Першая кніга вершаў. Рэдка хто здагадваецца, колькі надзей і асцярогаў звязвае з ёю аўтар. Упершыню сабраны разам творы, расціданныя па газетных і часопісных старонках, упершыню сабраны радкі, яшчэ нідзе не надрукаваныя, вядомыя толькі самому паэту ды яго блізкім. За кожным вершам падзея або выпадак, за кожным радком перажыванне або пачуццё — усё гэта памяткна аўтару, усё гэта жыва стаіць перад ягоным позіркам… Але ці гэтак жа ўспрыме яго творы патрабавальны чытач? І тады пачуцці, якія перапаўнялі паэтава сэрца, і думкі, якія яго непакоілі, пададуцца чытачу бясколерна-збедненнымі?
Мяркую, што гэтыя трывогі і хваляванні, натуральныя для дэбютанта, не абмінуць аўтара зборніка, які зараз разгорне чытач. Але ўпэўнены таксама, што яны, на шчасце для ўсіх нас, акажуцца марнымі. Анатоль Кудласевіч уваходзіць у паэзію са сваім арыгінальным, незапазычаным словам. Ён мысліць рэзкавата і своеасабліва, адчувае глыбока і востра, і часцяком ягоны верш бывае калючым — у ім расце паэт бескампрамісных рашэнняў. Але можа ён быць і надзвычай лірычным: не так даўно на яго нахлынула лірычная хваля, і ён знайшоў уласны матыў у яе пракаветным шуме. Энергічны, моцны і каструбаваты верш А. Кудласевіча добра адпавядае ўнутраннаму стану чалавека, які прывучае сябе ісці па лініі найбольшага супраціўлення, не губляючы пры гэтым ніводнага з лепшых душэўных якасцяў.
Плоць ад плоці родный Беларусі, Анатоль Кудласевіч усё ж не абмяжоўваецца ў сваёй творчасці нацыянальнай тэматыкай. Гады вучобы ў Літаратурным існстытуце імя М. Горкага ў Маскве значна пашырылі ягоны кругагляд, далі яму магчымасць супастаўляць і параўноўваць грамадскія з’явы, падзеі. І цяпер нават тыя яго вершы і песні, што па-ранейшаму звернуты да заходне-беларускіх ніў і лясоў, дыхаюць вятрамі ўсёй нашай незалежнай краіны.
А. Кудласевіч працавіты і настойлівы, але гэтыя выдатныя якасці нішто для паэта, калі яны не падмацаваны прыроднай таленавітасцю. Пры гэтай жа ўмове яны бясцэнныя памочнікі. Талент без іх часцяком глухне ці пускаецца на вецер. А. Кудласевіч, на шчасце, спалучае ў сабе і талент, і працалюбства, і энергію. Гэта сур’ёзны залог таго, што ён можа многага дасягнуць і многае зрабіць у літаратуры.
Анатоль Кудласевіч валодае добрым творчым патэнцыялам, і я ўпэўнены, што ягоную кнігу верашаў чытач успрыме як удалы пачатак на шляху паэтычнага ўзыходжання.
Травень 1993 Мікола ФЕДЗЮКОВІЧ
* * *
Ад Бога прыходзяць дзеці,
Засведчыць: ці ёсць на свеце
Яшчэ першародны грэх?
Паветра глынуць, і плачуць,
Бо грэх той жа самы бачаць,
І чуюць рагаты смех.
І слёзы з вачэй у Бога —
І д'ябальскі ў пекле рогат.
* * *
Мае грахі, нібы агрэхі
На ніве прыкрага жыцця.
Не абыйсці іх, не аб'ехаць —
А з зеллем горкая куцця.
Хоць сцеле мякка — жорстка спаць:
Мае грахі — ні даць, ні ўзяць.
Грахі мае — мае агрэхі,
Дзе распладзіў я столькі зла.
Дала мне доля на арэхі,
А рэшты так і не ўзяла.
* * *
Казала бабуля мне:
Зліняе й чырвоны колер,
Здавалася не міне
Юнацтва маё ніколі.
Вучыла пасля штодня:
Жыццё прыадкрытыя дзверы...
Пацягне за ручку Суддзя —
Я ў словы яе не верыў.
Мне думалася заўжды —
Вясною квітнець пачуццям.
Злічыла бабуля гады —
Цяпер толькі сэнс пачуўся.
Я сыну скажу пасля:
Зліняе й чырвоны колер!
Дарослае немаўля
Падумае, што ніколі...
ЗАПАВЕТ
Як сыну гэта перадаць?
Не перадаць такое сыну.
Як навучыць яго спяваць
Над разгаворанай чужынай?
Як навучыць яго любіць
Зямлю Палесся і жанчыну,
Як навучыць цвярозым быць,
Калі сп’янее да Айчыны.
Як сыну гэта перадаць?
Мы даганяем час напэўна,
Хоць кажуць, час не перагнаць,
Ні словам, ні радком , ні спевам.
Бо час ляціць, як птушанё:
Чым шырай крылы – больш імкліва,
Ў далонь удзячным шчанюком
Павек не торкнецца шчаслівы.
Як сыну гэта перадаць?
Як зберагчы сумленным сэрца?
Каб праўнук смела мог сцвярджаць,
Што род вядзе не іншаверцаў.
Што на Палессі ёсць зямля
Крывямі й потамі паліта:
“Пінчук” не зычыў людзям зла,
А жах наводзіў нат забіты.
Аднойчы скажа вораг мой:
“Твой сын зусім, зусім інакшы,
Ён разарваў сабой сувой
І сувязь знішчылася ваша!”
Я не паверу нізашто
Наветам гэтакім ніколі –
Табе я сам даваў, сынок,
Імя прапрадзеда Міколы.
Як сыну гэта перадаць? –
Я перадаць павінен сыну!
Я навучу яго спяваць
Над разгаворанай чужынай.
Я навучу яго любіць
Палескі край, нібы жанчыну,
Я навучу цвярозым быць,
Калі сп’янее да Айчыны.
* * *
Як рэкі плывуць стагоддзі,
Для часу няма мяжы.
Не спыніш, не скажаш: "Годдзе!" —
Бо час міма нас бяжыць.
Праз нас ён бяжыць,
Зваротна
Ніколі яшчэ не йшоў,
І безліч плямён і нароўдаў
Пачэзла пад плынню вякоў.
Як рэкі плывуць стагоддзі.
Імкнуцца наўпрост, нацянькі,
Мы — людзі, па беразе ходзім,
А праўды не п'ём з ракі.
На беразе нашай долі
Стаім, на ваду глядзім,
Аспрэчваем час, павольна
Змяншаючы лік гадзін.
Шухнулі ў рэчку з берага —
Падмыла вада пясок,
Каго нам спрачаць цяперака? —
Час цераз нас пацёк!
* * *
Прымрою месца лобнае —
крывавяць крані,
І водгалас з народу йдзе:
распні Яго, распні!
Стагоддзі за стагоддзямі
даўно скрывілі шлях.
Памілуй нас , о Госпадзе!
куды дарога йшла.
Ішла, круціла збочыла,
куды цяпер, куды?
А кожнаму так хочацца
дажыць свае гады.
Калі тыран над тронамі —
слуга заўжды Пшлат,
І бомбамі нейтроннымі
збудуюць горад-сад.
Ляцела над трыбунамі:
Ура! Ура!! Ура!!!
Ды дзесьці зноў падумалі,
што мы крычым:” Вараву!”
Мне сніцца месца лобнае —
крывавяць карані,
І водгалас з народу ёдзе:
распні Яго, распні!
* * *
Жахліва ісціну прымаць,
Прымаць і розумам і сэрцам,
І ведаць бездань, і прадонне знаць
і адчуваць, што святасць б'ецца на зямлі
Спрадвечнай бойкай за Любоў...
Хадзіць па краю, па мяжы,
І жыць...
* * *
"О, будь жид, горяч. О, как Розанов, и не засыпай,
и не холодей вечно. Если ты задремлешь - мир умрет"
І вечны жыд адправіцца ў дарогу,
І кола дзён закруціць небасхіл,
І стане на калені перад Богам,
Той, хто ніколі Бога не прасіў.
Але пакуль зямля яшчэ карае,
І голас Неба да людзей слабы,
І душы пачуццём сваім згараюць,
На гэтай,
на зямлі,
на грэшнай
мы павінны быць.
Вякоў вайна
, гадоў крывавых спрэчкі...
І час нас працінае навылёт,
І кожны са сваёй вясковай рэчкі
Да сонца раптам ірванецца у палёт.
...і жыд пускаецца ў дарогу —
І на зямлі пакуль жывуць.
ПАЧАТАК
У гучшчынях сівых галактык,
Напачатку светабудовы,
Дух адвечны адлічваў такты,
Як гадзіннічак адмысловы.
Немаўляці выпробныя крокі
Навароджаннага сусвету —
Дух схіліўся над светлай кропляй
Біарытмаў Святога Гена.
Хіжа шчэрыўся космас дзікі,
І драпежніцкая стыхія
Разяўляла, бы пашчы дзіры,
Дзіры чорныя, віравыя...
Іскрамётная палымянасць,
Агнявісты, касмічны жар
Біўся ў чорных жэрлах вулканаў,
Правіць Хаос — ён гаспадар!
Тут — планетныя землятрусы,
Там — міжзорная таўкатня:
Метэоры ляцелі юзам,
Нібы спушчаная гайня.
І дрыжэлі сузор'і ў трасцы
Ліхаманкавых дялячынь,
І збянтэжана космас тросся
Над прадоннем гарачыні.
Дзесьці ў рухах метэарытаў
Між маланак і грыманіц
Выспявалі жывыя рытмы
Светлай кропелькі дабрыні.
Кропля падала на сусвет,
На планеты ляцела кропля —
Зайчык сонечны кідай след,
Жыццятворачы першы пробліск.
Нат не верыцца, што стыхіі
Руху, полымя і вады
Нарадзілі істот — жывыя
Потым з'явяцца праз гады.
Гэта Духу наканаванне
Неразгаданым соты век
Засталося адно пытанне:
Скуль жа ўзяўся ты, чалавек?
* * *
У лесе жыў сярод звяроў —
І ад тугі ажно зароў.
У вёсцы жыў каля людзей —
І плакаў, плакаў кожны дзень.
Цяпер у горадзе жыве —
Штодзень то плача, то раве.
* * *
Там на дрэве —
Кубло.
Апусцела даўно,
Бо навокал адчаянны лямант і грай:
Прымярае крыло
На сябе птушанё,
Уважліва так прымярае.
* * *
У кожнага свая Айчына.
Ад першых да апошніх дзён
У сэрцы кожнага — бацькоўскі кут адзіны,
Ды кожны да чужых краёў жадзён.
Здаецца кожнаму, што недзе на чужыне
За светам,
там
квітнее вечны сад,
А ў садзе тым саспелыя ажыны,
І ловяць рукі небны зоркапад.
Амаль што кожны думкаю юначай,
Як птах, ляціць за небакрай,
Ды рэдка хто па старасці заплача
Ад выстылай духоўнай недастачы,
О, Божа, хоць за гэта не карай!
ДЫЯЛОГ
— Чаго ты шукаеш? Усё ў цябе ёсць:
Магчымасць, жанчына і дзеці...
Ага... Але ж ведаеш, я толькі госць
У хуткаімклівым свеце.
— Ну, што ж за бяда, паглядзі навакол:
Усе мы гасцюем наездам.
— Усе — ды не ўсе: адзін гол як сакол,
У футрах другі, хоць і бездар.
— Не гэта асноўнае — дбай аб душы,
Вось дзе наш клопат галоўны.
— Даўно ужо я дбаю, ты толькі скажы:
Ці многа прыдбае галодны?
— Чаго ж табе трэба пад небам жыцця,
Сумуеш якое халеры?
— Патрэбна не мала, спачатку хаця б —
Кахання, Надзеі і Веры.
УСПАМІН
У лесе хораша было:
Навокал — воля!
Бусёк вымахвае крылом,
Спявае долю.
Бусліны клёкат... а малэ
Таке мурзатэ
Бяжыць за поле, і далей
Крычыць заўзята:
"Бусько, бусько клекатун,
Ловіць жабу за каўтун!"
У лузе люцікі цвілі,
Нібыта сонцы,
Вянкі зялёныя плялі
Дзяўчаты хлопцам.
Лілея летам... Па вясне —
Пралескі, лотаць...
Цвіце Палессе і нясе
Птушыны сокат.
На гаманлівых паплавах
І ў дзень, і ў вечар —
Гуллівых чаіц перамах, —
Вясну скергечуць.
Цыганскі дожджык церушыць,
Вясёлка ззяе...
Яшчэ здаецца: вечна жыць
Не перастанем.
І ўсё бяжыць, бяжыць, бяжыць
Дзіця мурзатэ,
Бяжыць за хмаркаю, крычыць,
Нібыта тату:
"Дожджык, дожджык, сыпані,
Што б калюжкі булі,
По коленца брулі,
Дожджык, дожджык, секані,
Мы паедзем на калі,
Маму з поля прагані,
Тату з поля прагані,
Дожджык, дожджык, сыпані..."
ЭКАЛАГІЧНЫ ДЫПЦІХ
1
Неба прарэзала маланнЯ —
Паскакала ўгалоп па хмарах.
Асядлала ліхога каня
Чалавеча-вар'яцкая мара.
Гэта д'ябал зямлю агроб
Чорнай цемраю цяжкіх крылаў, —
Конь пад намі тады захроп,
Шлях адвечны перакрывіла.
Закрывавілі ручаі,
Засмуродзілі воды возера:
Сатана разліваў чаі,
І дзіравіў планету позіркам.
2
Як клешч карослівы, паўзлі бульдозеры,
Распалошна разляталіся буслы —
Зводзілі лілею з свету божага,
І слязамі рэкі пацяклі.
Аграномы ганарыліся ўраджаямі,
Засыпалі зводкамі "Райком”,
А сівы эколаг у адчаі
Даставаў Чырвонай кніжкі том.
І гартаў дрыготкімі рукамі
Белыя старонкі-паплавы:
— Ой, цяжкі, цяжкі на сэрцы камень,—
Не клыгычуць болей журавы.
Перапэцканы крывавыя старонкі
І паперы й Матухны-Зямлі,
Бо шугае з паднябесся стронцый
На балоты нашы і палі.
Казялец, а па-другому — люцік
Толькі на малюнку ацалеў —
Попелам прысыпаныя людзі
Назвы нат не помняць на сяле.
І гартаў дрыготкімі рукамі
Ён паперу, нібыта клады:
Разлічылася прырода медзякамі —
Выраслі нагрушах жалуды!
Бо смяротны для жывога, мусіць,
Стронцыя разбэшчанага груз —
Знікне на Палессі белы бусел,
Як тады пазнаем Беларусь?
ТАМ НАД ПРЫПЯЦЦЮ
Эх, не ворана крыло над ракою той,
Не груганаў чарада там над Прыпяццю –
Гэта зорная палынь незагойная,
Гэта хмара наплыла з-пад Чарнобыля.
Не татары па зямлі дзікай конніцай,
Не Батыя табуны накапыцілі –
Гэта ў хаты да людзей гора ломіцца,
Гэта хмара наплыла з-пад Чаронобыляя.
Не ваўкі там ля ракі заскуголілі.
Не сляза цячэ з вачэй, бо чыровоная –
Гэта плача Чарнабыль па-над гонямі,
Гэта хмара праліла з-пад Чарнобыля.
* * *
Калі ў грахах угрузне свет,
І пойдзе брат вайной на брата,
Калі праз безліч чорных бед
Сумленне не разбурыць краты
І на пагібель мір спаўзе,
Нібы вужака, козкі, брыдкі
І сатана расчыніць зеў
Для вечнай, апраметнай пыткі,
І крумкачы здзяўбуць крывавыя сляды –
Ты, думаеш, што Бог разгубіцца тады?
О, не! – пашле да вас паэта,
І прыйдзе ён – і выратуе свет.
Загадка неба на зямлі,
О, ты, зняважаны паэт!
А што вы зразумець маглі?
На гэтым свеце і на тым –
Нішчымны ваш адказ…
Ні з чым вы!
Каб не сказалі вы аднойчы:
“Мы ведаем, уразумелі, Ойча,
Твой промысел і вышні сэнс.
Улічвай наш наступны цэнз…”.
Так неба шле да вас паэта,
Каб вам не ўцяміць і павек:
Ён сярод вас жыве – і гэта
Яшчэ не Бог, і ўжо не чалавек.
* * *
Бруіцца час крыніцамі,
Цячэ жыцця ручай,
Ды з прыкрым берагам рака,
і ловіць кропелькі рука, —
І не спатоліць смагі,
Не напіцца нам,
І не канчаецца
Адчай
Радка.
ДУМА ЯЦЬВЯГА
Водарам спелых вішняў
Вабіць світанак сіні.
З хата на ганак выйшаў —
Сэрца дрыготка стыне.
Дзесць у сяла на ўскрайку
Апошні спявае певень...
Ці іншага трэба раю? —
Хай доўжацца гэтыя спевы!
Не трэба мне, Божа, нічога,
Але ж бунтуе згадка,
Трэба спытаць у Бога:
"Хто я такі, загадка?"
Не беларус я кажуць,
А палешук этнічны —
Шлях парз душу праляжа,
І прападзе ў антычнасць...
Бо на зямлі яцьвягаў
Княжылі, панавалі,
Чорна-крывавыя сцягі
Неба запаланялі.
Дзе майго продка корань,
Адкуль маё племя выйшла? —
Сэрца смуга агорне
Пасярод спелых вішняў.
Вабіць да спелых вішняў,
Стыне світанак сіні...
Ты прамаўчаў, Усявышні —
Губляюць пытанні сілу.
ЧЫТАЧАМ ГАЗЕТ
Мільгаюць імёны і даты,
Пракручваюць кола назад.
Газетчыкі, нібы салдаты,
Наладзілі глупства парад.
Стракатых артыкулаў процьма,
Жабрацкія торбы ідэй.
Газеты, як рыбіна лоцман,
Вядзе да крывавых падзей.
І мы чарадой чалавечай,
Бы статак бязглуздых пачвар,
Натоўпамі лезем на плечы,
На голавы, як на пажар.
Абцасы, падэшвы, анучы —
Па целу, па сэрцы, душы!
Сабачыя дзеці вы, суччы,
Як можна жывое душыць?!
Балюча ўсярэдзіне - ой-кі!
Хоць падай на брук ды маўчы.
Ну, колькі ж вас, сколькі ж вас,
сколькі?.... —
І падлы жывой не злічыць.
ДЗВЯРЫНЕЦ
Калідорам — дзверы, дзверы…
Дзверы справа, дзверы злева, —
Там начальнікі сядзяць.
У пакоях шмат паперы
А патрэбную — не ўзяць.
Не, не ўзяць яе радзімай,
Нібы пропуск, той што ў рай,
Час — гадзіна за гадзінай,
Адчыняй і зачыняй.
Кожны кажа на суседа,
А сусед, кіўком — няма!
Так праходзіш да абеда,
Ды змарнуеш час дарма.
А пасля глядзіш — і вечар,
Плечы горбіць стома дня.
І здаецца, што навечна
Валакіта-паражня.
Што цяпер і мне да скону
Той паперы не здабыць,
Што няма нідзе закону,
Застаецца толькі піць.
І ў такіх вось калідорах
Чэргі, нібы па віно,
Растрасаюць пыл жыцця.
І растуць паперы ўгору
У дзвярынцы небыцця.
ПАМІНКІ ПА ДУШЫ
Апячэ, яшчэ раз апячэ!
Ты жывы, чалавеча, наўмысна
Апячэ і не стане лягчэй:
Вакханалія — гэта не трызна.
Горкіх оргій уедлівы дым:
Недакурак, кілішак над кількай,
Завітаў ты сюды маладым,
А застолле пакінеш з кавенькай.
Пакульгаеш далей — небыццё,
Як агонь ад агоніі прысмак.
За сталом даканала жыццё,
А гавораць, што п’янка не трызна.
Сорак дзён… І сябры пры віне:
Недакурак, кілішак над кількай…
Праляціць так жыццё, праміне —
Затрасуцца ўспамінам паджылкі.
САЛДАТАМ ТАТАЛЬНАЙ ВАЙНЫ
Мы з табой не на полі бою,
Мы з табою на полі быту.
Хтосьці харкае зноў крывёю,
Для кагосьці — ўсё шыта-крыта.
Мы з табой не на грознай сечы,
А ў пакоях сваёй кватэры,
Выпускаем запал карцечы
У Надзею, Любоў і Веру.
І ні фронту няма, ні тылу.
Рубяжом — аполённыя душы,
Што рабіць, як жыццё пастыла,
Калі кожнае слова душыць?
Мы салдаты выйны татальнай:
Мы ў сусветна-сямейнай рухнем —
Хто загіне ў баі за спальню,
Хто пазе ў бастыёне-кухні.
Сколькі згінула ў гэтых войнах —
Пераможцаў не будзе сытых:
Мы з табой не на полі бою —
Мы з табою на полі быту.
ЧАЛАВЕЧАЯ ПЕСНЯ
Я стаяў у чарзе за хлебам,
А чарга канчалася ў небе,
А чарга піхалася нагамі,
І масціла свій шлях мацюгамі.
Папрасіў я тады: о, Божа,
Дай кожнаму хлеба на кожны
Дзень.
Эх, мы воўчага роду-племені
Дзень натоўпінся у чарзе.
Налаўчыліся хапаць жменямі,
І стаяць на адной назе.
Чэргі,
чэргі
шэрагам —
шоргат
шэрых
нерваў.
Эх-ма!
Яшчэ разок!
Віна няма на пасашок?
Піва… Водкі?...
Самагон?
— Самі гонім, самі п’ём!
Не размова ж у нас — а лаянка:
Дурань дурня аслом заве.
Мы ня звыклі дарэмна каяцца,
Калі стукнулі па галаве.
Чэргі,
чэргі
шэрагам —
шоргат
шэрых
нерваў.
Эх-ма!
Чаго няма?
Што сягоння ў дэфіцыце?
Швэдры, курткі, нагавіцы?
—Чаравікі!
—Проста жах! Хутка пойдзем у лапцях.
Чэргі,
чэргі
шэрагам —
шоргат
шэрых
нерваў.
Мы забыліся як здароўкацца:
Хто апошні, хто крайні тут?
Па патыліцы — на здароўечка!
Уварваць бы, што там даюць:
Чэргі,
чэргі
шэрагам —
шоргат
шэрых
нерваў.
І хвалюемся, нібы рэчы там
Раздаюцца ўвесь дзень дарма.
Вось бяда, напірае на плечы нам
Процьма чэргаў, людзей гурма
Чэргі,
чэргі
шэрагам —
шоргат
шэрых
нерваў.
ЗАКОН ЧАРГІ
Закон чаргі — закон тайгі, амаль што тое ж сама:
Параскідая хутчэй другіх, пралазь на самы перад!
Чарга — наш дом, чаргой жывём, па чэргах — мы з вусамі,
А прыйдзе час і нажывём чаргой сардэчны верад.
Па закону чаргі білі ў морду —
Мардабойны закнаў ухіл.
Семярых разабралі па моргах —
Растапталі законам чаргі.
І тут даюць, і там даюць — куды паспець не знаю.
Не абмінуць бы дэфіцыт, яго штодня ўсё меней.
Я і апошнім пастаю, я пастаю і з краю,
Купоны, грошы і талоны сцісну ў мокрай жмені.
Па закону чаргі білі ў морду —
Мардабойны закнаў ухіл.
Семярых разабралі па моргах —
Растапталі законам чаргі.
Натоў людзей — натоўп надзей: другім не хопіць можа?
Вось інвалід паўзе, як танк, пікіруе бабуля.
Я дзень стаяў, канчаецца тавар, памілуй Божа!
Угробіў дзень і атрымаў пад самым носам дулю.
Па закону чаргі білі ў морду —
Мардабойны закнаў ухіл.
Семярых разабралі па моргах —
Растапталі законам чаргі.
ДА ЧАЛАВЕКА
Хто ты ёсць?
Кім быў ты?
Кім будзеш?
Што ты варты, калі адзін?
Моц людская у слове “Людзі”?
Ці ў звароце: “О, госпадзі!”
Мо драпежнік ты, Homo Sapiens? *
Іклы, кіпці і слоў атрута…
Не адну меў ад Бога запаведзь,
Толькі помняцца ўчынкі Юды.
Штосьці помніцца — ды не тое,
Для натоўпу маралі стае —
Яны боскае слова жывое
Бяруць без часціцы “Не”.
Homo homini lupus est. **
Бог не здрадзіць — свіння не з’есць!
І забі, і пралюбадзейнічай,
Хоць на грошык карысці маеш.
Утварай усялякае дзеянне,
Можа ў пекле канцы схаваеш.
Як жывеш, чалавек moralis, ***
Што на сёння трымае сэрца?
Не дарма цябе з раю гналі —
А з зямлі куды зграі дзецца?
Homo homini lupus est.**
Бог не здрадзіць – свіння не з’есць!
Ты ішоў па зямлі кагортамі
І стагоддзі наўзбоч кішэлі –
Цябе д’ябал адзначыў ордэнам –
Трыццаць срэбнікаў у кішэню.
Далятае да неба бразгат –
Срэбра здрадніцкае не трэ?
Ты забойца роднага брата –
Семя Каіна не памрэ.
Homo homini lupus est.***
Ваўкамі будзем – па-воўчы ў лес.
* Чалавек разумны
** Чалавек чалавеку воўк.
*** Маральны
* * *
Брахаў сабака на ланцуг,
На злую долю.
Што не пускае ён на луг,
А ўсяк няволіць.
Брахаў штодзень па цэлым свеце —
Змаўкаў, калі давалі есці.
Калі ж стары зусім ён стаў —
Яго знялі ад ланцуга,
І прэч пагналі са двара.
—Прыйла пара! —
Рашыў кабель,
І зведаў волі жорнаў:
Цяпер
Не кормяць.
* * *
Крычала вока:
—Бачу я ўсё навокал.
Без мяне жыць не змогуць людзі,
І нават святла без мяне не будзе!
—О! — гэткі здзіў, —
—А гонар твой, брат, заўчасны,
Цяпер глядзі, — сказала Святло,
І згасла…
* * *
Не спрачайцеся, калі ласка!
Кіньце словаў грувасткі лязгат.
Кожны мае ўласную праўду:
Ваша праўда — мая таксама,
Прост ісціна паміж намі.
Хай у дыспутах сотні раўндаў
Правядзём мы з губамі ў пене,
Вы прабачце, ніхто ў накаўце
Не бывае ад моватрэнняў.
І дарэмна за словам слова:
Яго выпусціш — і не словіш!
Чырванеем, або бялеем,
Рыкашэтам злятаюць сказы,
Вось і крыўда на сэрцы вязне! —
Мы й спрачацца ячшэ не ўмеем.
Той дурны быў дзівак, няйначай,
Які словамі гэта азначыў:
Быццам спрэчка штосьці народзіць…
Годзе!
* * *
Далоў аблятае лісце.
Прымоўк абамлелы сад —
Вось так жа было калісьці
І сотні гадоў назад.
І сотні, і сотні тысяч
Круціўся жыцця калаўрот —
А людзі навокал тыя ж
Пад зманлівым словам: народ.
І гады спаўзаюць з дрэваў,
І вабяць душу пладом,
І зноў спакушаюць Еву:
Быў сад, а цяпер — Садом.
Мы літасці ў Бога просім,
Літаннем зямлі расцём.
Сыдуць халады на восень —
Расплачуцца дрэвы лісцём.
Далоў аблятае лісце.
Прымоў абамлелы сад.
Вось так жа было калісьці
І сотні гадоў назад:
Вятрыска хістаў галіны —
А час несупынна бег,
На чырвань тужлівай каліны
Зіма церушыла снег…
БАЛАДА ПРА ПТУШАК І ЛЮДЗЕЙ
А я здесь в поте и в пыли,
Я — царь земли, прирос к земли.
Па небе плавалі аблокі, нібы па моры караблі.
Кубло на вішні не высокай — чатыры метры ад зямлі.
Ад маладзенечкіх лісточкаў, зялёнай завязі пладоў
Ляціць пісклявы галасочак, ляціць і падае далоў.
Вакол рудое шалупінне. Адно, жывое, на кубло —
Жыццё раўняецца хвіліне, а ўжо, чуй, голас падало.
О, галапупец жаўтароты! Тварэнне сонца і святла,
Каб аглядзець сусвет шырокі — трэ проста вызірнуць з кубла.
Няслі дзіця ў пад’езд суседзі. Глядзела вокам птушаня:
“Во, у людзей таксама дзеці, а гэта значыць — мы радня!”
Матуля гэтак жа старанна люляе, песенкі пяе,
Не спіць ад вечара да рання — сваю крывінку сцеражэ.
Штодзень дзіця ў кватэры цеснай крычыла, плакала, жыло —
А птушаня спрабуе песню, і ўжо выпроствае крыло.
Дзіця не хутка пройдзе сцежкай, не зроблен нават першы крок —
Але ж з’явілася засмешка, асэнсавана бычыць зрок.
А ў небе плавалі аблокі. Змянілі ветразь караблі.
І ў восень, выраем, далёка ляцелі птушкі ад зямлі.
Ад той, што іх узгадавала і крылы дужыя дала,
І рэжуць птушкі неба хвалі узмахам лёгкага крыла.
Дзіця палежвае ў калысцы — на дзіва кволая радня —
І адлятае ў свет не блізкі з крылатай зграяй птушаня.
Яно ляжыць, шточасу плача, і нат не думае аб тым,
Што свет шырэй за кут дзіцячы кватэры ў доме гарадскім.
І пройдзе дзесяць год, і дваццаць — заглушыць вішню пустацвет —
Тады дзіця пачне бадзяцца, каб паглядзець на белы свет.
ТУРАЎСКАЯ БАЛАДА
Гвораць кахання раней не было і ўпаміне,
Мы будзем спрачацца, бо гэта няпраўды сіло.
Спрадвеку каханне было і да веку не міне
Ні Тураў, ні Кіеў, ні нават з трох хатак сяло.
Каханне жыве там, дзе ёсць разнаполыя людзі:
Мыжчына жанчыну апоўначы ўбачыў і вось —
Пачуццем заб’юцца іх сэрцы ў знямозе і будуць
Да зоркі стаяць.
А гэта ўжо значыць: каханне між іх пачалось
Цокаюць капыты —
Падымаюць пыл.
За гады забыты
Даўняй казкі быль.
Цяжка божым чадам:
Шмат на свеце зла!
Повесці пачатак
Раскажу пасля.
Ад Кіева да Турава
Па сцежачцы крутой,
Ляці, як птушка з выраю,
Ратуй, мой конь, ратуй!
Скача, скача, скача
Княжацкі слуга.
Скача, скача, скача —
Смага на губах.
Песняй не раскажаш
Пра сваю любоў.
Дзе другія княжаць —
Там ліецца кроў.
Паланянкі косы,
Як лясны пажар.
Не глядзі, што босы —
Ёсць лязо нажа.
Ад Кіева да Турава
Па сцежачцы крутой,
Ляці, як птушка з выраю,
Ратуй, мой конь, ратуй!
Маё сэрца — церам,
А душа — смала.
Я табе паверыў,
Ты мне — не змагла.
Погляд, як запалка,
Пекла не мінуць!
Што ж ты, паланянка,
Завяла ў ману?
Скача, скача, скача
Княжацкі слуга.
Скача, скача, скача —
Смага на губах.
Як звычайна проста
Сэрца падпаліць.
Калі ты дарослы
І табе баліць.
Эх, пайшла гулянка —
Карамыслам дым,
Што ж ты, паланянка,
Так даступна ўсім?
Ад Кіева да Турава
Па сцежачцы крутой,
Ляці, як птушка з выраю,
Ратуй, мой конь, ратуй!
Косы паланянкі,
Як лясны пажар.
Скончылі гулянку
На лязу нажа.
Паланянка ўпала
Пасярод звяроў,
А за шклом бакала:
Ці віно, ці кроў?
Скача, скача, скача
Княжацкі слуга.
Скача, скача, скача —
Смага на губах.
Не скажыце — трэба
Болей пра любоў.
Водгукі па небе
Чуем зноў і зноў…
Адляцяць на поўдзень
Клінам жаўрукі —
Гэту песню ўспомню,
А прыпеў такі:
Ад Кіева да Турава
Хваробы ў свеце ўсім
Такія вось, мікстурамі,
Лечацца зусім.
Скача, скача, скача
Вечнасці слуга.
Скача, скача, скача —
Самага на губах.
БАЛАДА ПРА ГРЭШНАЕ КАХАННЕ
Я чужога ў жыцці не браў.
“Не бяры, калі там не клаў!” –
Так вучылі бацькі мяне,
Не чапаў я раней.
Толькі ў долю прыйшла бяда,
Як вясною з гары вада:
Заблудзіўся сярод людзей,
І нязбытных надзей.
А здавалася – вось яно,
Тое шчасце, трымай яго!
Пахіснуліся на мурог,
Як дазволіць я мог?
Зоркі падаюць на зямлю —
А я губы ивае лаўлю.
Ты ж чужым аганьком была,
Як жа гэтак змагла?
Немаведама надыйшло,
Зацямніла крылом святло,
Расчапіла мяне тугой,
І прыйшоў неспакой.
Грудзі пышныя, нібы квет,
Перакрэслілі белы свет —
Доля вечная ўсіх мужчын:
Заставацца ні з чым.
Ранкам сябар прыйшоў, маўчыць.
Нібы воўк на мяне глядзіць.
“Дзякуй, — кажа, — дружок, за ўсё —
Ашчаслівіў жыццё.
І пячэцца да гэтых пор
Погляд чысты, нямы дакор.
Як са здрадай на свеце жыць? –
Не бярыце чужых!
КАЗАЦКАЯ БАЛАДА
Раскажы, казача, пра сваю удачу,
Пра сваю удачу – дзеўчыну- красу.
Чуеш, у калысцы немаўлятка плача,
Распусціла жонка рыжую касу.
На канюшні конік, конік вараненькі
Зачакаўся волі, цокату падкоў.
Атаман пакліча казака ў дарогу,
Выедуць станіцай у далёкі пуць.
З’едзеш ад святога роднага парогу –
Толькі сваёй хаты, хаты не забудзь.
На падрорку хлопчык да цябе падобны,
Хлопец падрастае, як на лес глядзіць.
Раскажы, казача, пра сваю удачу,
Пра сваю удачу – сына-малайца.
Оё, каб ты, казача, паглядзеў- пабачыў,
Як вядуць нявестку ў хату з-пад вянца.
На канюшні конік, конік вараненькі
Зачакаўся волі, цокату падкоў.
За аброць выводзіць, сядлае ў дарогу –
І нявестка й жонка горкі слёзы л’юць…
Выязджае сын твой да цябе ў падмогу,
Дома плачуць дзеці – дзеці хай растуць.
На падворку хлопцы да цябе падобны,
Хлопцы падрастаюць як на лес глядзяць.
Раскажы, казача, пра сваю няўдачу –
Жыцце праляцела, шчасцейка сплыло:
З піпкаю на прызбе ты сядзіш і плачаш,
Не хапіла часу, часу не было.
Ой, каб тыя коні ў чэраве падохлі,
Эх, ты мая доля, доля казака!
СЛАВЯНСКАЯ ВАЙНА
Ехалі казакі за сяло.
Пакідалі роднае жытло.
Ухапіла дзеўка за сядло:
“Без цябе мне як жа жыць?”
Не чапай, дзяўчо, гняда каня,
Ты мне яшчэ покуль не жана,
Паглядзі кругом гарыць вайна,
Адпусці, пайду служыць!
Трэба даць вады свайму каню,
Вынясе сягоння ён с агню,
Еду не на свята – на вайну,
Трэба шаблю пагастрыць.
Бровы любай ад бяды чарны,
Над радзімай кружаць груганы,
Не было яшчэ такой вайны –
Скажа хто, ці будзем жыць?
То ж не вораг, то ж мой крэўны брат
Паўстае на нас, як супастат,
Эх, не скора я прыйду назад –
Ты мне сына беражы.
Ехалі казакі за сяло,
Пакідалі роднае жытло.
Ухапіла дзеўка за сядло:
Без цябе мне як жа жыць?
* * *
Над зялёным борам каркаў чорны воран:
Малады ды хіжы, чуйны да крыві.
Гэткую навалу не здалець, не згораць,
Перш чым сохне дрэва — гінуць карані.
Ад чаго ты, сонца, на заход чырвона,
Як скразная рана ў маладых грудзях?
Адчаго вам, хлопцы, не сядзіцца дома?
Носіць вас па свеце, па чужых краях.
Падары мне доню, любая мая,
Пакахай сягоння, покуль цішыня,
Падары мне доню, — сына не хачу,
Нарадзі дзяўчыну — мужыкі к вайне.
Гэй, браткі славяне, што не раздзяліць нам?
Рызы ці сутаны, жонку ці каня —
Вяне дрэва, вяне пад адной малітвай,
Пад адзіным Богам спрэс ідзе вайна.
БАЛАДА ПРА СВАЙГО КАНЯ
Як паіў Іван каня – горка плакаў.
Як у стойла заганяў – горка плакаў:
“Мне вясці цябе, гняды, заўтра рана
Да калгаснай грамады на загану”.
Піў гарэлчку Іван – слёзы ў горле,
Ён крывёю запіваў, горам горкім
“Як пражыці без каня, і без хлеба?
Бальшавіцкага ярма мне не трэба!”.
“Адвядзіі, Іван, каня да калгасу!” –
Загадае старшыня – няма спасу.
Замест хлеба – лебяда, горыч-зелле,
І гуляе галыцьба шум-вяселле…
Закапаў каня іван – горка плакаў.
Крыж на ўзгорку майстраваў – горка плакаў:
“Акалеў ты без пары, коню, косю…
Закрывавілі сляды ў ранніх росах.
СКАЗ ПРА ТРЫ КУЛІ
Як ляталі кулі ў роднай старане,
Нібы пчолы з вулляў у спякотны дзень.
За жыццё кусалі хлопцаў маладых.
Бандаю празвалі тых людзей лясных.
Стрэл за стрэлам хлопне – сэрца забаліць:
Ці заспелі хлопцы голавы схіліць?
Плакала матуля: Божа беражы!
Вылятаюць кулі – трэба ж дзецям жыць!
Жыці-пажываці на сваёй зямлі,
Толькі чыста ў хаце злыдні падмялі.
Гой, забралі коней – сіратой сяло,
Закілзалі волю – сківіцы звяло.
Доля, як палонны, з торбаю брыдзе
Па чужынскім полі, то было ж свае…
І лятаюць кулі, свішчуць на мяжы –
Галдасіць матулі, покуль дзецям жыць.
Ці ж яны бандыты? – наша плоць і кроў!
Не сцярпелі крыўды – з пекла грымнуў гром,
І чырвоны д”ябал пахіснуў законы
Векавечнай праўды – сеў тырна на троне.
Дзеці ўсе па лесе праўду ратаваць!
Дзесьці на Палессі – плачам не згукаць.
На руццэ пяць пальцаў, а сыночкаў – тры!
Сабірайся, бацька, дзетак забяры!
Гостраць востры шаблі на тваіх сыноў,
Памаліся, бацька. Хай ідуць дамоў.
Колькі ў свеце праўды – рэшата вады!
Ты стары забораў бы, далей ад бяды.
Вылецела куля з дула ў галаву –
Большага хіснула… Засталіся ўдвух,
Засталося двое, нібы сінь вачэй, --
Не счакаць спакою матчыных начэй.
Вось другая куля… І сярэдні ўпаў,
Крывяной кашуляй муражок прымяў.
Нікуды не дзецца ад праклятай трэццяй
Захлынецца сэрца меншага сынка.
Нікуды не дзецца ад праклятай трэццяй
Захлынецца сэрца Сына-адзінца.
Як ляталі кулі ў роднай старане.
Хлопчыкі паснулі ў беспрабудным сне.
За святую волю, за зямлю, за долю
Леглі ў чыстым полі на ліхой мяжы.
Час прыходзіць бацькаў ваяваць за долю
Трэ за зброю брацца, як без волі жыць?
ДЗЯДАМ МІКАЛАЮ І ПЯТРУ
Доўгія провады — горкія слёзы.
Я адчуваю міжволі смугу:
Здрыгне перон ад гудка паравоза,
Ды скаланецца ад колаў чыгун.
Потым павольна, нібыта з надрывам,
Рух набірае пануры цягнік,
Здоўж палатна сцеле сівую грыву,
Сіплы гудок, нібы роспачы крык.
Поезд паўнюткі не вінаватых,
Толькі й віны, што рука ў мазалях —
Стогнуць жалобай тутэйшыя хаты,
Так, што не ўчуецца крык жураўля.
Хоць на крыжах гругановая зграя,
Могілкі — месца на зайздрасць жывыма:
Мёртвых пакуль што ніхто не чапае,
Двойчы не сходзяць у дамавіну…
…Знік паравоз ужо, сёння — электра,
Дзізель на крайні выпадак цяпер,
Толькі ўсё едзе і едзе ў калымскае пекла
Дзед па забытую смерць.
* * *
І прыйдзе смерць, як паратунак,
Калі здакучыцца жыццё,
І светлы шлях ад чорных думак
Адчыніць небыццё,
Разгорне зорныя прадонні
Грыбінь нябёс —
Жыццё тады не абароніць
Мост слёз.
* * *
Ад калыскі да турны,
Ад пачатку да канца —
Шлях не вельмі доўгі.
І ад торбы, ад турмы,
Ад жабрацтва, ці вянца
Не ўратуюць ногі.
І гаркоту не зрачэш,
Не замоліш долі —
Бо жыццё заўжды цячэ
Супраць нашай волі.
* * *
Боль дадзены чалавеку для таго,
Каб разумная душа аберагала цела.
Цела — узлётная пляцоўка для душы,
З якое яна адпарўляецца ў нязведанныя вышыні,
І, калі пазбавіцца яго,
Як спутнік пазбаўляецца ракетаносьбіта,
Будзе выконваць у іншых, вышніх сферах,
Нейкі свой абавязак.
Для гэтага дадзены чалавеку фізічны боль,
А для чаго існуе яшчэ і боль душэўны?
Гэтага не ведае ніхто.
ТУПІК
Чалавек ішоў па дарозе жыцця.
Ён увесь час кіраваўся прама.
У многіх месцах дарога перакрыжоўвалася іншымі.
І на кожным скрыжаванні ляжаў вялікі камень,
На якім быў вычечаны надпіс:
Куды вядзе гэтая дарога.
Ён не звяртаў ніякай увагі на надпісы,
Меркаваў,
Што прамая дарога абавязкова куды-небудзь выведзе…
І вось яго дарога скончылася.
Пры канцы ляжаў вялізны валун,
А на ім высечаныя літары:
“Не заўсёды прамая дарога куды-небудзь выводзіць!”
Ён аглянаўся ў сваё пражытае і яму стала прыкра:
Чаго ён выбіраў прамую дарогу — яна завяла ў тупік,
А сколькі няпройдзеных шляхоў засталося ззаду…
Але на яго гадзінніку выйшаў час —
І прайсці іх немагчыма.
СУПРАЦЬ ВЫХАВАННЯ
Можна прыняць адзінае правіла
Чалавечых узаемаадносін:
Не перашкаджай жыць другому,
Не вучы яго жыццю па свайму шаблону.
Што дабро для цябе, для яго — зло,
Што шчасце для аднаго — бяда для другога.
Кожны чалавек сам ведае:
Як яму жыць.
Ніхто не мае права нас вучыць
Як нам на свеце жыць.
Ні стары, ні малы,
Ні бацька, ні маці,
Ні адзін чалавек, ні нават грамадства —
Ніхто не мае права нас вучыць
Як нам на свеце жыць,
Бо ўсе яны жывуць разам з намі,
І ніхто з іх не быў яшчэ па-за смерццю.
Ніхто з Вялікіх гэтага свету не мае права нас
Вучыць як нам на свеце жыць.
Бо ўсё, што яны пісалі, пісалася пры жыцці,
І яны не былі ячшэ па-за смерццю, і не ведаюць:
Як гэта адазвалася там?
Вы скажаце выпрабаванне часам? —
Але ж наш зямны час ніколі не бывае па-за смерццю,
І не можа знаць, што патрабуецца пасля жыцця.
Ніхто не мае права нас вучыць
Як нам на свеце жыць!
Адзін Бог мае гэтае права,
Бо толькі Ён ведае,
Што патрабуецца па-за смерццю,
Бо толькі Ён — пасля жыцця.
Адзін Бог, і той, хто прыйшоў ад Бога.
Але хто ж з нас можа паказаць неаспрэчнае падсведчанне,
Што ён прыйшоў ад Бога, а не ад д’ябла? —
Ніхто!
Значыць, толькі Бог,
Толькі адзіны Бог, і дзесяць Яго запавядзей…
ЯШЧАРКА
Я заўважыў у траве яшчарку.
Дагнаў яе і прыступіў хвост чаравікам.
Адпусціў - і яна дала дзёру.
Прыглядаюся: дзе ж яе хвост?
А яго няма!
Не заўсёды тое, што павінна адкідваць хвост -
Пазбаўляецца яго ў час паратунку.
Яно пабегла, якім і было,
А ты - муліш вочы,
І шукаеш у траве адкінуты хвост.
* * *
Ты бяжы да мяжы,
Бяжы далей,
Бяжы бліжэй,
Але ж — даражы дабрынёй людзей,
Але ж — жаўрукі беражы надзей,
Але ж памажы,
Каму жыць цяжэй!