Раптам змаўкалі птушкі. Абрываліся іх галасы на самай высокай ноце. Стоена-здзіўленныя ўслухоўваліся яны ў незямныя гукі, які паступова авалодвалі прасторай. Ён пачынаў спяваць. Сціхаў ветрык і ласкава расцілаўся каля яго ног — слухаў. Хілілся зёлкі бліжэй, каб не прапусціць ніводнага гуку. Сонца, здавалася, запавольвала свой ход па небасхілу, ураджанае анёльскімі мелодыямі. Уся прырода: дрэвы, птушкі і людзі — усё слухала, заварожанае голасам ягонага сэрца…Толькі яна адна нічога не чула.
Ён браў у рукі пэнджаль, даставаў мальберт з фарбамі. Палатном рассцілаўся сусвет пад нагамі і распальвалася натхненне ў грудзях. Яркія мазкі — срэбныя, смарагдавыя і залатыя клаліся адзін за адным. Вымалёўвалася нешта боскае. Аблокі спускаліся з нябёсаў і раствараліся ў дзівоснай выяве… “Гэта наша магчымая будучыня” — гаварыў ён. І тысячы вачэй глядзеліся ў казачныя краявіды і адшуквалі там абрысы свайго шчасця — толькі адна яна нічога не бачыла.
Тады ён пачынаў гаварыць ёй пра гэтае шчасце. Словы цяклі, пераліваліся блакітнымі ручаямі, іскрыліся ў сонечных промнях і падалі, падалі з неба знічкі, прывабленыя зямной усеабдымнай прыгажосцю. І свята сыходзіла на зямлю. Усё наўколле поўнілася спевамі, расцвечвалася вясёлкавымі фарбамі, усё радавалася і смяялася — толькі ў яе душы гэта не знаходзіла ніякага водгуку. Яна адна нічога не адчувала.
І ён замаўчаў…
У сэрцы захлынулася песня, выцвілі фарбы і выцяклі слязамі з яго ўсе словы. Ён захліпнуўся адчаем і анямеў навекі. Ён зразумеў, што не зможа больш спяваць так, каб замаўкалі птушкі, не зможа маляваць так, каб ангелы зляталі на ўрачыстае свята мастацтва, не зможа гаварыць пра шчасце, каб падалі з неба знічкі — таму што ў сэрцы пуста.
І толькі тады яна адчула, што нешта страціла назаўсёды, і толькі тады яна паверыла… Ён сапраўды кахаў яе…
Але ўжо было позна.
ТАК БУДЗЕ
Аднойчы,
Калі ты прыпомніш гэты вечар,
Як прыпамінаюць дзяцінства,
У якім не бываюць двойчы,
І вецер
Засіфоніць праз шчыліну ў акне,
Выдзьме астаткі цяпла з душы і сэрца,
Расшпурляе пачуцці, нібы смецце —
Ты падумаеш пра мяне,
І зразумееш,
Што ты мяне моцна пакрыўдзіла —
Табе стане нясцерпна балюча,
І табе не памогуць людзі,
Ніхто з жывучых…
І з твайго твару бядою сплывуць вочы —
Гэта будзе,
Аднойчы.
* * *
Ты падарыла гарачлівасць цела,
Але аддаць забыла сэрца,
Хоць на дзянёк, хоць на гадзіну —
Ты так хацела!
І б’ецца сэрца
Ў паняверцы
Сірацінай.
* * *
Упала божая раса
На жоўтае калоссе,
Забытае над пожняю:
Сляза
Здалося
Кожнаму.
* * *
Як прышчэміш палец — не раві ад болю.
Тады будзеш плакаць, як зашчэміш долю.
* * *
Ноч. Цемень.
Хоць вочы выкалі.
Аспрэчваю тэму:
Кахаць адвыклі мы?
Бяссонніцу лаўлю за хвост —
Не ловіцца.
Ад цяжкіх думак ложак, нібы мост,
Ломіцца.
Рань. Золак
Размалёўвае нябёсы, нібы алоўкам.
Як на гарачай плойцы
Нервовыя валокны —
Войкаю…
Ціш… толькі
Выхліпвае сярэдзіна:
За долькай долька
І да болек душа
З’едзена.
МУЖНЫЯ
Ну што ж, прабач,
Апраўдвацца не буду,
Не буду я тлумачыць
Сваё памкненне, пачуццё —
Дарэмна ўсё!
А гэта значыць:
Рассудзіць нас жыццё.
І пойдзем вольныя
У розныя бакі,
Задаволеныя:
Не з рукі.
Пацягнуцца гады,
Нібы вагоны на станцыі таварнай,
І зноў сюды
Нас лёс прыгоніць,
Нас выпадак заверне
Адзін да аднаго.
Сустрэнемся.
Паглядзім у вочы
І нічога не знойдзем,
Што раней было —
Сплыло.
І пойдзем да хаты злыя:
Ты замужам,
І я жанаты…
А хто вінаваты?
Ты і я — ты я ж…
ПАРАЎНАННЕ
Нібыта кульгавы жораў,
Які ходзіць па разоры
Жабаў ловіць, чарвякоў —
З кожным крокам голаў хіліцца далоў.
Так і мы ў жыцці блукаем,
Чаго трэба нам — не знаем,
І да скону ўсё кульгаем і кульгаем
Як па купінах гадоў.
ДАРОЖНАЕ
Нічога нікому не кінуў,
Нікому двух слоў не сказаў…
Чыгунка — мелодыя гімну,
Расстання жыццёвы вакзал.
Імчыцца насустрач дарога,
Рэжа лёс, як нажом, па жывым,
Як вужака ўпазае трывога,
І злятае з душы херувім.
Непрыветныя водбліскі станцый,
Разнервованы грукат калёс —
Не чакалі мы гэтак растацца —
Хай вязе ў невядомае лёс!
Першы раз я адзін на дарозе,
Між людзей першы раз я адзін,
Нават позірк старонні марозіць,
Хоць зусім на людзей не глядзі.
Але ступіць з перона звычайны,
Выпадковы начны пасажыр:
— Што ж ты так захліпнуўся адчаем?
Ну, браток, не маўчы, раскажы?
Усяго спадарожнік, не болей
І прыкмеціў вачэй неутул,
Паглядзіць спачувальна і з болем
Запытае: “Куды ж ты, адкуль?” —
І тады да маёй адзіноты
Мнагалюддзе прысядзе яго —
Рассмяецца, суцешыць, а потым —
Стане райскім куточкам вагон.
ВОЧЫ
Вочы блізкага чалавека,
Сярод ночы зірнеш — прыкмецяцца,
Вочы маці, ці любай вочы,
Ад якіх святлей чым ад месяца.
То жаночыя, то дзявочыя —
Вочы воўчыя адварочваюць,
Берагуць ад варожых воч,
Што драпежна жырыцца ноч.
Пойдзеш прэч ад свайго парогу,
Павандруеш па белым свеце —
Вочы моляцца на дарогу,
Іх малітва аб родных дзецях.
Заклапочаныя тыя вочы,
Вочы матчыны ў лёс дзіцячы
Пільна ўгледжваюцца сярод ночы,
Кожным крокам бяду прадбачаць.
То жаночыя, то дзявочыя,
Ні спакою ў іх, ні супыну,
Покуль свецяцца гэтыя вочы —
І чужына сагрэе сына.
КІШЭННЫ ЛЁС
І няўцямны мой і разбэшчаны,
Выпадкова-трагічны лёс,
Ты прайшоўся па сэрцы трэшчынай,
І да зорак мяне аднёс.
І цяпер я праз гэту шчыліну
Углядаюся ў небасхіл,
Адчуваю сябе мужчынаю,
Што мне ўсё-ткі хапіла сіл.
Што сабе ані ў чым не здрадзіў я,
Хоць гудзелі, нібыта рой,
Дабрадзеі нашэпт-парадамі —
А выслухваў я голас свой.
І няўцямны мой, і разбэшчаны —
Як адплата — кішэнны лёс,
Ты прайшоў, як па сэрцы трэшчына —
Ліхаманіць душу ўразнос.
Добра ведаю: наканована —
Не пражыць ані дня інакш!
Толькі я не кляну жыццё маё,
І не ваплюся жыццем вашым.
ТРЫ ДНІ КАХАННЯ
Першы дзень — і мы ў абдымках горачных
Сэрцамі выпытвалі любоў.
Небным шляхам па дарозе зорачнай
Адляталі ў вечнасць, нібыта дамоў.
Другі дзень — штодзённасцю замучаны
Глянулі сцяжэласцю павек —
І пачулі музыку разлучыны,
Баццам з першага балесны здзек.
Штосьці пахіснулася трывалае,
І з душы скацілася далоў,
Родная, каханая, трымай мяне,
Покуль трэцці дзень не надыйшоў.
Ён абрушыцца навалай навальнічнаю,
Ён маланкаю забліскае ў вачах,
Шугане ён так, што і не сніцца нам —
Будзе смешным сённяшні адчай.
* * *
Позненька, раненька… Дзе ты, каханая?
Горнуцца словы да сэрца пяшчотаю.
Птушкай бяскрылаю б’ецца пытанне:
Дзе ты, каханая,
што з табой?
Непагадзь вуліцу перапалосквае.
Холадна. Хіліцца клён да бярожкі.
Дзе ты, жаданая, мной не спазнаная,
Дзе ты, каханая,
што з табой?
Вечарам, раначкам… Дзе ж ты, каханая?
Слухаю водгукі — дождж у акно,
Ноч я прагледзеў, прыходзіць світанне —
Цябе не відно…
Дзе ты, каханая?
* * *
Я не думаў, што ў шчасця прысмак
Не салодкі — а гаркаваты.
Што яно пасядзіць на прызбе
І шыбуе далей ад хаты.
Запрасіць бы паважна ў госці:
“Калі ласка, праходзь на покуць!” —
Збегла зноў на карысць кагосці,
Не злавіць, як зубамі локаць.
Не прысядзе пад абразамі,
Не спакусяць яго пачастункі,
Нанач гледзячы ў снежную замяць
Павандруе вар’яцкай думкай.
Я не верыў, што ў шчасця прысмак,
Нібы вусны твае гаркавы,
Я каханнем заўзята трызніў —
А застаўся з дурною славай.
Мо таму невылоўнае шчасце,
Што яно адно ў чалавецтва —
А да кожнага трэба папасці
Ці на старасці, ці ў маленстве.
Гэта гора адно не ходзіць
Па жыццёвых шляхах-дарогах,
А з сабой дзіцянятак водзіць,
І прыходзіць заўжды аблогай.
І спрадвеку ніколі ў лёсе
Не чакае зімы, адчаю,
Як заедзе ў двор на калясах,
На калёсах і ад’язджае
Вокамгненнае наша шчасце.
Застанецца на вуснах прысмак
Не салодкі, а гаркаваты,
Так заўсёды, бо ныня й прысна
Не заседжваецца ля хаты.
* * *
Выпадкова знаходзяць падковы,
Гавораць, — на шчасце знайсці…
Але шчасце не выпадкова
Трапляецца на жыцці.
Можна знайсці капейку,
Нават і цэлы клад.
Але чамусьць спрадвеку
Шукаюць сардэчны лад.
Хоць лад той не выпадковы:
Любоў — не валун на шашы,
Каханне — для шчасця падковы,
Як знойдзеш — век беражы.
ЗОРКІ ЗОЛУШКІ
Прычоска, нібы ў Золушкі,
Я глянуў — і знямог:
У косах сонца золатам
Акрэсліла слядок.
Там сонечныя зайчыкі,
Вясёлкі пераліў.
Я дакрануўся пальчыкам —
Нічога не злавіў.
Мядзьведзіца Вялікая
Згубіла зоркі дзве.
Па небе блудзіць, клікае —
Не знойдзе іх нідзе…
А дзеці той Мядзьведзіцы
Не ў вышыні цяпер —
У завушніцах свецяцца,
Падораных табе.
Я рукі ўперад выцягну —
Застукаціць у скронях:
З нябёсаў зорка вечнасці
Не падае ў далоні.
І вочы незабудкамі
Глядзяцца ў сэрца мне.
Вясёлымі мінуткамі
Маё жыццё міне.
* * *
Ну што ж, прысядзь, паразмаўляем
З табой, уласная душа:
Каго сягоння мы кахаем,
Каго сто год назад…
Спярша
Скажы, душа,
Ты сумавала
У тым жыцці па гэтым?
Ты свой славянскі боль крычала,
Калі шчэ не была паэтам?
З якім ты целам існавала,
І дзе яно цяпер ляжыць?
Скажы, душа, як там кахала?
Скажы, з любоўю цяжка жыць?
Маўчыць…
* * *
… так душа пакідае цела,
Адыходзячы ў зорны шлях,
Азірнецца яна нясмела
І падумае спакваля:
Гэтым целам любіць хацела,
І балела мне гэтым целам,
З гэтым целам жыццё была.
Адбалела яно, змярцвела —
І душа пакідае цела,
Адлятаючы ў вечны шлях.
Назаўсёды яго кідае
Прад няведамаю дарогай,
Апавітая чорнай смугою.
І куды адляціць — не знае:
Мо да д’ябла, а мо да Бога,
Мо да пекла, а мо да раю —
І не зменіш ужо нічога,
І надзея, як свечка, згарае,
Бо душа пакідае цела
Растрывожанае неспакоем.
Так і людзі на свеце белым,
Развярэджаныя тугою,
Не аднойчы сумленнем бачаць
Недасяжнай каханай вочы,
І слязой, як агонь, гарачай
Апякаюцца не аднойчы.
Іх сумленне хістае сусветы
Святым Духам такіх начэй
І святло ад вачэй Запаветам
Нечытаным, Навейшым, пячэ.
Па жыццёвай ідуць дарозе:
Мчаць наперада, глядзяць назад,
Як вар’яты ў тузе-трывозе
На каханне сваё глядзяць.
І яно не аднойчы гляне
Сэрца праўдаю адбалелай —
Так кідаюць яны каханне,
Як душа пакідае цела.
* * *
Гарэў агонь маёй душы,
Я зваў цябе адвечным болем.
А ты сказала, не пішы
Мне пісьмаў гэтакіх ніколі.
Не парушай ты мой спакой,
Не апякай былым жыданнем,
Жыццё не выправіш са мной,
А шчасце - зноў яно абмане.
Я адыйшоў пакутна ўбок,
Гарэў агонь, і мне балела.
Калі б я растлумачыць мог,
Што для душы, а не для цела.
На скаразняках другіх вятроў,
Чужога, стылага дыхання,
Праз год скажу табе: "Здароў!
Тут попел ёсць, ён не абмане!"
* * *
Спаліць усё! Паштоўкі, фатаздымкі
Гараць агнём звычайным, нібы дрэвы…
Спаліць усё! І калі разам з ім ты —
Маімі не надыхаешся словамі.
Спаліць усё? Каб быць хутчэй з другімі?...
Агонь зжарэ пачатак і канец.
Спаліць усё! Нерон спаліў паў-Рыма,
Каб вечны горад меў яго дварэц.
ПРЫКМЕТЫ
Аблачынкаю сонца ўмываецца.
Абуджаецца птушак мова,
І ад дрэў адбягае цень, —
Расчынаецца
Новы
Дзень.
Сінь паветра наскрозь прагрэта.
Збегшы ў цень ад заедлівага авадня,
За ракою стайлуюць каровы —
Значыць гэта
Што дня
Палова.
Адпылаў небасхіл, адгарэў
Зноў заквакалі жабы ў канаве,
Моладзь з песняй на танцы ідзе —
Пастарэў,
І канае
Дзень.
Вёска спіць. А дзівак-паэт
Пераводзіць на вершы чарніла,
І рыфмуе каханую з поўняй, —
Неўпрыкмет
Наступіла
Поўнач.
Тэцці спеў. Захліпаюцца пеўні,
А ў яго не канчаюцца вершы,
І вястуюць пра хуткі свіданак —
Адным з першых
Сустрэў ён
Світанак.
* * *
Нарадзіўся я двойчы на свеце:
Першы раз — пад пранізлівы плач,
Нарадзіўся звычайна, як дзеці,
Пра другі раскажу апасля.
Заглынуў мокрым ротам паветра
І, зірнуўшы варожа на свет,
Я заплакаў, а з космаса нетраў
Даляцела, што будзе паэт.
У знямозе ляжала жанчына —
Чырванела крывёй прасціна,
Ён сказалі: “Вы маеце сына”, —
Гэта сын не зусім яшчэ я.
Нарадзіўся я двойчы на свеце:
Першы раз — пад пранізлівы плач
Нарадзіўся звычайна, як дзеці,
Другі раз — нарадзіўся пасля.
Другі раз — нарадзіўся дарослым,
Захлынуўся сваім пачуццём,
Боль працяў навылёт, як марозам,
І адтуль пачалося жыццё.
І стаяла насупраць жанчына,
Усміхалася шчыра душа —
Зноў я плакаў дарослы мужчына:
Нараджала паэта яна.
* * *
Ты кажаш, паэты не носяць берэтаў,
А носяць берэты адны мастакі.
Я згодны, хоць розняцца, толькі не гэтым
Абедзьве аднолькавых творчых рукі.
Паэты па сэрцах гадуюць сусветы,
Адорваюць светам пацёмкі душы.
І што б маляваў твой мастак без паэта,
Калі б на зямлі той не жыў, не грашыў?
Спачатку было векавечнае слова,
А пэндзаль? Ён потым прыходзіць, пасля…
Паэт адшукае і сэнс і аснову, —
Мастак пакладзе іх на бель палатна.
* * *
Калі стане паэту балюча,
Калі зойдзецца сэрца — няўсцерп, —
Ён не будзе слінява канючыць
А напіша крывёй сваёй верш.
Калі радасць на сэрцы ў паэта,
Як заб’е пачуццё цераз край —
Засмяецца ён вершам, — і гэта
Ён пасля на ўвесь свет заспявае.
Так жыве між агнём і між лёдам,
Між зямлёю і небам спаміж,
Нехта кажа: “Ён выйшаў з народу” —
Але ж вершы? Адкуль яны родам? —
Не бывае ў паэзіі меж.
З РАЗМОВЫ
— Не трэба нам вашы песні,
Пакуль не хапае хлеба —
Паэзіі нам не трэба, —
Адкажа ратай і цесля.
Паэт праглынае крыўду
І думае так: што песняй
Жабрацтва душы прыкрыў бы
Ратаю, сабе і цеслю.
Удосталь як стане хлеба —
Збяднее на песні неба.
Як хлеба зусім не будзе —
І песняй душу не абудзіш!
Не трэба вам нашы песні,
Пакуль не хапае хлеба
Паэзіі вам не трэба?
Жывіце ж на свеце цесным,
Жывіце, ратай і цесля,
Жывіце без нашай песні —
Бяздушныя не ўваскрэснуць!
* * *
Паэт спяваў — а людзі ў крамы йшлі.
Ён зваў — да храма.
Паэт спяваў — яны душыліся кавалкам каўбасы,
Сварыліся за грамы.
І ўсё дзівіліся: “Чаго спявае ён?
Чаго ён пасылае нам праклён,
Мо хоча хлеба?”
Адказваў ён: “Не трэба!
Хоць зрэдку пазірайце вы на неба”.
Паэт спяваў, ён гаварыў пра Божы суд,
І пагражаў,
І штосьці ўспамінаў пра Каіна,
І зваў пакаяцца вось тут,
Пака яшчэ не хутка суд.
Ён гаварыў, што прыйдзе час,
Ён ратаваў,
Ён апярэджваў нас…
Паэт спяваў, ён зваў людзей да Бога —
А людзі слухалі, і ў песнях не пачулі анічога.
Іх душы асыцелі ад яды…
І, нібы лісце з дрэў, зляцелі ўдалеч
Адпушчаныя Госпадам гады.
І час прыйшоў, і суд настаў…
І людзі ўспомнілі тады:
Паэт спяваў…
* * *
Не ахвярую верш нікому,
Не маю права:
Ні родным, блізкім, ні знаёмым.
Дзеля забавы
Ніколі вершы не пісаў я –
Крывёй і болем.
Касіў быльнёг і разнатраўе
На полі долі.
Жыццё лажылася радкамі,
Каса звінела,
Калі находзіла на камень
Нутром збалелым.
І што ў тых вершах засталося
Майго, на потым –
Дык там з паловаю калоссе,
Работа з потам.
І Сейбіт прыйдзе і адвее
Штосьць для патрэбы,
Палову спаліць, а насенне
Пасее ў глебу.
Не прысвячу нікому верш,
Не маю права,
Бо нават не пісаўся першы,
Дзеля забавы.
Нібыта цацку падарыць
Радкі пііту,
Калі душою не гарыш –
Свае нібыта.
Хто б з вас, ахвярнікаў такіх,
З імпэтам і запалам,
Мог падарыць не мёртвыя радкі –
Рукі кавалак!
АНАТОЛЮ СЫСУ
ахвярую
Музаю чорнай вянчаны,
Заручаны д’ябальскім злом,
Брыдзеш у разгуле п’яным
І душы вядзеш на злом.
А Юда — не той, хто чорны,
І жыд — не гарбаты нос,
А той, хто ў вясёлых жорнах
Расплюшчыць славянскі лёс.
І ты сярод іх найпершы
Прыблудны Іскарыёт:
За трыццаць прадажных вершаў
На здзек аддасі свой род.
І што ў цябе там, пад маскай —
Са скурай хіба сарваць:
Жыдоўская хіжасць ласкі,
Пярэварацень, паяц?
Па душах людскіх і сэрцах,
Нібы пад нагамі брук.
А потым паплачаш вершам —
І ўсё гэтак лёгка з рук.
Папера і болей сцерпіць,
Баліць не табе — жывым!
Скажы, ты не пішаш вершы
Крывёю чужой душы?
ПЕСНЯ ПРА ПАЭТА
Вершы пішуцца, пішуцца, пішуцца, пішуцца…
Спярша пішуцца лёгка, бо пішуцца вершы, як дыхаецца.
Апасля, як той воўк, што радкамі-сцяжкамі абложаны —
Ні апошні твой верш, ані першы табе не паможа ужо.
Ацяжараць баластам душу векавечныя вобразы,
І свядомасць балюча атручана смагай да абразоў.
О, Прачыстая Дзева-Марыя, збавіцелю Хрысце мой!
Не адрыньце, нідзе не пакіньце паэтаву ісціну.
У жыцці — ён дзіця, немаўля, — гэта ж слова ад вас ішло.
Была цемра спярша, было слова пасля, а за ім і жыццё пайшло.
Ён не свет — ён паэт, і пасланы багамі, каб сведчыць іх,
Ён як той Іоан, яго слова — ёсць плоць, плоць Спрадвечнага.
Вершы шчэрацца, шчэрацца, шчэрацца, шчэрацца пашчамі.
Ты яшчэ радок, шчэ радок, шчэ радок — у пастку сам.
Ты пракладваў свой лёс адмыслова пагубнымі вершамі,
Пазаўчора збылось: вершы поўныя слёз надмагіллем завершаны.
Вершы пішуцца, пішуцца, пішуцца, пішуцца…
Спярша пішуцца лёгка, бо пішуцца вершы, як дыхаецца.
А цяпер, як той воўк, што радкамі-сцяжкамі абложаны —
Ні апошні твой верш, ані першы табе не паможа ужо.
* * *
Am F E Am
На жыцця дарозе крыж стаяў высокі.
A7 Dm G C Am
Воран на парозе горача крычаў:
A7 Dm G C Am
Чалавечай долі не абмінеш бокам,
Am F Am E Am
Завядуць дарогі да свайго крыжа.
Там цябе чакае злым сабакам здрада.
Брэша на паветра, рвецца з ланцуга.
Там на тваёй ніве жыта збіта градам,
І бур”ян на полі чорны, як груган.
Так нясе нперад несупынным жыццем.
Выкіне на бераг крыжынай ракі.
Там на ясны вочы коршак гострыць кіпці,
На пяшчотны рукі берагуць цвікі.
З ПЕСНІ
Сядай, калі ласка, слухай:
Змаўкае на струнах песнь.
Мяцеліца, завіруха —
Пачуццям у сэрцы цесна.
А песня ляціць па свеце,
І словы разносіць вецер.
Вандроўнік камусьці шэпча:
Прашу, цябе, не забудзь.
Давай паспрабуем разам
Мелодыю спець такую,
Каб сэрцы, душа і розум
Зліліся ў адно жывое.
І словы падхопіць вецер,
І будзе лятаць па свеце
Паднебная наша песня,
Давай, пачынай хутчэй!
РУЖА ВЯТРОЎ КАХАННЯ
Дзе сэрцы ў знямозе гадалі
Свой лёс па рамонках любові –
Вятрыска выгуліваў далі:
Пялёсткамі шчасця не зловіш!
Насіўся вецер па зямлі,
насіўся вецер…
Там двое ўлюбёных стаялі
Ў рабінавай чырвані дня –
Абшарыў вятрыска абшары,
Прылёг адпачыць на губах.
Насіўся вецер па зямлі,
насіўся вецер…
Ад шэпта іх губы дрыжалі,
Ад сэрцаў зыходзіў давер.
Мароз на ваконнай скрыжалі
Акрэсліў лазуравы верш.
Насіўся вецер па зямлі,
насіўся вецер…
Шпакі прыляцелі ў нядзелю.
Пад срэбраны звон ручаёў
Каханыя песню запелі
На ростанях зорных вятроў.
Насіў вятрыска зноў і зноў
словы любові.
РАЗДАРОЖЖА
Побач. Поруч. Позна!
Хлешча ў твары дожджык.
Небу трэба бліскавіцы.
Што там, потым? Дзесьці выйдзем.
Камень. Надпіс. Скрыжаванне.
Тры напрамкі -- тры жаданні.
Доўгі роздум на світанні:
Камень, надпіс, скрыжаванне.
Лева. Права. Прама.
Шчасце. Згуба. Слава.
Конь маўчыць, дадолу голаў –
Ты крычыш дакору словы.
Слова. Водгук. І каханне.
Нечаканае адхланне.
Не блукай душою ў лёсе,
Калі слова не здалося.
Побач. Поруч – шчасце,
Нібы боскае прычасце.
Палыхае бліскавіцы –
Мы спяшаем дзесьці выйці.
* * *
Давай пастаім з табою
У бездані на краю!
Знай, шчасце бярэцца з боем,
Звычайнае і зямное,
Як водблеск таго ў раю.
І воін ты сам і вораг:
Ваюеш жыццё сябе.
Хай выдзяўбе вочы воран —
Не скончыцца барацьбе.
Давай, рызыкнём па краю
Прайсці, па лязу мяжы.
Павольна душа згарае,
А хочацца доўга жыць.
Над пеклам і пад эдэмам
Праляжа агністы шлях.
Збаўлення шукаць хадзема
Ад путаў зямнога зла.
Вачніцы аслепіць вечнасць —
Адкрые духоўны зрок.
Няма выпадковай стрэчы,
Руку пакладзі на плечы
І зробім мы першы крок.
ІМЯ
Што значыць імя ў чалавечай долі:
Сугучча адно, ці болей?
Шторазу прыходзіш другая,
Толькі імені не мяняеш:
Глядзішся вачамі сінімі,
Завуць жа заўжды - Арынаю.
Імя застаецца вечным,
Як зоркі на шляху млечным.
Як любоў між людзей зямная,
Што значыць імя - не знаю.
Што значыць імя ў чалавечай долі:
Сугучча адно, ці болей?
Праменьчык святла, што вядзе на волю,
Ці пастка зямной юдолі?
Маяк у жыццёвым моры,
Ця прыкрая кропля гора?
Слязам жа цячы па твары,
І соллю тачыць аблічча.
Імя тваё будзе сніцца
Прывабліва-мройнай марай.
ТУГА АБ КАХАНАЙ
На краю абветраннай зямлі,
Дзе нябёсы сіні і высокі,
Дзе ніколі людзі не былі –
Там жыве адзіная далёка.
Церам там блакітны за аблокі,
Там анёлы з белымі крыламі,
Там мяне каханая далёка
Сумнымі чакае венчарамі.
Заўтра я ці буду паміж вас? –
Мне пакуль што гэта не вядома:
Паасобку кожнага ў свой час
Нас аднойчы пазавуць дадому.
Я пакіну грэшную зямлю,
У вандроўе доўгае пушчуся.
Над палямі птушкай палячу,
Пушчамі радзімай Беларусі.
На краю абветраннай зямлі,
Дзе нябёсы сіні і высокі,
Дзе ніколі людзі не былі –
Там жыве адзіная далёка.
Да каханай на калені я
Прыпаду стамлёнаю душою:
Як, скажы, ты без мяне жыла?
Як нам добра , любачка, з табою.
* * *
Долі дзве — дзве палавіны
Аднаго быцця.
Мы з табою жыць павінны
Вогнем пачуцця.
Калі дрэва пазбаўляюць
Родных каранёў —
Век тады не прычакае
Яблыня пладоў.
Не аддзеліш дзень ад ночы,
Смейся, хочаш — плач,
Я збавіцель твой аднойчы,
А заўжды — “палач”.
Я прашу, не трэба плакаць,
Слёзы — не грашы,
То за вечнасць наша плата:
Высілкі душы.
Дзве душы — дзве палавіны
Схлынуцца ў адну.
Дзе жанчына, дзе мужчына? —
Языкі агню!
* * *
Душа, нібы птушка ў клетцы,
Ірвецца яна на волю.
У клетцы можна сагрэцца,
Ды толькі лятаць – ніколі.
Душа нібы птушка ў клетцы,
Ёй клеткай – жывое цела.
Глядзіцца з-за кратаў сэрца
На свет паласата-белы.
* * *
Раяцца думкі ў галаве —
Ізноў прыйшла бяссонніца.
Мінулае ў начы заве —
Сумленне ў дзверы ломіцца.
І сэрца рвецца ад грудзей,
Каб выправіць памылкі мулкія.
Ды час не кідае надзей,
Што зроблена — навек, на мукі нам…
* * *
Вочы сінія
У цябе...
Зваць - Арынаю
І цяпер.
Што ж ты, любая,
Не завеш?
На загубу мне
Гэты верш.
У цябе сям'я:
Муж і сын.
І таксама я
Не адзін.
О, мой Госпадзе,
Як тут быць?
Ці ж на ростанях
Можна жыць?
Знічка вечарам
Дагарыць.
Нават вечнае -
Да пары.
Сэрца шчэміць боль -
Не сталіць.
Мы ячшэ з табой
На зямлі.
ДОЛЯ
Выйду ў чыста поле, стану пад вярбіну,
Пагукаю долю, нібыта каня.
Адзавецца рэха па чужых далінах,
І замоўкне голас у глухіх гаях.
Заблудзіла доля на крутых сцяжынах,
І цяпер на волі беглая раба.
А ў далонях кволых чорныя ажыны,
І палынны прысмак на сухіх губах.
Трыццаць год гукаю -- доля ходзе міма.
Без яе ніколі шчасця не спазнаць.
Вылаўлю блудніцу і аброць накіну,
І задам ёй перцу, эх едрона маць!
Ці ж вона не чуе, ці ж вона не бача,
Шчо зове хозяін з путом у руках?
Цэлы век гарцуе неслухам бадзячым,
І гнядую грыву трэпле па вятрах.
Эх, вазьму ляйчыну, выцягну з-за вуха –
Запалае шкура ў горачным агні.
Ці ж я не мужчына, каб мяне не слухаць,
Бо без долі дома, як на чужыне.
ІНТЭРНАЦКАЯ ГІТАРА
Разаб’ю я пальцы ў кроў на струнах.
І гітару сваю зноў настрою.
Плынна песня пацячэ па строме
Цёплых сэрцаў, жаркіх душ журбою.
У пакоі мы сядзім – нас трое:
Ты ды я, ды і мы ізноў з табою,
І гітара паміж нас, як Троя,
Палымнее палахлівым неспакоем.
Інтэрнацкая гітара, ты ўратуеш нас –
Будзем знаць, калі нее пара, дывк апошні раз…
Б’юць яе – а яна спявае,
Жылы рвуць – а яна звініць,
Быццам горла ёй грыф сціскаюць –
Вось нам прыклад, як трэба жыць.
Раскажы, гітара, нам пра здрады,
Пра бяду нам раскажы і радасць,
Пра задушныя душэўны страты,
І яшчэ чым-небудзь нас парадуй.
Глянь, кружляе матылёк над свечкай,
Ён не знае, што каханнем тушыць.
Як пагасне агшанёк навечна,
Мо нас цемраю пасцельнаю падружыць.
Інтэрнацкая гітара, ты ўратуеш нас –
Будзем знаць, калі не пара, дык апошні раз…
Б’юць яе, а яна спявае,
Жылы рвуць, а яна звініць.
Быццам горла ёй грыф сціскаюць –
Гэта прыклад як людзям жыць.
ПЕСНЯ ДЛЯ ВЕРАНІКІ
Блакіт тваіх вачэй,
Сумяціца начэй, —
На сэрцы не лягчэй
З табою, Вераніка!
Ў сусвеце ты адна,
Падыйдзем да вакна
І будзем ноч гукаць
І наша шчасце клікаць.
Паклічам веснавы
Дзянёк зімою позняй,
І сполахі травы
Прымрояцца ў марозе.
Надыйдзе доўгі дзень,
Але павінен знікнуць
Ты наша шчасце дзе
Падзела, Вераніка?
Блакіт тваіх вачэй,
Сумяціца начэй,
На сэрцы ўжо лягчэй
На сэрцы – Вераніка!
Блакіт тваіх вачяэй
Я п’ю вадой гаючай,
Ты гавары хутчэй,
Мяне маўчанне мучыць.
АНЁЛЬСКАЯ
На небесхіле зоркі настылі,
На аблачыне дрэмле анёл:
Векі зліпае, песні спявае –
Усё пра каханне, ўсе пра любоў.
У небесхіла – божая сіла,
Толькі ў анёлаў вочы твае.
Песня нясецца з неба да сэрца,
І закіпае жалем крыві –
А без дагляду нам куды дзецца?
Любы анёлак, нас не засні!
Ангел-губіцель, бачыш не спіцца
Двум закаханым дзецям тваім?
А з небасхілу зоркі знікаюць.
Хмарыцца неба сумнага дня.
Дзеці кахання шчасця шукаюць,
Ходзяць па свеце – а шчасця няма.
Мы не прасілі па небасхілах:
Зналі анёлы вочы твае.
* * *
Дрогкія рукі твае
Моўчкі вазьму ў далоні.
Час прыпыняе бег —
Вусны мае ў палоне.
Паломнік тваіх вачэй,
Палонны твайго дыхання.
Цалую ячшэ й яшчэ
Да самага спеву рання.
Гадзіннік абудзіць нас
Сарэбраным ціхім звонам.
Спытаеш: “Які ж то час?” —
То вечнасць прыйшла сягоння.
АТРАСІНЫ
Спраўляла восень атрасіны, імжэла восень.
А ты не бойся, любы сыне, зімы не бойся.
Стаяць дрыготкія асіны, трапечуць лісьцем,
Спраўляла восень атрасіны і вецер свішча.
Папросіць восень у нябёсаў сабе спагады.
Лісток абросены з нябёсаў дадолу падаў.
І клін журлівы, жураўліны ляцеў у вырай,
А ты не бойся, любы сыне, любові шчырай.
Згуляла восень атрасіны – чакай марозаў.
Ты ўжо дарослы, любы сыне, яшчэ не позна,
Не позна выправіць памылкі і ты не бойся
Прасіць у восені – даруе, знай: долі просяць.
У чалавечым грэшным лёсе заўжды бывае:
Спраўляе восень атрасіны – а мы чакаем,
Што нам адпусціцца калосся жыццёвай мерай,
Калі ў душу прыходзіць восень – ратуе вера!
Яшчэ нікому не ўдалося зляцець у вырай,
Калі ў жыццё прыходзіць восень – ратуе вера.
* * *
Грукаюць колы цягніка.
Цягнецца шлях дадому.
Доля шчаслівая, не знікай —
Лепшай не будзе долі.
Ты пачакай, пачакай яшчэ,
Дай мне на свет нагледзецца,
Дай спільнаваць, як Мядзьведзя жджэ
На Млечным Шляху Мядзьведзіца.
* * *
Дзякуй за гэты вечар,
Дзякуй за вечар той,
Вечар дзіўнай сустэчы,
Дзе знайшоў цябе погляд мой.
Там, пад зоркамі летуценна,
Па ўскрайку горада і зямлі
Невыразныя нашы цені
Пасярэдзіне лёсу йшлі.
Заблудзіліся, заблыталі —
І не могуць прыйсці назад.
Мы дарогу да шчасця пыталі
І брылі па жыцці наўгад.
Не паспеў я сказаць каханай
Таямнічага слова душы.
Зноў спаткаліся нечакана,
Губы кажуць, душа — маўчыць:
“Дзякуй за погляд мілы,
Дзякуй за шчыры смех.
Ведаеш, за хвіліну
Дзякуюць целы век”.
* * *
Сумны верасень за вакном.
Нат не верыцца, што жывём,
Жывём добранька да пары…
Дожджык дробненькі на двары.
Восень сыплецца на зямлю.
—Чуеш, сын устаў, — ой-лю-лю!
Хутка верасень дагарыць,
І не вернецца да пары.
Зоркі падаюць у прыпол,
Зоркападамі сцельюць дол.
Мокне верасень на двары,
Нам бы з вечнасцю гаварыць.
Месяц верасень за вакном.
Мне не верыцца, што жывём,
Жывём добранька да пары…
Дожджык дробненькі на двары.
* * *
Мы сустрэнемся потым з табою,
За мяжою зямнога жыцця.
Дзякуй, Божа, за шчасце такое,
За любоў, за агонь пачуцця.
Хай не ведае сэрца спакою,
Успамін аб мінулым гарчыць —
Мы сустрэнемся потым з табою,
Не дарма ж мы прыходзілі жыць?
Немагчыма, каб хтосьці парушыў
Наканованы Госпадам шлях,
Калі звёў пры жыцці нашы душы,
Не разлучыць Ён іх і пасля.
На зямлі не даецца без бою,
Нават сколак ад шчасця вянца —
Мы сустрэнемся потым з табою,
За мяжою зямнога жыцця.
НА ПАРНАС НА ЧУЖЫМ ПЕГАСЕ
(пародыі)
СМЯШЛІВЫ ПЛАЧ
СУР'ЁЗНЫ ЖАРТ
Ціха ў пакоі. Папера і стол.
Сонечны промено да твару прытуліцца.
Нам на дваіх бы натхнення глыток —
Пішацца цяжка пасля Барадуліна.
Вечарам прыйдзе сусед пасядзець.
Чмокнуцца чаркі ілбамі расчулена.
Доўга святло яшчэ будзе гарэць —
Пішацца лёгка пасля Барадуліна.
Белыя коні паперлі на стол.
Промень пад мухай гуляе па вуліцы.
Нам на дваіх бы бутэлек з пяток -
Ох, і нацешымся мы з Барадуліна.
Слухай ты, промень! - крычу праз акно, -
Вось табе грошы, свяці да магАзіна.
Талоны трымай, во, яшчэ на віно.
Мігам давай, добра ж ведаеш азімут?
Хутка ён прыйдзе. Ужо шклянкі стаяць,
Толькі б з грашыма яго не надулі там?
Колькі ж даваў? А, здаецца, на пяць -
Ох, і нацешымся мы з Барадуліна.
ПІСАРЫКАЎ ЛІСТАВІР
Срэбнай ніццю
Між голля прадзецца
Павуціна.
Асенні клавір
Адгукнуўся ў зажураным сэрцы:
Дзе ні глянь -
Лістапад, ліставір.
Сэрца ніцма
На голле кладзецца.
Павуцінай
Іграе клавір.
І пад музыку восені здэцца,
Што танцуе кругом ліставір...
Лістаскок, лісталёт,
Лістапоўзень.
Залісцела зямля -
Храство!
Лістабегам залістаны поўдзень
Лістаседам асеў
На сяло.
ВОДАР КАХАНАЙ
А грудзі пахнуць грушамі,
І завяўззю грахоў
Прапахла ты капустаю,
Грукамі, часнаком,
Твой водар ажно хрумстаю
І п'ю яго нагбом.
А ў магазіне пуста так,
Хоць пакаці шаром.
Дастанеш пляшку "Рускае" -
Прыкусіш рукавом.
Даўно мяне спакусве,
Зрабіўся сам не свой:
Бяру цябе, закусваю,
Грудзьмі, як каўбасой.
СТРЫНОЖАНЫ СЛУП
"І стаю сярод вечнай красы,
Бы стрыножаны слуп ля дарогі"
Пазаўчора стрыножыў слупы.
Сёння іх закілзаў я пананых.
Запытаўся сусед: "Ты куды,
Навстрыўся, Валодзя, так рана?"
Без адказу застаўся сусед.
Цераз слуп перакінуў сядзельца,
І гарапнікам вяцяг як след
Паімчаў на красу паглядзецца.
Паляцеў да красы стрымгалоў
І разлёгся на вечнай дарозе.
Запытаўся сусед: "Ты чаго
Настрыножыў на лобе, Валодзя?"
ВАРТАВЫЯ СЛУПЫ
"Дам табе высокую пасаду -
Будзь майго бяссоння вартавым".
"Вунь слуп стаіць, як вартавы,
І... невядома што вартуе".
"Шапчу ледзь чутнае: "Да скорага"
І кожны слуп мне зараз родны.
Да стала я ўвечары прысяду -
Аніяк не спіцца, хоць раві.
Не прыходзіць атрымаць пасаду
Мой каханак: слуп і вартавы.
Дзіўнае такое спалучэнне,
Разабрацца цяжка з будуна.
А было ж, было вакол свячэнне -
Збегла варта, я цяпер адна.
Сігануў каханак агародамі.
Я шапчу: "Да скорага! Бывай!" -
Толькі слуп адзін застаўся родны:
Варта ці не варта? - вырашай.
АСАЛАВЕЛАЯ РАІСА
"І ненавіджу за акном
Асалавелую... шпакоўню"
Учора кот акабанеў,
Як певень біўся ён з сабакам,
А выжал крыху адбарзеў
І ракам свіснуў, небарака.
Мой дом Гамора і Садом:
Рапуха гаўкае на поўню.
Я палюбіла за вакном,
Асалавелая... Не помню...
САСНУ ПЕРАСМАКЧУ
"Прасторы дзікія са сну"
Прасторы дзікія САСНУ.
Перасмакчу яшчэ хоць крыХУ Я.
Я БУду ветлу і сасну
Грызці, мо стане ліпаю.
АНТОСІШЫН СЫН
"Скажуць: "То ж Антосішын такі!
Па-ангельску ўмее гаварыць,
І на двор маўклівыя дзядзькі
Прыйдуць пасядзець і пакурыць.
Буду ездзіць, мама, за мяжу,
У Парыж, у Лондан, - хоць куды...
Надрукую ўсё, што напішу
І паеду з Захад нацянькі.
Я паеду, мама, за мяжу,
Скажуць: "То ж Антосішын такі!" -
Рыо-дэ-Жэнэйры і Парыжы -
То ж не Мінск, не Слуцак там які,
Нарадзіўся, мама, я не рыжы -
Віцебскам мне ездзіць не з рукі.
Амстэрдам, Пекін, "Кізыл-шчэрбет",
І "Агдам", Атава, "Сонцадар",
Я праеду дарам цэлы свет -
І "Кагор", і "Вермут", Гібралтар
І калі не любы стане свет -
З'еду я туды, куды Макар
Не ганяе ўлецечку цялят.
Я паеду на Кудыкіну гару,
Я на Лысую пад Кіеў загляну.
Разгаворацца маўклівыя дзядзькі,
Скажуць: "То ж Антосішын такі!",
Па-ангельску скажуць: "Отто, брат,
Пабратаўся з д'ябалам і рад,
Бач як ад Берлінаў развязло" -
І мяне не пусцяць у сяло.
ГОРА ГАРАСКОПНАЕ
"У год каня малюся на каня"
Загнаны атэізмам у вальеру
Для маскіроўкі вольнадумства я пачаў
Перапрацоўваць у вальеры дух Вальтэра -
Ад хрысціянства ўрэзаў драпача.
Арыентуюся на ўсходнія манеры:
Політэізм - куды ваш монабог:
Учора адбіваў паклоны нерпе,
А Бддзе сёння - значыцца ўжо - ёг!
Перажагнаюся странна ў год сабакі
На будку, ланцужок і тэлефонны слуп,
Прыму ўздзеянне ўсіх знакаў зыдыяка
І ў год мартышкі пакажу вам пуп.
КАСТАЛОМНАЕ
"Спакуса - абняць,
Каб аж костачкі хруснулі"
Ото ж трапіўся зяць:
Канавал, касталом -
Дачку мусіў аддаць,
Бо пілі ж за сталом.
Ціш ды цемень начы,
Чую - хруснуў хрыбет:
Дачка рэўмя крычыць,
На падмогу заве.
Ён - звяруга такі,
Пачаў рэбры ламаць,
Ногі, пальцы рукі -
Эх, едры ж яго маць.
Ранкам выйшаў, сапе -
Вочы некуды дзець:
"За навуку цябе
Шчыра дзякую, цесць!".
ГРЫБНОЕ
"... а глянь пад елачкі: брыдзе
баразной
баравік
баравінны
з баравіняткамі
ў барадзе".
Я па бары пракрочыў баразной.
Іду сабе і вус не дзьму
І раптам чую: БОжа мой,
Па барадзе
брыдзе
брыда!
То ж баравінны баравік,
Дый не адзін -
З баравіняткамі ідзе.
Каб не спужаць грыбоў навалу,
Я пакрысе, чуць-чуць памалу
Падсунуў кошык к барадзе
І патрусіў!
Грыбоў набраў на славу!
З тае пары, калі ў мяне пытаюць:
"Дзе ўзяць грыбоў? Грыбныя месцы дзе?".
Я вус на палец наматаю
І засмяюся: "Ў барадзе!".
ПАРТЫЙНЫ БЫК
“Быт — ён упарты, як бык…
… ні спрэчак былых — хто лявей, хто правей”
Быў бы я ў партыі бык,
Што на чырвонае прэцца.
А праца — на брук брык,
І сэрца, здаецца, не б’ецца.
Шэф — ён жадзён, як сейф,
Дурындала справаздачы.
Кажу яму: жыта сей —
І левым, і правым — здачы…
Бос — ён дрымучы, як бор,
Не разумее пэўна,
Бо да якіх жа пор
Шчыра спявае пеўнем?...
РЫНАЧНАЕ
"Аддам жыццё за казку,
А паўжыцця - за ласка
Адзіную. Тваю"
Хадзіў па Камароўцы
Я, нібыта вандроўнік,
Штокроку паўтараў:
"Аддам жыццё за рыфму,
Дарма не гаварыцьму,
Бо маю - паўтара".
Вакло прапанавалі,
Бакоў, прада, намялі -
Нічога я не ўзяў.
Бо я хацеў за вершык
Аж дзве ракеты Першынг -
Сказалі мне: "Нізя!".
І так да самай смагі
У смозе тытунёвым
Знямогу здабываў.
А рыначныя магі
Пытаюць, ты тут новы
Жыццё прапанаваў?
І гэтак - шусь! - на піку,
Старэйшы самы крыкне:
"Дарэмна даяцё?"
Аддаў браткам за рыфму:
Карызну, Німфу, Рымшу...
І вершы, і жыццё...
КАРЫТНАЕ
"Спакойны і сыты,
Бліскуча-шыкоўны,
Ладкуеш карыта
З юнацкага чоўна"
"Плыві без выкупу - мы квіты -
Я не набыў яшчэ карыта"
Хто піша пра кветкі, пра знічкі і поўні -
А я пра карыта з юнацкага чоўна.
Ладкую карыта, кармушку іначай,
Без ежы любы будзе здохлаю клячай.
Не трэба мне рыбкі з паэтавай казкі -
Мне вершы з карытам падай, калі ласка!
Таму і ладкую карыта ды яслі
У кожны радок свой, каб вершы не згаслі.
Жылі каб стварэнні, натхнёныя Богам -
У кожным кармушка і харчу замнога.
СКАМЕЙШАНЫ РАДОК
"І пчаліліся даўнія гукі,
Калі ты іх хацела суняць.
Апякала маланка рукі
Разам з перыйкай птушанят...
...У забор'і і там у заніўі...
І пчаліліся хатнія гукі,
І вульіліся хаты сяла,
І сяліліся пчольныя рукі,
Калі ты птушанё узяла.
Казімірыўся рыфмамі вершык,
І камейшыўся сціпла радок,
Нават птушкай цяпер не суцешыш —
Я да ніткі, да сподняй прамок.
У забор'і і там у заніўі,
Дзе вульіліся хаты сяла,
Эх, дарэмна табе пазваніў я —
Ты з вадою навекі сплыла.
П’ЯНКОЕ
"Гулі наіўнасці чмялі,
Пяшчотай поўніліся соты.
Мы кубак радасці пілі
За дыялектыку маркоты.
Гулі наіўнасці чмялі,
Шумелі здрадлівасці шэршні.
Мурашкі хібу паднялі —
Занасякомілі ўсе вершы.
Самоты восы з'елі туфлі,
Мы не глядзелі — налілі,
І ўсё пілі за куфлям куфлю,
Камарык радасці пілі.
Наўкола нас гудзелі молкі,
І мы гудзелі, каб напіцца.
І сербануўшы сябар трошкі,
Сказаў: "Не радасць п'ём — макрыцы!".
ЯК КРУТАНЕ…
“І валасы —
саломы сцірту
Прытуліць моўчкі да грудзей”
Як крутане яна буртамі
Цяжкіх, прывабных ягадзіц,
Нібы гарэлкай астаграміць
І скасавурана глядзіць.
Рука пацягнецца да копак,
Запазуху стагоў-грудзей,
Я — не скапец, люблю да поту
Таптаць сянцо нагалаве.
ЯЧМЕННЫ АГРАНОМ
"Зоры гараць - зараніцы,
Пырскаюць смехам крыніцы,
Лашчыўся да маладзіцы,
Нібы ячмень аграном..."
Трэба ж такому прысніцца:
Пырскалі смехам крыніцы,
Лашчыўся да маладзіцы,
Нібы ячмень аграном...
Потым ён слаўся саломай,
Добра — няма жонкі ўдома,
Глядзь — маладзіца ж з "Райком" —
І зчырванеў бураком.
Вася шафёр — ён адразу
З месца рвануўся, як "Газік" —
Не паддаецца, зараза,
Шчэ й пагражае: "Як дам!"
Трапіў жа, Божа, кабету,
Бач, на буксір не бярэцца.
Поршнем загрукала сэрца —
Пераламала кардан!
СІЛЬФІДНЫ АРГАЗМ
"Мае пачуцці, зрэшты, як і Вашы,
Ніба каменні ў крушні: цяжка ім.
Скажыце ж мне, о мілая Наташа:
Вы мне даруеце мяне ў маім былым?
Вы мне прабачце мільён маіх жаданняў.
Не вамі выкліканых некалісь даўно?
Вы мне дазволіце пабыць у вас да рання?
Я сільфам ціха сяду на акно.
А з першым промнем я растану раптам
Ці спалатнею ў сонечным святле,
І галаву пастаўлю грому-кату,
І, безгаловы, скончу на крыле.
Ці ж вы не чулі, мілая Наташа,
Што сэрца ў крушні — цяжка мне!
Ад сэрца засталася толькі каша,
Я ж Сільфам прыакніўся на акне.
Прабачце мне, каханая Сільфіда,
Што моллю пратырчаўшы да відна,
Злавіў башкой маланку-дзіду —
І голаў паляцела ад акна.
Мне з шыбіны сіфоніў служка-вецер,
А на падлозе палатнела галава.
Сільфідачка, ты галаву са смеццем
Не выкінь заўтра! То ж мая...
Мне сорамна, што я не быў мужчынам.
Дарама чакала ў сонечным святле:
Да шкла прыціснуўся я шчыльна
І, безгаловы, скончыў на крыле.