задумаўся.

Робінс далікатна памаўчаў, даючы магчымасць яму падумаць.

— Мы абмяркуем вашы прапановы.

— Для людзей, якіх я павінен інфармаваць, важна асабістая думка чалавека, які накіроўвае знешнюю палітыку ўрада.

Троцкі самалюбіва засмяяўся.

— О, вы не «пракляты імперыяліст». Вы — вялікі дыпламат, пан мільянер.

— Дзякую за камплімент, пан камісар.

— Я сказаў вам упачатку: асабіста я ніколі не падпішу недэмакратычнага міру. А немцы прад'яўляюць ультыматум. Думаю, што мы вымушаны будзем прыняць ваш план. Я баюся сказаць за Уладзівасток. А Мурманск і Архангельск мы можам даць пад ваш... часовы кантроль.

Для Робінса гэта была перамога. Можна было біць у барабаны. Але палкоўнік быў не з тых людзей, любую перамогу ён умеў замацоўваць. Трэба націснуць на самалюбства Троцкага. Якім чынам?

— Мне здаецца, вам нялёгка будзе пераканаць вашага прэм'ера. Пан Ленін залішне захоплены ідэяй міру з немцамі. Я не хацеў бы, каб вы перадалі... але ў мяне такое ўражанне, што ён аслеплены гэтай ідэяй і не бачыць, што робіцца навокал.

— У сацыялістычным урадзе рашэнні прымаюцца калегіяльна.

Сапраўды патрэбны барабаны! Але не, лепш яшчэ чуць-чуць націснуць:

— Гаварыць з вашым прэм'ерам цікава, але нялёгка. Калі я сказаў яму пра нашу гутарку аб арганізацыі работы Транссібірскай чыгункі і аб вашай згодзе ўзяць буйнога амерыканскага спецыяліста ў памочнікі наркома шляхоў зносін, ведаеце, што адказаў мне пан Ленін?

Троцкі насцярожыўся.

— Ён сказаў: наш нарком вялікі гумарыст.

Робінс убачыў, як перасмыкнулася ў Троцкага левая шчака. Здаецца, пацэліў ён трапна. Але Троцкі не выдаў сябе: каб паказаць, што ён сапраўды не пазбаўлены гумару, весела засмяяўся.

— Праўда, потым Ленін... з хітрай усмешкай сказаў: Троцкі не дагаварыў вам. Мы згодны ўзяць вашага чалавека з умовай, што вы возьмеце рускага бальшавіка памочнікам свайго міністра. З гэтага я вывеў, што сам Ленін не меншы гумарыст. Не запатрабуе ён за Архангельск і Мурманск пасады міністраў у амерыканскім урадзе? Мяне забаўляе такая перспектыва: рускія бальшавікі на Капіталійскім узвышшы!

З гэтага жарту яны пасмяяліся разам. Але Троцкі падумаў: «З гэтым мільянерам нельга быць да канца шчырым. Здаецца, ён зачараваны Леніным».

Пасля гэтага візіту Раймонд Робінс у адным са сваіх данясенняў дэпартаменту пісаў: «Я быў задаволены, што менавіта ён працягвае Брэсцкую канферэнцыю... Я быў задаволены, таму што я знаў яго. Ён быў нешта накшталт «прымадонны». Я знаў, што Троцкі зацягвае канферэнцыю наколькі гэта магчыма, таму што яна давала найбольш поўнае задавальненне яго эгаізму (эгацэнтрызму). Ён быў у цэнтры сусветных падзей... ён красамоўнічаў перад самай шырокай аўдыторыяй, на якую мог разлічваць раней і ў будучым».

І той жа Робінс праз два месяцы, ад'язджаючы з Расіі, напісаў Леніну: «Ваша прароцкая праніклівасць і геніяльнае кіраўніцтва дазволілі савецкай уладзе ўмацавацца ва ўсёй Расіі, і я ўпэўнены, што гэты новы стваральны орган дэмакратычнага ўкладу жыцця людзей натхніць і рушыць уперад справу свабоды ва ўсім свеце».



2


«Мірныя перагаворы ў Брэст-Літоўску ў поўнай меры высветлілі, у сучасны момант, к 7.1.1918, што ў германскага ўрада (які поўнасцю вядзе на паваду астатнія ўрады 4-рнога саюза) безумоўна ўзяла верх ваенная партыя, якая па сутнасці справы прад'явіла ўжо Расіі ультыматум (з дня на дзень трэба чакаць, неабходна чакаць і яго фармальнага прад'яўлення). Ультыматум гэты такі вось: альбо далейшая вайна, альбо анексіянісцкі мір, г. зн. мір на ўмове, што мы аддаём усе занятыя намі землі, германцы захоўваюць усе занятыя імі землі і накладаюць на нас кантрыбуцыю (прыкрытую выглядам платы на ўтрыманне палонных), кантрыбуцыю размерам прыблізна ў З мільярды рублёў з растэрміноўкай плацяжу на некалькі гадоў».

Ленін памакнуў пяро ў чарніліцу, тоўста вывеў лічбу наступнага тэзіса, але пяро застыла, нацэленае на паперу.

Лёгка пісаць факты. Нялёгка даць ім філасофскае тлумачэнне. А трэба напісаць так, каб пераканаць людзей. Ох, як трэба пераканаць усіх, хто памыляецца ў самым галоўным — у пытанні аб міры!

Ленін задумаўся.

У Смольным было нязвыкла ціха: позні час, дванаццатая гадзіна ночы. Але Уладзімір Ільіч праз прачыненыя дзверы пачуў ціхі шэпт у пакоі сакратарыята. Там таксама апусцела, засталіся толькі вартавыя ды дзяжурны сакратар — Юлія Паўлаўна Сяргеева, гаманкая вясёлая беларуска. Леніну падабаліся і яе характар, і яе беларускі акцэнт з цвёрдым «р» і мяккім «ц»: «трапіш», «зара», «іграюць». Гэта, безумоўна, яна шэпчацца з вартавымі.

Ленін, калі пісаў, не звяртаў увагі нават на дзённы гул галасоў і тупат соцень ног на «палубах» грандыёзнага карабля рэвалюцыі — Смольнага. Шэпт яму не асабліва перашкаджаў. Можна пайсці і зачыніць дзверы шчыльней, але з-за далікатнасці ён не рабіў гэтага, ведаючы, што такі яго жэст збянтэжыць людзей у прыёмнай і яны будуць напружана маўчаць, пакуль ён будзе працаваць у кабінеце. А працаваць яму прыйдзецца позна. Тэзісы аб неадкладным заключэнні міру павінны быць гатовы да заўтра!

Пасля кароткага роздуму Ленін напісаў:

«Перад сацыялістычным урадам Расіі паўстае пытанне, якое патрабуе неадкладнага вырашэння, ці прыняць цяпер гэты анексіянісцкі мір або весці адразу рэвалюцыйную вайну».

І зноў спыніўся.

Што, аднак, перашкаджае працаваць, як заўсёды,— з той імклівасцю, калі пяро, нават пры яго хуткім пісанні, не паспявае за думкай? Баліць галава? Так, галава баліць — быў вельмі цяжкі дзень. Шаснаццаць гадзін работы з кароткімі паўзамі.

Уладзімір Ільіч падняўся з-за стала, прайшоўся па кабінеце, спружынячы нагамі, каб трохі размяць іх. Звыкла спыніўся каля акна, спачатку каля таго, што выходзіла на Лафонскую плошчу. Удзень разглядванне плошчы, перспектывы Петраграда давала і адпачынак — у залежнасці ад задачы,— і яснасць думкі. Цяпер было пуста, заснежана, цёмна — дзе-нідзе далёкія агеньчыкі. Горад без вугалю і хлеба рана засынае. Не, не рана засынае гэты горад. Колькі ў гэты час не спіць контррэвалюцыянераў, буржуяў... Не толькі не спяць — шэпчуцца, змаўляюцца.

Уладзімір Ільіч перайшоў да акна, з якога відзён быў галоўны пад'езд Смольнага. Цьмяна гарэлі газавыя ліхтары. Хадзілі чырвонаармейцы, з-за калон выглядвалі дулы гармат. Гэтая зусім ваенная карціна — гарматы, чырвонаармейцы (Ленін не ўпершыню ўжо байцоў рабочага атрада, што ахоўваў Смольны, называў чырвонаармейцамі) — як бы адкрыла самую шырокую перспектыву.

Ленін мысленна напісаў:

«На стварэнне сапраўды трывалай і ідэйна моцнай сацыялістычнай рабоча-сялянскай арміі патрэбны, па меншай меры, месяцы і месяцы»,— і тут жа спытаў: — Няўжо такая простая ісціна не зразумелая вам, таварыш Бухарын?

Пастаяў каля акна — трохі сцішыўся боль у галаве. Але не пакідала пачуццё трывогі. Яно так рэдка было ў яго, ён заўсёды супраціўляўся такому настрою: ніколі і ні ў чым не дазваляў сабе раскісаць.

Аднак ад чаго яно, гэтае пачуццё? Што здарылася?

Гадзіну назад скончылася пасяджэнне Саўнаркома.

Леніну здалося, што цэнтральным стане пытанне аб мірных перагаворах. Але яно прайшло звычайным сярод мноства іншых, нічым асаблівым не выдзелілася.

Троцкі зрабіў кароткі і падазрона аб'ектыўны даклад аб ультыматуме Гофмана — усё тое, што толькі што лягло на паперу ў аснову аднаго з тэзісаў. Троцкі не выказаў нават сваёй пазіцыі. Толькі Каменеў, якога Троцкі прывёз з сабой — навошта? за ад'ютанта? — з незразумелай мэтай паведаміў аб «левых» поглядах членаў дэлегацыі Іофе і Радэка. А якая пазіцыя ў самога Каменева, каторы ўжо неаднойчы шкодзіў рэвалюцыі? Наркомы, якія ў пытанні вайны схіляюцца да «левых», таксама змаўчалі, ніякай дыскусіі не пачалі, толькі высветлілі ў кіраўніка дэлегацыі некаторыя працэдурныя пытанні перагавораў.

Праўда, Ленін бачыў, як у членаў урада пазмрачнелі твары ад паведамлення, што ў Германіі яўна перамагае партыя вайны. Але які вывад з гэтага зробяць «левыя», іх малады лідэр Бухарын? Дзе яны збіраюцца выступіць супраць яго, Леніна, дзе дадуць бой? У ЦК? На заўтрашняй нарадзе бальшавікоў — дэлегатаў Трэцяга з'езда, якую «левыя» хочуць ператварыць у партыйную канферэнцыю? Так, безумоўна, заўтра.

«Што ж, я і мае аднадумцы... мы прымем гэты бой. І мы выйграем яго, таварышы і панове!» — звярнуўся Ільіч у думках і да членаў сваёй партыі, і да ворагаў — да ўсіх, каму хочацца ўцягнуць рэспубліку ў вайну.

Але да бою, як і ўвогуле да вайны, трэба рыхтавацца! Тэзісы! Да заўтрашняй нарады яны абавязкова павінны быць гатовыя! Гэта тая зброя, якая паможа згуртаваць армію прыхільнікаў, абаронцаў міру.

Ленін не сумняваўся, што сярод радавых членаў партыі такіх людзей абсалютная большасць, але левыя крыкуны збіваюць іх з панталыку. Трэба ў тэзісах разбіць усе «тэорыі» Бухарына, Радэка, левых эсэраў. І Троцкага. Ён пакуль што не выступіў публічна, але настойліва і хітра праводзіць не менш авантурную лінію. Усёй партыі трэба даказаць, што марксізм патрабуе ўліку аб'ектыўных умоў і іх змен. А карэнная змена — у стварэнні Рэспублікі Саветаў. Таму ўся наша тактыка павінна быць падначалена аднаму прынцыпу: «Як больш правільна і надзейна можна забяспечыць сацыялістычнай рэвалюцыі магчымасць умацавацца...»

Гэта адказ вам, «тэарэтык» Троцкі. Чакаць склаўшы рукі рэвалюцыі ў Германіі, у Францыі — гэта значыць пахаваць сваю ўласную. А таму абсурдна адкрыць немцам фронт. Вільгельм і Гіндэнбург толькі гэтага і чакаюць. Аднак пісаць. Трэба пісаць. У галаве думак — вадаспад. Але яны стануць зброяй, калі лягуць на паперу.

Уладзімір Ільіч вярнуўся да стала. Прачытаў напісанае. Не, логіка разважанняў патрабуе, каб менавіта пра гэта было сказана раней, чым пра факт нямецкага ультыматуму, чытач павінен асэнсаваць ультыматум тэарэтычна ўзброеным. Адзіна правільны марксісцкі вывад такі:

«Становішча спраў з сацыялістычнай рэвалюцыяй у Расіі павінна быць пакладзена ў аснову ўсякага вызначэння міжнародных задач нашай Савецкай улады».

Ленін узрадаваўся, што думка паплыла звыкла хутка і хораша выстройвалася. Пяро проста ляцела, здавалася, не датыкалася да паперы, аднак пакідала словы, сказы, абзацы, навечна занатоўвала ленінскую думку.

«Наша прапагандысцкая дзейнасць наогул і арганізацыя братання ў асаблівасці павінны быць узмоцнены і развіты. Але было б памылкай пабудаваць тактыку сацыялістычнага ўрада Расіі на спробах вызначыць, надыдзе еўрапейская і асабліва германская сацыялістычная рэвалюцыя ў бліжэйшыя паўгода (або падобны кароткі тэрмін) ці не надыдзе. Паколькі вызначыць гэтага нельга ні ў якім разе, то ўсе падобныя спробы, аб'ектыўна, звяліся б да сляпой азартнай ігры».

Раптам думка перапынілася. Адцягнуў увагу дзіўны гук: недзе, не ў прыёмнай, далёка недзе, магчыма, у бяссонным 75-м пакоі, пачала кляцаць машынка.

Дзіўна. Ніколі ён не звяртаў увагі на машынку, якая ўдзень, што кулямёт, страчыла побач, за сцяной. А тут... Ці то начная цішыня гэтак абвастрыла гукі? Ці проста стомленасць? Нервы. Галава такі баліць.

Не дзіва было стаміцца.

Пазаўчора — адкрыццё і роспуск Устаноўчага сходу. Перад гэтым незвычайная работа ў сувязі з тым, што контррэвалюцыя рыхтавала выступленне ў абарону сходу. Толькі за апошнія два дні напісаў некалькі артыкулаў, многа разоў выступіў. На пасяджэнні ЦВК па Устаноўчаму сходу выступаў пяць ці шэсць разоў.

Сёння спадзяваўся на «ціхі» дзень, на спакойную работу. Ціхі! Гэты «ціхі» дзень прывёў да цяжкага эмацыянальнага ўзрушэння, да глыбокага абурэння, да таго, што ён сарваўся на лаянку. Нядобра. Але што зробіш, у яго нервы, як і ў кожнага чалавека.

...З раніцы Ленін прынімаў балгарскага сацыял-дэмакрата Рамана Аўрамава.

З ім Ленін быў знаёмы яшчэ па эміграцыі. Пасля Другога з'езда Аўрамаў стаў бальшавіком і некаторы час працаваў у бальшавіцкім ЦК членам гаспадарчай камісіі.

Але на прыём да Старшыні Саўнаркома ён з'явіўся не ад балгарскіх сацыял-дэмакратаў, а як прадстаўнік урада «цара балгар» Фердынанда Кабургскага, па волі якога ўдзячны Расіі народ быў уцягнуты ў вайну супраць братоў сваіх.

Аўрамава прызвалі ў армію і паслалі на фронт. У канцы семнаццатага года царскія служкі, якія пільна сачылі за сацыялістам і мелі дакладнае дасье на яго, успомнілі пра сувязь Аўрамава з Леніным і тут жа знайшлі яго, паднялі ранг — паслалі ў Германію ў камісію па абмену ваеннапалоннымі і ў камісію па эканамічных пытаннях, якую ўзначальваў знаўца Расіі граф Мірбах. Ад урада цара Фердынанда Аўрамаву было спецыяльнае важнае і далікатнае заданне — паспрабаваць дамовіцца з бальшавіцкім урадам аб закупе ў рускіх чарнаморскіх партах збожжа і карасіну. Вайна давяла Балгарыю да голаду, народ, салдаты ўзнімаліся на заклік: «Зробім, як рускія браты!» Трон хістаўся. Фердынанд хацеў уратаваць яго рускім хлебам, купленым з дапамогай балгарскага бальшавіка.

За дзень да гэтага Ленін гутарыў з Аўрамавым ажно дзве гадзіны.

Аўрамаў прыехаў з Берліна, працаваў у сумеснай з немцамі камісіі, быў даволі адукаваным эканамістам, меў вострае гаспадарлівае вока і, безумоўна, мог даць звесткі пра эканоміку Германіі больш шырокія, глыбокія і дакладныя, чым тыя, што змяшчаліся ў газетах. Ваенная цэнзура працэджвала падобныя матэрыялы праз такое густое педантычна-нямецкае сіта, якога, бадай, не мела ніводная з краін Антанты. У французскіх газетах часам яшчэ можна было прачытаць што-небудзь, вартае ленінскай увагі — увагі эканаміста і ваеннага стратэга. У немцаў — толькі хітрая дэзінфармацыя.

Акрамя сваёй работы ў камісіях, Аўрамаў меў кантакты з нямецкімі сацыял-дэмакратамі. Перад ад'ездам у Петраград сустракаўся з Кауцкім, з Гаазе, з Мерынгам. Яны перадалі Леніну «гарачыя прыветы», але Кауцкі даручыў сказаць, каб Ленін не разлічваў на рэвалюцыйную дапамогу з боку Германіі. «Нямецкі народ — не рэвалюцыйны народ»,— сказаў лідэр «незалежных».

З гэтага Аўрамаў пачаў гутарку.

Такі «прывет» Кауцкага ўзлаваў Леніна.

— Паўстанне арміі, голад народа ў іх на носе, а яны, гэтыя старыя бабы і баязліўцы, паклёпнічаюць на нямецкі народ, сцвярджаюць, што ён не здольны на рэвалюцыю.

Ленін лепш за Кауцкага ведаў, разумеў, што разлічваць на нямецкую рэвалюцыю ў бліжэйшы час нельга. Але нявер'е ва ўласны народ, у нямецкі пралетарыят яго моцна абурыла.

Увогуле для Леніна Аўрамаў быў найкаштоўнейшы субяседнік, інфарматар больш дасведчаны, чым Платэн. Раман Аўрамаў нанюхаўся ўсяго, на розных франтах і ў розных тылах, ён ведаў чацвярны хлеў і яго быдла знутры. Таму Ленін засыпаў яго пытаннямі.

«Я быў падвергнуты літаральна ўраганнаму абстрэлу,— успамінае Аўрамаў.— Ленін хацеў ведаць усё да самых падрабязнасцей». Што ў Германіі? У Балгарыі? У Аўстра-Венгрыі? У якім становішчы прамысловасць? Як з вугалем, з металам? Як з хлебам? Ага, немцы, дзякуючы ўліку і кантролю (іменна ўліку і кантролю!) за нарміраваннем, трымаюцца. Чэхі, венгры, балгары галадаюць. За авантуры Раманавых, гогенцолернаў, Габсбургаў і кабургаў разлічваюцца народы.

Рускія палонныя выкарыстоўваюцца на самых цяжкіх работах.

Ленін тут жа пазваніў Троцкаму:

— Леў Давыдавіч, вернецеся ў Брэст — заявіце ад імя Савецкага Урада немцам пратэст супраць бесчалавечнай эксплуатацыі нашых палонных. Рускія салдаты працуюць у шахтах па чатырнаццаць гадзін і маюць самы мізэрны паёк. У паўтара раза меншы, чым палонныя англічане. Скажыце, што гэта рабства. І мы заяўляем: ганьба рабаўласнікам! Адкуль звесткі? З вельмі надзейных крыніц. Так, так, з вельмі надзейных.

Балгарына крануў ленінскі клопат аб яго рэпутацыі і бяспецы: Уладзімір Ільіч не называе яго прозвішча, разумеючы, што ён ваенны чалавек і яму, у выпадку чаго, лёгка могуць прышыць разглашэнне сакрэтаў.

Аўрамаў таксама праявіў чалавечую тактоўнасць: не стаў пасля такой шчырай сяброўскай размовы аднадумцаў змешваць зусім розныя свае місіі — тое, што ішло ад пераканання, з тым, што належала зрабіць па абавязку афіцэра і дыпламата краіны, якая ваявала з Расіяй.

Абавязак свой Аўрамаў выканаў сёння. Папрасіў прадаць Балгарыі хлеб.

Уладзіміра Ільіча просьба такая здзівіла.

Галодным балгарам варта было памагчы. Але Балгарыя не падпісала яшчэ нават міру, а Фердынанд хоча ўмацаваць сваё становішча за кошт рускага хлеба. Ці не занадта цынічна? А хто паможа галодным рускім рабочым? Пакланіцца Амерыцы, як прапануе Робінс і з чым, здаецца, згаджаецца Троцкі? Нарком па замежных справах гатовы нават аддаць пад амерыканскі кантроль Транссібірскую чыгунку. Які гандляр народным дабром! Занадта вялікі кавалак — ад Уладзівастока да... Да якога пункта, Леў Давыдавіч, вы хочаце ўстанавіць гэты кантроль? Ці не да Петраграда?

Ленін падняўся з крэсла, на якім сядзеў насупраць Аўрамава. Цяпер перад ім быў не госць-аднадумец, а дыпламат варожай дзяржавы. Што ж адказаць пасланніку цара Фердынанда?

Ленін прайшоўся па кабінеце і раптам адчыніў дзверы ў пакой сакратарыята, якія заўсёды шчыльна зачыняліся, калі ў старшыні быў наведвальнік. Паклікаў:

— Таварыш Кізас!

Увайшла супрацоўніца.

— Анна Пятроўна,— звярнуўся да яе Уладзімір Ільіч.— Прынясіце нам з буфета па порцыі хлеба. Калі ён ёсць там.

— І чаю?

— Так, і чаю.

Аўрамаў, да якога не дайшла яшчэ ленінская думка, збянтэжана маўчаў.

Ленін прайшоў да свайго рабочага месца за сталом, сеў у крэсла. Спытаў з афіцыйнай далікатнасцю:

— Ў гасцініцы не холадна?

— Холадна, Уладзімір Ільіч.

— Суровая зіма. Вельмі суровая зіма. А вугалю няма. Я скажу таварышам, каб вам знайшлі цяплейшую кватэру.

— Дзякую. Прашу вас не турбавацца.

Кізас увайшла, несучы талерачкі, на якіх стаялі шклянкі бледнага чаю і ляжалі тоненькія скібкі чорнага, пад колер бурага вугалю, хлеба.

Жанчына паставіла хлеб і чай перад Аўрамавым.

— Калі ласка,— сказаў Ленін госцю.— Прашу пакаштаваць хлеб, якім харчуецца пралетарыят Петраграда. Не выключаю, што рабочыя пякарні, з якой бяруць хлеб для Смольнага, стараюцца выпякаць яго лепшым, чым іншыя пякарні.

Аўрамаў зразумеў, што гэта адказ Леніна на яго просьбу прадаць хлеб, і яму зрабілася сорамна за нахабства людзей, што даручылі яму такую місію. Ацеслівы хлеб комам стаяў у горле.

Ленін еў хлеб з апетытам. Але чай яму не далі дапіць.

Зазваніў тэлефон. Уладзімір Ільіч узяў трубку. І раптам Аўрамаў угледзеў, як змяніўся ў Леніна твар — уміг наліўся гнеўнай чырванню, такога Леніна ён яшчэ ніколі не бачыў, у самых гарачых дыспутах, якія вяліся ў Жэневе.

Старшыня ўрада закрычаў у трубку:

— Таварыш Урыцкі! Што ў вас творыцца ў горадзе? Вы старшыня камісіі па ахове Петраграда. І вы мне спакойна дакладваеце аб такой подлай правакацыі. Так, так спакойна... Неадкладна знайдзіце і арыштуйце гэтых анархістаў! Неадкладна!

Паклаўшы трубку, Ленін тут жа паклікаў сакратара.

— Бонч-Бруевіча да мяне! Дзе Бонч-Бруевіч? Чаму старшыня камісіі па барацьбе з контррэвалюцыяй дагэтуль не ведае, што ў Марыінскай бальніцы адбылося гнюснейшае забойства? У бальніцы! Савецкая ўлада нікому не дазволіць чыніць самасуды! Неадкладна знайдзіце мне Бонч-Бруевіча! Звяжыце мяне з Дыбенкам! Рэвалюцыю топча анархія, а ім — хоць бы што!

Ленін быў настолькі ўзбуджаны, што забыўся на прысутнасць Аўрамава. Аўрамаў, збянтэжаны, што мімаволі стаў сведкам незвычайнай падзеі, але і зацікаўлены — што ж здарылася? — адышоў у дальні куток кабінета да акна.

Колькі дзён назад спецыяльнай пастановай Саўнаркома былыя міністры Часовага ўрада кадэты Какошкін і Шынгароў, якія захварэлі, былі пераведзены з Петрапаўлаўскай крэпасці ў бальніцу. У мінулую ноч матросы-анархісты ўварваліся ў бальніцу і забілі іх там.

Забойства гэтае надзвычай уразіла і абурыла Уладзіміра Ілыча. Ён ніяк не мог супакоіцца. Званіў па тэлефоне. Некага інфармаваў. Некага лаяў. Патрабаваў тлумачэнняў, дзеянняў.

У кабінет шпарка ўвайшоў Бонч-Бруевіч.

Уладзімір Ільіч накінуўся на яго:

— Чым вы заняты? Чым занята ваша камісія? Вы ведаеце, што здарылася?

— Я ведаю...

— Чаму не дакладваеце?

— Я ездзіў у бальніцу і правёў пярвічнае следства.

Ленін паспакайнеў, голас яго вярнуўся ў рэчышча

звыклага дзелавога тону:

— Урад назначае следчую камісію: Бонч-Бруевіч, Дыбенка, Штэйнберг. Неадкладна пачніце самае пільнае расследаванне. Віноўных арыштаваць абавязкова! Тут жа падрыхтуйце тэкст тэрміновай тэлеграмы. Усім камісарыятам, усім старшыням раённых Саветаў Петраграда і прыгарадаў. Камісіі па ахове Петраграда. Штабу Чырвонай гвардыі, ВЧК, камісарам вакзалаў... Абсалютна неадкладна падняць на ногі ўсе сілы, якія ёсць, і адшукаць забойцаў!

Бонч-Бруевіч хутка выйшаў.

А Ленін нейкую хвіліну сядзеў за сталом, масіруючы пальцамі скроні. У галаву ўдарыў боль. Аўрамаў баяўся паварушыцца. Але Уладзімір Ільіч успомніў пра чужога сведку і доўга, строга і пільна глядзеў на яго, як бы вывучаў: як балгарын прыняў гэтую падзею і як можа расказваць пра яе? Мабыць, зразумеўшы, што той страшна збянтэжаны і ўсім выглядам сваім паказвае, што нічога не заўважыў і нікому нічога не скажа, Ленін усміхнуўся. Потым наблізіўся да Аўрамава і коратка, адным сказам, растлумачыў сутнасць справы, якая вывела яго з раўнавагі. Між іншым кінуў:

— Плады анархізму. Анархія — злейшы вораг рэвалюцыі,— і, мабыць, яшчэ раз падкрэсліваючы, як трэба ахоўваць рэвалюцыю і яе штаб, бо ў першае наведванне Смольнага Аўрамаў спытаў, навошта такія строгасці — браневікі, гарматы ля пад'езда, кулямёты ў вокнах,— Ленін ужо з хітраватай усмешкай сказаў: — А без пропуска вас са Смольнага не выпусцяць.

Сеў да стала, адарваў шматок паперы, напісаў пропуск.

— Я скажу, каб вам далі аўтамабіль даехаць у гасцініцу.

Уладзімір Ільіч зразумеў, што перашкаджае яму не далёкі стук машынкі, адрываюць ад неадкладнай працы думкі пра забойства міністраў. Анархію неабходна задушыць у зародку! Пры волі, якую дала рэвалюцыя, пры слабасці Савецкай улады, яе органаў унутранага парадку — гэта страшная стыхія, разгул анархіі. Яе адразу ж пачынае выкарыстоўваць контррэвалюцыя, як было з пагромамі вінных падвалаў.

Ленін рэдка турбаваў работнікаў Саўнаркома ўначы. Але тут адчуў, што, каб скончыць тэзісы аб міры, яму патрэбны даклад аб расследаванні сённяшняй падзеі.

Выйшаў у сакратарыят. Папрасіў Сяргееву знайсці Бонч-Бруевіча.

Камісары 75-га пакоя знайшлі свайго кіраўніка ў казарме флоцкага гвардзейскага экіпажа, дзе анархісты таксама зрабілі заваруху.

Уладзімір Дзмітрыевіч тут жа звязаўся з Леніным па тэлефоне і каротка далажыў аб рабоце, якую прарабіла надзвычайная камісія. Паабяцаў праз паўгадзіны з'явіцца, каб расказаць пра ўсё падрабязна.

Ленін пераканаўся, што камісія працуе, нягледзячы на ноч,— і сапраўды заспакоіўся і здолеў пераключыць увагу на тэарэтычнае і практычнае абгрунтаванне неабходнасці неадкладнага падпісання няшчаснага міру.

Сціхла машынка. Ці ён шчыльна зачыніў дзверы? Ва ўсялякім разе, нейкі час нішто не перашкаджала цячэнню думкі. І галава, здаецца, перастала балець. Не, галава баліць. Але трэба ўмець не прыслухоўвацца да таго, што ў цябе баліць. Ён гэта ўмеў, калі вось так пагружаўся ў працу.

Ленін пісаў:

«Бяднейшае сялянства ў Расіі здольна падтрымаць сацыялістычную рэвалюцыю, кіруемую рабочым класам, але яно не здольна неадкладна, у даны момант пайсці на сур'ёзную рэвалюцыйную вайну. Ігнараваць гэтыя аб'ектыўныя суадносіны класавых сіл па данаму пытанню было б згубнай памылкай».

Няхай яго апаненты паспрабуюць аспрэчыць два дзесяткі тэзісаў! Такія эквілібрысты, як Бухарын, безумоўна, паспрабуюць гэта зрабіць. Але члены партыі будуць мець магчымасць параўнаць іх доказы, іх тэорыі і разабрацца, дзе праўда, за кім трэба пайсці.

Ленін верыў у здаровы рэалізм рабочых, салдат, на іх разлічваў тэзісы, таму і пісаў да празрыстасці прос та — каб зразумеў любы, нават непісьменны, чалавек.

Ленін уяўляў, ведаў наперад аргументы сваіх апанентаў і разбіваў іх. Ён гаварыў бязлітасна суровую праўду:

«Калі ж германская рэвалюцыя ў бліжэйшыя месяцы не адбудзецца, то ход падзей, пры прадаўжэнні вайны, будзе непазбежна такі, што мацнейшыя паражэнні прымусяць Расію заключыць яшчэ больш нявыгадны сепаратны мір, прычым мір гэты будзе заключай не сацыялістычным урадам, а якім-небудзь іншым (напрыклад, блокам буржуазнай Рады з чарноўцамі або што-небудзь падобнае)».

Ленін пісаў дваццаты тэзіс, калі прыйшоў Бонч-Бруевіч.

— Хвіліначку пасядзіце, Уладзімір Дзмітрыевіч. Не, не, не выходзьце. Пасядзіце тут.

Кіраўнік спраў прайшоў у дальні куток і стаіўся там, каб не перашкодзіць. Але глядзеў, як на твары Леніна, у маршчынах яго лба, у вачах, на вуснах адбіваецца тое, пра што ён піша. Бонч-Бруевіч бачыў гэта не ўпершыню, здзіўляўся і захапляўся такому выяўленню думкі на абліччы; хоць чытай на твары.

Ленін размашыста падкрэсліў вядомыя нам словы, сабраў раскіданыя па стале лісткі, падняўся з крэсла, трымаючы лісткі ў руцэ. Яўна задаволены, паказаў іх Бонч-Бруевічу.

— Тэзісы аб міры. Партыі трэба зброя супраць левых фразёраў. Супраць пазіцыі Троцкага.

Склаў лісты, беражліва, як важнейшы дакумент, схаваў іх ва ўнутраную кішэню пінжака. З ласкавай прыжмуранасцю агледзеў кіраўніка спраў. Мабыць, трохі адчуваў няёмкасць за ранішнюю гнеўную ўспышку сваю.

— Уладзімір Дзмітрыевіч, у вас выгляд вучня, якога паставілі ў кут. Не трэба, баценька. Сядайце і расказвайце, што зроблена камісіяй.

Бонч-Бруевіч пачаў расказваць аб выніках следства.

— Спачуванне сем'ям нябожчыкаў вынеслі? Сказалі, што віноўныя будуць пакараны па ўсёй строгасці рэвалюцыйнага закона? Прасачыце за пахаваннем. Кадэты і эсэры могуць выкарыстаць пахаванне для дэманстрацыі супраць Савецкага Урада. Вы кажаце: арыштаваны падазроныя матросы. На чым грунтуецца падазронасць? Абавязкова вочная стаўка з персаналам бальніцы! За самасуд — суровае пакаранне. Але каб ніхто не пацярпеў з невіноўных. Перадайце Штэйнбергу, што ён нясе персанальную адказнасць за вядзенне следства. Матросам гвардзейскага экіпажа, пра анархічны настрой якіх вы толькі што расказалі, перадайце ад імя ўрада, што яны адказваюць за жыццё арыштаваных афіцэраў і за самасуд панясуць суровую кару. А ўвогуле пашліце ў экіпаж надзейных бальшавікоў. Аддзяліце здаровую частку матросаў ад анархістаў. Анархістаў раззбройце.

Атрымаўшы ўказанні па розных пытаннях, не толькі наконт анархістаў, хоць забойства Шынгарова і Какошкіна, відно было, усё яшчэ моцна хвалявала Уладзіміра Ільіча, Бонч-Бруевіч на развітанне спытаў:

— Ці не пара вам адпачываць, Уладзімір Ільіч? Поўнач.

— Я яшчэ павінен прыняць Грымлунда.

— Уладзімір Ільіч, я вымушаны буду паставіць на Саўнаркоме пытанне аб рэжыме работы старшыні.

Ленін нахмурыўся, але тут жа пасміхнуўся.

— Таварыш Бонч-Бруевіч! Не рабіцеся бюракратам. Адпачываць, баценька, будзем, калі завяршым рэвалюцыю, умацуем уладу рабочых.

— А мяне вы адаслалі ў «Халілу».

Ленін засмяяўся.

— Вы немагчымы чалавек, Уладзімір Дзмітрыевіч.



3


«Левыя» адчувалі сябе пераможцамі. Пасля сканчэння нарады лідэры «левых» не разыходзіліся. Яны стоўпіліся ў пярэднім кутку залы, за сталом для прэзідыума, вакол Бухарына і шумна, са смехам, з жартамі, працягвалі размову. Праўда, у прысутнасці Леніна яны не выказвалі сваёй радасці вынікамі галасавання, яны вялі як бы абстрактную размову — размову людзей, якія адпачываюць пасля напружанай працы. Але радасць іх адчувалася ва ўсім — як яны гаварылі, аб чым гаварылі, як смяяліся, якім выглядаў Мікалай Іванавіч Бухарын. Ён стаяў у цэнтры групы, даволі кругленькі для сваіх трыццаці гадоў і галоднага часу, расчырванелы ад узбуджанасці — ад задаволенасці, мабыць, сваёй палымянай, глыбокай, як ён лічыў, прамовай, якая, безумоўна, згуртавала прыхільнікаў рэвалюцыйнай вайны і дала ім перамогу над самім Леніным. Трыццаць два чалавекі прагаласавалі за яго, Бухарына, і толькі пятнаццаць — за пазіцыю Леніна. Шаснаццаць галасоў сабраў Троцкі. Але Троцкі, тэорыя яго, бліжэй, значна бліжэй да іх, «левых», з Троцкім можна аб'яднацца і ў ЦК, і на канферэнцыі, склікання якой яны будуць патрабаваць, паколькі не ўдалося ператварыць у канферэнцыю гэтую нараду ЦК з дэлегатамі Трэцяга з'езда Саветаў і кіраўнікамі буйных партыйных арганізацый.

Ленін таксама затрымаўся ў зале, у другім канцы, каля дзвярэй. Затрымалі яго не столькі аднадумцы, колькі тыя «левыя», якім, магчыма, стала сорамна за бестактоўна-шумную рэакцыю Бухарына, Ломава, Асінскага, Касіёра... і ўсіх тых, што як бы, пасля нарады, захапілі прэзідыум. Безумоўна, ленінцам таксама хацелася падтрымаць, падбадзёрыць правадыра партыі.

Першым па-рабочаму проста і шчыра пра гэта сказаў Фёдар Андрэевіч Арцём:

— Не перажывайце, Уладзімір Ільіч. Гэтым наша барацьба за мір не канчаецца.

Ленін у праходзе паміж бязладна рассунутымі венскімі крэсламі з удзячнасцю сціснуў локаць свайго вернага аднадумца, якога любіў за яго рабочы гарт, сказаў ціха:

— Таварыш Арцём, я перажываю не за сябе. За іх. Чаму яны радуюцца? Магчымасці пахаваць Савецкую ўладу?

Такога не скажаш гучна, на поўны голас, тым больш афіцыйна, з трыбуны. У яго вялікае пачуццё адказнасці за свае словы. І тактоўнасць. А галоўнае — пры любой, самай вострай палеміцы нельга сказаць такога, што дало б гэтым маладым і гарачым галовам повад для расколу. Нельга забываць, што людзі гэта розныя і не надта разбіраюцца ў тэорыі. Ва ўсёй групы «левых» ёсць адна добрая якасць — іх маладосць. Урэшце трэба разумець, што рэвалюцыйны гонар маладых не дазваляе ім змірыцца з нахабнымі прыцязаннямі імперыялістаў.

Уладзімір Ільіч быў удзячны Арцёму, іншым аднадумцам за падтрымку не толькі з трыбуны, але і за шчырую сяброўскую спагаду. Але ён зусім не адчуваў сябе пераможаным. Наадварот. Ён радаваўся свайму настрою. З'явілася ранейшая ваяўнічасць байца — тая, якой ён заўсёды вызначаўся ў эміграцыі. Толькі яго цяперашняе становішча вымушае да большай дыпламатыі. Аднак тэзісамі ён пачаў новы этап прапаганды ў партыі за падпісанне міру. А вынікі галасавання на гэтай прыватнай нарадзе роўна нічога не значаць, ні для каго яны не з'яўляюцца абавязковымі. Асабіста для яго яны толькі прасвятлілі настрой некаторых кіраўнікоў Маскоўскай і Петраградскай арганізацый. Таго ж Бубнава, Касіёра, Бронскага. А настрой трэба ведаць.

Затрымаў яго на выхадзе, між іншым, Бубнаў. Мабыць, яму хацелася хоць неяк апраўдацца.

— Уладзімір Ільіч! Я стаю на старой пазіцыі Леніна! — выгукнуў Андрэй Сяргеевіч.

— У тым і бяда, што вы хочаце стаяць на старой тактычнай пазіцыі і ўпарта не жадаеце бачыць, як стварылася новая аб'ектыўная пазіцыя. Паўтараючы старыя лозунгі, вы не ўлічваеце нават, што мы, бальшавікі, цяпер усе сталі абаронцамі. Адбылася карэнная перамена — створана рэспубліка рабочых і сялян. Рэспубліка Саветаў.

Дзяржынскі праз усю сваю рэвалюцыйную дзейнасць быў верным ленінцам і ненавідзеў апазіцыю. Ён не прымыкаў да Бухарына, не ўступаў у саюз з «левымі»... Фелікс Эдмундавіч перажываў недарэчнасць становішча, якое складвалася. Аднак ён шчыра быў пераконаны, што рэвалюцыя павінна развівацца толькі так — шляхам рэвалюцыйнай вайны пралетарыяту, які першы перамог, супраць імперыялізму, у даным выпадку нямецкага. Акрамя таго, яму больш, чым каму іншаму, балела, што той мір, які заклікае падпісаць Ленін, аддае нямецкім імперыялістам на гвалт Польшчу, Беларусь, Літву.

Дзяржынскі не выступаў на нарадзе. Многія з ленінскіх тэзісаў аб міры зрабілі на яго моцнае ўражанне. Але з апошнім тэзісам, які Уладзімір Ільіч не зачытваў — тлумачыў вусна, ён не мог ніяк згадзіцца.

Каля Леніна быў і Троцкі. Ён не радаваўся ні перамозе «левых», ні сваёй перамозе. Троцкі, можа, адзін з усіх апанентаў Леніна зразумеў, які гэта сур'ёзны дакумент — ленінскія тэзісы аб міры. Бухарын сорак хвілін трубіў пра рэвалюцыйную вайну экспромтам. Сам ён, Троцкі, таксама звыкла практыкаваўся ў красамоўстве. Паланіў слухачоў сваімі доказамі. Але слухачоў было менш сямі дзесяткаў. Што з яго доказаў яны запомнілі? Ленін жа напісаў грунтоўную тэарэтычную работу, якую прачытае, будзе вывучаць уся партыя. Калі толькі паспеў пры яго занятасці? Троцкі папракнуў сябе, што ў Брэсце ён мала напісаў, хоць палітычная камісія засядала адну-дзве гадзіны, ды і то не кожны дзень.

Троцкі думаў, якім чынам нейтралізаваць уздзеянне ленінскіх тэзісаў. Падбіць Леніна, каб ён хутчэй апублікаваў тэзісы. Вось што трэба. Тады такія груганы, як Бухарын, Асінскі, Радэк, пачнуць аспрэчваць кожны сказ, кожнае палажэнне, заблытаюць, зацьмяць простыя і ясныя ісціны настолькі, што звычайнаму радавому члену партыі, рабочаму, які з марксісцкай тэорыі засвоіў хіба толькі лозунг рэвалюцыі, а тым больш непісьменнаму селяніну будзе немагчыма разабрацца, хто ж большы рэвалюцыянер — Ленін ці Бухарын. А ў выніку большасць можа падтрымаць яго, Троцкага, пазіцыю. О, як яму хацелася, каб хоць адзін стратэгічны напрамак рэвалюцыі быў вызначаны яго тэорыяй! Пакуль што на ўсіх этапах, ад лютага да кастрычніка і пасля, у перыяд свайго пераможнага шэсця, як называе гэта Ленін, рэвалюцыя развіваецца па ленінскай тэорыі, па ленінскім плане. А яму, Троцкаму, адводзілася роля практыка, выканаўцы. Ён павінен сваёй рукой падпісаць мір, неабходнасць якога так горача і — нельга не згадзіцца — абгрунтавана даводзіць Ленін.

Дзяржынскі слухаў Леніна, не перапыняючы, было відно, як Старшыні ВЧК хочацца зразумець усю логіку ленінскіх доказаў. Дзяржынскі, практык і рэаліст, з адным згаджаўся: з тымі ўзброенымі сіламі, якімі валодае рэспубліка (а іх, па сутнасці, няма), ніякай вайны, тым больш рэвалюцыйнай, весці нельга, гэта сапраўды абсурдна.

— Таварыш Дзяржынскі, наязджайце на фронт... напрыклад, на Мінскі ўчастак... да сябе на радзіму... і паглядзіце на армію — што ад яе засталося. Думаю, вы не станеце, як Асінскі, крычаць, што я хачу адаслаць вас на фронт?

— Што вы, Уладзімір Ільіч! Я прынімаю вашу аргументацыю. Я хачу зразумець іншае...

Далікатнасці Дзяржынскага Троцкі не меў; любога субяседніка ён мог перапыніць на паўслове і заглушыць сваім красамоўствам. Так ён і зрабіў.

— Фелікс! — да сваіх калег па Саўнаркому, за выключэннем Леніна і некаторых старых, як Скварцоў-Сцяпанаў, Троцкі звяртаўся фамільярна, па-панібрацку, часам заваёўваючы гэтым пэўныя сімпатыі ў тых, хто кляваў на такую танную прыманку.— Не мучай Уладзіміра Ілыча. Заўтра работа Леніна з'явіцца ў «Правде». Мы вывучым яе, і тады размова можа быць больш прадметнай. На пасяджэнні ЦК, напрыклад.

Ленін нічога не адказаў на тыраду Троцкага. Гэта насцярожыла Троцкага, і ён упэўнена і настойліва параіў:

— Тэзісы абавязкова трэба апублікаваць!

— Заўтра? — Ленін прыжмурана ўгледзеўся ў Троцкага, напэўна, адгадваючы тайны сэнс нечаканага клопату наркома па замежных справах аб прапагандзе яго працы.— І вы лічыце, што гэта паможа вам у перагаворах з немцамі?

Троцкі адчуў, што Ленін заганяе яго ў кут.

— Мы не робім тайны з нашай палітыкі.

— Мы ператварыліся б у наіўных прасцякоў, каб адкрывалі ўсе свае тайны,— Ленін задумаўся.— Не. Тэзісы мы не будзем публікаваць. Па крайняй меры, да прад'яўлення немцамі афіцыйнага ультыматуму. Мы пазнаёмім з тэзісамі дэлегатаў з'езда Саветаў. Разашлём партыйным арганізацыям.

Троцкі ўнутрана перасмыкнуўся. О, Леніна немагчыма збіць з тропу! У яго ўсё прадумана. І стратэгія, і тактыка. Апублікаваныя адразу, тэзісы маглі б стаць звычайным артыкулам, якіх зараз па пытанні міру і вайны з'яўляецца нямала ва ўсіх газетах, бальшавіцкіх, эсэраўскіх, меншавіцкіх, і іх сапраўды адкрыта дзяўблі б апаненты. Зусім іншая рэч, калі гэта пойдзе як дакумент ЦК, Саўнаркома — афіцыйны дакумент партыі, урада. Па ім можа быць дыскусія. Але гэта будзе дыскусія зусім іншага характару. Пры такой сітуацыі і Бухарыну, і яму, Троцкаму, прыйдзецца выпрацоўваць іншую тактыку і нямала патраціць энергіі, каб аспрэчыць ленінскія погляды. Трэба перашкодзіць, каб тэзісы сталі агульнапартыйным дакументам. Трэба дамагчыся рашэння ЦК аб неабходнасці іх публікацыі. Ленін, які строга трымаецца партыйнай дысцыпліны, падпарадкуецца рашэнню ЦК.



4


Праз тры дні, на пасяджэнні Цэнтральнага Камітэта дваццаць чацвёртага студзеня, «левыя» не адчувалі ўжо сябе пераможцамі. Не трымаліся асобна ад іншых, не шумелі, не смяяліся. Не групаваліся вакол свайго лідэра. Наадварот, больш звярталіся да Свярдлова, ён быў у цэнтры ўвагі ў сувязі са з'ездам Саветаў, што адкрыўся напярэдадні.

Спакойную, дзелавую натуральнасць узаемаадносін можна было растлумачыць тым, што амаль усе члены ЦК учора бачыліся на з'ездзе і цяпер, перад пасяджэннем, як бы працягваюць раней пачатыя размовы, не разбіваючыся пры гэтым на групы ў залежнасці ад таго, якую хто пазіцыю займае па пытанні міру, хоць пытанне гэтае мелася быць галоўным сёння, з-за яго і склікана надзвычайнае пасяджэнне. Троцкі, адзін з першых, адчуў перамену ў настроі «левых». Яны быццам пасварыліся паміж сабой. Не, сваркі не было, інакш Майсей Саламонавіч Урыцкі інфармаваў бы яго, Троцкага, аб тым, што адбылося. Проста Бухарын і яго прыхільнікі разгубіліся. Ленінскія тэзісы, над якімі яны не маглі не думаць — не пустыя ж галовы! — якія не маглі не вывучаць тры дні, і тая авацыя, якую наладзілі дэлегаты з'езда — рабочыя і салдаты — толькі адной прапанове Свярдлова выбраць Леніна ганаровым старшынёй з'езда, безумоўна, зрабілі на ўсіх гэтых людзей уражанне. Нават ён, Троцкі, пры ўсім сваім скептыцызме да розуму і аўтарытэту ўсіх іншых, акрамя свайго ўласнага, не мог застацца спакойным. У яго варухнулася і добрае пачуццё гонару — што і ён побач з Леніным, што частка апладысментаў адрасавана і яму, і нядобрае пачуццё — зайздрасць. Дарэчы, ён не глушыў гэтае пачуццё, даваў яму волю, бо яно пэўным чынам прасвятляла яго вельмі складаныя адносіны да таго, за кім ідзе партыя.

Падумаўшы пра разгубленасць «левых», Троцкі адчуў знявагу да Бухарына і яго групы. Але яго моцна непакоіла, куды хто з іх можа павярнуць. Ад гэтага будуць залежаць вынікі галасавання. Урэшце, галоўнае — не даць Леніну набраць большасць галасоў за неадкладнае падпісанне міру. Пэўную работу Троцкаму ўдалося правесці. Але не хапала часу — дні былі запоўнены бясконцымі пасяджэннямі, не было нават калі запрасіць надзейных людзей на шклянку чаю. Аднак яшчэ на з'ездзе Саветаў ён дамовіўся, каб старшынстваваць сёння даручылі яму — пасяджэнні ЦК, не ў прыклад пасяджэнням Саўнаркома, дзе нязменна старшынстваваў Ленін, вялі па чарзе члены Палітбюро. Ён, Троцкі, маўляў, з-за адсутнасці даўно не карыстаўся сваім правам.

Сабраліся ў класным пакоі Смольнага, дзе пастаянна з невялікім апаратам прадавала Стасава, сакратар ЦК. У пакоі стаяла некалькі сталоў, каля якіх і паселі члены і кандыдаты ў члены ЦК, выбранага Шостым з'ездам. Збор быў найбольш поўны — шаснаццаць чалавек. З членаў не было толькі Берзіна і Смілгі. «Левыя» паставілі пытанне аб запрашэнні Касіёра, ім патрэбен быў даклад пра пазіцыю Петраградскага камітэта, які выступіў супраць мірнага дагавору.

Стэнаграфістак не было, ніхто тады не думаў, як праз многа гадоў і дзесяцігоддзяў гісторыкам будзе не хапаць такой стэнаграмы. Добра, што нястомная працаўніца Елена Дзмітрыеўна Стасава нязменна са жніўня 1917 года запісвала ў свой запаветны сшытак усе пасяджэнні Цэнтральнага Камітэта, на якіх прысутнічала. Рабіла яна гэта лепш за тэхнічных сакратароў, больш дакладна і пісьменна.

Старэйшая рэвалюцыянерка з капой сівых ужо, але ўсё яшчэ прыгожых валасоў, у круглых акулярах у срэбранай, пад колер сівізны, аправе, сядзела за асобным сталом. Блізка ад яе не садзіліся — яна не любіла курцоў.

Стасава таксама трапіла пад уплыў «левых», яна шчыра баялася, што без рэвалюцыі на Захадзе руская рэвалюцыя загіне, але яна часцей, чым хто з мужчын, сустракалася з піцерскімі работніцамі і ведала, як ім хочацца міру, як многія з іх чакаюць з фронту мужоў і братоў. Таму пасяджэнне, на якім вырашаўся лёс міру, яе хвалявала асабліва, па-жаночаму. Яна не толькі падрыхтавала пяро і чарніла, але і завостраныя карандашы, каб запісаць без «правалаў». Старанна працерла хусцінкай акуляры.

Ленін сеў каля яе стала. Ленін таксама пакутаваў ад курцоў. Адзін Сталін сваёй люлькай мог задыміць любую залу.

Пасля хуткага вырашэння пытанняў аб дапушчэнні Касіёра і аб рэкамендацыях на кіруючыя пасты ў прафсаюзы ў сувязі са з'ездам прафесійных саюзаў перайшлі да трэцяга пункта, самага кароткага па сваёй пратакольнай фармуліроўцы: Аб міры.

«Першым бярэ слова таварыш Ленін»,— запісала Стасава.

Ленін. Таварышы, на нарадзе дваццаць першага вызначыліся тры пункты гледжання. Прадстаўнікі пазіцый выказалі свае довады. Але дакумент ёсць адзін — мае тэзісы аб неадкладным заключэнні сепаратнага і анексіянісцкага міру. Як зробім сёння? Ці абмяркуем тэзісы па пунктах? Ці зноў будзем пачынаць агульную дыскусію?

Троцкі. Я — за агульную дыскусію.

Урыцкі. Я падтрымліваю Троцкага.

Свярдлоў. Зноў, значыцца, будзем агітаваць адзін аднаго за мір ці за вайну?

Ломаў. За рэвалюцыйную вайну, таварыш Свярдлоў!

Ленін. Галасуйце, Леў Давыдавіч... Так. Большасць за дыскусію. У такім разе дазвольце пачаць яе. Пазіцыі кожнай групы вядомыя. Сепаратны анексіянісцкі мір. Рэвалюцыйная вайна. І трэцяя... трэцяя... Аб'явіць, што вайну спыняем, армію дэмабілізаваць, але міру не падпісваць. Геніяльна!

Бухарын. Уладзімір Ільіч, можна без іроніі?

Ленін (вельмі сур'ёзна). Давайце без іроніі. Якая можа быць іронія, калі вырашаецца пытанне аб жыцці ці смерці сацыялістычнай рэспублікі?!

Калантай. Навошта так драматызаваць?

Ленін. Мы пачалі дыскусію. Я абяцаю вельмі ўважліва выслухаць конскага з вас.

Троцкі. Прашу ўвагі.

Ленін. Таварышы! Я не буду паўтараць свае тэзісы, у вас ёсць іх тэкст. Адразу ўступаю ў панеміку са сваімі апанентамі. Першае тэарэтычнае панажэнне, у якім таварышы блытаюцца. Падкрэсліваю. Бальшавікі ніколі не адмаўляліся ад абароны айчыны. Але абарона айчыны павінна ўлічваць пэўную канкрэтную абстаноўку, якая ёсць цяпер, а менавіта: абарона сацыялістычнай рэспублікі ад вельмі яшчэ моцнага міжнароднага імперыялізму. Яснасць павінна быць толькі ў тым, як у даны момант, у данай абстаноўцы мы можам абараніць нашу сацыялістычную айчыну. Абараняюцца па-рознаму, таварышы. Безумоўна, наступленне — лепшая абарона. Але ніхто не аспрэчвае, што пры цяперашнім стане рускай арміі мы не толькі не можам наступаць... Я скажу больш суровую праўду: мы не здолеем нават адступаць. Армія надзвычай стомлена вайной... Конскі састаў такі, што мы не здолеем адвесці артылерыю, калі ў наступленне пяройдуць немцы. А яны будуць наступаць! Становішча немцаў на астравах Балтыйскага мора настолькі добрае, што пры наступленні яны здолеюць узяць Рэвель і Петраград голымі рукамі.

Працягваючы ў такіх умовах вайну, мы надзвычай узмоцнім нямецкі імперыялізм. Мір прыйдзецца ўсё роўна заключаць, але тады ён будзе яшчэ горшы, бо заключаць яго будзем не мы, нас змятуць аб'яднаныя сілы контррэвалюцыі... ды проста салдаты, якія пабягуць з фронту. Хто пацерпіць урад, які давядзе да такога развалу, да такой ганьбы?!

Бубнаў. А той мір, які вы прапануеце, не ганьба?

Ленін. Безумоўна, мір, які мы вымушаны заключыць зараз,— мір пахабны, гвалтоўны. Але я здзіўляюся, што таварышы не разумеюць простай ісціны, якую я вымушаны паўтарыць: калі пачнецца вайна, наш урад будзе змецены. Мы апіраемся не толькі на пралетарыят, але і на бяднейшае сялянства. Калі мы пачнём вайну, сяляне адыдуць ад нас. Армія распадзецца канчаткова. А новай арміі мы яшчэ не стварылі. З якімі сіламі мы будзем ваяваць? Перад намі драпежнік, узброены да зубоў. Імперыялістычны драпежнік, які толькі і чакае зручнага выпадку, каб задушыць рускую рэвалюцыю, ад трыумфальнага шэсця якой у маладых сяброў, што называюць сябе левымі (я апынуўся ў «правых»!), закружыліся галовы. Яны сталі забываць, дзякуючы чаму мы пасля Кастрычніка мелі некалькі месяцаў найвялікшага трыумфу. Нельга забываць, што міжнародная кан'юнктура, якая склалася вельмі выгадна для нас, прыкрыла нас ад імперыялізму. Наша рэвалюцыя — няхай гета гучыць парадаксальна — патрапіла ў шчаслівы момант, калі на чацвёртым годзе вайны краіны, што ваююць паміж сабой, знясіленыя, зайшлі ў тупік. Імперыялістычныя драпежнікі пакуль што не могуць аб'яднацца супраць нас. Гэта мы павінны выкарыстаць, а не прыкрывацца рэвалюцыйнай фразай, не лічыць, што і з міжнародным імперыялізмам мы расправімся гэтак жа лёгка, як з Керанскім ці з Карнілавым. Не, таварышы, так не будзе. Мы ведаем, як англійскія, французскія імперыялісты зацікаўлены, каб вайна прадаўжалася. Яны гатовы плаціць па сто рублёў за кожнага рускага салдата, які застаўся б у акопах. Але салдат не застаецца. Салдат не можа застацца. Армія развальваецца. А новай арміі, паўтараю, у нас яшчэ няма. Таварышы, якія стаяць на пазіцыі «рэвалюцыйнай вайны», даказваюць, што мы будзем знаходзіцца ў грамадзянскай вайне з нямецкім імперыялізмам і тым самым разбудзім рэвалюцыю ў Германіі. Але гэта наіўна, гэта падобна на дзіцячую развагу:

«Я магу рабіць любое глупства — Карл Лібкнехт мяне выручыць». Таварышы! Германія толькі цяжарная рэвалюцыяй. А ў нас нарадзілася выдатнае здаровае дзіця — сацыялістычная рэспубліка. І мы яго можам загубіць, па сутнасці, задушыць уласнымі рукамі, пачаўшы рэвалюцыйную вайну. Гэта авантура — думаць, што супраць рэвалюцыі Гіндэнбург і Гофман не адважацца наступаць. Не, таварышы, без стварэння новай арміі — рэвалюцыйнай арміі ніякай рэвалюцыйнай вайны мы весці не можам. Не можам мы весці яе і без умацавання Савецкай улады, без правядзення сацыяльных рэформ, без наладжвання работы чыгунак... Без хлеба. Без металу. А каб мець усё гэта — трэба час. Трэба перадышка!

Тое, што прапануе таварыш Троцкі — вайну спыніць, мір не падпісваць, армію дэмабілізаваць,— гэта інтэрнацыянальная палітычная дэманстрацыя, не больш. Каб зрабіць такую прапанову, трэба забыць, што каля нашага мірнага хатняга звера ляжыць тыгр, які тут жа выкарыстае гэтую сітуацыю — адкрыты фронт і непадпісаны мір. Аднабаковым загадам утыркаць штык у зямлю вайну скончыць нельга! Троцкі даводзіць, што немец не можа наступаць. А я пытаюся: «А калі ён пачне наступаць?» Можам мы рызыкаваць? Можам мы ставіць на карту лёс рускай рэвалюцыі? Мы, людзі, якія стаяць за абарону сацыялістычнай айчыны? Кожнаму селяніну зразумела, што калі арміі няма, а побач з вамі — страшны драпежнік, то самае разумнае заключыць з ім мір, няхай кароткі, няхай ганебны, але які дасць вам сабраць сілы ці хаця б у парадку адступіць. Нямецкага драпежніка на «ўра» мы не возьмем! Безумоўна, мы робім паварот направа, які вядзе праз вельмі брудны хлеў. Але мы павінны гэта зрабіць. Яшчэ раз паўтараю: калі немцы пачнуць наступаць, то мы будзем вымушаны падпісаць любы мір і тады, безумоўна, ён будзе горшым. Для ўратавання сацыялістычнай рэспублікі тры мільярды кантрыбуцыі не вельмі дарагая цана!

Бухарын. Дарагая цана — не сама кантрыбуцыя, дарагая цана — уніжэнне рэвалюцыянераў перад імперыялістамі.

Ленін (горача). Рэвалюцыянер, які не хоча, калі барацьба патрабуе, паўзці на пузе па гразі,— не рэвалюцыянер, а балбатун. Не таму я прапаную так ісці, што гэта мне падабаецца, а таму, што іншай дарогі няма.

Бухарын (выслухаў Леніна далікатна, з паблажлівай усмешкай). Дарога ёсць, таварышы. Я ўважліва слухаў тэзісы Леніна на нарадзе, яшчэ з большай увагай прачытаў іх. Я высока цаню ленінскую логіку. Але тут я ўгледжваю істотныя супярэчнасці. Таварыш Ленін гаворыць, што мы стаім на пазіцыі абароны. Так. Але абарона мае на ўвазе рэвалюцыйную вайну, гэта раней даказваў і сам Ленін. Цяпер жа, па яго логіцы, выходзіць, што такой вайной мы паможам не міжнароднаму пралетарыяту, а імперыялістам. Другая памылка Уладзіміра Ільіча: ён хоча ўратаваць Расійскую Савецкую Рэспубліку без рэвалюцыі на Захадзе...

Ленін. Вы гарантуеце рэвалюцыю ў Германіі? А калі яе не будзе? Што тады? Аддамо нашу рэвалюцыю на з'ядзенне імперыялістам? Дзеля чаго мы бралі ўладу?

Бухарын. Дзеля сусветнай рэвалюцыі. Расійскую Сацыялістычную Рэспубліку неабходна разглядваць з пункту гледжання інтэрнацыяналізму, у плане агульнага фронту барацьбы класаў. Мы пайшлі першыя і перамаглі, у другіх краінах атрады стаяць на адным месцы, а ў трэціх, як у Германіі, Аўстра-Венгрыі, яны толькі пачалі рухацца. Падпісаўшы мір з кайзерам, мы спынім гэты рух, мы сарвём барацьбу. Нямецкія сацыял-дэмакраты зацікаўлены ў тым, каб мы не падпісвалі дагавору. Рабочыя Вены выйшлі на вуліцу з лозунгамі, на якіх напісана патрабаванне дэмакратычнага міру. А таварыш Ленін прапануе падпісаць анексіянісцкі мір і выплаціць немцам кантрыбуцыю. Зможа гэта ўзняць пралетарскі рух у Германіі? Не, таварышы! Захоўваючы сваю сацыялістычную рэспубліку, мы трацім шансы на міжнародную рэвалюцыю. Няхай немцы нас паб'юць, няхай прасунуцца на сто вёрст. Для нас важна, як гэта адаб'ецца на міжнародным руху...

Ленін. А калі яны возьмуць Петраград, Маскву?

Бухарын. Гэта яшчэ больш узбударажыць заходнееўрапейскія "масы.

Лені н (хмыкае). Для ўзбударажання мас мы гатовы задушыць сваё дзіця? Здаровае дзіця.

Бухарын. Я гатовы адступіць, Уладзімір Ільіч. Я гатовы згадзіцца, што пачынаць рэвалюцыйную вайну пры цяперашнім стапе арміі мы не можам. Таму я лічу, што ў данай сітуацыі пазіцыя Троцкага самая правільная.

Такі нечаканы паварот лідэра «левых» здзівіў Леніна і нават некаторых аднадумцаў Бухарына, Але Ленін не выдаў свайго здзіўлення, наадварот, схіліў галаву, прыкрыў левай рукой рот, бародку, пачаў размашыста, здавалася, не кірыліцай — іерогліфамі запісваць у блакнот думкі Бухарына ці свае ўласныя ў сувязі з яго «паваротам».

Бухарын. Дарэмна таварыш Ленін... мне здалося, нават з іроніяй... гаварыў супраць палітычнай дэманстрацыі. Адмова ад вайны, братанне з'яўляюцца моцным элементам разлажэння арміі. Карнілава мы адолелі разлажэннем яго арміі, іменна палітычнай дэманстрацыяй. Той жа метад мы прыменім і да нямецкай арміі...

Урыцкі. Таварыш Ленін робіць тую ж памылку, што і ў пятнаццатым годзе, калі ён даводзіў, што магчыма перамога сацыялістычнай рэвалюцыі ў Расіі без рэвалюцыі на Захадзе. Гэта нацыянальная абмежаванасць — глядзець з пункту гледжання Расіі, а не з міжнароднага. Канечне, я згодзен, мы не можам весці рэвалюцыйнай вайны. Пачаўшы яе, мы страцім армію — салдаты-сяляне тут жа разбягуцца. Але, падпісаўшы мір, мы страцім пралетарыят, які не прымірыцца з такім мірам, палічыць гэта адыходам ад нашай лініі, здрадай сусветнай рэвалюцыі. Адмаўляючыся ад падпісання міру, праводзячы дэмабілізацыю арміі, робячы, як называе гэта таварыш Ленін, палітычную дэманстрацыю, мы, безумоўна, адкрываем шлях немцам. Але тады — няма сумнення — у народа прачнецца інстынкт самазахавання і народ... сам народ пачне рэвалюцыйную вайну. Што ж датычыць палітычнай дэманстрацыі, то ўся палітыка Народнага Камісарыята замежных спраў была не чым іншым, як палітычнай дэманстрацыяй...

У Троцкага ўчасціўся пульс і расчырванеліся шчокі. Троцкі разумеў, што тэзісы Леніна абяззброілі «левых», утаймавалі іх ваяўнічасць, а работа, якую ён, Троцкі, правёў за гэтыя дні (карысна быць у Петраградзе), наблізіла нават самога Бухарына да яго, бо іншай пазіцыі ў таго, пасля прызнання немагчымасці рэвалюцыйнай вайны, няма. Яго ж, Троцкага, формула дае прастор для любых, самых левых і самых правых, тэорый. Таму «левыя» ступілі пад яго сцяг. Утвараецца, па сутнасці, блок, новы блок... супраць Леніна. Есць ад чаго ўчасціцца яго сэрцу. Але ні ў якім разе нельга паказаць, што гэта супраць Леніна. Некаторыя залішне раскрываюць карты. Пакуль што яму без патрэбы, каб нехта даказваў што знешнюю палітыку Савецкага Урада накіроўваў адзін ён, Троцкі.

Троцкі спачатку намерваўся ўсіх паслухаць, без сваіх саркастычных заўваг ціха, каб пасля «падбіць рахунак» і гэтым узняць свой аўтарытэт. Але пасля «павароту» «левых» ён паспяшаўся выступіць.

Троцкі доўга і заглыблена тэарэтызаваў аб адносінах рэвалюцыйнай вайны да сусветнага інтэрнацыянальнага саюзу пралетарыяту, аб суадносінах сіл рускай рэвалюцыі і пралетарскага руху на Захадзе. Ускосна аспрэчваў ленінскі тэзіс аб «шчаслівай кан'юнктуры», якая склалася ў выніку вайны дзвюх груп імперыялістычных драпежнікаў і памагла рускай рэвалюцыі трыумфальна шэстваваць па вялікай краіне. Затым ён гэтак жа доўга гаварыў аб рабоце камісіі ў Брэсце, аб тым, напрыклад, што яму, Троцкаму, ніяк не ўдаецца намацаць сутнасць узаемных адносін Аўстра-Венгрыі і Германіі, іх супярэчнасцей у падыходзе да міру.

Троцкі. Не маглі мы намацаць і таго, наколькі вялікія сілы супраціўлення Германіі. Нямецкі народ не ведае ўмоў міру. Цэнзура фальсіфікуе перагаворы. А ўсё пытанне ў даны момант заключаецца ў суадносінах сіл. Незалежна ад таго, ці будзем мы актыўна ваяваць, ці выйдзем з вайны — мы ўсё роўна будзем удзельнічаць у вайне. Таму мы павінны ўзважыць, што нам больш выгадна сёння. Ператварыць усе нашы сілы ў сілы ваенныя — гэта утопія. Таму пытанне аб рэвалюцыйнай вайне з'яўляецца нерэальным пытаннем. Усе мы, таварыш Ленін у тым ліку, згадзіліся, што старую армію трэба распусціць. Але распусціць армію — не значыць падпісаць мір...

Свярдлоў. Гэта значыць — падпісаць прыгавор Савецкай рэспубліцы.

Калантай. Немец не здолее наступаць.

Свярдлоў (уздыхнуўшы). Усе мы стратэгі. Але не пашкодзіла б запытаць пра гэта ў Гіндэнбурга — будзе ці не будзе немец наступаць.

Ломаў. Мяне здзіўляюць падобныя лсарты. Вырашаецца лёс сусветнай рэвалюцыі...

Сяргееў (Арцём). А можа, лепш спачатку падумаць пра лёс свайго роднага дзіцяці?

Урыцкі. Рускую рэвалюцыю молса ўратаваць толькі рэвалюцыя сусветная! Дзеля яе мы можам пайсці і на смерць...

Муранаў. Мы можам пайсці на смерць. А вось селянін... ды і пралетарый наш, рускі...

Ломаў. Мацвей Канстанцінавіч, гэта — ідэалогія мяшочнікаў. Сялянства мы павінны паднімаць да сябе, а не апускацца да яго.

Ленін. Але нельга не ўлічваць настрой і інтарэсы класа, які мы хочам падняць да сябе. Сялянства неймаверна стамілася ад крывавай вайны. Яно хоча ўрабляць зямлю, якую яму дала рэвалюцыя... сеяць хлеб... Ваяваць без хлеба нельга — гэтак жа, як і без патронаў...

Троцкі (цярпліва выслухаў нечаканы дыялог, але, як толькі ў размову ўступіў Ленін, тут жа ўспомніў пра свае старшынскія абавязкі). Таварышы, прадоўжым агульную дыскусію... Непадпісанне міру, палітычная дэманстрацыя, як гэта называе таварыш Ленін, узніме рух у Германіі, і гэта, Якаў Міхайлавіч, стрымае Гіндэнбурга і Гофмана ад наступлення. Колькі б мы ні мудрылі, якую б тактыку ні вынаходзілі, ратаваць нас можа толькі еўрапейская рэвалюцыя.

Сталін. Пазіцыя Троцкага не ёсць пазіцыя. Я не назваў бы яе і палітычнай дэманстрацыяй. Больш правільна назваць яе палітычнай дэмагогіяй.

Стасава (уражаная, адрываецца ад свайго сшытка). Таварыш Кабо!

Троцкі (з іроніяй). Таварыш Сталін — адкрыты чалавек, гэта робіць яму гонар.

Сталін (не адказвае ка словы Стасавай і Троцкага). Давайце глянем праўдзе ў вочы і не будзем напускаць туману. Рэвалюцыйнага руху на Захадзе няма, мы не ведаем канкрэтных фактаў. Есць патэнцыя, а з патэнцыяй мы не можам лічыцца, рашаючы лёс сваёй рэвалюцыі. Калі немцы пачнуць наступаць, у нас узніме галаву контррэвалюцыя, яна створыць унутраны фронт. А Германія будзе наступаць і можа наступаць, у яе хапае сілы, у яе ёсць свае карнілаўскія войскі — гвардыя, якую дагэтуль кайзер трымае ў рэзерве. У кастрычніку мы гаварылі пра свяшчэнную вайну... пра рэвалюцыйную вайну, бо верылі, што адно слова «мір» падніме рэвалюцыю на Захадзе. Але Захад можа ўзбударажыць не рэвалюцыйная вайна, не лозунг Троцкага «ні міру, ні вайны», а ўмацаванне нашай рэвалюцыі, правядзенне намі сацыялістычных рэформ. А для гэтага трэба час, трэба перадышка, пра якую гаворыць таварыш Ленін.

У гэтым наш ратунак, а не ў палітыцы, якую прапануюць Бухарын і Троцкі.

Сталін не ўпершыню ашаламляў партыйных інтэлігентаў, такіх, як Стасава, катэгарычнасцю сваіх выказванняў. Адказваць яму не заўсёды адважваўся нават задзірысты Бухарын.

Сталіна паправіў Ленін у сваім другім выступленні, указаў на памылковасць сцвярджэння свайго аднадумца, што рэвалюцыйнага руху на Захадзе няма, ёсць толькі патэнцыя. Паправіў Ленін і Зіноўева, які быў за мір, але ў той жа час даводзіў, што «мы стаім перад цяжкай хірургічнай аперацыяй, бо мірам мы ўзмацнім шавінізм у Германіі і на некаторы час аслабляем рух усюды на Захадзе. Але далей віднеецца другая перспектыва — гэта гібель сацыялістычнай рэспублікі».

«Левыя», па сутнасці, спаўзлі на пазіцыю Троцкага. Толькі Бухарын спрабаваў развіць тэзіс «ні міру, ні вайны», прапанаваўшы лозунг «акопнага міру», які, маўляў, «падпішуць» самі салдаты.

Троцкі адчуваў сябе пераможцам. Заспакоены і задаволены, ён думаў пра тое, як бы хутчэй закончыць гэтыя ўвогуле ўжо бясплодныя спрэчкі — перад ад'ездам у Брэст у яго многа самых розных спраў, у наркамаце і дома. Але трэба паставіць пытанне так, каб галасаванне пацвердзіла яго пазіцыю і ў той жа час прымусіла Леніна паставіць на галасаванне «неабходнасць падпісання анексіянісцкага міру».

Троцкі не сумняваўся, што за Леніна прагаласуе меншасць. Троцкаму вельмі хацелася, каб і тут, у ЦК, як і на нарадзе, Ленін апынуўся ў меншасці.

Троцкі ставіць пытанне: ці будзем мы заклікаць да рэвалюцыйнай вайны?

«За» прагаласавалі двое, супраць — адзінаццаць.

Моцна падзейнічалі ленінскія тэзісы!

«Левыя» адчувалі сябе так, быццам плюхнуліся ў лужыну. Не глядзелі адзін на аднаго.

Бухарын шумна збіраў са стала свае паперы.

Далікатна маўчалі прыхільнікі Леніна: радавацца не было прычыны, дыскусія паказала, што да перамогі яшчэ далёка.

Троцкі адчуў, што ў яго зноў учасціўся пульс: які ж ход зробіць Ленін? Чаму ён маўчыць? Не ў яго характары гэта!

Ленін хвіліну сядзеў моўчкі. Ленін абдумваў і далёкую стратэгію, і блізкую тактыку. Ні члены ЦК, ні буйныя арганізацыі — Петраградская, Маскоўская — не гатовы прыняць анексіянісцкі мір. Людзей трэба пераканаць, трэба пераадолець супраціўленне ў ЦК і дамагчыся пералому ў настроі той часткі мас, што ідзе за прапагандыстамі рэвалюцыйнай вайны, а для гэтага патрэбны некаторы час.

Ленін сказаў:

— Прапаную паставіць на галасаванне, што мы ўсяляк зацягваем падпісанне міру.

За яго прапанову прагаласавала дванаццаць чалавек.

Троцкі адчуў расчараванне. Каб нейтралізаваць нават гэтую «перамогу ь Леніна, Троцкі пайшоў у адкрыты бой:

— У такім разе я прапаную паставіць на галасаванне наступную формулу: вайну мы спыняем, міру не заключаем, армію дэмабілізуем.

За яго прапанову прагаласавала дзевяць, супраць — сем.

Вынікі галасавання развязалі Троцкаму рукі. Але — дзіўна — пераможцам сябе ён адчуваў у меншай ступені, чым пад час дыскусіі, калі «левыя» павярнулі ў яго бок.

А праз некалькі гадзін у Таўрычаскім палацы слупок яго настрою ўпаў яшчэ ніжэй.

Ленін прыехаў на другое пасяджэнне з'езда са спазненнем. Ён з'явіўся ў прэзідыуме, калі Свярдлоў чытаў «Дэкларацыю правоў працоўнага і эксплуатуемага народа».

Уладзімір Ільіч хацеў прайсці непрыкметна, сесці з краю. Але зала... тысяча чалавек падхапілася ў адным парыве і наладзіла такую авацыю, што, здавалася, гойдаліся грувасткія крышталёвыя люстры.

З розных канцоў крычалі:

«Ура — таварышу Леніну!»

Хваля энтузіязму падняла нават левых эсэраў, і яны мусілі вітаць правадыра рэвалюцыі.

Авацыя ў той вечар узнікала яшчэ двойчы: калі Свярдлоў даў слова Леніну для даклада аб дзейнасці Саўнаркома і калі Ленін скончыў свой даклад. І пад час даклада апладысменты ўспыхвалі многа разоў.

На другі дзень Троцкі зноў адчуваў сябе пераможцам, калі на аб'яднаным пасяджэнні Цэнтральных камітэтаў бальшавікоў і левых эсэраў не толькі левыя камуністы, але і левыя эсэры падтрымалі яго пазіцыю.

Але ў дзень свайго ад'езду ў Брэст Троцкі быў раздражнёны, узлаваны на сваіх прыхільнікаў за іх бяздзейнасць, якая, ка яго думку, выявілася ў іх слабым уплыве на дэлегатаў з'езда. На з'езд уплываў Свярдлоў, большасць дэлегатаў ішла за ім. Ён, Троцкі, нямала патраціў энергіі, каб зацямніць пытанне аб міры. А рэзалюцыя па прапанове Свярдлова была прынята кароткая і ясная: з'езд ухваляе палітыку Саўнаркома (значыцца, чытай — Леніна) па пытанні аб міры і прадастаўляе яму ў гэтым пытанні самыя шырокія Паўна моцтвы. Саўнаркому. Значыцца, зноў-такі Леніну, бо ва ўрадзе ў яго ледзь не аднадушная падтрымка, калі не лічыць яго, Троцкага, і левага эсэра Штэйнберга. Нават Калягаеў рашуча не выступіў супраць міру.

Выходзіць, што не галасаванне ў ЦК развязала рукі яму, Троцкаму, а рэзалюцыя з'езда рабочых і салдацкіх дэпутатаў (у канцы да гэтага з'езда далучыўся з'езд сялянскіх дэпутатаў) перадала Леніну вельмі шырокія паўнамоцтвы ў вырашэнні лёсу міру.

У той жа дзень Ленін запрасіў да сябе Троцкага і Каменева, каб даць інструкцыі перад іх ад'ездам у Брэст.

Уладзімір Ільіч не мог дараваць Каменеву дзве яго цяжкія здрады ў самыя адказныя моманты рэвалюцыі І з лістапада не меў з ім ніякіх кантактаў. Але ў той дзень настроены ён быў добразычліва нават да Каменева. Гутарыў з абодвума па-сяброўску шчыра і даверліва. Яшчэ і яшчэ раз, пашыраючы і паглыбляючы логіку сваіх доказаў, тлумачыў членам дэлегацыі, што другой альтэрнатывы міру няма, трэба зразумець: міру патрабуе народ, усё шматмільённае сялянства вялікай краіны, ды і рабочы клас не менш стаміўся ад вайны.

— Усе прыгожыя заклікі да рэвалюцыйнай вайны — гэта чысцейшае фразёрства. Не можам мы ваяваць, Леў Давыдавіч! Вы выдатна гэта разумееце.

— Так, ваяваць мы не можам,— згадзіўся Троцкі.

У палеміку з Леніным у гэты раз ён не ўступаў,

сваёй пазіцыі не абараняў. А Каменеў увогуле больш маўчаў, хоць зусім не быў маўклівым. Падкрэсліваў сваё становішча падначаленага і пакрыўджанага.

Троцкі хоць і не маўчаў, але таксама падкрэсліваў, што ён добра разумее, што ў гэтым кабінеце не месца для палітычнай дыскусіі, што ў старшыні ўрада ёсць поўнае права даць указанні наркому, кіраўніку дэлегацыі, членам гэтай дэлегацыі. Але яму было б прасцей, каб Ленін рабіў гэта афіцыйна і катэгарычна. Такая ж даверлівасць як бы расслабляла. Ва ўсялякім разе, у нейкі момант Троцкі адчуў гэтую расслабленасць, якая яўна абяззбройвала, і насцярожыўся, узмацніў сваю пільнасць. О, з Леніным трэба трымаць вуха востра! Ён не забывае ніводнага слова.

— Немцы не дабіраюцца да вашых партфеляў?

Троцкі не зразумеў ці зрабіў выгляд, што не зразумеў, аб чым размова, здзівіўся:

— У якім сэнсе?

— Не правяраюць, што ў іх? Не шпіёняць?

— Шпіёняць, безумоўна, шпіёняць. Але да праверкі партфеляў не дайшло.

— Немцы ўмеюць гэта рабіць далікатна, крадуць культурна,— Ленін засмяяўся, мабыць, нейкаму ўспаміну.— Вазьміце экземпляр маіх тэзісаў, пазнаёмце членаў дэлегацыі. Скажыце Радэку, што члену дэлегацыі не дазволена друкаваць артыкулы ў нямецкай газеце, няхай і сацыял-дэмакратычнай, аб яго ўласнай пазіцыі. У дэлегацыі пазіцыя павінна быць адна, выпрацаваная ЦВК і Саўнаркомам. Радэк споўз далёка ўлева. Тое, што ён піша,— гэта авантура. Перадайце яму маю прынцыповую нязгоду з усімі яго палажэннямі. Хоць лепш я сам напішу яму.

Ленін выдраў з блакнота лісток, памакнуў пяро ў чарніла, з меншай хуткасцю, чым звычайна, напісаў:

«Дарагі Радэк! Троцкі ці Каменеў паведаміць Вам мой пункт гледжання. Я з Вамі прынцыпова ў корані не згодзен: Вы трапляеце ў лавушку, якую імперыялісты абедзвюх груп ставяць Рэспубліцы Саветаў.

З найлепшым прыветам Ваш Ленін».

Уладзімір Ільіч напісаў гэта па-нямецку не без тайнай думкі: калі кемлівы, няхай, сцяміць, што не яму, чужаземцу, з такім апломбам, з такой катэгарычнасцю меркаваць аб рускіх справах, аб настроі рускага народа і штурхаць яго ў новую бойню.

Перадаў пісьмо Троцкаму.

— Леў Давыдавіч, растлумачце Радэку маю пазіцыю больш падрабязна. Перадайце ўсім таварышам прывет. І давайце на развітанне цвёрда дамовімся. Мы можам спрачацца ў сябе дома, можам мець розныя думкі. Але мы павінны рабіць справу, якая нам даверана рэвалюцыяй. Некаторыя таварышы забываюць, што ў эміграцыі можна было рашаць словамі... Цяпер — трэба рашаць справамі. Важнейшая са спраў Рэспублікі Саветаў — выхад з вайны, атрыманне мірнай перадышкі. Леў Давыдавіч, Леў Барысавіч, я прашу вас... помніць і выконваць дырэктыву Саўнаркома. Мы трымаемся да ультыматуму немцаў, пасля ультыматуму мы здаёмся і без ад цяжа к, неадкладна падпісваем мір.



5


Непамерна самалюбівы, што было ў яго натуры ад прыроды і замацавалася пэўным асяроддзем і выхаваннем, Лёва Бранштэйн заўсёды прагнуў лідэрства. Ён хварэў, калі яго адціскалі на другія ролі, і не дараваў таму, хто гэта рабіў, незалежна ад таго, ці рабілася гэта больш высокім розумам, ці па нізкіх матывах, шляхам інтрыг, якіх нямала было ў тым дробнабуржуазным акружэнні, дзе прайшла яго маладосць. Пазней, стаўшы «марксістам», Троцкі доўга не мог пагадзіцца, што ёсць у Расіі розумы, вышэйшыя за яго ўласны.

Ён лідэрстваваў у бацькавым маёнтку. Хацеў быць лідэрам у Адэскім рэальным вучылішчы Святога Паўла. Паспрабаваў узначаліць «бунт» супраць дэспатызму настаўнікаў: першым свіснуў на ўроку. За гэта яго выключылі. Але бацькавы грошы хутка аднавілі яго вучобу ў вучылішчы. Пасля гэтага зорка лідэрства яго патухла. Тады ён плюнуў на аднакласнікаў: абывацелі! — і пачаў шукаць іншых сяброў. Адэсітаў, скептычна настроеных да ўсяго на свеце, нічым нельга было здзівіць — ні геніяльнасцю, ні дурнотай, да ўсяго яны адносіліся з вясёлай іроніяй — аднолькава як да цара, да губернатараў, так і да грэчаскіх і яўрэйскіх вундэркіндаў.

«Ты лепшы студэнт? Ну і што? Ты сацыяліст? Скажы, якая персона! Бачылі мы не такіх сацыялістаў!»

Але Лёва Бранштэйн думаў інакш: развітаўшыся з марай стаць вялікім паэтам, паставіў сабе мэту — стаць вялікім рэвалюцыянерам.

Былі ў яго якасці, якія часам прыцягвалі моладзь,— рашучасць у прыняцці рашэнняў, настойлівасць у дасягненні мэты, непамерная самаўпэўненасць.

Агітатарам супраць самадзяржаўя ён стаў, не маючы ніякіх палітычных поглядаў.

У адной сваёй кароткай біяграфіі з уласцівай яму іроніяй да ўсяго Троцкі прызнаўся, што, прыйшоўшы агітатарам да мікалаеўскіх рабочых, ён уяўлення не меў пра марксізм, нават «Камуністычнага маніфеста» не чытаў.

Пазней ён букварскі нядрэнна засвоіў марксізм. Ва ўсялякім разе, сацыял-дэмакраты — інтэлігенты, асабліва эмігранты, прызналі яго веды, яго літаратурныя і аратарскія здольнасці. Але ў пытаннях будаўніцтва партыі, у выпрацоўцы яе стратэгіі і тактыкі ў кожны канкрэтны гістарычны момант Троцкі хістаўся, што маятнік, з поўнай амплітудай,— ад левых да самых правых; ад Леніна да Мартава, ад Пляханава да Кауцкага.

Згараючы ад самалюбства, ад велічы, ад незадаволенай прагі лідэрства, Троцкі бясконца скажчваў розныя групы, групкі, блокі. Арганізаваць падобных сабе самалюбцаў ён умеў. Але ненадоўга. Маючы хісткі теарэтычны падмурак, адарваныя ад рускай глебы, ад партыйных арганізацый у Расіі, ад барацьбы пралетарыяту, блокі Троцкага гэтак жа хутка развальваліся, як і ствараліся. Многія гады Троцкі ў саюзе з апартуністамі розных масцей вёў жорсткую, часта даволі грубую па форме барацьбу супраць Леніна, бальшавіцкай партыі, яе асноў. Яшчэ ў пятым годзе Ленін называў Троцкага пустазвонам. «Калі пустазвон Троцкі піша цяпер...»

«Троцкі цягнецца за меншавікамі, прыкрываючыся асабліва звонкай фразай»,— пісаў Уладзімір Ільіч наконт артыкула Троцкага ў нямецкай газеце аб унутрыпартыйнай барацьбе ў Расіі. Было гэта ў 1910 годзе.

«Рэкламіруючы сваю фракцыю, Троцкі не саромеецца расказваць немцам, што «партыя» распадаецца, абедзве фракцыі распадаюцца, а ён, Троцкі, адзін усё выратоўвае».

«Троцкі групуе ўсіх ворагаў марксізму, аб'ядноўваючы Патрэсава і Максімава, якія ненавідзяць «ленінска-пляханаўскі» (як яны любяць казаць) блок».

«З Троцкім нельга спрачацца па сутнасці, бо ў яго няма ніякіх поглядаў...»

Іроцкі святкаваў перамогу, калі яму ўдалося стварыць у жніўні 1912 года «блок (саюз) ліквідатараў, Троцкага, латышоў, бундаўцаў, каўказцаў».

Троцкі нарэшце дабраўся да лідэрства. Хадзіў пераможцам.

Ленін пісаў:

«Праслаўлялася «шматлікасць» удзельнікаў гэтага блока, праслаўляўся саюз «марксістаў розных напрамкаў», праслаўлялася «адзінства» і нефракцыйнасць; пасылаліся громы супроць «раскольнікаў», прыхільнікаў студзеньскай 1912 года канферэнцыі».

Супраць той канферэнцыі, якая выключыла ліквідатараў і яго, Троцкага, з партыі.

Не прайшло і двух гадоў, як трацкісцкі блок затрашчаў і разваліўся.

«Жнівеньскі блок аказаўся,— як мы гаварылі тады ж, у жніўні 1912 года,— пустым прыкрыццём ліквідатараў. Ён разарваны»,— пісаў Уладзімір Ільіч у сакавіку 1914 года ў артыкуле «Распад «Жнівеньскага» блока».

А праз два месяцы ў рабоце «Аб парушэнні адзінства, што прыкрываецца крыкамі пра адзінства» Ленін са знішчальным сарказмам выставіў напаказ не толькі рускім сацыял-дэмакратам і рабочым, але і ўсёй сусветнай сацыялістычнай грамадскасці чалавечую і палітычную сутнасць Троцкага.

«Троцкі любіць гучныя і пустыя фразы...»

«Не ўсё тое золата, што блішчыць. Многа бляску і шуму ў фразах Троцкага, але зместу ў іх няма».

«Спрабуючы цяпер пераканаць рабочых не выконваць рашэнняў таго «цэлага», якое прызнаюць марксісты-праўдзісты, Троцкі спрабуе дэзарганізаваць рух і выклікаць раскол».

«...Ды гэта ж цалкам прыёмы Наздрова або Іудушкі Галаўлёва».

У заключным раздзеле Ленін каротка і вобразна дае і біяграфію руху, і біяграфію Троцкага: «Старыя ўдзельнікі марксісцкага руху ў Расіі добра ведаюць фігуру Троцкага, і для іх не варта гаварыць аб ёй. Але маладое рабочае пакаленне не ведае яе, і гаварыць прыходзіцца, бо гэта — тыповая фігура для ўсіх тых пяці загранічных групак, якія фактычна таксама хістаюцца паміж ліквідатарамі і партыяй».

«Троцкі быў заўзятым «іскраўцам» у 1901-1903 гадах, і Разанаў назваў яго ролю на з'езде 1903 г. роляй «ленінскай дубінкі». У канцы 1903 года Троцкі — заўзяты меншавік, г. зн. які ад іскраўцаў перабег да «эканамістаў»; ён абвяшчае, што «паміж старой і новай «Искрой» ляжыць бяздонне». У 1904-1905 годзе ён адыходзіць ад меншавікоў і займае хісткае становішча, то супрацоўнічаючы з Мартынавым («эканамістам»), то абвяшчаючы недарэчна-левую «перманентную рэвалюцыю». У 1906-1907 годзе ён падыходзіць да бальшавікоў і вясной 1907 года заяўляе сябе салідарным з Розай Люксембург.

У эпоху распаду, пасля доўгіх «нефракцыйных» хістанняў, ён зноў ідзе ўправа і ў жніўні 1912 года ўваходзіць у блок з ліквідатарамі. Цяпер зноў адыходзіць ад іх, паўтараючы, аднак, па сутнасці справы іх жа ідэйкі.

Такія тыпы характэрныя, як абломкі ўчарашніх гістарычных утварэнняў і фармацый, калі масавы рабочы рух у Расіі яшчэ спаў і любой групцы «прасторна» было паказваць сабой плынь, групу, фракцыю,— адным словам, «дзярясаву», якая талкуе пра аб'яднанне з іншымі».

Нават тады, калі зацяжная крывавая вайна працверазіла многіх сацыял-шавіністаў, калі паўсюдна нарастаў рэвалюцыйны рух, Троцкі працягваў блытаць і напускаць туману ў адносінах да вайны.

У лютым семнаццатага года Уладзімір Ільіч пісаў Аляксандры Міхайлаўне Калантай: «Наколькі было прыемна даведацца ад Вас аб перамозе Н. Ів. і Паўлава ў «Новом мире»...— настолькі ж сумна паведамленне аб блоку Троцкага з правымі для барацьбы супроць Н. Ів. Гэткая свіння гэты Троцкі — левыя фразы і блок з правымі супроць цымервальдскіх левых?!»

Троцкі сінеў ад гневу, чытаючы ленінскія характарыстыкі. Ён лічыў сябе вышэй за ўсіх, самым разумным, самым рэвалюцыйным, а яго раптам так пляжаць, так раздзяюць перад сусветнай сацыялістычнай грамадскасцю! А мысліў ён толькі сусветнымі катэгорыямі, ігнараваць ленінскую крытыку ён мог яшчэ ў 1903 годзе. Пасля ж рэвалюцыі 1905-1907 гадоў, пасля Пражскай канферэнцыі, Цымервальда Троцкі пры ўсім сваім самалюбстве, пры ўсім захапленні ўласнай персонай мусіў прызнаць, што Ленін — найвышэйшы рэвалюцыйны аўтарытэт. Троцкі добра разумеў: што б ні здарылася, як бы ні пайшло развіццё рэвалюцыі, як бы ні склаўся лёс самога Леніна, тэарэтычныя работы яго ніхто і нішто ўжо не выкрасліць з гісторыі развіцця марксізму, яны будуць жыць дзесяцігоддзі, стагоддзі. І гэтак жа доўга будзе жыць ленінская ацэнка яго, Троцкага, дзейнасці.

Троцкі кіпеў. Але, маючы даволі гнуткі розум, пераканаўшыся за шмат гадоў, на многіх гістарычных паваротах, што не яго, а ленінскія прагнозы заўсёды апраўдваліся, Ленін умеў бачыць далёка наперадзе, Ленін здолеў арганізаваць самую рэвалюцыйную партыю, за Леніным пайшоў пралетарыят і салдаты, Троцкі вырашыў, што не час весці адкрытую барацьбу з Леніным, бо закрэсліш самога сябе, што трэба вяртацца ў партыю, з якой выключыла яго Пражская канферэнцыя. Да такой думкі ён прыйшоў вяртаючыся вясной семнаццатага года з Амерыкі. Атлантычныя хвалі хораша гойдалі, супакойвалі, акіянскі вецер цверазіў ад ліквідатарскага пахмелля.

Але вярнуўся ў партыю Троцкі не адразу — тры месяцы вёў гандаль.

Красавіцкая канферэнцыя па прапанове Леніна прынімае рэзалюцыю «Аб аб'яднанні інтэрнацыяналістаў супраць дробнабуржуазнага абарончага блоку». Гэта быў ленінскі стратэгічны ход: усе сацыял-дэмакраты, якія супраць вайны, павінны аб'яднацца супраць буржуазнага ўрада Львова — Керанскага. Такім чынам можна ізаляваць меншавіцка-эсэраўскіх згоднікаў, выкрыць іх перад рабочымі і салдатамі.

«Міжраённы» яшчэ ў сакавіку, да звароту з эміграцыі Троцкага, выступілі з прапановай зліць свае арганізацыі з бальшавіцкімі.

Ленін у маі пайшоў на канферэнцыю «міжраёнцаў».

Ленін прапанаваў: «Аб'яднанне пажадана неадкладна». І тут жа напісаў умовы аб'яднання. Але далей Уладзімір Ільіч занатаваў ход абмеркавання:

«Троцкі (які ўзяў слова без чаргі пасля мяне...)

«З рэзалюцыяй я згодзен цалкам,— але разам з тым я згодзен пастолькі, паколькі рускі бальшавізм інтэрнацыяналізаваўся. Бальшавікі разбальшавічыліея — і я называцца бальшавіком не магу».

Шосты з'езд прыняў чатыры тысячы «міжраёнцаў» у партыю. Троцкага і яго прыхільнікаў Урыцкага і Іофе выбралі ў ЦК.

Троцкі вырашыў вучыцца ў Леніна. Але вучыцца па-свойму. Па-першае, пастарацца самому быць бліжэй да прызнанага правадыра рэвалюцыі ці заўсёды трымаць каля яго каго-небудзь са «сваіх людзей». Па-другое, рабіць так, каб у Леніна было як можна больш цяжкасцей, глядзець, як ён будзе пераадольваць гэтыя перашкоды, якія тактычныя хады выпрацоўваць,— і на гэтым вучыцца «мастацтву барацьбы».

Пры адсутнасці Леніна Троцкі, бесцырымонна адштурхоўваючы ўсіх іншых, імкнуўся заняць месца лідэра.

Калі пасля ліпеньскіх падзей Ленін, адразу зразумеўшы абстаноўку, згадзіўся з рашэннем ЦК, што яму і іншым таварышам трэба ісці ў падполле, Троцкі застаўся ў Савеце. Ён не баяўся, што яго застрэляць. Яму не было чаго баяцца. У першы дзень ліпеньскіх падзей ён ратаваў ад разгневанага натоўпу міністра Чарнова. Міністр працы меншавік Скобелеў быў яго блізкім сябрам па эміграцыі. Нарэшце, эсэраўска-меншавіцкія пісакі настолькі выявілі сваю недасведчанасць, што залічылі Троцкага ў лік тых, хто разам з Леніным «ехаў у пламбіраваным вагоне». У выпадку арышту яму так проста было даказаць, што ў тыя дні, калі Ленін ехаў з Швейцарыі ў Расію, ён яшчэ гуляў па Нью-Йорку.

Але было галоўнае: Троцкі спадзяваўся, што, застаўшыся на легальным становішчы ў Петраградскім Савеце, ён здолее ўзяць у свае рукі кіраўніцтва партыяй.

Пераканаўшыся, што партыяй па-ранейшаму, з Разліва, кіруе Ленін, Троцкі публікуе артыкул з апраўданнем ліпеньскіх падзей, з лявацкімі заклікамі і... не хаваецца ад паліцыі. Часовы ўрад садзіць яго ў «Кресты». Мімаволі ўзнікае думка, што Троцкі пасадзіў сябе сам. З якой мэтай? Магчыма, яму хацелася ўпрыгожыць сваю біяграфію яшчэ адным арыштам: во, маўляў, Ленін хаваецца, а яго, Троцкага, садзяць у турму. Ці вельмі можа быць, што гэта быў ход, накшталт таго, які ён зрабіў у 1905 годзе.

Пры нарастанні першай рускай рэвалюцыі Троцкі вёў актыўную дзейнасць у Петраградскім Савеце, нейкі час быў яго старшынёй. Але калі ў снежні 1905 года моцна дыхнула порахам, калі ўсюды пачалі вырастаць барыкады, Троцкі, майстар канспірацыі, раптам апынуўся ў турме. І ў той час, калі царызм душыў рэвалюцыю, калі тысячы рабочых, сялян, матросаў расстрэльвалі без следства і суда, Троцкі, як ён сам пасля напіша ў мемуарах, «особых неудобств» у турме не адчуваў. Двойчы на тыдзень яго наведвала маладая жонка Наталля Сядова. На працэсе прысутнічалі бацька і маці, буйныя херсонскія землеўладальнікі. Троцкі атрымаў ссылку. Усяго ссылку. Ехаў ён у гэтую ссылку, маючы пад падэшвай чысты бланк пашпарта, а ў абцасах — залатоўкі.

У Бярозаве, тым самым, дзе адбываў ссылку Меншыкаў, Троцкі прытвараецца хворым, адстае ад партыі, якую гналі ажно некуды за палярны круг, праз тры дні наймае коней, фурмана і едзе семсот вёрст праз тайгу, па Паўночным Урале, да чыгункі. І царская жандармерыя, якая мела вельмі багаты вопыт у вышукванні ўцекачоў, ніяк «не магла» дагнаць яго! З першай буйной станцыі, з Казані ці Ніжняга, «адважны ўцякач» дае адкрытым тэкстам тэлеграму жонцы ў Пецярбург: «Сустракай мяне». І зноў-такі ахранка глухая і сляпая. Сядова выязджае насустрач, перасаджваецца ў поезд, якім едзе муж, знаходзіць яго ў вагоне другога класса, уручае яму замежны пашпарт. Праз колькі дзён Троцкі гуляе па Стакгольме.

У меншавіцка-эсэраўскім савеце ў Троцкага было нямала сяброў, таму сядзеў ён у «Крестах» не без камфорту: Сядова штодня насіла яму перадачы. Калі іншыя арыштаваныя вырашылі, у знак пратэсту, што ім доўга не прад'яўляюць абвінавачанне, абвясціць галадоўку, Троцкі выказаўся супраць галадоўкі і сарваў яе.

Ленін быў за байкот дэмакратычнай нарады. Каменеў за удзел у ёй. Троцкі, як рабіў ён гэта часта, займаў пазіцыю «і вашым, і нашым» — дваіста-няпэўную. Але калі большасць ЦК выказалася за ўдзел у нарадзе, Троцкі, не запытаўшы згоды Леніна, тут жа выказаўся за з'яўленне Леніна на дэмакратычную нараду, падкрэсліваючы: «Разам з Зіноўевым». Троцкі разумеў, што, калі іх арыштуюць, Зіноўеву, як і самому яму, Троцкаму (адпачыў у «Крестах» два месяцы — і ўсё), нічога не пагражае. А Леніну?

Цяпер вядома, што «ахранка» Часовага ўрада рыхтавала забойства Леніна.

Троцкі быў у такіх блізкіх адносінах з Каменевым і Зіноўевым, што не мог не ведаць, што сваю нязгоду з ленінскім планам узброенага паўстання, якую яны выказалі на пасяджэнні дзесятага кастрычніка, нязгоду з рашэннем абсалютнай большасці ЦК (акрамя іх дваіх), гэтыя штрэйкбрэхеры і здраднікі, палітычныя абывацелі, напалоханыя рэвалюцыяй, вынесуць у друк, у непартыйную газету, і гэтым выдадуць Керанскаму план паўстання.

Так стварылася найцяжэйшая, крытычная сітуацыя для рэвалюцыі, з якой мог вывесці партыю толькі стратэгічны геній Леніна.

Уладзімір Ільіч тут жа піша «Пісьмо да членаў партыі бальшавікоў» і «Пісьмо ў ЦК РСДРП(б)», поўныя гневу супраць здраднікаў: «Я гавару прама, што таварышамі іх абодвух больш не лічу і ўсімі сіламі і перад ЦК і перад з'ездам буду змагацца за выключэнне абодвух з партыі».

Патрабуе неадкладнага рашэння ЦК, дае праект пастановы: «Прызнаўшы поўны састаў штрэйкбрэхерства ў выступленні Зіноўева і Каменева ў непартыйным друку, ЦК выключае абодвух з партыі».

Троцкі робіць усё магчымае, каб уратаваць «сваіх людзей».

Праз два дні, трыццаць першага кастрычніка, Троцкі робіць заяву ў Петраградскім Савеце, што ні бальшавікі, ні Петраградскі Савет паўстання і выступленняў на бліжэйшыя дні не назначалі. Ніхто яму не даручаў рабіць такія заявы, ніхто за язык не цягнуў. Гэта тое адмаўленне, якое для ворага з'яўляецца найлепшым пацвярджэннем.

Троцкі вымагае ад Зіноўева выступлення ў прэсе, і той друкуе ў «Рабочем пути» фарысейскую заяву, якая таксама, па сутнасці, з'яўляецца пацвярджэннем таго, пра што яны напісалі з Каменевым.

«Па шэрагу абставін я вымушаны адмовіцца зараз ад падрабязнага адказу на палеміку. Скажу толькі, што сапраўдныя мае погляды па спрэчным пытанні вельмі далёкія ад тых, якія аспрэчвае т. Ленін. Далучаючыся да ўчарашняй заявы т. Троцкага ў Петр. Савеце раб. і салдацкіх дэпутатаў, я думаю, што мы цалкам можам самкнуць рады і адкласці нашу спрэчку да больш спрыяльных абставін».

Была праведзена моцная «апрацоўка» членаў ЦК, каб не прыняць ленінскае патрабаванне аб выключэнні штрэйкбрэхераў з партыі. Нават Сталін пахіснуўся. У прыпісцы «Ад рэдакцыі» пад заявай Зіноўева Сталін напісаў: «Мы ў сваю чаргу выказваем надзею, што зробленай заявай т. Зіноўева (а таксама заявай Каменева ў Савеце) пытанне можна лічыць вычарпаным. Рэзкасць тону артыкула т. Леніна не мяняе таго, што ў асноўным мы застаёмся аднадумцамі».

Гарачы і пыхлівы Каменеў, «абражаны» вызначэннямі, якія даў Зіноўеву і яму Ленін, падаў заяву аб выхадзе з ЦК.

Аднак гэта быў блеф, танная дэманстрацыя чалавека без гонару і сумлення. Нікуды штрэйкбрэхер не пайшоў, бо гэта было нявыгадна Троцкаму, аслабляла яго пазіцыі.

Увечары дваццаць чацвёртага кастрычніка, калі Леніна не было яшчэ ў Смольным, Троцкі, верны сваёй натуры, сваёй тактыцы, сам, нікім не ўпаўнаважаны, выступае ў ролі «кіраўніка паўстання». Ва ўсялякім разе, яму здалося, што ён кіруе. У сапраўднасці ён рабіў толькі тое, што заўсёды ўмеў рабіць — збіраў па тэлефоне інфармацыю і груба крычаў на камісараў Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта, якія стаялі на чале баявых атрадаў, гатовыя ісці ў бой.

Як «кіраваў» Троцкі паўстаннем, можна ўявіць і па тым, што адзіным яго памочнікам у тую ноч, які не адступаў ні на крок, быў Каменеў — той, што за колькі дзён выдаў ворагу план наступлення, зрабіў здраду, за якую расстралялі б у любой арміі.

Троцкі і Каменеў вельмі актыўнічалі ў той дзень.

Пратакол пасяджэння ЦК данёс дзве прапановы Каменева.

Першая: сёння без асобай пастановы ЦК ніводзін член ЦК не можа пайсці са Смольнага. Нібыта ўсё правільна: адказны момант! Але адна акалічнасць: Леніна не было яшчэ ў Смольным і не многія ведалі, дзе Ільіч. Ці не хацеў «тактык» Каменеў, ведаючы дысцыплінаванасць Леніна, такой пастановай вымусіць яго дабірацца ў Смольны ў час, калі на вуліцах яшчэ поўна было Казакаў, юнкераў, шпіёнаў Керанскага?

Другая прапанова Каменева: у выпадку разгрому Смольнага мець апорны пункт на «Аўроры» і развесці масты, каб выйсці ў заліў.

Ён думаў не аб перамозе — аб разгроме і аб тым, каб у выпадку паражэння з найменшай небяспекай, пад аховай матросаў і гармат крэйсера пакінуць поле бою, уцячы ў Фінляндыю ці Швецыю.

Ленінскі план паўстання ажыццявіўся. Рэвалюцыя перамагла. Ленін у такі рашучы момант асабліва дбаў пра адзінства партыі, таму пад націскам групы Троцкага згадзіўся, каб рэкамендаваць Другому з'езду Саветаў Старшынёй ЦВК Каменева. Але займаў гэты высокі пост штрэйкбрэхер адзін тыдзень.

У крытычны момант наступлення Керанскага на Петраград, юнкерскага мяцяжу ў сталіцы і жорсткіх баёў у Маскве Вікжэль (саюз чыгуначнікаў) звярнуўся з ультыматыўным патрабаваннем аб стварэнні новага ўрада з удзелам усіх дэмакратычных партый — «ад бальшавікоў да народных сацыялістаў уключна». Гэта значыла — з удзелам меншавікоў, эсэраў і ўсіх тых, што памагалі контррэвалюцыі, Керанскаму. На чацверты дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі Вікжэль меў яшчэ сілу, пад яго кантролем былі чыгункі і тэлеграф. Па тэлеграфе ён выступіў са зваротам «Усім, усім, усім!» — і пагразіў, што калі яго ўмовы не прымуць, то будзе спынены рух на ўсіх чыгунках. Забастоўка паставіла б у цяжкае становішча пралетарыят Масквы, якому трэба было неадкладна памагчы рэвалюцыйнымі часцямі. Ленін гэта разумеў, як ніхто.

«Перагаворы павінны былі быць як дыпламатычнае прыкрыццё ваенных дзеянняў...» «Трэба прыйсці на дапамогу масквічам, і перамога наша забяспечана»,— сказаў Уладзімір Ільіч на пасяджэнні ЦК.

Але штрэйкбрэхеры заставаліся штрэйкбрэхерамі, іх цягнула на змову са згоднікамі, з буржуазіяй. Каменеў, Зіноўеў, Разанаў, Рыкаў, Нагін, Мілюцін выступілі за стварэнне так званага «аднароднага сацыялістычнага ўрада». Утварылася новая апазіцыя. Меншавікі і эсэры, акрыленыя падтрымкай Каменева, Зіноўева, іншых згоднікаў, патрабавалі спыніць супраціўленне войскам Керанскага, утварыць урад без Леніна і... Троцкага.

Што датычыць Троцкага, то гэта было не што іншае, як тактычны ход. Сам Троцкі і яго сябры рабілі ўсё, каб імя Троцкага звязваць з Леніным. Такім чынам Троцкаму стваралася папулярнасць у рабочых і сялян.

Патрабаванне яго вываду з «аднароднага ўрада» было тым жа блефам, туманам.

Большасць ЦК прагаласавала за рэзалюцыю, напісаную Ільічом.

Ленін пісаў рашуча, бескампрамісна: «Цэнтральны Камітэт прызнае, што апазіцыя, якая склалася ўнутры ЦК, цалкам адыходзіць ад усіх асноўных пазіцый бальшавізму і пралетарскай класавай барацьбы ўвогуле, паўтараючы глыбока немарксісцкія слоўцы аб немагчымасці сацыялістычнай рэвалюцыі ў Расіі...»

«Цэнтральны Камітэт пацвярджае, што без здрады лозунгу Савецкай улады нельга адмаўляцца ад чыста бальшавіцкага ўрада, калі большасць ІІ Усерасійскага з'езда Саветаў, нікога не выключаючы са з'езда, уручыла ўладу гэтаму ўраду».

Апазіцыя пагарэла.

Каменеў і Зіноўеў зноў падалі заявы аб выхадзе з ЦК.

На пасаду Старшыні ЦВК Ленін прапанаваў Свярдлова.

Прыйшлося Троцкаму зноў ратаваць сваіх верных збраяносцаў. Хітрага Зіноўева ён угаварыў адразу, той адклікаў сваю заяву праз некалькі дзён. Аднак яго «Пісьмо да таварышаў» — дакумент, цікавы надзвычайным спалучэннем крывадушнасці, фарысейства, узвышэння сваёй персоны і нахабнасці ў адносінах ЦК і Леніна.

«Мы пайшлі на вялікую ахвяру, выступаючы з адкрытым пратэстам супраць большасці нашага ЦК і патрабаваннем пагаднення». І тут жа: «Наша права, наш абавязак перасцерагаць партыю ад памылак».

Які «дабрадзей»!

Пазней Каменеў, Рыкаў, Мілюцін і Нагін таксама пажадалі вярнуцца ў ЦК. Але Ленін катэгарычна выступіў супраць: «Мы па сваім пачынанні яго (пісьмо чацвёркі) у друку не змяшчаем, а ім адказваем пісьмова, што назад іх не прынімаем».

Штрэйкбрэхер Каменеў застаўся без працы. Але ненадоўга. Троцкі ўзяў яго ў Наркамат замежных спраў і дамогся ўключэння ў склад мірнай дэлегацыі.

У пытанні міру Зіноўеў быў нібыта прыхільнікам Леніна. Але ўсе выступленні яго на пасяджэннях ЦК, ЦВК, у прэсе адзначаны хістаннямі і блытанінай. Аднак гэта не перашкодзіла Троцкаму пасля ўзнімаць ролю Зіноўева да нябёс. На Сёмым экстранным з'ездзе партыі, які ратыфікаваў з такой цяжкасцю падпісаны Брэсцкі мір, Троцкі, апраўдваючыся, выкручваючыся і абвінавачваючы ўсіх, у тым ліку нават Леніна, у непаслядоўнасці, некалькі разоў паўтарыў, што, маўляў, адзін толькі Зіноўеў з самага пачатку і да канца, без хістанняў, быў за падпісанне міру.


6


На адным з пасяджэнняў, на якім прысутнічалі ўсе дэлегацыі, Троцкі ў сваім, як заўсёды, гарачым выступленні з прэтэнзіяй на сарказм сказаў грубасць генералу Гофману, зрабіў намёк на тое, што калі нямецкі пралетарыят паўстане, то ён перавешае сваіх генералаў на тэлеграфных слупах, як зрабілі гэта рускія рабочыя і салдаты...

Без таго поўны і чырвоны твар генерала Гофмана — яму не трэба было чакаць перакладу, ён нядрэнна валодаў рускай мовай — уміг наліўся бураковай чырванню.

Кіраўнік нямецкай дэлегацыі стукнуў далонню па стале, перапыніў Троцкага:

— Іх пратэстз!

Троцкі, якога, здавалася, ніколі нічога не бянтэжыла, на момант сумеўся.

Прыціхлі маладыя і нахабныя члены дэлегацыі Цэнтральнай рады, якія гучна перамаўляліся паміж сабой, дэманструючы нежаданне слухаць бальшавіцкага міністра. Чакалі скандалу. Прагнулі скандалу.

У Міхаіла Мікалаевіча Пакроўскага сціснулася сэрца, ён лепш, чым хто, ведаў, што дыпламаты не гавораць такой мовай нават тады, калі ўручаюць ноты з абвяшчэннем вайны. Тым больш гэта недапушчальна ка мірных перагаворах.

Пра гэта ж, стоена ўздыхнуўшы, падумаў і ваенны кансультант савецкай дэлегацыі генерал Самойла. Рускі генерал даўно і добра ведаў Гофмана, яны шмат гадоў вывучалі адзін аднаго завочна і вочна, бо да вайны займалі прыкладна аднолькавыя пасады: Гофман узначальваў рускі аддзел нямецкага генштаба, Самойла — аператыўнае ўпраўленне рускага генштаба і лічыўся лепшым знаўцам нямецкай і аўстра-венгерскай армій. Самойла добра ведаў юнкерска-прускую фанабэрыстасць, пыхлівасць і зацятасць Гофмана, яго паталагічную нянавісць да славян, якіх ён лічыў «гноем для ўгнаення нямецкай культуры». У перагаворах нельга не ўлічваць асабістыя якасці партнёра. Таму пяцідзесяцігадовы рускі генерал, якому хацелася сумленна служыць роднаму народу, але які не вельмі яшчэ разбіраўся ў мэтах бальшавіцкага ўрада, не мог уцяміць, навошта Троцкаму такі тон, такія заявы. Недурны ж, здаецца, чалавек, даволі адукаваны, па-еўрапейску выхаваны, валодае некалькімі мовамі.

Далікатны Іофе спалохаўся, ажно пабялеў. Толькі авантурна настроеныя «левакі» Каменеў і Радэк былі ў захапленні ад смеласці свайго кіраўніка.

Не менш за Іофе спалохаўся міністр замежных спраў Аўстра-Венгрыі граф Чарнін. Навошта бальшавікам такія недарэчныя заявы, калі ім патрэбны мір?

Пыхлівы прусак Гофман можа разарваць перагаворы і пачаць наступленне на фронце. А гэтага Чарнін баяўся. Асцярожны і разумны міністр добра ведаў, што яго галодная, знясіленая вайной імперыя трашчыць і развальваецца. Толькі мір можа ўратаваць Аўстра-Венгрыю ці хаця б адцягнуць поўнае крушэнне. Граф Чарнін, насуперак немцам, за якімі ён мусіў ісці, насуперак свайму імператару і ўраду, быў, бадай, адзіным з кіраўнікоў дэлегацыі Чацвярнога саюза, які гатовы быў прыняць ленінскія прапановы аб міры без анексій і кантрыбуцый.

Статс-сакратар Рыхард фон Кюльман таксама зморшчыўся, як ад зубнога болю, ад гэтай недарэчнай сутычкі Гофмана з Троцкім.

Пазаўчора была нарада ў кайзера, дзе ваенныя патрабавалі разрыву перагавораў з Троцкім. Ім, рэалістам — рэйхсканцлеру Гертлінгу і яму, Кюльману,— удалося ўгаварыць Вільгельма не рабіць гэтага: яны лепш, чым ваенныя, разумелі становішча ў імперыі і баяліся, што разрыў перагавораў выкліча буру.

Грубасць Троцкага ўмацоўвае пазіцыі Гіндэнбурга і Гофмана. Кюльману важна было зразумець, чаго дамагаецца Троцкі. Што яму хочацца? Што вынікае з падобных выпадаў — сіла ці слабасць?

Граф Чарнін тут жа ўзяў слова і, прымяніўшы ўсе свае дыпламатычныя якасці — хітрасць, вопыт, далікатнасць, дасціпнасць, можа, у першую чаргу дасціпнасць,— пажартаваў з таго, як ён будзе вісець на слупе,— утаймаваў раз'юшанага Гофмана.

Пасяджэнне прадаўжалася.

Гэта была не толькі правакацыйная бестактоўнасць Троцкага, але і гнюсны паклёп на Кастрычніцкую рэвалюцыю — самую бяскроўную ў гісторыі. Хто, каго, дзе ў перыяд пераможнага шэсця рэвалюцыі вешаў? Гісторыя не ведае ніводнага такога выпадку. Пазней, калі разгарэлася грамадзянская вайна, гэта рабілі дзянікінцы і калчакоўцы — вешалі на слупах камуністаў-камісараў, чырвонаармейцаў, проста рабочых і сялян. Адказам на белы тэрор быў чырвоны тэрор.

Троцкі рабіў усё, каб перагаворы сарвалі немцы, каб ніхто не ўпікнуў яго, гэтым ён дапамог бы Бухарыну і ўсім «левым», пацвердзіў бы іх тэзіс, што з імперыялістамі ніякія перагаворы весці немагчыма. Сам ён, між іншым, так не думаў. Але яму важна было арганізаваць яшчэ адзін блок супраць Леніна.

На першай стадыі перагавораў, калі дэлегацыю ўзначальваў Адольф Абрамавіч Іофе, у Брэсцкай крэпасці панавала зусім іншая атмасфера.

Манархіст Гофман не без хітрасці іграў дэмакрата і шчодрага гаспадара. Савецкай дэлегацыі прапанавалі харчавацца ў сталоўцы афіцэрскага сходу разам з дэлегацыямі Чацвярнога саюза. Акуратна з'яўляўся туды і сам Гофман. За сняданкамі і абедамі вяліся вясёлыя гутаркі. У складзе дэлегацыі была адзіная жанчына — левая эсэрка Анастасія Біцэнка. Гофмана гэта забаўляла, ён з рыцарскай галантнасцю, часам даволі назойлівай, заляцаўся да яе, казаў кампліменты, хоць жанчына, якая кідала бомбы, адказвала генералу зусім не па-дамску. Але Гофман умеў усё ператварыць у жарт. Разам з тым ён быў сур'ёзным і падкрэслена ўважлівым да людзей, з розумам і ведамі якіх не мог не лічыцца,— з Пакроўскім, з Самойлам. Праўда, рускага генерала» якога лічыў ахвярай, Гофман нярэдка сустракаў бестактоўна-ўедлівым пытаннем:

— Не давялі вас яшчэ бальшавікі?

Папярэднік Самойлы генерал Скалон там жа, у Брэсце, застрэліўся ў кароткім перапынку паміж пасяджэннямі. У паперах яго засталося пісьмо жонцы, якая здраджвала яму, гэта было прычынай самагубства. Аднак нямецкая прэса доўга і бестактоўна смакавала смерць «члена рускай дэлегацыі», хоць Скалон быў толькі ваенным кансультантам.

Упачатку дэлегацыя мела нейкую свабоду для паездак: не адна, разам з нямецкімі афіцэрамі, магла выязджаць з крэпасці ў горад, ездзіла нават у Варшаву. У самой цытадэлі., у яе ўнутранай частцы, не многа было месц, забароненых для прагулак,— каля Белага Палаца, дзе размяшчаўся штаб Гофмана, каля некаторых казармаў; нельга было выходзіць за брамы, у перадмаставыя ўмацаванні. Асабліва чамусьці пільна ахоўвалася Кобрынская старана.

З прыездам Троцкага ўсё змянілася. Ён забараніў членам дэлегацыі карыстацца нямецкімі аўтамабілямі і наведваць афіцэрскі клуб. Харчавацца пачалі самастойна, у адведзеным для дэлегацыі блоку. Гэта ізалявала дэлегацыю. А ў той час Галубовіч, а пазней Сяўрук і Лявіцкі са сваімі казакамі (некаторыя з Цэнтральнай рады хадзілі ў экзатычных світках, чырвоных шырокіх штанах) наладжвалі з нямецкімі і аўстрыйскімі афіцэрамі шумныя папойкі. З савецкай дэлегацыяй радаўцы пазбягалі сустрэч, уплываць на іх было цяжка — каб аб'яднацца супраць немцаў, хоць з Сеўруком Троцкі сустракаўся некалькі разоў, але заўсёды адзін на адзін, без палітычных і ваенных дарадцаў.

Натуральна, што з Гофманам у Троцкага былі напружаныя адносіны, неафіцыйна яны не сустракаліся. Але Троцкі часам прагульваўся па ачышчаных з нямецкай акуратнасцю ад снегу дарожках з прадстаўніком Генеральнага штаба маёрам Брыкманам. Маёр часта ездзіў у Берлін і ў стаўку камандуючага Усходнім фронтам прынца Леапольда Баварскага. Пра што гаварылі паміж сабой Троцкі і Брыкман — гісторыі невядома. Але ў час перагавораў у газеце правых сацыял-дэмакратаў — у газеце Кауцкага — з'явіўся артыкул, у якім нічога не гаварылася пра Леніна, але многа — аб надзвычайных якасцях Троцкага, па сутнасці, даводзілася, што гэта, маўляў, адзіны чалавек, які мог бы ўзначаліць дэмакратычны, сацыялістычны, у разуменні правых, урад Расіі.

Начальнік аператыўнага аддзела Стаўкі, пасля, пры Керанскім,— генерал-кватармайстар арміі і фронту Аляксандр Аляксандравіч Самойла выдатна ведаў стан рускай арміі, разумеў, што, у выпадку нямецкага наступления, яна разваліцца, вораг захопіць велізарную ваенную маёмасць і гэта модна аслабіць абараназдольнасць краіны. Ён прыкладаў немалыя намаганні, каб на нарадах, якія Троцкі любіў праводзіць, давесці пра гэта кіраўніку дэлегацыі і яе членам. Але Троцкі не заўсёды выслухоўваў генерала да канца, перапыняў уедлівымі, амаль абразлівымі рэплікамі. Ваенны кансультант не меў нават дарадчага голасу ў палітычнай камісіі. Гэта моцна біла па самалюбстве генерала: з яго думкай лічыліся галоўнакамандуючыя — вялікі князь, цар... Толькі вернасць рускаму народу давала Самойлу сілу.выконваць свае нялёгкія абавязкі. Але Троцкі не хацеў слухаць не толькі былога царскага генерала — вучонага-марксіста Пакроўскага ён выслухоўваў з пагардлівай усмешкай, нецярпліва, хоць Міхаіл Мікалаевіч у той час сам быў у палоне лявацкіх настрояў. Леанід Барысавіч Красін, які паспрабаваў пярэчыць Троцкаму, прабыў у Брэсце ўсяго чатыры дні.

Троцкі слухаў толькі самога сябе, свае доўгія практыкаванні ў красамоўстве. Слухаў Радэка. З Каменева нязлосна жартаваў, адчуваючы яго залежнасць.

Найвялікшай прыемнасцю для Троцкага былі баталіі з Гофманам, асабліва калі ўдавалася мажнога генерала — тыповага тэўтонскага рыцара — узлаваць; пыхлівы прусак, рыжы ад прыроды, ад гневу так чырванеў, што, здавалася, вось-вось успыхнуць яго валасы, шчокі. Супакойвалі яго сваёй разважлівасцю абодва міністры — Кюльман і Чарнін.

У канцы студзеня — пачатку лютага рабочыя Берліна і Вены выйшлі на вуліцы, патрабуючы міру і хлеба.

Савецкая дэлегацыя з Брэста слала ў Петраград тэлеграмы аб гэтых падзеях, яўна перабольшваючы значэнне выступленняў нямецкага і аўстрыйскага пралетарыяту: ішлі са сцягамі і лозунгамі, не з вінтоўкамі — салдаты рабочых не падтрымалі.

Нельга вінаваціць членаў дэлегацыі за вялікі аптымізм: інфармацыя ў іх была абмежаваная, яны не мелі нават магчымасці купіць усе газеты, чыталі толькі тыя, што дазваляў Гофман, а вера ў нямецкую рэвалюцыю была залішняя, усе чакалі дапамогі еўрапейскага пралетарыяту, спадзяваліся на такую дапамогу, шмат хто з іх лічыў, што толькі рэвалюцыя на Захадзе можа ўратаваць рускую рэвалюцыю. Савецкую ўладу.

Выступленням у Германіі і Аўстра-Венгрыі ўзрадаваліся не толькі «левыя». Першага лютага «Правда» выйшла з вялізнай «шапкай»:

«Пажар сусветнай пралетарскай рэвалюцыі разгараецца! Паўстаў нямецкі пралетарыят. У Берліне — Савет рабочых дэпутатаў. Гібель капіталізму непазбежна! Сонца сацыялізму ўзыходзіць! Перамога пачэснага міру забяспечана! Няхай жыве сусветная пралетарская рэвалюцыя! Няхай жыве сусветная рабочая Рэспубліка Саветаў!»

Па першых паведамленнях Ленін таксама паверыў у рэвалюцыю ў Германіі. Але Ленін заставаўся рэалістам, ён не даў волі эмоцыям, а прадаўжаў пільна сачыць за падзеямі, аналізаваць іх.

Немцы перапынілі тэлеграфную сувязь дэлегацыі са Смольным.

Трэцяга лютага Ленін уласнаручна піша зварот:

«Па радыё ўсім.


Мірнай дэлегацыі ў Брэст-Літоўску асабліва.


Мы таксама вельмі ўсхваляваны адсутнасцю проваду, у чым, здаецца, вінаваты немцы. Кіеўская Рада пала. Уся ўлада на Украіне ў руках Савета».

Менавіта пра гэта ў першую чаргу павінны былі ведаць народ, армія і асабліва дэлегацыя ў Брэсце, якая абавязана падпісаць мір. Такі ход ленінскай думкі, Гэтаму ён падпарадкоўвае ўсю іншую інфармацыю: «У Фінляндыі справы буржуазных контррэвалюцыянераў безнадзейныя... На Доне 46 казацкіх палкоў на з'ездзе ў станіцы Ка менскай аб'явілі сябе ўрадам, ваююць з Каледзіным».

Толькі паведаміўшы тое, што давала важкія аргументы савецкай дэлегацыі і выбівала іх у Гофмана, Ленін інфармуе, што «сярод піцерскіх рабочых вялікі ўздым энтузіязму ў сувязі з утварэннем Савета рабочых дэпутатаў у Берліне». І вельмі асцярожна ў канцы: «Ходзяць чуткі, што Карл Лібкнехт вызвалены і хутка стане на чале нямецкага ўрада».

На другі дзень, чацвёртага лютага, Ленін зноў шле радыёграму «Усім, усім». Ленін ставіць іншую мэту: памагчы нямецкім рабочым, якіх запалохалі жахамі рускай рэвалюцыі.

У радыёграме Уладзімір Ільіч інфармаваў перш за ўсё рабочых свету і асабліва нямецкіх сацыялістаў: «Рад загранічных газет паведамляюць ілжывыя звесткі пра жахі і хаос у Петраградзе і інш.

Усе гэтыя звесткі абсалютна няправільныя. У Петраградзе і Маскве паўнейшы спакой. Ніякіх арыштаў сацыялістаў не зроблена».

Перадапошні абзац адрасаваўся свайму народу — са спакойнай развагай І праўдзівасцю:

«Звесткі з Германіі скудныя. Яўна, што германцы скрываюць праўду аб рэвалюцыйным руху ў Германіі. Троцкі тэлеграфуе ў Петраград з Брэст-Літоўска, што немцы зацягваюць перагаворы».

У той дзень Троцкі атрымаў ад немцаў сувязь і паслаў Саўнаркому такую тэлеграму:

«Нямецкая прэса стала трубіць, нібыта мы ўвогуле не хочам міру, а толькі клапоцімся аб перанясенні рэвалюцыі ў іншыя краіны. Гэтыя аслы не могуць зразумець, што менавіта з пункту гледжання развіцця еўрапейскай рэвалюцыі хутчэйшы мір для нас мае велізарнае значэнне».

Ленін верыў дэлегацыі. А Троцкі між тым маніў, уводзіў урад у зман — і наконт уласнай пазіцыі, і наконт пазіцыі дэлегацый Чацвярнога саюза.

Адной тэлеграмы яму здалося мала, ён у той жа дзень шле другую асабіста Леніну: «У нямецкі друк пранікла недарэчнае паведамленне аб тым, што мы збіраемся дэманстрацыйна не падпісаць мірнага дагавору. Якая дзікая лухта!»

Зусім інакш, чым Ленін, павёў сябе Бухарын і яго прыхільнікі. Людзі, якія спадзяваліся толькі на рэвалюцыю на Захадзе і былі ў палоне рэвалюцыйнага фразёрства, з першымі ж звесткамі аб выступленнях у Германіі павялі бестактоўную нахабную прапаганду супраць Леніна. Яны яўна хацелі ўзяць рэванш за сваё паражэнне на Трэцім з'ездзе Саветаў.

Заява Бухарына, Ломава, Асінскага, Пятакова, Красцінскага ў ЦК з патрабаваннем неадкладна склікаць партыйную канферэнцыю была, па сутнасці, ультыматумам прыхільнікам Леніна. У заяве гаварылася, што канферэнцыя неабходна для канчатковага і яснага вырашэння гэтага пытання гістарычнай для міжнароднага пралетарыяту важнасці «І ў сувязі з тым, што ў рэзалюцыі, якая ўнесена ад імя бальшавіцкай фракцыі на з'ездзе Саветаў... не маецца прамога ўказання на недапушчальнасць падпісання дагавору 29 студзеня (10 лютага) і ў той жа час прадастаўлены неабмежаваныя паўнамоцтвы Савету Народных Камісараў па пытанні аб заключэнні міру, г. зн. выходзіць і права падпісаць «пахабны мір».

У выпадку падпісання міру без канферэнцыі ўся група пагражала пакінуць адказныя пасты ў партыі і органах улады.

Ленін выступіў супраць канферэнцыі, якая ў той сітуацыі, пры тэрміновым скліканні, не магла выявіць думку партыі. Няма сэнсу ў канферэнцыі, сказаў Ільіч на пасяджэнні ЦК першага лютага, таму што рашэнні яе не могуць быць абавязковымі для ЦК.

Ленін дамагаецца пастановы аб скліканні партыйнага з'езда. Але, каб заспакоіць крыклівых апанентаў сваіх, дыпламатычна згаджаецца на правядзенне тэрміновай нарады — «для лоўлі думак». Зноў — каторы раз! — заклікае прыхільнікаў рэвалюцыйнай вайны «з'ездзіць на фронт і там на ўласныя вочы пераканацца ў поўнай немагчымасці вядзення вайны».

Праз два дні адбылася нарада ЦК з прадстаўнікамі Петраградскага і Маскоўскага камітэтаў — Касіёрам, Фенігштэйнам, Асінскім, Стукавым. Усе яны былі «левыя». Каго прадстаўляў Спундэ, дагэтуль не ўстаноўлена, але здагадацца лёгка: Спундэ быў вухам Троцкага, яго інфарматарам, запасным, на выпадак, калі Зіноўеў, які любіў паляжаць на мяккай канапе з грэлачкай, будзе адсутнічаць, Троцкі добра ведаў звычкі Зіноўева.

Ніхто не паклапаціўся, каб вёўся пратакол. Толькі Уладзімір Ільіч уласнаручна запісваў некаторыя палажэнні з выступленняў і склаў табліцу галасавання, разбіўшы ўдзельнікаў на чатыры групы. Галасаванне было складанае. Не проста за мір ці за вайну. Належала выказаць свае адносіны па дзесяці важнейшых пытаннях знешняй палітыкі Савецкай дзяржавы. Пытанні прапанаваў Ленін. Першым сярод іх было: «Ці дапусцімы ўвогуле мір паміж сацыялістычнымі і імперыялістычнымі дзяржавамі?» Далей ішло: «Ці дапусціма зараз падпісаць нямецкі анексіянісцкі мір?» «Зацягваць перагаворы ці не?» «Ці разарваць перагаворы неадкладна?» «Ці трэба ствараць Чырвоную Армію?»

Зразумеўшы, што Ленін «перахітрыў» іх, загнаў у кут — вымушае адказамі вывернуць сваю сутнасць, лідэры «левых» Бухарын і Урыцкі і «прыхільнік» Леніна Зіноўеў уцяклі да галасавання, палахліва пакінулі «поле бою».

Ленін размашыста і буйна, праз усю табліцу, так і напісаў: «Пайшоў да галасавання» — насупраць прозвішча Зіноўева і трохі драбней «Пайшлі да галасавання» перад прозвішчамі Бухарына і Урыцкага, аб'яднаўшы траіх фігурнай дужкай.

Асінскі і Стукаў адказалі адмоўна нават на першае пытанне: ці можа быць мір паміж сацыялістычнай і імперыялістычнай дзяржавамі?

За адно толькі прагаласавалі ўсе, акрамя, безумоўна, тых, што ўцяклі,— за стварэнне Чырвонай Арміі. Але пытанне гэтае было як бы кантрольнае: яшчэ пяць дзён назад, дваццаць восьмага студзеня, Уладзімір Ільіч падпісаў дэкрэт Саўнаркома аб стварэнні Чырвонай Арміі. Нямецкі ультыматум зрабіў непатрэбным дыпламатычны манеўр — ствараць новую армію без афіцыйнага абвяшчэння. Няхай «партыя вайны» ў Германіі ведае, што з развалам старой рускай арміі Савецкая рэспубліка не застанецца без узброеных сіл! Няхай ведаюць, што зацяжка перагавораў мояса даць нам час умацаваць фронт!

Адным словам, Уладзімір Ільіч усё скіроўваў на тое, каб хутчэй падпісаць мір і адначасова ўмацаваць Савецкую ўладу палітычна, эканамічна і абаронна.

Аляксандр Аляксандравіч Самойла верна выконваў прысягу айчыне і нямала зрабіў для рускай арміі. Бальшавікі не патрабавалі ад яго прысягі. Але, перайшоўшы на бок Савецкай улады, ён прысягнуў сам сабе: гэтак жа верна прадаўжаць служыць свайму народу, а значыцца, і ўраду, якому народ даверыў кіраўніцтва краінай. Маючы немалы вопыт вядзення разведкі, ён і ў Брэсце не спаў у шапку. Зблізіўся з «радаўцамі», якія, напэўна, спадзяваліся, што царскі генерал бліжэй да іх, чым да бальшавікоў, і праз яго можна выведаць сакрэты савецкай дэлегацыі.

Генерал прыняў запрашэнне Міколы Любінскага на вячэру і, умеючы разумна выпіць, выведаў ад п'яных «Казакаў», што Цэнтральная рада гатова падпісаць з немцамі і аўстрыйцамі сепаратны мір. Таму перапынены перагаворы, Кюльман і Чарнін выехалі ў Берлін.

Устрывожаны Самойла ў той жа вечар далажыў пра гэта Троцкаму.

Троцкі прыняў яго ў цёплым шыкоўным халаце і ў звычайных армейскіх валёнках: у блоках было холадна; халодныя адносіны паміж Гофманам і Троцкім адбіліся нават на гэтым — грубкі ў пакоях савецкай дэлегацыі пачалі паліць з залішняй нямецкай ашчаднасцю.

Нарком выслухаў генерала ўважліва, але са спакойнай паблажлівай усмешкай, якая ўжо неаднойчы абражала чалавека, што скончыў не горшую, не толькі на яго думку, ваенную акадэмію, якога ніхто ніколі не лічыў прафанам і за думку якога перад вайной і ў вайну дорага заплацілі б разведкі варожых генштабоў.

Троцкі не ўпершыню слухаў так ваеннага кансультанта. Ён аглядаў поўную постаць Самойлы з «класавай грэблівасцю», мабыць, лічыў, што так павінен глядзець галодны пралетарый на сытага буржуя. І не верыць яму. Ні ў чым.

На гэты раз Троцкі быццам бы паверыў, бо заспакоіў Самойлу без заўсёднага саркастычна-гуллівага тону — сур'ёзна:

— Ленін тэлеграфуе, што Рада дыхае на ладан. Што такое дагавор, падпісаны трупам?

— Але я не сумняваюся, што ў дагаворы абавязкова будзе пункт, які дасць права немцам увесці на Украіну войскі. Гэта паставіць нас у цяжкае становішча. Калі нават улада Цэнтральнай рады падзе на ўсёй Украіне, немцы могуць доўга прызнаваць толькі той урад, які падпісаў выгадны ім дагавор. Нельга недаацэньваць значэнне дагавораў.

Троцкі задумаўся.

— Што вы прапануеце?

Яны абыходзіліся без зваротаў: Троцкі ніколі не сказаў генералу «таварыш Самойла», у сваю чаргу генерал ніяк не мог прымусіць сябе казаць яму «таварыш нарком», як звярталіся да Троцкага іншыя.

— Выкрыць змову Сеўрука і Лявіцкага з Гофманам. Заявіць пратэст. Паспрабаваць дастаць праект дагавора...

Вусны Троцкага скрывіліся ў знаёмай саркастычнай усмешцы. Пранікліва-назіральны Самойла зразумеў, што Троцкі падумаў: маўляў, недабіты генерал дае яму, вялікаму рэвалюцыянеру, палітычную параду.

Але Троцкі нечакана зноў зрабіўся сур'ёзны і, пахадзіўшы ў задуме па прасторным пакоі, сказаў:

— Тэлеграфуйце ў штаб Заходняга фронту... з перадачай Галоўкаверху... Тэкст такі. Запішыце. Абстаноўка складваецца так, што паказвае на поўную магчымасць, нават у бліжэйшыя дні, рашэння нямецкага галоўнага камандавання перапыніць перамір'е і аднавіць варожыя дзеянні. Лічу неабходным правесці самым паскораным чынам меры па вывазу ў тыл артылерыі і матэрыяльнай часткі.

У Самойлы спалохана расшырыліся вочы. Упершыню ён сказаў інтымна-даверліва, шэптам:

— Леў Давыдавіч! А калі Гофман чытае нашы шыфроўкі?

Троцкі спыніўся перад генералам і зноў грэбліва паглядзеў на яго акруглены пад фрэнчам жывот.

— Генерал! У вас хвароба. Шпіёнаманія. Але мяне здзіўляе не гэта. Дзіўна, што царызм не навучыў вас выконваць загады.

Адзін з нямногіх у складзе дэлегацыі, хто найлепш разумеў пагрозу і найбольш быў заклапочаны лёсам краіны і арміі, але хто быў пазбаўлены права даводзіць сваю думку, Самойла з сумным настроем пакінуў пакой наркома, пайшоў да тэлеграфіста, разам з ім зашыфраваў тэлеграму і перадаў яе. Было гэта шостага лютага.

Троцкі не толькі не паслухаўся парады Самойлы — адкрытым пратэстам перашкодзіць сакрэтнай змове, але не давёў папярэджанне кансультанта да дэлегацыі, не паведаміў пра яго Саўнаркому. Ведаў, што Ленін не задаволены яго, Троцкага, прызнаннем дэлегацыі Рады, таму рабіў выгляд, што роля яе настолькі мізэрная, што не вартая нават сур'ёзнай інфармацыі.

У гэты час у Брэст нарэшце прыехалі прадстаўнікі дэлегацыі ЦВК Саветаў Украіны Мядзведзеў і Шахрай. Як ні стараўся Уладзімір Ільіч, каб яны выехалі хутчэй і сказалі сваё слова ад імя ўкраінскага народа, немцы не без уплыву радаўцаў зрабілі ўсё, каб затрымаць іх прыезд.

Троцкі іх прыезду не надаў належнага значэння — таго, якое надаваў Ленін. Ён, па сутнасці, ігнараваў савецкіх украінцаў, як ігнараваў кожнага, у кім не бачыў аднадумца, саюзніка.

Сама дэлегацыя, без штату, без тэхнічных сродкаў, у варожым акружэнні немцаў і «радаўцаў», пры абыякавасці Троцкага, была ў Брэсцкай цытадэлі, па сутнасці, бездапаможнай. Да таго ж члены дэлегацыі не мелі цвёрдай палітычнай пазіцыі. Лідэр украінскіх левых сацыял-дэмакратаў, якія не заўсёды стаялі на ленінскіх пазіцыях, Яхім Мядзведзеў быў па натуры лянівы і хваравіты, недарэмна ён хутка сышоў з палітычнай арэны. Энергічны і дзейны Васіль Шахрай ужо тады меў сімптомы нацыяналістычнай хваробы, за што пазней яго выключылі з бальшавіцкай партыі. Уладзімір Затонскі па хваробе не здолеў прыехаць.

Дзевятага лютага на дзённым пасяджэнні палітычнай камісіі Троцкі без уласцівай яму настойлівасці і пафаснасці ўзняў пытанне аб прызнанні дэлегацыі Савецкай Украіны.

Тут жа падхапіўся заўсёды стрымана-вежлівы Кюльман і нязвыкла горача сцёбнуў Троцкага, як кажуць, па вачах:

— Я лічу патрэбным устанавіць, што пан прадстаўнік рускай дэлегацыі дагэтуль не ўказаў на тое, што разам з дэлегацыяй Кіеўскай рады мае прэтэнзію гаварыць ад імя ўкраінскага народа яшчэ і другая дэлегацыя.

Вельмі магчыма, што Кюльман ведаў пра крытыку Леніным пазіцыі Троцкага ў адносінах дэлегацыі Рады.

Троцкі мусіў пракаўтнуць жабу. Але чалавек гэты ўмеў выкручвацца з любой сітуацыі і любы паварот выкарыстаць для ўласнай карысці.

Запатрабаваўшы перапынак, ён правёў нараду сваёй дэлегацыі з удзелам Мядзведзева і Шахрая і прапанаваў тэкст тэлеграмы ў Петраград: «Калі мы да пяці гадзін вечара атрымаем ад вас дакладнае і праверанае паведамленне, што Кіеў у руках савецкага народа, гэта можа мець вялікае значэнне для перагавораў».

З Петраграда адказалі праз нейкія дзве-тры гадзіны — вельмі аператыўна, калі мець на ўвазе, што ўсе тэлеграмы з Брэста дакладваліся Леніну і амаль усе адказы пісаліся ці дыктаваліся Леніным: нельга не ўлічыць і той акалічнасці, што «проваду» часта не было — немцы ўсяляк чынілі перашкоду сувязі, а такую тэлеграму ўвогуле маглі затрымаць.

У адкрытай тэлеграме гаварылася:

«Учора 8 лютага а дзесятай гадзіне ночы атрымалі з Кіева ад галоўнакамандуючага Мураўёва афіцыйнае паведамленне аб узяцці Пячорскага раёна і ўцёках рэшткаў Рады... Усё гэта было ў 20 гадзін 8 лютага; ад Рады не засталося нічога, акрамя сумнага ўспаміну... Як бачыце, дэлегацыя Кіеўскай Рады ў Брэсце ўяўляе пустое месца. У Кіеў, як і ў Харкаў, будзе перададзена ваша патрабаванне аб рэгулярным інфармаванні Брэста».

Троцкі рабіў выгляд, што ён раіцца з Саўнаркомам. Але, атрымаўшы гэтае вельмі валенае паведамленне, ён не паварушыў пальцам. А па ўсёй логіцы перагавораў павінен быў запатрабаваць ад Кюльмана і Чарніна тэрміновага пасяджэння палітычнай камісіі, каб з дакументам у руках апратэставаць паўнамоцтвы дэлегацыі Рады.

Немцы, безумоўна, пачыталі тэлеграму, бо тут жа, тайна ад савецкай дэлегацыі, з надзвычайнай паспешлівасцю, зрабіўшы значныя ўступкі пыхлівым нацыяналістам, падпісалі дагавор з Радай.

Пра акцыю гэтую першы даведаўся Самойла: граф Чарнін, мабыць, узрадаваны, што радаўцы не патрабавалі ад Аўстра-Венгрыі кампенсацыі — Усходняй Галіцыі і Букавіны,— наладжваў прыём.

Усхваляваны кансультант зноў пайшоў да кіраўніка дэлегацыі. Троцкі ніякай заклапочанасці не выявіў, не сабраў нават дэлегацыю, каб параіцца. Ён прадыктаваў Самойлу тэлеграму аб падзеі, якая адбылася. Пытаўся, што рабіць. Але тут жа з незразумелай катэгарычнасцю паведамляў, што наша «канчатковае рашэнне будзе вынесена заўтра ўвечары». Незразумела, на каго разлічвалася гэтае амаль пагрозлівае сцвярджэнне — на Саўнарком ці на немцаў.

Усю ноч у Брэсцкай крэпасці, палохаючы нямецкіх вартавых, па-запарожску балявалі «дыпламаты» Віннічэнкі і Пятлюры, якія ў гэты час уцякалі з Кіева насустрач нямецкаму і аўстрыйскаму войску, пад ахову кайзера Вільгельма і імператара Карла.

Хлеб і мір! Гэта быў клопат не толькі кожнага дня — кожнай гадзіны, кожнай хвіліны. Вырашэнне любога пытання арганізацыі Савецкай улады абавязкова і вельмі чэпка звязвалася з мірам і хлебам. Уся велізарная разумовая энергія Леніна, якой хапіла, каб ускалыхнуць, узрушыць свет, цяпер была скіравана на гэтыя, такія простыя, разуменні. Простыя, калі мір і хлеб ёсць, але якія складаныя, калі іх няма! Ленін нярэдка адчуваў і казаў блізкім людзям, што, магчыма, лягчэй было напісаць у Разліве «Дзяржаву і рэвалюцыю», чым раздабыць лішнюю тысячу пудоў хлеба для Петраграда і арміі.

Учора былі прадстаўнікі Савета народных упаўнаважаных Фінляндыі. Буржуазія душыць фінскую рэвалюцыю голадам. Прыйшлося ўключаць у парадак дня сённяшняга пасяджэння Саўнаркома: «Хадайніцтва Фінляндыі аб хлебе». Але дзе яго ўзяць? Дзе — вядома. У сялян. Як узяць?

Тры дні назад па яго, Леніна, ідэі, не без бою з левымі эсэрамі, прыйшлося выдаткаваць з урадавага фонду дзвесце тысяч рублёў для арганізацыі і ўтрымання сацыялістычнага атрада пры Надзвычайнай камісіі па абароне Петраграда.

А ўчора нарадзілася новая ідэя: знайсці сто мільёнаў рублёў для «Цэнтратканіны», каб пусціць усе фабрыкі, нарабіць мануфактуры і выменяць на яе хлеб.

Але сто мільёнаў — не сто рублёў, іх трэба знайсці ў дзяржаўным казначэйстве — з нечага выкраіць, урэзаўшы на іншыя патрэбы. А галоўнае — правесці праз Саўнарком. Левыя эсэры, якія выдаюць сябе за абаронцаў сялянства, павінны падтрымаць, хоць апошнім часам здараецца, што дзеянні іх не ўкладваюцца ў логіку іх жа праграмы. Могуць выступіць супраць некаторыя «эканамісты» — Пятакоў, Неўскі. Бо грошай сапраўды такі няма.

Некалькі гадзін назад Ленін выступіў на з'ездзе зямельных камітэтаў, сярод іншага сказаў і пра гэта:

«Грошай няма, вось дзе наша слабасць, вось чаму мы слабыя і чаму пакутуе наша краіна».

Усё так. Аднак сто мільёнаў трэба знайсці. Хлеб — самая магутная зброя рэвалюцыі.

У той жа дзень Ленін даў яшчэ адно распараджэнне, якое мела важнае дачыненне да хлеба. Ды і да міру таксама.

Рэвалюцыя зрабіла небывала гуманны акт: вызваліла з-пад варты ваеннапалонных. Будзьце роўнымі сярод роўных, глядзіце, вучыцеся, як рускі пралетарыят бярэ ўладу!

У пошуках хлеба і работы ваеннапалонныя наваднілі Петраград. Асабліва наехала многа афіцэраў. Паступаюць звесткі, што некаторыя з іх ідуць на сувязь, на кантакты з рускім контррэвалюцыйным афіцэрствам — каледзінцамі, карнілаўцамі.

Ленін напісаў Падвойскаму:

«З прычыны прадуктовых цяжкасцей і небяспекі контррэвалюцыйных выступленняў прадпісваю прыняць неадкладна самыя рашучыя і экстранныя меры для высылкі з Петраграда ўсіх ваеннапалонных, у першую чаргу афіцэраў».

У змаганні з контррэвалюцыяй ніякіх дыскусій быць не можа. Прадпісанне Старшыні Саўнаркома павінна быць законам! Але жыццё паказвае, што бухарынцы, левыя эсэры могуць учыніць абструкцыю з любой нагоды, па любой пазіцыі. Калі выступілі супраць міру, то могуць гэтак жа лёгка выступіць супраць пошукаў грошай, закупу хлеба, высылкі палонных. У такіх выпадках вельмі важна, каб любую ідэю хораша зразўмелі і падтрымлівалі, без хістанняў, без агаворак, блізкія і надзейныя таварышы.

Ленін запрасіў да сябе Свярдлова і Сталіна, каб параіцца з імі.

Наконт палонных Якаў Міхайлавіч спытаў:

— Своечасова гэта, Уладзімір Ільіч? Немцы і аўстрыйцы не прычэпяцца? Перад самым падпісаннем міру...

Мір мы падпішам, калі не сёння, то заўтра абавязкова! Мы пратэставалі супраць рабскай эксплуатацыі рускіх палонных. А ў нас палонныя маюць поўную волю. Будзе падпісаны мір, мы іх як можна хутчэй вернем на радзіму. Няхай прапагандуюць нашу рэвалюцыю. А пакуль што статус ваеннапалонных — унутраная справа краіны, якая ўзяла іх у палон. Мы пайшлі далей усіх міжнародных канвенцый. Але калі некаторыя з ваеннапалонных намерваюцца выступіць супраць рэвалюцыі...

— Прадпісанне Падвойскаму павінна быць сакрэтным дакументам. Мы залішне многа даём у друк,— сказаў Сталін.

— Наконт палонных Сталін мае рацыю, гэта справа чыста ваенная,— згадзіўся Уладзімір Ільіч, але, на хвіліну задумаўшыся, сказаў: — А ўвогуле таіцца ад рабочых мы не будзем. Усе дэкрэты Савецкай улады рабочыя і сяляне павінны ведаць. Пакуль што друк наш, бальшавіцкі, слаба прапагандуе іх. А меншавіцкія і эсэраўскія газеты маюць залішнюю свабоду, каб аплёўваць нашы дэкрэты. Мы задыхаемся без паперы, яны ж маюць яе. Гэта абсалютна ненармальна. Усе запасы паперы трэба нацыяналізаваць. Папера, як і порах, павінна быць у руках дзяржавы.

Гаварылі пра хлеб.

Ленін крытыкаваў камісарыяты, якія мала што робяць, каб хутчэй перавесці металічныя заводы на выраб тавараў, прыгодных, каб мяняць іх на хлеб.

— Дамо сялу плугі, косы, сярпы, паркаль — і мы атрымаем хлеб. Больш таго: гэта будзе практычнае ўмацаванне саюзу пралетарыяту і сялянства,— Ленін агледзеў сваіх паплечнікаў, прыжмурыўшыся адначасова весела і заклапочана, як ён рабіў гэта ў хвіліны напружання мыслі.— Аднак з металічнымі заводамі прасцей. Грошы на ваенныя заказы мы выкарыстаем на мірную прадукцыю. Дзе ўзяць сто мільёнаў для «Цэнтратканіны» ?

Увайшоў Мікалай Пятровіч Гарбуноў, паклаў перад Леніным паперку. Уладзімір Ільіч прачытаў, і на твар яго як бы ўпаў цень, весялосць у вачах знікла, зморшчыш пад вачамі і на лбе паглыбіліся. Сказаў Свярдлову і Сталіну:

— Ад Троцкага. Па сутнасці, паўтор учарашняй тэлеграмы. Не разумею, чаму ён так дамагаецца інструкцый — што рабіць у сувязі з падпісаннем немцамі дагавору з Радай. Інструкцыі яму дадзены дастаткова ясныя і падрабязныя. А потым — гэтыя заявы. Яны — што ультыматум Саўнаркому.— Ленін прачытаў: — «Сёння каля шасці гадзін намі будзе дадзены канчатковы адказ. Неабходна, каб ён у сутнасці сваёй стаў вядомы ўсяму свету. Прыміце неабходныя да таго меры». Як гэта разумець? Вы што-небудзь разумееце, Якаў Міхайлавіч? — Ленін перадаў тэлеграму Свярдлову.

Якаў Міхайлавіч пачытаў, пакруціў галавой, аддаў паперу Сталіну. Пакуль той чытаў, Свярдлоў сказаў з іранічнай усмешкай:

— Ох, Пяро! Гэта тое «пяро», якое перад тым, як напісаць, пырскае чарнілам і ставіць кляксы. Троцкі залішне думае пра тое, як увайсці ў гісторыю. Яму абавязкова патрэбна сусветная аўдыторыя. Не менш.

— А я не веру Троцкаму! — катэгарычна пракаменціраваў тэлеграму Сталін, кладучы паперу на стол. Уладзімір Ільіч падняўся і адышоў да акна, пастаяў там у задуме.

Зімовы вячэрні змрок ахутваў Петраград. Аднак бязвоблачнае неба было яшчэ светлае. І Ленін зноў падумаў, што ў небе мала дымоў. Уявіў, як мерзнуць у халодных кватэрах дзеці. Толькі мір можа даць хлеб і вугаль!

Адказаў Сталіну ад акна:

— Не верыць таварышам па рабоце мы не можам. Гэта разваліць савецкі апарат.

Перасмыкнуў плячамі, як скінуў з іх цяжар, хутка вярнуўся да стала, сеў, на бланку з грыфам «Совет Народных Комиссаров» энергічна напісаў:

«Брэст-Літоўск. Руская мірная дэлегацыя. Троцкаму. Наш пункт гледжання вам вядомы; ён толькі ўмацаваўся за апошні час і асабліва пасля пісьма Іофе. Паўтараем яшчэ раз, што ад Кіеўскай Рады нічога не засталося і што немцы вымушаны будуць прызнаць факт, калі яны яшчэ не прызналі яго.

Ленін».

Напісаўшы гэта, Уладзімір Ільіч памахаў лістком у паветры, прачытаў тэкст і працягнуў тэлеграму Сталіну.

— Іосіф Вісарыёнавіч, прасачыце ў апаратнай, каб перадалі як можна хутчэй.

Сталін прабег вачамі па тэксце.

— Мне хочацца, Уладзімір Ільіч, дапісаць адзін сказ: «Інфармуйце нас часцей». Троцкі павінен адчуваць кантроль урада.

— Калі ласка, дапішыце.

Сталін дапісаў у канцы, перад подпісам «Ленін», гэтыя словы, а пад адрасам напісаў: «Адказ» — і паставіў дату і час: «28/1, 6 гадзін 30 мінут вечара».

Сталін паставіў петраградскі час і дату па старым стылі. А без дзесяці шэсць па берлінскім часе дзесятага лютага ў Брэсцкай крэпасці пачалося апошняе пасяджэнне дэлегацый на мірных перагаворах.

Немцы, пераадолеўшы страх графа Чэрніна, яшчэ напярэдадні адкрыта прад'явілі свой ультыматум.

Троцкі двойчы паведаміў з двухсэнсавымі прыпіскамі пра дагавор з Радай і вельмі туманна — аб ультыматуме: «Сёння Кюльман і Чарнін падвялі вынікі ўсім спрэчкам, якія праходзілі да гэтага часу...»

Троцкі добра помніў інструкцыю Леніна: «Мы зацягваем перагаворы да прад'яўлення ультыматуму. Пасля ультыматуму мы здаём і падпісваем анексіянісцкі мір».

Апраўдваючы свой ультыматум і падбадзёрваючы знясіленых вайной саюзнікаў — аўстрыйцаў і балгар, Гофман пачаў са злоснай заявы:

— Канчаючы бясплодную дыскусію, якую мы тут доўга вялі, я павінен ад імя майго імператара і ўрада заявіць рашучы пратэст рускаму ўраду ў сувязі са значным, у апошнія дні, павелічэннем колькасці рускіх войск на тэрыторыі Фінляндыі.

Гэта была мана: ніякія новыя часці ў тыя дні ў Фінляндыю не пасылаліся.

Следам за Гофманам выступіў Кюльман. Статс-сакратар гаварыў не так злосна, як генерал,— дыпламатычна:

— Дэлегацыі Чацвярнога саюза ехалі ў Брэст-Літоўск з самымі чыстымі і самымі міралюбівымі намерамі. З такой жа шчырасцю мы заключылі перамір'е. Але рускі ўрад на ўсім працягу перамір'я выкарыстоўваў яго толькі з адной мэтай — каб падбухторыць нямецкіх салдат супраць афіцэраў і генералаў, каб перанесці беспарадкі, якія мелі месца ў Расіі, у Германію, Аўстра-Венгрыю... Урад яго вялікасці кайзера не можа мірыцца больш з такім становішчам. Сённяшняе пасяджэнне сур'ёзнае і адказнае. Ад імя саюзных з Германіяй дэлегацый я прапаную закончыць агульную дыскусію і абмяркоўваць толькі пункты, што даюць магчымасць прыйсці да пэўных вынікаў.

Не пярэчачы Гофману, бо на апошняй нарадзе ваенных падтрымаў кайзер, Кюльман, аднак, спрабаваў уратаваць перагаворы. Гертлінг і ён баяліся аднаўлення вайны.

Усяго некалькі гадзін назад у адказ на катэгарычную тэлеграму Вільгельма, у якой патрабавалася «Троцкага неадкладна паставіць перад пастулатам — заключэнне міру на маіх умовах»,— рэйхсканцлер, па яго, Кюльмана, просьбе згадзіўся паслаць кайзеру тэлеграму, у якой, між іншым, яны нагадалі, што «забастоўка, якая толькі што скончылася, паказала моцнае бражэнне» і што «народ лічыць, правільна ці няправільна, што інтарэсы Германіі патрабуюць заключэння міру». Больш таго, яны адважыліся на «бунт»; Гертлінг згадзіўся падпісаць наступнае: «Як мне гэта ні балюча, але я буду прасіць вашу высокасць, у выпадку, калі ваша высокасць будзе настойваць на выстаўленых патрабаваннях аб ачышчэнні Ліфляндыі і Эстляндыі, як cnditi sine qua nn (абсалютна неабходную ўмову) для міру з Троцкім, зняць з пана фон Кюльмана і з мяне адказнасць за далейшае правядзенне палітыкі вашай вялікасці і літасціва прыняць ад нас назад мандат на завяршэнне мірных перагавораў».

Троцкі выслухаў заяву Кюльмана з саркастычнай ухмылкай.

Міхаіл Мікалаевіч Пакроўскі тройчы піў ваду: да таго часу ён адышоў ад лявацкіх поглядаў Бухарына і цалкам падтрымліваў Леніна, а тут раптам адчуў, што мір пад пагрозай; гэта яго моцна ўсхвалявала.

З надзвычайным спакоем, не без дасціпнасці адказаўшы на абвінавачванні Гофмана і Кюльмана, Троцкі заявіў:

— Мы выходзім з вайны, але вымушаны адмовіцца ад падпісання мірнага дагавору.

Немцы збянтэжыліся. Але яшчэ больш — аўстрыйцы. Граф Чарнін проста такі спалохаўся. Ён не разумеў такой дыпламатыі: «Што робіць гэты чалавек? Ён што, звар'яцеў? Усё сведчыць, што Ленін — за мір. Чаго ж дамагаецца Троцкі? Няўжо ў бальшавікоў такая дэмакратыя? Мяне за такое павесілі б».

Троцкі папрасіў кароткі перапынак. У час перапынку генерал Самойла перадаў яму тэлеграму Лента. Але Троцкі нават не прачытаў яе членам дэлегацыі. Аднак пастараўся, каб заяву, загадзя напісаную ім, падпісалі члены дэлегацыі — левы эсэр Карэлін, які толькі што быў назначаны ў дэлегацыю і не вельмі разбіраўся ў тонкасцях перагавораў, не надта пісьменная Біцэнка, верны аднадумец Іофе, разгублены Пакроўскі...

Аднавілася пасяджэнне — і Троцкі прачытаў гэтую заяву:

— Іменем Савета Народных Камісараў Урад Расійскай Федэратыўнай Рэспублікі гэтым даводзіць да ведама ўрадаў і народаў, якія ваююць з намі, саюзных і нейтральных краін, што, адмаўляючыся ад падпісання анексіянісцкага дагавору, Расія абвяшчае са свайго боку стан вайны з Германіяй, Аўстра-Венгрыяй, Турцыяй, Балгарыяй — спыненым. Расійскім войскам аддаецца адначасова загад аб поўнай дэмабілізацыі па ўсіх лініях фронту.

Такая афіцыйная заява — гэта не тое, што выступленне ў дыскусіі, не пафасная прамова, якіх сказана тут дзесяткі. Яна збянтэжыла нават радаўцаў. Адразу радасць сваю выявіў хіба толькі адзін ваяўнічы Гофман: во адкрываецца магчымасць для яго войска!

Кюльман узрадаваўся не менш за Гофмана: начальніку штаба Усходняга фронту нічога не пагражала, а яму і Гертлінгу пасля іх тэлеграмы кайзеру пагражала адстаўка. Парадаксальна: і'х ратаваў Троцкі!

Кюльману хацелася зарагатаць. Але хітры і асцярожны дыпламат падкрэслена ветліва і далікатна ўдакладніў сутнасць таго, што абвясціў Троцкі:

— Наколькі я зразумеў пры чытанні заявы пана камісара па замежных справах,— сказаў нямецкі міністр,— істотнай часткай гэтай заявы з'яўляецца тое, што рускі ўрад зараз жа намераны аддаць загад аб поўнай дэмабілізацыі рускай арміі і ў той жа самы час адмаўляецца падпісаць якое б то ні было пагадненне з дэлегацыямі праціўнікаў...

Але, думаючы пра гісторыю і сваё месца ў ёй, пра сваю «дыпламатычную сумленнасць», Кюльман палічыў неабходным папярэдзіць рускіх. Ён сказаў:

— Ваенныя дзеянні, нягледзячы на прадаўжэнне стану вайны, спынены на аснове існуючага яшчэ дагавору аб перамір'і, але пры адпадзенні гэтага дагавору ваенныя дзеянні аўтаматычна аднаўляюцца... Тыя абставіны, што адзін з бакоў дэмабілізуе свае арміі, ні з фактычнага, ні з прававога боку нічога не зменяць у гэтым ваенным становішчы.

Троцкі ігнараваў гэтую пагрозу. Аднак ён вельмі спрытна ўмеў прыкрываць сябе словамі. Ён зноў выступіў з некароткай прамовай, у якой сказаў: ён, маўляў, разумее, што імперыялістычныя ўрады ў барацьбе з Савецкай Расіяй, відаць, «будуць і надалей апірацца на дапамогу пушак і вінтовак».

— Але я не веру, што гэта ўратуе вас, панове. Я веру, што першае ж ваша наступленне прывядзе да выбуху гневу вашых салдат, пралетарыяў вашых краін, і вы будзеце выкінуты на сметнік гісторыі.

Нягледзячы на гэтую апошнюю зусім непачцівую прамову наркома, граф Чарнін усё ж прапанаваў правесці заўтра яшчэ адно пасяджэнне палітычнай камісіі.

Але Троцкі адмовіўся.

Немцы, на гэты раз усе — ваенныя і дыпламаты, гатовы былі пляскаць у далоні.

Праз колькі хвілін тэлеграфныя апараты адстуквалі іх радасць у такіх словах:

«Тут амаль усе лічаць, што для нас увогуле не магло адбыцца нічога больш спрыяльнага, чым рашэнне Троцкага. Безумоўна, на першы погляд яно ашаламляльнае. Гэтым рашэннем Троцкі адмаўляецца ад усіх пераваг краіны, што вядзе вайну і заключае мір. Пры заключэнні міру мы ўсё-такі павінны былі б зрабіць яму розныя сур'ёзныя ўступкі. Цяпер мы здолеем усё ўрэгуляваць па нашым уласным жаданні».

Гэта з тэлеграмы Лерснера, намесніка Кюльмана.

А Троцкі адразу пасля пасяджэння паслаў такую тэлеграму: «Петраград. Старшыні Саўнаркома Леніну. Перагаворы закончыліся. Сёння пасля канчатковага выяснення непрымальнасці аўстра-нямецкіх умоў наша дэлегацыя заявіла, што выходзім з імперыялістычнай вайны, дэмабілізуем сваю армію і адмаўляемся падпісаць анексіянісцкі дагавор. Згодна з зробленай заявай выдайце неадкладна загад аб спыненні стану вайны з Германіяй, Аўстра-Венгрыяй, Турцыяй, Балгарыяй і аб дэмабілізацыі на ўсіх франтах. Нарком Троцкі».

Нахабства Троцкага межавала са здзекам. Ён адзін дыктаваў ураду, цешачы сябе сваёй вялікасцю.

Але Троцкі разумеў, што «рэкамендацыі» яго Леніным будуць адхілены.

Таму перад самым ад'ездам з Брэста, у дзесяць гадзін вечара, ён шле яшчэ адну тэлеграму — у Магілёў, цераз галаву Саўнаркома, Галоўнакамандуючаму:

«Згодна з зробленай дэлегацыяй заявай выдайце неадкладна гэтай ноччу загад аб спыненні стану вайны... і аб дэмабілізацыі на ўсіх франтах».

Мікалай Васільевіч Крыленка, якога вельмі хваляваў развал старой арміі, якому хацелася хутчэй пазбавіцца ад хворага арганізма і пачаць будаваць новую армію, зразумеў, што мір падпісаны. У радыёграме «Усім, усім, усім» за подпісам Галоўкаверха так і гаварылася:

«Мір. Вайна скончана. Расія больш не ваюе... Дэмабілізацыя арміі гэтым аб'яўляецца».


Раздзел другі. ВЯСЕЛЛЕ

1


Дзень быў сонечны, з лёгкім бадзёрым марозам. Дні два назад выпаў свежы снег, і зіма іскрылася ва ўсім сваім харастве — ззяла снегам, блакітам неба, нізкім сонцам. І звінела. Чым яна звінела?

Аб звоне сказала Міра — што яна чуе дзіўны звон, быццам усюды навокал павешаны срэбраныя званочкі.

Сяргей засмяяўся:

— Гэта ў цябе ў вушах яшчэ звініць. Пасля хваробы.

— Не, не ў вушах,— па-дзіцячаму заўпарцілася яна.— У мяне музыкальны слых.

Так, зіма была яшчэ ў сіле. Але гэта быў адзін з тых лютаўскіх дзён, калі па нейкіх вельмі няўлоўных прыкметах, якія яшчэ нельга ўбачыць, адчуваецца вясна. Не ўпаў са страхі ні адзін капеж, няма дзе яшчэ напіцца вераб'ю... І аднак... можа, менавіта ў іх, у вераб'ях, якія таўкліся на шлаку, высыпаным з нямецкага паравоза, што даставіў раніцой вагоны ўрадавага саставу, у іх чырыканні, у любоўным звоне іх крыльцаў і адчувалася яна, вясна. Відаць, чорны шлак награваўся ўжо ад сонца, і вераб'ям было цёпла ў ім.

У той час, як Міра, прагна ўдыхаючы паветра, любавалася прасторам, блізкім сасняком, запарушаным снегам, Багуновіч глядзеў на вераб'ёў, бо думаў пра поезд, які ён на гэты раз пайшоў сустракаць. Але ў ранішніх прыцемках не свяцілася ніводнае вагоннае акно. Пасажыры спалі. Правяраць іх ніхто каманды не даваў. Багуновіч нават адчуў некаторую няёмкасць перад нарадам салдат, якіх падняў у такую рань. Праўда, з вагона выглянуў нейкі служачы ў паўвайсковай форме, заспана спытаў у Баранскаса, у таго ў руках быў чыгуначны ліхтар: калі пададуць рускі паравоз?

Багуновіч спытаў у яго:

— З чым вяртаемся?

Служачы зрабіў выгляд, што не зразумеў пытання, і, зябка перасмыкнуўшы плячамі, асцярожна, без стуку, зачыніў перад камандзірам палка дзверы.

Багуновічу з самага досвітку карцела хутчэй пайсці ў штаб. Але Міра яшчэ ўчора сказала, што хопіць ёй «прытварацца хворай», трэба выходзіць, трэба брацца за працу; апошнія дні яна прагна чытала газеты, рыхтуючыся пайсці да немцаў. Мірыны планы, па разуменні Багуновіча, былі не па яе яшчэ сіле пасля цяжкай хваробы: яна намервалася спачатку наведаць суседзяў — піцерскіх бальшавікоў, паехаць у палітаддзел рэўкома арміі, каб атрымаць інструкцыі і прапагандысцкі матэрыял.

Што сілы яе яшчэ слабенькія — Сяргей пераканаўся па тым, як яна рыхтавалася да першага выхаду з цёплага пакоя; пакуль яна хварэла, Баранскасы не шкадавалі паліва.

Збіралася Міра не па-салдацку, як раней. Але і не па-жаночаму, як некалі маці яго ў тэатр ці ў госці. Яна проста доўга і без патрэбы хадзіла з пакоя на кухню і назад, не дала ні яму, ні Альжбеце, ні Юстыне памагчы ёй гатаваць няхітры сняданак. Усё рабіла сама. А пасля падшывала спадніцу, бо пахудзела, і ўвогуле доўга падганяла адзенне, надаючы яму большую ўвагу, чым рабіла гэта раней.

Сяргей зразумеў: баялася яшчэ за свае сілы. Прапанаваў выклікаць са штаба веставога на конях, як яна хоча — у санях ці ў сядле.

Яна адмовілася, ёй хацелася праверыць сябе.

На двор Міра выходзіла ўжо тры дні, тут, на станцыі. Але дні тыя не былі такімі чароўна-іскрыстымі.

Яна дыхала на поўныя грудзі.

Сяргей сказаў ёй — так некалі гаварыла яму, малому, маці:

— Не хапай марознае паветра. Прыкрый рот шалікам, дыхай праз нос.

Міра засмяялася, кепліва спытала:

— Так вучыла цябе твая мамачка? Так?

Сяргея часам крыўдзілі яе насмешліва-зняважлівыя адносіны да яго бацькоў, мабыць, яна лічыла, што ёй, пралетарцы, належыць ставіцца да паноў толькі гэтак. А што яны паны — няма сумнення: кватэра ў цэнтры Мінска на Захар'еўскай, побач з гатэлем «Еўропа», кінематографам «Эдэн», у лепшым шматпавярховым доме, які яна добра помніла, бо кожны дзень хадзіла міма — у Марыінскую гімназію. Сем пакояў! А ў яе доме, на Нямецкай, у драўляным доміку адзінаццаць душ. Як селядцоў. У гімназіі першыя два гады яна выдавала сябе за дачку купца — трымала гонар. Хітрая полька Ванда Патаржынская набівалася ў сяброўкі, вельмі дамагалася, каб яна запрасіла аднакласніц на чай. Пазней, увайшоўшы ў сацыял-дэмакратычны падпольны гурток, яна сказала праклятым буржуйкам праўду — чыя яна дачка — і гэтым як бы адплаціла за ўсе свае ўніжэнні, сацыяльныя, нацыянальныя. Была восень шаснаццатага года, узнімалася залітая крывёй краіна, нават дочкі памешчыкаў і банкіраў пасталі дэмакраткамі — больш не адносіліся зняважліва да дачкі бляхара, якая, дарэчы, была першай вучаніцай у класе.

Сяргей не адказаў на яе закід пра мамачку. Але Міра не сунімалася:

— Мая мамачка мяне так не вучыла. Мая мамачка толькі ў гімназію збірала мяне, як пані. О, як яна баялася, каб з-пад маёй спаднічкі не ўбачылі не першай свежасці каруначкі маіх панталонаў! Мама мыла іх штодня. Мама нярэдка сцёбала мяне ручніком, калі я бегала па снезе босая. А калі я, малая, пачала адну зіму страшэнна кашляць, усе палічылі, што ў мяне сухоты, і выдзелілі мне асобны кубак і талерку, я, абражаная, пайшла на двор, доўга хадзіла босая па снезе, каб хутчэй памерці. І я перастала кашляць. Відаць, у мяне быў банальны коклюш.

Да яе хваробы яны напэўна пасварыліся б — з-за такой Мірынай упартасці. Але цяпер... Асабліва пасля таго, як яна, хворая, кінулася ў маёнтак і, пачуўшы, што ён забіты, страціла вось тут, на дарозе, прытомнасць... Не, цяпер ён ніколі да смерці не пакрыўдзіцца на яе, бо добра ведае, што ўсе зачэпістыя словы яе — простая гульня, дзіцячая гарэзлівасць. Цяпер яго каханне набыло зусім новую якасць. Цяпер гэта нешта нязмерна большае, чым тая «половая любовь», пра якую ён многа чытаў ва універсітэце і тут, на фронце. Ён месяц не дакранаўся да яе, але адчуваў, як з кожным днём яна робіцца ўсё даражэйшая для яго. Як сястра. Як маці.

— Не ідзі так хутка — ты задыхаешся.

Яна асляпіла яго дзіўна белазубай, у гэтым моры зімовага святла, усмешкай:

— У тваіх новых ботах слізкія падэшвы — і ты баішся ўпасці.

— Калі ты будзеш хапаць так паветра, я схаплю цябе на рукі і панясу.

Тады яна ўвогуле пабегла ўперад. Але праз дзесятак крокаў спынілася, павярнулася, задыхана папрасіла:

— Дагані. Схапі. Панясі.

Сяргей дагнаў яе і падхапіў на рукі.

Міра не вырывалася. Яна даверліва і ласкава абхапіла яго шыю, наблізіўшы свой твар да яго вачэй, і прыціхла — як захлынулася ад шчасця.

Ён здзівіўся: якая яна лёгкая! Як дзіця. Ад думкі такой нарадзілася новае пачуццё. У розны час, у розных сітуацыях былі пачуцці закаханага, брата і... сына. Дзіўна, але гэта так. Нават тады, калі яна хварэла, калі яе паліла да страты прытомнасці і ён са страхам і стараннасцю міласэрнай сястры з дапамогай Юстыны і Альясбеты даглядаў яе, сядзеў каля яе доўгімі бяссоннымі начамі, яна ўяўлялася яму то маці, то маленькай сястрой, але ніколі — дачкой. А тут раптам, калі ўзяў яе на рукі на лясной дарозе, Багуновіч адчуў сябе бацькам, бо з'явіўся напэўна ж бацькоўскі — іншага вызначэння гэтаму пачуццю ён не знайшоў — страх за яе — за жыццё яе, за здароўе, за будучыню, за шчасце. Пачуццё гэтае было зусім нялёгкае, нярадаснае, бо ён падумаў: а ці ёсць у яго сіла, вопыт, уменне і ўсё іншае, каб вось так адказваць за яе? Нешта падобнае, але ў зусім іншым плане — грамадскім — ён перажыў, калі яго выбралі камандзірам палка. Тады ён не адзін дзень пакутліва думаў: ці ёсць у яго маральнае права браць на сябе адказнасць за жыццё дзвюх тысяч чалавек? Тады яшчэ ў палку было нямала людзей. Цяпер ён думаў не пра сваё права. Права ёсць, бо ёсць воля, брацтва і ёсць іх узаемнае каханне. Але чым ён забяспечыць сваё каханне, сваю адказнасць? Ён ужо выйшаў з узросту, калі аддаюцца аднаму каханню, хоць у першыя дні іх збліжэння жыў толькі ім, гэтым непаўторным захапляючым пачуццём. Але за час яе хваробы выспелі іншыя калоссі з таго зерня, імя якому каханне. Можа, яшчэ два тыдні назад, можа, нават тыдзень ён пачаў бы па-юнацку даводзіць даўнюю мудрасць: «З мілай рай і ў шалашы». Што, маўляў, акрамя сонца і зорнага неба, хлеба і вады, нічога ім не трэба, асабліва ў такі час, калі рэвалюцыя рушыць усе тысячагадовыя ўяўленні аб жыцці, багацці, аб усіх іншых каштоўнасцях, у тым ліку і аб шлюбе, сям'і. Так, міне іншым, даводзіла яму ўвесь час Міра, і ён у душы згаджаўся, хоць супраць шмат чаго і пярэчыў.

Але, для шчасця ім не трэба палацы, зямля, маёмасць, акрамя хіба адзення, што на іх,— гімнасцёрак, ботаў, аўчын... Упершыню, несучы яе, як роднае дзіця, ён падумаў, што трэба адно: каб ён па-бацькоўску умеў засланіць яе ад любой небяспекі, любой нягоды. А гэта, безумоўна, вельмі няпроста ў свеце, дзе страсці людскія разбушаваліся, што акіян у самы грозны шторм.

— Ты прыгожы,— сур'ёзна, без усмешкі, сказала Міра, пільна ўзіраючыся ў яго вочы.— Вочы ў цябе — што сённяшняе неба.

— А ў цябе...— Багуновіч не здолеў знайсці параўнанне.

— У мяне — што чорная ноч. Ці вір, у якім топяцца.

— Лічы, што я ўтапіўся ў ім,— пажартаваў Сяргей.

Міра не засмяялася. Спытала гэтак жа сур'ёзна:

— Пра што ты думаеш? Я ў вачах тваіх убачыла думкі, толькі не паспела прачытаць іх. Яны мільгалі так хутка. Як у сінераме...

— Я думаў пра цябе.

— Не думай пра мяне многа. Гэта небяспечна.

— Для каго?

— Для мяне,— і пасля кароткай паўзы дадала: — І для цябе.

— Ты робішся забабоннай.

Міра засмяялася.

— Раблюся. Бо ты сам верыш у невядомыя сілы.

Ім перашкодзіў салдат. Ён нечакана вылез на дарогу з густога ельніку, зацярушанага пазаўчарашнім снегам, за якую паўсотню крокаў наперадзе ў іх.

Багуновіч, трохі збянтэжаны, апусціў Міру на дарогу.

Салдат таксама як збянтэжыўся, бо вельмі хутка пайшоў наперад і на ўзлеску павярнуў з бальшака на палявую пратораную дарогу, што вяла на пазіцыі трэцяга батальёна.

Салдат здаўся незнаёмым; у сваім палку Багуновіч ведаў у твар бадай што ўсіх людзей; папаўнення даўно не было.

Безумоўна, вітаць камандзіра цяпер зусім неабавязкова. Да таго ж, калі гэта чужы салдат, то ён і не ведае яго, Багуновіча. Калі свой, то праявіў добрую далікатнасць, якую можна зразумець,— зрабіў выгляд, што не бачыў, як камандзір палка нёс на руках па лесе дзяўчыну.

Але ўсё ж нешта не падабалася ў салдату. Не адразу сцяміў — што. Калі той аддаліўся і схаваўся за паваротам — успомніў: боты! Новыя. А ў палку даўно не выдавалі новых ботаў. І як бы нярускага фасону, нярускім шаўцом пашытыя. Хоць што тут дзіўнага? У час перамір'я і братання паміж салдатамі, нашымі і нямецкімі, ідзе такая мена, такі гандаль... Што там боты! Гарматы прадалі...

Успамін пра забойства Межаня ўзрушыў яго, як ужо неаднойчы; Міра, Альжбета і Юстына даўно прыкмецілі, як яго «выбівае з сядла» тая гісторыя, і дамовіліся паміж сабой не нагадваць пра яе. Думкі пераключаліся на іншае, і Багуновіч забыўся на нечаканую сустрэчу. Падумаеш, дзіва: салдат з лесу выйшаў і збянтэжыўся, убачыўшы камандзіра, ды яшчэ ў такой лірычнай кампазіцыі.

Багуновіча нават развесяліла ўяўленне, як салдат можа расказваць пра ўбачанае. За рэпутацыю сваю ён не баяўся. Ён верыў салдатам, бо салдаты паверылі яму. Але расказ, напэўна, будзе вясёлы.

Ля канюшні, дзе стаялі палкавыя коні, тоўпілася мнагавата салдат і цяперашніх гаспадароў маёнтка — былых батракоў барона. Багуновіча гэта трохі здзівіла. Але потым ён падумаў, што ў такі сонечны вясёлы дзень — гэта натуральна. Відаць, вырашылі прагуляць коней, а прагулка коней — заўсёды падзея, асабліва для дзяцей. Ды і старыя сяляне любяць коней, у кожнага з іх жыве даўняя мара аб добрым кані. Ці, можа, ажарабілася кабыла Звязда, незвычайная прыгажуня? Кабылу гэтую англійскай крыві салдаты недзе ўкралі — Багуновіч падазраваў, што ў немцаў, але нехта сачыніў легенду, што Звязда са стайні былога камандуючага фронтам Эверта, там, маўляў, яе бачылі. Як яна з Мінска апынулася на фронце — ніхто не цікавіўся, у рэвалюцыю ўсё магло быць. Сцяпанаў, праўда, нязлосна мацюкнуўся наконт салдат:

— Марадзёрствуюць, сукіны дзеці.

Пастушэнка хітра пасміхнуўся:

— На тое і сатварыў бог каня, каб людзі пераязджалі на ім з тылу на фронт. Пасля паедуць назад, у тыл. А якое цяпер мае значэнне, каму конь належаў раней.

Сцяпанаў трохі з падазронасцю адносіўся да поўнага ігнаравання палкоўнікам, дваранінам, прыватнай уласнасці. Магчыма, рабочы лічыў, што кожны, хто быў ці мог быць эксплуататарам,— хапуга і скнара. Багуновіч разумеў Пятра Пятровіча, бо нават у яго, маладога, на фронце наступала вось гэтакая ж абыякавасць да ўсяго, з-за чаго людзі забівалі адзін аднаго,— да грошай, багацця, адзення, харчу, нават да навукі, мастацтва. Усё — лухта, мішура, думаў неаднойчы. Таму вельмі зразумеў, калі Пастушэнка неяк даверліва сказаў:

«Галубчык мой, у маім узросце сумленныя людзі ішлі ў манастыр».

Звязда была палкавой славутасцю, недарэмна ёй і мянушку такую далі. Калі сапраўды ажарабілася — не дзіва, што сабралася столькі салдат і сялян. Урэшце, гэта, магчыма, адзінае, чаму можна парадавацца,— нараджэнню новага жыцця.

Багуновіч сказаў пра гэта Міры, але яна, здаецца, не зразумела. Яна жыла блізкім выступленнем перад салдатамі, не сумнявалася, што Сцяпанаў адразу ж дасць ёй такое даручэнне. І, напэўна, пасля працяглага перапынку хвалявалася, хоць за час хваробы прачытала нямала марксісцкай літаратуры, газет.

Міра адразу пайшла да старшыні камітэта, якому зноў нядужылася — кашаль душыў яго на любую перамену надвор'я, на пагоду гэтак жа, як на завіруху.

Багуновіч увайшоў у агульны пакой штаба і ўбачыў там звыклую карціну: начальнік штаба сядзеў за доўгім сталом і, як звычайна, працаваў. Здзівіла трохі хіба адно: стол быў завалены вялікай колькасцю папер, чаго Пастушэнка не любіў; парадак у яго заўсёды быў адменны і на сталах, і ў шафах, і ў сейфе.

Яны праз стол павіталіся за руку. Але Багуновічу здалося, што палкоўнік залішне хутка апусціў вочы ў паперы. Зноў нешта здарылася. Разагналі яшчэ адзін Устаноўчы сход, ці што?

Пра сход Багуновіч успомніў з гумарам і весела, з адценнем жарту, папрасіў:

— Пятро Пятровіч, гляньце мне ў вочы.

Пастушэнка падняў галаву, вінавата ўсміхнуўся.

— Пятро Пятровіч! Вашы вочы!.. Што здарылася?

— Вы што — хіба не ведаеце? Мір. І поўная дэмабілізацыя.

Багуновіч падхапіўся.

— Мір?! Дык гэта ж радасць! Якая радасць! А ў вас сумныя вочы. Чаму? Пятро Пятровіч! — малады камандзір хутка абышоў стол, абняў сівога палкоўніка.— Мне на руках хочацца хадзіць. Нарэшце! Нарэшце! Аб'явілі людзям?

— Так, радасць,— згадзіўся Пастушэнка.— Даволі крыві, сірочых слёз. У імя гэтага народ выкінуў з карэты гісторыі Раманавых і керанскіх. Для салдат гэта вялікая радасць. Мір і зямля. Што яшчэ трэба?

Багуновіч адступіў крок назад, агледзеў начальніка штаба, стары ажно апусціў вочы, як дзяўчына.

— Аднак я не адчуваю гэтай радасці ў вас, Пятро Пятровіч. Чаму? Як я вас ведаю — вы заўсёды выступалі супраць гэтай бяссэнсавай бойні. Былі разжалаваны Керанскім за свае погляды.

Пастушэнка сеў, знясілена неяк, зусім па-старэчаму, нацягнуў на плечы бекешу, нібы яму зрабілася холадна, утаропіў вочы ў паперы. Але праз нейкі момант як бы засаромеўся свайго ўчынку — што быццам хаваецца ён нечага — і павярнуўся да Багуновіча: твар яго, як заўсёды, быў адкрыты, прыветлівы, вочы шчырыя.

Сяргей даўно казаў, што не сустракаў ён больш шчырых вачэй, чым у Пастушэнкі. Міры неяк сказаў. Тая нават раўніва спытала: «А мае — што, няшчырыя?»

Пятро Пятровіч пачаў гаварыць не так, як толькі што — абы адказаць на пытанне, а з той даверлівасцю і шчырасцю, якая даўно ўжо зблізіла старога і маладога афіцэраў да брацкай роднасці.

— Сяргей Валянцінавіч, голубе мой. Канечне, я радуюся. За салдат, за народ мой. Але я чалавек... і ў мяне свае эмоцыі. Я трыццаць гадоў у арміі... Зразумейце, што гэта значыць. Я ведаў, што калі-небудзь прыйдзецца пайсці ў адстаўку. Дзеля гэтага мы з Мар'яй Пятроўнай купілі ў мяне на радзіме, у Харкаўскай губерні, невялічкі маёнтачак. Самі разумееце, у маёнтак той я не паеду. Хто мяне там чакае? Маруся ў Маскву паехала, да дачкі, да ўнукаў. А я... скажу вам шчыра... не хочацца мне ў Маскву... Што рабіць там? Унукаў няньчыць? Немалыя яны ўжо, старэйшаму дванаццаць. А я адчуваю сябе яшчэ маладым... яшчэ здольным нешта рабіць...— сказаў гэта і тут жа засмяяўся нявесела.— Што вы падумалі? Закукарэкаў стары певень? Які там певень! Стары лапаць. Нічога я не магу ўжо рабіць. Адваяваўся.

Багуновіч слухаў моўчкі, не перапыняючы, не ведаючы сваю рэакцыю на словы палкоўніка, але добра разумеючы яго.

Пастушэнку гэтая яго сур'ёзная ўважлівасць, напэўна, збянтэжыла, ён зноў павярнуўся да стала, паважыў у руках тоўстую папку, сказаў, быццам апраўдваючыся:

— Вось рыхтую паперы для здачы. Каму мы іх здамо? Ваенны архіў застаўся? Не знаеце? Архіў трэба захаваць. І зусім не трэба так адразу аглашаць дакументы арміі, якой не стане. Як і тайныя дагаворы.

Бальшавікі робяць памылку...— і азірнуўся на дзверы,— Прабачце... Я дэмакрат, але старамодны. Шмат чаго не разумею.

Багуновіч не адказаў пра архіў і дагаворы, яго сапраўды гэта не цікавіла. Вярнуўся назад, на другі бок стала, сеў на сваё звыклае месца — насупраць начальніка штаба. Памаўчаў, бо ўгледзеў, што ў Пастушэнкі дрыжаць рукі, белыя такія, з тонкімі музыкальнымі пальцамі, але як пакрытыя галінамі сіняга дрэва — тоўстымі венамі.

Да шчымлівага болю ў сэрцы зрабілася шкада старога.

— Чулі, што Чарназёмаў расказваў?

— Што?

— Што гаварыў Ленін, праводзячы атрад на фронт. Што яны — аснова новай арміі. І я веру — бальшавікі створаць новую армію, Ленін падпісаў ужо дэкрэт. Не можа жыць дзяржава без арміі. Яны называюць яе рабоча-сялянскай. Быццам старая армія не з рабочых, не з сялян... Справа ў тым, у чыіх руках яна была, хто камандаваў... Няхай камандуюць рабочыя... Такім, як наш Сцяпанаў, можна даверыць. Але думаю, што Саветы не могуць не выкарыстаць вопыт такіх людзей, як вы. Гэта было б неразумна. Больш таго, гэта стварыла б ім вялікія цяжкасці.

У палкоўніка павесялелі вочы.

— Вы так думаеце?

— Пераконаны. Недарэмна і слова новае з'явілася: ваенспец.

— Ваен-спец,— павольна, працяжна паўтарыў Пастушэнка нязвыклае слова, як бы правяраючы яго гучанне, потым вымавіў яго хутка: — Ваенспец,— і паківаў галавой, пасміхнуўся нейкай думцы, якую, магчыма, хацеў выказаць. Але перашкодзіла Міра. Яна ўвайшла ў пакой радасна ўзбуджаная. Не павітаўшыся нават з Пастушэнкам, весела спытала:

— Вы чулі? Мір! Мне трэба напісаць лістоўку — зварот да салдат. Дзе папера?

— Да чаго цяпер вы будзеце заклікаць іх? — далікатна спытаў Пастушэнка.

— Калі вернуцца дадому, каб тут жа забіралі зямлю, жывёлу ў памешчыкаў, у кулакоў. А хто будзе супраць — таго пад ногаць, як акопных вошай, да сценкі... каб сволач гэтая, контра...

На бледных шчоках Пастушэнкі выступілі бураковыя плямы. Ён падняўся, сказаў далікатна, але голас яго дзіўна задрыжаў:

— Дзіця маё! Навошта так? Навошта такая жорсткасць? Хіба мала крыві? — і выйшаў з пакоя.

Міра здзівілася.

— Ён — што? Пакрыўдзіўся? Ён не рады міру?

Багуновіч уздыхнуў.

Міра ўзлавалася.

— Не разумею я вашых панскіх уздыхаў!

Багуновіч ступіў да яе, абняў за плечы, падвёў да таго акна, з якога была відка чырвоная абора, каля якой тоўпіліся салдаты і сяляне. Цяпер ён зразумеў, што не жарабок дзівосны з'явіўся на свет — людзі развітваюцца, бо салдаты збіраюцца дадому. Паспешліва збіраюцца.

— А ты зразумей... зразумей. Чалавек трыццаць гадоў у войску. А цяпер куды? У маёнтак, які ён купіў за сумленны заробак, паехаць не можа...

— Ах, яму маёнтка шкада?

— Не. Не маёнтка. Ты ж бачыла, што Пятру Пятровічу нічога не шкада. Яму цяжка ад няпэўнасці... Куды падзецца? А ты — пад ногаць. Да сценкі... Што ж, і яго да сценкі? Здорава збяднее Расія, калі паставім такіх, як Пятро Пятровіч, да сценкі.

— Не збяднее.

— Ты здзіўляеш мяне. Ты ж добрая. І разумная. Ты — жанчына... Маці будучая...

— Змоўкні, калі ласка! — жорстка загадала Міра.

І сама змоўкла. Але ад акна не адышла. Стаяла побач і цяжка дыхала, як пры запаленні лёгкіх.

Доўга стаялі яны моўчкі. З канюшні такі вывелі Звязду, і салдат вадзіў яе на доўгім повадзе. А следам чародкай вераб'ёў беглі дзеці. Адна самая маленькая, годзікі чатыры, у хустцы і доўгай матчынай світцы, бясконца спатыкалася і падала. Але тут жа падхоплівалася і бегла за старэйшымі. Было ад яе падзенняў, ад яе ўпартасці і смешна, і кранальна.

Сяргей ажно ўздрыгнуў на Мірын голас, такі ён быў нязвыкла чужы, не па-жаночаму жорсткі:

— У яго няпэўнасць... А ў мяне — пэўнасць? Яму цяжка. Падумаеш, у яго душа! А ў мяне што — балалайка? Мне, можа, у сто разоў цяжэй, аднак я не хныкаю...

— Ад чаго табе цяжэй? — вельмі асцярожна і ціха, амаль шэптам, спытаў Багуновіч.

— Ад чаго? — і здзекліва: — Ад радасці. Поўная дэ-ма-бі-лі-зацыя! Ты паляціш у сваё цёплае гняздо. А я... я куды?

Сяргей, вельмі здзіўлены, павярнуўся да яе.

— Як — куды? Ты што гэта! Мы ж пра ўсё дамовіліся. Ты што, гуляла са мной, што кошка з мышанём? — ад аднае гэтае думкі яго скаланула, апякло жарам.

— Не гуляла. Але добра знаю, што твае бацькі... твая мамачка нізавошта не дасць згоды на тваю жаніцьбу... з франтавой дзеўкай... яўрэйкай...

— Не смей! — крыкнуў ён.

— І ты паслухаешся яе. Знаю я вас, буржуяў! Вы добрыя, пакуль мы вам трэба.

— Ты не верыш мне? — Сяргея ажно пачало ліхаманіць ад такіх яе слоў. Чаму раптам? Чым яны выкліканы? Ці даўно ён нёс яе на руках? І вочы яе свяціліся шчасцем.

— Пры чым тут верыш ці не верыш,— мякчэй, з большай разважлівасцю сказала Міра.— Законы класа...

— Хадзем сёння павянчаемся!

Яна адступіла ад яго на два крокі, чорныя вочы яе, якія і так здаваліся цэлымі азёрамі на схудалым ад хваробы твары, расшырыліся і сыпалі іскры гневу.

— Пан паручнік! Вы часта забываецеся, што адбылося ў Расіі. І — хто я такая.

Але Сяргей схапіў абедзве яе рукі, моцна, напэўна, да болю, бо яна зморшчылася, сціснуў іх.

— Вянец — прывычнае слова. Канечне, мы ўступім у грамадзянскі шлюб. У Савеце.

Міра асцярожна вызваліла рукі, адышла да стала, гэтак жа асцярожна, быццам ёй забалела, села на высокае крэсла, схілілася і закрыла твар рукамі.

— Што з табой?

Яна адказала не адразу:

— Прабач. І дай мне пабыць адной.

Ён схапіў папаху, выбег у калідор. Там убачыў Пастушэнку. Палкоўнік сядзеў на чурбане перад грубкай, у якой жарка гарэлі бярозавыя дровы. Сяргей папрасіў яго:

— Дайце ёй пабыць адной. Яна сказала, не падумаўшы...

— Я разумею, галубчык. Хіба я што... Вас прашу... не трэба яе крыўдзіць. Не трэба.

— Я не крыўдзіў. І не пакрыўджу!



2


Савет размяшчаўся ў адзіным на ўсё сяло цагляным будынку — у былой валасной управе. Але Піліп Калачык не любіў там сядзець. Злыя языкі пляскалі, што ён, як дзіця, баіцца застацца без маткі — Рудкоўскага. Стары хітра пасміхаўся. І сапраўды не адступаў ад маладога бальшавіка, хадзіў за ім, як кароткі цень, катаўся, як Калачык.

Рудкоўскі часам злаваўся, калі быў не ў гуморы.

— Чаго ты, дзед, наступаеш мне на пяты? Людзі смяюцца.

— Братачка мой! Дык вучуся яе.

— Чаму?

— Кіраваць дзяржавай.

— Знайшоў настаўніка! Я што — міністрам быў, ці што?

— А чорт цябе знае, можа, і быў там, у Піцеры. Недарэмна ў цябе галава пасівела. У такія гады! Ай-яй, у мяне і то менш тае сівізны.

— Не плач па маёй галаве. А вучыцца трэба кіраваць адным сялом, адным сельскім Саветам, а не дзяржавай...

— Хто ведае, Антонка, хто ведае. Можа, мяне Ленін да сябе ў памочнікі пазаве.

— Трэба Леніну такія памочнікі!

— Не кажы, Антонка. Сніў я ўчора сон. Выйшаў я, братачка, з воласці, іду па вуліцы, а настрэчу чалавек. Не наш, адзеты па-гарадскому. Але знаёмы, як брат усё роўна. Хто такі, думаю. І раптам пазнаю. Ён! Холадна, а ён у картузіку. Здарова, Піліп Міхайлаў. А я па цябе. Збірайся ў Піцер, паможаш, кажа, мне. А то сабралася там многа разумнікаў, ды такога, як ты, няма ніводнага. Ах ты, бог мой, думаю. Як жа так? Ды тут чорт прынёс Кілаваціху. Загаласіла на ўсю вуліцу дурная баба. І Ленін знік. Як спарыўся ці ўзнёсся за воблакі. Вешчы сон, Антонка.

Сон Рудкоўскі выслухаў з цікавасцю: Калачык вядомы на ўсю ваколіцу выдумшчык. Але не прамінуў кальнуць старога:

— А знаеш, чаго знік правадыр пралетарыяту? Учуяў, што ты кілбасы ў кулака еў.

— А штоб табе добра было! Колькі ты будзеш тыя кілбасы памінаць? У мяне ад іх адна соль у горле засталася. А Леніна, Антонка, я праўда бачыў у сне. Хачу папу расказаць... каб ён расталкаваў...

Рудкоўскі гнеўна пачырванеў, шрам на шчацэ ажно фіялетавы зрабіўся. Сурова падняўся, узвысіўся, малады, рослы, над нізкім старым, які сцяўся і зрабіўся яшчэ меншы, зморшчыў твар — ад страху ці ад натугі, каб не засмяяцца.

— Дадумайся мне, стары баламут, яшчэ да папа пайсці! Узнаю — адразу вычышчу з ячэйкі!

— Злы ты, Антон. Недарэмна цябе баяцца дзеўкі. Нават удовы. Стася і тая баіцца цябе. Ты хочаш адразу ўсіх перакаваць. А мы, старыя, някоўкія, мы можам паламацца. Сагнеш нас, а мы — трэсь.

— Баішся трэснуць — да папа ідзі, да Кілаватага, а не ў партыю бальшавікоў.

Калачык, які дагэтуль пасміхаўся, раптам сярдзіта закрычаў:

— Антон! Ты добра знаеш, з кім мне па дарозе, а з кім не па дарозе. Не сцёбай па вачах!

Калі стары пачынаў злаваць, Рудкоўскі бянтэжыўся, бо ў такія хвіліны ўспамінаў, што па ўзросту Піліп Міхайлавіч — бацька яму, што яшчэ ў шостым годзе ён падняў батракоў на барона, бунтаўшчыкі спалілі свіран з хлебам, і казакі спаласавалі яго нагайкамі, а пасля пасадзілі ў віленскую турму.

У той сонечны лютаўскі дзень батракі прасушвалі ў свірне насенне. Зерне таяла патроху — то салдаты выпрасяць, то нехта са сваіх вынесе,— і Рудкоўскі пачаў ахоўваць насенне з надзвычайнай пільнасцю, калаціўся над кожным фунтам: хутка вясна. Першая калектыўная сяўба. Трэба мець чым пасеяць! Каб было што жаць!

Калачык круціўся побач. Паміж імі зноў адбывалася нялёгкая размова. Калачык сказаў, што частку баронскага насення трэба раздаць беднякам з сяла, якім далі зямлю, але якім не будзе чым пасеяць.

Рудкоўскі разумеў, што трэба. Але былы матрос хацеў як можна хутчэй уступіць у камунізм. Ён верыў, што самы блізкі шлях туды — праз камуну. Колькі ён сілы прылажыў, колькі слоў патраціў, каб пераканаць у гэтым батракоў, каб утрымаць іх у маёнтку, арганізаваць камуну. Ён добра разумеў: недасеў, недарод — і ўсе яго намаганні рушацца, камуна разваліцца, батракі, якія маюць права на зямлю, падзеляць яе і стануць тымі ж сялянамі, хто бедным, а хто сярэднім, а хто, чаго добрага, і ў кулакі можа з цягам часу выбіцца. Ён ведаў злавесную сілу прыватнай уласнасці, баяўся яе, гэтай сілы, і ненавідзеў.

Ад раздвоенасці пачуццяў — даць ці не даць — Рудкоўскі быў асабліва злосны. Ён сказаў Калачыку яшчэ ў свірне:

— У Кілаватага ды Войціка ямы выграбі і раздай бедным. Ты — Савецкая ўлада.

Яго падтрымалі маладыя батрачкі, што веялі ячмень і грэчку.

Абодва зразумелі, што могуць пасварыцца пры людзях, таму выйшлі са свірна на двор. Пасля прыцемкаў сонца і снег асляпілі іх, яны жмурыліся, асабліва смешна — Калачык, твар яго зморшчыўся, сплюснуўся, як печаны яблык.

— Братка ты мой, у Кілаватага сына забілі. Ён пасля таго — што звер. Сунься да яго — сабак нацкуе, з дубальтоўкі, калі хочаш, пекане.

— Баішся за сваю старую с...? — уедліва кінуў Рудкоўскі.

— А што ты думаеш? І баюся.

— Рэвалюцыянер — нічога не скажаш! Кулакоў табе шкада? Можа, і барона шкадуеш?

— Антон! — узлаваўся ўрэшце і Калачык — не да смяшкоў было, занадта сур'ёзная справа.

— Ды ты знаеш, што такое класавая барацьба? — грымеў на ўвесь гаспадарчы двор Рудкоўскі.

Тут і знайшоў іх Багуновіч. Перашкодзіў спрэчцы.

Яны змоўклі перад камандзірам палка, як хлапчукі, якіх захапілі знянацку, калі яны тузалі адзін аднаго за чубы.

Адчуваючы, што яго прыход чамусьці збянтэжыў мясцовых кіраўнікоў, Багуновіч, разгублены ад свайго нечаканага рашэння, пачаў без дальніх падыходаў, уступаў — аб пагодзе, аб здароўі... Адразу да справы:

— А я да вас па дапамогу...

— Зноў — хлеба?! — аяшо вызверыўся Рудкоўскі.

Багуновіч сцяміў, што перад яго прыходам адбылася

нялёгкая размова пра хлеб, і, паколькі на гэты раз прыйшоў не па хлеб, набыў упэўненасць.

— Не, не хлеба. Хачу... ажаніцца. Але каб аформіць па закону... Па савецкаму. Не ісці ж нам у царкву...

І раптам насцярожаныя, напружаныя, заведзеныя на крутую размову, можа, нават на сварку, людзі ўсё роўна як расталі пад яркім лютаўскім сонцам. Твары іх расплыліся ад дабрэйшых усмешак.

— А каб табе добра было! Каб у цябе куча дзяцей была! — весела выгукнуў Калачык.

А Рудкоўскі сказаў з хітрай іроніяй, паказаўшы на старога:

— Дык во ён перад табой — наш архімандрыт.

Калачык, здаецца, не на жарт спалохаўся, накінуўся на свайго ідэйнага павадыра:

— А братачка ты мой, Антон! Што гэта ты з мяне робіш? Папа? Я і падступіцца да такога дзела не ўмею. Першы ж шлюб! Што трэба? Рыза? Кадзіла?

— Я табе накадзілю! — прыгразіў Рудкоўскі.— Чалавек з сур'ёзнай справай прыйшоў, а ты дурыкі строіш, стары баламут.

— Антонка! Далібог жа, не знаю, як гэта па-новаму рабіць. Праўда, што трэба,— ужо зусім сур'ёзна сказаў старшыня Савета, звяртаючыся адначасова і да Рудкоўскага, і да Багуновіча.

Багуновіч сам не ведаў, што трэба. Ён і царкоўнага парадку шлюбу не помніў: блізкіх нікога не жаніў, не выдаваў замуж, вянчанне бачыў, калі вучыўся яшчэ ў гімназіі; ва універсітэце стаў пераконаным атэістам і царкву не наведваў. Праўда, пазней, на фронце, хадзіў у царкву разам са сваімі салдатамі, і богаслужэнне хвалявала яго, можа, таму што так блізка была смерць, падсцерагала кожны дзень, неаднойчы адразу з царквы змянялі таварышаў на пярэдняй лініі акопаў — няхай і яны памоляцца! — і мусілі з ходу атакаваць ці контратакаваць немцаў. На фронце афіцэры жаніліся рэдка, ва ўсялякім разе, ён толькі чуў пра такія «акопныя вяселлі». А новага, савецкага, парадку ўступлення ў шлюб — дык яго, мусіць, і няма яшчэ. Каму цяпер да шлюбаў!

Рудкоўскі задумліва пашкроб патыліцу, ссунуўшы на вочы сваю матроскую бесказырку; усю зіму чалавек прахадзіў у лёгкай бесказырцы, разоў колькі, у самыя лютыя марозы, Багуновіч бачыў яго ў зімовай салдацкай шапцы.

— А што трэба? Кніга трэба, каб запісваць, хто нарадзіўся, ажаніўся, памёр... Каб не поп запісваў... Улада каб запісвала.

— Дык і кнігі ж няма, Антонка.

— Значыцца, дрэнная ты ўлада. Кнігі і тае не маеш.

— А каб табе добра было, Антон! — ужо весела, бадай, з захапленнем гукнуў Калачык і сказаў Багуновічу: — Во вучыцель-мучыцель.

— Мала ў маёнтку гросбухаў? — вёў сваё матрос.— Увесь баронскі кабінет завалены.

— Праўда, кнігу знойдзем,— згадзіўся Калачык і пашкроб патыліцу, ссунуўшы аблезлую заячую шапку такім жа жэстам, як Рудкоўскі бесказырку,— усё роўна што перадражніў, аднак з сур'ёзнай заклапочанасцю спытаў: — Няўжо адна толькі кніжка трэба?

— А што яшчэ?

— О не, Антон, так, браце мой, не пойдзе! — з рашучай і вельмі сур'ёзнай разважлівасцю запярэчыў стары.

— А як пойдзе?

— А так пойдзе... Каб бацькі былі...

— Якія бацькі? Што ты гародзіш!

— Няма бацькоў — няхай маладыя выберуць сабе, хто — бацьку, хто — маці. І дружкі каб былі. Без сведкаў вянчаць не буду! -

— Ну, табе такі трэба было ў папы падавацца,— кінуў лагодна Рудкоўскі, у душы згадзіўшыся з тым, што патрабаваў Калачык. Сапраўды, трэба ж нейкі рытуал. На караблі вунь якія рытуалы — з любой нагоды: пад'ём флага, сустрэча госця, начальніка, ваеннага карабля саюзнай дзяржавы...

Багуновіч таксама згадзіўся, што ў старога селяніна — разумная народная логіка, і, каб не траціць час, сказаў:

— Будуць бацькі... Будуць дружкі. Калі прыходзіць?

— Сёння?

— Абавязкова сёння.

Калачык, прыжмурыўшыся, паглядзеў на нізкае зімовае сонца.

— Гадзінкі праз дзве. Трэба, братачка, падрыхтавацца.

— Куды?

— Куды, Антон? — заклапочана спытаў Калачык у свайго маладога сябра.

— Не ў тваю ж аблезлую воласць,— буркнуў той.

Калачык ажно заззяў увесь, засвяціўся.

— Во, праўда! Во, брат, галава! У зале! Таварыш камандзір! У зале, дзе паны балявалі, павянчаем вас... І зробім першае савецкае вяселле.

— Можна гадзіны праз тры? — спытаў Багуновіч, адчуўшы раптам, як затахкала сэрца, кроў ударыла ў скроні — даўно ўжо так не хваляваўся. Лішняя гадзіна трэба была, каб прывезці Бульбу-Любецкага. Чамусьці вельмі захацелася, каб за дружка быў Назар. Ды і нявесце даць час падрыхтавацца.

Да палаца прыехалі на дваіх санях. Так трэба было, так зрабіла Альжбета ці так атрымалася выпадкова — гэтага Багуновіч не ведаў,— але ў вазку, які некалі належаў камандзіру палка, ехалі Міра і Альжбета. У звычайных сялянскіх санях яны трое: Юстына, Назар і ён, жаніх. Сяргей за час падрыхтоўкі і арганізацыі цырыманіялу супакоіўся і цяпер іранічна пасміхаўся са свайго вяселля. Не, не з жаніцьбы. Шлюб з Мірай хваляваў па-ранейшаму. Пасміхаўся ён з фармальнасцей.

«А можа, і не трэба адмяняць тое, што з'яўляецца народнай традыцыяй? — з'явілася думка.— Можа, традыцыі трэба расшыраць, паглыбляць, вызваляць ад рабскіх, рэлігійных, класавых, нацыянальных забабонаў?» Ведаў, што думка гэтая не яго — бацькі яго, адваката, народніка. Трохі туманна спрабаваў па дарозе выказаць гэта Бульбе. Але той, як заўсёды, максімаліст: усё трэба зруйнаваць! Аднак — дзіўная супярэчлівасць! — да вяселля яго і нават да ўсіх гэтых цырымоніі Назар паставіўся з нечаканай для Сяргея сур'ёзнасцю. Кпіў, смяяўся, але неяк так, што не кранаў самога вяселля, нічым не абражаў пачуццяў жаніха. Па-рыцарску ўвіхаўся каля баяркі Юстыны, весела, але з адданасцю сур'ёзнага акцёра сам уваходзіў у ролю дружкі.

Дзяўчына, выхаваная маці ў лепшых шляхецкіх манерах, закаханая некалі, да з'яўлення Міры, у пана паручніка, змірыўшыся з крушэннем свайго кахання, трымалася з пачцівым гонарам, але — бачыў Багуновіч — уся трымцела ад хвалявання праз такую ўвагу пана капітана — проста такі дзюмаўскага героя, які забіў губернатара, уцёк з турмы і здольны зрабіць немаведама якія ўчынкі, асабліва ў імя кахання. Кахання да яе. Адзін Багуновіч бачыў, адчуваў, што ёй, нябозе, уяўлялася. Шкадаваў Юстыну, але і захапляўся яе жаноцкасцю. Магчыма, у гэты момант у ёй нараджаецца жанчына: з нязграбнага падлетка, калі ўсе пачуцці, як лава з вулкана, выкідваліся на паверхню (так было са з'яўленнем Міры), Юстына на вачах ператвараецца ў дарослую дзяўчыну, у яе больш жаноцкай дыпламатыі, акцёрства, чым, напрыклад, у Міры, якой хочацца адразу, адным махам, разбурыць усе ўмоўнасці старога свету.

Назіранні гэтыя разам з Назаравымі жартамі захапілі настолькі, што на нейкі міг Сяргей забыўся, куды і навошта яны едуць.

Каля палаца было бязлюдна, толькі трое салдат стаялі недалёка ад флігеля, дзе размяшчаўся штаб, мабыць, служба не дазваляла ім адлучацца.

Да параднага ганка, па якім яшчэ нядаўна хадзілі барон і яго госці, была пачышчана дарожка, і дзверы, якія, здаецца, не адчыняліся з таго дня, як уначы знікла баронская сям'я, былі прыадчынены. Іх гасцінна адчыніў нехта нябачны, як толькі коні спыніліся перад ганкам.

Назар саскочыў з саней, галантна працягнуў руку Юстыне. Альжбета, трымаючы Міру за руку, памагла ёй сысці з вазка. Рабіла яна гэта і дзеля паважнасці — каб нявеста не скакала казой, і, магчыма, сапраўды дапамагаючы; адзетая ў Юстыніна бальнае плацце, якое было ёй да пят, Міра блыталася ў ім, ва ўсялякім разе, адчувала сябе не вельмі ёмка.

Альжбета гэтак жа — за руку — падвяла яе да Багуновіча.

— Нрынімайце ваш скарб, пан паручнік,— сказала яна па-польску.

Магчыма, Міры пачуліся ноткі гумару ў гэтых словах, бо яна, сярдзіта глянуўшы на жаніха, нервова засмяялася:

— Ну і камедыя! — і, падабраўшы рукой падол, першая, па-салдацку размашыста закрочыла да ганка.

У Багуновіча ёкнула сэрца: сапсуе ўрачыстасць.

Альжбеце, Юстыне і яму прыйшлося патраціць нямала часу, каб угаварыць яе надзець гэтае плацце і ўвогуле згадзіцца на гэтую «камедыю», як яна з самага пачатку называла ўсё, што ён задумаў, пра што дамовіўся з мясцовымі кіраўнікамі. Здаецца, угаварыў яе маўклівы начальнік станцыі, хоць сказаў Пятрэс Баранскас усяго нейкія дзве фразы.

— Шлюб, дачка, справа сур'ёзная. І ўсё гэта,— кіўнуў ён на даччыно плацце,— патрэбна не адной табе...

Пасля ўжо, успамінаючы пра гэта, Багуновіч здагадаўся, што Міру кранула, уразіла: зварот «дачка» і «ты», так фамільярна далікатны літовец ніколі не звяртаўся. Магчыма, ёй зрабілася сорамна . за сваю ўпартасць, за капрызнасць — горшую, як у тых паненак.

Сяргей дагнаў нявесту на ганку, пайшоў побач. Перад дзвярмі яны спыніліся: каму праходзіць першаму?

Тады тая ж нябачная рука адчыніла дзве палавінкі шырокіх парадных дзвярэй, і яны ўвайшлі разам у прыцемнены пасля сонечнага зіхатлівага дня вестыбюль.

Іх сустрэў стары з шырокай белай барадой. Багуновічу неяк паказалі на яго, паведаміўшы, што гэта баронскі служка, лакей, у камуну яго не прынялі. Але стары быў не ў лакейскай ліўрэі, а ў палатнянай з вышытай манішкай сялянскай кашулі, у белых суконных нагавіцах, запраўленых у наваксаваныя боты.

Стары з гонарам пакланіўся і сказаў па-руску:

— Ваши пальто, господа,— але тут жа паправіўся і вымавіў па-беларуску: — Таварышы...

Другім чалавекам, якога ўбачылі Багуновіч і Міра, была Стася. Яна стаяла каля мармуровай лесвіцы, па-святочнаму ўбраная — вышываная кофтачка, чорная спадніца,— і весела ўсміхалася.

Міра баялася і не любіла гэтую спрытную, галасістую, часам сварлівую, часам празмерна вясёлую ўдаву, хоць сама сабе не магла растлумачыць, за што не любіць яе. Няўжо толькі за тое, што яна часцей, чым хто іншы, трапляла на вочы, калі яны ішлі з Сяргеем, і залішне незалежна размаўляла з камандзірам палка? Пра тое, што гэта рэўнасць, звычайная, жаночая, яна, рэвалюцыянерка, не дазваляла сабе і думаць.

Калі яны распрануліся, Стася пачала іх строіць усё роўна што камандзір салдат — дзе каму станавіцца. Толькі што без гучных каманд, а з прыглушаным смехам, які таксама не спадабаўся Міры.

— Таварыш камандзір, вазьміце нявесту пад руку! — загадала Стася так уладна, што яны мусілі падначаліцца. Удава прыдзірліва агледзела іх, наблізілася і англійскімі булаўкамі прыкалола ім да грудзей чырвоныя банты, спачатку Міры, пасля яму, затым — Бульбе-Любецкаму і Юстыне. Альжбеце сказала прабачліва:

— Вам, пані Баранскене, не абавязкова.

Вельмі можа быць, што пяты бант не быў падрыхтаваны.

— А цяпер ідзіце за мной.

Павяла іх наверх па нядаўна вымытых (былі яшчэ слізкія) мармуровых усходах параднай лесвіцы.

На другім паверсе перад дзвярмі, за якімі чуўся гул галасоў, Стася яшчэ раз агледзела іх і рашуча адчыніла дзверы.

У Багуновіча захапіла дыханне, і ён тут жа адчуў, як затрымцела Мірына рука, яка мацней прыціснулася да яго фрэнча, нібы просячы ратунку.

Вялікая зала была поўная людзей. Людзі павярнуліся да іх, сур'ёзныя, цікаўныя, сціхлі. Багуновіч падумаў, што нават у той дзень, калі дзялілі зямлю, людзей тут было менш. Цяпер прысутнічаюць не толькі гаспадары маёнтка, былыя батракі, цяперашнія камунары, не толькі вяскоўцы, але і многія салдаты яго палка. Усе перамяшаліся, усіх з'яднала цікавасць да першага савецкага вяселля. Гэта ўсхвалявала яшчэ больш.

Стася закамандавала:

— Ану, бабы, расступіцеся!

У цэнтры было больш жанчын і дзяцей — дзяўчатак.

Людзі расступіліся, утварыўшы жывы калідор, у канцы якога, здалося, далёка-далёка Багуновіч убачыў стол, накрыты чырвонай тканінай. За сталом стаяў Калачык у чорнай сацінавай «талстоўцы» (наконт колеру сарочкі было нямала спрэчак, але іншай у старшыні Савета не знайшлося). На Багуновіча адзенне якраз зрабіла ўражанне: проста, урачыста, чорная сарочка хораша адцяняла белыя, акуратна прычэсаныя валасы старога і яго з такой нагоды падстрыжаную бародку. Калачык здаўся волхвам, добрым чарадзеем, які гатовы зрабіць цуд. Ён хораша, на поўны твар, усміхаўся. Піліп Міхайлавіч разумеў, што яму належыць быць сур'ёзным, як таму папу, але характар не дазваляў яму набыць такую сур'ёзнасць. Праз гэта Рудкоўскі, які стаяў збоку ад стала побач з Пастушэнкам і Сцяпанавым, незадаволена хмурыўся.

Стася кіўнула ім і пайшла да стала.

Яны пайшлі за ёй. Альжбета ішла апошняя, адзінокая. Відаць, з гэтай прычыны жанчыны пачалі шаптацца, гукаць Альжбету, яўна жадаючы нешта падказаць ёй. Ды яна, мабыць, здагадалася. Не даходзячы да стала, збочыла да групы Рудкоўскага — Пастушэнкі.

Маладыя спыніліся перад маленькім саматканым дыванчыкам, што ляжаў перад сталом.

Угледзеўшы дыванчык, Міра, якая некалі ў гімназіі прачытала нямала раманаў, незадаволена падумала, што дыванчык — атрыбут царкоўны. Банты яна ўхваліла, дыван — не, не хацелася станавіцца на яго. Але як абыдзеш? Тым часам Стася ўзяла Пастушэнку за рукаў фрэнча і падвяла да Альжбеты, паставіла побач. Стары палкоўнік пачырванеў, усё роўна што дзяўчына — ад гонару і хвалявання. Зала зашумела, ухваляючы: цяпер усё быццам бы як мае быць — у маладой ёсць маці, у жаніха — бацька. І дружкі на месцы.

Касалапага, учэпістага, як лугавы дуб, Бульбу-Любецкага, што шчодра раздаваў гарэзліва-вясёлыя позіркі і ўсмешкі, разглядалі з асаблівай цікавасцю: мала хто яго ведаў, ды і ўбачылі, што чалавек вясёлы, а вясёлых любяць.

Старэйшыя сялянкі, што стаялі бліжэй да стала, хорам зашапталі:

— Першая... першая станавіся на пасцілачку. Твой верх будзе... Смялей ступай!

Ад гэтай нечаканай падказкі Міра, якая не гублялася нават перад анархічна настроенымі салдатамі, збянтэжылася. Як бы вінавата паглядзела на Сяргея. Ён падбадзёрыў яе ўсмешкай, і яна першая ступіла на дыванчык.

Бабы задаволена зашумелі.

Калачык не вытрымаў сваёй паважнай ролі і весела выгукнуў:

— А-а, каб вам добра было!

Тым часам Стася сунула ў рукі нявесты нешта маленькае, што здалося срэбнай манеткай, Міра не адразу сцяміла, што гэта.

— Пярсцёнак. Калі скажу — абмяняйцеся,— і папракнула: — Што дзеці, нічога не падрыхтавалі.

Перадала такі ж пярсцёнак Сяргею, які на яе папрокі вінавата ўсміхаўся.

Пярсцёнкі былі самаробныя — выбітыя нейкім мясцовым майстрам са срэбраных грывеннікаў. Міры хацелася запярэчыць, ёй здалося, што калі дыванчык, на які яна першая ступіла, яшчэ можна вытлумачыць як народную традыцыю, то пярсцёнкі пэўна ж з царкоўнага абраду, за такое, чаго добрага, і з партыі можна паляцець.

Яна паглядзела на Сцяпанава, на Рудкоўскага, урэшце, яны тут старэйшыя бальшавікі. Як яны адносяцца да пярсцёнкаў? Дзіўна, што на тварах іх не з'явілася нават усмешак, абодва яны сур'ёзна засяроджаныя, уважлівыя. Як заваражыла іх гэтая напорыстая шляхцянка, цяпер няма сумнення: яна — не хто іншы — выдумала ўсю гэтую цырымонію. Выходзіць, што рэгістрацыя шлюбу па ленінскім дэкрэце можа быць з пярсцёнкамі? Не, нешта тут не так. Але як пайсці супраць народа, які ўхваляе ўсё гэта? Бальшавікі павінны быць з народам. А можа, у яе пачынаецца перараджэнне пад уплывам гэтага паніча, інтэлігента, адвакацкага сынка? Яшчэ месяц назад яна ўедліва высмейвала яго старамодныя дамастроеўскія ўяўленні аб шлюбе, сям'і, дзецях. Што ж змянілася за два месяцы, як яны знаёмыя? Хіба незразумела, што змянілася? Проста яна пакахала гэтага чалавека, пакахала так, што стаў ён даражэйшы за маці, за бацьку, сясцёр і братоў яе шматлікіх. Так, яна змянілася. Яна мусіла змяніцца і згадзіцца з яго думкай. Ён неяк сказаў, што калі ў грамадстве, якое яны хочуць пабудаваць, не будзе... не павінна быць кахання, то ён не хоча жыць у такім грамадстве. Тады яна здзекліва смяялася з яго: «Які кансерватар! Падумаеш, напалохаў. Пражывуць без цябе».

Цяпер яна згодна, што проста немагчыма адмяніць, знішчыць такое пачуццё, як каханне, як любоў да дзяцей. Гэта так хораша, так прыгожа — кахаць! А потым... потым нарадзіць дзіця. Яго сына. Няхай жа робяць што хочуць — вянчаюць, пяюць «вечныя леты», абы толькі ён... яе Сярожа, Сярожачка... яе нарачоны... дадзены лёсам ці выпадкам, быў побач і вось так ласкава, пяшчотна сціскаў пальцы яе рукі. Яна адчувае яго цеплыню, яго хваляванне. А ён, ён, безумоўна, таксама адчувае кожны яе душэўны рух, бо сціскае пальцы не бяздумна, а з водгукам на яе рухі, жадаючы то супакоіць, то ўзбадзёрыць.

Урэшце, сапраўды, калі Сцяпанаў і Рудкоўскі маўчаць, значыцца, удава гэтая робіць тое, што трэба. І ўсе людзі. І гэты смешны стары, які так весела падміргвае — усё роўна што заляцаецца. Вось ён зрабіўся сур'ёзны і пачаў гаварыць звонка, зусім маладым голасам:

— Таварышы і грамадзяне! Сёння ў нас асаблівы дзень... першае вяселле... наша... народнае.

— Савецкае,— ціха падказаў Рудкоўскі.

— Во — савецкае! — як узрадаваўся Калачык.— Вянчаюцца...

Рудкоўскі кашлянуў.

— А каб табе!..— смешна зморшчыўся стары.— То як жа?

— Бяруць шлюб.

— Во галава! Дык заўсёды ж так гаварылі. Бяруць шлюб... па савецкім законе грамадзянін Багуновіч Сяргей Валянцінавіч і грамадзянка...— Калачык першы раз глянуў у паперку.— Шкляр Міра Навумаўна...— і сур'ёзна і проста звярнуўся да Багуновіча: — Скажы нам, отроча Сяргей, ці кахаеш ты дзяўчыну, якую выбраў сабе?

Багуновічу чамусьці ўспомніўся Тарас Бульба, можа, таму, што ў патыліцу яму яўна ўсхвалявана дыхаў чалавек, які абвяшчаў сябе нашчадкам Бульбы, і ён адказаў сур'ёзна і ўрачыста:

— Кахаю, бацька.

Грамада ўзарвалася радаснымі воплескамі. Узрадаваны, што ўсё ідзе лепш, чым яго вучылі, увайшоўшы ў ролю, Піліп Калачык свяшчэнна-ўрачыста падняў рукі, просячы цішыні.

— Отроковіца Мірослава, ці кахаеш ты свайго нарачонага?

Міру неяк дзіўна ўразіла, што гэты хітры селянін не толькі вянчае, але яшчэ непрыкметна і перахрысціў яе. Аднак ёй спадабалася старажытнаславянскае імя. Яна адказала з радаснай усмешкай:

— Кахаю, таварыш...

Ёй таксама запляскалі.

— Дружкі... вы ж і сведкі! Ці пацвярджаеце вы іх каханне?

Юстына не чакала такога звароту і збянтэжылася. Але яе выручыў Бульба-Любецкі. Спытаў з вясёлай гарэзлівасцю:

— Пацвердзім, Юста? Ладна, пацвердзім. За добры магарыч. Чуеш, палкоўнік? — і лёгка штурхнуў Багуновіча ў плячо.

Зала грымнула смехам. Калачыка гэта таксама моцна рассмяшыла, але ён натужліва стрымліваўся, ад чаго твар яго смешна сплюшчыўся, ажно бародка, што клінок, вытыркнулася ўперад, нацэлілася на маладых.

— А каб вам добра было! — разрадзіў сябе стары звыклымі словамі.— Тады абмяняйцеся пярсцёнкамі.

Міра хацела перадаць пярсцёнак, які сціскала ў жмені, але Сяргей узяў яе правую руку, расціснуў пальцы... Ды тут жа сумеўся: помніў, што вянчальны пярсцёнак надзяюць на правую руку, але на які палец — забыўся. Тут добрая фея, на дапамогу з'явілася Стася.

Надзела яму і Міры пярсцёнкі на безыменныя пальцы.

— Абвяшчаю вас мужам і жонкай. Жывіце ў згодзе і шчасці сто гадоў.

— А Піліпка, халера табе ў бок! — зіхнуўшы, здзіўлена гукнула нейкая старая.— Так гэта ж ты, каб табе добра, робіш лепш за таго папа. Такі талан!

Людзі зноў весела засмяяліся. Пачуліся іншыя жарты пра здольнасці Калачыка. Ён таксама смяяўся. Але яму належала давесці справу да канца, і ён зноў урачыста ўзняў рукі.

— Жывіце... І каб вам куча дзяцей...

Ад рогату задрыжалі шыбы. Адзін Рудкоўскі ўсміхаўся стрымана, трохі асуджаючы старшыню: не можа стары, каб не паблазнаваць. Але тут жа падумаў: «А можа, рэгістраваць шлюб і трэба так — весела?»

— А цяпер, маладыя, каб саюз ваш быў моцны, распішыцеся ў гэтай кніжцы,— сказаў Калачык і павярнуў да іх тоўсты гросбух — баронскую бухгалтарскую кнігу, дзе «дэбіт», «крэдыт», «сальда» і іншыя ўліковыя тэрміны былі надрукаваны па-нямецку.

Міра прачытала бухгалтарскія словы, і яны развесялілі яе; распісваючыся, упершыню за ўсю цырымонію ціха засмяялася.

— Сведкам і дружкам таксама трэба паставіць свае подпісы.

Распісаліся Юстына і Бульба-Любецкі. І тут Калачык як бы разгубіўся і мусіў звярнуцца да Рудкоўскага:

— А тым, хто за бацькоў, трэба?

Рудкоўскі паціснуў плячамі. Але пачуўся голас Пастушэнкі:

— Да, да, галубчык, я хачу распісацца. Да. За бацьку. Дазваляеш, Сярожа?

— Богам прашу, Пятро Пятровіч.

Міра асудзіла мужа: стары селянін абышоўся без бога, а ён, інтэлігент, не мог, успомніў такі бога.

У старога палкоўніка калацілася рука, калі ён ставіў свой подпіс. Даўно ўжо не хваляваўся, падпісваючы самыя сур'ёзныя дакументы па службе — тыя, ад якіх залежала жыццё людзей.

Цырымонія першага бесцаркоўнага ўступлення ў шлюб здалася яму сімвалічнай і больш урачыстай, чым вянчанне ў царкве. «Якія малайцы! Як хораша ўсё прадумалі. Таленавітыя людзі!» — з замілаваннем падумаў палкоўнік, адчуўшы яшчэ большую любасць да народа, якому ён, нашчадак запарожцаў, заўсёды верна служыў.

Распісаўшыся, Пятро Пятровіч прачула сказаў:

— Віншую вас, дзеці. Вялікага вам шчасця, самага светлага! — і пацалаваў спачатку Міру, пасля — Сяргея.

Жанчын гэта расчуліла. Старэйшыя ўсхліпнулі. Калачык выгукнуў:

— А каб вам добра было! — і таксама выцер вочы рукавом сваёй чорнай сацінавай сарочкі.



3


А на другі дзень прыйшло пахмелле. Горкае. У Багуновіча сапраўды балела галава. Збяднеў гуляка Назар Бульба-Любецкі, пачысціўшы ў навакольных мястэчках усе вінныя паграбы. На такую выключную ўрачыстасць, як вяселле сябра, прывёз адзіную пляшку шампанскага — для жанчын; мужчыны ж мусілі піць прывезены ім нейкі ванючы армейскі спірт, ад якога моцна патыхала карасінам.

Раніцою Сяргею, калі ён умываўся на кухні, далікатна вымавіла пані Альжбета: непрыгожа, пан паручнік, маладому перапіваць.

Ён адчуў сябе вінаватым і папрасіў прабачэння ў гаспадыні. Альжбета адразу падабрэла, бо вышэй за ўсё на свеце ставіла шляхетнасць.

— Не ў мяне прасіце — у жонкі.

Вярнуўшыся ў пакой, папрасіў прабачэння ў Міры.

Яна шчасліва засмяялася.

— Што ты, Сярожа! Вы з Назарам такія цікавыя былі — што маладыя малпы.

Такой жа вясёлай яна была па дарозе ў штаб: яны паехалі ў тым жа вазку, з тым жа салдатам, што вёз яе ўчора да шлюбу.

Яшчэ больш прасветленая вярнулася жанчына, наведаўшы казарму другога батальёна — барак, дзе некалі жылі батракі; хораша пагутарыла з салдатамі — расказала ім пра мір.

Калі Пастушэнка, які напэўна ж здагадаўся пра яе пачуцці, далікатна выйшаў з пакоя, Міра прыціснулася да мужа, прашаптала:

— Сярожа, любы мой, каб ты знаў, як гэта хораша быць жонкай: не трэба баяцца, што цябе абразяць.

Багуновіч ажно скалануўся. Які ж ён дурань! Не бачыў, што два месяцы яна жыла пад гэтым страхам. І вельмі можа быць, што абражалі. Салдаты ёсць салдаты. Ды і сяляне з іх маральным максімалізмам. Але яна маўчала. Сяргей лаяў сябе, што так доўга не мог дадумацца да такой простай рэчы — аформіць іх адносіны хоць якім-небудзь чынам, па любым законе — царкоўным, свецкім, савецкім.

А праз нейкую гадзіну прыйшло яно — цяжкае пахмелле ў выглядзе тэлеграмы з штаба фронту, у якой гаварылася, што дэмабілізацыя, якую яны рыхтавалі з Пастушэнкам, адмяняецца, мір у Брэсце не падпісаны.

Спачатку Багуновіч быў як бы ў стане шоку — аглушаны, раздушаны, з адчуваннем, што нехта, бязлітасны, вельмі злосна пажартаваў з яго, з Міры, з усіх... З усяго народа. Як можна так жартаваць?!

А калі прыехалі суседзі — Чарназёмаў і Скулань — з той жа весткай, Багуновіч узарваўся. Змёўшы са стала спісы салдат, закрычаў:

— Я перастаю паважаць урад, які дэкрэтуе мір народу і не падпісвае яго... Ваш Ленін...

— Не смей! — спалохана закрычала Міра.

Флегматычны латыш Скулань схапіўся за кабуру нагана.

— Калі ты скажаш плеха аб таварыш Ленін, я застрэлю цябе.

Паміж імі стаў Чарназёмаў, па-бацькоўску разводзячы іх сваімі дужымі кавальскімі рукамі, у скуру якіх уеліся вугаль і метал.

— Спакойна, таварышы, спакойна... Во пеўні маладыя! Ай-яй. Задзяўбуць адзін аднаго, калі хочаш.

З другога боку ўлагоджваў Пастушэнка:

— Сяргей Валянцінавіч, галубчык, не трэба. Вазьміце сябе ў рукі. Нельга ж так...

Багуновіч знясілена апусціўся на крэсла, абапёрся на стол, сціснуў рукамі галаву, пачуў пад далонямі ўдары пульса ў скронях, удары, якія неслі востры боль у галаву, у грудзі.

Чарназёмаў сеў побач, паклаў свае вялікія рукі на стол перад яго, Багуновіча, вачамі. Дзіўныя рукі. Дзіўна спакойныя. І словы ў яго асаблівыя. Нягледзячы на звон у вушах, на востры боль у галаве, Багуновіч адразу пачуў іх. Чарназёмаў сказаў, відаць, Міры:

— Дрэнна вы палітычна прасвячаеце свайго камандзіра. Кожнаму салдату вядома, што Ленін за мір... Супраць міру — «левыя». І Троцкі. Ён вёў перагаворы...

Багуновіч успомніў чалавека, які ў вагоне так абразліва сунуў Міры шакалад, і зноў выбухнуў гневам:

— Расстраляць яго мала, вашага Троцкага!..

— Не смей! — зноў крыкнула Міра.

Зноў абурыўся Скулань:

— Ты — за каго? За каго ты?

— Я? — Сяргей падхапіўся.— Я — за народ. За рускі народ. І за латышскі! І за латышскі, чорт вазьмі! За беларускі. За яўрэйскі. Я за тых, хто не хоча паміраць. А ты за каго? Ты скінуў адных ідалаў, каб кланяцца іншым... Падумаеш — Тро-о-ц-кі! Святыня...

Чарназёмаў, лёгка ўзяўшы Багуновіча за локаць, прымушаў сесці, пасміхаючыся і ківаючы галавой:

— Во не думаў, што ты такі гарачы. Мы лічылі цябе самым спакойным камандзірам. Ты ад чаго разышоўся? Ты ведаеш, якія ўмовы немцы паставілі? Не. І я не ведаю... Можа, яны такія, што і мы з табой не падпісалі б мір.

Багуновіч сеў, павярнуўся да камандзіра Петраградскага палка, зазірнуў у вочы, што глядзелі проста і ласкава з-пад рудых абпаленых броваў, якія няроўна адрасталі. Вочы гэтыя дзіўна супакойвалі.

— Ад чаго я разышоўся? Я вам скажу, Іван Філарэтавіч, ад чаго. Я тры з палавінай гады забіваў. Я па горла ў крыві. Я захлынаюся ў крыві. Гэта вы можаце зразумець?

Чарназёмаў стоена ўздыхнуў:

— Гэта, сынок, я магу зразумець.

Словы яго супакоілі. Ці, можа, не так словы, як доўгая паўза — усё роўна як хвіліна ўшанавання памяці тых, хто загінуў. А потым, магчыма, кожны баяўся парушыць яе, гэтую мірную цішыню, усе разумелі: лепш памаўчаць, чым сварыцца, ды яшчэ гэтак — з выхадам на высокую палітыку, закранаючы людзей, якіх ніхто з іх асабіста не ведаў і таму не мог мець уласнага меркавання. Эмоцыі — дрэнны дарадчык ў любой спрэчцы, у палітычнай — тым больш.

Багуновічу стала сорамна за сваю нястрыманасць. Аднак і латыш — таксама эфіоп. Прадстаўнік такой спакойнай нацыі, а хапаецца, д'ябал, за наган. Добра, што Чарназёмаў не даў волю сваім эмоцыям. А ён, Багуновіч, бачыў, што каваль можа быць гарачым. Валявы камандзір: у яго пралетарскім палку — дысцыпліна, якой ён, кадравы афіцэр, пазайздросціў.

У цішыні пачуў Сяргей, як за спіной у яго трывожна дыша Міра. Зразумеў: баіцца за яго, баіцца, што за такія яго выказванні піцерскія бальшавікі прышыюць яму контррэвалюцыю. А яна ж, як ніхто, ведае, што хоць ён і беспартыйны, але ўсёй душой — за рэвалюцыю.

Сяргею стала шкада жонкі: за адны суткі ён колькі разоў ужо адзначыў, што яна ўсё больш і больш робіцца падобнай на яго маці, у ёй як бы абудзілася раптам уся жаноцкасць.

А яшчэ ён падумаў: добра, што няма Сцяпанава, пазаўчора старшыня палкавога камітэта гаварыў з ім наконт уступлення ў партыю. Харошы бальшавік, нічога не скажаш,— гатовы быў зганіць увесь бальшавіцкі ўрад.

Першы пасля маўчання адазваўся Чарназёмаў:

— Ну, пашумелі — і хопіць. А цяпер давайце спакойна падумаем.

— Аб чым?

— Аб тым, напрыклад, што будзем рабіць, калі немцы пачнуць наступленне.

Багуновіч успомніў батарэі, якія ўгледзеў, калі хадзілі да немцаў, успомніў данясенні разведчыкаў, што перад імі свежая дывізія, уявіў карціну нямецкага наступлення і, бадай, упершыню за ўсю вайну жахнуўся. Падняўся, усхвалявана прайшоўся па пакоі, спыніўся на другім баку стала, насупраць Чарназёмава. Сціснула горла, ён не адразу здолеў сказаць:

— Іван Філарэтавіч, калі немцы пачнуць наступаць, мы будзем змецены за гадзіну бою.

Чарназёмаў апусціў галаву — як бы задумаўся, што адказаць на гэта. Потым узняў галаву, бліснуў вачамі, агледзеўшы адразу ўсіх — Пастушэнку, Скуланя, Міру. Аднак спыніў позірк на Багуновічу.

— Што ж ты прапануеш? Адкрыць фронт без супраціўлення? Здаць немцам Петраград, Маскву? Няхай кайзер душыць рэвалюцыю?

На гэта Багуновіч не меў што адказаць. Спытаў няўпэўнена:

— А вы што прапануеце?

— Трэба стаяць насмерць! — адказаў Скулань.

— Навошта палохаеш людзей, Арвід? — ціха паправіў свайго камісара Чарназёмаў.— Будзем стаяць на жыццё. Трэба затрымаць немцаў. Да падыходу новых палкоў Чырвонай Арміі. Рабочых палкоў. Няма сумнення, што наша супраціўленне выкліча абурэнне нямецкіх салдат, якіх генералы кінуць у новую бойню. Два месяцы перамір'я, братанне, бальшавіцкая агітацыя — усё гэта не магло не прасвятліць іх мазгі. Хіба не так?

— Калі вы дэзерціруеце ўсе, Петраградскі полк усё адно будзе абараняць свой участак.,. Да апошняга байца! — усё з той жа рашучасцю, можа, залішне пафасна, сказаў латыш.— Таварыш Ленін як сказаў? Цяпер мы ўсе абаронцы...

— Мы не дэзерціры! — абурыўся Пастушэнка, але тут жа панізіў голас і ўсё роўна як растлумачыў: — Мы — ваенныя людзі, галубчык. Мы прысягалі... народу, рэвалюцыі. Канечне, мы будзем стаяць... Калі будзе загад...

Багуновіч прытуліўся да касяка акна, адчуваючы сябе бездапаможна знясіленым, загнаным у кут, з якога не было выйсця. Усё яшчэ кіпела злосць на ўрад, на галоўнае камандаванне. Што там робіцца наверсе? Адна рука не ведае, што робіць другая? Такога нават пры Керанскім не было. Аддаць загад аб дэмабілізацыі і праз суткі адмяніць. Чым яны думаюць?

Але агонь пад катлом патухаў. Ён разумеў, што паварот такі адбыўся не з-за чыйгосьці дзівацтва ці шаленства. І не з-за памылкі ад'ютанта ці тэлеграфіста. Нешта ж пэўна адбылося. Пятро Пятровіч сказаў разумна. Мы — ваенныя людзі. Так, мы гатовы абараняць свае пазіцыі. Але з кім, палкоўнік Пастушэнка? З кім? Праз тыдзень-другі мы застанёмся з вамі ўдвух. Ну, яшчэ Сцяпанаў, Міра... Можа, некалькі камітэтчыкаў-бальшавікоў, калі камітэт прагаласуе. Гэтымі сіламі вы хочаце спыніць немцаў? Наіўна. Неразумна. А што разумна? Што?

Чаму вы глядзіце на мяне? Чакаеце, што скажу я? Смешна. Панове... таварышы, я не фельдмаршал Кутузаў. Я ўсяго толькі паручнік Багуновіч, які ўзненавідзеў вайну праз тры месяцы пасля таго, як трапіў на яе, па дурасці сваёй, вольнапісаным. Калі вы хочаце ведаць, то салдаты выбралі мяне камандзірам за тое, што я ненавідзеў вайну. Я згадзіўся, паверыўшы ў мір. Я думаў, што памагу ім хутчэй скончыць вайну. А цяпер я павінен павесці іх на смерць?

Аднак яны сапраўды чакаюць, што я скажу. А што сказаць? Скласці з сябе камандаванне? Стаць дэзерцірам? Не! Дэзерцірам я не стану!

«Я знаю, што гэтага не даруеш і ты мне»,— сказаў ён Міры, набліжаючыся да яе, насцярожанай, бадай, спалоханай. Раптам вельмі захацелася ўзяць яе за руку і павесці з гэтага пакоя, дзе зноў запахла крывёю, ад лініі фронту, далёка-далёка, дзе цішыня, мір, спакой. А дзе ён, спакой? «Покой нам только снится».

Сяргей узяў Мірыну руку і, на здзіўленне ўсім і самому сабе, сказаў:

— Учора я ажаніўся. Гэта — мая жонка. Павіншуйце нас.

Былі моцныя лютаўскія маразы. Можа, апошнія перад прадвеснем. У такі сабачы холад нават у самы разгар вайны фронт заміраў, людзі, як краты, забіраліся ў зямлянкі, у падзямелле. Афіцэры пілі гарэлку і рэзаліся ў карты. Салдаты ў сваіх норах, там, дзе былі печкі і дровы, дасыпалі тая гадзіны, якія недаспалі ў час баёў.

Цяпер было не да сну. Багуновічу не спалася і ўначы, ды і астатнія, бачыў, былі даволі ўзбуджаныя, хоць да таго, што падпісанне міру сарвана, адносіліся па-рознаму: з горыччу, расчараваннем, недаўменнем, а некаторыя — з радасцю; радаваліся галоўным чынам эсэры. Багуновіча іх радасць не проста абурала, бо, здавалася, людзі гэтыя аплёўваюць тое, што робіць чалавека чалавекам. «Няўжо і Назар радуецца?» — думаў ён. Але заглянуць да суседа не было часу, ды і з'явілася нейкая боязь пакідаць полк. А раптам самае страшнае здарыцца, калі ён будзе адсутнічаць?

З цямна да цямна ён ездзіў з батальёна ў батальён, хадзіў з роты ў роту, прымушаў салдат чысціць акопы, прывесці ў парадак зброю, умацаваць кулямётныя гнёзды, пазіцыю батарэі, навучаў новых кулямётчыкаў і артылерыстаў замест тых, што самі сябе дэмабілізавалі; дэзерціравалі — слова было непапулярнае, бо, па сутнасці, Рэвалюцыя, Дэкрэты аб міры і аб зямлі як бы далі кожнаму свабоду вырашаць — заставацца ў арміі ці хутчэй ехаць дзяліць і араць зямлю.

Радавала хіба адно, што было амаль нечаканасцю: вучыліся салдаты новым ваенным спецыяльнасцям ахвотна. Можа, таму, што большасць такіх заняткаў праходзіла ў бліндажах, у цеплыні; батальёны займалі пазіцыі блізка ад лесу, і дроў хапала.

Але працаваць на марозе салдаты не хацелі. Гэта засмучала. Ён разумеў людзей, бо і сам амаль са страхам думаў раніцамі, што прыйдзецца нямала гадзін правесці пад нябеснай крышай, пад прыгожым, але вельмі ж астылым блакітам; здавалася, нават сонца выпраменьвала не цеплыню, а холад.

Аднак без працы немагчыма адрамантаваць даволі запушчаныя за два з палавінай месяцы перамір'я ўмацаванні. А без іх прыйдзецца або ўцякаць, падмазаўшы пяткі, ад першай жа нямецкай атакі, або паміраць бясслаўна, падставіўшы сябе пад нямецкія кулі.

Тое, што фронт, у выпадку нямецкага наступлення, утрымаць немагчыма — гэта Багуновіч ведаў, як «ойча наш». Але маюць рацыю Чарназёмаў, Скулань ды і свае — Пастушэнка, Сцяпанаў: кайзераўцам трэба паказаць, што рускія не страцілі здольнасці абараняць сваю радзіму, што паход немцаў у глыбіню рускіх зямель, на Петраград, Маскву не будзе трыумфальным, што за кожную вярсту новай тэрыторыі ім прыйдзецца дорага плаціць.

Толькі ў такім разе могуць працверазець нямецкія салдаты. Толькі ў такім разе!

Ён спрачаўся ў думках з самім сабой, з урадам, з Рудкоўскім, з Бульбай, з унтэрамі, з салдатамі, якія хаваліся ад работ, і з жонкай, якая спрабуе даказаць, што наступаць немцы не могуць, бо, як толькі будзе загад, салдаты, якія пазналі, што такое мір, пабраталіся з рускімі салдатамі, набраліся рэвалюцыйнага духу, тут жа павернуць штыкі супраць сваіх генералаў, афіцэраў. Ён хацеў верыць у гэта, але не мог. І Пастушэнка не верыў. Нават Сцяпанаў гатоў быў паверыць. Але яны з палкоўнікам лепш ведалі механізмы ваеннай машыны, асабліва нямецкай. «Заесці» гэтыя механізмы можа толькі наша супраціўленне. Першыя ж удары будуць зроблены па ўсіх правілах прускай ваеннай стратэгіі і тактыкі — на знішчэнне рэшткаў рускай арміі. На поўны разгром яе.

Міра таксама ўсе дні была ў ротах і ўзводах, вяла агітацыю.

Багуновіч папрасіў яе:

— Калі ласка, не ўбівай салдатам у галовы, што немцы не здолеюць наступаць. Ты будзеш аказваць дрэнную паслугу мне, камандзіру. Мы перашкодзім адно аднаму.

Міра спачатку разгубілася:

— Дык пра што ж мне гаварыць?

— Пра што? Я табе скажу — пра што. Мне вельмі спадабаліся словы Скуланя ці Чарназёмава, не помню, хто з іх гаварыў, ды гэта не мае значэння. Помніш, яны сказалі... Ленін вучыць, што цяпер усе мы сталі абаронцамі. Мы абавязаны абараняць Айчыну! Сацыялістычную. Было б добра, каб ты знайшла ў газетах ленінскае выступленне. Я хацеў бы пачытаць сам, уласнымі вачамі. Цяпер гэта вельмі важна, зразумей! Для мяне. Для салдат... Для ўсіх нас.

Міра здзівілася і ўзрадавалася: рэдка ён праяўляў такую цікавасць да работ Леніна, Маркса. Газетныя выступленні, праўда, чытаў. А каб кнігі іх пачытаў, дзе тэорыя рэвалюцыі... Заўсёды адбіваўся жартам:

— Я лепш пачытаю Чэхава. Мудрэйшы пісьменнік, я табе скажу.

У пачатку іх збліжэння Міра спрачалася да ахрыпласці. Пасля зразумела, што Сяргей дражніцца, бо ўбачыла неяк, што ўпотай ад яе заглядвае ён і ў марксісцкую літаратуру, якую яна прывозіла з аддзела агітацыі армейскага камітэта.

Пад вечар Багуновіч заглянуў у штаб — узнаць аб выніках паездкі інтэндантаў на армейскія склады. Божа літасцівы! Якія інтэнданты?! Непісьменныя яфрэйтары! З гэтай службы не засталося ніводнага афіцэра. Таму ён мусіў паслаць туды Пастушэнку. Парадаваўся, што таму ўдалося выбіць трохі патронаў, снарадаў і аўса. Авёс не толькі фураж, салдаты навучыліся абдзіраць авёс у ступах і варыць кашу. Голад усяму навучыць.

Чарназёмаву ён ахвотна расказваў пра свае справы па тэлефоне, па сутнасці, дакладваў, быццам каваль быў яго начальнікам; у іх нават выпрацаваўся код размовы — на выпадак таго, калі нямецкія разведчыкі могуць падключыцца да дроту. Цяпер ён не сумняваўся, што тады, калі ішлі з Мірай у штаб і ён падхапіў яе на рукі, з лесу выйшаў не рускі салдат — нямецкі. Пасля ахоўныя пасты пужалі варожых лазутчыкаў свістам — страляць Багуновіч строга забараніў: не даць немцам ніводнай, нават самай маленькай зачэпкі, каб сарваць перамір'е.

За правы свой фланг, дзе побач Петраградскі полк, можна было не турбавацца: гэтыя, трэба верыць, будуць стаяць насмерць. Трывожыў Бульба. Багуновіч двойчы пасылаў да яго веставога. Назар спачатку адказаў пісьмовым жартам, пасля лаянкай: «Сярожа! Свет — бардак! Плюнь на ўсё. Пайшлі яны...» — далей ішоў салёны салдацкі выраз, але незразумела было, хто — яны.

Яўна быў п'яны. Трэба з'ездзіць. Абавязкова трэба з'ездзіць.

Багуновіч лаяў штабы дывізіі і арміі, якія не давалі абсалютна ніякіх звестак ні аб стане абароны суседніх участкаў фронту, ні разведаных аб праціўніку: хто стаіць перад ім? Добра, што хлопцы Рудкоўскага яшчэ раней схадзілі ў нямецкі тыл і што-нішто прынеслі. Звесткі мала суцяшалі, але ўсё ж ён не адчуваў сябе сляпым і глухім. Ва ўсялякім разе, ён, камандзір, ведае, колькі батарэй можа ўдарыць па яго палку. Іншыя пры такой разладжанасці разведкі і гэтага, напэўна, не ведаюць.



4


Шаснаццатага лютага мароз аслаб, нахмурыла. Пырхаў сняжок. Уначы Багуновічу прыйшла думка змяніць пазіцыю батарэі, падцягнуць пушкі бліжэй, каб у выпадку нямецкай «псіхічнай» атакі маглі біць карцеччу.

Батарэйцам такая замена пазіцыі не спадабалася, бо трэба было вылазіць з абжытых зямлянак на пустое месца, дзе, пакуль укрыцці не пабудуюць, няма нават як пагрэцца. Батарэйцы ціха, без шуму, без бунту адмовіліся выконваць загад. Прыйшлося шукаць Сцяпанава, каб атрымаць рашэнне палкавога камітэта. Добра, што Сцяпанаў усе яго захады па абароне ўчастка палка лічыць правільнымі. Аднак усё роўна Багуновіч лічыў, што ў такі час падобная дэмакратыя не да месца. Сказаў пра гэта Сцяпанаву, Пастушэнку.

Палкоўнік змаўчаў. Сцяпанаў, які чуў пра гэта неаднойчы, сказаў без злосці, як бы з жалем, шкадаваннем:

— Ох, наляціш ты, Сяргей Валянцінавіч, на салдацкую кулю. Не ўсе ў рэвалюцыі разумныя, не ўсе адразу могуць сцяміць, што ты ім жа дабра хочаш.

Багуновіч не стаў спрачацца, толькі падумаў: «Добра, што Міра не чуе пра гэта».

Настрой яму сапсавала не абмежаванасць яго камандзірскай улады. Іншае.

Яго радавала, што, нягледзячы на магчымасць аднаўлення ваенных дзеянняў, самадэмабілізацыі было на дзіва мала, адзінкі дэзерціравалі, менш, чым у час трывалага перамір'я. Хацелася зразумець прычыну такой з'явы. Засталіся самыя свядомыя салдаты, якія разумеюць сваю адказнасць гэтак жа, як разумеюць ён, Пастушэнка, Сцяпанаў, камітэтчыкі-бальшавікі? Ці, можа, салдат стрымлівае яго расправа над дэзерцірам Межанем? Успамінаць Межаня было непрыемна, але Багуновіч пераконваў сябе, што ў любой арміі, у выключных выпадках, можа ўзнікаць сітуацыя, якая патрабуе і такой суровай меры. Больш турбавала, што лёгка вызваліўся ад пакут сумлення — чалавека забіў, не зайца! Ачарсцвеў, значыцца, і ён. Гэта палохала.

І раптам — як абухом па галаве звестка, што пасярод дня дэзерціраваў амаль увесь гаўбічны ўзвод. Гэта тым больш было незразумела, што са старой пазіцыі ён зняў пушкі, а гаўбіцы заставаліся там жа, каля цёплых зямлянак.

Багуновіч быў у штабе, калі звестку гэтую прынёс камандзір гарматы унтэр Рамашоў, член батарэйнага камітэта. Мабыць, ён моцна пабялеў, бо Пастушэнка папрасіў:

— Не трэба, Сяргей Валянцінавіч, голубе мой.

Палкоўнік, пэўна, думаў, што ён кінецца за батарэйцамі гэтак жа, як за Межанем.

Не, кінуцца другі раз ён не мог. Не было сілы нават на гнеў. Наступіла знясіленасць, з'явілася надзвычай небяспечнае пачуццё безвыходнасці, беспрасветнасці. А што, калі вось так здымуцца з перадавой усе роты, батарэі, батальёны?

Рамашова злосна распякаў Сцяпанаў: як ён, бальшавік, не ўбачыў змовы, не папярэдзіў такога масавага дэзерцірства?!

Кропляй суцяшэння было хіба адно, што Сцяпанаў ужываў тое ж слова — дэзерцірства, гаварыць якое некалі забараніў яму, каб не злаваць салдат.

Трэба было заткнуць шчыліну. Што што, а гарматы, калі спатрэбіцца, павінны біць усе — пушкі, гаўбіцы. Як і кулямёты. Але кім заткнуць? Дзе тыя людзі, якіх Молена за дзень, за тыдзень навучыць страляць з гаўбіцы? Кулямётчыкаў навучыць прасцей.

Але, як кажуць, бяда не ходзіць адна. Калі Багуновіч не вельмі ахвотна і без ведання мэты сабраўся ехаць на батарэю (Пастушэнка тут жа выказаў жаданне ехаць з ім), прыйшоў тэлеграфіст і з ленты спалоханым голасам прачытаў тэлеграму са штаба фронту:

«Нямецкае камандаванне заявіла, што яно аднаўляе ваенныя дзеянні васемнаццатага ў дванаццаць гадзін дня. Забяспечце эвакуацыю матэрыяльных каштоўнасцей арміі, артылерыі і арсенала — у першую чаргу».

У Багуновіча пераняло дыханне, памлелі ногі. Не, ён не спалохаўся. Ён, можа, адзіны, хто ні на міг не сумняваўся, што немцы пачнуць наступленне, і рыхтаваўся да гэтага актыўна, дзейсна. Але ўсё ж тэлеграма яго ашаламіла. Перш за ўсё тэрмінам, пасля — указаннямі штаба. Ашаламленне перайшло ў абурэнне, і ён, пры тэлеграфісце, ужываючы самыя моцныя словы, пачаў выказваць сваё абурэнне:

— Сволачы! Па ўмовах перамір'я яны павінны былі заявіць аб гэтым за тыдзень. А нашы... тупагаловыя дурні! Я без вас ведаю, што пры адступленні трэба вывезці ў першую чаргу. Вы скажыце, што нам рабіць тут, на лініі фронту. Што нам рабіць? — крыкнуў ён Пастушэнку, спыніўшыся перад ім.

Стары палкоўнік, можа, упершыню ў жыцці не адказаў з армейскай дакладнасцю і інтэлігентнай далікатнасцю, а толькі паціснуў плячамі; ён таксама не ўяўляў, што можна рабіць у такой сітуацыі, як разумець тэлеграму: абараняцца? адступаць?

Сцяпанаў таксама нічога не сказаў, але моцна закашляўся. Адвярнуўшыся ў кут, выплюнуў макроту ў бруднаватую хусціну, падышоў да тэлефонаў і пачаў круціць ручку апарата сувязі з Пралетарскім палком. На другім канцы дроту яму адказаў Скулань.

Сцяпанаў спытаў без вітання, без звычайных уступных слоў:

— Вы маеце тэлеграму?

— Так, мы маем,— адказаў Скулань гучна, каб перакрычаць шумы.

— Што будзеце рабіць?

— Петраградскі пралетарскі полк будзе стаяць насмерць,— выразна, як прадыктаваў, адказаў латыш.

Сцяпанаў прыкрыў далонню трубку і паведаміў, бадай, з радасцю:

— Яны будуць стаяць...— толькі слова «смерць» не сказаў, палічыў, што яно лішняе.

Гэтая спакойная радасць сухотнага старшыні камітэта, што суседзі застаюцца верныя слову, надзвычай уразіла Багуновіча. Яму зрабілася сорамна за сваю нявытрыманасць. Раскрычаўся, як істэрычная паненка.

— Мы хочам сустрэцца,— крычаў між тым у трубку Сцяпанаў і, выслухаўшы адказ, паведаміў: — Чарназёмаў і Скулань прыедуць да нас увечары.

Але раней, чым прыехалі пралетарцы, з'явіўся Бульба-Любецкі. На падпітку. Вясёлы, ліхі, як казацкі атаман. Шапка па-заліхвацку ссунута набакір, бекеша расшпілена. Але Багуновіч, які лепш, чым хто, ведаў сябра, адразу адзначыў, што ўсё гэта паказное, У сапраўднасці Назар не толькі разгублены, але, бадай, спалоханы, хоць з жыцця яго і ўсіх паводзін можна было вывесці, што чалавек гэты ніколі нічога не баяўся. Ні бога, ні чорта, ні ўлады, ні немцаў.

Бульба спытаў з парога, не павітаўшыся:

— Чулі? Яны хочуць укусіць нас за с... Тэўтонскія сабакі! Кайзераўскія халуі!

Пастушэнка без слоў падняў са стала тэлеграфную ленту.

— Яны не ўкусіць хочуць. Задушыць.

— Няўжо яны думаюць, што мы падставім ім свае кадыкі? — сказаў Багуновіч.

Бульба здзівіўся яго спакою.

— Што ты будзеш рабіць?

— Ваяваць,— гэтак жа спакойна адказаў Багуновіч.

— З кім? — закрычаў Бульба.— Колькі ў цябе штыкоў?

— Пяцьсот чатырнаццаць,— адказаў Пастушэнка; яшчэ ўчора начштаба патрабаваў ад батальённых дакладныя спісы асабовага саставу.

— Адкуль? Дзе вы іх узялі? — не паверыў Бульба.

— Трохі менш,— удакладніў Багуновіч, маючы на ўвазе дэзерцірства гаўбічнага ўзвода.— Але ў нас ёсць добры рэзэрв — партызанскі атрад Рудкоўскага.

— Ну, ты проста Давыдаў! — скептычна выказаў сваё захапленне Бульба, але тут жа зноў як бы ўсумніўся: — Чым вы трымаеце гэтую сялянскую стыхію? У мяне... добра, калі набярэцца сотня. Полк,— хмыкнуў зняважліва.— Рэвалюцыя ўсіх дэмабілізавала. І нельга вініць іх! — і тут жа спытаў заклапочана і панура: — З кім ваяваць, Сяргей? Дарагі мой Давыдаў!

Кінуў папаху на стол, з разгону плюхнуўся на цвёрдае крэсла.

Багуновіч абышоў стол, стаў у Бульбы за спіной. Выслухаў пакручастую сябраву лаянку, паморшчыўся ад яе, убачыў, што і Пастушэнку яна не спадабалася, і, безумоўна, не таму, што ў іх такія ўжо па-жаноцку далікатныя вушы, проста абодва адчулі, што чалавек выплёсквае сваю роспач, можа, нават страх.

Калі Бульба вычарпаў набор нецэнзурных слоў, Сяргей сказаў:

— Не пакрыўдзішся, калі я зраблю табе адну прапанову?

— Давай! Я знаю — гэта прысуд вялікаму Бульбе! Але я не паненка. Я не пакрыўдзіўся, калі мяне асудзілі да смяротнай кары. Ад любога прысуду я раблюся толькі злейшы.

— У такім разе лепш маўчаць. Злосць твая нам без патрэбы, асабліва цяпер.

— Не ламайся, як салонная дзеўка. Пачаў — кажы.

Але Багуновіч яшчэ нейкі час думаў. Пасля адышоў да грубкі, прытуліўся спіной да гарачага кафелю і рашуча, як старэйшы камандзір, сказаў:

— Пастаў надзейны ўзвод на шляху, ля Былінкі. Задача яго: пратрымацца гадзіны дзве, не даць немцам зайсці ў тыл майго трэцяга батальёна. А сам... сам бяры батарэйцаў, запрагай гарматы і давай да мяне... камандзірам аб'яднанай батарэі.

Бульба не павярнуўся да Багуновіча, не здзівіўся, толькі нахіліўся над сталом, як бы схаваў вочы ад уважлівых вачэй Пастушэнкі, які сядзеў насупраць. Спытаў глуха:

— А як жа пазіцыя палка?

— За тваім палком што? Пушча. У пушчы нямнога дарог. Іх перакрые Рудкоўскі са сваім атрадам. А тут — чыгунка, за дзесяць кіламетраў на станцыі — армейскія склады. Трэба думаць не толькі пра ўласныя пазіцыі...

Тады Бульба крута, разам з крэслам, павярнуўся да свайго будучага камандзіра і сказаў, трохі, праўда, блазнуючы, але яўна з захапленнем і згодай:

— Не! Ты — не Давыдаў. Ты — Кутузаў. Стратэг! А я — дзярмо... А яшчэ хацеў вытаргаваць у Сашкі пост міністра. Міністр, такую тваю! — і засмяяўся; была ў гэтым смеху знявага да сябе, было і заспакаенне душэўнае, радасць, што ёсць хоць нейкае выйсце.

За познім салдацкім абедам, аздобленым чаркай гарэлкі, якую прывёз Назар, правялі нешта накшталт ваеннага савета. Прысутнічалі камандзіры батальёнаў, некаторыя члены камітэта. Згода Бульбы перайсці ў яго полк з гарматамі і камандаваць батарэяй заспакоіла Багуновіча. Рэшту дня ён пражыў, пракамандаваў так, быццам атрымаў значнае падмацаванне.

Прыехаў на станцыю позна ўвечары і... вельмі ўстрывожыўся: не было дома Міры. Яго з'яўленне без жонкі ўстрывожыла Альжбету і Юстыну: дзе яна? Не праверыўшы, ці дома яна, адпусціў салдата-веставога, той вярнуўся з коньмі ў маёнтак.

Пайшоў на станцыю, пазваніў у штаб. Адказаў дзяжурны член камітэта: у сувязі з заявай немцаў вырашылі, што каля апаратаў уначы будзе дзяжурыць нехта адказны і дасведчаны. Хацелася папрасіць, каб паклікалі Пастушэнку, сказаць яму. Не адважыўся — пасаромеўся. Раней, калі Міра затрымлівалася ў ба тальёнах, ён жа не ўзнімаў такой трывогі.

Раней страх апаноўваў яго толькі тады, калі яка ішла да немцаў. А што, калі зноў пайшла да іх? Не, не, да такой безразважнасці яна не магла дайсці. Яна ж і раней, у самыя добрыя часы перамір'я, хадзіла толькі з дазволу камітэта.

Аднак неспакой яго вырас да самых страшных уяўленняў. Узрушанасць кватаранта заўважыў нават флегматычны Баранскас, які выкарыстаў прыход камандзіра на станцыю, каб параіцца, што рабіць з армейскай маёмасцю, якая накапілася ў станцыйным пакгаузе. Яна была адрасавана часцям, якія даўно былі пераведзены на другія ўчасткі вялікага фронту ці зусім расфарміраваны. З-за неразбярыхі, разрыву сувязей, асабліва ў інтэнданцкай службе, на тэлеграмы начальніка станцыі ніхто не адказваў. А быў нават такі адказ: звяртайцеся ва ўпраўленне па ўліку трафеяў. Нехта, мабыць, глянуўшы на ваенную карту, палічыў, што станцыя адбіта ў немцаў. Аднак жа ад кастрычніка рускія часці не вялі ніякіх наступальных дзеянняў, два з палавінай месяцы цягнецца афіцыйнае перамір'е. Якім бюракратам трэба быць, каб так адказаць, скардзіўся Баранскас.

У пакгаузе былі нават кажухі.

Багуновіч горка папракнуў чыгуначнага службіста: салдаты мерзнуць, а кажухі гніюць! Заўтра ж аддаць кажухі салдатам яго палка. Так, пад яго адказнасць!

Баранскас здзівіўся і трохі спалохаўся, з якой рашучасцю малады камандзір распарадзіўся чужой маёмасцю. За ўсю сваю доўгую паўвайсковую службу на прыфрантавой станцыі ён не ведаў выпадку, каб нават генералы давалі такія смелыя загады.

Мабыць, Баранскас не адразу сцяміў, што Багуновіч дзейнічае так, каб не пакінуць немцам нават чуркі дроў, нарыхтаваных для паравозаў. Чыгунныя печкі? Разбіць! Цэмент? Ёсць нават цэмент? Замачыць! Рэйкі? Што можна зрабіць з рэйкамі? Нічога? Не, утапіць у рэчцы кастылі і гайкі! Караеш? Раздаць сялянам!

— Пан паручнік! — замаліў начальнік станцыі.

— Баранскас! Заўтра ўвечары ў пакгаузе павінны застацца адны мышы... Вы ж самі ўпэўнены, што вагонаў ніхто нам не дасць.

— Вы жорсткі чалавек, таварыш камандзір.

— Не. Я добры чалавек. Я гатовы спаліць... утапіць усё, што можа служыць вайне... ворагу... А думаю я зараз пра адно: дзе мая жонка?

— Я вас разумею. Але ў мяне іншы клопат. Мая Альжбета сказала: памру, а ў тыл не паеду.

— Што ж яе спалохала ў Паволжы? Такая душэўная жанчына!

Стары, лысы чыгуначнік пачырванеў ад пахвалы ягонай жонцы.

— Акрамя таго, што яе называлі пшэчкай і смяяліся з яе рускага вымаўлення, іншай абразы, здаецца, не было. Але ж гэта — дробязь. Тайны жаночай псіхалогіі, хіба няпраўда?

Багуновіч падумаў пра тайны Мірынай псіхалогіі. Тайны ёсць, але чароўныя тайны. Аднак гэта мала супакоіла. Дзе яна?

Размова з Баранскасам напомніла пра нямецкіх лазутчыкаў. Ды і свае салдаты... тыя, што дэзерціруюць. За вайну ён, калі не ўсё бачыў, можа, то чуў пра ўсё — і пра самыя высокія подзвігі, і пра самыя брыдкія, нізкія злачынствы, якія чынілі салдаты і нават афіцэры.

Думка, што нехта можа ўчыніць гвалт над яго жонкай, давяла да такой душэўнай пакуты, якую ён не перажываў ніколі.

Не вытрымаў: пазваніў дзяжурнаму ў штаб і папрасіў прыслаць веставога з яго канём. Імчаць! Аднаму ва ўсе бакі, ва ўсе батальёны, па ўсіх дарогах!

Але не паспеў прыехаць веставы, як Міра з'явілася на станцыі. Яе прывёз Скулань. Яна забрыла ажно да суседзяў, у Пралетарскі полк, і паўдня вывучала, як пастаўлена бальшавіцкая агітацыя ў петраградцаў.

Багуновіч уявіў маладога латыша, бадай, яго равесніка, з прыгожай каштанавай барадой і адчуў паганенькае пачуццё рэўнасці. Розумам усведамляў, што прыніжае гэтым пачуццём і сябе і жонку. Але адолець яго не мог. Чаго ён, гэты чортаў латыш, не пабачыўся з ім, не зайшоў пагрэцца, так хутка паехаў назад?

Раздражнёна папракнуў Міру: як можна ў такі час, нічога не сказаўшы, без суправаджэння забірацца бог ведае куды? Яна прызнавала сябе вінаватай. Але гэта толькі вярэдзіла рану рэўнасці. Асабліва не спадабалася, як яна пачала расказваць аб Петраградскім палку — узбуджана і радасна. А чаму радавацца? Чаму? Што паслязаўтра немцы абрушаць на нас свой агонь? Ён спытаў, ці ведае яна пра нямецкае наступленне. Ведае.

— Дык чаму ж ты радуешся? — спытаў ён амаль злосна.

— Я не радуюся. Я радуюся за тых людзей, Сярожа, гэта сапраўдныя рэвалюцыянеры!

— Гэта — мішэні для нямецкіх пушак!

Міра крыкнула ў роспачы:

— Сярожа! Не трэба так! Не трэба так! Я прашу цябе.

Стала шкада яе. Урэшце, не трэба забываць, што яна жанчына. Якая жанчына? Дзіця! І дагэтуль вайну бачыла толькі ў мінскім шпіталі, дзе рабіла па заданні бальшавіцкай арганізацыі; партыя пасылала сваіх людзей ва ўсе ваенныя ўстановы, таму і атрымала падтрымку салдат.

Яны ішлі да кватэры моўчкі, абое вінаватыя.

Рэўнасць у Сяргея знікла, але сапраўды засталася як бы вінаватасць за сваё абразлівае пачуццё, за дурныя думкі. Да чаго ж недасканалы яшчэ чалавек! Да чаго ж ён цёмны раб розных забабонаў, якія вякамі ўніжалі яго, фарміравалі такую ж рабскую псіхалогію.

У пакоі, асцярожна абыходзячы тое, галоўнае, што хвалявала абаіх, яны гаварылі пра розныя бытавыя дробязі.

Сяргея трывожыла, што яна больш не расказвае пра свой паход да пралетарцаў — безумоўна, адчула, што яму не спадабалася гэта. Ён выбіраў зручны момант, каб неяк тактоўна вярнуць яе да таго радаснага расказу.

Прыйшоў Баранскас, які пасля таго, як з'явілася Міра, далікатна пакінуў іх у дзяжурным пакоі станцыі.

Загады камандзіра аб знішчэнні маёмасці, за якую ён адказваў, моцна ўсхвалявалі яго. Яму хацелася шмат што высветліць. Як што рабіць? З якімі людзьмі? Якія дакументы для свайго апраўдання ён атрымае? Ва ўласнай кватэры ён адчуваў сябе больш упэўнена: у выпадку чаго паможа рашучая Альжбета, ды і кватарант тут, напэўна, «скіне мундзір».

Баранскас запрасіў Багуновіча на сваю палавіну. Добра, што Альжбета побач, але нежаночая гэта справа — іх ваенныя клопаты. Жонка і дачка сядзелі ў спальні. А яны гутарылі ў гасцінай, без чаю.

На гэты раз начальніка станцыі ўразіла абыякавасць камандзіра, які гадзіну назад аддаваў такія рашучыя загады. Цяпер ён выглядаў страшэнна змораным чалавекам, які слухаў і, здавалася, мала што чуў, адказваў неўпапад і думаў хіба пра адно: рабіце, як хочаце, толькі пакіньце мяне ў спакоі.

Баранскас здзівіўся такой розніцы ў паводзінах аднаго і таго ж чалавека, але не пакрыўдзіўся. Адчуваў: нешта іншае, тое, што кранае мацней, глыбей, усхвалявала камандзіра. Са свайго нялёгкага вопыту ён ведаў, што часта прычынай такой узрушанасці бывае родная жонка. Ах, гэтыя жанчыны! І без іх немагчыма, і з імі нялёгка!

Стары нават настроіўся супраць Міры: рана ты паказваеш кіпцюркі, а галоўнае, не ў час выбіваеш такога чалавека з раўнавагі.

Багуновіч вярнуўся ў свой пакой.

Міра сядзела на ложку, захутаўшыся ў коўдру.

— Зноў перамерзла? — сказаў Сяргей з папрокам.— Глядзі, хварэць больш не дам! Няма калі!

Яна ціхенька засмяялася. Смех яе растапіў апошнія льдзінкі яго рэўнасці, крыўды, злосці — за бяздумны ўчынак яе. Хоць чаму, уласна кажучы, бяздумны? Напэўна, у яе была душэўная патрэба схадзіць да петраградцаў.

— Я скіпячу чай.

— Дзякую. Не хачу. Мяне добра накармілі.

Зноў варухнулася ў ім нядобрае, ён хмыкнуў:

— Накармілі! Яны такія багачы?

— Сярожа! Я не панскага роду. Грачнёвая каша з алеем — найлепшы ласунак.

Хораша яна ўмее супакойваць! Самымі звычайнымі словамі.

Багуновіч прысеў да стала, дастаў паперу, завастрыў сцізорыкам каляровыя карандашы. Хацелася перанесці на паперу тое, што склалася за цяжкі дзень у галаве,— схему бою і схему вываду людзей з-пад агню. Што пасля нядоўгага бою прыйдзецца адступаць — сумненняў не было. Але бой павінен быць такі, каб немцы запомнілі яго. І адступленне каб не ператварылася ва ўцёкі, у панічнае бегства соцень людзей. Кутузаўскае павінна быць адступленне, пераможнае. Найменшыя страты — вось іх перамога ў такой сітуацыі. А гэта ў значнай ступені залежыць ад яго камандзірскага ўмення.

Як ніколі раней, Багуновіч адчуў сваю асаблівую адказнасць за жыццё кожнага чалавека. Гэта памагло яму засяродзіцца і пачаць складаць экспазіцыю.

Адчуваў на сабе пільны Мірын позірк. Але дзіўна — позірк яе, закаханы, замілаваны, не перашкаджаў, наадварот, супакойваў, нараджаў упэўненасць, што полк здолее добра агрызнуцца і без панікі адступіць.

Ды раптам Міра ціха паклікала яго:

— Сяр-рожа!

— Ай?

— Ты не баішся?

— Каго?

— Іх.

— Немцаў? Мілая мая, я салдат, я больш трох гадоў на фронце.

Ды раптам як штось ударыла яго ў патыліцу. Уміг выбіла ўсе схемы, усе разлікі. Ён падхапіўся, ступіў да ложка. І па вачах, чорных, бліскучых, больш глыбокіх, чым звычайна, убачыў, што здагадка яго правільная.

— Ты баішся?

— Баюся,— ціха прызналася яна, але тут жа апраўдвацца пачала: — Баюся. Але не за сябе. Не за сябе, Сярожа. За яго.

— За каго?— здзівіўся ён, што яна сказала «за яго», а не «за цябе».

— За таго, хто ва мне. За твайго сына...

Нейкі міг Сяргей стаяў ашаломлены. Потым упаў перад ложкам на калені, уткнуўся тварам у яе жывот, быццам хацеў і праз коўдру пачуць у ёй новае жыццё.

— Міра! Mafemme аіmёе! — не ўпершыню самыя пяшчотныя словы ён гаварыў ёй па-французску.— Мая дарагая жонка! — ён паўтараў гэтыя не самыя ласкавыя — вельмі звычайныя словы па-беларуску, ад чаго яны набывалі асаблівы сэнс.

Яна палажыла яму руку на галаву, пагладзіла валасы, ён схапіў яе рукі і пацалаваў адну, другую...

— Міра? Любая мая! Не бойся. Заўтра ты паедзеш у Мінск. Да маіх бацькоў. Ці да сваіх. Як хочаш... Жыві, дзе хочаш.

Тады яна бадай груба адняла свае рукі і сказала жорстка, са звонам у голасе:

— Божа! Якія вы слюнцяі, паны! Як лёгка раскісаеце. Нікуды я не паеду! Я — салдат рэвалюцыі!


Раздзел трэці. ТРЫВОЖНЫЯ БУДНІ

1


Пасля абеду Уладзімір Ільіч затрымаўся ў сваёй кватэры, каб трохі адпачыць. Так патрабавалі ад яго Надзежда Канстанцінаўна і Марыя Ільінічна. Калі хтось з іх меў час, яго літаральна каравулілі. Ён пасміхаўся з іх настойлівасці, жартаваў:

— Што ж, пасядзім пад дамашнім арыштам. Але я на вас паскарджуся Саўнаркому, майце на ўвазе,

У той дзень у жонкі і сястры былі пільныя справы, у Маняшы — у рэдакцыі «Правды», у Надзі — у Наркамаце асветы. Але ён паабяцаў ім паўгадзіны адпачыць. Калі ён абяцаў з такой сур'ёзнасцю, жанчыны верылі яму.

Удзень, за рэдкім выключэннем, калі толькі здаралася, што нядужылася, Уладзімір Ільіч ніколі не лажыўся, лічыў гэта абломаўшчынай: дзённы сон расслабляў цела і мозг. А ў яго наперадзе самая напружаная праца — пасяджэнне Саўнаркома. Яго прыходзіцца праводзіць амаль штодня, бо набіраецца безліч пытанняў, якія нельга адкласці, вырашаць іх трэба з рэвалюцыйнай тэрміновасцю.

Ён падняўся да сябе ў рабочы кабінет. Праходзячы праз пакой упраўлення справамі, убачыў Марыю Мікалаеўну Скрыпнік і ўспомніў пра яе просьбу — паехаць на Украіну да бацькоў разам з Мядзведзевым, Шахраем, якія вярнуліся з Брэста, і Варашылавым, якога ён, Ленін, камандзіраваў у Данбас, на дапамогу Антонаву-Аўсеенку.

Уладзімір Ільіч разумеў яе жаданне ехаць у неспакойны час у кампаніі сваіх таварышаў, такіх рыцараў, як камісар Петраградскага ВРК Клімент Варашылаў; чалавек гэты ў свае трыццаць сем гадоў можа, як юнак, чырванець перад жанчынамі, што заўважылі супрацоўніцы Саўнаркома, але, калі меркаваць па яго падпольнай дзейнасці і па рабоце ў рэвалюцыі, ніколі не «чырванеў» перад ворагамі.

Ленін спыніўся перад Гарбуновым:

— Мікалай Пятровіч, напішыце, калі ласка, ад майго імя распараджэнне начальніку Мікалаеўскага вакзала, каб ён прадаставіў чатырохмеснае купэ таварышам Скрыпнік, Варашылаву, Мядзведзеву, Шахраю. Ім трэба тэрмінова выехаць у Харкаў.

У кабінеце на стале Леніна чакалі тэрміновыя дакументы — парадак дня Саўнаркома, больш трыццаці пытанняў, праекты дэкрэтаў, якія трэба яшчэ калегіяльна абмеркаваць і якія ўжо разгледжаны на Саўнаркоме і іх неабходна падпісаць, яны будуць рэгламентаваць новае жыццё, накіроўваць яго па сацыялістычным шляху, закрэсліваючы старыя царскія законы, правілы, нормы. Дэкрэты дыктатуры пралетарыяту!

Уладзімір Ільіч уважліва прачытаў парадак дня. Колькі пытанняў выкрасліў, некаторыя, наадварот, падкрэсліў, адзначаючы іх выключную важнасць.

Большасць пытанняў было гаспадарчых, эканамічных — мірных.

Напрыклад, аб'яўленне капіталаў пазыка-ашчадных, дапаможных, пенсійных, эмерытальных кас недатыкальнымі. Ці асігнаванне ста тысяч рублёў на Паўночную экспедыцыю СНК па ахове скарбаў РСФСР, якія знаходзіліся ў Архангельскай губерні. Хоць наўрад ці «мірнае» гэтае пытанне. Скарб трэба захаваць не толькі ад сваіх зладзеяў, але і ад замежных: на Архангельск «востраць зубы» англічане. У выпадку іх высадкі не даць ім захапіць народныя багацці. Не даць ім вывезці ні грама золата, ніводнай карціны.

Крыленка і Падвойскі вельмі своечасова папрасілі прыняць дэкрэт аб выплаце сутачных дэмабілізаваным салдатам, якія часова застаюцца ў сваіх часцях. Архіважна затрымаць у франтавых часцях людзей, якія ў выпадку нямецкага наступлення маглі б аказаць хоць якое-небудзь супраціўленне, хоць такое, каб Вільгельм і Гіндэнбург зразумелі, што наш фронт не адкрыты, як паабяцаў ім гэта Троцкі сваёй формулай «ні міру, ні вайны».

Ад думкі пра мір у Леніна трывожна ёкнула сэрца. Непадпісанне Троцкім міру насуперак яснай дырэктыве Саўнаркома падобна на грандыёзную правакацыю. За такое наркома трэба аддаваць суду, партыйнаму — абавязкова. Каб не пазіцыя «левых» камуністаў і левых эсэраў, якія падтрымліваюць авантуру Троцкага, Ленін патрабаваў бы партыйнага суда. Але ў такой сітуацыі ўдар па Троцкаму можа прывесці да адстаўкі наркомаў-эсэраў, да расколу ў ЦК бальшавіцкай партыі. А гэта непажадана ў такі адказны час. Гэтым карыстаецца Троцкі. З Брэста ён вярнуўся з выглядам пераможцы. Вясёлы. Як заўсёды ўпэўнены ў правільнасці свайго рашэння.

Леніна абурала такая нахабная самаўпэўненасць. Але пры сваім становішчы главы ўрада ён мусіў вельмі спакойна выслухоўваць даклад кіраўніка дэлегацыі. Так, нямецкія імперыялісты — разбойнікі, навязвалі яны архіцяжкі мір. Аднак няма сумнення, што ён быў бы лягчэйшы, чым той, які прыйдзецца заключаць, калі немцы пачнуць ваенныя дзеянні. «Ваяваць» можа толькі Бухарын і яго левыя фразёры. На паперы. У безадказных выступленнях. Рэспубліка ваяваць не можа. Непісьменныя салдаты гэта выдатна разумеюць, а да высокаадукаваных інтэлігентаў, якія называюць сябе марксістамі, гэта не даходзіць, ніяк нельга ўцяльмяшыць простыя ісціны ў іх занадта мудрыя галовы.

Троцкі даводзіў, што нямецкі генштаб не адважыцца аднавіць ваенныя дзеянні — пабаіцца працоўных. Наступаць на рэспубліку рабочых і сялян, якая абвясціла аб міры і дэмабілізуе сваю армію,— гэта такая подласць, якую пралетарыят Германіі ніколі не даруе.

Ленін хацеў верыць... Ленін верыў у рэвалюцыйнасць нямецкіх рабочых. Аднак рэвалюцыйная сітуацыя — рэч даволі складаная, яна патрабуе спалучэння многіх фактараў. У Германіі чагось не хапае. Чаго? Ах, як мала часу! А так патрэбна прааналізаваць становішча ў краінах, якія ваююць. Англію і Францыю корміць багатая Амерыка. Выступленні пралетарыяту ў гэтых краінах эпізадычныя і ў няпоўнай меры скіраваны супраць вайны — не выветрыўся яшчэ чад урапатрыятызму. У Германіі становішча іншае. І аднак усе спадзяванні нашы на блізкую рэвалюцыю не апраўдваюцца. У чым прычына? Раскол сацыял-дэмакратыі? Зараза нацыянал-шавінізму? Слабасць інтэрнацыяналістаў? Знаходжанне ў турме Карла Лібкнехта?

Учора Ленін яшчэ раз прынімаў Рамана Аўрамава, які паехаў у Берлін. Яны абгаварылі многія праблемы сацыял-дэмакратычнага руху і адносін з Германіяй, паколькі Аўрамаў — член эканамічнай камісіі Чацвярнога саюза. Але, можа, самае галоўнае ў іх размове — гэта яго, Леніна, даручэнне Аўрамаву перадаць арганізатару групы «Спартак» Тышке, што нямецкія таварышы не павінны ні на міг забываць: далейшае ўмацаванне Савецкай улады ў Расіі з'яўляецца справай і абавязкам не толькі рускіх, але і нямецкіх рабочых.

Будзе найвялікшым шчасцем, калі генералітэт кайзера з боязі рэвалюцыйнага выбуху не адважыцца кінуць свае войскі на Расію. Паступленню на ўсходзе маглі б перашкодзіць актыўныя дзеянні войск Антанты на захадзе. Але актыўнасці такой няма. Наадварот, усё — ад прамовы Вільсана да дзеянняў нават такіх дыпламатаў, як Робінс і Садуль,— гаворыць за тое, што былыя саюзнікі Расіі вельмі зацікаўлены, каб немцы пайшлі на Савецкую Расію. Жак Садуль у гутарцы тры дні назад даў зразумець, што пасол Нуланс і яго калегі надзвычай узрадаваліся таму, што мірныя перагаворы сарваліся. Гэтак жа радуецца, безумоўна, і Клемансо.

Чартоўскі хочацца верыць, што немцы не стануць наступаць! Няхай бы адчуваў сябе пераможцам Троцкі, абы не вайна!

Але вялікі рэвалюцыйны рамантык, Ленін заўсёды заставаўся самым цвярозым рэалістам.

Троцкі набраўся нахабства выказаць незадавальненне супраць таго, што Ленін адмяніў загад Крыленкі аб дэмабілізацыі арміі, які Глаўкаверх аддаў па тэлеграме Троцкага з Брэста.

Стрымліваючы гнеў, Уладзімір Ільіч адказаў:

— Мабілізацыя і дэмабілізацыя арміі — прэрагатыва ўрада, а не асобнага міністра, нават калі ён міністр замежных спраў і самы мудры ва ўрадзе.

Гнеўны ленінскі сарказм, схаваны за стоенай ветлівасцю, Троцкі даўно, з эміграцыі, навучыўся чуйна лавіць і разумець.

Нарком мусіў панізіць голас. Але не супакоіўся — падбухторыў Урыцкага зрабіць запыт на пасяджэнні Саўнаркома. Зачэпкай было распараджэнне Леніна аб закрыцці вячэрняй газеты «Эхо», якая апублікавала загад Крыленка

Ленін адказаў, што планы дэмабілізацыі, як і мабілізацыі, нават у самай спакойнай абстаноўцы з'яўляюцца ваеннай тайнай. Ён прачытаў нядаўняе пісьмо начальніка штаба арміі Міхаіла Дзмітрыевіча Бонч-Бруевіча, які звяртае ўвагу на недапушчальнасць публікацыі таго, што мае сакрэтнае значэнне.

Члены ўрада згадзіліся з Леніным. Троцкі хітра маўчаў; за яго гаварылі хаўруснікі.

Усе гэтыя дні Леніну было непрыемна размаўляць з Троцкім, па ўсіх замежных справах ён, цераз галаву наркома, звяртаўся да Чычэрына. Георгій Васільевіч актыўна і кампетэнтна ўключыўся ў работу наркамата, арганізуючы гэтую работу зусім па-новаму.

Троцкі гэта адчуў і пазбягаў сустрэч з Леніным, нават не з'явіўся на два пасяджэнні Саўнаркома. Займаўся тым, што згуртоўваў сваіх аднадумцаў і падбухторваў левых крыкуноў. Сам ён, між іншым, таксама не вельмі верыў, што немцы не будуць наступаць. Больш таго, яму хацелася, каб яны аднавілі ваенныя дзеянні. Тады Леніну прыйшлося б згадзіцца з «левымі» і пачаць рэвалюцыйную вайну. Ляснула б яго тэорыя перадышкі, а заадно — і яго тэорыя перамогі сацыялістычнай рэвалюцыі ў адной краіне, такой мужыцкай, дзікай, як Расія.

Ленін глыбока задумаўся. Не, трывожыць яго не Троцкі ў выпадку нямецкага наступлення. Пры ўсёй сваёй самаўпэўненасці ён плюхнецца ў лужыну і мусіць вызваліць пост наркома па замежных справах. Трывожаць «левыя», якія зноў актывізаваліся і з новай сілай даводзяць, што ніякага міру з імперыялістамі быць не можа.

Леніна моцна ўстрывожыла, што, нягледзячы на яго тэлеграму, якую паслалі ў Стаўку раніцой адзінаццатага, Мікалай Васільевіч Крыленка ўсё-такі аддаў загад аб дэмабілізацыі арміі. Прыйшлося адмяняць яго загад рашэннем Саўнаркома. Дзеянні камандуючага пацвярджаюць думку, што трэба сачыць пільна не толькі за «левымі», але і за ваеннымі патрэбен большы кантроль. Дэмакратыя — вялікая заваёва рэвалюцыі, аднак у арміі яна павінна мець пэўныя межы.

Крыленку можна зразумець: яму хацелася хутчэй пазбавіцца ад старой арміі. А пазбаўляцца зараз нельга. Нельга, таварышы! Трэба зрабіць максімум намаганняў для ўмацавання абароны рэспублікі!

Уладзімір Ільіч успомніў учарашняе пасяджэнне Саўнаркома, дзе па яго прапанове абмеркавалі стратэгічнае становішча на моры ў выпадку актыўных дзеянняў Германіі. Было суцешна, што абмеркаванне прайшло вельмі сур'ёзна. Дыбенка зрабіў грунтоўны даклад, хоць, магчыма, трохі з ухілам да самазаспакаення, да перабольшання баявой гатоўнасці рускага флоту. Безумоўна, матросы — апора рэвалюцыі. Але матросы — тыя ж сяляне, ім таксама хочацца дадому, дзе дзеляць памешчыцкія землі. Знамянальна, што ніхто, нават з левых эсэраў, не ўчыніў ніякай абструкцыі пастанове, усе пагадзіліся з неабходнасцю ўмацавання марскіх рубяжоў, асабліва на подступах да Петраграда.

У сённяшнім парадку — абвяшчэнне чыгунак на ваенным становішчы. Як пройдзе гэтая ідэя? Падвойскі, Свярдлоў, Сталін і Дзяржынскі, з якімі Уладзімір Ільіч паспеў параіцца, падтрымалі такую важную меру ва ўмацаванні абароны. Чыгунка з засіллем на ёй вікжэлеўцаў-меншавікоў, эсэраў можа стаць ахілесавай пятой пры абароне, а тым больш — пры адступленні арміі. Без наладжанай чыгункі накопленая ў прыфрантавой зоне ваенная маёмасць апынецца ў немцаў. Дапусціць гэтага ніяк нельга! Ваеннае становішча. Ваенная дысцыпліна. Падначаленне чыгуначных чыноўнікаў камандзірам і салдацкім Саветам! Толькі так перад пагрозай нямецкага нашэсця! Відаць, дэкрэт гэты пройдзе нялёгка. Хто можа выступіць супраць? Штэйнберг? Добра загадзя ведаць апанентаў і іх аргументы. З тактычных меркаванняў Ленін перанёс пытанне аб чыгунках з ліку першых у сярэдзіну парадку дня. Быццам бы радавое — побач з асігнаваннем 25 тысяч рублёў Савету горада Сольцы на неадкладныя патрэбы насельніцтва.

З ліку дэкрэтаў, якія ўжо абмяркоўваліся, але патрабавалі подпісу Старшыні Саўнаркома, Уладзімір Ільіч яшчэ раз перачытаў «Дэкрэт аб прымусовым заняцці для дзяржаўных і грамадскіх патрэб будынкаў і памяшканняў у Петраградзе».

Да такіх дакументаў у Старшыні Саўнаркома была асаблівая ўвага. Такі дэкрэт не павінен даваць ніякай падставы для беззаконных высяленняў грамадзян. Лягчэй канфіскаваць завод, фабрыку, маёнтак, там усё ясна — экспрапрыяцыя эксплуататараў, заводчыкаў, памешчыкаў. З жылымі памяшканнямі цяжэй. Тут можа лёгка здарыцца, што экспрапрыяцыя домаўласніка закране кватэранаймальнікаў — інтэлігенцыю і нават рабочых. Справядлівае размеркаванне жылля не менш важна, чым размеркаванне хлеба.

У дэкрэта гэтага была свая гісторыя, яна пачалася эпізодам, які спачатку Леніна абурыў, а цяпер развесяліў. Выпраўляючы асобныя пункты, робячы іх больш дакладнымі, Уладзімір Ільіч прыгадаў гэты сапраўды такі камічны эпізод.

Тыдні два назад нарком сацыяльнай апекі Аляксандра Міхайлаўна Калантай вырашыла заняць пад шпіталь Аляксандра-Неўскую лаўру. Манахі запратэставалі. Выкарыстаўшы свае адносіны з Дыбенкам, Калантай папрасіла ў яго атрад матросаў, і тыя паспрабавалі заняць лаўру гвалтам. Манахі ўчынілі бойку і адстаялі сваю абіцель. Добра, што матросы аказаліся свядомыя і ніхто з іх не схапіўся за зброю.

Ленін, калі даведаўся пра гэты інцыдэнт, вельмі абурыўся. Запрасіў Калантай і зрабіў ёй вымову.

— Гэта самачынства, якое ганьбіць Савецкую ўладу. Нікому не дазволена рабіць падобныя высяленні, тым больш не ўзгадніўшы з СНК!

Аляксандра Міхайлаўна павінілася. Аднак упартасць у яе, настойлівасць тыпова жаночая, ад намераў сваіх яна рэдка калі адступала, пра гэта Уладзімір Ільіч ведаў яшчэ ў эміграцыі.

Калантай папрасіла, каб пытанне было вынесена на Саўнарком. Ленін лёгка згадзіўся, каб указаць усім іншым наркомам на недапушчальнасць падобных анархісцкіх дзеянняў. Людзей трэба вучыць, выхоўваць.

На Саўнаркоме, нечакана для яго, большасць наркомаў выказалася за заняцце лаўры: для інвалідаў вайны таўстапузых служкаў бога можна і паціснуць.

Уладзімір Ільіч зразумеў, што Калантай перахітрыла яго: добра «папрацавала» са сваімі калегамі. Яе агітатарскія здольнасці развесялілі. Старшыня Саўнаркома мусіў згадзіцца з большасцю. Але тут жа прапанаваў прыняць дзве пастановы. Першая абавязвала Калантай звярнуцца да насельніцтва з адозвай, у якой растлумачыць, што Аляксандра-Неўская лаўра займаецца для знявечаных воінаў, апублікаваць адозву ў нядзельных нумарах газет і расклеіць па ўсім Петраградзе асобнымі лістоўкамі — не менш як трыста тысяч экземпляраў. Другой пастановай лаўра перадавалася «Саюзу знявечаных воінаў».

Пастанова гэтая і стала асновай дэкрэта, які належала падпісаць. Аднак неабходны папраўкі.

Спачатку Леніну хацелася дапісаць пункт, які абмяжоўваў бы права армейскіх часцей на заняцце будынкаў. Каб рабілася гэта толькі Саветамі. Але потым падумаў, што дэкрэт гэты таксама лажыцца ў сістэму мер па абароне рэспублікі і Петраграда. Пры сітуацыі, якая можа ўзнікнуць, армія... Чырвоная Армія павінна мець усе неабходныя правы.

Прыгадаўшы Калантай і Дыбенку, Уладзімір Ільіч ласкава пасміхнуўся.

Аляксандра Міхайлаўна ў свае сорак пяць гадоў закахалася ў трыццацігадовага матроса-барадача. Але — «любви все возрасты покорны, ее порывы благотворны».

Ленін верыў у мудрасць радкоў паэта і праяўляў надзвычайную далікатнасць. Такімі ж далікатнымі былі ўсе іншыя наркомы. Яны як бы не заўважалі, што Аляксандра Міхайлаўна і Павел Яфімавіч заўсёды садзіліся побач і яна нярэдка закахана клала сваю руку на яго руку. Было ў гэтым нешта юнацкае, што хораша кранала і радавала.

Уладзіміру Ільічу было непрыемна, калі аднойчы Троцкі не вельмі тактоўна пажартаваў з іх адносін.

Троцкаму бракуе культуры. У адносінах з людзьмі. А ў палітыцы?.. Гэта ж чысцейшая анархія — калі нарком не жадае лічыцца з рашэннем свайго ўрада!

Вярнулася думка да Брэста, да Троцкага — і Ленін пасля колькіх хвілін душэўнага адпачынку, калі згадваліся тыя таварышы, якія могуць памыляцца, але якія ніколі не падвядуць, зноў адчуў не проста раздражнёнасць, а глыбокі палітычны неспакой.

Такі стан перашкаджаў працаваць.

Ленін выйшаў у агульны пакой, каб у размове з супрацоўнікамі Саўнаркома вярнуць душэўную раўнавагу. Але думкі пра мір не адыходзілі. Успомніў пункт учарашняга парадку дня пасяджэння Саўнаркома — звярнуўся да Гарбунова:

— Мікалай Пятровіч, перадайце, калі ласка, Чычэрыну: на перагаворах з нямецкай дэлегацыяй аб абмене цывільнымі палоннымі ісці на любыя ўступкі, якія не закранаюць інтарэсаў саміх інтэрніраваных. Рускія людзі павінны вярнуцца ў Савецкую Расію! Немцаў няхай вяртаюць усіх, хто не мае віны перад Савецкай уладай. Нават тых, хто асуджаны манархічнымі трыбуналамі. Апублікаваннем тайных дагавораў мы раскрылі царскія сакрэты.

Пасяджэнне ішло лёгка, нават весела. У Леніна пад вечар узняўся настрой. Прыём рабочых з прыфрантавога Мінска даў добры зарад аптымізму. Рабочыя верылі ў мір, іх цікавілі формы кіравання аднятымі ў капіталістаў заводамі — металічным і скураным.

Хораша настроіла І размова з Міхаілам Сяргеевічам Кедравым, камісарам па дэмабілізацыі старой арміі, які прынёс ад інжынера Графтыё праект будаўніцтва Волхаўскай ГЭС.

Тыдні тры назад Ленін папрасіў такі праект.

Кедраў — урач, журналіст, ваенны — думаў пра мір, пра арганізацыю эканомікі, пра работу для ўчарашніх салдат. Чаго варта яго думка, што ў сацыялістычнай дзяржаве не павінна быць беспрацоўных! «Левым» такі б клопат аб міры, аб людзях!

Ленін жартаваў — і наркомы жартавалі нават пры абмеркаванні самых сур'ёзных пытанняў.

Праўда, жыў маленькі неспакой за абвяшчэнне чыгунак на ваенным становішчы. Але і тут, як кажуць, пашанцавала.

Пытанне гэтае прайшло лёгка. Пры абмеркаванні яго ўвагу адцягнула іншае. Паступілі звесткі аб магчымым выступленні нямецкіх ваеннапалонных. Трывожны сігнал. Палонных яўна падбухторваюць. Ленін разумеў, якая гэта парахавая бочка — Многія тысячы немцаў і аўстрыйцаў. Рэвалюцыя выпусціла іх з-пад аховы, з-за калючага дроту, немцы свабодна ходзяць па горадзе, афіцэры жывуць на кватэрах.

Саўнарком яшчэ колькі дзён назад прыняў рашэнне аб эвакуацыі ўсіх палонных. Галоўная прычына — надзвычайныя цяжкасці з хлебам; выйшла так, што рускія рабочыя атрымоўвалі паёк меншы за немцаў, бо ў адносінах палонных стараліся выконваць міжнародную канвенцыю — бадай, адзіны з дагавораў, падпісаны царскім урадам.

Эвакуацыя многіх тысяч людзей на ўсход, у хлебныя губерні, памагла б ратаваць сталіцу ад голаду.

Але Ленін думаў і пра іншае, не менш важнае,— пра абарону Петраграда.

Эвакуацыя праходзіла цяжка. Не толькі з-за адсутнасці вагонаў, але і з-за супраціўлення саміх палонных, сярод якіх пусцілі правакацыйныя чуткі, што іх хочуць выслаць у Сібір. Немцы-салдаты гатовы былі галадаць разам з рускімі, але ў Петраградзе, блізка ад радзімы. А сярод афіцэраў, што стала вядома пазней, працавалі агенты нямецкай разведкі.

Па загаду Леніна паднялі на ногі ЧК, Камітэт па барацьбе з пагромамі, чырвонагвардзейскія атрады. Парадак у горадзе быў падарваны нядаўнімі анархісцкімі выступленнямі флоцкіх экіпажаў. Многіх матросаў, якія да таго ахоўвалі рэвалюцыю, прыйшлося паслаць на Данецкі фронт, на падмацаванне Антонаву-Аўсеенку і Украінскай Чырвонай Арміі, другіх вярнулі на караблі, дзе бальшавіцкія камітэты трымалі рэвалюцыйную дысцыпліну.

Дзяржынскі, Урыцкі, Бонч-Бруевіч працавалі дзень і ноч. Фелікс Эдмундавіч проста знямог. Прыйшлося прыймаць наконт яго спецыяльнае рашэнне — прымусіць паехаць адпачыць пяць дзён. У Саўнаркоме адчувалася адсутнасць Бонч-Бруевіча, але, калі Уладзімір Дзмітрыевіч з'яўляўся з дакладам, Ленін зноў і зноў нагадваў яму, што важней, чым бяспека Петраграда, спраў няма.

На падыходзе да пытання пра чыгункі сакратар Саўнаркома падала запіску Троцкаму, і ён паспешліва выйшаў. З тым, што Троцкі мог пакінуць пасяджэнне ў любы час, звыкліся, на яго выхад не звярнулі ўвагі. Троцкі смяяўся з пастановы, якую, дарэчы, прынялі аднагалосна,— аб штрафе ў дзесяць рублёў за спазненне на пасяджэнне ці за адсутнасць на ім, і штрафу не плаціў; работнікі кіраўніцтва справамі маглі напомніць аб штрафе любому наркому, Троцкага баяліся — бязлітаснага сарказму яго баяліся, часам даволі грубага.

Чыгункі былі абвешчаны на ваенным становішчы, члены ўрада, нават левыя эсэры, згадзіліся з неабходнасцю такой меры.

Была поўнач.

Ленін заставаўся ў кабінеце. У цішыні чытаў французскія і англійскія газеты, якія з тыднёвым спазненнем прысылалі са Стакгольма.

Толькі ў такі час можна пачытаць, удзень хіба што прагледзеў загалоўкі ды адзначыў карандашом, што заслугоўвае асаблівай увагі.

У англічан, як і ў немцаў, адчуваецца моцная ваенная цэнзура, у французаў вальней, іх газеты пішуць і аб антываенных выступленнях. Есць такія выступленні. Але больш пакуль што эканамічных стачак. Заходні рабочы хоча есці хлеб з маслам нават у вайну. Адным словам, як і раней, ніводнае паведамленне не гаварыла пра блізкі рэвалюцыйны ўзрыў.

Няўжо «левыя» не чытаюць французскіх газет? На што яны спадзяюцца, заклікаючы да рэвалюцыйнай вайны? Як гэта небяспечна, калі людзі трымаюцца адной тэорыі, адных догм і лозунгаў і не хочуць бачыць таго, што робіцца навокал, ігнаруюць жывую практыку, тыя канкрэтныя ўмовы, якімі абумоўлена развіццё рэвалюцыі.

Цяпер памагчы пралетарскім рэвалюцыянерам на Захадзе, нацыянальна-вызваленчаму руху на Усходзе можа толькі Расійская Рэспубліка Саветаў, яе ўмацаванне, яе поспехі ў арганізацыі эканомікі на абсалютна новай аснове. Як гэта, здаецца, проста! І як, выходзіць, цяжка зразумець такую ісціну некаторым людзям!

Апартунізм, любы — левы і правы,— што цяжкія гіры. Няўжо да Бухарына, да Ломава гіры гэтыя прыкуты так моцна, што іх немагчыма збіць?

Законы барацьбы нярэдка аб'ядноўваюць апартуністаў усіх масцей. Троцкі, які займае нібыта «правую» пазіцыю, гатовы пайсці на паклон да англа-амерыканскага імперыялізму, аддаць ім Уладзівасток, Мурманск, у пытанні вайны і міру цесна змыкаецца з «левымі». Заканамерная з'ява! «Правыя» спаўзаюць улева, левыя, што маятнік, хістаюцца ва ўсе бакі. Можна было з дапамогай Троцкага сарваць мірныя перагаворы — пайшлі на змову з Троцкім.

Ленін адарваўся ад газет, задумаўся. Яму не хацелася б карыстацца такім словам, як змова, але іншага няма для вызначэння авантуры ў Брэсце.

Нечакана ў кабінет увайшоў Троцкі, ніколі не з'яўляўся так позна. Выгляд у яго быў як бы разгублены, чаго з Троцкім ніколі не здаралася, ён не губляўся ні ў якой сітуацыі. Ленін зразумеў, што здарылася незвычайнае. Сціснулася сэрца: вайна!

— Прашу прабачыць, Уладзімір Ільіч,— перапрасіў Троцкі.— Я адлучаўся ў наркамат. Мяне выклікалі. Тэлеграма ад генерала Самойлы, які знаходзіцца ў Брэсце... застаўся, каб ліквідаваць справы дэлегацыі, разлічыцца з немцамі.

Ленін не пажадаў, каб тэлеграму чытаў Троцкі,— рашуча працягнуў руку.

«Сёння ў 19 гадзін 30 мінут ад генерала Гофмана мне афіцыйна заяўлена, што 18 лютага ў 12 гадзін заканчваецца заключанае Расійскай Рэспублікай перамір'е і пачынаецца зноў стан вайны».

Кроў ударыла ў галаву. Гэта была ўжо не проста раздражнёнасць супраць Троцкага, з якой Ленін працаваў апошнія пяць дзён.

Уладзімір Ільіч трохі не скамечыў паперу, пальцы сціснуліся. Аднак спахапіўся. Яго становішча прымушае да стрыманасці. Дастаў з камізэлькі гадзіннік. Адзначыў, што Троцкі прабыў у наркамаце больш дзвюх гадзін. І не пазваніў. Чым ён займаўся там, атрымаўшы такую архітэрміновую тэлеграму? Звязваўся з немцамі? Правяраў?

Заспакоены раўнавагай Леніна, які ніводным рухам не выдаў свайго душэўнага стану, Троцкі плюхнуўся ў крэсла каля стала Старшыні Саўнаркома і з уласцівай яму самаўпэўненасцю сказаў:

— Думаю, што гэта правакацыя, Пузаты Самойла гэты — царскі выкармак. Контрразведчык. Шпіён. Невядома толькі — чый зараз. У Брэсце ён нюхаўся з Гофманам. Прагульваўся з графам Чарніным. Я не здзіўлюся, калі ён застанецца ў немцаў, учыніўшы нам правакацыю.

Ленін не ведаў асабіста Самойлу, але помніў, якую характарыстыку давалі генералу Крыленка і браты Бонч-Бруевічы.

У іншы час Ленін, напэўна, абурыўся б такім ганьбаваннем чалавека, ваеннага спецыяліста. Але цяпер ён не ўткнуў у паклёп Троцкага на Самойлу — не пра гэта думаў.

Ленін падумаў: усё ў тэлеграме праўда — і ўжо прыкідваў, што належыць зрабіць, каб абараніцца ад гэтай злавеснай праўды.

— Дапускаю іншы варыянт — што тэлеграма не ад Самойлы. Я спрабаваў звязацца з ім — немцы сувязі не далі. Магчыма, што Гофман вырашыў нас спалохаць, каб прымусіць прыняць ганебны мір. Але мы не з баязлівых. Няхай паспрабуе Гофман наступаць... Паглядзім, што з гэтага выйдзе. Нямецкі рабочы клас тут жа ўзніме сцягі рэвалюцыі.

«Якая дэмагогія!» — Ленін паморшчыўся. Выйшаў з-за стала, прайшоўся да дзвярэй і адтуль сказаў, стрымліваючы гнеў:

— Таварыш Троцкі! Даволі рэвалюцыйных фраз! Мы іх сказалі больш, чым трэба.

Троцкі, заўсёды самаўпэўнены, тут сумеўся, бо адчуў у голасе Леніна буру.

— Немцы пачнуць наступленне! У гэтым няма сумнення. Нямецкі рабочы клас нас не ратуе. Ратавацца трэба самім. Заключэннем міру! — Уладзімір Ільіч спыніўся перад Троцкім і сказаў токам камандзіра на полі бою: — Зараз жа тэлеграфуйце Кюльману наш пратэст. Па ўмовах перамір'я яны павінны аб'явіць аб аднаўленні вайны за тыдзень. А не за суткі. З сямі дзён немцы ўкралі ў нас пяць. Гэта бандыцкі прыём. Але мы мусім скарыцца перад разбойнікамі. Перадайце, што мы прынімаем брэсцкія ўмовы міру!..

— Без рашэння ЦК? — асцярожна спытаў Троцкі.

Ленін зноў паглядзеў на гадзіннік і цяжка ўздыхнуў: склікаць зараз ЦК нялёгка. Ды, бадай, і не трэба — паднімеш людзей з ложкаў, «левыя» з'явяцца раздражнёныя, запатрабуюць тлумачэння абстаноўкі; да тэлеграмы могуць аднесціся гэтак жа, як Троцкі: ліпа, маўляў.

Уладзімір Ільіч раптам узяў крэсла, паставіў яго бліжэй да наркома па замежных справах і яшчэ раз паспрабаваў пагутарыць з той таварыскай даверлівасцю, з якой размаўляў з гэтым чалавекам перад яго апошняй паездкай у Брэст.

— Леў Давыдавіч, я прашу зразумець. Гуляць у вайну і мір мы далей не можам. Мы ставім на карту не што-небудзь — рэвалюцыю, Савецкую ўладу. Партыя, пралетарыят не даруюць нам гэтага.

— У партыі наконт міру розныя думкі, Уладзімір Ільіч,— холадна адказаў Троцкі.

Здаралася, што гаварыў Троцкі шчыра, умеў і любіў паразважаць, паспрачацца. Цяпер жа сваім лаканічным адказам даў зразумець, што ленінскай шчырасці не прынімае, што ў яго ёсць свая пэўная думка, якую ён адзін на адзін не жадае нават выказваць.

Леніну зрабілася сумна. Высветліўшы некаторыя дыпламатычныя дэталі, Уладзімір Ільіч паспяшаўся развітацца з начным наведвальнікам.

Троцкі паехаў спаць.

Ленін пайшоў у тэлеграфную, каб звязацца з Магілёвам, са штабам Галоўнага камандуючага — перадаць ім тэлеграму Самойлы, запытаць, як вядуць сябе немцы на лініі фронту, параіць павысіць пільнасць на выпадак раптоўнай атакі: цяпер ад кайзераўцаў можна чакаць любой правакацыі, наступленне яны могуць пачаць раней, чым абвясцілі. Няхай армія будзе гатова да аднаўлення вайны!



2


Яшчэ да снедання Ленін наведаў Свярдлова. Старшыню ЦВК заява Гофмана ўстрывожыла гэтак жа, як і Старшыню Саўнаркома. Аднак гарачы і адначасова спакойны, калі трэба, да таго спакойны, што нічым не парушальны спакой гэты часам на пасяджэннях ЦВК даводзіў меншавікоў і эсэраў да прыступаў шаленства, Якаў Міхайлавіч разважыў, што патрабаваць склікання Цэнтральнага Камітэта неадкладна, раніцой, не трэба. Няхай кожны з членаў атрымае інфармацыю па сваіх каналах і «пераварыць» яе. Удзень, напэўна, будзе больш яснасці.

— Пакуль што яе гэтак жа мала ў нас з вамі, Уладзімір Ільіч, як і ў нашых апанентаў.

— Але я баюся, што Троцкі пры яго настроі, які я заўважыў уначы, будзе не праясняць, а цямніць. Пры сваёй энергіі і ўплывовасці пачне «ціснуць» на Іофе, на Урыцкага... Ды і на Бухарына, ап'янелага ад сваёй тэорыі «перманентнай сялянскай вайны», якая з'яўляецца утопіяй, абсурдам.

— Нам таксама карысна пагутарыць і з нашымі аднадумцамі, і з нашымі апанентамі. Я адчуваю, што мае адбыцца нялёгкі бой. Да яго трэба падрыхтавацца. Даручыце мне, Уладзімір Ільіч, перагаварыць з таварышамі.

Ленін згадзіўся.

Пачаўся звычайны рабочы дзень з незлічоным мноствам спраў, наведвальнікаў, папер. Але дзень гэты адрозніваўся ад іншых тым, што любое пытанне — ці то падпарадкаванне флотаў, Чарнаморскага і Балтыйскага, ці то вываз хлеба з Украіны — Ленін звязваў з магчымым нямецкім наступленнем і вырашаў з улікам такой надзвычай небяспечнай сітуацыі.

Марыя Мікалаеўна Скрыпнік не здолела паехаць разам з Варашылавым. А выехаць ёй трэба — адпачыць, палячыцца. Ленін з размовы з Бонч-Бруевічам даведаўся, што Скрыпнік мае намер лячыцца не ў Харкаве — у Кіеве.

Уладзімір Ільіч нават гэтую паездку маленькай худзенькай жанчыны звязаў з падзеяй, ад якой залежаў лёс рэвалюцыі. Тут жа запрасіў Марыю Мікалаеўну да сябе ў кабінет.

— Вы хочаце паехаць у Кіеў?

— Так, Уладзімір Ільіч. Мне здаецца, нідзе я так не адпачну. Вы не знаеце, як я люблю Кіеў!

Ленін пранікліва паглядзеў на жанчыну.

— Мне непрыемна вам казаць, але можа здарыцца, што пан Віннічэнка, радаўцы памогуць немцам выбіць з Кіева савецкія часці. Мір не падпісаны, і немцы заявілі аб аднаўленні вайны. З Радай у іх дагавор... Узяць Кіеў — іх агульная мэта.

— Мне трэба застацца? — спытала Марыя Мікалаеўна.

— Не, не. Вы абавязкова павінны паехаць. Але перадайце гэта Мікалаю Аляксеевічу, харкаўскім таварышам. А наконт Кіева я проста хацеў папярэдзіць.

За час сумеснай работы Скрыпнік добра пазнала Уладзіміра Ільіча, умела разумець не толькі любую выказаную ім думку, але і «чытаць» нявыказанае.

— Тым больш мне трэба ехаць у Кіеў.

— Тым больш?

— У падполлі — лепшы адпачынак, Уладзімір Ільіч.

Ленін адкінуўся на спінку крэсла і засмяяўся.

— Хораша вы сказалі: у падполлі — лепшы адпачынак. У такім разе майце бальшавіцкі наказ: калі вам прыйдзецца зноў апынуцца ў падполлі — барацьба, бязлітасная барацьба супраць акупантаў! Перадайце гэта кіеўскім таварышам. У кайзераўцаў і іх прыслужнікаў не павінна быць ніводнага спакойнага дня. Трэба падняць украінскіх рабочых, сялян на партызанскую вайну супраць імперыялістычных рабаўнікоў. Народ узнімаецца. Такой будзе наша рэвалюцыйная вайна. Нас вымушаюць пайсці на яе.

— Я прынімаю гэта, Уладзімір Ільіч, як Ваша даручэнне... партыйнае даручэнне...

— Не, не! Вы едзеце адпачываць, лячыцца. Я не маю права даваць вам даручэнні. Але я прашу вас помніць гэта. Я спадзяюся на вас.

— Я не пашкадую жыцця.

Ленін дакорліва паківаў галавой.

— Не трэба так, Марыя Мікалаеўна. Жыццё трэба шкадаваць. І здароўе. Жыццё, здароўе бальшавікоў — зброя рэвалюцыі.

— Я проста хацела сказаць, што абавязкова паеду ў Кіеў. У любым выпадку.

— Выдатна,— ухваліў Ленін.— Мы дамо вам адкрыты ліст СНК, каб вам паўсюдна аказвалі садзейнічанне. Усе савецкія органы, усе ваенныя. Скажыце Мікалаю Пятровічу, каб падрыхтаваў такі ліст.

(Скрыпнік выканала дадзенае Леніну абяцанне — яна працавала ў кіеўскім падполлі пад час нямецкай акупацыі.)

Адначасова Ленін думаў пра вялікую стратэгію будучай абароны. Супраць нямецкага ўтаржзння на Украіну трэба мець моцны паўднёва-ўсходні заслон, які прыкрываў бы Адэсу, Крым, Чарнаморскі флот, Данбас.

Ідэя такая ўзнікла раней — у адказ на правакацыі былога саюзніка — каралеўскай Румыніі, якая старалася знішчыць рэвалюцыйныя атрады ў Бесарабіі. Але цяпер, калі з'явілася пагроза нямецкага нашэсця, моцны савецкі кулак на поўдні набываў зусім іншае стратэгічнае значэнне.

Рашэнне нельга адкладваць. Параіўшыся з Дыбенкам і Падвойскім, Ленін тут жа, у іх прысутнасці, прадыктаваў тэлеграму:

«Румчарод [1] Юдоўскаму для перадачы... Мураўёву, Адэса галоўнакамандуючаму Мураўёву, Румынскай вярхоўнай калегіі, народнаму сакратарыяту Украінскай рэспублікі, Антонаву.

З прычыны сур'ёзнасці становішча на Руска-Румынскім фронце і неабходнасці экстраннай падтрымкі рэвалюцыйных атрадаў у Бесарабіі галоўнакамандуючы Мураўёў і яго паўночная армія перадаюцца ў распараджэнне Румынскай вярхоўнай калегіі. Мы ні ка мінуту не сумняваемся, што доблесныя героі вызвалення Кіева не затрымаюцца выканаць свой рэвалюцыйны абавязак.

Старшыня Саўнаркома Ленін» Увечары семнаццатага лютага сабраўся Цэнтральны Камітэт. Бухарын і яго аднадумцы перад пачаткам пасяджэння трымаліся насцярожана. Яны нават селі побач, як бы ахоўваючы адзін аднаго. Магчыма, баяліся, што Ленін, які, напэўна, мае большую інфармацыю, градам фактаў прымусіць іх прыкрывацца ненадзейным парасонам усё тых жа фраз, займаць абарону. А людзі гэтыя настолькі былі ўпэўненыя ў сваёй непагрэшнасці, што лічылі абарону ганьбай, ім хацелася наступаць у любой баталіі; яны ж лічылі толькі сябе сапраўднымі рэвалюцыянерамі.

Ленін прыйшоў засяроджана-задумлівы, павітаўся стрымана, ухіліўся ад усялякіх пабочных размоў, што для яго было неўласціва; звычайна яго хапала на ўсё: на сур'ёзны адказ — аднаму, на дасціпны жарт — другому. Вельмі можа быць, што гэтая глыбокая задумлівасць Уладзіміра Ілыча і насцярожыла «левых»: значыцца, сітуацыя больш складаная, чым яны ўяўляюць.

Але «левых» збіваў з панталыку Троцкі. Ён быў вясёлы, звыкла развязны, фамільярны.

Калі меркаваць па Троцкім, то нічога асаблівага не здарылася, бо хто-хто, а Леў Давыдавіч заўсёды пра ўсё даведваўся першы, тым больш пра міжнародныя справы, урэшце, гэта яго службовы абавязак. Безумоўна, Бухарыну, рэдактару «Правды», інфармацыі паступае не менш, але, як кажуць, не з першых рук.

Чаму ж такі задумлівы Ленін?

Бухарын, карыстаючыся адсутнасцю Елены Дзмітрыеўны Стасавай, якая ахоўвала парадак вядзення пасяджэнняў, памкнуўся захапіць старшынства.

Свярдлоў з далікатнай настойлівасцю прысёк яго узурпатарства:

— Мікалай Іванавіч, наколькі я помню, вы старшынствавалі на мінулым пасяджэнні? Здаецца, мая чарга. Так?

Маўчаннем члены ЦК пацвердзілі, што Свярдлоў мае рацыю: парадак ёсць парадак.

— Што ж, пачнём работу,— сказаў Якаў Міхайлавіч.— Папярэджваю: на доўгую дыскусію часу няма. Дыскусій мы правялі больш, чым трэба. Належыць прыняць канкрэтнае рашэнне па важнейшым пытанні: мір ці вайна?

Бухарын дакорліва паківаў галавой.

— Нельга так упрашчаць. Якая вайна? Войны розныя...

Ленін папрасіў слова. Але Троцкі бесцырымонна перапыніў яго:

— Я хачу зрабіць нечарговае паведамленне, каб членам ЦК было зразумела. Я па-ранейшаму лічу правакацыяй Самойлы ці Гофмана заяву аб аднаўленні ваенных дзеянняў. Я ўчора яшчэ даў радыё нямецкаму ўраду, штабу Гофмана з просьбай растлумачыць непаразуменне. Адказу няма. Тэлеграфнай сувязі не даюць ні з Брэстам, ні з Берлінам.

— Гэтага вам мала? — спытаў Ленін і звярнуўся да членаў ЦК: — Я ні на ёту не сумняваюся, што заўтра немцы пачнуць наступленне. Не трэба нас закалыхваць, таварыш Троцкі. Бесклапотнасць можа дорага абысціся.

— У страху вялікія вочы,— кінуў Урыцкі.

Ленін не адказаў на гэты бестактоўны выпад; «левыя» нярэдка вялі сябе, як гімназісты на класнай сходцы.

Ленін прадаўжаў:

— Якаў Міхайлавіч правільна сказаў: слоў было даволі, самых гучных фраз. А з фактамі нашы маладыя таварышы не хацелі лічыцца. А факты — вось яны... спыненне немцамі ўсялякіх зносін і відавочная актывізацыя іх часцей на лініі фронту. Троцкі стараецца нас закалыхаць. Не, таварышы! Цяпер мы не можам не лічыцца з фактамі. Скажам проста: еўрапейская рэвалюцыя, насуперак нашаму жаданню, пасмела запазніцца, а нямецкі імперыялізм, насуперак нашаму жаданню, пасмеў наступаць.

— Яшчэ не пасмеў,— сказаў Троцкі.

— Калі наступленне пачнецца, мы апынёмся перад катастрофай. Час рэвалюцыйных фраз мінуў. Наступіў час, каб дзейнічаць. Хадземце да рабочых, да сялян, і мы пачуем адзін адказ, што мы не можам весці вайну ні ў якім разе, у нас няма арміі, няма фізічных сіл. Масы зразумеюць нас і апраўдаюць падпісанне самага няшчаснага міру...

«Левыя» абурана заварушыліся, але змаўчалі — паважалі Леніна пры ўсёй сваёй нязгодзе з ім: Ленін ёсць Ленін.

— Таварышы, не падпісаць міру — значыцца, паддацца на правакацыю рускай буржуазіі, якая чакае наступлення немцаў, якая спадзяецца з дапамогай нямецкіх штыкоў звергнуць Савецкую ўладу. У сваіх студзеньскіх тэзісах я пісаў, што калі мы адмовімся падпісаць той мір, які нам прапанавалі, то паражэнне прымусіць Расію заключыць яшчэ больш нявыгадны сепаратны мір. І вельмі можа быць — падпіша яго іншы ўрад. Калі мы не звернемся сёння з нашай згодай прыняць брэсцкія ўмовы і будзем мець шырокае нямецкае наступленне, мы будзем вымушаны, я не сумняваюся ў гэтым, у бліжэйшыя дні прыняць больш цяжкія ўмовы, якія нам прадыктуюць. Калі толькі мы не хочам здаць рэвалюцыю на злом. Трэба сёння ж, неадкладна, не трацячы час на дыскусіі, звярнуцца да ўрада імперыялістычнай Германіі аб нашай згодзе ўступіць у новыя перагаворы для падпісання міру. Іншага выйсця ў нас няма.

За Леніным выступіў Троцкі. З непатрэбным у такой вузкай аўдыторыі пафасам ён сказаў, што не верыць у магчымасць нямецкага наступлення.

— У Германіі спыненне вайны было сустрэта з радасцю. Я веру, што наступленне выкліча сур'ёзны ўзрыў нямецкага пралетарыяту. Таму зусім лагічна, каб мы пачакалі, які эфект зробіць наступленне, калі яно ўвогуле будзе, я ўсё яшчэ сумняваюся ў яго магчымасці, думаю, што Гофман разлічвае на псіхалагічны эфект. Урыцкі правільна вызначыў стан некаторых таварышаў: у страху вялікія вочы. У рэвалюцыянераў не павінна быць страху ні перад якімі выпрабаваннямі.

«Якая дэмагогія»,— зноў падумаў Уладзімір Ільіч.

— Наступленне? Добра, няхай будзе наступленне. Масы — і ў нас, і ў Германіі — глыбей зразумеюць сутнасць імперыялізму. Мірнымі перагаворамі мы многіх збілі з панталыку. Масы павінны пераварыць сітуацыю. Падпісанне міру цяпер жа, да наступлення, толькі ўнясе сумбур у нашы рады...

Бухарын гаварыў больш асцярожна, чым звычайна, як бы з аглядкай, без пафасу і гучных фраз.

Ленін адразу адзначыў, што Бухарын раптам злез са свайго канька — ні слова пра тое, што ў адказ на нямецкае наступленне трэба тут жа ўзняць на «рэвалюцыйную вайну» сялянства. Лідэр «левых» стараўся адцягнуць увагу ад практычнага рашэння тэарэтычнымі разважаннямі.

Бухарын сказаў:

— Згода ка мір пры даных умовах з'яўляецца капітуляцыяй перадавога атрада міжнароднага пралетарыяту перад міжнароднай буржуазіяй. Гісторыя не даруе нам.

Ленін выслухаў Бухарына да канца, але тут жа ўзяў слова паўторна.

— Давайце ўнясём яснасць, таварышы. Першая недакладнасць у выступленні Бухарына: нямецкая буржуазія ў даных умовах не ёсць «міжнародная», бо англа-французскія капіталісты вітаюць наша адмаўленне падпісаць мір. Гэта мы добра ведаем. Цяпер пра капітуляцыю. Капітуляцыя, безумоўна, рэч ганебная. Але агульнапрызнаная ісціна гэтая не вырашае кожнага асобнага палажэння, бо капітуляцыяй можна назваць ухіленне ад бою пры яўна нявыгадных умовах, а такая капітуляцыя — абавязак сур'ёзнага рэвалюцыянера. Мы не можам кідацца ў бой, загадзя ведаючы, што сілы праціўніка значна... непамерна перавышаюць нашы. І апошняе... Перадавым атрадам мы з'яўляемся ў сэнсе рэвалюцыйнага пачыну... Але каб мы сталі перадавым атрадам у сэнсе ваеннай схваткі з сіламі перадавога імперыялізму, гэта было б авантурай, недастойнай марксістаў. Нашым першым дэкрэтам быў Дэкрэт аб міры. На нашым сцягу заўсёды будзе: мір! Войны мы будзем весці толькі абараняючы сацыялістычную айчыну.

Свярдлоў зноў напомніў, што час патрабуе не дыскусіі, а канкрэтнага рашэння. З ім згадзіліся.

У пачатку галасавалася, па сутнасці, адзіная выразна выказаная ленінская думка:

— За неадкладную прапанову Германіі ўступіць у новыя перагаворы для падпісання міру.

«За» прагаласавалі Ленін, Сталін, Свярдлоў, Сакольнікаў, Смілга. («Прыхільнік» Леніна ў пытанні міру Зіноўеў на пасяджэнне не з'явіўся, хоць знаходзіўся ў Петраградзе,— ляжаў на канапе.)

Шэсць іншых членаў — Бухарын, Ломаў, Троцкі, Урыцкі, Іофе, Красцінскі — прагаласавалі супраць.

Ленін не здзівіўся, суадносіны сіл ён добра ведаў, але ў гэты позні час раптам адчуў моцную стомленасць, што накапілася за ўвесь доўгі і цяжкі дзень. Магчыма, адчуванне такое прыйшло ад думкі, што наперадзе новы этап складанай і недарэчнай барацьбы, на якую трэба траціць нямала сілы — той сілы, якая так патрэбна для абароны рэспублікі.

Але, успомніўшы, што на сённяшнім пасяджэнні «левыя» ні слова не сказалі ў абарону сваёй тэорыі, Уладзімір Ільіч нечакана прапанаваў:

— Што ж... у такім разе давайце галасаваць за рэвалюцыйную вайну..

Бухарын нечакана абурыўся:

— Пры такой пастаноўцы я адмаўляюся ад удзелу ў галасаванні.

Ломаў сказаў Леніну:

— Гэта несур'ёзна, Уладзімір Ільіч.

— Я заўсёды даказваў, што гэта несур'ёзна,— адказаў Ленін са стоенай іроніяй і амаль ужо весела: адмову «левых» галасаваць за рэвалюцыйную вайну можна, бадай, лічыць перамогай; нямецкае наступленне, напэўна, працверазіць гэтых людзей. Але якая цана будзе заплачана за іх цвярозасць?

Ленін з ранейшай увагай пачаў сачыць не толькі за тым, як хто галасуе, але і за выразамі твараў членаў ЦК, за іх рэакцыяй на словы, заўвагі. Зручны момант для пастаноўкі вельмі важнага для абароны пытання: аказваць усялякае супраціўленне ў выпадку нямецкага наступлення. Усе галасуюць за супраціўленне. Гэта ўжо, бадай, пачатак павароту, падумаў Ленін.

Стомленасць адступае, ён забываецца на яе.

Але Троцкі ў гэты міг лічыць інакш: «левыя» размяклі, разгубіліся, іх трэба падбадзёрыць, падштурхнуць, даць зразумець, што пазіцыя іх падобна на капітуляцыю перад Леніным.

Троцкі прапануе прагаласаваць за тое, каб пачакаць з узнаўленнем перагавораў аб міры, пакуль у дастатковай меры не праявіцца нямецкае наступленне і пакуль не выявіцца яго ўплыў на рабочы рух.

«За» галасуе шасцёрка Бухарына — Троцкага.

Якаў Міхайлавіч Свярдлоў зразумеў ход ленінскай думкі: ставіць на галасаванне пытанні, супраць якіх цяжка выступіць. Ён прапануе выказацца, ці дапусціла ў прынцыпе падпісанне міру з імперыялістычнай Германіяй. «Левыя» крычалі, што з імперыялістамі ў пралетарыяту не можа быць ніякіх пагадненняў, ніякага міру — толькі вайна. Ленін увесь час даказваў абсурднасць такой тэорыі.

Усе члены ЦК выказаліся за дапусцімасць падпісання міру. Гэта яшчэ адна ступень у працверазенні ад «левага» чаду.

Але павінна быць яснасць па асноўным пытанні:

— Калі мы будзем мець як факт нямецкае наступленне, а рэвалюцыйнага ўздыму ў Германіі і Аўстрыі не наступіць, ці заключаем мы мір?

Бухарын, Ломаў, Урыцкі, Красцінскі стрымліваюцца ад галасавання. Адзін Іофе галасуе супраць.

Мяккі і добры чалавек, Іофе дрыжаў перад Троцкім. У Адольфа Абрамавіча было цяжкае псіхічнае захворванне, якое выявілася яшчэ тады, калі яны разам з Троцкім у Вене выпускалі трацкісцкую «Правду». Адзін Троцкі ведаў пра хваробу, якую Іофе таіў, і подлым чынам карыстаўся страхам няшчаснага таварыша. (У 20-я гады Іофе быў савецкім паслом у Германіі, у Японіі, але Троцкі і там не даваў яму спакою, прымушаючы выступаць у абарону трацкізму. Іофе не вытрымаў гэтага і застрэліўся.)

Троцкі, здзівіўшы і спалохаўшы Іофе, нечакана падае свой голас за мір. Леніна гэта не здзіўляе: Троцкі дастаткова разумны і хітры, каб пасля Брэста выказвацца супраць міру з агаворкай, якая вынікала з яго ўпэўненасці ў рэвалюцыі ў Германіі. Троцкі рыхтаваў «бяскроўнае» адступленне ад сваёй пазіцыі «ні вайны, ні міру».

Як бы там ні было, але ЦК большасцю ў адзін голас выказаўся за мір.

Дамовіліся вынікі галасавання лічыць партыйнай і дзяржаўнай тайнай. Ніякай інфармацыі!

Але Ломаў (Апокаў) у тую ж ноч паслаў састаўленую ім табліцу галасавання Маскоўскаму абласному камітэту РСДРП, які ў той час трымаўся самых левых поглядаў. На адвароце табліцы Ломаў напісаў: «Сакрэтна. Толькі вузкаму саставу бюро партыі... Паведамляю пад адказнасць вузкага саставу бюро партыі з патрабаваннем найстражэйшай тайны. Асабліва строга — персанальна хто як галасаваў, бо большасць з галасаваўшых — члены ўрада і ўзнаць вынікі для Германіі вельмі важна».

Такія прыватныя прыпіскі робяцца, калі хочуць, каб тайна была адразу вядома.

Так ішло заігрыванне з людзьмі, якія праз колькі дзён выкажуць недавер Цэнтральнаму Камітэту. Людзі гэтыя заявяць: «У інтарэсах міжнароднай рэвалюцыі мы лічым мэтазгодным ісці на магчымасць страты Савецкай улады, якая становіцца цяпер чыста фармальнай».

Ленін назаве гэта «странным и чудовищным».


Раздзел чацвёрты. КРОЎ НА СНЕЗЕ

1


Яны падняліся з тыповай нямецкай пунктуальнасцю — роўна ў дванаццаць. Спачатку адна шарэнга па нячутнай, як бы цудадзейнай, камандзе вырасла з белага, некранутага (ён падаў учора) снегу — шэрыя, у рагатых касках, усё роўна што дагістарычныя істоты. Вінтоўкі з кінжальнымі штыкамі яны трымалі, як для штыкавой атакі.

За першай шарэнгай узнялася другая, трэцяя. Далей шарэнгі нельга было палічыць. Утварылася страшная сцяна.

Ударылі барабаны — і сцяна калыхнулася, закрыўшы паўнеба, рушыла па заснежаным полі да рускіх акопаў. Гэта не быў парадны марш; па глыбокім снезе нельга было ісці вядомым з часоў Фрыдрыха трыумфальным крокам. Гэта была псіхічная атака. Багуновіч бачыў такія атакі яшчэ ў пятнаццатым годзе, пасля немцы, здавалася, адмовіліся ад іх, перайшлі да атак з перабежкамі, рассыпанымі ланцугамі.

Не парадна — злавесна-пагрозліва — грымелі барабаны, заглушаючы шоргат снегу пад сотнямі ног і ўсе іншыя гукі, хоць ніякіх гукаў, бадай, не было — стаяў ціхі і... мірны дзень...

Спачатку Багуновіч па-ваеннаму прафесійна здзівіўся: як удалося нямецкаму камандаванню так нябачна і бясшумна накапіць такую масу пяхоты ў акопах пярэдняга краю? Пасля апанаваў страх, больш глыбокі, чым той, які перажыў увосень чатырнаццатага, калі маладым прапаршчыкам упершыню павёў свой узвод у атаку. Той страх быў толькі за сябе, за сваё жыццё. Гэты ж — за ўсіх: за Міру, за Пастушэнку, за салдат, за краіну, за рэвалюцыю... За ўсіх ён у адказе. А што ён можа, такі маленькі, нікчэмны, усяго адна баявая адзінка, нават не з вінтоўкай — з наганам?! Вунь той кулямётчык значыць куды больш, чым ён, камандзір палка, бо сувязь у яго толькі з бліжэйшымі салдатамі, кіраваць палком пад час контратакі ў яго няма ні сілы, ні сродкаў. Ён, бадай, сам паставіў сябе ў нялепшае тактычнае становішча, калі гадзіну назад перанёс палкавы камандны пункт са станцыі, дзе той размяшчаўся па экспазіцыі начальніка штаба, у бліндаж першай лініі.

Па ўсіх правілах ваеннай тэорыі і практыкі гэта было неразумна, супраць гэтага пратэставаў стары тактык Пастушэнка. Але Багуновіч, добра ўсведамляючы, што ніякі план бою ў такой сітуацыі немагчымы, верыў у цуд. Жыло ў ім не яго — Мірына перакананне, што людзі настолькі паразумнелі, што не стануць страляць адзін у аднаго, калоць штыкамі. Больш проста: верыў, што немцы выйдуць з белым флагам, уступяць у перагаворы. А калі атакуюць, то ён павінен быць побач са сзаімі салдатамі, якіх стрымаў ад дэмабілізацыі і зноў паслаў у акопы. Ён павінен нешта прыдумаць, каб выручыць гэтых людзей з бяды. Яму здалося, што за вярсту ад акопаў, у адноснай бяспецы, прыдумаць нешта такое ён не здолее.

Петраградцы сказалі: будуць стаяць насмерць. З салдацкай салідарнасці з суседзямі ён прымусіў свой моцна парадзелы полк заняць абарону. Але зусім не хацелася стаяць насмерць... Яму, як ніколі, хацелася жыць, таму трэба зрабіць нешта незвычайнае, сапраўды цудадзейнае, каб усе ў яго палку засталіся жыць. Не толькі ў палку. Страшна стала думаць, што ад яго каманды загінуць людзі. Хто б яны ні былі — свае, рускія, ці немцы.

Але калыхнулася шэрая сцяна, засланіўшы паўнеба — як яны блізка ў біноклі! — і Багуновіч у той жа міг зразумеў, што цуд не здарыцца, будзе страшнае пабоішча, якое для яго і яго салдат скончыцца разгромам, катастрофай.

Што ён павінен зрабіць? Даць каманду адступаць, уцякаць, паказваючы ворагу спіны? Немцы, безумоўна, ка гэта разлічваюць, таму і паднялі адразу столькі салдат, аглушаюць барабанным громам. Магчыма, ім таксама не хочацца забіваць. Але ж яны ідуць, каб захапіць нашу зямлю, нашы гарады... Мінск, да якога так блізка, дзе яго бацькі, а потым, можа, і Петраград, Маскву...

Калі разам са сваёй ротай, палком, дывізіяй паручнік Багуновіч уцякаў улетку шаснаццатага пад Пінскам, тады не было гэтага страху за Мінск, за Маскву, за народ.

Нагнуўшыся, падбег белы, што снег, камандзір другога батальёна.

— Што будзем рабіць, Сяргей Валянцінавіч? — ніколі не звяртаўся так проста, па-свойску, па-цывільнаму.

Багуновіч адарваў бінокль ад вачэй і амаль узрадаваўся, што шэры вал, які коціцца на іх, яшчэ далёка, што маецца нейкая хвіліна, каб падумаць. Чамусьці звярнуў увагу, што вецер слабы, але па полі ў бок немцаў плывуць струмені пазёмкі.

Гэты адарваны, узняты ў паветра снег здаўся сінім, хоць неба было зацягнута нізкімі шэрымі хмарамі. Не інакш як ад хмар злавесная хваля людзей, ашчаціненая штыкамі, была такой змрочна-шэрай, хоць у сапраўднасці шынялі ў немцаў зеленаватыя.

Што рабіць? Што рабіць? Стаяць насмерць? Не, супраць гэтага пратэстуе ўся яго істота. Стаяць насмерць трэба тады, калі ёсць хоць які-небудзь шанц спыніць навалу, атрымаць падмацаванне. Ён жа разумеў, што спыніць немцаў яны бяссільныя, на дапамогу ніхто не прыйдзе. Хіба Бульба сваёй батарэяй можа прыкрыць іх панічнае адступленне, уцёкі. Значыцца, бегчы — як зайцам? Не, і гэтага ён не прымаў.

Верачы ў цуд, ён загадаў без каманды не адкрываць агонь. Дзіўна, што яго яшчэ слухаюцца. Ніводнага стрэлу. Але гэта ненадоўга. Яшчэ хвіліна — і ў кагосьці не вытрымаюць нервы, хтось стрэліць. А можа здарыцца іншае — салдаты падхопяцца і пабягуць самі — да станцыі, да маёнтка. Ратуйся — хто як можа. Ганебна! Не, для салдат не ганебна. Ганебна для яго. Што ў такім разе рабіць яму? Пабегчы за імі ён не здолее. Застацца, як капітану карабля, які тоне, да канца. Але ж не здавацца ў палон. Тануць... тануць... з дапамогай уласнага нагана. Божа! Толькі ж, здаецца, пачалося жыццё, прыйшло шчасце... Ад думкі, што ў яго няма іншага выйсця, захаладала ўсяродку. Але недзе ў падсвядомасці такі варыянт здаваўся бадай што ратункам — каб салдаты пабеглі. Ратункам ад ганьбы. Яны знялі б адказнасць з яго за свае жыцці, за сваю кроў. Але ніхто не ўзнімаў над заснежанымі брустверамі нават галавы. Стаіліся, прыціхлі, як заварожаныя, зачараваныя відовішчам нямецкіх шарэнг ці громам іх барабанаў.

— Што рабіць? Будзем ваяваць!

Камандзір батальёна ўздыхнуў:

— Сатруць яны нас у снежны пыл, камандзір. Эх, была не была! Пайду сам лягу за кулямёт. Пагрэюся апошні раз. Весялей паміраць будзе.

Яго асуджанасць моцна скаланула Багуновіча. У сэрца ўдарыў новы страх, але ўжо не за полк, не за сябе, не за лёс краіны, за аднаго вельмі дарагога чалавека — за Міру.

Было, што ён пашкадаваў, прыняўшы рашэнне перанесці свой камандны пункт сюды, у акопы,— пашкадаваў у той міг, калі Міра рашуча сказала, што пойдзе з імі — з мужам, Пастушэнкам, Сцяпанавым. Спрабавалі адгаварыць яе — яна і слухаць не стала.

— Мне сорамна, што я не зрабіла гэтага раней. Сяджу, як пісарка пры штабе!.. А дзе павінен быць бальшавіцкі агітатар?

Сяргей спахапіўся: Міра толькі што была побач — і раптам яе не стала. Ах, вунь дзе мільгае яе чырвоная касынка, выбіваючыся з-пад каўняра,— каля кулямёта. Зрабілася крышачку спакайней, што жонка як бы пад аховай самай надзейнай зброі — кулямёта.

Як павольна, аднак, яны ідуць! Не спяшаюцца. Глыбокі снег. А куды ім спяшацца? Пад нашы кулямёты?

Няўжо засталося адно, няўхільнае,— даць каманду адкрыць агонь? Парадзеюць іх шарэнгі. Сцяна, напэўна, ляжа ў снег. Але ў немцаў ёсць іншая сіла — іх артылерыя. Ад яе агню не схаваешся. На ўчастку батальёна ўсяго тры надзейныя бліндажы, па адным у кожнай роце. Ды і ў тыя не палезеш, калі не хочаш у палон. Выходзіць, усё роўна выйсце тое ж самае — бегчы ў тыл усім, хто ўратуецца ад снарадаў.

Багуновіч, чуць схіліўшы галаву, прайшоў нейкія пяць крокаў па ачышчаным ад снегу акопе, упаў грудзьмі на бруствер побач з Пастушэнкам.

— Што будзем рабіць, Пятро Пятровіч?

— Я малюся богу, галубчык.

Сяргея апанавала злосць: вопытны, мудры, спакойны чалавек, які нямала панюхаў пораху, палкоўнік не прыдумаў у такі момант нічога больш дзейснага, як малітва. Спытаў з іроніяй, якую ніколі раней не дазваляў сабе ў адносінах да Пастушэнкі:

— Спадзеяцеся, што бог паможа нам?

— Нам нічога не паможа, Сяргей Валянцінавіч.

— Я даю каманду адкрыць агонь,— са злоснай рашучасцю сказаў Багуновіч.

Ён выпрастаўся на поўны рост, глянуў у адзін бок, пасля ў другі — куды пайшоў камандзір батальёна, і... скалануўся. Ужо воддаль ад акопа насустрач злавеснай сцяне, што з калыханнем набліжалася, бегла маленькая постаць у салдацкім шынялі — як хлапчанё неразумнае — і махала чырвонай касынкай, як бы вітала чужых салдат.

Першая шарэнга немцаў усё роўна што натыкнулася на нябачны дрот, парушыла строй, у ёй, у сцяне, як бы ўтварыліся праломы.

Сяргей ірвануўся на бруствер.

— Мі-ра!

Але Пастушэнка схапіў яго за руку.

— Не трэба, дарагі мой. Не вылазьце. Вы не спыніце яе. Пабяжыце самі — будзе горш. Па адной ёй не будуць страляць. Не будуць... Яе могуць толькі ўзяць у палон.

Тым часам маленькая касынка, хоць і аддалялася, здавалася, запалымнела вялікім чырвоным сцягам — Міра, спыніўшыся крокаў за пяцьдзесят ад немцаў, высока ўзняла касынку над галавой і махала ёй.

З нашых акопаў не было чуваць яе слоў, вецер нёс іх у той бок. Моцна задыханая, яна паспела сказаць усяго тры слоеы:

— Геносз дойчэ золдатэн!

З нямецкага боку сакатнула кулямётная чарга, і жанчына ў шынялі ўпала, як падкошаная, у снег.

Вецер не пагнаў яе касынку ў нямецкі бок, яна плыла ўздоўж лініі фронту — па снежнай роўнядзі каціўся маленькі чырвоны клубочак, і не аднаму рускаму салдату здалося, што гэта паплыў струмень алай крыві агітатаркі.

Багуновіч драпаў пальцамі бруствер, ногі слізгалі па абледзянелай сцяне акопа.

Але Пастушэнка не даў яму вылезці — схапіў за плечы, пацягнуў назад у акоп.

— Не вылазьце, галубчык! Не вылазьце! Чым вы паможаце? Якія звяры! Якія звяры! Па жанчыне!

Вырваўшыся з рук палкоўніка, Сяргей не палез на бруствер — кінуўся у бліндаж, крутнуў ручку тэлефоннага апарата сувязі з батарэяй.

— Назар? Агонь, Назар! Агонь! Крышы іх, гадаў!

Калі выскачыў з бліндажа, пачуў, як захлыналіся рускія кулямёты, цяжка бухалі вінтовачныя стрэлы. Каб адпомсціць, салдаты гатовы былі кінуцца ўрукапашную. Стрымала іх хіба батарэя.

З шэлестам, як чарада невядомых птушак, праляцелі над акопам гаўбічныя снарады. Там, дзе залегла жывая сцяна, узвіхрыліся султаны снегу і зямлі.

Але яшчэ праз мінуту многагалоса рыкнулі нямецкія батарэі. Снарады іх, без прыстрэлкі, накрылі акопы.



2


Апрытомнеў Багуновіч гадзіны праз тры. Здолеў расплюшчыць вочы. Быў паўзмрок, але не начны, бо дзесьці недалёка прабівалася дзённае святло. Свядомасць вярталася не адразу — успамін пра тое, што адбылося. Спачатку ў галаве, якая, здавалася, распухла ад болю, цяжка, як валун, варухнулася самая простая думка: дзе ён, што з ім? На якім ён свеце? На гэтым? На тым? Апрытомнеўшы, чалавеку заўсёды хочацца высветліць сваё месца на зямлі — геаграфію і становішча, бо перш-наперш уключаецца інстынкт самааховы: толькі даведаўшыся, што з табой, дзе ты апынуўся, можна шукаць паратунак. Боль, менавіта боль — мёртвым не баліць! — засведчыў, што ён жывы. Але дзе апынуўся? У акопе? У бліндажы? Змрок — як у бліндажы. Але чамусьці моцна патыхае стайняй. Адкуль? Чаму?

За вайну ён добра ўведаў, як пахне смерць — трупы, свежая кроў, чалавечая і конская, гангрэнозныя раны. Ніколі яны не пахлі канюшняй. Канём, яго потам і гноем пахла жыццё: хлеў, дзе коні стаяць, ранняя вясна, калі возяць гной на поле, свежая ралля, а тут, на вайне,— перадышка, калі не трэба забіваць, а займаешся вельмі мірнай працай — чысціш свайго скакуна, які толькі што, ў разведцы, уратаваў цябе ад смерці, ад палону, ці таго артылерыйскага цяжкавоза, што ў асенняе бездарожжа, непралазную гразь памог пры адступленні, якое ператваралася ва ўцёкі, вывезці гарматы.

Чаму так моцна пахне коньмі? І пры гэтым нязвыклая глухая цішыня — ніводнага гуку: ні галасоў, ні фыркання, ні звону цугляў.

«Дзе я? Што са мной?»

Ранены, безумоўна. Куды? У галаву? Так, галава баліць страшэнна. У ёй як бы ўтварылася пустата, тая нічыйная паласа, якая прастрэльваецца ворагам, таму немагчыма яе прайсці, прабегчы. Можна хіба перапаўзці. Так паўзла яго свядомасць — цераз правал, пустэчу — туды, назад, дзе было неба, людзі, гукі... Гукі... Ён пачуў іх — злавесны гром барабанаў. І тады памяць прарвала плаціну болю і пераадолела мёртвую зону. Усё раптам усплыло. Нямецкая атака. Маленькая постаць з чырвонай касынкай у руцэ... А потым... потым касынка кацілася па снезе...

На міг крывавы туман засланіў свядомасць, зноў утварыўся правал, бездань... Але ўсяго на міг. Тут жа быццам прарвалася ў яго мозг вунь тое блізкае дзённае святло, і падзеі выстраіліся ў іх лагічнай паслядоўнасці.

Міра! Міра хацела спыніць шэрую страшную сцяну сваім словам. Яна так верыла ў слова!..

Дзяўчынка мая наіўная! Жонка мая!

Багуновіч заплакаў, застагнаў ад болю, ад фізічнага і душэўнага.

Адразу ж над ім схіліўся знаёмы твар. Вельмі знаёмы. Але Сяргей не адразу пазнаў Пастушэнку, так той змяніўся — стары дзядуля без шапкі, з ускудлачанымі сівымі валасамі; па маршчыністых шчоках яго цяклі слёзы. Пастушэнка спытаў:

— Баліць, сынок?

Нічога ваеннага ў Пятра Пятровіча не засталося, толькі бацькоўскае — з глыбокім пакутлівым болем за неразумных дзяцей.

Сяргей прачытаў гэты боль. Аднак уразіла іншае: ён бачыў, што Пастушэнка гаворыць, але ніводнага слова яго не пачуў.

Спытаў сам:

— Дзе мы?

Свайго голасу таксама не пачуў. І тады толькі сцяміў, што цішыня такая ад таго, што ён аглух.

Памяццю пачуў свіст нямецкіх снарадаў, успомніў, як яго падкінула і, здавалася, доўга матляла ў паветры, але там, у небе, ён яшчэ нейкі час «трымаўся на нагах», а потым перавярнула і каменем кінула ўніз, ударыла галавой аб мёрзлы бруствер акопа. Ад удару ён страціў прытомнасць. І, выходзіць, аглух.

— Выпі вады, сынок.

Па вуснах Пятра Пятровіча і па фляжцы, якую той тут жа, працягнуўшы руку, узяў у некага збоку, каго не было відаць — нейкім патаемным чуццём Багуновіч пачуў прысутнасць навокал іншых людзей,— ён зразумеў, што сказаў палкоўнік.

З'явілася жаданне піць.

Мяккія ласкавыя рукі прыўзнялі яго галаву. Пастушэнка паднёс да вуснаў пляшку. Ён прагна каўтнуў ледзяной вады і закашляўся. Ад кашлю, ад натугі боль ударыў з новай сілай і на нейкі момант ён зноў праваліўся ў беспрытомнасць. Але рукі не апусцілі галаву, паднялі яе яшчэ вышэй, яго амаль пасадзілі.

Калі свядомасць вярнулася, Сяргей убачыў твар чалавека, які падтрымліваў яго галаву,— жаночы твар, з вялікімі сумнымі вачамі. Таксама знаёмы твар, вельмі знаёмы, але зноў-такі не адразу пазнаў, хто гэтая жанчына. А пазнаў — Стася! — і вельмі ўзрадаваўся, што яна тут, быццам паверыў, што толькі яна можа вярнуць яму жыццё, сілу. Але тут жа ўдарыла іншая думка: а навошта яму жыццё, калі няма Міры? Напэўна, ён заплакаў, бо Стася правяла сваёй мяккай далонню па яго абмарожаных пачарнелых шчоках. І дотыкам гэтым сапраўды вярнула яму сілу. Багуновіч зусім свядома ўбачыў, дзе знаходзіцца сам ён, іншыя людзі — у знаёмай баронскай канюшні, дзе разам з коньмі камуны стаялі іх штабныя коні.

З вачэй яго патрохі спаўзала плёнка крывавага туману. Цяпер ён бачыў, што дзённае святло цэдзіцца праз маленькія вокны стайні, і ўбачыў, што ў дальніх стойлах стаяла некалькі коней, бестурботна едучы сена, а бліжэй да яго, на падлозе, на гнаі, сядзелі людзі. Ён нават здолеў адзначыць, што салдат яго палка нямнога, большасць — батракі, камунары, старыя жанчыны, дзеці.

«Навошта яны сабраліся тут?» — няўцямна падумаў Сяргей. Прысутнасць салдат ён разумеў: іх, як і яго, як Пастушэнку, узялі ў палон і зачынілі ў канюшні перад тым, як пагрузіць у вагоны і адаслаць у Германію, у лагер ваеннапалонных. Але навошта тут жанчыны? Ён спытаў пра гэта, не пачуўшы свайго голасу. Па тым, як Стася пачала адказваць яму — з абурэннем нешта тлумачыць, зразумеў, што голас у яго не страчаны, што людзі чуюць яго, і ўзрадаваўся гэтаму.

З трудом падняў руку, дакрануўся да свайго вуха, каб паказаць, што нічога не чуе. Убачыў вочы Пятра Пятровіча, напоўненыя такой пакутай і болем, што зрабілася шкада старога чалавека, які сапраўды такі быў яму тут, на фронце, бацькам. Можа, сілы не хапіла сказаць, можа, толькі падумаў:

«Вам баліць за мяне, дарагі Пятро Пятровіч? Не трэба, не перажывайце. Я ўсё зрабіў на зямлі...»

Але тут жа ўспомніў Міру, яе смерць, і горкі камяк распухнуў у горле да таго, што не было як дыхаць, перад вачамі паплыў на гэты раз жоўта-зялёны туман, праз які імкліва ляцела чырвоная касынка — як язык гарачага полымя. Яна заслоніць Пастушэнку, Стасю, усіх людзей... Не, не засланіла, праляцела міма. З туману, які паступова бялеў, зноў выплылі заклапочаныя Стасіны вочы. Жанчына сама паіла яго, але ўжо не ледзяной вадой, а цёплай, з пахам яблык — узварам, пляшку якога захапіла з камунарскай кухні адна старая практычная жанчына і цяпер аддала, каб напаіць знявечанага камандзіра.

Узвар Багуновіч выпіў прагна; пітво вяртала сілы. Яму не хацелася жыць, але ў той жа час страшна было правальвацца ў непрытомнасць. Лепш сустрэць смерць у поўнай свядомасці, з расплюшчанымі вачамі, як належыць салдату!

Цёплае пітво вярнула сілу, але дало моцны боль ва ўсім целе; Багуновіч зразумеў, што ён моцна скачанеў, усё ў ім застыла, нават кроў, і цяпер, растаючы, балюча калола тысячамі іголак у ногі, у рукі, у твар, у грудзі.

Толькі пасля ён даведаўся, што немцы доўга не падбіралі раненых, а палонных дзве гадзіны трымалі ў полі, на сцюдзёным ветры.

Боль у целе як бы адцягнуў боль у галаве. Свядомасць прасвятлілася не толькі да ўспрымання ўласных адчуванняў, але і да ўспрымання ўсяго навакольнага.

Адбылося самае страшнае з таго, чаго ён баяўся.

Камандзір адчуваў сябе вінаватым. Нельга было з такім парадзелым палком займаць абарону. Але ж петраградцы занялі. Што ў іх?

Трывога за суседзяў — бадай, самае рэальнае вяртанне з небыцця ў жыццё. Няхай яно страшнае, жыццё, і перспектыва ва ўсіх іх змрочная — палон, але думка пра суседзяў звязалася з думкай аб лёсе ўсяго фронту, рэспублікі.

Няўжо немцы пройдуць маршам? Няўжо няма сілы, якая спыніць іх?

Паварушыўшы распухлымі вуснамі, Багуновіч спытаў.

— Што ў суседзяў? Дзе батарэя?

Пастушэнка сумна паківаў галавой.

Адчыніліся вароты канюшні, упусціўшы шырокую раку дзённага святла.

Аддзяленне салдат без касак, у шарсцяных падшлемніках, што туга абцягвалі галовы, гэта рабіла іх падобнымі на сярэдневяковых рыцараў, якія надзявалі панцырныя сеткі,— уподбег кінулася ўнутр канюшні. Выгляд іх, імклівасць спалохалі жанчын, тыя кінуліся з праходу ў стойлы, да сцен, пад драбіны, у якія закладвалі сена. У праходзе засталіся Пастушэнка, Стася і Багуновіч. Стася прытуліла кантужанага камандзіра да жэрдак стойла.

Сяргей памацаў кабуру — каб бараніць жанчын, калі салдаты пачнуць чыніць гвалт. Але кабура была пустая. Забраць зброю немцы не забыліся. Хацелася плакаць ад бяссілля. Ды салдаты нікога не кранулі. Яны прабеглі ў глыбіню стайні і вярнуліся назад, ведучы за аброць ці за грыву коней.

Багуновіч з палёгкай падумаў: выводзяць коней — значыцца, маюць намер доўга трымаць тут палонных. Гэта яго трохі ўсцешыла, бо адчуваў, што сам пакуль што не здолее ўстаць на ногі, пайсці; яго мусяць несці жанчыны ці стары Пастушэнка з такімі ж старымі камунарамі; салдаты, па іх відаць, тут усе раненыя, здаровых, напэўна, адразу пагналі ў тыл. Яму не хацелася такога ўніжэння — каб яго неслі. А пакончыць з сабой няпроста без зброі.

Разам з тым з'явілася надзея, што пройдзе яшчэ гадзіна-другая — і ён здолее стаяць на нагах. Тады ён зноў адчуе сябе салдатам. Ды раптам знадворку вярнуліся тыя ж салдаты. Гэтак жа ўподбег. Цяпер кожны з іх нёс пузаты чырвоны балон. Салдаты расстаўлялі балоны па ўсёй даўжыні праходу стайні, з пэўным інтэрвалам — па-нямецку, акуратна.

Багуновіч, глухі, з кантужанай галавой, не адразу сцяміў, што гэта такое, навошта патрэбны ў канюшні балоны. Ажно пакуль не ўбачыў, як устрывожыўся Пятро Пятровіч. Ускудлачаны, у разарванай бекешы палкоўнік кінуўся да салдат, схапіў аднаго за плячо, нешта тлумачыў, паказваючы ў той куток, дзе стоўпіліся батракі. Ды другі салдат груба адпіхнуў старога, так, што ён зваліўся побач з Багуновічам. Але тут жа падхапіўся і, працягнуўшы рукі да камунараў, закрычаў:

— Людзі!.. Таварышы!.. Яны хочуць задушыць нас газам!

Багуновіч нібы пачуў гэты крык. Не, не пачуў — здагадаўся па тым, як падхапіліся людзі, што сядзелі перад ім. А можа, па іншым: раптам звярнуў увагу, што ў кожнага салдата вісіць цераз плячо цяжкая зялёная торба.

Балонаў такіх паручнік Багуновіч не бачыў сярод трафеяў. А торбы... торбу такую сам насіў яшчэ ў пятнаццатым годзе. Нямецкія процівагазы. Іх выдавалі афіцэрам, пакуль не нарабілі сваіх, рускіх. Аднак пры нямецкіх газавых атаках процівагазаў заўсёды не хапала, і салдаты паміралі ў страшных пакутах.

У яго не хапіла сілы абурыцца, бо ён не мог падняцца і, не чуючы свайго голасу, не надта верыў, што крык яго пачуюць іншыя. Ды хіба паможа крыкам?!

Ён зноў павольна, з прыступам ташнаты, правальваўся ў непрытомнасць — быццам апускаўся ў ваду, захлынаўся ёй, знясілены і абыякавы: усё роўна не выплыць. Канец. Боль зноў ударыў у галаву, у сэрца. Няхай бы яно разарвалася, сэрца, чым паміраць ад газу. Але памяць не памірала. Успаміны абрушыліся з сілай вадаспада. Салдаты... Маці... Міра... Міра! Як яна верыла ў нямецкіх салдат, у рэвалюцыю ў Германіі! Вось у гэтых салдат!.. Што абарвалі тваё жыццё куляй, а нас задушаць газам. Газам! Божа мой! Што не гэта робіцца?

Нямецкі салдат, што стаяў перад Багуновічам, выцягнуўся, так выцягваюцца перад высокім начальствам ці па камандзе «смірна». Сапраўды, тут жа з'явілася начальства — два нямецкія афіцэры, маёр і лейтэнант.

Аблічча маёра здалося Багуновічу знаёмым. Ад напружання памяці — дзе мог раней бачыць гэтага афіцэра? — ён зноў як усплыў на паверхню, у рэальны свет, дзе праз адчыненыя вароты лілося святло, пахла гноем і спалохана мітусіліся людзі, толькі галасоў іх не чуў — нема і глуха, як у магіле.

Пастушэнка, відно было па яго ўзбуджанай міміцы, нешта горача даводзіў маёру.

Багуновіч пазнаў маёра, як толькі побач з ім з'явіўся манах, у доўгай, да пят, сутане. Сын барона Зэйфеля — Ёган, багаслоў! А нямецкі маёр — малодшы сын, былы капітан штаба стаўкі, той, што некалі, інспектуючы іх дывізію, у карцёжнай гульні вычысціў кішэні і кашалькі ледзьве не ва ўсіх афіцэраў.

І тут з'явілася зусім іншае, жыццёвае пачуццё — гнеў, нянавісць, пагарда.

«Сукін сын! Здраднік! Шпіён! Якія ж твае заслугі перад нямецкай арміяй, калі табе далі маёра?!»

Ужо з іншым намерам, з іншай рашучасцю, перамагаючы боль у руцэ, Багуновіч мацаў кабуру, забыўшыся, што яна пустая. Аднак тут перад яго вачамі адбылося жахлівае...

Пастушэнка, убачыўшы афіцэраў і таксама, мабыць, не пазнаўшы Зэйфеля, кінуўся да яго:

— Пан маёр! Што хочуць рабіць вашы салдаты? Гэта ж газ! — паказаў ён на балон.— Яны хочуць пусціць газ на людзей? Але ж гэта мірныя людзі, тутэйшыя сяляне, батракі!.. А салдаты... салдаты — вашы палонныя. Іх абараняе канвенцыя, якую падпісала і Германія.

Маёр нямецкай арміі маўчаў, нібы не чуў гэтых слоў — аглядаў канюшню, спыніў позірк на выбітым акне, паказаў салдату на гэтае акно, сказаў па-нямецку:

— Забіць! Дошкамі!

Салдат кінуўся выконваць загад.

А стары палкоўнік рускай арміі з вострым болем у сэрцы, з роспаччу і страхам прасіў пераможцу злітавацца над няшчаснымі старымі, жанчынамі.

— Тут жа дзеці! Пан маёр!

Маёр даў загад лейтэнанту, каб дзяцей да пятнаццаці год вывелі з канюшні.

— Іх віна яшчэ невялікая,— сказаў ён, як бы апраўдваючыся.

Падышоў манах — і Пастушэнка, гэтак жа як Багуновіч, толькі цяпер пазнаў, хто намерваецца зрабіць такое страшнае злачынства.

Стары закрычаў ужо іншым голасам, з гневам:

— Барон Зэйфель! Вы хочаце адпомсціць сваім батракам?! Адумайцеся! Што вы робіце? Пан багаслоў! Спыніце вашага брата! Вечнае пракляцце ўпадзе не толькі на вашу сям'ю, але на ўсю нямецкую армію, на ўсю нацыю...

У афіцэра і манаха аднолькава пагардліва скрывіліся вусны. Ёган Зэйфель сказаў, сумна ўздыхнуўшы:

— Не турбуйцеся за нямецкую нацыю, пан палкоўнік. У немцаў ёсць бог.

— Місія нямецкай арміі і народа — знішчыць заразу бальшавізму,— жорстка кінуў Артур Зэйфель; рускія афіцэры за картамі называлі яго ласкава — Арцюша, Арцюха.

— Хто тут бальшавікі? — здзівіўся Пастушэнка.

— Вы! Вы — першы бальшавік! — рыцарская паважнасць і спакой пакінулі маёра, і ён пачаў так крычаць, што ажно пасінеў.— Вы! Здраднік цару і айчыне! Вы прадаліся быдлу! За што яны вас купілі? Ванючы дваранін! Няшчасны плебей!

Пастушэнка моўчкі выслухаў брудную лаянку. Але нават Багуновіч, нічога не чуючы, убачыў, як змяніўся за гэтую хвіліну Пятро Пятровіч. Са старога, спалоханага за жыццё людзей чалавека, разгубленага, бездапаможна мітуслівага, ён ператварыўся ў ранейшага камандзіра палка, баявога афіцэра, гордага, незалежнага, адваленага, які ніколі не схіляў галаву ні перад начальствам, ні перад варожымі кулямі.

Палкоўнік адказаў выразна, гучна:

— Сукін ты сын! Тэўтонскі пёс! Ты не дваранін. Ты ванючы клоп! Вякамі вы елі хлеб, паліты потам славян, смакталі кроў з нашага народа і служылі ворагам Расіі. Я плюю ў тваю шпіёнскую морду! Жанчын пашкадуй, кат!

У барона задрыжалі вусны. Не расціскаючы іх, ён прашыпеў:

— За вашы заслугі перад рускім народам я дару вам, палкоўнік, смерць ад нямецкай кулі... не ад газу,— і пачаў павольна выцягваць з кабуры рэвальвер.

Манах паспрабаваў спыніць брата. Той груба адпіхнуў яго.

Стася кінулася, каб загарадзіць Пастушэнку сабой, але маёр ударыў яе па твары рэвальверам. Яна ўпала.

Барон стрэліў двойчы з халоднасцю прафесійнага ката, толькі грэбліва скрывіўшы твар,— стрэліў старому чалавеку ў грудзі, у жывот.

Пастушэнка, закрыўшы далонню сэрца, адступіў крокі на два, прытуліўся спіной да цаглянага слупа і пачаў павольна асядаць на зямлю. Загаласілі жанчыны.

Багуновіч, ірвануўшыся да забойцы, ад болю і шоку страціў прытомнасць.

Зэйфель тыцкнуў у яго наском бота, кінуўшы па-нямецку лейтэнанту:

— Гэтага, калі ачуняе, будзем судзіць, як шпіёна. А потым гэтак жа цынічна-грэбліва паказаў ботам

на Стасю:

— А гэтую — салдатам на забаву.

У перадсмяротнай цішыні застукалі малаткі — салдаты забівалі вокны канюшні.


Загрузка...