Дзень пачаўся цяжка і трывожна, хоць нішто не парушала парадку работы ў Саўнаркоме. Смольны жыў да таго часу даволі ўжо ўладкаваным жыццём. Кожны ведаў сваё месца; не было мітынгаў, гулу галасоў, тупання многіх соцень ботаў — таго, чым поўніліся калідоры і класныя пакоі былога інстытута ў першыя два месяцы Савецкай улады. Але — дзіўна! — цішыня не памагала засяродзіцца.
Ленін яшчэ ўдзень весела сказаў Гарбунову, што пры шуме рэвалюцыі яму працавалася лепш. Але добра разумеў, што прычына не ў гэтым. Цяжкая галава і трывожнае адчуванне засталіся з бяссоннай ночы. Ён лёг у чатыры гадзіны, такое здаралася нярэдка, але раней ён умеў прымусіць сябе заснуць і колькі гадзін паспаць, каб прачнуцца бадзёрым, гатовым працаваць з заўсёднай энергіяй.
Мінулую ноч яму, бадай, не ўдалося заснуць, задрамаў хіба на нейкую гадзіну, ды і ў дрымоце той узбуджаны мозг прадаўжаў работу.
Вынікі ўчарашняга пасяджэння ЦК маглі ўвогуле задаволіць. «Левыя» мусілі адступіць: ніводзін не прагаласаваў за рэвалюцыйную вайну. Нерваваўся Троцкі — рушылася яго пазіцыя. Але перамога ў палітычнай палеміцы — гэта не ўсё цяпер, пасля рэвалюцыі. Перамога справай — вось што трэба. А да такой перамогі далёка: большасць у адзін голас за фармуліроўку: «заключаем мір, калі будзем мець як факт нямецкае настўпленне». Як факт... Дзіўна і сумна, што людзі, якія жадаюць вырашаць лёс рускай рэвалюцыі, разважалі, што дзеці: некаторыя верылі, што заява Гофмана — блеф, правакацыя, што можна склаўшы рукі чакаць наступлення, чакаць, якое ўражанне яно зробіць у самой Германіі. Гэта не тэарэтычная блытаніна. Гэта ўжо практычнае злачынства, калі дзеля доказу сваіх памылковых тэорый людзі гатовы ахвяраваць рэвалюцыяй, Савецкай уладай.
Нямецкае наступленне пачнецца сёння апоўдні — Ленін не сумняваўся ў гэтым ні хвіліны. Сваёй багатай фантазіяй, інтуіцыяй стратэга і тактыка Уладзімір Ільіч уявіў, як яно разгорнецца. Немцы кінуць новыя дывізіі, тэхнічна ўзброеныя, на рускую армію, знясіленую, галодную, на дзве трэці дэмабілізаваную. Баі. Ахвяры. Кроў. Зноў кроў...
Ён думаў пра спакутаваных рускіх салдат, якіх па ўсёй былой Расійскай імперыі чакаюць маці, жонкі, дзеці. І чакае зямля! Як ім хочацца парабіць на ёй!
Ратунак адзін — мір! Толькі мір. Іншага выйсця няма. Але немцы напэўна прадыктуюць больш жорсткія ўмовы. Прыймаць любыя ўмовы! Дзеля гэтага — абвясціць вайну рэвалюцыйнаму фразёрству, палітыцы Троцкага, які, па сутнасці, не верыць ні ў рускі пралетарыят, ні ў нямецкі, ігнаруе сялянства! Трэба пачаць адкрытую барацьбу з фразёрамі і палітычнымі дылетантамі, блытанікамі. Каб ведалі партыя, рабочы клас, армія!
У бяссонную ноч пачаў складвацца план артыкула супраць рэвалюцыйнай фразы. Ленін бязлітасна выкрываў, раздзяваў і выстаўляў голымі на «свет божы» Бухарына і яго прыхільнікаў, а заадно развенчваў дэмагогію Троцкага аб тым, што, маўляў, ён ратаваў Савецкую рэспубліку ад ганьбы, сарваўшы падпісанне міру, і даў штуршок еўрапейскай рэвалюцыі. Беспардонная дэмагогія! На такую эквілібрыстыку здольны толькі Троцкі.
Вельмі хацелася падняцца і запісаць свае думкі, якія складваліся ў ёмкія фармуліроўкі. Тое, што з'яўляецца ўначы, удзень як бы прытупляецца, траціць вастрыню.
Раскрыць карані фразёрства: «рэвалюцыйная фраза часцей за ўсё бывае хваробай рэвалюцыйных партый пры такіх абставінах, калі гэтыя партыі прама ці ўскосна ажыццяўляюць сувязь, злучэнне, спляценне пралетарскіх і дробнабуржуазных элементаў і калі ход рэвалюцыйных падзей паказвае буйныя і хуткія зломы».
Абавязкова сказаць, што рэвалюцыйная фраза нараджаецца суб'ектывізмам: «Пачуцце, пажаданне, гнеў, абурэнне — вось адзіны змест гэтага лозунга...»
Не, спачатку пра сутнасць самой фразы! «Рэвалюцыйная фраза ёсць паўтарэнне рэвалюцыйных лозунгаў без уліку аб'ектыўных акалічнасцей, пры даным павароце падзей, пры даным становішчы рэчаў, маючых месца. Лозунгі надзвычай добрыя, захапляючыя, ап'яняючыя,— глебы пад імі няма,— вось сутнасць рэвалюцыйнай фразы».
Ах, як хацелася запісаць уначы! Не адважыўся. Разбудзіць жонку было шкада. Надзя, безумоўна, не спала да яго прыходу. І пасля доўга слухала, што ён не спіць, яна як бы ўмела чуць яго думкі. Ціха паклікала, перапыніўшы яго працу:
— Валодзя, ты не спіш?
Ён стаіўся, не адгукнуўся.
Яна сказала:
— Не спіць,— уздыхнула і хвілін праз колькі заснула.
Следам, здаецца, і ён задрамаў.
А цяпер, у кабінеце, Ленін быў незадаволены, што не запісаў прадуманы ад пачатку да канца артыкул. Паспрабаваў пісаць — не атрымалася. Да трывогі за тое, што мае сёння адбыцца і што можа стаць смяртэльнай пагрозай для рэспублікі, дадалася боязь, што ў такі момант у яго не хопіць сілы і часу на напісанне вельмі патрэбных для адкрытай палемікі артыкулаў.
За снеданнем Уладзімір Ільіч сказаў жонцы і сястры:
— Калі я ў студзені казаў ім, што рэвалюцыйная фраза аб рэвалюцыйнай вайне можа загубіць нашу рэвалюцыю, яны дакаралі мяне за рэзкасць палемікі.
Надзежда Канстанцінаўна і Марыя Ільінічна добра разумелі, хто «яны», і гэтак жа зразумелі, пра што Ленін думае, з-за чаго не спаў уначы: «завёўся» на палеміку, як у эміграцыі.
— Я гэта зрабіў у мяккай таварыскай форме. А сёння глыбока асуджаю сваю мяккасць.
Ленін загарнуў блакнот. Не, для тэорыі — ноч, удзень трэба займацца практычнай работай, яе нельга адкласці нават на гадзіну.
Запрасіў Бонч-Бруевіча.
У кіраўніка спраў быў стомлены выгляд, шэры твар, чырвоныя вочы — у яго таксама была бяссонная ноч. Ён выконваў свае абавязкі старшыні камісіі па барацьбе з пагромамі. Разам з Дзяржынскім і работнікамі ЧК, з камісарамі 75-га пакоя яны ачышчалі горад ад контррэвалюцыі. Гэта было ўказанне Леніна: ніякім сілам не даць узняцца супраць Савецкай улады, выкарыстаўшы нямецкае наступленне. У такі момант патрэбна асаблівая пільнасць.
— Як паводзяць сябе палонныя? — спытаў Ленін.
— Чэкісты выявілі змову нямецкіх афіцэраў з рускімі.
— Спеліся ўчарашнія ворагі? Супраць дыктатуры пралетарыяту буржуазія пойдзе на змову з самім д'яблам. Газеты эсэраў, меншавікоў поўныя праклёнаў немцам, а за кулісамі ідзе подлая змова. Паны «ўра-патрыёты» гатовы прадаць Расію Вільгельму. Прададуць каму хочаце, абы звергнуць Савецкую ўладу. Афіцэраў арыштаваць!
— Збіраем доказы, Уладзімір Ільіч.
Ленін паглядзеў на свайго старога таварыша, які звычайна разумеў яго з паўслова, са строгасцю настаўніка.
— Уладзімір Дзмітрыевіч. Разрывам перамір'я нямецкае камандаванне закрэсліла каш акт вызвалення палонных. Афіцэраў арыштаваць! Салдат выслаць у лагеры ваеннапалонных. Інакш мы можам мець паўстанне немцаў у Петраградзе. Да яго тут жа далучыцца айчынная буржуазія. Не, бадай, наадварот: руская контррэвалюцыя выкарыстае немцаў. Не дайце ім зрабіць гэтага. Разбіце траянскага каня, пакуль не позна. Перадайце Дзяржынскаму і Урыцкаму —самыя рашучыя дзеянні па ачышчэнні Петраграда? Узніміце рабочыя атрады...— Ленін на міг задумаўся, пільна ўгледзеўся ў вочы Бонч-Бруевіча.— І ведаеце што, баценька? Падварушыце вы камісію па арганізацыі Чырвонай Арміі.
— Уладзімір Ільіч...
— Ведаю, ведаю, што вы загружаны вось так,— паказаў рукой вышэй галавы.— Колькі гадзін спалі?
— Гадзіны дзве.
— Нікуды не варта. Я вас пасаджу пад хатні арышт...— вочы Леніна знаёма смяяліся, з аблічча знікла бяссонная ноч, ён весела растлумачыў, калі гэта здарыцца: — Як толькі адолеем контррэвалюцыю і... падпішам мір з немцамі. Добра, лічыце з гэтага моманту камісарам камісіі па стварэнні Чырвонай Арміі Леніна. Можаце, працаваць пад маім кіраўніцтвам? — ужо зусім весела спытаў Уладзімір Ільіч.
Бонч-Бруевіч засмяяўся
— Пры такім старшыні!..
— Калі ласка, без кампліментаў,— Ленін падняўся з крэсла, прыўзняўся на насочкі, залажыў рукі пад пахі, абышоў стол, спыніўся перад кіраўніком спраў, сказаў ціха, як тайну: — Вы ўмееце гаварыць з рабочымі, Уладзімір Дзмітрыевіч...
— Гэта ж таксама камплімент.
Ленін не прыняў жарту, сказаў сур'ёзна:
— Можа здарыцца... напэўна, здарыцца, што ў бліжэйшыя дні нам прыйдзецца паслаць на фронт многія рабочыя атрады... тысячы бальшавікоў...
Бонч-Бруевіч зразумеў, што Ленін такім чынам тлумачыць, навошта патрэбна падварушыць камісію, і разам з тым як бы апраўдваецца, чаму надзвычай перагружанаму чалавеку дае яшчэ адно вельмі адказнае даручэнне. Уладзіміру Дзмітрыевічу стала няёмка, што ён быццам бы паспрабаваў адмовіцца ад ленінскага задання. Хто-хто, а ён добра ведае, як Ленін умее глядзець уперад, ён не помніў выпадку, каб правадыр рэвалюцыі памыліўся ў палітыцы.
У кабінет увайшоў Сталін. Быў ён у фрэнчы, у цяжкіх з выгляду ботах, якія, аднак, ніколі не грукалі, нават на каменнай лесвіцы, і не рыпелі. У левай руцэ Сталін трымаў пагашаную перад тым, як зайсці да Леніна, трубку.
Ленін ступіў насустрач наркому, паціснуў руку. Прывітаў жартам:
— Таварыш Кабо, ёсць у грузін прыказка: на лаўца і звер бяжыць?
Сталін нарысаваў трубкай на вусах і шчоках усмешку, але, пачуўшы, як ад трубкі моцна патыхае тытунём, тут жа схаваў яе ў нагрудную кішэню фрэнча.
— У грузін, таварыш Ленін, усё ёсць, як і ў кожнага народа.
— Гэта архіважна, каб нарком па справах нацыянальнасцей быў пераконаным інтэрнацыяналістам,— сказаў Ленін, звяртаючыся да Бонч-Бруевіча, які, павітаўшыся са Сталіным, стаяў у задуме, чакаў новых указанняў. Ленін, угледзеўшы, што Уладзімір Дзмітрыевіч не выяўляе сваёй, уласцівай яму дасціпнасці, зразумеў, як моцна чалавек стомлены; самога Уладзіміра Ільіча радавала, што ён раптам выйшаў з падобнага цяжкага стану, зарадзіўся зноў энергіяй, зноў гатовы працаваць хоць суткі.
Наблізіўшыся да Бонч-Бруевіча, Уладзімір Ільіч сказаў са змоўніцкай таямнічасцю:
— Ведаеце, што я вам, баценька, параю? Знайдзіце ціхі куточак і паспіце гадзінку. А потым з патроенай сілай возьмецеся за пагромшчыкаў.
Бонч-Бруевіч выйшаў.
Ленін вярнуўся ў рабочае крэсла, сеў, падсунуў да сябе ліст паперы з грыфам: «Председатель Совета Народных Комиссаров».
— Іосіф Вісарыёнавіч, апошні тыдзень мы з вамі займаліся Грузіяй у сувязі з акупацыяй туркамі Батума і Карса. Сёння нам належыць заняцца Эстляндыяй. Тэрміновая телеграма ў Рэвель! Запытаем пра апошнія даныя ваеннай разведкі. Параіць эстонскім таварышам: цвёрда азначыць і ўзмацніць ахову заходняй граніцы рэспублікі. Напад на Савецкую Эстонію, якая не знаходзіцца ў стане вайны з Германіяй, стане актам непрыкрытага імперыялістычнага разбою. Нарэшце справа з арыштаванымі за змову і здраду баронамі. Трымаць пад пільнай аховай... вывезці на ўсход... у надзейную турму. За эстонскімі баронамі — стаяць нямецкія бароны, ім трэба будзе вызваляць сваякоў. Нячыстая справа — трымаць заложнікаў. Але калі мусіш дамаўляцца з разбойнікамі, можна выкарыстаць і гэты сродак. І самае галоўнае... Рэвельскаму Савету... не тэлеграмай, з кур'ерам. Спецыяльнае распараджэнне Саўнаркома: прыняць самыя энергічныя меры да неадкладнай і поўнай эвакуацыі завода Паўночна-Заходняга таварыства ў Новарасійск. Буйнейшы завод, які выпускае гарматы і кулямёты, ні ў якім разе не павінен апынуцца ў немцаў. Вы згодны?
— Нельга не згадзіцца, таварыш Ленін.
— У такім разе падрыхтуйце, калі ласка, тэлеграму і распараджэнне. І як мага хутчэй.
Перахоп Царскасельскай радыёстанцыяй звароту Леапольда Баварскага да салдат Усходняга фронту і нямецкага народа, як і належала, спачатку быў дасланы ў Наркамат замежных спраў.
Троцкаму яго прынеслі без затрымкі. Але нарком не паспяшаўся праінфармаваць Старшыню ўрада. Для яго больш важным была гутарка з наведвальнікам, бо наведвальнікам гэтым быў спецыяльны прадстаўнік Англіі Локарт.
Неафіцыйныя кантакты Робінса з Савецкім Урадам устрывожылі Лойд-Джорджа і Керзона. Англічане, якія пры Б'юкенене займалі самую кансерватыўную палітыку ў адносінах да бальшавіцкага ўрада — ніякага прызнання, ніякіх адносін! — раптам спалохаліся, што хітрыя амерыканцы абскачуць іх, атрымаюць у Расіі выгады і паціснуць брытанскага льва, які даўно ўжо, раней за амерыканцаў, запусціў сваю лапу ў рускі хлеб, лес, руду.
«Уладарніца мораў» мела найбагацейшы вопыт шпіянажу і змоў супраць урадаў азіяцкіх, лацінаамерыканскіх краін, калі тыя рабілі спробы вызваліцца ад каланіяльнай залежнасці. Дык чаму не ўжыць гэтага метаду супраць Расіі?
У Лондане пачалі шукаць чалавека, які спалучаў бы ў сабе якасці хітрага дыпламата і спрытнага шпіёна. Знайшлі Локарта, былога віцэ-консула ў Маскве, маладога, рашучага, праворнага; ён амаль дасканала валодаў рускай мовай, меў шматлікія сувязі з тымі, каго рэвалюцыя вымела з пасад, у каго адабрала багацце.
Локарта перад паездкай прыняў не толькі міністр замежных спраў, але і ваенны міністр і нават сам прэм'ер.
Локарт запісаў, што сказаў яму Лойд-Джордж: гэтая частка мемуараў вядомага арганізатара антысавецкіх змоў не выклікае сумнення:
«Вы паедзеце ў Расію як спецыяльны прадстаўнік,— сказаў прэм'ер-міністр.— Я хачу, каб вы знайшлі чалавека, імя якога Робінс... Устанавіце, якія яго адносіны з Савецкім Урадам. Вывучыце ўсё гэта старанна і ўважліва. Калі вы знойдзеце яго дзеянні разумнымі, зрабіце для Англіі тое яе, чаго ён спрабуе дамагчыся для Амерыкі».
Локарт прыехаў у канцы студзеня. Спрабаваў трапіць да Леніна.
Ленін не прыняў яго.
Троцкі ў гэты час быў у Брэсце. Вярнуўшыся ў Петраград, за адзін тыдзень другі раз прынімаў Локарта.
Англічанін падабаўся Троцкаму больш, чым Робінс. У палкоўніка, у яго разважаннях, прарывалася яўнае захапленне Леніным. Гэтага Троцкі не мог вынесці, ён больш любіў, калі захапляліся ім, хоць быў мастак на какетлівую самакрытычнасць.
Локарт, нягледзячы на маладосць, рабіў уражанне сваёй практычнасцю, дзелавітасцю, адкрытасцю выказванняў, а больш усяго — веданнем Расіі. Напрыклад, пра Поўнач — Мурманск, Архангельск, пра багацці таго краю, ён ведаў больш за Троцкага. Пра сілы немцаў у Ледавітым акіяне, пра іх блакаду Баранцавага пабярэжжа, пра планы нямецкага генеральнага штаба наконт Арктыкі ён гаварыў з веданнем прафесійнага ваеннага. Пра англійскія планы, безумоўна, маўчаў.
Троцкі вёў перагаворы аб той дапамозе, якую Савецкая Расія можа атрымаць ад Англіі, калі адновіцца вайна з Германіяй.
Ён, які на пасяджэнні ЦК партыі даводзіў, што немцы не здолеюць наступаць, англійскаму прадстаўніку сказаў іншае. Апраўдаў сваю двурушнасць неабходнасцю дыпламатыі. У сапраўднасці ён зноў іграў на сусветную вядомасць. А для «ўнутранага ўжывання» — на сваю аб'ектыўнасць. Няхай Ленін ведае, што з «левымі» ў яго прынцыповыя разыходжанні, ён не такі цвердалобы, як Бухарын, каб адмаўляцца ад усялякіх кантактаў з імперыялістамі.
На першай сустрэчы Троцкі даволі рэзка выказаў крыўду за яго інтэрніраванне англічанамі ў Канадзе, у Галіфакее, калі ён з сям'ёй вяртаўся з Нью-Йорка.
Локарт адразу сцяміў, што напалоханая рэвалюцыяй англійская контрразведка перастаралася. Ён тут жа перадаў крыўду Троцкага Керзону.
Гэтая, другая размова пачалася з таго, што Локарт ад імя міністэрства замежных спраў Вялікабрытаніі папрасіў прабачэння: маўляў, затрымалі яго ваенныя ўлады дамініёна, а ваенныя заўсёды дрэнныя дыпламаты.
Прабачэнне пацешыла самалюбства Троцкага.
«Вось так з імі трэба размаўляць, так сцвярджаць сваё імя ў свеце»,— падумаў ён.
Размова набыла іншую танальнасць — зрабілася больш даверлівай.
Англічанам Троцкі абяцаў не больш, чым амерыканцам, але рабіў гэта больш адкрыта, зноў-такі з разлікам на Леніна — няхай ведае, што ён, Троцкі, таксама дбае пра абарону рэспублікі.
Перахоп нямецкага радыё прынеслі пры Локарце.
Любы міністр замежных спраў неадкладна ўдарыў бы ў звон: вайна!
Троцкі гэтага не зрабіў. Залкінда, які прынёс радыёграму, глыбока здзівіў спакой наркома.
Троцкага не збянтэжыла, што зварот яўна сведчыў аб аднаўленні вайны, а гэта абвяргала яго сцвярджэнне, што немцы не адважацца наступаць, Ён выдатна валодаў уменнем любое сваё выказванне, любую думку павярнуць у выгадны яму ў даны момант бок.
Каб падтрымаць «левых» супраць Леніна, ён не заклікаў да, рэвалюцыйнай вайны, не, ён проста настойліва выказваў веру ў рэвалюцыю ў Германіі. Хто запярэчыць супраць гэтага?
У сапраўднасці Троцкі лепш, чым хто, ведаў, што наступаць Гофман можа: у Брэсце ваяўнічы настрой прусака ён чуў і бачыў дысцыпліну яго салдат. Але Троцкі не быў бы Троцкім, каб не выкарыстаў магчымасці стварыць для партыі і Леніна цяжкую сітуацыю, можа, самую цяжкую з усіх, якія былі ў рэвалюцыі раней. Гэта, бадай, больш сур'ёзна, чым каменеўска-зіноўеўскае штрэйкбрэхерства напярэдадні паўстання ці іх спроба ўстанавіць саюз з меншавікамі і эсэрамі праз тыдзень пасля ўзяцця ўлады бальшавікамі.
Троцкі спакойна скончыў размову з упаўнаважаным Лойд-Джорджа. На развітанне зрабіў Локарту падарунак: прачытаў яму нямецкі зварот, пераклаўшы тэкст не на рускую — на англійскую мову, хоць дагэтуль размаўлялі па-руску. Угледзеўшы, што Локарт не хавае сваёй задаволенасці, сказаў:
— Цяпер у вас адкрываюцца вялікія магчымасці.
Цёпла развітаўшыся з замежным госцем, Троцкі паехаў у Смольны.
Ленін прачытаў радыёграму двойчы ці тройчы. На лбе яго з'явіліся новыя зморшчыш, на твар упаў цень, хоць на вуліцы свяціла шчодрае перадвясенняе сонца і кабінет быў заліты святлом.
Уладзімір Ільіч падкрэсліў карандашом словы: «Гістарычнай задачай Германіі здаўна было: устанавіць плаціну супраць сіл, што пагражалі з Усходу... Цяпер з Усходу пагражае новая небяспека: маральная інфекцыя. Цяперашняя хворая Расія імкнецца заразіць сваёй хваробай усе краіны свету. Супраць гэтага мы павінны змагацца».
Прачытаў па-нямецку, пасля па-руску, як бы жадаючы глыбей пранікнуць у сэнс. Сказаў Троцкаму, які пільна сачыў за выразам твару Леніна, калі той чытаў:
— Ворагі нашы не дурні, прызнаем гэта. Нямецкаму пралетарыяту яны не адважыліся раскрыць сваю галоўную мэту — задушыць рускую рэвалюцыю. Але вельмі выразна даюць зразумець імперыялістам Францыі, Англіі: не цісніце на нас на Заходнім фронце — і мы вернем Расіі цара, вернем зямлю памешчыкам, заводы капіталістам. Як вам падабаецца «маральная інфекцыя»? Няблага сказана, праўда? Хоць для ўстрашэння абывацеля можна было знайсці больш моцныя словы, нямецкая мова багатая,— на нейкі вельмі кароткі міг твар у Леніна пасвятлеў, ды тут жа насунуўся яшчэ гусцейшы цень.— У нас няма іншай зброі, як хутчэй падпісаць мір.
Троцкі змаўчаў, можна было падумаць — згадзіўся.
Ленін сказаў:
— Трэба неадкладна склікаць Цэнтральны Камітэт.
Троцкі падтрымаў:
— Так, сабрацца трэба хутчэй.
Пакуль Елена Дзмітрыеўна Стасава паведамляла членам ЦК аб тэрміновым пасяджэнні, Ленін працаваў з патроенай энергіяй.
Мэта цяпер была адна: аслабіць сілу нямецкага ўдару, даць Гофману зразумець, што без супраціўлення не здамося.
Яшчэ колькі дзён назад, уважліва вывучыўшы карту лініі фронту, Уладзімір Ільіч адзначыў, што галоўны напрамак наступлення будзе на Дзвінск. Тут немцы найбольш углыбіліся на ўсход, тут стык рускіх франтоў, Заходняга і Паўночна-заходняга, Нарэшце, Дзвінск — вузел чыгунак, узяццем яго пераразаюцца шляхі на ўсход з Беларусі, Літвы, Латвіі. Нарэшце, у Дзвінску — канцэнтрацыя армейскіх штабоў і складаў. Немцы былі б дурнямі, каб не пастараліся захапіць зброю, амуніцыю, хлеб. З Дзвінска — прамая дарога на Петраград.
Другі вальнейшы стратэгічны напрамак — на Кіеў. Паміж імі — удар на Мінск, на Оршу, каб наблізіцца не толькі да Петраграда, але і да Масквы.
Уладзімір Ільіч пайшоў у апаратную. Звязаўся з Дзвінскім Саветам. Адтуль перадалі, што з самай раніцы над горадам лётаюць нямецкія аэрапланы, па даных ваеннай разведкі, на ўчасткі фронту перад Дзвінскаю з'явіліся новыя кайзераўскія дывізіі, дзве ці тры.
Ленін у адказ прадыктаваў:
— Аказвайце супраціўленне дзе толькі магчыма. Вывозьце ўсё каштоўнае. Чаго нельга вывезці, знішчайце. Не пакідайце ворагу нічога.
Мікалай Пятровічу Гарбуноў, які чуў гэтыя ўказанні, амаль дакладна напісаў іх на другі дзень, дзевятнаццатага, калі нямецкае наступленне развярнулася на ўсю сілу, у адказе Старшыні Савета Дрысы Урбану, які пытаўся ў Леніна, што рабіць, калі немцы наблізяцца да горада.
Падпісваючы тэлеграму, Уладзімір Ільіч дапоўніў яе двума кароткімі, але вельмі ёмістымі сказамі: «Разбірайце пуці — дзве вярсты на кожныя дзесяць. Узрывайце масты».
Ленін вызначыў не толькі тактыку адступлення, але і тактыку партызанскай вайны.
Пасяджэнне ЦК было кароткае. Ленін з большай, чым раней, катэгарычнасцю патрабаваў: выступаюць толькі. прадстаўнікі ад францый, прамоўцаў абмежаваць пяццю мінутамі; выказвацца, па сутнасці, аб адным — аб неадкладным звароце да нямецкага ўрада з прапановай аднаўлення мірных перагавораў.
Бухарын ад імя «левых» катэгарычна выступіў супраць такога звароту.
Троцкі, адводзячы ад сутнасці ленінскай прапановы, зноў, як і напярэдадні, заклікаў чакаць «псіхалагічнага эфекту», які зробіць наступленне на нямецкі народ, чакаць «узрыву ў Германіі», у які ён, маўляў, па-ранейшаму верыць.
Адным голасам перацягваюць «левыя» і трацкісты. Пераканаць гэтых людзей было немагчыма. Факты? «Калі факты пярэчаць нашым тэорыям — няхай будзе горш для фактаў» — па такой логіцы дзейнічалі Бухарын і Троцкі.
Леніну было горка ад галасавання, ад упартасці, здавалася, адукаваных людзей, ад неразумнай упартасці, за якую прыйдзецца плаціць салдатам, рабочым — крывёю плаціць.
Аднак гэта было тое паражэнне, якое абяззброіць правадыра не магло.
Дыпламатычныя меркаванні. — не выдаць Кюльману і Гофману ў часе перагавораў рознагалоссе ў кіруючай партыі, што немцы маглі б выкарыстаць,— стрымлівалі яго ад удару па Бухарыну і Троцкаму з усёй сілай яго, ленінскай, непрымірымасці да любога апартунізму. Але далей цярпець такое становішча нельга! За мір трэба пачаць адкрыты бой!
Ленін у кожнай паўзе прадаўжаў пісаць свой артыкул, пачаты ў бяссонную ноч, гасаць у думках, бо паўз, якія дазволілі б хоць на колькі хвілін узяць карандаш і схіліцца над паперай, у той крытычны, 18 лютага, дзень не было.
«Хто не хоча сябе заспакойваць словамі, дэкламацыяй, ускліканнямі, той не можа не бачыць, што «лозунг» рэвалюцыйнай вайны ў лютым 1918 года ёсць пусцейшая фраза...»
Нагадаць гісторыю галасавання!
У ЦК нашай партыі большасць (абавязкова падкрэсліць!) віднейшых праціўнікаў сепаратнага міру галасавала супраць (зноў-такі падкрэсліць!) рэвалюцыйнай вайны, галасавала супраць і ў студзені... і ўчора. Але, і ўчора. Факт гэты азначае, што немагчымасць рэвалюцыйнай вайны агульнапрызнана ўсімі, хто не баіцца глядзець праўдзе ў твар.
Ад праўды адгаворваюцца або спрабуюць адгаварыцца. (У такіх выпадках разабраць усе адгаворкі!)
Уважліва прачытаўшы Дэкрэт аб судзе і падпісаўшы яго, Уладзімір Ільіч колькі хвілін хадзіў па кабінеце, напружана абдумваючы артыкул, які трэба напісаць як можна хутчэй, каб раскрыць партыі, пралетарыяту сутнасць фразёрства. Артыкул так і назваць «Аб рэвалюцыйнай фразе».
Ітак, адгаворкі ад праўды... Першая: Францыя 1792 года пакутавала не меншай разрухай, але рэвалюцыйная вайна ўсё вылечыла, усіх натхніла, усё перамагла.
Ленін хмыкнуў. Якое марксісцкае невуцтва.
Тут жа прысеў да маленькага століка, узяў блакнот, запісаў:
«Факт той, што ў Францыі канца XVIII века стварылася спачатку эканамічная аснова новага, вышэйшага, спосабу вытворчасці, і ўжо вынікам, надбудовай з'явілася магутная рэвалюцыйная армія».
А сучасная Расія?
Ленін зноў прайшоўся па кабінеце і сказаў уголас:
— Неймаверная стомленасць ад вайны. Новага эканамічнага ладу, больш высокага, чым арганізаваны дзяржаўны капіталізм выдатна абсталяванай тэхнічна Германіі, няма. Яшчэ няма. Наш селянін мае зямлю, але ніводнага года свабодна на ёй не рабіў. Рабочы пачаў скідваць капіталіста, але не мог яшчэ паспець арганізаваць вытворчасць... павысіць прадукцыйнасць працы. Яшчэ раз сказаць, што новага, больш высокага эканамічнага ладу яшчэ няма. Будзе... На гэты шлях мы сталі. Да гэтага ідзём. Але няма яшчэ. Вось так, таварыш Бухарын! Таму ваш заклік пачаць рэвалюцыйную вайну — эканамічнае невуцтва і палітычная авантура. Рэзка? Не! Мякка. Сітуацыя патрабуе сказаць яшчэ больш моцна! І я скажу!
Усхваляваны Гарбуноў прынёс тэлеграму начальніка штаба генерала Бонч-Бруевіча: немцы пачалі наступленне па ўсёй лініі фронту, ад Рыгі да Румыніі, па разліках штаба, наступае не менш пяцідзесяці дывізій.
Ленін заказаў аўтамабіль і паехаў у Наркамат па ваенных справах.
Незвычайнасць становішча выявілася хіба ў тым, што пасяджэнне Саўнаркома пачалося не ў восем вечара, як было заведзена адразу пасля ўтварэння Савецкага Урада, а ў дзесяць. Ды яшчэ хіба ў тым, што адсутнічалі Падвойскі, Дыбенка, Дзяржынскі і Бонч-Бруевіч; першыя двое займаліся фронтам, выконваючы ўказанні Леніна, другія — бяспекай у Петраградзе. Ва ўсім іншым усё было па-ранейшаму. Ніякай нервознасці. Звычайны парадак дня. Звыклая для ўсіх карэкціроўка парадку Леніным: некалькі пытанняў — у «Малы Савет», перад некаторымі Уладзімір Ільіч напісаў «Адкласці» ці «Даручыць азнаёміцца». Выказаў свае меркаванні, чаму трэба адкласці ці чаму неабходна азнаёміцца.
Наркомы згадзіліся.
Яшчэ ўдзень ён дапоўніў парадак «Дакладам камісіі аб партах». Нібыта мірнае пытанне таксама было часцінкай ленінскай стратэгіі: агледзець, прывесці да ладу, узяць пад кантроль усё, што мае дачыненне да абароны,— не толькі фронт, ваеннапалонных, службы ўнутранай аховы, але і чыгункі, парты, склады, вугаль і хлеб... Аднак для размовы аб партах сакратарыят не паспеў сабраць патрэбных людзей. Прыйшлося адно з важнейшых пытанняў адкладваць. Хоць для Леніна не было малаважных пытанняў. Усё, што вырашалася,— умацоўвала эканоміку ці палітычную структуру. Асігнаванне двух мільёнаў рублёў Наркамгандальпрому... Даклад аб сабатажніках. Назначэнне старшыні Асобага камітэта па скарачэнні расходаў. Водгук Петраградскай гарадской управы на падпісаны Дэкрэт — іх заява аб непажаданасці паспешлівай нацыяналізацыі нерухомай маёмасці. У мірных умовах заяву ўправы можна было б адхіліць, але ў сувязі з нямецкім наступленнем над ёй варта падумаць: нельга не займаць прымусова будынкі для размяшчэння эвакуіраваных устаноў, людзей, раненых, але нельга і залішне варушыць «буржуазны муравейнік», штурхаць ворагаў пасіўных, якія сядзяць ціха, на актыўныя выступленні супраць Савецкай улады.
Толькі ў канцы пасяджэння Ленін паведаміў членам урада аб маштабах нямецкага наступлення. Расказаў, што зроблена ўжо і што належыць рабіць наркаматам. Папрасіў членаў урада і апарат Саўнаркома пабыць у гэтую ноч на ваенным становішчы — не раз'язджацца дадому.
— Пасля пасяджэння ЦК неабходна будзе сабрацца Саўнаркому, ад імя якога будзе паслана тэлеграма ўраду Германіі з прапановай аднаўлення мірных перагавораў.
Уладзімір Ільіч сказаў гэта з упэўненасцю, што такая тэлеграма не можа быць не паслана.
Пры гэтых словах Троцкі ўскінуў на лоб пенснэ, пасля шмаргануў сваю заўсёды ўскудлачаную бародку, аднак змаўчаў — не тая аўдыторыя! Закрыў газетай скептычную ўсмешку, але тут жа апусціў газету і дэманстрацыйна пазяхнуў.
Пасяджэнне ЦК, якое ў пратаколе Елена Дзмітрыеўна Стасава адзначыла як вячэрняе, у сапраўднасці сабралася ў дзве гадзіны ночы ў Таўрычаскім палацы. Там жа, у другім пакоі, у гэты ж час засядаў Цэнтральны Камітэт левых эсэраў.
Пасля Саўнаркома Ленін выслухаў даклад камандуючага войскамі Маскоўскай ваеннай акругі Муралава. Даклад зрабіў цяжкае ўражанне: сілы рэспублікі вельмі слабыя. З дзесяці карпусоў, пра якія Ленін гаварыў яшчэ ў студзені да падпісання Дэкрэта аб стварэнні Чырвонай Арміі, сфарміраваны ўсяго два, але і тыя няпоўнага камплекту. Акрамя франтавога запасу, які, напэўна, захопяць немцы, на рэзервных складах не засталося снарадаў, а заводы стаяць.
Ленін прыехаў у Таўрычаскі пад аховай усяго аднаго матроса, хоць у Петраградзе ў тую ноч было вельмі неспакойна. Колькі разоў усчыналася перастрэлка паміж атрадамі ЧК, якія чысцілі горад, і нямецкімі палоннымі, рускімі афіцэрамі, эсэраўскімі авантурыстамі, проста анархістамі-пагромшчыкамі. Контррэвалюцыі ў Петраградзе хапала ўсіх адценняў, слабасць яе была ў адсутнасці арганізацыі, адзінага цэнтра.
Ленін затрымаўся на колькі хвілін. Яго чакалі. Калі ён імкліва ўвайшоў, усе, хто ведаў Ілыча яшчэ па эміграцыі, помніў яго байцоўскія якасці, убачылі, як ваяўніча ён настроены, Не, не як баец перад атакай — як камандуючы, у якога гатова экспазіцыя будучага бою.
Троцкі заняў старшынскае месца, але ніхто не ўзняў пытанне аб працэдуры — каму весці пасяджэнне, не да гэтага было. Размову пачалі без фармальнасцей. Выступалі нібыта карэктна, але з унутраным кіпеннем.
Георгій Ломаў прапанаваў аднесці пасяджэнне на дзень, нагадаўшы народную прыказку:
— Раніца за вечар мудрэйшая.
Ленін рашуча запярэчыў:
— Адкладваць ні ў якім разе нельга. У нас павінна быць яснасць. Калі немцы не прымуць прапановы аб міры, мы вымушаны будзем прынімаць іншае рашэнне. Жартаваць з вайной нельга. Я яшчэ раз кажу, калі мы не падпішам мір на брэсцкіх умовах, мы вымушаны будзем падпісаць яго на яшчэ больш цяжкіх умовах. Аб'явіўшы рэвалюцыйную вайну, мы зляцім. Няўжо не хапае мужнасці прызнаць гэта?
Урыцкі. Вы нас пужаеце, Уладзімір Ільіч. Не будзем панікаваць і губляцца. Гэта няварта рэвалюцыянераў.
Леніну хацелася сказаць, што рэвалюцыйнае фразёрства — гэта не што іншае, як выяўленне дробнабуржуазнай разгубленасці перад бязлітаснай рэчаіснасцю. Але ён змаўчаў, каб у самым пачатку не распальваць страсці.
Троцкі. Есць звесткі аб узяцці немцамі Дзвінска. (Дзвінск быў захоплены ў дзве гадзіны дня, пра гэта ўсе ведалі яшчэ ўвечары, таму з інфармацыі наркома па замежных справах пасміхнуліся.) Есць чуткі аб наступленні на Украіну. Калі апошні факт пацвердзіцца, гэта прымусіць нас зрабіць пэўныя крокі. Але нельга не ўлічваць, што звесткі аб тым, што мы міру не падпісалі, толькі яшчэ разыходзяцца, пытанне складанае, разабрацца ў ім рабочым нялёгка. Пасылку тэлеграмы аб нашай згодзе падпісаць мір не зразумеюць ні ў нас, у Расіі, ні за мяжой. Важна, каб факты паказалі, што мы стаім пад ударамі дубіны, якая прымушае нас падпісаць мір. Нарэшце, неабходна знаць, які ўплыў зрабіла наступленне на нямецкіх рабочых. Я не сумняваюся, што нямецкі пралетарыят выступіць. Таму самая правільная тактыка з нашага боку — звярнуцца з запытаннем у Берлін і Вену, чаго яны патрабуюць.
Урыцкі. Або мы павінны далучыць два галасы прыхільнікаў падпісання міру, якія адсутнічаюць, або, наадварот, павінны падпарадкавацца тыя, хто ў меншасці.
Свярдлоў. Я не супраць таго, каб падтрымаць Урыцкага, калі гэта сказана сур'ёзна: далучыць галасы Муранава і Арцёма. З Троцкім згадзіцца нельга. Чакаць мы не можам нават да раніцы. Рашэнне трэба прыняць зараз жа.
Сталін. І яно павінна быць толькі адно — аднавіць перагаворы. Скажам сабе шчыра: немцы наступаюць, і ў нас, каб спыніць іх, няма іншай сілы, акрамя згоды на мір.
Ленін. Прапанова Урыцкага здзіўляе, калі ён патрабуе ад «меншасці» падначаліцца. Не, таварыш Урыцкі! ЦК галасаваў супраць рэвалюцыйнай вайны, а мы не маем ні вайны, ні міру і ўцягваемся ў рэвалюцыйную вайну. Яшчэ раз паўтараю: жартаваць з вайной нельга! Гульня зайшла ў такі тупік, што крах рэвалюцыі непазбежны, калі далей займаць сярэднюю лінію. Запрошваць немцаў, чаго яны хочуць,— гэта яшчэ адна тэлеграма, яшчэ адна паперка. Адзіна правільнае — прапанаваць аднавіць перагаворы. Сярэдняе рашэнне немагчыма. Мы маглі падпісаць мір, які ніколькі не пагражаў рэвалюцыі. А цяпер на карту пастаўлена тое, што мы, артуючы з вайной, аддаём рэвалюцыю немцам. Гісторыя нам скажа: вы аддалі рэвалюцыю. Цяпер не час абменьвацца нотамі. Больш чакаць нельга ні мінуты! Цяпер позна «прашчупваць», таму што ясна: немец можа наступаць. Мы спрачаемся, пішам паперкі, а яны бяруць гарады, склады, вагоны. Мы ідзём на нявыгадны дагавор і сепаратны мір таму, што ведаем, што цяпер мы не гатовыя на рэвалюцыйную вайну, што трэба ўмець пачакаць (так мы вычакалі, церпячы кабалу Керанскага, з ліпеня па кастрычнік), пачакаць, пакуль мы будзем мацней. Калі можна атрымаць архінявыгадны сепаратны мір, яго трэба абавязкова, я падкрэсліваю, абавязкова прыняць у інтарэсах сацыялістычнай рэвалюцыі, якая яшчэ слабая. Толькі калі немцы адмовяцца ад міру, тады прыйдзецца змагацца. Не таму, што гэта будзе правільнай тактыкай, а таму, што не будзе выбару. Пры такой немагчымасці не будзе патрэбы ў спрэчках аб той ці іншай тактыцы. Але пакуль выбар ёсць, трэба выбраць сепаратны мір і архінявыгадны дагавор, бо гэта ўсё ж у сто разоў лепей за становішча Бельгіі.
Іофе. Прашчупваць нямецкіх імперыялістаў сапраўды: позна ўжо. Але прашчупваць нямецкую рэвалюцыю яшчэ не позна. Учора я яшчэ думаў, што немцы наступаць не будуць. Калі яны наступаюць, значыцца, у іх перамаглі мілітарысцкія партыі. Цяпер яны не згодзяцца на ранейшы мір, яны запатрабуюць неўмяшання ў справы Ліфляндыі, Эстляндыі, Фінляндыі, Украіны. Але мне здаецца, што мір абавязкова трэба было б падпісаць толькі ў тым выпадку, каб нашы войскі ўцякалі ў паніцы, з абурэннем супраць нас, каб народ патрабаваў ад нас міру. Пакуль гэтага няма, мы па-ранейшаму павінны біць на сусветную рэвалюцыю.
Троцкі. Я хачу нагадаць, што тэрмін «прашчупаць» немцаў належыць Леніну. Перагаворамі ў Брэст-Літоўску мы ажыццяўлялі гэты план. Нам не ўдалося яго выканаць, бо Гофман прад'явіў ультыматум. Лічу, што тактыка «прашчупвання» можа быць прадоўжана. Нам трэба даведацца, чаго яны хочуць. Кантрыбуцыі? Польшчу? Эстляндыю? Толькі ведаючы гэта, мы можам выпрацаваць новую тактыку.
Троцкі кожным сваім выступленнем у ЦК, у ЦВК, у Саўнаркоме (пазней — у артыкулах) стараўся апраўдаць сваю брэсцкую пазіцыю, даказаць, што, маўляў, быў агульны план «прашчупвання» кайзераўскага ўрада, і ўсюды замоўчваў яснае, як сонечны дзень, ленінскае ўказанне: мы манеўруем да ультыматуму, пасля ультыматуму — здаём і падпісваем мір.
Так Троцкі выступаў і на гэтым пасяджэнні ЦК — блытана і хітра. Сваёй дэмагогіяй ён дамагаўся яшчэ адной мэты: натхніць «левых», якія пад логікай фактаў і ленінскіх доказаў пачалі «скісаць».
Недарэмна Бухарын, які суткі назад не толькі не выказаўся за рэвалюцыйную вайну, але нават абурыўся, калі паставілі так пытанне, і адмовіўся ад галасавання, раптам пачаў ваяўніча даводзіць, што іншага шляху няма, як рэвалюцыйная вайна. Яго, маўляў, здзіўляе, калі гавораць пра «ігру з вайной». Наадварот, падзеі разгортваюцца так, як і павінны разгортвацца ў рэвалюцыі. Яны, «левыя», маўляў, усё прадбачылі. (Якія празорцы!) У Бухарина нават хапіла нахабства сказаць, што Ленін недаацэньвае сацыяльныя сілы рэвалюцыі гэтак жа, як некаторыя (Каменеў, Зіноўеў) недаацэньвалі іх да паўстання.
— У часе паўстання мы атрымоўвалі перамогі, хоць у нас была неразбярыха, а ў Керанскага арганізаванасць. Мы заўсёды казалі, што або руская рэвалюцыя разгорнецца, або загіне пад націскам імперыялізму. Зараз нямецкім імперыялістам няма сэнсу прыймаць мір, яны ідуць va bankе. Ім трэба Украіна. Цяпер у нас няма ніякай магчымасці адкласці бой супраць імперыялізму, які ідзе на рэвалюцыю. Калі нават немцы захопяць Піцер, рабочыя не здадуцца, яны пачнуць паўстанне супраць акупантаў. Мы можам і мужыкоў нацкаваць на немцаў. У нас ёсць толькі наша старая тактыка — тактыка сусветнай рэвалюцыі.
Ленін моўчкі слухаў, пакуль Бухарын выступаў, толькі на твары адбівалася здзіўленне, але ён не ўзнімаў галавы ад блакнота, у які хутка нешта занатоўваў. Дарэчы, самалюбівага, самаўпэўненага, задзірыстага Мікалая Іванавіча гэта натхняла — што Ленін запісвае яго прамову. У часе выступлення іншых Ленін браўся за карандаш рэдка. На самай справе Ленін не Бухарына канспектаваў, а распрацоўваў свой адказ яму — новыя тэзісы артыкула, які сёння-заўтра абавязкова трэба напісаць і апублікаваць.
Ленін амаль з задавальненнем адзначаў, што Бухарын абагульнена паўтараў усе тыя левыя фразы, свае і сваіх аднадумцаў, на якія ён, Ленін, ужо адказаў у артыкуле, што амаль цалкам склаўся ў галаве. Бухарын проста памагаў «аддзяліць метал ад руды», выкрышталізаваць галоўнае, кампазіцыйна арганізаваць. Ленін занатоўваў гэта. Ленін узбройваўся для рашучага бою.
Уладзімір Ільіч выступіў адразу пасля Бухарына. Спачатку сказаў спакойна, бадай, з паблажлівай іроніяй:
— Бухарын не заўважыў, што ён зноў перайшоў на пазіцыю рэвалюцыйнай вайны.
Пасля па-ленінску горача, чуць павысіўшы голас, пачаў разбіваць усе «адгаворкі» «левых», а заадно і тэорыю Троцкага.
Давёўшы марксісцкую непісьменнасць тых, хто параўноўваў Расію 1918 года з Францыяй 1792 года, Ленін пачаў развенчваць гора-палітыкаў, якія сцвярджалі, што немцы не адолеюць наступаць:
— У чым была крыніца памылкі, якую рэвалюцыянеры сапраўдныя (а не рэвалюцыянеры пачуцця) павінны ўмець прызнаць і прадумаць? Хіба ў тым, што ўвогуле мы манеўравалі і агітавалі ў сувязі з перагаворамі аб міры? Не. Не ў гэтым. Манеўраваць і агітаваць трэба было. Але трэба было таксама вызначыць «свой час» як для манеўраў і агітацыі — пакуль можна было манеўраваць і агітаваць,— так і для спынення ўсялякіх манеўраў у момант, калі пытанне стала рабром.
Гэта быў удар па Троцкім.
Што датычыць «левых», то трэба паказаць ім самім і ўсёй партыі, што яны не авалодалі нават азбукай марксізму і рэвалюцыі.
— Мы бачылі, мы ведалі, мы растлумачвалі рабочым: войны вядуць урады. Каб спыніць вайну буржуазную, трэба звергнуць буржуазны ўрад. Заява: «германцы не змогуць наступаць» раўнялася таму заяве: «мы знаем, што ўрад Германіі ў бліжэйшыя тыдні будзе звергнуты». На справе мы гэтага не ведалі і ведаць не маглі, і таму заява была фразай...
Ленін гаварыў хутка, гатовымі формуламі, на развагу не было часу. Аднак барацьба патрабавала не толькі практыкі, але і тэорыі. Стасава паспявала занатоўваць толькі сэнс некаторых практычных думак. Такіх, напрыклад: «На рэвалюцыйную вайну мужык не пойдзе — і скіне ўсякага, хто адкрыта гэта скажа».
Стасава хвалявалася, ёй здавалася, што Уладзімір Ільіч залішне рэзкі, можа распаліць страсці, выклікаць на сябе агонь «маладых».
А між тым Ленін «сек» яшчэ мацней:
— Варыянтам той жа фразістай бяссэнсіцы з'яўляецца сцвярджэнне Бухарына, Урыцкага, Іофе: супраціўляючыся нямецкаму імперыялізму, мы памагаем нямецкай рэвалюцыі, мы набліжаем гэтым перамогу Лібкнехта над Вільгельмам. Так, перамога Лібкнехта пазбавіць нас ад вынікаў любога нашага глупства. Але ці маем мы права гэтым апраўдваць глупства? Ці ўсялякае супраціўленне нямецкаму імперыялізму памагае нямецкай рэвалюцыі?
Мы, марксісты, ганарыліся заўсёды тым, што строгім улікам класавых сіл і класавых узаемаадносін вызначалі мэтазгоднасць той ці іншай формы барацьбы. Мы казалі: не заўсёды мэтазгодна паўстанне, без вядомых масавых перадумоў яно ёсць авантура...
Ломаў-Апокаў звычайна рабіў выгляд, што слухае Леніна без павышанай увагі, як любога іншага, каб падкрэсліць гэтым, што ўсе яны, члены ЦК, маўляў, роўныя і адказнасць за рэвалюцыю ў іх роўная. На гэты раз Георгій Іпалітавіч высока ўскінуў клінок сваёй маладой бародкі і слухаў, хоць і не згаджаючыся, не без захаплення: якая логіка! якая пераконанасць! Пафасу і ў «левых» хапае, а вось такой тэарэтычнай глыбіні бракуе. У Бухарына больш эмоцый, чым тэорыі.
— Ясна для ўсіх, акрамя хіба тых, хто ап'янеў ад уласных фраз, што ісці ка сур'ёзнае паўстанцкае ці ваеннае сутыкненне заведама без сіл, заведама без арміі ёсць авантура, якая не памагае нямецкім рабочым, а ўскладняе іх барацьбу і аблягчае справу іх ворага і нашага ворага.
Стасава лаканічна запісала ў пратаколе:
«Калі мы аддамо Фінляндыю, Ліфляндыю і Эстляндыю — рэвалюцыя не страчана. Тыя перспектывы, якімі ўчора нас палохаў тав. Іофе, ні малейшым чынам не губяць рэвалюцыі».
Ленін гаварыў больш, Ленін сказаў тое, што праз тры дні прачыталі мільёны людзей.
— Давайце «тэарэтычна разгледзім гэты довад: што вышэй — права нацый на самавызначэнне ці сацыялізм? Сацыялізм вышэй.
Ці ж дазволена з-за парушэння права нацый на самавызначэнне аддаваць на з'ядзенне Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку, падстаўляць яе пад удары імперыялізму ў момант, калі імперыялізм заведама мацней, Савецкая рэспубліка заведама слабей?
Не. Не дазволена. Гэта не сацыялістычная, гэта буржуазная палітыка ».
Ломаў, які любіў «падводзіць вынікі», адчуваў сваю бяссільнасць, каб запярэчыць Леніну. Ён абмежаваў сваё выступленне паўторам левых лозунгаў: «З максімальнай энергіяй развіваць нашу тактыку сусветнай рэвалюцыі».
Зіноўеў быццам бы падтрымліваў Леніна, але цягнуўся да Троцкага.
— Уладзімір Ільіч кажа,— падкрэсліваў ён сваю блізкасць да Леніна,— што, калі яны патрабуюць неўмяшання ва ўкраінскія справы, мы павінны прыняць і гэта. Але пытанне — якога неўмяшання яны патрабуюць? Таму я згодзен з таварышам Троцкім — даведацца, чаго яны хочуць. Калі ён сваёй тэлеграмай хоча даць больш, трэба прыняць яго прапанову.
За прапанову Леніна прагаласавала большасць. Супраць галасавалі Бухарын, Урыцкі, Іофе, Ломаў, Красцінскі. Елена Дзмітрыеўна Стасава, на якую моцна «націскалі» «левыя», устрымалася.
Было даручана Леніну і Троцкаму выпрацаваць тэкст радыёграмы. За змест прыйшлося таксама змагацца. «Левыя» ажно «білі капытамі», не згаджаючыся, што Савецкі Урад гатовы прыняць і больш цяжкія ўмовы. Але новае галасаванне замацавала перамогу Леніна.
Тады Троцкі ўнёс прапанову, каб сумеснае рашэнне ЦК партыі бальшавікоў і ЦК партыі левых эсэраў лічыць за рашэнне Саўнаркома. Маўляў, позна, усе стомленыя, справа патрабуе тэрміновасці, таму збіраць Саўнарком няма патрэбы. А па сутнасці гэта быў хітры і злавесны ход. Троцкі хораша ведаў эсэраў. Людзі, што вылілі рэчкі слёз аб лёсе рускага мужыка, гатовы былі з надзвычайнай лёгкасцю, у імя фразы, кінуць гэтага няшчаснага мужыка пад нямецкія гарматы.
Гісторыя не пакінула слядоў сумеснага пасяджэння Цэнтральных Камітэтаў абедзвюх партый, члены якіх уваходзілі ва ўрад. Ніякага пратакола. Есць толькі адзін дакумент — справаздача ў маскоўскай газеце «Социал-демократ». Ці не таму, што Маскоўскі камітэт усё яшчэ трымаўся левых поглядаў? Ці не Бухарын з Ламавым паспяшаліся гэтак падтрымаць сваіх аднадумцаў?
Нататка так і называлася: «Вайна ці мір?» У ёй паведамлялася:
«Уначы адбылося пасяджэнне Цэнтральнага Камітэта бальшавікоў і Цэнтральнага Камітэта левых эсэраў. Упачатку пасяджэнні праходзілі асобна, потым было наладжана сумеснае пасяджэнне. Высветліліся дзве плыні: адна за тое, што Расія ваяваць не можа і што неабходна падпісаць мір на тых умовах, якія нам дыктуюць, але гэтая плынь аказалася ў меншасці. Большасць трымалася таго пункту гледжання, што рэвалюцыя руская вытрымае новае выпрабаванне; вырашана супраціўляцца да апошняй магчымасці».
Гэта публікавалася пасля таго, як у чатыры гадзіны ночы Саўнарком ухваліў ленінскі тэкст радыёграмы нямецкаму ўраду і яна была паслана.
У пяць гадзін раніцы Уладзімір Ільіч пачаў нарэшце артыкул «Аб рэвалюцыйнай фразе». Ён ужо ўяўляў яго аб'ём — каля двух дзесяткаў старонак. Напісаць іх нават пры тым, што ўсё дасканалым прадумана і праверана выступленнямі,— патрэбны час. А яго няма. Аднак адкладваць такую працу немагчыма, гэта ўсё роўна, што не нарабіць снарадаў, калі вораг наступае.
Пісаў са звыклай хуткасцю. Ад левых фразёраў ляцела шмаццё, пух.
«Калі б «адстойванне» рэвалюцыйнай вайны, скажам, піцерскай і маскоўскай арганізацыяй не было фразай, то мы бачылі б з кастрычніка па студзень іншыя факты: мы бачылі б рашучую барацьбу супроць дэмабілізацыі з іх боку. Нічога падобнага не было і ў паміне».
Працу перапыніў Бонч-Бруевіч.
Уладзіміру Дзмітрыевічу сказалі каравульныя, што Ільіч яшчэ ў сябе, у кабінеце, у той час, калі ўсе ўжо даўно разышліся і нават варту зморвае сон. Чырвонаармеец выказваў здзіўленне і захапленне: «Калі Ільіч толькі спіць?! Вось хто не дрэмле на сваім пасту!»
Бонч-Бруевіч успомніў, як Ленін параіў яму пайсці паспаць. Было гэта ў пачатку рабочага дня. А гэты час не назавеш канцом рабочага дня — праз тры гадзіны пачнецца новы дзень, мяркуючы па ўсім, не менш напружаны і цяжкі.
Ён паслухаўся Леніна, удзень паспаў гадзіны паўтары, і гэта дало сілы працаваць ледзьве не суткі.
Цяпер ім трэба як бы памяняцца ролямі. Безумоўна, у Леніна вельмі пільная праца, калі пасля такога дня ён застаўся ў адзіноце за рабочым сталом.
Пасля кароткага вагання Уладзімір Дзмітрыевіч усё-такі наважыўся адарваць Леніна ад працы і прымусіць пайсці адпачываць.
Аднак у кабінет увайшоў не так рашуча, як удзень,— ціхенька адчыніў дзверы, ціхенька зачыніў іх за сабой і спыніўся ля парога.
Ленін глянуў на яго амаль незадаволена, але, пазнаўшы ў паўзмроку кабінета, прымірыўся:
— А-а, гэта вы.
Гарэла толькі настольная зялёная лямпа. Яна асвятляла белым святлом стол, паперу і зялёным — твар правадыра. Ад гэтага ненатуральнага асвятлення воблік Ілыча непазнавальна змяніўся, і гэта спалохала Бонч-Бруёвіча. Аднак адарваць Леніна ад пісання ён не адважыўся. Стаяў моўчкі.
Ленін умеў пісаць у вялікіх залах, на шумных сходах, пад позіркамі соцень людзей. Але калі адчуваў, што на яго глядзіць нехта адзін, калі нават гэта быў блізкі чалавек, жонка ці сястра, ён бянтэжыўся, яму здавалася, што не зусім прыстойна — не звяртаць увагі на прысутнага, ігнараваць яго.
Так здарылася і тут.
Ленін напісаў абзац і ўзняў галаву, хмыкнуў, як бы асуджаючы самога сябе. Падняўся. Выйшаў з-за стала, узяўся за выразы камізэлькі. Спыніўся перад Бонч-Бруевічам. Сказаў строга, але весела:
— Вы немагчымы чалавек, Уладзімір Дзмітрыевіч. Што вы так глядзіце? Такім позіркам можна спалохаць. Вы спалі?
— Спаў.
— Ну вось, калі ласка — контррэвалюцыя ўзнімае галаву, а старшыня Каміссі па барацьбе з пагромамі спіць.
— Вы мне загадалі...
— Я — загадаў? М-да... Вы маеце рацыю. Спаць-такі трэба.
— Палова шостай, Уладзімір Ільіч,— нагадаў Бонч-Бруевіч.
— Што вы кажаце? — здавалася, здзівіўся Ленін, дастаў з кішэні камізэлькі гадзіннік, глянуў, пасміхваўся: — Э-э, баценька, кіраўніку спраў нельга быць такім недакладным. Усяго дваццаць тры мінуты,— і пахваліў гадзіннік швейцарскай вытворчасці: — Выдатная работа! Наша мэта — навучыцца рабіць такія ж дасканалыя машыны. Для гэтага савецкі апарат павінен працаваць з дакладнасцю майго гадзінніка,— і раптам, ступіўшы яшчэ бліжэй, спытаў вельмі сур'ёзна: — Што з ваеннапалоннымі?
— Маем паказанні, што, нягледзячы на нашу чыстку і эвакуацыю многіх тысяч палонных, выступленне ўсё ж рыхтуецца. Тыя, хто арганізаваны і ўзброены, схаваліся ў падполлі.
— У рускай буржуазіі? У былых ура-патрыётаў, якія ненавідзелі кожнага немца? Вось вам логіка класавай барацьбы! Сядайце і раскажыце падрабязна.
Бонч-Бруевіч сеў збоку стала.
Ленін вярнуўся ў рабочае крэсла і вельмі ўважліва выслухаў даклад чалавека, які ў той момант узначальваў, па сутнасці, усю барацьбу з контррэвалюцыяй у сталіцы.
Бонч-Бруевіч быў сам выдатным канспіратарам, недарэмна яму партыя даручала ахоўваць Леніна; маючы свой і братаў вопыт, ён умеў разгадаць і раскрыць канспіратыўныя хітрасці ворагаў. Але ў дадатак ён быў яшчэ і добрым прапагандыстам.
Леніну асабліва падабалася, што самыя каштоўныя паказанні далі не арыштаваныя, а нямецкія салдаты, з якімі Бонч-Бруевіч наладзіў шчырыя адносіны, каб з іх дапамогай ачысціць горад.
Афіцэр, былы сацыяліст, сам прыйшоў і паведаміў аб наяўнасці паўстанцкага цэнтра і аб з'яўленні ў Петраградзе нямецкіх тайных эмісараў.
Уладзімір Дзмітрыевіч дакладваў аб'ектыўна, але з залішняй упэўненасцю, што камісары іх Камісіі і Надзвычайнай Камісіі на чале з Феліксам Дзяржынскім абясшкодзяць любых контррэвалюцыянераў.
Леніна ж паведамленне аб з'яўленні ў Петраградзе кайзераўскіх агентаў моцна ўстрывожыла. Пры паспяховым нямецкім наступленні ка фронце — паўстанне ў сталіцы створыць не толькі чыста ваенную складаную сітуацыю, але і палітычную. Такое выступленне натхніць рускую буржуазію, а гэта падштурхне «левых» ка новыя авантуры.
— Трэба падняць рабочых і прачысціць усе буржуазныя кварталы, усе кватэры. Немцаў лёгка выявіць,— Ленін на міг задумаўся.— Заўтра раніцой сабраць экстранную нараду тут... у мяне, у дзесяць, не пазней...
— Не рана, Уладзімір Ільіч?
— Не, не рана. Позна. Вы чаго хочаце? Дачакацца, пакуль Гофман возьме ў палон нас з вамі? Каго запрашаем? — Ленін, не задумваючыся, напісаў прозвішчы людзей, адказных за бяспеку Петраграда. На прозвішчы ў яго была здзіўляючая памяць, здаралася, што сакратарыят калектыўна не мог успомніць прозвішча патрэбнага чалавека, а Уладзімір Ільіч падказваў яго.
Аддаўшы паперку Бонч-Бруевічу, Ленін тут жа, як бы спяшаючыся з-за позняга часу, перайшоў да таго, з-за чаго забыўся ка сон і адпачынак:
— Уладзімір Дзмітрыевіч, мы чакаем адказу нямецкага ўрада на нашу радыёграму. Я даў патрэбныя распараджэнні. Але прасачыце, калі ласка, каб на Царскасельскую радыёстанцыю былі пасланы самыя надзейныя камісары. Ніякія прычыны не могуць апраўдаць непрыём намі нямецкай радыёграмы. Пастаяннае штохвіліннае дзяжурства! І яшчэ адно. Мы не можам разлічваць толькі на адну станцыю, якая да таго ж далёка. Трэба ў самы кароткі тэрмін абсталяваць радыёстанцыю Саўнаркома... тут, у Смольным.
— Нялёгкая задача,— адзначыў Боыч-Еруевіч.
— Якой бы яна ні была цяжкай, рашыць яе трэба з ваеннай аператыўнасцю і дакладнасцю. Даручаю гэта вам!
Бонч-Бруевіч падняўся па-ваеннаму.
— Зробім, Уладзімір Ільіч.
Было шэсць гадзін раніцы. Ленін паглядзеў на гадзіннік і цяжка ўздыхнуў: калі ж напісаць «Аб рэвалюцыйнай фразе» ?
Дзве гадзіны ішла нарада аб становішчы ў Петраградзе ў сувязі с магчымым выступленнем ваеннапалонных і рускай контррэвалюцыі. Ленін выслухаў даклады Дзяржынскага, Урыцкага, Бонч-Бруевіча, Зіноўева. Яны трохі заспакоілі. За мінулую ноч горад грунтоўна пачысцілі. Удалося арыштаваць закінутых з Германіі агентаў. Не вывезеных у свой час, як патрабаваў Ленін, палонных салдат Дзяржынскі прапанаваў адаслаць на заводы, невялікімі групамі, перамяшаўшы састаў груп, каб разарваць змоўніцкія сувязі: там, на заводах, немцы будуць пад пільным вокам рабочых дружын.
Раіліся, рабілі прапановы, удакладнялі, што яшчэ трэба зрабіць, хто чым павінен заняцца.
Уладзімір Ільіч слухаў уважліва, па ходу абмеркавання даваў парады. Але як толькі адчуў, што людзі папрацавалі сур'ёзна, што Петраград можна лічыць у бяспецы, тут жа злавіў сябе на тым, што працягвае «пісаць» няскончаны артыкул, бо ведаў, што «левыя» не склалі зброю.
Справы ваенныя вымушаюць адмяніць сёння некаторыя сустрэчы, аднесці на пазней пытанні гаспадарчыя. Усё аддаць абароне, змаганню за мір!
Аднаго нельга адкласці — гутаркі з Альмінскім, якога назначылі старшынёй камітэта па скарачэнні расходаў. З Міхаілам Сцяпанавічам трэба абавязкова сустрэцца! Трэба разам выпрацаваць праграму гэтага асобага, надзвычайнага і чартоўскі важнага камітэта. Бюракратыя, раздуванне штатаў, імклівы рост расходаў на апарат — такі ж вораг, як нямецкія імперыялісты, як унутраная контррэвалюцыя.
Прыняць Альмінскага. І абавязкова прыняць Цюрупу. Адбылося рашэнне ЦК аб назначэнні яго наркомам харчовага забеспячэння. Цюрупу трэба выказаць меркаванні аб хлебнай манаполіі. Аб гэтым даўно хацелася напісаць, але час... Якія кароткія суткі! А прадуктовая палітыка, хлебная манаполія, зноў жа эканомія і найстражэйшы ўлік усяго, усяго, у чым мае патрэбу пралетарыят, разам з падпісаннем міру — адзіны ратунак для Савецкай улады.
Пасля нарады, застаўшыся адзін, Уладзімір Ільіч колькі мінут думаў над тым, што скажа Альмінскаму і Цюрупу. Яшчэ ў «Халіле» ў «Дзённіку публіцыста» ён назначыў гэтыя тэмы для распрацоўкі:
«Улік і кантроль як сутнасць сацыялізму».
«Групы лятучых кантралёраў».
Удалося закрануць гэтыя тэмы ў рабоце «Як арганізаваць спаборніцтва», у дакладзе на Трэцім з'ездзе Саветаў, у некаторых вусных выступленнях. На больш дэталёвую распрацоўку не хапіла часу. Тым больш трэба падрабязна азнаёміць са сваімі меркаваннямі па гэтых вельмі важных пытаннях людзей, якія непасрэдна будуць займацца кантролем расходаў грошай і хлебам, яго нарыхтоўкай, яго размеркаваннем.
Рэвалюцыя — гэта не адны «ўра», таварышы «левыя»! Гэта — штодзённая, штохвілінная напружаная чарнавая праца!
Зноў вярнуўся да работы «Аб рэвалюцыйнай фразе». Тут, бадай, усё ўжо прадумана. Трэба толькі належным чынам выстраіць думкі — вельмі важна паслядоўнасць доказу, лагічнае развіццё палажэнняў, прастата фармуліроўкі. Каб любому рабочаму, салдату, селяніну ўсё было зразумела. Даўно, на асобным лістку, які ляжаў у кішэні, запісана думка:
«Зірніце на факты адносна паводзін англа-французскай буржуазіі. Яна ўсяляк уцягвае нас цяпер у вайну з Германіяй, абяцае нам мільёны даброт, боты, бульбу, снарады, паравозы (у крэдыт... гэта не «кабала», не бойцеся! гэта «толькі» крэдыт!). Яна хоча, каб мы цяпер ваявалі з Германіяй.
Англа-французская буржуазія ставіць нам пастку: ідзіце ж, любезныя, ваяваць цяпер, мы ад гэтага вельмі добра выйграем. Германцы вас аграбяць, «заробяць» на Усходзе, дзешавей уступяць на Захадзе, а дарэчы Савецкая ўлада паляціць... Ваюйце, любезныя «саюзныя» бальшавікі, мы вам дапаможам!»
Аднак месца гэтай думцы ў канцы артыкула. Гэта акорд. Не, варта паўтарыць палажэнне з «Тэзісаў аб міры» — аб аналогіі сітуацыі з байкотам ІІІ Думы. Хвароба паўтарылася. Але сказаць, абавязкова сказаць, што час больш цяжкі, пытанне ў мільён разоў вальнейшае.
«Захварэць у такі час — значыцца рызыкаваць гібеллю рэвалюцыі».
Ленін папрасіў сакратара гадзіну нікога не прымаць.
— Мне трэба закончыць вельмі тэрміновы артыкул для «Правды».
Ды пісаў ён не больш як паўгадзіны.
Раптам з'явілася думка: адной радыёграмы мала; калі ў Германіі перамагла партыя вайны, Гофману і Кюльману лёгка зрабіць выгляд, што ніякай радыёграмы не было, утаіць яе калі не ад урада, то ад народа нямецкага.
Радыёграма друкуецца сёння ў «Правде». Але калі газета ва ўмовах вайны можа дайсці ў Германію? Ды, урэшце, газета — не дакумент для ўрада іншай краіны.
Ленін сабраў спісаныя лісткі, паклаў у папяровую папку. Імкліва выйшаў у прыёмную.
— Мікалай Пятровіч, зараз жа знайдзіце Крыленку і перадайце яму, каб неадкладна з'явіўся ў Саўнарком.
Знайсці Галоўкаверха было няпроста. З Генеральнага штаба адказалі, што ён паехаў у штаб Петраградскай акругі, адтуль пазванілі, што Крыленка паехаў да латышскіх стралкоў.
Ленін займаўся штодзённай работай. Падпісаў пастанову аб назначэнні Ізмайлава камісарам Балтыйскага флоту. Флот, якому належыць абараніць сталіцу, умацаваўся надзейнымі бальшавікамі. Уладзімір Ільіч, які так змагаўся за скарачэнне расходаў на апарат, у гэтым выпадку сам прапаноўваў на Саўнаркоме даць Ізмайлаву трох намеснікаў. Камісар флоту павінен мець моцную групу вопытных партыйных работнікаў!
Пасля Ленін прынімаў Альмінскага. Але ў часе падпісання пастаноў і распараджэнняў і нават у часе гутарак з людзьмі Уладзімір Ільіч колькі разоў нецярпліва пытаўся: «Дзе Крыленка?»
Урэшце Мікалай Васільевіч Крыленка з'явіўся. Пэўна, паднімаўся на трэці паверх Смольнага ўподбег, бо ў пакоі сакратарыята, дзе распранаўся, ніяк не мог аддыхацца. Выгляд у яго быў стомлены, твар пабляднеў. У такім стане яму не хацелася ўваходзіць да Леніна, ведаў, што Уладзімір Ільіч не любіць такіх задыханых работнікаў. Есць людзі, якім хочацца паказаць сваю стомленасць, лічаць, што гэта будзе доказам таго, што яны «гараць» на працы. Крыленка быў не з такіх. Свае абавязкі галоўнакамандуючага ён выконваў няспешліва, але грунтоўна. З такім спакоем ён заняў у Магілёве стаўку Духоніна. Але тады рэвалюцыя наступала. А цяпер? Мусіць адступаць? Пакутліва было з гэтым згадзіцца. Пры такіх падзеях не дзіўна і «задыхацца».
Звычайна ўважлівы да таго, як людзі выглядаюць — бадзёра, стомлена, весела,— на гэты раз Ленін не патраціў і хвіліны на тое, каб угледзецца ў наведвальніка ці спытаць, як ён адчувае сябе, хоць Крыленка, увайшоўшы ў кабінет, яшчэ больш пабляднеў.
Ленін падняўся за рабочым сталом і адразу спытаў:
— Апошнія аператыўныя даныя?
Крыленка азірнуўся на карту, што вісела на сцяне, хацеў быў падысці да яе і па-вайсковаму далажыць Старшыні Саўнаркома пра становішча на фронце. Але тут жа перадумаў: уздыхнуў і зусім не па-вайсковаму сказаў:
— Дрэнна, Уладзімір Ільіч. Нямецкае наступленне набірае тэмп. Па сутнасці, яны ідуць маршам, па трыццаць вёрст у суткі. Палкі старой арміі панічна разбягаюцца, кідаючы зброю, склады. Супраціўленне аказваюць толькі рабочыя палкі. Немцы гэта зразумелі і па нашых баяздольных часцях наносяць самыя цяжкія ўдары. Шквальны агонь артылерыі.
Ленін выйшаў з-за стала, наблізіўся да карты, Крыленка таксама ступіў бліжэй да сцяны, дастаў з кішэні карандаш з наканечнікам, гатовы дакладваць.
Але Ленін спытаў:
— Дзе ваш штаб?
— Аператыўная група пераехала з Магілёва ў Смаленск. Службы тылу адцягваем глыбей — у Маскву.
— Стаўка павінна быць у Петраградзе! Так разумейце ваш выклік сюды!
— Слухаюся, таварыш Ленін!
Уладзімір Ільіч прайшоў да акна, хвіліну пастаяў там, углядаючыся ў шэрую каламуць, што вісела над сталіцай; лютаўскі дзень быў адліжны, туманны, змрочны. Не адарваўшыся ад акна, Ленін раптам спытаў:
— Мікалай Васільевіч... вы ваенны чалавек. Скажыце: могуць немцы ўзяць Петраград?
Крыленка не чакаў такога бязлітаснага пытання і на момант разгубіўся.
Ленін хутка павярнуўся, без звыклага прыжмуру ўгледзеўся ў маладога галоўнакамандуючага. Той зразумеў, што перад Леніным нельга манеўраваць, і адказаў з той жа бязлітаснай шчырасцю:
— Могуць. Але гэтага нельга дапусціць.
Ленін адазваўся не адразу, хвіліну падумаў. Сказаў роўным голасам, але з той сілай упэўненасці, якая запальвала і натхняла людзей:
— Так, Петраград нельга здаць! Падзенне Петраграда... не, не паставіць нас на калені... але ўзніме рускую контррэвалюцыю. Цяпер ужо няма сумнення, што мэта ўрада кайзера — знішчыць Савецкую ўладу ў Расіі, на Украіне...
Ленін імкліва вярнуўся да карты і, стоячы за два крокі ад Крыленка, сказаў:
— Але адных нашых з вамі пажаданняў мала. Трэба дзейнічаць, не трацячы ні хвіліны. Нельга займацца фразёрствам, як Бухарын. Тры месяцы крычыць пра рэвалюцыйную вайну і не паварушыў пальцам, каб стварыць новую армію. Левыя фразёры, калі іх не спыніць, прывядуць нас да катастрофы. Што робіцца для абароны Петраграда?
Крыленка пачаў дакладваць.
Ленін перапыніў яго:
— Прабачце, Мікалай Васільевіч. Карта Петраградскага раёна на стале. Прашу вас.
Яны стаялі каля стала плячо ў плячо.
Галоўнакамандуючы дакладваў, што зроблена ўжо і што мяркуецца зрабіць.
Ленін слухаў уважліва, моўчкі, але незадаволена хмурыўся.
Дакладчык у нейкі міг убачыў гэта і змоўк на паўслове.
— Мала. Вельмі мала мы робім. Петраград з поўдня трэба прыкрыць дзвюма, а то і трыма лініямі акопаў, бліжняй і дальняй.
— У нас не хапае сілы, Уладзімір Ільіч.
— Сілы? Арганізуем дзесяткі тысяч рабочых... Кінем пагалоўна ўсю буржуазію, да аднаго, на капанне акопаў. Сёння ж вызначыце лінію акопаў. Накіруйце лепшых спецыялістаў па фартыфікацыі, яны павінны кіраваць усімі работамі. Падрыхтуйце загад аб стварэнні Надзвычайнага штаба Петраградскай ваеннай акругі. Штаб павінен абвясціць горад на асадным становішчы і бязлітасна падаўляць любую спробу контррэвалюцыйнага выступлення. Заўтра на пасяджэнні Саўнаркома мы прымем пастанову па абароне Петраграда. Заслухаем ваш і Альтфатэра даклады. Майце самыя свежыя даныя.
Ленін адышоў ад стала да карты раёна баявых дзеянняў.
— Наша абарона павінна быць актыўнай. Трэба тэрмінова кінуць на фронт баяздольныя часці. Калі няма сілы спыніць нямецкае наступленне, то трэба затрымаць іх рух, аслабіць націск. Узрывайце масты, разбірайце пуці. Дайце зразумець, што ў нас хапае сілы для супраціўлення, што сіла будзе расці. Толькі гэта можа прымусіць Гофмана падпісаць мір. Германія не пойдзе на доўгую вайну з намі. Яны хочуць растаптаць нас кароткім ударам.
— Рабочыя палкі рвуцца на фронт. Але яны слаба навучаны вайсковай справе.
— М-да, вось яны, вынікі фразёрства «левых». Залішне ўсе верылі ў рэвалюцыю ў Германіі. Ваенныя таварышы таксама. Ваенным гэта асабліва недаравальна.
Крыленка пачырванеў.
— Дзесяць карпусоў Чырвонай Арміі, пра якія я гаварыў яшчэ ў студзені... як яны спатрэбіліся б цяпер! — Ленін памаўчаў, неяк стомлена вярнуўся да рабочага крэсла, але не сеў. Сказаў з болем: — Так, арміі мы не маем. Ваенныя працверазелі ад рэвалюцыйных фраз?
— Працверазелі, Уладзімір Ільіч.
Ленін сеў.
— Мікалай Васільевіч, вы ўпэўнены, што наша радыёграма дайшла да ўрада Германіі?
— Радысты нямецкай станцыі ў Брэст-Літоўску адказалі, што тэкст імі прыняты.
— Мінае дзень, а мы не маем адказу. Яўна немцы імкнуцца ўглыбіцца настолькі, каб прадыктаваць нам больш цяжкія ўмовы, Я прашу вас вельмі тэрмінова знайсці надзейнага бальшавіка-афіцэра, які валодае нямецкай мовай. Дайце яму ахову — двух-трох матросаў ці салдат. Мы сёння ж пашлём парламенцёраў на лінію фронту з тэкстам пісьма Саўнаркома аб нашай згодзе падпісаць мір на брэсцкіх умовах. І на горшых. Бо няма сумнення — Кюльман прадыктуе іх нам.
Ленін, як заўсёды, прадбачыў ход падзеі. Ён адгадаў, за што зачэпяцца немцы, каб цягнуць з адказам на прапанову аб міры.
Яшчэ раніцою Уладзімір Ільіч даў указанне радыстам станцыі ў Царскім Сяле, каб любы адказ немцаў неадкладна перадалі не ў Наркамат замежных спраў, а яму асабіста. Троцкаму нельга верыць. Троцкі можа пратрымаць радыёграму, пакуль не параіцца са сваімі хаўруснікамі. Ці не так ён зрабіў з тэлеграмай Самойлы, якую вёз ад наркамата да Смольнага тры гадзіны?
Мікалай Пятровіч Гарбуноў, іншыя сакратары за дзень адчулі, як нецярпліва Ільіч чакае адказу. Ён не выказаў гэта адкрыта, але цікавіўся, як арганізавана работа радыёстанцыі, ці надзейныя там бальшавікі, параіўшыся з Бонч-Бруевічам, паслаў на станцыю аднаго з камісараў 75-га пакоя, колькі разоў пытаўся, як ідзе абсталяванне станцыі ў Смольным.
Таму Гарбуноў не ўвайшоў — убег у кабінет, гукнуў усхвалявана:
— Радыё, Уладзімір Ільіч!
Убачыў, як на міг рука Леніна застыла над тэлефоннай трубкай, зразумеў, што Уладзімір Ільіч усхваляваўся не менш. Але нічым не выдаў свайго хвалявання. Не, бадай, выдаў тым, што не сказаў «Я слухаю», а сказаў, як пры тэлеграфных перагаворах:
— Ля апарата Ленін. Я гатовы запісваць.
Гарбуноў пільна сачыў, як Уладзімір Ільіч запісвае, не перапытваючы, вельмі засяроджана, пісаў ён нязвыкла павольна, як гімназісцкі дыктант. На твары яго не адбівалася ні абурэнне, ні трывога. Спакой Леніна заспакоіў сакратара Саўнаркома: значыцца, ёсць згода на падпісанне міру.
Не, згоды не было. Ленін прыняў радыёграму спакойна таму, што яна пацвердзіла яго здагадкі аб магчымым адказе, яшчэ ўдзень ён прадбачыў менавіта такі адказ.
Гофман пацвярджаў атрыманне радыёграмы Савецкага Урада. Але паведамляў, што «ўрад яго вялікасці імператара Вільгельма» не можа лічыць радыёграму за афіцыйны дакумент. Такі дакумент павінен быць падпісаны прэм'ерам, мець урадавую пячатку і яго належыць уручыць нямецкаму каменданту Дзвінаса.
Ленін падзякаваў начальніку радыёстанцыі і напрасіў яго быць гатовым зараз жа прыняць радыёграму ў адказ — для перадачы немцам.
Уладзімір Ільіч паглядзеў на Гарбунова і адзначыў, што той прыкметна пабляднеў. Падумаў, як многа людзей вось гэтак жа хвалюецца, чакаючы адказу ад немцаў: нашу радыёграму яны прачыталі ў вячэрніх газетах. Падумаў і пра тых, хто парадаваўся б маўчанню ці катэгарычнай адмове нямецкіх мілітарыстаў падпісаць мір. Сумна ўздыхнуў ад думкі, што разам з рускай буржуазіяй, з контррэвалюцыянерамі радаваліся б людзі, што займаюць высокія савецкія пасты. Гарбуноў яшчэ больш збялеў, пачуўшы, як уздыхнуў Ільіч.
— Дрэнна, Уладзімір Ільіч?
Ленін адказаў нечакана бадзёра:
— Гофман хоча перайграць нас. Мы яго не перайграем. Позна. Але трэба зрабіць адно — выбіць яго козыры.
Прачытаў Гарбунову радыёграму і тут жа сказаў:
— Мікалай Пятровіч, зараз жа радзіруйце адказ. Спецыяльны кур'ер з такім дакументам выехаў. Забяспечце яму бяспеку на лініі фронту. Подпіс Галоўкаверха. Знайдзіце Крыленку. Перадайце: я абураны. Прайшло колькі гадзін, а ён не прыводзіць чалавека, якому мы даручым гэтую адказную місію. Скажыце камандуючаму: праз паўгадзіны парламенцёр павінен быць у Саўнаркоме!
Парадак вячэрняга пасяджэння Саўнаркома, як ніколі раней, быў кароткі, па сутнасці, усяго два пытанні. Але якія! Аб знешняй палітыцы ў сувязі з нямецкім наступленнем. Аб арганізацыі абароны Савецкай рэспублікі. Стаяла яшчэ пытанне аб грузах у Архангельскім порце. Але калі раней пытанне гэтае разглядалі як асобнае, то цяпер меры па ахове і вывазцы ваенных матэрыялаў, якія паставілі былыя саюзнікі Расіі, прадуктаў, іншых каштоўнасцей арганічна зліваліся з мерамі па абароне.
Скараціўшы раней падрыхтаваны парадак дня, Ленін асабіста дапоўніў яго «архангельскім пытаннем», маючы на ўвазе, што цяпер размова павінна ісці не толькі аб уратаванні грузаў ад вясенняга разводдзя на Паўночнай Дзвіне, але і ад магчымага захопу іх контррэвалюцыянерамі ці нават тымі ж англічанамі, караблі якіх «ахоўваюць» Мурманск і Архангельск нібыта ад нямецкіх падводных лодак. У Леніна даўно ўжо не было ніякіх ілюзій наконт сапраўдных намераў пана Лойд-Джорджа. Аднак у сувязі з нямецкім наступленнем адносіны Савецкага Урада з былымі саюзнікамі Расіі мусяць быць больш гнуткімі, дыпламатычнымі — у разумным сэнсе гэтага слова. А між тым якраз на гэтым і сутыкнуліся розныя думкі: марксісцкая, рэалістычная, і лявацкая, авантурыстычная.
Ленін не стаў «задаваць тон» у спрэчцы. У пачатку пасяджэння ён прачытаў адказ Гофмана. А далей моўчкі, нават без рэплік, слухаў самыя супрацьлеглыя выступленні, занатоўваючы іх у блакнот — для сябе.
Свярдлоў, як заўсёды спакойна і аргументавана, даводзіў, што ў мэтах абароны было б неразумна адмаўляцца ад прапановы Антанты купіць у яе зброю і прадукты.
«Левыя» абурыліся такім «апартунізмам». Левы эсэр Штэйнберг змрочна кінуў Свярдлову:
— Вам хочацца пакланіцца імперыялістам?
— Не, я не хачу кланяцца,— спакойна адказаў Якаў Міхайлавіч.— Але было б хлапчукоўскім глупствам не выкарыстаць супярэчнасці паміне рознымі групамі імперыялістаў. Мы не працягваем руку, просячы міласціну. Мы можам гарантаваць аплату за ўсё, што паставяць нам англічане ці амерыканцы... Ім, як і нам, трэба аслабіць немцаў.
Ленін размашыста напісаў: «Свярдлоў!!!» Ажно тры клічнікі. І з цёплым пачуццём падумаў: «Малайчына, Якаў Міхайлавіч».
Урыцкі саркастычна спытаў:
— Чым вы будзеце разлічвацца? Рэвалюцыйнымі прынцыпамі?
— Няўжо таварышы сур'ёзна лічаць, што, калі будзе мір і Савецкая ўлада арганізуе сваю, сацыялістычную, эканоміку, мы не будзем мець ніякіх зносін ні з нямецкімі, ні з амерыканскімі імперыялістамі? — з усмешкай спытаў Свярдлоў.
— Ніякіх! — выгукнуў нарком юстыцыі.
— Штэйнберг, я лічыў юрыстаў цвярозымі людзьмі,— іранічна заўважыў Свярдлоў.
— Таварышы, сімптомы цяжкай хваробы — правага апартунізму ўсё больш выяўляюць сябе,— паедзена пачаў свае выступленне Бубнаў.— Прыклад таму — выступленне Свярдлова. Да чаго дагаварыўся Старшыня ЦВК? Выходзіць, мы рабілі рэвалюцыю дзеля таго, каб потым, нарасціўшы сала, пайсці цалавацца з капіталістамі...
— Цалавацца не будзем. А гандляваць будзем,— раптам парушыў сваё маўчанне Ленін.
— Гандляваць? — Андрэй Сяргеевіч здзівіўся і сумеўся. Сумеўся, бо не ведаў, што адказаць Леніну. Хапіла такту не кінуць абвінавачанне ў апартунізме правадыру рэвалюцыі, як кідаў не аднойчы іншым бальшавікам.
Троцкі, які дагэтуль таксама маўчаў, з хітрым смяшком ускудлачыў бародку і пажартаваў:
— Не палохайце, Уладзімір Ільіч, таварышаў. Гэта страшнае слова — гандаль. Гнілое, як капіталізм. І ванючае.
І тут жа з замілаваннем і смуткам падумаў пра свайго бацьку: як малапісьменны Давід Бранштэйн умеў гандляваць пшаніцай і кавунамі! Дзе ён цяпер? Маёнтак у яго адабралі, зямлю падзялілі... Стары падаўся ў Адэсу. Трэба неадкладна вывезці яго адтуль, бо калі паедзе за мяжу і стане выступаць супраць Савецкай улады — на яго, на сына, можа ўпасці цень. Калі ж застанецца ў Адэсе, а горад займуць радаўцы ці, яшчэ горш, немцы, то, напэўна, возьмуць старога за штаны: бацька Троцкага!
Троцкі думаў, каму даручыць гэту далікатную місію — вывезці бацьку, сясцёр з Адэсы. З яго дапамогай не памруць і ў галоднай Маскве!
А Ленін думаў: як назваць гэтую хваробу ультрарэвалюцыянізму? І раптам знайшоў ёмкае і трапнае вызначэнне. Кароста! Употай усміхнуўся знаходцы. Пасля пахмурнеў і, стоена ўздыхнуўшы, падумаў: «Пакутлівая хвароба — кароста. А калі людзі пачынаюць хварэць на каросту рэвалюцыйнай фразы, то адно ўжо назіранне гэтай хваробы ўчыняе пакуты нясцерпныя».
Хацелася перапыніць прамоўцу і сказаць:
«Таварыш высокаадукаваны марксіст! Каб любы мужык пачуў вас зараз, то, напэўна, сказаў бы: табе, пан, не дзяржавай кіраваць, а ў слоўныя клоуны трэба запісацца ці проста ў лазеньку схадзіць, папарыцца, каросту прагнаць».
Але стрымаўся — не сказаў. Аднак запісаў гэтую думку: спатрэбіцца.
У кабінет увайшоў Крыленка, вінавата папрасіў прабачэння, што спазніўся. Аднак члены ўрада разумелі, што магло затрымаць Галоўкаверха. Усе павярнуліся да яго, прагнучы пачуць апошнія звесткі з фронту.
Ленін паглядзеў на яго строга запытальна. Крыленка вачамі паказаў на дзверы: чалавек чакае там, у пакоі сакратарыята.
Ленін надзвычай рэдка выходзіў у час пасяджэнняў. А тут напісаў Свярдлову: «Вядзіце пасяджэнне» — і хутка выйшаў. За ім выйшаў Крыленка.
Членаў урада гэта ўстрывожыла і зусім збіла з панталыку «карослівых» прамоўцаў.
Прапаршчык Турчан, франтавы калега і сябра савецкага галоўнакамандуючага, убачыўшы Леніна, падскочыў, выцягнуўся.
Уладзімір Ільіч працягнуў яму руку, павітаўся. Адразу спытаў:
— Ахову маеце?
— Даём двух чырвонаармейцаў,— адказаў Крыленка.
— Ім задача вядома? Яны — вашы дублёры. Што б з вамі ні здарылася, пакет павінен быць дастаўлены камендату Дзвінска. У гэтым канверце,— Ленін паказаў на Гарбунова, які трымаў пакет,— наша ўратаванне. Разумееце, як гэта важна?
— Так точна, таварыш Ленін.
— Як едзеце?
— Даём спараныя паравозы,— сказаў Крыленка.
— Перадайце па лініі. Камісарам станцый. Усюды павінны быць зялёныя семафоры.
Гарбуноў уручыў Турчану засургучавалі канверт. Той паклаў яго ў палявы планшэт, надзеты цераз плячо.
Ленін уважліва прасачыў, наколькі надзейна схаваны дакумент. Застаўся задаволены. Але дарагая кожная хвіліна! Зноў працягнуў Турпану руку, моцна паціснуў, зазірнуўшы пранікліва ў вочы.
— Чакаем вас, таварыш, з адказам. Добра, каб вы вярнуліся заўтра ўначы.
— Зробім усё, што залежыць ад нас, таварыш Ленін.
Уладзімір Ільіч задумліва паўтарыў:
— Але... Што залежыць ад нас.
Калі Турчан, спытаўшы дазволу, павярнуўся па-вайсковаму і выйшаў, Ленін яшчэ хвіліну стаяў пасярод пакоя ў задуме, як бы слухаючы крокі пасыльнага ў калідоры. Потым павярнуўся да Крыленкі і нечакана весела спытаў:
— Мікалай Васільевіч, вы хварэлі на каросту?
Камандуючы збянтэжыўся.
— Што вы, Уладзімір Ільіч!
Яго збянтэжанасць яшчэ больш развесяліла Леніна, ён ціха засмяяўся.
— Уф! Якая брыдкая хвароба кароста! І якое цяжкае рамяство чалавека, якому прыходзіцца парыць у лазні карослівых... Але трэба парыць! Трэба! — і пайшоў у кабінет прадаўжаць весці пасяджэнне Саўнаркома.
Троцкі зноў прынімаў Локарта.
Пасля зрыву мірных перагавораў і пачатку нямецкага наступлення неафіцыйныя прадстаўнікі былых саюзнікаў Робінс, Локарт і нават сацыяліст Садуль актывізавалі сваю дзейнасць, цяпер ужо не толькі па ўласнай ініцыятыве, як зрабіў гэта ўпачатку Садуль, але па сакрэтных інструкцыях сваіх урадаў.
Локарт убачыў, што англічане з-за сваёй кансерватыўнай пазіцыі — ніякіх зносін з бальшавікамі! — шмат страцілі, - што было сілы кінуўся наўздагон за старэйшым сапернікам — Робінсам.
Самаўпэўнены, надзвычай дзейны, пралазлівы да нахабнасці выхаванец Кембрыджа і дыпламатычнага каледжа (там ён прайшоў курс у спецыяльнай сакрэтнай групе перад тым, як паехаць консулам у Маскву ў пачатку вайны), англічанін быў занепакоены тым, што Ленін ні разу не прыняў яго, а Робінса, як ён разведаў, за гэты час, як ён, Локарт, прыступіў да выканання сваёй місіі, прыняў двойчы.
Акрамя трывогі за брытанскія інтарэсы ў Расіі, гэта біла па яго самалюбстве. Выходзіць, Ленін ігнаруе яго. Хто ж каго не прызнае? Урад Лойд-Джорджа — бальшавіцкі ўрад? Ці Ленін — урад «уладаркі мораў»?
Няўдачы трапіць на прыём да прэм'ера Локарт як бы кампенсаваў сустрэчамі з наркомамі, з партыйнымі лідэрамі, у першую чаргу з Троцкім і Бухарыным, бо атрымаў указанне яшчэ ў Лондане пастарацца наладзіць кантакты з гэтымі людзьмі.
«Менавіта таму, што яны часцей, чым хто з бальшавікоў, становяцца ў апазіцыю да палітыкі, якую праводзіць Ленін»,— сказаў яшчэ Керзон.
Локарт увайшоў у кабінет Троцкага з экземплярам «Правды», ад якой за тры сажні патыхала друкарскай фарбай. Троцкі здагадаўся, чаму англічанін не хавае сваёй цікавасці да бальшавіцкай газеты. Сённяшні нумар «Правды» немагчыма дастаць, яго перадаюць з рук у рукі, пытаюць адзін аднаго: «Чыталі?»
У Троцкага пра гэта спытаў Чычэрын гадзіну назад, і наркому зрабілася непрыемна. Ён не любіў Чычэрына не толькі за адданасць Леніну, але і за тое, што добра разумеў: Ленін правёў прафесійнага дыпламата ў намеснікі наркома не без намеру пры першым жа зручным выпадку мець чалавека, які замяніў бы яго, Троцкага. А выпадак такі паспявае. Правал палітыкі «ні вайны, ні міру», безумоўна, прывядзе яго да адстаўкі. Троцкі з пачатку нямецкага наступлення ламаў галаву, што лепш: чакаць, каб яго адставілі, ці самому падаць у адстаўку? Што бальней для Леніна?
Пасля прывітання і кароткай, дзве фразы, размовы аб надвор'і — была адліга, і снег на петраградскіх вуліцах ператварыўся ў слізкую кашу — Локарт паказаў на газету і спытаў, бадай, па-змоўніцку:
— Гэта ё н?
Троцкаму не спадабаўся такі ток: знайшоў хаўрусніка! Але ведаць думку англічаніна ды, магчыма, не толькі аднаго яго — Локарт за раніцу мог пабываць не ў адным пасольстве — патрэбна і карысна. Адказаў знешне афіцыйна і ў той жа час таямніча-даверліва, маўляў, толькі вам, нікому больш:
— Так, гэта Ленін.
— Многа людзей ведае, што Карпаў — гэта ён?
— Мы, старыя партыйцы, ведаем.
— Вы хочаце сказаць: кіраўнічае ядро?
— Лічыце так.
— А вам не здаецца, што гэта бомба пад вас?
Троцкі спахмурнеў.
— Я не «левы». І не кідаюся рэвалюцыйнымі фразамі.
Локарт зразумеў, што нарком незадаволены такім вызначэннем ленінскага артыкула, і даў «задні ход».
— Прабачце, пан міністр,— Локарт на першых сустрэчах зразумеў, што Троцкаму падабаецца зварот «міністр».— Я знаю, што вы не «левы». У вас свая, асобая, пазіцыя. Я памыліўся, я хацеў сказаць: бомба пад «левых». Можаце перадаць свайму прэм'еру, што я ў захапленні яго публіцыстычным талентам. Нямногія лідэры ўмеюць так абараняць сваю пазіцыю. І так гаварыць з народам! — Локарт глянуў у газету, прачытаў заключныя радкі: — «Трэба ваяваць супроць рэвалюцыйнай фразы, прыходзіцца ваяваць, абавязкова ваяваць, каб не сказалі пра нас калі-небудзь горкай праўды: «рэвалюцыйная фраза аб рэвалюцыйнай вайне загубіла рэвалюцыю». Моцна, праўда? Шчыра. Вельмі шчыра.
У Троцкага, калі ён чытаў раніцою артыкул, было складанае ўражанне. Так, гэта бомба, якую, аднак, трэба неяк абясшкодзіць, каб яна не разнесла «левых» ушчэнт. У той жа час ён злосна парадаваўся, што балбатуна Бухарына, які прэтэндуе на лідэрства, «раздзелі» і выставілі перад партыяй голым у яго фразёрскай сутнасці. Адначасова Троцкі, што здаралася неаднойчы, пазайздросціў Леніну, яго ўменню выдатна спалучыць тэарэтычную глыбіню з надзвычайнай прастатой выкладання думак, логіку сур'ёзных доказаў з іроніяй і гумарам. У яго, Троцкага, так не атрымоўвалася, хоць некалі ён марыў стаць вялікім паэтам. Ён умеў няблага сказаць вусна — захапіць аўдыторыю пафасам голасу і жэстаў; на паперы рукамі не памахаеш — пафас знікаў, на яго месцы з'яўлялася залішняя акадэмічнасць і ўскладненасць. Яму здавалася, што Ленін піша лёгка. З маленства ён зайздросціў людзям, якім усё даецца лёгка, і стараўся сам усё рабіць лёгка. Але лёгкасць часам падводзіла.
Вось чаму, а не толькі з дыпламатычных меркаванняў Троцкі не падтрымаў захаплення хітрага прайдзісвета Локарта артыкулам Леніна. Адвёў размову ў іншае рэчышча, у тое, якое разам капалі на папярэдніх сустрэчах:
— Я вас, пан Локарт, магу парадаваць іншым. Ленін згадзіўся з маёй думкай,— падкрэсліў інтанацыяй, што гэта менавіта яго думка,— узяць ад Англіі і Амерыкі зброю і прадукты.
— Але ж Ленін не хоча ваяваць. Ён — за мір.
— Вы памыляецеся. Ленін разумее, што пагроза нямецкага наступлення настолькі вялікая, што каб ён атрымаў ваенную дапамогу ад саюзнікаў, то адмовіўся б ад міру і змагаўся б з дапамогай саюзнікаў супраць Германіі.
У Локарта ад здзіўлення заблішчэлі вочы. Каб гэта было так, ён мог бы спадзявацца на ўдзячнасць Лейд-Джорджа і караля. Але ў яго хапіла розуму ўсумніцца ў шчырасці «пана міністра». Вопытны разведчык, ён лепш, чым Троцкі, ведаў, што робіцца ў Петраградзе, бо залазіў усюды, куды толькі можна было пралезці,— у Саветы, на заводы, у чырвонагвардзейскія атрады, якія ішлі на фронт, і ў тыя колы, дзе чакалі прыходу немцаў.
Прыкладна ў гэты ж час Ленін у прысутнасці Сталіна пісаў тэлефанаграму ў Выканаўчую камісію Петраградскага камітэта і ва ўсе раённыя камітэты партыі бальшавікоў. Пісаў як ваенны загад — з указаннем даты, часу:
«21(8). ІІ.1918.12 г. 20 мін. дня.
Раім, не губляючы ні гадзіны, падняць на ногі ўсіх рабочых, каб, згодна з рашэннямі Петраградскага Савета, якія будуць прыняты сягоння ўвечары, арганізаваць дзесяткі тысяч рабочых і рушыць пагалоўна ўсю буржуазію да аднаго, пад кантролем гэтых рабочых, на капанне акопаў пад Піцерам. Толькі ў гэтым уратаванне рэвалюцыі. Рэвалюцыя ў небяспецы. Лінію акопаў дадуць ваенныя. Рыхтуйце прылады, а галоўнае, арганізуйцеся і мабілізуйцеся пагалоўна.
Леніну
Сталін пайшоў у апаратную. Дыктуючы тэлефаністам тэкст, не ўтрымаўся ад спакусы паставіць побач з Леніным і свой партыйны псеўданім, што дало яму праз многа гадоў права ўключыць тэлефанаграму ў Збор сваіх твораў.
Застаўшыся на некалькі хвілін адзін у кабінеце, Уладзімір Ільіч дапісаў гістарычны дакумент таго трывожнага дня: «Соціалистическое отечество въ опасности. Да здравствуетъ Социалистическое отечество!»
І тут жа папрасіў сакратара склікаць членаў Часовага выканаўчага камітэта СНК. Камітэт быў створаны напярэдадні, пасля трывожных дакладаў Саўнаркому Крыленкі і Альтфатэра, камандуючага Балтыйскім флотам. Ленін сам прапанаваў мець орган, які забяспечыў бы няспынную работу ўрада — удзень і ўначы. Дамовіліся, што члены камітэта ясывуць у Смольным; Бонч-Бруевіч падрыхтаваў пакой пад інтэрнат. Аб усіх выездах ставіць да ведама сакратара Саўнаркома Гарбунова, каб той ведаў, дзе каго шукаць у выпадку пільнай неабходнасці. Таму камітэт сабраўся вельмі хутка. З'явіўся Свярдлоў. Старшыня ВЦВК таксама пастаянна знаходзіўся ў Смольным.
Аўдыторыя была невялікая — усяго сем чалавек, але Уладзімір Ільіч падняўся за сталом з напісанымі лістамі ў руках. На міг нязвыкла застыў, аглядаючы паплечнікаў. Пераканаўся, што ўсе яны аднадумцы, ніхто нз выступіць супраць, і як бы супакоіўся, сказаў роўным голасам:
— Таварышы, акрамя звароту «Да працоўнага насельніцтва ўсёй Расіі», які мы прынялі сёння ўначы, прапаную звярнуцца да піцерцаў, да ўсіх салдат, рабочых, сялян краіны з Дэкрэтам-адозвай. Вось тэкст.— Ленін пачаў чытаць, і голас яго выдаў хваляванне сваім сур'ёзным і трывожным гучаннем:
— Сацыялістычная Айчына ў небяспецы! — прачытаў ён і пракаўтнуў спазму, глыбока ўдыхнуў паветра і як бы даверліва паведаміў са смуткам, болем: — Каб уратаваць знясіленую, змучаную краіну ад новых ваенных выпрабаванняў, мы пайшлі на найвялікшую ахвяру і абвясцілі немцам аб пашам згодзе надпісаць іх умовы міру,— Ленін зноў агледзеў таварышаў, якія слухалі са стоеным дыханнем.— Нашы парламенцёры 20 лютага, увечары, выехалі з Рэжыцы ў Дзвінск, і да гэтага часу няма адказу. Нямецкі ўрад, увачавідкі, марудзіць з адказам. Ён яўна не хоча міру. Выкопваючы даручэнне капіталістаў усіх краін, нямецкі мілітарызм,— Ленін інтанацыяй голасу падкрэсліў наступныя словы: — хоча задушыць рускіх і ўкраінскіх рабочых і сялян, вярнуць землі памешчыкам, фабрыкі і заводы — банкірам, уладу, — манархіі. Нямецкія генералы хочуць устанавіць свой «парадак» у Петраградзе і ў Кіеве,— голае Леніна зноў загучаў трывожна: — Сацыялістычная рэспубліка Саветаў знаходзіцца ў найвялікшай небяспецы.
У Свярдлова ад слоў гэтых і ленінскага голасу сціснулася хворае сэрца. Але тут жа ў душы змяшаліся гонар, радасць, вера і ўпэўненасць. Якаў Міхайлавіч падумаў:
«Якое шчасце, што на чале партыі і ўрада — ён. Толькі ён можа знайсці выйсце з любога становішча. Няма сумнення, што гэтыя яго словы ўзнімуць усіх, каму дарагая Савецкая ўлада. Але — калі... калі ён паспеў напісаць гэта? У чатыры гадзіны ночы я быў яшчэ ў яго. У восем ён быў у гэтым кабінеце...»
Ленін чытаў:
— Савет Народных Камісараў пастанаўляе:
Першае. Усе сілы і сродкі краіны цалкам прадастаўляюцца на справу рэвалюцыйнай абароны. Другое. Усім Саветам і рэвалюцыйным арганізацыям ставіцца ў абавязак абараняць кожную пазіцыю да апошняй кроплі крыві.
Левін прачытаў усё, зноў-такі як у вайсковым загадзе: подпіс — Савет Народных Камісараў, дату — 21 лютага 1918 года, месца напісання дакумента — Петраград.
Змоўкнуўшы, Уладзімір Ільіч пачуў: члены Выканаўчага камітэта стоена, але цяжка дыхаюць, як, пасля хуткай хады. Яму таксама хацелася ўздыхнуць на поўныя лёгкія і прайсціся па кабінеце. Ах, каб можна было хоць паўгадзіны пагуляць на вуліцы!
Знясілены, хоць нічым не выдаў гэтага, сеў у крэсла, прыціснуўся грудзьмі да стала. Сустрэўся позіркам са Свярдловым, удзячна кіўнуў на яго выразны жэст ухвалення.
— Таварышы, ёсць заўвагі да тэксту?
— Штэйнберг, напэўна, запратэстуе,— сказаў Сталін.
— Ніякіх уступак на абструкцыі левых эсэраў! Гэтак жа як ніякіх уступак Бухарыну, Троцкаму... Саўнарком даручыў нам дзейнічаць з ваеннай рашучасцю. І мы будзем дзейнічаць толькі так! Даволі дыскусій!
— Друкуем сёння? — спытаў Бонч-Бруевіч.
— Так. У «Правде»... У «Известиях ЦВК», ва ўсіх бальшавіцкіх газетах. І асобнай лістоўкай. Мільённым тыражом,— Ленін на хвіліну задумаўся і ўдакладніў: — Не, у газетах друкуем заўтра. Вячэрнія выпускі выходзяць малымі тыражамі і дрэнна распаўсюджваюцца. Ды і Саўнарком мы ўдзень не склічам. Наркомы заняты абаронай Петраграда... Увечары мы... сустракаемся з ваеннымі спецыялістамі. Прашу вас падрыхтавацца да гэтай вельмі важнай парады. Трэба сабраць поўныя даныя аб фарміраванні рабочых атрадаў. Аб наяўнасці зброі ў петраградскіх арсеналах. Людзі рвуцца ў бой, але не хапае вінтовак, патронаў. Латышскія стралкі, якія выказалі жаданне паехаць на фронт і перад якімі я выступаў учора тут, у Смольным, у актавай зале, скардзіліся на недахоп патронаў і зімовага адзення. Уладзімір Дзмітрыевіч, устанавіце найстражэйшы кантроль за ўсімі складамі.
— Зіноўеў і Урыцкі займаюцца гэтым.
— Праверце, калі ласка. Даручаем гэта вам. Што ж... за работу, таварышы...
Калі члены камітэта падняліся, каб выйсці, Ленін затрымаў іх.
— Хвіліначку. Давайце яшчэ аб адным параімся. Некаторыя таварышы,— Ленін непрыкметна глянуў у бок Сталіна,— выказваюць сумненне наконт хадайніцтва Штэйкберга аб вызваленні з-пад арышту міністраў Часовага ўрада. Як дамовіліся на Саўнаркоме, я падпісаў пастанову аб вызваленні Бярнацкага. Яго ўзяў на парукі Багалепаў. Не зробіць контррэвалюцыя гэтых людзей сваім сцягам?
— Калі іх возьмуць на парукі савецкія работнікі і будзе іх пісьмовае запэўніванне, што яны не стануць займацца палітычнай дзейнасцю...— разважліва пачаў Дзяржынскі.
Ленін раптам хораша засмяяўся.
— Таварыш Дзяржынскі верыць дадзенаму слову. Часы рыцарства мінулі, дарагі Фелікс Эдмундавіч. На жаль, даўно мінулі. Буржуазія растаптала закон рыцарства. Але калі Кішкіна і Цярэшчанку возьмуць на парукі — мы іх вызвалім.
Усе выйшлі.
У кабінеце засталіся Свярдлоў і Сталін. Сядзелі каля стала. Ленін стаяў перад картай Расійскай дзяржавы, пераводзячы позірк зверху, з поўначы, ад Петраграда, уніз, на поўдзень — на Кіеў, Адэсу, Растоў. Праз хвіліну запрасіў іх да карты.
— Давайце сплануем нашу ваенную стратэгію на бліжэйшую будучыню.
Ступіў да карты, узняўшыся на насочкі, пальцам начарціў паўкружжа паміж сталіцай, Псковам і Рэвелем, упэўнена сказаў:
— Петраград мы абаронім! З немцамі падпішам мір. Які б ён ні быў цяжкі, усё роўна падпішам. Нягледзячы ні на што. Умовы яны нам прадыктуюць жорсткія, і мы вымушаны будзем іх выконваць. Але спакою акупантам не дамо. Не! Немцы атрымаюць партызанскую вайну тут, на поўначы, у Беларусі... І вайну на Украіне. Той жа Усходні фронт. Яны падпісалі мір з Радай. Дагавору з Украінскай Савецкай Рэспублікай у іх няма. Рабоча-сялянская армія Украіны будзе біць і радаўцаў, і іх гаспадароў — нямецкіх акупантаў. Што трэба зрабіць нам пры такой сітуацыі? — Уладзімір Ільіч павярнуўся да Сталіна і Свярдлова, чакаючы іх адказу.
— Умацаваць рабоча-сялянскую армію Украіны,— сказаў Свярдлоў.
— Як гэта зрабіць, не парушаючы дагавор? — усумніўся Сталін.
— Трэба неадкладна ўкраінізаваць усе нашы часці, якія памагаюць украінскім рабочым. Падумаць, што рабіць з Мураўёвым, калі ўвогуле яго можна пакідаць на пасту камандуючага. Стварыць супраць немцаў адзіны фронт ад Крыма да Вялікарасіі. Пераканаць крымскіх таварышаў, што ход падзей навязвае ім абарону, яны павінны абараняцца, незалежна ад дагавору, які мы падпішам. Дамо крымчанам зразумець, што становішча поўначы істотна адрозніваецца ад становішча поўдня. Крым немцы могуць злопаць, як кажуць, мімаходзь. Таму дапамога Крыма Украіне з'яўляецца не толькі актам суседскага абавязку, але і патрабаваннем самаабароны і самазахавання. Данецкую рэспубліку немцы будуць заваёўваць, бо Віннічэнка ўключыў яе ва Украіну. Наша задача: пераканаць данецкіх таварышаў стварыць адзіны фронт абароны з Украінай. Сепаратызм Васільчанкі, як ніколі, шкодны. Перадайце гэта Арцёму,— звярнуўся Уладзімір Ільіч да Сталіна.— Каб закрыць немцам дарогу на Каўказ, трэба дабіць Аляксеева. Зараз жа дамо распараджэнне Антонаву, каб неадкладна ўзяў Растоў і Новачаркаск. Заўтра, не пазней. Няхай пашле на гэта дзве тысячы надзейных петраградскіх чырвонагвардзейцаў.
Ленін павярнуўся ад карты, імкліва падышоў да стала.
— Перакінемся з поўдня на поўнач. Немцы не прызнаюць суверэнітэту Савецкай Эстоніі. Як паведаміў Анвельт, вядуць наступленне, высадзіліся на ўзбярэжжы. Я прапаную паслаць у Рэвель такую тэлеграму.— Ленін узяў са стала лісток паперы, прачытаў: — «Рушыць часці супраць ворага і адкінуць яго. Калі гэта цяжка зрабіць, сапсуйце ўсе дарогі, зрабіце шэраг партызанскіх наскокаў з тым, каб не даць ворагу замацавацца на мацерыку. Просім гэты наш загад правесці ў жыццё няўхільна. Адказ выканання паведаміце». Вось такі, Якаў Міхайлавіч, наш агульны стратэгічны план.
— Што ж, я падпісваюся пад ім,— сказаў Свярдлоў.— Але галоўнае ў гэтым плане — заключэнне міру, так я разумею.
На лбе ў Леніна ўміг утварыліся зморшчыш.
— Так, усе нашы ваенныя планы павінны мець адну мэту: уратаванне Рэспублікі Саветаў.
Трывожна было ў Петраградзе ў тыя дні.
Варшаўскі і Балтыйскі вакзалы былі забіты двума сустрэчнымі патокамі: з фронту панічна ўцякалі дэмаралізаваныя салдаты старой арміі. Тых, хто вёз дадому вінтоўку, патроны, гранаты, тут жа абяззбройвалі. З горада да вакзала ішлі арганізаваныя батальёны рабочых, грузіліся ў цяплушкі і выязджалі на фронт. У векапомны дзень дваццаць трэцяга лютага гэтыя батальёны далі пад Псковам і Нарвай той бой, які не толькі затрымае трыумфальнае шэсце кайзераўскіх войск на Петраград, але саб'е прускую пыху з Гофмана, яго ўпэўненасць, што ён лёгка можа ўзяць сталіцу дзяржавы Расійскай і скончыць з рускай рэвалюцыяй, не даць «маральнай інфекцыі» перакінуцца ў Германію і далей на Захад.
Буйная буржуазія з нецярпеннем чакала немцаў. «Дробязь» — чыноўнікі, інтэлігенты, абывацелі, некаторыя рабочыя і сяляне ўцякалі ад немцаў. На Мікалаеўскім вакзале накапіліся бежанцы — з Беларусі, Эстоніі, Пскоўшчыны і з самога Петраграда. Гэтым людзям памагалі выязджаць, хоць з вагонамі было цяжка. Горад трэба было «разгрузіць». Але Ленін патрабаваў ад тых, хто адказваў за парадак — ад Дзяржынскага, Бонч-Бруевіча, Урыцкага, Зіноўева,— каб эвакуацыя не ператварылася ў агульную паніку. Самае страшнае — паніка. А ўчыніць яе было лёгка, бо чуткі распускаліся страшныя. Аднак былі яны супярэчлівыя. Некаторыя «героі» «рэвалюцыйнай вайны» самі пакавалі чамаданы, вывозілі сем'і. Ультралевы эсэр Штэйнберг, нарком юстыцыі, патрабаваў у Бонч-Бруевіча спецыяльны вагон — для сваякоў.
Троцкі паводзіў сябе інакш — так, як быццам нічога асаблівага не здарылася. У рабоце па арганізацыі абароны ўдзельнічаў своесабліва: словамі і дзеяннямі даводзіў, што нічога, маўляў, страшнага, калі немцы возьмуці Петраград; без рэвалюцыі на Захадзе руская рэвалюцыя ўсё роўна не ўтрымаецца; гвалт, які кайзераўцы ўчыняць над авангардам рускай рэвалюцыі — піцерскімі рабочымі, можа «разбудзіць» нямецкі пралетарыят. Дарагую цану хацеў заплаціць Троцкі, каб пацвердзіць сваю тэорыю!
Троцкі саркастычна высмейваў усе панічныя чуткі, паводзіў сябе бясстрашным героем, аўтарытэтам сваім, дасведчанасцю чалавека, які кіруе знешняй палітыкай, стараўся зменшыць тую пагрозу, пра якую на поўны голас сказаў Ленін у Дэкрэце-адозве «Сацыялістычная Айчына ў небяспецы!».
Рабочы дзень Леніна дваццаць другога лютага пачаўся рана, не было яшчэ і васьмі гадзін. Пачаўся з уважлівага чытання ваеннай зводкі. Пасля пераезду Стаўкі ў Петраград начальнік штаба генерал Бонч-Бруевіч даваў зводку акуратна, стала яна па-вайсковаму дакладная, падрабязная, можна было верыць у яе аб'ектыўнасць.
Зводка была цяжкая: напярэдадні ўвечары быў здадзены Пскоў.
Цяпер у кабінеце вісела некалькі падрабязных карт Украіны, Эстляндыі, Віцебскай, Ноўгарадскай, Петраградскай губерняў. Акрамя таго, на стале ляжалі трохвёрсткі раёна, дзе будаваліся лініі абароны.
Ленін доўга ў адзіноце вывучаў карты. За дні нямецкага наступлення ён запомніў сотні назваў гарадоў і вёсак у раёнах баявых дзеянняў; нямнога знайшлося б вайсковых штабістаў, якія помнілі б столькі назваў без рэляцый і карт.
У зводцы быў істотны недахоп: скупа, па здагадках, гаварылася аб прасоўванні нямецкіх войск на Украіне, аб супраціўленні ім. Позна прыходзілі адтуль звесткі.
Ленін запрасіў Гарбунова і даручыў яму звязацца па тэлеграфе з Харкавам, перадаць Скрыпніку, Арджанікідзе, Антонаву, Луганоўскаму яго просьбу: закрытым тэкстам перасылаць зводкі, якія яны атрымліваюць ад камандавання савецкіх часцей, што стрымліваюць націск ворага.
Нейкі момант Уладзімір Ільіч сядзеў у глыбокай задуме, не чуючы нават, як напаўняецца тупатам ног і гудзеннем галасоў Смольны, так ён гудзеў толькі ў дні рэвалюцыі. Думкі былі трывожныя: «А нямецкага адказу няма». Цяпер не можа быць сумнення, што Гофман нацэліўся на Петраград. Што ж можна зрабіць яшчэ для абароны сталіцы? Што?
Але тут жа адагнаў хвілінную трывогу. Падняўся, імкліва і рашуча прайшоўся па кабінеце.
Зрабіць трэба ўсё магчымае, каб Гофман паламаў зубы на подступах да Петраграда!
— Так, немцы павінны паламаць зубы. Толькі ў такім разе яны згодзяцца на мір. За Піцер будзем стаяць насмерць!
Сказаў гэта ўголас, хоць і быў у кабінеце адзін.
Спыніўся, прыслухаўся, пачуў гул Смольнага. Гул гэты ўзрадаваў. Рабочыя пачулі заклік і горача адгукнуліся. У Чырвоную Армію добраахвотна запісваюцца тысячы свядомых байцоў.
Ленін успомніў пазаўчарашняе выступленне перад латышскімі стралкамі. Гаварыў ён па-нямецку, бо большасць латышоў лепш ведаюць нямецкую мову. Але калі ён сказаў: «Спакутаванаму рускаму народу мы павінны даць мір, чаго б гэта ні каштавала, гэтым мы ўмацуем рэвалюцыю і пачнём будаўніцтва новай маладой Расіі»,— зала выбухнула апладысментамі. Да радаснай спазмы ў горле крануў такі інтэрнацыяналізм, такое разуменне простымі салдатамі задач Савецкай улады.
Сёння ўвечары ў Актавай зале Смольнага ён выступіць перад піцерскімі рабочымі, перад прадстаўнікамі заводаў. Трэба запрасіць начальніка штаба Галоўкаверха з яго штабам, каб яны тут жа сфарміравалі палкі і ўказалі ім участкі фронту, куды паехаць, дзе заняць пазіцыі. Марудзіць нельга ні хвіліны.
Уладзімір Ільіч вярнуўся да стала і зрабіў адзнаку ў раскладзе дня перад пунктам: «Выступленне перад рабочымі».
Прагледзеў расклад: дзе трэба быць? Што самае неадкладнае?
У дзесяць раніцы пасяджэнне ЦК, тэрмінова скліканае па патрабаванні «левых». Пытанне: аб набыцці зброі і прадуктаў у дзяржаў Антанты. Вельмі важна. Але на пасяджэнне гэтае ён не пойдзе, бо яно зацягнецца, а ў яго назначаны аператыўныя сустрэчы — з камандуючымі ўмацаванымі раёнамі, з Крыленкам, генераламі Бонч-Бруевічам і Парскім, якога Галоўкаверх рэкамендуе камандуючым Нарвскім раёнам; Нарва, як і Пскоў,— стратэгічны вузел на подступах да Петраграда.
Акрамя таго, просяцца на прыём масквічы Радчанка і Вінтэр. Іх абавязкова трэба прыняць. Яны — спецыялісты па торфу, па электрастанцыях на торфе. Немцы ці новыя каледзіны, аляксеевы могуць адрэзаць данецкі вугаль. А Петраград, Масква павінны жыць? Ратунак — торф! Трэба ведаць энергетычныя запасы яго, каб даць рэкамендацыі ВСНГ. Трэба думаць аб будаўніцтве электрастанцый на торфе. Які ёсць вопыт? Дзе такія станцыі працуюць? Выкласці таварышам ідэю электрыфікацыі Расіі як аснову сацыялістычных пераўтварэнняў. Работу гэтую нельга адкладваць. Ідэя павінна завалодаць розумамі не толькі савецкіх гаспадарнікаў, але і шырокіх мас.
Але не толькі неадкладныя справы затрымалі Уладзіміра Ільіча. Брыдка яму было б бачыць і слухаць, як будуць «шкрабціся карослівыя». Пытанне, безумоўна, жыццёва важнае. Але зусім не дыскусійнае. Трэба дзейнічаць, а не гаварыць. Для гэтага даволі пастановы Саўнаркома аб маштабах закупу. Іншая рэч — калі Англія і Францыя выставяць палітычныя ўмовы, тады гэта магло б стаць прадметам абмеркавання ў вышэйшым партыйным органе. Аднак аднадумцаў трэба падтрымаць.
На невялічкім лістку паперы Ленін з вясёлай размашыстасцю напісаў:
«ЦК РСДРП. Прашу далучыць мой голас за ўзяцце бульбы і зброі ў разбойнікаў англа-французскага імперыялізму. Ленін». Прыназоўнік «за» падкрэсліў дзвюма рыскамі.
Мікалай Пятровіч Гарбуноў бездакорна выконваў сакратарскія абавязкі. Строга патрабаваў акуратнасці і дакладнасці ад усіх супрацоўнікаў сакратарыята, ад тэлефаністаў, кур'ераў, вартавых. Выпрацоўваўся новы, савецкі стыль справаводства, дзелавы, спакойны. Дэвізам сакратарыята было: як можна менш перашкаджаць Ільічу, не турбаваць па дробязях. Але на вайне — як на вайне.
Гарбуноў нечакана ўвайшоў у кабінет Старшыні Саўнаркома, прапусціўшы наперадзе сябе збянтэжаную тэлеграфістку, якая беражліва трымала ў далонях клубок тэлеграфнай ленты.
— Прабачце, Уладзімір Ільіч. Але вось яна, Маша, лічыць, што гэтую тэлеграму трэба абвязкова і неадкладна прачытаць вам.
Ленін падняўся. Дзяўчына ўбачыла трывогу ў вачах Ільіча і разгубілася: дарэмна пайшла яна на такую дзёрзкасць. Зачырванелася, пачала як бы перапрошваць:
— Не, Уладзімір Ільіч, нічога страшнага няма. Але мне здалося, што гэта вельмі важна. Я прачытаю...
— Я слухаю.
Лента папаўзла з дзявочых рук на падлогу. Голас дзяўчыны ўсхвалявана дрыжаў:
— Ад камісара пошт і тэлеграфаў Масквы Падбельскага. «Зараз нам ад імя Троцкага паведамілі па тэлефоне, што нібыта Аўстра-Венгрыя заявіла аб сваёй адмове наступаць супраць Расіі. Прашу Вас тут жа дабіцца па тэлефоне Троцкага ці каго-небудзь з іншых народных камісараў, праверыць гэтае паведамленне і перадаць нам. У нас цяпер праходзіць сход Саветаў рабочых дэпутатаў, які чакае праверкі гэтага паведамлення. Заадно дастаньце ўвогуле апошнія навіны, толькі правераныя, і паведаміце нам зараз жа. Калі ласка, таварыш, зрабіце гэта, нам гэта вельмі важна».
Маша падняла галаву, паглядзела на Леніна.
Уладзімір Ільіч усміхнуўся з ухваленнем.
— Гэта важна. Дзякую вам. Гэта вельмі важна. Для Масквы. І для нас.
Леніна кранула і парадавала палітычнае чуццё дзяўчыны.
Яшчэ раз паўтарыў:
— Гэта вельмі важна,— на момант задумаўся, даючы нарадзіцца адказу, рашуча сказаў: — Пайшлі ў апаратную!
Тэлеграфісты падняліся, вітаючы Леніна. Маша, зразумеўшы, што Уладзімір Ільіч прыйшоў дыктаваць тэкст, сарамліва сказала, не ўпэўненая ў сабе:
— Можа, Павел Іванавіч...— кіўнула на старэйшага тэлеграфіста.
— Не. Вы. Перадавайце.
Змоўклі іншыя апараты. Застукаў Машын.
— Масква прынімае.
— «Правераных новых звестак не маю, акрамя таго, што немцы, увогуле кажучы, прасоўваюцца ўперад няўхільна, бо не сустракаюць супраціўлення...»
Маша спалохана глянула на Леніна. Яе спалохала яго бязлітасная шчырасць. Каб дыктаваў хто іншы, нават Мікалай Пятровіч, яна, напэўна, падумала б: «Хіба можна такое перадаваць адкрытым тэкстам?»
Але гэта ж — сам Ленін!
— «...Я лічу становішча надзвычай сур'ёзным і малейшае прамаруджанне недапушчальна з нашага боку. Што датычыць паведамлення аб няўдзеле Аўстра-Венгрыі ў вайне, то я асабіста, у адрозненне ад Троцкага, не лічу гэтае паведамленне правераным, кажуць, перахапілі радыё і былі тэлеграмы пра гэта са Стакгольма, але я такіх дакументаў не бачыў. Ленін».
На другі дзень маскоўскія газеты апублікавалі гэты ленінскі адказ.
Прыйшоў Якаў Міхайлавіч Свярдлоў. Расказаў, як праходзіла пасяджэнне ЦК. Усё было так, як Ленін прадбачыў. Бухарын, Ломаў, Урыцкі горача даводзілі, што недапушчальна, ганебна партыі рабочага класа карыстацца падтрымкай імперыялістаў.
Парадаваў Уладзіміра Ілыча Дзяржынскі. Фелікс Эдмундавіч не толькі адмежаваўся ад «левых», ён выступіў супраць іх. «Хоць я і быў супраць падпісання міру, але я самы рашучы праціўнік пункту гледжання Бухарына»,— сказаў Дзяржынскі.
Ленін задаволена пацёр рукі:
— Гараць «левыя».
— Незразумела мне пазіцыя Троцкага,— сказаў Свярдлоў.— Ён выступіў многа разоў. Здаецца, тэарэтычна правільна даводзіў неабходнасць узяць зброю і прадукты. Але залішне націскаў на запрашэнне англійскіх і французскіх інструктараў, бо наша армія засталася без афіцэраў, а непісьменныя салдаты асвоіць тэхнікі не могуць.
— Цікава. Вельмі цікава,— Уладзімір Ільіч слухаў Свярдлова з той асаблівай ленінскай увагай, пра якую пісалі многія сучаснікі.
— Мяне не пакідала думка, што, пярэчачы «левым», Троцкі як бы дражніў іх і гэтым падбухторваў на супраціўленне нашай пазіцыі.
— Думка ваша, Якаў Міхайлавіч, правільная. Троцкі не можа не ўскаламуціць ваду, калі бачыць, што яна пачынае адстойвацца, ачышчацца. Правільную ідэю ён даводзіць да абсурду. Дык, кажаце, інструктары? Афіцэры імперыялістаў — камандзіры Чырвонай Арміі? Ай ды Троцкі! — Ленін паківаў галавой, пасміхнуўся.
— Але не гэта галоўнае, Уладзімір Ільіч. У часе аднаго выступлення, без лагічнай сувязі з тым, пра што гаварыў, Троцкі раптам зрабіў заяву, што здымае з сябе абавязкі народнага камісара па замежных справах.
Усмешка з твару Леніна знікла, ён спахмурнеў, насцярожыўся.
— Ствараецца ўражанне, што гэта ўцёкі з карабля. Ці не здаецца яму, што мы тонем?
Ленін памасіраваў пальцамі скроні, бо раптам адчуў боль.
— Троцкага трэба было гнаць з наркамата пасля яго брэсцкай авантуры. Але мы з вамі разумелі, што нельга. Мы рабілі ўсё, каб пазбегнуць расколу. Троцкі для палітычнай дэманстрацыі выбраў самы цяжкі момант. Гэта ўдар з-за вугла. Я вам скажу, дзеля чаго ён гэта зрабіў. Каб даць прыклад «левым»: зрабіце, як я!
— Ды вы, як кажуць у народзе, што ў ваду глядзелі! Прызнаюся, я не звязваў адно з другім...
— З чым?
— У канцы пасяджэння, застаўшыся пры галасаванні ў меншасці, Бухарын заявіў аб выхадзе з ЦК і з рэдактараў «Правды».
На хвіліну ўсталявалася цішыня. Але Свярдлоў чуў, што Уладзімір Ільіч дыхае цяжэй, чым звычайна, гэта прыкмета, што ён гневаецца. Якаў Міхайлавіч ведаў, што ў яго прысутнасці Ленін не саромеўся ўжываць самыя гнеўныя словы. Не, стрымаўся. Уздыхнуў. Задумліва працягнуў:
— М-да,— зноў памаўчаў, потым сказаў з болем: — Так, гэта стаўка на раскол. Няхай уцякаюць. А мы не дамо патануць караблю рэвалюцыі, што б ні казалі, што б ні рабілі Бухарын з Троцкім і кампаніяй...
— Пасля пасяджэння я мімаволі стаў сведкам камічнай сцэны,— пасміхнуўся Свярдлоў.— Бухарын дагнаў у калідоры Троцкага, абняў, уткнуўся тварам у грудзі і гучна зарыдаў: «Што вы робіце? Што вы робіце? У што вы ператвараеце партыю?».
Ленін грэбліва зморшчыўся.
— Якая брыдота! Палітычныя паяцы!
Ленін спусціўся на другі паверх, у сваю кватэру, раней, чым звычайна. Не гатовы быў яшчэ абед. Не прыйшлі са службы Надзежда Канстанцінаўна і Марыя Ільінічна.
Прайшоў у пакой, сеў у мяккае крэсла, узяў вялікі блакнот, што ляжаў тут жа, на століку, і, трымаючы яго на каленях, пачаў пісаць. Артыкул быў ужо гатовы. У галаве. Таму Ленін пісаў не спыняючыся. Пачаў з вобразна-саркастычнай думкі, што з'явілася яшчэ два дні назад, на пасяджэнні Саўнаркома: «Пакутлівая хвароба — кароста». Спачатку сцёбнуў па марксісцкіх невуках нібыта з бацькоўскай мяккасцю — каб не паламаць косці: сказаў, што хвароба нярэдка здараецца «з самых лепшых, высакародных, узвышаных намераў», «проста ад непераваранасці вядомых тэарэтычных ісцін або дзіцяча-аляпаватага, вучнёўска-рабскага паўтарэння іх не да месца (не разумеюць людзі, што да чаго)».
Але праз момант не стрымаўся — ударыў бязлітасна: «але ад гэтага кароста не перастае быць паганай каростай».
Ад абзаца да абзаца нарастаў ленінскі сарказм, непрымірымасць да блытанікаў, гнеў да тых, хто робіць так не толькі ад вучнёўскага неразумення.
Гэта ўжо ўдар не толькі па Бухарыну, але і па Троцкаму, новы віток у сістэме доказаў, што мір, любы мір,— адзіны ратунак:
«Мір — галоўнае. Калі пасля добрасумленных намаганняў атрымаць агульны і справядлівы мір аказалася, на справе аказалася, што яго зараз атрымаць нельга, то любы мужык зразумеў бы, што прыходзіцца браць не агульны, а сепаратны (асобны) і несправядлівы мір. Усякі мужык, нават самы цёмны і непісьменны, зразумеў бы гэта і цаніў урад, які даў яму нават такі мір».
У Леніна ўзняўся настрой. Так было заўсёды, калі хораша напрацавалася, без перашкод, і можна быць задаволеным зробленай работай.
Надзеў паліто, шапку, цераз чорны ход пайшоў на двор, каб колькі хвілін пагуляць перад абедам. Выйшаў на плошчу. Абышоў вакол Смольнага. Мароз быў лёгкі, градусы два. Але моцны вецер прабіваў нават зімовае паліто (Аляксандра Міхайлаўна Калантай купіла недзе) наскрозь. Ды вецер гнаў ужо не зімовую сцюжу, а пах блізкага мора і... вясны. Можа, толькі ён, чалавек, які з малых гадоў любіў перадвясеннія прагулкі, мог улавіць гэты тонкі пах яшчэ няблізкай вясны.
Перад парадным фасадам Смольнага строіўся рабочы батальён. Гаварыў прамову камісар. Ах, як яму захацелася таксама выступіць перад людзьмі, што адбываюць на фронт! Але нельга так стыхійна. Бонч-Бруевіч і без таго незадаволены вось такімі нечаканымі, амаль тайнымі прагулкамі яго, выступленнямі. Уявіў, як нялёгка кіраўніку спраў рабіць яму вымовы, якія хітрыя словаспляценні той ужывае, і гарэзліва пасміхнуўся.
У вестыбюлі першага паверха чырвонаармейцы пазналі яго.
— Ленін!
— Ура — таварышу Леніну!
Уладзімір Ільіч прывітаў іх падняццем рукі і хутка пайшоў на другі паверх.
Надзежда Канстанцінаўна і Марыя Ільінічна чакалі яго абедаць. Убачылі апранутага, спыталі:
— Ты некуды ездзіў?
— У штаб Петраградскай акругі,— у штаб ён меў намер паехаць пасля абеду.
Дастаў з кішэні спісаныя лісткі, перадаў сястры, папрасіў:
— Маняша, дарагая, абавязкова ў сённяшні вячэрні выпуск! Абавязкова!
Марыя Ільінічна глянула, здзівілася:
— Аб каросце? Аб якой каросце?
— Есць, Маняша, і такая хвароба ў палітыцы,— сур'ёзна адказаў Уладзімір Ільіч.
Разам з Надзеждай Канстанцінаўнай, стоячы пасярод пакоя, яны прачыталі артыкул.
— Здорава! — сказала Марыя Ільінічна.— Але калі, Валодзя? Калі ты напісаў?
— Не мае значэння — калі. Важна, што зроблена. Гэта архіпатрэбна!
— Я разумею, як гэта патрэбна,— сказала Надзежда Канстанцінаўна,— але мы з Машай паскардзімся на цябе ЦК. Ты зусім не спіш...
— Каму канкрэтна? — пасміхнуўся Ленін,— Троцкаму?
— Свярдлову. Стасавай...
— Скаргі — таксама кароста, іншага роду,— ужо зусім весела засмяяўся Уладзімір Ільіч і гэтак жа весела сказаў: — Аднак як мне хочацца есці! Надзя! Маняша! Панюхайце, як пахне суп!
У ноч ка 23 лютага Уладзімір Ільіч амаль зусім не спаў. Адказу на згоду падпісаць мір не было, нямецкія радыёстанцыі маўчалі на гэты конт; у газетах нейтральнай Швецыі, якія ўмелі апярэджваць падзеі і даваць самую свежую інфармацыю,— таксама, відаць, нічога няма, інакш Вароўскі і Калантай неадкладна тэлеграфавалі б. Асабліва трывожыла маўчанне Турчана. Ці дабраўся ён? Ці звязаўся з адказнымі нямецкімі чынамі?
Аднак Ленін не дапускаў думкі, што парламенцёры маглі загінуць на лініі фронту. Ён добра ведаў нораў нямецкіх мілітарыстаў, але, будучы прыхільнікам законаў міжнароднага права, няхай сабе пакуль што і буржуазнага, верыў у сілу канвенцый, падпісаных урадамі, якія ўчапіліся цяпер адзін аднаму ў горла. Не, Турчан павінен вярнуцца. Але з чым? Немцы, безумоўна, атрымалі прапановы Савецкага Урада, сярод якіх ёсць і прапанова аб неадкладным спыненні ваенных дзеянняў. Але нямецкае наступленне не толькі не спыняецца, яно робіцца больш імклівым. Клін іх ударных сіл яўна нацэлены на Петраград. Зламаць клін, затрымаць марш нямецкіх дывізій могуць толькі рабочыя палкі, што з энтузіязмам ад'язджаюць на фронт. Гэта найвялікшая сіла рэвалюцыі — вось такі свядомы патрыятычны парыў пралетарыяту, лепшых рэвалюцыйных часцей, баявую моц якіх складаюць былыя сяляне. Людзі гэтыя бясстрашна і добраахвотна ідуць на смерць, каб абараніць Сацыялістычную Айчыну. Такіх людзей ніхто ўжо не паставіць на калені.
Увага Леніна з пачатку нямецкага наступлення была скіравана на фарміраванне рабочых атрадаў, на іх узбраенне, провады на фронт, на перабудову работы Генеральнага штаба, армейскіх штабоў, на падбор камандзірамі і камісарамі надзейных ваенспецаў, адукаваных бальшавікоў. Гэтай рабоце варта аддаць увесь час, усе дні і ночы. Нядрэнна было б перанесці свой рабочы стол у Генштаб ці ў штаб абароны Петраграда, як у дні рэвалюцыі, цалкам углыбіцца ў ваенныя справы. Але нельга. Акрамя мноства неадкладных пытанняў умацавання Савецкай улады, прыходзіцца яшчэ весці цяжкую стамляючую барацьбу з «левымі» бальшавікамі, з левымі эсэрамі, з Троцкім, з усімі, хто не разумее ці не хоча зразумець, што ў данай сітуацыі ёсць толькі адзін ратунак — мір.
Уладзімір Ільіч падумаў пра гэта, адарваўшыся амаль ужо на світанні ад тоўстага тома «Гісторыі Заходняй Еўропы ў новы час» Кірэева. Ён грунтоўна, з выпіскамі (кнігу Марыя Ільінічна па яго просьбе прынесла з публічнай бібліятэкі, і ён не дазваляў сабе рабіць, заўвагі на палях, як на ўласных кнігах), праштудзіраваў за другую палавіну ночы вялікі раздзел «Панаванне Францыі ў Еўропе пры Напалеоне І». Каб даканаць праціўнікаў міру, трэба не толькі заклікі, але глыбокія тэарэтычныя высновы, падмацаваныя фактамі гісторыі. Як вызваляліся народы Еўропы ад напалеонаўскай тыраніі — гэта вельмі істотна. Дык чаму ж лічаць, што не могуць вызваліцца эстонцы, латышы, літоўцы, беларусы, украінцы, палякі ад нямецкага нашэсця?! Заваёўнікаў заўсёды выганялі з ганьбай.
Уладзімір Ільіч ціха загарнуў кнігу, патушыў свечку, пры якой чытаў.
Дзень пачаўся звычайна. Кароткая прагулка, у часе якой зноў парадавала скапленне рабочых атрадаў каля Смольнага.
Ленін падумаў:
«Колькі ў іх рэвалюцыйнага энтузіязму! Шкада толькі, што не хапіла часу навучыць іх ваеннай справе. Ад гэтага, безумоўна, будуць лішнія ахвяры». З болем падумаў аб тых, хто аддасць сваё жыццё за Савецкую ўладу. Цяжка ўздыхнуў. А магло б не быць гэтых ахвяр, каб мір з немцамі быў падпісаны ў студзені ці, як дамовіліся, 10 лютага. Дорага, ох, як дорага абыдзецца абструкцыя «левых», авантура Троцкага!
«Аднак, якія ні былі б ахвяры, Петраград не здамо! Петраград — сэрца рэвалюцыі».
На рабочым стале — падрыхтаваныя кіраўніцтвам справамі, акуратна перадрукаваныя на бланках дэкрэты, якія прыняты на папярэдніх пасяджэннях Саўнаркома. Што першачарговае з дакументаў? Безумоўна, Дэкрэт аб стварэнні Надзвычайнай камісіі па разгрузцы Петраграда. Уладзімір Ільіч падпісаў яго. Камісію трэба неадкладна сабраць, каб даць ёй інструкцыі. Даў на гэты конт указанне Гарбунову. Сакратар між іншых спраў сказаў:
— Крыленка пытае, куды эвакуіраваць са Смаленска ўпраўленне шляхоў зносін фронту.
— Куды? — Ленін задумаўся.
У Маскву? Не. Масква будзе перагружана эвакуацыяй урадавых устаноў з Петраграда.
— Дамо, Мікалай Пятровіч, тэлеграму двум Саветам — Курскаму і Арлоўскаму, няхай рыхтуюць памяшканні. Увогуле праверце, у якіх гарадах дзяржаўныя памяшканні, губернатарскія палацы, дваранскія і буржуазныя асабнякі не заняты пад шпіталі. Запытайце Саветы. Ваенныя са свайго боку няхай возьмуць на ўлік усё, што ім можа спатрэбіцца на выпадак адступлення ў глыбіню Расіі. З улікам шляхоў зносін, сувязі. Безумоўна, самае лепшае — пад шпіталі!
У гэты момант у кабінет увайшлі Крыленка і Турчан. Малады прапаршчык аброс барадой, шынель яго быў моцна пакамечаны: Галоўкаверх не даў кур'еру нават умыцца, пераапрануцца, адразу з поезда павёз у Смольны, бо меў такі загад ад Леніна: Уладзімір Ільіч пазаўчора і ўчора па колькі разоў на дзень пытаўся: ці чуваць што ад парламенцёраў?
Ленін хутка падняўся, пайшоў насустрач Турчану, не спускаючы вачэй з яго палявога планшэта: што ў ім?
— Прывезлі?
— Так точна, таварыш Ленін.
— Прапаршчык дастаў з планшэта невялікі па памерах, са шчыльнай паперы з гербам Германскай імперыі, грыфам міністэрства замежных спраў канверт. Другі бок яго быў залеплены тоўстымі сургучовымі пячаткамі.
— Што тут?
— Не ведаю. Маёр Генштаба, перадаючы мне адказ нямецкага ўрада, сказаў, што ўручае мір.
— Як нямецкія ўлады да вас адносіліся?
— Падкрэслена карэктна. Хораша кармілі. Але трымалі пад аховай. З Дзвінска прывезлі на станцыю Уцяны, пасадзілі ў нейкай казарме, праўда, добра напаленай, і двое сутак не выпускалі нават на прагулку. А з акна было відаць толькі голае поле і недалёкі лес...
— Але, немцы ўмеюць ахоўваць свае сакрэты.
— Пагаварыць удалося толькі з вартавымі.
— Які ў іх настрой?
— Немцы народ асцярожны. Аднак салдаты адкрыта выказваліся за мір. Вайна ім абрыдла. Пра перамір'е яны гавораць, як пра свята.
— Так-так,— Ленін стаяў, трымаючы ў руках канверт. Але Крыленку здалося, што Леніна ў гэты міг больш цікавіць абстаноўка на фронце, чым нямецкі адказ. Мікалая Васільевіча гэта здзівіла.
— Што на лініі фронту?
— Калі ішлі туды, мы не бачылі яе, лініі фронту. Прайшлі з белым сцягам. Нашы часці адступалі хаатычнай масай, многа салдат было без зброі. А калі ўчора ўвечары пераходзілі назад, у раёне Пскова грымела артылерыя. Немцам ледзь удалося дамовіцца з нашым камандаваннем, каб перадаць нас. Прызнаюся, я нават баяўся, каб не падстрэлілі свае...
— Чыя грымела артылерыя? Наша? Нямецкая?
— Ішла дуэль. Як франтавік, я гэта добра пачуў. Гарматы білі з двух бакоў.
— Моц... моц нашай артылерыі вы пачулі?
— Думаю, з нашага боку біла не менш ствалоў.
Ленін заклаў рукі назад, як бы схаваўшы канверт.
Яму не цярпелася хутчэй прачытаць нямецкія ўмовы. Але не мог ён не распытаць чалавека, які толькі што быў на лініі фронту. Няхай на тым баку яму мала што ўдалося ўбачыць. Але агульную абстаноўку такі вопытны вайсковец не мог не адчуць.
— Гэта выдатна, калі ў нас біла не менш ствалоў,— павярнуўся Ленін да Крыленкі, — Немцам трэба даць зразумець, што ў нас ёсць сіла для супраціўлення,— і зноў гэтак жа хутка падышоў да Турчана, працягнуў руку: — Дзякую вам, таварыш. Перадайце маю падзяку салдатам, якія суправаджалі вас. Адпачывайце. Мікалай Васільевіч, выдайце таварышам двайны паёк. І два дні поўнага адпачынку.
Турчан, па-армейску казырнуўшы, выйшаў.
Ленін узняў канверт, прачытаў адрас:
— «Ураду Расіі». М-да, лаканічна. І невыразна.
Уважліва агледзеў пячаткі і раптам перадаў канверт Гарбунову.
— Распячатайце.
А сам пайшоў за стол. Аднак не сеў у рабочае крэсла, застаўся стаяць, насцярожаны, напружаны, як бы чакаючы нападу ворага.
Гарбуноў глянуў на стол, спыніў позірк на касцяным нажы, якім Уладзімір Ільіч разразаў кніжкі, раскрываў канверты. Але сакратару здалося, што гэты нож непрыгодны, каб раскрыць такі незвычайны засургучаваны пакет. Ён сказаў:
— Я вазьму нажніцы,— і пайшоў у пакой сакратарыята.
Ленін і Крыленка паглядзелі адзін на аднаго.
Уладзімір Ільіч сказаў з горкай усмешкай:
— Сядайма, Мікалай Васільевіч. Прысутнічаем не пры ўрачыстым акце,— і паказаў вачамі на канверт: — Што, па-вашаму, тут?
— Горшы ультыматум.
— Так, вы маеце рацыю. Умовы, безумоўна, жорсткія. Але мы вымушаны будзем прыняць іх.
Тэкст быў надрукаваны гатычным шрыфтам, што, безумоўна, падкрэслівала дзяржаўную важнасць і, можа, нават пагрозу — так пісалі свае ноты прускія князі. Тэкст змясціўся на дзвюх старонках. Нямецкая лаканічнасць.
Ленін умеў чытаць нямецкія кнігі гэтак жа хутка, як і рускія. Аднак сачынёны Кюльманам і Гофманам і ўхвалены кайзерам дакумент чытаў з дзіўнай запаволенасцю. З дзіўнай для Гарбунова, які штодня бачыў, як Старшыня Саўнаркома прачытвае паперы.
Гарбуноў і Крыленка з трывожнай сцішанасцю сачылі за выразам твару Уладзіміра Ільіча. Бачылі, як з'яўляліся на яго шырокім ілбе ўсё новыя зморшчыкі, як яны паглыбляліся; пакутліва, як у чалавека, якому раптам вельмі забалела, скрывіліся вусны. Але толькі на міг. Следам за выразам болю твар набыў суровасць.
Скончыўшы чытаць, Ленін ударыў далонню па ультыматуме, і на нямецкай паперы пальцы яго сціснуліся ў кулак.
— Во дзе вылезла морда імперыялістычнага драпежніка! — імкліва падняўся, узяў лісты ў рукі, узмахнуў імі.— Вы паслухайце, што яны патрабуюць,— але не стаў перакладаць па тэксту, сказаў сваімі словамі: — У дадатак да брэсцкіх умоў нямецкія мілітарысты патрабуюць усю Прыбалтыку, палавіну Беларусі. Яны вымушаюць нас заключыць мір з Цэнтральнай радай і вывесці ўсе войскі з Украіны і Фінляндыі. Мы павінны дэмабілізаваць старую армію і ўсе часці новай, Чырвонай... Ах, мярзаўцы! Усе караблі нашых флотаў, Балтыйскага, Чарнаморскага, у Ледавітым акіяне, раззброіць. Каре, Батум і Ардаган аддаць Турцыі і прызнаць адмену турэцкіх капітуляцый. Яны патрабуюць бяспошліннага вывазу нашай руды і хлеба. І ў дадатак — кантрыбуцыі, якую прыкрываюць формулай — за ўтрыманне ваеннапалонных і на пакрыццё страт прыватных асоб. Вярні, Савецкая Расія, нямецкім баронам тое, што адабрала ў іх рэвалюцыя. Усе гэтыя ўмовы мы павінны прыняць на працягу 48 гадзін і неадкладна выслаць дэлегацыю ў Брэст-Літоўск. За тры дні падпісаць там гэты архіцяжкі мір і за два тыдні правесці ратыфікацыю яго. Вось што, таварышы, патрабуюць ад нас нямецкія імперыялісты! — сказаў Ленін апошнюю фразу не разважліва, а як бы з трыбуны, перад вялікай аўдыторыяй, і сеў у крэсла. Пацёр пальцамі скроні — забалела галава. Сказаў голасам, поўным горычы:
— Так, новыя ўмовы ў дзесяць разоў горшыя, у дзесяць разоў цяжэйшыя, больш унізіцельныя за цяжкія і нахабныя брэсцкія ўмовы. А хто ў гэтым вінаваты? — глянуў на Крыленку і Гарбунова, нейкі міг як бы пачакаў адказ, але адказаў сам, з гневам: — У гэтым вінаватыя ў адносінах да вялікай Расійскай Савецкай Рэспублікі нашы гора-«левыя» Бухарын, Ломаў, Урыцкі, іх кампаньён Троцкі... Ім давалі брэсцкія ўмовы, а яны адказвалі фанфаронствам і выхваленнем, яўным авантурызмам. І да чаго давялі? Не, адказнасці за гэта ім з сябе не зняць! — узяў нямецкі адказ, працягнуў Гарбунову, сказаў зусім іншым голасам — добрым, дзелавітым: — Мікалай Пятровіч, Чычэрыну — для перакладу. Архітэрмінова! Праз паўгадзіны збярэцца Цэнтральны Камітэт. Пазваніце Стасавай.
Застаўшыся адзін, Уладзімір Ільіч мінуты тры хадзіў па кабінеце ў глыбокай задуме. Потым сеў да стала, памакнуў пяро ў чарніліцу, буйнымі літарамі напісаў: «Мір ці вайна?», падкрэсліў загаловак дзвюма рыскамі.
Пяро ляцела з хуткасцю думкі: «Адказ германцаў, як бачаць чытачы, ставіць нам умовы міру яшчэ больш цяжкія, чым у Брэст-Літоўску. І тым не менш, я абсалютна перакананы ў тым, што толькі поўнае ап'яненне рэвалюцыйнай фразай здольна штурхаць сяго-таго на адмаўленне падпісаць гэтыя ўмовы. Іменна таму я і пачаў артыкуламі ў «Правде» (за подпісам Карпаў) аб «рэвалюцыйнай фразе» і аб «каросце» бязлітасную барацьбу з рэвалюцыйнай фразай, што я бачыў і бачу ў ёй цяпер найбольшую пагрозу нашай партыі (а значыцца, і рэвалюцыі)».
Праз паўгадзіны артыкул быў гатовы. Ён канчаўся словамі: «Няхай ведае ўсякі: хто супраць неадкладнага, хоць і архіцяжкага міру, той губіць Савецкую ўладу.
Мы вымушаны прайсці праз цяжкі мір. Ён не спыніць рэвалюцыі ў Германіі і ў Еўропе. Мы прымемся рыхтаваць рэвалюцыйную армію не фразамі і воклічамі (як рыхтавалі яе тыя, хто з 7-га студзеня не зрабіў нічога для таго нават каб паспрабаваць спыніць нашы войскі, якія бягуць), а арганізацыйнай работай, справай, стварэннем сур'ёзнай, усенароднай, магутнай арміі».
Ленін выступіў першы — пасля таго, як Свярдлоў зачытаў рускі тэкст нямецкага ультыматуму, і пасля таго, як Троцкі з выглядам мудрага знаўцы паразважаў: сорак восем гадзін, што дадзены на адказ, канчаюцца заўтра ў сем гадзін раніцы. Для чаго былі яму гэтыя інфармацыйныя разважанні? Ці не для таго, каб даць «левым» сігнал — зацягнуць дыскусію да заўтра і такім чынам сарваць прыняцце нямецкіх умоў.
Ленін падумаў пра гэта. Але больш за ўсё Уладзіміра Ілыча абурыла, з якімі поснымі і спакойнымі выразамі на тварах выслухалі ультыматум праціўнікі міру, быццам гэта была звычайная інфармацыя, якую можна паслухаць і забыць. Няўжо людзі не разумеюць, што трэба неадкладна вырашаць — жыць Савецкай уладзе ці быць растаптанай ботамі кайзераўскіх салдат. А вунь Дзяржынскаму ажно заняло дыханне, відаць, сціснула грудная жаба. Збялела Елена Дзмітрыеўна Стасава, рука, якой пісала пратакол, прыкметна трымцела.
Ленін цяжкавата падняўся, хоць на пасяджэннях ЦК часта выступалі седзячы, як і на пасяджэннях Саўнаркома.
Голас Уладзіміра Ільіча быў як бы трохі ахрыплы, так ён часам гучаў у канцы доўгіх і палымяных прамоў, аднак роўны і знешне спакойны. Але сказаў Ленін з той унутранай непахіснай рашучасцю, якую большасць прысутных добра ведалі. Сказаў тое, што гадзіну назад напісаў у артыкуле «Мір ці вайна?».
— Месяц назад у сваіх тэзісах аб міры я пісаў, што калі мы адмовімся падпісаць той мір, які нам прапануюць, то мацнейшыя паражэнні прымусяць Расію заключыць яшчэ больш нявыгадны сепаратны мір. Выйшла яшчэ горш, бо наша адступаючая і дэмабілізуючаяся армія зусім адмаўляецца ваяваць. Толькі нястрымная фраза можа штурхаць Расію пры такіх умовах, у такі момант на вайну. Я заяўляю, што ні секунды не застануся ні ва ўрадзе, ні ў ЦК, калі палітыка фраз возьме верх. Я буду змагацца супраць тых, хто сваім бяздумным фразёрствам губіць рэвалюцыю. Рэвалюцыйныя партыі, якія строга трымаліся рэвалюцыйных лозунгаў, многа разоў ужо ў гісторыі захворвалі рэвалюцыйнай фразай і гінулі ад гэтага. Мы вымушаны прайсці праз цяжкі мір.
Ультыматум Леніна быў выбухам бомбы. Уміг змяніліся ўсе твары. Цяпер ні ў каго не было ўжо робленай раўнадушнасці: маўляў, колькі разоў гаворым пра адно і тое ж, абвясцілі б «рэвалюцыйную вайну» і ўсе ганяліся б канкрэтнай справай.
На тварах розных людзей адбіліся самыя розныя пачуцці: здзіўленне, ашаломленасць, спалох, трывога, як паводзіць сябе, што сказаць, што зрабіць? Пераможна ўсміхнуўся адзін Ломаў, якому да канца жыцця будзе сорамна за гэтую ўсмешку і за словы, якія ён скажа крыху пазней.
Ленін сеў.
Наступіла паўза.
У Троцкага менш чым у каго пачуцці адбіліся на твары. Аднак, стаіўшы дыханне, ён слухаў, як учашчаюцца ўдары яго сэрца. Мозг апякла думка: ці не наступіў той час, пра які ён марыў яшчэ ў маладосці і мару гэтую песціў усё жыццё. Але няма сумнення, што за Леніным пойдзе большасць партыі і народа. Пры яго аўтарытэце інакш не можа быць, і ніякімі самымі палымянымі заклікамі ён, Троцкі, людзей гэтых не паверне ў свой бок. Паглядзеў на Бухарына. Ён — апора? У гэтага — ніякай пазіцыі. Ён ужо разгубіўся: вачэй не адрывае ад тэксту нямецкіх умоў, што ляжаць перад ім. Баіцца глянуць на Леніна, на яго аднадумцаў.
Нахабна і смела глядзіць Ломаў-Апокаў. Але Ломаў заўтра гэтак жа выступіць і супраць яго, Троцкага. Ды і што за палітык Ломаў? Практык. Як Іофе. Як Урыцкі. Дзяржынскі? Гэты быў і заўсёды будзе з Леніным.
Сталін нервова ламае запалкі, хоча запаліць люльку, якая яшчэ не патухла, і, бадай, з нянавісцю глядзіць на яго, Троцкага. Ад такога позірку стала нават трохі страшнавата. У Свярдлова цвёрды аўтарытэт у ЦВК, і гэты — бескампрамісны ленінец.
Гэтак жа лёгка, як завёўся, Троцкі супакоіў сябе.
Паўза зацягвалася. Здаецца, ніхто яшчэ не гатовы гаварыць. Гэта выгадна — пачаць першаму і «разрадзіць атмасферу». Троцкі гэта ўмеў, недарэмна калегі прызнавалі яго дыпламатычныя якасці.
— Я здзіўлены заявай Леніна. Так, Уладзімір Ільіч, палемізаваць нельга...
— Гэта не палеміка, гэта — ультыматум. Хопіць слоў! — не стрымаўся Ленін.
— Але давайце паразважаем без эмоцый,— заклікаў Троцкі.— Весці рэвалюцыйную вайну пры расколе
ў партыі мы не можам. Пры тых умовах, якія могуць стварыцца, наша партыя не ў сілах кіраваць вайной, тым больш што многія прыхільнікі вайны не жадаюць купіць матэрыяльныя сродкі для вядзення вайны ў дзяржаў Антанты. Але падпісаць гэты ўнізіцельны мір?!. Ніякія доказы Леніна мяне не пераконваюць. Каб у нас была аднадумнасць, мы здолелі б арганізаваць абарону. Безумоўна, напачатку нам прыйшлося б адступіць. Але мы не апынуліся б у бязвыхадным становішчы, каб нават былі вымушаны здаць Піцер і Маскву. Мы трымалі б увесь свет у напружанасці. Калі ж мы падпішам вось гэты нямецкі ультыматум, то заўтра мы будзем мець новы ультыматум. Усе фармуліроўкі яго такія, што даюць магчымасць далейшых ультыматумаў. Нарэшце, падпісаўшы такі ганебны мір, мы страцім апору ў перадавых элементах пралетарыяту. Але паўтараю: для вядзення вайны трэба максімальная аднадумнасць. Паколькі яе няма, я на сябе не вазьму адказнасці галасаваць за вайну.
Хіба не ўзор дзеяння па прынцыпу: і нашым, і вашым? Даўняя тактыка Троцкага: сутыкаць праціўнікаў ілбамі, падбухторваць тых, хто супраць Леніна, а сабе прысвойваць ролю аб'ектыўнага суддзі.
Выступленне Троцкага натхніла Бухарына. Лідэр «левых» быў непамерна больш ваяўнічы, чым на пасяджэнні васемнаццатага лютага. Ён падрабязна разбіраў усе дзесяць пунктаў нямецкага ультыматуму, даводзячы, якая пагроза тоіцца ў кожным з нахабных рабаўніцкіх патрабаванняў.
Разгублены ў сітуацыі, якая абвастрылася, Сталін прапанаваў нерэальнае: міру не падпісваць, але перагаворы пачаць.
Дзяржынскі сказаў, што ён таксама не можа галасаваць за вайну. Але ён і Стасава ўпікнулі Леніна за бескампраміснасць.
Уладзімір Ільіч тут жа адказаў, на гэты раз не ўстаючы:
— Некаторыя папракаюць мяне за ультыматум. Я. яго стаўлю ў крайнім выпадку. Адказваю папярэднім прамоўцам. Калі тут гавораць аб міжнароднай грамадзянскай вайне, то гэта здзек і невуцтва. Грамадзянская вайна ёсць у Расіі, але яе няма ў Германіі. Наша агітацыя застаецца. Мы агітуем не словам, а рэвалюцыяй. І гэта застаецца. Сталін не правы, калі ён кажа, што можна не падпісваць. Гэтыя ўмовы трэба падпісаць. Калі вы іх не падпішаце, то вы падпішаце смяротны прыгавор Савецкай уладзе цераз тры тыдні. Гэтыя ўмовы Савецкай улады не чапаюць. У мяне няма ні малейшага хістання. Я стаўлю ультыматум не для таго, каб яго здымаць, калі пераможа рэвалюцыйная фраза. Умовы трэба падпісаць! Калі потым будзе новы нямецкі ультыматум, то ён будзе ў новай сітуацыі.
Пасля паўторных выступленняў Бухарына і Сталіна, які на гэты раз згадзіўся, што ўмовы трэба неадкладна прыняць, раптам вылез Ломаў і сказаў тое, чаго не адважыўся сказаць ніхто:
— Калі Ленін пагражае адстаўкай, то дарэмна палохаюцца. Трэба браць уладу без Леніна.
Усім зрабілася няёмка. Усе насцярожыліся. Стасава абурылася:
— Ну, ведаеце!
Дзяржынскі імкліва падняўся і, напэўна, каб адвесці ўвагу ад гэтай тэмы, прапанаваў зрабіць перапынак, каб звязацца са штабам і атрымаць апошнюю інфармацыю аб становішчы на фронце. Ён аспрэчыў Зіноўева, які перад гэтым даводзіў неабходнасць падпісання міру тым, што маляваў абстаноўку ў Петраградзе і краіне ў самых змрочных фарбах: усюды песімізм, няўпэўненасць, паніка, хлеба няма, патронаў няма. Старшыня Петраградскага Сазета або не ведаў, або знарок хаваў той уздым, які панаваў сярод рабочых пасля ленінскага Дэкрэта-зварота «Сацыялістычная Айчына ў небяспецы!».
Паколькі атмасфера на пасяджэнні накалялася, зноў выступіў «голуб» Троцкі. Ён пачаў разважаць наконт таго, што самае правільнае было б, каб Каменеў і Іофе яшчэ ў снежні падпісалі мірны дагавор. Але тады, маўляў, сам Ленін стаяў за тое, каб зацягваць перагаворы, што, маўляў, не было яснасці прычын, чаму мы яго заключаем.
Троцкі ўсё пераварочваў дагары нагамі. Троцкі не жадаў успомніць, што для Леніна ўсё было ясна яшчэ ў тую кастрычніцкую ноч, калі ён уласнаручна пісаў Дэкрэт аб міры. Зацягванне перагавораў было не толькі тактычным, але і стратэгічным ходам з мэтай рэвалюцыянізацыі пралетарыяту Германіі і краін Антанты. Троцкі ўпікнуў Леніна:
— Ільіч ухіліўся і не абараняў маёй пазіцыі, калі яна праходзіла. Не магу згадзіцца, што ёсць толькі адзін выхад са становішча. Небяспека нам пагражае і на шляху міру, і на шляху рэвалюцыйнай вайны. Можа быць сярэдняя пазіцыя.
Гэта значыць яго, Троцкага.
Далей Троцкі сказаў:
— У пазіцыі Леніна многа суб'ектывізму. У мяне няма ўпэўненасці, што пазіцыя яго правільная, але я нічым не хачу перашкаджаць адзінству партыі, насупраць, буду памагаць, чым магу. Але я не магу заставацца і несці персанальную адказнасць за замежныя справы.
У гэтых словах — увесь Троцкі, уся яго дэмагогія, усё фарысейства. Ён — за Леніна і супраць Леніна. Ён — за мір, але супраць прыняцця нямецкіх умоў. Ён — за адзінства партыі, але сваёй адстаўкай дае сігнал хаўруснікам.
Ленін зразумеў манеўр Троцкага. Выступіў зноў. Давёў, што без арміі мы не застанёмся, што «дагавор можна тлумачыць, і мы яго будзем тлумачыць». Дэмабілізацыю, якую патрабуюць немцы, можна тлумачыць у чыста ваенным сэнсе. Немцы не патрабуюць замены палітычнага ладу, і мы не дамо ім умешвацца ва ўнутраныя справы Савецкай рэспублікі.
— Я ні секунды не сумняваюся, што масы за мір!
Ленін патрабаваў галасавання па трох пунктах:
Ці прыняць неадкладна нямецкія прапановы?
Ці рыхтаваць неадкладна рэвалюцыйную вайну?
Ці рабіць неадкладна апытанне сярод савецкіх выбаршчыкаў Петраграда і Масквы?
Толькі геній Леніна мог прыдумаць такое простае і мудрае спалучэнне пытанняў, па якіх належала прыняць рашэнні. Хто выступіць супраць таго, што да рэвалюцыйнай вайны трэба рыхтавацца? Ніхто, безумоўна. Гэта заспакоіць «левых». Праціўнікі міру добра разумеюць, што савецкія выбаршчыкі — пралетарыят (буржуі права голасу пазбаўлены) — выкажуцца за мір. Паспрабуйце, Бухарын і Ломаў, прагаласаваць супраць апытання пралетарыяту дзвюх сталіц!
Ленінскі разлік быў дакладны.
За падрыхтоўку вайны прагаласавалі ўсе пятнаццаць членаў ЦК.
За апытанне выбаршчыкаў — адзінаццаць, бухарынцы ўстрымаліся. Але галоўнае — неадкладнае прыняцце нямецкіх умоў.
Елена Дзмітрыеўна Стасава, якая пэўны час была пад уплывам «левых», аддала свой голас за Леніна. Сем чалавек прагаласавала за мір, чацвёра — група Бухарына — супраць, чацвёра ўстрымаліся; Троцкі і Іофе, якія сарвалі падпісанне міру на значна лягчэйшых, брэсцкіх, умовах, на гэты раз устрымаліся.
Цяжкая, але перамога!
Уладзімір Ільіч адчуў палёгку. Можна лічыць, што рэспубліка ўратавана. Уратаваны ад смерці сотні тысяч людзей. Уратаваны дзеці ад сіроцтва, маці іх ад горкага ўдовінага лёсу.
Ленін расслаблена адкінуўся на спінку крэсла. На міг заплюшчыў вочы, слухаючы, як сціхае пульсацыя крыві ў скронях, у патыліцы. Пры знешнім спакоі ён моцна хваляваўся. Як учасціўся пульс! Як забалела галава! Добра было б хоць паўгадзіны адпачыць на адзіноце, у цішыні... Не, не ў кабінеце. Каб прайсціся па лесе. Але хіба можна здзейсніць такую мару? Трэба хутчэй, як можна хутчэй склікаць Цэнтральны Выканаўчы Камітэт Саветаў і, не марудзячы ні хвіліны, паслаць нямецкаму ўраду радыёграму і тэрмінова рыхтаваць мірную дэлегацыю. Колькі спраў! А людзі гэтыя ўсё яшчэ працягваюць да крыўднага недарэчную барацьбу.
Падняўся Урыцкі і ад свайго імя, ад імя Бухарына, Ломава, Бубнава і Якаўлевай прачытаў заяву, што, не жадаючы несці адказнасць за прынятае рашэнне, яны ўходзяць з усіх адказных партыйных і савецкіх пасад.
Ленін адзначыў, што ніхто тут заяву не пісаў, яна была падрыхтавана загадзя. Гэта амаль развесяліла: значыцца, не верылі «левыя» ў сваю перамогу.
Ленін стаў добры. Падтрымаў прапанову Свярдлова, каб да з'езда партыі ўсе заставаліся на сваіх месцах.
Ломаў. Уладзімір Ільіч, ці дапускаеце вы нямую або адкрытую агітацыю супраць падпісання міру?
Ленін. Дапускаю.
Сталін. Ці не азначае выхад з ЦК выхад з партыі?
«Левыя» абурана зашумелі.
Ленін. Выхад з ЦК не азначае выхаду з партыі. У нас ёсць тры дні да падпісання, дванаццаць да ратыфікацыі. За гэты час мы можам атрымаць думку партыі.
«Левыя» пачалі «таргавацца», як капрызныя дзеці. Маўляў, калі ім дадуць свабоду агітацыі, то ў такім разе яны застануцца на сваіх пасадах.
Ленін прыкінуў, што за два-тры дні, якія засталіся да падпісання міру, агітацыя «левых» будзе пустой балбатнёй, якую можа падтрымаць хіба толькі буржуазія. Нішто сабе архірэвалюцыянеры, якіх падтрымае контррэвалюцыя! Няхай агітуюць. Галоўнае — сёння на пасяджэнні ЦВК атрымаць большасць! Ленін спакойна растлумачыў статутнае правіла: агітаваць «левыя» маюць права, але галасаваць супраць рашэння ЦК у савецкіх органах не могуць. І прапанаваў: у фракцыі і на пасяджэнні ЦВК .праціўнікам міру лепш за ўсё ў часе галасавання выходзіць з залы.
Гэта ўтаймавала «левых» крыкуноў.
У пяць гадзін раніцы Ленін напісаў і падпісаў Пастанову СНК: «Згодна з рашэннем, прынятым Цэнтральным Выканаўчым Камітэтам Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў 24 лютага ў 41/2 гадзіны ночы, Савет Народных Камісараў пастанавіў умовы міру, прапанаваныя германскім урадам, прыняць і выслаць дэлегацыю ў Брэст-Літоўск».
Выла завіруха. Заносіла паляну і будынкі на ёй снегам. Бор гудзеў і трашчаў. Шалёны вецер зламаў старую сасну, і яна, упаўшы, пабурыла гумно. На таку, вакол вогнішча, што гарэла ў выкапанай яме, грэліся людзі. У гумне яны і начавалі. У ёўні добра напалілі. Партызаны самі аблюбавалі гэтае гумно, бо ў невялікай леснічоўцы ўвесь атрад не мог размясціцца, там засталіся камандзіры, раненыя салдаты-батарэйцы, якім удалося адступіць пасля таго, як батарэю накрылі агнём нямецкія гарматы, ды сяляне — хто старэйшы ды са слабейшым здароўем.
У гумне былі маладыя. А дзе моладзь — там весялосць нават у самыя цяжкія, здавалася б, безвыходныя хвіліны. Партызаны расказвалі вясёлыя прыгоды.
У хаце панавалі панурасць і смутак. Можа, нават роспач. Стагналі раненыя. Паміж імі, пераступаючы цераз людзей, тыграм хадзіў Бульба-Любецкі і мацюкаў усё на свеце — немцаў, бога, непагадзь... Учора паспрабаваў вылаяць бальшавікоў: «Давялі Расію, такую іх...» Але Антон Рудкоўскі вызверыўся на яго: «Ты — эсэраўская контра! Я цябе за такія словы!» Вялікага тэрарыста, які страляў у губернатараў і жандараў, называў у вочы дзярмом міністраў і генералаў, ашаламіў такі гнеў камандзіра атрада, селяніна, матроса, і ён адступіў, можа, упершыню — толькі прымірэнча буркнуў: «Ну і эфіоп ты!» — і больш не чапаў бальшавікоў, ды і анархісцкія погляды свае на ўсё тое, што адбываецца ў Расіі і ў свеце, выказваў не з тым бязлітасным сарказмам, з якім некалі выказваў самому Керанскаму, а нядаўна, у дзень, калі пачалося нямецкае наступленне,— Багуновічу.
Сяляне — не тая аўдыторыя, каб гаварыць ім пра высокую палітыку з нігілістычнай уедлівасцю. Чаго добрага — такі фанатык, як Рудкоўскі, не зразумее і паставіць да сцяны. А ўвогуле Бульбе падабаліся гэтыя людзі, простыя, шчырыя, нават у такіх умовах вясёлыя. І Рудкоўскі падабаўся, хоць весялосці ў яго няма. Ды і адкуль ёй узяцца? У самога яго, у чалавека, які смяяўся на судзе, дзе яму выносілі смяротны прыгавор, настрой жахлівы, такі быў хіба тады, калі атрымаў праз сяброў вестку пра смерць у турме Надзі.
Бульба прызнаў, што Рудкоўскага ён паважае. За пераконанасць. Мэтанакіраванасць. Рабіў рэвалюцыю. Стварыў першую камуну. І перад нямецкім наступленнем не разгубіўся. Яшчэ тады, калі «русское славное воинство» (без уедлівасці Бульба не мог) разбягалася ад перамір'я, ад цішыні, Рудкоўскі рыхтаваў партызанскі атрад. Стратэг, чортаў сын. Самародак. І цяпер поўны рашучасці змагацца. І няма сумнення — будзе біць немцаў. Калі такіх Рудкоўскіх на гэтай зямлі нямала, сабачае жыццё тут будзе тэўтонскім ваўкам. Гэта Бульбе было вельмі даспадобы. З такімі хлопцамі можна «пагуляць» і яму па беларускім лесе, пачысціць свет ад погані.
У сваю чаргу Рудкоўскі, ведаючы з расказу Багуновіча біяграфію Бульбы-Дюбецкага, таксама не мог не паважаць яго. Лічыў, што карысна мець такога памочніка — адукаванага афіцэра, бясстрашнага чалавека і ў той жа час па-мужыцку свойскага, без панскіх мух у носе. Вунь як хлопцы палюбілі яго за два дні! Праўда, залішне гарачая галава і задужа анархізму. Але гэта не страшна, гэта, можа, нават добра для партызанства. Абы не вёў эсэраўскай агітацыі. Наконт гэтага трэба адразу паставіць яго на месца!
Рудкоўскі сядзеў за сталом у покуці і чытаў старую, трохтыднёвай даўнасці, «Правду», яшчэ з рэзалюцыямі Трэцяга з'езда Саветаў. Больш чытаць не было чаго. Акрамя таго, што чытанне хоць на колькі хвілін адцягвала ад цяжкіх думак — пра лёс камунараў, пра лёс сябра яго старшыні Савета Піліпа Калачыка — дзе ён, што з ім? — пра лёс рэвалюцыі — вунь якая сілішча паперла на Расію! Хто яе спыніць, калі армія сапраўды такі распалася? — газетай, што бранявым шчытом, ён адгароджваўся ад злосных, уедлівых заўваг Бульбы, з якіх усё ж вытыркаліся рогі калі не адкрытай эсэраўшчыны, то анархічнасці.
Адзін з раненых гучна стагнаў, хоць, здавалася, быў ён не самы цяжкі.
Бульба спыніўся над ім, цыкнуў:
— Сціхні! Не скуголь! Наганяеш нуду на ўсіх добрых людзей. Падумаеш, пашкуматавала табе задніцу. Не падстаўляй пад нямецкі снарад.
Салдат праз слёзы адказаў:
— Эх, грамадзянін камандзір! А яшчэ называеш сябе сацыялістам!
Назара ўразіла, што салдат папракнуў яго вось так — ветліва, але са знявагай да эсэрства; відаць, адукаваны хлопец, напэўна, бальшавік; за два дні камандавання батарэяй у яго не было часу ўзнаць людзей, тым больш іх партыйную прыналежнасць, не да таго было. Ён схіліўся над салдатам, каб бяскрыўдным жартам загладзіць сваю бестактоўнасць. Хацеў сказаць: «Прабач, брат, я няўдала пажартаваў. Усе мы стогнем. Толькі кожны па-свойму. Я лаюся. Рудкоўскі чытае газету». Але ад ног салдата патыхнула гнойным смуродам. Назар адхіснуўся.
У леснічоўцы паветра было цяжкае.
Ляснік, які залішне верна служыў графу Хадкевічу, адразу пасля рэвалюцыі ўцёк, баючыся помсты сялян. Хата тры месяцы не апальвалася, таму печ, пакуль нагрэлася, бязлітасна дыміла і ўсё пракурыла — сцены, вопратку, людзей. У хаце пераначавалі чалавек дваццаць, з іх палавіна былі раненыя. Пахла крывёю, потам. Амаль усе курылі, але тытуню не хапала, і ў яго дамешвалі сухі мох, дубовае лісце, што засталося зімаваць на маладым дубе за хлевам. Словам, пахаў, самых розных, у леснічоўцы хапала. Але вось такога, гнойнага, пакуль што не было. А Бульба, які неаднойчы выносіў з нямецкага тылу сваіх раненых разведчыкаў, добра помніў гэты злавесны смурод і ведаў, што гэта такое. Гангрэна. Тэрарыст, які не адступаў ні перад якім ворагам, які хоць і мацюкаўся, але ўмеў і падбадзёрыць, што таксама падабалася маўкліваму Рудкоўскаму, разгублена спіхнуў, настрой яго ўпаў да нулявой адзнакі. Вырвалася роспач:
— Эх, напіцца б, такую яго!
Рудкоўскі адарваўся ад газеты, сказаў спакойна:
— Напіся.
— Чаго?
— Вунь вада ў вядры.
Здзіўлены Бульба спыніўся перад сталом.
— А ты, матрос, гумарыст. Толькі дарэмна ты не слухаеш мяне. У разведку павінен быў ехаць я! З Мустафой. Дзе твае разведчыкі? Калі яны не перабежчыкі...
— Ну, гэта ты мне кінь! — з гнеўным выразам на твары падняўся за сталом камандзір атрада.
— Значыцца, злавілі варону...
— Не каркай,— ужо больш лагодна сказаў Рудкоўскі.
Разведчыкі, двое, на конях, былі пасланы ў маёнтак і ў сяло ўчора ўвечары — узнаць пра лёс палка, камунараў, пра сілы немцаў. Прайшла ноч, паўдня, а разведчыкі не вярнуліся. Рудкоўскаму гэта балела больш, чым каму. Ён сам разумеў, што здарылася бяда. І, не верачы ў бога, маліў, каб толькі яны не трапілі ў палон. Няхай ужо лепш адразу куля. Каб не катавалі. Балела яму не толькі як камандзіру: адзін з разведчыкаў семнаццацігадовы цёзка Антон — яго пляменнік, сын сястры. Як глянуць Ганне ў вочы? Яна так прасіла яго берагчы сына.
Сасна бухнула так, што, напэўна, усім у леснічоўцы здалося, што блізка, тут, на паляне, ударыла гаўбіца. Хто мог падняцца, схапілі вінтоўкі, кінуліся да дзвярэй. Пасля таго, як выбеглі здаровыя, папаўзлі да адчыненых дзвярэй раненыя. Шалёны вецер кінуў ім у твар зарады калючага снегу, завыў у коміне печы.
Першым убачыў, што здарылася, лесаруб Герась Леска, ён добра помніў, як падае спіленае ці зламанае дрэва.
— Гумно! Хлопцы! Накрыла гумно!
Рудкоўскі, збялелы, скачучы цераз сумёты, пабег да гумна. Бульба-Любецкі не адставаў ад яго.
Рудкоўскі шаптаў:
— Ах, божа, адна бяда не ходзіць.
Бульба адразу сцяміў, што страшнае не павінна было здарыцца, бо сасна ўдарыла па вугле, раструшчыла струхнелую сцяну, але кроквы аселі на складзеную ў гумне салому і гэта не дало страсе рушыцца пасярод, над токам.
— Жывыя вы там, харобрыя воіны?
— Жывыя,— адказаў амаль вясёлы голас.
— Чэрці! Чуеш, камандзір, яны яшчэ смяюцца? А ў нас душа ў пятках. Камандзір за вас богу маліўся.
Рудкоўскі збянтэжыўся і ўзлаваўся:
— Ну, вярзеш ты, капітан, чорт ведае што! Калі гэта я маліўся?
— Няважна — калі. Галоўнае, што бог цябе чуе, хоць ты і бальшавік.
— Не мялі ты лухту!
— А я твой аўтарытэт узнімаю...
Бульбу толькі зачапі, дык ён у любой сітуацыі будзе сушыць зубы.
Рудкоўскі ўладна закамандаваў:
— У вароты не выходзіць! Вылазьце праз страху над ёўняй.
Калі хлопцы пачалі вылазіць па адным і скачваліся са страхі ў гурбы снегу, іх сустракалі смехам і жартамі.
Антона Рудкоўскага такія жарты амаль абражалі: чаму такая бестурботнасць, калі становішча — горш не прыдумаеш.
Назар Бульба лепш разумеў людзей і, хоць настрой у яго быў сабачы, выкідваў адметныя штучкі і людзей падбіваў на жарты.
Для сялян самае, магчыма, цяжкае — сядзець без работы. Таму яны, усе тыя, што начавалі ў ёўні, і тыя, што правялі ноч у леснічоўцы, вельмі ахвотна ўзяліся за рамонт гумна, нягледзячы на сцюжу і завею.
Рудкоўскі таксама адчуў, што толькі праца можа адвесці цяжкія думкі, і тут жа стаў на чале будаўнікоў. Зазвінелі пілы. Застукалі тапары. Людзі заняліся справай.
Тады інтэлігент Бульба-Любецкі адчуў сябе лішнім. Ніколі не быў ён беларучкай, умеў працаваць, бо, хаваючыся ад смяротнага прыгавору, рабіў матросам, качагарам, пастухом у Туркменіі. Але за вайну ні разу не трымаў сякеру. Адвучыўся. А галоўнае — не хацелася працаваць. Адкрыў у сабе такое панства і на нейкі час адчуў сябе лішнім сярод гэтых людзей, якія з такой ахвотай валяць лес, абчэсваюць кроквы, разбіраюць старую паламаную сцяну і страху. Бадай са страхам падумаў: на што ж ён здатны? Забіваць? Сапраўды, у яго ажно свярбела ўсяродку ад жадання вырвацца на шлях, разграміць нямецкі абоз, захапіць трафеі... шнапс... І напіцца. Ад роспачы.
На двары яго ліхаманіла ад холаду і думак. Застаўшыся ў хаце з раненымі, выразна чуючы гангрэнозны пах ног салдата, Назар раптам зразумеў, што роспач яго — ад жаласці да гэтых няшчасных людзей і да тых, што засталіся навечна ў акопах. Ён думаў пра Багуновіча. Дзе ён? Што з ім? У палон Сяргей не мог здацца. З тых, хто быў у акопах, да батарэйцаў, якія адступілі, зняўшы з гармат замкі, далучылася толькі два чалавекі. Адзін расказаў, што бачыў, як агітатарка выскачыла з чырвоным сцягам насустрач нямецкім шарэнгам і яе скасілі кулямёты. Да яе кінуўся камандзір палка...
Расказваў салдат кожны раз па-новаму. Але аднаму Назар верыў: юная ідэалістка магла пайсці на тое, каб спыніць нямецкіх пралетарыяў у шынялях чырвоным сцягам; за ёй, безумоўна, кінуўся Сяргей, не мог не кінуцца. Бульба ўяўляў гэтую карціну і стагнаў ад болю. Толькі тут, у леснічоўцы, ён адчуў, як любіў Багуновіча. У брудзе і крыві шалёнага свету Сярожа заставаўся адзіным рыцарам. А як яму хацелася міру! Для людзей. Для сябе. Трохі не кінуўся з кулакамі, калі ён, Бульба, сказаў, што рыхтуецца «пагуляць» па нямецкіх тылах. Баяўся парушыць перамір'е. Ды парушылі яго не мы, мой сябра. Палітыкі. Кюльман ці Троцкі... чорт іх знае хто. Да палітыкаў Бульба ставіўся з пагардай. Усіх. Манархістаў. Сацыялістаў. Анархістаў.
Гняла бяздзейнасць.
Чаго чакае Рудкоўскі? Трэба ж, нарэшце, памагчы хоць гэтым няшчасным, што, перабінтаваныя парванымі сарочкамі, ляжаць на падлозе, на саломе. Інакш гангрэна можа забіць нават лёгка параненых. У мястэчку, напэўна, ёсць які-небудзь фельчар. Трэба пашукаць! Батарэйных коней прывёў ён, Бульба, і ў яго ёсць права распараджацца імі.
Назар, поўны рашучасці, пайшоў з хаты. На ганку спыніўся, уражаны цішынёй. Не, завея выла па-ранейшаму, гудзеў бор. Але не чуваць было ні піл, ні сякер, ні галасоў. Ажно страшнавата зрабілася ад бязмоўя. Збегшы з ганка, ён глянуў на гумно і спыніўся, ужо зусім ашаломлены. Ад гумна да хаты рухалася дзіўная працэсія. Усе партызаны. Наперадзе іх, як прывіды ці паўночныя мадонны, ішлі дзве жанчыны, у заснежаных хустках, у задубянелых кажухах. Ішлі яны цяжка, зморана, быццам неслі на сваіх плячах труну.
Адну жанчыну капітан пазнаў здалёк — гаспадыня кватэры, дзе жыў Багуновіч, жонка начальніка станцыі пані Альжбета. З ёй сустракаўся многа разоў, калі прыязджаў да сябра. Паноў Назар ненавідзеў, хоць прызнаваў, што непрыкметна сам спаўзае да паразітычнага жыцця. Панства ж пані Альжбеты, яе шляхецкі гонар весела цешыў. Асабліва паразумеліся яны на вяселлі Багуновіча і Міры.
А другая жанчына? Хто другая? Нібыта знаёмая. Але ўспомніць, хто яна, ніяк не мог. Толькі калі працэсія наблізілася, Бульба раптам пазнаў яе. Божа мой! Ды гэта тая прыгажуня і весялуха, што была за дружку ў нявесты. З ёй ён цэлы вечар танцаваў і, падвыпіўшы, прызнаваўся ў каханні. А яна, Стася, па-жаночаму іграючы, весела і звонка рагатала.
Але што з ёй стала? Да яго ідзе зусім старая жанчына, спакутаваная, як пасля цяжкай хваробы, з патухлымі вачамі. Намнога старэйшая Альжбета падтрымлівае яе. А Стася, здавалася, вось-вось асядзе ў снег.
Прайшла яна, як сляпая,— не пазнала яго. Альжбета ж толькі позіркам адказала на яго пачцівы паўпаклон. Але калі ён паспрабаваў памагчы Стасі — узяў пад другую руку, яна затрэслася ўся і злосна вырвала сваю руку, твар яе пакутліва скрывіўся.
Бульба разгубіўся: чаму ёй так непрыемны яго дотык? Чаму партызаны ідуць, як на пахаванні?
У такім маўчанні ўвайшлі ў леснічоўку. Набілася поўная хата людзей. Пасадзіўшы Стасю на ўслон каля драўлянага ложка, што стаяў у куце, Альжбета села каля стала. Скінула кажух, ссунула хустку з галавы, пачала церці далонямі шчокі. Заклапочана спытала:
— Не адмарозіла я шчокі? — быццам іншага клопату ў кабеты не было.— Не, шчокі не адмарозіла. Рукі адмарозіла. Пане Антоне, няхай прынясе хтось снегу. Расцірайце мне рукі,— працягнула іх Рудкоўскаму, што сеў з другога боку стала, насупраць, сказала шэптам, кіўнуўшы на Стасю: — А яна, баюся, ногі адмарозіла. Але не дасць яна расціраць іх. Мой муж знайшоў яе ў пакгаузе. Божа мой, якія звяры! Якія звяры!
Толькі пасля слоў гэтых Назар Бульба-Любецкі зразумеў, што здарылася са Стасяй. Ён трохі не завыў ад болю і гневу. Вялікі тэрарыст быў гуманістам і рыцарам: гвалт над жанчынай лічыў такім жа злачынствам, як прыгнёт цэлага народа. Прысуд гвалтаўнікам у яго мог быць толькі адзін: смерць. Але хіба толькі гвалт зрабілі прышэльцы? Пра што гэта яны гавораць — пані Альжбета і Рудкоўскі?
— І колькі народу яны задушылі газамі? — спытаў камандзір атрада, збялелы.
— Ах, пане Антоне, ніхто добра не ведае. Кажуць, барон-пастар, пан Ёган, насуперак загаду брата, адчыніў вароты і, надзеўшы процівагаз, выводзіў кабет... Але з мужчын... ці выйшаў хто? Кажуць, салдаты адвезлі на могілкі больш за дваццаць трупаў...
— Яны душылі людзей газамі? — спытаў Бульба спачатку амаль шэптам, не адразу паверыўшы таму, што пачуў. Але нельга было не верыць, і ён закрычаў на ўвесь голас: — Яны душылі людзей газамі! Таварышы! Дарагія мае браты! Дык чаго ж мы сядзім тут? Там душаць газамі... там...— асекся, не сказаў пра гвалт.
Партызаны і салдаты абурана загудзелі. Яны гатовы былі ісці следам за Бульбай на любую, самую рызыкоўную аперацыю. Ды Альжбета павысіла голас, каб пачулі ўсе:
— Але гэта не ўсё яшчэ, пане Антоне. Да майго Баранскаса прыходзіла старая Калачыкава, прасіла пагаварыць з баронамі. Барон Артур трымае ў склепе пана Піліпа і пана паручніка...
— Багуновіча? Сярожа жывы? — ажно падскочыў Бульба.
— Кухарка Эльза перадала вяскоўцам: барон Артур сказаў, што іх павесяць, як бальшавікоў, пры ўсім народзе, каля царквы.
— А-а! Сто чарцей! — зноў застагнаў Бульба і выхапіў з ножнаў шаблю, са свістам рассек ёю паветра над галовамі людзей.— Свабода ці смерць!
— Што за хлапчукоўскія конікі? — спакойна і строга ўпікнуў Рудкоўскі раз'ятранага капітана. Але Бульба грымеў ужо на ўсю хату:
— А ты што хочаш? Каб я сядзеў і ўздыхаў, калі нейкі тэўтонскі ўблюдак хоча павесіць майго сябра?.. Дакуль чакаць? Караблі Балтыйскага флоту, матрос, на дапамогу не прыйдуць,— і тут жа звярнуўся да Альжбеты: — Чакайце. Вы кажаце — Артур? Які Артур? Той? Капітан рускага Генеральнага штаба?
— Трэцяга сына ў барона не было.
— Ах, поскудзь тытулаваная! Ах, шулер! Дарэмна я не пусціў яму кулю ў лоб за шулерства. Ну, гад, я цябе дастану з дна марскога! — і да Рудкоўскага з сарказмам: — Можа, і цяпер, камандзір, будзеш трымаць мяне на печы? Дык я табе скажу...
— Не гарачыся. Дай падумаць,— спакойна адказаў Рудкоўскі.
Але пачуліся галасы:
— Чаго там думаць?
— Біць іх, гадаў, трэба!
— Людзей сваіх асвабадзіць!
— Мустафа! Дзе мой мяшок?
Мустафа адказаў з печы, дзе выграваў прастуджаную спіну:
— Мустафа спіць твой мяшок, ваша бродзь.
Колькі маладых пырснулі смехам. Ды тут жа сціхлі.
Увагу ўсіх, хто быў у хаце, прыцягнула іншае. На ложку ляжаў ранены ў жывот салдат, самы цяжкі, усю ноч трызніў. А ў гэты міг апрытомнеў. Праз туман болю і пакут, праз страшныя прывіды ён угледзеў жаночае аблічча — Стасю, што сядзела побач у найгоршай непрытомнасці: не млела фізічна, але далёкая ад усяго, што рабілася навокал, нічога не чула, нічога не прынімала — поўная спустошанасць, больш жахлівая, чым у чалавека, якога пасля катаванняў вядуць на шыбеніцу.
Салдату, пэўна, здалося гэтае жаночае аблічча матчыным, і ён паклікаў зусім па-дзіцячаму, слабым, але поўным надзеі голасам:
— Мама! Мама! Дай мне напіцца.
Гэты знясілены голас пачула і Стася. Павярнула да салдата галаву, угледзелася ў яго твар. І раптам хутка паднялася з услона, схілілася над раненым, пахукала на далоні і асцярожна паклала рукі на яго гарачыя шчокі, пагладзіла іх.
— Родненькі ты мой! Галубчык ты мой, што ж гэта яны з табой зрабілі?
З вачэй яе пырснулі слёзы, буйныя і гарачыя. Яны капалі салдату на твар, на вусны, ён аблізваў іх засмяглым языком,
— Дайце ж яму вады! — гукнула жанчына ахрыплым, але ўжо знаёмым — сваім — голасам.
Старэйшыя мужчыны — вяскоўцы, засланіўшы вочы шапкамі, выходзілі з хаты. Бульба плакаў, не саромеючыся. Рудкоўскі і Альжбета глядзелі на Стасю ўсхвалявана, але, бадай, узрадавана, яны першыя зразумелі, што слёзы гэтыя, матчын клопат аб раненым — яе ачышчэнне ад бруднага гвалту, яе адраджэнне, зварот да жыцця.
Падалі берасцяны карэц з вадой. Стася прыпадняла салдату галаву і паіла яго.
— Пі, мой саколік, пі.
У хаце з'явілася сястра міласэрнасці. Рудкоўскаму стала трохі лягчэй, хоць з'явілася іншая пакута — за яе, за Стасю, і за сваё каханне, якое матрос, абпалены вайной, па-юнацку таіў.
Альжбета здзіўлялася, як хапіла ў іх сілы дайсці: у полі вецер збіваў з ног, у лесе снег — па калена. А ў дадатак — страх. І за яе — не за сябе. За дачку, за Юстыну. Пятрас, праводзячы яе, паабяцаў, што нікуды не адлучыцца з дому. Але ж яго могуць прымусіць пайсці на станцыю. Праўда, тых, што ўчынілі здзек над Стасяй, няма — пайшлі на ўсход. Але ж праз станцыю ідуць эшалоны. А калі нейкі спыніцца і затрымаецца? Ад жахлівых уяўленняў маці ледзь не траціла прытомнасць. Разумеючы, што назад не дойдзе ў гэты дзень, а начаваць не зможа, Альжбета яшчэ ў лесе, як толькі вартавы падвёў да гумна, спытала ў Рудкоўскага, ці ёсць у іх коні.
— Мы вас падвязём, таварыш,— паабяцаў камандзір, не ведаючы, як звяртацца да гэтай пані.
Стасін клопат пра раненага на нейкі час заглушыў і яе трывогу пра дачку; вернасць запавету, што навучылі яе маці, пан ксёндз, а пасля вучыла жыццё — памагчы бліжняму, што апынуўся ў бядзе, і Альжбета таксама занепакоілася аб раненых:
— Ці кармілі вы іх? Калі маеце з чаго, я згатую абед.
Назар Бульба рваўся выратаваць сябра. Але план свой не стаў выкладаць перад усім атрадам.
— Пайшлі, камандзір, параімся.
Раіліся яны нядоўга, схаваўшыся ад завірухі і цікаўных вушэй у хляве, дзе, мірна фыркаючы, хрумсталі сена коні. Мінут праз дзесяць Бульба апантана ўскочыў У хату.
— Мустафа! Мяшок! Брытву!
— Гарыць, да? — незадаволена прабурчаў башкір.
— Гарыць! Гарыць, Батыеў ты сын! У сядле вылечыш задніцу сваю! Прашу прабачэння ў паняў.
— У сядле? — у Мустафы загарэліся вочы, башкір верыў, што сядлом можна вылечыць усё.
Бульба-Любецкі паспешліва, без мыла, толькі змочваючы шчокі гарачай вадой, зморшчыўшыся ад болю, абшкроб трохдзённую шчаціну сваёй барады. Пасля дастаў з мяшка нямецкі афіцэрскі шынель. Памераў. Агледзеў сябе, грэбліва зняў шынель, кінуў на падлогу.
Знайшоў у сваім мяшку пагоны палкоўніка рускай арміі і загадаў Мустафе прышыць іх да свайго зашмальцаванага, але яшчэ элегантнага рускага афіцэрскага шыняля з футравай падкладкай. У Рудкоўскага з'явілася нядобрая думка:
«Пагончыкі хавае. Навошта? Запаслівы. Усё ў яго ёсць — іголка, нітка, спірт (учора Бульба аддаў пляшку спірту прамываць раны). Глядзі — і гранаты! Нямецкія. Мяшок ляжаў на печы, а ў ім гранаты. Рызыкант. Во эсэраўская натура!»
Гранаты Бульба перадаў свайму вернаму збраяносцу — Мустафе. Той засунуў іх пад папругу.
Тым часам на двары запрагалі коней.
Барон Артур Зэйфель-Увараў (другую частку прозвішча ён узяў ад бабулі, графіні Уваравай, каб быць больш рускім) ляжаў на канапе ў сваім кабінеце і курыў, пускаючы з люлькі ў столь адмысловыя колцы шызага дыму. З асалодай удыхаў пах турэцкага тытуню найвышэйшага гатунку.
Нарэшце ён дазволіў сабе гэтак расслабіцца, адпачыць, як кажуць, душой і целам. Упершыню за тры месяцы, пасля таго, як ён з рускай арміі, са штаба Духоніна, ліквідаванага бальшавікамі, перабраўся ў сваю родную, нямецкую, армію, у якую даўно ўжо быў тайна залічаны як разведчык асобага рангу.
Але, толькі дома, ва ўласным маёнтку, у кабінеце, такім родным з маленства, можна вось так адпачыць; гэта не тое, што запляваныя гатэлі ў Брэсце і Баранавічах. Добра, што гэтае быдла, яго батракі, не кранулі кабінета, не спалілі бібліятэку. Засталіся не толькі кнігі, але і карціны. Яго гэта і моцна здзіўляла, і вельмі ўзрадавала. Азіраючы сваё некранутае багацце, барон ажно раставаў ад задавальнення. Але тут жа хмурыўся, прыгадваючы страты. Што бібліятэка? Жывёлы няма, з'елі бандыты. Кароў. Свіней. Коней. Свірны пустыя. Убачыўшы ўсё гэта ў дзень уступлення сюды нямецкіх войск, Зэйфель пасінеў ад гневу, за багацце сваё ён гатовы быў задушыць газамі не толькі былых батракоў, што стварылі камуну («Я пакажу ім камуну! У магіле яны будуць ляжаць камунай!» — крычаў ён), але і ўсё сяло, усё наваколле. У той дзень ён напэўна зрабіў бы гэта, каб не брат Ёган. Гэты кульгавы лютэранін, святы сям'і Зэйфеляў, не толькі не даў падушыць усіх камунараў. Ён ратаваў сяло, палонных салдат...
Яны моцна пасварыліся. Брат абразіўся. Цяпер, улагоджаны і заспакоены, Артур адчуваў сваю віну перад Еганам і думаў, як памірыцца з ім. Урэшце, брат меў рацыю. На гуманнасць можна плюнуць. Але не думаць аб прэстыжы сям'і нельга. А яшчэ больш думаць аб бяспецы на будучае: у кожнага з батракоў блізка ці далёка ёсць сваякі, і яны могуць помсціць... А ўтаймаваць гэтую стыхію не адразу ўдасца і немцам.
«Але, душыць газамі не варта было»,— згадзіўся барон. Звесткі пра гэта ў бальшавіцкай прэсе лёгка абвергнуць. Ды наўрад ці бальшавікі ўтрымаюцца. Не для таго нямецкая армія перайшла ў наступленне, каб спыніцца, заключыць мір. Праз тыдзень-два яна ўступіць у Петраград. Пра гэта гаварыў генерал Гофман на нарадзе ў Брэсце. Горш, калі пра ўдушэнне людзей надрукуюць газеты. А газеты такія ёсць — сацыял-дэмакратычныя.
Барона ажно закалаціла. Заражаны рускім духам, духам вольнасці, што панаваў у Стаўцы пасля Лютаўскай рэвалюцыі, калі манархічныя пачуцці пачалі лічыцца анахранізмам, Зэйфель вылаяў у думках кайзера Вільгельма. Стары барон! Чаму ён няньчыцца з гэтымі сацыял-дэмакратамі? Ім нават даецца трыбуна ў бундэстагу, каб выступалі супраць вайны. Перавешаць іх трэба было даўно ўсіх — і левых, і правых!
Але, Ёган меў рацыю: гнеў, пачуццё помсты — не лепшыя дарадцы, лепш, відаць, яго, евангельскае, дараванне, багаслоўская развага.
«Добра, брат, я перапрашу цябе. Даруй». Акрамя ўсяго іншага, Артур быў удзячны брату за тое, што той яшчэ два гады назад адмовіўся ад часткі сваёй спадчыны на яго карысць. Маўляў, таму, хто прысвяціў сябе служэнню богу, багацце не патрэбна. Ён абвясціў пра гэта на сямейным савеце, але юрыдычна не паспеў аформіць. Дакумент ёсць толькі на дом у Кёнігсбергу. Чаго добрага, пакрыўджаны брат перадасць сваю долю «брацтву» — ордэну манахаў — ханжэй і п'янюг, гультаёў, якімі ён, баявы афіцэр, глыбока пагарджаў. «Абяцаю табе, Ёган, душыць газамі больш нікога не буду. Але я не святы Езус і нават не талстовец, каб дараваць сваім ворагам. Кару яны панясуць. Гэтыя двое — першыя».
«Гэтыя двое» — Багуновіч і Калачык. На іх у барона была асаблівая лютая злосць. Аднак самая моцная — супраць афіцэра, што прадаўся бальшавікам. За яго здраду... За тое, што ён таксама рабаваў фальварак. Як высвятляецца, салдат сваіх ён карміў хлебам з яго свірнаў, мясам з яго аборы і свінарніка. А яшчэ гнеў Артура Зэйфеля кіпеў, калі ён успамінаў пра страты, якія панесла нямецкая дывізія.
У яго быў узлёт. Жалезны крыж, званне маёра, калі ён перайшоў да сваіх. З ім раіўся сам Гофман. Начальнік штаба Усходняга фронту прыкамандзіраваў яго да корпуса генерала Шульца, які павінен быў нанесці ўдар у раёне баронскіх уладанняў і паабапал іх, карацей кажучы, у раёне, які ён, паляўнічы, аб'ездзіў з маленства, да якога меў асаблівую цікавасць, а таму больш уважліва вывучаў рускую абарону ў гэтым раёне. Ён радаваўся такому назначэнню: яго прысутнасць уратуе маёнтак ад разрабавання нямецкімі салдатамі, якія таксама сталі што галодныя шакалы.
Ён узначаліў разведку корпуса. Але яго даныя аб магчымым супраціўленні рускіх хутчэй былі яго жаданнем, чым вынікамі сур'ёзнай разведкі. І полк Багуновіча, якога, па яго разліках, не павінна было існаваць, і полк нейкага Чарназёмава, пра які ён увогуле не меў ніякіх звестак, аказалі нечакана моцнае супраціўленне, палеглі ці ранены сотні нямецкіх салдат. Шульц выказаў сваю незадаволенасць.
Пустымі, як ён і меркаваў, былі толькі акопы палка яго знаёмага Бульбы-Любецкага. Але далёка ў глыбіні пушчы разгромлены два нямецкія абозы. Вельмі можа быць, што гэта работа эсэраўскага тэрарыста, яны і супраць цара так дзейнічалі.
Шульц лёгка згадзіўся даць яму двухтыднёвы адпачынак, каб уладкаваць свае справы. Але адпачынак гэты трывожыў Зэйфеля. Ці не хочуць ад яго такім чынам пазбавіцца, не даць здабыць лаўры перамогі?
Трэба хутчэй скончыць справы ў маёнтку. Сёння прыехаў з Кёнігсберга бацька. Гэта ўсцешыла: стары барон не падобны да свайго сына Ёгана, у яго хапае нямецкай дзелавітасці, каб заняцца гаспадарчымі клопатамі. Значыцца, на яго долю па-ранейшаму застаюцца ваенныя справы.
Артур зацягнуўся і пыхнуў бясформенным клубам дыму, ажно з люлькі сыпанулі іскры.
Як жа пакараць гэтых двух?
Зэйфель ведаў, што Багуновіч, пераапрануты ў салдацкую вопратку, прыходзіў пад час братання ў нямецкія часці, таму хацелася асудзіць яго трыбуналам за шпіянаж і асабіста прысутнічаць пры расстрэле, паглядзець, як будзе паміраць бальшавік. Усе яны харобрыя, пакуль... Хоць не, рускія бываюць фанатыкамі.
Аднак слінявыя гуманісты ва ўпраўленні па справах ваеннапалонных не знайшлі падстаў, каб перадаць палоннага камандзіра палка трыбуналу. Добра, што ў спешцы наступлення яны забыліся на яго.
Старога Калачыка, арганізатара Савета, барон вырашыў павесіць на сельскай плошчы, сабраўшы народ з усяго наваколля. Хай глядзяць і ведаюць, што так будзе з кожным, хто пасягне на святое права дваранскага роду — уладаць землямі, маёнткам, млынамі, вось гэтай бібліятэкай, карцінамі вядомых майстроў. Але суду над Калачыкам ён хацеў надаць хоць якуюсь законнасць і сёння з раніцы займаўся арганізацыяй у воласці цывільнай адміністрацыі.
Добра было б, каб сялянскі суд асудзіў і Багуновіча. Здаецца, ёсць зачэпка. У Хвядоса Кілаватага, што назначаны старастам, забілі сына. Можна даказаць, што забіў асабіста Багуновіч. Між іншым, расказваюць, што камандзір палка застрэліў афіцэра, які пакінуў акопы. Трэба даследаваць. У адкрытым судзе трэба мець факты. Знайсці былых царскіх суддзяў, адвакатаў. Судзіць не па нямецкіх — па рускіх, па царскіх, кодэксах.
«А можа, прасцей — пры спробе ўцячы?»
У барона ажно засвярбела далонь ад жадання сціснуць рукаятку пісталета і пусціць кулю ў спіну ненавіснаму чалавеку. Але праз момант адмовіўся ад такой думкі. Багуновіч кантужаны, нічога не чуе, таму абыякавы да ўсяго, што адбываецца навокал. Ніяк не зрэагаваў нават тады, калі ён, Зэйфель, пры допыце, не паверыўшы ў глухату, тыцкнуў яму ў зубы дулам рэвальвера і раскрывяніў губу.
Не, страляць у глухога нецікава.
«Якую ж кару табе прыдумаць, таварыш бальшавік? Аднак якімі клопатамі я забіваю сабе галаву. Малайчына бацька. Ён і ў непагадзь пайшоў у абору, каб паглядзець, як даглядаюць кароў, што ўцалелі пасля мужыцкага разгрому».
А завея добра такі разгулялася. Некалі яго старая нянька, беларуска, называла гэта Стрэчаннем — зіма сустракаецца з вясной. Што ж, вясна блізка, з ёй прыйдуць новыя радасці. Скончыцца вайна перамогай Германіі. Ах, як шуміць парк! Колькі ў гэтым шуме роднага, успамінаў залатога маленства.
Барон падняўся, падышоў да паліцы.
Што б гэта пачытаць? Гётэ? Ці Пушкіна?
Буря мглою небо кроет, Вихри снежные крутя...
У дзверы асцярожна пастукалі. Атрымаўшы дазвол, увайшоў камердынер — барадаты, у ліўрэі, латышскі немец Фрыдрых, якога яшчэ тады, калі Артур быў юнкерам, яны жартам называлі Фрыдрыхам Вялікім; у лістападзе ён правёў бацьку па лесе праз лінію фронту.
Абвясціў урачыста, як абвяшчаў трыццаць гадоў службы, хоць, бадай, трохі спалохана:
— Палкоўнік БуЛьба-Любецкі.
Разведчык, якога цанілі за вытрыманасць штабы дзвюх варожых армій, пыхлівы барон, што з маленства быў навучаны не выдаваць перад лакеямі ніякіх сваіх пачуццяў, ашаломлена вылупіў вочы.
— Хто?
— Рускі палкоўнік Бульба-Любецкі,— паўтарыў камердынер.
Артур адчуў нейкі вельмі ж нязвыклы страх: непрыемны халадок, як змяя, поўз аднекуль з ног — у жывот, у грудзі. А ў галаву ўдарыў жар — як ахоўная супрацьсіла.
Хто ў Стаўцы не ведаў Бульбу? Ён, афіцэр разведупраўлення, неаднойчы сустракаўся з ім. Больш таго, меў заданне ад свайго нямецкага шэфа праваліць ці знішчыць іншым чынам бясстрашнага рускага разведчыка. Не без яго ўдзелу дакапаліся, што Бульба і тэрарыст Любецкі, асуджаны дзевяць гадоў назад да смяротнай кары,— адзін і той жа чалавек.
— Палкоўнік?
— Так точна.
— Хто яму прысвоіў палкоўніка?
— Не магу знаць.
— Абяззброіць і прывесці да мяне.
Камердынер уздыхнуў. Стары ўбачыў, як спалохаўся Артур, які выдаваў сябе за харобрага афіцэра, і яму зрабілася сорамна за свайго выхаванца.
— У вартавога, які спрабаваў спыніць яго, палкоўнік адабраў вінтоўку і выцягнуў затвор.
Барон пабялеў.
— Чорт вазьмі, хто мяне ахоўвае?
Генерал Шульц, магчыма, узлаваны за недакладную разведку, сапраўды даў яму не лепшую ахову — паўузвода прызыўнікоў трэцяй катэгорыі, салдат, здольных несці толькі тылавую службу. Яшчэ ўчора барон сам правяраў, ці ўмеюць хоць яны страляць.
— Салдата, які аддаў вінтоўку, арыштаваць. Перадайце афіцэру...
— Салдат штыком загароджвае палкоўніку дарогу, інакш ён быў бы тут,— абараніў камердынер старога немца.
Артур Зэйфель скінуў хатнюю куртку на вавёрчыным футры, надзеў мундзір, дастаў з кабуры, што ляжала на стале, рэвальвер, сунуў у кішэню.
Камердынер стаяў каля парога, пачціва схіліўшы галаву.
— Фрыдрых!
— Ваша светласць! Я дазволю сабе параіць вам прыняць рускага...
Барон успыхнуў, зразумеўшы, што падумаў пра яго стары лакей, абурыўся, аднак стрымаўся.
— Хіба я сказаў, што не прыму яго? Але — зброю здаць!
— З ім — татарын.
— Хто?
— Ардынарац — татарын.
— Няхай застанецца ўнізе, каля вартавога.
Камердынер, стоена ўздыхнуўшы, выйшаў. Артур, як хлапчук, на насочках, вышмыгнуў за ім, схаваўся за калонай так, што яму відна была шырокая лесвіца. Унізе, паставіўшы нагу на першую ўсходку, стаяў БуЛьба-Любецкі. Барон адразу пазнаў былога разведчыка. На ім сапраўды былі палкоўніцкія пагоны царскай арміі. Гэта ўразіла, але, магчыма, аслабіла пільнасць; здараецца, што вонкавая дробязь паварочвае думкі ў іншым кірунку.
Фрыдрых пачціва сказаў па-руску:
— Пан палкоўнік, пан барон вас прыме. Але здайце зброю.
— Барон баіцца? Барон баіцца мяне? — на поўны голас здзекліва-весела гукнуў Бульба.— Ха-ха! Артур, я не пазнаю цябе!
Бульба добра ведаў: баязлівы, што заяц, і хітры, як ліс, нашчадак тэўтонскага роду слухае яго — і знарок крычаў на ўвесь палац, каб закрануць баронскі гонар.
— Здайце зброю,— змрочна сказаў камердынер.
— Я? — закрычаў яшчэ гучней Бульба.— Стары, ты можаш не ведаць, хто такі Бульба, але капітан Зэйфель добра ведае. Мустафа! Колькі ў нас гранат?
— Адзін-тры, два-тры, два-два! — загадкава і гэтак жа гучна адрапартаваў башкір.
— Ты матэматычны геній, Мустафа! Я думаю, даволі, каб не даць абяззброіць нас?
— Так точна, ваша бродзь! — грымнуў Мустафа.
Тады барон выйшаў з-за калоны на пляцоўку перад лесвіцай і прывітаў госця з вышыні другога паверха іранічна-весела:
— А-а, капітан Бульба?
— Палкоўнік БуЛьба-Любецкі. Маю гонар, ваша баронская светласць.
— Хто вам прысвоіў высокае званне? — зноў-такі іранічна ўхмыльнуўся Зэйфель.
— Барон, у вас слабая памяць. Я стрыечны брат прэм'ера Керанскага. Магу паведаміць: прэм'ер з радасцю сустракае нямецкую армію. Буду шчырым: у мяне пакуль што радасці менш.
Артур Зэйфель меў многа пыхі, але не вельмі многа розуму. Апошнім часам ён больш вывучаў нямецкі двор, нямецкі генштаб, яго палітыку, чым сілы рускай рэвалюцыі. Але ён помніў, што Бульба яшчэ тады хваліўся сваёй блізкасцю з Керанскім і што эсэры — супраць бальшавікоў. Аб выкарыстанні гэтай сілы ім, афіцэрам, гаварылі на нарадзе ў Брэсце. Гэты Бульба зрабіў немалую шкоду нямецкай арміі. Але, калі ён супраць бальшавікоў, наўрад ці варта прыгадваць мінулае.
— Чым магу служыць?
— Капітан! Я не размаўляю ў пярэдніх і на лесвіцах, нават парадных. Але адну сваю мэту я магу сказаць. Акрамя размовы, якая павінна быць абсалютна канфідэнцыяльнай, я хачу атрымаць ад вас доўг. Карцёжны. Спадзяюся, вы не забылі. У мяне ў кішэні ваша даўгавая распіска...
Барона абдало варам. У яго была слава лепшага іграка, пра гэта ўсе ведалі. Але ён успомніў гульню, дзе моцна «пасадзіў сябе». Было гэта пасля Лютаўскай рэвалюцыі. Вялікі авантурыст, вызвалены Керанскім з катаржнай турмы, адноўлены ў званні капітана, з паўнамоцтвамі ад ваеннага міністра прыехаў у Магілёў, у Стаўку, каб высветліць, хто яго пасадзіў. Некалькі афіцэраў контрразведкі, якія пахваляліся гэтай сваёй акцыяй, у той жа дзень зніклі. Ён, капітан Зэйфель, нікому не казаў... не мог сказаць аб сваёй ролі ў гэтай справе. Ён піў з Бульбай. А пасля, уначы, гулялі ў карты. Як заўсёды, яму моцна шанцавала. Але гэты бандыт раптам дастаў з кабуры наган і паклаў яго на «банк». Пасля гэтага ён, Зэйфель, прайграўся ўшчэнт, да таго, што мусіў аддаць залаты партсігар, гадзіннік, пярсцёнак і мусіў пісаць распіску на даволі значную суму.
Напамінак пра гэта быў вельмі непрыемны. Бестактоўная свіння гэты Бульба, не мог змаўчаць перад лакеем і салдатамі. Добра, што нямецкі салдат па-руску не разумее, а Фрыдрых, наадварот, усё разумее.
— Прашу вас, капітан,— Зэйфель нібыта пачціва адступіў убок.
— Палкоўнік, капітан. Прашу не забываць. І яшчэ адна ўмова. Вашы людзі ахоўваюць нас унізе. Мой чалавек ахоўвае мяне наверсе, перад вашым кабінетам. Толькі так! Размова роўных.
З гэтымі словамі Бульба неахайна кінуў салдату, які, дрыжучы ад страху, загароджваў штыком лесвіцу, затвор. Той з радасцю схапіў затвор, пачаў устаўляць яго ў вінтоўку, рукі яго калаціліся.
Бульба-Любецкі, а за ім Мустафа, у тоўстым кажуху, з гранатамі за папругай, прайшлі міма яго з выглядам пераможцаў.
Зэйфель вярнуўся ў кабінет раней, паспеў дастаць з шуфляды стала маўзер, палажыў яго на стол, накрыў газетай. Госця ён сустрэў, сціскаючы ў кішэні рукаятку англійскага дамскага браўнінга.
Бульба імгненна ўгледзеў гэтую перасцярогу. Яна парушала яго план, але чалавек гэты не губляўся ні ў якой сітуацыі.
— О, перапрашаю, пан маёр. Знізу я не бачыў вашы пагоны. Віншую. Нямецкае камандаванне ацаніла вашы заслугі вышэй, чым рускае. А вы былі так блізка да вярхоўных... Не ўмеў цар вас цаніць. І мой стрыечны таксама не ўгледзеў, які вы патрыёт.
Пры ўсёй адданасці Германіі Зэйфель не любіў, калі нагадвалі пра яго тайную ролю ў рускай Стаўцы, нават калі гэта рабілі свае, немцы, без іроніі, з пахвалой: усё адно непрыемна, калі цябе называюць шпіёнам.
А гэты бандыт гаворыць з такім нахабным сарказмам.
— Капітан, я не люблю іроніі. У якой валюце вы хочаце атрымаць ваш доўг?
— Палкоўнік, пан маёр. Палкоўнік! Прашу не забываць. Безумоўна, у марках.
— Па якім курсе?
— Па даваенным.
— Ха-ха! Капітан! Вы лічыце, што мяне можна так проста абрабаваць?
— Пан маёр, вы хочаце мяне ўзлаваць?
— Добра, будзьце палкоўнікам, пан палкоўнік.
— Між іншым, я таксама не люблю іроніі. З нядаўняга часу. Калі па векселях мне не хочуць плаціць... ні бальшавікі, ні нямецкія бароны.
— Я не сказаў, што не хачу плаціць.
— Дзякую, барон. За шчырасць — шчырасць. Я разумею, што вам цяпер нялёгка. Бальшавікі разарылі вас. Я гатовы атрымаць частку доўгу ў іншай валюце. Дайце мне ўладу над акругай. У мяне сотня шабель. Вельмі вострых шабель.
Барон пахаладзеў ад страху. Чорт вазьмі, падобна на праўду, інакш гэты авантурыст не з'явіўся б з адным ардынарцам і не паводзіў бы сябе так нахабна. Ідыёт Шульц! Рвецца ў Маскву, а ў тыле яго гуляюць такія атрады. А калі іх не адзін і яны пакінуты тут бальшавікамі?
Зэйфель адмовіўся ад намеру, улучыўшы зручны міг, стрэліць у Бульбу. Далонь яго як бы абпяклася аб браўнінг, і ён выхапіў руку з кішэні, працягнуў яе ўперад з растапыранымі пальцамі: маўляў, глядзі — у мяне самыя мірныя намеры. Уявіў, што магло б быць, калі б ён застрэліў ці арыштаваў камандзіра атрада, які, магчыма, стаіць недзе за аборай ці нават бліжэй, пад сценамі палаца. У такую завею можна прабрацца куды хочаш. Калі іх там не сотня, а паўсотні ці нават трэць сотні — што зробяць супраць такіх вось татар, як той, што стаіць за дзвярамі, яго дваццаць інвалідаў, старых бюргераў, частка якіх да таго ж на станцыі, за дзве вярсты? Ды яны зруйнуюць усё ўшчэнт, адны галавешкі пакінуць ад маёнтка. Ды і самому яму не ўцячы, не схавацца. І бацьку. Літасці такія галаварэзы не дадуць нікому. Не, лепш адкупіцца ад такога авантурыста любой цаной.
— Што вы, пан палкоўнік, маеце на ўвазе пад акругай? І што вы маеце на ўвазе пад уладай?
— На губерню... Мінскую ці Віленскую — я не прэтэндую. З мяне хопіць аднаго-двух паветаў... Ведаю, што за вайну нямецкае камандаванне набыло багаты вопыт арганізацыі ўлады на акупіраваных землях. Дайце мне вышэйшы цывільны пост. З маімі ўласнымі ўзброенымі сіламі. Я ачышчу вам акругу ад бальшавікоў.
Зэйфелю захацелася працягнуць няпрошанаму госцю руку. Усё лагічна: эсэры і бальшавікі ворагі. Бульба калі не брат, то, вядома было ўсім,— сябра Керанскага. Хоць, бадай, ідзе ён на такое не з-за палітыкі, а каб набіць сабе кішэню. А хто не хоча яе набіць? Адзін хіба мужык Калачык як быў у лапцях, так і застаўся, хоць тры месяцы меў уладу.
Безумоўна, пэўная рызыка ёсць. Але ў такой сітуацыі лепш мець гэтага чалавека саюзнікам, чым ворагам. Праўда, ці даруе яму камандаванне рэйды ў тылы нямецкай арміі? Прусак Гофман упарты і помслівы. Але можна пераканаць некаторых палітыкаў. Бульба — аўтарытэт сярод рускага франтавога афіцэрства, і за выступленне супраць бальшавікоў яму можна шмат дараваць.
Аднак высокія меркаванні мільганулі так, між іншым. Больш горача Зэйфель думаў аб тым, як выйсці жывым, здаровым з такой вось вельмі няпэўнай сітуацыі. За ўласнае жыццё можна прадаць душу чорту, даць любое абяцанне, любую клятву.
— Пан палкоўнік, буду шчырым. Я не з'яўляюся вышэйшым вайсковым начальнікам. Але я магу цвёрда абяцаць пераканаць сваё камандаванне даць вам такую ўладу. Спадзяюся, мы станем сябрамі.
— Дзякую, пан маёр. Але частку доўгу... аддайце. Мне трэба карміць людзей.
Зэйфель заўсёды развітваўся з грашамі, бадай, гэтак жа цяжка, як развітваюцца з жыццём, таму ён не вытрымаў:
— Вы разграмілі два абозы...
— Не мы,— спакойна адказаў Бульба.— Гэта мужыцкі партызанскі атрад. У іх дзвесце штыкоў ці тапароў... Вы хочаце, каб я звярнуўся па хлеб да іх? Але тады я мушу буду памагаць ім. Я — чалавек слова.
— Мужыцкі... партызанскі? — збялеў Зэйфель.
Вельмі пільна сачыў Бульба за кожным рухам, за кожным жэстам барона. Убачыў, як «сто шабель» збілі з барона ваяўнічасць, прымусілі абяззброіцца і паверыць у шчырасць яго прапановы. Мужыцкі атрад зусім ашаламіў маёра, бо ён адразу падумаў пра Рудкоўскага.
Даўняя тэрарыстычная тактыка дала плён: вораг дэмаралізаваны, акрамя таго, ён, Бульба, пацешыў сябе выдатным спектаклем. Цяпер наступіў час дзейнічаць!
На працягу ўсяго дыялога ён непрыкметна набліжаўся да стала. Зэйфель усё больш траціў пільнасць. Назар бадай што са зняважлівай неахайнасцю абмінуў гаспадара і, падняўшы газету, узяў са стала маўзер.
— О, якая рэч! Імянны? Шкада. А я хацеў прапанаваць вам за яго частку доўгу.
Зэйфель быў настолькі заварожаны ігрой вялікага акцёра, што не вельмі спалохаўся; думаў пра атрады і пра суму, якой можна адкупіцца ад нахабнага госця. Яго страшыла, што запрошана будзе нямала.
А Бульбе ўсё яшчэ хацелася трохі пайграць.
— Калі ў вас цяжка з грашамі, пан маёр, я магу ўзяць хлеб, жывёлу, мёд...
— Пан палкоўнік! Усё з'елі бальшавікі.
Бульба-Любецкі гулліва падкінуў маўзер у паветра, па-жанглёрску злавіў яго і наважыўся ставіць «кропку». Нельга так доўга выпрабоўваць лёс. Там, унізе, могуць узняць трывогу. Праўда, ён не вельмі баяўся, «маючы сотню шабель»; наадварот, яму хацелася, каб сабралася ахова, прыслуга, няхай пацешацца ганьбай «рыцара дзвюх разведак».
Ды тут адчыніліся дзверы. Першы зазірнуў у пакой Мустафа. Але толькі паспеў ён гукнуць: «Ваша бродзь!» — як, адпіхнуўшы яго, у кабінет уваліўся стары барон у заснежаным кажуху, астматычка задыханы.
— Што здарылася, Арт? Што гэта за людзі? Фрыдрых спалохаў мяне.
Барон спытаў па-руску. Сын адказаў па-нямецку:
— Не хвалюйся, тата. Палкоўнік Бульба-Любецкі мой даўні знаёмы.
— Бульба? Той, што выразаў нямецкія батарэі? — выказаў сваё здзіўленне па-нямецку стары барон.
— Той, той,— адказаў па-руску Назар.— Што зробіш, барон. Вайна ёсць вайна. Кожны зарабляе ўзнагароды — як умее. Я — начнымі вылазкамі. Ваш сын — разведкай у Стаўцы... Уладзіўся ён куды больш спрытна.
— Пан палкоўнік,— зморшчыўся малады Зэйфель.
У Бульбы нярэдка так здаралася: ён блазнаваў нібыта паблажліва і гуляў са сваёй ахвярай, як кот з мышанём, ажно пакуль не надыходзіў нейкі момант, калі яго раптам апаноўваў гнеў — такі гнеў, што даводзіў да шаленства, калі знікаў гумар, а выбухала, што бомба, нянавісць. Так было і цяпер. Магчыма, прычынай выбуху было здзіўленне старога барона, што ён той, хто выразаў нямецкія батарэі. Гэта была няпраўда: яго разведчыкі толькі аднойчы пасеклі афіцэраў штаба дывізіі. Немцы паведамілі, што выразана прыслуга батарэі, паўгода распісвалі зверства рускіх вандалаў.
Бульба выхапіў свой наган — раптам маўзер не зараджаны? — і нацэліў абодва рэвальверы на Артура Зэйфеля, гнеўна засіпеў:
— Рукі, сволач! І ты, стары мяшок! Рукі! Хэндэ хох!
Маёр паспрабаваў выхапіць з кішэні браўнінг, але
пільны Мустафа ўміг апынуўся ў кабінеце, каля маладога Ззйфеля, крутнуў руку так, што немец войкнуў. Башкір выцягнуў з яго кішэні браўнінг. І тут жа, у адзін міг, абмацаў старога барона. Не знайшоўшы зброі, грэбліва кінуў яго, як куль саломы, на канапу. Той ударыўся галавой аб спінку, застагнаў.
Рыцара «дзвюх разведак» пачала трэсці нервовая ліхаманка. Ён стукаў зубамі, ногі яго выбівалі «чачотку».
— Вось так, вашы светласці, душыцелі народа! Барон, не кляцай зубамі, як галодны воўк. Мустафа! Старому барону звязаць рукі, заткнуць зяпу.
Мустафа зрабіў гэта з незвычайнай хуткасцю: выцягнуў з кішэні кушак, пераціснуў рукі, утыкнуў у рот брудную анучу.
Сын паспрабаваў абурыцца:
— Што вы робіце са старым чалавекам?
— А ты, сукін сын, што рабіў, калі душыў людзей газамі?
— Я не душыў! — завішчаў маёр.
— Без істэрыкі, барон. Ніводнай павышанай ноты. Пра гэта будзе асобная размова. Мустафа! Зараз мы з баронам, як добрыя сябры, спусцімся ўніз. Калі ў барона не хопіць розуму і там, унізе, пачнецца шум, праткнеш стары мяшок кінжалам. Раз-тры, два-тры... Дзесяць раз па тры!
— Слухаюся, ваша бродзь!
— Вось так, пан маёр! Зараз мы з табой спусцімся ўніз... Бадзёрыя, весела размаўляючы... Мустафа! Вады маладому барону! Перастань калаціцца! Пасаромейся салдата і бацькі. Нашчадак рыцарскага роду! Мы спусцімся ў ваш склеп і выведзем адтуль арыштаваных... Багуновіча, Калачыка... Хто там яшчэ? Думаю, табе не трэба казаць, што нікому яшчэ... ні царскім жандарам, ні вашай контрразведцы... не ўдалося перахітрыць Бульбу-Любецкага. Адзін падазроны рух — і я зраблю з цябе рэшата. Радасць на твары ад сустрэчы са мной, радасць ад таго, што я пазбаўляю цябе ад неспакойных палоннікаў. Толькі так!
Малады Зэйфель выпіў вады і авалодаў сабою. Вочы яго бліснулі рашучасцю:
— Так я не павяду!
— А як ты павядзеш?
— Дайце слова афіцэра, што пасля вызвалення палонных жыццю майму і бацькі нічога не будзе пагражаць.
Бульба на міг задумаўся, закусіўшы вус: не парушаў ён ніколі слова, якое даваў. Злосна выплюнуў вус, дзьмухнуўшы ўбок.
— Просіш многа, але я гатовы даць слова, што сёння не крану вас. Не буду пэцкаць рукі ў г... смярдзець будзе.
Мустафа грэбліва скрывіў васпаватую фізіяномію.
— Бачыш, як моршчыцца нашчадак Батыя? Мустафа! Адчыні фортку. Убачыш нас у парку — даганяй. Коней пакідаю табе. Пайшлі, барон.
Яны спускаліся ўніз па лесвіцы сапраўды як сябры, толькі Бульба на ўсходку адставаў, хоць па Этыкету гаспадар павінен прапусціць наперад госця. Між іншым, на гэта адразу звярнуў увагу стары камердынер. Але малады барон усміхаўся; старыя вочы Фрыдрыха не ўбачылі, наколькі робленай была гэтая ўсмешка. Госць весела гаварыў:
— Значыцца, дамовіліся. Увечары чакай нас. Скінем партыю. Выпіць будзе што? Я магу прывезці. У мяне ёсць французскі каньяк. Чаму ты крывішся? — не мог не бачыць, што Зэйфель пакрывіўся.— Ах, твой патрыятызм не дазваляе табе ўжываць французскае пітво? Добра. Будзем піць рускую гарэлку. Смірноўскую. За рускага цара, якому мы з табой захоўваем вернасць. За святую царыцу. І за святога старца...
Бульба здзекаваўся. Стары Фрыдрых разумеў, што гэта гульня ката з мышшу. Ён з самага пачатку ўчуяў, што госць незвычайны і небяспечны. Аднак ён зразумеў іншае: што гэта адзін з тых «адчайных галоў», на якія багатая Расія, якія стралялі ў цароў, губернатараў. Чалавека гэтага не возьмеш ні голымі рукамі, ні ў жалезных пальчатках. Не дасца ён. І збраяносец яго, азіят, пойдзе на любую смерць за свайго камандзіра. Гранат у яго «раз-тры, два-тры...». А старому камердынеру, які дбаў пра душу, больш за ўсё не хацелася кровапраліцця. Колькі яе выліта! Мора.
Салдат-вартавы хацеў быў узняць трывогу, падняць салдат, якія спалі недзе ў каравульным пакоі ці «грэліся» на кухні. Фрыдрых папрасіў яго не рабіць гэтага. Ён не верыў, што рускі палкоўнік прыйшоў, каб адпомсціць барону за здраду рускай арміі. Каб у яго была такая мэта, барон ляжаў бы на антрэсолі, прашыты куляй ці разарваны гранатай, у той міг, як выйшаў на лесвіцу. Чаго ж ён хоча, гэты рускі? Дамоўленасці з немцамі? Грошай? Харчу? Няхай возьме — што хоча, хоць увесь палац, абы не пусціў у ход рэвальвер ці гранаты. Пра адно стары камердынер не падумаў — пра арыштаваных.
Ды раптам рускі загадаў барону:
— Возьмем салдата. Не самім жа нам гэта рабіць.
Тады Фрыдрых скалануўся. Яны хочуць застрэліць гэтых няшчасных — кантужанага афіцэра і старога Калачыка? З сялянскім бунтаром хітры і па-свойму дэмакратычны служка падтрымліваў з маладых гадоў своеасаблівыя адносіны: нярэдка сустракаліся, разам хадзілі на вячоркі, на кірмашы ў мястэчка, але пры кожнай сустрэчы сварыліся з-за паноў: адзін служыў ім з нямецкай адданасцю, другі лаяў іх самымі страшнымі словамі, заклікаў адабраць зямлю, дабро, падзяліць паміне людзьмі, а ў пятым годзе спаліў баронскі свіран, трапіў у турму.
Камердынер ганарыўся тым, што сумленне яго перад Калачыкам, перад батракамі, перад вяскоўцамі чыстае: ён нікога з іх не выдаў. Але, ён рабіў усё дзеля таго, каб не было крыві. Ён не думаў пра тое, што не заўсёды гэта ішло на дабро людзям. Але цяпер ён шчыра спалохаўся: няўжо бог паслаў яму на старасць такую кару — быць сведкам смерці «сябра маладосці»?
Барон сказаў вартавому:
— Пойдзеш са мной.
Камердынер упаў на калені, замаліў па-руску:
— Ваша светласць, не бярыце грэх на душу.
Бульба схапіў яго за каўнер ліўрэі, падняў з падлогі, як кацяня. Сказаў са злосцю:
— Стары, ты таксама пойдзеш з намі! Свечку!
Дрыготкімі рукамі Фрыдрых запаліў свечку і павёў іх па цемнаватым калідоры першага паверха.
Па крутых усходцах спусціліся ўніз, у склеп. Зэйфель доўга не мог адчыніць замок цяжкіх жалезных дзвярэй, аднак ні салдат, ні камердынер не выказалі жадання памагчы яму. Салдат таксама пачынаў здагадвацца, навошта яго прыхапілі, і калаціўся — ад страху перад суровым маёрам і перад тым, страшным, што яго напэўна прымусяць зрабіць, бо, урэшце, вінтоўка толькі ў яго.
Завесы дзвярэй іржава завішчалі. Пры цьмяным святле свечкі, агеньчык якой трапятаўся, Бульба ўбачыў у камеры на падлозе, на саломе-клычанцы, траіх, сярод іх не адразу пазнаў Багуновіча, той быў у салдацкім шынялі; нямецкія марадзёры здзерлі з яго бекешу яшчэ ў акопе, дзе ён ляжаў непрытомны.
Бульба, пры сваёй бязлітаснасці да ворагаў, быў па-жаночаму сентыментальны, калі датычылася сваіх, сяброў. Горкі камяк захрас у горле, і ён не адразу хрыпла закамандаваў:
— Выходзьце!
У адказ Калачык мацюкнуўся.
Фрыдрых сказаў упалым голасам:
— Богу маліся, Піліп.
— А-а, і ты тут, стары кныр?! Пайшоў ты са сваім богам...— і сказаў такое салёнае слова, што пры ўсіх сваіх перажываннях Фрыдрых абурыўся.
— Пасаромейся, блюзнер. Не даруе табе бог!
— У нас з табой розныя багі. Мой бог мне ўсё даруе.
Ён, Калачык, і хлапчына, баранавіцкі вакзальны злодзей, паднялі Багуновіча і пад рукі вывелі з камеры. Знясілеў ён не толькі ад кантузіі, але і ад таго, што тры дні нічога не еў, адмаўляўся ад ежы; Калачык карміў яго бурдой з гнілых буракоў, якую ім зрэдку прыносілі, прымусам, як хворае дзіця.
Багуновічу здавалася, што кантузіў яго не снарад — смерць Міры. Разам са слыхам у ім пагасла ўсё, надышла поўная абыякавасць да таго, што называлася жыццём. Ад усяго жыцця заставалася хіба адно — пякучы боль ад успамінаў пра Міру, пра крывава-чырвоную касынку, якую вецер каціў па снежным полі.
Аслеплены пасля цемры святлом, Багуновіч і тут не адразу пазнаў Бульбу. Але ў вестыбюлі яго пазнаў Калачык і кінуў у вочы:
— Шафер? Во гад! Павядзеш пад вянец? Вядзі, сукін сын! Павянчай. Знаў на гэтым свеце і на тым не забуду: што ні пан, то прадажная шкура. Цьфу на цябе! — і плюнуў Бульбе пад ногі.
Тады і Багуновіч пазнаў былога камандзіра палка, сябра, нядаўняга камандзіра сваёй батарэі. У яго патухлых вачах на міг успыхнуў агонь жыцця: не, не надзея — здзіўленне.
Ды ён тут жа адвярнуўся.
Бульбу ўразіла ўсё роўна як бы адсутнасць Багуновіча — ніякай рэакцыі на тое, што адбываецца, што гаворыцца, ніякага пробліску хаця б цікаўнасці. Ажно пакуль не сцяміў, што той глухі, нічога не чуе. Зразумелай стала яго зняважлівая абыякавасць. Але ад таго, што ў склепе трымалі цяжка кантужанага афіцэра, гнеў яго на немцаў закіпеў з новай сілай.
Аднак ігра яшчэ не скончана. Недзе ў палацы, можа, за тымі вунь дзвярамі,— каравул салдат. З імі пакуль што нельга не лічыцца.
— Камердынер! Барону — шынель!
Але на вешалцы не было баронскай напраткі, і Фрыдрых падаў свой шынель, і барон, на здзіўленне салдату, апрануў яго, надзеў лакейскую шапку.
Аднак Фрыдрых не застаўся ў палацы. Ён узняў кандэлябр са свечкай, якую паставіў быў на столік, і, у адной ліўрэі, без шапкі, адчыніў дзверы і выйшаў на парадны ганак першы.
Завейны вецер адразу патушыў кволы агеньчык свечкі. Але стары камердынер усё адно панёс яе перад сабой, як у царкоўнай працэсіі. Вецер падняў яго сівыя валасы, і пасмы іх парваным ветразем ляцелі назад.
За ім ішлі арыштаваныя; Калачык і хлопец усё гэтак жа падтрымлівалі Багуновіча, хоць ён, відно было, рабіў спробы вызваліцца ад іх дапамогі. Панура згорбіўшыся, страціўшы ўсю сваю вайсковую фанабэрыстасць, у незашпіленым лакейскім шынялі, цяжка месячы нагамі снег, сунуўся барон. Апошнія ішлі Бульба і салдат-немец. Але з нецярплівай бадзёрасцю, трохі не падскокваючы, не чуючы ні снегу пад нагамі, ні ветру ў твар, ішоў адзін Бульба. Салдат валокся з большай панурасцю, чым арыштанты: стары немец-селянін усё яшчэ калаціўся ад думкі, што яго прымусяць расстраляць гэтых людзей; паны не запэцкаюць свае рукі, яны ў іх заўсёды чыстыя, у палацах і ў акопах.
Паўсотні крокаў прайшлі моўчкі. Але Калачык не мог маўчаць.
— Што, стары кныр, будзеш за папа? Прычасціш нас? Дык ад лютэранскай свінні мы прычасце не прымем, дарэмна вы з баронам прыдумалі шпяктакль.
— Памаліся богу.
— Ха-ха! Хто мне раіць маліцца, людцы добрыя! Я, свінячае тваё рыла, іду і мацюкаю сябе, што не ўтапіў цябе ў рацэ, калі я цябе ратаваў. Ды і барончыка... быў выпадак парнуць віламі. Пашкадаваў — хлапчук яшчэ быў, гімназісцік. Помніш, ваша светласць, ты прыйшоў пра царскі маніфест нам расказваць. Якому цару ты служыш цяпер, пёс нямецкі?
Бульбе хацелася скакаць ад гэтых слоў і ад таго, што навокал па-ранейшаму ніводнай душы. Толькі гудзяць і стогнуць дрэвы. Шанцуе. Хутчэй бы дайсці да аборы. Але ад радасці і пазабавіцца хочацца.
— Дзед! Ты ў мяне палучыш лішнія бізуны! І на гады твае не пагляджу.
Калачык ажно выпусціў руку Багуновіча, павярнуўся.
— Укусі ты мяне за с... ваша зверагоддзе! Бізунамі ён мяне палохае! Сукін ты сын! Пагончыкі начапіў. А я, стары дурань, паверыў, што ты чалавек... На вяселлі весялун такі быў, скакун. Даскачашся, кацюга!
— Ох, шкада мне цябе, дзед.
— Пашкадаваў воўк кабылу...
Хлапчына-злодзей, які, магчыма, дагэтуль не разумеў, што можа здарыцца, раптам заенчыў:
— Мамачка родная! Я ж нічога не зрабіў.
Калачык адпіхнуў яго ад Багуновіча, сурова загадаў:
— Не раві, дурань!
Але тут жа павярнуўся да барона і Бульбы.
— Вашы благароддзі! А праўда... яго завошта?
Ды тут нечакана для ўсіх ціха засмяяўся Багуновіч, ціха прачытаў вершы:
В старых часах притаилась кукушка.
Выглянет скоро. И скажет: «Пора».
Калачык паглядзеў на яго са страхам: ці не дрэнна ў чалавека з галавой? Двое сутак маўчаў. Калі памятаўся, то такіх і караць нельга, па ўсіх законах чалавечых.
А ў Бульбы зноў зашорхла ў горле. Чортаў Рудкоўскі! У такое завейнае бязлюддзе мог бы выскачыць і насустрач. Хоць ён, Бульба, сам загадаў цярпліва чакаць!
Ды, быццам пачуўшы яго думкі, з-за аборы вылецелі дзве вупражкі. Коні як коні, снег на іх раставаў, і яны былі гнядыя, вараныя, а вось у санях — белыя прывіды. Так здалося Фрыдрыху. Стары не вызначаўся асаблівай набожнасцю, аднак надумаў пра кару за ўсе грахі. Каго растопчуць гэтыя нябесныя калясніцы? Ніхто не бачыў, як Бульба выхапіў у салдата вінтоўку.
Коні і сані з прывідамі спачатку мінулі іх, але тут жа крута развярнуліся і спыніліся, адна пара з аднаго боку працэсіі, другая — з другога.
Прывіды з вінтоўкамі і рэвальверамі саскочылі з саней, абкружылі іх.
Радасна закрычаў Піліп Калачык:
— Антоніма! Халера ясная! Дык гэта ж ты! Хапай іх, душагубаў, хрыстапрадаўцаў, маць іх за нагу!.. Хапай! Пабачым, хто паскача!
Ды пачуўся ўладны голас Бульбы-Любецкага:
— Старога і салдата адпусціць! Барона — у сані!
Змярцвелага барона, што куль мукі, партызаны кінулі ў сані. Фрыдрых упаў перад Бульбай-Любецкім на калені.
— Ваша светласць...
Калачык, які склаў ужо дулю і падбег, каб тыцкнуць свае задубелыя пальцы Бульбе ў нос, ашаломлена спыніўся перад «палкоўнікам».
— Дык гэта ты? А каб табе скула ў бок! Во артыст дык артыст. Ты, братка, даруй старому дурню.
— Усё дарую, але скулу ў бок...— весела бліснуў белымі зубамі Бульба.
— А каб табе здароўечка было!
— Не падлізуйся, дзед! Спачатку жадаў скулу...
Бульба адказваў Калачыку, а глядзеў на Багунові-
ча. Нейкі міг той стаяў адзінока, як бы забыты ўсімі. Партызаны вязалі барона, кідалі жарты Калачыку, той паспяваў кожнаму адказаць з радасным блазнаваннем.
Бульбе хацелася абняць сябра, але ён чамусьці не адважваўся; так баяцца абняць блізкага чалавека, які перад тым быў у непрытомнасці.
Ды раптам перад Багуновічам спыніўся Рудкоўскі. Па-вайсковаму казырнуў:
— Таварыш камандзір палка...
Багуновіч балюча ўсміхнуўся і, падняўшы рукі, дакрануўся да сваіх вушэй, паказваючы, што ён не чуе.
Расчулены, узрадаваны, Бульба без слоў падхапіў Багуновіча, як малога, на рукі і, забыўшыся, што той кантужаны, можа, нават ранены, кінуў у сані. Сам ускочыў у перадок, схапіў лейцы, голасна закамандаваў:
— Па конях!
Партызаны, валячыся адзін на аднаго, на барона, пападалі на сані.
Разгарачаныя коні сарваліся з месца.
Стары лакей застаўся стаяць на каленях у глыбокім снезе, працягнуўшы ўздагон свайму гаспадару свечку. Побач з ім тупаў, быццам маршыраваў на месцы, нямецкі салдат.
Спыніліся вярсты за тры ад маёнтка, у лесе ўжо. У полі іх дагнаў Мустафа на ўзмыленых конях.
Бульба-Любецкі з казацкім спрытам з саней пераскочыў у сядло. Атаманам аб'ехаў вакол саней.
— Як, барон? Не падплыў?
— Падплыў! — з рогатам адказалі маладыя.
— Паставіць да сасны!
Рогат адразу змоўк. Два партызаны падхапілі самлелага барона пад рукі, падвялі да сасны.
Багуновіч пакутліва скрывіўся. За здраду, за Міру, за Пастушэнку, за людзей, патручаных у канюшні, гэты чалавек заслугоўвае любой кары. Але чамусьці не хацелася, каб барона расстралялі ў яго на вачах. Ён бачыў столькі крыві. А цяпер стала да жаху, да памутнення памяці страшна ўбачыць зноў кроў, няхай сабе гэта і кроў ворага. Нянавісць яго была дзіўная — бяскроўная. Яшчэ з канюшні, са стрэлу ў Пастушэнку, Зэйфель перастаў для яго існаваць як чалавек. Можа, менавіта таму, што барон сам, сваімі ўчынкамі адмовіў у сабе ўсё чалавечае, не хацелася бачыць яго кроў.
Багуновіч адвярнуўся, упершыню, бадай, з задавальненнем падумаўшы, што, глухі, ён не пачуе стрэлаў. Урэшце, людзі гэтыя маюць права на любы суд, і яго ўмяшанне яны не зразумеюць.
Але суд ішоў зусім інакшы. Вярхоўны суддзя — Бульба — сказаў кароткую прамову:
— Каб я меў доказы, што людзей душылі газамі па тваім загадзе, я павесіў бы цябе на першым суку першай асіны, сукін ты сын. Але ад мяне ты не схаваешся і ў Берліне. А цяпер я выконваю дадзенае табе слова. Жыві.
Барон устрапянуўся, выпрастаўся.
Рудкоўскі здзівіўся, маладзейшыя партызаны павесялелі: ім таксама страшна было расстраляць чалавека.
Але ў Бульбы была свая задума:
— Разувай боты!
Барон паслухмяна плюхнуўся ў снег, пачаў сцягваць бот, але рукі яго дрыжалі, і бот не паддаваўся.
— Памажыце яму, хлопцы. Барок не ўмее, яго разувалі лакеі.
Два маладыя партызаны ўміг сцягнулі з яго боты.
— Скідай штаны!
Барон падхапіўся і глядзеў на «суддзю» сабачымі вачамі.
— Памажыце яму, хлопцы.
Піхнулі ў снег, сцягнулі порткі.
— І кальсоны! І шынель.
Праз хвіліну барон стаяў у кароткім фрэнчы з голымі нагамі і калаціўся ад холаду і страху.
Рудкоўскі паспрабаваў запярэчыць:
— Не па-рэвалюцыйнаму гэта.
— Лічы, што па-эсэраўску,— адказаў Бульба.— Але не замінай,— і да Зэйфеля: — Лажыся, барон, і будзь рыцарам. Прымі кару ад народа. Але запомні: будзем секчы не толькі тваю высакародную задніцу, але і твайго ванючага кайзера, тваіх генералаў... Памажыце барону легчы, хлопцы. Далікатна. Далікатна. Ах, якія вы грубіяны!
Барона распялі на снезе, двое маладых хлопцаў трымалі за рукі, рабілі яны гэта з задавальненнем — абы не страляць.
— Мустафа! Нагайку!
Спалоханы аголеным целам, мала навучаны конь уздыбіўся перад баронам, і Бульба секануў не на поўную сілу.
Калачык абурыўся.
— Сякач, такую тваю. Дай мне нагайку.
Аслаблены за дні арышту, стары Піліп Калачык сек так, што цела барона на паўаршына падскоквала ад снегу і сам ён заскуголіў, што шчанюк. Стары блазнаваў:
— Браточкі мае, ці думаў хто з вас, што мы так пагладзім пана барона? Як вы сябе пачуваеце, ваша светласць?
— Гэта ўдар? Гэта ўдар? Гэта ўсё роўна, што баба гладзіць,— закрычаў Мустафа.— Ану, адхіліся! Расхадзіся права-лева!
Ён разагнаў каня і, калі той, навучаны, пераскокваў цераз чалавека, так секануў башкірскім бізуном, што з высокавяльможнай задніць! барона пырснула кроў і сам ён зароў, што паранены зубр.
Ды якраз у гэты міг азірнуўся Багуновіч. Убачыў, што творыцца, і яго званітавала. Але паколькі ён нічога не еў, то цягнула з яго крывёю, з пакутлівымі спазмамі.
Бульба вылаяўся:
— Слюнцяі! — і тут жа загадаў: — Хопіць! Скажы дзякуй, барон, гуманістам. Пастаў свечку за іх здароўе. Бяжы! Запомні, як гарыць наша зямля пад тваімі нагамі.
— І як наш вецер дзьме ў тваю прадзіраўленую задніцу,— дапоўніў Калачык.
— Падняць барона! Бяжы! Але помні, што я не знайду цябе хіба што ў Трансваалі. Хоць магу і туды дабрацца.
Усё яшчэ не верачы ў такое шчасце — даравана жыццё! — барон Зэйфель без штаноў, у кайзераўскім мундзіры і рускай лакейскай шапцы напачатку пайшоў павольна, раз-пораз азіраючыся, мабыць, чакаў стрэлу ў спіну. А потым, адышоўшы сажняў трыццаць, падскочыў, як заяц, і, па-заячы пятляючы, пабег што ёсць сілы.
Партызаны выбухнулі вясёлым і лёгкім рогатам: уявілі, як барон у такім выглядзе з'явіцца ў маёнтак. Нават Багуновіч, у якога спазмы страшна рэзалі жывот, таксама ўсміхнуўся з палёгкай. Не чуючы шуму, паглядзеў угору, на сосны, якія гойдаў вецер. Па тым, як гайдаліся вершаліны дрэў, уявіў, як шуміць бор. Ад гэтага ўяўлення шуму да яго як бы вярнулася адчуванне жыцця — вось яно якое: крывавае і прыгожае.
Поезд манеўраваў ля Віленскага вакзала. Разы два на кароткі міг спыняўся, але не каля перона, дзе тоўпіліся пасажыры, а на трэцім ці чацвёртым пуці.
Багуновіч памкнуўся быў сысці, але Стася стрымала яго. Пэўна, яе спалохала, што на пероне хадзілі салдаты. Яшчэ з часу службы ў барона яна добра ведала, як немцы не любяць, калі хтось парушае парадак.
Можна саскочыць за вакзалам, на стрэлках. Але небяспечна было скакаць нават на самай прыцішанай хадзе. Вельмі ж яны скачанелі ў пустым таварным вагоне, куды праз праломы ў сценах урываліся шалёныя скразнякі. Іх шчасце было хіба ў адным, што раней у вагоне перавозілі коней, там пахла конскім гноем і засталося трохі саломы, пад яе можна было схаваць ногі. Праўда, Сяргея стары Калачык прымусіў абуць валёнкі. Стася валёнкі не абула. Разважыў Бульба ды і сама яна: калі ўжо ёй належыць ехаць пад выглядам міласэрнай сястры, то яна вымушана трымаць нейкі форс. Праўда, апранута яна была ў кажушок — дала Альжбета, калі яшчэ выводзіла яе ў лес, змаўчаўшы, што гэта — Мірын кажушок.
Ціхі Баранскас не пабаяўся папрасіць нямецкага афіцэра пахаваць агітатарку асобна ад іншых салдат, якіх закапалі там жа, на перадавой, у брацкай магіле. Начальнік пахавальнай каманды, уладальнік пахавальнай канторы ў Дрэздэне, быў спагадлівы немец: на сваёй спагадлівасці і дабрыні ён умеў нядрэнна зарабляць да вайны. Ды і ў вайну служба ў такой камандзе, акрамя бяспекі (не на пярэднім, не ў акопе!), давала які-ніякі прыбытак. Не, ён не марадзёрстваваў, ён ніколі не дазваляў разуваць ці раздзяваць мёртвых рускіх, але зняць залатыя крыжыкі з афіцэраў, пярсцёнкі, забраць партсігары, гадзіннікі — хіба гэта грэх? Навошта яны мёртвым? З рускай агітатаркі, пра якую нямецкія салдаты, да якіх яна смела хадзіла, расказвалі легенды, ён не зняў нават кажушка, хоць пра кажухі быў асобы загад інтэнданцкай службы. Ад таго, што расказвалі салдаты, у магільшчыка з'явілася павага да гэтай мужнай дзяўчыны, таму ён лёгка згадзіўся, каб сям'я начальніка станцыі, які нядрэнна гаварыў па-нямецку, пахавала яе асобна, у агародчыку каля свайго дома.
Багуновіч, калі яго прывезлі ў леснічоўку, пазнаў кажушок, і спачатку гэта яго страшэнна ўразіла; упершыню пасля кантузіі скаланула яго моцнае пачуццё. Кажушок быў Стасі малаваты, яе поўныя грудзі распіралі яго, і Сяргея гэта асабліва абразіла. Ды стрымаў выгляд гэтай вясёлай жанчыны: яна, як і ён, была абыякавая да ўсяго на свеце, яна, як і ён, была недзе за мяжой звычайнага жыцця, на шляху ў іншы свет. А калі Бульба напісаў яму на паперы, хто і як пахаваў Міру і што ўчынілі са Стасяй немцы, Багуновіч раптам упаў перад ёй на калені. Гэта яе страшэнна ўразіла, але гэта, як і просьба цяжка параненага: «Мама, дай напіцца», вярнула яе да жыцця. Ды і яго, Багуновіча, прымусіла цвёрда вырашыць: ён мусіць жыць, абавязаны жыць! Стася ўпершыню пасля таго жудаснага дня заплакала. Багуновіч таксама заплакаў, бо расплавілася яго заледзянеласць. Разам з імі плакаў стары Калачык. Сурова маўчаў адзін Рудкоўскі. А Бульба крыкнуў:
«Мустафа! Спірту!»
«Няма, ваша бродзь. Аддалі раненым».
«Не забывайся, сын Батыя, што ты цяпер бальшавік!»
Калі Багуновіч крыху акрыяў, Назар пісаў яму:
«Заставайся ў атрадзе. Ваяваць можна і без вушэй. Мы з табой пашукалі б гэтую сволач — Зэйфеля».
Даведаўшыся ад Багуновіча, як паводзіў сябе барон у канюшні, Бульба пісьмова мацюкаў яго, чаму не сказаў тады, калі шпіён быў у іх руках, і трохі не выў ад гневу і роспачы, калі праз два дні прынеслі сяляне навіну: Зэйфеляў, і маладога і старога, прастыў след — уцяклі ў фатэрлянд.
Не, ён, Багуновіч, ваяваць больш не мог. Нават помсціць за Міру, за Пастушэнку яму не хацелася. Так і сказаў Бульбе. Той напісаў у адказ: «Размазня!»
Рудкоўскі, Калачык і Стася вырашылі, што кантужанага камандзіра палка лепш адвезці дадому, да бацькоў, недалёка ж да Мінска. Стася сама папрасілася праводзіць яго, хоць Рудкоўскі баяўся: як яна павядзе сябе, убачыўшы немцаў?
Сяргей ехаў у салдацкім шынялі; партызаны разведалі, што раненых і кантужаных салдат немцы не затрымліваюць, памагаюць нават дабрацца дадому, калі яны беларусы ці ўкраінцы; літоўцаў і палякаў адпускалі ўсіх, здаровых і знявечаных.
У Стасі шарсцяныя панчохі прымерзлі да ботаў. Багуновічу здавалася, што прымерзла да яго худога цела гімнасцёрка; у акопах у самыя лютыя марозы так не качанеў. На дварэ адліга, снег на станцыі счарнеў. І аднак жа так холадна ў гэтым праклятым вагоне.
Хваляваўся ён усю дарогу. Але, калі ўбачыў знаёмы з маленства вакзал, яго пачало ліхаманіць. Добра, што Стася напэўна думае, што дрыжыць ён ад холаду. Сама яна дрыжала гэтак жа і таксама не толькі ад холаду. Пасля ўсяго, што перажыла, яна, здавалася ёй, нічога ўжо не баялася, да таго ж, будучы жанчынай практычнай, разумела, што ў вялікім горадзе небяспекі тае няма. Аднак калі ўбачыла на вакзале ў Маладзечне немцаў, то ўчапілася ў Багуновіча, да болю сціснула яго руку: быццам падтрымлівала яго, але ён адразу сцяміў, што інстынктыўна жанчына шукае абаронцу ў ім. Сумна падумаў: «Які ж я абаронца?» Але тут жа вырашыў, што будзе абараняць яе цаною жыцця свайго, зубамі ў горла ўчэпіцца, калі нехта з гэтых зялёных гвалтаўнікоў... Ды, на іх шчасце, на вакзале не існавала закону джунгляў. Было тлумна. Але вакол былі людзі, свае людзі. Ад іх прысутнасці з'явілася ўпэўненасць, адчуванне бяспекі. Хлапчукі-беспрытульнікі, што шмыгалі і зіркалі вачамі, дзе б чым пажывіцца, здаліся да болю, да спазмы ў горле роднымі.
Сяргея кранула, што Стася выказала мацярынскую ласку да гэтых галодных дзяцей вайны.
«Хто іх накорміць?» — бедавала яна.
Урэшце поезд, даўшы задні ход, спыніўся ля таварнай платформы. Іх вагон апынуўся супраць вялікага пакгауза. На платформе ляжала гара скрынак; рабочыя-грузчыкі, чалавек шэсць, заносілі іх у склад. Але каля скрынак хадзіў нямецкі салдат з вінтоўкай на плячы. Салдат падыходзіў да самых дзвярэй іх вагона. Яны сачылі за ім у шчыліну. Што рабіць? Вельмі можа здарыцца, што, нешта выгрузіўшы, састаў рушыць далей, на ўсход ці поўдзень, у невядомую далеч, і Мінск, родны Мінск, сям'я, маці, бацька зноў пачнуць аддаляцца.
Калі салдат аддаліўся, Сяргей ціха сказаў:
— Калі поезд пойдзе далей, будзем скакаць...
Ды Стася вырашыла інакш. Рашуча адчыніла цяжкія дзверы вагона, падхапіла яго і вынесла на платформу. Вартавы глядзеў ашаломлена, але трывогі не ўзняў. Ці мала іх, рускіх, вось так праязджае? Яго абавязак — ахоўваць пакгауз. Здзівіла яго хіба, што двое грузчыкаў быццам чакалі гэтых людзей: выхапілі салдата ад жанчыны і, здаецца, намерыліся несці на вакзал. Так, у рабочых быў такі намер, ды Багуновіч вачамі паказаў ім назад, у бок Маскоўскай вуліцы. Яны зразумелі. Неслі яго ўподбег. Багуновіч, разгублены і ўсхваляваны, не паспяваў пераступаць нагамі.
Плот, што некалі адгароджваў тэрыторыю станцыі ад вуліцы, амаль увесь быў разабраны: салдаты апальвалі ім цяплушкі, ды і мінчане прылажылі рукі, бо дровы неймаверна падаражалі.
— Адваяваўся, браток? Куды ранены?
— Ён не чуе. Аглушыла яго.
— А-а, кантузія. А ты хто?
— Сястра міласэрная.
— Дадому вядзеш?
— Дадому.
— Давядзеш адна?
— Давяду.
— Дзякую, таварышы,— сказаў Багуновіч.
— Скажы яму як-небудзь, што з «таварышам» трэба быць асцярожным. Шчасліва.
— Усяго вам добрага.
— Якое там дабро, сястра!
Яны выйшлі на Захар'еўскую. Каля Царквы сляпых Багуновіч знясілена спыніўся, у яго прастуджаных грудзях ажно забулькала ад цяжкага дыхання. На спалоханы Стасін позірк вінавата растлумачыў:
— Гэта мая вуліца. Я пражыў на ёй палавіну свайго жыцця.
Стася ўзяла яго пад руку і вяла, як раненага. У гэтым канцы галоўная вуліца Мінска была яшчэ пустая: рэдкія прахожыя мясілі ні разу за зіму не ачышчаны, ператвораны адлігай у кашу, снег. Але каля гасцініцы «Бельгія» было даволі ўжо людна. Па ачышчаным тут тратуары ішлі не простыя людзі — паны: пані ці паненкі прагульваліся з нямецкімі афіцэрамі.
Стася адчула: тут, на мінскай вуліцы, страх яе перад немцамі амаль знік, але нянавісць расла да іх, да немцаў, і да ўсіх тых, што хаўруснічаюць з імі.
Каля Чырвонага касцёла Багуновіч раптам спыніўся, збялелы, прытуліўся да рашоткі царкоўнай агароджы — каб не ўпасці. Стася мацней сціснула яго руку.
— Што з вамі? Што вас спалохала?
— Вы чуеце? — усхвалявана спытаў кантужаны.
Яна чула ўжо колькі хвілін, што недзе там, з боку вакзала, цокаюць капыты мноства коней. Больш нічога не чула, акрамя галасоў тых людзей, што праходзілі міма.
— Коні! Вы чуеце коней?
Сяргея спалохала цоканне, яно здалося галюцынацыяй, бо, акрамя двух рамізнікаў, што стаялі нерухома каля «Бельгіі», коней нідзе не было відаць. Ды праз хвіліну з Міхайлаўскай вуліцы на Захар'еўскую роўнымі шарэнгамі, павольнай хадою выйшаў эскадрон уланаў. Гвардзейскія уланы! У прыгожых мундзірах, з ківерамі, у афіцэраў ззялі эпалеты, юнак-гарніст высока ўзняў чырвона-чорны штандар.
Дзіўна змяшаліся пачуцці ў былога камандзіра палка. Зрабілася страшна ад гэтай сілы, ад гэтых сытых салдат, сытых коней. Абпаліла і без таго запалены мозг думка, што з такой сілай немцы могуць хадзіць, ездзіць тут, па Захар'еўскай, па ўсім Мінску, па ўсёй зямлі вельмі доўга... Што супраць такой сілы зробіць нейкі атрад Рудкоўскага ці Бульбы? Думка гэтая была жахлівай.
Але разам з тым з'явілася нешта іншае. Ён чуў цоканне капытоў па бруку. Што гэта? Хворае ўяўленне? Ці да яго вяртаецца слых? Але, ён чуе! Гэта ж цуд, божы дар: як толькі апынуўся на вуліцы, дзе ўсё такое знаёмае, такое роднае,— вярнуўся слых!
«Мама! Няўжо я пачую твой голас?»
Ад аднае гэтай думкі стала да млоснасці радасна.
Эскадрон схаваўся за згібам вуліцы. А Багуновіч усё яшчэ стаяў, збялелы, анямелы, і слухаў ужо не цоканне падкоў, а ўдары пульсу ў скронях, шыі, у пальцах рук.
— Што з вамі? — паўтарыла Стася, спалоханая яго здранцвеласцю — як паралізаваны — і адначасова дзіўным бляскам у вачах.— Вам забалела?
Што праз вату, затаптаную ў вушы, пачуў ён гэтыя словы: «Вам забалела?» Але, можа, ён прачытаў па вуснах яе? Асобныя словы, якія казалі яму яшчэ там, у лесе, у атрадзе, ён адгадваў па жэстыкуляцыі, па выразу вачэй.
Але ж — і падковы, і яе голас...
Ён схапіў Стасіны рукі, горача зашаптаў:
— Скажыце мне яшчэ што-небудзь!
Двое цывільных паноў, што праходзілі міма і пачулі яго словы, азірнуліся і засмяяліся: дзіўны салдат — на «вы» з бабай, якую спакушае!
— Што ж мне вам сказаць, гаротны вы мой?
Не, такую фразу па жэстыкуляцыі прачытаць нельга!
І ён бадай крыкнуў:
— Я вас чую! Стася! Я вас чую! Божа мой! — і шэптам: — Гаварыце ж са мной, мой добры ангел-храніцель. Гаварыце!
— Я рада за вас. Я рада...
А ён — як сарваўся з месца, закрочыў шпарка, амаль уподбег. І ўзбуджана гаварыў ёй, а можа — сабе:
— Зараз мы мінём Серпухаўскую, пасля — Багадзельную. Там, паміж Багадзельнай і Губернатарскай, наш дом. Гэта самае бойкае месца. Амаль напроціў рэстаран «Селент». А там далей — кінематографы... «Гігант», «Эдэн». Калі я быў гімназістам, я не прапускаў ніводнай карціны...
Ён гаварыў таму, што ўсё выразней і выразней чуў свой голас, быццам яму патроху выцягвалі вату з вушэй. Не, ён гаварыў яшчэ і таму, што яго, хворага, знясіленага, апанавалі ўспаміны маленства, маладосці. Як усё гэта было далёка! Усю вайну было далёка. Нават тады, калі ён прыязджаў на пабыўку і, здаровы, элегантны з выгляду, хадзіў у рэстараны, у кінематограф з былымі аднакласнікамі, са знаёмымі паненкамі. Нават людзі гэтыя здаваліся чужымі і далёкімі. Блізкімі былі фронт і смерць. А тут раптам усё наблізілася, усё вярнулася, вярнулася яго любоў да гэтага горада, да вуліц, дамоў... Але тут жа яму зрабілася сорамна. Пра што ён гаворыць гэтай гаротнай батрачцы? Што ёй да рэстаранаў, да кінематографаў?
Парушыўшы лагічную сувязь, ён сказаў зусім пра іншае — з трывогай, з клопатам:
— А ў мамы хворае сэрца.
Стася разумела яго, разумела ўсё, што ён перажывае. Аднак словы пра маці асабліва кранулі: яна расла сіратой.
У яго ледзьве хапіла сілы пакруціць званок. Адчыніла ім Васіліна Іванаўна, даўняя кухарка і пакаёўка Багуновічаў. Цяпер яна была для яго Васіліна Іванаўна.
Некалі, малы панок, Сяргей капрызна крычаў ёй:
«Вася! Дай вады! Знайдзі мае панчохі!» Тады Васіліна была маладая. Але калі ён пайшоў у першы клас гімназіі, бацька аднойчы сказаў яму: «Сын, мяне засмучае, што ты не заўважаеш, як я звяртаюся да чалавека, які корміць нас,— да Васіліны». Сяргею зрабілася сорамна, але ён знайшоў апраўданне сабе:
«А мама?»
«У мамы такія адносіны з дзяўчынай натуральныя, яны штодня разам на кухні... А мы з табой будзем джэнтльменамі».
Аднак гэтым не скончылася.
У Васіліны твар пабіты воспай, з-за чаго яна, напэўна, пайшла ў горад, у пакаёўкі, бо не мела надзеі выйсці замуж. Нехта з яго сяброў-гімназістаў, панскіх сынкоў, у насмешку назваў яе «Василисой прекрасной», і яму, дурню, спадабаўся гэты жарт; аднойчы пры бацьку, пры маці ён звярнуўся так да Васіліны. Размову, якая адбылася ў яго з бацькам пасля таго, як Васіліна ціха выйшла, доўга не вярталася, а маці, якая пайшла за ёй, вярнулася з сумнымі вачамі,— тую размову ён запомніў на ўсё жыццё і заўсёды ўнутрана чырванеў, калі ўспамінаў гэты эпізод свайго юнацтва. Яшчэ на вуліцы Багуновіч успомніў пра гэта, і яму захацелася расказаць Стасі, як бацька вучыў яго. Але пры набліжэнні да дома хваляванне было такое моцнае, што ў яго ці не адняло голас. Ён не мог вымавіць ніводнага слова.
Адчыніўшы дзверы, Васіліна хвіліну недаўменна глядзела на барадатага салдата, што, здавалася, хацеў нешта сказаць і не мог, і на жанчыну, у якой з-пад цёплай хусціны вытыркала белая касынка з чырвоным прастакутнічкам на лбе — часткай міласэрнага крыжа. Калі, урэшце, пазнала, не прыдумала нічога іншага, як закрычаць на ўсю кватэру, спалохана і радасна:
— Мар'я Міхайлаўна! Мар'я Міхайлаўна!
Маці выбегла з пакоя ў прыхожую. Маці ўміг пазнала сына. Не закрычала, а, здаецца, застагнала:
— Сяр-рожа...
Ён не пачуў яе голасу. Ён убачыў, як яна пахіснулася і, напэўна, асунулася б на падлогу, каб ён не падхапіў яе на рукі.
Сяргей крыкнуў, як у маленстве:
— Вася! Вады!
Стася стаяла каля дзвярэй, разгубленая, што з ёй здаралася рэдка. Гэтую разгубленасць яна адчула яшчэ на вуліцы, перад домам, і калі па шырокай мармуровай лесвіцы паднімаліся сюды, у кватэру.
Багуновіча яна не лічыла панам ні тады, калі ён камандаваў палком — раз салдаты выбралі камандзірам — значыцца, наш, свойскі! — ні тым больш пасля таго, калі немцы, барон учынілі над імі здзек; пакуты зблізілі іх. А нядоўгае жыццё ў партызанскім лагеры і яе роля міласэрнай сястры проста параднілі іх. Яна везла яго не як шпітальная сястра, а як родная — скалечанага брата.
У палітыцы яна разбіралася не надта, але класавае пачуццё батрачкі было, што аголены нерв. Маленькі дотык — востры боль, крык, пратэст. У маёнтку яна даіла кароў, але яе часцей, чым іншых батрачак, бралі ў палац, каб перад нейкім, не зразумелым ёй, святам прыбраць пакоі. Яна бачыла баронскае багацце і, акрамя раяля — такі цуд! — і некаторых карцін, да ўсяго іншага ставілася з бязлітаснай пагардай. Спаліць бы ўсё!
Дом, лесвіца і прыхожая аддалілі яе ад Багуновіча. Усё было па-панску. Праўда, трохі інакш, чым у барона. У прыхожай віселі не маляваныя карціны, а фатаграфічныя здымкі ці простыя рысункі, зробленыя адным карандашом.
За ўсё сваё жыццё яна ні разу не самлела, нават тады, калі прынеслі «пахаронку» на Адама. Галасіла, білася галавой аб сцяну, аднак памяці не траціла. Але яна бачыла, як млеюць пані і паненкі — у маёнтку, у касцёле,— і ніколі не верыла, што сапраўды ім блага, заўсёды думала, што гэта панскае прытворства.
Праўда, там, у пакгаузе, дзе над ёй учынілі страшны здзек, яна страціла прытомнасць, добра Баранскас знайшоў яе паўмёртвую. Але хіба можна параўнаць тое, што перажыла яна, з тым, з-за чаго млеюць пані?! ім бы такое! Таму яна і не вельмі паверыла, што маці Сяргея Валянцінавіча зрабілася блага, хоць добра помніла яго словы аб тым, што ў маці хворае сэрца, і разумела яго трывогу. Аднак не магла ўцяміць, чаму трэба млець ад таго, што вярнуўся сын,— з галавой, з рукамі, з нагамі, з вачамі, з голасам.
З другіх дзвярэй выскачыла вельмі ж пекная паненка і, не звярнуўшы ўвагу на яе, Стасю, кінулася да маці, паіла яе вадой. Стася ведала, што гэта яго сястра — Алёна, Лёля. Усе разам, трое, яны падтрымалі старую Багуновічыху, хоць старой яна зусім не выглядала — худая, але маладжавая жанчына,— і павялі ў пакоі.
Стася паправіла хустку, зашпіліла кажух і намерылася павярнуцца і ціха выйсці з гэтай панскай кватэры. Навошта яна тут? Яна выканала заданне Рудкоўскага і хутчэй павінна вярнуцца дадому — у лес. Яшчэ б нейкая хвіліна — і яна знікла б. Але раптам з'явіўся ён, Сяргей, усхваляваны і радасны.
— Стася, друг мой! Прабачце, што на вас забыліся. Я ашалеў ад радасці. Я зноў аглух. Не, не, таму я радуюся, што чую іх галасы — мамін, Лёлін. Глуха, праўда, як праз павязку, але чую. Чую. Хадземце, я вас прадстаўлю маме.
Ён узяў яе за руку і павёў у пакой. Падвёў да маці, яна сядзела на канапе, адкінуўшыся на падушкі.
— Мама! Гэта мой ангел-храніцель... Стася... Станіслава...— ён так і не спытаў у яе імя па бацьку, таму разгубіўся.
А яны, маці і сястра, вытлумачылі яго разгубленасць па-свойму. Ён пісаў Лелі, што пакахаў дзяўчыну і што гэта вельмі сур'ёзна. Пісьмо было сенсацыяй для сям'і, нават стрыманы ў выяўленні сваіх пачуццяў адвакат Багуновіч расхваляваўся. А Марыя Міхайлаўна не адну ноч не спала. Не дзіўна, што маці і сястра палічылі: Стася — яго абранніца. Але Марыя Міхайлаўна адразу ўгледзела, што гэта не дзяўчына — сталая жанчына, вельмі сталая: з-пад хусткі і з-пад касынкі ў яе выбіваюцца сівыя пасмы, а ў вачах — боль і смутак і каля вачэй гэтых, прыгожых, праўда,— сетка зморшчыкаў. Маці зрабілася балюча, што абранніца сына такая — сталая жанчына. Але Багуновічыха была выхаваная і далікатная жанчына. Пераадольваючы слабасць і галавакружэнне, яна цяжка паднялася і абняла Стасю.
— Дзякую табе, дзіця маё. За сына майго дзякую,— і заплакала.
Стася (божа, ніколі з ёй такога не было!) прыпала тварам да пляча гэтай незнаёмай худзенькай жанчыны.
Лёля шморгала носам. Адчуўшы дужасць, маці ўміг стала гаспадыняй.
— Дзеці мае! Распранайцеся ж. Мыйцеся. Сярожа! Пагаліся! Твой бацька ніколі не насіў барады. Я не люблю барадатых. Лёля! Злётай па бацьку. Ён, напэўна, у Лёсіка.
Лёля ажно завішчала ад захаплення, абняла маці.
— Мамачка! Якая ты разумніца! Але спачатку я памагу Стасі пераадзецца.— Хадзем са мной, сястра! — яна адразу перайшла на «ты».
Стася была не з сарамлівых, не гублялася ні ў баронскіх пакоях, ні ў касцёле, ні на сельскім вяселлі. А ў маленькім Лёліным пакоі, дзе ўбачыла многа кніг і многа цацак, самых натуральных, дзіцячых, разгубілася. Асабліва сорамна ёй стала раздзявацца перад гэтай тоненькай чысцюлькай — скідаць самавязаную кофтачку, спадніцу з «чартакожу». Не, сорамна не за беднае верхняе адзенне — за палатняную сарочку, якая даўно не мылася і якая была на ёй тады... Цяпер яна ўзненавідзела гэтую сарочку. Спаліць бы яе. Але не папросіш чужую. Яна супраціўлялася гвалтоўнаму пераадзяванню, ажно пакуль Лёля не зразумела — чаму.
— Ды не саромейся ты! Я ж два гады ў шпіталі раблю і ведаю, што такое франтавік. Божа, калі гэта чалавецтва паразумнее?
— Калі не стане паноў,— адказала Стася, бадай, злосна — каб дапячы паненцы. Але Лёля не прыняла гэта на свой кошт і сур'ёзна сказала:
— Ты так думаеш? Не так усё проста, сястра. Адбылася рэвалюцыя... А людзі ўсё роўна прадаўжаюць забіваць. Якая сіла прагоніць адгэтуль немцаў? Народнае паўстанне? Але ж зноў — кроў, кроў, кроў...
Каб апраўдаць сваю брудную бялізну, Стася хацела расказаць, адкуль яны прыехалі — з лесу, з партызанскага атрада. Але словы пра паўстанне і кроў стрымалі. Здаецца, паненка баіцца паўстання? З тых, значыцца, пра якіх сказаў неяк Антон Рудкоўскі,— што рэвалюцыю ім хочацца рабіць у белых пальчатках.
Лёля з радасным смехам, які батрачку чамусьці пачаў абражаць, нацягнула на яе свой цесны халацік і дала кучу бялізны і адзення.
— У ваннай прымераеш, што на цябе налезе. А я пабягу бацьку шукаць. Божа, як ён узрадуецца! Мы так хваляваліся... так хваляваліся... за Сярожу.
— Яго кантузіла, і ён нічога не чуў. Толькі тут, у Мінску, яму трохі адлажыла вушы.
— Што ты кажаш?! — твар дзяўчыны скрывіўся ад страху і болю, і гэта заглушыла Стасіну класавую варожасць, з'явілася добрае пачуццё жаночай салідарнасці, яно часта бывае, калі жанчыны думаюць пра аднаго і таго ж чалавека — сына, брата, мужа, пакутуюць і баяцца за яго.
Адлегласць, што раздзяляла яе жыццё і жыццё гэтых паноў, паменшала, калі, застаўшыся адна, Стася агледзела пакой. Не так ужо багата, не як у баронскім маёнтку. Вельмі чыста, акуратна, але ўсё просценькае.
Аддаленасць з'явілася зноў у ванным пакоі, куды яе паклікала Васіліна. Гудзела полымя ў пячурцы вадзяной калонкі. Зіхацела бялюткая ванна, а ў ёй калыхалася зялёная вада — што ў рэчцы адвячоркам, на століку — каробачкі і шчотачкі. Гарэлі над люстрам свечкі — электрычнасці не было. Усё гэта неяк па-новаму ўсхвалявала і збянтэжыла батрачку. А яшчэ больш усхвалявалася, калі ўбачыла, як Васіліна агледзела яе, калі яна раздзела халат, і як уздыхнула. Незразумела ўздыхнула — ці то пашкадаваўшы нечага, ці то захапіўшыся яе прыгажосцю. Можа, пабедавала, што і яе некалі такое ж прыгожае цела з-за праклятай воспы састарылася, без патрэбы, не зведаўшы ласкі мужа ці дзіцятка — сыночка ці дачкі.
Пасля ванны Стасі здалося, што памыла яна не толькі сваё пагана забруджанае цела, але і душу, змыла з яе накіп, каросту, і стала яна, душа яе, чыстай, як была некалі ў маленстве, але і чуллівай такой жа: толькі дакраніся — баліць.
Лёля ўбірала яе ўсё роўна што нявесту, сама расчэсвала косы. Стася пакорліва дала рабіць ёй гэта, так яе ўбіралі толькі аднойчы — пад вянец. Ад успамінаў было сумна і балюча. А яшчэ з'явіўся страх: як яна выйдзе да мужчын — да Сяргея Валянцінавіча, да Валянціна Вікенцьевіча. Галасы іх гудзелі за сцяной, у вялікім пакоі.
А Сяргей жыў радасцю, што ён чуе ўсё выразней і выразней і што ён дома, сярод сваіх. Праўда, са зваротам слыху перастаў думаць, як думаў у лесе, што вайна для яго назаўсёды скончана. Не, ён увогуле не думаў пра заўтрашні дзень. Не было калі. Са слыхам вярнулася актыўнасць. Ён галіўся — як свяшчэннадзейнічаў. Ён слухаў шум вады з крана, як самую цудоўную музыку. Памагаў маці і Васіліне накрываць стол і знарок звінеў бакаламі. Праўда, трохі бянтэжыла маміна насцярожанасць, але адначасова і кранала яе далікатнасць: мама не запыталася, як ён пражыў гэты час — з апошняй пабыўкі і асабліва пад час нямецкага наступлення, як яго кантузіла.
Яшчэ больш парадаваў бацька. Стары адвакат, гарачы ў судзе, але стрыманы дома, цалаваў яго не са слязамі — з маладым смехам; так страчаюцца гімназісцкія ці універсітэцкія сябры. Ён таксама хітра абыходзіў вайну, нямецкую акупацыю. Папярэджаны жонкай, што сын слаба чуе, Валянцін Вікенцьевіч знарок многа і гучна гаварыў сам — прыгадваў мінулае, даваеннае мінулае. Хоць для сур'ёзнай размовы і часу не было яшчэ. Яны парадкавалі стол, чакаючы Лёлю і Стасю. Нарэшце тыя выйшлі. Стася ледзь пазнала Сяргея. Хто гэты худзенькі хлопчык у беласнежнай кашулі, у чорнай аксамітавай куртачцы, чысценькі, з прылізана-мокрымі валасамі? Ён! Аднак як ён не падобны ні на камандзіра палка, ні на кантужанага салдата! Як цяпер паводзіць сябе з гэтым чалавекам?
Стары Багуновіч галантна наблізіўся да яе, адзетай у Лёліну цеснаватую сукенку, схіліў галаву ў паўпаклоне, узяў яе руку і пацалаваў. Стася страшэнна збянтэжылася ад такой сустрэчы. Ніхто ў жыцці не цалаваў ёй рукі! А Сяргею раптам ударыла ў сэрца: ён сцяміў, чаму са Стасяй так абыходзяцца. І ўспаміны пра Міру вадаспадам кіпню абпяклі яго. Ён увесь сцяўся, замёр і, здалося, зноў аглух: нейкі міг не чуў ні гучнага голасу бацькі, ні прыцішанага матчынага, ні звонкага смеху сястры.
Іх пасадзілі побач — яго і Стасю. Ды па белым абрусе, як па снежным полі, пакацілася чырвоная касынка. Ад страшнага прывіду гэтага ён закрыўся сурвэткай — закрыў вочы, твар... І раптам закалаціўся ад цяжкага пакутлівага нямога рыдання.
Хатнія ведалі — ніколі ён не быў слязлівы, таму вельмі спалохаліся.
— Сярожа! Хлопчык мой! Што з табой?
— Сярожа! Братачка!
— Нічога, нічога, гэта нервы, нервы...
— Не чапайце яго! — сурова і загадна сказала Стася.— Яны забілі яго жонку.
На міг усе анямелі. Нават стары адвакат, які ўмеў шмат што апраўдаць, разгубіўся.
Першая схамянулася Марыя Міхайлаўна. Яна адчула як бы палёгку, суцяшэнне, што жонка яго — не гэтая сялянка. Але тут жа ёй зрабілася да сардэчнага болю сорамна. Божа літасцівы, пра што яна думае? Выходзіць, радуецца ў той час, калі трэба плакаць, што забілі яе нявестку, яе дачку, якую яна так і не пабачыла? Абняўшы сына, яна заплакала. За ёй — Лёля.
Адна Стася сядзела маўкліва, строга-халодная, незалежная. Цяпер яна нічога не саромелася і адчула сябе не толькі адмытай ад бруду, але як бы вызваленай ад усяго — ад гэтых панскіх умоўнасцей і нават ад тых душэўных цянётаў, якія ледзь не спляла сама сабе. Ей хацелася есці: на стале столькі прысмакаў!
Каля гасцініцы «Еўропа» стаялі рамізнікі. На дзіва многа — вазкоў дванаццаць. Ім не хапала работы. Рускія афіцэры і штабісты Заходняга фронту ўмелі пашыкаваць; гэтым карысталіся хто як умеў, нямала развялося і рамізнікаў, хоць цэны на коней за час вайны непамерна выраслі: коней не хапала фронту.
Немцы з-за сваёй скупасці столькі не ездзілі. Для возчыкаў наступілі галодныя дні.
Маці сказала:
— Возьмем рамізніка. Ты слабы яшчэ.
Сяргей запярэчыў:
— Не, не! Недалёка ж!
Хацелася праверыць сябе. Дома з яго сапраўды зрабілі хворага. Дзіўна, і сам ён адчуў сябе хворым і тры дні праляжаў у ложку. Паднімаўся — кружылася галава; такая слабасць была толькі ў першыя дні кантузіі, калі сядзеў у склепе, у лагеры адчуваў сябе дужэй. Але далей ляжаць не мог. Пакутаваў ад успамінаў, вінаваціў сябе, што не ўпільнаваў Міру. Парываўся наведаць яе сям'ю і разам з тым баяўся гэтай сустрэчы, бо не ведаў, што можа сказаць ім, ці здолее паведаміць пра смерць дачкі, сястры. Бацькі, Лёля бачылі, як ён пакутуе, як хоча пайсці і як баіцца гэтага наведвання. Марыя Міхайлаўна спрабавала адгаварыць: акрыяй хоць крыху, палячыся! Лёля параіла, каб ён ішоў або з маці, або з ёй. Лёля прыдумала легенду, на якую ён згадзіўся. Натуральна, што маці не даверыла яго сястры, легкадумнай фантазёрцы, хоць прыдумку яе прыняла як уратаванне. Маці пайшла сама.
З парадных дзвярэй гасцініцы выйшаў нямецкі афіцэр. Нацягнуў пальчаткі, наставіў каўнер — быў марозны вецер. Павярнуўся і шпарка пайшоў насустрач Багуновічам. Але знайшоў рамізніка, які спадабаўся, ці знаёмага — з кім ездзіў раней, і са спрытнасцю чалавека, які ўсё жыццё ездзіў, упаў на сядзенне вазка. Ад'ехаў.
Багуновіч знясілена прытуліўся да гранітнай сцяны гасцініцы.
Маці спалохалася.
— Сярожа! Табе блага? Ты ўвесь збялеў.
Ён вінавата ўсміхнуўся, цяжка дыхаючы.
— Нічога, мама. Мне здалося, што гэта Зэйфель. Не, не ён. Аднак... раней я не думаў, што мы можам сустрэцца. А цяпер буду думаць. Не хапала яшчэ гэтага!
— Ах, Сярожа, ты зусім хворы.
— Але, мама. Я хворы.
Такое шчырае прызнанне Марыю Міхайлаўну яшчэ больш спалохала.
— Я не знаю, калі ачуняю. Ад свайго гора. Ад іх,— ён кіўнуў у бок Прэабражэнскай, па якой паехаў афіцэр,— што топчуць маю зямлю... Бачыш, я задыхаюся ад іх.
Сказаў ён гэта на поўны голас, і маці баязліва азірнулася на рамізнікаў, ведала, што гэтыя людзі ўмеюць усё ўбачыць, усё пачуць; яны ўжо з цікавасцю сочаць за маладым чалавекам і немаладой жанчынай.
— Пайшлі, Сярожа.
— Пайшлі, мама, пайшлі,— ён адарваўся ад сцяны і шпарка закрочыў на Саборную плошчу, да ратушы, ля якой хадзіў вартавы. Можа, яму знарок захацелася прайсці блізка ад немца — праверыць сябе. Хоць куды было дзецца? З другога боку, вышэй на плошчы, каля палаца губернатара, таксама хадзіў немец з вінтоўкай. Усюды немцы! Усюды...
Моўчкі спусціліся па Казьмадзям'янскай да Ніжняга рынка.
Сяргей яшчэ з маленства, з таго часу, калі маці ці Васіліна вадзілі яго за руку — каб не згубіўся, любіў гэты самы шумны ў горадзе рынак. Тут што ў Вавілоне: мяшаліся ўсе мовы — беларуская, яўрэйская, руская, польская, татарская... Часам здавалася, што адны і тыя ж людзі гавораць адразу на ўсіх мовах. Тут было шумна, цікава, весела. Апетытна пахла ад жаровень. Прадаваліся самыя смачныя куханы.
Калі стаў гімназістам, яны таксама часта сюды прыходзілі, нават з паненкамі — вучаніцамі жаночай гімназіі. Лічылася прыстойным хадзіць на Ніжні рынак, хоць заможныя людзі прадукты куплялі не на гэтым «грязном базаре», а на чыстым Віленскім. З паненкамі непрыстойна было хадзіць на «конскі рынак» — на Замчышча, там прадаваліся каровы, свінні, авечкі, там пахла гноем. А бацька, наадварот, хадзіў часцей менавіта на той рынак: любіў адвакат пагутарыць з сялянамі. Бацька стараўся і яго, гімназіста, далучыць да сваіх народніцкіх поглядаў, да свайго разумення сацыяльнай няроўнасці. Сяргей з папрокам сабе падумаў, што бацькавы погляды на свет і жыццё не адразу і не лёгка даходзілі да яго. Трэба было прайсці праз усе кругі ваеннага пекла, каб палюбіць гэты спакутаваны народ, што сцякаў не толькі потам, але і крывёю.
Рынак быў малалюдны і ціхі — як анямеў. Нават звычайна шумныя яўрэі моўчкі выбівалі акалелымі нагамі «чачотку», наставіўшы каўняры, засунуўшы пад зіпуны рэчы, якія хацелі прадаць. Ад холаду ці страху яны не набіваліся сваім таварам, як рабілі раней. З прадуктовага рада даўно ўжо не пахла смажанай баранінай і гарачымі куханамі. Дзе-нідзе татаркі прадавалі гуркі і квашаную капусту.
Ды на рынак яны глянулі толькі здалёк. Павярнулі на Нямігу. Марыя Міхайлаўна, употай і пільна назіраючы за сынам, убачыла, як расло яго хваляванне. Не дзіва: набліжаліся да яе дома. Марыя Міхайлаўна сама хвалявалася. Яна па-мацярынску палюбіла гэтую нябогу, якую ніколі ўжо не здолее ўбачыць. А ў сына не засталося нават яе картачкі. Напэўна, будзе ў бацькоў, відаць, не бедная сям'я, калі дзяўчына скончыла гімназію. Папрасіць картачку, зрабіць партрэты. А можа, не трэба? Навошта штодня вярэдзіць Сярожаву рану? Хлопец і так высах — скура ды косці.
— Ты знаеш, мама... Ты знаеш, што мне ўспомнілася? Яна жартавала... Яна колькі разоў жартавала, што ўсё жыццё пражыла на Нямецкай вуліцы, таму мае права ісці да іх... агітаваць за рэвалюцыю. Якая дзікая іронія! Нямецкая вуліца!
«Божа, як крычыць яго гаротная душа»,— падумала маці. Дома ён з болем казаў ёй, Лелі: «Мы так бяздумна верылі ў жыццё, у мір, што не сказалі нават адно аднаму адрасоў. Мы верылі, што паедзем дадому разам. Я выпадкова глянуў на пісьмо, якое яна напісала сястры. Але я не ўпэўнены, што запомніў нумар дома. Чаму васемнаццаць? Васемнаццатага яны пайшлі ў наступленне... Вецер каціў па полі яе касынку...»
Пра гэта ён сказаў у першы дзень, калі істэрычна зарыдаў за сталом перад усёй сям'ёй, перад батрачкай, што прывезла яго, кантужанага: «Вецер каціў яе касынку...»
Пасля ён кожны дзень прызнаваўся за снеданнем ці за абедам, без сувязі з размовай, якая вялася, а размову ўсе яны — бацька, Лёля, сама яна, нават Васіліна,— стараліся весці такую, каб даць яму хоць на нейкі час забыць аб перажытым, адвесці ад цяжкіх думак: «Перад вачамі ў мяне яе касынка. Не, яна не коціцца па снезе. Яна ляціць... у паветры. Чырвоная. Гарачая. Мне здаецца, што гарачая...»
Васіліна ціха заплакала на кухні: «Марыя Міхайлаўна, родная вы мая, у яго дрэнна з галавой».
Вельмі гэта спалохала маці. Не сказаўшы нічога мужу і дачцэ, яна сама, акрамя старога доктара, які лячыў усю сям'ю, прывяла яшчэ аднаго, незнаёмага, нават адвакат Багуновіч, які, здавалася, ведаў усю мінскую інтэлігенцыю, з гэтым доктарам не быў знаёмы. Ён лячыў хваробы, з-за якіх звярталіся тайна, таму і сам сябе трымаў як бы ў цяні. Доктар заспакоіў яе:
«Нічога страшнага. Нервовае патрасенне,— доктар быў цынікам: — Такая рана, як смерць жонкі, гоіцца хутка, асабліва ў яго ўзросце... Самі кажаце: смерцяў ён бачыў-перабачыў. У такіх нервы моцныя».
Яна сказала мужу, што прывозіла псіхіятра. Валянцін дакараў яе; ён, чалавек, які часта сустракаўся з людзьмі, што былі ў самым цяжкім горы, бачыў у сына толькі глыбокае чалавечае перажыванне, больш нічога. Мужава пераконанасць трохі заспакоіла яе. Аднак нечаканая Сяргеева ідэя, якую ён выказаў учора,— наведаць Мірыных бацькоў,— моцна спалохала. Спалохалася нават Лёля, але тут жа сказала, што і яна пойдзе з братам. Можа, праўда, лепш, каб пайшла яна? Не, не, ёй даверыць нельга!
Марыя Міхайлаўна думала пра матчына сэрца. Сын быў на фронце, у самым, як кажуць, пекле. Яна малілася за яго, але, хоць і з трывогай, жыла звычайным жыццём, нават хадзіла ў госці, у тэатр. А цяпер у яе няма, не гложа быць іншага жыцця, як яго жыццё, яго здароўе. Цяпер здавалася, што без яе Сярожа нічога не здолее зрабіць, тут жа, як малы, згубіцца ў чалавечым моры, што так узбурылася.
Дом быў стары, двухпавярховы, першы паверх — цагляны, другі — драўляны. Такіх дамоў у гэтым густанаселеным раёне з вузкімі вуліцамі і завулкамі было нямала. У мураванай частцы размяшчаліся крамы, майстэрні, угары жыла сям'я. Часта другі паверх надбудоўваўся пазней, калі сям'я багацела ці вырастала настолькі, што ў катухах за прылаўкамі не змяшчалася.
Такім быў і дом пад нумарам васемнаццаць: верхняя частка выглядала навейшай. Цэгла першага паверха была як пабіта кулямі — пакрышылася, вышчарбілася. На вуліцу выходзіла двое дзвярэй, над дзвярамі — шыльды без прозвішчаў гаспадароў, без указання, што вырабляецца ці прадаецца, толькі сімвалы прафесіі: на адной малаток, выгнуты ліст бляхі ў выглядзе патэльні, на другой — швейная машынка. Суседства дзіўнае, рэдкае. Апраўдваў яго хіба толькі выгляд шыльд і замкоў, што віселі на дзвярах: на бляхарні шыльда аблупілася і замок заржавеў; на швейнай усё было, як кажуць, у рабочым стане. Але і сюды не ўваходзілі апошнія дні — снег на ганку не ўтапталі боты, не кранула мятла.
Праз вузкую брамку ўвайшлі яны ў цесны двор. Каля глухой цаглянай сцяны суседняга дома — хляўчук для дроў, пахіленая прыбіральня.
На другі паверх вяла знадворная лесвіца. Марыя Міхайлаўна і Сяргей падняліся па ёй, скрыпуча-галасістай, абледзянелай. Спыніліся на цеснай пляцоўцы перад дзвярамі, абвітымі лямцам.
Маці стаіла дыханне. Сяргей дыхаў астматычка. Яна зноў з трывогай падумала, што сын зусім хворы. Яна таксама хвалюецца. Аднак жа такой дыхавіцы ў яе, старой, няма. Можа, упершыню тут, перад дзвярамі, за якія яна ступіць свякроўю, Марыя Міхайлаўна падумала, што яна старая, што яе ўласнае жыццё скончана, што цяпер яна будзе жыць толькі дзеля сына... дзеля дзяцей,..
— Серж,— прашаптала яна чамусьці па-французску: можа, і мовай, і тонам, і вачамі, у якіх загарэлася ўпэўненасць, хацела падбадзёрыць сына. Але ў яго сама па сабе з'явілася рашучасць, камандзірская, франтавая.
Званка не было. У лямец не пастукаеш. Збоку, за пляцоўкай, на адлегласці выцягнутай рукі, было вузкае акенца.
Сяргей перагнуўся цераз хісткія парэнчы і настойліва, гучна забарабаніў пальцам у шыбу»
Калі дзверы адчыніліся — ён трохі не ўскрыкнуў. Ажно адступіў назад, бліжэй да маці.
На парозе стаяла... Міра.
Не, ён, безумоўна, адразу зразумеў, што перад ім сястра яе, Клара; Міра расказвала: падобныя яны адна на адну настолькі, што нават дзед іх, калі хадзілі да яго ў госці, часта блытаў унучак. Аднак Сяргея ўразіла такая падобнасць. І, безумоўна, узрушыла яшчэ больш.
Малодшая Клара была вышэйшая ростам, трохі вуглаватая яшчэ ў свае семнаццаць гадоў; прыгожы твар яе псавалі вочы, залішне пукатыя — прыкмета базедавай хваробы. Клара яўна спалохалася, можа, ад таго так расшырыліся яе вочы. Што яе спалохала? Ці не пазнала? Ці не здагадалася? Ад думкі такой у Багуновіча памлелі ногі. З усяго, што магло здарыцца пры наведванні сюды, ён найбольш баяўся слёз, роспачы, галашэнняў. Але, урэшце, праз усё трэба прайсці.
— Паненка, можна да вас? — спытала Марыя Міхайлаўна чамусьці па-польску.
Дзяўчына прапусціла іх міма сябе ў цёмны калідор, дзе моцна пахла спецыфічнай кухняй, але тут жа закрычала па-яўрэйску, усё роўна што прасіла ратунку:
— Мамен! Мамен! Да нас прыйшлі!..
У цеснаватым пакоі, загрувашчаным старымі камодамі, за нажной машынай «Зінгер» сядзела поўная жанчына з прывабным тварам.
«І маці так падобна на яе!» — падумаў Сяргей алагічна: не дачка падобна на маці, а маці — на дачку.
Гаспадыня ветліва паднялася — у яе балелі ногі, ступіла ўбок, апусціўшы на падлогу белы паркаль.
Марыя Міхайлаўна прывіталася зноў-такі па-польску. Мірына маці пачала гаварыць на своеасаблівым тагачасным мінскім дыялекце.
— Дзень добры, вяльможная пані. Пані хоча штось заказаць пашыць? Што? Кашулі? Ніжнюю бялізну? Каму? Сабе? Сыну? З якога матэрыялу? Няхай пані не думае, што ён ёсць у мяне, паркаль, сацін. Я вам скажу, што сказаў мне Заспіцкі, скула яму ў бок, калі я пайшла купіць хоць якога «чартакожу» сваім і суседнім басякам на штаны; яны ж проста гараць на іх. Пані такая маладая і ў яе такі дарослы сын? Так? Я пазнала па абліччы. Старая Сара мае яшчэ пільнае вока. Але калі пан падумаў, што я старая, то пан памыляецца. Мяне састарылі гэтыя басякі...
— Мама! — амаль у роспачы прастагнала Клара; яна стаяла каля дзвярэй, прытуліўшыся да касяка, бледная да непрыгожасці.
— Што мама? Што мама? Ах, я забылася запрасіць паноў сядаць. Проша. Калі ласка. Пажалуйста,— Марыі Міхайлаўне яна паказала месца на канапе, а Сяргею падала венскае, лёгкае і скрыпучае, крэсла, на якім толькі што сядзела сама. Нібыта паскардзілася, але з гонарам за дзяцей: — Яны ўсе вучаць маці. Яны маладыя. Яны разумныя. А маці — дурная швачка. Але я іх усіх вырасціла...
Гаспадыня паставіла крэсла так, што, калі сеў, Сяргей скалануўся, сцяўся: з бакавой сцяны над камодам на яго глядзела Міра — з вялікай фатаграфіі, на якой яны зняліся трое — дзве сястры і брат. Здымак быў зроблены ў лепшай мінскай фатаграфіі братоў Вронскіх, якія ўмелі рабіць, як казалі абывацелі, «жывыя карціны» — натуральныя па кампазіцыі. Клара была, можа, залішне сур'ёзная, а Навум у чыгуначным адзенні і Міра ў гімназісцкай форме, здавалася, вось-вось пырснуць смехам, толькі што апарат прымушаў на міг нерухома застыць.
Вось гэтак жа, па-дзіцячаму гарэзліва, яна стрымлівала смех перад суровым Сцяпанавым, якога паважала і баялася. А перад Пастушэнкам смяялася на поўны голас, бо ведала, што старому палкоўніку падабаецца, як яна смяецца. Уявіў яе жывую. Падумаў, што нікога з іх траіх няма ўжо,— і горла сціснула спазма, да вачэй падступілі слёзы.
«Божа мой! — замаліўся ён.— Толькі б не разрыдацца, як дома, за сталом».
Адчуваў, як глядзіць на яго Клара — вачэй не зводзіць. Баяўся павярнуць галаву ў яе бок. І на сцяну баяўся глядзець. Аднак не мог не глядзець.
Марыя Міхайлаўна таксама ўгледзела партрэт, зразумела, што адчувае, што перажывае сын, і сачыла за ім са страхам. Не вельмі нават чула, што казала гаспадыня.
— Дык што пані хоча заказаць? Калі пані мае свой матэрыял, то я пацалую пані ручкі. Вы думаеце, у наш час так лёгка знайсці заказчыка? Каму што трэба шыць? І з чаго? Фунт хлеба няма за што купіць, пуд бульбы... А гэтыя басякі ядуць, што перад пагібеллю. Ім толькі давай, толькі давай!
Марыя Міхайлаўна не адказала, што яна хоча заказаць, не гатова была адказаць, бо не ведала, што іх прымуць за заказчыкаў. Яна са страхам думала: «Божа! Як цяжка сказаць вось так адразу страшную праўду». Усе Лёліны прыдумкі, як падрыхтаваць Мірыных бацькоў, сясцёр, братоў да трагічнага паведамлення, здаваліся цяпер не толькі наіўнымі, але і зусім непрыгоднымі.
Маці яшчэ верыць, што яны прыйшлі, каб нешта пашыць, яна радуецца магчымаму заказу, а вунь тая дзяўчына, безумоўна, здагадваецца, што прыйшлі яны з іншым: у вачах яе страх.
Сары захацелася паказаць, колькі іх, дзяцей, і як нялёгка іх карміць, і яна нечакана гучна паклікала:
— Фаня! Соня! Лейба! Ходзьце да мяне!
З двух вузкіх дзвярэй, завешаных палінялымі плюшавымі занавескамі, выйшлі дзеці, адзін за адным. Выйшлі па-даросламу паважна, стрымана. Першай з'явілася кучаравая дзяўчынка гадоў васьмі, пэўна, маміна любіміца, бо больш смела, чым іншыя, наблізілася да маці, і Сара ласкава пагладзіла яе па галаве. За ёй — хлопец гадоў трынаццаці, кульгавы, не па-дзіцячаму пануры, пасля — дзяўчынка такога ж узросту, можа, на год маладзейшая. Яна смела агледзела гасцей і грэбліва ўсміхнулася: маўляў, з-за чаго наладжваецца парад? Чацвёрты быў зусім малы, гадоў пяці, у дзявочым плацці, хоць відно было па абліччы, па стрыжцы, што хлопчык. Ён таксама падышоў да маці, і яна таксама пагладзіла яго па галаве.
Дзеці былі прывучаны да строгай дысцыпліны, ім, пэўна, забаранялася з'яўляцца ў прысутнасці заказчыкаў. Аднак яны прывыклі да заказчыкаў і асаблівай цікавасці не выяўлялі. Іх хіба здзівіла: навошта маці паклікала іх?
Сара ўпікнула дванаццацігадовую:
— Як ты надзела Лёву? Ай-яй. Сорамна перад людзьмі. Ты не магла надзець яму штонікаў? — і да Марыі Міхайлаўны: — Я вам скажу: іх нялёка накарміць, але яшчэ цяжэй навучыць. Аднак калі пані думае, што гэта ўсе, то пані памыляецца. Акрамя тых дваіх, што вылецелі з-пад матчынай спадніцы... па кім баліць матчына сэрца, двое басякоў дзесь на коўзанцы дадзіраюць апошнія боты, апошнія штаны. Дык што пані хоча заказаць? — і, не чакаючы адказу, раптам — да Багуновіча: — Пан не можа адвесці вачэй ад тае карціны?
Сяргей уздрыгнуў, павярнуўся, затуманенымі вачамі глянуў на Мірыну маці. Яго трохі раздражняла, што яна так многа гаворыць. Словы, словы... Навошта? Яму хацелася пасядзець моўчкі перад яе партрэтам. Але каб толькі моўчкі. Каб ніхто не пачуў, не ўбачыў, не зразумеў. Акрамя маці. Яго маці. А яе маці? Як ён можа раздражняцца супраць яе?
— Дык я вам скажу. Гэта такі карцінка! Я сама сяджу за машынкай ці з іголкай і гляджу на яе — не нагляджуся. І — што вы думаеце? Часам плачу.
У Багуновіча зноў горкі камяк захраснуў у горле.
— Мае старэйшыя. Гэтую басячку, у якой у галаве ўжо жаніхі...
— Мама! — ужо абурана крыкнула Клара.— Ды сціхніце вы!
— Вы бачылі? Яна хоча заткнуць матцы рот. Няхай пані скажа: хіба было такое, калі мы з вамі мелі па столькі гадоў, колькі ёй? Мая матка агрэла б мяне папругай... Той прыгажун — гэта наш сын. Нядаўна яго называлі Навум Навумавіч. Хто? — Сара панізіла голас амаль да шэпту: — Вядомыя бальшавікі... Не, я проста хацела сказаць, што гэта такі галава, мой Навум! Але басяк. Хіба я кажу няпраўду? Мы са старым Навумам парвалі ўсе жылы, пасляпілі вочы і пакалолі пальцы, каб паслаць яго вучыцца. Калі пані думае, што гэты басяк скончыў вучылішча, то пані памыляецца. Ён заняўся рэвалюцыяй... пачаў бунтаваць супраць дырэктара. Тады яго вытурылі адтуль. З шумам, з гамам. Дык ён пайшоў у дэпо. Ён рашыў стаць пралетарыем. Ха! Быццам пралетарый — граф, князь. Нас з бацькам ён называў дробнымі буржуямі. Як вам гэта падабаецца? Я — буржуйка, ды яшчэ дробная. Пані скажа, што я дробная? — Сара ахапіла рукамі сваю постаць, ёй захацелася пажартаваць. Але Марыі Міхайлаўне было не да жарту, яна разумела, што свацця яе падыходзіць да расказу пра Міру, што ўсім, што сказала дагэтуль, яна як бы падводзіла да таго, каб расказаць нешта незвычайнае пра старэйшую дачку. Што яна скажа? Пахваліць? Асудзіць? Хоць, па сутнасці, яна нікога з дзяцей не асуджае, а слова «басяк» у яе любоўна-ласкальнае. Аднак што б яна ні сказала — Сяргею аднолькава будзе балець.
Ён адарваўся ад фатаграфіі, утаропіўся ў шапку, якую трымаў на каленях. Ён згорбіўся, сцяўся: чакае гэтага расказу, як удару, прысуду.
«Гаротны мой хлопчык!»
— Ён такі высока падскочыў. У рэвалюцыю, Навумчык мой. Але я ў вас пытаюся: ну і што з таго? Прыйшлі немцы, скула ім у бок, і ён мусіў спусціцца на зямлю. Ён не можа з'явіцца дадому і ў сваё дэпо, дзе рабіў, дзе меў павагу...
— Мама!
Сара ў гэты раз не адмахнулася ад дачкі, зразумеўшы, што тая папярэджвае яе.
— Вы думаеце, я ведаю, дзе ён? Я толькі ведаю, што ў іх гэта называецца падполлем...
На нейкі міг жанчына сціхла, глядзела на Клару, як бы пытаючы ў дачкі, ці не нагаварыла чаго лішняга. Клара не глядзела на маці. Яна глядзела на прышэльца. Маці, магчыма, здалося, што глядзіць Клара так на пана таму, што ў яе жаніхі ў галаве. Клара яе мала хвалявала. Яна думала пра Міру, бо пра адну яе не ведала, дзе яна цяпер; дзе хаваецца сын, безумоўна, ведала.
Цяжка ўздыхнула.
— А гэтая... злева ад брата... такая прыгажуня! — наша Мірачка... наша з бацькам гордасць.
Сяргей скамечыў шапку.
Марыя Міхайлаўна паднялася і падышла да яго, робячы выгляд, што хоча паглядзець на фатаграфію зблізку.
— Яна такі скончыла гімназію. І як? З пахвальнай граматай. Калі пані думае, што гэта лёгка для яўрэйскіх дзяцей, то пані памыляецца. Колькі нам каштавала, каб яна паступіла туды! Мы ўсё аддалі... Самі галадалі. Гэты хрышчоны яўрэй Рэйман, каб на ім чэрці смалу вазілі, гэты багаты бандыт, абіраў бедных горш, чым багатых. Але Рэйман сам мне сказаў: Сара Гіршаўна, у вас залатая дачка!
Сяргей да крыві пракусіў губу, нізка схіліўся, быццам яму моцна забалеў жывот. Марыя Міхайлаўна паклала яму руку на галаву.
Ёй, Мірынай маці, хацелася як можна больш расказаць пра любімую дачку.
— Яка гаварыла па-руску, як граф Талстой, а па-нямецку, паверце мне, лепш за гэтага разбойніка Вільгельма. Але... о гора мне!.. Гэты басяк наш Навум і сястру пацягнуў да бальшавікоў. Яны паверылі, што бальшавікі накормяць усіх бедных. Ха! Спыталі б яны ў мяне, то я сказала б, ці можна накарміць такую араву,— яна паказала вачамі на дзяцей.— І куды, вы думаеце, яны паслалі маю Міру? Бальшавікі. Яны паслалі яе на фронт. Паднімаць на рэвалюцыю нямецкіх салдат... Дык я ў вас пытаюся...
Сяргей адчуў, што калі маці лагічна спытае: «Дзе яна?» — ён не вытрымае — зарыдае, як дома.
Ён імкліва падняўся і выйшаў.
Марыя Міхайлаўна сказала:
— Прабачце. Яму бывае блага,— і кінулася за сынам.
У двары іх спыніла Клара. У адной сукенцы, без хусткі, яна бадай што скацілася па абледзянелай лесвіцы і ўчапілася ў рукаў Сяргеевага кажуха. Вочы яе гарэлі, твар быў бледны. Яе біла ліхаманка.
— Я знаю... я знаю... Я адразу пазнала. Гэта — вы! Вы! Міра пісала мне... Дзе Міра? Дзе Міра?
Багуновіч абняў дзяўчыну, пачуў, як б'ецца яе сэрца — як у злоўленай, смяртэльна спалоханай птушкі. Адхіліў яе ад сябе, глянуў у вочы. Сказаў ціха, але без слёз, якіх баяўся, з мужчынскім болем, з суровай мужчынскай шчырасцю, так пісаў некалі пахавальныя на салдат:
— Сястра мая... Міры няма. Яе забілі немцы. Прабач. У нас не хапіла духу сказаць пра гэта маці.
Клара адхіснулася і заціснула рот далонямі — заціснула крык роспачы.
Марыя Міхайлаўна ціха заплакала.
«Мысли о бесцельности жизни, о ничтожестве и бренности видимого мира, соломоновская «суета сует» составляли и составляют до сих пор высшую и конечную ступень в области человеческого мышления».
Багуновіч апусціў томік Чэхава на грудзі, задумаўся.
«А можа, тое, што адмаўляе інжынер Ананьеў, праўда? Далей ён сцвярджае... Вось тут,— заглянуў у кнігу: — Чым нармальныя людзі канчаюць, з таго мы пачынаем. Ананьеў непаслядоўны. Такімі думкамі пачынаюць і такімі канчаюць. Толькі адным на гэта трэба пяцьдзесят гадоў, а другім... хопіць трох, як мне. Чатыры гады назад я аспрэчваў Ананьева. Я гатовы быў падтрымаць Штэнберга. А пасля, у акопах, перад тварам смерці, я згаджаўся з Ананьевым. Гэта дзіўна, парадаксальна. Але гэта так. Сусветны песімізм, якім заражаліся некаторыя мае калегі — афіцэры, здаваўся мне злом і абсурдам. Мне хацелася жыць, як ніколі. Я дзякаваў богу і лёсу пасля кожнай атакі, што мне даравана жыццё. Яшчэ ў большай меры я адчуваў прагу жыцця пасля рэвалюцыі. А радасці... усе радасці да мяне прыйшлі з ёй... з Мірай...»
Ён пачаў чытаць «Агні» таму, што прыгадаў спрэчку з Мірай. Жадаючы, каб яна палюбіла ўсё, што любіць ён, засмучаны яе скептычнасцю да Антона Паўлавіча, раіў ёй пачытаць адно, другое апавяданне... Калі здалося, што Міра пачала даходзіць да сэнсу, параіў «Агні», упэўнены, што гэта ёй спадабаецца. Не спадабалася. Яна вынесла бязлітасна суровы прысуд:
«Гэта гісторыя — на патрэбу мешчаніна».
«Добра. Табе не падабаецца гісторыя з Кісачкай. Але ты ўчытайся ў філасофію».
«Інтэлігенцкая балбатня. Гульня ў парадоксы».
Яны амаль пасварыліся. Але пасля... праз паўгадзіны была радасць... шчасце прымірэння.
Цяпер і яму апавяданне не падабалася. Ці можа крануць падобная дачная любоўная гісторыя, калі ён перажыў... перажывае трагедыю, якую і героі Шэкспіра не снілі.
Але ў мозгу сядзела думка: «Чым нармальныя людзі канчаюць...»
«Але, далей ісці няма куды. Дайшоў, мысліцель! — Сяргей вымавіў гэта з іроніяй.— Да якой ступені? Стоп, машына! Мая машына спынілася».
Не, здавацца не хацелася. Супраціўляўся:
«А можа, гэта ад маёй хваробы? — І тут жа зноў: — Якая хвароба? Фізічна хворым зрабіла мяне маці. А я душэўна хворы. Я пакарыўся думцы, што ўсе памром. Памерла Міра. Памёр Шэкспір... Памёр Чэхаў. Божа мой! Як цяжка згадзіцца, што яны памерлі, што іх думкі, іх справы нікога не ратавалі... не ратуюць».
Трэці дзень, пасля наведвання Мірынага дома, Багуновіч ляжаў, не ўстаючы, разбіты, знясілены. Здавалася, што і слых пачаў зноў слабець. Але цяпер гэта не палохала: можа, лепш нічога не чуць?
Васіліна прыносіла з вуліцы страшныя чуткі пра зверствы акупантаў. У Лошыцы немцы прыйшлі ў хату, каб арыштаваць бальшавіка, але ён уцёк. Тады яны забілі яго жонку, распаролі жывот, адрэзалі грудзі, малое дзіця купалася ў матчынай крыві.
Маці жахалася, але і злавала: «Не можа гэтага быць, Вася. Не верце. Немцы — цывілізаваная нацыя. Канешне, на вайне людзі звярэюць. Але каб да такой ступені!..»
А ён, франтавік, верыў, што так і было, што прадстаўнікі «цывілізаванай нацыі» могуць зрабіць і не такое... знішчыць сяло, горад... народ... Але ён маўчаў.
Апраўдваў сваё маўчанне тым, што шкадуе маці, не хоча палохаць яе. Аднак расла ў ім страшная нянавісць, якой не было ні ў атаках, ні ў канюшні, ні ў склепе, якая хіба нарадзілася ў лесе і дасягнула свайго апагея тут, у Мінску, калі яго вяла Стася і міма іх прайшоў эскадрон уланаў. Пэўна, удар быў тым шокавым узрушэннем, што вылечыў яго ад глухаты. А можа, праўда цяпер было б лягчэй, каб ён застаўся глухім? Ах, якія дурныя думкі.
«Чаму дурныя? Калі я дайшоў да той мяжы, з якой зноў з'яўляецца філасофія, на якую я хварэў у гімназіі, ва універсітэце... Кола замкнулася. Аднак... Не паміраць жа! Як Ананьеў? — Сяргей зноў паднёс кнігу да вачэй.— «Добро бы мы со своим пессимизмом отказывались от жизни, уходили б в пещеры или спешили умереть, а то ведь мы... живем, чувствуем...»
Учора прыходзілі Мірын бацька і Клара,
Навум Шкляр, худы, касцісты, з апушчаным правым плячом, ад чаго яго як бы хіліла ўбок, з сівой біблейскай барадой, выглядаў значна старэйшым за сваю жонку. Не ў прыклад ёй быў ён маўклівы: ці сказаў тры словы. Гаварыла Клара. Можа, і маці маўчала б, каб ён, Багуновіч, адразу сказаў, з чым прыйшоў?
Пра каханне ён, канечне, не гаварыў. Сказаў толькі каротка, што за дзень — усяго за дзень! — да нямецкага наступлення яны пажаніліся. Падрабязна расказаў, як Міра загінула, дзе яе пахавалі, хто пахаваў. Клара плакала. Без адзінага пытання стары Шкляр падняўся і нізка пакланіўся яму. Гэта яго кранула, расчуліла, расхвалявала не менш, чым размова ў доме, дзе Міра вырасла. Ад гэтага ён знясілеў яшчэ больш. Маці хадзіла на насочках у бацькаў кабінет, дзе ён ляжаў, заглядвала са страхам, бачыла, што ён ляжыць з расплюшчанымі вачамі, і не знаходзіла, што сказаць, моўчкі ішла на кухню.
Сёння яна, бадай, узрадавалася, калі ўбачыла яго з кнігай. Але яму Чэхаў не даў ні заспакаення, ні задавальнення. Наадварот, развярэдзіў.
Сяргей падняўся. Прайшоўся па прасторным кабінеце. Пастаяў перад акном. На дварэ — сонечны дзень. Капала з крыш. Ішла вясна. Але думка пра яе не парадавала. На вуліцу яму таксама не хацелася. Больш таго: ён баяўся туды выходзіць. Баяўся сустрэчы з немцамі. Не саромеўся прызнацца сабе ў гэтым.
На пісьмовым бацькавым стале ляжаў томік Буніна. Разгарнуў яго. Прачытаў адзін верш, другі. Ювелірная работа. Але як гэта ўсё далёка, непатрэбна яго душы!
Норд-остом жгут пылающие зори...
ці
В сонной степной деревушке
Пахучие хлебы пекут...
Ды раптам як абпёкся. Прачытаў адзін раз, другі:
Герой — как вихрь, срывающий палатки,
Герой врагу безумный дал отпор,
Но сам погиб — сгорел в неравной схватке,
Как искрометный метеор.
А трус — живет. Он тоже месть лелеет,
Он точит меткий дротик, но тайком,
О, да, он — мудр! Но сердце в нем чуть тлеет:
Как огонек под кизяком.
Верш па-новаму ўсхваляваў і адразу павярнуў думкі ў іншы бок. Здаўся абывацельскім намер, што з'яўляўся ў лесе, пры глухаце: «Прыеду дадому — і нікуды, адваяваўся, буду ляжаць, чытаць Лёліны ці маміны запіскі, Чэхава». Зніклі думкі, што толькі распалілі мозг, калі ён чытаў «Агні»,— думкі, якімі трэба канчаць жыццё.
Цяпер уразіла іншае. Бадай, спалохала. Як бы не ператварыцца ў таго мудрага баязліўца, што нібыта тайком точыць дроцік, а ў сапраўднасці тлее, як аганёк пад кізяком. Вось іменна: пад кізяком, пад сырым кізяком — малюсенькі згасаючы агеньчык.
Не, такое жыццё не для яго! Але што рабіць? Куды пайсці? І што рабіць? Словы, якія часта паўтараў бацька,— словы Багдановіча; ім і Купалам захапляўся адвакат, лічыў іх прадвеснікамі нацыянальнага адраджэння беларусаў.
Пахадзіў па кабінеце. Спыняючыся ля стала, прачытаў верш другі раз... трэці. Запомніў. Пайшоў да сястры. Прачытаў ёй на памяць. У Лелі, пасля таго як яна паслужыла ў шпіталі, пабачыла, як людзі пакутуюць, з'явіўся своеасаблівы пратэст супраць інтэлігентшчыны. У гімназіі яна захаплялася новай паэзіяй. Але ў шпіталі пераканалася, што салдаты любяць Лермантава і Кальцова і не разумеюць Блока, а тым больш Севяраніна і Гумілёва. Увогуле сама яна астыла да любой паэзіі, лічыла: не да паэзіі ў такі сурова-празаічны час. Цяпер яна з большым задавальненнем распускала старыя кофтачкі, світэры і вязала безрукаўкі — «душагрэйкі», так называлі іх салдаты; не толькі раненыя, што ляжалі ў халодным шпіталі, але і ўрачы некаторыя, фельчары гатовы былі цалаваць ёй рукі за такія падарункі. Чалавечая ўдзячнасць кранала дзяўчыну.
Не спыняючы вязанне,— пруткі ў яе пальцах мільгалі з хуткасцю гільз, што выляталі з кулямётнай ленты,— Лёля абыякава ўхваліла:
— Нічога. Чыё?
— Бунін.
— Бунін?— здзівілася яна.— Не тое яны пішуць, паэты, пра вайну.
— Не тое,— згадзіўся Сяргей.— Але гэта напісана да вайны. Хоць што значыцца да вайны? Калі людзі не ваявалі?
Зрабілася трохі сумна, што сястра не зразумела яго. Тлумачыць не захацелася. Вярнуўся ў кабінет. Паляжаў. Пачытаў Чэхава. Але з галавы не выходзілі радкі: «Но сердце в нем чуть тлеет: как огонек под кизяком».
«О, да, он — мудр!»
Не ляжалася. Не чыталася. Заглянуў на кухню, дзе маці і Васіліна гатавалі абед; ім хацелася найлепш, найсмачней карміць яго, кантужанага; рабіць гэта ў галодны ваенны час — з прыходам немцаў рынкі апусцелі — было вельмі нялёгка, таму яны прыкладалі ўсё сваё кулінарнае майстэрства.
Жанчыны ўзрадаваліся яго з'яўленню: калі хворага пацягнула на кухонныя пахі — гэта добра.
— Сяргей Валянцінавіч, вы паспыталі салдацкія супы. Паспытайце наш. Грыбны.
Ён ахвотна, што таксама парадавала іх, выканаў Васілініну просьбу: падзьмухаў на вогненнае варыва ў лыжцы, сербануў; пахваліў. Адышоў да акна, гледзячы ў двор, на будынак пошты на рагу Падгорнай і Губернатарскай, прачытаў як бы сам сабе: «Герой — как вихрь...»
Азірнуўся не адразу, як бы прадчуваючы, што тут будзе не так, як з Лёляй. Глянуў: у Васіліны былі спалоханыя вочы, у маці дрыжалі вусны. Яны зразумелі яго. Настрой яго. І сэрцы іх у роспачы крычалі:
«Што ж гэта такое? Зноў — на вайну?»
Бацька радасна крыкнуў з пярэдняй:
— Сярожа, паглядзі, каго я табе прывёў!
Багуновіч-малодшы каторы дзень пакутаваў ад адзіноты, ад безвыходнасці, адчуваючы сябе тым «мудрым», што нібыта песціць помсту, а ў сапраўднасці тлее, бо не ведае, куды падацца. Неаднойчы падумаў: шчаслівыя Рудкоўскі і Бульба, яны — што віхор,і калі згараць, то як метэоры. Ва ўсялякім разе, тлець не будуць. Ён узненавідзеў сябе за бездапаможную бяздзейнасць. Ісці нікуды не хацелася, сустрэцца з кім-небудзь з сяброў юнацтва не было ніякага ^жадання, тым больш прынімаць іх у сябе. Сустрэцца яму хацелася хіба толькі з адным чалавекам, з незнаёмым,— з Мірыным братам, які, як прагаварылася іх словаахотлівая маці, хаваецца ад немцаў, жыве, працуе ў падполлі.
Па бацькавым голасе адчуў, што прывёў кагось з яго даўніх дружбакоў. Бацьку хочацца прагнаць яго хандру. Паморшчыўся, неахвотна падняўся з канапы, выйшаў у пярэднюю. І — дзіўна — раптам узрадаваўся. Перад ім стаяў яго гімназісцкі сябар Баляслаў Кручэўскі.
Адзеты ён быў трохі дзіўна, але не без элегантнасці: у афіцэрскіх ботах, кавалерыйскім галіфэ, але ў цывільным пінжаку, на бялюткай манішцы — «бабачка» ў крапінку.
Твар Славін, расчырванелы з марозу, свяціўся, як у імянінніка. Горача абняліся, пацалаваліся — на радасць бацьку. Дагадзіў сыну. Ад Кручэўскага патыхала віном. Ён і цвярозы быў вясёлы, а на падпітку — Сяргей добра помніў — станавіўся душой любой кампаніі. У гімназіі яго любілі. Для Сяргея і сам Слава, і асабліва бацька яго, актыўны дзеяч Беларускай грамады, сябра адваката Багуновіча,— былі кумірамі. Калі яны вучыліся ў апошнім класе гімназіі — было гэта ў час рэакцыі,— Пятра Кручэўскага асудзілі на год ці паўтара за артыкул аб прыгнёце самадзяржаўем беларускага народа. Сын падбіў сяброў-гімназістаў на дэманстрацыю. Немалая група беларусаў і палякаў у актавай зале чыталі Купалу і Міцкевіча. Дырэктару Фальковічу, які паспрабаваў угаварыць іх, каб разышліся, гімназісты крычалі: «Тыран! Дэспат!» — хоць Фальковіч лічыўся лібералам. З ім здарыўся сардэчны прыступ. Славу Кручэўскага выключылі з гімназіі. Але маці пайшла, пакланілася губернатару, і Слава быў залічаны назад. Аднак хадзіў ён пасля героем, лідэрам «прагрэсіўных беларусаў».
У пачатку вайны, поўны патрыятычнага запалу, студэнт-гісторык Кіеўскага універсітэта Баляслаў Кручэўскі гэтак жа, як і Багуновіч, пайшоў у армію вольназапісаным. Праўда, у акопах ён не быў, служыў у нейкім палітычным аддзеле, што праводзіў работу сярод славян — украінцаў, чэхаў, палякаў Аўстра-Венгрыі. У вайну яны зрэдку пісалі адзін аднаму, але ні разу пад час кароткіх пабывак не сустрэліся. Таму так і ўзрадаваліся: былі ж сябрамі — вадой не разліць.
Кручэўскі з бесцырымоннасцю, якая дазволена хіба самым блізкім, круціў Сяргея, як цацку.
— Што ты такі змарнелы? Бацька кажа — кантужаны? Во гады — немцы! Не было ім іншай мішэні! Чуеш? Ці табе трэба крычаць у вуха?
— Цябе — чую.
— Мяне? Іншых — не чуеш? Сярожа, твой гумар заўсёды вызначаўся тонкасцю. Ты ў нас — унікум. Кажуць, ты быў камандзірам палка?
— Быў.
— Адказваеш так, быццам быў катаржнікам. Хоць цяпер катаржане — у пашане. Вунь эсэр Бялевіч — героем ходзіць. А што зрабіў? Адзін раз стрэліў у віцэ-губернатара, ды і то міма. Праўда, дзядзька Багуновіч? — Кручэўскі весела рагатнуў; Сяргей не ведаў, хто такі Бялевіч, але бацька, пэўна, з чалавекам гэтым добра знаёмы, бо таксама рассмяяўся. Старому Багуновічу падабалася весялосць госця і асабліва тое, што прыкметна ажываў сын, разварушылі-такі яго.
На галасы ў пярэдняй выйшла Лёля. Баляслаў тут жа кінуўся да яе.
— О! Як сказаў вялікі рускі нацыяналіст эфіопскага паходжання: «Я помню чудное мгновенье...» Хто вы, яснавяльможная? Лёля? Няўжо Лёля? Тая цыбатая гімназістачка? Цалую вашы рукі, паненка. Чакайце ў сваты. А калі ёсць сапернік — да бар'ера яго! Страляю я без прамашкі.
Лелі не спадабалася гэтае п'янаватае блазненне. Яна сурова спытала:
— Вы заўсёды так крыўляецеся перад жанчынамі, пан Быкоўскі?
Кручэўскі спачатку сумеўся.
— Быкоўскі? Чаму Быкоўскі?— але ўспомніў, зарагатаў: — За гэта люблю вас, дзядзька Багуновіч, што начынілі дзяцей нацыянальным духам. Не смейцеся з Быкоўскага, ён прадстаўнік беларускай шляхты, а яна найлепш захоўвае нацыянальныя традыцыі. Ва ўсялякім разе, лепш, чым палескія мужыкі. Мы далучылі да свайго руху Гаруна. Далучым і Купалу, Багдановіча...
— Багдановіч памёр,— сказала Лёля.
— Памёр? Шкада,— на момант разгубіўся Кручэўскі і вярнуўся да заляцання: — Вам, спадарка Лёля, адказваю: перад такімі пекнымі дзяўчатамі я нямею. Як рыба. Толькі хапаю жабрамі паветра...
Убачыўшы, што Лёля можа сказаць нешта непачцівае, Валянцін Вікенцьевіч паспяшаўся павесці госця і сына ў свой кабінет. З ніжняй шафы з-за тоўстых тамоў «Улажэння законаў Дзяржавы Расійскай» дастаў пляшку «Шартрэзу», безумоўна, хаваў яе для такога ж урачыстага выпадку, якім быў зварот сына: тады адвакат выставіў такую ж пляшку на стол, за якім сын істэрычна разрыдаўся.
Бацька апошнія дні хадзіў заклапочаны, а тут раптам ажыў, зрабіўся вясёлым — усё роўна як атрымаў узнагароду. Але гэта быў стан, калі радуе, ажыўляе не падарунак, які паднеслі табе, а тое, што ты перадарыў яго блізкаму чалавеку. Так, ва ўсялякім разе, здавалася Сяргею: бацька паводзіць сябе гэткім чынам, бо лічыць, што зрабіў сыну найдаражэйшы падарунак. Прывёў лепшага сябра юнацкіх гадоў.
Што ж, Багуновіча-малодшага сапраўды ўзрадавала сустрэча з Баляславам — будзе хоць з кім пагаварыць, адвесці душу. Хоць блазненне Кручэўскага перад Лёляй не спадабалася, з'явіўся халадок насцярожанасці.
Аднак двое даўніх сяброў, цягнучы з сярэбраных чарак ліпучы лікёр, глядзелі адзін на аднаго ўлюбёна.
— Дык, кажаш, камандаваў палком?
— Ах, якое там камандаванне! Ад палка і ад камандзіра застаўся адзін успамін.
— Ты хто — эсэр, бальшавік?
— Я беспартыйны.
— І цябе паставілі на полк?
— Мяне выбралі салдаты.
— Ах, так-так. Я ўспамінаю твае пісьмы, дзе ты кляўся ў любові да салдат. Толькі салдацікі гэтыя пасля сваіх дабрадзеяў на штыкі паднімалі.
Вецярок насцярожанасці дзьмухнуў мацней. Ва ўсялякім разе, расказваць пра сваю трагедыю, пра разгром палка расхацелася, хоць намерыўся быў зрабіць гэта: няхай ведае Баляслаў, што перажыў ён, праз што прайшоў, спадзяваўся — даверлівая споведзь найлепшым чынам адновіць іх душэўную блізкасць.
— Раскажы, Болесь, лепш пра сябе. Адкуль ты прыехаў? Калі?
— Я — з Кіева. Тыдзень назад...
— Хіба штаб Паўднёва-заходняга фронту пераязджаў у Кіеў?
Кручэўскі засмяяўся.
— Ты ідэаліст, Сярожа. І службіст. Ты можаш прысягнуць і богу і чорту. А мяне рэвалюцыя вызваліла ад прысягі, ад абавязкаў. Упраўленне наша распусцілі. Няма славян. Няма немцаў. Есць пралетарыі ўсіх краін,— Кручэўскі іранічна хмыкнуў.— Ішло братанне былых ворагаў. Чым яно кончылася — ты ведаеш.
Братанне і яму, Багуновічу, не падабалася, але словы сябра ён не прыняў, бо балюча кальнуў у сэрца ўспамін пра Міру, пра тое, як яна верыла ў брацтва людзей, у рэвалюцыйнасць нямецкіх салдат.
— Кончылася трагічна,— сумна згадзіўся Сяргей.
— Валянцін Вікенцьевіч сказаў мне, што ў цябе загінула жонка. Ты паспеў ажаніцца? Я выказваю табе спачуванне.
Сяргей не адказаў, з панурай маўклівасцю круціў у руках чарку.
Бацька зноў наліў лікёру. Бацьку хацелася адвесці размову ад сумнага.
— За вас, дзеці. Каб вам добра было.
Кручэўскі падхапіў:
— Будзе добра, дзядзька Багуновіч. Я ж сказаў вам, калі пачуў, што Сяргей дома: нам пашанцавала!
«Каму гэта нам?» — хацелася спытаць Багуновічу-малодшаму, але зноў дзьмухнуў скразнячок нейкай непрыемнай адчужанасці: гэта проста-такі палохала яго.
Кручэўскі выконваў тайную, выказаную тостам, ці, можа, яўную, выказаную раней, як кажуць, адкрытым тэкстам, просьбу Багуновіча-старэйшага не гаварыць пра тое, што можа расхваляваць Сярожу. Ён пачаў пра вясёлае:
— У Кіеў я махнуў проста пажыць. Павесяліцца. Калі воля — дык воля для ўсіх. А Цэнтральная рада, я табе скажу, дала такі волю. У рэстаранах — што да вайны. А хахлушкі, брат,— цуд! Гэткае, ведаеш, нешта такое... ад зямлі — ад стэпу, ад пшаніцы, ад неба, дзе бліскаюць маланкі. «Що цэ то вы робытэ, пан афіцэр?»
А сама млее, растае, цячэ, што мёд. Пальчыкі абліжаш!
Багуновіч хіба толькі ў пачатку вайны, калі быў бязвусым прапаршчыкам, з цікавасцю слухаў расказы афіцэраў пра іх любоўныя прыгоды. Пазней яму было брыдка чуць такое. Па-першае, ён пераканаўся, што большасць афіцэраў бессаромна выхваляліся, манілі. Па-другое, яго абражала жывёльнае стаўленне да жанчыны. Ён абураўся: «Панове! У кожнага з нас ёсць маці, сёстры, нявеста!» Афіцэры звычайна злаваліся: «Чыстаплюй чортаў!» Цяпер яго абурыла, што Баляслаў з такой бесцырымоннай фамільярнасцю расказвае пра свае бруднаватыя прыгоды старому чалавеку — бацьку, равесніку яго бацькі.
Але, моцна змяніўся былы гімназісцкі прапагандыст «свабоды, роўнасці, брацтва», змагар за аўтаномію беларусаў!
«Куды ён схіліўся? Да якога берага прыстаў? Хоць што я пытаюся? Сам я прыстаў да якога-небудзь берага? Я забраўся, няхай сабе ў чысценькую, але ціхенькую, утульненькую бухтачку, адгароджаную ад вялікай ракі гэтымі сценамі, уяўнай хваробай, матчынымі клопатамі».
Сяргей перапыніў сябраў расказ пра кіеўскія рэстараны:
— Што новага ў свеце? На фронце?
— На якім? На Усходнім? Ты што, не ведаеш? Падпісаны мір. Прымусілі бальшавічкоў...
— Мір? — скалануўся ўвесь Багуновіч і ўсхвалявана падняўся з мяккага крэсла.— Калі?
— Падпісаны? Учора ў Брэст-Літоўску. Але калі хочаш ведаць маю думку, як кажуць, не для прэсы, то я скажу: дурні немцы! Знаходзіцца за семдзесят вёрст ад Піцера і пайсці на мір!.. Яшчэ адзін рывок — і можна было б раздушыць гэтае асінае гняздо.
Уміг, у адзін міг міне імі вырасла сцяна. Багуновіч адначасова і ўзрадаваўся яе з'яўленню, і спалохаўся — спалохаўся, што ад аднаго неасцярожнага руху сцяна гэтая абурыцца на яго і пахавае пад сваім тысячапудовым цяжарам.
Зрабілася цяжка дыхаць. Як бы баючыся, што сцяна сапраўды можа абваліцца толькі ад яго голасу, ад дыхання, ён адказаў стоеным шэптам:
— Там нашы браты.
— Хто гэта твае браты? Бальшавікі?
Багуновіч адступіў ад століка, за якім сядзелі, сказаў звычайным голасам:
— Бальшавікі — рабочыя Піцера, Салдаты. Каго ж табе хочацца задушыць?
Бацька таксама насцярожана падняўся, бачачы па сыну, што той вось-вось можа ўзарвацца. Напэўна, і Кручэўскі сцяміў, што перахапіў цераз край. Адказаў лагодна, як бы жартам:
— Аднак набраўся ты іх духу.
І тады Сяргей сапраўды грымнуў:
— А ты якога духу набраўся? У кіеўскіх прастытутак?
Спалоханы адвакат падскокам апынуўся паміж сынам і госцем, растапырыў рукі.
— Хлопцы! Хлопцы! Ну, што вы, як пеўні? Чаго вы не падзялілі? Нельга ж так. Успомніце, як вы дружылі.
Марыя Міхайлаўна, можа, упершыню за ўсё жыццё спынілася каля дзвярэй, каб паслухаць, і таксама спалохалася за сына, за яго ўзрыў. Хацелася ведаць: з-за чаго яны гэтак? Безумоўна, палітыка. Палітыка раскалола ўвесь свет. Але што канкрэтна так абурыла сына?
Стары Багуновіч дарэмна спалохаўся, дарэмна стаў паміж маладымі. У іх зусім не было намеру кінуцца адзін на аднаго. Сяргей адышоў да кніжнай шафы, збялелы ад хвалявання. А Кручэўскі прадаўжаў спакойна цадзіць лікёр, не крануўшыся з крэсла, паблажліва, з адчуваннем сваёй перавагі, пасміхаючыся:
— Нервачкі ў цябе, дарагі сябра мой, нікуды не вартыя. Але мы іх вылечым. Я прыйшоў да цябе не проста так, а з канкрэтнай прапановай, якая, не сумняваюся, цябе парадуе. Але спачатку да пытання пра братоў. Сапраўдныя браты мы з табой, Сяргей. Абодва беларусы. Гэта вышэйшае брацтва. Хіба не так?
— Так, безумоўна, так,— пацвердзіў Багуновіч-старэйшы, каб памірыць маладых.
— Бачыш, такія людзі, як мой бацька, твой бацька, гэта добра разумеюць. Яны — мозг будучай Беларускай рэспублікі. А мы з табой павінны стаць яе сілай. Ваеннай сілай.
Сяргей урэшце зразумеў, куды хіліць Кручэўскі, і скептычна пасміхаўся, загадваючы сабе не ўзрывацца больш, а паздзекавацца з гэтага дамарошчанага палкаводца.
— Вітаю прасвятленне на тваёй поснай фізіяноміі. А то набычыўся, як белавежскі зубр. Зараз ты будзеш скакаць ад радасці. Слухай уважліва. Я прыйшоў, каб афіцыйна прапанаваць табе пасаду камандзіра першага беларускага палка.
— Якога палка?
— Палка Беларускай вайсковай рады.
— А што гэта за рада такая?
— Ну, ты мяне здзіўляеш. Ты быццам з неба зваліўся.
— Я зваліўся з фронту. Кантужаны,— голас Сяргея зноў пагрозліва задрыжаў: не, заставацца спакойным пры такой гутарцы вельмі нялёгка.
— Як гэта вы, Валянцін Вікенцьевіч, не прасвяцілі сына? — з дакорам спытаў Кручэўскі ў адваката.
Сяргея зноў скаланула:
«Нахабнік! Тылавы пацук! Ты дазваляеш сабе папракаць старога чалавека!»
— Сярожа быў хворы. Колькі дзён ён нічога не чуў,— прагучала гэта апраўдальна, і Багуновіч-малодшы не стрымаўся, кінуў бацьку адно слова, з грымасай болю і сораму:
— Тата!
Валянцін Вікенцьевіч пачырванеў, як дзяўчына, цяжка ўздыхнуў, паскардзіўся:
— Незразумелымі вас зрабіла вайна. Незразумелымі...
Кручэўскі самаўпэўнена засмяяўся, сам наліў сабе лікёру і з размаху выплеснуў чарку ў рот.
— Зараз мы, дзядзька Багуновіч, усё зразумеем. Прасвятлім,— і да Сяргея: — Спадзяюся, ты чуў пра «Усебеларускі кангрэс», які праходзіў яшчэ ў снежні? Бальшавікі хацелі разагнаць яго. Не ўдалося. Хоць пасля некаторых з нашых яны арыштавалі. Цяпер, калі беларускі народ вызваліўся...
«Калі і ад чаго ён вызваліўся? Немцы вызвалілі мой народ?!» — абурана закрычаў Сяргей, але ў думках, бо голас яму як бы адняло, як аднялі былі нямецкія снарады слых.
— Цяпер выканаўчы камітэт з'езда стварыў урад рэспублікі — народны сакратарыят Беларусі. Яго ўзначалілі Варонка, Цвікевіч, Серада, Грыб.
— І каго яны прадстаўляюць? Рабочых? Сялян? — спытаў Сяргей у бацькі.
КруЧэўскі засмяяўся.
— Ну і бальшавікі! Начынілі яны цябе марксізмам. Але калі ты ўжо лезеш у тэорыю, то я табе скажу: сіла ў еднасці нацыі, у еднасці ўсіх яе класаў і пластоў. Тэорыя вашага Маркса — гэта тэорыя для людзей без роду і племя. А мы — чыстае славянскае племя. Рускія перамяшаліся з татарамі...
У Сяргея было што адказаць на гэта, але пачынаць тэарэтычную спрэчку яму зусім не хацелася; залішне многа энергіі ішло на тое, каб стрымліваць сябе, прымушаць да спакою.
— Я не палітык. Я салдат.
— Вось гэта мне падабаецца! — бадай узрадаваўся Кручэўскі.— Палітыкаў у нас хапае. Салдат мала. Таму я прапаную табе полк. Аднак слухай пра нашу арганізацыю. Пры ўрадзе створана «Вайсковая камісія». Яе ўзначальвае Езавітаў... Помніш? Цвікевіч і ён былі арганізатарамі Беларускай сацыялістычнай грамады. Розум, я табе скажу,— англійскі парламент. Мяне ён узяў да сябе начальнікам штаба. Не бойся. Прыцясняць цябе не буду. У нас — поўная дэмакратыя...
— Каго прадстаўляе ваша камісія?
— Вайсковая?
— Усе.
— Ну, ведаеш... Мне не падабаецца твая іронія. Май павагу. Як — каго? Беларускі народ.
— Увесь?
— Безумоўна, увесь.
— А ты ведаеш, што сяляне ідуць у лясы, у партызаны, як пры нашэсці Напалеона... каб біць «вызваліцеляў»?
Кручэўскі ўскінуў галаву і здзівіўся.
— Аднак не такі ўжо ты недасведчаны. Сляпым і глухім ты прытварыўся.
— Я не сляпы. Я чую. Вас чую, пан начальнік штаба!
— Хлопчыкі! Хлопчыкі! Не сварыцеся, калі ласка,— адчуўшы набліжэнне новага ўзрыву, прасіў стары Багуновіч.
Грамадавец адкусіў ад свайго вуса, сплюнуў валаскі ў жменю, выцер руку беласнежнай хусцінкай. Відно было, што сарказм Багуновіча, яго здзекліва-афіцыйны тон вывеў госця з раўнавагі. Але Кручэўскі стрымліваў сябе.
— Я разумею тваю нянавісць да немцаў. Думаеш, я іх люблю? Але будзем рэалістамі, сябра мой. Пакуль у нас няма свайго войска... Немцы памаглі нам вызваліцца ад страшнай навалы бальшавізму, з іх дапамогай мы ўціхамірым мужычкоў, якіх у лясы вядуць бальшавіцкія камісары. А там будзе відно. На ўсё трэба час.
Сяргей раптам адчуў, што ён зрабіўся на здзіўленне спакойны, больш таго — яму стала весела, і ён зразумеў — ад чаго так: ад усведамлення сваёй маральнай перавагі, сваёй перамогі над гэтым хлюстам, сэрцаедам кіеўскіх рэстаранных паненак, над пігмеем, што лезе ў Аляксандры Македонскія. Было толькі горка і прыкра ад таго, што некалі ён лічыў гэтага чалавека сваім сябрам, нават лепшым сябрам.
Багуновіч па-вайсковаму трыумфальна прайшоўся па кабінеце, спыніўся каля крэсла Кручэўскага, збоку. Здзівіў бацьку весялосцю свайго голасу:
— Болесь! Шаноўны заступнік беларускага народа! З гэтага ты і пачынаў бы — што вам хочацца паслужыць немцам. А калі гаварыць салдацкай мовай, якую мы з табой добра вывучылі,— палізаць Вільгельму с... Ліжыце! Ён кіне вам костку... Грызіце!
— Сярожа! — як застагнаў бацька.
Кручэўскі гэтак жа па-вайсковаму падхапіўся, шчоўкнуў абцасамі, сказаў вельмі ўзлавана:
— Здаецца, я не туды трапіў.
— Не туды, Болесь, не туды, пан атаман. Ты трапіў да сумленных людзей, якія ніколі не пойдуць чысціць боты генералу Фалькінгейму. Ды і кайзеру не пачысцяць. Цару не чысцілі. Праўда, бацька?
— Хлопчыкі! Далібог жа пеўні... Ах, божа мой! — бедаваў стары.— Што адбываецца ў гэтым свеце!
— Прашу прабачыць, пан Багуновіч,— Кручэўскі ўміг апынуўся каля дзвярэй кабінета і адчыніў іх з такой сілай, што ледзь не збіў да смерці спалоханую Марыю Міхайлаўну.
Але Болесь, здаецца, не заўважыў яе. Сарваў у прыхожай з вешалкі сваё футра і выскачыў за дзверы, грымнуўшы імі так, што зазвінелі шыбы, люстры, посуд У камодах.
Выскачыла са свайго пакоя Лёля.
— Сярожа выкінуў яго, гэтага нахабніка? Дарэмна ён не спусціў яго з лесвіцы. Я чула праз сцяну...
Марыю Міхайлаўну спалохала размова, якую яна пачула. Але разам з тым яна ўзрадавалася за сына, за яго высакародныя прынцыпы. Для яе пакуль што не мела значэння, якія ў яго палітычныя погляды. Для яе важна было, што ён застаўся Чалавекам, такім, якім яна і бацька выхоўвалі яго з маленства.
Нясмела, але з прасветленым тварам, увайшла маці ў кабінет. Сын сядзеў у крэсле і смакаваў лікёр, пераможна пасміхаючыся.
Валянцін Вікенцьевіч стаяў перад акном да іх спіной, быццам вельмі зацікаўлены нечым, што адбываецца на вуліцы. Але яна ведала: нічога там асаблівага няма, пры глыбокім хваляванні муж нярэдка так робіць.
— Сядай, мама. Выпі лікёру. Выдатны «Шартрэз». У цябе вялікія запасы, бацька?
Багуновіч-старэйшы не адказаў.
Сяргей гарэзліва падміргнуў яму ў спіну.
— У цябе, мама, сёння добры выгляд. Ты памаладзела.
— Дзякую, сыне, за камплімент,— і раптам вінавата прызналася: — Я слухала пад дзвярамі.
Бацька перасмыкнуў плячамі і незразумела хмыкнуў.
З дзвярэй закрычала Лёля:
— Які жах! Мама! Не прызнавайся нікому.
Яна са смехам увайшла ў кабінет, упала ў крэсла, у якім сядзеў бацька.
— Калі ты так хваліш гэтае зялёнае зелле, то налі і мне. Нап'юся і пайду наб'ю морду твайму лепшаму сябру. Які цынік і... дурань... Пасватаўся...
Сяргею захацелася тут жа абняць, пацалаваць маці і сястру, ён напаўняўся гонарам за іх.
Бацька нечакана для ўсіх іх раптам ціха засмяяўся. Марыя Міхайлаўна ажно спалохалася: з чаго гэта ён смяецца? Няма ж прычыны.
Валянцін Вікенцьевіч павярнуўся да жонкі, дзяцей і весела сказаў:
— Але, не быць мне таварышам міністра. Яны мяне сваталі намеснікам сакратара юстыцыі. Але пра што я падумаў зараз? Можа, праўда, сын, ты ўратаваў мяне ад ганьбы?
— Не можа, а напэўна,— сказала Лёля, каўтнула лікёр і закашлялася.— Фу, брыдота, я ў шпіталі спірт піла і — нічога.
— Я даўно табе казала: будзь далей ад гэтай хеўры. Яны ўжо грызуцца паміж сабой за партфелі.
— Але што мяне непакоіць...— сказаў Багуновіч-старэйшы, панізіўшы голас і наблізіўшыся да іх.— Не выдасць цябе, сын, гэты тып?
Жанчыны насцярожана прыціхлы
Сяргей падумаў, прыгубіўшы чарку, але не п'ючы. Адказаў са спакоем, якому сам здзівіўся:
— Напэўна выдасць.
Маці жахнулася:
— Божа мой! Сярожа! Як можна так... упэўнена і спакойна? Ён быў тваім сябрам...
— Да немцаў ён, магчыма, і не пойдзе. Але сваім... ураду свайму... вайсковай камісіі... раскажа безумоўна. А там знойдуцца...
— Там знойдуцца,— упалым голасам згадзіўся Валянцін Вікенцьевіч.
— І калі, крый божа, недзе блізка аціраецца барон Зэйфель, другі раз мяне ніхто не ўратуе. Сам Бульба...
— Сынок мой! — збялела і ўміг пастарэла Марыя Міхайлаўна.— Як ты можаш пра такое гаварыць спакойна?
— А што рабіць, мама? Біцца ў істэрыцы? Рыдаць? Я ж не паненка — салдат.
— Чорт яго прынёс,— сказала Лёля.
— Лёлечка, не прыйшоў бы ён, прыйшоў бы нехта іншы. І мне ўсё роўна прыйшлося б выбіраць, куды пайсці і што рабіць. Помніш Багдановіча? Нельга чалавеку з маім характарам праляжаць на канапе...
— Я даўно ўбачыла, што ты пакутуеш. Душа мая чула, што я зноў страчу цябе.
— Пачакай, маці. Хаваць яго рана. Давай спакойна падумаем — што рабіць?
Маці глядзела на сына, на мужа з надзеяй, маленнем: прыдумайце ж нешта!
Сяргей падняўся, падышоў да стала, разгарнуў той жа томік Буніна.
— Я тут, пакуль ляжаў, прачытаў: «А когда же, дитятко, ко двору тебя ждать? Уж давай мы, как следует, попрощаемся, мать?»
— Сын, гэта жорстка. Да маці,— сказаў бацька.
— Прабач, мама. Гэта жорстка. Але ў мяне няма іншага выйсця. Я павінен знікнуць.
— Куды? Як? — Марыя Міхайлаўна сашчапіла рукі так, што хруснулі суставы пальцаў.
— Есць тры шляхі. Пайсці ў падполле, тут, у Мінску. Але я не навучаны ваяваць з падполля. Вярнуцца назад у атрад? Спакусліва. Аднак баюся, што ў складаны ансамбль Рудкоўскага і Бульбы мне нялёгка будзе ўпісацца. Ды і балюча мне вяртацца ў тыя мясціны. Мір, які падпісаў Ленін, безумоўна, трэба будзе абараняць. Я хачу абараняць гэты мір. Мне здаецца: я патрэбны там...— паказаў уздоўж Захар'еўскай вуліцы, на ўсход, памаўчаў, падумаў, сказаў, саромеючыся за сваю нясціпласць: — Леніну патрэбны...
Маці, бацька і сястра глядзелі на яго шырока расплюшчанымі вачамі — з бояззю за яго і з захапленнем яго пераконанасцю — веданнем, дзе яго месца ў віры падзей.